Новы нумар


Сяргей Хоміч. Асноўныя этапы фармавання тэрыторыі БССР (1918—1926)


Тэрыторыя — неабходная ўмова і адна з найважнейшых прыкмет існавання незалежнай краіны. Тэрытарыяльнае пытанне ўзнікае разам з самой дзяржавай і носіць на сабе адбітак усіх тых умоваў, што спадарожнічалі яе ўтварэнню. Менавіта таму даследаванне працэсу будаўніцтва беларускай дзяржавы ў ХХ ст., яе статуса, заканамернасцяў і асаблівасцяў развіцця немагчымае без глыбокага вывучэння таго, як адбывалася ўсталяванне межаў БССР.

У канцы 1918 г. арганізацыя Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі адбывалася з маланкавай хуткасцю. У адпаведнасці з планам ЦК РКП(б) БССР павінна была стаць апошнім звяном у ланцугу незалежных савецкіх рэспублік, якія б аддзялілі Савецкую Расію ад капіталістычных краін. Тое, што БССР утваралася выключна па знешнепалітычных меркаваннях, а этнічныя, эканамічныя і культурныя аспекты да ўвагі не браліся, істотным чынам паўплывала на вызначэнне межаў рэспублікі. Ва ўтварэнні БССР, як вядома, удзельнічалі тры арганізацыі: ЦК РКП(б), Аблвыкамзах і Белнацкам (разам з белсекцыямі РКП(б)), кожная з якіх мела свае ўяўленні пра статус рэспублікі і адпаведна пра яе межы. Што датычыць ЦК РКП(б), то бальшыня сучасных гісторыкаў пагаджаюцца, што ўжо ў канцы 1918 г. у кіраўніцтва кампартыі былі нейкія свае планы ў дачыненні да тэрыторыі БССР, якія не супадалі з рэзалюцыяй I з’езда КП(б)Б (снежань 1918 г.) наконт межаў рэспублікі. Аўтарам і носьбітам гэтых ідэй называюць чамусьці толькі Іосіфа Сталіна, а асноўнай падставай для высноваў служыць запіс яго шырока вядомай размовы з Аляксандрам Мясніковым, калі наркам па справах нацыяналь насцяў пры пераліку беларускіх губерняў забыўся назваць Магілёўскую і Віцебскую. Аднак трэба адзначыць, што запіс гутаркі дае ўсе падставы інтэрпрэтаваць словы наркама не толькі як яго ўласныя погляды, але, і гэта больш верагодна, як агульную пазіцыю ЦК РКП(б). Тым больш, што сам Сталін, паведаміўшы пра будучыя змены ў арганізацыі працы Аблвыкамзаха, папярэдзіў, што гаворыць „па даручэнні ЦВК і партыі”[1]. Нарэшце, студзеньскае рашэнне ЦК РКП(б) пра выключэнне з рэспублікі трох губерняў, калегіяльны характар прыняцця якога ніхто не адмаўляе, можа служыць яшчэ адным доказам таго, што да абвяшчэння Савецкай Беларусі ў ЦК РКП(б) існавала ідэя ўтварэння БССР у абмежаваным тэрытарыяльным складзе. Па пэўных прычынах рэалізацыя гэтага плана затрымалася на месяц — менавіта такі час спатрэбіўся ЦК партыі, каб пераадолець супраціўленне ЦБ КП(б)Б і беларускага ўрада.

Істотны ўплыў на вызначэнне межаў БССР у канцы 1918 г. зрабіў той факт, што рэспубліка ўтваралася на тэрыторыі Заходняй вобласці і была яе пераемніцай. Кіраўніцтва Аблвыкамзаха лічыла, што з абвяшчэннем рэспублікі Заходняя вобласць не знікла, а адбылася толькі змена шыльды. Такім чынам, абласныя ўлады хоць і падзялялі пазіцыю ЦК РКП(б) наконт фармальнага існавання БССР, аднак імкнуліся захаваць у сваім падпарадкаванні ўсю ранейшую абласную тэрыторыю.

За ўтварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў складзе ўсіх этнаграфічных земляў выступалі камуністы белсекцый РКП(б) і Белнацкама. Для іх, як пісала „Звязда” ад 24 верасня 1919 г., „самастойнасць была не толькі пустым гукам. Яны … былі прасякнуты ідэяй нават не тэрытарыяльнай, беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці”. І хоць у пытанні наконт Вільні беларускія камуністы былі вымушаны саступіць, белсекцыі РКП(б) і Белнацкам не пагадзіліся б удзельнічаць у абвяшчэнні БССР у моцна абмежаваным тэрытарыяльным складзе. І тут іх пазіцыя супадала з пазіцыяй Аблвыкамзаха. Патрабаванне ЦК РКП(б) таго ці іншага варыянту магло выклікаць супраціўленне як адной, так і другой групы, што і адбылося пазней, і замарудзіць працэс утварэння БССР. Між тым, знешнепалітычная сітуацыя вымагала хутчэйшага абвяшчэння рэспублікі, і ЦК РКП(б) давялося часова саступіць.

