Новы нумар


Генадзь Сагановіч. ВКЛ і вайсковыя канфедэрацыі 1612–1614 г.


3 вайсковымі канфедэрацыямі, утворанымі ў фармаваннях Рэчы Паспалітай пад час інтэрвенцыйнай вайны супраць Маскоўскай дзяржавы, звязаны адзін з найбольш драматычных перыядаў гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і ўсёй дзяржавы „абодвух народаў” у XVII ст. Як справядліва адзначалася ў літаратуры прадмета, па сваіх маштабах яны станавілі зусім новы этап гісторыі канфедэрацый[1], а па адмоўных наступствах далёка перасягнулі ўсё, бачнае раней сучаснікамі.

У заканадаўстве Рэчы Паспалітай спачатку не было ніякіх нормаў, якія б вызначалі стаўленне да жаўнерскіх саюзаў. Утвараныя з прычыны неатрымання заслужанай платы, яны вынікалі з невыканання дзяржавай умовы найму, раз за разам выяўляючы недахоп скарбна-фінансавай сістэмы шляхецкай рэспублікі. Справядлівае жаданне жаўнераў дамагчыся таго, што ім па праву належала, надавала іх саюзам як бы відавочную легальнасць. Аднак пасля свежых прыкладаў канфедэравання войска пад час Інфлянцкай вайны[2], каб утрымліваць жаўнераў у належнай дысцыпліне напярэдадні інтэрвенцыі ў Расію, вальны сойм 1609 г. прыняў канстытуцыю „Porządek około zachowania żołnierza”, а таксама асобна „Artykuły wojenne hetmańskie”. Ужо ў названай канстытуцыі, паміж іншага, ясна гаварылася: „Каб ніякіх бунтаў і канфедэрацый, уязджання ва ўладанні нашыя, духоўныя і свецкія, тыя жаўнеры пад пагрозай cмяротнай кары, выгнання і канфіскацыі маёмасці (sub poena capitis, infamiae et confiscationis bonorum) не чынілі”[3]. Гетманскія артыкулы прадугледжвалі жорсткае пакаранне менавіта за канфедэраванне жаўнераў. Іх трэці параграф папярэджваў: „Калі б хто без гетманскага дазволу і ведама якія зборы да кола ці на лежах, ці ў час пераходу або ў абозе чыніў, бунты і сесіі ці кансіліі як і сходкі, а тым больш якія-небудзь канфедэрацыі, павінен быць на смерць без літасці караны, і куды б ні паехаў, сілаю фактаў мае быць банітам…”[4].

Прынятыя ў якасці соймавай пастановы (а з шэрагу гетманскіх артыкулаў толькі гэтыя ўвайшлі ў канстытуцыю і былі добра вядомыя прынамсі ў ВКЛ[5]), артыкулы 1609 г. набылі статус акта найвышэйшай юрыдычнай моцы, якую ніхто не мог ставіць пад сумненне[6]. Здавалася б, паколькі канфедэрацыі сталі нелегальнымі[7], то з праўнага гледзішча парадак у войску быў забяспечаны. Аднак рэчаіснасць пайшла іншым шляхам…

Вайна з Маскоўскай дзяржавай, пачатая каралём без ухвалення сойму (а значыць і без падрыхтаваных фінансаў) і зацягнутая, запатрабавала ад Рэчы Паспалітай празмерных высілкаў. Вялізнае войска, што ваявала на маскоўскай зямлі, сутыкнулася з нарастальнай праблемай аплаты і забеспячэння правіянтам. З іншага боку, досвед удзелу ў Дзімітрыядзе шматлікіх ротаў, якія перайшлі потым на службу да караля, моцна паўплываў на дысцыпліну і дух войска. Яшчэ К. Тышкоўскі калісь не без рацыі падкрэсліў, што менавіта тушынскія роты Сапегі і Ражынскага ўнеслі зярно сваволі ў армію Рэчы Паспалітай[8], ды прыёў асабліва яскравы прыклад іх авантурызму і нешанавання аўтарытэтаў: польскі ротмістр Мікалай Мархоцкі, які паваяваў пад штандарам Самазванца, на нарадзе ў Гасеўскага прапаноўваў пасадзіць царом „каго-небудзь з пярвейшых баяраў з умоваю, што ён аплаціць… службу”[9].

У кожным разе зусім хутка пасля трыумфу пад Клушынам, узяцця Смаленска і ўезду харугваў Жулкеўскага ў Маскву, з прычыны недахопу жыўнасці, дарагавізны і даўгоў у выплаце жаўнерскага заробку пераможнае войска Рэчы Паспалітай, заблакаванае ў сталіцы паўстанцамі, пачало бунтавацца. Сітуацыя яшчэ больш ускладнілася, калі гетман Ян Караль Хадкевіч, вернуты з Інфлянтаў, з’явіўся ў кастрычніку 1611 г. пад Масквой без дастатковых сілаў[10] і не прывёз жаўнерам грошай. Вось тады, па сведчанні ўдзельніка падзей, многія „сэрца страцілі” і пачалі думаць пра канфедэрацыю[11]. У канцы таго ж года ўжо адкрыта бунтаваліся роты ў палку Збароўскага, што стаялі ў Маскве.

Згадаем, што згодна з цытаванымі „Артыкуламі”, упісанымі ў канстытуцыю вальнага сойму 1609 г., збор генеральнага кола ў войску мог адбыцца толькі і выключна з дазволу і ведама гетмана, a ўсім парушальнікам гэтага правіла пагражала пакаранне як ініцыятарам бунту[12]. Тым не менш, насуперак згаданаму пункту „Артыкулаў” і нягледзячы на заклікі гетмана Хадкевіча „ад незаконных з’ездаў і абрадаў адмовіцца”, дайшло да ўтварэня канфедэрацыі.

Ужо 4 студзеня 1612 г. у лісце вялікаму гетману ВКЛ паведамлялася, што „цяпер вялікі неспакой у войску настаў, кажуць, што хочуць сваіх заслугаў дамагацца і да Польшчы ісці, а не ў Маскве закрывацца”[13]. Жаўнерам сапраўды даводзілася цярпець у Крамлі незвычайную нястачу і голад[14]. Частка войскаў, якімі камандаваў Аляксандр Гасеўскі, сканфедэравалася ўжо 14 студзеня і абрала маршалкам паручніка Юзафа Цекліньскага (Ciekliński), а яшчэ праз два тыдні, 27 студзеня 1612 г., быў урачыста абвешчаны акт канфедэрацыі з яе матывацый[15]. У жаўнерскі саюз увайшлі 43 харугвы — увесь гарнізон Масквы[16]. У „Акце Канфедэрацыі Сталічнага Войска” названы іх склад: „Мы, рыцарства палкоў пана Збароўскага і пана Струся, i пана гетмана кароннага, i пана Веера, i пана Казаноўскага, i пана Гасеўскага…”[17]. Жаўнеры адразу накіравалі паслоў да караля з паведамленнем пра ўтварэнне канфедэрацыі і абяцалі заставацца на сваіх месцах да 14 сакавіка[18]. Старанні Хадкевіча адгаварыць жаўнераў ад выхаду з Масквы, як і спробы затрымаць іх абяцаннем хуткай выплаты грошай[19], не прынеслі эфекту. Войска было „глухім на ўсялякія аргументы і прагным да самаволі”[20]. У Маскве заставаліся маладысцыплінаваныя фармаванні Струся і частка сапежынцаў з мазырскім старастам Будзілам на чале. Хоць, як вышэй акцэнтавалася, утварэнне канфедэрацый лічылася актам бясспрэчна незаконным, сталічны саюз жаўнераў пастараўся надаць сваім дзеянням фармальную адпаведнасць праву. Перад вяртаннем у Рэч Паспалітую канфедэраты разаслалі паслоў з інструкцыямі да гнезненскага арцыбіскупа, да сенатараў, да Трыбунала Кароннага і ВКЛ, a ў гродскіх судах склалі ўрачыстую пратэстацыю, у якой адказнасць за свой выхад з Масквы ўскладвалі на караля і станы Рэчы Паспалітай, а для сябе, маўляў, бачылі ў гэтым aдзіны спосаб усталявання справядлівасці і атрымання заслужанага[21].

Фармальна канфедэраты ніякай палітычнай праграмы не ставілі і не мелі іншай мэты, апроч атрымання належнай ім аплаты[22]. Больш за тое,іх лідэры былі перакананыя, што сваёй прынцыповай пазіцыяй паслужаць „супольнаму дабру”[23] сёй Рэчы Паспалітай. Наступствы дзеяння канфедэратаў, аднак, аказаліся цалкам процілеглыя падобным завярэнням.

