Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - 2021 Т. 28 Сш. 1-2

Том 28, Сшыткі 1-2 (54-55) (Снежань 2021)

2 красавіка, 2022 |

Артыкулы

Новая літаратура: агляды і рэцэнзіі

In memoriam

Contents.

Юрый Внуковіч. Першая гісторыя Беларусі па-літоўску як крок да суладдзя нацыянальных наратываў*

16 лютага, 2022 |

* Kamuntavičius, Rūstis. Gudijos istorija. Baltarusijos istorija. Vilnius: Mokslo ir enciklopedijų leidybos centras, Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystės institutas, 2021. 351 p.

Кніга сучаснага літоўскага гісторыка Русціса Камунтавічуса, пададзеная ў аглядзе – гэта нетрывіяльны, поўны самарэфлексій пераказ гісторыі Беларусі ад старажытных часоў і да “Беларускай рэвалюцыі 2020 года”. На вокладцы кнігі паралельна ўжыты два словы (Gudija і Baltarusija), якімі ў літоўскай мове ў залежнасці ад сітуацыі прынята абазначаць нашу краіну. На першы погляд, такі прыём можа падацца спрэчным, але ён міжволі выяўляе падвойны характар беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Сам аўтар яўна аддае перавагу традыцыйнай літоўскай форме Gudija, адзначаючы яе архаічнасць і аўтэнтычнасць, а не штучнай кальцы з рускай мовы Baltarusija, утворанай у савецкі перыяд (117). Як гэта ні парадаксальна, ужытая ў манаграфіі назва нашага народа gudai, якой літоўцы здаўна іменавалі сваіх суседзяў, што жылі на ўсходзе ад іх, аказваецца ў манаграфіі куды больш прыдатнай і рэлевантнай для апісання гісторыі Беларусі (асабліва яе ранніх перыядаў), чым сама назва беларусы (у літоўскім варыянце baltarusiai). Крывічы, русіны, беларусы – усе яны з тэрыторыі сучаснай Літвы ідэнтыфікаваліся як gudai. Гэтая ўстойлівая вонкавая назва, якая захавалася ў літоўскай мове да нашых дзён, як бы ўказвае на лучнасць, пераемнасць і тоеснасць усіх гэтых этнічных катэгорый. Чытаць далей →

Аўтары нумара

31 жніўня, 2010 |

Наталля Анофранка
Інстытут гісторыі НАН Беларусі
вул. Акадэмічная, 1
220072 Мінск Беларусь

Дзмітрый Віцько
вул. Чурлёніса, д. 4, кв. 32
220045 Мінcк Беларусь

Юрый Внуковіч
Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі
вул. Сурганава, д. 1, кор. 2
220072 Мінск, Беларусь

Юры Гардзееў
ul. Bujaka 16/10
30-611 Kraków
Republic of Poland

Miroslav Hroch
Faculty of Humanities
The Charles University
U Kříže 8 158 00 Prague·
Czech Republic

Цімох Кавалеўскі
Centre for Regional and Belarusian Studies
European Humanities University
Savičiaus 17
01126 Vilnius
Republic of Lithuania

Сяргей Новікаў
Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт
вул. Захарава, 21
220034 Мінск Беларусь

Аляксандр Пагарэлы
вул. Кабяка, д. 12/1, кв. 155
230020 Гродна Беларусь

Генадзь Сагановіч
Centre for East European Studies
University of Warsaw
7/55 Oboźna St.
00-332 Warszawa
Republic of Poland

Памяці Яўгена Анішчанкі

31 жніўня, 2010 |


Не стала чалавека, які зрабіў важкі ўнёсак у беларускую гіста рыяграфію падзелаў Рэчы Паспалітай і, перш за ўсё, – у вывучэнне зямельных адносін на беларускіх землях у гэты перыяд. Шчыры, прынцыповы даследчык пайшоў з жыцця ў росквіце творчых сіл, пакінуўшы пасля сябе вялікі навуковы багаж.

Нарадзіўся Яўген Анішчанка ў вёсцы Бранцава на Аршаншчыне 25 кастрычніка 1955 г. у сям’і агранома. З дзяцінства 1955–2021 паважаў вясковы лад жыцця, сялянскую працу, любіў прыроду. Па складзе характару быў лірыкам. Таму невыпадкова яшчэ школьнікам апынуўся ў Мінску ў Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве, якую скончыў у 1973 г. (Пазней жартаваў, што аднолькава добра навучыўся там маляваць партрэты Леніна і калгаснага каня.) Задаволіўшы эстэтычныя запыты душы, ён вырашыў вывучыць мінуўшчыну сваёй старонкі і ўсёй Беларусі, паступіў на гістфак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і ў 1978 г. атрымаў дыплом. Настаўнічаў, выкладаў у Інстытуце культуры ў Мінску (1985–1986), а пасля заканчэння аспірантуры застаўся працаваць у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі. 11 ліпеня 1989 г. абараніў тут кандыдацкую дысертацыю па тэме “Зямельныя адносіны ва Усходняй Беларусі ў другой палове ХVІІІ – пачатку ХІХ ст.” (кіраўнік Васіль Мялешка). У свет пачалі выходзіць кнігі: “Генеральнае межаванне на Беларусі” (1996), “Беларусь у часы Кацярыны ІІ” (1998), “Черта оседлости” (1998), “Восстание и война 1794 года в Литовской провинции (сборник документов)” (2000 і 2001 гг.), “Стогн. Паўстанне 1794 года. Новыя дакументы” (2002).

Трэба адзначыць вялікую працавітасць Яўгена Анішчанкі. Калі ён трапляў у архівы, то імкнуўся занатаваць не толькі дакументы па тэме, але і ўсё, што ляжала побач і магло рана ці позна быць карысным для вывучэння гісторыі Беларусі. Асабліва гэта тычыцца расійскіх архіваў. Ён ездзіў у Маскву, здымаў пакойчык і з ранку да цямна працаваў у архівах. Занатоўваў, замалёўваў, запісваў (копіі дакументаў каштавалі дорага).

Як вынік той самаадданасці ў 2002 г. убачыла свет яго праца “Евреи Белорусской губернии: исторический очерк и документы”, а ў 2020 г. – “Запіскі генерала Черевина о польском мятеже”, якія ён ад рукі (!) перапісаў з архіўнага арыгінала і якія чакалі публікацыі васямнаццаць гадоў.

У 2004 г. Яўген Анішчанка абараніў доктарскую дысертацыю па тэме “Палітычная гісторыя Беларусі ў часы падзелаў Рэчы Паспалітай” у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка. Аднак Вышэйшая атэстацыйная камісія не зацвердзіла яе, адзначыўшы, што “работа палітызаваная і не пераконвае ў аб’ектыўнасці аўтарскіх ацэнак”. (У 2006 г. вучоны выдаў асобнай кніжкай гэтую дысертацыю пад аўтэнтычнай назвай.)

Яўген Анішчанка заўсёды быў перакананы ў сваёй праваце (што часам шкодзіла яго асабістаму жыццю і працы). Таму ён пакінуў Інстытут гісторыі НАН Беларусі, працаваў у Дзяржаўным гістарычным архіве ў Мінску, прыбіральшчыкам у Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце, нарэшце, – у Мінскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, дзе выкладаў курс гісторыі медыцыны. У апошні перыяд свайго жыцця шмат супрацоўнічаў з апазіцыйнымі выданнямі як журналіст, напісаў кнігу “Эвакуацыя апазіцыі” (матэрыялы пра дэпутатаў Вярхоўнага Савета Беларусі 12-га склікання), якая вытрымала некалькі выданняў.

Але для беларускай гістарычнай навукі імя Анішчанкі каштоўнае перш за ўсё даследаваннямі далёкай гісторыі. Ён пакінуў сем кніжак дакументаў пра перыяд канца XVIII – пачатак XIX ст.: “Камісары Касцюшкі” (2004), “Імем Айчыны” (2004), “СССР: Святы саюз свабодных рыцараў” (2006), “Ураднікі беларускіх земляў ВКЛ пры Станіславе Панятоўскім” (2008), “Абывацелі правінцыі. Інструкцыі шляхецкіх сеймікаў беларускіх земляў ВКЛ (Літоўскай правінцыі) канца ХVIII ст.” (2009), “Ураднікі беларускіх земляў ВКЛ у першай палове ХVIII ст.” (2010), “Ураднікі беларускіх земляў Расійскай імперыі на рубяжы ХVIII–ХІХ стагоддзяў” (2011). Названыя крыніцы прызнаны аўтарытэтнымі і карыстаюцца павагай у гісторыкаў, якія вывучаюць гэты перыяд.

Працуючы ў архівах, Яўген Анішчанка нібы размаўляў з мінулым, ён быў апантаны ідэяй давесці да навуковага свету склад насельнікаў Беларусі (у сучасных межах) напрыканцы XVIII ст. Гэта вельмі важная, з пункту гледжання дзяржаўнасці Беларусі, справа вылілася ў серыю кніг са спісамі беларускай шляхты ХVIII ст. (па паветах і ваяводствах ВКЛ адпаведна). З 2011 да 2021 г. убачылі свет трынаццаць выпускаў такіх спісаў. Аднак гэтая лічба стала для вучонага фатальнай: чатырнаццатую, поўнасцю завершаную кнігу са спісамі шляхты Ашмянскага павета яму так і не давялося ўбачыць, яна выйдзе ў свет у 2022 г.

Апошнім прыжыццёвым акордам дзейнасці даследчыка стала публікацыя кнігі “Землеустройство на востоке Беларуси в XVIII–XIX вв.”. Ён спяшаўся яе выдаць, нібы адчуваючы хуткі скон. Як на развітанне прасіў на вокладцы змясціць карту з выявай роднай вёскі Бранцава, на могілках якой і быў пахаваны пасля таго, як 16 траўня 2021 г. перастала біцца яго сэрца.

Яўген Анішчанка быў сумленным і аб’ектыўным вучоным. Не хібіў у гістарычнай праўдзе нават тады, калі яна супярэчыла яго жыццёвай пазіцыі і адначасова востра перажываў, калі бачыў скажэнні беларускай мінуўшчыны. На вельмі негустым абшары сумленных нацыянальных гісторыкаў пачатку ХХІ ст. яго імя займае пачэснае месца. Светлая памяць пра яго захаваецца ў калег і сяброў навечна.

