Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2010 Т.17 Сш. 1-2

Максім Макараў. Важнае даследаванне пра гарады Беларусі і Ўкраіны

Снежня 10, 2010 |


*Christophe von Werdt. Stadt und Gemeindebildung in Ruthenien: okzidentalisierung der Ukraine und Weißrusslands im Spätmittelalter und in der fruhen Neuzeit. Wiesbaden: Harrassowitz Verlag, 2006. 326 S.

Праца швейцарскага гісторыка Крыстафа фон Верта прысвечана вывучэнню тых зменаў, якія адбыліся ў жыцці местаў Украіны і Беларусі ў эпоху позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу. Згаданая тэма мае дастаткова багатую гістарыяграфію, аднак рэцэнзаваная кніга вылучаецца на фоне іншых урбаністычных даследаванняў маштабнасцю пастаноўкі пытання. Фактычна гэта першая спроба стварыць цэльны вобраз еўрапеізацыі местаў усходнеславянскіх земляў ВКЛ і Каралеўства Польскага ў рамках асобнай манаграфіі. Паспрабуем паказаць асноўныя палажэнні працы і пракаментаваць іх там, дзе, на наш погляд, неабходна зрабіць заўвагі.

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў, заключэння, бібліяграфіі і персанальна-геаграфічна-прадметнага паказальніка. Тэкставы матэрыял арганічна дапаўняюць некалькі дзясяткаў карт, табліц і графікаў. Першы раздзел працы (1–28) выконвае функцыю ўводзінаў. Аўтар вызначае геаграфічныя і храналагічныя рамкі даследавання, робіць неабходныя тэрміналагічныя заўвагі і агаворвае агульныя прынцыпы падачы матэрыялу.

Даследчыка цікавіць гістарычная прастора тых рэгіёнаў былой Кіеўскай Русі, якія, як састаўная частка ВКЛ і Каралеўства Польскага, у эпоху позняга Сярэднявечча і ранняга Новага часу развіліся ў пераходную зону паміж лацінскай і праваслаўнай Еўропай. На думку аўтара, гістарычнае значэнне ВКЛ і Каралеўства Польскага заключаецца менавіта ў тым, што гэтыя дзяржавы сваёй палітычнай прасторай пераадолелі канфесійныя структурныя межы і працяглы час выступалі ў якасці краін-мастоў паміж захадам і ўсходам Еўропы. Гэтыя межы страцілі сваю значнасць, і тэрыторыі на ўсход ад іх пачалі еўрапеізавацца (7). Геаграфічныя рамкі даследавання, такім чынам, ахопліваюць усе ўсходнеславянскія землі ВКЛ і Польшчы акрамя тых, якія ў пачатку XVI ст. адышлі да Маскоўскай дзяржавы (8–9).

Пры вызначэнні храналагічных рамак працы К. фон Верт арыентуецца на гістарычныя стадыі фармавання пераходнай зоны. Ніжняя мяжа — гэта другая палова XIV ст. У Чырвонай Русі актыўны працэс еўрапеізацыі (будова сеткі каталіцкіх біскупстваў і парафій, стварэнне сістэмы кіравання па польскіх узорах, шматлікія „лакацыі” паселішчаў на нямецкім праве) пачаўся пасля ўключэння ў склад Польшчы. Для ВКЛ адпраўной кропкай гэтага працэсу можна лічыць Крэўскую унію 1385 г. У якасці верхняй храналагічнай мяжы аўтар абраў падзеі сярэдзіны XVII ст., калі змянілася гістарычная парадыгма развіцця рэгіёна і адносіны да Расіі пачалі адыгрываць у ім вызначальную ролю. Войны гэтага часу прынеслі пераходнай зоне сапраўдную катастрофу і ператварылі ў попел большую частку местаў, якія тут існавалі (п. 1.2.2).

У тэрміналагічных заўвагах аўтар адзначае, што лацінска-праваслаўная пераходная зона ў асноўным адпавядае тэрыторыі сучасных Украіны і Беларусі. Аднак пры апісанні падзей XIV — першай паловы XVII ст. ён практычна не ўжывае гэтыя назвы, бо яны напоўніліся сучасным сэнсам пазней. Тэрмін Заходняя Расія як спадчына імперскай гістарыяграфіі, на думку К. фон Верта, таксама не падыходзіць. Таму ён паслядоўна называе рэгіён даследавання Рутэніяй (Ruthenia) — лацінскім адпаведнікам тэрміна Русь, што трывала замацаваўся ў англамоўнай гістарыяграфіі (п. 1.3). Такі падыход адпавядае асноўнаму прынцыпу даследчыка, які ўслед за Юліушам Бардахам заклікае разглядаць месцкія паселішчы ў рамках гістарычных рэгіёнаў, а не сучасных дзяржаўных арганізмаў (23).

Згодна са сцверджаннем аўтара, месты Рутэніі былі тымі пунктамі, на абшары якіх працэс фармавання пераходнай зоны пачаўся раней за ўсё. Пад уладай польскіх каралёў і вялікіх князёў літоўскіх рэгіён быў уцягнуты ў працэс культурнага трансферта ці, іншымі словамі, „еўрапеізацыі” Еўропы. Складовай часткай гэтай з’явы быў працэс рэцэпцыі мадэлі еўрапейскага камунальнага места, які стаў прадметам даследавання К. фон Верта. Пад тэрмінам рэцэпцыя даследчык разумее не аднабаковы ўплыў, скіраваны з захаду на ўсход, а працэс узаемаадносінаў паміж мадэллю „горада” („burgstadt”), якая засталася ў спадчыну ад Кіеўскай Русі, і тыпам сярэднееўрапейскага прававога места (22). Аўтар не паглыбляцца ў дэталёвы разгляд гісторыі асобных населеных пунктаў, бо ў гэтым выпадку яму неабходна было б выкарыстаць неапублікаваныя архіўныя крыніцы. Мэта яго працы — стварыць агульны агляд развіцця местаў рэгіёна, які б інтэграваў вынікі нацыянальных даследаванняў і зрабіў унёсак у заходнюю гістарычную навуку (23–24).

У раздзеле 2 (29–49) даследчык разглядае гістарыяграфію пытання і крыніцы, выкарыстаныя пры напісанні кнігі. Аўтар паслядоўна паказвае асноўныя дасягненні, недахопы і ідэалагічны падтэкст разыходжанняў прац нямецкіх, польскіх, расійскіх, беларускіх і ўкраінскіх гісторыкаў XIX — пачатку XXI ст. (п. 2.1). Пры гэтым ён падкрэслівае, што беларускія месты аказаліся вывучанымі лепш, чым месцкія паселішчы Украіны, бо ўкраінскія даследчыкі з самага пачатку разумелі мінулае сваёй краіны галоўным чынам як гісторыю казацтва (32–33).

Як адзначае К. фон Верт, яго праца грунтуецца пераважна на апублікаваных крыніцах (44). Найбольш багатым комплексам друкаваных матэрыялаў могуць пахваліцца Львоў і Полацк (для XV ст.), якім у гэтым сэнсе значна саступаюць Вільня, Кіеў, Віцебск, Магі лёў і іншыя месты. Правядзенне даследаванняў ускладняецца тым, што захавалася толькі нязначная частка ў пераважнай большасці позніх актавых кніг магдэбургій рэгіёна, а запісы кніг Метрыкі ВКЛ рэдка сягаюць часу раней за 1480-я г. Кепскі стан захавання дакументальнай спадчыны местаў Беларусі і Украіны змушае даследчыка пры апісанні значных адрэзкаў часу абапірацца амаль выключна на нарматыўныя крыніцы, якія паказваюць стан рэчаў, што існаваў у тэорыі, а не на практыцы (47–49).

Пры разглядзе крыніц К. фон Верт выказвае меркаванне, што ўсе найбольш істотныя дакументы па гісторыі местаў рэгіёна даследавання са складу Метрыкі ВКЛ ужо апублікаваныя (46). З гэтым сцверджаннем мы не можам пагадзіцца. Метрыка налічвае каля 600 актавых кніг пераважна вельмі значнага аб’ёму, і „глыбінныя” пласты гэтага фонду па-ранейшаму застаюцца вывучанымі слаба. У 2006–2007 г. намі былі прагледжаны ўсе кнігі запісаў і судных спраў Метрыкі, якія датуюцца часам да 1654 г. Пры гэтым быў выяўлены шэраг раней невядомых істотных матэрыялаў па гісторыі местаў Падзвіння (пацвярджальны прывілей Суражу на віцебскае права 1576 г. з дадаткам пастаноў, якіх няма ў апублікаваных версіях дакумента; сведчанне 1582 г. пра наданне віцебскага права Веліжу; прывілей Уле на магдэбургскае права 1648 г.; дэкрэт Жыгімонта Вазы 1611 г., які раскрывае рэальную сістэму выбараў полацкімі мяшчанамі канфесійных частак магістрата[1], і інш.). Матэрыялы, якія не датычылі гісторыі Падзвіння, намі ўвогуле не браліся пад увагу, і можна ўпэўнена сцвярджаць, што патэнцыял неапублікаваных кніг Метрыкі ў вывучэнні гісторыі местаў Украіны і Беларусі яшчэ далёка не вычарпаны.

У раздзеле 3 (51–151) К. фон Верт спрабуе прасачыць працэс урбанізацыі абшару Рутэніі згодна з яго падзелам на гістарычныя рэгіёны. Ён слушна адзначае, што ў Рутэніі наяўнасць нямецкага месцкага права не можа служыць выключным фактарам пры вызначэнні паселішча як места. Такім крытэрыем аўтар прызнае права населенага пункта на рынкавы гандаль (54).

Даследчык пачынае агляд з заходніх ускраін рэгіёна. Раней за іншыя землі ў працэс унутрыеўрапейскай каланізацыі ўключылася Чырвоная Русь. Сляды нямецкіх каланістаў і нямецкага права тут прасочваюцца з другой паловы XIII ст. І хоць першыя дакладныя звесткі пра наданне магдэбургскага права Саноку адносяцца да 1339 г., можна ўпэўнена сцвярджаць, што абшчыны на нямецкім праве існавалі ва Уладзіміры, Львове і Перамышлі задоўга да гэтай даты (56–58). Пасля ўключэння Чырвонай Русі ў склад Польшчы прывілеі атрымала большасць местаў рэгіёна. Мэтай польскіх манархаў была інтэграцыя далучаных земляў у склад каралеўства. Гэтаму служыла заснаванне новых местаў на нямецкім праве і яго наданне ўжо існуючым паселішчам. Пасля 1434 г., калі ў Чырвонай Русі было ўведзена польскае права, значна павялічылася колькасць мястэчак, заснаваных шляхтай (59–62). Па шчыльнасці размяшчэння месцкіх паселішчаў рэгіён хут ка зраўняўся з Польшчай, але так і застаўся тэрыто рыяй малых і вельмі малых местаў. Для сярэдзіны XVII ст. К. фон Верт асцярожна ацэньвае долю месцкага на сельніцтва Чырвонай Русі ў 25–30% (67–68).

Адметнасцю Падляшша, як адзначае даследчык, з’яўляецца тое, што ў XV ст. тут атрымала шырокае распаўсюджанне хэлмінскае права. У перыяды знаходжання рэгіёна ў складзе Мазовіі абшчыны на гэтым праве, якія ахоплівалі толькі каталікоў, з’явіліся ў большасці старажытнарускіх „гарадоў” Падляшша. Пасля 1444 г. разам са зменай дзяржаўнай прыналежнасці мазавецкая парадыгма развіцця местаў была заменена літоўскай. Вялікія князі пачалі надаваць месцкім паселішчам рэгіёна звычайнае для ВКЛ магдэбургскае права. Іх наданні адрасаваліся ўсяму насельніцтву места, што дазволіла адысці ад сегрэгатыўнай сістэмы і стварыць адзіныя месцкія абшчыны (72–73). Другой асаблівасцю працэсаў урбанізацыі Падляшша было тое, што нават у XVII ст. каралеўскіх местаў і мястэчак тут было значна болей, чым прыватных (74, 76).

Наступны гістарычны рэгіён Рутэніі, вылучаны К. фон Вертам, — гэта ВКЛ у межах пасля 1569 г. У адрозненне ад Чырвонай Русі і Падляшша ён не знаходзіўся ў прамым кантакце з лацінскай Еўропай. Акрамя таго, у складзе ВКЛ апынуўся шэраг былых сталіц старажытнарускіх удзельных княстваў з уласнымі прававымі традыцыямі (77).

У працэсах урбанізацыі ВКЛ даследчык умоўна вылучае тры асноўныя этапы. Першы з іх ён датуе часам ад Крэўскай уніі да смерці Вітаўта. Пасля заключэння уніі вярхоўныя ўлады ВКЛ імкнуліся зрабіць сваю краіну як мага больш падобнай да Польшчы. Менавіта гэтым можна патлумачыць наданне ў 1387 г. магдэбургскага права Вільні па прыкладзе Кракава. На думку аўтара, яно было намінальным, паколькі не ішло гаворкі пра аўтаномію і самакіраванне жыхароў сталіцы. Нямецкае права атрымалі таксама Бярэсце ў 1390 г., Горадня ў 1391 г., Коўна ў 1408 г. і Трокі да 1413 г. (80–81). Часта яно надавалася не ўсім жыхарам места, а толькі каланістам каталіцкага веравызнання, пры дапамозе якіх улады ВКЛ спадзяваліся ўзмацніць гаспадарчы патэнцыял дзяржавы. Адыход ад сегрэгатыўнай сістэмы пачаўся толькі пасля смерці Вітаўта (83–84).

Сумненні выклікае ўказаны даследчыкам год надання магдэбургскага права Горадні. Беларускі гісторык Ю. Гардзееў пераканаўча даказаў, што гэтая дата (якой мы таксама раней прытрымліваліся) з’явілася ў выніку гіс та рыяграфічнага казусу, а места на самай справе атрымала нямецкае права толькі ў 1496 г.[2].

Другая стадыя працэсаў урбанізацыі ВКЛ, паводле К. фон Верта, прыпала на перыяд панавання вялікіх князёў Казіміра і, асабліва выразна, Аляксандра Ягелончыкаў. Афармленне ўпрывілеяванага становішча шляхецкага саслоўя, перанос гандлёвых шляхоў і ўзрастанне эка наміч нага значэння местаў паўночнай часткі ВКЛ пасля захо пу Ноўгарада войскамі Івана III, узброеныя кан флік ты з Маскоўскай дзяржавай і фіскальныя ін та рэсы гаспадарскага скарбу былі тымі фактарамі, якія вы значалі месцкую палітыку ўладаў ВКЛ гэтага часу (91). Дзяржаўная адміністрацыя спрабавала ўзмацніць месцкія паселішчы як гандлёвыя і мытныя цэнтры і шчод рай рукой раздавала ім пры-вілеі, якія часта мелі для местаў свой кошт у выглядзе штогадовых аплат за карыстанне магдэбургскім правам (89). У ходзе другога этапу магдэбургскае права было занесена далёка на ўсход ВКЛ. Яго атрымалі Полацк (1498), Мінск (1499) і іншыя месты (91–92). Як адзначыў даследчык, прывілеі Аляксандра Ягелончыка Віцебскай (1503) і Смаленскай (1505) землям таксама можна разглядаць як месцкія, бо яны адрасаваліся ўсяму насельніцтву зямлі, у тым ліку і мяшчанам (91).

Трэці этап урбанізацыі ВКЛ, вылучаны К. фон Вертам, характарызуецца карэннай перапрацоўкай зямельных адносінаў і паўстаннем на ўсёй тэрыторыі дзяржавы густой сеткі мястэчак. Першыя звесткі пра інвестыцыі шляхты ў заснаванне паселішчаў гэтага тыпу датуюцца 80-мі г. XV ст. Але сапраўдны бум месцкай каланізацыі ВКЛ прыпаў на другую палову XVI ст. Ён адбываўся на фоне правядзення „валочнай памеры” (1557), якая спрыяла манетызацыі эканамічных адносінаў (п. 3.3.3). На думку аўтара, стварэнне сеткі гарадскіх паселішчаў было інтэгральнай часткай аграрнай рэформы, а вялікі князь і шляхта разглядалі мястэчкі перш за ўсё як сродак атрымання прыбыткаў (100).

Крыстаф фон Верт адзначае, што ў XVI ст. у ходзе рэфармавання зямельных адносінаў амаль усе буйныя дзяржаўныя месты ВКЛ атрымалі магдэбургскае права (на ўсходзе краіны гэты працэс адбываўся са значным спазненнем). У той жа час мястэчкі зазвычай не карысталіся месцкім правам. Толькі каля 7% „лакацый” у ВКЛ было звязана з наданнем магдэбургскага права (104). Згодна з ацэнкай аўтара, у сярэдзіне XVII ст. доля месцкага насельніцтва ВКЛ складала каля 15%, але ўсяго 20–30% мяшчан жыло ў паселішчах з колькасцю жыхароў больш за 1 тысячу чалавек (108).

Па словах К. фон Верта (106), ён змясціў усе найбольш значныя месты ВКЛ, якія да сярэдзіны XVII ст. атрымалі магдэбургскае права, на карце № 8 (105). Але прапанаваная карціна не можа быць поўнай без уліку местаў Смаленшчыны, якія ў першай палове XVII ст. былі пераведзены на нямецкае права. Застаецца толькі пашкадаваць, што аўтар цалкам вывеў Смаленскае ваяводства ВКЛ па-за геаграфічныя рамкі сваёй працы.

Апошні рэгіён Рутэніі, які, на думку даследчыка, быў зонай непрамых і другасных кантактаў лацінскай і праваслаўнай Еўропы, складаецца з трох гістарычных частак — Валыні, Украіны і Падолля (109).

Заходняе Падолле з Камянцом, які ў 1374 г. атрымаў магдэбургскае права, у канцы XIV ст. увайшло ў склад Польшчы. У XVI ст. тут паўстала сетка мястэчак, але ініцыятыва стварэння асноўнай іх часткі з прычыны пастаяннай небяспекі татарскіх набегаў сыходзіла ад дзяржавы (110).

Астатнія землі рэгіёна да 1569 г. знаходзіліся ў скла-дзе ВКЛ. К. фон Верт піша, што тут існавала значная колькасць паселішчаў гарадскога характару, аднак рэальнымі цэнтрамі гаспадарчага жыцця да пачатку XVI ст. былі толькі Луцк, Уладзімір і Кіеў (117–118). Нямецкае права пранікла на валынска-ўкраінскую прастору дастаткова рана. Вядома, што ў пачатку XIV ст. арганізаваная па заходніх узорах абшчына існавала ва Уладзіміры. У 30–40-я г. XV ст. структуры такога тыпу паўсталі ў Луцку (1432), Крамянцы (1438) і Жытоміры (да 1444). На думку даследчыка, у гэтых выпадках наданні нямецкага права былі звязаны з барацьбой паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам, якія спрабавалі перацягнуць на свой бок месты рэгіёна, але цяжка сказаць, у якой ступені новыя парадкі былі ўведзены ў жыццё. Адпаведна ў 1497 і 1494–1498 г. Аляк-сандр Ягелончык надаў магдэбургскае права Луцку і Кіеву (119–120).

Як адзначыў аўтар, на Валыні шляхта пачала ўкладаць сродкі ў стварэнне мястэчак яшчэ ў канцы XV ст. Пік актыўнасці ў гэтым накірунку прыпаў на гады да і пасля Люблінскай уніі, калі мясцовым феадалам неабходна было спыніць адток людзей у месты Польшчы, дзе апошнія асядалі на значна лепшых умовах (122–124). У сярэдзіне XVII ст. доля месцкага насельніцтва Валыні магла набліжацца да 30% (126).

У дачыненні да працэсу ўрбанізацыі Кіеўскага і Брацлаўскага ваяводстваў у першай палове XVI ст., вельмі слаба асветленага крыніцамі, аўтар выказвае меркаванне, што ён працякаў прыкладна так, як і на Валыні (126). Люблінская унія 1569 г. дала новы імпульс унутранай каланізацыі Украіны, але сама гэтая каланізацыя стала інструментам экспансіі магнатаў (136). Наданне нямецкага права ў 80–90-я г. XVI ст. Корсуні, Праяславу і Чыгірыну было звязана з неабходнасцю ўзмацнення абароназдольнасці неспакойных паўднёва-ўсходніх межаў Рэчы Паспалітай (128). Да асаблівасцяў працэсаў урбанізацыі Украіны К. фон Верт адносіць таксама наступныя з’явы: канцэнтрацыю насельніцтва ў мястэчках, што было адзіным спосабам выжыць ва ўмовах частых татарскіх набегаў, і сезонныя ваганні колькасці жыхароў месцкіх паселішчаў, размешчаных на мяжы са стэпам (132–133).

Аўтар прыходзіць да высновы, што ў сярэдзіне ХVII ст., калі ў асобных частках Нідэрландаў, Італіі, Францыі і Нямеччыны доля месцкага насельніцтва дасягала 50–60%, Рутэнія працягвала заставацца адным са слаба ўрбанізаваных рэгіёнаў Еўропы (151).

У раздзеле 4 (152–249) К. фон Верт спрабуе прасачыць развіццё камунальных інстытутаў і права местаў Рутэніі ў ходзе працэсаў урбанізацыі. Ён падкрэслівае, што гэтае пытанне не можа разглядацца выключна праз прызму распаўсюджвання нямецкага права на землі сучасных Украіны і Беларусі, бо тут на працягу стагоддзяў суіснавалі розныя гісторыка-генетычныя тыпы месцкіх паселішчаў (154). Услед за Юліушам Бардахам даследчык вылучае два асноўныя іх тыпы: 1) места без ці, дакладней, да надання магдэбургскага права („burgstadt”); 2) места на магдэбургскім праве (159). Варта адзначыць, што з пункту гледжання такіх універсальных крытэрыяў феномена места, як мультыфункцыянальнасць ці сацыяльная дыферэнцыяцыя насельніцтва, аўтар не знаходзіць прынцыповых адрозненняў паміж імі (254). К. фон Верт паслядоўна разглядае два „ідэальныя” тыпы і спрабуе адказаць на пытанне, ці існавалі ў Рутэніі так характэрныя для Заходняй Еўропы месты ў форме аўтаномнай камунальнай абшчыны (159–160).

Пад тэрмінам „burgstadt” даследчык разумее той гісторыка-генетычны тып места, які развіўся з пасялення купцоў і рамеснікаў пад сценамі „бурга” (гэта — старажытнарускі город ці польскі grod у атачэнні пасадаў). Пераход да раннемесцкіх формаў у такім сацыяльным арганізме адбываецца тады, калі паселішча перастае быць выключна дапаможным прыдаткам „бурга” і становіцца гандлёвым цэнтрам сваёй акругі (160). Да гэтага тыпу адносілася большасць местаў Рутэніі, што засталіся ВКЛ і Польшчы ў спадчыну ад Кіеўскай Русі.

Далей К. фон Верт спрабуе прасачыць эвалюцыю ўнутранага ладу „бургштата” ў XV ст. на прыкладзе канкрэтнага населенага пункта. На яго думку для вырашэння пастаўленай задачы лепш за ўсё падыходзіць дамагдэбургскі Полацк, які з’яўляецца тыповым „бургштатам” і можа пахваліцца адносна добрай базай крыніц гэтай эпохі. Акрамя таго, у Полацку дастаткова рана адбылося станаўленне абшчыны з выразнымі камунальнымі рысамі (163).

Даследчык адзначае, што рэгіянальны земскі прывілей гарантаваў Полацку шырокую аўтаномію ў складзе ВКЛ і абараняў традыцыйнае старажытнарускае адзінства „горада” і зямлі. Адрасатамі гэтага дакумента з’яўляліся не толькі баяры, але, безумоўна, з моманту вылучэння з масы свабоднага насельніцтва, і мяшчане Полацка. Аўтар падрабязна аналізуе змены і дапаўненні, унесеныя ў тэкст Полацкага земскага прывілея ў 30–40-я г. XV ст., і прыходзіць да высновы, што пасля гэтых рэдакцый дакумент прадугледжваў для мяшчан правы, падобныя да баярскіх (164–168). Сведчаннем паступовага вылучэння мяшчан Полацка ў асобную сацыяльную групу, на думку К. фон Верта, з’яўляецца тое, што ў 40–60-я г. XV ст. яны ў шэрагу выпадкаў вялі перапіску з уладамі Рыгі без удзелу баяраў (172).

Аўтар слушна падкрэслівае значэнне падзей 1463 г., звязаных з увядзеннем васковай пячаткі, у справе афармлення асобнай мяшчанскай абшчыны і выказвае меркаванне, што ў Полацку яшчэ да надання магдэбургскага права мог існаваць войт, які ажыццяўляў уладу і суд у сферы гандлю (172–173). Чарговы этап сацыяльнай дыферэнцыяцыі насельніцтва Полацка быў звязаны з падзеямі 1486 г., калі баяры перасталі браць удзел у выплаце агульных падаткаў і фактычна выйшлі з калектыву „бургштата”, а мяшчане і іншыя катэгорыі насельніцтва ў адказ на гэта пачалі вырашаць месцкія справы без іх удзелу (173–174). Такім чынам, як адзначае даследчык, на працягу XV ст. полацкія баяры (земляўласнікі) і мяшчане (купцы) паступова разыходзіліся паміж сабой у сацыяльным і прававым плане. У ходзе гэтага працэсу мяшчане пачалі ствараць такія сепаратныя інстытуты, як васковая пячатка, асобныя сходы, дзясятнікі (177).

З некаторымі акцэнтамі, расстаўленымі аўтарам у гэтай частцы працы, нам цяжка пагадзіцца. Так, К. фон Верт схіляецца да высновы, што ў выпадку з полацкім земскім прывілеем меў месца не працяг традыцыі заключэння палачанамі дамоваў з удзельнымі князямі, а першасная аднабаковая дэлегацыя ім суверэнітэту з боку вялікага князя Вітаўта (165). На наш погляд, даследчык недаацэньвае ролю традыцыі полацкай дзяржаўнасці. У любым выпадку, палітычна-прававая аўтаномія Полацкай зямлі ў складзе ВКЛ, гарантыяй якой быў прывілей, не можа разглядацца ў катэгорыях „падарунка” гаспадара сваім падданым. Вітаўт паслядоўна праводзіў палітыку цэнтралізацыі дзяржавы і не дзяліўся ўладай, калі для гэтага не было сур’ёзных прычын. Хутчэй за ўсё, дакумент, які ўтрымліваў і захоўваў асноўныя палажэнні полацкага права, мог з’явіцца ў выніку кампрамісу паміж вялікім князем і мясцовым грамадствам.

Аўтар не бачыць генетычнай сувязі паміж старажытнарускім вечам і агульнымі сходамі палачан літоўскай эпохі, згаданымі ў дэкрэце 1486 г. Ён невысока ацэньвае ролю такіх сходаў ва ўнутраным жыцці „бургштата” XV ст. (174–175). Сапраўды, у святле захаваных крыніц цяжка скласці пра іх цэльнае ўяўленне. Аднак пэўныя аналогіі можна знайсці ў вельмі падобным на Полацк дамагдэбургскім Віцебску. Да нашага часу дайшлі дзве ўхвалы (1531 і 1551), прынятыя віцебскім сходам-соймам, у працы якога ўдзельнічалі як баяры-шляхта, так і мяшчане. Яны былі складзены на полацкі ўзор і прысвечаны ўмовам утрымання землеўладальнікамі „пахожых” сялян[3]. Дакументы кнігі 228 Метрыкі ВКЛ сведчаць пра выкарыстанне Ухвалы 1531 г. і яшчэ аднаго мясцовага віцебскага закона (Ухвалы пра забарону захоўваць прыстасаванні для лоўлі баброў) у паўсядзённай судовай практыцы[4]. Пакінем пытанне пра пераемнасць паміж вечам і полацкім сходам XV ст., бо захаваныя крыніцы ўсё роўна не дазволяць выйсці за рамкі дапушчэнняў. Адзначым толькі, што абласны сход, які распрацоўваў і прымаў мясцовыя законы, мусіў адыгрываць ва ўнутраным жыцці места і зямлі значную ролю.

Далей К. фон Верт спрабуе прасачыць паходжанне інстытута войтаўства, які ў шэрагу „бургштатаў” Рутэніі з’явіўся задоўга да ўвядзення магдэбургскага права. Даследчык адзначае, што полацкі і віцебскі земскія прывілеі прадугледжвалі аўтаномны суд над мяшчанамі ў гандлёвых справах, і ў сувязі з гэтым звяртае ўвагу на па саду „гарадскога цівуна”, якая не ўваходзіла ў склад замкавай адміністрацыі. Існаванне такой пасады, на яго думку, было саступкай купецтву (182–183). Аўтар мяркуе, што войтаўства магло развіцца з цівунства, прычым каталізатарам афармлення гэтага інстытута сталі спецыяльныя патрэбы гандлёва-рамеснага насельніцтва (184). Заўвагі К. фон Верта адносна ролі цівуноў у жыцці Полацка вельмі істотныя, але зробленае ім абагульненне часткова грунтуецца на яўнай памылцы. На самай справе абедзве прыведзеныя ім цытаты пра „гарадское цівунства” (спас. 115, с. 182) паходзяць з тэксту прывілея Полацкай зямлі. У віцебскім прывілеі такая пасада ўвогуле не згадваецца[5]. Такім чынам, для дамагдэбургскага часу мы можам упэўнена казаць толькі пра існаванне цівунства ў Полацку і войтаўства (з 80-х г. XV ст.) у Віцебску.

Даследчык звяртае ўвагу на абмежаваны характар паўнамоцтваў войтаў дамагдэбургскіх местаў і адзначае, што яны вельмі рэдка станавілася выбарнымі органамі, легітымнасць якіх выводзілася не толькі ад вярхоўнай улады (186). Нягледзячы на гэта, такія войтаўствы з’явіліся падмуркам фармавання аўтаномных прававых акруг гарадоў Рутэніі (190).

Аўтар спрабуе акрэсліць, якім чынам у шэрагу „бургштатаў” развіліся асобныя мяшчанскія абшчыны і свае ўласныя сістэмы месцкага права. Яго ўвагу прыцягваюць Орша і Віцебск, дзе старажытныя парадкі ўтрымаліся да канца XVI ст.

Даследчык падрабязна разглядае прававое становішча насельніцтва дамагдэбургскай Оршы і адзначае, што ў 1559 г. тут адбылося аб’яднанне мяшчан у ка му ну, замацаванае прысягай удзельнікаў. Прычынай заключэння „саюзу” стала імкненне аптымізаваць кіраванне маёмасцю места ва ўмовах, калі значны аб’ём павіннасцяў негатыўна ўплываў на яго гаспадарчае жыццё.

Каб стабілізаваць становішча, мяшчане зафіксавалі на паперы крыніцы прыбыткаў сваёй абшчыны. Акрамя таго, грамада абрала войта і 6 прадстаўнікоў мяшчан, якія павінны былі распараджацца фінансамі і складаць справаздачы перад насельніцтвам (191–192). На думку аўтара, такая сістэма самакіравання была кардынальна зменена ў 1593 г. пры правядзенні ў Оршы валочнай памеры. Гаспадарскія рэвізоры прызначылі новага войта, які быў падпарадкаваны замкавай адміністрацыі, і чатырох сотнікаў. К. фон Верт піша, што ўстава 1593 г. цалкам пазбавіла войта судовых паўнамоцтваў і вывела з яго кампетэнцыі нават справы пра месцкія землі (195). Апошняе сцверджанне даследчыка з’яўляецца памылковым, бо ў тэксце дакумента гаворыцца літаральна адваротнае: „…межу на волокахъ къ месту помераныхъ, и застенковъ, и на сеножатехъ местскихъ, и о испашу, и о страву войтъ местский осудить”[6]. Войт павінен быў аддаваць палову судовых аплат велікакняскаму намесніку, але рашэнні ў падобных справах прымаў менавіта ён. Такім чынам, абмежаванне юрысдыкцыі войта, калі яно мела месца, было далёка не такім значным.

Даследчык звяртае ўвагу на тое, што праз год пасля атрымання магдэбургскага права (1620) аршанскія мяшчане склалі ўласны статут. Яго крыніцамі паслужылі нормы з судовай практыкі Кракава і Вільні, артыкулы Статута ВКЛ 1588 г. і ўласны вопыт аршанцаў. Дзейнасць мяшчан, на думку К. фон Верта, сведчыць пра жывучасць аршанскіх традыцый (196).

Далей аўтар пераходзіць да разгляду сістэмы месцкага права, якая склалася і функцыянавала ў Ві цебску. Ён адзначае, што віцебскі земскі прывілей прадугледжваў шырокі набор правоў для мясцовых баяр і мяшчан. Самі „местичи” — знак сацыяльнай і прававой дыферэнцыяцыі грамадства — з’явіліся ў Віцебску ў сярэдзіне XV ст., а ўжо ў канцы стагоддзя на чале іх абшчыны стаяў войт.

Паступовае разыходжанне інтарэсаў баяр і мяшчан прывяло да напружанасці ў адносінах паміж гэтымі сацыяльнымі групамі і вострага канфлікту 1541 г. (196–197). Аўтар выказвае меркаванне, што вярхоўныя ўлады ВКЛ зацвердзілі асобны статут для віцебскіх мяшчан яшчэ да 1555 г., але гэты дакумент не захаваўся і ніколі не быў апублікаваны (198). Даследчык аналізуе асноўныя нормы віцебскага месцкага права на падставе прывілеяў Суража (1570) і Улы (1577). Ён адзначае, што гэта права набыло ўстойлівыя формы і ў гатовым выглядзе імпартавалася ў іншыя месцкія паселішчы (198–199). К. фон Верт упэўнена гаворыць пра існаванне „ўласнага віцебскага месцкага права ці нават невялікай віцебскай сям’і месцкага права” (200).

Старонкі працы, прысвечаныя віцебскаму праву, пакідаюць прыемнае ўражанне. Аўтар добра разумее і апісвае сутнасць з’явы, але яго высновы ў некалькіх выпадках патрабуюць удакладненняў. Першае з іх тычыцца дакумента, які легітымізаваў уласную мадэль месцкага права ў самім Віцебску. Насуперак сцвярджэнню К. фон Верта, тэкст крыніцы захаваўся і быў некалькі разоў апублікаваны яшчэ ў дарэвалюцыйны час[7]. Гэта прывілей Жыгімонта Аўгуста віцебскім мяшчанам ад 6 чэрвеня 1561 г., які добра вядомы даследчыку (спас. 178, с. 198). Згаданыя вышэй прывілеі Суража (1570) і Улы (1577) былі створаны ў выніку перапрацоўкі і мадэрнізацыі тэксту гэтага дакумента[8].

Акрамя таго, у сваёй працы аўтар не закранае адной вельмі істотнай акалічнасці: тое, што галоўнай павіннасцю мяшчан на віцебскім праве была прэстыжная конная вайсковая служба. Да таго ж, у выпадку самога Віцебска вярхоўныя ўлады ВКЛ фактычна зраўнялі мяшчан у правах і абавязках з мясцовай шляхтай. Прывілей 1561 г. гарантаваў ім такія ж правы і вольнасці, „яко и князи, и бояре тамошъние <…> вживають”[9]. Можна сказаць, што віцебскія мяшчане, якія атрымалі амаль шляхецкі набор правоў, удзельнічалі ў працы мясцовага сходу-сойма і выконвалі рыцарскую службу, апынуліся нават у больш прывабных умовах, чым насельніцтва замкнутых у рамках аўтаноміі местаў на магдэбургскім праве. Бліжэйшай аналогіяй Віцебску другой паловы XVI ст. можа служыць прыклад польскага Плоцка, дзе ў 1237 г. мяшчанам былі нададзены правы мазавецкага рыцарства[10].

На думку К. фон Верта, насельніцтва „бургштатаў” Рутэніі паступова стала нагадваць заходняе мяшчанства. Там, дзе жыхары места атрымалі магчымасць распараджацца агульнай маёмасцю, з’явіліся камунальныя інстытуты, прызваныя кіраваць ёю, а ў Віцебску была створана нават уласная сістэма месцкага права. Аднак, як адзначае даследчык, пра камуналізм у „бургштаце” можна весці размову толькі часткова, бо тут не да канца вытрымліваюцца прынцыпы суверэнітэту і аўтаноміі мяшчанскай абшчыны ў адносінах да палітычнага і сацыяльнага атачэння (203–204).

Аўтар пераходзіць да разгляду магдэбургскіх местаў рэгіёна і спрабуе высветліць, у якім аб’ёме яны карысталіся камунальным суверэнітэтам. На прыкладах Магілёва, Кіева, Полацка і Львова ён намагаецца прасачыць, у якіх абставінах нямецкае права ўводзілася ў буйных местах Рутэніі і якімі элементамі камунальнага ладу характарызаваліся створаныя тут магдэбургіі (п. 4.3.1). Даследчык прыходзіць да высновы, што ў канцы XV — пачатку XVI ст. новыя парадкі ўваходзілі ў жыццё местаў Беларусі і Украіны з вялікімі цяжкасцямі. Спробы пашырыць суверэнітэт прававой мяшчанскай абшчыны на ўсю тэрыторыю места сутыкаліся з кансалідаванай пазіцыяй інстытутаў земскага кіравання, для якіх аўтаномія мяшчанства азначала матэрыяльныя страты, і актыўным супраціўленнем свецкіх і духоўных феадалаў, якія валодалі нерухомасцю на тэрыторыі „бургштата” (222).

Адносіны паміж абшчынай і ўладамі з’яўляюцца паказчыкам таго, у якой ступені яна здолела рэалізаваць свой камунальны суверэнітэт. У сувязі з гэтым пад пільную ўвагу аўтара трапляе пасада войта. Ён адзначае, што толькі асобныя магдэбургскія месты заходняй часткі Рутэніі здолелі так ці інакш паставіць войтаўства пад свой кантроль. На тэрыторыі Польшчы гэта ўдалося зрабіць мяшчанскім абшчынам Львова і Камянца-Падольскага, а ў ВКЛ — Камянца і Бельска (224–225). У большасці магдэбургій ВКЛ і Украіны пасада войта знаходзілася ў цеснай сувязі з органамі дзяржаўнага кіравання. Гэта было абумоўлена саступкамі на карысць велікакняскіх намеснікаў (Полацк, Віцебск) і неабходнасцю ўтрымання беспасярэдняга кантролю над насельніцтвам местаў, якія мелі важнае стратэгічнае і вайсковае значэнне (Дзісна, Бар). Даследчык нават лічыць магчымым казаць пра адметны „віленскі” тып войтаўства, шырока распаўсюджаны ў ВКЛ (226).

Для рэгіёна даследавання XIV — першай паловы XVII ст. К. фон Верт вылучае чатыры тыпы войтаўстваў. Першы з іх функцыянаваў у местах, дзе мяшчанская абшчына здолела інкарпараваць войтаўства, другі — дзе мяшчане мелі права прапаноўваць уладам кандыдатаў на гэтую пасаду, трэці — у паселішчах, дзе войт-шляхціч замяшчаў сабе лентвойтам, а чацвёрты — там, дзе гаспадарскія намеснікі ажыццяўлялі першасныя функцыі войта на ўмовах персанальнай уніі пасад (228–229). Аўтар прыходзіць да высновы, што магдэбургіі Рутэніі толькі ў асобных нешматлікіх выпадках здолелі рэалізаваць аўтаномію ў адносінах да ўладаў дзяржавы (229).

Даследчык таксама спрабуе вызначыць, у якой ступені магдэбургскія месты рэгіёна канстытуяваліся з боку саміх мяшчанскіх абшчын. Ён піша, што барацьбу мяшчан за свае прывілеі можна бачыць ужо на прыкладах Кіева і Полацка пачатку XVI ст. З другой паловы XVI ст. паходзяць звесткі пра вялікую зацікаўленасць саміх мяшчан у атрыманні адметнага прававога статусу. Просьбы да ўладаў дзяржавы пра наданне магдэбургскага права паходзілі ад мяшчанскіх абшчын Дзісны, Полацка (пасля 1579), Магілёва, Віцебска і іншых местаў (230–231). Такім чынам, у канцы XVI ст. магдэбургскае права стала не толькі інструментам велікакняскай палітыкі, але і аб’ектам, авалодаць якім намагаліся многія месцкія паселішчы (231). К. фон Верт таксама адзначае, што еўрапейскі прынцып „месцкае паветра робіць вольным” далёка не заўсёды выконваўся ў Рутэніі (п. 4.3.2.3), а шматлікія царкоўныя і шляхецкія юрыдыкі дэзынтэгравалі ўнутраную прастору местаў Рэчы Паспалітай (п. 4.3.2.4).

На думку даследчыка, галоўная прычына ўзнікнення цяжкасцяў пры ўвядзенні магдэбургскага права ў местах Рутэніі — тое, што тут пераважна мела месца не заснаванне новых паселішчаў, а пераўтварэнні ў старых цэнтрах з моцнымі ўласнымі традыцыямі (248).

