Новы нумар


Magocsi, Paul Robert. Historical Atlas of Central Europe (Антон Мірановіч)


MAGOCSI, PAUL ROBERT. Historical Atlas of Central Europe (Гістарычны атляс Цэнтральнай i Усходняй Эўропы). — Toronto, 1993. — 218 P.

У канцы 1993 г. у Таронцкім унівэрсытэце выйшаў «Гістарычны атляс Цэнтральнай i Ўсходняй Эўропы». Яго аўтар — прафэсар гэтага ж унівэрсітэту, дырэктар «Multicultural History Society of Ontario» Пол Робэрт Магоці, — гісторык, выдатны спэцыяліст па гісторыі Ўсходняй Эўропы, які ў сваіх працах ужо абараняў правы малых эўрапейскіх народаў, у тым ліку анэксаваных украінцамі русінаў[1].

«Атляс» прадстаўляе гісторыю гэтай часткі кантынэнту ад V ст. да 1992 г. Геаграфічна праца П.Магоці ахапляе тэрыторыю ад Уралу да паўночна-ўсходняй Італіі, Аўстрыі i ўсходняй часткі Нямеччыны. Дасьледаваньне прадстаўляе ня толькі палітычныя i адміністрацыйныя зьмены, але таксама паказвае шмат асобных праблем: эканамічную розьніцу рэгіёнаў, арганізацыйную структуру цэркваў, школьную сыстэму i ўплывы паасобных культур, дэмаграфічныя зьмены i міграцыі насельніцтва.

Каб бліжэй паказаць характар i вартасьці «Атлясу», разглядзім некалькі мапаў, на якіх адлюстраваная гісторыя беларускіх земляў i праваслаўнай царквы.

Мапа разьмяшчэньня плямёнаў Усходняй Эўропы ўтрымлівае дадзеныя аб тэрыторыях, заселеных дрыгавічамі, крывічамі i радзімічамі, гэта значыць тымі плямёнамі, якія сталі грунтам кшталтаваньня беларускага народу. У іншым аспэкце з IX ст. прадстаўлены тэрытарыяльны ўплыў Вялікамараўскай дзяржавы з Кракавам i Пярэмышлем. Наступствам гэтага было зьяўленьне ўсходняга абраду на польскіх землях.

Чарговая мапа прадстаўляе межы дзяржаў у сярэдзіне XI ст. Упершыню ў гэткім прэстыжным выданьні паказана тэрытарыяльнае разьвіцьцё Полацкага, Тураўскага i Смаленскага княстваў. Пол Магоці акрэсьліў прыналежнасьць Падляшша ў XIII ст. да Турава-Пінскай зямлі. Дзівіць толькі разьмяшчэньне на палітычнай мапе гэтага пэрыяду побач з назвамі на мове арыгіналу назваў на літоўскай мове, напрыклад: Пінск — Пінскас, Кіеў — Кіевас. У XIII-XIV ст. літоўскія назвы гэтых мясцовасьцяў не ўжываліся, a Вялікае Княства Літоўскае не было выключна літоўскім у сёньняшнім разуменьні гэтага слова.

Вялікія пазнавальныя вартасьці мае мапа гандлёвых шляхоў у сярэдзіне XV ст. Зь яе вынікае, што праз тэрыторыю сучаснай Беларусі праходзілі важныя шляхі з усходу на захад: з Масквы праз Смаленск, Віцебск, Полацак да Балтыйскага мора, а таксама з Масквы праз Смаленск, Барысаў, Менск (або Вільню) да Горадні. Сумненьні выклікае паказ шляхоў з поўдня на поўнач. Аўтар — адзіны зь вядомых мне гісторыкаў — паказвае шлях з Кіева да Смаленска ўздоўж Дняпра, абмінаючы лякальныя беларускія адгалінаваньні галоўнай дарогі, якая злучала Чорнае мора з Балтыйскім. Зь беларускіх земляў экспартаваліся ня толькі мёд i воск, як гэта адзначана на мапе. У XV-XVI ст. з гэтай часткі Вялікага Княства Літоўскага экспартаваліся збожжа, скуры i хатняя жывёла.

Для дасьледчыкаў гісторыі хрысьціянства ў Цэнтральна-Усходняй Эўропе асабліва цікавыя дзьве мапы, якія прадстаўляюць арганізацыйную структуру каталіцкай i праваслаўнай цэркваў у сярэдзіне XV i на пачатку XVI ст. Пры сядзібах большасьці дыяцэзій пазначаны год паўстаньня. Што датычыць беларускіх земляў, дык мапа, якая паказвае сытуацыю на ix у XV ст., мае некалькі істотных памылак. У гэты пэрыяд не было праваслаўных дыяцэзій зь сядзібай у Менску, Горадні, Вільні. Беларускія землі ўваходзілі тады ў склад Кіеўскай мітраполіі, архіяпіскапства Полацкага i япіскапстваў Смаленскага, Турава-Пінскага і Ўладзімірска-Берасьцейскага. Падобныя недакладнасьці ёсьць i на мапах іншых тэрыторый.

