Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2009 Т.16 Сш. 2

Мірон Капраль. Гісторыя Полацка ў выкладзе швейцарскага гісторыка

Снежня 7, 2009 |


* Stefan Rohdewald, „Vom Polocker Venedig”: Kollektives Handeln sozialer Gruppen einer Stadt zwischen Ost- und Mitteleuropa (Mittelalter, frühe Neuzeit, 19. Jh. bis 1914), Stuttgart, 2005 (= Quellen und Studien zur Geschichte des östlichen Europa, Bd. 70), 588 S. Украінскі варыянт рэцэнзіі публікуецца ў выданні „Український гуманітарний огляд” (вып. 14).

Украінская ўрбаністыка старажытнага перыяду апошнім часам трохі ажывілася, выйшла з друку некалькі цікавых кніг па гарадской гісторыі[1], аднак у цэлым узровень даследаванняў застаецца недастатковым. Апрача вядомай прычыны, звязанай са стратай ці адсутнасцю першакрыніц, вывучэнне ўкраінскага горада тармозіцца слабасцю метадалагічнай базы, на якой грунтуюцца гісторыкі ў сваёй працы. Старыя пазітывісцкія падыходы савецкага перыяду часта прыводзяць да звычайнага апісання крыніц без глыбейшага іх аналізу. З гэтага пункту гледжання падаецца цікавым уключыць ва ўкраінскі кантэкст нядаўна выдадзеныя працы нямецкіх і швейцарскіх даследчыкаў па урбаністыцы Вялікага Княства Літоўскага перыяду Сярэднявечча і ранняга Новага часу[2]. Сучасны нямецкамоўны часопіс з характэрнай назвай „Ostmitteleuropaforschung” („Даследаванні Цэнтральна-Усходняй Еўропы”) усё больш артыкулаў публікуе пра ўкраінскія і беларускія землі. Працам заходніх вучоных уласцівы грунтоўны метадалагічны падыход, адточаны ў шматлікіх і разнастайных даследаваннях па гісторыі нямецкага і ў цэлым еўрапейскага горада, што сістэматычна і бесперапынна пісаліся пачынаючы з класічнай эпохі Леапольда фон Ранке[3].

Аўтар рэцэнзаванай кнігі Штэфан Родэвальд, доктар, выкладчык кафедры новай і найноўшай гісторыі і культуры Усходняй Еўропы ва ўніверсітэце Пасау (Нямеччына, Баварыя), — параўнальна малады даследчык. У 1997 г. ён скончыў вучобу ў ліцэнцыяце Цюрыхскага ўніверсітэта, абараніўшы працу па гісторыі горада Полацка да 1563 г. Праходзіў навуковую стажыроўку ў Львове, Мінску, Санкт-Пецярбургу, дзе вёў архіўныя пошукі, вывучаў мовы і назапашваў гістарыяграфічны матэрыял. Так што канцэпцыя доктарскай дысертацыі, якая стала асновай для выдання манаграфіі, выспявала даўно, паступова рэалізуючыся ў 1998-2004 г. пад кіраўніцтвам прафесараў з Цюрыха — Карстэна Гёрке і Ганса-Ёрг Гільёмэна. У сакавіку 2005 г. Ш. Родэвальд выступіў арганізатарам міжнароднай канферэнцыі ва ўніверсітэце Пасау на тэму „Літва і Русь: даследаванні транскультурных камунікатыўных рэгіёнаў (XV-XVIII ст.)”, матэрыялы якой былі нядаўна выдадзены[4]. Відавочна, на шырэйшым параўнальным фоне дакладаў, прадстаўленых на гэтай канферэнцыі, ён атрымаў магчымасць верыфікаваць вывады сваёй доктарскай працы пра Полацк, пасля чаго ў тым жа годзе выдаў яе ў Штутгарце. У прапанаваным рэцэнзійным аглядзе маштабнай паводле ахопу і багацця прыцягнутага матэрыялу, шырокай паводле храналагічнага зрэзу манаграфіі я хачу спыніцца на асноўных момантах, звязаных з прапанаванай аўтарам метадалогіяй, прыцягнутай гістарыяграфіяй, аглядам крыніц і асноўнымі вынікамі працы з асаблівым націскам на перыяд ранняга Новага часу, ключавы ў аўтарскай канцэпцыі гісторыі горада.

***

Назва манаграфіі „Полацкая Венецыя” — канцэпт русінскага летапісца першай паловы XVII ст., які аднаму з раздзелаў свайго твора даў назву „О Полоцкой Венецеи або свободности”. Мясцовы храніст выкарыстоўваў гэтую метафару, апісваючы княскія часы, калі, паводле яго слоў, у Полацку ўсе важныя справы вырашалі 30 мужоў, якіх выбірала гарадская грамада. Толькі Пскоў і Вялікі Ноўгарад мелі ў той час падобныя „свабоднасці” (с. 11, тут і далей старонкі рэцэнзаванага выдання). Цікава, што летапісец у гэтым гістарычным экскурсе грунтаваўся не на аўтэнтычных гістарычных сведчаннях летапісаў, а на тэксце польскага храніста Мацея Стрыйкоўскага, які ў другой палове XVI ст., паводле трапнага выказвання Аляксея Талочкі, „адкрываў” як украінцам, так і беларусам сваю інтэрпрэтацыю, свой дыскурс гісторыі Кіеўскай Русі[5].

Штэфан Родэвальд адзначае інтэграванасць Полацка і навакольнага рэгіёна ў агульнаеўрапейскі ментальны кантэкст, прымаючы да разгляду гістарыяграфічную дылему аб прыналежнасці горада да Цэнтральна-Усходняй ці Усходняй Еўропы (12-13). Адказы на гэтае пытанне розняцца, і дагэтуль яшчэ наконт многіх аспектаў гэтай праблемы вядуцца зацятыя спрэчкі[6]. Аўтар вагаецца, і гэтыя ваганні ён перадае ў падзагалоўку манаграфіі, дзе гаворыцца пра горад паміж Усходняй і Цэнтральна-Усходняй Еўропай. На яго думку, ні ў якім іншым рэгіёне Еўропы канфесійная большасць не пераходзіла ў іншае веравызнанне, як гэта мела месца ў дадзеным выпадку. Хоць можна назваць прыклады сучасных краін Балгарыі, Іспаніі, а таксама Босніі і Герцагавіны, у якіх гарадское насельніцтва ў асобныя перыяды сваёй гісторыі таксама зазнавала падобныя трансфармацыі.

Як цалкам слушна адзначае Ш. Родэвальд, шматлікія меркаванні і прапановы наконт пашырэння абсягу Цэнтральна-Усходняй Еўропы на ўсход кантрастуюць з мізэрнай колькасцю даследаваняў па мясцовай гісторыі, на прыкладзе якіх можна было б абвергнуць ці пацвердзіць гэты тэзіс (14). Прыклад балансавання горада паміж уплывамі Цэнтральна-Усходняй і Усходняй Еўропы аўтар знаходзіць у шматлікіх рэканструкцыях і перабудовах Сафійскага сабора ў Полацку, якія цягнуліся з часоў Кіеўскай Русі (1415).

У сваёй працы аўтар ставіў на мэце вывучыць гісторыю горада ў макрагістарычнай перспектыве як гісторыю камунікацыі і інстытутаў сацыяльных груп, ставячы адначасова пытанне, наколькі важнымі заставаліся прававыя рамкі дзеянняў гэтых сацыяльных груп (16). Аднак гэты макраўзровень гістарычнага даследавання не стаў выключнай мэтай аўтара, паколькі гэта магло прывесці да хоць і карысных, але ўсё ж абстрактных канструкцый. Найцікавейшымі падаюцца пастаноўка аўтарам тэзіса пра ўваходжанне Полацка ў прастору Цэнтральна-Усходняй Еўропы і адказ на пытанне, у што вылілася гэтая сустрэча „ўсходне-славянска-варажска-візантыйскай культурнай мадэлі з заходнееўрапейскай” (16). Прыняццю або адхіленню тых ці іншых культурных або арганізацыйных узораў папярэднічала сутыкненне, а таксама часовае іх успрыманне, перцэпцыя і наступная трансфармацыя.

Важнай метадалагічнай асновай працы было разуменне дзеянняў сацыяльнай групы ці карпарацыі як „калектыўнага актара”, што дзейнічае згодна з нормамі і правіламі, пра якія моўчкі было дамоўлена раней. У такіх сярэдневяковых калектываў, у адрозненне ад арганізацый пазнейшых часоў, складаюцца гарызантальныя сувязі, заснаваныя на парытэтных прававых і сацыяльных пачатках (цэх, гільдыя і г. д.). Ш. Родэвальд ставіць задачу прасачыць узаемадзеянне розных груп як знутры — у іх канкурэнтным асяроддзі, так і звонку — пры групавым узаемадзеянні ў пагранічных канфліктных сітуацыях: фармaванне гарадской рады і лавы, гарадскія паўстанні і хваляванні, канфесійныя працэсіі, нацыянальныя дэманстрацыі і г. д.

У макрагістарычным кантэксце, які выбраў у сваёй працы аўтар, лагічна ставяцца пытанні шырокага кампаратыўнага плана, накшталт такіх: ці быў Полацк тыповым старажытнарускім горадам, наколькі гэты горад пры ўваходжанні ў Вялікае Княства Літоўскае і пазней у Рэч Паспалітую быў падобны да вялікіх польскіх гарадоў і як яго можна параўнаць у расійскі перыяд гісторыі ў XIX ст. з уласна расійскімі гарадамі, што знаходзіліся на этнічнай рускай тэрыторыі? Пры такім параўнальным падыходзе больш яскрава выступаюць уласныя рысы гісторыі Полацка, што не маглі быць навязаны нейкім загадзя зададзеным „тэлеалагічным” падыходам (18). Аўтар разумее складанасць даследавання гарадской гісторыі на такім вялікім часавым прасцягу, таму асноватворныя пытанні ён фармулюе канкрэтна, з улікам гістарычнага кантэксту Русі, польска-літоўскай дзяржавы і Расійскай імперыі, у складзе якіх па чарзе знаходзіўся Полацк.

На пачатку разгляду гісторыі горада ў гэтыя вялікія перыяды аўтар падае кароткі ўступ у рэгіянальную гісторыю, а потым аналізуе інфармацыю пра падзел насельніцтва горада насацыяльныя групы ўфармальных, прававых адносінах. Гэта дазволіла разгледзець, ахапіць аналізам і маленькія сацыяльныя групы ўіхунутраным узаемадзеянні. Наступным этапам аўтарскай методыкі было прасочванне таго, як сацыяльныя групы дзейнічалі ў прававых і сацыяльных рамках усяго горада. Пры гэтым цікавым падавалася даследаваць міжканфесійную канкурэнцыю і гарадскую арганізацыйную структуру. Кожны раздзел заканчваецца пасляслоўем, дзе падсумоўваюцца кампаратыўныя меркаванні аўтара ў макрагістарычным вымярэнні ў сэнсе Бродэлевага паняцця longue durée (доўгатрываласці). Але пры выкладзе матэрыялу ўнутры раздзелаў аўтар выкарыстоўвае звыклыя макрагістарычныя і мезагістарычныя падыходы.

Закранаючы метады даследавання, Ш. Родэвальд слушна зазначае, што пад паняцце „калектыўнага дзеяння сацыяльнай групы”, якое займае цэнтральнае месца ў рэцэнзаванай кнізе, можна падвесці шырокі спектр калектыўных дзеянняў, уключна з узаемадзеяннем у сям’і і ў працы. На жыхароў горада мелі ўплыў нефармальныя, кліентарныя ўзаемаадносіны ў сям’і і блізкім прафесійным акружэнні, якія маглі прычыняцца да разнапланавай і разнавектарнай іх дзейнасці, аднак аўтар абмінае гэты кантэкст, калі гэтая дзейнасць не датычыць узаемаадносін паміж групамі ці ўнутры вялікай групы. Штодзённае жыццё гарадскога жыхара выносіцца па-за рамкі даследавання, гэтаксама як і поле дзейнасці ў горадзе дзяржавы, якая пэўным чынам уплывала на гарадскую гісторыю, але не ў кантэксце ўзаемадзеяння вялікіх сацыяльных груп насельніцтва (19). Іншы ключавы тэрмін кнігі — „камунікацыя”, паколькі без яе немагчыма даследаваць ніводную сацыяльную акцыю ў горадзе. Сацыяльныя сістэмы нельга ўявіць без шматлікіх прыкладаў узаемадзеяння індывідаў, якія ствараюць гістарычны мікракантэкст. Такая практыка стварае адпаведна ў часе і прасторы адпаведныя інстытуты (19).

Важнай для аўтара пры аналізе калектыўнай дзейнасці сацыяльных груп падаецца моўная карціна ў горадзе і дынаміка моўных прыярытэтаў яго насельніцтва, паколькі „пры вызначэнні часавага, прасторавага і ўнутранага гарызонту дзейнасці ў канкрэтнай сітуацыі выбар мовы адыгрывае вырашальную ролю” (20). Цікава з сацыялагічнага пункту гледжання трактуюцца вусныя зносіны і дзеянні, якія адлюстроўваюцца ў пісьмовых крыніцах, паколькі „прымяненне пісьма адпраўшчыкам і адрасатам пісьмовага паведамлення [г. зн. першакрыніцы. — М. К.] вызначае непасрэднае поле дзеяння (Handlungsfelder)” (21). Ш. Родэвальд часта спасылаецца ва ўступнай метадалагічнай частцы на працы нямецкіх сацыёлагаў і гісторыкаў-тэарэтыкаў (А. Ляндвера, Р. Бленкнера і іншых). Асабліва часта аўтар звяртаецца да інтэрпрэтацыі асноўнага паняцця калектыўнага дзеяння як „агульнага дабра / bonum commune”, або карпаратыўнага кансэнсусу ці ўзаемна прынятага прававога спакою, што вынікаюць з канцэпцыі „камуналізму” нямецкага гісторыка-тэарэтыка П. Блікле[7].

Не з усімі метадалагічнымі падыходамі Ш. Родэвальда можна цалкам згадзіцца. Прыярытэт макрагістарычных, сацыялагічных і параўнальных метадаў сапраўды дазваляе канцэптуальна зірнуць на супольныя ці адметныя рысы Полацка на фоне цэнтральнаеўрапейскіх, польскіх або расійскіх гарадоў. Аднак часта такая шырокафарматная кампаратывістыка, узятая ў доўгім храналагічным зрэзе, не дазваляе разгледзець унікальных гістарычных асаблівасцяў развіцця горада. На старонках манаграфіі крайне мала згадак пра жыхароў горада як актыўных гістарычных дзеячаў, а не носьбітаў верагодных гістарычна-сацыялагічных схем. Яны часткова выпалі з поля ўвагі паважанага аўтара ў яго доўгатрывалай (ад longue durée), больш як тысячагадовай вандроўцы па сацыяльнай гісторыі Полацка.

***

У гістарыяграфічным раздзеле аўтар цалкам пахвальна з эўрыстычнага пункту гледжання выкарыстоўвае не толькі ўласна друкаваныя працы, але і рукапісы дысертацый, абароненых ад Масквы да Цюрыха (дысертацыі Ганны Харашкевіч і Хрыстафа фон Верта). Канцэпцыі савецкіх і цяперашніх расійскіх даследчыкаў Ганны Харашкевіч, Барыса Флоры, Зіновія Капыскага і Андрэя Дварнічэнкі аб познім і трывалым існаванні веча ў Полацку аж да другой паловы XV ст. зазнаюць пад пяром Ш. Родэвальда знішчальную крытыку (24-25). Хоць ён не заўсёды пагаджаецца і з асобнымі палажэннямі заходніх вучоных. Так, не поўнасцю ён прымае канцэпцыю Хрыстафа фон Верта пра тыпалогію гарадоў Вялікага Княства Літоўскага ў выглядзе двух гарадскіх ідэальных тыпаў, абумоўленых гістарычнымі традыцыямі і культурнымі рамкамі, — еўрапеізаванага горада паводле Макса Вебера на аснове магдэбургскага права і горада, сфармаванага ў старажытнарускую княжацкую эпоху.

Беручы пад увагу слабасць каралеўскай улады і моцныя мясцовыя органы ўлады ў гарадах, даследчыкі малявалі гарады Рэчы Паспалітай як „дэцэнтралізаваныя, плюралістычныя і канфесіяналізаваныя”. Аднак і ў іншых еўрапейскіх гарадах у дасучасны перыяд тэндэнцыя да канфесійнай і палітычнай аднастайнасці была вельмі слабой. Затое няма сумнення адносна моцнага перапляцення рэлігійных і палітычных фактараў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Хоць застаецца пытанне, наколькі працэсы супольнага ўзаемадзеяння ў гарадах гэтага рэгіёна былі падобныя да палажэнняў, выкладзеных у тэорыі „камуналізму” П. Блікле для гарадоў Цэнтральнай Еўропы (28).

Штэфан Родэвальд у гістарыяграфічнай частцы збольшага прадоўжыў агляд метадалагічных канцэпцый перш за ўсё нямецкіх вучоных адносна розных перыядаў еўрапейскай гарадской гісторыі. Напрыклад, канцэпцыі Р. Шлёгля пра камунікатыўныя формы палітычнага ўзаемадзеяння ў горадзе ранняга Новага часу (27) або дыскусіі наконт гістарыяграфіі гарадоў Цэнтральнай Еўропы: разгляду якіх канфліктаў аддаваць перавагу — канфесійных ці сацыяльна-палітычных (28)? Хоць больш мэтазгодна было б разгледзець гэтыя пытанні ў метадалагічнай частцы і больш пільна прыгледзецца да прац мясцовых гісторыкаў пра Полацк.

Крыніцазнаўчая база, ахарактарызаваная аўтарам, звычайная для даследчыка, асабліва старажытнага перыяду Кіеўскай Русі: рускія хронікі, „Жыціе Ефрасінні Полацкай”, дагаворы з заходнімі партнёрамі і інш. Для познесярэднявечнага перыяду, да канца XV ст., Ш. Родэвальд вылучае значэнне шасцітомнага зборніка полацкіх грамат XIII-XVI ст., выдадзенага Ганнай Харашкевіч[8]. У ім з 311 змешчаных крыніц 110 былі апублікаваны і ўведзены ў навуковы ўжытак упершыню. Гэтыя і іншыя дакументы з серыйных выданняў XIX і XX ст. („Архив Юго-Западной России”, „Археографический сборник”, „Акты Западной России”, „Белорусский архив” і інш.) дазваляюць аўтару сцвярджаць магчымасць даследавання асаблівасцяў кал ектыўных кантактаў гарадской эліты Полацка з Рыгай. На жаль, не захаваліся ў XVI ст. гарадскія кнігі, чытаць якія даследчыкі могуць толькі з 1633 г. (30). З кнігамі „Літоўскай метрыкі” аўтар працаваў менш, хоць у апошнія гады плённа пачаў рэалізоўвацца міжнародны праект па выданні кніг „Літоўскай метрыкі” (да 2005 г. толькі ў серыі „Lietuvos Metrika” выйшлі з друку 24 кнігі), дзе таксама змяшчаюцца дакументы па гісторыі Полацка. Аўтар выявіў і некалькі важных недрукаваных крыніц па тэматыцы яго кнігі, як, напрыклад, статут праваслаўнага маладога брацтва за 1651 г., а таксама люстрацыю горада 1765 г. (31). З матэрыялаў ранняга Новага часу кідаецца ў вочы перавага актавых крыніц над наратыўнымі, апісальнымі, а таксама брак масавых крыніц статыстычнага характару, напрыклад царкоўных метрык. Досыць мала аўтар выкарыстаўу тэксце судовыя акты, якія найпаўней адлюстроўваюць прававыя ўзаемаадносіны і канфлікты розных карпарацый горада (цэхаў, брацтваў і г. д.).

