Новы нумар


Ірына Романова. Пасляваенны яўрэйскі Бабруйск.


Напярэдадні вайны ва ўсходняй Беларусі жыло 375 тыс. яўрэяў [1] і ў заходняй – прыкладна 600 тыс., разам каля 1 млн. У гады Халакосту на тэрыторыі Беларусі было забіта каля 800 тыс. мясцовых і прывезеных з Еўропы яўрэяў. Першы пасляваенны Усесаюзны перапіс, праведзены амаль праз пятнаццаць гадоў пасля вайны, зафіксаваў у БССР на 1 студзеня 1959 г. толькі 150 тыс. яўрэяў [2]. Па абласцях яўрэйскае насельніцтва размяркоўвалася наступным чынам: на першым месцы стаяла Мінская вобласць –47,8 тыс. яўрэяў (з іх 38,8 жылі ў самім горадзе Мінску), далей ішлі вобласці ўсходняй Беларусі: Гомельская – 45 тыс., Магілёўская – 28,4 тыс., Віцебская – каля 19 тыс.; у дзвюх абласцях на захадзе Беларусі колькасць яўрэяў была значна меншай: у Брэсцкай – 6 тыс., у Гродзенскай – 3,7 тыс. [3] Амаль усе яўрэі жылі ў гарадах (каля 97%).Вывучэнне яўрэйскага жыцця па схеме вяртанне з эвакуацыі – антысемітызм – эміграцыя, як гэта заўважана ў спецыялізаваных даследаваннях, моцна змяншае разнастайнасць і шматграннасць яўрэйскага вопыту пасля вайны [4].

Безумоўна, аналіз пасляваеннага антысемітызму і насілля мае першаступеннае значэнне, і даследаванні апошніх трох дзесяцігоддзяў паказалі гэта. Цікава таксама, як адбывалася вяртанне яўрэяў з эвакуацыі (якая, па сутнасці, была бежанствам) і іх адаптацыя ва ўмовах пасля Халакосту, як яўрэі спрабавалі вярнуцца да “нармальнасці” ці адаптавацца да новых умоваў; якія фактары выступалі ў ролі інтэгравальных для яўрэйскай грамады ў пасляваенныя гады, што значыла быць яўрэем у той час [5]. Вывучэнне індывідуальнага вопыту прадугледжвае пашырэнне кола крыніц, зварот не толькі да архіўных матэрыялаў, але і да ўспамінаў сведкаў і ўдзельнікаў падзей таго часу. З такой мэтай у верасні 2014 г. была праведзена экспедыцыя ў г. Бабруйск, дзе дзякуючы “Беларускаму архіву вуснай гісторыі” і яўрэйскай дабрачыннай арганізацыі “Хесэд” мы змаглі запісаць інтэрв’ю 76 чалавек –яўрэяў сталага ўзросту [6].

Менавіта Бабруйск, а не Мінск, дзе ў пасляваенны час жыло больш за ўсё яўрэяў, меў імідж сталіцы савецкага яўрэйства, жартам яго называлі Бірабіджан (у гонар сталіцы Яўрэйскай аўтаномнай вобласці), а яўрэяў – горадаўтваральнай нацыянальнасцю. Яўрэйскі складнік у Бабруйску заставаўся не проста інтэгральнай часткай гісторыі горада, але, хутчэй, цэнтральным яго кампанентам і ў пасляваенны час.

Перад вайной у Бабруйску было больш за 84 тыс. жыхароў, на момант вызвалення заставалася ў горадзе каля адной тысячы [7]. У горадзе і яго ваколіцах было знішчана да 80 тыс. чалавек: каля 40 тыс. цывільнага насельніцтва і каля 40 тыс. савецкіх ваеннапалонных [8]. Былі разбураны прадпрыемствы горада, узарваны масты, у руіны ператвораны цэлыя кварталы па вуліцах Кастрычніцкай, Пушкінскай, Сацыялістычнай, Гогалеўскай, Мінскай, з 7650 жылых дамоў разбурана і спалена больш за 3 тыс. [9]. Татальная разруха, галеча, масавая міграцыя насельніцтва, хаос і беззаконне сталі фонам вяртання яўрэяў з эвакуацыі.

Вайна пакінула без даху над галавой вялікую колькасць насельніцтва. Заканамерна, што тыя, хто вяртаўся ў горад раней, сяліліся ў ацалелых дамах. Аднак у наратывах яўрэяў, што вярталіся з эвакуацыі, падкрэсліваецца, што дамы займалі не проста тыя, чый дом згарэў ці быў знішчаны, а тыя, хто мог і выкарыстаў сваё службовае становішча або пад час вайны, або пасля яе для паляпшэння ўласных жыллёвых умоваў. Так, дом сям’і Жукоўскіх быў заняты сям’ёй паліцая, законных уладальнікаў дома новая гаспадыня сустрэла ўзброеная тапаром. Маці і дачцэ замест забранага ў іх дома выдзелілі “халупу з блохамі”: «Мама плакала [10]: “Муж загінуў, сын памёр, ці шмат нам трэба? Што дадуць, тое і добра будзе”… Памятаю, як прыехалі, сядзелі і плакалі. Насіць не было чаго, есці не было чаго: “Мама, навошта ты нас сюды прывезла?”» [11].

Замест дома, занятага партызанам, сям’і Аксельродаў выдзелілі маленькі пакойчык, дзе змяшчаліся толькі ложак і столік [12]. У доме сям’і Іллі Варанчука жыў начальнік міліцыі, былых гаспадароў “нават на парог не пусцілі”, пасялілі ў прыёмнай паліклінікі [13]. Таксама дамы яўрэяў былі занятыя гарадскімі канторамі. Сітуацыя, характэрная не толькі для Бабруйска, але і для іншых вызваленых тэрыторый Беларусі, Украіны [14].

“Кватэрнае пытанне” займала значную частку скаргаў, накіраваных “ва ўлады”. Так, у 1945 г. такога роду скаргі склалі амаль палову з накіраваных у Вярхоўны Савет [15]. У 1949 г. пракуратура выявіла, што з 935 грамадзянскіх спраў і 87 пададзеных у суд апеляцый, звязаных з парушэннямі правоў грамадзян па пытаннях асабістай маёмасці, у большасці выпадкаў рашэнні былі прынятыя супраць яўрэяў [16]. Часткова растлумачыць гэты факт можна так: яўрэі пераважалі сярод тых, хто вяртаўся (да таго ж, вяртаўся крыху пазней, чым іншыя), адпаведна іх было шмат і сярод просьбітаў, якія імкнуліся атрымаць свой дом назад. Аднак цалкам відавочна, пытанні рэстытуцыі правакавалі ўсплёск антысемітызму [17]. Тагачасныя настроі можна апісаць прыблізна так: “Яны хаваліся ў эвакуацыі, а мы цяпер павінны ім вяртаць дамы?!”

Складовай часткай пасляваеннага антысемітызму стала трактоўка эвакуацыі як “цёпленькага месца” ўдалечыні ад вайны, што знайшло сваё выражэнне ў пасляваенным жарце: маўляў, яўрэі служылі на “Ташкенцкім фронце” [18]. Напрыклад, у сям’і Шкляраў адзін сын загінуў на вайне, другі сын і бацька памерлі, дом быў разбураны, маці жыла ў закінутым цэху швейнай фабрыкі. Але, нягледзячы на гэта, вось што ўспамінаў Фелікс Шкляр: «Калі я ўзімку вярнуўся, было такое, што крычалі: “Едзь у Ташкент!”. Нічога не было. Голад, холад. У мамы нават ложка не было» [19].

Безумоўна, у больш выйгрышным становішчы апынуліся сем’і франтавікоў, якія вярнуліся з вайны, у больш складаным – няпоўныя сем’і, сем’і без мужчын. Дапамагала ваеннае братэрства: маме Іны Герасімавай, напрыклад, уладкавацца на працу ў дзіцячы садок дапамог старшыня выканкама К. Арлоўскі, які пад час вайны быў у адным партызанскім атрадзе з яе бацькам Майсеем Альтшулерам. Дзіцячы садок – гэта не толькі праца, але і рэгулярнае харчаванне. Ён жа дапамог атрымаць жылы пакой.

Мелі месца і такія выпадкі: дакументаў няма, суседзяў таксама – хто дакажа, што гэта твой дом?

Узгаданая Іна Герасімава, вядомы беларускі гісторык, карэнная бабруйчанка, чыё дзяцінства прыпала на пасляваенныя гады, тлумачыла: “…мясцовае насельніцтва таксама шмат перажыло… Галоўнае – дзе жыць і дзе працаваць. Але і тут месцы занятыя. Яўрэям не давалі магчымасці ўладкавацца на працу. Гэта выклікала негатыў з боку яўрэяў”. Такія ўзаемаадносіны пагаршалі і без таго напружаную камунікацыю паміж тымі, хто заставаўся ў гады вайны тут, і тымі, хто вярнуўся.

