БЕЛАРУСКІ ГІСТАРЫЧНЫ АГЛЯД
НАВУКОВЫ ЧАСОПІС
Галоўная » Запісы па тэме 'Архіваліі'

Артыкулы па тэме ‘Архіваліі’

BALCERAK, WIESŁAW. Z dziejow zamierzeń federacyjnych Jozefa Piłsudskiego. Warszawa: InstytutHistorii PAN, Mazowiecka Wyższa Szkoła Humanistyczno-Pedagogiczna w Łowiczu, 2011. 73 s.

Чарговае выданне вядомага польскага гісторыка Веслава Бальцэрака ўяўляе сабой зборнік дакументаў канферэнцыі, якая адбылася 15–20 студзеня 1920 г. у Фінляндыі з удзелам, акрамя гаспадароў, Эстоніі, Латвіі, Літвы і Польшчы – такім чынам, дзяржаў, якія паўсталі ў выніку Першай сусветнай вайны. Той форум за даволі кароткі час быў адным з шэрагу падобных палітычных мерапрыемстваў дзяржаў-лімітрофаў, якім давялося вырашаць праблемы асабістай бяспекі. Пагроза сыходзіла перадусім з боку нядаўняга іх каланіяліста – Расіі, якая да таго часу зрабілася бальшавіцкай, што значна павялічыла ступень пеяратыўнасці ўсходняга (для названых новапаўсталых дзяржаў) суседа.

Галоўнае пытанне, якое абмяркоўвалася, – арганізацыя сумеснай абароны ў выпадку нападу на любую з дзяржаў. Выданне адлюстроўвае ход паседжанняў. На іх панавала, як можа падацца, атмасфера даволі прыязная (за выключэннем польска-літоўскіх стасункаў, якія, аднак, не афішаваліся). Здавалася б, дзяржавы, маючы фактычна аднумэту – захаванне незалежнасці, павінны былі прыкласці ўсе намаганні, каб яе дасягнуць, па магчымасці нейтралізаваць галоўны фактар пагрозы. Аднак становішча дзяржаў было розным. Фінляндыя і Польшча пачувалі сябе больш упэўнена. Літва ж мела з апошняй прынцыповую спрэчку, якая да таго часу яшчэ не была вырашана, – за Віленшчыну. Таму спакой, памяркоўнасць і схільнасць да кансэнсусу, якія панавалі на канферэнцыі, можна лічыць толькі культурай дыпламатыі. Хоць усе бакі зрабілі крок да канструктыўнага вырашэння праблемы бяспекі іх дзяржаў, прыняўшы адпаведную рэзалюцыю, відавочна, пытанні заставаліся адкрытымі. Таму наперадзе, па ўзаемнай згодзе, планавалася правядзенне падобных мерапрыемстваў (прычым з пашырэннем кола ўдзельнікаў). Чытаць далей →

Жанна Некрашэвіч-Кароткая. Ульская бітва 1564 г. у помніках лацінамоўнай літаратуры Вялікага Княства Літоўскага


Адным з самых яркіх эпізодаў пачатковага перыяду Лівонскай (Інфлянцкай) вайны (1558–1882) стала бітва на Уле, або Чашніцкая бітва (26.01.1564), у якой войска Вялікага Княства Літоўскага нанесла паразу 24-тысячнай арміі маскоўскага ваяводы Пятра Шуйскага, што меў намер злучыцца каля Оршы з 50-тысячным войскам братоў Сярэбраных. Гэтая славутая перамога прыцягнула да сябе ўвагу як айчынных, так і замежных літаратараў.