Для перыяду з 1772 да 1914 г. базай крыніц служылі ў асноўным матэрыялы з гістарычных архіваў Мінска. Складанасць заключалася ў адсутнасці крыніц пра гарадскую думу Полацка, якія, відавочна, загінулі ў ваенны час. Пра падзеі рэвалюцыі 1905 г. аўтар браў звесткі з паліцэйскіх данясенняў і газетных публікацый. На пачатку Новага часу Полацк быў значным горадам, а ў XIX ст. ён на фоне іншых гарадоў і дэмаграфічна, і эканамічна не надта змяніўся. Гэта дало аўтару падставы сцвярджаць, што даследаванне матэрыялаў XIX ст. не надта адрознівалася ад вывучэння крыніц папярэдняга часу, а таксама дазволіла паставіць аналагічныя даследчыя задачы ў трох розных часавых зрэзах.

***

Апісваючы старажытнарускі перыяд, аўтар абапіраецца на аўтарытэтныя, даўно інтэрпрэтаваныя крыніцы, кіруючыся хрэстаматыйным канонам выкладу падзей у рускіх летапісах. Цікава, што полацкага князя на Захадзе ў XIII ст. тытулавалі на лацінскай мове як „rex” або „magnus rex” (35), падобна да таго як у Галіцка-Валынскай дзяржаве тытулаваўся ў заходніх крыніцах Даніла Раманавіч, які ў 1253 г. атрымаў каралеўскую карону з рук папскага легата.

Сацыяльная структура горада княжацкага перыяду была такая ж, як і на ўсёй Русі: прыдворныя, купцы, рамеснікі, якія самаарганізоўваліся, але не ўтваралі карпаратыўных гарадоў, што існавалі на Захадзе. Манастыры ў горадзе, як і ўсюды ў раннім Сярэднявеччы, існавалі без адзінага ўніфікаванага статута, які меў бы законную сілу. Ад іншых гарадоў Русі, на думку Ш. Родэвальда, Полацк адрозніваўся тым, што ў стасунках з княжацкай уладай у эканамічным плане дамінаваў менавіта горад. Гэтая перавага атрымала сацыяльнае ці палітычнае вымярэнне ў выглядзе клятвы, якую прамаўляў князь на вечы перад полацкай грамадой. Пазней, у XIII ст., яна перарасла ў прысяжны дагавор з князем, а „палачане” пачалі фігураваць як суадказны аб’ект у дамовах з Рыгай, якія падпісваў полацкі князь. Аднак пра гарадскую грамаду як пра асобны карпаратыўны суб’ект („Kommune”) аўтар гаворыць досыць асцярожна, ставячы яе развіццё ва ўзаемазалежнасць з нямецкімі і іншымі гарадамі „Паўночна-Усходняга Міжземнамор’я”, а асабліва Рыгай (522).

У канцы XIV ст. вялікі літоўскі князь Вітаўт пазбавіў Полацк княжацкай улады і надаў гораду „новае калектыўнае права”, якое заключалася ў прысязе перад ім і замене князя полацкім намеснікам. Дагаворы з новазаснаванай Рыгай пачынаючы з 1406 г. не толькі актывізавалі гандлёвыя кантакты абодвух гарадоў, але і спрыялі ўцягванню Полацка ў прававую сістэму карпаратыўных сувязяў, заснаваную на заходніх узорах. У першай палове XV ст. Полацку былі нададзены асобныя прывілеі, якія ўмацоўвалі новыя сацыяльныя сувязі ў гарадской грамадзе. І менавіта ў 1449 г. упершыню з’яўляюцца ў дакументах у Полацку азначэнні „мешчанін” і „места” як прававыя паняцці. І ўжо ў 1578 г. полацкія мяшчане вялі гандлёвую спрэчку з рыжскімі мяшчанамі без удзелу князя ці намесніка або прыняцця асобнай прысягі, як гэта мела месца ўчасе дзеяння папярэдніх дагавораў (523). Такім чынам, менавіта ў гандлі з Рыгай і іншымі гарадамі ўзнікалі і фармаваліся новыя сацыяльныя групы горада ў кантэксце магдэбургскага права.

Заключным пунктам фармавання гарадской грамады стаў прывілей 1498 г. аб наданні гораду магдэбургскага права, таму ніякай „горадабудаўнічай рэвалюцыі”, як пры лакацыі гарадоў, у Полацку не адбывалася. У час фармавання асноўных карпаратыўных арганізацый мяшчан (лавы і рады) у XVI ст. у горадзе ўтвараюцца меншыя карпаратыўныя арганізацыі, а менавіта рамесныя цэхі, а таксама закладаецца прававы падмурак іх існавання.

Узнікненне ў XVII ст. брацтваў, якія дагэтуль былі невядомымі формамі, значна ўзмацніла ўдзел цывільных у рэлігійных справах. На думку аўтара, менавіта брацтвы паспрыялі большай канфесійнай інтэграцыі ў асяроддзі праваслаўных. Кожнае брацтва і цэх складалі пэўнае аб’яднанне, што вызначала для кіраўніцтва і кожнага члена канкрэтныя рамкі калектыўнай дзейнасці з асаблівай „малой” адкрытасцю (352). У дыскусіях з каталікамі, інтэграванымі ў гарадскую супольнасць, праваслаўныя заставаліся вернымі мяшчанамі Полацка ў новых узаемасувязях і абставінах. Пры гэтым аўтар рызыкоўна сцвярджае, што праваслаўны брацкі рух у Вялікім Княстве Літоўскім, у рэчышчы якога дзейнічалі і два полацкія брацтвы, узнік паводл е каталіцкага ўзору і што нават „яўрэйскія брацтвы заставаліся ў цеснай узаемасувязі з хрысціянскімі” (352). Ш. Родэвальд чамусьці звужае пашырэнне брацкага руху толькі да тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, хоць яго развіццё пачалося ў Львове, таму варта было б гаварыць пра Рэч Паспалітую ў цэлым. Таксама нельга пагадзіцца са сцверджаннем пра „цесную ўзаемасувязь” яўрэйскіх і хрысціянскіх брацтваў. Яўрэйская супольнасць мела гатовыя ўзоры сацыяльнага жыцця, якія выпрацавала задоўга да ўзнікнення праваслаўных брацтваў.

Асобнае месца ў кнізе аўтар адводзіць гарадскім працэсіям, што „стваралі новую сакральную публічнасць (Öffentlichkeit)” (352). Вызначаецца нават дата, калі яны пачаліся ў горадзе, — 1579 год. Ш. Родэвальд адносіў гэтыя працэсіі з музыкай і гарадскім ваенізаваным суправаджэннем на рахунак уласцівай ранняму Новаму часу рымска-каталіцкай канцэпцыі „сакральнай публічнасці”, якая развілася пад контррэфармацыйным уплывам. Аднак на прыкладзе Львова можна сцвярджаць, што практыка падобных працэсій існавала яшчэ напрыканцы XV ст.[9]. Тым не менш, спрэчкі паміж праваслаўнымі і ўніяцкім архіепіскапам абмяжоўвалі значэнне міжканфесійнага дыялогу ў горадзе ў сакральнай прасторы („im sakralen Raum”). Такія міжканфесійныя канфлікты развівалі „практыку калектыўных дзеянняўабодвух канфліктуючых бакоў з наступным узмацненнем іх канфесійнай ідэнтычнасці (253). Канфесійнае процістаянне надавала дынаміку культурным працэсам у горадзе. На думку Ш. Родэвальда, не толькі арганізацыйныя формы (магдэбургскае права, цэхі і інш.) былі адаптаваныя і прынятыя на ўсходнеславянскай глебе, але і формы калектыўнага рэлігійнага гвалту, у тым ліку супраць яўрэяў.

Гарадская грамада Полацка была слабейшая, чым у польскіх гарадах Плоцку ці Калішы, у яе не было правоў, напрыклад, памяняць войта. Але і вялікія гарады Польшчы часта былі абмежаваныя ў сваіх правах, як і вялікія гарады Цэнтральнай Еўропы карысталіся толькі частковай аўтаноміяй, удакладняе аўтар (353). Тым часам такія ж працэдуры і юрыдычныя ды сацыяльныя працэсы, як тыя, што мелі месца на захад ад Полацка, адбываліся ў горадзе пры выбарах гарадской улады і на пасяджэннях гродскага суда. Асаблівасцю Полацка быў канфесійны склад гарадскіх органаў улады, у якія ўваходзілі каталікі і ўніяты. Наконт апошніх аўтар, на жаль, падае мала дэмаграфічных звестак, калі апісвае склад і колькасць насельніцтва Полацка ў цэлым (92-94,245-249). Хоць віной гэтаму магла быць адсутнасць дакладных крыніц статыстычнага характару. Аднак дапушчэнні ці гіпотэзы пра месца каталікоўі ўніятаўудэмаграфічнай структуры Полацка дазволілі б больш пэўна ўявіць іх вагу ў канфесійных узаемаадносінах з праваслаўнымі.

Удзел праваслаўнай супольнасці ў гарадскім і рэлігійным полі дзейнасці быў падобны да ўдзелу іншых супольнасцяў, аднак былі і свае адрозненні. Як і ў Львове, полацкія русіны ставілі пытанне пра шырокія эканамічныя і палітычныя правы ды прывілеі. Абедзве праграмы ахопліваліся дзейнасцю праваслаўных царкоўных брацтваў. Як уніяты, так і праваслаўныя бралі ўдзел у гарадскім грамадскім жыцці, а іх адметнасць зводзілася да таго, як іх называлі: „людзі грэчаскай рэлігіі” (354). Зрэшты, публічнасць гарадской грамады і кіраўніцтва горада яўна не мела рэлігійнага характару, хоць і ставілася на мэце адкрытымі рэлігійнымі дзеяннямі (працэсіямі і да т. п.) спрыяць еднасці гарадской супольнасці. Члены праваслаўнай супольнасці адначасова былі „носьбітамі ідэнтычнасці і практыкі купецкага саслоўя” (354-355). Калі логіка канфесійнай дзейнасці непасрэдна вяла да процістаяння, то паняцце агульных гарадскіх інтарэсаў абавязвала да супольных знешніх дзеянняў. Рэлігійныя пытанні вельмі рэдка выходзілі на арэну сур’ёзнай барацьбы, праваслаўныя рэдка, як у першай палове XVII ст., выступалі як „калектыўны актар”, баронячы свае рэлігійныя інтарэсы. Аўтар прыводзіць прыклады тагачасных Аўгсбурга і Мюнстэра, калі дзеля міру ў горадзе і краіне як пратэстанты, так і каталікі адкладалі свае партыкулярныя канфесійныя вымогі на карысць інтарэсаў „надканфесійнага хрысціянства (überkonfessionellen Christentums)” (355). Хоць у адрозненне ад сітуацыі з пахаваннямі праваслаўных у Полацку, да якіх гарадская рада была абыякавая, у Мюнстэры каталіцкая ўлада кантралявала і рэгулявала пахавальныя працэсіі пратэстантаў.

У рэлігійных канфліктах XVII ст., звязаных з укараненнем уніі, можна прасачыць некалькі цікавых у сацыяльным плане тэндэнцый. З аднаго боку, пад рэлігійным ціскам з’яўляюцца новыя сацыяльныя сувязі і саюзы праваслаўных розных саслоўяў — як мяшчан, так і шляхты. 3 другога боку, у рэлігійных спрэчках фармуецца і мацуецца канфесійная ідэнтычнасць уніяцкай і праваслаўнай супольнасцяў. Абедзве згаданыя супольнасці пры гэтым выкарыстоўвалі каталіцкія ўзоры рэлігійнай публічнасці — напрыклад, ладзілі ўрачыстыя ўезды сваіх уладык у горад у форме працэсіі з музыкай і ваенным эскортам. У такім кантэксце можна трактаваць і пакутніцкі культ святога Язафата (Кунцэвіча), накіраваны на пашырэнне ўніяцкай ідэнтычнасці сярод полацкіх мяшчан.

Аўтар прызнае, што як канфесійны, так і прасторавы ды сацыяльны падзел насельніцтва, уласцівы XVII ст., расколваў горад, асабліва ў параўнанні з XV ст., аднак „гарадскія і канфесійныя групы ў перыяд ранняга Новага часу інтэграваліся ў моцныя сацыяльныя арганізацыі, а гарадское насельніцтва было не чым іншым, як сукупнасцю аб’яднанага актара… і знаходзіла рашэнні сумесна з гарадской радай” (526-527). Такое сцверджанне аўтара можна было б лічыць цалкам дарэчным у выпадку са шмат якімі тагачаснымі гарадамі Рэчы Паспалітай, аднак, калі гаворка ідзе пра канкрэтныя падзеі, якія мелі месца ў Полацку ў першай палове XVII ст., пасля забойства архіепіскапа Язафата (Кунцэвіча), з жорсткімі рэпрэсіямі ў дачыненні да ўсіх полацкіх мяшчан і стратай горадам магдэбургскага права, наўрад ці можна без агаворак сцвярджаць пра „калектыўнага актара” і „сумесныя рашэнні”. Аднак цалкам можна пагадзіцца з тэзісамі Ш. Родэвальда пра значэнне судовых і прававых працэдур для развіцця заходніх прававых паняццяў у кантактах грамады і рады, а таксама, можна дадаць, у міжканфесійнай барацьбе, якая скіроўвалася ў прававое рэчышча[10]. Гарадская грамада давала прававыя сродкі, якія выраўноўвалі і кампенсавалі праваслаўным купцам тыя ці іншыя забароны, якія існавалі ў дачыненні да праваслаўных.

Паняцці рэлігіі і гарадской грамады шмат у чым суадносіліся адно з адным. Удзел праваслаўных ерархаў у абачлівай гарадской палітыцы, што ціха і спакойна прывяла на пачатку 80-х г. XVII ст. да карысных для грамады вынікаў, быў поўнай процілегласцю перыяду цяжкіх і гучных канфесійных дыскусій. У кожным разе праваслаўныя лідэры мусілі захоўваць раўнавагу паміж абодвума палямі дзейнасці — у рэлігійнай і гарадской палітыцы. У час крызісу XVII ст. праваслаўныя прытрымліваліся ва ўзаемаадносінах з горадам тактыкі „надканфесійнай узаемасувязі”, вырашаючы важныя пытанні на карысць усёй гарадской грамады.

Магдэбургскае права Полацка не змагло гарантаваць яго носьбітам канкурэнтных пераваг у эканамічнай барацьбе з яўрэйскім насельніцтвам горада. Як зазначае Ш. Родэвальд, у выніку „спадчыны папярэдніх дэмаграфічных працэсаў” да 1850 г. хрысціяне ператварыліся ў меншасць у горадзе, большую частку насельніцтва якога складалі яўрэі (528). Наколькі праваслаўныя пераважалі ў XIX ст. у палітычным і рэлігійным жыцці горада, настолькі ж яны былі слабейшыя ў дэмаграфічным і гаспадарчым аспектах. Да 1892 г. раздзеленая паводле этнаграфічных ліній падзелу грамада ўсё ж мела пэўнае самакіраванне на ўзор ранняга Новага часу, аж пакуль у гэтым годзе яўрэі, згодна з новым законам, не страцілі выбарчага права. А на пачатку XX ст. у горадзе пачаліся антыяўрэйскія пагромы.

Аўтар перакідае масток на тэрыторыю жорстка цэнтралізаванай Расіі, дзе не існавала гарадской аўтаноміі, не было такіх карпаратыўных арганізацый, як рамесныя цэхі, царкоўныя брацтвы, манаскія ордэны са сваімі статутамі. Таксама Полацк набліжаўся да тыповага тагачаснага горада Цэнтральна-Усходняй Еўропы наяўнасцю яўрэйскай грамады, чаго не сустракаем у Расіі. Тэрыторыя горада ў XVIII ст. была падзелена царкоўнымі, шляхецкімі і яўрэўскімі ўладаннямі (357). У апошнім выпадку варта ўдакладніць, што яўрэі ў каралеўскіх гарадах маглі толькі арандаваць будынкі ці маёнткі, але не валодаць імі на правах спадчыннай уласнасці, як у выпадках са шляхецкай і гарадской зямлёй.

Яўрэйскай грамадзе Полацка ў манаграфіі аддадзена значная ўвага. Гэтая грамада фармавалася ў другой палове XVI — першай палове XVII ст. з выхадцаў з Заходняй Еўропы. У адрозненне ад многіх заходніх і польскіх гарадоў Цэнтральна-Усходняй Еўропы, яўрэі не сяліліся ў XVII-XVIII ст. у асобных месцах — гета, не было і такога выразнагасаслоўнага размежавання. На думку аўтара, гэты факт яшчэраз засведчваў пагранічнасць Полацка паміж сферамі ўплыву Цэнтральна-Усходняй Еўропы і Маскоўскай імперыі, дзе зчасоў Кіеўскай Русі не існавала ніякага прававога імунітэту іпасрэдніцтва паміж рознымі групамі насельніцтва.

***

У пасляслоўі з падзгалоўкам „Паміж адначасовасцю і доўгатрываннем (longue durée)” аўтар намагаецца падсумаваць свае адказы на пытанні, якім чынам адрозніваліся мадэлі паводзін розных сацыяльных груп і якія былі формы публічнасці ўнутры іх, а таксама ў кантактах паміж імі. У XII, XV, XVII і XIX ст. у Полацку пашыраліся новыя формы сацыяльнай арганізацыі і калектыўных дзеянняў. Інакшымі былі перыяды XIII-XIV ст. і з 1690 да 1772 г., калі такіх змен не адбывалася (521).

Мультыканфесійнасць горада ў перыяд ранняга Новага часу тлумачылася слабасцю хрысціянскай грамады (553). У горад, як і ўсюды ў гэты час у гэтым рэгіёне, масава прыбывалі яўрэі. Спробы ў некаторых польскіх гарадах спыніць іх праз прывілей „De non tolerandis Judaeis” („Аб неталераванні яўрэяў”) не мелі поспеху. У цэлым шматканфесійнасць, канец якой не быў пакладзены і ў XIX ст., стала вызначальнай рысай гэтага горада Цэнтральна-Усходняй Еўропы ў кантэксце гістарычнай парадыгмы longue durée. Толькі пад канец XIX — на пачатку XX ст. у горадзе развіваюцца выключна нацыяналістычныя тэндэнцыі, якія прычыніліся да пачатку эміграцыі яўрэяў з горада (537).

Ніякі іншы рэгіён Еўропы не перажываў такой радыкальнай змены канфесійнай большасці, як гарады Вялікага Княства Літоўскага. З 1498 г. у органах улады Полацка ўсталяваўся парытэт каталікоў і праваслаўных. Адно што ў другой палове XVII ст. у гэтым уладным дуумвіраце праваслаўных змянілі ўніяты. Аднак праваслаўных працягвалі часта выбіраць у магістрат з увагі на нешматлікасць каталікоў у гэтай частцы Рэчы Паспалітай. Абмежаванні рэлігійнага характару таксама праяўляліся ў забароне для праваслаўных праводзіць адкрыта, публічна свае богаслужэнні.

Іншай прыметай longue durée была прысутнасць у горадзе вялікай колькасці малых карпарацый — брацтваў і цэхаў (535). Усе яны, уключна з яўрэйскімі брацтвамі, мелі канфесійны характар. На думку аўтара, асаблівасцю праваслаўных брацтваў было запазычванне імі арганізацыйнай формы ў каталіцкіх брацтваў, падобна да таго як уніяцкі васіліянскі ордэн меў узорам каталіцкае Таварыства Ісуса (езуітаў). Аўтар падкрэслівае вялікае значэнне ў карпаратыўнай арганізацыі горада цэхаў, якія мелі мяшаны канфесійны характар. Менавіта рамеснікі, члены цэхавых арганізацый, былі ўдзельнікамі гарадскіх працэсій, інсцэніруючы, паводле слоў Ш. Родэвальда, „фізічную еднасць” горада і гарадской грамады (526).