Яўрэі ўсходняй Беларусі, якія літаральна 4-5 гадоў таму, напярэдадні вайны, былі шчыльна інтэграваныя ў савецкі праект, раптам павінны былі ўсвядоміць, што разлічваць на спачуванне з боку ўладаў і мясцовага насельніцтва не даводзіцца. Найбольшым шокам для тых, хто вярнуўся, было тое, што антысемітызм магчымы пасля Халакосту.

Пасля вяртання кожная сям’я непазбежна сутыкалася з сітуацыяй пасля-Халакосту. Аднак, як падкрэслівалі нашы суразмоўцы, якія ў пасляваенныя гады былі дзецьмі, усведамлення маштабнасці трагедыі Халакосту не было, было ўспрыманне трагедыі на ўзроўні загінулых сваякоў, родных, знаёмых. Як правіла, падрабязнасці ім ніхто не расказваў, пра гэта ніколі ў сям’і не гаварылі. Безумоўна, маецца на ўвазе, што не гаварылі з дзецьмі.

Жаданне бацькоў адгарадзіць дзяцей цалкам зразумелае… Мама з’ездзіла / схадзіла на ТОЕ месца, пагаварыла з тымі, хто нешта ведаў пра ГЭТА. Прыйшла дадому, плакала… Рэфрэнам гучыць: “Мы нічога не ведалі. Я ведала, што немцы ў гады вайны забівалі яўрэяў, але я ж не ведала ўзроўню! Ніхто ж мне гэтага не расказаў! Мама не расказвала. Яна толькі сказала, што шмат забілі…” [20].

Дарэчы, Іна Герасімава адзначыла: нягледзячы на тое, што займалася гісторыяй яўрэяў, сама пра Халакост даведалася ўжо толькі ў 1990-я гады, калі была ў Ізраілі.

Пра Халакост не гаварылі, але, натуральна, ён наклаў адбітак на ўсе бакі жыцця. Маці Соф’і Зелянцовай пасля вайны выйшла замуж. Аднак Соф’я ўпэўнена, што айчым яе ненавідзеў, бо “ў яго пяцёра дзяцей загінула, а я жывая засталася – гэта маё такое разуменне было. Я яго ненавідзела, бо мой бацька загінуў, а ён застаўся… Жыццё ў мяне вельмі цяжкае было” [21]. У 1948 г. упаўнаважаны Савета па справах рэлігійных культаў пры Савеце Міністраў СССР па БССР (далей СДРК) К. Уласевіч як пра наяўную тэндэнцыю гаварыў пра выпадкі хрышчэння яўрэйскай моладзі: “Я мяркую, што гэта не проста чыста выпадковая з’ява, а што гэта мае пад сабой вядомую глебу”. Уласевіч спасылаецца на канкрэтны выпадак звароту да яго маладога яўрэя, канструктара па спецыяльнасці, з просьбай паспрыяць яму выступіць па радыё ці ў прэсе з заклікам да яўрэяў адмовіцца ад іўдзейскага веравызнання, з заклікам хрысціцца, прыняць праваслаўе ці каталіцызм.

“На маё пытанне, чаму ён так думае, ён адказаў, што гэта трэба зрабіць дзеля таго, каб ніколі болей не паўтарылася ГЕТА…” [22].

Яўрэі ведалі, што мясцовае насельніцтва ў гады акупацыі было тут, гэта прымушала задумвацца над нязручнымі пытаннямі: пра няўдзел у выратаванні яўрэяў, а часам і пра саўдзел у іх вынішчэнні…

Для выжылых яўрэяў навакольных мястэчак Бабруйск стаў месцам прыцягнення. У мястэчках, дзе раней былі “свае”, яўрэі, як правіла, не засталося нікога, забітыя былі ўсе. Застацца там – азначала жыць на могілках [23]. У сям’і нашай суразмоўцы Соф’і Зелянцовай толькі ў Парычах загінула 72 чалавекі сваякоў [24]. Непрыемнымі былі і неўразумелыя погляды, пытанні тыпу: а як вы выжылі, калі ўсіх “вашых” забілі? Перабіраючыся ў Бабруйск, яўрэі “добра ведалі, што там шмат яўрэяў, ведалі, што там лягчэй будзе. Там свае. Адчуванне, што ты сярод сваіх” [25].

Месцамі сходаў яўрэяў і памінання забітых сталі месцы масавага забойства – Каменка і яўрэйскія могілкі, дзе па ініцыятыве Меіра Зелігера былі пастаўлены помнікі [26].

Таксама на яўрэйскіх могілках перазахавалі парэшткі забітых яўрэяў з Елавікоў пад Бабруйскам, з іншых населеных пунктаў: Гарадка Глускага раёна, Любоніч Кіраўскага, Свіслачы і Ясені Асіповіцкага раёнаў Магілёўскай вобласці, а таксама Шчадрына Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці [27].

У першыя пасляваенныя гады ўлады канстатавалі рост рэлігійных настрояў сярод яўрэяў. Так, Уласевіч у сваіх дакладных падкрэсліваў, што яўрэі “зрабілі вялікі крэн у бок рэлігійнага фанатызму, мабыць, больш, чым якая-небудзь іншая народнасць” [28], што правядзенне рэлігійных абрадаў (пахавання, вянчання, абразання і інш.) прыняло больш значныя памеры, чым раней, што шэрагі вернікаў моцна папоўніліся тымі, хто да вайны быў атэістам, “а ў дадзены час сталі заўзятымі выканаўцамі рэлігійных абрадаў” [29]. Па звестках саміх яўрэяў, на 1946 год з 24 тыс. яўрэйскага насельніцтва горада вернікі складалі каля 3 тысяч [30].

Альтэрнатывай таемнаму падпольнаму рэлігійнаму жыццю магла стаць дзейнасць (хай сабе і ва ўсечаным выглядзе) зарэгістраванай рэлігійнай абшчыны [31]. Аднак для рэгістрацыі абшчына павінна была мець малітоўны будынак, г. зн. сінагогу. З будынкаў былых сінагог, што захаваліся ў горадзе, тры былі занятыя культурнымі і адукацыйнымі ўстановамі, чатыры перададзены ў жылы фонд, у двух месцілася вытворчасць [32].

Яўрэі Бабруйска хадайнічалі аб адкрыцці сінагогі з пачатку 1945 г., прасілі даць ім адзін з разбураных будынкаў, абавязаліся аднавіць яго ўласнымі сіламі і за свой кошт [33]. Свае просьбы яны падмацоўвалі адсылкамі да вайны, да вопыту Халакосту, пісалі ўладам, што хочуць “узгадаць сваіх дзяцей, сваіх бацькоў, якія загінулі ў час айчыннай вайны з усімі іншымі нацыянальнасцямі” [34], пыталіся: “Чаму вернікам усіх іншых вераспавяданняў дазваляецца адкрыццё іх малітоўных дамоў і рэгістрацыя абшчын, а нам, яўрэям, забараняюць маліцца. Наш народ больш за ўсіх зазнаў ад гітлераўскіх захопнікаў, а нам не дазваляюць памаліцца за загінулых” [35], гаварылі з выкарыстаннем прапагандысцкіх бальшавіцкіх клішэ і штампаў пра тое, што ім не даюць маліцца “за… вялікага Сталіна, які выратаваў наша жыццё, і за тых, хто змагаліся на франтах і загінулі героямі за нашу Радзіму” [36].

Дадатковым аргументам для ўладаў у рашэнні дазволіць яўрэям Бабруйска адкрыць сінагогу служыла тое, што ў горадзе існаваў шэраг самавольна пабудаваных сінагог, яўрэі збіраліся “самавольна па дамах” [37]. Але даволі нечакана, калі ўлічыць тое, што, здаецца, афіцыйныя Масква і Мінск былі не супраць, справа прыпынілася па віне мясцовых органаў: катэгарычна супраць перадачы будынка пад сінагогу быў старшыня аблвыканкама Ждановіч. Упаўнаважаны СДРК Уласевіч, намеснік старшыні СМ БССР Ільюшін патрабавалі ад Ждановіча перадачы яўрэям “каробкі” будынка былой сінагогі [38].

