Новы нумар


Райнэр Лінднэр. Беларускія гісторыкі пад Сталіным (1870–1945)


Калектыўна-бiяграфiчны нарыс нацыянальнай гiстарыяграфii (1870 — 1945)

Адукаваныя слаi пачатку савецкай эпохі былі структурна разнароднымі. Царскiя службоўцы, савецкiя энтузiясты, «буржуазныя спецыялiсты» i вузка адукаваныя выскачкi мусiлi ладзiць між сабою ў настаўнiцкiх вучэльнях, унiверсiтэтах, даследчыцкiх лабараторыях, мiнiстэрствах i партыйных ячэйках. Калi гэта ўдавался, то перадусiм дзякуючы разлiчаным на далёкую перспектыву намерам партыi прымусiць «лёкаяў капiталiзму» — як характарызаваў прафесiйную iнтэлiгенцыю Ленiн — удзельнiчаць у будаўнiцтве савецкай дзяржавы. Асаблiва чуйнымi паказалi сябе бальшавiкi ў сектары iдэалогii i камунiстычнай прапаганды. Паколькі Акадэмii навук у РСФСР, ва Украiне i ў Беларусі былi «арыстакратычнымi» ўстановамi i да канца дваццатых гадоў сапраўды заставалiся «iншароднымi целамi» ў савецкiм грамадстве, яны прыцягвалi да сябе найбольшую ўвагу[1]. Не выключэннем была i гiстарычная навука, пра што сведчыць прыклад Беларускай АН.

Аморфны склад савецкай прафесiйнай iнтэлiгенцыi ў 1920-30-х г. наогул i яе гiстарычнага сектару ў прыватнасці не дазваляе гаварыць пра гiсторыкаў праз іх бiяграфii, даследчыцкiя перспектывы, палiтычную заангажаванасць i г.д. Для беларускага гiстарычнага цэху яшчэ бракуе манаграфiчных прац кшталту заходняй гiстарыяграфii, напiсаных пра маскоўскую, пецярбургскую i кiеўскую школы[2]. У Менску вялiкае значэнне мела тое, што да 1921 г. акадэмiчных структур тут не было, і цяпер паўставалі імпазантныя калектывы нанова ствараных устаноў. Гiсторыкi з Кiева, Харкава, Масквы, Варшавы, Вiльнi i Менску, якія належалі не толькi да розных пакаленняў, але i да розных нацый, увасабляючы розныя палiтычныя перакананнi, ad hoc стваралi прафесiйную грамаду. Структурная своеасаблiвасць гiстарыяграфii ў БССР мусiла абумовіць i разнастайнасць гiстарычных канцэпцый.

У гэтым экскурсе разглядаюцца i параўноўваюцца жыццёвыя шляхі пяцi вядомых прадстаўнiкоў менскай супольнасцi гiсторыкаў. Да пэўнай ступені гэта бiяграфiчныя ўзоры беларускай i наогул савецкай гiстарыяграфii, якiя лёгка спаткаць паўсюль — да канчатковай змены пакаленняў (каля 1945 г.)[3].

1. Паходжанне i адукацыя

Гiсторыкi, якiя ў 1930-х выпрацавалі афiцыйную гiстарычную візію Савецкага Саюзу, амаль без вынятку атрымалi адукацыю ў царскай iмперыi. Гэта было пакаленне народжаных памiж 1880 i 1900 г., якiя, калi не сталi ахвярай рэпрэсiяў, вымерлi толькi са Сталiным. На прыкладзе беларускiх вучоных бачна, што гэтую ўзроставую групу аднолькава складалi апалагеты, талеранты i крытыкi бальшавiцкай дзяржавы. Тым больш дзiўна, што гэтае расколатае пакаленне, якое не валодала нiякiм патэнцыялам групавога кансэнсуса i патанала ў непрыстойных узаемападкопах i абвiнавачваннях, здолела спарадзiць трактоўку гiсторыi, што так уплывала на масы. Перавагi мелi апалагеты квiтнеўшай у паўсюдным «спецеедстве» агрэсiўнасцi маладога пакалення, якiя без вынятку прадстаўлялi гiстарычную пазіцыю партыi i самую партыю супраць «буржуазнай» i «старой» прафесуры. Пры гэтым, дзякуючы дапамозе партыi, «права» i час былi на iх баку. Фiтцпатрык убачыў сутнасную заканамернасць «культурнай рэвалюцыi» у вайне, якую вялi «маладыя супраць старых, junior against senior»[4].

Калi шукаць тлумачэння, чаму абраныя тут для даследавання беларускiя гiсторыкi, нягледзячы на такiя розныя навуковыя бiяграфii i рознае стаўленне да партыйнай дактрыны, разам i паасобку ўрэшце апыналiся пад рэпрэсiямi апарата (трое з iх забiтыя цi скончылi самагубствам), можна прыйсці да шматзначнай высновы: адным узростам памылкова тлумачыць разыходжаннi або гатовасць да кааперавання навуковай iнтэлiгенцыi раннiх савецкiх часоў. Супрацiў i напружанасць маглi вызначацца паходжаннем i ранейшай адукацыяй. Інтэнсiўнае выхаванне ў бацькоўскiм доме, патрабавальныя студэнцкiя штудыi або строгi акадэмiчны настаўнiк давалi кандыдату больш уласнага капiталу, чым яго маглi мець шматлiкiя выскачкі i самавукi ў гiсторыi[5].

Пяць беларускiх гiсторыкаў нарадзiлiся памiж 1867 i 1898 г. i належалi да тых дзвюх узроставых групаў, з якiх складаўся вучоны свет ранняга савецкага часу. Мiтрафан Вiктаравiч Даўнар-Запольскi, «Нестар» эканамiчна-гiстарычнага беларусазнаўства, з’явiўся на свет у гарадку Рэчыца ў сям’i пiсара. Пасля вучобы ў Мазырскай прагiмназii i 4-й Кiеўскай гiмназii з 1889 да 1894 г. штудыяваў гiсторыю ў Кiеўскiм унiверсiтэце. Вопыт маскоўскага эпiзоду працы ў якасцi асiстэнта архiварыя Мiнiстэрства юстыцыi малады гiсторык змог выкарыстаць у крынiцазнаўчых даследаваннях «Лiтоўскай Метрыкi». Вярнуўшыся ў Кiеў з грунтоўнай (800 старонак!) працай па тэме «Государственное хозяйство Великого Княжества Литовского при Ягеллонах», у 1898 г. ён здаў магiстарскi iспыт i апраўдаў чаканнi ягоных прафесараў, сярод якiх асаблiва выразны ўплыў на працу i характар Даўнара-Запольскага меў В.Антановiч. Без апошняга немагчыма ўявiць, як бы Даўнар узначаліў кафедру ў Кiеве ўжо ў 1901 г.[6]. Беларускi гiсторык з кiеўскiм адукацыйным багажом увайшоў сюды як прадстаўнiк той прафесiйнай iнтэлiгенцыi позняй царскай iмперыi, якая, хоць i займалася сваёй справай у савецкiя часы, аднак не прымала новую дзяржаву i была застарая для таго, каб змянiцца знутры. Як і М.Грушэўскi, М.Любаўскi, С.Платонаў ды С.Раждзественскi, гісторык Даўнар-Запольскi належаў да крытыкаў бальшавiзму, хоць першапачаткова быў і ў лагеры абаронцаў марксiсцкага гiсторыяпiсання. У спрэчках з неакантыянцамi яшчэ на пачатку стагоддзя ён падкрэслiваў, што толькi пачынаючы з марксiзму ў гiстарыяграфii прызнаецца «дамінуючае значэнне эканамiчнага фактару». Закліку неакантыянцаў («Назад да Канта!») Даўнар-Запольскi супрацьпаставiў «Назад да Маркса!»[7].

Больш ахвотным да кааперацыi з новай уладай быў Уладзiмiр Іванавiч Пiчэта. Ён нарадзiўся ў 1878 г. у Палтаве ў сербска-украiнскай сям’i. Ягоны бацька, які перабраўся ва Украiну з Герцагавiны, быў настаўнiкам, затым рэктарам дзвюх духоўных семiнарый у Вiцебску i Палтаве. Пiчэта ўвесь час меў клопаты з паходжаннем. У анкеце, з якой бралася большасць бiяграфiчных звестак, ён падае сваю нацыянальнасць як «украiнец»[8]. Роднаю мовай у сярэдзiне дваццатых ён назваў рускую i ўкраiнскую. Пра гуманiтарны характар адукацыi можна меркаваць не толькi па навучанні ў гiмназii, але i з ведання французскай, англiйскай, нямецкай, польскай, сербскай, балгарскай i чэшскай моў. У час студэнцтва ў Маскве ён непасрэдна кантактаваў з такiмi велiчынямi гiстарыяграфii, як В.Ключэўскi, М.Любаўскi, В.Гер’е, П.Вiнаградаў i М.Багаслоўскi. Ключэўскi вельмі высока адазваўся пра яго дыпломную працу «Юрий Крижанич о Московском университете». Настаўнiцкая дзейнасць у Екацярынаславе (цяпер Днепрапятроўск) i Маскве на 8 гадоў (1903-1911) затрымала яго шлях да прыват-дацэнцтва ў Маскоўскiм унiверсiтэце. Як i Даўнар-Запольскi, ён жыў хутчэй непалiтычным жыццём вучонага. У I сусветнай вайне, маючы 37 гадоў, таксама не браў удзелу. У анкеце Пiчэта мусіў адзначыць, што да, пад час i пасля вайны быў выкладчыкам ВНУ i не нёс вайсковай службы. У апошнi ваенны год пачаў iнтэнсiўна займацца беларускай гiсторыяй. У 1918 г. чытаў у Беларускiм народным унiверсiтэце ў Маскве курс лекцый па старажытнай гiсторыi Беларусi, які быў апублiкаваны пазней. У палiтыку ўвайшоў толькi тады, калi запрасілі ў Наркамасветы РСФСР для хуткай падрыхтоўкi арганiзацыi дзяржаўнага унiверсiтэта ў Менску, заснаванне якога (у Маскве) ў 1919 г. было ўжо вырашанай справай. Як большасць «буржуазных» спецыялiстаў, Пiчэта, не хаваючы сваiх немарксiсцкiх перакананняў, быў прынцыпова гатовы да супрацоўнiцтва з рэжымам. З такiмi вучонымі, як М.Багаслоўскi (ягоны настаўнiк), М.Лемке, П.Прэабражэнскi, А.Савiн, В.Сяргееў цi таксама Д.Петрушэўскi i Я.Тарле, гісторык Пiчэта ўтвараў вялiкую групу «спадарожнiкаў».

