Новы нумар


Nikodem, Jarosław. Rola Skirgiełły na Litwie (Генадзь Семянчук)


Nikodem, Jarosław. Rola Skirgiełły na Litwie do 1394 roku // Scripta minora. Poznań, 1998. T. II. S. 83—129.

Apтыкул Яраслава Нікадэма, гісторыка з Познані, прысвечаны адной з галоўных палітычных асобаў Вялікага Княства Літоўскага канцa XIV ст. — Скіргайлу. Постаці значнай, аднак у пэўным сэнсе таямнічай і мала вывучанай. Да сённяшняга дня Скіргайла выклікаў маргінальную зацікаўленасць гісторыкаў. Яго імя заўсёды выступала разам з імем Ягайлы, пакідаючы першага ў ценю старэйшага і больш вядомага брата. Зацьміў Скіргайлу і феномен Вітаўта, які перамог яго ў барацьбе за палітычную ўладу ў ВКЛ, што адлюстравалася ў гістарыяграфіі. Вітаўт заўсёды выступае як сімвал дзяржавы і амаль ідэальны ўладар, а яго стрыечны брат як бязвольны выканаўца волі Ягайлы і няўдалы палітык.

Я.Нікадэм, выкарыстоўваючы беларуска–літоўскія, польскія і ордэнскія хронікі і летапісы, актавыя і эпісталярныя матэрыялы, паспрабаваў рэканструяваць падзеі, звязаныя з асобай Скіргайлы, пры гэтым часта выказваючы свой пункт погляду, які не заўсёды адпавядае агульнапрынятым у гістарыяграфіі меркаванням і высновам. Глыбокі аналіз і крытычны падыход да некаторых вядомых дакументаў і наратыўных інфармацый дазволіў аўтару змяніць храналогію часткі важных падзей у гісторыі ВКЛ, якія былі шчыльна звязаныя з Скіргайлам. На пачатку артыкула аўтар прыводзіць найбольш распаўсюджаныя варыянты напісання імя Скіргайлы ў крыніцах: Скірігайла, Скіргейла, Скергайла, Скрігайла, Скрыгайла і іншыя ў беларуска–літоўскіх летапісах; Скіргелла, Скіргалла, Скіргаллоне, Скыркгелла, Скердзейка і іншыя ў польскіх хроніках і актавым матэрыяле; Схіргаль, Скіргаль, Скегелла і іншыя ў прускіх хроніках і ордэнскіх актах. А ўсяго налічваецца больш за 50 розных формаў яго імя. Такая іх колькасць формаў выклікана фанетычнымі цяжкасцямі, з якімі сутыкаліся сучаснікі пры перадачы ўласна літоўскіх імёнаў на пісьме.

Яраслаў Нікадэм услед за Генрыхам Пашкевічам лічыць, што Скіргайла ўпершыню згадваецца ў гістарычных крыніцах пад 1373 г. у „Chronicon Livoniae“ Германа Вартберга з змененым імем Syrogayle. Ад моманту першай згадкі крыніцы далей паказваюць Скіргайлу як актыўнага палітычнага дзеяча ў жыцці ВКЛ (два паходы яшчэ пры жыцці Альгерда — 1373, 1376, дыпламатычная місія летам 1379 г. у Прусiю і на Мазовію, аблога Полацка і падтрымка Ягайлы ў 1381 г.). Аднак шмат у чым інтэрпрэтацыя дадзеных гістарычных крыніц пра падзеі ў Вялікім Княстве Літоўскім выклікала сумненні аўтара.

Па–першае, Яраслаў Нікадэм засумняваўся ў храналогіі (1377/78, 1378/79 і 1380/81 г.), а галоўнае, у прычынах выгнання Скіргайлы з Полацка (бунт палачанаў супраць свайго паганскага князя), якія замацаваліся ў гістарыяграфіі (гл. Л.Калянкоўскага, Г.Пашкевіча, А.Прахаску, Я.Кжыжынякову і Е. Ахманьскага). Грунтоўны аналіз крыніц (беларуска–літоўскіх летапісаў, ордэнскіх хронік) і верыфікацыя поглядаў папярэднікаў схілілі аўтара да думкі, што Скіргайла да 1381 г. ніколі не кіраваў Полацкам, а прычына бунту была іншай — непадпарадкаванне насельніцтва Полацкай зямлі рашэнню Ягайлы прызначыць намеснікам свайго брата, таму апошні спрабаваў у 1381 г. вайсковай сілай выканаць загад вялікага князя.

