Новы нумар


Флоря, Борис H. У истоков религиозного раскола славянского мира (Генадзь Сагановіч)


ФЛОРЯ, БОРИС Н. У истоков религиозного раско­ла славянского мира (XIII в.). САнкт- Петербург: Алетейя, 2004. – 222 с.

Кніга вядомага расійскага вучонага з зайздроснай эрудыцыяй i шырокім дыяпазонам навуковых інтарэсаў Барыса Мікалаевіча Флоры прысвечана пераломнаму часу, у якім адбыўся пераход ад мірнага суіснавання да канфрантацыі блізкіх, але канфесійна разрозненых славянскіх народаў. Год 1054 прынята лічыць адно ўмоўнай датай царкоўнага расколу, які ў свядомасці хрысціян стаў выяўляцца значна пазней, i храналагічнае вызначэнне пачаткаў схізмы застаецца няпростым пытаннем не толькі ў кантэксце Ўсходняй Еўропы. Спецыяльнае вывучэнне канфесійнага размежавання ў рэаліях славянскага свету даўно было актуальнай задачай, хоць i няпростай, асабліва калі ўлічваць недастатковасць крыніц i спецыфіку праблемы. Абапіраючыся на салідны корпус актавых дакументаў i наратыўных тэкстаў, Б. Флора i на гэты раз прэзентуе грунтоўнае даследаванне, для якога характэрны ў асноўным узважаны, вывераны падыход i абгрунтаванасць заключэнняў.

Праца пачынаецца разглядам міжканфесійных узаемадачыненняў у славянскім свеце ад фармальнага раздзялення царквы да пачатку XIII ст. (раздзел 1, с.8-39). Прыводзячы шмат прыкладаў з дакументаў, з хронік, летапісаў i гістарычных твораў, аўтар справядліва адзначае, што, хоць візантыйскія i рымскія тэолагі востра палемізавалі, у цэлым у адносінах паміж усходнім i заходнім хрысціянствам у той час яшчэ захоўвалася цярпімасць i пачуццё агульнасці, асабліва сярод свецкіх вярхоў грамадства.

У двух наступных раздзелах кнігі асвятляюцца адносіны Балгарыі i Сербіі да лацінскага свету — унія з Рымам у першай траціне XIII ст. (40-84) i нарастанне канфрантацыі пачынаючы з 1230-х г. (85-119). Для ix разумення істотна ўлічваць, што, як падкрэсліў даследчык, у Ватыкане ў той час пад уніяй разумелі ўсталяванне чыста адміністрацыйна-юрыдычнага адзінства (прысяга архіепіскапа папу — i ніякіх зменаў у звычаях i абрадах), таму далучэнне балгарскай царквы да каталіцтва адбылося беспраблемна (56-57). Гэта была унія ў ерархічным, а не ў кананічным сэнсе, але i яна наўрад ці стала б магчымай ва ўмовах варожага стаўлення насельніцтва да лацінянаў. Праз стагоддзе адносіны паўднёваславянскага духавенства да лацінян радыкальна змяніліся, i паваротным момантам гэтых зменаў стаў IV крыжовы паход, выключная роля якога ў канчатковым разрыве паміж лацінскай i грэцкай царквой падкрэслена многімі вучонымі. Што да паўднёвых славян, то Б.Флора адзначае, што цяпер нават перагаворы сербскага краля аб уніі з Рымам былі б ужо немагчымыя (98-101). Зразумела, што i лаціняне, настроіўшы супраць сябе грэкаў захопам Канстанцінопаля і сваімі дзеяннямі на Афоне, таксама ўжо глядзелі на праваслаўных сербаў i балгараў як на варожы свет „схізматыкаў”. Канфрантацыя, скіраваная на абмежаванне кантактаў, дайшла да таго, што ў сярэдзіне XIV ст. лацінянам было заканадаўча забаронена праводзіць місіянерскую дзейнасць на тэрыторыі Сербіі („Законнік” Душана) (110-111), аў Венгрыі праваслаўным святарам яшчэ раней забаранялася служыць за межамі сваіх храмаў, будаваць ix без дазволу біскупа i г.д. (116). Зыходзячы з гэтага, аўтар ужо тут заўважае, што дыскрымінацыйныя заканадаўчыя пастановы ў праваслаўным свеце былі адказам на адпаведныя абмежаванні правоў праваслаўных у каталіцкіх дзяржавах (119).

