Новы нумар


Дук, Дзяніс У. Полацк ХVІ–ХVІІІ стагоддзяў. Наваполацк, 2007 (Сяргей Тарасаў)


ДУК, ДЗЯНІС У. Полацк ХVІ-ХVІІІ стагоддзяў: нарысы тапаграфіі, гісторыі матэрыяльнай культуры i арганізацыі жыццёвай прасторы насельніцтва беларускага горада. Наваполацк: ПДУ, 2007. — 268 с., іл.

Многія працы па айчыннай гісторыі, што апошнім часам з’яўляюцца ў Беларусі, грунтуюцца на вывучэнні тых ці іншых пытанняў на падставе аналізу рознага кшталту пісьмовых крыніц. І ў зусім невялікай колькасці даследаванняў у якасці крыніц выкарыстоўваюцца археалагічныя матэрыялы. Спецыфіка гэтай катэгорыі крыніц, па-першае, у складанасці іх здабывання і інтэрпрэтацыі. Па-другое, манаполія Акадэміі навук на самі даследаванні, аўтарскія правы даследчыкаў на атрыманы пад час раскопак матэрыял перашкаджаюць не толькі іх вывучэнню шырокай супольнасцю навукоўцаў, але і простай публікацыі саміх матэрыялаў. Не аспрэчваючы аўтарскае права, варта адзначыць, што агромністая колькасць археалагічнага матэрыялу, знойдзенага на тэрыторыі Беларусі за апошнія 50 гадоў, так і ляжыць „мёртвым грузам” у складах Інстытута гісторыі НАН Беларусі, у запасніках розных музеяў. І гэта толькі па адной прычыне: аўтары раскопак самі апрацаваць яго не маюць сілы і іншым не даюць.

Манаграфію навукоўца з Полацка Дзяніса Уладзіміравіча Дука можна лічыць адным з прыемных выключэнняў. Работа, заснаваная на апрацоўцы і аналізе артэфактаў, знойдзеных Дз. Дукам пад час аўтарскіх раскопак, апрача таго абагульніла ці не ўвесь комплекс матэрыялаў XVI-XVIII ст., сабраных і іншымі даследчыкамі Полацка. У гэтым яе першая безумоўная карысць і цікавасць. Не менш актуальнымі бачацца храналагічныя межы даследавання. Менавіта айчынныя археолагі ўпершыню на тэрыторыі былога СССР і ў краінах пасля яго развалу звярнуліся да навуковага вывучэння матэрыяльнай культуры так званага позняга Сярэднявечча, ці іначай — эпохі ранняга Новага часу. Перад тым лічылася, што гэта сфера этнаграфічных вышукаў. Археолагі так званай старой школы не падымалі храналагічную мяжу сваіх даследаванняў вышэй XIV-XV ст. А гэта прыводзіла да страты цэлага культурнага пласта i ў літаральным (здымалі бульдозерамі і экскаватарамі), і ў пераносным сэнсе. Прапанаваная манаграфія таксама не з’яўляецца сухім апісаннем тыпаў і відаў археалагічных артэфактаў (без чаго, вядома, у археалагічнай працы не абысціся). У ёй здзейснена цікавая спроба зрабіць некаторую рэканструкцыю жыццёвай прасторы сярэднявечнага гараджаніна, яго самаадчування ў гарадской тапаграфічнай прасторы, яго адносінаў з уладаю, суседзямі, ды і проста жыцця ва ўласным доме.

Пытанню жыццёвай прасторы насельнікаў Полацка прысвечаны апошні раздзел у манаграфіі. Аднак, на наш погляд, ён не толькі падсумоўвае папярэднія раздзелы, але і з’яўляецца адным з самых цікавых, бо тут аўтар, шырока выкарыстоўваючы пісьмовыя крыніцы, спалучае іх матэрыял з археалагічным. Сапраўды, многія рэчы са скуры, тканіны, дрэва, каляровых металаў па розных прычынах практычна не прысутнічаюць у археалагічных калекцыях. Але без іх побыт гараджаніна быў бы адлюстраваны няпоўна. Гэтаксама не знойдзены дасюль археолагамі такія неад’емныя аб’екты жыцця магдэбургскага Полацка, як важніца, капніца, лазня, крамы, нават сама ратуша. Толькі пісьмовыя і картаграфічныя крыніцы дазваляюць меркаваць пра іх месцазнаходжанне.

