Новы нумар


Nagielski, Mirosław. Rokosz Jerzego Lubomirskiego w 1665 roku (Генадзь Сагановіч)

Nagielski, Mirosław. Rokosz Jerzego Lubomirskiego w 1665 roku. Warszawa, 1994. 260.

Мяне даўно заінтрыгаваў факт, што адной з прычын зрыву вялікай выправы супольных сілаў Рэчы Паспалітай за Дняпро зімою 1663/64 г. сталі ўнутраныя забурэнні ў Кароне, пераросшыя хутка ў рокаш эксмаршалка Ежага Любамірскага. Літаральна праз год Польшчу скаланула сапраўдная ўнутраная вайна. У Рэчы Паспалітай гэта быў другі за ХVII ст. узброены выступ шляхты супраць манарха, і калі першы (рокаш Зебжыдоўскага) прынёс каралю перамогу, дык гэты, пачаты ў цяжкі ваенны час, завяршыўся яго паражэннем.

І вось падзеі важнейшага для лёсаў усёй Рэчы Паспалітай рокашу ўпершыню манаграфічна даследуюцца ў кнізе Міраслава Нагельскага, прафесара Гістарычнага Інстытуту Варшаўскага універсітэту. Шкада, што пакуль толькі яго першага году, бо мяцеж ахапіў і 1666 г.

Праца складаецца з уступу, шасці раздзелаў, заканчэння і бібліяграфічнага дадатку. У невялікім уступе (5–10) аўтар сцісла характарызуе літаратуру прадмету і базу апрацаваных крыніц. Адметна, што апрача шматлікіх архіўных збораў Польшчы ён выкарыстаў багацейшыя замежныя сховішчы — Архіва Міністэрства замежных спраў і Нацыянальнай бібліятэкі ў Парыжы, венскага Haus– Hof– und Staatsarchiv, ЦГАДА у Маскве і інш.

У першым раздзеле („Rzeczpospolita a Europa w dobie rokoszu Lubomirskiego w 1665 r.“, s.11–40) разглядаюцца спробы супернікаў — каралеўскага двара і лагеру Любамірскага – знайсці саюзнікаў за мяжой, а таксама рэакцыя еўрапейскіх дзяржаў на сітуацыю ў Польшчы. Французы стараліся стварыць саюз, каб дапамагчы каралю ваеннай сілай, а эксмаршалак шукаў фінансавай дапамогі або дыпламатычнай падтрымкі ледзь не па ўсім свеце — у Берліне і Вене, у рымскага папы і ў Канстанцінопалі, у іспанскага караля і нават у маскоўскага цара.

У другім раздзеле („Między Wiedniem a Berlinem. Funkcjonowanie opozycji antydworskiej w 1665“, s.41–74) аўтар паказвае старанні апазіцыі здабыць падтрымку Фрыдрыха Вільгельма і Леапольда I — самых моцных суседзяў Польшчы, не зацікаўленых у тым, каб польскую карону атрымаў француз. З Берліна і Вены Любамірскі атрымліваў такую фінансавую падтрымку, без якой наўрад ці адважыўся б кідаць выклік каралю.

Асабліва важны для разумення ўнутранай сітуацыі ў тагачаснай Рэчы Паспалітай трэці раздзел („Stanowisko Armii Koronnej wobec rokoszu Lubomirskiego“, s.75–111), у якім аналізуецца стаўленне да паўстання галоўнай дзеючай сілы — войска. Яго стараліся перацянуць на свой бок і кароль, і бунтаўнік. І хоць магчымасці першага былі непараўнальна большыя, сканфедэраваная армія стала на абарону Любамірскага. Яго падтрымала і большасць шляхты ВКЛ, хоць эліта ўлады як у Кароне, так і ў Вялікім Княстве, заняла бок караля.

Для беларускага чытача важным эпізодам кампаніі супраць Любамірскага можа быць малазнаны ўдзел у ёй корпусу ВКЛ на чале з палявым пісарам Аляксандрам Палубінскім. Апошні зусім не жадаў выконваць даручанай яму місіі, не гарэлі жаданнем ваяваць супраць каронных братоў і яго жаўнеры. Корпус складаўся з харугваў Пацавай дывізіі (левага крыла), якія анічым не дапамаглі каралю. Частка жаўнераў ВКЛ пасля перамогі ракашан пад Чанстаховай трапіла ў палон і вярнулася дамоў толькі пасля замірэння.

Чацвёрты раздзел („Elekcja vivente rege“, s.112–136) (у змесце ён памылкова пастаўлены на месца трэцяга) раскрывае ідэю каралеўскай пбры правесці элекцыю французскага кандыдата пры жыцці караля (гэта была ўжо другая спроба пасля правалу ініцыятывы ў 1661–62 г.), розныя захады па яе ажыццяўленню і рэакцыю шляхецкага грамадства на дзеянні двара.