На пачатку 60-х г. XVI ст. пры двары віленскага кашталяна Грыгорыя Аляксандравіча Хадкевіча ў яго радавым маёнтку Заблудаве жыў і працаваў высокаадукаваны нямецкі гуманіст, філолаг-класік Іаган Мюліус. Ён паходзіў з мястэчка Лібенродэ ў Цюрынгіі, а ў двор Грыгорыя Хадкевіча прыбыў у якасці хатняга настаўніка сыноў магната– Аляксандра і Андрэя Хадкевічаў. У 1564 г. у Вене ў друкарні Міхаэля Цымермана выйшаў з друку зборнік Іагана Мюліуса пад назваю “Divina gratia imperante Sigismundo Augusto <…> victoria de Moschis reportata a magnifico Domino Gregorio Chоdcievitio…” (“Перамога над маскоўцамі, здабытая з ласкі Божай у часы праўлення Жыгімонта Аўгуста яснавяльможным панам Грыгорыем Хадкевічам…”). Цэнтральную частку выдання складае аднайменны эпінікій (верш на перамогу) – 110 радкоў дактылічнага гекзаметра. Акрамя таго, у склад зборніка ўвайшла эпіграма “Ad bellicosam Lithuaniae gentem de Moschis” (“Да ваяўнічага народа Літвы, які ваюе з маскоўцамі”) (згодна з субскрыпцыяй, яна была напісана ў Вільні ў 1563 г.), ліст Грыгорыя Хадкевіча да сыноў Андрэя і Аляксандра, а таксама некалькі элегічных вершаў: “Ad magnificum D. Georgium Chodcievitium legatione Moschouitica perfunctum” (“Да яснавяльможнага П[ана] Георгія[1] Хадкевіча, які кіраваў маскоўскім пасольствам”), “Ad magnificum D. Ioannem Chodcie-vitium, Samogithiae praesidem” (“Да яснавяльможнага П[ана] Яна Хадкевіча, адміністратара Жамойці”), а таксама “Ad magnificum D. Philonem Cmitham strenuum et bellicosum equitem” (“Да яснавяльможнага П[ана] Філона Кміты, адважнага і ваяўнічага рыцара”).
Чытаць далей →

Васіль Варонін. Вучоба немцаў на Беларусі ў 1-й палове XVI ст.

Наша гістарычная літаратура аддала нямала ўвагі праблеме навучання выхадцаў з беларускіх земляў Вялікага Княства Літоўскага за мяжой. Прыблізна такая ж сітуацыя назіраецца і ў гістарыяграфіях суседніх краін. Тамтэйшыя даследчыкі таксама прыклалі шмат намаганняў, высвятляючы розныя аспекты атрымання вышэйшай адукацыі мясцовымі ўраджэнцамі за мяжой у часы, калі сваіх вышэйшых навучальных устаноў у гэтых краінах не было. Ды нават калі такія ўстановы з’явіліся, паездкі юнакоў па навуку за мяжу па-ранейшаму былі вельмі пашыранай справай. Галоўнымі высновамі гэтых даследаванняў можна лічыць тое, што асаблівай папулярнасцю ў маладых людзей з Вялікага Княства Літоўскага карысталіся ўніверсітэты Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, а таксама Італіі і што там набывалі адукацыю пераважна прадстаўнікі шляхецкага саслоўя. Такія высновы грунтуюцца на вялікай колькасці фактаў, якія малююць дастаткова поўную і рознабаковую карціну разгляданай з’явы. Адваротнае пытанне – навучанне замежнікаў на Беларусі – здаецца, у навуцы нават не было пастаўлена. А яно, безумоўна, патрабуе разгляду. Уплывы, у тым ліку ўплывы ў галіне адукацыі і культуры, у гісторыі вельмі рэдка бывалі накіраванымі толькі ў адзін бок. У большасці выпадкаў яны былі ўзаемнымі. Зразумела, што ступень тых уплываў магла быць рознай: у нейкім кірунку яны маглі выяўляцца мацней, а ў нейкім слабей. Аднак у цэлым гэтыя працэсы выглядалі менавіта як двух- ці шматбаковыя, якія ўздзейнічалі на розныя народы. Чытаць далей →

Нiл Гілевіч. Дзевяноста трэці год. Дзённік

У дзённікавых запісах Ніла Сымонавіча Гілевіча, народнага паэта Беларусі, які стаў непасрэдным удзельнікам станаўлення маладой беларускай дзяржаўнасці, рэдакцыя бачыць каштоўную крыніцу па нядаўняй палітычнай гісторыі Беларусі. Занатоўкі старшыні Камісіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны адлюстравалі не толькі стаўленне народных абраннікаў да лёсаносных пытанняў мацавання суверэнітэту Беларусі, але і тагачасныя клопаты беларускага грамадства.

