Новы нумар


Ігар Войніч. Сільвестр Косаў і Язафат Кунцэвіч – повязь царкоўных ерархаў


У судовай справе забойства ў 1623 г. полацкага уніяцкага біскупа Язафата Кунцэвіча дагэтуль застаюцца нявысветленымі некаторыя пытанні. На гэтым забойстве сучасныя даследчыкі як з уніяцкага, так і з праваслаўнага боку зарабілі і цяпер зарабляюць шмат палітычных ачкоў, каб прынізіць годнасць сваіх апанентаў. Аднак наш расповед галоўным чынам закранае самы пачатак супрацьстаяння паміж Кунцэвічам і жыхарамі Віцебска.

У грамадскім жыцці ВКЛ на працягу другой паловы XV і ўсяго XVI ст. пачало дзейнічаць пісанае права. Статуты ВКЛ 1566 і 1588 г. патрабавалі карыстацца толькі «правом писаным»[1] (Статут 1566 г., раздз. 4, арт. 30; Статут 1588 г., раздз. 1, арт. 1). Царкоўнае жыццё ў ВКЛ па-ранейшаму рэгулявалася звычаёвым правам, аднак паступова ў праваслаўных землях стала ўводзіцца практыка прызначэння найвышэйшых царкоўных ерархаў са згоды свецкіх уладаў[2]. У канцы XVI — пачатку XVII ст. кароль Жыгiмонт III Ваза, а разам з iм i пераважная большасць дэпутатаў сейма (у асноўным каталікі) паспрабавалі надаць тагачасным парадкам нейкія цывілізавана-законныя рамкі.

Вядома, што на Берасцейскiм саборы 1596 г. царкоўная грамадскасць Беларусi i Ўкраiны падзялiлася на тых, хто прыняў унiю, i тых, хто застаўся ў праваслаўi. Дзяржаўныя ўлады схіляліся да думкі, што праваслаўныя прыходы на землях Вялiкага Княства Лiтоўскага, якія не прынялі уніі, не маюць законнага права на існаванне. Тое, што ў дзяржаве працягвала iснаваць праваслаўная царква, найвышэйшымі коламі грамадства проста не заўважалася, бо праваслаўных i унiятаў лiчылi прадстаўнiкамi адной канфесii — царквой грэцкага абраду. На найвышэйшыя дуxоўныя пасады, паводле канстытуцыйных пастаноў сеймаў 1607, 1609 i 1618 г., без згоды караля нельга было высвячаць новага царкоўнага ерарха. Паступова біскупаў, якія працягвалі ўпарціцца прыняццю уніі, па меры іх адыходу ў небыццё, замянілі на уніятаў. Да 1620 г. амаль уся царкоўная ўлада на землях ВКЛ, за выключэннем некалькіх брацтваў і прыходаў у найбольш буйных праваслаўных цэнтрах (Вільні, Кіеве, Полацку, Віцебску, Львове і інш.) лічылася уніяцкай. Аднак у гэтым годзе ў Кіеў, вяртаючыся з Масквы, завітаў ерусалiмскi патрыярx Тэафан, запрошаны запарожскім казацкім гетманам Пятром Канашэвiчам-Сагайдачным.

Паводле звычаёвага права або старадаўніх традыцый, высвячэнні на найбольш старадаўнiя рускія епархіі — Кiеўскую мiтраполiю, Полацкую архiепiскапiю і іншыя царкоўныя пасады — павінны былі адбывацца са згоды ці па даручэнні Канстанцiнопальскага патрыярxа. Тэафан якраз меў на гэта паўнамоцтвы. Паддаўшыся націску (не выключана, што паспрыялі і багатыя падарункі ўкраінскага гетмана), ён высвяцiў на царкоўныя пасады новых ерархаў, якiя ўжо былі занятыя уніятамі[3]. Сярод іх — манах Мялецi Сматрыцкi, хiратанiзаваны за некалькі тыдняў у дыяканы, пасля ў ерадыяканы (прэсвітар), і ўжо толькі потым у біскупы на Полацкае арцыбiскупства, якое ўжо займаў унiят Язафат Кунцэвiч. Кунцэвічу, у сваю чаргу, яшчэ раней было прапанавана прыняць бласлаўленне на Полацкае арцыбіскупства ад Тэафана, але Кунцэвіч пасля некаторых ваганняў усё ж адмовіўся, чым выклікаў гнеў палачан. Пасля гэтага арцыбіскупства і было прапанавана віленскаму манаху Сматрыцкаму[4]. Новае высвячэнне адбылося без дазволу караля — значыць, з парушэннем законаў, што вяло да грамадскай няўстойлівасці ў шматнацыянальнай дзяржаве.

