БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Наталля Юсава. Да гісторыі арганізацыі зтнагенетычных даследаванняў у СССР.


Даследаванні праблематыкі паходжання славянскіх народаў па-ранейшаму захоўваюць як навуковую, так i вос­трую палітычную актуальнасць. Сёй-той з расійскіх вучоных вядзе гаворку нават пра ix маральна-этычнае значэнне[1]. Відавочна, што ў апошнім выпадку маецца на ўвазе маральны абавязак этнагенетыкаў перад сваімі народамі грунтоўна разабрацца ў ix паходжанні, паколькі толькі фундаментальныя міждысцыплінарныя распрацоўкі пытанняў этнагенезу могуць, у адрозненне ад міфалагічных спекуляцыйных канструкцый архіпатрыётаў, надзейна абараніць пры дапамозе навуковых фактаў i адпаведнай найбольш праўдзівай ix інтэрпрэтацыі гістарычнае мінулае славянскіх народаў ад розных (як даўнейшых, так i сучасных) спроб фальсіфікацыі. Уласна кажучы, якраз такая актуалізацыя i паўстала перад савецкімі вучонымі ў часы станаўлення этнагенетыкі як навукі. Разам з тым важнай i недастаткова вывучанай тэмай застаецца разгляд розных нюансаў арганізацыі этнагенетычных даследаванняў у СССР, якія былі распачаты ў другой палове 1930-х — пачатку 1940-х г.[2] Некаторыя даследчыкі (А. Аксёнава i M. Васільеў) робяць націск на навуковым фактары адраджэння этнагенетыкі — пачатку работы над шматтомавай „Гісторыяй СССР», іншыя (В. Шнірэльман) засяроджваюць увагу на паказе ўплыву палітычна-ідэалагічных чыннікаў, звязаных з працэсамі змянення гістарычнай парадыгмы ў СССР у кантэксце новай сталінскай палітыкі пераходу ад ідэалогіі інтэрнацыяналізму да ідэалогіі вялікадзяржаўніцтва i нацыяналізму. У той жа час, у адрозненне ад суаўтараў, В. Шнірэльман у меншай ступені падкрэслівае ролю партыйна-дзяржаўных рашэнняў на „гістарычным фронце» сярэдзіны 1930-х г., што стварылі палітычна-ідэалагічныя перадумовы для пачатку работы над акадэмічнымі шматтомавікамі па сусветнай гісторыі i гісторыі СССР; апошнія праекты далі, у сваю чаргу, штуршок да фактычнага зараджэння i актывізацыі этнагенетычных даследаванняў. Калі А. Аксёнава i M. Васільеў недастаткова акцэнтуюць увагу на такім важ­ным фактары актуалізацыі этнагенетычных даследаванняў, як неабходнасць тэарэтычна-ідэйнай барацьбы з нацысцкімі расавымі дактрынамі, дык В. Шнірэльман слушна адводзіць гэтаму фактару першачарговую ролю. Згаданыя вучоныя справядліва адзначаюць, што ў акрэслены перыяд у СССР перш за ўсё праводзіліся даследаванні па праблемах славянскага i ўсходнеславянскага этнагенезу. А. Аксёнава i M. Baсільеў упершыню на пачатку 1990-х гг. асвятлілі пытанне пра арганізацыю спецыяльнай камісіі з прадстаўнікоў акадэмічных устаноў для каардынацыі этнагенетычных даследаванняў. Таксама ўсе згаданыя вышэй спецыялісты прасочваюць неадназначную сувязь паміж тэорыяй М. Mapa i этнагенетычнымі даследаваннямі. Шэраг важных удакладненняў i дапаўненняў быў унесены для раскрыцця названай тэматыкі аўтарам гэтых радкоў пры апоры на новыя, нядаўна знойдзеныя архіўныя i гістарыяграфічныя крыніцы.

Гэтая праца мае на мэце высветліць ролю ў арганізацыі міждысцыплінарных даследаванняў у галіне этнагенетыкі i ўтварэнні спецыяльнай камісіі першай нарады па пытаннях этнагенезу, што адбылася на базе Інстытута гісторыі АН СССР 10 верасня 1938 г. Істотным нюансам з’яўляецца таксама ўдакладненне часу першай пастаноўкі пытання аб неабходнасці даследавання паходжання старажытнарускай народнасці (у дакументах ужыта тэрміналагічнае словазлучэнне „рускі народ»), што стала магчымым пры непасрэдным разглядзе архіўных матэрыялаў, прысвечаных згаданай нарадзе. Для вырашэння гэтых задач упершыню задзейнічана архіўная справа з Архіва Расійскай акадэміі навук (фонд Інстытута гісторыі АН СССР), дзе змяшчаюцца пратакол, стэнаграма нарады i шэраг дадаткаў[3]. На вялікі жаль, матэрыялы былі знойдзены ўжо пасля таго, як другое выданне аўтарскага манаграфічнага даследавання было здадзена ў друк, а таму ўказаныя важныя пытанні засталіся без належных удакладненняў[4].

Такім чынам, на думку А. Аксёнавай i M. Васільева, „імпульсам да інтэнсіўнай распрацоўкі праблем славянскай этнагоніі» акадэмічнымі інстытутамі сталі вядомыя партыйна-дзяржаўныя рашэнні сярэдзіны 1930-х гг. па пытаннях гістарычнай навукі i асветы, а таксама работа над шматтомавай „Гісторыяй СССР», што выклікала неабходнасць стварэння цэласнай канцэпцыі паходжання славян i ix усходняй галіны[5]. Сапраўды, як сведчылі ў 1940 г. савецкія гісторыкі-славісты i этнагенетыкі, актывізацыя ў другой палове 1930-х — пачатку 1940-х гг. даследаванняў па праблемах гісторыі славян, у тым ліку па праблемах ix этнагенезу, адбылася ў сувязі з працай над шматтомавай „Гісторыяй СССР»[6]. Разам з тым этнагенетычная праблематыка выходзіла на авангарднае месца таксама i пры распрацоўцы гісторыі асобных народаў СССР[7], пра што сведчаць, у прыватнасці, i матэрыялы першай нарады па пытаннях этнагенезу.