У канцы снежня 1918 г. дэлегаты I з’езда КП(б)Б аднагалосна падтрымалі прапановы тэрытарыяльнай камісіі і пастанавілі, што ў склад БССР павінны ўвайсці Мінская, Магілёўская і Гродзенская губерні цалкам, амаль уся Віцебская губерня без асобных частак Дзвінскага, Рэжыцкага і Люцынскага паветаў, а таксама пяць паветаў Смаленскай губерні, чатыры паўночныя паветы Чарнігаўскай губерні і па адным павеце з Віленскай і Сувалкаўскай губерняў[2]. Тэрыторыя БССР у такіх памерах нават па самых прыблізных падліках складала больш за 300 000 кв. км з насельніцтвам блізу 10 млн. чалавек.

На жаль, у межах, вызначаных I з’ездам КП(б)Б, „незалежная” Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка праіснавала нядоўга. Ужо 16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) прызнаў неабходным вывесці са складу БССР Смаленскую, Віцебскую і Магілёўскую губерні, пакінуўшы толькі Мінскую і Гродзенскую. Такое рашэнне тэрытарыяльнага пытання з боку цэнтральнага партыйнага органа абумоўлівалася некалькімі асноўнымі прычынамі.

У канцы 1918 — пачатку 1919 г. Польшча пачала ўсё больш настойліва выказваць свае прэтэнзіі на беларускія землі. Між тым савецкі ўрад любымі сродкамі імкнуўся пазбегнуць ваеннага канфлікту. Польшчы прапаноўваліся мірныя перамовы і вырашэнне ўсіх спрэчных тэрытарыяльных пытанняў на яе карысць. Кіраўніцтва Літоўскай рэспублікі на адным са сваіх пасяджэнняў адзначала, што „імперыялістычныя апетыты самой Польшчы несумненна могуць быць задаволены Савецкай Расіяй за дыпламатычным сталом і дзеля гэтага ёй не спатрэбяцца перамогі на палях бітваў”[3]. Зразумела, што трымаючы перад сабой магчымасць ахвяравання беларускімі землямі, бальшавікі не хацелі рызыкаваць усімі тэрыторыямі, заўчасна ўключыўшы большую іх частку ў склад РСФСР. Другой прычынай абмежавання памераў БССР геаграфічна неабходнымі межамі стала жаданне ЦК РКП(б) аслабіць у рэспубліцы нацыянальныя тэндэнцыі.

Ідэя абмежавання тэрыторыі рэспублікі не была ўспрынята ні групай Мяснікова, якая разглядала гэты акт як ліквідацыю Заходяй вобласці і абвінавачвала кіраўніцтва партыі ў залішняй цэнтралізацыі і бюракратызацыі, ні групай Змітра Жылуновіча, якая лічыла рашэнне ЦК РКП(б) парушэннем дэкларацый у сферы нацыянальнай палітыкі. Аднак усе спробы беларускіх уладаў дамагчыся ад ЦК РКП(б) перагляду студзеньскай пастановы не мелі вынікаў. Уладзімір Ленін, які прыняў дэлегатаў ЦБ КП(б)Б, яшчэ раз нагадаў ім, што рэспубліка патрэбна пастолькі, паколькі яна мяжуе з іншымі краінамі. Смаленская, Віцебская і Магілёўская губерні не маюць агульных межаў з суседнімі дзяржавамі, то іх са складу БССР можна выключыць. Там, у Маскве, беларускай дэлегацыі паведамілі яшчэ пра адно рашэнне ЦК РКП(б): аб’яднаць Савецкую Літву і Беларусь у адну рэспубліку[4].

