Новы нумар

Беларускі Гістарычны Агляд - Навіны БГА

Навіны Бібліятэкі БГА

Красавіка 11, 2012 |

У “Бібліятэцы БГА” апублікаваны поўнатэкставыя версіі кніг “Слуцкі збройны чын 1920 г. у дакумэнтах і ўспамінах” (2 выд., Мінск, 2006), “Гісторыкі і ўлада: нацыятворчы працэс і гістарычная палітыка ў Беларусі ХІХ – ХХ ст.” Райнэра Лінднэра (2 выд., Мінск 2005) і “Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939–1944)” Юрыя Туронка (Мінск, 2002).

Генрых Літвін. Сувязі эліты ВКЛ з Кіеўшчынай у 1569–1648 г.

Студзеня 31, 2012 |

У 18 томе БГА (2011)

Эліты Вялікага Княства Літоўскага доўгі час не пагаджаліся з далучэннем Валыні і Кіеўшчыны да Кароны, што цягнула за сабой адну з істотных прычын „унійных спрэчак”. Паўстае пытанне, у якой ступені гэтая з’ява вынікала з матэрыяльных інтарэсаў магнацкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага, і ў якой была праявай націску на палітычнай канцэпцыі тэрытарыяльнай непадзельнасці. Каб высветліць дадзеныя аспекты, разгледзім абсяг інтарэсаў літоўскай эліты на „інкарпараваных абшарах” і яе прыватнай актыўнасці на ўзгаданых землях. Такім чынам, наш артыкул будзе свайго роду спробай адказу на абазначаныя пытанні адносна Кіеўскага ваяводства.

(Загрузіць PDF)

БГА ў еўрапейскім індэксе

Снежня 21, 2011 |

У 2011 г. наш часопіс уключаны ў The European Reference Index for the Humanities (ERIH) – адзіны падобны індэкс, які быў створаны і пераглядаецца еўрапейскімі даследчыкамі з мэтай сістэматычнага прэзентавання дасягненняў еўрапейскіх гуманітарных навук для ўсяго свету. Больш за 140 экспертаў па асноўных гуманітарных дысцыплінах з 28 краін у двух раўндах ацэньвалі часопісы, прапанаваныя для разгляду арганізацыямі-членамі Фонду Еўрапейскай Навукі (ESF), а таксама рэдактарамі ды выдавецтвамі, і складзены імі спіс прыняты за цэнтральны для ўсёй супольнасці еўрапейскіх гуманітарыяў. БГА ў гэтым індэксе атрымаў падкатэгорыю INT1 – “international publications with high visibility and influence among researchers in the various research domains in different countries, regularly cited all over the world”.

Віншуем аўтараў і чытачоў!

Гісторыя ў праграме “500 перакладаў гуманітарыстыкі”

Кастрычніка 30, 2011 |

Працягваецца  падбор спецыялістаў для перакладу на беларускую мову кніг па праграме 500 перакладаў гуманітарыстыкі для патрэбаў беларускамоўнага навучання”, што ажыццяўляецца пры “Лабараторыі навуковага перакладу” (каардынатар Павал Баркоўскі). Агульную канцэпцыю праекта можна паглядзець тут. Праца па перакладу гістарычных тэкстаў (гл. спіс адабраных выданняў па гістарычных навуках) і выданні адпаведных кніг будзе каардынавацца рэдакцыяй БГА. Усе прапановы, заяўкі і пытанні, датычныя гістарычнай серыі, можна дасылаць на рэдакцыю, або на адрас: peraklad500@gmail.com

Гістарычная палітыка – тэматычны нумар БГА

Ліпеня 26, 2011 |

Хоць выкарыстанне мінулага ў палітычных інтарэсах дзяржаўных уладаў у апошняе дзесяцігоддзе стала звычайнай з’явай публічнага жыцця Беларусі, тэрмін “гістарычная палітыка” яшчэ не ўвайшоў у навуковы дыскурс беларускай гуманітарыстыкі. Між тым, інструменталізацыя гісторыі, незалежна ад нашага стаўлення да яе, робіцца ўсё больш вызначальнай рэальнасцю нашага часу і ўжо таму павінна сама станавіцца прадметам навуковага разгляду. Рэдакцыя БГА плануе прысвяціць гістарычнай палітыцы адзін з бліжэйшых нумароў, у якім мяркуецца разглядзець наступныя аспекты праблематыкі:

  • Паняцце гістарычнай палітыкі і яго шматзначнась
  • Гістарычная палітыка і пастулаты навуковай гістарыяграфіі
  • Патрэбы і акторы гістарычнай палітыкі
  • Магчымасці і сродкі ўплыву на гістарычную свядомасць грамадства
  • Гістарычная палітыка – канструяванне памяці – выбар традыцыі?
  • Практыкі гістарычнай палітыкі ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе і ў Беларусі

Тэксты (да 60 тыс. знакаў) просім дасылаць да 31.01.2012 г.

