БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС

Sužiedelis, Saulius. Historical dictionary of Lithuania; Zaprudnik, Jan. Historical dictionary of Belarus (Наталля Брэль)

Sužiedelis, Saulius. Historical dictionary of Lithuania. Lanham, Md., & London. 1997. xxxiv, 382.

Zaprudnik, Jan. Historical dictionary of Belarus. Lanham, Md., & London. 1998. xxxviii, 299.

Аўтар першай кнiгi гiсторык Саулюс Сужэдэлiс з’яўляецца дацэнтам Мiлерсвiльскага унiверсiтэта (Пенсiльванiя) і рэдактарам вядомага навуковага квартальнiка «The Journal of Baltic Studies». Вывучэнню гiсторыi Лiтвы i яе выкладанню ён прысвяцiў большую частку свайго жыцця.

Паводле аўтарскага вызначэння гэтае выданне павiнна служыць хутчэй як уводзiны для неспецыялiстаў да найбольш важных вехаў мiнулага Літвы. Яно адрасуецца найперш адукаванаму чытачу i студэнтам, якія не знаёмыя з гiсторыяй Літвы, але маюць некаторыя веды з агульнаеўрапейскай гiсторыi. Не дзіўна, што пры спробе ў адным томе нават агульна ахапiць усю складанасць i нюансы гiсторыi краiны, адна толькi назва якой на працягу стагоддзяў мела розныя геаграфiчныя, палiтычныя i культурныя значэннi, аўтар сустрэў цяжкасцi ў падборы артыкулаў. Аднак С.Сужэдэлiс добра справіўся з гэтай задачай. Ён адабраў для слоўнiка артыкулы, адначасова i iнфармацыйныя, i рэпрэзентацыйныя, якiя найбольш поўна асвятляюць палiтычнае, нацыянальнае i культурнае жыццё Літвы ў розныя перыяды гiсторыi краiны. Дзе толькi можна, аўтар спрабаваў паказаць месца Літвы ў гiсторыi i жыццi як яе суседзяў, так i ў агульным развiццi Еўропы, змясцiць мiнуўшчыну сваёй айчыны ў шырэйшым кантэксце унiкальнае пазiцыi памiж Усходам i Захадам. Ён адзначае выключна вялiкую ролю Літвы ў гiсторыi яе праваслаўных суседзяў.

С.Сужэдэлiс iмкнецца быць карэктным пры ўжываннi тапанiмiчных назваў, iмёнаў i iнстытуцыйных вызначэнняў. «…Лiтоўская гiсторыя шматнацыянальная, уключае шмат моваў i адсюль паходзiць рознасць тэрмiнаў», — тлумачыць ён i заўважае, што нават тэрмiны «Лiтва» i «лiтоўскi» мелi рознае значэнне ў розныя часы для розных людзей (х). У слоўнiку выкарыстоўваюцца ў асноўным сучасныя назвы местаў, аднак таксама прыводзяцца іх іншанацыянальныя варыянты, даўно прынятыя ў лiтаратуры. Напрыклад, Vilnius (Rus. Vilna, Pol. Wilno). Аўтар трымаўся напiсання, уласцiвага нацыянальнасцi асобы, за выняткам тых варыянтаў, якія шырока распаўсюджаны ў англамоўных працах.

Уводзiны да слоўнiка складаюцца з трох нарысаў: «Зямля i народ», «Урад i эканомiка» i «Гiстарычны агляд». Яны даюць уяўленне пра геаграфiчнае размяшчэнне краiны (гаворыцца, што геаграфiчна Літва папраўдзе знаходзiцца ў цэнтры еўрапейскага кантыненту: памiж Пiрэнеямi i Уралам ды памiж паўночнай Нарвегiяй i паўднёвай Грэцыяй), клiмат, дыялектныя рэгiёны, этнiчны i канфесiйны склад насельнiцтва (на 1997 г.), дзяржаўны лад (з 11 сакавiка 1990 г.) i эканамiчнае развiццё краiны ў ХХ ст. Гiстарычны нарыс канспектыўна выкладае гiсторыю краіны з ІІІ тыс. да н.э. да 1996 г. Асаблiвая ўвага звернута на нялёгкі i гераiчны шлях Літвы да дзяржаўнай незалежнасцi.