Урэшце, Ш. Родэвальд фармулюе асноўны тэзіс сваёй кнігі аб прыналежнасці Полацка ў XV-XVIII ст. да ўсходняй пераходнай ці пагранічнай зоны Цэнтральна-Усходняй Еўропы. У гэты перыяд горад зазнаваў інтэнсіўны „лацінаеўрапейскі (у гарадах — яўрэйскі)” уплыў (538). У другой палове XVII ст. і ў XVIII ст. гэты ўплыў быў цалкам даміноўны. І нават пасля далучэння да Расіі ў 1772 г. гэты эфект доўгі час заставаўся інтэнсіўным і значным. Завяршае аўтар кнігу рэтраспектыўнай нататкай пра фактычнае знікненне вобраза цэнтральна-ўсходнееўрапейскага горада ў сучасным Полацку, дзе „адзіным папулярным настроем з’яўляецца настальгія па савецкіх часах” (540), а з папярэднімі часамі перагукаецца хіба што згадка пра езуіцкі калегіум у рэкламным праспекце мясцовага ўніверсітэта і каталіцкія „шаты” тутэйшага праваслаўнага кафедральнага Сафійскага сабора.


1 Гл. напрыклад: Петров М. Б. Історична топографія Кам’янця-Подільського кінцяXVII-XVIIIст. (Історіографія. Джерела). Кам’янець-Подільський, 2002; Долинська М. Історична топографія Львова XIV-XIХ ст. Львів, 2006; Білоус Н. Київ наприкінціXV—у першій половиніXVII століття. Міська влада і самоврядування. Київ, 2008 і інш.
2 Гл. таксама: Christophe von Werdt. Stadt und Gemeindebildung in Ruthenien: Okzidentalisierung der Ukraine und Weissrusslands im Spätmittelalter und in der frühen Neuzeit (= Forschungen zur osteuropäischen Geschichte, Bd. 66). Wiesbaden, 2006.
3 Гл., напрыклад, агляд асноўных тэндэнцый гістарыяграфіі нямецкага горада ранняга Новага часу, які выліўся ў грунтоўную гістарыяграфічную манаграфію: Schilling H. Die Stadt in der frühen Neuzeit (= Enzyklopädie deutscher Geschichte, Bd. 24). München, 1993.
4 Litauen und Ruthenien. Studien zu einer transkulturellen Kommunikationsregion (15. — 18. Jahrhundert) / Lithuania and Ruthenia. Studies ofa Transcultural Communication Zone (15th-18th Centuries), hg. v. Stefan Rohdewald, David Frick, Stefan Wiederkehr. (= Forschungen zurosteuropäischen Geschichte, Bd. 71). Wiesbaden, 2007.
5 Толочко О. „Русь” очима „України”: в пошуках самоідентифікації та континуїтету // Другий Міжнародний конгрес україністів. Львів, 22-28 серпня 1993 р. / Доповіді і повідомлення. Історія. Львів, 1994. Т. 1. С. 68-75; гл. таксама яго канкрэтнае даследаванне пра хроніку М. Стрыйкоўскага: Толочко 0. Український переклад „Хроніки” Мацея Стрийковського з колекції Лазаревського та історіографічні пам’ятки XVII ст. (український хронограф і „Синопсис”) // Записки Наукового товариства ім. Шевченка. Львів, 1996. Т. 231. С. 158-181.
6 Так, вядучыя расійскія спецыялісты па гісторыі Украіны і Беларусі Новага часу Міхаіл Дзмітрыеў і Аляксей Мілер з’яўляюцца прынцыповымі праціўнікамі канцэпцыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы ў дачыненні да беларускіх і ўкраінскіх зямель.
7 Blickle P. Kommunalismus — Begriffsbildung in heuristischer Absicht // Landgemeinde und Stadtgemeinde in Mitteleuropa. Ein struktureller Vergleich / Hrsg. P. Blickle. München, 1991. S. 5-38.
8 Полоцкие грамоты XIII—начала XVI в. / Сост. А. Хорошкевич. Москва, 1977-1989. Т. 1-6.
9 Так, 28 жніўня 1497 г. перамышльскі епіскап з усім клірам, з манахамі каталіцкіх ордэнаў дамініканцаў, францысканцаў, бернардзінцаў, а таксама раднікі, цэхавыя брацтвы, армяне і ўкраінцы-русіны („Alle gelarten der bisschof von Pzimsla swach und krangk an eynem stabe, die thumhern doselbst, predigermoche, grcemonche, die Bernardini mit allen rathlewten und bruderschafften der hantwerker, Armenier und Rewszen”) урачыста праводзілі з горада цела магістра прускага ордэна Іагана фон Тыфена, які памёр у Львове пасля ранення ў час паходу на малдаўскага гаспадара (Liborius Naker’s Tagebuch, herausg. von M. Töppen // Scriptores Rerum Prussicarum, Leipzig, Bd. 5. S. 312). Марэк Слонь інтэрпрэтуе гэтую звестку з дзённіка сакратара прускага ордэна Лібара Накера так, нібыта ў ёй гаворка ідзе пра старэйшын армян і рускіх (Słoń M. Wspólnoty religijne w XV-wiecznym Lwowie // Studia nad dziejami miast i mieszczaństwa w średniowieczu, Toruń, 1996. T. 1. S. 129).
10 Прыклад Львова ў гэтым выпадку зусім дарэчны, гл.: Капраль М. Національні громади Львова XVI-XVIII ст. (соціально-правові взаємини). Львів, 2003.

Наверх

Соркіна, Інна. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ – першай палове ХІХ ст. – Вільня: ЕГУ, 2010 (Андрэй Кіштымаў)

Снежня 6, 2009 |

СОРКІНА, ІННА. Мястэчкі Беларусі ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст. — Вільня: ЕГУ, 2010. — 488 с.

Горад — мястэчка — вёска. На працягу стагоддзяў менавіта яны складалі сетку населеных пунктаў Беларусі. Прычым складнікі гэтай трыяды мелі розную ступень свабоды. Горад мусіў быць падобным на іншыя гарады. Жыць гарадскім жыццём. Інакш бы яму не паверылі, што ён — горад. Ён так і рабіў. Напрыклад, дамагаўся магдэбургіі, самасцвярджаўся: я — такі ж горад, як усе, я — гэтага варты, я — частка гарадской супольнасці Еўропы і свету… Вёска свята шанавала сваю традыцыйнасць — як свой нязменны і неразменны капітал ды цноту. Праўда, горад выступаў у дачыненні да вёскі агрэсарам, неаднаразова падрываючы яе традыцыі, уносячы сумятню ў вясковыя галовы і забіраючы, як здабычу, у гарадскі вір самы актыўны вясковы элемент.

І толькі мястэчка было свабодным. Яно не мусіла быць падобным ні на горад, ні на вёску. Яно не было агрэсіўным ні ў сваім прагрэсе, ні ў сваёй патрыярхальнасці. Яно было супольным домам для ўсіх насельнікаў, а іх было нямала. Сацыяльная, эканамічная, этнічная, культурная, канфесійная стракатасць мястэчак была значна шырэйшая за вясковую аднатоннасць і зусім не саступала шматкаляровасці гарадскогажыцця.

Менавіта беларускае мястэчка стала цэнтрам навуковых інтарэсаў Іны Соркінай, тэмай яе дысертацыйнага даследавання і галоўным сюжэтам рэцэнзаванай манаграфіі „Мястэчкі Беларусі ў канцы XVIII — першай палове ХІХ ст.”. Гэтая тэматыка вельмі блізкая да абсягу маіх гістарычных штудый, таму цягам практычна дзесяці гадоў я сачу за хадой навуковых пошукаў аўтара. Зазначу адразу: гэтую кнігу, несумненна, можна назваць творчым поспехам.

Яна адпавядае традыцыйным канонам гістарычнай манаграфіі паводле як метадаў яе падрыхтоўкі (праца ў архівах і аналіз гістарыяграфіі), так і структуры (уводзіны, раздзелы, заключэнне, дадаткі) і аўтарскага выкладу тэксту. За гэтым стандартам — якасны тэкст, памножаны на выдатнае паліграфічнае выкананне і старанна падабраныя ілюстрацыі.

Пры азначэнні мястэчак гісторыкі зыходзяць з трох прынцыпаў. Большасць, у асноўным даследчыкі гісторыі гарадоў — шукае іх адрозненне ад горада. Меншасць — падкрэслівае іх розніцу з вёскай. Абодва падыходы аднабаковыя. Найбольш рэдкі і, на маю думку, найбольш слушны падыход — выкарыстанне і першага, і другога метадаў, пошук гістарычнага месца мястэчак паміж двума полюсамі. Акурат гэты падыход скарыстаны Інай Соркінай.

Уводзіны звычайна абавязваюць аўтара даць сваю ацэнку агульнай гістарычнай панараме, на фоне якой будуць разгортвацца асноўныя сюжэты яго працы. Гістарычны пералом — адыход Рэчы Паспалітай і прыход Расійскай імперыі — у айчыннай гістарыяграфіі, як мы ведаем, ацэньваецца далёка не адназначна. На змену спрошчанаму пераліку трох падзелаў паступова прыходзіць разуменне таго, што змяненне межаў толькі заклала пачатак складанага працэсу новай асіміляцыі беларускіх земляў, а гістарычны цень Рэчы Паспалітай, як, зрэшты, і Расійскай імперыі, не знік і сёння.

Зразумела, што як Беларусь, так і яе мястэчкі апынуліся, як піша аўтар, у “эканамічна адсталай Расіі, якая ўвасабляла сабой даганяючы тып мадэрнізацыі, дзе перажыткі даўніны выяўляліся найбольш моцна, эканамічныя рэформы праводзіліся са спазненнем, непаслядоўна”. Аднак варта было адзначыць, што і Рэч Паспалітая ў гэтым дачыненні — не надта станоўчы прыклад. Тыя ж „гістарычныя грахі”, тая ж „даганяючая” гістарычная мадэль, якая пры гэтым так і не дагнала ні Заходнюю Еўропу, ні найбліжэйшых суседзяў-драпежнікаў. Так што не рэгрэс прыйшоў на змену прагрэсу. Усе было нашмат складаней.

I ўсё ж хай сабе са спазненнем, але цень мадэрнізацыі накрыў і беларускія мястэчкі. У гэтых умовах яны “набывалі значэнне генератара і носьбіта тых новых працэсаў, якія адыгралі ролю ў разлажэнні феадалізму і фарміраванні капіталістычнага ўкладу” (7). Гэта новы, арыгінальны тэзіс, абгрунтаванне і абарона якога дазваляе гаварыць пра манаграфію як пра новае слова ў айчыннай гістарычнай навуцы.

Нельга сказаць, што беларускія мястэчкі да гэтага часу заставаліся без сваіх гістарыёграфаў. Беларуская мястэчкавая гістарыяграфія існуе ўжо больш за сто гадоў. Гістарычная спадчына мястэчак прыцягвала ўвагу не толькі гісторыкаў, але і архітэктараў, у меншай ступені — этнографаў. Існуе досыць вялікая колькасць прац, прысвечаных гісторыі асобных мястэчак. З апошніх айчынных доследаў на гэтую тэму я мог бы адзначыць працу Германа Брэгера, з замежных — манаграфію Леаніда Смілавіцкага[1]. Але комплекснае даследаванне, якое ахоплівае практычна ўсё без выключэння (як беларускія мястэчкі, так і ўсе бакі іх шматграннай гісторыі), мы атрымалі ўпершыню.

Гістарыяграфічны агляд займае ў рэцэнзаванай манаграфіі тузін старонак. Аднак своеасаблівы дыялог з папярэднікамі, пачаты ў першым раздзеле, аўтар вядзе на працягу ўсёй кнігі. Па сутнасці, на такім дыялогу пабудаваны і другі радзел „Агульная характарыстыка мястэчак і ўмовы ix развіцця ў канцы ХVІІІ — першай палове ХІХ ст.”. Раздзел гэты ключавы як для манаграфіі, так і для ўсёй тэмы. Парадаксальнасць паняцця „мястэчка” палягае ў тым, што ў яго характарыстыцы вельмі цяжка вылучыць асноўныя рысы. Вобразна кажучы, гістарычныя “партрэты” мястэчак настолькі непадобныя адзін да аднаго, што кожнае мястэчка заслугоўвае сваёй індывідуальнай класіфікацыі і асобнага азначэння. Пры гэтым няма ніякіх сумневаў і ў тым, што ўсе мястэчкі — гістарычныя “сваякі”. Замірыць гэтую індывідуальнасць з навуковым патрабаваннем вызначэння іх агульных заканамернасцяў аўтар здолела з дапамогай уласнай сістэмы класіфікацыі мястэчак. У ёй улічваюцца статыстычныя звесткі і тыпалогія мястэчак, іх месца ў структуры населеных пунктаў Беларусі, адметнасці заканадаўства і ўплыў сацыяльна-эканамічных фактараў развіцця. І ўсё гэта на трывалым падмурку крыніц, у тым ліку шматлікіх матэрыялаў з архіваў Беларусі, Расіі, Польшчы, Літвы, Ізраіля.

Наступныя тры раздзелы прысвечаны даследаванню кутніх камянёў мястэчкавай гісторыі — эканоміцы, соцыуму і культурнай спадчыне беларускага мястэчка. Соцыуму аўтар справядліва аддае цэнтральнае месца, паміж эканамічным развіццём і месцам мястэчак на культурным ландшафце Беларусі. Бо стракаты этнаканфесійны склад насельніцтва мястэчак стагоддзямі ствараў гэтую эканамічную і культурную разнастайнасць, быў яе носьбітам і спадчыннікам. Вартая ўвагі выснова аўтара аб „мазаічнасці” мястэчак, што не дае магчымасці стварыць “абагульнены партрэт” местачковага жыхара (244). Аднак абсалютна справядліва падкрэслена наяўнасць агульнай рысы — дынамізму, які працінаў усё местачковае жыццё. Сапраўды, іх жыхарам даводзілася больш актыўна рэагаваць на выклікі часу, якія маглі паўставаць як унутры мястэчак, так і прыходзіць звонку — з царскімі ўказамі, войнамі, зменай эканамічнай кан’юнктуры альбо рэлігійнымі пераменамі.

Хоць мястэчкі вядомыя яшчэ з часоў Сярэднявечча, але і ў Вялікім Княстве Літоўскім, і ў Рэчы Паспалітай, і ў Расійскай імперыі, ды і ў Савецкай Беларусі ім выпала гістарычная роля, так бы мовіць, неафіцыйных населеных пунктаў. У іх існаванні не сумняваліся, але выразнага юрыдычнага азначэння ці дакладна прапісаных адміністрацыйных правоў у мястэчак не было. Адсюль і разнабой у статыстыцы мястэчак. У Расійскай імперыі ў катэгорыю гарадоў ім трапіць было вельмі складана, толькі пры стварэнні новага ўезда, а вось выпасці з местачковай статыстыкі ці, наадварот, патрапіць у яе, можна было на падставе вельмі цьмянага ўяўлення тагачасных рахункаводаў. Такія статыстычныя хібы, безумоўна, стваралі дадатковыя цяжкасці для аўтара.

Складаны, сінтэтычны свет беларускага мястэчка кепска паддаваўся заканадаўчаму афармленню. Заканадаўчаму азначэнню іх статусу царызм відавочна не даў рады. Як, зрэшты, і яго папярэднікі. Так і жылі мястэчкі паводле паўгарадскіх-паўвясковых законаў. Гэткім жа было іх эканамічнае, сацыяльнае і культурнае жыццё. Кожнаму з гэтых сюжэтаў прысвечаны асобны раздзел манаграфіі. І тут асноўнай базай з’яўляецца багаты матэрыял з беларускіх, польскіх, літоўскіх, расійскіх і ізраільскіх архіваў і бібліятэк. Частка гэтага матэрыялу стала асновай дадаткаў (41 табліца і 37 малюнкаў).

Верагодна, тэхнічнай памылкай выкліканы паўтор табліцы 10 (яна ж 12). Вядома, такое выданне не магло абысціся без геаграфічнага паказальніка. Іменны таксама быў бы дарэчы, але магчымасць хаця б вызначыць гістарычны персанал паводле месца прапіскі збольшага кампенсуе гэты недахоп.

Асобны сюжэт — яўрэйскае „аблічча” беларускіх мястэчак. Зусім не выпадкова аўтару даводзіцца звяртацца да яго практычна ва ўсіх раздзелах сваёй кнігі. Такая ўвага, на нашу думку, прадыктавана не проста спецыфікай местачковага народанасельніцтва. За гэтым стаіць большае. Гэта і выдатная ілюстрацыя значэння, уплыву і гістарычных наступстваў этнаканфесійнай сітуацыі ў цэлым, бо ва ўмовах беларускага мястэчка менавіта яна часта прадвызначала і станавую прыналежнасць, і сацыяльную дыферэнцыяцыю яго жыхароў.

Ведаю з уласнага досведу, як, зрэшты, і з прац калег, наколькі складаным бывае для гісторыкаў асваенне гістарычна-эканамічных праблем. Ім прысвечаны трэці раздзел рэцэнзаванай кнігі. Становішча пагаршаецца і праз даволі фрагментарны статыстычны матэрыял канца XVIII — першай паловы XIX ст. Вядома, хацелася б, каб аўтарскі тэзіс аб большай таварнасці і рынкавасці мястэчак у параўнанні з вёскамі і сёламі быў пацверджаны з матэматычнай дакладнасцю вычарпальным статыстычным матэрыялам. Але калі такога матэрыялу няма, то гэта зусім не значыць, што тэзіс памылковы альбо не даказаны і завісае ў паветры. Тут варта было адысці ад чыста гістарычнага падыходу і весці развагі як эканамісту-рыначніку. Таварнасць, рынкавасць вызначаецца не наяўнасцю прадукцыі, а попытам на яе. У лесе шмат дрэваў, але таварам яны робяцца тады, калі іх купляць. Сяляне, несумненна, агулам выраблялі больш сельскагаспадарчай прадукцыі, чым местачкоўцы. Але таварам гэтая прадукцыя рабілася толькі ў мястэчку ці горадзе — там, дзе яна прадавалася. Там, дзе быў не толькі прадавец, але і пакупнік-спажывец, там, дзе эканамічны ланцужок мог замкнуцца.

Не будзем забывацца і на тое, што селянін селяніну практычна амаль нічога не мог прадаць, а вось местачкоўца з местачкоўцам, у сувязі з розніцай іх прафесійных заняткаў, цалкам маглі звязваць рынкавыя адносіны. Яны ў дачыненні адзін да аднаго маглі быць (і, несумненна, былі) і прадаўцамі, і пакупнікамі. А гэта таксама ўзмацняла рынкавы патэнцыял мястэчка ў параўнанні з вёскай, ставіла мястэчка ўпоравень з горадам.

У працы яскрава паказана, што аблічча кожнага мястэчка вызначалася камбінацыяй самых розных фактараў — ад геаграфічных і эканамічных да этнаканфесійных і культурна-асветніцкіх. Пра культурны ландшафт Беларусі таго часу нямала разважалі і папярэднікі аўтара, але толькі ёй ўдалося арганічна звязаць свет асветы, культуры і мастацтва з чароўным светам беларускага мястэчка.

