Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Археалогiя'

Артыкулы па тэме ‘Археалогiя’

Людміла Дучыц. Балты i славяне на тэрыторыі Беларусі ў пачатку II тысячагодзьдзя / Артыкул

Жніўня 20, 1995 |


У гісторыі не было этнасаў, якія б ня зьмешваліся. Менавіта зьмешваньне заўжды выклікала зьяўленьне народаў. Напрыклад, фармаваньне балгарскай народнасьці ішло ва ўмовах кантактаў паміж славянамі й протабалгарамі, французы зьявіліся ў выніку кантактаў кельтаў, рымлян i германцаў, англічане — кельтаў, рымлян, англаў i саксаў, расейцы — фінаў i славян. Беларускі народ паўстаў у выніку расьсяленьня славян на тэрыторыі пражываньня балтаў i ix зьмешваньня. Гэта прызнана большасьцю археолягаў i вучоных сумежных навук (антрапалёгіі, тапанімікі, гідранімікі, мовазнаўства, анамастыкі, этнаграфіі).

Славяне зьявіліся на нашых землях у сярэдзіне I тысячагодзьдзя, а на Падзьвіньні i ў Панямоньні значна пазьней[1]. Калі на першым этапе міграцыя славян насіла характар ваеннага захопу, то зь цягам часу ix інфільтрацыя ў балцкае асяродзьдзе пайшла i мірным шляхам. Гэты працэс быў вельмі шматгранны. У многіх мясьцінах ён працягваўся амаль да нашых дзён (Абольцы Талачынскага, Гайна Лагойскага раёнаў, ваколіцы Мядзела, Воршы, Дзятлава, Іўя i інш.). Асабліва інтэнсіўнае зьмешваньне балтаў i славян на тэрыторыі Беларусі ішло менавіта ў пачатку II тысячагодзьдзя. Тады ня толькі фармаваўся новы антрапалягічны тып, але й ствараўся сынтэз двух архетыпаў сьвядомасьці. На такой базе i зьявіўся беларускі этнас. Гэта быў час, калі вакол таксама пачыналася складваньне народнасьцяў — палякаў, чэхаў, балгараў, харватаў, украінцаў, літоўцаў, латышоў i інш.[2]

Аб балцкім субстраце ў этнагенэзе беларусаў пісалі яшчэ ў XIX ст. У 1920-30-ыя гады гэта было пацьверджана беларускімі археолягамі[3]. Пасьля разгрому адраджэньня ў 30-ыя гады пытаньне паходжаньня беларускага народу ў савецкай навуцы амаль не разглядалася, аднак яно неаднаразова абмяркоўвалася на старонках беларускага эміграцыйнага друку[4]. У 60-ыя гады пытаньне ўзьнікла ў сувязі з выхадам артыкулаў вядомага маскоўскага дасьледчыка В.Сядова, прысьвечаных балцкаму субстрату ў этнагенэзе беларусаў[5]. На старонках часопіса «Советская этнография» разгарнулася дыскусія па гэтым пытаньні. У ёй прынялі ўдзел вядомыя дасьледчыкі П.Трацьцякоў, М.Грынблат, В.Жучкевіч i інш.[6] Пасьля дыскусіі й выхаду ў сьвет манаграфіі В.Сядова «Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья» (1970) балцкі субстрат у этнагенэзе беларусаў быў канчаткова прызнаны. Цяпер у навуковых колах ужо амаль ніхто не сумняваецца, што ў старажытнасьці тэрыторыя Беларусі зьяўлялася ўсходняй ускраінай балцкага сьвету. З кожным годам крыніцы на карысьць гэтага павялічваюцца.

Уяўленьне аб этнасе пачатку II тысячагодзьдзя даюць у першую чаргу вынікі раскопах курганоў. Пахавальны абрад, як вядома, характарызуецца найбольшым кансэрватызмам. Такія элемэнты пахавальнага абраду, як кострышчы на падэшве, мужчынскія пахаваньні галавой на ўсход, мноства бітага посуду, раньні пераход да пахаваньняў у падкурганных ямах, наяўнасьць валуноў, а таксама шэраг упрыгожваньняў (зьвярынагаловыя бранзалеты, шыйныя грыўны, сьпіральныя пранізкі, шматзьвенныя ланцужкі, вайнагі), прызнаныя балцкімі. Пытаньне адносна балцкай прыналежнасьці пералічаных упрыгожваньняў на тэрыторыі Беларусі ў шматлікіх працах грунтоўна распрацавана маскоўскай дасьледчыцай З.Сяргеевай. Яна картаграфавала знаходкі й паказала ix генэтычную сувязь з больш раньнімі балцкімі рэчамі. Напрыклад, аналізуючы зьвярынагаловыя бранзалеты, дасьледчыца прыйшла да высновы, што такія ўпрыгожваньні сустракаюцца па ўсёй этнічнай тэрыторыі беларусаў. Асабліва шмат ix у міжрэччы Дзьвіны й Бярэзіны, у вярхоўях Пцічы i вярхоўях ракі Вялікай. Менш гэтых упрыгожваньняў знойдзена па Дняпру i яго левых прытоках. Звычайна ў кургане з такімі бранзалетамі знаходзяцца й іншыя рэчы прыбалтыйскіх тыпаў: вайнагі, шыйныя грыўны, сьпіральныя пярсьцёнкі, падковападобныя фібулы. На падставе аналізу формы сячэньня й арнамэнтацыі З.Сяргеева прыйшла да высновы, што большасьць зьвярынападобных бранзалетаў зроблена на месцы, i толькі ix нязначная частка магла трапіць з Прыбалтыкі, дый тое асядала ў мясьцінах, якія па культуры былi блізкія да балтаў. Аналягічная сытуацыя назіраецца i з шыйнымі грыўнамі. Прычым варта падкрэсьліць, што такія ўпрыгожваньні, як зьвярынападобныя бранзалеты, вітыя шыйныя грыўны й вайнагі знаходзяць звычайна не ў гарадох i не каля гандлёвых шляхоў, a менавіта ў глухіх мясьцінах[7].

Наогул, паводле ўсіх апісаных прыкметаў, курганы Беларусі адрозьніваюцца ад курганоў на іншых усходнеславянскіх землях. Блізкімі зьяўляюцца толькі курганы прылеглых раёнаў Смаленшчыны, Пскоўшчыны i Ўсходняй Латвіі.

Мяркуючы па выніках раскопак пахавальных помнікаў, роля балтаў у пачатку II тысячагодзьдзя была неаднолькавая ў розных рэгіёнах Беларусі. Асабліва багатыя на балцкія рэчы пахаваньні Полацкай зямлі. Напрыклад, блізкія да балцкай культуры помнікі, што знаходзяцца каля сёньняшніх вёсак Латыголь i Навінка Талачынскага, Наўры Мядзельскага, Рудня i Дзьмітраўшчына Полацкага, Укля Браслаўскага раёнаў i інш. Так, у курганным могільніку каля в. Латыголь i Навінка выяўленыя пахаваньні, блізкія па ўсіх прыкметах да латгалаў i селаў[8]. Непадалёку знаходзяцца знакамітыя Абольцы, дзе, згодна зь пісьмовымі крыніцамі, балцкі асяродак існаваў яшчэ ў XIV-XVI ст.[9] На падставе вынікаў раскопак курганоў, назвы вёскі «Латыголь» i дадзеных пісьмовых крыніц можна гаварыць аб існаваньні тут аўтахтоннага балцкага насельніцтва да часоў позьняга сярэднявечча. Цікава, што ўжо непадалёку курганы адрозьніваюцца паводле этнічнай прыналежнасьці. Напрыклад, каля в. Драздова таго ж раёну сынхронны курганны могільнік балцкіх рысаў амаль ня мае, але затое там знойдзеныя дэталі драўлянага вядра, наяўнасьць якога ў пахаваньні лічыцца найхарактэрнейшым славянскім прызнакам[10].

Шмат курганоў зь яскравымі балцкімі рысамі раскапана ў навакольлях Полацку, Менску, Заслаўя. Так, сярод рэчаў, знойдзеных каля Полацку, плоска-выпуклыя шырокія арнамэнтаваныя бранзалеты, зьвярынагаловыя бранзалеты, разнастайныя шыйныя грыўны[11]. Асаблівую цікавасьць уяўляе нядаўна адкрыты курганны могільнік каля в. Дзьмітрыўшчына, што прыкладна ў 10 км на поўнач ад Полацку. Тут у некалькіх пахаваньнях знойдзены тыпова латгальскія нагрудныя ўпрыгожваньні з ланцужкоў, ланцугатрымальнікаў i трапэцыяпадобных падвесак. Ёсьць таксама зьвярынагаловыя бранзалеты, вайнагі, пахаваньні каня[12].