Нягледзячы на асобныя заўвагі, кніга Крыстафа фон Верта заслугоўвае самай высокай ацэнкі. Аўтар упершыню ў гістарыяграфіі стварыў цэльны вобраз эвалюцыі ўнутранага ладу местаў былой Кіеўскай Русі, што апынуліся ў складзе ВКЛ і Каралеўства Польскага. Вельмі істотна тое, што змены ў жыцці местаў Украіны і Беларусі паказаны даследчыкам у кантэксце агульнаеўрапейскіх працэсаў урбанізацыі і ўнутранай каланізацыі.

Рэцэнзент выказвае падзяку Дзмітрыю Ходзьку і Наталлі Шаркуновай за дапамогу ў перакладзе кнігі з нямецкай мовы.


[1] Літоўская Метрыка. Спр. 56, арк. 89адв.–92; спр. 67, арк. 247адв. –248; спр. 125, арк. 330–331; спр. 292, арк. 261–262адв.
2 Гардзееў Ю. Заўвагі да праблемы даследаванняў гісторыі Гародні (на падставе выдання серыі „Памяць”. Гісторыка-дакументальная хроніка горада Гродна. Мінск, 1999) // Гістарычны альманах. 2002. Т. 6. С. 192–193.
3 Варонін В. Заканатворчая дзейнасць віцебскіх абласных з’ездаў у першай палове XVI ст. (на прыкладзе ўстаў аб „пахожых” сялянах 1531 і 1551 г.) // Парламенцкія структуры ўлады ў сістэме дзяржаўнага кіравання Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай у XV–XVIII ст. Мінск, 2008. С. 55–57.
4 Судебная книга витебского воеводы, господарского маршалка, волковыского и оболецкого державцы М. В. Клочко. 1533–1540 (Литовская Метрика. Кн. № 228. Книга судных дел № 9) / [публ. подгот. В. А. Воронин, А. И. Груша, И. П. Старостина, А. Л. Хорошкевич]. Москва, 2008. С. 69, 74, 359.
5 Макараў М. Ад пасада да магдэбургіі: прававое становішча местаў Беларускага Падзвіння ў XIV — першай палове XVII ст. Мінск, 2008. С. 155.
6 Літоўская Метрыка. Спр. 77, арк. 633; Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографическою Комиссиею. Т. 1. С.-Петербург, 1865. С. 253.
7 Витебская старина / сост. и изд. А. П. Сапунов. Т. 1. Витебск, 1883. С. 61–67; Любавский М. К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. Москва, 1910. С. 367–371.
8 Макараў М. Ад пасада да магдэбургіі… С. 85–91.
9 Тамсама. С. 91–93, 187.
10 Wyrozumski J. Dzieje Polski piastowskiej (VIII wiek — 1370). Krakow, 1999. S. 200, 202.
Наверх

Studia z dziejów Europy Wschodniej. Księga pamiątkowa dedykowana Profesorowi Arturowi Kijasowi w 70 rocznicę urodzin. Poznań, 2010 (Марцэлі Косман)

Снежня 9, 2010 |

Studia z dziejow Europy Wschodniej. Księga pamiątkowa dedykowana Profesorowi ARTUROWI KIJASOWI w 70 rocznicę urodzin / Pod redakcją GRZEGORZA BŁASZCZYKA i PIOTRA KRASZEWSKIEGO. Poznań: Wydawnictwo Poznań skiego Towa rzys twa Przyjacioł Nauk, 2010. 507 s.

Артур Кіяс замыкае спіс вучняў вялікага польскага медыявіста Генрыка Лаўмяньскага (1896–1984), звязанага з Віленскім універсітэтам, а з 1945 г. і да канца жыцця — з Познаньскім універсітэтам, якія атрымалі прафесарскія тытулы (апрача яго, такімі вучнямі, у храналагічнай паслядоўнасці, былі Ежы Ахманьскі, Марцэлі Косман, Станіслаў Александровіч і Марыя Барбара Тапольская). Усе яны, ідучы даваеннымі сцежкамі Майстра, зрабілі вялікі ўнёсак у вывучэнне гісторыі Літвы і Беларусі. Аўтарамі каштоўных доктарскіх дысертацый былі наступныя пяць вучняў Лаўмяньскага, сярод якіх двое займаліся падзеямі на тым самым абшары ў канцы Сярэднявечча — пачатку Новага часу.

Артур Кіяс пачаў займацца гісторыяй у 1965 г. з напісання магістарскай працы пад назвай „Справа Антонія Тызенгаўза ў свядомасці шляхецкіх мемуарыстаў”. Ступень доктара навук ён атрымаў у 1971 г. на аснове дысертацыі „Уласная гаспадарка феадала на Вялікай Русі ў XIV–XVI ст.”, а доктара габілітаванага — у 1983 г., абараніўшы дысертацыю пад назвай „Маянтковая сістэма ў Маскоўскай дзяржаве ў XV — першай палове XVI ст.”. Экстраардынарным прафесарам А. Кіяс зрабіўся ў 1994 г., ардынарным — у 2005 г. на падставе багатага навуковага даробку, які ўключае ў сябе больш як 200 публікацый, у тым ліку шэсць манаграфій — гэта, апрача вышэйпералічаных, „Палякі ў Казахстане”, „Палякі ў Расіі з XVII ст. да 1917 г. Біяграфічны слоўнік”, „Пецярбург — паштоўкі з гісторыі горада”, а таксама „Палякі ў Харкаўскім універсітэце ў 1805–1917 г.”. Тэматыка яго прац ахоплівае перш за ўсё часы ад Сярэднявечча да сучаснасці, а з тэрытарыяльнага пункту гледжання першае месца ў іх займае Усходняя Еўропа — Расійская імперыя і Беларусь, Украіна, Літва. Пра спадчыну даследчыка красамоўна гаворыць пералік яго публікацый за 1969–2010 г., які адкрывае кнігу. Ён налічвае 203 пазіцыі, але гэтая лічба падвоілася б, калі б асобна былі ўлічаны энцыклапедычныя артыкулы (а іх было шмат), залічаныя пад адным нумарам: напрыклад, 24 артыкулы пад № 16 (у 5-м томе фундаментальнага „Слоўніка славянскіх старажытнасцяў”), 28 артыкулаў пад № 27 (6-ы том таго ж слоўніка) ці 190 артыкулаў у „Лексіконе сусветнай гісторыі” (№ 118).

У напісанні зборніка ўдзельнічалі 32 аўтары, а амаль усе змешчаныя ў ім працы датычаць усходніх суседзяў Польшчы. Том адкрывае гістарыяграфічны тэкст, прысвечаны дыскусіі пра феадалізм у даўнейшай Маскоўскай дзяржаве і Вялікім Княстве Літоўскім. Чарговыя аўтары пішуць пра Наўгародскую феадальную рэспубліку ў XII ст. як „твор мастацтва”, легенду пра рымскае паходжанне ліцвінаў („Падарожжа Палямона і яго сыноў па Літве”), генеалогію ўвекавечанага ў „Патопе” Генрыка Сянкевіча роду Білевічаў, кнігі „Літоўскай метрыкі” як крыніцу па эканамічнай дзейнаскі каралевы Боны на Беларусі. Эпоху Рэчы Паспалітай замыкаюць тры тэксты, прысвечаныя дыпламатыі ў польска-расійскіх узаемаадносінах у часы Аляксея Міхайлавіча, а таксама ваеннай і эканамічнай разведцы на паўднёвым усходзе ў часы Станіслава Аўгуста.

Наступныя аўтары даследуюць XIX ст. — артыкулы асвятляюць культуратворчую ролю Вільні і Крамянца пасля заняпаду Рэчы Паспалітай, гісторыю палякаў у Баку, выдавецкія справы, праблемы верацярпімасці ў Санкт-Пецярбургу, працэсы эміграцыі з заходніх губерняў Расійскай імперыі ў Каралеўства Польскае пасля 1864 г., а таксама развіццё сістэмы адукацыі з XIV да канца XX ст. („Паміж Усходам і Захадам. Этапы раз-віцця асветы на Беларусі ў канфесійным і нацыянальным кантэкстах да 1991 г.”). Аўтар (Лешак Заштаўт) вылучае на працягу шасці стагоддзяў шэраг этапаў, пачынаючы з часоў канкурэнцыі паміж Вялікім Княствам Маскоўскім і Вялікім Княствам Літоўскім (потым Рэччу Паспалітай і Расіяй) аж да сучаснай эпохі. Зразумела, што ў рамках артыкула ён здолеў закрануць толькі асобныя пытанні і выкарыстаць толькі частку даступнай літаратуры. Сама ж тэма вымагае напісання грунтоўнай манаграфіі. Гэта дазволіла б паглыбіць праведзены аналіз, а таксама праверыць высновы наконт XVI ст. (роля Рэфармацыі) і далей, аж да цяперашняга часу. Працытуем адну з фінальных заўваг, якая адносіцца да нядаўняй мінуўшчыны і падтрымана думкай іншага даследчыка (Р. Радзіка): „Прыняцце расійскіх асабовых узораў і пашырэнне на Беларусі расійскай тоеснасці ў спалучэнні з даўняй гістарычнай традыцыяй усходняга хрысціянства, непрыхільнага ці адкрыта варожага да заходнееўрапейскай традыцыі, прывялі да таго, што беларуская тоеснасць — нягледзячы на фармальнае здабыццё незалежнасці ў 1991 годзе — па-ранейшаму знаходзіцца на перыферыі як палітычнага, так і культурнага поля” (192).

Цытаваны даследчык разважае над тым, у якім кірунку пойдуць перамены ў беларускай асвеце. Свае аптымістычныя надзеі ён асцярожна звязвае з нацыянальным адраджэннем, якое надыдзе пасля здабыцця дзяржаўнасці (беларусізацыя прозвішчаў, назваў адміністрацыйных пасад, рост ролі нацыянальнай мовы ў СМІ і літаратуры, а таксама яе дамінаванне ў адукацыі). Свае высновы ён завяршае пытаннем: „Ці паспрыяе гэта крышталізацыі і ўзмацненню беларускай нацыянальнай самасвядомасці так, як гэта адбылося ва Украіне? Пакуль што гэтае пытанне даводзіцца пакінуць без адказу”.

Палову аб’ёму кнігі займае XX стагоддзе.

Артыкулы, якія грунтуюцца на архіўных матэрыялах, прысвечаны пецярбургскаму перыяду ў біяграфіі знакамітага класічнага філолага Тадэвуша Зяліньскага, віленскаму аддзяленню Расійскага Імператарскага таварыства рыбагадоўлі і рыбалоўства, паасобным палітычным фігурам і падзеям. Апошнія даследаванні прысвечаны найноўшай гісторыі. Да іх належаць цікавыя развагі Анджэя Хвальбы наконт унутры- і знешнепалітычнай праграмы Міхаіла Гарбачова, яе ўвасаблення на практыцы і думкі, якая склалася пра гэтага палітыка ў былым СССР і за яго межамі. Сінтэтычны характар, грунтоўна падмацаваны статыстычнымі дадзенымі, мае даследаванне Уладзіміра Банусяка пра польска-расійскія эканамічныя ўзаемаадносіны ў 1992–2009 г. Анджэй Банусяк — таксама пры дапамозе грунтоўнай дакументальнай базы, пазычанай у інтэрнэце, — характарызуе сучасныя польскія асяродкі ў Расіі. Марэк Фігура, спыняючыся над палітычнымі дылемамі Кіева ў 2004–2010 г. („Украіна паміж Усходам і Захадам”), так завяршае свае развагі гістарычна-паліталагічнага характару: „У сярэдзіне 2010 г. можна <…> чакаць далейшага паглыблення ўкраінска-расійскага супрацоўніцтва, якое пацягне за сабой павелічэнне прысутнасці расійскага капіталу ва Украіне, аднак тое, як у канчатковым выніку складуцца ўзаемаадносіны паміж Украінай і Расіяй, надалей застаецца адкрытым пытаннем. На форму ж гэтых узаемаадносін можа аказаць свой уплыў і Еўрапейскі Саюз, які не павінен праяўляць абыякавасці да таго, што адбываецца ў яго найбліжэйшых суседзяў” (392).

Прэзентацыю каштоўнага зборніка, прысвечанага заслужанаму даследчыку гісторыі ўсходніх суседзяў Польшчы ў мінулым тысячагоддзі, завяршу высновай пра значэнне падобных памятных кніг для гістарыяграфіі. Значная іх частка дзякуючы ўдзелу ў іх напісанні знаўцаў мінуўшчыны займае трывалае месца ў навуковай літаратуры, асабліва калі такія выданні маюць профільны характар і ўносяць шмат новага з пункту гледжання як аналізу, так і сінтэзу. Зборнік „Даследаванні па гісторыі Усходняй Еўропы” несумненна належыць да такіх выданняў. Ён з’яўляецца пераканальным сведчаннем даследчай актыўнасці Познані і іншых польскіх навуковых цэнтраў гэтага профілю.

Познань

Марцэлі Косман

Między Odrą a Uralem. Księga dedykowana Profesorowi Władysławowi Andrzejowi Serczykowi. Rzeszów, 2010 (Марцэлі Косман)

Снежня 8, 2010 |

Między Odrą a Uralem. Księga dedykowana Profesorowi WŁADYSŁAWOWI ANDRZEJOWI SERCZYKOWI / Pod redakcją WACŁAWA WIERZBIEŃCA. Rzeszow: Wydawnictwo Uniwersytetu Rzeszowskiego, 2010. 599 s.

Прафесар Уладыслаў Анджэй Сэрчык — адна з найбольш выдатных постацяў сярод сучасных польскіх гісторыкаў. Паўднёва-ўсходнімі абшарамі першай Рэчы Паспалітай ён займаўся ад пачатку сваёй навуковай дзейнасці — пачынаючы з кандыдацкай („Магнацкая гаспадарка ў Падольскім ваяводстве ў другой палове XVIII ст.”) і доктарскай (на тэму „каліеўшчыны”) дысертацый. Перад шырокім колам чытачоў — прыхільнікаў гістарычнай трылогіі Генрыка Сянкевіча — У. А. Сэрчык паўстаў як аўтар выдатна напісаных кніжак пра казацкія паўстанні („На далёкай Украіне”, „На палаючай Украіне”), а таксама як навуковы кансультант знакамітага фільма „Агнём і мячом” у пастаноўцы Ежы Хофмана. Трывалае месца ў гістарыяграфіі заняла яго „Гісторыя Украіны”, выпушчаная ў вядомай серыі выдавецтва „Ossolineum”, перавыданні якой былі пашыраны і дапоўнены. Увогуле У. А. Сэрчык апублікаваў 38 кніг, 130 навуковых артыкулаў і амаль 240 газетных, а так-сама каля 100 рэцэнзій.

15 гадоў таму выйшаў з друку памятны зборнік, прысвечаны 60-годдзю з дня нараджэння навукоўца, пад назвай „З гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы”[1]. У яго напісанні ўдзельнічалі 34 аўтары. У кнізе, з якой мы знаёмім сёння і якая ўвекавечвае 75-годдзе з дня нараджэння вучонага і 50-годдзе яго навуковай працы, змешчаны тэксты 44 даследчыкаў — пераважна з жэшаўскага асяроддзя, а ў папярэднім зборніку рэй вяло беластоцкае: У. А. Сэрчык быў тады рэктарам тамтэйшага ўніверсітэта. Тэрытарыяльна першае месца ў новай кнізе займае Украіна, за ёй ідзе Беларусь; храналагічна ж пераважаюць тэксты, што датычаць XVI–XX ст. і апісваюць тагачасныя падзеі ў палітычным, культурным і эканамічным аспекце.

Пётр Урускі разглядае адгалоскі Уладзіміравага хрышчэння Русі ў старажытнарускіх крыніцах, тонкі знаўца царкоўных справаў Антон Мірановіч асвятляе пытанні, звязаныя з заснаваннем Тураўскай епархіі на Палессі. На шырокім сацыяльным фоне аналізуе паняцце уніі ў старапольскія часы знакаміты даследчык гісторыі дзяржавы і права Станіслаў Градзіскі. Наступныя аўтары пішуць пра каралеўскі прывілей для Трамбоўлі, пра няпростыя дылемы, што паўставалі перад Багданам Хмяльніцкім як дзяржаўным дзеячам, пра дыпламатычныя дасягненні Станіслава Бянеўскага. Пётр Борак, дасведчаны выдавец і каментатар літаратурных крыніц XVII ст., аддае сваю ўвагу паэзіі Яна Белабоцкага, а Тэрэза Хінчэўская-Хенэль — „Гісторыі грамадзянскіх войнаў у Польшчы” Альберта Віміна (1603–1667). Даследаванне, прысвечанае адлюстраванню казацкай і ўкраінскай тэматыкі ў польскім жывапісе — „Паміж эпапеяй, вяшчунствам і думкай”, — адзінае ў томе суправаджаецца ілюстрацыямі, неад’емнай часткай артыкула.

У XVIII ст. нас уводзіць артыкул пра Замойскі сі-нод 1720 г. (на гэтым прыкладзе паказваецца працэс лацінізацыі ўніятаў), потым — крыніцазнаўчы нарыс пра польска-ўкраінска-армянскія ўзаемаадносіны на Падоллі (дакументацыя ў выглядзе табліц), а завяршае гэты раздзел невялікі артыкул пра сялянскую гаспадарку ў касцельных уладаннях Браслаўскага дэканата.

Шэсць тэкстаў датычаць XIX ст., асабліва прафесараў і студэнтаў польскіх ды ўкраінскіх універсітэтаў Расійскай імперыі. Але хацеў бы звярнуць увагу на эсэ Януша Тазбіра „Штодзённае жыццё ў сялянскіх хатах”. Аўтар з характэрнай для сябе эрудыцыяй дае ацэнку такім розным паводле сваёй выразнасці крыніцам, прысвечаным ладу жыцця на вёсцы, узаемаадносінам паміж жыхарамі хат і памешчыкамі, якія ў сваіх мемуарах малявалі іх ледзьве не ідылічна. Падобную выснову я зрабіў, слухаючы выступленні былых шляхцічаў (праўда, не ўсе яны былі такія абмежаваныя) на навуковых канферэнцыях — яны жылі ў сваіх дварах, не бачачы навакольнай бяды. І самі за гэта пад час Другой сусветнай вайны паплаціліся. У апошнім сказе аўтар прапануе, каб у шляхецкіх музеях поруч з экспазіцыямі палацавай аздобы „знайшлося месца хоць бы для адной сялянскай хаты”.

Палова тэкстаў датычаць XX ст. (апошнія нават першага дзесяцігоддзя нашага стагоддзя) — гістарычнай традыцыі (у прыватнасці, святкавання 500-годдзя Грунвальдскай бітвы ў Кракаве, у якім актыўна ўдзельнічаў памянёны продак юбіляра, ці расійскіх урачыстацяў з нагоды стагоддзя бітвы пад Барадзіном), Першай сусветнай вайны і часоў міжваеннай Польшчы. Тэкст пра дзяржаўную прыналежнасць Вільні ў 1918–1920 г. уяўляе сабой цікавы ўнёсак у асвятленне так званай справы генерала Жалігоўскага. Сінтэтычны характар мае нарыс пра незалежную Украіну (1989–2009), які дапаўняе артыкул пра яе Вярхоўную Раду. Завяршаюць кнігу нататкі пра сучасную эміграцыю.

Гэты каштоўны том утрымлівае сінтэтычныя ацэнкі выбраных фрагментаў перш за ўсё гісторыі Украіны і Беларусі, а таксама шматлікія пазнавальныя аналітычныя тэксты, якія з’яўляюцца каштоўным унёскам у даследаванні мінуўшчыны і сучаснасці гэтых краін.

Познань

Марцэлі Косман


[1] Z dziejow Europy środkowo-wschodniej. Białystok, 1995. 424 s.

Гвагньïні, Олександр. Хроніка Європейської Сарматії / Упорядкув. та пер. з пол. о. Юрія Мицика. Київ, 2007 (Алесь Бразгуноў)

Снежня 7, 2010 |


ГВАНЬЇНІ, ОЛЕКСАНДР. Хроніка Європейської Сарматії / Упорядкув. та пер. з пол. о. ЮРІЯ МИЦИКА. Київ: Видавничий дім „Києво-Могилянська академія”, 2007. 1006 с.

Геапалітычныя працэсы канца ХХ ст., у выніку якіх на карце Еўропы з’явіліся новыя незалежныя дзяржавы, паставілі на парадак дня пытанне пра месца і ролю гэтых дзяржаў у сучасным свеце. Таму, як і нашы продкі ў эпоху Адраджэння, сёння мы непазбежна звяртаемся да мінуўшчыны, каб знайсці там гістарычную легітымацыю сваёй краіны і паказаць яе правапераемнасць у адносінах да дзяржаўных утварэнняў мінулых эпох. Не сакрэт, што ў сучаснай украінскай гістарычнай навуцы надзвычай пашырана канцэпцыя Украіны як пераемніцы (цалкам або часткова) Кіеўскай Русі. Падобны падыход назіраецца і ў беларускай непадцэнзурнай гістарычнай навуцы, дзе Вялікае Княства Літоўскае (рознымі даследчыкамі ў рознай ступені) трактуецца як старабеларуская дзяржава. Зразумела, што стварэнне падобных канцэпцый сучаснымі гісторыкамі было б практычна немагчымае без звароту да спадчыны гісторыкаў даўнейшых эпох, што разумелі ўжо старажытныя рымляне, заклікаючы заўсёды звяртацца ad fontes (да крыніц). Не меншае значэнне, аднак, мае і папулярызацыя спадчыны, закліканая паспрыяць фармаванню г. зв. нацыянальнага міфа ў шырокіх масах.

Сёння і ва ўкраінскай, і ў беларускай навуцы працэсы развіцця нацыянальных гістарычных канцэпцый адбываюцца больш-менш паспяхова. Складаней выглядае справа з папулярызацыяй набыткаў мінуўшчыны — у першую чаргу ў галіне гістарыяграфіі, і асабліва ў Беларусі. Здавалася б, прыхільнікі ідэі Беларусі-Літвы ў першую чаргу мусілі б звярнуць увагу зусім не на шырокавядомую „Хроніку” Мацея Стрыйкоўскага, а на напісаную з пазіцый ліцвінскага патрыятызму папярэдніцу — хроніку „Пра пачатак… слаўнага народу літоўскага, жамойцкага і рускага”. Аднак за выключэннем 2–3 ле тапісаў і ўрыўкаў з іх не маем ніводнага перакладу на сучасную беларускую мову тых аўтарскіх хронік, якія шырока бытавалі ў былым ВКЛ (Марцін Бельскі, Мацей Стрыйкоўскі, Аляксандр Гваньіні) і значна ўплывалі на многія сферы тагачаснага жыцця[1].

У гэтым сэнсе цяжка пераацаніць значнасць з’яўлення ўкраінскага перакладу знакамітай „Хронікі Еўрапейскай Сарматыі” Аляксандра Гваньіні (1534, Верона — 1614, Кракаў), выкананага айцом Юрыем Мыцыкам.

Выданне мае традыцыйную структуру і складаецца з уступу ад перакладчыка, самога тэксту перакладу, каментароў і дапаможнага апарату (іменны і геаграфічны паказальнікі). Падставай для перакладу паслужыла польскамоўнае выданне (1611) як найбольш поўнае ў параўнанні з яго лацінамоўнымі папярэднікамі (1578, 1581), крыніцай — асобнікі Цэнтральнага Дзяр-жаўнага гістарычнага архіва Украіны і Нацыянальнай бібліятэкі Украіны, а таксама ксеракопія страчанага асобніка Інстытута літаратуры НАН Украіны. Кніга багата ілюстравана выявамі партрэтных і батальных гравюр з хронікі 1611 г., прычым укладальнік (паколькі ў арыгінальным друку адны і тыя ж партрэтныя гравюры часам „суправаджаюць” розных гістарычных асоб) ажыццявіў іх сістэматызацыю па прынцыпе першага з’яўлення, адзначаючы месцы паўтарэння адпаведнымі спасылкамі.

Зразумела, што ў межах рэцэнзіі немагчыма ахапіць усе аспекты перакладу, а таму акцэнтуем увагу на найбольш значных, на наш погляд, момантах.

Уступ ад перакладчыка з’яўляецца выдатным узорам публіцыстычнага артыкула на гістарычную тэматыку. Аўтар не столькі падае запазычаныя ў розных даследчыкаў розныя біяграфічныя звесткі пра А. Гваньіні, колькі малюе партрэт тагачаснай эпохі. Маючы несумненны талент апавядальніка, а. Ю. Мыцык, разам з тым, вытрымлівае высокі ўзровень навуковай культуры і не імкнецца да паспешлівых высноў, хоць не заўсёды іх пазбягае, як, напрыклад, у сваіх развагах пра ІІ кнігу хронікі: „Сімпатыі Гваньіні адназначна на баку Літвы, за выключэннем тых момантаў, калі гаворка ідзе пра польскалітоўскі канфлікт” (17). Паколькі першыя дзве кнігі хронікі („польская” і „літоўская”) не толькі выяўляюць прамую залежнасць ад хронікі М. Стрыйкоўскага (таксама як 7-я — ад твораў „Запіскі пра Масковію” Ж. Герберштайна і „Пра норавы і лютае панаванне цара маскоўскага” А. Шліхтынга), але і пераймаюць яе стылістыку, складана гаварыць пра сімпатыі адназначна.

Несумненная заслуга шаноўнага даследчыка — аналіз пытання пра залежнасць хронікі А. Гваньіні ад іншых крыніц (найперш твора М. Стрыйкоўскага) і ступень яе самастойнасці. Зважаючы на тое, што сама хроніка М. Стрыйкоўскага ў многім мае кампілятыўны характар (падобны метад творчасці не з’яўляўся недапушчальным, паколькі паняцце аўтарскага права было адносным), прыведзеныя даследчыкам аргументы маглі б быць прызнаныя за слушныя: „Ягоны твор адрозніваецца ад хронікі Стрыйкоўскага таксама й структурна, змяшчае арыгінальныя высновы самога Гваньіні. Яшчэ большай аказваецца розніца паміж абедзвюма хронікамі, калі зрабіць параўнанне з польскамоўным выданнем твора Гваньіні 1611 г., якое значна шырэйшае па аб’ёме і змяшчае апісанне многіх падзей, што адбываліся ўжо пасля смерці Стрыйкоўскага!” (10). Падобнай аргументацыі пярэчыць адзін немалаважны факт, які згадваецца і ва ўсту пе: М. Стрыйкоўскі падаў пазоў супраць А. Гваньіні ў ка ралеўскі суд, і 14 ліпеня 1580 г. суд прызнаў рацыю М. Стрыйкоўскага. Аднак жа абвінавачанне заключалася не ў плагіяце, а ў прыўлашчванні рукапісу хронікі[2], што — іс тот на. Па ўсёй верагоднасці, гэта і паслужыла пры чынай, па якой А. Гваньіні спешна дапоўніў сваю лацінамоў ную хроніку і перавыдаў яе ў 1581 г. у Шпееры, а не ў Кракаве, як у 1578 г. І толькі ў 1611 г., калі М. Стрыйкоўскі, відаць, адышоў у лепшы свет, з’явілася самае поўнае, але ўжо польскамоўнае выданне. І, думаецца, невыпад ко ва рукапіс М. Стрыйкоўскага не адшуканы да сёння.

Ва ўступе адчуваецца моцнае жаданне аўтара прыдаць перакладзенаму ім твору ўкраінацэнтрычнасць, што апраўдана наяўнасцю ў „Хроніцы” значнага матэрыялу, датычнага ўласна гісторыі Украіны. Час ад часу, аднак, дазваляе ён сабе і забароненыя ў гістарычнай навуцы прыёмы. Нельга не падаць адзін з прыкладаў падобнага падыходу. Так, на с. 8 са здзіўленнем чытаем: „Як сапраўдны панегірыст Гваньіні апявае заслугі не толькі Льва Сапегі, але ўсяго роду Сапегаў, які, дарэчы, быў украінскім, але затым спаланізаваўся й акаталічыўся ў канцы XVI — на пачатку XVII ст., і сам Леў Сапега перайшоў з праваслаўя ў каталіцтва [падкрэсленне наша]. Характэрна, што ў канцы гэтага сказа не падаецца спасылка на крыніцу, якая пацвярджала б слушнасць такой думкі. (Хоць уступ поўніцца спасылкамі больш як на 70 крыніц, між іх марна шукаць прозвішчы А. Банецкага, Ю. Вольфа і У. Сямковіча, якія ў сваіх даследаваннях пераканаўча даказалі, што род Сапегаў пачаўся ад велікакняскага пісара ў 1440-я г. Сямёна Сапігі, які паходзіў з полацкіх баяраў.) Рызыкну выказаць меркаванне, што падобнай крыніцы папросту не існуе. Магчыма, справа як быццам бы ва ўкраінскай форме прозвішча Сапіга? Не было і пераходу Льва Сапегі адразу з праваслаўя ў каталіцтва, бо пад час навучання ў 1570–73 г. у Ляйпцыгскім універсітэце ён перайшоў з праваслаўя ў кальвінства, і толькі ў 1586 г. у каталіцтва, што адкрыла яму магчымасць заняць у 1589 г. пасаду канцлера Вялікага Княства Літоўскага.

Выклікае пэўнае пярэчанне і яшчэ адно безапеляцыйнае сцверджанне паважанага а. Ю. Мыцыка: „Невыпадкова львіная частка аб’ёму хронікі прыпадае на гісторыкагеаграфічнае апісанне ўласна Польшчы (кн. І), Літвы (кн. ІІ), РусіУкраіны, часткова і Беларусі (кн. ІІІ)…” (14). Па-першае, незразумела, чаму можна ўжыць назву Русь-Україна (у А. Гваньіні — Русь), а Літва-Беларусь (у А. Гваньіні — Літва) — не. У нашы дні наўрад ці хтосьці з сур’ёзных гісторыкаў будзе аспрэчваць, што паняцці даўнейшых Русі і Літвы, з аднаго боку, і сённяшніх Украіны і Літвы[3], з другога, не супадаюць. Па-другое, падобнай заяве пярэчыць і змест самой хронікі: так, у яе ІІ кнізе („Хроніка Вялікага Княства Літоўскага”) акрамя ўласна літоўскіх (у сучасным разуменні) земляў вялікая ўвага аддадзена і беларускім. У апісанні ваяводстваў ВКЛ асобна вылучаны звесткі пра наступныя павятовыя гарады (388–390): Вільня, Ашмяна, Вількамір, Брацлаў, Казня / Іказнь, Дрысвят (Віленскае ваяводства); Старыя Трокі, Гродна, Коўна[4], Ліда, Упіта (Ковенскае ваяводства); Менск, Кейданаў, Радашкавічы, Барысаў, Лагойск, Свіслач, Бабруйск, Адруцк (Менскае ваяводства); Наваградак, Слонім, Ваўкавыйск, Мсцібаў (Наваградскае ваяводства); Берасце, Пінск, Прыпяць (Берасцейскае ваяводства). Аднак Віцебскае, Полацкае і Мсціслаўскае ваяводствы (разам з Холмскай, Бэлзскай, Перамышльскай, Львоўскай і Галіцкай землямі, а таксама Валынню, Падоллем і Кіеўшчынай, с. 412–422) аднесены А. Гваньіні да кнігі ІІІ „Хроніка Рускай зямлі”. Узнікае пытанне: ці на думку перакладчыка тры вышэйназваныя беларускія ваяводствы — гэта таксама Русь-Украіна?

Як правільна адзначае а. Ю. Мыцык, „Хроніка” А. Гваньіні — неацэнны скарб для сучасных даследчыкаў. Асабліва сказанае датычыць 4-й („Хроніка Прускай зямлі”) і 7-й („Хроніка Вялікага Княства Маскоўскага”) кніг твора, першая з якіх з’яўляецца адной з вартых увагі крыніц па гісторыі Прусіі і Тэўтонскага ордэна, а другая мае неацэнную каштоўнасць праз свае апісанні нораваў, што панавалі ў Масковіі ў часы Івана IV Жахлівага (Грознага — у расійскай традыцыі). Зробленыя даследчыкам адносна 7-й кнігі высновы актуальныя не толькі для ўкраінскай, але і для беларускай гістарыяграфіі, таму дазволім сабе пашыраную цытацыю:

„Хаця ў расійскай гістарыяграфіі ёсць прыхільнікі даволі крытычнага погляду на дзейнасць Івана IV, яны заўсёды былі ў меншасці. <…> Расійская гістарыяграфія, як дарэвалюцыйная, так і савецкая й сучасная, моцна прасякнута вялікадзяржаўнай, а ў скрайніх формах нават джынгаісцкай ідэалогіяй, таму на першы план, як і ў ацэнцы дзейнасці Пятра І ці Сталіна, высоўваліся моманты, звязаныя з заваяваннем чужых земляў, прычым палітыка Масквы або Пецярбурга апалагетызавалася, і, наадварот, адкрыта замоўчваліся або абвяшчаліся „клеветой” галаслівыя факты знішчэння людзей, не толькі ў замежжы, а й сваіх; знішчэння помнікаў матэрыяльнай і духоўнай культуры. Гваньіні, як і іншыя тагачасныя мемуарысты і храністы (Шліхтынг, Штадэн, Таўбэ, Крузэ і інш.), пралівае святло на гэтую старонку гісторыі Маскоўскай дзяржавы, руйнуе міф пра яе нібыта культуртрэгерства, асабліва ў дачыненні да ўкраінскага і беларускага народаў” (27).

Даследчыкам беларускай даўніны асаблівую ўвагу варта звярнуць на раздзел „Спосаб арання і сяўбы ў тых ваяводствах Белай Русі, што мяжуюць з Вялікім Княствам Літоўскім і Масквой” (423–425), са зместу якога вынікае, што пад Белай Руссю ў дадзеным выпадку разумеюцца пскоўскія і паўночна-заходнія смаленскія землі. Патрабуюць атрыбуцыі і такія вершаваныя ўстаўкі, як апісанне разні палякаў у Маскве (671) або ўзяцця Смаленска 13 чэрвеня 1611 г. каралём Жыгімонтам ІІІ (673–676). Аўтарам першага верша, падпісанага крыптанімам S. R., на думку а. Ю. Мыцыка, быў паэт Паўло Пальчоўскі (25). Разам з тым добра вядома, што гэтым крыптанімам карыстаўся і Саламон Рысінскі. Аўтарам другога верша А. Гваньіні называе самога сябе: „А было тое так, як мы тут сцісла апісалі ў гэтых вершах” (673), што выклікае сумненні ў першую чаргу праз стылістыку твора — хутчэй за ўсё, А. Гваньіні папросту скарыстаў адзін з г. зв. баявых лісткоў („навін”), якія часта выдаваліся ў тую пару, асабліва пасля паспяховых бітваў:

Kto chce wzięcia istotnego / Хто хоча ведаць праўду
Dosiądz zamku smoleńskiego, / Пра ўзяцце смаленскага замка,
Przeczytay tę kartę małą, / Прачытай гэты маленькі лісток:
Masz figurę okazałą / Мецьмеш, чаго жадаеш.

Сумнеўна таксама, што А. Гваньіні валодаў польскай мовай у такой ступені, каб пісаць на ёй вершы[5]. Дарэчы, поўны варыянт гэтага верша хронікі, які знаходзіўся ў складзе рукапісу другой паловы XVII ст., апублікаваны сярод іншых польскамоўных твораў батальнай тэматыкі ў „Pamiętniku Literackim” (т. XII, № 2, 1913, с. 206–210). Тэкст верша ў хроніцы і ў часопіснай публікацыі супадаюць цалкам, аж да наяўнасці невялічкага празаічнага пасляслоўя (што праўда, у часопіснай публікацыі дзень захопу Смаленска аднесены да 18, а не да 13 жніўня). Словам, пытанне пра аўтарства патрабуе далейшага разгляду і навуковых росшукаў.

Пры ўсіх дадатных якасцях падрыхтаванага а. Ю. Мыцыкам выдання неабходна, аднак, канстатаваць і наяўнасць відавочных пралікаў. У першую чаргу сказанае датычыць дапаможнага апарату (каментары, паказальнікі імёнаў і назваў населеных пунктаў). Перадаючы ў перакладзе арыгінальную пагінацыю тэксту (па выданні 1611 г.), шаноўны навуковец, на немалое здзіўленне, паводле той самай пагінацыі ажыццяўляе і каментаванне, хаця логіка патрабуе каментара ў адпаведнасці з пагінацыяй украінамоўнага перакладу. Абраны падыход стварае для чытача пэўныя нязручнасці, ператвараючы пошук неабходнага каментара ў бясконцае перагортванне старонак і задаванне самому сабе пытання „Навошта?” Дзеля нагляднасці падамо адзін з прыкладаў.

Скажам, нас зацікавіла фраза „біля гори Кармель племінник Іродів був покараний ангелом” (с. 805 перакладу і, адпаведна, с. 62 Кнігі IX–X арыгінала). Паколькі ў самім тэксце перакладу нішто не ўказвае на прысутнасць каментара да гэтай пазіцыі, цікаўнаму чытачу застаюцца адно спадзяванні на яго наяўнасць. Адшукаўшы дзякуючы „Змісту” раздзел „Коментарі” (831) і знайшоўшы пачатак каментара непасрэдна да кнігі IX–X (924), толькі на с. 943 пад запісам „с. 62” чытач зможа, нарэшце, задаволіць сваю цікаўнасць. Відавочна, што перакладчык зэканоміў бы шмат часу і сабе, і іншым, калі б зрабіў каментар паводле агульнапрынятых прынцыпаў, падаючы канцавыя зноскі з іх нумарацыяй паводле кніг „Хронікі” (Кніга І. 1, 2, 3 і г. д.).

Ёсць і пэўныя недагляды, абдрукі. Калі верыць каментатару (942), адзін з рымскіх военачальнікаў, „пераможца” легендарнага Спартака — Марк Ліцыній Крас — пражыў 38 гадоў замест 62 (указаны 115–153 г. да н. э. [так!], замест 115–53 да н. э.). Вядома, гэта чыста тэхнічны абдрук, тым больш што шаноўны а. Ю. Мыцык ніжэй паведамляе пра заваёву Красам у 54 г. да н. э. часткі Месапатаміі. Аднак жа следам (946) на 16 гадоў „скарачае” жыццё выдатнага рымскага палкаводца Гнея Пампея (указаны 106–148 г. да н. э. [так!], замест 106–48 да н. э.).

Не заўсёды апраўданае і перанясенне ва ўкраінскі тэкст польскіх варыянтаў геаграфічных назваў: да прыкладу, Галація (924) — транслітарацыя старапольскага Galacya (ад лац. Galatia) — ва ўкраінскай мове больш лагічна было б перадаць з канчаткам асновы на -т: Галатія (бел. Галатыя). Слушнасць падобнага меркавання пацвярджаецца і Святым Пісаннем, а дакладней, „Пасланнем да Галатаў св. Апостала Паўла” (укр. Галатів; польск. Galatow пры Galacja). У адваротным выпадку незразумела, чаму назва грэцкай правінцыі Беотыі перадаецца як Беотія (865), а не Беоція (ст.-польск. Beocya, лац. Boiotia).

Зрэдку сустракаюцца і іншыя недакладнасці ў геаграфічных назвах. Так, гаворачы пра Хэлмінскую зямлю (871) і падаўшы нямецкі адпаведнік назвы яе сталічнага горада (Кульм), каментатар зблытаў Холм (Chełm, Люб лінскае ваяводства) з уласна Хэлмнам (Chełm no, у Ку яўска-Паморскім ваяводстве; даўнейшы Кульм).

Непаслядоўны ўкладальнік і ў перадачы асабовых імёнаў. Найбольш не пашанцавала ў гэтым плане вялікім князям літоўскім. Так, Міндоўг названы не толькі гістарычна задакументаванымі і наяўнымі ў творы А. Гваньіні формамі імя — Мендовг (Миндовг) (870) і Мендольф, Мендольфус (969), але і негістарычнай формай Міндаугас (969). Сказанае датычыць і імені Кейстут (Кестутис) (964). Можна было б успрыняць гэта як знак павагі да літоўскіх калег, калі б укладальнік датрымаў падобны падыход адносна іншых вялікіх князёў літоўскіх і побач з Альгерд, Вітень, Вітовт, Войшелк, Гедимін і г. д. падаў Альгірдас, Вітянис, Вітаутас, Вайшалкас, Гедимінас…

Зразумела, што вышэйназваныя недахопы можна патлумачыць прычынамі як аб’ектыўнага, так і суб’ектыўнага характару, яны могуць быць лёгка выпраўлены. Не падлягае сумненню і тое, што ў творы гістарыяграфічнага плана (а ў яго перакладзе — пагатоў) падобныя хібы непажаданыя, хоць і непазбежныя. Зробленыя заўвагі, вядома ж, не могуць паўплываць на высокую ацэнку ажыццёўленай украінскім даследчыкам працы, якую, на добры лад, павінен быў бы выконваць цэлы даследчы інстытут. Шаноўны а. Юры Мыцык як перакладчык зрабіў галоўнае — увёў у навуковы зварот і культурны дыскурс сваёй краіны выдатны твор сярэднявечнай гістарыяграфіі, што, несумненна, паслужыць добрым прыкладам для іншых даследчыкаў у іх цяжкай, але так неабходнай грамадству працы.