Віктар Хурсік

Самародак, якога цікавіў працэс. Памяці Уладзіміра Ляхоўскага

31 жніўня, 2010 |


Увечары 6 верасня 2021 г. памёр гісторык Уладзімір Ляхоўскі. Гэта стала поўнай нечаканасцю для ўсіх. Ішоў чалавек з крамы з пакупкамі дахаты, а на паўдарозе – разрыў аорты і імгненная смерць усяго ў 57 гадоў.
Калі гаворыш пра смерць пры такіх абставінах, то не выглядае зусім недарэчным нават збіты пафасны штамп, што, маўляў, смерць вырвала чалавека з нашых шэрагаў. Бо ў выпадку Ляхоўскага, бадай што, так і адбылося. Сярод тых, хто даследаваў праблемы гісторыі культуры і адукацыі, развіцця беларускага нацыянальнага руху і станаўлення грамадскай супольнасці Беларусі ў ХІХ–ХХ ст., гісторыю беларускай даваеннай эміграцыі, сацыяльна-палітычныя і гуманітарныя наступствы Першай сусветнай вайны для Беларусі, ён быў адным з найбольш абазнаных, дасведчаных, а галоўнае – дзейных спецыялістаў. Цяжка сказаць, хто пры цяперашніх умовах зможа яго паўнавартасна замяніць.
У гістарычную навуку Уладзімір Ляхоўскі прыйшоў даволі позна. Толькі ў 1993 г., калі ўзрост ягоны ўжо набліжаўся да 30 гадоў, ён скончыў, прытым завочна, гістарычны факультэт БДУ. Даследаваць і пісаць, праўда, пачаў яшчэ студэнтам, і яго дыпломная праца, прысвечаная Мінскаму настаўніцкаму інстытуту, ужо ўражвала грунтоўнасцю. Прынамсі, сам Ляхоўскі з гонарам успамінаў, што ўжо праз дзясяткі гадоў пасля таго даследчык гісторыі БДУ, былы дэкан гістфака і прарэктар універсітэта Алег Яноўскі сказаў яму падчас нефармальнай камунікацыі на нейкім мерапрыемстве, што дагэтуль тую ягоную працу захоўвае, высока яе цэніць і нават тое-сёе выкарыстоўваў падчас уласных даследаванняў.
Выбар менавіта такой першай тэматыкі даследавання быў у пэўнай ступені выпадковасцю. Ляхоўскі згадваў, што калі ў час вучобы ў яго і ягонага тагачаснага сябрааднакашніка Аляксандра Мікалаевіча ўзнікла цікавасць да сур’ёзных заняткаў гістарычнай навукай, то хтосьці парэкамендаваў ім звярнуцца да Віталя Скалабана. Той, маўляў, добра ведае архіўныя матэрыялы і ўвогуле стан беларускай гістарыяграфіі, то падкажа, што цікава і актуальна. Хлопцы да Віталя Уладзіміравіча схадзілі, і той пасля знаёмства і размовы парэкамендаваў Ляхоўскаму заняцца Мінскім настаўніцкім інстытутам, а Мікалаевічу – бежанствам 1915 г.
Абодва да прапановы прыслухаліся і сапраўды паспрабавалі працаваць на гэтых у той час зусім здзірванелых дзялянках. Аднак калі Мікалаевіч абмежаваўся парай артыкулаў і пасля цалкам кінуў гісторыю ды перайшоў у іншыя сферы, то для Ляхоўскага зроблены тады выбар прадвызначыў практычна ўсё далейшае жыццё. Пасля таго ён памяняў шмат месцаў працы: выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя”, часопіс “Спадчына”, Інстытут гісторыі НАНБ, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, факультэт міжнародных адносін БДУ… Але заўсёды і ва ўсіх абставінах працягваў навуковыя даследаванні. Вынікі гэтай працы – дзве кнігі “Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі 1915–1918 гг.” (2010) і “Ад гоманаўцаў да гайсакоў. Чыннасць беларускіх маладзёвых арганізацый у 2-й палове ХІХ – першай трэці ХХ ст.” (2012, 2-е выд. 2015), грунтоўны зборнік (сумесна з Уладзімірам Міхнюком і Аляксандрай Гесь) “Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах” (2001, 2-е выд. 2016), каталог выставы “Ёсць на карце месца…: Грамадска-культурная чыннасць беларускай і расійскай эміграцыі ў Чэхаславакіі, 1921– 1938” (2002), а таксама больш за сотню артыкулаў.
Уладзімір Ляхоўскі – класічны прыклад вучонага-самародка, прыход якога ў гістарычную навуку быў не вынікам свядомай падрыхтоўкі да гэтага праз сям’ю, школу, ВНУ, а нечаканым раскрыццём прыродных здольнасцяў пад уплывам жыццёвых абставін і агульнай грамадскай атмасферы. Хоць сама папярэдняя біяграфія, здавалася б, гэтаму не надта спрыяла.
У кароткім некралогу па гарачых слядах пісьменнік Уладзімір Арлоў згадаў, што Валодзя Ляхоўскі “быў патомным менчуком”. Гэта праўда толькі тады, калі разумець пад такім акрэсленнем тое, што сам ён 5 лютага 1964 г. нарадзіўся ў Мінску і пасля пражыў тут усё жыццё. Але бацькі ягоныя былі мінчукамі толькі ў першым пакаленні, іх радзіма, як і ў большасці беларусаў таго пакалення – вясковая.
Радавое гняздо Ляхоўскіх – Прысынак Уздзенскага раёна. Паходжанне часткі роду Уладзіміра Ляхоўскага па бацьку – шляхецкае і каталіцкае, і сям’я была дастаткова заможная. За што ў трагічныя 1930-я заплаціла немалую цану. Падчас калектывізацыі Ляхоўскіх раскулачылі і яны скіраваліся ў паўночны марозны Котлас. Дзе Віктар Ляхоўскі, бацька Уладзіміра, перад вайной нават паспеў стварыць сям’ю. Але, мабыць, асаблівага ладу ў ёй не было, бо, дэмабілізаваны з войска пасля вайны, на Поўнач Віктар не вярнуўся, а пасяліўся ў Мінску, дзе ажаніўся другі раз з Аляксандрай Дыдзік родам з вёскі Неганічы Бярэзінскага раёна.
Род па маці – поўная супрацьлегласць бацькаваму. Ён быў незаможны, раскулачваць там не было каго. Але ад калгаснай нішчымніцы дзяўчынку Шуру яшчэ да вайны ўдалося нейкім чынам выправіць у Мінск, дзе яна прыслужвала ў доме нейкай яўрэйскай сям’і. Падчас вайны, праўда, давялося вярнуцца на вёску, дзе было ўсё ж выжыць прасцей, чым у горадзе. Але як вайна скончылася – вярнулася ў Мінск зноў, дзе неўзабаве выйшла замуж.
Уладзімір у гэтай сям’і быў апошнім, познім дзіцём. Калі ён нарадзіўся, маці ягонай было 40, а бацьку пад 50. Сястра і брат Валодзі былі за яго нашмат старэйшыя. Сям’я была звычайная рабочая: бацька працаваў электрыкам, маці – прыбіральшчыцай. А жылі ў незадоўга перад тым збудаванай двухпакаёвай кватэры ў доме-“хрушчоўцы” на Шарыках: так дагэтуль нефармальна завецца раён Мінска ў ваколіцах падшыпнікавага завода, цяпер там найбольш прыкметны і вядомы арыенцір – універмаг “Беларусь”.
Дзяцінства Валодзі працякала ў тыповай атмасферы тагачаснай беларускай савецкай пралетарскай культуры, дзе рэй вялі нядаўнія выхадцы з вёскі. Суровы бацька, які за нейкія дзіцячыя грахі мог павучыць і папругай, хуліганістая атмасфера гарадскіх двароў Заводскага раёна, дзе дзеці і падлеткі бавілі час без асаблівага прыгляду з боку вечна занятых бацькоў, часам уступаючы сваімі забавамі і ў супярэчнасць з крымінальным кодэксам.
Яшчэ было захапленне футболам і нават заняткі ў славутага дзіцячага трэнера Алега Базарнава, які выгадаваў нямала знакамітых беларускіх гульцоў, у тым ліку Сяргея Алейнікава і Андрэя Зыгмантовіча. Спыніліся тыя заняткі па волі бацькі, які так сурова зрэагаваў на скаргі настаўнікаў аб зніжэнні паспяховасці сына ў школе. Гэтага Уладзімір не мог дараваць бацьку ўсё жыццё, бо нібыта ў час тых заняткаў Базарнаў бачыў у ім пэўныя таленты. Увогуле ж любоў да футбола Ляхоўскі захаваў да самай смерці.
Цікавасці ж да нечага нацыянальнага тая атмасфера асабліва не стварала, першым штуршком да гэтага, як адзначаў сам Валодзя, была служба ў войску. Прызвалі яго ўлетку 1982 г., а служыць давялося на другім канцы краіны, у Хабараўскім краі. І вось там, у зусім чужых ды непадобных да радзімы мясцінах, у шматнацыянальным асяроддзі і пры падзелах на зямляцтвы з міжнацыянальнымі ды рэгіянальнымі непаразуменнямі ды нават адкрытымі канфліктамі, прыйшло разуменне, што беларусы – не рускія, што Беларусь – не Расія. Дэмабілізаваўшыся, Уладзімір свядома набыў першую беларускую кнігу – шматмоўнае падарункавае выданне “А хто там ідзе?” Янкі Купалы, выдадзенае да стагоддзя класіка. Хоць беларускую мову добра засвоіў толькі ў пачатку 1990-х, калі напоўніцу разгарнулася нацыянальнае адраджэнне.
Да гэтага ж – пошукі і сябе самога, і свайго месца ў жыцці. Паступіў у політэхнічны, але доўга не правучыўся – не ягонае. Працаваў электрыкам у трамвайным дэпо, запісаўся на падрыхтоўчыя курсы ва ўніверсітэт. Шмат чытаў, самаадукоўваўся. З’явілася сям’я, нарадзіліся дзеці.
А ў краіне тым часам стартавала перабудова, пачалі бурліць палітычныя працэсы, абвешчана галоснасць. Ляхоўскі за ўсім сочыць, ва ўсім удзельнічае, заводзіць новыя знаёмствы. І ў атмасферы агульнай лібералізацыі сярод іншага даведваецца пра гісторыю ўласнай сям’і, падрабязнасці якой яму перад тым не адкрывалі. Раней ён, вядома, ведаў пра тое, што бацька нейкі час жыў у Котласе, што там заставаліся сваякі, некаторых нават ведаў асабіста, бо ў часы ягонага дзяцінства прыязджалі ў Мінск і ў іх жылі. А вось што апынуліся там у выніку раскулачвання, пра якое сталі шмат пісаць і гаварыць – пра тое раней не ведаў і не цікавіўся. Таму адкрыццё шакавала і ўразіла.
Вынікам набытых новых ведаў стаў першы выпадак індывідуальнага палітычнага пратэсту. Перад гэтым Ляхоўскі па інерцыі, як і многія тагачасныя маладзёны з рабочых асяродкаў, падаў заяву на ўступленне ў камуністычную партыю. Паводле правілаў перад уступленнем кожны павінен быў адбыць гадавы кандыдацкі стаж, які да таго часу стаў ужо чыстай фармальнасцю. Але Валодзя, калі тэрмін скончыўся, у КПСС уступаць проста адмовіўся, як ні ўгаворвалі здзіўленыя супрацоўнікі парткама, настроеныя на забеспячэнне перадусім колькасных, а не якасных паказчыкаў.
Адышоўшы так рашуча ад камуністычнай партыі, Ляхоўскі зблізіўся з іх тагачаснымі палітычнымі апанентамі з нацыянал-дэмакратычнага лагера. Канец 1980-х і пачатак 1990-х – той перыяд, калі ён актыўна ўдзельнічаў у буйных выбарчых кампаніях, якія ўпершыню праводзіліся на альтэрнатыўнай аснове, у камандах дэмакратычных кандыдатаў. Не на першых ролях, але як шараговы валанцёр. На выбарах народных дэпутатаў СССР у 1989 г. Ляхоўскі працаваў на карысць Аляксандра Жураўлёва, на выбарах у Вярхоўны Савет БССР у 1990-м – на карысць Уладзіміра Грыбанава. Абодва гэтыя кандыдаты, якія перамаглі ў выбарах, былі падтрыманыя Беларускім народным фронтам як найбольш адпаведныя. Праўда, пасля аказаны давер не надта апраўдалі, але гэта іншая гісторыя.
Але грамадска-палітычная дзейнасць Ляхоўскага вялікага развіцця пасля не мела. У гэты вір яго зацягнула толькі часова, у пазнейшыя часы ён ад гэтага збольшага адышоў. А вось гістарычная навука, прыход да якой пачаўся ў пачатку 1990-х, стала захапленнем і прафесіяй на ўсё жыццё.
У час прыходу Ляхоўскага ў гістарычную навуку акурат зруйнавалася камуністычная сістэма, знікла цэнзура і адкрыліся архівы. А паколькі закрытыя яны былі да таго дзясяткі гадоў, цягам якіх дзяржава ўвогуле трымала інфармацыйную прастору ў сваёй манаполіі, то праца гісторыка была ўдзячнай. Не ў сэнсе атрымання з яе матэрыяльных дабротаў, а ў сэнсе прадукавання новых адкрыццяў. Што ні капнеш – усё раней малавядомае ці зусім невядомае, усё прэтэндуе на сенсацыю, што ні публікацыя – то адкрыццё і вяртанне з небыцця.