Слоўнiк налiчвае блiзу 240 артыкулаў. Заўважаецца, наколькі палымяным патрыётам сваёй айчыны ёсць С.Сужэдэлiс. На жаль, яго Літва часта ўслаўляецца за кошт Беларусi. Тут сустракаем знаёмы набор традыцыйных тэзаў літоўскай гiстарыяграфii Вялiкага Княства Лiтоўскага: Лiтва гiстарычная цалкам атаясамлiваецца з сучаснай тэрыторыяй Рэспублiкi Літвы, роля балцкага элементу ў Вялiкiм Княстве вызначаль ная, беларускiя землi былi заваяваныя, Беларусь знаходзiлася пад упраўленнем Лiтвы, спадчына ВКЛ належыць толькi цяперашняй Літве i г.д. Спасылак, датычных Беларусi, недараваль на мала, асаблiва ў параўнаннi з Польшчай i Расiяй. І гэта ў артыкулах, прысвечаных асобам, якiя ў нас традыцыйна лiчацца прыналежнымi да беларускай гiсторыi. Напрыклад, Тадэвуш Касцюшка названы польска-лiтоўскiм i амерыканскiм рэвалюцыйным лiдэрам, народжаным на Берасцейшчыне, на тэрыторыi сённяшняй Беларусi, у лiтоўскай сям’i дробнага шляхцiча (156). Адам Мiцкевiч паводле слоўнiка — польскi пicьменнiк i паэт лiтоўскага паходжання, ягоная сям’я належала да лiтоўскай шляхты, што жыла ў Наваградку, «там, дзе цяпер Беларусь» (193). (Затое Сужэдэлiс не забыўся згадаць на беларускае паходжанне Фелікса Дзяржынскага). Прыклады можна прыводзіць доўга. А такі факт, як дзяржаўны статус старабеларускай мовы ў ВКЛ да 1696 г., нiяк не пракаментаваны.

Трэба прызнаць, што, нягледзячы на непрыемныя для беларусаў сюрпрызы, слоўнiк досыць iнфармацыйны i можа быць карысны сваёй факталагiчнай базай. Выданне забяспечана неблагiм даведачным апаратам: змешчана некалькi картаў, храналагiчная таблiца найважнейшых падзеяў, невялiкi тэрмiналагiчны слоўнiк, спiс скарачэнняў, добры бiблiяграфiчны раздзел; у дадатку — пералiк лiтоўскiх уладароў ад Мiндоўга да Станiслава Аўгуста Панятоўскага, палiтычных лiдэраў Літвы з 1918 да 1940 г., першых сакратароў КПЛ (1940—90), прэзiдэнтаў i прэм’ер-мiнiстраў (з 1990 г.). Ёсць таксама пералiк часта сустраканых геаграфiчных назваў на літоўскай, польскай, рускай i нямецкай мовах.

«Гiстарычны слоўнiк Беларусi» выйшаў у той жа серыі «European historical dictionaries» (№28) гoдам пазней. З яго аўтарам, Янкам Запруднiкам, няма патрэбы знаёміць беларускага чытача. Цяжка не пагадзiцца з рэдактарам серыi, што наўрад цi можна было выканаць дадзеную працу лепей, чым гэта зрабiў Запруднік. Беларусь сапраўды з’яўляецца для большасцi людзей на Захадзе невядомай краiнай (у параўнаннi, скажам, з Літвой), пра якую да распаду Савецкага Саюза было вядома толькi тое, што БССР цалкам залежыць ад Масквы i панесла цяжкiя страты ў ІІ сусветнай вайне. Аўтар адзначае, што пасля краху камунiстычнай iмперыi i адраджэння расійскага экспансiянiзму iнтарэс да Беларусi за мяжой узрос у сувязi з разглядам яе ў якасцi «брамы на Захад» для Расii. А з прыходам да ўлады ў Беларусi Лукашэнкi нашая краiна прыцягвае ўвагу мiжнароднай супольнасцi найперш рэкорднай колькасцю фактаў парушэння правоў чалавека.