11 красавіка 1946 г. яўрэі атрымалі паўразбураны будынак па адрасе К. Лібкнехта, 53. Літаральна за месяц будаўніцтва было скончана на 80%, па розных звестках, затрацілі ад 80 да 100 тыс. рублёў [39]. Аднак сваёй пастановай ад 25 мая 1946 г. Гарсавет запатрабаваў перадаць сінагогу пад партшколу [40]. Старшыня СДРК пры СМ СССР Палянскі 20 чэрвеня 1946 г. пісаў раённаму ўпаўнаважанаму Кулічкову пра неабходнасць разабрацца з дадзеным пытаннем [41]. Пра ролю Кулічкова ў той справе вядома пакуль няшмат, але хутка ён быў зняты з пасады, цалкам верагодна, што з прычыны супрацьдзеяння апошняга адкрыццю бабруйскай сінагогі. Гісторыя спробаў мясцовых уладаў забраць сінагогу на гэтым не скончылася. 30 верасня 1946 г. Бабруйскі аблвыканкам абавязаў Бабруйскі гарвыканкам перадаць сінагогу пад інтэрнат для навучэнцаў вытворчага камбіната інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны [42]. І зноў упаўнаважаны СДРК па БССР Уласевіч пісаў у Маскву, на гэты раз ён тлумачыў, што перадача будынка зусім немэтазгодная, што будынак не можа быць выкарыстаны пад інтэрнат без перабудовы [43]. Яго падтрымаў новы ўпаўнаважаны СДРК па Бабруйскай вобласці Харамецкі, які падкрэсліваў, што яўрэі пагражаюць міжнародным скандалам, гавораць, што “калі вы закрыеце сінагогу, уся Амерыка будзе ведаць” [44]. Рашэнне выканкамаў Бабруйскага абласнога і гарадскога саветаў аб перадачы будынка пад інтэрнат было адменена пастановай Савета Міністраў БССР (ад 10 лютага 1947 г.). Будынак пакінулі яўрэйскай рэлігійнай абшчыне [45]. Аднак 1 сакавіка 1947 г. Бабруйскі аблсавет зноў хадайнічаў перад СМ БССР аб пераглядзе адмены рашэнняў [46].

Увесь гэты час, пакуль улады Бабруйска забаранялі, а прадстаўнікі СДРК адстойвалі правы бабруйскіх яўрэяў, апошнія рэгулярна і адкрыта праводзілі малітоўныя сходы ў адноўленым будынку [47].

У лютым 1948 г. сакратар ЦК КПБ Гусараў на сустрэчы з прадстаўніком СДРК у Маскве заявіў, што галоўныя варожыя сілы ў БССР – каталікі і яўрэйскія нацыяналістычныя элементы; што яўрэйскія нацыяналісты, з прычыны адсутнасці іншых магчымасцей для правядзення нацыяналістычнай дзейнасці, спрабуюць пераўтварыць сінагогі з малітвенных дамоў у секты паспяховай нацыяналістычнай прапаганды; што яўрэі абвінавачваюць рускіх і беларусаў, нібыта тыя маглі б выратаваць яўрэйскае насельніцтва ад знішчэння Гітлерам. Усё выкладзенае вышэй, на думку Гусарава, – дастатковая падстава, каб у Беларусі не было адкрыта больш ніводнай сінагогі [48].

10 жніўня 1948 г. было прынята рашэнне задаволіць хадайніцтва групы яўрэяў-вернікаў аб адкрыцці сінагогі ў Бабруйску [49], у верасні яўрэйскую абшчыну горада афіцыйна зарэгістравалі, аднак у лістападзе “дзейнасць яе была часова спынена”, а будынак сінагогі апячатаны [50].

Пастановай аблвыканкама ад 22 жніўня ў сувязі з тым, што будынак яўрэйскай сінагогі “аказаўся пустуючым”, было вырашана перадаць яго абласному архіву [51].

У 1949 г. у БССР дзейнічала толькі 2 афіцыйна зарэгістраваныя сінагогі – у Мінску і Калінкавічах. З накіраваных заяў з просьбамі аб рэгістрацыі яўрэйскіх абшчын Украіны задаволена было 42%, Беларусі – толькі 10% [52]. У інфармацыйнай справаздачы аб стане і дзейнасці рэлігійных абшчын у БССР за 1951 г. адзначалася, што раённыя ўлады займаюць няправільную пазіцыю: замест таго, каб імкнуцца да выкаранення рэлігійных абшчын, якія дзейнічаюць нелегальна, яны лічаць, што менавіта законна зарэгістраваная рэлігійная абшчына “кладзе непрыемную пляму на раён”, а таму “ўсімі праўдамі і няпраўдамі прымаюць меры, каб толькі як бы хутчэй пазбавіцца ад юрыдычнага існавання такой абшчыны” [53].

Гісторыя з барацьбой вакол бабруйскай сінагогі ў гэтым сэнсе даволі паказальная. Бабруйская сінагога ў той нядоўгі перыяд яе дзейнасці не стала тым месцам, якое б аб’яднала ўсіх рэлігійных яўрэяў горада (у тым ліку і па прычыне разыходжанняў з кіраўніцтвам сінагогі [54]). Адначасова ў горадзе функцыянавалі незарэгістраваныя сінагогі, якія дзейнічалі пад выглядам таемных міньянаў. Уладам было вядома пра два з іх: у доме Песі Хаімаўны Кустановіч, па вул. Энгельса, 8 сінагога / міньян аб’ядноўвала каля 100 чалавек, у доме Моўшы Янкелевіча Шусцерава па вул. Пушкіна, 20 – каля 70 чалавек [55].

Міньян – гэта кворум з дзесяці дарослых мужчын-яўрэяў, неабходны для грамадскага богаслужэння і шэрагу рэлігійных цырымоній. Улады міньяны не рэгістравалі, усе яны дзейнічалі па-за законам [56]. Аднак насамрэч тое, што ўлады называлі ў дакументах міньянамі, па сутнасці было таемнымі сінагогамі. Яны сталі тым месцам, дзе можна было сустракацца ў яўрэйскім кантэксце, забяспечвалі зносіны ў коле роўных і аднадумцаў. Адзінота, сіроцтва, страта сям’і ў Халакосце прымушалі шукаць тых, хто меў такі ж вопыт [57]. Сінагога / міньян былі не толькі месцам рэлігійных рытуалаў, але і важным элементам у фармаванні таемнай структуры яўрэйскага жыцця [58].

Пасля закрыцця Бабруйскай сінагогі ў горадзе выявілі яшчэ два зноў арганізаваныя “міньяны” [59]: у доме Ношы Нахімавіча Кацнельсона, вул. Кастрычніцкая, 58 (аб’ядноўваў каля 80 жыхароў цэнтральнага раёна), у доме Залмана Іцкавіча Соркіна, вул. Мяснікова, 27 (аб’ядноўваў каля 60 чалавек, якія жылі на паўднёвым ускрайку горада) [60].

У час рэлігійных святаў арганізоўваліся дадатковыя “міньяны”. Улады ведалі пра чатыры такія, аднак вызначыць дакладны адрас удалося толькі першага з іх – у доме Ісака Лейзеравіча Падокшына, вул. Чкалава, 19а, пра астатнія было вядома няшмат: у двух выпадках – вуліцы, дзе яны дзейнічалі (завулак Камсамольскі, вуліца Камуністычная) і тое, што існаваў яшчэ адзін дадатковы “міньян” ад “міньяна” па вул. Пушкіна [61]. Такім чынам, у святы дзейнічала не менш за 8 “міньянаў”, “якія ў асобныя дні былі перапоўнены вернікамі”. 19 кастрычніка 1949 г. інспектар Дралаў дакладваў, што па прычыне малой плошчы малітоўных памяшканняў шмат вернікаў стаяла ў двары, малітоўныя сходы праходзілі пазменна [62].

Па выніках першай паловы 1950 г. канстатавалася, што ў Бабруйску “міньяны” дзейнічаюць бесперарыўна [63], а ў пасхальныя дні іх была вялікая колькасць, аднак вызначыць адрасы ўдалося толькі трох з іх, “па прычыне таго, што пазбягаючы штрафу і іншых непрыемнасцяў, яўрэі імкнуцца праводзіць малітоўныя сходы таемна” [64]. Першы з іх быў выяўлены па вул. Камуністычнай, 101 у доме Доры Майсееўны Фішман (было 18 чалавек); другі – па завулку Лекерта, 12, дом Басі Давыдаўны Гурэвіч (самы вялікі ў горадзе, прысутнічала каля 70 чалавек), яго верагодным кіраўніком быў былы рабін Бабруйскай сінагогі Залман Глейзер; трэці міньян знаходзіўся па вул. Пушкінскай, 223, дом Шусцерава (апошні перыядычна мяняў адрасы) [65]. На Пасху ў доме Басі Гурэвіч сабралася каля 880 чалавек, прычым значную частку складалі людзі сярэдняга ўзросту [66].

