Новы нумар


Kamiński, Czesław; Kurpiewski, Janusz. Katalog monet polskich (1587-1632) (Іван Сінчук) / агляды і рэцензіі

KAMIŃSKI, CZESŁAW; KURPIEWSKI, JANUSZ. Katalog monet polskich 1587-1632 (Zygmunt III Waza). — Warszawa: Krajowa Agencja Wydawnicza, 1990. – 515 S.

У каталёг уключаны 2954 манэты, што былі ў абарачэньні ў Рэчы Паспалітай у канцы XVI — пачатку XVII ст. Гэтая праца пабудаваная так, як i яе папярэднікі (каталёгі манэт 1764-1864, 1697-1763 г., Яна Казімера, Уладыслава IV): зьлева месьціцца графічная выява абодвух бакоў манэты, паверх якой ідуць чарговы нумар, дата, дыямэтар у мілімэтрах, ардынацыйная вага з дакладнасьцю да сотых, мэтал, а справа — апісаньне авэрса й рэвэрса з разгорткаю легенды, ступень рэдкасьці i кошт у злотых.

Калі гаварыць пра новы каталёг, то не выпадае абмінуць сэрыю каталёгаў Эдмунда Капіцкага. Апошняя па-сутнасьці зьяўляецца альтэрнатыўнаю сэрыялу «KAW» i канкуруе зь ім. Яна набыла шырокую папулярнасьць сярод беларускіх зьбіральнікаў манэт. Тут, у адрозненьне ад каталёга Э.Капіцкага, манэты не згрупаваныя па манэтных дварах, а падаюцца згодна з пералікам суб’ектаў манэтнага права, пры тым асобна дадзена кароткае апісаньне манэтных двароў ды прыведзены ў табліцы дыфэрэнты, па якіх можна вызначыць манэтны двор (гербы i ініцыялы падскарбіяў i арандатараў). Сам гэты пералік патрабуе рэвізіі з прыцягненьнем пісьмовых крыніц, бо розныя аўтары адзін i той жа знак могуць адносіць да розных асоб i наадварот. За паўтара стагодзьдзя з часу, калі зьявіліся першыя каталёгі манэт Рэчы Паспалітай (С.Бандке, 1839-1840; І.Загурскі, 1845), колькасьць памылак, здаецца, не паменшылася, а наадварот, адбылася ix акумуляцыя. Аднак прынцып клясыфікацыі, абраны аўтарамі, падаецца вельмі слушным, бо магчымасьць зьмяненьня інтэрпрэтацыі асобных дыфэрэнтаў значна зьніжае каштоўнасьць разьмеркаваньня па манэтных дварах.

«Жыгімонтаўскі» каталёг падзелены на дзьве часткі: манэты каронныя i — ўсе астатнія. Шкада, што манэты Вялікага Княства Літоўскага, раўнапраўнага члена фэдэрацыі, трапілі паміж гарадзкіх i ленных.

Манэты кожнага суб’екта манэтнага права падзеленыя па наміналах, а потым манэты аднаго наміналу падаюцца па гадох. Той, хто меў справу з каталёгамі, пабудаванымі паводле адваротнага прынцыпу (год, а потым наміналы), як, напрыклад, вельмі папулярны каталёг В.Узьдзеньнікава «Манэты Расеі», адразу заўважыць, што праца Ч.Камінскага i Я.Курпеўскага больш зручная для карыстаньня. Лёгка прыблізна вызначыць час вырабу манэты са страчанаю датаю, бо дыямэтар i легенда дазваляюць адразу распазнаць яе намінал i распачаць пошук сярод кампактнай групы падобных манэт.

Калісьці з нагоды чарговага выпуску стандартнага каталогу «сучасных» польскіх манэт Ч.Камінскага рэцэнзэнты зрабілі слушную заўвагу — адзначылі, што неабавязкова падаваць кошт манэтаў у тэксце, бо ён імкліва мяняецца (часткова з гэтай прычыны згаданы каталог выдаваўся сем разоў), а мэтазгодней рабіць асобныя ўкладкі па некалькі старонак з коштамі, якія можна апэратыўна друкаваць у залежнасьці ад зьмены сытуацыі на рынку. Так, напрыклад, зроблены сусьветна вядомы каталёг талерных манэт Д.Давенпорта. Жыцьцё пацьведзіла слушнасьць думкі рэцэнзэнтаў: у «жыгімонтаўскім» каталёзе яшчэ пададзены кошты па тэксце, але складальнікі (з удзелам Томаша Быліцкага) былі вымушаны распрацаваць табліцу цэн на люты 1990 г. i надрукаваць прэйскурант у канцы тома. Міжволі зьвяртаеш увагу на кошты (нас гэты працэс яшчэ чакае): яны ўзраслі з 5 да 20 разоў! Здаецца, за інфляцыяй не пасьпеюць цяпер нават укладкі-цэньнікі…