У курганох навакольля Менску фіксуюцца каменныя аградкі, шматлікія зьвярынагаловыя бранзалеты, сьпіральныя пярсьцёнкі, вайнагі, шыйныя грыўны[13]. Пахавальныя помнікі наваколіц Заслаўя (Коўшава, Абрыцкая Слабада, Забор’е, Анусіна), на думку Ю.Заяца, пакінулі славянізаваныя літоўцы або яцьвягі, або славяне, якія мелі на нейкім этапе моцны ўплыў балтаў[14]. На поўнач ад Заслаўя, паблізу Радашкавічаў, на Дзявочай Гары каля в. Дуброва Э.Зайкоўскім раскапаны курганны могільнік з каменнымі канструкцыямі. Дасьледчык зьвязвае помнік зь яцьвягамі[15]. Паводле Е.Ахманьскага, у гэтых мясьцінах яшчэ ў часы сярэднявечча фіксуецца значны літоўскі элемэнт[16].

Акрамя згаданых балцкіх асяродкаў вялікі працэнт балцкіх элемэнтаў на тэрыторыі Полацкай зямлі ёсьць у Вышадках i Бяскатаве Гарадоцкага (касьцяныя падвескі-качачкі, шыйныя грыўны, ланцужкі), Пуцілкавічах Ушацкага (каменныя абкладкі магіл, зьвярынагаловыя бранзалеты, галаўныя ўборы з бляшкамі, шыйныя грыўны, вялікія бурштынавыя пацеркі), Дымаве Шклоўскага (вайнага разам з бранзалетападобнымі скроневымі кольцамі), Ізьбішча Лагойскага, Лясная Мёрскага раёнаў i інш. У двух пахаваньнях каля в. Перавоз Глыбоцкага i ў адным каля в. Укля Браслаўскага раёну зафіксаваны звычай пакладаньня зьвярынагаловых бранзалетаў каля ног нябожчыка. Такі звычай лічыцца балцкім[17].

На тэрыторыі Полацкай зямлі вылучаецца асобная катэгорыя пахавальных помнікаў, дзе земляныя курганы пераходзяць у курганы, абкладзеныя камянямі па ўсёй паверхні, а затым у прастакутныя каменныя магілы. У археалягічнай літаратуры такія помнікі атрымалі назву курганна-жальнічных могільнікаў. На сёньняшні дзень ix улічана больш за дваццаць, але яны пакуль што мала вывучаныя. Курганна-жальнічныя могільнікі ў асноўным сканцэнтраваныя ў вярхоўях Вяльлі й Бярэзіны. Ёсьць яны каля вёсак Перавоз Глыбоцкага, Ваўча Докшыцкага, Гаравец, Мсьціж i Хаўхоліца Барысаўскага, Жукавец Бярэзінскага, Домжарыцы Лепельскага раёнаў i інш. Увагу на такія помнікі зьвярнуў яшчэ А.Сьпіцын[18]. Найбольш вывучаныя помнікі каля в. Перавоз, Ваўча[19] i Гаравец[20]. Земляныя курганы, што знаходзяцца побач з каменнымі курганамі й каменнымі магіламі, датуюцца пачаткам II тысячагодзьдзя i не адрозьніваюцца ад земляных синхронных курганоў, разьмешчаных асобна. Знаходкі ж у каменных курганох i каменных магілах тут ідэнтычныя знаходкам у каменных магілах Панямоньня. Такі факт сьведчыць аб міграцыі ў вярхоўі Бярэзіны яцьвягаў. Гэта маглі быць палонныя, прыведзеныя сюды ў час паходаў полацкіх князёў на землі Панямоньня, або яцьвягі, якія перасяліліся, ратуючыся ад крыжацкай навалы[21].

Пры разглядзе этнічнага стану насельніцтва Полацкай зямлі асаблівай увагі заслугоўвае грунтовы помнік Х-ХІ ст. каля в. Казлоўцы Мёрскага раёну, на правым беразе ракі Дзісенкі, што ўпадае ў Дзісну. Паводле рэчаў (вітая пыйная грыўна з гранёнымі канцамі, зьвярынагаловыя бранзалеты, сьпіральныя пранізкі, сьпіральны пярсьцёнак са стылізаванымі зьмяінымі галоўкамі) i паводле абраду пахаваньня (трупаспаленьні й трупапалажэньні на вялікай адлегласьці адзін ад аднаго, ахвярныя ямы з вугольлямі й пахаваньні каня) дадзены помнік блізкі да тыпова латгальскіх грунтовых могільнікаў тыпу Люцынскага, Нукшынскага, Кіўтскага i інш. Але тут ёсьць i шмат упрыгожаньняў, характэрных менавіта для крывічоў — бранзалетападобныя скроневыя кольцы, каралі са шкляных пацерак у спалучэньні з бразготкамі[22]. У сувязі з могільнікам каля Казлоўцаў вартае ўвагі пытаньне аб летапіснай Нарове (Нароме, Нероме), якая згадваецца ў «Аповесьці мінулых часоў». Згодна з Н.Хвашчынскай[23], першы спэцыяльна разглядзеў гэтае пытаньне яшчэ М.Барсаў. Прааналізаваўшы пісьмовыя крыніцы, ён аднес Нарову да балтаў. У далейшым яго аргумэнтацыя была прызнаная ўсімі дасьледчыкамі, што займаліся гэтай праблемай (М.Гэльман, Э.Мугурэвіч, В.Пашута, А.Куза). Н.Хвашчынская адзначае, што Нарова невядомая паўночна-рускім летапісцам, аўтары якіх добра ведалi назовы прыбалтыйска-фінскіх плямёнаў. Дасьледчыца сьцьвярджае, што няма ніякіх падстаў зьмяшчаць Нарову ў басэйне ракі Наровы.

Д.Мачынскі, грунтуючыся на дадзеных тапанімікі, прыйшоў да высновы, што летапісная Нарова жыла на ўсход ад ліваў i рана страціла самастойнасьць. Ён зьмясьціў Нарову ў басэйне ракі Вялікай i Ўсходняга Прычудзьдзя, а Сярэдняе Падзьвіньне аднес да зоны курганоў не ўстаноўленай культурнай прыналежнасьці[24]. Цікава, што менавіта ў сярэднім цячэньні Дзьвіны фіксуюцца тапонімы Нарова, Наруці, Нарушова, Нурава i падобныя[25]. Таксама вядома, што рачныя парогі каля г. Дзісны яшчэ ў пачатку XIX ст. зваліся «Нароўскія парогі»[26]. Такія дадзеныя дазваляюць выказаць меркаваньне аб пражываньні летапіснай Наровы ў сярэднім Падзьвіньні i атаясамліваць зь ёй грунтовы могільнік каля Казлоўцаў.

У вярхоўях Вяльлі i на правабярэжжы Немана ўздоўж сучаснай мяжы зь Літвой знаходзяцца так званыя ўсходнелітоўскія курганы. На тэрыторыі сучаснага Пастаўскага раёну (Лынтупы, Вайшкуны) знойдзеныя шыйныя грыўны зь седлападобнымі i плоскімі заходзячымі канцамі, арбалетныя й падковападбныя фібулы, сьпіральныя пранізкі, ракавіны каўры, зброя, шпоры, пахаваньні каня[27]. Паўночней, на тэрыторыі Браслаўскага раёну, усходнелітоўскіх курганоў ужо няма[28]. Суседнія курганы на тэрыторыі сучаснай Літвы (Дукштас, Лапушышкі, Пабарай i інш.) маюць ужо ўсе тыповыя для ўсходнелітоўскіх курганоў рысы[29]. Такім чынам, ёсьць падставы сьцьвярджаць, што этнічная мяжа ў гэтым раёне склалася амаль тысячу гадоў назад. Прасоўваньне славян на тэрыторыю сучаснай Літвы было спынена з пачаткам працэсу фармаваньня літоўскай народнасьці, якая стала кансалідавацца менавіта ва ўсходняй Літве як вынік супрацьстаяньня славянскай каланізацыі[30].

Іншая сытуацыя склалася на беларуска-латыскім памежжы. Тут славяне праніклі значна далей, што тлумачыцца экспансіяй уздоўж Дзьвіны да берагоў Балтыйскага мора. Таму на тэрыторыі Ўсходняй Латвіі невыпадковыя пахаваньні са зьмешанымі латгала-крывіцкімі рысамі[31].

Аналіз 200 найбольш інвэнтарных комплексаў (з агульнай колькасьці каля 500 курганоў) з тэрыторыі Полацкай зямлі паказаў, што 25% зь ix былі з бранзалетападобнымі скроневымі кольцамі, a астатнія наогул без скроневых калец. Першыя паводле набору ўпрыгожваньняў бліжэй да славянскага строю. У строі зь пярсьцёнкападобнымі скроневымі кольцамі ўжо больш мэталічных упрыгожваньняў, a ў камплектах без скроневых калец наогул вялікая колькасьць мэталічных упрыгожваньняў, прычым усе яны паводле паходжаньня зьяўляюцца балцкімі. На тэрыторыі Полацкай зямлі вядомы i шэраг выпадковых знаходак балцкіх упрыгожваньняў. Напрыклад, у Старым Пагосьце Мёрскага раёну знойдзена грыўна з прымацаванымі да яе бразготкамі. Шыйная грыўна з шырокапласьцінчатымі заходзячымі седлападобнымі канцамі i падвешанымі да яе 12 бразготкамі знойдзена каля в. Абрыцкая Слабада паблізу Менску.

