Новы нумар


MAČIULIS, DANGIRAS / STALIŪNAS, DARIUS. Lithuanian Nationalism and the Vilnius Question, 1883–1940. Verlag Herder-Institut, Marburg, 2015. VI + 236 pp.

У 23 томе БГА (2016)
Праблема Вільні і Віленшчыны заўжды выклікала самыя розныя рэакцыі ў беларусаў. Рацыянальныя аргументы спрэчак пераплятаюцца тут з эмацыйнымі рэакцыямі. Сам горад, сёння сталіца Літвы, і тэрыторыі вакол яго мелі ў свой час (і маюць цяпер) вялікую сімвалічную значнасць. Чэслаў Мілаш, жыццё якога было звязана з гэтым горадам, наракаў на тое, што для людзей з тэрыторый, размешчаных па-за прасторай былога Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, назва гэтага горада і яго гістарычныя помнікі нічога не кажуць[1]. Яны не могуць зразумець таго эмацыйнага наcтрою, які вызначае характар дыскусій пра прыналежнасць горада і спадчыну розных культур і народаў у ім. Але для пэўнай колькасці інтэлектуалаў і простых людзей, якія жывуць у самой сучаснай Вільні і яе ваколіцах, а таксама для геаграфічных суседзяў сучаснай Літвы, асабліва беларусаў і палякаў, гэта зусім не так. З’яўленне ж новай кнігі прыадкрые для шырокага кола міжнароднай публікі адзін з гістарычных аспектаў гарачых дыскусій і пазнаёміць з літоўскім пунктам гледжання на Вільню.

Аналізаваная тут манаграфія фактычна ўпершыню на англійскай мове паказвае праблему месца Вільні і Віленшчыны менавіта ў літоўскім нацыянальным дыскурсе з улікам усіх тых зменаў, якія з ім адбыліся ў перыяд з канца XIX ст. да пачатку Другой сусветнай вайны.

Кніга “Літоўскі нацыяналізм і віленскае пытанне ў 1883–1940 г.” Дангіраса Мачуліса і Даруса Сталюнаса, двух вядучых спецыялістаў па новай гісторыі Літвы, апавядае пра тое, як ідэя невялікай групы інтэлектуалаў аб неабходнасці валодаць Вільняй і Віленскім краем ператварылася ў набытак масавай свядомасці (3), трансфармавалася ў стрыжнявую, а часам нават экзістэнцыяльную праблему, ад вырашэння якой залежаў ужо не толькі псіхалагічны камфорт, але і лёс цэлай дзяржавы і народа. Ідэя валодання Вільняй калі не стварыла Літву, то стала адной з цэнтральных матывавальных ідэалагем, якая дапамагала мабілізаваць як носьбітаў літоўскага нацыянальнага дыскурсу, так і адрасатаў іх агітацыі, шараговых літоўцаў.

Кніга распавядае пра тое, як на фоне падзей і акалічнасцей, якія не перадвызначалі авалодання Вільні літоўцамі, шляхам сістэматычнай і мэтанакіраванай прапаганды фармаваўся вобраз сталіцы і нацыі, якая поўнасцю стане сама сабой толькі пры ўмове кантролю над гэтым горадам і надання яму сталічнага статусу. Яна малюе супярэчлівую карціну таго, як ідэя і рыторыка валодання Вільняй вызначала будучыню цэлай нацыі, стала ідэалагічным стрыжнем для мабілізацыі грамадскай думкі і гарызонтам, да якога імкнулася літоўскае грамадства.

Цягам апошняга часу беларускія чытачы змаглі пазнаёміцца з аргументамі і спрэчкамі, якія вяліся сярод прадстаўнікоў літоўскай інтэлектуальнай эліты, у публічнай сферы, а перш за ўсё ў друку, на прадмет месца Вільні як нацыянальнага цэнтра і будучай сталіцы, а таксама з аргументамі, якія літоўскія свецкія інтэлектуалы прыводзілі на карысць Коўны[2].