У сярэдзіне траўня 1612 г., пасля марных спробаў караля затрымаць жаўнераў на тэатры ваенных дзеянняў[24], вялізнае войска канфедэратаў[25] увайшло ў межы Вялікага Княства. Хоць, выходзячы з Масквы, сталічны саюз жаўнераў прыняў свае вайсковыя артыкулы[26], што рэгулявалі праблемы забеспячэння войска правіянтам і фуражом, а таксама іх адносінаў да цывільнага насельніцтва (нават за самае дробнае парушэнне прынятых прынцыпаў вінаватых абяцалі „разнесці на шаблях”), на справе, як гэта часта бывала, ніякія правілы самаарганізацыі не маглі ўстрымаць жаўнераў ад звычайных рабункаў і разбою. Цэлая армія „сталічных” на чале з маршалкам Цекліньскім прамаршавала праз Беларусь і ўсталявалася на Ўкраіне, каля Львова. Гісторыю гэтай першай канфедэрацыі апісаў у сваіх мемуарах яе ўдзельнік таварыш гусарскай харугвы Самуэль Маскевіч[27].

Аднак следам за „сталічнымі” з Масквы ў свае землі прыйшло і другое сканфедэраванае войска — т. зв. „сапежынскае”. Гэта былі яшчэ тыя жаўнеры, што ваявалі з гетманам Хадкевічам, а пасля славутага трыумфу пад Кірхгольмам сканфедэраваліся і пайшлі да Берасця і Горадні, і якіх потым наняў на службу да ІІ Самазванца ўсвяцкі стараста Ян Пётр Сапега. Пасля смерці правадыра (15.Х.1611), „па радзе і прыкладу сутаварышаў”, а таксама ў выніку нязгоды і канфліктавання камандзіраў[28], харугвы сапежынцаў (названыя па прозвішчы правадыра) таксама ўзнялі канфедэрацыю. На чале з Янам Залеўскім (якога пасля яго смерці змяніў Вацлаў Пабедзінскі) саюз сапежынскага войска ў колькасці 4700 коней на пачатку лета 1612 г. вярнуўся ў ВКЛ ды ўсталяваўся каля Берасця. Маршалак сапежынцаў папрасіў у Крыштафа II Радзівіла дазволу на размяшчэнне сваіх ротаў у яго ўладаннях, абяцаючы пільнаваць, „каб аніякіх крыўдаў і эксцэсаў падданыя… не пацярпелі”[29].

Жыгімонт ІІІ не мог не разумець, чым можа абярнуцца канфедэраванне армій пад час вайны, аднак не спяшаўся даваць Маскве каралевіча Ўладыслава, як і з дапамой знясіленаму там войску марудзіў. Не змогшы затрымаць тысячы канфедэратаў у непрыяцельскай зямлі, наказваў рыцарству, каб „пад строгім караннем… шкодаў і ўціску падданым нашым і шляхецкім не чынілі”, і патрабаваў ад татарскіх камандзіраў, каб тыя раз’ехаліся і „бунтаў больш таму рыцарству чыніць не дапамагалі”[30]. Ужо 2 чэрвеня 1612 г. згадваў у лісце да Льва Сапегі паслоў сапежынскага саюзу i ганіў іх, цвердзячы, што „…як іх першы найм не меў ані добрага падмурку, ані інтэнцыі, так і цяперашняя ўпартасць… толькі наганы заслугоўвае, [і] якою каб да далейшых шкодаў Рэчы Паспалітай не прывялi”[31]. Пераехаўшы ў Вільню, „каб зблізку мы тым грунтоўней маглі іх небяспечныя выхадкі стрымліваць”, Жыгімонт III непасрэдна сутыкнуўся тут з цвёрдасцю канфедэратаў і шмат часу змарнаваў у ваганнях. У лісце да канцлера ВКЛ пісаў, што ад „канфедэратаў маскоўскіх абодвух палкоў, як Сапежынскага, так і Збароўскага <…> бачым не толькі вялікую перашкоду справам маскоўскім, але шкоды, замяшанні ўнутраныя і ўціскі нашых падданых…”[32]. Тым не менш, пакідаючы край у руках канфедэратаў, у канцы жніўня 1612 г. (з вялікім спазненнем!) кароль з Вільні вырушыў у паход на Маскву, спадзеючыся паспець і з дапамогай, і з каралевічам. „…Не ведаю, па што і з кім хоча туды ехаць, бо нашыя ўсе выйшлі з Масквы”, — яшчэ ў чэрвені скептычна выказаўся наконт гэтага паходу Леў Сапега[33].

Сапраўды, ужо па дарозе пачаліся праблемы, звязаныя са станам войска. І ў Оршы, і асабліва ў Смаленску кароль сам „даткліва зазнаў жаўнерскай дзёрзкасці”[34]. Хоць Жыгімонт III асабіста прамаўляў да жаўнераў і стараўся супакоіць іх, разгневаныя ваяўнікі амаль 2 тыдні вялі з ім нялёгкія перамовы, патрабуючы грошай[35]. Паход, працягваць які ў той сітуацыі каралю не раілі, урэшце скончыўся правалам. 6 лістапада залога Крамля капітулявала, і Жыгімонту давялося вяртацца ні з чым, дбаючы цяпер пра тое, як бы не страціць усіх здабыткаў на ўсходзе.

Тым часам вялікія цяжкасці з аплатай ды правіянтам перажывала і залога ў Смаленску, якой камандаваў Якуб Патоцкі. Яшчэ ў лютым 1612 г. у лістах пра сітуацыю з канфедэрацыяй „сталічных” гетмана Хадкевіча інфармавалі, што „i паміж смаленскімі Яго Мосць можа не вельмі давяраць”[36]. Іх гатоўнасць да бунту адчуў, як вышэй адзначана, і кароль. На самым пачатку 1613 г. менская шляхта са страхам папярэджвала, што „жаўнеры смаленскія ды іншыя служэбныя, сканфедэраваўшыся, да нас ісці хочуць”, тады як „Айчына нашая моцна ўціснутая” ўжо і ад папярэдне створаных канфедэрацый[37]. Сапраўды, пасля смерці смаленскага старасты Я. Патоцкага яго жаўнеры ўтварылі канфедэрацыю на чале са Збігневам Сільніцкім[38] і, чакаючы платы, перайшлі набліжэйшыя воласці. Урэшце ў траўні 1613г. іх канфедэрацыя вырушыла з-пад Смаленска ў свой край, пакінуўшы ў фартэцыі маленечкі гарнізон. Вялізнае[39] галоднае войска, што пагражала паходам на Вільню, часова было размешчана ва ўладаннях Радзівілаў. Перад тым, як Сільніцкі павёў іх да Быдгошчы, харугвы смаленскіх канфедэратаў таксама „доўга па Літве валачыўшыся, вялікія шкоды людзям… пачынілі, не хочучы быць лепшымі за іншых…”[40].

Так больш чым 10-тысячная армія вопытных жаўнераў, на якую разлічваў кароль, у цяжкі момант вайны, калі Масква перахапіла ініцыятыву, аказалася па-за тэатрам баявых дзеянняў і асела на карку свайго народа. Добра арганізаваныя, яны заключылі паміж сабой саюз з мэтай салідарных дзеянняў ды падзелу тэрыторыяў на пастоі і паборы. Прыкладам, паводле дагавора, падпісанага паміж „сталічнымі” і „сапежынцамі” 17 лістапада 1612 г. у Кросне, апошнія акрамя Берасцейшчыны атрымалі Падляшскае і частку Мазавецкага ваяводства (да Віслы), a пазней таксама і некаторыя іншыя каронныя землі[41].

Канфедэраты стараліся ўтрымліваць дысцыпліну ў адпаведнасці з іх унутраным кодэксам, ці артыкуламі. З крыніц вядома, што прынамсі саюзы сталічных і сапежынцаў мелі такія артыкулы[42], якімі рэгуляваліся і іх адносіны да насельніцтва. Паводле артыкулаў канфедэрацыі Цекліньскага, прыкладам, за выбіранне стацыі без дазволу жаўнерам пагражала выключэнне з войска, а за гвалты і наезды шараговых збіраліся караць смерцю[43]. Але ці так было ў рэальнасці?