Не апошнюю ролю ў тым, што пазіцыя кіраўніцтва БССР была праігнаравана, адыграў той факт, што катэгарычна супраць існавання Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі выступілі губернскія ўлады. Нягледзячы на тое, што I з’езд КП(б)Б прыняў рашэнне пра абвяшчэнне БССР аднагалосна, як толькі дэлегаты раз’ехаліся на месцы, з губерняў у ЦК РКП(б) пайшлі лісты з пратэстамі супраць утварэння БССР і ўключэння ў яе склад. Прычыну супярэчлівых паводзінаў губернскіх уладаў дазваляе зразумець пратакол агульнага сходу Віцебскай партыйнай арганізацыі, які адбыўся 16 студзеня 1919 г. Прысутныя на сходзе якраз абмяркоўвалі вынікі I з’езда КП(б)Б. Адзін з дакладчыкаў па гэтым пытанні паведаміў, што напярэдадні з’езда, вярнуўшыся з Масквы, Мяснікоў правёў нараду з усімі дэлегатамі VI Паўночна-заходняй канферэнцыі РКП(б), якія прыбылі ў Смаленск яшчэ 26 снежня, але па прычыне пераносу даты адкрыцця канферэнцыі былі вымушаны застацца ў горадзе і чакаць прыезду кіраўніцтва. На сходзе, які адбыўся 29 снежня 1918 г., Мяснікоў паведаміў прысутным рашэнне ЦК РКП(б) утварыць самастойную Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку і ў якасці галоўных прычын назваў складанае знешнепалітычнае становішча Савецкай Расіі і неабходнасць прадэманстраваць імкненне шырокіх мас беларускага народа да самавызначэння на савецкай аснове. Доўгага абмеркавання пытання не было. Дэлегаты падпарадкаваліся пастанове цэнтральнага партыйнага органа і вырашылі на канферэнцыі не спрачацца, што і забяспечыла адзінадушнасць з’езда[5].

Тактыка дзеянняў губернскіх уладаў была звычайнай для таго часу. Рашэнне ЦК РКП(б), нават у выпадку нязгоды з ім партыйных арганізацый, пачынала праводзіцца ў жыццё, і толькі потым мясцовае кіраўніцтва магло звярнуцца з прапановай яго перагляду. 9 студзеня 1919 г. Віцебскі губернскі партыйны камітэт дэлегаваў у Маскву свайго прадстаўніка для пастаноўкі пытання пра выключэнне губерні са складу БССР і пра далучэнне да РСФСР[6]. А 20 студзеня віцебскія ўлады першымі атрымалі дазвол на „выдзяленне Віцебскай губерні з Беларускай рэспублікі…”[7]. У той жа дзень адпаведная пастанова была праведзена на губернскай партыйнай канферэнцыі[8]. У савецкім парадку выхад губерні са складу БССР быў замацаваны IV з’ездам Саветаў Віцебскай губерні. Прычыны такога рашэння знайшлі адлюстраванне ў рэзалюцыі з’езда: губерня эканамічна не звязана з Беларуссю; насельніц тва не ведае беларускай мовы; тут наогул „няма беларускай культуры”[9].

Крыху па-іншаму развіваліся падзеі ў Магілёўскай і Смаленскай губернях. Тут пазіцыя губернскіх уладаў была менш самастойнай і поўнасцю залежала ад загадаў вышэйшых партыйных органаў. У адпаведнасці з пастановай I з’езда КП(б)Б кіраўніцтва губерняў пачало непасрэдную працу па стварэнні беларускай дзяржавы. 15 студзеня 1919 г. ЦБ КП(б)Б падтрымала хадайніцтва Смаленскага губернскага камітэта партыі пра ўключэнне ў БССР разам з беларускай часткай губерні яшчэ трох паветаў — Сычэўскага, Вяземскага і Юхнаўскага, прызнаных тэрытарыяльнай камісіяй спрэчнымі[10]. Магілёўская партыйная арганізацыя спачатку выказалася супраць уваходжання ў БССР, аднак пасля размовы з сакратаром ЦБ КП(б)Б Вільгельмам Кнорыным губернскі камітэт у парадку партыйнай дысцыпліны аднагалосна прызнаў, што „немагчыма існаванне Беларусі без уваходжання ў яе склад Магілёўскай губерні”[11]. Пазней, калі паступіла супрацьлеглая дырэктыва ЦК РКП(б), упэўненасць у неабходнасці далучэння губерні да БССР змянілася разгубленасцю і няведаннем, чые загады выконваць — Мінска ці Масквы[12]. Па тлумачэнні звярнуліся да Якава Свярдлова. Яго тэлеграма ад 29 студзеня паклала канец сумненням. Яна яшчэ раз пацвердзіла лінію ЦК РКП(б) на выключэнне Магілёўскай губерні са складу БССР. Пасля гэтага губернскі з’езд Саветаў, які ў чаканні адказу з Масквы часова прыпыніў працу, замацаваў адрыў Магілёўшчыны ад Беларусі[13].

