Новы нумар


Мірон Капраль. Гісторыя Полацка ў выкладзе швейцарскага гісторыка


* Stefan Rohdewald, „Vom Polocker Venedig”: Kollektives Handeln sozialer Gruppen einer Stadt zwischen Ost- und Mitteleuropa (Mittelalter, frühe Neuzeit, 19. Jh. bis 1914), Stuttgart, 2005 (= Quellen und Studien zur Geschichte des östlichen Europa, Bd. 70), 588 S. Украінскі варыянт рэцэнзіі публікуецца ў выданні „Український гуманітарний огляд” (вып. 14).

Украінская ўрбаністыка старажытнага перыяду апошнім часам трохі ажывілася, выйшла з друку некалькі цікавых кніг па гарадской гісторыі[1], аднак у цэлым узровень даследаванняў застаецца недастатковым. Апрача вядомай прычыны, звязанай са стратай ці адсутнасцю першакрыніц, вывучэнне ўкраінскага горада тармозіцца слабасцю метадалагічнай базы, на якой грунтуюцца гісторыкі ў сваёй працы. Старыя пазітывісцкія падыходы савецкага перыяду часта прыводзяць да звычайнага апісання крыніц без глыбейшага іх аналізу. З гэтага пункту гледжання падаецца цікавым уключыць ва ўкраінскі кантэкст нядаўна выдадзеныя працы нямецкіх і швейцарскіх даследчыкаў па урбаністыцы Вялікага Княства Літоўскага перыяду Сярэднявечча і ранняга Новага часу[2]. Сучасны нямецкамоўны часопіс з характэрнай назвай „Ostmitteleuropaforschung” („Даследаванні Цэнтральна-Усходняй Еўропы”) усё больш артыкулаў публікуе пра ўкраінскія і беларускія землі. Працам заходніх вучоных уласцівы грунтоўны метадалагічны падыход, адточаны ў шматлікіх і разнастайных даследаваннях па гісторыі нямецкага і ў цэлым еўрапейскага горада, што сістэматычна і бесперапынна пісаліся пачынаючы з класічнай эпохі Леапольда фон Ранке[3].

Аўтар рэцэнзаванай кнігі Штэфан Родэвальд, доктар, выкладчык кафедры новай і найноўшай гісторыі і культуры Усходняй Еўропы ва ўніверсітэце Пасау (Нямеччына, Баварыя), — параўнальна малады даследчык. У 1997 г. ён скончыў вучобу ў ліцэнцыяце Цюрыхскага ўніверсітэта, абараніўшы працу па гісторыі горада Полацка да 1563 г. Праходзіў навуковую стажыроўку ў Львове, Мінску, Санкт-Пецярбургу, дзе вёў архіўныя пошукі, вывучаў мовы і назапашваў гістарыяграфічны матэрыял. Так што канцэпцыя доктарскай дысертацыі, якая стала асновай для выдання манаграфіі, выспявала даўно, паступова рэалізуючыся ў 1998-2004 г. пад кіраўніцтвам прафесараў з Цюрыха — Карстэна Гёрке і Ганса-Ёрг Гільёмэна. У сакавіку 2005 г. Ш. Родэвальд выступіў арганізатарам міжнароднай канферэнцыі ва ўніверсітэце Пасау на тэму „Літва і Русь: даследаванні транскультурных камунікатыўных рэгіёнаў (XV-XVIII ст.)”, матэрыялы якой былі нядаўна выдадзены[4]. Відавочна, на шырэйшым параўнальным фоне дакладаў, прадстаўленых на гэтай канферэнцыі, ён атрымаў магчымасць верыфікаваць вывады сваёй доктарскай працы пра Полацк, пасля чаго ў тым жа годзе выдаў яе ў Штутгарце. У прапанаваным рэцэнзійным аглядзе маштабнай паводле ахопу і багацця прыцягнутага матэрыялу, шырокай паводле храналагічнага зрэзу манаграфіі я хачу спыніцца на асноўных момантах, звязаных з прапанаванай аўтарам метадалогіяй, прыцягнутай гістарыяграфіяй, аглядам крыніц і асноўнымі вынікамі працы з асаблівым націскам на перыяд ранняга Новага часу, ключавы ў аўтарскай канцэпцыі гісторыі горада.

***

Назва манаграфіі „Полацкая Венецыя” — канцэпт русінскага летапісца першай паловы XVII ст., які аднаму з раздзелаў свайго твора даў назву „О Полоцкой Венецеи або свободности”. Мясцовы храніст выкарыстоўваў гэтую метафару, апісваючы княскія часы, калі, паводле яго слоў, у Полацку ўсе важныя справы вырашалі 30 мужоў, якіх выбірала гарадская грамада. Толькі Пскоў і Вялікі Ноўгарад мелі ў той час падобныя „свабоднасці” (с. 11, тут і далей старонкі рэцэнзаванага выдання). Цікава, што летапісец у гэтым гістарычным экскурсе грунтаваўся не на аўтэнтычных гістарычных сведчаннях летапісаў, а на тэксце польскага храніста Мацея Стрыйкоўскага, які ў другой палове XVI ст., паводле трапнага выказвання Аляксея Талочкі, „адкрываў” як украінцам, так і беларусам сваю інтэрпрэтацыю, свой дыскурс гісторыі Кіеўскай Русі[5].