Пра тое, што давялося перажыць цывільнаму насельніцтву, калі „тры арміі звязаных саюзам канфедэратаў наехалі на айчыну”, з жалем апавядаецца ў многіх запісах сучаснікаў. Тыповае стаўленне жаўнераў да мясцовых сялян яшчэ за два гады да з’яўлення маскоўскіх канфедэратаў вобразна абмаляваў Леў Сапега: „Выйдзе мужык з волікам араць, a жаўнер вала, з плуга выпрагшы, забярэ; вывезе мужычок сеяць авёс, ячмень ці пшаніцу, a жаўнер насенне з воза забірае… амаль усю Літву ў нішто абярнулі”[44]. Бясспрэчна, перад усім цярпелі зусім безабаронныя сяляне, на каторых жаўнеры наклалі „вельмі высокія даніны, якія — як абвясцілі — да таго часу будуць забіраць, пакуль ім не выплацяць належнага жолду. …На цэлы край разносіліся енкі бедакоў, сялян і мяшчан, якіх жаўнер жорстка прымушаў аддаваць кантынгент жыўнасці і грошай. Яго заядласць у рабаванні сяляне адчулі на сваёй скуры, асабліва калі жаўнеры ўсё ўжо забралі…”[45]. Ад войска, што зазнала смак гвалту, цярпелі і мяшчане, д ы нават і шляхце добра даставалася[46]. У падобным духуапісана стацыяванне канфедэратаў у помніку гісторыка рэфармацыйнага лагера Анджэя Любянецкага. У войску, пісаў ён, „было шмат такіх, што апрача почтаў нічога болей не мелі на свеце, і тады такія ехалі да сталічных і смаленскіх канфедэратаў ды пры іх жывіліся, людзям бедным шкодзячы… Па ўласным упадабанні на староствы і гарады пэўныя і вялікія даніны ўскладвалі ды выцягвалі… Абозы тыя, што ў такіх вялікіх грамадах так доўга на адных месцах ляжалі, настолькі вялікія шкоды бліжэйшым абывацелям пачынілі, што некаторым і вёскі цэлыя пазносілі”[47].

Так, чакаючы аплаты „крывавых заслугаў”, у рэчаіснасці збунтаванае войска займалася незаконнай рэквізіцыяй, лупіла як каралеўскія, так і духоўныя ды шляхецкія ўладанні, адбіраючы ў людзей грошы і яду. Спадарожнічалі гэтаму жорсткі гвалт і рабункі, часам — страшныя знішчэнні, выпальванне вёсак, мястэчак і нават гарадоў. Вядома, што за 2 гады канфедэраты спалілі Берасце, Наваградак, Слонім ішэраг меншых гарадкоў[48].

У сенаце шукалі спосабы ўтаймавання зла, аднак фінансы на выплату жаўнерам мог даць толькі сойм, на скліканне якога можна было спадзявацца толькі пасля вяртання караля

3 маскоўскага паходу. Пераканаўшыся, што для супакаенняканфедэратаў і ўтрымання заваяванага трэба ўхваліцьвялікія падаткі, Жыгімонт ІІІ склікаў на 19 лютага 1613г. да Варшавы вальны сойм. У прапановах на сойм аплатавойску залеглых сум была прадстаўлена як неабходнасць.Пад ціскам жаўнерскіх рэквізіцый усе павятовыя соймікі ВКЛ прасілі аб хуткай „заплаце сканфедэраваным жаўнерам” i іх роспуску. Так, Менскае ваяводства намаўляла паслам, каб „канфедэраты былі адразу ж, перад усімі справамі укантэнтаваныя”, а свавольнікаў за парушэнні пакараць, каб будучая сваволя гэта ўлічвала[49]. Пасланцам Троцкага ваяводства даручалася старацца, „як і тых паноў канфедэратаў за платай з айчыны знесці”, i „канстытуцыяй вызначыць знос далейшых канфедэрацый, бо маючыў айчыне ўнутраны неспакой вельмі шкодны, цяжка старонняму непрыяцелю адпор даваць”[50]. Вількамірскі павет таксама прасіў, „каб і тая шкодная язва ўнутры айчыны, гэта значыць сканфедэраваны жаўнер, быў знесены, і каб можна было паспяхова дамагчыся далейшай бяспекі Рэчы Паспалітай”[51]. Падобныя патрабаванні ўтрымлівалі і іншыя інструкцыі соймікаў ВКЛ, адзначаючы, што канфедэраты„па-за канстытуцыяй і правам”.

Вальны сойм, займаючыся найперш справай ліквідацыі канфедэратаў, зацягнуўся ажно на тры месяцы (да21 траўня). Прымаючы пастанову пра аплату маскоўскім жаўнерам, станы выказалі спадзяванне, што тыя „справядліва з маткай сваёй Рэччу Паспалітай абыдуцца” і не будуць „нічога выцягваць супраць слушнасці”. Была ўхвалена „асэкурацыя” канфедэратам з гарантыяй нявіннасці, калі рыцарства „грошы свае заслужаныя возьме і з купаў ды грамадаў сваіх спакойна разыдзецца, не робячы шкодаў, крыўдаў і гвалтаў”[52]. Супраць купаў свавольных людзей, якія спусташалі каралеўскія, духоўныя і свецкія ўладанні, актуалізавалі канстытуцыю 1609 г.[53]. Пасля вострых спрэчак станам удалося ўхваліць немалыя падаткі: па 3 ланавыя і шосавыя паборы з невыбраным папярэдняга года, кварту і даніну з духоўных уладанняў, а таксама жыдоўскае пагалоўнае (разам 1 948 078 з. з Кароны і 700 000 з. — з ВКЛ)[54]. Аднак усе яны былі адразу прызначаныя на пакрыццё доўгу сканфедэраванаму войску. Паслы ад ВКЛ, якім залежала на абароне, патрабавалі ўмацавання памежных замкаў, перадусім Полацка, які асабліва баяліся страціць, але марна. Гэта тады ім прагучаў славуты адказ падканцлера Фелікса Крыцкага: „Няхай лепш загіне адзін павет, чым усе мелі б загінуць”[55].

Такім чынам, сойм ухваліў падаткі толькі на выплату даўгоў канфедэратам, прыняўшы пры гэтым рашэнне сканчаць вайну з Масквой трактатамі. Неўзабаве пасля яго закрыцця ў сваім вядомым лісце да караля гетман Хадкевіч з сумам наракаў, што ад соймавых ухвалаў у справе абароны няма ніякага толку, і тлумачыў, што непрыяцель, не пабачыўшы моцнага войска, „трактатамі яшчэ больш раз’ятрыцца, чым на супакаенне пойдзе”[56].

Хутка пасля вызначэння дакладных кампутаў (ставак) аказалася, што сабраныя падаткі не пакрываюць і сумы, патрэбнай для аплаты жаўнерам. Прэтэнзіі канфедэратаў узрасталі, паколькі яны складвалі фальшывыя спісы камбатантаў, пад канфедэратаў „падшывалася” мноства тых, хто не браў удзелу ў маскоўскай кампаніі, і да т. п.[57]. Урэшце камісарам удалося разлічыцца толькі з жаўнерскім саюзам сапежынцаў, выплаціўшы ім амаль мільён злотых. Атрымаўшы належнае, іх канфедэрацыя ліквідавалася: ужо 1 лістапада 1613 г. берасцейскі саюз паведаміў „сталічным” пра свой роспуск, а Цекліньскі адказаў, што яго канфедэрацыя застанецца далей чакаць, пакуль сойм пакладзе канец „клопатам войска, прыгнёту і разбурэнню беднага народа”[58]. А са сталічнымі салідарнымі заставаліся і смаленскія канфедэраты Сільніцкага.

Ды вось жа, як хутка выявілася, і фармальна распушчаная канфедэрацыя сапежынцаў не зусім знікла. Плоцкі біскуп Шышкоўскі перасцерагаў, што берасцейскія канфедэраты — хоць ім ужо заплацілі — злучаюцца з казакамі і ўключаюцца ў аддзелы „сталічных” для вымагання далейшых сумаў[59]. Пазней, на надзвычайным сойме, паслы ад ВКЛ таксама скардзіліся, што частка берасцейскага войска, нягледзячы на атрыманне поўнай платы, не раз’ехалася, а далей выбірала стацыі ад віленскіх мяшчанаў, замест таго, каб выгнаць запарожскіх казакоў, якія ўехалі і пустошылі край[60].