Валодзю гэтая атмасфера пошуку і знаходак паглынула ў той час цалкам. Бадай, не было ў ягоным навуковым жыцці больш плённага перыяду. Артыкулы, публікацыі дакументаў, падрыхтоўка да друку з прадмовамі і каментарамі раней не публікаваных твораў беларускіх дзеячоў ранейшых пакаленняў і інтэлектуальных здабыткаў пасляваеннай беларускай эміграцыі. Некаторыя нумары часопіса “Спадчына”, які ў 1990-я быў флагманам беларускага інтэлектуальнага жыцця на гістарычнай дзялянцы, нярэдка складаліся ў значнай частцы з матэрыялаў, напісаных ці падрыхтаваных Уладзімірам Ляхоўскім.
Сваю працу ў той рамантычны перыяд ён сам у пазнейшыя часы не лічыў узорнай і дасканалай, прызнаваў, што на яго ўплывала агульная атмасфера таго часу, калі спачатку быў моцны патрыятычны ўздым, а пасля нацыянальная гістарычная навука апынулася ў авангардзе супраціву рэваншысцкім сілам, якія атрымалі ўладу ў краіне. Гэта, вядома, не спрыяла поўнай аб’ектыўнасці, нярэдка спрычынялася да міфатворчасці і павярхоўнасці ацэнак. Усведамляючы гэта, Ляхоўскі мала таго што сам не трымаўся за зробленыя паспешлівыя высновы, калі новыя матэрыялы іх ставілі пад сумнеў, але і пазітыўна рэагаваў, калі ягоныя колішнія высновы аспрэчваліся даследаваннямі іншых. Асабліва калі тыя іншыя належалі да новай, маладой генерацыі.
У гэтым плане нельга прамінуць пытання стаўлення Ляхоўскага да калег і ягонага спрыяння іх працы. Адносна яго без ніякага перабольшання можна прымяняць прыметнік шчодры. У многіх навуковых і папулярных выданнях ягонае імя згадваецца ў ліку тых, каму выказваюцца падзякі за дапамогу і кансультацыі. Сапраўды, назапасіўшы за гады навуковай працы шмат інфармацыі, ведаючы архіўныя фонды і назбіраўшы немалую іканаграфічную базу, ён ніколі не адмаўляўся сваімі ведамі і матэрыяламі бескарысліва падзяліцца, калі чалавек, які іх прасіў, меў у ягоных вачах добрую рэпутацыю. А галоўным крытэрыем, які ствараў гэтую рэпутацыю, была зацікаўленасць чалавека ўласна гісторыяй, укладанне ў даследаванні душы. Калі Уладзімір бачыў, што хтосьці, асабліва з маладых, дэманструе добры даследчыцкі патэнцыял, сумешчаны з асабістай і навуковай сумленнасцю – то ягоная падтрымка ў выпадку звароту па дапамогу была такому чалавеку забяспечаная.
Усё гэта мела сувязь і з ягоным добрым усведамленнем адной з ключавых праблем беларускай гістарычнай навукі – слабога развіцця таго, што завецца навуковымі школамі. Ляхоўскаму вельмі не падабалася дастаткова распаўсюджаная ў нас сітуацыя, калі навуковыя кіраўнікі маладых даследчыкаў, самі далёкія ад той тэмы даследаванняў, якімі займаліся іх падапечныя, нічога ім у навукова-метадалагічным плане не давалі і забяспечвалі ў лепшым выпадку толькі фармальна-адміністратыўную падтрымку. А маладому даследчыку даводзілася ўрэшце да ўсяго даходзіць самому, набіваючы ўласныя гузакі і блытаючыся ў трох соснах там, дзе пісьменнае навуковае кіраўніцтва магло б вырашыць праблему.
Сам Ляхоўскі са студэнтамі, якія рыхтавалі ў яго курсавыя і дыпломныя працы, стараўся працаваць належным чынам: аддаваў ім шмат часу, даваў кансультацыі, заахвочваў да ўдзелу ў канферэнцыях і падрыхтоўцы навуковых публікацый. Але паколькі працаваў на няпрофільным для сябе факультэце, то мог перадаць тым студэнтам не так шмат: сапраўдным карыфеем мытнай справы ён усё ж так і не стаў. І марыў некалі перайсці працаваць на гістфак, каб працаваць са студэнтамі-гісторыкамі. Якім мог бы даваць цікавыя тэмы са сферы ўласных навуковых інтарэсаў, дапамагаць і накіроўваць, ствараць сваю своеасаблівую школу. Але гэтага было яму не суджана.
Праўда, Ляхоўскі ўсведамляў, што яго магчымасці дастаткова абмежаваныя. Важнай рысай ягонага характару было крытычнае стаўленне да самога сябе. Сам ён не лічыў сябе навуковым свяцілам, разумеў, што ў яго не надта добрая адукацыя, недастатковы ўзровень валодання замежнымі мовамі, а адпаведна дастаткова павярхоўнае знаёмства з тымі тэндэнцыямі, якімі жыве сучасная навука ў свеце. Але тое, што было ў яго сілах, намагаўся рабіць на максімальна якасным узроўні.
Хоць перфекцыянізм часам і падводзіў. Шмат гадоў таму Ляхоўскі ўзяўся падрыхтаваць да друку працяг фундаментальнай публікацыі “Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі”. Першы том у дзвюх аб’ёмных частках, на матэрыялах Віленскага цэнтральнага дзяржаўнага архіва, быў падрыхтаваны Сяргеем Шупам і выдадзены ў 1998 г. [1], наступную частку, на аснове мінскіх фондаў, рабіў Ляхоўскі. Рабіў доўга, але, на жаль, да канца працу так і не давёў. Бо хацеў зрабіць сваё выданне яшчэ лепшым і грунтоўнейшым, але пераацаніў уласныя сілы і магчымасці. Вынікі працы не загінулі, але канчаткова яе цяпер давядзецца даводзіць да ладу калегам.
Доўга не хапала яму ні часу, ні імпэту-матывацыі і на тое, каб здабыць у якасці гісторыка-навукоўца афіцыйны статус – абараніць кандыдацкую дысертацыю. Хоць і суіскальніцтва было аформлена яшчэ ў сярэдзіне 1990-х, і тэма дысертацыі акрэсленая: “Адукацыя на акупаваных Германіяй беларускіх землях у гады Першай сусветнай вайны (1915–1918 гг.)”. Тэма вырасла з дыпломнай пра Мінскі настаўніцкі інстытут і паводле першапачатковай задумы мела куды больш шырокія храналагічныя і тэрытарыяльныя рамкі, бо мусіла ахопліваць і тэрыторыю пад расійскім кантролем, і нават перыяд польска-савецкай вайны. Ён сам пасля з усмешкай успамінаў, што наіўна верыў, нібыта ўсё гэта можна ўціснуць у адну кандыдацкую, ды яшчэ на дазволенай ВАКам толькі сотні дысертацыйных старонак. Урэшце ж нават праца над такой значна ўрэзанай тэмай заняла шмат гадоў.
І гэта не было вынікам нядбайнасці. Асноўная частка неабходнага матэрыялу была ўжо сабраная нават да часу зацвярджэння на суіскальніцтва, а ў наступныя гады ён паглыбляўся і папаўняўся. Але каб той матэрыял належным чынам апрацаваць, звесці да належнага аб’ёму і аформіць так, як патрабуюць вакаўскія правілы, вечна не хапала часу, а можа і ахвоты. Трэба было як мінімум на паўгодагод усё іншае кінуць і займацца перадусім толькі гэтым, а кідаць нічога не хацелася. “Мяне цікавіў працэс!” – паўжартоўна адказваў Валодзя, калі я пытаўся ў яго, чаму гэта ўсё так зацягнулася. Маючы на ўвазе не дастаткова руцінны працэс афармлення кваліфікацыйнай працы, а працэс няспыннага пошуку матэрыялу па розных падзеях і асобах, звязаных з беларускім рухам першай паловы ХХ ст.
Несумненна, мела тут значэнне і ягоная агульная неамбіцыйнасць. Ляхоўскі не ставіў мэтай зрабіць службовую кар’еру, зрабіцца якім-небудзь фармальным начальнікам. І таму навуковая ступень не была для яго нечым такім, што прагнулася ўсёй душой. Тым больш што зроблена ім да сярэдзіны нулявых было ўжо так шмат, што ў навуковых асяродках ягоны аўтарытэт быў высокі і без таго.
Зрэшты, калі адносна ліберальныя дагэтуль часы ў сярэдзіне нулявых памяняліся і наяўнасць навуковай ступені стала першаснай умовай, каб застацца на працы ў навуковай і адукацыйнай сферы, Ляхоўскі здолеў усё ж узяць сябе ў рукі, адкласці ўсё ўбок і сканцэнтравацца на падрыхтоўцы дысертацыі, такі яе абараніўшы. Гэта было таксама адной з рысаў ягонага характару – у ключавыя моманты сабрацца, мабілізавацца і такі развязаць узнік лыя праблемы.
У Інстытуце гісторыі, праўда, утрымацца яму тады не ўдалося, але набыты статус дазволіў стаць дацэнтам кафедры мытнай справы факультэта міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дзе ён і працаваў да самага канца жыцця.
Але дзе б Ляхоўскі ні працаваў і што б ні рабіў – ён заўсёды захоўваў выразна акрэсленую грамадзянскую пазіцыю. Суверэнітэт Беларусі, развіццё беларускай мовы і культуры, гістарычная праўда замест маніпуляцый – гэта былі для яго абсалютна прынцыповыя і недыскусійныя рэчы. Склалася так, што менавіта ён у апошнія гады вылучыўся на галоўнага спецыяліста па гісторыі беларускай нацыянальнай сімволікі, яму было што сказаць на гэты конт, пацвярджаючы кожнае слова спасылкай на гістарычныя матэрыялы. Калі ў 2020 г. пытанне сімволікі ў беларускім грамадстве надзвычай актуалізавалася, подпісы Ляхоўскага можна было пабачыць пад усімі петыцыямі і зваротамі ў абарону бел-чырвона-белага сцяга і герба Пагоня. У 2020–2021 г. ён даў на гэтую тэму некалькі важных і грунтоўных інтэрв’ю беларускім і замежным папулярным СМІ. Пашырэнне ведаў пра гістарычную сімволіку ў шырокіх грамадскіх колах – у тым ліку несумненна і ягоная заслуга, бо некаторыя з тых публікацый, што з’явіліся ў патрэбны час і ў патрэбным месцы, збіралі дзясяткі і нават сотні тысяч праглядаў. А інфармаванню на гэты конт еўрапейскай супольнасці несумненна паслужыць вялікая публікацыя, зробленая ў прысвечаным беларускім падзеям тэматычным выпуску нямецкага часопіса “Osteuropa” [2].
Пры гэтым Ляхоўскі, вядома, разумеў, у якой краіне жыве, і стараўся па магчымасці паводзіць сябе канструктыўна, трымацца правілаў гульні. Працуючы ў дзяржаўным універсітэце, ён некалькі разоў за супрацоўніцтва з незалежнай прэсай стаяў на мяжы звальнення і ўтрымліваўся толькі дзякуючы заступніцтву кіраўніцтва факультэта. Ён быў кіраўніцтву за гэта ўдзячны, падтрымку цаніў, а са свайго боку намагаўся па драбязе не падстаўляцца сам і не падстаўляць начальства. Але не тады, калі прамаўчаць у нейкай сітуацыі азначала пайсці выразна супраць уласнага сумлення і здзейсніць подласць у дачыненні да іншых людзей.
Таму ў 2012 г. ён публічна выступіў з адкрытым пратэстным лістом на адрас Белтэлерадыёкампаніі, калі ў яе эфіры гучалі пасквілі на часопіс “Arche” і звязаныя з ім кніжныя выданні, а ў якасці прыкладу літаратуры, у якой “адбельваецца нацызм”, на ўсю краіну паказвалі кнігу Ляхоўскага “Ад гоманаўцаў да гайсакоў”. Таму ягоныя подпісы можна было рэгулярна бачыць пад шматлікімі калектыўнымі лістамі навуковай супольнасці гісторыкаў з пратэстамі супраць пераследу кагосьці з калег ці наступлення дзяржаўных чыноўнікаў і прапагандыстаў на нацыянальныя каштоўнасці і гістарычную праўду. Таму ён да апошняга даваў інтэрв’ю незалежным СМІ, апошнія з якіх выйшлі ў эфір ужо пасля ягонай нечаканай смерці. Пералічваць выпадкі, калі Ляхоўскі свядома рызыкаваў і нарываўся на магчымыя непрыемнасці, бо сумленне не дазваляла яму проста прамаўчаць, можна і далей. І, вядома, нішто не магло прымусіць яго напісаць самому ці паставіць свой подпіс пад чымсьці, што цалкам супярэчыла ягоным уласным поглядам.
У апошнія гады навуковая дзейнасць Ляхоўскага ажывілася, у яго былі вялікія планы. Паступіўшы ў дактарантуру гістфака БДУ, ён стаў рыхтаваць дысертацыю пра беларускую эміграцыю даваеннага часу. Шмат матэрыялу ў яго было ўжо сабрана раней, іншыя стаў актыўна збіраць. У пачатку 2020 г. з’ездзіў у камандзіроўку ў Маскву, дзе шмат чаго знайшоў у зборах былога Рускага замежнага архіва, што захоўваецца ў Дзяржаўным архіве Расійскай Федэрацыі. Рэгулярна хадзіў у наш Нацыянальны архіў, на ягоным працоўным стале дома засталася паперка, у якой распісаны план паходаў туды на верасень па днях і гадзінах. Да канца месяца ён планаваў наведаць архіў 10 разоў, найбліжэйшы візіт – у аўторак 7 верасня з 14.00. Але ўсе планы абарваліся панядзелкавым вечарам 6-га…