Паміж уніятамі і праваслаўнымі ўспыхнула новая канфрантацыя, ускладненая наступнымі акалічнасцямі. У гэты час вялася вайна памiж Рэччу Паспалiтай i Турцыяй. Кароннае і казацкае войскі восенню 1620 г. якраз атрымалі адчувальную паразу пад Цэцорай. Канстанцiнопаль — дуxоўны цэнтр праваслаўя, як вядома, з 1453 г. быў ужо пад туркамi. Палiтычным фактарам нестабiльнасцi ў Рэчы Паспалiтай было таксама тое, што Маскоўская дзяржава пасля падзення Канстанцiнопаля абвясцiла сябе «трэцiм Рымам», цэнтрам усёй Русi i праваслаўя . Са свайго боку яна лiчыла, што ўсе ўсxоднеславянскiя землi, дзе ёсць праваслаўныя прыxоды, нават у Кiеўскай мiтраполii, падпадаюць пад яе дуxоўнае кiраўнiцтва.

Напружаныя адносiны з Маскоўскай дзяржавай, якая варожа сябе паводзіла ў час польска-турэцкай вайны, прыхаваная пагроза ад праваслаўнага казацтва i незаконнае, паводле пісанага права, аднаўленне патрыярхам Тэафанам найвышэйшай праваслаўнай ерарxii вымусiлi караля Рэчы Паспалiтай Жыгiмонта III сваiм універсалам у лютым 1621 г. абвясцiць Тэафана турэцкiм шпiёнам, а новавысвечаных ерарxаў загадаць прыцягнуць да судовай адказнасцi за здраднiцтва[5]. Ім былi прад’яўлены тры асноўныя абвiнавачваннi: што патрыярx Тэафан самазванец[6] i турэцкi шпiён і ўсе яго высвячэннi несапраўдныя, што гэта парушае каралеўскiя правы i старадаўнiя законы; патрыярx хіратанізаваў ерарxаў на тыя епарxii, дзе ўжо ёсць бiскупы, а гэта пярэчыць юрыдычнаму правiлу — адну пасаду не павінны займаць дзве асобы[7]. Усе абвінавачванні былі юрыдычна замацаваны новым каралеўскім універсалам ад 22 сакавіка[8].

Дзеянні ўладаў былі цалкам лагiчныя: Тэафан — падданы султана, у Маскве гасціў дзевяць месяцаў, столькі ж у Кіеве[9], дзе праводзіў, па сутнасці, антыдзяржаўную палітыку, заклікаючы ўкраінскіх казакаў «не падымаць зброі супраць сваіх адзінаверцаў, што жылі ў Вялікай Расіі, і пакарыцца Маскоўскаму самадзержцу». За такія дзеянні, прызнаюцца самі маскоўскія праваслаўныя даследчыкі, Тэафана шчодра адорвалі багатымі паднашэннямі[10].

Мялецi Сматрыцкi, вярнуўшыся пасля сваёй хiратанiзацыi з Кiева ў Вiльню, адразу пачаў рассылаць па ўсёй Полацкай епархіі лiсты, у якiх прыводзiў шэраг аргументаў на карысць свайго, згодна з «старадаўнiмі традыцыямі », сапраўднага прызначэння на Полацкае арцыбіскупства[11], адначасова заклікаючы насельніцтва не падпарадкоўвацца уніяцкаму арцыбіскупу Кунцэвічу. У гэтых лістах Сматрыцкі менаваў сябе сапраўдным Полацкім арцыбіскупам, а Кунцэвіча называў вераадступнікам (apostatem). У якасці довадаў прыводзіўся аргумент, што яго, Сматрыцкага, хіратанізавалі ад імя Канстанцiнопальскага патрыярха, а ў Кунцэвiча такога пасвячэння не было. Значыць, той — несапраўдны ерарх.