Вялікае Княства, якому давялося браць на сябе абарону Смаленска і трымаць атакі непрыяцеля, апынулася ў проста такі роспачным становішчы. Пасля адыходу неаплачанага войска ўсходнія межы былі практычна адкрытыя. А маскоўскі ўрад пасля абрання царом Міхаіла Раманава ўсё актыўней спрабаваў вярнуць страчанае. Праз сваіх пасланцоў царскія ваяводы стараліся сабраць паболей інфармацыі з Рэчы Паспалітай, і не толькі датычнай размяшчэння войска: ix цікавіла „о чом у них соймъ был, и что корол и паны-рада на сойме уложили…”[61]. Весткі пра забурэнні, выкліканыя канфедэратамі, толькі пераконвалі ў слабасці праціўніка і дадавалі адвагі маскоўскім ратнікам. Прыкладам, Іван Непаставаў ужо ў студзені 1613 г., вярнуўшыся з Оршы, данёс ваяводам, што гетман Хадкевіч вяртаецца з сойму „не со многими людми”, ды што яго войску „гроши неплочены”[62]. І сапраўды, Хадкевіч мусіў абараняць усходнія межы дзяржавы з нешматлікімі харугвамі сваёй інфлянцкай дывізіі, якія ў дадатак даводзілася разгрупаваць ад Сажа да Дзвіны, тады як тысячы бывалых жаўнераў чакалі жолду і пустошылі воласці краю. Не маючы патрэбных сілаў, гетман толькі нейкім дзівам утрымліваў пазіцыі. Сам ужо вясною 1613 г. прызнаваў, што „…там, дзе бліжэй да межаў падыдзе непрыяцельскі пажар, i я ніякім спосабам ратаваць не змагу, і тыя месцы тым хутчэй згінуць”[63]. Без сродкаў, аднак, і яго войска доўга не магло дзейнічаць ды ў верасні, адмовіўшыся ваяваць, запатрабавала разліку. Чакаючы грошай, змрочна прадказваў, што следам зa папярэднімі канфедэрацыямі „тое ж учыніць інфлянцкі жаўнер, калі на св. Марціна рэшта платы не прыйдзе…”[64].

Праблема заспакаення збунтаванага войска пры адсутнасці сродкаў для сталічных і смаленскіх канфедэратаў была настолькі вострай, a небяспека з боку Масквы (як, зрэшты, і пагроза вайны на паўднёвым усходзе) такая сур’ёзная, што кароль прыняў рашэнне склікаць на 3 снежня 1613 г. надзвычайны (экстраардынарны) сойм. Перад ім справай вызначэння новых грашовых збораў у ВКЛ занялася віленская канвакацыя (з’езд), прызначаная — у разуменні шляхты — „для знішчэння канфедэратаў”[65]. Засядаючы з 4 па 9 лістапада 1613 г., яе ўдзельнікі ўхвалілі, сярод іншага, падаткі на жаўнера (4 паборы па злотым з валокі), якія меркавалася ўключыць у сумы, што прыме будучы сойм, а таксама паспалітае рушанне супраць казакоў[66].

У сваім пасланні на перадсоймавыя павятовыя соймікі, прызначаныя на 14 кастрычніка, Жыгімонт III заклікаў шляхту да ахвярнасці i ўхвалення новых падаткаў, падкрэсліваючы, што да паразы прычыніліся аўтары жаўнерскага бунту і вываду войска з Масквы, а не ініцыятары вайны. Пасольскія інструкцыі ад соймікаў ВКЛ перапаўнялі скаргі на гвалты жаўнераў і абурэнне іх завышанымі прэтэнзіямі. Наваградскі соймік назваў канфедэратаў „адно пагардай да закону і соймавага аўтарытэту ды псаваннем даўных хвалебных звычаяў гэтай Рэчы Паспалітай”[67]. Віленскае ваяводства прасіла, каб „жаўнер сканфедэраваны быў з нашых каркаў знесены”, пасля чаго сойм мусіў прадугледзець, „каб у будучым ніколі такая канфедэрацыя не ўзнаўлялася і не падымалася”[68]. Што да вайны, дык шляхта ўхілялася ад новых падаткаў, жадаючы, „каб абарона Рэчы Паспалітай… не з пабораў толькі…, але з якой іншай меры была намоўлена.[69].

Першы ў гісторыі Рэчы Паспалітай надзвычайны сойм, скліканы „для адной толькі найвялікшай патрэбы — звал ьнення Рэчы Паспалітай ад жаўнерскага цяжару”, на якім выступілі і прадстаўнікі саміх канфедэратаў, апраўдваючыся і дамагаючыся разліку[70], зноў паставіўся да збунтаванага войска цалкам лагодна. Хоць гетман С. Жулкеўскі папярэджваў пра шкоднасць такога трактавання бунтаўнікоўі раіўразбіць ix сілаю[71], у соймавых пастановах канфедэратаў не называлі злачынцамі, а толькі перасцерагалі, што калі яны і пасля атрымання аплаты не раз’едуцца, то будуць караныя. Як „непрыяцелі айчыны” трактаваліся толькі казакі і „свольныя людзі”, разбіваць якіх даручалася гетманам і старастам[72].

Пасля спрэчак і пратэстаў сойму ўдалося ўхваліць вялізныя падаткі — ажно 6 ланавых пабораў з усімі дадатковымі, на якія, праўда, не ўсе ваяводствы далі згоду. ВКЛ пагадзілася на выплату 4 падаткаў. Грошы трэба было сабраць да 23 лютага, а за ўхіленне ці спазненне з выдачай падатку пагражала кара. Трымаючы на сабе цяжар абароны Інфлянтаўі абароны ад Масквы, яно мусіла са свайго скарбу заплаціць 200 тыс. зл. інфлянцкаму войску.

Прыняўшы ўхвалу аб „заплаце жаўнерам”, сойм вызначыў адпаведных камісараў, час і месцы для разліку з канфедэратамі (сталічным — Львоў, смаленцам — Быдгашч, a інфлянцкім Хадкевіча — Вільню)[73], а таксама выдаў „асэкурацыю жаўнерам”, якая фактычна давала амністыю злачынцам, абяцаючы, што „ўсе канстытуцыі, прынятыя супраць жаўнерскіх канфедэрацый, супраць гэтага жаўнерства не будуць мець ніякае вагі”[74].

Каб стрымліваць сваволю і не павялічваць колькасць жаўнераў, што вандравалі па краіне, надзвычайны сойм 1613 г. ухваліў канстытуцыю „O żołnierze powiatowym WXL”, якая прадугледжвала прывязку войска непасрэдна да павета і ваяводства ды абранне павятовых ротмістраў[75] (гэта, па сутнасці, было пашырэннем на ВКЛ канстытуцыі, ухваленай на папярэднім сойме для Кароны). Аднак павятовы жаўнер не надаваўся да абароны атакаваных з усходу межаў.

Як было падкрэслена соймавай пастановай, новаўхваленыя вялізныя падаткі прызначаліся на аплату канфедэратам (“усё гэта ні на што іншае, а толькі на аплату жаўнерам сталічным, смаленскім і інфлянцкім можа быць выкарыстана”[76]) і мусілі быць сабраныя пад пагрозай санкцыяў. Шэраг соймікаў ВКЛ апратэставаў такое рашэнне надзвычайнага сойму — аршанскі, віленскі, вількамірскі, менскі, наваградскі і інш. Абураючыся лішнім (шостым) паборам, адны патрабавалі такога размеркавання падаткаў, каб заставаліся сродкі і на абарону ад Масквы[77], другія пратэставалі і супраць іншых рашэнняў сойму, у прыватнасці — прадугледжанай кары за няўплату, „народу вольнаму нязноснай”[78].

У Варшаве відавочна недаацанілі небяспеку страты Смаленска. Між тым, у лістах А. Пукеля з Быхава апісвалася проста драматычная сітуацыя на ўсходніх межах. „Масква падыходзіць шторазу бліжэй… шмат людзей у палон забірае… і да Быхава ледзь не кожны дзень адтуль моцныя [аддзелы] прысылаюць”. Гэты ж аўтар у пачатку студзеня перадаваў сумныя весткі гетману Хадкевічу — што маскоўскія ратнікі спалілі Улу, Бешанковічы, пасеклі людзей у Полацку і пад Гомелем, ды што з Оршы шляхта на Літву ўцякае[79]. Пра Смаленск часам гаварылася як пра ўжо страчаную цвярдыню: „Смаленск таксама сумняваюся, каб датуль наш заставаўся, бо там пастаянна было 2 тысячы”[80]. 3 сабраных звестак вынікала, што зімой чакалася новая атака з усходу і ўварванне моцных аддзелаў цара Міхаіла Фёдаравіча. І сапраўды, у лютым 1614 г. наступальныя дзеянні царскіх ваяводаў на ўсходзе і поўначы Беларусі яшчэ больш актывізаваліся[81].