Падводзячы вынікі дзейнасці яўрэйскіх рэлігійных абшчын у Беларусі за 1950 год, СДРК падкрэсліваў, што “міньяны” найбольш актыўныя ў Бабруйску, але мясцовыя органы ўлады, “нягледзячы на неаднаразовыя прапановы аб дапамозе, ніякіх мер да ліквідацыі нелегальных сінагог не прымаюць” [67].

У 1951 г. улады ведалі пра два дзясяткі “іўдзейскіх груп, якія рэгулярна дзейнічалі” ў Бабруйску. У дні рэлігійных святаў колькасць гэтых груп узрастала [68]. Улады спецыяльна падкрэслівалі, што Бабруйск па колькасці вернікаў-яўрэяў стаіць на першым месцы ў рэспубліцы [69].

У восеньскія святы 1951 г. у Бабруйску было выяўлена правядзенне малітоўных сходаў у 6 месцах (фактычна ж было больш), у якіх удзельнічалі да 220 чалавек. Група з 50 чалавек, што збіралася ў доме А. Хаймовіча, у перадсвяточныя дні правяла збор грошай і наняла ў якасці кантара былога мясцовага рабіна Малаша, які на працягу трох дзён кіраваў малітоўным сходам у названым міньяне [70].

Яўрэйская абшчына Бабруйска побач з мінскай і калінкавіцкай, дзе дзейнічалі афіцыйна дазволеныя сінагогі, у справаздачы за 1952 г. па-ранейшаму называлася ў ліку найбольш актыўных у рэспубліцы.

Так, на пачатку 1952 г. кожную суботу іўдзеі Бабруйска збіраліся ў “міньянах” па вул. Пушкінскай, 223 у М. Я. Шусцерава, па вул. Першая лінія, 8 у Б. З. Чарняка; па вул. Камсамольскай, 65 у доме П. І. Гах і вул. Камсамольскай, 108 на кватэры Б. Хейман; па вул. Ф. Энгельса на кватэрах А. Хаймовіча і П. Х. Кустановіч. Калі выконваючы абавязкі ўпаўнаважанага па Бабруйскай вобласці М. Бажынскі дамогся закрыцця названых міньянаў, яны аднавілі сваю дзейнасць па новых адрасах: па вул. Мяснікова, 27 у доме З. І. Соркіна; па вул. Кастрычніцкай, 74 у Лашыкера; па Камсамольскім завулку ў Бераля; на рагу вуліц Ленінскай і Чырвонаармейскай у Гандліна; па вул. Бахарава, 160 у Зельдзіна і іншых, усяго не менш за 9 міньянаў.

Відавочна, улады не маглі ведаць пра ўсе “міньяны” з прычыны іх падпольнага існавання і вялікай колькасці. Рэлігійнымі групамі бабруйскіх яўрэяў у пачатку 1950-х гг. кіравалі Бенцыян Залманавіч Чарняк, Еля Гарэлік, Шалом Грыбаў, Моўша Шусцераў і Ізраіль Садоўскі [71].

У выпадку выкрыцця “міньяна” ўладамі яўрэі спасылаліся на тое, што яны сабраліся толькі дзеля таго, каб прачытаць памінальную малітву па загінулых у гады вайны [72], памерлых. Так, калі прадстаўнікі ўлады выкрылі міньян у доме Доры Фішман, апошняя пераконвала іх, што сход у яе доме праводзіцца ўпершыню, з нагоды памінак па яе маці [73].

Вялікая колькасць людзей “міньяны” не наведвала, але ўсяляк ім садзейнічала (у тым ліку матэрыяльна). 10 лістапада 1947 г. Уласевіч дакладваў на пасяджэнні савета пра тое, што “маюць месца і такія выпадкі, калі некаторыя працаўнікі савецкіх устаноў прыходзяць да мяне і гавораць: што, табе шкада зарэгістраваць абшчыну, няхай нашы старыя памоляцца. Яны часта спасылаюцца на тое, што мы – народ больш за ўсіх пацярпелы і хочам памаліцца за загінулых” [74]. Падтрымка “старых, якія хочуць памаліцца”, ці матэрыяльная дапамога будаўніцтву сінагогі тлумачыліся і павагай да бацькоў, да іх права маліцца.

Таксама былі людзі, якія баяліся наведваць сінагогі і маліліся дома, выконвалі асобныя абрады самастойна.

“Міньян” узяў на сябе функцыі сінагогі і, фактычна, абшчыны. Перыядычна праводзіўся збор грошай на розныя рэлігійна-абшчынныя мэты, у тым ліку на аказанне матэрыяльнай дапамогі і памінанне памерлых. Сюды прыходзілі тыя, хто меў надзею, што сям’я выжыла, але не ведалі, дзе яна цяпер. Тут шукалі яўрэйскі асяродак, камунікацыю з іншымі яўрэйскім суполкамі, інфармацыю пра Ізраіль, пра эміграцыю і інш. Разам з тым згуртаванню і фармаванню шырокага таемнага (а іншае было немагчыма) абшчыннага жыцця не спрыяла боязь даносаў, пачуццё страху. Але ўсведамленне таго, што “я яўрэй і ён яўрэй, а значыць – трэба дапамагаць”, мела месца. Хоць, як адзначыў Фелікс Шкляр, “усялякія людзі былі, усялякія і яўрэі былі” [75].

Улады, дзейнічаючы ва ўмовах афіцыйна абвешчанай свабоды сумлення, ці свабоды веравызнання, спрабавалі прыцягваць да адказнасці яўрэяў-вернікаў не за веру, а за парушэнне працоўнай дысцыпліны – прагулы ў суботу, у дні рэлігійных святаў. Гэта было вельмі няпроста, бо асноўную масу вернікаў складалі людзі сталага ўзросту, якія нідзе ўжо не працавалі, а мужчыны і жанчыны сярэдніх гадоў уладкоўваліся на такую працу, дзе была магчымасць узяць у якасці выхадных патрэбныя ім дні (напрыклад, гандлёвыя арганізацыі ці арцелі).

Ліквідацыя месцаў рэлігійных збораў, месцаў выпечкі мацы камуфлявалася ўладамі пад барацьбу з незаконнай арэндай, а сам факт няўплаты падаткаў рабіўся падставай прыцягнення да адказнасці асобаў, якія здавалі памяшканні. У выпадку з выпечкай мацы ўлады падкрэслівалі, што “арганізатары гэтых вытворчасцяў нярэдка ніякай рэлігійнай мэты не пераследуюць, а кіруюцца чыста спекулятыўнымі выгадамі, атрымліваючы на працягу паўтара – двух месяцаў у такім горадзе як Бабруйск даход, які вылічваецца дзясяткамі і нават сотнямі тысяч рублёў, без выплаты падаходнага падатку” [76]. Таксама за няўплату падаткаў прыцягваліся шойхеты (рэзнікі) і моэлі (тыя, хто выконваў абрад абразання). Натуральна, законная арэнда і прадпрымальніцтва з выплатай падаткаў у дадзеным выпадку былі немагчымыя, гэта азначала б фактычную легалізацыю ўладамі іўдзейскага абшчыннага жыцця.

Моладзь малітоўныя сходы не наведвала, але ў дні восеньскіх святаў 1949 г. (Рош Ха Шана, Ём Кіпур, Сукот), як паведамлялася ў дакладной, «адчувалася і сярод іх рэлігійнае свята, так, 16 кастрычніка ў т. зв. “вясёлы дзень” амаль усе яўрэі г. Бабруйска хадзілі п’янымі ці нападпітку» [77]. У дні яўрэйскай Пасхі 1950 г., як дакладвалі з Бабруйска, “можна было назіраць, што значная частка яўрэйскага насельніцтва была апранута ў добрыя і новыя сукенкі і святочна групамі разгульвала па вуліцах” [78].

У перыяд рэлігійных святаў узрастала купля прадуктаў, неабходных для нацыянальных страваў: курэй, гусей, свежай рыбы, пярэдняй часткі тушы цялят. Раслі цэны: кошт курыцы павялічваўся ў 4-5 разоў [79].

Вельмі важнае значэнне для яўрэйскай традыцыі маюць законы кашрута (кашрут – тэрмін у іўдаізме, які азначае дазволенасць ці прыдатнасць нечага з пункту погляду Галахі – яўрэйскага Закона) і, перш за ўсё, рэлігійныя прадпісанні, звязаныя з харчаваннем. Паколькі прытрымлівацца іх у поўным аб’ёме і поўнай меры было зусім немагчыма, яўрэі Савецкага Саюза часта імкнуліся прытрымлівацца хоць бы найбольш абавязковай мінімальнай часткі, звязанай з рытуальнымі святочнымі стравамі.