Аляксандр Пашкевіч


[1] Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі = Archives of the Belarusian Democratic Republic. Т. 1. Кн. 1–2. Фонд No 582 Дзяржаўнага Архiва Лiтвы (“Рада Мiнiстраў Беларускай На роднай Рэспублiкi”) / уклад., падрых., уступ, камент., перакла ды, паказальнікі: С. Шупа. Вільня, 1998.
[2] Гл.: Osteuropa. 2020. Hf. 10-11.

Наверх

Аўтарэфераты дысертацый па гістарычных навуках, дапушчаных да абароны ў 2021 г.

20 ліпеня, 2010 |

Доктарскія дысертацыі

Ландина, Л. В. Концепт европейского абсолютизма в российской историографии последней трети ХІХ – начала ХХІ в.: 07.00.09 / Ландина Лариса Владимировна; Белорус. гос. ун-т. – Минск, 2021. – 49 с. – Библиогр.: с. 38–46 (57 паз.)

Мартынюк, А. В. Австрия и Восточная Европа: становление и развитие политических взаимоотношений и культурных контактов (ХІІІ–XV вв.): 07.00.03 / Мартынюк Алексей Викторович; Белорус. гос. ун-т. – Минск, 2021. – 48 с. – Библиогр.: с. 41–45 (40 паз.)

Моторова, Н. С. Социальная политика на территории Беларуси (1861–1914 гг.) : 07.00.02 / Моторова Надежда Сергеевна; Белорус. гос. ун-т. – Минск, 2021. – 46 с. – Библиогр.: с. 37–43 (46 паз.)

Темушев, С. Н. Формирование государственных финансов Древней Руси (ІХ – первая половина ХІІІ в.): 07.00.03 / Темушев Степан Николаевич; Белорус. гос. ун-т. – Минск, 2021. – 51 с. – Библиогр.: с. 38–48 (92 паз.)

Кандыдацкія дысертацыі

Арлукевич, А. Б. Дислокация, квартирное и продовольственное обеспечение российских войск на территории белорусских губерний в 1854–1914 гг.: 07.00.02 / Арлукевич Александр Брониславович; Ин-т истории НАН Беларуси. – Минск, 2021. – 25 с. – Библиогр.: с. 20– 22 (24 паз.)

Бараноўскі, А. В. Віцебская губерня ў дзяржаўна-тэрытарыяльным уладкаванні Савецкай Беларусі (1919– 1924 гг.): 07.00.02 / Бараноўскі Аляксандр Віктаравіч; Ін-т гісторыі НАН Беларусі. – Мінск, 2021. – 24 с. – Бібліягр.: с. 17–21 (30 паз.)

Денисевич, А. А. Система профессиональной подготовки историков в университетах Великобритании в условиях реформ высшей школы в 1992–2017 гг.: 07.00.03 / Денисевич Алексей Александрович; Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка. – Минск, 2021. – 26 с. – Библиогр.: с. 22–23 (12 паз.)

Ермак, Ю. Г. Трансформация традиционного образа жизни еврейских женщин на белорусских землях в условиях модернизации (вторая половина XIX – начало XX вв.): 07.00.02 / Ермак Юлия Геннадьевна; Могилёв. гос. ун-т им. А. А. Кулешова. – Могилёв, 2021. – 25 с. – Библиогр.: с. 18–22 (34 паз.)

Крапивин, В. С. Учреждения государственных имуществ на территории Беларуси (1839–1914 гг.): 07.00.02 / Крапивин Василий Сергеевич; Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка. – Минск, 2021. – 30 с. – Библиогр.: с. 24– 27 (20 паз.)

Лаўрэенка, Л. В. Прамысловасць, рамесніцтва і гандаль на тэрыторыі Заходняй Беларусі (1921–1939 гг.): 07.00.02 / Лаўрэенка Ларыса Віктараўна; Ін-т гісторыі НАН Беларусі. – Мінск, 2021. – 25 с. – Бібліягр.: с. 19– 22 (23 паз.)

Малиновская, Э. Л. Историография формирования советской интеллигенции в БССР в 1920–1930-х гг.: 07.00.09 / Малиновская Эмма Леонидовна; Белорус. гос. ун-т. – Минск, 2021. – 27 с. – Библиогр.: с. 22– 24 (19 паз.)

Маслоўскі, Я. В. Рабочыя фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў Беларусі (1907–1914 гг.): склад, матэрыяльнае становішча, формы сацыяльнага пратэсту: 07.00.02 / Маслоўскі Яўгеній Валер’евіч; Беларус. дзярж. ун-т. – Мінск, 2021. – 21 с. – Бібліягр.: с. 17–18 (12 паз.)

Помалейко, О. Л. Социально ориентированная общественная деятельность женщин в Беларуси на рубеже XIX–ХХ вв.: 07.00.02 / Помалейко Ольга Леонидовна; Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка. – Минск, 2021. – 25 с. – Библиогр.: с. 19–22 (29 паз.)

Сидорова, С. О. Развитие почтово-телеграфной связи на территории Беларуси (80-е гг. XIX в. – 1914 г.): 07.00.02 / Сидорова Светлана Олеговна; Белорус. гос. ун-т. – Минск, 2021. – 22 с. – Библиогр.: с. 18–19 (12 паз.)

Сурма, А. А. Социальная политика правительств Д. Кэмерона (2010–2016 гг.): 07.00.03 / Сурма Алексей Александрович; Белорус. гос. пед. ун-т им. М. Танка. – Минск, 2021. – 30 с. – Библиогр.: с. 25–27 (18 паз.)

Такaс, М. Религиозная политика правительства Аднана Мендереса в Турции (1950–1960 гг.): 07.00.03 / Такас Мустафа; Белорус. гос. ун-т. – Минск, 2021. – 24 с. – Библиогр.: с. 20–21 (7 паз.)