Хочацца верыць, што гэты дыхтоўны, перакладзены бездакорнай украінскай мовай і багата ілюстраваны том будзе прыхільна сустрэты ўкраінскай грамадскасцю і што ён — толькі адна з цаглінак у аднаўленні велічнага храма мінуўшчыны.
Мінск

Алесь Бразгуноў


Напрыклад, хроніка А. Гваньіні пад час шматлікіх войнаў Рэчы Паспалітай з Масковіяй адыгрывала вялікую прапагандысцкую ролю ў Еўропе.
Кавалёў С. Шматмоўная паэзія Вялікага Княства Літоўскага эпохі Рэнесансу. Мінск: Кнігазбор, 2010. С. 163.
У А. Гваньіні Літва і Жамойць фігуруюць асобна. Да Жамойці нават аднесены такія рэкі, як, Прыпяць, Свіслач, Вілія, Нараў і Буг! (с. 523).
Ковенскі павет у перакладзе памылкова названы Ровенскім.
Перакладчыкам хронікі на польскую мову быў Марцін Пашкоўскі, які мог зрабіць падобныя ўстаўкі па ўласнай ініцыятыве або па ўзгадненні з А. Гваньіні.
Наверх

Citko, Lilia. “Kronika Bychowca” na tle historii i geografii języka białoruskiego. Białystok, 2006 (Ігар Клімаў)

Снежня 6, 2010 |


CITKO, LILIA. „Kronika Bychowca” na tle historii i geografii języka białoruskiego. Białystok: Wydawnictwo Uniwersytetu w Białymstoku, 2006. 509 s.

Хроніка Быхаўца належыць да т. зв. беларуска-літоўскіх летапісаў, што ўзніклі ў XV–XVI ст., і лічыцца іх найбольш познім і цікавым помнікам, адметным сваёй сакавітай мовай і шэрагам унікальных гістарычных звестак. Уведзены ў навуку ў 1-й палове ХІХ ст., сёння рукапіс хронікі беззваротна страчаны (яго сляды губляюцца ўжо ў 1850-я г.) і вядомы толькі паводле адзінай публікацыі, здзейсненай правінцыйным гісторыкам-рамантыкам Т. Нарбутам у 1846 г. Нарбут быў вядомы як стваральнік фальсіфікатаў па гісторыі даўняй Літвы, таму і апублікаваная ім Хроніка спачатку выклікала падазрэнні ў сваёй сапраўднасці, але пазней яны былі абвергнутыя. Сам рукапіс уяўляе сабой транслітарацыю XVІІ ці XVІІІ ст. польскім пісьмом больш ранняга кірылічнага арыгінала (магчыма, 2-й паловы XVІ ці пачатку XVІІ ст.)[1], слядоў якога ў іншых крыніцах не адшукана (за выключэннем Хронікі М. Стрыйкоўскага, які, мяркуецца, карыстаўся спісам, блізкім да Хронікі Быхаўца, і шырока цытаваў яго).

Як ні дзіўна, такі важны летапісны помнік дагэтуль амаль не прыцягваў увагі лінгвістаў. У беларускім мовазнаўстве яму прысвечаны фактычна толькі адзін артыкул А. Жураўскага, які рознабакова, хоць і сціс-ла, акрэслівае моўныя асаблівасці летапісу[2]. Беларускіх даследчыкаў, напэўна, стрымлівала як адсутнасць арыгінала помніка, так і адметная ўкраінская афарбоўка арфаграфіі перапісчыка. Паказальна, што і цяпер беларускія мовазнаўцы абыходзяць маўчаннем на яўнасць украінскай арфаграфіі ў гэтым спісе[3]. Магчыма, у сувязі з гэтым Жураўскі заўважыў, што „мова помніка як асобная праблема спецыяльна ніколі не вывучалася”[4].

Недахоп у лінгвістычным вывучэнні Хронікі Быхаўца нарэшце ліквідавала капітальная мовазнаўчая манаграфія беларускай даследчыцы з Беласточчыны Ліліі Цітко. Яе праца ўяўляе сабой дэталёвы аналіз мовы выдатнага помніка разам з індэксам усіх яго словаформаў (266–321), а таксама публікацыяй тэксту (353–509) паралельна як ва ўжо вядомай лацінкавай версіі, так і ў кірылічнай рэканструкцыі, здзейсненай на падставе гэтай версіі самой даследчыцай. У сваёй рэканструкцыі яна адмовілася ад выкарыстання літар ѣ і ъ, што не перадаваліся польскім пісьмом, а літару ь ужывала толькі для пазначэння мяккасці (349–352).

Ва ўводным раздзеле (9–39) аўтарка абмяркоўвае структуру і канцэпцыю працы, падае кароткія агляды гісторыі ВКЛ і Случчыны, дзе, як мяркуецца, узнік помнік, нарыс моўнай сітуацыі ў краіне і развіцця кірылічнага пісьменства і старабеларускай літаратуры, а таксама беларуска-літоўскага летапісання. Яна акрэслівае (34–39) і папярэдні стан вывучэння помніка.

У наступным раздзеле (40–49) аналізуецца арфаграфія помніка з улікам даўніх прыёмаў перадачы кірылічнай графікі польскім пісьмом і яго магчымых уплываў пры транслітарацыі. Дарэчы, лацінкавае пісьмо помніка ў некаторых выпадках лепш адлюстроўвае рысы жывой мовы параўнальна з кірылічнай арфаграфіяй. Сярод іншых графічных з’яў разглядаюцца выкарыстанне вялікай літары, напісанні разам і асобна, а таксама памылкі пісьма.

У трэцім раздзеле даследуюцца фанетычныя і фаналагічныя рысы хронікі (50–81). У іх прысутнічаюць як іншамоўныя элементы (царкоўнаславянскія, польскія), так і ўсходнеславянскія дыялектныя рысы (пераход [’e] > [o], зацвярдзенне шыпячых, [r] і [c’], вымаўленне [γ], блытаніна літар w i ł (zabywzabył), u i w (y wbaczył), спецыфічнае старабеларускае еканне (kniażety, pamietay, petsot, baczeczy), прадстаўленае, аднак, у помніку не вельмі шырока, кантракцыя (hodny, druhi), пратэзы [v-], [h-], [j-], сляды гемінацыі і інш.). Сярод іх звяртае на сябе ўвагу пераход прасл. *ě як у [e], так і ў [i]: гук на месцы *ě перадаецца літарамі e, ie, i. Напрыклад, для слоў wera, werity суадносіны такіх напісанняў складаюць 5 / 1 / 8 (і 2 разы błahowirny, 1 раз bławerny). Хутчэй за ўсё, у арыгінале, які транслітараваў лацінкай перапісчык, на месцы *ě выступалі літары е ці ѣ, а ў яго маўленні — гук [і]. Відаць там, дзе перапісчык бачыў е, ён пакідаў гэтую літару, а ѣ замяняў на і. Дыскусійным застаецца ў такім выпадку значэнне літар ie пасля зычных — такое спалучэнне можа перадаваць [’e] ці нават нейкі дыфтонг кшталту [ie]. Іншая выразная з’ява помніка — зацвярдзенне зубных [t], [d], [p], [b], санантаў [l], [m], [n], [w]: dowodyt, dety ‘дзеці’, byty ‘быць’, mety / mity ‘мець’, pryity ‘прыйсці’, otpustył і інш. Напрыклад, інфінітыў ужываецца ў помніку амаль толькі з фіналлю -ty — 124 выпадкі супраць 3 выпадкаў фіналі -ti (s. 187), хаця і фіналь -t’ / -t адзначана 23 разы (188). Праўда, зацвярдзенне зубных [p], [b] і санантаў прадстаўлена ў многіх іншых пазіцыях (напрыклад, перад [e]) не вельмі надзейнымі напісаннямі: napered, teper, Pap(i)eża, peśni; bitw(i)e, Wołodymi(e)r і інш., якія могуць быць толькі фактамі арфаграфіі [неахайнасць перапісчыка, які прапускаў літару i перад галоснай (у спалучэнні ie), у т. л. у сярэдзіне слова: posyłaet (пры posyłaiet), upadywaet і інш., што даследчыца лічыць прыкладам кантракцыі (65), але гэта прасцей тлумачыць толькі як асаблівасць транслітарацыі]. Дарэчы, А. Жураўскі разглядаў выкарыстанне ў помніку польскай літары y замест кірылічнай літары и толькі як арфаграфічную асаблівасць хронікі (напрыклад, злучнік і амаль заўжды перадаецца літарай y)[5] і не звязваў гэта з украінскім уплывам. Тым не менш, наяўнасць такой вельмі выразнай з’явы як *ě > і некаторых марфалагічных асаблівасцяў дазваляюць бачыць у помніку ўсё ж зацвярдзенне зычных перад пярэднімі галоснымі, што ўласціва ўкраінскім гаворкам. Магчыма, перапісчык быў украінцам ці ўраджэнцам паўднёва-заходняй Брэстчыны, аднак гэта яшчэ не сведчыць пра ўкраінскае паходжанне аўтара твора. У той жа час у помніку прыкладаў акання адзначана няшмат (57), а выпадкаў дзекання ўсяго два (Dziawiłtowskim, widziaczy, 71), мала таксама і прыкладаў асіміляцыйнага аглушэння (dwanatcatoie, a-wet ‘а ведзь’ і інш., 78). Таму трэба дапускаць, што якраз яны разам з рэфлексам прасл. *ě > e былі ўласцівыя мове арыгінала, з якім працаваў перапісчык. Між тым, даследчыца падобнай высновы не робіць, цалкам адносячы мову помніка да беларускага паўднёва-заходняга дыялекту і звязваючы яе з заходнепалескімі гаворкамі (81, 200, 262–263)[6], хоць аўтар не мог быць адначасова носьбітам і тых і другіх гаворак.

Чацвёрты раздзел працы прысвечаны аналізу марфалогіі помніка (82–200), у якой пры панаванні ўсходнеславянскай стыхіі адзначаецца адметны царкоўнаславянскі ўплыў і слабы польскі. Даследчыца пільна апрацавала матэрыял па змяняльных часцінах мовы, падаўшы вынікі свайго аналізу ў выглядзе табліц з усімі прыкладамі і дэталёвымі (гістарычнымі і дыялектнымі) каментарамі да іх. У табліцах формы, узятыя з помніка, супастаўлены са старажытнаславянскімі формамі, што робіць асабліва нагляднай эвалюцыю марфалагічнай сістэмы. Яе асаблівасцю з’яўляецца: а) захаванне клічнага склону; б) трывалае выкарыстанне канчаткаў -омъ/-емъ у давальным склоне множнага ліку (городомъ, княземъ) і канчаткаў -охъ/-ехъ у месным склоне множнага ліку (на местцохъ, въ конехъ) для назоўнікаў асноў на ŏ- і jŏ-; в) спецыфічнае праяўленне катэгорыі адушаўлёнасці / неадушаўлёнасці (параўн. 119–120, 256), складванне якой яшчэ не завершана: у множным ліку вінавальны склон = назоўнаму склону (городы, пенязи, жены, дети і інш.), а вінавальны склон = роднаму склону толькі для асоб мужчынскага роду: пановъ, князей, людей, воеводъ, хоць мужы 3 разы — мужей 1 раз; г) канчаткі -ое/-ее ў родным склоне жаночага роду адзіночнага ліку для ад’ектыўных часцін мовы (тое, которое, своее, великое, пятое, хоць часам тут выступаюць і канчаткі -ой/-ей: do swoiej, bozskoy ‘боскай’); е) канчатак -мъ у 2-й асобе множнага ліку прэтэрыта (ведаемъ, бачымъ, возвратымъ ся), але ў імператыве з ім канкуруе канчатак -мо (poiedmo, zmowmo); 1-я асоба множнага ліку ўмоўнага ладу ўтвараецца толькі з дапамогай часціцы быхмо; ё) частковае захаванне формаў аорыста і сляды імперфекта ды перфекта (169–179), што абумоўлена традыцыйнай мовай летапісу; ж) прыслоўі адкуль, покуль — па 1 разе (пры звычайным одтол (-е, -я, -і), одколе). Некаторыя з гэтых асаблівасцяў (г, е, ж) характарызуюць марфалагічную сістэму помніка, куды перапісчык мог умешвацца мінімальна, як беларускую, а не ўкраінскую. Верагодна, уплывам украінскага маўлення перапісчыка абумоўлена з’яўленне ў давальным-месным склонах зваротнага і асабовага займеннікаў формаў собі / себі і тобі — 16 і 4 разоў (пры собе / себе і тобе / тебе — 13 і 10 разоў), а таксама пашырэнне ў назоўным склоне множнага ліку прыметнікаў канчатка -іі/-ыі (kniazi ruskij, wiernyi raby) пры наяўнасці тут канчатка -ие/-ые (kniazi ruskiie, panowie litowskije). Але канчатак -іі/-ыі можа быць толькі архаізмам, архаічнасць жа вельмі ўласцівая мове летапісаў.

Тэмы двух наступных раздзелаў манаграфіі Л. Цітко вельмі рэдка з’яўляюцца ў працах беларускіх мовазнаўцаў пры апісанні мовы канкрэтнага тэксту — гэ та аналіз словаўтваральнай сістэмы помніка і яго анамастыкі, вельмі багатай у летапісным творы. У пятым раздзеле даследчыца дэталёва аналізуе словаўтваральныя тыпы і фарманты (201–233). Матэрыял згрупаваны ёю паводле часцін мовы, катэгарыяльных значэнняў фармантаў і, нарэшце, паводле асобных фармантаў. У сваім аналізе лінгвістка нямала ўвагі аддае пытанню матываванасці- нематываванасці фармантаў, актыўнасці-неактыўнасці асобных спосабаў словаўтварэння і падзельнасці-непадзельнасці марфем. У шостым раздзеле аналізуецца ўсходнеславянская і літоўская антрапанімія і тапанімія помніка (234–253).

У заканчэнні (254–265) аўтарка падсумоўвае вынікі свайго даследавання ў галіне фанетыкі, марфалогіі, словаўтварэння і анамастыкі; асобны параграф складае вылучэнне рэгіяналізмаў у мове і вызначэнне польскіх уплываў (не вельмі моцных). Сярод рэгіяналізмаў хронікі можна адзначыць паслядоўнасць формы -ма ў творным склоне лічэбнікаў (двома, шестма, дванацатма, двадцатма, тысячма). Магчыма, гэтая і іншыя асаблівасці, адзначаныя вышэй, дазволяць у будучым больш дакладна лакалізаваць паходжанне аўтара хронікі.

Праца беларускай лінгвісткі з Польшчы дае вычарпальны аналіз мовы цікавага і малаладаследаванага да нядаўняга часу помніка. Вучонай можна хіба што параіць выкарыстоўваць дапаможнікі не толькі па беларускай дыялекталогі, але і па ўкраінскай таксама, асабліва калі яна ставіць сабе задачу вызначыць мясціны ўзнікнення хронікі. У „руськай” мове ВКЛ мяшаліся беларускія і ўкраінскія рысы, а ў арфаграфіі помніка, у дадатак, прысутнічае яскравы ўкраінскі ўплыў. Аднак такі ўплыў — яўна другасны, як было паказана ў дадзенай рэцэнзіі. Праца Л. Цітко выканана на самым высокім узроўні, у найлепшых традыцыях польскай школы гістарычнага мовазнаўства і, трэба спадзявацца, увойдзе ў набытак беларускай лінгвістыкі. Даследаванне будзе вельмі карыснае для беларускіх вучоных, а скла дзены Л. Цітко словапаказчык і зробленая ёю рэканструкцыя тэксту летапісу дапамогуць у далейшым вывучэнні беларуска-літоўскага летапісання.

Мінск

Ігар Клімаў


[1] Магчыма сам летапіс узнік у 1542–43 г., гл.: Морозова Н. К вопросу о времени создания Хроники Быховца // Slavistica Vilnensis. 2000. С. 137–141 (Kalbotyra, 49/2).
2 Жураўскі А. І. Хроніка Быхаўца // Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мінск, 1994. С. 596–598.
3 Так, у двух беларускіх водгуках на рэцэнзаваную манаграфію Л. Цітко ўвага на ўкраінізмы помніка ўвогуле не звернута (гл. рэцэнзіі Н. Паляшчук // Беларуская лінгвістыка. 2010. Вып. 65. С. 145–150 і М. Свістуновай // Веснік БДУ. Сер. 4. Фі лалогія; Журналістыка; Педагогіка. 2010. № 2. С. 91–92), а асаблівасці яго мовы акрэслены як рэгіяналізмы (Паляшчук, с. 148).
4 Жураўскі А. І. Op. cit. С. 598.
5 Жураўскі А. І. Op. cit. С. 597. Але ў польскім пісьменстве XVI–XVII ст. злучнік і часта перадаваўся празу.
6 Такія высновы падтрымліваюць і іншыя беларускія даследчыкі (напрыклад, Свістунова, с. 92).
Наверх

Seredyka, Jan. Kunigaikštytė ir plikbajoris: Zofija Radvilaitė-Dorohostaiska ir Stanisławas Tymińskis. Vilnius, 2010 (Марцэлі Косман)

Снежня 5, 2010 |


SEREDYKA, JAN. Kunigaikštytė ir plikbajoris: Zofija Radvilaitė-Dorohostaiska ir Stanisławas Tymińskis / [iš lenkų kalbos vertė VYTAUTAS DEKSNYS]. Vilnius: Vilniaus pedagoginio universiteto leidykla, 2010. 199 [1] p.

Ян Серадыка (1928–2008), знакаміты даследчык гісторыі XVII ст., сузаснавальнік апольскага гіс та-рычнага асяродку, рэктар Вышэйшай педагагічнай школы і гарачы энтузіяст ператварэння яе ва ўніверсітэт, нарадзіўся ў Мазовіі, адносна непадалёк ад межаў даўнейшага Вялікага Княства Літоўскага, на землі якога кінула сямнаццацігадовага падлетка ваенная віхура ўвосень 1945 г. Больш як пяць гадоў ён правёў у Пінску на Палессі, там зведаў цяжар непасільнай працы, там страціў брата, пра магілу якога клапаціўся да канца жыцця, дбаючы пра ўстаноўку на ёй надмагільнага помніка. Праз шмат гадоў ён здзейсніў сваю мару — наведаць краіну маладосці. У маім архіве зберагаецца касета з фільмам, знятым на відэакамеру пад час сплаву па Піне і Ясельдзе. Шмат гадоў мы размаўлялі з ім пра Пінск — ягоны (і Рышарда Капусціньскага) з часоў акупацыі, а таксама мой, з якім я меў магчымасць пазнаёміцца незадоўга да 1980 г. ды параўнаць яго вобраз са старымі крыніцамі, паўсталымі ў першыя дзесяцігоддзі савецкай улады, — перш чым спадар Ян падзяліўся са мной сваімі ўражаннямі ад згаданых адведзін на схіле жыцця.

На Беларусі яго сустрэла таксама ўсеагульнае прызнанне калег-даследчыкаў у сувязі з урачыстасцямі з нагоды чатырохсотгоддзя выхаду твора „Hippica, ці Кніга пра коней”, напісанага маршалкам ВКЛ Крыштафам Манвідам Дарагастайскім (1562–1615). Першае польскамоўнае выданне гэтай кнігі выйшла ў Кракаве ў 1603 г., чарговыя выданні датаваліся 1620, 1647, 1700, прыкладна 1730 і 1861 гадамі. Да юбілею было выдадзена старанна падрыхтаванае і прыгожа аздобленае перавыданне ў перакладзе на беларускую мову (з уключэннем рэпрадукцыі некалькіх старонак арыгінальнага выдання), у прадмове да якога Серадыка быў ушанаваны як знаўца пытання і аўтар кнігі, у якой памянёны гістарычны персанаж быў адным з трох галоўных герояў.

Згаданая кніга апольскага гісторыка была першай грунтоўнай манаграфіяй, прысвечанай Дарагастайскаму. Крыху пазней фрагменту яго біяграфіі прысвяціў сваю ўвагу дасведчаны спецыяліст у галіне старапольскай культуры Алойзій Сайкоўскі[1]. Але найвыдатнейшым знаўцам гэтай тэматыкі сярод даследчыкаў гісторыі Рэчы Паспалітай XVII ст. застаецца Ян Серадыка. Дзякуючы гэтаму даробку ён назаўсёды ўвайшоў не толькі ў польскую, але і ў беларускую, а таксама літоўскую гістарыяграфію. З ім кансультаваліся рэдактары мінскага перавыдання „Гіпікі”, ён сам быў надзвычай зацікаўлены працай, за якую яны ўзяліся, і быў запрошаны на ўрачыстасці, арганізаваныя ў родных мясцінах маршалка з нагоды своеасаблівай беатыфікацыі залічанага да выдатных сыноў беларускай зямлі „вялікага патрыёта” (азначэнне з прадмовы да памянёнага юбілейнага перавыдання).

Ян Серадыка вядомы перш за ўсё як даследчык старапольскага парламентарызму і панавання Жыгімонта III Вазы. Кніга ж, якая так зацікавіла беларусаў і літоўцаў, займае ў яго багатым даробку асаблівае месца. Ён сам адзначаў у прадмове да яе першага, арыгінальнага выдання: „Мае ранейшыя навуковыя інтарэсы ахоплівалі пераважна гісторыю Рэчы Паспалітай канца XVI — першай паловы XVII ст., з асаблівым акцэнтам на развіццё польскага парламентарызму. Бытавыя моманты я закранаў толькі павярхоўна. У маіх планах не было спецыяльных даследаванняў на гэтую тэму. Таму гэтая кніга з’явілася ў немалой ступені выпадкова. Яе задума ўзнікла ў той момант, калі, пераглядаючы ў варшаўскім Галоўным архіве старадаўніх актаў перапіску літоўскіх магнатаў, я быў заінтрыгаваны загалоўкам так званай цыдулы пры адным з лістоў Крыштафа Дарагастайскага, маршалка вялікага літоўскага ў 1597–1615 г., з якой адназначна вынікала, што жонка маршалка, Соф’я Радзівіл, здраджвала яму са Станіславам Тыміньскім, адным са шляхецкіх прыдворных Дарагастайскага”[2].

З таго моманту (а здарылася гэта недзе ў 1960 г.) мінула багата часу, перш чым апольскі даследчык распачаў працу над манаграфіяй, якая працягвалася шмат гадоў і запатрабавала асаблівай дапытлівасці і шматлікіх кансультацый (аўтар закрануў у сваім даследаванні больш як дваццаць айчынных і замеж ных шляхецкіх родаў). Плёнам, аднак, стала выдатная кніга. Чаму ж да Серадыкі ніхто не ўзяўся за рас працоўку такой удзячнай тэмы? А таму, што гэта запа тра бавала велізарнай працы, карпатлівых пошукаў у рас цярушаных крыніцах. Так з’яві лася самая асабістая кніга польскага гісто ры ка. З’яві лася і… ста ла чакаць публікацыі. Затрымка мела дзве прычыны — аб’ектыўную і суб’ектыўную. Першая была звязана з бягучым палітычным становішчам у Польшчы ў 1990 г. і… тагачаснымі прэзідэнцкімі выбарамі, на якіх была зарэгістравана ў якасці кандыдата і нават выйшла ў другі тур таямнічая постаць нейкага Станіслава Тыміньскага — цёзкі паводле імя і прозвішча таго самага палюбоўніка жонкі літоўскага маршалка з XVII ст.

Пэўна, для любога аўтара гэта была б ідэальная нагода для папулярызацыі сваёй кнігі, на што я ў свой час звярнуў увагу ў загалоўку прысвечанага Серадыкаваму твору эсэ[3]. Для любога, але не для Серадыкі, які вырашыў хоць трохі счакаць. Але ўлетку 1991 г. аўтара напатка ла цяжкая хвароба, якая на пэўны час выбіла яго з нармальнага рытму працы. Кніга выйшла з друку толькі ў 1995 г., але раней была прадстаўлена на навуковых паседжаннях у шэрагу акадэмічных асяродкаў Польшчы, у прыватнасці ў Познані і Торуні[4].

Аўтар грунтоўна ўлічыў гістарычны кантэкст, заглыбіўся ў выдатна знаёмыя яму таямніцы старапольскага заканадаўства і супаставіў тэорыю з практыкай. Прадмет яго ўвагі, вядома ж, — любоўны трыкутнік, але цэнтральнае месца ў ім заняў Дарагастайскі — у пэўным сэнсе ахвяра сувязі паміж жонкай і шляхцічам, якому ён давяраў. Падзеі разгортваюцца ў першыя гады XVII ст. Структура кнігі ўзорная з пункту гледжання дынамікі выкладу, як і належыць спрактыкаванаму выкладчыку ВНУ. Тэкст узбагачаны шматлікімі спасылкамі, якія адсылаюць да крыніц і літаратуры, а таксама шмат дзе дапаўняюць асноўны аповед.

Першы з шасці раздзелаў, уводны, мае назву „Dramatis personae”. У ім раскрываюцца вобразы Дарагастайскага і Радзівілаў. Дробнамаянтковы шляхціч Тыміньскі, відавочна, ніякіх звестак пасля сябе не пакінуў.

Раздзел II („Раман Соф’і і Станіслава”) апісвае хаду падзей, абапіраючыся на матэрыялы пазнейшага расследавання, праведзенага падманутым мужам. Шукаючы адказы на пастаўленыя пытанні, аўтар не толькі звяртаецца да юрыдычнай сферы, але і з веданнем справы аналізуе медыцынскія пытанні, у чым яму дапамаглі кансультацыі спецыялістаў, сярод якіх пачэснае месца заняў Збігнеў Куневіч, аўтар аналагічнай манаграфіі („Барбара Радзівіл”), а таксама метадалагічнага даследавання („Пра біялагічнае вымярэнне гісторыі”). Памяці менавіта гэтага вучонага Серадыка прысвяціў сваю кнігу пра княгіню і яе каханка. У гэтай працы навуковага характару не бракуе і белетрыстычных матываў, якія выдатна надаліся б якой аповесці або сцэнарыю мастацкага фільма. Мы маем справу з аўтэнтычнай літаратурай факта. У свой час, амаль чвэрць стагоддзя таму, я напісаў, што варта было б угаварыць Яна Серадыку выпусціць значна большым тыражом новую, „аблегчаную” версію кнігі пра гэты старапольскі раман, прыбраўшы з яе разгорнутыя спасылкі і да т. п.[5].

Пра дынаміку дзеяння і нарастанне драматургічнага напружання сведчаць загалоўкі чарговых раздзелаў: „III. Выкрыццё каханкаў”, „IV. Суд над Тыміньскім”. Назва чарговага, пятага раздзела («„Уз’яднанне” мужа і жонкі») вельмі трапна ўтрымлівае ў сабе двукоссе, таму што муж застаўся апанаваны недаверам і намагаўся пакараць здрадніцу, ад чаго яго стрымліваў толькі страх перад разгневанымі на яго Радзівіламі. Тыя выказвалі досыць слушныя прэтэнзіі, адзначаючы, што Дарагастайскі не быў такі прынцыповы ў выпадку з першай жонкай, калі нярэдка заплюшчваў вочы на здрады. Абвінавачвалі яго і ў тым, што сам ён уяўляў сабой далёка не ідэал у сямейным жыцці. Сапраўднае паяднанне адбылося праз нейкі час, калі абое сужэнцаў наблізіліся да магілы; пра гэта гаворыцца ў раздзеле VI „Так мінае людская хвала і драма”.

Першае і дагэтуль адзінае польскае выданне „Княгіні і бедняка” мела тыраж 1000 экзэмпляраў і выйшла ў сціплым, хоць для тых часоў і тыповым, графічным афармленні. Яно стала падзеяй — але толькі ў вузкім навуковым коле. Аўтар не паклапаціўся пра перавыданне, затое працягваў вывучаць біяграфію галоўнага, хоць і не названага ў загалоўку, героя кнігі. Ён апублікаваў некалькі артыкулаў — пра „выхаванне” жонкі Крыштафам[6], яго знаходжанне ў Ніжняй Сілезіі[7], завяшчанне[8] і ваенныя паходы[9], а таксама пра прававую культуру літоўскіх магнатаў[10]; яшчэ адзін тэкст быў падрыхтаваны ім да друку незадоўга да смерці ў сярэдзіне 2008 г.

Выдавецтва Віленскага педагагічнага ўніверсітэта апублікавала „Княгіню і бедняка” ў перакладзе на літоўскую мову тыражом 500 экзэмпляраў — высокім як для тамтэйшых рэалій. Да выдання была напісана змястоўная прадмова, прысвечаная аўтару і яго навуковай творчасці. Гэта прыгожы і да таго ж карысны жэст з боку віленскіх гісторыкаў дзеля ўшанавання памяці польскага даследчыка, спадчына якога ў значнай ступені датычыць гісторыі Вялікага Княства Літоўскага.

Ян Серадыка двойчы, у 1971 і 1972 г., ездзіў у Вільню у некалькімесячныя навуковыя камандзіроўкі. У гэтых паездках ён грунтоўна вывучыў фонды ўніверсітэцкай, акадэмічнай і Нацыянальнай (Рэспубліканскай) бібліятэк. Плёнам гэтых выездаў былі некаторыя артыкулы, шмат матэрыялаў знайшлі адлюстраванне ў чарговых яго кнігах; для польскага ж гістарычнага асяроддзя Серадыка падрыхтаваў і апублікаваў (рэдкасць для нашых часоў) грунтоўны дакументальны артыкул, упершыню прапанаваны на паседжанні секцыі сацыяльна-гістарычных навук Апольскага таварыства сяброў навукі[11]. Будучы ў Вільні, ён не толькі праводзіў час у бібліятэках. Вольныя хвіліны выкарыстоўваў для наведвання такіх блізкіх кожнаму гісторыку мясцін — ад Замкавай гары, Кафедральнай плошчы, Старога Горада да касцёлаў і цвінтароў (Роса, Бернардзінскія і Антокальскія могілкі). Ён таксама завязаў трывалыя кантакты з мясцовымі даследчыкамі. Яны далі свой плён у будучыні, і адной з праяваў гэтага стала кніга „Kunigaikštytė ir plikbajoris”.
Познань

Марцэлі Косман


Sajkowski A. Opowieści misjonarzy, konkwistadorow, pielgrzymow i innych świata ciekawych. Poznań, 1991. S. 223–236 (раздзел: Z Dorohostaj do Neapolu albo marszałka litewskiego doświadczenia nie tylko podrożnicze).
Seredyka J. Księżniczka i chudopachołek. Zofia z Radziwiłłow Dorohostajska — Stanisław Tymiński. Wydawnictwo Uniwersytetu Opolskiego // Studia i Monografie. № 225. Opole, 1995. S. 7.
Kosman M. Romans Tymińskiego // Przegląd Humanistyczny. R. XLI. № 5 (344). Warszawa, 1997. S. 173–177. Адсылаю таксама да абмеркавання беларускага выдання „Гіпікі” на старонках „Studiow Źrodłoznawczych” (т. XLVI, 2008, с. 198 і далей).
Гл.: Seredyka J. Zofia Radziwiłłowna. Z dziejow obyczajow na Litwie w okresie wczesnego baroku // „Sprawozdania Toruńskiego Towarzystwa Naukowego” za rok 1990. Toruń, 1990. S. 18–23.
Romans Tymińskiego… S. 176.
Instrukcje wychowawcze Krzysztofa Dorohostajskiego dla żony Zofii Radziwiłłowny // Duktem czasow. Księga pamiątkowa ku czci Profesora Mariana Kaczmarka. Opole, 1996. S. 291–303.
Krzysztof Dorohostajski na Dolnym Śląsku // Śląski Kwartalnik Historyczny Sobotka. R. 51, № 1/3. Wrocław, 1996. S. 350–356.
Testament Krzysztofa Moniwida Dorohostajskiego // Aere perennius. Profesorowi Gerardowi Labudzie dnia 28 XII 2001 w hołdzie. Poznań, 2001. S. 227–240.
Militaria Krzysztofa Moniwida Dorohostajskiego // Litwa w epoce Wazow. Prace ofiarowane Henrykowi Wisnerowi w siedemdziesiątą rocznicę urodzin. Warszawa, 2006. S. 355–371.
Kultura prawna magnatow litewskich w XVI i XVII wieku // Kultura polityczna w Polsce. T. II: Przeszłość i teraźniejszość. Poznań, 1996. S. 33–46.
Źrodła do dziejow Polski i Litwy okresu przedrozbiorowego w bibliotekach Wilna i Leningradu (Tekst referatu) // Sprawozdania Opolskiego Towarzystwa Przyjacioł Nauk. Seria A. Nr 10 (1973). Wrocław, 1974. S. 37–48.
Наверх

Скочиляс, Ігор. Релігія і культура Західноï Волині на початку XVIII ст.: За материяламі Володимирського собору 1715 р. Львів, 2008 (Сяргей Каўн)

Снежня 4, 2010 |

СКОЧИЛЯС, ІГОР. Релігія і культура Західноi Волині на початку XVIII ст.: За материяламі Володимирського собору 1715 р. Львів, 2008, 80 с.

Кніга Ігара Скачыляса „Рэлігія і культура Заходняй Валыні ў пачатку XVIII ст.: па матэрыялах Уладзімірскага сабору 1715 г.” створана на аснове вы-праўленнай і дапоўненай версіі ягонага ж артыкула. Улічваючы недастатковую распрацаванасць гісторыі ўніяцкай царквы апошняй трэці XVII ― першай чвэрці XVIII ст. ва ўкраінскай і беларускай гістарыяграфіях, існаванне шматлікіх стэрэатыпаў і састарэлых поглядаў на гэтую праблему, з выхадам гэтай кнігі можна звязваць яшчэ адзін крок у вывучэнні царкоўнай уніі.

Праца падзелена на 5 частак. Першая прысвечана праблеме „рускага ўніяцкага адраджэння” апошняй трэці XVII ― першай чвэрці XVIII ст. Аўтар імкнецца стварыць новую канцэпцыю развіцця культурных, сацыяльных і рэлігійныя працэсаў на ўкраінска-беларускіх землях Рэчы Паспалітай у вызначаны перыяд. Гэтая канцэпцыя, на думку аўтара, дазволіць перагледзець „чорную” легенду развіцця Украіны ў перыяд Руіны (1654–1687) і правесці параўнальны аналіз сацыякультурнага развіцця „Уніяцкай Украіны-Русі” і Гетманата (1687–1709) (5). Аўтар прапануе тэзіс пра „рускае ўніяцкае адраджэнне” як прадмову трыумфалізму Замойскага сабору 1720 г. Вызначальнай рэлігійнай парадыгмай гэтага перыяду, на думку аўтара, з’яўляецца маштабная мадэрнізацыя ўніяцкай царквы, арганізаваная вышэйшай царкоўнай іерархіяй. Для гэтага паспяхова выкарыстоўваліся практыкі канфесіяналізацыі, што зрабіла XVIII ст. „залатым часам” у развіцці ўні яц кай царквы (6–7). Першая частка завяршаецца падрабязным аналізам архіўнай крыніцы ― збору актаў епар-хі яльнага сабору ва Уладзіміры 13–15 кастрычніка 1715 г. (10–11).

Другая частка нарыса прысвечана арганізацыйнай структуры Уладзімірскай епархіі ў пачатку XVIII ст. (згодна з матэрыяламі Уладзімірскага сабору 1715 г.). Вельмі падрабязна на падставе крыніцы аналізуецца палажэнне Уладзімірскага крыласа-афіцыялата ў 1715 г. Вельмі карыснымі для гісторыкаў Беларусі будуць апісанне берасцейскай часткі Уладзімірскай епархіі (12–13), а таксама статыстыка Берасцейскага крыласа-афіцыялата за 1729 г. (17–18). Аўтар прыходзіць да высновы, што ўніяцкім епіскапам не ўдалося дамагчыся поўнага дамінавання над праваслаўем. Адбываліся вострыя канфлікты за цэрквы (напрыклад, у Кобрыне ў 1647 г. за царкву Нараджэння Багародзіцы), а ў Берасцейскім крыласе-афіцыялаце яшчэ ў XVIII ст. паспяхова дзейнічалі шматлікія праваслаўныя царкоўныя брацтвы, цэрквы і манастыры (18–19).

У трэцяй частцы даецца апісанне саборнай практыкі Уладзімірска-Берасцейскай епархіі да Замойскага царкоўнага сабору 1720 г. Асаблівую увагу аўтар аддае дзейнасці ўладзімірскага ўніяцкага епіскапа Льва Кішкі ў 1711–1714 г. і падзеям Уладзімірскага памеснага сабору 13–15 кастрычніка 1715 г.

Чацвёртая частка кнігі — аналіз рэлігійнай і культурнай праграмы „памеснага сабору” 1715 г. Уладзімірскі сабор правёў кадыфікацыю і ўніфікацыю літургічных абрадаў уніятаў, узмацніў кантроль царквы за сакраментальнымі практыкамі (царкоўнымі шлюбамі, споведдзю і г. д.), прыстасаваў для мясцовых умоваў культ святога Язафата Кунцевіча, які нарадзіўся ў мяшчанскай сям’і і правёў маладыя гады ва Уладзіміры, пачаў праграму хрысціянізацыі праз засваенне ўніятамі палажэнняў катэхізіса, мадэрнізацыю органаў царкоўнага кіравання і адміністрацыйнага кантролю, сацыяльнае дысцыплінаванне і працэс „цывілізавання” парафіяльнага кліру.

У апошняй частцы кнігі даследуюцца „правілы” новастворанай Уладзімірскай епархіяльнай семінаріі. Аўтар абгрунтавана даказаў, што інстытуцыйнай базай для новастворанай семінарыі была Уладзімірская базыльянская калегія. Падрабязна аналізуюцца і 12 параграфаў статута, у якіх фармуляваліся патрабаванні да кандыдатаў у семінарыю, духоўныя, канфесійныя і матэрыяльныя асновы адукацыі святароў, змест праграмы заняткаў і г. д.

Аўтар змясціў у дадатку шэраг дакументаў — „Дзеянні і правілы сабору Уладзімірска-Берасцейскай епархіі 13–15 кастрычніка 1715 г.”, што ўяўляюць каштоўную крыніцу па гісторыі ўніяцкай царквы на тэрыторыі Украіны. Дадатак складаюць 5 частак: 1) уступная і завяршальная формулы чына сабаравання; 2) „дзеянні” сабору; 3) рэестр цэркваў і духавенства Уладзімірскага крыласа-афіцыялата; 4) 20 правілаў сабору; 5) статут Уладзімірскай епархіяльнай семінарыі (12 параграфаў) (47–71). Шкада, што адсутнічае археаграфічны і палеаграфічны аналіз надрукаванай крыніцы.

Праца І. Скачыляса не пазбаўлена некаторых недахопаў. Да іх можна аднесці, напрыклад, не зусім дакладнае вызначэнне геаграфічнага зместу тэрміна „Заходняя Валынь”: у розныя часы тэрмін „Валынь” адносіўся да рознай па памерах тэрыторыі. Напрыклад, горад Луцк (радзіма рэцэнзента) у розныя часы належаў як да „Усходняй Валыні”, так і да „Заходняй Валыні”, таму пажадана ў нарыс уключыць геаграфічныя карты. Наўрад ці апраўданае выкарыстанне словазлучэння „сармацкая Рэч Паспалітая” без двукосся і тлумачэнняў (6). Шэраг палажэнняў аўтарскай канцэпцыі маюць выгляд працоўнай гіпотэзы і пабудаваны на „навуковай інтуіцыі” аўтара (7). Украінскі даследчык не выкарыстаў многія працы па гісторыі ўніяцкай царквы беларускіх гісторыкаў (напрыклад, доктара гістарычных навук прафесара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы С. В. Марозавай). Вывады, атрыманыя на аснове аналізу крыніц па гісторыі Украіны, могуць — толькі вельмі асцярожна — пераносіцца на гісторыю беларускіх земляў, і яны павінны быць або пацверджаны, або абвергнуты з дапамогай крыніц па гісторыі Беларусі.

Ігарам Скачылясам выканана важная праца па ўвядзенні ў навуковы зварот раней невядомай крыніцы, пададзены яе аналіз, сфармуляваны арыгінальныя (з апісаннем розных дыскурсаў і парадыгмаў) канцэпцыі развіцця ўніяцкай царквы ў апошняй трэці XVII ― першай чвэрці XVIII ст., што робіць яго кнігу прыкметнай пазіцыяй у гістарыяграфіі уніі, якая будзе запатрабавана і беларускімі гісторыкамі.

Мінск

Сяргей Каўн

Gordziejew, Jezy. Komisje Porządkowe Cywilno-Wojskowe w Wielkim Księstwie Litewskim w okresie Sejmu Czteroletniego (1789-1792). Kraków, 2010 (Цімафей Акудовіч)

Снежня 3, 2010 |


GORDZIEJEW, JEZY. Komisje Porządkowe Cywilno-Wojskowe w Wielkim Księstwie Litewskim w okresie Sejmu Czteroletniego (1789–1792). Krakow: Wydawnictwo Uniwersytetu Jagellońskiego, 2010. 352 с.

