Новы нумар

SHORE, MARCI. The Taste of Ashes. The Afterlife of Totalitarianism in Eastern Europe. New York: Crown Publishers, 2013. 370 p.

21 Жніўня 2013 г.

У 20 томе БГА (2013)

Кніга амерыканскай даследчыцы Марсі Шор мае назву “Смак попелу. Жыццё пасля таталітарызму ва Усходняй Еўропе”. Назва сімвалічная, бо адлюстроўвае сутнасць разліку з сацыялістычным мінулым. Гаворка ідзе пра такія краіны былога “сацыялістычнага лагера”, як Польшча, Чэхаславакія, Венгрыя, Румынія.

Ва ўводзінах Марсі Шор адзначае, што яе праца – вынік назіранняў пад час знаходжання ў апісваных краінах і камунікавання з людзьмі розных нацыянальнасцяў, узроставых і сацыяльных груп, а таму суб’ектыўная. Кніга напісана ў публіцыстычнай манеры, але заўвагі і высновы аўтара, як падаецца, будуць вельмі карыснымі для даследчыкаў усходнееўрапейскага рэгіёна. Упэўнена, не ўсім сацыяльным і палітычным групам у разгляданых краінах яны спадабаюцца. Але гэта зусім іншая гісторыя. Гісторыя, якая ўпісваецца ў калектыўную, культурную памяць ці гістарычную палітыку. Чытаць далей →

Том 19, Сшыткі 1-2 (36-37) (Снежань 2012)

5 Ліпеня 2013 г.

Беларускі Гістарычны Агляд

Том 19 Сшыткі 1-2 (36-37) Снежань 2012

ЗМЕСТ

Артыкулы
Конрад Бабятыньскі. Прыватныя фартэцыі ВКЛ пад час вайны з Масквою ў 1654—1667 г. C. 3-30.
Мікола Волкаў. Слуцкая цытадэль XVII-XVIII ст. C. 31-66.
Ірына Ганецкая. Харчаванне ў беларускіх замках у XVI–XVIII ст. C. 67-91.
Анджэй Гіль. Архімандрыт мінскі Афанасій Пакоста: прыклад актыўнасці ўніяцкага асяроддзя ў ВКЛ пачатку XVII ст. C. 93-107.
Марына Сакалова. Палітычная сітуацыя на беларускіх землях у 1815-1830 г. у кантэксце “новай палітычнай гісторыі”. C. 109-138.
Аляксандр Гужалоўскі. Галоўліт БССР і палітычны кантроль у 1943-1991 г. C. 139-178.
Алена Маркава. Гістарычная свядомасць як прадмет самарэфлексіі ў чэшскай гістарыяграфіі. C. 179-211.
Генадзь Сагановіч. Палітычны міф у гістарычнай памяці і гісторыяпісанні. C. 213-237.
Мікола Рабчук. Усходнеславянская “умма” і праблема эмансіпацыі:
да пытанныя пра “слабую” ідэнтычнасць украінцаў і беларусаў. C. 239-283.