Штэфан Родэвальд адзначае інтэграванасць Полацка і навакольнага рэгіёна ў агульнаеўрапейскі ментальны кантэкст, прымаючы да разгляду гістарыяграфічную дылему аб прыналежнасці горада да Цэнтральна-Усходняй ці Усходняй Еўропы (12-13). Адказы на гэтае пытанне розняцца, і дагэтуль яшчэ наконт многіх аспектаў гэтай праблемы вядуцца зацятыя спрэчкі[6]. Аўтар вагаецца, і гэтыя ваганні ён перадае ў падзагалоўку манаграфіі, дзе гаворыцца пра горад паміж Усходняй і Цэнтральна-Усходняй Еўропай. На яго думку, ні ў якім іншым рэгіёне Еўропы канфесійная большасць не пераходзіла ў іншае веравызнанне, як гэта мела месца ў дадзеным выпадку. Хоць можна назваць прыклады сучасных краін Балгарыі, Іспаніі, а таксама Босніі і Герцагавіны, у якіх гарадское насельніцтва ў асобныя перыяды сваёй гісторыі таксама зазнавала падобныя трансфармацыі.

Як цалкам слушна адзначае Ш. Родэвальд, шматлікія меркаванні і прапановы наконт пашырэння абсягу Цэнтральна-Усходняй Еўропы на ўсход кантрастуюць з мізэрнай колькасцю даследаваняў па мясцовай гісторыі, на прыкладзе якіх можна было б абвергнуць ці пацвердзіць гэты тэзіс (14). Прыклад балансавання горада паміж уплывамі Цэнтральна-Усходняй і Усходняй Еўропы аўтар знаходзіць у шматлікіх рэканструкцыях і перабудовах Сафійскага сабора ў Полацку, якія цягнуліся з часоў Кіеўскай Русі (1415).

У сваёй працы аўтар ставіў на мэце вывучыць гісторыю горада ў макрагістарычнай перспектыве як гісторыю камунікацыі і інстытутаў сацыяльных груп, ставячы адначасова пытанне, наколькі важнымі заставаліся прававыя рамкі дзеянняў гэтых сацыяльных груп (16). Аднак гэты макраўзровень гістарычнага даследавання не стаў выключнай мэтай аўтара, паколькі гэта магло прывесці да хоць і карысных, але ўсё ж абстрактных канструкцый. Найцікавейшымі падаюцца пастаноўка аўтарам тэзіса пра ўваходжанне Полацка ў прастору Цэнтральна-Усходняй Еўропы і адказ на пытанне, у што вылілася гэтая сустрэча „ўсходне-славянска-варажска-візантыйскай культурнай мадэлі з заходнееўрапейскай” (16). Прыняццю або адхіленню тых ці іншых культурных або арганізацыйных узораў папярэднічала сутыкненне, а таксама часовае іх успрыманне, перцэпцыя і наступная трансфармацыя.

Важнай метадалагічнай асновай працы было разуменне дзеянняў сацыяльнай групы ці карпарацыі як „калектыўнага актара”, што дзейнічае згодна з нормамі і правіламі, пра якія моўчкі было дамоўлена раней. У такіх сярэдневяковых калектываў, у адрозненне ад арганізацый пазнейшых часоў, складаюцца гарызантальныя сувязі, заснаваныя на парытэтных прававых і сацыяльных пачатках (цэх, гільдыя і г. д.). Ш. Родэвальд ставіць задачу прасачыць узаемадзеянне розных груп як знутры — у іх канкурэнтным асяроддзі, так і звонку — пры групавым узаемадзеянні ў пагранічных канфліктных сітуацыях: фармaванне гарадской рады і лавы, гарадскія паўстанні і хваляванні, канфесійныя працэсіі, нацыянальныя дэманстрацыі і г. д.

У макрагістарычным кантэксце, які выбраў у сваёй працы аўтар, лагічна ставяцца пытанні шырокага кампаратыўнага плана, накшталт такіх: ці быў Полацк тыповым старажытнарускім горадам, наколькі гэты горад пры ўваходжанні ў Вялікае Княства Літоўскае і пазней у Рэч Паспалітую быў падобны да вялікіх польскіх гарадоў і як яго можна параўнаць у расійскі перыяд гісторыі ў XIX ст. з уласна расійскімі гарадамі, што знаходзіліся на этнічнай рускай тэрыторыі? Пры такім параўнальным падыходзе больш яскрава выступаюць уласныя рысы гісторыі Полацка, што не маглі быць навязаны нейкім загадзя зададзеным „тэлеалагічным” падыходам (18). Аўтар разумее складанасць даследавання гарадской гісторыі на такім вялікім часавым прасцягу, таму асноватворныя пытанні ён фармулюе канкрэтна, з улікам гістарычнага кантэксту Русі, польска-літоўскай дзяржавы і Расійскай імперыі, у складзе якіх па чарзе знаходзіўся Полацк.

На пачатку разгляду гісторыі горада ў гэтыя вялікія перыяды аўтар падае кароткі ўступ у рэгіянальную гісторыю, а потым аналізуе інфармацыю пра падзел насельніцтва горада насацыяльныя групы ўфармальных, прававых адносінах. Гэта дазволіла разгледзець, ахапіць аналізам і маленькія сацыяльныя групы ўіхунутраным узаемадзеянні. Наступным этапам аўтарскай методыкі было прасочванне таго, як сацыяльныя групы дзейнічалі ў прававых і сацыяльных рамках усяго горада. Пры гэтым цікавым падавалася даследаваць міжканфесійную канкурэнцыю і гарадскую арганізацыйную структуру. Кожны раздзел заканчваецца пасляслоўем, дзе падсумоўваюцца кампаратыўныя меркаванні аўтара ў макрагістарычным вымярэнні ў сэнсе Бродэлевага паняцця longue durée (доўгатрываласці). Але пры выкладзе матэрыялу ўнутры раздзелаў аўтар выкарыстоўвае звыклыя макрагістарычныя і мезагістарычныя падыходы.