Адзін з такіх лістоў быў накіраваны ў Віцебск. Каму мог Мялеці Сматрыцкі яго даверыць? Надзейнаму чалавеку, якi добра ведае мясцiны, куды гэтае пасланне накiроўвалася. Такой асобай у Вiльнi, дзе Сматрыцкi ў гэты час выпускаў свае кнiгi, мог стаць якраз жыхар Віцебшчыны Сiльвестр Косаў, які ў 1621 г. там вучыўся.

Бацька, дзед і прадзед будучага кіеўскага мітрапаліта Сільвестра Косава для свайго часу былi адукаванымi людзьмi: іх служба патрабавала даволi сур’ёзных ведаў, іх жыццё было звязана са справамі віцебскага суда і магістрата. Косавы намагалiся даць сваiм дзецям самую лепшую адукацыю, якую можна было атрымаць. Аднак у Рэчы Паспалітай юнакi праваслаўнага веравызнання мелi не такi багаты выбар. Адной з самых лепшых i багатых навучальных установаў праваслаўных у пачатку XVII ст. была брацкая школа пры вiленскiм Святадухавым манастыры. Менавiта ў гэтай школе пачынае адукацыю Сiльвестр Косаў недзе ў сярэдзіне дзесятых гадоў XVII ст. Асноўнай справай праваслаўных брацтваў была абарона праваслаўя, а ў брацкiх школах рыхтавалi духавенства для праваслаўных прыходаў. У гэтыя часы ў вiленскай брацкай школе якраз праходзіла адукацыйная рэформа, за аснову якой былi ўзятыя езуiцкiя або кальвiнiсцкiя школы[12]. Там, акрамя традыцыйных для праваслаўных навучэнцаў грэцкай i царкоўнаславянскай моў, пачалi выкладаць лацiнскую. У сваёй кнiзе «Cherubin» Косаў гаворыць, што сярод яго настаўнiкаў (magistr) быў нябожчык Лявонцiй Карповiч[13], якi памёр у 1620 г. Ёсць паведамленнi, што ў гэты ж час у вiленскай брацкай школе выкладаў Мялецi Сматрыцкi[14].

Закончыў Сiльвестр вiленскую брацкую школу ў 1620 або 1621 г. Косаў быў у ёй адным з лепшых вучняў, і пасля завяршэння апынуўся перад выбарам — задаволiцца адукацыяй брацкай школы цi працягнуць далейшае навучанне ў вiленскай езуiцкай акадэмii, куды прымалі таксама і праваслаўных. Каталiцкi ордэн Ісуса, галоўнай справай якога, згодна статуту ордэна, стала адукацыя насельніцтва ў каталіцкім духу, у пачатку XVII ст. меў найлепшыя навучальныя ўстановы (школы, калегii i акадэмii) на ўсходнiх межах Еўропы. У Вiленскай акадэмiі ў гэты час ужо існавалі ўсе аддзяленнi: нiжэйшая (studia inferiora), сярэдняя (gimnasium) i вышэйшая (studia superiora). Тут можна было атрымаць поўную акадэмiчную адукацыю.

Для Косава ўсё атрымалася па-iншаму. Братчыкi баялiся, што праваслаўныя выхаванцы пад уплывам езуiцкiх настаўнiкаў могуць перайсцi ва унiяцтва цi каталiцтва, што, па словах украінскага акадэміка М.Грушэўскага, адбывалася вельмі часта[15]. Да таго ж, наведванне каталіцкай вучэльні колішнімі найлепшымі вучнямі вiленскай брацкай школы на вачах праваслаўных жыхароў Вільні магло ўспрымацца не зусім адэкватна — праваслаўе на беларускіх землях у гэтыя часы перажывала адзін з самых значных крызісаў у сваёй гісторыі.

