Новы нумар


Міхась Восіпавіч Біч (1937—1999)

17 траўня 1999 г. памёр гісторык Міхась Восіпавіч Біч. Некалькі дзён ён не дажыў да свайго 62 дня нараджэння. Смерць была раптоўнай і імгненнай. Не стрывала сэрца. Страту панеслі не толькі блізкія, сваякі і сябры. Смерць Міхася Біча — гэта велізарная страта для беларускай гістарычнай навукі, для беларускай грамадскасці.

Навуковая праца Міхася Восіпавіча, пазбаўленая вонкавай эфектнасці, была вельмі эфектыўнай: дзве навуковыя манаграфіі («Развитие социал–демократического движения в Белоруссии в 1883—1903 г.», «Рабочее движение в Белоруссии в 1861—1904 г.»), удзел у падрыхтоўцы шэрагу калектыўных выданняў (сярод якіх «Нарысы гісторыі Беларусі: У 2 ч.» і інш.), два выданні навучальнага дапаможніка па гісторыі Беларусі канца XVIII — пачатку ХХ ст., вялікая колькасць навуковых артыкулаў, кіраванне аддзелам Інстытута гісторыі НАН Беларусі (з 1983 г.), удзел у канферэнцыях, лекцыі для студэнтаў і г.д. Пад ягоным навуковым кіраўніцтвам толькі ў 90–я г. было абаронена некалькі дысертацый. Адным з яго вучняў я маю гонар лічыць і сябе.

Асоба Міхася Восіпавіча заўсёды выклікала павагу. Менавіта ён адным з першых беларускіх гісторыкаў старэйшага пакалення падтрымаў беларускае Адраджэнне 90–х г. Ён узначальваў творчы калектыў па распрацоўцы нацыянальнай канцэпцыі гісторыі Беларусі, якая ў значнай ступені перадвызначыла асноўныя кірункі даследавання мінулага нашай зямлі і нашага народа. Міхась Біч узяў на сябе вельмі патрэбную, але цяжкую і няўдзячную працу стварэння новага школьнага падручніка па гісторыі Беларусі канца XVIII — пачатку ХХ ст.

На жаль, у апошнія гады ягоная навуковая дзейнасць і праца над падручнікам сталася сапраўдным «полем бою». (Гл., напрыклад, публікацыі прафесара П.Петрыкава.) Пасля 1995 г., як грыбы пасля дажджу, у нашай гістарычнай навуцы адно за адным пачалі з’яўляцца «тэрмінатары», якія, адрозна ад вядомай кінастужкі, прыходзілі не з будучыні, а з нядаўняга мінулага. У гэтай сітуацыі Міхась Біч не страціў твару. Ён застаўся беларускім даследчыкам, і для сучасных прыхільнікаў прасавецкага або прарасійскага варыянтаў гістарыяграфіі быў той самай «крэпасцю», якую аніяк не маглі ўзяць бальшавікі. Зрэшты, Міхась Біч меў вопыт змагання. Нават у змрочныя для беларускай гістарычнай навукі савецкія часы ён не схіляўся перад партыйнымі ўладамі ў паклоне: «Чего–с изволите?».

Дастаткова нагадаць, якія абвінавачванні выклікалі ўжо першыя ягоныя артыкулы ў сярэдзіне 60–х г. Малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі АН БССР у публікацыях, прысвечаных БСГ, „Нашай Долі“ і „Нашай Ніве“, паказаў навуковую беспадстаўнасць тых ідэалагічных клішэ („рэакцыйнасць“, „буржуазны нацыяналізм“, „здрада беларускаму народу“ і г.д.), якія з часоў сумнавядомага кароткага курса „Истории ВКП(б)“ былі замацаваныя за беларускім Адраджэннем пачатку стагоддзя. Малады даследчык абараняў не толькі гонар беларускіх адраджэнцаў. Фактычна, ён абараняў гонар самой гістарычнай навукі. Не меншае абурэнне „гісторыкаў ад ідэалогіі“ выклікалі публікацыі, у якіх разглядалася месца і роля БУНДа ў рабочым руху Беларусі. Чуліся нават заявы, што М.Біч падрывае „марксистско–ленинское учение о гегемонии пролетариата“. Але „падрыўнік“ вытрымаў. У 1970 г. ён паспяхова абараніў кандыдацкую дысертацыю, якая паслужыла асновай ягонай першай манаграфіі. У 1984 г. была абаронена доктарская дысертацыя.

Ва ўмовах амаль татальнай залежнасці ад дзяржавы даволі цяжка захаваць самастойнасць, асабліва калі вакол цябе прадстаўнікі «савецкай інтэлігенцыі» амаль адкрыта гандлююць сваім сумленнем за месца каля «карытца», за ласку чарговага «хозяина» беларускай зямлі. Міхась Біч не займаўся гандлем.

Маё асабістае знаёмства з М.Бічом адбылося ў 1990 г., калі я стаў ягоным аспірантам. Памятаю заўвагі Міхася Восіпавіча на старонках маіх першых рукапісаў. Адным з самых папулярных было пытанне: «Навошта?». Кіраўнік патрабаваў навуковай дакладнасці, вучыў жорстка экзаменаваць кожны гістарычны факт. Менавіта ў гэтым ён бачыў сапраўдны патрыятызм беларускага даследчыка. Гісторык цаніў самастойнасць мыслення, прызнаваў права маладога даследчыка на ўласную пазіцыю, калі яна была дастаткова абгрунтаванай.

У 1997 г. мне прапанавалі напісаць рэцэнзію на рукапіс новага навучальнага дапаможніка М.Біча для VIII класа школы. Я згадзіўся на гэта не без пэўных ваганняў, бо лічыў, што ягоны дапаможнік 1993 года выдання з метадычнага пункту погляду не адпавядаў патрабаванням школьнага навучання. Рэцэнзія на новы варыянт дапаможніка атрымалася даволі крытычнай, і ў Менск на сустрэчу з аўтарам я ехаў з моцным хваляваннем. Як прафесар успрыме крытыку нядаўняга вучня? Хваляванне знікла ўжо на пачатку размовы. Мы працавалі з Міхасём Восіпавічам некалькі гадзін. Ён пагадзіўся з бальшынёй заўвагаў і быў удзячны за крытыку. Нехта можа сказаць: «Гэта ж нармальная рэакцыя навукоўца!». Так, гэта нармальная рэакцыя, але як моцна не хапае такой нармальнасці бальшыні нашых навукоўцаў з высокімі званнямі і пасадамі. З гэтага моманту я пачаў ставіцца да Міхася Біча не толькі як да настаўніка, але як і да сябра.

Міхась Восіпавіч быў добрым і сардэчным чалавекам, але выяўляў жорсткасць і настойлівасць, калі сустракаўся з несумленнасцю, са спробай з дапамогай калянавуковай дэмагогіі прыкрыць унутраную чалавечую і навуковую пустэчу.

Смерць перарвала яго працу, але засталіся кнігі, засталіся вучні, застаецца памяць. Быць верным памяці гісторыка Міхася Біча — гэта значыць захаваць у чысціні сваё сумленне, любіць родную зямлю і не «перакручваць» беларускую гісторыю дзеля ідэалагічнага аргазму некаторых чыноўнікаў.

Вечная памяць Табе, Міхась Восіпавіч!

Алесь Смалянчук

Tags: