Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Архіваліі'

Артыкулы па тэме ‘Архіваліі’

Паўль Одэрборн. Праўдзівы і грунтоўны аповед пра веру русаў

Снежня 23, 2005 |


Генадзь Сагановіч. Паўночная Беларусь у апісанні Паўля Одэрборна

Аўтар шырокавядомай гісторыкам біяграфіі маскоўскага цара Івана Васільевіча[1] немец Паўль Одэрборн (Oderborn, Oderbornius, Otterbornius) (каля 1555 — 1604) быў лютэранскім пастарам у ВКЛ і Інфлянтах. Нарадзіўся ён у Памераніі, y 1574 г. y Ростаку атрымаў ступень бакалаўра філасофіі і з 1577/78 г. выконваў абавязкі казнадзея ў лютэранскім зборы ў Вільні. Вядома, што пад час полацкай кампаніі служыў палявым капеланам аддзела нямецкай пяхоты, потым стаў працаваць лютэранскім пробашчам у Коўне, а з 1587 г. — у Рызе[2].  У 1581 г., пакуль ішлі перамовы паміж маскоўскім царом і Стэфанам Баторыем, які ўрэшце пачаў рыхтаваць паход на Пскоў, Одэрборн з часткай нямецкіх жаўнераў заставаўся на Беларускім Падзвінні, каб прыкрываць Полаччыну ад магчымага нечаканага нападу. Тут ім і быў напісаны твор, які заслугоўвае самай сур’ёзнай увагі. „Знаходзячыся ў глыбіні далёкага краю“, цікаўны лютэранін, каб не марнаваць часу, як ён сам адзначыў, „наведваў русінскіх святароў і размаўляў з імі праз перакладчыка пра веру і рэлігію“.

Так было створана каштоўнае апісанне, скончанае 25 ліпеня 1581 г. Одэрборн напісаў яго на лаціне ў выглядзе ліста да вядомага лютэранскага тэолага Давіда Хітрэуса і падкрэсліў, што ў апісанні няма нічога няпэўнага, пачутага ад іншых, „а толькі тое, што мы бачылі на свае вочы“. Ужо ў 1582 г. тэкст выйшаў у Ростаку асобным выданнем у кніжным фармаце[3], і да канца года дачакаўся другой эдыцыі. Пазней твор шматразова перавыдаваўся як на лаціне[4], так і ў перакладзе на нямецкую[5]. Увайшоў ён і ў збор карэспандэнцыі Давіда Хітрэуса[6], a апошні раз выдаваўся ў XIX ст.[7].

„Праўдзівы і грунтоўны аповед пра веру русаў, іх шлюбныя і пахавальныя абрады, побыт і адзенне…“, у адрозненне ад Одэрборнавай біяграфіі маскоўскага цара, яшчэ мала вядомы і не выкарыстаны ў беларускай гістарыяграфіі. Помнік, між тым, дастаткова каштоўны для гісторыка. Большая частка тэксту прысвечана русінам, прычым геаграфічна апісаныя рэаліі звязваюцца з Полацка–Дзісенскім Падзвіннем: Одэрборн кватараваў у Дзісне, у хаце бурмістра русіна Аляксея Цэзарына. Асобна апісваюцца рэлігія праваслаўных, іх храмы і царкоўны інтэр’ер, служба ў царкве і звычкі бацюшак, сватаўство і вясельны абрад, пахаванне і памінкі. Одэрборн апавядае таксама пра суды і законы русінаў, іх гульні і паляванне, знешні выгляд, адзенне, ежу і інш. Пратэстант не прапускае магчымасці пакрытыкаваць паганскія забабоны людзей чужога яму краю. У некаторых выпадках дадзеная ім характарыстыка  выглядае занадта негатыўнай і непраўдападобнай, а ў іншых — дастаткова нейтральнай і нават прыязнай. Апошняе даволі неспадзявана, калі ўлічваць, што гэта вобраз праваслаўных людзей славянскага народа ў вачах немца–лютэраніна. Гэтае паведамленне пра Полаччыну стваралася Одэрборнам як апісанне „барбарскага краю“ для славутага нямецкага пратэстанцкага тэолага Хітрэуса, так што аўтар і не мог абысціся без катэгарызацыі і згушчэння фарбаў. Для даследчыка ж галоўная каштоўнасць гэтага твора не ў ацэнках, а ў багацці канкрэтнага матэрыялу аб жыцці і звычаях беларусаў канца ХVI ст.

Несумненную цікавасць уяўляе апісанне знешняга выгляду жыхароў Полаччыны, пахавальнага абраду, спосабаў палявання і інш. Нечакана з–пад пяра немца чытаць пра ваяўнічасць тагачасных беларусаў. Пры адзначанай схільнасці да вайны, чужаземец, аднак, не заўважыў у іх закрытасці і дзікасці. Што да акцэнтавання схільнасці русінаў да празмернага ўжывання алкаголю, то гэта адпавядала пашыранаму сярод немцаў стэрэатыпу славянскіх народаў. У іншых нямецкіх аўтараў можна было чытаць пра схільнасць да празмернага п’янства палякаў і іншых паўночных народаў[8].

Тэкст утрымлівае таксама нямала канкрэтных, вартых увагі звестак пра падзеі вясны і лета 1581 г. Напрыклад, Одэрборн піша пра ўцёкі князя Багдана Бельскага з Масквы ў Вільню, дзе яго ласкава прыняў Стэфан Баторы, пра прыезд маскоўскіх паслоў і бясплённыя перагаворы, пра падрыхтоўку пскоўскай кампаніі, пра справы пратэстантаў у Вільні і г.д.

З гэтым апісаннем Полаччыны незалежна ад волі аўтара яшчэ ў ХVI ст. адбылася прыкрая метамарфоза. Сам Одэрборн пісаў пра Беларускае Падзвінне як пра „Русь“, а таксама адным з першых выкарыстоўваў назву „Белая Русь“, а жыхароў называў „русамі“, а часам „барусамі“. Аднак Давід Хітрэус, атрымаўшы пасланне, у назву перакладзенага на нямецкую мову твора дадаў адно тлумачальнае слова, якое шмат чаго мяняла, — „маскавіты“. Апісанне стала называцца „Праўдзівае і грунтоўнае паведамленне пра веру Русаў, якіх завуць Маскавітамі…“[9]. У ягонай прадмове да перакладу твор Одэрборна стаў ужо „кароткім паведамленнем пра Маскавітаў“, а не русінаў (kurzer Bericht von den Moscowitern). Больш за тое, нават у тэксце перакладчык замяняў „Religio Russorum“ на „Moscouite Religion“, „omnium Russorum“ — на „aller Moscouitten“, і нават у глосах правёў тую ж замену[10]. Так „русы“ (ці „русіны“) сталі „маскавітамі“, а Полаччына — Масковіяй. Гэта пры тым, што ў самім творы Одэрборн шматразова супрацьпастаўляе „русаў“ і „маскавітаў“. Немец–аўтар, які жыў у ВКЛ і быў добра абазнаны ў рэаліях, не мог атаесамляць першых з другімі. А вось вядучы лютэранскі тэолаг з Ростака, вучань славутага Меланхтона, палічыў Русь тоеснай Масковіі. З–за сэнсавых зменаў у нямецкамоўнай версіі апісанне Полаччыны стала ўспрымацца як апісанне Маскоўскай Русі і ўключацца ў зборныя выданні пра Маскоўскую дзяржаву[11].

Твор помніка друкуецца ў папярэдняй версіі ў перакладзе Жаны Некрашэвіч–Кароткай пры маім рэдагаванні. Пераклад выкананы з асобніка першага лацінамоўнага выдання[12], які захоўваецца ў Бібліятэцы герцага Аўгуста ў Вольфэнбютэлі (Нямеччына), і ў асобных месцах звераны з першай нямецкамоўнай эдыцыяй[13] (таксама з Бібліятэкі герцага Аўгуста).

Генадзь Сагановіч

Праўдзівы і грунтоўны аповед

пра веру русаў[14],

[іх] шлюбныя і пахавальныя абрады,

побыт, адзенне і г.д.,

а таксама пра веру і звычаі татараў

Напісана нядаўна для пана Давіда Хітрэуса.

Акрамя таго, у тым самым аповедзе —

пра веру і ахвяры старажытных барусаў[15].

Было даслана літасціваму мужу[16] Георгію Сабіну.

Надрукаваў Стэфан Міліяндар, 1582.


Пра веру русаў, [іх] шлюбныя і пахавальныя абрады, побыт, адзенне і іншыя звычаі.

У маім лісце, дасланым табе 15 красавіка, я паабяцаў, што апішу крыху веру і абрады русаў[17]. Прачытай жа ўважліва тое, што мы[18] дасылаем, і пераканайся вось у чым: можа стацца так, што я буду пісаць не зусім згодна з рымскімі выразамі[19]. Аднак ты адчуеш, што самыя апісанні будуць цалкам пазбаўлены маны і ашуканства. І гэта таму, што мы не прыгадаем нічога з пачутага ад іншых, нічога, запазычанага ў іншых кнігах, нічога невядомага, — але толькі тое, што мы бачылі на свае вочы, пра тое і будзем сведчыць.

Калі Полацк быў здабыты праз капітуляцыю, калі Саколія[20], Чуса[21], Туроўля[22] ды іншыя гарады Белай Русі былі ўзяты праз агонь і меч, усе немцы, якія ваявалі на чале з Хрыстафорам Бамбшторфіем, былі адпушчаны. Іншым, аднак, трэба было застацца ў землях барусаў, на Русі, каб абараніць жыхароў тых земляў, калі б раптам суседнія маскавіты задумалі ўчыніць нечаканы напад.

(Рэлігія русаў)

Так, апынуўшыся ў цэнтры барбарскага краю[23], сярод грубых людзей, я ўвесь час праганяў гэтыя горкія душэўныя пакуты тым, што наведваў русінскіх святароў і размаўляў з імі праз перакладчыка пра веру і рэлігію.

(Веравучэнне)

Калі іх спытаць, ці вераць яны ў святую Тройцу, яны надзвычай адзінадушна менавіта гэта пацвярджаюць. Калі папросіш прывесці сведчанні са Святога Пісання, яны кажуць, што так напісана ў іх кнігах, якія яны атрымалі ад продкаў. Калі ж хтосьці жадае ўбачыць гэтыя кнігі, яны паказваюць Псалтыр прарока і цара Давіда (гэтую кнігу на іх мове, надрукаваную ў Астрожскіх, я выслаў Тваёй Эксцэленцыі). Акрамя таго, разам з тэкстамі розных малітваў да найсвяцейшай Багародзіцы і святога Мікалая яны маюць у манускрыптах Новы Запавет, Дзяянні апосталаў, пасланні апостала Паўла, а таксама гаміліі Хрызастома[24], Васілія[25] і Грыгорыя Назіянзіна, перакладзеныя з грэцкай мовы. Не ведаю, аднак, навошта ім гэтыя кнігі: народу яны прапануюць усяго толькі наіўныя аповеды з жыцця Госпада. А наконт таго сур’ёзнага [апавядання], якое мы чытаем у Евангеллі пра пакліканне з мёртвых сына ўдавы з Наіна[26], мой гаспадар, Дзісенскі бурмістр Аляксей Цэзарын, русін з паходжання, казаў, што ён чуў такую казань у сваім храме: „Хрыстос, які ішоў насустрач маці Марыі, пакорліва папрасіў у яе адну манету. Аднак маці, паколькі не мела аніякага срэбра, з тугою праводзіла вачыма сына Хрыста“.  Бачыш, якой лухтой яны падманваюць бедны народзік! Ды нават самі вучоныя людзі не ведаюць нічога лепшага, як, пачуўшы гэта, абсвістаць і абсмяяць. Толькі адзінкі дзівяцца на сваё барбарства.

(Архіепіскап)

Імя Рымскага Папы вельмі неахвотна дапускаюць яны да сваіх вушэй і заяўляюць, што ў веры яны блізкія грэкам, і што шануюць святасць візантыйскага пантыфіка. А той мае ў горадзе Масковіі свайго мітрапаліта, чалавека, які карыстаецца вялікім аўтарытэтам і славай у Івана Васільевіча, пра што я даведаўся ад Хрысціяна Бакорнія, прапаведніка вялікага князя, які тры гады жыў са сваім уладаром пра двары маскоўцаў. Русіны, якія падпарадкоўваюцца ўладзе нашага караля, маюць у Вільні свайго мітрапаліта імем Аніцыфар, — чалавек сталага веку з сіваватай барадой. 20 чэрвеня я бачыў, як ён у велічным і надзвычай каштоўным адзенні правіў святое набажэнства.

(Храмы)

Храмы ў русаў пераважна драўляныя, з дахам, крытым гонтай. На версе храма можна бачыць выяву Хрыста, узнятага на крыж. Сонечнага гадзінніка яны, канешне, не маюць. Тым не менш, у нядзелю, прыкладна а чацвёртай гадзіне раніцы іх „пахавальнік памерлых“[28], звонячы ў званы, склікае народ на набажэнства. Тады жанчына і мужчына, малое і старое, хлопцы і дзяўчаты, — усе, развітаўшыся з ложкам, апранаюцца і спяшаюцца ў царкву з надзвычайнай руплівасцю.

Рэч у тым, што яны наогул не выходзяць з хаты без таго, каб перш не ўлагодзіць словамі малітвы свайго нябеснага ахоўніка. У кожным доме ў іх ёсць які–небудзь драўляны абраз, на якім можна пабачыць некалькі намаляваных твараў. Падыходзячы да яго з усёй сям’ёй, яны з енкамі і слязьмі малітоўна просяць святога Мікалая і яго нябесную дружыну пра ахову свайго дома. Пры гэтым яны часам з такой самаахвярнасцю б’юць сябе ў грудзі, што лёгка ўзбуджаюць душэўную тугу ў любога, хто стаіць побач. Каб задобрыць багоў–ахоўнікаў, яны ідуць і ў святы храм і, перш чым пераступіць яго парог, з вялікай набожнасцю б’юць галавой [паклоны] да зямлі[29]. І сапраўды, калі твар справядліва называюць дзвярыма душы, то я не знаходжу ніякага іншага краю, дзе б людзі былі яшчэ больш схільныя ўшаноўваць волю Бога, чым гэтыя, пра якіх мы распавядаем, — калі б толькі замест марных баек яны аднойчы пазналі праўду нябеснага слова. Вельмі крыўдна, што найяснейшае святло Евангелля не асвяціла іх дагэтуль.

Два іх святары знаходзяцца ў закрысціі, у таямнічым месцы храма,  дзе алтар святога Мікалая з яго выяваю. Прыхаджане і народ стаяць навокал па ўсёй шырыні храма. Жанчыны, якія мінулай ноччу служылі Венеры, унутр храма не ўваходзяць, каб не зганіць Божага дома. Усе астатнія, хто падыходзяць бліжэй, запальваюць васковыя свечкі і складаюць ахвяру святару. Ён апрануты ў надзвычай прыгожыя шаўковыя шаты, агідны [сваёй] лысінай і бледным тварам, з крыжом крывавага колеру, які вісіць за спінай. Нарэшце ён выходзіць з алтарнай часткі храма і, трымаючы ў правай руцэ кадзіла, моцным водарам праганяе д’яблаў са святога месца. Неўзабаве прыносяць службовыя кнігі, і ён чытае ўголас якую–небудзь байку пра святога Мікалая, якога яны заўсёды ўшаноўваюць як Бога–ахоўніка.

(Казанні)

Аніводнага чытання евангельскага я тут ніколі не пачуў. Між тым закрысція замыкаецца. Калі здарыцца, што святар пад час чытання памыляецца, або калі ў яго блытаецца язык, ці калі якое слова вымавіць больш нізкім голасам, то за гэта прыхаджане яго вельмі груба лаюць: адны з іх у адзін голас крычаць, што ён не варты святога месца, другія — што [не можа] вучыць па кнігах. Калі чытанне скончана, ён вяртаецца да пярэдняй часткі святыні, у якой захоўваецца выява св. Мікалая, і бясконца ўздыхаючы просіць іх Бога, каб ён літасціва захаваў спакой русаў і каб збярог увесь народ, адданы яму, у барацьбе супраць ворагаў. Малітву святара падтрымліваюць жалобным галашэннем і лямантам не толькі вучні, але ўсе, колькі б ні прысутнічала іх у храме, зноў і зноў паўтараючы такія словы: „Госпадзі, памілуй“[30], што значыць „Змілуйся над намі, о Госпадзі“. Пакуль гэта працягваецца, пярэдняя частка святыні не адчыняецца.

(Імша)

Святар незаўважна ўваходзіць праз дзверцы побач, а перад ім трое нясуць тры свечкі. Пасля з’яўлення ён пасвячае святую ежу са словамі, прамоўленымі самім Хрыстом, але на сваёй роднай мове, прычым гэта адбываецца на алтары святога Мікалая. Неўзабаве пасля гэтага адчыняюцца дзверы, і ўсе людзі, паколькі лічыцца, што праўдзівы бог жыве менавіта ў гэтым месцы, спяшаюцца з лямантам да вялікага Сакраманту, бясконца паўтараючы „Госпадзі, памілуй!“ Спеў юнакоў[31], гучанне званочкаў і цымбалаў дзівосным чынам дапаўняюць гэтае галашэнне.

Як толькі ў цэлым храме зноў наступае цішыня, святар, рухаючыся наперад крок за крокам, паказвае ўсяму народу святыя таямніцы, трымаючы алавяны пацір з шаўковай накрыўкай у правай руцэ, а сподак з таго ж металу — у левай. Пакуль прыхаджане становяцца на калені, ён на мове русінаў прамаўляе наступныя словы: „Гэта Цела, а гэта кроў Госпада Ісуса Хрыста, якога юдзеі бязвінна пакаралі смерцю“. Тады яны зноў уздымаюць галашэнне са стогнамі і ўздыханнямі, б’ючы сябе рукамі ў грудзі. Потым, адразу ж вяртаючыся да закрысціі, святар ускладае сакрамант на алтары святога Мікалая, і да яго падыходзяць тыя, хто мае патрэбу, часам гэта адбываецца на працягу дня. Калі ў іх няма віна, замест яго выкарыстоўваюць гатаваны мёд (медавуху). Прэсны хлеб жыхары пякуць кожны ў сваёй хаце, і потым кожнага разу, калі з радасцю прыступаюць да гэтай Боскай трапезы, прыносяць яго на ахвяру святару, каб той пасвяціў ды разам з кубкам падзяліў. Скончыўшы набажэнства, ізноў узяўшы ў рукі кнігу, святар пачынае мармытаць адзін або некалькі псалмоў і ўсім дае цалаваць крыж, зроблены з чыстага срэбра. Потым усе яны разыходзяцца па сваіх дамах, і толькі нямногія прыходзяць на вячэрнюю малітву.

У Полацку і ў Вільні Божую літургію правяць з большай урачыстасцю і прыгажосцю. Там у іх усё начынне ў цэрквах каштоўнае, з золата і срэбра. У Вільні знаходзіцца каля трыццаці іх храмаў, і амаль усе мураваныя. (Няма скульптур, а толькі намаляваныя выявы) У іхных цэрквах няма ніякіх разьбяных ці ляпных скульптур, толькі маляваныя абразы святога Мікалая і Панны Марыі, упрыгожаныя срэбранай зерню … і падобнымі каштоўнасцямі, якіх яны шануюць як асаблівых Багоў ды кожнага году двойчы абмываюць у рацэ Дзвіне, пасля чаго з вялікай урачыстасцю вяртаюць на ранейшае месца. (Хрост) У іх прыняты і сакрамант таямнічага амавення (хросту), абрад якога амаль ва ўсім найбольш падобны да рымскага. Тут выкарыстоўваецца шмат алею і міра[32]. Пасля доўгіх сакральных цырымоній святар звычайна палівае дзіця цэлым конгіем[33] вады, прыгаворваючы так: „Я хрышчу цябе ў імя Айца, Сына і Святога Духа“. Потым, згодна з айчынным звычаем, немаўлятка акрапляецца з некалькіх асвечаных збаноў. І няхай нават на той час лютуе самая суровая зіма, тым не менш яны абліваюць сваё дзіцятка такой жа колькасцю халоднай вады. Калі хто спытае, навошта так рабіць, яны адказваюць: „Вельмі важна прывучаць з дзяцінства“. Нарэшце святар, ізноў узяўшы дзіця, пяшчотна [яго] цалуе і тройчы моцна прыкладае яго галаву да крыжа, высечанага на дзвярах царквы. І калі сведкі хросту не пачуюць гуку ад удару, яны абураюцца з гэтага і лічаць, што малое не па–сапраўднаму далучана да святыняў. На заканчэнне абраду святару падаюць тры хлябы (якія на іх мове з–за круглай формы называюць пірахнам[34]), а таксама некалькі срэбных манет, і храм зачыняецца.

(Святары)

Русінскія святары жэняцца і маюць уласных жонак. Калі нехта скажа, што шлюб святароў асуджаецца Папам, яны раздражнёна адказваюць, што няхай ён палае ў гарачым агні з жалезнымі пласцінамі[35] Цыклопаў у вогненнай печы. Яны не знаходзяцца на ўтрыманні і не атрымліваюць сталага даходу, аднак жа свабодна кормяцца дзякуючы дабрачыннасці прыхаджанаў. Капюшонаў (каптуроў) зусім не ведаюць, а носяць пераважна двайную расу цёмнага колеру. Асабліва цешацца сваімі доўгімі валасамі на грудзях і плячах, але чым чарнейшы нехта будзе, чым болей брыдкі на выгляд, тым больш гэтым абураюцца людзі. Акрамя таго, маючы лысае цемя і доўгую бараду, яны гэтым прыдаюць сабе асаблівую важнасць. Да ўсяго, яны вядуць настолькі нячысты і гнюсны лад жыцця, што ты мог бы пагадзіцца: яны вартыя не храмаў Божых, а млынаровых пякарняў[36]. Калі яны нават неаднаразова ўчыняць што–небудзь ганебнае, то перад людам будуць дастаткова самаўпэўнена апраўдваць сябе. Называюць сябе святымі братамі і намеснікамі [Божымі]. Больш за тое, яны ніколькі не сумняваюцца: што б з імі ні адбывалася, — усё будзе прымальным для жыхароў неба. У грамадскіх корчмах яны па ўсіх днях п’юць цёмнае віно. І калі потым ужо не служаць ні розум, ні ногі, яны часта валяцца проста сярод плошчы, быццам мёртвыя, і засынаюць. <…> Калі ж на наступную раніцу яны вяртаюцца ў храм для таго, каб правіць набажэнства, то нічым не менш шануюцца і паважаюцца людам, чым калі б яны сышлі з неба, выпраўленыя пасламі з нарады несмяротных багоў.

(Школы)

Пры цэрквах у іх заўсёды бываюць школы. У адной  малады мужчына гадоў трыццаці навучае дзяцей элементарным асновам граматы. Літары ў іх алфавіце надзвычай падобныя да старажытных грэцкіх. Ніякім Катэхізмам яны не карыстаюцца, а прапануюць дзецям толькі невялікія малітвы да блаславёнай Панны і святога Мікалая, запісаныя ў кнігах. Аднак яны вучаць апостальскі Сімвал, які  амаль не мяняецца, дадаючы да гэтага гімны Давіда, што чытаюць раніцай і ўвечары, удзень і ўначы. Калі дзеці трох і чатырох гадоў раптам бываюць апанаваныя якой–небудзь немаччу, імгненна прыбягае святар і надзяляе іх сакрамантам пад тым ці іншым выглядам. І тады на суровы загад святара бацькам трэба пільнаваць, каб гэтае дзіця, што атрымала святую трапезу, на працягу двух дзён не выплёўвала на зямлю выдзяленняў з рота.

На святочныя дні гэты бедны народ дастаткова змучаны, бо цягам цэлага году ім выпадаюць нямногія дні, калі яны могуць есці мяса.

(Шлюбны абрад)

Каб уступіць у шлюб, яны трымаюцца наступнага абраду. Калі якая–небудзь дзяўчына спадабаецца юнаку, ён выпраўляе трох або чатырох сваякоў, якія просяць бацькоў дзяўчыны выдаць яе замуж. Тыя ж як мага мацней злуюцца і запэўніваюць, што з гэтай справы нічога не атрымаецца, да таго ж выяўляюць у пасланцоў які–небудзь уяўны недахоп. Жаніх, падмануты ў сваіх спадзяваннях, падыходзіць да справы іншым шляхам і вельмі ўважліва чакае часу і нагоды, каб папаляваць на дзяўчыну. І калі тая часам выходзіць з бацькоўскага дома, слугі, што схаваліся ў засадзе, нечакана штурхаюць яе (хоць тая і не баіцца) у лавецкія сеткі жаніха–паляўнічага. Калі яна туды трапляе і пазбаўляецца дзявоцтва, тады выпраўляюць да бацькоў іншых паслоў, якія, з аднаго боку, просяць прабачэння, з другога — спісваюць усё на пажаднасць кахання. Нарэшце, калі згода бацькоў атрымана, прызначаецца дзень вяселля. Сумеснае жыццё ў іх не прынята весці да таго часу, пакуль маладыя не будуць злучаны пад час публічнай урачыстасці. Для гэтага каля адзінаццатай гадзіны ночы маладых пад гукі лютняў і дудаў, пад святлом паходняў прыводзяць у храм. Перад іх прыбыццём сюды прыносяць некалькі чарак, поўных сікеры[37], медавухі і піва. Там госці абодвух полаў добрую частку цёмнай ночы праводзяць у скоках ды гулянцы, у крыках і рогаце. У міжчассе адпраўляюць каго–небудзь запрасіць святара. Той звычайна большай часткай ходзіць туды–сюды, нічога не робячы, і гэта ўсё з прычыны ап’янеласці няшчаснага святара, якога кладзе з ног віно і сон. Народ між тым заняты карагодамі. Нарэшце тыя, што з’яўляюцца крэўнымі жаніха, калі ўжо не могуць вытрымаць затрымкі і бяздзейнасці святара, разбіваюць (ламаюць) ахвяру[38] і, захмялелага, яго выводзяць сілай і адпраўляюць выконваць святы абрад. Паколькі той звычайна хоча выконваць [свае] абавязкі, аднак не можа роўна стаяць на нагах, то часта падае ў цэнтры храма. Тады ўздымаецца ганебны і дзікі смех — наўрад ці, на маю думку, язычнікі ўздымалі гэткую ж буйную весялосць на святах Венеры. Да яго падбягаюць [некалькі чалавек] падтрымаць апівоху, каб ён не паваліўся. Тады найперш ён загадвае прынесці сабе неабходныя хлябы.

Потым з адгорнутай кнігай моцным голасам ён спявае які–небудзь гімн Давідаў. Пасля таго, схапіўшы рукой жаніха за кучаравыя валасы, звяртаецца да яго з наступнай прамовай: „Скажы мне, о жаніх, о браце, о сябру, ці можаш ты быць мужам для гэтай маладой? Ці будзеш ты калі–небудзь біць яе палкамі? Ці не пакінеш ты яе хворую, нядужую або старую?“ Жаніх прысягае Богам, што будзе выконваць абавязкі добрага мужа. Тады, звярнуўшыся да нявесты, ён пытаецца таксама ў яе, ці здольная яна вытрымаць мужа (бо тут аддаюць замуж дзяўчатак дзесяці і адзінаццаці гадоў), ці будзе яна клапаціцца пра хатнюю гаспадарку, ці хоча быць вернай спадарожніцай сляпому, згорбленаму і састарэламу мужу? Яна прысягае. Тады святар ускладае на галовы жаніха і нявесты сплеценыя зялёныя галінкі дрэва. Звонку вянка напісаны мовай русінаў наступныя словы: „Расціце  і пладзіцеся“. Пакуль ён гэта робіць, усе запальваюць васковыя свечкі і перадаюць адзін аднаму чашу з успененай асвячонай медавухай. Першым даюць адпіць з яе маладым. Усе [астатнія] з аднолькавай прагнасцю спусташаюць яе і перадаюць набожнаму мужу. Пасля, скінуўшы сплеценыя галінкі дрэва і патаптаўшы іх нагамі, яны зноў ладзяць карагоды. Цяпер ужо святар ачольвае ўсіх, а астатнія доўгай чарадою рухаюцца ўслед за ім. Жанчыны ў храме нават раскідваюць ваўчкі[39] і лён з такім воклічам: „Няхай нашыя багі стануць іх апекунамі, каб новыя муж і жонка ніколі не страчвалі дабрабыту“. Тады нарэшце галас завяршаецца. Святара адводзяць дадому, госці праводзяць маладых, пры гэтым шмат п’юць і аддаюцца распусце. <…>

(Пахавальны абрад)

Цяпер трэба тое–сёе распавесці пра звычай пахавання. Памерлых яны кладуць голымі на стол і на працягу цэлай гадзіны мыюць цёплай вадой, прычым усё гэта робяць ноччу. Адмыўшы такім чынам ад бруду, нябожчыка ўладкоўваюць на ўзвышэнні пасярод хаты. Прычына гэтага хіба ў тым, што яны нават мёртвага ўшаноўваюць і баяцца бацьку сямейства, колькі б ні пражылі сумесна. Я неаднаразова назіраў такое і слупянеў, валасы на галаве падымаліся і голас у горле перапыняўся. Урэшце на трэці дзень адбываецца пахаванне, выносяць цела, пры гэтым шкаляры ідуць папярод і спяваюць жалобную песню, сэнс якой звернуты да людзей: „Паглядзіце на гэтага нябожчыка і парупцеся пра сябе. Мы ўсе гэтаксама пойдзем туды, вы пойдзеце, яны пойдуць“. За трыма насільшчыкамі[40] ідуць следам тры святары, сярэдні з якіх абкурвае ўсё навокал кадзілам. Яны лічаць, што гэты водар настолькі непрыемны для д’яблавых духаў, што тыя ўцякуць ад яго гэтак жа, як ад выявы святога крыжа. Калі ўжо дайшлі да месца пахавання, пахавальныя насілкі ставяцца. Жанчыны, якія прыкладаюць усе намаганні, каб іх вочы плакалі, з гучным лямантаваннем падыходзяць да труны[41], якая яшчэ адкрыта, і цалуюць нябожчыка, звяртаючыся да яго з такімі пытаннямі: „Чаму ж ты пайшоў ад нас, найдаражэйшы? Няўжо цябе забіла нястача ежы і пітва? Няўжо ты захацеў выцягнуць галаву з пятлі няшчаснага шлюбу? Што ж цябе прымусіла пакінуць не толькі найпяшчотнейшую жонку і тваіх наймілейшых дзяцей, але таксама выракся асалодаў гэтага найпрывабнейшага свету, а таксама свайго шчасця і ўсіх сваякоў?“ На гэты конт ёсць справядлівае выслоўе: „Глухому распавядаюць байку“[42]. Неўзабаве святар, падышоўшы, адганяе жанчын, якія плачуць, ад труны і просіць анёла свету памерлых, каб той ніякім чынам не перашкаджаў нябожчыку, але каб дазволіў яму свабодна адысці ў тое месца шчаслівых душ, у якое ягоныя продкі ўжо калісьці прыйшлі, і каб па магчымасці спрыяў у такім доўгім і небяспечным падарожжы. Усё лепшае і самае каштоўнае, што нябожчык меў у хаце, яны кладуць у труну, апранаючы яго ў новае адзенне і абуваючы новыя боты, а пад галаву мёртваму падкладаюць падушку, набітую сухой зямлёю. Калі нарэшце святары завяршаюць пахавальнае мармытанне, жонка памерлага зноў падбягае з енкамі і крыкам ды кліча мужа назад да жыцця. Яе тужлівы лямант падхопліваюць самі святары з пеўчымі, і паўтары гадзіны марнуюць у галашэнні. Нарэшце прыносяць срэбны крыж, яго ўскладаюць на труну і нагадваюць памерламу, каб ён і ў атачэнні нябесных душ не забываўся пра сваю радзіму, але каб шчыра маліўся за яе перад нябеснымі багамі. Яны просяць таксама, каб ён зблізіўся перадусім са святым Мікалаем, бо той — Бог і апякун усіх русінаў[43]. Нарэшце нябожчыка апускаюць у яму. Святар пасыпае труну такой колькасцю зямлі, колькі можа ўзяць у руку. Потым і іншыя засыпаюць памерлага. Гэтым і завяршаецца пахавальная цырымонія.

(Памінкі)

Таго самага дня яны ладзяць досыць багатую памінальную вячэру, на якую запрашаюцца хрысціяне (так называюць жабракоў), каб тыя, як людзі бесклапотныя, памаліліся за нябожчыка. Запрашаюць таксама святароў і ўсіх блізкіх па крыві. Калі і мяне яны ўганаравалі такім чынам, то я, клянуся, пайшоў да іх ахвотна, найболей з той прычыны, што я атрымоўваў магчымасць лепш бачыць і назіраць іх звычаі. Гаспадары вельмі ласкава вітаюць пацалункам і кожнага як мага больш паважна садзяць за стол. Але тут я хацеў бы, каб ты ўспомніў пра адну акалічнасць: што ўсе русіны ўшаноўваюць святога Мікалая як Бога, і што ва ўсіх іх дамах можна ўбачыць яго абраз. Калі ўсе госці рассядуцца, яны адразу ж ставяць побач запаленую свечку і прысвячаюць яе Мікалаю, шчыра молячыся за збавенне і супакой для памерлага сябра. Потым на срэбным сподку ставяць пшаніцу з поўным куфлем мядовага віна. Кожны з іх, узяўшы лыжку, просіць у адзін голас у памерлых продкаў нябожчыка ўсялякага багацця і багатай маёмасці для нашчадкаў. Потым па кругу ідзе чарка, поўная гатаванага віна, і яны прагна п’юць гэты напой — не іначай, як празяблыя каровы ваду, як гаворыцца ў прыказцы. Аднак жа такія іх паводзіны не пазбаўлены пэўнага сэнсу. Я думаю, наўрад ці яны маглі б выжыць ад празмернасці ежы, калі б не пазбаўлялі страўнік вяласці пры дапамозе такой вялікай колькасці пітва. Як толькі паставяць розныя стравы, старэйшы сярод святароў густым фіміямам выганяе вонкі злыя духі, а потым, напісаўшы ў паветры знак крыжа, бласлаўляе ежу. Чужаземным гасцям прыносяць моцны напой, і калі тыя займаюць якую–небудзь пасаду або маюць якую–небудзь годнасць, ахвотна даюць ім падарункі. Усе п’юць поўнымі кубкамі за здароўе свайго караля, за супакой памерлага сябра, за дабрабыт сваякоў і блізкіх, і часта здараецца так, што з гэтага пахавання хіба два ці тры чалавекі ідуць дадому цвярозыя. Па пятніцах больш заможныя людзі раздаюць міласціну, але гэта толькі маленькі кавалачак звычайнага хлеба.

(Іншыя забабоны)

Што яшчэ павінен я распавесці пра розныя забабоны, да якіх схільны гэты народ? Многія тут трымаюць у сваіх хатах адмысловых змеяў і кормяць іх. Яны таксама баяцца і ўшаноўваюць злога духа, які прыходзіць апоўдні. У час, калі збіраюць саспелы ўраджай, ён [дух] ходзіць вакол поля ў жалобным адзенні ўдавы, і калі жнец, убачыўшы прывід, адразу ж не паваліцца на зямлю, то ён пераб’е працаўнікам — аднаму або многім — рукі і ногі. Прычым яны самі сябе пераконваюць, што супраць гэтай пакуты няма ніякіх сродкаў. У суседнім лесе ў іх ёсць дрэвы, якія яны ўшаноўваюць згодна з верай продкаў. Прыкладаючы іх кару да раны, яны не толькі лёгка лечаць яе, але і пазбаўляюць калецтва крываногага.

Я бачыў, як яны ратаваліся ад лагернага мору, занесенага сюды нашымі жаўнерамі. Узяўшы вяроўку, яны ў хаце старэйшага жыхара цягаюць яе туды–сюды праз адтуліну ў старым услоне да таго часу, пакуль не здабудуць іскру агню. Заўважыўшы полымя, запальваюць свечку ў храме, каб паліўся ачышчальны дождж. Потым усе, хто захаваў дома вугольчыкі або галавешку ад гэтай іскры, вераць, што яны дастаткова забяспечаныя перад моравай хваробай, і бывае так, што адной верай у гэта і аберагаюцца ад заразы.

Ад боляў у спіне яны лечацца наступным чынам. За невялікія грошы наймаюць незаконных дзяцей, якіх у гэтай зямлі вялізнае мноства, і тыя доўга топчуцца нагамі па спіне ды размінаюць яе. Яны ўпэўнены, што гэтая працэдура служыць болесуцішальным сродкам для дарослых.

(Законы і суды)

Дзяржаўную ўладу яны маюць па волі караля. Гарадамі кіруюць капітаны, якія на іх мове называюцца старастамі. Яны ўсталёўваюць законы паводле свайго меркавання і кіруюць гэтым народзікам сурова. Крымінальныя справы рэдка падаюцца ў суд. Калі нехта адмаўляецца, што сказаў абразлівыя словы, то яго адпускаюць. Яны выбіраюць адрачэнне замест прызначанага пакарання. Не дапаможа стараннае чытанне грунтоўных тамоў рымскага права разам з Бартолам і Балдам[44], калі хочаш жыць тут, бо яны застаюцца пры сваіх Статутах, гэта значыць, пісаных законах. У апошніх, сярод іншага, вызначана і тое, што забойца, калі яго не схопяць пад час самога злачынства, можа адкупіць жыццё за пяць фларынаў. Калі ж адзін аднаму заб’е сабаку, павінен быць прызначаны штраф дзесяць фларынаў. Найбольш распаўсюджаны від пакарання ці катавання ў іх — пакаранне палкамі. Таму паны сваіх сялян і кожны ўладальнік сваіх прыватных служак, калі яны ў чым правіняцца, моцна збіваюць дубцамі. Калі ж яны дапускаюць больш сур’ёзную правіннасць, сякуць іх жалезнымі пугамі.

Увесь гэты народ па прыродзе больш схільны да ваявання. Яны ваююць кароткімі мячамі, дзідамі і сагнутымі шаблямі, а часта і драўлянай булавой, якую заўсёды носяць у руцэ. Калі яны выязджаюць у поле, то з правага боку трымаюць costram, а з левага маюць татарскі лук з калчанам і атручанымі стрэламі.

(Гульні)

Пад час гулянак яны не толькі гуляюць у карты, а з прыемнасцю бавяць час і за гульнёй у косці. Але з найбольшым спрытам яны гуляюць у шахматы, калі два варожыя каралі — белы і чорны — змагаюцца паміж сабой за славу з войскамі двух колераў. У гэтай гульні яны, насамрэч, такія дасканалыя, што я не ведаю, ці мог бы параўнацца з імі які–небудзь іншы народ.

(Прадметы гандлю)

У мірны час яны перапраўляюць на продаж з Масковіі ў Польшчу ды Інфлянты розныя скуры дзікіх звяроў. Мёд, воск, скуры яны прадаюць іншаземцам у вялікіх колькасцях. З усіх бакоў іх атачаюць надзвычай густыя і непралазныя лясы. (Паляванне на звяроў) Так што яны часта палююць нават унутры гарадскіх сцен на ваўкоў, рысяў і куніц. Куніцы звычайна сядзяць на вершалінах дрэў і ліжуць мёд, старанна сабраны пчоламі. Сяляне нацкоўваюць на іх адмысловых сабак, якія нюхам вышукваюць звера, што схаваўся сярод лістоты дрэў. Тады прыходзіць паляўнічы і, моцна стукаючы па камлі, зганяе куніцу з самай верхавіны, і на яе адразу ж накідваецца сабака ды загрызае. Падобным чынам яны палююць і на баброў, што водзяцца ў балоцістых мясцінах. Гэтага звера, паколькі ён жыве ў міжрэччах, цяжка злавіць у іншы час, акрамя як у лістападзе ды снежні, калі зямля заледзянела ад вельмі моцнага марозу. І вось калі рэчка скаваная лёдам, туды спяшаецца селянін са сваім сабакам, які высочвае нюхам. Бабёр, які заўважае іх прысутнасць, пакідае сваю хатку і плыве пад лёдам у студзёнай вадзе. Сабака нюхам дакладна вызначае месца над галавою плывуна. Паляўнічы ідзе следам, прычым ён ужо загадзя паставіў у прабітым лёдзе ў напрамку да вытокаў ракі сетку, зробленую з трайнога лёну. Калі бабёр дабіраецца да яе, спадзеючыся прарвацца, яго забіваюць палкамі і выцягваюць. Скура бабра надзвычай высока цэніцца ў гэтых народаў. Аднак я яшчэ ніколі не глядзеў на гэтае паляванне без шкоды для сябе, бо мароз і моцны холад ледзь  не загубілі мяне.

У стаўленні да іншаземцаў русіны[45] дастаткова спагадныя, калі толькі ты часам не ахвочы да іх бутэлькі[46]. Бо пад час гулянкі яны перастаюць быць людзьмі.

(Адзенне)

Мужчыны і жанчыны, калі яны заможныя, апранаюцца амаль аднолькава. Яны носяць доўгія рознакаляровыя кашулі з брытанскай тканіны. Для акантоўкі вопраткі яны нашываюць шаўковыя стужкі ды пазалочаныя шарыкі. І мужчыны, і жанчыны ходзяць у ботах. Жанчыны носяць на галаве стужкі і высокі галаўны ўбор, мужчыны — скураное нагалоўе ці лямцавыя капелюшы рознай афарбоўкі. Дочкі сялян носяць на шыі каралі са змяіных галоў. Просты ж народ вырабляе кашулі са скуры дзікіх звяроў і абутак з кары дрэў. Тут колькі сялян — столькі і шаўцоў.

(Целасклад)

Нават у такіх суровых кліматычных умовах прырода стварыла прыгожых людзей. Іх целы звычайна моцныя і поўныя сілы. Жанчыны таксама не пазбаўлены правабнасці, калі б толькі нехта хацеў назіраць за іх прыгажосцю. Аднак усю сваю прыгажосць яны прыніжаюць і псуюць адзінай заганай — п’янствам. У гэтай справе яны калі не пераўзыходзяць мужоў, то, пэўна, і не саступаюць ім.

У вытанчанай музыцы яны не дасведчаныя, зусім не граюць на струнных інструментах, дзеля забавы ў іх звычайна выкарыстоўваецца толькі дуда з мехам. На вяселлях і іншых пачостках вельмі часта водзяць карагоды пад гучнае плясканне ў далоні.

(Кнігі)

Яны ніколі не бачылі кніг, напісаных па–грэцку і па–лацінску, тым не менш, яны вельмі ганарацца грэцкай рэлігіяй. Калі аднойчы ў мяне быў з сабою Новы Тэстамент, надрукаваны па–грэцку ў Цюрыху, я папрасіў святароў, каб яны мне што–небудзь прачыталі. Тыя рашуча адмовіліся зрабіць гэта, свята прысягаючы пры гэтым, што асобнікаў такога кшталту ніколі раней у сябе не бачылі.

(Ежа)

Пра лепшы стол яны не вельмі дбаюць, але надзвычай ахвотна ядуць сырую ежу, парэй і цыбулю, якая ў Егіпце лічылася ежай багоў. Больш заможныя п’юць віно і медавуху, просты народ — квас, гэта значыць ваду, у якую дабаўлена звычайная соль, а ядуць грубы і цвілы хлеб.

(Пабудовы)

Хаты русінаў драўляныя, да таго ж будуюць іх з благога дрэва. Тут яны да таго неразумныя, што аддаюць перавагу плеценай сцяне перад мураванай. Камень у іх амаль не ўжываецца. У Полацку я бачыў толькі тры царквы, пабудаваныя з цэглы. Трэці храм, аздоблены на італьянскі манер, нават цяпер звяртае на сябе ўвагу. Астатнія разбурыў вялікі князь маскавітаў Іван Васільевіч, калі васемнаццаць гадоў таму, захапіўшы Полацк, атрымаў яго ў сваё ўладанне.

(Ежа)

У мірным часе яны збіраюць з палёў багаты ўраджай, і ім не бракуе нічога з таго, чым сілкуецца чалавечае цела. З вялікім спрытам яны ловяць сваімі пасткамі птушак рознай пароды, напрыклад курапатак, фазанаў, рабчыкаў, цецерукоў, ды прадаюць іх зусім танна. Неверагодную колькасць найлепшай рыбы даюць ім паўнаводныя рэкі Дняпро, Дзвіна, Дрысна, Дрыса, Палата, з якіх разліваюцца незлічоныя азёры і сажалкі[47]. Соль для ежы прывозіцца з Іберыі.

(Манета)

У сваім краі яны не маюць каштоўных металаў, аднак ім уласціва вялікая прага да чыстага золата і чаканенага срэбра; гэтая загана лучыць іх з іншымі смяротнымі. Дасылаю Тваёй Эксцэленцыі іх срэбныя каваныя манеты авальнай формы: на адным іх баку — выява пакрытага даспехамі ваяра, на другім на рускай мове выбіты такія словы: „Кнς ßеλιkι  Ιßάμ“[48], што па–нямецку значыць „Вялікі Князь Іаан“.

(Музыка)

Вось усё найцікавейшае, о Давід Хітрэус, што я палічыў годным увагі ў той частцы Русі[49], што ляжыць у напрамку да ўзыходу сонца. Усё такое я ахвотна змясціў на гэтых старонках, каб задаволіць Тваю цікаўнасць. І я закрануў тут не ўсё, але адзначыў толькі самыя важныя моманты. Так пчала, імкнучыся да пяшчотнага нектару, крыху каштуе з верхавінкі цім’яну або чырвонага крокуса.

(Армяне)

Пра армян я Табе ўжо пісаў і не сумняваюся, што гэтае маё пасланне было перададзена. Мноства іх жыве ў Львове, і там жа ў іх ёсць вельмі прыгожыя храмы, — так паведаміў мне 7 чэрвеня ў Коўне Тыдэман Гізій. Што да мяне, то калі з патрэбы якой–небудзь паслугі мне выпадзе такая магчымасць, я наведаю Львоў ды агледжу суседнюю Арменію, і тады апішу ўсё больш падрабязна.

(Татары)

Цяпер застаецца трохі распавесці пра татараў. Хаця і вырашыў напісаць табе ліст, гэта не тое, што ты чакаеш як гісторыю. Не хацелася б насіць ваду ў калодзеж[50]. Я вельмі часта бачыў у каралеўскім ваенным стане вялікае войска татараў, якое заслугоўвае павагі; яны прыйшлі з Перакопскай Арды, з якой цяпер пераможца Стэфан нават набраў войска. Астатнія знаходзяцца на поўдзень ад палякаў: таўрыйскія, астраханскія, наянскія, рэзігорскія і чаркаскія. Князя Арды яны называюць на сваёй мове „царом“, гэта значыць „імператарам“. А вяльможы, улада якіх больш ці менш другасная, называюцца „кнезі“, гэта значыць, князі. Пыха ў гэтага, бясспрэчна, варварскага народа такая, што нават людзі нізкага паходжання дамагаюцца сабе тытулаў і высокіх імёнаў. Вера іх надзвычай розная.

(Веравызнанне татараў)

Я дам кароткія заўвагі пра набажэнства тых, што не прызнаюць улады нашага караля. Ваенныя мерапрыемствы не перашкаджаюць ім ушаноўваць Бога. У пятніцу, як толькі сонца пачынае выпускаць бліскучыя промні, яны ў вялікай колькасці паспешна збіраюцца на цэнтральнай роўні сярод палёў. Тут іх першасвятар з аголенай галавой і нагамі, сеўшы на земляным насыпе, трымае ў левай руцэ аркуш паперы з выпісанымі з Алькарана прыпавесцямі і зачытвае іх гучным голасам усім, хто стаіць навокал. Яны ж, як толькі пачуюць імя Бога ці Магамета, выказваюць сваю пакорлівасць воклічамі і ківаннем галавы. Калі чытанне скончана, кожны вяртаецца ў свой стан. Тыя ж, аднак, хто аддае перавагу міру перад вайной і хатняй гаспадарцы перад вайсковай справай, і набажэнства правяць па–іншаму. Яны набылі ў аднаго ваяра ў Вільні, каля берагоў ракі Вяліі, некалькі хацін і вёску ў вельмі маляўнічым месцы. Тут мы 20 чэрвеня, збочыўшы з дарогі, разам з Янам Гамратам Стральзундзінам, купцом і віленскім бюргерам, пайшлі гуляць і зайшлі ў іх храм. У ім зусім не было відаць аніводнай выявы ані Бога, ані чорнага дэмана. Паўсюдна — голыя сцены. Унутраныя пакоі пакрытыя расшытымі дыванамі. У пятніцу яны заўсёды збіраюцца на набажэнства, і гэта, на маю думку, з той нагоды, каб пазначыць, што яны не прызнаюць ані юдзейскіх забабонаў, ані імя і веры хрысціян. У храм нельга ўвайсці іначай, як разутым. Гучання званоў яны зусім не любяць. Замест гэтага першасвятар, калі ўзышло сонца, стоячы на верхняй пляцоўцы экседры[51] храма, вельмі гучным голасам склікае народ на сход. І калі збіраецца мноства людзей, ён, узяўшы ў рукі Алькаран (мне паказвалі яго, напісаны арабскімі літарамі), падае ім прыклад служэння Богу. Пасля гэтага яны спяваюць просценькую песню пра абагаўленне Магамета, пра яго велічнасць і першынства. І гэта — заканчэнне народнага сходу. Калі б мне давялося ўбачыць тут надрукаваны Алькаран або якую–небудзь іншую кнігу, я абавязкова даслаў бы яе табе, колькі б яна ні каштавала. Але ж яны казалі, што пры такім недахопе кніг не могуць нічога прадаць. Дарэмна будзеш пытацца пра Бога Ісуса Хрыста і духа святога. Пра сапраўдную дабрачыннасць яны дбаюць гэтаксама, як воўк пра лічбы або бурлівая рака пра берагі. Не аднойчы дзівіўся я: раз яны жывуць сярод хрысціян, чаму ж яны да такой ступені ўпартыя і выракаюцца хрысціянскай веры? І цяпер я ясна бачу, што езуіты шмат выдумляюць вялізнай лухты пра быццам бы навяртанне народаў да Рымскага касцёла, бо тых, хто моліцца за суседняй сцяной, яны ніякім чынам не змогуць адхіліць ад іх ілжывай веры. Тым не менш, я б не асмеліўся адмовіць і таго, што ў Скіфіі ёсць людзі, якія ўшаноўваюць імя Ісуса, бо сказана было Давідам пра слова Евангельскае, што пашырыцца яно сярод народаў апосталамі. <…> У сваю чаргу, Твая эксцэленцыя добра ведае, што веравучэнне магаметанаў у вялікай ступені суадносіцца з забабонамі і байкамі юдзеяў. Татары гэтаксама захоўваюць абразанне, але адрозным ад габрэяў спосабам. Яны абразаюцца на другі або трэці год ад нараджэння — як вырашыць першасвятар.

Іх мова настолькі непадобная да польскай гаворкі, што калі адныя перасяляюцца ў Скіфію, а другія — у Сарматыю, іх справядліва можна назваць „серыфоскімі жабамі“[52]. Аднак жа яны далёка і шырока рассяліліся ў Польшчы, Літве, а таксама ў адной і другой Русі. Большасць з іх вывучаюць і добра ведаюць мову тых людзей, разам з якімі жывуць.

Акрамя таго, іх першасвятар сказаў мне ў размове, што ў многіх рэгіёнах, дзе жыве яго народ, сонца, агонь, а таксама ліхія духі ўшаноўваюцца як багі. Норавы ў іх дзікія, і яны надзвычай вынослівыя ў цяжкай працы. Адной жонкай яны не задавальняюцца, а бяруць некалькі, і паміж імі на вялікае дзіва ў доме пануе згода. Аднак першая (папярэдняя) карыстаецца большай ласкай і прыязнасцю ў параўнанні з астатнімі.

Памерлых тут не спальваюць, а закопваюць. Памерлым сужэнцам пакідаюць у шлюбе набыты пасаг і неабходныя рэчы хатняй гаспадаркі пад час смешных, на маю думку, цырымоній. Яны думаць, што муж і жонка ажывуць у іншым свеце і заўсёды будуць разам. Наконт душ памерлых яны разважаюць наступным чынам: „Няма сумненняў, што яны з аднаго цела перасяляюцца ў другое да таго часу, пакуль не знойдуць якое–небудзь цудоўнае і доўга шуканае прыстанішча, і тады нараджаюцца вось такія вялікія асобы: цары і ўладарныя мужы“. Іх ежа вельмі бедная і цыклопская: я некалькі разоў з жахам назіраў, як яны елі. Яны вельмі ахвотна ядуць напалову праваранае конскае мяса, пры гэтым не карыстаюцца ніякімі сталамі і табурэткамі. Шкуры коней, якія яшчэ дымяцца і нядаўна садраны з жывёлы, падсцілаюць у якасці сядзення для сумесных збораў. Кабыліным малаком яны захапляюцца, быццам крыцкім віном, і п’юць яго. На войнах яны змагаюцца ятаганамі, лукамі і стрэламі; перавага іх у тым, што на баявых конях лёгка выступаюць наперадзе ўсіх.

Пасол перакопцаў, які 19 чэрвеня прыбыў у Вільню, прынёс каралю добрую навіну пра рашучыя ваенныя дзеянні супраць маскоўцаў. Ясна, што яны не толькі прайшлі з агнём і мячом па большай частцы варожых правінцый, але дайшлі да самых сцен сталіцы Масквы. Кароль, ухваліўшы іх стараннасць сваім словам, сказаў, што ён калі–небудзь добра аддзячыць ім, калі і надалей будуць з вялікім імпэтам ісці са зброяй і вайною на варожы народ.

Мне трэба ўжо напісаць штосьці пра тыя польскія падзеі, якія цяпер адбываюцца. Паколькі я не атрымліваў ад цябе ніякіх лістоў амаль тры месяцы, мяркую, што мае лісты, якія я напісаў у траўні і ліпені, загінулі. Наш кароль Стэфан 20 красавіка вярнуўся ў Вільню з Варшаўскага сойму. А 25 траўня Багдан Бельскі, вельмі знатны маскоўскі вяльможа, які ўцёк ад свайго валадара, прыбыў у Вільню да караля, які не толькі вельмі ласкава прыняў незнаёмага і нечаканага госця, але і аказаў таму сардэчную гасціннасць. Ёсць людзі, якія за ўсім гэтым бачаць падрыхтоўку да наступу і ўпэўненыя ў тым, што парады эмігранта ў многім дапамогуць каралю.

На наступны дзень, гэта было 26 траўня, мы ўбачылі, што набліжаюцца маскоўскія паслы, сярод якіх былі дастаткова вядомыя людзі. З імі некалькі дзён вяліся перамовы наконт міру. Умовы, прапанаваныя каралём, былі такія[53]: „Маскавіт павінен аддаць Інфлянты. Ваенныя абозы і харч пакінуць у здадзеных крэпасцях. Кампенсаваць выдаткі на дзве ваенныя выправы. Аднавіць вечны мір. Няхай заключаць гэтае пагадненне каралі Даніі і Швецыі. Палонных вызваліць за выкуп або шляхам абмену. Сам князь няхай з’явіцца на перамовы на мяжы абедзвюх дзяржаваў“. На гэта пасланцы паведамілі, што нічога з такіх умоваў у іх інструкцыях не адзначана, і пры пасярэдніцтве арыстакратаў дамагліся дзесяці дзён перапынку, каб за той час праз коннага ганца дазнацца пра намеры свайго князя. Паколькі ў вызначаны дзень той не вярнуўся, кароль адпусціў паслоў.

Сам ён 19 чэрвеня, сеўшы на каня, прызначанага для кругавых аб’ездаў, выехаў з Вільні каля дзесятай гадзіны дня, пры ясным надвор’і  і пры добразычлівых воклічах людзей, так што ні ў кога не магло быць сумненняў, што ён — валадар, дадзены польскаму народу з ласкі Божай, і што, шчасліва атрымаўшы перамогу над гэтай Лернейскай гідрай, набудзе бессмяротную славу. Разам з ім конна ехала мноства вяльможаў з розных народаў, сярод якіх не апошнім быў папскі легат Ян Андрэй Калігарый, біскуп Брыторнскі, які, патрабуючы грошай, прызначаных Папу дзеля ўмацавання каралеўства, прывёз індульгенцыі і адначасова самае шчодрае адпушчэнне грахоў. Бліжэйшае ад яго месца займаў радавіты чалавек, Левін Буловій, выпраўлены сюды ў пасольскай місіі найсвятлейшым Мархіёнам Брандэбургскім, князем барусаў[54]. Пазней, вярнуўшыся ў Коўну, ён запрасіў мяне на абед і па–сяброўску папрасіў, каб ад яго імя я перадаў Табе ў пісьме вялікае прывітанне. Пры гэтым ён дадаў, што Ты ў гэтым часе не прыедзеш у Барусію. Я гэта выслухаў з вялікімі жалем. А я ўжо думаў паехаць у Каралявец, каб прывітаць Цябе.

Тыдэман Гізій, вядомы дасведчаны муж[55] і асабісты сакратар караля, самы высокаадукаваны з усіх людзей і асабліва дасканалы ў найлепшых пісьмовых помніках, 21 чэрвеня паказаў мне ў Вільні Тваю „Гісторыю лютэранскага веравызнання“, падараваную Рытэрам, чалавекам лацінскай веры[56]. Хаця ён шмат разоў хацеў узяцца за пяро і напісаць Табе, аднак жа, прыгнечаны такім невымоўным цяжарам спраў, не мог апраўдацца перад самім сабой. Не па сваёй волі ў гэты час ён перапыніў службу Тваёй эксцэленцыі і папрасіў мяне ў імя Апалона[57], каб я ў сваім лісце да Цябе адзначыў гэтую турботу яго найчысцейшага сэрца, і я шчыра паабяцаў яму, што выканаю тое, што павінен. Дык вось, пра ўсе тыя падзеі, якія адбыліся да гэтага часу і якія адна за другой па волі Бога адбываюцца, ён больш дакладна паведаміць табе крыху пазней.

Брат нашага караля, валадар Трансільваніі, нядаўна адышоў з жыцця. Кароль цяжка перажываў яго сыход, як і мае быць. Магчыма, ён баіцца якіх–небудзь пераменаў у тых мясцінах, хоць сын памерлага, хлопчык дзесяці гадоў, быў прызнаны падданымі спадкаемцам бацькі. У той самы дзень, калі памёр валадар трансільванцаў, вельмі пародзісты конь караля раптоўна паваліўся без дыхання і здох. Яго пахавалі недалёка ад Віленскага замка і  паставілі драўляную калону.

Цяжар пачатай вайны гэтым летам закране Пскоў. Ваяры адусюль сцякаюцца сюды: адзін з Нямеччыны, другі з Каледоніі, трэці з Брытаніі, — для таго, несумненна, каб прызначаныя на продаж душы тым хутчэй перадаць Плутону. Бо шлях у апраметную адусюль аднолькавы[58].

Пакуль наш кароль знаходзіцца ў полі, ваюючы ворага там, мы дома вядзем вайну дзеля веры. Польскія магнаты, якія прыхільна ставяцца да настаўнікаў больш чыстага веравызнання[59] і часткова абараняюць цвінгліян, часткова ідуць следам за лютэранскай верай. Аднак большае за свой адыход значэнне яны надаюць неабходнасці захавання згоды[60], падмацоўваючы правільнасць гэтага тым, што вялікі пантыфік[61] у Рыме нядаўна выступіў з пастановаю пра вынішчэнне лютэранаў. Аднак, калі мы будзем дабрачынна прыходзіць да згоды ў пытаннях веры, то не так страшная будзе яго тыранія. У траўні месяцы мы сабраліся ў Вільні, але нічога не вырашылі. Прыкладзеныя старонкі ўтрымліваюць асноўныя палажэнні мерапрыемства. О, няхай бы сам Сын Божы сваім з’яўленнем у найвялікшай славе ацаліў раны царквы і падараваў нам вечнае шчасце. Аднак у гэтым веку сапраўднага міру чакаць не выпадае.

Я маю магчымасць папярэджваць ад аблудаў суседніх анабаптыстаў. Іх суперінтэндант Лаўрэнці Крышкоўскі піша, што ён мерыцца абараняць ерась. Калі будуць апублікаваныя творы, мы несумненна атрымаем тое, што або адрынем з пагардаю, або абвергнем аўтарытэтам Святога Пісання. Я перасылаю сачыненні самога Крышкоўскага тваёй эксцэленцыі.

Цяпер на заканчэнне я зноў і зноў вельмі прашу, каб Ты выправіў вось гэтыя старонкі па сваім разуменні і — або прачытай, або апублікуй, або прэч адкінь. Што б Ты ні зрабіў, я з усім пагаджуся. Вярхоўнага пантыфіка царквы, Ісуса Хрыста, Сына Бога і Панны, які адзіны ёсць прадаўжэннем дзён нашых, я малю ўсім сэрцам, каб накіроўваў сваім найсвяцейшым духам Тваю эксцэленцыю, і каб цудоўна захаваў Цябе здаровым. Аддаю ўсяго сябе Тваёй добрай волі і прыязнасці.

Паўль Одэрборн. Праўдзівы і грунтоўны аповед пра веру русаў


[1] Paul Oderbornis. Joannis Basilidis Magni Moscoviae Ducis vita… Wittenberga, 1585. Cярод многіх нямецкамоўных выданняў гл.: Paul Oderborn. Wunderbare, erschreckliche, unerhцrte Geschichte und warhaffte Historien, nämlich des nechst gewesenen Großfürsten in der Moschkaw Ioan Basilidis … Leben. Sagan, 1588. Нядаўна пабачыла свет і літоўскамоўная версія гэтага дасюль каштоўнага для гісторыкаў твора: Paulis Oderbornas. Didžiojo Maskvos kunigaikščio Ivano Vasiljevičiaus gyvenimas. Vilnius, 1999.
[2] Асноўныя звесткі па біяграфіі гл.: Narzyński J. Pawel Oderborn // Polski słownik biograficzny. T.23/3 (98). Wrocław, 1978. S.533; Paul Oderborn // Allgemeines Schriftsteller– und Gelehrten–Lexikon der Provinzen Livland, Esthland und Kurland. Bearbeitet von Johann Friedrich von Recke und Karl Eduard Napiersky. Bd.3. (Neudruck der Originalausgabe Mitau 1831). Berlin, 1966. S.339—340; Jöcher Ch. G. Allgemeines Gelehrten–Lexikon. Bd.5 (ND). Darmstadt, 1961. S.926—928; Kallmeyer T. Die evangelischen Kirchen und Prediger Kurlands. 2 Ausg., 1910. Па–беларуску гл.: Белы А. Пауль Одэрборн // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мінск, 1999. С.351—352.
[3] De Russorum religione, ritibus nuptiarum, funerum, victu, vestitu, &c. et de Tartarorum religione ac moribus: vera et luculenta Narratio. Ad D. Davidem Chytraeum recens scripta. [Rostock] Excudebat Stephanus Myliander, 1582.
[4] De Russorum relgione, ritibus nuptiarum, funerum, victu, vestitu, &c. et de Tartarorum religione ac moribus, vera & luculenta narratio, ad D. Davidem Chytraeum recens scripta. Lipsiae, Abrahami Lambergi, 1589. Пад гэтай жа назвай ён змешчаны ў выданні: Neander М. Orbis Terrae Patritium succincta explicatio [...]. Lipsiae, 1586 (тое самае ў 1589 г.). З’яўляліся і выданні гэтага твора са змененым тытулам, напр.: De Russorum et Tartarorum religione, ritibus nuptiarum, funerum, victu, vestitu, &c. Epistola ad D. Davidem Chytraeum [б. г.].
[5] Warhafftiger gründlicher Bericht von der Reussen, sonsten Moscowiter genandt, Religion, Kirche, Ordnung, seltsamen gebreuchen [...]. Aus einem lateinischen Schreiben an D. David Chytraeum [...] trewlich verteuscht. Tübingen, bey Alexander Hock, 1583.
[6] Davidis Chytraei theologi ac historici eminentissimi [...] Epistolae ob miram rerum varietatem stylique elegantiam cuivis lectu iucundissimae, nunc demum in lucem editae a Davide Chytraeo authoris filio. Hanoviae 1614. P.1031—1053.
[7] De Russorum religione еt ritibus narratio. Ed. Starczewski // Historiae Ruthaenicae Sciptores. Berlin — Petersburg, 1842. S.35—44.
[8] Гл. напр.: Ludwig G.J. Newe Archontologia cosmica. Frankfurt, 1646. С.328.
[9] Warhafftiger gründlicher Bericht / von der Reussen / sonsten Moscowiter genandt / Religion / Kirche / Ordnung / seltsamen gebreuchen… Aus einem lateinischen Schreiben an D. Dauid Chytraeum / selbiger Landtsart her / beschehen / trewlich verteuscht. Tübingen, bey Alexander Hock, 1583.
[10] Напрыклад, „Moscowiter artzney und die Apoteck“.
[11] Як прыклад гл.: Boxhorn M. Z. Respublica Moscovia et Urbes. Accecundt quaedam latine nunquam antehac edita. Lugduni Batavorum. Ex officiana Ioanis: Maire, 1630. Р.125—173.
[12] De Russorum religione, ritibus nuptiarum, funerum, victu, vestitu, &c. et de Tartarorum religione ac moribus: vera et luculenta Narratio. Ad D. Davidem Chytraeum recens scripta. [Rostock] Excudebat Stephanus Myliander, 1582.
[13] Warhafftiger gründlicher Bericht von der Reussen, sonsten Moscowiter genandt, Religion, Kirche, Ordnung, seltsamen gebreuchen [...]. Aus einem lateinischen Schreiben an D. David Chytraeum [...] trewlich verteuscht. Tьbingen, bey Alexander Hock, 1583.
[14] Russorum.
[15] Borussorum.
[16] Так можна расшыфроўваць абрэвіятуру CL.V. (clementi viro).
[17] У нямецкамоўным цюбінгенскім выданні 1583 г. — „пра рэлігію маскавітаў“ (von der Moscouiten Religion).
[18] Форма аўтарскага „мы“ была прынята яшчэ ў літаратуры антычных часоў.
[19] Г.зн. не зусім правільнай лацінай.
[20] Сокал — замак, пабудаваны на Дрысе каля вёскі Саколішча (цяпер Расонскі раён) на загад Івана Жахлівага ў 1566 г.
[21] Суша — замак, збудаваны войскам Івана Жахлівага ў 1667 г. на выспе возера.
[22] Замак Туроўля быў таксама ўзведзены на Полаччыне маскоўскімі ўладамі ў тыя гады.
[23] Дасл.: у цэнтры варварства (media in barbaria).
[24] Іаана Залатавуста.
[25] Васілія Вялікага.
[26] Гл.: Лк.7.7–16.
[27] Ужываю слова „храм“ дзеля адрознення ад „святая святых“ храма, якую ніжэй буду пазначаць словам „святыня“.
[28] Літаральны пераклад грэцкага „νεκροθάπτυς“. Магчыма, званар.
[29] На ўзроўні гэтага радка на палях рукою напісана: „Ах, варта плакаць…“, далей — неразборліва.
[30] У лацінскім арыгінале „Hospodij pomyloij“.
[31] Хутчэй за ўсё тут сінкапіраваная форма „nolarum“ ад „novellarum“ — „маладых, юнакоў“; тады гэта, напэўна, пеўчыя.
[32] Мірa — назва рэчыва, якое выкарыстоўваецца хрысціянскай царквою ў таямніцы мірапамазання.
[33] Мера аб’ёму вадкасці каля 3,2 літра.
[34] Piracno.
[35] Прылада для катаванняў.
[36] Тут каламбур. Гэтае словазлучэнне можна перакласці адначасова як „зборышчаў распуснікаў“.
[37] Габрэйскім словам „сікера“ — ‘хмяльны напой’ — аўтар мог пазначаць гарэлку або брагу.
[38] Можа, маецца на ўвазе, што яны самі ўрываюцца ў святыню ці ў закрысцію?
[39] Lupulam. Магчыма, гэта шышкі хмелю.
[40] Пахавальных насілак або труны (?)
[41] Даслоўна: да пахавальнай урны.
[42] Адпавядае: словы кідаюцца на вецер.
[43] Rossorum.
[44] Бартол (Bartolus de Saxoferrato) і Балд (Baldus de Ubaldis) — самыя вядомыя італьянскія юрысты, якія жылі ў ХIV ст.
[45] Rossi.
[46] У нямецкамоўным варыянце — „да жанчын“ (Weibern).
[47] Тут грэцкае слова з літаральным значэннем „тыя, што кормяць рыб“.
[48] Так у лацiнскiм арыгiнале, у цюбінгенскім нямецкамоўным выданні — „Kniaz Vielikij Ioann“.
[49] Reussen.
[50] Г.зн. рабіць непатрэбную справу.
[51] У царкве гэта „хоры“.
[52] Ідыёма, якая павінна мець значэнне „тыя, хто не разумеюць адно аднаго“.
[53] На палях — рукой: „умовы міру“.
[54] Тут і далей барусы і Барусія — прусы і Прусія.
[55] Так разумею абрэвіятуру „I.V.D.“ (ille vir doctissimus).
[56] „latina civitate“, даслоўна можна перакладаць як „лацінскай супольнасці“ або „лацінскага грамадзянства“.
[57] Напэўна, адпаведнік выразаў кшталту „прасіць Госпадам Богам“.
[58] Лацінскае выслоўе.
[59] Падобна, аўтар мае на ўвазе пратэстантаў.
[60] Глоса ад рукі: „Пра евангельскую згоду, дасягнутую ў Польшчы“.
[61] Папа Рымскі.

Наверх

Васіль Варонін. „Wielkiego Księstwa Litewskiego Kroniczka krotko pisana“

Снежня 20, 2004 |


Сярод беларуска–літоўскіх летапісаў ёсць твор, які да гэтага часу спецыяльна не разглядаўся. Ён, аднак, падаецца досыць цікавым і важным адразу па некалькіх прычынах. Ён узбагачае нашы ўяўленні пра шляхі развіцця айчыннага летапісання, а таксама дапамагае высветліць, якім чынам узнік і фармаваўся адзін з самых застарэлых міфаў у гісторыі Беларусі.

Гэты помнік не заўсёды разглядаўся нават як асобны твор. Напрыклад, Б. Вахевіч, які пакінуў пра яго цікавыя назіранні[1], лічыў яго ўсяго толькі „рядом записей с хронологическими датами“[2]. Але, як падаецца, гэтая характарыстыка далёка не самая трапная і бясспрэчная. Помнік, безумоўна, трэба кваліфікаваць па–іншаму, і ў айчынным летапісанні яму належыць намнога больш прыкметнае месца.

Гаворка ідзе пра летапіс, польскі пераклад якога мае загаловак „Wielkiego Księstwa Litewskiego Kroniczka krotko pisana“. На сённяшні дзень „Хронічка“ вядомая ў двух спісах на старабеларускай мове і адным на польскай.

Адзін спіс увайшоў у тэкст Румянцаўскага летапісу. Ру­мян­цаўскі рукапісны зборнік, у склад якога ўваходзіць Ру­мян­цаўскі летапіс, быў перапісаны недзе ў Расіі адным почыркам напрыканцы XVII ст.[3] „Хронічка“ ўстаўлена ў летапіс да­стат­кова механічна — пасля пераліку прадстаўнікоў маскоў­скай знаці, узятых у палон у бітве пад Оршай 8 верасня 1514 г. Яна пачынаецца не з новай старонкі, а ідзе непасрэдна за згаданым запісам 1514 г., з верхняй часткі аркуша 95. „Хроніч­­ка“ заканчваецца на аркушы 99, а адварот гэтага аркуша чысты[4]. З аркуша 100 пачынаецца твор, які не мае ніякага дачынення да беларуска–літоўскага летапісання.

Другі спіс занатаваны на аркушы 136 зборніка былой Сінадальнай бібліятэкі, напісанага беларускім почыркам канца XVII ст. Паводле зместу ён не звязаны ні з папярэднім, ні з наступным творам[5].

Польскі пераклад „Хронічкі“ паходзіць з вядомага Альшэўскага кодэкса Хамінскіх і займае ў ім, паводле сучаснай пагінацыі, аркушы 166—167адв. (згодна са старой нумарацы­яй — старонкі 331—334). Ён пачынаецца з новага аркуша і мае свой асобны загаловак. Кампазіцыйна „Хронічка“ не звязана з Альшэўскім летапісам, які змешчаны ў зборніку перад ёй. Пасля ж яе, з новага аркуша, ідзе польскі пераклад прывілею Жыгімонта I яўрэям Вялікага Княства Літоўскага 1507 г.

„Хронічка“ некалькі разоў публікавалася. З Альшэўскага зборніка яе друкавалі Ст. Пташыцкі[6] і М. Улашчык[7], з Румянцаўскага — Б. Вахевіч[8] і М. Улашчык[9], з Румянцаўскага і Па­трыяршага — Ст. Пташыцкі[10]. У далейшым усе цытаты і спасылкі на тэкст „Хронічкі“ будуць давацца на падрыхтаваны Ст. Пташыцкім сямнаццаты том Поўнага збору рускіх летапісаў як на найбольш дасканалае з пункту гледжання археаграфіі выданне. Рыхтуючы сваю публікацыю летапісных помнікаў, у тым ліку і „Хронічкі“, М. Улашчык, на жаль, не ўлічыў Пат­ры­яр­шы спіс. Апрача таго, для даследавання гісторыі „Хронічкі“ важнае значэнне мае перадача дат менавіта лічбамі–літарамі царкоўнаславянскага алфавіта, як гэта і было зроблена ў двух старабеларускіх кірылічных спісах помніка. У падрыхтаваным жа М. Улашчыкам трыццаць пятым томе корпуса рускіх летапісаў яны пераведзены на арабскую сістэму.

„Хронічка“ — зусім невялікі твор. Тым не менш вядомыя нам два яго спісы і адзін пераклад прыкметна паміж сабой адрозніваюцца складам, асабліва ў заключнай частцы. Гэта з’яўляецца адной з праблем яго вывучэння. Да ліку іншых належаць шматлікія памылкі і розначытанні, якія сведчаць пра складаную гісторыю помніка, яго неаднаразовае перапісванне і рэдагаванне. Аднак хоць бы прыкладна высветліць час стварэння і гісторыю „Хронічкі“, а таксама рэканструяваць яе першапачатковы выгляд, як здаецца, усё ж такі магчыма.

У арыгінале „Хронічка“ была напісана, відавочна, па–старабеларуску кірыліцай. Хутчэй за ўсё, яна не мела тады загалоўка. У двух вядомых на сённяшні дзень кірылічных спісах ён адсутнічае. Назва „Wielkiego Xięstwa Litewskiego Kronyczka krotko pisana“ была ёй нададзена ў Альшэўскім кодэксе пры перакладзе на польскую мову (праўда, у змесце зборніка загаловак гучыць крыху па–іншаму: „Kroniczka litewska krotko pisana“). Гэта было зроблена, відавочна, для таго, каб адрозніць твор ад Альшэўскага летапісу, які змешчаны ў гэтым жа зборніку пад дужа падобнай назвай — „Wielkiego Xięstwa Litewskiego i Zmodskiego Kronika“.

Храналагічна „Хронічка“ ахоплівае перыяд ад пачатку XIV ст. і да 1567 г. Твор складаецца з кароткіх аднатыпных запісаў, у якіх указваецца падзея і год, калі яна адбылася, паводле наступнай схемы: тое і тое здарылася „лета Божья нароженя … году“. Часам, калі пад адным годам зафіксавана некалькі па­дзей, наступныя запісы ўводзяцца выразам “того ж году“. Сутнасць падзей выкладзена вельмі лаканічна, з мінімальнай дэталізацыяй ці ўвогуле без яе.

„Хронічка“ пачынаецца з паведамлення пра далучэнне Літвы да хрысціянства паводле „закону римского“ каралём польскім Уладзіславам II Ягайлам і вялікім князем літоўскім Вітаўтам у 1386 г. Далей аўтар звяртаецца да падзей першай паловы XIV ст., якія працягвае паведамленнямі, укладзенымі ў асноўным у храналагічнай паслядоўнасці. Пры гэтым вельмі цяжка вызначыць „ідэалогію“ твора. Акрамя сцісласці запісаў, гэтаму перашкаджае таксама іх тэматычная раскіданасць. Гэта паведамленні пра ваенныя падзеі (іх найбольш). Пра смерць адных (вялікага князя літоўскага Вітаўта, каралёў польскіх і вялікіх князёў літоўскіх Казіміра і Аляксандра, вялікага князя маскоўскага Васіля III) і прыход да ўлады новых (Жыгімонта I Старога) манархаў. Пра царкоўных ерархаў і святых (віленскіх каталіцкіх біскупаў Войцеха Табара і Яна з князёў літоўскіх, праваслаўнага мітрапаліта Іосіфа III, каралевіча Казіміра). Пра прызначэнне на пасады і пра смерць вяльмож (князя Канстанціна Астрожскага, Станіслава Гаштаўта, Пятра Кішкі, Юрыя Радзівіла). Пра падзеі з гісторыі горада Вільні і іншае. Адным словам, за ўсёй гэтай мазаікай разнастайных здарэнняў цяжка заўважыць нейкую заканамернасць і, такім чынам, наблізіцца да адказу на пытанне: калі, кім і з якой мэтай была створана „Хронічка“?

Мы, на жаль, не маем першапачатковага варыянта твора нават у якаснай копіі. Больш за тое, усе спісы „Хронічкі“ дэ­фект­ныя і не маюць заканчэння, абрываючыся літаральна на паўслове. У Румянцаўскім спісе адсутнічае частка тэксту — запісы за 1530—1535 г. Відавочна, быў страчаны аркуш. Усё гэта вельмі ўскладняе пастаўленую задачу.

Для высвятлення часу ўзнікнення „Хронічкі“ адзін са спі­саў, Патрыяршы, непрыдатны, бо абрываецца на падзеях 1528 г. Апошняе ж тэкставае супадзенне Альшэўскага і Румянцаўскага спісаў — гэта паведамленне пра бітву на Голтве, якая адбылася ў 1530 г. Далей у Румянцаўскім спісе ідзе пропуск за кошт страчанага аркуша, а ў Альшэўскім — запісы за 1530—1535 г. У абодвух спісах чытаюцца паведамленні пра ўзяцце войскам Вялікага Княства Літоўскага і палякамі Старадуба ў 1535 г., але тэксталагічна яны не маюць нічога супольнага і, мяркуючы па ўсім, былі ўнесены ўжо рознымі аўтарамі ў розныя копіі помніка. Такім чынам, пратограф „Хронічкі“ завяршаўся адной з падзей у прамежку паміж 1530 і 1535 г. — больш дакладную дату вызначыць, бадай, немагчыма. Потым з яго было знята некалькі спісаў, якія пачалі самастойную гісторыю.

Пасля паведамлення пра ўзяцце Старадуба запісы ў Румянцаўскі спіс нейкі час не ўносіліся і былі адноўлены толькі ў 1545 г. Прычым гэта было зроблена не аўтарам пратографа. На карысць гэтага сведчыць, напрыклад, выкарыстанне ін­шай сістэмы летазлічэння — „ад стварэння свету“. І, нарэшце, апошні блок запісаў прысвечаны падзеям Інфлянцкай вайны і ахоплівае 1563—1567 г. Ён быў зроблены недзе на падкант­роль­най маскоўскай адміністрацыі тэрыторыі — і, хутчэй за ўсё, на памежжы з Вялікім Княствам Літоўскім. На думку Б. Ва­­хе­віча, прынамсі для артыкула 1563 г. гэта быў Полацк[11], што зусім не выключана. Аднак асаблівасці мовы гэтых запісаў, у праватнасці лексіка, выдаюць хутчэй рускае, чым беларускае паходжанне іх аўтара.

У Альшэўскім спісе пасля паведамлення пра ўзяцце Старадуба запісы працягвалі ўносіцца, прычым вельмі актыўна. За той жа 1535 г. мы чытаем яшчэ тры паведамленні, а чацвёртае, разам з усім творам, абрываецца на паўслове. Пра змест пазнейшых запісаў Альшэўскага спіса „Хронічкі“ мы можам толькі здагадвацца.

„Хронічка“ была створана, безумоўна, у Вільні[12]. Што даты­чыцца аўтарства, назваць імя немагчыма. Больш за тое, вель­мі цяжка вызначыць нават колы, у якіх быў створаны помнік — настолькі стракатыя і маладэталізаваныя звесткі ён аб’яднаў.

Праўда, некаторы матэрыял для высноў дае запіс пра хрыш­­чэнне Літвы Ягайлам і Вітаўтам у 1386 г., якім распачынаецца твор. Такі погляд быў пашыраны ў колах інтэлектуалаў — патрыётаў Вялікага Княства Літоўскага („Літвы“) каталіцкага веравызнання. Паводле назіранняў Е. Ахманьскага[13], у Літве ў гэты час існавалі два асяродкі інтэлектуальнай эліты: адзін склаўся вакол віленскага ваяводы і канцлера Вялікага Княства Літоўскага А. Гаштаўта, а другі — вакол віленскага капі­тула. Творы, якія сталі вынікам функцыянавання асяродка А. Гаштаўта, указваюць на тое, што „Хронічка“ была напісана, хутчэй за ўсё, не там. Напрыклад, адзначаныя ў „Па­хвале караля Жыгімонта“ А. Гаштаўта 1529 г.[14] ваенныя перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага не супадаюць з па­дзеямі, унесенымі ў „Хронічку“. У ёй няма паведамленняў пра бітву з татарамі пад Вішняўцом (пад Лапушнай) 1512 г., таксама як і пра войны Польшчы з Малдавіяй у 1509—1510 г. і з Тэўтонскім ордэнам у 1519—1521 г.

Не выключана, што твор быў звязаны з віленскім капітулам. На карысць гэтага могуць сведчыць досыць шматлікія запісы царкоўнага зместу. Але і тут поўнай упэўненасці няма.

„Хронічка“ магла быць створана і ў яшчэ нейкім, горш нам вядомым, асяродку. Такім чынам, тэкст твора не дае магчымасці надзейна звязаць яго з тымі ці іншымі асобамі і інтэлектуальнымі коламі. Бясспрэчна толькі, што ў цэнтры ўвагі аўтара — „Літва“, зразуметая як Вялікае Княства Літоўскае, а вызначальным пунктам яе гісторыі ён лічыў хрышчэнне па заходнім абрадзе. У сувязі з гэтым досыць упэўнена можна  сцвярджаць, што складальнік „Хронічкі“ быў каталіком. Увогуле выглядае на тое, што ён ставіў перад сабой досыць сціп­лую задачу проста фіксаваць векапомныя падзеі, без нейкай асаблівай сістэмы і заканамернасці, не імкнучыся нават да звязнага апавядання, але збольшага (хоць і не заўсёды) трымаючыся храналагічнага прынцыпу.

Існуюць, як здаецца, дзве версіі стварэння „Хронічкі“.

Згодна з першай, „Хронічка“ з’яўлялася крыху перапрацаваным і  дапоўненым некаторымі дадатковымі звесткамі канспектам поўнай рэдакцыі другога беларуска–літоўскага зводу. Ён прадстаўлены на сённяшні дзень летапісамі Рачынскага і Еўраінаўскім. Пераважная большасць запісаў „Хронічкі“ знаходзіць у іх свае прамыя паралелі. Лічыцца, што поўная рэдакцыя другога зводу была створана ў 50–я г. XVI ст.[15]

Паводле другой версіі, наадварот, „Хронічка“ была тым планам, на падставе якога шляхам разгортвання запісаў і была створана поўная рэдакцыя. Пры гэтым некаторыя з за­пісаў „Хронічкі“ былі адкінуты і не трапілі ў другі звод.

Для высвятлення абгрунтаванасці кожнага з выказаных дапушчэнняў важнае значэнне мае храналогія самага старажытнага — Альшэўскага спіса „Хронічкі“.

Альшэўскі кодэкс Хамінскіх быў створаны ў сярэдзіне XVI ст., верагодна, у Вільні[16]. Некалькі твораў, у тым ліку Статут 1529 г., якія знаходзяцца на аркушах 1—116 зборніка, былі перапісаны ў 1550 г.[17] Уладальніцкі запіс Юзафа Ясінскага — віленскага арцыдыякана, скальбмірскага прэпазіта, віцебскага пробашча, на прыватную замову якога выкананы зборнік[18], быў зроблены ў 1551 г.[19] Аднак невядома, калі ў кодэкс былі ўнесены Альшэўскі летапіс і „Хронічка“. Альшэўскі кодэкс меў тую асаблівасць, што частка аркушаў у ім была пакінута чыстай — відавочна, з тым разлікам, каб потым дапісваць новыя творы[20]. Да іх ліку, магчыма, і належалі летапісы. Таму мы можам сцвярджаць толькі, што Альшэўскі летапіс і „Хронічка“ былі ўнесены ў зборнік ужо пасля перапіскі Статута і звязаных з ім твораў, але наколькі пазней — цяжка вырашыць. Перапіскай летапісаў займаліся тыя самыя пісцы, якія працавалі і над Статутам, на што ўказваюць почыркі[21]. Таму гэта адбылося, магчыма, у 1550—1551 г. Але нельга выключаць і пазнейшы час.

Такім чынам, разгляд Альшэўскага кодэкса не дае, на жаль, дастатковых падстаў для таго, каб адназначна выказацца на карысць нейкай адной з прапанаваных версій. Ён дапускае, што „Хронічка“ была створана ў трыццатыя ці саракавыя гады, г. зн. прыблізна ў адзін час з пашыранай рэдакцыяй другога зводу[22] і раней за яго поўную рэдакцыю. Аднак не выключае таксама і таго, што гэта адбылося ў пяцідзесятыя гады, г. зн. пазней за стварэнне поўнай рэдакцыі.

Пераважная большасць звестак „Хронічкі“ чытаецца і ў іншых крыніцах, і іх, такім чынам, нельга аднесці да ліку унікальных. Але ёсць прынамсі адна, вартая адмысловай увагі і дэталёвага разгляду. Гаворка ідзе пра паведамленне аб захопе Полацка літоўцамі ў 1307 г. Стаўленне да гэтай звесткі ў найноўшай літаратуры вельмі скептычнае[23]. Аднак, прынятая (як здаецца, абсалютна некрытычна) гісторыкамі XIX ст. і кана­нізаваная ўжо беларускай савецкай гістарыяграфіяй, гэтая дата і да сённяшняга дня застаецца хрэстаматыйнай у гісторыі Беларусі[24]

Не выклікае ніякага сумнення, што менавіта з „Хронічкі“ запазычыў гэтае паведамленне М. Стрыйкоўскі. Гэта выразна выяўляецца пры супастаўленні звестак:

„Хронічка“ Литва взяли Полтескъ лета Божьего нароженья ҂҃а ҃т ҃з  (1307).
Maciej Stryjkowski. Kronika Polska, Litewska, Zmódzka i wszyst­kiej Rusi. T. 1. War­sza­wa, 1846. S. 349. Nalazłem też w starych La­topiszczach Ruskich, z któ­rych mam kilko exemp­larzów, iż Lit­wa roku 1307 Połocko wzięła, ale jako i pod kim, nie pisze.

Як відаць, у „Хронічцы“ сапраўды не сказана, „як і пад кім“ быў узяты Полацк. Спасылка храніста на „старыя рускія летапісцы“ не можа разглядацца ў якасці доказу існавання нейкіх рускіх (расійскіх) летапісаў, з якіх ён узяў полацкую звестку і якія быццам бы не дайшлі да нашага часу. М. Стрыйкоўскі мог называць і называў „рускімі“ ў тым ліку і летапісы, для якіх сёння прыняты тэрмін „беларуска–літоўскія“. Напрыклад, маючы на ўвазе вядомую „Аповесць пра Падолію“, ён спасылаецца на „рускія летапісцы“[25]. Але гэтая аповесць чытаецца толькі ў беларуска–літоўскіх летапісах. Тое самае можна сказаць і пра гісторыю Кейстута і Біруты[26].

Аднак паспрабуем высветліць, адкуль мог узяць інфармацыю пра захоп Полацка літоўцамі ў 1307 г. аўтар „Хронічкі“. Трэба сказаць, што ўсе звесткі помніка за XIV ст. запазычаны, мяркуючы па ўсім, з польскіх крыніц. У любым выпадку, усе яны там зафіксаваны. Пры гэтым у „Хронічцы“ за гэтыя сто гадоў няма ніводнага паведамлення, якое б бясспрэчна пахо­дзіла з беларуска–літоўскіх ці, напрыклад, рускіх летапісаў. Лагічна дапусціць, што з польскіх хронік узята і полацкае паведамленне.

Але пры вывучэнні гэтых крыніц высвятляецца, што нічога падобнага пад 1307 г. там не зафіксавана. Адначасова кідаюцца ў вочы памылкі, якія дапускаў аўтар „Хронічкі“ пры пераносе паведамленняў польскіх крыніц у свой твор. Напры­клад, пад 1331 г. ён змясціў інфармацыю пра тое, што „король Якгоило, отец Казимиров, поразил немцов“. Зыходзячы з імёнаў, гаворка ідзе пра Грунвальд. Але гэтая бітва адбылася, як вядома, у 1410 г. Праблема вырашаецца проста, калі дапу­с­ціць наступнае. Жадаючы занесці ў свой твор звестку сапраўды пра славутую Грунвальдскую перамогу, аўтар „Хронічкі“ звярнуўся да сваіх звычайных крыніц — польскіх хронік — і знайшоў там нешта падобнае. Гэта было апавяданне пра перамогу польскага войска над крыжакамі пад Плоўцамі 27 верасня 1331 г. Менавіта яго аўтар і прыняў за інфармацыю пра Грунвальдскую бітву. Аўтару „Хронічкі“ няцяжка было памы­ліц­ца. У лацінскай мове, на якой напісаны тагачасныя польскія хронікі, ён арыентаваўся вельмі прыблізна — як, верагодна, і ў храналогіі падзей. Толькі гэтым і можна рас­тлумачыць тое, што польскага караля Ўладзіслава II Лакетка (1304/1305—1333) ён прыняў за Ўладзіслава II Ягайлу (1386—1434). Яго магла збіць з тропу і тая акалічнасць, што і Ўладзіслаў I Лакетак, і Ўладзіслаў II Ягайла мелі сыноў з аднолькавым імем Казімір, у будучым польскіх каралёў адпаведна Казі­міра III Вялікага (1333—1370) і Казіміра IV Ягелончыка (1447—1492). Пры гэтым у апісанні бітвы пад Плоўцамі  хронік Яна Длугаша[27] і Мацея Мяхоўскага[28], адной з якіх, відавочна, і карыстаўся аўтар „Хронічкі“, кароль Уладзіслаў Лакетак і яго сын Казімір дзейнічаюць разам, што таксама магло падштурхнуць да памылкі.

Памылковае іншым разам разуменне замежных, і асабліва іншамоўных, крыніц не было ўласцівасцю аднаго толькі аўтара „Хронічкі“. У шэрагу летапісаў, якія прадстаўляюць другі і трэці беларуска–літоўскія зводы, ёсць наступны фрагмент:

„Будучы великому князю Кгидимину пры старости своеи, и сплодилъ семъ сыновъ, а осмую дочку, именем Ганну, которую далъ до Ляхов в малженство сыну Казымерову Владиславу Локетку, коли писано от Божого нароженя тисеча трыста двадцатого году“[29] (у Еўраінаўскім летапісе год не пазначаны, у „Хроніцы Быхаўца“ ўказаны 1323 год).

Урывак упершыню з’явіўся ў пашыранай рэдакцыі другога беларуска–літоўскага зводу (спісы Археалагічнага таварыства і Альшэўскі). Ён быў складзены на падставе дадзеных „Лета­пісца вялікіх князёў літоўскіх“, адкуль узята звестка пра сем Гедымінавых сыноў, і польскіх крыніц. У хроніках Яна Длугаша і Мацея Мяхоўскага пад 1325 г. знаходзім паведамленне пра шлюб дачкі Гедыміна, якая ў хрышчэнні атрымала імя Ганна, і Казіміра, сына караля Ўладзіслава Лакетка[30]. Гэта звестка ёсць таксама ў польскіх рочніках[31]. Такім чынам, летапісец памылкова прачытаў год, указаўшы 1320 замест правільнага 1325, і сваяцтва, зрабіўшы Ўладзіслава Лакетка сынам Казіміра, хоць насамрэч было наадварот. Пры гэтым нельга не заўважыць адвольнасць, з якой аўтары другога беларуска–літоўскага зводу абыходзіліся са сваім матэрыялам. Між іншым, звестка польскіх крыніц зусім не азначае, што Гедымін меў толькі адну дачку, як гэта пададзена ў цытаваным фрагменце. На самай справе іх у яго было найменш шэсць[32].

У дадатак заўважым, што і аўтар „Хронічкі“, і складальнікі пашыранай рэдакцыі другога беларуска–літоўскага зводу, вельмі верагодна, карысталіся аднымі польскімі крыніцамі. Нават звесткі яны ў іх бралі за той самы перыяд — 20—30–я г. XIV ст. І тут нельга не згадаць, што польскі пераклад „Хро­нічкі“ і Альшэўскі летапіс трапілі ў склад аднаго зборніка — Альшэўскага кодэкса. Усё гэта можа служыць дадатковым аргументам на карысць таго, што складальнік пашыранай рэдакцыі другога беларуска–літоўскага зводу і  аўтар „Хронічкі“ належалі да блізкіх ці нават да аднаго кола.

Пры вывучэнні „Хронічкі“, ды і беларуска–літоўскага летапісання ўвогуле трэба абавязкова ўлічваць указаныя асаблівасці працы іх стваральнікаў — у прыватнасці, магчымасць памылак.

Той факт, што аўтар „Хронічкі“ запазычыў звестку пра Полацк з польскай крыніцы, можа выклікаць здзіўленне. Сапраўды, землі сучаснай Паўночнай Беларусі знаходзіліся на далёкай перыферыі інтарэсаў сярэднявечных польскіх храністаў і звесткі пра іх сустракаюцца ў гэтых творах надзвычай рэдка. Аднак пад 1324, 1337 і 1368 г. у хроніках Длугаша[33], Мяхоў­скага[34] і некаторых іншых крыніцах[35] зафіксаваны напады літоўцаў на Мазоўша. Аб’ектам гэтых нападаў быў, між ін­шым, горад Пултуск, які ў лацінскіх тэкстах транскрыбаваны як „Polthowsko“. Нашаму не вельмі добра падрыхтаванаму аўтару было зусім няцяжка прыняць Пултуск за Полацк, бо назву апошняга старарускія і старабеларускія крыніцы XIII—XVI ст. перадаюць як „Полтескъ“[36], „Полотескъ“[37] і нават „Полоть­ско“[38] ды „Полотеско“[39]. Прычым тады гэта былі шырока распаўсюджаныя формы яго назвы. Цікава ў сувязі з гэтым адзначыць, што ў польскамоўным Альшэўскім спісе „Хро­нічкі“ назва захопленага літоўцамі ў 1307 г. горада перададзена як „Poltewsk“.

Увогуле, розныя копіі „Хронічкі“ падаюць розныя гады за­хо­пу Полацка: Альшэўскі — 1307, Румянцаўскі — 1360, у Па­трыяр­шым жа звестка адсутнічае. Розначытанне паходзіць, ві­да­­вочна, ад таго, што даты пры перапісцы лёгка пераблытаць. Пры напісанні лічбамі–літарамі яны выглядаюць як ҂҃а ҃т ҃з (1307) і ҂҃а ҃т ҃ ѯ (1360). Знакі „з“ і „ѯ“ вельмі падобныя, і прыняць адзін за другі зусім нескладана. Адметна, што такая блытаніна з лічбамі–літарамі сустракаецца ў „Хронічцы“ прынамсі яшчэ адзін раз, калі Альшэўскі спіс фіксуе мяцеж Глін­скага пад правільным 1508 г., а Румянцаўскі і Патрыяршы — пад памылковым 1520. Розначытанне ўзнікла таксама, як і ў першым выпадку. Апошнюю лічбу–літару даты ҂҃а ҃ф ҃и (1508) вельмі лёгка прачытаць не як „и“ (лічбавае значэнне 8), а як „к“ (20): пісаліся яны вельмі падобна, і іх часта блыталі. І тады 1508 год ператвараецца ў 1520.

У выніку мы дакладна не можам сказаць, пад якім годам у пратограф „Хронічкі“ быў унесены запіс пра захоп Полацка: 1307 ці 1360. Нельга выключыць ні адзін, ні другі варыянт. Аўтар „Хронічкі“ мог прыняць зафіксаваную ў польскіх хроніках дату „1337“ за „1307“, а „1368“ за „1360“. Чытаючы, напрыклад, хроніку М. Мяхоўскага, дзе для напісання гадоў выкарыстаны арабскія лічбы, зрабіць такую памылку зусім няцяжка, бо друк вельмі дробны. Аднак і тут няма поўнай упэўненасці, як узнікла памылка з датай і менавіта з якой. Можна сцвярджаць толькі, што М. Стрыйкоўскі карыстаўся тымі спісамі „Хронічкі“, дзе фігураваў 1307 год. Але ў любым выпадку можна ўпэўнена сцвярджаць, што звестка „Хронічкі“ пра захоп Полацка літоўцамі з’яўляецца вынікам памылковага зразумення тэксту і такога ж памылковага прачытання даты яе аўтарам.

У дадатку прапанаваны рэканструяваны пратограф твора. Для зручнасці артыкулы пранумараваны. У квадратных дужках пададзены фрагменты, прыналежнасць якіх да пратографа небясспрэчная, з указаннем спісаў, у якіх яны чытаюцца: Альш. — Альшэўскага, Патр. — Патрыяршага, Рум. — Румян­цаў­­скага. Да тэксту „Хронічкі“ дададзены гістарычны каментар.


[1] Вахевич Б.А. Западнорусская летопись по списку Румянцевского музея // Записки императорского Одесского общества истории и древностей. 1902. Т. XXIV. Отд. I. С. 221—222.
[2] Тамсама. С. 220.
[3] Тамсама. С. 214; Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско–литовского летописания. Москва, 1985. С. 62.
[4] Гл.: Полное собрание русских летописей (далей — ПСРЛ). Т. 17. Санкт–Петербург, 1907. С. 290—294.
[5] Тамсама. С. V, VI, 290—292.
[6] Ptaszycki St. Kodeks Olszewski Chomińskich. Wielkiego Księstwa Litew­skiego i Zmódzkiego Kronika. Wilno, 1907. S. 39—40 (у выданні 1932 г. — с. 53—56); ПСРЛ. Т. 17. 469—472.
[7] ПСРЛ. Т. 35. Москва, 1980. С. 192.
[8] Вахевич Б.А. Назв. праца. С. 210—213.
[9] ПСРЛ. Т. 35. С. 212—213.
[10] Тамсама. Т. 17. С. 290—294.
[11] Вахевич Б.А. Назв. праца. С. 222.
[12] Тамсама. С. 221, 222.
[13] Ochmański J. Deodatus Septennius — zagadkowy autor „Pochwały“ Olbrachta Gasztołda z około 1529 roku // Lituano–Slavica Posnaniensia. Studia Historica. 1994. T. VI. S. 80, przyp. 12.
[14] Vide: Zbiór praw litewskich od roku 1389 do roku 1529. Tudzież roz­prawy sejmowe o tychże prawach od roku 1544 do roku 1563 / T. Dzia­łyński. Poznań, 1841. S. 92—95.
[15] Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры. Мінск, 1969. С. 161.
[16] Pirmasis Lietuvos Statutas — Первый Литовский Статут (далей — PLS–ПЛС). Т. 1. Ч. 1 / Ст. Лазутка, Э. Гудавичюс. Вильнюс, 1983. С. 136, 138. Гл. таксама: Lizisowa M.T. Język Kodeksu Olszewskiego (1550). Z recepcji staropolskiego języka prawno–sądowego w Wielkim Księswie Litewskim w szesnastym wieku. Kraków, 2000. S. 7, 139—141.
[17] PLS–ПЛС. Т. 1. Ч. 2. Вильнюс, 1985. С. 665.
[18] Абгрунтаванне гл.: Тамсама. Т. 1. Ч. 1. С. 136—139.
[19] Тамсама. Т. 1. Ч. 2. С. 435.
[20] Тамсама. Т. 1. Ч. 1. С. 139.
[21] Тамсама. С. 132.
[22] Чамярыцкі В.А. Назв. праца. С. 160.
[23] Гл.: Полоцкие грамоты XIII — начала XVI вв. / Сост. А.Л. Хорошкевич (далей — ПГ). Вып. 3. Москва, 1980. С. 124; Сагановіч Г. Інфлянцкія немцы ў Полацку ў сярэдзіне XIII і пачатку XIV ст. // Беларускі Гістарычны Агляд. 2000. Сш. 1 (12). С. 104—105.
[24] Бібліяграфію гл.: Сагановіч Г. Назв. праца. С. 97—98.
[25] Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Zmódzka i wszystkiej Rusi. T. 2. Warszawa, 1846. S. 145, 178—179.
[26] Ibid. S. 43.
[27] Dlugossius J. Annales seu Cronicae incliti Regni Poloniae. Liber IX. Varsaviae, 1978. P. 156—170.
[28] Miechowita M. Chronica Polonorum. Cracoviae, 1521. P. 210—212.
[29] ПСРЛ. Т. 17. C. 262, 314, 375, 440—441, 494.
[30] Dlugossius J. Op. cit. P. 131; Miechowita M. Op. cit. P. 207.
[31] Monumenta Poloniae Historica (MPH). T. 3. Lwów, 1878. P. 133, 190, 191.
[32] Tęgowski Jan. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. Poznań — Wroc­ław, 1999. S. 19, 42—44, 162—163, 232—234, 246—252, 304—305.
[33] Dlugossius J. Op. cit. P. 130, 198, 337.
[34] Miechowita M. Op. cit. P. 220—221, 235, 246.
[35] MPH. T. 3. P. 119.
[36] Гл.: ПСРЛ. Т. 17. С. 73, 79, 105, 113, 133 і інш.; ПГ. Вып. 1. Москва, 1977. № 10. С. 53; Новгородская Первая летопись старшего и младшего изводов (далей — НПЛ). Москва — Ленинград, 1950. С. 125, 159, 220, 476; Псковские летописи (далей — ПЛ). Вып. 1. Москва — Ленинград. С. 10; Тамсама. Вып. 2. Москва, 1955. С. 10, 19.
[37] ПСРЛ. Т. 17. С. 10, 61; ПГ. Вып. 1. № 2. С. 36; ПЛ. Вып. 1. С. 99.
[38] ПЛ. Вып. 1. С. 45; Тамсама. Вып. 2. С. 45.
[39] ПГ. Вып. 1. № 3. С. 37.

ДАДАТАК

[Wielkiego Księstwa Litewskiego Kroniczka krótko pisana]

1386

[1] Вера закону римского уставлена в Литве через короля полского Якгоила и через великого князя литовского Александра Витовта лета Божъя нароженя ҂҃а ҃т ҃п ҃ѕ 1.

1331

[2] Корол Якгоило, отец Казимиров, поразил немцов лета Бож нарож ҂҃а ҃т ҃л ҃а 2.

1307 (1360)

[3] Литва взял(и) Полтеск лета Бож нарож ҂҃а ҃т ҃з (Рум.҂҃а ҃т ҃z)3.

1497

[4] Короля Олбрахта поразили волохове лета Бож нарож ҂҃а ҃у ҃ч ҃з 4.

1484

[5] Велебныи Казимир умер лета Бож нарож ҂҃а ҃у ҃п ҃д 5.

1386

[6] Витовт окрщон в Кракове поспол с Якгоилом лета Бож нарож ҂҃а ҃т ҃п ҃ѕ.

1430

[7] Витовт умер по Божем нароженю ҂҃а ҃у ҃л 6.

1488 (1500)

[8] Корол Андреи Казимир (Патр. — Андреи) умер лета Бож нарож ҂҃а ҃у ҃п ҃и (Альш. — +҃а ҃ф)7.

1500

[9] Панов поимано на Ведроши лета Бож нарож ҂҃а ҃ф году8.

1506

[10] Татаров побито под Клецком [в день Панны Марыи Снежнои Альш.] лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃ѕ 9.

1506

[11] Корол [и великии князь Альш.] Александр умер, а Жикгимонта на великое князьство взяли лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃ѕ году на день светого Симона и Юды10.

1507

[12] Табор умер лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃з году11.

1508

[13] Глинскии стял Заберезынского [и з земли побег на Москву Рум., Патр.] лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃и году12.

1514

[14] Москву побито под Оршею лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃д ҃i году сентебря ҃и на Рожество Богородицы13.

1520

[15] Захарьяш лекгат был в Вилне лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃к году14.

1524

[16] Золота улочка была отворена лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃к ҃д году15.

1526

[17] Корол Жикгимонт данщан стинал лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃к ҃ѕ году16.

1527

[18] Татар побито [за Киевом в сороку милех о Гром­ницах Альш.] на Голшаницы лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃к ҃з году17.

1527 (1528)

[19] Того ж году ҃к ҃з (Альш. — Лета Бож нарож ҂҃a ҃ф ҃к ҃и) и царя заволского з Литвы проч выпустили18.

1528

[20] Королевая Бона напервеи до Литвы приехала днем лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃к ҃и году19.

1528

[21] Того ж лета списывали всю землю20.

1529

[22] Королевича Жикгимонта Августа молодого посадили на Великом Князьстве Литовском в понеделник, на день светого Луки евангелиста, а ему тогды было ҃ θ лет, лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃к ҃θ году21.

1529

[23] Того ж году права писаныи даны Великому Князь­ству Литовскому (Альш. — всеи земли Литов­скои) на светого Михаила день22.

1530

[24] Место и замок виленскии горел лета Бож нарож ҂҃а ҃ф ҃л году23.

1530

[25] Того ж году татаров побито на Голтве, а тогды был князь Иван [Юрьевич Альш.] Дубровицкии…24

1 Хрышчэнне Літвы адбылося ў 1387 г. Аднак у XV—XVI ст. мела распаўсюджанне і іншая дата — 1386 год. Яна ўзнікла, відавочна, у сувязі з хростам Ягайлы і некалькіх яго братоў менавіта ў 1386 г. Апошнюю дату як год хрышчэння Літвы называюць, у прыватнасці, Міхалон Літвін (Михалон Литвин. О нравах татар, литовцев и москвитян / Отв. ред. А.Л. Хорошкевич. Москва, 1994. С. 88) і польскія рочнікі (MPH. T. 3. P. 82, 234, 311, 704).

2 Каментар гл. на с. 47—48.

3 Каментар гл. на с. 49—50.

4 Гаворка ідзе пра выправу польскага караля Яна Альбрэхта супраць Малдавіі, калі яго войска было разгромлена ў Букавіне ваяводам Стэфанам III Вялікім. Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 342, 401).

5 Другі сын Казіміра IV Ягелончыка каралевіч Казімір памёр 4 сакавіка 1484 г. у Горадні, быў пахаваны ў Вільні, пазней кананізаваны (гл.: Wojtyska H.D. Początki kultu i procesy kanonizacyjne św. Kazimierza // Analecta Cracoviensia. 1984. T. XVI).  Ва ўсіх вядомых спісах „Хронічкі“ год смерці Казіміра ўказаны памылкова: у Румянцаўскім — 1080, у Патрыяршым — 1480, у Альшэўскім — 1494. Аднак параўнанне гэтых дат дазваляе зрабіць выснову, што ў пратографе ён быў напісаны, хутчэй за ўсё, правільна. Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 342, 401).

6 Не выключана, што артыкулы 6 і 7 не ўваходзілі ў пратограф, бо ў найбольш поўным, Альшэўскім, спісе іх няма. Да таго ж яны прыкметна выбіваюцца з тканіны твора, разрываючы даволі паслядоўную яго храналогію.

7 Казімір Ягелончык, з 1440 г. — вялікі князь літоўскі, з 1447 г. — адначасова кароль польскі. Пры нараджэнні атрымаў імя Казімір Андрэй. Памёр 7 чэрвеня 1492 г. у Горадні. Ва ўсіх спісах „Хронічкі“ год смерці ўказаны памылкова: у Румянцаўскім і Патрыяршым — 1488, у Альшэўскім — 1500. У сувязі з гэтым цяжка сказаць, ці правільная дата фігуравала ў пратографе. Звестка чытаецца ў летапісах Рачын­скага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 341—342, 401).

8 14 ліпеня 1500 г. на рэчцы Ведрашы пад Дарагабужам войска Вялікага Княства Літоўскага было разбіта маскоўскімі ваяводамі. У палон трапілі камандуючы — князь Канстанцін Астрожскі, а таксама паны Рыгор Осцікавіч, Літавор Хрыптовіч, Мікалай Глябовіч, Мікалай Зяноўевіч і іншыя (ПСРЛ. Т. 17. С. 560). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 342, 402).

9 Князь Міхаіл Глінскі разбіў крымскіх татар пад Клецкам 5 жніўня 1506 г. Цікава, што ў лісце да вармійскага біскупа Лукі Ватцэнродэ ад 12 жніўня 1506 г. М. Глінскі пісаў, што бітва адбылася „ў дзень святой Ма­рыі Снежнай“ (Akta Aleksandra króla polskiego, wielkiego księcia li­tew­skiego i t. d. (1501—1506). Kraków, 1927. Nr 331. P. 546). Звестка чы­таецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 344, 402).

10 Кароль польскі і вялікі князь літоўскі Аляксандр памёр у ноч з 18 на 19 жніўня 1506 г. у Вільні. Дзень святых Сымона і Юды — 28 кастрычніка. Беларуска–літоўскія летапісы называюць і іншы дзень абрання Жыгімонта вялікім князем — 21 верасня (ПСРЛ. Т. 17. С. 185). Паводле М. Мяхоўскага (Miechowita M. Op. cit. P. 372) і Б. Вапоўскага (Wa­powski B. Kroniki… część ostatnia czasy podługoszowskie obej­mująca. Kraków, 1874. P. 71), гэта адбылося 20 кастрычніка, а згодна з інфармацыяй Ю. Дэцыя (Decius J.L. De Sigismundi regis temporibus liber. Kraków, 1901. P. 18) — 26 кастрычніка 1506 г. Польскі гісторык Л. Фінкель прыйшоў да высновы, што абранне Жыгімонта вялікім князем літоўскім адбылося 20 кастрычніка 1506 г. (Finkel L. Elekcya Zygmunta I. Kraków, 1910. S. 175).

11 Віленскі каталіцкі біскуп Войцех Табар памёр 27 сакавіка (Acta Tomiciana (AT). T. 1. Posnaniae, 1852. Nr 8. P. 18), паводле іншых звестак 28 красавіка 1507 г. (Przyałgowski W. Żywoty biskupów wileń­skich. T. 1. Petersburg, 1860. S. 89). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 344, 402).

12 Мяцеж князя М. Глінскага. Першай акцыяй М. Глінскага на шляху да ад­крытага выступлення супраць Жыгімонта I было забойства свайго аса­бістага ворага — Яна Заберазінскага 2 лютага 1508 г. У выніку па­даў­лення мецяжу М. Глінскі і яго прыхільнікі напрыканцы 1508 г. па­кі­нулі тэрыторыю ВКЛ і перайшлі ў Маскву. Звестка чытаецца ў лета­пі­сах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 344—345, 402—403).

13 Перамога войска Вялікага Княства Літоўскага на чале з князем К. Аст­рожскім і палякаў над маскоўскай арміяй пад Оршай 8 верасня 1514 г. Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 347, 403).

14 Папскі легат Захарый Ферэры знаходзіўся ў Вільні з верасня 1520 да лютага 1521 г. (Acta nuntiaturae Polonae. T. 2 / Ed. H.D. Wojtyska. Romae, 1992. P. XXXIX, 77, 85, 93, 94).

15 Падзея адбылася ў Вільні.

16 У 1525 г. на грунце сацыяльна–палітычных і канфесійных супярэчнасцяў у Гданьску выбухнула паўстанне гарадскіх жыхароў. Да ўлады ў горадзе прыйшоў новы склад рады. Каралеўская ўлада вырашыла ўмяшацца ў сітуацыю. Вясной 1526 г. Жыгімонт I Стары на чале 3–ты­сячнага войска ўступіў у Гданьск, дзе ў хуткім часе былі ў асноўным адноўлены старыя парадкі. У чэрвені — ліпені правадыры і найбольш актыўныя ўдзельнікі паўстання былі пакараны смерцю. Паводле беларуска–літоўскіх летапісаў, такіх было 13 чалавек (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 404. Гл. таксама: Historia Gdańska. T. 2 / Red. E. Cieślak. Gdańsk, 1982. S. 245—246; Cieślak E., Biernat Cz. Dzieje Gdańska. Gdańsk, 1975. S. 135). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 349—350, 404).

17 Пераможная бітва войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем князя Канстанціна Астрожскага з крымскімі татарамі на рацэ Альшаніцы адбылася 27 студзеня 1527 г. — за тыдзень перад Грамніцамі (2 лютага). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 405).

18 Хан Заволжскай (Вялікай) арды Шых–Ахмат быў захоплены ў палон кіеўскім ваяводам князем Дзмітрыем Пуцяцічам у другой палове 1502 ці ў 1503 г. Доўгі час утрымліваўся пад вартай у ковенскім і троцкім замках. Здзейсніў некалькі няўдалых спроб уцёкаў. Быў адпушчаны на свабоду ў красавіку 1527 г., калі выехаў з Вільні, а потым праз Слуцк і Кіеў накіраваўся ў стэпы ніжняга цячэння Волгі (AT. T. 9. Posnaniae, 1876. Nr 202. P. 212, nr 248. P. 252; ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 405, 563—564). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 405).

19 Кароль Жыгімонт I Стары, каралева Бона і іх дзеці Жыгімонт Аўгуст і Ізабэла прыехалі ў Вялікае Княства Літоўскае ў сакавіку 1528 г. Гэта быў сапраўды першы прыезд Боны ў Вялікае Княства. Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 405).

20 Гаворка ідзе пра перапіс войска Вялікага Княства Літоўскага 1528 г. На думку А. Грушы, ён быў праведзены на працягу жніўня — кастрыч­ніка. Падрабязна пра гісторыю стварэння „попіса земскага“ 1528 г. гл.: Груша А.І. Прадмова [да:] Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 года. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кн. 523. Кніга Публічных спраў 1 / Падрыхт. А.І. Груша, М.Ф. Спірыдонаў, М.А. Вайтовіч. Мінск, 2003. С. 31—39. Звестка чытаецца ў лета­пі­сах Рачын­скага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 405).

21 Дзень святога Лукі евангеліста — 18 кастрычніка. Дата пацвярджаецца Б. Вапоўскім (Wapowski B. Op. cit. P. 229). Жыгімонт Аўгуст нара­дзіўся 1 жніўня 1520 г. Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 405).

22 Гаворка ідзе пра Першы статут Вялікага Княства Літоўскага, які першапачаткова сапраўды насіў назву „права“ ці „права писаныи“. Увя­дзенне ў дзеянне гэтага заканадаўчага кодэкса ў дзень святога Міхаіла (29 верасня) 1529 г. падмацоўваецца і актавым матэрыялам (гл.: Акты, относящиеся к истории Западной России. Т. 2 / Сост. И.И. Григорович. Санкт–Петербург, 1848. № 165. С. 211). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 406).

23 Паводле хронікі М. Бельскага, якую паўтарыў М. Стрыйкоўскі, пажарам былі знішчаны дзве траціны горада (Bielski M. Kronika wszyst­kiego świata. Kraków, 1551. List 288v; Stryjkowski M. Op. cit. T. 2. S. 395). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 350, 406).

24 Войска Вялікага Княства Літоўскага пад камандаваннем кіеўскага ваяводы Андрэя Неміровіча, князя Івана Дубровіцкага і іншых разбіла татар ля ўрочышчаў Голтва і Палазор’е ў верасні ці першай палове кастрычніка 1530 г. (AT. T. 12. Posnaniae, 1906. Nr 331. P. 302). Звестка чытаецца ў летапісах Рачынскага і Еўраінаўскім (ПСРЛ. Т. 17. С. 351, 406).

Далейшая рэканструкцыя помніка ўскладнена тым, што на гэтым фрагменце заканчваецца супольны тэкст Альшэў­скага і Румянцаўскага спісаў „Хронічкі“.

Наверх

Андрэй Радаман. Інструкцыя Новагародскага cойміка паслам на элекцыйны сойм 1587 г.

Снежня 16, 2003 |


Соймікавая інструкцыя паслам Новагародскага павету на элекцыйны сойм 1587 г. — адзіная соймікавая інструкцыя шляхецкіх соймікаў Новагародскага ваяводства з часоў першага, другога і трэцяга бескаралеўяў, што дайшла да нашых часоў у арыгінале. Гэты унікальны дакумент дазваляе дакладна вызначыць кампетэнцыю новагародскага перад­элекцыйнага сойміка і высветліць пытанні, якія ста­віліся новагародскай шляхтай перад усёй палітычнай элітай Рэчы Паспалітай на элекцыйным сойме 1587 г. Як адзначыў у сваёй апошняй манаграфіі Генрых Люлевіч, на гэтым сойміку прысутнічала як мінімум 60 удзельнікаў. Пад пагрозай парушэння перамір’я з боку Маскоўскай дзяржавы яны пастанавілі не ехаць усім на элекцыйны сойм і вы­правілі пад Варшаву толькі 6 сваіх паслоў, якія павінны былі ў сваёй дзейнасці дакладна прытрымлівацца зместу інструкцыі, дадзенай ім на сойміку. Гэтыя ж паслы прадстаўлялі інтарэсы новагародскай шляхты і на галоўным з’ездзе ВКЛ у Ваўкавыску[1].

Інструкцыя ўплецена ў рукапісны зборнік, які змяшчае шэраг дакументаў, што маюць дачыненне да падзей бескаралеўя пасля смерці Стэфана Баторыя. Пазнакі Рыгора Паўлавіча[2] і Паўла Рыгоравіча[3] Унехоўскіх дазваляюць зрабіць выснову, што пасля элекцыйнага сойму 1587 г. інструкцыя засталася ў аднаго з паслоў, а менавіта ў Рыгора Паўлавіча Унехоўскага, і ў канцы XVI — пачатку XVII ст. захоўвалася ў сямейным архіве роду Унехоўскіх гербу „Астоя“ (належалі да шляхецкай карпарацыі Новагародскага павету). Якім чынам дакумент ­трапіў у Нясвіжскі архіў Радзівілаў, застаецца невядомым. Цяпер інструкцыя захоўваецца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве.

Прынцыпы перадачы тэксту. Літары, якія выйшлі з ужытку — у рукапісе гэта є, ѡ, y, ѣ, ıa, ѧ — захоўваюцца. Дыграф „кг“, які выкарыстоўваўся для абазначэння выбухнога „г“, захоўваецца. „Ер“ („ъ“) перадаецца як у сярэдзіне, так і ў канцы слова. Вынасныя надрадковыя і падрадковыя літары і склады ўносяцца ў радок і перадаюцца курсівам. Прапушчаныя літары ў скарочаных пад цітлай словах аднаўляюцца і бяруцца ў круглыя дужкі. Паерык перадаецца знакамі s і z , у залежнасці ад формы яго напісання ў рукапісе.

A. Archiwum Główne Akt Dawnych, Archiwum Radziwiłłów, dział II „Dokumenty Historyczne“, nr 187, s. 1—6.

1587 г. траўня 12. Новагародак / Навагрудак. — Інструкцыя сойміка Новагародскага павету паслам: пісару вялікаму літоўскаму Андрэю Іванавічу Абрынскаму, земскаму новагародскаму суддзі Есіфу Галаўню, Міхайлу Казінскаму, Івану Масковічу, Рыгору Унехоўскаму і Беняшу Есману на элекцыйны сойм 1587 г.

[С. 1]

| Инъструкцыıa, альбо злецєне ѡт врадников земских и дворныхъ, | всего рыцєрства шлıaхты ѡбыватєлев воеводства повету | Новгородского, которые на тот час на сєsмик до Новгородъка | перед елекъцыею, через листы его м(и)л(о)сти пана | воеводы Новгородского зложоныz, зъехали, их м(и)л­(о)сти паном | посломъ, братьи нашоs, с посродку нас ѡбра­ным и на з[ъ]ездъ | головныs до Волковыsска, так же зараз и на сєsмъ елекцыи | блиско прышлыs до Варшавы, в року теперешнем,  тисеча | пıaтсот ѡсмъдесıaтъ семомъ, посланым: его м(и)л(о)сти пану | Анъдрею Ивановичу Ѡбрынскому, писарy королıa его | м(и)л(о)сти[4], его м(и)л(о)сти пану Есифy Головъни, судьи земскому | новгородскому[5], п(а)ну Михаsлу Козинскому[6], пану Ивану Масковичу[7], | пану Грыгорю Yнеховъскому, а пану Бенıaшу Есманy8

| [·҃а·] [1] Напервеs, панове послове н(а)шы, так въ Волковыsску их м(и)л(о)сти панов | сєнаторов и пословъ литовъских, а потомъ въ Варшаве | их м(и)л(о)сти панов сєнаторов и пановъ послов корунных поздоровити, | з виншованемъ ласки Божеs и з залецєнемъ служъбъ нашых, | до ласки их м(и)л(о)сти мають.

| [·҃в·] [2] Въ Волковыsску ѡ всıaких поправах прав и вольностеs нашых водле | артыкулов, нижеs списаных, што бы было з налепшым речы | посполитое, с пильным старанемъ, прац не литуючы, доsзреть | мають.

| [·҃г·] [3] До елекъцыи не прыступовать, аж все, што се выкрочыло про|тив списов yнѣи, направлено и въ звыклыs порадокъ | вправено бyдеть.

| [·҃д·] [4] На елекцыю, длıa ѡбиранıa за помочю Божою новог(о) пана, | иж намъ всимъ, з много слушъныхъ прычын, з домов | своих выехать и панство, Великое Кнıaзство Литовское, | ѡтчызнy нашy, бєз ѡпатренıa границ ѡт[ъ]ехать не видело, | вместо всих ѡсобъ нашыхъ ѡных же пановъ пословъ | нашых тамъ пославшы, ихъ м(и)л(о)сти злецаемъ, и моц | в томъ незамеронyю даемъ, за ласкою Божою в боıaзни | его светоs, п(а)на побожного, речы посполитоs нашоs пожы|точного ѡбрать згожаючысıa с тыми, которых правдиве | добрыми сторожами и милосниками речы поспо|литое видети и розyмети бyдyть.

| ·҃е· [5] Иже с мы капътур межы собою постановили, прото абы водлугъ | капътyра кождог(о) заховано, так хyдог(о), ıaкъ и великог(о) станy.

| ·҃ѕ· [6] Ѡ конъфєдєрацыю, абы въ своеs моцы зостала, не потъравyючи ее ни a–чом–a. | А то длıa того, абы нам тое не зезволено. –b –c || [С. 2]

| ·҃з· [7] В тых добрах королевских, которые бyдyть прыналежеть вечны|ми часы до столу королевского. Абы там єкономы были, | с тым докладом, абы был єкономєм литвин, а не полıaкъ. А | въ староствахъ судовых абы, по старому, старостове, а не | єкономы были. И переставать на том бyдyть повинни, | што им пожытку yказано будеть. А доходы вшелıaкие | до п(а)на подскарбего земског(о) абы были ѡдъдаваны.

| ·҃и· [8] Ѡ коле(г)иyмъ полоцъкое, которое ест з наданıa костелов кгрецких. | Абы то было направлено.

| ·҃ө· [9] Дєкреты, которые чынены противко праву посполитому, | над прысегу панскую, из листовъ затвороныхъ абы были | знесены и тые, которие не водле часy и не водлıa местца были | фєрованє.

| ·҃і· [10] Ѡ вечъныz покоs з Москвою. Абы нам пан попрысегнул взıaт его | первеs, ниж бyдеть корyнованъ. Вшак же с тым докладомъ, | абы в панствах ѡдорваных, звлаща въ Северскоz земъли | yгода, або мерковане было, бєз шкоды речы посполитое.

| ·҃аі· [11] Ѡ землю Лифлıaнтскую. Абы всıa была ку Великому Кнѧзству Лит(о)вскому.

| ·҃ві· [12] Єсли бы прышло до тог(о) поправовать тепер Статутy. | Поправить артыкуловъ ѡ ѡбраженю маестату коро|левъског(о). А може ли час быть, абы вес перед коронацыею | королıa прышлого поправен и до yтверженıa новому пану | подан был.

| ·҃гі· [13] Дыкгнитарства абы были вси вцале захованы. А хто бы | воеводство держал зо всим в цалости, абы юркгелту не мел. | Так же дедичъныхъ староствъ абы не было. Сынъ | по ѡsцy абы не дедичылъ, ıaко теперъ естъ. Абы | то заразъ yстало. А надъ право наше, абы жаден | двyхъ староствъ, або воеводъствъ сyдовыхъ | не держалъ. А хто бы держалъ, жебы заразъ, | с того зъездy волъковыsского, yступилъ тымъ, | которые заслужени в речы посполитоs сyть.

| ·҃ді· [14] Такъ же и державы, которые дети по ѡsцох своихъ | незаслужоные в речы посполитоz ѡсели. || [С. 3]

| ·҃єі· [15] А yрады, которы занедбаны, абы въ свою клюбу вєшъли, | звлаща подъкоморого, конюшого, кухмистровъскиz | абы тут y нас, панове полıaцы, в Литве, не владали, ıaко | yрадами земъскими.

| ·҃ѕі· [16] Абы пан прышлыz чужоземцовъ, а звлаща воsска коло себѣ | не ховалъ и yрады Великого Кнıaзства Литовъского | и державы, абы имъ не были роздаваны.

| ·҃зі· [17] Лесницътва абы людемъ народy литовъского были дава|ны. Кгдыж тєжъ то естъ yрады Великого Кнѧз|ства Литовъского, которые абы ѡт людеs на|родy ѡбъчого взıaты и родичомъ Великого Кнѧз|ства Литовъского заслужонымъ в речы посполитоs | розданы были з теперешнего зъездy недалеs.

| ·҃иі· [18] Манъдаты абы такие выходили, а не инакъшые, кото|рые бы се зъгажали с правомъ посполитым | подъ виною, постановеною на том зъезъде волъ|ковыzскомъ.

| ·҃өі· [19] Король, пан нашъ, абы тут, аж третег(о) рокy, в Литве мешъ|калъ, а две лете в Польще, бо тєжъ скаръбъ нашъ | добре мънеzшыz, за ѡдыстьемъ Волынıa и Подъ| лıaшъıa.

| ·҃к· [20] Панъ з воsски абы на сєsмъ не ездил и воzска yставичъного | абы пры собе не ховалъ, кгдыж то естъ з великою | шкодою речы посполитое.

| ·҃ка· [21] Склад нашъ абысмы мели в Ковне або въ Юрборку, если тог(о) реч посполитаıa | потребовать будеть.

| ·҃кв· [22] Ѡ местцє и вотум кнıaжетıa ег(о) м(и)л(о)сти слуцког(о) в раде панове послове нашы | старатисе мають, абы далеs не ѡткладаючы, пры том кн(я)же ег(о) м(и)л(о)сти | зоставлено было, кгдыж в том немалыs пожыток речи посполитое yпатруем.

| ·҃кг· [23] Державы, даные нетубыльцом, абы были тубыльцом розданы ѡд тог(о) | зъездy волковыsского не далеs.

| ·҃кд· [24] Ѡ Волынь и Подлıaше мовить и ѡ то сıa пильне пред елекцыею заставовать.

| ·҃кє· [25] Практыком забегать, абы не были жебы нами панове не тарговали. А которыs | бы в том yзнан был, против таковому, ıaко турбаторy речи посполитое, | повстат(ь) и здо­ровıa свое длıa потребы Ѡzчызны важыть. А хто бы з брати на|шое, бyдyчы слугъ их заволаным, не хотел сıa в тым почуть, пры ѡsчызне–d || [С. 4] и волности своеs зостати —бyдеть бєзєцъныz.

| ·҃кѕ· [26] Не шарпат речеs королевских, и интєрекгно так же добръ королевских, ани жадных держав, | бо бы то з ган(ь)бою нашою y людеs посторонных было. А хто скарбовъ ко|ролıa его м(и)л(о)сти што взıaл, абы совито ѡддал, а потым таковое шарпанє | никгды на веки абы не было.

| ·҃кз· [27] Єлекцыıa абы не была должъшаıa, нижли сєsмъ, абы се за тым практыки не ширыли.

| ·҃ки· [28] IAрмаркъ на кони абы был постановеныz и местцє пєвное yказано, звлаща в Сло|ниме а въ Брестью.

| ·҃кө· [29] Yрадники кгродские абы были шлıaхтичи родичи Великог(о) Кнѧзства Лит(о)вског(о) ѡселые и | прысıaглые.

| ·҃л· [30] Ѡ езы пруские, которые на переказе ıaзом на Немне и на иншых реках, абы тые зрy|цоны были.

| ·҃ла· [31] Крывды ѡд кгданщан абы жадные не были. | Шлıaхте абы ѡsчычы з добръ королевских были ворочаны, так же з добръ п(а)нов рад.

| ·҃лв· [32] Поборов жадных на себе не взносить под цнотою и под верою. А где бы тог(о) была потреба, | п(а)нове их м(и)л(ости), дыкгнитарове и старостове, державцы, правом дожывотным держачы | и в сумах добръ к(о)р(олевских) мають постановить. А мы, которые ѡд речи посполитое ничог(о) | не держемы, вольни ѡд тог(о) быти маемъ.

| ·҃лг· [33] Єє м(и)л(о)сть п(а)ни виленскаıa п(а)ни Крыстына зє Зборова, иж по вес час сєsмов прошлых прозбами своими | набегаsечы нам, абы еs м(и)л(о)ст(и) заслужоное годное  памети небожчыка п(а)на IAна Ходкевича, | малжонка ее м(и)л(о)сти, зъ скарбу заплачоно было. Кгдыж некоторые жолнери, которие | на тот час при ее м(и)л(о)сти служыли, заслужоного своего и тепер y ее м(и)л(о)сти yпоминаю(т) | и трудности великие, позываючи до права, задають. Ѡ то панове послове нашы | их м(и)л(ос)ти панов просити мають, жебы их м(и)л(о)сть, помнечи на yчъстивые и годные | послуги ѡног(о) зацного и в речи посполитоs добре заслужоного сєнатора, тую суму п(е)н(е)зеs | заслужонyю зъ скарбу малжонцє и детем его заплатит розказать рачили.

| ·҃лд· [34] Прекладал тєж на соsмикох ег(о) м(и)л(о)сть пан Есифъ Головнıa, судıa земскиs новгородскиs, заслуги свои в речы | посполитоs, которые з молодости лет своих, еще за славное светобливое памети королıa его | м(и)л(о)сти Жы­кгимонта Августа, а потом и за тог(о), тепер недавно зєшлого п(а)на нашог(о), светоб|ливое памети королıa его м(и)л(о)сти Стєфана, на прошлых воsнах под Зєльборком, под Полоц­к(е)м, | под Луками и под Псковом, на каждую потребу ставечы по двадцати и кильку кони | почту, з немалым накладом и yтратою своею, не берyчы на то жадное нагороды, | и не маючы ничог(о) ѡдъ столу Его К(о)р(олевское) м(и)л(о)сти, речы посполитоs служыл. За которие | таковые значные службы свои Ег(о) Королевскаıa м(и)л(о)сть, пан наш недавно зошлыs, контєнто|ват ег(о) был ѡбецал, чог(о) пєвное сведєцтво на писме с подписом руки Ег(о) К(о)р(олевское) м(и)л(ости) | мает.

Нижли за нещастем всее речи посполитое, не прышедшы ему до ѡпатренıa | жадног(о), пан Богъ Его К(о)р(олевскую) м(и)л(о)сть до хвалы своеs поволат рачил. И просил нас, абыхмо | паном послом н(а)шым таковые служъбы и yтраты ег(о) перед их м(и)л(о)стью п(а)ны сєнатор(а)м(и) | залетит поручили. Которих службъ пана судиных и сами будyчы сведоми, поручамы | паном послом нашымъ на том теперешнем зъезде волъковыsском до их м(и)л(ости) панов сє|наторов тые таковые службы его залетит и ѡ нагородy таковых служъбъ и | трат его просит, жебы межы иншыми заслужоными ѡд их м(и)л(о)сти не пробачонъ.

| ·҃лє· [35] Єго м(и)л(о)сть пан IAн Кунцєвич, подкоморыs новгородскиs, и пан Бенıaш Есман Сынковскиs, иж час | немалыs роты ведyчы и речи посполитоs yчъстиве служычи, в заплату жолнеров | немало маетности своее выдали. Панове послове н(а)шы их м(и)л(о)сти панов просит | мают, жебы п(а)ну подкоморому и п(а)ну Есману заплата водлуг пєвног(о) порахованıa | въ скарбе yчынена была. IAко бы сıa на потым въ ѡных самых и в других людеs | рыцєрских хуть до службы речы посполитое не yставала и не зменшывала.

| ·҃лѕ· [36] В чом всемъ зyполнyю моц паном послом нашым даемы и тог(о) им и цнотам их пове|рамы, которые болше мают се старатs, што бы было з пожытком речи пос|политое, а нижли з yщыркъком ее.

Писан y Новагородку, року ѡт нароженıa сы(на) | Божега ҂·҃а·҃ф·҃пз· [1587], м(е)с(е)ца маıa ·҃ві· [12] днıa. || [С. 5]

[60 адбіткаў сыгнетавых пячатак шляхты Новагарод­скага павета]–e || [С. 6]

| f–Штосѧ точыло на тоz алекцыи | нижэz написано.–f

| g–Инъстрyкцыıa рокy ҂·҃а·҃ф·|·҃пз· [1587] на єлекцыю.–g

| h–Инструкцыıa рокy ҂·҃а·҃ф·҃пө· [1589], кгдым был на сєsмъ посломъ, | таıa y п(а)на Зенковича зостала.–h

a–a так у ркп, трэба чытаць ни в чом

–b далей подпіс Паўла Рыгоравіча Унехоўскага Pawieł Uniechowsky, ręka swa

–c далей пазнака Нясвіжскага архіва Радзівілаў №2. Fa: 201. Publiczn.

–d далей подпіс Паўла Рыгоравіча Унехоўскага Pawieł Uniechowsky, ręka swa

–e далей подпіс Паўла Рыгоравіча Унехоўскага Pawieł Uniechowsky, ręka swa

f–f надпіс зроблены іншым почыркам ў верхняй частцы аркуша

g–g надпіс зроблены іншым почыркам у ніжняй частцы аркуша, які быў павернуты пры напісанні на 180°

h–h надпіс зроблены рукой Рыгора Паўлавіча Унехоўскага ў ніжняй частцы аркуша, які быў павернуты пры напісанні на 180°


[1] Lulewicz H. Gniewów o unię ciąg dalszy. Stosunki polsko–litewskie w latach 1569—1588 / Instytut Historii Polskiej Akademii Nauk. Warszawa, 2002. S. 371—372.

[2] Паводле дадзеных В. Каяловіча, род Унехоўскіх (Уніхоўскіх), гербу „Астоя“ паходзіць з Радамскай зямлі. Адзін з нашчадкаў Радагашчаніна, які асеў на Севершчыне, атрымаў Унехоўск (Уніхоўск) у Новагародскай зямлі (зараз вёска ў Карэліцкім раёне Гродзенскай вобласці Рэспублікі Беларусь). Гл. Kojałowicz W. W., ks. Herbarz rycerstwa W. X. Litewskiego, tak zwany Compendium, czyli o klejnotach albo herbach, których familie stanu rycerskiego w prowincyach Wielkiego Xięstwa Litewskiego zażywają / Wyd. F. Piekosiński, „Herold Polski“. Kraków. 1897. S. 205; Teodoras Jevlašauskis. Atsiminimai. / Parengė ir paaiškinimus paraše D. Vilimas. Vilnius, 1998. P. 58, 196: „Grigorijus Unichovskis buvo Naugarduko pav. bajoras. 1589 m. rinko mokesčius Naugarduko vaiv. Jo giminė yra kilusi iš Unechavas dv. Naugarduko pav… Ši giminė LDK žinoma dar iš Žygimanto Kęstutaičio valdymo laikų (1432—1440)“. У 1528 г. Якаў Радагашчанін выстаўляў у войска ВКЛ 1 каня. (Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (НГАБ). КМФ 18. Метрыка ВКЛ (далей: Метрыка ВКЛ). Воп. 1. Спр. 523. Арк. 38; Перапіс войска Вялікага княства Літоўскага 1528 года. Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кн. 523. Кн. Публічных спраў 1 / Падрыхт. А.І. Груша, М.Ф. Спірыдонаў, М.А. Вайтовіч; НАН Беларусі, Ін–т гісторыі. Мінск, 2003. С. 65: „Яков Радогощанин конь“).

Унукам Якава Радагашчаніна быў  пан Рыгор Паўлавіч Унехоўскі (Уніхоўскі)  („Uniechowski, Unichowski Hrehorej“; „Ryhor Unie­chow­ski“), земянін новагародскі, старэйшы сын Паўла Якаўлевіча (Якуба­віча) Унехоўскага (н. 15.I.1515 — † 26.XII.1593, o 23.I.1594) і Кацярыны Трызнянкі, дачкі Захарыя Карпавіча Трызны (н. к. 1532). Нара­дзіўся ён 8 студзеня 1549 г. у аўторак, перад поўднем. У першы паня­дзелак 7 суботы 1571 г. узяў шлюб з Зоф’яй Міхайлаўнай Улатоўскай (у 1–м шлюбе за Карпам Цішковічам) (Ptaszycki S. Dzieje rodów litewskich, jako materjał do archeologii historycznej // Ateneum. Piśmo naukowe i literackie. 1888. T. III, z. 3 (Ogólnego zbioru tom L). S. 537). Пасол на элекцыйны сойм 1587 г. Пасол на Варшаўскі пацыфікацыйны сойм 1589 г. (Codex diplomaticus Regni Poloniae et Magni Ducatus Lituaniae… T. I / Ed. M. Dogiel. Vilnae, 1758. P. 239, 242). Згадваецца: 17.IV.1590 г. — „Выпис Есифу Дахновичу Севруковича с Григорем Уне­ховским о нагане шляхетства за отосланьем от суду головного и от суду земского новгородского“ Archiwum Państwowe w Krakowie (APKr.) Oddział I na Wawelu. Archiwum Sanguszków (ASang.) Rkps. 38. S. 71—72); 28.IV.1590 г. у сувязі з атрыманнем прывілея, які звальняў яго дом у Новагародку ад земскіх павіннасцяў (Метрыка ВКЛ 76. №165; Ptaszycki S. Op. cit. S. 537). На грамнічным сойміку 1592 г. выступіў супраць кандыдатуры Фёдара Еўлашэўскага на пасаду суддзі Трыбунала ВКЛ  (Еўлашэўскi Ф. Гiстарычныя запiскi // Свяжынскi У. М. „Гiстарычныя запiскi“ Ф. Еўлашэўскага. Мінск, 1990. С. 113). 11.III.1595 г. татарка царэвічава Астрынская (Ostryńska) запісала яму в. Кахілчэўскую (Kochyłczewską) (Метрыка ВКЛ 76. № 629; Ptaszycki S. Op. cit. S. 537). У лютым 1596 г. выставіў з сваіх маёнткаў супраць казакоў С. Налівайкі 14 вершнікаў і ўзначаліў другую сотню з 6 сфармаваных сотняў паспалітага рушання Новагародскага павету. (Spisanie szlachty powiatu nowogrodzkiego, ktorzy się do Kopyla ziachali na expeditią przeciw kozakom w roku 1596, na dzień od Iego Mości pana hetmana zlożony 12 februarii. Biblioteka Czartoryskich (BCz.) Rkps. 2243. S. 331—339; Жерела до історіі України–Руси. Т. 8. Матеріали до исторіі Української козаччини / Видані під загальною редакцією М. Грушевського. Т. I. Документи по рік 1631 / Зібрав і видав Іван Крипякевич. Львів, 1908. № 57. Спис новгородської шляхти, що ставила ся против козаків. Копиль, 12 лютого 1596 р. С. 80). Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1598 г. з Нoвагародскага ваяводства (Lietuvos Vyriausiojo Tribunolo sprendimai (1583—1655)/Parengė V.Raudeliūnas, A.Baliulis. Vilnius, 1988) P. 144; НГАБ. Ф. 694. Воп. 4. Спр. 1336. Арк. 600). Меў чатырох сыноў: Паўла, Яна, Пятра і Рыгора. Памёр 1.IV.1606 г.

[3] Унiхоўскi Павел Рыгоравіч („Павел Григоревич Униховский“; „Pawieł Unichowski“), падваявода новагародскі. Згадваецца на пасадзе: 31.III.1630 г. (НГАБ. Ф. 1730. Навагрудскi гродскi суд. Воп. 1. Спр. 459. Арк. 2); 20 XII. 1636 (Акты, издаваемые Виленской архео­графической комиссией (АВАК): В 39 т. / Виленская археографическая комиссия. Вильна, 1865—1915. T. IX: Акты Виленского земского суда (1493—1795). / Предисловие С. Шолкович. Вильна, 1878. №166. С. 471); 10.III.1640 (AGAD. AR, dz. XXIII. T.51, plik 2. S.67).

[4] Харытановiч Абрынскі Андрэй Іванавiч („Андрей Иванович Обрынь­ский“), пан, гербу ўласнага, „Харытон“, залатыя здвоеныя літары „ИЕ“ у чырвоным полі (Boniecki A. Herbarz Polski. Cz.I. Wiadomości his­to­ryczno–genealogiczne o rodach szlacheckich. T. II. Warszawa, 1900. S. 349). Харужыч новага­родскi. (Русская историческая библиотека, издаваемая император­ской археографической комиссией.: В 33 т. / С.–Петербург. 1872—1927. Т. XXX: Литовская Метрика. Отделы первый — второй. Часть третья: Книги Публичных Дел. Том первый / Под ред. И.И. Лаппо. Юрьев, 1914. Стб. 803. № 86). Дзяк канцылярыі ВКЛ (дзяк гас­па­дарскi). Падкаморы новагародскi. Першае пры­значаны на пасаду: N1 10.XII.1566 г. (Метрыка ВКЛ. Воп. 1. Спр. 266. Арк. 68 адв.); N2 08.I.1567 г. „Лист да обывателев земли новгородское на подкоморство Андрею Ивановичу, хоружичу“ (Метрыка ВКЛ. Воп. 1. Спр. 266. Арк. 80 адв.—81; Максимейко Н.А. Сеймы литовско–русского государства до Люблинской Унии 1569 года. Харьков, 1902. Приложение. С. 185). Сакратар ЯКМ. Прызначаны на пасаду 28.II.1567 г. (Кнышын) (Метрыка ВКЛ 267. Арк. 131 адв.—132). Пасол на Люблiнскi сойм 1569 г. (падпiсаў акт Люблiнскай унii) (Akta Unji Polski z Litwa, 1385—1791 / Wyd. St. Kutrzeba i Wł. Semkowicz. Kraków, 1932. №149. S. 356). Пасол да Маскоўскай дзяржавы (па рашэнні Люблінскага сойма) (Книга посольская Метрики ВКЛ, содержащая в себе дипломатические сношения Литвы в государствование короля Сигизмунда Августа (с 1545 по 1572 год) / Изд. М. Оболенский и И. Данилович. Москва, 1843. №188. С. 290—293). Пiсар вялiкi літоўскі. N 5.V.1574 г. (Urzędnicy dawnej Rzeczypospolitej XII—XVIII w. Spisy / Pod red. A.Gąsiorowskiego. Polska Akademia Nauk, Biblioteka Kórnicka, Instytut Historii. Т. XI: Urzędnicy centralni i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego XIV—XVIII wieku. Spisy / Opracowali H.Lulewicz i A.Rachuba. Kórnik, 1994. (далей: U XI). №955; Описание рукописного отделения Виленской публичной библиотеки. В 5 вып. Вып. 5. Вильна, 1906. №560. S.8. dok. perg. or.). Адмовiўся ад пасады (далей: R) нoвагарод­скага падкаморыя 30.XI.1576 г. („…Спустил вряд добровольне [на Торуньскім сойме] Богушу Овсяному, за которым жадал пан Виленский,… Ян Ходкевич, кграбя на Шклове и Мышы“ (гл. намінацыю наступніка). (Метрыка ВКЛ. Воп. 1. Спр. 58. Арк.108 адв.—109 адв.; Лаппо И.И. Великое княжество Литовское за время от заключения Люблинской Унии до смерти Стефана Батория (1569—1586). Опыт исследования политического и общественного строя. Т.1.  С.–Петербург, 1901. С. 355—356. Спасылка 5 — поўны тэкст прывілея). R2 05.XII.1576 г. (Метрыка ВКЛ. Воп. 1. Спр. 63. Арк.72 адв.—73). „…Поведил Андрей Иванович писар наш… спустил вряд добровольне Богушу Овсяному, за которым жадал пан Виленский, староста Жомоитский, маршалок земский ВКЛ, администратор и гетман земли Ифлянтской, староста ковенский, державца тельшовский пан Ян Ходкевич, кграбя на Шклове и Мышы“. Памёр на пачатку 1589 г. ([Wolff J.]. Senato­rowie i dignitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego (1386—1795). Kraków, 1885. S. 270).