Закранаючы метады даследавання, Ш. Родэвальд слушна зазначае, што пад паняцце „калектыўнага дзеяння сацыяльнай групы”, якое займае цэнтральнае месца ў рэцэнзаванай кнізе, можна падвесці шырокі спектр калектыўных дзеянняў, уключна з узаемадзеяннем у сям’і і ў працы. На жыхароў горада мелі ўплыў нефармальныя, кліентарныя ўзаемаадносіны ў сям’і і блізкім прафесійным акружэнні, якія маглі прычыняцца да разнапланавай і разнавектарнай іх дзейнасці, аднак аўтар абмінае гэты кантэкст, калі гэтая дзейнасць не датычыць узаемаадносін паміж групамі ці ўнутры вялікай групы. Штодзённае жыццё гарадскога жыхара выносіцца па-за рамкі даследавання, гэтаксама як і поле дзейнасці ў горадзе дзяржавы, якая пэўным чынам уплывала на гарадскую гісторыю, але не ў кантэксце ўзаемадзеяння вялікіх сацыяльных груп насельніцтва (19). Іншы ключавы тэрмін кнігі — „камунікацыя”, паколькі без яе немагчыма даследаваць ніводную сацыяльную акцыю ў горадзе. Сацыяльныя сістэмы нельга ўявіць без шматлікіх прыкладаў узаемадзеяння індывідаў, якія ствараюць гістарычны мікракантэкст. Такая практыка стварае адпаведна ў часе і прасторы адпаведныя інстытуты (19).

Важнай для аўтара пры аналізе калектыўнай дзейнасці сацыяльных груп падаецца моўная карціна ў горадзе і дынаміка моўных прыярытэтаў яго насельніцтва, паколькі „пры вызначэнні часавага, прасторавага і ўнутранага гарызонту дзейнасці ў канкрэтнай сітуацыі выбар мовы адыгрывае вырашальную ролю” (20). Цікава з сацыялагічнага пункту гледжання трактуюцца вусныя зносіны і дзеянні, якія адлюстроўваюцца ў пісьмовых крыніцах, паколькі „прымяненне пісьма адпраўшчыкам і адрасатам пісьмовага паведамлення [г. зн. першакрыніцы. — М. К.] вызначае непасрэднае поле дзеяння (Handlungsfelder)” (21). Ш. Родэвальд часта спасылаецца ва ўступнай метадалагічнай частцы на працы нямецкіх сацыёлагаў і гісторыкаў-тэарэтыкаў (А. Ляндвера, Р. Бленкнера і іншых). Асабліва часта аўтар звяртаецца да інтэрпрэтацыі асноўнага паняцця калектыўнага дзеяння як „агульнага дабра / bonum commune”, або карпаратыўнага кансэнсусу ці ўзаемна прынятага прававога спакою, што вынікаюць з канцэпцыі „камуналізму” нямецкага гісторыка-тэарэтыка П. Блікле[7].

Не з усімі метадалагічнымі падыходамі Ш. Родэвальда можна цалкам згадзіцца. Прыярытэт макрагістарычных, сацыялагічных і параўнальных метадаў сапраўды дазваляе канцэптуальна зірнуць на супольныя ці адметныя рысы Полацка на фоне цэнтральнаеўрапейскіх, польскіх або расійскіх гарадоў. Аднак часта такая шырокафарматная кампаратывістыка, узятая ў доўгім храналагічным зрэзе, не дазваляе разгледзець унікальных гістарычных асаблівасцяў развіцця горада. На старонках манаграфіі крайне мала згадак пра жыхароў горада як актыўных гістарычных дзеячаў, а не носьбітаў верагодных гістарычна-сацыялагічных схем. Яны часткова выпалі з поля ўвагі паважанага аўтара ў яго доўгатрывалай (ад longue durée), больш як тысячагадовай вандроўцы па сацыяльнай гісторыі Полацка.

***

У гістарыяграфічным раздзеле аўтар цалкам пахвальна з эўрыстычнага пункту гледжання выкарыстоўвае не толькі ўласна друкаваныя працы, але і рукапісы дысертацый, абароненых ад Масквы да Цюрыха (дысертацыі Ганны Харашкевіч і Хрыстафа фон Верта). Канцэпцыі савецкіх і цяперашніх расійскіх даследчыкаў Ганны Харашкевіч, Барыса Флоры, Зіновія Капыскага і Андрэя Дварнічэнкі аб познім і трывалым існаванні веча ў Полацку аж да другой паловы XV ст. зазнаюць пад пяром Ш. Родэвальда знішчальную крытыку (24-25). Хоць ён не заўсёды пагаджаецца і з асобнымі палажэннямі заходніх вучоных. Так, не поўнасцю ён прымае канцэпцыю Хрыстафа фон Верта пра тыпалогію гарадоў Вялікага Княства Літоўскага ў выглядзе двух гарадскіх ідэальных тыпаў, абумоўленых гістарычнымі традыцыямі і культурнымі рамкамі, — еўрапеізаванага горада паводле Макса Вебера на аснове магдэбургскага права і горада, сфармаванага ў старажытнарускую княжацкую эпоху.

Беручы пад увагу слабасць каралеўскай улады і моцныя мясцовыя органы ўлады ў гарадах, даследчыкі малявалі гарады Рэчы Паспалітай як „дэцэнтралізаваныя, плюралістычныя і канфесіяналізаваныя”. Аднак і ў іншых еўрапейскіх гарадах у дасучасны перыяд тэндэнцыя да канфесійнай і палітычнай аднастайнасці была вельмі слабой. Затое няма сумнення адносна моцнага перапляцення рэлігійных і палітычных фактараў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Хоць застаецца пытанне, наколькі працэсы супольнага ўзаемадзеяння ў гарадах гэтага рэгіёна былі падобныя да палажэнняў, выкладзеных у тэорыі „камуналізму” П. Блікле для гарадоў Цэнтральнай Еўропы (28).

