Новы нумар


ЦЫМБАЛ, АЛЯКСАНДР Г. Праваслаўная царква ў Заходняй Беларусі (1921–1939). Мінск: МДЛУ, 2016. 124 с.

У заходняй гістарычнай навуцы атрыманне навуковай ступені немагчыма ўявіць без выхаду ў свет навуковай манаграфіі. У Беларусі, на жаль, кніжнае выданне пасля атрымання ступені кандыдата навук – з’ява рэдкая, калі не сказаць унікальная. Менавіта такой з’явай можна лічыць кнігу Аляксандра Цымбала, прысвечаную становішчу праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 г. Ва ўводзінах аўтар адзначае, што аснова прапанаванай чытачу працы – дысертацыйнае даследаванне на тэму “Палітыка польскіх улад у адносінах да Праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі (1921 – 1939 гг.)” (4).

Можна меркаваць, што структура дысертацыі вызначыла і структуру манаграфіі. Яна складаецца з трох раздзелаў – тэарэтычнага, прысвечанага гістарыяграфічнаму і крыніцазнаўчаму аналізу і метадалогіі даследавання, і двух фактаграфічных. Аўтар выкарыстаў праблемны прынцып у выкладанні матэрыялу і вылучыў дзве асноўныя праблемы: падпарадкаванне праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі інтарэсам Польскай дзяржавы (раздзел 2) і пазіцыя праваслаўнай царквы па нацыянальным пытанні (раздзел 3).

Трэба адзначыць, што крыніцазнаўчай базай працы сталі перш за ўсё архіўныя матэрыялы. А. Цымбал выкарыстаў фонды васьмі архіваў Беларусі і Польшчы: Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці, Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, Занальнага дзяржаўнага архіва ў Маладзечне, Архіва новых актаў і Архіва праваслаўнай мітраполіі ў Варшаве, Дзяржаўнага архіва ў Беластоку. Яны былі дапоўнены апублікаванымі дакументамі, статыстычнымі матэрыяламі і публікацыямі ў перыядычным друку міжваеннай Польшчы.

Што тычыцца гістарыяграфіі праблемы, то А. Цымбал прааналізаваў працы беларускіх, польскіх, украінскіх і расійскіх даследчыкаў і вылучыў тры асноўныя этапы ў яе развіцці: міжваенны перыяд, 1940-я – канец 1980‑х г., 1990-я гады – пачатак XXI ст. Трэба, аднак, заўважыць, што першы раздзел манаграфіі напісаны пераважна з пазіцыі канстатацыі фактаў, а не іх аналізу. Аўтар пераважна пералічвае пытанні, якія разглядаюцца ў розных навуковых даследаваннях, у той час як метадалогія і аналіз навуковых ацэнак і высноў, да якіх прыйшлі вучоныя, у працы падаюцца рэдка.

У другім раздзеле А. Цымбал разглядае пытанні ўсталявання аўтакефаліі праваслаўнай царквы, прасочвае станаўленне яе інстытуцыянальных, прававых і арганізацыйных асноў, аналізуе эканамічныя ўмовы дзейнасці і засяроджвае ўвагу на працэсе рэвіндыкацыі праваслаўных храмаў. Варта заўважыць, што аўтар не абмяжоўваецца аналізам выключна “польскіх умоў”, а разглядае падзеі ў шырокім гістарычным кантэксце. Ён аналізуе пазіцыю праваслаўнай царквы ў Расійскай імперыі і змены, якія адбыліся ў рэлігійным пытанні ў Савецкай Расіі, а потым у СССР.

У манаграфіі зазначаецца, што пры выпрацоўцы прынцыпаў узаемадачыненняў польскай дзяржавы з праваслаўнай царквой вызначальнымі сталі знешнепалітычны, унутрыпалітычны, нацыянальны і ідэалагічнарэлігійны фактары (15–16). Іх улік зрабіўся падмуркам для распрацоўкі двух варыянтаў стаўлення да праваслаўя ў Польшчы. З аднаго боку, разглядалася магчымасць ліквідацыі ці выцяснення ўплыву праваслаўнай царквы як мага далей на ўсход, а з другога – арганізацыйная перабудова царквы ў патрэбным дзяржаве кірунку. Менавіта на апошні варыянт, як вынікае з тэксту, і была зроблена стаўка польскага кіраўніцтва. Аўтар аналізуе развіццё адносінаў паміж Рускай праваслаўнай царквой, праваслаўнымі святарамі ў Польшчы і польскім урадам, а таксама апісвае складаны шлях праваслаўнай царквы да аўтакефаліі (1925), прызнанне якой не было ўспрынята святарамі і вернікамі аднадушна станоўча.