[5] Галаўня Есiф Iванавiч („Есиф Иванович Головня“), гербу уласнага срэбны знак „Т“ у чырвоным полі (Boniecki A. Op. cit. Warszawa, 1904 (1986). T. VII (Grabowscy — Hulkiewiczowie). S. 316). Пiсар земскi нoвагародскi. Выбраны электам на пасаду на Менскiм вайсковым з’ездзе ў канцы лістапада 1564 г. (на 2 тыдні пазней дня Св. Марціна (11.XI.1564 г.). N 30.IV.1565 г. (Прывiлей Жыгiмонта Аўгуста аб абмежаваннi Ноўгародскага павету i ўвядзеннi ў iм земскага суда ад 30.IV.1565 г. / Падрыхтаваў да друку М.Ф.Спiрыдонаў // Памяць (Навагрудскi раён). Гiсторыка–дакументальная хронiка Нава­грудскага раёна. Мінск, 1996. С. 102—105). Прысягу на пасаду, верагодна, прынёс на Міхайлаўскіх судовых роках у верасні 1565 г. у Ляхавічах (Еўлашэўскi Ф. Op. cit. С. 93). Падсудак новагародскi. Згад­ваецца на пасадзе ўжо 01.I.1568 г. (Lietuvos Metrika = Lithuanian Metrica = Литовская Mетрика. Kn. 531 (1567—1569): Viešųjų reikalų knyga 9 (Книга публичных дел 9). / Lietuvos istorijos inst., Parengė L. Anužytė ir A. Baliulis. Vilnius, 2001. № 155, P. 150). Суддзя земскi новагародскi. N 26.III.1580 г. „за обраньем згодным всее шляхты воеводства Новгородского на судейство земское подсудка новгородского Есифа Головню листом нашим утвердили есмо“ (Горадня) (Метрыка ВКЛ 65. Арк.9). Выстаўляў супраць казакоў у лютым 1596 г. 50 коннікаў і 30 пешых (Матеріали до исторії Україн­ської козаччини. Т. I: Документи по рік 1631 / Зібрав і видав І. Крип’якевич. Видані під загальною редакцією М. Грушевського. Львів, 1908. № 57. С. 81). Памёр да 9.VII.1598 г. (Метрыка ВКЛ. Воп. 1. Спр. 83. Арк. 380 адв.—381).

[6] Гл. Boniecki A. Op. cit. Warszawa, 1908 (1987). T. XII (Kotry — Krzemie­niewscy). S. 91—94.

[7] Верагодна, Іван (Ян) Маскевіч („Iwan Maskiewicz“), сын Сямёна Рыгоравіча Маскевіча, уладальнік маёнтка Ятра ў Новагародскiм павеце. Прыхільнік элекцыі Максімільяна Габсбурга ў 1587 г. (AGAD. AR II. Nr 211). Элект на пасаду новагародскага падсудка ў 1592 г. (Еўлашоўскі Ф. Op. cit. С. 113). Дэпутат Трыбунала ВКЛ у 1596 г. ад Новагародскага павету. (BCz. Rkps. 2243. S. 328). На з’ездзе евангелікаў і праваслаўных ВКЛ у 1599 г. абраны правізарам для абароны тых, хто пераследаваўся за веру (Łukaszewicz J. Dzieje Kościoła wyznania hel­weckiego w Litwie. T. 1. Poznań, 1842. S. 133). Гл.: Rachuba A. Uwagi do genealogii Maskiewiczów // Litwa i jej sąsiedzi od XII do XX w. / Pod. red. G. Błaszczyka i A. Kijasa. Poznań, 1994. S. 126).

[8] Беняш (Бенедыкт) Есман Сынкоўскі, гербу „Корчак“. Гл. Boniecki A. Op. cit. Warszawa, 1906 (1987). T. IX  (Jelowscy — Kęsłowiczowie). S. 28.

Наверх

Гэтыя паразы, а таксама няспынная вайна са Швецыяй схілілі Рэч Паспалітую напрыканцы 1659 г. распачаць перамовы з царом. Было спадзяванне не столькі дасягнуць пагаднення, колькі выйграць час і запыніць ваенныя дзеянні маскоў­скіх ваяводаў

Максім Гардзееў. Дакументы па гісторыі рамяства ў актавай кнізе полацкага магістрату за 1656—57 г.

Снежня 15, 2003 |


Першай абагульняльнай працай па гісторыі рамяства на Беларусі ў Сярэднявеччы прынята лічыць кнігу Фёдара Кліменкі „Западнорусские цехи ХVI—ХVIII вв.“, якая была выдадзена ў Кіеве ў 1914 г.[1] У ёй аўтар абмежаваўся толькі канстатацыяй і разглядам прававых нормаў у цэхавых статутах, не даў аналізу дынамікі зменаў у гарадской эканоміцы і, перш за ўсё, унутранага рынку як галоўнай умовы паступовага развіцця рамеснай вытворчасці.

У 1963 г. выйшла ў свет манаграфія Аляксандра Ігнаценкі „Ремесленное производство в городах Белоруссии в ХVII—ХVIII вв.“, якая на сённяшні дзень з’яўляецца найбольш поў­най працай па гісторыі беларускага рамяства азначанага перыяду[2].

Рамеснікі складалі асноўную масу насельніцтва беларус­кіх гарадоў. Вялікую ўдзельную вагу ў гэтай сацыяльнай групе гараджанаў мелі былыя прыгонныя сяляне, што збягалі ў гарады, і іх нашчадкі. Каралеўская ўлада была зацікаўлена ў развіцці гарадоў і імкнулася спрыяць павелічэнню гарадскога насельніцтва. Так, Полацку ў 1523 г. быў нададзены прывілей, паводле якога асобы, што прыбылі ў горад на жыхарства, вы­зваляліся ад усіх падаткаў і павіннасцяў на 10 гадоў. Такі самы прывілей атрымаў Віцебск у 1531 г. і Мeнск у 1633 г.[3]

Павелічэнне рамесніцкага насельніцтва ў гарадах абумоўлена яшчэ і такой гістарычнай з’явай, як юрыдыкі — пасяленні гарадскога тыпу, што былі ў прыватнай уласнасці царкоўных ці свецкіх феадалаў і адначасова знаходзіліся ў межах тэрыторыі, на якую распаўсюджвалася па лакацыйным пры­вілеі падведамаснасць магістрату, і якія складалі разам з горадам адзіны сацыяльна–эканамічны комплекс[4]. Рамеснікі, што пастаянна пражывалі ў юрыдыках, не мелі значнай адасобленасці ад рамеснікаў, якія жылі непасрэдна на гарадской тэрыторыі і падпарадкоўваліся статутам рамесных цэхаў[5].

Цэхі — прафесійныя аб’яднанні рамеснікаў — упершыню згадваюцца ў ХV ст. Да сярэдзіны ХVI ст. на Беларусі яны не мелі такой назвы: у Берасці, Гародні, Менску і Віцебску яны называліся „брацтва“, у Полацку і Магілёве — „староствы“. З канца ХVI і ў першай палове ХVII ст. гэтыя старыя назвы сталі паўсюдна замяняцца назваю „цэх“[6].

Па гісторыі полацкага рамяства існуюць урыўкавыя звесткі. Вядома, што ў 1601 г. у горадзе ўзніклі два цэхі. Адзін з іх аб’яднаў кавалёў, кацельнікаў, слесараў, мечнікаў і залатароў, другі — краўцоў. Кнігі запісаў Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага №№ 85 і 88 змяшчаюць два дакументы, што тычацца полацкіх рамеснікаў і датуюцца снежнем 1605 г. Паводле першага з іх (прывілею) можна прыйсці да высновы, што 8 жніўня 1601 г. (даты даюцца па арыгіналах) полацкія кавалі, катляры, слесары, мечнікі, залатары, краўцы, кушняры, шаўцы і іншыя рамеснікі прасілі вызначыць парадак для „брацтва их“, які „з немецка цехом называють“. Другі дакумент называецца „Порадок цеховый ремесником в Полоцку“ і адрасаваны пераважна рамеснікам, якія спецыялізаваліся на металаапрацоўцы, а таксама краўцам, кушнярам, шапачнікам, гарбарам, злотнікам[7].

У 1619 г. шапачнікі і кушняры вылучыліся з аб’яднанага цэха і стварылі самастойны. С цягам часу да гэтага ж цэха далучыліся скурнікі і краўцы. Аднак у 1726 г. цэх кушняроў, шапачнікаў і краўцоў зноў падзяліўся. З яго складу вы­йшлі краўцы, якія стварылі самастойны цэх. З сярэдзіны і да канца ХVII ст. у Полацку стварыліся 6 новых цэхаў: цырульнікаў (1642 г.), ганчароў, печнікоў, муляраў і цагельнікаў (1643 г.), мяс­нікоў (1672 г.), скурнікаў і кушняроў (1683 г.). З 1640 г. стаў вядомым самастойны цэх чабатароў, а з 1677 г. — кавальскі і слесарскі цэх[8].

Па падліках Зіновія Капыскага, якія ён прызнаваў далёка не поўнымі, у 1650 г. у Полацку налічвалася 43 прафесіі[9]. Параўноўваючы свае падлікі з дадзенымі перапісу рамеснікаў Полацка па інвентары 1654 г., які складаўся рускімі ўладамі, даследчык падлічыў, што інвентар указвае столькі ж прафесій, але сярод іх — 10 прафесій, невядомых па кнізе за 1650 г. З гэтага З.Ю. Капыскі зрабіў выснову, што агульная колькасць рамесных прафесій перавышала 50[10]. Але трэба адзначыць, што на самай справе колькасць рамесных прафесій па інвентары 1654 г. складае 63, з якіх толькі прадстаўнікі 31 былі ў наяўнасці на момант перапісу. Інвентар адзначыў 21 чабатара, 2 кавалі, 42 краўцы, 14 мяснікоў, 13 рыбакоў, 9 хлебнікаў, 19 цесляроў, 3 ганчары, 8 скурнікаў, па 11 халшчоўнікаў і лямачнікаў, па 9 калеснікаў і бровараў, 7 вінакураў, 6 фурманаў і г. д.[11] Гэтыя звесткі, безумоўна, далёка не поўныя, бо пера­піс­чыкам з пункту гледжання фіскала не было неабходнасці ў дакладнай рэгістрацыі рамеснікаў, таму яны не ўказвалі заняткаў многіх гараджанаў. Акрамя таго, як правіла, не ўлічваліся жыхары прыватнаўласніцкіх і царкоўных юрыдык; у перапісах указваліся толькі рамеснікі–домаўладальнікі без падмайстраў і вучняў, наяўнасць якіх у той час ужо не падлягае сумненню, бо існавалі цэхі.

Тым не менш інвентар адлюстроўвае катастрафічны стан, які склаўся ў беларускім рамястве пад час і пасля вайны 1654—67 г. Вялікая доля беларускіх рамеснікаў была вывезена ў Расійскую дзяржаву. Па дадзеных, што прыводзіць Лаўрэнцій Абэцэдарскі, у 1660 г. у Збройнай палаце Масквы працавалі 68 полацкіх і віцебскіх „серебренного и бронного, и ствольного, и замочного винтовальных пищалей, и ложевников, и токарного, столярного, и загомистрельского, и каретного, и замочного дела к светлицам“ майстроў і іх вучняў. У маскоўскай мяшчанскай слабадзе па дадзеных перапісной кнігі 1676 г. знаходзілася 412 уладальнікаў двароў і 75 бяз­дворных мяшчан, выхадцаў з Беларусі[12]. У Маскву трапіў полацкі аптэкар Станіслаў Рыдліцкі, які па дакументах рускіх прыказаў праходзіў як Іван Міхайлаў[13].

Як другі фактар скарачэння рамеснага люду варта адзначыць таксама ад’езд многіх рамеснікаў у ліку насельніцтва, якое ўцякала ад вайны „ў Літву і Інфлянты“. Адток рамеснікаў у 1654 г. быў даволі моцны. Можна меркаваць, што ён быў калі не раўназначны, то прыблізна дасягаў колькасці вывезеных у Маскву. Акты магістрацкай кнігі за 1656—57 г. ускосна сведчаць пра ад’езд рамеснікаў, членаў іх сямей. Напрыклад, тэкст тастамента ганчара Лаўрына Бялкоўскага сведчыць, што яго старэйшы сын Пётр адсутнічаў у Полацку пад час смерці бацькі[14]. „Цікавым“ у дачыненні да гэтай з’явы выглядае тлумачэнне яе А.П. Ігнаценкам, які, прыводзячы лічбы інвентара 1654 г., калі пры 910 пустых і 782 заселеных дварах у горадзе было 1719 душаў мужчынскага полу, адзначыў: „Их владельцы ушли из города, спасаясь от грабежей польских и швед­ских солдат“[15]. Дакументы нашай актавай кнігі красамоўна сведчаць, што пакутавалі палачане ад шведаў і войскаў Рэчы Паспалітай ужо „в збегах“, а ўцякалі з горада ў свой час менавіта ад „вызваліцеляў“[16].

Цікавы дакумент, які адлюстроўвае адзін з бакоў гэтай праблемы, — вырак магістрацкага суда па справе полацкіх мяшчан Фёдара Пестуна з Гаўрылам Бутаком пра 30 локцяў тканіны (гл. дак. №1). Ф. Пястун даў Г. Бутаку ў м. Дубмуйжы, дзе яны „посполу по збеженю од рати праведного г(осу)д(а)ря, ц(а)ря с Полоцка мешкали“, 30 талек (загатовак) нітак для вырабу тканіны, абяцаючы заплаціць па 3 польскія асьмакі за локаць. Бутак зрабіў 30 локцяў тканіны, але яны ніяк не маглі разлічыцца. Пад час разгляду справы Бутак быў у Полацку, але жыў ужо у м. Ілукшце ў Інфлянтах, куды і прасіў пры­слаць грошы за тканіну[17]. Дакумент сведчыць пра тое, што выезд рамеснікаў быў спланаваным і рыхтаваўся загадзя. Рамеснікі вывозілі з сабой вытворчае абсталяванне і на іншым месцы працягвалі працу, пазбягаючы вяртання ў Полацк, ва ўсялякім выпадку, на сталае месца жыхарства, ва ўмовах вядзення баявых дзеянняў. Акрамя таго, дакумент цікавы ў аспекце вывучэння гісторыі грашовага звароту. Прысуджаная магістратам сума выплаты за выраб 30 локцяў тканіны (3 польскія злотыя) і адсутнасць паведамлення пра ўключэнне ў яе якога–небудзь штрафу дазваляе зра­біць наступныя падлікі: 30 локцяўЧ3 польскія асьмакі=90 асьмакоў=3 польскія злотыя=90 польскіх грошаў. Адсюль можна зрабіць выснову, што польскі асьмак быў роўны польскаму грошу.

4 іншыя дакументы, што прапануюцца чытачу ніжэй, адлюстроўваюць розныя з’явы, якія назіраліся ў Полацку часоў вайны 1654—67 г. і тычыліся гісторыі рамяства.

Дакумент №2 уяўляе з сябе запіс пра прыняцце старастамі слесарскага і кавальскага цэхаў прысягі на 7165 (1656—57) г. Яго змест дазваляе меркаваць, што ўжо ў гэтым годзе існаваў асобны цэх слесараў і кавалёў, выдзяленне якога А.П.Іг­наценка адносіў да 1677 г. (гл. вышэй).

Дакумент №3 з’яўляецца копіяй акта з адпаведным фармулярам, які існаваў асобна і быў выдадзены дзісенскаму мешчаніну Аляксею Гарасімавічу, які доўгі час працаваў катляром у полацкага рамесніка Івана Каспаравіча Шышкі. Дакумент дае разгорнутую гісторыю станаўлення новага рамесніка ў спецыфічных умовах сярэднявечнай вытворчасці. Ён таксама ставіць пытанні наконт існавання асобнага цэху слесараў і кавалёў у Полацку ў 1656—57 г.: тэкст называе цэх яшчэ і катлярскім і мечніцкім, згадвае чатырох старастаў, з якіх двое названыя ў дакуменце №1.

Дакумент №4 уяўляе з сябе пратакол разгляду ў магістраце справы пра крадзёж кавальскіх прыладаў, што былі схаваныя ад рускіх войскаў пад час уцёкаў у 1654 г., і вырак па ёй.

Дакумент №5 цікавы найперш тым, што не толькі паведамляе пра факт прыняцця прысягі на слясарскае рамесніцтва полацкім мешчанінам Рыгорам Леставіцкім, але і падае змест прысягі.

Мы спадзяемся, што дакументы, якія прапануюцца ўвазе даследчыкаў, будуць каштоўнымі для вывучэння гісторыі рамесніцтва не толькі Полацка ХVII ст., але і ўсёй Беларусі гэтага перыяду.


[1] Клименко Ф.В. Западнорусские цехи ХVI—ХVIII вв. Киев, 1914.
[2] Игнатенко А.П. Ремесленное производство в городах Белоруссии в ХVII—ХVIII вв.  Минск, 1963.
[3] Тамсама. С.7.
[4] Карпачев А.М. Феодальные юридики в королевских городах Белоруссии ХVII—ХVIII веков. // Советское славяноведение. 1968. № 6. С. 37.
[5] Игнатенко А.П. Назв. пр. С. 37—39.
[6] Тамсама. С.28.
[7] Галубовiч В.У. Дакументы па гiсторыi Полацка ў кнiгах запiсаў Мет­рыкi Вялiкага княства Лiтоўскага першай трэцi ХVII стагоддзя // Симе­он Полоцкий: мировоззрение, общественно–политическая деятельность / Материалы Международной научной конференции. Полоцк, 1999. С. 50—51.
[8] Паводле дадзеных А. Ігнаценкі — Игнатенко А.П. Назв. пр. С. 32.
[9] Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в ХVI — первой половине ХVII в. Минск, 1966. С. 78. — Падлiк пра­водзiўся па матэрыялах актавай кнiгi полацкага магiстрату за 1650 г.
[10] Тамсама. С. 78.
[11] Дадзеныя iнвентару 1654 г. прыводзяцца паводле таблiцы, апуб­лiкаванай А.Ігнаценкам. — Игнатенко А.П. Назв. пр. С. 9—10.
[12] Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве ХVII в. Минск, 1957. С.19.
[13] Русско–белорусские связи: Сб. док. (1570—1667) / Отв. ред. Л.С. Абецедарский, М.А. Волков. Минск, 1963. С.308—311 (Дак. №№ 285—288). — Лекар прыгадваў у сваёй чалабітнай, што яго ў Полацку „разорили без остатку“. У актавай кнізе полацкага магістрату за 1656—1657 гг. захавалася скарга яго жонкі Раіны пра незаконныя дзеянні бурмістра Кузьмы Наумовіча. — Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі (далей — НГАБ), ф.1823, воп.1, спр.1, арк.53. Жанчына адзначала, што яе муж „взято с Полоцка на послуги наяснейшог(о) цара ег(о) м(ило)сти аптекарские до места столечног(о) царског(о) величества столицы“.
[14] Тамсама, арк.451.
[15] Игнатенко А.П. Борьба белорусского народа за воссоединение с Россией (вторая половина ХVII—ХVIII вв.) Минск, 1974. С.13.
[16] Гл.: „Под час небеспеченства од Москвы…“ (актавая кнiга полацкага магiстрату за 1656—1657 гг. як крынiца па вывучэнні вайны 1654—1667 гг.) // БГА. 1999. VI. Сш.1—2 (9—10). С. 202—221.
[17] Тамсама, арк.143—143 адв.

Дадатак

Пры транслітарацыі тэкстаў у аснову пакладзены прынцып палітарнай іх перадачы. Разам з тым тэксты адаптаваныя сучасным алфавітам. Графічнае абазначэнне літар, што выйшлі з ужытку, замененае сучасным, акрамя выпадкаў ужывання „ѯ“, „ѣ“. Тэксты падзелены на словы і сказы, цітлы раскрытыя, вынасныя літары і склады ўстаўленыя ў радок і пададзеныя курсівам. Прапушчаныя літары ў словах пад цітламі адноўлены з улікам асаблівасцяў правапісу старабеларускай мовы і заключаныя ў круглыя дужкі. Устаўкі ад аўтара ўзятыя ў квадратныя дужкі і агаворваюцца ў палеаграфічных падрадковых заўвагах. Цвёрды знак захаваны ўсюды. Вынасная літара (паерык) у выглядзе „ç“ перададзеная курсіўным „й“, акрамя выпадкаў яе ўжывання напрыканцы слоў адзіночнага ліку і ў слове „маистрат“. Дыграф „кг“ захаваны. Загалоўныя ініцыяльныя літары не адзначаюцца. Канцы рукапісных радкоў адзначаныя вертыкальнай рыскай „|“, канец аркушаў адзначаны дзвюма рыскамі „//“. Нумары аркушаў рукапісу ўключаныя ў тэкст. Пасля знака заканчэння аркуша „//“ у квадратных дужках курсівам набіраецца нумар наступнага аркуша. Відавочныя апіскі выпраўленыя па сэнсе і тыпічным фармуляры і агаворваюцца ў палеаграфічных падрадковых заўвагах. Знакі прыпынку расстаўлены ў адпаведнасці з сучаснымі правіламі пунктуацыі. Тэксты дакументаў падзеленыя на абзацы паводле прынцыпу тэматычна і граматычна закончанага раздзела і ў адпаведнасці з фармулярам. Выраз „пазнейшы запіс“ азначае, што перад адзначанай часткай тэксту ёсць паметка пісара аб заканчэнні справавання акта ў выглядзе „mnpp“, ці гэты ўрывак выразна адрозніваецца ад папярэдняга тэксту колерам ці насычанасцю чарніла.

№ 1. Вырак магістрату па справе полацкіх мяшчан Фёдара Пястуна з Гаўрылам Бутаком пра 30 локцяў палатна ад 7 студзеня 1657 г.

222. 17165 1. М(есе)ца 2генъвара 2 семого дня.

Д е к р е т ъ  в  с п р а в е  Ф е д о р а  П е с т у н а | з ъ  Г а в- р ы л о ю  Б у т а к о м ъ  о  с о р о к л о к т и й п о л о т н а . |

Б(о)жю м(и)л(о)стю г(осу)д(а)ря, ц(а)ря и великого князя Алексея Михайловича, | Всея Великия, Малыя и Белыя Россыи самодержца и обладателя. |

Перед нами, бурмистрами, райцами и лавниками места царского ве|личества Полоцъкого, того року на справахъ судовых в ратушу Полоцъ|комъ заседаючыми.

Постановивъшысе очевисто, мещанин места | Полоцкого Федор Пестун жаловал на мещанина того ж места Полоцкого | Гаврылу Бутака, ткача, о неодданье собе сорока локтий полотна, на ко|торое дал ему нитей сорок талек у Дубъмуйжы, где посполу по збеженю | од рати праведного г(осу)д(а)ря, ц(а)ря с Полоцка мешкали. А обецал, дей 3, ему | од кождого локтя за роботу заплатить по тре смаки польскихъ. |

О што будучы он, Гавърыло Бутак, очевисто на день сегоднешний че|резъ слугу врадового меского Гарасима Сахонова заказаный, | постановившысе, поведил.

Ижъ, дей, не сорок, але трыдцать талек нитей | он, Федор Пестун, мне на зробене полотна дал, яко ж я и уробил ему, | а он у мене не выкуповал, и по сес час тое полотно пры мне в мес|течъку Илукште, где на сес час перемешкиваю, зоставаеть. Ко|торое полотно готовъ ему за оказыею слушною в Полоцокъ | прыслать, нехай мне тепер за роботу оного од кожъдого локтя | по тры 4 осмаки 5 заплатить, альбо теж брату моему Федору | Бутаку, который в Полоцку мешкаеть, оддасть.

На што иж акътор | [поз]волил 6.

Мы, врад, наказали есмо 7ему, Гаврыле 7 Бутаку, тое полотно | трыдцать локтий на Запусты Масленые, в року теперешнемъ блиско | наступуючые, въ 8 Полоцокъ помененому Федору Пестуну прыслать. //[143 адв.] А он, Пестун, маеть брату его, Федору Бутаку, тры золотых 9 | полскихъ за роботу его полотна отъдать.

Што про паметь есть|до книг мескихъ полоцъких запи­сано.|

НГАБ, ф.1823, воп.1, спр.1, арк.143—143 адв.

1—1 лічбы абведзены іншым чарнілам.

2—2 іншым чарнілам почыркам II паверх паўзмытага генвара.

3 де паверх змытага іншым чарнілам.

4 ы паверх раней напісанага іншым чарнілам.

5 о ўпісана пазней іншым чарнілам.

6 у аркушы прабіта дзірка, страчаныя літары даюцца па сэнсе.

7—7 іншым чарнілам почыркам II паверх змытай часткі радка.

8 ъ упісаны іншым чарнілам почыркам II.

9 у ркп. голотых, выпраўлена па сэнсе.

№ 2. Паведамленне пра выкананне прысягі на стараства слесарскага і кавальскага цэха Сямёнам Гаўлоўскім і Панкратам —яўлевічам ад 12 верасня 1656 г.

30. 7165. М(есе)ца сеньтебра дванадцатог(о) дня.

В ы к о н а н ь е  п р ы| с е г и  н а  с т а р о с т в о  ц е х у  с л е- с а р с к о г (о)  и  к о в а л с к о г (о)  п р е з | С е м е н а  К г а в- л о в с к о г (о)  и  П а н к р а т а  И е в л е в и ч а . |

Б(о)жю м(и)л(о)стю г(осу)д(а)ря, ц(а)ря и великог(о) кн(я)зя Алексея Михайлови|ча, Всея Великия, Малыя и Белыя Россыи самодержца и обла|дателя.

Перед нами, бурмистрами, райцами и лавниками | места царског(о) величества Полоцкого, того року на справах судо|вых в ратушу Полоцъком заседаючыми.

Постановившысе | перед нами и прышодшы до нас в ратушу, вси ремесники цеху | слесарског(о) и ковалског(о) просили, абы подлуг звычаю и дав|ного порадку старостове до того це­ху их, от них згодне обра|ные, прысегу на врад свой выконали.

Яко ж мещане полоц|кие Семен Василевич Кгавловский и Панкрат Иевлевич, слесары, | од них на тот врад обраные, звычайную прысегу водлуг науки | правное перед нами, врадом, за позволеньем нашым выконали | и старостами цеху своег(о) на тот рок 7165 зостали.

Што про | паметь до книг меских полоцъких записано. |

НГАБ, ф.1823, воп.1, спр.1, арк.14 адв.

№ 3. Заява полацкага катляра Івана Каспаравіча Шышкі, а таксама старастаў слесарскага, кавальскага, катлярскага і мечніцкага цэха пра вызваленне з цэху дзісенскага мешчаніна і катляра Аляксея Гарасімавіча ад 21 лютага 1657 г.

378. 7165. М(есе)ца февраля двадцать первого дня.

С о з н а н е  с т а р о с т ц е х у  с л е с а р с к о г (о) | и  к о т- л я р с к о г о  п о л о ц к о г о  и  и н н ы х р е м е с н и к о в ц е- х у  и х ,  и ж А л е к с е й Г а р а с и м о| в и ч ,  к о т л я р ,  е с т в ы с л у ж о н ы м в  т о м р е м е с л е  к о т л я р с к о м  и  с ц е- х у  и х в ы з в о л е н ы й . |

1Бурмистры 1, райцы и лавники места царского величества Полоцкого, сего року | на справах судовых в ратушу Полоцкомъ заседаючые 2.

Чыним 3 ведомо | и ознаймуемъ тым нашым врадовым листом всим вобец и кождому зособна, | кому бы о том ведати належало.

Иж за потребованемъ и жоданем меща|нина дисеньского Алексея Гарасимовича, котлера, ставшы перед нами | очевисто в ратушу Полоцкомъ на мейсцу звыклом судовым, мещанин полоц|кий Иван Касперович Шышка, котляр, устне под прысегою водлугъ науки права | майдебурского в голос сознал в тые слова.

Иж помененый Алексей Гарасимович, | мещанин дисеньский, зашодшы до места Полоцкого еще з молодых лет своих, | служыл 4 ему, Ивану Шышце, през год десет нерозделне, учечысе ремесла котлярског(о). | То ест прыстал, дей, до него на тую службу в тисеча шестсот сорок втором году и слу|жыл за хлопца, не одставаючы и нигде не одходечы, през год сем. А потом | за его, Ивана Шышки, залеценем зъ цеху котлярского вызволеный, зоставшы, | робил у него ж, Ивана Шышки, на варстате вжо за товарыша годы тры, и, у него ж | будучы, за ег(о) промоцыею оженилсе. А оженившысе и мало што змешкавшы | у Полоцку, и з жоною своею до места Дисеньског(о) на мешкане отехал.

А до того, | постановившысе теж очевисто перед нами, врадом, мещане теж полоцкие | а старостове сегорочные цеху полоцкого слесарского, ковалского, кот|лярского и мечницкого, то ест два их: Максим Зенькович 5, зекгармистр, и Апанас | Лукашевич, ковал, а пры них и иншые ремесники цеху их а мещане теж | полоцкие Панкрат Иевлевич, слесар, и Сымонъ Васильевичъ Кгавловский, //[232 адв.] мечникъ, сами от себе и именьем всего цеху своег(о) тое сознане помененог(о) | Ивана Шышки яко слушное и правдивое потвердившы, тако ж под сумненем и под пры|сегою доброволне сознали, же тот Алексей Гарасимович по верном и цнотливом | у помененог(о) Ивана Шышки выслуженю и того ремесла котлярского нау|ченю за згодою всее брати цеховое полоцкое, яко ремесник добрый и выс|лужоный есть с цеху котлярског(о) вызволеный.

Которого такового, под пры|сегою през вышпомененых особъ учыненого, сознаня мы, маистрат, | выслухавшы, абы того Алексея Гарасимовича везде за почстивого | чоловека и за доброг(о), вызволеног(о) с цеху ремесника мели, для потом|ного веку за потребованемъ его, казавшы до книг нашых меских полоцких | записат, даем тое наше тестимониумъ с печатю упрывилеваною 6 мес|кою ратушнею и с подписом руки писара нашег(о) меского полоцкого.

Писан | у Полоцку, дня двадцат первого февраля, тисеча шестсот пятдесятъ семог(о) | году. 7Выпис выдано 7. |

НГАБ, ф.1823, воп.1, спр.1, арк.232—232 адв.

1—1 іншым чарнілам почыркам II паверх змытага.

2 е іншым чарнілам почыркам II паверх змытага.

3 ч іншым чарнілам почыркам II паверх змытага.

4 л іншым чарнілам паверх змытага.

5 нь паверх змытага іншым чарнілам.

6 н паверх змытага іншым чарнілам.

7—7 пазнейшы запіс.

№ 4. Вырак магістрату па справе мешчаніна Барыса Дарафеевіча і яго жонкі з мешчанінам Аляксеем Федаровічам пра кавальскі варштат ад 15 чэрвеня 1657 г.

678. 165. М(есе)ца июня петнадцатог(о) дня.

Д е к р е т в  с п р а в е  Б о р ы с а  Д о р о ф е е| в и ч а  и  ж о н ы  е г (о)  з ъ  А л е ѯ ѣ е м Ф е д о р о в и ч о м о  в а р -с т а т к о в а л с к и й . |

Б[(о)жю] 1 м(и)л(о)стю г(осу)д(а)ря ц(а)ря и великог(о) кн(я)зя Алеѯѣя Михайлови|ча, Всея Великия и Малыя и Белыя Россыи самодержца | и обладателя.

Перед нами, Филипом Кособуцким а Кузьмою | Наумовичом, бурмистрами, и перед нами, райцами и лавниками | места царског(о) величества Полоцкого, того року на справах судо|вых в ратушу Полоцком заседаючыми.

Постановившысе очеви|сто, мещанин места Полоцког(о) Борыс Дорофеевич и жона его жаловали //[456 адв.] на мещанина того ж места Полоцкого Алеѯѣя Федоровича | о то.

Ижъ, дей, онъ, Алеѯѣй, выбрал зъ земли весь варстат ко|валский, который они, уходечы од рати праведног(о) г(осу)д(а)ря ц(а)ря, | в лесе закопали были, опроч толко меха не было, а то весь | варстат схован был. А у него, Алеѯѣя Федоровича, по|казалосе лице, то ест кавадло ковалское, власне с того | схову вынятое.

О што будучы он, Алеѯѣй Федорович, | очевисто на день сегоднешний через слугу врадовог(о) меског(о) | Ивана Шлю­бовског(о) заказаный, постановившысе, пове|дил.

Ижъ, дей, я тое кавадло купил за золотых чотыры полских | у сельског(о) мужыка перед Иваном котелником и перед Гар|батым. А болей того ничого не куповалом.

Мы теды, врад, | наказали есмо одного Ивана котляра, яко чоловека, | веры годного, ку сознаню на день третий поставить. |

Якожъ кгды на день петнадцатый м(есе)ца июня ж был за|казаный, ставшы, сознал.

Иж, дей, тое кавадло мужык селский | у Гарбатог(о) заставил, а Алеѯѣй, прышодшы до нег(о), за золо|тых чотыры старговал.

По которомъ сознаню его поз|ваный Алеѯѣй Федорович поведил.

Ижъ, дей, жона ег(о), Борыса | Дорофеевича, мужыка тог(о) 2 добре знаеть, кгды ж, дей, до | мене з ним два разы прыходила строны тог(о) кавад|ла.

До чого иж тая жона Борысова зналасе.

Мы, вряд, | позваног(о) Алеѯѣя Федоровича од тое жалобы их волног(о) | учынили, а им, актором, до самого истца, хто тое ковад|ло продал, поневаш ег(о) знають и ведають, волное пра|во заховали. Альбо теж, если для ближшой згоды | похочуть, волно ему, Борысу Дорофеевичу, и жоне ег(о) | золотых чотыры тому Алеѯѣю Федоровичу отдать | а собе ковадло взять.

Што все про паметь естъ | до книг меских полоцких записано. |

НГАБ, ф.1823, воп.1, спр.1, арк.456—456 адв.

1 у аркушы прабіта дзірка, страчаныя літары даюцца па фармуляры.

2 т паверх змытага.

№ 5. Паведамленне пра выкананне прысягі на слесарскае рамяство полацкім мешчанінам Рыгорам Леставіцкім ад 17 ліпеня 1657 г.

732. 7165. М(е)с(я)ца июля семнадцатого дня.

В ы к о н а н ь е  п р ы с е| г и  п р е з Г р ы г о р я  Л е с т а- в и ц к о г о  н а  с л е с а р с к о е  р е м е с л о . |

Б(о)жю м(и)л(о)стю г(осу)д(а)ря ц(а)ря и великого кн(я)зя Алексея | Михайловича, Всея Великия и Малыя и Белыя | Россыи самодержца и обладателя.

Перед нами, Фи|липом Кособуцким а Кузьмою Наумовичом, бурмистрами, | и перед нами, райцами и лавниками места царского | величества Полоцъкого, того року на справах судовых | в ратушу Полоцъком заседаючыми.

Постановив|шысе очевисто, мещанинъ места Полоцкого | Грыгорей Леставицъкий, 1слесар 1, пры бытности старост и всее | братьи цеху слесарского, за их сполною зъгодою | будучы до цеху слесарского прынятый, водлуг | звычаю и науки правное прысегу в ратушы | на тое ремесло слесарское выконалъ и братом | ровным всим слесаром цеховым зостал.

А прысегнул, | ижъ маеть в ремесле своим верне и справедливе за|ховатисе и тое ремесло без ошуканины робить | и продавать або за плату брать маеть побожне | ровною ценою такъ богатому, яко и убогому, | а старшых тежъ цеховых в пошанованью меть | и ихъ послушонъ быть маеть и повиненъ | будеть.

Которое таковое выконанье тое пры|сеги през вышъпомененого Грыгоря Леставицкого, | слесара, ест до книг меских полоцъких записано. |

НГАБ, ф.1823, воп.1, спр.1, арк. 491.

1—1 над радком.

Наверх

Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 3 (2002), Вып. 4 (2003) (Віталь Галубовіч)

Снежня 7, 2003 |

Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 3. / Рэд. кал.: Р.П. ПЛАТОНАЎ (гал. рэд.) і інш. Мінск: БелНДІДАС, 2002. 276 с.; Вып. 4. / Рэд. кал.: У.І. АДАМУШКА і інш. Мінск: БелНДІДАС, 2003. 356 с.

У 2002 і 2003 г. свет пабачылі два новыя выпускі „Беларускага археаграфічнага штогодніка“, які, пачаўшы існаванне толькі ў 2000 г., ужо знайшоў свайго сталага чытача. Трэці выпуск выйшаў яшчэ пад рэдакцыяй прафесара Р.П. Платонава, а ў чацвёртым галоўнага рэдактара ўвогуле няма. Можна адзначыць змены і ў складзе рэдакцыйнай калегіі: у апошнім БАШы ў ёй не стала М. Сташкевіча і В. Чамярыцкага, а папоўнілася калегія гарадзенскім гісторыкам Дз. Каравым. Структура БАШа пасля адыходу галоўнага рэдактара не змянілася.

Цэнтральны раздзел трэцяга выпуска БАШа, прысвечаны археаграфіі, укамплектаваны 11 артыкуламі. У большасці тэкстаў даследчыкі раскрываюць канкрэтныя праблемы, але разам з тым некаторыя з іх можна аб’яднаць пад агульнай тэмай — гісторыя беларускай археаграфіі. Сюды можна аднесці матэрыял М. Шумейкі „Деятельность археографической комиссии Белкомархива в 2000—2001 г. и перспективы её развития“, дзе аўтар, улічыўшы ўкраінскі і расійскі досвед, скептычна паставіўся да перспектываў развіцця археаграфіі ў галоўным навуковым асяродку Беларусі — Нацыянальнай Акадэміі навук, акрэсліў зробленае Архіўнай камісіяй і абгрунтаваў слушнасць і плённасць яе існавання пры Дзяржкамархіве. Разглядаюцца ў артыкуле і апошнія дасягненні беларускай навукі ў галіне выдання і вывучэння архіўнай спадчыны. Тут жа адзначым, што больш дэталёва і крытычна напрацоўкі беларускіх археографаў вывучаюцца ў артыкуле Ю. Несцяровіча „Некаторыя пытанні археаграфічнай культуры беларускіх дакументальных выданняў другой паловы 1990–х гадоў“. М. Нікалаеў публікуе метадычныя рэкамендацыі па апісанні рукапісных кніг, складзеныя знакамітым беларускім археографам І. Грыгаровічам у 1821 г., а В. Голубеў — агляд найбольш цікавых матэрыялаў па палітычнай і сацыяльна–эканамічнай гісторыі Беларусі з „Скарбніцы грамат“ І. Даніловіча. Змяшчаюцца таксама два новыя дакументы па археаграфічнай працы У. Пічэты і яго аспірантаў (1929 г.).

Параўнанне беларускай і літоўскай публікацыі „Успамінаў“ Ф. Еўлашоўскага, зробленае У. Свяжынскім для трэцяга выпуску штогодніка, дало аўтару падставы прызнаць „пэўны прагрэс літоўскага выдання“. Сп. Свяжынскі мог бы згадаць імя гісторыка Даруса Вілімаса, які рыхтаваў літоўскі пераклад, тым больш што Д. Вілімас шчыльна супрацоўнічае з беларускімі калегамі.

Уласны досвед археаграфічнай працы прэзентуецца ў публікацыі А. Грушы „З вопыту падрыхтоўкі да выдання кнігі Метрыкі ВКЛ 44 (1559—1566)“ і М. Спірыдонава „Населённые пункты в географических указателях публикаций источников Великого Княжества Литовского XVI в.“.

З чатырох матэрыялаў, змешчаных у раздзеле „Археаграфія“, якія ўвайшлі ў апошні выпуск БАШа, адзначым артыкул М. Шумейкі, прысвечаны гісторыі Метрыкі ВКЛ у 20–я гады мінулага стагоддзя, агляд Л. Міхайлоўскай публікацый „Хронікі“ Б. Вапоўскага і працу Л. Малыхіна, які аналізуе апублікаваныя матэрыялы па гісторыі Літоўска–Беларускай ССР.

Тэарэтычным праблемам археаграфіі ў трэцім і чацвёртым БАШы прысвечаны два артыкулы: І. Глебава „Археография как компонент общественной культуры“ і Ю. Несцяровіч „Аб’ект і прадмет археаграфіі“.

Другі раздзел БАШа называецца „Архівазнаўства і архіўная справа“ (у трэцім выпуску, а ў чацвёртым проста — „Архі­вазнаўства“) і ўтрымлівае адпаведна па 4 публікацыі ў кожным томе. З ліку змешчаных матэрыялаў належыць найперш вылучыць працяг публікацыі апісанняў дакументаў з фондаў Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі, распачатай Г. Брэгерам і Л. Лінскай у другім БАШы. На гэты раз да­следчыкі прапанавалі апісанне дакументаў па гісторыі маёнтка Замошша Менскага ваяводства, якія адносяцца да другой паловы XVIII ст. (Вып. 3), а таксама зрабілі агляд спраў за XVI—XIX ст. з невядомага фрагмента былога Нясвіжскага архіва Радзівілаў, у тым ліку матэрыялаў з архіва Кішкаў, Слуцкага княства, Койданаўскага графства, Радзівілаўскай камісіі і г.д. (Вып. 4). У апошнім БАШы заслугоўвае ўвагі спроба В. Івановай сістэматызаваць справы з калекцыі Грыгаровічаў, што захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве–музеі літаратуры і мастацтва. Аўтарка апрацавала не ўвесь комплекс матэрыялаў (118 адз. зах.), а толькі найбольш каштоўную частку гэтай калекцыі, якая характарызуе жыццёвы шлях і дзейнасць пратаіерэя І. Грыгаровіча (51 адз. зах.).

У двух выпусках БАШа крыніцазнаўчай праблематыцы прысвечана шэсць артыкулаў: чатыры ў трэцім і два ў чацвёртым. Сярод змешчаных у трэцім выпуску можна вылучыць працы А. Кіштымава і Н. Леўчыца. Так, А. Кіштымаў акрэсліў беларусіку з фонда Румянцавых у Расійскай дзяржаўнай бібліятэцы, а Н. Леўчык у сваёй працы звярнуўся да гісторыі абнаўленчай царквы на Беларусі ў 1922—1935 г. Крыніца­знаўчы раздзел чацвёртага штогодніка складаецца з разбору асаблівасцяў адлюстравання Нямецкага ордэна на старонках беларуска–літоўскіх летапісаў Г. Сагановічам і агляду крыніц па гісторыі вайны 1812 г. на Беларусі Л. Лісавай.

Тэксталагічны блок матэрыялаў штогодніка невялікі. Яго складаюць тры публікацыі: апісанне рукапісаў —  „Пралога“ XVI ст. (В. Галко) і Скруткаў Торы (А. Цітавец), а таксама нарысу па гісторыі правілаў складання лістоў у часы Сярэднявечча і Рэнесансу (І. Клімаў).

Сфрагістыка і геральдыка прадстаўлена ў штогодніках наступным чынам: А. Палягайлаў па матэрыялах Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва Ўкраіны зрабіў агляд пячатак беларускіх судова–адміністрацыйных устаноў XVI—XIX ст. (Вып. 3), С. Расадзін прасачыў эвалюцыю герба Горадні (Вып. 3), Р. Жаўняркевіч даследаваў у кантэксце гісторыі канфесій пячаткі рэлігійных устаноў Беларусі часоў нямецкай акупацыі 1941—1944 г. (Вып. 4).

Раздзел „З гісторыі дзяржаўных устаноў“ прапануе пазнаёміцца з артыкулам І. Мацяш „М.В. Довнар–Запольский и архивное образование на Украине“ (Вып. 3), які дапаўняе ўжо раней апублікаваныя працы[1], даследаваннем І. Шпілеўскай пра станаўленне і асаблівасці справаводства канцылярыі менскага губернатара (Вып. 4), працай А. Лашкевіча пра вайскова–цывільную адміністрацыю Менскай губерніі ў час паў­стання 1863—1864 г. (Вып. 4), нарысам гісторыі Гомельскай губерні (1919—1926 г.), падрыхтаваным А. Карасёвым (Вып. 4). Незразумела толькі, якое дачыненне да гісторыі дзяржаўных устаноў мае змешчаная ў дадзеным раздзеле праца М. Ялін­скай пра маёмаснае і службовае становішча на Беларусі шляхты заходнееўрапейскага паходжання (Вып. 4).

У раздзеле „Постаці“ галоўнае месца адведзена асобе А. Кіркора. Для трэцяга выпуску штогодніка грунтоўную біяграфію беларускага гісторыка і этнографа падрыхтаваў Г. Кісялёў, які ў рэзюмэ да свайго артыкула адзначыў, што „сёння на Беларусі амаль не засталося матэрыяльных памятак, звязаных з Кіркорам“ (163). Працягам тэмы ў чацвёртым БАШы з’яўляецца артыкул З. Яцкевіча „Радавод А.Г. Кіркора ў святле новых архіўных дакументаў“. Даследчык узнаўляе падрабязнасці гісторыі роду А. Кіркора пачынаючы з XVI ст. Новыя дакументы пра А. Кіркора выяўлены З. Яцкевічам у фондзе Магілёўскай рыма–каталіцкай кансісторыі. Так, напрыклад, тут захаваліся звесткі пра сапраўдную дату хросту А. Кіркора — 14 студзеня 1819 г. (па новым стылі 26 студзеня). Сярод іншых артыкулаў у раздзеле можна адзначыць нарыс жыцця магілёўскага гісторыка і археографа М. Гартынскага, складзены З. Яцкевічам (Вып. 3).

Агляд замежных архіўных крыніц на старонках БАШа да­дзены ў артыкулах С. Новікава і А. Зубко. Першага зацікавілі розныя аспекты гаспадарчай палітыкі немцаў на Беларусі ў 1941—1944 г. Аналіз пабудаваны на аснове справаздачы былога камісара Глыбоцкай акругі Паўля Гахмана. Украінская даследчыца ў сваю чаргу прадставіла агляд спраў па гісторыі беларускага руху ў 1917—1930–х г. з фондаў Цэнтральнага дзяржаўнага архіва вышэйшых органаў улады і кіравання Ўкраіны. Галоўным чынам гэта дакументы пра дзейнасць БНР і беларускую эміграцыю ў Празе.

Раздзел „Дакументальныя публікацыі“ ўкамплектаваны самымі разнастайнымі матэрыяламі па тэматыцы і храналогіі. Як і ў папярэдніх двух выпусках, яны складаюцца з аўтарскай прадмовы–каментара і публікацыі тэксту. У трэцім выпуску БАШа З. Яцкевіч друкуе прывілей на ўрад каралеў­скага сакратара, датаваны 1661 г., У. Ракішэвіч — урыўкі з прамовы вядомага беларускага палітыка К. Дуж–Душэўскага „Беларуска–літоўскія адносіны і справа акупаваных Поль­шчай зямель“ (Коўна, 1927), С. Кубека — дакументы па гісторыі партызанскага руху ў Беларусі ў 1942 г. з нацыянальнай калекцыі „Александрыйскія мікрафільмы“. У чацвёртым выпуску БАШа заслугоўвае ўвагі публікацыя А. Жлуткам у ары­гінале і ўпершыню на беларускай мове 17 дакументаў папаў Інацэнта IV, Аляксандра IV і Клімента IV часоў Міндоўга. У гэтым жа выпуску Г. Кісялёў друкуе 10 лістоў А. Ельскага да Ю.І. Крашэўскага, а С. Міхальчанка — 24 лісты М. Доўнара–Запольскага да С. Мельгунова. Ужо традыцыйнымі для БАШа сталі дакументальныя матэрыялы Я. Ані­шчанкі, прысвечаныя па­дзеям паўстання 1794 г., а таксама прывілеі з Метрыкі ВКЛ, падрыхтаваныя В. Мянжынскім і Ю. Несцяровічам. Таксама ў абодвух выпусках друкуецца раней невядомае шырокаму чытачу ліставанне паміж Я. Маўрам і Я. Коласам за 1941—1943 г., падрыхтаванае да друку Л. Балынінай і Т. Кекелевай.

БАШ — выданне спецыфічнае, разлічанае на вузкае кола спецыялістаў, да таго ж мае абмежаваны наклад (100 асобнікаў). Рэдакцыйная калегія, відаць, памылкова лічыць, што чытачам не патрэбная інфармацыя пра аўтараў публікацый у штогодніку. Думаецца, такое выданне павінна змяшчаць больш дадзеных пра даследчыкаў.

Наваполацк

Віталь Галубовіч


[1] Даследчык гісторыі трох народаў: М.В.Доўнар–Запольскі: Зборнік навуковых артыкулаў і дакументаў. Гомель—Рэчыца, 2000. C. 89—93, 188—201.

Аляксандр Груша. Невядомая грамата Фёдара Карыятавіча 1391 г.

Снежня 25, 2001 |


У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі (НГАБ) захоўваецца грамата, якая ўяўляе сабой пацвярджальны ліст ад 20 чэрвеня 1391 г. гаспадара Падольскай зямлі Фёдара Карыятавіча прывілеяў Канстанціна і Фёдара Карыятавічаў вернаму слугу Грыньку на горад Сакалец і Збынаў паток з сёламі[1] (з правам «садзіць» людзей на р. Русаве ў трох месцах), а таксама дароўнага цешчы Грынькі, княгіні Андрыянавай Вейніцкай[2], на шэраг сёл «у деднину и в вотнину». Гэтая грамата да апошняга часу не была вядомая даследчыкам. У той жа час яна з’яўляецца адной з найбольш рэпрэзентатыўных крыніц па гісторыі Падолля XIV ст., матэрыял якой дазваляе зрабіць шэраг важных высноў і назіранняў.

