Новы нумар


Kościół katolicki na Wschodzie w warunkach totalitaryzmu i posttotalitaryzmu. Рod red. A. Gila, W. Bobryka. Siedlce – Lublin, 2010 (Эдмунд Ярмусік)


Kościoł katolicki na Wchodzie w warunkaсh totalitaryzmu i posttotalitaryzmu / Pod red. ANDRZEJA GILA i WITOLDA BOBRYKA. Siedlce — Lublin, Akademia Podlaska, Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 2010. 141 s.

Даследаванне гісторыі і сучаснага стану Каталіцкай царквы ў былой савецкай дзяржаве і постсавецкіх рэспубліках застаецца актуальнай праблемай як у навуковым, так і ў практычным плане. Новыя падыходы да асэнсавання яе ролі ў гістарычным, культурным, грамадска-палітычным жыцці пачаліся ў канцы 1980-х г. Гэтаму ў значнай ступені спрыялі працэсы дэмакратызацыі, якія ахапілі не толькі рэспублікі СССР, але і ўвесь сацыялістычны лагер.

За гэты час з’явіліся шматлікія публікацыі — як у Беларусі, так і за яе межамі, — дзе даследчыкі раскрываюць драматычнае становішча Каталіцкай царквы ў перыяд ад кастрычніцкай рэвалюцыі да канца 1980-х г. Істотна, што выкарыстоўваецца шмат крыніц, раней недаступных даследчыкам, і што гісторыя Каталіцкай царквы асвятляецца не з марксісцкіх, класавых падыходаў, а з пазіцый агульначалавечых, гуманістычных каштоўнасцяў.

Рэцэнзаваны зборнік складаецца з шасці артыкулаў, аўтары якіх — польскія даследчыкі — прапануюць сваё бачанне праблем Каталіцкай царквы ў СССР і БССР і Грэка-каталіцкай — на Украіне. Прычым апошняй тэматыцы прысвечаны чатыры артыкулы. Храналагічна яны ахопліваюць перыяд ад пачатку 1920-х г. да цяперашняга часу. Аўтары выкарыстоўваюць разнастайную базу крыніц — шэраг украінскіх, польскіх архіваў, архіва Ватыкана, а таксама апублікаваных дакументаў і даследаванняў гісторыкаў. Варта адзначыць, што разгляданыя праблемы ў большасці сваёй вядомыя толькі сцісламу колу даследчыкаў, таму зборнік дае магчымасці пашырыць веды шырокай грамадскасці пра драматычную гісторыю Каталіцкай царквы ў СССР.

Без грунтоўнага яе асвятлення, узаемадачыненняў з дзяржавай, уплыву знешніх і ўнутраных фактараў на рэлігійнае жыццё і канфесійныя адносіны немагчыма паўнавартаснае вывучэнне мінулага. Каталіцкая царква гістарычна была звязана з духоўнай культурай і сацыяльна-палітычным жыццём краіны і народа. І толькі ў савецкай дзяржаве яе ролю імкнуліся ўсяляк зменшыць. З іншага боку, калі дзяржава зацікаўлена, каб пісьменна будаваць палітыку і адносіны з Каталіцкай царквой і іншымі канфесіямі, яна павінна ўлічваць вопыт мінулага.

Апублікаваныя ў зборніку артыкулы не звязаны паміж сабою ўнутраным адзінствам і паслядоўнасцю ў распрацоўцы канкрэтнай тэмы, таму рэцэнзент палічыў мэтазгодным прааналізаваць кожны з іх. Артыкул Мацея Мруза (Уроцлаў) „Місія Джаванні Джэноччы як апостальскага візітатара для Украіны ў 1920–1921 г.” асвятляе малавядомую старонку ватыканскай дыпламатыі ў вырашэнні праблем грэка-каталікоў у Галіччыне і Наддняпроўскай Украіне. Аўтар адзначае, што Ватыкан імкнуўся выкарыстаць перамены, якія адбыліся ў пачатку 1920-х г. у цэнтральнаеўрапейскім рэгіёне з мэтай умацавання тут сваіх пазіцый. Асаблівая ўвага Апостальскай Сталіцы была прыцягнута да Украіны, дзе жыла значная колькасць грэка-каталікоў. Ватыкан быў зацікаўлены, каб мець інфармацыю пра палітычную сітуацыю ў рэгіёне, пра планы Польшчы і Расіі, становішча ўкраінскай грэка-каталіцкай супольнасці. У сваю чаргу, дыпламатычнае прадстаўніцтва Украінскай Народнай Рэспублікі было зацікаўлена ў падтрымцы Ватыканам УНР. Аўтар паказаў, з якой стараннасцю рыхтавалася місія, як дэталёва ўлічвалася міжнароднае становішча і вызначаліся задачы апостальскага візітатара.

