Новы нумар


Fugеdі, Еrіk. Тhе Еlefanthy / The Hungarіan Nobleman and Hіs Kіndred (Уладзімір Канановіч)

Fugеdі, Еrік. Тhе Еlefanthy / The Hungarіan Nobleman and Hіs Kіndred. Edіted by D. Karbіc, foreword by J.M.Bak. Budapest: Central European Unіversіty Press, 1998. 174.

У 1475 г. пасол венгерскага караля Мацея Корвіна пад час візіту да міланскага герцага ахарактарызаваў Венгрыю як краіну 1700 шляхецкіх родаў. Іх прадстаўнікі, незалежна ад іхнай этнічнай і канфесійнай прыналежнасці, складалі палітычную эліту каралеўства cв.Стэфана, або інакш кажучы Natіo Hungarіca. Aднаму з гэтых 1700 рoдaў і прысвечана даследаванне слыннага венгерскага гісторыка Эрыка Фюгедзі (1916—1992).

Выбар даследчыка не выглядае выпадковым. Сам Фюгедзі паходзіў з таго самага рэгіёну, дзе былі карані шляхецкага дома Элефанці (Еlefanthy). Маёнтак Элефант, ад якога гэты род прыдбаў сваё прозвішча, знаходзіўся ў графстве Нітра ў Верхняй Венгрыі (як тады называлася Славакія). Гэтаксама і першая буйная навуковая праца Э.Фюгедзі была прысвечана паселішчам у графстве Нітра[1]. Менавіта ў гэты час (канец 30-х—40 г.) ён сур’ёзна зацікавіўся даследаван нем гісторыі і культуры шляхты сярэднявечнай Венгрыі. Нават наступнае працяглае адлучэнне па палітычных матывах ад навуковай дзейнасці не змагло паўплываць на намер Фюгедзі займацца сацыяльнай гісторыяй. Вярнуўшыся ў вялікую навуку (1961 г.), ён спярша даследуе гарадскую тэматыку[2], а потым, нарэшце, засяроджваецца на сваім даўнім навуковым інтарэсе — даследаванні сярэднявечных эліт Венгерскага каралеўства[3].

Сваёй працай Эрык Фюгедзі, як адзначаюць спецыялісты, рэпрэзентуе якасна новы ўзровень вывучэння сацыяльнай гісторыі венгерскай шляхты ў эпоху Сярэднявечча. Каб ацаніць рэальны ўнёсак даследчыка ў сучасную венгерскую гістарыяграфію, трэба сцісла нагадаць пра асноўныя этапы ў вывучэнні праблемы ў апошняе стагоддзе. У ХІХ ст. сярод гісторыкаў пераважаў ідылічны, у пэўнай ступені нават хвалебны вобраз венгерскай шляхты, які, аднак, у пачатку ХХ ст. стаў прадметам грунтоўнага пераасэнсавання. Наступныя пакаленні даследчыкаў, сярод якіх можна згадаць такія вядомыя імёны, як Петэр Вацы (Peter Váczy), Енё Сюч (Jeno Szücs), Iштван Саба (István Szábo), Пал Энгель (Pál Engel), вывучалі перадусім сацыяльна -эканамічнае становішча, юрыдычны статус, а таксама дэмаграфічныя фактары развіцця шляхецкага стану ў сярэднявечнай Венгрыі. Абапіраючыся на дасягненні вышэйзгаданых гісторыкаў, Фюгедзі зрабіў паспяховую спробу даследаваць унутраную структуру і розныя аспекты штодзённага жыцця шляхты. У якасці канкрэтнай сацыяльнай адзінкі аўтар выбраў для вывучэння род (сям’ю)[4], якая ў сярэдневеччы з’яўлялася асновай біялагічнага ўзнаўлення і крыніцай сацыяльнага прэстыжу шляхецкага грамадства.

Даследчыцкі метад, што выкарыстоўвае Эрык Фюгедзі, адпавядае метадам школы «Аналаў», з якой аўтар азнаёміўся пад час працяглага стажу ў Парыжы ў пачатку 70-х г. Даследчык быў адным з першых венгерскіх гісторыкаў, хто пачаў прымяняць метады культурнай антрапалогіі, этнаграфіі і сацыялогіі. Асаблівасцю Фюгедзі як вучонага стаў вывераны, разважлівы падыход, асабліва ў гістарычнай тэрміналогіі.