За той час, пакуль ішло абмеркаванне тэрытарыяльнага пытання, паміж членамі ЦБ і прадстаўніком ЦК РКП(б), які быў накіраваны ў Мінск для правядзення рашэння ЦК, склаліся вельмі нацягнутыя адносіны. Адольф Іофе абвінавачваў беларускае кіраўніцтва ў сепаратызме і сабатажы[14]. У адказ ЦБ КП(б)Б выказала свой недавер прадстаўніку ЦК і назвала гэты „прыватны выпадак” вынікам „духу бюракратызму, які панаваў у партыйных вярхах, і адарванасці ад партыйных мас”[15]. I Мінская губканферэнцыя КП(б)Б у сваёй спецыяльнай рэзалюцыі таксама адзначыла, што „пасылка агентаў ЦК, якія карыстаюцца аўтарытэтам ЦК і партыйнай дысцыплінай для механічнага падаўлення голаса мясцовых арганізацый, не выкараняе адзначанай адарванасці, а садзейнічае толькі паніжэнню самадзейнасці партыйных нізоў, выхоўвае дух сляпога падпарадкавання загадам зверху”[16].

Адмова ЦБ КП(б)Б выканаць загад цэнтральнага органа наконт абмежавання тэрыторыі рэспублікі дорага каштавала кіраўніцтву БССР. Масква ў гэтым канфлікце цалкам падтрымала дзеянні Іофе і нават выказала шкадаванне, што той „праводзіць мяккую палітыку ў дачыненні да ЦБ”[17]. Мяснікоў пад пагрозай партыйнага суда быў адкліканы з Беларусі, а астатнія члены ЦБ атрымалі толькі шараговыя пасады ва ўрадзе Літоўска-Беларускай Рэспублікі.

Праведзенае ў канцы студзеня — пачатку лютага 1919 г. уключэнне значнай часткі беларускіх земляў у склад РСФСР не было апошнім. Ужо ў самым хуткім часе сітуацыя паўтарылася, праўда, у меншым маштабе. Яшчэ ў студзені 1919 г. наркамат замежных справаў РСФСР выступіў з ініцыятывай арганізацыі нарадаў прадстаўнікоў савецкіх рэспублік для вырашэння спрэчных тэрытарыяльных пытанняў. Вынікам пасяджэння ад 25 лютага 1919 г., у якім удзельнічалі ўпаўнаважаныя РСФСР, Украінскай і Літоўска-Беларускай рэспублік, стала аднагалоснае рашэнне наконт перадачы часткі ўкраінскіх і беларускіх тэрыторый у склад новаўтворанай Гомельскай губерні РСФСР. Літоўска-Беларуская ССР перадавала Рэчыцкі павет Мінскай губерні[18].

Заканчэнне савецка-польскай вайны БССР сустрэла ў складзе толькі 6 няпоўных паветаў былой Мінскай губерні (Барысаўскага, Бабруйскага, Ігуменскага, часткі Мазырскага (72%), Мінскага (68%) і Слуцкага (57%))[19]. Плошча БССР была 52,4 тыс. кв. км, на якой жылі блізу 1,5 млн. чалавек. Відавочна, што паўнавартаснае развіццё беларускай нацыі пры такім становішчы было немагчымае. Адрыў цэнтральнай Беларусі ад усходніх губерняў, з якімі традыцыйна склаліся цесныя эканамічныя і культурныя сувязі, адмоўна ўплываў на ўсе бакі грамадскага развіцця: парушалася ўзаемадзеянне паміж рознымі галінамі вытворчасці, замаруджваўся працэс аднаўлення народнай гаспадаркі, узнікалі шматлікія перашкоды на шляху адраджэння нацыянальнай культуры і мовы. Тым не менш, кіраўніцтва РКП(б) не спяшалася вырашаць пытанне пра вяртанне ўсходнебеларускіх губерняў у склад БССР. Восенню 1920 г. ЦБ КП(б)Б само прызнала вяртанне ўсходніх губерняў заўчасным у дадзеных знешнепалітычных абставінах. Зварот групы „камуністаў-беларусаў”, падрыхтаваны імі па ўласнай ініцыятыве і ў пачатку студзеня 1921 г. накіраваны ў ЦК РКП(б), быў увогуле пакінуты без адказу.

У 1921 г. захады кіраўніцтва БССР наконт вяртання ўсходнебеларускіх тэрыторый былі цесна звязаны з праектам раянавання савецкай краіны і стварэння на базе беларускіх земляў Заходняй вобласці. Аднак паміж кіраўніцтвам БССР і ўладамі Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў існавалі разыходжанні ў дачыненні да памераў вобласці, формаў аб’яднання і яе адміністрацыйнага цэнтра. Эканамічны Савет Смаленскай губерні імкнуўся стварыць вобласць у выглядзе адміністрацыйнай адзінкі РСФСР і з цэнтрам у Смаленску, Віцебская губерня дапускала толькі гаспадарчае аб’яднанне, а ўлады Гомельскай губерні неаднаразова мянялі сваю пазіцыю: часам адмаўлялі неабходнасць існавання вобласці, а часам патрабавалі поўнага аб’яднання са стварэннем агульных абласных савецкіх, партыйных і гаспадарчых органаў.

