Новы нумар


Рэджынальд Р. Бэтс. Канстытуцыйны працэс і палітычная думка ўва Усходняй Еўропе*


Англійскі гісторык права Рэджынальд Робэрт Бэтс (Reginald Robert Betts) (1903—1961) нарадзіўся ў Норыджы ў Вялікай Брытаніі. Пасля сканчэння студыяў у Оксфардзе выкладаў у alma mater, пазней ва універсітэтах Ліверпуля і Белфаста. У 1934 г. стаў прафесарам Саўтгэмптанскага універсітэта. Як медыявіст, Бэтс спецыялізаваўся ў сярэднявечнай гісторыі Чэхіі, але пазней зацікавіўся і сучаснай гісторыяй навастворанай Чэхаславацкай дзяржавы, зрабіўшыся адным з лепшых экспертаў у чэхаславацкіх справах. Гэта прычынілася да яго супрацоўніцтва з Бі Бі Сі пад час другой сусветнай вайны ў якасці рэдактара чэхаславацкай, а пазней цэлай еўрапейскай службы. З 1946 г. да канца жыцця Бэтс узначальваў кафедру цэнтральнаеўрапейскай гісторыі імя Масарыка ў Школе Славянскіх і Усходнееўрапейскіх Даследаванняў (Лонданскі універсітэт).

Прапанаваны тут тэкст быў упершыню надрукаваны ў 1958 г. як раздзел 2 томa (Рэфармацыя: 1520–1559) шматтомавага брытанскага універсітэцкага падручніка па гісторыі Новага Часу, што пазней некалькі разоў перавыдаваўся стэрэатыпна. Тэкст друкуецца з ласкавага дазволу выдавецтва Cambridge University Press.

Артыкул Бэтса, які фармальна ахоплівае перыяд 1520–1559 г., дае, аднак, досыць шырокую і ў часе, і ў прасторы панараму фармавання тых асаблівасцяў грамадска–палітычнай думкі і дзяржаўнага ладу, якія адрознівалі Цэнтральную Еўропу ад Заходняй. У той час, калі на Захадзе поўным ходам ішло ўмацаванне абсалютных манархій, у якіх воля суверэна не была абмежаваная нічым, і ідэя “прагрэсу” для панавальных ідэалагічных плыняў была тоеснай з імкненнем ліквідаваць “феадальную анархію” на карысць усеахопнай цэнтральнай улады, менавіта ў цэнтры кантынента ў поўны голас прагучала думка пра неадчужальныя правы асобы і вяршынства Закона. У гэтым святле зусім незразумелым выглядае тэзіс Бэтса пра “адставанне” Цэнтральнай Еўропы ад Заходняй у сваім гістарычным развіцці: у ХХ ст. ужо Захад рээкспартуе радыкальны варыянт гэтай ідэалогіі ў Цэнтральную і Усходнюю Еўропу, выстаўляючы адзнакі паасобным краінам і дзяржаўным дзеячам за хуткасць, з якой яны пазычаюць заходнія канцэпцыі. Здаецца, што з заходняга пункту гледжання кожнае несупадзенне з рытмам гістарычных зменаў на Захадзе, які Фернан Брадэль назваў бы “сусветным часам” (le temps du monde), а гісторык–марксіст, магчыма, “генеральнай лініяй” гістарычнага развіцця, кожнае несупадзенне ёсць адставаннем.

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што канцэпцыя дзяржавы, блізкая да той, якая панавала ў Цэнтральнай Еўропе XVI ст., упершыню склалася ў XV ст. у Бургундыі, якая ўяўляла з сябе федэрацыю самастойных дзяржаваў, падначаленых бургундскім герцагам, што дэлегаваў значную частку ўласных паўнамоцтваў сваім прадстаўнікам на падначаленых тэрыторыях і адпаведным мясцовым станавым асамблеям. Кіраванне такой „шматковай“ дзяржавай патрабавала значна больш дакладнага і кампетэнтнага адміністравання, чым прымітыўны гвалт, і прымушала бургундскіх суверэнаў лічыцца з інтарэсамі падуладных тэрыторый, а нават і індывідаў. “Сусветны час”, аднак, не быў вельмі літасцівы да Бургундыі, але выпрацаваную тут мадэль дзяржавы ўдалося скасаваць не адразу і не цалкам. Магчыма, менавіта ў гэтай упартай барацьбе за цэнтралізацыю і абсалютызацыю ўлады, нібыта тоесную “прагрэсу”, Габсбургі, якія перанялі ўладу над Бургундыяй, набылі досвед, які вельмі прыдаўся ім потым у Вугоршчыне і Чэхіі, як гэта бачна з артыкула Бэтса.

Для беларускай гістарыяграфіі гэты артыкул актуальны і больш чым праз сорак гадоў пасля яго напісання. Надта ж бракуе нашай навуцы такіх параўнальных аглядаў, якія б асвятлялі айчынную гісторыю (у дадзеным выпадку гісторыю дзяржавы і права) у шырокім кантэксце таго гістарычна–культурнага рэгіёна, ад якого мы былі гвалтоўна адарваныя два стагоддзі таму. Такі падыход дазваляе лепш зразумець і месца ВКЛ у сістэме дзяржаваў тагачаснай Цэнтральнай Еўропы, і суадносіны нашай прававой сістэмы з роднаснымі прававымі сістэмамі гэтых дзяржаваў, вылучыць у ёй агульнае і асаблівае. Літоўскі Статут 1588 г. храналагічна застаўся па–за рамкамі даследавання Бэтса, але ці не маем мы права сцвярджаць, што ў пэўным сэнсе менавіта ў гэтым юрыдычным акце, які ўвабраў у сябе і дасягненні суседзяў, і досвед зацятай ідэалагічнай і палітычнай барацьбы пад час Рэфармацыі і Контррэфармацыі, эвалюцыя грамадска–палітычнай думкі ўсяго рэгіёнa дасягнула сваёй вяршыні? У кожным разе, роднасць Статута з Tripartitum Іштвана Вэрбёцы і трактатам Віктарына Карнэля “Пра законы Чэскае Зямлі” дагэтуль ніяк у нас не аналізавалася.

* Пераклад паводле выдання: The New Cambridge Modern History. Volume: The Reformation 1520-59. Edited by G.R.Elton. Cambridge University Press, 1990, 526-539.

Тры каралеўствы — Польшча, Чэхія і Вугоршчына — былі ў ліку найбуйнейшых у Еўропе XVI ст. Разам узятыя, яны запаўнялі абсяг паміж Нямеччынай, Балтыкай, Расіяй і Балканамі, або, у тэрмінах фізічнай геаграфіі, паміж басейнамі Одры, Віслы і сярэдняга Дунаю. Пасярэдняе становішча займалі яны і з гледзішча палітычнага развіцця: адстаючы ад заходнееўрапейскіх краін, яны стаялі паперадзе Расіі і Турэччыны. Якраз гэтае пасярэдняе становішча і абумоўлівае іх гістарычную цікавасць: баланс улады паміж землеўладальнікамі і манархіяй цягам усяго стагоддзя заставаўся настолькі роўным, што іх адносіны — ці гэта канфлікт, ці супрацоўніцтва — набываюць адмысловае значэнне і кідаюць святло на больш вырашальныя канфлікты, якія тачыліся тым часам у далейшых частках Еўропы.