Вось тады ў настроях мясцовага рыцарства запанавала сапраўдная роспач. Як паведамляў згаданы А. Пукель, „шляхта наракае, што мы, маўляў, і грошы аддалі, і маёнткі нашыя спустошаныя, не маем да каго галавы прыхіліць”. Увесь драматызм становішча адлюстраваў вядомы ліст аршанскага сойміка, падпісаны апрача шляхты і шэрагам сенатараў ВКЛ[82]. Сабраўшыся на свой з’езд для пошукаў паратунку, аршанцы звярнуліся з вострымі закідамі ў бок караля і кароннай шляхты, сцвярджаючы, што пад панаваннем Жыгімонта ІІІ дзяржава руйнуецца. „Мы ж падданыя Пана, а Пан нас ведаць не хоча. Брацця, якія нас павагай прысягнутай любові ратаваць мусілі б, пагібелі нашай выглядаюць, а мы і ад жалю, і ад знішчэння нашага… рукі апусцілі, заняпаду працівіцца не хочам”[83]. Наракалі на „…няміласць паноў каронных, якія <…> нас сабе не за братоў, але за нейкіх даннікаў маюць”. Не чакаючы ўжо дапамогі (“ніякай ужо надзеі няма… каб мы ад Пана ці ад брацці паратунку маглі спадзявацца”), аўтары паслання, сярод якіх быў і гетман Хадкевіч, патрабавалі як найхутчэй сабраць з’езд шляхты ВКЛ і абараніць усходнія межы дзяржавы.

У той роспачнай для краю сітуацыі неаплачаныя інфлянцкія роты Хадкевіча абвясцілі пра сваю канфедэрацыю. Чакаючы заробку, яны доўгі час стаялі ў Магілёўскай эканоміі, а 4 лютага 1614 г., абураныя закідамі караля, выслалі сваіх паслоў да падскарбія з патрабаваннем тэрміновай аплаты доўгу і хутка ўтварылі свой саюз, ініцыятыва якога належала Пшэвускаму (Przewуski), паручніку харугвы Aльбрэхта Радзівіла. Усе роты апрача адной гетманскай пайшлі на Менск[84]. У інструкцыі паслам аршанскага кола яны пералічаныя: гэта рота Дамбровы, Альбрэхта Радзівіла, смал енскага ваяводы Глябовіча, Плятэмберка, наваградскага кашталяна Самуэля Валовіча, парнаўскага старасты Кішкі, Фабіяна і Паўла Руцкіх, Kорсака, Збароўскага і Тупальскага[85]. У сакавіку 1614 г. кароль пераслаў гетману запозненыя спачуванні ў сувязі з выхадам інфлянцкага войска, якому ўжо паслалі грошы[86].

Вялізным высілкам сабраныя падаткі былі выкарыстаныя па прызначэнні. Соймавыя камісіі для перагавораў з канфедэратамі пасля працяглага таргавання вызначылі дамаганні жаўнераў і давялі справу да поўнага разліку. Пасля выплаты належнага Цекліньскі спаліў акт канфедэрацыі сталічных 16 красавіка 1614 г., у красавіку ж удалося залагодзіць інфлянцкіх канфедэратаў, a ў траўні ліквідаваўся і саюз смалян у Быдгошчы. Агулам скарб ВКЛ выдаткаваў на аплату даўгам маскоўскім ды інфлянцкім канфедэратам каля 1 222 000 зл. (Каронай на супакаенне жаўнерскіх саюзаў было выдаткавана каля 4195 000 зл.)[87]. Пасля двух гадоў, цягам якіх неаплачанае рыцарства беспакарана пустошыла і рабавала краіну, сабраўшы нябачныя раней падаткі, Рэч Паспалітая выплаціла канфедэратам усё, чаго яны дамагаліся. Аднак здань збунтаванага жаўнера яшчэ доўга не пакідала край у спакоі.

Акрамя таго, што адразу ж з’явілася пагроза новай канфедэрацыі (восенню 1614 г. смаленская залога пераслала папярэджанне, што збіраецца доўга не заставацца на замку, „але прыкладам іншых, сканфедэраваўшыся, дамагацца свайго заслужанага”[88]), не так проста аказалася зліквідаваць ранейшых канфедэратаў. Сабраць грошы і выплаціць належнае было лягчэй, чым управіць у рамкі законнасці і дысцыпліны свавольны дух канфедэратаў, прызвычаеных да лёгкага здабывання грошай.

На нахабнасць канфедэратаў наракалі ад пачатку перагавораў з імі, і асабліва разлікаў. Напрыклад, наваградскі паборца Рыгор Валадковіч паведамляў, што „тры роты пана Паўла Руцкага, узяўшы і адлічыўшы спаўна суму грошай, сабе належную, утаілі адзінаццаць сотняў семдзесят злотых польскіх”[89]. А пасля афіцыйнай ліквідацыі канфедэрацый з рэштак дэмаралізаваных жаўнераў утварыліся банды рабаўнікоў. Пра маштаб неспакою ў дзяржаве сведчаць скаргі шляхты і частыя універсалы, што патрабавалі разыходзіцца, як і даручэнні старастам разганяць свавольных жаўнераў. Праблему абвастрала тое, што ў дадатак да канфедэратаў край запаланілі казакі — „другая балячка на жывым дзяржаўным арганізме”, як іх называў К. Тышкоўскі[90]. Запарожцы, сабраныя ў колькасці 12-14 тыс. для ўдзелу ў паходзе на Маскву ў 1612 г., пасля няўдачы тых планаў вярталіся і „ўдзіраліся” ўглыбіню краю, спрабавалі спустошыць Магілёў і пагражалі нават Менску. Па сведчанні сучасніка, іх загоны „выйшлі на Белую Русь, і там, з паўгода жывучы, вялікія спусташэнні ўчынілі, a потым ў княствы Слуцкае і Нясвіжскае ўвайшлі і там па сваіх упадабаннях разыходзіліся… Слуцк спалілі, бурмістра і некалькі райцаў, што іх адразу ў горад не пусцілі, пасеклі, a потым да пана Сапегі ў Чарнобыль уехалі і да грунту злупілі…”[91]. Увосень 1613 г. некаторыя казацкія фармаванні (між іншым,Хвастаўца і Налівайкі[92]) заставаліся вартаваць межы каляМсціслава, аднак потым, пад уплывам агульнага замяшання, справакаванага канфедэратамі, пайшлі рабаваць углыбБеларусі, так што гетман Хадкевіч разбіваў іх ажно наНаваградчыне і пад Пінскам[93]. Невыпадкова надзвычайнысойм прымаў канстытуцыю „Пра казакоў і свавольных людей”[94], якая абавязвала гетмана ганіць іх і карацьсмерцю. На „знясенне казацкага цяжару” 3000 злотых выплацілі Хадкевічу магілёўскія мяшчане[95]. Аднак цягам усяго 1614 г. беларускі край надалей рабавалі прагныя да нажывы казацкія загоны (скаргі на іх пасылала, між іншым,шляхта Мазырскага і Пінскага паветаў)[96], да якіх далучалісяі жаўнеры распушчаных канфедэрацый.

Аказалася, што пасля фармальнага роспуску ўсіх канфедэрацый з розных ваяводстваў і паветаў пачасціліся скаргі на „людзей свавольных, што ў канфедэрацыі паміж імі ўтворанай”. Маўляў, “бяруць што хочуць… ні на што не зважаючы”[97]. Віленскі з’езд (канвакацыя) у першы ж дзень працы (1.10.1614) прыняў ухвалу наконт жаўнераў, якія „ўзяўшы аплату ад нас з вялікім абцяжараннем нас, мусілі раз’ехацца з грамадаў, [aле] потым некаторыя, засмакаваўшы сваволю, раздзяліўшыся на палкі і ўзняўшы харугвы, без прыпаведных лістоў Караля Яго Мосці і без ведама Рэчы Паспалітай ды гетманскай” увайшлі ў ВКЛ, дзе „ад немалога часу гарады, мястэчкі Яго Каралеўскай Мосці, маёнткі духоўныя і свецкія спосабам амаль непрыяцельскім пустошаць і да згубы прыводзяць, чынячы розныя крыўды і збыткі”[98].

Паўтарыўшы ў пасланні да свавольнікаў патрабаванне раз’ехацца з незаконных грамадаў, рада ВКЛ мусіла выкарыстаць супраць іх гетмана Яна Караля Хадкевіча, даручыўшы яму, каб „з улады свайго гетманскага ўрада і згодна з універсаламі Яго Каралеўскай Міласці”, не баючыся адказнасці, „усіх свавольных людзей зносіў такім спосабам, які час і патрэба Яго Мосці дазволіць”, і „каго б з тых свавольнікаў ні забіта, i хто б ні забіў, з-за гэтага Яго Мосць гетман і тыя, праз каго б пан гетман тое чыніў, ніякіх клопатаў ні ад каго мець не будуць і не маюць”[99]. Словам, гетману развязвалі рукі, каб толькі ён пазбавіў край ад бандаў.