У «Гiстарычным слоўнiку Беларусi» больш за 4200 артыкулаў. Янка Запруднiк адвёў найбольшае месца сучаснай гісторыі Беларусi, iмкнучыся паказаць заходняму чытачу карцiну палiтычнага, эканамiчнага i культурнага жыцця краю, а таксама падаць прычыны, што прывялi да сённяшняга становішча. Той, для каго Беларусь усё яшчэ загадкавая постсавецкая краiна, можа даведацца пра даўнiя традыцыi дзяржаўнасцi нашага народа, багатую мiнуўшчыну i культурную спадчыну беларусаў, атрымаць уяўленне пра гiсторыю ўсталявання i змест дыктатарскага рэжыму Лукашэнкi, а таксама пра тых, хто гэтаму рэжыму супрацьстаiць. Слоўнiк змяшчае біяграмы З.Пазняка, В.Ганчара, Л.Баршчэўскага, Г.Карпенкі, Ю.Захаранкі, А.Лябедзькі ды многiх iншых. Не абыйдзеныя ўвагай i прадстаўнiкi процiлеглага лагеру: тут можна прачытаць пра У.Замяталiна, I.Цiцянкова, У.Латыпава i iншых, прычым ёсць iнфармацыя пра тое, хто чым «адзначыўся». Цікава, што Лукашэнку ў слоўнiку адведзена больш месца, чым артыкулам пра Iвана i Антона Луцкевiчаў разам узятых. Утрымлiваецца шмат звестак пра арганiзацыi, партыi i рухi, якiя выступаюць за правядзенне дэмакратычных рэформаў, незалежнасць Беларусi, нацыяналь нае Адраджэнне, абарону правоў чалавека.

Варта адзначыць навуковую карэктнасць аўтара ў складаных пытаннях «падзелу» агульнае спадчыны Вялiкага Княства Лiтоўскага. Ён кажа, што нацыянальны характар ВКЛ — гэта прадмет спрэчкi памiж гiсторыкамi Літвы, Беларусi, Украiны, Польшчы i Расii. Ёсць пытанні кшталту: чыя гэта была дзяржава? Хто панаваў i хто быў падпарадкаваны? Якая спадчына каму належыць? На іх, лічыць Я.Запруднiк, марна шукаць адназначных адказаў. Разам з тым аўтар падае пазiцыю беларускiх гiсторыкаў па дадзенай праблеме: яны падкрэслiваюць эканамiчны патэнцыял Беларусi ў Вялiкiм Княстве i культурны аспект, г.зн. той факт, што беларуская мова была дзяржаўнай у Княстве, што беларуская культура ў iм дамінавала, асаблiва ў XVI ст. Вялiкiя князi лiтоўскiя Гедымiн i Альгерд, якiя найбольш пашырылi тэрыторыю Княства, мелi блiзкiя сямейныя i культурныя сувязi са славянскiм светам, i ўключэнне ў ВКЛ беларускiх тэрыторыяў бачыцца вынiкам хутчэй мiрнага працэсу, чым ваенных заваёваў. Невыпадкова некаторыя гiсторыкi характарызуюць ВКЛ як беларуска -лiтоўскую дзяржаву. Аўтар таксама звяртае ўвагу на тое, што значэнне тэрмiнаў «Русь», «Беларусь» i «Лiтва» ў мiнулыя стагоддзi істотна адрозніваліся ад цяперашняга. Увогуле трактоўкi Янкi Запруднiка сваёй узважанасцю выгадна адрознiваюцца ад катэгарычнай пазiцыі С.Сужэдэлiса. Да літоўскай гісторыі Я.Запруднiк ставiцца намнога карэктней, чым С.Сужэдэлiс да беларускай.

Апрача вядомых дзеячаў i падзеяў беларускай мiнуўшчыны, дзяржаўных iнстытутаў у іх гiстарычнай перспекты ве, у слоўнiку знаходзiм спiс святых Беларусi, пералiк нацыянальных святаў i звычаяў, сярод якiх асобныя артыкулы прысвечаны Купаллю i Дзядам, спiс палiтычных партыяў Беларусi, што паўсталi з пачаткам дэмакратызацыi, артыкулы пра нацыянальныя меншасцi i iнш. Прадстаўлены таксама шэраг значных фiгураў расійскае гiсторыi, якiя моцна паўплывалi на лёсы Беларусi (напрыклад, Iван III, Iван IV, Кацярына II, Сталiн, Ленiн i iнш.).

Дадатак утрымлiвае пералiк уладароў Беларусi з 860 г. (ад Рагвалода) да 1997 г. Сярод картаў бракуе карты этнаграфiчных межаў Беларусi. У бiблiяграфiчным раздзеле звяртае на сябе ўвагу тое, што лiтаратура па гiсторыi Беларусi ад старажытнасцi да 1991 г. пераважна беларуска — i рускамоўная, а публiкацыi па перыяду 1991—98 г. у большасцi англамоўныя. Апрача прыведзеных друкаваных выданняў Я.Запруднік падае iнфармацыю пра беларускiя сайты ў Iнтэрнэце.

Наталля Брэль
Гомель