Штэфан Родэвальд у гістарыяграфічнай частцы збольшага прадоўжыў агляд метадалагічных канцэпцый перш за ўсё нямецкіх вучоных адносна розных перыядаў еўрапейскай гарадской гісторыі. Напрыклад, канцэпцыі Р. Шлёгля пра камунікатыўныя формы палітычнага ўзаемадзеяння ў горадзе ранняга Новага часу (27) або дыскусіі наконт гістарыяграфіі гарадоў Цэнтральнай Еўропы: разгляду якіх канфліктаў аддаваць перавагу — канфесійных ці сацыяльна-палітычных (28)? Хоць больш мэтазгодна было б разгледзець гэтыя пытанні ў метадалагічнай частцы і больш пільна прыгледзецца да прац мясцовых гісторыкаў пра Полацк.

Крыніцазнаўчая база, ахарактарызаваная аўтарам, звычайная для даследчыка, асабліва старажытнага перыяду Кіеўскай Русі: рускія хронікі, „Жыціе Ефрасінні Полацкай”, дагаворы з заходнімі партнёрамі і інш. Для познесярэднявечнага перыяду, да канца XV ст., Ш. Родэвальд вылучае значэнне шасцітомнага зборніка полацкіх грамат XIII-XVI ст., выдадзенага Ганнай Харашкевіч[8]. У ім з 311 змешчаных крыніц 110 былі апублікаваны і ўведзены ў навуковы ўжытак упершыню. Гэтыя і іншыя дакументы з серыйных выданняў XIX і XX ст. („Архив Юго-Западной России”, „Археографический сборник”, „Акты Западной России”, „Белорусский архив” і інш.) дазваляюць аўтару сцвярджаць магчымасць даследавання асаблівасцяў кал ектыўных кантактаў гарадской эліты Полацка з Рыгай. На жаль, не захаваліся ў XVI ст. гарадскія кнігі, чытаць якія даследчыкі могуць толькі з 1633 г. (30). З кнігамі „Літоўскай метрыкі” аўтар працаваў менш, хоць у апошнія гады плённа пачаў рэалізоўвацца міжнародны праект па выданні кніг „Літоўскай метрыкі” (да 2005 г. толькі ў серыі „Lietuvos Metrika” выйшлі з друку 24 кнігі), дзе таксама змяшчаюцца дакументы па гісторыі Полацка. Аўтар выявіў і некалькі важных недрукаваных крыніц па тэматыцы яго кнігі, як, напрыклад, статут праваслаўнага маладога брацтва за 1651 г., а таксама люстрацыю горада 1765 г. (31). З матэрыялаў ранняга Новага часу кідаецца ў вочы перавага актавых крыніц над наратыўнымі, апісальнымі, а таксама брак масавых крыніц статыстычнага характару, напрыклад царкоўных метрык. Досыць мала аўтар выкарыстаўу тэксце судовыя акты, якія найпаўней адлюстроўваюць прававыя ўзаемаадносіны і канфлікты розных карпарацый горада (цэхаў, брацтваў і г. д.).

Для перыяду з 1772 да 1914 г. базай крыніц служылі ў асноўным матэрыялы з гістарычных архіваў Мінска. Складанасць заключалася ў адсутнасці крыніц пра гарадскую думу Полацка, якія, відавочна, загінулі ў ваенны час. Пра падзеі рэвалюцыі 1905 г. аўтар браў звесткі з паліцэйскіх данясенняў і газетных публікацый. На пачатку Новага часу Полацк быў значным горадам, а ў XIX ст. ён на фоне іншых гарадоў і дэмаграфічна, і эканамічна не надта змяніўся. Гэта дало аўтару падставы сцвярджаць, што даследаванне матэрыялаў XIX ст. не надта адрознівалася ад вывучэння крыніц папярэдняга часу, а таксама дазволіла паставіць аналагічныя даследчыя задачы ў трох розных часавых зрэзах.

***

Апісваючы старажытнарускі перыяд, аўтар абапіраецца на аўтарытэтныя, даўно інтэрпрэтаваныя крыніцы, кіруючыся хрэстаматыйным канонам выкладу падзей у рускіх летапісах. Цікава, што полацкага князя на Захадзе ў XIII ст. тытулавалі на лацінскай мове як „rex” або „magnus rex” (35), падобна да таго як у Галіцка-Валынскай дзяржаве тытулаваўся ў заходніх крыніцах Даніла Раманавіч, які ў 1253 г. атрымаў каралеўскую карону з рук папскага легата.

Сацыяльная структура горада княжацкага перыяду была такая ж, як і на ўсёй Русі: прыдворныя, купцы, рамеснікі, якія самаарганізоўваліся, але не ўтваралі карпаратыўных гарадоў, што існавалі на Захадзе. Манастыры ў горадзе, як і ўсюды ў раннім Сярэднявеччы, існавалі без адзінага ўніфікаванага статута, які меў бы законную сілу. Ад іншых гарадоў Русі, на думку Ш. Родэвальда, Полацк адрозніваўся тым, што ў стасунках з княжацкай уладай у эканамічным плане дамінаваў менавіта горад. Гэтая перавага атрымала сацыяльнае ці палітычнае вымярэнне ў выглядзе клятвы, якую прамаўляў князь на вечы перад полацкай грамадой. Пазней, у XIII ст., яна перарасла ў прысяжны дагавор з князем, а „палачане” пачалі фігураваць як суадказны аб’ект у дамовах з Рыгай, якія падпісваў полацкі князь. Аднак пра гарадскую грамаду як пра асобны карпаратыўны суб’ект („Kommune”) аўтар гаворыць досыць асцярожна, ставячы яе развіццё ва ўзаемазалежнасць з нямецкімі і іншымі гарадамі „Паўночна-Усходняга Міжземнамор’я”, а асабліва Рыгай (522).

