Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2011 Т.18 Сш. 1-2

Friedman, Alexander. Deutschlandbilder in der weißrussischen sowjetischen Gesellschaft 1919–1941. (Ёганэс Вігерынг)

Студзеня 1, 2011 |

FRIEDMAN, ALEXANDER. Deutschlandbilder in der weißrussischen sowjetischen Gesellschaft 1919–1941. Propaganda und Erfahrungen. Stuttgart: Franz Steiner, 2011. 428 S.

У прадмове да кнігі „Вобразы Нямеччыны ў беларускім савецкім грамадстве 1919–1941 г.” Аляксандр Фрыдман тлумачыць прычыну захаплення тэмай сваёй працы: гэта сямейная гісторыя яго прадзеда Абрама Качаноўскага, яўрэя, ветэрана Першай сусветнай вайны, які дзякуючы атрыманаму на ёй досведу доўгi час меў вельмi пазітыўны вобраз Нямеччыны і да сваёй смерці не мог зразумець, як такія „сяброўскія і сімпатычныя людзі”, якімі ён пазнаў немцаў, праз нейкія два з паловай дзесяцігоддзі маглі праводзіць мэтанакіраванае брутальнае вынішчэнне яўрэяў на яго беларускай радзіме (13). Ключом да такога захаплення быў факт, што як перакананы антыбальшавік Абрам Качаноўскі з прынцыповым недаверам ставіўся да таго вобраза Нямеччыны, які пашыраўся савецкай прапагандай.

Аляксандр Фрыдман даследуе, якім чынам у беларускім грамадстве ў міжваенныя часы, паміж 1919 і 1941 г., праз самыя розныя сродкі масавай інфармацыі, але заўжды ў строгай адпаведнасці з савецкім Агітпропам, пашыраліся вобразы „чужога”. Вобразы Нямеччыны знаходзяцца ў цэнтры яго ўвагі, што і адпавядае назве кнігі, але не выключна — разглядаюцца таксама вобразы Польшчы, заходнееўрапейскіх дзяржаў, а таксама ЗША і нават Японiі. Апошнiя параўноўваюцца з вобразамi Нямеччыны — цэнтральным аб’ектам даследавання. Тое, што праца Фрыдмана сканцэнтравана на ўсходняй палове Беларусі, г. зн. на той частцы, што да 1939 г. была Савецкай Беларуссю, зусім не дае падставы дапускаць, быццам аўтар шукаў тут лёгка акрэсленага поля для сваёй працы. Фактычна ён прыцягвае для свайго выкладу неверагодна шырокі корпус крыніц і матэрыялаў: побач з прэсай, друкаванай па-беларуску, па-польску, на ідыш і па-руску, сярод якой штодзённыя газеты і малатыражкі прадпрыемстваў, дзіцячыя і жаночыя часопісы мясцо вага, рэгіянальнага і агульнасаюзнага рангу, сюды ўвайшлі школьныя падручнікі і праграмы, навуковыя і лі таратурныя выданні, прапагандысцкія брашуры, праграмкі тэатраў і аркестраў разам з праграмамі бе ларускага радыё, а таксама апублікаваныя ўспаміны сведак і тамы актаў розных савецкіх партыйных і дзяржаў ных установаў. Толькі выразна структураваны падзел, які задаў Фрыдман, дазваляе зарыентавацца ў гэтым калейдаскопе вобразаў „чужога”.

У храналагічных межах свайго даследавання аўтар арыентуецца на тры розныя фазы савецка-нямецкіх адносін: 1) збліжэнне і супрацоўніцтва ад І сусветнай вайны да прыходу да ўлады нацыянал-сацыялістаў у 1933 г.; 2) перыяд выкліканага апошнім антаганізму; 3) эпізод удаванага сяброўства, якое ў жніўні 1939 г., пасля падпісання пакта Рыбентропа — Молатава, змяніла антаганізм. Заключнай рамкай храналогіі даследавання з’яўляецца нямецкі напад на Савецкі Саюз. Далей А. Фрыдман вылучае 4 фактары, вызначальныя для ўтварэння вобразаў Нямеччыны сярод беларускага насельніцтва, кожнаму з якіх прысвячаецца адпаведная частка працы. Першы — вопыт І сусветнай вайны ўключна з нямецкай акупацыяй. Другі — той вобраз Нямеччыны, які распаўсюджваўся савецкай прапагандай, і ён займае ў даследаванні несумненна цэнтральнае месца. Абыходжанне з нямецкай мовай, гісторыяй і культурай у Савецкай Беларусі вызначана як трэці фактар, а ў якасці чацвёртага разглядаюцца аўтавобразы (Selbstbilder) беларускага савецкага грамадства, што адначасова выступала і рэцыпіентам апісаных вышэй прапагандысцкiх вобразаў „чужога”. Змены, часам радыкальныя, якія зазналі гэтыя фактары ў розныя фазы перыяду даследавання, з’яўляюцца сутнасным пунктам усяго разгляду і даюць уяўленне аб запраграмаваных і фактычных механізмах функцыявання савецкай прапаганды.

Па сваёй сутнасці праца „Deutschlandbilder in der weißrussischen sowjetischen Gesellschaft 1919–1941” — гэта незвычайна шырокае і грунтоўнае даследаванне вобразаў „чужога”, стваранага медыйна-прапагандысцкімі сродкамі. На 375 старонках — больш за 1800 спасылак! У плане скрупулёзнасці і аб’ёму апрацаваных крыніц кнігу Фрыдмана было б зусім не сорамна параўноўваць з іншымі падобнымі выданнямі апошніх гадоў. Хутчэй наадварот. А. Фрыдман, які сваю навуковую адукацыю распачаў у постсавецкай Беларусі, цяперашняй Рэспубліцы Беларусь, спалучыў традыцыйную для той гістарычнай навукі схільнасць да грунтоўнай апісальнасці з заходнееўрапейскай / нямецкай школай гістарычнага аналізу і дыскурс-аналізу. Апрача ўсебаковай апрацоўкі крыніц i пачатковага жадання зразумець асаблівы вобраз Нямеччыны, што быў у яго прадзеда, выразна заўважаецца і глыбокае захапленне аўтара сутнасцю і механізмам дзеяння савецкай прапаганды.

Аўтар праводзіць чытача ў медыйны космас Савецкай Беларусі, і ўжо ў першай частцы працы, у якой разглядаецца абыходжанне Агітпропа з І сусветнай вайной i ўспамiны пра яе, становіцца ясна, што ў гэтым прапагандысцкім паралельным свеце панавалі свае ўласныя законы прычыннасці. Такі ўступ важны не толькі храналагічна, але і для таго, каб паказаць чытачу, як савецкія прапагандысты разглядалі гістарычныя падзеі быццам пластычны матэрыял, які яны пераінтэрпрэтоўвалі ў новую медыйную рэчаіснасць, нязменна кіруючыся ўстаноўкамi савецкага цэнтра, дапасоўваючы іх толькі раз-пораз да беларускіх асаблівасцяў. Калі адносна І сусветнай вайны і нямецкай акупацыі гаворка iшла пра падзеі, што ў многіх беларусаў былі яшчэ жывымі ў асабістых успамінах, то ўлады, нягледзячы на відавочныя несупадзенні, спрабавалі пры весці свядомасць ды ўспаміны рэцыпіентаў прапаганды ў адпаведнасць з па-новаму фармуляванай імі рэчаіснасцю. І ў гэтым, і ў іншых месцах кнігі выкладкі А. Фрыдмана найбольш пераканальныя, калі ён паказвае падобныя супярэчнасці на асабістых лёсах людзей.

Гэта характэрна і для другой, самай аб’ёмнай часткі, у якой даследуюцца вобразы Нямеччыны ў прапагандысцкім дыскурсе Савецкай Беларусі. З адчуваль ным задавальненнем аўтар праводзіць чытача лабірын тамі маніпуляцый з усёй іх супярэчлівасцю ў малым і вялікім, з памылкамі, непаразуменнямі і проста абразлівымі для чалавека падступніцтвам і вычварэннямi. Часта з дарэчным гумарам і дэманстрацыяй абсурднасці Фрыдман паказвае ўсю несумленнасць тых медыяў, аднак атрутная канцэнтрацыя прапагандысцкага нахабства проста ашаламляльная — асабліва ў выпадку цынічнага асвятлення сталінскіх рэпрэсій i горкай iронii хлуснi пра нацыянал-сацыялiстычную Нямеччыну, сапраўдныя злачынствы якой, аднак, потым на самай справе пераўзыдуць прапагандысцкi вобраз. Парадоксы прапагандысцкіх установак прасочваюцца і кантэкстуалізуюцца ў гэтай частцы са скрупулёзнай дэталізацыяй, а ў трэцяй часты працы гэ тая кантэкстуалізацыя ўзбагачаецца культурнымі і школьна-дыдактычнымі аспектамі прапагандысцкага паказу Нямеччыны з „вялікім рэвалюцыйным мінулым” і „вялікай рэвалюцыйнай будучыняй” (336).

У чацвёртай частцы А. Фрыдман разглядае аўта-вобраз Савецкай Беларусі, што дазваляе ўрэшце ацаніць дзейснасць ніжэй паказанага Агітпропа. Калі ў папярэдніх раздзелах кнігі чытачу час ад часу не хапае такіх сюжэтаў, дык тут яны ўтвараюць метадалагічны вузел, і толькі дзякуючы выразна вызначаным узаемазалежнасцям паміж успрыняццем „свайго” i „чужога” вобразы Нямеччыны становяцца больш чым проста прапагандысцкім канструктам. Пасля значнага ўражання ад паказу механізмаў агітпропаўскіх інтэрпрэтацый чытач можа з палёгкай успрыняць месца, дзе аўтар дае слова вядомаму гісторыку і былому рэктару БДУ Уладзіміру Пічэту, які асабіста добра ведаў Нямеччыну і дакладна ацэньваў фатальнае развіццё нацыянал-сацыялісцкай улады. Але гучна пра пакт Рыбентропа — Молатава акадэмік абачліва не хацеў выказваць крытыкі: «У СССР, гэтай „фашысцкай катоўні”, у якой для прэсы былі ўласцівыя „выхваленне” і „дурасць”, яму хацелася толькі выжыць» (388).

Да вызначанай на пачатку мэты спасцігнуць вобраз Нямеччыны свайго прадзеда ў гэтай аб’ёмнай і вартай працы Фрыдман наблізіўся настолькі, наколькі гэта наогул было магчыма. Пры гэтым ён дае такую магчы масць і чытачам. Яны цяпер таксама могуць уявіць у поўнай ступенi прапагандысцка-медыйную камунікацыйую прастору, у якой жылі грамадзяне Савецкай Беларусі ў між ваенныя часы (і з якой яны не маглі нікуды падзецца). Хоць кніга сканцэнтравана галоўным чынам на вобразах Нямеччыны, абыходжанне Агітпропа з іншымі тэмамі ў ёй таксама паказана. Чытач можа даверыцца пры гэтым ацэнкам і спецыяльным ведам Аляксандра Фрыдмана як правадніка праз гэтую насычаную зместам камунікацыйную прастору, якая пераважна сягала далёка за межы праўдзівасці і добрапрыстойнасці.

Ляйпцыг

Ёганэс Вігерынг

Романько, Олег В. Легион под знаком Погони (Аляксандр Гагун)

Студзеня 1, 2011 |


РОМАНЬКО, ОЛЕГ В. Легион под знаком Погони. Белорусские коллаборационистские формирования в силовых структурах нацистской Германии (1941–1945). Симферополь: Антик-ва, 2008. 304 с.

Тэма калабарацыянізму ў Другой сусветнай вайне робіцца ўсё больш актуальнай для даследчыкаў розных краін[1]. Па-першае, у сувязі з адкрыццём многіх цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх архіваў сталі даступнымі раней засакрэчаныя крыніцы. Па-другое, ва ўмовах узнікнення новых дзяржаў і хуткіх зменаў сістэмы міжнародных адносін пытанні „здрады” і „барацьбы за нацыянальны суверэнітэт” выклікаюць заканамерную цікавасць як у аматараў, так і ў спецыялістаў.

На жаль, беларуская гістарыяграфія гэтага пытання, можна сказаць, адсутнічае. Ніводнай колькі-небудзь значнай абагульняльнай манаграфіі нараджэнцы „партызанскай рэспублікі” (БССР) за дваццаць гадоў незалежнасці не апублікавалі. Таму з’яўленне выдатна дакументаванай працы вядомага крымскага гісторыка Алега Раманько, прысвечанай беларускім узброеным калабарацыянісцкім фармаванням у сілавых структурах Трэцяга райха, можна толькі вітаць.

У манаграфіі выкарыстаны матэрыялы дзесяці архіваў Беларусі, Нямеччыны, Украіны, Расіі і ЗША, не кажучы ўжо пра сотні публікацый на рускай, англійскай, нямецкай, украінскай, беларускай і польскай мовах. Работа складаецца з уводзінаў, заключэння і чатырох разделаў: „Причины создания белорусских коллаборационистских формирований”, „Белорусский национализм и проблема создания коллаборационистских формирований”, „Белорусские коллаборационистские формирования в полицейских и антипартизанских структурах”, „Белорусские коллаборационистские формирования в Вермахте и СС”.

Аўтар выразна абазначыў сваю пазіцыю па пытанні, якое даследаваў: „…Советский коллаборационизм был, по сути, продолжением событий гражданской войны 1918–1920 гг., а его предпосылками послужили особенности общественно-политического развития предвоенного СССР. Среди них, прежде всего, следует назвать репрессии, коллективизацию, фактическую нерешенность национального вопроса, религиозные притеснения и т. п.” (37).

Пры гэтым, па меркаванні Алега Раманько, уласна беларускі нацыянальны рух ў 1920–30-я г. быў вельмі слабым і разрозненым, а большасць беларускіх партый у Другой Рэчы Паспалітай вялі вартае жалю бесперспектыўнае існаванне. „Новае жыццё” ў іх удыхнулі Другая сусветная і асабліва савецка-нямецкая вайна, у тым ліку таму, што самае позняе з 1943 г. нацысты раздзьмувалі ў беларусаў нацыянальныя пачуцці, імкнучыся выкарыстаць іх у сваіх мэтах.

Пра слабасць беларускага нацыяналізму сведчыць той факт, што ў адрозненне ад Украіны ў гады нацысцкай акупацыі тут не было арганізавана колькі-небудзь масавай беларускай антыкамуністычнай паўстанцкай барацьбы (143). Кіраўніцтва невялікіх атрадаў падобнага накірунку было забіта савецкімі партызанамі ў ходзе перамоваў, а самі фармаванні разагнаныя камуністамі без якіх-небудзь высілкаў. Значыць, у адрозненне ад украінскіх беларускія нацыяналісты дзейнічалі ў асноўным у рамках калабарацыянізму.

У працы апісаны погляды розных палітыкаў нацысцкай Нямеччыны на беларускае пытанне, дэталёва паказаны акупацыйны апарат Райха на тэрыторыі БССР, прыведзена класіфікацыя розных беларускіх калабарацыянісцкіх фармаванняў па прынцыпе іх падначалення і аператыўнага выкарыстання. Хоць асноўная цяжкасць па ахове тылу і барацьбе з партызанамі ляжала на плячах беларусаў, але справіліся калабарацыяністы з гэтай задачай зусім не на „выдатна”, што было выклікана як ваганнямі лініі нямецкай палітыкі, так і супрацьдзеяннем савецкага боку, Арміі Краёвай, а таксама недабразычлівымі настроямі насельніцтва.

Па словах аўтара, «закономерным был конец этих формирований, который, помимо всего прочего, показал, что поражение ждёт всех, кто попадёт в центр схватки между двумя гигантами. К тому же, если еще и погонится за заведомо утопической идеей, какой на тот момент являлся белорусский национализм с его стремлением создать „Независимую Белоруссию” (незразумелае ўжыванне двукосся. — А. Г.). Ни политических, ни военных, ни национальных, ни каких-либо других предпосылок для подобного начинания в условиях того времени попросту не было» (260).

Праца ў цэлым выканана на належным навуковым узроўні. Але сустракаюцца ў ёй і спрэчныя моманты.

У шэрагу выпадкаў адзначаецца некрытычнае выкарыстанне крыніц, у прыватнасці давер да мемуараў. Напрыклад, на с. 145–146 звесткі пра шырокамаштабную антыпартызанскую аперацыю Палескую Сечу Т. Бульбы-Бараўца ўзяты з мемуараў самога Бараўца, які вядомы сваім „красамоўствам”. На с. 155–158, 208–209 механічна прыводзіцца інфармацыя з успамінаў бы лога ка лабарацыяніста Ф. Кушаля, які на розныя ла ды расхвальвае сваіх былых братоў па зброі. На с. 213–214 апісваецца шырокамаштабная дзейнасць антыса вец кіх пар ты за наў Беларускай вызваленчай ар міі (БВА) у 1944–1948 г., прычым крыніца таксама вель-мі сумнеўная. Уліч ва ючы вельмі слабы характар Супраціву ў Беларусі ў 1944–1946 г., можна дапусціць, што гісторыя БВА — фан том, народжаны беларускімі нацыяналістычнымі эмігрантамі.

Агульная ацэнка нямецкага апарату ўпраўлення выглядае слушнай, але не дакладнай: пры вывучэнні нямецкага акупацыйнага рэжыму на тэрыторыі Беларусі „может сложиться впечатление, что он был чересчур громоздким и излишне усложненным таким обилием пересекающихся структур власти. Однако следует подчеркнуть, что между тремя его основными ветвями — гражданской, военной и полицейской — не было никакой принципиальной разницы, а имелись лишь некоторые, чисто функциональные различия. В действительности же эти ветви представляли собой неразрывно связанные части одного оккупационного аппарата” (89). Сцвярджэнне адводзіць убок ад спецыфікі нацысцкага ўпраўлення ва Усходняй Еўропе, пра што ў падобнай працы варта было б узгадаць. Афіцэры і генералы СС з недаверам ставіліся да Вермахта, лічачы яго эліту зборышчам адсталых служак, косных і рэакцыйных прадстаўнікоў „былой Нямеччыны”. У сваю чаргу, камандны склад Вермахта глядзеў на сваіх калег з СС як на крыважэрны нацысцкі зброд, які пляміў зверствамі нямецкі мундзір і да таго ж не меў уяўлення пра традыцыі і гонар. І тыя і другія аднолькава пагардліва глядзелі на „тылавых пацукоў”, фанабэрыстых і няўмелых „залатых фазанаў” з грамадзянскай акупацыйнай адміністрацыі, узлаваных на жыццё крыварукіх няўдачнікаў. Апошнія лічылі сіла вікоў тупымі салдафонамі. Дапаўнялася гэ-тая псі ха лагічная гармонія перманентнай барацьбой паўнамоцтваў і кампетэнцый, што аказвала моцны ўплыў на ўсю акупацыйную палітыку Трэцяга райха ў Беларусі.

Баяздольнасць беларускіх калабарацыянісцкіх фармаванняў аўтар у цэлым ацэньвае як невысокую. Гэтая выснова стала ледзь не агульным месцам і ў многіх працах іншых калег Алега Раманько. Але, як правіла, ніхто не гаворыць, у параўнанні з якімі фармаваннямі ўсходнеславянскія калабарацыяністы ваявалі дрэнна. Калі казаць пра нямецкія часткі Вермахта, нямецкія або латышскія часткі Waffen-SS, то, вядома ж, параўнанне па вывучцы, майстэрстве і матываванасці асабовага складу зусім не на карысць беларусаў або, напрыклад, рускіх. Калі ж мы супаставім паліцэйскія батальёны з савецкімі партызанскімі атрадамі або нават страявымі часткамі Чырвонай арміі, то выснова не настолькі адназначная. Бо шуцманы і паліцаі абавязкова праходзілі на нямецкай службе навучанне ваеннай справе, а ва ўзброеных фармаваннях СССР шарагоўцы нярэдка наогул упершыню бралі вінтоўку ў рукі проста перад боем.

Прачытаўшы ў кнізе апісанне некалькіх беларускіх партый, якія мелі ў 1941–1944 г. пэўны, хоць бы пра-пагандысцкі, уплыў на насельніцтва БССР, можна прый сці да высновы, што аўтар зрабіў некаторае перабольшанне: „…белорусский национализм являлся на тот мо мент фикцией” (121). Такую самую заў ва-гу можна зра біць і ў дачыненні да сцвярджэння, што з сярэдзіны 1942 г. савецкае „…партизанское движе-ние, в силу разных причин, становится по настоящему массовым и всенародным” (123). Наяўнасць ка ла барацыянісцкіх фармаван няў ужо выключае ўсе-на род насць камуністычнай партызан скай барацьбы. Асабліва калі ўлічваць, што большасць у партызанскіх атра дах Беларусі складалі сяляне, ма бі лізаваныя туды пад пагрозай расстрэлу. Акрамя таго, на с. 126 аўтар апісвае маштабы савецкай партызанскай барацьбы, выкарыствоўваючы раздзьмутыя лічбы савец кай гіста-рыяграфіі, заснаваныя на надзвычайных партызанскіх прыпісках у аператыўных справаздачах. З іншага боку, відавочна прымяншаецца значэнне партызанскай барацьбы польскай партызанскай Арміі Краёвай у Заходняй Беларусі. У прыватнасці сцвярджаецца, што гэты партызанскі рух не быў масавым (129). Між тым, з канца 1943 г. і да лета 1944 г. паміж АК і чырвонымі на тэрыторыі Беларусі ішла сапраўдная міжпартызанская вайна, прычым, як скардзіліся ў Цэнтр савецкія камандзіры, у шэрагу выпадкаў польскія нацыяналісты прыносілі ім большую шкоду, чым немцы.

Прынамсі спрэчным выглядае сцвярджэнне пра тое, што „…большинство коллаборационистских прояв ле ний имели в своей основе национализм и антикоммунизм” (3). Савецкая гістарыяграфія большасць паліцаяў называла „шкурнікамі”. Гэта значыць прыстасавальніц тва, канфармізм, кар’ерызм і дзеянні „па аб ста ві нах” і былі асноўнымі прычынамі, якія пабуджалі людзей да ўступлення ў добраахвотніцкія часткі і падраздзяленні. Ідэалагічна матываваныя байцы ў любых масавых узброеных фармаваннях, як правіла, складаюць меншасць.

Выклікае вялікія сумненні выніковая лічба 50 тысяч беларусаў (255–256), якія прайшлі службу ў шэрагах нямецкіх узброеных сілаў у 1941–1945 г. Хоць у тэксце і агаворваецца, што дадзеныя прыблізныя, але, верагодней за ўсё, няслушны нават іх парадак. Па-першае, у гэты лік не ўвайшлі шматлікія „добраахвотныя памочнікі” Вермахта беларускай нацыянальнасці. Па-другое, не ўлічваюцца шматлікія паліцэйскія і ахоўныя фармаванні, створаныя на тэрыторыі Паўднёвай Беларусі (Райхскамісарыята Украіна) і Усходняй Беларусі (зона акупацыі Вермахта). Гэтыя часткі і падраздзяленні хоць і не насілі статусу беларускіх, але служылі там пераважна беларусы. Па-трэцяе, практычна праігнаравана ў ста тыс тыцы „самаахова” сёлаў, створаная нямецкімі сілавымі структурамі. Пэўная няўважлівасць назіраецца і ў да чыненні да іншых мясцовых фармаванняў, у пры-ватнасці, да „ахоўных камандаў індывідуальнай службы” (Schutzmannschaft Einzeldienst) — нечага накшталт участковых міліцыянераў у СССР. Гэта значыць, агульная лічба павінна быць значна павялічана.