Адной жа з галоўных прычын актуалізацыі i паскарэння этнагенетычных даследаванняў было ўзмацненне ідэалагічнай барацьбы з фашысцкай Нямеччынай, якая адкрыта рыхтавалася да агрэсіі[8]. Беручы пад увагу ідэалогію пангерманізму, у верасні 1936 г. сектар гісторыі сярэдніх вякоў новаўтворанага Інстытута гісторыі СССР зацвердзіў перспектыўны план навуковых даследаванняў, сярод якіх намячалася распрацоўка пэўных праблем гісторыі славянскіх народаў[9]. У лістападзе наступнага года дырэктар Інстытута гісторыі акадэмік Б. Грэкаў у дакладзе, прысвечаным падвядзенню вынікаў даследаванняў па гісторыі СССР за 20 гадоў (зроблены на пасяджэнні Аддзялення грамадскіх навук АН СССР), сярод галоўных пытанняў, якія неабходна вырашаць гісторыкам, адным з найпершых называв праблему этнагенезу ва Ўсходняй Еўропе[10]. Цалкам відавочна, што акадэмік меў на ўвазе перш за ўсё актуальнасць даследаванняў у галіне этнагенезу ўсходніх славян.

Наогул, этнагенетычныя распрацоўкі зрабіліся магістральным напрамкам савецкай навукі[11]. На гэта былі накіраваны найлепшыя сілы савецкіх спецыялістаў, выдзелены вялікія сродкі[12]. У новых палітычных умовах менавіта пытанні „этнагоніі», перш за ўсё славянскай i ўсходнеславянскай, сталі ў авангардзе „гістарычнага фронту», які, у сваю чаргу, абвяшчаўся „галоўным ідэалагічным фронтам»[13]. Праблемы этнагенезу пачалі лічыцца аднымі са стрыжнёвых аспектаў гістарычнай навукі[14]. Яны занялі ключавое месца ў распрацоўцы пытанняў старажытнай гісторыі народаў СССЕ Усё гэта было выклікана неабходнасцю змагання супраць пангерманізму i нацысцкіх расавых дактрын.

Утварэнне Прэзідыумам АН СССР спецыяльнай камісіі па праблемах этнагенезу ў першую чаргу было прадыктавана названымі вышэй прычынамі, паколькі, як указвалася ў пастанове Прэзідыума, этнагенетычныя даследаванні маюць вялікае значэнне ў барацьбе „са скажэннямі ў галіне гісторыі, асабліва з фашысцкімі фальсіфікацыямі»[15]. Таксама i на першай нарадзе па пытаннях этнагенезу (верасень 1938 г.) у выступленні прафесара А. Удальцова (ён старшыняваў на нарадзе) падкрэслівалася, што гэтая праблематыка актуальная ў сувязі з неабходнасцю „процідзеяння фашысцкай, чалавеканенавісніцкай, расісцкай тэорыі паходжання народаў i плямён»[16]. А на сесіі Аддзялення грамадскіх навук (далей — АГН) АН СССР у кастрычніку таго ж года А. Удальцоў заклікаў прысутных проціпаставіць „ілжэнавуцы фашысцкай Нямеччыны» вучэнне пра этнагенез „з пункту гледжання марксісцка-ленінскай тэорыі»[17]. Першачарговай жа задачай савецкіх гісторыкаў стала ўсебаковае вывучэнне пытанняў этнагенезу славян, перш за ўсё ўсходніх. Гзтая тэма з канца 1930-х гг. заняла трывалыя пазіцыі ў планах Інстытута гісторыі АН СССР[18] i Інстытута гісторыі матэрыяльнай культуры імя М. Я. Мара (далей — ІГМК)[19].

Спробы аб’яднаць намаганні акадэмічных устаноў для вырашэння этнагенетычных праблем прасочваюцца па архіўных крыніцах з канца 1930-х г., а дакладней — з восені 1938 г. У пачатку восені (як можна зразумець з кантэксту выступлення А. Удальцова на першай нарадзе па пытаннях этнагенезу ад 10 верасня 1938 г.) АГН выдалапастанову (на жаль, яна пакуль што не знойдзена), у якой выказвалася пажаданне, адрасаванае акадэмічным інстытутам гуманітарнага цыкла, наконт абавязковага планавання этнагенетычных даследаванняў i актывізацыі апошніх. Штуршком да гэтага рашэння стаў папярэдні разгляд плана навукова-даследчай работы Інстытута гісторыі АН СССР на 1939 г. У пастанове таксама гаварылася, што праца ў гэтым напрамку ў рамках АН СССР павінна насіць больш арганізаваны і сістэмны характар, а гэта патрабуе перш за ўсё эфектыўнай каардынацыі планавання i саміх распрацовак у галіне паходжання народаў. У метадычных адносінах адным з пажаданняў АГН была рэкамендацыя акрэсліць тыя ці іншыя асноўныя праблемы, вакол якіх надалей належала весці работы ў сферы этнагенезу[20]. Першым крокам да рэалізацыі адзначаных дэзірат АГН стала правядзенне на базе Інстытута гісторыі АН СССР нарады, прысвечанай пытанням этнагенезу (як адзначана ў назве архіўнай справы — нарада „па ўтварэнні Камісіі i арганізацыі работ па пытаннях этнагенезу»), якая адбылася 10 верасня 1938 г.

Нараду, што стала фактычна першай рэальна каардынавальнай нарадай у галіне этнагенезу, правяло паміж са­бой вузкае кола асоб, сярод якіх былі вучоныя, якія мелі дачыненне да вывучэння праблем паходжання народаў. Апрача прадстаўнікоў акадэмічнага кіраўніцтва — акадэміка-сакратара АГН А. Дэборына (філосафа па спецыяльнасці) i Вайцінскага, у нарадзе ўзялі ўдзел усяго чатыры вучоныя з трох акадэмічных інстытутаў: гісторык А. Удальцоў (Інстытут гісторыі), археолаг М. Артамонаў (ІГМК), этнолагі Я.Кагараў i M. Кюнер (Інстытут этнаграфіі)[21]. 3 ix надалей актыўна праявілі сябе ў рабоце камісіі i пад час пасяджэнняу спецыяльных секцый Аддзялення першыя двое з названых вучоных. Вядомы гісторык-медыявіст член-карэспандэнт АН СССР Аляксандр Дзмітрыевіч Удальцоў, які старшыняваў на нарадзе, на той момантзаймаў пасады загадчыка сектара сярэдніх вякоў Інстытута гісторыі АН СССР i дэкана гістарычнага факультэта Маскоўскага універсітэта[22]. Ён пазней i ўзначаліў спецыяльную камісію па праблемах этнагенезу пры Аддзяленні гісторыі i філасофіі (далей — АГФ) АН СССР i стаў адным з галоўных тэарэтыкаў у галіне этнагенетыкі першай палавіны 1940-х г.[23]. Археолаг, славяна-русіст i спецыяліст па гісторыі хазараў Міхаіл Іларыёнавіч Артамонаў з’яўляўся вядучым спецыялістам у ІГМК, a ў 1939 г. узначаліў гэты акадэмічны інстытут. Вучоны на восень 1938 г. быў адным з галоўных распрацоўшчыкаў (разам з П. Траццяковым) канцэпцыі ўсходнеславянскага этнагенезу i адным з рэдактараў першага тома шматтомавай „Гісторыі СССР», дзе значнае месца аддавалася праблемам паходжання народаў СССР[24].