Лаканічна раскрываюцца складаныя абставіны дзейнасці айца Джаванні Джэноччы. Апостальскі візітатар наладзіў сувязі з мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім, ватыканскім нунцыем у Варшаве айцом Рацці, украінскімі палітычнымі коламі. Як абаронца інтарэсаў грэка-каталікоў, а. Джаванні Джэноччы крытычна ставіўся да палітыкі Польшчы ў польскім пытанні на Украіне, таму ў ліпені 1920 г. вымушаны быў з-за гэтага па-кінуць Варшаву і пераехаць у Вену. Тут ён прадоўжыў дзейнасць у імя Украіны і Усходняй Галіцыі, але яна не мела станоўчых вынікаў і ў хуткім часе выклікала незадавальненне як Ватыкана, так і дыпламатыі УНР. Тым не менш, для самога а. Джаванні Джэноччы місія не прайшла бясследна. У 1923 г. ён зноў прыехаў у Польшчу ў якасці папскага дэлегата па справах Грэка-каталіцкай царквы ў Польшчы.

Даследчык Анджэй Гіль (Люблін — Седльцэ) у артыкуле „На дарозе да знішчэння. Каталікі ў БССР у 20–30-я г. ХХ ст.” на значным факталагічным матэрыяле раскрыў няпростую сітуацыю Каталіцкай царквы і метады яе знішчэння ў БССР бальшавікамі. Цікава, як ацэньвае аўтар савецка-ватыканскія адносіны. Даследчык выказаў думку, што Каталіцкая царква з пункту гледжання яе структуры і значэння была трактавана бальшавікамі як адзін з магчымых інструментаў да легітымізацыі іх улады ў Еўропе і ў свеце. Але даследчык не падаў ніводнага факта, каб пацвердзіць свой тэзіс. Больш за тое, прыведзеныя ім факты сведчаць аб адваротным, і гэта падкрэслівае сам аўтар: бальшавікі нізка ацэньвалі міжнародную пазіцыю Ватыкана і нават ігнаравалі яе. Прадпрыманыя ватыканскай дыпламатыяй спробы дасягнуць паразумення ў справе становішча Каталіцкай царквы ў СССР не прынеслі чаканых вынікаў. Кропкай над „і”, лічыць аўтар, стаў візіт восенню 1927 г. нунцыя Эўгеніа Пацэллі да наркама замежных справаў Чычэрына, які ў той час знаходзіўся ў Берліне.

Аўтар бачыць адной з важкіх прычын знішчэння Каталіцкай царквы ў БССР яе моцныя прапольскія карані, апору на палякаў-каталікоў, сувязь з Польшчай. Сталінскае кіраўніцтва разглядала Польшчу як свайго заклятага ворага, таму лёгка знаходзіла яе „агентуру” сярод каталіцкага духавенства і вернікаў.

Аднак пры гэтым нельга пагадзіцца з высновай аўтара наконт таго, што палякі, у адпаведнасці са сталінскай палітыкай, былі прызнаны небяспечным элементам для савецкай дзяржавы і падлягалі поўнай ліквідацыі. Гэтая палітыка, піша аўтар, рэалізоўвалася на тэрыторыі БССР. Варта адзначыць, што „небяспечным элементам” для сталінскай сістэмы былі не толькі палякі, але і шмат іншых нацыянальнасцяў, каталіцкія супольнасці (лацінскага і грэка-каталіцкага абрадаў) ва ўсіх савецкіх рэспубліках, дзе яны існавалі.

Аўтар надае важнае значэнне перабудове для лёсу Каталіцкай царквы ў СССР, паступовай змены дзяржаўнай канфесійнай палітыкі з другой паловы 1980-х г. Падкрэсліваецца выключная роля папы Яна Паўла ІІ у ак тывізацыі рэлігійнага жыцця ў былых савецкіх рэс-публіках.