Беларускі гісторык Юры Гардзееў, вядомы як руплівы даследчык гарадзенскай гісторыі, які ўжо даўно жыве і працуе ў Кракаве, у 2010 г. надрукаваў у выдавецтве Ягелонскага ўніверсітэта працу, прысвечаную малавядомай старонцы апошніх гадоў існавання Рэчы Паспалітай — стварэнню і функцыянаванню парадкавых цывільна-вайсковых камісій.

У верасні 1788 г. у Варшаве распачаў дзейнасць вальны сканфедэраваны сойм, які пазней назавуць Вялікім, ці Чатырохгадовым. На сойме нечакана моцным фронтам выступіла антыкаралеўская апазіцыя. Ва ўмовах, калі вайсковыя сілы Расійскай Імперыі былі задзейнічаны ў Турцыі, у шляхты з’явіўся шанец на правядзенне шырокамаштабных рэформаў, якія ў выніку закранулі амаль усе сферы жыцця Рэчы Паспалітай.

Аднак ужо ў 1789 г. стала зразумела, што большасць прынятых на сойме рэформаў не рэалізуюцца, бо ў дзяржаве адсутнічаў эфектыўны адміністрацыйны апарат, які мог бы прыводзіць у дзеянне, ці прынамсі кантраляваць, выкананне тых ці іншых пастаноў сойма. Для вырашэння гэтай сітуацыі ў лістападзе 1789 г. шляхта ВКЛ прыняла праект аб стварэнні спецыяльных ваяводскіх і павятовых камісій, а пазней падобную пастанову прынялі і палякі[1]. Менавіта функцыянаванне гэтых камісій на тэрыторыі ВКЛ і разглядае ў сваёй працы Юры Гардзееў.

Як слушна заўважае аўтар у прадмове, тэма цывільна-вайсковых камісій да гэтага часу сур’ёзна не даследавалася ў навуковай літаратуры. Нельга сказаць, што названая тэма зусім прапушчаная навукоўцамі: у канцы ХІХ ст., у межах вывучэння Чатырохгадовага Сойма, да пытання парадкавых камісій звярталіся Тадэвуш Корзун, Валеры Калінка, шэраг публікацый выйшаў таксама ў 60–80-я г. ужо ХХ ст. Аднак грунтоўнага даследавання на падставе павятовых дакументаў, а не толькі соймавых пастаноў, пагатоў датычных менавіта тэрыторыі ВКЛ, яшчэ не было.

Аўтар ставіць сваёй мэтай прасачыць працэс кшталтавання і функцыянавання лакальнай адміністрацыі ВКЛ у часе Чатырохгадовага Сойма (9).

З прычыны шырокіх паўнамоцтваў і абавязкаў цывільна-вайсковых камісій аўтар засяроджваецца на тых галінах дзейнасці, якія былі найбольш актуальныя для саміх камісій: перапіс насельніцтва, мяшчанскае пытанне, па датковая палітыка і звязаныя з ёй пытанні сельскай гаспадаркі, а таксама праблема рэкрутавання войска.

Найбольшы комплекс крыніц, датычных парадкавых камісій, захаваўся ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, частка дакументаў знаходзіцца ў Гістарычным архіве Літвы і бібліятэцы імя Т. Урублеўскага ў Вільні. У першую чаргу гэта самі акты парадкавых камісій. Найлепш захаваліся акты наступных камісій: гарадзенскай, шчучынскай, пінскай, менскай, полацкай і аршанскай (усе ў гістарычным архіве ў Мінску). Пры гэтым амаль не захавалася карэспандэнцыі цывільна-вайсковых камісій. Некаторыя матэрыялы, прысвечаныя камісіям, былі знойдзены ў дакументах Чатырохгадовага Сойма. Частка матэрыялаў раскіданая па канцылярскіх і земскіх кнігах, а таксама ў перыядычных выданнях таго часу.

Асноўная частка працы складаецца з 6 раздзелаў, першы з якіх прысвечаны апісанню агульнага стану лакальнай адміністрацыі напярэдадні Чатырохгадовага Сойма, а таксама працэсу стварэння і структуры саміх парадкавых цывільна-вайсковых камісій. У наступных 5 раздзелах па чарзе разглядаецца дзейнасць камісій па захаванні публічнага парадку (раздзел 2), узаемадачыненне з гарадамі (раздзел 3), санітарна-гігіенічная і адукацыйная дзейнасць (раздзел 4), эканамічныя пытанні (раздзел 5) і вайсковыя (раздзел 6).

У пачатку першай часткі аўтар выстаўляе вельмі істотныя акцэнты: рэформы лакальнай адміністрацыі адбываліся ва ўсёй Еўропе цягам XVIII ст. у бок цэнтралізацыі. У Рэчы Паспалітай над гэтым пытаннем пачалі задумвацца толькі з прыходам на трон Станіслава Аўгуста Панятоўскага (18), але ўсе гэтыя працэсы да апошняга тармазіла шляхта і магнатэрыя вышэйшых органаў улады. І распачаць рэформы атрымалася толькі на Чатырохгадовым Сойме. Таксама аўтар коратка апісвае тыя праекты рэформы лакальнай адміністрацыі, якія існавалі яшчэ да Чатырохгадовага Сойма, а таксама генезіс прыняцця самой канстытуцыі „Komisje wojewodzkie i powiatowe Wielkim Księstwie Litewskim”. Аналізуючы сам дакумент, аўтар прыходзіць да высновы, што новаствораны апарат шмат якімі рысамі мусіў нагадваць заходнееўрапейскія сістэмы лакальнай адміністрацыі, але пры гэтым крытыкуе яго за бессістэмнасць, асабліва ў раздзеле, прысвечаным эканамічным пытанням.

Сярод іншага Ю. Гардзееў уступае ў палеміку з некаторымі польскімі гісторыкамі (у тым ліку Ю. Бардахам), якія лічылі, што ў склад камісій уваходзілі мяшчане. Аўтар не знайшоў ні аднаго мешчаніна сярод чальцоў камісій (41).

Даследчык падрабязна апісвае структуру стварэння і функцыянавання камісій: выбар кандыдатаў, функцыі асобных чальцоў, абмежаванні на заняцце пасады і іншае. Прычым робіць гэта не толькі на падставе „найвышэйшых” соймавых пастаноў, але і з актыўным выкарыстаннем лакальных дакументаў, і прыходзіць да высновы, што новая адміністрацыйная структура аказалася мадыфікацыяй старой, традыцыйнай мадэлі з элементамі новых еўрапейскіх распрацовак у гэтай сферы. Пры гэтым аўтар падкрэслівае, што цывільна-вайсковыя камісіі — гэта толькі пачатак у стварэнні новай сістэмы лакальнай адміністрацыі (52).

У наступных пяці раздзелах Ю. Гардзееў разглядае працэс рэалізацыі задач, пастаўленых перад цывільна-вайсковымі камісіямі соймам. Адно толькі пералічэнне тых задач можа выклікаць здзіўленне. У сферы працы з насельніцтвам чальцы парадкавых камісій мусілі: правесці поўны перапіс насельніцтва ВКЛ (па сутнасці, першы перапіс такога ўзроўню на нашых землях), арганізаваць штогадовы збор метрык у цэрквах і касцёлах для далейшага адсочвання статыстыкі, сістэматызаваць кошты на рэлігійныя паслугі, прымаць скаргі ад сялян і паспрабаваць забяспечыць спакой у паветах, дзе ў 1789–1790 г. узрушэнне сялян магло перарасці ў бунт. Да ўсяго гэтага на камісіі ўскладваўся абавязак па арганізацыі памежнага з Расійскай Імперыяй кантролю і інспекцыі вязніц.

У гарадах камісіі, будучы судамі першай інстанцыі, мусілі разбіраць скаргі мяшчан на яўрэяў, а таксама кантраляваць канфлікты паміж старастамі і мяшчанамі. Менавіта парадкавыя камісіі распрацавалі і ўпершыню ўвялі нормы пажарнай бяспекі ў беларускіх і літоўскіх гарадах. Справы па доглядзе за санітарнымі нормамі, стварэнне новых могілак і рэвізіі шпіталяў ляжалі на тых самых людзях.

Але асноўныя задачы парадкавых камісій палягалі ў сферы эканомікі і войска. Менавіта гэтыя камісіі мусілі заняцца рэгуляваннем коштаў у паветах, арганізацыяй рэкруцкіх набораў і пастою войскаў.

Неверагодна вялікі спіс задач для невялікіх камісій, сабраных, як адзначае аўтар, са звычайных павятовых шляхцічаў.

Аналіз кожнай з задач Ю. Гардзееў праводзіць пры-блізна па адной схеме: спачатку ён падрабязна апісвае сутнасць кожнай з задач, якая стаяла перад камісіямі, для чаго часта выходзіць далёка за межы храналагічных рамак (1789–1792), а пасля прапануе прыклады рашэння гэтых задач, зафіксаваныя ў актах цывільна-вайсковых камісій таго ці іншага павета. І ўрэшце робіць высновы аб эфектыўнасці рашэнняў у дачыненні да той ці іншай тэмы.

Спектр праблем, закранутых цывільна-вайсковымі камісіямі, быў настолькі шырокі, што кніга ўрэшце аказваецца зрэзам грамадска-палітычнага жыцця ў паветах ВКЛ у прамежку паміж 1789 і 1792 г. А гісторыі з актавых кніг парадкавых камісій, падабраныя аўтарам для аналізу дзейнасці гэтых камісій, настолькі жывыя, што часам падаецца, нібы чытаеш не навуковую манаграфію, а гістарычны раман.

Менавіта тут, магчыма, і ёсць адзіны момант, дзе можна трохі ўпікнуць аўтара: часам за аналізам ці ілюстраваннем эканамічных і сацыяльных пераўтварэнняў у паветах ВКЛ губляецца разуменне дзейнасаці саміх камісій. Хоць тут трэба прызнаць, што задача ў аўтара была няпростая, бо акрамя вельмі шырокага кола праблем, быў яшчэ адзін момант — павятовыя камісіі мусілі супрацоўнічаць з ужо існуючымі на вышэйшым узроўні Вайсковай, Скарбавай, Адукацыйнай і ін шымі камісіямі. Часта іх задачы поўнасцю супадалі, і та му раскрываць пытанне парадкавых камісій, не закранаючы іншых тэм, было б вельмі складана.

Яшчэ ва ўступе аўтар адзначае недахоп карэспандэнцыі, якая не дайшла да нас. І на самой справе, калі пастановы той ці іншай камісіі зафіксаваны ў спецыяльных актах, то выкананне гэтых пастаноў прасачыць можна далёка не заўсёды, што было б вельмі дарэчы для разумення эфектыўнасці новай структуры лакальнай адміністрацыі ў ВКЛ.

Працэсы, апісаныя ў кнізе, вельмі добра паказваюць адну з базісных прычын заняпаду Рэчы Паспалітай — адсутнасць цэнтралізаванага, прафесійнага выканаўчага бюракратычнага апарату, і як вынік — невыкананне рашэнняў Сойма на лакальным узроўні. Але з іншага боку даюць падставы казаць, што напрыканцы свайго існавання Рэч Паспалітая пачала рухацца ў правільным накірунку і ёй папросту не хапіла часу.

У сваім даследаванні аўтар асабліва часта звяртаецца да падзей, звязаных з Гарадзенскім паветам і самой Горадняй, што, відавочна, ёсць вынікам папярэдняй працы Ю. Гардзеева.

Падводзячы вынікі, аўтар пералічвае асноўныя недахопы функцыянавання новай лакальнай адміністрацыі, сярод якіх называе мінімальную персанальную адказнасць, слабыя структурныя сувязі з іншымі, у тым ліку вышэйшымі, органамі ўлады, адсутнасць спецыялізацыі. Аднак пры гэтым даследчык сцвярджае, што стварэнне цывільна-вайсковых парадкавых камісій — вялікі крок у развіцці і мадэрнізацыі адміністрацыйнай структуры на месцах.

Такім чынам, можна сказаць, што праца Ю. Гардзеева стала грунтоўным унёскам у даследаванні гэтай малавядомай, але вельмі істотнай тэмы апошніх гадоў Рэчы Паспалітай, а таксама пэўным „даведнікам” жыцця правінцый ВКЛ у пачатку 90-х г. XVIII ст.

Мінск Цімафей Акудовіч


[1] Першапачаткова камісіі называліся проста ваяводскімі і павятовымі, пазней з’явілася найменне парадкавыя цывільна-вайсковыя камісіі. У кнізе (і адпаведна, у рэцэнзіі) выкарыстоўваецца як першая, так і другая назвы.

Наверх

Раманава Ірына, Махоўская Ірына. Мір: гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары. Вільня, 2009 (Анджэй Екацерынчук)

Снежня 2, 2010 |


РАМАНАВА, ІРЫНА; МАХОЎСКАЯ, ІРЫНА. Мір: гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары. Вільня: Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, 2009. 247 с.

Мір, што фігуруе ў назве кнігі Ірыны Раманавай і Ірыны Махоўскай, — сёння невялікі гарадскі пасёлак у Гродзенскай вобласці, які, аднак, мае надзвычай багатую гісторыю. Менавіта яе раскрыццё і паставілі сабе на мэце даследчыцы. Але дасягнуць гэтай мэты яны вырашылі не традыцыйным для гісторыка спосабам — праз даследаванне дакументаў, а пры дапамозе жывых сведак і непасрэдных удзельнікаў колішніх гістарычных падзей.

Названы населены пункт адметны тым, што тут знаходзіцца замак XVI ст., у якім да Другой сусветнай вайны і прыходу савецкай улады жылі прадстаўнікі княскага роду Святаполк-Мірскіх. Наяўнасць у гісторыі Міра замка і княскага роду дагэтуль з’яўляецца прадметам гонару і падставай для пачуцця выключнасці сярод яго жыхароў. Дадавала славы Міру і тутэйшая ешыва (існавала ў 1815–1939 г.), славуты адукацыйны цэнтр для паслядоўнікаў іўдаізму з многіх краін Еўроры, а таксама Амерыкі і Афрыкі. Выключны каларыт наваколля прадвызначаў і этнічны склад мястэчка: тут мірна жылі беларусы, палякі, татары і яўрэі.

Гэтае багацце і з’яўляецца прадметам рэканструкцыі непаўторнай мікрагісторыі Міра аўтаркамі кнігі. Іх мэтай была не чарговая спроба раскрыцця „аб’ектыўнай ісціны”, а пошук рэспандэнтаў, здольных расказаць даследчыку мноства „суб’ектыўных ісцін”. Са статыстычных зводак і дакументаў акцэнт быў перасунуты на простых людзей. У аснове рэцэнзаванай працы ляжыць перакананне, што гэтыя суб’ектыўныя веды з’яўляюцца гістарычнымі фактамі не ў меншай ступені, чым падзеі, якія рэальна мелі месца. Сёння вусная гісторыя — адзін з найбольш папулярных напрамкаў гістарычнай навукі. Аргументам на карысць такой метадалогіі даследаванняў выступае той факт, што вусны слой гісторыі знаходзіцца пад пагрозай незваротнай страты разам з адыходам носьбітаў гэтых ведаў. Узятыя даследчыцамі інтэрв’ю — гэта гісторыя вачыма людзей, якія самі ніколі не перанеслі б яе на паперу. Аўтаркі зафіксавалі ўспаміны непасрэдных сведак і ўдзельнікаў падзей, якія адносяцца сама меней да трох, а то і чатырох перыядаў. Гэта гісторыя, якая ў адваротным выпадку ніколі не была б прадстаўлена шырокаму колу чытачоў. Некаторыя інфарматары не дачакаліся выхаду кнігі.

Кніга стала плёнам навуковых экспедыцый, якія пра водзіліся з ліпеня 2003 да ліпеня 2005 г. з удзелам студэнтаў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Была складзена спецыяльная анкета з выкарыстаннем двух метадаў вывучэння вуснай гісторыі: біяграфічны метад і праца па схеме „пытанне — адказ”. Даследаванне з’явілася камбінацыяй гэтых двух метадаў.

Даследчыкі наведалі кожны дом у гарадскім пасёлку Мір, у выніку чаго былі ўзяты 85 інтэрв’ю. Рэспандэнтамі ў пераважнай большасці сталі людзі, якія нарадзіліся ў 1910–1930 г. Яны далі згоду на публікацыю сваіх прозвішчаў, і гэты спіс можна знайсці ў канцы кнігі. Са браны такім чынам матэрыял няпроста паддаваўся аналізу. Аўтары даследавання распрацавалі віртуальную мадэль такога аналізу, паводле якой інфарматары, ні быта сабраныя ў адным месцы, апавядалі гісторыю мяс тэчка Мір, узаемна дапаўняючы адзін аднаго. На прак тыцы аналіз запісаных інтэрв’ю ажыццяўляўся наступным чынам: браўся фрагмент успамінаў аднаго з рэспандэнтаў і шукаліся дапаўненні ва ўспамінах іншых інфарматараў. Такім чынам быў ажыццёўлены свайго роду мантаж фрагментаў успамінаў паводле тэматычнага крытэрыя. Плёнам такой методыкі стаў зборны (калектыўны) аповед жыхароў Міра, рэканструкцыя прасторы іх штодзённага побыту на працягу некалькіх гістарычных перыядаў.

Заслугоўвае ўвагі тое, як аўтары справіліся з праблемай аналізу яўрэйскай памяці пра жыццё ў Міры. Па аб’ектыўных прычынах даследчыкі не мелі магчымасці апытаць яўрэяў, якія дажылі б у Міры да сёння, бо не ўдалося адшукаць ніводнага прадстаўніка гэтай супольнасці. Жыццё яўрэяў паказана ў кнізе з пункту гледжання беларусаў, палякаў і татараў. Вядома, такое адлюстраванне не можа быць тоесным карціне, намаляванай самімі яўрэямі. Імкнучыся кампенсаваць адсутнасць яўрэйскіх аповедаў пра мінуўшчыну Міра, аўтары кнігі скарысталі ўспаміны, лісты яўрэяў — былых жыхароў мястэчка — і апублікавалі іх у канцы кнігі ў якасці дадаткаў. Без іх праца, несумненна, страціла б каштоўнасць, стала б няпоўнай, фрагментаванай рэканструкцыяй гісторыі Міра.

Кніга складаецца з трох раздзелаў, кожны з якіх прысвечаны пэўнаму гістарычнаму перыяду. Яны маюць наступныя назвы: I. Мір „за польскім часам”, II. Другая сусветная вайна, III. Пасляваенны Мір. У трох згаданых раздзелах змешчаны аналіз шырокага эмпірычнага матэрыялу, назапашанага пад час экспедыцый. Неад’емную частку публікацыі складаюць таксама першакрыніцы, сабраныя пад адным загалоўкам „Дадаткі. Лісты і ўспаміны аб Міры”. Гэта перш за ўсё карэспандэнцыя і ўспаміны былых яўрэйскіх жыхароў Міра, перакладзеныя Ірынай Махоўскай на беларускую мову з англійскай і рускай.

Раздзел «Мір „за польскім часам”» складаецца з двух падраздзелаў, першы з якіх атрымаў назву „Штодзённае жыццё мястэчка”. Аўтары на падставе сабранага ад рэспандэнтаў матэрыялу здолелі дэталёва рэканструяваць тапаграфію міжваеннага Міра, што ўваходзіў тады ў склад другой Рэчы Паспалітай. Мы даведваемся пра назвы вуліц, месцазнаходжанне храмаў і найважнейшых устаноў — гміннай адміністрацыі, паліцэйскага ўчастка, дома культуры, школ, пра размяшчэнне крам, рэстаранаў, корчмаў, лазні, пра этнічнае паходжанне і прозвішчы іх уладальнікаў.

Аўтаркам кнігі на аснове ўзятых інтэрв’ю ўдалося дэталёва паказаць узаемаадносіны жыхароў Міра з тамтэйшай яўрэйскай грамадой. З гэтай часткі кнігі вынікае, што кожная з этнічных супольнасцей, якія насялялі Мір, спецыялізавалася на канкрэтнай сферы дзейнасці: напрыклад, крамамі, рэстаранамі, корчмамі апекаваліся галоўным чынам яўрэі, а коньмі гандлявалі цыганы. Аўтаркам праекта ўдалося таксама зафіксаваць успаміны жыхароў Міра аб „прафесіях”, якія незваротна адышлі ў нябыт, — бабках-павітухах і шаптухах. Асабліва цяжка пад час палявых даследаванняў здабыць інфармацыю пра апошніх, бо шаптухі знаходзяцца пад аховай своеасаблівага культурнага табу. З аналізу эмпірычнага матэрыялу вынікае, што ў той час асноўнымі заняткамі жыхароў Міра, з якіх яны жылі, былі, у першую чаргу, рамяство і земляробства. З першага падраздзела паўстае таксама маёмасная структура мястэчка і звязаныя з ёй побытавыя ўмовы жыцця насельніцтва. Да цікавых назіранняў адносіцца хоць бы тое, што „простым” людзям жылося ў той час дрэнна, а тым, хто слугаваў князю Святаполк-Мірскаму, — добра.

Асаблівую ўвагу аўтаркі кнігі прысвяцілі міжнацыянальным адносінам у даваенным Міры. Перад намі паўстае мястэчка, дзе яўрэі складалі больш за палову насельніцтва, а на некаторых вуліцах — і пад 90%. Побач з імі жылі беларусы, палякі і татары. Кожная з гэтых супольнасцяў культывавала свае традыцыі, прычым у вачах беларусаў, палякаў і татараў найбольш адрозніваліся ад усіх якраз яўрэі. Яны вылучаліся не толькі адзеннем, але і паводзінамі ды мовай. Вучні Мірскай ешывы між сабой гаварылі на сваёй мове, а з беларускім насельніцтвам — па-беларуску. Бела-русы ўспрымалі яўрэяў праз прызму матэрыяльнага становішча і прафесійных заняткаў апошніх. З прааналізаванага матэрыялу паўстае вобраз яўрэя як чалавека, які займаецца перш за ўсё гандлем ці рамяством і амаль ніколі не працуе на зямлі. У кнізе, аднак, можна знайсці інфармацыю і пра яўрэйскія сем’і, што знаходзіліся ў цяжкім матэрыяльным становішчы.

Неяўрэйскія супольнасці (асабліва беларусы) успрымалі яўрэяў у цэлым пазітыўна, хоць толькі яўрэі былі прадметам жартаў і кпінаў з боку астатніх груп. Яўрэі часцей за ўсё ўспрымаліся як „чужыя”. Заслугоўвае ўвагі той факт, што яўрэйская супольнасць мястэчка была найбольш ізаляваная ад астатніх. З аднаго боку, эмірычны матэрыял сведчыць, што беларускім рэспандэнтам імёны і прозвішчы яўрэяў было прыгадваць цяжэй, чым палякаў. З другога боку, як вынікае з прыведзенай у дадатках перапіскі выпускнікоў Мірскай ешывы, яўрэям найцяжэй запаміналіся прадстаўнікі польскай супольнасці, на чале з князем Святаполк-Мір -скім. У кнізе прыводзяцца прыклады прадузятых меркаванняў і негатыўных стэрэатыпаў пра яўрэяў, якія нібыта маглі быць забойцамі хрысціянскіх дзяцей, хоць тут жа прысутнічаюць і цалкам процілеглыя выказванні.

Зусім па-іншаму апісваюць беларускія жыхары Міра тамтэйшую татарскую грамаду, якая для іх была куды больш блізкая і зразумелая. Гэтыя дзве супольнасці яднала не толькі адна мова, але і род заняткаў ды лад жыцця. Падкрэсліваецца адсутнасць варожасці паміж беларусамі і татарамі, доказам чаго часта былі мяшаныя шлюбы. Татары атаясамліваліся з працавітасцю і з канкрэтнай прафесіяй — агародніцтвам.

Перад чытачом паўстае адметны вобраз беларуска-польскіх узаемадачыненняў, на шкоду якім ішла надта вялікая маёмасная розніца паміж польскім і беларускім насельніцтвам. Шкодзіла тут, на думку бе ла рускіх рэс-пандэнтаў, і тыповая польская пыха, якая ўспрымалася як самаўзвышэнне. З апісання польска-беларускіх узаемаадносін вынікае, што беларусы ў стасунках з палякамі схільныя былі акрэсліваць сябе не як беларусаў, а як „рускіх”. У процілегласць „сваім” татарам палякі ўспрымаліся як прыхадні, „чужыя”. Беларускія жыхары Міра згадваюць і пра ўзмацненне антыяўрэйскіх настрояў сярод часткі палякаў у другой палове 1930-х г.

З гэтага падраздзела мы даведваемся і пра тагачасную сістэму асветы ў мястэчку Мір, а таксама пра багацце культурнага жыцця тамтэйшай шматнацыянальнай грамады. Важную ролю ў культурным жыцці мястэчка выконвала пажарнае дэпо. Ёсць тут і ўспаміны, прысвечаныя рэлігійным, народным і дзяржаўным святам.

Вельмі цікавыя ўспаміны жыхароў Міра датычаць жыцця ў Савецкай Беларусі. Сабраныя матэрыялы дазваляюць аўтаркам меркаваць, што міране досыць добра ведалі пра становішча, якое панавала ва ўсходняй частцы Беларусі, але ж не заўсёды хацелі верыць весткам з-за ўсходняй мяжы. З успамінаў, змешчаных у гэтым падраздзеле, заслугоўваюць увагі фрагменты, што апавядаюць пра дзейнасць на тэрыторыі Заходняй Беларусі падпольных камуністычных арганізацый, якія распаўсюджвалі сярод беларускага насельніцтва станоўчыя меркаванні пра савецкую рэчаіснасць і паджыўлялі негатыўны вобраз палякаў у процілегласць „сваім” рускім. З прааналізаванага матэрыялу вынікае, што камуністычная агітацыя знаходзіла ў Міры дабратворную глебу.

Другая частка першага раздзела атрымала назву „Замак і маёнтак”. Яна цалкам прысвечана русіфікаванаму ў XIX ст. беларуска-польскаму княжацкаму роду Святаполк-Мірскіх, і ў першую чаргу асобе Міхала Святаполк-Мірскага, які сярод жыхароў мястэчка карыстаўся выключнай папулярнасцю. Адмоўна на гэтую папулярнасць уплываў той факт, што шляхі звычайнага жыхара Міра і князя перасякаліся вельмі рэдка. Магчымасць доступу ў маёнтак князя ўспрымалася мясцовымі жыхарамі ў катэгорыях вялікага прэстыжу, нават калі гэта датычыла княскіх слуг або парабкаў. Заўважым, што хоць жыхары Міра і князь жылі нібыта ў двух паралельных светах, але ж ён залічваўся ў катэгорыю „сваіх”. Відаць, гэтаму спрыяла тое, што, нягледзячы на валоданне некалькімі мовамі, з мясцовымі жыхарамі князь кантактаваў па-беларуску. Супольная мова і вера збліжалі князя ды праваслаўнае беларускае насельніцтва ў каталіцкай дзяржаве.

Другі раздзел пачынаецца падраздзелам, які атрымаў назву „Першыя Саветы”. Менавіта так старэйшыя жыхары Заходняй Беларусі яшчэ і сёння называюць перыяд пасля 17 верасня 1939 г. З прыведзеных у гэтай частцы аповедаў мы даведваемся, як выглядала ўступленне ў мястэчка савецкіх войскаў, як рэагавалі на гэтую падзею мясцовыя жыхары. Дзякуючы камуністычнай агітацыі прадстаўнікі савецкага боку ўспрымаліся як „свае”. Рэспандэнты адзначаюць, што савецкія войскі ўвайшлі як вызваленчыя сілы, якіх віталі з кветкамі і непрыхаванай радасцю. Зусім нямногія ўспрымалі гэты момант як пачатак вайны.

Цікавымі выглядаюць каментары рэспандэнтаў, якія апісваюць канфлікт паміж уяўным вобразам Саветаў і „жывым” савецкім войскам. Найбольшае здзіўленне жыхароў Заходняй Беларусі выклікала сціплае адзенне і рыштунак салдат Чырвонай Арміі; гэта было першым сігналам таго, як на самай справе жывецца ва ўяўным „раі” за ўсходняй мяжой. Ахвярамі агітацыі былі і чырвонаармейцы, якія не маглі зразумець, чаму польскае насельніцтва гаворыць на зразумелай рускім мове.

Кніга прыводзіць цікавыя сведчанні пра паводзіны яўрэйскага насельніцтва пасля прыходу Чырвонай Арміі. На думку рэспандэнтаў, пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР яўрэі занялі значную долю кіраўнічых пасад на розных узроўнях новай улады. Негатыўнае адценне набыло паўсюдна ўжыванае раней слова жыд. Савецкія ўлады прапагандавалі выкарыстанне замест яго эмацыянальна нейтральнага наймення яўрэй.

Іншай істотнай для рэспандэнтаў з’явай у той час былі рэпрэсіі савецкай улады супраць „варожых элементаў”. З аналізу эмпірычнага матэрыялу вынікае, што ў 1940 г. пачаліся высылкі ў Сібір, якія закранулі не толькі польскіх асаднікаў і чыноўнікаў, але і беларускіх „кулакоў”. Інфарматары таксама падрабязна апісваюць метады прымусовай калектывізацыі. Аўтаркі кнігі падкрэсліваюць, аднак, што большасць рэспандэнтаў пазітыўна паставіліся да змен, якія адбыліся пасля далучэння іх земляў да БССР, асабліва да замены афіцыйнай польскай мовы ў дзяржаўных установах і сістэме адукацыі беларускай ды рускай мовамі.

З другой часткі другога раздзела („Штодзённае жыццё ў часы нямецкай акупацыі”) вынікае, што ў свядомасці большасці беларускіх рэспандэнтаў вайна пачалася толь кі 22 чэрвеня 1941 г. — пасля абвяшчэння Гітлерам вайны СССР і пасля ўступлення ў Мір нямецкіх войскаў 28 чэрвеня таго ж года. Перад гэтым мястэчка зведала бамбардзіроўкі. Змяшчаюцца ўспаміны пра ўзаемаадносіны паміж нямецкімі акупантамі і мясцовым беларускім насельніцтвам. Глыбокі і балючы след у памяці жыхароў Міра пакінулі катаванні, ужытыя супраць мясцовых камуністычных актывістаў. Рэспандэнты падрабязна апісваюць усталяваную немцамі сістэму кіравання ў мястэчку і этапы ўкаранення нямецкай улады.

Перыяд нямецкай акупацыі рэспандэнты ўспамінаюць як час, калі панаваў адносны спакой, што тлумачылася строгасцю ўсталяваных парадкаў. Падкрэсліваецца, што падаткі, якія трэба было плаціць намцам, былі куды ніжэйшыя, чым „за Польшчай”. Апрача таго, немцы не цікавіліся тымі, хто не лез у палітыку. Яны не рабавалі гаспадарак. Вельмі важнай падзеяй, асацыяванай з нямецкай акупацыяй, інфарматары называюць адкрыццё немцамі ў Міры беларускай школы, вучні якой мелі магчымасць наведваць урокі праваслаўнай рэлігіі. Частка беларускай моладзі заахвочвалася да ўступлення ў новаствораны Саюз беларускай моладзі, які будаваўся на ўзор нямецкага гітлерюгенда. На думку рэспандэнтаў, моладзь уступала туды не з уласнага пераканання, а па прымусу, не ўсведамляючы вынікаў, пад пагрозай адпраўкі на прымусовыя работы ў Нямеччыну. З тэксту кнігі паўстае вобраз немцаў як сілы, якая больш-менш добра абыходзілася з мясцовым насельніцтвам, за выключэннем яўрэяў. Маладыя мужчыны пад прымусам уступалі таксама ў атрады дапаможнай паліцыі. Каб пазбегнуць вывазу на працу ў Нямеччыну, моладзь далучалася і да партызанскіх атрадаў.

Яшчэ адной з’явай, асацыяванай з нямецкай акупацыяй, быў прымусовы вываз жыхароў Міра на работы ў Нямеччыну. Аднак самыя трагічныя ўспаміны ваеннага перыяду ў рэспандэнтаў пакінуў Халакост. Сярод аповедаў мы знаходзім дэталёвыя апісанні вынішчэння яўрэяў, яўрэйскага гета, створанага ў мястэчку, і масавых забойстваў яўрэйскага насельніцтва. З расказаў жыхароў Міра мы даведваемся і пра паўстанне ў яўрэйскім гета. Рэспандэнты звяртаюць увагу на тое, што пад час знішчэння яўрэйскага насельніцтва немцы выкарыстоўвалі паліцэйскія атрады, укамплектаваныя перш за ўсё літоўцамі і латышамі. Ёсць таксама сведчанні аб спробах выратавання яўрэяў ад смерці беларускімі жыхарамі Міра.

Прыгадваючы паўторны прыход Саветаў, рэспандэнты сцвярджаюць, што гэтым разам яны ўспрымаліся без такога энтузіязму, як у 1939 г. З іх прыходам звязваецца неадкладная мабілізацыя ў Чырвоную Армію. Заканчэнне вайны жыхары Міра атаясамліваюць з неапісальнай радасцю.

Трэці раздзел называецца „Пасляваенны Мір”. Першыя гады пасля вайны — гэта, ва ўспрыманні жыхароў Міра, перыяд адбудовы разбураных дамоў, дэфіцыту ежы, адзення і абутку. Тым не менш, яны падкрэсліваюць, што насельнікам Усходняй Беларусі жылося ў гэты час яшчэ цяжэй. Паводле пераканання жыхароў Міра, „за Польшчай” узровень жыцця ў мястэчку быў куды вышэйшы, чым у першыя пасляваенныя гады. У такіх умовах квітнеў нелегальны гандаль, які дзяржавай разглядаўся як спекуляцыя. Гэты гістарычны перыяд у Заходняй Беларусі атрымаў назву „другіх Саветаў”. Паводле сведчанняў, прыведзеных у кнізе, жыхары Міра ўсведамлялі, што новую ўладу ажыццяўлялі людзі прыезджыя, перш за ўсё з Расіі, а шанцы на кар’еру для прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва павялічвала партызанскае мінулае. У кнізе знайшло адлюстраванне стаўленне жыхароў Міра да пасляваеннай калектывізацыі. З успамінаў рэспандэнтаў вынікае, што гэтае стаўленне шмат у чым залежала ад маёмаснага становішча канкрэтнага гаспадара. Інфарматары з роспаччу ўспамінаюць сталінскі перыяд, які атаясамліваецца з вайной, голадам, раскулачваннем, арыштамі і высылкамі. Яны не хаваюць свайго непрыхільнага стаўлення да дзяржаўных улад, якія ўжывалі рэпрэсіі супраць жыхароў, у прыватнасці, за ўдзел у рэлігійным жыцці.

Рэспандэнты больш падрабязна апісваюць пасляваенны перыяд, чым міжваенны ці ваенны. Парадаксальна, што міжваенны і пасляваенны перыяды ацэньваюцца жыхарамі Міра вельмі падобна, хоць на самай справе яны істотна адрозніваліся. Гісторыю XX ст. жыхары гэтага мястэчка, як і іншыя насельнікі Заходняй Беларусі, прывыклі дзяліць на наступныя перыяды: „за царом”, „за Польшчай”, „першыя Саветы”, вайна („за немцамі”) і „другія Саветы”. У гэты час Мір зведаў істотныя сацыяльныя і эканамічныя трансфармацыі, якія закранулі ў першую чаргу маёмасны аспект. У міжваенны перыяд найвялікшым багаццем была зямля. Пасля вайны становішча змянілася, і індывідуальныя гаспадары апынуліся ў цяжкім становішчы. Іншым наступствам ваеннай віхуры стала адзначаная ў кнізе страта шматнацыянальнага характару мястэчка. З пасёлка назаўсёды знікла яго неад’емная частка — яўрэйскі субстрат разам з усім сваім багаццем.

Складанасць і разнастайнасць гісторыі ды традыцый Міра былі па-майстэрску рэканструяваныя ў памянёнай кнізе. Апрача падрабязнага аналізу ўспамінаў беларускіх, польскіх і татарскіх жыхароў Міра ў кнігу былі ўключаны пераклады лістоў і ўспамінаў яўрэйскіх выпускнікоў Мірскай ешывы. Без гэтага раздзела рэканструкцыя мікрагісторыі мястэчка, ажыццёўленая аўтарамі кнігі, была б няпоўнай. Успаміны яўрэяў служаць каштоўным дадаткам да згадак прадстаўнікоў іншых этнічных груп, якія нярэдка свядома ідэалізуюць сябе. Дадатковай вартасцю кнігі з’яўляецца змешчаны ў ёй ілюстрацыйны матэрыял з міжваеннага перыяду. Гэта і фотаздымкі найважнейшых будынкаў, і партрэты прадстаўнікоў княжацкага роду Святаполк-Мірскіх. Кніга „Мір: гісторыя мястэчка, што расказалі яго жыхары” — гэта праца, важная не толькі для жыхароў Міра і не толькі для жыхароў усёй Заходняй Беларусі. Яе варта ацэньваць і як важкі ўклад у агульнабеларускую гістарыяграфію. Урэшце, фіксацыя такой мікрагісторыі — вуснай гісторыі, расказанай непасрэднымі сведкамі па дзей, — мае вялікае значэнне ў працэсе аднаўлення гістарычнай памяці беларускага народа.

Люблін

Анджэй Екацерынчук

Наверх

Michaluk, Dorota. Białoruska Republika Ludowa 1918-1920. U podstaw białoruskiej państwowości. Toruń, 2010 (Анастасія Ільіна)

Снежня 1, 2010 |


MICHALUK, DOROTA. Białoruska Republika Ludowa 1918–1920. U podstaw białoruskiej państwowości. Toruń, Wydawnictwo Naukowe Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, 2010. 600 s.

Кніга „Беларуская Народная Рэспубліка 1918–1920. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці” даследчыцы Дароты Міхалюк выйшла ў 2010 г. у польскім навуковым выдавецтве Універсітэта Мікалая Кaперніка (Торунь). Гэтая праца для звычайнага беларускага чытача, зрэшты, як і для абазнаных навукоўцаў, вельмі важная і знакавая. Пагодзімся, што беларуская гістарычная навука доўга чакала грунтоўнай, шматбаковай апрацоўкі гэтай тэмы. Хоць сёння ў Беларусі ніхто не рашыўся на такую агромністую працу (выключэнне — выданне архіваў БНР[1]), прабел у нашай гістарыяграфіі нарэшце запоўнены. Адказ на пытанне, чаму беларускія гісторыкі нават пасля развалу Савецкага Саюза пазбягалі шчыльнага дакранання да гэтай тэмы, доўга шукаць не трэба. Відавочна, што ў сучаснай Беларусі тэма ў навуковых колах застаецца ў пэўнай ступені забароненай і кан’юнктурна нявыгаднай. Без сумневу, сёння аб’ектыўна напісаную працу па гісторыі БНР у Беларусі ніводнаму гісторыку абараніць не ўдасца. Таму выданне гэтай кнігі, нават па-за межамі Беларусі, трэба вітаць, тым больш што аўтарка ажыццявіла сваё даследаванне на вельмі высокім прафесійным узроўні.

Праца Дароты Міхалюк — гэта дысертацыя на атрыманне навуковай прафесарскай ступені, таму з метадалагічнага пункту гледжання падрыхтавана бездакорна.

Кніга складаецца з сямі раздзелаў: „Беларусь і яе насельніцтва ў ХІХ і на пачатку ХХ ст.”, „Дзейнасць палітычных груповак на беларускіх тэрыторыях перад Першай сусветнай вайной”, „Ад Вялікага Княства

Літоўскага да Беларускай Народнай Рэспублікі. Беларуская дзяржаўная ідэя ў 1914–1917 г.”, „Абвяшчэнне незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі. Канцэпцыя межаў і сімволіка дзяржавы”, „Тры ўрады Беларускай Народнай Рэспублікі і іх дзейнасць у перыяд ад сакавіка да кастрычніка 1918 г.”, „У чаканні мірнай канферэнцыі. Дзейнасць урада Антона Луцкевіча ў Беларусі”, „Урад Антона Луцкевіча на міжнароднай арэне”, змешчаны таксама 10 картаў і 33 фотаздымкі.

Аўтарка выкарыстала матэрыялы з Архіва новых актаў у Варшаве, Архіва канцылярыі прэзідэнта ў Пра зе, Цэнтральнага вайсковага архіва (Варшава), Дзяржаўнага архіва ў Любліне, Беларускай бібліятэкі і му зея Францішка Скарыны ў Лондане, Інстытута Юзэфа Пілсудскага (Лондан), Літоўскага цэнтральнага дзяржаўнага архіва ў Вільні, Бібліятэкі Літоўскай акадэміі навук (Вільня), Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва ў Мінску, Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Расійскага вайсковага архіва ў Маскве, Цэнтральнага дзяржаўнага архіва вышэйшых органаў улады і ўпраў лення Украіны (Кіеў), а таксама дакументальныя крыніцы, публікацыі, успаміны, прэсу разгляданага перыяду і больш як 200 навуковых распрацовак таго часу.