Дзевяноста трэці год. Дзённік*

Ніл Гілевіч

„Занатоўкі для сябе”, зробленыя ў час пасяджэнняў Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь

2. І. 1993

Упершыню за апошні час сустракаў Новы год па-чалавечы — у мілым сямейным коле, і зноў адчуў гэтую непараўнаную радасць. Божа, дапамажы мне — сівому, ды неразумнаму! Я апраўдаю давер Твой!.. Першы дзень новага года прайшоў у трывожных, цяжкіх роздумах. Што будзе? Куды ідзем? Ці бачым, ці разумеем самі? Два тыдні ляжаць накіды да артыкула „Што з намі?”. Не магу ўзяцца, каб сказаць гэтае балючае слова, не хапае сілы духу. 30-га вечарам засядалі ўсім Прэзідыумам Вярхоўнага Савета ў Драздах, у былой рэзідэнцыі Першых асобаў (раней мая нага тут ні разу не ступала). На маё здзіўленне быў поўны кворум — прыйшлі ўсе да аднаго. Пілі мала. Гаварылі шмат. У тым ліку — шмат кампліментаў і клятваў вернасці Станіславу [Шушкевічу[1]], нашаму спікеру, фактычна — галаве дзяржавы. (Але ж: „Пяюн не пра пяяў тры краты”. Не паўторыцца? Далёка ж не ўсе яго аднадумцы! Сёй-той толькі і чакае каманды: „Назад!”) Ш-ў трохі перабраў, відаць, і па-дзіцячы смешна прасіўся ў Шушкевіча і ва ўсіх нас у замежную камандзіроўку. Як усё-такі цягне іх усіх у гэтыя паездкі! Як яны помняць пра сябе! Падсякай, пакуль клёў ёсць! Падсякай ды ў вядзерца! Ці на дно чоўна! Далі слова і мне. Сказаў пра прафесійны рост і старшыняў і ўсіх дэпутатаў, і ўсім пажадаў зрабіць хоць крок да практычнага карыстання беларускай мовай. Дарэчы, да гэтага заклікаў у слове на развітанне і Шушкевіч. А Б. Савіцкі зусім сур’ёзна сказаў мне: „А вы знаеце, што ў справе адраджэння беларускай мовы я зрабіў не менш за вас?” Яшчэ і паўтарыў гэтае самае „не менш”. „Можа быць, — адказаў я спакойна. — У такім разе гісторыя аддасць вам належнае”. Усякае даводзілася чуць ад тых, хто сам і двух слоў па-беларуску сказаць не можа, ну але такое — пачуў упершыню. Нават і накуляўшыся мог бы сёе-тое помніць, шаноўны прафесар. Учора прачытаў у „Правде” прагнозы замежных саветолагаў. Прарочаць: у красавіку Ельцын[2] падасць у адстаўку, да восені прэзідэнтам стане Руцкой[3] і возьме курс на аднаўленне СССР (напачатку — у форме канфедэрацыі). Мяркуючы па ўсім, будзе менавіта так. Нас далучаць без крыві — эканамічнай блакадай і гатоўнасцю народа да страты незалежнасці. Чытаць далей →

Карл Фоделло. О состоянии евреев в России (публікацыя Я. Анішчанкі).

Карл Фоделло

Тетрадь 2-я

О состоянии евреев в России

* Заканчэнне. Пачатак публікацыі гл. у БГА Т. 16, сш. 31, с. 513–539.

Нечто о еврейских обществах в Польше вообще, о раввине, о хазоне или уставщике, о иерушальмах, о шамаше, о шохате, о товариществах в еврейском обществе, о подати по кагалу, о Рохаше, о синагоге и предложения к исправлению всего еврейскаго общества.

Нечто о еврейских обществах в Польше вообще

Каждое еврейское общество вообще состоит из весьма немногих зажиточных, из большаго числа таковых, которые имеют насущный хлеб свой и из самаго большого числа неимущих. К первому разряду принадлежат большею частию купцы, подрядчики, стряпчие, комиссионеры, ростовщики и т. п. Ко второму — ремесленники, так называемые факторы, рабочие люди и т. д. К последнему же — многочисленная толпа умышленных и неумышленных нищих. (О нравственном и физическом состоянии евреев, о воспитании и характере, одним словом, о всем житии и бытии их изложено в первой части сей тетради и в трактате моем на французском языке, хранящемся в еврейском комитете под заглавием „О состоянии евреев в России”.) Чытаць далей →

Алесь Смалянчук. “Всюду господствует солдатчина…”. Бежанцы ў СССР прa пачатак нямецкай акупацыі Польшчы (снежань 1939 г.)


