Новы нумар


Рудовіч, Станіслаў. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 (Валянціна Лебедзева)


Рудовіч, Станіслаў C. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 г. Мінск, 2001. 200 c.

Нягледзячы на значную цікавасць сучасных даследчыкаў да праблемы барацьбы за дзяржаўна–нацыянальнае вызначэнне, яе распрацоўка на сёння не прывяла да стварэння грунтоўных абагульняльных прац. У адрозненне, прыкладам, ад Украіны, у нас няма нават нарысаў і біяграфічных даведнікаў пра дзеячаў нацыянальнага руху. Таму выхад працы Станіслава Рудовіча — вельмі заўважная для сучаснай гістарыяграфіі з’ява.

У кнізе ўтрымліваецца ўзважаны гістарыяграфічны аналіз: вызначаны асноўныя этапы і вынікі даследавання праблемы, эвалюцыя канцэпцый і ацэнак. Аўтар слушна заўважае, што, нягледзячы на пераўтварэнне тэмы ў цэнтральную ў вывучэнні гісторыі Беларусі ХХ ст., сённяшнія даследаванні застаюцца на эмпірычным узроўні. Праблема самавызначэння Беларусі разглядалася ў асноўным „знутры“, адарвана ад міжнароднага кантэксту, агульнаеўрапейскага нацыянальнага пытання. Агаворваючы пры гэтым, што прадметам даследавання з’яўляюцца палітычныя аспекты беларускай праблемы і прэтэндуючы на пераадоленне „адзначанай звужанасці“ і падвышэнне тэарэтычнага ўзроўню даследавання, аўтар ставіць на мэце аналіз беларускага пытання „ў яго ўзаемасувязях з агульнарасійскімі і міжнароднымі працэсамі“. Зместам гэтых працэсаў аўтар уважае расійскія рэвалюцыі 1917 г., таму аддае ўвагу метадалагічнай праблеме вызначэння іх сутнасці, але заўважым, што гэтае пытанне займае досыць сціплае месца ва ўводзі­нах да манаграфіі і замест уласна аўтарскіх меркаванняў абмяжоўваецца спасылкамі на апошнія вы­сновы і канстатацыі расійскіх гісторыкаў.

Метадалогію даследавання склаў праблемна–храналагічны падыход, што вызначыла падзел працы на 3 раздзелы паводле галоўных падзей–працэсаў расійскай рэвалюцыі — падзенне самаўладдзя, разгортванне палітычнай барацьбы па нацыянальным пытанні з лютага да кастрычніка 1917 г. і, нарэшце, праблема лёсу Беларусі пасля кастрычніцкага паўстання.

Варта звярнуць увагу на грунтоўную крыніцазнаўчую базу працы, асабліва на выкарыстанне перыёдык — як беларускіх, так і расійскіх. Аўтар не ігнаруе таксама і крыніцазнаўчую ролю савецкіх выданняў, выкарыстоўваючы факты, лічбы, статыстычныя выкладкі і г.д. Хоць, на наш погляд, даставернасць такога кшталту матэрыял па­трабуе праверкі новымі методыкамі. Можна заўважыць таксама, што выкарыстаная аўтарам расійская літаратура належыць у большасці да савецкага часу або перыяду да сярэдзіны 90–х г.

Стартавым пунктам даследавання стала вызначэнне палітычнага становішча Беларусі пасля падзення самаўладдзя. Аўтар прасочвае размежаванне палітычных сілаў і станаўленне грамадска–ўладных інстытуцый на тэрыторыі неакупаванай германскай арміяй часткі Беларусі. Найбольш удалай тут стала спроба вызначыць прычыны замаруджвання працэсу нацыянальна–палітычнага самаўсведамлення беларусаў, якія падзяляюцца на гістарычныя і сітуацыйныя — выкліканыя наступствамі Першай сусветнай вайны і прыфрантавога становішча Беларусі.

