Новы нумар


Сьлюнькова, Інэса. Малавядомая карта верхняга цячэньня Заходняй Дзьвіны XVI ст. (Расьціслаў Боровы)

СЬЛЮНЬКОВА, ІНЭСА М. Малавядомая карта верхняга цячэньня Заходняй Дзьвіны XVI ст. // Помнікі мастацкай культуры Беларусі эпохі адраджэньня. 36. арт. — Менск, 1994. С.179-184.

У гэтым артыкуле маскоўскага гісторыка архітэктуры І.Сьлюньковай можна вызначыць два разьдзелы — атрыбутыўна-крыніцазнаўчы i аналітычна-апісальны. Апошні ўяўляе зь сябе спробу кароткай архітэктурнай характарыстыкі зьмешчаных на дасьледаванай мапе гарадоў (Полацак, Віцебск, Сураж, Вяліж, Белы) пэрыяду Інфлянцкай вайны, г.зн. таго часу, калі, на думку аўтара, яна й была «складзеная ў стане рускага войска» (С. 179). Незразумела, праўда, чаму І.Сьлюнькова называе зусім спрошчаныя умоўныя азначэньні, звычайныя значкі, што не нясуць аніякай дакумэнтальнасьці (усе гарады пазначаны кружком), — «аксанамэтрычнымі малюнкамі гарадоў» (гл. заўвагу 2).

Магчыма для Белага, Суража i Вяліжа гэтыя малюнкі i ўяўляюць якую цікавасьць як крыніца па гісторыі ix архітэктурнага аблічча, але гэтага ня можна сказаць пра Віцебск i Полацак, — гарады, што маюць багатую i намнога больш верагодную іканаграфію XVI-XVII ст.

У першым разьдзеле артыкула сярод дробных недакладнасьцяў адзначу «спасылку на малюнак С.Пахалавіцкага», памылкова прыпісаную В.Чантурыі (гл. заўвагу 3). На згаданай старонцы ў кнізе В.Чантурыі[1] сапраўды ёсьць два фрагмэнты аксанамэтрычнага пляна Полацка, выкананага С.Пахалавіцкім (1579), а таксама «Выява Полацка на мапе канца XVII — пачатку XVIII ст.», што ўласна i зьяўляецца павялічаным фрагмэнтам мапы, якую апісвае І.Сьлюнькова. Гэты подпіс у В.Чантурыі зьмешчаны не непасрэдна пад малюнкамі, а на полі, што, відаць, i ўвяло аўтара артыкула ў зман.

На жаль, аўтар не падае аніякага апісаньня скарыстанага ім дакумэнта (памеры, матэрыял, пазначэньні i г.д.), задаволіўшыся адно спасылкаю на я го месцазнаходжаньне ды згадаўшы, што гэтая мапа «анатаваная як літаграфія XIX ст. з арыгінала XVII ст.». У гэтым жа месцы І.Сьлюнькова піша: «Прыведзеная мапа адсутнічае ў працы Б.Рыбакова, асобна прысьвечанай тэме рускай картаграфіі (гл.: Рыбаков Б. Русские карты Московии XV — начала XVI в. — Москва, 1974). Тым ня менш, аўтар пераканаўча сьведчыць пра існаваньне адзінай мапы Полацкай зямлі 1566 або 1570 г.» (С.61). Да гэтага сьцьверджаньня ўласна й зводзіцца ўся навуковая крытыка крыніцы, i на ім жа грунтуецца як датаваньне, гэтак i гіпотэза пра паходжаньне крыніцы (XVI ст., рускага паходжаньня, складзена ў «рускім войску»).

А цяпер пра сапраўднае датаваньне гэтай мапы. Яна ўяўляе зь сябе графічную частку дакумэнта пад назвай: «Чертеж и описание, 1701 г. декабря 11, учиненное стольником Максимом Цызыревым, начав от Витепска вверх до вершин Двины реки, с показанием сел, деревень, лесов и судов по оной реке ходящих». З тэксту відаць, што экспэдыцыя, дакладней рэкагнасьціроўка праводзілася «по указу великого государя… Петра Алексеевича и по приказу… боярина и воеводы Петра Самойловича Салтыкова (тагачасны ваявода Смаленска. — Р.Б.)». Пры чым, усё гэта трэба было «сделать тайным обычаем». Апісаньне мапы займае 4 аркушы, i пачынаецца яно не «ад Віцебска ўверх», але ад вытокаў ракі — «…от Ржевы во 120 верстах…», i даведзена да Полацка.

I гэтая мапа, i яе апісаньне цалкам надрукаваны ў кнізе А.Сапунова «Река Западная Двина» (Витебск, 1893)[2]. У заўвазе 1 на С.501 таксама гаворыцца, што «Арыгінал захоўваецца ў бібліятэцы Маскоўскага Галоўнага Архіву Міністэрства замежных спраў. Упершыню «чарцёж» быў надрукаваны ў «Этнаграфічным зборніку» (Вып.V, С.55-71). Затым… «апісаньне» было надрукавана ў Памятнай кніжцы Віцебскай губэрні на 1888 г. (без малюнка)».

Улічваючы заўвагу І.Сьлюньковай пра тое, што скарыстаны ёю дакумэнт з фондаў Бібліятэкі Расейскай Акадэміі навук анатаваны там як «літаграфія XIX ст.», можна дапусьціць, што гэта «чарцёж» ca згаданага вышэй «Этнаграфічнага зборніка», паколькі ў працы А.Сапунова ў левым верхнім куце мапы ёсьць яго назва i дата, узятыя з тэксту «апісаньня».

Застаецца канстатаваць, што крыніцазнаўчая база беларускай гістарыяграфіі знаходзіцца, на жаль, у зародкавым стане. Даведнікі, бібліяграфія, навуковыя апісаньні i тэматычныя каталёгі па розных відах дакумэнтальных крыніц, у тым ліку па мапах, практычна не выдаваліся. Можна спадзявацца, што цяперашнія захады беларускіх дасьледчыкаў дазволяць пазьбягаць такіх прыкрых памылак хоць бы на рэдактарскім узроўні.

Расьціслаў Баравы (Менск)


[1] Чантурия В. История архитектуры Белоруссии. — Минск, 1985. С.56.

[2] Гл. мапу — С.52-53, апісаньне — у дадатку, С.501-506.

Tags: ,