Значная ўвага ў кнізе аддаецца высвятленню інстытуцыянальных, прававых і арганізацыйных асноў функцыянавання праваслаўнай царквы ў польскай дзяржаве. А. Цымбал характарызуе асноўныя заканадаўчыя, міжнародныя і нарматыўныя акты, якія рэгулявалі яе дзейнасць, і вылучае чатыры перыяды ва ўзаемаадносінах урада і царквы па пытанні заканадаўчага ўнармавання яе становішча. З тэксту манаграфіі выразна бачыцца уплыў, які польскія ўлады аказвалі на ўнутраную сітуацыю ў праваслаўнай царкве. Канчатковае падпарадкаванне царквы адміністрацыйным уладам Польшчы адбылося пасля публікацыі Дэкрэта прэзідэнта ад 18 лістапада 1938 г. аб адносінах дзяржавы да Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (ПАПЦ). Толькі пасля гэтага, як зазначае аўтар, быў зацверджаны ўнутраны статут ПАПЦ і адбылася рэарганізацыя яе тэрытарыяльнай структуры.

Характарызуючы эканамічнае становішча праваслаўнай царквы, А. Цымбал папярэджвае, што крыніцы не даюць дакладных звестак, а таму можна гаварыць толькі пра спробу рэканструкцыі гэтага аспекту ў гісторыі царквы. Ён адзначае цяжкасці з вызначэннем прававога характару нерухомасці праваслаўнай царквы, прэтэнзіі на яе ўладанні з боку каталіцкай царквы і паказвае, якім чынам на заканадаўчым узроўні адбывалася рэгуляванне яе маёмаснага стану. Пры гэтым аўтар засяроджвае ўвагу не толькі на нерухомай маёмасці, але і на пытаннях матэрыяльнага забеспячэння праваслаўнага духавенства.

Як вядома, адным з найбольш балючых пытанняў у рэлігійнай палітыцы польскіх улад была праблема рэвіндыкацыі праваслаўных святынь, якая мела палітычнарэлігійны і матэрыяльны характар. У працы пададзена характарыстыка трох этапаў рэвіндыкацыйных працэсаў (1918–1924, 1929–1934, 1937–1939), вызначаны іх асаблівасці і паказана негатыўная ацэнка гэтай з’явы з боку праваслаўнага насельніцтва, якое ўспрымала рэвіндыкацыю як форму нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту (57). А. Цымбал зазначае, што ў тагачасных умовах дзяржаўныя ўлады Польшчы былі вымушаны, з аднаго боку, падпарадкоўвацца ціску каталіцкай большасці ў справе перадачы маёмасці каталіцкай царкве, а з другога – прытрымлівацца нормаў закону і паважаць інтарэсы праваслаўнай царквы (55).

Асобны раздзел прысвечаны аналізу стаўлення праваслаўнай царквы ў Польшчы да нацыянальнага пытання. Аўтар вылучае дзве канцэпцыі палітыкі польскага ўрада адносна нацыянальнага характару царквы: дзяржаўнай асіміляцыі і нацыянальнай асіміляцыі. Па меркаванні А. Цымбала рэальная палітыка адносна праваслаўнай царквы і яе прыхаджан у Заходняй Беларусі першапачаткова схілялася да нацыянальнай асіміляцыі, а пасля перавароту 1926 г. – да дзяржаўнай асіміляцыі. Менавіта гэта прывяло, пачынаючы з 1922 г., да актыўнай паланізацыі царквы. Яна праяўлялася ва ўвядзенні польскай мовы ў якасці мовы набажэнстваў (а пазней і справаводства), прызначэнні лаяльнага да польскіх уладаў духавенства, спробах увесці грыгарыянскі каляндар, паўплываць на нацыянальную свядомасць беларусаў, якія, як лічылася, пры адпаведнай палітыцы і пад уплывам польскай культуры павінны былі ператварыцца ў палякаў праваслаўнага веравызнання. У гэтай сувязі значныя спадзяванні ўскладаліся на дзейнасць арганізацый праваслаўных палякаў, якія знаходзілі ўсебаковую падтрымку з боку мясцовых органаў улады.

