Новы нумар


Gordziejew, Jezy. Komisje Porządkowe Cywilno-Wojskowe w Wielkim Księstwie Litewskim w okresie Sejmu Czteroletniego (1789-1792). Kraków, 2010 (Цімафей Акудовіч)


GORDZIEJEW, JEZY. Komisje Porządkowe Cywilno-Wojskowe w Wielkim Księstwie Litewskim w okresie Sejmu Czteroletniego (1789–1792). Krakow: Wydawnictwo Uniwersytetu Jagellońskiego, 2010. 352 с.

Беларускі гісторык Юры Гардзееў, вядомы як руплівы даследчык гарадзенскай гісторыі, які ўжо даўно жыве і працуе ў Кракаве, у 2010 г. надрукаваў у выдавецтве Ягелонскага ўніверсітэта працу, прысвечаную малавядомай старонцы апошніх гадоў існавання Рэчы Паспалітай — стварэнню і функцыянаванню парадкавых цывільна-вайсковых камісій.

У верасні 1788 г. у Варшаве распачаў дзейнасць вальны сканфедэраваны сойм, які пазней назавуць Вялікім, ці Чатырохгадовым. На сойме нечакана моцным фронтам выступіла антыкаралеўская апазіцыя. Ва ўмовах, калі вайсковыя сілы Расійскай Імперыі былі задзейнічаны ў Турцыі, у шляхты з’явіўся шанец на правядзенне шырокамаштабных рэформаў, якія ў выніку закранулі амаль усе сферы жыцця Рэчы Паспалітай.

Аднак ужо ў 1789 г. стала зразумела, што большасць прынятых на сойме рэформаў не рэалізуюцца, бо ў дзяржаве адсутнічаў эфектыўны адміністрацыйны апарат, які мог бы прыводзіць у дзеянне, ці прынамсі кантраляваць, выкананне тых ці іншых пастаноў сойма. Для вырашэння гэтай сітуацыі ў лістападзе 1789 г. шляхта ВКЛ прыняла праект аб стварэнні спецыяльных ваяводскіх і павятовых камісій, а пазней падобную пастанову прынялі і палякі[1]. Менавіта функцыянаванне гэтых камісій на тэрыторыі ВКЛ і разглядае ў сваёй працы Юры Гардзееў.

Як слушна заўважае аўтар у прадмове, тэма цывільна-вайсковых камісій да гэтага часу сур’ёзна не даследавалася ў навуковай літаратуры. Нельга сказаць, што названая тэма зусім прапушчаная навукоўцамі: у канцы ХІХ ст., у межах вывучэння Чатырохгадовага Сойма, да пытання парадкавых камісій звярталіся Тадэвуш Корзун, Валеры Калінка, шэраг публікацый выйшаў таксама ў 60–80-я г. ужо ХХ ст. Аднак грунтоўнага даследавання на падставе павятовых дакументаў, а не толькі соймавых пастаноў, пагатоў датычных менавіта тэрыторыі ВКЛ, яшчэ не было.

Аўтар ставіць сваёй мэтай прасачыць працэс кшталтавання і функцыянавання лакальнай адміністрацыі ВКЛ у часе Чатырохгадовага Сойма (9).

З прычыны шырокіх паўнамоцтваў і абавязкаў цывільна-вайсковых камісій аўтар засяроджваецца на тых галінах дзейнасці, якія былі найбольш актуальныя для саміх камісій: перапіс насельніцтва, мяшчанскае пытанне, па датковая палітыка і звязаныя з ёй пытанні сельскай гаспадаркі, а таксама праблема рэкрутавання войска.

Найбольшы комплекс крыніц, датычных парадкавых камісій, захаваўся ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, частка дакументаў знаходзіцца ў Гістарычным архіве Літвы і бібліятэцы імя Т. Урублеўскага ў Вільні. У першую чаргу гэта самі акты парадкавых камісій. Найлепш захаваліся акты наступных камісій: гарадзенскай, шчучынскай, пінскай, менскай, полацкай і аршанскай (усе ў гістарычным архіве ў Мінску). Пры гэтым амаль не захавалася карэспандэнцыі цывільна-вайсковых камісій. Некаторыя матэрыялы, прысвечаныя камісіям, былі знойдзены ў дакументах Чатырохгадовага Сойма. Частка матэрыялаў раскіданая па канцылярскіх і земскіх кнігах, а таксама ў перыядычных выданнях таго часу.

