Новы нумар


Рышард Радзiк. Палякi – беларусы: узаемныя стэрэатыпы ў XIX-XX ст. (да 1939 г.)

Перыяд Расейскай iмперыi

1. Польскiя стэрэатыпы беларусаў

У ХIХ ст. узаемаадносiны палякаў i беларусаў прынцыпова рознiлiся ад сучасных. Палякi не ўспрымалi беларусаў як нацыянальна чужую супольнасць[1]. Суб’ектыўна адчуваныя культурныя адрозненнi паступова павялiчвалiся пасля скасавання унiяцтва, паразы паўстання 1863-1864 г., разам з узмацненнем пазiцыяў праваслаўя. Культурная рознасць пачала ўспры-мацца як нацыянальная толькi ў XX ст., адначасова з трансфармацыяй палiтычнай, пазаэтнiчнай iдэi польскага народа ў культурную, моўна-этнiчную i з ўзнiкненнем беларускага нацыянальнага руху.

Насельнiцтва, называнае беларускiм, – гэта ў першай палове ХIХ ст. жыхары Вiцебскай, Магiлёўскай i ўсходняй часткi Менскай губерняў (усход сённяшняй Беларусi) – часткi Вялiкага Княства Лiтоўскага (далей – ВКЛ). Паняцце “беларус” мела тады тапанiмiчны, а не этнiчны характар[2]. Жыхары цэнтральнай i заходняй Беларусi называлiся “лiцвiнамi”, гэтае найменне таксама мела пазаэтнiчны характар i гаварыла пра колiшнюю дзяржаўна-палiтычную прыналежнасць да ВКЛ. У другой палове мiнулага стагоддзя акрэсленне “беларусы” пашырылася на захад Беларусi i паступова набыло этнiчны характар. Працэс гэты скончыўся толькi ў Беларусi Савецкай.

Каго ў XIX ст. лiчыць беларусам? Гэта сапраўды праблема, бо сённяшнiя крытэрыi падзелу вельмi розняцца ад тагачасных: шляхта лiчыла сябе “gente Lithuani (Rutheni), natione Poloni”, звычайна дробная шляхта ў штодзённым жыццi размаўляла па-беларуску, а па-польску толькi па святах. Беларускамоўныя сяляне-каталiкi акрэслiвалi сябе як людзей “польскай веры”, або проста як палякаў (гэта не значыць, што ўжо ў тыя часы яны былi нацыянальна свядомыя), а праваслаў-ныя вяскоўцы лiчылi сябе “рускiмi”, -пасоўваючыся ж па сацыяльнай лесвiцы, усё часцей пачувалiся расейцамi.

Пра тагачаснае беларускамоўнае насельнiцтва (пераважна сялянаў) мы даведваемся з апiсанняў сучаснiкаў – перш за ўсё абшарнiкаў, якiя жылi побач, ад нешматлiкiх даследнiкаў, а таксама сялян-перасяленцаў, найчасцей званых “мазурамi”. Крынiцаю звестак была багатая мемуарная i мастацкая лiтаратура (Ю.Крашэўскi, Э.Ажэшка, Ё.Вайсэнгоф), а з 1905 г. i мясцовая прэса. На працягу саракагоддзя пасля паўстання 1863-1864 г., калi на тэрыторыi былога ВКЛ i Украiны дзейнiчала забарона на польскамоўны друк, допiсы з Беларусi з’яўлялiся ў польскай прэсе Кангрэсавага каралеўства, а таксама тэрыторыяў, анексаваных Прусiяй i Аўстрыяй. Гэтыя карэспандэнцыi хутчэй сведчылi пра iснаванне стэрэатыпаў на Беларусi, чым пра тое, што яны, гэтыя стэрэатыпы, мелi месца ў Кракаве цi Познанi.

У 1817 г. Мар’я Чарноўская (Czarnowska) так пiсала пра праваслаўных сялянаў (некалi унiятаў) Магiлёўшчыны: яны “выконваюць усё тое, чаму iх навучылi запаветы продкаў, i з аднолькавай пабожнасцю выконваюць як паганскiя, так i хрысцiянскiя абрады, спалучаючы часта першае з другiм. [...] Яны не могуць растлумачыць нi значэння, нi прычыны таго, што робяць. Увесь адказ, што так рабiлi нашыя (iх) продкi i так казалi старыя людзi”[3]. Даследнiкi i землеўладальнiкi, якiя што-дня сутыкалiся з сялянамi, часта пiсалi пра iх рэлiгiйны рытуалiзм, павярхоўнасць веры, iндыферэнтнасць i нават схiльнасць да атэiзму (у палешукоў); асаблiва гэта датычыла праваслаўнага насельнiцтва, яшчэ нядаўна унiяцкага, якое было ў значна меншай ступенi прывязанае да сваёй рэлiгii, чым сталыя ў сваёй веры рыма-каталiкi. Гэтак было як у ХIХ, так i ў ХХ ст. Да таго ж увесь час падкрэслiвалася нiзкая ступень асветы ў народзе, нiзкi ўзровень ягонай гiстарычнай i грамадскай свядомасцi, сялянская апатычнасць, баязлiвасць, асцярожлiвасць, падатлiвасць[4], часам хiтрасць, схiльнасць да фаталiзму i прымхлiвасць.

Адначасова абвяшчалася, асаблiва пад уплывам рамантычнай народнасцi, неабходнасць пазнання народу, зблiжэння з iм, выказвалася спачуванне ягонай нядолi, звярталася ўвага на сялянскую галечу – лiчылася, што вёсцы трэба дапамагчы, асаблiва шляхам пашырэння асветы сярод народу; гэтак часам i рабiлася. Ян Чачот пiсаў: “Сяляне нашы – люд добры, лагодны, працавiты, прыстойны – павiнны ўзбуджаць у нас самыя прыхiльныя пачуццi. З iмi мы можам быць шчаслiвыя. Даючы iм за працу рук iхных працу розуму i асветы нашай, мы можам памножыць агульнае дабро. Не варта думаць, што i мы ад iх не маглi б нечаму навучыцца”[5]. Паэту хацелася, каб песнi, якiя ён збiраў i запiсваў, “павялiчвалi тую ўзаемную прыхiльнасць пана i селянiна, ад якой столькi залежыць”[6]. Адносiны памiж селянiнам i панам былi асаблiва iдэалiзаваныя перад скасаваннем прыгону. “Польскi рай”, як заўважае Ян Блоньскi, найчасцей бачылi на лiтоўска-беларускiх “крэсах”[7]. “Дворная супольнасць” мусiла аб’ядноўваць вёску i маёнтак дзеля iх агульнай карысцi. Хоць i заўважалi адрозненнi памiж станамi, аднак доўга нiхто не здагадваўся, што яны могуць ператварыцца ў нацыянальныя. Селянiн з-пад Менску быў для мясцовага землеўладальнiка так сама сваiм, як для мазавецкага шляхцiча быў сваiм “люд з-пад Варшавы”, нягледзячы на тое, што размаўляў на iншай гаворцы i часам належаў да iншага веравы-знання. Шляхецкае ўяўленне пра народ у Рэчы Паспалiтай прымала ягоную шматкультурнасць, таксама як i вертыкальную, ерархiчную структуру грамадства з панам-землеўладальнiкам наверсе, якi патэрналiстычна ставiўся да селянiна, што, згодна з моцна ўкаранёнай феадальнай традыцыяй, знаходзiўся на самым нiзе сацыяльнай лесвiцы.

Паўстанне 1863-1864 г. паказала шмат каму з палякаў маштаб канфлiкту памiж вёскаю i маёнткам. Ядвiга Кеневiч, якая паходзiла з сям’i землеўладальнiкаў, у траўнi 1863 г. апiсвала падзеi, што мелi месца на Мазыршчыне: “Раз’юшаныя сяляне подла падглядаюць, высочваюць, звязваюць i вывозяць уласных паноў, знушчаюцца, калi каго вылавяць у лесе, не прапускаючы анiчога з арсеналу катаў Хрыста”[8]. Несумненна лепшым было становiшча на каталiцкай Вiленшчыне. Леон Васiлеўскi пазней пiсаў: “… да праваслаўных беларусаў пасля 1863 году польская культура не мае нiякага доступу”[9].

Аднак землеўладальнiкi, якiя жылi сярод сялянаў i былi звязаныя з iмi эканамiчна, i надалей жадалi бачыць у iх усё яшчэ нацыянальна блiзкi народ, ставячыся да беларускасцi як да складовай часткi палiтычнай супольнасцi, якая лучыла колiшнюю Рэч Паспалiтую. Такое стаўленне абумоўлiвалася i блiзкасцю беларускiх дыялектаў да польскай мовы, з прычыны чаго iх часта лiчылi непасрэдна польскiмi гаворкамi або пераходнымi памiж расейскiмi i польскiмi. Лягчэй успрымала iдэю культурнага, этнiчна-моўнага народу iнтэлiгенцыя, якая была слаба звязаная з сялянствам эканамiчна i ўвогуле жыла ў гарадох, на адлегласцi ад вяскоўцаў. Iнтэлiгенцыя (як i незаможнае мяшчанства) хутчэй за землеўладальнiкаў выключала з польскага народу праваслаўных. Гэта, аднак, стала вiдавочным толькi пасля 1905 году.