Насуперак чаканням, няма параграфа аб мястэчках як цэнтрах рэлігійнага жыцця. Бо такія прыклады былі. Найбольш яскравыя — Жыровічы і Бяроза-Картузская, Мір і Валожын. Аднак такая роля — толькі адна нота, а не лейтматыў ў жыцці асобных мястэчак. У кнізе пра яе гаворыцца як пра складнік этнаканфесійнай і культурнай ролі мястэчак.

Кніга насычана цытатамі. Добра гэта ці кепска? Перад гісторыкам часта паўстае праблема: як быць з іх выкарыстаннем, ці не засмечваюць яны тэкст, ці не перашкаджаюць зразумець і ацаніць аўтарскую думку? Асабіста я не хацеў бы ў гэтым пытанні быць надта катэгарычным, вінаваціць аўтара ў залішнім цытаванні. Цытаты падбіраюцца аўтарам, і, значыць, гэта таксама „аўтарскі голас”. Асабліва там, дзе ў якасці доказнай базы мы выкарыстоўваем сведчанні відавочцаў. І паколькі адносна першай паловы ХIX ст. мы, гісторыкі, не надта распешчаны галасамі яе сучаснікаў (у мемуарнай ды іншай літаратуры,удакументах,утым ліку і статыстычных), то акурат варта было дазволіць ім прамаўляць на поўны голас.

Я высока ацэньваю заключэнне як самую моцную частку тэксту. Звычайна да фінішу ў аўтараў назіраецца пэўная акадэмічная стомленасць (усё ўжо сказана, чаго ж паўтарацца), аднак у гэтым выпадку ў заключэнні не толькі падсумоўваюцца вынікі, але і акрэсліваюцца перспектывы новай даследчай працы. Пры гэтым я не быў бы такі катэгарычны ў развагах пра крызіс мястэчак у другой палове XIX-ХХ ст. (348). Так, паміралі старыя мястэчкі, адміралі іх пэўныя функцыі і рысы. Але паўставалі новыя. І, галоўнае, захоўвалася гістарычная тэндэнцыя наяўнасці напалову гарадоў, — напалову вёсак. Чыгуначныя станцыі і раз’езды, якія прайшлі эвалюцыю ад мястэчка да горада, пасёлкі гарадскога тыпу, гэтак званыя аграгарадкі — найлепшая ілюстрацыя гістарычнай трансфармацыі местачковага брэнда.

На нашу думку, XIX стагоддзе — гэта класіка мястэчак. Але ў мястэчак быўяшчэ і свой сярэднявечны „досвітак” і праця глы „захад” у ХХ ст. І гэтыя старт ды фініш таксама чакаюць свайго даследчыка. Таму адзінае зычэнне аўтару: можа, варта было ў заключэнні паказаць, што гэты перыяд — толькі сэрцавіна няпростай гісторыі беларускага мястэчка. На фоне абуджэння цікавасці да „класікі” мястэчак да іх дзяцінства і старэння таксама непазбежна давядзецца звярнуцца. Сёння ў беларускай урбаністыцы, у гістарыяграфіі беларускіх мястэчак ёсць устойлівы арыенцір — манаграфія Іны Соркінай, той компас, на які будуць арыентавацца будучыя даследчыкі і, вядома, сам аўтар.

Мінск

Андрэй Кіштымаў


[1] Брэгер Г. Хацюхова: Гісторыя невялікага паселішча. Мінск, 2001. 212 с.; Смиловицкий Л. Евреи в Турове: История еврейского местечка Мозырского Полесья. Иерусалим, 2008.848 с.

Brakel, Alexander. Unter Rotem Stern und Hakenkreuz: Baranowicze 1939 bis 1944. (Сяргей Новікаў)

Снежня 5, 2009 |

BRAKEL, ALEXANDER. Unter Rotem Stern und Hakenkreuz: Baranowicze 1939 bis 1944. Das westliche Weißrussland unter sowjetischer und deutscher Besatzung. Ferdinand Schöningh: Paderborn — München — Wien — Zürich, 2009. — 426 S.

Манаграфія маладога нямецкага даследчыка Аляксандра Бракеля па рэгіянальнай гісторыі Беларусі перыяду Другой сусветнай вайны выдадзена на падставе доктарскай дысертацыі, паспяхова абароненай трыма гадамі раней ва ўніверсітэце імя Ёгана Гутэнберга ў г. Майнцы (Нямеччына).

Даследаванне прысвечана малавядомым аспектам гісторыі Заходняй Беларусі — усходніх ускраін (крэсаў) былой II Рэчы Паспалітай і новаўтворанай Баранавіцкай вобласці, дзе з 1939 да 1944 г. вызначальнымі былі падзеі савецкай анексіі, нямецкай акупацыі і пасляваеннай саветызацыі.

Аўтар манаграфіі слушна зазначае, што на працягу двух перадваенных гадоў і трох гадоў нямецкай акупацыі мясцовае насельніцтва адной з беларускіх тэрытарыяльных адзінак (Баранавіцкая вобласць і акруга Баранавічы) знаходзілася ў фокусе антаганістычных светапоглядаў дзвюх сістэм і перажыло цяжкія наступствы панавання дзвюх улад. Даследчык вылучае мясцовае насельніцтва ў якасці галоўнага прадмета вывучэння цягам пяці гадоў, не пакідаючы па-за рамкамі сваёй грунтоўнай працы шэраг пытанняў, якія да гэтага часу спецыяльна не разглядаліся не толькі ў нямецкай, але і ў беларускай гістарыяграфіі.

Манаграфія з’явілася вынікам шматгадовага плённага навуковага пошуку, прамежкавыя звесткі пра які айчыннаму чытачу былі вядомы з публікацый нямецкага аўтара ў беларускім друку. Зазначым, што дакументальная база для даследавання выяўлена ў 84 фондах архіваў у Баранавічах, Берліне, Брэсце, Варшаве, Людвігсбургу, Мінску і Фрайбургу.

Работа складаецца з уводзінаў, 5 частак (некаторыя з іх падзелены на раздзелы і больш дробныя падраздзелы), заключэння ў форме прадстаўлення вынікаў даследавання. Завяршаюць працу скарачэнні, спіс крыніц і літаратуры, імянны спіс.

Ва „Уводнай частцы” (1-14) аўтар праводзіць агляд даследаванняў, якія прама ці ўскосна закраналі асобныя аспекты гісторыі Заходняй Беларусі ў савецкія часы і ў часы нямецкай акупацыі, і характарызуе дакументальныя крыніцы. У значнай ступені абгрунтаваным можна лічыць зварот аўтара да прац польскіх гісторыкў Ю. Туронка і Б. Мусяла, нямецкіх даследчыкаў Х. Герлаха, Б. К’яры, П. Коля, амерыканскага гісторыка М. Дзіна, а таксама беларускіх навукоўцаў — С. Барадзіна, І. Яленскай, А. Кавалені, М. Літвіна, Я. Разенблата, І. Сервачынскага. З іх разгляду вынікае, што ў сучаснай гістарыяграфіі нямецкі даследчык упершыню праводзіць параўнальны аналіз гістарычных падзей у перадваенны і ваенны час на тэрыторыі адной Баранавіцкай вобласці.

У другой частцы „Крэсы ўсходнія ў ІІ Рэчы Паспалітай” (15-27) аўтар выяўляе прыкметы нацыянальнага характару мясцовага насельніцтва, паказвае яго моўныя і канфесійныя адметнасці. Аўтар абгрунтоўвае тэзу аб тым, што ў пачатку 1930-х г. у Наваградскім ваяводстве гэтыя дзве катэгорыі прыкмет не былі пастаяннымі і вагаліся: 550 тыс. чалавек лічылі сваёй мовай польскую, але толькі 420 тыс. спавядалі рымска-каталіцую рэлігію; 413 тыс. размаўлялі па-беларуску, але 542 тыс. мясцовага насельніцтва былі праваслаўнымі вернікамі. У мясцовых яўрэяў такіх адрозненняў не назіралася. У польскія часы ў крэсах у выніку правядзення пэўнай дыскрымінацыйнай палітыкі ў дачыненні да беларускай меншасці польскія ўлады садзейнічалі „абвастрэнню грамадскага клімату” (24).

Трэцяя частка даследавання „Баранавічы ў гады Другой сусветнай вайны” (29-33) змяшчае кароткі агляд галоўных падзей на тэрыторыі Баранавіч і вобласці ў пачатку вайны. 3 верасня 1939 г. тут пачалі адбывацца падзеі, якія пакінулі істотны след у гісторыі насельніцтва Баранавіцкай вобласці, у склад якой у студзені 1940 г. былі канчаткова ўключаны 27 беларускіхраёнаў. З момантуяеўваходжанняўсклад БССР пачалася „маштабная саветызацыя” былых „усходніх крэсаў”. У чэрвені 1941 г. Баранавіцкая вобласць трапіла ў цэнтр вайны светапоглядаў. Тэрыторыя Баранавіцкай вобласці, на якой у верасні 1941 г. быў створаны акруговы камісарыят Баранавічы, уключала Наваградак, Клецк, Ляхавічы, Мір, Нясвіж, Новую Мыш, Стоўбцы і г. Баранавічы.

Разам з усталяваннем улады вобласць апынулася ў сферы значнай трансфармацыі, звязанай, па-першае, з вынішчэннем яўрэяў на тэрыторыі захопленых „усходніх крэсаў”; па-другое, з пачаткам разгортвання партызанскага руху; па-трэцяе, у сувязі з ростам уплыву барацьбы польскага супраціўлення Арміі Краёвай. У тых умовах немцы праводзілі сваю палітыку ўсімі наяўнымі сродкамі і з усёй жорсткасцю (32). Але гвалт і жорсткасць былі толькі адной часткай нямецкай акупацыйнай палітыкі. Акупанты спрабавалі таксама рознымі спосабамі ўключыць мясцовае насельніцтва ў сістэму новых адносін. Такое становішча цягнулася да 8 ліпеня 1944 г., калі Баранавічы былі вызвалены ад нямецкіх захопнікаў і пачаўся этап рэсаветызацыі вобласці.

Чацвёртая частка „Нацыянальная палітыка і нацыянальныя канфлікты” (35-145) уключае два раздзелы, тут заслугай А. Бракеля з’яўляецца спроба высвятлення адносін паміж палякамі, яўрэямі і беларусамі ў час савецкага і нямецкага панавання і выяўлення галоўных прычын тых канфліктаў. У першым раздзеле размова ідзе пра нацыянальную палітыку савецкай улады з 1939 да 1941 г. З усталяваннем савецкай улады былі распачаты акты гвалту ў дачыненні да асобнай часткі грамадства, у першую чаргу „старой польскай эліты” (43), якая разглядалася ў якасці „класавых ворагаў” (45). Агульная колькасць высланых з тэрыторыі Баранавіцкай вобласці восенню 1939 г. складала 16 693 чал. У пачатку 1940 г. адбыліся новыя хвалі дэпартацыі. У працэнтных адносінах 63,5% ад усіх дэпартаваных на ўсход складалі палякі, 22,2 — яўрэі, 7,9 — украінцы і толькі 6,3% — этнічныя беларусы. Аўтар прыходзіць да высновы, што ў ходзе дэпартацый адбывалася шчыльнае перапляценне розных катэгорый дэпартаваных па палітычных, сацыяльных і этнічных прыкметах, але датычылася гэта галоўным чынам палякаў, а не яўрэяў і беларусаў.

Для абгрунтавання сваіх дзеянняў савецкая ўлада актыўна праводзіла прапагандысцкую і кадравую палітыку, ухваляючы вызваленне рабочых і сялян ад „панскай” капіталістычнай эксплуатацыі (58). У кадравай палітыцы савецкая ўлада прытрымлівалася прынцыпу прыцягнення на новыя пасады выхадцаў з усходняй Беларусі — усходнікаў (69). Асаблівая ўвага аддавалася школьнай і адукацыйнай палітыцы. Бальшавікі пры гэтым, з аднаго боку, зыходзілі з агульнага доступу ўсіх сацыяльных слаёў да адукацыі, а з другога — хацелі праз школьную палітыку ўплываць на культуру карэннага насельніцтва, якое асабліва цярпела ў польскія часы.

Цікавым падаецца нам матэрыял, у якім А. Бракель даследуе пытанне аб супрацоўніцтве яўрэяў з органамі савецкай улады. Да канца 1940 г. у Баранавіцкую вобласць было накіравана 8606 „усходнікаў”, з якіх чатыры тысячы былі беларусамі, наступныя тры тысячы — рускімі, і толькі 875 яўрэямі (89). У гэтым аспекце гісторык прыходзіць да абгрунтаванай высновы, што разгляд яўрэяў як „савецкіх калабарантаў” — не больш чым стэрэатып (90).

Адказваючы на пытанне пра адносіны паміж нацыянальнымі групамі ў гады панавання савецкай улады, даследчык зыходзіць з тэзы аб магчымасці існавання пэўнага канфлікту ў сувязі з падзелам грамадства на пераможцаў і пераможаных, прыхільнікаў і праціўнікаў новага парадку. Лінія падзелу пры гэтым праходзіла ў значнай ступені з улікам сацыяльных крытэрыяў. Пагаршэнне жыццёвых умоў для розных катэгорый насельніцтва даволі хутка прывяло да сітуацыі, калі першапачатковае захапленне савецкай уладай пачало зніжацца як сярод часткі беларускага, так і яўрэйскага насельніцтва (94).

У другім раздзеле паказана нацыянальная палітыка нямецкіх акупантаў з 1941 да 1944 г. Пры гэтым аўтар зыходзіць з тэзы, што нацыянальнае пытанне нямецкія нацыянал-сацыялісты разглядалі не так, як бальшавікі. Калі для апошніх гэтае пытанне разумелася скрозь прызму імкнення да роўнасці ўсіх народаў, дык ідэолагі нацыянал-сацыялізму вызначалі ролю кожнага народа ў адпаведнасці з расавай тэорыяй. Аўтар паказвае трагічную гісторыю яўрэяў акругі Баранавічы, дзе агульная колькасць знішчаных яўрэяў складала 32-43 тыс., у тым ліку ад 8500 да 14 000 чалавек у саміх Баранавічах (106). Шукаючы адказ на пытанне аб стаўленні мясцовага насельніцтва да праяваў Халакосту, аўтар прыходзіць да высновы, што даволі складана даць адзіную абагульняльную ацэнку пазіцыі і адносінам неяўрэйскага насельніцтва да лёсу яўрэяў. У час нямецкай акупацыі антысемітызм не стаў для мясцовага насельніцтва тым фактарам, які паскорыў бы „працэс вынішчэння яўрэяў” (119).

Як паказвае прыклад акругі Баранавічы, у немцаў фактычна не існавала адзінай пазіцыі адносна палякаў і беларусаў, хаця ў пачатку 1942 г. практычна ўсе вядучыя функцыі на ўзроўні мясцовага кіравання замест палякаў выконвалі беларусы. У гэтым аспекце даволі важны вывад аўтара, які сведчыць пра фактычную адсутнасць „вялікіх нацыянальных канфліктаў”. Тыя канфлікты, якія ўсе ж такі адбываліся паміж палякамі і беларусамі, мелі сацыяльнае ці рэлігійнае паходжанне. Адным з адказаў на такі стан была нямецкая палітыка, „у тысячу разоў горшая” за савецкую ўладу (145).

Надзвычай цікавая пятая частка працы „Формы супрацоўніцтва з уладамі” (161-244). Сутнасць такога супрацоўніцтва раскрываецца на розных фактах добраахвотнай кааперацыі з савецкай уладай у 1939-1941 г. і кааперацыі з нямецкай уладай у гады акупацыі ў 1941-1944 г. Гісторык лічыць, што і савецкая, і нямецкая ўлады кіраваліся адзіным правілам — пошукам падтрымкі сярод мясцовага насельніцтва. Пры гэтым аўтар свядома не выкарыстоўвае тэрмін калабарацыя, уводзячы замест гэтага такія дэфініцыі, як супрацоўніцтва і кааперацыя.

Разглядаючы формы супрацоўніцтва з савецкай уладай, аўтар падзяляе гэтую сферу на некалькі палёў, дзе магла адбывацца сумесная работа мясцовага насельніцтва з новай уладай. У выніку атрымлівалася шырокая панарама розных відаў кааперацыі ў палітычнай, адміністрацыйнай і гаспадарчай сферах жыцця былых крэсаў усходніх. На думку аўтара, усталяванне нямецкай акупацыйнай улады з’явілася для значнай часткі насельніцтва той вяхой, якая сведчыла пра спыненне прымусовага прыцягнення сялян у калгасы, ганенняў вернікаў, забароны рэлігіі і дзейнасці цэрквы. Але ў хуткім часе мясцовае насельніцтва было вымушана пайсці на прымусовую кааперацыю і з нямецкай уладай. Аўтару не ўдалося вызначыць тых фактараў, якія прывялі да добраахвотнага супрацоўніцтва і кааперацыі, з прычыны недахопу дакументальных крыніц (193). Аўтар не абыходзіць увагай і даволі складанае пытанне ў сферы супрацоўніцтва — удзел у злачынствах тых мясцовых жыхароў, хто пайшоў служыць у дапаможную паліцыю. Агульная колькасць мясцовых паліцаяў у акрузе Баранавічы за гады нямецкай акупацыі складала 2263 чал. (195), якія мелі непасрэднае дачыненне да многіх злачынстваў нямецкіх акупантаў на тэрыторыі акругі Баранавічы.

Важным у гэтай частцы падаецца нам тое, што аўтар спрабуе высветліць галоўныя прычыны ўзброенага супрацоўніцтва мясцовага насельніцтва з немцамі. Сярод тых, хто ішоў на службу да немцаў, былі такія, хто кіраваўся палітычнымі матывамі ўступлення ў дапаможную паліцыю. На думку аўтара, існавалі дзве процілеглыя групы. Першая ўключала ў сябе беларускіх нацыяналістаў, якія праз службу на немцаў бачылі магчымасць весці таксама барацьбу ca сваімі ідэйнымі праціўнікамі. Менавіта ва ўзброеных паліцэйскіх фармаваннях ім бачыўся першы крок да стварэння ўласнага беларускага войска (203). Другую групу складалі палякі, якія супрацоўнічалі з акупантамі па нацыянальных перакананнях, у першую чаргу з мэтай вяртання „ўсходніх крэсаў”, страчаных у 1939 г. Таму дзеля атрымання зброі палякі ўступалі адначасова і ў нямецкую паліцыю, і ў польскую Армію Краёвую.

З узмацненнем актыўнасці партызан з сярэдзіны 1942 г. значна ўзраслі шэрагі паліцэйскіх фармаванняў. Аўтар выяўляе важную тэндэнцыю: у параўнанні з першым годам нямецкай акупацыі практычна зніклі добраахвотнікі, таму немцам даводзілася звяртацца да мераў прымусовага рэкрутавання (205).

Адносіны беларускіх нацыяналістаў з акупантамі аўтар раскрывае на прыкладах супрацоўніцтва нямецкай акупацыйнай улады і такіх утварэнняў, як Беларуская нацыянальная самапомач (206-210), Беларуская самаахова (210-212), Саюз беларускай моладзі (214-219), Беларуская цэнтральная рада (219-220), Беларуская краёвая абарона (220-224). Пры гэтым аўтар прыводзіць дакладныя звесткі пра ўдзел у гэтых утварэннях жыхароў Баранавіцкай акругі. Цікавым нам падаецца і факт дыскусіі ў дачыненні да агульнай колькасці беларускай моладзі, якая ўваходзіла ў склад СБМ. На думку А. Бракеля, на тэрыторыі акругі Баранавічы агульная колькасць удзельнікаў гэтага саюзу не перавышала трох тысяч чалавек (215).