Асноўная частка працы складаецца з 6 раздзелаў, першы з якіх прысвечаны апісанню агульнага стану лакальнай адміністрацыі напярэдадні Чатырохгадовага Сойма, а таксама працэсу стварэння і структуры саміх парадкавых цывільна-вайсковых камісій. У наступных 5 раздзелах па чарзе разглядаецца дзейнасць камісій па захаванні публічнага парадку (раздзел 2), узаемадачыненне з гарадамі (раздзел 3), санітарна-гігіенічная і адукацыйная дзейнасць (раздзел 4), эканамічныя пытанні (раздзел 5) і вайсковыя (раздзел 6).

У пачатку першай часткі аўтар выстаўляе вельмі істотныя акцэнты: рэформы лакальнай адміністрацыі адбываліся ва ўсёй Еўропе цягам XVIII ст. у бок цэнтралізацыі. У Рэчы Паспалітай над гэтым пытаннем пачалі задумвацца толькі з прыходам на трон Станіслава Аўгуста Панятоўскага (18), але ўсе гэтыя працэсы да апошняга тармазіла шляхта і магнатэрыя вышэйшых органаў улады. І распачаць рэформы атрымалася толькі на Чатырохгадовым Сойме. Таксама аўтар коратка апісвае тыя праекты рэформы лакальнай адміністрацыі, якія існавалі яшчэ да Чатырохгадовага Сойма, а таксама генезіс прыняцця самой канстытуцыі „Komisje wojewodzkie i powiatowe Wielkim Księstwie Litewskim”. Аналізуючы сам дакумент, аўтар прыходзіць да высновы, што новаствораны апарат шмат якімі рысамі мусіў нагадваць заходнееўрапейскія сістэмы лакальнай адміністрацыі, але пры гэтым крытыкуе яго за бессістэмнасць, асабліва ў раздзеле, прысвечаным эканамічным пытанням.

Сярод іншага Ю. Гардзееў уступае ў палеміку з некаторымі польскімі гісторыкамі (у тым ліку Ю. Бардахам), якія лічылі, што ў склад камісій уваходзілі мяшчане. Аўтар не знайшоў ні аднаго мешчаніна сярод чальцоў камісій (41).

Даследчык падрабязна апісвае структуру стварэння і функцыянавання камісій: выбар кандыдатаў, функцыі асобных чальцоў, абмежаванні на заняцце пасады і іншае. Прычым робіць гэта не толькі на падставе „найвышэйшых” соймавых пастаноў, але і з актыўным выкарыстаннем лакальных дакументаў, і прыходзіць да высновы, што новая адміністрацыйная структура аказалася мадыфікацыяй старой, традыцыйнай мадэлі з элементамі новых еўрапейскіх распрацовак у гэтай сферы. Пры гэтым аўтар падкрэслівае, што цывільна-вайсковыя камісіі — гэта толькі пачатак у стварэнні новай сістэмы лакальнай адміністрацыі (52).

У наступных пяці раздзелах Ю. Гардзееў разглядае працэс рэалізацыі задач, пастаўленых перад цывільна-вайсковымі камісіямі соймам. Адно толькі пералічэнне тых задач можа выклікаць здзіўленне. У сферы працы з насельніцтвам чальцы парадкавых камісій мусілі: правесці поўны перапіс насельніцтва ВКЛ (па сутнасці, першы перапіс такога ўзроўню на нашых землях), арганізаваць штогадовы збор метрык у цэрквах і касцёлах для далейшага адсочвання статыстыкі, сістэматызаваць кошты на рэлігійныя паслугі, прымаць скаргі ад сялян і паспрабаваць забяспечыць спакой у паветах, дзе ў 1789–1790 г. узрушэнне сялян магло перарасці ў бунт. Да ўсяго гэтага на камісіі ўскладваўся абавязак па арганізацыі памежнага з Расійскай Імперыяй кантролю і інспекцыі вязніц.

У гарадах камісіі, будучы судамі першай інстанцыі, мусілі разбіраць скаргі мяшчан на яўрэяў, а таксама кантраляваць канфлікты паміж старастамі і мяшчанамі. Менавіта парадкавыя камісіі распрацавалі і ўпершыню ўвялі нормы пажарнай бяспекі ў беларускіх і літоўскіх гарадах. Справы па доглядзе за санітарнымі нормамі, стварэнне новых могілак і рэвізіі шпіталяў ляжалі на тых самых людзях.

Але асноўныя задачы парадкавых камісій палягалі ў сферы эканомікі і войска. Менавіта гэтыя камісіі мусілі заняцца рэгуляваннем коштаў у паветах, арганізацыяй рэкруцкіх набораў і пастою войскаў.