Кніга дазваляе лепей уявіць, чаму літоўскі нацыянальны рух да 1917–18 г., а пасля літоўская дзяржава імкнулася да таго, каб валодаць Вільняй і Віленскім краем. Аўтары манаграфіі намагаюцца прытрымлівацца дыстанцыяванага падыходу да літоўскага нацыяналізму, але як, напэўна, ніводнаму чалавеку немагчыма быць абсалютна нейтральным да таго, пра што ён выказваецца, так і ў выпадку гісторыкаў быць абсалютна адстароненым ад таго, што даследуецца, немагчыма.

Імклівая асіміляцыя насельніцтва, якое размаўляла на розных дыялектах літоўскай мовы ў сярэдзіне і 2-й палове XIX ст. у Прусіі (пазней – Германскай імперыі) і імперыі Раманавых на землях былога Вялікага Княства Літоўскага была тым фонам, на якім літоўскія інтэлектуалы вырашылі рэалізаваць праект стварэння сучаснай нацыі на аснове сялянскага этнасу. Пачынаючы свой аналіз ад першай літоўскай свецкай газеты “Aušra” (1883), аўтары засяроджваюцца ў першую чаргу на публічным дыскурсе літоўскіх нацыянальных выданняў, пакідаючы ўбаку ўсю перадгісторыю літоўскага руху. Яны імкнуцца на працягу 5 раздзелаў манаграфіі апісваць літоўскі погляд на праблему будучай сталіцы Літвы, якая, калі не адразу, то прынамсі з пачатку XX ст., у некаторых тэкстах разглядалася нават у якасці “сэрца” таго, што літоўскія дзеячы лічылі “целам” нацыі. Пры гэтым такія цялесныя метафары дапамагалі падкрэсліць жыццёвую важнасць вырашэння пытання, якое набывала шэкспіраўскі трагізм[3].

Цялесныя метафары, характэрныя для этатысцкіх і нацыяналістычных дыскурсаў, праявілі сябе і ў выпадку літоўскага нацыяналізму. Яшчэ ў пачатку XX ст. Вільню параўноўвалі з сэрцам Літвы (12–13). У нацыяналістычнай рыторыцы ўжо міжваенных часоў такія метафары адыгрывалі некалькі функцый. Прыналежнасць горада да “нацыянальнага цела” (149) падкрэслівала ненатуральнасць яго адрыву ад Літвы, дапамагала прадстаўнікам літоўскага сялянства ўсвядоміць яго важнасць, а таксама падкрэслівала непаўнавартасць дзяржавы і нацыі без валодання гэтым горадам. “Цялесны” аспект нацыянальнага дыскурсу ў кантэксце віленскага пытання падкрэсліваўся і такімі момантамі, як параўнанне Польшчы і палякаў з “вампірам” у дыскурсе аднаго з апазіцыйных ураду каталіцкіх выданняў, якое крытыкавала ўступкі Польшчы ў пытанні ўсталявання дыпламатычных адносін (163), або параўнанне палякаў з “паразітамі” на постэры 1924 г. аўтарства Пятраса Рымшы (Petras Rimša, 1881–1961) (106).

Аўтары паказалі той бок “віленскага” дыскурсу, які быў рухавіком творчай дзейнасці мастакоў, скульптараў і архітэктараў. Якраз аналізу гэтага важнага культурнага і сімвалічнага аспекту[4] і яго значнасці ў літоўскім нацыяналізме не хапае і ў кантэксце таго, што такая комплексная тэма патрабуе міждысцыплінарнага падыходу.

Пры тым, што кніга прысвечана вельмі шматграннай праблеме, усё ж манаграфію нельга назваць у поўным сэнсе слова міждысцыплінарнай. Гэта перш за ўсё гістарычная манаграфія. Тым не менш, дасягненні іншых навуковых дысцыплін аўтары выкарыстоўваюць. Аналіз масавай друкаванай прадукцыі і дыскурс-аналіз літоўскага друку, які быў прысвечаны праблеме Вільні і Віленшчыны, прысутнічаюць у працы, але гэтаму аналізу не хапае глыбіні. Можна было прысвяціць больш месца і больш дэталёва прааналізаваць, напрыклад, антыпольскі дыскурс у кантэксце віленскай праблематыкі, закрануць антысемітызм міжваеннага перыяду і перыяду Другой сусветнай вайны, а таксама з Халакостам. Гэта стала адным з расчараванняў манаграфіі. Тут важна зразумець, як магло яўрэйскае насельніцтва ў дыскурсе літоўскага нацыяналізму ператварыцца з саюзніка ў ворага па віленскім пытанні.