У гэтыя часы можна вылучыць i шэраг балта-славянскіх (гібрыдных) упрыгожваньняў. Сярод ix вайнагі са скроневымі кольцамі, каралі са шкляных пацерак у спалучэньні з бразготкамі, або сьпіральнымі пранізкамі. Мясцовымі вырабамі лічацца зааморфныя бранзалеты з сэгмэнтападобным сячэньнем (у адрозьненьне ад непасрэдна прыбалтыйскіх з трохкутным сячэньнем). У мужчынскім касьцюме акрамя, агульных для ўсёй Усходняй Эўропы, элемэнтаў прасочваюцца i балцкія рысы — бранзалеты, фібулы, сьпіральныя мэталічныя пранізкі. Для жаночага i мужчынскага строяў характэрная наяўнасьць ножыкаў у якасьці амулетаў. Гэта зьяўляецца тыпова балцкай рысай.

На тэрыторыі Панямоньня i часткова Пабужжа асноўнымі пахавальнымі помнікамі ў разгляданы час зьяўляліся каменныя магілы. Земляных курганоў было вельмі мала[32]. Арэал распаўсюджваньня каменных магіл, паводле дасьледаваньняў А.Квяткоўскай, акрэсьліваецца наступным чынам: на поўначы мяжа праходзіць па рацэ Вяльлі i яе прытоках, на ўсходзе такія помнікі вядомыя па рацэ Бярэзіне (Дняпроўскай) i яе прытоках, паўднёваўсходняя мяжа знаходзіцца ў вярхоўях прытокаў Немана, на паўднёвым захадзе каменныя магілы вядомыя па прытоках Буга, на захадзе — ў вярхоўях Сьвіслачы i далей у межах Польшчы, а на паўночным захадзе каменныя магілы выходзяць на тэрыторыю Літвы. На падставе вывучэньня гэтай катэгорыі помнікаў дасьледчыца выявіла ix лякальныя асаблівасьці i прыйшла да высновы аб прыналежнасьці каменных магіл яцьвягам[33]. А паводле антрапалягічных дадзеных, насельніцтва, якое пакінула каменныя магілы, генэтычна блізкае славянскім трупам[34].

Земляныя курганы ў асноўным сканцэнтраваныя каля гарадоў. Найбольш ix каля Наваградка (больш за 10). Як сьведчаць вынікі раскопак, праведзеных К.Паўлавай, у пахаваньнях зафікасаваныя як славянскія, так i балцкія рысы[35]. Курганны могільнік каля Ваўкавыска (Падрось) належаў зьмешанаму дрыгавіцка-мазавецкаму насельніцтву[36].

Згодна з публікацыяй П.Лысенкі, прысьвечанай дрыгавічам, балцкія рэчы ў значнай меры сканцэнтраваныя на ўзьмежжы з крывічамі (па лініі Койданава, Менск, Барысаў) i на ўзмежжы з радзімічамі (Жлобінскі раён)[37]. На жаль, у наш час вельмі мала раскапана дрыгавіцкіх пахаваньняў, a вялікая колькасьць дарэвалюцыйных матэрыялаў дэпашпартызавана. Таму пакуль недастаткова курганных паўнацэнных комплексаў для таго, каб пракарэляваць спалучэньні ўпрыгожваньняў i элемэнты пахавальнага абраду. Але, мяркуючы нават па фрагмэнтарных паведамленьнях, што трапляюцца ў дарэвалюцыйнай літаратуры, тыпова балцкіх рэчаў даволі шмат i тут. Акрамя зьвярынагаловых бранзалетаў, падковападобных фібул ca сьпіральнымі канцамі i шыйных грывен, сустракаюцца падвескі-ключыкі, ножыкі ў скураных, вышываных мэталічнай ніцьцю футаралах, двухзьвенныя ланцужкі, фрагмэнты тканін, упрыгожаныя бронзавымі пласьцінамі, шпількі з птушынымі галоўкамі. Балцкія рэчы сустракаюцца на Салігоршчыне, Случчыне, у раёне Князь-Возера i іншых мясьцінах[38]. У парэччы Прыпяці балцкіх знаходак амаль няма, але тут варта згадаць грунтовы могільнік ХІ-ХІІ ст. каля в. Вялемічы Столінскага раёну. Такія знаходкі, як чэрап каня i вялікія бурштынавыя пацеркі, дамавіны зь цьвікамі, зьяўляюцца на гэты час тыпова балцкімі элемэнтамі. З найбольш характэрных славянскіх рэчаў у гэтым могільніку можна згадаць драўлянае вядро[39].

Добра вядома, што дрыгавічы прымалі ўдзел у міграцыях на Панямоньне й Пабужжа, аб чым сьведчаць знаходкі зярненых дрыгавіцкіх пацерак[40]. Асноўным насельніцтвам Заходняга Палесься, як даказаў А.Іоў, былі валыняне. Акрамя таго, тут прасочваюцца дрыгавіцкія, мазаўшанскія i яцьвяскія рысы[41]. Мяркуючы па працы Т.Каробушкінай, яцьвяскія элемэнты асабліва шматлікія на тэрыторыі Камянецкага раёну (усходняя арыентацыя мужчынскіх пахаваньняў, каменныя вымасткі, ракавіны каўры, каменныя курганы трансфармуюцца ў каменныя магілы)[42]. Варта таксама падкрэсьліць, што на падставе вывучэньня антрапалягічнага матэрыялу з курганоў Пабужжа І.Салівон прыйшла да высновы аб напрамку генэтычных сувязяў з тэрыторыяй Заходняй Эўропы[43].

Шмат балцкіх рэчаў знойдзена i ў курганох радзімічаў, што падкрэсьліў яшчэ Б.Рыбакоў[44]. Аналёгіі толькі ў балцкім матэрыяле маюць касьцяныя падвескі-качачкі, пятлістыя i біэліпсоідныя падвескі, вітыя шыйныя грыўны з заходзячымі разеткападобнымі канцамі, ножыкі ў скураных, нышываных мэталічнай ніцьцю, футаралах, што насіліся каля пояса, або каля пляча ў якасьці амулетаў. У радзімічаў ёсьць прамяністыя фібулы, але, у адрозьненьне ад лета-літоўскіх фібулаў з плоскімі закругленымі канцамі, у ix галоўкі шарападобныя, такія ж, як i на скроневых кольцах. Гэты факт сьведчыць на карысьць мясцовай вытворчасьці ўпрыгожваньняў балцкага тыпу. Наибольшая колькасьць балцкіх упрыгожваньняў сканцэнтравана ў курганох Рагачоўшчыны[45].

Як сьведчаць археалягічныя дадзеныя, у пачатку II тысячагодзьдзя этнічныя кантакты балтаў i славянаў былі разнастайныя й расьсеяныя, а не пагранічныя. Гэта пацьвярджаюць i дадзеныя сумежных навук — антрапалёгіі, тапанімікі, гідранімікі, мовазнаўства, этнаграфіі i інш. Значную ўвагу праблеме паходжаньня беларусаў надаюць антраполягі[46]. Асноўны погляд антраполягаў на паходжаньне беларусаў можна працытаваць паводле працы І.Салівон, Л.Цягакі i А.Мікуліча «Новыя антрапалягічныя матэрыялы да праблемы этнагенэзу беларускага народу» (Москва, 1973. С.4-5): «…Спэцыфічны комплекс краніялягічных прыкметаў некалькі паслабленай эўрапеоіднасьці з эпохі сярэднявечча ў амаль нязьменным выглядзе захаваўся сярод усходнеславянскага насельніцтва толькі на тэрыторыі Беларусі. Гэты факт сьведчыць на карысьць значнай ролі старажытнага мясцовага (неславянскага) насельніцтва ў фармаваньні антрапалягічнага тыпу беларусаў. На карысьць гэтай высновы сьведчыць амаль поўная нязьменнасьць скулавай шырыні i вышыні твару на працягу апошняга тысячагодзьдзя, што дазваляе аддаць перавагу ў фармаваньні антрапалягічнага тыпу беларусаў шырока- i нізкатварым элемэнтам, паходжаньне якіх зьвязана з Прыбалтыкай…. Вылучаецца насельніцтва Заходняга Палесься, якое адхіляецца ў бок выражанай эўрапеоіднасьці…»

Роля балтызмаў у тапаніміцы i гідраніміцы паказаная ў працах В.Тапарова i А.Трубачова[47], М.Бірылы i А.Ванагаса[48], Е.Катонавай[49], Л.Грыгор’евай[50]. Так, напрыклад, у працы Л.Грыгор’евай гаворыцца, што ў айканіміі Беларускага Падзьвіньня даволі выразна супрацьпастаўлены два арэалы — заходні i ўсходні. Для заходняга арэалу (Браслаўскі, Пастаўскі, Мёрскі, Верхнядзьвінскі, Шаркаўшчынскі i Глыбоцкі раёны) Віцебскай вобласьці характэрная наяўнасьць назваў з суфіксамі літоўскага паходжаньня (Жвірблішкі, Алынаны, Нурвяны, Дарнейкі, Мажэйкі). Усходні арэал характарызуецца ix адсутнасьцю i больш высокай прадуктыўнасьцю айконімаў, аформленых славянскімі суфіксамі. На мяжы з Рассяй ix прадуктыўнасьць дасягае 25%, a ў раёне беларуска-літоўскага памежжа зьніжаецца да 5%. Дасьледчыца прыйшла да высновы, што балцкія (пераважна літоўскія) элемэнты — гэта вынік паступовага асваеньня літоўскіх тапонімаў або ўтварэньня беларускіх айконімаў ад літоўскіх антрапонімаў пры дапамозе славянскіх суфіксаў.