У прыватнасці, гэта тычылася мяса, тут мела значэнне, якая жывёла, як і кім была забіта, разабрана і прыгатавана. Існавалі асобныя спецыялісты – шойхеты (рэзнікі), якія ў тых умовах амаль паўсюль дзейнічалі нелегальна, за выключэннем Бабруйска. Тут у парадку адзінага выключэння па БССР вытворчасць кашэрнага мяса была зарэгістравана як прыватнае прадпрыемства [80].

У той перыяд менавіта ў Бабруйск прыязджалі з іншых месцаў і для таго, каб зрабіць абразанне дзецям [81].

Адзін з найважнейшых кампанентаў яўрэйскай Пасхі (Песаха) – наяўнасць мацы, праснака з бездражджавога цеста (заквашанае цеста ў гэтыя дні ўвогуле забараняецца спажываць і нават захоўваць дома прадукты, зробленыя з яго). Маца – асноўны інгрэдыент для цэлага шэрагу блюд і пасля Пасхі (напрыклад, галкі, імберлах). Але асноўнае – яна працягвала мець глыбокае сімвалічнае значэнне як адзін са спосабаў выражэння нацыянальнай ідэнтычнасці публічна [82].

Сам працэс прыгатавання мацы мае глыбокі сакральны сэнс: мае значэнне і хто пячэ, і як, і колькі часу і г. д. Аднак выпечка мацы прыватным чынам на продаж ці тое, што на мове ўладаў называлася “саматужна-прамысловым чынам”, была забаронена. Яе вытворчасць дазвалялася толькі на дзяржаўных ці кааператыўна-прамысловых прадпрыемствах, а продаж насельніцтву павінен быў весціся праз гандлёвую сетку. Там, дзе гэта было немагчыма арганізаваць, дазвалялася пячы мацу ў сябе дома, але толькі для хатняга спажывання. Аднак першы з прапанаваных варыянтаў не выклікаў даверу яўрэяў, другі (выпечка мацы дома) было складана здзейсніць. Найлепшым варыянтам лічылася калектыўная выпечка мацы ў прыватным доме з печчу (“саматужна-прамысловае прадпрыемства”). Зразумела, такая вытворчасць магла рабіцца толькі таемна. Ва ўмовах пасляваеннай карткавай сістэмы муку трэба было прыносіць сваю і чакаць нейкі час, пакуль маца згатуецца. Бабруйчане яўрэйскай нацыянальнасці сталага ўзросту і сёння ўзгадваюць, як з матуляй ці бабуляй хадзілі за мацой, чакалі, пакуль яе спякуць, а пасля таемна неслі дадому ў навалачках.

На 21 сакавіка 1951 г. улады ведалі, што ў Бабруйску таемна мацу вырабляюць у чатырох месцах, але дакладныя адрасы вядомыя не былі. Упаўнаважанаму СДРК па вобласці загадвалася “праз органы міліцыі ці іншымі шляхамі знайсці гэтыя месцы і прыцягнуць да судовай адказнасці арганізатараў гэтых вытворчасцяў” [83].

Згодна з перапісам 1959 г., з агульнай колькасці яўрэяў БССР толькі каля 33 тыс. роднай мовай назвалі “мову сваёй нацыянальнасці”, 114,2 тыс. назвалі рускую мову, 2,8 тыс. – беларускую [84]. Аднак у пасляваенныя гады ідыш у значнай ступені быў яшчэ дамашняй мовай, як мінімум, на ім размаўлялі паміж сабой бацькі, гэта была мова вуліцы і двара. Людміла Гіршына расказвала, што іх двор быў у асноўным яўрэйскі, толькі дзве ці тры сям’і было рускіх і адна беларуская. Але ўсе паміж сабой размаўлялі на ідыш [85]. На ідыш размаўлялі і ў шматкватэрным доме, дзе жыла сям’я Іны Герасімавай. Аднак мовай камунікацыі бацькоў і дзяцей ідыш быў рэдка, яму не вучылі дзяцей.

Тое ж тычылася і традыцыі: нават там, дзе дзядуля меў рэлігійную адукацыю, у большасці выпадкаў унукаў не вучылі традыцыі і не тлумачылі яе рэлігійную сутнасць, нават калі прытрымліваліся яе дома. Гэта было абумоўлена перш за ўсё асцярогай, што інфармацыя, вынесеная за межы сямейнага кола, можа стаць падставай для абвінавачвання як мінімум у нядобранадзейнасці. Аднак нават калі дома і не маліліся, то правілаў, звязаных з прыгатаваннем ежы і яўрэйскімі святамі, імкнуліся трымацца. Прытрымліванне традыцыі мела месца і як выказванне павагі да бацькоў. Як сказала Соф’я Зелянцова, “я ў бога не веру. Але пашчуся заўсёды, мама навучыла, гадоў з шасці” [86]. Бацькі Людмілы Гіршынай не былі, па яе словах, рэлігійнымі людзьмі, але мама трымала пост (Рош Хашана), гатавала рэлігійныя стравы, на стале заўсёды было нешта яўрэйскае (імберлах, леках, рыба-фіш) [87]. Іда Шандаровіч тлумачыла: “Натуральна, жылі ўсе жахліва бедна і голадна, але святочныя стравы вылучаліся заўсёды. Не выконвалі кашрут, але мяса вымочвалі, не выконвалі кашрут, але свініну не елі, не адзначалі святы, але на Ём Кіпур пасціліся з салідарнасці” [88].

Савецкае абмежаванне публічнага выражэння рэлігійнай веры перамясціла рэлігійныя рытуалы ў дамашнюю сферу, дзе яны працягвалі сваё функцыянаванне ў якасці сямейнай справы, традыцыя захоўвалася за зачыненымі дзвярыма, што, несумненна, нават ва ўмовах секулярызацыі і атэізацыі не магло не ўплываць на дзяцей. Многія працягвалі асацыяваць іх яўрэйскую ідэнтычнасць са спецыфічнымі харчовымі традыцыямі. Іна Герасімава тлумачыла: “Вось як у маёй сям’і, мы ж елі ўсё. Але ў гэты вось дзень трэба было мацу, ці курыцу забітую шойхетам. Гэта было не столькі зрабіць, як рэлігійныя людзі робяць, колькі вось, што мы яўрэі!.. Колькі я ведала яўрэйскіх сямей, я ніколі не бачыла, каб там было рэлігійнае. Гэта было пакаленне маёй мамы, яны прайшлі вайну, эвакуацыю” [89].

Традыцыйныя яўрэйскія стравы гатаваліся таксама на нерэлігійныя і нават на савецкія і свецкія святы (рыбафіш на Новы год). Пасляваенны голад і пастаянны дэфіцыт таксама ўносілі свае карэктывы ў рэцэпты традыцыйных блюд.

Яўрэйская традыцыя ў доме дзецьмі магла не падвяргацца рэфлексіі і ўспрымацца як відавочнае: “Нічога яўрэйскага, але за мацой хадзіла з мамай… Бабуля мяне выхоўвала. У яўрэйскіх традыцыях было складана, гэта ўсё было пад забаронай, пад сакрэтам. Бабуля ўсяго прытрымлівалася. У яе быў асобны посуд, асобны пасхальны. І гатавала яна ўсё як трэба. Тут да пэўнага часу былі рэзнікі. Яна прытрымлівалася. Гэта да мяне потым дайшло, што яны прытрымлівалася, а тады ж я не разумела!” –расказвала Соф’я Бяспятава [90].

Разам з тым той факт, што старэйшыя трымаліся рэлігійнай традыцыі, нярэдка выклікаў пратэст маладога пакалення: было сорамна перад таварышамі за адсталасць бацькоў, няёмка перад суседзямі за яўрэйскасць. Соф’я Зелянцова апавядала: “Мама была вельмі набожная… Спячэ каўрыжку, нарэжа на кавалкі, абгорне ў паперку, напіша каму, і мне трэба было разнесці раздаць тым, каго яна напісала. Мяне гэта так прыгнятала! Колькі я слёз праліла, каб яна не выпраўляла мяне гэтую каўрыжку раздаць. І пажадаць добрага Новага года. Я так наравуся. Раздаю, а ў адказ мне даюць кавалкі. Прынясу дадому, высыплю на стол – еш! Гавару, я б тваю каўрыжку ела, а гэтыя кавалкі – не буду!” [91]. І, з іншага боку, самі бацькі хацелі абараніць сваіх дзяцей ад тых небяспек і складанасцяў, якія несла з сабой т. зв. “пятая графа” (‘быць яўрэем’). Соф’я Зелянцова прызналася, што яна сама параіла сыну пры атрыманні пашпарта запісацца рускім, рускай па пашпарце была і Іна Герасімава, і іншыя. Дзецям давалі сучасныя неяўрэйскія імёны, а яўрэйскія адаптавалі: Фальк Янкелевіч стаў Феліксам Якаўлевічам, Фаіна Пенхусаўна – Фаінай Пятроўнай і г. д.