Мапы разьмяшчэньня рэфармацыйных веравызнаньняў у Цэнтральнай Эўропе ў XIX ст. i мапы дыяцэзіяльнага падзелу каталіцкай, уніяцкай i праваслаўнай цэркваў у 1900 г. выглядаюць значна лепей. Розная ступень дакладнасьці тут ёсьць эфэктам агульнага стану вывучэньня царкоўнай гісторыі Ўсходняй Эўропы. Вырашаючы пытаньні, зьвязаныя з названай тэматыкай, Пол Магоці быў вымушаны абаперціся на існуючыя працы, якіх занадта мала для высьвятленьня праблемы.

Пра стан школьніцтва i культуры ў Цэнтральна-Усходняй Эўропе інфармуе мапа геаграфічнага размяшчэньня ўніверсытэтаў i друкарняў, выкананая прасторава-храналягічным спосабам. Нават яе павярхоўны аналіз паказвае вялікую дыспрапорцыю ў развіцьці гэтых галін на тэрыторыі Чэхіі i Польшчы ў параўнаньні з балканскімі краінамі ці Ўкраінай.

Цікава прадстаўлены зьмены дзяржаўных межаў у XIX i XX ст. У гэтай частцы «Атлясу» аўтар паспрабаваў паказаць шмат складаных праблем, напрыклад, разьмяшчэньне нямецкага, а таксама жыдоўскага i армянскага насельніцтва ў міжваенны пэрыяд. З дасьледаваньняў П.Магоці вынікае, што найвялікшы працэнт жыдоўскага насельніцтва быў у беларускіх мястэчках (напрыклад, у Слоніме — 78%, Берасьці — 65,8%, Бабруйску — 60%, Гомлі — 56,4%). Дыскусійнай уяўляецца мапа міграцыі пасьля II сусьветнай вайны. Пададзеныя там лічбы выклікаюць розныя ацэнкі гісторыкаў. Аднак добра, што гэтая праблема знайшла месца ў «Атлясе».

Шмат пытаньняў прадстаўлена ў традыцыйнай картаграфічнай форме, напрыклад: палітычныя зьмены пасьля I i II сусьветных войнаў. Вялізная колькасць кранутых праблемаў, як асобнага, так i агульнага характару, нягледзячы на згаданыя памылкі, дазваляе высока ацаніць працу амэрыканскага гісторыка. Трэба таксама дадаць, што ўсе мапы маюць апісаньні, якія дэталёва асьвятляюць адпаведную праблему. Такая форма перадачы інфармацыі асабліва каштоўная таму, што «Атляс» адрасаваны галоўным чынам амэрыканскаму чытачу, мала знаёмаму з гісторыяй Усходняй Эўропы. Карыстаньне «Атлясам» аблягчаюць паказальнікі: геаграфічны i асабовы, а таксама бібліяграфія крыніц.

«Атляс» можна прызнаць удалай спробай цэльнага паказу ў форме мапаў гісторыі Цэнтральнай i Усходняй Эўропы. Добра, што яго аўтарам зьяўляецца асоба не з Старога Сьвету, незаангажаваная ў спрэчкі тутэйшых гісторыкаў.

Погляд на нашу гісторыю з адлегласьці выклікае давер да працы Пола Магоці. Ягоны «Гістарычны атляс Цэнтральнай i Ўсходняй Эўропы» мае асаблівае значэньне для беларусаў, бо ўпершыню на ангельскай мове чытачы могуць пазнаёміцца з гісторыяй нашага народу i дзяржаўнасьці. Беларусь, нават калі знаходзілася ў межах чужых дзяржаў, не была выключна геаграфічнай зьявай. Своеасаблівым вынікам яе гісторыі, апісанай амэрыканскім дасьледчыкам, было зьяўленьне на мапе Цэнтральна-Усходняй Эўропы з 1992 г. незалежнай i сувэрэннай дзяржавы — Рэспублікі Беларусі.

Антон Мірановіч (Белосток)


[1] Magocsi P.R. The Birth of a New Nation or the Return of an Old Problem? The Rusyns of East Central Europe // Canadian Slavonic Papers, Vol.XXXIV, No 3, September 1992. P.199-223; ён жа, The Sharping of a National Identity // Subcarpatian Rus. Cambridge, 1978.

Наверх

Tags: ,