Роля балтызмаў у беларускай мове разглядалася многімі вучонымі[51]. З апошніх дасьледаваньняў цікавасьць уяўляе праца С.Прохаравай[52]. Разам з балта-славянскімі інавацыямі шырокага распаўсюджваньня дасьледчыца вызначыла інавацыі больш вузкія, а таксама канструкцыі, якія тыпалягічна супадаюць або толькі зь літоўскімі, або толькі з латыскімі. У басэйне Дзьвіны моўныя асаблівасьці супадаюць з латыскімі, часьцей за ўсё з латгальскімі, а ў басэйне Дняпра адзначана канцэнтрацыя сынтаксычных балтызмаў, якія ўжываюцца паралельна з славянскімі канструкцыямі. У басэйне Сажа (тэрыторыя радзімічаў) вылучаюцца арэалы, дзе адсутнічаюць славянскія сынтаксычныя канструкцыі, a ўжываюцца толькі тыя, якія тыпалягічна супадаюць або ў цэлым з балтыйскімі, або канкрэтна зь літоўскімі.

Ад вёсак адрозьніваліся гарады i фэадальныя сядзібы. З самага пачатку свайго існаваньня яны ў асноўным былі апорнымі пунктамі калянізацыі славян i цэнтрамі хрысьціянізацыі. У гарадзкіх паселішчах нават склалася свая гарадзкая мода, якая мела шмат агульнага па ўсёй Усходняй Эўропе. Спэцыфічна гарадзкімі ўпрыгожваньнямі гэтага часу былі шкляныя бранзалеты, пярсьцёнкі i скроневыя кольцы, колты, бранзалеты-складні, але i тут знаходзяць шмат тыпова балцкіх упрыгожваньняў.

З этнаграфічных дадзеных увагі заслугоўваюць культавыя камяні. Яшчэ ў 1967 годзе В.Сядоў падкрэсьліваў, што культ каменя ў асноўным характэрны менавіта для старажытнага балцкага арэалу[53]. Вынікі спэцыяльнага вывучэньня культавых камянёў Беларусі i супастаўленьне ix з аналягічнымі помнікамі на суседзкіх тэрыторыях паказваюць, што гэта сапраўды так. Па большасьці прызнакаў прасочаныя беларускія, літоўскія i латыскія агульнасьці. Асаблівую цікавасьць уяўляюць так званыя «Чортавы Камяні», час узьнікненьня паданьняў пра якія можна адносіць менавіта да пачатку II тысячагодзьдзя. Вылучаецца сем сюжэтаў паданьняў, i яны вядомыя толькі ў беларусаў, літоўцаў i латышоў. Чорт ва ўсіх паданьнях мае дахрысьціянскія рысы, што дае падставы бачыць у ім адно з найстаражытнейшых балцкіх бостваў.

Такім чынам, прыведзеныя факты дазваляюць гаварыць аб наяўнасьці ўжо ў пачатку II тысячагодзьдзя новай этнічнай балта-славянскай супольнасьці, якая пазьней атрымала назву беларусаў.

THE BALTS AND THE SLAVS ON THE TERRITORY OF BELARUS IN THE BEGINNING OF THE SECOND MILLENNIUM A.D.

In ancient time the territory of Belarus represented the eastern outskirt of the Baits’ world. The Slavs began to settle here from the middle of the first millennium. This process was very lasting and versatile. In the beginning of the second millennium it developed most intensively. It was in this time that nationalities and states were forming.

Balto-Slavic symbiosis in the most distinctive way can be traced on the results of excavations of burials which differ from those in other East-Slavic lands. As excavations of barrows and underground burials testify to the role of the Baits wasn’t equal in different regions: Baltic, Slavic and mixed Balto-Slavic areas can be distinguished. Many barrows with Baltic features are fixed in the outskirts of Polack, Mensk, Zaslaue. In the upper Vilia and on the right banks of the Nioman-river there are East-Lithuanian barrows. Stone burials left by the Jacviahy are characteristic to the territory of the Nioman and partly Buh river-basins. The results of excavations of the regretable-barrow cemeteries testify to migration of the Jacviahy from the Nioman basin to the upper Biarezina. The central part and south of Belarus (Prypiać Palesse region) dryhavičy occupied. In their burial sites a number of typical Baltic adornments can be met. Dryhavičy took part in migration to the Nioman and Buh area. Valynians were the main population of Western Palesse (the Buh river-basin) but features of the Mazaushans and the Jacviahy can be also traced. Many Baltic elements are characteristic to Radzimičy barrows.

According to archaeological data ethnic contacts between the Baits and the Slavs in the beginning of the second millennium were not frontier but scattered. This is confirmed by the data of other sciences — anthropology, toponymy, hydronymy, linguistics, etnography. It was on the Balto-Slavic basis that Belarusian nationality had been established and its ethnical self-realization had been formed.


[1] Мядзьведзеў А. Насельніцтва Беларусі ў жалезным веку (VIII ст. да н.э. — VIII ст. н.э.) // БГА, Т.1, Сш.1. 1994. С.15-37.

[2] Развитие этнического самосознания славянских народов в эпоху раннего средневековья. — Москва, 1°82. С.49-96, 120-212; Пономарев А. Формирование этнического самосознания славян ских народов Украины // Славяне, адзінства i мнагастайнасьць. Тэзысы дакладаў i паведамленьняў. — Менск, 1990. С.64; Куликаускене Р. Образование литовской народности (по данным археологии) // СЭ, 1979. 3. С.31-46; Зейд Т. Образование латышской народности в отображении письменных источников // Проблемы этнической истории балтов. Тезисы докладов — Рига, 1977. С.113-115.

[3] Ляўданскі А. Кароткае паведамленьне аб досьледах культур эпохі жалеза ў БССР у 1930-1931 // Працы сэкцыі археалёгіі Інстытуту гісторыі Беларускай Акадэміі навук. Т.Ш. — Менск 1932. С.230-232, 238.

[4] Брага С. Балцкі элемэнт пры паўстаньні сучаснага беларускага народу. Выданьне «Ускалось». 1950; Мікалаеня В. Балцкая тэорыя згары // Беларуская думка. 1961 2. С.11-13; Багровіч А. Рэцэнзія на кн: М.Гринблат. Белорусы. Очерки происхождения и этнической истории. — Минск, 1968. // Запіскі Беларускага інстытуту навукі i мастацтва. — Нью-Ерк, 1975. 13. С.130-134.

[5] Седов В. Следы восточнобалтийского погребального обряда в курганах Древней Руси // CA. 1961. 2. С.103-121; ён жа: К вопросу о происхождении белорусов // СЭ. 1967.

[6] Седов В. Еще раз о происхождении белорусов // СЭ. 1969. 1. С.102-121.

[7] Сергеева З. К изучению культурно-экономических связей западно-русских земель с Прибалтикой (по находкам звериноголовых браслетов) // КСИА. Вып.164. — Москва, 1982. С.30-35; яна ж: Балтские находки в курганах Западной Руси // Проблемы этногенеза и этнической истории балтов. — Вильнюс, 1985. С.123-131.

[8] Сергеева З. Курганы у дер. Новинка (Витебской обл.) // КСИА. Вып. 144. — Москва, 1975. С.85-90.

[9] Ochmański J. Ludność litewska we włości Orxrtce na Białorusi wschodniej w XIV-XVI wieku // ABS. T.V. — Białystok, 1967. S.147-158; Охманьский E. Литовско-кривичское пограничье в племенную эпоху // Становление раннефеодальных славянских государств. — Киев, 1972. С.245-257.

[10] Дучыц Л. Аб адной катэгорыі курганных знаходак // Гістарычна-археалягічны зборнік. Вып.4. — Менск, 1994. С.49-57.

[11] Ляўданскі A. Археалягічныя досьледы ў Полацкай акрузе // Запіскі аддзелу гуманітарных навук. Кніга II. Працы сэкцыі археалёгіі Інстытуту гісторыі Беларускай Акадэміі навук Т.II. — Менск, 1930. С. 194-195; Штыхаў Г. Крывічы. — Менск, 1992. С. 103, 121-126.