Узыход Жыгімонта I “Старога” з дынастыі Ягайлавічаў на польскі трон у 1506 г., а Фердынанда I Габсбурга, брата імператара Карла V і ўжо на той час гаспадара комплексу спадчынных аўстрыйскіх земляў, на троны Чэхіі і Вугоршчыны ў 1526, можна лічыць вяхой, што пазначыла пачатак канфлікту, бо абодва яны сталіся спадкаемцамі “каралёўгультаёў” (fainéant), пад чыім панаваннем землеўладальнікі фактычна распараджаліся ўсім пасвойму. Каралеўствы, над якімі абодва яны запанавалі, заставаліся сярэднявечнымі паводле рыхласці палітычнае структуры. Жыгімонтава спадчына нават паводле назову была не каралеўствам, а “Рэччу Паспалітаю”, то бок рэспублікай; поўтузіна княстваў, на якія ў XII ст. распалася Польскае каралеўства, яшчэ не ўсе трапілі пад непасрэднае кіраванне караля: Мазавецкае княства заставалася няўключаным у склад каралеўства да 1526 г., калі яго апошні князь памёр, не пакінуўшы нашчадкаў. Усходняя Прусія не цалкам падпарадкоўвалася польскаму каралю да 1525 г., і нават потым яе князь з дынастыі Гогенцолернаў, Альбрэхт, як васал Польшчы валодаў амаль такім сама суверэнітэтам, як раней, у сваю бытнасць вялікім магістрам Тэўтонскага ордэна. Нарэшце, больш як палова тэрыторыі, над якой панаваў Жыгімонт — Вялікае Княства Літоўскае, — да Люблінскай Уніі 1569 г. не мела з Польскім каралеўствам ніякай арганічнай повязі, апрача супольнага суверэна.

Тэрыторыі, атрыманыя Фердынандам па абранні яго каралём Чэхіі ў 1526 г., былі яшчэ больш раз’яднаныя. У тэхнічным сэнсе яны складаліся з “Земляў Кароны св. Венцэслава”, куды ўваходзілі чэшскія землі Багемскага каралеўства і Мараўскага маркграфства, каля тузіна княстваў польсканямецкай Сілезіі, два асобныя вендсканямецкія княствы Верхніх і Ніжніх Лужыцаў і разнастайныя астраўкі неасіміляваных княстваў і ўладанняў накшталт Хэбу (Эгеру), Кладска (Гляц), Локет (Эльбоген) і Опава (Троппаў). Вугорская дзяржава Фердынанда была з усіх трох найменш з’яднанай, бо “Землі Кароны св. Стэфана” складаліся з двух паасобных каралеўстваў: каралеўства Вугорскага і каралеўства Харвацкага. У межах Вугоршчыны знаходзілася неасіміляванае княства Трансільванія, якое само складалася з трох часткова аўтаномных “нацыяў” — мадзьярскай, нямецкай і сэкейскай. Харватыя ж падзялялася на тры часткі: Далмацыю, цэнтральную Харватыю і Славонію.

Аднароднасць гэтай частцы Еўропы XVI ст. надае вялікая эканамічная зверхнасць, якой валодалі і карысталіся тамтэйшыя землеўладальнікі; незалежна ад памераў сваіх маёнткаў гэта была шляхта, una et eadem nobilitas (той самы шляхецкі род), як казалі ў Вугоршчыне. Гэты клас — у Польшчы szlachta (шляхта), у Чэхіі slechta (шлехта), у Вугоршчыне köznemesseg (кёзнэмэсэг), — не звязаны ні правілам, ні звычаем першародства, які ўсведамляў сваю моц, пільнуючы свае выгоды і прывілеі ды валодаючы фактычна манапольнай эканамічнай уладай, займеў у Цэнтральнай Еўропе панавальнае становішча. Землеўласнікам, Кароне, царкве і местам належаў кожны акр зямлі, і з цягам стагоддзя доля свецкіх землеўласнікаў няспынна ўзрастала: каронныя землі яны атрымлівалі ў заклад, царкоўныя — праз канфіскацыю, а гарадскія — праз гвалт і штрафныя санкцыі. Феадальныя юрысты, такія, як Вэрбёцы, маглі прыраўноўваць “нацыю” да “Кароны і землеўласнікаў”, не адчуваючы патрэбы ў аргументацыі ці абгрунтаванні гэтае тэзы. Палітычная ўлада шляхты грунтавалася на мясцовых або краёвых асамблеях. У Польшчы яны зваліся соймікамі (sejmiki), і ў кожным ваяводстве звычайна было па сойміку, агулам 37 у Польшчы і тузін у Літве. Яны складаліся выключна з землеўладальнікаў. Соймікі не былі сталымі органамі мясцовай адміністрацыі і юстыцыі, — гэтую ўладу ў Польшчы ажыццяўлялі мясцовыя каронныя чыноўнікі. Функцыя соймікаў была перадусім парламенцкая. Ім адрасаваліся каралеўскія “лісты соймавыя” — загады аб выбарах у правінцыйны ці нацыянальны парламент; “перадсоймавыя” соймікі ў адказ абіралі сваіх платных прадстаўнікоў у ніжнюю палату і давалі ім наказы ў асноўных пунктах парадку дня, які рассылаўся разам з загадам склікання сойміку. Дэлегаты соймікаў збіраліся потым на правінцыйныя асамблеі, якіх налічвалася шэсць, дзе яны ўзгаднялі палітыку, якую правінцыя мела праводзіць у парламенце. Пасля роспуску парламенту дэлегаты давалі “ведомость достаточную” пра ход працы Сойму перад мясцовым “справаздачным” рэляцыйным соймікам, які рабіў захады па выкананні прынятых законаў, даваў згоду на падаткі, вышэйшыя за стаўку, узгодненую папярэдне на перадсоймавым сойміку, і прызначаў чыноўнікаў для збору падаткаў у ваяводстве.

Мясцовыя асамблеі (sjezdy krajské) у чэшскіх землях нагадвалі польскія, але валодалі меншай уладай. Магутныя мясцовыя рады (landfridy), якія падчас анархічнага міжкаралеўя 143958 г. здабылі шырокія заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і фінансавыя паўнамоцтвы, з таго часу аслабелі дзякуючы цэнтралізатарскай палітыцы караля Іржы з Падэбрад і алігархаў ягелонскага перыяду, і напачатку Фердынандавага панавання яны збіраліся толькі каб абраць членаў парламенту і некаторых мясцовых чыноўнікаў і забяспечыць выкананне статутаў. Фэрдынанд аслабіў іх яшчэ больш, забараніўшы “з’ездам” пад пагрозай смерці збірацца без каралеўскага паклікання. Вельмі адрознымі былі становішча і моц камітатаў (megyek) у Вугоршчыне, бо Фэрдынанду ў грамадзянскай вайне з сваім супернікам Янам Запольяі (Zapolyai) і яго спадкаемцамі, а таксама з іх турэцкімі саюзнікамі і сузерэнамі так пільна патрабавалася здабыць падтрымку шляхты, што ён не смеў кранаць яе прывілеяў у мясцовым самакіраванні. Сапраўды, выжыванне вугорскіх камітатаў было, мабыць, найлепшай гарантыяй адносна аўтаномнага існавання Габсбургскай Вугоршчыны аж да „ураўнання“ ў 1867 г. Суд камітату быў не прынагоднай асамблеяй, а сталым камітэтам, які абіраўся зборам (megyegyülés) шляхты з кожнага камітату і выконваў судовыя, адміністрацыйныя, эканамічныя і фінансавыя функцыі; асамблея камітату не толькі мела тыя ж выбарчыя функцыі, што і польскі соймік, але таксама была ў мясцовым маштабе чынным заканадаўчым органам.