У першую чаргу, звесткі граматы даюць магчымасць удакладніць час пачатку ўкняжання ў Падоллі Фёдара Карыятавіча. Дагэтуль лічылася, што Фёдар стаў княжыць у Падоллі ў перыяд з 19 верасня 1388 г. да 1 ліпеня 1392 г.[3] З нашай граматы вынікае, што Фёдар Карыятавіч быў гаспадаром Падольскай зямлі ўжо 20 чэрвеня 1391 г.

Грамата каштоўная тым, што фіксуе наяўнасць у Падольскай зямлі ў канцы XIV ст. буйнога вотчыннага някняжацкага землеўладання. У той час, як баярства зямель, якія непасрэдна належалі Ягайлу і Скіргайлу, мела яшчэ нязначныя па сваіх памерах уладанні, вызвалялася толькі ад паншчыны (прывілеем 1387 г.) і абавязвалася выконваць гарадавую і дарожную павіннасці, падольскі «землянин» Грынька за сваю верную службу атрымліваў вялізную Сакалецкую воласць (межы якой даходзілі да р. Канелы — на захад ад Звянігарада) з усімі яе даходамі (вінамі, перасудамі, мытамі, данінай), з вызваленнем ад павіннасцяў рамантаваць «ветошные» гарады, даваць падводы і вазіць павозы (за выключэннем людзей Гніларудчан, якія павінны былі дапамагаць даваць падводы і вазіць павозы).

Пералікі даходаў, якія перадаваліся Грыньку, павіннасцяў, ад якіх ён вызваляўся і якія замацоўваліся за ім (хадзіць на вайну і на пагоню, удзельнічаць у будаўніцтве гарадоў у Падоллі і непрыяцельскай зямлі, даваць даніну на татар[4], «поднимать» паслоў) могуць служыць матэрыялам для вывучэння плацяжоў і павіннасцяў наогул усёй Падольскай зямлі XIV ст.

Уяўляе цікавасць сведчанне граматы 1391 г. аб наяўнасці пры Фёдары (Фёдары і Канстанціне) кола набліжаных асоб — рады, яе кампетэнцыі і асаблівасцях працэдуры перадачы ўладанняў («передо всею… радою и с нашею (г. зн. гаспадарскай — А. Г.) волею»), а таксама звесткі пра службовых асоб — ваявод і дзецкіх.

Вялікае значэнне мае грамата і ў вывучэнні гістарычнай геаграфіі, генеалогіі і гісторыі землеўладання Падолля. У ёй змешчаны межы Сакалецкай воласці і даецца пералік памежных населеных пунктаў (якія, быць можа, уваходзілі ў склад Сакалецкай воласці), а таксама тых, якія былі нададзены Грыньку да Сакальца і належалі цешчы Грынькі — княгіні Андрыянавай Вейніцкай. Магчыма, некаторыя з іх згаданы ўпершыню. На жаль, адсутнасць у каталогах беларускіх бібліятэк тома па Вінніцкай вобласці з серыі «Гісторыя гарадоў і сёлаў Украінскай ССР» не дазваляе пацвердзіць гэта. У грамаце 1391 г. пералічаны сведкі, якія прысутнічалі пры акце пацвярджэння (ці выдачы граматы). Мянушкі некаторых з іх — Бакоцкі («Бакотьский»), Скяпецкі («Скепецьский»), Шумоскі («Шюмозкий») (як і мянушка цешчы Грынькі — Вейніцкая) — сведчаць аб іх непасрэдных ці былых уладаннях.

Але найбольш змястоўны матэрыял пра самога Грыньку. Супастаўляючы яго са звесткамі іншых крыніц, можна аднавіць асобныя старонкі яго біяграфіі. 7 лістапада (ці 7 лютага — па іншым спісе) 1374 г. пры князі Юрыі Карыятавічы (загінуў у 1374—1375 г.[5]) і яго браце Аляксандры (загінуў, верагодна, у пачатку 1382 г.[6]) Грынька — чырвонаградскі ваявода[7]. 17 сакавіка 1375 г. пры Аляксандры і Барысе Карыятавічах ён займае пасаду падольскага старасты[8]. Пасля смерці Барыса (1386—1388 г.[9]) Грынька, згодна з граматай 1391 г., знаходзіўся на службе ў Канстанціна і Фёдара Карыятавічаў, якія надалі яму Сакалец, а да Сакальца — Збынаў паток з сёламі Глінянцам, Варанавіцай, Прылукам і Іллінцамі, ператварыўшы Грыньку ў магутнага землеўладальніка. Граматай 1391 г. Фёдар як гаспадар Падольскай зямлі пацвердзіў наданне, а таксама дарунак цешчы Грынькі, княгіні Андрыянавай Вейніцкай, на сёлы Мікулінцы, Летыню, Ванячын, Дзешкаўцы, Стражэўку. Усё гэта гаворыць аб нейкіх вялікіх яго заслугах перад Карыятаві чамі і аб прызнанні гэтых заслуг братамі. У дадзенай сувязі падаецца дзіўным, што будучы ў 1375 г. падольскім старостам, г. зн. другой асобай пасля братоў-суправіцеляў, да 1391 г. Грынька не займаў ніводнай пасады. Наўрад ці апошняе было вынікам нейкай няміласці да яго з боку Канстанціна і Фёдара (ці толькі аднаго Фёдара). Пацвярджэнне Грынькавай выслугі сведчыць аб адваротным. Відавочна, Грынька добраахвотна зняў з сабе пасаду, і не выключана, па прычыне старасці (верагодна таксама і тое, што ў дадзенай грамаце, наогул, не абазначаюцца пасады службовых асоб. Цяжка дапусціць, што з 12 сведкаў, якія пералічаны ў дакуменце, ніхто не займаў ніякіх пасад).

Пасля заняцця Падолля Вітаўтам у 1393 г. і ўцёкаў Фёдара Карыятавіча ў Закарпацце Грынька, відавочна, заставаўся на Падоллі. Ва ўсякім выпадку, у 1401 г. ён выступіў як адзін са сведкаў у даравальнай грамаце Свідрыгайлы дамініканскаму кляштару Св. Мікалая ў Камянцы на с. Зубраўцы[10]. Апошнія звесткі пра Грыньку адносяцца да 19 кастрычніка 1404 г., калі ён быў засведчаны як адзiн з суддзяў у «выраку» па цяжбе паміж каралём польскiм Уладыславам-Ягайлам, з аднаго боку, i Ядзвігай Осцiнай Пілецкай i яе дачкой Альжбетай, з iншага, з-за воласці Залессе і «Тычин место» Саноцкай зямлі[11]. Калі прыняць, што ў 1391 г. Грынька быў ужо чалавекам сталага веку, можна меркаваць, што неўзабаве ён памёр.

Цяжка што-небудзь сказаць пра лёс уладанняў Грынькі пры Вітаўце. Па сведчанні беларуска-літоўскіх летапісаў, захапіўшы Сакалец, Вітаўт пасадзіў там свайго старасту, а каля 1395 г. — паводле Мацея Стрыйкоўскага — перадаў яго Дзмітрыю-Карыбуту Альгердавічу[12]. Калі меркаваць па гэтых дадзеных, Сакалец быў канфіскаваны ў Грынькі. Наўрад ці ён быў вернуты Свідрыгайлам, князем падольскім у 1400—1402 гг. (што тым не менш не перашкаджала Грыньку ў 1401 і 1404 гг. называцца «de Sokolecz» ці «Сакалецкім»[13]). Магчыма, разам з Сакальцом Грынька страціў і некаторыя сёлы, якія былі запісаны яму цешчай Андрыянавай Вейніцкай. Ёсць звесткі, што адным з іх — Мікулінцамі — ужо пры Вітаўце распараджаўся нейкі Багдан Мікулінскі[14] (калі, канешне, ён не быў сынам Грынькі). Вядома таксама, што пры вялікім князю Казіміры ў 40—50-х г. XV ст. былі раздадзены Іллінцы[15], Дашаў (Дашаўцы)[16], Летыня (Летын)[17].

Дадзеных пра дзяцей Грынькі не захавалася. Можна меркаваць, што адным з яго сыноў быў згаданы вышэй Багдан Мікулінскі, хоць пацвердзіць гэта не ўдаецца.

Вось тое, што вядома пра Грыньку, і тое, што можна сказаць пра грамату 1391 г. як гістарычную крыніцу на падставе пакуль толькі даволі павярхоўных назіранняў. Рэальная ацэнка граматы як крыніцы адбудзецца тады, калі яе матэрыял будзе выкарыстаны пры глыбокім комплексным даследаванні Падольскай зямлі XIV—XV ст. У любым выпадку, галоўная значнасць граматы заключаецца ў тым, што яна папаўняе калекцыю арыгінальных дакументаў па гісторыі Украіны гэтага часу. Нарэшце, нельга не згадаць, што яна з’яўляецца самым старажытным дакументам Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі.

Прынцыпы перадачы тэксту, навуковы і навукова-да ведачны апарат дакумента. У загалоўку пасля назвы разнавіднасцяў дакумента прыводзіцца яго саманазва (у дужках і двукоссі). Пры абазначэнні разнавіднасці дакументаў, якія пацвярджаліся, выкарыстоўваецца тэрміналогія граматы («прывілеі»). Пры перадачы тэксту захоўваюцца «от», «яць», «юс малы», «е ётаванае», «амега», астатнія літары замяняюцца на фанетычна адпаведныя літары сучаснага алфавіта. Кропкі над літарамі не ўзнаўляюцца. Вялікая літара «В», якая стаіць у пачатку тэксту, вылучана тлустым шрыфтам. Тэматычна і граматычна закончаныя раздзелы вылучаюцца абзацам. Знакі прыпынку расстаўляюцца ў адпаведнасці з правіламі пунктуацыі сучаснай мовы. Вынасныя надрадковыя літары ўстаўляюцца ў радок і перадаюцца курсівам. Прапушчаныя літары ў скарочаных пад цітлай словах аднаўляюцца з улікам правапісу стараўкраінскай мовы і заключаюцца ў круглыя дужкі. Літарнае абазначэнне лічбаў перадаецца арабскімі лічбамі. Канец радка рукапісу абазначаецца прамой рысай. Пры ідэнтыфікацыі і лакалізацыі названых у грамаце населеных пунктаў выкарыстоўваліся матэрыялы даследаванняў Нікандра Малчаноўскага[18] і Мацея Любаўскага[19], а таксама навукова-гістарычная карта Падольскай зямлі Н. Малчаноўскага[20], карта Падолля Пампея Бацюшкава[21] і адміністрацыйная карта сучаснай Украіны[22]. Прынятыя скарачэнні: вол. — воласць, гор. — горад, нап. — напісана, поч. — почырк, ркп. — рукапіс, с. — сяло, сс. — сёлы, чрнл. — чарнiла, ц. — царква, ц-р — цэнтр, у. — уезд.

[1] Праўда, на першы погляд, удзел Канстанціна і Фёдара ў наданні Грыньку Сакальца можа быць пастаўлены пад сумненне. Паводле прамых дадзеных граматы Сакалец, сапраўды, быў дараваны Грыньку Канстанцінам і Фёдарам («…и дали ѥсмы ѥму с нашимъ братом со кнѧзем с Костѧнтиномъ за ѥго вѣрную службу городъ Соколець… »). Але так сказана толькі ў адным месцы. У іншым — двойчы сцвярджаецца, што прывілей на Сакалец быў выдадзены «старшею братьею» («А то свѣдчимы симъ листом, што жь панъ Гринько привильѧ имѣлъ ѿ нашеи старшеѣ братьи на тотъ город на Соколець и на татъ села, што оу семъ листѣ напсано стоить, ажь пакъ по грѣху городъ ѥму с тыми привильи сгорѣлъ, а мы пак ѥму того потвердили и покрѣпили симъ нашим привильѥмъ и дали ѥсмы ѥму на то своѧ такаѧ жь привильѧ, как и ѿ нашеи старшеи братьи имѣлъ»). Аднак відавочна, пад «старшею братьею» Фёдар у сваёй грамаце разумее толькі аднаго Канстанціна, падобна да таго, як сябе ён называе — «мы». У пэўнай ступені здзіўляе адсутнасць у апошнім працытава ным фрагменце вызначэння, што прывілей быў выдадзены і ад Фёдара. Можна дапусціць, што Фёдар як малодшы брат быў па сваім становішчы ніжэй за Канстанціна. У гэтай сувязі характэрна, што ў грамаце папярэднікаў Канстанціна і Фёдара, братоў-суправіцеляў Юрыя і Аляксандра, за 1374 г. з тытулам князя і гаспадара Падольскай зямлі выступае толькі адзін старэйшы Юрый (Молчановский Н. Очерк известий о Подольской земле до 1434 года. (Преимуществен но по летописям). Киев, [1885]. C. 208). У той жа час, згодна з граматай Сакалец быў нададзены Грыньку так, «как братья наша (Канстанцін — А. Г.) и мы (Фёдар Карыятавіч — А. Г.) имѣли». Значыць, валодалі браты Сакальцом на аднолькавых правах. Хутчэй за ўсё, тут мы маем справу з нядбайнасцю пісара, які, складаючы дакумент, у лік суб’ектаў даравання памылкова не дапісаў Фёдара. Апошняе пацвярджаец ца і тым, што ў адпаведнасці з граматай, Збынаў паток з сёламі прыдалі Грыньку да Сакальца сумесна Канстанцін і Фёдар.
[2] У грамаце не сказана, што Андрыянавая Вейніцкая аформіла свой дарунак пісьмова, адзначаецца толькі, што яна «оуздала» Грыньку і сваім дзецям сёлы «перед нами и передо всею нашею радою и с нашею волею». Але аб наяўнасці дароўнага можна меркаваць.
[3] Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. Poznań-Wrocław, 1999. S. 179.
[4] Што гаворка ў грамаце 1391 г. ідзе менавіта пра даніну на татар, якая вядома па дакументах 1375, 1392 і 1401 гг. (Грамоти XIV ст. / Упорядкування, вступна стаття, коментарi i словники-покажчики М. М. Пещак. Київ, 1974. C. 50; Молчановский Н. Очерк известий о Подольской земле… С.226, 267) — гэта толькі наша меркаванне. Рэч у тым, што ў тэксце яна вызначаецца як даніна «на мь», прычым ва ўсіх трох выпадках «на мь» напісана на падчышчаным. Данінай на князя даніна «на мь» быць не можа, паколькі вышэй сказана, што Сакалец быў нададзены Грыньку з данінай. Не зразумела, аднак, кім, калі і па якой прычыне азначэнне «дань в татары» было сцёрта, а «на мь» запісана. Па палеаграфічных асаблівасцях графіка «на мь» блізкая да графікі астатняга тэксту граматы (гл. легенду дакумента).
[5] Тęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 168—169.
[6] Тамсама. S. 175.
[7] Молчановский Н. Очерк известий о Подольской земле… C. 209.
[8] Грамоти XIV ст. C. 50.
[9] Тęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedyminowiczów. S. 179.
[10] Молчановский Н. Очерк известий о Подольской земле… C. 267.
[11] Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографическою комиссиею. Т. 1: 1361—1598. СПб., 1863. С. 5.
[12] Молчановский Н. Очерк известий о Подольской земле… C. 135, 248.
[13] Тамсама C. 314; АЮЗР. С. 5.
[14] Молчановский Н. Очерк известий о Подольской земле… C. 321.
[15] Литовская Метрика. Отд. 1. Ч. 1: Книги записей. Т. 1 // Русская историческая библиотека, издаваемая Императорскою Археографи ческою комиссиею. Т. 27. СПб, 1910. Стб. 90.
[16] Тамсама.
[17] Тамсама. Стб. 111.
[18] Молчановский Н. Очерк известий о Подольской земле…
[19] Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско-русского государства ко времени издания первого Литовского статута. Москва, 1892. С. 263—264.
[20] Молчановский Н. Карта Подольской земли // Яго ж. Очерк известий о Подольской земле…
[21] Батюшков П. Н. Карта Подолии // Яго ж. Подолия: Историческое описание. СПб., 1891.
[22] Украïна. Оглядова мапа (1:1000000). Киïв, 1994.

1391 г. чэрвеня 20. Смотрыч. — Пацвярджальны ліст («прывілей») гаспадара Падольскай зямлі Фёдара Карыятавіча прывілеяў Канстанціна і Фёдара Карыятавічаў вернаму слузе Грыньку на гор. Сакалец (з межамі ўладанняў) і Збынаў паток з сс. Глінянцам, Варанавіцай, Прылукам, Іллінцамі (з правам «садзіць» людзей на р. Русаве ў трох месцах) і дароўнага цешчы Грынькі княгіні Андрыянавай Вейніцкай (Веініцкай) на сс. Мікулінцы, Летыню, Ванячын, Дзешкаўцы, Стражэўку «у деднину и в вотнину»

Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі. Ф. 147 («Мінская злучаная палата крымінальнага і грамадзянскага суда Міністэрства юстыцыі, г. Мінск, Мінская губ.»). Воп. 2. Спр. 178 («Дакументы кн. Радзівілаў па справе аб размежаванні маёнтка Лаўрышава Навагрудскага у. Пергамінныя граматы 1391, 1400 гг. і інш. інвентары» (sic)). Арк. 581. Арыгінал, пергамін (жоўтага колеру), 37, 4×24, 5. (Пергамін быў складзены і мае 2 гарызантальныя і 4 вертыкальныя лініі згіну (без уліку згіну ніжняга краю граматы). Ніжні край граматы сагнуты і прымацаваны тоўстым шаўковым шнурам, выплеценым з чырвоных і зялёных нітак. Пячатка адсутнічае). Паўустаў. («В» мае ламаныя петлі з вузкімі і зменшанымі ўпадзінамі паміж імі. «Е» узнаўляецца ў выглядзе паўкружжа з язычком управа. «З» нагадвае лацінскую «z». «И» пішацца з касой перакладзінай пасярэдзіне, сустракаецца і прамая. «Н» перадаецца з касой перакладзінай, якая ідзе ад самага верху левай мачты, але не даходзіць да самага нізу правай мачты. «ω» мае высокую сярэдзіну. Сустракаецца невыразнае аднабаковае «ч». «Т», «ъ» і «ѣ» маюць падоўжаныя загіны, якія даходзяць да сярэдзіны літары ці наогул не даходзяць да яе. У літарах «ю» і «h» перакладзіна праходзіць пасярэдзіне. Цітла пішацца ў выглядзе прамой гарызантальнай лініі без загнутых краёў або такой жа лініі з трыма перпендыкулярнымі рыскамі ці кропкамі. У літары «ы» «ь» з «ётай» злучаны рыскай, якая праходзіць пасярэдзіне. У словах «на мь» літары «а», «м», «ь» напісаны ва ўсіх трох выпадках аднолькава, «н» мае тры розныя варыянты: а) калі перакладзіна ідзе ад самага верху левай мачты і заканчваецца вышэй сярэдзіны правай мачты; б) калі перакладзіна ідзе ад самага верху левай мачты і заканчваецца за сярэдзіну правай мачты; в) калі перакладзіна ідзе ад сярэдзіны левай мачты і заканчваецца самым нізам правай мачты. Асаблівасцю графікі рукапісу з’яўляецца наяўнасць у літарах «п», «т», «ъ», «ы» (на «ь»), «ѣ» (на каромысле) і інш. навесікаў з левага боку, а таксама заходзячых пераважна ўправа ніжніх гарызантальных ліній у літарах «б», «в», «д», «ц», «ъ», «ь» і інш.).

Паметкi:

На адвароце —

1) Зверху, пасярэдзіне: Na Sokoliecz kupno wiecznie (XVIII ст.).

2) Ніжэй інш. поч.: Danina kniaziow Fiodora y Konstantego Korya(a нап. пa bu інш. поч. інш. чрнл.)towiczow dziedzicow y hospodarow Podolskiey źiemie horodca Socola Hrynkowi za iego werne sіuzby datt przed narodzeniem Jana Swęt(ego) Krzciciela roku 1391 (XVIII ст.).

3) Ніжэй за апошні радок папярэдняга запісу: 16 (XVIII ст.).

4) Унізе, ніжэй за папярэдні запіс выцвілымі чрнл. інш. поч. (запіс неразборлівы).

5) Унізе, ніжэй за папярэдні запіс выцвілымі чрнл. інш. поч. (запіс неразборлівы).

6) Злева перпендыкулярна інш. поч.: Horodziec Sokole (XVIII ст.).

7) Справа перпендыкулярна: Ф. 147, оп. 2, д. 178 (л. 581) (XX ст.) (нап. па аналагічным запісе, які зроблены простым алоўкам).

Во имb О(т)цb и С(ы)на и С(вѧ)т(а)гоa Д(у)ха. Аминь.

Мы, кнѧз Федоръ Корьѧтович1, Б(о)жьею м(и)л(о)стью дѣдичь и господарь Подольскои земли, чинимы свѣдочно | симъ листомъ всѧкому доброму, кто жь на сесь листъ посмотри т или оуслышит его чтучы.

Ажъ оузрѣвши и познавши наша старѣ|ишаѧ братьѧ, кнѧз Костѧнтинъ2, и мы, кнѧзь Федоръ, пана Гринькову вѣрною службу, нашего вѣрног(о) слугы, ажъ вѣрно послужилъ иb нашои | братьи, и намъ и дали ѥсмы ѥму с нашимъ братом со кнѧзем с Костѧнтиномъ за ѥго вѣрную службу городъ Соколець3 оу дѣднину и въ вотни|ну и дѣтем ѥго, и ѥго послѣдкомъ и съ селы, и съ данью, и съ винами, и съ суды, и съ пересуды, и съ мыты, и со всѣмъ, и с тымъ правомъ, как | братья наша и мы имѣли. А то свѣдчимы симъ листом, што жь панъ Гринько привильѧ имѣлъ ѿ нашеи старшеѣ братьи на тотъ город | на Соколець и на татъc села, што оу семъ листѣ напсано стоить, ажь пакъ по грѣху городъ ѥму с тыми привильи сгорѣлъ, а мы пак | ѥму того потвердили и покрѣпили симъ нашим привильѥмъ и дали ѥсмы ѥму на то своѧ такаѧ жь привильѧ, как и ѿ нашеи старшеиd | братьи имѣлъ. А дали ѥсмы ѥму границю к тому городу к Сокольцю: ѿ Чжюнькова4 доловъ Росью по оустьѥ Малоѣ Торчьцѣ, а ѿ | Плискова5 доловъ Роскою ажь до оустьѧ, а ѿ верха Кропивноѣ ажь до оустьѧ, а ѿ оустьѧ Кропивноѣ доловъ Богомъ ажь до оусть | Cобу, а ѿ Дашевцовъ6 доловъ Собомъ ажь до оустьѧ Собу, а ѿ Звинигоро да7 дали ѥсмы ѥму границю ажь по Конелыи. И со всѣми | и с тыми потокы, што в тыe рѣкы текуть, и со всѣми и с тыми селы, што по тымъ рѣкам сѣдѧть и по тыхъ потокохъ, и съ лѣсы, | и с поли, и съ дубровами, и со всѣми с тыми вжиткы, што к тому прислушаеть.

А к тои к Соколецьскои волости придала ѥму наша старь|шаѧ братьѧ и мы Збыновъ потокъ весь ѿ верха ажь до оустьѧ а село Глинѧнець8, а Вороновицю9, а Прилукъ10, а Ильиньцѣ11, а на рѣцѣ | на Русавѣ дали ѥсмы ѥму в трехъ мѣстѣхъ люди садит. А также теща ѥго кнѧгини Андриѧнова ѧ Вѣиницьска ѧ оуздала пану | Гринькови и своимъ дѣтем своѧ села перед нами и передо всею нашею радою и с нашею волею на имѧf: село Микулиньцѣ12, Лѣтыню13, Во|нѧчинъ14, Дешковцѣ15, Стрѣжевку16, и со всѣмъ с тымъ, што к тому прислушаѥть — то также ѥму вѣчно ѥсть и ѥго послѣдко м. А то все | дали ѥсмы пану Гринькови и ѥго дѣтем и с тым жь правомъ, как и Соколецьскую волость.

А такожь и то дали ѥсмы пану Гринькови, | коли поидеть ѿ него за иного ѥго ч(о)л(о)в(е)къ, тогды имѣѥть панъ Гринько взѧти на своѥмъ ч(о)л(о)вѣцѣ земльскоѥ право 4 гривны, а па|на Гриньковы м людем не надобѣ поити ни на ωдну на нашю роботу: ани городовъ нашихъ ветошныхъ не потверживати, ани подвод | давати, ани повоза возити, одно ѥго люде Гнилорудчане17 имѣють помочи повоза возити и подводы давати, коли сѧ пригодит, | а также то коли будем новыи город рубити оу своеи земли или в неприѧтѣл скои, тогды панъ Гринько имѣеть нам помочи и съ сво|ими людми того города рубити. Иже то, што жь коли имуть вси землѧне дань давати g-на мь-g или посла поднимат, то пана | Гринькови люде также имѣють дань дати g-на мь-g и посла поднимати, пакли быхомъ коли тоѣ дани g-на мь-g не дали, а cо|бѣ ю имали, тогды панъ Гринько также имѣеть собѣ взѧти ту дань на своихъ людех, а лише того оу пана Гриньковы не надоб(е) | нам сѧ въступати, ани нашим воѥводам на ѥго люди дѣцког(о) слати, развѣ пана Гринька же суть ѥго люде. А и с того панъ Гринько | и ѥго дѣти, и ѥго послѣдци имѣють нам и нашим дѣтем, и нашим послѣдко м везде вѣрно послужити: и на воину, и на погоню, какъ и вси | землѧне и остати при Подольскои земли подлѣ послѣдковъ нашихъ по нашом животѣ. А пакли бы пану Гринькови не любилосѧ | бы ѥму в нас служит, тогды панъ Гринько можеть тотъ городъ Соколець и то все своѥ выслужѣнье, што ж на семъ листѣ напсан(о) , | ѥсть волно ему в том: можеть продати, заставити и на см(е)ртнои постели ѿдати кому жь хочет с нашею волею, доложив сѧ нас, своег(о) | г(о)с(по)д(а)р ѧ, съ отпущеньемъ, поклонивс ѧ, можеть ити куды хочет.

А тому всему на крѣпость и на свѣдочство, и на потвержѣнье за|вѣсили ѥсмы печать нашег(о) кнѧзства к сему листу.

А свѣдци на то: панъ Немирѧ Бакотьскии18, Янушко Скѣпецьскии, Михаило | Процевичь19, Павелъ Ступич20, Печь Шюмозкии, панъ Рогозка21, панъ Бедришко22, Ходко Вѣрозубъ, панъ Вышко Толъстыи, Ходько | Чемеревич23, панъ Прокопъ24, Пашко Васнович.

А писалъ листъ кнѧжии писарь Аньдрѣи Морхына, по Б(о)жьѥмъ нароженьи 1000 лѣт | и 300 лѣтъ девѧносто первого лѣта, оу городѣ оу Смотричи, м(е)с(е)цѧ июнѧ въ 20 д(е)нь, в первыи вт(о)рн(и)къ передъ Р(о)жствомъ С(вя)то|го Ивана Кр(е)ст(ите)л ѧ Б(о)жьего.

Палеаграфічныя заўвагі: a о нап. невыразна, можна прачытаць як а; b нап. над радком; c так у ркп., трэба чытаць тые; d и нап. над радком; e так у ркп., трэба чытаць тые; f ѧ з-за загіну ркп. не чытаецца; устаўлена па сэнсу; g—g нап. на падчышчаным больш буйным поч.

[1] Фёдар Карыятавіч — як вынікае з граматы Канстанціна і Фёдара Карыятавічаў слугу Няміру на гор. Бакоту, ужо 19 верасня 1388 г. — суправіцель Канстанціна ў Падольскай зямлі. Гэта, у прыватнасці, абвяргае дадзеныя беларуска-літоўскіх летапісаў, паводле якіх Фёдар прыбыў на Падолле толькі пасля смерці сваіх братоў Юрыя, Аляксандра і Канстанціна. Гаспадар Падольскай зямлі ўжо 20 чэрвеня 1391 г. Магчыма, яго суправіцелем з’яўляўся малодшы брат Васіль. Быў пазбаўлены Падолля Вітаўтам у 1393 г. і ўцёк у Закарпацце, дзе валодаў Мукачавам. Беспаспяхова спрабаваў авалодаць Падольскай зямлёй у 1402 г. Памёр пасля 9 чэрвеня 1409 г. і да 9 лістапада 1416 г. Меў дачок Анушку (Ганну?) і Марыю.
[2] Канстанцін Карыятавіч — князяваў у Падольскай зямлі сумесна з братам Барысам, верагодна, ужо з пачатку 1382 г. 17 красавіка 1385 г. выдаў прывілей кракаўскім мяшчанам на вольны гандаль з Падольскай зямлёй. Пасля 4 сакавіка 1386 г. і да 19 верасня 1388 г. — гаспадар Падольскай зямлі. Памёр паміж 19 верасня 1388 г. і 20 чэрвеня 1391 г. Пакінуў сыноў Грыцку, Глеба, Васіля (да гэтага і папярэдняга каментарыя гл.: Молчановский Н. Очерк известий о Подольской земле… С. 196—202, 220—227; Wolff J. Kniaziowe Litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895. S. 177—178; Puzyna J. Korjat i Korjatowicze // Ateneum Wileński. 1930. R. 7. Z. 3—4. S. 441—446; Krakowski S. Korjatowicze i sprawa podolska w XIV w. w oswietlieniu ѥistoriografii polskiej // Ateneuѿ Wileсski. 1938. R. 13. Z. 1. S. 250—274; Tęgowski J. Pierwsze pokolenia Giedymiczów. S. 177—187).
[3] Соколец — цяпер Сакалец (Сокілець) Няміраўскага р-на Вінніцкай вобл.
[4] Чжюньков — цяпер Дзюнькаў (Дзюньків) Паграбішчанскага р-на Вінніцкай вобл.
[5] Плисков — цяпер Пліскаў (Плисків) Паграбішчанскага р-на Вінніцкай вобл.
[6] Дашевцы — цяпер Дашаў (Дашів) Іллініцкага р-на Вініцкай вобл.
[7] Звинигород — цяпер Звянігародка (Звенигородка), ц-р р-на Чаркаскай вобл.
[8] Глинянец — не ідэнтыфікаваны. Магчыма — Глінск (Глинськ) Калінаўскага р-на Вінніцкай вобл.
[9] Вороновица — цяпер Варанавіца (Вороновиця) Вінніцкага р-на Вінніцкай вобл.
[10] Прилук — паводле Н. Малчаноўскага — Прылук у Ліпавецкім у. (на р. Дзясне, прытоку Паўднёвага Буга) (Молчановский Н. Очерк известий о Подольской земле… С. 72).
[11] Ильинцы — цяпер Iллінцы (Iллінці), ц-р р-на Вінніцкай вобл.
[12] Микулинцы — цяпер Мікулінцы (Микулинці) Ліцінскага р-на Вінніцкай вобл.
[13] Летыня — цяпер Ліцін (Літин), ц-р р-на Вінніцкай вобл.
[14] Вонячин — паводле М. К. Любаўскага — с. Сасонскай вол. на р. Згары (Любавский М. К. Областное деление и местное управление Литовско—русского государства…. С. 263).
[15] Дешковцы — цяпер Дашкаўцы (Дашківці) Ліцінскага р-на Вінніцкай вобл.
[16] Стрежевка — цяпер Стрыжаўка (Стрижавка) Вінніцкага р-на Вінніцкай вобл.
[17] люди Гнилорудчане (верагодна — Гнилые Руды) — не iдэнтыфiкаваны.
[18] Немиря Бакотьский — 19 верасня 1388 г. атрымаў ад Канстанцiна і Фёдара Карыятавічаў гор. Бакоту (Молчановский Н. Очерк известий о Подольской земле… С. 201; Леонтович Ф. И. Очерки истории Литовско-русского права: Образование территории Литовского государства. СПб., 1894. С. 370). 1 ліпеня 1392 г. выступае ў якасцi сведкі ў даравальнай грамаце Фёдара Карыятавіча слугу Бядрышку на сс. Сатэрмінцы (Шутармінцы), Алехаўцы, Клімінцы, Супранкоўцы (Молчановский Н. Очерк известий о Подольской земле… С. 225—226; 314).
[19] Михайло Процевич — 1 ліпеня 1392 г. названы ў якасці сведкі ў даравальнай грамаце Фёдара Карыятавіча слугу Бядрышку на сс. Сатэрмінцы (Шутармінцы), Алехаўцы, Клімінцы, Супранкоўцы (Молчановский Н. Очерк известий о Подольской земле… С. 225—226; 314). 19 кастрычніка 1404 г. фігуруе як адзін з суддзяў у «выраку» па цяжбе паміж каралём польскім Уладыславам-Ягайлам, з аднаго боку, і Ядзвігай Осцінай Пілецкай і яе дачкой Альжбетай, з іншага, з-за вол. Залессе і «Тычин место» Саноцкай зямлі (АЮЗР. С. 5).
[20] Павел Ступич — 1 ліпеня 1392 г. сустракаецца ў якасці сведкі ў даравальнай грамаце Фёдара Карыятавіча слугу Бядрышку на сс. Сатэрмінцы (Шутармінцы), Алехаўцы, Клімінцы, Супранкоўцы (Молчановс кий Н. Очерк известий о Подольской земле… С. 225—226; 314).
[21] Рогозка — 17 сакавіка 1375 г. як смотрыцкі ваявода прысутнічаў у якасці сведкі пры пацвярджэнні князем і гаспадаром Падольскай зямлі Аляксандрам Карыятавічам даравальнай граматы Юрыя Карыятавіча ц. Маці Божай у гор. Смотрычы на млын (Молчановский Н. Очерк известий о Подольской земле… С. 219—221; Грамоти XIV ст. С. 50).
[22] Бедришко — 1 ліпеня 1392 г. Фёдар Карыятавіч надаў Бядрышку сс. Сатэрмінцы (Шутармінцы), Алехаўцы, Клімінцы, Супранкоўцы (Молчановский Н. Очерк известий о Подольской земле… С. 225—226; 314). У 1414 г. (iндыкт 7, лютага 1) атрымаў ад вялікага князя літоўскага Вітаўта гарантыйную грамату, згодна з якой вялікі князь абавязваўся ў выпадку адняцця ці выкупу селішчаў Свалачыгачы і Верх-Балванца ў Смотрыцкай вол., якія знаходзіліся ў валоданні Бядрышкі, выплаціць яму 60 коп падольскіх паўгрошыкаў (Молчановский Н. Очерк известий о Подольской земле… С. 319; Грамоти XIV ст. С. 110, 112).
[23] Ходько Чемеревич («Ходко Чемерь») — у 1399 г. верны слуга Ходка Чэмярэвіч атрымаў ад польскага караля Уладыслава-Ягайлы с. Надзеева з прысёлкам Крапіўнікі «на веку веком» (Грамоти XIV ст. С. 142—143). 19 кастрычніка 1404 г. сустракаецца як адзін з суддзяў у «выраку» па цяжбе паміж Уладыславам-Ягайлам, з аднаго боку, і Ядзвігай Осцінай Пілецкай і яе дачкой Альжбетай, з іншага, з-за вол. Залессе і «Тычин место» Саноцкай зямлі (АЮЗР. С. 5).
[24] Прокоп — 17 сакавіка 1375 г. фігуруе як сведка ў пацвярджальнай грамаце князя і гаспадара Падольскай зямлі Аляксандра Карыятавіча даравальнай граматы князя Юрыя Карыятавіча ц. Маці Божай у гор. Смотрычы на млын (Молчановский Н. Очерк известий о Подольской земле… С. 219—221; Грамоти XIV ст. С. 50). Лічыць імя Пракоп другім імем Сямёнка Карабчэеўскага, які значыцца ў гэтай грамаце пасля Пракопа, як гэта робіць Н. Малчаноўскі, няма падстаў (Молчановс кий Н. Очерк известий о Подольской земле… С. 159, 222). Хутчэй за ўсё, пад гэтымі імёнамі выступаюць дзве розныя асобы.

Наверх

Генадзь Сагановіч. «Жаласны плач горада Полацка»

Снежня 24, 2001 |


Пра тое, што захоп Полацка маскоўскім царом 15 лютага 1563 г. быў і далёка ў Еўропе ўспрыняты як вялікая трагедыя і адлюстраваны ў многіх першых нямецкiх газетах (Zeitungen), або так званых «лятучых лiстках» (Flugblätter, Flugschriften), ужо неаднакроць пісалася і ў беларускіх выданнях[1]. Аднак, хоць цэлая група „лятучых лісткоў” прысвечана непасрэдна фрагменту ўласна беларускай гiсторыi, гэтыя вельмi iнфарматыўныя помнiкi, даўно даследаваныя нямецкiмі i польскiмі спецыялістамі[2], у беларускую гiстарыяграфiю толькі ўводзяцца.

Трагедыi найстарэйшага беларускага горада прысвечана агулам 10 асобных iнфармацыйных лiсткоў, якія пабачылі свет у 1563 г. у асноўным у гарадах Нюрнберг, Аўгсбург i Любек. Гэта восем друкаваных і дзве рукапiсныя «газеты». Цяпер іх арыгiналы захоўваюцца ў Бiблiятэцы герцага Аўгуста ў Вольфэнбютэль, у Цэнтральнай бібліятэцы Цюрыха (фонд Wickiana), у Нацыянальнай бібліятэцы ў Вене, у Расійскай нацыянальнай бiблiятэцы ў Санкт-Пецярбургу. Інфлянцкую вайну Iвана IV у цэлым i тагачасныя падзеi на тэрыторыі ВКЛ кранае, як вызначыў прафесар Андрэас Капэлер, каля 50 нямецкiх «лятучых лiсткоў», што выйшлі ў свет памiж 1561 i 1582 г[3]. Так што месца Полацка ў гэтай інфармацыйнай карціне асаблівае.

„Лятучы лісток” з назвай: «Вельмi страшная навіна пра Маскавiта…” — гэта вершаванае апавяданне пра полацкую трагедыю, напiсанае Ёганам Райнгардусам у Караляўцы непасрэдна пасля захопу Полацка маскоўскім царом. Як і большасць „лісткоў” пра Полацк, яно выйшла ў нюрнбергскай друкарнi Нiкласа Кнора ў 1563 г., а праз год было там жа перавыдадзена.

Галоўная частка паслання — вершаваны «Жаласны плач горада Полацка». У творы апавяданне вядзецца ад персаніфікаванага Полацка, i перажытая ім трагедыя трактуецца як справядлiвая Божая кара за яго грахi. Сярод маральных павучэнняў аўтар згадвае і рэальныя падзеi (такія, як вывад вялікага палону, разрабаванне горада і інш.).

Прапаную чытачам пераклад „Вельмі страшнай навіны пра Маскавіта…” на сучасную беларускую мову. Арыгінал помніка захоўваецца ў Цэнтральнай бібліятэцы Цюрыха. За яго копію шчыра дзякую прафесару Андрэасу Капэлеру (Вена). За дапамогу ў перакладзе са старанямецкай асабліва ўдзячны прафесару Паўлу Копаневу (Мінск), які, на жаль, нядаўна пакінуў гэты свет.

Міласціваму і найвучонаму Давыду,

майму сябру і дарагому брату

Эрфурцкі калегіум манахаў-аўгустынцаў

Божай міласцю і воляю Ісуса Хрыста

Дарагі мой браце,

У імя нашай братняй любові не магу не паведаміць табе пра новую жахлівую вестку, якая некалькі дзён таму прыйшла з Літвы, блізкай да Прусіі, а менавіта як Маскавіт сапраўды з вялікім войскам уварваўся ў згаданую зямлю і за кароткі час заваяваў і падпарадкаваў Полацк — высакародны купецкі горад і цвердзь. Там учыніў ён жахлівыя забойствы і тыранію. Гэткія пакуты Бог міласціва не адвёў ад Полацка. Падобнага нападу на нашую зямлю перад гэтым мы чакалі тут, у Прусіі. Пра пакуты, якія перажыў заваяваны Полацк, я склаў простыя вершы-плачы і перасылаю іх табе, просячы, каб ты і ўсе іншыя набожныя хрысціяне сардэчна памаліліся Богу, нашаму вернаму памочніку, каб Ён надалей быў літасцівы да нас, каб адводзіў заслужаную Божую кару ад нас, нікчэмных грэшнікаў, і як айцец наш духоўны праяўляў да нас міласэрнасць. Амінь. З гэтым усяго добрага табе. І суцеш нашага састарэлага бацьку.

Дадзена ў Караляўцы ў Прусіі ў святы дзень Дзевы Марыі,

у год 1563.

Т[вой]Л[любімы]Б[рат] Ёган Райнгардус

Вельмі страшная навіна пра Маскавіта, які некалькі дзён назад з дзікім тыранствам захапіў і падпарадкаваў Полацк — высакарод ны горад і фартэцыю Літоўскай зямлі ў Польскай Кароне.

Вершы-плачы,

складзеныя

Ёганам Райнгардусам з Гравінгеліума ў годзе 1563.

Жаласны плач горада Полацка

Палюбіў мяне Бог ўсім сэрцам

І быў літасцівы да мяне,

Даўшы цела мне і жыццё,

Мір у сэрцы падараваў.

Разумець адсюль трэба было —

Кожны Бога мусіў бы славіць.

Але я пагрэбаваў гэтым,

Дні іначай мае пацяклі —

У абжорстве і буйным п’янстве.

Ліхвяром я зрабіўся і скнарам,

Што распуснічаў і падманваў

Столькі, колькі сабе жадаў,

Не задумваўся нават ніколі,

Што сказаў бы пра гэта Бог.

З-за таго, што я каяўся мала,

У пакутах цяпер нязносных.

Апынуўся ў такім няшчасці,

Што і выказаць немагчыма.

І усё, што было маім тут,

Жорсткім ворагам адабрана.

Мая жонка у муках і дзеці,

І ўсе, хто ні быў са мною.

Перажыць тут усім давялося

Шмат вялікага гора і жалю!

Адным кроў праліваць прыйшлося,

Ды і іншым не больш шанцавала.

Ў ланцугі закаваных, многіх

Гоняць шляхам далёкім, цяжкім.

Быць сярод Маскавітаў — о не!

Ім нявольніцтва наканавана,

На іх цяжка глядзець, іх чакаюць

Там мучэнні, а потым і смерць.

А ты, фанабэрлівы грэшнік,

Бяссільны цяпер і прыніжаны.

Багацце тваё адабранае,

І ты ўжо яго не вернеш.

Каб Бог лепш наслаў на мяне чуму,

А потым вярнуў у свет гэты, —

Не быў бы я болей такім,

Так засмучаным доляй сваёю.

Бо цяпер столькі гора і смутку

Давялося пазнаць майму сэрцу.

Я ў руінах увесь і паранены,

І ні грошай не стала, ні золата.

Сапраўды, і думаць не думаў,

Што абдзеліць так Бог мяне ўвагай.

О, такі Яго гнеў на мяне спаў,

Што жыцця ручаіна ўсыхае.

Ах, каб я раней эпітым’ю пазнаў,

Не было б мне цяпер так блага.

Абвязаўся б я мехам, каб попелу ўзяць,

Галаву ім пасыпаць сваю.

Горка каяўся б я за грахі мае,

Не ўчыніў бы мне вораг такога,

І лепшай была б мая доля.

О гора мне, гора! Ох і ох!

Калі б зоры усе маглі гаварыць,

А іх мовай дажджынкі сталі,

І яны не змаглі б усё расказаць

Пра пакуты мае цяпер.

І калі б ля мора пясок увесь

Раптам мову сваю набыў,

І лістота змагла гаварыць, і трава —

Ўсё, што Бог на зямлі стварыў,

Нават ім не ўдалося б усё расказаць

Пра няшчасце, што йдзе ў мой дом.

І не дзіўна, што плачу я горка так,

Над бядоццем сваім стаю,

І цяпер яго ясна бачу.

Кнехтаў нямецкіх мне адабраў

Вораг, і гандаль, і права.

На месца маё можа кожны стаць,

Ды прадбачыць ніхто не зможа.

Ад няшчасця майго, у якім цяпер,

Не магу уцячы нікуды.

Адвярнуў Бог аблічча сваё,

І не чуе мяне зусім,

Толькі ўстану я, як хілюсь далоў,

Павярнуся і — адвярнуся зноў.

Ні падтрымкі ў мяне, ні рады няма,

З-за учынкаў маіх дурнотных.

Іх сам у сабе не пабачыў я,

Вось і пакінуты быў.

Кожны рупліва мусіць жыць,

Каб няшчасця такога не ведаць.

Тое, што мне давялося спазнаць,

Ўсяму свету раблю вядомым,

А ў Прускай зямлі асабліва, там

Пра гора маё ўжо начуты.

Трыумфуе вораг вельмі цяпер,

І Нямеччына мусіць баяцца.

Ўсё гучней раздаецца раскаяння плач,

За грахі твае, Полацк, рыданні.

Трэба Божае слова старацца ўчуць,

А пачуўшы — ў душы яго несці,

І у сэрцы верным застацца,

І жыць на зямлі паводле яго,

Тады плённымі стануць справы.

Бо калі хто да Бога звяртаецца,

Міласэрнасць вялікую мае.

Калі ж чыняць наадварот —

Праліваецца кроў людская.

Няхай правяць на добрае ўлады,

Бароняць, што трэ’ бараніць,

За грахі хай людзей караюць,

Толькі веру ў спакоі пакінуць.

Каб набожнасць магла красавацца,

Мір на зямлі панаваць павінен.

Падданыя ж мусяць у згодзе быць

Уладзе сваёй паслухмянымі.

Таму што кіруе імі сам Бог,

Праз мудрасць сваіх запаветаў.

Дзеці павінны старанна

Слухаць бацькоў сваіх,

Бо кажа аб гэтым наш мілы Бог

У запаведзі чацвёртай.

Асабліва бацькам у гісторыі той

Бог пакінуў сваё настаўленне.

Павінны дзіцё сваё бацька і маці

Гадаваць сапраўды паслухмяным

Да Бога і ў спачуванні.

Ці будзеш ты кнехтам, ці нянькай —

Пакліканы несці службу,

Адданым будзь веры і ўладару

Бо сам Бог за табою сочыць,

Які ўзнагародзіць, як прыйдзе час,

За вернасць вялікаю платай.

І гэтак паўсюль, рабі толькі так,

Каб Богу магло падабацца.

Тады Бог адкіне розгі ў агонь,

Адверне кару і ганьбу,

Якія цябе яшчэ знойдуць,

Калі ты яшчэ не з Богам

І з грэхам вялікім жывеш.

О, я сапраўды няшчасны горад,

Памагу табе вернай парадай.

Параўняцца варта са мною

Каб стала карыснай навука.

Паляпшайце стараннем, сумленнем,

Жыццё сваё марнае, грэшнае.

Адкідайце, о добрыя людзі,

Сёння ж сваю цямрэчу,

І з Божым святлом ідзіце,

Вам лепшай парады не будзе!

Хай чыніцца кожным старанна

Жыццё у спагадзе і жалю.

Не піць і не жэрці празмерна,

Як продак рабіў наш Адам.

Пільнуецца кожны заўжды хай

Гаючае добрае меры.

Тады свет жаночае ласкі

Пашле і вам літасць. Амінь.

Надрукавана ў Нюрнбергу Нікласам Кнорам

Тытульная старонка „лятучага лістка“
„Вельмі страшная навіна
пра Маскавіта…“

Пачатак вершаванага „Жаласнага плачу
горада Полацка“

Тытульная старонка „лятучага лістка“
з выявай захопу Полацка маскавітамі


[1] Витебская Старина. Изд. А.Сапунов. Т.IV. Ч.1. Витебск, 1885; Максiмовiч Р. «Навiны грозныя» 1563 году. Да гiсторыi зачаткаў беларускiх газэтных выданьняў // Запiсы Беларускага Інстытуту Навукi i Мастацтва. Кн.4. Мюнхен, 1966. (перадрук: Спадчына, 1994. №3). Белы А. Полацк у нямецкіх „лятучых лістках” ХVI ст. // Спадчына. 1997. №6. С.213—219; Сагановіч Г. Захоп Полацка Iванам IV у нямецкiх «лятучых лiстках» 1563 г. // Матэрыялы III міжнароднай канферэнцыі «Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі». (Полацк, 21—23 кастрычніка 1997 г.). Полацк, 1998.
[2] Гл.: Kappeler A. Ivan Groznyj im Spiegel der ausländischen Druckschriften seiner Zeit. Ein Beitrag zur Geschichte des westlichen Russlandbildes. Bern, 1972; ён жа, Die deutschen Flugschriften über die Mockowiter und Iwan den Schrecklichen im Rahmen der Russlandliteratur des 16. Jahrhunderts // Russen und Russland aus deutscher Sicht 9.–17. Jh. Hrsg. von M.Keller. 2 Aufl. München, 1988; Auerbach I. Russland in deutschen Zeitungen (16. Jahrhundert) // Russen und Russland aus deutscher Sicht 9.-17. Jh. München, 1988; Pirożyński J. Z dziejów obiegu informacji w Europie XVI wieku. Nowiny z Polski w kolekcji Jana Jakuba Wicka w Zürychu z lat 1560—1587 // Zeszyty naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego, MCLIV. Prace Historyczne, 1995. Z.115; Zawadski K. Gazety ulotne polskie i Polski dotyczące XVI—XVII wieku. Bibliografia. T.1: 1514-1661. Wrocław, 1977; ён жа, Polonica in den neuen Zeitungen des 16.–18. Jahrhunderts in den Herzog August Bibliothek // Zeszyty naukowe Uniwersytetu Jagiellońskiego, MCXXXVIII. Prace Historyczne, 1994. Z.3.
[3] Kappeler A. Ivan Groznyj im Spiegel der ausländischen Druckschriften seiner Zeit. Ein Beitrag zur Geschichte des westlichen Russlandbildes. Bern, 1972. S. 159.