Найбольш наватарская частка працы прысвечана канцэпцыям межаў БНР (пакуль што названая праблема так грунтоўна не разглядалася). Даследчыца звяртае ўвагу чытача на непадрыхтаванасць беларускай дэлегацыі да перамоваў з прадстаўнікамі УНР наконт межаў паміж дзвюма дзяржавамі. Так, рэпрэзентанты ўрада БНР Аляксандр Цвікевіч, Сымон Рак-Міхайлоўскі, прадстаўнікі беларускага асяродку ва Украіне І. Курыловіч, Язэп Фарботка, Лявон Леўшчанка, Іван Краскоўскі не мелі прынятай агульнай канцэпцыі ўсталявання межаў, „пратаколы паседжанняў указваюць на тое, што яе сябры да двухбаковай размовы селі без папярэдняй дыскусіі з кансультантамі і без распрацаванай агульнай пазіцыі”, разлічваючы на тое, што межы на гэтай частцы кантынента ўсталююць на мірнай канферэнцыі на Захадзе. Невядома да чаго магла б прывесці такая наіўнасць і халатнасць беларускіх рэпрэзентантаў, калі б не ўмяшальніцтва ў перамовы прафесара Мітрафана Доўнара-Запольскага, які ў пройгрышнай для беларускага боку сітуацыі праз асабістае знаёмства з нямецкім паслом у Кіеве дамагаўся спынення беларуска-ўкраінскіх перамоваў. Відавочна, слабасць беларускага боку была і ў тым, што, у адрозненне ад украінцаў, беларусы не мелі навуковага асяродку (напрыклад, Кіеўскі ўніверсітэт), таму не было не толькі пляцоўкі для папярэдняй дыскусіі, але і навуковых кадраў, якія маглі б заняцца распрацоўкай гэтага складанага пытання. Усе аргументы беларусаў заканчваліся спасылкамі на этнічную карту Яўхіма Карскага (1903), іншых статыстычных дадзеных і літаратуры яны проста не мелі. Зразумела, што праблемы і дыскусіі ў прадстаўнікоў БНР паўставалі не толькі з паўднёвай мяжой дзяржавы.

Кнігу можна ўвогуле ахарактарызаваць як энцыклапедычную працу па гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны раздзел багаты на гістарычныя факты, аналіз, увядзенне ў навуковы зварот новых крыніц. Апрача таго, даследаванне смела можа дапоўніць і ўзбагаціць гісторыю беларускіх дыпламатычных стасункаў. Раз дзел „Урад Антона Луцкевіча на міжнароднай арэне” па казвае, як фармавалася беларуская дыпламатыя, як урад БНР падзяляўся на розныя групоўкі, як знешнія фак тары ўплывалі на прызнанне ці не прызнанне не за лежнасці і самастойнасці БНР. Маг-чыма, менавіта рэаліі і вынікі Парыжскай мірнай канферэнцыі і паказваюць стан спеласці беларускай дыпла матыі і дзяржаўнасці, а дакладней, дэман струюць яе сла быя бакі. З дасягненняў беларускай знешняй палітыкі аўтарка называе прыхільнасць да беларускага нацыянальнага руху і да стварэння беларускай дзяржаўнасці чэшскага прэзідэнта Тамаша Масарыка. Прэм’ер БНР Антон Луцкевіч 17 красавіка 1919 г. быў у яго з візітам, нават дайшло да дамоўленасці пра абмен ды пламатычнымі прадстаўніцтвамі БНР у Празе і  Чэхіі ў Горадні. Праўда, з-за змены палітычнай сітуацыі да гэтага не дайшло. Таксама за вялікае дасягненне беларускія палітыкі лічылі згоду нямецкага МЗС на выдачу пашпартоў БНР, гэта было патлумачана як прызнанне беларускай дзяржавы нямецкім бокам. Да дасягненняў можна далучыць і прызнанне дэ факта ўрадам Фінляндыі ў снежні 1919 г. урада БНР. Мяркую, што Фінляндыя пайшла на гэты крок не толькі з-за нейкай эканамічнай выгады, але і з разумення становішча Беларусі, а дакладней — становішча народаў, што ўваходзілі ў склад Расійскай імперыі і змагаліся за самавызначэнне. Фінляндыя, маючы ўласны досвед знаходжання ў Расійскай імперыі на правах аўтаноміі, хутчэй магла зразумець нацыянальныя рухі, якія паўставалі на тэрыторыях былой Расійскай імперыі. Калі гаварыць пра іншыя краіны, ад якіх залежаў вынік Парыжскай мірнай канферэнцыі, то для іх Беларусь ці не існавала, ці існавала як частка нейкага іншага палітычнага ўтварэння. Так, Дарота Міхалюк канстатуе, што Францыя бездыскусійна лічыла Беларусь часткай Расіі, хоць, магчыма, Беларусь магла атрымаць права аўтаноміі. У сваю чаргу беларускія палітыкі да планаў далучэння беларускіх земляў да Расіі, нават калі перамогу атрымаюць белыя, ставіліся даволі скептычна, бо ўрад А. Калчака спачатку не прызнаваў нацыянальных правоў беларусаў. Таксама беларусы не знайшлі паразумення з літоўцамі і не змаглі выступіць адзіным фронтам пад час перамоваў. Так, прадстаўнік Вялікай беларускай рады ў Тарыбе (рэпрэзентацыйны орган беларусаў на канферэнцыі) Дамінік Сямашка, без згоды і ведама А. Луцкевіча, даводзіў, што беларусы чакаюць утварэння літоўскай дзяржавы і падтрымаюць барацьбу за яе незалежнасць. Аднак не ўспамінаў пра тое, што беларускі бок згодны падтрымаць утварэнне Літвы толькі пры той умове, што ў яе склад увойдуць усе беларускія землі, а гэта значыць і Міншчына, і ўсходняя Беларусь, а не толькі тэрыторыі Віленшчыны і Гарадзеншчыны, якія літоўцы называлі часткай сваіх этнічных земляў. У сваю чаргу літоўцы лічылі, што беларусы не з’яўляюцца народам, а іх дзяржаўныя амбіцыі не павінны брацца пад увагу заходнімі дзяржавамі. Моцным ударам для беларускай дэлегацыі быў той факт, што Раман Скірмунт, які меў досвед міжнародных перамоваў і мусіў быць сябрам беларускай дэлегацыі, так і не патрапіў у Парыж, бо не хацеў ехаць праз Берлін і абмежаваўся перамовамі з Ю. Пілсудскім у Варшаве. На сустрэчы з польскім лідарам 19 ліпеня 1919 г. Р. Скірмунт дамагаўся стварэння беларускага ўрада ў форме краёвага прадстаўніцтва, але ідэя не знайшла падтрымкі ў Пілсудскага. Гэта быў далёка не адзіны удар, які атрымалі беларускія рэпрэзентанты пад час перамоваў у Парыжы. Так, аўтарка прыводзіць даволі цікавы гістарычны факт, які дагэтуль не быў уключаны ў навуковы зварот: адбыўся дыпламатычны казус ці, хутчэй, правакацыя, інспіраваная польскім бокам. Антон Луцкевіч быў запрошаны на сустрэчу з прэм’ерам Польшчы Падарэўскім. Сустрэчу арганізоўваў граф Міхаіл Тышкевіч, сярод іншых пытанняў мусіла абмяркоўвацца магчымасць стварэння беларускага войска. Калі А. Луцкевіч прыехаў у Варшаву 1 верасня 1919 г. і прыйшоў у Каралеўскі Замак, дзе мясцілася рэзідэнцыя прэм’ера, то высветлілася, што прэм’ер не быў папярэджаны пра візіт Луцкевіча і за дзень да гэтага выехаў у Парыж. Тлумачэння сітуацыі А. Луцкевіч не знайшоў і ў польскім Міністэрстве замежных спраў, больш за тое, пашпарт грамадзяніна БНР А. Луцкевіча МЗС Польшчы не прызнала, у выніку стварыліся перашкоды для вяртання беларускага прэм’ера ў Парыж.

Трэба адзначыць, што Англія, у адрозненне ад Францыі, была за ўтварэнне незалежных ад Расіі дэмакратычных балтыйскіх дзяржаваў, у гэтым яна бачыла найперш эканамічныя выгады для сябе — кантроль над значнай часткай гандлю. Таксама Вялікабрытанія засцерагалася, што Савецкая Расія і Нямеччына могуць дамовіцца. Яшчэ да свайго няўдалага выезду ў Варшаву А. Луцкевіч прадставіў некалькі рэфератаў на канферэнцыі, у якіх звяртаў увагу на тое, што калі Беларусь і ўвойдзе ў палітычны саюз з нейкай дзяржавай, то толькі пры захаванні роўных палітычных правоў са сваім саюзнікам, гэта значыць на ўмовах федэрацыі, што такі палітычны саюз можа дыктавацца эканамічнай выгадай для краіны, напрыклад, магчымасцю выкарыстання балтыйскіх партоў. Сярод партнёраў у першую чаргу бачыліся Літва і Латвія, якія мелі доступ да Балтыкі. Разглядаўся і саюз з Украінай, каб мець доступ да Чорнага мора. Праект федэрацыі з Украінай горача падтрымліваў А. Цвікевіч, які пад час сваіх палітычных візітаў ва Украіну наладзіў шматлікія кантакты ў палітычных колах. Магчымасць федэрацыі з Расіяй разглядалася толькі пры ўмове ўсталявання там дэмакратычнай палітычнай сістэмы. Трэба адзначыць: беларускую дэлегацыю аслабіла і тое, што, акрамя ваенных калізій, пад час мірнай канферэнцыі стварыўся іншы ўрад БНР на чале з В. Ластоўскім.

Спыняючыся на міжнароднай палітыцы, неабходна яшчэ раз звярнуць увагу на тое, што прадстаўнікі ўрадаў БНР мелі не толькі розныя палітычныя погляды, але і рознае бачанне знешніх палітычных адносінаў. Як адзначае аўтарка, А. Цвікевіч быў за кантакты і саюз з Украінай, К. Езавітаў — за супрацу з Латвіяй і Эстоніяй, А. Смоліч і Б. Тарашкевіч схіляліся ў бок Польшчы, П. Бадунова — за супрацоўніцтва з савецкай Расіяй, Антон Луцкевіч быў прыхільнікам федэрацыі ў шырокім сэнсе ва Усходняй Еўропе, з цяжкасцю развітваўся з ідэяй беларуска-літоўскага саюзу і вымушаны быў схіліцца да супрацы з Польшчай, у сваю чаргу эсэраўскі ўрад Ластоўскага жорстка адмежаваўся ад прапольскіх тэндэнцый.

Даследчыца аналізуе і праблему фармавання войска БНР, дакладней, складанасці і перашкоды ў першую чаргу з боку Польшчы, з якімі сутыкаліся беларускія дзеячы, спрабуючы вырашыць гэтую праблему. Варта адзначыць, што названая праблематыка ў асноўным раскрываецца са спасылкамі на папярэднія даследаванні гэтай тэмы Алегам Латышонкам.

Аўтарка разглядае тэму бежанства ў Беларусі пад час Першай сусветнай вайны, звяртаючы ўвагу на тое, што калі б не было бежанства, то ідэя стварэння незалежнай дзяржавы БНР знайшла б больш прыхільнікаў. Мне падаецца, што польскія гісторыкі, а дакладней беларускія гісторыкі ў Польшчы, звяртаюць больш увагі на праблему бежанства, чым іх калегі ў Беларусі. Магчыма, гэта звязана з тым, што бежанства закранула Беласточчыну і Гарадзеншчыну, таму тут яшчэ спрацоўвае фактар калектыўнай гістарычнай памяці. А для беларускіх гісторыкаў, асабліва з усходняй Беларусі, гэтая тэма, магчыма, застаецца калі не чужой, то малавядомай.

Не абмінула даследчыца і праблему паланізацыі. Для прыкладу падаецца той факт, што да восені 1919 г. са 150 беларускіх пачатковых школ на Гарадзеншчыне і Віленшчыне, якія функцыянавалі ў часы нямецкай акупацыі, дзейных засталося толькі 20. Таксама польскія ўлады закрылі беларускія гімназіі ў Будславе і Горадні, а ў Слуцку і Вільні абмежавалі іх дзейнасць. З-за браку фінансавання перасталі працаваць беларускія настаўніцкія семінарыі ў Нясвіжы і Барысаве.

Хацелася б, каб кніга Дароты Міхалюк як найхутчэй была перакладзена на беларускую мову і каб як мага больш беларускіх чытачоў мелі магчымасць з ёю пазнаёміцца.

Варшава

Анастасія Ільіна

[1] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі / рэд. С. Шупа. Вільня — Нью-Ёрк — Менск — Прага, 1998. Т. 1–2.

Наверх

Kościół katolicki na Wschodzie w warunkach totalitaryzmu i posttotalitaryzmu. Рod red. A. Gila, W. Bobryka. Siedlce – Lublin, 2010 (Эдмунд Ярмусік)

Лістапада 30, 2010 |


Kościoł katolicki na Wchodzie w warunkaсh totalitaryzmu i posttotalitaryzmu / Pod red. ANDRZEJA GILA i WITOLDA BOBRYKA. Siedlce — Lublin, Akademia Podlaska, Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 2010. 141 s.

Даследаванне гісторыі і сучаснага стану Каталіцкай царквы ў былой савецкай дзяржаве і постсавецкіх рэспубліках застаецца актуальнай праблемай як у навуковым, так і ў практычным плане. Новыя падыходы да асэнсавання яе ролі ў гістарычным, культурным, грамадска-палітычным жыцці пачаліся ў канцы 1980-х г. Гэтаму ў значнай ступені спрыялі працэсы дэмакратызацыі, якія ахапілі не толькі рэспублікі СССР, але і ўвесь сацыялістычны лагер.

За гэты час з’явіліся шматлікія публікацыі — як у Беларусі, так і за яе межамі, — дзе даследчыкі раскрываюць драматычнае становішча Каталіцкай царквы ў перыяд ад кастрычніцкай рэвалюцыі да канца 1980-х г. Істотна, што выкарыстоўваецца шмат крыніц, раней недаступных даследчыкам, і што гісторыя Каталіцкай царквы асвятляецца не з марксісцкіх, класавых падыходаў, а з пазіцый агульначалавечых, гуманістычных каштоўнасцяў.

Рэцэнзаваны зборнік складаецца з шасці артыкулаў, аўтары якіх — польскія даследчыкі — прапануюць сваё бачанне праблем Каталіцкай царквы ў СССР і БССР і Грэка-каталіцкай — на Украіне. Прычым апошняй тэматыцы прысвечаны чатыры артыкулы. Храналагічна яны ахопліваюць перыяд ад пачатку 1920-х г. да цяперашняга часу. Аўтары выкарыстоўваюць разнастайную базу крыніц — шэраг украінскіх, польскіх архіваў, архіва Ватыкана, а таксама апублікаваных дакументаў і даследаванняў гісторыкаў. Варта адзначыць, што разгляданыя праблемы ў большасці сваёй вядомыя толькі сцісламу колу даследчыкаў, таму зборнік дае магчымасці пашырыць веды шырокай грамадскасці пра драматычную гісторыю Каталіцкай царквы ў СССР.

Без грунтоўнага яе асвятлення, узаемадачыненняў з дзяржавай, уплыву знешніх і ўнутраных фактараў на рэлігійнае жыццё і канфесійныя адносіны немагчыма паўнавартаснае вывучэнне мінулага. Каталіцкая царква гістарычна была звязана з духоўнай культурай і сацыяльна-палітычным жыццём краіны і народа. І толькі ў савецкай дзяржаве яе ролю імкнуліся ўсяляк зменшыць. З іншага боку, калі дзяржава зацікаўлена, каб пісьменна будаваць палітыку і адносіны з Каталіцкай царквой і іншымі канфесіямі, яна павінна ўлічваць вопыт мінулага.

Апублікаваныя ў зборніку артыкулы не звязаны паміж сабою ўнутраным адзінствам і паслядоўнасцю ў распрацоўцы канкрэтнай тэмы, таму рэцэнзент палічыў мэтазгодным прааналізаваць кожны з іх. Артыкул Мацея Мруза (Уроцлаў) „Місія Джаванні Джэноччы як апостальскага візітатара для Украіны ў 1920–1921 г.” асвятляе малавядомую старонку ватыканскай дыпламатыі ў вырашэнні праблем грэка-каталікоў у Галіччыне і Наддняпроўскай Украіне. Аўтар адзначае, што Ватыкан імкнуўся выкарыстаць перамены, якія адбыліся ў пачатку 1920-х г. у цэнтральнаеўрапейскім рэгіёне з мэтай умацавання тут сваіх пазіцый. Асаблівая ўвага Апостальскай Сталіцы была прыцягнута да Украіны, дзе жыла значная колькасць грэка-каталікоў. Ватыкан быў зацікаўлены, каб мець інфармацыю пра палітычную сітуацыю ў рэгіёне, пра планы Польшчы і Расіі, становішча ўкраінскай грэка-каталіцкай супольнасці. У сваю чаргу, дыпламатычнае прадстаўніцтва Украінскай Народнай Рэспублікі было зацікаўлена ў падтрымцы Ватыканам УНР. Аўтар паказаў, з якой стараннасцю рыхтавалася місія, як дэталёва ўлічвалася міжнароднае становішча і вызначаліся задачы апостальскага візітатара.

Лаканічна раскрываюцца складаныя абставіны дзейнасці айца Джаванні Джэноччы. Апостальскі візітатар наладзіў сувязі з мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім, ватыканскім нунцыем у Варшаве айцом Рацці, украінскімі палітычнымі коламі. Як абаронца інтарэсаў грэка-каталікоў, а. Джаванні Джэноччы крытычна ставіўся да палітыкі Польшчы ў польскім пытанні на Украіне, таму ў ліпені 1920 г. вымушаны быў з-за гэтага па-кінуць Варшаву і пераехаць у Вену. Тут ён прадоўжыў дзейнасць у імя Украіны і Усходняй Галіцыі, але яна не мела станоўчых вынікаў і ў хуткім часе выклікала незадавальненне як Ватыкана, так і дыпламатыі УНР. Тым не менш, для самога а. Джаванні Джэноччы місія не прайшла бясследна. У 1923 г. ён зноў прыехаў у Польшчу ў якасці папскага дэлегата па справах Грэка-каталіцкай царквы ў Польшчы.

Даследчык Анджэй Гіль (Люблін — Седльцэ) у артыкуле „На дарозе да знішчэння. Каталікі ў БССР у 20–30-я г. ХХ ст.” на значным факталагічным матэрыяле раскрыў няпростую сітуацыю Каталіцкай царквы і метады яе знішчэння ў БССР бальшавікамі. Цікава, як ацэньвае аўтар савецка-ватыканскія адносіны. Даследчык выказаў думку, што Каталіцкая царква з пункту гледжання яе структуры і значэння была трактавана бальшавікамі як адзін з магчымых інструментаў да легітымізацыі іх улады ў Еўропе і ў свеце. Але даследчык не падаў ніводнага факта, каб пацвердзіць свой тэзіс. Больш за тое, прыведзеныя ім факты сведчаць аб адваротным, і гэта падкрэслівае сам аўтар: бальшавікі нізка ацэньвалі міжнародную пазіцыю Ватыкана і нават ігнаравалі яе. Прадпрыманыя ватыканскай дыпламатыяй спробы дасягнуць паразумення ў справе становішча Каталіцкай царквы ў СССР не прынеслі чаканых вынікаў. Кропкай над „і”, лічыць аўтар, стаў візіт восенню 1927 г. нунцыя Эўгеніа Пацэллі да наркама замежных справаў Чычэрына, які ў той час знаходзіўся ў Берліне.

Аўтар бачыць адной з важкіх прычын знішчэння Каталіцкай царквы ў БССР яе моцныя прапольскія карані, апору на палякаў-каталікоў, сувязь з Польшчай. Сталінскае кіраўніцтва разглядала Польшчу як свайго заклятага ворага, таму лёгка знаходзіла яе „агентуру” сярод каталіцкага духавенства і вернікаў.

Аднак пры гэтым нельга пагадзіцца з высновай аўтара наконт таго, што палякі, у адпаведнасці са сталінскай палітыкай, былі прызнаны небяспечным элементам для савецкай дзяржавы і падлягалі поўнай ліквідацыі. Гэтая палітыка, піша аўтар, рэалізоўвалася на тэрыторыі БССР. Варта адзначыць, што „небяспечным элементам” для сталінскай сістэмы былі не толькі палякі, але і шмат іншых нацыянальнасцяў, каталіцкія супольнасці (лацінскага і грэка-каталіцкага абрадаў) ва ўсіх савецкіх рэспубліках, дзе яны існавалі.

Аўтар надае важнае значэнне перабудове для лёсу Каталіцкай царквы ў СССР, паступовай змены дзяржаўнай канфесійнай палітыкі з другой паловы 1980-х г. Падкрэсліваецца выключная роля папы Яна Паўла ІІ у ак тывізацыі рэлігійнага жыцця ў былых савецкіх рэс-публіках.

У артыкуле вядомага польскага гісторыка ксяндза прафесара Рамана Дзванкоўскага SAC даецца кароткі агляд савецка-ватыканскіх адносінаў у пасляваенны перыяд. Аўтар выяўляе іх асаблівасці ў перыяд пантыфікату кожнага з Айцоў Каталіцкай царквы: Пія ХІІ, Яна ХХІІІ, Паўла VІ і Яна Паўла ІІ. Такі падыход уяўляецца слушным, бо дзейнасць кожнага папы — гэта своеасаблівы этап у гісторыі Каталіцкай царквы. Кс. прафесар Р. Дзванкоўскі адзначае паслядоўную дынаміку развіцця савецка-ватыканскага дыялогу, разглядае яго змест і асаблівасці. Разам з тым паказвае, што галоўнай перашкодай на гэтым шляху была праблема пераследу Каталіцкай царквы і парушэння правоў вернікаў у СССР, з чым ніяк не магла прымірыцца Апостальская Сталіца. Савецкая ўлада лічыла рэлігійнае пытанне ў СССР канчаткова вырашаным, а спробы ўздымаць яго Ватыканам разглядала як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны. Ватыкан жа, як цэнтр сусветнага каталіцызму, у якасці найважнейшай умовы нармалізацыі адносінаў з СССР выстаўляў карэннае паляпшэнне становішча Каталіцкай царквы, забеспячэнне рэлігійнай свабоды, стварэнне касцельнай іерархіі ў Беларусі.

Цікавым і праблематычна пададзеным уяўляецца артыкул Уладзіміра Асадчага (Люблін) „Радасці і нягоды Каталіцкай царквы на Украіне”. Аўтар зрабіў кароткі экскурс у гісторыю хрысціянства ва Украіне. Асаблівасць гэтай краіны, у адрозненне ад іншых постсавецкіх рэспублік, — наяўнасць тут каталіцтва ў трох абрадах: лацінскім, уніяцкім і рэдка згадваным армяна-каталіцкім. У савецкі час каталіцызм вынішчаўся савецкай уладай па ідэалагічных і палітычных меркаваннях. Аўтар схематычна разглядае асаблівасці працэсу адраджэння каталіцкага рэлігійнага жыцця, які пачаўся ў выніку гарбачоўскай перабудовы. Асноўны ж акцэнт зроблены на сучасным стане і праблемах лацінскага каталіцызму.

У новых гістарычных рэаліях найбольшыя цяжкасці звязаны, як падае даследчык, з „адрачэннем ад стэрэатыпаў”, якія сфармаваліся гістарычна і культурна на працягу стагоддзяў. Перш за ўсё, сцвярджае аўтар, у масавай свядомасці ўкраінцаў каталіцызм яшчэ лічыцца з’явай чужой, як польская Каталіцкая царква, і нават як вынік чужой духоўнай экспансіі Захаду на землі Святой Русі. Другі распаўсюджаны стэрэатып — прызнанне Украіны Маскоўскім Патрыярхатам як „кананічнай тэрыторыі Праваслаўнай царквы”.

Але найбольшы клубок праблем, лічыць аўтар, застаецца ў заходніх абласцях Украіны, дзе сутыкаюцца абедзве каталіцкія традыцыі — лацінская і ўсходняя (грэка-каталіцкая). І хоць там большасць складаюць каталікі заходняга абраду, тым не менш лацінскі рух разглядаецца як чужы, польскі ўплыў у мясцовай культуры Украіны.

Прыводзіцца шмат прыкладаў, якія сведчаць пра ўціск лаціна-каталікоў на Украіне: гэта і адмаўленне „дэмакратамі” Львова як епіскапскай сталіцы, выступленні супраць намінацыі каталіцкага епіскапа Мар’яна Яварскага, а таксама прызнанне Украіны „кананічнай тэрыторыяй” Праваслаўнай царквы, адмова каталікам у вяртанні іх храмаў.

Аўтар робіць з усяго сказанага высновы, што найважнейшая прычына канфлікту — той факт, што „адро-джаная лацінская Каталіцкая царква не ўпісваецца ў каноны нацыянальнай Каталіцкай царквы. Для многіх адэптаў нацыяналістычнай ідэалогіі, як і для камуністаў у свой час, найлепшым вырашэннем праблемы было б пераўтварэнне лацінскай Каталіцкай царквы ў анклаў, які наведваюць асобы старэйшага ўзросту. У недалёкім будучым такая Каталіцкая царква павінна была б знікнуць з украінскай канфесійнай карты”.

У той жа час, насуперак памкненням нацыяналістаў і часткі грэка-каталікоў, лацінская Каталіцкая царква імкнецца рэалізаваць канцэпцыю ўсеагульнай Каталіцкай царквы. Заходняя традыцыя адыходзіць ад стэрэатыпу, згодна з якім украінскае насельніцтва атаясамліваецца з Усходняй царквой, а каталіцызм з „польскай верай”. Ён павінен выконваць сваю евангелічную місію на той мове, якой вернікі карыстаюцца ў штодзённым жыцці і якую лічаць роднай.

Томаш Шышлак (Уроцлаў) у артыкуле „Дзве Царквы па абодва бакі ад Карпат. Сучасны стан грэка-каталіцызму на Украіне” разглядае праблемы, якія ўзніклі ў сувязі з дзейнасцю Каталіцкай царквы ўсходняга абраду. Прычым, у адрозненне ад іншых еўрапейскіх дзяржаў, толькі ва Украіне гістарычна існуюць дзве грэка-каталіцкія царквы. Адна з іх у Закарпацці, якое ў мінулым было Руссю, або Украінай Закарпацкай. Тут дзейнічае адзіная грэка-каталіцкая мукачаўская дыяцэзія, якая ў літургіі выкарыстоўвае візантыйска-рускі чын і з-за гэтага ата ясам ліваецца з Русінскай грэка-каталіцкай царквой. Дру гая ж грэка-каталіцкая царква ахоплівае сваім уплывам тэрыторыі на поўнач ад Карпацкіх хрыбтоў і знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Украінскай грэка-каталіцкай царквы (УГКЦ). Праблемы іх дзейнасці і ўзаемаадносінаў носяць не толькі гістарычны, але і нацыянальны і палітычны характар. Аўтар падрабязна асвятляе дыскусійныя пытанні, якія абвастрыліся ў 90-я г. ХХ ст. Многія з іх так і не знайшлі свайго вырашэння да сёння.

Прыведзеныя аўтарам сацыялагічныя дадзе ныя па-казваюць, наколькі глыбока грэка-каталіцызм умацаваўся ў Закарпацці: калі 38,84% вернікаў ідэн тыфіку юць ся бе з праваслаўем, то не намнога менш — 37,19% — з грэка-каталіцызмам. Пры гэтым Каталіцкай цар кве ўсход ня га абраду „сімпатызуюць” 41,25% тамтэй шых украінцаў, 57,14% русінаў, 30,77% венграў, 50% славакаў, 16,7% расіян. У 50 з больш як 400 парафій у За-кар пац ці літургія праводзіцца па-венгерску, у 4 — па-ру мын ску, у большасці парафіяльнай мовай заста ец ца цар коў насла вянская. У гэтым вялікая розніца па між Грэ ка- каталіцкій царквой у Закарпацці і Украін скай грэка-каталіцкай царквой.

Аўтар разглядае шэраг іншых дыскусійных праблем, у прыватнасці, падпарадкавання мукачаўскай дыяцэзіі Апостальскай Сталіцы ці Львоўскай мітраполіі Украінскай грэка-каталіцкай царквы, адносіны з лацінскай Каталіцкай царквой, вяртання адабраных у савецкі час святыняў, дзейнасць Апостальскай Сталіцы па вырашэнні праблем грэка-каталікоў ва Украіне і інш.

Намінацыя Ватыканам двух дапаможных епіскапаў — Мархітыча для вернікаў украінскай нацыянальнасці і Галавача — для іншых (русінаў, венграў, румынаў, славакаў, немцаў, палякаў) была скіравана, на думку аўтара, на захаванне гістарычнай традыцыі, этнічнай і канфесійнай разнастайнасці, а таксама лепшай апекі над грэка-каталікамі Закарпацця. Але гэта не стрымала імкнення часткі іерархіі да яднання з Украінскай грэка-каталіцкай царквой. Увосень 1996 г. епіскап Мархітыч на пленарным паседжанні Патрыяршага Сабору ў Львове публічна зачытаў ад імя сваіх дыяцэзіян ліст да іерархаў Украінскай грэка-каталіцкай царквы, у якім выказвалася ідэя: хочам мець адзіную Грэка-каталіцкую царкву ў адзінай вольнай Украіне.

У артыкуле разглядаецца праблема аб’яднання УГКЦ і Праваслаўнай царквы, што знаходзіцца ў юрысдыкцыі Кіеўскага Патрыярхата, у адзіную Кіеўскую царкву. Але гэты шлях вельмі складаны. Перш за ўсё, мяркуе аўтар, павінна дайсці да яднання Рускай праваслаўнай і Украінскай праваслаўнай царквы. Аўтар прыводзіць факты ў пацвярджэнне таго, што ідэя яднання выклікала не толькі дыскусіі, але і ў пэўнай ступені стварыла напружанасць у адносінах паміж рознымі канфесіямі.

Акрэслены таксама складаныя адносіны УГКЦ з уладай. Па сцверджанні аўтара, улады не праводзяць адзінай для ўсёй краіны палітыкі ў дачыненні да Грэка-каталіцкай царквы. У сваю чаргу, іерархія УГКЦ лічыць, што дзяржава павінна прызнаць Каталіцкую царкву ахвярай сталінізму і камуністычнага рэжыму, рэабілітаваць яе духавенства.

Сітуацыя Украінскай грэка-каталіцкай царквы (на паўночным баку Карпат), піша аўтар, значна лепшая, але не да канца ўнармаваная. Ва ўмацаванні пазіцый Каталіцкай царквы вялікая роля належала віднаму грэка-каталіцкаму кардыналу (з 1975 г. патрыярху) Іосі-фу Сліпому. Перанясенне сядзібы УГКЦ з Львова ў Кіеў дало магчымасць Грэка-каталіцкай царкве праводзіць сумесна з Украінскай праваслаўнай царквой Кіеўскага Патрыярхату працу над збліжэннем гэтых канфесій і стварэннем адзінай Кіеўскай царквы.

Даследчык Вітольд Бобрык з Седльцаў у артыкуле „Да праблемы геаграфіі размяшчэння грэка-каталіцкіх ордэнаў у сучаснай Украіне” вызначыў этапы дзейнасці грэка-каталіцкіх законаў у краінах былога ўсходняга блоку і ва Украіне.

Як сцвярджае аўтар, нешматлікія суполкі сясцёр і братоў законных спачатку дзейнічалі толькі на тэрыторыі СССР і Румыніі. У той жа час у краінах сацыялізму грэка-каталіцкія кляштары не падлягалі ліквідацыі. У артыкуле прыводзіцца колькасны склад, тэрытарыяльнае размяшчэнне законаў. Найбольш іх знаходзілася ў Галіцыі і Закарпацці. Дзейнасць законаў ажывілася пасля распаду СССР. Цяпер, адзначае аўтар, Украінская грэка-каталіцкая царква ў мэтах аказання вернікам, якія жывуць за межамі краіны, пастырскіх паслуг, праводзіць дзейнасць на тэрыторыі іншых дзяржаваў. У прыватнасці, называюцца гарады Вільня, Пракоп’еўск у Сібіры, Караганда, Астана (Казахстан), Полацк, Мінск (Беларусь). Па адной пляцоўцы грэка-каталіцкіх законаў ёсць у Нямеччыне і Грэцыі. Аднак аўтар не раскрывае ўмоваў існавання і дзейнасці грэка-каталіцкіх законаў, таму артыкул носіць толькі інфармацыйны характар.

Падсумоўваючы сказанае, варта адзначыць, што рэцэнзаваны зборнік з’яўляецца пэўным укладам у даследаванне канфесійнай праблематыкі, у прыватнасці, каталіцызму заходняга і ўсходняга абрадаў. Многія з абазначаных аўтарамі праблем патрабуюць больш грунтоўнага вывучэння — не толькі замежнымі, але і беларускімі вучонымі. Праўда, даводзіцца канстатаваць, што ў нашым грамадстве ў вывучэнні гісторыі Каталіцкай царквы працягваюць панаваць стэрэатыпы сталінскага часу, што не толькі стрымлівае развіццё навуковых даследаванняў, але і наносіць непапраўную страту беларускай гістарычнай навуцы.

Гродна

Эдмунд Ярмусік

Наверх

Адамковіч, Аляксандр. Беларусы ў Літве ўчора і сёння. Кн. І. Вільня, 2010 (Андрэй Антонаў).

Лістапада 29, 2010 |

АДАМКОВІЧ, АЛЯКСАНДР. Беларусы ў Літве ўчора і сёння. Кн. І. Вільня: Таварыства беларускай культуры ў Літве, 2010. 200 с.

На першы погляд выданне выглядае вельмі грунтоўна, калі не сказаць — манументальна. Пазнака „Кніга І” дае падставы думаць, што аўтары маюць матэрыял не на адзін выпуск. Прадмову да кнігі напісала доктар навук загадчыца кафедры беларусістыкі Віленскага педагагічнага універсітэта Лілея Плыгаўка.

Сама кніга складаецца з дзвюх слаба звязаных паміж сабою частак. Першая — зборнік дакументаў па гіс торыі беларускага нацыянальнага руху ў Вільні і на Віленшчыне, выяўленых аўтарам-укладальнікам у Цэнтральным дзяржаўным архіве Літоўскай Рэспублікі. Другую частку склалі інтэрв’ю, якія ўзяў Аляксандр Адамковіч у беларусаў сённяшняй Вільні.

Тое, што Адамковіч вырашыў апублікаваць і зрабіць даступнымі дакументы з гэтай архіўнай установы, трэба вітаць. Дакументы ў кнізе разбіты на тэматычныя раздзелы: адукацыя, друк, палітычныя арганізацыі і да т. п. Яны павінны данесці да чытача дух часу міжваеннай Вільні, дапамагчы разабрацца ў хітраспляценнях штодзённасці гэтага важнага для фармавання беларускай нацыі перыяду.

Калекцыі Дзяржаўнага архіва Літоўскай Рэспублікі па шэ рагу прычын і сёння малавядомыя беларускім гіс то-рыкам, менавіта таму аўтар мог бы падаць кароткі аг ляд калекцый гэтай установы, так ці іначай звязаных з беларусістыкай. Такі аналітычны матэрыял толькі б упрыгожыў кнігу і на многія гады зрабіў яе каштоўным даведнікам для беларускіх гісторыкаў не аднаго пакалення.

Таксама ўкладальнік не знайшоў патрэбы і часу на тое, каб патлумачыць чытачам, чаму ён выбраў для публікацыі тыя ці іншыя дакументы і хоць бы ў агульных рысах праясніць іх паходжанне.

Кідаецца ў вочы даволі нечаканы метадычны падыход у справе публікацыі гістарычных дакументаў, які ўзяў на ўзбраенне публікатар. Рашэнне (даволі спрэчнае) іншамоўныя дакументы падаваць у перакладзе на беларускую мову можна яшчэ патлумачыць тым, што выдаўцам хацелася зрабіць кнігу больш масавай і даступнай для шырэйшага кола чытачоў. Але незразумела, чаму беларускія дакументы, напісаныя лацінскім алфавітам, трэба было абавязкова падаваць кірылічным пісьмом з дзіўнаватай пазнакай „тэкст напісаны лацінкай па-беларуску”. Мала таго, што „лацінка” не з’яўляецца ясна акрэсленым тэрмінам, дык за мінулае стагоддзе з беларускім алфавітам на базе лацінскага пісьма адбыліся некаторыя змены. Але чаму калі ў адным дакуменце ўжываюцца два алфавіты, то пазнакі пра гэта няма? (с. 59–60).

Трэба думаць, Адамковіч ганарыцца аб’ёмам сваёй перакладчыцкай працы. Ён сапраўды ўражвае. Але ад кніжкі ў мяне было б куды лепшае ўражанне, каб укладальнік улічыў, што пераклад — гэта не толькі падбор адпаведнікаў з адной мовы на другую, але таксама і некаторая праца па адэкватнай перадачы іншамоўных імёнаў уласных. Іначай на с. 102 у спісе падпісчыкаў „Нашай Волі” я ніколі не сустрэў бы экзатычнае прозвішча „Сусемігл”.

У тым, што ніхто з творчага калектыву не чуў пра Эдмунда Зузэміля (Susemihl) — аўтара „Нашай Нівы” і „Крывіча”, нямецкага шпіёна, цэнзара газеты „Homan”, сябра Ластоўскага — няма нічога страшнага. Хаця асабіста мяне гэтая акалічнасць насцярожвае. Але дзіўна, што ні ў кога ў калектыве, які рыхтаваў гэтую кнігу, не ўзнікла пытанняў пра транслітарацыю прозвішча жыхара нямецкага Кёнігсберга.

Выданне багата праілюстравана фотакопіямі з архіўных дакументаў, але думаю, што выдаўцам лепш было б устрымацца ад такога кроку. Простае параўнан не фо-такопіі і публікацыі выяўляе стаўленне да працы з боку Адамковіча. І назваць той падыход старанным ці карпатлівым ніяк не выпадае. Каб не быць галаслоўным, зраблю параўнальны аналіз копіі дакумен та і таго, што ў ім здолеў прачытаць архівіст. На с. 41 прыведзена фотакопія пасведчання, выдадзенага Раку-Міхайлоўскаму, а на с. 63 — расчытаны тэкст гэтага дакумента.

Адразу кідаецца ў вочы тое, што публікатар ва ўсім тэксце скараціў „год” на „г.”, што не зусім уласціва мове 20-х гадоў мінулага стагоддзя, і абышоўся без шапкі і подпісу дакумента, ніякім чынам не пазначыўшы скарачэння. У табліцы падаюцца іншыя разыходжанні паміж арыгіналам і копіяй.

Фотакопія Публікацыя
Паказчык Ўладальнік
Аляксандра, Аляксандра
Менскае Беларускае Гімназіі Менскай беларускай гімназіі
да траўня па траўня
Вучыцельскае Сэмінарыі ў Борунах вучыцельскае семінарыі ў Барунах
Вучыцельскіх Дадатковых вучыцельскіх дадатковых
да 10 верасьня па 10 верасьня
Аркадзь Смоліч
Старшыня Цэнтральнае Беларускае Школьнае Рады
Старшыня Цэнтральнай Беларускай Школьнай Рады Аркадзь Смоліч

Прыведзеныя недакладнасці выяўлены ў тэксце, які займае ў кнізе . старонкі. Я думаю, гэта цяжка назваць публікацыяй. Магчыма, „адаптаваны пераказ” будзе больш да кладнай дэфініцыяй. Застаецца толькі здагадвацца, да якой ступені супадаюць астатнія дакументы са сваімі копіямі.

Узнікае пытанне — ці шмат у такой „публікацыі” архіўнага дакумента карысці, напрыклад, даследчыкам? Ім жа ўсё роўна давядзецца ісці ў архіў, каб пераправерыць калегу. Наўрад ці гэта нармальна, бо калегі яльнасць у пер шую чаргу грунтуецца на даверы. А ў вы падку з Адам ковічам ніякіх падставаў для даверу не прасочваецца.

На вялікі жаль, сітуацыі не выправіў і другі раздзел выдання, у які ўвайшлі гутаркі Аляксандра Адамковіча з беларусамі-віленчукамі, цяперашнімі жыхарамі гістарычнай сталіцы. Калі да выбару герояў не можа быць заўваг, то змест гутарак, тое, якім чынам яны праведзены і якім чынам пададзены чытачу, выклікае сама менш здзіўленне.

Ва ўкладальніка не хапіла імпэту, каб кожнае інтэрв’ю праанансаваць кароткай біяграфіяй свайго суразмоўцы. Навошта? Ну хоць бы для таго, каб увесці чытача ў курс справы. Так ужо атрымалася, што імёны беларусаў-віленчукоў за межамі вузкага кола тутэйшых беларусаў практычна невядомыя.