Манаграфія пакідае пытанні зменаў моўна-лінгвістычных межаў на тэрыторыі Віленшчыны ўбаку, а іх можна было б азначыць некалькімі спасылкамі. Разуменне гэтага тым больш важнае для міжнародных чытачоў у сувязі хоць бы з канцэпцыяй літоўскага нацыянальнага руху аб “літоўцах, якія забыліся літоўскую мову”. Гэтае пытанне такім чынам набыло б кантэкст, якога не хапае для лепшага разумення тых праблем, якія стаялі перад літоўскім нацыянальным рухам і нацыяналізмам, а таксама дапамагло б лепш зразумець іх адносіны з суседзямі – беларусамі, палякамі, яўрэямі.

Аналізаваная кніга – вельмі важная, а англійская мова значна пашырае яе патэнцыяльную аўдыторыю. Пры гэтым нельга ўсё ж праігнараваць тое, што манаграфія, якая выйшла як том у выдавецкай серыі Інстытута Гердэра ў нямецкім Марбургу па даследаваннях Усходне-Цэнтральнай Еўропы, мае проста велізарную колькасць лексічных і элементарных граматычных памылак, што, напэўна, заўважаць яе чытачы. Хоць аўтар гэтых радкоў не атрымаў адпаведнай філалагічнай адукацыі і англійская мова не родная ні для яго, ні для аўтараў, але ігнараваць такую незлічоную колькасць памылак проста нельга, бо яны часам робяць чытанне і разуменне думак аўтараў досыць складанай задачай. Дастаткова сказаць, што там, дзе трэба выкарыстаць англійскія словы emphasize ці focus, яны з нейкай не зусім уцямнай паслядоўнасцю ўжываюць accentuate. Улічваючы гэта, напэўна, можна гаварыць пра з’яўленне нейкага новага акадэмічнага англійскага слэнгу, які функцыянуе ў навуковым асяроддзі Літвы і нават набыў цяпер пазалітоўскае вымярэнне, бо існуе ў міжнародным фармаце.

Хуткія тэрміны выканання замовы на друк, патрэба неадкладнай справаздачы не апраўдваюць такога вельмі неахайнага падыходу да якасці тэксту. Віна ляжыць як на выдавецтве, так і на даследчыках, якія карыстаюцца павагай міжнароднай навуковай супольнасці. Гэта падрывае іх аўтарытэт, падрывае аўтарытэт кнігі і зніжае яе вартасць. Нават калі прыняць тэзу пра крызіс сучаснай гуманістыкі на веру, то і гэта не будзе апраўданнем такога занядбання якасці тэксту, а будзе ўспрынята як яшчэ адна яго праява, а таксама кепскі прыклад для маладога пакалення даследчыкаў.

Пры тым, што польскі, беларускі і яўрэйскі погляд на віленскае пытанне, як пастулюецца, не выступае прадметам дэталёвага разгляду, усё ж адзін з аспектаў гэтай праблемы павінен быў прагучаць больш выразна. Беларускі хрысціянска-дэмакратычны друк даволі доўга разам  з паняццем “Заходняя Беларусь” ужываў і словазлучэнне “Усходняя Літва”. Пры гэтым хрысціянска-дэмакратычныя выданні не канкрэтызавалі, дзе заканчваецца Заходняя Беларусь, а дзе пачынаецца Усходняя Літва[5]. Згаданыя выданні атрымлівалі падтрымку з боку літоўскага ўраду. Гэта важна ў кантэксце таго, што аўтары апісваюць – як патэнцыяльная канкурэнцыя беларусаў за горад і край. Але ўсё ж такі падтрымка з літоўскага боку для беларусаў была, бо літоўскі ўрад у сваіх намаганнях не мог абапірацца выключна на літоўскую грамаду ў Вільні і літоўцаў Віленшчыны.