З утварэннем у 1922 г. СССР захады беларускіх уладаў наконт вяртання ўсходнебеларускіх тэрыторый прыкметна актывізаваліся. Тэрытарыяльнае пытанне абмяркоўвалася на VII з’ездзе КП(б)Б і II сесіі ЦВК БССР IV склікання. Пашырэнне тэрыторыі БССР за кошт усходнебеларускіх губерняў было прызнана неабходнай умовай далейшага развіцця рэспублікі. Зыходзячы з гістарычнай, эканамічнай і этнаграфічнай агульнасці тэрыторый, у склад пашыранай БССР, згодна з планам ЦБ КП(б)Б, павінны былі ўвайсці Віцебская і Гомельская губерні цалкам, а таксама Горацкі і Мсціслаўскі паветы Смаленскай губерні. Пры такім вырашэнні пытання тэрыторыя БССР склала б прыкладна 155 тыс. кв. км з насельніцтвам больш за 5 млн. чалавек[20].

Ініцыятыва беларускага ўрада выклікала рэзка адмоўную рэакцыю з боку кіраўніцтва адзначаных губерняў. Яно крытыкавала беларускі план і імкнулася даказаць яго беспадстаў насць. Ставіўся пад сумненне беларускі характар насельніцт ва ўсходніх губерняў, адзначалася адсутнасць сярод жыхароў цягі да беларускай культуры і мовы. У сваю чаргу ўлады БССР звярталі ўвагу ЦК РКП(б) на шматлікія недахопы ў галіне культурнай працы сярод беларусаў усходніх раёнаў. Для работнікаў партыйных і савецкіх органаў беларуская мова была незразумелай і чужой, або, яшчэ горш, з’яўлялася прыкметай адсталасці і неадукаванасці. Кожны, хто выступаў за развіццё беларускай мовы, у вачах уладаў станавіўся нацыяналістам. Нярэдка прыхільнікаў усяго беларускага абвінавачвалі ў контррэвалюцыйнай прапагандзе. Зразумела, што гаварыць у гэтай сітуацыі пра высокі ўзровень нацыянальнай самасвядо масці не даводзілася. Адсутнасць інфармацыі і неафіцыйная агітацыя супраць далучэння да БССР, якая вялася мясцовымі ўладамі, прыводзіла да скажонага ўяўлення жыхароў пра беларусізацыю. Рабочыя і сяляне таксама хваляваліся, што аб’яднанне са слабой у эканамічным плане БССР пагоршыць іх эканамічнае становішча.

У сітуацыі, калі статыстыка, пададзеная супрацьлеглымі бакамі, была недакладная, няпоўная і часта супярэчлівая, вялікі ўплыў набывалі знешнепалітычныя фактары, на якія ўвесь час звярталася самая сур’ёзная ўвага. Беларускі бок імкнуўся пераканаць ЦК РКП(б), што правільнае вырашэнне тэрытарыяльнага пытання можа значна павысіць міжнародны аўтарытэт БССР і яе ўплыў на падзеі ў Заходняй Беларусі.

29 лістапада 1923 г. Палітбюро ЦК РКП(б) разгледзела пазіцыю ўсіх зацікаўленых бакоў і пастанавіла далучыць да БССР Віцебскую і Гомельскую губерні цалкам за выключэннем чатырох паветаў былой Чарнігаўскай губерні, а таксама Горацкі і Мсціслаўскі паветы Смаленскай губерні[21]. Як бачым, рашэнне Палітбюро ЦК РКП(б) было даволі спрыяльным для БССР. Яно прадугледжвала стварэнне рэспублікі ў памерах, якіх, на самай справе, не ўдалося дасягнуць ні пад час першага (1924 г.), ні нават другога (1926 г.) пашырэння. На жаль, пастанова Палітбюро ЦК РКП(б) не была рэалізавана ў поўнай меры. У момант, калі здавалася, што пытанне ўжо канчаткова вырашана, на шляху да яго практычнага здзяйснення ўзніклі непрадбача ныя перашкоды, звязаныя з дзейнасцю аднаго з лідэраў апазіцыі да ЦК РКП(б) сакратара ЦВК РСФСР і старшыні камісіі па раянаванні РСФСР Сапронава. Ён абвінавачваўся ў тым, што імкнуўся аддзяліць савецкія органы ад партыйнага ўплыву. Са свайго боку Сапронаў даказваў, што партыя „паглынае ініцыятыву і самастойнасць савецкіх органаў”, і як прыклад прыводзіў беларускае пытанне, пра якое ён, сакратар ЦВК РСФСР і старшыня камісіі па раянаванні, нічога не ведаў, а калі і чуў выпадковыя размовы, то лічыў, што гэта толькі жарты наконт „Вялікай Беларусі”[22]. Адначасова ў ЦК РКП(б) паступіў пратэст Віцебскага губкама, які выказваў сваё абурэнне тым, што пазіцыя партыйнай арганізацыі цэлай губерні была праігнараваная[23]. У гэтай сітуацыі Палітбюро ЦК РКП(б) было вымушана пайсці на перагляд свайго рашэння. У складзе РСФСР пакідаліся тры паветы (Веліжскі, Невельскі і Себежскі) Віцебскай губерні, Гомельскі і большая частка Рэчыцкага павета Гомельскай губерні. З Мсціслаўскага павета Смаленскай губерні да БССР адыходзілі толькі чатыры воласці.

