Новы нумар


Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: Нарматыўны даведнік (Уладзімір Свяжынскі, Міхаіл Спірыдонаў)


Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Мінская вобласць: Нарматыўны даведнік / І. А. ГАПОНЕНКА, І. Л. КАПЫЛОЎ, В. П. ЛЕМЦЮГОВА і інш.; Пад рэд. В. П. ЛЕМЦЮГОВАЙ. Мінск: Тэхналогія, 2003.

Геаграфічны паказальнік — найважнейшы элемент археаграфічнага выдання, а найважнейшае ў гістарычнай картаграфіі — лакалізацыя айконімаў і іншых геаграфічных назваў. Без даведнікаў мясцовых найменняў выкананне гэтых задач немагчымае. У 1981 г. выйшаў доўгачаканы слоўнік назваў населеных пунктаў Беларусі ў шасці тамах па ўсіх абласцях[1], які ўжо столькі гадоў задавальняе патрэбы карыстальнікаў розных профіляў ад гісторыкаў да працаўнікоў афіцыйных устаноў. Якая была патрэба ў падрыхтоўцы і выданні даведніка? (У далейшым для зручнасці і кароткасці мы будзем карыстацца назвамі „слоўнік“ — для выдання Я. Рапановіча, „даведнік“ — для рэцэнзаванага выдання). Ну, найперш тая акалічнасць, што за час, які прайшоў з выхаду ў свет слоўнікаў Рапановіча, апошнія сталі бібліяграфічнай рэдкасцю. Акрамя таго, за гэты самы час у сістэме населеных пунктаў краіны ў выніку знікнення адных і перайменавання другіх адбыліся пэўныя змены, якія даведнік і рэгіструе.

Даведнік захоўвае пераемнасць у падыходах да ўнармавання беларускай айканіміі, ужытых у слоўніку Я. Рапановіча. Пры гэтым, паводле вызначэння саміх укладальнікаў, гэта даведнік новага пакалення. Важна найперш тое, што даведнік рэгіструе змены, якія адбыліся ў складзе беларускіх айконімаў з часу выхаду ў свет слоўніка Я. Рапановіча. У адрозненне ад слоўніка, які ўяўляе сабой у аснове сваёй тэзаўрус назваў населеных пунктаў, новае выданне кваліфікуецца як нарматыўны даведнік, г.зн. тут, акрамя падачы спісу назваў, звернута ўвага на нарматыўны бок іх падачы з улікам перагляду традыцый.