Неверагодна вялікі спіс задач для невялікіх камісій, сабраных, як адзначае аўтар, са звычайных павятовых шляхцічаў.

Аналіз кожнай з задач Ю. Гардзееў праводзіць пры-блізна па адной схеме: спачатку ён падрабязна апісвае сутнасць кожнай з задач, якая стаяла перад камісіямі, для чаго часта выходзіць далёка за межы храналагічных рамак (1789–1792), а пасля прапануе прыклады рашэння гэтых задач, зафіксаваныя ў актах цывільна-вайсковых камісій таго ці іншага павета. І ўрэшце робіць высновы аб эфектыўнасці рашэнняў у дачыненні да той ці іншай тэмы.

Спектр праблем, закранутых цывільна-вайсковымі камісіямі, быў настолькі шырокі, што кніга ўрэшце аказваецца зрэзам грамадска-палітычнага жыцця ў паветах ВКЛ у прамежку паміж 1789 і 1792 г. А гісторыі з актавых кніг парадкавых камісій, падабраныя аўтарам для аналізу дзейнасці гэтых камісій, настолькі жывыя, што часам падаецца, нібы чытаеш не навуковую манаграфію, а гістарычны раман.

Менавіта тут, магчыма, і ёсць адзіны момант, дзе можна трохі ўпікнуць аўтара: часам за аналізам ці ілюстраваннем эканамічных і сацыяльных пераўтварэнняў у паветах ВКЛ губляецца разуменне дзейнасаці саміх камісій. Хоць тут трэба прызнаць, што задача ў аўтара была няпростая, бо акрамя вельмі шырокага кола праблем, быў яшчэ адзін момант — павятовыя камісіі мусілі супрацоўнічаць з ужо існуючымі на вышэйшым узроўні Вайсковай, Скарбавай, Адукацыйнай і ін шымі камісіямі. Часта іх задачы поўнасцю супадалі, і та му раскрываць пытанне парадкавых камісій, не закранаючы іншых тэм, было б вельмі складана.

Яшчэ ва ўступе аўтар адзначае недахоп карэспандэнцыі, якая не дайшла да нас. І на самой справе, калі пастановы той ці іншай камісіі зафіксаваны ў спецыяльных актах, то выкананне гэтых пастаноў прасачыць можна далёка не заўсёды, што было б вельмі дарэчы для разумення эфектыўнасці новай структуры лакальнай адміністрацыі ў ВКЛ.

Працэсы, апісаныя ў кнізе, вельмі добра паказваюць адну з базісных прычын заняпаду Рэчы Паспалітай — адсутнасць цэнтралізаванага, прафесійнага выканаўчага бюракратычнага апарату, і як вынік — невыкананне рашэнняў Сойма на лакальным узроўні. Але з іншага боку даюць падставы казаць, што напрыканцы свайго існавання Рэч Паспалітая пачала рухацца ў правільным накірунку і ёй папросту не хапіла часу.

У сваім даследаванні аўтар асабліва часта звяртаецца да падзей, звязаных з Гарадзенскім паветам і самой Горадняй, што, відавочна, ёсць вынікам папярэдняй працы Ю. Гардзеева.

Падводзячы вынікі, аўтар пералічвае асноўныя недахопы функцыянавання новай лакальнай адміністрацыі, сярод якіх называе мінімальную персанальную адказнасць, слабыя структурныя сувязі з іншымі, у тым ліку вышэйшымі, органамі ўлады, адсутнасць спецыялізацыі. Аднак пры гэтым даследчык сцвярджае, што стварэнне цывільна-вайсковых парадкавых камісій — вялікі крок у развіцці і мадэрнізацыі адміністрацыйнай структуры на месцах.

Такім чынам, можна сказаць, што праца Ю. Гардзеева стала грунтоўным унёскам у даследаванні гэтай малавядомай, але вельмі істотнай тэмы апошніх гадоў Рэчы Паспалітай, а таксама пэўным „даведнікам” жыцця правінцый ВКЛ у пачатку 90-х г. XVIII ст.

Мінск Цімафей Акудовіч


[1] Першапачаткова камісіі называліся проста ваяводскімі і павятовымі, пазней з’явілася найменне парадкавыя цывільна-вайсковыя камісіі. У кнізе (і адпаведна, у рэцэнзіі) выкарыстоўваецца як першая, так і другая назвы.

Наверх

Tags: ,