Неапраўданым спрашчэннем выглядае сцвярджэнне пра тое, што „приписывать белорусским добровольцам какие-либо эксцессы на национальной или религиозной почве нельзя. В отличие от, например, Прибалтики, Украины или Крыма белорусские добровольцы никогда не убивали людей за то, что они говорили на другом языке или исповедовали другую религию” (260). Тым больш што ў гэтай жа працы на с. 163 можна знайсці такія звесткі: «Известно много случаев, когда белорус-«Известно много случаев, когда белорусские или польские полицейские убивали евреев-беглецов из гетто, „принимая” их за „советских партизан”». У гэтым кантэксце пакажам такі недахоп манаграфіі, як адсутнасць звестак пра ўдзел калабарацыяністаў у правядзенні Халакосту, апісання іх значэння ў гэтым злачынстве. Ці была іх роля важнай, малазначнай, нікчэмнай? Улічваючы маладаследаванасць тэмы, у названай кнізе можна было б прысвяціць гэтаму пытанню некалькі старонак.

Уяўляецца, што занадта вялікая ўвага аддадзена палітычнай гісторыі, сваркам і бясплодным унутраным спрэчкам беларускіх нацыяналістаў і назіраецца пэўная няўвага да гісторыі ваеннай. Бо сутычкі калабарацыяністаў з чырвонымі партызанамі ўвайшлі ў шэдэўры савецкай літаратуры, кінематографа і нават у фальклор. Гэтае супрацьстаянне вартае падрабязнага і яркага апісання спецыяліста. А ў рэцэнзаванай працы не перададзена напружанне, драматызм барацьбы паміж байцамі дзвюх таталітарных сістэм на нізавым узроўні. Хоць менавіта даследаваны рэгіён дае мноства яскравых прыкладаў. Узгадаем тут толькі знішчэнне беларускімі паліцаямі і шуцманамі „партызанскіх” вёсак і знішчэнне беларускімі савецкімі партызанамі „паліцэйскіх” сёлаў — у абодвух выпадках разам з усімі іх жыхарамі. Можна было б шырэй асвятліць прапаганду калабарацыяністаў і прапаганду на калабарацыяністаў, агентурныя мерапрыемствы нямецкага боку з выкарыстаннем беларусаў як на акупаванай нацыстамі тэрыторыі СССР, так і ў савецкім тыле, спробы тэрактаў беларускіх калабарацыяністаў супраць функцыянераў сталінскай сістэмы і тэракты спецгруп НКУС-НКДБ БССР, НКУС-НКДБ СССР і Галоўразведупраўлення супраць беларускіх калабарацыяністаў. Зрэшты, многія падобныя сюжэты дагэтуль застаюцца недаступнымі для даследчыкаў, бо шмат дакументаў пра падзеі мінулага стагоддзя ўсё яшчэ застаюцца „засакрэчанымі на перыяд рассакрэчвання”.

Берлін — Бостан

Аляксандр Гагун


1 Пры гэтым адзінай кнігай пра ўласна беларускі калабарацыянізм, якая заслугоўвае ўвагі, застаецца манаграфія амерыканскага даследчыка Антоніа Муньёса ў суаўтарстве з Алегам Раманько: Munoz A. J., Romanko O. V. Hitler‘s White Russians: Collaboration, Extermination and Anti-Partisan Warfare in Byelorussia, 1941–1944. New York, 2003. 512 p.

Рэцэнзія напісана пры фінансавай падтрымцы Гарвардскага інстытута ўкраінскіх студый (HURI).

Наверх

Иоффе, Эммануил Г. Когда и зачем Гитлер и другие высшие чины нацистской Германии приезжали в СССР? (Міхаіл Стралец)

Студзеня 1, 2011 |

ИОФФЕ, ЭММАНУИЛ Г. Когда и зачем Гитлер и другие высшие чины нацистской Германии приезжали в СССР? Москва: Харвест, 2010. 512 с.

Каб адказаць на пытанне, пастаўленае ў назве кнігі, яе аўтар, прафесар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, апрацаваў гіганцкі масіў крыніц — ад дзяржаўных архіваў Расіі і Беларусі да мемуараў паплечнікаў Гітлера і яго военачальнікаў ды спецыяльнай літаратуры. Ужо ў першым раздзеле, цэнтральным персанажам якога стаў сам Адольф Гітлер, Э. Іофе прасачыў яго прылёты і прыезды ў розныя населеныя пункты Расіі, Беларусі і Украіны — галоўным чынам у тыя, дзе знаходзіліся штаб-кватэры груп армій „Поўнач”, „Цэнтр”, „Поўдзень”, а таксама сустрэчы фюрэра з іх камандным складам. Усе візіты нацысцкага фюрэра ва ўказаны рэгіён сістэматызаваны, па многіх з іх зроблены важныя ўдакладненні. Так, аўтар даказаў, што Гітлер знаходзіўся ў Барысаве 4 жніўня, а ў Брэсце — 26 жніўня 1941 г. (13), але не выявіў пераканальных пацверджанняў версіі пра наведванне фюрэрам Мінска (33–36).

Візіты вярхоўнага галоўнакамандуючага ўсімі ўзбро  е нымі сіламі Трэцяга райха былі звязаны з яго імкненнем даведацца з першых рук пра сітуацыю на Усходнім фронце і ў выпадку неабходнасці аператыўна ўнесці карэктывы ў дзеянні Вермахта. Эмануіл Іофе паказаў, што карэктывы Гітлера далёка не заўсёды ўзгадняліся з ходам думак нямецкіх военачальнікаў. У якасці прыкладу можна ўзяць нараду ў Барысаве 4 жніўня 1941 г. Напярэдадні нямецкая вайсковая эліта не сумнявалася ў тым, што для фюрэра захоп Масквы — задача нумар адзін. Камандаванне групы армій падрыхтавала план наступлення на адпаведным напрамку і, натуральна, чакала станоўчай рэакцыі вярхоўнага галоўнакамандуючага. Аднак Гітлер сфармуляваў сваё бачанне прыярытэтаў наступным чынам: „Першая дасягальная мэта — Ленінград і рускае ўзбярэжжа Балтыйскага мора… На другім месцы па важнасці для праціўніка стаіць поўдзень Расіі, у прыватнасці Данецкі басейн, пачынаючы ад раёна Харкава… Раён Масквы па сваёй важнасці для праціўніка стаіць толькі на трэцім месцы” (23). На падставе заявы Гітлера ў Барысаве аўтар заключае, што фюрэр збіраўся не браць Маскву, а шчыльна акружыць і потым затапіць.

Змястоўны бок другога раздзела складаюць нарысы пра знаходжанне ў заходніх абласцях СССР такіх паплечнікаў Гітлера, як Іон Антанеску, Ганс Баўр, Марцін Борман, Ёзэф Гебельс, Рэйнгард (Рэйхард) Гейдрых, Герман Герынг, Генрых Гімлер, Карл Дзёніц, Отта Дзітрых, Фрыдрых Заўкель, Эрых Кох, Беніта Мусаліні, Ганс Ратэнхубер, Іаахім фон Рыбентроп, Альфрэд Розенберг, Рудольф Шмунт і Альберт Шпеер. Напрыклад, намеснік фюрэра па нацысцкай партыі Марцін Борман наведаў Мінск у верасні 1943 г., адзін з кіраўнікоў СС і генерал паліцыі Рэйнгард Гейдрых двойчы бываў на беларускай зямлі, у 1941 і 1942 г. (140, 142). Другі візіт згаданага фашысцкага дзеяча на Беларусь звязаны з ходам знішчэння тут нямецкіх яўрэяў і асаблівай пазіцыяй генеральнага камісара генеральнай акругі „Беларусь” Вільгельма Кубэ. Вядома, што апошні, хоць меў непасрэднае дачыненне да Халакосту, не ставіў знак роўнасці паміж нямецкімі і ненямецкімі яўрэямі. Калі поўнае і безагаворачнае ўключэнне апошніх у лік аб’ектаў Халакосту ўяўлялася генеральнаму камісару слушным, то намер вышэйшых чыноў СС знішчыць усіх без выключэння нямецкіх яўрэяў, дастаўленых у Мінск, Кубэ аспрэчваў. Яго першы аргумент — што з гледзішча асабістай гігіены „няма ніякага параўнання паміж высланымі і мясцовымі яўрэямі”, другі — што сярод прывезеных яўрэяў былі ветэраны Першай сусветнай вайны, якія рызыкавалі жыццём дзеля перамогі Нямеччыны, мелі ўзнагароды (143). Усё гэта Кубэ выклаў у спецыяльным лісце ў РСХА. І рэакцыя эсэсаўскіх вярхоў была неадкладнай. Адзін з архітэктараў Халакосту Гейдрых прыляцеў з Берліна ў Мінск толькі для таго, каб аб’явіць вымову генеральнаму камісару акругі „Беларусь” (144).

Аўтар кнігі вызначыў, напрыклад, што імперскі міністр авіяцыі Герман Герынг наведваў Брэст, райхсфюрэр СС Генрых Гімлер — Мінск, як і стаўку Гітлера пад Вінніцай — месца, якое паплечнікі фюрэра наведвалі найчасцей. Там бываў грос-адмірал Карл Дзёніц, райхслейтэр, обергрупенфюрэр СС Отта Дзітрых, кіраўнік ведамства па выкарыстанні працоўнай сілы обергрупенфюрэр СС Фрыдрых Заўкель, які быў арганізатарам масавага вывазу насельніцтва з Савецкага Саюза і іншых акупаваных дзяржаў, з чым былі звязаны ажно тры яго паездкі ў Мінск. Дакладна выяўлена, што 26 жніўня 1941 г. у Брэсцкай крэпасці знаходзіўся Рыбентроп. Добра вядома і тое, што імперскі міністр замежных спраў неаднойчы бываў у 1942–1943 г. у стаўцы Гітлера пад Вінніцай (212).

Бываў у Беларусі і імперскі міністр па справах акупаваных усходніх тэрыторый Альфрэд Розенберг, адзін з архітэктараў нямецкай акупацыйнай палітыкі адносна Прыбалтыкі, Беларусі, Украіны. Аўтар лічыць, што пры ўсім сваім расісцкім антысемітызме і заала гічнай русафобіі „ён быў адзіным сярод нацысцкага кіраўніцтва, хто рабіў адрозненне паміж рускімі і іншымі нацыянальнасцямі Савецкага Саюза”, а ў Мас ковіі ачаг „руска-мангольскай адсталасці”, які і пры цар скім, і пры савецкім рэжымах падаўляў нацыянальную своеасаблівасць многіх нярускіх народаў і праводзіў іх гвалтоўную русіфікацыю. „Немцы выступалі тут як вызваліцелі ад бальшавіцкага прыгнёту і давалі магчымасць стварыць уласныя аўтаномныя дзяржавы пад нямецкай абаронай” (215). Так, прыляцеўшы ў Мінск у траўні 1942 г., А. Розенберг, хоць і выдатна ведаў пра існаванне плана „Ост”, „у гутарцы з кіраўніцтвам БНС (Беларускай Народнай Самапомачы) заявіў, што Нямеччына зацікаўлена ў існаванні незалежнай і моцнай Беларусі як нямецкага фарпоста на ўсходзе” (218).

Не мог не наведваць заходнія вобласці СССР галоўны ад’ютант Гітлера Рудольф Шмунт. У кнізе паказаны яго ўплыў на прыняцце Гітлерам рашэнняў у час зна хо джання ў дадзеным рэгіёне. А імперскі міністр узбраенняў і боепрыпасаў Альберт Шпеер неаднаразова бываў на Украіне. Па зразумелых прычынах прыярытэт належаў стаўцы Гітлера пад Вінніцай, куды імперскі міністр узбраенняў і боепрыпасаў выязджаў на абмеркаванне з фюрэрам розных тэхнічных нюансаў. Аўтар адзначае, што як галоўнакамандуючы сухапутнымі войскамі Шпеер „вельмі цікавіўся імі і імкнуўся сам вырашаць многія пытанні” (231).

Трэці, самы вялікі, раздзел кнігі прысвечаны гітлераўскім военачальнікам у заходніх абласцях СССР (1941–1944). Агулам разгледжаны 41 военачальнік. На прыкладзе некаторых з іх аўтар паказаў, як канкрэтна яны вырашалі свае задачы ў сітуацыі, калі стратэгічная ініцыятыва знаходзілася на нямецкім баку, і наадварот, калі яна перайшла да Чырвонай Арміі.

Мяркуючы па „Дадатку”, у заходніх абласцях СССР бывалі галоўны дыверсант нацысцкай Нямеччыны Отта Скарцэні і оберштурмбанфюрэр Адольф Эйхман. Першы ўваходзіў у склад войскаў Вермахта, якія ваявалі з абаронцамі Брэсцкай крэпасці (485), а другі прыязджаў з мэтай актывізацыі знішчэння яўрэяў.

Кніга прафесара Э. Іофе, якая стала плёнам двац-цацігадовых пошукаў аўтара, абавязкова будзе запатрабавана і навукоўцамі, і выкладчыкамі гісторыі. Яе з вялікай цікавасцю змогуць чытаць усе, хто неабыякавы да гісторыі Другой сусветнай вайны.

Брэст

Міхаіл Стралец

Единорогъ: Материалы по военной истории Восточной Европы эпохи Средних веков и Раннего Нового времени. Вып. 2 (Андрэй Янушкевіч)

Студзеня 1, 2011 |

Единорогъ: Материалы по военной истории Восточной Европы эпохи Средних веков и Раннего Нового времени. Вып. 2. Москва: Квадрига, 2011. 554 с. Карты, ил.

Напрыканцы лета 2011 г. у Маскве выйшаў з друку доўгачаканы другі выпуск „Единорога” — тэматычнага альманаха, прысвечанага ваеннай гісторыі Усходняй Еўропы эпохі Сярэднявечча і ранняга Новага часу. З’яўленне гэтага выдання ў 2009 г. стала ў пэўнай ступені сенсацыяй у навуковых колах, што было абумоўлена вялікай запатрабаванасцю зборніка, дзе на аб’ектыўна-навуковым грунце аддавалася б увага калізіям ваенных канфліктаў паміж усходнееўрапейскімі дзяржавамі, арганізацыі ўзброеных сілаў і іх забеспячэння, праблемам ваеннага майстэрства. З самага пачатку рэдакцыя альманаха ўзяла курс не на даказванне рацыі маскоўска-расійскай знешнепалітычнай лініі (што так ці іначай набывала канфрантацыйнае гучанне ў дыскусіі з гісторыкамі іншых краін), а на свабодны абмен меркаваннямі і канструктыўны пошук ісціны з прыцягненнем крыніц з розных бакоў.

Адразу скажам, што другі выпуск „Единорога”, які рыхтаваўся досыць доўгі час, не расчараваў ні ў афармленні, ні ў змесце. Рэдакцыя альманаха трымае высокую планку, выпускаючы ў свет саліднае друкаванае выданне ў цвёрдай вокладцы, з загалоўкам, ціснёным залатымі літарамі, з грунтоўнай падборкай ілюстрацый і карт (выкананых у большасці светлай памяці Віктарам Цемушавым, які быў штатным рэдактарам-картографам альманаха). Выданне значна падрасло ў аб’ёме — другі выпуск налічвае аж 550 (!) старонак.

Змест альманаха паказвае, што яго павінен мець у сваёй бібліятэцы кожны, хто сур’ёзна цікавіцца ваеннай гісторыяй краін Усходняй Еўропы, перадусім ранняга Новага часу. Добрая палова матэрыялаў прама або ўскосна звязана з падзеямі на беларускай тэрыторыі. Асаблівая ўвага аддаецца XVII ст., якому прысвечана 12 публікацый з 19 (не лічачы рэцэнзій). Як і ў першым выпуску, рэдакцыя адводзіць вялікае месца публікацыі дакументальных матэрыялаў, прытым яны маюць разна стайны характар — ад спісаў і рэестраў вайсковых падраздзяленняў да ліставання палкаводцаў і нават соймікавых пастановаў (laudum).

Другі выпуск „Единорога” выразна адлюстроўвае, што вакол альманаха склалася сталае пладавітае ядро аўтараў. Алег Курбатаў размясціў тут ажно пяць публікацый, прытым амаль ва ўсіх рубрыках. Пашырылася кола польскіх вучоных: да Томаша Бохуна дабавіліся Конрад Бабятыньскі і Анджэй Харатым з публікацыямі крыніц.

Відавочна, што кааперацыя з замежнымі вайсковымі гісторыкамі (польскі вучоны Т. Бохун выступае намеснікам галоўнага рэдактара) спрыяе падвышэнню якасці матэрыялаў — без трывіяльнага абвінавачвання адзін аднаго ў шальмаванні гісторыі, перацягванні фактаў на свой бок і г. д. Адчуваецца двухбаковая канструктыўная праца, якая ператвараецца ў работу над выпраўленнем памылак і ўдакладненнем звестак пра важныя падзеі ваеннай гісторыі Расійскай дзяржавы, Рэчы Паспалітай і Украіны.

Прывядзем прыклады. А. Курбатаў прысвяціў артыкул рэканструкцыі бітвы пад вёскай Даманы 12 лютага 1655 г. Правёўшы дэталёвы і ўсёахопны аналіз максімальнага кола крыніц, сярод якіх былі новыя дакументы з расійскіх архіваў, невядомыя польскім даследчыкам (маецца на ўвазе перадусім К. Бабятыньскі), аўтар прыйшоў да высновы, што „внимательное сопоставление документов [воюющих] сторон позволяет не только свести к минимуму ошибки в оценке состава противоборствующих отрядов, но и уточнить время и место события, а также доволь-время и место события, а также довольно подробно описать его ход. <…> В противном случае неверно понятая одним ученым фраза из единственно использованного источника может послужить причиной грубейшей ошибки другого исследователя…” (78). Варта дадаць, што свае меркаванні А. Курбатаў дапоўніў публікацыямі найважнейшых крыніц па тэме.

Такі метад так ці іначай прыводзіць да праблемы крытыкі наяўных гістарыяграфічных стэрэатыпаў і развянчання прапагандысцкіх міфаў, што добра ві даць па артыкуле іншага маскоўскага даследчыка І. Бабуліна, які прысвечаны праблеме складу і колькасці расійскага войска ў вядомай бітве пад Канатопам 1659 г. У высновах ён абапіраецца на матэрыялы справаводчай дакументацыі Разраднага прыказа, якая складалася ў мэтах кантролю за фінансаваннем і забеспячэннем расійскай арміі. Дадзеныя падобных дакументаў, на погляд аўтара, маюць высокую ступень верагоднасці і праўдзівасці, у адрозненне да наратыўных крыніц. І. Бабулін прыходзіць да заключэння, што расійскае войска склада ла максімум 34 тыс. чалавек, што абсалютна разыхо-дзіцца з інфармацыяй казацкіх летапісаў і польскіх хронік, якія падаюць лічбу 100–150 тыс. жаўнераў. Больш за тое, атрымліваецца, што ўкраінскае войска пераважала расійцаў па колькасці ў паўтара раза.

У такім жа рэчышчы, на гэты раз верыфікуючы звесткі ўкраінскіх даследчыкаў, знаходзіцца публікацыя К. Качагарава, прысвечаная праблеме стратаў Запарожскага войска ў чыгірынскай кампаніі 1678 г. Друкуючы арыгіналы крыніц, якія захоўваюцца ў РДАСА, расійскаму вучонаму ўдалося ўдакладніць лічбы стратаў казакоў. Да публікацыі дададзены імянны паказальнік, які значна палягчае пошук патрэбных асобаў.

З матэрыялаў, найбольш цікавых для беларускага чы тача, трэба адзначыць працу Т. Бохуна, які напісаў пра змаганне Яна Караля Хадкевіча за Маскву ў 1612 г., паспрабаваўшы адказаць на пытанне аб прычынах паражэння войска Рэчы Паспалітай у гэтай кампаніі.

Яшчэ некалькі публікацый прысвечана вайне паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай дзяржавай 1654–1667 г. Польскі гісторык Конрад Бабятыньскі апублікаваў нізку лістоў Януша Радзівіла да Яна Казіміра пра баі з ра сійскімі войскамі ў лютым — красавіку 1655 г., копіі якіх захоўваюцца ў бібліятэцы Чартарыйскіх у Кракаве. Ра сійскі гісторык П. Прудоўскі падрыхтаваў да друку адпіску царскага дыпламата пра абарону Коўна ад вой скаў Рэчы Паспалітай у канцы 1658 — пачатку 1659 г. А. Курбатаў даў апісанне палкоў драгунскага і салдацкага строю войска Расійскай дзяржавы, якія існавалі напярэдадні вайны.

Не менш цікавымі выглядаюць два дакументы па гісторыі Смаленскай вайны 1632–1634 г., якія апу блі-каваў польскі даследчык А. Харатым. Яны звязаны з Полацкам: першы з іх — гэта маніфестацыя мяшчан супраць смаленскага падстолія Пятра Мравінскага, другі — лаўдум сойміка Полацкага ваяводства ад 5 лютага 1633 г. Гэтыя дакументы ўносяць новыя звесткі пра малавядомыя падзеі, звязаныя з разгортваннем ваенных дзеянняў.

З больш ранніх часоў цікавасць уяўляюць матэрыялы пра абвяшчэнне Маскоўскай дзяржавай Інфлянцкай вайны, апублікаваныя і прааналізаваныя А. Філюшкіным і В. Паповым. Як блізкія да гэтай тэматыкі, адзначым, што ўважлівае прачытанне маскоўскіх пасольскіх кніг дазволіла б даследчыкам падкарэктаваць свае высновы наконт уплыву падзей пад Пазволем у верасні 1557 г. на распачынанне маскоўцамі Інфлянцкай вайны.

Важныя матэрыялы пра паход крымскага хана Даўлет-Гірэя на Маскву ў 1572 г. апублікавалі А. Малоў і А. Вінаградаў, забяспечваючы іх дэталёвым аналізам міжнароднай сітуацыі і ваенных падзей. Варта адзначыць таксама біяграфічны нарыс „касімаўскага цара” Сімяона Бекбулатавіча аўтарства разанскага даследчыка А. Белякова. У ім раскрываюцца новыя факты з жыцця гэтага Чынгізіда, удакладняюцца генеалагічныя сувязі, даюцца падрабязныя звесткі пра яго вайсковую службу.

Немалая частка альманаха прысвечана XVIII ст. Гэтыя матэрыялы, аднак, не завязаны на стасунках з Рэч чу Паспалітай і больш патрэбныя тым, хто ціка-віцца ўнутранай расійскай гісторыяй. І. Курукін прааналізаваў планы і вынікі Персідскага паходу Пятра І. Е. Гусарава дала апісанне невядомага чарцяжа з часоў дэрбенцкага паходу Пятра І, а таксама ў асобным артыкуле з яўным палемічным адценнем распавяла пра існаванне „коннай каруселі” ў часы панавання Елізаветы Пятроўны. В. Навасёлаў прысвяціў увагу вы-творчасці і выпрабаванню шпажных клінкоў у 30-я г. XVIII ст. А. Дзмітрыеў ахарактарызаваў гарнізонныя падраздзяленні расійскай арміі на тэрыторыі Сібіры ў 40-я г. XVIII ст.

Акрамя таго, варта звярнуць увагу на асобны блок рэцэнзій і аглядаў. Тут размешчаны рэцэнзіі на апошнія манаграфічныя выданні Ю. Аляксеева, К. Качагарава, І. Габдуліна, Т. Таіравай-Якаўлевай. Таксама ёсць аг ляд дыскусіі пра колькасць ўзброеных сіл Расійскай дзяржа вы ў XVI ст., які быў нядаўна ініцыяваны рэдакцыяй часопіса „Пецярбургскія славянскія і балканскія даследаванні”.

Узорнасці выдання перашкаджаюць толькі некаторыя дробныя памылкі, за якімі, што называецца, не дагледзелі рэдактары альманаха. Так, у публікацыі А. Філюшкіна і В. Па пова фонд 389 РДАСА названы „Лівонскай ме тры-кай” замест „Літоўскай”. На ілюстрацыях Януш Радзівіл памылкова названы герцагам „на Берках” (слушна — „на Біржах”). Больш пільную ўвагу хацелася б бачыць да правільнага напісання ў спасылках прац на беларускай мове — традыцыйна тут сустракаюцца такія неахайнасці, як няўважлівыя адносіны да ў, мяккае р („Гілярія”) ці ш, замена і на и і г. д.