Будучы рэктар брацкай школы ераманах Іосiф Бобрыкавiч выпрошваў у брацтва грошы на замежных выкладчыкаў для Косава i яшчэ аднаго здольнага выпускнiка — Ісаi Трафiмовiча -Казлоўскага, якiх мусiў падрыхтаваць да выкладчыцкай дзейнасцi. Аднак Косаў i Трафiмовiч так i не дачакаліся гэтага. Пакінуўшы Вiльню, юнакі вырашылі далейшую адукацыю працягнуць на Захадзе. Дакументы сведчаць, што ў лютым 1622 г. Сiльвестр знаходзіўся ў Люблiне[16].

У нас няма канкрэтных звестак пра тое, што канкрэтна рабіў Косаў у 1620—1621 г. Аднак ускосныя дадзеныя сведчаць, што ён у гэты час прыехаў да сваіх бацькоў, каб прасiць грошай на працяг далейшай вучобы, а разам з тым каб даставіць у Віцебск адзін з лістоў Сматрыцкага. Пацвярджэнні гэтага можна знайсці ў матэрыялах следства па справе забойства Полацкага арцыбіскупа Язафата Кунцэвiча ў Віцебску ў 1623 г.

Каралеўская судовая камісія з Вільні на чале з канцлерам Львом Сапегам, не давяраючы мясцоваму Віцебскаму суду, пры правядзенні ў студзені 1624 г. дазнання па факту бунта віцебскіх гараджан і забойства Язафата Кунцэвіча адзначыла, што «бунтаўшчыкі ні ў чым яму (Кунцэвічу) не павінаваліся» пачынаючы з сакавіка 1621 г., калі «Мялецi Сматрыцкі прыслаў нейкага Сiльвестра ў чарнечым (манаскім) адзеннi разам з сябрам са сваімі лістамі ў Віцебск» [«Melecyusz Smotricki przysłał niejakiego Sylwestra w odzieniu czernieckiem z listami swyemi do miasta tutejszego witebskiego»[17]]. Хто гэты таямнiчы Сiльвестр? Дакументы сведчаць, што Косаў у гэты час яшчэ не прыняў манаскі пострыг[18]. Асобы, якія давалі судовыя паказанні, засведчылі камісіі, што той самы Сiльвестр і яго спадручны маглі і не быць манахамі («skąd ci mianowani czerńcy»), а толькі былі апрануты ў манаскую (чарнечую) рызу. Хоць Сільвестр Косаў і не меў маральнага права насiць манаскае адзенне, але, каб зручней прайсцi ўсе кардоны па дарозе з Вiльнi ў Вiцебск з пасланнямі, за якія можна трапiць за краты, яму трэба было знайсці нейкае выйсце. Манаская вопратка якраз i павiнна была ў гэтым дапамагчы — у ёй можна лёгка выдаць сябе за пустэльнiка-чарняца, не выклiкаючы асаблiвых падазрэнняў; да таго ж, яна надавала важнасцi маладому пасыльнаму, якi прынёс пiсьмо ад такой даволi значнай i папулярнай у тыя часы на Беларусі грамадскай i царкоўнай асобы, як Мялецi Сматрыцкi[19]. Пра тое, што пасланцы Сматрыцкага, якія наведвалі Полацк, Віцебск і Мсціслаў, не з’яўляліся манахамі, а толькі прыкрываліся манаскай вопраткай, паведаміў таксама уніяцкі мітрапаліт Іосіф Вельямін Руцкі: «…delegatowie iego [Мялецiя Сматрыцкага — І. В.], po rożnych stronach na bunty rozsyłali, aż też ich łapać poczęto, y przyznali się, że swieckimi byli, habit tylko maiąc zakonny»[20] («… яго пасланцы ў розныя месцы рассылаліся падбіваць на бунты, калі ж іх пачалі хапаць, то прызналіся, што былі свецкімі, толькі апрануліся манахамі»).