Пяты, самы вялікі па аб’ёму раздзел („Społeczeństwo szlacheckiej Rzeczypospolitej w dobie rokoszu Lubomirskiego“, s.137–210) прысвечаны стаўленню да справы рокашу шырокіх слаёў шляхты. Для беларускага чытача тут многа інфармацыі пра пазіцыі палітычнага народу ВКЛ. Шляхту агітавалі на свой бок і кароль, і Любамірскі. Але яе найбольш хвалявала вайна з Масквой, рокашам жа цікавіліся адно лідэры галоўных палітычных груповак (Пацы, Радзівілы, Сапегі), разглядаючы яго праз прызму ўласных інтарэсаў (209). Аўтар паказвае, што большасць дыгнітарыяў з самых уплывовых родаў (Павел Сапега, Міхал Казімір Радзівіл, Аляксандр Нарушэвіч і інш.), хоць сімпатызавала Любамірскаму, не адважылася супрацьпаставіць сябе манарху, каб не трапіць у апалу (140). Магутныя Пацы, займаўшыя бок караля, кантралявалі ўсю карэспандэнцыю і так уплывалі на шляхту, што прапаганда эксмаршалка ў ВКЛ не дасягнула значнага эфекту (148).

Іншым сур’ёзным фактарам, вызначаўшым пазіцыі шляхты Беларусі і Літвы, стала цяжкае становішча краіны: усходнія землі заставаліся пад акупацыяй, а для паспяховага завяршэння вайны з Масквой патрабаваліся вялікія фінансы на войска. У гэтай сувязі зрыў вальнага сойму, так патрэбны апазіцыі, не адпавядаў інтарэсам паслоў ВКЛ. І калі ў сакавіку 1665 г. прадстаўнікі Кароны такі сарвалі сойм, Вялікае Княства апынулася ў цяжкай сітуацыі, бо маскоўскія ваяводы ўзнавілі ваенныя дзеяні на ўсходзе Беларусі. Неадкладныя пытані абароны тэрмінова вынеслі на канвакацыю, якая сабралася ў Горадні. Але Сапега са сваёй партыяй падтрымаў караля, і тады на дапамогу Яну Казіміру быў высланы згаданы вышэй корпус Палубінскага. Сілы гэтыя нічым не дапамаглі каралю, а вось у Беларусі іх недахоп моцна адчуваўся: царскі ваявода Хаванскі атакаваў левы бераг Дзвіны і бесперашкодна вярнуўся назад.

У апошнім раздзеле („Po Palczynie“, s.211–233) М.Нагельскі разглядае падпісаны ў Пальчыне мірны дагавор паміж ракашанамі і каралём, рэалізацыю яго ўмоў і стаўленне ўсіх бакоў канфлікту да замірэння.

На заканчэнне аўтар прыводзіць ацэнкі, дадзеныя рокашу Любамірскага рознымі гісторыкамі, і фармулюе ўласныя высновы (234–245). У прыватнасці, ён лічыць, што шляхта кароннай арміі ў пераважнай большасці падтрымала Любамірскага з палітычных прычынаў; што сваёй сілай ракашане абавязаны не толькі шляхце, але і апецы суседніх манархій, незацікаўленых у рэалізацыі праграмы караля Яна Казіміра і Людвікі Марыі; што гады рокашу былі часам павышанай дыпламатычнай актыўнасці суседніх дзяржаў, якія фармавалі свае партыі для падтрымкі адпаведнага кандыдата на польскі трон (але свайго кандыдата хацела пасадзіць у Варшаве толькі Францыя); што адносіны шырокіх колаў грамадства да рокашу розніліся, а двор проста не здолеў выкарыстаць сваіх прыхільнікаў; урэшце, што рокаш яшчэ больш падарваў аўтарытэт манарха і зменшыў шанцы на ажыццяўленне рэформы дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. А пабочным вынікам грамадзянскай вайны стала рэзкае ўзрастанне варожасці да чужаземцаў, выразнай ксенафобіі (242).

Змястоўная манаграфія Міраслава Нагельскага стала несумненна важкім гістарыяграфічным укладам у нашыя веды пра найбуйнейшае ў гісторыі Рэчы Паспалітай сутыкненне ўрадавых сілаў з апазіцыяй, згуртаванай вакол эксмаршалка Любамірскага, пра метады і механізмы дзеяняў апазіцыі і двара, пра стаўленне да справы рокашу шырокіх шляхецкіх колаў, асабліва палітычнага народу Беларусі і Літвы.

Менск

Генадзь Сагановіч

Tags: ,