Заканчваючы агульны агляд, трэба адзначыць, што вучоныя і ўсе тыя, хто цікавіцца ваеннай гісторыяй, атрымалі выдатнае выданне, якое падымае на добры навуковы ўзровень ваенна-гістарычную праблематыку і дазваляе гісторыкам з розных краін абменьвацца думкамі і адкрываць для сябе новыя крыніцы. Аднак не трэба забывацца, што альманах выходзіць у Маскве, і па падборы і падачы матэрыялаў добра відаць, што расійскія ваенныя гісторыкі сочаць за сваім інтарэсам, які заключаецца на гэты раз не ў эйфарычна-ўзнёслым паказе ўласных дасягненняў у ваеннай справе і ўхваленні або апраўданні дзеянняў расійскіх войскаў, а ў распрацоўцы навуковых праблем, якая грунтуецца на выкарыстанні шырокага кола крыніц і крытычнага метаду.

Мінск

Андрэй Янушкевіч

Российские и славянские исследования. Вып. I–V (Любоў Козік)

Студзеня 1, 2011 |

Российские и славянские исследования: научный сборник / редкол.: АНАТОЛИЙ П. САЛЬКОВ, ОЛЕГ А. ЯНОВСКИЙ (отв. ред) [и др.]. Вып. I–V. Минск: БГУ, 2004–2010.*

Беларуская славістыка мае глыбокія карані, аднак у адрозненне ад шматлікіх публікацый па гісторыі Беларусі ці Расіі матэрыялаў па гісторыі паўднёвых і заходніх славян у нашай краіне няшмат. Гэты ў пэўным сэнсе „недахоп” паспрабавалі выправіць на гістарычным факультэце БДУ, дзе з 2003 г. прайшла чарада абарон кандыдацкіх дысертацый па гісторыі Чэхаславакіі, Польшчы, Македоніі, Югаславіі, Харватыі, а з 2004 г. пачаў выходзіць зборнік навуковых артыкулаў пад назвай „Российские и славянские исследования”. За перыяд з 2004 да 2010 г. убачылі свет пяць нумароў гэтага выдання, якое па праву стала вядучым у галіне замежнай славістыкі.

У першым выпуску матэрыял згрупаваны ў тры рубрыкі: „Расійская і славянская гісторыя ў перыяд Сярэднявечча”, „Новы час у гісторыі Расіі і славянскіх народаў”, „Праблемы навейшай гісторыі Расіі (СССР) і славянскіх краін”. Працы беларускіх, украінскіх, расійскіх і польскіх гісторыкаў закраналі пераважна праблемы з гісторыі Расійскай імперыі і Беларусі, якая знаходзілася ў яе складзе, старажытнай гісторыі славянскіх народаў, гісторыі СССР і найноўшай гісторыі Польшчы.

Другі нумар навуковага зборніка займеў больш падрабязную рубрыкацыю (артыкулы, паведамленні, крыніцазнаўства і гістарыяграфія, публікацыі, крытыка і бібліяграфія, навуковае жыццё), шырокую тэматыку і міжнароднае прадстаўніцтва аўтараў. У ім раскрываліся структурна-функцыянальныя мадэлі вывучэння савецкай гісторыі 1930-х г. у англа-амерыканскай гістарыяграфіі (В. Мянькоўскі), паказваўся генезіс канцэпцыі старарускай народнасці ў працах У. Пічэты (Н. Усава), нямецкая эканамічная палітыка на акупаванай тэрыторыі Беларусі ў 1941–1944 г. (С. Новікаў), чэхаславацкая ідэя і „венгерскае пытанне” ў гады Першай сусветнай вайны (І. Кручкоў), характарызавалася становішча праваслаўнай царквы ў міжваеннай Польшчы (Я. Мірановіч) і адлюстроўваліся пытанні развіцця польскай сельскай гаспадаркі і сялянскага руху на старонках часопіса „Аграрныя праблемы” ў 1927–1935 г. (Г. Матвееў).

Канчаткова канцэпцыя штогодніка ўсталявалася з выхадам у 2008 г. трэцяга выпуску „Российских и славянских исследований”. Менавіта з гэтага нумара структура часопіса стала ўключаць такія рубрыкі, як „Артыкулы”, „Паведамленні”, „Гістарычныя партрэты”, „Гістарычная падзея — асоба ў гісторыі”, „Крыніцазнаўства і гістарыяграфія”, „Партрэты гісторыкаў”, „Публікацыя”, „Крытыка і бібліяграфія”, „Навуковае жыццё”.

Сярод дакументальных публікацый, змешчаных у II–V выпусках, пададзены вытрымкі з паказанняў У. Пічэты ў час яго знаходжання пад следствам з верасня 1930 да жніўня 1931 г. (вып. II); урыўкі з успамінаў і перапіскі старшыні польскай дэлегацыі на Рыжскай мірнай канферэнцыі Я. Домбскага пра тайныя перамовы са старшынёй расійска-ўкраінскай дэлегацыі А. Іофе наконт мяжы паміж Польшчай і Беларуссю (вып. III); заклік польскай моладзі да жанчын беларуска-літоўскіх зямель пад назвай „Литвинки и Русинки”, які, па меркаванні аўтара прадмовы да дакумента А. Фірыновіч, мог узнікнуць у перыяд з красавіка 1861 да студзеня 1863 г. (вып. V).

Чацвёрты выпуск „Российских и славянских исследований” прысвечаны 75-годдзю гістарычнага факультэта БДУ, што ў першую чаргу адлюстравалася ў рубрыцы „Публікацыі”. Яе значную частку склалі падрыхтаваныя расійскай даследчыцай Л. Уткінай дзённікавыя запісы У. Пічэты, якія ахопліваюць жыццё гісторыка да 1905 г. і ў 1944–1946 г., успаміны былых дэканаў гістфака І. Царук, П. Шупляка і А. Яноўскага, дакументы, якія характарызуюць пэўныя этапы ў жыцці У. Пічэты, У. Перцава, Л. Шнеерсона.

Сярод матэрыялаў і паведамленняў III–V выпускаў можна вылучыць артыкулы А. Салькова па праблеме ўсталявання межаў у Паўднёвай Еўропе пасля Другой сусветнай вайны і пазіцыі СССР, матэрыялы па палітычнай гісторыі Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Югаславіі, прапанаваныя як айчыннымі (І. Вашкевіч, Н. Прыступа, С. Лукашанец, Л. Козік, А. Космач, Ю. Паўлавец, А. Еўдакімовіч, В. Кухарэнка, А. Пеганаў і інш.), так і замежнымі (Т. Валакіціна, В. Комар, Я. Рыхлік, Р. Туркоўскі, Д. Алімаў, В. Варынскі, М. Шмігель і інш.) даследчыкамі. Вялікая колькасць публікацый прысвечана розным праблемам у гісторыі Беларусі: шляхецка-сялянскім міжсаслоўным адносінам на беларускіх землях у другой палове XVI — першай палове XVII ст. (П. Лойка), асаблівасцям рэгулявання ўнутранага гандлю на беларускіх землях у XVI — першай палове XVII ст. (А. Кісялёў), тэндэнцыям гаспадарчай дзейнасці ў парэформенным маёнтку на Палессі і ў прыватнасці ў маёнтках Цярэшчанкаў (В. Кахновіч), ролі дваранства ў сістэме гарадскога самакіравання Беларусі ў апошняй чвэрці XIX — пачатку ХХ ст. (І. Грыбко), удзелу беларускага сялянства ў „польскім” паўстанні 1830–1831 г. (У. Сосна), фарміраванню беларускай дыяспары ў Чэхаславакіі на пачатку 1920-х г. (А. Буча) і інш.

У зборніку закранаюцца і некаторыя праблемы метадалогіі гістарычнага даследавання. Так, А. Каханоўскі разглядае асаблівасці метадалогіі і методыкі аналізу сацыяльнай трансфармацыі беларускага грамадства ў другой палове XIX — пачатку ХХ ст. (вып. IV), а М. Сакалова прасочвае эвалюцыю канцэптаў „нацыя” і „нацыянальны суверэнітэт” у розныя гістарычныя перыяды і паказвае асноўныя падыходы сучасных беларускіх даследчыкаў да іх разумення (вып. V).

Адзін з пастаянных элементаў штогодніка — рубрыка „Партрэты гісторыкаў”. Першым матэрыялам у ёй стаў артыкул А. Баранавай і А. Яноўскага, прысвечаны 130-годдзю з дня нараджэння У. Пічэты (вып. III). Аўтары засяродзілі ўвагу на „беларускай складовай” у біяграфіі знакамітага даследчыка і паказалі яго ўнёсак у станаўленне і развіццё не толькі БДУ, але і нацыянальнай гістарычнай навукі, асабліва такой яе часткі, як беларусазнаўства. Працягам публікацый пра вядомых даследчыкаў-славістаў сталі артыкул А. Давідсана пра М. Палеціка (вып. IV) і матэрыялы А. Яноўскага і С. Цемушава пра А. Савіча (вып. V).

У рубрыцы „Крытыка і бібліяграфія” ўведзены ўнутраныя падзелы: „Разважанні над кнігай”, „Рэцэнзіі”, „Каротка пра кнігі”. Варта адзначыць, што ва ўсіх падраздзелах прадстаўлены працы, якія выйшлі не толькі і не столькі ў Беларусі, колькі за яе межамі — у Польшчы, Расіі, Украіне, ЗША, Харватыі, Сербіі і іншых краінах. Аўтары публікацый знаёмяць чытачоў з дасягненнямі замежных калег-славістаў і дзеляцца сваімі разважаннямі і заўвагамі.

Варта падкрэсліць, што рэдактары „Российских и славянских исследований” вырашылі не спыняцца толькі на знаёмстве чытачоў з новым фактамі і падзеямі. Яны прапанавалі, на наш погляд, вельмі цікавы раздзел „Запрашэнне да дыскусіі” ў рубрыцы „Навуковае жыццё”. У гэтай частцы зборніка былі прыведзены разважанні А. Яноўскага пра развіццё сучаснай нацыянальнай гісторыі (вып. II), А. Насковай пра стаўленне Сталіна да Арміі Краёвай (вып. III), А. Лукашэвіча пра ацэнку расійскіх службаў па лі тыч нага вышуку і контрразведкі палітычнай сітуацыі ў беларускіх губернях напярэдадні вайны 1812 г. (вып. IV), А. Стыкаліна пра гісторыю падрыхтоўкі і правядзення маскоўскіх паседжанняў кампартый у лістападзе 1957 г., прысвечаных арганізацыі ўрачыстых мерапрыемстваў да 40-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі (вып. V). На жаль, далей „запрашэння” гэтыя дыскусіі не пайшлі. Хаця ўздыманыя аўтарамі праблемы сапраўды заслугоўва юць абмеркавання. Можна спадзявацца, што ў перспекты ве закранутыя ў штогодніку пытанні выклічуць актыўную рэакцыю навукоўцаў не толькі з Беларусі, але і з іншых краін. Прынамсі рэдкалегія, спадзеючыся пашырыць кола сваіх чытачоў і патэнцыйных аўтараў, а таксама з увагі на невялікі наклад часопіса, з лютага 2009 г. стварыла сайт   (www.rsijournal.net), дзе рэгулярна раз мяш чае матэрыялы чарговых выданняў.

Спрабуючы пашырыць кантакты беларускіх славістаў з замежнымі калегамі, рэдкалегія штогодніка знаёміць чытачоў з цэнтрамі і школамі славістыкі і русістыкі, з працай навуковых канферэнцый і форумаў, запрашае да ўдзелу ў працы спецыялістаў з розных краін свету. Хочацца спадзявацца, што пачынанні беларускіх гісторыкаў-славістаў дадуць свой плён і прывядуць да актывізацыі даследаванняў не толькі па айчыннай гісторыі, але і па гісторыі іншых славянскіх народаў.

Мінск

Любоў Козік

* Вып. I (2004), 252 с.; вып. II (2007), 263 с.; вып. III (2008), 367 с.; вып. IV (2009), 431 с.; вып. V (2010), 419 с.


Публікацыі па гісторыі ў беларускіх часопісах за 2010 г.

Студзеня 1, 2011 |

Беларускі гістарычны часопіс

Першы нумар за 2010 г. пачынаецца матэрыялам Вітаўта Чаропкі „Іван Хруцкі: адкрыццё мастака (да 200-годдзя з дня нараджэння)”, у якім ва ўласцівай аўтару маляўнічай манеры апавядаецца пра жыццё і творчасць Івана Хруцкага (1810–1885), робіцца спроба зняць шэраг супярэчнасцяў у дачыненні да біяграфіі мастака. Аднак поўная адсутнасць спасылак (пададзены толькі спіс літаратуры) змяншае магчымасць праверкі сцвярджэнняў аўтара. Тры наступныя артыкулы прысвечаны гісторыі царквы пры бальшавіках. У даследаванні Мікалая Клепікава „Канфіскацыя царкоўных рэліквій у 1920-я г.” распавядаецца, як пад лозунгам „дапамогі галадаючым” у 1922 г. ладзілася разрабаванне маёмасці рэлігійных супольнасцяў. Звесткі па ССРБ падаюцца як ілюстрацыйны матэрыял. Назва артыкула Таццяны Івановай — „Канфесіянальная сітуацыя на тэрыторыі Віцебскай губерні ў 1917–1924 г.” — не цалкам адпавядае яго зместу, бо гаворка ідзе пераважна пра змены ў палітыцы бальшавіцкай улады ў дачыненні да хрысціянскіх канфесій. Уладзімір Гарыдавец („Гісторыя абнаўленчага расколу на Віцебшчыне”) апісвае ўнутраны канфлікт у Праваслаўнай царкве ў 20–30-я г. XX ст. паміж прыхільнікамі захавання старых царкоўных звычаяў і т. зв. „абнаўленцамі”, якія выступалі за адаптацыю праваслаўя да савецкага ладу. Святарскі сан аўтара, прыналежнасць да „патрыяршай” царквы не спрыяюць бесстароннасці выкладу. Тэма гісторыі адукацыі прадстаўлена артыкулам Алены Трубчык „Школьная справа на тэрыторыі Беларусі ў час польска-савецкай вайны 1919–1920 г. на старонках перыядычнага друку”, дзе паказваецца адлюстраванне школьнай праблематыкі ў матэрыялах выбраных польскіх афіцыйных, беларускіх незалежных і савецкіх газет. Мікалай Токараў у матэрыяле „Акадэмік Павел Восіпавіч Горын (да 110-годдзя з дня нараджэння)” у характэрным для такога кшталту прынагодных тэкстаў патэтычным стылі апісвае лёс беларускага савецкага гісторыка Паўла Горына-Каляды (1900–1938), вучня Міхаіла Пакроўскага, прэзідэнта Беларускай акадэміі навук (1931–1935), які спрычыніўся да разгрому т. зв. „нацдэмаўшчыны”, але і сам не пазбегнуў рэпрэсій.

Другі нумар. У артыкуле Аляксандра Кушнярэвіча „Храмы-кастэлі Вялікага Княства Літоўскага” характарызуюцца помнікі абарончага дойлідства ВКЛ XV — пачатку XVII ст. Робіцца выснова, што прататыпам храмаў-кастэляў у ВКЛ (як каталіцкіх, так і праваслаўных) быў касцёл Святога Станіслава ў Вільні. Даследаванне Алены Коршук „Каштоўнасныя асаблівасці нацыянальнай свядомасці беларусаў” — чарговая спроба даказаць схільнасць беларусаў да калектывізму: на гэты раз у якасці прыкладаў фігуруюць незразумела па якіх параметрах абраныя вершы, а таксама варыянты беларускага гімна. Апошняе зусім недарэчна, бо любы гімн так ці інакш апелюе да супольнасці. Аляксандр Павільч („Асэнсаванне міжканфесіянальных адрозненняў у помніках усходнеславянскага пісьменства: культуралагічны аналіз”) імкнуўся „прасачыць эвалюцыю ўяўленняў пра міжканфесіянальныя адрозненні” (с. 25), але замест гэтага падаў малазвязаныя паміж сабой анатацыі дзясятка тэкстаў, якія адносяцца да розных часоў, належаць розным народам і культурам.

Трэці нумар адкрываецца артыкулам Леаніда Землякова і Мікалая Шчокіна «Праблема „адукацыя і рэлігія” ў кантэксце дзяржаўна-канфесіянальных адносін у Рэспубліцы Беларусь». Аўтары лічаць, што канфесійная адукацыя не адпавядае свецкаму характару навучальных устаноў, а вось рэлігіязнаўчая — цалкам магчымая ў іх сценах. Звяртаецца ўвага на неабходнасць удасканалення заканадаўства ў сферы рэлігійнай адукацыі. Незразумела, аднак, наколькі дарэчны гэты матэрыял у гістарычным выданні. Таксама ўражвае няведанне аўтарамі беларускай мовы: „пабудова пісьменнай (!) палітыкі” — няўдалая калька з „построения грамотной политики”. Віталь Галубовіч („Палітычная сістэма Вялікага Княства Літоўскага ў 1588–1648 г.”) спыняецца на ролі манарха ў палітычным жыцці, дзяржаўных інстытуцыях, складзе, унутраным падзеле і ролі ў Рэчы Паспалітай палітычнай эліты ВКЛ, дзейнасці соймаў і соймікаў у акрэслены перыяд. Адзначаецца паступовае набліжэнне да польскіх узораў па ўсіх параметрах. Яшчэ два артыкулы прысвечаны пытанням этнаграфіі і мастацтвазнаўства. У матэрыяле Аляксандры Раманюк „Рэгіянальныя і лакальныя асаблівасці намітак Усходняга Палесся канца XIX — пачатку XX ст.” апісваюцца асаблівасці рушніковых галаўных убораў (не толькі ўласна намітак) у вылучаных М. Раманюком рэгіёнах — Калінкавіцкім, Давыд-Гарадоцкім, Тураўскім, Брагінскім, „Вічынскай зямлі” (тэрмін І. Сербава), Турава-Мазырскім. Паліна Богдан („Мастацкія асаблівасці традыцыйных беларускіх паясоў”) зрабіла (па традыцыйных этнаграфічных раёнах) апісанне паясоў паводле тэхнікі вырабу, памераў і дэкору — каларыстыкі і арнаментацыі.

Чацвёрты нумар мае выразную „ваенную” скіраванасць. Змешчана справаздача „Вялікая Айчынная вайна (агляд матэрыялаў круглага стала, які адбыўся ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі 3 сакавіка 2010 г.)”. Большасць выступленняў на „круглым стале” была вытрымана ў навуковым рэчышчы, арыентавана на акрэсленне актуальных задач вывучэння дадзенай тэмы, хоць не абышлося (даклады Уладзіміра Кузьменкі, Вадзіма Гігіна і асабліва Яўгена Новіка) без традыцыйнага „выкрывання фальсіфікатараў”. У артыкуле Уладзіміра Паўлава „Беларусы ў руху Супраціўлення Чэхаславакіі” сабраны звесткі пра нараджэнцаў Беларусі, якія былі партызанамі на тэрыторыі Чэхіі і Славакіі, апавядаецца як пра партызанаў — уцекачоў з палону і г. д., так і пра спецыяльна закінутых з тэрыторыі СССР. Матэрыял Неанілы Цыганок „Праведнікі народаў свету” прысвечаны выратавальнікам яўрэяў у часы Другой сусветнай вайны ў Асіповіцкім раёне, вызначаецца матывацыя іх дзеянняў. Асаблівая ўвага звяртаецца на гісторыю праведніка Аляксея Дзянісава. З агульнай канвы выбіваецца даследаванне Леаніда Казакова „Узнікненне і развіццё фальваркаў у шляхецкіх уладаннях у Вялікім Княстве Літоўскім (другая палова XVI — першая палова XVII ст.)”, у якім вызначаюцца асаблівасці з’яўлення фальваркаў у шляхецкіх маёнтках у ВКЛ, адрозненні фальваркаў ад гаспадарскіх двароў, асаблівасці гаспадарання пры дадзенай эканамічнай сістэме.

У пятым нумары тры матэрыялы прысвечаны гісторыі Полацка. У артыкуле Марата Клімава „Новае адкрыццё ў храналогіі старажытнага Полацка” адзначаецца, што знаходкі арабскіх дырхамаў, якія, на думку аўтара, трапілі ў Полацк у 820–840-я г., пацвярджаюць існаванне Полацка на гарадзішчы ўжо ў першай палове IX ст. Дзяніс Дук („Ад Рагвалода да Івана Грознага: Верхні замак у сацыяльнай тапаграфіі Полацка”) насуперак прынятаму ў ранейшай гістарыяграфіі меркаванню сцвярджае, што Верхні замак здзяйсняў функцыі дзядзінца не з XI, а з XIV ст. (княскі церам на ім даследчык датуе акурат XIV ст.), а дагэтуль ён быў сакральным (спачатку — паганскім, а пасля — хрысціянскім) цэнтрам. Матэрыял Івана Саверчанкі «„Полацкі летапіс” — галоўная крыніца палітычнай гісторыі Беларусі XII ст.» — гэта спроба рэканструяваць тэкст „Полацкага летапісу” на падставе Іпацьеўскага, Лаўрэнцьеўскага і Радзівілаўскага спісаў. Але ніяк не пазначаюцца прынцыпы адбору паведамленняў, бо адзін факт згадкі ў іх падзей і асоб, звязаных з Полацкай зямлёй, недастатковы для аднясення звестак у набыткі полацкага летапісання. Астатнія матэрыялы па гісторыі Беларусі датычаць XX ст. У артыкуле Міхаіла Анісяева „Арганізацыя Асобага аддзела Заходняга фронту” апісваецца стварэнне, структура і паўнамоцтвы савецкай ваеннай контрразведкі на тэрыторыі Беларусі ў 1919–1920 г. Вольга Коваль у працы „Узаемасувязь беларускай і ўкраінскай эміграцыі міжваеннага часу (па матэрыялах беларускай эмігранцкай прэсы)” адзначае сумесны ўдзел беларусаў і ўкраінцаў у палітычных і грамадскіх мерапрыемствах, падкрэслівае, што беларускія дзеячы лічылі ўкраінцаў прыкладам для сябе.

Надзіва шмат матэрыялаў па сярэднявечнай і раннемадэрнай гісторыі Беларусі і ў шостым нумары. У артыкуле Аляксандра Доўнара „Белавежская пушча ў XVI–XVIII ст.: асноўныя вехі гісторыі” апавядаецца пра сістэму аховы і карыстання ў Белавежскай пушчы, вялікая ўвага аддадзена розным катэгорыям насельніцтва, што служылі ў пушчы. Дзмітрый Крывашэеў („Тэрміналогія лясных промыслаў у Вялікім Княстве Літоўскім XIV–XVI ст.”) падае назвы прыстасаванняў для палявання, баброўніцтва, бортніцтва і нарыхтоўкі драўніны. Робіцца выснова, што за выняткам нямецкамоўнай тэрміналогіі апошняга промыслу назвы астатніх прыладаў маюць мясцовае паходжанне. Тэма Другой сусветнай вайны раскрываецца ў тэкстах Сяргея Новікава („Абарона Брэсцкай крэпасці: традыцыйнае і новае ў гістарыяграфіі”) і Крысціяна Ганцара („Штурм Брэсцкай крэпасці”). Гэтыя артыкулы ўяўляюць сабой рэцэнзіі на працу расійскага даследчыка Расціслава Аліева „Штурм Брэсцкай крэпасці” (2008), у якой гісторыя абароны Брэсцкай крэпасці падаецца не як звычайна, на падставе ўспамінаў абаронцаў, а па звестках нямецкіх крыніц. Да пераважна станоўчай рэцэнзіі С. Новікава (К. Ганцар куды больш крытычны) дададзены яшчэ выклад савецкай (яна ж — афіцыйная беларуская) версіі гісторыі абароны.