“Пяром і булавой: палітычная дзейнасць Льва Сапегі, літоўскага канцлера і віленскага ваяводы”

Ліпеня 15, 2011 |

У серыі “Бібліятэка БГА” рыхтуецца да выдання на беларускай мове грунтоўнае манаграфічнае даследаванне польскага гісторыка Аркадзіуша Чволка “Пяром і булавой: палітычная дзейнасць Льва Сапегі, літоўскага канцлера і віленскага ваяводы”. Плануецца, што кніга пабачыць свет у пачатку 2012 г.

Ежы Клачоўскi. Малодшая Еўропа

Красавіка 20, 2011 |

Ежы Клачоўскi. Малодшая Еўропа У кніжнай серыі “Бібліятэка часопіса БГА” рыхтуецца да выдання беларускамоўная версія кнігі вядомага польскага гісторыка праф. Ежы Клачоўскага Młodsza Europa: Europa Środkowo-Wschodnia w kręgu cywilizacji chrześcijańskiej średniowiecza (Warszawa: Państwowy Instytut Wydawniczy, 1998). Грунтоўная, напісаная на высокім узроўні эрудыцыі, праца паказвае, як дзяржавы і народы нашай часткі Еўропы далучаліся да т.зв. цывілізацыйнага кола “хрысціянскага Захаду” і якое значэнне мелі тут рэгіянальныя паразуменні Польшчы, Літвы і Русі. У цяперашняй гістарыяграфічнай сітуацыі ў Беларусі, дзе працягвае дырэктыўна насаджацца “заходнерусізм”, кніга праф. Е. Клачоўскага адкрывае чытачам альтэрнатыўную перспектыву беларускай гісторыі.

Першыя нумары часопіса

Красавіка 19, 2011 |

З размяшчэннем архіваў сканаваных версій Т.1 (1994) і Т.2. Сш.2 (1995) завершана публікацыя ўсіх нумароў часопіса з 1 па 14 том.

Тымаці Снайдэр. Пра паходжанне нацый Усходняй Еўропы

Сакавіка 15, 2011 |

У наступным нумары (том 17, 2010) Тымаці Снайдэр

Прапануем увазе чытачоў лекцыю Тымаці Снайдэра, прафесара гісторыі Ельскага універсітэта (ЗША), прачытаную 19 траўня 2010 г. у Інстытуце імя Гётэ ў Мінску на прэзентацыі яго кнігі “Рэканструкцыя нацый: Польшча, Украіна, Літва і Беларусь, 1569 – 1999” (Мінск: Медысонт, 2010). Тэкст выступу Т. Снайдэра друкуецца ў чарговым нумары часопіса.

Шчыра дзякую за запрашэнне, шчыра дзякую ўсім тым, хто прычыніўся да перакладу маёй кнігі на беларускую мову, шчыра дзякую вам усім за тое, што прыйшлі паслухаць лекцыю на замежнай мове, прычым не проста на замежнай мове, а яшчэ і з чужым для гэтай замежнай мовы акцэнтам.

Я хацеў бы сказаць некалькі слоў пра галоўную тэму маёй кнігі, а менавіта пра тое, адкуль паходзяць нацыі Усходняй Еўропы, чаму склаліся акурат тыя нацыі, якія склаліся, а не нейкія іншыя. Гэта па-ранейшаму застаецца краевугольным пытаннем у гісторыі гэтага рэгіёна, пытаннем, якое далёка не такое банальнае, як выглядае, і на якое вельмі цяжка адказаць. Вось на гэтую тэму я і хацеў бы сказаць некалькі слоў.