У канцы XIV ст. вялікі літоўскі князь Вітаўт пазбавіў Полацк княжацкай улады і надаў гораду „новае калектыўнае права”, якое заключалася ў прысязе перад ім і замене князя полацкім намеснікам. Дагаворы з новазаснаванай Рыгай пачынаючы з 1406 г. не толькі актывізавалі гандлёвыя кантакты абодвух гарадоў, але і спрыялі ўцягванню Полацка ў прававую сістэму карпаратыўных сувязяў, заснаваную на заходніх узорах. У першай палове XV ст. Полацку былі нададзены асобныя прывілеі, якія ўмацоўвалі новыя сацыяльныя сувязі ў гарадской грамадзе. І менавіта ў 1449 г. упершыню з’яўляюцца ў дакументах у Полацку азначэнні „мешчанін” і „места” як прававыя паняцці. І ўжо ў 1578 г. полацкія мяшчане вялі гандлёвую спрэчку з рыжскімі мяшчанамі без удзелу князя ці намесніка або прыняцця асобнай прысягі, як гэта мела месца ўчасе дзеяння папярэдніх дагавораў (523). Такім чынам, менавіта ў гандлі з Рыгай і іншымі гарадамі ўзнікалі і фармаваліся новыя сацыяльныя групы горада ў кантэксце магдэбургскага права.

Заключным пунктам фармавання гарадской грамады стаў прывілей 1498 г. аб наданні гораду магдэбургскага права, таму ніякай „горадабудаўнічай рэвалюцыі”, як пры лакацыі гарадоў, у Полацку не адбывалася. У час фармавання асноўных карпаратыўных арганізацый мяшчан (лавы і рады) у XVI ст. у горадзе ўтвараюцца меншыя карпаратыўныя арганізацыі, а менавіта рамесныя цэхі, а таксама закладаецца прававы падмурак іх існавання.

Узнікненне ў XVII ст. брацтваў, якія дагэтуль былі невядомымі формамі, значна ўзмацніла ўдзел цывільных у рэлігійных справах. На думку аўтара, менавіта брацтвы паспрыялі большай канфесійнай інтэграцыі ў асяроддзі праваслаўных. Кожнае брацтва і цэх складалі пэўнае аб’яднанне, што вызначала для кіраўніцтва і кожнага члена канкрэтныя рамкі калектыўнай дзейнасці з асаблівай „малой” адкрытасцю (352). У дыскусіях з каталікамі, інтэграванымі ў гарадскую супольнасць, праваслаўныя заставаліся вернымі мяшчанамі Полацка ў новых узаемасувязях і абставінах. Пры гэтым аўтар рызыкоўна сцвярджае, што праваслаўны брацкі рух у Вялікім Княстве Літоўскім, у рэчышчы якога дзейнічалі і два полацкія брацтвы, узнік паводл е каталіцкага ўзору і што нават „яўрэйскія брацтвы заставаліся ў цеснай узаемасувязі з хрысціянскімі” (352). Ш. Родэвальд чамусьці звужае пашырэнне брацкага руху толькі да тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, хоць яго развіццё пачалося ў Львове, таму варта было б гаварыць пра Рэч Паспалітую ў цэлым. Таксама нельга пагадзіцца са сцверджаннем пра „цесную ўзаемасувязь” яўрэйскіх і хрысціянскіх брацтваў. Яўрэйская супольнасць мела гатовыя ўзоры сацыяльнага жыцця, якія выпрацавала задоўга да ўзнікнення праваслаўных брацтваў.

Асобнае месца ў кнізе аўтар адводзіць гарадскім працэсіям, што „стваралі новую сакральную публічнасць (Öffentlichkeit)” (352). Вызначаецца нават дата, калі яны пачаліся ў горадзе, — 1579 год. Ш. Родэвальд адносіў гэтыя працэсіі з музыкай і гарадскім ваенізаваным суправаджэннем на рахунак уласцівай ранняму Новаму часу рымска-каталіцкай канцэпцыі „сакральнай публічнасці”, якая развілася пад контррэфармацыйным уплывам. Аднак на прыкладзе Львова можна сцвярджаць, што практыка падобных працэсій існавала яшчэ напрыканцы XV ст.[9]. Тым не менш, спрэчкі паміж праваслаўнымі і ўніяцкім архіепіскапам абмяжоўвалі значэнне міжканфесійнага дыялогу ў горадзе ў сакральнай прасторы („im sakralen Raum”). Такія міжканфесійныя канфлікты развівалі „практыку калектыўных дзеянняўабодвух канфліктуючых бакоў з наступным узмацненнем іх канфесійнай ідэнтычнасці (253). Канфесійнае процістаянне надавала дынаміку культурным працэсам у горадзе. На думку Ш. Родэвальда, не толькі арганізацыйныя формы (магдэбургскае права, цэхі і інш.) былі адаптаваныя і прынятыя на ўсходнеславянскай глебе, але і формы калектыўнага рэлігійнага гвалту, у тым ліку супраць яўрэяў.

Гарадская грамада Полацка была слабейшая, чым у польскіх гарадах Плоцку ці Калішы, у яе не было правоў, напрыклад, памяняць войта. Але і вялікія гарады Польшчы часта былі абмежаваныя ў сваіх правах, як і вялікія гарады Цэнтральнай Еўропы карысталіся толькі частковай аўтаноміяй, удакладняе аўтар (353). Тым часам такія ж працэдуры і юрыдычныя ды сацыяльныя працэсы, як тыя, што мелі месца на захад ад Полацка, адбываліся ў горадзе пры выбарах гарадской улады і на пасяджэннях гродскага суда. Асаблівасцю Полацка быў канфесійны склад гарадскіх органаў улады, у якія ўваходзілі каталікі і ўніяты. Наконт апошніх аўтар, на жаль, падае мала дэмаграфічных звестак, калі апісвае склад і колькасць насельніцтва Полацка ў цэлым (92-94,245-249). Хоць віной гэтаму магла быць адсутнасць дакладных крыніц статыстычнага характару. Аднак дапушчэнні ці гіпотэзы пра месца каталікоўі ўніятаўудэмаграфічнай структуры Полацка дазволілі б больш пэўна ўявіць іх вагу ў канфесійных узаемаадносінах з праваслаўнымі.