Да марксiсцкiх гiсторыкаў, якія, аднак, вытрымлівалi дыстанцыю, належыць стылiзаваны сёння пад вядучую фiгуру «беларусiзацыi» Усевалад Макаравіч Ігнатоўскi. Ён нарадзiўся 19 красавiка 1881 у Такарбх Берасцейскай вобл. (тады — Гарадзенскай губернi)[9]. Ягоны бацька, выхадзец з сялян, які ў першым пакаленнi атрымаў глыбокую адукацыю, быў адным са шматлiкiх школьных настаўнiкаў сярэдняга дабрабыту. Тым не менш, для трох сваiх дзяцей ён забяспечыў адукацыю вышэй за сярэднюю. Мiж тым Усевалад пасля наведвання Вiленскай духоўнай школы i Лiтоўскай духоўнай семiнарыi мусiў змянiць месца навучання з прычыны «ўдзелу ў рэвалюцыйных падзеях». У 1902 г. ён з вялiкiм поспехам скончыў гiмназiю ў Магiлёве. На гiстарычна-фiлалагiчным факультэце Санкт-Пецярбургскага унiверсiтэта, куды ён у 1902 г. залiчаны студэнтам, застаў знакамiтых гiсторыкаў сталiцы. Аднак i тут меў сутычкі з начальствам. Пасля выключэння ў вераснi 1905 г. ён прайшоў курс у Дэрпцкiм унiверсiтэце, па заканчэннi якога зноў быў дапушчаны да іспытаў у Санкт-Пецярбургскiм. З 1907 да 1909 г. працаваў настаўнiкам у правiнцыi, а ў 1911 г. на выдатна завяршыў штудыі гiсторыi ў Дэрпце. Найбольшы ўплыў атрымаў ад А.Ясiнскага, якi iнтэнсiўна займаўся гiсторыяй Лiтвы i Беларусi. Затым да 1915 г. служыў настаўнiкам гiсторыi ў Вiленскай прыватнай гiмназii сям’i Вiнаградава. Нарэшце перасялiўся ў Менск i з 1915 да 1920 г. працаваў дацэнтам i прафесарам у Інстытуце падрыхтоўкi настаўнiкаў (з 1919 г. — педiнстытут). Лекцыi i семiнары тых гадоў і сталi асноўным матэрыялам для «Кароткага нарыса гiсторыi Беларусi», якi выйшаў упершыню ў 1919 г.

Як і многiя маладыя iнтэлектуалы з унiверсiтэцкага асяроддзя, Ігнатоўскi рана заняўся палiтыкай. Моцна вабілі тады сацыял-рэвалюцыянеры, да якiх ён належаў з 1901 да 1918 г. У час Лютаўскай рэвалюцыi Ігнатоўскi працаваў у Яраслаўлi, куды эвакуявалі яго iнстытут. Сам у вайне не ўдзельнiчаў, ды i звесткi пра падзеi ў Петраградзе даходзiлi да яго толькi са спазненнем. Праз прыналежнасць да левых эсэраў Ігнатоўскi ўвайшоў у адукацыйную суполку «Наш край», якая паўстала ў 1915 i з 1917 г. называлася «Маладая Беларусь». Пасля 1918 г. унiверсiтэцкi дацэнт завязаў кантакты як з Белнацкамам, беларускiм аддзелам народнага камiсарыята па народных пытаннях (Наркамнац), так i з беларускай секцыяй РКП(б). Малаверагодна, каб у гэтым часе выявiлiся больш цесныя сiмпатыi да камунiстычнай партыi, як тое сцвярджалi апалогii пачатку дваццатых[10]. Бiяграфiчныя дакументы сведчаць пра ўдзел Ігнатоўскага толькi ў заснаваннi «Белорусской Коммунистичес кой организации» (БКО), паклiканай да жыцця 1 студзеня 1920 г. Гэтае аб’яднанне з Ігнатоўскiм на чале, напэўна, шукала хуткага зблiжэння з Камунiстычнай партыяй Беларусi i Лiтвы (КП ЛiтБел). У 1919 i 1920 г. Ігнатоўскi браў актыўны ўдзел у «барацьбе супроць польскiх iнтэрвентаў», каардынацыйным цэнтрам якой была БКО. Яна ж як пракамунiстычная група была задзейнiчана ў распрацоўцы абвяшчэння незалежнасцi БССР ад 31 лiпеня 1920 г.

У сувязi з савецка-польскiм ваенным канфліктам i вялiкапольскiмi планамi Пiлсудскага перыяд 1919-1920 г. стаў ключавым для Ігнатоўскага — гэта быў час яго пераходу з пазiцый левых эсэраў на пазiцыi бальшавiкоў, успрынятых як абарончая сiла; так цi iнакш, 30 лiпеня 1920 г., у 29-гадовым узросце, ён быў прыняты ў РКП(б). Бясспрэчна, на жыцці Ігнатоўскага моцна адбіліся працілеглыя тэндэнцыi — нацыяналiзацыя і саветызацыя. Гэтая супярэчлівасць выявілася і ў яго працах. Тым не менш Ігнатоўскi разам з такiмi аўтарытэтамi, як М.Пакроўскi, М.Лукiн, В.Волгiн, С.Пянткоўскi, належаў да той групы гiсторыкаў старэйшага пакалення, што ў першыя паслярэвалюцыйныя гады магла ўважацца марксiстамi i стварала гiстарычную канцэпцыю ранняга савецкага часу.

Вацлаў Юстынавіч Ластоўскi, народжаны ў 1883 г. у засценку Калеснікаў Вiленскай губернi, паходзiў, падобна Ігнатоўскаму, з дробнаўласнікаў[11]. Гiмназiя ў Рызе дала яму пропуск да далейшай адукацыi, аднак ён нiколi не вучыўся ва унiверсiтэце. Ягоным навучальным кабiнетам стала рэдакцыя «Нашай Нiвы», з якой ён супрацоўнiчаў з 1909 да 1914 г. Публiцыстыка так i засталася ягоным асноўным заняткам, што добра ўвязвалася ў яго перманентную палiтычную актыўнасць. Гэта быў час палiтызацыi iнтэлiгенцыi, якi паставiў яго ўрэшце на чале БСГ i БНР, а ў 1919 г. прывёў у шэрагi эсэраў. Маючы галоўнае месца жыхарства ў Вiльні, ён займаўся справамi беларусаў у Тарыбе Лiтоўскай Рэспублiкi i працаваў памочнікам беларускага аташэ ў лiтоўскiм пасольстве ў Берлiне. Увасабляў тып нацыяналiстычнага публiцыста, якi нiколi не звязваўся з бальшавiкамi i сваёй тэорыяй Крывii, знаходзячыся ў выгнаннi ў Коўне, вызначаў гiстарычныя навуковыя спрэчкi ў Менску. Разам з Ластоўскім у шэрагу нацыянальных гiсторыкаў i публiцыстаў стаялі ягоныя калегi А.Шлюбскi, І.Абдзiраловiч (Канчэўскi), Ф.Турук i А.Цвiкевiч, выказванні якіх былі падставай для нападак канфармiсцкiх гiсторыкаў i аддзелу прапаганды партыi.

Акурат да гэтага, iншага крыла беларускай гiстарыяграфii пачатку 1930-х трэба залiчыць перш за ўсё Васiля Карпавiча Шчарбакова. З адукацыйным шляхам Ластоўскага — пазней антыпода ў палiтыцы i навуцы — яго лучыла далёкае ад адукацыi паходжанне. Народжаны ў 1898 г. у в. Дуброўка Аршанскага павету, сын селянiна, навучальнымi ўстановамi якога былi Рагачоўская настаўнiцкая семiнарыя i вышэйшая партыйная школа ў Харкаве, ён ужо ў 1920 г. далучыўся да бальшавiкоў i ў 1923 г. з грунтоўнымi гiстарычнымi ведамi займеў уплывовае месца ў партыi. Адносна асабiстай квалiфiкацыi Шчарбакоў заўжды гаварыў пра 9-месячную службу на ўсходнiм i паўднёвым франтах (1919-1921). У тым, што ён як лектар ды педагог быў сапраўды акадэмiчна падрыхтаваны, сумнявалiся ўжо некаторыя з ягоных сучаснiкаў[12]. Шчарбакоў быў прататыпам тых навукоўцаў-прапагандыстаў, што насялялi адукацыйныя ўстановы Савецкага Саюзу 1920-х. Да іх належыць i П.Горын, які прайшоў шлях ад сялянскай сям’i да функцыянера навукі. Адпрацаваўшы павiннасць, абодва скончылi пад кулямi сталiнскiх органаў бяспекi.

Шчарбаковым завяршаецца калектыўна-бiяграфiчны спектр даследавання. Як Даўнар-Запольскi, Пiчэта, Ігнатоўскi і Ластоўскi, ён быў аўтарам цэльнай карцiны беларускай гiсторыi. Бiяграфiі сведчаць, што гiсторыкi з сялян i наогул з малаадукаванага асяроддзя часта спрычынялiся да саветызацыi i «пралетарызацыi» навуковага апарату i гiстарычнай канцэпцыi наогул. Тыя ж гiсторыкi, якія выйшлi з дробнабур жуазнага асяроддзя, наадварот, выступалi перш за ўсё за нацыянальную гiстарычную канцэпцыю.

2. Навука i палiтыка

У сталiнскiм Савецкiм Саюзе самаканцэнтраванае і засяроджанае на пошуках жыццё вучонага наўрад цi было магчымым. Ад iнтэлiгенцыi яшчэ больш, чым ад працоўных, сялян i служачых, чакалi штодзённых прызнанняў i сведчанняў лаяльнасцi, у якiх цяжка было абмежавацца толькi пiсьмовымi тэкстамi. Старэйшыя гiсторыкi, як Мітрафан Даўнар-Запольскi, не жадалі болей падпарадкоўвацца прадпiсанням, якія краналі навуковыя перакананнi, і гулялi з партыяй, своечасова адцягваючы ад сябе ўвагу. Так, перасяленне гэтага гiсторыка ў 1921 г. з Кiева праз Харкаў у Баку заўсёды тлумачылася матывамі асабiстымi (два сыны загiнулi ў грамадзянскай вайне) i станам здароўя, але сапраўдная прычына перасялення ў сталiцу Азербайджана была хутчэй палiтычнай. Ды i яго дзейнасць на пасадах прарэктара Азербайджанскага унiверсiтэта ў Баку, прафесара Полiтэхнiчнага інстытута i дырэктара музея сельскай гаспадаркi i гандлю Азербайджанскай ССР, дзе ён працаваў да 1925 г., i геаграфiчна, i зместам далёкiя ад навуковага вопыту гэтага гісторыка. Таму зразумела, чаму Даўнар-Запольскі не марудзіў нi хвiлiны, калi рэктар У.Пiчэта паклікаў яго ў Менскi дзяржаўны унiверсiтэт, а да таго ж ён быў запрошаны на пасаду дырэктара гiстарычна-археалагiчнай секцыi Інбелкульта. Пра ягоную прафесiйную кампетэнтнасць не ў апошнюю чаргу сведчыць тое, што ён, маючы ўжо 58 гадоў, i надалей дазваляў сабе трымацца ўбаку i ад палiтыкi, i ад партыi. Большымi за Даўнара-Запольскага вольнасцямi карыстаўся, бадай, толькі на 6 гадоў старэйшы за яго Яўхім Карскi, якi быў запрошаны ў Менск з Петраградскага унiверсiтэта.

Палiтычная актыўнасць Уладзіміра Пiчэты таксама была стрыманай, што пераканальна засведчыла шчырае прызнанне ў анкеце: «Не ўдзельнiчаю ў рэвалюцыйнай працы». Савецкiя бiёграфы знайшлi, аднак, апорныя моманты за 1910/11 г., якiя знаёмяць нас з «прагрэсiўным» дацэнтам. Так, Пiчэта разам з iншымі выкладчыкамi пакiнуў Маскоўскi унiверсiтэт «у знак пратэсту супраць рэакцыйнай дзейнасцi тагачаснага мiнiстэрства народнай асветы». Атрыбут «прагрэсiўны дацэнт» выкарыстаў Гёш для характарыстыкi маладога Тарле, трапна перадаўшы гэтым, якой славай карыстаўся пецярбургскi прыват-дацэнт сярод студэнцтва. Як навуковы дарадца У.Пічэта ў 1920 г.[13] удзельнiчаў у савецка-польскай мiрнай канферэнцыi па ўзгадненнi ўмоў Рыжскай дамовы, што мела цяжкія наступствы для Беларусi. Як у Тарле нячаста мянялася месца працы, так i Пiчэта ў агульнай колькасцi толькі 4 разы перарываў навуковую дзейнасць у Маскве, пачатую ў 1917 г. з абароны аб’ёмнай магiстарскай працы па тэме «Аграрная реформа Сигизмунда-Августа в Литовско-Русском государстве» i скончаную ў 1947 г. ягонай смерцю. Як прыват-дацэнт розных маскоўскiх ВНУ i галоўны iнспектар Цэнтральнага архiва (1918-1924), па запрашэннi Смаленскага унiверсiтэта ён выкладаў там у зiмовым семестры 1918/19 г. Другi перапынак, якi цягнуўся больш за 15 гадоў, зрабiў Пiчэту арганiзатарам беларускай гiстарычнай школы, якая без яго, без сумневу, не заслужыла б такога iмя[14]. Як рэктар-заснавальнiк БДУ (1921-29) i дырэктар гiстарычна-археалагiчнай камiсii Інбелкульта (1922), ён нёс адказнасць за гiстарычную навуку тагачаснай БССР. Параўноўваючы менскую i пецярбургскую гiстарычныя школы ды іх аўтарытэты (тут — Пiчэта, Доўнар-Запольскi i Ігнатоўскi, там — Тарле, Платонаў i Праснякоў), лёгка заўважыць падабенства прыстасоўвання, на якое былі асуджаныя немарксісцкія або «псеўдамарксiсцкiя» гiсторыкi. Тарле, Праснякоў i Пiчэта з 1927 г. утваралi сярод вучоных Гiстарычнага iнстытута РАНІОН немарксiсцкае крыло ў супрацьвагу маскоўскiм старым i новым марксiстам, згуртаваным вакол Пакроўскага, Лукiна i Волгiна.