Я буду гаварыць не пра ўвесь рэгіён, а толькі пра чатыры краіны, якія, лічу, утвараюць сабой гістарычнае адзінства. Маю на ўвазе Беларусь, Літву, Украіну і Польшчу. Пачну з рэчаў, якія могуць здавацца відавочнымі. Што такое краіна? Гэта можа быць аб’ектыўным, канкрэтным, геаграфічным паняццем. Краінай можа быць Новая Зеландыя, Мадагаскар, і пры гэтых словах у вас, бадай што, не ўзнікае ніякіх асаблівых пачуццяў, ніякай трывалай псіхалагічнай рэакцыі. З іншага боку, паняцце краіны, краю можа быць суб’ектыўным, расплывістым, асабістым. Калі адзін паляк, скажам, у Лондане гаворыць другому: “Вяртаюся ў краіну”, — то ў нас не ўзнікае пытання, у якую менавіта. Вядома, гаворка ідзе пра Польшчу. Падобная дваістасць уласціва і паняццю “нацыя”. Калі я, напрыклад, другому амерыканцу скажу: “Нацыя цяпер вельмі падзелена ў палітычных адносінах”, — ён не стане ў мяне пытацца, пра якую нацыю ідзе гаворка. Яму будзе ясна, што я маю на ўвазе жыхароў ЗША, амерыканцаў, наша нацыя. Гэта цікавая рэч, і гэта дзейнічае, гэта працуе, нават калі я гэтага другога амерыканца зусім не ведаю. І такім чынам ствараецца магічнае кола. Я з гэтым земляком маю нешта супольнае, наша нацыя, праз тое супольнае, што мы маем, таксама з’яўляецца нечым цэлым. Мы знаёмыя, мы, як вельмі прыгожа гавораць у славянскіх мовах, “нашы”. Але адкуль усё гэта бярэцца, чаму мы “нашы” ў нацыянальным сэнсе, а не ў нейкім іншым?

(Загрузіць PDF)

Бібліяграфія па гісторыі Беларусі

Студзеня 27, 2011 |

Рэдакцыя  часопіса Беларускі Гістарычны Агляд пачынае працу над выданнем анатаванай бібліяграфіі гісторыі Беларусі. У свой час за падрыхтоўку бібліяграфічнага даведніка “Новая літаратура па гісторыі і гістарычных навуках Беларусі” бралася Нацыянальная бібліятэка Беларусі, але пасля змены ўлады ў краіне яго выданне спынілася (выйшла толькі тры выпускі, і апошні ахапіў літаратуру за 1991 – 1992 г.). Томік бібліяграфіі па гісторыі Беларусі за 1992 – 1994 г., падрыхтаваны ў Мінску калектывам спецыялістаў-бібліёграфаў, пабачыў свет у 2002 г. у Варшаве ў серыі “Бібліяграфія Ўсходняй Еўропы“ (выдадзены часопісам “Przegląd Wschodni”). Аднак на гэтым адпаведная праца перапынілася і Беларусь засталася наогул без гістарычнай бібліяграфіі.

Цяпер рэдакцыя БГА разам з тым жа калектывам бібліёграфаў, які падрыхтаваў варшаўскае выданне, распачынае працу па рэгулярнаму выпуску анатаванай бібліяграфіі па гістарычных навуках. Яна будзе ўключаць навуковыя і навукова-папулярныя публікацыі па гісторыі, этналогіі, гісторыі рэлігіі, мастацтва, літаратуры і мовазнаўства, а таксама па археаграфіі. Кожная пазіцыя, апрача бібліяграфічных звестак, мусіць змяшчаць кароткую інфармацыю пра змест кнігі ці артыкула. Мяркуецца, што першы том будзе ахапляць публікацыі за 1995 – 2000, другі – за 2001 – 2005, а трэці – за 2006 – 2010 г. Падрыхтоўку першага выпуску (больш за 2 тыс. пазіцый) плануецца завяршыць ужо да канца 2011 г. і ў наступным ён пабачыць свет як асобны том БГА (Supplement).

У серыі “Бібліятэка БГА” выйшлі кнігі:

Студзеня 4, 2011 |

Юры Туронак. За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Ю. Туронак. — Мінск: Медысонт, 2010. – 276 с.
Юры Туронак. За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны / Ю. Туронак. — Мінск: Медысонт, 2010. – 276 с.

Ва ўспамінах вядомага беларускага гісторыка, якому выпала жыць за межамі Беларусі, адлюстравана ўся яе найноўшая гісторыя. Аўтар узнаўляе і ацэньвае перажытае, разважае пра шляхі беларускага самаўсведамлення. Успаміны дапаўняюцца дакументамі і спісам беларусазнаўчых прац гісторыка.