Новая літаратура: агляды і рэцэнзіі
Анджэй Шабацюк. Палітыка і практыка талеранцыі на захадзе Расійскай імперыі. C. 285-298.
Захар Шыбека. Новае пра планы уніі ў Беларусі і Літве ў ХІХ ст. C. 299-310.
Białe plamy – Czarne plamy. Sprawy trudne w relacjach polsko-rosyjskich (1918–2008). Warszawa, 2010 (Любоў Козік). C. 311-317.
Калечыц, Інна Л. Эпіграфіка Беларусі X–XIV стст. Мінск, 2011 (Дзмітрый Скварчэўскі). C. 317-323.
Клімаў, Ігар П. Старажытная беларуская літаратура XI–XVI стст.: эпохі і постаці. Мінск, 2010 (Ганна Міхальчук). C. 324-329.
Litwin, Henryk. Równi do równych: kijowska reprezentacja sejmowa 1569–1648. Warszawa, 2009 (Уладзімір Падалінскі). C. 329-337.
Poznań — Wilnu. Studia historyków w roku tysiąclecia Państwa Litewskiego. Poznań, 2010 (Андрэй Любы). C. 337-343.
Alexandrowicz, Stanisław. Studia z dziejów miasteczek Wielkiego Księstwa Litewskiego. Toruń, 2011 (Іна Соркіна). C. 344-349.
Білоус, Наталія. Тестаменти киян середини XVI – першоï половини XVII ст. Киïв, 2011 (Вольга Бабкова). C. 349-357.
Forycki, Maciej. Chorografia Rzeczypospolitej szlacheckiej w Encyklopedii Diderota i d’Alemberta. Poznań, 2011 (Сцяпан Захаркевіч). C. 357-364.
Долбилов, Михаил Д. Русский край, чужая вера. Москва, 2010 (Анджэй Шабацюк). C. 364-372.
Долбилов, Михаил Д. Русский край, чужая вера. Москва, 2010 (Алена Філатава). C. 373-380.
Мосейкина, Марина Н. «Рассеяны, но не расторгнуты». Москва, 2011 (Вольга Коваль). C. 381-387.
Трус, Мікола. Янка Купала ў Славакіі. Мінск, 2012 (Любоў Козік). C. 387-389.
Bekus, Nelly. Struggle over Identity: The Official and the Alternative “Belarusianness”. Budapest, 2010 (Ганна Васілевіч). C. 390-394.
Wilson, Andrew. Belarus: the Last European Dictatorship. Yale University Press, 2011 (Кірыл Касцян, Ганна Васілевіч). C. 394-402.

Агляд перыёдыкаў
Юры Грыбоўскі. “Запісы БІНіМ” (2006-2011). C. 403-419.

Інфармацыі і хроніка
Беларусь і цюркска-ісламскі свет (Ірына Сынкова). C. 420-426.
Паўстагоддзя навуковай працы праф. М. Космана (Івона Гофман). C. 427-432.
Аўтарэфераты дысертацый па гістарычных навуках (2011) (Наталля Анофранка). C. 433-436.

Выданні, атрыманыя рэдакцыяй. C. 437-440.

Аўтары нумара

Contents

(PDF)

Польша – Беларусь (1921–1953): сб. документов и материалов / сост.: А. Н. ВАБИЩЕВИЧ [и др.]. Минск: Беларуская навука, 2012. 423 с.

1 Ліпеня 2013 г.

У 20 томе БГА (2013)

Дадзены зборнік дакументаў разлічаны, як паведамляе рэдактар, на “профессиональных историков и широкий круг общественности”. Ён адлюстроўвае на аснове арыгінальных архіўных матэрыялаў “различные аспекты польско-белорусских отношений в 1921–1953 гг.” (423).

Улічваючы значныя змены ў статусе абедзвюх краін і народаў, якія адбыліся ў гэты перыяд, зборнік павінен ахопліваць, прынамсі, чатыры розныя віды адносінаў: квазіміждзяржаўныя ў перыяд да снежня 1923 г. (спачатку Рэчы Паспалітай з Беларускай Народнай Рэспублікай, потым Рэчы Паспалітай з Беларускай ССР); нерэгулярныя кантакты Другой Рэчы Паспалітай з СССР па беларускіх пытаннях пасля снежня 1923 г.[1] (рэпатрыяцыя, аптацыя, суднаходства на прымежных рэках, спрэчкі пра мяжу, праблемы нацыянальных меншасцяў, рэлігіі і г. д.); адносіны паміж двума народамі ў перыяд Другой сусветнай вайны, ва ўмовах акупацыі тэрыторыі польскай дзяржавы; квазіміждзяржаўныя адносіны ў перыяд з верасня 1944 г. – ва ўмовах фармальнага вяртання БССР у лютым 1944 г. юрыдычнага статусу міжнароднага суб’екта[2]. Гэта мноства важных пытанняў рознага характару, найперш дыпламатычных, консульскіх, эканамічных, а таксама датычных выканання ўмоў Рыжскай мірнай дамовы, якія на працягу многіх гадоў цікавяць гісторыкаў абедзвюх краін, што пацвярджаюць навуковыя канферэнцыі, якія рэгулярна праходзяць ва ўніверсітэтах у Торуні[3], Гомелі[4], Горадні[5] і Мінску[6]. Аспектам узаемаадносінаў, якія на іх абмяркоўваюцца, прысвечана шырокая польская гістарыяграфія[7], у меншай ступені беларуская гістарыяграфія савецкага перыяду і перыяду пасля распаду СССР[8]. У іх выданнях утрымліваецца цэлы шэраг дакументаў, якія датычацца, хутчэй, польска-савецкіх адносінаў з улікам кантэксту Беларусі, чым непасрэдна польска-беларускіх адносінаў[9]. Такім чынам, ідэя падборкі і выдання дакументаў, прысвечаных польска-беларускім адносінам ХХ ст. у шырокім разуменні, мела пад сабой грунт. Іншая справа – яе рэалізацыя, але пра гэта крыху ніжэй. Чытаць далей →