Трэці i самы жорсткі перарыў у 1930-м на 5 гадоў кінуў Пічэту ў высылку. Нарэшце, чацвёрты перапынак звязаны з II сусветнай вайной, калi з 1941 да 1944 г. Пiчэта з iншымі калегамi-гісторыкамі знаходзіўся Ташкенце. Там ён працягваў працу i пашыраў навуковыя перспектывы узбецкай гiсторыi.

Непараўнальна шчыльней звязаным з актуальнай палiтыкай i часам цалкам задзейнiчаным у ёй як функцыянер быў народны камiсар сельскай гаспадаркi (1920) i асветы (1920-26) Усевалад Ігнатоўскi. З 1923 г. ён адначасова ўваходзiў у камiсiю па справах нацыянальнасцяў, а з 1924 да 1926 — у аддзел АГІТПРОП Цэнтральнага камiтэта КП(б)Б. З лютага 1926 г. Ігнатоўскі займаў пасаду старшынi прэзiдыума Інбелкульта, а з 1928 г. быў яго прэзiдэнтам. Як Пiчэта выкладаў у Інбелкуль це, так i Ігнатоўскi з часу заснавання БДУ працаваў там прафесарам, дэканам гуманiтарнага i педагагiчнага факультэта i намеснiкам рэктара. Для навуковай нагрузкі, хоць прыблiзна параўнальнай з Пiчэтавай, не хапала часу. Яго калега не меў партыйных абавязкаў, не ўдзельнiчаў ва ўсiх партыйных з’ездах КП(б)Б з 1920 да 1930 г. як член партыi, ЦК i (з 1924) Палiтбюро, не мусiў ездзiць на 8 i 13 з’езды РКП(б) як беларускi дэлегат з правам голасу цi на 5 кангрэс Камiнтэрна як дэлегат ад КП(б)Б. Ігнатоўскаму былi блізкімі i дзяржаўныя функцыi: як член ЦВК БССР ён з 1920 да 1929 г. з’яўляўся доўгатэрмiновым дэлегатам усiх Усебеларускiх савецкiх кангрэсаў. Гэта дало яму дастатковы вопыт, неабходны для таго, каб быць дэлегатам Маскоўскага Усесаюзнага кангрэсу саветаў з 1922 да 1929 г. Калi ў ЦВК СССР i ў 1924 г. у Прэзiдыуме ЦВК СССР спатрэбiўся беларускi прадстаўнiк, гэтыя задачы ўзяў на сябе Ігнатоўскi. Мог ён і своечасова вызвалiцца ад неакадэмiчных выкладчыцкiх нагрузак, такіх, як заняткі ў партшколах.

«Я лiчу неабходным выказаць асабiстую пазiцыю адносна ўскладзеных на мяне абавязкаў па выкладаннi беларускай гiсторыi i гiсторыi рэвалюцыйнага руху. Бюро ведае пра маю перагрузку; чыста фiзiчна я не ў стане адпавядаць гэтым задачам. Па магчымасцi, члена партыi не трэба ставiць у кампраметуючае становiшча, калi ён праз загружанасць заданнямi не можа несцi ўскладзеную на яго адказнасць»[15].

Такая загружанасць сведчыла як пра руплiвасць перакананага патрыёта i паслухмянага марксiста, так i пра недахоп падрыхтаваных кадраў у апараце БССР. Узначалiўшы «Таварыства марксiстаў Беларусi» (1927-29), спачатку навукова арыентаванае, Ігнатоўскi спалучыў абедзве жыццёвыя сферы. Як вучоны, што, нягледзячы на неахопную нагрузку, у 1926, 1929 i 1930 г. прадставiў тры вялiкiя манаграфii i мноства артыкулаў, ён не прамінаў магчымасцi выказаць свае перакананнi пра нацыянальную i адукацыйную палiтыку. Прамова Ігнатоўскага на з’ездзе КП(б)Б у 1927 г. вылiлася ў дэбаты пра нацыянальны характар. На 13 з’ездзе беларускiх камунiстаў яму давялося абараняцца ад нападаў Агурскага на ягоную яшчэ не выдадзеную кнiгу «1863 год на Беларусi»[16]. Хоць Ігнатоўскi цалкам ухіліўся марксiсцкай артадоксii Пакроўскага i да канца жыцця пiсаў iнакш, чым штодзённа дзейнiчаў у палiтыцы, шмат па чым у іх абодвух пазнаецца прататып савецкага гiсторыка пазнейшых пакаленняў, якi не меў будучынi без задэклараванай партыйна-палiтычнай функцыянальнасцi.

Савецкая навуковая бiяграфiя Вацлава Ластоўскага пачалася толькi ў 1927 г. Дагэтуль ён, выдавец часопiса «Крывiч», што выходзіў з 1923 да 1927 г. у Коўне, спрабаваў замянiць назвай Крывiя iмя Беларусь. Сучаснiкi-сведкi казалi нават пра рух «Крывiч»[17], мэтай якога пасля вяртання Ластоўскага ў БССР было адмаўляць любую польскую цi расійскую залежнасць: «Пакуль мы ўжываем назоў „Беларусь”, мы не можам пачаць сваю ўласную гiсторыю [...] у той момант, калi нам было прыўлашчана гэтае азначэнне, скончылася гiсторыя нашага народа. Пад гэтым тэрмiнам у нас няма свайго гiстарычнага мiнулага»[18].

У ягоным «Расейска-Крыўскiм (Беларускiм) слоўнiку» гэта фармулюецца абвострана: «Мы крывiчы, а не Русь Лiтоўская, Варажская цi Маскоўская, Белая цi Чорная; мы асобны славянскi народ»[19]. Калi Ластоўскi як аўтар такiх выказванняў у 1927 г. быў запрошаны ў Інбелкульт і там прайшла бурная дыскусія вакол крывiчоў як продкаў беларусаў, гэта, натуральна, мела адмоўныя наступствы. Разам са сваiмi калегамi Шлюбскiм i Каспяровiчам Ластоўскi стаў увасабленнем акадэмiчнага «нацыянал-дэмакратызму», звязанага з «нацыянал-фашызмам» ва ўсходняй Польшчы. Ранняя гiсторыя, якой звычайна апекаваліся вучоныя, цяпер стала справай партыi. Лёс «нацыянал-дэ макратаў» канчаткова вызначыўся пасля суровай крытыкi створанага Ластоўскім вобразу савецка-расійскай дзяржавы:

«Культура Бялiнскага, Чарнышэўскага, Пляханава i Ленiна павiнна i будзе панаваць над культурамi ўсiх народаў, што жывуць у СССР, [...] а праз некаторы час ва ўсiм свеце [...]. Гэта значыць, што дух [...] заборчага маскоўскага iмперыялiзму не толькi не паглынуў сябе, але хутчэй аформiўся ды пашырыўся. Ён больш не абмяжоўваецца славянствам, але iмкнецца пашырыцца на ўвесь свет»[20].

Вяртанню Ластоўскага папярэднiчалi выдадзены ў 1923 г. указ аб амнiстыi i канферэнцыя БНР у Берлiне ў 1925 г. Пасля таго, як на гэтай сустрэчы Рада БНР адмовiлася ад антысавецкай барацьбы i прызнала Менск «адзiным цэнтрам нацыянальна-дзяржаўнага адраджэння Беларусi», змаглi вярнуцца на Беларусь члены самой Рады. Калi Ластоўскi, Цвiкевiч i Краскоўскi належалi да другой групы вяртанцаў, то Смолiч, Лёсiк i Некрашэвiч яшчэ раней былi амнiставаныя i гэтым падштурхнутыя да вяртання. Усе названыя атрымалi працу па квалiфiкацыi, а Ластоўскi i Некрашэвiч у 1928 г. былі нават абраныя членамi Акадэмii. Выглядала так, што беларускiя бальшавiкi не хацелi адмаўляцца ад адукацыйна га патэнцыялу iнтэлiгенцыi БНР. Як украiнскi ўрад у 1927 г. вярнуў з Львоўскай эмiграцыi Грушэўскага, так i для БССР з яе слабой iнтэлiгенцыяй былi патрэбныя людзi кшталту Лёсiка, Ластоўскага i Некрашэвiча. Апошнi нават стаў першым дырэктарам Інбелкульта. Іх узыходжанне да вышэйшых акадэмiчных i палiтычных пасадаў сведчыць не пра поспехі беларусiзацыі цi карэнiзацыі, а толькi пра свядомае імкненне бальшавiкоў перацягнуць на свой бок шматабяцальныя, хоць крытычныя «кадры».

Не ў апошнюю чаргу дзякуючы такім, як Шчарбакоў, партыя магла сапраўды спадзявацца, што павялічыць жменю нацыянальных энтузiястаў. А Шчарбакова яго суровая партыйная кар’ера правяла праз Чарнiгаўскi абласны камiтэт КП(б)У i ў 1924 г. узвяла на пасаду рэктара Інстытута народнай адукацыi гэтага ўкраiнскага горада. Тут, як сам пазней зазначаў, ён упершыню заняўся навуковай працай i ў 1929 г. выставiў сябе на атрыманне прафесарскага тытула ў Харкаўскiм Гiстпарце. Калi партыя адначасова ў Кiеве, Менску, Маскве i Ленiнградзе вынесла першыя прысуды ў сувязi з «академическим делом», прыйшоў час Шчарбакова i Горына. Апошнi меў кар’еру ў цэнтры марксiзму — унiверсiтэце iм. Свярдлова i ў ІКП, перш чым паспеў зрабiць iмя як дырэктар Гiстарычнага iнстытута Камунiстычнай акадэмii, сакратар «Гiсторыкаў-марксiстаў» i рэдактар «Пролетарской революции». І Горын пасля вялiкiх развiтальных выступаў у акадэмiях i унiверсiтэтах патрапiў у Менск; з 1931 да 1936 г. ён займаў пасаду Прэзiдэнта БелАН, вакантную пасля самагубства Ігнатоўскага. Намеснiкам Горына ў Прэзiдыуме Акадэмii быў Шчарбакоў, якi дагэтуль стаяў на чале секцыi навукi і адукацыi ЦК. Два сялянскiя сыны з беларускай правiнцыi, якiм рэвалюцыйны запал не пакiнуў часу нi на атрыманне атэстату, нi на рэгулярнае наведванне унiверсiтэта, валодалi цяпер каманднай вяршыняй беларускай навукi. Шчарбакоў чытаў лекцыi па гiсторыi Беларусi ў БДУ, Менскiм педiнстытуце i Камунiстычнай вышэйшай школе сельскай гаспадаркi. У 1936 г. ён прыйшоў на змену Горыну на пасаду дырэктара Інстытута гісторыі Беларускай Акадэмii Навук[21].