Сярод першых аўтар пералічвае зацверджаныя ўжо ў літаратуры адмоўныя фактары, такія, як адсутнасць „нацыянальнай дзяржаўнасці“ (хоць, на наш погляд, ва ўмовах Расійскай імперыі можна ў лепшым выпадку ўважаць толькі пэўную форму нацыянальна–тэрытарыяльнай аўтаноміі накшталт фінскай ці польскай, і становішча беларусаў у гэтым сэнсе зусім не было адметным); рэлігійна–канфесійны падзел насельніцтва; русіфікатарская палітыка царызму; этнакультурная блізкасць да суседніх, больш моцных нацый як фактар асіміляцыі. Разам з тым, звяртаецца ўвага таксама на тэрытарыяльнае становішча Беларусі ў складзе Расіі, адсутнасць непасрэднага „выхаду“ да суседніх дзяржаў, што, на думку аўтара, абцяжарвала ўсведамленне беларусамі сябе як самастойнага этнасу і магчымага суб’екта міжнародных адносін. Большага ана­лізу, на наш погляд, заслугоўвае такая прычына, як недахват нацыянальнай, у першую чаргу эканамічна–інтэлектуальнай эліты, хоць у тэксце канстатуецца адсутнасць вышэйшых навучальных устаноў і дэнацыяналізацыя выпускнікоў расійскіх універсітэтаў.

Можна пагадзіцца з аўтарам, што дзеянне гэтых фактараў, павялічанае ва ўмовах вайны моцнымі іншаэтнічнымі міграцыямі, пераўтварыла пострэвалюцыйнае беларускае грамадства ў стракаты нацыянальна–палітычны кангламерат, пры структураванні якога пад уздзеяннем рэзкай змены палітычнай сітуацыі беларускі элемент заставаўся досыць аморфным.

Зыходзячы са слушнай пасылкі, што пасля падзення царызму галоўным суб’ектам палітычнага жыцця становяцца не новыя ўладныя структуры, а расійскія палітычныя партыі, аўтар прысвячае спецыяльны раздзел аналізу праграм па нацыянальным пытанні найбольш значных агульнарасійскіх партый — ад кансерватыўна–чарнасоценных да ліберальных і сацыялістычных. Нарыс параўнання іх пазіцый прыводзіць да высновы аб адмаўленні ўсім расійскім партыйным спектрам нацыянальнага развіцця як цывілізацыйнай каштоўнасці. Неабходнасць рэагаваць на яго была абумоўлена нарастаннем нацыянальных рухаў, і ў залежнасці ад моцы і размаху апошніх станавілася прадметам стратэгічных або тактычных уступак.

Раздзел, прысвечаны пачатковаму перыяду арганізацыйнага станаўлення беларускага руху, уяўляе сабой ці не першую падрабязную хроніку зараджэння і дзейнасці нацыянальных арганізацый, утрымлівае новыя цікавыя факты і характарыстыкі. У прыватнасці, новую рысу драматызму дадае паказ варожа–нігілістычнай пазіцыі сімвала народніцкай дэмакратыі 70–х г. С.Каваліка. Аўтар паказвае, што ўзнікненне Беларускага нацыянальнага камітэта як кіраўнічага цэнтра нацыянальнага руху на этнічнай тэрыторыі было зусім не тэхнічнай справай, а азначала спалучэнне палітычнага чынніка з сацыяльнай базай руху. Яго дзейнасць дэманстравала значны палітычны і інтэлектуальны патэнцыял нацыянальнай ідэі. Хроніка першых крокаў руху дэманструе імклівае, літаральна на працягу некалькіх тыдняў, выспяванне праграмных падыходаў: ад нацыянальна–культурнага адраджэння да дзяржаўніцка–аўтанамісцкага. На наш погляд, ацэнка аўтарам кампетэнцыі Беларускага нацыянальнага камітэта як краёва–ўладнай з’яўляецца перабольшаннем. Тым больш, што прыве­дзены матэрыял пацвярджае яго ролю найперш як палітычна–інтэлектуальнага цэнтра і каардынатара руху — гэта адпавядала тагачаснай стратэгіі. Аўтар звяртае ўвагу на адсутнасць канфрантацыі розных палітычных сілаў як унутры руху, так і адносна яго, што, пэўна, было не толькі праявай „вясны расійскай дэмакратыі“, а паказвала аб’ектыўную неабходнасць пошуку краёвай мадэлі самаідэнтыфікацыі. Такім чынам, ствараўся шанс для беларускага руху стаць цэнтрам аб’яднання ўсіх зацікаўленых грамадска–палітычных сілаў, як гэта адбылося з нацыянальнымі рухамі суседніх краёў — Польшчы, Літвы, на гэтым этапе і Ўкраіны.