Найбольшую цікавасць выклікае другая палова выдання, прысвечаная ўзаемадачыненням Русі з лацінскім светам. У раздзеле 4 „Русь, ее западные соседи и папство в первой трети XIII в.” (120-151) аўтар разглядае палітыку Апостальскай сталіцы ў дачыненні да Русі і экспансію крыжаносцаў у Прыбалтыцы, якая не стала перашкодай развіццю сувязяў паміж лацінянамі і русінамі. Міжканфесійныя кантакты i шлюбы паміж праваслаўнымі i каталікамі, гэтаксама як гаспадарчыя сувязі з заходнім светам для Русі яшчэ былі звычайнай справай. Абвастрэнне адносін паміж русінамі i лацінянамі аўтар адносіць да 1230-х г. i звязвае гэта з місіянерскай дзейнасцю дамініканцаў польскай правінцыі (140-141). Пры ўсёй сур’ёзнасці войнаў i канфліктаў Ноўгарада з яго заходнімі суседзямі характару міжканфесійнага супрацьстаяння яны яшчэ не набылі, сцвярджае Б. Флора (130, 148-149). Хоць перадумовы для глыбокай рэлігійнай канфрантацыі ўжо з’явіліся, да пачатку 1240-х г. гэтая барацьба насіла палітычны характар, — піша маскоўскі гісторык. Заключэнне, можна сказаць, прынцыпова важнае сваёй цвярозасцю, яно кантрастуе з даўняй традыцыяй расійскай гістарыяграфіі перабольшваць ролю рэлігійнага (праваслаўнага) фактару i тлумачыць канфлікты славян з немцамі ў духу „Drang nach Osten”.

Асвятляючы пачатак лацінскай місіі ў Прыбалтыцы, Б. Флора зусім мімаходзь згадвае „канфлікт крыжаносцаў з Полацкім княствам” (хоць гэта было храналагічна першае сутыкненне), а яго згасанне звязвае толькі з палітычнай слабасцю Полацкага княства: маўляў, з-за слабасці Полаччына „і не спрабавала супернічаць з крыжаносцамі” (128). Іншая справа — Ноўгарад Вялікі: быў магутны — i пачаў упартую барацьбу з лацінянамі. Празмерна спрошчанае тлумачэнне! Цікава, што ў развагах пра мірнае пагадненне паміж Полацкам i біскупам Альбертам аўтар сам цытуе словы Генрыха, што гэта быў „вечны мір супраць літоўцаўі іншых паганцаў”, але не дапускае ролі ніякіх іншых фактараў, ніякіх інтарэсаў палачан — толькі палітычная капітуляцыя. Недастатковую зарыентаванасць у гісторыі Полацкага княства адразу можна назваць адным са слабых месцаў працы, але пра гэта ніжэй.

Уплывы мангольскага нашэсця на міжнародную сітуацыю i змены ў міжканфесійных адносінах ва Ўсходняй Еўропе даследуюцца ў раздзеле 5 „Древняя Русь, ее латин­ские соседи и татарская угроза (40-50-е гг. XIII в.)” (152-173). Даследчык вызначае тут дзве супрацьлеглыя тэндэнцыі гэтага перыяду — збліжэнне ўсходнеславянскіх зямель з Рымам i, наадварот, паварот да глыбокай канфрантацыі. Як праявы збліжэння ён разглядае ініцыяваныя папам актыўныя кантакты Рыма з князямі Русі з мэтай утварэння антытатарскай кааліцыі (вядомыя пасланні Данілу Галіцкаму, Аляксандру Неўскаму i інш.), a ўзнаўленне напругі ў адносінах звязвае з правалам праекта кааліцыі i спадзеваў Ватыкана на канвертацыю Русі. Цікава, што закранаючы адносіны Галіцкай Русі з Рымам, Б. Флора ставіць пад сумнеў „устанаўленне нават фармальнай залежнасці галіцкай дзяржавы ад Рыма” да каранацыі Данілы Раманавіча (161), так што пачаткам царкоўнай уніі Галіцкай Русі з Рымам можна лічыць толькі 1253 г. (166).