[12] Тарасаў С. Справаздача аб палявых дасьледаваньнях у 1992 годзе. // Архіў Інстытуту гісторыі АН Беларусі. Справа 1422.

[13] Тышкевич К. О курганах в Литве и Западной Руси. — Вильна, 1865. С.47-56.

[14] Заяц Ю. К вопросу о сельском населении Изяславского удела Полоцкой земли в Х-ХІІ в. // Час, помнікі, людзі. Памяці рэпрэсаваных археолягаў / Тэзісы дакладаў міжнароднай канфэрэнцыі. — Менск, 1993. С.52.

[15] Зайкоўскі Э. Раскопкі на Дзявочай Гары // Гістарычна-археалягічны зборнік. Вып.4. — Менск, 1994. С.71-87.

[16] Охманьски Е. Литовско-кривичское пограничье… С. 245-257.

[17] Белоцерковская И. Этнический состав населения Смоленской земли в ХІ-ХІІ в. (по данным погребального обряда) // Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата исторических наук. — Москва, 1976. С. 10-11.

[18] Спицын А. Обозрение некоторых губерний и областей России в археологическом отношении // Записки императорского русского археологического общества. Т.ХІ. 1899. Вып. 1,2. С.292.

[19] Квятковская А., Дучиц Л. Новые раскопки могильников на Витебщине // Археология и история Пскова и Псковской земли. — Псков, 1992. С.29-32.

[20] Плавінскі А. Гаравец // Археалёгія i нумізматыка Беларусі. Энцыкляпэдыя. — Менск, 1993. С. 155.

[21] Квятковская А. Каменные могильники Беларуси XI-XVII в. // Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата исторических наук. — Менск, 1994. С.18-19.

[22] Семянчук Г. Новая катэгорыя археалягічных помнікаў на тэрыторыі Полацкай зямлі (грунтовыя могільнікі Х-ХІІІ ст.) // Гістарычна-археалягічны зборнік (Памяці Міхася Ткачова). Ч.П. — Менск, 1993. С. 124-133.

[23] Хвощинская Н. О фино-угорском населении Северо-Восточного Причудья // Археология и история Пскова и Псковской земли. — Псков, 1985. С.33-34.

[24] Мачинский Д. Этносоциальные и этнокультурные процессы в Северной Руси (период зарождения древнерусской народности) // Русский Север. — Ленинград, 1986. С.8.

[25] Рапановіч Я. Слоўнік назваў населеных пунктаў Віцебскай вобласьці. — Менск, 1977. С.275-283.

[26] Погодин М. Древняя русская история до монгольского ига. T.III. — Москва, 1871. С.52-53.

[27] Зверуго Я. Верхнее Понеманье в IX-XIII в. — Менск, 1989. С.21-29.

[28] Дучыц Л. Браслаўскае Паазер’е ў IX-XIV ст. (Гісторыка-археалягічны нарыс). — Менск, 1991. С. 10-24.

[29] Таутавичюс А. Восточнолитовские курганы // Вопросы этнической истории народов Прибалтики. — Москва, 1959. С.120-153.

[30] Куликаускене Р. Образование литовской народности (по данным археологии) // СЭ, 1979. 3. С.31-46.

[31] Шноре Э. Латгало-славянские контакты на территории Восточной Латвии во второй половине I — начале II тысячелетия н.э. // ABS, Т.6. — Białystok. 1969. С.145-157; Радиньш А. Новые данные о курганном обряде на территории латгалов в первой половине II тысячелетия н.э. (по материалам Резекненского района) // КСИА. Вып.190. — Москва, 1987. С.80-82.

[32] Збор помнікаў гісторыі i культуры Беларусі. Гарадзенская вобласьць. — Менск, 1986. С.306, 313, 318, 338, 348, 354 i г.д.

[33] Квятковская А. Каменные могильники Беларуси XI-XVII в. Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата исторических наук. — Минск, 1994. С.8-10.

[34] Салівон I., Квяткоўская A., Кушнір A. Краніялёгія насельніцтва Беларускага Панямоньня па матэрыялах каменных могільнікаў // Весьці АН БССР. Сэрыя грамадзкіх навук. 1989, 3, С.73-81.

[35] Павлова К. Население Верхнего Понемонья по материалам курганных могильников окрестностей Новогрудка // Древнерусское государство и славяне. — Менск, 1983. С.45-47; яна ж: Балтские элементы в погребальном обряде курганов окрестностей древнего Новогрудка // Проблемы этногенеза и этнической истории балтов. Тезисы докладов. — Вильнюс, 1981. С.38-40.

[36] Jaskanis D. Materiały z badań wczesnosreniowecznego cmentarzyska w miejscowości Podroś koło Wołkowyska w BSSR // RB, 1962. S.340-341.

[37] Лысенко П. Дреговичи. — Минск, 1991. С.50-91, 165-167, 180-182, 194-196, 198-200, 206-211.

[38] Императорский Российский Исторический музей. Указатель памятников. — Москва, 1893. С.136-143; Мышенков Н. Курганы Бобруйского уезда Минской губернии (исследования 1888 года) // Вестник археологии и истории. Вып IX. — СПб., 1892. С.9-97.

[39] Кухаренко Ю. Погребения ХІ-ХІІ в. на могильниках у деревни Велемичи // КСИА, Вып. 125. — Москва, 1971. С.69-72.

[40] Зверуго Я. Верхнее Понеманье в ІХ-ХІІІ в. — Минск, 1989. C.104, 127; Коробушкина Т. Курганы Белорусского Побужья Х-ХІІІ в. — Минск, 1993. С.45-93.

[41] Иов О. Сельские поселения ІХ-ХІІІ в. в Западной части Белорусского Полесья // Автореферат диссертации на соискание ученой степени кандидата исторических наук. — Минск, 1991. С. 19-22; Аб уплывах мазаушанскай культуры на нашыя землі гл. таксама: Перхавко В. Западнославянское влияние на раннесредневековую культуру Белоруссии // Древнерусское государство и славяне. — Минск, 1983. С.26-28.

[42] Коробушкина Т. Курганы… Cl 15-127.

[43] Коробушкина Т., Саливон И. Сельское население Среднего Побужья ІХ-ХІІІ в. (по материалам курганных могильников) // CA, 1990. 3. С.149.

[44] Рыбакоў Б. Радзімічы // Працы сэкцыі археалёгіі Інстытуту гісторыі Беларускай Акадэміі навук. Т.ІІІ. Менск, 1932. С.81-153.

[45] Багамольнікаў У. Асноўныя вынікі вывучэньня радзіміцкіх куграноў // Весьці АН БССР. Сэрыя грамадзкіх навук. 1979 3. С.66-72; Соловьева Г. Славянские курганы близ Рогачева Гомельской области // КСИА, 1972. Вып. 129, С.50-53; яна ж: Славянские курганы у с. Ботвиновка Гомельской области // КСИА, Вып.171. 1982. С.75-80.

[46] Алексеева Т. О некоторых особенностях сложения антропологического типа славян // Этногенез белорусов. Тезисы докладов — Минск, 1973. С.79-82.

[47] Топоров В., Трубачев О. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. — Москва, 1962; Топоров В. Значение белорусского ареала в этногенетических исследованиях // Славяне: адзінства i мнагастайнасьць. Тэзісы паведамленьняў. — Менск, 1990. С.87-90.

[48] Бірыла М. Ванагас А. Літоўскія элемэнты ў беларускай анамастыцы. — Менск, 1968. С.4-12.

[49] Катонова Е. Некоторые балтийские гидронимы бассейна Западной Двины на территории Белоруссии // Известия АН Латв. ССР. 1973. 4. С.81-87.

[50] Грыгор’ева Л. Славянска-балтыйскія сувязі ў айканіміі Беларускага Падзьвіньня // Bałto-słowiańskie związki językowe. — Wrocław Warszawa-Kraków, 1990. S.141-148.

[51] Карский Е. К вопросу о влиянии литовского и латышского языка на белорусское наречие // Труды по белорусскому и другим славянским языкам. — Москва, 1962; Мартынов В. Типы лексических балтизмов в белорусских диалектах // ABS, Г.ІХ. 1976. S.89-94; Арашонкава Г., Грынавецкене А., Мацкевіч Ю., Рамановіч Я., Чабярук А., Шаталава Л. Лексыка балтыйскага паходжаньня ў беларускіх гаворках // Беларуская лінгвістыка, 1973. 3. С.27-37; Хабургаев Г. Этнонимы «Повести временных лет» в связи с задачами реконструкции восточнославянского глоттогенеза. — Москва, 1979. С. 142-143; Климчук Ф. О проблеме балтизмов в говорах Брестско-Пинского Полесья // Проблемы этнической истории балтов. — Рига, 1985. С.178-179.