Апiсаннi беларускiх сялянаў другой паловы ХIХ ст. прынцыпова не адрознiвалiся ад тых, што былi зробленыя ў першай палове стагоддзя. У 80-ыя гады карэспандэнт “Dziennika Poznanskiego” паведамляў з Вiльнi: “Беларускi народ на дзiва добры i спакойны. Гэта той матэрыял, з якога любы разумны ўрад мог бы зрабiць усё, што пажадаў бы. Лянотны i iнертны, беларускi селянiн нават i няздольны супрацьстаяць бяспраўю, што, аднак, не значыць, каб у глыбiнi душы ён не меў крыўды на сваiх прыгнятальнiкаў. Нацыянальнай свядомасцi для яго не iснуе, на пытанне, хто ён, беларускi вясковец хутчэй за ўсё адкажа: “Я, паночку, тутэйшы”, як быццам слова “тутэйшы” было для яго альфай i амегай”[10]. У той жа час “Gazeta Rolni-cza” пiсала пра сялянаў з Вiцебскай губернi: “Лепяльчанiн (беларус) – абавязкова земляроб. Адпаведна амаль дапатопнаму ўзроўню апрацоўкi зямлi, ён цiхi, спакойны, нецiкаўны, нават апатычны. Лiчачы, што ўсiм ён абавязаны выключна сiлам прыроды, пакiдае сабе вельмi нязначную частку ў спажываннi сродкаў, неабходных, каб пракармiцца. Вопратка, жытло, усё хатняе акружэнне надта яскрава гаворыць пра стан i характар нашага вяскоўца”[11].

Падзеi 1905-1906 г., рабункi маёнткаў сялянамi не толькi дапамаглi землеўладальнiкам убачыць сiлу класавага канфлiкту на беларускай вёсцы, а таксама выставiлi на першы план тыя рысы мясцовага насельнiцтва, якiя дагэтуль рэдка калi згадвалiся. Iдылiчныя пейзажы вёскi Чачота i Дунiна-Марцiнкевiча дапоўнiлi вiдовiшчы ахопленых полымем сядзiбаў, карцiны рабункаў, забойстваў, учыненых цёмнымi сялянамi. У апошняе дзесяцiгоддзе расейскага панавання з’явiўся новы слой беларускай нацыянальнай iнтэлiгенцыi. Частка польскай грамадскасцi, у тым лiку землеўладальнiкаў, падтрымала беларускi рух (i нават фiнансавала яго), лiчачы, што ён стане перашкодаю для русiфiкацыi Беларусi (асаблiва праваслаўнага насельнiцтва). Спадзявалiся, што гэты рух не будзе насiць антыпольскага характару, а стане саюзнiкам польскасцi. Беларускi землеўладальнiк Эдвард Вайнiловiч, якi фiнансава падтрымлiваў беларускi рух, расчараваны тым, у якiм напрамку гэты рух развiваўся, пiсаў: “Ад беларускiх таварыстваў, пачаткова беручы ў iх i матэрыяльны ўдзел, я заўсёды ўрэшце адыходзiў, бо распачатая ў iх праца ў кiрунку самаспазнавання i нацыянальнага адраджэння (“Лучынка”, “Саха”, “Загляне сонцэ i ў нашэ ваконцэ” i да т.п.) заўсёды пад канец прымала характар i напрамак сацыялiстычны, якому насуперак сваiм перакананням я ня мог патураць”[12].

Эвалюцыя ацэнкi беларускасцi была ў вялiкай ступенi вынiкам змены палякамi нацыянальных катэгорыяў мыслення. Усведамленне пагрозы для польскасцi з боку расейскага захопнiка спрычынiлася да ўзмацнення працэсу атаесамлення польскасцi з каталiцтвам i паступовага дыстанцыявання ад праваслаўных супольнасцяў усходнiх ускраiн былой Рэчы Па-спалiтай. Асаблiва нацыянальныя дэмакраты былi чым далей, тым больш схiльныя бачыць у мясцовых беларускамоўных каталiках польскае насельнiцтва ў сучасным, этнiчна-моўным разуменнi народу, выключаючы з гэтак зразуметай польскасцi жыхароў праваслаўных, асаблiва тых, што лакалiзавалiся кампактна на ўсходнiх абшарах Беларусi (што пазней знайшло адлюстраванне ў Рыжскай дамове). Стаўленне тагачасных палякаў да сваiх беларускiх суседзяў не было аднародным. Юлiуш Бардах вызначыў, акрамя нацыянальных дэмакратаў, тры iншыя палiтычныя плынi ў польскiм грамадстве[13]. Плынь кансерватыўна-землеўладальнiцкая ставiлася да сялянаў патэрналiстычна, беручы за ўзор традыцыi даўняй Рэчы Паспалiтай. “Краёўцы” прымалi культурны i нацыянальны плюралiзм мясцовага грамадства, лiчачы неабходным захаваць усё насельнiцтва краю як непадзельнае цэлае. У той жа час сацыялiсты-iнтэрнацыяналiсты (галоўным чынам СДКПiЛ – Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага i Лiтвы), падкрэслiваючы важнасць класавага падзелу, меркавалi, што рэвалюцыя вырашыць нацыянальныя праблемы ва ўсёй iмперыi.

Абагульняючы, можна канстатаваць, што значную частку ХIХ ст. палякi не ўспрымалi Беларусь як выразна акрэсленую тэрыторыю, населеную, акрамя гарадоў, жыхарствам да-статкова аднародным этнiчна, вiдавочна адрозным ад сваiх суседзяў. Беларусь лiчылася часткаю былога Вялiкага Княства Лiтоўскага з насельнiцтвам, блiзкiм у моўных адносiнах як да палякаў (якое наогул не паважае сваёй “простай” мовы i часта лiчыць, што яна не вартая таго, каб на ёй пiсаць i друкаваць), так i да расейцаў. Пад канец анексiяў гэтае бачанне было ўжо крыху iншае. Беларусь ужо нярэдка ўспрымалася як спецыфiчнае геаграфiчна-культурнае (этнiчна-моўнае) цэлае, аднак гэта не значыла, што яна мае рэальныя шанцы стаць суб’ектам гiстарычных падзеяў, асаблiва ў сепаратна-нацыянальным сэнсе. Усё часцей бачылi таксама цывiлiзацыйны падзел Беларусi на частку заходнюю, каталiцкую, што арыентуецца на польскасць, i ўсходнюю, праваслаўную, якая схiляецца ў бок Расеi: паступова з гэтага рабiлiся палiтычныя высновы. Беларускасць усё яшчэ атаесамлялася з сялянскасцю, недахопам (слабасцю) актыўнасцi, накiраванай на рэалiзацыю ўласных не толькi нацыянальна-дзяржаўных вымогаў, але нават культурных памкненняў у iх невясковым, элiтарным разуменнi. Да Беларусi ставiлiся як да абшару памiж Польшчаю i Расеяй – магчымага аб’екту (але нiяк не суб’екту) сутыкненняў.

2. Беларускае бачанне палякаў

Палякi не бачылi ў беларусах ХIХ ст. насельнiцтва, адрознага ў нацыянальных адносiнах, не таму, што не былi здольныя апераваць катэгорыямi нацыянальнымi, але з тае прычыны, што самi беларусы не лiчылi сябе асобным народам. Таму беларускае насельнiцтва, не ўспрымаўшае сябе ў катэгорыях нацыянальных, не бачыла таксама i ў паляках адзiнага нацыянальнага цэлага, надстанавага, пазакласавага i пазарэлiгiйнага. Апiсваючы даўнейшую польскую супольнасць на Беларусi, даследнiкi вылучаюць: паноў-землеўладальнiкаў, сялянаў, “мазураў”, дробную шляхту, нешматлiкую гарадскую iнтэлiгенцыю, плебс, а таксама – часам – каталiцкiх, хоць i беларускамоўных сялянаў, якiя казалi, што яны “веры польскай”, аднак найчасцей называлi сябе “тутэйшымi”. Для тагачасных беларускiх сялянаў усё гэта былi розныя сацыяльныя групы, а сённяшнiя крытэрыi падзелу накшталт “мы”-беларусы i “яны”-палякi былi для iх наогул далёкiя.

Як заўважае Стэфан Кеневiч, “польскасць у вачах лiтоў-скiх цi беларускiх сялянаў цягам стагоддзяў заставалася раўназначнаю шляхоцкасцi – лiчылася перашкодай на шляху заваявання народнай прыхiльнасцi”[14]. У стаўленнi сялянаў да землеўладальнiкаў, ад якiх яны моцна залежалi не толькi эканамiчна i да якiх мелi шмат слушных цi няслушных прэтэнзiяў, – часта дамiнаваў негатывiзм. Як ужо адзначалася, гэта было абумоўлена не нацыянальна, а класава (станава), часта з усведамленнем культурнай рознасцi – моўнай, нярэдка рэлiгiйнай. Аналiзуючы беларускi фальклор, Марыя Чурак адзначала, што сяляне прыпiсвалi панам жорсткасць, абвостраную чуйнасць да ўсяго, што датычыць iх персоны, няробства, часам наiўнасць i дурасць, а таксама бездапаможнасць, адсутнасць сялянскага спрыту i кемлiвасцi. Пан – герой безлiчы камiчных аповядаў, дзе ён становiцца прадметам высмейвання[15]. “Наогул, нягле-дзячы на дастаткова прыхiльнае стаўленне насельнiцтва да паноў, – пiсала пра палешукоў Эма Яленская (Elenska), сама землеўладальнiца, – яно мае вельмi слабое ўяўленне пра iх маральную вартаснасць. Яны раяць не давяраць, падазраючы паноў у нейкiх незычлiвых намерах, дзiвiцца з iх стылю жыцця: доўга спяць наранiцы, а ўначы сядзяць, ходзяць без усялякай патрэбы то ў лес, то па вёсцы; у iхных “пакоях” панастаўляна розных цацак; яны абсаджваюць дамы дзiкiмi бескарыснымi дрэвамi, каля дарог прыдумляюць “якiе-то штукi”, ездзяць на роварах цi малююць звычайныя старыя хаты. “Нашто iм гэта! От, ведама, паны!” Здаецца iм таксама, што паны нiколi нiчога не робяць, што гэта непатрэбнае на зямлi племя, нездарма ж пустыя каласы, якiя высака трымаюць галовы, заўсёды называюць паны! Нiколi, праўда, у нашых мясцiнах не было следу непрыязнасцi цi бунтарскiх непарадкаў”[16].

