Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2016 Т.23 Сш. 1-2

Геранім Граля. Ці была Рэч Паспалітая каланіяльным утварэннем?

Жніўня 15, 2015 |

“Д’ябал хаваецца ў дэталях…”

Фрыдрых Ніцшэ

Гэтыя развагі я пачну з апеляцыі не да моднай апошнім часам сярод навукоўцаў практыкі апісваць першую Рэч Паспалітую праз прызму посткаланіяльнай тэорыі, а да падзеі, якая мела шырокі розгалас у польскіх СМІ. Так, 7 кастрычніка 2015 г. папулярная пісьменніца Вольга Такарчук, даючы інтэрв’ю тэлеканалу “TVP Info” (праграма “Пасля восьмай вечара”) з нагоды ўручэння ёй літаратурнай прэміі “Ніке”, зрабіла наступную заяву: “Мы прыдумалі сабе гісторыю Польшчы як талерантнай, адкрытай краіны, краіны, якая ва ўзаемаадносінах са сваімі меншасцямі нічым сябе не запляміла. Тым часам мы рабілі жудасныя рэчы, выступаючы як каланізатары, як нацыянальная большасць, што прыгнятала меншасці, як рабаўладальнікі”. Гэтае інтэрв’ю інспіравала шалёную атаку на пісьменніцу з боку многіх палітычных асяродкаў –асабліва нацыянальна-кансерватыўнага крыла, выклікала хвалю несканчонага флэйму, а таксама прымусіла сяго-таго выступіць з канкрэтнымі захадамі, накіраванымі на пакаранне пісьменніцы, напрыклад заявай аб пазбаўленні яе статусу ганаровага грамадзяніна яе роднага горада Нова Руда [1]. Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Погляды Мікалая Улашчыка на Люблінскую унію і яе наступствы.

Жніўня 15, 2015 |


Да 110-годдзя з дня нараджэння Мікалая Мікалаевіча Улашчыка (1906–1986)

Не так даўно ў адмысловым аглядзе тэмы Дарота Міхалюк не без падстаў адзначыла дамінаванне ў беларускай гістарыяграфіі адмоўных ацэнак Люблінскай уніі і звязаны з гэтым негатыўны вобраз Рэчы Паспалітай у свядомасці сярэдняга беларуса [1]. Назіранню даследчыцы наўрад ці можна запярэчыць, хоць яна разгледзела далёка не ўсе рэлевантныя працы. Калі аналізаваць больш шырокі падбор публікацый і ўлічваць грамадска-палітычны кантэкст іх з’яўлення, то ў стаўленні да Люблінскай уніі ў беларускай гістарыяграфіі выявіцца яшчэ большая зменлівасць і разнастайнасць пазіцый. Знойдуцца ў ёй прыклады як свядомых маніпуляцый, так і ўзорна навуковага падыходу да праблемы, прадэманстраванага, у прыватнасці, Мікалаем Улашчыкам. Погляды гэтага даследчыка заслугоўваюць асобнай увагі, але спачатку паспрабуем акрэсліць асноўныя вехі зменаў прэзентацыі названай уніі да з’яўлення прац М. Улашчыка, засяродзіўшыся найперш на творах нацыянальнага майстар-наратыву. Чытаць далей →

Сантэ Грачыёці. Пра даследаванні беларускага “Трышчана” ў Італіі.

Жніўня 15, 2015 |


Вяртаюся да аднаго з маіх даўніх захапленняў, каб аддаць даніну павагі цудоўнаму літаратурнаму жанру, а таксама каб адплаціць яму за тую няўвагу з боку даследчыкаў, у якой ён ужо доўгі час застаецца. Маё вяртанне да гэтай тэмы абумоўлена двума даўгамі (як навуковымі, так і прапазітыўнымі) – раманістычным і славістычным. Што да першага, то варта было б вярнуцца, зрабіўшы адваротны пераклад беларускага “Трышчана” (ТБ) на італьянскую мову, да аднаго тэксту італа-венецкага паходжання, які невядомы нашым раманістам або, прынамсі, не ўзяты імі пад увагу з-за моўнага бар’ера. Што да другога, то ён скіраваны на вывучэнне літаратурна-лінгвістычнага помніка, які павінен быў бы разглядацца як сведчанне народзінаў прафаннай (свецкай, нерэлігійнай, белетрыстычнай) літаратуры ў Беларусі. Чытаць далей →

Марж Фігура, Лукаш Стаськевіч. Помнік князю Альгерду ў Віцебску як элемент гістарычнай палітыкі Беларусі.