3. Крах кар’еры i рэпрэсii

Гiсторыя беларускай гiстарыяграфii ў Савецкiм Саюзе эпохі Сталiна была гiсторыяй яе лiквiдацыi. Нi беларусiзацыя з «коренизацией», нi пастаяннае пашырэнне яе iнстытуцыйных асноў не маглi прадухiлiць гэтага. Індывiдуальныя бiяграфii гiсторыкаў сведчаць, што партыя нi на хвiлю не паслабляла цугляў i не iшла на палiтычныя саступкi беларускiм гiсторыкам з-за iхнай беларускасцi. Сталінская «культура» даносаў i рэпрэсiй, якая падтрымлівалася «зверху» i «знiзу», была ўласцiвая савецкай сiстэме ад пачатку. Мітрафан Даўнар-Запольскi належаў да першых ахвяраў. Узiмку 1925/26 г. ягоны толькi што скончаны рукапiс па «Гiсторыi Беларусi» трапiў у рукi гiсторыку-калегу Вiталю Сербенту, якi адначасова быў намеснiкам шэфа аддзела прэсы i публiкацый пры ЦК КП(б)Б. Пасля ўнутранага азнаямлення з рэцэнзiяй Сербенты напачатку 1926 г. Даўнару-Запольскаму настойлiва рэкамендавалi пакiнуць унiверсiтэт, Менск i, тым самым — Беларусь, у якой ён паспеў папрацаваць крыху больш за год.

Сербента крытыкаваў гісторыка за сцвярджэнне, што да 1917 г. рабочы клас у Беларусi нiколi не выконваў важнай ролi, i за «пераацэнку» БНР «як носьбiта беларускай iдэi» (с. 603 рукапiсу). Паводле Даўнара-Запольскага, БНР i нацыянальнае беларускае сялянства з шэрагу прычынаў згубiлі ўплыў на пралетарыят. Гэтак жа мала сiмпатыi ў рэцэнзента, якi быў прафесарам Менскага камунiстычнага унiверсiтэта, выклiкала заўвага, што Рада БНР, у адрозненне ад савецкай улады, магла цалкам правесцi беларусiзацыю (с. 601). Франтальную крытыку Сербенты выклiкала тое, як аўтар адлюстраваў позні царызм i 1918 год. Тут Даўнар-Запольскi пазiтыўна паказаў Раду, партыi, перадусiм БСГ, i Усебеларускi Кангрэс 1917 г.:

«Такiм чынам, бясспрэчна, што прадугледжаная для друку праца праф. Доўнара-Запольскага ёсць больш цi менш паслядоўнай i, сыходзячы з эканамiчнага фактару, прадстаўляе з аднаго боку пункт гледжання нацыянал-дэмакратызму, а з другога — не без спасылкi на ягонае гiстарычнае здзяйсненне — пункт гледжання дыктатуры пралетарыяту i савецкай улады»[22].

Партыя прыслухалася да настойлiвага патрабавання Сербенты: «Кнiга нi ў якiм разе не павiнна быць апублiкаванай». Гiстарычна-iдэалагiчныя адрозненнi двух вучоных розных пакаленняў тут малаважныя. Клiмат у сярэдзiне дваццатых быў атручаны ўзаемным недаверам i даносамi. Ужо тады навуковая перспектыва вызначалася не квалiфiкацыяй i не прафесiйным дыскурсам. Хто, як Сербента, быў паслухмяны партыi цi, як Горын i Шчарбакоў, «быў партыяй», мог калi не скончыць, то прынамсі перапынiць кар’еру любога вучонага абвінавачваннем у «нацыянал-дэмакратызме». Калi ў 1925-26 г. у БДУ нехта мог, скарыстоўваючы свае пазанавуковыя функцыі, перакрэслiць кнiгу нашмат старэйшага калегi заўвагай, што нельга «даць нацыянал-дэмакратызму магчымасцi iдэалагiчнага афармлення»[23], то пра лiберальную палiтыку ў навуцы дзеля беларусiзацыi не магло быць i гаворкi.

Расчараваны Даўнар-Запольскi з’ехаў у Маскву, не забыўшыся перад гэтым падараваць усю бiблiятэку (больш за 11 000 тамоў!) Інбелкульту, тым самым — Ігнатоўскаму. На кафедры эканамiчнай геаграфii ў Інстытуце народнай гаспадаркi Эканамiчнай акадэмii ён зарабляў, вiдаць, болей, чым у Менску, але толькi прыём у АН СССР у 1929 г. згладзіў менскія перажыванні. Адначасова гісторык ухіліўся і ад ранейшага прадмету даследаванняў[24]. Выдаўцы выпушчанага ў 1928 г. школьнага падручнiка па «Эканамiчнай геаграфii БССР» прапанавалi яму раздзел па «заходняй акрузе», за што ён узяўся не без ахвоты. У Менску Даўнар-Запольскі ўжо даўно зрабiўся непажаданай асобай; калi ў Маскве ён быў старэйшым гiсторыкам-эканамiстам, на любоў якога да Беларусi глядзелi скрозь пальцы, дык у Менску, пэўна, толькі ўцёкі ўратавалi яму жыццё. Калi Ластоўскi i Пiчэта былi ўжо арыштаваныя, а Ігнатоўскi застрэлiўся, у 1931 г. з’явілася гнеўная публiцыстычная тырада супраць Даўнара-Запольскага, у якой яго тытулавалі «афiцыйным гiсторыкам нацыянал-дэмакра тызму». Аўтар, пiшучы пад псеўданiмам «Ротман», абвiнавачваў «буржуазнага iдэолага» Даўнара-Запольскага ў тым, што той выступае «ў залежнасцi ад надвор’я то пад маскай вялiкарускага гiсторыка, то як нацыянал-дэмакрат»[25]. У саліднай дасавецкай спадчыне гiсторыка Ротман адфiльтраваў яго творы на амбiвалентнасць расійка-беларускiх стасункаў i на нярускiя элементы беларускай гiсторыi. Па сутнасцi, Ротман толькi паўтарыў галоўныя думкi Сербенты. Шкадаваць Даўнара-Запольскага ён ужо не мог. Нават у Маскве беларуска га гісторыка спасцiг пераслед партыi i ў 1930 г. iмя Даўнара было названа ў сувязi з «академическим делом». Замкнуўшы ся ў сабе, ён вельмі неахвотна пагадзiўся выкладаць у далёкiм ад яго адукацыi Маскоўскiм iнстытуце эканомiкi i гандлю, а ў 1934 г. пайшоў з жыцця.

Праца Пiчэты ў Менску таксама скончылася не па ўласнай волі. Яго не мінула хваля арыштаў у пачатку 1930 г., накiраваная супраць гiсторыкаў i iншых гуманiтарыяў. Яшчэ ў 1929 г. ён мусiў пакінуць пасаду рэктара БДУ, пад пытаннем стала ягонае прафесарства ва унiверсiтэце, не кажучы пра тытул акадэмiка. Пачало здавацца, што мелi рацыю сябры «Таварыства камунiстычных вучоных», якiя годам раней проста абылгалі Пiчэту. Тады вырашалася пытанне пра яго членства ў менскiм аддзеле «Таварыства гiсторыкаў-марксiстаў», і на той час ягоная «iдэалогiя» падалася пераважнай большасцi сходу сумнеўнай. Без элементарнай павагi акадэмiк Пiчэта быў адстаўлены як «варожы марксiст» i «аўтар iдэалогii буржуазнага нацыяналiзму». Адзiн з удзельнiкаў нiбыта згадаў нейкi выступ Пiчэты, уклаўшы ў яго вусны словы: «На Беларусi няма прыстойных вучоных, — усе iмкнуцца да сацыялiзму дзеля сябе»[26]. Калi нехта спрабаваў абаранiць пазiцыю Пiчэты, яго ставiлi на сваё месца. Яшчэ да таго, як сталі гаварыць пра «Саюз Вызвалення Беларусi» i «Всенародный союз борьбы за возрождение свободной России», было ўстаноўлена, што Пiчэта — «рупар буржуазнага нацыяналiзму» i знаходзiцца «пад уплывам варожых сiл». Наступствы былi ясныя – ён не мог заставацца рэктарам унiверсiтэта[27].

Мала дапамагло, што сёй-той меў уражанне, быццам на Берлiнскiм гiстарычным тыднi Пiчэта выступаў «як марксiст» (зусiм iнакш, аднак, яго ўспрыняў нямецкi бок[28]). Прысуд быў вынесены, i ўжо нiшто не замінала арыштаваць Пiчэту ў Беларусi. Яўрэйскi гiсторык Е.Рыўлiн, якi імкнуўся прасунуцца з пасады прарэктара БДУ на месца намеснiка камiсара асветы (і якому самому заставалася 3 гады жыцця на волi), быў цынiчным да канца: Пiчэта, рашучы нацыянал-дэмакрат, згодна з яго сцвярджэннем, належаў «наогул да беспрынцыповей шых людзей свету» i не лiчыўся нi з якiмi прынцыпамi ды iдэалогiямi[29]. А, як вядома, жыццё «без iдэалогii» ў канцы 1920-х ужо не прымалася.

Зразумела, што «академическое дело» ў Маскве i Ленiнградзе прыйшлося вельмі дарэчы для крытыкаў Пiчэты. Тут няма як апісваць самую вялiкую акцыю супраць савецкiх гiсторыкаў[30]. Пiчэта быў арыштаваны ў сваёй менскай кватэры ў студзенi 1930 г. як адзiн з 115 удзельнiкаў «манархiчнай групы» вакол меркаванага «ядра» — Платонава, Тарле, Любаўскага. Бясконцымi былі абвiнавачваннi, даўгiмi – самаабвiнавачваннi, i жорсткiмi — пакараннi. Пiчэту выслалі на 5 гадоў у Вятку. Не дапамаглі і захады Пакроўскага, якi ім апекаваўся. 12 лiстапада Пiчэта пiсаў з Вяткi:

«Калi яны мяне дапытвалi, далi пратакол, каб я замянiў некаторыя паняццi iншымi — не на маю карысць. Мне прадпiсвалi, у якiм стылi i тоне я мусiў падаваць свае выказваннi. Адмова, як яны далi мне зразумець, была б супраць мяне. Мне зачыталi паказаннi Любаўскага, узялі адтуль некаторыя факты, прымусiлi мяне ўключыць iх у мае паказаннi i прызнаць сябе ўдзельнiкам арганiзацыi, пра якую я не меў нiякага ўяўлення. Я падпiсаў усё, што напiсаў следчы… Гэта фальсiфiкацыя. Вядома, я не магу пратэставаць супраць тых, хто можа са мной расправiцца»[31].

Тым не менш Пiчэта змог займацца навукай і ў месцах высылкi — у Варонежы i Вятцы. Вярнуўшыся ў 1935 г. у Маскву, ён выкарыстаў змену ў адносінах Сталiна да гiстарыяграфii наогул i да «буржуазных спецыялiстаў» у прыватнасцi. Многiя са зняволеных тады ж калегаў вярталiся ў свае iнстытуты (калi не памерлi ў высылцы, як Платонаў, Ягораў, Любаўскi цi Раждзественскi), многiя — да былых тытулаў i пасадаў. У 1934/35 г. прайшла хваля паўрэабiлiтацый. Пiчэту ў 1939 г. абралі карэспандэнтам, а ў 1946 г. — членам АН СССР, хоць званне члена АН БССР яму не было вернута. У пэўным сэнсе ён падзялiў лёс непараўналь на больш знакамiтага Тарле, працу якога «Напалеон» (1936) пахвалiў асабiста Сталiн. Факт, што абодва вучоныя ў канцы 1930-х мелi асаблiвы статус. Іх цярпелi як немарксiсцкiх «спецыялiстаў», якiя маглi лiчыцца лаяльнымi вучонымi i ад якiх не чакалася асаблiвага старання ў артадоксii[32]. У Менску ж выключэнняў такога роду больш не было.