Было б перабольшаннем сцвярджаць, што сяляне заўсёды варожа адносiлiся да сваiх паноў. У часы скасавання прыгону селянiн на закiды генерала Назiмава, скiраваныя ў бок паноў, пярэчыў: “Хоць, паночку, кажаш, што паны нас удушылi… але помнiм тожа, што былi i бацькамi, што нам памагалi!”[17]. У той самы час Якуб Гейштар заўважаў: “Тыя, хто валодаў хатамi, адмовiлiся б ад iх, абы толькi быць вольнымi, а сапраўднай волi без шляхецтва не разумелi!”[18] Стаўленне селянiна з-пад Лiды да свайго пана было блiзкае да стаўлення вяскоўца з-пад Люблiна да мясцовага землеўладальнiка. Часам бывала так, што стаўленне гэтае выразна пагаршалася пасля скасавання прыгону, калi ўзмацнiлiся спрэчкi пра сэрвiтуты, выкарыстанне папасаў, лясоў. Iсныя адрозненнi i надалей успрымалiся перш за ўсё як класавыя. У той жа час разам з экспансiяй праваслаўя ў яго расейскiм варыянце паглыблялiся культурныя адрозненнi, якiя, аднак, не ўспрымалiся сялянскiмi масамi ў катэгорыях нацыянальных. Стаўленне да пана было сумессю пачуццяў варожасцi (страху), iронii, зайздрасцi, залежнасцi i несправядлiвасцi, але таксама надзеi на дапамогу ў цяжкiя хвiлiны, у галодную пару (на гэтую дапамогу – да засмучэння сялянаў – нельга было ўжо так моцна разлiчваць пасля скасавання прыгону), пачуцця захаплення сiлаю ягонае ўлады, багаццем, свабодаю i, нарэшце, нягледзячы на iронiю, “вышэйшаю” культураю. У словах, якiмi ў 1907 г. “Наша Нiва” характарызавала стаўленне беларускiх сялянаў да мясцовых землеўладальнiкаў, што засталося актуальным да канца расейскага панавання, – не згадваецца iх этнiчна-нацыянальная прыналежнасць: “”Нi пядзi зямлi мужыком!” Пан усюды астаецца панам i аддаваць мужыком свае зямлi ня любiць, але нiгдзе паны не абараняюць так сваiх маёнткаў, як у нас”[19].

Этнiчна польскае жыхарства, якое наплывала на Беларусь з захаду, а таксама бедную дробную шарачковую шляхту, таксама як i т.зв. будачнiкаў, называлi найчасцей “мазурамi”. Гэтае насельнiцтва вылучалася сваёй моваю, ладам жыцця, а ў праваслаўным асяроддзi – сваёй каталiцкасцю. Бывала, з часам яно асiмiлявалася мясцовым беларускiм асяроддзем. М.Чурак лiчыць, што ў беларускiм фальклоры мазур паўставаў як чалавек бесклапотны, сварлiвы, грубiян i забiяка, ахвотнiк да забаваў, а яшчэ гультай ды няўклюда ў працы, стварэнне бязглуздае i смешнае[20]. “Тэксты пра мазураў, акрамя хiбаў мазурскае натуры, часта высмейваюць мазурскую гаворку – як вымову, так i словы”[21]. У той жа час аб’ектамi кпiнаў у адрас малазямельнай шляхты былi “шляхоцкая пыхлiвасць, самаўпэўненасць, няправiльнае маўленне i тытуламанiя; апошняе выяўлялася ў празмернай любовi да тытулаў, у iх ужываннi не да месца i не да часу”[22]. Як вядома, малазямельная шляхта часта не адрознiвалася заможнасцю ад суседзяў-сялянаў.

Беларускi даследнiк Павел Церашковiч прааналiзаваў больш за 200 беларускiх iдыёмаў, прысвечаных iншым народам. Палякi выглядалi не найгоpш на фоне iншых, асаблiва на фоне расейцаў (“маскалёў”), i выступалi пад найменнямi “ляхi”, “палякi”, “варшавякi”, “мазуры”, “паны”. “Успрыманне этнiчных палякаў вызначалася, – як мяркуе Церашковiч, – дастаткова выразнай прыхiльнасцю, зрэшты, яно не было пазбаўленае iронii. Палякi вызначаюцца адвагаю (“мазуру бiцца, так як людзям хлеб з маслам з’есць”, “мазур каб i смерць угледзеў, то не ўтоiцца”), пачуццём годнасцi (“варшавяк як галодны, то свiшча” цi “варшавяк як есцi хоча, то палкаю круцiць i свiшча”) i ў той жа час схiльнасцю да гультайства (“мазур то анно да гуляння зух”). Пры гэтым мазур не здаваўся страшным, не рэпрэзентаваўся як няпрыяцель, у адрозненне ад расейца цi габрэя, а выстаўляўся хутчэй у камiчным святле (“гэтыя мазуры ўсё то на кпiны зроблены”)”. Разам з тым агульная ацэнка палякаў, сфармаваная галоўным чынам пад уплывам стаўлення да паноў-землеўладальнiкаў, была значна больш крытычная, хоць i абумоўленая не этнiчна (нацыянальна), а сацыяльна[23].

Трэба згадаць групу пецярбургскiх народнiкаў, паходжаннем з Беларусi, якiя ў 1884 г. выпусцiлi два нумары нелегальнага часопiса “Гомoн”, а таксама некалькi iншых выданняў, пры-свечаных беларускай праблематыцы. Гэтае кола мiжволi стала стваральнiкам беларускай нацыянальнай iдэi, сфармуляванай, трэба прызнаць, па-расейску, аднак цiкавай сваiм зместам. У тэкстах народнiкаў (шмат хто з iх паходзiў з праваслаўных сем’яў Усходняе Беларусi, часам з сацыяльных нiзоў) амаль адсутнiчае крытыка ў адрас праваслаўя (праўда, яно тут не атаесамляецца адназначна з расейскасцю), але з iх боку нярэдка гучыць дастаткова рэзкая крытыка каталiцтва, якое звязвалася ў iх з польскасцю. Яны сцвярджалi, што паланiзацыi падлеглi найперш вышэйшыя сацыяльныя слаi, а народ – у значна меншай ступенi. Паляк, перш за ўсё, успрымаўся iмi як землеўладальнiк-каталiк. Лiчылася, што беларуска-польскi канфлiкт мае класавую (i рэлiгiйную) глебу. Гоманаўцы ўпершыню пабачылi беларускасць такою, якою пазней ўяўлялi яе за Саветамi. Для такога погляду было характэрна iмкненне да саюзу з Расеяй, карыстанне расейскаю мовай пры абмеркаваннi беларускай праблематыкi, шчыльнае спалучэнне беларускасцi з сацыяльнаю свабодай, дыстанцыяванне ад польскасцi i каталiцтва[24].

Пасля 1905 г. склалася адносна невялiкае кола беларускай iнтэлiгенцыi, згуртаванай галоўным чынам вакол некалькiх беларускiх перыёдыкаў i выдавецтваў, найперш вакол “Нашай Нiвы” (1906-1915). Адным з элементаў фармуляванай у той час беларускай нацыянальнай iдэалогii, легальна прапагандаванай праз шматтысячныя наклады газетаў, брашураў i календароў, было стаўленне беларусаў да палякаў. Упершыню на беларускiх землях беларусы аднеслiся да палякаў як да класава дыферэнцыяванай нацыянальнай супольнасцi, упершыню такое стаўленне да палякаў выходзiла за межы штодзённага досведу селянiна, мела iдэалагiчны, комплексны характар i вынiкала са стваранай нацыянальнай праграмы. У выдадзенай у 1910 г. “Кароткай гiсторыi Беларусi” палякам закiдалася шматвяковая паланiзацыя, да iх ставiлiся як да непрыяцеляў беларусаў[25].