Агрэсія нацысцкай Германіі і сталінскага СССР супраць Польшчы ў верасні 1939 г. стала першым актам крывавай драмы Другой сусветнай вайны. Ваенныя дзеянні і раздзел Польшчы паміж Сталіным і Гітлерам выклікалі масавае перамяшчэнне насельніцтва. З тэрыторыі, што акупавала Германія, у СССР накіраваліся дзясяткі тысяч бежанцаў, большасць якіх складала яўрэйскае насельніцтва, а таксама прыхільнікі камуністычнай ідэалогіі і ахвяры сталінскай прапаганды. З абшараў СССР у Германію імкнуліся перабрацца этнічныя немцы, а таксама землеўласнікі, прадпрымальнікі, прадстаўнікі інтэлігенцыі Заходняй Беларусі, усе тыя, хто ў Савецкім Саюзе ўжо толькі ў выніку свайго паходжання трапляў у катэгорыю “ворагаў народа”. Чытаць далей →

Кірыл Сыцько. Парафіяльная хроніка Ішчальнскага касцёла

Уводныя заўвагі

Хронікі рымска-каталіцкіх парафій ХХ ст. у Беларусі –унікальны від гістарычных крыніц, не даследаваны айчыннымі гісторыкамі. Гэтыя дакументы ўяўляюць сабой мікрагістарычныя творы, у якіх у храналагічнай паслядоўнасці апісваецца гісторыя парафіі ад моманту фундуша на касцёл да моманту, сучаснага храністу. Асноўнымі крыніцамі для стварэння падобных гістарычных крыніц, як паказвае аналіз большасці з іх, былі дакументы мясцовага касцельнага архіва.

Варта адзначыць, што ў першай палове ХІХ ст. існавалі гістарычныя матэрыялы, фармуляр якіх падпісваўся як “Kronika parafialna…”, аднак іх нельга адносіць да віду хронік і летапісаў па той прычыне, што яны не адпавядаюць ніводнай фармальнай прыкмеце, уласцівай хронікам, і з’яўляюцца не чым іншым, як польскамоўным варыянтам кліравых ведамасцяў. Прыкладам такіх ведамасцяў можна назваць дакументы з Ружанстоцкага [1] і Ялоўскага [2] касцёлаў. Чытаць далей →

Юрый Мыцык. Беларусы – студэнты і выкладчыкі Кіева-Магілянскай Акадэміі


Перш за ўсё скажам, што аналізуем звесткі пра жыхароў абшару, які размяшчаецца на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У XVII–XVIII ст. межы Беларусі адрозніваліся ад сучасных. Так, Смаленшчына, этнічна беларуская зямля, знаходзілася ў Рэчы Паспалітай, а потым была заваявана Маскоўскай дзяржавай. Часткі Берасцейшчыны і Гомельшчыны – лімітрофныя зоны паміж Украінай і Беларуссю, а Віленшчына – гэта і Беларусь, і Літва.

Як ні дзіўна, але такі важны сюжэт, як беларусы ў гісторыі Кіева-Магілянскай Акадэміі (далей КМА), не даследаваўся ўвогуле. Праўда, пры вывучэнні дзейнасці асобных фігур, накшталт Сімяона Полацкага, гаварылася пра іх навучанне ў КМА, ёсць і адпаведныя звесткі ў біяграфічных даведніках, але да гэтага часу няма абагульняльнай працы. У нашым артыкуле закранаецца гэтае пытанне, хоць мы выдатна разумеем, што ён няпоўны перш за ўсё з-за недахопу крыніц. Больш-менш падрабязныя спісы студэнтаў захаваліся толькі з сярэдзіны XVIII ст., і то яны ахопліваюць пераважна паповічаў з левабярэжнай Гетманшчыны [1]. Пра выхадцаў іншых станаў з іншых земляў маем толькі фрагментарныя звесткі. Намаганнямі вялікага калектыву аўтараў (некалькі дзясяткаў чалавек) у сучасным Нацыянальным універсітэце “Кіева-Магілянская акадэмія” створаны фундаментальны даведнік пра студэнтаў, выкладчыкаў і дабрачынцаў КМА [2]. У ім знаходзім біяграфічныя звесткі пра выдатных царкоўных, культурных і палітычных дзеячоў, што паходзілі з Беларусі. Не разглядаем тут тых выпускнікоў КМА, якія працавалі ў Беларусі, а паходзілі з Украіны, напрыклад Феадосій Васілевіч-Баеўскі, Міхаіл Казачынскі, Георгій Каніскі, Давід Нашчынскі, Іосіф Аранскі ды іншыя [3]. Чытаць далей →