Сёмы нумар прысвечаны 600-годдзю Грунвальдскай бітвы. У артыкуле Руслана Гагуа „Грунвальдская бітва 1410 г.” апавядаецца пра перадгісторыю і ход Вялікай вайны 1409–1411 г. у цэлым і, вядома ж, пра Грунвальдскую бітву 15 ліпеня 1410 г. Аўтар разглядае ролю Ягайлы ў бітве, значэнне смаленскіх палкоў і інш. Яшчэ адзін аналіз перадумоваў і ходу бітвы робіць Юрый Бохан („Да пытання аб некаторых дыскусійных момантах Грунвальдскай бітвы 1410 г.”). Даследчык спыняецца на легендзе аб наяўнасці „воўчых ям”, а таксама на пытаннях размяшчэння войскаў перад бітвай і ўласна яе ходу, перадусім, характару і маштабаў уцёкаў войска ВКЛ. Як і ў папярэднім нумары, два даследаванні напісаны пра Другую сусветную вайну і яе наступствы. Сяргей Новікаў („Магілёўская бітва 1941 г. у данясеннях вермахта”) на падставе нямецкіх крыніц апісвае бітву за Магілёў на яе апошнім этапе (20–26 ліпеня 1941 г.), адзначае выдатную сістэму абароны горада, удакладняе склад (па дывізіях і палках) абаронцаў, колькасць палонных, акрэслівае нямецкія страты. Аўтар прапануе прысвоіць Магілёву ганаровае званне „Горад-герой”. У артыкуле Анатоля Шаркова „Нацысцкія злачынцы перад судом ваенных трыбуналаў у Беларусі ў 1945–1950 г.” апавядаецца пра дзейнасць ваенна-палявых судоў, адкрытыя і закрытыя судовыя працэсы над ваеннымі злачынцамі. Падкрэсліваецца, што калі адкрытыя працэсы ў межах ваенных трыбуналаў адбываліся з захаваннем законнасці, то пры закрытай судавытворчасці назіраліся парушэнні. Аляксандр Кушнір і Ігар Чаквін („Этнагістарычныя асаблівасці фарміравання антрапалагічных рыс насельніцтва Беларусі”) паводле дадзеных даследавання чарапоў акрэсліваюць шляхі прыходу славян на тэрыторыю Беларусі (з поўдня), ролю балтаў і фіна-уграў у этнагенезе беларусаў.

У восьмым нумары ў артыкуле „Рукапісная кніга ў Куцейне” Юрый Лаўрык разглядае рукапісы рэлігійнага характару, якія з розных прычын акрэсліваюцца як напісаныя ў Куцейне, і высвятляе, якія з іх сапраўды былі створаны ў куцеінскіх Багаяўленскім і Успенскім манастырах. У публікацыі Вольгі Папко „Арганізацыя паляванняў у ардынацыях князёў Радзівілаў у канцы XIX — пачатку XX ст.” апавядаецца пра паляванні ў Давыд-Гарадоцкай ардынацыі, якой у названы перыяд валодалі Лявон (1808–1885) і Антоній Вільгельм (1833–1904) Радзівілы. Асноўную частку матэрыялу складае пераклад успамінаў польскага мастака Юльяна Фалата (1853–1929) пра паляванне 1886 г., у якім удзельнічаў будучы германскі імператар Вільгельм II Гогенцолерн. У матэрыяле Міхаіла Цубы „Партызанскі рух на беларускіх землях у гады Першай сусветнай вайны” сцвярджаецца, што арганізаваны расійскімі ўладамі ў 1915–1917 г. партызанскі рух, за выняткам некалькіх удалых аперацый з удзелам мясцовага насельніцтва, не меў поспеху, затое сапраўдны масавы рух супраць нямецкага панавання разгарнуўся ў 1918 г., калі яго імкнуліся ўзначаліць беларускія эсэры і бальшавікі. У матэрыяле Ніны Змачынскай „З гісторыі збораў медыцынскіх кніг у Беларусі (да 70-годдзя Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі)” падаецца гісторыя медыцынскіх кніжных збораў на тэрыторыі Беларусі з часоў Сярэднявечча. Але асноўная ўвага звернута на перыяд канца XIX — XX ст. і перадусім на стварэнне (1940) і дзейнасць Рэспубліканскай навуковай медыцынскай бібліятэкі.

Тэмай дзявятага нумара стала гісторыя Бабруйска. У артыкуле Вітаўта Чаропкі „Бабруйск: горад-папялушка” асноўная ўвага аддаецца гісторыі Бабруйскай крэпасці як вайсковай фартэцыі і турме, акрамя таго, апавядаецца пра мінулае Бабруйска ў цэлым, згадваюцца яго вядомыя нараджэнцы і жыхары. Іна Аўсейчык („Бабруйская крэпасць: помнік гісторыі і архітэктуры”) падрабязна спыняецца на сістэме ўмацаванняў крэпасці, апісвае план яе аднаўлення. Яшчэ два тэксты належаць да галіны гісторыі мастацтваў. У матэрыяле Наталлі Пінчук „Раслінны, зааморфны і антрапаморфны матывы ў дэкоры металічных упрыгажэнняў X–XIII ст. на беларускіх землях” вызначаецца семантыка арнаментацыі металічных упрыгажэнняў X–XIII ст.: раслінныя і жывёльныя матывы знітоўваюцца з паганскімі вераваннямі, а антрапаморфныя — з хрысціянскім культам. У артыкуле Алы Савіцкай „Беларускі тэатр у 1930-я г.: пошукі, выпрабаванні, страты” распавядаецца, як пад сцягам барацьбы з „фармалізмам” і „нацдэмаўшчынай” знішчаліся здабыткі беларускага тэатральнага мастацтва, а пастаноўкі ператвараліся ў агіткі.

Найбольшая ўвага ў дзясятым нумары звернута на гісторыю беларускіх татараў. У артыкуле Зарыны Канапацкай „Славянамоўныя рукапісы арабскім пісьмом як крыніцы ведаў па культуры беларускіх татараў” даецца кароткая характарыстыка розных відаў рукапісных помнікаў беларускіх татараў (кітабы, хамаілы, тэфсіры, тэджвіды, далавары). Падкрэсліваецца, што гэтыя помнікі могуць служыць для вывучэння старабеларускай гутарковай мовы, хоць тут жа (с. 30) сцвярджаецца, што іх мова ўяўляла сабой „мясцовы гутарковы варыянт польскай мовы (моцна беларусіфікаваны)”, праўда, апошняя заўвага датычыць толькі XVII–XVIII ст. У матэрыяле Ірыны Сынковай і Міхаіла Тарэлкі „Шыіцкая малітва ў рукапісах беларускіх татараў” падаецца тэкст шыіцкай малітвы „Дванаццаць імамаў”, якая захавалася ў шэрагу кітабаў і хамаілаў беларускіх татараў-сунітаў. Робіцца спроба растлумачыць наяўнасць шыіцкай малітвы ў суніцкім тэксце — разу-менне шыіцкіх імамаў як святых-памочнікаў, уплыў на беларускіх татараў з тэрыторый шыіцка-суніцкіх кантактаў — Ірана, Туркменістана, Малой Азіі. Аляксандр Кушнярэвіч і Антон Францішак Брыль („Готыка ў Ашмянах”) сцвярджаюць, што францысканскі касцёл у Ашмянах быў першапачаткова пабудаваны ў гатычным стылі, праявы чаго захаваліся да сёння. Удакладняецца дата яго пабудовы — канец XV — пачатак XVI ст. Юрый Мікульскі („Новыя лісты Філона Кміты-Чарнабыльскага”) акрэслівае ранейшыя публікацыі эпісталярнай спадчыны Філона Кміты-Чарнабыльскага, публікуе тры раней не друкаваныя лісты, з якіх можна даведацца пра абставіны канфлікту ў 1574–1576 г. за пасаду архімандрыта Кіева-Пячорскага манастыра (№ 2) і цяжкую хваробу Івана IV увесну 1579 г. (№ 3). У артыкуле Эдуарда Карніловіча „Міністр-прымірыцель з ро ду Святаполк-Мірскіх” акрэсліваецца палітычная біяграфія віленскага, гродзенскага і ковенскага генерал-губернатара (1902–1904), міністра ўнутраных спраў Расій скай імперыі (жнівень 1904 г. — 18 студзеня 1905 г.) князя Пятра Святаполк-Мірскага (1857–1914), які характарызуецца як ліберальны палітык. Сцвярджаецца, што ён не меў дачынення да „крывавай нядзелі”. Вадзім Гігін у публікацыі „Разгром небальшавіцкіх палітычных партый і груп на тэрыторыі Савецкай Беларусі ў першай палове 1920-х г.” падае змястоўны матэрыял, але асноўная ўвага аддаецца ліквідацыі агульнарасійскіх і яўрэйскіх партый на Віцебшчыне і Гомельшчыне, якія ў першай палове 20-х г. у склад Беларусі не ўваходзілі. З беларускіх партый аўтар падрабязна піша пра роспуск БПСР у 1924 г.

Адзінаццаты нумар пачынаецца аглядным артыкулам Вольгі Ляўко „Развіццё археалагічнай навукі ў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ў 2006–2010 г.”, у якім акрэсліваюцца вынікі даследаванняў на Агінскім канале, у Белавежскай пушчы, на стаянцы Кавальцы і паселішчах Крывінскага тарфяніка. Аўтарка таксама спыняецца на археалагічным вывучэнні помнікаў эпохі Вялікага перасялення народаў і часоў вікінгаў. Асобная ўвага аддаецца здабыткам беларускіх археолагаў у даследаванні гісторыі беларускіх гарадоў (Друцк, Мінск, Віцебск, Шклоў) у сярэднявечны і раннемадэрны перыяды. У артыкуле Вітаўта Чаропкі „Адысея Зыгмунта Мінейкі” апісваецца жыццё паўстанца 1863 г., ганаровага грамадзяніна Грэцыі, адкрывальніка антычнага горада Дадон Зыгмунта Мінейкі (1840–1925). Аповед пераважна вядзецца на падставе мемуараў самога Мінейкі і ўспамінаў яго знаёмых. „Ваенная Беларусь у найноўшых нямецкіх даследаваннях” Сяргея Новікава: падаецца змест новых прац Бабеты Квінкерт, Богдана Мусяля і Аляксандра Брагеля. Крытычныя заўвагі робяцца толькі ў дачыненні да працы Мусяля. У даследаванні Андрэя Гаранскага і Святланы Мандрык „Рэформа прыходскага кіравання 1961 г. і яе наступствы ў Беларусі” ідзе гаворка пра адхіленне святароў ад фінансава-гаспадарчага кіравання парафіямі і перадачу гэтых функцый парафіяльным саветам, у якія ў тым ліку ўводзіліся адданыя савецкай уладзе людзі. Адзначаецца змяншэнне колькасці парафій і святароў у Праваслаўнай царкве ў Беларусі ў выніку рэформы.

Дванаццаты нумар змяшчае два матэрыялы па гісторыі мастацтваў. У артыкуле Наталлі Пінчук „Геаметрычныя матывы ў дэкоры металічных упрыгажэнняў IX–XIII ст. на беларускіх землях” пералічваюцца асноўныя геаметрычныя матывы на розных відах упрыгажэнняў, коратка вызначаецца іх сімвалічнае значэнне. Наталля Наркевіч („Скроневыя ўпрыгажэнні жанчын Беларусі XI–XIV ст.”) апісвае знешні выгляд, тэхніку вырабу, мастацкае аздабленне скроневых колцаў, колтаў і раснаў. Сацыяльная гісторыя рэпрэзентавана артыкулам Вольгі Сабалеўскай „Феномен беднасці беларускіх яўрэяў у другой палове XIX ст.”, у якім падкрэсліваецца наяўнасць вялікай колькасці бедных сярод яўрэйскага насельніцтва беларускіх губерняў, апісваецца сістэма дабрачыннасці і дапамогі, якая існавала ў яўрэйскім асяроддзі. Пытанні палітычнай гісторыі закранае Рыгор Лазько ў матэрыяле „Польска-савецкія мірныя перагаворы 1920 г. і лёс Беларусі”, у якім на падставе ўважлівага аналізу крыніц сцвярджае, што другое абвяшчэнне ССРБ было толькі інструментам бальшавіцкай улады для аблягчэння перамоваў з Польшчай.

Весці Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук

У 2010 г. у выданні „Весці Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі. Серыя гуманітарных навук” было надрукавана 15 артыкулаў па гісторыі і этналогіі, з іх: 1 — па сусветнай гісторыі (у дадзеным аглядзе не падаецца), 2 — па гісторыі этналогіі, 1 — па гісторыі беларускага сярэднявечнага мастацтва; 1 — па гісторыі Рэчы Паспалітай XVIII ст. і ажно 10 (!) — па гісторыі Беларусі XX — пачатку XXI ст.

Тры гістарычныя і адзін этналагічны матэрыял змешчаны ў першым нумары. Андрэй Мацук („Барацьба магнацкіх груповак за ўрад падканцлера ВКЛ у 1752 г.”) раскрывае падрабязнасці барацьбы за пасаду падканцлера ў 1752 г. (фактычна — за вяршэнства ў ВКЛ) паміж Радзівіламі і Фаміліяй (Чартарыйскімі), чый кандыдат Міхал Антоній Сапега ў выніку абышоў вылучэнца Радзівілаў Ігната Сапегу. Гэтае супрацьстаянне прааналізавана ў кантэксце імкнення Аўгуста III усталяваць спадчынную манархію, праціўнікамі чаго былі Чартарыйскія. У артыкуле А. Зябко „Антываенны рух на тэрыторыі Беларусі ў гады Першай сусветнай вайны (жнівень 1914 — люты 1917 г.) у савецкай і айчыннай гістарыяграфіі” характарызуецца вывучэнне антываеннага руху пад час Першай сусветнай вайны ў даследаваннях 20–50-х г., 60–80-х г. і найноўшага перыяду. Адзначаецца вялікая факталагічная база і тэндэнцыйныя ацэнкі, уласцівыя савецкай гістарыяграфіі, і нераспрацаванасць тэмы ў сучаснай беларускай навуцы. Робіцца спроба акрэсліць паняцце „антываенны рух”. У матэрыяле Надзеі Зайцавай „Роля грамадскіх фондаў спажывання ў сацыяльным забеспячэнні калгаснага сялянства Беларусі (1966–1975)” акрэсліваюцца сферы, у якія накіроўваліся грамадскія фонды ў калгасах, прасочваецца дынаміка грашовых выплат, вызначаецца доля фондаў (28–30%), якая прыпадала на вёску. З артыкула Наталлі Луйгас „Роля навуковых школ у даследаванні праблемы беларускай сям’і 80–90-х г. XIX ст.” вынікае, што мэтай аўтаркі было паказаць уплыў „юрыдычнай” (?), „эвалюцыйнай” і „міфалагічнай” школ на этнаграфічнае даследаванне сям’і. Але паколькі фактычна аналізуецца толькі спадчына М. Доўнара-Запольскага і Я. Карскага, атрымалася, што першы — і „юрыст”, і „эвалюцыяніст”, а другі — „эвалюцыяніст” з праявамі „міфалагічных” падыходаў.

„Гістарычную” частку другога нумара распачынае артыкул Аляксандра Кавалені „Вялікая Перамога — на вякі ў памяці людзей”, у якім апавядаецца пра ўшанаванне ў Беларусі памяці герояў вайны, перадусім апісваюцца вялікія і малыя мемарыяльныя аб’екты. Тэкст змяшчае відавочную недакладнасць: „Вечны агонь [у Брэсцкай крэпасці] быў запалены ў дзень адкрыцця мемарыяла 9 мая 1985 г. Героем Савецкага Саюза, першым сакратаром ЦК КПБ Пятром Міронавічам Машэравым” (с. 59), што не адпавядае рэчаіснасці, бо П. Машэраў загінуў у 1980 г. У артыкуле Надзеі Зайцавай „Станаўленне сістэмы сацыяльнай абароны калгаснага сялянства БССР (1966–1975)” акрэсліваецца працэс стварэння адзінай сістэмы сацыяльнага страхавання (у 1971 г.) і пенсійнага забеспячэння (з 1964 г., цалкам — у 1971 г.) калгаснікаў. Адзначаецца, што іх сацыяльная абароненасць была ніжэйшая, чым рабочых і служачых у горадзе. У матэрыяле Марыны Глеб „Рэспубліка Беларусь і еўрапейскія міжнародныя арганізацыі” характарызуюцца ў станоўчым рэчышчы адносіны афіцыйнага Мінска з Цэнтральна-Еўрапейскай Ініцыятывай (Беларусь — удзельнік з 1996 г.), Арганізацыяй Чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва (назіральнік з 2005 г.), Саветам дзяржаў Балтыйскага мора (назіральнік з 2009 г.), акрэсліваюцца асноўныя напрамкі кантактаў.

У трэцім нумары змешчаны наступныя працы. Наталля Наркевіч („Ювелірнае мастацтва Беларусі XI–XIII ст.”) разглядае розныя віды скроневых, нагрудных, паясных, наручных упрыгажэнняў, а таксама асобна прадметы рэлігійнага культу. Артыкул Вячаслава Даніловіча „Моладзь у сацыяльна-эканамічным жыцці савецкай Беларусі ў пачатку 1920-х г.” прысвечаны высвятленню значэння камсамола ў навучанні і працаўладкаванні моладзі ў ССРБ у першай палове 20-х г. XX ст. У матэрыяле Ксеніі Разуванавай „Асноўныя кірункі дзейнасці Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры ў Заходняй Беларусі (1926–1936)” апісваецца разнастайная дзейнасць БІГіК, перадусім у культурна-асветніцкай, а таксама ў гаспадарчай сферы. Але на с. 73 гісторык і грамадскі дзеяч Мікалай Шкялёнак чамусьці названы М. Шлякёнкам. У артыкуле Уладзіміра Здановіча „Беларусы на франтах вайны і ў еўрапейскім руху Супраціўлення ў айчыннай гістарыяграфіі (1991–2009)” аналізуюцца набыткі беларускай гістарыяграфіі па наступных тэмах: беларусы ў польскіх вайсковых фармаваннях і Еўрапейскім руху Супраціву, жанчыны на вайне, роля заградатрадаў і штрафбатаў.

Чацвёрты нумар. У артыкуле Наталлі Луйгас „Станаўленне беларускай савецкай этнаграфічнай школы даследавання праблемы сям’і (50–70-я г. XX ст.)” апавядаецца пра асноўныя напрамкі ў вывучэнні сям’і і шлюбу ў беларускай савецкай этнаграфіі, акрэсліваюцца метадалагічныя падыходы ў іх адрозненні ад характэрных для ранейшых (напрыклад, прац М. Доўнара-Запольскага) даследаванняў. У матэрыяле Мікалая Мязгі „Польска-савецкая вайна 1919–1920 г. у савецкай міжваеннай гістарыяграфіі” паказваецца савецкі погляд на прычыны, характар, ход (перадусім бітву на Вісле) і вынікі вайны, беларускі нацыянальны рух пад час яе. Адзначаецца, што ў 30-я г. савецкая інтэрпрэтацыя вайны 1919–1920 г. зведала змены ў бок яшчэ большай ідэалагізацыі. Віталь Крывуць у артыкуле „Маладзёжная палітыка польскіх улад на тэрыторыі Навагрудскага ваяводства ў 1920–1930-я г.” аналізуе сельскагаспадарчую і ваенную падрыхтоўку моладзі, акрэслівае дзейнасць польскіх праўрадавых моладзевых саюзаў.

Веснік БДУ. Серыя 3

„Веснік БДУ” у сваёй гістарычнай частцы з’яўляецца, верагодна, адным з самых збалансаваных перыядычных выданняў Беларусі: прыкладна пароўну на яго старонках прысутнічаюць матэрыялы па гісторыі Беларусі і сусветнай гісторыі, рэпрэзентаваны іх розныя перыяды. У дадзеным аглядзе апісваюцца толькі артыкулы па гісторыі Беларусі.

Першы нумар. У артыкуле Дзяніса Буціна „Копны суд на беларускіх землях Вялікага Княства Літоўскага ў гістарыяграфіі” пасля падрабязнага акрэслення поглядаў гісторыкаў другой паловы XIX — першай трэці XX ст. на склад, механізм дзеяння і функцыі копнага суда робіцца выснова, што ўсе ранейшыя працы выкананы на састарэлай метадалагічнай базе і ўтрымліваюць памылковы тэзіс пра тоеснасць капы з судом пэўнай грамады. Сяргей Бусько („Дэпартамент паліцыі і прафесійны працоўны рух у беларускіх губернях у 1895–1904 г.”) асэнсоўвае „зубатаўшчыну” (падкантрольны паліцыі і абмежаваны эканамічнымі патрабаваннямі рух працоўных) як адну з апошніх магчымасцяў пазбегнуць рэвалюцыі ў Расійскай імперыі. Звернута ўвага на прычыны абрання беларускіх і літоўскіх губерняў для правядзення „зубатаўшчыны”. У артыкуле Андрэя Радзюка „Органы Советской власти в Чечерской партизанской зоне на оккупированной территории Гомельской области (1941–1943)” апавядаецца пра дзейнасць партызан у раёнах Гомеля, Чачэрска, Свяцілавічаў і Кармы, ператварэнне гэтай тэрыторыі ў партызанскую зону, карную аперацыю па яе ліквідацыі ўлетку 1942 г. і аднаўленне яе функцыянавання ў лютым 1943 г. Падаюцца імёны арганізатараў і актыўных удзельнікаў партызанскіх атрадаў.

Другі нумар распачынаецца артыкулам Ганны Карпечанкі „Грамадска-палітычная і асветніцкая дзейнасць магнацкага роду Тышкевічаў у гістарыяграфіі канца XIX — пачатку XXI ст.”, які ўяўляе сабой бессістэмнае пералічэнне (без усялякіх крытычных заўваг) прац пра Канстанціна і Яўстаха Тышкевічаў. У матэрыяле Кацярыны Марозькі „Пинский мужской Богоявленский монастырь: исторический аспект (вторая половина XIX — начало XX в.)” апавядаецца пра насельнікаў манастыра ў сярэдзіне XIX ст., робіцца спроба вызначыць матывацыю іх прыходу ў манастыр, акрэсліваецца матэрыяльнае становішча гэтай духоўнай установы.

Трэці нумар. У артыкуле Таісіі Доўнар „Зараджэнне айчыннай гісторыка-прававой навукі і яе развіццё ў Беларускім дзяржаўным універсітэце” пералічваюцца найбольш значныя дасягненні беларускай правазнаўчай думкі (у гэтым кантэксце згадваецца нават Еўфрасіння Полацкая), пачынаючы з эпохі Сярэднявечча. Галоўная ўвага аддаецца XX–XXI ст., адзначаюцца недахопы гісторыка-прававых даследаванняў у савецкі перыяд. Максім Хамец („Праблема функцыянавання павятовых соймікаў Вялікага Княства Літоўскага ў канцы XVII — першай палове XVIII ст. на беларускіх землях і яе адлюстраванне ў гістарыяграфіі”) акрэслівае беларускую, польскую, расійскую, літоўскую гістарыяграфію пытання па перыядзе XVI–XVIII ст., а не канца XVII — першай паловы XVIII ст., як пазначана ў назве. У даследаванні Наталлі Карповіч „Узровень адукаванасці праваслаўнага духавенства Беларусі ў другой палове XIX — пачатку XX ст.” адзначаецца, што ў дадзены перыяд існавала тэндэнцыя да павелічэння адукаванасці праваслаўнага духавенства, вызначаюцца прычыны гэтага. Аляксандр Бурачонак у артыкуле „Прамысловыя прадпрымальнікі ў сацыяльна-эканамічным жыцці Беларусі канца XIX — пачатку XX ст. (на прыкладзе фабрыкі па вытворчасці шпалераў К. М. Кантаровіча)” аналізуе прычыны поспеху фабрыкі Ківы Меера Кантаровіча ў Мінску (1900–1916), сярод якіх вылучаюцца сацыяльнае забеспячэнне працоўных і наладжаныя эканамічныя сувязі з пакупнікамі і партнёрамі. У матэрыяле Віктара Хаданёнка „Праблема забеспячэння рускай арміі фуражом у гады Першай сусветнай вайны” адзначаецца, што ўвесь цяжар па забеспячэнні фуражом быў ускладзены на прыфрантавыя беларускія губерні. Складанасці з пастаўкамі абумоўліваліся завышанасцю патрабаванняў, недахопам працоўных рук і тэхнікі.