Хотеев, А. С. Российские историко-литературные журналы второй половины XIX – начала XX в. как источник по истории Беларуси: 07.00.09 / Хотеев Алексей Сергеевич; Белорус. гос. ун-т. – Минск, 2021. – 22 с. – Библиогр.: с. 17–19 (17 паз.)

Чайкин, С. Н. Развитие пенитенциарной системы на территории Беларуси в 1831–1914 гг.: 07.00.02 / Чайкин Сергей Николаевич; Могилёв. гос. ун-т им. А. А. Кулешова. – Могилёв, 2021. – 24 с. – Библиогр.: с. 20– 21 (14 паз.)

Др. Марыя Паўліна Сурвіла (1964–2020). Даследчыца і адвакат беларускай культуры = Dr. Maria Paula Survilla (1964–2020). A Scholar and Advocate of Belarusian Culture: зборнік артыкулаў, прысвечаных памяці калегі і сяброўкі / [укладанне, прадмова ЗІНЫ ГІМПЕЛЕВІЧ; рэдактары: НАТАЛЛЯ ГАРДЗІЕНКА і інш.] Мінск: Лімарыус, 2021. 406 с., [1], [6] іл.

20 ліпеня, 2010 |

У спісе страт, якія панесла беларуская навука ў 2020 г., на жаль, ёсць і імя вядомай прадстаўніцы нашага замежжа, этнамузыколага і выкладчыцы, доктаркі Марыі Паўліны Сурвілы, што пайшла з жыцця ва ўзросце ўсяго 56 гадоў. У памяць пра яе ў Мінску ўбачыла свет спецыяльнае выданне, у стварэнні якога прынялі ўдзел даследчыкі з некалькіх краін свету. Тэксты зборніка напісаны па-беларуску, паанглійску, па-французску, па-іспанску, па-руску. Ужо гэты пералік моў выразна адлюстроўвае як шырокую геаграфію жыцця, так і далягляд творчасці Паўліны Сурвілы.

Выразнай спецыфікай кнігі можна назваць тое, што яна не з’яўляецца выключна навуковым выданнем. Гэта таксама можна патлумачыць шматграннасцю асобы доктаркі Сурвілы. На старонках зборніка можна знайсці вершы, успаміны пра Паўліну Сурвілу, сярод уласна навуковых тэкстаў – многія тэмы, выразна інспіраваныя асабіста важнымі для аўтара рэчамі і асобамі, напрыклад артыкул Сяргея Навумчыка пра Пятра Машэрава. Тут сам аўтар адзначае, што гэта “не навуковая праца, а, хутчэй, эсэ палітыка пра палітыка”. Аднак калі ўлічыць фармат кнігі, арыентаванай, як падаецца, не столькі на прафесійных навукоўцаў, колькі на шырокую грамадскасць, абраны падыход да зместу і характару артыкулаў цалкам апраўданы.

Усе тэксты структураваныя паводле тэматыкі на некалькі раздзелаў. Акрамя прыгаданых вершаў і першай часткі, што змяшчае ўспаміны, ёсць “гістарычны блок”, некалькі артыкулаў, што дэманструюць сувязь беларускай гісторыі і культуры з сусветнымі працэсамі і з’явамі, вялікі раздзел па гісторыі літаратуры і фінальны, дзе змешчаны тры тэксты, звязаныя з беларускай дыяспарай.

Апошні раздзел, на нашу думку, найбольш разнастайны па фарматах. Ён адкрываецца англамоўным біяграфічным артыкулам пра Янку Станкевіча, потым ідзе падрыхтаваная да публікацыі Наталляй Гардзіенкай перапіска Янкі Сурвілы з айцом Львом Гарошкам. Фінальны тэкст раздзела – “дыялог-успамін”, дзе пра гісторыю эмігранцкага танцавальнага ансамбля “Васілёк” размаўляюць удзельніца калектыву Ала Орса-Рамана і даследчыца Валянціна Трыгубовіч.

Пададзеныя ў кнізе тэксты надзвычай разнапланавыя, што вельмі добра. Кожны чытач зможа знайсці для сябе штосьці важнае, а таксама пазнаёміцца з матэрыяламі сумежных дысцыплін.

З метадалагічнага пункту гледжання таксама варта адзначыць, што прапанаваныя артыкулы ў сваёй бальшыні добра адлюстроўваюць сучасны стан навукі. Так, тэматыка сталінскіх рэпрэсій паказана праз прызму мікрагісторыі, гісторыі персаналій (артыкул Алеся Смаленчука), а таксама ў аспекце аналізу асэнсавання трагічнага мінулага ды складанасцяў такога асэнсавання (англамоўны тэкст Дэвіда Марплза і Веранікі Лапуцькі). Генадзь Сагановіч прапанаваў даўно патрэбны ў нашай гістарыяграфіі ўзважаны, але крытычны разбор вядомай у беларускім грамадстве кнігі Міколы Ермаловіча “Па слядах аднаго міфа”.

Такая ж шырокая разнастайнасць тэм сустракаецца і ў іншых раздзелах. Найбольш паказальным можа служыць перадапошні, прысвечаны гісторыі літаратуры. Ён адкрываецца англамоўным артыкулам Ірыны Дубянецкай, дзе яна, абапіраючыся на арыгінальны яўрэйскі тэкст, аналізуе біблейскі міф пра стварэнне свету. Завяршаецца раздзел артыкулам амерыканскага даследчыка Патрыка Малоя, які прысвечаны перакладам на мову суахілі тэкстаў пра СНІД. Аўтар разглядае гэты працэс ад 1980-х гадоў і завяршае сітуацыяй 2020 г., калі свет накрыла чарговай эпідэміяй.

Разгледжаны зборнік убачыў свет з сумнай нагоды. Але сваім зместам ён, безумоўна, зробіць годны ўнёсак у айчынную навуку і паслужыць напамінам пра таленавітую даследчыцу ды выкладчыцу Паўліну Сурвілу.

Мінск

Сяргей Емяльянаў

Korespondencja wojskowa hetmana Janusza Radziwiłła w latach 1646–1655. Część 1. Diariusz kancelaryjny 1649–1653 / oprac. M. NAGIELSKI, K. BOBIATYŃSKI, P. GAWRON, K. KOSSARZECKI, P. KROLL, A. A. MAJEWSKI, D. MILEWSKI. Warszawa, 2019. 890 s.; Część 2. Listy / oprac. K. BOBIATYŃSKI, P. GAWRON, K. KOSSARZECKI, P. KROLL, A. A. MAJEWSKI, D. MILEWSKI, M. NAGIELSKI. Warszawa, 2020. 301 s.

20 ліпеня, 2010 |


Род князёў Радзівілаў быў галоўным у Вялікім Княстве Літоўскім і адным з самых магутных у Рэчы Паспалітай. Цікава, што менавіта гэты род у адрозненне ад іншых магнацкіх родаў (Вішнявецкіх, Канецпольскіх, Патоцкіх ды інш.) даў шэраг выдатных мемуарыстаў. Гэта віленскі ваявода Мікалай Крыштаф Сіротка (1549–1616), які напісаў успаміны пра паломніцтва на Святую Зямлю ў 1583 г. [1], канцлер ВКЛ Альбрэхт Станіслаў (1593–1656) [2], канюшы ВКЛ, генерал каралеўскай гвардыі Багуслаў (1620–1669) [3], палявы гетман ВКЛ Януш (1612–1655), якія прысвяцілі свае творы падзеям сярэдзіны ХVІІ ст., у першую чаргу звязаным з паўстаннем на чале з Багданам Хмяльніцкім і вызваленчай вайной украінскага народа ў 1648–1658 г., хоць яны ставіліся да ўкраінскіх казакоў варожа. У адрозненне ад мемуараў сваіх родзічаў дзённік Януша Радзівіла, за выняткам хіба часткі яго эпісталярнай спадчыны, змешчанай у другім томе рэцэнзаванага выдання, заставаўся неапублікаваны, і толькі ў канцы ХХ – пачатку ХХІ ст. яго пачалі выкарыстоўваць у якасці гістарычнай крыніцы і нават публікаваць асобныя фрагменты (польскія гісторыкі і археографы Вітальд Бернацкі, Яцак Камуда, Міраслаў Нагельскі, а з украінскіх археографаў – аўтар гэтых радкоў). Цяпер жа цэлы калектыў археографаў (Міраслаў Нагельскі, Конрад Бабятыньскі, Пшэмыслаў Гаўрон, Кшыштаф Касажэцкі, Пётр Крол, Анджэй Адам Маеўскі, Дарыуш Мілеўскі) здзейсніў фундаментальнае выданне ўсяго дзённіка Януша Радзівіла ды яго эпісталярнай спадчыны. Выкананую імі працу можна без перабольшання ацаніць як каласальную! Калі асноўная частка твора (каля 90%) захоўваецца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве (AGAD, Archiwum Radziwiłłów, Dział VІ, nr. 36), прычым яго пагінацыя або адсутнічае, або пераблытана, то іншыя 10% тэксту ўдалося знайсці ў аддзелах рукапісаў Ягелонскай бібліятэкі і Бібліятэкі Польскай акадэміі навук у Кракаве, Расійскай нацыянальнай бібліятэцы ў Пецярбургу, Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску ды ў Інстытуце рукапісу Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя У. І. Вярнадскага ў Кіеве (ф. І, спр. 6012, арк. 458адв.– 460адв. – гэта фрагмент, які ахапляе падзеі студзеня – пачатку лютага 1649 г.).

Публікацыя эпісталярнай спадчыны князя Радзівіла, з аднаго боку, аблягчалася тым, што ці не палова яе ўжо была выдадзена папярэднікамі, найперш польскім гісторыкам Эдвардам Катлубаем (1822–1879) [4], які, дарэчы, пэўны час служыў у Кіеве, але раскіданасць лістоў была намнога большаю. Іх даводзілася выяўляць не колькі ў архівасховішчах Польшчы (Варшава, Кракаў, Вроцлаў, Гданьск, Курнік), але і Украіны (Кіеў, Львоў), Беларусі (Мінск), Латвіі (Рыга), Літвы (Вільня), Расіі (Масква), Аўстрыі (Вена), Германіі (Берлін) і Швецыі (Стакгольм).

