Новы нумар


In Memoriam: Павел Лойка (1958 – 2010)

22 кастрычніка 2010 г. памёр Павел Лойка — адзін з вядомых сучасных гісторыкаў Беларусі. Беларуская гістарычная навука панесла яшчэ адну непапраўную страту.

Павел Алегавіч Лойка нарадзіўся 12 ліпеня ў 1958 г. у Слоніме. Пасля вучобы на гістарычным факультэце БДУ быў прыняты ў Інстытут гісторыі Акадэміі Навук Беларусі (1980), дзе пад кіраўніцтвам вядомага спецыяліста па аграрнай праблематыцы В. І. Мялешкі падрыхтаваў кандыдацую дысертацыю, паспяхова абароненую ім у 1984 г. і пазней апублікаваную ў выглядзе манаграфіі “Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове XVI—XVIII стст.” (Мінск, 1991). Добра інтэграваўшыся ў калектыў акадэмічнага інстытута, Павел з 1990 па 2000 г. кіраваў там Аддзелам гісторыі Беларусі ХІІІ – ХVІІІ ст., будучы адначасова (з 1994 г.) загадчыкам новастворанай кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў у БДУ.
Пасля захаплення аграрнай гісторыяй пачаў вывучаць пытанні дзяржаўна-палітычнага жыцця Вялікага Княства Літоўскага, якое стала яго найбольшай пасіяй. На падставе архіўных крыніц напісаў манаграфію “Шляхта беларускіх зямель у грамадска-палітычным жыцці Рэчы Паспалітай другой паловы ХVI — першай трэці ХVII ст.” (Мінск, 2002) і па гэтай жа тэме падрыхтаваў доктарскую дысертацыю, якая цяпер ужо так і застанецца неабароненай…

Апрача навукі Павел Лойка шмат займаўся дыдактыкай. Ён аказаўся сярод тых нашых калег, на чые плечы выпала адказная і складаная справа – стварэнне першых падручнікаў па гісторыі у суверэннай Беларусі, і яго дапаможнік для 7 класа “Гісторыя Беларусі ХVІ — ХVІІІ ст.” аказаўся адным з самых папулярных. Наогул, Павел многа зрабіў на карысць гістарычнай асветы, апублікаваў нямала навукова-папулярныя тэкстаў, шмат выкладаў і прывёў у навуку цэлую кагорту студэнтаў. Ён умеў “ажыўляць” мінулае і кранаць ім на сваіх лекцыях, нездарма ўваходзіў у лік самых шанаваных выкладчыкаў гістарычнага факультэта.

Па натуры Павел быў гісторыкам-паэтам. Хто папрацаваў з ім хоць раз у архіве, той не забудзе яго непадробную захопленасць, эмацыйную узбуджанасць гісторыка, “ужытага” у свет дарагога яму беларускага Сярэднявечча…

У таварыскім жыцці Павел уражваў надзвычайнай дабрынёй і шчырасцю, прыязнасцю і зычлівасцю, умеў сказаць чулае слова і падбадзёрыць.

Павел памёр нечакана, заўчасна. Пакінуў жонку Наталлю, дачку Надзею і сына Алега.

Нам будзе моцна не хапаць заўсёды адкрытага і рамантычнага Паўла…

Генадзь Сагановіч