Прадмова пачынаецца з гісторыі цяперашняга сталічнага рэгіёнy рэспублікі, закранаюцца перыпетыі — пераходу ад назвы сталіцы „Менск“ да „Мінск“ і адпаведна назвы яе жыхароў. Даюцца кліматычная, геаграфічная характарыстыкі рэгіёну, кароткая гісторыя яго ад каменнага веку да нашых дзён, а таксама даецца азначэнне паселішчаў паводле рангу. Усе звесткі цалкам правамерныя пры першай спробе збору айканіміі рэспублікі, якім з’яўляецца слоўнік. Уступ да даведніка — далейшы этап у вывучэнні беларускай айканіміі. Рэдактар выдання дае змястоўны аналіз асноўных тэндэнцый у фармаванні сучаснага складу айконімаў Беларусі. Складанасць задачы, якую паставілі перад сабой укладальнікі — у вызначэнні пры наяўнасці шэрагу варыянтаў нарматыўнага. Як адзначаецца ў прадмове, справа ў тым, што беларуская айканімія празмерна абцяжарана варыянтнасцю на пісьмовым і вуснамоўным узроўнях, вызначаецца неўпарадкаванасцю і непісьменным афармленнем праз неспрыяльнасць сітуацыі для беларускай мовы. У выніку паланізацыі склаліся дзве разнавіднасці беларускай нацыянальнай айканіміі — афіцыйная (паланізаваная) і вуснамоўная (традыцыйная). Пасля ўключэння беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі з’яўленню новых варыянтаў садзейнічаў запіс кірылічным пісьмом ранейшых паланізаваных варыянтаў. У выніку шэраг беларускіх айконімаў увайшоў у гісторыю ў чужамоўнай ці скажонай форме, з неўласцівымі для іх гукавымі, граматычнымі і словаўтваральнымі рысамі, у пісьмовай практыцы запанавалі паланізаваныя формы, многія з якіх яшчэ і сёння прызнаюцца за афіцыйныя, накшталт Азярыска замест Азярышча, Бжэгі зам Берагі, Гурка замест Горка, Дамброва замест Дуброва, Забрэззе замест Забярэжжа, Туржэц замест Турэц, Хойна замест Хвойна і г.д. (с. 8). Так беларуская айканімія набыла ненатуральную для яе польскую афарбоўку, што стварае скажонае ўяўленне пра этнічную прыналежнасць жыхароў адпаведных паселішчаў. Яшчэ большую шкоду нанесла беларускай айканіміі яе наступная русіфікацыя, у выніку якой шматлікія айконімы былі наогул дээтымалагізаваныя, цалкам адарваныя ад мясцовых каранёў, як, напрыклад, назвы тыпу Чемерисы (расійскім інтэрпрэтатарам гэтага айконіма ў такім выглядзе замест беларускай назвы травы чамярыцы, якая шырока выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне і ў варажбе, была бліжэй назва адной з этнічных меншасцяў Паволжжа черемисы ‘мары, марыйцы’ — можна падумаць, што менавіта гэтая народнасць жыве ў той вёсцы). Так з’явіліся і Пушкино замест Пукшына, Щитики замест Шыцікі, Крашевица замест Каршавіца. У шэрагу выпадкаў беларуская назва прыводзілася ў адпаведнасць са звыклымі для рускамоўных інтэрпрэтатараў словаўтваральнымі стэрэатыпамі: Ивановичи замест Іванічы. Расійская інтэрпрэтацыя прыналежных прыметнікаў мужчынскага роду ў выглядзе адпаведных прыметнікаў ніякага роду Барбарова замест Барбароў стала нормай і беларускай мовы. Найчасцей пры такіх інтэрпрэтацыях мела месца элементарная неахайнасць, нежаданне і няздольнасць зразумець сутнасць назвы, а галоўнае — некампетэнтнасць інтэрпрэтатараў, іх казённа–бюракратычны падыход: Бабёнки замест Бабінка, Глушницы замест Глушынцы, Зелёнки замест Зелянкі, Двесница замест Звесніца, Головичи замест Галавачы, Ожики замест Вожыкі, Сморговка замест Смагароўка і г.д. У выніку назвамі беларускіх вёсак часам станавіліся „непечатные“ перлы расійскай мовы. Пры савецкай уладзе з яе „мудрай ленінскай нацыянальнай палітыкай“ становішча не было выпраўлена і ў прынцыпе выпраўлена быць не магло. Наадварот, яшчэ больш шкоды нанесла кампанія па перайменаванні, якая дасягнула свайго апагею ў 1960–я г. У выніку перайменавання на змену арыгінальным старажытным назвам, якія ўтрымліваюць у сабе каштоўную інфармацыю пра мінулае краю, прыйшлі манкурцкія, безгустоўныя, пазбаўленыя народнага каларыту штампы тыпу Сонечнае, Жамчужны (назва свінакомплексу на Берасцейшчыне!), Красны Дар, Красная Паляна, Майскі, Сцяг, Кастрычнік (а чым горшыя, напрыклад, Сакавік, Жнівень ці Лістапад?), Пралетарыя, Савецкая (!), а колькі ўсяго Чырвонага і нават Краснага! Часам нават здараліся і перлы накшталт Чырвонага Алёсу (перайменавальнікі, магчыма, не ведалі, што алёс — ‘балота’), Краснага свету (па правілах дарожнага руху — праезд забаронены?).

