Новы нумар


Łaszkiewicz, Hubert Mikołaj. Dziedzictwo czy towar? (Валеры Пазнякоў)

Łaszkiewicz, Hubert Mikołaj. Dziedzictwo czy towar? Szlachecki handel ziemią w powiecie chełmskim w II połowie XVII w. Lublin, 1998. 284.

Кніга доктара Губерта Мікалая Лашкевіча прысвечана тэме, якая ў польскай гістарычнай навуцы даследавана мала, а ў беларускай — зусім не кранутая. Гаворка ідзе пра шляхецкія аперацыі з зямельнай нерухомасцю і іх сацыяльныя наступствы. Храналагічныя межы даследавання — другая палова XVII ст., час паміж II і III Паўночнымі войнамі, самымі спусташальнымі для Рэчы Паспалітай. Геаграфічныя межы – Холмскі павет Рускага ваяводства Каралеўства Польскага. Між іншым, у склад павета ўваходзілі вёскі Павіцце, Радастава і некалькі іншых на тэрыторыі сучасных Кобрынскага і Драгічынскага раёнаў. Такім чынам, даследаванне Лашкевіча непасрэдна датычыць Беларусі. Яно мае каштоўнасць для беларускай гістарыяграфіі і як узор наватарскай працы.

Па–першае, матэрыі, закранутыя аўтарам, яшчэ не зацікавілі беларускіх гісторыкаў як аб’ект спецыяльнага вывучэння. Чым былі зямельныя ўладанні для шляхты — дзедзічнай спадчынай ці проста таварам? Наколькі моцнымі былі сувязі паміж прывілеяваным станам і зямлёю — адной з адзнакаў яго прывілеяванага становішча? Па–другое, даследаванне Лашкевіча цікавае метадамі. Апрацаваны матэрыял мае масавы характар, таму ён паказаны з дапамогай апісальнай статыстыкі. На падставе вывучанага матэрыялу былі выведзены статычныя серыі, якія падвергнуты інтэрпрэтацыі. Быў скарыстаны метад аналізу масіваў для акрэслівання падабенства паміж аб’ектамі — абшарамі пэўных парафій. Шырока выкарыстаны магчымасці кампутарнай тэхнікі.

У раздзеле 1 аўтар даў агульную характарыстыку Холмскага павета ў другой палове XVII ст. Былі вызначаны межы гэтага адміністрацыйнага ўтварэння (на жаль, няма падрабязнай карты), прыродныя ўмовы на яго тэрыторыі, гісторыя засялення з даўнейшых часоў. Пра нацыянальны склад павета можна меркаваць па звестках пра рэлігійныя ўстановы. Холмскі павет падзяляўся на 29 каталіцкіх і 143 уніяцкія парафіі, што сведчыць пра перавагу ўсходнеславянскага (украінскага) насельніцтва. Пазней, у сярэдзіне XVIII ст., уніяты складалі 74% жыхарства Холмшчыны. Агульную лічбу насельніцтва павета ў 1662 г. Лашкевіч вызначае як 72 тыс. чал., ацэньваючы 1 дым у 6 чалавек, з таго ліку шляхты было 1 тыс. чал. Аселай шляхты было 48%, што значна меней параўнальна з Вялікай і Малой Польшчай. Значную частку — каля 11% — складала зусім немаёмасная шляхта. Структура ўласнасці выглядае так: 65% паселішчаў належалі шляхце, 30% — каралю, 5% — царкве.