Найвышэйшым органам нацыяў цэнтральнай Еўропы ў XVI ст. быў парламент, або Сойм, дзе ад часу да часу збіраліся станы (Stany, Stavy, Rendek) кожнага каралеўства, княства, правінцыі або краю, каб супольна, зазвычай разам з валадаром, здзяйсняць функцыі суверэна. Шматлікасць гэтых парламентаў у трох цэнтральнаэўрапейскіх каралеўствах — знак іх важнасці і разам з тым прыкмета слабасці. У Польшчы былі “сойм вальны” ўсяго каралеўства, правінцыйныя парламенты Вялікай Польшчы, Малой Польшчы, Куяваў, Каралеўскай (Заходняй) Прусіі, Княскай (Усходняй) Прусіі пасля яе далучэння ў 1525 г., і Мазовіі, якая была аўтаномным удзелам, пакуль у 1526 г. не вымерла яе малодшая княская дынастыя. Літва мела ўласны парламент, пакуль ён паводле Люблінскай уніі 1569 г. не зліўся з польскім. У “Землях Кароны св. Венцэслава” парламент (sněm) Чэшскага каралеўства меў пэўныя суверэнныя правы над усёй краінаю, але багата ўлады было пакінута парламентам або Соймам Маравіі, Верхняй і Ніжняй Сілезіі і Верхніх і Ніжніх Лужыцаў. Былі таксама аўтаномныя ўладанні — Хэб (Cheb), Локет (Loket), Опава (Opava) і Кладска (Kladsko). Пры нагодзе — дзеля каранацыі, або каб даць рады крызісу грамадскага парадку (1511, 1518) або, найчасцей, каб выдзеліць субсідыі на турэцкую вайну (11 разоў паміж 1530 і 1595 г.) — склікаўся агульны парламент з дэлегатаў усіх парламентаў Чэшскае Кароны. Але Станы да такіх агульных асамблеяў ставіліся з падазрэннем, як да прылады каралеўскага вымагальніцтва, і ператварыць іх у сталы інструмент суверэнітэту для ўсяго чэскага комплексу дзяржаваў ніхто не спрабаваў. У “Землях Кароны Св. Стэфана” таксама існавала шматлікасць парламентаў. Станы каралеўства Вугорскага падчас грамадзянскай вайны падзяліліся надвое: прыхільнікі Фердынанда збіраліся звычайна ў Пожані (Pozsony — Прэшбург, Браціслава), а прыхільнікі Яна Запольяі ў Будапэшце; Трансільванскае княства мела ўласны парламент, які большую частку стагоддзя быў суверэнным органам, незалежным ад Вугорскіх караля і парламенту; каралеўства Харвацкае, пакуль яго не акупавалі туркі, мела тры парламенты — у Загрэбе, Далмацыі і Славоніі. Фердынанда звычайна прынята ўяўляць ворагам парламенцкага ўрадавання, але цікава, што менавіта ён зрабіў спробу стварыць вярхоўны парламент для ўсіх сваіх уладанняў. На такі агульны, федэральны парламент ён у 1528 г. сабраў у Брно ўсе станы, спрабуючы зрабіць аўстрыйскую валюту універсальнай для ўсіх сваіх уладанняў; падобныя ж кангрэсы Станаў, каб выдзеліць грошы на турэцкую вайну, склікаліся ў Лінцы ў 1530 і 1541 г. Паколькі чэхі адмовіліся прысутнічаць на любых асамблеях паза межамі сваёй краіны, Фердынанд паспрабаваў сабраць парламенты на агульны кангрэс у Кутнай Горы (Kutna Hora, Kuttenberg) або ў Празе ў 1534 і 1541 г., але вугорцы туды то не з’яўляліся, то адмовілі ў асігнаваннях. Нагоду стварыць Генеральныя станы для Габсбургскіх земляў змарнаваў заўзяты партыкулярызм саміх нацыянальных станаў.

У складзе парламентаў Цэнтральнай Еўропы ў XVI ст. панавалі землеўладальнікі. Паводле задумы гэта былі сустрэчы станаў, але адзіным станам, прысутнасць якога была абавязковаю, каб скласці парламент, быў шляхецкі. Кароль, калі ён прысутнічаў асабіста або праз свайго заступніка, быў адным з станаў парламенту; але ў выпадку, калі карона рабілася вакантнаю, а непасрэднага нашчадка па мячы не было ці ён быў непаўналетні, парламент збіраўся без каралеўскага загаду, каб здзейсніць суверэнны акт выбараў. У кожным парламенце шляхта была найбуйнейшым і наймагутнейшым элементам, але звычайна яна не выступала як з’яднаная сіла: адрознасць інтарэсаў багацейшых магнатаў і драбнейшае шляхты адбівалася ў існаванні дзвюх палатаў (curiae). Польскі парламент (сойм, поль. Sejm) складаўся з верхняй палаты (Сенату) і палаты прадстаўнікоў (izba poselska). У Сенат уваходзілі каталіцкія арцыбіскупы і біскупы, правінцыйныя ваяводы, кашталяны, маршалкі каронны і дворны, канцлер, віцэканцлер і падскарбі. Да 1529 г. у ім было 87 членаў; з 1529 да 1569 г., як вынік ліквідацыі мазавецкага ўдзелу, — 94, а пасля уніі з Літвою — 140. Польскі сенат фармальна быў корпусам цэнтральных і мясцовых каронных чыноўнікаў і намінаваных каралём пралатаў, але паколькі гэтыя чыноўнікі і пралаты ўсе, апрача нешматлікіх novi homines і каралеўскіх фаварытаў, паходзілі з магнацкіх сем’яў, гэтая палата прадстаўляла і ажыццяўляла алігархічную палітыку буйных землеўладальнікаў. Галасаванне ў Сенаце адбывалася viritim і, праўдападобна, большасцю галасоў. Ніжняя палата парламенту Рэчы Паспалітай, за выключэннем прадстаўнікоў Кракава і, пасля 1569 г., Вільні, была аднароднай асамблеяй шляхты. Кожны дарослы мужчына шляхетнага роду меў права браць удзел у пасяджэннях і галасаванні, але бальшыню з іх выдаткі часу і грошай не дапускалі да заканадаўчае дзейнасці. Напачатку стагоддзя Сенат прызначаў палову членаў ніжняе палаты, але ад 1520 г. сярэдняя шляхта пачала змагацца з гэтай практыкай, і пасля 1540 тая, як відаць, спынілася. Статут 1520 г. увёў звычай выбіраць членаў палаты на сойміках, а кароль браў на сябе аплату выдаткаў сама больш 6 дэпутатаў ад кожнае выбарчае акругі. Насуперак намаганням Жыгімонта II захаваць нешматлікасць дэпутатаў іх колькасць вырасла з 45 у 1504 да 93 у 1553, 110 у 1569 і 158 у 1570 г. Абраныя члены павінны былі прысутнічаць на пасяджэннях. Ёсць сведчанні, што важныя канстытуцыйныя законы, такія як законы 1548, 1554, 1563 і 1565 г., прымаліся бальшынёй галасоў. Але ў менш паважных справах існавала фатальная тэндэнцыя — жаданне забяспечыць аднагалоснасць, або прынамсі галасаванне nemine contradicente (“калі ніхто не пярэчыць”). Правіла liberum veto яшчэ не было, хоць паасобны соймік мог адмовіцца і часам адмаўляўся прыняць пэўны статут як непрыдатны для свайго рэгіёна.