[52] Прохарава С. Славяна-балтыйскія сынтаксычныя ізаглосы. — Менск, 1993. С.9-18.

[53] Седов. В. К вопросу о происхождении белорусов // СЭ, 1967. 2. С. 112-129.

Наверх

Sherratt, Andrew. What would a Bronze Age world system look like? (Мікола Крывальцэвіч)

Жніўня 14, 1995 |


SHERRATT, ANDREW. What would a Bronze Age world system look like? // Journal of European Archaeology. 1993, Autumn, Vol. 1.2, S. 1-57.

У 1993 г. была створана Эўрапейская Асацыяцыя Археолягаў (ЕАА), i тады ж пачаў выходзіць часопіс ЕАА «Journal of European Archaeology». Гэтае выданьне, як сказана ў прадмове, «спрабуе спрыяць адкрытым дыскусіям археолягаў, далучаных да агульнаэўрапейскай ідэі, у якой усё больш месца адводзіцца камунікаваньню цераз дзяржаўныя межы, а таксама выяўляецца вялікая цікавасьць да інтэрпрэтацыйнасьці». На старонках часопіса, акрамя таго, маюць абмяркоўвацца самыя розныя археалягічныя канцэпцыі, тэорыі i нават этычныя праблемы, што паўстаюць у практыцы археалягічных дасьледаваньняў.

Без перабольшаньня, асноўная i найцікавейшая публікацыя згаданага нумара часопіса — гэта вялікі артыкул ангельскага археоляга Эндру Шэрата, у якім дасьледчык імкнецца прасачыць галоўныя асаблівасьці працэсу ўтварэньня эўрапейскай цывілізацыі.

Больш-менш акрэсьлена пэўныя вызначальныя для Эўропы рысы аформіліся ўжо ў эпоху бронзы (2500 700 г. да н.э.). Э.Шэрат акцэнтуе ўвагу на характары сувязяў i мэханізме кантактаў, што існавалі ў бронзавым веку паміж рознымі рэгіёнамі эўрацейскага кантынэнту, узаемадачыненьнях Цэнтральнай i Заходняй Эўропы ды Скандынавіі з тагачаснымі цывілізацыйнымі айкумэнамі — урбанізаваным Блізкім Усходам i Міжземнамор’ем. У якіх накірунках i як праходзілі вызначальныя восі культурных i міжрэгіянальных сувязяў? Ці адрозніваецца ix характар у часе, у прасторы? Чаму нечакана зьмяняюцца традыцыйныя шляхі культурнага абмену? Што ёсьць агульнага паміж сучасным працэсам узаемаадносін разьвітых індустрыяльных дзяржаў з краінамі, грамадзтвамі «трэцяга сьвету» i структураю міжкультурных узаемадачыненьняў такога кшталту ў часы позьняй дагісторыі?

Такою пастаноўкаю праблемы Э.Шэрат закранае адну з асноўных мэтадалягічных дылемаў археалягічнай навукі: «аўтанамісцкі» («эвалюцыянісцкі») i «дыфузіянісцкі» («інтэрвэнцыянісцкі») падыходы да тлумачэньня разьвіцьця дагістарычных культураў. «Аўтанамісты» настойваюць на тым, што ў якасьці формаўтваральнай асновы i зьместу старажытных культураў найбольшае значэньне мелі ix унутраныя патэнцыі. «Дыфузіяністы» схіляюцца да акцэптаваньня зьменлівасьці дагістарычных грамадзтваў галоўным чынам праз узьдзеяньне іншых супольнасьцяў (актыўны гандаль, абмен, распаўсюджваньне ідэй, тэхналёгій i г.д.). Падаецца, што Э.Шэрат спрабуе разьвіваць дыфузіянісцкія ідэі на якасна новай аснове. Ён спалучае вынікі дэтальных рэгіянальных дасьледаваньняў з генэральнымі агульнакантынэнтальнымі аглядамі, улічваючы той факт, што лякальныя археалягічныя культуры не пасыўныя паглынальнікі дасягненьняў перадавых цэнтраў, а адначасова i актыўныя чыньнікі адваротнага ўзьдзеяньня. Такім чынам, Э.Шэрат у пэўнай ступені мае намер асэнсаваць дыфузіянісцкія канцэпцыі праз дыялектычнае спалучэньне ix з найлепшымі дасягненьнямі археолягаў аўтанамісцкай школы.

Тыя ці іншыя перадавыя зьявы толькі ўмоўна можна лічыць паўсталымі незалежна. У якасьці прыкладу Э.Шэрат прыводзіць факт зьяўленьня меднамэталургічнай вытворчасьці ў V тыс. да н.э. на Балканах. Там яна магла ўзьнікнуць адносна незалежна ад адначаснай ёй мэталургічнай вытворчасьці на Блізкім Усходзе, але i першы i другі ачагі вырасьлі, мабыць, піша аўтар, у выніку піратэхнічных экспэрымэнтаў пры вытворчасьці нэалітычнага афарбаванага посуду.

Ядро, пэрыфэрыя, ускраіна — вось асноўныя тэрміналягічныя дэфініцыі артыкула. Гэтыя тры кампанэнты i складаюць прастору міжкультурных узаемаадносінаў, якія ўсталёўваліся ў позьняй дагісторыі. Што разумець пад дагістарычнай культурнай пэрыфэрыяй i ўскраінай, i што было ў адносінах да гэтай пэрыфэрыі ядром (цэнтрам)? Э.Шэрат сцьвярджае, што ў позьняй дагісторыі ўсталёўваліся розныя тыпы структурных узасмаадносінаў, якія зьвязвалі асноўныя часткі кантынэнту, пры гэтым ix структура мянялася нават на працягу параўнальна кароткіх пэрыядаў эпохі бронзы. Аўтар настойліва падкрэсьлівае, што ў часы нэаліту, з пашырэньнем у Эўропе земляробства i жывёлагадоўлі, усталёўвалася даволі простая структура сувязяў, якая можа апісвацца як «цэнтар» i «вонкавасьць». Пры гэтым пад «цэнтрам» разумееца найперш нейкая аграрная айкумэна. Хвалямі з тысячагодзьдзя ў тысячагодзьдзе, напрыклад, у VI — канцы IV тыс. да н.э. ад Міжземнамор’я ў накірунку Брытаніі i Скандынавіі распаўсюджваецца традыцыя замены кругладоннага посуду на пляскатадонны, пашыраецца практыка выкарыстаньня крамянёвых шліфаваных сякер i г.д. Зьліваючыся ў адзіны працэс паступовага асваеньня эўрапейцамі вытворчага гаспадараньня, распаўсюджваньне пляскатадоннага посуду (а значыць i зьяўленьне звычаю есьці за сталом), выкарыстаньне шліфаваных крамянёвых сякер, (г.зн. інтэнсіўнае асваеньне лясных масываў), — гэтыя i іншыя навацыі ў Цэнтральнай i Заходняй Эўропе мелі адмыслова раньні характар сувязяў з «цэнтрам».

Як падае Э.Шэрат, форма i адметныя рысы артэфактаў, прынамсі крамянёвых i каменных, выпрацаваныя ў месцы ix вытворчасьці, амаль бязь зьменаў даходзілі з цэнтру да вонкавых культур. Шляхі ix распаўсюджваньня былі параўнальна вельмі кароткія, бо зыходныя нэалітычныя матэрыялы (камень, крэмень) меліся практычна паўсюль. Інакш кажучы, у той час амаль адсутнічалі магчымасьці зьяўленьня далёкіх міжкультурных гандлёвых сувязяў. Працэс засваеньня раньняй меднай вытворчасьці спадарожнічаў этапам асэнсаваньня i практычнага выкарыстаньня спосабаў апрацоўкі глебы i разьвядзеньня хатняй жывёлы.

Падкрэсьліваючы асаблівасьці й адрозненьні міжрэгіянальных сувязяў, якія панавалі на эўрапейскім кантынэнце да III-II тыс. да н.э., Э.Шэрат робіць выснову: Эўропа як «вонкавасьць» (пэрыфэрыя) пакуль толькі абсарбавала элемэнты «цэнтра». Апошні, відаць, як ядро сыстэмы, лякалізаваўся на рана ўрбанізаваным Блізкім Усходзе.

Сваім зьместам вылучаецца фінальнае нэалітычнае тысячагодзьдзе (прыблізна ад 3500 да 2500 г. да н.э.), калі паглынаньне эўрапейскімі культурамі навацый, што сыходзілі з Блізкага Ўсходу, пачынае ўжо разнастайваць мясцовую прадукцыю. Фаза суправаджаецца ўтварэньнем вялікіх культурных комплексаў, накшталт Бадэна, шнуравой керамікі, звонападобных кубкаў, ямных пахаваньняў. Вялікія культурныя блёкі ўсталёўвалі свае кантакты па тых шляхох, уздоўж якіх найперш i пачынаецца абмен мэталам. Новая тэндэнцыя, скіраваная на разнастайваньне мясцовай прадукцыі, пачне праяўляцца на ўсю моц пазьней, пасьля 2500 г.да н.э., у эпоху бронзы.