Асобны параграф манаграфіі прысвечаны такой маладаследаванай і складанай з’яве, як заходнерусізм. Яго аўтар уважае не толькі грамадска–палітычнай плынню, але і формай этнічнай самасвядомасці пэўных пластоў мясцовага жыхарства, сродкам сацыяльна–канфесійнай кансалідацыі праваслаўных дробна–ўласніцкіх і інтэлігенцкіх колаў, апазіцыйных да польскага абшарніцтва і яўрэйскага гандлёва–прамысловага капіталу, якія шукалі апякунства Расіі. Асноўны падыход да аналізу заходнерусізма ў рабоце не выходзіць за межы прапанаванай яшчэ А.Цвікевічам тэзы аб яго іманентнай супярэчлівасці. Разгляданыя С.Рудовічам арганізацыі кладуцца на схему: правыя (віцебскі Беларускі народны саюз і праваслаўны клір), цэнтр (гомельскі Саюз беларускай дэмакратыі), левыя — аршанская арганізацыя, Беларуская народная грамада ды інш. Такім чынам ілюструецца заяўленая ў назве параграфа нібыта нявызначаная пазіцыя заходнерусізма: „паміж імперскасцю і беларускай ідэяй“. Аднак сваімі разважаннямі аўтар паказвае, як крушэнне імперскай апоры 1917 г. стала моцным фактарам пераарыентацыі гэтай плыні на ўласнакраёвыя сілы, вынікам чаго становіцца нараджэнне ў яе ўлонні ідэі „абласніцтва“, што аб’ектыўна азначала „найважнейшую перадумову дзяржаўнасці“ і збліжэнне левацэнтрысцкага крыла заходнерусізма з беларускім рухам.

Апошняя частка другога раздзела працы прысвечана пошукам аптымальнай канцэпцыі самавызначэння і кансалідацыі нацыянальных сілаў. Як і ў іншых раздзелах, моцным бокам аўтара тут з’яўляецца хроніка падзей, багатая факталагічная база. З намаляванай аўтарам карціны яскрава вынікае, што ў справе пошуку мадэлі нацыянальнага самавызначэння ў перыяд паміж лютым і кастрычнікам 1917 г. асноўным фактарам з’яўлялася пазіцыя суседніх народаў Беларусі, найперш літоўцаў і расіян. Няспеласць нацыі і слабая нацыянальная свядомасць мелі сваім вынікам недастатковую сацыяльную базу (у раздзеле гэта яскрава праілюстравана акцыямі неўспрыняцця нацыянальных патрабаванняў беларускім сялянствам і настаўніцтвам) і палітычную нерашучасць беларускага руху, яго імкненне да трывалага саюзніцтва з больш моцнымі суседзямі і вельмі павольную эвалюцыю праграмна–дзяржаўных мэтаў: ад абласніцтва да аўтаноміі і федэрацыі. Заўважым, што ня­гледзячы на задэклараваную ў назве параграфа задачу, аўтар не ацэньвае аптымальнасці названых канцэпцый самавызначэння і канстатуе вострую актуальнасць фармавання агульнанацыянальнага фронту „на грунце краёвага патрыятызму“ напярэдадні бальшавіцкага перавароту. На жаль, не прапанаваны і ідэі, якія маглі б увасобіць патрыятычную праграму, здольную аб’яднаць такія розныя сілы, як адраджэнцы і заходнерусы.