Багемскі парламент (sněm) быў трохпалатны. Верхняя палата была выразна Палатай лордаў (curia dominorum або magnatum); яе членам быў кожны pan (“лорд”), якога прызнала за такога сама палата і чый шляхецкі род налічваў прынамсі 4 пакаленні; таму гэта была не палата каралеўскіх міністраў і мясцовых ваяводаў, як польскі Сенат, а кааптацыйная асамблея найбагацейшых землеўладальнікаў. Прадстаўнікоў клеру ў ёй не было, бо чэшскі епіскапат знік у бурах гусіцкіх войнаў і вярнуў сабе месца ў заканадаўчым органе толькі пасля 1620 г. Другую курыю чэшскага снэму складала шляхта (vladykové), або, як яны тады пачыналі звацца, рыцары (rytíři). Кожны шляхціч, які меў герб і быў упісаны ў “зямельныя кнігі” як гаспадар маёнтка, валодаў правам голасу і месцам у сойме. Такіх шляхоцкіх сем’яў было каля 1500. Але член снэму мусіў сам сябе забяспечваць; таму, як у Польшчы, на пасяджэннях прысутнічалі толькі багацейшыя і паважнейшыя. Бяднейшая шляхта абірала на сваіх акружных асамблеях ад 2 да 6 прадстаўнікоў, якія ўтрымліваліся падчас пасяджэнняў парламенту каралеўскім коштам, але правам прысутнічаць валодаў кожны шляхціч. Пасля 1526 г. Фердынанд даволі ўдала паспрабаваў перашкодзіць абранню шляхты ў парламент, так што другая палата ператварылася фактычна ў манаполію багацейшае шляхты з сярэдняй арыстакратыі. Яна налічвала звычайна ад 100 да 200 членаў, і гэтая лічба ніколі не перавышала 300. Трэцім станам чэшскага парламенту былі месцічы. Гэты выключны феномен сведчыць пра вялікую моц і багацце гарадоў у землях Чэшскай кароны. У гусіцкі перыяд яны забяспечылі і замацавалі свой удзел у снэме, і, хоць панам удалося выключыць іх паміж 1485 і 1508 г., у наступныя гады яны зноў дамагліся доступу ў снэм. Іхнае моцы хапіла нават на тое, каб перажыць карныя захады Фердынанда I, які стараўся пакараць іхны бок у паўстанні 1547 г., звёўшы статус іхных прадстаўнікоў проста да кансультацыйнай рады каралеўскае каморы; аднак яшчэ да ягонае смерці ў 1564 г. гарадскі стан вярнуў сабе сваё ранейшае становішча інтэгральнае часткі парламенту. 30 каралеўскіх і 6 “пасажных” местаў пасылалі дэпутатаў у чэшскі парламент, а яшчэ 6 каралеўскіх — у парламент Маравіі[1]. Гарадскіх дэпутатаў парламенту прызначалі і аплочвалі гарадскія рады; меншыя месты часам згаджаліся на тое, каб іх інтарэсы прадстаўлялі буйнейшыя суседзі. Тры палаты чэшскага парламенту справаваліся з 1440 г. паасобку, і ў кожнай рашэнне прымалася бальшынёй галасоў. На пленарным пасяджэнні (plenum) трох палат, якое канчаткова ўхваляла прынятыя пастановы, кожная палата мела адзін голас, і, каб быць эфектыўным, гэты голас мусіў быць аднадушным.

Вугорскі парламент (Országgyülés) меў найчысцейшы арыстакратычны склад ва ўсёй Цэнтральнай Еўропе. Ён складаўся з дзвюх палатаў (tabulae). Верхняя палата была малой асамблеяй, складзенай з першых асобаў буйных родаў, якіх было прынята запрашаць у парламент асабіста, а таксама двух арцыбіскупаў, біскупаў і некалькіх лідэраў большых рэлігійных канфесій. Паколькі бальшыню буйнейшых дзяржаўных пасадаў займалі пралаты або магнаты, верхняя вугорская палата мела ў значнай меры такі сама алігархічны характар і схільнасці, што і польскі Сенат. Ніжняя палата (tabula inferior) мела неакрэслены склад. Напачатку XVI ст. шляхту запрашалі ў яе viritim (пагалоўна), але паступова пачала пераважаць практыка абрання прадстаўнікоў ад кожнае акругі. У 1552 г. кароль абвясціў, што ён не жадае абцяжарваць шляхту клопатам і выдаткамі прысутнасці ў парламенце і прапануе ім пасылаць сваіх дэлегатаў. Але яшчэ ў 1572 г. некаторых прадстаўнікоў шляхты запрашалі асабіста, праўда, гэта быў ужо апошні такі выпадак. Вугорскія месты выконвалі ў парламенце нязначную ролю: былі прадстаўленыя восем “вольных” местаў і два “горадыкапальні” (bányavárosok) Верхняй Вугоршчыны, аднак іх дэлегаты, калі ўвогуле прыбывалі, не складалі асобнай палаты, але губляліся сярод шляхты, якая напаўняла гэтую tabula inferior.