Яшчэ адзін цікавы для нас момант — спроба Яраслава Нікадэма больш крытычна паставіцца да канфлікту паміж Кейстутам і яго пляменнікам Ягайлам у 1379—1381 г. Гэты канфлікт пададзены ў гістарыяграфіі як вельмі крывавы і доўгачасовы, а прычынай яго лічыцца незадавальненне і недавер Кейстута да палітыкі Ягайлы, што выклікала бунт першага ў 1381—1382 г. На самой справе Я.Нікадэм даказвае, што да траўня 1380 г. паміж Кейстутам і Ягайлам не існавала прычын для канфлікту. Больш за тое, яны выступалі часам разам пры вырашэнні агульнадзяржаўных справаў і ніхто з іх не меў намераў выступаць адзін супраць аднаго. Таму прычынай канфлікту была не падазронасць Кейстута да Ягайлы ў яго кантактах з Тэўтонскім ордэнам ці надакучлівасць апякунства Кейстута над Ягайлам або своеасаблівы дуумвірат у ВКЛ. Сапраўднай прычынай грамадзянскай вайны ў Вялікім Княстве Літоўскім, на думку Я.Нікадэма, была тонкая інтрыга з боку Тэўтонскага ордэна. Пацвярджэнне гэтага ёсць у крыніцах: 1) у лісце да Уляны, маці Ягайлы, прадстаўнікі Ордэна нагаворваюць на Кейстута; 2) з іншага боку, комтур Аструды спрабуе пераканаць Кейстута ў тым, што Ягайла рыхтуе яго згубу. Нават гэтыя ордэнскія ініцыятывы не сталі прычынай канфлікту. Хутчэй за ўсё, як лічыць Я.Нікадэм, галоўнай прычынай стаў клопат Кейстута пра лёс усяго ВКЛ. Ён не бачыў у Ягайлу вялікага князя, роўнага Альгерду. На нашую думку, такое вельмі смелае дапушчэнне не пацвярджаецца крыніцамі, праўда, аўтар і сам гаворыць пра гэта.

Значную ролю ў перамозе Ягайлы над сваім дзядзькам Кейстутам у грамадзянскай вайне 1381—1382 г. выканаў Скіргайла. Спачатку ён аблажыў Полацк (восенню 1381 г., магчыма, ахрысціўся там па праваслаўным абрадзе, атрымаўшы імя Іван), потым шукаў патрымкі сярод інфлянцкіх рыцараў, а пазней тэўтонскіх. З ініцыятывы Ягайлы падпісваў перамір’е з нямецкімі рыцарамі 6 ліпеня 1382 г. пад Бразолай. Усё гэта, як сцвярджае Я.Нікадэм, вызначыла будучыню Скіргайлы. Ён займаў месца Кейстута пры Ягайлу (пацвярджае гэта наданне ў 1382 г. Скіргайлу Трокаў), а пасля смерці першага станавіўся на дзесяць гадоў другой асобай у ВКЛ, набываючы тыя самыя правы, як калісьці Кейстут пры Альгердзе. Больш за тое, калі Ягайла зрабіўся польскім каралём, улада ў ВКЛ цалкам канцэнтравалася ў руках Скіргайлы. Ён фігуруе побач з Ягайлам у найважнейшых міжнародных дакументах ВКЛ — лістападаўскай умове 1382 г. паміж Княствам і Ордэнам, падпісанай на востраве каля вусця Дубісы, прывілеі люблінскім купцам і мірнай дамове з Дзмітрыем Данскім з 1383 г. Браты Альгердавічы разам правялі паспяховую акцыю вяртання Вітаўта ў Княства з Ордэна, што пазбавіла на пэўны час Тэўтонскі Ордэн важнага аргумента ў вайне з ВКЛ. Менавіта Скіргайла ўзначаліў літоўскае пасольства зімой 1385 г. у Карону. Скіргайла фігуруе першым і ў акце Крэўскай уніі 14 жніўня 1385 г.

Даказваючы адсутнасць радыкальнага супрацьстаяння Кейстута з пляменнікамі, Яраслаў Нікадэм спрабуе апраўдаць Ягайлу і Скіргайлу перад пазнейшымі абвінавачваннямі Вітаўта ў нярыцарскіх і несумленных адносінах да яго і ягонага бацькі. Менавіта гэтая версія Вітаўта пануе па сённяшні дзень у гістарыяграфіі. Галоўнымі крыніцамі па гэтых пытаннях Я.Нікадэм лічыць сведчанні сучаснікаў — Віганда, Посільге, Таруньскія аналы, Хроніка Янкі з Чарнкова. З гэтых крыніц вынікае, што Кейстут добраахвотна здаўся Ягайлу, а пазней у Крэўскім замку скончыў жыццё самагубствам.

