Новы нумар


Евангельскія хрысціяне ў Беларусі: пяць стагоддзяў гісторыі (1517–2017 гг.) / навук. рэд. УЛАДЗІМІР НАВІЦКІ. Мінск: Пазітыў-цэнтр, 2019. 470 с.


Калектыўная манаграфія “Евангельскія хрысціяне ў Беларусі: пяць стагоддзяў гісторыі (1517–2017 гг.)” напісана чатырма аўтарамі: Наталляй Балтрушэвіч, Людмілай Івановай, Уладзімірам Навіцкім і Сяргеем Паднюком. Першыя тры – прафесійныя гісторыкі, а С. Паднюк – пратэстанцкі тэолаг, рэктар Тэалагічнага інстытута хрысціян веры евангельскай (Мінск). Агульную рэдакцыю ажыццяўляў доктар гістарычных навук У. Навіцкі. Гэта першае сінтэтычнае даследаванне паўтысячагадовай гісторыі беларускага пратэстантызму.

Адразу адзначым істотны недахоп кнігі – ні ў змесце, ні ва ўводзінах не пазначана аўтарства раздзелаў і параграфаў, пералік аўтараў даецца толькі ў пашпарце кнігі, і чытачу незразумела, кім напісаны тыя ці іншыя часткі.

У цэлым даследаванне паказвае, што пратэстантызм выступае адной з ключавых для беларускай культуры канфесій. Доказам, сярод іншага, служыць факт, што з пратэстантамі так ці інакш звязана абсалютная большасць перакладаў Бібліі на беларускую мову. Таму публікацыя згаданай манаграфіі ўяўляе цікавасць не толькі для канфесійных гісторыкаў, але і для гісторыкаў культуры, гісторыкаў філасофскай і палітычнай думкі Беларусі.

“Евангельскія хрысціяне ў Беларусі: пяць стагоддзяў гісторыі (1517–2017 гг.)” з’явіліся не раптоўна і не на пустым месцы. За два апошнія дзесяцігоддзі па-беларуску выйшла 9 кніжных выданняў па гісторыі Пратэстанцкай царквы ў Беларусі [1], спецыяльныя выпускі часопіса “Архэ” і “Спадчына” [2], абаронены 3 кандыдацкія дысертацыі [3]. Гэта не лічачы таго, што выходзіла па гісторыі грамадска-палітычнай думкі беларускай Рэфармацыі, беларускай літаратуры эпохі Рэфармацыі і раздзелаў па гісторыі беларускага пратэстантызму ў калектыўных працах гісторыкаў.

Пачынаючы з 2013 г. сумеснымі намаганнямі Мінскай багаслоўскай семінарыі Саюза ЕХБ у Беларусі і Тэалагічнага інстытута ХВЕ (Мінск) кожныя два гады праводзіцца міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць”, па выніках якой выдаюцца рэцэнзаваныя зборнікі матэрыялаў (на сёння выйшла тры кнігі). Як правіла, у гэтых канферэнцыях, акрамя беларускіх даследчыкаў, звычайна бяруць удзел калегі з Польшчы, Літвы, Эстоніі, ЗША, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і іншых краін.

У 2014 г. на базе Оксфардскага цэнтра місійных даследаванняў (Oxford Centre for Mission Studies) і Мідлэсэкскага ўніверсітэта Лондана (Middlesex University, London) была паспяхова абаронена доктарская дысертацыя амерыканскага даследчыка Бруса Андэрсана па тэме «Палітычная тэалогія Рэфармацыі ў раннемадэрных Беларусі і Літве: на прыкладзе працы Андрэя Волана “Аб свабодзе” (1572 г.)». Шэраг артыкулаў Б. Андэрсан апублікаваў у беларускім навуковым друку [4].

Такім чынам, з’яўленне манаграфіі “Евангельскія хрысціяне ў Беларусі: пяць стагоддзяў гісторыі (1517–2017 гг.)” – гэта ў пэўным сэнсе падсумаванне і абагульненне напрацовак беларускіх і замежных даследчыкаў.