Аднак Пiчэта заставаўся пад пільным наглядам. Калi дырэкцыя АН БССР звярнулася ў ЦК КП(б)Б з просьбай вярнуць яму званне акадэмiка, тагачасны беларускi народны камiсар унутраных спраў Цанава прадставiў шэфу КП Панамарэнку дзве таўстыя справаздачы спецслужбаў. Яны пераконвалi, быццам Пiчэта памiж 1937 i 1938 г. належаў да «нацыянал-фашыс цкай групы» i меў сувязi з нацыянал-фашыстамi за мяжой, дакладней, у Чэхаславаччынне. Тады мусiла лiчыцца правакацыяй тое, што, як напісана ў шпiёнскiм даносе ад 6 снежня 1939 г., Пiчэта недвухсэнсоўна выказваўся супраць нямецка-савецкага дагавору аб ненападзе, якi ён лiчыў «непатрэбным»: Гiтлер праз два гады прынясе нам вайну i фашызм, сцвердзіць сваю канцэпцыю «Сярэдняй Еўропы»[33]. Аднак падобныя клопаты Менску ў Маскве нiкога не цiкавiлі.

Пасля таго, як у 1926 г. Даўнар-Запольскi, а ў 1930 Пiчэта былі выгнаныя з краю, а Ігнатоўскі 4 лютага 1931 г. скончыў жыццё самагубствам, з вядомых гiсторыкаў першага пакалення не засталося больш нiкога. Крах кар’еры Ігнатоўскага, асаблiва раптоўны пасля яго ўзнясення як партыйнага i навуковага функцыянера, быў звязаны з першай хваляй рэпрэсiяў у 1929 г., хоць вымалёўваўся ён цягам двух папярэдніх гадоў. Прыкметна, што, як i Даўнара-Запольскага з Пiчэтам, першымі яго абвiнавацілі калегі. Вiдавочна, пераследы супраць прафесiйнай iнтэлiгенцыi не заўсёды развязвалі вышэйшыя партыйныя органы цi структуры бяспекi, — гэтым займаліся непасрэдныя калегі вучоных, спадзеючыся ўратаваць сваю ўласную скуру заказнымi цi незаказнымi даносамі. Тагачасны першы сакратар ЦК КП(б)Б А.Крынiцкi ўжо на 10 з’ездзе на пачатку студзеня 1927 г. казаў пра «няправiльнасць» гiсторыi Беларусi Ігнатоўскага, але да 1929 г. дырэктара Інбелкульта не чапалi. Масiўную крытыку ўзняў упершыню — як ужо згадвалася вышэй — сын рабочага яўрэя, пазней вайсковы камiсар у Вiцебску i, нарэшце, даследчык рэвалюцыi, які працаваў у ІГПКР, Самуiл Агурскi. Не толькi форум марксiсцкiх навукоўцаў, але i 12 з’езд КП(б)Б у лютым 1929 г. ён выкарыстаў для нападу на Ігнатоўскага i яго яшчэ неапублiкаваную кнiгу пра паўстанне 1863 г. З гэтага часу па гісторыку наносіўся ўдар за ўдарам. Адкрыта прайшла дыскусiя вакол яго «Гiсторыі Беларусi ў ХІХ і ХХ ст.» са старшынёй ЦКК украiнскай КП В.Затонскiм, якi вёў, са свайго боку, заснаваную ЦК ВКП(б) 9 мая 1929 г. камiсiю па даследаванні нацыянальнага пытання ў БССР. Яго ўвагу і звярнулi на iмя Ігнатоўскага.

Калi Ігнатоўскi сказаў, што апрача партыi ў фармаваннi беларускай нацыi пэўную ролю выканалі і беларускiя пiсьменнiкі, ды падкрэслiў, што і яны спрычынiлiся да «арганiзацыi беларускай дзяржаўнасцi», то адно пагоршыў сваю справу. Праўда, абвiнавачаны ў абсалютызацыi значэння нацыянальнага руху i вызначэнні Калiноўскага падрыхтоў шчыкам рэвалюцыi ХХ ст., Ігнатоўскi яшчэ мог апраўдацца, спаслаўшыся на аўтарытэт Пакроўскага. Той чытаў тэзы Ігнатоўскага да паўстання 1863 г. ды звязаныя з гэтым спрэчкi з Агурскiм i знайшоў «ацэнку, дадзеную Ігнатоўскiм паўстанню, гiстарычна правiльнай». У параўнаннi з пазнейшымi занатоўкамi вучонага тут яшчэ адчувалася крыху ўпэўненасцi ў сваiх сiлах, неўзабаве цалкам размытай жорсткай крытыкай партыi i калегаў[34].

Здавалася, у 1930 г. нарэшце пазначылася выйсце з безданi — ён быў прызначаны прэзiдэнтам БелАН, дэлегаваны на 13 з’езд КП(б)Б i нават абраны ў ЦК. З трыбуны з’езду ён нават добраахвотна паабяцаў выправiць зробленыя памылкi[35]. Аднак, калi познiм летам выйшла з друкарнi яго кнiга пра паўстанне 1863 г., — акурат тады, калi К.Гей i І.Рапапорт, прысланыя ў студзенi з Масквы шэфы ЦК i ОГПУ (АДПУ) БССР, вынайшлi «Саюз Вызвалення Беларусi», якi належыла адразу знiшчыць, — для Ігнатоўскага ўжо не было выйсця. На кастрычнiцкiм пленуме ЦК ён быў выключаны з бюро i з самога ЦК, 22 снежня 1930 г. — зняты з пасады прэзiдэнта Акадэмii Навук, а 22 студзеня 1931 г., рашэннем прэзiдыума i калегii Цэнтральнай Кантрольнай Камiсii — выключаны з партыi як «нацыянальны адшчапенец»[36]. З кастрычнiка 1930 г. вялiся бясконцыя допыты, у якiх яго iмя звязвалася з «Саюзам Вызвалення Беларусi». Рэгiянальнай праявай вялiкага трыбуналу над iнтэлiгенцыяй у 1929/30 г. тут стала тое, што апарат дзяржбяспекi вынайшаў гэтую фiктыўную арганiзацыю, пад якую можна было падгрэбсці ўсіх нацдэмаў.

Тлумачэнне Ігнатоўскага, напiсанае ў страху перад будучыняй і складзенае «не для апраўдання», вылiлася ў бязмежнае пакаянне, у якiм спадзяванне на выратаванне саступiла месца ўпэўненасцi ў немiнучым пакаранні:

«Мая апошняя просьба да ЦКК КП(б)Б. Я прызнаю маю вiну перад партыяй ва ўсiм аб’ёме i глыбока i без пярэчанняў каюся ва ўсiх маiх пралiках, якiя нанеслi вялiкае зло партыi. [...] Я прашу пакiнуць мяне ў радах партыi пад умовай кантролю маёй будучай навуковай працы, я не ўпушчу выпадку загладзiць маю вiну перад партыяй. На маё апраўданне можа служыць факт, што я за 10 гадоў членства ў партыi не толькi не быў заўважаны ў шкодніцтве, але часта шчыра выконваў яе заданнi»[37].

Пакаянне Ігнатоўскага ўзмацнялася самаабвiна вачваннем. Маскоўскiя i ленiнградскiя пратаколы допытаў Тарле цi Платонава таксама ўтрымлiваюць самаданосы такога кшталту. Нягледзячы на абраны iм самiм дэвiз «казаць праўду, не перакладаючы вiну на чужыя плечы», у другой рэдакцыi свайго лiста Ігнатоўскi назваў iмёны i мянушкi «нацыянал-дэмакратаў». Многiя пасажы яго «пакаяння» былi проста выдумкамі. У гiстарычных ацэнках паўтаралiся афiцыйныя iнтэрпрэтацыi, якiя Ігнатоўскi стаў прымаць яшчэ працуючы гiсторыкам на волі. Так, «Наша Доля» i «Наша Нiва» зрабіліся газетамi «кулацкага i нацыяналiстычнага характару»[38]. Ігнатоўскi згадвае свой артыкул у «Полымi» за 1922 г., у якім выказваў перакананне, што савецкай Беларусi цi Беларусi як дзяржаўнай цэласнасцi не быць. Альтэрнатыўна, як вынiкала з яго паказанняў, дыскутавалася мадэль «буфернай рэспублiкi». Магчыма, за гэтым стаяла прапагандаваная ў асяроддзi БНР (Цвiкевiчам, Галавiнскiм i iнш.) iдэя беларускай самастойнасцi i незалежнасцi. Ён сам, як адзначана ў пратаколе, выключаў магчымасць iснавання «буферных рэспублiк», калi б яны былi савецкiмi[39] .

Атрыманыя пад прымусам паказаннi Ігнатоўскага i iншых iнтэлiгентаў, абвiнавачаных у нацыянал-дэмакратыз ме, давалi дадатковы матэрыял для органаў. Сюды ж дадавалiся адшуканыя тэксты, якiя за папярэднія гады друкаваліся цi толькi пiсаліся абвiнавачанымi. Так, мiж асабiстых рукапiсаў Ігнатоўскага знайшоўся недатаваны тэкст да «нацыянальнага пытання», якi мог быць напісаны памiж 1925 i 1927 г. Адных толькi зробленых у ім назіранняў пра «схiльнасць да крызiсаў» маладой савецкай дзяржавы магло хапіць для арышту Ігнатоўскага. Нельга было адкрыта дыягназаваць «марудныя тэмпы сацыялiстычнага росту» цi «няправiльны рэжым у партыi». У канцы дваццатых не маглi застацца без наступстваў і патрабаваннi ўмацавання «бяспекi ўнутрыпартыйнай дэмакратыi ў адносiнах да нярускiх нацыянальных меншасцяў» цi «вяртання да ленiнскiх прынцыпаў нацыянальнай палiтыкi». Не мела значэння тое, што Ігнатоўскi як камунiст ставiў перад сабой задачу ўцягнуць працоўных i сялян у эканамiчнае i культурнае будаўнiцтва i падтрымаць развiццё рэгiянальных моў, школаў i нацыяналiзацыю савецкага апарата. На 1930 г. час нацыянальных iлюзiяў бясследна мiнуў. Магла быць зразуметай заклапочанасць адно «нарастаннем новай буржуазii ў горадзе i на вёсцы», «узмацненнем буржуазнай iнтэлiгенцыi», «ростам бюракратыi ў дзяржаўных органах» i «агульным ростам вялiкаiмперскага шавiнiзму i нацыяналiзму»[40].

Перасоўныя дэкарацыі з прамоў, твораў i прызнанняў складваліся ў абвiнавачваннi супраць «нацыянал-дэмакратаў». Не даводзілася i думаць пра прыстойны працэс. Допыты i прысуды былi ўскладзены на вайсковыя суды АДПУ. Скончыўшы жыццё, пакуль яго яшчэ не апярэдзiў прысуд, Ігнатоўскi пацвердзіў, што як перакананы марксiст i патрыёт БССР ён не мог далей жыць, абвiнавачаны ў здрадзе краiне i партыi. Па звестках яго сына ад 11 лютага 1931 г., Ігнатоўскі застрэлiўся 4 лютага, «пасля чарговага доўгага i жорсткага допыту»[41]. Гэтая смерць зноў жа сiмптаматычная для раннесавецкага гiсторыка, якi хацеў спалучыць нацыянальныя традыцыi з iдэалагiчнымi асновамі новага часу. Гэта сiмптаматычна для палiтыка эпохі ўзыходзячага сталiнiзму, якi спрабаваў звесці разам нацыянальныя i камунiстычныя iдэалы. Праз два гады пасля Ігнатоўскага, 6 лiпеня 1933 г., у Кiеве скончыў жыццё самагубствам Мікалай Скрыпнiк. Камунiстычны дзяржаўны, партыйны i культурны функцыянер дваццатых гадоў рухаў наперад будаўнiцтва УССР i ўкраiнiзацыю, пакуль яму не прыпiсалi кантактаў з «Саюзам Вызвалення Украiны» i не аблаялi «кулацкiм украiнскiм нацыяналiстам», якi, апрача таго, займаўся «сабатажам у лiнгвiстыцы, лiтаратуры i гiсторыi»[42]. З украiнiзацыяй i беларусiзацыяй сканчаліся і жыццi многiх, хто яе праводзiў.