У сваім выступленні старшыня праінфармаваў прысутных пра адзначаныя вышэй пажаданні АГН, выкладзеныя ў пастанове, якія i сталі, паводле яго слоў, прычынай склікання нарады. А. Удальцоў выказаў шкадаванне з нагоды таго, што на пасяджэнні адсутнічаюць антраполагі i лінгвісты, паколькі без ix удзелу грунтоўнай распрацоўкі праблем этнагенезу не можа быць[25]. Пад лінгвістамі вучоны меў на ўвазе прадстаўнікоў Інстытута мовы i мыслення імя М. Я. Мара (далей — ІММ), адзначыўшы на нарадзе, што савецкая гістарычная навука мае ў сваім распараджэнні „новае вучэнне аб мове М. Я. Мара, якое з’яўляецца незаменнай зброяй у барацьбе з фашысцкім цемрашальствам»[26] (гэга, уласна, было пацверджана ва ўсіх прамовах). У гэтым сцверджанні М. Артамонаў аб’яднаў два аспекты: грамадска-палітычную актуалізацыю (пра якую гаварылася вышэй) i метадычную аснову для этнагенетычных даследаванняў. Што да марызму як метадычнага падмурка этнагенетыкі, дык тут варта адзначыць наступнае. А. Удальцоў трохі пазней (кастрычнік 1938 г.) назваў М. Мара стваральнікам тэорыі еднасці глотаганічнага працэсу i еднасці народаў[27], а як слушна сцвярджаюць сучасныя расійскія гісторыкі-славісты А.Аксёнава i M. Васільеў, працэсы глотагенезу i этнагенезу ў савецкай навуцы 1930-х гг. (і нават пазней) амаль атаясамліваліся, а этнас разумеўся перш за ўсё як сукупнасць людзей, якія размаўляюць на адной мове[28]. Апрача названага, існавалі яшчэ i ўнутраныя ідэалагічныя прычыны для прымянення менавіта марызму як тэорыі ў этнагенетыцы, звязаныя з дактрынай фармавання новай супольнасці „савецкі народ», для чаго важна было паказаць агульныя сацыяльныя працэсы паходжання народаў СССР, што, уласна, i адпавядала адной з галоўных ідэй глотаганічнай тэорыі[29]. Варта заўважыць таксама, што сама задума стварэння міждысцыплінарнай камісіі па пытаннях этнагенезу ў пэўнай ступені адпавядала заснаванаму М. Марам комплекснаму напрамку гуманітарыстыкі, які атрымаў назву яфетыдалогіі. Гэты мовазнавец яшчэ з сярэдзіны 1920-х гг. настойліва выступаў за міждысцыплінарныя даследаванні, якія аб’ядналі б намаганні лінгвістаў, археолагаў i іншых гуманітарыяў[30].

Варта адзначыць, што прадстаўнікі ІММ усяляк ухіляліся ад удзелу ў этнагенетычных даследаваннях, якія акуратраспачаліся[31]. Пра гэта сведчыць i ix адсутнасць на першай нарадзе па пытаннях этнагенезу. А. Удальцоу у сваім выступлент на нарадзе паведаміў, што як ІММ, так i Кабінет імя M. Я. Mapa пры ІГМК не вядуць амаль ніякай работы ў гэтым напрамку, a наяўныя рукапісы М. Мара па пытаннях паходжання народаў не вывучаюцца i не выдаюцца[32]. M. Артамонаў выказаўся, пгго ўсё гэта неабходна „фарсіраваць»[33].

Працягваючы сваё выступление, A. Удальцоў выказаўся наконт практычнай неабходнасці каардынацыі рабо­ты навукова-даследчых інстытутаў у галіне этнагенезу. Ён паставіў задачу перад прысутнымі прадстаўнікамі назва­ных інстытутаў праінфармаваць аб стане работы па гэтых пытаннях у ix установах, а таксама праясніць сітуацыю з навуковымі кадрамі i ўмовамі працы[34]. Згодна з указаннямі АГН, А. Удальцоў прапанаваў прысутным сфармуляваць асноўныя, найбольш актуальныя пытанні, вакол якіх можна было б разгарнуць работу ў сферы праблематыкі паходжання народаў. На думку ж самога вучонага, такімі вузлавымі задачамі павінны былі стаць наступныя: вывучэнне славянскага этнагенезу (у тым ліку — усходнеславянскага)[35]; этнагенезу старажытнанямецкіх плямён, асабліва готаў[36]; паходжанне, этнічны склад аланскіх плямён i ix роля ў этнагенезе народаў Еўропы[37]. Гэтыя задачы, на думку A. Удальцова, меліся быць першачарговымі, але ён акрэсліў i іншыя: гэта вывучэнне этнагенезу іншых народаў СССР (апрача ўсходнеславянскіх) i этнагенезу японцаў (актуалізацыя: японскі расізм як апраўданне экспансіі!)[38].

Паставіўшы задачу вывучэння этнагенезу ўсходніх сла­вян, А. Удальцоў разам з тым асобна вылучыў пытанне прадаследаванне паходжання „рускага» народа[39]. Паводле нашых назіранняў, што грунтуюцца на вывучэнні шэрагу гістарыяграфічных фактаў, у гістарычнай навуцы СССР другой палавіны 1930-х гг. адбывалася пэўнае адраджэнне традыцыйнай канцэпцыі расійскай гісторыі, згодна з якой прызнавалася гістарычнае быццё „рускага» = „усходнеславянскага» народа з часоў Кіеўскай Русі, а то i раней. Расійскія савецкія гісторыкі, збольшага па інерцыі традыцыйнага мыслення, разумелі пад існаваннем „рускага» народа ў старажытнарускую эпоху пачатковы (або адзін з прамежкавых) этап развіцця „трыадзінага рускага народа», г. зн. будучых беларусаў, расіян i ўкраінцаў[40]. Разам з тым, ужо тады пачало фармавацца вучэнне пра старажытнарускую народнасць, якое адрознівалася ад папярэдняй канцэпцыі важным нюансам: пад старажытнарускім (ці рускім) наро­дам (ці народнасцю) разумелася этнічная супольнасць — агульны продак будучых усходнеславянскіх народаў, а не пачатковы (або адзін з прамежкавых) этап развіцця „трыадзінага рускага народа». Таму важна высветліць — на якіх пазіцыях у гэтым выпадку стаяў A. Удальцоў.