Нашыя продкі, жывучы на спрадвечных балцкіх землях, захавалі мноства даўніх ранейшых геаграфічных назваў. У выніку гэтыя назвы — цяпер каштоўныя сведкі даўняй гісторыі. Але ў XX ст., будучы безабароннай перад тварам бяздарных перайменаванняў, Беларусь апынулася ў сітуацыі, блізкай да той, якая была ва Ўсходняй Прусіі пасля адыходу яе да Расіі. Нямецкія заваёўнікі ў асноўным захавалі прускія і літоўскія айконімы, трохі падправіўшы іх у адпаведнасці з законамі сваёй мовы, іншы раз з мэтай уяўна–этымалагічнага вытлумачэння балцкай назвы. У тым выпадку, калі форма назвы ў прынцыпе не супярэчыла стэрэатыпам нямецкай мовы, яе пакідалі без зменаў. Пры гэтым звычайна не мянялася значэнне слова і айканімічны ландшафт у аснове сваёй заставаўся ранейшым. Такім чынам, не змяншаючы віны немцаў–заваёўнікаў перад карэннымі жыхарамі рэгіёну, трэба прызнаць, што да мясцовай айканіміі яны падышлі ашчадна. Зусім па–іншаму зрабілі ў ХХ ст. апантаныя ідэяй сусветнай рэвалюцыі бальшавікі[2]. Для найхутчэйшай інкарпарацыі Каралявеччыны ў склад Расійскай Федэрацыі ранейшыя нямецкія і балцкія айконімы ў тэрміновым парадку замяняліся расійскімі. Прычым апошнія браліся са столі, выкарыстоўваліся ўзоры з іншых рэгіёнаў Расіі. Новыя назвы штучныя, не звязаныя з ландшафтам, яны не нясуць у сабе якой–небудзь гістарычна–культурнай інфармацыі, а значыць не ўяўляюць культурнай каштоўнасці, таму ў будучым пры ўмове ўсведамлення гэтага там не выключаны зварот да ранейшых.

Трэба, аднак, сказаць, што часам пры пошуках назваў для новых паселішчаў здараліся і несумненныя ўдачы. Так, пасёлак беларускіх атамшчыкаў пад Мінскам быў названы прыгожа і па–тутэйшаму, з улікам навакольнага ландшафту — Сосны. Размешчаную на процілеглым баку Магілёўскай шашы вёску, якая раней была падсобнай гаспадаркай БВА, спачатку хацелі назваць Ленінкай, але перамог здаровы сэнс, і вёска была названа таксама арыгінальна і па–тутэйшаму — Прылессе (знаходзіцца на ўскрайку лесу). Спрадвечныя першародныя назвы захоўваюцца ў народзе, што і дае шанец на іх вяртанне, напрыклад, замест штучнага і незразумелага Ловша — даўняе Лоўжа і г. д. Часам у вуснах народа першапачатковая іншамоўная назва ў выніку асіміляцыі набывае вельмі арыгінальны і цікавы выгляд, напрыклад, Кузбэрак замест Аўгустберг (прадмесце Вулы).

Як пісаў у прадмове да свайго слоўніка Я. Рапановіч, „сапраўднай афіцыйнай формай айконіма, як і ўсякага іншага тапоніма, неабходна лічыць назву, якой карыстаецца сам народ“. Аднак на Беларусі не заўсёды захоўваюць гэтае правіла. Так, слова Вялікі ў складовай назве часта пры перадачы яе па–руску перакладаецца, напрыклад, Вялікі Бор — Большой Бор, Вялікае Горадна — Большое Городно, Вялікая Трасцяніца — Большая Тростеница. Па–першае, гэта непавага да мовы, культуры свайго народа, па–другое, у выніку парушаецца ідэнтычнасць назвы, яе адрасная функцыя.