Не абмiнула гэта і Ластоўскага. Пасля вяртання з Коўны ў 1927 г. ён выконваў адмiнiстрацыйныя i навуковыя функцыi ў Інбелкульце i Акадэмii Навук. Ад партыi трымаўся ўбаку. Ігнатоўскi пазнаёмiўся з аўтарам першай беларускамоўнай «Гiсторыi Беларусi» каля 1913 г. на археалагiчных раскопках у Горадні, а потым згубiў яго з далягляду да часу БНР (1919) i, нарэшце, запрасiў у Інбелкульт навуковым сакратаром. Абодва бывалi ў асяроддзi «беларусаў» у Менску — iнтэлектуалаў i функцыянераў БНР: Купалы, Некрашэвiча, Лёсiка, Смолiча, Цвiкевiча. Ластоўскi ў напiсаным у 1930 г. самаабвiнавачваннi гаворыць пра «шкоднiцкую працу», якую ён разам з iншымі праводзіў у Акадэмii Навук. Пад кодам «лаялiзму» ў гэтым гуртку, па ягоных словах, не дапускалі адкрытых «контаррэвалюцыйных» выпадаў супраць нацыянальнай палiтыкi партыi, школьнага пытання, раскулачван ня i г.д. Але, паводле ягонага «прызнання» (верасень 1930 г.), ён стаў прыхільнікам «нацыянал-дэмакратычнай iдэалогii» дзякуючы розным этналагiчным даследаванням дзеля выяўлення беларускай самабытнасцi[43]. Ластоўскi належаў да першых зняволеных акадэмiкаў: яго забралi ўжо 21 лiпеня 1930 г., у снежнi афiцыйна пазбавiлi звання. З пратаколаў допыту бачна, што для ўладаў бяльмом у воку была найперш яго дасавецкая палiтычная дзейнасць i функцыi ў БНР. Прыватныя сустрэчы з «нацыянал-дэмакратамi па светапогляду» i «партыйцамi», якiя ён згадваў у прызнаннях, толькi дапаўнялi карцiну, якую пра яго ўжо мелi. Між тым, гэтыя сустрэчы належалi да найцiкавейшых старонак жыцця беларускай акадэмiчнай iнтэлiгенцыi, якiя зноў сведчылі, што членства акадэмiкаў у партыi мела толькi функцыю алiбi. Калi з 1927 г. на прыватных кватэрах Купалы, Некрашэвiча цi Ластоўскага для шчырых i крытычных размоў сустракалася частка камунiстаў з Наркамасветы, БелАН i БДУ — Жылуновiч, Ігнатоўскi, Балiцкi, Прышчэпаў, Каранеўскi, Кудзелька i iнш., — пра франты не было размовы[44].

Назiраннi паказваюць, што з 1929/30 г., задоўга да «вялiкага тэрору», некамунiсты i члены партыi ў аднолькавай ступенi сталi аб’ектам нападаў. Гэта былi месяцы, калi з Палiтбюро выцеснілі «правую апазiцыю» з Рыкавым i Бухарыным, калi ва Украiне правялi больш масавыя атакi на iнтэлiгенцыю[45]. Так цi iнакш, у пачатку 1930-х яшчэ не стралялi. Ластоўскi, як i Пiчэта ды iншыя, асуджаныя па акадэмiчнай справе, быў высланы на 5 гадоў. Сам Ластоўскі трапіў недалёка — у Саратаў. Падабалася яму нават праца, якою там займаўся, даглядаючы рукапiсы i рарытэты унiверсiтэцкай бiблiятэкi. Як і для большасцi яго менскiх калегаў, расплата прыйшла праз 6 гадоў, хоць ён не «правiнiўся» нанова. Пасля чарговага зняволення ў жнiўнi 1937 г. для першага аўтара беларускамоўнай «Гiсторыi Беларусi» не заставалася будучынi. У 1938 г. Ластоўскi быў расстраляны ў Саратаве. Выглядала, што розныя бiяграфii раннесавецкага гiстарычнага пакалення збягалiся ў адзін няшчасны канец.

Надышоў час нават для самых гарачых галоў марксiстаў другога пакалення, такіх як Васiль Шчарбакоў i Павел Горын. Выскачкi, як яны, перажывалi падвойны крах кар’еры. Нават калi iх не чапалi ў навуковых iнстытутах, дзе яны працавалi цi былі кiраўнікамi, i (прынамсі ў выпадку Шчарбакова) бераглi ад пастаяннай прафесiйнай крытыкi, то з пачаткам 1930-х яны больш не атрымлiвалi прыкрыцця зверху. Горыну як галоўнаму паслядоўнiку Пакроўскага не выпадала чакаць дабра. Пасля кароткага перыяду дзейнасцi вiцэ-прэзiдэнтам БелАН i намеснiкам дырэктара акадэмічнага Інстытута гiсторыi яго адстаўка абмяркоўвалася ў ЦК. Пасля таго, як увосень 1930 г., працуючы ў Акадэмii, ён паказаў сябе лiквiдатарам «контррэвалюцыйных нацыянал-дэмакратычных групаў», прычым, як расцэньваў ён сам, поспехi ў барацьбе з гэтымi групамi былі амаль выключна ягонай заслугай, — цiкавасць да гэтай асобы знiкала[46]. Як на Ігнатоўскiм, так і на iм ляжаў падвоены цяжар: да пачатку 1932 г. ён «амаль адзiн працаваў у прэзiдыуме» i адначасова — у навуцы. У кожным разе, ён мог назваць 17 сваіх артыкулаў, кнiгу, брашуру i яшчэ 3 кнiгi, падрыхтаваныя да друку («Педагагiчныя i навуковыя кадры БССР», «Партызанскi рух на Беларусi», «Гiсторыя Беларусi»). Хоць ад яго тады нiхто гэтага не патрабаваў, Шчарбакоў сам прызнаў «шмат грубых палiтычных памылак», прыкладам, у працы «Кастрычнiцкая рэвалюцыя i белапольская акупацыя на Беларусi» (1930). З закранутым гонарам Шчарбакоў абараняўся ад «дыскрэдытацый цэлым шэрагам людзей», што, як пісаў, з 1930 г., асабліва пасля яго абрання акадэмiкам, вялi да адкрытага выступлення супраць яго асобы ў Саўнаркаме БССР — Югава, Рыўлiна, Поташа, Сербенты i Гесэна. Шчарбакоў не мог мiрыцца з папрокамi, быццам ён не навуковы работнiк, не мае друкаваных прац i не зможа праз гэта весцi належную працу ў якасцi кiраўнiка гiстарычнага семiнара Акадэмii Навук[47]. Арышт аўтараў яго апазiцыі Югава, Рыўлiна i Гесэна ў канцы сакавiка 1933 г., вiдаць, меў непасрэдную сувязь са скаргамi Шчарбакова. Гэты чалавек з самага пачатку акадэмiчнай працы шукаў дапамогі ў начальнікаў. Шэф партыi Гей i Чарнушэвiч увосень 1931 г. у адказ на крытыку Шчарбакова абвясцiлі, што ЦК «„дасць у косцi” ўсiм, хто гэтым займаецца». Але што такія пагрозы не дзейнічалі, сведчыць выказванне Масюкова ў Саўнаркаме, які заявіў: «акадэмiк як Шчарбакоў i ламанага гроша не каштуе». Гэтага было ўжо занадта для вiцэ-прэзiдэнта Акадэмii, якi перастаў рэагаваць на падобныя нападкі. Забыўшыся на сваю асобу i свае iндывiдуальныя якасцi, Шчарбакоў абвiнавацiў сваiх крытыкаў у вялiкарасiйскiх цi беларускіх нацыяналiстычных амбiцыях: маўляў, вялiкадзяржаўнiкi ўпарта сцвярджалi, што ў такой правiнцыi, як Богам забытая Беларусь, наўрад цi наогул магчымая навуковая праца. Бездапаможны i ўсё больш адрынаны ад партыi, ён скардзiўся на «тых вучоных, што толькi бурчаць i крытыкуюць, але нічога не ўносяць у навуку»:

«Ёсць i ў нас такiя навукоўцы, i iх нямала. Чаму многiя з тых, хто мяне дыскрэдытаваў, раней так заядла падтрымлiвалi i папулярызавалi Лёсiка, Ластоўскага, Некрашэвiча, Пiчэту, нiзкапаклоннiчалi перад iмi i тым самым стварылi iм адпаведныя ўмовы, зрабiлi iх выдатнымi навукоўцамi? Чаму нельга мне — пасынку беднай сялянскай сям’i, батраку, удзельнiку грамадзянскай вайны, амаль 14-цi год партыйцу, зрабiўшаму важную навуковую працу ва ўмовах дыктатуры пралетарыя ту — чаму нельга мне атрымаць гэтую падтрымку ў маёй навуковай працы?»[48]

Убоства лёсу партыйных гiсторыкаў нiшто так добра не выяўляе, як тое, што яны (у большасцi з мінімальнай квалiфiкацыяй) на пачатку 1930-х былi пасланыя ў неспакойныя, нелаяльныя iнстытуцыi, дзе сутыкнулiся з вялiкiм палiтычным, а яшчэ больш прафесiйным супрацiвам. Калi ж яны ўрэшце выканалi свой доўг, але не спраўдзiлі чаканняў, партыя iмi больш не цiкавiлася. У іх творах хутка знайшоўся кампрамат, якога ў 1936 г. было дастаткова для выключэння з партыi, а ў 1937 — для арышту. Шчарбакова расстралялі ў 1939 г. Вiдаць, у гэты ж час у лагеры Салаўкi пайшоў з жыцця ўкраiнскi партыйны гiсторык Мацвей Яворскi. Гэты чалавек, спярша вядомы як «iдэалагiчны ганчак», чыiм вялiкiм супрацiўнiкам мусiў быць Грушэўскi, яшчэ раней за Шчарбакова адчуў сябе пад падазрэннем i пераследамi ўкраiнскiх органаў бяспекi. Вагу Яворскага як гiсторыка i функцыяне ра хутчэй можна параўнаць з Пакроўскiм у Маскве цi з Ігнатоўскiм у Менску[49]. Бiяграфiя тыпу Шчарбакова не была адзiным прыкладам. Калi тэрарыстычная сiстэма ўсё мацней наязджала на верных ёй функцыянераў, нiхто не мог быць упэўнены ў заўтрашнім дні.

Тузiн iншых гiсторыкаў, лiтаратурных крытыкаў, ганаровых цi штатных партыйцаў не дажыў да канца 1938 г. цi трапіў у шматгадовае зняволенне. У многіх бiяграфiі паралельныя бiяграфiям пяцi прадстаўленых тут гiсторыкаў[50]. Зміцер Жылуновiч, народжаны ў беларускай сялянскай сям’i ў 1887 г., складаў нацыянальна-патрыятычныя вершы ў дасавецкi час пад псеўданiмам Цiшкi Гартнага i рабiў кар’еру культурнага функцыянера ў БССР. Як член урада, рэдактар часопiса, акадэмiк i супрацоўнiк ІГ БелАН, ён меў падобны да Ігнатоўскага жыццёвы шлях, у канцы якога ў 1937 г. — арышт, самаабвiнавачваннi i смерць ад хваробы, якая апярэдзіла расстрэл[51]. Разам з Пiчэтам адпраўленыя ў Менск гiсторыкi першага савецкага пакалення — У.Перцаў (1877-1960), М.Нiкольскi (1877-1959), В.Дружчыц (1886-1937), В.Сербента (1895-1980) i С.Агурскi (1884-1947), нягледзячы на безагляднае прыстасаванства (Сербента, Агурскi), не ўнікнулі рэпрэсiяў, хоць i захавалi сабе жыцці. Гэтаксама мала пашкадавалi верных партыi палiтычных актораў. Чарвякоў быў зняволены i расстраляны, як i Кнорын. У іх допытах таксама самаабвiнавачваннi i пакаянная рыторыка. Адкрыта гаворанае Кнорыным як партыйным шэфам у 1927 г. праз дзесяць гадоў павярнулася супраць яго самога i Чарвякова. Кнорыну каштавала жыцця тое, што ён сімпатызаваў паняццю i руху «Адраджэнне»:

«Мы ўжываем паняцце «Адраджэнне Беларусi» цi «Адраджэнне беларускай культуры», хоць паняцце гэтае па сваёй сутнасцi трэба ацэньваць як небяспечнае прафесiйна i палiтычна; мы нараджаем не нiякую Беларусь, а будуем Беларусь савецкую; мы iмкнемся ўзвесцi грамадства на сацыялiстычным фундаменце»[52].

Кнорын, «чыстапародны» член беларускай КП(б), чалавек, які меў заслугі перад беларускай адукацыйнай палiтыкай, вызначыўся адкрыццём выдавецтва «Адраджэнне» і пасля працы першым сакратаром у 1928 г. зрабіў маскоўскую, а пазней камiнтэрнаўскую кар’еру, гэты Кнорын таксама дачакаўся свайго. Калi ў пачатку 1930-х Сталiн паставiў пад асабiсты кантроль КОМИНТЕРН i прадстаўнiкоў ВКП(б) Д.Мануiльскага, В.Пятнiцкага i В.Кнорына, наперадзе ўжо абмалёўваўся крах кар’еры. Атрыманая да таго ў ІКП гiстарычная адукацыя, што дала Кнорыну тытулы доктара i прафесара, гэтаксама мала значыла, як i выдадзеная пад ягонай рэдакцыяй у 1934 г. папулярная «Кароткая гiсторыя ВКП(б)», другi том якой выйшаў праз год. У 1938 г. Кнорын па фальшывым абвiнавачваннi быў арыштаваны і 29 лiпеня расстраляны[53].

Калі глядзець абагульнена, то паралельныя бiяграфii гiсторыкаў падаюцца адбiткам жыццёвых шляхоў беларускай iнтэлiгенцыi наогул. Безумоўна, зусiм розныя ўзросты i паходжаннi беларускай iнтэлiгенцыi адбiлiся на гiстарычных канцэпцыях i палiтычных спробах прыстасавання. Мiж тым, кар’еры крушылiся iдэнтычна. Узыходзячы сталiнiзм у навуцы надзвычай паспяхова нiвеляваў шматстайнасць бiяграфiчнай зададзенасці[54]. Савецкая сiстэма функцыянавала толькi пасля суцэльнай змены генерацый.

Пераклад зь нямецкай


[1] Гл.: Beyrau D. Intelligenz und dissens. Die russischen bildungsschichten in der Sovjetunion 1917 bis 1985. Göttingen, 1993. S.28. Пра расійскiх гiсторыкаў: тамcама, с. 44—47.
[2] Shteppa K.F. Russian Historians and the Soviet State. New Brunswick, NJ, 1962; Barber, Soviet Historians. Параўнайце: Sherter S.R. The Soviet System and the Historian: E.V.Tarle as a Case Study. Phil. Diss, Wayne State University 1968 (Ann Arbor, Mich. 1969) цi Edgar Hösch. Evgenij Victorovic Tarle (1875—1955) und seine Stellung in der sowjetischen Geschichtswissenschaft. Wiesbaden, 1964. Калектыўна–бiяграфiчнае параўнанне расійскiх акадэмiкаў i iх стаўлення да рэвалюцыi i савецкай улады прапануе: Torz V. Russian Academicians and the Revolution. Combining Professionalism and Politics. Houndmills etc., 1997. У заходнiх перакладах з’явiлiся i ўспамiны: Nikolaj Michajlovič Družinin: Erinnerungen und Gedanken eines Historikers. Пераклад В.Эшмент з заўвагамi i пасляслоўем Г.–Г. Нольтэ. Göttingen, Zürich, 1983.
[3] Тут прадстаўленыя гiсторыкi: М.В.Дaўнар–Запольскi (1867–1934), У.I.Пiчэта (1878–1947), У.М.Iгнатоўскi (1881–1931), В.Ю.Ластоўскi (1883–1938), В.К.Шчарбакоў (1898–1939). Манаграфiчныя цi публiцыстычныя матэрыялы пра ўсiх, апроч Шчарбакова, надрукаваныя цi друкуюцца.
[4] Гл.: Fitzpatrik, S. (Hg.). Cultural Revolution in Russia, 1928—1931. Bloomington, 1978. P. 8—40. Гэкер, маючы на ўвазе унiверсальную гiстарыяграфiю, народжаных памiж 1850 i 1875 гадамі (як М.I.Карэеў цi Я.В.Тарле), залічвае да «трэцяга пакалення». У далейшым зрух фазаў беларускай гiстарыяграфii робiцца вiдавочным: яе першая генерацыя супадае з трэцяй па Тэкеру. Параўн.: Russische Universalgeschichtsschreibund. С. 153.
[5] Такая сама выснова і ў Tolz V. Russian Academicians.
[6] Пра Даўнара–Запольскага у новых працах: Д.В.Карев. М.В.Довнар–Запольский и демократическое направление историографии конца XIX — начала XX в.// Наш радавод 6 (1994) 2. Гродна, 1994, С. 419–449. Тут упершыню выкарыстаны кiеўскiя архiўныя матэрыялы. Караву належыць таксама прадмова да кнігі: Доўнар–Запольскi, М.В. Гiсторыя Беларусi (1925). Мiнск, 1994. С. 5—15. З масы старэйшых i новых публiцыстычных прац назавем некаторыя. З перспектывы дыяспары: А.Саковiч. Профэсар Мiтрафан Доўнар–Запольскi // Веда. Навукова–лiтаратурны месячнiк. Нью–Ёрк. 1952 (7). С. 193—206; з савецкіх публікацый: В.Бандарчык. Спадчына гiсторыка i этнографа // ЛiМ, 20.12.1960. С.3; з новай беларускай перспектывы: Сагановiч Г. Гiсторык Доўнар–Запольскi: «Беларуская дзяржаўнасць — на трывалых гiстарычных падмурках» // Звязда, 08.08.1993. С.2.
[7] М.В.Довнар–Запольский. Исторический процесс русского народа в русской историографии // Русская мысль. 23 (1902) 3. С.170—186. Перадрук у: idem., Из истории общественных течений в России. Статьи. Киев, 1905, 2–е выд. 1910. С. 258.
[8] НАРБ: фонд 4, вопiс 23, справа 3470, арк. 23. Апроч таго пра жыццё i творчасць Пiчэты: Владимир Иванович Пичета. Библиографический указатель. Минск, 1978; тамсама бiяграфiчны нарыс Д.Б.Мельцэра «Академик Владимир Иванович Пичета». С. 5—19.
[9] З 1991 г. выйшла шмат манаграфiй i зборных прац пра асобу Iгнатоўскага: Iгнаценка І., Каўка А., Кароль А. Усевалад Iгнатоўскi i яго час. Мiнск, 1991; Мяснiкоў А. Нацдэмы: Лёс i трагедыя Фабiяна Шантыра, Усевалада Iгнатоўскага i Язэпа Лёсiка, Мiнск, 1993; Акадэмiк У.М.Iгнатоўскi. Матэрыялы навуковых чытанняў, прысвечаных 110–годдзю з дня нараджэння. Мінск, 1993. Нарэшце: Запруднiк Я. Усевалад Iгнатоўскi — беларускі гісторык і дзяржаўны дзеяч // Запісы, 20 (1992). С. 50–58.
[10] Этапы рэволюцыйнае чыннасцi т. Ў.М.Iгнатоўскага // Полымя (1924) №4. С. 1—2.
[11] Біяграфію Ластоўскага гл. у матэрыялах канферэнцыі „Вацлаў Ластоўскі — выдатны дзеяч Беларускага адраджэння“, у: Беларусіка / Alboruthenica, 4 (1995). C.236–366.
[12] Бiяграфiчныя звесткi ў аўтабiяграфii: НАРБ: ф. 4, в. 21, спр. 363, арк. 98–108.
[13] Hösch E. Evgenij Viktorovič Tarle (1875–1955) und seine Stellung in der sowjetischen Geschichtswissenschaft. Wiesbaden, 1964. S. 75 i далей.
[14] НАРБ: ф. 4, в. 23, спр. 3470, арк. 2–3: асабiстая анкета была запоўнена i падпiсана ў сярэдзiне дваццатых гадоў самiм Пiчэтам.
[15] НАРБ: ф. 3, в. 4, спр. 14, арк. 325: пратакол пасяджэння бюро ЦК ад 11.06.1926: Об освобождении тов. Игнатовского от чтения лекций на курсах секретарей райкомов // Решение секретариата от 05.06.1926 г.
[16] Дадзеныя паводле: Касцюк М. У.М.Ігнатоўскі — грамадскі дзеяч, вучоны, с.562.
[17] Тэрмiн «Krivich movement» у “Project on the Soviet Social System”, вопіс В5, т. 8, № 497 JR, с. 9 (iнтэрв’ю вёў Р.В. Баўэрз). Да палiтычнай ролi Ластоўскага: Dingley J. Lastouski as Politician // The Journal of Byelorussian Studies. 7 (1984), 3–4. P. 14—27.
[18] Параўнай артыкулы Ластоўскага на гэтую тэму «Аб назовах „Крывiя“ i „Беларусь“» // Крывiч. 1925. № 10 (2). C. 44—45; тамсама, «Абшар, займаны крывiчамi, i крыўская калёнiзацыя». С. 28—36. Апрача таго, у друк трапiла напiсаная Ластоўскiм «Першая энцыклапедыя гiсторыi Беларусi», якая прапануе своеасаблiвую гiсторыю Беларусi: Вацлаў Ластоўскi. Нарысы з беларускай гiсторыi // Спадчына. 1996. № 4. C. 5—52. З працягам. Рукапiс гэтай раней невядомай працы быў адкрыты ў 1990 г. у архiве рукапiсаў Цэнтральнай бiбліятэкі Лiтоўскай АН у Вiльнi i падрыхтаваны да выдання Аляксеем Каўкам. Тэкст на першы погляд падаецца далейшым рамантычным паглыбленнем тэзы Крывii.
[19] Ластоўскі В. Падручны расейска–крыўскі (беларускі) слоўнік. Коўна, 1924. С.ХІ. Гл. яго ж: Гісторыя беларускай (крыўскай) кнігі. Коўна, 1926.
[20] Ён жа, «Больш сцiпласцi ў тэрмiналёгii» // Крывiч. 1927. №12. C. 78.
[21] Дадзеныя паводле: Костюк М. Институт истории Академии наук Беларуси: Краткий очерк. Мінск, 1992. С. 46 i далей.
[22] Тут быў выкарыстаны машынапiсны тэкст «М.Доўнар–Запольскi. Гiсторыя Беларусi», якi знаходзiцца ў НАРБ: ф. 60, в.3, спр. 126, арк. 1–584. Рэцэнзiя В.Сербенты: О рукописи книги Довнара–Запольского «История Беларуси», датаваная 26.02.1926, знаходзiцца тамсама, арк. 597—607. Тут цытаваны: арк. 598, 607. У 1994 г. у Мiнску гэтая рукапісная версія (у перакладзе на беларускую) разам з рэцэнзіяй выйшла асобнай кнігай: Доўнар–Запольскi М.В. Гiсторыя Беларусi. Мiнск, 1994. Першая ацэнка постсавецкага часу: Шумейко М.Ф. Неопубликованная монография М.В.Довнара–Запольского «История Белоруссии» // Наш Радавод. 3 (1991) 1. Гродно, 1994. С. 120—124.
[23] НАРБ: ф. 60, в. 3, спр. 126, арк. 607.
[24] Да прыёму ў АН СССР: НАРБ: ф. 15, в. 28, спр. 22, арк. 85—93 i паведамленне Iгнатоўскага пра гэта на пасяджэннi бюро ЦК ад 14.06.1929: НАРБ: ф. 4, в. 3, спр. 31, арк. 640.
[25] Ротман. Офiцыйны гiсторык нацдэмаў // Савецкая краіна. 1931. № 7 (9). С. 18.
[26] НАРБ: ф. 4, в. 21, спр. 200, арк. 2–17: Пратакол пасяджэння камунiстычных навукоўцаў, 12.06.1929, тут — арк. 10 i далей.
[27] Тамсама, арк. 13.
[28] У адным са шматлiкiх допытаў Платонаў сказаў на гэты конт , што арганiзатары берлiнскага гiстарычнага тыдня — менавiта О.Гёцш, Шмiдт–Отт i Г.Ёнас настойвалi на ўдзеле немарксiсцкiх гiсторыкаў. Пасля пасяджэнняў «уся група гiсторыкаў–немарксiстаў, якiя прыехалi з СССР i заваявалі „ўсю сiмпатыю немцаў“ — [сам Платонаў — Р.Л.], Любаўскi, Ягораў i Пiчэта (Менск), абедала ў Шмiдт–Отта». Цыт. па: Протокол допроса С.Ф.Платонова, произведённого С.Г.Жупахиным, 04.02.1930 г. // Академическое дело 1929–1931 г. Документы и материалы следственного дела, сфабрикованного ОГПУ. Вып. 1: Дело по обвинению академика С.Ф.Платонова. С–Петербург, 1993. С. 47.
[29] Тамсама, арк. 39.
[30] Былi апублiкаваныя дакументы: Академическое дело 1929—1931 г. Документы и материалы следственного дела, сфабрикованного ОГПУ. Вып. 1. С–Петербург, 1993. З новага: Каганович, Б.С. Евгений Викторович Тарле и Петербургская школа историков. С.–Петербург, 1995.
[31] Агульны сэнс тэкста лiста: «Мне же они совершенно не нужны». Семь писем из личного архива академика М.Н.Покровского. Вступительная статья и публикация А.Б.Есиной // Вестник Российской Академии Наук. 1992. № 6. С. 110.
[32] Пазнейшыя даследчыкі прыйшлі да меркавання, што тут Тарле саступiў культу асобы Сталiна, чым зарабiў сабе iмя. Каганович, Тарле, с. 60; Hösch, Tarle, s. 113 i далей.
[33] Платонаў Р. «Контррэвалюцыйнай дзейнасцi не спынiў…». Акадэмiк Пiчэта ў iнфармацыях НКУС // ЛiМ. 15.12.1995. C. 15. Тут Пiчэта цытаваўся далей: «Я заўважаю, што Гiтлер змянiў сваю палiтыку, перш за ўсё ў дачыненнi да яўрэяў». У iншай размове Пiчэта зноў выказаўся на гэтую тэму: «Савецкi Саюз — гэта фашызм, але не сацыялiзм». Пакуль невядома, цi не было гэта простай фабрыкацыяй НКУС. У кожным разе, у Маскве гэтымi працэсамi нiхто не цiкавiўся.
[34] НАРБ: ф. 15, в. 28, спр. 22: Протоколы президиума фракции АН, президиума Инбелкульта, заявление Игнатовского Всеволода в ЦКК КП(б)Б и другие материалы по нацвопросу (1927—1930), тут арк. 49 і далей: В ЦК КПБ, в ЦКК КПБ и в ЦКК ВКП (08.08.1929). Да дэбатаў з Затонскiм: Адкрыты лiст Iгнатоўскага да тов. Затонскага ад 22.06.1929, якi быў надрукаваны ў «Звяздзе». НАРБ: ф. 15, в. 28, спр. 22, арк. 49: В ЦК КПБ, в ЦКК КПБ и в ЦКК ВКП (08.08.1929). Апрача таго, складзены ў 1978 М.С.Сташкевiчам i У.М.Мiхнюком падбор дакументаў: НАРБ, ф. 4683, в. 3, спр. 660: справка «К вопросу о партийной, общественно–политической и научно–педагогической деятельности В.М.Игнатовского, подготовленная сотрудниками института П.С.С. и В.Н.М. (ИИП ЦК КПБ); арк. 15—18 лiста ЦК: Iгнатоўскi бязлiтасна крытыкуе свае раннiя працы.
[35] Тамсама, арк. 19.
[36] НАРБ: ф. 15, в. 28, спр. 9, арк. 2—5: Постановление президиума и партколлегии ЦКК КП(б)Б от 16.01.1931; тут: арк. 2. Рашэнне — арк. 5.
[37] НАРБ: ф. 15, в. 28, спр. 22: Протоколы президиума фракции АН, президиума Инбелкульта, заявление Игнатовского Всеволода в ЦКК КП(б)Б и другие материалы по нацвопросу (1927–1930), арк. 1–6: У ЦКК КП(б)Б, 8.X.1930 (рымская X зверху перапраўлена чырвоным на XI), тут арк. 6. Увесь дакумент прысвечаны дзейнасцi КПЗБ у сярэдзiне дваццатых гадоў. Тут захаваны рукапiс гэтай заявы Iгнатоўскага. У ф.15, в. 28, спр. 9, арк. 37—42 знаходзiцца машынапiсны рускi пераклад дакумента. Канчатковая рэдакцыя прамовы Iгнатоўскага цалкам у: Камунiстычнае выхаванне. Снежань, №12. С. 33–34. Вытрымкi ў Глыбiннага «Сорак гадоў беларускай культуры», с. 59 i далей. У канцы 1930 г. з’явiлiся лiсты–самаабвiнавачваннi Я.Купалы i Я.Коласа. Тамсама, с. 61 i далей.
[38] НАРБ: ф. 15, в. 28, спр. 22, арк. 7–24: У ЦКК КП(б)Б: 23.10.1930, тут арк. 7.
[39] Тамсама, арк. 8. Гаворка iшла пра артыкул У.Iгнатоўскага «Сучасная вялiкая рэвалюцыя i нацыянальнае пытанне» // Полымя. №1. С. 44–50. Да праблематыкi «буферу»: тамсама, арк. 14 i далей.
[40] НАРБ: ф. 15, в. 28, спр. 21: Личные документы Игнатовского (1925–1927), арк. 1–5: Национальный вопрос.
[41] НАРБ: ф. 4683, в.3, спр. 660, арк. 23.
[42] Падрабязна: Mace J.E. Communism and the Dilemmas of National Liberation. National Communism in Soviet Ukraine 1918–1933. Cambridge, MA, 1983. P. 192–300.
[43] З архiва КДБ: Справа Вацлава Ластоўскага // Маладосць. 1993. № 3. C. 211–246. Падбор i каментар прызнанняў i пратаколаў допытаў падрыхтавалi У.Мiхнюк i Е.Лiпскi.
[44] Дополнительные показания Ластовского В. от 07.10.1930, тамсама, с. 216–229; тут с. 223.
[45] Да сiтуацыi па–за БССР, традыцыйны погляд: Conquest R. Terror. P. 26 i далей; idem., The Harverst of Sorrow. New York, 1986; Mace, Communism, p.192 i далей.
[46] НАРБ: ф. 4, в. 21 (сакрэтна!), спр. 363, арк. 98–108; Каментары да тлумачэння Шчарбаковa ў ЦК пра вызваленне яго ад пасады вiцэ–прэзiдэнта БелАН i камандзіраванне ў ЦК КП(б)Б (застаецца ў ЦК), тут арк. 98.
[47] Тамсама, арк. 99.
[48] Тамсама, арк. 102.
[49] Падрабязна: Mace, Communism, p. 232 i далей (раздзел 7 у ягонай кнiзе — Matvii Javorski and Vicissitudes of Interpreting the Past).
[50] Пра чыстку ў АН БССР у 1937/38 г. пад назовам «Аб’яднанае антысавецкае падполле»: Платонаў Р. „Шпiёны“ з Акадэмii навук // Беларуская мінуўшчына. 1996. № 4. С. 69–73, а таксама: Токарев Н. Возвращённые имена. Минск, 1992. У 30–х i 40–х гадах былi рэпрэсаваны 143 супрацоўнiкi Акадэмii. У канцы 30–х гадоў 42 супрацоўнiкаў расстралялі ў Менску.
[51] Да палiтычнага абвiнавачвання партыяй: НАРБ: ф. 4, в. 3, спр. 150, арк. 108—114 (арыгiнал лiста: арк. 101–107): у ЦК КП(б)Б, сакратару ЦК тов. Шаранговiчу, і тамсама, в. 3, спр. 34, арк. 251—255: «Мае памылкi i iх каранi» (паказанне i подпiс Жылуновiча ад 13.12.1929). У адрозненне ад Iгнатоўскага, Жылуновiч даўся зрабіць з сябе даносчыка на розных членаў «нацыянал–фашысцкага руху» («беларускай фашыстоўшчыны») вакол Станкевiча, Рагулi, Ярэмiча, «сацыял–фашыстаў» i «iдэолага беларускай буржуазii i кулацтва» Антона Луцкевiча. Дадаткова бiяграфiчны матэрыял: ф. 15, в. 28, спр. 10 (1930–1931).
[52] НАРБ: ф. 60, в. 3, спр. 777 (пратаколы допытаў нацдэмаў), арк. 112 i далей: допыт Чарвякова.
[53] Да бiяграфii: Кнорин В.Г. Избранные статьи и речи. Сост. Н.В.Кузнецов и др. Минск, 1990. С. 3–24.
[54] Гэтак жа як рознiца пакаленняў патанула ў плынi тэрору, асобныя бiяграфii беларускiх гiсторыкаў паказалi, што выгадаваная ў савецкiх умовах iнтэлiгенцыя валодала ўнiфiкаванай прыстасавальнiцкай здольнасцю. Бiяграфiя М.М.Улашчыка (1906–1986) сведчыць пра адваротнае. У 1930 г. выпускнiк БДУ па археалогii i гiсторыi быў захоплены першай хваляй арыштаў i не адпушчаны рэпрэсiўным апаратам да 1955 г. Пасля высылкi ў Сiбiр толькi ў 1948 г. ён вярнуўся ў Маскоўскi унiверсiтэт i ў сектары крынiцазнаўства стаў найважнейшым даследчыкам у беларускай гiстарыяграфii. Нягледзячы на тое, што нiколi больш не працаваў у Мiнску, да самай смерцi беспартыйны Улашчык нязменна суправаджаў развiццё беларускай гiстарычнай навукi шматлiкiмi крытычнымi заўвагамi i непасрэдным лiставаннем з рознымi гiсторыкамi АН БССР. З’явілася безлiч прызнанняў пасля яго смерцi i асаблiва пасля даследавання спадчыны. Нарэшце, Улашчыку прысвечаны спецыяльны выпуск БГА (3.1996.Сш.1).

Наверх

Tags: , ,