Спачатку варта крыху сказаць пра твор, змешчаны ў першым томе. Гэта не мемуары ў прывычным сэнсе слова. Януш Радзівіл быў палявым гетманам ВКЛ, а фактычна – галоўнакамандуючым усяго літоўскага войска, бо вялікі гетман тады быў у паважным узросце, хварэў і не ўдзельнічаў у ваенных паходах супраць паўстанцаў Багдана Хмяльніцкага. Таму радзівілаўскі лагер стаў найважнейшым цэнтрам, дзе ўзгадняліся ўсе ваенныя пытанні і размяшчалася гетманская князя. Па распараджэнні Януша Радзівіла тут вёўся дзённік, які атрымаў умоўную назву канцылярыйнага (канцылярскага), ці абознага. У яго ўносіліся распараджэнні ды лісты, адрасатамі якіх былі кароль Рэчы Паспалітай Ян Казімір, прадстаўнікі паноўных вярхоў Рэчы Паспалітай, асабліва з вышэйшага афіцэрскага складу войска, кіраўнікі суседніх дзяржаў, у першую чаргу гетман Багдан Хмяльніцкі, крымскі хан Іслам-Гірэй, а таксама іх лісты-адказы. З іх спісвалі копіі і змяшчалі ў дзённік. У прыватнасці, у “Дыярыушы” было сем лістоў Багдана Хмяльніцкага, аднак чатыры з іх ужо апублікаваныя па іншых спісах [5]. У прыватнасці, вельмі важная інструкцыя Багдана Хмяльніцкага з чэрвеня 1652 г. палкоўніку Сямёну Савічу, які павінен быў весці перамовы з Адамам Кісялём, а таксама ліст казацкага гетмана князю Янушу за 30 чэрвеня 1653 г. (гл.: Cz. 1, s. 776). У дзённіку знайшлося месца для “конфесат” – пратаколаў допыту палонных (напрыклад, Івана Мацкевіча, Сільвестра Дубіны, Івана Бугая, запарожца Дзям’яна Улашчанкі з Белай Царквы, Ваські з Чарнобыля, Ваські Сагуніча з Гомельшчыны, Васіля Скораба, Грыцка з Борзні, Юрыя Піроцкага з Рыпак, баровіцкага сотніка Кірыла ды інш.), данясенняў шпегаў, авіз пра хаду вайсковых кампаній ва Украіне, навін з Малдавіі ды іншых краін, а таксама лістоў і рэляцый розных асоб да караля і ягонага брата Карла Фердынанда, у тым ліку пра вынікі баёў, як ліст Войцаха Мяскоўскага да каралевіча Карла Фердынанда за 22 жніўня 1649 г. пра Збораўскую бітву (гл.: Cz. 1, s. 199–204). Лішне казаць, наколькі каштоўнымі з’яўляюцца “канфесаты”, бо ў іх гаварылася і пра падзеі, якія адбываліся ў лагеры паўстанцаў. Сакратары князя звычайна дзень у дзень фіксавалі ўсё, што адбывалася ў абозе (нават дробныя інцыдэнты), а таксама дзеянні самога князя. На жаль, дзённік дайшоў да нашага часу са значнымі стратамі. Не хапае найперш яго пачатку, дзе гаварылася пра пачатковы этап вайны 1648–1658 г., і падзеі асвятляюцца з 2 чэрвеня 1649 г. Але на 4 лютага 1652 г. выклад абрываецца, і далейшыя падзеі таго і наступнага гадоў (да 25 кастрычніка 1653 г.) пададзены няпоўна, бо тыя фрагменты, як і аповед пра падзеі 1654–1655 г. (да смерці князя Януша 30 снежня 1655 г.) былі страчаны.

Каштоўнасць “Дыярыуша” ў тым, што ён з’яўляецца надзвычай важнай крыніцай па гісторыі вайны Запарожскага Войска пад кіраўніцтвам Б. Хмяльніцкага на абшарах Палесся, Севершчыны і асабліва Беларусі. Падзеі, што адбываліся на тых землях, даволі слаба адлюстраваліся ў крыніцах. У “Дыярыушы” ж бачым найпаўнейшае асвятленне Загальскай і Лоеўскай бітваў 1649 г., дзеянняў паўстанцаў у Беларусі, прычым тут згадваюцца імёны амаль невядомых правадыроў (Булаўка, Іван Кастырка, мазырскі сотнік Кісель, Адзінец, Седляр, Шарапата), зусім невядомых паўстанцаў, сярод якіх былі і запарожцы, якія ваявалі яшчэ пад харугвамі гетмана Сагайдачнага. Тут знаходзім нямала інфармацыі пра ваенныя падзеі вакол Чарнігава, Старадуба, Брагіна, Гомеля, Горваля, Крычава, Лоева, Любеча, Мазыра, Оўруча, Рэчыцы, Хойнікаў, Холмеча, Чачэрска ды іншых гарадоў, а таксама звесткі пра палкоўнікаў Іллю Галоту, Міхайлу Крычэўскага, Марціна Нябабу, пра Сілуяна Мужылоўскага і Пятра Забелу. Вось, напрыклад, цытата з ліста князя Радзівіла за 11 ліпеня 1651 г.: “Маста ў Магілёве рабіць не жадаю, бо ведаю, што там маса зраднікаў” (611), – гэта значыць тых, хто сімпатызаваў паўстанцам. Вельмі шмат інфармацыі змешчана і ў данясеннях ротмістра С. Паўшы.

Асабліва каштоўныя звесткі пра Чарнобыль. Гэтая цяпер “мёртвая зона” мела сваю слаўную гісторыю і, скажам, украінская паэтка Ліна Кастэнка заклікала да ўсебаковага вывучэння мінулага гэтага краю, духоўнай культуры яго насельніцтва. А тут мы знаходзім звесткі пра існаванне Чарнобыльскага і Гарнастайпальскага (Гарнастайпаль – пад Чарнобылем) палкоў, іх палкоўнікаў (Міхайлы Паповіча, Піліпа Лапушкі), сотнікаў. Ёсць таксама важныя звесткі пра хаду ваенных дзеянняў у іншых рэгіёнах Украіны, у першую чаргу пра бівы пад Красным і Берасцечкам у 1651 г., дыпламатычную барацьбу, а таксама пазіцію Асманскай імперыі, Крымскага ханства, нагайскіх ордаў, Малдовы і Валахіі. Натуральна, у “Дыярыушы” знаходзім цікавую інфармацыю пра дзеянні войска ВКЛ і яго афіцэрскага складу (Г. Мірскі, С. Паўша, М. Францкевіч-Радзімінскі ды інш.).
У “Дыярыушы” і асабліва лістах трапляюцца значныя фрагменты тэксту, напісаныя лацінай. Шкада, што польскія археографы, якія добра валодаюць лацінскай мовай, пакінулі гэтыя фрагменты (часам і цэлыя лісты) без перакладу. Праўда, іх пераклад значна павялічыў бы аб’ём выдання, якое ў такім разе складалася б ужо не з двух, а з трох тамоў. Затое пераклад з лаціны значна палегчыў бы працу даследчыкаў. У крайнім выпадку можна было перакласці хоць бы лацінамоўныя фрагменты дзённіка, не чапаючы лістоў, што змешчаны ў другім томе.

Выданне забяспечана грунтоўнай прадмовай, у якую ўключана біяграфія Януша Радзівіла, дадзена характарыстыка “Дыярыуша” і лістоў, раскрыты правілы выдання, а ў канцы тома ёсць імянны і геаграфічны паказнікі. У другой частцы прадмова змяшчае характарыстыку вайсковай карэспандэнцыі князя за 1646–1655 г., пералік лістоў, які займае не адну старонку (5–10), а завяршаецца кніга імянным і геаграфічным паказнікамі.

Гэтае двухтамовае выданне ўводзіць у навуковы зварот мноста каштоўных крыніц па гісторыі, несумненна важных для вывучэння нацыянальна-вазваленчай вайны ўкраінскага народа. Хочацца павіншаваць польскіх калег з творчым поспехам і пажадаць ім новых дасягненняў у галіне археаграфіі.

Кіеў

Юрый Мыцык


[1] Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва… Мікалая Крыштофа Радзівіла ў Святую Зямлю // Кніга жыцій і хаджэнняў: уклад., прадм. і камент. А. Мельнікава. Мінск, 1994. С. 165–447.
[2] Radziwiłł A. S. Memoriale rerum gestarum in Polonia: 1632– 1656: V. 1–5 / oprac. A. Przyboś i R. Żelewski. Wrocław – Warszawa – Kraków – Gdańsk, 1968–1975. У перакладзе з лаціны на польскую мову: Pamiętnik o dziejach w Polsce. T. 1–3 / przeł. i oprac. A. Przyboś i R. Żelewski. Warszawa, 1980.
[3] Radziwiłł B. Autobiografia / wstępem poprzedził i oprac. T. Wasilewski. Warszawa, 1979. У перакладзе на беларускую: Ра дзівіл Б. Аўтабіяграфія / уклад. і пасляслоўе Ул. Сіўчыкава; пераклад з польскай мовы: А. B. Бутэвіч, Ул. Сіўчыкаў; прадмова Г. Літвіна. Мінск, 2009.
[4] Kottłubaj E. Życie Janusza Radziwiłła. Wilno – Witebk, 1859.
[5] Sysyn F. E. Dokuments of Bohdan Xmelnyc’kyj // Harvard Ukrainian Studies. V. II. Nr 4. December 1978. P. 518–519; Джерела з історії Національно-визвольної війни українського на роду 1648–1658 рр. Київ, 2014. Т. 2 (1650–1651 рр.). No 215. С. 346–348; Т. 3 (1652–1654). No 1, 2, 216. С. 11–13, 787.

Наверх

ЛЕМЕШКИН, ИЛЬЯ. Портрет Франциска Скорины. К 550-летию со дня рождения книгоиздателя. Institut national de langue lituanienne. Cercle linguistique de Prague. Vilnius – Prague, 2020. 298 с.

19 ліпеня, 2010 |


У 2020 г. убачыла свет манаграфія Іллі Лямешкіна “Партрэт Францішка Скарыны” (“Портрет Франциска Скорины”). Аўтар яе (як адзначае ў прадмове да выдання дырэктар Бібліятэкі імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук Сігітас Нарбутас) – выдатны балтыст і славіст, доктар габілітаваны, які працуе ў Карлавым універсітэце (Прага) і ў Інстытуце літоўскай мовы (Вільня). Таму нічога дзіўнага, што выдаўцамі кнігі лічацца Пражскі лінгвістычны гурток і Інстытут літоўскай мовы, а месцам выдання – Прага і Вільня. Гэты факт сімвалічны: у 1517–1519 гадах Францішак Скарына друкаваў кнігі Бібліі ў Празе, а скончыў кнігавыдавецкую дзейнасць у 1525 г. у Вільні, сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. Чытаць далей →

АКІНШЭВІЧ, ЛЕЎ. Выбранае / укладальнікі, [пад рыхтоўка тэкстаў, агульнае рэдагаванне, ка ментары, паказнік]: НАТАЛЛЯ ГАРДЗІЕНКА і ЛЯВОН ЮРЭВІЧ. Мінск: Кнігазбор, 2021. 405 с., VIII іл. (Бібліятэка Бацькаўшчыны, кн. 42. Спадчына: агледзіны)

19 ліпеня, 2010 |


Матэрыялы зборніка размешчаны ў некалькіх раздзелах згодна з характарам тэкстаў і з тэматыкай. Тэматычны падзел абраны для першых тэкстаў кнігі, дзе надрукаваны навуковыя артыкулы Акіншэвіча, напісаныя ў розныя часы. Яны скампанаваны ў тры блокі: “Агульная гісторыя”, “Да гісторыі беларускага права” і “Да гісторыі беларускага казацтва”. За імі ідзе частка аўтарскіх рэцэнзій, напісаных гісторыкам у розныя гады і на розныя тэксты. У цэлым гэтыя раздзелы можна было аб’яднаць у адзін вялікі блок уласных навуковых (месцамі – навукова-папулярных) прац Льва Акіншэвіча.