Вярнуцца да больш яснага разуменьня шэратавай «пэрыфэрыі» i «ўскраіны» дазваляюць яго разважаньні пра складваньне структуры сувязяў у Эўропе бронзавага веку. У эпоху бронзы (2500-700 г. да н.э.) абменная сыстэма набывае іншы зьмест. Гэта абумоўлена адкрыцьцём спосабаў атрыманьня бронзы. Бронза становіцца адным з самых унівэрсальных каштоўных сродкаў абмену. Эўрапейскія культуры ня толькі адаптавалі яе для сваіх патрэбаў, але й пачалі выяўляць рэгіянальную спэцыфіку на фоне ўсеагульнай абменнай сыстэмы. На адной ускраіне гэтай сыстэмы па-ранейшаму знаходзіліся урбанізаваная блізкаўсходняя айкумэна й паўсталыя прылеглыя дзяржавы Міжземнамор’я. Блізкі Ўсход пакуль заставаўся ядром складанай эўрапейскай пэрыфэрыйна-ўскраіннай структуры. Эгея зь яе зачаткамі антычнай цывілізацыі была доўгі час пэрыфэрыяй анаталійска-блізкаўсходняга ядра.

Мэханізм руху тавараў мог адбывацца праз абмен, дараваньне i абменнае пасярэдніцтва. З цэнтральных раёнаў Эўропы на поўдзень трапляла сыравіна ў выглядзе мэтала, солі, скур, магчыма, рабоў. Ім насустрач рухаліся мануфактурныя вырабы: віно, наборы для піцьця, магчыма тэкстыль, апрацаваная скура (гарбарныя вырабы) i інш. Такім чынам, падсумоўвае Э.Шэрат, адбываўся абмен тавараў першаснай вартасьці на тавары з дадатковай вартасьцю. Праз канцэпцыю дадатковай вартасьці ён i тлумачыць істотнае адрозьненьне «ядра» ад «пэрыфэрыі». Пэрыфэрыя можа пастаўляць тавары першаснай вартасьці, г.зн. сыравіннага характару. Інакш кажучы, паводле Э.Шэрата, ядро ці цэнтар (core) — гэта ўрбанізаваны вытворчы рэгіён з грузавым транспартам i дзяржаўнай структурам. Пэрыфэрыя (periphery) — зона, куды імпартуюцца мануфактурныя тавары i зь якой вывозіцца пераважна сыравіна. У дачыненьні да ядра/пэрыфэрыі на працягу ІІІ-ІІ тыс. да н.э. складваецца вонкавая прастора культур, ці інакш — ускраіна (margin). Ускраінная, або маргінальная зона — гэта прастора, на якой пашыраюцца тэхналёгіі i зьдзяйсьняюцца далёкія сувязі, заснаваныя на абмене. Ускраіна — трэці элемэнт сыстэмы, якая, такім чынам, у эпоху бронзы структуруецца як ядро/пэрыфэрыя/ускраіна.

Э.Шэрат канкрэтызуе свае высновы на матэрыяле пэрыядаў эўрапейскага бронзавага веку. У раньні пэрыяд бронзы (2500-1600 г. да н.э.) алавяністая бронза як асноўны абменны прадукт заваёўвае тагачасную Эўропу. Ад старажытнай Мэсапатаміі, Эгіпту, фінікійскіх гарадоў Міжземнамор’я да 1500 г. да н.э. айкумэна пашыраецца на Эгейскі сьвет, Анатолію. Пэрыфэрыя ахапляе большую частку Прычарнамор’я, Балканы, поўдзень Апэнінаў. Ускраіна дасягае Брытаніі i Паўднёвай Скандынавіі. Зь медных i залатых радовішчаў Трансыльваніі сыравіна трапляе ў Анатолію. Эўрапейскія стэпавыя народы, жыхары Падунаўя, Карпатаў, пастаўлялі коняў на Блізкі Ўсход, у Анатолію, гарады Эгеі. Менавіта тут, ва ўрбанізаваных цэнтрах упершыню зьяўляюцца калясьніцы — першыя «ваенныя машыны» старажытнасьці. Узбраеньне (кінжалы зь медзі i бронзы, наканечнікі дзідаў i інш.), мануфактурныя вырабы элітарнага прызначэньня трапляюць у Эўропу найчасьцей па дунайскіх гандлёвых шляхох.

Ускраіна праз сувязі зь ядром-пэрыфэрыяй стымулюецца да трансфармацыі свайго гаспадарчага й абменнага укладу. У Карпатах у гэты час фармуецца новы цэнтар па вытворчасьці бронзы. Трансыльванія, пашыраючы свае кантакты праз усю Эўропу з поўдня на поўнач, становіцца багацейшай мэталургічнай зонай кантынэнту. На стратэгічных шляхох, якія цягнуліся праз раўніны i горы Цэнтральнай Эўропы, упершыню зьяўляюцца ўмацаваныя паселішчы — сьведчаньне ўзброенага кантролю над гандлёвымі шляхамі.

У сыстэму ўцягваюцца новыя тэрытарыяльныя абшары. Ядро ўсталёўвае кантакты з больш шырокімі эўрапейскімі прасторамі. Мэталічныя вырабы даходзяць па Одэру да Балтыкі, адкуль, асабліва пасьля 1600 г. да н.э., ужо ў сярэдні пэрыяд бронзавага веку (1600-1300 г. да н.э.), у Міжземнамор’е трапляе бурштын, дзе яго знаходзяць у мікенскіх грабніцах. У гэты ж час афармляюцца даволі цесныя сувязі паміж альпійскімі культурамі (дзе пачынаюць актыўна распрацоўвацца медныя радовішчы) i Скандынавіяй. Ужо не карпацкая, a альпійская медзь i багемскае волава карыстаюцца попытам у Паўночнай Эўропе. Такім чынам, адбываецца пэўная пераарыентацыя кантактаў, што безумоўна уплывала на цэнтральна-пэрыфэрыйныя рэгіёны.

У XIII ст. да н.э. міжземнаморскае ядро пачынае калапсаваць, выклікаючы глябальную крызысную сытуацыю. Абставіны вымагалі афармленьня шматлікіх рэгіянальных цэнтраў па вытворчасьці бронзавых вырабаў на неабсяжных маргінальных прасторах Эўропы.

Прыблізна з 700 г. да н.э., працягвае далей Э.Шэрат, у Эўропе пачынаецца жалезны век. Бронза як тавар губляе сваю актуальнасьць. У цэнтры сусьветнай сыстэмы, пашыраючы накірункі сувязяў i запаўняючы гандлёвыя шляхі новымі таварамі, апынаецца Італія з Цыркумальпійскай пэрыфэрыяй.

Нельга не пагадзіцца з Э.Шэратам у тым, што вынікі дасьледаваньня эўрапейскай сыстэмы міжрэгіянальных сувязяў застаюцца актуальнымі й сёньня. Працэс фармаваньня сусьветных сыстэм безупынна працягваецца, як не спыняецца i працэс ix распаду. Большая частка Эўропы разьвівалася менавіта ў стане маргінальнасьці. Ускраіна, паглынаючы дасягненьні айкумэны, сама пачала трансфармавацца ў рэгіянальныя сыстэмы. Шчыльныя кантакты па асноўных восях з поўдня на поўнач — ад Міжземнамор’я да Скандынавіі й Брытаніі — ужо ў эпоху бронзы заклалі аснову ўстойлівай эўрапейскай сыстэмы. Такія накірункі ў той ці іншай ступені існавалі й пазьней, у эпоху жалеза, часы варварскай Эўропы.

Вопыт Шэратавай структуралізацыі міжрэгіянальных кантактаў, безумоўна, карысны для распрацоўкі падобнай усходнеэўрапейскай тэматыкі. Якая роля належала Дняпроўска-Нёманскаму, Дняпроўска-Дзьвінскаму, Прыпяцкаму шляхом у самыя старажытныя часы? Ці мелі яны вырашальнае значэньне ў стварэньні пэўных усходнеэўрапейскіх рэгіянальных культураў? Якое месца належала тэрыторыі Беларусі ў міжрэгіянальнай структуры дагістарычнай Усходняй Эўропы? Вось якія праблемы чакаюць свайго дасьледаваньня.

Мікола Крывальцэвіч (Менск)

Наверх

Kamiński, Czesław; Kurpiewski, Janusz. Katalog monet polskich (1587-1632) (Іван Сінчук) / агляды і рэцензіі

Жніўня 5, 1995 |

KAMIŃSKI, CZESŁAW; KURPIEWSKI, JANUSZ. Katalog monet polskich 1587-1632 (Zygmunt III Waza). — Warszawa: Krajowa Agencja Wydawnicza, 1990. – 515 S.