Найбольш насычаны важнымі i часам контраверсійнымі палажэннямі апошні раздзел „На пути к полной конфрон­тации между Древней Русью и латинским миром (вторая половина XIII – начало XIV вв.” (174-212). Разглядаючы шэраг папскіх бул 1257 г. з заклікам выступить супраць паганцаў і схізматыкаў, Б. Флора не без пэўнай рацыі дапускае, што падставай такіх пасланняў сталі скаргі з Польшчы ў Ватыкан на ix спусташальныя набегі (180). Аднак хто канкрэтна мог стаяць за агульна названымі „схізматыкамі” i русінамі? Аўтар спачатку ўпэўнена абвяшчае ix падданымі Міндоўга, але ўжо праз старонку — падданымі Данілы Галіцкага (181). I першае, i другое (да паходу Бурундая) — хутчэй дапушчэнні (пры гэтым верагоднасць першага зусім нязначаная), чым факты, між тым далей гіпатэтычныя „напады рускіх” у саюзе з літоўцамі на Польшчу фігуруюць як рэальны важны аргумент вызначэння папскай палітыкі ў Усходняй Еўропе.

Кульмінацыйны пункт нарастання канфесійнай канфрантацыі ва Ўсходняй Еўропе даследчык звязвае з буламі папаў Аляксандра IV (1260) i Урбана IV (1264), у якіх першы дараваў Ордэну права на паднявольныя татарам землі Pyci i прывядзенне ix да праўдзівай веры, a другі заклікаў чэшскага караля выступіць у абарону Польшчы, абяцаючы ў валоданне занятыя землі русінаў і літоўцаў (183-185). Падобная ацэнка гэтых дакументаў у цэлым прымальная, i ўсё ж лічыць ix „абвяшчэннем крыжовага паходу супраць схізматыкаў” (185), мне здаецца, няма дастатковых падстаў. Такія заклікі насілі хутчэй дэкларатыўна-прапагандысцкі характер i не былі звязаныя з рэальнымі захадамі па арганізацыі выправы. Сапраўды, дакументальна не засведчана ніякага рэха, выкліканага імі, нават таго, якім суправаджаўся абвешчаны ў 1238 г., але так i не праведзены крыжовы паход супраць балгарскага царства, пра які піша Б. Флора (86).

Адназначна адмоўнае стаўленне да лацінскага свету на Pyci аўтар выяўляе толькі пачынаючы з помнікаў другой чвэрці – сярэдзіны XIV ст. (жыціе Даўмонта, Ноўгарадскі летапіс), у сувязі з чым да гэтага часу адносіць завяршэнне канфесійнага адмежавання Русі ад заходніх суседзяў-лацінян. A паколькі ў дакументах лацінскага свету негатыўны вобраз Русі фіксуецца раней — з другой паловы XIII ст., то радыкальна адмоўнае стаўленне ўсходніх славян да Захаду даследчык называе толькі ix рэакцыяй у адказ на пазіцыю лацінян (212, 218).

Фармальна лагічная выснова не можа не выклікаць некаторых пярэчанняў ужо таму, што вобраз русінаў у XIII i XIV ст. у каталіцкім свеце не быў аднолькавы, дакладна як i стрэрэатып ix суседзяў. Ён залежаў і ад канкрэтна-гістарычнага перыяду, i ад зямлі, i ад крыніцы, у якой фіксаваўся. Прыкладам, калі ў карэспандэнцыі польскіх каталіцкіх ерархаў, скіраванай у Рым, русіны называліся „схізматыкамі”, то ў польскіх хроніках XIII ст. мы не знойдзем ix адмоўных азначэнняў, затое

спаткаем у ордэнскіх. Падобна з вобразам Захаду ў вачах русінаў. Калі летапісцы Ноўгарада, які часта ваяваў з Інфлянтамі, рэзка асуджалі лацінства, то гэта яшчэ не значыць, што i на Полацкай Pyci да інфлянцкіх немцаў ставіліся гэтаксама. Даўно выдадзеныя Г. Харашкевіч полацкія граматы, якіх чамусьці аўтар не захацеў узяць пад увагу, не фіксуюць падобных прыкладаў.

Вось жа нявыкарыстанасць матэрыялаў з гісторыі Полацка ды іншых княстваў сучаснай Беларусі, якая адразу заўважаецца, выклікае прынамсі здзіўленне і сапраўды можа лічыцца адным з істотных недахопаў даследавання. Бо Полацкае княства лучыла з лацінскім светам не толькі геаграфічнае становішча, — яно мела з ім самыя блізкія гаспадарчыя i культурныя адносіны. Зразумела, што Полацк кантактаваў з Захадам інтэнсіўней, чым Русь Усходняя, той жа Суздаль, напрыклад. I калі ў Суздалі выкарыстанне заходніх майстроў ужо ў XII ст., па назіраннях аўтара, „выклікала некалькі насцярожанае стаўленне” (18), то на землях сённяшняй Беларусі яно практыкавалася часцей i не выклікала такой рэакцыі. I толькі прыкрай няўважлівасцю да гісторыі Полацка можна патлумачыць сцвярджэнне, што „да сярэдзіны XIII ст. з усіх старажытнарускіх земляў толькі Галіцка-Валынская Русь прытрымлівалася сяброўскіх адносінаў са сваімі заходнімі суседзямі” (174). У адрозненне ад Ноўгарада, Полацку пасля канфліктаў пачатку XIII ст. удавалася ладзіць у Інфлянтах i з Ры­гай, i з Ордэнам, узнагародай чаго былі выгоды міжнароднага гандлю па Дзвіне.