Весці БДПУ. Серыя 2

У дадзеным выданні ў 2010 г. асноўная ўвага звярталася на гісторыю Беларусі XIX — пачатку XX ст. Так, у першым нумары гэтай тэме ў той ці іншай ступені былі прысвечаны шэсць артыкулаў. Анжэла Лютая („Айчынныя савецкія гісторыкі аб становішчы сельскай гаспадаркі ў Беларусі ў другой палове XVIII — першай палове XIX ст.”) аргументавана крытыкуе меркаванні беларускіх савецкіх гісторыка-аграрнікаў пра другую палову XVIII — першую палову XIX ст. як час генезісу капіталізму. У артыкуле Святланы Талмачовай „Праблема правядзення земскай рэформы ў беларуска-літоўскіх губернях” адлюстравана, як боязь „польскага ўплы ву” кожны раз адкладала ўвядзенне земстваў у беларускіх губернях, хоць гэта было эканамічна абумоўлена і мела падтрымку грамадскасці. Таццяна Осіпава ў матэрыяле „Інфармацыйныя магчымасці друкаваных крыніц пры даследаванні становішча рабочых цэнзавай прамысловасці Беларусі (1861–1914)” робіць крыніцазнаўчы аналіз статыстычных крыніц (пераважна аглядаў па губернях) па тэме, акрэслівае іх структуру і змест, адзначае вартасць і недахопы. У даследаванні Ігара Гушчынскага „Месца судовых устаноў у дзейнасці расійскага ўрада па стабілізацыі палітычнай сітуацыі ў Беларусі (1864–1914)” раскрываецца, якім чынам суд з’яўляўся часткай расійскай дзяржаўнай палітыкі ў рэгіёне: праз абмежаванне доступу ў судовыя структуры каталікоў і яўрэяў, працяглае нераспаўсюджанне судовай рэформы 1864 г., практыку паскоранага судаводства па „палітычных” справах. Кацярына Драздова ў матэрыяле „Роля банкаў у сацыяльна-эканамічным развіцці Беларусі (1861–1914)” акрэслівае ўплыў Дзяржаўнага і камерцыйных банкаў на развіццё прамысловасці, пераразмеркаванне зямельнай уласнасці ў вёсцы, функцыянаванне гандлёвых дамоў. Ігар Груцо ў артыкуле «Гісторыя сімвалаў воінскай доблесці ў кампаніі 1812 г. (па матэрыялах даследавання Edward Fraser „The war drama of the Eagles”)» выяўляе недакладнасці і скажэнні ў працы 1912 г. (!) брытанскага гісторыка Эдварда Фрэйзера пра зберажэнне французамі пры адступленні з тэрыторыі Расійскай імперыі сімвалаў палкоў — „Арлоў”. Яшчэ два матэрыялы па гісторыі Беларусі прысвечаны іншым часавым перыядам. У артыкуле Андрэя Самусіка „Уздзеянне Паўночнай вайны на адукацыйную справу Беларусі ў першай чвэрці XVIII ст.” раскрываецца ўплыў разбурэнняў пад час Паўночнай вайны на дзейнасць езуіцкіх навучальных устаноў (часовае закрыццё, з’яўленне калегіумаў у больш бяспечных месцах), а таксама (ускосна) на актывізацыю адукацыйнай дзейнасці дамініканцаў і піяраў ва ўмовах паслаблення ролі езуітаў. Сяргей Гарбіцкі ў матэрыяле „Гістарыяграфія беларуска-чэшскіх узаемасувязей (другая палова XX — пачатак XXI ст.)” пералічвае працы, у якіх аналізуюцца беларуска-чэшскія адносіны, і робіць стандартную выснову, што яны „спецыяльна не вывучаліся” (с. 39) у гістарыяграфіі.

Другі нумар. Уладзіслаў Кадзіра ў артыкуле „Казацка-сялянскае паўстанне пад кіраўніцтвам К. Касінскага на тэрыторыі Беларусі і Украіны (1591–1593)” апісвае паўстанне Крыштафа Касінскага ў катэгорыях „класавай барацьбы” і „гісторыі двух братэрскіх [беларускага і ўкраінскага] народаў” (с. 44), хоць з тэксту ніяк не вынікае, што выступленне распаўсюдзілася на беларускія землі. Уражвае выказаная ў „рэфераце” ўпэўненасць, што „аналіз казацка-сялянскага паўстання (!) у другой палове XVI (!) — першай трэці XVII ст. (!) зроблены аўтарам пераканаўча, поўна і аб’ектыўна” (с. 113), асабліва калі ўлічыць, што тэкст напісаны ў асноўным па матэрыялах украінскіх даследаванняў і нават сінтэзаў. У артыкуле Таццяны Палікоўскай „Гісторыя станаўлення школьнага езуіцкага тэатра ў Беларусі ў айчыннай гістарыяграфіі” акрэсліваюцца падыходы беларускіх савецкіх даследчыкаў да разгляду школьнага езуіцкага тэатра. Аналізуюцца працы Я. Мараша, У. Конана, Я. Усікава, А. Мальдзіса, І. Ягоравай, Т. Бліновай. У даследаванні Ігара Вугліка „Рэгіянальныя асаблівасці традыцыйнай матэрыяльнай культуры і побыту беларускіх сялян XVII–XVIII ст.” вызначаюцца рэгіянальныя асаблівасці ў землеўладкаванні, забудове, прыладах працы, адзенні і знешнім выглядзе, акрэсліваюцца іх прычыны. Ігар Груцо („Сімвалы воінскай доблесці французскага войска ў ваеннай кампаніі 1812 г.: Па матэрыялах дарэвалюцыйнай расійскай гістарыяграфіі”) разглядае выпадкі звароту тагачасных даследчыкаў да пытання лёсу французскіх палкавых сімвалаў, робіцца акцэнт на недакладнасцях у гэтых працах. У матэрыяле Анжэлы Лютай „Даследаванне сацыяльных працэсаў у беларускай вёсцы ў 1861–1917 г. у айчыннай гістарыяграфіі першай трэці XX ст.” аналізуюцца погляды беларускіх гісторыкаў першай трэці XX ст. па акрэсленай тэме. Але галоўная мэта артыкула, здаецца, не ў гэтым, а ў крытыцы (дастаткова абгрунтаванай) выдадзенай у 2005 г. гістарыяграфічнай працы Вячаслава Панюціча „Историография аграрной истории Беларуси 1861–1917 г.”. У матэрыяле Святланы Талмачовай „Удзел жыхароў заходніх губерняў у аказанні дапамогі рускай арміі пад час Руска-турэцкай вайны 1877–1878 г.” апісваецца як арганізацыя прызыву нараджэнцаў Беларусі ў армію, так і дабрачынная дзейнасць (збор сродкаў і г. д.) грамадзянскага насельніцтва беларускіх губерняў. Ігар Гушчынскі ў даследаванні „Дзейнасць натарыяльных устаноў Беларусі і іх роля ў сацыяльна-эканамічным развіцці краю (1883–1914)” высвятляе станоўчыя і адмоўныя бакі сістэмы натарыяту ў Расійскай імперыі, асаблівасці яе функцыянавання ў беларускіх губернях, дзе яна была ўведзена толькі ў 1883 г. У артыкуле Ірыны Лаўрыноўскай „Грамадскі статус сялянкі ў Беларусі ў першай трэці XX ст.” паказваецца працэс пераадолення гендэрнай няроўнасці ў вёсцы, адзначаецца, што сяляне (у тым ліку самі жанчыны) негатыўна ставіліся да эмансіпацыі жанчын. Сяргей Елізараў („Плошча і колькасць насельніцтва БССР 1921–1938 г. у крыніцах і гістарыяграфіі”) адзначае несупадзенне дадзеных па тэрыторыі і насельніцтве ССРБ-БССР у розных крыніцах і даследаваннях, акрэслівае прычыны разыходжанняў, прапануе больш верагодныя, на яго думку, лічбы. У артыкуле Георгія Карзенкі „Даследаванні навукоўцаў Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны” з адчувальным пафасам апісваецца праца беларускіх навукоўцаў у эвакуацыі. Даследаванне Анатоля Крыварота „Узаемадзеянне беларускіх і расійскіх партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі заходніх абласцей БССР у 1942–1944 г.” дае ўяўленне аб дзейнасці на захадзе Беларусі закінутых з тэрыторыі РСФСР савецкіх партызан: іх брыгады складалі 21% ад агульнай колькасці ў рэгіёне, а 60% кіраўнікоў партызанскіх злучэнняў прыбылі менавіта з Расіі.

У трэцім нумары матэрыялаў на гістарычную тэматыку няма.

Нумар чацвёрты. У артыкуле Аляксандра Корзюка „Навуковая школа даследаванняў у галіне тэорыі і методыкі навучання гісторыі ў Рэспубліцы Беларусь” пералічваюцца даследаванні ў галіне методыкі выкладання гісторыі і грамадазнаўства з 1970-х г. Юрый Урублеўскі („Ацэнка поглядаў расійскіх навукоўцаў на праблему паходжання гарадоў IX–XIII ст. на тэрыторыі Расіі і Беларусі”) разглядае наступныя тэорыі: „племянных гарадоў”, „замкавую”, „гарадоў-дзяржаў”, „шматварыянтнасці шляхоў утварэння гарадоў” і інш. Асобна звернута ўвага на даследаванне расійскімі навукоўцамі гарадоў у Беларусі. Але аўтар часам блытаецца ў вызначэнні нацыянальнай прыналежнасці: украінец Пётр Талочка ўведзены ў шэрагі расійскіх даследчыкаў (с. 25), а пра даследаванне расійскага гісторыка і археолага Леаніда Аляксеева сказана, што яно „адлюстроўвае асноўныя дасягненні айчыннай (!) археалагічнай навукі ў вывучэнні гісторыі беларускіх зямель і гарадоў у прыватнасці” (с. 27). Якая „Айчына” маецца на ўвазе — незразумела. Яшчэ адзін гістарыяграфічны матэрыял — гэта „Айчынная гістарыяграфія канца XX — пачатку XXI ст. гісторыі культурна-асветніцкай дзейнасці езуітаў у Беларусі” Таццяны Палікоўскай, якая у цэлым станоўча характарызуе набыткі сучаснай беларускай навукі па праблеме езуіцкай адукацыі, але падкрэслівае, што даследаванні вядуцца ў межах „гісторыі падзей”. Уладзіслаў Кадзіра і Аляксандр Юдзінец („Узмацненне феадальнага прыгнёту ў гарадах Беларусі і Украіны ў другой палове XVI — першай трэці XVII ст.”) імкнуцца паказаць узмацненне нацыянальнага і сацыяльна-эканамічнага прыгнёту беларускага і ўкраінскага насельніцтва ў акрэслены перыяд. Раіса Зянюк („Фарміраванне сеткі духоўных семінарый на тэрыторыі Віленскай, Мінскай і Магілёўскай каталіцкіх дыяцэзій у канцы XVIII — XIX ст.”) прасочвае, як змянялася колькасць каталіцкіх семінарый у залежнасці ад грамадска-палітычных абставінаў, перадусім, палітыкі расійскіх уладаў у дачыненні да Каталіцкай царквы. У артыкуле Ігара Груцо „Матэрыялы расійскіх архіваў як крыніцы па гісторыі воінскіх рэліквій французскага войска ў ваеннай кампаніі 1812 г.” апісваецца, як расійскія ўлады выкарыстоўвалі захопленыя французскія вайсковыя сімвалы ў прапагандысцкіх мэтах, пры гэтым выконваючы „даробку” тых іх элементаў, якія не ўдалося ўзяць. Таццяна Осіпава („Заканадаўчае афармленне медыцынскай дапамогі рабочым цэнзавых прадпрыемстваў Беларусі ў другой палове XIX ст.”) аналізуе пастановы для Гродзенскай і Віленскай губерняў аб медыцынскай дапамозе працоўным, выяўляе адрозненні ў іх, характарызуе стан медыцынскага абслугоўвання на прадпрыемствах. У матэрыяле Святланы Талмачовай „Распаўсюджанне земскай рэформы ў заходніх губернях Расійскай імперыі (1903–1911)” разглядаюцца рэформы 1903 г., калі ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях былі ўведзены нявыбарныя камітэты па справах земскай гаспадаркі, і 1911 г., калі ў тых самых губернях былі створаны земствы на падставе „нацыянальнага” прынцыпу. Уладзімір Пуцік („Утварэнне землеўпарадкавальных камісій як пачатак зрухаў ва ўкараненні Сталыпінскай аграрнай рэформы на тэрыторыі Беларусі”) вызначае склад і паўнамоцтвы землеўпарадкавальных камісій, а таксама на падставе справаздач губернатараў характарызуе адносіны да іх сялян. У артыкуле Кацярыны Крывічанінай „Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі па рэалізацыі міждзяржаўных праграм (1997–2000)” апісваецца беларуска-расійскае супрацоўніцтва, якое ладзілася па наступных напрамках: лазерныя, касмічныя і камп’ютарныя тэхналогіі, машынабудаванне, аграномія, пераадоленне наступстваў Чарнобыльскай аварыі. Адзначаецца недахоп фінансавання праграм.

Веснік Брэсцкага ўніверсітэта. Серыя 2

У 2010 г. „Веснік Брэсцкага ўніверсітэта” зазнаў рэарганізацыю, адным з вынікаў якой стала вылучэнне матэрыялаў па гісторыі (разам з эканомікай і правазнаўствам) у серыю 2 з перыядычнасцю выхаду 2 разы на год.

Першы нумар. Артыкул Ірыны Шумскай „Роль творческого наследия М. Огинского и С. Монюшко в культурном пространстве Польши и Беларуси” — гэта ўзнёслы аповед пра Міхала Клеафаса Агінскага і Станіслава Манюшку, іх значэнне для беларускай і польскай культуры. Незразумела, праўда, якая роля самога гэтага матэрыялу ў раздзеле „Гісторыя” ў навуковым выданні. У даследаванні Васіля Табунова „Положение православной церкви и вопрос о её реформировании на белорусских землях в конце XIX — начале XX ст.” акрэсліваюцца спробы рэформаў у Праваслаўнай царкве на мяжы XIX і XX ст. (патрэба склікання Памеснага сабору, павелічэнне ролі прыходаў, змяненні ў адносінах з дзяржавай) і стаўленне да іх іерархаў з беларускіх губерняў. У артыкуле Наталлі Даўгялы „Межконфессиональные отношения в БССР в 20-е г. XX в.” аналізуюцца ўзаемаадносіны праваслаўных, каталікоў, пратэстантаў і іўдзеяў паміж сабою, палітыка бальшавіцкай улады ў дачыненні да гэтых супольнасцяў. Артыкул напісаны пераважна на падставе савецкіх данясенняў, але пытанне пра іх аб’ектыўнасць і рэпрэзентыўнасць аўтарка чамусьці не ставіць. Ігар Шаўчук („Пераўтварэнне Інбелкульта ў Беларускую акадэмію навук”) раскрывае спробы ператварэння Інбелькульта ў БАН на працягу 1920-х г., акрэслівае навуковыя і ідэалагічныя прычыны іх няўдач, падрабязна спыняецца на працэсе стварэння БАН у 1928 г. У артыкуле Аляксандра Савіча „Нацыянальна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі 1921–1939 г. у беларускай савецкай гістарыягра фіі 1920-х — першай паловы 1950-х г.” паказваецца, як стаўлен не да асобных пытанняў гісторыі Заходняй Беларусі (перадусім, ролі КПЗБ і БСРГ) змянялася ў залежнасці ад палітычнай кан’юнктуры. Тэму Заходняй Беларусі працягвае матэрыял Вольгі Мярчук „Працоўная эміграцыя насельніцтва заходнебеларускіх зямель у Францыю ў 1920–1930-я г.”, у якім адлюстроўваецца арганізацыя эміграцыі ў Францыю, асноўныя галіны, дзе працавалі выхадцы з Заходняй Беларусі, умовы жыцця і працы. У яшчэ адным „заходнебеларускім” артыкуле — „Дзей насць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры на тэрыторыі Палескага ваяводства (1926–1936)” аўтарства Ксеніі Разуванавай — асноўная ўвага аддадзена вызначэнню прычын слабой рэпрэзентаванасці гурткоў БІГіК у Палескім ваяводстве. У даследаванні Аляксандры Носавай „Организация репатриации и социальной защиты детей-сирот в БССР” апісваецца працэс вяртання беларускіх дзяцей з замежных тэрыторый пасля Другой сусветнай вайны, іх уладкавання ў сем’і (родныя і прыёмныя), дзіцячыя дамы, акрэсліваюцца магчымасці адукацыі для такіх дзяцей. Таццяна Саўчук у артыкуле „Эволюция памятников Великой Отечественной войны на территории Брестской области” вылучае чатыры этапы ў стварэнні помнікаў, дае іх характарыстыку, адзначае, што сярод мемарыяльных аб’ектаў пераважалі скіраваныя на паказ велічы Перамогі, а не пакут жыхароў Беларусі.

Такім чынам, асноўны змест першага нумара склалі публікацыі па гісторыі Беларусі міжваеннага часу, а сярод іх найбольшая ўвага была звернута на праблемы існавання Заходняй Беларусі пад уладай Польшчы.

Другі нумар змяшчае толькі адно даследаванне пра Заходнюю Беларусь у міжваенны час. Гэта артыкул Віталя Гарматнага „Браніслаў Тарашкевіч і аграрнае пытанне ў Сойме II Рэчы Паспалітай”, у якім акрэсліваецца пазіцыя Браніслава Тарашкевіча па аграрным пытанні, выказаная ім на паседжаннях Сойма, характарызуецца яго дзейнасць як члена БПК, БСРГ і КПЗБ. А тэмай нумара можна ў пэўнай ступені назваць гісторыю рэлігійнай дабрачыннасці: гэтаму далёка не „масаваму” сюжэту прысвечаны два матэрыялы. У артыкуле Кацярыны Марозькі „Благотворительная деятельность Минской православной епархии” апавядаецца пра дзейнасць Праваслаўнай царквы па дапамозе бедным у Мінскай губерні, а таксама пра ўдзел Царквы ў акцыях, інспіраваных дзяржавай, — зборах на пабудову храмаў у „заходніх губернях”, на Каўказе, у Палесціне і інш. Андрэй Паўшок („Благотворительные католические общества на территории Беларуси и их деятельность в начале XX века”) спачатку падае патрабаванні расійскага заканадаўства да грамадскіх аб’яднанняў (у тым ліку дабрачынных), а пасля характарызуе дзейнасць асобных каталіцкіх дабрачынных суполак. Некалькі іншы бок гісторыі Царквы закранаюць Наталля Галімава і Ларыса Лаўрэенка „Брестская епархия: основные аспекты религиозной жизни (1945 — 1960-е г.)”: зроблена спроба вызначыць рэлігійнасць жыхароў Брэстчыны ў разгледжаны перыяд, паказваецца ўплыў дзеянняў савецкай улады на рэлігійнае жыццё. У даследаванні Наталлі Аляксейчыкавай „Вдовство в белорусских городах в XVI–XVIII в. (по материалам актовых книг Могилевского магистрата)” высвятляецца, як змяняўся сацыяльны статус (хоць на самай справе аўтарка разглядае толькі пытанні правасуб’ектнасці) чалавека пасля смерці сужонка. Адзначаецца, што статус мужчыны ніяк не змяняўся, а вось жанчыны-ўдовы маглі выступаць суб’ектамі ў здзелках у большай колькасці выпадкаў у параўнанні з замужнімі. Вартае пахвалы імкненне Ігара Вугліка („Застольны этыкет старабеларускай шляхты XVII–XVIII ст.: тыпалогія, гістарычныя змены”) паказаць „старабеларускія” застоль ныя звычаі у еўрапейскім кантэксце, але выразаў кшталту „так было і на беларускіх землях” для гэтага недастаткова. Акрамя таго, прыкрае ўражанне пакідае процьма абдрукаў. Аляксандр Савіч („Дзіцячыя дамы на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна ў другой палове 1940-х — 1950-я г.”) характарызуе ў асноўным на прыкла дзе Косаўскага дзіцячага дома ўмовы знаходжання дзяцей у такіх установах, прафесійную падрыхтоўку выхавацеляў і настаўнікаў, іх адносіны да сваёй працы. У матэрыяле Расціслава Цімафеева „Культурный досуг работников транспортных предприятий БССР в 1943–1991 г.” апіс-ваецца арганізацыя адпачынку чыгуначнікаў, рачнікоў, аўта- і авіятранспартнікаў. Паказваецца функцыянаванне стацыянарных і перасоўных клубаў і г. д.

У адрозненне ад выпускаў за 2009 г. (іх агляд гл. у БГА, т. 17, сш. 1–2, с. 388–390), гэтым разам „Веснік Брэсцкага ўніверсітэта” не засяродзіўся толькі на XIX–XX ст., а змясціў урэшце і матэрыялы (хоць і нешматлікія) пра больш раннія перыяды гісторыі Беларусі.

Веснік Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта

З 2010 г. часопіс выходзіць 6 разоў на год. З другога нумара выданне пазначаецца як унесенае „ў Пералік навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў па біялагічных, педагагічных, фізіка-матэматычных навуках”, так што артыкулы па гісторыі з яго старонак зніклі, але ў нумары першым яны яшчэ былі.

Цэлы калектыў (Аляксандр Саладкоў, Віктар Акуневіч, Аляксандр Дзядзінкін, Анатоль Дулаў) стаў аўтарам „юбілейнага” матэрыялу „Витебский учительский институт: создание и деятельность (1910–1918)”, у якім адлюстроўваюцца падрыхтоўка да адкрыцця інстытута, арганізацыя ўступных экзаменаў і навучальнага працэсу ў ім, узровень ведаў выпускнікоў, магчымасці іх будучай кар’еры, а таксама змяненні ў дзей насці ўстановы ў 1917 г. У даследаванні Вольгі Емяльянчык „Антропоэкологическая характеристика населения Полоцка XVII–XVIII в. (По материалам погребений на Полоцком городище)” на падставе разгляду параметраў росту, паталогій твару, прысутнасці траўмаў і праяваў захворванняў аналізуюцца працягласць і якасць жыцця полацкай шляхты XVII–XVIII ст. Робіцца параўнанне дадзеных з матэрыяламі з пахаванняў у г. Горы Вялікія, у сельскіх мясцовасцях поўначы Беларусі, а таксама са статыстычнымі звесткамі А. Дэмбавецкага па Магілёўскай губерні другой паловы XIX ст. Дзмітрый Лаўрыновіч („Еврейские либеральные партии и организации на территории России и Беларуси в 1907–1917 г.”) характарызуе „нацыянальныя” і агульнапалітычныя патрабаванні трох плыняў у яўрэйскім лібералізме: сіяністаў, якія выступалі за стварэнне асобнай яўрэйскай дзяржавы; Яўрэйскай народнай партыі (прыхільнікі С. Дубнова), якая распаўсюджвала ідэю аўтаноміі; а таксама дзеячаў, якія гуртаваліся вакол Яўрэйскай народнай групы (прыхільнікі М. Вінавера) і Яўрэйскай дэмакратычнай групы, што не вылучалі спецыяльных „нацыянальных” задач. Акрэсліваецца ўдзел яўрэяў-лібералаў у працы Дзяржаўных дум і Устаноўчага сходу. У артыкуле Канстанціна Карпекіна „Антырэлігійная палітыка савецкай улады ў дачыненні да іўдзейскіх культавых аб’ектаў на Віцебшчыне ў 1918–1929 г.” раскрываюцца мерапрыемствы бальшавіцкай улады па ліквідацыі сінагог, мікваў (басейнаў для амавення) і яўрэйскіх могілак. Адзначаецца, што ў гарадах гэтыя дзеянні набылі большы размах, чым у мястэчках.