Канцэптуальна новае ў разгляданай манаграфіі тое, што аўтары не падзяляюць гісторыю кальвіністаў, лютэран, баптыстаў, хрысціян веры евангельскай, евангельскіх хрысціян і іншых пратэстанцкіх дэнамінацый, а разглядаюць як адно цэлае. Такі падыход, што базуецца на тэалагічным складніку, уяўляецца нам слушным.

Аўтары даследавання наглядна паказваюць, што змены ў заканадаўстве ВКЛ, якія адбыліся пад уплывам Рэфармацыі і пратэстантаў, прадухілілі міжканфесійную канфрантацыю ў нашай старажытнай дзяржаве, і нават наступленне контррэфармацыі не прывяло да крывавых падзей, як гэта адбылося ў шэрагу еўрапейскіх краін. Іншая справа, што з перамогай контррэфармацыі ў ВКЛ быў закладзены глыбінны светапоглядны канфлікт у самім грамадстве, што ўрэшце прывяло да расколу. У выніку аслаб пратэстантызм, аслабла праваслаўе, аслабла Рэч Паспалітая Абодвух Народаў.

У часы Расійскай імперыі пратэстанты часткова існавалі легальна (лютэране і кальвіністы), часткова нелегальна (баптысты, евангельскія хрысціяне, штундысты і інш.). Сітуацыя змянілася толькі ў 1906 г., аднак ненадоўга. Але тут, на нашу думку, аўтарам не ўдалося раскрыць тэму і паказаць беларускі кантэкст развіцця пратэстантызму ў канцы XVIII – пачатку ХХ ст.

Яшчэ адна асаблівасць выдання ў тым, што большая частка кнігі прысвечана савецкаму перыяду. Тут ёсць некалькі важных момантаў. Па-першае, прыводзіцца лічба 1288 арыштаваных і асуджаных беларускіх пратэстанцкіхслужыцеляў (гаворка ідзе пра 1937 – пачатак 1938 г.). Па-другое, хіба ўпершыню ў беларускай гістарычнай навуцы апісаны формы пратэстанцкага супраціву савецкім парадкам: адмова ад удзелу ва ўсесаюзным перапісе 1937 г.; адмова ад удзелу ў выбарах у Вярхоўны Савет СССР і БССР (1938); адмова вернікаў-пратэстантаў уступаць у калгасы і саўгасы, а таксама выхаванне дзяцей у “духу рэлігійнага фанатызму”. Адзначым, што гэтыя пратэставыя акцыі адбываліся ў гады “вялікага тэрору” і насілі масавы характар, у іх удзельнічалі сотні людзей з розных рэгіёнаў БССР.

Разам з тым кідаецца ў вочы дыспрапорцыя ў асвятленні гісторыі Евангельскай царквы ў БССР і Заходняй Беларусі міжваеннага перыяду. Так, пратэстантам у Савецкай Беларусі прысвечана 56 старонак тэксту, а ў Заходняй – толькі 19. Гэта пры тым, што на захадзе краіны адбывалася, кажучы словамі сённяшняга кіраўніка Саюза ЕХБ, “Вялікае евангельскае прабуджэнне” [5], а на ўсходзе Пратэстанцкая царква была загнана ў глыбокае падполле і часткова знішчана сталінскімі рэпрэсіямі.

Адносна пасляваеннага часу аўтары манаграфіі даюць статыстыку, што ад 70 да 80% евангельскіх цэркваў у БССР былі размешчаны на захадзе рэспублікі. Асаблівая ўвага звернута на дзейнасць незарэгістраваных супольнасцяў Рады цэркваў ЕХБ, якая дала найбольшую колькасць “вязняў сумлення” ў 1960–1970-я г.

Як сведчаць вынікі даследавання аўтараў манаграфіі, 1970–1980-я г. паказалі, што жыццё зарэгістраваныхцэркваў стала лягчэйшым з прычыны таго, што ўлады не здолелі ліквідаваць “сектанцкае падполле”, г. зн. незарэгістраваныя цэрквы. Калі ў часы перабудовы стала магчымым рэгістраваць цэрквы без тэалагічных саступак уладам, то пратэстанцкіх цэркваў было зарэгістравана ў 4 з паловай разы больш, чым праваслаўных. Гэта паказвае маштаб “пратэстанцкага падполля” ў БССР.