У інфармацыйнай нататцы, апублікаванай у часопісе „Историк-марксист», дзе іпіла гаворка ў тым ліку пра нараду па пытаннях этнагенезу, адзначалася (цытуем на мове арыгінала), што ў рангу „основных тем исследований по этногенезу выдвинуты: вопрос о происхождении славян, в частности русского народа»[41]. Toe самае было працытавана i ў артыкуле А. Аксёнавай i M. Васільева, якія спасылаліся на часопіс „Историк-марксист»[42]. Пропуск у гэтай цытаце ўсходніх славян паказвае на тое, што пад „русским» наро­дам маецца на ўвазе „восточнославянский». Але ж паўстаепытанне: у якім сэнсе? У сэнсе традыцыйнай канцэпцыі „адзінай рускай народнасці» або ў разуменні „агульнага продка» ? Гэтае пытанне не дапамагае праясніць i непасрэднае азнаямленне з пратаколам i стэнаграмай нарады па пытаннях этнагенезу. Аднак азнаямленне з праектам праграмы даследаванняў па этнагенезе, складзеным А. Удальцовым пасля нарады, дае магчымасць зрабіць больш адназначную выснову наконт гэтага. Першым пытаннем у праекце указана (зноў цытуем на мове арыгінала): „Происхождение славян, восточных, западных и южных, в том числе: 1) Про­исхождение русского народа, в его этнических отношениях со скифами, сарматами, венедами (склавины и анты), фин­нами, хазарами и другими племенами В. Европы, в связи с вопросом о великоруссах, украинцах и белорусах»[43]. Відавочна, што пры такой пастаноўцы пытання пад „русским» народам А.Удальцоў меў на ўвазе агульнага продка трох усходнеславянскіх народаў, інакш кажучы, у гэтай частцы праекта ён фактычна паставіў (упершыню!) перад этнагенетыкамі задачу вывучэння паходжання i наступнага этнічнага лесу старажытнарускай народнасці (калі ўжываць пазнейшы тэрмін для азначэння „агульнага продка»).

Сцісла выклаўшы асноўныя праблемы, што стаяць пе­рад даследчыкамі пры вывучэнні этнагенезу славянскіх (у тым ліку ўсходнеславянскіх) плямён, A. Удальцоў сярод тых, хто займаецца паходжаннем усходніх славян, назваў Б. Рыбакова (ІГМК)[44], які сапраўды ў той час даследаваў анцкую праблематыку[45]. Сам жа гісторык-медыявіст адзначыў, што ён займаецца этнагенезам старажытнанямецкіх плямён, як i В. Вайнштэйн з Інстытута гісторыі ды Я. Кагараў з Інстытута этнаграфіі[46]. Таксама А.Удальцоў нагадаў прысутным, што да вывучэння этнагенезу японцаў мае дачыненне М.Кюнер (Інстытут этнаграфіі)[47], вядомы вучоны-ўсходазнавец (этнолаг, гісторык, географ).

У канцы свайго выступлення A. Удальцоў яшчэ раз падкрэсліў тое, што даследаванні, якія вядуцца ў розных інстытутах па пытаннях паходжання народаў, трэба аб’яднаць i арганізаваць надежным чынам, хоць бы так, каб вучоныя былі праінфармаваныя аб тым, хто чым займаецца ў іншых акадэмічных установах. Варта заўважыць, што нават гэтае элементарнее пажаданне А. Удальцова, нягледзячы на ўтварэнне камісіі па пытаннях этнагенезу i неаднаразовае правядзенне сесій АГФ па гэтай тэматыцы, не заўсёды рэалізоўвалася[48].

У аспекце патэнцыяльнай арганізацыі работы А. Удальцоў дапускаў магчымасць як правядзення калектыўных даследаванняў з прыцягненнем спецыялістаў з розных галін гуманітарыстыкі, так i падрыхтоўкі індывідуальных прац па асобных вузкіх i спецыяльных тэмах[49]. Вынікі гэтых навуковых прац павінны былі, на думку вучонага, недзе канцэнтравацца; таксама канстатавалася неабходнасць рэгулярнага правядзення падобных нарад як для вырашэння арганізацыйных пытанняў, так i для абмеркавання канкрэтных тэм[50].

Следам за A. Удальцовым з паведамленнямі выступілі прадстаўнікі іншых інстытутаў, якія праінфармавалі прысутных аб канкрэтных даследаваннях, што вядуцца ў ix установах па адзначанай праблематыцы. Вучоныя (а так­сама прадстаўнікі акадэмічнага кіраўніцтва) падтрымалі А. Удальцова ў неабходнасці разгортвання комплекснай міждысцыплінарнай работы па пытаннях этнагенезу i ўтварэння ў сувязі з гэтым спецыяльнай камісіі пры АГН.

М. Артамонаў у сваім дакладзе ўказаў, што ў ІГМК займаюцца паходжаннем славянскіх, фінскіх, нямецкіх, цюркскіх ды іншых плямён i народаў[51]. Больш дэталёва ён спыніўся на гоцкай праблеме. Археолаг падкрэсліў неабходнасць распрацоўкі тых пытанняў, што даследуюцца ў ІГМК, паралельна i іншымі інстытутамі, асабліва ІММ, а таксама антраполагамі. У апошнім выпадку М. Артамонаў заўважыў, што антрапалагічныя даследаванні маюць першачарговае значэнне для вырашэння пытанняў паходжання народаў[52]. Разам з тым, паводле яго назіранняў, у Ленінградзе антрапалапчныя навуковыя ўстановы знаходзяцца ў стадыі арганізацыі, a ў Маскве вучоныя-антраполагі больш вывучаюць праблематыку, якая датычыць першабытных людзей[5], інакш кажучы — неабходныя антрапалагічныя даследаванні этнагенетычных тэм фактычна не праводзяцца. М. Артамонаў адзначыў, што i археалагічныя даследаванні збольшага абапіраюцца на выпадковы матэрыял, а ix трэба праводзіць больш планава[54]. Вучоны выказаў прапанову далучыць да комплексных работ таксама i Інстытут усходазнаўства[55].