Хоць станы каралеўстваў Польшчы, Багеміі і Вугоршчыны былі органамі землеўладальнае шляхты, у шмат якіх дачыненнях інтарэсы караля і парламента супадалі. У Вугоршчыне заўсёдная турэцкая пагроза закранала Фердынанда I гэтаксама, як і вугорскі народ; яму былі патрэбныя падаткі з местаў і належных феадалам сялянаў, а панам — габсбургскія войскі для абароны сваіх маёнткаў ад нападаў Сулеймана і ягоных пашаў. Фердынанд не важыўся кранаць вольнасці вугорскае шляхты яшчэ і таму, што баяўся, каб яна не перакінулася ў спаборны лагер у Трансільванію. З гэтай прычыны канстытуцыйная гісторыя Вугоршчыны XVI ст. мела шмат агульнага з гісторыяй Цюдораўскай Англіі; так, у абедзьвюх краінах быў перыяд узаемна карыснага, але што далей то болей складанага супрацоўніцтва паміж Каронай і парламентам; аднак трэба зацеміць два істотныя адрозненні. У Вугоршчыне мясцовае ўрадаванне было ў руках арыстакратычных камітатных (акружных) асамблеяў, а не намінатаў Кароны, адказных перад Тайнаю радай, — і Карона заставалася выбарнаю. Фердынанд разумеў, што ў ягоным становішчы былі два слабыя месцы. Як бы яму ні хацелася паслабіць уладу паноў на парламенцкім і камітатным узроўнях, іх падтрымка была яму настолькі неабходнаю, што ён сама больш мог толькі падпарадкаваць нацыянальную цэнтральную адміністрацыю ўладзе сваіх манархічных інструментаў у Вене. У гэтай абмежаванай дзялянцы ён меў вялікія поспехі. Вугорскай каралеўскай радзе (concilium regis) стала няма чаго рабіць, і тытул каралеўскага радцы зрабіўся чыста ганаровым. Так званую camera regis ён рэарганізаваў у 1528 г. паводле аўстрыйскага і чэшскага ўзору; яна прыпыніла дзейнасць падчас турэцкага крызісу ў 15281531 г., адале аднавілася пад назовам camerae administratio, але толькі дзеля кіравання бюджэтам. Гэты бюджэт выдзяляла ёй венская Hofkammer, якой яна паводле эдыктаў 1548 і 1561 г. пачала цалкам падпарадкоўвацца ва ўсіх справах, апрача некаторых пытанняў мытнай і гандлёвай адміністрацыі. Яшчэ больш дзейсным захадам у справе падпарадкавання вугорскага ўрада Вене стала скасаванне ў Вугоршчыне пасады ваяводы (palatine, nádor) паміж 1532 і 1554 г. У 1554 г. Фердынанд дазволіў парламенту абраць на ваяводу здатнага і вернага Тамаша Надашдзя (Tamás Nádasdy), але па ягонай смерці ў 1562 г. Фердынанд не пажадаў, каб яму быў пераемнік. Ваявода як “locum tenens regis et generalis capitaneus” (“заступнік караля і галоўны староста”), галоўны суддзя, старшыня рады і “афіцыйны пасярэднік паміж шляхтаю валадарства і імператарам”, сапраўды быў занадта незалежны ад знадворнага кантролю, як на Фердынандавыя мэты. Таму для большае часткі сваёй імперыі ён прызначаў не ваяводу, а намесніка (helytartó), які паводле свае пасады не меў ніякае ўлады над вайсковымі сіламі Фердынанда ў Вугоршчыне. Два ягоныя намеснікі, Элек Турзо (Elek Thurzo) і арцыбіскуп Пал Вардай (Pál Várdai), мелі намесніцкую раду, якая была пад час гэтага панавання галоўным інструментам захавання вугорскай дзяржаўнасці і незалежнасці яе правасуддзя.

Зрабіўшыся каралём Вугоршчыны і Чэхіі, Фердынанд ператварыў цэнтральныя венскія дзяржаўныя ўстановы ў органы, якія вызначалі і прадпісвалі палітыку для ўсяго ягонага гаспадарства. Персанал гэтых цэнтральных дэпартаментаў складаўся выключна з немцаў, Фердынандавых міністраў і чыноўнікаў, хоць у некаторых з іх і былі сакратары або камітэты па вугорскіх і чэшскіх справах. Гэта былі Дворская канцылярыя (Hofkanzlei), Дворская палата (Hofkammer), якія давалі інструкцыі мясцовым палатам у фінансавых справах, Дворская рада (Hofrat) і ўсемагутная Тайная рада (Geheimrat); апошнюю складалі 45 немцаў, якія давалі каралю парады ў замежнай палітыцы і ягоных асабістых і сямейных справах і ўкладалі парадак дня Чэшскага, Вугорскага і іншых парламентаў.

Яшчэ адзін вялікі клопат для Фердынанда палягаў у выбарным характары ягонае манархіі. У 1526 г. Мараўскія станы прызналі за законнага спадкаемцу яго жонку Ганну, сястру караля Людвіка, якая перадала свае правы Фердынанду; а Сілезскія станы прынялі Фердынанда як “спадчыннага і абранага караля”. Але чэшскі парламент проста выбраў яго з шэрагу кандыдатаў і настойваў, каб ён апублікаваў revers, у якім бы абвясціў, што станы абралі яго свабодным чынам, што яго наступнік не стане каралём, пакуль не будзе каранаваны, і што любы яго замежны наступнік павінен прыняць прысягу на мяжы, перш чым уедзе ў каралеўства. У сваёй каранацыйнай прысязе Фердынанд мусіў дэклараваць, што захавае чэшскія станы ў іхных “парадку, правох і прывілеях” і не будзе нікому саступаць земляў Кароны. У Вугоршчыне ў 1526 г. Фердынанд знаходзіўся напачатку ў яшчэ далікатнейшым становішчы. Запольяі быў ужо абраны бальшынёю паноў, і таму, каб увогуле замацаваць сваё становішча, Фердынанд на элекцыйным сойме ў Прэшбургу мусіў пагадзіцца, што будзе захоўваць законы і звычаі каралеўства, не ўвядзе іншаземцаў у сваю вугорскую раду і не стане надаваць ім маёнткаў. Пасля абрання Фердынанд абвясціў, як раней у Чэхіі, што свой трон ён атрымаў праз сапраўдныя і добраахвотныя выбары. Але да ўмацавання Габсбургаў на вугорскім і чэшскім пасадзе Фердынанд спрычыніўся якраз тым, што яму ўдалося сцерці з актаў свайго панавання гэтую прыкрую старонку. У 1539 г. ён зрабіў у гэтым кірунку першую спробу, запатрабаваўшы ад вугорскага парламенту прызнаць, што ён заняў пасад правам спадчыны; на гэта парламент не пагадзіўся, але ў статуце 1547 г. вугорскія станы дайшлі да таго, што абвясцілі: гэтым яны “аддаюцца панаванню і ўладзе не толькі Яго Вялікасці, але і ягоных спадкаемцаў навекі”. Пры канцы свайго жыцця Фердынанд папрасіў каранаваць Максіміліяна без выбараў; станы завагаліся, але настойваць не сталі, і ў 1563 г. парламент дазволіў Максіміліяну каранавацца такім парадкам пры жыцці ягонага бацькі. Кароль не выканаў нават адзінай умовы, выстаўленай парламентам — выбарнасці ваяводы.