Зміцер Крывашэеў. Арганізацыя і функцыянаванне кадэцкіх карпусоў Нясвіжа ў 40-я — сярэдзіне 50-х г. XVIII ст.

Праблемы стварэння, функцыянавання, эвалюцыі і значэння вайсковых навучальных устаноў Нясвіжа ў ХVІІІ ст. сёння яшчэ даследаваны недастаткова. Беларуская гістарыяграфія, напрыклад, можа пахваліцца ўсяго некалькімі энцыклапедычнымі артыкуламі ў „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» і „Энцыклапедыі Вялікага Княства Літоўскага»[1], напісанымі паводле састарэлых даследаванняў польскіх гісторыкаў пачатку і сярэдзіны мінулага стагоддзя. Тым не менш, пытанні, звязаныя з перадумовамі ўзнікнення, асаблівасцямі арганізацыі адукацыйнага працэсу і тым значэннем, што аказалі рыцарскія школы Нясвіжа на станаўленне і развіццё айчыннай вайсковай навукі і адукацыі, вельмі важныя ў разуменні шляху развіцця ўсёй вайсковай сістэмы ВКЛ і Рэчы Паспалітай у ХVІІІ ст.

Большасць гістарыяграфічных напрацовак, прысвечаных вайсковай адукацыі Рэчы Паспалітай ХVІІІ ст., належаць польскім даследчыкам. Мар’ян Кукель, Генрык Масціцкі і іншыя[2] ў сваіх працах рабілі акцэнт на даследаванні варшаўскага кадэцкага корпуса, першай падобнай навучальнай установы на тэрыторыі Польшчы, усе іншыя школы вайсковага тыпу непазбежна адсоўваліся імі на другі план і губляліся ў яго цяні. Такім чынам склалася парадаксальная сітуацыя, калі з-за браку грунтоўных прац па тэме да сённяшняга дня не была дакладна вядомая нават дата заснавання першага кадэцкага корпуса ў Нясвіжы, а таксама колькасць усіх вайсковых школ, што існавалі ў Нясвіжы ў ХVІІІ ст. Чытаць далей →

Яўген Анішчанка. Трактат Карла Фадэлы пра стан яўрэяў у Расійскай імперыі.


Яўрэі, якіх расійскія манархі не талеравалі, апынуліся пад іх уладай у выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795). Расійскія самадзержцы пасля 1772 г. не пакідалі спробаў інтэграваць яўрэяў у склад сваіх вернападданых. Рабілася гэта ў выглядзе розных камісій з дапамогай дэпутатаў ад кагалаў.

Таму тэма регулявання яўрэйскага пытання, і ў прыватнасці ўдзелу яўрэйскіх прадстаўнікоў у дзяржаўных камітэтах, даўно вабіла гісторыкаў. Класікі яўрэйскай гістарыяграфіі С. Дубноў[1] і Ю. Гесэн[2] з дыяметральна процілеглых пазіцый ацэньвалі хаўрус з царызмам: першы ідэалізаваў іх рэпрэзентацыю, а другі выстаўляў прыладай кагальнай алігархіі, якая хацела з дапамогай улады закансерваваць сваю тыранію.
Чытаць далей →

Ірына Раманава. “Ленин, он-то умер, ему хорошо, а что он нам оставил…”


