Новы нумар


Михайлюк, Олександр В. Селянство України в перші десятиліття XX ст. (Марыя Бяспалая)

МИХАЙЛЮК, ОЛЕКСАНДР В. Селянство України в перші десятиліття XX ст.: соціокультурні процеси. Дніпропетровськ: Інновація, 2007. — 456 с

Удалай назвай для рэцэнзіі на манаграфію Аляксандра Міхайлюка магло б стаць лацінскае выслоўе, прыведзенае самім аўтарам: іn historia non datur saltus (гісторыя не ведае скачкоў). Менавіта гэтаму лейтматыву падпарадкаваны ўсе структурныя элементы кнігі. На яго доказ працуе велізарная колькасць літаратуры самых разнастайных кірункаў (агульная лічба — 1288 пазіцый), у тым ліку справы чатырох архіваў Украіны. Абагульніць галоўную думку аўтара можна ў наступным выглядзе: рэальнае жыццё ўяўляе сабою непарыўнае адзінства. Нельга вырываць рэвалюцыйныя падзеі з кантэксту папярэдняга развіцця, бо іх удзельнікі фармаваліся ў межах пэўнай культуры з яе традыцыямі (38). На наш погляд, да сказанага варта было б дадаць, што гэтак жа немагчыма перапыніць сілавымі (так бы мовіць, рэвалюцыйнымі) сродкамі эканамічныя працэсы, якія гэтаксама зарадзіліся і развіваліся па сваіх законах, у адпаведнасці з пэўнай культурай і яе традыцыямі.

Не зусім выразна акрэслена стаўленне аўтара да канцэпцыі храналагічных вытокаў сацыякультурных працэсаў у вёсцы. Так, ён спасылаецца на цікавую думку В. Данілава пра„сялянскуюрэвалюцыю 1902-1922 г.”(38), на фоне якой разгортваліся ўсе іншыя сацыяльныя і палітычныя рэвалюцыі. Сваю ўласную пазіцыю па гэтым пытанні А. Міхайлюк, аднак, не прапісвае — хоць назва і храналагічныя рамкі працы сведчаць пра аўтарскую заангажаванасць у канцэпцыю. А. Міхайлюк тлумачыць свой выбар тым, што «пачатак ХХ ст. гэта перыяд паскоранай мадэрнізацыі краіны, час сутнасных зменаў у жыцці вёскі. Звычайны ўклад і традыцыйныя інстытуты сялянскага міра” трапілі пад моцны знешні ўплыў і перажывалі ўнутраную трансфармацыю» (37). У сувязі з тым, што „сялянства і сялянскасць”, атрыманыя савецкай уладай у спадчыну ад царскай Расіі, выконвалі аб’яднальную ролю ў гісторыі першых дзесяцігоддзяў ХХ ст., аўтар ставіць перад сабою мэту — „прааналізаваць шырэй цэлы шэраг палітычных і сацыяльных працэсаў, не падзяляючы іх на перад- і паслярэвалюцыйныя, на прычыны і наступствы… аб’яднаць дзве эпохі дзеля таго, каб выявіць агульнае і адметнае ў сялянскай культуры ў (вызначанай) часавай прасторы” (37).

За галоўны стрыжань сваёй метадалогіі аўтар абірае сацыякультурны падыход, уласнае разуменне сутнасці якога тлумачыць наступным чынам: «Гэты падыход уключае ў сябе асновы фармацыйнага і цывілізацыйнага падыходаў, ён набліжаецца „да татальнай гісторыі”, якая ахоплівае ўсе сферы жыцця чалавека і супольнасці усё звязана з усім» (30). Сацыякультурны падыход, на думку А. Міхайлюка, дазваляе адлюстраваць праблему суадносінаў культуры (разгляданай, перадусім, у якасці неад’емнага аспекта паводзінаў чалавека ў супольнасці) — і сацыяльнага ладу. Аўтар лічыць, што даследчая праблема сітуацыйных паводзінаў чалавека прадвызначае абавязковае вывучэнне сацыяльнай псіхалогіі, светапоглядных усталяванняў, інтэлектуальнага багажу — г. зн., таго ўспрымання свету, які сфармаваўся ў працэсе сацыяльнай практыкі асобы і, у сваю чаргу, выразна ўплывае на яе. Не бывае чалавека „наагул”, як і культуры „наагул”, сацыякультурны ж падыход дазваляе разглядаць культуру пэўнай супольнасці, у дадзеным выпадку — сялянства.

Абраны аўтарам ракурс даследавання, на наш погляд, дазваляе пагадзіцца з вызначэннем мэты даследавання: эвалюцыя сацыяльных паводзінаў сялянства, што прадугледжвае не толькі аналіз штодзённых паводзінаў, але і вызначальных для іх каштоўнасных арыентацый, установак свядомасці і мадэляў паводзінаў, стэрэатыпаў, уяўленняў. Па магчымасці аўтар імкнецца прааналізаваць змены ў сялянскай культуры, якая ў шырокім плане разумеецца як сродак жыццядзейнасці, у аксіялагічным — як сістэма нормаў і каштоўнасцяў, у семантычным — як сістэма знакаў і сімвалаў, што складаюць свайго роду праграму, патэрны жыццядзейнасці сялянства (с. 39).