Тапаграфіі старажытнага Полацка адзначанага часу аўтар у сваёй працы адводзіць значнае месца. Падрабязна разглядаюцца змены гарадской забудовы і архітэктуры, якія сталі, з аднаго боку, вынікам войнаў з Маскоўскай дзяржавай і акупацыі горада ў часы Івана Жахлівага ды Аляксея Міхайлавіча, а з другога — наступствам натуральнага развіцця Полацка як паўнавартаснага еўрапейскага цэнтра. Дук прыходзіць да высновы, што ў канцы XVIII ст. Полацк стаў горадам з развітай паўнавартаснай сістэмай забудовы цэнтральнай часткі горада. На думку аўтара, гэта сведчыць не толькі пра высокі ўзровень развіцця культуры, але і пра адпаведны эканамічны падмурак падобных шырокамаштабных здзяйсненняў. І з гэтым цяжка не пагадзіцца.

Сапраўды, у „археалагічнай” гісторыі беларускіх гарадоў, як ні парадаксальна, пытанні эканомікі неяк самі сабою адышлі на другі план. Пры разглядзе пытанняў тыпалогіі i храналогіі рэчавага і побытавага матэрыялаў, тапаграфіі, стратыграфіі, культавага дойлідства і дэкаратыўна-ужытковага мастацтва, тэхналогіі ганчарства, кавальства, грабарства і г. д. заставалася без увагі гаспадарка — агульны складнік і рамяства, і гандлю, і палітыкі. Даследаванні гэтай тэмы абмяжоўваюцца пералічэннем наяўных рамёстваў, аб гандлі мяркуецца толькі па прысутнасці імпартных рэчаў або мясцовых, зробленых па аналагах імпартных. Г. Штыхаў у свой час выказаў меркаванне пра наяўнасць шматукладнай эканамічнай структуры сярэднявечнага грамадства ў Беларусі (адначасовае суіснаванне прыватнай i феадальна-залежнай гаспадаркі, існаванне побытавага рабства, царкоўна-манастырскага землеўладання), аднак з таго часу гэтыя высновы нідзе не атрымалася ўвязаць з археалагічнымі матэрыяламі, акрамя, бадай, аднаго Полацка. Менавіта тут у цэнтры старажытнага горада яшчэ ў XII-XIII ст., як потым і ў XVI-XVIII ст., асабіста свабодныя гараджане жылі побач з тымі, хто належаў да княскіх, магнатэрскіх і царкоўных юрыдык. І гэтая асаблівасць сацыяльнай структуры Полацка была непасрэдна звязана з эканамічным складнікам горада.

Наяўнасць рамеснай вытворчасці — адна з неабходных умоў прызнання населенага пункта горадам. Аднак щ толькі рамяство трэба лічыць асновай эканамічнага развіцця, у прыватнасці ў Полацку? Дук піша пра агароды, якія ў познім Сярэднявеччы мелі палачане як у самім горадзе, так і ў бліжэйшай акрузе. Але гэта толькі дапаможны промысел. Агароды дапамагалі жыць і выжываць, але наўрад ці прыносілі асноўны даход. Шматлікія рэчы побыту, знойдзеныя пад час раскопак, у пераважнай большасці можна разглядаць як тавар унутранага карыстання, выраблены на месцы. У Полацку гэтага часу ўжо не існавала натуральнага абмену, паколькі ўсё куплялася і прадавалася за грошы. Для нас відавочна, што сапраўднай асноваю полацкай эканомікі быў гандаль ва ўсіх яго праявах: непасрэдны вываз і ўвоз тавараў, мытныя пошліны з транзіту, аптовая скупка i рознічны продаж, праца гараджан на кабатажных работах, так званы адыходны промысел, забеспячэнне рачной інфраструктуры па рэчышчы Дзвіны і малых яе прытоках, абслугоўванне купцоў непасрэдна ў горадзе і г.д. Менавіта дзякуючы гандлю і транзіту ў Полацку як нідзе было развіта залатарства ад ранніх часоў да XVIII ст. Знойдзеная і даследаваная Дукам на Вялікім пасадзе чарговая ювелірная майстэрня XVII ст., апісаная разам з вырабамі ў манаграфіі, яшчэ раз пацвярджае гэта. Залатарства — своеасаблівы маркер для гандлёвага горада, паколькі яно заўжды разлічана на заможную частку насельніцтва. І чым такога насельніцтва больш (і свайго, і транзітнага), тым больш развіта і само рамяство.