Гарадзенскі гадавік. № 1. 2012

3 Чэрвеня 2013 г.

У 20 томе БГА (2013)

Не будзе  перабольшаннем сказаць, што сёння адзін з асноўных навуковых гістарычных асяродкаў у Беларусі – гарадзенскі. У выніку актыўнасці гарадзенскай навуковай супольнасці з’явіўся на свет і працягвае існаванне цэлы шэраг паспяховых выдавецкіх праектаў. У 2012 г. іх стала больш яшчэ на адзін – выйшаў першы нумар гісторыка-культуралагічнага часопіса “Гарадзенскі гадавік”. Новае выданне рэпрэзентуе такі даследчыцкі напрамак, як гістарычная ўрбаністыка, які апошнім часам у Беларусі дастаткова актыўна развіваецца, а тэматычна нумар прысвечаны адной, але найбольш значнай у гісторыі Горадні плошчы – былому Рынку (сённяшняя Савецкая). Выданне ўкладзена храналагічна, дзякуючы чаму ёсць магчымасць прасачыць і параўнаць, які выгляд мела плошча ў розныя гістарычныя эпохі; напрыканцы змешчаны разнастайныя матэрыялы, у тым ліку па археалогіі плошчы, публікацыі крыніц, праект аднаўлення традыцыйнай планіроўкі і адна рэцэнзія. Чытаць далей →

Новае даследаванне Тымаці Снайдэра выйшла ў кніжнай серыі “Бібліятэка БГА”

23 Сакавіка 2013 г.

Тымаці Снайдэр. Крывавыя землі. Еўропа паміж Гітлерам і Сталіным / пер. з англійскай мовы С. Петрыкевіча; навук. рэд. Г. Сагановіч і У. Калаткоў. — Мінск: Медысонт, 2013. – 640 с.

Кніга раскрывае вялікую панараму злачынстваў, учыненых нацысцкім і савецкім рэжымамі на “крывавых землях” – у Беларусі, Польшчы, Прыбалтыцы і Украіне, дзе з 1933 па 1945 г. было загублена 14 млн чалавек. На падставе шырокага корпусу дакументальных сведчанняў і спецыяльнай літаратуры аўтар даследуе матывы і метады дзеянняў абодвух дыктатараў, вызначае колькасць іх ахвяраў і ставіць нямала складаных пытанняў. Кніга прымушае па-новаму паглядзець на два трагічныя дзесяцігоддзі гісторыі Еўропы.

Навінка Бібліятэкі БГА

21 Лютага 2013 г.

Рышард Радзік. Вытокі сучаснай беларускасці. Беларусы на фоне нацыятворчых працэсаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе ХІХ ст.Рышард Радзік. Вытокі сучаснай беларускасці. Беларусы на фоне нацыятворчых працэсаў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе ХІХ ст. / Рышард Радзік ; пер. з польск. мовы Н. Дзенісюк ; навук. рэд. С. Рудовіч ; С. Токць. — Мінск : Медысонт, 2012. — 376 с. — (Бібліятэка часопіса „Беларускі Гістарычны Агляд”). ISBN 978-985-6982-71-5

Кніга вядомага польскага сацыёлага з’яўляецца першым гістарычна-сацыялагічным даследаваннем вытокаў сучаснай беларускасці. Пачаткі фармавання беларускай нацыі разглядаюцца на фоне сацыяльных зменаў і ў параўнанні з падобнымі працэсамі ў суседніх народаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Шмат увагі аддадзена свядомасці грамадскіх эліт тагачаснай Беларусі, трансфармацыі палітычнай нацыі ў культурныя і цывілізацыйнай пераарыентацыі большасці беларусаў.