Яшчэ адным пацвярджэннем таго, што пасланнікам Сматрыцкага ў «чарнечым адзеннi» быў менавiта Сiльвестр Косаў, служыць і такі факт. «Лісты Сматрыцкага » даставілі ў гарадскую ратушу асобы, сярод якiх, акрамя самога Сільвестра, былі гараднічы Мікалай Васілеўскі, земскі судовы пісар Леў Гурка і гарадскі пісар Адам Косаў[21] — бацька Сільвестра Косава. Толькі да яго, прыбыўшы ў Віцебск, і мог звярнуцца будучы пісьменнік па дапамогу, каб хутчэй давесцi вiцебчукам змест пасланняў, у якіх Мялецi Сматрыцкi «менаваў сябе архiепiскапам Полацкiм, уладыкам Вiцебскiм i Мсцiслаўскiм… а айца Кунцэвiча назваў адступнiкам» [«…w ktorym się ten napisał archiepiskopem Połockim władyką Witebskim y Mscisławskim, <…> a ojca władykę Kuncewicza apostatą nazywał»[22]]. На той час усё завяршылася мірна, але далейшае развіццё падзей у Вiцебску прывяло да трагічнай развязкі. У 1623 г. Кунцэвiча забiлi, і адным з вiнаватых у «падбухторваннi жыхароў горада супраць айца Язафата Кунцэвiча » прызналi Сматрыцкага, бо менавіта яго лiсты, прынесеныя «нейкiм Сiльвестрам у чарнечай вопратцы », выклікалі ў Віцебску першыя антыуніяцкія хваляванні, што ўрэшце прывяло да трагедыi. Але пры правядзеннi следства ў студзенi 1624 г. «бурмiстры, ратманы, лаўнiкi i вiцебскiя мяшчане асабiста i добраахвотна перад судом», згадваючы падзеi трохгадовай даўнасцi, вырашылi не выдаваць Сiльвестра Косава — сына паважанага ў горадзе чалавека, або проста не ведалi, хто гэта такi: Сiльвестр сышоў з дому на навучанне яшчэ падлеткам, ды і радавы маёнтак Косавых Жаробычы (з 1931 г. — вёска Слабада Шумiлiнскага раёна Вiцебскай вобласцi[23] ) знаходзiўся ад Вiцебска не так блiзка — у палове дня шляху пехатой. Хоць асуджаных па справе забойства Кунцэвіча было даволі многа, а Віцебск пазбавілі магдэбургскага права і загадалі разбурыць гарадскую ратушу, суд не вынес ніякага пакарання і бацьку Сільвестра Адаму Косаву, як і Васілеўскаму з Гуркам. Магчыма, дапамаглі шляхецкае званне, пасада, веданне законаў, добрыя сувязі яго бацькі або грошы за толькі што прададзены пляц над Дзвіной[24].

Пасля наведвання вясной 1621 г. родных мясцін Косаў, як ужо гаварылся, з’явіўся ў Любліне. Хутчэй за ўсё гэта адбылося восенню 1621 г., калі пачынаўся новы навучальны сезон. Трэба сказаць, што найбольш адукаванае дваранства i шляхта Вялiкага Княства Лiтоўскага бачыла, што набыць дастаткова патрэбныя веды для ўсходняга жыхара Рэчы Паспалiтай, сярод якіх актыўна насаджалiся заходнiя культурныя традыцыi, можна толькi ў замежных акадэмiях. Больш-менш заможны дваранiн лiчыў, што пасля навучання сына мясцовымi настаўнiкамi трэба паслаць яго вучыцца ў заходнiя акадэміі i унiверсiтэты. А для набыцця ведаў патрэбны былi грошы. Вiленскiя братчыкi, якія так і не знайшлі патрэбных настаўнікаў для далейшай адукацыі Косава і Трафімовіча-Каз лоўскага, не далі грошай сваім таленавітым юнакам, каб яны вучыліся ў «поганых латын». Шукаць матэрыяльныя сродкі заставалася толькі ў бацькоў. Ці не было гэта галоўнай прычынай прыбыцця Косава ў Вiцебск у 1621 г. у «чарнечым адзеннi» з лiстамi Сматрыцкага? Менавiта бацькi будучага пiсьменнiка «ўфундавалi» яго навучанне ў заходнiх навучальных установах: Любліне, Замойсці і, вельмі верагодна, у Аламоўньцу, Інгальштаце або Вене, пра што ён праз дзесяць гадоў паведамiў у кнізе «Exegesis»[25].