Наверх

Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 1—2 (Віталь Галубовіч)

Снежня 14, 2001 |


Беларускі археаграфічны штогоднік. Вып. 1/ Рэд. кал.: Р.П. Платонаў (гал. рэд.) і інш. Мінск: БелНДІДАС, 2000. 266 с.; Вып. 2. 2001. 360 с.

У 2000 г. беларуская гістарычная навука нарэшце атры­мала доўгачаканае выданне, прысвечанае археаграфіі, архівазнаўству і архіўнай справе, крыніцазнаўству, тэксталогіі, гісторыі дзяржаўных устаноў, якое было названа „Беларускі археаграфічны штогоднік“ (БАШ). Два тамы БАШа за 2000—2001 г. ужо сталі заўважнай з’явай айчыннай гістарыяграфіі, але з–за мізэрнага накладу (па­значана толькі 100 асобнікаў) зборнікі недасягальныя нават для спецыялістаў і бібліятэк правінцыйных ВНУ.

Выданне рыхтуецца сумесна супрацоўнікамі створанай у 1999 г. Археаграфічнай камісіі Дзяржаўнага камітэта па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь і Беларускім навукова–даследчым інстытутам дакументазнаўства і архіўнай справы. Неабходна адзначыць, што БАШ з’яўляецца першай рэалізаванай спробай беларускіх архівістаў заснаваць уласны часопіс. Намаганні айчынных навукоўцаў пачатку 30–х г. ХХ ст., як вядома, скончыліся беспаспяхова (Вып. 1, с. 3), а ў 50—80–я г. ХХ ст., калі не існавала нават асобнага гістарычнага часопіса для БССР, такі тэматычны перыёдык не меў перспектываў.

Адметнасцю БАШа як спецыялізаванага выдання з’яўляецца больш шырокая праблематыка публікацый у адрозненне ад аналагічных замежных выданняў, што выклікана адсутнасцю на Беларусі традыцыі падрыхтоўкі такіх перыё­дыкаў, недахопам спецыялістаў і сродкаў (Вып. 1, с. 3—4). У адпаведнасці з пастановай Дзяржкамархіва Рэспублікі Беларусь ад 27 студзеня 2000 г. БАШ мае наступную тэматычную структуру: артыкулы, пры­свечаныя тэорыі, гісторыі і методыцы археаграфіі, архіва­знаўства, дакумента­знаўства і крыніцазнаўства; агляды і апісанні архіўных фондаў і калекцый гістарычных дакументаў; публікацыі дакументаў; матэрыялы па гісторыі дзяржаўных устаноў, палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў; матэрыялы па краязнаўстве; матэрыялы пра аўтаматызаваныя архіўныя тэхналогіі і электронную дакументацыю; інфармацыя пра архівазнаўства за мяжой; бібліяграфія, рэцэнзіі, хроніка, юбілеі (Вып. 1, с. 4). Але, як відаць з першых выпускаў, пошук структуры выдання працягваецца.

Цэнтральная тэматычная частка штогодніка — раздзел „Археаграфія“. У двух першых нумарах выдання друкуюцца матэрыялы М. Шумейкі, прысвечаныя станаўленню беларускай археаграфіі ў ХIХ— пач. ХХ ст. Аўтар аналізуе пераважна ўжо добравядомыя археаграфічныя выданні таго часу. Думаецца, што гэтая публікацыя стане пачаткам серыі матэрыялаў па гісторыі археаграфіі. На сённяшні дзень было б мэтазгодна ў большай меры засяродзіць увагу на археаграфічным вывучэнні тых публікацый дакументаў, у тым ліку перыядычных, якія не трапілі ў вядомую манаграфію М. Улашчыка і толькі згадваюцца ў працы М. Шумейкі. Даўно наспеў час зрабіць грунтоўны абагульняльны аналіз публікацый дакументаў па беларускай гісторыі, якія падрыхтавалі польскія навукоўцы ў ХIХ—ХХ ст.

У раздзеле „Археаграфія“ звяртае на сябе ўвагу артыкул У. Казлова і А. Міхальчанкі „Некаторыя пытанні археаграфіі як гістарычнай дысцыпліны“, змешчаны ў другім выпуску штогодніка. Гэты матэрыял, па словах галоўнага рэдактара першых выпускаў БАШа Р. Платонава, з’яўляецца першай у краіне за апошнія гады публікацыяй, прысвечанай тэарэтычна–метадалагічным і метадычным праблемам археаграфіі (3). Як пазначаюць самі аўтары, у артыкуле была зроблена спроба адшукаць „законы альбо заканамернасці ў той сферы чалавечай жыццядзейнасці, якую вывучае археаграфія“ (6). З трох частак артыкула першая прысвечана характарыстыцы археаграфіі як навуковай дысцыпліны, дзе У. Казлоў і А. Міхальчанка спыніліся на асноўных археаграфічных паняццях і ахарактарызавалі гістарычныя этапы станаўлення археаграфіі. У другой частцы артыкула „Асновы археаграфічнай тэорыі“ вызначаюцца прадмет і аб’ект археаграфіі, прынцыпы выяўлення і сістэматызацыі, крытэры фільтрацыі і выбару асноўнага тэксту дакумента для дакументальнай публікацыі, а таксама прынцыпы перадруку тэксту ды інфармацыйнага суправа­джэння дакументаў для дакументальнай публікацыі. Асобна даецца тыпалогія археаграфічных выданняў. Аўтары адзначаюць, што „найбольш важнай заканамернасцю дакументальнай публікацыі з’яўляецца яе біпалярнасць. З аднаго боку, яна заклікана забяспечыць найлепшае набліжэнне да самога дакумента, а з другога — найбольшае набліжэнне дакумента да карыстальніка. Аднак гэтая біпалярнасць не антаганістычная, а арганічная. Нават парушэнне раўнавагі біпалярнасці, напрыклад, свядомыя і несвядомыя скажэнні тэксту дакумента, недакладныя каментары і інш., з’яўляецца ўсяго толькі зменай тыпу дакументальнай публікацыі“ (14—15). Апошняя частка артыкула прысвечана такой спецыфічнай заканамернасці існавання дакументальных публікацый, як узаемадзеянне апошніх з грамадскай свядомасцю.

Сярод іншых публікацый раздзела „Археаграфія“ неабходна адзначыць таксама матэрыялы Г. Запартыкі, прысвечаныя гісторыі калекцыі аўтографаў з Бібліятэкі і музея старажытнасцяў А. Ельскага ў Замосці (Вып. 1), а таксама агляд археаграфічных і архівазнаўчых публікацый у часопісе „Архівы і справаводства“, які зрабіў С. Асіноўскі (Вып. 2).

Другі асноўны раздзел БАШа ўтрымлівае матэрыялы, датычныя архівазнаўства і архіўнай справы. У першым выпуску выдання свае развагі адносна кірункаў развіцця архіваў на Беларусі прапанаваў А. Міхальчанка. Аўтар адзначае, што «само слова „архіў“ больш не мае адназначных адносін толькі да паперы» (57), а ў працы архівіста паўстае адной з асноўных задач выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій (60). Абсалютна слушнай падаецца думка пра неабходнасць стварэння фонду копій дакументаў айчынных і замежных архіваў шляхам сканавання (61), але ў сённяшняй сітуацыі з айчыннай навукай хіба актуальнейшым будзе стварэнне фонду падтрымкі беларускай археаграфіі. Значную цікавасць выклікае артыкул С. Жумара „Публікацыі архіўных даведнікаў на Беларусі ў 1990–х г.“. У да­следаванні крытычна аналізуюцца дасягненні айчынных архівістаў у справе падрыхтоўкі архіўных даведнікаў за апошняе дзесяцігоддзе ХХ ст. Ацэньваючы станоўча сам факт з’яўлення новых даведнікаў, С. Жумар канстатуе наяўнасць шматлікіх недахопаў. Падсумоўваючы агляд публікацый, аўтар адзначае, што пачатак ХХI ст. будзе характарызавацца пэўным запавольваннем актыўнасці ў разгляданай сферы, але якасць выданняў палепшае (90). У гэты ж раздзел першага выпуску БАШа ўвайшоў агляд дакументальных матэрыялаў фонда „Радзівілы, князі“ А. Галубовіч, артыкул С. Рыбчонка, прысвечаны праблеме перапісу яўрэйскага насельніцтва на Беларусі ў другой палове ХIХ ст. і інш.

Раздзел „Архівазнаўства і архіўная справа“ ў другім выпуску штогодніка пачынаецца з артыкула С. Жумара „Архіў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі“. С. Жумар адзначае: „Відавы склад дакументаў архіва дастаткова аднародны, так як АІГ — гэта, па сутнасці, калекцыя ўспамінаў былых партызанаў, вайскоўцаў, падпольшчыкаў“ (73). Толькі нязначную частку архіва складаюць аўтэнтычныя дакументы часоў Другой сусветнай вайны (75). Сам архіў, які пачаў фармавацца з 50–х г. ХХ ст. дзякуючы намаганням члена–карэспандэнта, а потым акадэміка АН БССР І. Краўчанкі (75), увесь час свайго існавання пакутваў ад адсутнасці ўліку і забеспячэння захаванасці дакументаў, з–за чаго значная колькасць дакументаў была страчана (79). С. Жумар мяркуе, што на сённяшні дзень у архіўнай калекцыі захоўваецца больш за 1000 успа­мінаў удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны (80). Сярод іншых цікавасць выклікае таксама публікацыя „Дакументальныя матэрыялы XVI—XVIII ст. у фондах Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі“, падрыхтаваная Г. Брэгерам і Л. Лінскай. Гэтым матэрыялам, дарэчы, распачынаецца праца па публікацыі археаграфічнага апісання дакументаў XVI—XVIII ст. з фондаў НМГКБ. Тут дадзена характарыстыка 46 дакументаў, большасць якіх паходзіць з родавых архіваў Слізняў і Быхаўцаў (102). У артыкуле В. Пазднякова «„Беларуская энцыклапедыя“ і архівы: здабыткі і праблемы супрацоўніцтва» звернута ўвага на факты і матэрыялы з айчынных і замежных архіваў, якія ўпершыню былі апублікаваны на старонках „Энцыклапедыі гісторыі Беларусі“. Аўтар акрэслівае кола асоб (архівістаў, гісторыкаў), чый персанальны ўнёсак у стварэнне энцыклапедыі асабліва заўважальны.

Асобная частка зборніка прысвечана праблемам крыніцазнаўства. Магчыма, менавіта дадзены раздзел стане падмуркам для з’яўлення асобнага крыніцазнаўчага выдання, паколькі іншага шляху для хутчэйшага развіцця гэтага перспектыўнага кірунку айчыннай гістарычнай навукі няма. Сумарна ў раздзеле „Крыніцазнаўства“ ў двух выпусках БАШа змешчана восем артыкулаў. Распачынаецца раздзел матэрыялам Г. Кісялёва „Над старымі радкамі“, дзе аўтар знаёміць чытача з досведам уласнай працы ў НГАБ у Мінску і непасрэднымі вынікамі пошукаў, на якіх заснаваны шматлікія публікацыі даследчыка. Наступны артыкул раздзела належыць галоўнаму рэдактару БАШа Р. Платонаву. На падставе аналіза крыніц аўтар прапануе ўласнае бачанне cутнасці, прызначэння і этапаў правядзення працэсу беларусізацыі ў 20–х г. мінулага стагоддзя. Актуальнасць працы Р. Платонаў абгрунтоўвае адсутнасцю манаграфічных даследаванняў дадзенай праблемы (127). Р. Платонаў сцвярджае, што беларусізацыя была ў значнай ступені спробай кіраўніцтва КП(б)Б адхіліць беларускую інтэлігенцыю ад уплыву на сялянства (129). Адзначаецца, што беларусізацыя „стала дзецішчам нацыянальна–арыентаванай часткі КП(б)Б, якая ў 1920–я г. выступала своеасаблівым рухавіком вырашэння ў рэспубліцы нацыянальнага пытання“ (138), а згортванне яе было „вынікам сілавых дзеянняў, прамых і тайных, звышінтэрнацыяналісцкага крыла, якое на рубяжы 1920—1930 г. ператварылася ў непадзельна пануючае“ (150). У першым выпуску БАШа змешчаны агляд гістарыяграфіі і крыніц па праблеме палітычных рэ­прэсій на Беларусі ў 1920—1950–х г. У. Адамушкі. Аналізуючы дакументальныя багацці асобных архіваў, У. Адамушка адзначае, што толькі ў архівах Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь захоўваецца звыш 175 тыс. спраў у адносінах 250 тыс. чалавек, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій (162). Аўтар звяртае ўвагу на наяўнасць імянной картатэкі на болей чым 150 тыс. рэпрэсаваных асоб, якая была створана ў Дзяржаўным камітэце па архівах і справаводстве РБ, на падставе якой былі складзены ў 1991—1997 г. спісы ахвяр палітычных рэпрэсій па асобных гарадах і раёнах краіны (162—163).

З матэрыялаў раздзела „Крыніцазнаўства“, якія ўвайшлі ў другі выпуск БАШа, вылучаецца, на нашу думку, артыкул В. Насевіча „Комплекс дакументаў да гісторыі адной беларускай мікрапапуляцыі“. Праведзенае даследаванне мае значную каштоўнасць у якасці ілюстрацыі крынічных рэсурсаў і кірункаў пошуку звестак па гісторыі невялікіх паселішчаў. Ёсць падставы для выкарыстання артыкула В. Насевіча ў якасці дадаткаў да курса „Крыніцазнаўства гісторыі Беларусі“. Тры наступныя артыкулы другога выпуску закранаюць розныя аспекты Другой су­светнай вайны на Беларусі: Я. Бараноўскі аналізуе дакументы па гісторыі мінскага падполля, Э. Іофэ — зборнікі дакументаў па праблеме Халакоста, апублікаваныя на Беларусі, а І.Варанкова разглядае частку эпісталярнай калекцыі Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, раней не ўведзеную ў навуковы зварот, якая складаецца з нямецкіх лістоў.

Раздзел „Тэксталогія“ прадстаўлены ў БАШы двума артыкуламі. У першы выпуск увайшоў артыкул М. Мушынскага „Першы поўны збор твораў Янкі Купалы: канцэпцыя выдання і яе практычнае ўвасабленне“, а ў другім выпуску змешчаны артыкул Т. Біндзіч „Рукапісная беларуская лацінка“, у якім аўтарка актуалізуе праблему вывучэння беларускай (старабеларускай) лацінкі.

Істотна адрозніваецца першы і другі выпуск БАША памерамі раздзела „З гісторыі дзяржаўных устаноў“. Першы зборнік змяшчае толькі артыкул У. Ракашэвіча, прысвечаны такой спецыфічнай установе, як Галоўнае ўпраўленне па справах літаратуры і выдавецтва БССР у 1923—1991 г., сярод функцый якой былі і цэнзурныя. У другім выпуску зборніка раздзел „З гісторыі дзяржаўных устаноў“ складаецца ажно з сямі розных матэрыялаў: А. Груша аналізуе інфармацыйныя элементы фармуляра дакументаў канцылярыі ВКЛ 40–г. XV — першай паловы XVI ст. (адзнака пра асоб, якія былі сведкамі прыняцця рашэння аб выдачы дакумента ці аддавалі загад аб яго падрыхтоўцы, подпісы вялікага князя, канцлера і інш.), С. Рассадзін прэзентуе адшуканы ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве прывілей 1643 г. на магдэбургію м. Казімежу ў Бабруйскім старастве, З. Яцкевіч закранае пра­блему набілітацыі мяшчан у ВКЛ, І. Шпілеўская звяртаецца да гісторыі мытнай службы Мінска XV—XVI cт., У. Ракашэвіч дае агляд дзейнасці Дзяржаўнага арбітража БССР за 1921—1991 г., Р. Платонаў характарызуе стан валодання беларускай мовай кіраўнічай элітай БССР ў 20–я г. ХХ ст., М. Бандарэнка асвятляе праблему беларусі­зацыі ў вайсковых частках Чырвонай арміі ў 1920—1930–я г.

Другі выпуск БАШа ўтрымлівае шэраг новых раздзелаў. У раздзеле „Постаці“ Г. і А. Запартыкі друкуюць унікальны матэрыял — частку „Формулярного списка о Священноцерковнослужителях, с их семействами, церкви Собственнаго Его Императорского Величества Дворца за 1850 год“, прысвечаную знакамітаму беларускаму гісторыку і археографу І. Грыгаровічу. Збярогся гэты дакумент у асабістым архіве сям’і Грыгаровічаў, а цяпер захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва (260). Вялікія перспектывы для БАШа мае раздзел „У замежных архівах“. С. Новікаў, аўтар адзінай публікацыі, якая ўвайшла ў дадзены раздзел, зрабіў агляд архіўных фондаў Федэральнага ваеннага архіва Германіі (Bundesarchiv–Militärarchiv) у Фрайбургу, якія адлюстроўваюць нямецкую акупацыйную палітыку на Беларусі ў 1941—1944 г. Аналізуючы найбагацейшыя зборы фрайбургскага архіва, С. Новікаў адначасова адзначыў, што ў фондзе міністэрства Розенберга ўтрымліваецца ўдвая менш дакументаў, чым у Расійскім дзяржаўным ваенным архіве ў Маскве, а аналагічны нямецкаму фонд Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, дзе захоўваюцца дакументы аб дзейнасці генеральнага камісара Кубэ, складаецца з 3421 справы, у той час як у Фрайбургу на ўліку знаходзяцца толькі 18 спраў (270). С. Новікаў таксама заўважае, што выкарыстанне даследчыкамі фондаў Федэральнага ваеннага архіва для вывучэння шматлікіх праблем гісторыі Беларусі 1941—1944 г. „можна лічыць бясспрэчным фактам сучаснай нямецкай гістарыя­графіі“ (275—276).

Найбольш разнастайны і стракаты па змесце раздзел БАШа атрымаў назву „Дакументы“. Раздзел укамплектаваны пераважна адносна невялікімі тэматычнымі публікацыямі дакументаў з адпаведнымі каментарамі. Так, у першы выпуск штогодніка ўвайшлі: публікацыя акта аб раздзеле маёмасці Брагіна ў 1574 г. (М. Спірыдонаў), дакумент з Метрыкі па гісторыі справаводства канцылярыі ВКЛ першай паловы XVI ст. (А. Груша), шэраг матэрыялаў аб паўстанні 1794 г. (Я. Анішчанка), дакументы, якія засведчваюць факты катаванняў у турмах і лагерах пад час польскай акупацыі Беларусі ў 1919—1920 г. (Р. Платонаў), два новыя дакументы, датычныя М. Доўнара–Запольскага, адшуканыя ў НАРБ у Мінску (В. Селяменеў). У другім выпуску БАШа апублікаваны: чатыры канфірмацыйныя прывілеі з Метрыкі ВКЛ часоў Жыгімонта I Старога і Жыгімонта II Аўгуста (В. Мянжынскі, Ю. Несцяровіч), аўтабія­графічная нататка М. Доўнара–Запольскага пра яго службовую і навуковую дзейнасць (В. Лебедзева), урывак з успамінаў загадчыка партархіва ЦК КП(б)Б Ф. Папова аб эвакуацыі партархіва ў г. Уфу на пачатку Вялікай Айчыннай вайны (В. Свярчкоў), а таксама паведамленне С. Жумара пра знаходку ў НАРБ у Мінску страчанага яшчэ ў гады акупацыі (1941—1944 г.) дакумента аб масонах на Беларусі з фондаў Дзяржаўнага музея БССР.

Значны аб’ём БАШа займаюць інфармацыйныя раздзелы — „Бібліяграфія. Рэцэнзіі. Інфармацыя“, „Хроніка“, некралогі: у 1 вып. aгулам 29 с., у 2 вып. — 49 с. Выданне забяспечана паказальнікам спіса аўтараў.

На вялікі жаль, прафесар Р. Платонаў,  плёнам працы якога і быў „Беларускі археаграфічны штогоднік“, у 2001 г. пакінуў гэты свет.

Віталь Галубовіч

Наваполацк

Наверх

“Под час небеспеченства од Москвы…” (актавая кнiга полацкага магiстрату за 1656—1657 г. як крынiца па вывучэнні вайны 1654—1667 г.)

Снежня 17, 1999 |


Магiстрацкiя кнiгi гарадоў Беларусi, большасць якiх cёння захоўваецца ў Нацыянальным гiстарычным архiве ў Мiнску, утрымліваюць найцікавейшую інфармацыю па айчыннай гісторыі ХVІ-ХVIII ст., у тым ліку па ваеннай. Перыяду адной толькі вайны 1654-1667 г. тычацца 10 адзiнак захавання[1]. Як прыклад разгледзім актавую кнiгу полацкага магiстрату за 1656-1657 г.[2]

Цяжка вызначыць галоўны тып магiстрацкiх дакументаў, на аснове якiх можна пабудаваць даследаванне. Амаль усе яны так цi iнакш закранаюць якiя-небудзь пытаннi гiсторыi вайны. Калi чытаеш акты кнiгi, узнiкае ўражанне, што ўсё жыццё для жыхароў горада строга падзялiлася „надвое, то ест перед ратью и по рати осударской”[3]. Да 1654 г. iснавала адно жыццё, пасля пачалося iншае. Змянілася нават інтытуляцыя ў магістрацкіх дакументах: у ёй з’явіліся радкі, дзе пералічвалі ся тытулы цара Аляксея Міхайлавіча (гл. дадатак). І таму вялiкi працэнт актаў нясе на сабе адбiтак падзеяў, што кiпелi тады на Беларусi.

На жаль, гэтая кніга — адзіная з усяго комплексу полацкіх магістрацкіх кніг, якая адносіцца да перыяду вайны. Дакументы паведамляюць, што магiстрацкi архiў згiнуў летам 1654 г., калi царскiя войскi займалi Полацк[4]. У наступныя гады гэта выклiкала цэлы шэраг зваротаў у магiстрат полацкiх мяшчан, якiя патрабавалi афiцыйна пацвердзiць свае правы на валоданне нерухомасцю i г. д. Шмат з iх страцiлі „в збегах военных” i асабiстыя дакументы на гэтыя правы.

Напрыклад, большасць актаў пра невяртанне пазыкаў цi звычайных даўгоў (а гэты тып фiнансавых дакументаў з’яўляецца самым распаўсюджаным) вырашалiся на працягу 1654-1657 г. не ў тым парадку, які існаваў раней. Рэч у тым, што ў сваёй жалаванай грамаце Полацку ад 7 верасня 1654 г. цар Аляксей Мiхайлавiч адтэрмiнаваў уплату ўсiх даўгоў на тры гады[5]. Таму кожны мешчанiн, на якога скардзiлiся аб даўгах, меў права патрабаваць, каб „его от тое жалобы до выйстя третего году той грамоте увольнили”, што магiстрат i рабiў, адтэрмiноўваючы „розсудок правный” „до 166 [1657] году сеньтебра до первого чысла”[6].

Тая самая царская грамата забараняла продаж, спальванне і разбурэнне двароў, лавак i агародаў тых палачан, што збеглi перад здачай горада ў Лiтву (гл. спасылку 5). Аднак гэты ўказ амаль не выконваўся цi быў занадта запозненым. Пакiнутыя жыхарамi дамы рабавалiся i нават разбiралiся. Вяртаючыся са „збегов военных”, палачане знаходзiлi iх без вокнаў, дзвярэй, знiкала мэбля i iншыя рэчы, якія людзi, спяшаючыся летам 1654 г., не паспелi вывезцi цi схаваць. Так, мяшчанка Хоня Рабцоўна скардзiлася, што, калi яна пакiнула горад, „право, мне на дом служачое, пры иншой всей маетности моей рухомой в том же дому позостало и в небытност мою зъгинуло”[7]. Дзякуючы памылцы пiсара, якi ўпiсаў дакумент ад 26 верасня 1658 г. у актавую кнiгу мінулага года, можна адзначыць таксама такую з’яву: часам пацярпелыя ад пагрому звярталiся ў магiстрат з просьбай перадаць iм у часовае валоданне дамы, пра лёс гаспадароў якiх не даходзiлi да Полацка чуткi. Ацалелыя будынкі давалiся „до часу” з наказам назiраць, каб тыя „до остатка розарены и спустошоны не были”[8]. Таксама аддаваліся для пабудовы дамоў пляцы зніклых гаспадароў[9].

Аналiз дакументаў кнiгi дазваляе сцвярджаць, што перад вайной i яе пачаткам горад пакiнула большая частка жыхароў, што супадае з дадзенымi перапiсу 1654 г., калi ў Полацку было налiчана толькi 839 „жилых дворов” пры больш чым 900 пустых[10]. Горад пакiдала шляхта, купцы, рамеснiкi. Вядома, што ад’езд заможных палачан у Літву і Курляндыю пачаўся яшчэ ў траўні 1654 г., што засведчылі веставыя адпіскі ваяводаў памежных з Вялікім Княствам расійскіх гарадоў[11]. У самым пачатку вайны, гаворачы мовай актаў, «в самые трывоги военные», сітуацыя даходзіла да таго, што аднойчы немалая колькасць гараджан кінулася да берага ракі Дзвіны, імкнучыся сесці ў чаўны, якія там стаялі, і паплыць уніз па цячэнні. Кніга захоўвае скаргу мешчаніна Данілы Шапачніка, шкута (тып рачнога судна) якога вельмі пацярпела ў той момант ад натоўпу ашалелых людзей[12].

Варта адзначыць, што не верылі ў сваю недатыкальнасць ад царскіх войскаў нават тыя, хто займаў высокія пасады ў органах гарадскога самакіравання, дзе трывалыя пазіцыі мелі прамаскоўскі настроеныя асобы. Верагодна, асабістыя адносіны кожнага з іх да вайны правялі ў магістраце выразную мяжу паміж яго членамі. Нехта ўцёк сам, з сям’ёй і з маёмасцю, што магла змясціцца на вазах. Іншыя заставаліся ў Полацку, але, падстрахоўваючыся, хавалі ці адпраўлялі з тымі, хто з’язджаў, самыя каштоўныя рэчы, асабістую дакумента цыю і грошы. Так, Полацк пакінулі мескі пісар Ян Дзягілевіч і бурмістр Павел Трасніцкі, адправілі ў Літву свае сем’і бурмістр Крыштаф Старымовіч (дарэчы, «рочный» (гадавы) бурмістр 1654 г.) і райца Рыгор Павук (ці Павуковіч)[13]. А айчым Сімяона Полацкага, райца Емяльян Шарамет з горада не выехаў, маючы, верагодна, пэўныя намеры на супрацоўніцтва з новымі ўладамі, але ж «перед наступенем рати» вялікую частку сваёй рухомай маёмасці накіраваў у Літву разам з старэйшымі дзецьмі[14].

Збеглыя людзі адседжваліся па літоўскіх, курляндскіх і інфлянцкіх мястэчках, блукалі па лясах. Некаторыя, карыстаючыся даваеннымі асабістымі сувязямі, хаваліся пад апекаю заможных нямецкіх купцоў[15]. Вядомы выпадак, калі адзін з полацкіх рамеснікаў вывез з сабой у м. Дубмуйжу нават неабходнае для вытворчасці тканіны абсталяванне і ўжо там працаваў па спецыяльнасці[16].

Але можна адзначыць, што лёс уцекачоў быў незайдрос ным. Шмат з іх пацярпелі ад расійскіх і шведскіх войскаў, страцілі амаль усю вывезеную маёмасць. Прыкладам, былі прымушаныя аддаць грошы шведам зямянін полацкага Багаяўленскага манастыра В. Л. Гіра, маці райцы Р. Павука (ці Павуковіча)[17]. Некаторыя, вярнуўшыся у Полацк, нават не маглі разлічыцца з старымі даўгамі, што адлюстроўвае цэлы шэраг справаў па патрабаваннях крэдытораў вярнуць гэтыя даўгі дамамі ці «всякой маетностю» неплацёжаздольных[18].

У шматлікіх актах рознага характару можна знайсці поўныя драматызму гісторыі разлучаных сем’яў, згінулых «в збегах военных» родзічаў, дзе тыповай з’яўляецца фраза пра каго-небудзь з іх: «по збеженью од рати с Полоцка нет ведома, где се и по сес час оборочает»[19]. Паказальны ў гэтым сэнсе актыкаваны (занесены ў кнігу) тэстамент зямяніна Полацкага ваяводства А. Г. Чаркаса (выраз з гэтага дакумента вынесены ў загаловак артыкула). Калі ён ад’ехаў на вайну ў 1654 г., яго жонка і дачка трапілі ў маскоўскі палон, адкуль былі выкупленыя цесцем Чаркаса Крыштафам Пчыцкім пры садзейнічан ні ўжо згаданага райцы Е. Шарамета і царскага ваяводы С. Л. Стрэшнева. Але больш ніякіх звестак пра сваіх родных, ужо перахрысціўшыся і перайшоўшы на службу цару, да самай сваёй смерці земянін не атрымаў[20] .

Мабыць, самым яскравым прыкладам таго, што магло адбыцца з уцекачамі, з’яўляецца апавяданне ацалелай пасля штурму Вільні 8 жніўня 1655 г. жонкі мескага пісара Яна Дзягілевіча[21]. Лёс пісара заставаўся невядомым да 17 жніўня 1657 г., калі апавяданне было зарэгістравана ў магістраце Полацка. Захавалася таксама скарга яго дачкі Марыны ад 13 студзеня 1657 г., у тэксце якой напісана, што «Яна Дзягілевіча… в полон взято и до Княства Великого Московского до везеня запроважоно»[22]. Там, у Вільні, моцна пацярпеў «од рати осударское» бурмістр П. Трасніцкі, страціўшы ўвесь свой асабісты архіў[23].

Аналіз дакументаў паказвае, што ў гады вайны сярод палачан і жыхароў навакольных вёсак распаўсюдзілася такая з’ява, як хаванне ўсяго, што можна было забраць, у зямлі. Закопваліся грошы, дакументы, каштоўныя рэчы, прадукты харчавання, нават гарэлка[24]. Але гэта не ратавала схаванае ад тых, хто ім цікавіўся. Былі выпадкі, што «рать осударская» наязджала ноччу на шляхецкія маёнткі з мэтай грабяжу[25]. Цярпелі мясцовыя жыхары і ад «шышов» — бандытаў, якія з’явіліся ад самага пачатку вайны. Так, ужо ў ліпені 1654 г. нейкія «руские и белоруские люди разбойным способом» напалі на полацкіх купцоў, якія везлі з Апочкі жыта, забралі тавар і коней і, як сведчыць тэкст акта, «прытом все жывоты и убоство нам отнято и забрано, и мало, деи, нас всих насмерть не позабивано»[26].

Варта адзначыць, што некаторыя прадстаўнікі полацкага мяшчанства змаглі прыстасавацца да ўмоваў ваеннага часу. Баяздольныя мужчыны ішлі ў аддзелы полацкіх казакоў і стральцоў (колькасць апошніх ў 1661 г. складала 391 чал.[27]). Некаторыя былі праваднікамі ў аддзелах царскіх войскаў, займаліся перагонам адабранага ў сялян быдла пад час паходу на Рыгу летам 1656 г. Так, полацкія мяшчане Васіль Кожа і Васіль Гінька, якія запісаліся ў казакі, пад Кокенгаўзенам «набылі» 34 каровы, 4 кані і даручылі гнаць іх у Полацк двум іншым мяшчанам[28]. Былі і тыя, хто ездзіў за рускім войскам і гандляваў з вялікім прыбыткам. Прыкладам, за час аблогі Рыгі полацкія мяшчане Сымон Каткоўскі і Казімір Рынкевіч, гандлюючы ў вайсковым абозе, зарабілі 70 коп грошаў літоўскіх[29].

Адзiн з актаў кнiгi зафiксаваў скаргу пасла войска запарожскага Рамана Ракушкі, які праязджаў праз Полацк. 22 верасня 1656 г. у Друi ён быў абрабаваны сваiм чаляднiкам Паўлоўскiм. Актыкаваная скарга Ракушкi змяшчае спiс скрадзенага, якi з’яўляецца крынiцай па побыце казацкай вярхушкi: „Конь Бахмат бурый, зъ седайного боку пятьно ест круглое; пры том кони кулбака щапраком блакитным фалендышовым, пры которой кулбаце пара пистолетовъ под сребром; готовых грошей золотых двесте; пара сукон фалендышовых; кунтушъ еден кгранатовое масти, другий зеленый з серебраными потребами; пар пят соболей; две шапки соболлих, третяя горловая; чарка серебраная, в которой грывна; два локти шыптуху”[30]. Цікавым — у святле патаемных кантактаў гетмана з Карлам Х Густавам — з’яўляецца сам факт прысутнасці пасла Хмяльніцкага ў паўночна-ўсходняй Беларусі пад час перамоў па Віленскім пагадненні 1656 г. Такая версія падаецца нам найбольш верагоднай, бо ў перамовах прадстаўнікі казакоў не ўдзельнічалі нават у якасці назіральнікаў[31].

Кнiга змяшчае акты, па змесце якiх можна даследаваць праблемы арганiзацыi ўлады ў горадзе пад час вайны, асаблiвасцi дзейнасцi магiстрату ў гэты перыяд, стан рамеснай вытворчасцi, асаблівасці жыцця гараджан, паводзіны маскоўскіх войскаў, іх адносіны з мясцовым насельніцтвам (гл. дак. №№ 2, 4, 6, 7, 9) i г. д. Змест некаторых з іх дазваляе вызначыць рысы біяграфіі членаў магістрата, якія супрацоўнічалі з царскімі ўладамі, адлюстраваць іх маёмаснае становішча.

Увесь комплекс магістрацкіх кніг гарадоў Беларусі, што належаць да перыяду 1654-1667 г., — каштоўнае сховішча інфармацыі як па ўплыву ваенных падзей на гарадское жыццё, так і па ўдакладненні гісторыі самай разбуральнай у нашай гісторыі вайны.

У дадатку падаюцца дакументы актавай кнігі полацкага магістрату за 1656-1657 г., якія адлюстроўваюць разнастай ныя з’явы часоў ліхалецця.

Заўвага: Тэксты актаў прыводзяцца ў адпаведнасцi з сучаснымi нормамi передачы старабеларускай мовы. Курсiвам адзначаны вынасныя надрадковыя лiтары, у круглых дужках пададзены скарочаныя часткi слоў. У квадратных дужках змешчаны словы цi iх часткi, якiя страчаны i адноўлены па сэнсе; характар пашкоджанняў тэкста адзначаецца палеаграфiчнымi каментарамi.

Усе акты прыводзяцца цалкам, за выключэннем № 3, большая частка зместу якога не тычыцца праблемы, што даследуецца. Чытаць далей →

Франц Кушаль. Спробы арганiзацыi Беларускага Войска*

Чэрвеня 11, 1998 |


* Заканчэнне публікацыі. Папярэднія раздзелы гл. у Т.1, Сш.1 (1994), Т.2, Сш.1 (1995), Т.4, Сш.1-2 (1997).

Спэцыяльны ўпаўнаважаны

Калi нямецкая армiя ачысцiла ў 1941 г. Беларусь ад савецкай улады, беларускi народ паверыў, што надыйшло сапраўднае ягонае вызваленьне ад зьненавiджанага савецкага ладу. Ня хочучы толькi карыстаць з вызваленьня здабытага ахвярнасьцю нямецкага жаўнера, беларусы жадалi самi ўзяць дзейны ўдзел у змаганьнi з бальшавiзмам i са свайго боку гэтак сама гатовыя былi несьцi крывавыя ахвяры. Аб гэтым сьведчаць бязупынныя стараньнi прадстаўнiкоў беларускага грамадзянства перад нямецкiмi ўладамi аб дазволе на арганiзацыю беларускага войска, а гэтак сама й ахвярнасьць беларусаў, якiя добраахвотна ўступiлi ў рады палiцыi й самаахвярна аддалi сваё жыцьцё ў змаганьнi з бальшавiцкай партызаншчынай.

Адмоўнае нямецкае становiшча ў гэтай справе, асаблiва дазнаньнi з беларускай самааховай, прычынiлiся да таго, што шырокiя беларускiя масы што раз больш разчароўвалiся ў немцах. Вынiкам гэтага разчараваньня было ў першую чаргу тое, што беларусы пачалi пакiдаць рады палiцыi. Тымчасам бальшавiцкая прапаганда стала выкарыстоўваць нямецкiя памылкi, гаворачы людзям аб нямецкай няшчырасьцi, ашуканстве i г.д. Нiчога дзiўнага, што больш лёгкадумныя й менш сьведамыя беларусы пачалi пераходзiць з палiцыi да партызанаў.

Дазнаньнi з арганiзацыяй 49, 48 i iнш. Беларускiх Палiцыйных Батальёнаў пераканалi нямецкiя вышэйшыя палiцыйныя ўлады ў тым, што калi пры беларускiх арганiзацыях знаходзяцца прадстаўнiкi беларускай iнтэлiгенцыi, а асаблiва беларускiя камандзiры, то там ня толькi няма дэзэрцыi, але наадварот беларусы ахвотна прыходзяць i ўмеюць сумленна служыць, бiцца з партызанамi, а ў разе патрэбы памiраюць як героi.

Выходзячы iз гэтага абгрунтаваньня, нямецкiя вырашальныя дзейнiкi ў Менску пастанавiлi паклiкаць беларуса на становiшча, як яны называлi, гаўптбэтроера, якi б для вока быў нiбы начальнiкам усей беларускай палiцыi, а фактычна прапагандыстым. На гэтае становiшча немцы ўгледзелi мяне, дзеля таго, што яны мяне добра зналi, як галоўнага рэфэрэнта БСА, акурат у гэтым часе зьлiквiдаванага.

Першы чалавек, якi запрапанаваў мне гэтае становiшча, быў кiраўнiк палiтычнага аддзелу Гэнэральнага Камiсарыяту Беларусii Лянгер, пасьля запрапанаваў мне гэтае становiшча й кiраўнiк палiтычнага аддзелу СД у Менску Шлегель. Абодва яны абяцалi мне вялiкiя магчымасьцi працы.

З папярэдняй сваёй працы я ўжо добра знаў немцаў: шчыра кажучы, абяцанкам iхнiм ня верыў, мiма гэтага параiўшыся зь беларускiмi дзячамi, я прыняў новае становiшча з наступных мяркаваньняў: усей беларускай палiцыi на Беларусi было дваццаць тысяч чалавек, прычым усе яны былi вайскова добра падрыхтаваныя й узброеныя, а бальшыня зь iх былi выпрабаваныя ў баёх супроць партызанаў. Мець безпасярэднi ўплыў на гэтых людзей (каля дзвюх дывiзiяў войска), мець зь iмi сутычнасьць было справай вельмi важнай.

Калi я даў згоду прыняць становiшча гаўптбэтроера, то па пэўным часе выйшаў загад Камандзiра войск СС, начальнiка палiцыi Беларусi й Сярэдняй Расеi й Гэнэральнага камiсара Беларусi Групэнсфюрэра Годбэрга ў справе арганiзацыi камандаваньня й прапаганды сярод палiцыi на Беларусi й Сярэдняй Расеi. У гэтым загадзе Готбэрг паклiкаў мяне, як спэцыяльна ўпаўнаважанага ў справах чужа–нацыянальнай палiцыi на Беларусi й сярэдняй Расеi за выняткам лiтоўцаў i латышоў. Па гэтаму загаду я зьяўляўся асобай, якой даручалася апека над усёй палiцыяй, што складалася з беларусаў, украiнцаў i расейцаў на абшары Беларусi й сярэдняй Расеi. Апека гэтая павiнна была выяўляцца ў арганiзацыi матар’яльнага палажэньня палiцыянтаў i прапаганды. Я павiнен быў наладзiць апеку ў такi спосаб, каб кожны палiцыянт сапраўды адчуваў гэтую апеку. Пры гэтым Готбэрг ускладаў на мяне абавязак выдаваць палiцыйны беларускi часапiс пад маёй асабiстай рэдакцыяй i маёй адказнасьцю за зьмест.

Прапанову абняць гэтае становiшча Лянгер i Шлегель зрабiлi мне яшчэ ў чэрвенi 1943 г,, але покуль гэтая справа канчальна аформiлася, мiнула два месяцы, так што да выкананьня абавязкаў, узложаных на мяне Готбэргам, я прыступiў ужо ў жнiўнi 1943 г. Загад Готбэрга даваў мне вялiзарныя магчымасьцi працы й трэба аддаць справядлiвасьць, што ўсiмi палiцыйнымi чынамi я быў вельмi рэспэктаваны.

Начальнiк палiтычнага аддзелу пры СД прэдставiў мяне камандзiру чужа–нацыянальнай палiцыi падпалкоўнiку Каўфману, зь якiм я меўся супольна працаваць. Перш за ўсё мной быў складзены плян арганiзацыi апекi згодна з загадам Готбэрга. Плян гэты быў апрацаваны наступна: на чале ўсяго бэтроюнгу стаяў я iз сваiм штабам, якi складаўся з сакратара, перакладчыка, машынiсткi, кiраўнiка асьветы й пэрсаналу рэдакцыi часапiсу. У кожнай адмiнiстрацыйнай акрузе павiнен быў знаходзiцца акруговы апякун (гэбiцбэтрояр) iз сваiм невялiкiм штабам у кожным раёне i пры кожным палiцыйным аддзеле, апякун, якi падлягаў акруговаму бэтроеру. Кандыдатаў на бэтроераў павiнен быў знайсьцi я. Усе бэтрояры былi адказнымi перада мной за працу на сваiх становiшчах. Я маю права й абавязак кантраляваць працу бэтрояраў i ставiць прапановы на звальненьне, пераводы i г.д. Праэкт гэты быў нямецкiмi ўладамi прыняты. Хутка штаб Готбэрга выдаў загад да ўсёй палiцыi на Беларусi аб увядзеньнi бэтроюнгу ў жыцьцё.

З пачатку верасьня 1943 г. падпалкоўнiк Каўфман запрапанаваў мне зь iм зрабiць iнспэкцыйнае падарожжа па Беларусi з мэтаю скантраляваньня арганiзацыi бэтроюнгу на мясцох. Забясьпечыўшы адпаведную колькасьць машын i моцную ахову з кулямётамi, Каўфман з цэлым сваiм штабам i я выехалi на iнспэкцыю. Падарожжа было вельмi небясьпечнае з погляду на партызаншчыну, мiма таго мы аб’ехалi ўсю Беларусь за выняткам Глыбоцкае акругi. Загад аб арганiзацыi дайшоў тым часам да ўсiх акругаў i акруговыя начальнiкi палiцыi, даведаўшыся аб нашым iнспэкцыйным падарожжы, старалiся як найхутчэй арганiзаваць апеку на мяйсцох. У большасьцi выпадкаў мы знаходзiм ужо ўсё заарганiзаванае, пры гэтым я сьцвердзiў зьдзiўляючае незразуменьне сэнсу загаду нямецкiмi палiцыйнымi вырашальнымi дзейнiкамi.

Анi сам Каўфман, анi акруговыя начальнiкi палiцыi немцы зусiм не ар’ентавалiся ў нацыянальных дачыненьнях на Беларусi. Яны заглядалiся на справу так, як яе насьвятлялi iм людзi, пад уплывам якiх яны знаходзiлiся. У Заходняй Беларусi яны знаходзiлiся ў бальшынi пад уплывам польскiм. Палякi працавалi пры акруговых начальнiках палiцыi пераважна як перакладчыкi, але былi палякi гэтак сама й начальнiкамi палiцыi. Усе яны, амаль, ведалi нямецкую мову й дзеля гэтага мелi большы ўплыў чымся беларусы. У ўсходняй частцы Беларусi былi вялiкiя расейскiя ўплывы, так што немцы, якiя прыйшлi адмiнiстраваць Беларусь, ня мелi нiводнага паняцьця аб ей. У найлепшым выпадку яны ставiлiся да беларускага нацыянальнага пытаньня абыякава.

Мы засталi, як я ўжо сказаў, бэтроюнг зарганiзаваны, але як. Акруговыя начальнiкi палiцыi павыбiралi на гэтае становiшча палiцыянтаў, якiя iм найбольш падабалiся, гэта значыцца людзей, якiя iм былi найбольш паслухмяныя, найлепш выконвалi службовыя абавязкi й старалiся прыпадабацца немцам. Дзеля гэтага на бэтрояраў трапiлi шмат дзе палякi, расейцы й беларусы нацыянальна мала сьведамыя. Калi я сьцьвердзiў гэты факт, то пераканаў Каўфмана аб неабходнасьцi зьбiраць усiх бэтрояраў данае акругi ў адно месца, дзе я асабiста мог бы iм даваць iнструкцыi аб iхняй працы. Каўфман згадзiўся на гэта i перад нашым прыездам у акругу давалiся радыёграмы начальнiкам акруговай палiцыi аб зборцы ўсiх бэтрояраў у вадно месца.

Як гэтая справа прадстаўлялася на мясцох, можа сьведчыць прыклад Ганцэвiцкае акругi, дзе на сем бэтрояраў быў толькi адзiн беларус, адзiн расеец, а рэшта — палякi.

Калі я сказаў Каўфману, што гэта абсалютна няправiльна й можа даць адваротныя вынiкi, Каўфман сам пачаў вытыкаць акруговым начальнiкам гэткую iхнюю працу. Акруговыя начальнiкi палiцыi хутка раскусiлi мой слабы бок i адказвалi: “Дык няхай Кушаль дае нам сваiх кандыдатаў”.

У часе аб’езду ўсюды, дзе мы толькi затрымоўвалiся, я заўсёды ўваходзiў у сутычнасьць з мясцовымi беларускiмi грамадзкiмi прадстаўнiкамi, як iз старшынямi самапомачы, начальнiкамi раёнаў, старшынямi гарадоў, школьнымi iнспэктарамi i iншымi i прасiў iх аб помачы ў набраньнi мне кандыдатаў на бэтрояраў. Звычайна мне прадстаўлялi цэлыя спiскi кандыдатаў, але нi адзiн зь iх на мой заклiк не прыходзiў. Прычынай гэтага зьявiшча было тое, што нашая iнтэлiгенцыя заўсёды ставiлася няпрыхiльна да палiцыi наагул, а асаблiва да гэтак званай “чорнай палiцыi”, гэта значыць да арганiзаванай немцамi i апранутай у чорныя мундзіры, дзеля таго, што палiцыя гэтая была вельмi скампраметаваная ў вачох беларускага грамадзянства. Апрача таго, немагчымыя адносiны немцаў да мясцовага насельнiцтва адстрашвалі нашую iнтэлiгенцыю ад супрацоўнiцтва зь iмi. Адзiны чалавек, якi згадзiўся пайсьцi на гэтую цяжкую й адказную працу, быў школьны iнспэктар i кiраўнiк самапомачы Ганцэвiцкай акругi Антон Сокал–Кутылоўскi.

У сiлу неабходнасьцi я мусiў выбiраць бэтрояраў зь лiку палiцыянтаў. У шмат выпадках мне ўдалося вышукаць вельмi сьведамых беларусаў, якiя пасьля сканчэньня курсу былi зусiм добрымi беларускiмi прапагандыстымi. Шмат лепш можна было б паставiць справу апекi, каб я знайшоў большае падтрыманьне ў нашай iнтэлiгенцыi.

Нашае падарожжа мела ня толькi характар iнспэкцыйны, але гэтак сама й прапагандовы. Усюды, дзе мы толькi прыязджалi, Каўфман загадваў зьбiраць усiх палiцыянтаў. Калi палiцыянты былi выстраеныя, то Каўфман, адабраўшы рапарт ад камандзiра, звычайна гаварыў праз перакладчыка мiж iншым наступнае: “У маiм штабе знаходзiцца беларускi афiцэр капiтан Кушаль, ён зараз будзе да вас гаварыць, выслухайце яго ўважна”. Пасьля гэтага я гаварыў да людзей прамову. Мая прамова звычайна рабiла на палiцыянтаў вялiкае ўражаньне. Палiцыянты нiколi ня чулi перад гэтым, каб да iх гаварыў хто небудзь па–беларуску й пры гэтым на такую тэму, на якую я да iх гаварыў. Звычайна гаварылi да iх адны немцы i то праз перакладчыкаў, якiя перадавалi iм нямецкiя словы, што датычылi выключна службы, або па–польску, або па–расейску.