Але і ў наступным 1615 г. мала што змянілася, адусюль па-ранейшаму прыходзілі скаргі на спусташэнні, чыненыя свавольнымі жаўнерамі[100]. „Калі коштам Рэчы Паспалітай і цяжкасцямі бедных падданых жаўнеры для таго маюць утрымлівацца, каб нічога не рабіць, але стацыямі займацца і падданых уціскаць, тады не ведаю, каб на свеце магла калі знайсціся такая тыранія, як у нас”[101], — наракаў Радзівіл на былых інфлянцкіх жаўнераў Хадкевіча. „Утаймаванне ўнутранай сваволі” шляхта без ваганняў адносіла да найпільнейшых патрэбаў краю[102]. У інструкцыях паслам на вальны сойм многія паветы ВКЛ скардзіліся, што з ужо аплачаных канфедэратаў „паўсталі, не маючы лістоў прыпаведных, грамады і адтуль, з межаў каронных праз Айчыну нашу hostilites з харугвамі распушчанымі пераходзілі…, так што „плач убогіх людзей мужчынскага і жаночага полу неба прабіваў”[103]. Паслам даручалі старацца, каб на такіх быў прыняты востры закон і строгая кара. У інструкцыі Вількамірскага павета адзначалася, што „аднак і цяпер, — пасля столькіх гвалтоўных кантрыбуцый, пасля такіх частых і нечуваных падаткаў, чаго толькі не нацярпеліся да гэтага часу ад свавольнай купы Карвацкага”[104]. Меўся на ўвазе той Ян Карвацкі, банда якога, складзеная з казакоў і былых канфедэратаў, у 1614 г. здзірала стацыі з насельніцтва Беларусі[105], а потым далася ўзнакі пад Гомелем ды на Валыні, і толькі ў сярэдзіне траўня 1615 г. накіраваныя супраць бандытаў сілы кароннага гетмана Жулкеўскага разнеслі яе пры пераправе цераз Буг[106]. А прычыну асаблівай жывучасці бандыцкіх шаек шляхта не без падстаў бачыла ў ранейшай беспакаранасці свавольнікаў: маўляў, калі канфедэратам маскоўскага найму нічога не сталася — „што ж за дзіва іншым, якія з іх смеласць бяруць”[107].

На чарговым з’ездзе ў Вільні, сабраным для ўхвалення падаткаў на войска, паны-рада 5 чэрвеня 1615 г. зноў даручылі гетманам змагацца з бандамі рабаўнікоў, якія запаланілі край: „зноў з розных месцаў людзі лёзныя і свавольныя да купы збірацца пачынаюць. Таму жадаем і просім Іх Мосцяў Паноўгетманаў, каб натакіхлюдзей з павіннасці свайго ўраду пільнае вока мець і, папярэджваючы пачаткі, зносіць іх…”[108].

Cапраўды, сярод згаданых бандаў было нямала ранейшых канфедэратаў. Яскравы прыклад — Габрыэль Тупальскі, адзін з ротмістраў інфлянцкага войска аршанскага кола. На бязлітасныя разбоі яго банды даходзіла мноства скаргаў, і гетман Хадкевіч выдаў універсал аб ліквідацыі Тупальскага „як здрадніка Рэчы Паспалітай”. Хутка пасля гэтага ротмістр Яраш Сянкевіч з Менска даносіў гетману, што 6 кастрычніка 1616 г. разам з сіламі падчашага „ў мястэчку Ігумені тых людзей свавольных, якія вялікія шкоды пачыніўшы назад ужо вярталіся <…> разграміў, паклаўшы трупаў больш за трыста на пляцы, а самога Тупальскага спаймаў”, як і каля 40 іншых палонных[109]. Завадатару інкрымінавалася, што ён „бязлітасна, па-тыранску сто трыццаць чалавек на смерць замардаваў, потым горад Копыль і купцоў там палупіў, уладаннi шляхецкія, наязджаючы, пустошыў, нейкія даніны грашовыя нечуваныя насуперак звычаяў і слушнасці жаўнерскай выцягваў, i шмат іншых эксцэсаў, супраць прыстойнасці <…> чыніў. З дэкрэта Я. К. Хадкевіча, выдадзенага праз паўтара месяца, вынікала, што Тупальскі „як Turbator і depredator Рэчы Паспалітай і непаслухмяны жаўнер за ўчыненыя эксцэсы” быў пакараны смерцю праз меч, a ягоных сотнікаў, „што пры ім былі, як прыводцаў той злосці” гетман засудзіў„на смерць на палі”[110].

Нягледзячы на самыя жорсткія захады, край не хутка ўдалося ачысціць ад жаўнерскіх бандаў. Суровага пакарання „свавольных жаўнераў”, знясення „прамерзлых канфедэрацый” патрабавалі паветы Вялікага Княства ў сваіх інструкцыях і на соймы бліжэйшых наступных гадоў[111], — да самага канца вайны з Маскоўскай дзяржавай.

Даследчыкі справядліва адзначалі, што вайсковыя канфедэрацыі ніколі раней не дасягалі такіх маштабаў, як у 1612-1614 г., і ніколі раней край не перажываў такіх гвалтаў ад свайго жаўнера. Гісторыя не пакінула нам наўпростых крыніц пра тое, што давялося перажыць тады простаму люду. Але і шляхта ўспрыняла тыя гады як найцяжэйшыя часы, і была ахоплена амаль апакаліпсічнымі настроямі. Ці не адтуль пачаліся „так нешчаслівыя часы пры такім вялікім неспакоі і ўбостве”[112]. Як падкрэслена ў помніку сведкі эпохі, цытаванага Анджэя Любянецкага, гэта ў часы гарцавання канфедэратаў пан Бог так пакараў Рэч Паспалітую, што „вялікае шчасце Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага <…> амаль раптоўна ў няшчасце абярнулася за два згаданыя гады…”[113]. Іншы тагачасны гісторык назваў канфедэрацыі 1612-1614 г. „найгоршым бунтам” у гісторыі Рэчы Паспалітай, тым „ганебным саюзам жаўнераў”, які даваў найгоршы прыклад для нашчадкаў, бо „ад таго часу нахабныя бунты і падобныя канфедэрацыі часта паўтараліся”[114].

Сапраўды, самаволя жаўнераў, заняпад дысцыпліны ў войску яшчэ дзесяцігоддзямі заставаліся бічом Рэчы Паспалітай. А ў свядомасці шляхецкага народа праз перажытае ўзрос недавер да цэнтральнай улады, якая не змагла своечасова даць рады канфедэратам[115], і ўзнікла нежаданне прымаць пастуляваныя ёю рэформы. Між тым, частыя канстытуцыі супраць вайсковых канфедэрацый (1609, 1623, 1629, 1662) акурат сведчылі найперш пра тое, што без адпаведнага рэфармавання скарбна-фінансавай сістэмы ўсе прававыя захады дзяржавы не могуць быць эфектыўным шляхам вырашэння гэтай балючай праблемы.