Разглядаючы факты добраахвотнай кааперацыі і супрацоўніцтва ў сферы гаспадаркі, аўтар перакананы, што пад нямецкай акупацыяй колькасць тых, хто вымушаны быў пайсці на „прымусовае супрацоўніцтва”, значна перавышае лічбу мясцовых грамадзян, хто нёс службу ў паліцыі аховы ці быў уключаны ў сферу мясцовага кіравання. Асновай для рэкрутавання на акупаванай тэрыторыі служыла распараджэнне А. Розенберга аб увядзенні абавязковай працоўнай павіннасці для жыхароў Рэйхскамісарыята Остланд ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў, тады як для яўрэяў гэтыя рамкі былі пашыраны з 15 да 60 гадоў. Тут неабходна звярнуць увагу чытача на недакладнасць, дапушчаную аўтарам у дачыненні да даты выдачы распараджэння: гэта было не 5 верасня 1941 г. (225), а на месяц раней[1].

Аўтар паказвае агульную карціну прыцягнення мясцовага насельніцтва да прымусовай працы. Калі немцам удалося дэпартаваць у райх з акругі ўвогуле каля 17 тыс. чалавек, што складала 14% ад вывезеных на прымусовыя работы з тэрыторыі генеральнай акругі Беларусь, дык да канца 1943 г. на тэрыторыі акругі Баранавічы было зарэгістравана 134 тыс. чал. мясцовай рабочай сілы, з якой 95 тыс. былі заняты ў сельскай гаспадарцы (237). На заканчэнне А. Бракель прыходзіць да высновы, што нават пры ўмове наяўнасці фактаў добраахвотнага супрацоўніцтва часткі насельніцтва з савецкай і нямецкай уладамі імкненні немцаў да прымусовага і гвалтоўнага выкарыстання мясцовага насельніцтва былі непараўнальна большымі, чым у Саветаў (244).

Шостую частку даследавання аўтар прысвячае розным праявам незадаволенасці і супраціву мясцовага насельніцтва, якія мелі месца ў Баранавіцкай вобласці ў гады савецкай улады і ў час нямецкай акупацыі (245-380). Аналізуючы асобныя факты непрыняцця савецкай улады і арганізаванага супраціўлення ёй пасля ўключэння „ўсходніх крэсаў” у склад Савецкай Беларусі, а таксама параўноўваючы ix з маштабамі ўзброенага супраціву на беларускай зямлі нямецкім акупантам, гісторык прыходзіць да высновы, што толькі ў гады нямецкай акупацыі ўзброенае супраціўленне набыло адметныя маштабы (246).

Паказваючы прычыны незадавальнення савецкай палітыкай у галіне сельскай гаспадаркі, А. Бракель аналізуе ход савецкіх пераўтварэнняў на вёсцы, дзе пасля верасня 1939 г. пачала шырока праводзіцца сацыялістычная калектывізацыя шляхам стварэння калгасаў і саўгасаў. Аўтар пры гэтым зазначае, што некаторыя беларускія даследчыкі, не прыводзячы дакладных фактаў, сцвярджаюць, што большасць батракоў і беднае сялянства выступалі выключна за стварэнне калгасаў. Аднак аўтар перакананы ў тым, што гэты працэс у Баранавіцкай вобласці ішоў вельмі марудна. Вобласць хоць і была лідарам па правядзенні калектывізацыі на тэрыторыі Заходняй Беларусі, аднак на 1 чэрвеня 1941 г. у калгасы і саўгасы ўвайшлі толькі 6,5% ад усіх сялянскіх двароў (261). Асаблівае непрыняцце выклікала ў насельніцтва стварэнне калгасаў.

Рашучае непрыняцце мясцовым насельніцтвам нямецкай палітыкі пасля захопу тэрыторыі Баранавіцкай вобласці выявілася ў арганізацыі савецкага партызанскага руху, які быў вызначальнай прыкметай не толькі барацьбы, але і захавання савецкага ўплыву на заходняй тэрыторыі. На думку аўтара, сімвалічным знакам перыяду нямецкай акупацыі Баранавіцкай вобласці стала партызанская вайна. Паводле нямецкіх дакументаў, актыўная дзейнасць партызан на гэтай тэрыторыі стала фактам толькі з вясны 1942 г. (286). А. Бракель лічыць, што да ліку важных адметнасцяў партызанскай барацьбы на тэрыторыі акругі адносіцца стварэнне першага яўрэйскага атрада пад кіраўніцтвам братоў Бельскіх. Апрача таго, нямецкі аўтар не пагаджаецца з думкай, якая пануе ў беларускай гістарыяграфіі, быццам летам 1942 г. існаваў„маналітны, скаардынаваны і баяздольны рух супраціўлення” (288).

Разглядаючы развіццё партызанскага руху з восені 1942 да пачатку 1943 г., нямецкі аўтар прыходзіць ад важнай высновы: за той час не толькі павялічылася колькасць партызан, узмацнілася іх баяздольнасць, але і пазначыўся важны элемент у савецкім партызанскім руху — падпарадкаванне суцэльнай веры ідэям камуністычнай партыі. Той час быў адметны таксама тым, што на тэрыторыі Баранавіцкай акругі ўзнікла альтэрнатыўная група барацьбітоў — польскае ўзброенае падполле Арміі Краёвай (312). Хаця і савецкі партызанскі рух, і польскае ўзброенае падполле бачылі сваім галоўным ворагам нямецкіх акупантаў, аднак мэты ў іх былі рознымі ў дачыненні да палітычнага і тэрытарыяльнага лёсу Заходняй Беларусі ў пасляваенны час: для ўдзельнікаў польскага супраціву „крэсы” павінны былі заставацца польскімі, савецкі бок бачыў тут толькі камуністычную перспектыву (315). Да канца 1943 г. разам з узрастаннем уплыву савецкага партызанскага руху відавочным фактам станавілася і ўзмацненне напружанасці з фармаваннямі Арміі Краёвай.

У далейшым гэта вылілася ў зацятую ўзброеную барацьбу паміж падраздзяленнямі Арміі Краёвай і фармаваннямі савецкіх партызан. Узброеная напружанасць паміж імі захоўвалася практычна да канца нямецкай акупацыі Баранавіцкай вобласці. На думку аўтара, на тэрыторыі акругі Наваградак падпольныя часці Арміі Краёвай заставаліся моцным і баяздольным узброеным кулаком польскага падполля (331).

Значэнне партызанскай вайны А. Бракель спрабуе высветліць на аснове дакументальных фактаў, выяўленых ім у розных архівах і правераных у гістарыяграфічных крыніцах. Паводле дакументаў і найноўшых нямецкіх даследаванняў, не вытрымлівае крытыкі сцвярджэнне савецкай гістарыяграфіі аб тым, што менавіта партызанскі рух вымагаў размяшчэння ў тыле значных вайсковых сілаў немцаў. Па сучасных падліках гэтая лічба не пераўзыходзіла 3,8% ад нямецкіх салдат. Аспрэчвае аўтар і лічбу ад колькасці немцаў, забітых партызанамі ў нямецкай тылавой зоне. На думку А. Бракеля, на працягу вайны савецкія партызаны і падпольшчыкі забілі менш нямецкіх салдат, чым іх гінула цягам аднаго месяца на ўсходнім фронце (каля 60 тыс. чал.). Хаця на прыкладзе Баранавіцкай вобласці, як падкрэслівае аўтар, неабходна весці размову пра адзін з мацнейшых цэнтраў савецкіх партызан на тэрыторыі Беларусі (341).

Пэўная ўвага ў манаграфіі аддадзена малавывучаным пытанням, звязаным у тым ліку з наступствамі партызанскага руху для мясцовага мірнага насельніцтва. Даследчык імкнецца выявіць тыя стратэгіі паводзінаў, якія ва ўмовах фактычнага знаходжання мірнага насельніцтва паміж сіламі савецкага ўзброенага супраціўлення, байцамі падраздзяленняў Арміі Краёвай і службамі нямецкага акупацыйнага рэжыму садзейнічалі выжыванню мірнага насельніцтва ва ўмовах ваеннай паўсядзённасці на тэрыторыі Баранавіцкай вобласці.

Заключная частка „Жыццё ва ўмовах панавання двух рэжымаў” (381-387) знаёміць чытача з высновамі, да якіх прыйшоў у даследаванні А. Бракель. Насельніцтва Заходняй Беларусі перажыло Другую сусветную вайну як наступствы панавання двух рэжымаў — спачатку савецкага, потым нямецкага. Большасць жыхароў не адчула сябе звязанымі ні з савецкай, ні з польскай дзяржавамі. Савецкая палітыка насіла рысы „маналітнасці”, паколькі мясцовыя ўлады выконвалі ўказанні Мінска і Масквы, тады як нацысцкая палітыка выконвалася рознымі арганізацыямі (Вермахтам, цывільнай уладай, службамі СС). Аднак галоўныя адрозненні аўтар бачыць ва ўмовах, у якіх дзейнічалі савецкія і нямецкія органы ўлады: немцы праводзілі сваю палітыку ва ўмовах працяглай, жорсткай і стратнай вайны, а савецкая ўлада дзейнічала пры мірных абставінах. У час нямецкай акупацыі мясцовае насельніцтва знаходзілася ва ўмовах напружанага трохкутніка: нямецкай акупацыйнай улады і дзвюх антаганістычных падпольных груп — савецкага партызанскага руху і польскага ўзброенага супраціўлення. Увогуле такая ваенная штодзённасць садзейнічала расколу грамадства. Пры гэтым аўтар аспрэчвае думку вядомага нямецкага гісторыка Б. К’яры аб „суцэльнай атамізацыі ваеннага грамадства” (387). Пасля трохгадовай нямецкай акупацыі для большасці стала відавочным, што практычна кожны быў гатовы заплаціць любую цану, каб да людзей зноў вярнулася мірнае жыццё.

Такім чынам, даследчыку ўдалося ў абсалютнай большасці паспяхова рэалізаваць пастаўленыя задачы і прапанаваць нямецкамоўнаму чытачу даволі поўную карціну штодзённага жыцця беларускага насельніцтва Баранавіцкай вобласці ў 1939-1944 г. Несумненная заслуга А. Бракеля палягае ў працягу навуковага пачыну, закладзенага ў другой палове 1990-х г. Б. К’яры па даследаванні гісторыі „ваеннай штодзённасці” Беларусі. Важнай адметнасцю працы з’яўляецца выяўленне сутнасці бальшавіцкай і нацысцкай палітыкі, паказанай аўтарам на прыкладзе рэгіянальнай гісторыі Беларусі і падмацаванай вялікім колам новых дакументальных крыніц. Унікальнай адметнасцю навуковага даследавання можна лічыць удалую спробу правядзення параўнальнага аналізу наступстваў той палітыкі, якую праводзілі розныя дзяржавы для жыцця беларускіх грамадзян ва ўмовах мірнай і ваеннай штодзённасці. У працы абгрунтаваны тэзіс аб важнасці выяўлення спецыфікі існавання беларускага грамадства ва ўмовах панавання розных палітычных рэжымаў. Грунтоўная манаграфія А. Бракеля, несумненна, павінна паслужыць імпульсам для далейшага вывучэння рэгіянальнай гісторыі Беларусі ў гады нямецкай акупацыі. Адной з актуальных задач для сучаснай беларускай навукі з’яўляецца яе пераклад на беларускую мову.

Мінск

Сяргей Новікаў


[2] Дзяржаўны гістарычны архіў Латвіі (далей LVVA). P-70. Apr. 5. Lieta 7. L. 20 op.: Verordnung über die Einführung der Arbeitspflicht in den besetzten Ostgebieten, vom 5. August 1941.

East and West. History and Contemporary State of Eastern Studies. Ed. J. Malicki, L. Zasztowt (Александр Ціхаміраў)

Снежня 4, 2009 |

East and West. History and Contemporary State of Eastern Studies. Edited by JAN MALICKI and LESZEK ZASZTOWT. Conference Centre for East European Studies. University of Warsaw, October 26-28, 2008. — Warsaw, 2009. — 335 p.

Распад „сацыялістычнай садружнасці”, а потым і СССР на сумежжы 1980-х і 1990-х г. паклаў пачатак працэсу маштабных трансфармацый ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне. Былая сістэма міждзяржаўных адносінаў разбурылася ўшчэнт. Пераважная большасць дзяржаў, што пасля Другой сусветнай вайны знаходзіліся ў сферы ўплыву СССР, стала рухацца ў бок Еўрапейскага Саюза і НАТА пад лозунгамі „вяртання ў Еўропу”. З 1991 г. гэты ж напрамак стаў прыярытэтным для Літвы, Латвіі і Эстоніі, якія аддзяліліся ад Савецкага Саюза. Расія пасля некаторага вагання аддала перавагу ідэі аднаўлення статусу „вялікай дзяржавы”. Што датычыць Беларусі, Украіны і Малдовы, то яны не змаглі выразна вызначыцца са сваімі прыярытэтамі і дагэтуль знаходзяцца ў пошуках аптымальнай мадэлі палітычнага развіцця і пазіцыянавання на міжнароднай арэне.

Пытанні самаідэнтыфікацыі дзяржаў і народаў Усходняй Еўропы, рэалізацыі ідэйных канструкцый у практычнай палітыцы разглядаюцца ў адпаведным зборніку, які стаў вынікам міжнароднай канферэнцыі, што адбылася ў Варшаве ў кастрычніку 2008 г. Актыўную ролю ў правядзенні гэтай канферэнцыі і выданні зборніка адыграў варшаўскі Цэнтр ўсходнееўрапейскіх даследаванняў.

У зборніку прадстаўлены артыкулы аўтараў з розных краін Еўропы (Аўстрыі, Польшчы, Літвы, Вялікабрытаніі, Беларусі, Чэхіі, Нямеччыны, Украіны), Расіі і ЗША. Ён складаецца з чатырох частак. Першая і трэцяя часткі кнігі прысвечаны пытанням гістарыяграфіі. У другой частцы разглядаюцца праблемы ўзаемаадносінаў Расіі з краінамі Ўсходняй Еўропы. Чацвёртая частка змяшчае артыкулы па польскай праблематыцы.

Трэба заўважыць, што аўтарскія артыкулы неаднародныя па сваім змесце. Еўрапейскія і расійскія аўтары імкнуцца да разгляду канкрэтных пытанняў, творы амерыканскіх аўтараў выглядаюць больш паліталагічнымі і публіцыстычнымі па змесце. Але размяшчэнне ўсіх гэтых артыкулаў у адным зборніку апраўданае, бо ўсе аўтары імкнуцца адказаць на пытанне, чаму народы ўсходнееўрапейскага рэгіёна не змаглі дасягнуць ідэйнай і палітычнай гамагеннасці, нягледзячы на тое, што практычна ўсе яны пасля падзення камунізму дэкларавалі прыхільнасць да ідэалаў свабоды, выказвалі павагу да правоў чалавека і палітычнага плюралізму.

Як адзначалася вышэй, вельмі дыскусійнымі выглядаюць творы амерыканскіх аўтараў. У прыватнасці, у артыкуле прафесара Гарвардскага ўніверсітэта Рычарда Пайпса, зробленым на аснове яго публікацыі ў часопісе „Foreign Affairs” (публікацыя адбылася ўвесну 2004 г.), даецца аналіз праблемы палітычнага развіцця Расіі ў кантэксце яе гістарычных традыцый. Даследчык лічыць, што Расія ніколі не была сапраўды свабоднай краінай, таму яе насельніцтва было няздольнае падтрымаць ідэалы свабоды ва ўмовах гарбачоўскай „перабудовы” і ельцынскай адмовы ад камунізму. Страх расіян перад свабодай і звязанай з ёй адказнасцю выкарыстаў Уладзімір Пуцін, які аднавіў асобныя элементы царска-савецкай сістэмы, павялічыўшы ролю дзяржаўнай бюракратыі ў кіраванні краінай (аўтарскі артыкул мае даволі красамоўную назву „Уцёкі ад свабоды”).

Прапанаваная аўтарам схема выглядае трохі спрошчанай. Нягледзячы на тое, што Расія сапраўды ніколі не з’яўлялася эталонам свабоды і дэмакратыі, трэба ўсё ж прызнаць, што ў другой палове ХІХ — пачатку ХХ ст. яна выразна трансфармавалася з абсалютысцкай дзяржавы ў канстытуцыйную манархію з развітымі нормамі публічнага і прыватнага права. Эвалюцыйны працэс перарваўся ва ўмовах Першай сусветнай вайны, што справакавалаглыбокі палітычны крызіс, вынікам якога сталі падзенне манархіі, распад Расійскай імперыі і ўрэшце ўсталяванне бальшавіцкай дыктатуры ў краіне. Але замацаванне ва ўладзе камуністаў суправаджалася няспынным супраціўленнем расійскага грамадства. Па сутнасці гісторыя Савецкай Расіі і СССР у 1917-1952 г. — гэта гісторыя змагання савецка-камуністычнага апарату з народам з прымяненнем метадаў непрыкрытага насілля (тэрору) у дачыненні да нязгодных з камуністычным панаваннем, што зусім не сведчыць аб схільнасці расійскага народа да рабства.

Змякчэнне савецкага палітычнага рэжыму ў другой палове 1950 — пачатку 1980-х г. падрыхтавала глебу для больш маштабных рэформ, якія адбыліся ў другой палове 1980-1990-х г. Аднак дэмакратычныя прынцыпы і стандарты, абвешчаныя ў якасці асновы палітычнай сістэмы СССР і Расійскай Федэрацыі ў гарбачоўска-ельцынскі перыяд, вельмі часта выглядалі як дэкларацыя і адпаведным чынам успрымаліся расійскімі грамадзянамі, нягледзячы на тое, што менавіта выступленні жыхароў Масквы і Санкт-Пецярбурга ў жніўні 1991 г. сарвалі спробу рэстаўрацыі былой партыйна-дзяржаўнай сістэмы ў выглядзе ГКЧП. Рэвалюцыйны энтузіязм пачатку 1990-х г. змяніўся апатыяй і раздражненнем, што ўрэшце паспрыяла прыходу да ўлады Уладзіміра Пуціна і перадвызначыла стыль яго палітычных паводзінаў, які выклікае негатыўную рэакцыю Рычарда Пайпса.

Крызісныя з’явы ў палітычнай і эканамічнай сферах, якія ўзніклі ў 1990-я г. і дагэтуль не пераадолены ў Расіі, сапраўды выклікаюць у расійскім грамадстве рост нацыяналістычных і шавіністычных настрояў, імкненне прытрымлівацца „асаблівага” шляху развіцця дзяржавы, жаданне тлумачыць цяжкасці падкопамі знешніх ворагаў і іх унутрырасійскай „агентуры”. Усё гэта ўскладняе рух расійскай дзяржавы па шляху класічнай дэмакратыі, але дэмакратычны трэнд застаецца прыцягальным для значнай часткі расійскага грамадства.

Як своеасаблівы адказ Пайпсу можна расцаніць артыкул даследчыцы з універсітэта Санта-Клара Джэйн Л. Кары, які прысвечаны „каляровым” рэвалюцыям на постсавецкай прасторы. Прааналізаваўшы адпаведны палітычны феномен, аўтар прыходзіць да высновы, што рэвалюцыі не былі ў поўнай меры народнымі выступленнямі і ажыццяўляліся пры актыўнай падтрымцы звонку. Менавіта гэта, з пункту гледжання Кары, перадвызначыла нетрываласць праведзеных палітычных пераўтварэнняў і цяжкасці пры распаўсюджванні дэмакратычных ідэалаў ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне.