Нельга не заўважыць, што ў некаторых аспектах літоўскі нацыянальны рух у яго адносінах да Вільні для беларускага нацыянальнага руху ўяўляў нават не так прыклад, як пэўную кальку, матрыцу, якую можна было б выкарыстаць у сваіх мэтах. Напрыклад, літоўскае паломніцтва да віленскай Кальварыі (13), якое пачалося яшчэ да Першай сусветнай вайны, стала для беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў прыкладам, які яны самі выкарысталі ў сваіх мэтах ўжо ў міжваенны перыяд, калі ў 2-й палове 1930-х г. ладзіліся паломніцтвы да той жа віленскай Кальварыі з удзелам не толькі беларусаў-каталікоў, але і праваслаўных. Таксама і ініцыятыва па перайменаванні віленскіх вуліц у гонар дзеячоў беларускага нацыянальнага гістарычнага наратыву была пазычана ў літоўцаў.

Увагу беларускага чытача прыцягнуць менавіта моманты, звязаныя з тымі аспектамі кнігі, дзе яна закранае перакрыжаванне ці сутыкненне інтарэсаў беларускага нацыянальнага руху. Аўтары ў асноўным абапіраюцца на даступныя сёння працы беларускіх даследчыкаў. У манаграфіі Мачуліса і Сталюнаса нават тое, што беларусы дамагаліся аўтаноміі ў рамках шматнацыянальнай Літвы, разглядаецца толькі як этап перад патрабаваннем стварэння ўласнай дзяржаўнасці ў этнаграфічных межах з Вільняй у якасці сталіцы. Гучалі галасы і тых, хто ў літоўскай публічнай сферы лічыў беларусаў пагрозай літоўскім інтарэсам (38). Зрэшты, тэрмін “этнаграфічная Літва” меў свой аналаг у “этнаграфічнай Беларусі”. Валоданне Вільняй і Віленшчынай было гарантыяй для беларусаў, што яны не будуць асіміляваны Расіяй, бо менавіта там жылі беларускія каталікі. Гэтая тэза аўтараў абапіраецца на дзённікі Міхала Ромэра (49). Міжваенны ж перыяд быў часам, калі беларусы разглядаліся як саюзнікі Літвы ў барацьбе за вяртанне горада і краю. Пры гэтым у такой якасці яны выступалі разам з украінцамі. Усё ж, як прызнаюць аўтары, літоўская палітычная эліта прадугледжвала для беларусаў Віленшчыны толькі культурную аўтаномію (101–102). Аўтары манаграфіі не канкрэтызуюць формы падтрымкі, якую літоўскі ўрад аказваў беларусам у кантэксце барацьбы за Вільню і Віленшчыну, калі абмяркоўваюць формы падтрымкі, у тым ліку і фінансавай, якую мела літоўская меншасць у міжваеннай Польшчы (103, 155).

Аднак ужо ў 1939–40 г. беларусы зноў разглядаліся як патэнцыяльная пагроза літоўскім інтарэсам (p. 100, 186–187). Аўтары ўяўляюць беларусаў толькі як пешак у палітычных гульнях савецкага кіраўніцтва з Літвой, бо прадстаўнікі ўрада БССР нават не ведалі, што Вільню перададуць Літве. Перадача горада беларусам была толькі элементам шантажу Масквы і картай у перамовах з літоўскім урадам (172).