M. Кюнер, які выступіў следам за M. Артамонавым, праінфармаваў прысутных, што ён па сваёй секцыі ў Інстытуце этнаграфіі выступіў з паведамленнем пра паходжанне японцаў яшчэ ў 1936 г. Тады ж выразна паўстала вострая актуальнасць гэтага пытання, паколькі „Японія выкарыстоўвае матэрыял расавага генезісу для апраўдання сваіх захопаў»[56]. Тут этнолаг падрабязна спыніўся на растлумачэнні таго, якім чынам японскія вучоныя падмацоўваюць навуковымі аргументамі экспансіянісцкую палітыку сваёй дзяржавы. М. Кюнер паведаміў, што з 1937 г. планава вывучае праблему этнагенезу японцаў i ўжо падрыхтаваў папярэдні варыянт адпаведнага даследавання, аднак прызнаў, што мае патрэбу ў пастаяннай метадалагічнай i тэарэтычнай дапамозе, без чаго не можа закончыць сваю працу. Пры гэтым М. Кюнер заўважыў, што хоць i ёсць шмат выказванняў класікаў марксізму па праблематыцы расавага генезісу i нацыянальным пытанні, але ён не бачыў, каб ixнехта з вучоных практычна прымяняў у сваіх даследаваннях этнагенезу[57]. Таму ён унёс прапанову арганізаваць праз камісію работу па вырашэнні метадалаіічных i тэарэтычных пытаняў, а таксама па далейшым азнаямленні з імі вучоных. Этнолаг таксама ў сувязі з гэтым звярнуўся да А. Удальцова з просьбай прагледзець у Інстытуце гісторыі працу пра этнагенез японцаў і зрабіць на яе водгук з тым, каб, у першую чаргу, дапамагчы яму з тэарэтычнымі пытаннямі[58]. Па просьбе Вайцінскага M. Кюнер выклаў асноўныя тэзісы сваёй працы, адказаўшы пры гэтым на ўдакладняльныя пытанні М. Артамонава i таго ж Вайцінскага[59].

Апошнім з вучоных выступіў з паведамленнем Я. Karapay. Ён адзначыў, што, падобна да M. Кюнера, атрымаў у 1936 г. задание ад дырэкцыі Інстытута этнаграфіі падрыхтаваць работу наконт этнагенезу старажытнанямецкіх плямён. Гэта была яго планавая работа на 1937 г., i ён яе завяршыў да пачатку 1938 г., перадаў рукапіс дырэкцыі, але дагэтуль не атрымаў ад яе афіцыйных рэцэнзій (арганізаваць якія мелася дырэкцыя), што неабходны для выпраўлення хібаў i ўнясення магчымых дапаўненняў. Ра­зам з тым Я. Кагараў неафіцыйна звярнуўся да прафесара В. Вайнштэйна (Інстытут гісторыі), які зрабіў станоўчую рэцэнзію на гэтую працу, але, паводле слоў этнолага, яе недастаткова для ўдасканалення работы[60]. Далей Я. Кагараў спыніўся на раскрыцці асноўных палажэнняў сваёй працы па этнагенезе старажытнанямецкіх плямён[61]. Падводзячы вынікі, ад свайго імя i ад імя M. Кюнера, этнолаг адзначыў, што іншых тэм па праблематыцы паходжання народаў у Інстытуце этнаграфіі не распрацоўваецца. Я. Кагараў пагадзіўся з галоўнымі тэмамі, якія вылучыў старшыня, у якасці першачарговых задач для работы этнагенетыкаў, аднак ca свайго боку прананаваў i некаторыя іншыя. Гэта сюжэт пра паходжанне кельтаў, цесна звязаны з тэмамі пра паходжанне славян ды немцаў i зусім не распрацаваны ў айчыннай літаратуры [цікава, ці ведаў Я. Кагараў аб працах украінскага даследчыка-эмігранта С. Шалухіна на тэму кельцкага паходжання Русі ў сувязі з этнагенезам украінцаў?[62], а таксама тэмы пра паходжанне народаў СССР, якіх не назваў А. Удальцоў, у прыватнасці, пытанне пра паходжан­не фіна-угорскіх плямён (пра гэта, уласна, у сваім выступленні згадваў ужо М. Артамонаў) у сувязі з „фашысцкімі фальсіфікацыямі фінляндскіх гісторыкаў» i г. д.[63]. Аддаў увагу этнолаг i важнасці вывучэння праблематыкі пахо­джання народаў у сувязі з сучаснымі расісцкімі дактрынамі i фальсіфікацыямі, а таксама метадалогіі даследаванняў у сферы этнагенетыкі, якая павінна быць пабудавана на пра­цах класікаў марксізму i працах М. Мара[64]. Аднак Я. Karapay падкрэсліў „крайнюю нераспрацаванасць тэарэтычных пытанняў у савецкай навуцы», а таму, на яго думку, варта было б спачатку засяродзіцца, у прыватнасці, на „высвятленні тэарэтычнага пытання ў дачыненні да асноуных стадый i формаў этнагенетычнага працэсу», i толькі тады будзе магчымасць распачаць вывучэнне гэтага пытання на канкрэтным матэрыяле[65].

Падагульняючы выступленні вучоных на нарадзе, акадэмік А. Дэборын прапанаваў падрыхтаваць праграму са звыштэрміновых пытанняў, якія павінны быць пакладзены ў аснову планавых этнагенетычных даследаванняў інстытутаў на 1939 г.[66]. Пад час абмену думкамі з гэтай нагоды было вырашана, што скласці праграму павінны інстытуты на аснове папярэдняга праекта, які падрыхтуе А. Удальцоў[67]. Акадэмік-сакратар падкрэсліў асаблівую важнасць для гісторыі народаў СССР першага пытання, названагаA. Удальцовым, — пытання пра этнагенез славян i „рускага» народа[68]. А. Дэборын аргументаваў неабходнасць стварэння ўмоў для лепшай арганізацыі этнагенетычных даследаванняў, прывёўшы прыклады лёсу прац этнолагаў М. Кюнера i Я. Кагарава, калі ix важныя распрацоўкі па ак­туальных тэмах застаюцца нікому не вядомымі. Зыходзячы з меркаванняў неабходнасці комплекснага вырашэння эт­нагенетычных пытанняў i з мэтай каардынацыі намаганняў вучоных прадстаўнік Прэзідыума АН СССР яшчэ раз прапанаваў стварыць спецыяльную камісію пры АГН па пытаннях паходжання народаў, на пасяджэннях якой павінны абмяркоўвацца ўсе істотныя праблемы этнагенетыкі. Акадэмік праінфармаваў прысутных, што гэтае пытанне ўжо ўключана ў парадак дня чарговай сесіі АГН, якая мелася адбыцца 15 кастрычніка 1938 г.[69]. Што ж да прац названых этнолагаў, то А. Дэборын паабяцаў неадкладна арганізаваць ix рэцэнзаванне, з тым каб потым вынесці даклады па гэтых тэмах на пасяджэнне новаутворанай камісіі. А. Дэборыным i Вайцінскім было прапанавана таксама апублікаваць артыкулы этнолагаў, а яшчэ напісаць паведамленні пра гэтыя даследаванні ў спецыяльнай перыёдыцы[70]. Таксама прадстаўнікі акадэмічнага кіраўніцтва i старшыня прапанавалі размножыць працы М. Кюнера i Я. Кагарава ды распаўсюдзіць ix па гуманітарных інстытутах АН СССР