Колькі слоў пра ілюстрацыі. У гэтым выданьні, у адрозьненьне ад папярэдніх, прысьвечаных больш позьнім часом, частка пазыцый апісаньня, на жаль, не ілюструецца графічнымі малюнкамі. Выходзіць, чым далей ад нашых дзён, тым ніжэй узровень стандартызацыі манэт. Хацелася б адваротнага, каб найбольш раньнія часы был i максымальна забясьпечаныя ілюстрацыямі. Як можна здагадацца па асаблівасьцях графікі, для аднатыпных манэт рабіўся адзін малюнак, у якім потым меняліся асобныя элемэнты (даты, дыфэрэнты i т.д.). Таму гэтыя малюнкі можна «прыняць да ведама» i ня больш, а пры зьяўленьні якіх пытаньняў давядзецца шукаць выданьне з фотаілюстрацыямі (напрыклад, кніжку Ю.Швагжыка «Манэты на польскіх землях X—XX ст.», якая, дарэчы, выйшла ў мінулым годзе другім выданьнем) ці прамалёўкамі канкрэтных манэт. Можна зноў узгадаць каталёг талераў Д.Давенпорта: графічныя ілюстрацыі там падаюцца ў асобных выпадках, калі не было магчымасьці зрабіць фотаздымак. У час шырокага выкарыстаньня фота й паліграфіі кніжка, якая цалкам ілюстраваная графікай, ужытай для перадачы рэальных аб’ектаў, успрымаецца як тэхнічны атавізм. Наяўнасьць фота сьведчыць пра існаваньне адпаведнай манэты, фота — гэта дакумэнт, чаго нельга сказаць пра клішавана-матрыцаваную графічную ілюстрацыю.
Што даў новы каталёг? У сё пазнаецца ў параўнаньні. Калі ўзяць пяцітомнік апісаньняў калекцыі нашага славутага земляка ca Станькава Э.Гутэн-Чатіскага (выдадзены ў 1871-1916 г.) i падлічыць апісаныя ў ім манэты Жыгімонта III, то выявіцца, што яны складаюць толькі 2/3 апісанага ў каталозе Ч.Камінскага i Я.Курпеўскага, але пры кожнай манэце там падаецца не ардынацыйная, a фізычная вага. Апрача таго, манэты, якія трапілі туды, ня могуць быць літаратурнаю легендаю, бо апісваліся толькі наяўныя ў калекцыі экзэмпляры (што, канешне, не выключала апісаньня фальшывак ды антыкварных падробак). Томікі Э.Капіцкага выйграюць у каталёгаў сэрыі «KAW» наяўнасьцю таблічак «год — намінал», якія адразу даюць агульнае ўяўленьне пра манэтную сыстэму i манэтную вытворчасьць усяго пэрыяду.

Каталёг стамляе аднолькавымі апісаньнямі на манэтах: яны слова ў слова могуць паўтарацца i дзесяць, i сто разоў, — пакуль ня дойдзе да апісаньня манэт новага тыпу. Некалькі ідэнтычных абзацаў, да таго ж побач з самімі выявамі, — проста перавод паперы. З большай карысьцю гэтую плошчу можна было адвесьці для спасылак на працы, у якіх згадваецца апісаная манэта (аўтары заспакоіліся сьпісам літаратуры з 37 назваў у канцы томіка).

Аўтары зьвярнулі замала ўвагі на знакі, якія дзеляць словы ў легендзе — важныя індывідуальныя рысы манэты. Яны часта задавальняюцца чымсьці накшталт «інтэрпункцыя ў форме крыжыкаў i кропак — розныя варыянты», а пра месца знаходжаньня знакаў (пасярэдзіне, бліжэй да нізу, ці бліжэй да верху літары) гаворка наогул не вядзецца. Можа таму й атрымаліся такія невыразныя апісаньні траякоў i паўтаракаў (ці не найслабейшае месца каталёга), што пры спробе знайсці пазыцыю, якая адпавядае рэальнай манэце, гэта далёка не заўсёды атрымліваецца.

Крытыкаваць лёгка. Трэба прызнаць, што такую кнігу ў Беларусі, Украіне, i Літве да яшчэ ніхто не спрабаваў стварыць. Ч.Камінскі i Я.Курпеўскі зрабілі вялікую справу для ўсёй нашай гісторыяграфіі. Ix працу я разглядаў бы як рэпрынт (у шырокім разуменьні) будучага выданьня корпусу манэт Рэчы Паспалітай часоў Жыгімонта III Вазы на ўзор томікаў расейскіх манэт вялікага князя Георгія Міхайлавіча, або сучасных нямецкіх каталёгаў (напрыклад, «Манэты Саксоніі» Л.Бука).

Іван Сінчук (Менск)

Наверх

Tags: ,