Галоўнае беларускае нацыянальнае выданне “Наша Нiва”, беручы пад увагу мясцовыя рэалii, спрабавала падкрэслiваць выгады ад сувязяў з двума вялiкiмi суседнiмi народамi – расейцамi i палякамi[26], адначасова дыстанцуючыся ад iх у нацыянальным сэнсе, выяўляючы ўласную адметнасць. “Карысць ад палякоў вiдаць ужо i ў тым, – пiсала ў 1908 г. “Наша Нiва”, – што ў нашым краi сельская гаспадарка лепей нарыхтована i стаiць выжэй, як у Расеi. Так сама ў тых губернях Беларусi, гдзе многа палякоў, граматных больш, як у iншых. Палякi народ практычны, i ад iх шмат чаго могуць навучыцца беларусы”[27]. У той жа час палякам прыпiсвалася iмкненне паланiзаваць Беларусь (а расейцам – русiфiкаваць)[28]. Палякам закiдалася i тое, што яны схiльныя атаесамляць каталiцкасць з польскасцю: “…бачым, – пiсала “Наша Нiва”, – што польскiе газэты не знайшлi ў Вiльнi нiводнаго каталiка-беларуса”[29]. Часам прыводзiлiся прыклады выказвання палякаў супраць адра-джэння беларушчыны; выказвалася думка, што маёнткi на Беларусi “не спаўняюць сваёй культурнай мiсii”, не шыраць беларускае нацыянальнае свядомасцi[30]. Аднак рэдка з’яўлялiся настолькi негатыўныя характарыстыкi палякаў, як наступная: “Паляк – чалавек легкадумны, лiслiвы i хiтры. Ён любiць выстаўляцца i ўдаваць пана, гэта найменш дэмакратычны народ сярод славянаў”[31]. Часам чулiся скаргi, што для сялянаў беларуская мова – “гэта “хамская” брыдкая мова, дык лепей чытаць польскiе газэты”[32]. Выказвалiся прэтэнзii таксама i да дробнай шляхты, якая наштодзень гаварыла па-беларуску, аднак наогул мела сябе за палякаў. “Многа каля нас дробнай шляхты, – пiсалi ў газэту з Барысаўскага павету. – Усе яны каталiкi; гавораць дома па-беларуску, а толькi часам, як паявiцца чужы чалавек, то пробуюць гаварыць па-польску, але гэта нявельмi добра выходзiць”[33]. З большаю сiмпатыяй ставiўся да палякаў каталiцкi “Беларус” (1913-1915), якi тым не менш лучыў беларускамоўных каталiкоў з культурнай i нацыянальнай беларушчынай.

Стэрэатып паляка, што фармаваўся сярод iнтэлiгенцыi “нашанiўскага” перыяду, быў фрагментарны, дэкляраваныя iм iдэi слаба ўплывалi на мужыкоў. Гэты стэрэатып галоўным чынам меў рысы, якiя можна было назiраць у вышэйшых слаях – у шляхты (як заможнай, так i дробнай) i ў iнтэлiгенцыi. Змест гэтага стэрэатыпу залежаў ад беларускай ацэнкi стаўлення палякаў да ўласных нацыянальных памкненняў як на тады, так часам i ў далёкай мiнуўшчыне (такое гiстарычна-iдэалагiчнае, нацыянальнае бачанне не было ўласцiвае сялянам ХIХ ст.). Напаўненне гэтага стэрэатыпу перадвызначалася таксама i станоўчымi ды адмоўнымi рысамi, традыцыйна прыпiсванымi вышэйшым слаям (незалежна ад нацыянальнага кантэксту гэтых рысаў). Такiм чынам, на першы план выходзiў не толькi класавы канфлiкт (якi i надалей абумоўлiваў стаўленне мясцовых сялянаў да пана-паляка), але таксама падкрэслiвалася па-гроза паланiзацыi i атаесамленне польскасцi з каталiцтвам. У параўнаннi з расейцамi, у палякаў бачылi мацнейшую сувязь з еўрапейскаю культурай, вышэйшы ўзровень гаспадаркi, асветы, любоў да свабоды, а таксама часта празмерную пыхлiвасць – часам нават гратэскавую, адзначалiся праявы пагарды да маладой беларушчыны або паблажлiвае стаўленне да яе. Стэрэатыпы ва ўмовах, што характарызавалi нацыянальна-класавы склад грамадства Беларусi, узнiкалi на стыку дзвюх культураў – сялянскай (беларускай) i панскай (польскай). Хiбы палякаў былi хiбамi шляхты – слою, якi ўжо страчваў уплыў на этнiчна польскiх тэрыторых. На Беларусi не было шматлiкiх асяродкаў польскага (польскамоўнага) сялянства. Усё часцей беларусы пачыналi глядзець на палякаў праз прызму культуры расейскай, не зусiм уласнымi вачыма[34]. У часе I сусветнай вайны Казiмер Машынскi (Moszyński) пiсаў: “Кожны рух супраць “паноў”, якi калi-небудзь узнiкне, будзе адначасова накiраваны супраць польскасцi, i наадварот – усялякая барацьба з польскасцю будзе лiчыцца змаганнем супраць маёнткаў”[35].

Ад I сусветнай вайны да 1939 г.

Пасля падзелаў Рэчы Паспалiтай узаемныя польска-беларускiя стэрэатыпы фармавалiся ва ўмовах адсутнасцi ўласных нацыянальных дзяржаў – польскай i беларускай. Гэта быў адзiн з тых фактараў, ад якiх залежаць дачыненнi памiж двума грамадствамi. Стаўленне палякаў i беларусаў да царскiх уладаў было рознае. Аднак не гэта з’яўлялася галоўным фактарам узаемаацэнак. З заканчэннем I сусветнай вайны ўзаемадачыненнi набылi новую якасць.

1. Польскае бачанне беларусаў

Падзеi часоў I сусветнай вайны i польска-бальшавiцкiх сутыкненняў 1919-1920 г. паўплывалi на паглыбленне эвалюцыi вобраза беларуса ў польскiм грамадстве, асаблiва элiты. “На тагачасныя i пазнейшыя ўяўленнi, – пiша Ян Юркевiч, – паўплывала хваля пагромаў панскiх маёнткаў, што пасля кастрычнiцкага перавароту пранеслася па беларусiх землях, якiя засталiся па ўсходнi бок ад лiнii фронту”[36]. Землеўладальнiкi былi важнымi асяродкамi фармавання грамадскай думкi, iх апiсаннi рабункаў увайшлi ў мастацкую i мемуарную лiтаратуру i паўплывалi на польскае бачанне беларускага народу, вызваленага ад навязаных яму дзяржаваю адмiнiстратыўна-палiтычных абмежаванняў[37]. Аднак вобраз рэвалюцыянiзаванага беларускага народу, народу-рабаўнiка нiколi не дамiнаваў i быў у значнай ступенi чужы нiжэйшым слаям палякаў, якiя жылi на беларускiх землях. На польскiм этнiчным абшары праз лiтаратуру пашыраўся погляд, уласцiвы палiтыкам. Ён бытаваў сярод элiты II Рэчы Паспалiтай, але не сярод польскага народу, якi па-за ўсходнiмi землямi не сутыкаўся непасрэдна з беларусамi, – большасць палякаў наогул не мела нiякага меркавання на гэты конт. З цягам часу згадкi пра сялянскiя пагромы сцiралiся ў памяцi грамадства i iх месца трывала заняў вобраз “бальшавiзаванага”, “камунiзаванага” беларуса-левака. “У гады польска-савецкай вайны (1919-1921) такi по-гляд стаў агульным i фармаваў стаўленне польскiх жаўнераў да беларускага насельнiцтва”[38]. Замацавалi яго ў свядомасцi палякаў падзеi наступных дзесяцiгоддзяў.

Беларусаў заўсёды ўспрымалi як супольнасць сялянскую, плебейскую. Нягледзячы на рэвалюцыйнасць беларускага народу, надалей працягваў iснаваць стэрэатып беларуса-селянiна – iнэртнага, апатычнага, паслухмянага чужой волi. Беларусь, у адрозненне ад Летувы, – пiсаў у 1917 г. В.Вакар, – “дагэтуль ня мае выразных культурна-нацыянальных рысаў. [...] Народ застаецца пасiўным i не вылучае з сябе стваральнага элементу”[39]. Лiчылася, што беларусы не здольныя стварыць уласную дзяржаву i абараняць яе незалежнасць; што раней цi пазней iх падпарадкавалi б сабе расейцы, хоць часам выказвалiся i адваротныя думкi. Падкрэслiвалася слабасць або адсутнасць нацыянальнай свядомасцi сярод беларускай масы, вiдавочная нешматлiкасць беларускай элiты, большая цiкавасць беларусаў да сацыяльных, а не нацыянальных праблем, надзвычайная слабасць дзяржаватворчых памкненняў. У момант заканчэння вайны вялiкая частка польскай палiтычнай элiты не думала пра культурную асiмiляцыю беларусаў. Такiя намеры мелi, у першую чаргу, нацыянальныя дэмакраты. У той жа час абвяшчалася неабходнасць палiтычнай (дзяpжаўнай) асiмiляцыi беларусаў. Землеўладальнiкi былi зацiкаўленыя найперш у сацыяльнай згодзе, а не ў паланiзацыi мясцовага жыхарства. Такiм чынам, беларусы звычайна ўспрымалiся не як нацыянальна чужая супольнасць, але хутчэй як адрозная ў сацыяльным (ментальным) або рэлiгiйным плане. Такое стаўленне, што бярэ пачатак з часоў расейскай анексii Рэчы Паспалiтай, знайшло свой працяг у мiжваенным часе. Новая (прынамсi нiколi за часам анексii ў такой ступенi не выяўляная) рыса, якая прыпiсвалася беларусам у II Рэчы Паспалiтай, – левая арыентацыя. На такое ўспрыманне беларусаў, найперш беларускай iнтэлiгенцыi, паўплывала партызанская барацьба ў 20-я г., падзеi канца 30-х г., актыўнасць беларускiх паслоў у польскiм Сойме, дзейнасць Грамады i КПЗБ, апазiцыйнасць беларускага сялянства. У гэтым бачыўся ўплыў Менску i Масквы. Такое ўспрыманне беларусаў вынiкае з напiсанага пазней Чэславам Мiлашам. Калi, – згадвае паэт, – польскiя чыноўнiкi на беларускiх землях “давалi дазвол на адкрыццё асобных школ, вынiкi аказвалiся, на iх погляд, найгоршыя. Сялянскi сын, развiваючы ў працэсе навучання сваю моцна ўкарэненую антыпатыю, дасягаў першай ступенi далучанасцi да цывiлiзацыi, значыць амаль заўсёды станавiўся камунiстам i дзейнiчаў на карысць “рэунiфiкацыi”, г.зн. адлучэння ад Польшчы яе ўсходнiх ваяводстваў”[40]. Белаpуская iнтэлiгенцыя – тады яшчэ адносна нешматлiкая – уяўлялася як асяpодак iдэалагiчных pадыкалаў, ваpожых польскай дзяpжаве, падлеглых уплыву савецкiх спецслужбаў. Частка з iх, тpапiўшы ў СССР яшчэ пеpад вайною, апынулася ў лагеpох або была pасстpаляная.