Тут яны сустрэлiся зь нечым небывалым. Афiцэр–беларус у нямецкiм мундзiры ня толькi гаварыў да iх па–беларуску, але называў iх беларускiмi жаўнерамi i ўспамiнаў аб Незалежнасьцi Беларусi. Гэта мела вялiкае прапагандовае значэньне. Мушу прызнацца, што я й сам хваляваўся, асаблiва калi прамаўляў да цэлых батальёнаў. У Урэччы быў выстраены перада мной цэлы 36 беларускi палiцыйны полк. “Жыве Беларусь!” — пачынаў i канчаў я свае прамовы, і моцнае “Жыве!” вылятала з грудзей беларускiх палiцыянтаў, якiя па праўдзе былi першымi беларускiмi жаўнерамi.

Вельмi цiкавае палажэньне было ў Лiдзе. Яшчэ перад зборкай палiцыянтаў начальнiк акруговай палiцыi ў Лiдзе прасiў мяне, каб я гаварыў так, каб не паглыбiць польска–беларускi антаганiзм, якi там iснаваў. Калi палiцыянты былi выстраеныя, то я перш за ўсё сказаў, каб беларусы паднялi ўверх рукi. Калi беларусы паднялi нясьмела рукi, то аказалася, што iх было ня больш 20%, рэшта былi палякi i трохi расейцаў. Разумеецца, што прамова мая тут не магла быць такой, як заўсёды. Былi мы гэтак сама й ў украiнскiх батальёнах, дзе я таксама мусiў прамаўляць.

Вярнуўшыся ў Менск, я меў поўнае ўяўленьне аб бэтроюнгу сярод беларускае палiцыi. Быў ён, бязумоўна, нездавальняючы. Каб яго паправiць, даць яму ўказаньнi, выясьнiць ягоныя заданьнi, я запрапанаваў Каўфману адчынiць двутыднёвыя курсы для акруговых бэтрояраў, пасьля чаго акруговыя бэтрояры правядуць такiя курсы для нiжэйшых бэтрояраў у сваiх акругах. Каўфман на гэта згадзiўся. Гэта было ўжо ў канцы кастрычнiка 1943 г. Я прыступiў да апрацаваньня праграмы курсаў i да выданьня палiцэйскага часапiсу, якi я назваў “Беларус на Варце”. Першы нумар “Беларус на Варце” выйшаў у пачатку сьнежня 1943 г. Нумар аказаўся вельмi ўдалы. У лiку 2500 экзэмпляраў ён разыйшоўся па ўсёй Беларусi. Далейшыя нумары часапiсу “Беларус на Варце” выходзiлi перыядычна ў меру падбору матар’ялу. Ад сьнежня 1943 г. да мая 1944 г. выйшла 10 нумароў, з таго дзевяць пад маёй рэдакцыяй i адзiн пад рэдакцыяй Гуцькi Уладзiмера. “Беларус на Варце” распаўсюджваўся пры дапамозе нямецкай палiцыйнай сеткi, дзеля гэтага даходзiў ува ўсе куткi Беларусi, туды, дзе нiякае iншае беларускае друкаванае слова не даходзiла. “Беларус на Варце” быў вельмi папулярны сярод беларускага грамадзянства, як на вёсцы, так і ў горадзе.

У першай палове студзеня 1944 г. распачаўся ў Менску двутыднёвы курс для бэтрояраў. На курс прыбыло па аднаму бэтрояру з кожнай акругi, як акруговыя бэтрояры, i па аднаму з кожнага палiцыйнага аддзелу. Разам прыбыло 18 слухачоў. Нягледзячы на ўсе папраўкi на мясцох, усё ж такi на курс прыбыло двух расейцаў i адзiн паляк, рэшта беларусы. Пасьля заканчэньня гэтага курсу курсанты, вярнуўшыся ў свае акругi, правялi гэткiя ж курсы ў акругах, так што пад вясну 1944 г. цэлы бэтроюнг на Беларусi быў перашколены. Праца пачала вельмi карысна разгортвацца. Палiцыянты пачалi пiсаць зь мейсцаў у “Беларус на Варце”. Я быў у лучнасьцi з усёй беларускай палiцыяй i проста ня мог адзiн даць рады з карэспандэнцыяй, якую атрымлiваў з мейсцаў. Тут гэтак сама выявiлася паэтычная беларуская душа, 80% карэспандэнцыi пiсанай радавымi палiцыянтамi, пiсалася вершам. Нягледзячы на цяжкасьцi й абмежаваньнi, якiя я меў ад немцаў, усё ж такi з гэтай працай я меў вялiкае маральнае задаволеньне.

У лютым 1944 г. Прэзiдэнт Беларускай Цэнтральнай Рады паклiкаў мяне на становiшча Камандуючага Беларускай Краёвай Абаронай. Я прыняў гэтае становiшча й сьпярша, покуль было магчыма, выконваў гэтыя дзьве функцыi адначасова, але ўжо ў маi 1944 г. я цалкам адыйшоў ад працы сьпецыяльна ўпаўнаважанага ў справах беларускае палiцыi, аддаючыся працы ў БКА. Рэдактарства “Беларус на Варце” пераняў тады Гуцька Уладзiмер.

Нацыянальная сьведамасьць палiцыянтаў, дзякуючы працы бэтроюнгу, была вельмi высокая. Палiцыянты пачалi сапраўды ўважаць сябе за беларускiх жаўнераў i зусiм iначай ацэньваць свае абавязкi i адносiны да немцаў.

Калi пачалося нямецкае адступленьне з Беларусi ў чэрвенi 1944 г., то, нягледзючы на тое, што ў шмат выпадках немцы кiнулi нашу палiцыю на ласку лёсу, як палiцэйскiя батальёны, гэтак i палiцыя раённая ў поўным парадку адступiла на Захад, часта ставячы наступаючым бальшавiкам зацяты адпор. Толькi ў раёне Гораднi Годберг пачаў арганізоўваць беларускую палiцыю ў рэгулярныя баявыя адзiнкi i кiдаць iх у бой пад камандай нямецкiх афiцэраў. Так, напрыклад, прарыў у раёне Аўгустова быў затрыманы выключна беларускай палiцыяй. Шмат палiцыянтаў загiнула там гераiчнай сьмерцю, верачы, што яны змагаюцца за Беларусь.

Пазьней, прыблiзна ў жнiўнi 1944 г., Годбэрг загадаў Обэрштурмбанфюрэру Зiглiнгу сьцягнуць усю беларускую палiцыю й нямецкую жандармэрыю ў раён Лангры i арганiзаваць гэтак званую “шпэрбрыгаду” Зiглiнга. Пазьней гэтая брыгада была папоўненая яшчэ ўкраiнцамi й расейцамi i была названая 30 расейскай дывiзiяй СС. Гэта дывiзiя была перасунутая з раёну Лангры сьпярша ў раён Цiханава, а пазьней у раён Дойчэляў ува ўсходняй Прусii.

У канцы жнiўня 1944 г. я паслаў у штаб Зiглiнга 16 беларускiх афiцэраў з тым, што яны будуць магчы абняць камандныя становiшчы ў тых аддзелах, дзе бальшыня беларусаў. Зiглiнг, аднак, нашых афiцэраў ня прыняў, гаворачы iм, што ў ягонай дывiзii няма месца на нацыянальны падзел. Тады я прыбыў асабiста ў штаб Зiглiнга. Апошняга я не застаў, але справу прадставiў начальнiку штабу, просячы Зiглiнга, каб ён выдзелiў беларусаў у асобныя палкi зь беларускай каманднай абсадай. Шэф Штабу перадаў мне, што аб гэтым ня можа нават быць i гутаркi. “Мы творым адзiн моцны кулак i дзяленьне па нацыянальнасьцях можа яго толькi аслабiць”, — сказаў ён. Стан дывiзii быў 11600 чалавек, у тым лiку 7000 беларусаў.

Пазьней гэтая дывiзыя была перакiнутая ў Францыю. Тут, дзякуючы неадпаведнаму падыходу да нацыянальнага пытаньня i дзякуючы адсутнасьцi сваiх камандзiраў, дывiзыя распалася.

Аб нацыянальнай сьведамасьцi беларускiх палiцыянтаў сьведчыць вялiкая колькасьць iхнiх лiстоў у Беларускую Цэнтральную Раду ў Бэрлiне, у якiх яны дамагаюцца перавесьцi iх у беларускае войска. Той факт, што беларуская палiцыя была змарнаваная для беларускай справы, вiноўнымi зьяўляюцца не беларусы, а толькi выключна немцы, якiя ня ведалi беларуса, няўмелi да яго падыйсьцi, а беларусам не давалi нiякай магчымасьцi мець на iх свой уплыў, асаблiва ў такiя рашаючыя часы, як ад чэрвеня 1944 г.

Беларускае войска на эмiграцыi

У канцы чэрвеня 1944 г. бальшавiцкая армiя прарвала нямецкi фронт на Беларусi i хутка пачала займаць Беларусь. Усё сьведамае беларускае грамадзянства, як з усходняй часткi краю, так i з заходняй, масава пачало ўцякаць на Захад. Такiм чынам, прыблiзна да паловы лiпеня 1944 г. на тэрыторыi Нямеччыны знайшлося шмат як беларускай iнтэлiгенцыi, так i сялян i работнiкаў. Гэтыя масы беларусаў апынулiся ў вельмi благiх умовах. Нямецкiя вайсковыя ўлады затрымоўвалi гэтых уцекачоў ва усходняй Прусii, зачынiлi ў iмправiзаваныя лягеры i выкарыстоўвалi як рабочую сiлу пры пабудове вайсковых умацаваньняў. Частка ўцекачоў, а асаблiва сялян з собскiмi коньмi й вазамi, заставалiся на працу ў вясковых гаспадарках, дзе мусiлi iз сваiмi коньмi працаваць толькi на марнае выжыўленьне. Беларусы вайсковыя, як БКА, Самаахова, палiцыя i iнш. сiлаю прыдзялiлiся да брыгады Зiглiнга. Знайшлася на тэрыторыi Нямеччыны i БЦР са сваiм выканаўчым апаратам. Прыблiзна каля паловы лiпеня 1944 г. сябры Рады на чале з Прэзiдэнтам Астроўскiм сабралiся ў Бэрлiне. Тут Рада была падпарадкаваная Мiнiстэрству ўсходнiх абшараў.

Першаю справаю, якая, на думку БЦР, уважалася за найважнейшую, была арганiзацыя беларускага войска. БКА, якая на Беларусi, як нiяк, станавiла паважную вайсковую сiлу, перастала iснаваць. Брыгада Зiглiнга ў нiякiм выпадку не магла разглядацца як беларускае войска, дзеля таго, што туды заганялiся й iншыя нацыянальнасьцi i, апрача таго, Зiглiнг (думаю, што гэта была ня толькi ягоная думка) не хацеў прызнаваць нiякiх нацыянальнасьцяў. Калi я паслаў у ягонае распараджэньне 16 афiцэраў БКА з тым, каб яны былi камандзiрамi беларусаў у ягонай брыгадзе, то Зiглiнг iх проста ня прыняў. Ён заявiў iм, што ў ягонай брыгадзе падзелу на нацыянальнасьцi няма, брыгада ў цэласьцi зьяўляецца нямецкай збройнай сiлай i яны мусяць камандаваць адзiнкамi незалежна ад iх нацыянальнасьцi. Бальшыня афiцэраў на гэтыя варункi не згадзiлася i ў брыгадзе не засталася.

Першая думка БЦР аб рэстаўрацыi БКА на эмiграцыi сталася немагчымай да рэалiзацыi. Таму было пастаноўлена дамагацца ад нямецкiх уладаў дазволу на арганiзацыю беларускага легiёну. Магчымасьць арганiзацыi такога легiёну была поўная. Як першы пачатак легiёну бралася пад ўвагу тое беларускае войска, якое знайшлося на тэрыторыi Нямеччыны (сапёрныя батальёны БКА, 13–ы беларускi палiцыйны батальён, рэшткi батальёнаў БКА, якiя знайшлiся ў брыгадзе Зiглiнга i iнш.). Можна было разьлiчаць разам на якiх–небудзь 10 000 чалавек вайсковых, у тым лiку i афiцэрская школа. Апрача таго, у войска вельмi ахвотна пайшлi б уцекачы з Беларусi, усходнiя работнiкi беларусы i iнш. Калi б немцы далi магчымасьць сабраць усiх гэтых людзей, то можна б было разьлiчаць на тры дывiзii войска. Беручы ўсё гэта на ўвагу, Прэзiдэнт БЦР выступiў перад немцамi з хадатайнiцтвам аб дазволе на арганiзацыю Беларускага легiёну.

Гэтак званае “беларускае ляйтштэльле” пры Мiнiстэрстве ўсходнiх абшараў праект арганiзацыi беларускага легiёну спаткала вельмi прыхiльна. Кiраўнiк “Ляйтштэльле” др. Люббэ са свайго боку рабiў усё, што мог, каб легiён паўстаў. Першаю вайсковаю ўладаю, да якой Прэзiдэнт зьвярнуўся, складаючы спецыяльны мэмарыял, быў штаб “Фрэмдфолькiшэфрайвіллігфэрбэндэ”, на чале якога стаяў гэнэрал Кiстрын. Мэмарыял быў зложаны прыблiзна ў палове лiпеня 1944 г. Праз якiя тры тыднi Прэзiдэнт атрымаў адказ ад гэнэрала Кiстрына, у якiм ён паведамiў, што мэмарыял атрыманы i што ў хуткiм часе ён запросiць Прэзiдэнта для абмеркаваньня тэхнiчнага боку арганiзацыi легiёну. Я ня буду пералiчваць тут, колькi разоў я наведаў штаб гэн. Кiстрына, каб прыпомнiць яму справу арганiзацыi беларускага легiёну.

Тымчасам, беларускае грамадзянства даведалася аб тым, што БЦР знаходзiцца ў Бэрлiне, i вайсковыя беларусы, асаблiва афiцэры, пачалi зьяўляцца да мяне, сьцвярджаючы ахвоту ўступiць у беларускi легiён. Я знайшоўся ў клапатлiвым палажэньнi. Я верыў абяцанкам Мiнiстэрства ўсходнiх абшараў i штабу гэнэрала Кiстрына, што справа беларускага легiёну будзе разьвязана пазытыўна й хутка, i таму трымаў у надзеi й вайсковых беларусаў, просячы iх аб перачаканьнi нядоўгага часу, пакуль выйдзе загад нямецкiх уладаў. Яны мне верылi й чакалi, знаходзячыся ў вельмi благiх матар’яльных абставiнах.

Час праходзiў вельмi хутка. Кiраўнiцтва вайсковымi справамi пры БЦР Прэзiдэнт даручыў Канстанцiну Езавiтаву. Наступiла гэта ў жнiўнi 1944 г. Езавiтаў энэргiчна ўзяўся за працу. І Прэзiдэнт, i Вiцэ–прэзiдэнт, i Езавiтаў бязконца абiвалi парогi розных нямецкiх чыноў, а справа легiёну стаяла на мёртвым пункце.

БКА ня было ўрадава немцамi разьвязанае i я далей уважаўся афiцыяльна за камандуючага БКА. У гэткiм характары я й выступаў перад нямецкiмi ўладамi. У пачатку верасьня 1944 г. я iз сваiм ад’ютантам зьявiўся ў Вайсковай Камандатуры Бэрлiна i запатрабаваў прыдзелу кватэраў для БКА. Запатрабаваньне сваё я матываваў тым, што шмат жаўнераў БКА прыбывае й са шпiталяў у штаб БКА i для iх няма кватэраў. Камандатура прыдзялiла нам тады школьны будынак пры Лiхэнэрштрасэ 50, з поўным уладжаньнем за кватэраваньня трохсот чалавек. З гэтага моманту вайсковыя беларусы й пачынаюць канцэнтравацца на Лiхэнэрштрасэ 50.

Адцягваньне выдачы загаду немцамi аб арганiзацыi легiёну непакоiла сябраў БЦР. На адным паседжаньнi Прэзыдыюму Рады выступiў Езавiтаў з праектам, каб прыступiць да арганiзацыi першай вайсковай адзiнкi, не чакаючы на дазвол немцаў. Свой праект ён матываваў наступна: афiцыяльна iснуе БКА, кватэра ёсьць, выжыўленьне можа быць тымчасова арганiзаванае па харчовых картках, гэтак сама жаўнеры могуць тымчасова быць у собскiх вопратках, так што пад фiрмай БКА можна паклiкаць людзей i прыступiць да арганiзацыi першага школьнага батальёну БКА.

Я асабiста не згаджаўся з праектам Езавiтава. Знаючы добра немцаў, я ведаў, што яны з дакананым фактам могуць ня лiчыцца i што загад аб арганiзацыi легiёну можа прыйсьцi вельмi няскора, або наагул ня прыйсьцi, тымчасам склiкаючы людзей, мы бярэм на сябе адказнасьць за iх. БЦР нiякiх матарыяльных сродкаў ня мае апрача грошай, з якiх мусiла адчытвацца перад Мiнiстэрствам усходнiх абшараў, якое магло выдаткi на школьны батальён ня прызнаць. Наагул, арганiзацыя войска бяз нiякай падставы праўнай i бяз базы матарыяльнай выглядала, па–мойму, непаважна.

Праект Езавiтава, аднак, Прэзiдэнту спадабаўся й было пастаноўлена арганiзаваць школьны батальён пад фiрмай БКА ў Бэрлiне. На гэтую мэту было асыгнавана 12 000 нямецкiх марак. Наколькi я прыпамiнаю, пастанова гэтая была прынятая 13 верасьня 1944 г.

З гэтага мамэнту Езавiтаў, арганiзаваўшы сабе адпаведна моцную канцалярыю, пачаў паклiкаць людзей у беларускае войска.

Людзi пачалi зьяўляцца. Адзiн iз старэйшых афiцэраў, якi першы прыбыў у батальён быў капiтан Пётра Касацкi, ён i быў вызначаны на камандзiра батальёну.

Згодна з першым праектам батальён павiнен быў складацца: 1) з афiцэрскага курсу, на якiм павiнны былi дасканалiцца афiцэры, 2) падафiцэрскага курсу для дасканаленьня падафiцэраў, 3) афiцэрскае школы, у якой павiнны былi вучыцца на афiцэраў маладыя людзi, што ня мелi нiякай афiцэрскай школы, 4) падафiцэрскае школы, для кандыдатаў на падафiцэраў, што ня мелi падафiцэрскае школы i 5) гаспадарскае роты. Дзеля таго, што батальён гэты арганiзоўваўся, як батальён БКА, то ён быў у маiм падчыненьнi.

Батальён пачаў арганiзоўвацца ў пачатку верасьня 1944 г. i паводле думкi Езавiтава й некаторых сябраў Рады, афармленьне яго перад нямецкiмi ўладамi павiнна было мець месца не пазьней, як праз два тыднi. Тымчасам прыйшоў i сьнежань 1944 г. i нягледзячы на ўсе стараньнi Рады аб дазволе на арганiзацыю легiёну, а праз гэта й уключэньне батальёну ў гэты легiён, засталося бяз вынiку. У батальён прыбыло каля 300 чалавек, у тым лiку 50 афiцэраў. Кватэры былi адносна добрыя, харчаваньне па харчовых картках гэтак сама магчымае, але з вопраткай справа прадстаўлялася катастрафальна: людзi прыбылi ў летнiх вопратках. У лiстападзе ўжо было вельмi холадна. Людзi прастуджвалiся, а нямецкiя вайсковыя ўлады ўсьцяж абяцалi, але нiчога не рабiлi. У батальёне пачаўся разлад. Людзям трэба было ўсьцяж абяцаць, што не сягоньня так заўтра выйдзе загад аб арганiзацыi легiёну i што яны атрымаюць вопратку й зброю. Людзi верылi й чакалi.

Вышкаленьне гэтак сама праводзiлася. Была арганiзаваная афiцэрская школа, якая пад камандай маёра Барыса Рагулi нягледзячы на адсутнасць зброi й вопраткi праходзiла праграму афiцэрскай школы. Гэтак сама была арганiзаваная й школiлася падафiцэрская школа. Праходзiў перашколенне й курс афiцэрскi. Час iшоў. Халады большалi й трэба было з боку так камандзiраў, як i падуладных жалезнай волi й самаахвярнасцi, каб у такiх умовах утрымоўваць дысцыплiну й школiцца.

Прыблiзна ў палове сьнежня 1944 г. штаб “Фрэмдфолькiшэфрайвiллiгфэрбэндэ” адмовiўся ўзяць пад сваю апеку беларускi легiён i справу перадаў “СС Гаўптамту”. Апошнi згадзiўся арганiзаваць беларускi легiён пад сваёй камандай. З гэтага моманту беларускiя вайсковыя справы перайшлi да “СС Гаўптамту”. У “СС Гаўптамт” была арганiзаваная беларуская „ляйтштэльле“, якая й занялася беларускай вайсковай справай. “СС Гаўптамт” згадзiўся арганiзаваць беларускую дывiзiю. Гэты факт быў iмпульсам для вайсковага кiраўнiцтва падвоiць энэргiю. Пiшучыя машынкi дзень i ноч трашчэлi бяз упынку. Шафы што раз больш напаўнялiся паперай, а справа й далей стаяла на мёртвым пункце.

Прэзiдэнт i вайсковае кiраўнiцтва дамаўлялiся з „СС гаўптамтам“ адносна варункаў, на якiх мелася арганiзавацца беларуская дывiзiя. Урэшце дамовiлiся, што камандзiрам дывiзыi будзе немец, штаб дывiзыi мяшаны, гэта значыць, што побач з кiраўнiкамi аддзелу штабу немцаў маюць быць i беларусы. Камандзiры палкоў i ўсе нiжэйшыя камандзiры мелiся быць беларусы. Пры кожнай адзiнцы мелiся быць аднак нямецкiя афiцэры, як афiцэры сувязi. Каманды зацьвярджалiся беларускiя. Назоў дывiзыяў (дывiзыi) меўся быць наступны: СС дывiзiя “Беларусь”. Дывiзыя мелася быць ужытая толькi на ўсходнiм фронце. Было яшчэ i шмат iншых пунктаў меньшага значэньня. Цяпер “СС Гаўптамт” падшукваў адпаведнага кандыдата на камандзiра дывiзii.

8 студзеня 1945 г. зьявiўся ў БЦР СС Обэрштурмбанфюрэр Зiглiнг, якi заявiў, што ён СС Райхмiнiстрам Гiмлерам вызначаны на камандзiра СС дывiзыi “Беларусь” i што прыбыў ён сюды, каб пазнаёмiцца з Прэзiдэнтам БЦР i абгаварыць з вайсковым беларускiм кiраўнiцтвам справу арганiзацыi гэтае дывiзыi.

Дзеля таго, што Зiглiнг адыграў вельмi вялiкую й ад’емную ролю ў арганiзацыi беларускага войска ў Нямеччыне, я хачу коратка затрымацца на ягонай асобе.

Зiглiнг належаў да войск СС. На мяне рабiў ён уражанне чалавека маладога, недасьведчанага й няўстрыманага. Выплыў ён наверх толькi дзякуючы пратэкцыі. Кажуць, што нейкая блiжэйшая сувязь, цi сваяцтва лучыла яго з Гiмлерам. Як я ўжо ўспамiнаў тут, ён быў вызначаны за камандзiра гэтак званай шпэрбрыгады, якая арганiзоўвалася ў раёне Ломжы, у лiпенi 1944 г. зь недабiткаў нямецкай жандармерыi, якая акупавала Беларусь, з розных iншых нацыянальнасьцяў, якiя служылi на Беларусi як дапаможная палiцыя. Было туды ўключана й трохi БКА, i беларускае самааховы. Паводле слоў беларускiх афiцэраў, якiя безпасрэдна сутыкалiся з гэтай брыгадай, было там разам 11 000 чалавек, з чаго 7 тысяч было беларусаў. Пазьней брыгада гэтая атрымала назоў 30–й расейскай СС дывiзыi. Афiцэрскi склад гэтай дывiзii быў вельмi разнастайны. Былi там афiцэры нямецкай жандармерыi, афiцэры дапаможнай iншаземнай палiцыi й трохi афiцэраў БКА. Зiглiнг, не прызнаючы нацыянальнага прынцыпу ў арганiзацыi дывiзii, i як немец трымаўся расыстаўскае тэорыi, усiх афiцэраў i падафiцэраў ня немцаў запхнуў на другарадныя становiшчы, да камандзiра рот уключна i вышэй паставiў немцаў. Гэтыя немцы ня ведалi псыхалёгii сваiх падуладных i апрача таго, ня былi афiцэрамi баявымi, так што зь месца наставiлi да сябе жаўнераў ня немцаў варожа. Гэтыя нямецкiя афiцэры, як сапраўдныя палiцыянты, думалi ўтрымлiваць дысцыплiну ў сваiх пададзелах пры помачы караў. Увесь гаспадарчы апарат дывiзii быў абсаджаны выключна немцамi, якiя бязьлiтасна абкрадалi жаўнераў ня немцаў. Усё гэта разам выклiкала вельмi благi настрой жаўнераў дывiзыi. Але мiма ўсяго, усе ня немцы пакiнулi сваю бацькаўшчыну, уцякаючы перад бальшавiкамi й былi ворагамi бальшавiкоў. Усе яны хацелi бiцца з бальшавiкамi, i незважаючы на ўсе недахопы дывiзii, з бальшавiкамi бiлiся б. Але, цi з собскай iнiцыятывы Зiглiнга, цi з вышэйшага загаду, сталася iначай.

У верасьнi 1944 г. дывiзiя была адпраўлена ў Францыю на заходнi фронт. Беларусы, якiя хацелi бiцца з бальшавiкамi, каб магчы вярнуцца на сваю Бацькаўшчыну, гналiся немцамi ў бой з англа–амерыканамi. Анi да Амэрыкi, анi да Англii беларусы ня мелi нiякiх прэтэнсыяў i бiцца зь iмi не хацелi. Яшчэ далёка ад фронту на францускай тэрыторыi больш сьведамыя беларускiя жаўнеры пачалi лучыцца ў невялiчкiя групы, навязваць сувязь з францускiмi гэтак званымi “тэрарыстамi” i пераходзiць да iх, а калi дывiзiя заняла адрэзак фронту, то адзiн батальён, зладжаны з беларусаў, цалкам перайшоў на амэрыканскi бок. Гэты факт пераканаў немцаў аб небясьпецы трыманьня дывiзii ў Францыi й яны, зьняўшы дывiзiю з фронту, арыштавалi частку афiцэраў i растралялi iх. З рэшты афiцэраў i жаўнераў былi створаныя гэтак званыя „Шанцрэгiмэнты“ i пасланыя ў Заходнюю Нямеччыну на працу пры будове палявых умацненняў. Немцаў, якiя належалi да дывiзii, i частку iншых нацыянальнасьцяў, якiя яшчэ засталiся пры дывiзii, адвялi ў раён Вайдэна i разкватэравалi па вёсках, Штаб дывiзii памясьцiўся ў Гiршаў. Калi восяньню 1944 г. зрабiлася йзноў актуальнай справа Уласава, то Зiглiнг па загаду Гiтлера ўсiх iншанацыянальных вайсковых, якiя знаходзiлiся яшчэ пры дывiзii, адаслаў у аддзелы Уласава. Такiм чынам, Зiглiнг застаўся безпрацоўным.

Вось гэты самы Зiглiнг зьявiўся 8–га студзеня 1945 г. у БЦР як камандзiр дывiзii „Беларусь“.

Вызначэньне Зiглiнга камандзiрам беларускае дывiзii зрабiла на беларусаў, як вайсковых, так i цывiльных, як найгоршае ўражанне. Прэзiдэнт БЦР звярнуў увагу „СС Гаўптамт“ аб непапулярнасцi Зiглiнга як камандзiра беларускае дывiзii, але „СС Гаўптамт“ не зьвярнуў на гэта нiякае ўвагi. 8–га студзеня Зiглiнг вёў гутарку толькi зь Езавiтавым як кiраўнiком вайсковых спраў, заявiўшы, што ён яшчэ раз прыедзе, каб пазнаёмiцца з Прэзiдэнтам.

У другой палове студзеня 1945 г. Зiглiнг прыслаў у школьны батальён у Берлiн „Штумбанфюрэра“ (маёра) Генiгфэльда, якi, прыбыўшы ў батальён, як у падуладны яму аддзел, выбраў наймаладзейшых i найлепшых афiцэраў i падафiцэраў, паглядзеў на стральцоў i заявiў, што хутка яны паедуць на месца арганiзацыi дывiзii. На афiцэраў i падафiцэраў гэты факт зрабiў як найгоршае ўражаньне. Яны выразна вычулi, што беларускае вайсковае кiраўнiцтва зыходзiць на другi плян.

Неўзабаве прыехаў у Бэрлiн другi раз Зiглiнг. Гэтым разам ён прыбыў на прыватнае памяшканьне Прэзiдэнта БЦР. У гутарцы з Прэзiдэнтам ён быў вельмi ўступлiвым. Прэзiдэнт улажыў на пiсьме ўмовы, на якiх мае быць арганiзаваная дывiзiя. Адносна ўмоваў Зiглiнг меў вельмi незначныя засьцярогi. Ён абяцаў Прэзiдэнту афiцэрскую й падафiцэрскую школы, якiя iснавалi ў школьным батальёне ў Бэрлiне, захаваць на месцы арганiзацыi дывiзii. Адным словам, Прэзiдэнт i Зiглiнг дайшлi да поўнае згоды. Мiж iншым, гэныя ўмовы былi цалкам апрабаваныя й „СС Гаўптамтам“.

У канцы студзеня 1945 г. афiцэрскiя i падафiцэрскiя школы, афiцэры, якiх выбраў Гэнiгфэльд, i частка стральцоў выехалi з Бэрлiна на месца арганiзацыi дывiзii. Афiцэрам для сувязi памiж Зiглiнгам i жаўнерамi беларускiмi быў вызначаны вайсковым кiраўнiцтвам маёр Рагуля Барыс. Пад ягонай камандай транспарт i выехаў з Бэрлiна.

У школьным батальёне ў Бэрлiне засталiся старэйшыя векам афiцэры й трохi стральцоў. Бальшыня з гэтых людзей былi не прыдатныя да вайсковай службы. Тут я мушу выясьнiць, якiм чынам у школьным батальёне знайшлiся людзi, не прыдатныя да вайсковай справы.

Вайсковае кiраўнiцтва хацела выказацца прадуктыўнай працай перад БЦР i „СС Гаўптамтам“. З гэтай мэтай яно паклiкала людзей, ня лiчачыся нi зь векам, нi з станам здароўя. Асаблiва было шмат людзей старых i хворых сярод афiцэраў. Гэтых афiцэраў не хацеў прыняць Зiглiнг, гэтак сама не хацеў iх мець i „СС Гаўптамт“, так што, пасьля ад’езду першай партыi з Бэрлiна, зпасярод застаўшыхся афiцэраў былi выбраны людзi, якiя надавалiся на вярбоўшчыкаў, а рэшта ў лiку 18–цi чалавек былi з войска звольненыя.

Пасьля выезду транспарту школьнага батальёну з Бэрлiна, даўжэйшы час ня было аб iм нiякiх вестак. Ня было нават ведама дакладна месца, куды яны выехалi. Прыблiзна пасьля трох тыдняў першыя весткi прывезлi стральцы, якiя былi звольненыя iз дывiзii лекарскай камiсыяй. Стральцы гэтыя расказалi, што Зiглiнг афiцэрскую школу абнiзiў да падафiцэрскай, а падафiцэрскую школу падзялiў на розныя гаспадарчыя функцыi ў дывiзii. Афiцэраў беларусаў выдзялiў у асобную групу дзеля перавышкалення. Камандную абсаду ў афiцэрскай школе здэградаванай на падафiцэрскую, зрабiў толькi з немцаў. Скора прыехаў у Бэрлiн i маёр Рагуля, якi гэтыя весткi цалкам пацвердзiў. Гэты факт не датрымання ўмоваў Зiглiнгам абурыў усю БЦР. Але гэтае абурэнне нiякага вынiку ня мела. Раз намечаны плян немцамi кансэквэнтна праводзiўся ў жыццё. Роля вайсковага кiраўнiцтва пры БЦР абмежавалася толькi для вярбоўкi людзей у дывiзiю Зiглiнга й то пад дакладнай кантроляй „СС Гаўптамту“. Такiм чынам, кiраўнiк вайсковых справаў, якi выабражаў сябе ваенным мiнiстрам i гэнеральным iнспэктарам беларускiх узброеных сiлаў, быў менш чымся кiраўнiк вярбунковага бюро. У пачатку сакавiка 1945 г. былi разасланыя вярбоўнiкi i ў лягеры ўсходнiх работнiкаў для вярбоўкi беларусаў у войска. Аднак вынiкi гэтай вярбоўкi былi вельмi нязначныя. Прычынай гэтага было, у першую чаргу, агульнае ваеннае палажэньне Нямеччыны ў гэтым часе, недавер да немцаў з прычыны iхняй папярэдняй палiтыкi адносна беларускiх спраў, i асобы Зiглiнга, як камандзiра дывiзii.

Пасьля адпраўкi першае партыi людзей i школьнага батальёну ў дывiзiю, было адпраўлена туды яшчэ некалькi партыяў значна меншых. Школьны батальён iснаваў да паловы красавiка 1945 г. На нямецкае харчаванне ён быў узяты ў канцы лютага 1945 г. Афiцыйна батальён пачаў сваё iснаваньне ад 13–га верасня 1944 г., так што больш як 5 месяцоў прайшлi, покуль немцы ўзялi яго на сваё харчаваньне, а абмундзiраваны i ўзброены ён ня быў i да канца свайго iснаваньня.

Жаўнеры школьнага батальёну БКА ў Бэрлiне выказалi за час iснаваньня батальёну нязвычайную цярплiвасць i ахвярнасць адносна сваiх жаўнерскiх абавязкаў. Будучы вельмi блага апранутымi (большасць у летнiх i марных вопратках, асаблiва хлопцы з Саюзу Беларускае Моладзi), вельмi блага аджыўляючыся, зусiм не ўзброеныя, ператрывалi яны вострую зiму 1945 г. i сумленна выконвалi вымаганыя ад iх абавязкi. Яны верылi, што ў рэшце рэштаў беларускае вайсковае права прыйме iншы, лепшы зварот. Гэтак аднак не здарылася i ў гэтым няма вiны анi БЦР, анi вайсковага беларускага кiраўнiцтва.

Яшчэ у лютым 1945 г. я хацеў выехаць у дывiзiю, каб быць у курсе ўсiх спраў, якiя там дзеюцца i мець на iх свой уплыў. Прэзыдэнт цалкам падтрымлiваў маю думку й напiсаў пiсьмо у “СС Гаўптамт”, у якiм прасiў аб адпаведныя для мяне на выезд дакуманты. Але на вялiкае нашае зьдзiўленьне, “СС Гаўптамт” катэгарычна адмовiўся выпiсваць дакуманты i спрацiвiўся майму выезду ў дывiзiю. Прэзыдэнт вельмi абурыўся гэтаму i заявiў, што ён гэты факт разглядае як справу прынцыповага значэньня. Прэзыдэнт даручыў 1–му Вiцэ–прэзыдэнту Шкялёнку iнтэрвэнцыю ў гэтай справе ў Мiнiстэрстве ўсходнiх абшараў.

Вiцэ–прэзыдэнт Шкялёнак i кiраўнiк вайсковых спраў Езавiтаў былi ў гэтай справе ў д–ра Люббэ. Др. Люббэ падзялiў погляд “СС Гаўптамту” i, такiм чынам, дарога ў дывiзiю для мяне была зачыненая.

Тымчасам выпадкi на фронтах разгортвалiся так, што катастрофа Нямеччыны наблiжалася шпаркiм крокам. Гэтая акалiчнасьць змусiла мяне ужыць хiтрасьцi, каб за ўсялякую цану дастацца ў дывiзiю й у крытычны мамэнт быць пры сваiх людзях. Я запрапанаваў „СС Гаўптамту“ сваю ўслугу на вярбоўку людзей у дывiзiю, на што „СС Гаўптамт“ згадзiўся i выпiсаў для мяне дакуманты на выезд ў паўднёва–заходнюю Нямеччыну. Езавiтаў гэтак сама мне запрапанаваў, каб я, па выкананьнi свайго заданьня па вярбоўцы людзей, паехаў у дывiзiю i ад ймя вайсковага кiраўнiцтва выпiсаў мне дакументы, як спецыяльна–упаўнаважанаму ад БЦР пры дывiзii. Справа гэтая была ў даны момант вельмi актуальнай дзеля таго, што маёр Рагуля, як гастырлiвая муха, бязупынна гудзеў у вушы Зiглiнга аб не выкананьнi iм прынятых на сябе ўмоваў адносна арганiзацыi дывiзii “Беларусь”, быў высланы на афiцэрскi курс для перашкаленьня.

3–га красавiка 1945 г. я прыбыў у дывiзiю. Зiглiнг можа й шчыра прывiтаў мой прыезд з задавальненьнем. У гэты момант як раз вялася рэарганiзацыя дывiзii. Рэарганiзацыя гэтая складалася з наступнага.

Немцы арганiзоўвалi новую СС дывiзiю, якую называлi “СС дывiзiя Нiбелунгаў”. Дывiзiю „Нiбелунгаў“ яны арганiзоўвалi зь нямецкае, якую прымусова забiралi з пакiданых iхняй армiяй абшараў. Большасьць нямецкiх афiцэраў i падафiцэраў яны забралi сюды з дывiзii “Беларусь”, як кадраў для дывiзii “Нiбелунгаў”, дзеля гэтага ў дывiзii “Беларусь” не хапала нямецкага каманднага складу. У сiлу неабходнасьцi немцы былi прымушаны немцаў камандзiраў замянiць беларускiмi камандзiрамi. У сувязi з гэтым яны ўсiх беларусаў выдзялiлi ў васобныя тры батальёны, у якiх пачынаючы ад камандзiра батальёну ўнiз былi вызначаныя беларусы. Камандзiрам цэласнасьцi быў вызначаны немец штурмбанфюрэр (маёр) Гэнiгфэльд. У дывiзii “Нiбелунгаў” не хапала зброi i iнш. Дзеля гэтага немцы адабралi ад беларускiх жаўнераў зброю, прылады i начыньне, пакiдаючы на двух жаўнераў адзiн кацялок. Месцам арганiзацыi беларускiх батальёнаў была вызначаная ваколiца Вайнэргамэр. У гутарцы са мной Зiглiнг прадставiў справу рэарганiзацыi дывiзii “Беларусь” зусiм у iншым сьвятле, так што зь ягоных слоў рэарганiзацыя рабiлася на нашу карысьць. Зiглiнг запрапанаваў мне, каб неадкладна паехаў з Гэнiгфэльдам, якi ў гэты час быў у штабе дывiзii, у Вайнэргамэр i там супольна зь iм арганiзаваў тры беларускiя батальёны.

Калi я прыехаў у Вайнэргамэр, то на месцы засьпеў яшчэ афiцэрскi курс перашкаленьня. Школы афiцэрскай, здэградаванай Зiглiнгам на падафiцэрскую, ужо ня было. Яна была зьлiквiдаваная. Такiм чынам Зiглiнг зьнiшчыў i другую беларускую афiцэрскую школу. У штабе Гэнiгфэльда я, на маю радасьць, засьпеў капiтана Орсiча, якi паiнфармаваў мяне аб фактычным стане рэчаў, якiя прадстаўлялiся вельмi дрэнна. Яшчэ ў першы дзень майго пабыту пры штабе Гэнiгфэльда я зрабiў сабраньне часткi афiцэраў найпэўнейшых зь беларускага пункту гледжаньня. Афiцэры як адзiн заявiлi мне, што ў сувязi з раззбраеньнем беларусаў i выдзяленьнем iх у асобныя групы ходзяць чуткi, што будуць яны выкарыстаныя толькi як працоўная сiла пры будове абаронных умацаваньняў, што беларускiя батальёны ня будуць вайсковымi адзiнкамi, а проста працоўнымi аддзеламi, што гэта рэарганiзацыя ёсьць нiшто iншае, як проста лiквiдацыя беларускае дывiзii. На гэта паказваў i той факт, што пры беларускiх батальёнах застаюцца ўзброеныя аддзелы немцаў у сiле да 50 чалавек, якiя падлягаюць безпасярэдна афiцэрам немцам, што прыдзяляюцца да беларускiх батальёнаў як афiцэры лучнасцi памiж камандзiрам батальёну i Гэнiгфэльдам. Значыцца панам палажэння ў беларускiм батальёне будзе афiцэр немец, якi, кiруючыся на ўзброенай адзiнцы, можа з абязброяным батальёнам зрабiць што ён захоча. У сувязi з гэтым настрой сярод афiцэраў, падафiцэраў i стральцоў вытварыўся вельмi благi. Як афiцэры, так падафiцэры й стральцы, хочуць разбегчыся. Людзi менш стрыманыя ўжо дэзэртыруюць. На iхныя разважаньнi я ня меў супроць нiякага аргумэнту. Выглядала, што сапраўды беларускiя абязброеныя батальёны будуць замененыя ў працоўныя аддзелы. Я выйшаў iз таго гледзiшча, што катастрофа Нямеччыны хутка наблiжаецца i, што пры найгоршым становiшчы, у якое паставiлi б нас немцы, мы мусiм быць арганiзаванымi. Супраць Ангельшчыны й Амерыкi мы нiколi ня будзем ваяваць, бо беларусы ня маюць да гэтых народаў нiякiх прэтэнзiяў. Немцы не датрымалi ўмовы адносна ўжыцьця нас на усходнiм фронце й дзеля гэтага мы маем разьвязаныя рукi. Мы мусiм ужыць усiх сiлаў, каб усе мы, вайсковыя беларусы, трымалiся разам хоць бы нават як працоўныя аддзелы й пры першай магчымасьцi арганiзавана перайшлi на Англа–Амэрыканскi бок. Гэтыя разважаньнi пераканалi афiцэраў i мы разышлiся, вырашыўшы трымацца арганiзавана за ўсялякую цану.

На наступны дзень я правёў гутарку з усiмi афiцэрамi, якiя былi ў Вайергамэры, з падафiцэрамi i стральцамi пададдзелаў. Не магу тут не адзначыць вельмi добрую паставу эскадрону, якiм камандаваў ротмiстр Айбнэр, немец. Нягледзячы на тое, што Айбнэр быў немцам, аднак беларуская нацыянальная сьведамасьць ягоных жаўнераў была вельмi высокая, гэтак сама эскадрон добра прадстаўляўся пад поглядам баёвасьцi, як i дысцыплiны.

Аб вышэй апiсаным палажэньнi ў дывiзii “Беларусь” нiчога ня ведала беларускае войскавае кiраўнiцтва пры БЦР, анi сама БЦР. Таму я быў прымушаны неадкладна выехаць у Бэрлiн, каб аб усiм паiнфармаваць.

Прыблiзна каля 10–га красавiка я вярнуўся з Бэрлiну ў дывiзiю. Гэнiгфэльд iшоў мне вельмi на руку i ва ўсiм са мною раiўся. Камандiрамi батальёну былi вызначаныя:

1–м маёр Сокал–Кутылоўскi, 2–м капiтан Чайкоўскi й 3–м капiтан Тамiла. Дух сярод жаўнераў падняўся. Батальёны, хоць i бяз зброi, пачалi праходзiць вайсковую падрыхтоўку.

У часе рэарганiзацыi дывiзii Зiглiнг выбраў найлепшых афiцэраў, падафiцэраў i стральцоў i арганiзаваў зь iх асобны аддзел, гэтак званы Ягдкамандэ, куды былi забраныя капiтан Зыбайла Рыгор, падлейтэнант Трусаў i iнш. У склад Ягдкамандэ ўвайшоў i эскадрон Айбнэра. Ягдкамандэ быў прыдзеляны да дывiзii “Нiбелунгi”, месца пастою яго для мяне ня было ведамым, яно было заканспiраванае, так што я ня меў з Ягдкамандэ нiякай лучнасьцi. Камандзiрам Ягдкамандэ быў немец. Пазьней я даведаўся ад стральцоў, якiя ўцякалi з Ягдкамандэ, што пры наступленьнi амэрыканцаў Ягдкамандэ была кiнутая немцамi ў абароне аднае мясцовасьцi. Аднак iдэя не вясьцi бою з амэрыканцамi ўжо была так пашыраная сярод жаўнераў, што пры сутычцы з амэрыканцамi частка жаўнераў паддалася iм бяз бою, а частка разьбеглася. Тады немцы сабралi ўсiх афiцэраў–беларусаў i вывязьлi ня ведама куды.

15–га красавiка 1945 г. Гэнiгфэльд атрымаў загад перавесьцi беларускiя батальёны ў раён Вальдмюнхэн. У часе прыгатаўленьня да маршу прыбыў у Вайергамэр палкоўнiк Шувалаў, як кiраўнiк вайсковых справаў пры БЦР. Вальдмюнхэн знаходзiцца каля 60–цi км на паўднёвы ўсход ад Вайергамэру. Марш трываў двое сутак i адбыўся ў поўным парадку. Батальёны атрымалi новае месца пастою ў вёсцы Нэпамук у Судэтах. Дзеля таго, што Нэпамук вельмi малая вёска, то батальёны закватэравалiся ў лесе пад адкрытым небам. У гэты самы час прыйшлi халады, выпаў сьнег, людзi, што ня мелi палатак), вельмi мерзлi.

Тым часам фронт iшоў у сьлед за iмi. 21–га красавiка 1945 г. Гэнiгфэльд атрымаў загад перавесьцi батальён у мясцовасьць Пассаў, дзе будзе атрыманае далейшае накiраваньне. Для мяне сталася ясным, што немцы хочуць перакiнуць нашыя батальёны ў Тырольскiя горы, дзе немцы мелiся баранiцца да канца. Для нас, беларусаў, ня было нiякага iнтарэсу загiнуць разам з войскам СС у безнадзейнай барацьбе з Англа–Амэрыканцамi. Трэба было нешта прадпрыняць для ратаваньня нашых жаўнераў. Але пакуль што нiчога ня можна было зрабiць, бо пры кожным батальёне быў аддзел узброеных немцаў, апрача таго недалёка ад нас знаходзiлася СС дывiзiя Нiбелунгаў, таксама моцна ўзброеная. Трэба было падпарадкавацца загаду. Вызначаны загадам маршрут праз Кам у апошнi мамэнт быў зьменяны дзеля таго, што Кам быў ужо заняты амэрыканцамi. Сталася ясным, што да Пассаў мы не дамаршаруем. Я, параiўшыся з палкоўнiкам Шувалавым, аддаў загад камандзiру батальёну, каб яны пад рознымi пратэкстамi адцягвалi час вымаршу й каб машэравалi, як найпавальней. Згодна распарадку Гэнiгфэльда трэцi батальён вымашэраваў 22–га красавiка ўвечары, другi й першы батальён вымашэравалi 23–га красавiка пад ранiцу. Палкоўнiк Шувалаў меў у сваiм распараджэннi самаход Прэзыдэнта, якiм i выехаў 23–га красавiка ранiцай. У сьлед за Шувалавым выехаў самаходам i Гэнiгфэльд. Я меў у сваiм распараджэньнi параконную брычку i выехаў ёй з Ненамук пасьля адмаршу батальёнаў. Праз цэлы час маршу я знаходзiўся пры сваiх батальёнах.

Ужо ў часе маршу пачалi даходзiць да нас весткi аб пагрозьлiвым палажэньнi на фронце. Па осi нашага маршу машыравалi ў безпарадку нямецкiя аддзелы i аддзелы РОА . 25–га красавiка трэцi батальён асягнуў мясцовасць Эйзэнштайндорф. Я знаходзiўся пры трэцiм батальёне. У Эйзэнштайндорф батальён зрабiў даўжэйшы адпачынак. Чатыры км ад Эйзэнштайндорф знаходзiўся Эйзэнштайнмаркт. Там было поўна нямецкiх дэзэртыраў, якiя расказвалi аб поўным разьбiцьцю фронту амэрыканцамi.

У Эйзэнштайндорф я аканчальна пераканаўся, што далейшы марш будзе бязмэтным. Тымчасам афiцэр для сувязi трэцяга i другога батальёну, якi знаходзiўся для таварыства пры афiцэры трэцяга батальёну, настойлiва патрабавалi машыраваць далей. Супроцьставiцца iм было цяжка, дзеля таго, што пры iх знаходзiўся ўзброены аддзел немцаў. Апрача таго ў ваколiцы было шмат войскаў СС, якiя ў кожную часiну, у выпадку застасаваньня якога колечы гвалту з нашага боку адносна немцаў маглi прыйсьцi iм на дапамогу.

