БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Марына Сакалова. Інтэлектуальная гісторыя як навуковая дысцыпліна


Даследчы кірунак, які атрымаў назву «інтэлектуальная гісторыя», сфармаваўся адначасова з гісторыяй ідэяў і сацыяльнай гісторыяй, калі вучоныя адчулі неабходнасць «збалансаваць» традыцыйную цікавасць да палітычнай гісторыі[1]. Новы падыход меў усе падставы вылучыцца ў якасці «спецыялізаванай гісторыі»[2]. Яго сутнасць заключалася ў тым, што кожны інтэлектуальны феномен разумеўся як частка сістэмы, дзе ўсе элементы ўзаемазлучаныя[3]. Іншымі словамі, інтэлектуальная гісторыя займалася перш за ўсё праблемай кантэксту і імкнулася выявіць узаемаадносіны паміж ідэямі, ідэалогіямі, дыскурсамі, тропамі, тэкстамі і г.д.

Паняцце «кантэксту» было пашырана ў 60х г.: у шэраг задач даследавання была ўключана рэканструкцыя «светапогляду / мыслення індывідуума ці групаў у час, калі адбывалася тая ці іншая падзея або змена (дасягненне)»[4]. Пашырэнне праблематыкі справакавала дыскусіі з сацыяльнымі гісторыкамі, якія паставілі пад сумненне карыснасць існавання інтэлектуальнай гісторыі як спецыяльнай сферы даследавання. Канфлікт засноўваўся на розных падыходах да «аб’ектывізацыі значэння». Сацыякультурныя гісторыкі (школа Аналаў) ставілі перад сабой задачу рэканструяваць безлічныя калектыўныя структуры ўспрымання, пачуцця і думкі — так званую калектыўную ментальнасць пэўнага перыяду. Пры гэтым яны трактавалі індывідуальныя значэнні як самаідэнтычныя «сутнасці», якія могуць быць вырваны з кантэксту і з якімі можна працаваць як з статыстычнымі адзінкамі. Не адмаўляючы пэўную карыснасць такіх падыходаў, інтэлектуальныя гісторыкі сцвярджалі, што «гісторыю значэння» нельга звесці да сацыякультурных мадэляў і зноў падкрэслівалі важнасць кантэксту ў вывучэнні гісторыі інтэлектуальных феноменаў[5].

Лінгвістычны пераварот і асіміляцыя паняцця «дыскурс» гуманітарнымі навукамі, здавалася, падмацавалі пазіцыі інтэлектуальных гісторыкаў і даказалі слушнасць іх аргументаў наконт таго, што тэксты — не толькі дакументальнае адлюстраванне мінулай рэчаіснасці, але і падзеі «тэкстуалізаванага кантэксту»[6]; што «вербальныя канструкцыі» не толькі адлюстроўваюць, але і ствараюць рэчаіснасць[7]. Аднак аптымістычныя выказванні пра тое, што «многія інтэлектуальныя гісторыкі займаліся гісторыяй дыскурса задоўга да лінгвістычнага перавароту»[8], мелі, у пэўнай ступені, негатыўныя вынікі. Рэіфікацыя канцэпта «дыскурс» нарадзіла блытаніну паміж прадметам даследавання і кагнітыўнай мадэллю аб’екта даследавання (тэорыяй). Менавіта гэта выклікала меркаванні пра тое, што інтэлектуальная гісторыя перастала існаваць як аўтаномны жанр. «Нам больш не патрэбна інтэлектуальная гісторыя, бо мы ўсе сталі інтэлектуальнымі гісторыкамі», — напісаў у 1981 г. В.Боўсма[9].