Цяпеp белаpусы ўспpымалiся не так аднабакова. Iх “камунiзаванасць”, часам выpазная апазiцыйнасць польскай дзяpжаве тлумачылася ваеннымi пеpатуpбацыямi, галечаю сяpод вяскоўцаў, атpыманым у спадчыну ад цаpызму нiзкiм узpоўнем адукацыi. Hа пpацягу ўсяго мiжваеннага пеpыяду белаpус хаpактаpызаваўся адначасова i пазiтыўна, i негатыўна. Лiчылася, што ён рахманы, не схiльны да канфлiкту, цiхi, цярплiвы, гатовы прыстасоўвацца, павольны, але працавiты. Разам з тым, перад II сусветнай вайной былi напiсаныя наступныя радкi: “Гэты кансерватызм, гэтая недаверлiвасць, непрыняцце нiякiх навiнак цывiлiзацыi – тыповыя для свядомасцi тутэйшага селянiна”[41]. Хоць беларусаў не заўсёды атаесамлялi з палешукамi, экзотыка палескага жыхарства выразна ўплы-вала на партрэт беларусаў у цэлым. Гэта пераважна пра палешукоў (хоць i не толькi пра iх) пiсалi, што яны прымiтыўныя, хiтрыя, панурыя, вываротлiвыя, падазроныя, скрытныя, упартыя, маўклiвыя, зацятыя, помслiвыя, анархiчныя. Часам падкрэслiвалася таксама, што яны яшчэ больш за беларусаў iнэртныя i цёмныя. Былi i нараканнi на лянотнасць тутэйшага насельнiцтва, п’янства. Такiм чынам, яму прыпiсвалiся ўзаемавыключныя рысы. Аднак, падводзячы рысу, трэба сказаць, што стаўленне палякаў да беларускага народу не было адмоўным. Прынамсi, яно было значна лепшае, чым стаўленне польскай элiты да беларускай iнтэлiгенцыi. Польскiя ж сяляне дык i наогул мелi добрыя адносiны са сваiмi беларускiмi суседзямi. Землеўладальнiкi, а таксама прадстаўнiкi польскай iнтэлiгенцыi i нават чынавенства нярэдка спрабавалi апраўдваць мясцовых сялянаў, адзначаючы вонкавую, гiстарычную абумоўленасць поглядаў апошнiх. Часта гаварылася, што Польшча павiнна выканаць сваю цывiлiзацыйную мiсiю на ўсходзе. Праваднiкамi цывiлiзацыi мусiлi стаць шляхоцкiя двары, а таксама дзяржаўная адмiнiстрацыя. Тое, якiмi беларусы паўставалi ў вачах палякаў (асаблiва польскай уладнай элiты), залежала ў значнай ступенi ад iх стаўлення да польскай дзяржавы[42]. А яно не заўсёды задавальняла польскiя ўлады.

У адрозненне ад немцаў, летувiсаў, габрэяў i нават украi-нцаў (найперш у былой Галiцыi), беларусы ў мiжваенны час не ўспрымалiся ў сваёй масе як нацыя. У першыя гады iснавання польскай дзяржавы К.Скароўскi пiсаў: “Пазiтыўнай нацыянальнай самасвядомасцi беларусы маюць мала”[43] (Галасы пярэчання раздавалiся рэдка[44].) Пад канец згаданага перыяду Тадэуш Лапалеўскi сцвярджаў: “Замест пачуцця нацыянальнай прыналежнасцi мы назiраем тут хутчэй свядомасць прыналежнасцi тэрытарыяльнай”[45]. Гаварылася часам i пра штучнасць беларускага нацыянальнага руху, аднак нязменна адзначалася яго слабасць. У сiтуацыi, пры якой, на думку царскай адмiнiстрацыi, непасрэдна ўплываць на праваслаўных беларусаў з боку ўсходняга суседа было складана, слабей чым калi экспанаваўся рэлiгiйны падзел мясцовага насельнiцтва на каталiкоў i праваслаўных, а таксама пагроза схiлення апошнiх да расейскасцi. Праўда, зрэдку чулiся галасы, што пад знешняй формай беларускасцi можа хавацца набытая некалi расейскасць. Блiзкасць беларускамоўнага селянiна бачылася мясцовым палякам слабей, чым у ХIХ ст. з прычыны вельмi выразнай ужо эвалюцыi паняцця “польскi народ” ад яго палiтычнага зместу (надэтнiчнасць, шматкультурнасць) да этнiчна-моўнага. Яно мела крыху iншы змест i грамадскi кантэкст. Як з польскага боку, так i – яшчэ часцей – з беларускага (сярод iнтэлiгенцыi) былi ўжо людзi, якiя канстатавалi адрознасць двух народаў, культур (мелася на ўвазе праваслаўе), моў.

Вобраз беларусаў ствараў для грамадскасцi польскi шляхоцкi двор, мясцовая лiтаратурная iнтэлiгенцыя, палiтычная элiта. Яго шырыла прэса i мастацкая лiтаратура. Беларусы вачыма iх суседзяў, польскiх сялянаў, бачылiся трохi iнакш, чым вачыма iнтэлiгенцыi – менш iдэалагiзаванымi i палiтызаванымi. Але ж, як заўважае Ежы Тамашэўскi, “вялiкая частка польскага грамадства нiчога не ведала пра беларусаў i думала, што “крэсовую” вёску насяляюць палякi, прынамсi этнiчна польскае насельнiцтва, якое, аднак, з прычыны захопу расейцамi падлегла чужым уплывам i страцiла нацыянальную свядомасць. У блiзкiх да ўладаў колах дамiнавала перакананне, што ў Польшчы беларускага пытання няма”[46]. Польскае сялянства, малаадукаваныя слаi польскага грамадства, што жылi па-за Беларуссю, былi ўвогуле незнаёмыя з праблемаю. Беларусы ўяўлялiся ў катэгорыях iншасцi рэгiянальнай, культурнай (этнаграфiчнай), часам моўнай (дакладней дыялектнай), найперш праз вобраз экзатычнага Палесся, але рэдка як народ, адрозны з пункту гледжання нацыянальнага.

Пра беларусаў у БССР польскае грамадства мiжваеннага часу ведала значна менш. Савецкая Беларусь успрымалася як край, падпарадкаваны Маскве, камунiстычны – значыць, варожы, якi пачаткова развiваў беларускасць, аднак пазней вынiшчыў сваю палiтычную элiту, злiквiдаваў прыватную ўласнасць на зямлю, выказаўшыся за калгасы (якiмi страшылi лю-дзей у Польшчы). Адною з крынiцаў iнфармацыi сталi сенсацыйныя апавяданнi кантрабандыстаў.

* * *

У вынiку бальшавiцкай рэвалюцыi i ўзнiкнення Савецкай Беларусi быў знiшчаны клас землеўладальнiкаў, тэрыторыю БССР пакiнула значная колькасць iнтэлiгенцыi, ваенныя ўцекачы, тыя, хто прыехаў сюды адносна нядаўна на заробкi i не паспеў яшчэ замацавацца, а таксама заможныя людзi, якiя мелi што губляць у Краiне Саветаў, ды яшчэ тыя групы, што адчувалi моцную сувязь з этнiчнаю Польшчаю. Засталося, у першую чаргу, вясковае жыхарства, сяляне, досыць шматлiкая дробная шляхта, а ў гарадах – рабочыя. З’явiлася невялiкая, але вельмi актыўная група польскiх камунiстычных дзеячоў – выхадцаў як з земляў новапаўсталай польскай дзяржавы, так i з розных рэгiёнаў СССР. На думку Мiколы Iванова, “амаль усё польскае насельнiцтва “крэсаў” ставiлася абыякава, а часам нават варожа i да савецкае ўлады, i да польскае аўтаномii на тэрыторыi СССР”[47]. Польская грамадскасць, асаблiва вясковая, больш кансерватыўная, заставалася ў палоне катэгорыяў мыслення, вынесеных з царскай Расеi: любая няпольская улада – антыпольская. Новая ўлада аслабляла такiя погляды: нейкi час вельмi энергiчна развiвалася школьнiцтва, культурнiцкiя арганiзацыi i ўстановы самакiравання, быў нават створаны польскi аўтаномны раён, т.зв. Дзяржыншчына (1932-1936). Гэтыя захады скiроўвалiся на хутчэйшую саветызацыю польскага насельнiцтва, на стварэнне ўзору i крынiцы кадраў для будучай сацыялiстычнай Польшчы. Выдавалася шматлiкая польская перыёдыка, кнiгi[48]. Палякi мелi з гэтага пэўную карысць, тым не менш савецкая польскасць, поўная камунiстычнай фразеалогii, заставалася часта чужою для iх. Затое яна была блiзкаю палякам-камунiстам, колькасць якiх у дзяржаўным i партыйным кiраўнiцтве была непрапарцыйна вялiкая (хоць гэтак жа непрапарцыйна малая на нiжэйшых узроўнях улады)[49].