Замежныя даследчыкі [1], а з 1990-х і расійскія [2] для тлумачэння адносін народа да бальшавіцкіх лідараў выкарыстоўвалі такія паняцці, як “наіўнаманархічныя настроі”, “царысцкія ілюзіі” [3]. Такім чынам, вытокі таталітарызму і парадокс яго “народнай падтрымкі” вынікалі з сумяшчальнасці традыцыйных уяўленняў і вераванняў народа з дзеяннямі і асноватворнымі мэтамі бальшавікоў, што, у сваю чаргу, вяло да высновы аб пераемнасці аўтарытарных тэндэнцый, аб рэпрэсіўнаарыентаванай палітычнай культурнай традыцыі. Згодна з такім пунктам гледжання, культ асобы не нёс у сабе нічога асабліва сацыялістычнага ці “партыйнага”, уяўляючы сабой хутчэй новую іпастась самадзяржаўна-праваслаўнага цяжару расійскай адсталасці [4]. Аўтар кнігі “Восставшие во имя царя” Д. Л. Філд заклікаў калег, “каб яны не падыходзілі наіўна да тэмы аб наіўным манархізме сялян”, а запэўніванні сялян у сваёй любові “да цара-бацюшкі” ці Сталіна не прымалі за чыстую манету [5]. Шэраг даследчыкаў, найперш Ніна Тумаркін [6], Бена Энкер [7], Вольга Веліканава [8] свае даследаванні прысвяцілі таму, як гэтыя настроі і ўсенародная любоў да Леніна канструяваліся і індактрынаваліся. Чытаць далей →

Наталля Сліж. Справа аднаго наезду, або Пра рэпутацыю Льва Сапегі


Канцлер ВКЛ Леў Сапега (1557-1633) і смаленскі ваявода Філон Кміта-Чарнабыльскі (каля 1530-1587) — адны з найбольш вядомых асобаў сваёй эпохі. Л. Сапегу прысвечана панегірычная літаратура XVII ст.[1]. Яго першая біяграфія з’явілася ўжо ў 1645 г., аўтарам якой быў Ян Рывоцкі[2]. У гістарыяграфіі шмат увагі аддавалася кар’еры Л. Сапегі, яго ролі ў рэлігійным жыцці ВКЛ[3]. Але менш вядома пра яго дзейнасць на пасадзе аршанскага падстаросты.

Смаленскі ваявода Філон Кміта-Чарнабыльскі быў адным з герояў Інфлянцкай вайны. Сваімі вайсковымі подзвігамі заслужыў павагу сучаснікаў і шанаванне нашчадкаў[4]. У разнастайных гістарычных даследаваннях значная ўвага аддавалася менавіта яго вайсковай дзейнасці[5].
Чытаць далей →

Аркадзіуш Чволэк. Як палявалі на чараўніц у маёнтках Яна Станіслава Сапегі.


Працэсы над чараўніцамі на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага мелі сваю шматвяковую традыцыю. Першая згадка пра іх паходзіць з 1552 г., калі справа пра чары разглядалася ковенскім войтаўска-лаўнічым судом, а адзін з апошніх працэсаў адбыўся напрыканцы XVIII ст., хоць і пазней яны спарадычна мелі месца. Большасць працэсаў над чараўніцамі датычыла жыхароў уласна Жамойці. Гэта вынікала з таго, што на тых тэрыторыях былі яшчэ моцна жывучымі паганскія культы. У іншых раёнах ВКЛ падобныя суды здараліся намнога радзей. Найбольш працэсаў над чараўніцамі ў ВКЛ адбылося ў сярэдзіне ХVII ст. Колькасць расправаў над асуджанымі за чары, калі параўноўваць з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі, ставіць ВКЛ на значна выгаднейшую пазіцыю. На яго тэрыторыі большасць справаў пра чары судзілі суды гродскія і земскія, а эвентуальна — і патрыманіяльныя дворскія суды. Але здараліся і спарадычныя адступленні ад гэтага правіла. Адну з такіх справаў судзіў каптуровы суд пад час аднаго з бескаралеўяў. Але ў прынцыпе працэсамі над чараўніцамі ў ВКЛ займаліся пераважна свецкія суды, чаго не было ў Кароне Польскай, дзе ў гэтай справе паміж свецкімі і духоўнымі судамі адбывалася кампетэнцыйнае канкураванне. Агульныя прававыя нормы для працэсаў над чараўніцамі ў ВКЛ упершыню з’явіліся толькі ў II Статуце ВКЛ. Аднак не хапала ўказанняў, датычных дэталяў правядзення саміх працэсаў, а таксама спосабаў доказу віны асобаў, абвінавачаных у чараўніцтве. Апеляцыйным судом у працэсах над чараўніцамі ў ВКЛ быў створаны ў 1581 г. Галоўны Трыбунал[1].
Чытаць далей →