Намаганні зрабіць сваю чэшскую карону спадчыннай яшчэ ясней сведчаць пра ўпарты апартунізм Фердынанда. У наступным годзе па ягоным выбранні прадажныя і тупаватыя чэшскія магнаты прымусілі снэм абвясціць, што дарослы спадкаемца караля можа каранавацца пры жыцці свайго бацькі пры ўмове, што прысягне захоўваць “вольнасць краіны”. У 1541 г. адбыўся няшчасны выпадак, з якога Фердынанд паспяшаў скарыстаць: чэшскія земскія кнігі, дзе былі занатаваныя ўсе ўрачыстыя дзяржаўныя акты, загінулі ў агні[*], і Фердынанд падбаў, каб revers 1526 г., у якім ён прызнаваў сябе ўсяго толькі выбарным каралём, пры ўкладанні новых кніг на замену старых быў прапушчаны. У 1545 г. Фердынанд зрабіў спробу пазітыўнага захаду, накідаўшы revers, у якім цвердзілася, што “Станы Чэхіі прызналі і прынялі каралеву Ганну як спадкаемцу па яе браце Людвіку, а тады абралі і прынялі Фердынанда з свае свабоднае і добрае волі”. Станам хапіла розуму, каб не дазволіць запісаць у земскія кнігі такую небяспечную дэкларацыю. Лепшую нагоду прынесла няўдалае паўстанне 1547 г. — найважнейшы крызіс у чэшскай канстытуцыйнай гісторыі аж да 1618 г. У 1546 г. канфлікт, які доўга наспяваў у Нямеччыне, выбухнуў Шмалькальдэнскай вайной. Фердынанд спрабаваў дамагчыся ад чэшскага парламенту людзей і грошай для вайны з нямецкімі князяміпратэстантамі; аднак чэшскія паны з надзвычайным, але няўчасным імпэтам вырашылі падтрымаць Яна Фрыдэрыка Саксонскага. Ледзьве пачалі яны брацца за зброю дзеля гэтай здрадніцкай мэты, як той пацярпеў паразу і трапіў пад Мюльбэргам у палон, што аддало ўсе чэшскія вольнасці на ласку Фердынанда. Ніколі не выяўляў ён большае палітычнае праніклівасці, чым у гэтым выпадку. Ведаючы, што напэўна здабудзе падтрымку паноў, уціскаючы групы, да якіх тыя адчувалі сектанцкую і эканамічную рэўнасць, ён зрабіў ахвярнымі казламі за панскі мяцеж багемскіх братоў і месты. Супроць братоў быў абвешчаны дэкрэт пра выгнанне; гарады кароль пазбавіў самакіравання, іх выбарныя магістраты былі замененыя на прызначаных каралём гэйтманаў і камісараў (rychtáři), а належная ім нерухомасць была сканфіскаваная. Вінаватым панам Фердынанд не толькі дараваў, але нават здабыў іх падтрымку, абвясціўшы, што “Яго Вялікасць не жадае рабіць нічога, што закранала б свабоду і прывілеі станаў”. Характэрна, што ён скарыстаў свой трыумф 1547 г., каб пераканаць чэшскіх паноў упісаць revers 1545 г. у “Зямельны Ардананс” 1549 г. і абвясціць, што “прывілей Чэшскіх земляў уключае ў сябе прынцып, паводле якога старэйшы сын кожнага караля мае стаць каралём Чэхіі да смерці свайго бацькі”. У тым самым годзе Чэшскі парламент пакорліва прыняў Максіміліяна II пры жыцці яго бацькі як спадчыннага і нявыбарнага караля, гэтаксама як пазней ён прыняў і абвясціў каралём Максіміліянавага сына Рудольфа II за два гады да бацькавай смерці.

У Польшчы канстытуцыйны працэс не прывёў у XVI ст. да такога ўзмацнення манархічнае ўлады, якога дамагліся габсбургскія ўладары ў Чэхіі і, у меншай ступені, у Вугоршчыне. Сапраўды, канец дынастыі Ягайлавічаў у 1572 г. і няўдача, якая потым напаткала спробы Генрыха Анжуйскага і Стэфана Баторыя ўсталяваць на польскім троне адпаведна дынастыю Валуа або Трансільванскую, скіравалі Польшчу на шлях арыстакратычнай анархіі, якая зрабіла з яе ўзорны прыклад палітычнай няздатнасці. Нельга казаць, што Жыгімонт I (150648) або Жыгімонт II (154872) былі некампетэнтнымі ці не ўсведамлялі задачы, якую паставіла ХVI ст. перад еўрапейскімі ўладарамі. Жыгімонт I сапраўды меў задаткі аўтакрата і, пад’юджаны сваёй другой жонкай Бонай Сфорца, якая завезла ў Кракаў майстэрства дзяржаўнага кіравання, уласцівае міланскім дэспатам, змагаўся за сцвярджэнне свае ўлады. Тое сама рабіў і ягоны сын, Жыгімонт Аўгуст, прынамсі да 1562 г., калі ён, відаць, прымірыўся з неабходнасцю дзяліцца ўладай са шляхтай.

Ужо напачатку стагоддзя канстытуцыйнае становішча польскае манархіі было слабое. Казімір IV (144792) свядома лічыў магчымасць тэрытарыяльных набыткаў важнейшаю за сцвярджэнне свае ўнутранае ўлады і зрабіў багата саступак шляхце, каб здабыць яе падтрымку ў сваіх планах адносна Сілезіі і Прусіі. Два ягоныя сыны, Ян Альбрэхт (14921501) і Аляксандр (15011506), спадкавалі па ім не паводле права першародства (у іх быў старэйшы брат, Уладыслаў, кароль Чэхіі і Вугоршчыны), а паводле выбараў, за якія яны мусілі плаціць саступкамі, і іхныя панаванні былі так перапоўненыя ваеннымі няшчасцямі і такія нядоўгія, што стрымаць рост улады алігархічнага сенату ім не ўдалося. Славутая Аляксандрава канстытуцыя 1505 г., вядомая як Nihil novi (“Нічога новага”), фактычна абвяшчала: “адгэтуль і надалей ні намі, ні нашымі наступнікамі без поўнае згоды рады і дэлегатаў ад паноў не можа быць усталявана ніякая навіна, якая магла б быць шкоднаю для Рэчы Паспалітай, або шкоднай ці крыўднай для любой прыватнай асобы, або накіраванай на змену агульнага права і грамадскай свабоды”.