Жніўня 15, 2015 |


На працягу апошніх гадоў у гістарычнай палітыцы Беларусі можна заўважыць паступовыя змены. Усё часцей у ёй з’яўляюцца элементы, якія маюць дачыненне да спадчыны Вялікага Княства Літоўскага, у тым ліку да найбуйнейшых дзеячоў той эпохі. Вельмі важны кампанент такой палітыкі – стварэнне помнікаў у гонар нацыянальных герояў. І калі гаварыць пра будаўніцтва на Беларусі новых помнікаў, дык можна заўважыць пэўныя змены ў стаўленні да гэтага пытання з боку органаў улады. Яшчэ да нядаўняга часу ўшанаванне колішніх уладароў Вялікага Княства Літоўскага выглядала немагчымым ці малаімаверным. Ды нават і цяпер, нягледзячы на пэўныя змены ў гэтай сферы, такія спробы выклікаюць эмоцыі і дыскусіі. Адным з прадметаў такіх спрэчак стала асоба князя Альгерда. Чытаць далей →

Ірына Романова. Пасляваенны яўрэйскі Бабруйск.

Жніўня 14, 2015 |


Напярэдадні вайны ва ўсходняй Беларусі жыло 375 тыс. яўрэяў [1] і ў заходняй – прыкладна 600 тыс., разам каля 1 млн. У гады Халакосту на тэрыторыі Беларусі было забіта каля 800 тыс. мясцовых і прывезеных з Еўропы яўрэяў. Першы пасляваенны Усесаюзны перапіс, праведзены амаль праз пятнаццаць гадоў пасля вайны, зафіксаваў у БССР на 1 студзеня 1959 г. толькі 150 тыс. яўрэяў [2]. Па абласцях яўрэйскае насельніцтва размяркоўвалася наступным чынам: на першым месцы стаяла Мінская вобласць –47,8 тыс. яўрэяў (з іх 38,8 жылі ў самім горадзе Мінску), далей ішлі вобласці ўсходняй Беларусі: Гомельская – 45 тыс., Магілёўская – 28,4 тыс., Віцебская – каля 19 тыс.; у дзвюх абласцях на захадзе Беларусі колькасць яўрэяў была значна меншай: у Брэсцкай – 6 тыс., у Гродзенскай – 3,7 тыс. [3] Амаль усе яўрэі жылі ў гарадах (каля 97%). Чытаць далей →

Сяргей Новікаў. Баявыя дзеянні ў Беларусі летам 1941 г.: гістарыяграфічныя міфы і гістарычная рэальнасць.

Жніўня 14, 2015 |


Адна з актуальных праблем аналізу новых гістарыяграфічных крыніц, у тым ліку замежных, – выяўленне ступені навуковай верыфікацыі гістарычных фактаў. Разгледзім гэта на прыкладзе гісторыі Беларусі летам 1941 г. Як жа насамрэч баявыя дзеянні Чырвонай арміі і германскага Вермахта, якія вызначалі адметнасць пачатковага перыяду вайны на беларускай зямлі, адлюстраваны ў найноўшай расійскай 12‑тамовай фундаментальнай працы – “Великая Отечественная война 1941–1945 годов” [1], падрыхтаванай вядучымі даследчыкамі Расіі на працягу літаральна апошніх некалькіх гадоў? Наколькі сутнасць новых грунтоўных прац вынікае з дакументальных крыніц рознага паходжання і наколькі гістарычныя факты набліжаюць чытача да асэнсавання рэальных вынікаў абарончых баёў Чырвонай арміі ў Беларусі ў чэрвені – жніўні 1941 г.? Адказаць на гэтыя і іншыя пытанні важна па розных прычынах, але ў першую чаргу з чыста даследчыцкіх інтарэсаў.

З аднаго боку, у такім кантэксце паспрабуем даць адказ на галоўнае пытанне: наколькі ўсебакова ў новых грунтоўных выданнях адлюстраваны баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ўлетку 1941 г.? Зыходзячы з гэтага можна будзе зразумець, што ж тады здарылася на беларускай зямлі – ці паражэнне Чырвонай арміі, ці яе ваенная катастрофа, ці крах савецкай абарончай стратэгіі або адбылася толькі страта баявых рубяжоў, калі на фоне вымушанага адступлення Чырвоная армія працягвала весці ўпартыя баі за тэрыторыю Беларусі, калі з канца чэрвеня і да канца жніўня 1941 г. насамрэч ішла БІТВА за Беларусь. Ці ўсё ж такі галоўным вынікам несупынных баявых дзеянняў, тактычных адыходаў і стратэгічных контрудараў, вялізных людскіх і матэрыяльных страт Заходняга і Цэнтральнага франтоў на беларускай зямлі стаў крах аперацыі “Барбароса” ў канцы ліпеня 1941 г., звязаны са спыненнем наступлення групы армій “Цэнтр” на Маскву і пераходам яе да франтальнай абароны ў ходзе вядзення так званай “маланкавай вайны” супраць СССР. У сувязі з гэтым ці здольны мы на цяперашні час вызначыць сапраўднае гістарычнае значэнне тых падзей, пераканаўча паказаць дакументальную базу, пакладзеную ў аснову навуковых ацэнак гістарычных вынікаў абарончых баёў Чырвонай арміі на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.? Чытаць далей →

Юры Грыбоўскі. “Латвійскі” перыяд дзейнасці Мікалая Дзямідава (1922-1942).

Жніўня 14, 2015 |


Шмат постацяў беларускага нацыянальнага руху пачатку і першай паловы ХХ ст. па розных прычынах доўгі час былі малавядомымі і забытымі. Толькі цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў іх імёны паступова вяртаюцца з гістарычнага нябыту. Да іх з упэўненасцю можна залічыць Мікалая Дзямідава, беларускага вайсковага і грамадскапалітычнага дзеяча, педагога. Гэтая асоба ўжо вядомая чытачу дзякуючы шэрагу навуковых і навукова-папулярных публікацый. Значны ўклад у пашырэнне ведаў пра дзейнасць Дзямідава зрабілі працы Алега Латышонка.

Даследаванні гэтага гісторыка дазволілі зірнуць на Мікалая Дзямідава як на вайсковага дзеяча, арганізатара і камандзіра беларускіх вайсковых аддзелаў у перыяд змагання за дзяржаўную незалежнасць Беларусі (1918–1921) [1].

Разам з тым практычна па-за ўвагай даследчыкаў застаецца далейшы лёс гэтага дзеяча. Значна менш нам вядома пра ўдзел Дзямідава ў нацыянальнай працы ў міжваенныя гады, а таксама ў час ІІ сусветнай вайны. Чытаць далей →

Аляксандр Пагарэлы. Прэса і публічная сфера ў заходнебеларускай вёсцы ў 1920-30-я гады.

Жніўня 14, 2015 |


Падтрыманне працэсаў камунікацыі і фармавання грамадскай думкі ў кантэксце развіцця палітычнай культуры і распаўсюджання нацыянальных ідэнтычнасцяў патрабуе генеравання і пошуку аптымальнай для гэтага грамадскай прасторы. Магчымасці для выкарыстання такой прасторы могуць быць абумоўлены як палітычнымі, так і сацыякультурнымі чыннікамі. Цягам апошняга паўстагоддзя грамадскую камунікацыйную прастору апісвалі з дапамогай канцэпцыі публічнай сферы. Што ж такое публічная сфера?

Паводле аўтара гэтага тэрміна і канцэпцыі Юргена Габермаса, “публічная сфера – гэта галіна грамадскага жыцця, у якой можа быць сфармавана нешта, блізкае да грамадскай думкі” [1]. Пры гэтым доступ гарантуецца ўсім грамадзянам. Элемент публічнай сферы ўзнікае пры любым абмене думкамі, у час размоў паміж грамадзянамі, якія ўтвараюць які-небудзь грамадскі орган.