З гэтага часу меркаванні пра знікненне інтэлектуальнай гісторыі як спецыялізаванай гісторыі, пра растварэнне яе ў сацыякультурнай ці інтэрдысцыплінарнай гісторыі з’яўляюцца даволі часта. На практыцы ж мы бачым: ва універсітэтах абараняюцца дысертацыі і чытаюцца курсы па інтэлектуаль най гісторыі, якая, безумоўна, прызнаецца як спосаб вызначэння гісторыкамі сваёй спецыялізацыі[10], друкуюцца артыкулы і кнігі[11]. Такая супярэчлівая сітуацыя, на наш погляд, параджаецца тым, што яшчэ не завершаны працэс ператварэння інтэлектуальнай гісторыі з даследчага кірунку ў спецыяліза ваную навуковую дысцыпліну. Калі пагадзіцца з меркаваннем, што крытэрый фармавання навуковай дысцыпліны носіць не ўнутрынавуковы, а вонкавы характар, што яе гісторыя пачынаецца з «фармавання адпаведнай прафесійнай супольнасці, усведамлення ёю сябе ў такой якасці … і далейшай яе інстытуцыялізацыі (з’яўленне часопісаў, навуковых суполак, кафедраў, універсітэцкіх курсаў….)»[12], ёсць падставы лічыць працэс інстытуцыялізацыі разгляданага гістарычнага жанру далёкім ад завяршэння. Так, калі «Journal of the History of Ideas» пачаў выходзіць з 1940 г., а «Annales d’histoire economique et sociale» — з 1929, то бюлетэнь «Intellectual News» пачаў выдавацца створанай у 1994 г. Міжнароднай Асацыяцыяй Інтэлектуальнай гісторыі (International Society for Intellectual History — ISIH) толькі з 1996 г. У 1999 г. ISIH сумесна з рэдакцыяй часопіса «Journal of the History of Ideas» пачалі распрацоўку праекта выдання «Слоўніка сучасных інтэлектуальных гісторыкаў». Але ж знаёмства з прапановамі наконт зместу слоўніка паказвае, што працэс інстытуцыялізацыі навуковага кірунку яшчэ не адбыўся.

Менавіта нявызначанасцю статусу абумоўлена цікавасць інтэлектуальных гісторыкаў да эпістэмалогіі[13]. Метагістарычная праблематыка не перастала быць для іх актуальнай, у адрозненне ад даследчыкаў «нармалізаваных дысцыплін». Разуменне неабходнасці быць адначасова гісторыкам і філосафам гісторыі — вось характэрная рыса даследчыкаў гэтага кірунку. Пра гэта, у прыватнасці, сведчыць дыскусія пра скарыстанне постмадэрнісцкіх падыходаў у вывучэнні інтэлектуаль най гісторыі, у якой вызначыліся тры асноўныя пазіцыі. Так, П.Пікенс (P.Pickens) папярэджвае: «Постмадэрнізм азначае смерць гісторыі, наратыву і любой спробы знайсці ці стварыць значэнне ў гісторыі». Х.Лоўсан (H.Lawson, Greensborough University, North California) і Дж.Слэйтэ (J. Slater, Toronto University) лічаць: меркаванні пра значэнне постмадэрнізму для гісторыкаў засноўваюцца на тым, што менавіта праз яго многія вучоныя «адкрылі» гістарычны рэлятывізм, праблематычную прыроду гістарычнага наратыву, культурны рэлятывізм. Гэтыя, на першы погляд, супрацьлеглыя пазіцыі сыходзяцца ў адмаўленні карыснасці постмадэрнісцкай даследчыцкай праграмы для інтэлектуальнай гісторыі. Больш слушнымі здаюцца пазіцыі гісторыкаў, якія сцвярджаюць, што ў рамках постмадэрнісцкай перспектывы адкрываюцца магчымасці пісаць гісторыю пановаму, не так, як гэта рабілі раней (J. Russel, Boston College; J. Tempehoff, South Africa University). Адбываецца гэта, перш за ўсё, за кошт 1) дэканструкцыі такіх метанаратываў, як Дэмакратыя, Ісціна, Свабода, Жанчына і інш; 2) крытычнага падыходу да аналітычных катэгорый, якімі карыстаецца гісторык[14]; 3) разумення таго, што «сённяшнія факты часта з’яўляюцца ўчарашнімі спекулятыўнымі тэорыямі» (J. Slater); 4) разумення даследчыкам сваей «гістарыч насці» (D. Smith, Carleton, Canada).