У артыкуле вядомага польскага гісторыка ксяндза прафесара Рамана Дзванкоўскага SAC даецца кароткі агляд савецка-ватыканскіх адносінаў у пасляваенны перыяд. Аўтар выяўляе іх асаблівасці ў перыяд пантыфікату кожнага з Айцоў Каталіцкай царквы: Пія ХІІ, Яна ХХІІІ, Паўла VІ і Яна Паўла ІІ. Такі падыход уяўляецца слушным, бо дзейнасць кожнага папы — гэта своеасаблівы этап у гісторыі Каталіцкай царквы. Кс. прафесар Р. Дзванкоўскі адзначае паслядоўную дынаміку развіцця савецка-ватыканскага дыялогу, разглядае яго змест і асаблівасці. Разам з тым паказвае, што галоўнай перашкодай на гэтым шляху была праблема пераследу Каталіцкай царквы і парушэння правоў вернікаў у СССР, з чым ніяк не магла прымірыцца Апостальская Сталіца. Савецкая ўлада лічыла рэлігійнае пытанне ў СССР канчаткова вырашаным, а спробы ўздымаць яго Ватыканам разглядала як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны. Ватыкан жа, як цэнтр сусветнага каталіцызму, у якасці найважнейшай умовы нармалізацыі адносінаў з СССР выстаўляў карэннае паляпшэнне становішча Каталіцкай царквы, забеспячэнне рэлігійнай свабоды, стварэнне касцельнай іерархіі ў Беларусі.

Цікавым і праблематычна пададзеным уяўляецца артыкул Уладзіміра Асадчага (Люблін) „Радасці і нягоды Каталіцкай царквы на Украіне”. Аўтар зрабіў кароткі экскурс у гісторыю хрысціянства ва Украіне. Асаблівасць гэтай краіны, у адрозненне ад іншых постсавецкіх рэспублік, — наяўнасць тут каталіцтва ў трох абрадах: лацінскім, уніяцкім і рэдка згадваным армяна-каталіцкім. У савецкі час каталіцызм вынішчаўся савецкай уладай па ідэалагічных і палітычных меркаваннях. Аўтар схематычна разглядае асаблівасці працэсу адраджэння каталіцкага рэлігійнага жыцця, які пачаўся ў выніку гарбачоўскай перабудовы. Асноўны ж акцэнт зроблены на сучасным стане і праблемах лацінскага каталіцызму.

У новых гістарычных рэаліях найбольшыя цяжкасці звязаны, як падае даследчык, з „адрачэннем ад стэрэатыпаў”, якія сфармаваліся гістарычна і культурна на працягу стагоддзяў. Перш за ўсё, сцвярджае аўтар, у масавай свядомасці ўкраінцаў каталіцызм яшчэ лічыцца з’явай чужой, як польская Каталіцкая царква, і нават як вынік чужой духоўнай экспансіі Захаду на землі Святой Русі. Другі распаўсюджаны стэрэатып — прызнанне Украіны Маскоўскім Патрыярхатам як „кананічнай тэрыторыі Праваслаўнай царквы”.

Але найбольшы клубок праблем, лічыць аўтар, застаецца ў заходніх абласцях Украіны, дзе сутыкаюцца абедзве каталіцкія традыцыі — лацінская і ўсходняя (грэка-каталіцкая). І хоць там большасць складаюць каталікі заходняга абраду, тым не менш лацінскі рух разглядаецца як чужы, польскі ўплыў у мясцовай культуры Украіны.

Прыводзіцца шмат прыкладаў, якія сведчаць пра ўціск лаціна-каталікоў на Украіне: гэта і адмаўленне „дэмакратамі” Львова як епіскапскай сталіцы, выступленні супраць намінацыі каталіцкага епіскапа Мар’яна Яварскага, а таксама прызнанне Украіны „кананічнай тэрыторыяй” Праваслаўнай царквы, адмова каталікам у вяртанні іх храмаў.

Аўтар робіць з усяго сказанага высновы, што найважнейшая прычына канфлікту — той факт, што „адро-джаная лацінская Каталіцкая царква не ўпісваецца ў каноны нацыянальнай Каталіцкай царквы. Для многіх адэптаў нацыяналістычнай ідэалогіі, як і для камуністаў у свой час, найлепшым вырашэннем праблемы было б пераўтварэнне лацінскай Каталіцкай царквы ў анклаў, які наведваюць асобы старэйшага ўзросту. У недалёкім будучым такая Каталіцкая царква павінна была б знікнуць з украінскай канфесійнай карты”.