Пастаўленыя задачы аўтар вырашае на матэрыяле, выкладзеным у пяці раздзелах: Сялянскае светаўспрыманне; Сялянская эканоміка; „Сялянскі мір” і сялянскі бунт; Аграрная рэвалюцыя; Палітычныя наступствы „сялянскай рэвалюцыі”. Назвы раздзелаў і параграфаў адлюстроўваюць імкненне прааналізаваць эвалюцыю сацыяльных паводзінаў сялянства пад час зменлівых працэсаў у сацыякультурным жыцці першых дзесяцігоддзяў XX ст.

Разважанні аўтара пачынаюцца са спробы вызначэння крытэрыяў паняцця „сялянства”. Што праўда, зразумець аўтарскую пазіцыю ў вызначэнні гэтага тэрміна досыць складана. У ходзе навуковай палемікі А. Міхайлюк спасылаецца на БСЭ: „Сялянстваразумеецца як сукупнасць дробных сельскагаспадарчых работнікаў, якія вядуць індывідуальную гаспадарку асабістымі сродкамі вытворчасці і сіламі сваёй сям’і”(41). Пры гэтым, аднак, ён спрабуе давесці, што „сялянства ў Расійскай імперыі досыць малады і ў значнай ступені штучна створаны стан”, аргументуючы сваё сцвярджэнне прыкладамі розных назваў шматлікіх катэгорый сялянства, якія сведчылі пра яго няроўнае сацыяльна-эканамічнае становішча і недастатковую сфармаванасць у выглядзе асобнай супольнасці.

Паводле А. Міхайлюка, канчаткова сялянства сфармавалася ў канцы ХІХ ст. Найбольш гэтаму паспрыяла рэформа 1861 г. і расійскае станавае заканадаўства, згодна з якім сялянства, па розных прыкметах, адрознівалася ад іншых станаў (43). Безумоўна, у сваіх высновах аўтар мае рацыю. Да яго разважанняў можна дадаць, што паміж сабой селянін Украіны і селянін Беларусі таксама адрозніваліся па шматлікіх характарыстыках, вызначаных, перш за ўсё, сфармаванымі на працягу стагоддзяў умовамі гаспадарання. У той жа час іх аб’ядноўвала галоўная прыкмета — праца на зямлі. Пытанне пра вызначэнне тэрміна „сялянства”, закранутае аўтарам, безумоўна, мае падставу для навуковай дыскусіі.

Манаграфія А. Міхайлюка ўтрымлівае шмат неардынарных назіранняў, параўнанняў, высноваў. На нашу думку, да безумоўных цікавостак можна аднесці палеміку па сялянскім малазямеллі і перанаселенасці вёскі ў паслярэформенны перыяд (78-99); супастаўленне процілеглых пунктаў гледжання па сталыпінскай аграрнай рэформе (але ў гэтым пытанні хацелася б бачыць больш выразную пазіцыю аўтара, гл. с. 109-113). Цікава напісаны раздзел 3 — „Сялянскі мір” і сялянскі бунт, асабліва параграф„Сялянскі мір” і ўлада, у якім разглядаецца стаўленне сялянства да асобы цара, да ўлады наагул і прыватна права. Галоўны матыў апошняй з’явы трэба шукаць у „неадпаведнасці большасці нормаў пісанага права паўсядзённым масавым ўяўленням пра справядлівасць, якія мелі месца ў звычаёвым праве” (174).

Адзін з самых цікавых — параграф, прысвечаны такой з’яве, як мяшочніцтва. Аўтар пачынае тэму з выслоўя А. Купрына „Помнік Мяшочніку, які ў грамадзянскую вайну ўратаваў шмат тысячаў жыццяў гарадскога і сялянскага насельніцтва. Помнік яму Г (278). Здаецца, у беларускай гістарычнай літаратуры няма прац, прысвечаных гэтай складанай праблеме.

Пад арыгінальным ракурсам выкладзены матэрыял пра сялянскі паўстанцкі рух — ён разглядаецца як з’ява, вызначаная рознымі складнікамі: захопам незасеяных земляў, арыштам памешчыкаў і іх адміністрацыі, ліквідацыяй натуральнай арэнднай платы, пагромамі сядзібаў, у якіх найбольш вызначаліся заможныя сяляне і г. д.

Аляксандр Міхайлюк разглядае неабходнасць самаўзбраення і самаабароны сялянства як адзіны сродак супраціву гвалту з боку акупантаў і памешчыкаў, паказвае аб’яднанне ўлетку 1918 г. лакальных ачагоў у паўстанцкі рух па ўсёй Украіне, перараджэнне яго ў бандытызм і г. д.

Пытанне аб адносінах паміж сялянствам і савецкай уладай аўтар таксама ўздымае. Ён звяртае ўвагу на два шляхі развязання гэтай праблемы, аддаючы перавагу таму, які вынікаў з рэалістычнага разумення асаблівасцяў краіны, характару рэвалюцыйных пераўтварэнняў і, адпаведна, з патрэбы заручыцца падтрымкаю сялянства і ўлічыць яго інтарэсы (388). Міхайлюк лічыць, што „патрыярхальнасць i калектывісцкая свядомасць сялянства, яго рэакцыя на спробы паскарэння мадэрнізацыі краіны, імкненне пазбегнуць уплыву чужой ім культуры і інш. вызначылі перамогу бальшавікоў” (392).

У цэлым праца А. Міхайлюка, які абраў сацыякультурны падыход, заслугоўвае высокай ацэнкі, і ці не найперш дзякуючы наватарскай канцэпцыі.

Мінск

Марыя Бяспалая

Tags: , , ,