Апошняе звяртае даследчыкаў інтэлектуальнай гісторыі да праблемы прэзентызма[15], як яна была сфармулявана Б.Крочэ і Д.Д’юі: гісторык ніколі не бывае «нейтральным», на яго аказвае ўздзеянне кантэкст, у якім ён жыве; нават просты адбор фактаў — гэта ўласны адвольны выбар гісторыка; ды і самі гэтыя «факты» — толькі артэфакты, якія захаваліся да сённяшняга часу. Прычым найбольшую цікавасць у інтэлекту альных гісторыкаў выклікае пытанне наконт таго, як «пераадолець» абумоўленасць сваёй працы сучасным кантэкстам, скарэктаваць меркаванні пра мінулае адпаведна гістарычнай перспектыве. Адным з падыходаў да вырашэння гэтай праблемы стала ўвядзенне ў даследчыцкі зварот новых мадэльных канструктаў — «рэчавых актаў», прапанаванае «кембрыджскай школай» (Q.Skinner, J.Dunn, J.G.Pocock). Тэксты, выказванні, наогул інтэлектуальныя феномены разглядаюцца ў гэтым выпадку як выказванніакты, якія можна зразумець толькі належным чынам прааналізаваўшы кантэкст, у якім «гаварыў» і імкнуўся выканаць пэўнае дзеянне «гістарычны персанаж». Аналіз жа кантэксту патрабуе, перш за ўсё, асаблівай увагі да таго, якое значэнне мелі пэўныя словы і ідэі ў час, калі яны артыкуляваліся[16]. Вось чаму індывідуальныя даследчыцкія праграмы ў сферы інтэлектуальнай гісторыі часта ўключаюць вызначэнне часу ўзнікнення, першаснага зместу і эвалюцыі значэння канцэптаў, якія маюць дачыненне да тэмы даследавання[17]. Больш за тое, такія канцэпты, як «ідэнтычнасць і паходжанне» (R.Baxstrom, New School for Social Research, New York City), «цярпімасць» (G.Voogt, Kennesaw State University), «спачуванне» (N.Sznaider, the Academic College of TelAviv) і да іх падобныя становяцца прадметам асобных даследаванняў. У такіх даследаваннях звычайна вылучаюцца два аспекты праблемы: гістарычны (этымалагічны) і кантэкстуальны. Напрыклад, П.Хэрыс (P.Harris, Moorhead State University) вывучае этымалагічную гісторыю паняцця «залежнасці» і факусуе ўвагу на тым, чаму негатыўнае значэнне яно набыло менавіта ў эпоху Асветніцтва; а Р.Пігліа (R.Piglia, Columbia) разглядае «неакадэмічныя» тлумачэнні паняцця гвалту і аргументы на яго абарону ў Калумбіі ў 8090х г.

На аснове выкарыстання тэорыі рэчавых актаў, метадаў семіётыкі, лінгвістычнага аналізу, кантэкстуалізацыі і інш.[18] інтэлектуальныя гісторыкі канструююць спецыфічныя прадметы даследавання. Так, прафесар Дж.Хорнстэйн (J.Hornstein, University of Maryland) даследуе, як сацыёлагі канцэптуалізавалі паняцце «клас» і як іх ідэі, у сваю чаргу, пранікалі ў грамадскую свядомасць праз сродкі масавай інфармацыі. Т.Клопэнберг разглядае творчасць Д.Д’юі ў кантэксце сацыяльных, палітычных, рэлігійных і эканамічных рухаў, сучасных філосафу[19]. Узгаданыя вышэй прыклады, на наш погляд, сведчаць пра тое, што прадмет, які даследуе інтэлектуальная гісторыя, хоць і патрабуе давызначэння[20], не «перасякаецца» з прадметамі іншых спецыяльных гісторый. Таму ёсць падставы спадзявацца, што з завяршэннем працэсу інстытуцыялізацыі інтэлектуальная гісторыя атрымае статус навуковай дысцыпліны[21] з сваёй уласнай эпістэмалогіяй.

* Шмат якія абагульняльныя сцвярджэнні ў гэтым артыкуле носяць палемічны характар і могуць быць аспрэчаны. Тым не менш, аўтар мяркуе, што прапанаванае апісанне некаторай агульнай тэндэнцыі можа мець пэўную цікавасць для чытачоў часопіса.