У выніку вяртання ўсходніх земляў тэрыторыя рэспублікі павялічылася больш чым у два разы і склала 110 584 кв. км, а колькасць насельніцтва ўзрасла да 4,2 млн. чалавек. Аднак, нягледзячы на заяву старшыні ЦВК БССР Аляксандра Чарвякова на VI Надзвычайным з’ездзе Саветаў БССР наконт таго, што пасля пашырэння тэрыторыю рэспублікі складалі „ўсе тыя паветы, большасць насельніцтва якіх былі беларусы”[24], тэрытарыяльнае пытанне ў 1924 г. не было вырашана канчаткова. У складзе РСФСР па-ранейшаму заставаліся землі, гістарычна, эканамічна і этнаграфічна цесна звязаныя з Беларуссю. Кіраўніцтва БССР добра ўсведамляла гэтую акалічнасць, і яшчэ ў канцы 1923 г. прадстаўнікі БССР на пасяджэнні Палітбюро ЦК УКП(б) выказалі сваю нязгоду з тым, што Гомельскі і Рэчыцкі паветы Гомельскай губерні і Веліжскі, Невельскі і Себежскі паветы Віцебскай губерні пакідаюцца за РСФСР. Пазіцыя беларускай дэлегацыі была выкладзена ў якасці асобнай думкі і зафіксавана ў пратаколе пасяджэння[25]. Такім чынам, у кіраўніцтва БССР мелася фармальная падстава для таго, каб патрабаваць паўторнага разгляду праблемы беларускіх межаў. Разам з тым патрэбны былі вельмі важкія матывы, каб ужо ў хуткім часе пасля пашырэння БССР, названага канчатковым, зноў ставіць пытанне пра беларускія межы.

Аналіз архіўных матэрыялаў дае магчымасць сцвярджаць, што ў 1926 г. мелася цэлае кола фактараў, якія не дазвалялі зняць беларускае тэрытарыяльнае пытанне з парадку дня. Як найбольш важныя трэба адзначыць прычыны знешнепалітыч нага характару. Вяртанне ў 1924 г. у склад БССР шэрагу ўсходнебеларускіх паветаў мела вялікі рэзананс у Польшчы і Заходняй Беларусі. Пераканаўчым сведчаннем гэтага сталі вынікі II Беларускай канферэнцыі нацыянальных арганізацый, якая падтрымала Мінск у якасці кіраўнічага цэнтра беларускага нацыянальнага руху. Аднак нават па-савецку настроеныя ўдзельнікі канферэнцыі не былі цалкам задаволены вынікамі пашырэння тэрыторыі БССР. У рэзалюцыі па агульным палітычным становішчы на Беларусі адзначалася, што „нарада прызнае справядлівым, каб да рэспублікі былі далучаны Гомельшчына і іншыя ўсходнія паветы”[26].

Незавершанасць тэрытарыяльнага будаўніцтва БССР выклікала рэзкую крытыку і ў беларускім замежным друку. Часопіс «Крывіч», які выдаваўся ў Коўна Вацлавам Ластоўскім, абвінавачваў кіраўніцтва кампартыі ў тым, што яно пакінула значныя беларускія землі ў складзе РСФСР для іх канчатковай русіфікацыі. Яшчэ адно перыядычнае выданне — беларуская газета ў Латвіі „Голас беларуса” — 10 траўня 1926 г. пісала: „… і нават самы апошні, здавалася б, дужа прыхільны для беларусаў акт далучэння да Савецкай Беларусі Віцебшчыны, Полаччыны і Магілёўшчыны, добра прыгледзеўшыся і разважыўшы, можна разглядаць як акт пятага падзелу Беларусі”[27].