Аўтар паказвае, як пасля прыходу да ўлады бальша­вікоў абвастрэнне палітычнай барацьбы ў краіне і актывізацыя працэсаў дзяржаўна–нацыянальнага самавызначэння суседніх народаў, асабліва іх прэтэнзіі на беларускія землі, выклікалі пашырэнне і кансалідацыю свядомых нацыянальных сілаў восенню 1917 г. Пры гэтым працэс ішоў парадаксальна: больш дынамічна ён адбываўся па–за межамі Беларусі, у бежанскіх, франтавых і падобных асяродках. На этнічна беларускіх землях ён здабываў пры­знанне з цяжкасцю. У выніку беларускі рух ні колькасна, ні палітычна не быў дастатковым для пераймання ўлады пасля крушэння Часовага ўраду, што паказалі ў тым ліку і выбары ў агульнарасійскі Ўстаноўчы сход, у якіх беларускія партыі атрымалі менш за 1% галасоў. Аднак не толькі слабасць нацыянальных сілаў стала прычынай умацавання ў краі бальшавікоў. С.Рудовіч здолеў раскрыць прагматычна–цынічны механізм ператварэння ў агульнакраёвую ўладу заходнефрантавых бальшавіцкіх сілаў, прычым ва ўмовах фактычнай ліквідацыі самога фронту. Крытычны аналіз прадстаўніцтва на вядомых лістападаўскіх сялянскіх, армейскіх і рабочых з’ездах, а таксама партыйна–нацыянальнага складу Аблвыканкамзаха прыводзіць да высновы аб свядомай недэмакратычнасці і фармальнасці іх фармавання, што рабілася для забеспячэння абсалютнай перавагі немясцовага элемента, які цураўся інтарэсаў Беларусі.

Асобны радзел у манаграфіі прысвечаны цэнтральнай падзеі ў гісторыі нацыянальнага самавызначэння 1917 г. — снежаньскаму Ўсебеларускаму з’езду. Заслугай аўтара стала ўдалая спроба факталагічнага ўдакладнення і канцэптуальнага аналізу з’езда з улікам уведзеных апошнім часам у навуковае карыстанне новых дакументальных і мемуарных крыніц. Падрабязны разгляд падрыхтоўкі і працы форума, яго фракцыйнага падзелу і палітычных арыентацый прыводзіць да некаторых канцэптуальных высноваў. Даследчык паказаў, што ўзнікненне як унутры беларускага руху так і па–за ім некалькіх цэнтраў, што ініцыявалі правядзенне з’езда, сведчыла аб наспеласці яго ідэі і ў той жа час з непазбежнасцю пераўтварала яго ў поле вострай палітычнай барацьбы. Цікавай, на наш погляд, падаецца думка аўтара, што канкурэнцыя дзвюх галоўных палі­тычных арыентацый — беларуска–радавай і абласніцка–заходнерускай — стала не толькі працягам папярэдняга размежавання, але і адлюстраваннем спрадвечнага цывілізацыйнага разлому паміж захадам і ўсходам, які праходзіў па Беларусі. Як і ў іншых выпадках, аўтару ўдаецца праілюстраваць гэтую тэзу адзінай, але вельмі сімптаматычнай дэталлю — пэўна інтуітыўным, але шчырым прызнаннем аднаго з дэлегатаў–абласнікоў у „захадафобіі“. Абгрунтаваным падаецца таксама меркаванне даследчыка наконт таго, што заслуга з’езда заключалася зусім не ў кансалідацыі нацыянальных сілаў і сцвярджэнні дзяржаўна–незалежніцкай праграмы, як гэта часам падаецца ў навуковай і папулярнай літаратуры. Яго роля палягала ў рэалізацыі першай гістарычнай магчымасці па–рознаму скіраваных палітычна, але арыентаваных на беларушчыну сілаў супольна абмеркаваць лёс радзімы і самастойна зрабіць свой выбар. Рашэнні з’езда па пытанні самавызначэння былі не толькі тактычным кансэнсусам, але і паказчыкам узроўню дзяржаўна–палітычнай спеласці беларускай нацыі ў пачатку ХХ ст., якая была яшчэ не падрыхтаванай для поўнага суверэнітэту і незалежнасці, але ўсвядоміла сябе суб’ектам гістарычнага працэсу.

Валянціна Лебедзева

Гомель

Наверх

Tags: , ,