Жыгімонт Стары, наймалодшы з пяцёх Казіміравых сыноў і трэці з іх на польскім троне, быў адораны мацнейшым характарам і глыбейшым палітычным розумам і панаваў даўжэй, чым два ягоныя папярэднікі; апроч таго, ён меў сына і нашчадка — найкаштоўнейшая вартасць, якой тым неставала. У 1530 г., калі маладому Жыгімонту было ўсяго дзесяць гадоў, каралева Бона і яе муж хітрасцю прымусілі сойм абраць яго каралём Польшчы, так што ён у любы момант мог без лішняга клопату заняць бацькава месца. Але магнаты неўзабаве зразумелі дурату гэтага чыну. Яны пачалі няспынна турбаваць Жыгімонта I гучным патрабаваннем, як яны казалі, “экзекуцыі правоў” (выканання законаў). Гэтая славутая праграма, упершыню абвешчаная на сойме ў Быдгашчы (Бромбэргу) у 1520 г., патрабавала склікання нацыянальнай юрыдычнай рады (conventus justitiae), якая была павінна сабраць усе законы, зрэфармаваць іх, уніфікаваць, кадыфікаваць і прывесці ў дзейнасць; гэта была праграма замацавання на вякі і практычнага ажыццяўлення ўсяго комплексу арыстакратычных прывілеяў, вырваных ў манархіі за апошнія два стагоддзі. Да гэтае прапановы было далучана патрабаванне “egzekucji dóbr”, г.зн. адкупу каронай адчужаных земляў. Парламент таксама няспынна намагаўся вывесці шляхту зпад юрысдыкцыі касцельных судоў, і ўрэшце гэта яму ўдалося. Першы значны поспех быў дасягнуты парламентамі ў 1538 і 1539 г. у Пётркаве і Кракаве, дзе Жыгімонта I прымусілі паабяцаць, што ён ніколі не будзе парушаць законаў або выдаваць канстытуцыі sua sponte (з уласнае волі); яго таксама прымусілі абвясціць, што абранне ягонага сына ў 1530 г. было незаконным і што па смерці малодшага Жыгімонта новы кароль будзе абірацца з удзелам усяе шляхты. Такім чынам, адзінае, чаго дамогся Жыгімонт, гэта пераняцце пасаду ягоным сынам у 1548 г. без новых выбараў.

Галоўнай праблемаю панавання Жыгімонта II Аўгуста  былі ўздым і прэтэнзіі шляхты, цяпер у значнай меры пратэстанцкай, і доўгая барацьба за Інфлянты і Беларусь з Іванам Жахлівым, якая вымагала шмат грошай; гэтыя клопаты настолькі паглыналі ўвагу ўладара, што ён не меў ні вольнага часу, ні нагоды, каб даць рады канстытуцыйнаму канфлікту. У 1562 г. ён папусціў “экзекуцыю” каронных земляў, незаконна адчуджаных з 1504 г. У 1569 г., калі парламенты каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага злучыліся праз Люблінскую унію, яму не ўдалося перашкодзіць пашырэнню юрыдычных і эканамічных прывілеяў польскае шляхты на ўсё разлеглае Літоўскае гаспадарства. Жыгімонт Аўгуст памёр у 1572 г., не пакінуўшы па сабе сына, які мог бы ўспадкаваць ягоны пасад, і аддаўшы карону на торг моцным і незалежным цяпер магнатам. З гэтае нагоды яны скарысталі з проста катастрафічным поспехам, абавязаўшы абранага імі кандыдата, Генрыха Анжуйскага, як найцвярдзей дэклараваць пашану усіх іхных свабодаў — палітычных, сацыяльных, эканамічных і рэлігійных, якія з брутальнай яснасцю і велізарнай дэталёвасцю былі вызначаныя ў трох дакументах: у Pacta Conventa (“Добраахвотным пагадненні”), у рэлігійнай хартыі, вядомай як “Варшаўская канфедэрацыя”, і ў “Генрыкавых артыкулах”. Гэтыя апошнія падсумавалі перамогу шляхты ў пункце “de non praestanda obedientia” (“пра невыказванне паслушэнства”): “калі кароль будзе дзейнічаць насуперак гэтым правам, вольнасцям, артыкулам і ўмовам, або не будзе іх выконваць, ён гэтым вызваляе шляхту ад паслушэнства і вернасці, якія ад іх яму належаць”. Перамогу польскіх паноў замацавалі далейшыя дынастычныя катастрофы. Генрых Анжуйскі, правёўшы ў Польшчы ўсяго некалькі месяцаў, ухапіўся за магчымасць спадкаваць па сваім браце Шарлі IX французскі каралеўскі пасад, абы ўцячы з нязручнага польскага. Гэта адбылося ў 1574 г. Ягоны абраны наступнік, Стэфан Баторы, князь трансільванскі, за войнамі з Масквой паспеў толькі распачаць атаку на пратэстанцкія супольнасці ў Польшчы; памёршы ў 1586 г., ён таксама не пакінуў сына. Шляхта абрала яму на змену Жыгімонта III, першага з трох каралёў дынастыі Вазаў. Але было ўжо запозна. Польшча апынулася ў моцных руках землеўласніцкае меншыні, страціўшы нагоду здабыць палітычную веліч, магчымую пры яе памерах, багацці і нацыянальным геніі, калі б гэты канфлікт XVI ст. паміж класам і нацыяй быў развязаны інакш.

З трох нацыяў, пра якія ідзецца ў гэтым раздзеле, толькі палякі зрабілі навуковую спробу рацыяналізаваць практыку арыстакратыі. Польскія магнаты і дзяржаўныя чыноўнікі знаходзіліся ў шчыльнейшым кантакце з французскімі, італьянскімі і нямецкімі вучонымі, чымся чэхі, адрэзаныя ад гэтых краёў сваёй ерассю, або мадзьяры з іх менш развітаю культурай і клопатамі аб турэцкай навале. Звесткі пра мадзьярскую і чэшскую палітычную тэорыю даводзіцца па драбніцы выбіраць амаль выключна з “Кніг Законаў”, напісаных такімі Брэктанамі XVI ст., як Віктарын Карнэль з Вшэгрду (Victorin Cornel) і Іштван Вэрбёцы (István Verböczy). Карнэлева кніга, “Пра законы Чэшскае Зямлі”, была завершаная да 1508 г. Яна складаецца пераважна з апісання таго, якім чынам земскі суд (zemský soud) ажыццяўляе сваю юрысдыкцыю і як выглядае юрыдычная працэдура, звязаная з зямельнымі рэестрамі (zemské desky); у абодвух гэтых цэнтральных землеўласніцкіх органах ён знаходзіць заганы і прапануе рэформы. Карнэль, намеснік сакратара зямельных рэестраў, падыходзіў да праблемаў, шукаючы, як юрыст і бюракрат, эфектыўнасці, і прагнуў скасаваць найбольш абуральныя і адвольныя прывілеі паноў у інтарэсах не толькі дзяржавы, але і сялянаў. Але найбольш славутым і важным юрыдычным трактатам гэтага тыпу быў Tripartitum opus iuris consuetudinarii inclyti regni Hungariae (“Трохчасткавы збор звычаёвага права слаўнага каралеўства Вугоршчыны”) Іштвана Вэрбёцы, складзены паводле патрабавання караля вугорскага Ўласла (Уладыслава) і ўхвалены апошнім у 1513 г. Вугорскі парламент ніколі не прымаў гэтую працу ў якасці статута, але фактычна яна стала вырашальным аўтарытэтам для звычайных судоў і больш за тры стагоддзі ляжала ў аснове вугорскага канстытуцыйнага і прыватнага права. Гаворка ў Tripartitum ідзе перадусім аб праве нерухомай маёмасці, і ўся яго доўгая першая частка, прысвечаная спадчыннаму, канфіскацыйнаму, кантрактнаму, пасажнаму і апякунчаму заканадаўству — гэта чыста звычаёвае права. Вэрбёцы прымае без доказаў, што паходжанне і апраўданне валодання нерухомасцю і звязаны з ім шляхотны статус ёсць узнагарода, дадзеная князем за praeclara facinora (слаўныя ўчынкі), і праз гэтую ўзнагароду ўсталёўваюцца двухбаковыя стасункі: “Бо князя абірае толькі шляхта, і шляхціч атрымлівае сваю шляхоцкую годнасць ад князя”. Другая частка Tripartitum тычыцца судовага працэсу ў крымінальных справах і адкрываецца абмеркаваннем заканадаўчае ўлады, у якім Вэрбёцы кажа, што фундаментальныя законы (constitutiones) могуць стварацца толькі ў супрацоўніцтве князя з народам, і што такія законы “абавязваюць у першую чаргу самога князя, які даў іх народу на яго (народа) патрабаванне, згодна з прынцыпам: „Спаўняй закон, які ты сам усталяваў“”. У трэцяй частцы Tripartitum разглядаюцца ніжэйшыя заканадаўчыя органы: Харвацкі і Трансільванскі соймы, камітаты, каралеўскія і парламенцкія гарады, а таксама гільдыі. На заканчэнне ўсяе працы даецца вызначэнне юрыдычнага і судовага становішча прыгонных (jobbagiones), дзе сцвярджаецца, што хоць сяляне мелі раней права змяняць месца жыхарства, гэтае права было ў іх адабрана праз іхнае нядаўняе паўстанне[2] — здраду, якая падпарадкавала іх сваім землеўласнікам mera et perpetua rusticitate (“поўнай і вечнай вясковасцю”).