[1] Ciara M. Konfederacje wojskowe w Polsce w latach 1590-1610 // Studia i Materiałydo Historii Wojskowości. T. XXXI. 1988. S. 61-62.
[2] Ibidem. S. 69-80.
[3] Volumina Legum (далей — VL). T. II. Petersburg, 1859. S. 463.
[4] Ibidem. S. 478. Гл. таксама: Kutrzeba S. Polskie ustawy i artykuły wojskowe od XV do XVIII w. T. 1. Kraków, 1937. S. 177.
[5] Kukiel M. Zagadka „Artykułów wojennych” 1609 roku a wojskowe prawo karne Wielkiego Księstwa Litewskiego // Ateneum Wileńskie. R. IX. Wilno, 1934. S. 202, 208.
[6] Błaszczyk G. Artykuły wojskowe i ich rola dla ustroju polskich sił zbrojnych i prawa wojskowego (do koсca XVII w.) // Czasopismo Prawno-Historyczne. T. 31 (1979). Z. 2. S. 91.
[7] Гарадзенская канфедэрацыя 1609-1610 г. утварылася са згоды гетмана, таму лічылася легальнай. Гл.: Filipczak-Kocur A. Konfederacja grodzieńska wojska litewskiego w latach 1609-1610 // Pamiętnik Biblioteki Kуrnickiej. Z. 118. Poznań, 1981. S. 175-198.
[8] Tyszkowski K. Wojna o Smoleńsk 1613-1615. Lwów, 1932. S. 52.
[9] Мархоцкий Н. История Московской войны. Подгот. Е. Куксиной. Москва, 2000.С. 86.
[10] 15.10.1611 гетман пісаў жонцы, што без пяхоты пад Масквой нічога не чыніў непрыяцелю, а толькі жыўнасць адбіраў. Гл.: Korrespondencje Jana Karola Chodkiewicza. Opracował i wydał Wі. Chomętowski. Warszawa, 1875. S. 89.
[11] Pamiętniki Samuela i Bogusława Kazimierza Maskiewiczów (Wiek XVII). Oprac. A.Sajkowski. Red. Wі. Czapliński. Wrocław, 1961. S. 170.
[12] VL. T. II. S. 478; Urwanowicz J. Wojskowe „sejmiki”. Koła w wojsku Rzeczypospolitej XVI-XVIII w. Białystok 1996. S. 34.
[13] Ян Бялінскі да Я. К. Хадкевіча, Растоў, 4.01.1612, Lietuvos Mokslų Akademijos Bibliotekos (далей — LMAB), F. 139, nr. 556.
[14] Пра тое, што даводзілася есці сабак, катоў, пацукоў і нават чалавечыну, канфедэраты пісалі каралю ўжо 28.01.1612, гл.: Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси (далей — ACД). T. 4.Вильна, 1867. №83.
[15] АСД. T. 3. Вильна, 1867. № 78. А Miхалек называе дату 6 студзеня, гл.: A. Michalek, Konfederacja wojska stołecznego pod regimentem JMć Cieklińskiego Józefa // Teki Historyczne Polskiego Towarzystwa Historycznego w Wielkiej Brytanii. T. XVI. Londyn, 1969-1971. S. 169.
[16] АСД. T. 3. № 81. С 314-316.
[17] ACД. T. 3. № 78. C. 309.
[18] Ліст сканфедэраванага войска да караля, у якім патрабуе жолду і адмаўляецца ад службы, AGAD, AR, Dz. II. nr.581; ACД. T. 3. № 82. С. 316, № 83. C. 317-319.
[19] ACД. T. 3. № 85. С. 320-321.
[20] Kobierzycki S. Historia Władysława , królewicza polskiego i szwedzkiego. Wyd. J.Byliński i W. Koczorowski. Wrocław, 2005. S. 198.
[21] Пратэстацыя В. Шчукі і А. Віхроўскага да гродскага ўрада, 3.03.1612, Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie, Archiwum Radziwiłłów (далей — AGAD, AR),Dz. II, nr. 571; АСД. T. 3. №83. С 317-319; Byliński J. Dwa sejmy z roku 1613. S. 34.
[22] Упершыню патрабаванні палітычнага характару выставілі ў 1622 г. Жаўнеры львоўскай канфедэрацыі. Гл.: Pietrzak J. Konfederacja lwowska w 1622 r. //Kwartalnik Historyczny. R. LXXX. 1973. S. 845-871.
[23] Пакідаючы межы Маскоўскага царства, маршалак Цекліньскі напісаў 18.05.1612, што яны „тое ўсё для супольнага дабра чынілі”. Гл.: АСД. T. 3. № 94.C. 330.
[24] АСД. T. 3. № 95-96. C. 331-334.
[25] Як падае Я. Быліньскі, летам 1612 г. на Падоллі іх было 6 тыс. Гл.: Byliński J. Dwa sejmy z r. 1613. S. 21.
[26] Артыкулы сканфедэраванага войска, прынятыя пры вяртанні з Масквы, AGAD.AR. Dz.II, nr. 582; АСД. Т. 3. № 79-80. С. 312-314; Błaszczyk G. Artykuły wojskowe i ich rola dla ustroju polskich sił zbrojnych… S. 95.
[27] Pamiętnikі Samuela i Bogusława Kszysztofa Maskiewiczów. S. 174-196.
[28] Kobierzycki S. Historia Władysława, królewicza polskiego i szwedzkiego. S. 199-200.
[29] Я. Залеўскі да К. Радзівіла, Mенск, 13.06.1612, AGAD, AR, Dz. II, nr. 573.
[30] Жыгімонт III да Льва Сапегі, Варшава. 8.05.1612, Архив С.-Петербургского Института истории РАН (далей — АИИ РАН СПб.). Колл.114, оп.IIIa, № 26.
[31] Жыгімонт ІІІ да Льва Сапегі, Варшава, 2.06.1612, АИИ РАН СПб. Колл.114.Оп. Ша. № 12.
[32] Жыгімонт ІІІ да Льва Сапегі, Варшава, 13.06.1612, АИИ РАН СПб. Колл.114.Оп. IIIa. №14.
[33] Л. Сапега да Я. Радзівіла, Ражана, 20.06.1612, у: Archiwum domu Radziwiłłów.Wyd. A. Sokołowski / Scriptores Rerum Polonicarum. T. VIII. Kraków, 1885. S. 254.
[34] Kobierzycki S. Historia Władysława, królewicza polskiego i szwedzkiego. S. 203.
[35] Polak W. O Kreml i Smoleńszczyznę. Polityka Rzeczypospolitej wobec Moskwy w latach 1607-1612. Toruń, 1995. S. 310, 314.
[36] K. Глухоўскі да Я. К. Хадкевіча, 23.02.1612, LMAB, F.139-1136.
[37] Інструкцыя Менскага ваяводства на вальны сойм 1613 г., AGAD, AR, Dz. II, nr. 583.
[38] Byliński J. Silnicki Zbigniew // Polski Słownik Biograficzny. T. XXXVII. Warszawa —Kraków, 1996-1997. S. 500-501.
[39] Паводле Я. Быліньскага, яно налічвала 4 тыс. Гл.: Byliński J. Dwa sejmy z r. 1613.S. 153.
[40] Lubieniecki A. Poloneutychia. Red. L. Szczucki. Oprac. A.Linda, M. Maciejewska, J.Tazbir, Z.Zawadzki. Łódź, 1982. S. 99.
[41] АСД. T. 5. № 23. С 133 і далей; № 33. C. 145-146.
[42] AGAD, AR, Dz. II, nr. 582; АСД. Т. 3. № 80. С. 313-314.
[43] АСД. Т. 3. № 80. С. 314.
[44] Л. Сапега да Я. Радзівіла з-пад Смаленска, 7.08.1610. Archiwum domu Radziwiłłów.Wyd. A. Sokołowski / Scriptores Rerum Polonicarum. T. VIII. Kraków, 1885. S. 249.
[45] Kobierzycki S. Historia Władysława, królewicza polskiego i szwedzkiego. S. 206-207.
[46] Kobierzycki S. Op. cit. S. 207; Zbigniew Ossoliński. Pamiętnik. Oprac. J. Długosz. Warszawa 1983. S. 53, 58.
[47] Lubieniecki A. Poloneutychia. S. 99.
[48] Byliński J. Dwa sejmy z roku 1613. S. 152. Пар.: Lubieniecki A. Poloneutychia.S. 101.
[49] Інструкцыя Менскага ваяводства, 8.01.1613, AGAD, AR, Dz. II, nr. 583.
[50] Інструкцыя Троцкага павета, 19.02.1613, AGAD, AR, Dz. II, nr.589.
[51] Інструкцыя Вількамірскага павета, 1613, AGAD, AR, Dz. II, nr.588.
[52] VL. T. IІI. Petersburg, 1859. S. 81-82.
[53] Ibidem. S. 83.
[54] Byliński J. Dwa sejmy z roku 1613. S. 85 і далей.
[55] Цыт. па: Byliński J. Dwa sejmy z roku 1613. S. 76.
[56] Я. К. Хадкевіч да Жыгімонта ІІІ, Цімкавічы, 22.05.1613 // Korrespondencje Jana Karola Chodkiewicza. S. 174-175.