Гужалоўскі Аляксандр. Галоўліт БССР і палітычны кантроль у 1943-1991 г.

15 Студзеня 2013 г.

У 19 томе БГА (2012)

У параўнанні з іншымі ўсходнееўрапейскімі  краінамі, якія ўваходзілі ў склад  СССР, у беларускай гістарыяграфіі дзейнасць Галоўнага ўпраўлення па справах літаратуры і выдавецтваў  БССР (Галоўлітбел, пазней – Галоўліт БССР) асветлена слаба. На працягу  двух апошніх дзесяцігоддзяў на старонках  навуковых і папулярных перыядычных  выданняў з’явіліся толькі некалькі невялікіх па аб’ёму артыкулаў, прысвечаных арганізацыі Галоўліта і цэнзурным механізмам у БССР у 1920–30-я г.[1]. Галоўным аб’ектыўным недахопам усіх гэтых прац з’яўляецца абмежаваная крыніцазнаўчая база, на якой яны грунтаваліся. Гэта цалкам зразумела: матэрыялаў даваеннага справаводства Галоўліта БССР амаль не захавалася, таму аўтарам даводзілася ўзнаўляць карціну яго работы пераважна па ўскосных крыніцах. Парадаксальна, але гісторыя палітычнай цэнзуры ў БССР другой паловы ХХ ст., нягледзячы на значна больш поўную базу першакрыніц, даследавана яшчэ менш.[2] Чытаць далей →

Навінка Бібліятэкі БГА

27 Снежня 2012 г.


Дзмітры Сямёнаў. Дзённік. 1943–1947. Мінск: Медысонт, 2012. 334 с.
“Дзённік” Дзмітрыя Сямёнава з’яўляецца ўнікальным дакументам, у якім адлюстраваны светапогляд падлетка, яго жыццё ў складаныя гады акупацыі ды бежанства ў Нямеччыне. У сістэматычных запісах 1943-1947 г. вачыма хлопца можна ўбачыць як значныя гістарычныя падзеі, гэтак і асаблівасці штодзённасці ў ваенным Менску, Берліне, лагерах для працоўных ды перамешчаных асобаў. Дапоўнены здымкамі з сямейнага архіва Сямёнавых аповед будзе цікавы і для прафесійных навукоўцаў, і для аматараў беларускай гісторыі. У выданні часткова захаваны арыгінальны правапіс дзённіка як літаратурнага помніка эпохі.

(Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд», 23). ISBN 978-985-6982-68-5

ДОЛБИЛОВ, МИХАИЛ Д. Русский край, чужая вера: этноконфессиональная политика империи в Литве и Белоруссии при Александре II. Москва: Новое литературное обозрение, 2010. 1000 с.

17 Снежня 2012 г.

У 19 томе БГА (2012)

У жыцці кожнага вучонага надыходзіць момант, калі ён імкнецца падсумаваць свае навуковыя дасягненні. Тады ён і падступаецца да напісання ёмістай манаграфіі. У кнігу, падрыхтаваную такім чынам, укладвае ўсе свае веды, навуковы досвед і як мага лепш дэманструе назапашаныя за гады матэрыялы і выпрацаваныя тэорыі. Пры знаёмстве з манаграфіяй Міхаіла Далбілава якраз і складваецца ўражанне, што мы маем справу менавіта з такім творам.