Другая частка кнігі, як можа падацца на першы погляд, уяўляе сабой амаль абавязковы для такіх выданняў дадатак: яна ўтрымлівае адзін мастацкі тэкст Акіншэвіча, яго ўспаміны, фрагменты перапіскі з рознымі асобамі, а таксама водгукі іншых аўтараў на выступы і артыкулы самога Льва Акіншэвіча. Аднак у кантэксце навуковых тэкстаў, абраных укладальнікамі для публікацыі, менавіта фінальныя раздзелы выглядаюць неабходнымі – без іх карціна творчасці ўкраінска-беларускага гісторыка была б надзвычай няпоўнай, што вельмі важна ў гэтым выпадку. Чытаць далей →

Даследчыкі археалагічных старажытнасцей Беларусі: біябібліяграфічны даведнік / С. П. ВІЦЯЗЬ, В. У. МЯДЗВЕДЗЕВА, Л. У. ДУЧЫЦ. Мінск: Беларуская навука, 2020. 504 с., [8] л. іл.

19 ліпеня, 2010 |


Сярод шэрагу даведачных выданняў гістарыяграфічнага і бібліяграфічнага характару гэтая кніга, безумоўна, з’яўляецца падзеяй, таму што прысвечана вузка спецыялізаванай тэматыцы – археалагічнай навуцы і фармаванню археалагічных ведаў на працягу даволі вялікага прамежку часу. З уводзінамі яе змест складаюць сем раздзелаў, заключэнне, схема персанальнага апісання, імянны паказальнік (920 асоб), літаратура (161 пазіцыя) і спіс скарачэнняў.

Ва ўводзінах аўтары кажуць пра зварот да археалагічнай навукі з навуказнаўчых пазіцый і прыводзяць вельмі агульнае вызначэнне навуказнаўства. Яны неаднаразова падкрэсліваюць назапашанасць вялікай колькасці звестак пра археалагічныя помнікі і матэрыялаў, значнасць біяграфічна-бібліяграфічнай праблематыкі і для беларускай археалогіі. На думку аўтараў даведніка, “фармалізацыя, сістэматызацыя і статыстычная апрацоўка навуковазнаўчых ведаў стварае аснову для работ у кірунку навукаметрыі”. Праўда, з фармулёвак, прыведзеных у тэксце, цяжка зразумець, што дакладна яны разумеюць пад навукаметрыяй. Не зусім ясна гучыць пасыл пра вывучэнне “даследчыкамі археалагічных помнікаў і іншых старажытнасцяў”. У назве даведніка заяўлена спалучэнне “археалагічныя старажытнасці”.

Коратка характарызуюцца колькасныя паказчыкі больш як 900 персаналій, вызначаюцца катэгорыі даследчыкаў (аматары даўніны, даследчыкі старажытнасцей, прафесійныя археолагі, навукоўцы сумежных дысцыплін, краязнаўцы, лабаранты, мастакі, фатографы). Асобна вылучана катэгорыя даследчыкаў – выхадцаў з Беларусі, якія займаліся археалагічным вывучэннем на тэрыторыях іншых краін.

Раздзел 1 называецца “Развіццё беларускай археалогіі ў XVI–XXI ст.”. Але казаць пра развіццё беларускай археалогіі ў XVI–XVIІІ ст. не выпадае, ды і ў дачыненні да XIX ст. наўрад ці варта выкарыстоўваць словазлучэнне “беларуская археалогія”. Для гэтага перыяду больш карэктна гаварыць пра “развіццё археалагічных даследаванняў на беларускіх землях у складзе Расійскай імперыі”. Змест раздзела выкладзены ў храналагічнай паслядоўнасці, – падыход, які замацаваны яшчэ ў гістарыяграфічных аглядах і працах папярэднікаў: Л. Аляксеева, Г. Каханоўскага. Па форме тэкст нагадвае нататкі-нарысы пра развіццё археалагічных даследаванняў. Напэўна, тут варта было б вылучыць больш акцэнтавана этапы развіцця беларускай археалогіі, вызначыцца з іх асаблівасцямі і характэрнымі рысамі (калекцыянаванне артэфактаў, стварэнне першых музейных экспазіцый, навуковы або аматарскі ўзровень даследчыцкіх намаганняў, арганізацыйны і навуковы ўдзел у археалагічных з’ездах і г. д.). Раздзел дапаўняюць фотаздымкі, якія адлюстроўваюць працэс даследаванняў і прадстаўляюць археолагаў Інстытута гісторыі ў 1960-я – 2020-я г.

У частцы пра развіццё археалагічнай навукі на працягу ХІХ – пачатку ХХ ст. асноўная ўвага аддаецца даследаванням курганоў у розных кутках сучаснай тэрыторыі Беларусі (згадваецца 31 выпадак, звязаны з рознымі прозвішчамі і сацыяльным статусам даследчыкаў). Пра даследаванні гарадзішчаў паведамляецца толькі двойчы – у сувязі з імёнамі З. Даленгі-Хадакоўскага і братоў Тышкевічаў. Пра вывучэнне помнікаў каменнага веку прыведзены адзіны эпізод: даследаванні Б. Рыхтхофена ў басейне Бярэзіны Нёманскай у гады Першай сусветнай вайны.

Час ад часу аўтары выкарыстоўваюць тапонімы Лагойшчына, Бабруйшчына, Гомельшчына, Барысаўшчына, Ушаччына, Лепельшчына, Ашмяншчына, Піншчына і г. д. Але ці варта ўжываць тэрмін Бабруйшчына ў выпадку з раскопкамі курганоў М. Мышанковым, які даследаваў іх у 1888 г. у Бабруйскім павеце, значная частка тэрыторыі якога не супадае з сучаснымі межамі Бабруйскага раёна; гэтая тэрыторыя ўключала Бацэвіцкі павет (сучасны Клічаўскі раён), Любоніцкі павет (Кіраўскі раён), Глускі павет і інш.

Адзначым некаторыя канкрэтныя недахопы гэтай часткі. На с. 13 распавядаецца, што “ў сакавіку 1919 г. пры Народным камісарыяце асветы ўтворана Археалагічная камісія, якая стала першай дзяржаўнай навуковай установай…”. Якой дзяржавы? Дробязь, але калі выданне адносіцца да рангу даведачнай літаратуры, інфармацыя павінна быць выверана. На той момант існавала ЛітоўскаБеларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка, Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Літвы і Беларусі (скарочана ЛітБел). Дарэчы, у 1921 г. ужо дзейнічаў Народны камісарыят асветы БССР.

На с. 14 яшчэ адна недакладнасць: у 1927 г. раскопкамі на палеалітычнай стаянцы Бердыж Чачэрскага раёна кіраваў С. Замятнін, а не Г. Мірчынк [1].

На той жа старонцы даведнік паведамляе, што “ў 1930‐я гады аб’ём археалагічных даследаванняў адчувальна зменшыўся”. Але як быць з дадзенымі А. Ляўданскага з абагульняльнага артыкула “Археалагічная праца ў БССР у 1930–1931 гг.”, дзе аўтар пералічвае “1 даследаваную і 1 абследаваную палеалітычныя стаянкі, 2 абследаваныя мезалітычныя стаянкі, 250 абследаваных стаянак эпох неаліту і бронзы, 55 ранніх і пазнейшых селішч, 74 абследаваных і часткова раскапаных ранніх і пазнейшых гарадзішч, да 10 абследаваных так званых палёў пахавальных урнаў і іншых могільнікаў, і 95 даследаваных (шляхам раскопак) курганоў і магіл без насыпаў, як ранейшых, так і пазнейшых часоў” [2].

На с. 18 можна было б удакладніць, што І. Арцёменка пачаў даследаваць помнікі неаліту і эпохі бронзы ў Па дняпроўі не ў 1960-я, а ў другой палове 1950-х г., прычым першым пачаў раскопваць унікальныя курганныя пахаванні (5 курганных груп) і грунтовыя могільнікі бронзавага веку (2).
На с. 23 аўтары пішуць, што “пераважная большасць кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый па спецыяльнасці “археалогія” была абаронена ў 1980–1990-х” (20 кандыдацкіх было абаронена ў 1980-я, 18 – у 1990-я. – Падлікі І. Я.). Далей прыведзены толькі агульныя колькасныя паказчыкі: “на аснове археалагічных матэрыялаў у Беларусі на 2020 г. было абаронена 18 доктарскіх (па нашых падліках, калі па беларускіх матэрыялах і прадстаўнікамі Беларусі, то не менш за 20. – І. Я.) і 97 кандыдацкіх” (без удакладнення па перыядах і праблематыцы).

Наступны раздзел (“Аматары даўніны XVI–XVIII стст.”) – самы кароткі (26–29). Тут прадстаўлены восем персаналій: Мацей Стрыйкоўскі – XVI ст., Крыштаф Радзівіл і Крыштаф Ян Хартнюх – XVIІ ст., Роберт Бжастоўскі, Ігнат Кульчынскі, Іван Ляпёхін, Караль Хадзіеўскі, Іаіль Шулакевіч – XVIІІ ст. У трох асоб біяграфічныя звесткі пададзены вельмі фрагментарна.

Раздзел 3 прысвечаны дапрафесійнай археалогіі (“Даследчыкі старажытнасцей ХІХ – першай паловы ХХ ст.”, с. 30–143). Тут прадстаўлены 254 асобы. У больш як 60 даследчыкаў вельмі скупыя біяграфічныя дадзеныя: адсутнічаюць звесткі пра даты нараджэння, імя, імя па бацьку, вельмі агульныя кірункі цікавасці да археалогіі, як прыклад: вывучаў старажытнасці ў Беларусі (с. 44, персаналія Вайцяшук Е. – год ці дата нараджэння ХІХ ст. і адна бібліяграфічная спасылка).