У той жа час, насуперак памкненням нацыяналістаў і часткі грэка-каталікоў, лацінская Каталіцкая царква імкнецца рэалізаваць канцэпцыю ўсеагульнай Каталіцкай царквы. Заходняя традыцыя адыходзіць ад стэрэатыпу, згодна з якім украінскае насельніцтва атаясамліваецца з Усходняй царквой, а каталіцызм з „польскай верай”. Ён павінен выконваць сваю евангелічную місію на той мове, якой вернікі карыстаюцца ў штодзённым жыцці і якую лічаць роднай.

Томаш Шышлак (Уроцлаў) у артыкуле „Дзве Царквы па абодва бакі ад Карпат. Сучасны стан грэка-каталіцызму на Украіне” разглядае праблемы, якія ўзніклі ў сувязі з дзейнасцю Каталіцкай царквы ўсходняга абраду. Прычым, у адрозненне ад іншых еўрапейскіх дзяржаў, толькі ва Украіне гістарычна існуюць дзве грэка-каталіцкія царквы. Адна з іх у Закарпацці, якое ў мінулым было Руссю, або Украінай Закарпацкай. Тут дзейнічае адзіная грэка-каталіцкая мукачаўская дыяцэзія, якая ў літургіі выкарыстоўвае візантыйска-рускі чын і з-за гэтага ата ясам ліваецца з Русінскай грэка-каталіцкай царквой. Дру гая ж грэка-каталіцкая царква ахоплівае сваім уплывам тэрыторыі на поўнач ад Карпацкіх хрыбтоў і знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Украінскай грэка-каталіцкай царквы (УГКЦ). Праблемы іх дзейнасці і ўзаемаадносінаў носяць не толькі гістарычны, але і нацыянальны і палітычны характар. Аўтар падрабязна асвятляе дыскусійныя пытанні, якія абвастрыліся ў 90-я г. ХХ ст. Многія з іх так і не знайшлі свайго вырашэння да сёння.

Прыведзеныя аўтарам сацыялагічныя дадзе ныя па-казваюць, наколькі глыбока грэка-каталіцызм умацаваўся ў Закарпацці: калі 38,84% вернікаў ідэн тыфіку юць ся бе з праваслаўем, то не намнога менш — 37,19% — з грэка-каталіцызмам. Пры гэтым Каталіцкай цар кве ўсход ня га абраду „сімпатызуюць” 41,25% тамтэй шых украінцаў, 57,14% русінаў, 30,77% венграў, 50% славакаў, 16,7% расіян. У 50 з больш як 400 парафій у За-кар пац ці літургія праводзіцца па-венгерску, у 4 — па-ру мын ску, у большасці парафіяльнай мовай заста ец ца цар коў насла вянская. У гэтым вялікая розніца па між Грэ ка- каталіцкій царквой у Закарпацці і Украін скай грэка-каталіцкай царквой.

Аўтар разглядае шэраг іншых дыскусійных праблем, у прыватнасці, падпарадкавання мукачаўскай дыяцэзіі Апостальскай Сталіцы ці Львоўскай мітраполіі Украінскай грэка-каталіцкай царквы, адносіны з лацінскай Каталіцкай царквой, вяртання адабраных у савецкі час святыняў, дзейнасць Апостальскай Сталіцы па вырашэнні праблем грэка-каталікоў ва Украіне і інш.

Намінацыя Ватыканам двух дапаможных епіскапаў — Мархітыча для вернікаў украінскай нацыянальнасці і Галавача — для іншых (русінаў, венграў, румынаў, славакаў, немцаў, палякаў) была скіравана, на думку аўтара, на захаванне гістарычнай традыцыі, этнічнай і канфесійнай разнастайнасці, а таксама лепшай апекі над грэка-каталікамі Закарпацця. Але гэта не стрымала імкнення часткі іерархіі да яднання з Украінскай грэка-каталіцкай царквой. Увосень 1996 г. епіскап Мархітыч на пленарным паседжанні Патрыяршага Сабору ў Львове публічна зачытаў ад імя сваіх дыяцэзіян ліст да іерархаў Украінскай грэка-каталіцкай царквы, у якім выказвалася ідэя: хочам мець адзіную Грэка-каталіцкую царкву ў адзінай вольнай Украіне.