На  самым пачатку нашых разважанняў  варта звярнуць увагу на наватарскае раскрыццё тэмы даследаванняў, а перш за ўсё на цікавы метадалагічны падыход да іх прадмета. Аўтар  рэцэнзаванай манаграфіі ўважліва прааналізаваў пытанне ролі рэлігіі ў нацыянальнай палітыцы Расійскай імперыі ў ХІХ ст. Ён слушна заўважыў, што царская Расія, асімілюючы абшары, здабытыя пасля падзелу Рэчы Паспалітай, была вымушана змагацца з шэрагам праблем, якія не сустракаліся ў Расіі цэнтральнай. Заходнія ўскраіны засяляла насельніцтва, якое размаўляла на іншай, чым у цэнтры, мове, пры гэтым часта належала да “чужой веры”. Тым не менш, гэтыя землі Пецярбург у прынцыпе разглядаў як абшар “адвечна расійскі”, таму, пераўтвараючы “Крэсы Усходнія” ў “Заходні Край”, трэба было перш за ўсё ўдарыць па моцнай і незалежнай пазіцыі шляхты і каталіцкага клеру (як лацінскага, так і грэка-каталіцкага). Чытаць далей →

Анджэй Гіль. Архімандрыт менскі Афанасій Пакоста: прыклад актыўнасці ўніяцкага асяроддзя ў ВКЛ пачатку XVII ст.

27 Лістапада 2012 г.

У 19 томе БГА (2012)

Міжканфесійныя  ўзаемаадносіны ў першай чвэрці XVII ст. у Рэчы Паспалітай былі пазначаны  шэрагам канфліктаў, якія, тым не менш, у цэлым не выходзілі за рамкі агульнапрынятых нормаў і  звычаяў. У шматрэлігійным і шматнацыянальным грамадстве не маглі не скласціся  механізмы свайго роду ідэйнага самаабмежавання, якое забяспечвала “мірнае суіснаванне” з іншымі, незалежна ад перакананасці ва ўласнай выключнасці ці ў валоданні манаполіяй на праўдзівую веру[1]. Праўда, з гэтага не вынікае, што кіраваная шведскім манархам польска-літоўска-руская дзяржава ўяўляла сабой апору “прымірэнства” і была нейкім выключэннем на фоне іншых еўрапейскіх дзяржаў[2]. Так ці інакш, прадстаўленыя ў ёй тры вялікія хрысціянскія канфесіі – каталіцызм, праваслаўе і пратэстантызм – па розных прычынах не звярталіся ў той час да ўзброеных формаў барацьбы адна з адной, якімі былі рэлігійныя войны, але ж і да поўнага міру ў гэтай сферы было далёка, асабліва калі ўлічыць, што ў Еўропе ўсё мацней пачыналі заяўляць пра сабе працэсы канфесіяналізацыі, якія вялі да істотнага ўмацавання – заўсёды у супрацьпастаўленні іншым – тоеснасці паасобных цэркваў[3]. Гэты рух паволі пашыраўся і на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, разбураючы і без таго хісткую раўнавагу, якая склалася тут у рэлігійнай сферы на мяжы XVI і XVII ст. Па розных, не да канца даследаваных і раскрытых сёння прычынах, у выбарнай манархіі Вазаў гэты рух набыў адназначна каталіцкі вектар, што вяло да павольнага выцяснення з канфесійнага пейзажу як адносна слабага ў арганізацыйных адносінах пратэстантызму, так і мацнейшага паводле традыцыі і разгалінаванасці праваслаўя[4]. Чытаць далей →

КЛІМАЎ, ІГАР П. Старажытная беларуская літаратура XI–XVI стст.: эпохі і постаці: вучэб. дапаможнік. Мінск: БДУКМ, 2010. 214 с.

4 Лістапада 2012 г.

У наступным нумары (том 19, 2012)

Ва ўступе да выдання аўтар адзначае, што спецыфіка курса старажытнай беларускай літаратуры абумоўлена наяўнасцю шэрагу праблем, якія так ці інакш закранаюць межы і аб’ём самога курса (5). У першую чаргу, гэта геаграфічная і моўная праблемы: літаратуру з якіх тэрыторый (сучаснай Беларусі ці этнічных беларускіх земляў) і напісаную на якой мове адносіць да беларускай? Адказы на гэтыя пытанні фактычна і прадвызначылі змест дапаможніка.