У самой Літве пачынаючы з 1919 г. ідэя вызвалення Вільні, захопленай у кастрычніку 1920 г. польскімі войскамі, ператварылася ў мабілізоўную ідэю для нацыянальнай супольнасці (75), якую літоўскія палітыкі пазней спрабавалі манапалізаваць для стварэння выгаднай для іх грамадскай думкі. Аднак рыторыка барацьбы за Вільню станавілася ўсё больш ірацыянальнай (92). Ірацыянальнасць адчувалася ў знешнепалітычнай арыентацыі Літвы на Германію і СССР. У 1930-я г. яна яшчэ больш узмацнілася з узрастаннем пагрозы з боку нацысцкай Германіі, якая ўяўляла ўсё большую небяспеку для Літвы. Літва не магла стварыць трывалы абарончы Балтыйскі саюз з Польшчай з прычыны абвостранага ўспрымання часткай літоўскай палітычнай эліты і насельніцтвам віленскага пытання (99, 110–112). Ідэя вызвалення Вільні ператварылася ў сакралізаваны і рытуалізаваны наратыў аб слаўным мінулым і светлай будучыні, што быў інструментам, з дапамогай якога кансалідавалася нацыянальная супольнасць і стваралася пачуццё калектыўнай ідэнтычнасці, таму адмовіцца ад яе для літоўскай палітычнай эліты нават паводле матываў самазахавання краіны было немагчыма (109–110).

Віленская праблема стала чыннікам стварэння бюракратычных структур, якія, аднак, не афішаваліся для шырокай публікі. Так, у 1930 г. была створана таемная Камісія па віленскіх справах, якая павінна была каардынаваць намаганні, скіраваныя на аналіз становішча літоўцаў Віленшчыны, сітуацыі там і на пошук шляхоў узмацнення іх пазіцый, пашырэння культурнай і эканамічнай актыўнасці. Пра існаванне гэтай камісіі ведала толькі вузкае кола асоб (103).

Для публічнай сферы краіны пытанне Вільні ператварылася ва ўніверсальны код, у формулу, якая прамаўлялася на розныя лады і з дапамогай якой выбудоўвалася палітычная рыторыка. Пытанне Вільні было спосабам, з дапамогай якога сфера палітыкі магла быць падзелена на “сваіх” і “здраднікаў”, якія гатовы былі адмовіцца ад ідэі вызвалення горада ці праяўлялі меншы імпэт у намаганнях падкрэсліць важнасць Вільні для літоўскага народа і дзяржавы.

Пытанне Вільні выкарыстоўвалася ў якасці зручнай карты для барацьбы з палітычнымі апанентамі. Не толькі ўласна нацыяналісты (або таўцінінкі, Tautininkai), але і прадстаўнікі іншых палітычных кірункаў, такія, як дэмакраты, хрысціянскія дэмакраты, члены народнай партыі, выкарыстоўвалі пытанне Вільні як своеасаблівую палітычную зброю супраць канкурэнтаў. Як толькі тая ці іншая партыя апыналася ва ўладзе або здабывала ўплыў (наколькі гэта было магчыма ва ўмовах аўтарытарнага рэжыму ў Літве пасля перавароту снежня 1926 г.), яе можна было абвінаваціць у здрадзе інтарэсам Літвы ў сувязі са спробамі перамоваў з палякамі або нейкімі іншымі правінамі (97, 161).

Паказалі аўтары манаграфіі і амбівалентнасць прапаганды ідэі вызвалення Вільні ў сувязі з ультыматумам, які высунула Літве Польшча ў сакавіку 1938 г., навязваючы ўстаноўку афіцыйных дыпламатычных адносін. Дзеянні ўрада, які паддаўся польскаму ўльтыматуму, былі расцэнены грамадскай думкай як здрада.

Аўтары аналізуюць дзейнасць дзвюх арганізацый, якія адыгрывалі асабліва значную ролю ў прапагандзе ідэі вызвалення Вільні. Гэта “Саюз вызвалення Вільні” і “Саюз стралкоў Літвы”. Абедзве арганізацыі праводзілі ідэі праз свае выданні і мерапрыемствы, якія яны ладзілі як на 9 кастрычніка (з 1920-х г. гэтая дата стала штогадовым днём нацыянальнай жалобы па страце Вільні), так і з іншых нагодаў, каб падкрэсліць значэнне Вільні для Літвы і літоўцаў, ненатуральнасць адрыву сталіцы ад рэшты краіны і неабходнасць удзелу ў вайсковых і парамілітарных арганізацыях. Сяброўства ў “Саюзе вызвалення Вільні” стала свайго роду знакам лаяльнасці для літоўскіх дзяржслужачых, а таксама для грамадзян міжваеннай Літвы агулам. З акцый, якія праводзілі гэтыя арганізацыі для замацавання “віленскай” ідэі ў грамадскай свядомасці, аўтары вылучаюць раздачу т. зв. віленскіх пашпартоў. Такія пашпарты атрымлівалі нават памерлыя сваякі і маладыя людзі, якія яшчэ не атрымалі агульнаграмадзянскага пашпарта. Вядома, што каля паўмільёна літоўцаў сталі сімвалічнымі грамадзянамі Вільні з 1932 г. ­– для маленькай краіны лічба надзвычайна высокая (133).