[1] У 1904 г. Д.Х Робінсан пачаў чытаць курс «Інтэлектуальная гісторыя Заходняй Еўропы» ў Калумбійскім Універсітэце (ЗША), у 1939 г. выйшла кніга П.Мілера «The New England Mind», якая лічыцца першай сур’ёзнай навуковай працай, свядома прысвечанай вывучэнню інтэлектуальнай гісторыі. У той час А.Лаўджой сфармаваў паняцце «гісторыі ідэяў» (A.Lovejoy. The Great Chain of being: A study of the history of an idea. N.Y., 1936. Chapter 1). У 1929 г. Л.Феўр і М.Блок заснавалі часопіс «Annales d’histoire economique et sociale», праграмай якога было стварэнне «татальнай» сацыяльнай гісторыі, якая б выходзіла за рамкі традыцыйнай «гісторыі падзей», г.зн. палітычнай гісторыі.
[2] Пра азначэнне і вылучэнне «спецыялізаваных гісторый» гл.: Mandelbaum M. The History of Ideas, Intellectual History and the History of Philosophy //History and Theory. Beiheft 5. P. 42–48.
[3] У сваёй кнізе П.Мілер імкнуўся рэканструяваць усю сістэму мыслення пурытанскіх пісьменнікаў і прапаведнікаў: ён аналізаваў логіку іх дыскусій, іх уяўленні пра космас і прыроду чалавека. Усе аспекты пурытанскага мыслення разглядаліся як узаемазвязаныя часткі цэласнай сістэмы.
[4] Gilbert F. Intellectual History: its Aims and Methods // Daedalus. 1971. V. 100. P.94.
[5] Гл. пра гэта падрабязней: Modern European Intellectual History: Reapprisals and New Perspectives. N.Y., 1982; La Capra D. Rethinking Intellectual History: Texts, Contexts, Language. N.Y., 1983; La Capra D. History and Criticism. N.Y., 1985. Агляд гэтых кніг у: Toews J. Intellectual History after the Linguistic Turn: The Anatomy of Meaning and the Irreducability of Experience // The American Historical Review. 1987. V. 92.
[6] La Capra D. Rethinking Intellectual History : Texts, Contexts, Language. N.Y., 1982. P. 84—117; La Capra. History and Criticism. N.Y., 1985. P. 81–86; Toews. Intellectual History, p. 886.
[7] Актыўнасць «тэксту» ў фармаванні рэчаіснасці стала адным з галоўных аргументаў супраць прынятай у сацыякультурнай гісторыі бінарнай апазіцыі «элітарная культура — народная культура» (Toews. Intellectual History, p. 883–884, 885).
[8] Hollinger D.A. In the American Province: Studies in the History and Historiography of Ideas. Bloomington, 1985. P. 131–134.
[9] Bowsma W. Intellectual history in the 1980s // Journal of Interdisciplinary History. 1981.V. 12. P. 280.
[10] Ritter H. Dictionary of Concepts in History. New York, 1986. P. 236.
[11] Рэгулярны штомесячны агляд публікацый, якія маюць тое ці іншае дачыненне да інтэлектуальнай гісторыі, можна знайсці на h–ideas@h–net.msu.edu.
[12] Паршин Б. Теоретические перевороты и методологический мятеж в лингвистике ХХ века // Вопросы языкознания. 1996. № 2.
[13] Пра прыватную эпістэмалогію спецыялізаваных дысцыплін — «тэорыі сярэдняга ўзроўню» гл.: Merton R. Social Theory and Social Structure. N.Y., 1968.
[14] У гэтым кантэксце вялікую цікавасць у інтэлектуальных гісторыкаў выклікаюць погляды Х.Ўайта. Яго лекцыя «Гісторыя як фантазм», якая была прачытана ў сакавіку гэтага года ва універсітэце Брытанскай Калумбіі, зноў прыцягнула ўвагу гісторыкаў да абмеркавання праблем эпістэмалагічнага плюралізму і прагматызму.
[15] Hull D. In Defence of Presentism // History and Theory. 1979. V.18; Ashplant T., Wilson A. Present–Centered History and the Problem of Historical Knowledge // The Historical Journal. 1988 V. 31; Hardcastle G.L. Presentism and the Indeterminacy of Translation // Studies in the History and Philosophy of Science. 1991. V. 22.
[16] Dunn J. The Identity of the History of Ideas // Philosophy, Politics and Society. 1972; Skinner Q. Meаning and Understanding in the History of Ideas // History and Theory. 1969. V. 8.
[17] Паказальнымі ў гэтым сэнсе з’яўляюцца дыскусіі пра паняцці «сярэдні клас», «культурная палітыка», «гендэр» і інш. у h–ideas@h–net.msu.edu, сакавік 1999.
[18] Пра падыходы і метады ў інтэлектуальнай гісторыі гл :Baumer F.L. Intellectual History and Its Problems //Journal of Modern History.1949. V. 21; Higham J. Intellectual History and Its Neighbors // Journal of the History of Ideas. 1954. V. 15:Higham G. The Rise of American Intellectual History // American Historical Review. 1951 V. 56; Krieger L. The Autonomy of Intellectual History // Journal of the History of Ideas. 1973. V. 34; White H. Method and Ideology in Intellectual History: the Case of Henry Adams//Modern Intellectual History:Rreappraisals and New Perspectives. N.Y., 1982; LaCapra D. Rethinking Intellectual History : Texts, Contexts, Language. N.Y., 1982.
[19] Kloppenberg T. Uncertain Victory: Social Democracy and Progressivism in European and American Thought, 1870–1920. Oxford, 1986.
[20] Маецца на ўвазе больш яснае і дакладнае размежаванне з сацыякультурнай гісторыяй, гісторыяй ідэй і інтэрдысцыплінарнай гісторыяй на эпістэмалагічным узроўні.
[21] Як спецыяльная гісторыя.

Наверх

Тэгі: