Новы нумар


Пытанні на заўтра (Алесь Смалянчук)


Хачу павіншаваць калегу з выдатнай рэцэнзіяй. Больш грунтоўнага разбору маіх тэкстаў яшчэ не было. Калі я правільна зразумеў рэцэнзента, ён не адвяргае самую канцэпцыю працы, хоць выказвае некалькі вельмі істотных заўвагаў і ставіць шэраг прынцыповых пытанняў.

Першая заўвага датычыць «рабочага » вызначэння нацыі. Вось яно: нацыя — гэта сацыяльная група, прасякнутая нацыянальнай свядомасцю, складовымі якой з’яўляюцца ўсведамленне супольнасці інтарэсаў, адметнасці ўласнай культуры, мовы, рэлігіі і палітычнай гісторыі, уяўленне пра ўласную этнічную тэрыторыю. Пры гэтым, каб быць нацыяй, дастаткова мець адну альбо болей з пералічаных характэрных якасцяў. Як лічыць рэцэнзент, гэтае паняцце не працуе ў дачыненні да названага перыяду, а выраз „каб быць нацыяй, дастаткова мець адну альбо болей з пералічаных характэрных якасцяў” дазваляе, напрыклад, аднесці да нацыі ўсіх каталікоў Еўропы.

Хачу заўважыць, што прыведзенае вызначэнне тычылася пэўнага ідэальнага тыпу нацыі. Зразумела, што нацыі, якія фармаваліся ў другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. на беларускіх і літоўскіх землях, не маглі цалкам адпавядаць такому ідэалу. У працы гаворка ідзе пераважна пра нацыянальныя рухі, а г.зн. пра працэс фармавання нацый. Што датычыць апошняга выразу, то мелася на ўвазе, што нярэдка вырашальную ролю ў фармаванні нацыянальнай свядомасці адыгрываў адзін (або два-тры) з пералічаных фактараў. Напрыклад, вядомая роля, якую для фармавання чэшскай і літоўскай нацый адыграла родная мова, для ірландцаў — палітычная гісторыя і ўсведамленне супольнасці інтарэсаў, для харватаў — веравызнанне, для яўрэяў і палякаў — культура, мова і рэлігія. Згодны, што не зусім дакладна выказаў сваю думку. Замест словаў „каб быць нацыяй” у вызначэнні павінна стаяць „каб усвядоміць сябе нацыяй”.

Наступная заўвага Станіслава Рудовіча датычыць адсутнасці ў манаграфіі вызначэння паняцця „грамадзянскай (палітычнай) нацыі”. Вызначэнне не прагаворвалася, бо здавалася, што ідэя „грамадзяніна краю”, „краёвага грамадзянства”, якую прапагандавалі ідэолагі краёвасці розных кірункаў, дастаткова выразна гаворыць сама за сябе. Аднак, відаць, я памыляўся. Хачу адзначыць, што паняцце „грамадзянская (палітычная) нацыя” трактуецца ў манаграфіі як поліэтнічная сацыяльная група, прадстаўнікі якой лічаць сябе прыналежнымі да адзінай нацыі. Апошняя атаясамліваецца з дзяржаўнай прыналежнасцю і грунтуецца на масавым успрыяцці гэтай дзяржавы як агульнай гістарычнай Айчыны.

На думку С.Рудовіча, якую ён падмацоўвае спасылкамі на Ю.Хабермаса, фармаванне палітычнай нацыі непазбежна вядзе да свайго роду „пераплаўкі” культурных сістэмаў этнасаў, якія ўваходзяць у яе склад. Пры гэтым этнакультурныя меншасці падаўляюцца або ізалююцца. У выніку мадэлі этнамоўнай і палітычнай нацый фактычна накладваюцца адна на адну. Адмаўляючы існаванне нацый грамадзянскага (палітычнага) тыпу, Рудовіч ставіць пытанні: Ці разумелі прыхільнікі краёвасці гэтую дыялектыку? Калі разумелі, то якой з мясцовых культур адводзілі ролю „рэферэнтнай”? Якім чынам збіраліся ў этнакультурным краёвым саюзе здымаць этнічныя напружанасці? і г.д.

Паспрабую адказаць. Адразу хачу заўважыць, што гісторыя ведае выпадкі, калі фармаванне грамадзянскай палітычнай нацыі не вяло да „пераплаўкі” этнакультурных сістэмаў. Такія прыклады — Швейцарыя, ЗША, Канада. Падаецца, што ва ўмовах дэмакратычных палітычных рэжымаў падаўленне ці ізаляцыя этнакультурных меншасцяў не з’яўляецца агульнай заканамернасцю. Што датычыць краёўцаў, то наўрад ці яны разумелі тыя складанасці фармавання грамадзянскай (палітычнай) нацыі, пра якія гавораць сучасныя тэарэтыкі нацыяналь нага пытання. Але ці маем мы права сёння патрабаваць гэтага ад іх? Краёўцы вывучалі гэтую праблему на сваім уласным жыцці, а не па навуковых працах. Сам крах краёвасці, які стаў відавочным пад час Першай сусветнай вайны, паказаў, што гэтая ідэалогія не была ў стане нейтралізаваць, напрыклад, польска-літоўскія этнічныя супярэчнасці.

Аналіз канцэпцый асобных ідэолагаў краёвасці сведчыць пра тое, што яны разумелі складанасць праблемы, але адзінага падыходу да яе вырашэння так і не здолелі выпрацаваць. Але ж яны былі першымі. Дарэчы, канцэпцыя фармавання „нацыі ліцвінаў” М.Ромэра сапраўды магла прывесці да „пераплаўкі” культурных сістэмаў, і ролю рэферэнтнай культуры пры гэтым магла адыграць польская культура. Затое канцэпцыі Л.Абрамовіча або Р.Скірмунта (маюцца на ўвазе ягоныя погляды часоў рэвалюцыі 1905—1907 г.) прадугледжвалі якраз існаванне поліэтнічнай супольнасці, дзе ролю кансалідуючага фактара павінна была адыграць гістарычная памяць. С. Рудовіч выказвае сумненні ў тым, што „тэарэтычныя ўяўленні 1/20 часткі насельніцт ва (няхай сабе і эліты) маглі стаць настолькі моцным інтэгратарам, які б перакрыў усе культурныя і сацыяльныя падзелы”. Сумненне правамернае. Але хачу заўважыць, па-першае, што практычна ва ўсіх нацыястваральных працэсах гістарычная памяць звычайна адыгрывала велізарную ролю, бо з’яўлялася выключна моцным сродкам кансаліда цыі насельніцтва. Гэта агульнавядома. Месца ў гісторыі быццам гарантуе за нацыяй ролю суб’екта ў сучасным палітычным і нацыянальным жыцці. Прыклад палякаў і літоўцаў сведчыць якраз пра гэта. Вядома і тое, што ўсе першыя спробы выпрацоўкі нацыянальнага погляду на гісторыю былі разлічаныя першапачаткова на эліту.

Па-другое, трэба звярнуць увагу, што велізарныя намаганні краёўцаў па выпрацоўцы і пашырэнні ўласнага варыянта гісторыі Беларуска-Літоўскага краю спалучаліся з імкненнем дасягнуць аўтаноміі або (пазней) дзяржаўнай незалежнасці краю. На маю думку, менавіта гэтае спалучэнне магло стаць моцным фактарам, які б спрыяў фармаванню палітычнай нацыі. Нарэшце, па-трэцяе, прыкметнае месца ў канцэпцыях краёўцаў займаў фактар г.зв. тутэйшасці, якую можна паспрабаваць зразумець з дапамогай паняцця „протанацыяналізм”, уведзенага Э.Хабсбаўмам. Апошні трактуе протанацыяналізм як пачуццё калектыўнай надлакальнай масавай ідэнтычнасці, якая папярэднічае нацыяналізму .

Станіслаў Рудовіч ставіць яшчэ адно істотнае пытанне: У якой ступені краёвасць была альтэрнатывай ваяўнічаму нацыяналізму, а ў якой праявай данацыянальнага касмапалітызму тутэйшай шляхты, яе кансерватыўным адказам на гістарычныя выклікі эпохі мадэрнізацыі? Мне здаецца, у манаграфіі досыць выразна прачытваецца ідэя, што краёвасць спалучала і першае і другое. І гэтае спалучэнне адлюстравалася ў двух дамінавальных кірунках развіцця краёвай ідэалогіі — кансерватыўна-ліберальным (у пэўнай ступені „кансерватыўны адказ”) і ліберальна-дэмакратыч ным (альтэрнатыва ваяўнічаму нацыяналізму).

Рэцэнзент таксама выказаў сумненне ў тым, што краёвая ідэя магла стымуляваць палітычную мабілізацыю „масаў беларускамоўнага насельніцтва”. Хачу адзначыць, што прыведзеныя ў манаграфіі факты, на маю думку, досыць пераканаўча сведчыць, што краёвая ідэя спрыяла пэўнай кансалідацыі, па меншай меры, беларускай эліты. Якраз з ёй звязана прыцягненне да беларускага руху Р.Скірмунта і рост сімпатый да беларускага Адраджэння з боку мясцовай арыстакратыі (маюцца на ўвазе асобныя прадстаўнікі родаў Радзівілаў, Вайніловічаў, Скірмунтаў). Таксама краёвая ідэя стварала магчымасць далучэння да беларускага руху часткі рускамоўнай і польскамоўнай мясцовай эліты. Гэта пацвярджаюць прыклады І.Краскоўскага, А.Заштаўта, Я.Манькоўскага, В.Чыжа ды інш. Краёвая ідэя, як падаецца, спрыяла пераадоленню пэўнай этнамоўнай і сацыяльнай абмежаванасці беларускага руху. Яна ж была сродкам палітычнай мабілізацыі тых колаў мясцовай грамадскасці, якія раней адмяжоўваліся ад беларускага руху.

С.Рудовіч таксама зрабіў заўвагу адносна структуры працы. Дакладней, структуры II раздзела. На яго думку, рубяжом у развіцці польскагу руху на беларускіх і літоўскіх землях з’яўляўся пачатак I сусветнай вайны, а не выбары і пачатак працы Дзяржаўнай думы IV склікання. Згодны, што больш адпаведным быў бы рубеж Першай сусветнай вайны, а дакладней, нават верасня 1915 г. Нямецкая акупацыя часткі беларускіх і літоўскіх земляў стварыла цалкам іншыя ўмовы для этнапалітычнай дзейнасці і спрыяла актывізацыі нацыянальных рухаў, у т.л. і польскага. Тым не менш у аснову перыядызацыі пакладзены „думскі фактар”, а менавіта, дзейнасць фракцый літоўскіх і беларускіх палякаў у Думах. Такі падыход абумоўлены тым, што дзейнасці гэтых фракцый на працягу ўсяго даследавання польскага руху (гл. маю манаграфію «Палякі Беларусі і Літвы ў рэвалюцыі 1905—1907 г.» [Гародня: Ратуша, 2000]) аддавалася спецыяльная ўвага. Ва ўмовах адсутнасці ўласных партыйных арганізацый якраз фракцыі на працягу дзейнасці I—III Думы і I—II сесій IV Думы адыгрывалі ролю каардынатараў мясцовага польскага руху (чыноўнік Дзмітрыеў-Мамонаў, аналізуючы польскую грамадска-палітычную дзейнасць пад час II Думы, нават назваў г.зв. „Тэрытарыяльнае кола” палітычнай партыяй). Для перыяду IV Думы гэта ўжо не характэрна, аднак было вырашана не парушаць прыняты раней структурны прынцып. Рубежнасць верасня 1915 г. адлюстравалася ў структуры § 2 II раздзела.

Што датычыць заўвагі С.Рудовіча пра тое, што „цяперашнiя пошукі альтэрнатывы для той мадэлі беларускай нацыі, якая гістарычна склалася, і «этнічнай субстанцыяй» якой з’яўляецца беларускі этнас, не вымагаюцца навуковай патрэбай і не спрыяюць умацаванню і без таго дэзарыентаванай гістарычнай свядомасці грамадства”, то яна абсалютна не звязаная з тэкстам манаграфіі. С.Рудовіч мае на ўвазе артыкул „Беларускі рух на пачатку ХХ ст. і ідэя палітычнай нацыі”, аснову якога склаў выступ пад час „круглага стала” „Ідэя беларускасці і ідэя польскасці на рубяжы тысячагоддзяў: да вызначэння паняццяў”, які адбыўся ў верасні 2000 г. у Скарынаўскім цэнтры. У выступе я звярнуў увагу на тыя перспектывы, якія, на маю думку, на сучасным этапе развіцця Рэспублікі Беларусь мае канцэпцыя палітычнай нацыі. Пры гэтым спаслаўся на тыя пазітыўныя вынікі, якія прынесла беларускаму руху выкарыстанне краёвай ідэалогіі ў міжрэвалюцыйны перыяд (1907—1917 г.). Як падаецца, пэўная палітызаванасць гэтай заўвагі не мае дачынення да навуковай праблемы.

Рэцэнзент звярнуў увагу, што ў манаграфіі так і не прагучала выразнага адказу на пытанне пра месца і ролю польскай супольнасці ў гісторыі Беларусі апошняй трэці ХIХ — пачатку ХХ ст. Мне ж здавалася, што ўвесь тэкст кнігі выразна сведчыць пра тое, што польская супольнасць на беларускіх і літоўскіх землях апошняй трэці ХIХ — пачатку ХХ ст., якая сфармавалася ў выніку ранейшых працэсаў паланізацыі і самапаланізацыі (ці спантаннай паланізацыі) карэннага насельніцтва, не страціла сувязі з Айчынай і не ператварылася ў „польскіх прыгнятальнікаў”. Яна заставалася „мясцовым элементам”, неад’емнай часткай культурнага і грамадска-палітыч нага краягляду гістарычнай Літвы. Толькі палітычныя падзеі часоў Першай сусветнай вайны спрыялі ўцягванню беларускіх і літоўскіх палякаў у працэс фармавання сучаснай польскай нацыі, і толькі ў гэты перыяд „польскае пытанне” ў беларускай гісторыі перастала быць формай змагання палітычнай і культурнай эліты гістарычнай Літвы за захаванне традыцый уласнага палітычнага, эканамічнага, культурнага і рэлігійнага ладу жыцця. У 1916—1917 г., калі стаў відавочным крах краёвай ідэі, яно ператварылася ў барацьбу за ўтварэнне незалежнай польскай нацыяналь най дзяржавы, да якой у той або іншай форме павінны былі быць далучаны г.зв. усходнія крэсы або іх частка. Цалкам верагодна, што перамены 1916—1917 г. маглі мець часовы характар, але каб зразумець асаблівасці гэтага працэсу, трэба давесці даследаванне польскага руху па меншай меры да лістапада 1918 г.

Вельмі глыбокія і абгрунтаваныя заўвагі рэцэнзента не перакрэсліваюць канцэпцыю працы. Яны ствараюць выдатныя перадумовы далейшай распрацоўкі праблемы „краёвасць у беларускай гісторыі” і ставяць пытанні, якія павінны прыцягнуць увагу даследчыкаў беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння.
Горадня

Алесь Смалянчук

Наверх

Tags: , , ,