Сімвалічныя дзеянні суправаджалі рыторыку патрэбы вызвалення Вільні. Гэта пасадка т. зв. віленскіх дубоў, пабудова сімвалічных вежаў замка Гедыміна ў розных кутках Літвы, сімвалічныя цырымоніі, сам дзень 9 кастрычніка, які да 1938 г. шырока адзначаўся на дзяржаўным узроўні. Каб нагадваць жыхарам Літвы пра важнасць Вільні і Віленшчыны некаторыя перыядычныя выданні выкарыстоўвалі карту Літвы з межамі паводле дамовы з Савецкай Расіяй 12 ліпеня 1920 г. Такія карты ішлі нават для рэкламы папулярных цыгарэт і матацыклаў “Харлі-Дэвідсан” (162).

Пры тым, што Д. Сталюнас і Д. Мачуліс заўважылі, што літоўская палітычная эліта мела цьмянае ўяўленне аб сапраўднай сітуацыі ў Вільні і на Віленшчыне (102), некаторыя аспекты “віленскай” рыторыкі не былі пазбаўлены падставаў. У перыферыйнасці і эканамічнай стагнацыі Вільні і Віленшчыны было зерне праўды. Гэта пацвярджалі як дадзеныя польскай статыстыкі, так і некаторыя тагачасныя польскія назіральнікі. Мела значэнне і тое, што горад, колькасць насельніцтва якога амаль не вырасла з 1909 г., калі там жыло 205 тыс. чал., да 1939 г. з 209 тыс., на фоне глыбокай польскай правінцыі вылучаўся толькі наяўнасцю ўніверсітэта[6].

Аўтары не надалі значэння таму, наколькі “віленская” рыторыка дапамагала адцягваць увагу крытыкаў літоўскага ўрада і літоўскага грамадства ў цэлым ад праблем, звязаных з эканамічным крызісам канца 1920 – пачатку 1930-х г. Увага звернута ў першую чаргу на праблемы ў эканоміцы Віленшчыны або “Усходняй Літвы”, а карты ўключаюць беларускія тэрыторыі вакол Гародні, Ліды, Ашмянаў, Браслава і іншыя, хоць у манаграфіі на гэтым увага не акцэнтуецца.

Для паказання дыстанцыі, якая ўтварылася паміж рэчаіснасцю шматэтнічнай Вільні і Віленшчыны, і эфектамі “віленскай” прапаганды ў Літве аўтары досыць правільна выбралі за прыклад сітуацыю з экскурсіямі ў Вільню, якія настойліва рэкамендавалася праводзіць толькі з праверанымі гідамі. Пры гэтым, натуральна, літоўскія турысты павінны былі бачыць толькі агульнапрынятыя ў літоўскім дыскурсе і знаёмыя аб’екты, абмінаючы нелітоўскія, перавага польскай мовы трактавалася як часовая і толькі павярхоўная (167–169, 198).

Аўтары, хоць і не пішуць наўпрост, але пры абмеркаванні пытання дэмаграфічнай сітуацыі і далейшага лёсу насельніцтва Вільні і Віленшчыны (42) падразумяваюць праблему сацыяльнай інжынерыі[7]. Неабходнасць асваення гарадоў прадстаўнікамі “сялянскіх” (або “плебейскіх”) нацый мела вялікае значэнне. Аднак у выпадку Вільні адсутнасць прамысловасці і агульны стан эканамічнай стагнацыі рабілі перасяленне ў горад для літоўскіх сялян і прадстаўнікоў інтэлігенцыі (нават пры пэўных вельмі істотных выключэннях) немэтазгодным (28). Вайна павінна была змяніць палітычную сітуацыю і паўплываць на пытанне прыналежнасці горада і краю ў пазітыўным для літоўцаў ключы.