Артыкулы аўтараў з краін Еўропы і Расіі змяшчаюць карысныя звесткі па праблемах фармавання нацыянальнай самасвядомасці літоўцаў, палякаў, беларусаў, украінцаў, чэхаў. Важнай часткай працэсаў фармавання нацыянальнай самасвядомасці было вывучэнне гісторыі і культуры суседніх народаў і дзяржаў. У прыватнасці, на падставе матэрыялаў зборніка можна зрабіць выснову, што чэхі і палякі вельмі цікавіліся праблематыкай Расіі і СССР. Часткова гэта было звязана з пэўнай культурнай блізкасцю славянскіх народаў, часткова выклікалася страхам перад магчымасцю захопу больш моцным усходнім суседам і жаданнем паўплываць на яго развіццё. Імкненне асэнсаваць працэсы, што адбываліся на ўсходзе, спалучалася з захаваннем стэрэатыпаў, якія склаліся на больш ранніх стадыях гістарычнага развіцця (напрыклад, для палякаў такім стэрэатыпам стала „чорная легенда” Сібіры). У асобных выпадках даследчыкі знаходзіліся пад моцным ціскам ідэйна-палітычных фактараў. Асабліва гэты ўплыў адчуваўся ў ХХ ст. ва ўмовах супрацьстаяння розных грамадска-палітычных і сацыяльна-эканамічных сістэм і высокай ступені ідэалагізаванасці грамадства.

Вельмі цікавым у сувязі з вышэйсказаным выглядае артыкул прафесара Венскага ўніверсітэта Андрэаса Капэлера. Аўтар разглядае праблемы вывучэння Расіі нямецкамоўнымі вучонымі на працягу ХХ ст. Артыкул мае назву „Паміж навукай і палітыкай” і ў ім выразна адлюстравана спецыфіка падыходаў нямецкамоўных навукоўцаў да аб’екта іх вывучэння. Паводле Капэлера, даследаванні часта праводзіліся з улікам паноўнай ідэалогіі, якая вызначала іх рамкі і метадалагічныя падыходы. Аўтар артыкула лічыць, што найбольш плённым у вывучэнні гісторыі Расіі і СССР стаў перыяд „халоднай” вайны, калі ў нямецкамоўных краінах (ФРГ, ГДР, Аўстрыі, Швейцарыі) з’явіліся цэлыя навуковыя школы вывучэння еўрапейскага Усходу (45). Карысным было і тое, што даследаванні праводзіліся з выкарыстаннем розных метадалогій і ахоплівалі шырокі дыяпазон праблем (гендэрная гісторыя, гісторыя нацыянальнасцяў, гісторыя культуры, біяграфічныя даследаванні і г. д.). Завяршэнне „халоднай” вайны адкрыла перад даследчыкамі новыя магчымасці ў вывучэнні Расіі (стала лягчэй ажыццяўляць паездкі ва ўсходнім напрамку, працаваць у архівах і бібліятэках Расіі і іншых дзяржаў СНД), але завяршэнне блокавага супрацьстаяння ў Еўропе знізіла цікавасць нямецкамоўнага грамадства да постсавецкай прасторы наогул і да Расіі ў прыватнасці.

У адрозненне ад нямецкамоўных краін у краінах, якія раней уваходзілі ў склад „савецкага блока” (Польшча, Чэхія), завяршэнне „халоднай вайны” не толькі не прывяло да зніжэння цікавасці навукоўцаўда праблем еўрапейскага Усходу, але ва ўмовах знікнення СССР павысіла яе, запатрабаваўшы вызначэння палітыкі адносна новых краін на постсавецкай прасторы. Да таго ж даследчыкі з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы атрымалі магчымасць праводзіць свае даследаванні на аснове новых метадалагічных установак, што было немагчыма ў часы панавання камуністычнай ідэалогіі. Важную ролю ў вывучэнні ўсходнееўрапейскай праблематыкі цяпер адыгрываюць спецыяльныя навукова-даследчыцкія цэнтры. Адзін з іх — варшаўскі Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў, які выступае ў якасці правапераемніка навуковых устаноў, што існавалі ў Польшчы паміж дзвюма сусветнымі войнамі (Усходніхінстытутаў у Варшаве і Вільні). З матэрыялаў зборніка відаць, што даследчыкаў з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы цікавіць не толькі Расія, але і іншыя дзяржавы на ўсходзе Еўропы. Напрыклад, у Польшчы ў пачатку ХХІ ст. значная ўвага стала аддавацца вывучэнню Грузіі.

Зразумела, для беларускай грамадскасці асаблівую значнасць маюць артыкулы, звязаныя з беларускай праблематыкай (іх у зборніку тры). Першы з іх — артыкул даследчыка з Інстытута філасофіі і сацыялогіі Польскай акадэміі навук Андрэя Ціхамірава, прысвечаны праблемам вывучэння „заходнерусізму”. У другім артыкуле, падрыхтаваным даследчыкам з Польскай акадэміі навук Янам Шумскім, разглядаюцца праблемы правядзення калектывізацыі ў Заходняй Беларусі ў 1947-1952 г. І, нарэшце, у трэцім артыкуле, аўтар якога — даследчык з Люблінскага ўніверсітэта імя Марыі Складоўскай-Кюры Рышард Радзік, разглядаюцца пытанні фармавання самаідэнтыфікацыі беларусаў на мяжы ХХ і ХХІ ст.

Андрэй Ціхаміраў лічыць, што „заходнерусізм” як ідэйная плынь сфармаваўся ў другой палове ХІХ ст., але ўмацаваўся ў пачатку ХХ ст. У перыяд станаўлення ён выступаў у якасці ідэйнай альтэрнатывы „паланістычнай” і „празаходняй” мадэлі адраджэння „Літвы” (былога Вялікага Княства Літоўскагаў складзе Рэчы Паспалітай) і мадэлі стварэння нацыянальнай дзяржавы. Даследчык звяртае ўвагу на тое, што ідэі „заходнерусізму” распаўсюджваліся не толькі на землях Беларусі, але і на землях Украіны, якія калісьці ўваходзілі ў склад Кіеўскай Русі. На яго думку, уплыў „заходнерусаў” знізіўся ў гады Першай сусветнай вайны, калі частка літоўска-беларускіх зямель, у тым ліку буйны культурны цэнтр Вільня, апынулася пад нямецкім кантролем, але ва ўмовах расійскай рэвалюцыі 1917 г. „заходнерускія” ідэі зноў былі ўведзены ў абарот. Паводле Ціхамірава, часткова палажэннямі „заходнерусаў” карысталіся нават стваральнікі БССР (162), хаця, зразумела, у поўным аб’ёме яны выкарыстаць адпаведную ідэйную плынь не маглі (напрыклад, „за дужкі” быў выведзены праваслаўны кампанент, бо савецкія рэспублікі выступалі ўякасці атэістычных утварэнняў).

Стаўленне ўладаў да „заходнерусізму” ў савецкія часы было дваістым. Яго асобныя элементы выкарыстоўваліся афіцыйнымі ідэолагамі (напрыклад, сцвярджэнні аб непарушным адзінстве рускага, беларускага і ўкраінскага народаў, „асаблівай місіі” славянскіх, г. зн. праваслаўных, „незаходніх”, народаў і да т. п.), асабліва ў познія сталінскія і паслясталінскія часы, але афіцыйна на ўзбраенне адпаведная тэорыя не прымалася, бо супярэчыла камуністычнай інтэрнацыянальнай дактрыне. Спробы вывучэння і навуковай крытыкі „заходнерусізму” не віталіся. Кніга Аляксандра Цвікевіча пра „заходнерусізм”, падрыхтаваная ў канцы 1920-х г. на марксісцкіх пазіцыях, адразу ж трапіла ў спецсховішча і была выдадзена толькі ў пачатку 1990-х г., калі Беларусь стала незалежнай дзяржавай.

У Рэспубліцы Беларусь „заходнерусізм” выступае ў якасці альтэрнатывы „празаходнім” тэорыям. Больш выразным у параўнанні з савецкім часам у ім стаў „праваслаўны” кампанент. У другой палове 1990-х г. беларускія ўлады спрабавалі пакласці „заходнерусізм” у падмурак дзяржаўнай ідэалогіі, але сёння іх цікавасць да адпаведнага вучэння знізілася. Аднак у якасці аб’екта вывучэння „заходнерусізм” застанецца прыцягальным для даследчыкаўі надалей.

Ян Шумскі разглядае калектывізацыю ў Заходняй Беларусі як частку палітыкі маскоўскага цэнтра, накіраванай на больш цеснае злучэнне тэрыторый, набытых у 1939 г. і зноў уцягнутых у савецкую сферу уплыву ў 1944-1945 г. Ён прыводзіць доказы таго, што калектывізацыя праводзілася прымусова, з актыўным выкарыстаннем розных сродкаў ціску (як фіскальных, так і адкрытага прымусу аж да масавых дэпартацый мясцовага насельніцтва). Мясцовыя ўлады фактычна адыгрывалі ролю перадатачнага механізма і істотна на працэс калектывізацыі не ўплывалі. Ідэалагічныя сродкі ўздзеяння выкарыстоўваліся, але іх выніковасць была спрэчнай. У прыватнасці, аўтар прыводзіць цікавыя звесткі пра тое, што ў новых калгасах было абмежавана выкарыстанне трактароў, бо яны пастаўляліся ў СССР па лініі ЮНРРА і спараджалі ў сялян „непатрэбныя” пачуцці (175). Найбольш слабым месцам артыкула выглядае сюжэт аб супраціве калектывізацыі. Аўтар сцвярджае, што такі супраціў быў, але не прыводзіць пераканаўчых доказаў гэтага сцвярджэння. Як вынік, складваецца ўражанне, што, у адрозненне ад Прыбалтыкі і Заходняй Украіны, дзе супраціў меў узброены характар, у Заходняй Беларусі справа далей пасіўных пратэстаў не пайшла.

Вельмі цікавы артыкул Рышарда Радзіка. Ён разглядае працэс фармавання беларускай самасвядомасці ў кантэксце геапалітычнага становішча Беларусі і спецыфікі яе гістарычнага развіцця. На думку вучонага, істотны ўплыў на фармаванне беларускай самасвядомасці аказала знаходжанне Беларусі на стыку цывілізацый. Беларусь перыядычна трапляла то пад уплыў Еўропы (рэпрэзентантам якой выступала Польшча), то пад уплыў Расіі. У ХХ ст. расійскі ўплыў стаў даміноўным, хаця на працягу большай часткі стагоддзя русіфікацыя ажыццяўлялася ў савецкім абліччы. Аўтар артыкула лічыць, што русіфікацыю Савецкай Беларусі аблягчала тое, што беларускае грамадства было пераважна сялянскім і не змагло выпрацаваць элітарнай культуры, якая магла б эфектыўна супрацьстаяць расійскаму ўплыву. Да таго ж савецкая сістэма не спрыяла развіццю пачуццяў свабоды, дэмакратыі і палітычнага плюралізму. Як вынік беларусізацыя, якая актыўна праводзілася ў БССР у 1920-я г., набыла павярхоўны характар і да канца 1980-х г. „беларускасць” у Савецкай Беларусі абмежавалася сферай фальклору і этнаграфіі.

Набыццё Беларуссю незалежнасці ў 1991 г., на думку даследчыка, паўплывала на развіццё беларускай самасвядомасці, але беларусы засталіся найбольш „прасавецкім” з народаў Усходняй Еўропы. На падставе апытанняў, зробленых беларускімі незалежнымі сацыялагічнымі службамі, Рышард Радзік робіць выснову, што большасць беларускага насельніцтва не адраклася ад савецкага мінулага, працягвае лічыць Другую сусветную вайну „Вялікай Айчыннай”, выкарыстоўвае рускую мову, станоўча ставіцца да рэінтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, аддаючы перавагу збліжэнню з Расіяй, і не надта падтрымлівае дэмакратычныя пераўтварэнні праеўрапейскага і празаходняга кшталту.

Разважанні даследчыка выглядаюць слушнымі, хаця некаторыя палажэнні артыкула відавочна патрабуюць узмацнення. У першую чаргу гэта датычыць пытання аб месцы ў беларускай самасвядомасці кампанента беларускай дзяржаўнасці, суадносінах афіцыйнай ідэалогіі і альтэрнатыўных канцэптаў у фармаванні пачуцця прыналежнасці да беларускай нацыі (сёння ніхто не зможа адмовіць факт наяўнасці ў Беларусі элітарнай культуры, прапаноў палітычнага развіцця і геапалітычнай арыентацыі, якія адрозніваюцца ад тых, што прапануе беларускі афіцыёз).

Варта сказаць, што рэцэнзаваны зборнік уносіць добры ўклад у справу асэнсавання праблем усходнееўрапейскага рэгіёна. Можна спадзявацца на тое, што далейшыя крокі варшаўскага Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў будуць не менш плённымі.

Мінск

Аляксандр Ціхаміраў

Репрессивная политика советской власти в Беларуси. Сост. И. Кузнецов, Я. Басин. Т. 1-3 (Минск, 2007) (Вольга Білевіч, Міхась Стралец)

Снежня 3, 2009 |

Репрессивная политика советской власти в Беларуси: сб. науч. работ / Сост. И. КУЗНЕЦОВ, Я. БАСИН; науч. ред. В. П. АНДРЕЕВ. Вып. 1. Минск, 2007. 376 с.; Вып. 2. Минск, 2007. 377 с.; Вып. 3. Минск, 2007. 373 с.

Выйшлі з друку тры выпускі зборніка прац беларускіх і замежных аўтараў, прысвечанага гісторыі станаўлення сталінскага таталітарызму ў Беларусі і яго наступствам у пасляваенны перыяд. Зборнікі асвятляюць шырокі спектр праблем і падзей XX ст. ва ўсёй іх складанасці і супярэчлівасці. У прапанаваных увазе чытачоў артыкулах выразна прасочваецца навуковая навізна, што стала магчымым дзякуючы фармуляванню прынцыпова новых падыходаў на аснове прыцягнення велізарнага масіву крыніц, якія раней не ўводзіліся ў навуковы зварот. Аўтары гэтай рэцэнзіі абмежаваныя загадзя зададзеным аб’ёмам і таму будуць канцэнтраваць сваю ўвагу толькі на найбольш значных працах.

Галоўнае праблемнае поле ў артыкуле Ігара Кузняцова — урокі, якія варта здабыць з палітычных рэпрэсій XX ст. Ён згаджаецца з меркаваннем даследчыкаў пра падабенства нацызму і камунізму, асабліва ў метадах дзейнасці (вып. 1, с. 27). Аўтар сцвярджае, што „вывучэнне злачынстваў сталінізму і камунізму ідзе з велізарным спазненнем у параўнанні з вывучэннем нацысцкіх злачынстваў” (тамсама, с. 29).

На думку Рыгора Пракаповіча, „у 20-я гады XX ст. Беларусь становіцца плацдармам для экспарту рэвалюцыі на Захад.

Для падтрымкі рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі, Латвіі, Літве і Чэхаславакіі СНК БССР аказваў фінансавую дапамогу… СНК БССР на закрытым пасяджэнні 5 мая 1926 года выдаткаваў 25 тысяч рублёў на 1926 год, на 1927 год прадугледжвалася выдзяленне ўжо 30 тысяч рублёў” (вып. 1, с. 35). Аўтар раскрывае «структурныя блокі, з якіх складаўся канкрэтна-гістарычны змест ідэалагічных пастулатаў, — гэта „выхавальнікі”, „выхаванцы”, „ворагі”, „апекуны народнага дабрабыту”, „правадыр”, „вобраз новага чалавека”» (вып. 1, с. 36). Ён дае характарыстыку кожнамуз сацыяльных блокаўтаталітарнай ідэалогіі (тамсама, с. 36-37). Даследчык вінаваціць „КПСС і яе філіял у Беларусі (КПБ(б), КПБ):

- у знішчэнні больш як 1,5 млн беларусаў па прыкмеце іх маёмаснага становішча і антыкамуністычных перакананняў,у рэпрэсіях супраць іншых палітычных партый;

- у ліквідацыі больш як паловы святароў рымска-каталіцкай, праваслаўнай і іншых канфесій;

- у рэпрэсіях і знішчэнні да 90 % інтэлектуальнага патэнцыялу нацыі;

-увыцясненнібеларускаймовыіпрымусовымнавязванні рускай мовы;

- у стварэнні рэпрэсіўнай структуры, якая ў маштабахусёй Беларусі шырока ўжывала жорсткія здзекі і гэтымнаносіла нацыі непапраўную маральную шкоду” (вып. 1,с. 56-57).

Аляксандр Грыцанаў даследуе бальшавізм і фашызм, вылучае характэрныя рысы кожнага з вышэйназваных рухаў. Супастаўляючы бальшавізм і фашызм, вучоны знаходзіць агульныя рысы і адрозненні паміж імі (тамсама, с. 59-77).

Аляксандр Лейзераў на падставе вывучэння матэрыялаў Цэнтральнага архіва Рэспублікі Беларусь вызначае, што „партапарат быў непасрэдным арганізатарам масавых рэпрэсій, а ДПУ і яго пераемнікі былі ўсяго толькі выканаўцамі яго злачыннай волі”. На думку даследчыка, „не існавала ніводнай сферы дзейнасці рэпрэсіўных органаў, якой не крануліся б указанні апарату” (тамсама, с. 78).

Эмануіл Іофе абгрунтавана лічыць, што „асаблівай праблемай для кіруючай эліты была неабходнасць пазбавіцца ад непажаданых сведак — супрацоўнікаў карных органаў, якія рабілі найбольш брудную працу. Пасля прыходу да ўлады ў чэкісцкіх органах Берыі ў лістападзе 1938 г. на працягу 1939 г. было звольнена з органаў дзяржбяспекі 73 725 чалавек (кожны пяты аператыўны супрацоўнік)” (тамсама, с. 87-88). Другім надзвычайным чыннікам, які прадвызначыў знішчэнне чэкісцкай эліты, была барацьба кланаў унутры самой партыі.

Гісторыя жыцця і смерці кіраўнікоў карных органаў у перыяд масавых рэпрэсій у СССР — такіх, як Я. Агранаў, М. Яжоў, Р. Рапапорт, С. Рэдэнс, Л. Ляплеўскі, прафесійная дзейнасць якіх была так ці інакш звязана з нашай рэспублікай, — з’яўляецца, на думку даследчыка, пераканаўчай ілюстрацыяй аналізаванага аспекта палітыкі ВКП(б). Усе вышэйзгаданыя палітычныя дзеячы былі адданымі праваднікамі волі сталінскага рэжыму, якія слепа выконвалі яго ўказанні. Аднак сістэма не пашкадавала і гэтых катаў, пазбавілася ад іх як ад непатрэбных сведак (тамсама, с. 89-120).

На думку Таццяны Процькі, „барацьба з сацыяльна шкоднымі элементамі вялася спецслужбамі з першых дзён усталявання савецкай улады… З другой паловы 1930-х гадоў любыя дзеянні як радавых супрацоўнікоў, так і службовых асоб, калі яны прыводзілі да зрыву ці невыканання планаў па выяўленні гэтых элементаў, разглядаліся як палітычнае процідзеянне існуючаму ў СССР рэжыму на карысць буржуазных дзяржаў, пераважна Нямеччыны, Польшчы, Японіі” (вып. 1, с. 122-123).

„Для абгрунтавання масавых рэпрэсій была абрана мадэль існавання ў БССР нелегальнай антысавецкай арганізацыі, добра арганізаванай і разгалінаванай… Антысавецкае падполле, паводле версіі следчых НКУС, уяўляла сабой аб’яднанне членаў не выкрытых раней контррэвалюцыйных арганізацый, якія выступалі супраць савецкай улады. Распрацоўваў і выкрываў падполле 4-ы аддзел УДБ НКУС БССР” (вып. 1, с. 122-123).