Аўтар паказвае, што праваслаўныя іерархі ў пераважнай большасці, з аднаго боку, выступалі супраць экспансіі каталіцызму і польскасці, а з другога – супраць нацыянальных памкненняў беларусаў і ўкраінцаў. Пры гэтым епіскапат хутчэй пагаджаўся на паланізацыйныя працэсы, чым на фармаванне нацыянальнай царквы. Што тычыцца шараговага духавенства, якое адмаўлялася ўводзіць польскую мову ў набажэнствы, то ўлада рэагавала на гэта пазбаўленнем фінансавых датацый або прыкладала намаганні, каб пазбавіцца такога святара (звольніць, перавесці ў іншае месца і г. д.). Увогуле ў кнізе прыводзіцца багаты фактычны матэрыял, які адлюстроўвае стаўленне органаў улады розных узроўняў да праваслаўнай царквы. Цымбал зазначае, што пазіцыя ваяводаў, як і мясцовых дзеячоў больш нізкага ўзроўню, істотным чынам адрознівалася ад пазіцый Варшавы і часам нават ішла насуперак ім.

У рабоце даецца песімістычная ацэнка спробам беларусізацыі праваслаўнай царквы ў міжваеннай Польшчы. Сярод прычын няўдач на гэтай ніве аўтар называе супрацьдзеянне польскіх улад, негатыўнае і нават адмоўнае стаўленне да беларускага руху асноўнай часткі духавенства, адсутнасць падтрымкі з боку саміх вернікаў. А. Цымбал пагаджаецца з меркаваннем, што спробы беларусізацыі праваслаўнай царквы адлюстроўвалі погляды маладой беларускай палітычнай эліты, а не шырокіх мас сельскага насельніцтва (79). Немагчымасць ажыццяўлення ідэі беларусізацыі праваслаўнай царквы ён тлумачыць наступнымі фактарамі: сацыяльная абмежаванасць руху за беларусізацыю рэлігійнага жыцця, абмежаванасць беларускага руху Віленскай епархіяй, пераважна негатыўная пазіцыя праваслаўнага духавенства на магчымасць увядзення беларускай мовы, супраціўленне беларусізацыі царквы з боку польскіх улад, якія рабілі стаўку на яе паланізацыю (81).

Важную інфармацыйную частку манаграфіі ўтвараюць спіс тэрмінаў і ўмоўных абазначэнняў (110–111) і асабліва тры дадаткі (112–123). У іх прыводзіцца пералік міністраў рэлігійных веравызнанняў і публічнай асветы міжваеннай Польшчы (імя, прозвішча і час займання пасады), архірэяў – кіраўнікоў епархій Заходняй Беларусі (епархія – епіскап – тытул – час кіравання), разнастайныя статыстычныя звесткі (колькасць духавенства, вынікі парцэляцыі, стан духоўных уладанняў, бюджэтныя выдаткі і матэрыяльнае забеспячэнне праваслаўнага духавенства і інш.), падаюцца тэкст прысягі для кіраўнікоў праваслаўных прыходаў і карта тэрытарыяльна-адміністрацыйнай структуры праваслаўнай царквы ў Польскай Рэспубліцы.

Несумненна, разгляданая праца мае высокі навуковы ўзровень, вылучаецца паказам падзей у шырокім кантэксце, аналізам розных фактараў, якія ўплывалі на становішча праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі ў 1921–1939 г. Разам з тым раім аўтару ў новых даследаваннях па гісторыі праваслаўнай царквы звярнуць увагу на лёс бежанцаў, якія, пакінуўшы родны край у 1915 г., вярталіся дадому ў 1918–1921 г. У манаграфіі ёсць згадкі пра праваслаўных святароў, якія, як піша А. Цымбал, вярнуліся з эвакуацыі, а іх далейшы лёс вызначала перш за ўсё мясцовая адміністрацыя. Аднак акрамя святароў кожная царква мае сваіх вернікаў, якія бачаць сітуацыю не з афіцыйнага пункту гледжання, а з пункту гледжання штодзённага жыцця. У якасці прыкладу такога роду крыніц па гісторыі праваслаўнай царквы можна назваць выданне ўспамінаў “Бежанства 1915 года” [1] і працу Анэты Прымака-Онішк “Бежанства 1915. Забытыя ўцекачы” [2].

Манаграфія Аляксандра Цымбала несумненна з’яўляецца важнай у беларускай гістарыяграфіі. Яна раскрывае новыя сюжэты ў гісторыі як Заходняй Беларусі, так і гісторыі Польшчы ў міжваенны перыяд, дазваляе разглядаць і ацэньваць падзеі з розных пунктаў гледжання.

Мінск

Любоў Козік


[1] Бежанства 1915 года. Выд. 2-е, дап. Беласток, 2015.
[2] Prymaka-Oniszk A. Bieżeństwo 1915. Zapomniani uchodźcy. Wołowiec, 2016.

Tags: , ,