Напачатку даследавання аўтар спрабуе суаднесці нормы венгерскага звычаёвага права, выкладзеныя ў вядомым кодэксе Стэфана Вербёцы (1514)[5], з тагачаснай практыкай, якая вызначала дзеянні шляхты каралеўства. Фюгедзі робіць выснову, што некаторыя нормы, асабліва ў дачыненні да шляхецкага статуса, правоў спадчыны і шлюбу, не заўжды адпавядалі рэальнаму жыццю грамадства. Ён прасочвае лёс розных галінаў роду Элефанці на на працягу некалькіх стагоддзяў, ад іхнага міфічнага паходжання ў канцы ХІ — пачатку ХІІ ст. прыкладна да 1490 г., г.зн. да смерці караля Мацея Корвіна і ўсталявання ў каралеўстве дынастыі Ягайлавічаў. Асаблівая ўвага звяртаецца на маёмасную палітыку і пытанні, звязаныя са спадчынай унутры роду, шлюбную стратэгію ягоных прадстаўнікоў, іхную вайсковую службу, стасункі з царквою, каралеўскай уладай, сувязі з іншымі шляхецкімі і арыстакратычнымі родамі Венгрыі, нарэшце, дзейнасць на мясцовым узроўні (перадусім у графстве Нітра).

Завяршаецца праца некаторымі абагульненнямі наконт стратыфікацыі, рэальнага маёмаснага становішча шляхецкага стану, інстытута кліентэлы ў сярэднявечнай Венгрыі. На жаль, абмежаваная база крыніц не дазволіла больш дэталёва асвятліць вышэйзгаданыя аспекты гісторыі сям’і Элефанці, што добра ўсведамляў і сам даследчык. Сваю працу ён успрымаў як падмурак для далейшых падобных даследаванняў у галіне сацыяльнай гісторыі[6].

Наватарская праца Эрыка Фюгедзі cтала важнай з’явай сучаснай венгерскай гістарыяграфіі. Як адзначыў вядомы медыевіст Я.Бак, яна ўяўляе прыклад крытычнага падыходу да вывучэння грамадства сярэднявечнай Венгрыі, які спрыяе пераадоленню рамантычнага вобразу айчыннай мінуўшчыны. Разам з тым, для гісторыкаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы гэтая праца становіць ўзор магчымага падыходу да глыбокага вывучэння палітычных эліт рэгіёна. Падобныя даследаванні спрыяюць ажыўленню даследчыцкага інтарэсу, асабліва сярод моладзі, да праблемаў сацыяльнай гісторыі (пацвярджэннем таму праект «Nobility in Medieval and Early Modern Central Europe: A Comparative Study in Social Structure», распачаты ў Цэнтральным Еўрапейскім Універсітэце ў 1996 г.). Метады, прапанаваныя Фюгедзі, маглі б прымяняцца і да вывучэння грамадства ВКЛ, асабліва з улікам таго, што статус, тэндэнцыі развіцця і высокая ўдзельная вага шляхецкага стану ў ВКЛ, Венгрыі і Польшчы былі вельмі блізкімі.

Уладзімір Канановіч
Менск


[1] Fugedi E. Nyitra megye betelepulese // Százádok, 72 (1938), 273—319, 488—500.
[2] Даследаванні Э.Фюгедзі па гарадской тэматыцы прадстаўлены шэрагам артыкулаў у кнізе: Fugedi Е. Kings, Bishops and Burgers in Medieval Hungary. London, 1989.
[3] Акрамя папярэдняй працы гл.: Fugedi E. Castle and Society in Medieval Hungary. Budapest, 1983.
[4] Гэтая сацыяльная адзінка ў венгерскіх сярэднявечных крыніцах называлася genus ці generatіo.У сучаснай венгерскай мове гэтаму тэрміну, на думку аўтара, найлепей адпавядае слова klan. У англійскім перакладзе паўсюдна выкарыстоўваецца тэрмін kindred, які азначае рэальную або фіктыўную кроўную роднасць.
[5] Вядомы таксама як «Tripartitum».
[6] Fugedi E. Op. cit. P. 142.

Tags: , ,