Прычынам знешнепалітычнага характару спадарожнічалі ўнутрыпалітычныя, эканамічныя, этнаграфічныя і культурна -гістарычныя. Аднак непасрэдным штуршком да актывізацыі намаганняў па вяртанні ўсходніх земляў сталі спробы Арганізацыйнага Бюро Заходняй вобласці ў Смаленску зноў ажыццявіць праект утварэння Заходняй вобласці. Першая спроба перагледзець вынікі пашырэння была зроблена ўжо ў хуткім часе пасля завяршэння працэсу прыёмкі ўсходнебеларускіх паветаў. У жніўні 1924 г. Аргбюро вобласці сумесна з кіраўніцтвам Гомельскай губерні звярнулася ў ЦВК РСФСР з прапановай уключыць у склад вобласці Горы-Горацкі сельскагаспа дарчы інстытут разам з часткай прылеглай да яго тэрыторыі БССР. Паводле гэтага праекта назад да Смаленскай губерні павінны былі адысці шэсць беларускіх паветаў плошчай 909,9 кв. км з насельніцтвам 45 600 чалавек[28]. Спробы перагледзець межы БССР працягваліся і ў 1925 г. Менавіта ў процівагу захадам Аргбюро ўрад БССР быў вымушаны выступіць з контрпрапановай яшчэ раз разгледзець пытанне пра межы рэспублікі з мэтай канчатковага іх вызначэння. 17 сакавіка 1926 г. Бюро ЦК КП(б)Б пастанавіла: выступіць катэгарычна супраць стварэння Заходняй вобласці, патрабаваць далучэння Гомеля і Веліжа і ўстрымацца ад абмеркавання пытання пра Смаленск[29].

18 лістапада 1926 г. Палітбюро ЦК УКП(б), разгледзеў шы высновы камісіі, якая перад гэтым працавала ў Гомельскай губерні, і довады ЦК КП(б)Б, пастанавіла „лічыць даказаным беларускі характар насельніцтва Гомельскага і Рэчыцкага паветаў і прызнаць неабходным далучэнне адзначаных паветаў да БССР”[30]. Як бачым, не ўсе тэрыторыі, якія ЦК КП(б)Б і ўрад БССР лічылі беларускімі, былі далучаны да БССР. І ў 1924, і ў 1926 г., пад час вывучэння тэрытарыяльнага пытання, паміж кіраўніцтвам БССР і ўладамі РСФСР назіраліся істотныя разыходжанні ў вызначэнні беларускай этнічнай тэрыторыі. Урад БССР і ЦК КП(б)Б сцвярджалі, што акрамя далучаных да БССР земляў беларускімі таксама з’яўляюцца: Веліжскі, Невельскі і Себежскі паветы Віцебскай губерні; Мглінскі, Навазыбкаўскі і Суражскі паветы Чарнігаўскай губерні. Пры гэтым беларускі бок спасылаўся на матэрыялы перапісу 1897 г. і этналінгвістычныя даследаванні беларускіх і рускіх вучоных, а кіраўніцтва РСФСР, якое прытрымлівалася супрацьлеглай пазіцыі, аддавала перавагу перапісу 1920 г. і дакладам губернскіх уладаў. Пра «аб’ектыўныя» адносіны кіраўніцтва губерняў ужо гаварылася вышэй. А што датычыць перапісу 1920 г., то трэба адзначыць, што ён праводзіўся на тэрыторыі Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў якраз у той час, калі паміж урадамі Расіі і Польшчы ішлі перамовы, галоўным пытаннем якіх было тэрытарыяльнае. Не выключалася магчымасць далучэння ўсёй этнаграфічнай Беларусі да Польшчы. Таму насельніцтва, напалоханае гэтымі чуткамі, хавала сваю сапраўдную нацыянальнасць і запісвалася рускім. Пазней, пад час вяртання ўсходнебеларускіх тэрыторый, дадзеныя перапісу 1920 г. дазволілі праціўнікам пашырэння БССР сцвярджаць, што спрэчныя паветы Віцебскай і Гомельскай губерняў не з’яўляюцца беларускімі. У лепшым выпадку беларусы складалі там адносную большасць.

У сітуацыі, калі аргументы кожнага з бакоў маглі быць аспрэчаны і пастаўлены пад сумненне, адзіны выхад быў у арганізацыі грунтоўнага этнаграфічнага абследавання спрэчных раёнаў. Але ні ў 1920-х г., ні пазней такое абследаванне праведзена не было. У 1926 г. камісія Палітбюро ЦК УКП(б), у складзе якой, дарэчы, не было ніводнага гісторыка ці этнографа, выязджала толькі ў Гомельскі і Рэчыцкі паветы, бо знаходжанне менавіта гэтых паветаў па-за межамі БССР выклікала найбольш вострую крытыку з боку праціўнікаў і нават прыхільнікаў савецкай улады. Аналіз метадаў і характару дзейнасці камісіі дазваляе зрабіць выснову, што сапраўднай яе задачай было не столькі вызначэнне этнічнага складу насельніцтва спрэчных раёнаў, колькі неабходнасць засведчыць дэмакратызм прыняцця рашэння і праверыць, як далучэнне да БССР будзе ўспрынята на месцах. Такім чынам, прымаючы рашэнне пра вяртанне ў склад БССР Гомельскага і Рэчыцкага паветаў і пакіданне ў РСФСР трох паветаў Віцебскай губерні і паўночных паветаў Чарнігаўскай губерні, Палітбюро ЦК УКП(б) кіравалася выключна палітычнымі матывамі.