Шкада, што пішучы пра ўзаемадачыненні ўсёй Русі з рыма-лацінскімі дзяржавамі, аўтар засяродзіў увагу ў асноўным на Ноўгарадзе Вялікім i Галіцка-Валынскай зямлі. Праўдападобна, у святле гістарычнага вопыту так званай Русі Літоўскай многія палажэнні гэтага даследавання ма­гм б быць скарэктаваныя, i нават адну з заключных высноў — што абвастрэнне рэлігійнага антаганізму прывяло да перапынення культурных кантактаў паміж праваслаўнымі славянскімі краінамі i лацінскім светам (221) — спатрэбілася б удакладняць.

Сустракаюцца ў працы i дробныя фактаграфічныя недакладнасці, непераканаўчыя сцвярджэнні. Так, Таўцівіл не мог быць ахрышчаны ў Рызе ў 1254 г. (170), бо яшчэ ў 1252 г. скончылася міжусобная вайна ў Літве, i яго хрост быў бы ўжо нікому непатрэбны. Не ўпэўнены, што на падставе аднаго Іпацеўскага летапісу можна вызначаць, хто болын дамагаўся каранацыі Данілы Раманавіча — папа ці сам галіцкі князь (165). Згадваючы антылацінскія творы грэцкіх ерархаў, што пашыраліся ў Кіеўскай мітраполіі ў другой палове XI ст., аўтар піша, што такая ж пазіцыя была ў вярхушкі духавенства ў каталіцкіх краінах, a ў пацверджанне гэтага прыводзіць вядомае негатыўным выпадам супраць русінаў пасланне кракаўскага біскупа Мацвея, накіраванае Бернару Клервоскаму прыкладна ў 1147 г. (14). Аднак для таго часу гэты прыклад зусім не тыповы. I факт удзелу ваенных кантынгентаў Русі ў крыжовым паходзе таго ж года на палабскіх славянаў, які ў кнізе таксама згадваецца, у гэтай сувязі сведчыць значна больш, чым інвектывы кракаўскага біскупа.

На думку Б. Флоры, князь Аляксандр Неўскі перарваў перамовы з Рымам таму, што быў больш прадбачлівы за Данілу Галіцкага i „рэальна ацаніў магчымасці лацінскага свету ў супрацьстаянні Залатой Ардзе” (177). Гучыць фантастычна. Каб дапускаць такую геніяльную праніклівасць Неўскага, трэба хоць нечым гэта пацвярджаць.

I апошняе: канфесійна незаангажаванаму чытачу кнігі лёгка заўважыць, што яе аўтару не ўдаецца захаваць належнай навуковай бесстароннасці ў ацэнках процілеглых суб’ектаў расколу. Да такой думкі прыводзіць не толькі настойлівае падкрэсліванне, што праваслаўны бок адно эквівалентна адказваў на дзеянні каталіцкага Захаду. Яшчэ ў пачатку кнігі (на с.6) рымскім папам была прыпісана вялізная роля ў „паглыбленні i абвастрэнні рэлігійнага антаганізму ў славянскім свеце”, i ўсім далейшым выкладам даследавання, зразумела, гэта толькі пацвярджалася. Так, на Рым лягла найбольшая адказнасць, але ж вядома, што i Канстанцінопаль зусім не спрыяў пошуку паразумення паміж вялікімі цэрквамі. Невыпадкова i С.Ранцімэн, выдат ны знаўца гісторыі схізмы, пры ўсіх яго сімпатыях да ўсходняй царквы, не схіляўся да ўскладання віны на нейкі адзін бок1. Бо падобны падыход не можа спрыяць глыбейшаму разуменню прычынаў i сутнасці канфесійнага рас­колу, якому i прысвечана кніга.

Безумоўна, дробныя недахопы не змяншаюць усіх вартасцяў грунтоўнага навуковага даследавання Б.М. Флоры.

Мінск

Генадзь Сагановіч

Наверх

Tags: , , ,