Адрасуецца ўсім, хто цікавіцца беларускім нацыянальным рухам.

Юліуш Бардах. Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага Юліуш Бардах. Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага / пер. з польскай і французскай М. Раманоўскага і А. Істоміна; уклад. Г. Сагановіч. — Мінск: Медысонт, 2010. — 456 с.

У кнігу выбраных прац вядомага польскага вучонага ўвайшлі  артыкулы па дзяржаўна-прававой гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і праблемах нацыятворчых працэсаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Выданне змяшчае найпаўнейшую бібліяграфію навуковых публікацый гісторыка.

Навіны серыі “Бібліятэка БГА”

Лістапада 1, 2010 |

У серыі “Бібліятэка БГА” завершана падрыхтоўка да друку кнігі Юрыя Туронка “За кардонам Бацькаўшчыны: успаміны”, а таксама папраўленага і дапоўненага выдання “Штудыяў з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага” — выбраных працаў вядомага польскага гісторыка Юліуша Бардаха, даўняга члена рэдакцыйнай калегіі нашага часопіса, памёршага ў студзені гэтага года.

Меркаваны тэрмін выхаду кніг – снежань 2010 г.

In Memoriam: Павел Лойка (1958 – 2010)

Кастрычніка 29, 2010 |

22 кастрычніка 2010 г. памёр Павел Лойка — адзін з вядомых сучасных гісторыкаў Беларусі. Беларуская гістарычная навука панесла яшчэ адну непапраўную страту.

Павел Алегавіч Лойка нарадзіўся 12 ліпеня ў 1958 г. у Слоніме. Пасля вучобы на гістарычным факультэце БДУ быў прыняты ў Інстытут гісторыі Акадэміі Навук Беларусі (1980), дзе пад кіраўніцтвам вядомага спецыяліста па аграрнай праблематыцы В. І. Мялешкі падрыхтаваў кандыдацую дысертацыю, паспяхова абароненую ім у 1984 г. і пазней апублікаваную ў выглядзе манаграфіі “Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове XVI—XVIII стст.” (Мінск, 1991). Добра інтэграваўшыся ў калектыў акадэмічнага інстытута, Павел з 1990 па 2000 г. кіраваў там Аддзелам гісторыі Беларусі ХІІІ – ХVІІІ ст., будучы адначасова (з 1994 г.) загадчыкам новастворанай кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў у БДУ.
Пасля захаплення аграрнай гісторыяй пачаў вывучаць пытанні дзяржаўна-палітычнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага, якое стала яго найбольшай пасіяй. На падставе архіўных крыніц напісаў манаграфію “Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы ХVI — першай трэці ХVII ст.” (Мінск, 2002) і па гэтай жа тэме падрыхтаваў доктарскую дысертацыю, якая цяпер ужо так і застанецца неабароненай…

Апрача навукі Павел Лойка шмат займаўся дыдактыкай. Ён аказаўся сярод тых нашых калег, на чые плечы выпала адказная і складаная справа – стварэнне першых падручнікаў па гісторыі у суверэннай Беларусі, і яго дапаможнік для 7 класа “Гісторыя Беларусі ХVІ — ХVІІІ ст.” аказаўся адным з самых папулярных. Наогул, Павел многа зрабіў на карысць гістарычнай асветы, апублікаваў нямала навукова-папулярныя тэкстаў, шмат выкладаў і прывёў у навуку цэлую кагорту студэнтаў. Ён умеў “ажыўляць” мінулае і кранаць ім на сваіх лекцыях, нездарма ўваходзіў у лік самых шанаваных выкладчыкаў гістарычнага факультэта.

Па натуры Павел быў гісторыкам-паэтам. Хто папрацаваў з ім хоць раз у архіве, той не забудзе яго непадробную захопленасць, эмацыйную узбуджанасць гісторыка, “ужытага” у свет дарагога яму беларускага Сярэднявечча…

У таварыскім жыцці Павел уражваў надзвычайнай дабрынёй і шчырасцю, прыязнасцю і зычлівасцю, умеў сказаць чулае слова і падбадзёрыць.

Павел памёр нечакана, заўчасна. Пакінуў жонку Наталлю, дачку Надзею і сына Алега.

Нам будзе моцна не хапаць заўсёды адкрытага і рамантычнага Паўла…

Генадзь Сагановіч

Галоўная » Архіў катэгорыі 'Навіны БГА'