У тым, што некаторыя інтэрв’юеры скарысталі гэтыя гутаркі як пляцоўку для самарэкламы, як месца, дзе можна паспрабаваць звесці старыя рахункі, я не бачу вялікай бяды. Урэшце, у кожнага сваё разуменне прыстойнасці. Але мне цяжка зразумець прычыны, па якіх гэтыя бясплённыя дыскусіі трапілі на старонкі кнігі. За межамі Вільні ўсе гэтыя даўнія і прынцыповыя спрэчкі паміж беларусамі — пусты гук. І публікацыя ў падтрымку таго ці іншага боку нічога прынцыпова не зменіць. Дык навошта пераводзіць паперу?

З другой часткі не вынікае, што Адамковіч адчувае сябе ўпэўнена ў жанры інтэрв’ю. Вялікай бяды ў гэтым няма. Навыкі прыходзяць з практыкай, досведам і крытычным асэнсаваннем вынікаў сваёй працы. Але калі ўжо так склалася, што апошнім пытаннем, зададзеным  у размове, было „Дзе вы нарадзіліся?”, то, можа, усё ж не варта смяшыць чытача і ў публікацыі пакідаць яго апошнім. А трэба на паперы перанесці пытанне куды належыць, а менавіта на пачатак. Каб размова была зразумелай для чалавека, які ніколі не чуў ні пра Адамковіча, ні пра яго суразмоўцаў.

Застаецца яшчэ дадаць, што ў кнізе, арыентаванай на „навукоўцаў і краязнаўцаў”, адсутнічаюць персанальны і геаграфічны паказальнікі. Напэўна, апублікаваныя копіі і пераказы гістарычных дакументаў вельмі каштоўныя, патрэбныя для таго, каб уявіць, чым быў беларускі нацыянальны рух на Віленшчыне ў першай палове XX ст. Але пакарыстацца ўсім гэтым багаццем без навуковага апарату будзе цяжка.

Вільня

Андрэй Антонаў

Публікацыі па гісторыі ў часопісах Беларусі за 2009 г. (Яўген Глінскі)

Лістапада 28, 2010 |

БГА адкрывае рубрыкуАгляд перыёдыкаў”, у якой будуць рэгулярна анатавацца часопісныя артыкулы і паведамленні па гісторыі Беларусі. У першым выпуску агляд абмежаваны айчыннымі выданнямі, у наступных плануецца змяшчаць анатацыі і на публікацыі ў замежных часопісах.

Беларускі гістарычны часопіс

„Беларускі гістарычны часопіс” выдаецца з 1993 г. і выходзіць штомесячна. Што часопіс уяўляе сабою аўтарытэтнае выданне, вынікае хаця б з пераліку яго заснавальнікаў, сярод якіх Міністэрства адукацыі, Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук, Беларускае таварыства „Веды”. Пазіцыянуецца як „навуковы, навукова-метадычны ілюстраваны часопіс”, г. зн., акрамя ўласна гістарычных тэкстаў, у гэтым перыёдыку друкуюцца таксама артыкулы па методыцы выкладання гісторыі, матэрыялы да ўрокаў і г. д. Наколькі гэта мэтазгодна, улічваючы наяўнасць спецыялізаванага выдання „Гісторыя: праблемы выкладання”, сказаць складана. Што датычыцца „гістарычнай часткі”, то ў ёй немалое месца аддаецца пад матэрыялы, прысвечаныя юбілейным і іншым памятным датам, жыццю і дзейнасці асобных вядомых беларускіх гісторыкаў (матэрыялы пра апошніх, таксама як і рэцэнзіі, за рэдкім выняткам, аглядацца не будуць). Змест асобных нумароў дастаткова разнастайны. Хоць часопіс не выстаўляе нейкіх абмежаванняў наконт геаграфічнага і храналагічнага ахопу тэматыкі матэрыялаў, відавочна, што абсалютная большасць артыкулаў прысвечана гісторыі Беларусі, а ўсеагульная гісторыя рэпрэзентавана невялікай колькасцю прац, што ў цэлым адпавядае структуры беларускай гістарычнай навукі. Куды больш дзіўна выглядае таксама нідзе не дэклараваная, але відавочная перавага артыкулаў пра XIX–XX ст. над артыкуламі ранейшай па часе тэматыкі. Зрэшты, не выключана, што гэта проста супадзенне. Апошняе па парадку, але не апошняе па значнасці, што трэба сказаць агулам пра БГЧ: што часопіс уключаны ВАКам у пералік выданняў для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў.

2009

Першы нумар распачынаецца публікацыяй трох дакладаў, звязаных з 90-годдзем утварэння ССРБ. Аднак выступленні тагачаснага старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Міхаіла Мясніковіча і міністра адукацыі Аляксандра Радзькова — гэта хутчэй развагі на тэму гісторыі Беларусі. Іншая справа з артыкулам Міхаіла Касцюка („Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусі: узаемаадносіны з суседзямі на пачатковым этапе існавання”). У ім разглядаюцца ўзаемаадносіны ССРБ з іншымі савецкімі рэспублікамі — Расіяй, Літвой, Укра-інай. Адзначаецца, што аб’яднанне савецкіх рэспублік Беларусі і Літвы планавалася ў Маскве яшчэ ў 1918 г., да абвяшчэння ССРБ.

Артыкул Наталлі Маліноўскай-Франке („Станіслаў Жукоўскі і яго творчасць, прысвечаная родным мясцінам”) распавядае пра мас така, адной з цэнтральных тэмаў творчасці якога было адлюстраванне прыроды захаду Беларусі. Нарэшце, Уладзімір Паўлаў („Беларусы ў французскім руху Су пра ціўлення”) апісвае шмат-лікія выпадкі — і цяпер яшчэ малавядомыя — змагання беларусаў у французскім руху Супраціву.

Другі нумар атрымаўся, можа быць, самым цэласным у 2009 г. Але адбылося гэта, відаць, цалкам выпадкова і было звязана з тэмамі артыкулаў. Так, Аляксандр Груша ў матэрыяле „Credo quia veru: аб прычыне адсутнасці пісьменнасці ў варварскім грамадстве (метадалагічны аспект)” паспрабаваў адаптаваць набыткі т. зв. гісторыка-антрапалагічнага падыходу, перадусім аб структурным значэнні для „варварскага” грамадства такіх з’яваў, як дар, пір, гасціннасць, групавая салідарнасць. Напрыклад, сцвярджаецца, што паходы літоўскіх плямёнаў у XII–XIII ст. былі абумоўлены не столькі „першапачатковым назапашваннем капіталу”, колькі неабходнасцю адорваць супляменнікаў (с. 7). Але галоўнай мэтай працы быў адказ (хутчэй, як падкрэслівае сам аўтар, спроба падыходу да адказу) на пытанне, чаму ў „варварскіх” супольнасцяў не было пісаных дакументаў. У межах той самай „гісторыка-антрапалагічнай” стратэгіі падсумоўваецца, што сінкрэтычная свядомасць тагачаснага чалавека разумела багоў і супольнасць як сведкаў актаў, таму і не патрабавалася іх пісьмовага афармлення. Не выпадае, мяркую, асобна тлумачыць наяўнасць пэўнага структуралісцкага бэкграўнду артыкула. Наступныя дзве працы належаць да этналогіі, мабыць, самай „структуралізаванай” з усіх грамадскіх навук у Беларусі. Святлана Лявонцьева („Мастацтва рукапіснай кнігі Вяткі і народная творчасць”) аналізуе ўзаемасувязь (праз узаемаўплыў) народнай творчасці (перадусім, разьбы) і мастацтва афармлення рукапіснай кнігі на прыкладзе культуры стараабрадцаў Вяткі. Куды большы размах структуралісцкія абагульненні набываюць у артыкуле Яўгена Малікава „Мастацкі дэкор у народнай архітэктуры і ткацтве паўднёва-ўсходняй Беларусі (канец XIX — першая палова XX ст.)”. Аўтар мяркуе, што існуе структурнае падабенства ў вобразах з мастацкага аздаблення архітэктуры і з ткацтва на тэрыторыі паўднёвага ўсходу Беларусі. У гэтым арэале даследчык вылучае два цэнтры распаўсюджання мастацкіх падыходаў. Першы — усходняя частка Заходняга Палесся і Цэнтральнае Палессе, для якога характэрны лінейна-рытмічныя матывы ў дэкоры архітэктуры і ў ткацтве; другі — Гомельскае Падняпроўе і Пасожжа, дзе ў ткацтве і разьбе пераважае семантычна-знакавы арнамент. Гэтае адрозненне выводзіцца з асаблівасцяў прыроды гэтых субрэгіёнаў: на Палессі лінейны дэкор вынікае з балоцістага ландшафту, а характэрны для Гомельскага Падняпроўя і Пасожжа арнамент — з магчымасці „геаметрызаванага ўспрымання наваколля” „на сухім раўнінна-лясістым ландшафце”. Смелая, але не бясспрэчная гіпотэза. У артыкуле Аляксандра Сушы „Ля вытокаў беларускай гістарычнай навукі: творчая спадчына Ігната Кульчынскага” апавядаецца пра жыццё і навуковую дзейнасць Ігната Кульчынскага (апошняя трэць XVII ст. — 1741 г.) — базыльяніна, аднаго з першых гісторыкаў уніяцкай царквы ў Рэчы Паспалітай. Аўтар на падставе шырокага кола крыніц удакладняе гады жыцця гэтага рэлігійнага дзеяча і навукоўца, а таксама асобныя старонкі яго біяграфіі, якія раней недакладна асвятляліся ў гістарыяграфіі. Даецца досыць падрабязны разгляд прац І. Кульчынскага, у тым ліку тых, якія дагэтуль былі вядомы ў гістарычнай навуцы адно што па назвах.

Трэці нумар адкрывае артыкул Аляксандра Рытава „Фарміраванне новай сацыяльнай іерархіі ў БССР у 1920-я гады: адукацыйны аспект”, у якім паказана, што ў міжваенны час у БССР „палітычная адукаванасць” (= лаяльнасць уладзе) мела перавагу над прафесійнай кваліфікацыяй, а для руху па сацыяльнай лесвіцы трэба было мець не высокі ўзровень адукацыі, а, наадварот, сярэдні ці нават нізкі. Запачаткаваную ў папярэднім нумары этналагічную тэму, але ўжо праз прызму рэлігіі, а не мастацтва, працягнулі Уладзімір Лобач і Таццяна Прадко. У. Лобач („Свет людзей і свет багоў: прастора ў міфапаэтычнай карціне свету беларусаў”) разглядае ўяўленні аб прасторы ў традыцыйнай культуры беларусаў. Асноўная ўвага звернута на суадносіны паміж „сваім” і „чужым” у прасторы: падкрэсліваецца, што гэта зменлівыя характарыстыкі, звязаныя перадусім з часам сутак і парой года. Т. Прадко („Эвалюцыя рэлі-гійнага сінкрэтызму на Беларускім Палессі”) вызначае тры перыяды „сінкрэтызацыі” рэлігійных уяўленняў палешукоў — протасінкрэтызацыя паганства (VI–X ст.), сінкрэтызацыя хрысціянства з паганствам (XI–XVIII ст.), поліканфесійная сінкрэтызацыя (XIX–XX ст.), звязаныя з дзейнасцю пратэстанцкіх місіянераў на Палессі. Але толькі апошні перыяд разгледжаны ўласна на палескім „матэрыяле”, для больш ранніх часоў даецца агляд рэлігійнай сітуацыі на ўсім абшары ўсходніх славян і сцвярджаецца, што на Палессі так і было. Супольны артыкул Леаніда Акаловіча, Ігара Гатальскага і Інесы Кароль „Гістарычны нарыс вёскі Прылукі” ўяўляе сабою багата ілюстраваны выклад гісторыі вёскі Прылукі, што пад Мінскам, у якой знаходзіцца палацава-паркавы комплекс XVII–XIX ст.

Чацвёрты нумар, што нязвыкла для БГЧ, распачынаюць два артыкулы па гісторыі ВКЛ. Пётр Дзмітрачкоў у артыкуле „Старажытныя дасягненні і традыцыі ў развіцці дзяржаўнасці і права на беларускіх землях у перыяд ВКЛ (другая палова XIII — першая XVI ст.)” дае змястоўны агляд дзяржаўных інстытутаў і грамадскіх практык у Вялікім Княстве Літоўскім у іх сувязі са „старажытнарускімі” (у тэрміналогіі аўтара) вытокамі. Гэтая сувязь часам паказана добра (асаблівасці кіравання „рускімі” землямі ВКЛ, валасное самакіраванне і інш.), часам — небясспрэчна (ваяводствы ўсё-такі мелі за ўзор польскія, а не „старажытнарускія” прыклады). Іншая справа, што наогул не выпадае перабольшваць ролю генетычных сувязяў: у відавочна новых умовах ВКЛ нават наўпрост паўсталыя з „Русі” інстытуты і практыкі змянялі свае функцыі. У артыкуле Алены Дзянісавай („Гаспадарчая дзейнасць праваслаўных манастыроў Турава-Пінскай епархіі ў другой палове XV–XVII ст.”) разглядаюцца матэрыяльнае становішча манастыроў, крыніцы іх прыбыткаў і артыкулы выдаткаў. Робіцца спроба паказаць манастырскую маёмасць як фактар, які праз права „патранату” ўцягваў манастыры ў залежнасць ад свецкіх асобаў.

Звычайна рэцэнзіі ў БГЧ выносяцца ў канец нумара, але рэцэнзія Сяргея Новікава на даследаванне нямецкага гісторыка Дытэра Поля аб палітыцы Вермахта ў дачыненні да мясцовага насельніцтва ў т. зв. „зоне армейскага тылу”, у якую ўваходзіў і ўсход Беларусі, змеш чана ў асноўнай частцы перыёдыка і адрозніваецца грун тоўнасцю разгляду. Беларускага гісторыка ў дадзенай працы прывабіў, перадусім, кампаратыўны аналіз, пра роблены Д. Полем. Да-следаванне Алены Шычко „Эва люцыя тэматыкі беларускага эстампа ў 1980-я г. (на прыкладзе работ А. Каш курэвіча, Г. Паплаўскага і В. Шаранговіча)” па каз вае, што час зменаў — 80-я гады — быў такім і для беларускага мастацтва, у прыватнасці, эстампа. Хоць аўтар падкрэслівае захаванне ў гэты перыяд традыцыйнай тэматыкі — ваеннай, у артыкуле ад зна-чаецца ўзнікненне як новых тэм (экалагічнай, тэмы ўрбанізацыі), так і новых мастацкіх вырашэнняў. „Гістарычную” частку чацвёртага нумара завяршае артыкул Дзмітрыя Хромчанкі „Круглянскія маладагвардзейцы”, дзе на падставе неапублікаваных архіўных матэрыялаў апавядаецца пра дзейнасць у 1941–1943 г. Круглянскага моладзевага антыфашысцкага падполля. Аўтар не без пафасу прыпадабняе юных падпольшчыкаў да „маладагвардзейцаў”.

Травеньскі, пяты па ліку, нумар, вядома ж, не мог абысціся без тэматыкі Вялікай Айчыннай вайны. Так, Віктар Шомадзі („Вызваленне Беларусі: 18 верасня 1943 — 28 ліпеня 1944 г.”), хоць і быў непасрэдным удзельнікам падзей, абмежаваўся наўпрост хранікальным выкладам: у храналагічнай паслядоўнасці згадвае назвы і даты аперацый і бітваў. Зрэшты, пра постаць чалавека на вайне ідзе гаворка ў артыкуле Васіля Кушнера і Альберта Котава „Сям’я Царукоў — прыклад самаадданага служэння свайму народу”. Артыкул перадусім прысвечаны асобам камуністычнага дзеяча Уладзіміра Царука (1899–1957) і яго сына гісторыка Аляксандра Царука (1923–2008). Асноўная ўвага аддадзена іх партызанскай дзейнасці пад час Другой сусветнай вайны, а таксама ўдзелу Уладзіміра Царука ў беларускім нацыянальным руху ў міжваеннай Заходняй Беларусі. Астатнія публікацыі надзіва пазбягаюць вышэйзгаданай тэматыкі. Так, Людміла Мікалаева („Адносіны ВКЛ і Малдаўскага княства ў канцы XV — першай палове XVI ст.”) падкрэслівае, што якраз у адносінах з Малдаўскай дзяржавай ВКЛ дэманстравала выразна незалежную ад Польшчы знешнюю палітыку, што праявілася ў неаднаразовых адмовах удзельнічаць у польска-валашскіх памежных спрэчках.

Вадзім Белявец („Насельніцтва вельбарскай культуры на тэрыторыі Беларусі”) не без поспехаў імкнецца даказаць, што вельбарская культура („гістарычныя готы”) на тэрыторыі Беларусі не з’яўлялася гамагеннай, а падзялялася на дзве групы помнікаў з адрознымі пахавальнымі традыцыямі і тэрыторыямі, з якіх іх носьбіты прывандравалі ў Заходняе Палессе. Таксама аўтар, насуперак прынятаму меркаванню, сцвярджае, што готы на паўднёвым захадзе Беларусі засялілі не пустыя землі, а тэрыторыі, занятыя носьбітамі пшэворскай і роднаснай познезарубінецкай культур. Вітаўт Чаропка («Жыццё і незвычайныя прыгоды „Андрыёлі з Вільні”») маляўніча і крыху рамантычна распавядае пра Міхала Эльвіра Андрыёлі (1836–1893), паўстанца 1863 г., які стаў вядомым мастаком і працаваў пераважна ў жанры кніжнай ілюстрацыі.

У шостым нумары рэдактар БГЧ Васіль Кушнер апублікаваў матэрыял «Вайна. Народ. Перамога (асэнсаванне матэрыялаў „круглага стала”, які адбыўся ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі 14 мая 2009 г.)». Ён цікавы не столькі пераказам агучаных пад час „круглага стала” думак, у асноўным вытрыманых у афіцыйным, а часам наўпрост „ура-патрыятычным” стылі, колькі ўласна пазіцыяй аўтара агляду. Ён дазволіў сабе выказаць сумненні ў мэтазгоднасці некаторых зусім ужо „радыкальных” прапаноў, кшталту падкрэслівання інтэлектуальнай перавагі савецкіх военачальнікаў над іх праціўнікамі, ідэалагізаванай крытыкі даўняй кнігі Юрыя Туронка і, урэшце, неабходнасці ўвядзення ледзь ці не крымінальнай адказнасці за выяўленне сімпатыі да беларускіх калабарацыяністаў. Галоўнай тэмай з’яўляецца гісторыя культуры беларускай эміграцыі, ёй прысвечаны артыкулы Дзмітрыя Карава („Беларусы і беларусазнаўства ў ЗША і Канадзе ў другой палове XX ст.”), Анастасіі Каравай („Беларусы і беларусазнаў ства ў Вялікабрытаніі ў 1940-я — 1990-я г.) і Ганны Змітрукевіч („Беларуская дыяспара і беларусазнаў ства ў ФРГ у другой палове 1940-х — 1990-я г.). Аўтары аглядаюць (на падставе ўжо досыць шырокай літаратуры прадмета) культурнае, рэлігійнае і навуковае жыццё беларускай эміграцыі ў Паўночнай Амерыцы, Вялікабрытаніі і ФРГ. Артыкулы пабудаваны па адной схеме: пералік даследчыкаў эмігранцкага жыцця, нарыс культурнай працы ў эмігранцкім асяроддзі, прыклады навуковых даследаванняў, здзейсненых як эмігрантамі, так і мясцовымі даследчыкамі-беларусістамі. Сам фармат падобных артыкулаў вядзе да галоўнага недахопу — нагрувашчванне імёнаў, датаў, падзей ускладняе ўспрыманне.

У артыкуле Аляксандра Вабішчэвіча „Беларускае навуковае таварыства ў Вільні (1918–1939 г.)” разглядаюцца арганізацыя і асноўныя напрамкі дзейнасці БНТ. Аўтар выкладае перыядызацыю гісторыі дадзенай установы, акрэслівае спецыфіку навуковай працы ў кожным перыядзе і дачыненні з польскімі ўладамі. Два артыкулы прысвечаны вядомаму гісторыку, этнографу і краязнаўцу Аляксандру Ельскаму (1834–1916). У матэрыяле Васіля Кушнера „Збіральнік народных скарбаў (Да 175-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Вікенція Ельскага)” асноўная ўвага засяроджваецца на стаўленні навукоўца XIX ст. да Беларусі. Але артыкул утрымлівае прыкрыя памылкі: так, знакаміты этнограф Міхал Федароўскі названы „Федаркоўскім” (с. 43), а сярод лібералаў, напалоханых рэвалюцыяй 1905–1907 г., чамусьці згадваецца спачылы да таго часу Адам Кіркор (1818–1886). Аляксандр Дуко („Навукова-даследчыцкая дзейнасць Аляксандра Ельскага”) таксама спыняецца на дачыненні А. Ельскага да „беларускай справы”. Робіцца спроба праз разгляд дзейнасці вядомага краязнаўца паказаць ролю ў абуджэнні беларускай самасвядомасці не толькі сялянскай культуры, але і культуры шляхецкіх рэзідэнцый. У выніку Аляксандр Ельскі вызначаецца як «прадстаўнік „краёвай плыні” ў беларускім руху, лібральна-кансерватыўнай па сваёй сутнасці, якая, падтрымліваючы беларускае нацыянальнае адраджэнне, выступала за захаванне адзінства народаў былой Рэчы Паспалітай» (с. 53). Моцным бокам працы з’яўляецца шырокі зварот да архіўных матэрыялаў з AGAD у Варшаве, дзякуючы якім асвятляецца беларуская дзейнасць не толькі Ельскага, але і іншых, дагэтуль малавядомых ці зусім невядомых, асобаў.

Сёмы нумар прысвечаны ўшанаванню памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны. З навуковых матэрыялаў, акрамя аповедаў пра Гілера Ліўшыца і ксяндза Уладыслава Завальнюка, можна вылучыць толькі рэцэнзію Сяргея Новікава на зборнік дакументаў і матэрыялаў „Хатынь: трагедия и память” (Мінск, 2009) і артыкул філолага Віктара Іўчанкава „Беларускі правапіс: гісторыя і сучаснасць”. У апошнім аўтар старанна абмінае палітычныя аспекты выкарыстання розных варыянтаў беларускага правапісу і правядзення яго рэформаў. З гістарычнага пункту гледжання цікавыя разважанні пра дамінаванне ў беларускай мове ў мінулым „вуснага элемента”, што і абумовіла спецыфіку яе правапісу.

Восьмы нумар несумненна мае сваёй тэмай юбілей — 75 гадоў гістарычнаму факультэту БДУ. Усе матэрыялы „гістарычнай часткі” нумара ці прысвечаны гістфаку, яго супрацоўнікам і студэнтам, ці з’яўляюцца плёнам працы выкладчыкаў факультэта. Напачатку змешчаны матэрыял «Гістарычнаму факультэту БДУ — 75 гадоў (матэрыялы „круглага стала”)». Хоць зварот мадэратара Васіля Кушнера — „падрыхтоўка і правядзенне юбілею — гэта перш за ўсё падстава паразважаць над тым, што мы самі зрабілі карыснага, што і як трэба зрабіць без карэннай ломкі таго, што мы маем” (с. 3) — выглядаў шматабяцальна, дэкан і загадчыкі кафедраў абмежаваліся выступленнем у стылі „ўсё ў нас добра”, можа толькі камп’ютараў не хапае ды дах на факультэце цячэ. Толькі Віктар Фядосік закрануў „шматлікія рэформы і іх імітацыі ў апошнія гады ў ВНУ” (с. 12) і, можа быць, занадта рэзка выказаўся «пра „розныя псіхагісторыі” і „сінергетыкі” і ім падобныя „метадалогіі”» (с. 12). Астатнія, відаць, былі прасякнуты міралюбівым перадсвяточным настроем. Далей прыведзены ўспаміны („Воспоминания об историческом факультете БГУ”) пра навучанне на гістфаку студэнткі 1946–1951 г. Ідэі Бельскай. У артыкуле „Крыніцазнаўства і спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны на гістарычным факультэце БДУ: гісторыя і сучаснасць” Міхаіл Шумейка апавядае пра гісторыю даследавання крыніцазнаўчай і архіўнай праблематыкі ў БДУ.

Галоўная мэта артыкула Эдуарда Загарульскага „Пераадоленне язычніцтва падчас хрысціянізацыі заходніх зямель Русі” — абвергнуць распаўсюджаную ў гістарыяграфіі думку аб маруднай хрысціянізацыі ўсходнеславянскіх абшараў. Аўтар спрабуе зрабіць гэта праз аналіз археалагічных звестак: амаль сінхронны хрышчэнню пераход ад трупаспалення да трупапалажэння і распаўсюджанне ў пахаваннях нацельных крыжыкаў. Артыкул Сцяпана Цемушава („Навуковая і педагагічная дзейнасць А. П. П’янкова ў Беларускім дзяржаўным універсітэце”), прысвечаны навуковаму шляху вядомага славіста-медыявіста Аляксея П’янкова (1901–1987), вылучаецца наяўнасцю не толькі традыцыйнай для падобнага кшталту матэрыялаў усхваляльнай часткі, але і дастатковай крытычнасцю да відавочна небясспрэчных падыходаў гэтага беларускага гісторыка.

Дзявяты нумар пачынае артыкул Уладзіміра Ладысева „Беларускае пытанне ў Другой Рэчы Паспалітай. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР”. Гэта прынагодны, але змястоўны аглядны матэрыял, у якім адлюстравана палітыка польскага ўрада па беларускім пытанні і дзейнасць беларускіх арганізацый рознай арыентацыі. Да артыкула дапасаваны дакументы, якія асвятляюць разнастайныя бакі далучэння Заходняй Беларусі да БССР. У артыкуле Юрыя Бажэнава „Сядзібна-паркавы ансамбль у вёсцы Каштанаўка” апавядаецца пра гісторыю фальварка Чахец (гэта гістарычная назва сучаснай вёскі Каштанаўка Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці), у якім у сярэдзіне XIX ст. быў створаны сядзібна-паркавы ансамбль.

Гэты нумар БГЧ можна назваць нават „нумарам Дзяконскіх”, бо пра гэты шляхецкі род згадваецца і ў папярэднім матэрыяле, а Вольга Папко („Пятровіцкая галіна роду Дзяконскіх і іх маёнткі на Брэстчыне ў XIX–XX ст.”) падрабязна апісвае гісторыю пятровіцкай галіны Дзяконскіх з пачатку XIX ст. да сённяшняга часу. Да артыкула прыкладзена радаводнае дрэва Дзяконскіх.

Дзясяты нумар прысвечаны святкаванню 80-годдзя Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Спачатку ідуць артыкулы Аляксандра Кавалені („Інстытут гісторыі — 80 год творчай працы”), Вольгі Ляўко („Цэнтр гісторыі даіндустрыяльнага грамадства”), Мікалая Смяховіча („Цэнтр гісторыі індустрыльнага грамадства”) і Вячаслава Даніловіча („Даследаванне гісторыі постіндустрыльнага грамадства”). Артыкулы цалкам адпавядаюць свайму прынагоднаму характару і та му складаюцца з аповеду пра гісторыю Інстытута і яго структурных частак, з характарыстыкі напрамкаў дзей насці і дасягненняў. Варта спыніцца на тым, што чамусь ці ў артыкуле В. Ляўко асноўная ўвага звернута на дзейнасць археолагаў, а плён працы „гістарычнай” часткі Цэнтра акрэслена пункцірна. Таксама з матэрыялу В. Даніловіча вынікае, што Цэнтр гісторыі постіндустрыяльнага грамадства распрацоўвае пытанні, звязаныя з гісторыяй ледзь ці не Сярэднявечча.

Валянцін Голубеў („Крыніцы па гісторыі сельскай абшчыны ў Беларусі ў XVI–XVIII ст.”) на падставе шырокага кола крыніц пацвярджае ўласную гіпотэзу, што абшчына (у тым ліку на захадзе Беларусі) не знікла ў XVI ст. ці была толькі органам самакіравання, але часта функцыянавала як распараджальнік зямлі, агент у здзелках з ёй і абаронца калектыўных інтарэсаў сялян. У артыкуле Андрэя Мацука „Узмацненне канфлікту паміж магнацкімі родамі Сапегаў і Радзівілаў і канчатковае афармленне антырадзівілаўскай кааліцыі” апісваецца супрацьстаянне, якое разгарнулася перад і пад час Трыбуналу ВКЛ 1740 г., паміж Радзівіламі і кааліцыяй іх праціўнікаў на чале з Сапегамі. У цэнтры канфлікту — маёмасныя спрэчкі. Аўтар пастулюе палітычны аспект супрацьстаяння (у анатацыі — с. 79), але бліжэй гэтае пытанне не закранае. Выклікае сумненні і вынесенае ў загаловак „канчатковае афармленне антырадзівілаўскай кааліцыі” — з тэксту вынікае, што яна была вельмі рухомай у сваім складзе, як, зрэшты, і шэрагі прыхільнікаў Радзівілаў. У публікацыі Наталлі Новік „Сельскагаспадарчая адукацыя як фактар аграрнай мадэрнізацыі Беларусі ў XIX — пачатку XX ст.” робіцца спроба асэнсаваць сельскагаспадарчую адукацыю на беларускіх землях Расійскай імперыі як фактар мадэрнізацыі. Аднак сама аўтарка прызнае (с. 47), што вызначыць уплыў выпускнікоў навучальных устаноў на стан сялянскіх гаспадарак Беларусі праблематычна. Нарэшце, Міхаіл Старавойтаў („Узровень пісьменнасці і адукаванасці ўсходнеславянскага насельніцтва беларуска-расійска-ўкраінскага памежжа (1920–1930-я г.)”), акрамя акцэнту на пераважна аграрным характары беларускай нацыі як перадумове вялікай непісьменнасці, звяртае ўвагу на тое, што сярод беларусаў, якія жылі ў небеларускіх абласцях, быў вышэйшы працэнт адукаваных людзей, чым у беларусаў у Беларусі. Напрыканцы артыкула сцвярджаецца, што „абсалютная большасць беларусаў па свайму менталітэту была і заставалася ва ўсходнеславянскай цывілізацыі і мела больш агульнага, чым спецыфічнага, з рускімі і ўкраінцамі” (с. 55). Не выключана, што яно так і было. Але якое значэнне гэты пасаж павінен мець у даследаванні пра ўзровень адукаванасці, застаецца незразумелым.

Адзінаццаты нумар прысвечаны далучэнню Заходняй Беларусі да БССР. Рыгор Лазько („Крах Версальскай сістэмы ў Еўропе і аб’яднанне Беларусі”) разглядае палітыку СССР у дачыненні да Заходняй Беларусі ў міжваенны час праз прызму міжнародных адносінаў у Еўропе, перадусім жадання Савецкага Саюза знішчыць Версальскую сістэму. Іван Палуян ледзь ці не ў першых радках свайго артыкула („Той незабыўны верасень 1939 года”) сцвярджае: „некаторыя польскія і нават беларускія гісторыкі і палітыкі імкнуцца сказіць сапраўдную сутнасць гэтага гістарычнага акта [уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР], паставіць пад сумненне яго правамернасць” (с. 8). Але насуперак такім падыходам, зрэшты, бліжэй неакрэсленым, даследчык выстаўляе толькі хранікальны выклад (з упляценнем уласных успамінаў) гісторыі захаду Беларусі ў міжваенны перыяд. Польскі гісторык Войцех Сляшыньскі („Грамадска-палітычнае становішча на паўночна-ўсходніх землях II Рэчы Паспалітай (Заходняя Беларусь) з 1 па 17 верасня 1939 г.”) сцвярджае, што сітуацыя на тэрыторыі Заходняй Беларусі да сярэдзіны верасня 1939 г. была ў цэлым спакойнай, што забяспечвалася польскім дзяржаўным апаратам бяспекі, кантролю і прымусу. Але напярэдадні і пасля ўваходжання Чырвонай Арміі (17 верасня 1939 г.) становішча абвастрылася, бо прыгнечаныя нацыянальна і прыніжаныя сацыяльна ў Польшчы беларуская і яўрэйская супольнасці арыентаваліся на савецкую ўладу. Вольга Матусевіч („Сучасная польская гістарыяграфія аб дзейнасці беларускіх палітычных партый у міжваеннай Польшчы”) вылучае дзве плыні ў польскай гістарыяграфіі дадзенага пытання, „якія адлюстроўваюць або інтарэс польскай дзяржаўнасці, або пазіцыю беларускага насельніцтва” (с. 22). Таксама адзначаецца, што палітызацыя і ідэалагізацыя тэмы ў першай палове 90-х г. XX ст. змянілася ў далейшым больш узважаным стаўленнем. Артыкул Людмілы Адзінец „Баранавічы 1939 года: дзейнасць Часовага ўпраўлення” дае магчымасць прасачыць рэальнае ўвасабленне агульных мерапрыемстваў па ўсталяванні Савецкай улады на прыкладзе Баранавічаў. Аўтарка, сярод іншага, адзначае, што адным з першых мерапрыемстваў у сферы культуры было ўвядзенне выву чэння рускай мовы (с. 23), а мясцовых камуністаў было зусім мала, таму „актыў” фармаваўся з выхадцаў з БССР (с. 29). Зрэшты, даследчыца зусім не імкнецца да перагляду тых ці іншых гіс та рыяграфічных пастулатаў аб падзеях 1939 г., наадварот, цалкам застаецца ў межах айчыннай навуковай традыцыі.

Іншая тэматыка ў нумары рэпрэзентавана артыкулам Аляксандра Грушы „Невядомы арыгінал граматы князя Васіля Нарымонтавіча канца XIV ст.”, у якім вызначаецца дата (1390 г.) і месца (Вільня ці Пінск / Піншчына) стварэння адной з найстаражытнейшых грамат ВКЛ, якія зберагаюцца ў беларускіх сховішчах (у дадзеным выпадку — у Музеі беларускага Палесся ў Пінску). Аўтар працягвае аналіз пачаткаў пісьмовай культуры ў ВКЛ (гл. БГЧ, № 2): падкрэслівае прысутнасць сярод сведкаў ігумена Панкрата і святара, які быў пісарам, што павінна сведчыць пра сакральнае падмацаванне здзелкі. Публікуецца крыніца з грунтоўным палеаграфічным апісаннем. У артыкуле Рыгора Васілевіча „Знакавыя змены Канстытуцыі БССР у кастрычніку 1989 г.: да 20-годдзя падзеі” аналізуецца Закон БССР ад 27 кастрычніка 1989 г. „Аб змяненнях і дапаўненнях Канстытуцыі (Асноўнага Закона) Беларускай ССР” і шэраг іншых нарматыўна-прававых актаў, якія дазволілі правесці ў 1990 г. у БССР першыя альтэрнатыўныя выбары. Андрэй Мяцельскі ў матэрыяле „Заснаванне Пустынскага Свята-Успенскага манастыра: загадка гісторыі”, насуперак прынятай думцы пра Сямёна Лугвена Альгердавіча як заснавальніка (у 1380 г.) Пустынскага Свята-Успенскага манастыра ля Мсціслава, мяркуе, што фундатарам манастыра ў 1480 г. быў тагачасны мсціслаўскі князь Іван Юр’евіч. Таксама даецца кароткая гісторыя манастыра.

У дванаццатым нумары колькасную перавагу мелі матэрыялы пра паўстанні 1830–1831 г. і 1863–1864 г., а дакладней, пра грамадска-палітычную сітуацыю пасля іх. Аксана Лепеш у артыкуле „Камітэт заходніх губерняў у Расійскай імперыі другой чвэрці XIX ст.” разгледзела асноўныя напрамкі дзейнасці Асобага камітэта (1830–1831) і Камітэта заходніх губерняў (1831–1848). Аўтарка сцвярджае, што асноўнымі пытаннямі ў дзейнасці Камітэта заходніх губерняў былі саслоўная палітыка, увядзенне расійскага заканадаўства ў былым ВКЛ, рэформа адукацыі і ўсталяванне кантролю над рэлігійным жыццём. Алена Серак („Парадак і ўмовы ссылкі ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 г. у Беларусі”) разглядае этапаванне паўстанцаў, у асноўным на падставе заканадаўчых і распарадчых актаў расійскіх уладаў. Адзначаецца, што вялікая колькасць зняволеных прымусіла расійскую адміністрацыю ўнесці змены ў парадак ссылкі. Матэрыял Вольгі Гарбачовай і Зінаіды Антановіч „Лёсы святароў Магілёўскай і Мінскай рымска-каталіцкіх дыяцэзій пасля паўстання 1863–1864 г.” прысвечаны лёсу каталіцкіх святароў, якія па абвінавачванні ці проста падазрэнні ў супрацоўніцтве з паўстанцамі былі высланы ў Сібір.

У артыкуле Таццяны Літвінавай „Творы мастакоў з Польшчы ў Музеі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля” атрыбутуюцца і апісваюцца творы польскіх аўтараў, якія належалі І. Ф. Паскевічу, а цяпер знахо-дзяцца ў Гомельскім палацы ды іншых сховішчах. Наталля Мінько („Канстытуцыйна-прававое рэгуляванне ў сферы прыродакарыстання ў БССР і Рэспубліцы Беларусь”) спрабуе прасачыць праявы нормаў рэгулявання ў сферы прыродакарыстання ад першых Дэкрэтаў Савецкай улады да сённяшняга дня.

Весці Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Серыя гуманітарных навук

Гэта афіцыйнае выданне НАН Беларусі, выходзіць з 1956 г. Цяперашняя перыядычнасць выхаду — чатыры разы на год. „Серыя гуманітарных навук” аб’ядноўвае шырокае кола дысцыплін, па кожнай з якіх з’яўляецца ад 2 да 4 артыкулаў у выпуску. У дадзеным аглядзе пад увагу бяруцца матэрыялы з рубрыкі „Гісторыя”, а таксама выбарачна сумежныя з гістарычнымі даследаваннямі артыкулы з іншых галін навукі.

2009

У першым выпуску толькі два артыкулы былі прысвечаны ўласна гісторыі. У матэрыяле Аляксандра Грушы «Даследаванне Пола Сэнгера „Чытанне пра сябе: яго ўздзеянне на пісьмо і грамадства позняга Сярэднявечча” і сучасныя праблемы вывучэння фарміравання пісьмовай культуры ў Вялікім Княстве Літоўскім» апісваецца надрукаваны ў 1982 г. артыкул П. Сэнгера, у якім той прасачыў пераход у Сярэднявеччы ў Заходняй Еўропе ад абавязковага чытання ўслых і пісьма пад дыктоўку да „маўклівага” чытання і пісьма. Беларускі даследчык ставіць пытанне (пакуль без адказу), ці прасочваюцца падобныя працэсы ў ВКЛ. У артыкуле Уладзіміра Здановіча „Акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны ў працах айчынных даследчыкаў (1991–2007)” акрэсліваюцца тэмы, якія, на думку аўтара, атрымалі грунтоўнае асвятленне ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі — канцлагеры, Халакост, прымусовая праца ў Нямеччыне, медыцына і адукацыя пад час вайны.

Гістарычную складовую частку маюць таксама артыкулы Уладзіміра Конана і Валянціны Мароз. У. Конан („Праблемы этыкі і антрапалогіі ў сярэдневяковай Беларусі”) спачатку апісвае этычныя ідэалы Бібліі, а па сля дае агляд этычных поглядаў сярэднявечных асветнікаў і інтэлектуалаў з беларускіх земляў. У артыкуле В. Мароз „Лацінскае пісьмо ў гісторыі Бела ру сі (на матэрыяле летапісаў)” прасочваецца, як на летапісныя тэксты з мовазнаўчага пункту гледжання ўплывала транслітарацыя („Хроніка Быхаўца”) і пераклад на польскую мову („Альшэўскі летапіс”). Адзначаецца выкарыстанне беларускіх слоў у Віцебскай і Магілёўскай гарадскіх хроніках, напісаных у XVII–XVIII ст. па-польску.