Апошні раздзел манаграфіі прысвечаны развіццю пратэстанцкіх цэркваў у незалежнай Беларусі. На 2017 г. у Беларусі налічвалася больш за 1000 пратэстанцкіх цэркваў і каля 100 000 вернікаў. Але ў гэтым раздзеле відавочна недастаткова інфармацыі пра культурна-асветніцкую беларускамоўную дзейнасць сучасных беларускіхпратэстантаў, пра іх унёсак у нацыянальную культуру.

Такім чынам, нягледзячы на наяўнасць пэўных недахопаў і прагалаў, манаграфія “Евангельскія хрысціяне ў Беларусі: пяць стагоддзяў гісторыі (1517–2017 гг.)” – знакавае і этапнае для айчыннай гістарычнай навукі выданне.

Мінск

Андрэй Унучак


[1] Акіньчыц С. Залаты век Беларусі. Мінск, 2002; Пратэстанцкая царква і беларускі нацыянальны рух на пачатку ХХ ст.: артыкулы і ўспаміны. Мінск, 2006; Лукаш Дзекуць-Малей і беларускія пераклады Бібліі: зб. матэрыялаў, артыкулаў і дакументаў. Брэст, 2011: Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць(да 600-годдзя Евангельскай Царквы ў Беларусі): зб. матэрыялаў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. Мінск, 2014; Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць. Вып. ІІ: (да 500-годдзя Мікалая Радзівіла Чорнага): зб. матэрыялаў ІІ міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. Мінск, 2016; Русецкі У. Пастар Станіслаў Нядзьвецкі і евангельскае прабуджэнне на паўночным захадзе Беларусі. Мінск, 2017; Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць. Вып. ІІІ (да 500-годдзя Рэфармацыі і 500-годдзя беларускай Бібліі): зб. матэрыялаў ІІІ міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. Мінск, 2018 і інш.
[2] Спадчына. 2003. № 1: спецыяльны нумар “450 гадоў Рэфармацыі ў Беларусі”; Архэ-Пачатак. 2012. № 1-2: спецыяльны нумар “Беларусь эвангельская”.
[3] Лисовская Т. В. Неопротестантизм в Западной Беларуси в 1921–1939 гг.: дисс. … канд. ист. наук; БГУ. Минск, 2009; Балтрушэвіч Н. Г. Пратэстанцкія арганізацыі БССР у 1944–1985 гг.: структура, формы дзейнасці, узаемаадносіны з дзяржавай: дыс. … канд. гіст. навук; НАН Беларусі, Ін-т гісторыі. Мінск, 2010; Сушко В. В. Эволюция взаимоотношений государства и неопротестанских организаций в условиях реформирования религиозного законодательства Беларуси (1985–2010 гг.): дисс. … канд. ист. наук; БГУ. Минск, 2015.
[4] Anderson B. Reformed Political Theology in Early Modern Belarus and Lithuania: Andrzej Wolan’s De libertate (1572). Unpublished thesis for Doctor of Philosophy. Oxford Centre for Mission Studies, Oxford, UK/Middlesex University, London, UK, November 2014; Андэрсан Б. Палітычная тэалёгія Жана Кальвіна ў прысьвячэньнях Жыгімонту ІІ Аўгусту і Мікалаю Радзівілу Чорнаму //Архэ-Пачатак. 2012. № 1-2. С. 35–50; Андэрсан Б. Сацыяльная і палітычная тэалёгія Рэфармацыі ў прадмовах, камэнтарах і іншых дапаможных матэрыялах да Берасьцейскай Бібліі 1563 г. // Архэ-Пачатак. 2017. № 3. С. 277–304 і інш.
[5] Міховіч Л. Прадмова // Евангельская Царква Беларусі: гісторыя і сучаснасць. Вып. ІІ: (да 500-годдзя Мікалая Радзівіла Чорнага). Мінск, 2016. С. 6.

Наверх

Tags: ,