Аўтары даводзяць, што не ўсе прыхільнікі літоўскага нацыяналізму заклікалі да гвалтоўнага выгнання нелітоўскага насельніцтва з гэтых тэрыторый на працягу большай часткі разгляданага перыяду. Але сітуацыя стала змяняцца пад час Другой сусветнай вайны, калі літоўскія ўлады пачалі высяляць “зноў прыбылых” і бежанцаў (191–192), аднак ужыванне інструмента масавых забойстваў не прапагандавалі палітычныя сілы Літвы, якія выступалі за вяртанне горада і краю і спавядалі розную тактыку па іх літуанізацыі. Тым не менш аўтары, напэўна, спяшаючыся з падрыхтоўкай тэксту (што добра па ім відаць), забыліся больш кантэкстуалізаваць гэтае досыць важнае пытанне, якое ўсплывае ў сувязі з Халакостам і забойствам літоўскіх яўрэяў у Панарах.

Навуковая манаграфія літоўскіх даследчыкаў, нягледзячы на моўныя хібы, напісана ў падкрэслена палітычна нейтральным і, нават можна сказаць, апалітычным ключы. Гэта хутчэй можна палічыць за ўзор таго, як падобныя выданні павінны пазіцыянаваць сябе ў кантэксце моцнай палітызацыі гістарычных даследаванняў сёння<[8]. Але ад аўтараў манаграфіі ўжо не залежыць тое, наколькі іх кніга будзе па-рознаму інтэрпрэтавацца і ўспрымацца ў Беларусі, самой Літве і Расіі. Падзеі, якія разгарнуліся пасля лютага – красавіка 2014 г. ва Украіне, у значнай ступені вызначылі фон, на якім геапалітыка і злоўжыванне гісторыяй і гістарычнымі аргументамі зноў зрабіліся актуальнымі і папулярнымі.

Падсумоўваючы, трэба сказаць, што кнігу хутчэй трэба ахарактарызаваць як напісаную ў вялікай спешцы і параўнаць яе можна з недапечаным хлебам, які заўчасна забралі з печы. Пры гэтым яна мае і неаспрэчныя станоўчыя бакі, бо раскрывае розныя аспекты “віленскага” дыскурсу ў літоўскім нацыяналізме на працягу лёсавызначальнага перыяду ў фармаванні сучаснай літоўскай нацыі.

Аляксандр Пагарэлы

Гародня – Варшава


[1] Miłosz Cz. Rodzinna Europa. Paryż, 1958. S. 49.
[2] Літоўская палітычная думка. Канец ХІХ – пачатак ХХ ст. Анталогія / уклад. А. Казакевіч, навук. рэд. Т. Блашчак. Мінск, 2013. С. 43–64, 267–270; Мачуліс Д. Знакі і вобразы літоўскай Вільні ў мiжваенны час. Homo historicus 2009: Гадавiк антрапалагічнай гісторыі / рэд. А. Смалянчук. Вiльня, 2010. C. 342–357.
[3] Politics Otherwise: Shakespeare as Social and Political Critique / ed. by L. Donskis and J. D. Mininger. Amsterdam & New York, 2012.
[4] Reimagining the Nation / ed. by М. Ringrose, A. J. Jerner. Buckingham – Philadelphia, 1993.
[5] M. B. Dzień Litoŭskaj Niezaležnaści // Biełaruskaja Krynica. 1934. № 9. 18 lutaha. S. 2.
[6] Mackiewicz J. Bunt rojstów. Warszawa, 1990; Rachuba A., Kiaupienė J., Kiaupa Z. Historia Litwy. Dwugłos polsko-litewski. Warszawa, 2008. S. 341.
[7] Landscaping the Human Garden. Twentieth-Century Population Management in a Comparative Framework / ed. by А. Weiner. Stanford, 2003.
[8] Историческая политика в ХХI веке / под. ред. А. Миллера, М. Липман. Москва, 2012.

Наверх

Tags: , , ,