У дачыненні да эпохі ранняга Сярэднявечча, калі старажытная беларуская літаратура яшчэ не была размежаваная з іншымі ўсходнеславянскімі літаратурамі, у кнізе разглядаецца толькі пісьменства з этнічна беларускіх земляў. Шырокавядомыя ў Старажытнай Русі помнікі, створаныя па-за тэрыторыяй этнічнай Беларусі, падаюцца аглядна. Літаратура позняга Сярэднявечча і Рэнесансу разглядаецца ў полілінгвістычным аспекце, калі да старабеларускіх помнікаў залічваюцца творы не толькі на старабеларускай, але і на польскай, а таксама лацінскай мовах. Як і адзначана ў назве выдання, асноўны акцэнт робіцца на агульнай характарыстыцы асаблівасцяў развіцця старажытнай беларускай літаратуры ў пэўную эпоху, а таксама даецца агляд творчасці найбольш значных постацяў беларускай літаратуры. Чытаць далей →

БІЛОУС, НАТАЛІЯ. Тестаменти киян середини XVI – першоï половини XVII століття. Киïв, Видавничий дім “Простір”, 2011. 200 с.: іл.

8 Кастрычніка 2012 г.

У наступным нумары (том 19, 2012)

Кніжная паліца ўкраінскай гістарыяграфіі папоўнілася  цікавым выданнем супрацоўніцы Інстытута гісторыі НАН Украіны Наталлі Білаус. Аўтарка ўпершыню апублікавала 13 кірылічных тэкстаў тастаментаў жыхароў Кіева (1556–1639), якія адшукала ў архівасховішчах Украіны, Расіі і Беларусі (6 арыгіналаў — у РГАДА ў Маскве, 1 арыгінал — у інстытуце рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя Вярнадскага НАНУ, 3 выпісы з кіеўскіх магістрацкіх кніг — у ЦДГАУ ў Кіеве, 1 актыкацыю ў магістрацкай кнізе г. Магілёва — у НГАБ у Мінску, 2 копіі з манастырскіх архіваў — у інстытуце рукапісаў НБУВ).

Вядома, што  тастаментаў жыхароў Кіева захавалася надзвычай мала. Прычына таму, апроч іншага, —пажары 1615, 1718, 1811 г., якія нішчылі культурную спадчыну горада. Такім чынам, увод у навуковы ўжытак 11 мяшчанскіх і 2 шляхецкіх тастаментаў — каштоўны ўнёсак даследчыцы не толькі ва ўкраінскую, але і ў еўрапейскую гістарыяграфію, бо тастамент як гістарычная крыніца захоўвае ў сабе багатую інфармацыю пра самога чалавека. Чытаць далей →

ALEXANDROWICZ, STANISŁAW. Studia z dziejów miasteczek Wielkiego Księstwa Litewskiego. Toruń: Wydawnictwo naukowe Uniwersytetu Mikołaja Kopernika, 2011. 442 s.

19 Верасня 2012 г.

У наступным нумары (том 19, 2012)

Вядомыя выпадкі, калі замежным гісторыкам удавалася  лепш i параўнальна з айчыннымі вучонымі грунтоўней даследаваць тую ці іншую праблему з гісторыі краіны. Гэта з упэўненасцю можна сказаць пра навуковую дзейнасць вядомага польскага гісторыка прафесара Cтaніслава Александровіча[1], які шмат зрабіў i робіць для вывучэння беларускай мінуўшчыны часоў Вялікага Княства Літоўскага. Прызнанне значных заслуг С. Александровіча ў развіцці беларускай гістарычнай навукі засведчана артыкулам пра даследчыка ў першым томе “Энцыклапедыі гісторыі Беларусі”[2]. Шэраг публікацый вялікай навуковай бібліяграфіі С. Александровіча, буйнога спецыяліста па гісторыі Усходняй Еўропы XІV–ХІХ ст. і гісторыі картаграфіі, прысвечаны праблеме развіцця гарадскіх паселішчаў Беларусі i Літвы XVI–XVIIІ ст., і найважнейшыя з іх увайшлі ў рэцэнзаванае выданне. Чытаць далей →