Варожае стаўленне да фармальна беларускiх уладаў узмацнялася iх адназначна антыкаталiцкаю палiтыкай, правя-дзеннем калектывiзацыi, рэпрэсiямi другой паловы 30-ых г. (асаблiва з 1938 г.). Часам даходзiла да канфлiктаў з лакальнымi беларускiмi групамi (у тым лiку i з уладамi) на фоне раздзелу панскiх земляў. Да прыкладу, можна прывесцi спрэчку памiж дзвюма вёскамi на Вiцебшчыне – польскаю (Мяжонкi), населенай шляхтаю, i беларускаю, сялянскаю (Дулебы). “Сяляне, – паведамлялася ў рапарце камiсii, створанай тагачаснымi ўладамi, – глядзяць на мяжонкаўцаў як на паноў, а тыя лiчаць iх п’янюгамi, якiм няможна даваць новай зямлi”[50]. Надалей захоўвалiся даўнiя стэрэатыпы, у якiх паляк часта атаесамляўся з панам, шляхцiчам, а палякi глядзелi на беларуса як на простага селянiна. Захавалiся такiя погляды найперш на вёсцы, хоць не было ўжо польскiх землеўладальнiкаў (“паноў”), багатых магнатаў, грашавiтых фабрыкантаў, значна менш засталося iнтэлiгенцыi, а беларусы – асаблiва ў перыяд т.зв. беларусiзацыi (20-ыя г.) – складалi выразную большасць на ўсiх узроўнях кiравання.

Адносiны “улада-грамадства” не былi такiя празрыстыя з пункту гледжання нацыянальнага, як у царскай Расеi. У адрозненне ад iмперыi Раманавых, якая ў сваёй палiтыцы вiдавочна кiравалася нацыянальнай iдэалогiяй (што выяўлялася ў дзеяннях чынавенства), новыя ўлады звыш меры ў сваёй iдэалогii i дзейнасцi эксплуатавалi класавыя лозунгi. Таму i стэрэа-тып беларуса фармаваўся ў вачах мясцовых палякаў у невялiкай ступенi пад уплывам рэпрэсiяў, якiя ажыццяўлялiся мясцовымi ўладамi. Хоць, трэба адзначыць, гэтыя рэпрэсii часта былi непараўнальна больш адчувальныя за тыя, з якiмi сутыкалiся палякi з боку царызму. Улада была нацыянальна расплывiстая, неакрэсленая. Фармальна беларуская, яна падпарадкоўвалася Маскве. Пасля згортвання беларусiзацыi яе праваднiкi зноў вярталiся да расейскай мовы. Сярод iх можна было бачыць расейцаў, габрэяў, а таксама палякаў i прадстаўнiкоў iншых нацыяў. Тады аказалася, што побач жыве беларускi народ, на долю якога выпадала часам не менш, чым на долю палякаў. Стаўленне да ўлады было негатыўнае. Паступова яе пачалi баяцца больш як царскую. Беларусы ў рэпрэсiях выступалi i як суб’ект, i аб’ект, аднак у вачах палякаў яны рэ-прэзентавалi хутчэй уладу, чым народ.

У мiжваенны перыяд у БССР паступова змянялiся i слаблi, не знiкаючы канчаткова, даўнiя польска-беларускiя стэрэатыпы. Беларус уяўляўся суседам-селянiнам з тымi ж рысамi, якiя прыпiсвалiся яму раней (яны заставалiся актуальнымi ў свядомасцi палякаў II Рэчы Паспалiтай), а таксама камунiстам, дзяржаўна-партыйным функцыянерам, апаратчыкам, найчасцей выхадцам з нiзоў, захопленым палiтычнаю вiхураю; яго варта было асцерагацца. Па польскi бок мяжы, дзе беларуская iнтэлiгенцыя была вельмi малалiкая, беларус бачыўся найперш у аблiччы селянiна. Моцна адчувалася яго грамадская i культурная падпарадкаванасць польскасцi (гэты погляд здавён iснаваў у свядомасцi палякаў). Патэрналiсцкае стаўленне да беларускага вяскоўца дадавала яму лагоднасцi. Рамантычнае ўспрыманне “крэсаў” як польскага раю ўжо засталося ў мiнулым.

2. Палякi ў вачах беларусаў

Бальшавiцкая рэвалюцыя стварыла беларускiм сялянам умовы выяўлення моцнай, абумоўленай, праўда, не нацыянальнымi, а класавымi фактарамi, непрыязнасцi да мясцовых абшарнiкаў, паноў – часта палякаў. Наступствы гэтага былi таксама вiдавочныя ў адроджанай Рэчы Паспалiтай. Беларускiя сяляне ўспрымалi палякаў праз штодзённы iндывiдуальны досвед, у класавых катэгорыях, а пасля аднаўлення Рэчы Паспалiтай – праз стасункi “улада-падуладны”, а гэтыя апошнiя былi для сялянаў дастаткова балючыя. У вачах беларускага сялянства польскасць увасаблялася хутчэй у постацi абшарнiка, палiцыянта, гарадскога iнтэлiгента, чым у аблiччы “мазурскага” суседа-селянiна. Надалей важным заставаўся канфесiйны фактар. Да ўзнiкнення II Рэчы Паспалiтай польскасць не лучылася з дзяржаваю (як тое было ў выпадку з расейскасцю).

Гаворачы пра часы адразу пасля I сусветнай вайны, Збiгнеў Запароўскi пiша пра iрацыянальны страх “беларускага насельнiцтва перад Польшчаю, перад быццам бы вяртаннем паншчыны; перад стратаю прывiлеяванага датуль становiшча праваслаўя. Гэтыя настроi актыўна падагравалiся антыпольскаю прапагандаю, якая чулася з розных бакоў. Яна знаходзiла водгук сярод праваслаўных, якiя на працягу жыцця некалькiх пакаленняў знаходзiлася ў сферы ўплыву расейскiх iнстытуцый: адмiнiстрацыi, царквы, школы, войска, якiя заўзята шырылi манархiчны культ у Вялiкарасеi. Даваеннае жыццё здавалася iм бяспечным i сытым”[51]. Непрыязнасць беларусаў да польскiх уладаў выклiкала ажыццяўленне прынятай Соймам напрыканцы 1920 г. пастановы пра вайсковае i цывiльнае асаднiцтва на ўсходнiх землях Рэчы Паспалiтае.

Частка беларускай iнтэлiгенцыi, ашуканая польскiмi ўладамi (у тым лiку Пiлсудскiм) пад час усталявання новага палiтычнага ладу ў гэтым еўрапейскiм рэгiёне – мiзэрнасцю ўступак на карысць беларусаў (адсутнасцю аўтаномii), -адкрыта казала пра палiтычную апазiцыю Беларусi[52]. Праваслаўнае святарства, пазбаўленае ранейшай падтрымкi адмiнiстрацыi (расейскай), ускладала вiну за пагаршэнне свайго эканамiчнага становiшча на польскiя ўлады, уплываючы такiм чынам на настроi насельнiцтва i яго негатыўнае стаўленне да польскай дзяржавы. Усведамленне культурнай, рэлiгiйнай (рэдка нацыянальнай) iншасцi ў польска-беларускiх дачыненнях, вiдавочнае ў праваслаўнай супольнасцi, захоўвалася на працягу ўсяго iснавання II Рэчы Паспалiтае.

На стаўленне беларускага селянiна да ўлады наогул, у тым лiку да польскай, паўплываў ягоны досвед, вынесены з I су-светнай вайны, з бальшавiцкай рэвалюцыi, з пазнейшых вой-наў. Слабасць чарговай ўлады, якая хутка пераходзiла з рук у рукi, спрыяла падзенню яе аўтарытэту[53]. Часта (гэта не значыць заўсёды) беларускi селянiн варожа ставiўся да польскае адмiнiстрацыi. Антыпатыя гэтая, досыць адчувальная ў 20-ыя г., становiцца крыху менш заўважная цягам наступнага дзесяцiгоддзя, у немалой ступенi пад уплывам вестак, што даходзiлi тады з БССР. Тым не менш, – як пiша Ф.Селiцкi, – шмат у якiх “рускiх” (г.зн. праваслаўных) вёсках бальшавiкоў чакалi аж да 1939 году. Жыхары Крупнiкаў “цярплiва чакалi “бальшавiкоў”, пачынаючы з 1921 г., калi тут умацавалася польская ўлада. Кожную восень яны старалiся чым раней сеяць жыта, верачы, што менавiта ранняй восенню прыйдуць бальшавiкi. Iх ня-прыязь да “польскага права” выяўлялася, мiж iншым, у тым, што яны выязджалi ў поле 3 траўня i 11 лiстапада (даты дзяржаўных святаў – Дня Канстытуцыi i Свята Незалежнасцi – перакл.), не хочучы святкаваць, хоць гэта пагражала палiцэйскай карай”[54].