Пасляваенныя антыяўрэйскія кампаніі – ліквідацыя антыфашысцкага яўрэйскага камітэта, барацьба з бязродным касмапалітызмам, справа ўрачоў – правакавалі ўсплёск побытавага антысемітызму ў СССР, сеялі паніку сярод яўрэяў, што перажылі Халакост і ведалі або чулі ад старэйшых пра антыяўрэйскія пагромы першых дзесяцігоддзяў ХХ ст. Чуткі, што ўсіх яўрэяў пагрузяць у вагоны (якія ўжо падрыхтаваныя і стаяць) і павязуць на Усход і да т. п., мелі месца і ў Бабруйску.

Разам з тым нашы суразмоўцы адзначалі, што Бабруйск “не настолькі… быў антысеміцкі горад, як астатнія”.

Праўда, за выразам “антысемітызму ў нас не было” нярэдка стаіць разуменне антысемітызму як фізічнага ўздзеяння ці пераследу па нацыянальнай прыкмеце, а абразы з выкарыстаннем этнастэрэатыпаў да яго не адносяцца, але бабруйчане ўпэўнены, што ў іх сітуацыя была лепшая. Ніна Віленчык, якая прыехала ў Бабруйск толькі сямікласніцай, расказвала: “Тут адносіны да яўрэяў былі нармальныя, асабліва ў параўнанні з тымі паліцаямі ў ваенным гарадку. Я трапіла ў 3-ю школу, гэта быў чыста яўрэйскі раён, я хоць душой адпачыла. Якое шчасце, што я трапіла ў яўрэйскі асяродак, і ніхто мне не скажа, што я жыдоўка” [92]. “Тут ты як яўрэй не быў адзінокі, тут было шмат такіх”, – падкрэсліла Іна Герасімава [93]. Фелікс Шкляр спецыяльна адзначыў: “Бабруйск быў ВЕЛЬМІ яўрэйскі горад. Шмат начальнікаў было яўрэяў… Нават у гарвыканкаме працавалі таксама яўрэі” [94]. Бабруйчане адзначалі, што яўрэямі былі настаўнікі, інжынеры, кіраўнікі, але перш за ўсё дактары.

Калі па “Ленінградскай справе” ў 1948 г. быў арыштаваны муж бабруйчанкі Рымы Сямёнаўны Галынскай аспірант-гісторык Міхаіл Гольдман, праблемы з працаўладкаваннем узніклі ў самой Рымы Сямёнаўны. Але дырэктар адной з бабруйскіх школ Аляксандр Аронавіч Фрыдман, які “шмат яўрэяў набраў”, даў ёй магчымасць не проста працаваць у школе, але працаваць па спецыяльнасці – гісторыкам. Сам Міхаіл Гольдман пасля вызвалення ў 1956 г. змог уладкавацца ў іншую школу настаўнікам працы.

Сітуацыя выключэння спрыяла кансалідацыі выключаных. У бацькоў Іны Герасімавай па вечарах збіралася інтэлігенцыя горада: «Быліірускія людзі ў іх коле, але ў асноўным усё ж гэта былі яўрэі. Больш блізкія сябры былі яўрэі. Я памятаю, яны нават гавораць пра каго-небудзь, а пасля абавязкова спытаюць: “А яны яўрэі?”». І, разам з тым, працягвае яна свой аповед, у час сяброўскіх і сямейных пасядзелак, чокаючыся, яўрэі крычалі “Лехаім!”: «Я думаю, што гэтыя святы, гэтае чоканне пад “Лехаім” – гэта было імкненне адзначыць сваю яўрэйскасць».

Шэраг даследчыкаў зазначае, што менавіта вайна і новая палітычная сітуацыя сталі прычынай нараджэння яўрэйскай нацыянальнай свядомасці нават у тых, хто раней не адчуваў моцнай сувязі з яўрэйствам.

Нягледзячы на адчуванне, што ў Бабруйску “толькі яўрэі жывуць”, суразмоўцы падкрэслівалі, што “ў школе  ў нас не было яўрэйскага адчування. Хоць і настаўнікаў яўрэяў столькі было, і дырэктар яўрэй, і дзяцей столькі яўрэяў” [95]. Моладзь сацыялізавалася і інтэгравалася ў савецкае грамадства праз школу, дом піянераў, апошні, дарэчы, меў шмат розных творчых гурткоў і спартыўных секцый.

Яўрэі жылі пераважна ў цэнтры. Сярод яўрэйскіх публічных месцаў трэба назваць рынак (месца правядзення часу, сустрэч са знаёмымі і г. д.), Сацыялку (вул. Сацыялістычная – цэнтральная вуліца горада). На Сацыялцы рашаліся пытанні, праварочваліся гешэфты, днём тут збіраліся балаголы і інш. “Гэта было яўрэйскае месца”, –тлумачылі нам суразмоўцы. Гэта было таксама месца штовячэрняга гуляння яўрэйскай моладзі. Яшчэ адным знакавым яўрэйскім месцам была так званая Біржа (рог вуліц Сацыялістычнай і Бахарава). Соф’я Бяспятава патлумачыла: “Біржа – гэта на Бахарава, стаялі таварышы, якія рашалі праблемы… У мяне мама хварэла, мне трэба была ікра, я звярнулася на Біржу. Маглі дапамагчы з працаўладкаваннем, можна было долары купіць, дзіцячае харчаванне можна было купіць, г. зн. можна было нейкія пытанні рашыць”. Размова тут ідзе пра больш позні час, але, па ўспамінах, тыя ж функцыі Біржа выконвала і ў пасляваенны час.

Важнае значэнне ў горадзе па-ранейшаму мелі свацці, якія дапамагалі з падборам яўрэйскіх пар. Тут жа былі музыканты, якія ігралі на яўрэйскіх вяселлях, а таксама яўрэйскія пахавальныя таварыствы [96]. У клубе Прамкааперацыі працаваў самадзейны яўрэйскі тэатр [97], які некаторы час пасля вайны ставіў п’есы на ідыш. А ў 1946 г. на найвышэйшым узроўні таксама разглядалася пытанне аб тым, каб Беларускі дзяржаўны яўрэйскі тэатр вярнуўся з эвакуацыі з Новасібірска не ў Мінск, а ў Бабруйск, бо “там ёсць памяшканне тэатра і глядач” [98].

Яшчэ адно яўрэйскае месца – яўрэйскія могілкі ў цэнтры горада – было знішчана. Пазней на яго месцы заклалі гарадскі парк і пабудавалі кінатэатр “Мір”. Соф’я Хаімаўна Зелянцова расказвала, што на ўроках фізкультуры і іншых уроках, а таксама ў выхадныя дні іх, вучняў 6-га ці 7-га класа школы № 4, “недзе ў 1949 ці 1950 годзе” выпраўлялі збіраць косці на гэтых яўрэйскіх могілках. “Мы збіралі косці ў мяхі. Пад’язджалі машыны, забіралі мяхі і везлі іх закопваць на яўрэйскіх могілках. Дарослых таксама з прадпрыемстваў выпраўлялі збіраць косці. Пасля сталі гаварыць, што дзецям няможна гэта рабіць па санітарных нормах, але нас усё адно выпраўлялі. Мы грэбавалі косці збіраць” [99]. Невялікая частка пахаванняў была перанесена роднымі на новыя могілкі, якія адкрылі яшчэ ў 1920-я гады [100].

Яўрэі Савецкага Саюза не маглі падтрымліваць рэгулярных адносін са сваімі роднымі і блізкімі за мяжой. Аднак усё ж час ад часу адтуль прыходзілі пасылкі, якія ва ўмовах пасляваеннага голаду і разрухі былі вельмі важнай з’явай [101]. З-за мяжы ў Савецкі Саюз пранікала рэлігійная літаратура, а таксама часопісы і публікацыі “з нацыяналістычным рэлігійным зместам” [102]. Інфарманты расказвалі, як іх бацькі (часцей бацька), знаёмыя сачылі за ходам вайны за незалежнасць, а Палесціна стала тэмай размоў на працы, у сям’і [103]. Абвяшчэнне ў 1948 г. дзяржавы Ізраіль і вайна за незалежнасць выклікалі нацыянальны ўздым сярод яўрэяў Савецкага Саюза. Галоўнай крыніцай інфармацыі былі, несумненна, афіцыйныя СМІ.