Другі нумар адкрывае Сяргей Віцязь артыкулам „Помнікі яцвягаў перыяду ранняга Сярэдневякоўя ў Верхнім Панямонні”, дзе вызначаны асноўныя канцэпцыі лакалізацыі яцвяжскага арэалу. Сам аўтар выкладае сваю версію, паказваючы дынаміку рассялен ня яцвягаў, пералічвае безумоўныя і верагодныя яцвяжскія помнікі, далучаецца да тых навукоўцаў, якія сцвярджаюць, што яцвягі і ўсходнія славяне мірна суіснавалі ў Верхнім Панямонні. Андрэй Ганчар у артыкуле „Увядзенне рускай мовы ў выкладанні Закона Божага ў рымска-каталіцкай царкве Беларусі (другая палова XIX — пачатак XX ст.) падкрэслівае, што захады расійскіх уладаў па ўвядзенні рускай мовы ў касцёле і школе сустракалі як адмоўную, так і станоўчую рэакцыю з боку ксяндзоў. Адзначаецца, што з пачаткам XX ст. прымусовы перавод на рускую мову спыніўся. Змястоўны артыкул, але чамусьці ў шэрагі прадстаўнікоў польскай гістарыяграфіі ў ім запісаны і Адам Станкевіч. Артыкул Ірыны Дмітрук „Патрыятычнае выхаванне як частка дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь”, акрамя агульных слоў пра патрыятызм, пералічэння разнастайных дзяржаўных праграм, канцэпцый і мерапрыемстваў, вылучае два этапы ў патрыятычным выхаванні ў Беларусі: 1991–1995 г. („перыяд крызісу”) і 1996–2000 г., калі пазіцыі дзяржавы ў патрыятычным выхаванні ўмацаваліся. Запачаткаваную ў папярэднім нумары тэму летапісаў працягвае Валянціна Мароз у артыкуле „Беларускія летапісы ў кантэксце старажытнага пісьменства: мовазнаўчы аспект”, у якім сцвярджаецца, што беларуска-літоўскія летапісы XIV–XVI ст. найбольш поўна адлюстроўваюць асаблівасці тагачаснай беларускай пісьмовай традыцыі.

Трэці нумар. У артыкуле Андрэя Мацука „Размеркаванне трыбунальскіх урадаў у межах магнацкай кааліцыі ў 1745 г.” апісваюцца выбары ў Галоўны Трыбунал ВКЛ 1745 г., калі, па сведчаннях сучаснікаў, быў выпадак „згоды даўно не бачанай у Літве”, бо ранейшыя праціўнікі — Радзівілы, Чартарыйскія, Сапегі — дзейнічалі супольна. Два іншыя артыкулы з гістарычнай часткі прысвечаны праблемам міжваеннага перыяду гісторыі Беларусі XX ст. Вячаслаў Даніловіч („Моладзь у грамадска-палітычным жыцці Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь напярэдадні беларусізацыі”) разглядае дзейнасць Камуністычнага саюзу моладзі Беларусі (КСМБ) у 1923 г. Адзначаюцца першыя праявы беларусізацыі ў яго дзейнасці, хоць яна ішла павольна і кіраўніцтва вялікай актыўнасці не праяўляла. Віталь Крывуць („Сельскагаспадарчая падрыхтоўка моладзі Заходняй Беларусі ў 1920–1930-я г.”) апісвае такія мерапрыемствы польскіх уладаў і грамадскіх арганізацый, як стварэнне народных сельскагаспадарчых школ (у Заходняй Беларусі — беспаспяхова) і так званай „Сельскагаспадарчай падрыхтоўкі” — дадатковых заняткаў па аграноміі.

У літаратуразнаўчай частцы таксама змешчаны артыкулы, звязаныя з гістарычнай тэматыкай. Так, у матэрыяле Г. Васільевай і Т. Харкевіч „Некаторыя аспекты асобаснай рэканструкцыі гісторыі: да праблемы аўтэнтычнасці” пададзены вынікі сацыялагічнага апытвання 100 студэнтаў-негісторыкаў БДПУ імя Максіма Танка. Рэспандэнты адказвалі на пытанні аб ролі мінулага і даверы да розных крыніц звестак пра яго. У артыкуле Жаны Некрашэвіч-Кароткай „Лацінамоўны гераічны эпас Беларусі ў кантэксце еўрапейскай эпічнай традыцыі (XVI — першая палавіна XVII ст.)” адзначаюцца як агульныя рысы з антычнай літаратурай, так і адметныя ў лацінамоўнай гераічна-эпічнай паэзіі ВКЛ і Рэчы Паспалітай.

У чацвёртым нумары Валянцін Голубеў („Абшчына ў расійскай гістарыяграфіі XIX–XX ст.”) пералічвае асноўныя падыходы да аналізу абшчыны ў дарэвалюцыйнай, савецкай і сучаснай расійскай навуцы. Напрыканцы артыкула пададзена параўнанне абшчыны на беларускіх і расійскіх землях. Аляксандр Цымбал у артыкуле „Абвяшчэнне аўтакефаліі Праваслаўнай Царквы ў II Рэчы Паспалітай (першая палавіна 1920-х г.)” апісвае складаны і супярэчлівы працэс атрымання Польскай Праваслаўнай Царквой статусу незалежнай ад Маскоўскага Патрыярхату, які аўтар, дарэчы, лічыць некананічным (с. 87). Адзначаецца, што духоўныя і свецкія асобы Заходняй Беларусі выступалі супраць аўтакефаліі. У артыкуле Марата Жылінскага „Сістэма адукацыі Беларусі напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны і яе становішча пасля вызвалення ад германскай акупацыі” адзначаюцца поспехі ў эвакуацыі дзяцей з акупаванай тэрыторыі. Згадваюцца забойствы дзяцей і настаўнікаў, здзейсненыя немцамі, і разрабаванне матэрыяльнай базы навучальных устаноў.

Веснік БДУ

Навуковы часопіс Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта выдаецца з 1969 г. Перыядычнасць — 3 разы на год. Артыкулы на гістарычную тэматыку ўваходзяць у Серыю 3.

2009

Першы нумар за 2009 г. меў відавочны ўхіл у мадэрную гісторыю: усе артыкулы былі прысвечаны XIX–XXI ст. Так, Аляксандр Каханоўскі („Асаблівасці эвалюцыі саслоўных інстытутаў у Беларусі ў XIX — пачатку XX ст.”) паказвае працэс паступовага паслаблення саслоўнай структуры грамадства ў Расійскай імперыі. Адзначаецца больш павольны характар гэтага працэсу ў беларускіх губернях. Сяргей Ходзін („Беларускае сялянства ў 1921–1939 г.: гістарыяграфія, крыніцы, метады вывучэння”), сярод іншага, падрабязна спыняецца на патэнцыяле ўсё яшчэ „новых” для нашай навукі падыходаў (псіха- і мікрагістарычны падыходы, гісторыя паўсядзённасці і вусная гісторыя) у вывучэнні гісторыі беларускага сялянства ў міжваенны перыяд. Уладзімір Снапкоўскі ў артыкуле „Аб прагерманскай арыентацыі лідараў беларускай палітычнай эміграцыі ў Празе (1938–1941)” апісвае кантакты Васіля Захаркі і Івана Ермачэнкі з нямецкімі ўладамі ў 1938–1941 г. Аўтар засяроджвае ўвагу на змесце зваротаў В. Захаркі да А. Гітлера і ўрада фашысцкай Нямеччыны, адзначае асноўныя прапановы лідара БНР.

Два артыкулы датычаць „найноўшай” гісторыі ў поўным сэнсе гэтага слова. Віктар Шадурскі („Интеграционные и дезинтеграционные тенденции на постсоветском пространстве”) спрабуе адказаць на пытанне, чаму мала што атрымліваецца ў плане інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Хоць спачатку варта было б паставіць пытанне, ці патрэбна тая інтэграцыя на гэтай „прасторы” наогул. Аляксандр Шарапа ў артыкуле „Тенденции мировой политики на современном этапе” акрэслівае кірункі развіцця Еўрапейскага, Азіяцка-Ціхаакіянскага, Лацінаамерыканскага рэгіёнаў і Злучаных Штатаў Амерыкі.

Другі нумар атрымаўся даволі збалансаваным — ёсць артыкулы, прысвечаныя розным перыядам гісто рыі. У матэрыяле Анастасіі Зуевай „Вывучэнне культуры шарападобных амфар на тэрыторыі Беларусі ў канцы XX — пачатку XXI ст.” пералічваюцца галоўныя даследчыкі культуры шарападобных амфар, асноўныя напрамкі даследавання (храналогія, узаемаадносіны з тубыльцамі, шляхі міграцыі) і спрэчныя моманты — характар узаемаадносінаў з іншымі культурамі, механізмы распаўсюджвання і інш. У артыкуле Леаніда Казакова „Стан жывёлагадоўлі ў шляхецкіх фальварках у Беларусі другой паловы XVI — пачатку XVII ст.” падкрэсліваецца, што асартымент жывёлагадоўчай прадукцыі быў адзіны для ўсяго ВКЛ, затое пэўныя рэгіёны — Палессе, у пэўнай ступені Усходняя Беларусь — спецыялізаваліся менавіта на жывёлагадоўлі, а не на земляробстве. Віктар Кахновіч („Асаблівасці развіцця дваранскага прамысловага прадпрымальніцтва на Палессі ў парэформенны перыяд (1861–1914): некаторыя аспекты яго вывучэння ў беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі”) адзначае, што дваранства ў 1861–1914 г. паступова страчвала свае пазіцыі (акрамя вінакурэння) у прамысловасці. У артыкуле Наталлі Новік „Революционные события начала XX в. и деятельность профессиональной школы Беларуси” паказана, што рэвалюцыя 1905–1907 г. выклікала вялікі рух у вучнёўскім асяроддзі за ператварэнні ў адукацыі, у той час як пасля лютага 1917 г. маштабных акцый вучнёўскага непадпарадкавання не было, затое былі праведзены пэўныя рэформы. У матэрыяле Аляксея Махнача „Этнаграфічнае вывучэнне Беларусі карэспандэнтамі К. Машынскага” адлюстраваны метады збору інфармацыі, якія выкарыстоўваліся польскім этнографам Казімірам Машынскім — праца з непадрыхтаванымі інфармантамі і карэспандэнцыя ад сеткі прафесійных этнографаў. Нарэшце, у артыкуле Сцяпана Стурэйкі „Проблема типологизации вынужденных мигрантов в контексте социально-культурной антропологии” падкрэсліваецца, насуперак побытаваму меркаванню, што бежанцы з’яўляюцца не пасіўнымі ўдзельнікамі грамадскіх працэсаў, а актыўнымі актарамі, якія рэалізуюць на новым месцы жыхарства ўлас ную стратэгію жыццезабеспячэння.

Трэці нумар. У артыкуле Паўла Лойкі „Узаемадачыненні шляхецкага і мяшчанскага саслоўя на беларускіх землях у другой палове XVI — першай палове XVII ст.” разглядаюцца як шляхецка-мяшчанскія супярэчнасці з-за ўцёкаў сялян у горад, існавання юрыдык, так і іх супрацоўніцтва — вызваленне сялян ад часткі падаткаў у прыватнаўласніцкіх гарадах, часам абарона інтарэсаў гарадоў шляхтай на соймах. Валянцін Голубеў („Сялянская абшчына ў Беларусі ў другой палове XVII — першай палове XVIII ст.”) робіць высно ву, што пасля спусташальных войнаў у другой палове XVII — першай палове XVIII ст. сялянская грамада ў каралеўскіх сталовых эканоміях мела значныя функцыі — выступала як супольны падаткаплацельшчык і карыстальнік зямлёю, а часам і распараджальнік ёю. Артыкул Вадзіма Аніпяркова „Утварэнне і механізм дзеяння інстытутаў Таргавіцкай канфедэрацыі на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага” — спроба сістэмнага разгляду інстытутаў Таргавіцкай канфедэрацыі (1792–1793) — Гене ральнай, ваяводскіх і павятовых канфедэрацый — з пункту гледжання выканання імі адміністрацыйных і судовых функцый.

У артыкуле Уладзіміра Коршука „Уплыў ідэалогіі лібералізму на беларускае грамадства пачатку XX ст.” адзначаецца, што на тэрыторыі Беларусі на падзел унутры ліберальнага кола ўплываў шматэтнічны і шматканфесійны склад насельніцтва. У матэрыяле Віталя Барабаша «„Проблема Беларуси” в политике государств антифашистской коалиции (1941–1945)» адлюстравана, як дзякуючы поспехам на савецка-германскім фронце СССР здолеў атрымаць падтрымку ЗША і Вялікабрытаніі ў правядзенні мяжы з Польшчай па „лініі Керзана”. Вольга Барташ у матэрыяле „Общественные традиции цыган Беларуси (вторая половина XX — начало XXI в.)” паказвае значэнне катэгорый „гонар” і „апаганьванне” ў цыганскім асяродку Беларусі. Адзначаюцца змены, якія адбыліся з пераходам цыганоў да аселасці.

Весці БДПУ

Навукова-метадычны (прынамсі, так ён афіцыйна тытулуецца) часопіс Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта выходзіць з чэрвеня 1994 г. Перыядычнасць — чатыры разы на год, гістарычныя матэрыялы друкуюцца ў Серыі 2.

2009

Нумар першы за 2009 г. атрымаўся даволі тэматычна разнастайным. У. Тугай і У. Грыгор’еў за мэту свайго артыкула „Славяне і іх продкі ў літаратурнай традыцыі IV–VII ст. н. э.” паставілі „аб’ектыўна паказаць ход гісторыі ў Еўропе і месца ў ёй продкаў славян у IV ст. н. э.” (с. 17) — у самаўпэўненасці аўтарам не адмовіш. Але насамрэч гэта толькі аглядны матэрыял. Артыкул Сяргея Стрэнкоўскага „Самакіраванне беларускіх гарадоў, не звязанае з нямецкім правам, у XV–XVII ст.” — спроба паказаць, што ў акрэслены перыяд у ВКЛ паралельна з магдэбургскім існавала т. зв. „устаўное” гарадское права. Гарадской тэматыцы прысвечаны і артыкул Юрыя Урублеўскага „Працы беларускіх савецкіх даследчыкаў па гістарыяграфіі гісторыі гарадоў Беларусі ў эпоху феадалізму”.

У артыкуле Наталлі Новік „Прыватныя і грамадскія ініцыятывы ў развіцці прафесійнай адукацыі Беларусі (другая палова XIX — пачатак XX ст.)” адзначаецца, што менавіта ў стварэнні ўстаноў прафесійнай адукацыі вялікую ролю адыгрывалі прыватная і грамадская ініцыятыва. Матэрыял Віталя Барабаша „Беларусь у палітыцы польскага эміграцыйнага ўрада ў перыяд Другой сусветнай вайны” ў асноўным падобны да артыкула ў „Весніку БДУ” (№ 3, 2009), але дададзены агляд пазіцый польскіх палітычных партый па пытанні мяжы з СССР.

Вялікую частку другога нумара займае спецыяльна вылучаны блок, прысвечаны Другой сусветнай вайне. Марат Жылінскі („Дзейнасць партызан і падпольшчыкаў Беларусі па зрыве германскіх пла наў у галіне адукацыі”) малюе карціну шырокага распаўсюджан ня савецкіх школ — партызанскіх, таемных, лясных — у Беларусі пад час нямецкай акупацыі. Артыкул Яраслава Бязлепкіна „Палітыка германскіх акупантаў у сфе ры адукацыі на тэрыторыі Беларусі ў 1941–1944 г. (па ма тэрыялах англа-амерыканскай гістарыяграфіі)” — гэта пе ралік і аналіз нешматлікіх прац па дадзенай тэматыцы.

Віктар Якаўчук у публікацыі „Фарміраванне дзяржаўнага апарату ў заходніх губернях Расійскай імперыі ў XIX — пачатку XX ст.” у асноўным паўтарае даў но вядомыя сцверджанні. Прыцягвае ўвагу адно што апісанне замены „польскіх” чыноўнікаў на „рускіх” пасля паўстання 1863–1864 г. У артыкуле Кацярыны Драздовай „Роля і месца банкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі (1861–1914)” прасочваецца ўплыў банкаў на інтэнсіфікацыю эканамічнага жыцця беларускіх губерняў. У матэрыяле Міхаіла Цубы „Грамадска-палітычныя накірункі дзейнасці эсэраўскіх арганізацый у Беларусі пад час Першай сусветнай вайны (жнівень 1914 — люты 1917 г.)” паказваецца становішча пар тыі эсэраў на беларускіх землях у 1914–1917 г., раз’яд на-насць у яе шэрагах. Мікалай Клепікаў („Захаванне культурна-гістарычнай спадчыны Беларусі ў пачатку 20-х г. XX ст.”) асвятляе дзейнасць у 1919–1923 г. Мін ска-га таварыства гісторыі і старажытнасці, якое займалася аховай культурна-гістарычнай спадчыны і навуковымі росшукамі. Артыкул Анжэлы Лютай „Працы айчынных даследчыкаў па гістарыяграфіі сацыяльна-эканамічнай гісторыі Беларусі другой паловы XVIII — першай паловы XIX ст.” — фактычна гэта рэцэнзія на кнігу З. Капыскага і В. Чапко „Историография БССР: эпоха феодализма”, выдадзеную ў 1986 г. (!). Рэцэнзія неблагая, але як усё гэта стасуецца з назвай артыкула?

У трэцім нумары ў артыкуле „Яцвягі: да пытання этнічнай прыналежнасці” У. Тугай і У. Грыгор’еў, сярод іншага, сцвярджаюць, што яцвягі паходзяць ад готаў (с. 11). Пры гэтым у артыкуле абсалютна не ўлічана багатая і супярэчлівая найноўшая гістарыяграфія праблемы. У артыкуле Аляксандра Кушнярэвіча „Канвентхаўзы Вялікага Княства Літоўскага” апісваюцца замкі ў Троках і Іказні, якія аўтар адносіць да „канвентхаўзаў”, г. зн. падобных да замкаў Тэўтонскага ордэна. Ігар Вуглік („Этнаніміка беларусаў XVII–XVIII ст.: экзаэтнонімы”) пералічвае асноўныя экзаэтнонімы (назвы, дадзеныя іншымі народамі) беларусаў у XVII–XVIII ст. У матэрыяле Юрыя Урублеўскага „Гісторыя гарадоў Беларусі XIV–XVIII ст. у працах айчынных даследчыкаў пасляваеннага перыяду” аналізуюцца дасягненні і недахопы беларускай савецкай гістарыяграфіі гарадоў.

Ігар Гушчынскі („Крыніцы па вывучэнні дзейнасці судовых устаноў Беларусі перыяду капіталізму: 1864–1914”) падае грунтоўны агляд крыніц з улікам спецыфікі асобных іх груп. Андрэй Багдановіч у публікацыі „Барацьба расійскага самадзяржаўя з тал стоў ствам у Беларусі (канец XIX — пачатак XX ст.)” паказ вае, як жыхары беларускіх губерняў удзельнічалі ў распаўсюджванні ідэй Льва Талстога, акрэсліваецца рэакцыя на гэта ўлад. Аляксандр Цымбал у матэрыяле „Праб лема рэвіндыкацыі праваслаўнай маёмасці ў канфесіянальнай палітыцы польскіх улад у Заходняй Беларусі (1921–1939)” прасочвае правядзенне палітыкі рэвіндыкацыі — вяртання Каталіцкай царкве былых каталіцкіх і ўніяцкіх храмаў, аддадзеных у часы Расійскай імперыі праваслаўным. У артыкуле В. Буракова „Жыллёвая кааперацыя БССР (1924–1929)” разглядаецца жыллёвая арэндная і будаўнічая кааперацыя. А ў публікацыі Івана Саракавіка і Канстанціна Барвінка „Перамены ў вышэйшых органах улады СССР і іх уплыў на кадравую палітыку. 1953–1991 г. (па матэрыялах МУС БССР)” паказана, як кожны новы кіраўнік СССР змяняў ролю міліцыі ў дзяржаўнай сістэме.

У чацвёртым нумары пераважалі артыкулы па гісторыі XX ст. Цікавы артыкул Ігара Гушчынскага „Сутнасць расійскай судовай рэформы 1864 г. і асаблівасці яе рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі”, у якім адлюстравана, як абме жавальная дзяржаўная палі ты ка ў да чынен-ні да бе ла рускіх земляў выклікала „ўся чэн не” судовай рэформы.

Публікацыя Аляксандра Субоціна „Харчовае забеспячэнне стаханаўцаў БССР у другой палове 1930-х г.” распавядае пра тое, што ўдзел у стаханаўскім руху вёў не толькі да павелічэння прэстыжу, але і да заможнасці. Артыкул Віталя Барабаша «„Праблема Заходняй Беларусі” ў палітыцы СССР у пачатку Другой сусветнай вайны (1939–1941)» добра ілюструе, як праз эксплуатацыю „беларускай” і „літоўскай” карты СССР у 1939–1941 г. дамагаўся сваіх геапалітычных мэтаў. Н. Барабаш („Перасяленне жыхароў з сельскай мясцовасці БССР у Калінінградскую вобласць: 1946–1956”) акрэслівае колькасць пераселеных сем’яў, апісваюцца ўмовы іх пераезду, складанасці на новым месцы жыхарства. Адзначаецца негатыўны ўплыў гэтай „планавай” міграцыі на дэмаграфічную сітуацыю ў Беларусі. Л. Гаўрылавец („Варшаўскі дагавор 1970 г. аб асновах нармалізацыі ўзаемных стасункаў паміж ПНР і ФРГ”) падае складаны працэс падпісання дамовы ад 4 снежня 1970 г., паводле якой ФРГ прызнала пасляваенную заходнюю мяжу Польшчы. У артыкуле Сяргея Гарбіцкага „Беларуска-чэшскія культурныя адносіны (канец XX — пачатак XXI ст.)” апісваюцца ўсе больш-менш значныя (і пры гэтым дазволеныя беларускай уладай) праявы культурных кантактаў паміж Беларуссю і Чэхіяй.

Веснік Брэсцкага ўніверсітэта Серыя гуманітарных і грамадскіх навук

Часопіс выдаецца з 1997 г., чатыры разы на год. У 2009 г. артыкулы па гісторыі друкаваліся ў „Серыі гуманітарных і грамадскіх навук”. Неабходна сказаць, што за ўвесь год у „Весніку Брэсцкага ўніверсітэта” не было апублікавана ніводнага артыкула, прысвечанага падзеям раней за XIX ст. Спадзяемся, што такая дыспрапорцыя мае выпадковы характар.

2009

У першы выпуск за 2009 г. увайшлі чатыры артыкулы па гісторыі. Кацярына Марозька („Церковные школы на Пинщине: вторая половина XIX — начало XX в.”) на прыкладзе Піншчыны паказвае змяненне колькасці царкоўных школ (у сувязі з дзяржаўнай палітыкай), апісвае працэс навучання ў такога кшталту ўстановах. Надзея Маторава („Социальная политика органов городского самоуправления белорусских губерний: историографический аспект”) падкрэслівае, што комплексных даследаванняў па гэтай тэматыцы ў беларускай гістарыяграфіі не было. Магчыма, сама аўтарка запоўніць гэты прагал.

У артыкуле Андрэя Гарбацкага „Гісторыя стараабрадніцтва: вынікі крыніцазнаўчага вывучэння (1917 — пач. XXI ст.) (Ч. 3)” пералічваюцца і аналізуюцца да-следаванні па гісторыі стараабрадніцтва. Цікава, што аўтар звяртаецца і да шэрагу літаратурных твораў па гэтай тэматыцы. Аляксандр Вабішчэвіч у матэрыяле „Нацыянальна-культурная праблематыка ў грамадска-царкоўным жыцці праваслаўнага духавенства Заходняй Беларусі (1921–1939)” паказвае некаторыя захады беларускіх дзеячаў па „беларусізацыі” Праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі. Адзначаецца адсутнасць поспеху ў гэтай дзейнасці, раскрываюцца прычыны няўдачы. Акцэнтавана ўвага на спробах уладаў „паланізаваць” Праваслаўную царкву.

Другі нумар змяшчае артыкулы, прысвечаныя амаль што выключна XX–XXI ст. Віталь Гарматны („Палітыка насаджэння асадніцтва і яе асаблівасці ў Палескім ваяводстве ў 1921–1939 г.”), сярод іншага, пастулюе, што асаднікі адыгралі і станоўчую ролю, перадусім, у павышэнні ўзроўню агракультуры, але ніякімі фактамі гэта не пацвярджае. Артыкул Аляксея Радзюка „Создание партизанских зон на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны (1941–1944)” мае аглядны характар і, на жаль, не ўносіць нічога новага ў разгляд тэмы. У артыкуле Эдмунда Ярмусіка „Рымска-каталіцкія манастыры ў сацыяльным і духоўным жыцці Беларусі (30-я г. XX ст. — пачатак XXI ст.)” апісана дзейнасць каталіцкіх кляштараў на беларускіх землях у II Рэчы Паспалітай, іх складанае становішча пад час Другой сусветнай вайны, знішчэнне ў савецкі перыяд і паступовае аднаўленне ў цяперашні час. У матэрыяле Уладзіміра Здановіча „Пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны ў працах беларускіх даследчыкаў (1990–2008)” разглядаецца, як беларускія гісторыкі асэнсоўвалі спрэчныя пытанні гісторыі нападу Нямеччыны на СССР — праблему прэвентыўнага ўдару, суадносінаў сіл.

Трэці нумар змяшчае ўсяго некалькі гістарычных публікацый. У артыкуле Святланы Грыбавай „Удзел беларускіх татар у падпольным руху на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны” прыводзяцца звесткі пра ўдзел этнічных татараў у мінскім і уздзенскім падполлі. Наталля Бункевіч у артыкуле „Методы палеоантропологии при изучении этногенеза восточных славян” падрабязна спыняецца на краніялагічным метадзе (вымярэнне чарапоў), які найбольш распаўсюджаны ў беларускай навуцы.

Чацвёрты нумар склалі матэрыялы па гісторыі Заходняй Беларусі (што нядзіўна для брэсцкага выдання) і міжнародных кантактах Нямеччыны. Артыкул Аляксандра Вабішчэвіча „Нацыянальна-культурнае жыццё Заходняй Беларусі (1921–1939): праблемы перыядызацыі, тыпалогіі ўзаемаадносін” цікавы тым, што ў ім, акрамя звычайнага разгляду беларуска-польскіх стасункаў, робіцца спроба акрэсліць адносіны беларусаў і палякаў з іншымі этнічнымі супольнасцямі ў Заходняй Беларусі. У артыкуле Вольгі Мярчук „Адміністрацыйна-прававыя асновы эміграцыі з тэрыторыі Заходняй Беларусі (1921– 1939)” па даюцца спецыфіка эміграцыйнага зака-надаўства, асноўныя напрамкі эміграцыі з тэрыторыі Заходняй Беларусі. Павел Корнеў у матэрыяле „Сельская гаспадарка Брэсцкай вобласці ў першыя гады пасля вызвалення ад германскіх акупантаў (1944–1947)” апісвае мерапрыемствы савецкай улады па аднаўленні матэрыяльнай базы сельскай гаспадаркі, паляпшэнні ўмоваў жыцця і стварэнні калгасаў.

Дзве публікацыі датычаць гісторыі адносін з Нямеччынай. Дзмітрый Мігун у артыкуле „Германо-советский торговый договор 1925 г. и его значение” падае агляд нямецка-савецкіх адносінаў у 1921–1925 г., а Андрэй Русаковіч („Основные проблемы белорусско-германских отношений в период 2001–2003 г.”) паказвае пэўныя поспехі ў эканамічных узаемаадносінах Беларусі і Нямеччыны ў 2001–2003 г. і амаль поўную адсутнасць зрухаў у сферы палітыкі ў гэты час.

Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта

Выдаецца з 1996 г., у 2009 г. выйшла чатыры выпускі. Звычайна ў нумар трапляе 3–4 матэрыялы па гісторыі, часам да іх далучаюцца артыкулы па этналогіі і археалогіі. У 2009 г. у „Весніку” назіралася выразная перавага публікацый па гісторыі Беларусі XIX–XX ст. Большасць аўтараў з ВДУ імя П. М. Машэрава, але друкуюцца і прадстаўнікі з іншых навуковых асяродкаў.

2009

Рубрыку „Гісторыя” ў першым нумары за 2009 г. адкрыў артыкул Аляксандра Самовіча „Турецкие военнопленные 1877–1878 г. в Витебской губернии”, дзе апавядаецца пра паўсядзённае існаванне турэцкіх вайскоўцаў у расійскім палоне, адзначаецца цікавасць да іх з боку мясцовага насельніцтва. Сяргей Зыбін („Первая Всебелорусская молочная выставка 1925 г. в г. Минске: новые архивные материалы”) адзначае прапагандысцкую і эканамічную функцыі выставы 1925 г., але падрабязна спыняецца толькі на другой з іх. Даследаванні найноўшай гісторыі Беларусі рэпрэзентуе артыкул Дзяніса Юрчака „Белорусско-украинские отношения в 1991–2004 г.: успехи и противоречия”, у якім аўтар спыняецца на палітычных і эканамічных аспектах ва ўзаемаадносінах дзвюх краін. Прызнаючы праявы напружанасці (непрызнанне Вярхоўнай Радай Украіны беларускага парламента ў 1996–1999 г., пытанне ўкраінскай запазычанасці і дэмаркацыі мяжы), даследчык ацэньвае беларуска-ўкраінскае супрацоўніцтва як плённае.

Другі нумар змясціў артыкулы па гісторыі і  этналогіі. У артыкуле Аляксея Саўкова «Схема социальной динамики и концепция „всемирной истории” Н. А. Рожкова» аналізуецца цыклічная канцэпцыя гісторыі расійскага навукоўца Мікалая Ражкова (1868–1927). Выяўляюцца яе ідэйныя вытокі, месца ў тагачаснай думцы, моцныя і слабыя бакі. Надзея Маторава ў матэрыяле „Мероприятия органов городского самоуправления Беларуси по улучшению санитарного состояния городов (1875–1914)” апісвае такія мерапрыемствы, як стварэнне санітарных камісій, камітэтаў і апякунстваў, увядзенне пасады санітарных урачоў (не без супраціву з боку гарадскіх Дум), кантроль чысціні вады і інш. У этналагічную частку ўваходзіць артыкул Уладзіміра Лобача „Міфа-семантыка сядзібы і хаты ў традыцыйным светапоглядзе беларусаў”, дзе раскрываецца значэнне сядзібы і хаты ў традыцыйнай беларускай культуры як увасабленняў „сваёй” прасторы і Сусвету ў цэлым.

У трэці нумар уключана найбольшая за 2009 г. колькасць артыкулаў па гісторыі — пяць. У артыкуле Алены Дзянісавай „Гаспадарчая дзейнасць праваслаўных манастыроў Беларусі ў другой палове XV — першай палове XVII ст.” акрэсліваецца маёмасны стан манастыроў, іх узаемаадносіны са свецкімі феадаламі, колькасць прыгонных і характар павіннасцяў. Робіцца выснова, што манастыры былі не вельмі заможнымі, але забяспечвалі патрэбы манахаў. Юрый Петухоў у матэрыяле „Этнополитическое и историческое сознание белорусского дворянства в конце XVIII — начале XX в.: обзор источников” вылучае наступныя групы крыніц па дадзенай праблематыцы: гістарычныя, этнаграфічныя даследаванні і гістарычная публіцыстыка; літаратурныя творы, мемуары і дзённікі; дваранскія перапісы; судова-следчыя матэрыялы і кіраўніцкая дакументацыя (с. 17). Але аўтар засяродзіўся толькі на пералічэнні крыніц, іх вартасцяў і недахопаў і нават не паспрабаваў акрэсліць метадалогію даследавання „этнапалітычнай і гістарычнай свядомасці беларускага дваранства ў канцы XVIII — пачатку XX ст.” ці хаця б раскрыць сутнасць гэтага інтэлектуальнага канструкта. Зрэшты, магчыма, гэта не ўваходзіла ў праблемнае поле артыкула, але разгляд крыніц без бліжэйшага вызначэння прадмета даследавання ўсё-такі немэтазгодны. Васіль Табуноў („Католическое духовенство и церковноприходские школы в Беларуси в начале XX века”) разглядае палітыку расійскага ўрада па выкрыццю нелегальных каталіцкіх школ і насаджэнню царкоўнапрыходскіх школ, у тым ліку сярод каталікоў. Падкрэсліваецца значэнне як супрацьвагі гэтаму цыркуляра № 509 ад 12 лютага 1902 г. віленскага біскупа С. Звяровіча аб ненаведванні каталікамі праваслаўных школ. Выкананне гэтага цыркуляра вернікамі прымусіла ўрад пайсці на саступкі. У артыкуле Сяргея Васовіча „Культурно-просветительская деятельность Витебского Свято-Владимирского братства в начале XX в.” робіцца акцэнт на дабрачыннай і рэлігійна-асветніцкай (натуральна, у праваслаўным рэчышчы) дзейнасці дадзенага брацтва. Адзначаецца антырэвалюцыйная агітацыя брацтва пад час падзей 1905–1907 г. Наталля Новік („Учительские институты в системе профессионального образования Беларуси начала XX в.”) разглядае настаўніцкія інстытуты ў Віцебску (з 1910 г.), Магілёве (з 1913 г.) і Мінску (з 1914 г.), акрэслівае рэлігійны (выключна праваслаўныя) і сацыяльны (большая частка — сяляне) склад навучэнцаў.

У рубрыцы „Філасофія” ў чацвёртым нумары змешчаны цікавы і гісторыкам артыкул Аляксандра Табачкова „Исторический источник: онтогносеологический анализ”: аўтар, хоць нідзе гэта прама не сцвярджае, прытрымліваецца канструктывісцкага падыходу да аналізу паняцця „гістарычны факт”, таксама ён падкрэслі вае, што „крыніца фактычнасці” — гэта акурат і ёсць гістарычная крыніца, актуалізаваная даследчыкам. Ва ўласна гістарычнай частцы нумара змешчаны тры артыкулы. У матэрыяле Кацярыны Марозькі „Организация учебного процесса в Минской духовной семинарии (вторая половина XIX в.)” акрэсліваецца матэрыяльны стан Мінскай духоўнай семінарыі, яе адукацыйны ўзровень, але асноўная ўвага скіравана на побыт навучэнцаў і перспектывы іх далейшай кар’еры. Аляксандр Субоцін („Успрыманне стаханаўскага руху рабочымі БССР у сярэдзіне 1930-х г.”) аналізуе ўспрыманне рабочымі БССР „стаханаўскага руху”. Яго станоўчая матывацыя прасочваецца праз разгляд сведчанняў саміх стаханаўцаў, але большасць прыве дзеных прыкладаў — гэта ідылічныя замалёўкі з тагачаснай савецкай перыёдыкі, што аўтар зусім не ўлічвае. Паказаны таксама праявы адмоўнага стаўлення да „стаханаўскага руху” і прычыны гэтага. Расціслаў Цімафееў у артыкуле „Материально-технические условия развития транспорта БССР в 1943–1991 г.”, акрамя агульнага аповеду аб развіцці транспарту ў БССР, спыняецца на шматлікіх праблемах, якія існавалі ў транспартнай сферы ў той час.

Известия Гомельского государственного университета им. Ф. Скорины

Часопіс дэклараваны як „навуковы і вытворча-практычны”. Выдаецца з 1999 г., выходзіць 6 выпускаў на год, пры гэтым некаторыя з іх у некалькіх частках. Аднак далёка не ва ўсіх нумарах ёсць матэрыялы па гісторыі.

2009

Нумар другі за 2009 г. змясціў два артыкулы па гісторыі, дакладней, па гісторыі асветы і адукацыі. У матэрыяле Сяргея Васовіча „Организация народных чте ний и бесед епархиальными братствами в конце XIX — на чале XX в.” адлюстраваны мерапрыемствы па арга нізацыі чытанняў і гутарак, асаблівасці іх правя дзення ў розных епархіях, тэмы чытанняў і вынікі дзей насці, апошнія, праўда, у некалькі патэтычным стылі. У артыкуле А. Сарокі „Станаўленне сістэмы навучальных устаноў па падрыхтоўцы работнікаў для культурна-асветніцкіх устаноў савецкай Беларусі ў 20-х г. XX ст.” асвятляецца функцыянаванне савецкіх партыйных школ I і II ступеняў і Магілёўскага палітыка-асветніцкага тэхнікума.

Трэці нумар абышоўся без „гістарычнай” часткі, але сярод матэрыялаў у рубрыцы „Фалькларыстыка” вылучаецца даследаванне Аляксандра Карскага „Карские — собиратели белорусского фольклора”, у якім адзначаецца, што актыўным збіральнікам фальклору быў не толькі Яўхім Карскі, але і члены яго сям’і і бліжэйшыя сваякі.

Частка першая чацвёртага выпуску даволі багатая на гістарычныя даследаванні. Мікалай Клепікаў („К истории Гомельского музея”), апавядаючы пра Гомельскі музей у 20–30-я г. XX ст., здолеў змясціць інфармацыю і пра „Румянцаўскі гурток”, і пра распродаж музейных каштоўнасцяў у СССР. Артыкул Віталя Гарматнага „Вайсковае асадніцтва на тэрыторыі палескага1 ваяводства ў 1921–1939 г.” мала адрозніваецца ад іншых матэрыялаў аўтара (гл.: Веснік БрДУ, № 2, 2009; Веснік МДУ, № 1, 2009). У даследаванні Аксаны Яшчанкі „Общественные традиции молодежи Мозырско-Припятского Полесья в 1920-е г.” паказана пранікненне ў

1Менавіта так – з малой літары – у тэксце.культуру моладзі Палесся савецкіх звычаяў. Нягледзячы на згадванне Беларусі ў назве артыкула Дзмітрыя Мігуна „Беларусь в германо-советских отношениях 1939 г.”, тэкст пераважна прысвечаны міжнароднай сітуацыі ў 1939 г. без асаблівай прывязкі да Беларусі. Нарэшце, найбольш змястоўны артыкул у „гістарычнай” частцы прэзентуе Сцяпан Захаркевіч („Маркеры этнических меньшинств Беларуси в XIV–XVIII в.”): на падставе класіфікацый Ф. Барта і Ю. Абрэмбскага аўтар вызначае рысы як у знешнім выглядзе, так і ў свядомасці, якія адрознівалі прадстаўнікоў этнічных меншасцяў на тэрыторыі Беларусі ў XIV–XVIII ст.

У „філасофскай” частцы знаходзіцца артыкул Вячаслава Цацарына „Хэйдэн Уайт і Поль Рыкёр аб структуры гістарычнага тлумачэння”: пераказваюцца ідэі Х. Уайта аб „паэтычным” характары гісторыяпісання і іх перааэнсаванне П. Рыкёрам. Аўтар схільны больш зга-джацца з пазіцыяй Уайта, чым Рыкёра.

Згадаем, што ў нумар увайшлі таксама матэрыялы міжнароднай навуковай канферэнцыі „Беларусь і суседзі: гістарычныя шляхі, узаемадзеянне і ўзаемаўплывы”.

Пачэснае месца занялі матэрыялы на гістарычныя тэмы і ў шостым нумары. У артыкуле Д. Савіча „К вопросу об истории православной церкви Витебщины в пер вые годы после Брестского церковного собора (1596–1625)” пераказваюцца ў асноўным добра вядомыя факты, звязаныя, перадусім, з постаццю Язафата Кунцэвіча, які, дарэчы, абвінавачваецца ў выкарыстанні „дваістых стандартаў”. Алена Корань („Этико-эстетические установки декабристов”) сцвярджае, што ў сваёй грамадскай дзейнасці дзекабрысты кіраваліся этычнымі перакананнямі, у замацаванні якіх вялікую ролю надавалі літаратуры і мастацтву. Рыгор Лазько („Ідэя самавызначэння народаў у ленінскай палітычнай канцэпцыі ў дакастрычніцкі перыяд”) падкрэслівае, што дэклараванае У. Леніным права нацый на самавызначэнне было тактычным крокам бальшавікоў. У публікацыі Анатоля Бабкова „Помощь беженцам Первой мировой войны эвакуационными органами Полоцкого уезда в 1919–1920 г.” паказана, як рассялялі бежанцаў, даглядалі іх пад час савецка-польскай вайны 1919–1920 г. Адзначаны кепскія, фактычна антысанітарныя, умовы ў лагерах для бежанцаў у Полацку. Мікалай Мязга („Падпісанне рапальскага дагавора і рэакцыя польскай дыпламатыі”) апісвае спробы Польшчы спыніць нямецка-расійскае збліжэнне ў першай палове 20-х г. XX ст. праз прыцягненне падтрымкі заходніх краін, кантакты то з Нямеччынай, то з Савецкай Расіяй.

Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі КупалыСерыя 1: Гісторыя. Філасофія. Паліталогія. Сацыялогія

Часопіс выдаецца з сакавіка 1999 г. тры разы на год. У Серыі 1 матэрыялы па гісторыі складаюць звычайна большую палову тэкстаў. У кожным з нумароў 2009 г. значнае месца было аддадзена пад гістарыяграфічныя і крыніцазнаўчыя матэрыялы, і гэта не выпадкова, бо гістарычны факультэт ГрДУ вядомы сваім інтарэсам да гістарыяграфічнай праблематыкі (працы Аляксандра Нечухрына, Дзмітрыя Карава і інш.). Публікуюцца матэрыялы гродзенскіх навукоўцаў (а ГрДУ — адзін з найбуйнейшых цэнтраў гістарычных даследаванняў у Беларусі) і прадстаўнікоў іншых гарадоў.

