Новы нумар


Маскоўская канферэнцыя па гістарыяграфіі (Генадзь Сагановіч)

13—15 верасня 2004 г. у Маскве адбылася міжнародная канферэнцыя „Дзяржаўная самастойнасць Украіны і Беларусі і асноўныя тэндэнцыі асвятлення мінулага ўсходніх славян сусветнай навукай“, арганізаваная Інстытутам славяназнаўства РАН (Аддзелам усходняга славянства) разам з Расійскім Дзяржаўным гуманітарным універсітэтам. „Маторам“ мерапрыемства выступіў старшыня аргкамітэта Леанід Гарызонтаў — тагачасны загадчык згаданага аддзела, які ўсталяваў сталыя кантакты з калегамі з Беларусі і Ўкраіны і добра адчуў патрэбу падобнай сустрэчы. Сапраўды, за 15 гадоў пасля распаду Савецкага Саюза гуманітарныя навукі нашых краін перажылі якасныя змены. Між тым, яны настолькі аддаліліся адна ад адной, што ўяўленні пра гістарыяграфію суседняй дзяржавы, сфармаваныя звычайна на падставе выпадковых звестак, застаюцца імглістымі і аднабаковымі. Сітуацыю не мяняюць і асабістыя кантакты, бо як беларускія, так у яшчэ большай ступені і ўкраінскія гісторыкі за гэты час усталявалі больш сувязяў з польскімі ці нямецкімі калегамі, чым з расійскімі. На Захадзе з’явіліся цэнтры ўкраіністыкі ды беларусістыкі, тады як Расіі і ў гэтых адносінах няма чым пахваліцца. У такой сітуацыі канферэнцыя па гістарыяграфіі Беларусі і Ўкраіны адпавядала даўно наспелым патрэбам і абяцала быць плённай.

За тры дні працы было прадстаўлена каля 30 дакладаў даследчыкаў з 7 краін, у тым ліку з Італіі, Нямеччыны, Польшчы і Японіі. Гістарычная навука, ідэалогія і ўлада — вось асноўная праблематыка, разгляданая выступоўцамі, у тым ліку ў дакладах пленарнага паседжання, якія задалі тон далейшай працы канферэнцыі: „Нацыяналізацыя гісторыі ў сучаснай Украіне: ідэалогія, палітыка і навука“ Георгія Касьянава (Украіна), „Паміж уладай і нацыяй: гісторыя і гістарычная навука ў Беларусі“ Райнэра Лінднэра (Нямеччына), „У канфлікце з будучым: беларускія сацыяльна–палітычныя мадэлі і беларуская гістарычная рэальнасць“ Андрэя Кіштымава (Беларусь).

Асаблівая ўвага ў дакладах і дыскусіях аддавалася аналізу руска–украінскіх і руска–беларускіх сувязяў, што адпавядала і назве канферэнцыі. З Беларусі да ўдзелу ў ёй былі запрошаны Аляксандр Бендзін, былы выкладчык тэалагічнага факультэта ЕГУ (даклад „Праблемы этнічнай ідэнтыфікацыі беларусаў 60–х г. ХIХ — пачатку ХХ ст. у сучаснай беларускай гістарыяграфіі“), ужо згаданы Андрэй Кіштымаў і аўтар гэтай нататкі (даклад „Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітая ў новай беларускай гістарыяграфіі“). Мы з Кіштымавым былі яшчэ супрацоўнікамі Акадэміі Навук, аднак тагачасны дырэктар Інстытута гісторыі М.Сташкевіч катэгарычна не дазволіў нам афіцыйнага выезду, таму давялося ўдзельнічаць у якасці прыватных асоб.

Адмыслова варта згадаць даклад А.Бендзіна, які прагучаў яўным дысанансам. Як беларускіх удзельнікаў форума, так і замежных беларусістаў ён прывёў у стан пэўнай разгубленасці. Паводле дакладчыка, беларуская ідэнтычнасць пачала выяўляцца толькі ў 1860–я г. (дзякуючы палітыцы віленскага генерал–губернатара Мураўёва! — Г.С.), калі беларусы сталі „пробуждаться как русский народ“. У плане нацыянальнага развіцця для беларусаў Бендзін адвёў дзве магчымасці — як натуральны „западнорусский проект“, і як анамальны „националистический“. Што да палітыкі русіфікацыі, якую праводзілі расійскія ўлады, то гэта, маўляў, проста „модернизация“ ў мэтах павышэння „конкурентоспособности“ грамадства. А ўласна беларускую этнічнасць, якую даўно даследуюць этнолагі, у разуменні Бендзіна, „сконструировало советское государство“!

Некарэктна было б пасля такога выступу перад сур’ёзнай аўдыторыяй кідацца і абвяргаць усе „адкрыцці“ аўтара, тым болей, што ў іх мала арыгінальнага, нават параўнальна з вялікадзяржаўніцкай міфалогіяй часоў любімага ім графа Мураўёва. Але нельга было не паказаць, што, беручыся за такую праблему, дакладчык не валодае і базавымі паняццямі, у прыватнасці не адрознівае этнасу ад нацыі і да т.п. Засталося, аднак, не зусім зразумела, навошта на сур’ёзную навуковую канферэнцыю быў запрошаны дакладчык такой кваліфікацыі. Магчыма, каб прадстаўляць іншую плынь беларускай гістарыяграфіі, неакадэмічную. Тады можна было б запрасіць некага з больш вядомых прадстаўнікоў выпешчанага цяперашняй уладай „заходнерусізму“. Бо асабіста я толькі на маскоўскай канферэнцыі і „адкрыў“ для сябе гісторыка А.Бендзіна. Ужо потым, пацікавіўшыся генеалогіяй падобных поглядаў, адшукаў яго публікацыі, у прыватнасці абароненую ім у 1989 г. дысертацыю „Деятельность компартии Белоруссии по идейно–политическому воспитанию студенческой молодежи в 1928—1937 гг.“, і больш зразумеў калегу. Прынамсі тое, чаму для яго абвяшчэнне суверэнітэту Беларусі азначала наступленне перыяду „этнонационалистической диктатуры“ ў сферы гістарычнай адукацыі (1991—1994), а ўсталяванне прэзідэнцкага рэжыму А.Лукашэнкі — „восстановлением плюрализма“. Моцна сумняюся, што выкладчыкі і студэнты БДУ, дзе спадар Бендзін цяпер працуе, могуць падзяляць меркаванне іх калегі наконт плюралізму.

Нягледзячы на гэты непрыемны эпізод, праца праходзіла ў спакойнай, талерантнай атмасферы, абмен меркаваннямі быў канструктыўны і дастаткова самакрытычны. На заключным пасяджэнні, прызнаўшы першы вопыт украінска–беларуска–расійскай канферэнцыі па гістарыяграфіі ўдалым, яе арганізатары і ўдзельнікі выказаліся за мэтазгоднасць правядзення наступных падобных форумаў. Прысвяціць іх можна было б, у прыватнасці, супастаўляльнаму аналізу гістарыяграфічных сітуацый і тэрміналогіі, якая выкарыстоўваецца сучаснай гістарычнай навукай у Беларусі, Расіі і Ўкраіне. Даклады ўдзельнікаў гэтай плённай сустрэчы запланавана выдаць у кніжным фармаце.

Мінск

Генадзь Сагановіч

Tags: ,