Известия Гомельского государственного университета имени Ф. Скорины

У 2010 г. толькі нумар шосты перыёдыка меў спецыяльную рубрыку „Гісторыя”, дзе большая частка матэрыялаў была прысвечана 1920–1930-м г. Частка з іх мае тэмай гісторыю Савецкай Беларусі. Рыгор Лазько („Нацыянальная палітыка савецкай Расіі на службе сусветнай рэвалюцыі: Па ідэалагічных дакументах 13 лістапада — 23 снежня 1918 г.”) падкрэслівае, што існавала прамая залежнасць абвяшчэння савецкіх рэспублік на заходніх ускраінах былой Расійскай імперыі ад планаў бальшавікоў па здзяйсненні сусветнай рэвалюцыі. Аўтар таксама спыняецца на вырашэнні праблемы позняга абвяшчэння ССРБ у гэтым кантэксце. Сяргей Елізараў у артыкуле „Отношения между Союзом ССР и БССР по вопросам административно-территориального деления (1919–1941)” адзначае, што БССР мела паўнамоцтвы самастойна вырашаць пытанні ўнутранага адміністрацыйнага падзелу, але яны (за выняткам перыяду 1920-х г.) усё адно павінны былі ўзгадняцца з Цэнтрам, а ў 1930–1940-я г. гэтымі справамі займалася фактычна толькі Масква. У матэрыяле Міхаіла Старавойтава „Естественное движение населения белорусско-российско-украинского пограничья во второй половине 1920-х — 1930-е г.” прасочваецца дынаміка нараджальнасці і смяротнасці ў заходніх абласцях РСФСР, Кіеўскай, Жытомірскай і Чарнігаўскай абласцях УССР і па ўсёй БССР (апошняе, як сцвярджаецца на с. 183, з-за таго, што ў БССР да 1938 г. абласцей не было). Характарызуецца ўплыў перасяленняў з вёскі ў горад, эпідэмій і голаду на натуральны прырост насельніцтва. У даследаванні Андрэя Кротава „Образ поляка в делах Гомельского ГПУ-УГБ НКВД БССР 1920–1930-х г.” аналізуюцца праявы польскага патрыятызму, якія ацэньваліся „чэкістамі” як антысавецкія. Аднак незразумела, як гэта суадносіцца з дэклараваным вывучэннем „вобраза паляка”. Андрэй Лебедзеў у даследаванні „Антикатолическая печатная пропаганда в БССР   (1920-е г.)” акрэслівае тэматыку антыкаталіцкіх выступаў у савецкім друку і характарызуе прапагандысцкія метады — дыскрэдытацыю ксяндзоў, выкрыццё „сапраўднай сутнасці” рэлігіі, рэлігійных святаў і абрадаў, прасавецкую агітацыю былых святароў. У артыкуле Аляксандра Куксы „Торгово-экономические отношения между Беларусью и Украиной в первой половине 1919 г.” вызначаюцца наменклатура гандлю, магчымасці эканамічных зносін паміж тэрыторыямі ва ўмовах ваенных дзеянняў; адзначаецца кіраванне Масквой беларуска-ўкраінскіх гандлёвых стасункаў.

Па „заходнебеларускіх” сюжэтах імкнулася даследаваць беларуска-ўкраінскія сувязі Вольга Коваль, але назва яе артыкула — „Асаблівасці арганізацыі беларускай і ўкраінскай эканамічнай хвалі эміграцыі (1918–1939)” — не адпавядае зместу: адлюстроўваецца пераважна дзейнасць польскіх уладаў і прыватных кампаній па заахвочванні і правядзенні эміграцыі, але ніякіх „асаблівасцяў” для беларускіх і ўкраінскіх зямель не прасочваецца. Яшчэ адзін артыкул, што датычыцца мінулага Заходняй Беларусі, змясціў у нумары Віталь Гарматны („Заканадаўчая база аграрнай палітыкі польскіх улад у Заходняй Беларусі ў 1919–1925 г.”): выкладаецца змест прапанаваных законапраектаў і зацверджаных законаў па аграрным пытанні ў Другой Рэчы Паспалітай, паказваецца пазіцыя польскіх палітычных груп па іх прыняцці. Таксама Мікалай Мязга („Польская гістарыяграфія польска-савецкіх адносін: этап станаўлення”) аналізуе стаўленне польскіх палітыкаў і інтэлектуалаў (ужыты аўтарам тэрмін „гістарыяграфія” выглядае не зусім карэктным), выяўленае ў працах 1919–1926 г., да пытанняў польска-савецкай мяжы, пагаднення ў Рызе, „федэралісцкай” і „інкарпарацыйнай” палітыкі на „крэсах”, значэння міжнароднай сітуацыі („германскі фактар”, рашэнні міжнародных канферэнцый) для польска-савецкіх адносінаў. У даследаванні Сяргея Шабельцава „Просоветская ориентация белорусских иммигрантов из II Речи Посполитой в Аргентине (1930–1950)” паказваецца, што значная частка беларускіх міжваенных эмігрантаў з Заходняй Беларусі ў Аргенціну адрознівалася прасавецкімі і камуністычнымі настроямі, мела „ружовы” вобраз СССР, нават перабралася туды ў другой палове 1950-х г., але пасля тыя, каму дазволілі, палічылі за лепшае вярнуцца з Саюза ў Паўднёвую Амерыку.

Асветлены і ранейшыя перыяды беларускай гісторыі. Сяргей Жыхараў („Строительство и начало эксплуатации Московско-Брестской железной дороги в 70-е г. XIX в.”) выяўляе прычыны будаўніцтва Маскоўска-Брэсцкай чыгункі, апісвае прапановы па яе маршруце (быў абраны шлях праз Мінск), ацэньвае якасць працы і адзначае, што ўдасканаленне чыгункі было звязана з ваеннымі патрэбамі расійскага ўрада. У артыкуле Аксаны Яшчанкі „Ученические экскурсии гомельчан накануне Первой мировой войны” апісваюцца формы правядзення і маршруты экскурсій (пераважна вучнёўскіх) як па мясцінах паблізу ад Гомеля, так і ў аддаленыя часткі Расійскай імперыі — Сярэднюю Азію, Фінляндыю.

Гісторыя пасля Другой Сусветнай вайны разгледжана ў наступных матэрыялах. Ала Зелянкова і Марына Савінская ў артыкуле „Малоизвестные страницы истории Гомельского государственного педагогического института (по материалам Национального архива Республики Беларусь)” апісваюць, як у 50-я — пачатку 60-х г. у Гомельскім педынстытуце стваралі і закрывалі факультэты (у тым ліку гістарычны), набіралі навучэнцаў у аспірантуру. Таксама аўтаркі апавядаюць, як у 1957–1958 г. інстытут ледзь не спыніў існаванне. У матэрыяле Таццяны Шкрабавай „Материальная культура сельского населения Гомельщины в 50–80-е г. XX в.” акрэсліваецца ўплыў гарадскога ладу жыцця на змены ў забудове, звычаях, адзенні, занятках на вёсцы. Акрамя таго, Анатоль Рубан („Россия, Украина и Беларусь в условиях глобализации”), пачаўшы з уводзінаў у складаны лёс „славянства”, перайшоў да сучасных праблем Расіі і эканамічных інтарэсаў Беларусі ў адносінах з ёй і Украінай, што, аднак, не ёсць прадметам гістарычнай навукі.

У рубрыцы „Філасофія” змешчана даследаванне Вячаслава Цацарына „Белорусская историография в свете поэтологической философии истории Х. Уайта (на примере работ Н. И. Ермоловича)” — спроба прыкласці структурны метад Хэйдэна Уайта да аналізу гістарычнай канцэпцыі Міколы Ермаловіча: на думку аўтара, пабудова сюжэту ў ёй — камедыя з рысамі трагедыі (у тэрмінах Х. Уайта), тып доказу — кантэкстуалісцкі, ідэалагічны падтэкст — кансерватызм. Праблема, аднак, у тым, што працы Ермаловіча не прэзентуюць адэкватна беларускай гістарыяграфіі, таму аўтару варта б звярнуцца да канцэпцый іншых беларускіх навукоўцаў і публіцыстаў.

Веснік Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Серыя 1

Першы нумар. Гісторыя ранняга Новага часу, якая знаходзіцца не ў асаблівай пашане ў большасці беларускіх перыёдыкаў, закранаецца Валянцінам Голубевым („Сельская абшчына ў дзяржаўных уладаннях на тэрыторыі Панямоння ў XVI–XVIII ст.”): як і ў іншых матэрыялах, даследчык імкнецца даказаць (і не без поспехаў), што абшчына „дзейнічала як чыста сялянскі, самарэгулюемы інстытут” (37) і не знікла пасля ўвядзення „Уставы на валокі”, а працягвала існаваць і нават (ва ўмовах аднаўлення гаспадаркі пасля шматлікіх войнаў) павялічвала сваё значэнне. Тэматычна блізкія даследаванні Іны Соркінай і Вольгі Сабалеўскай. У артыкуле І. Соркінай „Асноўныя тэндэнцыі развіцця мястэчак Беларусі ў канцы XVIII — першай палове XIX ст.” аналізуюцца сацыяльная і эканамічная роля дадзенага тыпу паселішчаў, іх статус у расійскай адміністрацыйнай сістэме, існаванне яўрэйскага „штэтла” ў межах мястэчка. Матэрыял В. Сабалеўскай „Город как доминанта еврейской культуры Беларуси (конец XVIII — начало XX в.)” — гэта спроба акрэсліць значэнне горада ў жыцці яўрэяў заходніх губерняў Расійскай імперыі: адзначаецца, што прымусовае пасяленне ў гарадах спачатку спрыяла кансервацыі звычаяў традыцыйнага яўрэйскага грамадства, але потым „гарадское жыццё” прывяло да паступовай мадэрнізацыі яўрэйскай супольнасці на беларускіх землях.

Гісторыя 1920–1930-х г. прадстаўлена двума матэрыяламі. У даследаванні Міхаіла Старавойтава „Интеллигенция белорусско-российско-украинского пограничья в 1920–1930-е г. (этнокультурный аспект)” пад „інтэлігенцыяй” маюцца на ўвазе „кіраўнікі партыйных, дзяржаўных і грамадскіх арганізацый”, „культасветпрацаўнікі”, „працаўнікі мастацтва” (53), адзначаецца, што ўкраінцы і асабліва беларусы мелі ніжэйшы ўзровень адукацыі, чым прадстаўнікі нятытульных нацый. Аўтар згадвае, што шмат беларускай інтэлігенцыі працавала па-за межамі БССР (па выкладзеных дадзеных, адвакатаў- і юрысконсультаў-беларусаў у астатнім Саюзе было больш, чым у Беларусі — с. 56), але гэты факт на ніякія высновы, напрыклад пра нацыянальную палітыку ў Краіне Саветаў, даследчыка не натхняе. У артыкуле Аляксея Загідуліна „Спробы вырашэння нацыянальнага пытання польскімі ўладамі ў Заходняй Беларусі ў другой палове 30-х г.” акрэсліваецца палітыка польскіх дзяржаўных дзеячоў другой паловы 1930-х г. па „вырашэнні” нацыянальнага пытання ў Заходняй Беларусі, г. зн. здзяйсненні поўнай нацыянальнай асіміляцыі меншасцяў праз іх уцягванне ў грамадскае, эканамічнае і культурнае жыццё Польшчы. „Беларуска-польская тэма” раскрываецца і ў працах па больш позніх перыядах. Віталь Барабаш („Белосточчина в эпицентре советско-польского противоборства в 1943–1944 г.”) характарызуе дзейнасць савецкага кіраўніцтва (да 1944 г. — перасылка партызан, арганізацыя іх атрадаў, барацьба з АК; у 1944 г. — рух Чырвонай Арміі і „мерапрыемствы” НКУС), накіраваную на замацаванне на Беласточчыне, хоць апошняя ў выніку „палітычнай гульні” была аддадзена Польшчы. У артыкуле Марыны Калацэй і Наталлі Улейчык „Развитие национального образования этнических меньшинств на Гродненщине в 1990 — начале 2000-х г.” галоўная ўвага звернута на арганізацыю і дзейнасць дзвюх польскіх (у Гродне і Ваўкавыску) і дзвюх літоўскіх (у Пялясах і Рымдзюнах) школ, гаворыцца пра „школы выхаднога дня” іншых нацыянальных меншасцяў, акрэсліваюцца формы выкладання роднай мовы ў гэтых установах. У матэрыяле Іосіфа Дарняка „Использование потенциала белорусского и польского сообществ в развитии белорусско-польских связей” адлюстроўваецца стан беларускай дыяспары ў Польшчы і поль скай — у Беларусі ў 1991–2004 г. (але амаль увесь тэкст прысвечаны 90-м гадам), акрэсліваюцца кантакты ўладаў Беларусі і Польшчы са сваімі суайчыннікамі за мяжой. Аўтар старанна абыходзіць шматлікія супярэчлівыя моманты ў заяўленай тэме, можа, акурат таму ён апынуўся „ахвярай” клішаваных фраз: „В конце 90-х — начале 2000-х г. белорусскими учеными был проведен ряд научных конференцию [так у тэксце. — Я. Г.] по данной проблеме [2; 4; 20; 21], что должно было, по их мнению, способствовать актуализации существующих проблем [вылучана мною. — Я. Г.] в национальных вопросах” (87). Спадзяемся, на самай справе гэтыя канферэнцыі не мелі на мэце ўскладніць беларуска-польскія адносіны.

Вельмі папулярныя ў нумарах 2009 г. (іх агляд гл. у БГА, т. 17, сш. 1–2, с. 396–403) матэрыялы гіста-рыяграфічнай скіраванасці знайшлі месца і ў гэтым выпуску. Тадэвуш Кручкоўскі („Н. И. Кареев о цивилизационном выборе польского народа в средневековье”) аналізуе погляды прадстаўніка расійскай ліберальнай гістарычнай думкі Мікалая Карэева (1850–1931) па пытаннях далучэння Польшчы да заходнееўрапейскай цывілізацыі, ролі каталіцтва ў яе гісторыі, адносінах Польшчы з Нямеччынай, Літвой і Руссю, характару палітычнага ладу Польшчы. Аляксандр Бубноў („Адлюстраванне дзейнасці беларускіх калабарацыяністаў на акупіраванай тэрыторыі Беларусі ў працах прадстаўнікоў замежнай гістарыяграфіі”) разглядае працы Аляксандра Даліна, Нікаласа Вакара, Івана Любачкі і Юрыя Туронка. Аўтару трэба больш пільна рыхтаваць свае тэксты да друку, бо на с. 16 чытаем: „на думку саіскальніка”, а гэта паказвае, што дадзены артыкул складаў частку дысертацыйнага даследавання. Матэрыял Аляксандра Мініча „Научные исследования исторических факультетов вузов Республики Беларусь в 90-е г. XX в.” складаецца з пералічэння навукова-даследчых тэм, выкананых на гістарычных факультэтах БДУ, БДПУ імя Максіма Танка і ГрДу імя Янкі Купалы.

Другі нумар змяшчае матэрыялы амаль што толькі па гісторыі XX — пачатку XXI ст. Выключэнне — даследаванне Алега Карповіча „Сословный состав участников восстания 1830–1831 г. в Гродненской губернии”, у якім робіцца выснова, што ў Гродзенскай губерні рухальнай сілай паўстання былі буйныя памешчыкі, дробнае дваранства было не дужа актыўным, а сяляне, хоць і складалі колькасную большасць сярод паўстанцаў, у асноўным прыцягваліся да ўдзелу сілай ці абяцаннямі з боку сваіх паноў. Перыяд Расійскай імперыі асвятляе і Андрэй Паўшок у артыкуле „Материалы по истории деятельности Римско-католической церкви в Беларуси в 1905–1907 г. в архивах Гродно и Минска”: акрэсліваюцца фонды Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Мінску і Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ў Гродне, прысвечаныя дадзенай тэме, даецца іх кароткае апісанне (ступень паўнаты, дакладнасці і рэпрэзентатыўнасці не вызначаецца), прыводзяцца вытрымкі з дакументаў.

Гісторыя Заходняй Беларусі ў 1921–1939 г. адлюстравана ў двух тэкстах. Андрэй Борка („Структура і асаблівасці дзейнасці Брэсцкіх гарадскіх радаў”) пасля даследавання гарадскога самакіравання ў Гродне перайшоў да вывучэння гісторыі выбараў у шэсць гарадскіх радаў Брэста, іх нацыянальнага складу (беларусы адсутнічалі), паўнамоцтваў, кантролю іх ваяводскімі ўладамі. У матэрыяле Вольгі Шчукі „Деятельность еврейских политических партий и организаций в Западной Беларуси в 1934–1939 г.” вызначаюцца праграмныя тэзісы і падыходы да надзённых пытанняў (адносіны да „санацыі” і Канстытуцыі 1935 г., барацьба з фашызмам, рух за стварэнне Яўрэйскай дзяржавы) ліберальных, сацыялістычных, сіянісцкіх і кансерватыўна-клерыкальных яўрэйскіх партый і арганізацый; высвятляецца іх папулярнасць.

Яшчэ два даследаванні прысвечаны „каляваенным” справам. У артыкуле Дзмітрыя Кіенкі „Боевая подготовка личного состава ВВС ЗапОВО накануне Великой Отечественной войны” падкрэсліваецца, што перад вайной ваенна-паветраныя сілы ЗахАВА адрозніваліся слабой падрыхтаванасцю і нізкай дысцыплінай асабовага складу. Валерый Чарапіца ў матэрыяле „У истоков высшего образования в Западной Беларуси: жизненная драма директора Гродненского учительского института Д. П. Кардаша (1940–1950)” апісвае судовы пераслед Дзяменція Кардаша, у 1940–1941 г. дырэктара Гро-дзенскага настаўніцкага інстытута, які пасля вайны быў абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці і асуджа ны на 10 гадоў, рэабілітаваны ў 1995 г.

Крыху асобна ад іншых тэкстаў у нумары стаіць праца Алесі Гаравой „Накірункі навукова-даследчай дзейнасці прафесарска-выкладчыцкага складу філалагічнага профілю ў ВНУ БССР (1944–1961)”, дзе апавядаецца пра адносіны дзяржавы да навуковых работнікаў (павышэнне матэрыяльнага забеспячэння і адначасова рэпрэсіі), тэматыку прац філолагаў, у асноўным скіраваных на падкрэсленне блізкасці беларускай і рускай моў.

Яшчэ два артыкулы падобныя і храналагічна, і тэматычна. Наталля Мінаева („Асноўныя накірункі ўзаемадзеяння дабрачынных грамадскіх арганізацый з дзяр жаўнымі і мясцовымі органамі ўлады ў Рэс-публіцы Беларусь у 1991–2001 г.”) акрэслівае формы ўзаемадзеяння органаў улады з дабрачыннымі арганізацыямі рознага профілю — „універсальнымі”, дапа-могі дзецям, інвалідам і сталым людзям, ахвярам фашызму, з фондамі па дапамозе „чарнобыльцам”. У матэрыяле Людмілы Каралёнак „Развитие гуманитарных связей и контактов между Республикой Беларусь, Великобританией и Ирландией (1992–2009)” апавядаецца пра дапамогу брытанскіх і ірландскіх дабрачынных арганізацый пацярпелым ад Чарнобыльскай аварыі. Аўтарка падрабязна спыняецца на дзейнасці найбольш актыўных арганізацый — „Праект Дзеці Чарнобыля”, „Лінія жыцця дзяцей Чарнобыля”, „Падтрымка дзецям Чарнобыля”.

Трэці нумар. Артыкул Сяргея Занеўскага „Польская шляхта и русское самодержавие в политических памфлетах Речи Посполитой последней трети XVIII в. (источниковедческий анализ)” выдатна адлюстроўвае, як Станіслаў Сташыц і Гуга Калантай стваралі адмоўны вобраз прарасійскай часткі магнатэрыі, але аўтар імкнецца выкарыстаць творы названых інтэлектуалаў як рэпрэзентатыўныя гістарычныя крыніцы па палітычнай гісторыі, што далёка не бясспрэчна. „Шляхецкую” праблематыку дапаўняе Святлана Словік („Мэты, умовы, прынцыпы і практыка выбару сужонкаў у шляхецкіх сем’ях Беларусі 1-й паловы XIX ст.”): адзначаецца захаванне традыцыйных матрыманіяльных стратэгій у шляхецкім асяроддзі — выбар сужонка бацькамі, шлюб з прадстаўніком адной саслоўнай і рэлігійнай групы. Аднак падкрэсліваецца павелічэнне колькасці выпадкаў „няроўных” шлюбаў (як у маёмасным, так і ў „прэстыжным” плане) у другой чвэрці XIX ст., робіцца спроба растлумачыць гэтую з’яву.

Гарадская тэматыка даследуецца Захарам Шыбекам і Інай Соркінай („Працэсы ўрбанізацыі ў заходнім рэгіёне Беларусі ў XIX — пачатку XX ст.”): высвятляецца, што Гродзенская губерня была самай урбанізаванай часткай беларускіх зямель, асвятляецца ўплыў расійскай дзяржаўнай палітыкі на існаванне гарадскіх паселішчаў праз дэфармацыю этнічнага складу насельніцтва, ненаданне статусу гарадоў буйным мястэчкам. Здавалася, што ў знітаванні з папярэднім матэрыялам артыкул Віктара Белазаровіча і Івана Крэня „Урбанізацыйныя працэсы ў заходнім рэгіёне Беларусі ў другой палове XX ст.” выявіць цікавыя аспекты для параўнання, але замест гэтага даводзіцца канстатаваць поўную неадпаведнасць назвы зместу: большую частку тэксту займаюць агульныя звесткі пра развіццё прамысловасці на Гродзеншчыне і Брэстчыне, аўтары нават закранаюць праблему рэнтабельнасці калгасаў (92) — і гэта ў артыкуле пра ўрбанізацыю. Заяўленая тэма ўрбанізацыйных працэсаў у выніку рэпрэзентавана толькі невялікай статыстычнай падборкай, пазычанай (добра хоць, што са спасылкамі) з прац іншых даследчыкаў.

Ваенная гісторыя ў гэтым нумары асветлена даволі грунтоўна. Ігар Груцо («История воинской чести французской армии в военной кампании 1812 г. по материалам исследования Jean Regnault „Les Aigles Imperiales et le drapeau tricolore”») крытыкуе тэзісы, выкладзеныя ў 1967 г. французскім гісторыкам Жанам Рэньё, перадусім наконт таго, што Напалеон не даваў загаду знішчаць сімвалы палкоў французскай арміі. Сяргей Піваварчык у артыкуле „Документальные источники по истории фортификационного строительства в Беларуси (XIX — первая половина XX в.)” дае кароткі, але змястоўны агляд дакументальных крыніц па тэме. Аднак аўтар (33–34) па нейкіх прычынах аднёс да дакументальных крыніц успаміны сучаснікаў падзей. У артыкуле „Роль материально-технических ресурсов интендантских служб Западного особого военного округа в обеспечении боеготовности войск накануне Великой Отечественной войны” Уладзіслава Крыўчыкава даследуецца харчовае і абозна-рэчавае забеспячэнне ў   ЗахАВА, адзначаюцца шматлікія недахопы ў гэтай галіне. „Знакавыя” для сучаснай беларускай навукі тэмы вайны і гістарыяграфіі сумясціла Святлана Сілава ў артыкуле „Православная церковь в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941–1945): историографический обзор”: падрабязна аналізуюцца некалькі прац, астатнія фактычна толькі пералічваюцца. На с. 86 Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) памылкова пазначаны як „Белорусский институт литературы и искусства”. Пытанні пасляваеннага ўрэгулявання адлюстраваны ў матэрыяле Аляксандры Носавай „Репатриация советских граждан из Франции в 1945 — начале 1950-х г.”: аўтарка спыняецца на паказе механізму пацвярджэння статусу выхадца з СССР, акрэслівае тэрыторыі, куды перасялялі рээмігрантаў, вызначае ўмовы жыцця людзей пасля рэпатрыяцыі.

Перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі аналізуецца ў наступных даследаваннях. Андрэй Чарнякевіч („Православная церковь на белорусских землях в условиях польской оккупации 1919–1920 г.: по материалам польских источников и литературы”) пастулюе выкарыстанне крыніц і нават пералічвае архівы, дзе яны зберагаюцца, але дадзенае даследаванне з’яўляецца аглядам польскай гістарыяграфіі праблемы. Акрамя таго, на с. 60–61 і 62 паўтараецца частка абзаца. Назва артыкула Дзмітрыя Мігуна „БССР в германо-советских отношениях 20-х г. XX ст.” больш вузкая за яго змест, у якім звернута ўвага на ўсю сукупнасць нямецка-савецкіх стасункаў у 1920-я г. Пра Савецкую Беларусь згадваецца толькі з нагоды няўлічвання яе інтарэсаў пры падпісанні Рапальскай дамовы 16 красавіка 1922 г. (адмова ад кампенсацый за ваенны ўрон) і падпісання ад імя БССР 5 лістапада 1922 г. дамовы з Нямеччынай.

Акрамя таго, у разгляданым нумары надрукаваны яшчэ тры даследаванні. У матэрыяле Расціслава Цімафеева „Особенности решения жилищной проблемы в БССР в 1943–1991 г. (на примере транспортных предприятий)” адлюстраваны пастаянны недахоп жылля для працаўнікоў транспарту ў акрэслены перыяд, паказваецца, што гэткія праблемы ў меншай ступені датычылі чыгуначнікаў і работнікаў трубаправодаў. Ганна Змітрукевіч у артыкуле „Восточнославянский мир в исследованиях научных центров г. Мюнхена (конец 40-х — 80-е годы XX в.)” канцэнтруецца на апісанні славістычных і саветалагічных даследаванняў Вольнага Украінскага Універсітэта, Інстытута Усходняй Еўропы, Універсітэта Людвіга і Максіміліяна, але „мюнхенская” беларусіка амаль не знаходзіцца ў полі яе ўвагі. Сцяпан Стурэйка ў артыкуле „Афганцы ў Беларусі. Гісторыя фарміравання і сучасны стан дыяспары” характарызуе шляхі з’яўлення і колькасць афганцаў у Беларусі, іх грамадскія аб’яднанні; акрэслівае ступень уключанасці бежанцаў у беларускае грамадства, іх матэрыяльны стан і сацыяльны статус.

Веснік Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова Серыя А. Гуманітарныя навукі   (гісторыя, філасофія, філалогія)

Як і „Веснік Брэсцкага ўніверсітэта”, перыёдык у 2010 г. змяніў фармат: з’явіўся падзел на серыі — гісторыя апынулася ў „Серыі А”, у якой убачылі свет два нумары.

Першы нумар. У артыкуле Кацярыны Марозькі „Материальное содержание приходского духовенства Минской православной епархии во второй половине XIX — начале XX в.” акрэсліваюцца наступныя крыніцы матэрыяльнага ўтрымання праваслаўных святароў: заработная плата (з 1864 г. яна не залежала ад велічыні і месцазнаходжання — у горадзе або вёсцы — прыходу), падпрацоўка ў кансісторыі (толькі ў Мінску), пастаянныя і разавыя грашовыя выплаты ў якасці дапамогі, прыбытак ад зямельных надзелаў. Уладзімір Зарэмскі („Организация работы женщин в почтово-телеграфных учреждениях Российской империи”) характарызуе ўмовы працы жанчын на тэлеграфе (першая ўстанова такога кшталту, дзе была дазволена праца жанчын), пошце, тэлефонных лініях, вызначае стаўленне працаўнікоў-мужчын да ўцягвання жанчын у гэтую дзейнасць. Даследаванне адрозніваецца добрай структураванасцю і дакладнасцю выкладу. У працы Вольгі Марозавай „Музыкальные учебные заведения в Могилеве в конце XIX — начале XX в.” апавядаецца пра прыватныя музычныя вучэльні, курсы і асабістыя ўрокі ў Магілёве ў 1886–1917 г.

Палітычная гісторыя пачатку XX ст. даследуецца ў тэкстах Канстанціна Бандарэнкі і Алены Галавач. К. Бандарэнка („Современная отечественная историография монархического движения в России и Беларуси начала XX в.”) вызначае падыходы, якія існуюць у беларускай навуковай і навучальнай літаратуры па пытанні дзейнасці манархічных арганізацый. Калі меркавалася даць агляд „сучаснай” гістарыяграфіі, то незразумела, навошта згадваецца праца Фёдара Турука, першае выданне якой, што ўсведамляе і аўтар (8), адбылося ў 1921 г. У артыкуле А. Галавач «Аграрный вопрос и проблема народного образования в воззрениях и тактике общества „Крестьянин”» апісваецца стаўленне дзеячаў „заходнерусісцкага” таварыства „Крестьянин” да вырашэння аграрнага пытання — падтрымка ўрадавага курсу, падкрэсленне неабходнасці атрымання сялянамі сельскагаспадарчых ведаў.

Адзіны артыкул па гісторыі Беларусі, не прысвечаны часу яе знаходжання ў складзе Расійскай імперыі, — гэта даследаванне Віктара Буракова „Ограничение права пользования жилой площадью в Белорусской ССР в 1920-е г.: историко-правовой аспект”: разглядаюцца „ўшчыльненне” ў выпадку перавышэння нормы жылплошчы, замацаванне за камунальнымі аддзеламі часткі плошчы прыватных дамоў, высяленне „непрацоўных элементаў”. Акрэсліваюцца вызначаныя ў тагачасным заканадаўстве падставы для пазбаўлення права пражывання ў пакоі, кватэры або доме.

Другі нумар атрымаўся больш разнастайным у тэматычным рэчышчы. У артыкуле Барыса Сідарэнкі і Пятра Дзмітрачкова «Современная российская историография „русско-литовских” войн конца XV — первой трети XVI в.» робіцца выснова, што сучасная расійская гістарыяграфія войнаў паміж Маскоўскай дзяржавай і ВКЛ характарызуецца значнай навуковасцю і ўзважанасцю, хоць з прыведзеных аўтарамі цытат вынікае, што штампы, кшталту „ўз’яднання рускіх зямель”, у ёй яшчэ актыўна ўзнаўляюцца. У даследаванні Юрыя Усціновіча „Утрыманне дзяржаўных замкаў у ВКЛ у другой палове XVI ст.” (дарэчы, гэта адзіны беларускамоўны матэрыял у „гістарычнай частцы” выдання ў 2010 г.) паказваецца, як дзяржава імкнулася павялічыць абароназдольнасць замкаў — праз стварэнне каля іх мястэчак, жыхары якіх забяспечвалі б утрыманне фартэцыі. Для гэтага рабіліся спробы спыніць злоўжыванні з боку ўраднікаў і шляхты ў дачыненні да мяшчан, а таксама прывабіць новых жыхароў у калязамкавыя мястэчкі шляхам часовага змяншэння для іх падаткаў і павіннасцяў.

„Магістральная” для разгляданага часопіса тэма — гісторыя беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі — знайшла сваё адлюстраванне ў двух наступных даследаваннях. Сяргей Васовіч („Трансформация епархиального управления Русской православной церкви в Беларуси в 1860-х — начале XX в.”) характарызуе ўзнікненне, функцыі і значэнне „благочиннических” з’ездаў і радаў, а таксама акруговых вучэльневых і епархіяльных з’ездаў духавенства. Адзначаецца, што „съезды благочинных” узніклі як рэакцыя на паўстанне 1863–1864 г. Васіль Табуноў („Позиция епископата белорусских земель по вопросу о необходимости созыва Поместного собора в начале XX в.”) пералічвае прапановы вышэйшых іерархаў беларускіх епархій па пытаннях паўнамоцтваў планаванага Памеснага сабору, арганізацыі выбараў на яго. Акрамя таго, у нумары змешчаны чарговы матэрыял Міхаіла Старавойтава па гістарычнай дэмаграфіі — „Изменения в численности и составе городского населения белорусско-российско-украинского пограничья (1920–1930-е г.)” — прасочваецца дынаміка ў колькасці, нацыянальным і прафесійным складзе, узроўні пісьменнасці гараджан акрэсленага рэгіёна. Асабліва падкрэсліваецца поліэтнічнасць і пераважная „небеларускасць” беларускіх гарадоў.

Вестник   Полоцкого государственного университета

Выданне падзелена на шэсць серый, з якіх у „Серыі А” друкуюцца матэрыялы па гуманітарных навуках, у тым ліку па гісторыі, археалогіі, этналогіі і культуралогіі. Але пры гэтым „Вестник” мае скразную нумарацыю, таму „Серыя А” адпавядае першаму і сёмаму нумарам у агульным спісе.

У першым нумары ў публікацыі Аляксандра Салаўёва «Натурныя даследаванні падвала і першага паверха корпуса „В” былога езуіцкага калегіума ў Полацку» робіцца спроба рэканструяваць выгляд сутарэнняў і першага паверха будынка. Акрэсліваюцца наступствы шматлікіх перапланіровак, адзначаецца, што гэты корпус XVIII ст. быў узведзены на падмурку яшчэ больш даўняй пабудовы. У артыкуле Уладзіміра Лобача „Міфасемантыка культурнага ландшафту беларусаў: тэарэтыка-метадалагічныя праблемы даследавання”, адзіным з галіны этналогіі, акрэсліваюцца найбольш вядомыя і прызнаныя ў свеце падыходы да вывучэння ўяўленняў пра прастору ў традыцыйным грамадстве. Гісторыю мастацтва рэпрэзентуе матэрыял Ганны Барвенавай „Калекцыя сярэднявечных тканін Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка”: апісваюцца фрагменты тканін XI–XII ст. з металічнымі аздобамі, тканін XIII ст. іголкавага пляцення, заслоны XVI ст. з Сафійскага сабора з гафтаваным надпісам, а таксама рэшткі сукна XIII–XIV ст., верагодна, англійскай вытворчасці.

Гісторыя Беларусі сярэднявечнай і раннемадэрнай эпох разглядаецца ў дзвюх наступных публікацыях. Аляксандр Казакоў („Тытулаваная знаць з Маскоўскай дзяржавы ў Вялікім Княстве Літоўскім у канцы XV — 30-х г. XVI ст.”) аналізуе прычыны з’яўлення і палітычныя кар’еры ў ВКЛ Мацвея Мікіцініча, Івана Львовіча Барацінскага, апошняга разанскага князя Івана Іванавіча, Івана Дзмітрыевіча Губкі Шуйскага і Сямёна Фёдаравіча Бельскага. Наталля Аляксейчыкава ў даследаванні „Опека над несовершеннолетними детьми в белорусских городах в XVI–XVIII века [так у тэксце. — Я. Г.] (на примере Могилева)” вызначае кола магчымых апекуноў сірот, характарызуе апякунскія абавязкі і адказнасць за іх невыкананне, высвятляе адрозненні ў апецы над хлопчыкамі і дзяўчаткамі.

Астатнія публікацыі сфакусаваны на гісторыі Беларусі XIX–XX ст. У працы Алены Барун „Монашеские общины города Полоцка: история, организация управления, характеристика братств в середине XIX — начале XX в.” аналізуюцца колькасць, склад насельнікаў, матэрыяльны стан і роля ў рэлігійным жыцці жаночага Спаса-Еўфрасіннеўскага і мужчынскіх Богаяўленскага і Барысаглебскага манастыроў, а таксама прыпісаных да іх драбнейшых рэлігійных устаноў. Аўтарка падкрэслівае, што жаночыя манастыры былі шматлюднымі і папаўняліся ў асноўным сялянкамі, а мужчынскія, наадварот, адрозніваліся малалікасцю. Вольга Папко („Маёнтак Магілёўцы памешчыкаў Дзяконскіх у 1880–1930-я г.”) апавядае пра забудову і ўнутранае ўбранства маёнтка, узнаўляе лёс яго гаспадароў. У анатацыі перад тэкстам сцвярджаецца, што ў артыкуле друкуюцца фотаздымкі (66), але іх няма. У матэрыяле Мікалая Клепікава „Ахова віцебскіх помнікаў даўніны ў пачатку XX ст.” адлюстроўваецца дзейнасць Віцебскай вучонай архіўнай камісіі (1909–1919) па ўшанаванні памяці ўдзельнікаў вайны 1812 г., па зборы помнікаў старажытнасці, па наглядзе за захаванасцю дзяржаўных і ведамасных архіваў на Віцебшчыне. У даследаванні Алесі Корсак „Штодзённасць жыцця остарбайтэраў з Віцебскай вобласці ў нацысцкай Германіі (1941–1945)” апісваецца добраахвотны і пераважна прымусовы выезд на працу ў Нямеччыну, выяўляюцца адрозненні ва ўмовах жыцця прамысловых і сельскагаспадарчых рабочых, абставіны вызвалення і вяртання на радзіму. Гістарыяграфічны характар носіць артыкул Марыяны Сакаловай „Изучение истории общественных движений XIX — начала XX в. в Беларуси в конце 20–80-х г. XX в.”: адзначаецца, што ў савецкай (у тым ліку беларускай) гістарычнай навуцы панавала канцэпцыя „рэвалюцыйнай традыцыі”, калі ўсе „прагрэсіўныя” грамадскія рухі разглядаліся як „папярэднікі” бальшавікоў і Кастрычніцкай рэвалюцыі.

У другім нумары цікавыя для дадзенага агляду артыкулы былі змешчаны ў рубрыках „гісторыя” і „культуралогія”. Апошняя складаецца з трох матэрыялаў. У працы Ігара Вугліка „Матэрыяльная культура Полаччыны ў крыніцах канца XVIII — пачатку XIX ст. (новыя матэрыялы і даследчыцкія ракурсы)” перадаюцца звесткі А. Луніна, С. Пляшчэева, В. Севяргіна пра побыт, звычаі, заняткі жыхароў Полацка і Полаччыны. Аляксандра Раманюк у матэрыяле „Вясельныя жаночыя галаўныя ўборы і прычоскі Усходняга Палесся канца XIX — пачатку XX ст. (жаночыя галаўныя ўборы і прычоскі ў народных святах, абрадах і звычаях)” акрэслівае сімвалічную, эстэтычную і практычную функцыі галаўных убораў пад час вяселля, робіць іх апісанне. У змястоўным артыкуле Уладзіміра Аўсейчыка „Пахавальна-памінальная абраднасць вясковага беларускага насельніцтва Падзвіння ў канцы XX — пачатку XXI ст.” апісваюцца сучасныя абрады пахавання і памінання памерлых у Падзвінні; акрэсліваюцца адносна нядаўнія змены, што адбыліся ў гэтых звычаях. Робіцца выснова, што часткова змяняюцца матэрыяльныя прадметы (цяпер яны пераважна набытыя, а не самаробныя), затое элементы духоўнай культуры адрозніваюцца значнай устойлівасцю.

Пад рубрыкай „гісторыя” апынуліся артыкулы па самых розных тэмах і перыядах, што варта толькі ўхваліць. Аднак узровень некаторых з іх засмучае. Маюцца на ўвазе „даследаванні” Юрыя Кежы і Ігара Уварава. У артыкуле першага „Генезіс княжацкай улады на беларускіх землях у VIII–XI ст.” замест заяўленай тэмы даецца кароткі агляд палітычнай гісторыі Русі з ухілам у падзеі гісторыі Полацка і, у меншай ступені, Турава. Аўтар замяняе „монатэізм” на загадкавы „монацэнтрызм” (10), „этас” на „этнас” (12), паслядоўна робіць памылкі ў напісанні слоў іншаземнага паходжання. У цэлым, артыкул пакідае ўражанне студэнцкага рэферата. Пад шматслоўнай назвай („Проблемы исследования историографии шляхты и сословно-представительных органов в период становления и развития Великого княжества Литовского до Люблинской унии 1569 г.”) публікацыі І. Уварава не толькі хаваецца агляд гістарыяграфіі па праблеме шляхты і соймаў (чамусьці без уліку сучасных даследаванняў), але і згадваюцца працы па гісторыі гандлю і гарадоў, што крыху здзіўляе. Неадназначна выглядае і артыкул Наталлі Нестэр «Полоцк в книге И. Мессения „Scondia illustrata”»: аўтарка звяртае ўвагу на малавядомую ў беларускай навуцы крыніцу — твор шведскага гісторыка Ёгана Месэнія (1579–1636), але сам артыкул складаецца толькі з цытавання фрагментаў пра Полацк з гэтай кнігі. Але ў большасці гэтых урыўкаў Полацк знаходзіцца на ўзбочыне ўвагі храніста: ніякіх новых фактаў пра горад або інтэрпэтацый ужо вядомага ў яго тэксце няма. На с. 3 напісана абсалютна некарэктная фраза: „Труд И. Мессения интересен еще и в том плане, что это один из немногих (!) исторических трудов XVI (!) столетия”. Па-першае, „гістарычных прац” з XVI ст. вядома багата, па-другое, Месэній сваю кнігу напісаў ужо ў XVII ст.

Іншыя матэрыялы ў цэлым адпавядаюць навуковым стандартам. У артыкуле Віктара Чараўко „Матэрыялы да карты пахавальных помнікаў Беларускага Падзвіння XIV–XVIII ст.” складзены спіс (16–18) і карта (18) курганных пахаванняў, курганна-жальнічных могілак, магіл з каменнымі крыжамі, пахаванняў унутры культавых аб’ектаў, памінальных курганоў XIV–XVIII ст. з Беларускага Падзвіння. Робіцца спроба растлумачыць розную шчыльнасць іх размяшчэння. У даследаванні Андрэя Мацука „Аршанская павятовая эліта ў часы панавання Аўгуста III” адзначаецца, што сярод аршанскай эліты вылучаўся род Юзэфовічаў. Таксама адлюстроўваецца ўплыў агульнадзяржаўнай барацьбы (перадусім, паміж Фаміліяй і Радзівіламі) на аршанскія соймікі, дзе пераважна перамагалі прыхільнікі Фаміліі.

Як і звычайна ў беларускіх часопісах, большасць аўтараў разглядаюць падзеі XIX–XX ст. Сяргей Глазырын („Рэвалюцыйная сітуацыя 1861–1862 г. у Віцебскай губерні”) не пазначае, ці прытрымліваецца ён ленінскай трактоўкі паняцця „рэвалюцыйная сітуацыя”, ці разумее пад ёй нешта іншае, але ў цэлым у артыкуле апавядаецца пра антыўрадавыя дэманстрацыі, канспіратыўныя арганізацыі і сувязі польскіх, беларускіх і расійскіх рэвалюцыянераў на Віцебшчыне. Асноўная ўвага Галіны Лабохі („Храмы прападобнай Еўфрасінні Полацкай епархіі: параўнаўчы аналіз умоў існавання і развіцця”) звернута на трагічны лёс у савецкі час Свята-Еўфрасіннеўскай царквы ў в. Бароўка Верхнядзвінскага раёна і Еўфрасіннеўскай („Цёплай”) царквы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку: першы храм выкарыстоўваўся як зернясховішча, клуб і крама, другі пераважна пуставаў. У артыкуле Марыяны Сакаловай „Изучение истории общественных движений в XIX — первой трети XX в.” аналізуюцца інтэрпрэтацыі паняцця „грамадскі рух” у вызначаны перыяд. Іван Янушэвіч («Характер и причины форсированного решения „церковного вопроса” партийно-государственными струк турами в 1917–1924 г.») барацьбу бальшавікоў супраць Праваслаўнай царквы акрэслівае як змаганне са „стратэгічным ідэалагічным праціўнікам” (50), вызначае формы гэтай барацьбы: забойства святароў, знішчэнне святыняў, захоп царкоўнай маёмасці, падтрымка „абнаўленчага” руху, нарэшце прапаганда. Асабліва падкрэсліваецца роля Льва Троцкага ў антырэлігійнай кампаніі. Алена Сумко ў даследаванні „Перыядызацыя дзяржаўнай палітыкі ў кнігавыдавецкай справе БССР (1919–1941)” характарызуе змяненні ў кнігавыдавецкай дзейнасці ў БССР у бок павелічэння цэнзуры і поўнага падпарадкавання выдання кніг патрэбам партыі і дзяржавы. У працы Вольгі Рымко „Деятельность сельскохозяйственных переселенческих товариществ в БССР в 1925–1927 годах на примере Полоцкого округа” даследуецца арганізацыя добраахвотных перасяленняў з БССР у Сібір і на Далёкі Усход: аналізуецца працэс стварэння і абсяг дзейнасці перасяленчых таварыстваў, апісваюцца функцыі „хадакоў” — выведнікаў тэрыторый для засялення, пералічваюцца ільготы для перасяленцаў і праблемы, якія ўзнікалі ў апошніх. Ірына Нікалаева („Прыцягненне жаночага насельніцтва Беларусі на прымусовыя работы ў Германію ў 1942–1944 г.”) падкрэслівае, што набор добраахвотніц на працу ў Нямеччыну не меў поспеху, таму (а таксама з-за эканамічных складанасцяў у Райху) нямецкія ўлады перайшлі да прымусовай адпраўскі жанчын у Нямеччыну, што выклікала супраціў. Адзначаецца, што ўсё-такі была вывезена вялікая колькасць жанчын. У артыкуле Расціслава Цімафеева „Развитие ведомственного медицинского обеспечения БССР в 1943–1991 г. (на примере транспортных предприятий)” адзначаецца, што з цягам часу сістэма медыцынскіх устаноў для абслугоўвання транспартнікаў паляпшалася, але ў выніку шэрагу ператварэнняў забеспячэнне медыцынскімі паслугамі некаторых іх катэгорый (напрыклад, рачнікоў) змянілася не ў лепшы бок.