У артыкуле прыведзены статыстычныя дадзеныя аб рэпрэсаваных у розных наркаматах БССР, паказаны сацыяльны склад рэпрэсаваных (тамсама, с. 124-151).

Аляксандр Урублеўскі ахарактарызаваў усе дэкрэты савецкай улады, датычныя царквы, а таксама законы, якія пазбаўлялі царкву права ўдзелу ў вырашэнні пытанняў духоўнага жыцця грамадства. У артыкуле прыведзены факты, якія характарызавалі стаўленне савецкай улады да царквы: забарона здзяйснення рэлігійных абрадаў хрышчэння і шлюбу, рэквізіцыя царкоўных каштоўнасцяў (тамсама, с. 153-173).

Валянцін Мазец паказвае, як у канцы 1920 — пачатку 1930-х г. адбывалася ўсталяванне асноўных прынцыпаў ідэалагічнай работы, якія адпавядалі логіцы таталітарнай сістэмы. У 1930-я г., на думку аўтара, галоўнай ідэалагічнай задачай, якая стаяла перад перыядычным друкам, з’яўлялася барацьба супраць беларускага нацыянальнага руху.

У 1937-1939 г. перыядычныя выданні становяцца сродкам абгрунтавання масавых рэпрэсій, якія разгарнуліся ў краіне. У 1920-1930-я г. адбываецца наладжванне сістэматычнага ўсебаковага кантролю за сродкамі масавай інфармацыі. Аўтар характарызуе развіццё сродкаў масавай інфармацыі ў савецкі перыяд (да канца 80-х г. XX ст.), паказвае іх залежнасць ад дзяржаўнага апарату (тамсама, с. 174-195).

Артур Ліўшыц прасочвае развіццё беларускага заканадаўства, накіраванага супраць антысемітызму, расавай і нацыянальнай варожасці і дыскрымінацыі.

Вядома, што „савецкая ўлада абвясціла антысеміцкі рух і пагромы згубай для справы рэвалюцыі і заклікала „працоўны народ сацыялістычнай Расіі ўсімі сродкамі змагацца з гэтым злом”. Менавіта так і было выкладзена ў Дэкрэце Саўнаркома РСФСР ад 27 ліпеня 1918 г. Гэтым законам быў створаны гістарычны прэцэдэнт, калі закон быў прыняты не супраць расавай ці нацыянальнай дыскрымінацыі, а ў абарону асоб адной пэўнай нацыі. Ужо гэтым улада прызнала за яўрэямі іх спецыфічны шлях нацыянальнага развіцця…

Аднак пазней, за ўсе наступныя гады, аж да цяперашняга часу, ні ў Крымінальным кодэксе, ні ў якім іншым заканадаўстве СССР і БССР ніякіх адмысловых артыкулаў пра пераслед за антысемітызм не было» (вып. 1, с. 197-198). Аўтар прыводзіць прыклады, якія пацвярджаюць той факт, што беларускі ўрад на практыцы нічога не зрабіў для спынення антысемітызму ў рэспубліцы.

Нона Васілеўская прааналізавала стаўленне савецкай улады да інтэлігенцыі ў перыяд з 20-х па 30-я г. ХХ ст. Яна паказвае, як зараджалася рэпрэсіўная палітыка ў дачыненні да інтэлектуальных пластоў грамадства ў 1920-я г., як яна развівалася ў 1930-я г., асабліва ў 1937-1938 г. На думку аўтаркі, „у сваім стаўленні да інтэлігенцыі савецкая ўлада, з аднаго боку, падкрэслівала неабходнасць прыцягнення ўсіх яе прафесійных атрадаў да ўдзелу ў будаўніцтве новага жыцця, з другога — ужывала рэпрэсіўныя меры да тых, хто не згаджаўся з яе палітыкай, меў свае погляды…” Аўтарка прыходзіць да высновы, што „масавы тэрор ва ўсіх сферах жыцця прывёў да згортвання нацыянальна-культурнага будаўніцтва, навуковых даследаванняў, вытворчых распрацовак” (вып. 1, с. 205, 217).

Якаў Басін аналізуе стаўленне кіруючай кампартыі да беларускага яўрэйства: „У першыя гады савецкай улады выпарыліся надзеі яўрэяў на здабыццё ўласнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі…

У1919 г. пачалося наступленне на сiянiсцкiя арганiзацыi, большасць з iх былi распушчаны…

Iнструментам барацьбы з бундаўцамi i сiянicтамi ўлады зрабiлi Яўсекцыю [яўрэйскую секцыю РКП(б). — В. Б., М. С]. Асноўным вынiкам гэтага стала перадача вырашэння праблемы яўрэйства з рук урада ў рукi партыйных органаў… Асноўнай формай дзейнасцi Яўсекцыі стала барацьба за лiквiдацыю яўрэйскiх суполак”. Ёю вяліся „агiтацыя за закрыццё сiнагог, дыскрэдытацыя служак культу, прапаганда адмовы ад яўрэйскага ўкладу жыцця. Аднак праз некалькi год высветлiлася, што камунiстычная iдэалогiя ў яўрэйскiя масы не пранiкае, i тады Яўсекцыя была скасавана…”

На думку аўтара, „галоўным злачынствам кампартыi перад яўрэйскiм насельнiцтвам быў ускосны ўдзел у яго генацыдзе ў перыяд гiтлераўскай акупацыi” (вып. 1, с. 220, 221, 222-223, 229).

Iгар Кузняцоў звартаецца да дзейнасцi карных органаў на Беларусi ў 1944-1953 г. Ён адзначае, што „рэпрэсіі пасляваенных гадоў адрозніваліся ад масавых рэпрэсій 1937-1938 г.

У сярэдзiне 30-х г. уся карная палiтыка была накiравана на барацьбу з неiснуючым у краiне антысавецкiм падполлем: рэшткамi зрынутых буржуазных класаў, былымi палiтычнымi партыямi i арганiзацыямi…

Найбольш масавым вiдам савецкiх рэпрэсiй пасляваеннага перыяду стала iнтэрнаванне. Iнтэрнаванне зведалі большасць савецкiх грамадзян, затрыманых у 1944-1945 г. органамi контрразведкi „СМЕРШ” Наркамата абароны СССР… ів канцы вайны ў задачы „СМЕРШа” ўвайшла праверка шматмiльённай „армii” савецкiх грамадзян, якiя вярталiся з палону. Шмат хто з двух мiльёнаў савецкiх грамадзян змянiў гiтлераўскiя канцлагеры на савецкiя.

У 1942-1943 г. былi арганiзаваны першыя праверачна-фiльтрацыйныя лагеры, куды „СМЕРШ” накіроўваў усiх без выключэння савецкiх ваеннаслужачых, якiя ўцяклі з палону, або вызваленых Чырвонай Армiяй. Многiх прысудзiлi да смяротнага пакарання за здраду Радзiме… Праверачна-фiльтрацыйныя лагеры былi закрыты ў 1947 г <…>. Паводле звестак афiцэра „СМЕРШа”, якi ўцёк на Захад i меў доступ да дакументаў гэтай арганiзацыi, усяго з раней акупаваных раёнаў у 1943-1947 г. былi рэпатрыяваны каля пяці з паловай мiльёнаў рускiх» (вып. 1, с. 238, 241, 243, 244).

Сяргей Хомiч прасачыў працэс амнiставання i рэабiлiтацыi ў Беларускай ССР (сакавiк 1953 — люты 1956 г.). Ён адзначае, што „праблема рэпрэсiй i далейшая рэабiлiтацыя ўсё часцей станавiліся важным фактарам у палiтычнай барацьбе памiж рознымi групоўкамi ўнутры партыйнай элiты краiны.

Вядома, што перагляд спраў па контррэвалюцыйных злачынствах адбываўся ў адпаведнасцi з пастановай Прэзiдыума ЦК КПСС «Аб стварэннi Цэнтральнай камiсii i мясцовых камiсiй па пераглядзе спраўасуджаныхза„контррэвалюцыйныя злачынствы”». Агульныя высновы аб дзейнасцi мясцовых камiсiй аўтар зрабiў на аснове справаздачы Гродзенскай абласной камiсii: больш чым у палове выпадкаў Гродзенская абласная камiciя пакiнула без змен папярэдняе рашэнне суда. Можна меркаваць, што i ў iншых камiciях, якiя працавалi на Беларусi, сiтуацыя была даволi падобнай. Так, па стане на 1 красавiка 1955 г. у БССР было разгледжана 19 136 спраў. Адмоўлена ў пераглядзе ў 10 410 выпадках. Скасаваны рашэннi, спынены справы толькi ў дачыненнi да 265 спраў.

Такiм чынам, у адзначаны перыяд (сакавiк 1953 — люты 1956 г.) у большасцi выпадкаў мела месца амнiстыя ў дачыненнi да рэпрэсаваных, а не iх рэабiлiтацыя» (вып. 1, с. 255, 258, 259).

Леанiд Смiлавiцкi на прыкладзе Васiля Лявонцьевiча Штыхава, бацькi знакамiтага беларускага гiсторыка Георгiя Васiлевiча Штыхава, паказаў механiзм сталiнскiх рэпрэсiй супраць уласнага народа. Васiль Лявонцьевiч быў лаяльны да савецкай улады, нёс вялiкую грамадскую нагрузку — быў старшынёй сельсавета, членам райземаддзела. Аднак, нягледзячы на гэта, у 1933 г. ён быў арыштаваны. Яму было прад’яўлена абвiнавачанне ў спробе ўзброенага скідання дзяржаўнага ладу, і Васіль Лявонцьевіч атрымаў 5 гадоў высылкі ў Заходні Казахстан. Потым у 1937 г. ён быў асуджаны па 1-й частцы 58-га артыкула на 10 гадоў лагераў за „антысавецкую агітацыю” і знік у сталінскіх засценках. Толькі ў пачатку 90-х г. XX ст. Георгій Васілевіч Штыхаў змог азнаёміцца са справай бацькі — наскрозь фальшывай і сфабрыкаванай (тамсама, с. 269-287).

Міхась Трэйстэр апісвае, як яго і групу яўрэяў, што чыталі літаратуру, выдадзеную ў Ізраілі і не правераную савецкімі праваахоўнымі органамі, у 1968 г. выклікалі на допыт у КДБ. Гутарка ў КДБ негатыўна адбілася на яго прафесійнай кар’еры. Ён быў паніжаны ў пасадзе, а затым сышоў з яе па „ўласным жаданні”. М. Трэйстэр знайшоў працу — яму дапамаглі прыстойныя людзі, якія дамагліся скасавання ўсіх забарон на дзейнасць М. Трэйстэра, і ён змог рэалізаваць сябе як спецыяліст у галіне энергетыкі (тамсама, с. 311-324).

Якаў Басін паспрабаваў даць непрадузятую ацэнку кнігі Л. Д. Троцкага „Сталінская школа фальсіфікацый”. На яго думку, „гэтая кніга застаецца не толькі першым, але адным з самых сур’ёзных даследаванняў таго перыяду ў жыцці савецкага грамадства, калі ў гістарычнай навуцы быў здзейснены пераварот і праўда саступіла месца палітычнай кан’юнктуры… Ва ўсёй дзяржаве з архіваў былі цэнтралізавана канфіскаваны і перададзены ў архіў ЦК усе матэрыялы, якія мелі хоць якое-небудзь дачыненне да гісторыі партыі… Пачалася цалкам бессаромная фальсіфікацыя нядаўняй мінуўшчыны. Сталі з’яўляцца працы, у якіх (пры наяўнасці жывых сведкаў) без усялякага сораму скажаўся сэнс мінулых падзей, іх храналогія; паўстала і пачала культывавацца тэорыя „двух правадыроў”… Для разумення сапраўднага характару тых працэсаў, якія пазбавілі гістарычную навуку сэнсу, ператварылі яе ў дагодлівую прыслужніцу палітычнай кан’юнктуры „на злобу дня”, кніга Л. Д. Троцкага і сёння носіць вельмі надзённы характар» (вып. 1, с. 327,328,330).

Прадмет даследавання Ігара Кузняцова — рэпрэсіі на Беларусі ў 1920-1940-х г. Ён акцэнтуе ўвагу на такіх момантах.

Па-першае, аўтар піша пра тое, як у першыя гады Савецкай улады ствараліся аб’екты будучага ГУЛАГа. Так, „у дэкрэце СНК ад 14 сакавіка 1919 г. „Аб працоўных дысцыплінарных судах” для парушальнікаў працоўнай дысцыпліны і асоб, якія не выканалі нормаў выпрацоўкі, прадугледжвалася пакаранне да 6 месяцаў зняволення ў лагеры прымусовых работ» (вып. 2, с. 8). Як сцвярджае І. Кузняцоў, „гэта быў вынік палітыкі чырвонага тэрору. Першыя беларусы апынуліся ў сібірскіх лагерах яшчэ на пачатку 1920-х г.”. Другі момант — кампанія раскулачвання 1930-х г., якая мела свае прыярытэты — канфіскацыйна-рэпрэсіўныя. Аўтар адзначае, што „ў 1931 г. тэмпы і маштабы раскулачвання ўжо не ўвязваліся з калектывізацыяй і ў значнай меры вызначаліся заяўкамі гаспадарчых органаў” (тамсама, с. 9). Рэпрэсіўныя акцыі, піша далей аўтар, працягваліся і пасля завяршэння ўласна калектывізацыі. Меркавалася перасяляць за зрыў і сабатаж збожжанарыхтовак і іншых кампаній. Паводле ацэначных дадзеных, «у Беларусі ў 1920-х — 1940-х гадах было „раскулачана” не менш як 350 тыс. чалавек» (тамсама, с. 15). Трэці момант, на якім засяроджвае ўвагу І. Кузняцоў, гэта арышт у 1930-я г. польскіх палітэмігрантаў — былых ваеннапалонных, членаў польскіх камуністычных партый і іншых (тамсама, с. 20). Нарэшце, апошняе: на падставе аналізу ўсёй інфармацыі аўтар прыходзіць да высновы, што „праз НКУС СССР у 1930-я — 1940-я гады прайшло не менш як 600 тысяч выхадцаў Беларусі. У той жа час у перыяд 1953-1989 г. На тэрыторыі рэспублікі было рэабілітавана каля 180 тысяч чалавек, што склала 35 % ад тых, хто паводле афіцыйнай статыстыкі прайшоў праз ГУЛАГ” (тамсама, с. 29).

Абагульняючы, трэба адзначыць, што рэцэнзаванае выданне ўяўляе сабой сур’ёзны ўклад у даследаванне таталiтарызму, рэцыдывы якога, на жаль, яшчэ моцна адчуваюцца на значнай частцы постсавецкай прасторы.

Брэст

Вольга Білевіч, Міхась Стралец

Аўтарэфераты дысертацый па гістарычных навуках, дапушчаных да абароны ў 2008–2009 г. (Ніна Камарова)

Снежня 2, 2009 |

На ступень доктара гістарычных навук

Варивончик, И. В. Социально-экономическое развитие среднего класса США в 40-е гг. XX — начале XXI века: 07.00.03 / Варивончик Иван Васильевич; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2008. — 43 с. — Библиогр.: с. 37-40 (35 назв.).

Егорейченко, А. А. Культуры штрихованной керамики: 07.00.06 / Егорейченко Александр Андреевич; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории. — Минск, 2008. — 44 с. — Библиогр.: с. 36-41 (54 назв.).

Калачова, І. І. Этнакультурныя працэсы ў гарадской сям’і беларусаў у апошняй трэці XX — пачатку XXI ст.: 07.00.07 / Калачова Ірына Іванаўна; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. — Мінск, 2009. — 48, [1] с. — Бібліягр.: с. 38-41 (46 назв.).

Кузьменко, В. И. Интеллигенция Беларуси в Великой Отечественной войне (1941-1945 гг.): 07.00.02 / Кузьменко Владимир Иванович; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории. — Минск, 2008. — 49 с. — Библиогр.: с. 39-46 (90 назв.).

Пивоварчик, С. А. Формирование и развитие системы фортификационного строительства в Беларуси (1772-1941 гг.): 07.00.02 / Пивоварчик Сергей Аркадьевич; Белорус, гос. ун-т. — Минск, 2009. — 38 с. — Библиогр.: с. 32-35 (33 назв.).

Шаўчук, І. І. Кадры гуманітарных навук БССР: станаўленне, фарміраванне, развіццё (20-30-я гады XX ст.): 07.00.02 / Шаўчук Ігар Іванавіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2008. — 44 с. — Бібліягр.: с. 37-43 (55 назв.).

Яковчук, В. И. Развитие и функционирование системы пожарной безопасности в Беларуси (XIX — XX вв.): 07.00.02 / Яковчук Виктор Иванович; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории. — Минск, 2008. — 37 с. — Библиогр.: с. 30-34 (46 назв.).

Ярмусик, Э. С. Римско-католическая церковь в Беларуси (1939-1991 гг.): 07.00.02 / Ярмусик Эдмунд Станиславович; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2009. — 45 с. — Библиогр.: с. 35-42 (67 назв.).

На ступень кандыдата гістарычных навук

Абу Зейд Мунтасер. Формирование палестинской национальной администрации и ее политика в области внутренней безопасности, образования и здравоохранения (1993-2005 гг.): 07.00.03 / Абу Зейд Мунтасер; Белорус, гос. ун-т. — Минск, 2009. — 23 с. — Библиогр.: с. 20 (6 назв.).

Алексейчикова, Н. Н. Матримониальность белорусских граждан магдебургской юрисдикции в XVII-XVIII вв.: 07.00.02 / Алексейчикова Наталья Николаевна; Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка. — Минск, 2009. — 23 с. — Библиогр.: с. 18-20 (19 назв.).

Баранова, Е. В. Владимир Иванович Пичета в научно-образовательных и общественно-политических процессах Беларуси (1918-1930 г.): 07.00.02 / Баранова Елена Валентиновна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2008. — 24 с. — Библиогр.: с. 20-21 (11 назв.).

Башмакоў, А. А. Мануфактурная вытворчасць і яе роля ў сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі, 1861-1914 гг.: 07.00.02 / Башмакоў Аляксей Аляксеевіч; Беларус. пед. ун-т імя М. Танка. — Мінск, 2009. — 23 с. — Бібліягр.: с. 20 (7 назв.).

Белявец, В. Г. Насельніцтва вельбарскай культуры на тэрыторыі Беларусі (другая палова II — сярэдзіна IV ст.): 07.00.06 / Белявец Вадзім Георгіевіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2009. — 23 с. — Бібліягр.: с. 19-20 (15 назв.).

Бидная, А. А. Генезис исторической науки в Великом Княжестве Литовском и формирование исторического сознания общества XVI — начала XVII в.: 07.00.09 / Бидная Анна Александровна; Гродн. гос. ун-т им. Я. Купалы. — Гродно, 2009. — 23 с. — Библиогр.: с. 19-20 (11 назв.).

Величко, Н. В. Политика Франции по германскому вопросу (1945-1949 гг.): 07.00.03 / Величко Нина Веньяминовна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2009. — 24 с. — Библиогр.: с. 20-21 (16 назв.).

Винница, Г. Р. Нацистская политика геноцида еврейского населения в восточной и центральной областях Беларуси в 1941-1944 годах: 07.00.02 / Винница Геннадий Рувимович; Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка. — Минск, 2008. — 23 с. — Библиогр.: с. 20 (12 назв.).

Віцько, Д. В. Міжусобная барацьба магнацкіх груповак у Вялікім Княстве Літоўскім у канцы XVII — пачатку XVIII ст.: 07.00.02 / Віцько Дзмітрый Вячаслававіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2008. — 21 с. — Бібліягр.: с. 18 (6 назв.).