2009

У нумары першым у артыкуле „Этническая ментальность белорусского дворянства в конце XVIII — начале XX вв. (историографический аспект)” Юрый Петухоў паказаў, як асэнсоўвалася дваранства беларускіх зямель навукоўцамі і публіцыстамі Расійскай імперыі — спачатку як „польскае”, пасля як „апалячанае”. Адзначаецца, што ў савецкай і постсавецкай навуцы спецыяльных даследаванняў па гэтай тэме не было. Тадэвуш Кручкоўскі („Российско-польские отношения в первой половине XIX века и их влияние на развитие исторической полонистики в России”), акрамя рэтраспектыўнага агля ду разнастайных навуковых і публіцыстыч ных прац, падкрэслівае ролю Мікалая Карамзіна як чалавека, які першым абгрунтаваў ідэю аб немагчымасці незалежнай Польшчы без шкоды для Расіі. На мяжы крыніцазнаўчых штудый і інтэлектуальнай гіс торыі знахо дзіцца артыкул Ганны Паўлоўскай „Хро ніка кляш тара кармелітаў босых гаспадарскага места Гародні як silva rerum Conventus Grodnensis”, у якім да ецца падрабяз нае апісанне Хроні-кі кляштара босых кармелітаў у Гродне (апісвала падзеі 1652–1790 г.). Здзей снена спроба параўнаць яе са шля-хец кімі збор ні камі энцыклапедычнага характару — silva rerum. Сцвяр джаецца, што як і silva rerum, Хроніка ства-рала суму ве даў і ідэалы выхавання, захоўвала калек-тыўную тоеснасць.

Але не толькі гістарыяграфія і крыніцазнаўства вабіць аўтараў дадзенага выдання. У артыкуле Алега Карповіча „Участие населения белорусских уездов Гродненской губернии в восстании 1863–1864 г.” акрэсліваецца і аналізуецца сацыяльны склад паўстанцаў у Брэсцкім, Ваўкавыскім, Гродзенскім, Кобрынскім, Пружанскім і Слонімскім паветах. Робіцца выснова, што большую частку паўстанцаў складалі прадстаўнікі беззямельнага збяднелага дваранства і дробныя чыноўнікі. Даюцца прычыны ўдзелу розных сацыяльных груп у паўстанні 1863–1864 г. на Гродзеншчыне. У публікацыі Вольгі Папко „Прынцыпы наследавання ардынацый князёў Радзівілаў у XIX ст.” адлюстраваны шэраг адыходаў ад прынцыпу ардынацыі (маярату) пры перадачы ўладанняў Радзівілаў у спадчыну ў XIX ст. Разгледжаны ўплыў палітычных аспектаў на маёмасныя адносіны — удзел князя Дамініка Радзівіла ў вайне 1812 г. на баку Напалеона, пераход часткі Радзівілаў, нямецкіх падданых, у пачатку XX ст. у расійскае падданства для магчымасці карыстацца сваімі ўладаннямі на тэрыторыі Расійскай імперыі. Таццяна Хурсан у артыкуле „Пытанні колькаснага вызначэння стараабраднікаў на тэрыторыі Усходняй Беларусі (другая палова XVIII — XIX ст.)” паказвае дынаміку (рост) колькасці стараабраднікаў у другой палове XIX ст. Праўда, пераканаўчага тлумачэння гэтага даследчыца не падае. Артыкул Аляксандра Самовіча „Опыт восприятия турецких военнопленных населением белорусских губерний (1877–1878)” у цэлым падобны да матэрыялу гэтага ж аўтара ў „Весніку ВДУ” (№ 1, 2009, гл. раней), толькі мае большы геаграфічны ахоп. Дадаецца таксама апісанне выпадкаў жадання некаторых палонных застацца ў Расійскай імперыі і перайсці ў праваслаўе. У публікацыі Наталлі Новік „Профессиональное образование в Гродненской губернии в XIX — начале XX в.” адзначаецца адставанне Гродзенскай губерні ў прафесійнай адукацыі ад іншых беларускіх губерняў, што аўтарка тлумачыць адсутнасцю земстваў.

Гісторыя XX ст. таксама багата рэпрэзентавана ў гэтым нумары. У артыкуле Вольгі Шчукі „Еврейские политические партии и организации в Западной Беларуси в условиях мирового экономического кризиса (1929–1933)” падкрэсліваецца, што ў міжваеннай Польшчы ва ўмовах крызісу ўзраслі антысеміцкія настроі. Але асноўная ўвага звернута на дзейнасць яўрэйскіх партый і арганізацый рознай палітычнай накіраванасці. Робіцца выснова, што найбольш уплывовымі з іх былі Бунд і Паалей-Цыён. Анатоль Вялікі („Пытанне нацыянальнасці і грама дзянства ў час рэпатрыяцыі польскага насельніцтва з ПНР у БССР у 1957–1959 г.”) прасочвае, як са змяненнем палітычнай кан’юнктуры ў 40–50-я г. XX ст. (сталае замацаванне тэрыторыі Заходняй Беларусі за БССР, магчымасць выезду ў Польшчу) змянялася і нацыя нальнасць многіх жыхароў захаду Беларусі — з палякаў у беларусы і наадварот. У матэрыяле Эдмунда Ярму  сі ка „Римско-католическая Церковь в Беларуси в период понтификата Иоанна Павла II” апавядаецца пра Рымска-каталіцкую царкву ў Беларусі ў 1978–2005 г., калі папам рымскім быў Ян Павел II. Акрэсліваюцца асноўныя падзеі ў рэлігійным жыцці беларускіх каталікоў. Аўтар старанна абыходзіць тэму ўзаемаадносінаў каталіцкай царквы з уладамі незалежнай Беларусі.

Другі нумар распачынае Андрэй Ганчар („Политика Российской империи в отношении римско-католической церкви на территории Беларуси в посл. трети XIX — нач. XX в.”), які вызначае ў дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі гісторыі каталіцкай царквы кансерватыўны (які пераважаў) і ліберальны напрамкі. У савецкай гістарыяграфіі ім вылучаецца два перыяды: 1920–1950-я г., калі каталіцкая царква апісвалася выключна ў змрочных фарбах, і 1950–1980-я г., калі панаваў больш узважаны падыход. У сучаснай расійскай гістарычнай навуцы адзначаецца тэзіс, што адносіны Расіі і Рыма псавала „польскае пытанне”. Сяргей Занеўскі ў матэрыяле „Роль правового положения шляхты ВКЛ в законодательном оформлении российского дворянства (источниковедческий анализ)” сцвярджае, што прававы стан шляхты ВКЛ стаў узорам для расійскага дваранства ў яго імкненні да заканадаўчага замацавання ўласных правоў. Аляксандр Радзівонаў („Комплектование российской армии на территории Гродненской губернии накануне Отечественной войной2 1812 г.”) „парадаваў” яшчэ ў рэзюмэ да артыкула, дзе падзяліў ваенных гісторыкаў на „дваранскіх”, „буржуазных”, „савецкіх” і „айчынных” (с. 81). Абсалютную некарэктнасць (з пункту гледжання логікі) такой класіфікацыі тлумачыць не выпадае. Але ў цэлым гэта неблагі матэрыял пра арганізацыю рэкруцкай павіннасці ў Расійскай імперыі (у прыватнасці, у Гродзенскай губерні) у першым дзесяцігоддзі XIX ст.

У артыкуле Валерыя Чарапіцы „Чины Гродненской губернской, городской и уездной полиции в начале XX века: их типы и судьбы” падаецца кароткі аг ляд арганізацыі паліцэйскай службы ў Расійскай ім перыі, біяграфіі шэрагу значных паліцэйскіх чыноў Гродзенскай губерні, а таксама Пятра Станіслававіча Геніюша, свёкра знакамітай паэткі Ларысы Геніюш. У

2„Накануне Отечественной войной”: менавіта так, з памылкай у дапасаванні, у назве артыкула.даследаванні Вольгі Радзівонавай „Православное духовенство Белорусских епархий в начальный период Первой мировой войны (июль — декабрь 1914 г.)” акрэс-ліваецца дабрачынная і прапагандысцкая дзейнасць праваслаўных святароў у пачатку Першай сусветнай вайны. Аляксей Саўкоў („Проблема личности и личностного фактора в исторической концепции Н. А. Рожкова”) адзначае супярэчлівасць поглядаў расійскага гісторыка Мікалая Ражкова на ролю асобы ў гісторыі: з аднаго боку, пад уплывам пазітывізму і марксізму, яе поўнае адмаўленне, а з іншага, вылучэнне (фактычна на падставе „вялікіх асобаў”) „псіхічных тыпаў”, якімі і адрозніваюцца эпохі.

У артыкуле Дзмітрыя Карава „Западноруссизм и его представители в белорусской историогра фии порефор менного периода (к проблеме вли яния политики на исто рическую идеологию)” паказ ваецца палітызаваная сутнасць „заходнерусісцкай” гістарыяграфіі. Матэрыял Анастасіі Каравай „Белорусская диаспора и становление традиций белорусоведения в Великобритании в 40-е — сер. 80-х г. XX в. (историографические, источниковедческие, историко-культурологические аспекты проблемы)” значна пашыраны і больш сістэматызаваны, чым падобны артыкул аўтаркі ў БГЧ (№ 6, 2009, гл. раней). Асаблівая ўвага звернута на крыніцы па гісторыі беларускай дыяспары ў Вялікабрытаніі. Артыкул Ганны Змітрукевіч „Белорусская диаспора и формирование традиции белорусоведения в Западной Германии и ФРГ (40–80-е гг. XX в.)” — пашыраны варыянт з БГЧ (№ 6, 2009, гл. раней). Бянтэжыць пэўная неахайнасць артыкулаў А. Каравай і Г. Змітрукевіч: граматычныя памылкі, паўторы тэксту, нарэшце, наяўнасць аднолькавых ці вельмі падобных фрагментаў у абодвух матэрыялах: на с. 66–67 і 75 — пра Янку Запрудніка і Міколу Панькова, на с. 66 і 79 — пра газету „Бацькаўшчына”. Гэта значна зніжае навуковую вартасць публікацый.

У матэрыяле Андрэя Боркі „Структура і асаблівасці дзейнасці Гродзенскай гарадской рады (1919–1927)” адлюстраваны нацыянальны (пераважалі палякі і яўрэі), рэлігійны (у асноўным каталікі і іўдзеі) і палітычны (з цягам часу павялічвалася прадстаўніцтва праўрадавых колаў) склад рады, акрэслены яе паўнамоцтвы. Тэму Заходняй Беларусі працягвае Аляксандр Вабішчэвіч у артыкуле „Беларускае тэатральнае і музычнае жыццё ў Польшчы ў 20–30-я г. XX ст.”, дзе апісваюцца спробы стварэння беларускага прафесійнага тэатра, дзейнасць самадзейных тэатраў, беларускіх хораў, музыкаў і спевакоў, перашкоды для беларускага тэатра і музыкі з боку польскіх уладаў.

Нарэшце, Алена Макрушыч („Этнокультурная политика в Республике Беларусь в начале XXI в.”) пералічвае нарматыўна-прававыя акты, мерапрыемствы, дасягненні і г. д. у этнакультурнай палітыцы ў Беларусі.

Трэці нумар запоўнены пераважна гістарыяграфічнымі матэрыяламі. Святлана Марозава („Гісторыка-канфесійныя даследаванні на кафедры гісторыі Беларусі ГрДУ імя Янкі Купалы”) прасочвае дзейнасць трох пакаленняў даследчыкаў (пачынаючы ад Якава Мараша), якія займаліся і займаюцца канфесійнай праблематыкай на гістарычным факультэце ГрДУ. У артыкуле Наталлі Ягнешко „Сістэма атэ стацыі навуковых і навукова-педагагічных кадраў у Рэспубліцы Беларусь і яе вынікі па гістарычных навуках (1991–2007)” пералічваюцца шматлікія ператварэнні ў сіс тэме атэстацыі ў Беларусі, прыводзяцца прыкла-ды ўдалых і няўдалых спробаў атрымання вучоных ступеняў. У артыкуле Руслана Гагуа «„Хроника конфликта…” как один из основных источников для исследования Грюнвальдской битвы 1410 года в отечественной и зарубежной историографии» пра айчынную гістарыяграфію (спадзяюся, аўтар пад ёй меў на ўвазе беларускую) нічога не сказана, магчыма, таму што „Хроніка канфлікту…” не атрымала ў нас (да ўласна Р. Гагуа) належнага разгляду. Што датычыцца замежнай гістарыяграфіі, то, на думку аўтара, у польскай навуцы склалася недакладнае, заніжанае меркаванне аб вартасцях гэтай крыніцы. Асноўную частку працы Тадэвуша Кручкоўскага „Общественно-политические условия развития исторической полонистики в России второй половины XIX века” займае апісанне зменаў ва ўрадавай палітыцы ў дачыненні да „польскага пытання” і стаўленне да яго ў грамадскай думцы. Пра ўласна „гістарычную паланістыку” адзначаецца, што адносіны да Польшчы кансерватыўных і ліберальных гісторыкаў не вельмі адрозніваліся і (за рэдкім выняткам) былі насцярожанымі. У крыніцазнаўчым артыкуле Андрэя Чарнякевіча „Православная церковь Беларуси конца XVIII — начала XX веков (по материалам польских источников и литературы)” чамусьці вельмі выбарачна рэпрэзентаваны крыніцы: колькі прац з XIX ст., у тым ліку публіцыстычных, адна кніга з міжваеннага часу, нічога з перыяду ПНР, а завяршае ўсё агляд сучаснай польскай гістарыяграфіі. Казаць у такім выпадку пра нейкія тэндэнцыі ў адлюстраванні Праваслаўнай царквы ў польскай грамадскай думцы не выпадае. Артыкул Святланы Сілавай „Православная церковь в конце XIX — начале XX вв. (к историографии вопроса)” фактычна ўяўляе сабою два розныя матэрыялы: агляд крызіснага стану Праваслаўнай царквы ў Расіі на памежжы XIX–XX ст. і пералік крыніц і гістарыяграфіі па гісторыі праваслаўя ў Расіі. Як усё гэта суадносіцца з назвай артыкула, сказаць складана. Спіс выкарыстанай літаратуры налічвае 92 (!) пазіцыі, але добра, калі на палову з іх ёсць спасылкі ў тэксце. Артыкул Вольгі Працэнкі «Проблема цивилизационного выбора России на страницах журнала „Отечественная история” (2000–2008 гг.)» — пра вечную праблему „лёсу Расіі” (у тым ліку ў яе цывілізацыйнай мадыфікацыі), якая ўжо стала не толькі гістарычнай, але і гістарыяграфічнай праблемай.

Але не гістарыяграфіяй адзінай жыве „Веснік ГрДУ”. Артыкул Алены Корань „Декабристы после де ка бря. Ретроспективная самооценка и ментали тет”, нягледзячы на заяўленую маштабнасць і „мадэр насць” тэмы, уяўляе сабою вельмі інфарматыўны, але ўсё-  такі панегірык дзекабрыстам. Што датычыцца прааналізаванага аўтарам менталітэту ўдзельнікаў паўстання, то прыцягвае ўвагу адчуванне дзекабрыстамі ўласнай гістарычнай ролі і адказнасці, якое не знікла і ў ссылцы. У артыкуле Андрэя Боркі „Структура і асаблівасці дзейнасці Гродзенскіх гарадскіх радаў у другой палове 20 — 30-х г. XX ст.” асвятляецца дзейнасць II–IV Гродзенскіх ра даў, акрэсліва ец ца партыйны і нацыянальны склад чле наў (прадстаў ні кі польскіх і яўрэйскіх партый і арга нізацый), паўнамоцтвы ра ды, яе залежнасць ад ваяводскага начальства. У публікацыі Дзмітрыя Кіенкі „Авиация Белорусского военного округа в советско-польском конфликте сентября 1939 года” паказана, што СССР меў перавагу ў паветры над Польшчай, асноўная частка ВПС якой змагалася ў гэты час з Нямеччынай. Артыкул Вольгі Харчанкі „Культурные преобразования в западных областях Беларуси (сентябрь 1939 — июнь 1941 г.)” добра ілюструе поспехі Савецкай улады ў некаторых сферах (кантроль СМІ, адукацыя) і правал — у іншых, напрыклад, у антырэлігійнай прапагандзе. Сяргей Піваварчык у матэрыяле «Организация обороны советских войск на „Линии Сталина”» аналізуе з ваенна-гістарычнага пункту гледжання „Лінію Сталіна”, адзін са слупоў афіцыйнай беларускай ідэалогіі. Адзначаецца, што значную ролю адыграў толькі Полацкі ўмацаваны раён, які здолелі падрыхтаваць да прыходу немцаў, астатнія ж, да вайны занядбаныя, не мелі вялікага значэння. Бадай што самым удалым месцам артыкула Расціслава Цімафеева „Государственная политика по управлению деятельностью белорусского тран спорта в 1943–1991 г.” з’яўляецца такі „прысуд” дзяр жаўнай транспартнай палітыцы: „пяцігоддзе ішло за пяцігоддзем, а патрэбных станоўчых зменаў у раз віцці транспарту рэспублікі не назіралася. У адваротным выпадку навошта было зноў і зноў звяртацца [у разнастайных пастановах і г. д.] да аднаго і таго ж” (с. 40). Сам жа матэрыял уяўляе сабою амаль бясконцы пералік ведамстваў, устаноў, іх кіраўнікоў, нарматыўна-прававых актаў.

Веснік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова

Выдаецца са снежня 1998 г. і да 2010 г. выходзіў тры разы на год без падзелу на серыі.

2009

У нумары першым у артыкуле Міхаіла Наскова «Пример межкультурного обмена Западной Руси и Скандинавии IX–XI в. (белорусская легенда о „главном черте”)» сцвярджаецца, што запісаная Адамам Багдановічам беларуская легенда пра „галоўнага чорта” мае скандынаўскае паходжанне і ўтварылася на падставе адной з легендаў пра Локі. Але пасля такого „сярэднявечнага” пачатку аўтары артыкулаў на беларускую і калябеларускую тэматыку кінуліся ва ўлюбёную нашай універсітэцкай перыёдыкай мадэрную гісторыю. Алена Галавач у артыкуле „Проекты решения аграрного вопроса в I Думе” вызначыла, што найбольшую ўвагу ў Думе аддавалі аграрнаму пытанню (с. 32). Але гэта было вядома і раней. Цікавасць жа ўяўляюць звесткі пра выступленне дэпутатаў ад беларускіх губерняў на паседжаннях Думы. У артыкуле Дзмітрыя Лаўрыновіча «Политический портрет В. К. Стукалича — председателя Витебского отдела „Союза 17 октября”» апавядаецца пра Уладзіміра Стукаліча (1856–1918) — у маладосці блізкага да народнікаў, а ў сталым веку — „заходнерусіста” і акцябрыста. Біяграфічныя матэрыялы працягваюць Уладзімір Навіцкі і Міхаіл Абраменка („Человек своего времени”), якія апісваюць жыццё рэпрэсаванага ў 1937 г. Івана Сурты (1893–1937), які паспеў пабыць стваральнікам сельскагаспадарчай камуны, чэкістам, наркамам аховы здароўя БССР, прэзідэнтам Акадэміі навук БССР.

Віталь Гарматны ў артыкуле „Аграрная палітыка польскіх улад на землях Заходняй Беларусі (1921–1939)” акрэслівае ход такіх мерапрыемстваў, як увядзенне асадніцтва, камасацыя (стварэнне хутароў), ліквідацыя сервітутаў і парцэляцыя. Сяргей Новікаў („Баі за магілёўскі плацдарм з 20 па 26 ліпеня 1941 г.: погляд у святле нямецкіх крыніц”) уводзіць у навуковы ўжытак нямецкае „Данясенне пра бой за Магілёў”, якое дае магчымасць удакладніць абставіны Магілёўскай бітвы. Нарэшце, Аляксандра Буракова ў артыкуле „Отражение истории партизанского движения в экспозициях Могилевского областного краеведческого музея” паказвае ідэалагічную сутнасць першапачатковай экспазіцыі (узвялічванне ролі Сталіна і кампартыі) і паступовы адыход ад такой падачы матэрыялу.

Наступны нумар меў падвойную (2–3) нумарацыю, але на колькасці артыкулаў па гісторыі гэта ніяк не адбілася. У артыкуле Дзяніса Дука „Абарончыя ўмацаванні полацкіх пасадаў XI–XVIII ст.” разглядаец ца развіццё ўмацаванняў Вялікага і Запалоцкага пасадаў у Полацку. Наступныя два артыкулы прысвечаны грамадска-палітычнаму руху ў Расійскай імперыі ў пачатку XX ст. Канстанцін Бандарэнка („Историография монархического движения в России и Беларуси в 20–30-е г. прошлого века”) усяляк падкрэслівае ідэалагізаванасць ацэнак манархічнага руху ў савецкай гістарыяграфіі 20–30-х г. XX ст. У матэрыяле Дзмітрыя Лаўрыновіча „Либеральное движение в Бела руси (ноябрь 1904–1905 г.)” паказана, што на тэрыторыі Беларусі ў 1904–1905 г., яшчэ да афармлення ліберальных партый, існаваў актыўны ліберальны рух. Беларускую тэматыку завяршае Сяргей Зыбін („БССР на Всесоюзной сельскохозяйственной выставке 1939 г. в Москве”), які ў асноўным апісвае павільён БССР на выставе 1939 г.

Чацвёрты нумар (фактычна трэці) змяшчае пяць артыкулаў па гісторыі і адзін па этналогіі. Што датычыцца апошняга, то маецца на ўвазе даследаванне Веры Мішынай „Прасторава-часавыя характарыстыкі традыцыйнага каравайнага рытуалу беларусаў XIX — пачатку XX ст.”, у якім акрэслена значэнне ў традыцыйнай культуры розных этапаў прыгатавання вясельнага каравая і месцаў у хаце і па-за яе межамі пад час гэтага працэсу.

У артыкуле Барыса Сідарэнкі і Пятра Дзмітрачкова «Современная российская историография „русско-литовских” войн конца XV — первой трети XVI в.» пад-крэсліваецца, што ў сучаснай расійскай гістарыяграфіі пераадолены многія ідэалагічныя штампы савецкага часу ў вывучэнні войнаў паміж Масквой і ВКЛ. Наталля Аляксейчыкава ў публікацыі „Влияние цеховых организаций на семейную жизнь ремесленников и купцов в XVI–XVIII в. (на примере г. Могилева)” паказвае падабенства структуры цэху і сям’і, уплыў цэхаў на матрыманіянальныя, сямейныя адносіны.

Два артыкулы напісаны на тэму дзейнасці палітычных партый у 1917 г. Ігар Шардыка („Кадеты в 1917 г.: эволюция взглядов на аграрную проблему”) адзначае, што аграрная праграма кадэтаў у 1917 г. „не паспявала” за патрабаваннямі сялянства. У артыкуле Алесі Мельнікавай „Деятельность Витебской организации Трудовой народно-социалистической партии в 1917 г.” разглядаецца дзейнасць Працоўнай народна-сацыялістычнай партыі (аб’яднанне „народных сацыялістаў” і „трудовиков”) у Віцебску ў 1917 г. Пад крэс лі ваецца, што гэтая партыя, якая выступала за эва лю цый ны шлях грамадскага развіцця, не мела шырокай падтрымкі насельніцтва.

Яўген Грэбень у артыкуле „Чрезвычайные ситуации в жизни населения Беларуси в период нацистской оккупации” паказвае на прыкладзе Магілёва арганізацыю службы ратавання на вадзе і пажарнай службы пад час нямецкай акупацыі.

Веснік Мазырскага дзяржаўнага педагічнага ўніверсітэта імя І. Шамякіна

Выдаецца 4 разы на год, але ў 2009 г. № 4 не змяшчаў артыкулаў па гісторыі. Відавочным адрозненнем часопіса ад іншых універсітэцкіх выданняў з’яўляецца вельмі малая прысутнасць на яго старонках артыкулаў гісторыкаў, якія прадстаўляюць універсітэт-выдавец.

2009

Так, у першым нумары толькі адзін матэрыял быў падрыхтаваны спецыялістам з МДПУ — „Да пытання аб старажытнай спадчыне Мазыра” Алены Барсук: пад некалькі таямнічай назвай хаваецца сціслы агляд гісторыі Мазыра з акцэнтам на помнікі архітэктуры.

У артыкуле Віктара Кахновіча „Асаблівасці памешчыцкага землеўладання і гаспадарання на Палессі ў парэформенны перыяд Расійскай імперыі (1861–1914)” адзначаецца, што Палессе было рэгіёнам латыфундыяльнага землеўладання, але найбольшая прадпрымальніцкая ініцыятыва праяўлялася не ў буйных, а ў сярэдніх латыфундыях. У матэрыяле Дзмітрыя Лаўрыновіча „Участие конституционно-демократической партии в выборах в Учредительное собрание в Беларуси (октябрь — ноябрь 1917 г.)” асвятляецца працэс фармавання выбарчых спісаў кадэтаў, агітацыя, якая вялася партыяй. Адзначаецца, што на выбарах у беларускіх губернях кадэты пацярпелі паражэнне, бо перадусім у аграрнай частцы праграмы не маглі супернічаць з сацыялістамі, якіх, у асноўным бальшавікоў, таксама падтрымлівалі салдаты. Нарэшце, артыкул Ірыны Калачовай „Сям’я беларусаў у горадзе: тэндэнцыі этнакультурнага развіцця на сучасным этапе” — гэта спроба прасачыць ступень захаванасці традыцый „народнай педагогікі” ў сучасных гарадскіх сем’ях.

Другі нумар распачынаюць два артыкулы Аляксандра Вараб’ёва. У першым з іх — „Выборы в Учредительное собрание на территории Мстиславского и Климовичского уездов Могилевской губернии” — адлюстраваны партыйныя спісы, факты парушэнняў на выбарах і вынікі галасавання, якія прынеслі перамогу эсэрам. Другі артыкул („Историография выборов в Учредительное собрание на территории Беларуси и соседних российских губерний”) — гэта пералік (з сур’ёзнай тэндэнцыяй у бок крытыкі) даследаванняў па гісторыі выбараў ва Устаноўчы сход. Праўда, аўтар чамусьці занёс у гістарыяграфію шэраг лістоў У. Леніна, якія выпадае ўсё-такі залічыць у крыніцы. Матэрыял Алены Галавач „Социальные проблемы на территории Беларуси в нач. XX в.” уяўляе сабою агляд рабочага, аграрнага і адукацыйнага пытанняў у беларускіх губернях Расійскай імперыі. У публікацыі Паўла Літвінава „Польское население Мозырщины в 20-е г. XX в.: этническая характеристика” вылучаюцца два віды „польскасці” — касцельная (апалячаная шляхта) і этнічная (перасяленцы з Польшчы). Адзначаецца, што польская самасвядомасць магла быць вышэйшай менавіта ў „касцельных” палякаў. Завяршае „беларускую” частку Дзмітрый Мігун, у артыкуле якога „Германо-белорусские экономические контакты в межвоенный период” апавядаецца пра дзейнасць Гандлёвага прадстаўніцтва БССР у Нямеччыне, а таксама пра ўдзел беларускіх прадпрыемстваў у нямецкіх выставах і наадварот.

Як і другі, трэці нумар абышоўся без артыкулаў гісторыкаў з МДПУ. Ігар Увараў („Развитие институтов государственной власти в Великом Княжестве Литовском в XV–XVI в.”) паўтарае даўно вядомую схему руху ВКЛ да абмежаванай манархіі. У артыкуле Канстанціна Бандарэнкі „Состав монархических организаций в белорусских губерниях Российской империи начала XX в.” сцвярджаецца, што правыя партыі ў беларускіх губернях мелі ўсесаслоўны характар, хоць з тэксту вынікае, што гэта можа быць сказана толькі пра некаторыя з іх, перадусім, СРН. У публікацыі Сяргея Васовіча „Возрождение и развитие православных братств в Беларуси в 1863–1914 г.” адзначаецца, што брацтвы павінны былі змагацца супраць каталіцызму і польскай культуры. Вылучаюцца перыяды росквіту і заняпаду брацкага руху.

Вестник Полоцкого государственного университета

Выдаецца штомесячна, але асобныя нумары прысвечаны тым ці іншым групам навук. Таму матэрыялы па гісторыі трапілі толькі ў першы і сёмы выпускі за 2009 г. Цікава, што часопіс пазіцыянуецца як працяг выдання, якое ладзілася яшчэ ў Полацкай езуіцкай акадэміі.

2009

Нумар першы распачынае Дзяніс Дук артыкулам „Полацкі пасад IX–XVII ст.: гісторыка-параўнаўчая характарыстыка”: параўноўваецца структура пасадаў у Полацку з адпаведнымі ўзорамі іншых гарадоў поўначы Русі. Сцвярджаецца, што Полацк вылучаецца з шэрагу іншых гарадоў, бо да ранняга Новага часу ў ім не склалася „соценнай” сацыяльнай структуры, а гарадскіх „канцоў” не было наогул. У матэрыяле Юрыя Усціновіча „Арганізацыя сістэмы ўтрымання дзяржаўных умацаванняў Вялікага Княства Літоўскага ў XVI ст.” падкрэсліваецца, што насельніцтва мелася выконваць павіннасці па ўтрыманні ўмацаванняў па „даўніне”, але гэтая „даўніна” мела ўласцівасць з часам змяняцца. В. Емяльянчык і І. Кошкін у матэрыяле „Население Полоцка XVII–XVIII в. по данным антропологии (по материалам раскопок на Полоцком городище)” вызначаюць сярэднюю працягласць жыцця людзей, пахаваных на даследаваных Д. Дукам могілках полацкай шляхты, апісваюць выяўленыя паталогіі і хваробы. Робіцца выснова, што па характарыстыках чарапоў полацкая шляхта не вылучалася з тагачаснага насельніцтва беларускіх зямель.

Алеся Мельнікава („Организационное оформление парламентской трудовой группы и формирование ее партийных установок в период деятельности I Государственной думы”) вызначае сацыяльны склад „трудовиков”, прысутнасць у іх шэрагах дэпутатаў ад беларускіх губерняў, асноўныя напрамкі дзейнасці групы і прычыны няўдач. У артыкуле Валерыя Волжанкова «Полемика „Нашай Нівы” с правой прессой» параўноўваюцца аргументы ў спрэчках „Нашай Нівы” з расійскімі выданнямі. Аляксандр Вараб’ёў („К вопросу о выборах во Всероссийское Учредительное собрание в Невельском уезде Витебской губернии”) апісвае ўдзел у галасаванні салдатаў, пераважна прыязных да бальшавікоў, і шматлікія парушэнні, здзейсненыя бальшавікамі і, у меншай ступені, эсэрамі.

У раздзеле „Культуралогія” змешчаны выдатны артыкул Уладзіміра Лобача „Рускія, украінскія і поль скія землі ў міфапаэтычных уяўленнях беларусаў у XIX — пачатку XX ст.”, які добра паказвае стаўленне белару-саў да суседніх земляў як да „чужой”, г. зн. непрыязнай прасторы.

Сёмы нумар таксама адкрыў Дзяніс Дук, які ў артыкуле „Гісторыя археалагічнага вывучэння полацкіх пасадаў” падрабязна апісаў вынікі раскопак, у тым ліку не самых вядомых, на полацкіх пасадах, пералічыў усе важкія адкрыцці і акрэсліў асноўныя навуковыя гіпотэзы па гэтай тэматыцы. У публікацыі Віктара Якубава „Склад войска Вялікага Княства Літоўскага і Польскага каралеўства ў Інфлянтах 1605–1609 г.” даказваецца, што большую частку войска Рэчы Паспалітай у вайне са Швецыяй у перыяд 1605–1609 г. складалі выхадцы з ВКЛ. Андрэй Мацук („Барацьба магнацкіх груповак вакол Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага 1741 г.”) паказвае ўсе перыпетыі барацьбы ў 1741 г. Сапегаў і Чартарыйскіх (пры ўдзеле іншых магнатаў) супраць Радзівілаў і перамогу (пераканальную, хоць і часовую) антырадзівілаўскай кааліцыі. У артыкуле Юліі Аўчыннікавай „Становление и деятельность Полоцкой униатской духовной консистории в годы архиерейства Иоасона Смогоржевского и Ираклия Лисовского” апісваецца ўсталяванне ўніяцкай кансісторыі (па ўзоры праваслаўных), а таксама яе функцыі.

Дзмітрый Лаўрыновіч у матэрыяле „Конституционные демократы в Минской губернии (1905–1917)” асвятляе станаўленне кадэцкіх груп у Мінскай губерні, асаблівасці пазіцыі мінскіх кадэтаў, уплыў на функцыянаванне партыі на Міншчыне палітычнай сітуацыі ў Расійскай імперыі ў цэлым. Наталля Даўгяла („Конфессиональная политика органов Советской власти на территории Витебского и Полоцкого округов. 1924–1930”) адзначае, што ў 1924–1928 г. да рэлігіі ўлады ставіліся адносна цярпіма, шырокі наступ пачаўся з 1928 г. Паказана становішча Праваслаўнай, Каталіцкай цэркваў, Пратэстанцкіх намінацый і іўдзейскай супольнасці.

Тры артыкулы ў гэтым нумары належаць да галіны этналогіі. У матэрыяле Уладзіміра Лобача „Латвія і латышы ў традыцыйнай карціне свету беларусаў Падзвіння XIX — першай паловы XX ст.” паказваецца стаўленне беларусаў да латышоў, перадусім, сялян-каланістаў як да „чужых сваіх” — блізкіх па многіх параметрах, але ўсё-такі адрозных па мове і г. д., успрыманых як уладальнікаў „таемных ведаў”, што характэрна для вобразу „чужога”. У публікацыі Уладзіміра Аўсейчыка „Пахавальна-памінальная абраднасць беларусаў Падзвіння: гістарыяграфія і сучасны стан даследаванняў” пералічваюцца асноўныя працы па пахавальна-памінальнай абраднасці, даецца іх апісанне выключна ў станоўчым рэчышчы, адмоўных момантаў аўтар не знаходзіць. Святлана Андрыеўская („Традыцыйнае сямейнае выхаванне і побыт дзяцей на тэрыторыі Беларускага Падзвіння: гістарыяграфія і крыніцы”) разглядае працы педагогаў, культуролагаў і этнолагаў у форме пераліку, без асаблівага крытычнага напаўнення. Адно што падкрэслівае абыходжанне даследчыкамі рэгіянальных асаблівасцяў у выхаванні.

Гістарычны альманах

Выданне „Гістарычнага альманаха” распачалося ў 1998 г. намаганнямі групы гродзенскіх навукоўцаў, у якасці выдаўца выступае „Беларускае гістарычнае таварыства”. На канец 2010 г. выйшла 16 нумароў. Альманах цягам існавання не меў дакладнай перыядычнасці, але з 2004 г. выдаецца адзін нумар на год. Для пачатковых нумароў быў характэрны акрэслены падзел на „гістарычную” і „краязнаўчую” частку, але ён з часам знік. У фокусе перыёдыка — гісторыя Беларусі, асобныя нумары не маюць пэўнай тэматыкі, за выключэннем тых, у якіх публікаваліся тэксты канферэнцый і семінараў (№ 4, 7, 9–13) і якія прысвячаліся выдатным постацям беларускай навукі (№ 6 — памяці Міхася Біча). У першым нумары падкрэслівалася, што пры адборы публікацый „навуковая ступень, пасада, узрост, рэгаліі аўтара ў разлік не прымаюцца”, гэтага правіла альманах прытрымліваецца і сёння, што пацвярджае і склад аўтараў пятнаццатага нумара.

Пятнаццаты нумар (2009) — нетэматычны, матэрыялы ахопліваюць гісторыю беларускіх зямель з канца XIV ст. да Другой сусветнай вайны. У канцы зборніка пад рубрыкай „Сацыялогія” змешчаны артыкул Сяргея Кандрычына «Сацыяльная прастора Украіны і Беларусі ў працэсе „сутыкнення цывілізацый” паводле сацыяльнай і дэмаграфічнай статыстыкі».

„Гістарычную” ж частку распачынае Васіль Варонін матэрыялам „Старонка біяграфіі князя Андрэя Полацкага”. Пад гэтай сціплай назвай хаваецца змястоўны артыкул, у якім на падставе лацінамоўных „рахункаў” Кракава і польскага каралеўскага двара асвятляецца побыт князя Андрэя Полацкага ў зняволенні ў 1390–1394 г. у польскім замку Хэнціны. З гэтых крыніц даследчык атрымлівае інфармацыю як пра ролю князя Андрэя ў перамовах паміж Ягайлам і Вітаўтам, якія варагавалі ў той час, так і пра паўсядзённае жыццё вязня — яго гастранамічныя перавагі, адзенне, паездкі на набажэнства. Украінская даследчыца Ала Бортнікава з апорай на амаль „сакральную” цытату з Арона Гурэвіча спрабуе „прыблізіцца да разумення грамадскага зместу сацыяльных працэсаў” (с. 10) праз аналіз пацверджанняў надан-няў уладзімірскаму служэбніку Ваську Калчоўскаму. Часам, праўда, „набліжэнне” здзяйсняецца праз некарэктнае, як здаецца, тлумачэнне стандартных актавых формул, якія нічога не могуць сказаць менавіта праз выпадак з Калчоўскім. Моцны бок працы — апісанне працэсу пераходу уладанняў Калчоўскага са сферы ўжытку звычаёвага гарадскога права ў магдэбургскае і назад, а пасля наогул у земскае права.

У артыкуле Наталлі Сліж „Практыка разводаў у Вялікім Княстве Літоўскім у XVI–XVIIІ ст.” акрэсліваюцца магчымыя падставы для разводу і яго механізм у вернікаў праваслаўнай, каталіцкай і пратэстанцкіх цэркваў. Адзначаюцца змяненні ў сямейным заканадаўстве ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Даследаванне Ксеніі Гатальскай „Самагубствы як сацыяльна-культурны феномен на бе ла рускіх землях у пачатку ХХ ст.” пабудаваны па падоб ным да артыкула Н. Сліж прынцыпе. Даецца кла-сіфікацыя прычынаў самагубстваў, а пасля прыводзяцца прыклады, якія ілюструюць кожную з прычын. Такі падыход можа скіраваць працу ў рэчышча збору „анекдотаў” (хоць такое азначэнне і выглядае жахлівым у выпадку апісання самагубстваў). Матэрыял Н. Сліж ускладнены параўнаннем практыкі разводу ў розных канфесіях, аналізам развіцця сямейнага права, у той час як К. Гатальская не выкарыстала выдатную магчымасць разгляду адзначанай ёй жа „моды” на самагубствы пад уздзеяннем літаратуры і г. д.

Артыкул Змітра Крывашэева „Эвалюцыя бортніцтва на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага” ўяўляе сабою грунтоўны аналіз бортніцтва не толькі з гаспадарчага пункту гледжання, але і як часткі грамадскіх адносінаў: мёд як узнагарода ад вялікага князя, сход бортнікаў для раскладкі даніны, маёмасныя адносіны вакол пчалярскай справы. Адзінае, што засмучае, гэта пэўная некарэктнасць прапанаванай аўтарам перыядызацыі названага промыслу ў ВКЛ у XVI–XVII ст. (с. 36): два першыя перыяды акрэслены на падставе прававых і гаспадарчых аспектаў промыслу, а трэці — толькі на падставе гаспадарчых. Польскі навуковец Марыюш Савіцкі („Артылерыя, цэйхгаўз і замак у крэпасці Стары Быхаў у 1692–1707 г.”) паказаў на падставе архіўных дакументаў стан узбраення прыватнаўласніцкага — належаў Сапегам — замка Стары Быхаў перад пачаткам і пад час Паўночнай вайны. Леанід Лаўрэш („Ян Снядэцкі (1756–1830) — навуковец і асветнік гістарычнай Літвы”) падае біяграфію Яна Снядэцкага, грамадскага дзеяча, рэктара Віленскага ўніверсітэта (1807–1815), але перадусім выдатнага астранома.

У артыкуле Ірыны Раманавай „Палітычныя прыпеўкі 1920–1930-х г.” падаюцца шматлікія прыклады антысавецкіх і антыкамуністычных прыпевак, знойдзеныя аўтарам у архівах і запісаныя ад інфармантаў. Акрэсліваюцца асноўныя тэмы народнай сатыры: наступствы калектывізацыі і калгаснае жыццё, эканамічная палітыка ўладаў, спадзяванні на лепшую будучыню, кпіны з савецкіх кіраўнікоў. Рубрыку „Гісторыя” завяршае артыкул Юрыя Грыбоўскага „Палітычная чыннасць старшыні Рады БНР Васіля Захаркі напярэдадні і ў гады Другой сусветнай вайны (1938–1943)”, у якім аўтар паказвае, што Васіль Захарка ў пачатку вайны гатовы быў супрацоўнічаць з нямецкімі ўладамі, бо яны мэтанакіравана знішчалі непрымальную для Беларусі Версальскую сістэму, акрамя таго, ён знаходзіўся пад уплывам Івана Ермачэнкі, які выразна рабіў стаўку на Нямеччыну. Але ўжо ў 1942 г., як вынікае з яго ліставання, В. Захарка ставіўся са скепсісам і засцярогай да нямецкага рэжыму як магчымага памочніка ў стварэнні незалежнай Беларусі.

Яўген Глінскі

Галоўная » Архіў катэгорыі '2010 Т.17 Сш. 1-2'