У артыкуле разглядаецца праблема аб’яднання УГКЦ і Праваслаўнай царквы, што знаходзіцца ў юрысдыкцыі Кіеўскага Патрыярхата, у адзіную Кіеўскую царкву. Але гэты шлях вельмі складаны. Перш за ўсё, мяркуе аўтар, павінна дайсці да яднання Рускай праваслаўнай і Украінскай праваслаўнай царквы. Аўтар прыводзіць факты ў пацвярджэнне таго, што ідэя яднання выклікала не толькі дыскусіі, але і ў пэўнай ступені стварыла напружанасць у адносінах паміж рознымі канфесіямі.

Акрэслены таксама складаныя адносіны УГКЦ з уладай. Па сцверджанні аўтара, улады не праводзяць адзінай для ўсёй краіны палітыкі ў дачыненні да Грэка-каталіцкай царквы. У сваю чаргу, іерархія УГКЦ лічыць, што дзяржава павінна прызнаць Каталіцкую царкву ахвярай сталінізму і камуністычнага рэжыму, рэабілітаваць яе духавенства.

Сітуацыя Украінскай грэка-каталіцкай царквы (на паўночным баку Карпат), піша аўтар, значна лепшая, але не да канца ўнармаваная. Ва ўмацаванні пазіцый Каталіцкай царквы вялікая роля належала віднаму грэка-каталіцкаму кардыналу (з 1975 г. патрыярху) Іосі-фу Сліпому. Перанясенне сядзібы УГКЦ з Львова ў Кіеў дало магчымасць Грэка-каталіцкай царкве праводзіць сумесна з Украінскай праваслаўнай царквой Кіеўскага Патрыярхату працу над збліжэннем гэтых канфесій і стварэннем адзінай Кіеўскай царквы.

Даследчык Вітольд Бобрык з Седльцаў у артыкуле „Да праблемы геаграфіі размяшчэння грэка-каталіцкіх ордэнаў у сучаснай Украіне” вызначыў этапы дзейнасці грэка-каталіцкіх законаў у краінах былога ўсходняга блоку і ва Украіне.

Як сцвярджае аўтар, нешматлікія суполкі сясцёр і братоў законных спачатку дзейнічалі толькі на тэрыторыі СССР і Румыніі. У той жа час у краінах сацыялізму грэка-каталіцкія кляштары не падлягалі ліквідацыі. У артыкуле прыводзіцца колькасны склад, тэрытарыяльнае размяшчэнне законаў. Найбольш іх знаходзілася ў Галіцыі і Закарпацці. Дзейнасць законаў ажывілася пасля распаду СССР. Цяпер, адзначае аўтар, Украінская грэка-каталіцкая царква ў мэтах аказання вернікам, якія жывуць за межамі краіны, пастырскіх паслуг, праводзіць дзейнасць на тэрыторыі іншых дзяржаваў. У прыватнасці, называюцца гарады Вільня, Пракоп’еўск у Сібіры, Караганда, Астана (Казахстан), Полацк, Мінск (Беларусь). Па адной пляцоўцы грэка-каталіцкіх законаў ёсць у Нямеччыне і Грэцыі. Аднак аўтар не раскрывае ўмоваў існавання і дзейнасці грэка-каталіцкіх законаў, таму артыкул носіць толькі інфармацыйны характар.

Падсумоўваючы сказанае, варта адзначыць, што рэцэнзаваны зборнік з’яўляецца пэўным укладам у даследаванне канфесійнай праблематыкі, у прыватнасці, каталіцызму заходняга і ўсходняга абрадаў. Многія з абазначаных аўтарамі праблем патрабуюць больш грунтоўнага вывучэння — не толькі замежнымі, але і беларускімі вучонымі. Праўда, даводзіцца канстатаваць, што ў нашым грамадстве ў вывучэнні гісторыі Каталіцкай царквы працягваюць панаваць стэрэатыпы сталінскага часу, што не толькі стрымлівае развіццё навуковых даследаванняў, але і наносіць непапраўную страту беларускай гістарычнай навуцы.

Гродна

Эдмунд Ярмусік

Наверх

Tags: , , ,