Слоўнік Я. Рапановіча — у асноўным вынік працы энтузіяста. Аўтар раіўся толькі з асобнымі вучонымі–спецыялістамі сумежных галін навукі П. Шубам, В. Жучкевічам, С. Грабчыкавым, Г. Каханоўскім, атрымаў рэкамендацыю навуковага савета аддзялення грамадскіх навук АН БССР слоўніка да друку. Даведнік жа, як піша ва ўступе навуковы рэдактар, доктар філалагічных навук прафесар В. Лемцюгова, прайшоў салідную навуковую і грамадскую апрабацыю: рукапіс яго чатыры разы ўзгадняўся ў раённых выканаўчых камітэтах, неаднаразова абмяркоўваўся на пасяджэннях Рэспубліканскай тапанімічнай камісіі пры НАН Беларусі і тапанімічнай камісіі пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Такім чынам, ён цалкам прыведзены ў адпаведнасць з афіцыйна прынятым адміністрацыйна–тэрытарыяльным падзелам краіны. Даведнік выкананы пры шырокім удзеле грамадскасці Беларусі — настаўнікаў, выкладчыкаў і студэнтаў вну, супрацоўнікаў краязнаўчых музеяў, работнікаў сельскіх саветаў, райвыканкамаў. У яго салідная крыніцавая база: калі слоўнік Я. Рапановіча складзены пераважна на аснове асабістых запісаў на месцы і перапіскі з мясцовымі карэспандэнтамі, то пры падрыхтоўцы даведніка кола выкарыстаных друкаваных матэрыялаў было значна шырэйшым — гэта археаграфічныя выданні, усемагчымыя карты, атласы, даведнікі, айчынныя і замежныя, даўнейшыя і сучасныя.

Структура даведніка вылучаецца сваёй прадуманасцю. Па прыкладзе слоўніка Я. Рапановіча (у адрозненне, аднак, ад апошняга не ў канцы, а як візітныя карткі паселішчаў — у пачатку кнігі) алфавітныя спісы населеных пунктаў падаюцца паводле іх тыпу з „пашпартнымі дадзенымі“ (найважнейшымі параметрамі) населеных пунктаў. Да населенага пункта кожнага рангу ўказаны: найбліжэйшая чыгуначная станцыя і адлегласць да яе; адлегласць да абласнога цэнтра, тэрыторыя, колькасць гарадоў, гарпасёлкаў, пасялковых і сельскіх саветаў іншых рангаў).

Каб зрабіць даведнік зразумелым і зручным для ўсіх катэгорый карыстальнікаў, як айчынных, так і замежных, найважнейшыя структурныя адзінкі яго зместу даюцца на дзвюх мовах — беларускай і рускай. Гэта найперш прадмова, без азнаямлення з якой немагчыма правільна карыстацца матэрыяламі. На дзвюх мовах падаюцца і паказальнікі ў канцы кнігі. З улікам таго, што Беларусь паступова ўваходзіць у сусветную інфармацыйную прастору, дзе кантактаванне ажыццяўляецца з дапамогай лацінскага алфавіта, і ўсё больш беларускіх геаграфічных назваў трапляе ў замежныя лацінапісныя тэксты, у даведніку ўпершыню ўвесь рэестр беларускіх назваў населеных пунктаў пададзены, акрамя кірылічнага, і лацінскім шрыфтам. Лацінічны варыянт дазваляе правільна ўзнаўляць гукавы бок айконімаў з тым, каб потым транслітараваць іх графічнымі сродкамі любой іншай мовы. Паколькі нельга ігнараваць факт, што побач з кірыліцай у беларускай мове ў розныя часы і асабліва ў апошнія дзесяцігоддзі выкарыстоўвалася і выкарыстоўваецца лацінка, у даведніку, такім чынам, айканімічны матэрыял аказваецца распрацаваным глыбей, чым у слоўніку. Наяўнасць лацінскіх транслітарацый дапаможа карыстацца айканімічнай інфармацыяй даведніка замежнаму даследчыку, а айчыннаму гісторыку — беларускімі лацінапісьмовымі крыніцамі.

Розніцай у жанрах выданняў абумоўлены розны характар падачы рэестравага матэрыялу: слоўнік пабудаваны на падачы тапонімаў у межах выдання ў алфавітным парадку. У загалоўнай частцы артыкула на кожную назву даецца форма вытворнага ад яе прыметніка, у тлумачальнай — суадносныя з загалоўнай мясцовыя назвы вышэйшых рангаў — сельсавета і раёна. Для зручнасці карыстання ў канцы дадзены паказальнік прыведзеных у кнізе назваў, хоць пры падачы іх у асноўнай частцы ў алфавітным парадку алфавітны паказальнік у канцы кнігі выглядае лішнім. Мэта — максімальна падаць сукупнасць назваў населеных пунктаў вобласці ў алфавітным парадку. Пашыраюць кола карыстальнікаў выдання табліцы раёнаў, пасялковых і сельскіх саветаў з указаннем гістарычных і статыстычных дадзеных на кожную назву.