[57] Пра гэта пісаў С. Маскевіч: Pamiętnikі Samuela i Bogusława Kszysztofa Maskiewiczów. S. 195. Гл. таксама: Byliński J. Dwa sejmy z roku 1613. S. 238.
[58] АСД. T. 5. № 69. C. 196-197, № 68. С. 195.
[59] Tyszkowski K. Wojna o Smoleńsk. S. 63.
[60] Byliński J. Dwa sejmy z roku 1613. S. 213.
[61] Сборник Императорского Русского Исторического общества (далей — СИРИО).Т. 142 / Памятники дипломатических сношений Московского государства с Польско-Литовским государством. Т. V (1609-1615). Под ред. С. А. Белокурова. Москва, 1913. С. 435,438.
[62] Тамсама. С. 429.
[63] Tyszkowski K. Aleksander Lisowski i jego zagony na Moskwę // Przegląd Historyczno-Wojskowy. T.V (1932). Z.1. S. 11.
[64] Я. К. Хадкевіч да Л. Сапегі, Быхаў, 20.IX.1613. Цыт. па: Tyszkowski K. Wojna o Smoleńsk. S. 54, przyp.1.
[65] Rachuba A. Wielkie Księstwo Litewskie wsystemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569-1763. Warszawa, 2002. S. 259.
[66] Ibidem. S. 260.
[67] Інструкцыя Наваградскага павета, AGAD, AR, Dz. II, nr.597.
[68] Інструкцыя Віленскага ваяводства, AGAD, AR, Dz. II, nr.593.
[69] Ibidem.
[70] Сталічныя даручылі паслам сурова крытыкаваць і вінаваціць караля, цалкам адмаўляючы сваю адказнасць за змену сітуацыі на ўсходнім фронце: самі яны, маўляў, нічога лішняга не патрабавалі, а галоўнай прычынай усіх няўдачаў лічылі „парушэнне запрысяжанай дамовы” з боку ўладаў. Гл.: Інструкцыя сталічных на сойм у Варшаву, 25.11.1613, AGAD, AR, Dz. II, nr.594; АСД. T. 5.№ 73. С 203-208; Byliński J. Dwa sejmy z roku 1613. S. 204-205.
[71] Kobierzycki S. Historia Władysława, królewicza polskiego i szwedzkiego. S.208-209. На сойме 1615 г. многія пашкадавалі, што так мякка абыходзіся з канфедэратамі, і патрабвалі іх жорсткага пакарання. Гл.: Ochmann S. Sejmy z lat1615-1616. S. 81 і наст.
[72] VL. T. ІІІ. S. 122.
[73] Ibidem. S. 117-119.
[74] Ibidem. S. 120.
[75] Ibidem. S. 122; Wisner H. Wojsko litewskie 1 połowy XVII w. Cz.1. // Studia i Materiały do Historii Wojskowości. T.XIX (1975). Cz. 1. S. 109.
[76] VL.T. III.S. 118.
[77] Пратэстуючы супраць завялікіх падаткаў, Наваградскае ваяводства патрабавала, каб пасля прызначанай аплаты жаўнерам „рэштай каб замкі ўмацаваліся”["...ostatkiem aby się zamki… opatrzowały"] (гл.: Пратэстацыя Наваградскага ваяводства, AGAD, AR, Dz.II, nr.599; Інструкцыя Наваградскага ваяводства,29.01.1614, AGAD, AR, Dz.II, nr.601).
[78] Пратэстацыя Віленскага ваяводства і павета, AGAD, AR, Dz.II, nr.602; Пратэстацыя Вількамірскага павета, AGAD, AR, Dz.II, nr.604.
[79] А Пукель да Я. К. Хадкевіча, Быхаў, 5.01.1614, LMAB, F.139-3661-9.
[80] Taмсама.
[81] Акты Московского государства. Т. 1. Под ред. Н. А. Попова. С.-Петурбург, 1890.№ 99 і наст.; Книга сеунчей 1613-1619 гг. Подгот. А. Л. Станиславский, С. П. Мордовина // Памятники истории Восточной Европы. Источники XV-XVII вв. T. I.Под ред. Б. Н. Флори. Москва — Варшава, 1995. С. 25 і наст.
[82] Ліст аршанскага з’езда ад 27.02.1614, AGAD, AR, Dz. II, nr.607.
[83] Тамсама: „Poddaniśmy Pana, a Pan nas wiedzieć nie chce. Bracia, coby nas respektempoprzysiężonej miłości ratować mieli, to zguby naszej wyglądają, a my j za żalem і zazniszczeniem naszym … ręce opuścili, upadkowi zabiegać nie chcemy”.
[84] Tyszkowski A. Wojna o Smoleńsk. S. 130.
[85] Ibidem, przyp.2.
[86] Maciszewski J. Polska a Moskwa 1603-1618. Warszawa, 1968. S. 243 і наст.; Urwanowicz J. Wojskowe „sejmiki”. S. 92.
[87] Filipczak-Kocur A. Skarb koronny za Zygmunta III Wazy. Opole, 1985. S. 112-113; idem, Skarb litewski za pierwszych dwu Wazów 1587-1648. Wrocław, 1994. S. 69;Urwanowiczn J. Wojskowe „sejmiki”. S. 93.
[88] Пастанова галоўнага з’езда ў Вільнi, 11.10.1614, AGAD, AR, Dz II, nr.614: канфедэраты збіраюцца „nie dłuzej jedno Addiom Occimam presentis na zamku trwac. Ale przykіadem drugich skonfederowawszy sie zasluzonego sweo dochodzic maią”.
[89] Пастанова галоўнага з’езда ў Вільні, 11.10.1614, AGAD, AR, ^z. II, nr.614
[90] Tyszkowski K. Wojna o Smoleńsk. S. 65.
[91] Lubieniecki A. Poloneutychia. S. 100.
[92] Majewski W. Naliwajko Andrzej // Polski słownik biograficzny. T. XXII. Z. 94.Ossolineum, 1977. S. 488-489.
[93] Tyszkowski K. Kozaczyzna w wojnach moskiewskich Zygmunta III (1605-1618) // Przegląd Historyczno-Wojskowy. T. VIII (1935). S. 48.
[94] Гл. спас. № 72.
[95] Беларускі архіў. Т. 1. Менск, 1927. С. 95-96.
[96] Ochmann S. Sejmy z lat 1615-1616. Wrocław, 1970. S. 14-15.
[97] М. Бержэньскі да К. Радзівіла, Кейданы, 13.07.1614, AGAD, AR, Dz. V, nr. 637.
[98] Ухвала паноў-рад ВКЛ, 1.10.1614, AGAD, AR, Dz. II, nr.613. Гл. таксама пастанову ад 11.10.1614, AGAD, AR, Dz. II, nr.614.
[99] Тамсама.
[100] М. Дольскі да К. Радзівіла, 9.04.1615, AGAD, AR, Dz. V, nr. 3131.
[101] М. К. Радзівіл да паноў-рад, Нясвіж, 29.І.1615, Scriptores Rerum Polonicarum. T. VIII. S. 56.
[102] Інструкцыя рэляцыйнага сойміка ў Слоніме паслам на віленскую канвакацыю 1615 г., 23.04.1615, BCz. Rkps 109. S. 137.
[103] Iнструкцыя Віленскага павета на сойм 1615 r., Российская национальная библиотека, Собрание автографов Дубровского (далей — РНБ АД), 150-6.
[104] Інструкцыя Вількамірскага павета паслам на сойм 1615 r., РНБ AД, 133-43.
[105] Пастанова галоўнага з’езда ў Вільні, 11.10.1614, AGAD, AR, Dz. II, nr.614.
[106] Сам Карвацкі пазней быў спайманы ў Львове, дзе яго з іншымі атаманамі і пакаралі смерцю. Гл.: Zbigniew Ossoliński. Pamiętnik. S. 64; Prochaska A. Hetman Stanisław Żółkiewski. Warszawa, 1927. S. 140-141; A. Michalek, Konfederacjawojska stoіecznego… S. 203.
[107] Інструкцыя Вількамірскага павета паслам на сойм 1615 r., РНБ AД, 133-43.
[108] Ухвала паноў-рад ВКЛ, 5.06.1615, AGAD, AR, Dz. II, nr.632.
[109] Я. Сянкевіч да Я. К. Хадкевіча, Meнск, 10.10.1616, LMAB, F.139-4155.
[110] Дэкрэт Я. К. Хадкевіча, Слуцк, 24.11.1616, AGAD, AR, Dz. II, nr.658.
[111] Інструкцыя Менскага ваяводства на соймы 1615 (AGAD, AR, Dz.II, nr. 619) і 1618 г. НГАБ, Ф. 694, воп.4, спр. 934); Інструкцыя Віленскага павета на сойм1618 г., AGAD, AR, Dz. II, nr. 693; Maciszewski J. Polska a Moskwa 1603-1618.S. 289; Ochmann S. Sejmy z lat 1615-1616. S. 147,149.
[112] А Масальска да Я. С. Сапегі, 30.06.1629. LMAB, f. 139, nr.2543.
[113] Lubieniecki A. Poloneutychia. S. 101,105.
[114] Kobierzycki S. Historia Władysława, królewicza polskiego i szwedzkiego. S. 204.
[115] Ochmann S. Sejmy z lat 1615-1616. S. 13.

Наверх

Tags: , ,