Па выніках нарады былі прыняты, у прыватнасці, такія рашэнні: „выказаць пажаданне аб утварэнні Камісіі па пытаннях этнагенезу ў складзе прадстаўнікоў інстытутаў: Ін-та гісторыі АН, Ін-та гісторыі мат. культуры, Ін-та мовы i мыслення, Ін-та этнаграфіі, Ін-та ўсходазнаўства i Ін-та антрапалогіі МДУ»; „да 15 верасня 1938 г. даручыць прафесару Удальцову скласці праект праграмы ў папярэднім выглядзе для даклада на Савеце АГН»; „для прасоўвання прац, пададзеных праф. Кагаравым i Кюнерам, размножыць гэ­тыя працы i разаслаць ix: Ін-ту гісторыі АН, Ін-ту гісторыі мат. культуры, Ін-ту мовы i мыслення, Ін-ту этнаграфіі, Ін-ту ўсходазнаўства i Ін-ту антрапалогіі МДУ з просьбай падаць рэцэнзіі на працы да 15 кастрычніка г.г. Копіі прац перадаць у АГН. Аўтарам гэтых прац прапанаваць скласці рэзюмэ сваіх прац у памеры да 1 др. арк. для друку у час. «Историк-марксист» i «Ведомостях ООН»»[71].

У асноўным рашэнні, прынятыя на першай нарадзе па пытаннях этнагенезу, былі рэалізаваныя, што стала істотным крокам па рэальнай каардынацыі этнагенетычных даследаванняў i пачаткам утварэння спецыяльнай камісіі. Разам з тым, дакладнай даты прыняцця пастановы Прэзідыума АН СССР аб стварэнні камісіі не захавалася ні ў тагачаснай перыёдыцы, ні ў архіўных матэрыялах. У пазнейшых згадках пра работу камісіі дакладна ўказаць, калі яна была створана, не здолелі нават самі члены камісіі або вучоныя, уключаныя ў яе дзейнасць[72].

Як дапускаюць А. Аксёнава i M. Васільеў, саюзная камісія была ўтворана восенню 1938 г. паміж вераснёўскай нарадай па пытаннях этнагенезу ў Інстытуце гісторыі i кастрычніцкай сесіяй АГН[73]. Аднак гэтае дапушчэнне крыніцамі ніяк не абгрунтавана. У 1939 г. акадэмік-сакратар АГФ А. Дэборын на красавіцкай сесіі АГФ, спецыяльна прысвечанай пытанням этнагенезу, паведаміў прысутным як пра нешта новае, што пры Аддзяленні ўтворана адзначаная камісія, i прапанаваў зацікаўленым спецыялістам узяць удзел у яе рабоце[74]. Гэтая навіна была унесена ў пратакол пасяджэння сесіі АГФ[75]. А. Дэборыным быў названы толькі адзінправадзейны прадстаўнік камісіі — яе старшыня А.Удальцоў. Зыходзячы з гэтага, можна дапусціць такое: рэальна камісія яшчэ не дзейнічала, хоць фармальна яна была заснавана недзе напярэдадні. М. Дзяржавін у пісьме да A. Дэборына ўказвае, што гэтая камісія створана пастановай Прэзідыума АН СССР ад 14-15 красавіка 1939 г.[76]. Ра­зам з тым у адным з пунктаў пратакола пасяджэння АГФ ад 26 сакавіка 1939 г. сказана, што такая камісія ўжо арганізавана, але патрабуе дапаўнення i пашырэння яе складу[77]. У той жа час у плане навукова-даследчай работы АН СССР на 1939 г. ад 27 сакавіка таго ж года гаворыцца пра аб’яднанне намаганняў Інстытута гісторыі, ІГМК, Інстытута этнаграфіі i Маскоўскага антрапалагічнага інстытута ў галіне этнагенетыкі. Прызнавалася таксама мэтазгодным уключыць пытанне этнагенезу ў пяцігадовы план[78]. Сама пастаноўка пытання ігнаруе факт наяўнасці камісіі па пытаннях этнагенезу. Тым не менш, можна пагадзіцца з А. Аксёнавай i M. Васільевым, што на сакавік 1939 г. камісія ўжо існавала[79], але ўяўляла сабой досыць аморфную структуру. У канчатковым выніку ў яе склад увайшлі такія аўтарытэтныя вучоныя, як А. Удальцоў (старшыня), І.Арбелі, В.Стру­ве, I. Мешчанінаў, М.Дзяржавін, М. Плісецкі, С.Талстоў, А.МІШУЛІН[80]. Па прапанове А. Дэборына пасяджэнні камісіі маглі праводзіцца як асобна, так i ў рамках сесіі АГФ[81]. Сапраўды, як да вайны (1941), так i пад час яе некалькі разоў праводзіліся асобныя сесіі гэтай камісіі, аднак этнагенетычная праблематыка, як правіла, абмяркоўвалася таксама i на сесіях АГФ. Галоўнай задачай камісіі было каардынаваць работу, звязаную з даследаваннямі праблем славянскага (у тым ліку — усходнеславянскага) этнагенезу[82].

Такім чынам, у сувязі з грамадска-палітычнай актуальнасцю (выкліканай як знешнімі, так i ўнутранымі фактарамі) у кантэксце адраджэння этнагенетычных даследаванняў у СССР у канцы 1930-х гг. перад акадэмічным кіраўніцтвам i вучонымі паўстала надзённая праблема неабходнасці каардынацыі намаганняў акадэмічных калектываў i асобных вучоных у галіне этнагенезу. Паспрыяць яе вырашэнню, як планавалася, павінна было стварэнне спецыяльнай міждысцыплінарнай камісіі пры АГФ (спачатку — АГН) АН СССР. Першым рэальным крокам па яе стварэнні стала правядзенне нарады па пытаннях этнагенезу, што адбылася на базе Інстытута гісторыі АН СССР 10 верасня 1938 г. (а таксама прынятыя на ей рашэнні). На нарадзе ў выніку абмену думкамі былі сфармуляваны першачарговыя задачы савецкай этнагенетыкі, якія ляглі ў аснову праекта праграмы этнагенетычных даследаванняў, падрыхтаванага будучым старшынёй спецыяльнай камісіі А. Удальцовым. На нарадзе фігуравала сцверджанне, што метадычнай базай савецкай этнагенетыкі з’яўляецца глотаганічная тэорыя акадэміка М. Мара. Усе задачы, пералічаныя ў праекце, у той ці іншай ступені былі выкананы пры падрыхтоўцы першага тома акадэмічнай „Гісторыі СССР». Сярод гэтых задач важнае месца займала пытанне пра паходжанне „рускага» народа як агульнага продка ўсходнеславянскіх народаў, упершыню пастаўленае менавіта ў такім ракурсе А. Удальцовым. Пер­шая спроба рэалізацыі гэтай задачы была зроблена ў пачатку 1940-х гг. у канцэпцыі ўсходнеславянскага этнагенезу, вылучанай вучонымі ІГМК M. Артамонавым i П. Траццяковым[83]. Застаецца перспектыўным у далейшых даследаваннях на гэтую тэму адсочваць нюансы разумення вучонымі ў той перыяд паняцця „рускі народ».