Польскія паны заўсёды шкадавалі, што ў іх няма такога аўтарытэтнага сцвярджэння сваіх вольнасцяў і прывілеяў, якое Вэрбёцы зрабіў для вугорцаў. У працэсе парламенцкай агітацыі за “выкананне законаў” польскія публіцысты і цывільныя службоўцы стварылі плойму трактатаў і прамоваў, якія ў сукупнасці даюць досыць аднародную тэорыю суверэннасці станаў. Мабыць, найбольш таленавітая праца такога кшталту — “Павучанне пра тое, як стацца добрым уладаром”, адрасаванае Станіславам Ажахоўскім новакаранаванаму Жыгімонту Аўгусту ў 1549 г., пад назовам Subditus Fidelis (“Верны падданы”). Сцвердзіўшы сваю тэзу, што “шляхецкі стан ёсць аснова дзяржавы”, ён кажа далей: “…караля выбіраюць дзеля каралеўства, а не каралеўства існуе дзеля караля. Бо Закон, паколькі ён душа і розум каралеўства, несумненна мацнейшы за каралеўства, а значыць, і за караля. … Таму калі нейкі льсцівы трыбаніец або ульпіец у рымскай службе кажа табе, што ты ў тваёй дзяржаве найвышэйшы, запярэч на гэта і скажы яму, што ў тваёй краіне пануе закон”.

Ажахоўскі цалкам перакананы, што Польшча — адзіны прытулак свабоды. У сваёй прамове 1553 г. “Oratio ad equites Polonos” (“Прамова да польскае шляхты”) ён пытаўся: “Ці можаце вы паказаць мне вольную краіну, якую вы бачылі або пра якую чулі, апрача Польшчы? … Чэхі, нашае крыві і роду, ці ж шмат захавалі з сваіх законаў? … Не кажу нічога пра Англію, якая пабачыла, як двух вялікіх светнікаў, яе сенатараў, Джона біскупа Рочэстарскага і Томаса Мора, сцінае сякера ката”.

Найвялікшым дасягненнем палітычнае думкі, якую стымуляваў польскі канстытуцыйны эксперымент XVI ст., быў трактат Анджэя Фрыча Маджэўскага “De Republica Emendanda” (“Пра ўдасканаленне Рэчы Паспалітае”), напісаны ў 1551 і апублікаваны ў 1558 г. Ён пачынаецца з цыцэронавага вызначэння дзяржавы і ідэалу мяшанага дзяржаўнага ладу. Кароль павінен быць выбарны, прычым абірацца павінен не за сваё нараджэнне, а за веданне майстэрства дзяржаўнага кіравання: “І паколькі каралі польскія не родзяцца, але з дазволу ўсіх станаў бываюць абіраныя, то не выпадае ім так тае ўлады ўжываць, каб паводле ўласнае волі або законы ўсталёўваць, або падатак на падданых накладаць… Бо яны ўсё чыняць або паводле грамадскае згоды ўсіх станаў, або паводле заканадаўчых абмежаванняў…”.

Ніякі закон не можа быць прыняты, не маючы ўхвалы шляхецкага стану (ordo equestris) і сенату. Як на станах ляжыць абавязак ратаваць дзяржаву ад небяспекі каралеўскае тыраніі, так і кароль павінен перашкаджаць несправядліваму ажыццяўленню алігархічных прывілеяў. Маджэўскі не абмяжоўваецца абстрактнай тэорыяй; значная частка ягонае кнігі прысвечаная выкладу станоўчых функцыяў добраўпарадкаванай дзяржавы: забеспячэнню адукацыі, кантролю над гандлем, клопату пра бедных. Ёсць раздзел (I, XVIII) пра абавязак дзяржавы будаваць працоўныя дамы, які мог бы быць напісаны самім Эдвінам Чэдвікам (Edwin Chadwick, 1800—1841). Ягонае сумленне непакоіў той факт, што Польшча, у адрозненне ад Нямеччыны, дазваляла прыгон. Зноў і зноў ён настойвае, што закон — не проста арыстакратычны прывілей, ён павінен быць роўны для ўсіх: “Калі мы пазбавім прыгонных права клікаць сваіх паноў да адказнасці, мы пазбавім іх усялякае вольнасці. Калі мы дамо панам права судзіць сваіх прыгонных у сваіх інтарэсах, мы знішчым прынцып справядлівага суда”. Трактат De Republica Emendanda сканчаецца палкай атакай на фіскальную сістэму, паводле якой паны, самі вольныя ад падаткаў, ускладаюць усе кошты нацыянальнае абароны на плечы ўбогіх сялянаў. Вера Маджэўскага ў тое, што калі б гарманічны дзяржаўны лад польскай Рэчы Паспалітае ўдалося ачысціць ад несправядлівасцяў, яна стала б найдасканалейшай з дзяржаваў, магчыма, была хаўтурным словам над сярэднявечнай Еўропай; але адначасна яна нясе ў сабе ідэю дзяржавы, у якой пануе справядлівасць, а пажытак паспаліты — найвышэйшая мэта ўрадa і законa.

Публікацыя і ўступ Алеся Белага.
З ангельскай пераклаў Мікола Раманоўскі.


[*] Вялікі пажар у Празе 2 чэрвеня 1541 г., у якім, у прыватнасці, загінуў сын Францішка Скарыны Францішак.
[1] Месты таксама былі прадстаўленыя ў парламентах Сілезіі і Лужыцаў. Таксама варта згадаць, што ў адрозненне ад самой Чэхіі, у парламентах Маравіі, Верхняй і Ніжняй Сілезіі і Верхніх (але не Ніжніх) Лужыцаў існавалі асобныя палаты каталіцкіх пралатаў.
[2] Дожы 1514 г.

Наверх

Tags: , , , ,