У 1385—1386 г. Скіргайла актыўна бараніў і вайскова, і палітычна Вялікае Княства Літоўскае ад нямецкіх рыцараў і ад сепаратызму сваіх братоў, у першую чаргу Андрэя Альгердавіча Полацкага. Менавіта ён быў надзейным абаронцам інтарэсаў Ягайлы ў ВКЛ у гэты перыяд, прымусіў прысягнуць на вернасць каралю і вялікаму князю Юрыя Святаславіча смаленскага ў 1386 г. У выніку такіх дзеянняў Ягайла 28 красавіка 1387 г. выдае прывілей Скіргайлу, дзе вылучае яго на першае месца сярод усіх Альгердавічаў у ВКЛ, пацвярджае наданне яму Троцкага княства і дадаткова надае Полацкую зямлю.

Не абмінуў Я.Нікадэм у сваім артыкуле і контраверсійных праблемаў, звязаных з кіраўнічай дзяржаўнай дзейнасцю Скіргайлы ў Вялікім Княстве Літоўскім у 1386—1392 г. На яго думку, Скіргайла ў свой час выконваў абавязкі, роўныя тытулу вялікага князя літоўскага. Праўда, як прынята лічыць у гістарыяграфіі, першым падобны тытул меў Вітаўт пасля Віленска–радамскай уніі 1401 г.

Па–новаму разглядае Яраслаў Нікадэм і праблему польскай прысутнасці ў Вялікім Княстве ў часы Скіргайлы. Зноў насуперак агульнапрынятаму ў гістарыяграфіі сцвярджэнню пра значную ролю палякаў (Клеменса з Маскажова і Яна Алесьніцкага) ва ўнутраным жыцці ВКЛ аўтар рэцэнзаванага артыкула пераканальна паказвае, што такая пазіцыя не адпавядае рэчаіснасці і не мае пацвярджэнняў у крыніцах. Абодва палякі выконвалі абавязкі камандзіраў польскіх вайсковых адзінак у Вільні, а Скіргайла надалей выконваў функцыі кіраўнічай асобы ў дзяржаве.

Лёс Скіргайлы, які доўгі час быў „другім Кейстутам“, склаўся не зусім шчасліва. Ягайла, дзеля пэўнага спакою ў адносінах з нямецкімі рыцарамі, увесь час спрабаваў знайсці выйсце ў дачыненнях з стрыечным братам Вітаўтам, які знаходзіўся пад апекай Тэўтонскага ордэна і ўяўляў страшэнную небяспеку. З ініцыятывы польскага караля Вітаўт у канцы 1391 г. атрымлівае амаль поўнасцю свае дзедзічныя ўладанні, а 4 жніўня 1392 г. падпісвае з Ягайлам вядомае Востраўскае пагадненне. Такім чынам, Вітаўт з гэтага часу займае папярэднюю пазіцыю Скіргайлы ў дзяржаўным жыцці ВКЛ. Праўда, на думку Я.Нікадэма, гэтая змена адбылася па згодзе Скіргайлы і пасля яго паразумення з Ягайлам. Нават выглядала на тое, што Вялікім Княствам Літоўскім кіравалі ў гэты час Скіргайла з Вітаўтам разам, падзяліўшы свае ўплывы: Вітаўт на заходнюю частку ВКЛ, Троцкую зямлю і Падляшша, а Скіргайла — на ўсходнюю Полаччыну, Віцебшчыну і Вільню.

Апошнім контраверсійным момантам жыцця Скіргайлы, лічыць Яраслаў Нікадэм, з’яўляецца магчымае панаванне яго ў Кіеве пад канец жыцця. На думку аўтара артыкула, справа скончылася толькі абяцаннем з боку Ягайлы і Вітаўта пераводу Скіргайлы на княжанне ў Кіеў. Аднак далей абяцанняў справа не рушылася. Галоўным аргументам на карысць думкі Я.Нікадэма лічыцца адсутнасць інфармацыі ў сучасных падзеям крыніцах, асабліва ордэнскіх хроніках. Перавод Скіргайлы ў Кіеў не прыносіў таксама карысці і Вітаўту, бо мог выклікаць незадавальненне прыхільнікаў брата Ягайлы. Таму адпадае і версія пра атручванне Скіргайлы ў Кіеве. Ён памёр пасля хваробы 23 снежня 1394 г. пад Кракавам.

І апошняе. Скіргайла бараніў інтарэсы Вялікага Княства Літоўскага, якое атаясамліваў з Ягайлам, таму не праводзіў самастойнай палітыкі, магчыма, насуперак свайму брату. Аднак гэта зусім не азначае, што не змог бы гэтага рабіць. Зусім супрацьлеглая пазіцыя Вітаўта. Яго ўлада ў ВКЛ была накіравана на незалежнае становішча Вялікага Княства Літоўскага, звязанае ў некаторых аспектах з Каронай Польскай. Менавіта рознае жыццёвае крэда дзвюх выдатных асобаў у гісторыі ВКЛ канца XIV ст. адбілася на іх характарыстыках у гістарыяграфіі.

Горадня

Генадзь Семянчук

Наверх

Tags: ,