Пераклад Сяргея Петрыкевіча


[1] Этногенез ранних славян. [Доклад В.В. Седова. Материалы заседа­ния Президиума РАН, ноябрь 2002 г.] // Вестник РАН. Т. 73. 2003.№ 7. С. 605.
[2] Гл.: Аксенова Е.П., Васильев М.А. Проблемы этногонии славянства и его ветвей в академических дискуссиях рубежа 1930-1940-х годов //Славя­новедение. 1993. № 2. С. 86-104; Шнирельман В.А. Злоключения одной науки: этногенетические исследования и сталинская национальная по­литика // Этнографическое обозрение. 1993. № 3. С. 42-66; Юсова Н.М. Започаткування в СРСР досліджень із проблем східнослов’янського етногенезу (кінець 1930 — початок 1940-х pp.) // УІЖ. 2005. № 4. С 145-159; Яна ж. Генезис концепціï давньоруськоï народності в історичній науці СРСР (1930-ті — перша половина 1940-х pp.). Монографія. Вінниця: TOB „Консоль», 2005. С. 195-238; i г. д.
[3] Архив Российской Академии наук (А РАН). Ф. 1577. Воп. 5. Управленческая документация за 1934-1947 г. Адз. зах. 143. Протокол и стено­грамма совещания в Институте по образованию Комиссии и орга­низации работы по вопросам этногенеза. 10 сентября 1938 г. — На 53 арк.
[4] Гл.: Юсова Н. «Давньоруська народність»: зародження та становлен­ия концепціï в історичній науці СРСР: 1930-ті — перша половина1940-х pp. Кїів: ВД „Сгилос», 2006.
[5] Аксенова Е. П., Васильев М. А. Проблемы этногонии славянства и его ветвей в академических дискуссиях рубежа 1930-1940-х годов. С. 87.
[6] Гл.: Алаторцева А. И. Журнал „Историк-марксист»: 1926-1941. Москва: Наука, 1979. С. 242.
[7] Гл., напр.: А РАН. Ф. 457. Воп. 1-1939 г. Адз. зах. 1. Протоколы заседаний Отделения истории и философии Академии наук СССР. 9 янва­ря — 26 ноября 1939 г. А. 25, 26; Тамсама. Воп. 1-1940 г. Адз. зах. 49. Переписка Института истории материальной культуры. 1940 г. Арк. 174; Российский государственный архив социально-политической истории. Ф. 17. Воп. 125. Адз. зах. 10. Проект постановления ЦК ВКП(б) о недостатках учебников по истории СССР Февраль. 1940 г. Декабрь. 1941 г. Арк. 116-119, 120-122, 123; Историческая наука в СССР // Ис­торик-марксист. 1939. Кн. 3. С. 211.
[8] Юсова Н. М. Започаткування в СРСР досліджень із проблем східнослов’янського етногенезу (кінець 1930 — початок 1940-х pp.).С. 146-147; Яна ж. Генезис концепціï давньоруськоï народності в історичній науці СРСР (1930-ті — перша половина 1940-х pp.). С. 206-214.
[9] 50 лет советской исторической науки. Хроника научной жизни. 1917-1967 / Под ред. акад. М. В. Нечкиной и д. и. н. Е. И. Городецкого. Сост. А. И. Алаторцева, Г. Д. Алексеева. Москва: Наука, 1971. С. 203.
[10] Греков Б. Д. Итоги изучения истории СССР за 20 лет // ИзвестияАН СССЕ 1937. № 5. С. 1102.
[11] Гл.: Артамонов М. И. Достижения советской археологии // Вестникдревней истории. 1939. № 2. С. 128-129.
[12] Гл.: Шнирельман В. А. Злоключения одной науки: этногенетическиеисследования и сталинская национальная политика. С. 59.
[13] Параўн.: Аксенова Е. П., Васильев М. А. Проблемы этногонии сла­вянства и его ветвей в академических дискуссиях рубежа 1930-1940-хгодов. С. 86.
[14] Гл., напр.: Центральний державний архів-музей літератури і мистецтва Украïнй. Ф. 12922. Bon. I. Адз. зах. 57. Юшков С. В. Тэзісы дакладаў: „Общие предпосылки возникновения народності», „К вопросу о политических формах феодального государства (до XIX века)» i інш.Аўтограф, маш. з аўт. праўкай. 1930-я — 1951 г. 7 дак. 41 арк. Дак. 2.Арк. 7.
[15] Гл.: В Президиуме АН СССР // Вестник АН СССР 1939. № 4-5. С. 175.Параўн. з пастановай кастрычніцкай сесіі 1938 г. Аддзялення грамадскіх навук АН СССР: На сессии ООН АН СССР // Вестник древнейистории. 1938. № 4. С. 261.
[16] Совещание по вопросам этногенеза // Историк-марксист. 1938. Кн. 6.С. 201.
[17] На сессии ООН АН СССР С. 259.
[18] Алаторцева А. И. Журнал „Историк-марксист». С. 241; Санкт-Петер­бургский филиал Архива РАН. Ф. 133. Воп. 1. Адз. зах. 1583. Ленин­градское отделение Института истории АН СССР (далей — ЛОИИАН СССР). Отчеты за 1939 г. Арк. 1-2, 4; Тамсама. № 1584. ЛОИИАН СССР. Отчеты по выполнению плана за 1939 г. Арк. 1; Тамса­ма. № 1618. ЛОИИ АН СССР. Отчеты о работе отрудников ЛОИИАН СССР за 1940 г. Арк. 11-12.
[19] Научный архив Института истории материальной культуры РАН(НА ИИМК РАН). Ф. 312. Воп. 1. Адз. зах. 14. Отчет о научно-иссле­довательской работе ИИМК за 1938 г. Арк. 19, 34; Тамсама. №. 47.План научно-исследовательской работы ИИМК на 1939 г. Арк. 19;Тамсама. № 50. Отчет о научно-исследовательской работе ИИМК за 1939 г. Арк. 27; Тамсама. № 83. Производственный план работы ИИМКна 1940 г. Арк. 41-42, 47; Тамсама. № 86. Отчет о работе ИИМК за 1940 г. Арк. 3.