У даведніку ж назвы размешчаны, па сутнасці, гнездавым спосабам — па сельсаветах, а ўнутры сельсавета — па алфавіце, пры гэтым сукупнасць назваў населеных пунктаў кожнага асобнага сельсавета падаецца ў выглядзе табліцы, у якой на кожную з іх прыведзена найважнейшая для тапоніма арфаграфічна–граматычная інфармацыя — граматычны род, парадыгма скланення з формаў роднага, творнага і меснага склонаў, пры наяўнасці даюцца варыянты формаў, напрыклад, кароткая і поўная формы роднага склону адзіночнага ліку жаночага роду з канчаткамі –ай і –аю. Гэта дазваляе карыстальнікам–нелінгвістам пазбегнуць магчымых памылак пры самастойным утварэнні гэтых склонавых формаў. У абгрунтаванне прапанаваных нарматыўных формаў айконімаў выкладаюцца арфаграфічныя правілы, паводле якіх яны выпрацаваныя, што засцерагае карыстальнікаў ад непрадуманых, некваліфікаваных рашэнняў у будучым. Гэтую бадай самую складаную тэарэтычную праблему выдання дапамагло вырашыць тое, што рэдактар, прафесар В. Лемцюгова — вядомы спецыяліст у галіне айканіміі, яна — аўтар грунтоўных навуковых прац у гэтай галіне. Гранічнасць паўнаты інфармацыі па кожным рэестравым айконіме дасягаецца падачай у канцы рубрыкі айконімаў пэўнага сельсавета табліцы варыянтаў рэестравых формаў. Прыведзеныя ў пачатку і канцы кірылічная і лацінская версіі геаграфічнай карты вобласці не даюць магчымасці лакалізаваць кожны айконім, але дапамагаюць зрабіць гэта арыенціровачна.

Шмат якія зніклыя назвы незаслужана забытыя. Многія з іх — неацэнная гістарычная крыніца, напрыклад, Адрывонж (назва шляхецкага герба), Банцараўшчына (у час раскопак ля гэтай вёскі была адкрыта археалагічная культура — папярэдніца культуры беларусаў), Барсучына (барсукова нара), Басманы, Бацвіннікі (малавядомы экзаэтнонім беларусаў), Белы Слуп, Валатоўка „паганскі надмагільны курган“, Дайнава (назва аднаго з балцкіх плямёнаў), Княжая Магіла, іншыя — крыніца эстэтычнай асалоды: Божы Дар, Бор, Бярозавы Мост, Бярозаўка, Вадапой, Вішнёва, Воўчае Балота, Глыбокі Ручай, Грэбелька, Клянок — гучаць як радкі лірычнага верша.