Аднак таемна, па начах, слухалі і замежныя радыёстанцыі, пачутае рабілася прадметам абмеркавання паміж “сваімі”. Замежныя радыёстанцыі слухалі гаспадыня кватэры, на якой жыла Ніна Віленчык (“Тады ж усе нешта слухалі!”), айчым Іны Герасімавай, бацька Людмілы Гіршынай (“Тата быў свецкі чалавек, але ён быў сіяніст. Ён вельмі любіў яўрэяў, Ізраіль, вельмі хацеў з’ехаць. Слухаў прыёмнік, цікавіўся палітыкай”).

Спосабам з’ехаць у Ізраіль у першыя пасляваенныя гады была рэпатрыяцыя ў Польшчу і эміграцыя ўжо адтуль [104]. У выпадку немагчымасці законнай рэпатрыяцыі за вялікую плату заключаліся шлюбы з грамадзянамі даваеннай Польшчы.

Нягледзячы на тое, што вайна прывяла да значных зменаў у дэмаграфічным і сацыяльным профілі яўрэйскай абшчыны і “вяртанне да нармальнасці” яўрэйскіх супольнасцяў стала практычна немагчымым, а трансляцыя яўрэйскай традыцыі была рэдуцыравана, маладое пакаленне мела ўяўленне аб схаваным баку яўрэйскага жыцця.

Аднак яўрэйская традыцыя функцыянавала асобна ад рэлігіі, у побытавай сферы, і толькі: тэарэтычных ведаў пра іўдаізм у нашых суразмоўцаў не было, а ўсведамленне рэлігійнага сэнсу яўрэйскай традыцыі, якая мела месца на штодзённым узроўні, адбылося толькі ў 1990‑я гады, калі ўжо ўнукі пайшлі ў нядзельныя яўрэйскія школы і прынеслі адтуль кніжкі і веды, або самі нашы суразмоўцы трапілі ў яўрэйскія арганізацыі [105].

Страта яўрэйскай дамінанты Бабруйскам звязваецца з 1970-мі гадамі: будаўніцтва шыннага завода і масавы прыезд рабочых з вёсак. У 1990-я пачалася масавая эміграцыя яўрэяў. Сёння вялікія дыяспары бабруйчан жывуць у Ізраілі, Амерыцы, Канадзе. У гэтым сэнсе наша даследаванне крыху абмежаванае, на гэтым этапе мы змаглі паразмаўляць толькі з тымі, хто па нейкіх прычынах застаўся… Карэнныя бабруйчане не-яўрэі таксама адчуваюць настальгію па горадзе, які знік. Полька па нацыянальнасці Ядзвіга Мікалаеўна Дыба адзначыла: “Яўрэі неслі культуру ў наш горад… Культура адчувалася ва ўсім. Яны з’ехалі, і горад абяднеў у плане культуры і ў духоўным плане” [106].