Архіўныя матэрыялы сведчаць, што і пасля другога пашырэння кіраўніцтва БССР не лічыла працэс фармавання тэрыторыі рэспублікі завершаным. Аднак змены, якія з другой паловы 1920-х г. пачаліся ў палітычным жыцці СССР, зрабілі немагчымымі і небяспечнымі любыя спробы пастаноўкі пытання пра перагляд усходняй мяжы, якая ў асноўных рысах захавалася да сённяшняга дня. Разам з тым, трэба адзначыць, што вяртанне ў 1924 і 1926 г. усходнебеларускіх тэрыторый, пры ўсёй неадназначнасці ацэнак прынцыпаў правядзення гэтага працэсу і яго вынікаў, мела для БССР вялікае значэнне. Тэрыторыя рэспублікі параўнальна з 1921 г. павялічылася ў два з палавінай разы — з 52 400 кв. км да 125 950 кв. км, з насельніцтвам блізу 5 млн. чалавек, 80% якога складалі беларусы. З уз’яднаннем беларускіх земляў стварыліся спрыяльныя ўмовы для эканамічнага, сацыяльнага і культурнага развіцця беларускага народа. Павысіўся эканамічны патэнцыял рэспублікі, кіраванне народнай гаспадаркай з аднаго цэнтра дазваляла лепш улічваць прыродныя і гістарычныя асаблівасці Беларусі як асобнай вытворчай адзінкі. З’явіліся рэальныя магчымасці для адраджэння беларускай мовы і культуры. Уключэнне ў склад БССР беларускіх раёнаў Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губерняў узмацніла таксама і міжнародны аўтарытэт рэспублікі, паўплывала на палітычную арыентацыю насельніцтва Заходняй Беларусі.


[1] Борьба за Советскую власть в Белоруссии (1918—1920). В 2 т. Т. 1 (февраль 1918 — февраль 1919 г.). Мінск, 1968. С. 414.
[2] Пратакол I з’езда КП(б)Б. Мінск, 1934. С. 33.
[3] НА РБ. Ф. 4, воп. 1, спр. 4, а. 52.
[4] Круталевіч В. Пасля абвяшчэння рэспублікі // Полымя. 1966. № 9. С. 133.
[5] НА РБ. Ф. 60, воп. 3, спр. 443, а. 8.
[6] Тамсама. Спр. 387, а. 5.
[7] Тамсама. Спр. 388, а. 17.
[8] Тамсама. Ф. 4, воп. 1, спр. 19, а. 6.
[9] Круталевіч В. Пасля абвяшчэння рэспублікі… С. 132.
[10] НА РБ. Ф. 4, воп. 1, спр. 2, а. 10.
[11] Тамсама. Ф. 60, воп. 3, спр. 443, а. 16.
[12] Тамсама. Спр. 445, а. 16.
[13] Тамсама. Ф. 4, воп. 1, спр. 22, а. 49.
[14] Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. В 3 ч. Ч. 2: У истоков политического противостояния. Гомель, 1993. С. 135.
[15] НА РБ. Ф. 60, воп. 3, спр. 431, а. 24.
[16] Тамсама. Спр. 377, а. 125.
[17] Тамсама. Спр. 431, а. 24.
[18] Куличенко М.И. Борьба компартии за решение национального вопроса в 1918—1920 гг. Харьков, 1963. С. 242.
[19] Поляков Ю.А. Советская страна после окончания гражданской войны: территория и население. Москва, 1986. С. 43.
[20] НА РБ. Ф. 4, воп. 21, спр. 1, а. 16.
[21] Тамсама. Спр. 656, а. 51.
[22] Тамсама. Спр. 2549, а. 111.
[23] Тамсама. А. 105.
[24] VI Всебелорусский Чрезвычайный съезд Советов. Стенографический отчет. Минск, 1924. С. 9.
[25] НА РБ. Ф. 4, воп. 21, спр. 102, а. 54.
[26] НА РБ. Ф. 4, воп. 21, спр. 98, а. 36.
[27] Тамсама. Спр. 105, а. 31.
[28] Тамсама. Спр. 11, а. 137.
[29] Тамсама. Спр. 99, а. 129.
[30] Тамсама. Спр. 98, а. 10.

Наверх

Tags: ,