Удзел праваслаўнай супольнасці ў гарадскім і рэлігійным полі дзейнасці быў падобны да ўдзелу іншых супольнасцяў, аднак былі і свае адрозненні. Як і ў Львове, полацкія русіны ставілі пытанне пра шырокія эканамічныя і палітычныя правы ды прывілеі. Абедзве праграмы ахопліваліся дзейнасцю праваслаўных царкоўных брацтваў. Як уніяты, так і праваслаўныя бралі ўдзел у гарадскім грамадскім жыцці, а іх адметнасць зводзілася да таго, як іх называлі: „людзі грэчаскай рэлігіі” (354). Зрэшты, публічнасць гарадской грамады і кіраўніцтва горада яўна не мела рэлігійнага характару, хоць і ставілася на мэце адкрытымі рэлігійнымі дзеяннямі (працэсіямі і да т. п.) спрыяць еднасці гарадской супольнасці. Члены праваслаўнай супольнасці адначасова былі „носьбітамі ідэнтычнасці і практыкі купецкага саслоўя” (354-355). Калі логіка канфесійнай дзейнасці непасрэдна вяла да процістаяння, то паняцце агульных гарадскіх інтарэсаў абавязвала да супольных знешніх дзеянняў. Рэлігійныя пытанні вельмі рэдка выходзілі на арэну сур’ёзнай барацьбы, праваслаўныя рэдка, як у першай палове XVII ст., выступалі як „калектыўны актар”, баронячы свае рэлігійныя інтарэсы. Аўтар прыводзіць прыклады тагачасных Аўгсбурга і Мюнстэра, калі дзеля міру ў горадзе і краіне як пратэстанты, так і каталікі адкладалі свае партыкулярныя канфесійныя вымогі на карысць інтарэсаў „надканфесійнага хрысціянства (überkonfessionellen Christentums)” (355). Хоць у адрозненне ад сітуацыі з пахаваннямі праваслаўных у Полацку, да якіх гарадская рада была абыякавая, у Мюнстэры каталіцкая ўлада кантралявала і рэгулявала пахавальныя працэсіі пратэстантаў.

У рэлігійных канфліктах XVII ст., звязаных з укараненнем уніі, можна прасачыць некалькі цікавых у сацыяльным плане тэндэнцый. З аднаго боку, пад рэлігійным ціскам з’яўляюцца новыя сацыяльныя сувязі і саюзы праваслаўных розных саслоўяў — як мяшчан, так і шляхты. 3 другога боку, у рэлігійных спрэчках фармуецца і мацуецца канфесійная ідэнтычнасць уніяцкай і праваслаўнай супольнасцяў. Абедзве згаданыя супольнасці пры гэтым выкарыстоўвалі каталіцкія ўзоры рэлігійнай публічнасці — напрыклад, ладзілі ўрачыстыя ўезды сваіх уладык у горад у форме працэсіі з музыкай і ваенным эскортам. У такім кантэксце можна трактаваць і пакутніцкі культ святога Язафата (Кунцэвіча), накіраваны на пашырэнне ўніяцкай ідэнтычнасці сярод полацкіх мяшчан.

Аўтар прызнае, што як канфесійны, так і прасторавы ды сацыяльны падзел насельніцтва, уласцівы XVII ст., расколваў горад, асабліва ў параўнанні з XV ст., аднак „гарадскія і канфесійныя групы ў перыяд ранняга Новага часу інтэграваліся ў моцныя сацыяльныя арганізацыі, а гарадское насельніцтва было не чым іншым, як сукупнасцю аб’яднанага актара… і знаходзіла рашэнні сумесна з гарадской радай” (526-527). Такое сцверджанне аўтара можна было б лічыць цалкам дарэчным у выпадку са шмат якімі тагачаснымі гарадамі Рэчы Паспалітай, аднак, калі гаворка ідзе пра канкрэтныя падзеі, якія мелі месца ў Полацку ў першай палове XVII ст., пасля забойства архіепіскапа Язафата (Кунцэвіча), з жорсткімі рэпрэсіямі ў дачыненні да ўсіх полацкіх мяшчан і стратай горадам магдэбургскага права, наўрад ці можна без агаворак сцвярджаць пра „калектыўнага актара” і „сумесныя рашэнні”. Аднак цалкам можна пагадзіцца з тэзісамі Ш. Родэвальда пра значэнне судовых і прававых працэдур для развіцця заходніх прававых паняццяў у кантактах грамады і рады, а таксама, можна дадаць, у міжканфесійнай барацьбе, якая скіроўвалася ў прававое рэчышча[10]. Гарадская грамада давала прававыя сродкі, якія выраўноўвалі і кампенсавалі праваслаўным купцам тыя ці іншыя забароны, якія існавалі ў дачыненні да праваслаўных.

Паняцці рэлігіі і гарадской грамады шмат у чым суадносіліся адно з адным. Удзел праваслаўных ерархаў у абачлівай гарадской палітыцы, што ціха і спакойна прывяла на пачатку 80-х г. XVII ст. да карысных для грамады вынікаў, быў поўнай процілегласцю перыяду цяжкіх і гучных канфесійных дыскусій. У кожным разе праваслаўныя лідэры мусілі захоўваць раўнавагу паміж абодвума палямі дзейнасці — у рэлігійнай і гарадской палітыцы. У час крызісу XVII ст. праваслаўныя прытрымліваліся ва ўзаемаадносінах з горадам тактыкі „надканфесійнай узаемасувязі”, вырашаючы важныя пытанні на карысць усёй гарадской грамады.