На стаўленне беларусаў да польскай дзяржавы ўплывала таксама iх веданне пра павышэнне статусу беларускай мовы ў БССР, пра ўжыванне яе ў дзяржаўных установах, у сiстэме адукацыi, што выгодна адрознiвала Савецкую Беларусь ад яе заходняга суседа. Пра дыскрымiнацыю беларушчыны ў Польшчы пiсаў ужо ў 1920 г. А.Луцкевiч[55]. Праз восем гадоў дзеяч беларускай хрысцiянскай дэмакратыi кс.Адам Станкевiч, апiсваючы адносiны да беларускае мовы, адзначаў “факт дзяржаў-най неталерантнасцi да нашага народу”[56]. Газета “Biełaruskaja Krynica” (10.08.1933), выказваючы шкадаванне з прычыны закрыцця беларускiх школ, пiсала: “У культурна-асветнай сферы праводзiцца сiстэматычная паланiзацыя маладога пакалення беларусаў”[57].

Асаблiва беларуская iнтэлiгенцыя была чуйнаю да дыскрымiнацыi беларускай мовы i школьнiцтва, палiтычнай свабоды, а найбольш – абмежавання культурных, нацыянальных (а не толькi класавых) памкненняў беларусаў. Польскiм палiтыкам закiдалi, што яны выкарысталi наiўнасць беларусаў у момант стварэння II Рэчы Паспалiтай. Не былi выкананыя ранейшыя абяцаннi, дадзеныя ў той час беларусам. Гэтак фармаваўся сярод беларускай элiты стэрэатып хiтрага паляка, здраднiка, спрытнюгi, неталерантнага пыхлiўца. Ён датычыў найперш польскай палiтычнай элiты, адмiнiстрацыi. Выказвалiся i абвiнавачаннi ў адрас польскае iнтэлiгенцыi, што здра-дзiла свайму этасу: не падтрымала беларусаў у iх iмкненнi да развiцця ўласнай нацыянальнасцi, а таксама класавай незалежнасцi. Бранiслаў Тарашкевiч закiдаў польскiм iнтэлiгентам бяздзеянне, завяршаючы артыкул у перыёдыку “Przeglad Wilenski”: “Вы хочаце магутнае Польшчы, а з сяброў робiце ворагаў, вымагаеце грамадзянскай ахвярнасцi, а абуджаеце толькi азлобленасць i няпрыязь. Каб вам горка не пашкадаваць пра гэта ў часiну выпрабаванняў”[58].

Стэрэатып паляка – палiтыка, абшарнiка, прадстаўнiка адмiнiстрацыi, палiцыянта – часта быў афарбаваны яркiмi эмоцыямi, аднак ён не вычэрпваў для беларускага iнтэлiгента бачання польскасцi ў яе цэласцi. Часткова польскасць успрымалася (па-за сфераю дзяржаўнай ўлады) гэтаксама, як i ў даваенны час. Мiжваеннае дваццацiгоддзе было занадта кароткiм прамежкам часу, каб ранейшыя стэрэатыпы змянiлiся карэнным чынам. Палякаў лiчылi людзьмi, мацней звязанымi з Захадам, чым расейцы: яны змагаюцца за сваю свабоду, хоць ужо не заўсёды даюць яе iншым, яны больш актыўныя за беларусаў, нацыянальна скансалiдаваныя, патрыёты, нават нацыяналiсты. У польскай культуры адзначалася рамантычная традыцыя, а яе “панскасць” успрымалася вельмi амбiвалентна. Тыповы беларускi iнтэлiгент усё часцей выхоўваўся ў польскай культуры, нярэдка прывабнай для яго. Яна не была яму чужой – гэта была ягоная культура, хоць не ў нацыянальным сэнсе. Таму ён не ставiўся варожа да блiзкiх яму вартасцяў, якiя яна ўключала, таксама i да польскага народу. Гэтая блiзкасць часам ускладняла яму стэрэатыпiзацыю польскасцi па-за сфераю канфрантацыi з ёю.

Сяляне часта адмоўна ацэньвалi польскага чыноўнiка, палiцыянта, але значна лепш сваiх суседзяў – польскiх сялянаў. Польскай уладзе яны закiдалi пыхлiвасць, фанабэрыю, бязлiтаснасць. Але так было не заўсёды. Польскае войска нярэдка здавалася прывабным для беларускага рэкрута. Узаемiны з абшарнiкам часта былi карэктныя, або нават i добрыя. Польская “панскасць” таксама бывала прыцягальнаю, асаблiва калi яна стварала магчымасць кар’еры.

Пасля I сусветнай вайны БССР была для беларусаў Польшчы сталым, станоўчым, iдэалагiзаваным узорам, з часам усё менш адпаведным сапраўднасцi. З ёю супастаўлялi рэальную Польшчу, якая часта разглядалася праз прызму класавай i нацыянальнай несправядлiвасцi. Умроеная, высненая Савецкая Беларусь увайшла ў вострую канфрантацыю з рэчаiснасцю пасля 17 верасня 1939 г.

* * *

У БССР – дзяржаве, якая на кожным кроку абвяшчала класавыя лозунгi, пашырала сацыялiстычныя iдэi, – польскасць асацыявалася ў беларусаў з “панскасцю”, з класавай эксплуатацыяй абшарнiкамi i буржуазiяй, з варожасцю да суседняй капiталiстычнай дзяржавы, з нацыянальнай нетале-рант–насцю, з захопамi. Гэтая афiцыйна абвяшчaная пазiцыя мусiла хоць часткова экстрапалявацца на палякаў Савецкай Беларусi. А яны ж павiнны былi стаць узорам для будучай польскай сацыялiстычнай дзяржавы, таму гэтае негатыўнае бачанне польскасцi спрабавалi мадыфiкаваць, не стасуючы яго да мясцовых палякаў. Гэта адпавядала палiтыцы падтрымкi нацыянальных меншасцяў, якая праводзiлася ў БССР у 20-ыя г. Рэзалюцыя ЦК КП(б)Б ад 25-29.01.1925 г., прысвечаная нацыянальнаму пытанню, звяртала ўвагу на неабходнасць право-дзiць сярод беларускiх сялянаў сталую растлумачальную працу, накiраваную “супраць перажыткаў нiчым не абгрунтаванага стаў-лення да польскiх сялянаў як да ворагаў працоўных масаў i савецкай улады, што было абумоўлена ранейшай наяўнасцю на Беларусi развiтага абшарнiцкага землеўладання i татальным падо-зраннем, што польскае насельнiцтва хiлiцца да буржуазнай Польшчы”[59]. У адрозненне ад польскiх капiталiстаў, абшарнiкаў, уладных вярхоў II Рэчы Паспалiтай, польскi народ па абодва бакi мяжы мусiў быць блiзкiм да народу беларускага, мусiў быць ягоным класавым саюзнiкам.

Пасля травеньскага перавароту, якi адбыўся ў Польшчы ў 1926 г., у СССР атрымаў распаўсюджанне стэрэатып “фашысцкай Польшчы”. Ён замацаваўся ў свядомасцi беларусаў на доўгiя дзесяцiгоддзi. Прапагандавалася афiцыйнае ўяўленне пра “панскую Польшчу” i яе кiраўнiцтва – “белапалякаў”. Палякi на ўсходзе на працягу цэлых пакаленняў успрымалiся – пад уплывам расейскай прапаганды – як паўстанцы, бунтаў-шчыкi. Такая характарыстыка ў дэспатычнай дзяржаве акцэптавалася выключна негатыўна. Даследуючы беларускую прэсу БССР i Заходняй Беларусi другой паловы 20-ых г., Андрэй Кротаў знаходзiць там “вобраз Польшчы – варожай дзяржавы, што канае ў перадсмяротных канвульсiях, i вобраз польскага народу, атручанага шавiнiзмам, вялiкадзяржаўнасцю i нянавiсцю да не-палякаў”[60]. У другой палове 30-ых г., пасля няўдачы ў справе пабудовы “польскага сацыялiстычнага грамадства” ў СССР, у сiтуацыi пагаршэння мiждзяржаўных польска-савецкiх дачыненняў i ўзмацнення сталiнскiх рэпрэсiяў, савецкiя ўлады прыйшлi да высновы, што злучэнне польскасцi з iдэяй камунiзму – задача незвычайна цяжкая. Афiцыйная iдэалогiя была прасякнутая антыпольскасцю. Польскае сялянства iнтэрпрэтавалася як апiрышча рэакцыi i клерыкалiзму. Палякi на колiшнiх усходнiх землях былой Рэчы Паспалiтай залiчалiся да т.зв. “няпэўнага элементу”. “Да кампанii ўкаранення ў свядомасць абывацеля савецкага стэрэатыпу “паляка – ворага народнай улады”, “паляка-сабатажнiка”, “паляка-шкоднiка”, “паляка – фашысцкага шпiёна” – актыўна далучылiся друк, тэатр, кiно, мастацкая лiтаратура”[61].