У каталёг уключаны 2954 манэты, што былі ў абарачэньні ў Рэчы Паспалітай у канцы XVI — пачатку XVII ст. Гэтая праца пабудаваная так, як i яе папярэднікі (каталёгі манэт 1764-1864, 1697-1763 г., Яна Казімера, Уладыслава IV): зьлева месьціцца графічная выява абодвух бакоў манэты, паверх якой ідуць чарговы нумар, дата, дыямэтар у мілімэтрах, ардынацыйная вага з дакладнасьцю да сотых, мэтал, а справа — апісаньне авэрса й рэвэрса з разгорткаю легенды, ступень рэдкасьці i кошт у злотых.

Калі гаварыць пра новы каталёг, то не выпадае абмінуць сэрыю каталёгаў Эдмунда Капіцкага. Апошняя па-сутнасьці зьяўляецца альтэрнатыўнаю сэрыялу «KAW» i канкуруе зь ім. Яна набыла шырокую папулярнасьць сярод беларускіх зьбіральнікаў манэт. Тут, у адрозненьне ад каталёга Э.Капіцкага, манэты не згрупаваныя па манэтных дварах, а падаюцца згодна з пералікам суб’ектаў манэтнага права, пры тым асобна дадзена кароткае апісаньне манэтных двароў ды прыведзены ў табліцы дыфэрэнты, па якіх можна вызначыць манэтны двор (гербы i ініцыялы падскарбіяў i арандатараў). Сам гэты пералік патрабуе рэвізіі з прыцягненьнем пісьмовых крыніц, бо розныя аўтары адзін i той жа знак могуць адносіць да розных асоб i наадварот. За паўтара стагодзьдзя з часу, калі зьявіліся першыя каталёгі манэт Рэчы Паспалітай (С.Бандке, 1839-1840; І.Загурскі, 1845), колькасьць памылак, здаецца, не паменшылася, а наадварот, адбылася ix акумуляцыя. Аднак прынцып клясыфікацыі, абраны аўтарамі, падаецца вельмі слушным, бо магчымасьць зьмяненьня інтэрпрэтацыі асобных дыфэрэнтаў значна зьніжае каштоўнасьць разьмеркаваньня па манэтных дварах.

«Жыгімонтаўскі» каталёг падзелены на дзьве часткі: манэты каронныя i — ўсе астатнія. Шкада, што манэты Вялікага Княства Літоўскага, раўнапраўнага члена фэдэрацыі, трапілі паміж гарадзкіх i ленных.

Манэты кожнага суб’екта манэтнага права падзеленыя па наміналах, а потым манэты аднаго наміналу падаюцца па гадох. Той, хто меў справу з каталёгамі, пабудаванымі паводле адваротнага прынцыпу (год, а потым наміналы), як, напрыклад, вельмі папулярны каталёг В.Узьдзеньнікава «Манэты Расеі», адразу заўважыць, што праца Ч.Камінскага i Я.Курпеўскага больш зручная для карыстаньня. Лёгка прыблізна вызначыць час вырабу манэты са страчанаю датаю, бо дыямэтар i легенда дазваляюць адразу распазнаць яе намінал i распачаць пошук сярод кампактнай групы падобных манэт.

Калісьці з нагоды чарговага выпуску стандартнага каталогу «сучасных» польскіх манэт Ч.Камінскага рэцэнзэнты зрабілі слушную заўвагу — адзначылі, што неабавязкова падаваць кошт манэтаў у тэксце, бо ён імкліва мяняецца (часткова з гэтай прычыны згаданы каталог выдаваўся сем разоў), а мэтазгодней рабіць асобныя ўкладкі па некалькі старонак з коштамі, якія можна апэратыўна друкаваць у залежнасьці ад зьмены сытуацыі на рынку. Так, напрыклад, зроблены сусьветна вядомы каталёг талерных манэт Д.Давенпорта. Жыцьцё пацьведзіла слушнасьць думкі рэцэнзэнтаў: у «жыгімонтаўскім» каталёзе яшчэ пададзены кошты па тэксце, але складальнікі (з удзелам Томаша Быліцкага) былі вымушаны распрацаваць табліцу цэн на люты 1990 г. i надрукаваць прэйскурант у канцы тома. Міжволі зьвяртаеш увагу на кошты (нас гэты працэс яшчэ чакае): яны ўзраслі з 5 да 20 разоў! Здаецца, за інфляцыяй не пасьпеюць цяпер нават укладкі-цэньнікі…

Колькі слоў пра ілюстрацыі. У гэтым выданьні, у адрозьненьне ад папярэдніх, прысьвечаных больш позьнім часом, частка пазыцый апісаньня, на жаль, не ілюструецца графічнымі малюнкамі. Выходзіць, чым далей ад нашых дзён, тым ніжэй узровень стандартызацыі манэт. Хацелася б адваротнага, каб найбольш раньнія часы был i максымальна забясьпечаныя ілюстрацыямі. Як можна здагадацца па асаблівасьцях графікі, для аднатыпных манэт рабіўся адзін малюнак, у якім потым меняліся асобныя элемэнты (даты, дыфэрэнты i т.д.). Таму гэтыя малюнкі можна «прыняць да ведама» i ня больш, а пры зьяўленьні якіх пытаньняў давядзецца шукаць выданьне з фотаілюстрацыямі (напрыклад, кніжку Ю.Швагжыка «Манэты на польскіх землях X—XX ст.», якая, дарэчы, выйшла ў мінулым годзе другім выданьнем) ці прамалёўкамі канкрэтных манэт. Можна зноў узгадаць каталёг талераў Д.Давенпорта: графічныя ілюстрацыі там падаюцца ў асобных выпадках, калі не было магчымасьці зрабіць фотаздымак. У час шырокага выкарыстаньня фота й паліграфіі кніжка, якая цалкам ілюстраваная графікай, ужытай для перадачы рэальных аб’ектаў, успрымаецца як тэхнічны атавізм. Наяўнасьць фота сьведчыць пра існаваньне адпаведнай манэты, фота — гэта дакумэнт, чаго нельга сказаць пра клішавана-матрыцаваную графічную ілюстрацыю.
Што даў новы каталёг? У сё пазнаецца ў параўнаньні. Калі ўзяць пяцітомнік апісаньняў калекцыі нашага славутага земляка ca Станькава Э.Гутэн-Чатіскага (выдадзены ў 1871-1916 г.) i падлічыць апісаныя ў ім манэты Жыгімонта III, то выявіцца, што яны складаюць толькі 2/3 апісанага ў каталозе Ч.Камінскага i Я.Курпеўскага, але пры кожнай манэце там падаецца не ардынацыйная, a фізычная вага. Апрача таго, манэты, якія трапілі туды, ня могуць быць літаратурнаю легендаю, бо апісваліся толькі наяўныя ў калекцыі экзэмпляры (што, канешне, не выключала апісаньня фальшывак ды антыкварных падробак). Томікі Э.Капіцкага выйграюць у каталёгаў сэрыі «KAW» наяўнасьцю таблічак «год — намінал», якія адразу даюць агульнае ўяўленьне пра манэтную сыстэму i манэтную вытворчасьць усяго пэрыяду.

Каталёг стамляе аднолькавымі апісаньнямі на манэтах: яны слова ў слова могуць паўтарацца i дзесяць, i сто разоў, — пакуль ня дойдзе да апісаньня манэт новага тыпу. Некалькі ідэнтычных абзацаў, да таго ж побач з самімі выявамі, — проста перавод паперы. З большай карысьцю гэтую плошчу можна было адвесьці для спасылак на працы, у якіх згадваецца апісаная манэта (аўтары заспакоіліся сьпісам літаратуры з 37 назваў у канцы томіка).

Аўтары зьвярнулі замала ўвагі на знакі, якія дзеляць словы ў легендзе — важныя індывідуальныя рысы манэты. Яны часта задавальняюцца чымсьці накшталт «інтэрпункцыя ў форме крыжыкаў i кропак — розныя варыянты», а пра месца знаходжаньня знакаў (пасярэдзіне, бліжэй да нізу, ці бліжэй да верху літары) гаворка наогул не вядзецца. Можа таму й атрымаліся такія невыразныя апісаньні траякоў i паўтаракаў (ці не найслабейшае месца каталёга), што пры спробе знайсці пазыцыю, якая адпавядае рэальнай манэце, гэта далёка не заўсёды атрымліваецца.

Крытыкаваць лёгка. Трэба прызнаць, што такую кнігу ў Беларусі, Украіне, i Літве да яшчэ ніхто не спрабаваў стварыць. Ч.Камінскі i Я.Курпеўскі зрабілі вялікую справу для ўсёй нашай гісторыяграфіі. Ix працу я разглядаў бы як рэпрынт (у шырокім разуменьні) будучага выданьня корпусу манэт Рэчы Паспалітай часоў Жыгімонта III Вазы на ўзор томікаў расейскіх манэт вялікага князя Георгія Міхайлавіча, або сучасных нямецкіх каталёгаў (напрыклад, «Манэты Саксоніі» Л.Бука).

Іван Сінчук (Менск)

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'Археалогiя'