Магдэбургскае права Полацка не змагло гарантаваць яго носьбітам канкурэнтных пераваг у эканамічнай барацьбе з яўрэйскім насельніцтвам горада. Як зазначае Ш. Родэвальд, у выніку „спадчыны папярэдніх дэмаграфічных працэсаў” да 1850 г. хрысціяне ператварыліся ў меншасць у горадзе, большую частку насельніцтва якога складалі яўрэі (528). Наколькі праваслаўныя пераважалі ў XIX ст. у палітычным і рэлігійным жыцці горада, настолькі ж яны былі слабейшыя ў дэмаграфічным і гаспадарчым аспектах. Да 1892 г. раздзеленая паводле этнаграфічных ліній падзелу грамада ўсё ж мела пэўнае самакіраванне на ўзор ранняга Новага часу, аж пакуль у гэтым годзе яўрэі, згодна з новым законам, не страцілі выбарчага права. А на пачатку XX ст. у горадзе пачаліся антыяўрэйскія пагромы.

Аўтар перакідае масток на тэрыторыю жорстка цэнтралізаванай Расіі, дзе не існавала гарадской аўтаноміі, не было такіх карпаратыўных арганізацый, як рамесныя цэхі, царкоўныя брацтвы, манаскія ордэны са сваімі статутамі. Таксама Полацк набліжаўся да тыповага тагачаснага горада Цэнтральна-Усходняй Еўропы наяўнасцю яўрэйскай грамады, чаго не сустракаем у Расіі. Тэрыторыя горада ў XVIII ст. была падзелена царкоўнымі, шляхецкімі і яўрэўскімі ўладаннямі (357). У апошнім выпадку варта ўдакладніць, што яўрэі ў каралеўскіх гарадах маглі толькі арандаваць будынкі ці маёнткі, але не валодаць імі на правах спадчыннай уласнасці, як у выпадках са шляхецкай і гарадской зямлёй.

Яўрэйскай грамадзе Полацка ў манаграфіі аддадзена значная ўвага. Гэтая грамада фармавалася ў другой палове XVI — першай палове XVII ст. з выхадцаў з Заходняй Еўропы. У адрозненне ад многіх заходніх і польскіх гарадоў Цэнтральна-Усходняй Еўропы, яўрэі не сяліліся ў XVII-XVIII ст. у асобных месцах — гета, не было і такога выразнагасаслоўнага размежавання. На думку аўтара, гэты факт яшчэраз засведчваў пагранічнасць Полацка паміж сферамі ўплыву Цэнтральна-Усходняй Еўропы і Маскоўскай імперыі, дзе зчасоў Кіеўскай Русі не існавала ніякага прававога імунітэту іпасрэдніцтва паміж рознымі групамі насельніцтва.

***

У пасляслоўі з падзгалоўкам „Паміж адначасовасцю і доўгатрываннем (longue durée)” аўтар намагаецца падсумаваць свае адказы на пытанні, якім чынам адрозніваліся мадэлі паводзін розных сацыяльных груп і якія былі формы публічнасці ўнутры іх, а таксама ў кантактах паміж імі. У XII, XV, XVII і XIX ст. у Полацку пашыраліся новыя формы сацыяльнай арганізацыі і калектыўных дзеянняў. Інакшымі былі перыяды XIII-XIV ст. і з 1690 да 1772 г., калі такіх змен не адбывалася (521).

Мультыканфесійнасць горада ў перыяд ранняга Новага часу тлумачылася слабасцю хрысціянскай грамады (553). У горад, як і ўсюды ў гэты час у гэтым рэгіёне, масава прыбывалі яўрэі. Спробы ў некаторых польскіх гарадах спыніць іх праз прывілей „De non tolerandis Judaeis” („Аб неталераванні яўрэяў”) не мелі поспеху. У цэлым шматканфесійнасць, канец якой не быў пакладзены і ў XIX ст., стала вызначальнай рысай гэтага горада Цэнтральна-Усходняй Еўропы ў кантэксце гістарычнай парадыгмы longue durée. Толькі пад канец XIX — на пачатку XX ст. у горадзе развіваюцца выключна нацыяналістычныя тэндэнцыі, якія прычыніліся да пачатку эміграцыі яўрэяў з горада (537).

Ніякі іншы рэгіён Еўропы не перажываў такой радыкальнай змены канфесійнай большасці, як гарады Вялікага Княства Літоўскага. З 1498 г. у органах улады Полацка ўсталяваўся парытэт каталікоў і праваслаўных. Адно што ў другой палове XVII ст. у гэтым уладным дуумвіраце праваслаўных змянілі ўніяты. Аднак праваслаўных працягвалі часта выбіраць у магістрат з увагі на нешматлікасць каталікоў у гэтай частцы Рэчы Паспалітай. Абмежаванні рэлігійнага характару таксама праяўляліся ў забароне для праваслаўных праводзіць адкрыта, публічна свае богаслужэнні.

Іншай прыметай longue durée была прысутнасць у горадзе вялікай колькасці малых карпарацый — брацтваў і цэхаў (535). Усе яны, уключна з яўрэйскімі брацтвамі, мелі канфесійны характар. На думку аўтара, асаблівасцю праваслаўных брацтваў было запазычванне імі арганізацыйнай формы ў каталіцкіх брацтваў, падобна да таго як уніяцкі васіліянскі ордэн меў узорам каталіцкае Таварыства Ісуса (езуітаў). Аўтар падкрэслівае вялікае значэнне ў карпаратыўнай арганізацыі горада цэхаў, якія мелі мяшаны канфесійны характар. Менавіта рамеснікі, члены цэхавых арганізацый, былі ўдзельнікамі гарадскіх працэсій, інсцэніруючы, паводле слоў Ш. Родэвальда, „фізічную еднасць” горада і гарадской грамады (526).