У 30-ыя г. у беларускай гiстарыяграфii ўмацавалася “мадэрнiзаваная вялiкаруская канцэпцыя, злучаная з бальшавiцкiмi догмамi”[62]. Праз прызму гэтай канцэпцыi аўтары гiстарычных, iдэалагiчна-прапагандысцкiх працаў, школьных падручнiкаў глядзелi не толькi на самую гiсторыю Беларусi, але i на ролю палякаў у ёй. У афiцыйнай сферы польскасць успрымалася негатыўна. Масква пашырала расейска-савецкiя, нацыянальна-класавыя стэрэатыпы паляка. Хоць гэта не значыць, што яны дамiнавалi сярод беларускага народу, хоць iх iснаванне станавiлася ўсё больш заўважным на фоне ранейшых уяўленняў (яны часта iснуюць на працягу пакаленняў), паступова слабеўшых. Беларусь стала закрытаю для свету, ў тым лiку для найблiжэйшага, заходняга, на iншых пачала пазiраць чужымi, расейскiмi вачыма.

Пераклаў Змiцер Саўка


[1] Найбольш грунтоўна ў польскiм пiсьменстве праблема польскага бачання беларусаў у перыяд пасля падзелу Рэчы Паспалiтай разглядаец-ца ў: J.Jurkiewicz. Nasze widzenie Białorusinów w XX w. (do 1939 r.) // Dzieje najnowsze. 1995.2.
[2] В.К.Бандарчык, П.У.Церашковiч. Фармiраванне i развiццё беларускай нацыi // Этнаграфiя беларусаў. Гiстарыяграфiя, этнагенез, этнiчная гiсторыя. Мiнск, 1985. С.150.
[3] M.Czarnowska. Zabytki mitologii słowiańskiej w zwyczajach wiejskiego ludu na Białej Rusi dochowywane // Dziennik Wileński. T.VI. 1817. Lipiec-grudzień. S.397.
[4] Хоць у той жа час расiянiн I.Папоў пiсаў: “Беларус не зведаў татарскай няволi, таму застаўся адносна дабрадушны i лагодны, гэта прывяло таксама i да захавання большай патрыярхальнасцi ў дачыненнях” (И.Попов. Бeлоруссiя и белоруссы. Москва, 1903. С.21.)
[5] J.Czeczot. Piosenki wieśniacze z nad Niemna. Wilno, 1837. S.V.
[6] Тамсама. S.VIII.
[7] J.Buoński. Polski raj // Tygodnik Powszechny. 1987. №51-52.
[8] Цыт. пвд.: J.Kieniewicz. Dereszewicze. 1863. Wrocław, 1986. S.137.
[9] L.Wasilewski. Kresy wschodnie. Litwa i Białoruś-Podlasie i Chelmszczyzna-Galicja Wschodnia-Ukraina. Warszawa-Kraków, 1917. S.43.
[10] Korespondencja z Wilna // Dziennik Poznański. 1887. №187. Цыт. пвд.: O.Kolberg. Białoruś- Polesie//Dzieła wszystkie. T.52. Wrocław-Poznań, 1968. S.38.
[11] Gazeta Rolnicza. 1885.35 (list Ottona Missuny). Цыт. пвд.: O.Kolberg. S.64.
[12] E.Woyniłłowicz. Wspomnienia 1847-1928 / Oprac.J.Iwaszkiewicz. Cz.1. Wilno, 1931. S.210-211.
[13] J.Bardach. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań. 1988. S.262.
[14] J.Kieniewicz. Powstanie styczniowe. Warszawa, 1983. S.296.
[15] M.Czurak. Komizm w białoruskiej prozie ludowej. Wrocław, 1984. S.32-38.
[16] E.Jeleńska. Wieś Komarowicze w powiecie mozyrskim // Wisła (Warszawa). 1892. T.V. S.52.
[17] Цыт. пвд.: Ruch rewolucyjny na Litwie i Białorusi 1861-1862 r. Moskwa, 1864. S.38.
[18] J.Gieysztor. Pamiętniki z lat 1857-1865. T.1. Wilno, 1913. S.136.
[19] Наша Нiва. 1907. №5. С.6.
[20] M.Czurak… S.58.
[21] Тамсама. S.60.
[22] Тамсама. S.60, 61.
[23] П.Терешкович. Этнические стереотипы в традиционной ментальности белорусов (машынапiс). С.6.
[24] R.Radzik. Idea narodu białoruskiego w drukach narodników petersburskiego pisma “Гомон” // Slavia Orientalis. 1995. 3.
[25] Власт. Кароткая гiсторыя Беларусi з 40 рысункамi. Вiльня, 1910.
[26] Наша Нiва. 1907. №33. С.4-5 (артыкул да першых угодкаў газеты).
[27] Тамсама. 1908. №9. С.2.
[28] Тамсама. С.1.
[29] Тамсама. 1911. №31-32. С.390. Карэспандэнт “Нашай Нiвы” з Бабруйшчыны пiсаў у першым нумары газеты за 1907 г. (с.4): “Нам, праваслаўным, кажуць, што мы руские, значыць людзи иншые ад каталикоў; кажуць, што каталики – гэта ляхы. А па праўдзи, то гэта адно брэхня. Каталики – гэта такие самые людзи, як и правослаўные; яны гавараць па нашаму и жывуць так сама цяжка, як и мы, правослаўные. Мы ўсе – браты адной крыви и з адной зямли беларускай. Мы не руские и не паляки, а беларусы, и кожны гэта павинен памятаць”.
[30] Тамсама. 1911. №49. С.637.
[31] Тамсама. 1913. №48. С.1.
[32] Тамсама. 1910. №6. С.100 (допiс з Сакольскага павету на Беласточчыне).
[33] Тамсама. 1909. №12. С.179.
[34] Гэтая з’ява стала вiдавочнаю асаблiва ў Савецкай Беларусi (гл: M.Koszelew. Polacy w oczach Białorusinów: ewolucja poglądów // Dzieje Najnowsze. 1995.2).
[35] K.Moszyński. Stosunki narodowościowe w Wileńskiem // Myśl Polska. 1918. Z.1-2. S.25.
[36] J.Jurkiewicz. S.69.
[37] A.Kieniewicz. Nad Prypecią, dawno temu… Wspomnienia zamierzchłej przeszłości / Przygotował do drurku S.Kieniewicz. Wrocław, 1986.S.457; A.Patek. Polacy na wschodzie w latach 1917-1922 (od przewrotu październikowego do proklamowania ZSRR) // Przegląd Polonijny. 1995. Z.2. S.16-17.
[38] J.Jurkiewicz. S.70.
[39] W.Wakar. Rozwój terytorialny narodowości polskiej. Cz.III. Statystyka narodowościowa kresów wschodnich. Kielce, 1917. S.11.
[40] Cz.Miłosz. Rodzinna Europa. Paryż, 1989. S.52.
[41] T.Łopalewski. Między Niemnem a Dźwiną. Ziemia wileńska i nowogródzka. Poznań (без года выдання). S.40.
[42] На гэта звяртае ўвагу J.Jurkiewicz. S.71.
[43] K.Srokowski. Sprawa narodowościowa na kresach wschodnich. Kraków, 1924. S.9.
[44] Polska-Białoruś, 1918-1945 / Red. W.Balcerak. Warszawa, 1994. S.81 (выказванне Л.Хaмiньскага).
[45] T.Łopalewski. Między Niemnem… S.34.
[46] Białorusini w oczach polaków. 1919-1939 // Literatura na świecie. 1991.8-9. S.237-238.
[47] M.Iwanow. Pierwszy naród ukarany. Polacy w Związku Radzieckim 1921-1939. Warszawa-Wrocław, 1991. S.159.
[48] K.Woźniakowski. Polskie środowisko literackie Białoruskiej SRR w latach 1919-1989 (dzieje-dorobek-perspektywy) // Przegląd Polonijny. 1990.3.
[49] M.Iwanow. S.85,158-159.
[50] Цыт. пвд.: M.Iwanow. S.331.
[51] Z.Zaporowski. Stosunki polityczno-społeczne na północno-wschodnich kresach drugiej Rzeczypospolitej 1918-1939 // Społeczeństwo białoruskie, litewskie i polskie na ziemiach północno-wschodnich II Rzeczypospolitej (Białoruś Zachodnia i Litwa Wschodnia) w latach 1939-1941 / Pod red. M.Giżejewskiej i T.Strzembosza. Warszawa, 1995. S.62.
[52] А.Луцкевiч. Польская акупацыя ў Беларусi. Вiльня, 1920.
[53] K.Srokowski… S.8.
[54] F.Sielicki. Region dołginowsko-budsławsko-krzywicki na dawnej Wileńszcźyenie. Kronika historyczna. Warszawa-Wrocław, 1989. S.161.
[55] А.Луцкевiч. C.15.
[56] Ks.A.Stankiewič. Rodnaja mowa ŭ światyniach. Wilnia, 1929. S.139.
[57] Цыт. пвд.: W.Paprocka. Ludność białoruska a polska polityka mniejszościowa w okresie międzywojennym // Etnografia polska. 1995. 1-2. S.24.
[58] Białorusin. Nie tędy droga // Przegląd Wileński.3. 10.02.1924. Цыт. пвд.: A.Bergman. Rzecz o Bronisławie Taraszkiewiczu. Warszawa, 1977. S.92-93.
[59] Цыт. пвд.: M.Koszelew… S.88.
[60] A.Krotau. Obraz polaków w prasie białoruskiej lat dwudziestych // Sprawy Narodowościowe – Seria Nowa. 1996.1. S.194.
[61] M.Iwanow… S.358.
[62] М.Бiч. Аб нацыянальнай канцэпцыi гiсторыi i гiстарычнай адукацыi ў Рэспублiцы Беларусь // Беларускi гiстарычны часопiс. 1993. №1. С.15.

Наверх

Tags: , ,