Для Габермаса было важным паказаць, што публічная сфера нарадзілася як свайго роду інструмент палітычнай самаактуалізацыі ліберальнай германскай буржуазіі. У гэтым сэнсе нефармальныя салоны і чытальні ў неліберальным палітычным рэжыме нямецкіх дзяржаў канца XVIII –1-й паловы XIX ст., які апісвалі Р. Козелек і Ю. Габермас, стваралі прастору для ўзнікнення грамадзянскіх пазіцый і меркаванняў, былі першым крокам для фармавання палітычнай культуры сярэдніх класаў. Гісторыкі сталі актыўна выкарыстоўваць канцэпцыю даволі позна, толькі на рубяжы 1980–90-х г. [2], хоць і запачаткавалася яна ў 1959–1962 г. з публікацыяй кніг Райнгарта Козелека “Крытыка і крызіс: асветніцтва і патагенезіс сучаснага грамадства” і Ю. Габермаса “Структурная трансфармацыя публічнай сферы. Даследаванне катэгорыі буржуазнага грамадства” [3]. Чытаць далей →

Анджэй Гіль. Унійныя тэндэнцыі ў праваслаўнай царкве ВКЛ у канцы XV — пачатку XVI ст.

Жніўня 14, 2015 |


Этнічна-канфесійная сітуацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім да другой паловы XVI ст. характарызавалася своеасаблівай раўнавагай сіл паміж насельніцтвам балцкага паходжання, якое ў асноўным захоўвала традыцыйныя, дахрысціянскія вераванні, і праваслаўнымі русінамі, якія – па меры пашырэння межаў дзяржавы на ўсход – пачыналі складаць пераважную большасць яе насельніцтва.

Працэс адаптацыі славянскага насельніцтва княства да новай грамадска-палітычнай сітуацыі не выклікаў з яго боку нейкага сур’ёзнага супраціўлення. Гэта іне дзіўна, бо кіраўнічая літоўская эліта, хоць фармальна і язычніцкая, не толькі не навязвала сваім усходнеславянскім падданым уласнай рэлігіі, але нярэдка наадварот прымала праваслаўе разам з новай культурнай, а часам і этнічнай ідэнтычнасцю. З канфесійнага пункту гледжання ўсё гэта вяло да безумоўнага дамінавання ў ВКЛ праваслаўя, хоць на заходніх рубяжах княства адзначаўся і ўплыў каталіцызму, які прыходзіў сюды як з прыбалтыйскіх германскіх дзяржаў, так і з Польшчы ды Мазовіі [1]. Чытаць далей →

Аўтары нумара

Верасня 23, 2013 |

Andrzej Gil
Katolicki Uniwersytet Lubelski Jana Pawła II
Al. Racławickie 14
20-950 Lublin

Sante Graciotti
via Alberto da Sarteano, 19
Roma 00126

Hieronim Grala
Artes Liberales, Uniwersytet Warszawski
ul. Nowy Świat 69
00-046 Warszawa

Jury Hryboŭski
Uniwersytet Warszawski
ul. Szturmowa 4
02-678 Warszawa

Юрій Мицик
Національний університет
“Киϵво-Могилянська Академія”
вул. Г. Сковороди, 2
04655 Київ

Сяргей Новікаў
Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт
вул. Захарава, 21
220034 Мінск

Аляксандр Пагарэлы
Instytut Slawistyki PAN
ul. Bartoszewicza 1B, m. 17
00-337 Warszawa

Ірына Раманава
European Humanities University
Tauro St. 12
LT-011114 Vilnius

Генадзь Сагановіч
European Humanities University
Tauro St. 12
LT-011114 Vilnius

Łukasz Staśkiewicz
Instytut Wschodni UAM
ul. Umultowska 89D
61-614 Poznań

Marek Figura
Instytut Wschodni UAM
ul. Umultowska 89D
61-614 Poznań

Галоўная » Архіў катэгорыі '2016 Т.23 Сш. 1-2'