Внуко віч, Ю. І. Літоўская этнічная група Рэспублікі Беларусь: 07.00.07 / Внуковіч Юрый Іосіфавіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. — Мінск, 2008. — 20, [1] с. — Бібліягр.: с. 18 (11 назв.).

Волкова, О. А. Общественно-политическое движение женщин в Санкт-Петербурге и Москве в годы Первой российской революции: 07.00.03 / Волкова Ольга Анатольевна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2009. — 24 с. — Библиогр.: с. 20-21 (17 назв.).

Володькин, А. А. Трансформация отношений ЕС и НАТО с государствами Балтийского региона в 1991-2004 гг.: 07.00.15 / Володькин Андрей Александрович; Белорус, гос. ун-т. — Минск, 2009. — 23 с. — Библиогр.: с. 19-20 (10 назв.).

Гаравая, А. А. Развіццё сістэмы вышэйшай філалагічнай адукацыі ў Беларусі (1944-1961 гг.): 07.00.02 / Гаравая Алеся Аляксееўна; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2009. — 22 с. — Бібліягр.: с. 18-19 (11 назв.).

Дамарад, А. А. Інтэграцыя шляхты беларускіх зямель у склад дваранства Расійскай імперыі: 07.00.02 / Дамарад Аляксей Анатольевіч; Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. — Мінск, 2007. — 19 с. — Бібліягр.: с. 16 (5 назв.).

Дзянісава, А. Р. Праваслаўныя манастыры Турава-Пінскай епархіі ў грамадскім жыцці на беларускіх землях у XI-XVII стст.: 07.00.02 / Дзянісава Алена Рыгораўна; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2009. — 22 с. — Бібліягр.: с. 18-19 (13 назв.).

Дзянісаў, А. У. Краязнаўчы рух у БССР у 20-30-я гг. XX ст.: 07.00.02 / Дзянісаў Антон Уладзіміравіч; Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. — Мінск, 2008. — 23 с. — Бібліягр.: с. 20 (10 назв.).

Демидович, А. В. Культура эпохи Возрождения в Великом Княжестве Литовском в российской и белорусской историографии второй половины XIX — начале XX вв.: 07.00.09 / Демидович Анатолий Викторович; Гродн. гос. ун-т им. Я. Купалы. — Гродно, 2008. — 21с. — Библиогр.: с. 17-18 (11 назв.).

Дядичкина, Н. Е. Становление и развитие международного научного сотрудничества Академии наук БССР (вторая половина 1950-х — 1980-е годы): 07.00.02. / Дядичкина Наталья Евгеньевна; Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка. — Минск, 2009. — 23 с. — Библиогр.: с. 19-20 (11 назв.).

Зайцева, Н. В. Социально-бытовые условия жизни колхозного крестьянства Беларуси (1966-1975 гг.): 07.00.02 / Зайцева Надежда Викторовна; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории. — Минск, 2008. — 20 с. — Библиогр.: с. 17 (11 назв.).

Іванова, В. С. Асабістыя архівы ў складзе нацыянальнага архіўнага фонда Рэспублікі Беларусь: 05.25.02 / Іванова Вольга Сяргееўна; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2009. — 22 с. — Бібліягр.: с. 18-19 (16 назв.).

Иванова, Т. П. Деятельность государственных органов управления Витебской губернии в 1917-1924 гг.: 07.00.02 / Иванова Татьяна Петровна; Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка. — Минск, 2008. — 24 с. — Библиогр.: с. 19-21 (24 назв.).

Кадира, В. Н. Антифеодальная борьба белорусского и украинского народов во второй половине XVI — первой трети XVII в.: 07.00.02 / Кадира Владислав Николаевич; Белорус, гос. пед. ун-т им. М. Танка. — Минск, 2008. — 24 с. — Библиогр.: с. 20-21 (10 назв.).

Калечыц, І. Л. Эпіграфічныя помнікі X-XIV стст. на тэрыторыі Беларусі: класіфікацыя, змест, спецыфіка: 07.00.09 / Калечыц Іна Леанідаўна; Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. — Мінск, 2009. — 21 с. — Бібліягр.: с. 17-18 (19 назв.).

Кизенков, С. П. Политика национал-социалистов в рейхстаге и прусском ландтаге в 1924-1932 гг.: 07.00.03 / Кизенков Сергей Павлович; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2009. — 24 с. — Библиогр.: с. 20-21 (11 назв.).

Клімуць, Л. Я. Ідэалогія сарматызму ў грамадскім і культурным жыцці беларускіх зямель Рэчы Паспалітай у XVI-XVII стст.: 07.00.02 / Клімуць Лада Яраславаўна; Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. — Мінск, 2009. — 23 с. — Бібліягр.: с. 18-20 (14 назв.).

Корсак, А. І. Генацыд яўрэйскага насельніцтва на тэрыторыі Віцебскай вобласці, 1941-1943 гг.: 07.00.02 / Корсак Алеся Іосіфаўна; Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. — Мінск, 2008. — 23 с. — Бібліягр.: с. 19-20 (12 назв.).

Космач, П. Г. Религиозный фактор в истории основания США (1730-е гг. — 1791 г.): 07.00.03 / Космач Павел Геннадьевич; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2009. — 25 с. — Библиогр.: с. 20-22 (20 назв.).

Кукса, А. Н. Белорусские и украинские общественно-политические организации: взаимодействие и тактика в период становления государственности в Беларуси и Украине (февраль 1917 — декабрь 1922 гг.): 07.00.02 / Кукса Александр Николаевич; Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка. — Минск, 2008. — 23 с. — Библиогр.: с. 18-20 (21 назв.).

Кушнер, Н. В. Суфражистское движение в США: организация, идеология, стратегия и тактика (1848-1920 гг.): 07.00.03 / Кушнер Надежда Васильевна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2007. — 21 с. — Библиогр.: с. 17-18 (12 назв.).

Лазоркина, О. И. Дипломатическая служба Великого Княжества Литовского во внешнеполитическом механизме Речи Посполитой в 1600-1697 гг.: 07.00.15 / Лазоркина Ольга Игоревна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2009. — 23 с. — Библиогр.: с. 20-22 (20 назв.).

Лісейчыкаў, Д. В. Штодзённае жыццё уніяцкага парафіяльнага святарства беларуска-літоўскіх зямель (1720-1839 гг.): 07.00.02 / Лісейчыкаў Дзяніс Васільевіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2009. — 22 с. — Бібліягр.: с. 18-19 (14 назв.).

Лисовская, Т. В. Неопротестантизм в Западной Беларуси в 1921-1939 гг.: 07.00.02 / Лисовская Татьяна Витальевна; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории. — Минск, 2009. — 27 с. — Библиогр.: с. 22-24 (24 назв.).

Любая, А. А. Татарскі фактар ва ўзаемаадносінах дзяржаў Усходняй Еўропы ў канцы XV — першай трэці XVI ст.: 07.00.03 / Любая Алёна Аляксандраўна; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2009. — 25 с. — Бібліягр.: с. 20-22 (15 назв.).

Лютко, С. Г. Минская область в годы Великой Отечественной войны (1941-1945 гг.): 07.00.02 / Лютко Сергей Григорьевич; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории. — Минск, 2008. — 25 с. — Библиогр.: с. 20-22 (24 назв.).

Макарэвіч, В. С. Дробная шляхта Беларусі ў 30-60-я гг. XIX ст.: склад і эвалюцыя сацыяльна-прававога становішча: 07.00.02 / Макарэвіч Віталь Сяргеевіч; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2009. — 24 с. — Бібліягр.: с. 20-21 (11 назв.).

Матвейчык, Д. Ч. Удзельнікі паўстання 1830-1831 гг. — ураджэнцы беларуска-літоўскіх губерняў: эміграцыя, гуртаванне, дзейнасць: 07.00.02 / Матвейчык Дзмітрый Часлававіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2008. — 21 с. — Бібліягр.: с. 17-18 (11 назв.).

Мінаева, Н. М. Стварэнне дабрачынных грамадскіх арганізацый і іх дзейнасць у Рэспубліцы Беларусь (1991-2001 гг.): 07.00.02 / Мінаева Наталля Міхайлаўна; Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. — Мінск, 2008. — 21с. — Бібліягр.: с. 18 (8 назв.).

Минич, А. П. Развитие исторической науки Республики Беларусь в 90-е гг. XX в. (формирование новых тенденций): 07.00.09 / Минич Александр Петрович; Гродн. гос. ун-т им. Я. Купалы. — Гродно, 2009. — 23 с. — Библиогр.: с. 19-20 (9 назв.).

Мощук, А. В. Деятельность Бунда на территории Западной Беларуси в 1921-1939 гг.: 07.00.02 / Мощук Анатолий Васильевич; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории. — Минск, 2008. — 22 с. — Библиогр.: с. 18-19 (13 назв.).

Мядзведзева, В. У. Вырабы касцярэзнай вытворчасці з тэрыторыі Полацкай зямлі IX—XIII стст. (тэхналогія, тыпалогія, храналогія): 07.00.06 / Мядзведзева Вольга Уладзіміраўна; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2009. — 26 с. — Бібліягр.: с. 21-23 (25 назв.).

Папко, В. М. Дзяржаўная палітыка Беларусі ў галіне прафесійнай мастацкай культуры (1985-2000 гг.): 07.00.02 / Папко Вольга Мікалаеўна; Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. — Мінск, 2007. — 22 с. — Бібліягр.: с. 17-19 (21 назв.).

Пашковіч, А. І. Дзейнасць дабрачынных арганізацый на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1921-1939 гг.: 07.00.02 / Пашковіч Алена Іосіфаўна; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2008. — 23 с. — Бібліягр.: с. 18-20 (19 назв.).

Попов, М. А. Митрополит С. Богуш-Сестренцевич: роль в формировании правительственной политики по отношению к римско-католической церкви на белорусских землях (конец XVIII — первая четверть XIX в.): 07.00.02 / Попов Михаил Александрович; Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка. — Минск, 2008. — 24 с. — Библиогр.: с. 18-21 (26 назв.).

Рагимов, А. Н. Миграции и особенности адаптации этнических групп народов Кавказа в Республике Беларусь в конце XX — начале XXI века: 07.00.07 / Рагимов Акиф Нуралиевич; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора им. К. Крапивы. — Минск, 2009. — 24 с. — Библиогр.: с. 20-21 (13 назв.).

Раюк, А. Р. Этнасацыяльная структура беларускага грамадства і шляхі сацыяльнай мабільнасці ў 1772-1863 гадах: 07.00.07 / Раюк Андрэй Рыгоравіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. — Мінск, 2008. — 24 с. — Бібліягр.: с. 20-21 (13 назв.).

Самосюк, Т. В. Развитие исторического образования в системе высшей школы Франции во второй половине XX — начале XXI в.: 07.00.03 / Самосюк Татьяна Валерьевна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2009. — 24 с. — Библиогр.: с. 20-21 (15 назв.).

Сенькевич, О. И. Развитие социальной работы с несовершеннолетними правонарушителями на территории Беларуси во второй половине XIX — начале XX в.: 07.00.02 / Сенькевич Олеся Игоревна; Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка. — Минск, 2007. — 20 с. — Библиогр.: с. 17 (8 назв.).

Сергеев, В. Н. Теория коммуникации Н. Лумана как метод исторического анализа: 07.00.09 / Сергеев Всеволод Николаевич; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории. — Минск, 2008. — 22 с. — Библиогр.: с. 19 (7 назв.).

Скеп’ян, Н.А. Інстытут канцлерства ў дзяржаўна-палітычным жыцці Вялікага Княства Літоўскага ў канцы XV — першай палове XVI ст.: 07.00.02 / Скеп’ян Ніна Анатольеўна; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2008. — 22 с. — Бібліягр.: с. 18-19 (12 назв.).

Слуцкая, Л. В. Французские левые интеллектуалы в Советской России в 1917-1929 гг.: 07.00.03 / Слуцкая Людмила Владимировна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2009. — 22 с. — Библиогр.: с. 18-19 (14 назв.).

Соловьянов, А. П. Социальная защита подрастающего поколения в БССР (1921-1930 гг.): 07.00.02 / Соловьянов Андрей Петрович; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории. — Минск, 2008. — 25 с. — Библиогр.: с. 20-22 (19 назв.).

Стариченок, В. В. Участие США в вооруженных конфликтах 1989-2000 гг. в оценке американского общественного мнения: 07.00.03 / Стариченок Валентин Васильевич; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2009. — 24 с. — Библиогр.: с. 19-21 (17 назв.).

Сугако, Н. А. Общественно-политические взгляды М. П. Погодина: 07.00.03 / Сугако Наталья Анатольевна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2009. — 23 с. — Библиогр.: с. 20 (9 назв.).

Сумко, А. В. Дзяржаўная палітыка ў кнігавыдавецкай справе БССР (1919-1941): 07.00.02 / Сумко Алена Вячаславаўна; Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. — Мінск, 2007. — 23 с. — Бібліягр.: с. 20 (8 назв.).

Табунов, В. В. Политика российского правительства в отношении христианских конфессий в Беларуси (1895-1907): 07.00.02 / Табунов Василий Васильевич; Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка. — Минск, 2008. — 22 с. — Библиогр.: с. 17-19 (24 назв.).

Тукала, С. М. Генацыд і барацьба яўрэяўу Мінскім гета ў гады Вялікай Айчыннай вайны (ліпень 1941 — кастрычнік 1943 года): 07.00.02 / Тукала Сяргей Мікалаевіч; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2008. — 23 с. — Бібліягр.: с. 20 (8 назв.).

Цітавец, А. І. Арабаграфічныя рукапісы канца XVII — першай паловы XX ст. — крыніцы для вывучэння духоўнай культуры татараўБеларусі: 07.00.09 / Цітавец Алена Іосіфаўна; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2009. — 23 с. — Бібліягр.: с. 16-20 (31 назв.).

Цымбал, А. Г. Палітыка польскіх улад у адносінах да праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі: 07.00.02 / Цымбал Аляксандр Георгіевіч; Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. — Мінск, 2009. — 24 с. — Бібліягр.: с. 19-21 (15 назв.).

Чаропка, С. А. Казацка-сялянская вайна ў Беларусі 1648-1651 гг.: 07.00.02 / Чаропка Станіслаў Аляксандравіч; Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. — Мінск, 2009. — 26 с. — Бібліягр.: с. 20-23 (28 назв.).

Шабасова, М. А. Англо-американская историография политической истории России 1991-1999 гг.: 07.00.09 / Шабасова Марина Алексеевна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2008. — 24 с. — Библиогр.: с. 20-21 (13 назв.).

Шейбак, В. В. Генезис и эволюция христианских традиций паломничества у белорусов: 07.00.07 / Шейбак Вадим Викторович; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора им. К. Крапивы. — Минск, 2008. — 21 с. — Библиогр.: с. 16-18 (13 назв.).

Шпунт, А. А. Перыядызацыя і класіфікацыя гарадской геральдыкі Беларусі: 07.00.09 / Шпунт Андрэй Аркадзьевіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2008. — 21 с. — Бібліягр.: с. 18 (6 назв.).

Шумскі, К. А. Традыцыйныя веды беларусаў аб надвор’і, раслінным і жывёльным свеце (XIX-XX ст.): 07.00.07 / Шумскі Канстанцін Анатольевіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. — Мінск, 2009. — 24, [1] с. — Бібліягр.: с. 19-22 (31 назв.).

Шыдлоўскі, С. А. Культура прывілеяванага саслоўя Беларусі першай паловы XIX стагоддзя: 07.00.07 / Шыдлоўскі Сяргей Алегавіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. — Наваполацк, 2009. — 20 с. — Бібліягр.: с. 16-17 (9 назв.).

Юргевіч, Н. К. Культурнае будаўніцтва ў беларускай вёсцы (1944-1955 гг.): 07.00.02 / Юргевіч Наталля Казіміраўна; Беларус. дзярж. пед. ун-т імя М. Танка. — Мінск, 2008. — 25 с. — Бібліягр.: с. 20-22 (17 назв.).

Юрчак, Д. В. Белорусско-украинские отношения в 1991-2004 годах: 07.00.02 / Юрчак Денис Валерьевич; Белорус, гос. пед. ун-т им. М. Танка. — Минск, 2008. — 23 с. — Библиогр.: с. 19-20 (14 назв.).

Якубінская, А. Д. Традыцыйныя спосабы і сродкі сацыялізацыі дзяцей у беларускіх сялян у другой палове XIX — першай палове XX стагоддзяў: 07.00.07 / Якубінская Алеся Дзмітрыеўна; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы. — Мінск, 2009. — 22 с. — Бібліягр.: с. 18-19 (12 назв.).

Падрыхтавала Ніна Камарова

Выданні, атрыманыя рэдакцыяй

Снежня 1, 2009 |

Ворончук І. Родоводи волинської шляхти ХVІ — першої половини ХVІІ ст. (реконструкція родинних структур: методологія, методика, джерела). Київ: Вища школа 2009.

…Пачуць як лёсу валяцца муры: Памяці Генадзя Кісялёва. Укл. Л. Кісялёва і А. Фядута. Мінск: Лімарыус, 2009.

Ровдо В. Сравнительная политология: учеб. пособие в 3 ч. Ч. 3: Политическая система Республики Беларусь. Вильнюс: ЕГУ,2009.

Раманава І., Махоўская І. Мір: гiсторыя мястэчка, што расказалi яго жыхары. Вільня: ЕГУ, 2009.

Рублевская Л., Скалабан В. Время и бремя архивов и имен. Минск, 2009.

Чарнякевіч Ю. В. Атлас гаворак паўночна-ўсходняй Брэстчыны. Мінск: Тэхналогія, 2009.

East-Central Europe in European History. Themes & Debates. Ed. by Jerzy Kłoczowski and Hubert Łaszkiewicz. Lublin: IEŚW, 2009.

Fuhrmann R., Iselt G. Tannenberg 1410. Die Belagerung der Marienburg 1410. Berlin, 2008.

Gil A. W kręgu dziejów i kultury Kościołów wschodnich w Rzeczypospolitej. Siedlce, 2009.

Kosman M. Discernere vera ac falsa. Z badań nad manipulowaniem wiedzą o przeszłości. Poznań: UAM, 2009.

Kosman M. Kultura polityczna — kultura historyczna. Poznań: UAM, 2009.

Primum Vivere Deinde Philosophari. O ludziach czynu w dziejach Europy Środkowej i Wschodniej. Księga jubileuszowa dedykowana Profesorowi Janowi Rzońcy z okazji siedemdziesiątych urodzin. Pod red. M. Białokura i A. Szczepaniaka. Toruń: Adam Marszałek, 2009.

Die Reiche Mitteleuropas in der Neuzeit. Integration und Herrschaft. Liber memorialis Jan Pirożyński. Hg. von A. Perłakowski, R. Bartczak, Anton Schindling. Kraków, 2009.

Studia z dziejów i tradycji metropolii kijowskiej XII-XIX wieku / Studia i materiały z dziejów chrześcijaństwa wschodniego w Rzeczypospoliej, t. 5. Red. Andrzej Gil. Lublin: IEŚW, 2009.

Tauber J., Tuchtenhagen R. Vilnius. Kleine Geschichte der Stadt. Böhlau Verlag, Köln-Weimar-Wien, 2008,284 S.

Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. T. 32. Нью-Ёрк — Менск, 2009.

Соціум: альманах соціальної історії. Вип. 6 (2006), 7 (2007), 8 (2008).

Ab Imperio. 2009. № 2-4.

Hansische Geschichtsblätter. Jg. 127 (2009).

Кwartalnik Нistoryczny, 2009. № 1-4.

Studia Interkulturowe Europy Środkowo-Wschodniej. 2009/3.

Studia białorutenistyczne, 3. Lublin: UMCS, 2009.

Галоўная » Архіў катэгорыі '2009 Т.16 Сш. 2'