Урэшце, Ш. Родэвальд фармулюе асноўны тэзіс сваёй кнігі аб прыналежнасці Полацка ў XV-XVIII ст. да ўсходняй пераходнай ці пагранічнай зоны Цэнтральна-Усходняй Еўропы. У гэты перыяд горад зазнаваў інтэнсіўны „лацінаеўрапейскі (у гарадах — яўрэйскі)” уплыў (538). У другой палове XVII ст. і ў XVIII ст. гэты ўплыў быў цалкам даміноўны. І нават пасля далучэння да Расіі ў 1772 г. гэты эфект доўгі час заставаўся інтэнсіўным і значным. Завяршае аўтар кнігу рэтраспектыўнай нататкай пра фактычнае знікненне вобраза цэнтральна-ўсходнееўрапейскага горада ў сучасным Полацку, дзе „адзіным папулярным настроем з’яўляецца настальгія па савецкіх часах” (540), а з папярэднімі часамі перагукаецца хіба што згадка пра езуіцкі калегіум у рэкламным праспекце мясцовага ўніверсітэта і каталіцкія „шаты” тутэйшага праваслаўнага кафедральнага Сафійскага сабора.


1 Гл. напрыклад: Петров М. Б. Історична топографія Кам’янця-Подільського кінцяXVII-XVIIIст. (Історіографія. Джерела). Кам’янець-Подільський, 2002; Долинська М. Історична топографія Львова XIV-XIХ ст. Львів, 2006; Білоус Н. Київ наприкінціXV—у першій половиніXVII століття. Міська влада і самоврядування. Київ, 2008 і інш.
2 Гл. таксама: Christophe von Werdt. Stadt und Gemeindebildung in Ruthenien: Okzidentalisierung der Ukraine und Weissrusslands im Spätmittelalter und in der frühen Neuzeit (= Forschungen zur osteuropäischen Geschichte, Bd. 66). Wiesbaden, 2006.
3 Гл., напрыклад, агляд асноўных тэндэнцый гістарыяграфіі нямецкага горада ранняга Новага часу, які выліўся ў грунтоўную гістарыяграфічную манаграфію: Schilling H. Die Stadt in der frühen Neuzeit (= Enzyklopädie deutscher Geschichte, Bd. 24). München, 1993.
4 Litauen und Ruthenien. Studien zu einer transkulturellen Kommunikationsregion (15. — 18. Jahrhundert) / Lithuania and Ruthenia. Studies ofa Transcultural Communication Zone (15th-18th Centuries), hg. v. Stefan Rohdewald, David Frick, Stefan Wiederkehr. (= Forschungen zurosteuropäischen Geschichte, Bd. 71). Wiesbaden, 2007.
5 Толочко О. „Русь” очима „України”: в пошуках самоідентифікації та континуїтету // Другий Міжнародний конгрес україністів. Львів, 22-28 серпня 1993 р. / Доповіді і повідомлення. Історія. Львів, 1994. Т. 1. С. 68-75; гл. таксама яго канкрэтнае даследаванне пра хроніку М. Стрыйкоўскага: Толочко 0. Український переклад „Хроніки” Мацея Стрийковського з колекції Лазаревського та історіографічні пам’ятки XVII ст. (український хронограф і „Синопсис”) // Записки Наукового товариства ім. Шевченка. Львів, 1996. Т. 231. С. 158-181.
6 Так, вядучыя расійскія спецыялісты па гісторыі Украіны і Беларусі Новага часу Міхаіл Дзмітрыеў і Аляксей Мілер з’яўляюцца прынцыповымі праціўнікамі канцэпцыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы ў дачыненні да беларускіх і ўкраінскіх зямель.
7 Blickle P. Kommunalismus — Begriffsbildung in heuristischer Absicht // Landgemeinde und Stadtgemeinde in Mitteleuropa. Ein struktureller Vergleich / Hrsg. P. Blickle. München, 1991. S. 5-38.
8 Полоцкие грамоты XIII—начала XVI в. / Сост. А. Хорошкевич. Москва, 1977-1989. Т. 1-6.
9 Так, 28 жніўня 1497 г. перамышльскі епіскап з усім клірам, з манахамі каталіцкіх ордэнаў дамініканцаў, францысканцаў, бернардзінцаў, а таксама раднікі, цэхавыя брацтвы, армяне і ўкраінцы-русіны („Alle gelarten der bisschof von Pzimsla swach und krangk an eynem stabe, die thumhern doselbst, predigermoche, grcemonche, die Bernardini mit allen rathlewten und bruderschafften der hantwerker, Armenier und Rewszen”) урачыста праводзілі з горада цела магістра прускага ордэна Іагана фон Тыфена, які памёр у Львове пасля ранення ў час паходу на малдаўскага гаспадара (Liborius Naker’s Tagebuch, herausg. von M. Töppen // Scriptores Rerum Prussicarum, Leipzig, Bd. 5. S. 312). Марэк Слонь інтэрпрэтуе гэтую звестку з дзённіка сакратара прускага ордэна Лібара Накера так, нібыта ў ёй гаворка ідзе пра старэйшын армян і рускіх (Słoń M. Wspólnoty religijne w XV-wiecznym Lwowie // Studia nad dziejami miast i mieszczaństwa w średniowieczu, Toruń, 1996. T. 1. S. 129).
10 Прыклад Львова ў гэтым выпадку зусім дарэчны, гл.: Капраль М. Національні громади Львова XVI-XVIII ст. (соціально-правові взаємини). Львів, 2003.

Наверх

Tags: ,