1 Паводле дадзеных перапісу 1939 г.
2 Жанчын было прыкладна на 14,3 тыс. больш, чым мужчын.
3 Итоги Всесоюзной переписи населения. 1959 год. Белорусская ССР. Москва: Госиздат ЦСУ СССР, 1963. С. 125–126. У 1950-я гады і пазней з-за праяваў антысемітызму частка яўрэяў запісвалася неяўрэямі, нават калі бацькі былі яўрэямі па пашпарце.
4 Cichopek-Gajraj A. Beyond violence: Jewish survivors in Poland and Slovakia, 1944–48. Cambridge: Cambridge University Press, 2014. P. 7.
5 Выказваю вялікую падзяку гісторыкам Ідзе Шандаровіч (каардынатар абшчынных праграм грамадскага аб’яднання “Магілёўская яўрэйская абшчына”) і Іне Герасімавай (заснавальніца Музея гісторыі яўрэяў Беларусі) за шматлікія кансультацыі і дапамогу з матэрыяламі.
6 Экспедыцыя пад кіраўніцтвам аўтара артыкула праводзілася ў рамках праекта “Беларускі архіў вуснай гісторыі”. Мэтавую групу склалі прадстаўнікі яўрэйскай нацыянальнасці пераважна 1920–1940-х гадоў нараджэння. Усяго было запісана 76 інтэрв’ю, сабраны вялікі корпус дакументальна-фатаграфічнага матэрыялу з асабістых архіваў інфармантаў. Усе матэрыялы даступныя на сайце архіва – www.nashapamic.org
7 НАРБ, ф. 845, воп. 1, спр. 130, арк. 252.
8 НАРБ, ф. 845, воп. 1, спр. 133, арк. 12–13. Месцамі масавага знішчэння сталі: вёскі Каменка і Елавікі, Бабруйская крэпасць, яўрэйскія могілкі, лагер ваеннапалонных на вул. Паркавай (НАРБ, ф. 845, воп. 1, спр. 133, арк. 13–20).
9 НАРБ, ф. 845, воп. 1, спр. 130, арк. 67.
10 Размовы з інфармантамі праводзіліся на рускай мове. Тут і далей пераклад цытат з рускай мовы аўтара артыкула І. Раманавай.
11 Зелянцова (Жукоўская) Соф’я Хаімаўна, 1937 г. нар.
12 Трылеснік (Аксельрод) Лора Ізраілеўна, 1933 г. нар.
13 Варанчук Ілля Гедальевіч, 1928 г. нар. Архіў І. Шандаровіч.
14 Каганович А. Речица: История еврейского местечка ЮгоВосточной Беларуси. Иерусалим, 2007. С. 331; Zvi Gitelman (ed.). Bitter Legacy: Confronting the Holocaust in the USSR. Bloomington, 1997. P. 82–83; Кострыченко Г. В. Тайная политика Сталина. Москва, 2001. С. 440–441; Мицель М. Евреи Украины в 1943–1953 гг.: Очерки документированной истории. Киев, 1998. С. 20–33; Смиловицкий Л. Борьба евреев Белоруссии за возврат своего имущества и жилищ в первое послевоенное десятилетие 1944–1954 гг. // Беларусь у ХХ стагоддзі. Вып. 1. Мінск, 2002. С. 175–176 (англ. версія: Smilovitsky L. The struggle of Belorussian Jews for the restitution of possessions and housing in the first Postwar decade // East European Jewish Affairs, 2000. Vol. 30. № 2. Р. 66).
15 Manley R. To The Tashkent Station. Evacuation and Survival in the Soviet Union at War. Cornell University Press. Ithaka and London, 2009. Р. 115.
16 Smilovitsky L. The struggle of Belorussian Jews for the restitution of possessions and housing in the first Postwar decade // East European Jewish Affairs, 2000. Vol. 30. № 2. Р. 66.
17 Manley R. Ibid. Р. 264.
18 Manley R. Ibid. Р.
19 Шкляр Фелікс Якаўлевіч (Фальк Янкелевіч). 1928 г. нар.
20 Герасімава Іна Паўлаўна, 1944 г. нар.
21 Зелянцова (Жукоўская) Соф’я Хаімаўна, 1937 г. нар.
22 НАРБ, ф. 952, воп. 2, спр. 11, арк 137.
23 Альберт Кагановіч піша, што аналагічная карціна назіралася ў Рэчыцы, якая стала месцам новага жыхарства для яўрэяў навакольных мястэчак (Кагановіч А. Рэчыца… С. 328).
24 Зелянцова (Жукоўская) Соф’я Хаімаўна, 1937 г. нар.
25 Герасімава Іна Паўлаўна, 1944 г. нар.
26 Smilovicky L. Jewish Life in Belarus. The Final Decade of the Stalin Regime (1944–53). CEU Press, 2014. Р. 53.
27 Путеводитель по еврейскому кладбищу Бобруйска / сост. М. Петлах, Л. Рубинштейн. Бобруйск, 2004.
28 НАРБ, ф. 952, воп. 2, спр. 11, арк. 136.
29 НАРБ, ф. 4-п, воп. 29, спр. 582, арк. 48.
30 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 5, арк. 228.
31 У 1947 г. у Беларусі былі выяўлены 17 іўдзейскіх абшчын, з іх зарэгістравана толькі адна – Мінская.
32 Smilovicky L. Jewish Life in Belarus… Р. 53. Паводле матэрыялаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па даследаванні фашысцкіх злачынстваў (ЧГК), ацалелыя сінагогі ў гады вайны былі ператвораны ў канюшні (НАРБ, ф. 845, воп. 1, спр. 130, арк. 65).
33 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 4, арк. 44. Гэтая гісторыя даволі падрабязна апісана Л. Смілавіцкім. Гл.: Смиловицкий Л. Борьба верующих за открытие синагоги в Бобруйске http://bobruisk-habad.narod.ru/index/http_bobruisk_habad_narod_ru_index_http_bobruisk_habad_narod_ru_index_0_153_0_153/0-153; Smilovickij L. Jewish Religious Life in Bobruisk, 1944–1954 // Jews in Eastern Europe. 1995. No 2 (27). P. 43–54.
34 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 5, арк. 198.
35 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 12, арк. 2–3
36 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 5, арк. 199.
37 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 12, арк. 2–3.
38 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 5, арк. 222–225.
39 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 5, арк. 200, 221, 227.
40 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 5, арк. 228.
41 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 5, арк. 227.
42 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 5, арк. 200.
43 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 5, арк. 321–322.
44 Smilovicky L. Jewish Life in Belarus… Р. 69.
45 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 8, арк. 23.
46 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 8, арк. 135.
47 НАРБ, ф. 4-п, воп. 29, спр. 582, арк. 47.
48 Altshuler М. Religion and Jewish Identity in the Soviet Union, 1941–1964. Brandeis University Press, 2012. Kindle, loc. 698.
49 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 10, арк. 1.
50 НАРБ, ф. 952, воп. 2, спр. 14, арк. 140.
51 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 17, арк. 290–292. Канфіскаваныя пры закрыцці сінагогі богаслужбовыя кнігі і скруткі Торы было вырашана перадаць у Мінскую рэлігійную абшчыну (НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 20, арк. 237).
52 Altshuler М. Religion and Jewish Identity… Kindle, loc. 681. У Расіі на пачатку 1950-х гадоў было 29 сінагог, ва Украіне –40, у Грузіі – 25, у Малдавіі – 11 (Бейзер М. Наше наследство: синагоги СНГ в прошлом и настоящем. Москва – Иерусалим, 2002. С. 42).
53 НАРБ, ф. 4. воп. 62, спр. 217, арк. 78.
54 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 16, арк. 127.
55 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 16, арк. 127.
56 У БССР у 1944–48 гг. улады налічвалі ў 13 гарадах 30 рэгулярных міньянаў (ад 30 да 70 чалавек у кожным); паводле іх звестак, пад час Шабату ў міньянах малілася ад 1,5 да 2 тыс. чалавек, што значна больш, чым у дзвюх афіцыйна зарэгістраваных сінагогах (Altshuler М. Religion and Jewish Identity in the Soviet Union… Kindle, loc. 1215).
57 Altshuler М. Religion and Jewish Identity in the Soviet Union… Kindle, loc. 1297.
58 Ibidem, loc. 1026.
59 Функцыі такіх “міньянаў” былі значна шырэйшымі за функцыі міньянаў у традыцыйным разуменні, гэта былі фактычна таемныя сінагогі, таму пры напісанні выкарыстоўваецца двукоссе.
60 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 16, арк. 128.
61 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 16, арк. 129.
62 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 16, арк. 128.
63 НАРБ, ф. 4-п, воп. 62, спр. 162, арк. 202.
64 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 19, арк. 21–22.
65 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 19, арк. 21–22.
66 НАРБ, ф. 4-п, воп. 62, спр. 162, арк. 202.
67 Смиловицкий Л. Борьба верующих за открытие синагоги в Бобруйске.
68 НАРБ, ф. 4, воп. 62, спр. 217, арк. 79.
69 НАРБ, ф. 4, воп. 62, спр. 217, арк. 80.
70 НАРБ, ф. 4, воп. 62, спр. 285, арк. 90.
71 Смиловицкий Л. Борьба верующих за открытие синагоги в Бобруйске.
72 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 16, арк. 132.
73 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр.19, арк. 21–22.
74 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 7, арк. 299.
75 Шкляр Фелікс Якаўлевіч (Фальк Янкелевіч), 1928 г. нар.
76 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 24, арк. 104.
77 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 16, арк. 128.
78 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 19, арк. 21–22.
79 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 16, арк. 133–134, 136.
80 Смиловицкий Л. Борьба верующих за открытие синагоги в Бобруйске.
81 Каганович А. Речица… С. 344.
82 Veidlinger J. In Shadow of the Shtetl. Small-town Jewish Life in Soviet Ukraine. Indiana University Press, Bloomington –Indianapolis, 2013. P. 145.
83 НАРБ, ф. 952, воп. 1, спр. 24, арк. 104.
84 Итоги Всесоюзной переписи населения. 1959 год. С. 124.
85 Гіршына Людміла Абрамаўна, 1947 г. нар.
86 Зелянцова (Жукоўская) Соф’я Хаімаўна, 1937 г. нар.
87 Гіршына Людміла Абрамаўна, 1947 г. нар.
88 Каментар Іды Шандаровіч, каардынатара абшчынных праграм грамадскага аб’яднання “Магілёўская яўрэйская абшчына”.
89 Герасімава Іна Паўлаўна, 1944 г. нар.
90 Бяспятава Соф’я Меераўна, 1950 г. нар.
91 Зелянцова Соф’я Хаімаўна, 1937 г. нар.
92 Віленчык Ніна Львоўна, 1945 г. нар.
93 Герасімава Іна Паўлаўна, 1944 г. нар.
94 Шкляр Фелікс Якаўлевіч, 1928 г. нар.
95 Герасімава Іна Паўлаўна, 1944 г. нар.
96 НАРБ, ф. 4, воп. 62, спр. 217, арк. 80–81.
97 НАРБ, ф. 4-п, воп. 29, спр. 833, арк. 2.
98 НАРБ, ф. 4-п, воп. 29, спр. 833, арк. 2.
99 Зелянцова Соф’я Хаімаўна, 1937 г. нар.
100 Шендерович Ида. Еврейские кладбища Могилевской области. Рукапіс. Цяпер на могілках, па яе звестках, каля 7 тысяч магіл.
101 Верабейчык Раіса Едзідаўна, 1929 г. нар. Архіў І. Шандаровіч.
102 Altshuler М. Religion and Jewish Identity in the Soviet Union… Kindle, loc. 1639.
103 Любое праяўленне сімпатыі да Ізраіля выкрывалася як маніфестацыя яўрэйскага буржуазнага нацыяналізму, адсутнасць патрыятызму, імкненне да супрацоўніцтва з ЗША і іншымі імперыялістычнымі дзяржавамі.
104 Рэпатрыяцыя польскіх яўрэяў з СССР праходзіла ў два этапы. У выніку рэпатрыяцыі палякаў і яўрэяў з заходніх савецкіх рэспублік (Заходнія Беларусь і Украіна, паўднёвая Літва) на падставе вераснёўскай 1944 г. дамовы ў Польшчу ў другой палове 1944 г. прыехала каля 30 тыс. яўрэяў. Другі этап адбываўся на падставе польска-савецкай дамовы ад 6 ліпеня 1945 г. аб праве змены месца жыхарства для асобаў польскай і яўрэйскай нацыянальнасцяў, якія маглі даказаць, што да 17 верасня 1939 г. былі грамадзянамі Польшчы. У Польшчу прыбыло каля 150 тыс. яўрэйскіх рэпатрыянтаў з СССР (каля 120 тыс. з іх прыехалі да чэрвеня 1946 г.). (Aleksiun N. Dokad dalej Ruch syjonistyczny w Polsce (1944–1950). Warszawa: Centrum Badania I Nauchania Dziejow I Kultury w Polsce im. Mordechaja Anielewicha. Wydawnictwo TRIO, 2002. P. 65–66). Аргкамітэт польскіх яўрэяў у СССР (Komitet Organizacyjny Żydów Polskich w ZSRR) быў створаны ў Савецкім Саюзе яшчэ ў чэрвені 1944 г. Асноўная мэта камітэта была ў тым, каб дапамагчы польскім яўрэям, якія ўсё яшчэ знаходзіліся ў СССР. Члены Камітэта шукалі тых, хто выжыў у Сібіры і на Далёкім Усходзе, забяспечвалі іх харчаваннем і медыкаментамі, арганізоўвалі іх пераезд у Польшчу. У Польшчы ў той час дзейнічалі культурныя і грамадскія яўрэйскія арганізацыі.
105 У красавіку 1988 г. у Бабруйску быў створны першы на Беларусі клуб яўрэйскай культуры, якому надалі імя Мендэля Мойхер-Сфраіма. Арганізатарам стаў Ілля Родаў.
106 Дыба Ядзвіга Мікалаеўна, 1947 г. нар.

Наверх

Tags: , ,