[20] А РАН. Ф. 1577. Воп. 5. Адз. зах. 143. Арк. 2.
[21] Тамсама. Арк. 1.
[22] Научно-отраслевой архив Института археологии РАН. Р.-6. Ад.зах. 62. Институт истории материальной культуры АН СССР. Лич­ное дело директора Удальцова Александра Дмитриевича. Начато с1946 янв. мес. До 16 февраля 1959 г. Арк. 13.
[23] Гл.: Юсова Н. Генезис концепціï давньоруськоï народності в історичній науці СРСР (1930-ті — перша половина 1940-х pp.). С. 220, 303-314; Яна ж. Теоретичні засади етногенетики та постановка питания про давньоруську народність у працях О. Удальцова першоï половини 1940-х pp. // Украïнський історичний збірник (Вип. 2006) / Гол. ред. Т. Чухліб. Вип. 9. Киïв: Ін-т історіі Украïни HAH Украïни, 2006. С. 410-420.
[24] Гл.: Юсова Н. Генезис концепціï давньоруськоï народності в історичній науці СРСР (1930-ті — перша половина 1940-х pp.). С. 230-238.
[25] А РАН. Ф. 1577. Воп. 5. Адз. зах. 143. Арк. 2.
[26] Совещание по вопросам этногенеза. С. 201.
[27] На сессии ООН АН СССР С. 261.
[28] Аксенова Е. П., Васильев М. А. Проблемы этногонии славянства иего ветвей в академических дискуссиях рубежа 1930-1940-х годов.С. 91.
[29] Гл. больш дэталёва: Юсова Н. Становления радянськоï етногенетики (в світлі глотогонічноï теоріï M. Марра) // Проблеми історіï Украïни:Факти, судження, пошуки. Міжвідомчий збірник наукових праць.Вип. 15. Київ: Ін-т історіï Украïни HAH Украïни, 2005. С. 169-172.
[30] Тамсама. С. 170-171.
[31] Аксенова Е. П., Васильев М. А. Проблемы эшогонии славянства и еговетвей в академических дискуссиях рубежа 1930-1940-х годов. С. 91.
[32] А РАН. Ф. 1577. Воп. 5. Адз. зах. 143. Арк. 3.
[33] Тамсама. Арк. 21.
[34] Тамсама. Арк. 3.
[35] Тамсама. Арк. 4.
[36] Тамсама. Арк. 4-9.
[37] Тамсама. Арк. 9-10.
[38] Тамсама. Арк. 10.
[39] Тамсама. Арк. 4.
[40] Гл., напр.: Юсова Н. Генезис концепціï давньоруськоï народності в історичній науці СРСР (1930-ті — перша половина 1940-х pp.). С. 52-57,238-240.
[41] Совещание по вопросам этногенеза. С. 201.
[42] Аксенова Е. П., Васильев М. А. Проблемы этногонии славянства иего ветвей в академических дискуссиях рубежа 1930-1940-х годов.С. 88.
[43] А РАН. Ф. 1577. Воп. 5. Адз. зах. 143. Арк. 47.
[44] Тамсама. Арк. 4.
[45] Гл.: Рыбаков Б. А. Анты и Киевская Русь // Вестник древней истории,1939. № 1. С. 319-337.
[46] А РАН. Ф. 1577. Воп. 5. Адз. зах. 143. Арк. 5.
[47] Тамсама. Арк. 10.
[48] Гл., напр.: Юсова Н. Генезис концепціï давньоруськоï народності в історичній науці СРСР (1930-ті — перша половина 1940-х pp.). С. 228,338, 348-350.
[49] А РАН. Ф. 1577. Bon. 5. Адз. зах. 143. Арк. 10-11.
[50] Тамсама. Арк. 11.
[51] Тамсама. Арк. 12.
[52] Тамсама. Арк. 15, 18.
[53] Тамсама. Арк. 15-16.
[54] Тамсама. Арк. 16.
[55] Тамсама. Арк. 17.
[56] Тамсама. Арк. 18.
[57] Тамсама. Арк. 19.
[58] Тамсама. Арк. 19-20.
[59] Тамсама. Арк. 21-24.
[60] Тамсама. Арк. 25.
[61] Тамсама. Арк. 25-27.
[62] Гл., напр.: Масненко В. Історична думка та націотворення в Україні (кінець XIX — перша третина XX ст.). Київ — Черкаси: Відлуння-Плюс, 2001. С. 262-263.
[63] А РАН. Ф. 1577. Воп. 5. Адз. зах. 143. Арк. 29-30.
[64] Тамсама. Арк. 31.
[65] Тамсама. Арк. 31.
[66] Тамсама. Арк. 32.
[67] Тамсама. Арк. 45.
[68] Тамсама. Арк. 32.
[69] Тамсама. Арк. 33-34, 34-а.
[70] Тамсама. Арк. 35.
[71] Тамсама. Арк. 1.
[72] Гл., напр.: А РАН. Ф. 457. Bon. 1-1940 г. Адз. зах. 46. Переписка с Инсти­тутом истории. (О труде «История СССР», о «Всемирной истории» идр.) 1 января — 30 декабря 1940 г. Арк. 148 (152); Научно-исследователь­ский отдел Рукописи Российской государственной библиотеки. Ф. 444.К. 8. Адз. зах. 18. Козаченко А. И. Некоторые вопросы этнической ис­тории. Статья и сообщения. [Начало 1950-х г.] Автограф. Арк. 2.
[73] Аксенова Е. П., Васильев М. А. Проблемы этногонии славянства иего ветвей в академических дискуссиях рубежа 1930-1940-х годов.С. 88-89.
[74] А РАН. Ф. 394. Воп. 13. Адз. зах. 9. Тематический план третьей пяти­летки. 26 апреля 1939 г. Арк. 77.
[75] Тамсама. Ф. 457. Воп. 1-1939 г. Адз. зах. 1. Арк. 15.
[76] Тамсама. Воп. 1-1940 г. Адз. зах. 46. Арк. 77.
[77] Тамсама. Воп. 1-1939 г. Адз. зах. 1. Арк. 6.
[78] Тамсама. Арк. 9-10.
[79] Аксенова Е. П., Васильев М. А. Проблемы этногонии славянства иего ветвей в академических дискуссиях рубежа 1930-1940-х годов.С. 89, прим. 5.
[80] В Президиуме АН СССР. С. 175.
[81] А РАН. Ф. 394. Воп. 13. Адз. зах. 9. Арк. 78.
[82] Тамсама. Арк. 79.
[83] Юсова Н. Генезис концепціï давньоруськоï народності в історичній науці СРСР (1930-ті-перша половина 1940-х pp.). С. 229-238.

Наверх

Тэгі: , ,