У кнізе падрабязна разгледжаны розныя віды рамёстваў, якімі займаліся ў Полацку ў XVI-XVIII ст., прыведзена тыпалогія ганчарнага посуду, апісаны рэчы з металаў, каменю, дрэва, косці, скуры, рыштунак вершніка і каня, інструменты вытворчасці. Кафля не толькі апісана, але і прывязана да гарадской тапаграфіі. Гэта стала мажлівым дзякуючы наяўнасці геральдычных выяваў на кафлях полацкай калекцыі. Картаграфаваннем кафлі былі вызначаны месцы, дзе знаходзіліся двары заможнай шляхты і княжацкіх родаў, або двары залежных ад іх асобаў: М.Дарагастайскага, М. Друцкага-Сакалінскага, М. Зяновіча, Я. Кішкі, Д. Шчыта i інш. Усе яны канцэнтруюцца на тэрыторыі Верхняга замка і цэнтральнай часткі Вялікага пасада. Полацкая рэвізія 1552 г. утрымлівае апісанне і пералік гародняў на Верхнім замку, якія належалі полацкім баярам. Апошнія мусілі іх падтрымліваць у належным стане, умацоўваючы такім чынам гарадавую сцяну. Магчыма, што некаторая частка полацкай шляхты і жыла побач са сваімі гароднямі, выкарыстоўваючы іх не толькі як сховішча вайсковага рыштунку, але і як цывільныя таварныя склады. З часу ж надання гораду магдэбургскага права і перамяшчэння цэнтра палітычнага жыцця горада на Вялікі пасад, да ратушы, туды ж пацягнуліся і радавітыя палачане са сваімі сядзібамі.

Вызначэннем месца размяшчэння сядзіб полацкай заможнай шляхты аўтар манаграфіі закрануў і само пытанне ролі шляхты ў гісторыі горада. Зразумела, што сваёй асаблівасцю „Полацкая Венецыя” была абавязана менавіта шляхце, як i гандлярам. Якраз яны ў выглядзе „40 старцаў” прадстаўлены ў летапісным паданні. Таксама яны былі першымі ў тых „мужах палачанах”, якія запрашалі і выганялі князёў, заключалі палітычныя і гандлёвыя дамовы.

Калі мы гаворым пра традыцыю полацкага самакіравання, пра тое, як, прыняўшы зверхнасць вялікага князя літоўскага, палачане доўгай і ўпартай барацьбой абаранялі свае палітычныя традыцыі, мы маем найперш на ўвазе менавіта полацкае баярства-шляхту. У ранняй гісторыі Беларусі няма іншага такога прыкладу дэмакратычнага ладу (няхай і з агаворкамі), як веча ў Полацку. Калі б не гэты орган, то ўжо нашчадкі Ўсяслава Чарадзея, напэўна, маглі б усталяваць у сваіх княствах манархіі.

Узнікненне ў Полацку першых рамесніцкіх цэхаў — кавалёў, кацельшчыкаў, слесараў, мечнікаў, залатых спраў майстроў i шаўцоў, гарбароў, шапачнікаў, краўцоў і кушняроў фармальна звязваецца з 1601 г. У 1683 г. кароль Ян III Сабескі даў прывілей цэху полацкіх шаўцоў i гарбароў. Адпаведна з іх статутам, цэхавыя старшыні выбіраліся на год: адзін — рымскага веравызнання, другi — грэцкага (рускага”). Для прыслугі пры старшынях выбіраліся два малодшыя рамеснікі рымскага i грэцкага веравызнання. Нездарма члены цэха называлі сябе брацтвам. У нечым яны былі падобны на хрысціянскія брацтвы, якія здаўна існавалі ў Полацку. Відавочна, цэхавыя рамеснікі былі хрысціянамі. Мала таго, яны мусілі (і каталікі, і праваслаўныя) разам хадзіць на святы абедзвюх канфесій.

Выяўленне ў творчасці кафляроў таго часу язычніцкіх матываў, пэўна, больш глыбокая гарадская традыцыя, ці скажам так, — традыцыя ўсёй Полацкай зямлі. І не толькі ў кафлярстве. У гэтай сувязі, калі мы, абапіраючыся на археалагічныя дадзеныя, кажам, што на падставе пахавальнага абраду (знікненне курганоў) хрысціянства становіцца даміноўнай рэлігіяй і ў вёсцы з XIV ст., трэба падумаць, ці так гэта. Афіцыйнай — безумоўна, і значна раней. Але пры гэтым, хутчэй, можна казаць пра своеасаблівае дзвюхвер’е, у якім поруч са знешняй (дзяржаўнай) верай існавала ўнутраная (хатняя) — замовы, забабоны, народныя каляндарныя святы і інш. Што, дарэчы, захавалася да сёння. А на час бытавання падобных артэфактаў можна з доляю ўпэўненасці казаць пра талерантнасць найперш да язычніцкіх традыцый, цярпімасць да каталіцтва і праваслаўя і менш за ўсё — да уніі.

Манаграфія полацкага археолага Дзяніса Дука — безумоўна істотны і цікавы ўклад у вывучэнне гісторыі Полацка. На падставе археалагічных і пісьмовых крыніц аўтару ўдалося дапоўніць звесткі па тапаграфіі Полацка XVI-XVIII ст., па рамёствах і занятках гараджан, рэканструяваць некаторыя дэталі жыццёвай прасторы сярэднявечнага палачаніна.

Мінск

Сяргей Тарасаў

Наверх

Tags: , ,