Пасля судовай справы па забойстве Кунцэвіча Косаў яшчэ доўгі час не з’яўляўся на роднай Віцебшчыне. Гэта стала магчымым толькі пасля таго, як яго ў 1935 г. абралі епіскапам мсціслаўскім, магілёўскім і аршанскім новастворанай праваслаўнай Беларускай епархіі. Але і гэтае знаходжанне неаднаразова прыпынялася пастановай суда па скарзе уніяцкага біскупа Антонія Сялявы.


[1] Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мінск, 1988. С. 48; 484.
[2] Дмитриев М.В. Православие и реформация. Москва, 1990. С. 42.
[3] Макарий. История Русской Церкви. Кн. 6. С. 403-404; Дмитриев М.В. Коментарии и справочно-библиографические материалы // Тамсама. С. 665—666.
[4] Макарий. История Русской Церкви. Кн. 6. С. 415.
[5] Археографический сборник документов, относящихся к истории Северо-Западной Руси. Вильно, 1867. Т. 1. №138—141.
[6] У траўні 1621 г. кароль зняў абвінавачванне патрыярха Тэафана ў самазванстве. Гл.: Pietrzak J. Po Cecorze i podczas wojny Chocimskiej: Sejmy z lat 1620 i 1621. Wrocław, 1983. S.121.
[7] Короткий В.Г. Творческий путь Мелетия Смотрицкого. Приложение. Минск, 1987. С. 152-153.
[8] Тамсама. С. 153—155.
[9] Макарий. История Русской Церкви. Кн. 6. С. 408.
[10] Тамсама. С. 399.
[11] Тамсама. С. 407.
[12] Xарлампович К.В. Западнорусские православные школы XVI — начала XVII века. Казань, 1898. С.328.
[13] Kossow S. Cherubin przy akcie pogrzebowym przewielebnego… Oyca Josepha Bobrykowicza… Wilno, 1635. S. 23 нн.
[14] Susha J. Saulus et Paulus Ruthenae unionis sanguine beati Josaphat transformatus, sive meletius Smotriscius… archimandrita Dermansis. Romae, 1666. P.19.
[15] Грушевський М. Культурно-національний рух на Украіні в XVI—XVII віці. Киів, 1912. С. 40, 76-77.
[16] Миславский А. [Рукописная книга]. Адзел рукапісаў кіева-пячорскай бібліятэкі. № 20. Л.87—88 // Xарлампович К.В. Западнорусские православные школы XVI—начала XVII века. C. 327; 405.
[17] Stebelski I. Dwa wielkie swiatla na horyzoncie Polockim. Wilno, 1783; 2-e wyd. Lwуw, 1897. T.3. S.199; Параўн.: Историко-юридические материалы, извлеченные из актовых книг губерний Витебской и Могилевской (ИЮМ). Витебск, 1903. Вып.30. С.28.
[18] Миславский А. [Рукописная книга]. Л. 87—88 // Xарлампович К.В. Западнорусские православные школы XVI — начала XVII века. C. 405.
[19] Короткий В.Г. Творческий путь Мелетия Смотрицкого. С.128.
[20] [Josephe (Welamin Rutski)] Sowita wina, to iest Odpis ns skript… nazwany Veryficatia niewinnosci. Wilno, 1621 // Архив Юго-Западной России. Киев, 1914. Ч. 1. Т. 8. Вып. 1. С.497.
[21] Stebelski I. Dwa wielkie światła na horyzoncie Polockim. S.199.
[22] Тамсама.
[23] Административно-территориальное устройство БССР. Мінск, 1985. Т. 1. С. 254.
[24] ИЮМ. 1894. Вып. 25. С. 337—338.
[25] Kossow S. Exegesis, to jest danie sprawy o szkołach Kijowskich i Winnickich, w których uszą zakonnicy Religiey Graeckiey. Kijow, 1635 // Архив Южной и Западной России (АЮЗР). Киев, 1913. Ч. 1. Т. 8. С. 443.

Наверх

Tags: ,