Раздзел 4 (“Прафесійныя археолагі ХХ–ХХІ ст.”, с. 144– 337) уключае біяграфічныя і бібліяграфічныя звесткі пра 275 асоб. Не зусім зразумелыя крытэрыі вылучэння даследчыкаў з Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі, якія мелі дачыненне да археалагічных даследаванняў на тэрыторыі Беларусі. Істотная розніца ў тым, што адны навукоўцы вывучалі матэрыялы з тэрыторыі Беларусі (А. Абломскі, А. Брусаў, К. Гадлоўскі, І. Гаўрытухін, У. Енукоў, І. Ерамееў, М. Лапацін, А. Мікляеў, А. Моця, Э. Мугурэвіч, Р. Рыманцене, З. Сулгастоўска, Д. Цялегін, П. Талочка, А. Таўтавічус, Р. Цярпілоўскі, Ю. Шчапава), а іншыя непасрэдна даследавалі археалагічныя помнікі ў розных рэгіёнах Беларусі ў часы СССР (І. Арцёменка, М. Варонін, Н. Гурына, Ф. Гурэвіч, С. Замятнін, М. Каргер, К. Каспарава, Л. Клейн, Ю. Кухарэнка, М. Малеўская, М. Палубаярынава, К. Паўлава, В. Перхаўка, П. Рапапорт, Т. Раў дзіна, І. Русанава, Б. Рыбакоў, Г. Салаўёва, Э. Сымановіч, В. Сядоў, З. Сяргеева, П. Траццякоў, І. Цюрына, С. Шырынскі).

Па такім крытэрыі, як вывучэнне матэрыялаў розных эпох з тэрыторыі Беларусі і публікацыя іх у археалагічнай літаратуры, да раздзела аб прафесійных археолагах, апрача беларускіх даследчыкаў, можна было б дадаць яшчэ не менш як паўтара дзясятка прозвішчаў: Э. Кемпісты, А. Коська, М. Шмыт, Я. Чэбрэшук, Б. Юзвяк, С. Кукаўка (Польшча), Л. Залізняк, С. Лысенка, Р. Охрыменка (Украіна), Т. Астраўскас (Літва), А. Крыйска (Эстонія), А. Сарокін, А. Смірноў, М. Жылін, А. Выбарнаў, Г. Хлопачаў, А. Мазуркевіч (Расія). І гэта толькі імёны даследчыкаў, якія закранаюць праблематыку старажытных эпох (ад палеаліту да эпохі бронзы).
У раздзеле 5 (“Спецыялісты розных галін навукі ў ХХ– ХХІ ст.”) акрамя прыведзеных дадзеных пра 188 асоб не хапае звестак пра цэлы кірунак (паліналогію) і яго прадстаўнікоў, якія актыўна публікаваліся разам з археолагамі (Я. Яловічава, В. Зярніцкая, Г. Сімакова і інш.), пра палеагеографа П. Далуханава, пра даследчыкаў, якія распрацоўвалі радыевугляродную храналогію для археалагічных помнікаў Беларусі – Г. Зайцава, М. Кулькова, М. Кавалюх, М. Міхайлаў.

Перадапошні, 6-ы, раздзел прысвечаны краязнаўцам (“Краязнаўцы і дапаможны персанал ХХ–ХХІ ст.”). Імпануе імкненне аўтараў даведніка аддаць даніну павагі краязнаўцам – людзям, якія, асабліва ў 1920-я гады, надалі вельмі моцны імпульс археалагічным росшукам. І сёння яны выступаюць першапраходцамі ў археалагічнай галіне на мясцовым рэгіянальным узроўні, добра ведаюць археалагічныя помнікі і гісторыю іх даследаванняў на сваёй малой радзіме, з’яўляюцца надзейнымі памочнікамі археолагаў не толькі ў працэсе археалагічных раскопак, але і пад час арганізацыі навукова-практычных канферэнцый. І гэты спіс можна дапаўняць прадстаўнікамі краязнаўчай грамадскасці многіх раённых цэнтраў Беларусі.

Добра, што тут знайшлося месца і лабарантам, мастакам і фатографам, сярод якіх такія легендарныя асобы, як М. Федасееў, Я. Каробушкін; натхнёныя, як А. Котава; таленавітыя і добразычлівыя, як З. Краўчанка, Г. Малаткова, А. Марковіч, Т. Зінчанка. Без карпатлівай працы лабарантаў і мастакоў не было б ілюстрацыйнай часткі шматлікіх манаграфій і артыкулаў. Ды і многія археолагі 1960–1980-х пачыналі з лабаранцкай пасады.

Урэшце, апошні 7-ы раздзел прысвечаны нараджэнцам Беларусі, якія вывучалі іншыя тэрыторыі – амаль паўсотні даследчыкаў. І гэты спіс таксама можна папоўніць. У Інстытуце гісторыі матэрыяльнай культуры РАН працуюць Г. Паплеўка, В. Алёкшын – археолагі паходжаннем з Беларусі.

Выданню не хапае геаграфічнага паказальніка; у любой абагульняльнай працы навукова-даведачнага характару гэты складнік дазволіць пашырыць даведачны апарат, ды і археалагічны помнік без геаграфічнай прывязкі не можа існаваць. У літаратуры пра даследчыкаў сустракаюцца агульныя спасылкі без указання старонак у выданнях, якія прыводзяцца.

Безумоўна, аўтарамі даведніка зроблена патрэбная і аб’ёмная праца на карысць гісторыі археалагічнай навукі Беларусі. Іх даведнік адлюстроўвае самыя яскравыя старонкі ў развіцці археалагічных даследаванняў, хоць з розных прычын, у тым ліку аб’ектыўных абставінаў, многія істотныя моманты засталіся па-за ўвагай. Пералічаныя заўвагі не змяншаюць каштоўнасці выдання, якое дазваляе ўявіць палітру памкненняў не аднаго пакалення даследчыкаў археалагічнай спадчыны, адкрыць новыя імёны, розны ўзровень унёску ў развіццё археалагічнай навукі Беларусі. І калі аўтары ўлічаць хоць некаторыя з выказаных тут заўваг, наступнае выданне даведніка будзе намнога лепшае.

Мінск
Ігар Язэпенка

[1] Калечыц А. Г. Палеалітычныя помнікі Беларусі: (культурна-храналагічная ідэнтыфікацыя крыніц) / А. Г. Калечыц, А. У. Коласаў, В. С. Абухоўскі. Мінск, 2010. С. 28.
[2] Ляўданскі А. М. Археалагічная праца ў БССР у 1930–1931 гг. // Працы сэкцыі археолёгіі. Т. ІІІ. Менск, 1932. С. 226.

Наверх

Сяргей Новікаў. Новы погляд на гісторыю баёў у Брэсцкай крэпасці летам 1941 г.*

18 ліпеня, 2010 |

* GANZER, CHRISTIAN. Kampf um die Brester Festung 1941. Ereignis – Narrativ – Erinnerungsort. Paderborn: Verlag Ferdinand Schöningh, 2021. 490 S. Рэцэнзія падрыхтавана ў рамках навуковага праекта Г20Р-011 “Сучаснае замежнае гістарычнае бела русазнаўства: эвалюцыя метадалагічных падыходаў і ацэнак”.

Манаграфія Хрысціяна Ганцара падрыхтавана да друку на аснове доктарскай дысертацыі, паспяхова абароненай амаль двума гадамі раней у Ляйпцыгскім універсітэце. Даследаванне прысвечана малавядомым аспектам гісторыі нямецкага штурму і савецкай абароны крэпасці ў Брэсце летам 1941 г. Скрупулёзны аналіз гістарычных падзей на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці ўпершыню трапіў у фокус спецыяльнай замежнай навуковай працы і амаль праз 80 гадоў пасля іх стаў прыкметным гістарычным фактам у сучаснай германскай гістарыяграфіі дзякуючы шматгадовым пошукам гісторыка, добра вядомага беларускаму чытачу [1]. Замежны даследчык на старонках новай грунтоўнай працы знаёміць нямецкага чытача з аўтарскім падыходам да крытычнага вывучэння падзей на тэрыторыі крэпасці летам 1941 г. У выніку яму ўдалося стварыць фундаментальную працу, праз якую ён спрабуе ўзняць навуковае асэнсаванне тэмы на якасна новы ўзровень і тым самым упісаць падзеі мінулага ў іх рэальны гістарычны кантэкст. У сваю чаргу аўтару гэтых радкоў хацелася б звярнуць увагу чытача на тое, чым гэтая кніга, арыентаваная пакуль што на нямецкамоўную чытацкую аўдыторыю, можа быць надзвычай карыснай для беларускіх навукоўцаў і музейных работнікаў, асабліва спецыялістаў у сферы ваеннай гісторыі Беларусі.
Чытаць далей →

Генадзь Сагановіч. Іншадумства акадэмічнай інтэлігенцыі ў БССР эпохі адлігі.

18 ліпеня, 2010 |


Мала які перыяд гісторыі пасляваеннай БССР характарызаваўся такім уздымам інтэлектуальнага жыцця, як дзесяцігоддзе пасля ХХ з’езда КПСС. Палітыка дэсталінізацыі вярнула ў савецкае грамадства адносную свабоду слова, творчасці і навуковых пошукаў. Як згадвалі сведкі тых падзей, людзі пазбыліся страху і пачалі гаварыць [1]. Аднак, у адрозненне ад Украіны ці іншых былых рэспублік СССР, аб праявах вальнадумства ў БССР той эпохі нават гісторыкам вядома зусім мала. За чатыры дзесяцігоддзі пасля таго, як Янка Запруднік адзначыў, што іншадумства як з’ява ў нас “не даследавана і нават належна не ўдакументавана” [2], сітуацыя мала змянілася. Хоць публікацыя матэрыялаў была распачата даўно, у даведачных выданнях, прысвечаных апазіцыйнаму руху [3], знойдзем досыць сціплыя звесткі пра некаторых беларускіх “шасцідзясятнікаў”, да таго ж мала звязаныя з архіўнымі крыніцамі. Сярод даследаванняў ёсць пакуль толькі шэраг артыкулаў і зборнік, прысвечаныя асобным сюжэтам і постацям той эпохі [4]. Зусім нядаўна гістарыяграфія ўзбагацілася першай спецыяльнай манаграфіяй па тэме культурнага іншадумства ў Беларусі [5], але яна пра перыяд пасля адлігі.

Ніжэй прапануем некаторыя вынікі даследавання, прысвечанага вальнадумству сярод гуманітарнай інтэлігенцыі ў БССР 60-х гадоў або праявам яе дысідэнцтва. Думаю, калі пад дысідэнцтвам разумець выказванне нязгоды з агульнапрынятымі ў СССР ідэалагічнымі нормамі, каштоўнасцямі і ўстаноўкамі, пацверджанае пэўнымі дзеяннямі [6], то ў такім шырокім сэнсе многіх нашых герояў можна было б называць дысідэнтамі. Аднак, каб пазбягаць атаесамлення з палітычным і праваабарончым рухам, больш адпаведным падаецца выкарыстанне тэрміна “іншадумцы” [7]. Галоўную базу крыніц даследавання склалі архівы партыйных арганізацый інстытутаў грамадскага аддзялення АН БССР, якія зберагаюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь, а таксама эпіс талярная спадчына некаторых удзельнікаў тых падзей.
Чытаць далей →

Галоўная » Архіў катэгорыі '2021 Т. 28 Сш. 1-2'