Гістарычны альманах Том 16 (2010)

У артыкуле Руслана Гагуа „Грунвальдская бітва ў паведамленнях Энеа Сільвіа Пікаламіні” пераказваюцца звесткі пра Грунвальдскую бітву, змешчаныя ў творах Энеа Сільвіа Пікаламіні (1405–1464; папа рымскі Пій II — 1458–1464) „Пра землі і паходжанне прусаў” і „Пра Еўропу”. Праўда, яны захаваліся толькі ў пазнейшых кампіляцыях, з якіх аўтар згадвае Арундэльскі і Чыгішскі манускрыпты, зусім не спыняючыся на важным пытанні прыналежнасці ўсіх іх звестак менавіта Пікаламіні. Ігар Бортнік («Праблема дзяржаўна-палітычнага ўлад кавання ў ананімнай працы „Размова Паляка з Літ вінам”») адзначае, што для верагоднага аўтара „Размовы Паляка з Літвінам” Аўгустына Ратундуса (каля 1520–1582) ідэальнай формай кіравання ўяўлялася моцная манархічная ўлада, абмежаваная пры гэтым свецкай і духоўнай радай. У матэрыяле польскага гісторыка Томаша Цясельскага „Попіс войска Вялікага Княства Літоўскага каля гарадоў Рось і Заблудаў у ве рас ні 1744 г.” апісваецца праведзены ў 1744 г. палявым гетманам літоўскім Міхалам Казімірам Радзівілам збор і агляд войска ВКЛ, вызначаюцца прычыны гэтай унікальнай для часоў Аўгуста III падзеі, падрабязна акрэсліваецца склад войска ВКЛ. Аляксандр Пашкевіч і Андрэй Чарнякевіч («„Бацька” беларускіх паланафілаў») характарызуюць палітычную кар’еру Паўла Алексюка (1892–?), беларускага дзеяча прапольскай арыентацыі, аднаго з арганізатараў Беларускай вайсковай камісіі, Беларускага палітычнага камітэта, Краёвай сувязі, якія існавалі ў 1920–1922 г. на занятых Польшчай беларускіх землях. Аляксандр Пашкевіч («Чалавек з-за шырмы: спроба высвятлення таямніцы „Старога”») аналізуе звесткі пра аднаго з інспіратараў расколу ў КПЗБ у канцы 1924 г. і ўтварэння т. зв. „сэцэсіі”, якую сучаснікі і пазнейшыя даследчыкі называлі „беларускай нацыяналістычнай” і „ультракамуністычнай”, кіраўніка віленскіх камуністаў, які хаваўся пад псеўданімам „Стары”. У артыкуле Юрыя Грыбоўскага „Рада БНР на эміграцыі і праек ты інтэграцыі ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе (1945–1956)” апісваецца міжнародная актыўнасць Рады БНР: наладжванне кантактаў з палітычнай элітай ЗША, удзел у распрацоўцы супольнасці краін Цэнтральна-Усходняй Еўропы (канцэпцыя „Міжмор’я”), стасункі з польскімі, украінскімі, літоўскімі, латышскімі, эстонскімі і сла вацкімі эмігранцкімі арганізацыямі. Настасся Жарская ў артыкуле „Чарнобыльская аварыя ў памяці жыхароў в. Вохар (Чэрыкаўскі раён, Магілёўская вобласць)”, выкарыстоўваючы метады „вуснай гісторыі”, адлюстроўвае ўяўленні жыхароў „адселенай” вёскі пра саму катастрофу, перасяленне большасці жыхароў і побыт пасля аварыі ў Вохары і новых месцах пражывання. Даследчыца ў асноўным абмяжоўваецца перадачай „простай мовы” інфармантаў, мінімізуючы долю ўласнай інтэрпрэтацыі і высноваў.

Наверх

Аўтарэфераты дысертацый па гістарычных навуках, дапушчаных да абароны ў 2010 г.

Студзеня 1, 2011 |

На ступень доктара гістарычных навук

Батяев, В. Ф. Развитие белорусских общественных объединений в XIX — 20-е годы XX века. Этнологическое исследование: 07.00.07 / Батяев Василий Федорович; Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора им. К. Крапивы НАН Беларуси. — Минск, 2010. — 44 с. — Библиогр.: с. 36–40 (43 назв.).

Вабішэвіч, А. М. Нацыянальна-культурнае жыццё ў Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.): 07.00.02 / Вабішэвіч Аляксандр Мікалаевіч; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2010. — 52 с. — Бібліягр.: с. 36–49 (123 назв.).

Гайдукевич, Л. М. Туризм в международных отношениях стран Центральной и Восточной Европы (1989–2009 гг.): 07.00.15 / Гайдукевич Леонид Михайлович; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2010. — 49 с. — Библиогр.: с. 40–46 (58 назв.)

Голубеў, В. Ф. Сялянская абшчына ў дзяржаўных, прыватнаўласніцкіх і царкоўных уладаннях Беларусі ў XVI–XVIII стст.: 07.00.02 / Голубеў Валянцін Фёдаравіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2010. — 50 с. — Бібліягр.: с. 37–47 (93 назв.).

Ракава, Л. В. Эвалюцыя традыцый сямейнага выхавання беларусаў у XIX–XX стст.: 07.00.07 / Ракава Любоў Васільеўна; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі. — Мінск, 2010. — 43 с. — Бібліягр.: с. 36–40 (43 назв.).

Сакович, В. С. Аграрная политика в Беларуси в 1981–2008 гг.: 07.00.02 / Сакович Виктор Савельевич; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории. — Минск, 2010. — 61 с. — Библиогр.: с. 56–58 (33 назв.).

На ступень кандыдата гістарычных навук

Аніпяркоў, В. В. Стварэнне і дзейнасць Таргавіцкай канфедэрацыі на землях Вялікага Княства Літоўскага (май 1792 г. — верасень 1793 г.): 07.00.02 / Аніпяркоў Вадзім Вадзімавіч; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2010. — 23 с. — Бібліягр.: с. 19–20 (13 назв.).

Балтрушэвіч, Н. Г. Пратэстанцкія арганізацыі БССР у 1944–1985 гг.: структура, формы дзейнасці, узаемаадносіны з дзяржавай: 07.00.02 / Балтрушэвіч Наталля Генадзеўна; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2010. — 27 с. — Бібліягр.: с. 22–24 (24 назв.).

Бартош, О. А. Традиционная социальная культура цыган Беларуси в конце ХХ — ХХI в.: 07.00.07 / Бартош Ольга Эдуардовна; Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора им. К. Крапивы Нац. акад. наук Беларуси. — Минск, 2010. — 22 с. — Библиогр.: с. 18–19 (10 назв.).

Гаравая, А. А. Развіццё сістэмы вышэйшай філалагічнай адукацыі ў Беларусі (1944–1961 гг.): 07.00.02 / Гаравая Алеся Аляксееўна; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2010. — 24 с. — Бібліягр.: с. 20–21 (14 назв.).

Герновіч, Т. Д. Дакументальныя крыніцы па гісторыі перамешчаных беларускіх архіваў (кан. XVII — пач. XXI ст.): 07.00.09 / Герновіч Таццяна Дзмітрыеўна; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2010. — 22 с. — Бібліягр.: с. 18–19 (14 назв.).

Дмитрук, И. П. Государственная политика в Республике Беларусь по социальной поддержке учащейся молодежи (1991–2000 гг.): 07.00.02 / Дмитрук Ирина Павловна; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории. — Минск, 2010. — 23 с. — Библиогр.: с. 19–20 (13 назв.).

Дорняк, И. И. Белорусско-польское экономическое и культурное сотрудничество в 1991–2004 гг.: 07.00.02 / Дорняк Иосиф Иосифович; Ин-т истории Нац. акад. наук Беларуси. — Минск, 2010. — 22 с. — Библиогр.: с. 18–19 (11 назв.).

Дроздова, Е. А. Банковская система и ее роль в социально-экономическом развитии Беларуси (1861–1914 гг.): 07.00.02 / Дроздова Екатерина Анатольевна; Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка. — Минск, 2010. — 23 с. — Библиогр.: с. 18–20 (26 назв.).

Елисеев, А. Б. Российская историография взаимоотношений Советского государства и Русской православной церкви в 1943–1953 гг.: 07.00.09 / Елисеев Алексей Борисович; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2010. — 25 с. — Библиогр.: с. 20–22 (19 назв.).

Захаркевич, С. А. Этнические меньшинства на территории Беларуси в XIV–XVIII веках: стратегии культурной адаптации: 07.00.07 / Захаркевич Степан Артурович; Ин-т искусствоведения, этнографии и фольклора им. К. Крапивы Нац. акад. наук Беларуси. — Минск, 2010. — 17,[1] с. — Библиогр.: с. 14–15 (15 назв.).

Кахновіч, В. А. Гаспадаранне ў маёнтках палескага рэгіёну Расійскай імперыі ў 1861–1914 гг.: 07.00.03 / Кахновіч Віктар Адамавіч; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2010. — 22 с. — Бібліягр.: с. 18–19 (13 назв.).

Козленко, А. В. Кельтиберские тессеры гостеприимства как исторический источник (II в. до н. э. — I в. н. э.): 07.00.09 / Козленко Алексей Владимирович; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2010. — 21 с. — Библиогр.: с. 17–18 (16 назв.).

Косов, А. П. Внешняя политика США второй половины ХХ — начала ХХI в. в постсоветской российской историографии: 07.00.09 / Косов Александр Петрович; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2010. — 25 с. — Библиогр.: с. 20–22 (17 назв.).

Крывічаніна, К. А. Навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі з краінамі СНД і ЕС (1991–2000 гг.): 07.00.02 / Крывічаніна Кацярына Аляксандраўна; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2010. — 27 с. — Бібліягр.: с. 23–24 (13 назв.).

Курстак, Ю. И. История славянства в творчестве А. С. Будиловича (1846–1908 гг.): 07.00.09 / Курстак Юрий Иосифович; М-во образования Респ. Беларусь, Гродненский гос. ун-т им. Я. Купалы. — Гродно, 2010. — 22 с. — Библиогр.: с. 18–19 (8 назв.).

Марченко, О. В. Русская политическая эмиграция в Германии в 1920–1939 гг.: организационная структура и идеология: 07.00.03 / Марченко Олег Валерьевич; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2010. — 24 с. — Библиогр.: с. 20–21 (12 назв.).

Матусевич, О. А. Политические партии и общественные организации в Западной Беларуси 1920–1930-х годов в польской историографии: 07.00.09 / Матусевич Ольга Александровна; Нац. акад. наук Беларуси, Ин-т истории. — Минск, 2010. — 25 с. — Библиогр.: с. 21–22 (10 назв.).

Мельнікаў, І. В. Сацыяльна-эканамічная гісторыя Беларусі перыяду капіталізму (1861–1914 гг.) у польскай гістарыяграфіі: 07.00.09 / Мельнікаў Ігар Вячаслававіч; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2010. — 25 с. — Бібліягр.: с. 20–22 (17 назв.).

Плавінскі, М. А. Фарміраванне і эвалюцыя комплексу зброі бліжняга бою і засцерагальнага ўзбраення Х–XIII стст. на тэрыторыі Беларусі: 07.00.06 / Плавінскі Мікалай Аляксандравіч; Нац. акад. навук Беларусі, Ін-т гісторыі. — Мінск, 2010. — 26 с. — Бібліягр.: с. 20–23 (42 назв.).

Рыбчонак, С. А. Крыніцы масавага паходжання па генеалогіі Беларусі сярэдзіны XVII — пачатку XX ст. (па матэрыялах Нацыянальнага архіва Беларусі): 07.00.09 / Рыбчонак Сяргей Аляксандравіч; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2010. — 25 с. — Бібліягр.: с. 20–22 (23 назв.).

Савченко, Н. М. Политический кризис Итальянской республики в первой половине 1990-х годов: 07.00.03 / Савченко Наталья Михайловна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2010. — 24 с. — Библиогр.: с. 20–21 (16 назв.).

Сугако, Н. А. Общественно-политические взгляды М. П. Погодина: 07.00.03 / Сугако Наталья Анатольевна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2010. — 23 с. — Библиогр.: с. 20 (9 назв.).

Тукала, С. М. Генацыд і барацьба яўрэяў у Мінскім гета ў гады Вялікай Айчыннай вайны (ліпень 1941 — кастрычнік 1943 года): 07.00.02 / Тукала Сяргей Мікалаевіч; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2010. — 25 с. — Бібліягр.: с. 21–22 (13 назв.).

Черкасов, Д. Н. Внешняя политика Бургундии в 1419–1467 гг.: 07.00.03 / Черкасов Дмитрий Николаевич; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2010. — 22 с. — Библиогр.: с. 18–19 (16 назв.).

Шимак, Е. К. Внешнеполитические приоритеты России во взаимоотношениях с Римской курией (1469–1582 гг.): 07.00.03 / Шимак Елена Казимировна; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2010. — 24 с. — Библиогр.: с. 20–21 (10 назв.).

Шніп, М. А. Унутрыпалітычны канфлікт 1508 года ў Вялікім Княстве Літоўскім у кантэксце міжнародных адносін ва Усходняй Еўропе: 07.00.02 / Шніп Макар Аляксандравіч; Беларус. дзярж. ун-т. — Мінск, 2009. — 24 с. — Бібліягр.: с. 21 (7 назв.).

Эльмалян, А. С. Приоритеты внешней политики Ливийской Джамахирии (1969–2003 гг.): 07.00.15 / Эльмалян Абдураоф Салах; Белорус. гос. ун-т. — Минск, 2010. — 18 с. — Библиогр.: с. 15 (6 назв.).

Юрчак, Д. В. Белорусско-украинские связи в 1991–2004 годах: 07.00.02 / Юрчак Денис Валерьевич; Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка. — Минск, 2010. — 24 с. — Библиогр.: с. 19–21 (19 назв.).

Ніна Камарова

Віталь Скалабан (5.08.1947 — 20.08.2011)

Студзеня 1, 2011 |

20 жніўня ў Мінску на 65-м годзе пасля цяжкай хваробы пайшоў з жыцця вядомы беларускі гісторык, энцыклапедыст, архівіст, загадчык аддзела публікацыі дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь Віталь Скалабан. Ён нарадзіўся ў 1947 г. у вёсцы Шылавічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сям’і, дзе вітаў дух гісторыі і краязнаўства. Хутчэй за ўсе ад бацькі, вясковага настаўніка, гісторыка і краязнаўцы да Віталя перайшло захапленне мінулым Беларусі, якое стала яго жыццём і прафесіяй.

Як прафесійны гісторык і, галоўнае, як даследчык гісторыі Беларусі ён сфармаваўся ў колішнім Ленінградскім універсітэце, які скончыў у 1970 г. Калі мы толькі пазнаёміліся, а гэта было больш за 20 гадоў таму, я не ведаў, чаму ён так цёпла, з настальгічнымі ноткамі ўзгадваў Ленінград-Пецярбург. Пазней зразумеў. Гэта было юнацтва, студэнцтва, далучэнне да беларушчыны, вернасць якой ён пранёс праз усё жыццё. Менавіта там ён пазнаёміўся з вядомым дзеячам беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху Яўсеем Канчарам і пачаў вывучаць гісторыю Усебеларускага з’езда 1917 г. як падзею, што значна паўплывала на фармаванне дзяржаўнасці Беларусі. Увогуле тэма дзяржаўнасці была адной са стрыжнёвых у яго даследчыцкіх планах і пошуках. Намнога пазней, ужо ў час „перабудовы”, у Мінску, калі быў зняты грыф сакрэтнасці з фонду Беларускай Народнай Рэспублікі, В. Скалабан упершыню ў некалькіх нумарах „Беларускага гістарычнага часопіса” надрукаваў пратаколы Усебеларускага з’езда, а ў 2010 г. мемуары Я. Канчара. Яны паказваюць, якім няпростым і пакручастым быў шлях да дзяржаўнасці. Тэме дзяржаўнасці, толькі ўжо на савецкай аснове, прысвечаны зборнік дакументаў „Временное рабоче-крестьянское советское правительство Белоруссии” (2005), які не страціў сваёй актуальнасці і цяпер і ў падрыхтоўку якога дзядзька Віталь унёс шмат энергіі, сіл, часу. Тэму дзяржаўнасці закранала і яго кандыдацкая дысертацыя „Беларускі нацыянальны камісарыят. Студзень 1918 — сакавік 1919 г.”, якую ён абараніў у 1987 г., ужо будучы вопытным, прафесійным даследчыкам.

Дзяржаўнасць для яго была не абязлічанай. Ён добра разумеў, хто і як рабіў гісторыю. Дзякуючы яго намаганням і пошукам сёння мы можам даведацца больш пра постаці Ф. Шантыра, Ф. Турука, У. Фальскага, А. Вазілы, У. Ігнатоўскага ды іншых грамадска-палітычных дзеячаў. На ўдакладненне звестак з асабістага, грамадскага, палітычнага жыцця той ці іншай асобы ён ніколі не шкадаваў часу. Шукаў нашчадкаў праз знаёмых, інтэрнэт, ладзіў з імі перапіску і быў вельмі задаволены, калі яму дасылалі ўспаміны, нейкія дакументальныя сведчанні ці якую іншую інфармацыю. У дачыненні да людзей для яго не было дробязяў.

Для яго станаўлення як гісторыка, энцыклапедыста вялізную ролю адыграла праца ў выдавецтве „Беларуская энцыклапедыя” імя П. Броўкі, дзе ён пачаў працаваць як рэдактар, а потым быў загадчыкам рэдакцыі гісторыі Беларусі. Менавіта энцыклапедыя дала яму магчымасць пашырыць гарызонты, пазнаёміцца з вучонымі, журналістамі, пісьменнікамі, выдаўцамі, дзеячамі мастацтва, кіна- і тэлерэжысёрамі, палітыкамі, якія сталі потым яго суаўтарамі, знаёмымі, сябрамі, аднадумцамі, калегамі.

На мой погляд, стыль В. Скалабана сфармавала энцыклапедыя, з яе патрабаваннямі лаканізму, дакладнасці вызначэнняў, праверкі фактаў, падзей. Дзядзька Віталь ніколі не гнаўся за кідкай фразай, не намагаўся ўразіць чытача ажурнасцю і хітраспляценнем думак, высокімі словамі. Аднак у гэтым знешнім лаканізме і прагматызме адчувалася і пульсавала ўнутраная напружанасць думкі і доўгія пошукі аднаго, але самага неабходнага і патрэбнага слова, адной, але знешне і ўнутрана завершанай фразы, абзаца і ўсяго тэксту. Такі стыль ён называў „прыгожым пісьменствам” і заўсёды вельмі паважліва і ўдумліва ставіўся да кожнага слова, кожнага радка.

Захапленне прыгожым пісьменствам прывяло яго да драматургіі. Я памятаю, які рэзананс у Мінску выклікала яго дакументальная драма „У жніўні 36-га”, пастаўленая ў фармаце „тэатра п’есы” на малой сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў лістападзе 2002 г. Напэўна, з таго часу ні адна пастаноўка не збірала столькі людзей. Маленькі тэатр не змясціў усіх ахвотнікаў, давялося прыстаўляць крэслы… Гэта была спроба паказу гісторыі тэатральнымі сродкамі. Эпізод з жыцця класікаў (Янкі Купалы і Якуба Коласа), адлюстраваны ў п’есе — гэта драма ў айчыннай гісторыі і гісторыя ў драме. Віталь Скалабан заўсёды адзначаў, што ў Нацыянальным архіве знаходзяцца матэрыялы, якіх хопіць на дзясяткі такіх драм, трэба толькі ўбачыць, прыйсці і ўзяць. Але не кожны знойдзе і не кожны ўбачыць…

На 60-годдзі Віталя Скалабана Адам Восіпавіч Мальдзіс, віншуючы юбіляра, назваў яго „Рыцарам беларускай архівістыкі”. Аднак чаму толькі архівістыкі? Архівістыка, архівы, архіўная справа, якой ён прысвяціў апошнія гады свайго жыцця — гэта толькі невялічкі, але мо адзін з найбольш плённых і, на жаль, апошніх этапаў жыцця і працы дзядзькі Віталя. Ён не толькі сам працаваў, але і яго супрацоўнікі працавалі і раслі прафесійна. Прафесійныя архівісты заўсёды бачылі і адзначалі бездакорную археаграфічную апрацоўку тэкстаў, зробленую В. Скалабанам, што сведчыць пра яго высокі прафесіяналізм. Дзясяткі зборнікаў дакументаў, архіўныя і міжархіўныя даведнікі выкананы на высокім археаграфічным узроўні. Прычым яны выйшлі за межы дакументаў толькі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь. Расійскія, украінскія, нямецкія архівісты і гісторыкі дасылалі дакументы ў запланаваныя да выдання зборнікі „пад Скалабана”, таму яны маюць высокі навуковы ўзровень і шырока вядомыя ў Расіі, Украіне, Літве, Польшчы, Нямеччыне, Ізраілі.

Віталь Скалабан спрычыніўся і да адраджэння навуковага краязнаўства, фактычна знішчанага ў Беларусі ў 1930-я г., стаў адным з заснавальнікаў і актыўным аўтарам „Краязнаўчай газеты”, выношваў канцэпцыю „Беларускай энцыклапедыі краязнаўства”.

Гісторык, архівіст, энцыклапедыст, драматург, літаратуразнавец Віталь Скалабан ні ў савецкі час, ні ў час „перабудовы”, ні ў апошнія гады не вагаўся, на якой мове пісаць, думаць, размаўляць. Гэты яго стрыжань, цвёрдасць, перакананасць у тым, што „будам жыць”, а таксама тое, што зроблена гэтым чалавекам, яскрава характарызуюць „Рыцара беларускай архівістыкі”.

Анатоль Вялікі

Выданнi, атрыманыя рэдакцыяй

Студзеня 1, 2011 |

Бібліяграфічны паказальнік археаграфічных публікацый у Рэспубліцы Беларусь (1991–2006 гг.). Склад. В. С. Пазднякоў. Мінск, 2010.

Білоус Н. Тестаменти киян середини XVI — першої половини XVII ст. Київ, 2011.

Вялікае княства Літоўскае і яго суседзі ў XІV–XVIII стст.: саперніцтва, супрацоўніцтва, урокі: Да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы. Мінск, 2011.

Изобретение империи: языки и практики. Москва: Новое издательство, 2011.

Кавалёў С. Літаратура Вялікага Княства Літоўскага XVІ — пачатку XVII ст.: феномен культурнага памежжа. Мінск, 2011.

Макушников О. А. Гомель с древнейших времен до конца XVIII в. 2-е изд. Гомель, 2010.

Невядомы Дунін-Марцінкевіч. Дакументы да біяграфіі з Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. Мінск, 2011.

Портнов А. Упражнения с историей по-украински. Москва, 2010.

Шыдлоўскі С. А. Культура прывілеяванага саслоўя Беларусі: 1795–1864. Мінск, 2011.

Университетская идея в Российской империи XVIII — начала XХ веков: Антология: учеб. пособие для вузов / сост. А. Ю. Андреев, С. И. Посохов. Москва, 2011.

Bohn T. M., Neutatz D. (Hg.) Studienhandbuch Östliches Europa. Bd. 2: Geschichte des Russischen Reiches und der Sowjetunion. 2. Auf. Köln — Weimer — Wien, 2009.
Ein weisser Fleck in Europa… Die Imagination der Belarus als Kontaktzone zwischen Ost und West. Hg. von T. M. Bohn, V. Shadurski. Bielefeld: Transcript Verlag, 2011.

Kaminski A. (Hg.) Erinnerungsorte an die Opfer des Kommunismus in Belarus. Berlin: Metropol, 2011.

Kosman M. O kresach w historii i legendzie. Studia i szkice z dziejów granicy wschodniej. Cz. 1. Poznań, 2011.

Lorenz C. Przekraczanie granic. Eseje z filozofii historii i teorii historiografii. Tłum. M. Bobako i R. Dziergwa. Poznań, 2009.

Prawo w Europie średniowiecznej i nowożytnej. Red. A. Lis. Lublin: Wydawnictwo KUL, 2011.

Przez Kresy i historię po obrzeża polityki. Profesorowi Marcelemu Kosmanowi w połwiecze pracy naukowej. Komitet red.: Iwona Hofman. T. 1–2. Wydawnictwo Adam Marszałek, Toruń, 2011.

Romanowski W. Ukraina przystanek wolności. Kraków, 2007.

Tradycja — metody przekazywania i formy upamiętnienia w państwie polsko-litewskim, XV — pierwsza połowa XIX wieku. Pod red. U. Augustyniak. Warszawa, 2011.

Запісы. Т. 34. New York — Miensk, 2011.

Ab Imperio. 2011, № 1, 2.

Das Historisch-Politische Buch. 59. Jg. 2011. Hf. 1–4.

History and Theory. Vol. 50. 2011. Nr. 1–3.

Kwartalnik Historyczny. 2011. Nr. 1, 2.

Przegląd Wschodni. T. X. Z. 4 (40).

Studia Biaĺorutenistyczne. T. 5. Lublin, 2011.

Zapiski Historyczne. T. 76. 2011. Z. 1, 2.

Zeitschrift für Ostmitteleuropa-Forschung. Jg. 56 (2007) — Jg. 60 (2011) Hf. 2.

Галоўная » Архіў катэгорыі '2011 Т.18 Сш. 1-2'