Пераходзячы непасрэдна да тэмы даследавання, Лашкевіч у раздзеле 2 спыняецца на тыпах і колькасці кантрактаў, звязаных з зямельнай уласнасцю шляхты. Аб’ектамі ўвагі сталі акты куплі–продажу зямлі (паводле тагачаснай тэрміналогіі — данацыі, г.зн. дару), цэсіі, заставы, выкупу з заставы, аддачы ў дажывоцце. У агульнай лічбе 2 087 кантрактаў за 1625—1705 г. па 26% прыпадае на акты куплі–продажу і аддачы ў заставу. Найчасцей кантракты заключаліся і ўносіліся ў судовыя кнігі ў ліпені. Ад 1652 да 1705 г. вылучаецца некалькі перыядаў, калі шляхта часцей заключала кантракты, што аўтар ілюструе графікамі. Лашкевіч прасачыў па пяцігодках і ваганні ў прапорцыі паміж актамі куплі–продажу і аддачы ў заставу, паміж актамі аддачы ў заставу і цэсіі. У дэталях прасочаны ўмовы і рэалізацыя актаў аддачы маёнткаў у заставу. Высновы даследчыка — храналагічныя змены даследаваных з’яваў не вялікія, значыць, мясцовы рынак нерухомасці быў даволі стабільны. Стабільнасць была ўласцівая і геаграфіі тыпаў кантрактаў. Бальшыня дамоваў, заключаных на пэўны час, доўжылася да пяці гадоў. Высокая хуткасць абароту маёнткаў не дазваляла рабіць значныя інвестыцыі як укладальнікам, так і трымальнікам зямельных уладанняў. Разам з іншымі дадзенымі гэта дазволіла Лашкевічу зрабіць выснову, што адбудова сельскай гаспадаркі Холмшчыны ішла ў другой палове XVII ст. вельмі марудна, а ў другой частцы маёнткаў зусім не мела месца.

У раздзеле 3 прасочаны велічыня звароту і цана зямлі. І тут не заўважаецца значнага вагання лічбаў у межах даследаванага перыяду. Урэшце, агульнай тэндэнцыяй было падзенне намінальных цэнаў пры заставе зямлі. У раздзеле 4 аўтар даследуе групавыя і індывідуальныя асаблівасці ўдзельнікаў кантрактаў. Увогуле такіх зафіксавана 4 618 чал. З іх каля 20% складалі жанчыны. Сярэднезаможная шляхта, што выступала з тытулам generosi, складала каля 30% шляхты–падаткаплацельшчыкаў, але сярод удзельнікаў кантрактаў яе было каля 89%. А вось з дробнай шляхты, якая складала каля 69% падаткаплацельшчыкаў, толькі блізу 5% удзельнічалі ў аперацыях з зямлёю. Лашкевіч падрабязна прасачыў удзел прадстаўнікоў асобных груповах шляхты ў розных зямельных здзелках. Напрыклад, у выпадку заставы зямлі галоўным крэдытадавальнікам (г.зн. тым, хто браў зямлю ў заставе) была сярэдняя шляхта. У адносінах да гэтай групоўкі раслі даўгі іншых шляхецкіх праслоек. На працягу другой паловы XVII ст. значная частка вялікіх маёнткаў змяніла ўладальнікаў. Пры гэтым назіраецца агульнае драбненне шляхецкіх маёнткаў Холмшчыны, расце колькасць уладанняў з некалькімі гаспадарамі.

Параўноўваючы атрыманыя вынікі з адпаведнымі дадзенымі з Львова і Калішскага павета, Лашкевіч прыйшоў да высновы, што для шляхты Холмскага павета не ўласцівы працэсы канцэнтрацыі зямельнай уласнасці. Адказваючы на пытанне, чым жа была на Холмшчыне шляхецкая зямля — варштатам працы, адзнакай грамадскага прэстыжу — спадчынай або таварам, Лашкевіч робіць выснову, што маёнтак быў спадчынай. Пра гэта сведчыць і тое, з якой неахвотай зямлі пазбаўляліся. Было б цікава прасачыць, наколькі вынікі, атрыманыя пры даследаванні Холмскага павета, характэрныя для іншых частак Рэчы Паспалітай, у прыватнасці, для Беларусі. Крыніцазнаўчая база з некаторых беларускіх паветаў дае магчымасць правесці даследаванні паводле методыкі, прапанаванай Лашкевічам.

Кніга ўражвае абагульненнем вялікай колькасці актавага матэрыялу, статыстычных дадзеных. Пра гэта сведчаць і вялікія дадаткі: паказальнік скарыстаных архіўных справаў, алфавітны пералік маёнткаў з паказаннем актаў аперацый з нерухомасцю (з адсылкамі да адпаведных архіўных дакументаў), паказальнік умоў куплі–продажу зямлі (г.зн. узроўню коштаў) па асобных маёнтках. Апрача шматлікіх табліц ёсць 10 картаў, якія ілюструюць геаграфічнае размяшчэнне даследаваных з’яваў па парафіях.

Менск

Валеры Пазнякоў

Tags: ,