Як быць з перайменаваннямі тыпу Кастрычнік, Краснае Знамя, Красны Пахар, Красны Дар? Рэаліі такія, што ў будучым ад гэтых перайменаванняў усё роўна трэба будзе адмаўляцца, бо звароту да сацыялістычнага ладу, які канчаткова дыскрэдытаваў сябе ў вачах чалавецтва, ужо не будзе, інакш яны ўвесь час будуць нагадваць пра не самыя лепшыя часы нашае гісторыі, у тым ліку і пра заганную валюнтарысцкую практыку перайменаванняў за кошт гвалтоўнай адмены спрадвечных народных айконімаў ва ўгоду мінучым папулісцкім ідэям. Неацэнны скарб спрадвечных народных айконімаў не павінен загінуць. Дзеля гэтага, калі мае месца перайменаванне, трэба ўказаць новую назву, прынятую ўзамен ранейшай, а да кожнай новай назвы — ранейшую. Як, напрыклад, зрабілі літоўцы з назвамі цяперашняй Калінінградскай вобласці. Як вядома, тэрыторыя цяперашняй Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі — гэта былая Прусія, спрадвечная балцкая тэрыторыя. У выніку складанасці гістарычнага лёсу гэтага рэгіёну ўтварыліся тры слаі айканіміі: прускі, нямецкі, расійскі. М. Размукайтэ быў падрыхтаваны і зацверджаны Дзяржаўнай камісіяй па мове Літоўскай Рэспублікі „Спіс традыцыйных літоўскіх найменняў мясцовасцяў Каралявецкага краю“. Выдадзены нядаўна зборнік артыкулаў літоўскіх вучоных, прысвечаны мінуламу гэтага краю, забяспечаны створаным на аснове гэтага спісу паказальнікам, які складаецца з трох частак — да кожнай прускай (літоўскай) назвы прыводзяцца адпаведныя пазнейшыя нямецкая і расійская[3].

Укладальнікі рэцэнзаванага даведніка, на жаль, не пайшлі ў гэтых адносінах далей за свайго папярэдніка Я. Рапановіча: страчаныя назвы прыводзяцца, але як цяпер называюцца адпаведныя населеныя пункты, не ўказваецца. Ва ўмовах нестабільнасці палітычнай сітуацыі, калі корпус айчыннай айканіміі (гэтая каштоўная частка нацыянальнай культурнай спадчыны) працягвае падвяргацца дэфармацыі, у выніку якой ён дэнацыяналізуецца, трэба прыняць захады да захавання яго ў першародным выглядзе, дзеля чаго падрыхтаваць Нацыянальны рэестр беларускай айканіміі, у якім трэба ўказаць новую назву, прынятую ўзамен ранейшай, калі мела месца перайменаванне, а да кожнай новай назвы трэба прывесці ранейшую. Думаецца, з прыведзенымі паралельна старымі і новымі назвамі ўзровень паказальніка і даведніка ў цэлым быў бы вышэйшым. Вельмі ўсцешна, аднак, што ўкладальнікі ставяць перад сабой не толькі тэарэтычныя, але і практычныя задачы: з завяршэннем падрыхтоўкі даведніка яны не маюць намеру спыняць працу ў галіне айчыннай айканіміі. У перспектыве — падрыхтоўка прапаноў пераводу некаторых варыянтных назваў у разрад асноўных, нарматыўных, з тым каб пазбавіць нашу айканімію ад пазнейшых штучных напластаванняў. У гэтым глыбокі патрыятычны сэнс іх працы. У наш час, калі многія працаўнікі на ніве беларушчыны апусцілі рукі, пайшлі ва ўнутраную эміграцыю, знаходзяцца людзі, якія наперакор цяжкасцям працягваюць урабляць гэтую ніву, і гэта ўсяляе аптымізм.

Мінск

Уладзімір Свяжынскі, Міхаіл Спірыдонаў


[1] Рапановіч Я. Н. Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласці. Мінск, 1977; яго ж: Слоўнік назваў населеных пунктаў Брэсцкай вобласці. Мінск, 1980; яго ж: Слоўнік назваў населеных пунктаў Мінскай вобласці. Мінск, 1981; яго ж: Слоўнік назваў населеных пунктаў Гродзенскай вобласці. Мінск, 1982; яго ж: Слоўнік назваў населеных пунктаў Магілёўскай вобласці. Мінск, 1983; яго ж: Слоўнік назваў населеных пунктаў Гомельскай вобласці. Мінск, 1986.
[2] Шилас В. Кёнигсбергский край литовцу не чужой // От Мажвидаса до Видунаса. Творцы и хранители литовской культуры в Кёнигсбергском крае. Сост. В. Шилас. Вильнюс, 1999.
[3] Шилас В. Литовские — немецкие — русские наименования местностей Кёнигсбергского края (Калининградской области) // От Мажвидаса до Видунаса. Творцы и хранители литовской культуры в Кёнигсбергском крае. С. 241—262.

Наверх

Tags: ,