У момант майго разважаньня, як выйсьцi з палажэньня, мае афiцэры далажылi, што ў Шпiбэргу, якi знаходзiўся каля двух кiлёмэтраў ад нас, знаходзiцца штаб гэнэрала Мальцава, камандзiра дывiзii РОА. Я пастанавiў перагаварыць з гэнэралам Мальцавым i зараз жа ў таварыстве камандзiра трэцяга батальёну капiтана Тамiлы i майго ад’ютанта надлейтэнанта Сасукевiча выправiўся ў штаб гэнэрала Мальцава.

Будынак штабу гэнэрала Мальцава быў абстаўлены вартаўнiкамi, узброенымi ў аўтаматы. Даступ у штаб быў вельмi цяжкiм, аднак, даведаўшыся аб маiм прыбыцьцi да яго, Мальцаў прыняў нас неадкладна. Ён быў вельмi ветлiвы i гутарка мая зь iм адбылася ў прысутнасцi ня толькi двух маiх афiцэраў, але i афiцэраў штабу Мальцава. Я прадставiўся яму, як камандзiр беларускае дывiзii.

Перадусiм я папрасiў гэнэрала Мальцава, каб ён паiнфармаваў мяне аб палажэньнi на фронце. Гэнэрал Мальцаў сказаў мне, што мясцовасьць Цьвiзэль, якая ляжыць на маiм маршруце, а таксама й на маршруце дывiзii гэнэрала Мальцава, занятая амэрыканцамi, i што агульнае палажэньне фронту безнадзейнае. Дзеля гэтага, казаў гэнэрал Мальцаў, ня толькi далейшы марш, але й далейшае трыманьне зь немцамi зьяўляецца бязмэтным. Калi я запытаўся гэнэрала Мальцава, што ён думае рабiць ў сувязi з такiм палажэньнем, гэнэрал Мальцаў мне адказаў, што ён ужо знаходзiцца (праз сваiх упаўнаважаных) у сувязi iз штабам амэрыканскага корпусу, якiя вядуць перамовы аб пераходзе ягонае дывiзii на амэрыканскi бок i што гэтыя ўпаўнаважаныя прыгатаўляюць спатканьне яго з камандзiрам амэрыканскага корпусу. На гэтым спатканьнi ён асабiста абмяркуе варункi ганаровай капiтуляцыi дывiзii на карысьць амэрыканцаў. Я яму адказаў, што я цалкам падзяляю ягоную думку аб пераходзе на амэрыканскi бок i дзеля таго, што ў нас у гэты момант аднолькавыя думкi ў справе стварыўшагася палажэньня, у якiм знаходзяцца нашыя дывiзii, то будзе мэтазгодным, калi мы супольна будзем пераходзiць нямецкi фронт. Тут я запрапанаваў гэнэралу Мальцаву свае варункi, на падставе якiх мы будзем супольна дзеiць. Варункi гэтыя былi наступныя:

1. Супольны пераход нямецкага фронту нашымi дывiзiямi, пры гэтым на выпадак калi б немцы ставiлi супрацiў, то пераламаць яго супольнымi сiламi.

2. Супольная абарона ад войск СС да часу пераходу нашых дывiзiяў на амэрыканскi бок.

3. Пасьля пераходу нашых дывiзiяў на амэрыканскi бок, нашыя дывiзii робяцца самастойнымi.

Гэнэрал Мальцаў згадзiўся на пастаўленыя мною варункi, запрапанаваўшы мне, каб ягоны штаб пры маiм удзеле апрацаваў апэрацыйны плян на першы й другi выпадак, на што я згадзiўся. Пасьля гэтага я запрапанаваў гэнэралу Мальцаву, каб ён вёў перамовы з амэрыканцамi i ад iмя беларускае дывiзii.

Гэнэрал Мальцаў ахвотна згадзiўся задаволiць маю просьбу. Ён пачаў пераконваць мяне, што беларусы й рускiя гэта адно й тое самае. Я адказаў на ягоныя доказы, што я толькi жаўнер i на палiтычных справах не знаюся i зьвяртаюся да яго гэтак сама, толькi як да жаўнера. Гэнэрал Мальцаў падзялiў маю думку й сказаў што ад гэтага моманту я магу ва ўсялякiм выпадку разьлiчваць на ягоную дапамогу. На гэтым нашая гутарка закончылася.

Калi я вярнуўся на месца свайго пастою, то трэцi батальён па загаду афiцэра сувязi быў ужо гатовы да далейшага вымаршу. Я папрасiў да сябе абодвух афiцэраў сувязi i запытаўся афiцэра сувязi пры другiм батальёне, цi ведае ён, дзе знаходзiцца ягоны батальён. На гэтае запытаньне ён ня мог даць мне задавальняючага адказу. Тады я сказаў абодвум афiцэрам сувязi, што дзеля таго, што ня ведама дакладна дзе знаходзяцца першы й другi батальёны, трэцi батальён ня рушыцца i датуль, пакуль не далучацца да яго першы й другi батальёны. Я даў загад камандзiру трэцяга батальёну разкватэраваць батальён на месцы, бо далейшы марш наступiць толькi на мой загад. Афiцэры сувязi зрабiлi вялiкiя вочы ад зьдзiўленьня й, папярэдзiўшы мяне, што за наступствы маiх загадаў буду адказваць толькi я, з абражанымi мiнамi пайшлi на сваю кватэру.

У гэты момант я пачуўся сапраўдным камандзiрам беларускае дывiзii.

Дзеля таго, што палажэньне было яшчэ ня зусiм яснае, я не хацеў часова сьцягваць усю дывiзiю ў Эйзэнштайн i выслаў камандзiрам 1–га i 2–га батальёнаў загад наступнага зьместу:

“Із сваiмi Батальёнамi застацца на месцы закватаравання i чакаць на далейшыя загады. Прыслаць дакладнае месца свайго кватаравання. Я знаходжуся пры 3–м батальёне у вёсцы Эйзэнштайн. Трымаць з намi злучнасьць. Выслаць разведку на бакi ад шашы i разьведаць мажлiвасьць кватараваньня воддаль ад шашы.

Калi б гэты загад застаў Вас у маршы, то закватаравацца ў блiжэйшых вёсках. Навязаць са мной лучнасьць i чакаць загадаў.

Вёска Вiзэнштайн.  25.04.1945 г.

Кушаль
Падпалкоўнiк”

Калi вярнулiся пасланцы, якiя даручылi гэты загад камандзiрам батальёнаў, то аказалася, што 1–шы батальён знаходзiўся ў вёсцы 35 км ад Эйзэнштайн Дорф, а другi батальён у вёсцы Быстрыца за 30 км. Гэтакiя адлегласьцi ад 3–га батальёну былi завялiкiя i я 26–га мая * выслаў камандзiрам 1–га й 2–га батальёнаў другi загад наступнага зьместу:

“Батальёны неадкладна машэруюць у Эйзэнштайн Дорф. Машыраваць так, каб Эйзэнштайн Дорф асягнуць не пазьней 15 гадзiн сёньнешняга дня. Да Эйзэнштайн Дорф давесьцi поўныя станы батальёнаў. Тут ужо прынятае рашэньне адносна далейшага лёсу нашае дывiзii.

Эйзэнштайн Дорф  26.04.1945 г.  гадз.3.30.   Кушаль”

На гэты загад 2–гi батальён прымашыраваў у Эйзэнштайн Дорф у гэты ж дзень увечары, 1–шы батальён не прымашыраваў i камандзiр батальёну прыслаў мэльдунак наступнага зьместу:

“Ваш загад я атрымаў у 12.50 26–га красавiка. Вырушыць у Эйзэнштайн мой батальён не можа, бо не мае абозу. Немцы забралi тры лепшыя фурманкi з харчовымi запасамi i, пакiнуўшы нас, паехалi кудысьцi. Батальён без фурманак i харчаваньня ня можа зрабiць 35–цi км. Да гэтага маем да 15–цi чалавек хворых, якiх кiнуць нельга. Мы стаiм у лесе за адзiн км ад вёскi Лоўгым. Калi ўдасца вырушыць, то толькi ўначы. Аднак гэта яшчэ не канчаткова вырашана.

13. 26.04.1945 г.

К–р 1–га б–ну маёр Сокал–Кутылоўскi”

У адказ на гэты мэльдунак я выслаў камандзiру 1–га батальёну загад наступнага зьместу:

“Ваш мэльдунак атрымаў. Я ўвайшоў ў паразуменьне з РОА з гэн. Мальцавым, якi вядзе перамовы iз штабам амэрыканскай армii аб пераходзе РОА на iхнi бок. Наша дывiзiя пераходзiць на амэрыканскi бок на тых самых ганаровых умовах, як i дывiзiя РОА. Далейшае трыманьне Вашага батальёну ў вёсцы Лоўгым можа быць для вас згубным, тым больш, што Чэхiя падлягае сфэры савецкiх уплываў i будзе акупавацца савецкай армiяй. Вы павiнны неадкладна далучыцца да 2–га i 3–га батальёнаў, якiя знаходзяцца у мясцовасцi Эйзэнштайн Дорф. Для перавозкi маёмасцi батальёну фурманкi трэба рэквiраваць.

Камандзiры 2–га i 3–га батальёнаў сваiх абозаў немцам не аддалi, ужываючы сiлу.

Загад гэты павiнен Вамi без засьцярогi быць выкананы.

Эйзэнштайн Дорф  27.04.1945

Кушаль
Падпалкоўнiк
Камандзiр 1–га белнацпалка.

П.С. Харчаваньне зарэквiзаваць на месцы на два днi.”

Пасьля гэтага загаду 1–шы батальён 28.04.1945 г. прымашыраваў у Эйзэнштайн Дорф. Такiм чынам разлеглую вёску Эйзэнштайн Дорф i прылежныя ваколiцы акупавала беларуская дывiзiя, якая ня мела над сабой нiякай iншай улады, апрача свайго камандзiра дывiзii.

На сходзе афiцэраў я высьвятлiў афiцэрам нашае палажэньне, прычыны, якiя прымусiлi мяне ўвайсьцi ў паразуменьне з гэн. Мальцавым i паведамiў аб нашых плянах на прышлае. Гэтак сама я правёў перагляд i гутаркi ў батальёнах. Так афiцэры, як падафiцэры i стральцы былi ў паднятым настроi i вельмi цешылiся, што нарэшце вызвалiлiся з–пад апекi немцаў, як яны ў насьмешку называлi iх “караблёў”. Адно ўсiх вельмi непакоiла, гэта адсутнасьць зброi. Але лёс быў да нас трохi ласкавы i ў гэтай справе. Нашыя афiцэры выведалi, што на чыгуначнай станцыi знаходзiцца транспарт зброi. Я зараз жа паслаў роту забраць зброю з транспарту. Пакуль немцы агледзiлiся, нашыя жаўнеры пасьпелi забраць 80 вiнтовак, некалькi ручных кулямётаў i трохi амунiцыi. Гэты факт пазволiў нам сьмялей трымацца з немцамi.

Тым часам немцы ня спалi. З першага батальёну немцы, забраўшы зброю з харчамi, уцяклi з самага пачатку. З другога батальёну гэтак сама, па няўдалай спробе забраць абоз з харчамi, скора адыйшлi. Найдаўжэй трымалiся немцы пры 3–м батальёне. Афiцэр сувязi бачучы, што абоз з харчамi яму забраць не ўдаецца, дзякуючы энэргiчнай паставе камандзiра батальёну, зьвярнуўся з просьбай да камандзiра батальёну, каб ён выдаў немцам на дарогу “маршфэрфлегунг”. Па задаволеньнi ягонае просьбы немцы спакойна адыйшлi, але па дарозе пажалавалiся моцна ўзброенаму аддзелу СС, якi стаяў у Эйзэнштайн Маркт. Гэты аддзел СС i ўплянаваў напасьцi на нас i зьнiшчыць, як здраднiкаў. Я, даведаўшыся аб гэтым, прыбыў у штаб гэнэрала Мальцава. Начальнiк штабу палкоўнiк Ванюшын апрацаваў са мной плян абароны, бо i iм пагражаў аддзел СС i мы гатовыя былi прыняць бой. Аднак абыйшлося бяз гэтага. Справа скончылася на СС–скiх пагрозах.

Для павялiчэньня афiцэрскага стану дывiзii неабходным было правесьцi наданьне афiцэрскiх рангаў, дзеля гэтага я ад iмя Прэзыдэнта надаў рангi лейтэнантаў усiм падафiцэрам, якiя камандавалi зьвязамi. Гэтак сама былi павышаныя на адзiн ступень усе падафiцэры ў дывiзii. Вычувалася, што перад намi стаiць неякае важнае дзеяньне. Дывiзiя да гэтага рыхтавалася.

29–га красавiка гэн. Мальцаў запрасiў у свой штаб мяне з камандзiрамi батальёнаў i ротаў. Калi мы прыйшлi, то ўжо былi сабраныя камандзiры пададдзелаў дывiзii Мальцава. Нашая група афiцэраў, якiя занялi месца на салi, рэзка выдзялялiся ад афiцэраў РОА, з сваiмi беларускiмi адзнакамi. Калi прыбыў гэн. Мальцаў, то, аглядаючы з цiкавасьцю беларускiя адзнакi, з iронiяй сказаў: “Вот вам и Сан–Франциско, вот представители иной национальности”.

На гэтым сходзе гэн. Мальцаў абвесьцiў нам, што ён асабiста быў у штабе амэрыканскага корпусу й асабiста дамовiўся адносна варункаў пераходу ягонае дывiзii й дывiзii беларускай на амэрыканскi бок i што варункi гэтыя вельмi карысныя для нас, што камандзiр амэрыканскага корпусу абяцаў узяць нас у амэрыканскую армiю, як дапаможнае войска пры акупацыi Нямеччыны. Праўдападобна, гаварыў далей Мальцаў, на самым пачатку амэрыканцы пасадзяць нас у лягер, як ваенна–палонных, але гэта будзе трываць нядоўга. Урэшце рэштаў, закончыў сваю прамову гэн.Мальцаў, што б нас там не чакала, то нам зь немцамi заставацца няма нiякага сэнсу, пераход выканаем заўтра 30–га красавiка а паўднi ў мясцовасьцi Цьвiгэль. Тут начальнiк штабу адчытаў загад апэрацыйнага характару, зьвязаны зь пераходам. Гадзiнаю вымаршу вызначаная была 5–я з раньня. Дзеля таго, што наша дывiзiя кватэравала на лiнii маршу, то павiнна была, згодна загаду, а 5–й ранiцы быць выстраянай пры шашы i чакаць на марш дывiзii РОА, у якую ўключыцца ў вызначанае ёй месца.

30–га красавiка 1945 г. беларуская дывiзiя выстраiлася ўздоўж вулiцы Эйзэнштайн Дорф. На правым флангу кожнага батальёну разьвявалiся бел–чырвона–белыя сьцягi. Усе жаўнеры мелi вельмi добрыя постацi й выглядалi сьвяточна. Усе ўзброеныя жаўнеры былi выдзеляныя ў асобны аддзел, якi гатовы быў кожную часiну ўступiць у бой.

“Жыве Беларусь!” голасна разлягалася ў вакалiчных горах. Гэты мамэнт быў сапраўднай узнагародай за 4–х гадовую працу ў беларускай вайсковай справе ня толькi для мяне, але й для кожнага беларускага жаўнера тут прысутнага. Гэта быў канцовы вынiк працы ўсiх беларусаў, якiя самааддана працавалi пры арганiзацыi беларускага войска ў вельмi цяжкiх умовах пры нямецкай акупацыi на Беларусi, а пасьля ў Нямеччыне. Лiк дывiзii ў гэты дзень быў наступны:

1. Афiцэраў – 50

2. Падафiцэраў – 132

3. Стральцоў – 912

Разам 1094

4. Каней – 50

5. Вазоў – 16

6. Кухняў – 6.

Хутка паказалася калёна дывiзii гэнэрала Мальцава. У першай тройцы машыраваў сам гэн. Мальцаў iз сваiм начальнiкам штабу й 1–м афiцэрам штабу, за iмi йшлi ў тройках рэшта афiцэраў штабу. Усе яны былi ўзброеныя ў аўтаматы зь вялiкай колькасьцю амунiцыi. Далей машыравалi ўзброеныя пададдзелы адзiн за другiм. Выгляд нашае дывiзii гэнэралу Мальцаву вельмi спадабаўся. Нашая дывiзiя ўключылася ў калёну й мы з разгорнутымi беларускiмi сьцягамi, якiя разьвявалiся над калёнай дывiзii, бадзёра памашыравалi.

Пасьля прыблiзна 10–цi кiламетровага маршу калёну пачаў мiнаць самаход, у якiм сядзеў нямецкi гэнэрал Ашэнбрэнэр, афiцэр сувязi пры гэн.Мальцаве. Выехаўшы на чало калёны, гэн. Ашэнбрэнэр затрымаў марш i распачаў гутарку з гэн.Мальцавым. Скончыўшы гутарку, гэн. Мальцаў павярнуўся i памашыраваў назад, за iм пайшла назад уся калёна. Гэта мяне вельмi зьдзiвiла й я са сваiм начальнiкам штабу капiтанам Орсiчам дагнаў гэнэрала Мальцава i запытаўся яго, што значыць гэты паварот назад. Гэнэрал Мальцаў выясьнiў мне, што гэн.Ашэнбрэнэр паведамiў яму аб тым, што да яго ёсьць радыёграма ад гэн.Уласава, якi просiць яго ўстрымаць пераход на амэрыканскi бок, пакуль ён не атрымае ад гэн. Уласава новыя указаньнi. У сувязi з гэтым ён змушаны пераход устрымаць, выслаць свайго начальнiка штаба да Уласава i толькi пасьля павароту начальнiка штабу зробiць так, як загадвае гэн. Уласаў. Да часу, пакуль вернецца начальнiк штабу, выясьняў гэн.Мальцаў мы пачакаем у вёсцы 10 км адгэтуль. (Тут ён назваў вёску, назву якой я не памятаю.) З гэтай пастановы гэн. Мальцава я быў вельмi не задаволены, тым больш, што капiтан Орсiч знаў гэтыя ваколiцы й гаварыў, што гэтая вёска знаходзiцца ў горах i што зь яе няма нават iншага выхаду апрача тэй дарогi, па якой мы будзем машыраваць. Калi гэтую дарогу перарэзаць, то мы ўсе знойдземся ў пастцы. Адразу прыйшла нам у галаву думка, што тут можа мець месца хiтрасьць немцаў, каб звабiць нас у гэтую вёску, а пасьля абязброiць усе дывiзii i, такiм чынам, не дапусьцiць нашага пераходу на амэрыканскi бок.

Сьпярша прыйшла нам думка пакiнуць дывiзiю Мальцава й перайсьцi фронт толькi iз сваiмi сiламi, аднак, дзеля малой колькасьцi зброi было б гэта занадта рызыкоўна. Выхаду ня было, мы мусiлi трымацца дывiзii Мальцава. Пасьля прыблiзна двугадзiннага маршу ў адфронтавым накiрунку дывiзiя затрымалася. Калi мы прыйшлi да гэн. Мальцава, то там былi ўжо ўсе камандзiры палкоў. Ад’ютант Мальцава чытаў голасна пiсьмо ў нямецкай мове, толькi што атрыманае са штабу амэрыканскае дывiзii. Пiсьмо гэта прывёз спэцыяльны пасланец на матацыклю. Зьмест яго быў наступны: “Сягоньня на паўднi мая цяжкая артылерыя пачне абстрэльваць нямецкiя пазыцыi. Пад яе прыкрыцьцем вашыя дывiзii даканаюць пераходу на амэрыканскi бок на лiнii Эйзэнштайн–Цьвiзэль. Нямецкiя часткi, якiя займаюць фронт на гэтай лiнii вашых дывiзiяў, павiнны быць разбiтыя. У выпадку патрэбы, мае часткi дапамогуць вам у разьбiцьцi немцаў. Гэтак сама будзе дзейнiчаць маё лётнiцтва. Пры яго паяўленьнi вывясьце белыя сьцягi. Пасьля пераходу дывiзii на наш бок, адносiны да вас будуць як да ваенна–палонных згодна Жэнэўскай канвэнцыi”. Падпiсаў камандзiр дывiзii.

Прачытаўшы гэтае пiсьмо, гэн. Мальцаў ня ведаў што рабiць. З аднаго боку загад гэн.Уласава, з другога боку гэтае пiсьмо. Камандзiры палкоў усе былi тэй думкi, што належыць застасавацца да пiсьма камандзiра амэрыканскай дывiзii, бо калi мы будзем далей машэраваць ад фронту, то амэрыканцы могуць палiчыць гэта за здраду ўмове, якую гэн.Мальцаў заключыў зь iмi i пры дапамозе свайго лётнiцтва нас могуць разьбiць. Гэты аргумэнт пераканаў гэн.Мальцава й дывiзii йзноў накiравалi свой марш у накiрунку Цьвiзэля.

Марш быў вельмi павольны, дзеля таго, што ўся дарога была замiнiраваная й забудаваная супрацьтанкавымi перашкодамi. На чале машыравалi сапёры, якiя ўсе перашкоды нiшчылi. Нямецкiя пазыцыi аддзялялiся ад амэрыканскiх ракою Рэген. Найбольш небяспечным пунктам быў мост праз гэтую раку.

Наша дывiзiя, якая да гэтага часу машыравала за дывiзiяй гэн.Мальцава, за некалькi кiлёмэтраў ад мосту атрымала загад ад г.Мальцава выйсьцi наперад, абняць ахову гэтага маста й ахоўваць яго да таго часу, пакуль не пройдуць праз яго абедзьве дывiзii з абозамi, пасьля чаго машыраваць за абозам, як тыльная ахова. Дзеля таго, што фактычная небясьпека была на гэтым масьце i за мастом i дзеля таго, што большае праўдападабенства нападу немцаў на дывiзii было ззаду, ясна, што на першы ўдар была выстаўленая беларуская дывiзiя. Рака Рэген няшырокая, але як горная мае вельмi шырокае карыта. Мост быў падмiнаваны, i калi б яго ўзарваць, то пераход праз раку быў бы немагчымы.

Нашыя жаўнеры хутка занялi мост i разброiлi немцаў, якiя знаходзiлiся блiзка мосту. Ахова была вельмi дэнэрвуючая, дзеля таго, што дывiзiя мела вялiчэзны абоз ня толькi з ваенным матар’ялам, а i з сем’ямi i маёмасьцяй афiцэраў РОА. Абоз быў везены на быках i дзеля гэтага пасоўваўся вельмi паволi. Аднак усё скончылася шчасьлiва. Нямецкiя часткi СС, якiх тут было досыць шмат, не адважылiся на нас напасьцi. Мажлiва, што тут адыграла ролю амэрыканская артылерыя, якая фактычна ад поўдня абстрэльвала iхныя пазыцыi.

Вечарам гэтага ж дня мы пабачылi Цьвiзэль, а на яго ўскраi амэрыканскiя танкi iз скiраванымi на нас гарматамi й кулямётамi. У Цьвiзэлi разброiлi нас амэрыканцы й закватаравалi ў будынках аднае фабрыкi.

На наступны дзень зраньня зьявiўся ў мяне амэрыканскi афiцэр, якi папрасiў мяне ў штаб. У штабе я атрымаў загад ад камандзiра амэрыканскай дывiзii пастроiць сваю дывiзiю асобна ад дывiзii гэн.Мальцава й чакаць на далейшыя загады. Дывiзiя выстраiлася, як у Эйзэнштайне ў дзень пераходу фронту. На правым флянгу кожнага батальёну разьвяваўся беларускi нацыянальны сьцяг, ува ўсiх быў сьвяточны настрой, усе чакалi ад амэрыканцаў нечага новага й цiкавага. Той факт, што нашую дывiзiю амэрыканцы аддзялiлi ад РОА, вельмi мяне цешыў. Гэта было доказам, што беларусаў амэрыканцы разглядалi як асобную ад расейцаў нацыю.

Па нядоўгiм чаканьнi прыбыў амэрыканскi вышэйшы афiцэр з перакладчыкам. Пастава дывiзii яму вельмi спадабалася. Пахвалiўшы дывiзiю, ён сказаў, што зараз прыбудуць самаходы, якiя завязуць людзей у лягер. Абоз, конi й iншы матарыял застаюцца на месцы. Праз хвiлiн 15 самаходы фактычна прыехалi, мы ўсе на iх паладавалiся й паехалi. Ад’ехаўшы якiх–небудзь кiлёмэтраў 60 ад Цьвiзэля, мы прыехалi ў мясцовасьць Кам. За горадам на чыстым полi, па калены ў балоце, за калючым дротам, стаяў вялiкi натоўп ваеннапалонных немцаў i прадстаўнiкоў iншых нацыянальнасьцяў, якiя супрацоўнiчалi зь немцамi. Тут самаходы затрымалiся, нас выладавалi i загналi за гэты дрот.

З гэтым мамэнтам закончылася беларуская вайсковая эпапэя ў Нямеччыне.

Напiсаў Кушаль
Палкоўнiк.

Наверх

Документы Национального архивного фонда (Андрэй Кiштымаў)

Снежня 4, 1996 |

Документы Национального архивного фонда Республики Беларусь в Национальной библиотеке и музеях системы Министерства культуры и печати Республики Беларусь: Справочник (Составили О.А.Добычина, В.И.Пташникова. Минск, БелНИИЦДААД, 1995. 167 c.

Кожны новы гаспадар пачынае з пераўлiку ўласных уладанняў, скарбу i маёмасцi. Так i новая дзяржава. На старонках беларускай публiцыстыкi размовы пра гiстарычную спадчыну, яе багаццi i складаны лёс даўно сталi традыцыйнымi i амаль рытуальнымi. Асаблiва шмат увагi пры гэтым надаецца пытанням пошуку, улiку i выкарыстання беларускiх гiстарычных крынiц i тых каштоўнасцяў, якiя апынулiся за межамi Беларусi. Нi ў якiм разе не адмаўляючы сэнс i змест справы вяртання беларускай гiстарычнай спадчыны на Радзiму, даводзiцца, тым не менш, канстатаваць, што даступнасць iнфармацыi пра склад Нацыянальнага архiўнага фонду Рэспублiкi Беларусь далёкая ад задавальняючай.

Разгляданы даведнiк, падрыхтаваны Камiтэтам па архiвах i справаводству Рэспублiкi Беларусь i Беларускiм навукова-даследчым цэнтрам дакументазнаўства, археаграфii i архiўнай справы (наклад усяго 140 паасобнiкаў), павiнен палепшыць iнфармацыйнае забеспячэнне даследчыкаў беларускай даўнiны. Апрача даведкi па Нацыянальнай бiблiятэцы Беларусi, у iм змешчаны дадзенныя па 9 рэспублiканскiх i 79 абласных музеях i музеях абласнога i раённага падпарадкавання. На жаль, у даведнiку адсутнiчаюць дадзеныя па Вiцебскiм абласным краязнаўчым музеi.

Як i можна было чакаць, не абышлося без недахопаў. У пералiку архiўных матэрыялаў не заўсёды пазначана, што захоўваецца – арыгiнал цi копiя. Найбольшае расчараванне – гэта вельмi сцiплы i сцiслы вопiс дакументаў Аддзела рукапiсаў, рэдкай i старадрукаванай кнiгi (усяго дзве з паловай старонкi тэксту, – практычна столькi ж, колькi пра некаторыя раённыя музеi). Памылкi заўсёды “колюць вока” чытача, тым больш у даведачнай лiтаратуры. Напрыклад, у лiк “молодых учёных АН БССР” уключаны Мiкола Ермаловiч (134), якi нiколi не працаваў y акадэмiчных установах, а вядомая перакладчыца i даследчыца Вера Рыч намаганнямi складальнiкаў чамусцi ператворана ў мужчыну (17). Ёсць рэчы проста мiстычныя. Так, згодна з даведнiкам, у Ваўкавыскiм ваенна-гiстарычным музеi захоўваецца карта 1812 г. “От Нёмана до Москвы”, выкананая палкоўнiкам Генеральнага штабу Тамiлiным у 1811 г.

Святая святых кожнага даведнiка – яго паказальнiкi. Гэта ключ да ўсяго, магчымасць атрымаць даведку па даведцы. Складальнiкi зрабiлi мiнiмум, – толькi iмянны паказальнiк, прадметнага i геаграфiчнага няма. Карыстацца iм цяжка, таму што асобы адабраны па нейкiх незразумелых крытэрыях, вiдаць, у залежнасцi ад сiмпатыi складальнiкаў. Так, няма князя Кiшкi, ковенскага епiскапа Крыштапа, многiх аўтараў лiтаратуры, няма Ленiна, Кiрава, Варашылава, Панамарэнкi, затое Сталiн – ёсць. Складаная з’ява з расiйскiмi самадзержцамi: Кацярына II пазначана як “императрица”, Лiзавета без нумара – як “царица”, спасылка на ўвесь iмператарскi род Раманавых адсутнiчае, хоць у асноўным тэксце ён ёсць (81). Затое апошняму каралю Рэчы Паспалiтай пашанцавала больш за iншых: у паказальнiку ён згаданы двойчы: i як “Станислав Август, король” i як “Станислав Август Понятовский”. У пошуках iншага караля, Мiхала Карыбута Вiшнявецкага даследчык трапiць у складаную сiтуацыю, бо ў тэксце пададзена “Висьневецкий”, а ў паказальнiку – “Висневецкий”, прычым змешчана гэта пад лiтарай “м”.

Калi памылкi i недарэчнасцi ў асноўным тэксце можна спiсаць на рахунак не заўсёды высокай квалiфiкацыi супрацоўнiкаў нашых музейных устаноў i неяк дараваць, дык хiбы ў “Указателе имён” цалкам на сумленнi рэдактара выдання i яго складальнiкаў.

Нягледзячы на недахопы, рэцэнзаваны даведнiк дае пэўнае ўяўленне пра склад беларускай архiўнай спадчыны па-за дзяржаўнымi архiвамi Беларусi.

За апошнiя гады архiўная справа Беларусi зведала шмат перабудоў i пераўтварэнняў. Застаецца спадзявацца, што за ўсiмi гэтымi клопатамi не будзе пакiнута праца па iнфармацыйнаму забеспячэнню даследчыкаў. Дастаткова нагадаць пра адсутнасць даведнiка па былому Партыйнаму архiву Iнстытута гiсторыi пры ЦК КПБ. Апрача таго, трэба запускаць i выданне даведачнай лiтаратуры па “другiм крузе”. Нагадаю, што, прыкладам, даведнiк па сённяшняму Нацыянальнаму гiстарычнаму архiву Беларусi апошнi раз выдаваўся больш за дваццаць гадоў таму, у 1974 г.

Андрэй Кiштымаў

Франц Кушаль. Спробы арганізацыі Беларускага Войска пры нямецкай акупацыі Беларусі. Камэнтар Аляксея Ліцьвіна

Жніўня 15, 1995 |


Працяг. Пачатак у Т.1 Сш.1.

Немцы ахвотна згадзіліся на адчыненьне афіцэрскага курсу: ім было цікава бачыць, ці патрапляць беларусы арганізавацца самі i ці знойдзецца ў ix належная колькасьць афіцэраў. На першы курс было вырашана паклікаць 100 афіцэраў. Яшчэ перад першым жніўнем афіцэры пачалі прыбываць на курс, i ў дзень адчыненьня курсу ix было ўжо больш як сто.

Курс адчынілі вельмі ўрачыста. Заля была ўпрыгожаная дзяржаўнымі сьцягамі i эмблемамі беларускімі i нямецкімі. Быў апрацаваны цэлы цырыманіял адчыненьня. Афіцэраў выстраілі роўнымі шэрагамі. На ўрачыстасьць прыбылі: Генэральны Камісар Беларусі Вільгельм Кубэ з сьвітаю, Камандуючы войскамі Менскае акругі з штабам, найвышэйшыя прадстаўнікі нямецкае паліцыі i CC, i выдатнейшыя прадстаўнікі беларускага грамадзства. Я здаў рапарт д-ру Ермачэнку як Галоўнаму Каманданту БСА. Генэральнаму Камісару Беларусі здаў рапарт нямецкі капітан Кумэр, апякун афіцэрскага курсу зь нямецкага боку. Першы сказаў доўгую прамову д-р Ермачэнка, пасьля яго яшчэ даўжэйшую сказаў Галоўны Камісар Беларусі Кубэ. У сваёй прамове Кубэ называў нашых афіцэраў сваімі сябрамі i абяцаў ім будучыню ў беларускім войску, якое, безумоўна, пры нямецкай дапамозе зарганізуецца. Пасьля прамовы Кубэ, д-р Ермачэнка ўзьнёс Беларускі Нацыянальны Сьцяг перад Пагоняй i партрэтам Гітлера i гэтым курс уважаўся адчыненым. Кубэ прайшоў уздоўж фронту афіцэраў, пры чым азнаёміўся з афіцэрамі. Склад афіцэраў пад поглядам веку быў вельмі розны, найстарэйшы афіцэр меў 68 год, а наймалодшы 20. Гэтаму Кубэ асабліва дзівіўся, ацэньваючы патрыятызм беларусаў, дзе дзед i ўнук разам пайшлі ў шэрагі войска. Настрой сярод афіцэраў i гасьцей быў незвычайна ўрачысты. Урачыстасьць закончылася супольным абедам. Пры абедзе афіцэры прамаўлялі, пры гэтым асабліва падкрэсьлівалі сваю адданасьць справе. «Няхай жыве Незалежная Беларусь» — бесьперапынку гучэла на залі.

Немцы прыглядаліся ўсяму гэтаму шырока адчыненымі вачыма, яны першы раз пабачылі беларусаў, якія выйшлі з масы. Для ix было неспадзеўкай, што так дружна становяцца да службы i так патрыятычна настроеныя людзі, якія па выгляду нагадвалі сялян, i якіх мы называлі афіцэрамі.

Калі курс пачаў навуку, то немцы таксама не пакідалі яго без увагі. То той, то другі прадстаўнік нямецкае ўлады зьяўляліся на выклады, цікава прыслухоўваючыся i прыглядаючыся да курсантаў. Курсанты з адданасьцю займаліся навукай. Асабліва цікава выглядалі практычныя заняткі. Адбываліся далёкія маршы за горад, i сівавалосыя бацькі, а не адзін ужо i дзед, стараліся ўдала крочыць побач з маладымі выспартаванымі былымі падхаронжымі польскае арміі i савецкімі лейтэнантамі. Беларускія жаўнерскія песьні разьлягаліся на вуліцах Менска. Кожную раніцу i кожны вечар курсанты з патрыятычным уздымам пяялі на супольнай зборцы песню «Беларусь — наша Маці Краіна!»

Здавалася, што ўсё будзе як найлепей, усе верылі ў абяцанкі немцаў.

Зараз пасьля выхаду загаду аб арганізацыі БСА Ермачэнка пачаў арганізоўваць Штаб. На шэфа Штабу быў пакліканы падпалкоўнік генэральнага штабу царскае арміі Язэп Гуцько. Падпалкоўнік Гуцько прыбыў у Менск i ўступіў у выкананьне абавязкаў шэфа Штабу.

Незадоўга пасьля адчыненьня першага афіцэрскага курсу пачалі тварыцца дзіўныя i да сяньняшняга дня для мяне незразумелыя рэчы. Ня ведаю, можа хуткае набраньне поўнага афіцэрскага курсу i непахісная пастава, энтузіязм ягоных слухачоў у часе ўрачыстасьці — гаварыліся вельмі сьмелыя i гарачыя прамовы — так напалохалі прадстаўнікоў нямецкай улады, ці можа зусім іншыя прычыны ўваходзілі тут у ігру, але факт: некалькі дзён пасьля гэтага, так важнага для нас здарэньня, групэнфюрэр Цэнэр, які выдаў загад аб арганізацыі Самааховы, быў адкліканы зь Менску на іншае становішча. Гэты факт на ўсё беларускае грамадзянства, a асабліва афіцэрскі курс зрабіў як найгоршае ўражаньне. Усьлед за Цэнэрам выехаў i галоўны камандант БСА доктар Ермачэнка — на месячны водпуск дахаты, у Прагу. Як свайго заступніка ў справах БСА д-р Ермачэнка пакінуў Юльяна Саковіча, чалавека вельмі энэргічнага, але не папулярнага ані ў беларусоў, ані ў немцаў. На колькі Саковіч быў непапулярны ў немцаў сьведчыць той факт, што кіраўнік палітычнага аддзелу Генэральнага Камісарыяту Беларусі доктар Юрда забараніў Саковічу выступаць перад нямецкімі ўладамі ў справах БСА10.

Такім чынам, у часе, калі трэба было праявіць найбольшую дзейнасьць у справе БСА, яно засталося без галавы. На афіцэрскім курсе дух вельмі ўпаў. Праз тры тыдні школеньня курс быў закончаны, але зачыненьне яго адбылося ў вельмі благім настроі. У працягу ўсяго гэтага часу зброі яшчэ не было, i нічога не было зробленае ў справе арганізацыі БСА.

Ня гледзячы на гэта, 1-га верасьня быў адчынены другі месячны афіцэрскі курс пры ўдзеле 120 кандыдатаў. Курсанты, якія прыбылі на курс з розных куткоў Беларуci, расказвалі аб энтузіязьме, які запанаваў быў пры першай вестцы аб арганізацыі БСА, i як гэты энтузіязм пачынае цяпер паволі стынуць.

Групэнфюрэра Цэнэра замяніў штандартэнфюрэр Шымана. З штабу Шыманы пачалі выходзіць новыя загады, i кожны загад што разу больш абніжаў вартасьць першага. Назоў Галоўнага Каманданта БСА ў д-ра Ермачэнкі быў адабраны, гэтак сама яму было забаронена мець Штаб БСА. Даведаўшыся аб гэтым, палкоўнік Ген. Штабу Гуцько, як толькі вярнуўся з водпуску Ермачэнка, падзякаваў яму за гонар i паехаў дахаты ў Наваградак.

Загадам Шыманы было забаронена ў БСА ужываць афіцэрскіх рангаў. Камандзіры адзінак БСА маглі ўжываць толькі назовы сваіх функцый, прыкладам: камандзір зьвязу, камандзір роты i г.д. На афіцэрскім курсе пачаліся ўсялякія гутаркі аб безнадзейнасьці палажэньня. Да упадку настрою на курсе прычынялася яшчэ i тое, што курсанты былі ў сваіх вопратках, некаторыя вельмі лёгка адзетыя, а тым часам быў верасень, падалі халодныя дажджы, а заняткі вяліся нармальна.

Шмат каштавала энэргіі i спрыту, каб утрымаць курс. Адзін раз прыехаў на курс з Остміністэрства нейкі высокі ўрадавец, які, паглядзеўшы на афіцэраў, быў захоплены іхняй паставай, дзівіўся кепскім варункам жыцьця i навукі, абяцаў дапамагчы, але як паехаў, так i паехаў.

Пасьля заканчэньня другога афіцэрскага курсу быў пакліканы трэці курс. Настрой у масах ужо так упаў, што на трэці курс ледзьве ўдалося сабраць 40 чалавек, ды i тыя прыехалі з перакананьнем, што зброі няма, баёвы настрой народу не скарыстаны i нічога з БСА ня будзе. Роля мая, як камандзіра афіцэрскіх курсаў, была вельмі непрыемная. На ўсіх трох курсах увесь час трэба было ствараць настрой. Трэба было пераконваць курсантаў у неабходнасьці вучыцца, у тым, што БСА будзе, што немцы урэшце зброю дадуць i т.п. Прыблізна ў палавіне лістапада трэці курс быў закончаны.

Пасьля заканчэньня першага афіцэрскага курсу, калі выйшлі першыя перашколеныя афіцэры, яны былі выкарыстаныя ў акругах для перашколеньня падафіцэраў. У Баранавічах i Наваградку першай былі адчыненыя падафіцэрскія курсы, а пазьней у акругах Вялейскай i Глыбоцкай. У гэтых акругох адбылося па некалькі курсаў, такім чынам, было перашколена некалькі тысяч падафіцэраў.

Тут я хачу даць агульную характарыстыку афіцэраў, якія прайшлі праз афіцэрскія курсы. Агулам было перашколена каля 260 чалавек, i гэтыя афіцэры сталіся кадрай для ўсіх беларускіх вайсковых арганізацыяў у пазьнейшым часе. Як я ўжо вышэй успомніў, на першым афіцэрскім курсе найстарэйшы афіцэр меў 68 гадоў, а наймалодшы 20. З прапагандовага гледзішча гэта мела свае значэньне, але з пункту гледжаньня вайсковага, для вайсковага спэцыялістага, гэты факт ня быў аргумэнтам, пераконваючым у высокай спэцыяльнай якасьці афіцэраў. Увесь наш афіцэрскі корпус складаўся або з старых афіцэраў, пераважна прапаршчыкаў запасу царскай арміі, якія, як ведама, у часе свае маладосьці ня мелі належнай афіцэрскай падрыхтоўкі, а да таго 25 год былі адарваныя ад арміі i працавалі пераважна на зямлі, так што ня толькі не засталося ў ix ніякай вайсковай веды, але i вонкавы выгляд ix хутчэй нагадваў сялян, чымся афіцэраў, або лейтэнантаў савецкае арміі ці маладых падхаронжых польскае арміі. Апошнія мелі шмат запалу i ахвоты, але ня мелі ані адпаведнай тэарэтычнай падрыхтоўкі, ані практычнага дазнаньня. Так што афіцэрскі наш корпус фахова прадстаўляўся вельмі слаба. Ясна, што трохтыднёвы або месячны курс перашкаленьня мог ім даць вельмі мала, тым больш, што не было ніякай кадры для перашкаленьня курсантаў. На першым курсе кадраю быў толькі я адзін i яшчэ адзін нямецкі капітан, які выкладаў тактыку i перакручваў афіцэраў на нямецкі строй. Так што я быў i камандзірам курсаў, i выкладчыкам, i інструктарам, i ўсім іншым. Ужо на другі i на трэці курс была падабраная мною кадра з курсантаў першага курсу, хаця i досыць слабая.

Ня гледзячы на гэта, на курсах прароблена была велізарная работа.

1) Афіцэры пазнаёміліся з апошняй сучаснай вайсковай тэхнікай i арганізацыяй.

2) Былі ўстаноўленыя беларускія каманды i формы ўнутранага жыцьця ў беларускім войску.

3) Быў выпрацаваны вайсковы статут, які стаўся падставай для вышкаленьня ўсіх беларускіх арганізацыяў, якія мелі хоць трохі вайсковы характар.

4) Была праведзеная велізарная нацыянальна выхаваўчая праца, шмат афіцэраў упершыню пазнаёміліся тут з беларускай літаратурай i гісторыяй, у афіцэраў была ўлітая вера ў магчымасьць тварэньня свае собскае збройнае сілы.

5) Запачаткавалася беларуская вайсковая традыцыя. З гэтых курсаў выйшлі афіцэрскія кадры для ўсіх вайсковых беларускіх фармацыяў.

У гэтым самым часе ў акругох было перашколена па два, a ў некаторых i больш падафіцэрскіх курсаў. Такім чынам, кадра была прыгатаваная: былі прыгатаваныя гэтаксама i матэрыяльныя сродкі, каб можна было набіраць добраахвотнікаў у БСА (такіх было вельмі шмат), a зброі не было. На зьезьдзе прадстаўнікоў беларускага грамадзянства ў пачатку лістапада 1942 года11, калі абмяркоўвалася справа БСА, выступіў з прамовай прадстаўнік Генэральнага Камісарыяту Беларусі доктар Вэбэр. Доктар Вэбэр запэўніў з поўным аўтарытарызмам, што зброя для БСА будзе, што паводле зьвестак, якія ён мае, транспарт зброі для БСА ужо выйшаў з Бэрліну i знаходзіцца ў дарозе. Разумеецца, што зьезд гэтаму паверыў.

Яшчэ ў верасьні, калі ад д-ра Ермачэнкі адабралі тытул Галоўнага Каманданта БСА, яму было дазволена мець пры сабе вайсковага рэфэрэнта, які б вёў справы БСА, а таксама рэфэрэнтаў пры кіраўніках Самапомачы ў акругох i пры павятовых кіраўніках Самапомачы. Такім чынам, камандная сетка для БСА як бы існавала, але зь вельмі абмежаванымі кампэтэнцыямі. Роля рэфэрэнтаў зводзілася адно да ролi вербавальнікаў, пры чым падпарадкаваныя яны былі, апрача старшыні Самапомачы, яшчэ i акруговым начальнікам паліцыі — немцам. Калі скончылася перашколеньне афіцэраў, д-р Ермачэнка паклікаў мяне на становішча вайсковага рэфэрэнта пры сабе i для адрозьненьня майго становішча ад іншых вайсковых рэфэрэнтаў назваў мяне Галоўным Вайсковым Рэфэрэнтам БСА.

Паміма запэўненьня д-ра Вэбэра, зброя не прыбывала. Але, відаць, нямецкія вышэйшыя паліцыйныя ўлады аддалі загад па сваёй лініі, бо акруговыя начальнікі нямецкае паліцыі пачалі на месцах, карыстаючыся вайсковымі рэфэрэнтамі, арганізоўваць аддзелы БСА. У некаторых акругох былі арганізаваныя цэлыя батальёны, якія вельмі добра змагаліся з партызанамі i, як жаўнеры, так i камандзіры, выказалі сябе з найлепшага боку. Прыкладам: Заслаўскі батальён Менскай акругі, Быценьскі батальён Слонімскай акругі, Шаркаўскі батальён Глыбоцкай акругі i шмат іншых. Усяго было арганізавана каля 20 батальёнаў i некалькі меншых адзінак. Як я ўжо ўспомніў, вайсковыя рэфэрэнты гралі тут ролю прапагандыстых i вэрбавальнікаў i ніякага ўплыву ані на арганізацыйны, ані на апэрацыйны бок ня мелі, хоць фактычна БСА трымалася толькі на ix. Афіцэры i падафіцэры былі выключна беларусамі. Усе камандзіры i стральцы хадзілі ў сваёй вопратцы, часта ў лапцёх, былі вельмі дрэнна ўзброеныя, аднак змагаліся з партызанамі вельмі добра.

Усе вайсковыя рэфэрэнты трымалі ca мною як з Галоўным Рэфэрэнтам цесную сувязь, з усімі недахопамі зьвярталіся да мяне. Асабліва балючай справай усьцяж была справа зброі. Наколькі моцным было жаданьне ў БСА ўзброіцца хоць бы собскім коштам сьведчыць той факт, што Рудзенскі батальён Менскай акругі ўзброіўся ўвесь дзякуючы таму, што жаўнеры гэтага батальёну купілі ў сялян некалькі бараноў i выменялі ix у немцаў на зброю. Шмат зброі было адбіта ў партызанаў, але ўсяго гэтага не хапала, каб узброіць Самаахову, якая што разу расла. Наагул, зброі i яшчэ раз зброі патрабавала БСА.

Як Галоўны Вайсковы Рэфэрэнт я аддаваў рознага роду распараджэньні i загады акруговым рэфэрэнтам. У маім рэфэраце, як начальніка канцылярыі, працаваў палкоўнік царскае арміі Вітаўт Мірскі. Чалавек гэта быў вельмі спраўны, працавіты i адданы беларускай справе. Ягоная функцыя была фактычна функцыяй начальніка штабу. Апошні загад Галоўнага рэфэрату БСА быў аб утварэньні пры павятовых аддзелах Самапомачы аддзелаў вайсковага папаўненьня. Пры гэтым былі разасланыя інструкцыі. Ідэяй маёй было запачаткаваць павятовыя аддзелы вайсковага папаўненьня.

Усе загады, якія выходзілі з галоўнага вайсковага рэфэрату, праходзілі праз рукі немцаў. Незадоўга пасьля гэтага загаду, прыблізна ў пачатку мая 1943 году, выйшаў загад начальніка ўсяе паліцыі на Беларусі палкоўніка Клепша аб ліквідацыі вайсковых рэфэратаў БСА i аб пераходзе адзінак БСА у склад беларускае паліцыі12.

Пасьля выхаду гэтага загаду ўсё БСА пачало ліквідавацца. У некаторых акругах яно было зьліквідавана вельмі груба. Так, напрыклад, у Менскай акрузе з БСА былі выбраныя найлепшыя людзі i сілком улітыя ў рады паліцыі, рэшта была прымусова вывезеная на працу ў Нямеччыну. У Слонімскай акрузе БСА катэгарычна адмовілася ўступаць у рады паліцыі. Начальнік нямецкае паліцыі прыракаў матэрыяльныя выгады, як абмундзіраваньне, нямецкі паёк i розныя т.п. рэчы. Ня гледзячы на гэта, Самаахоўцы ўпарта адмаўляліся. Адзетыя ў самадзелкі i абутыя ў лапці, яны хацелі, аднак, толькі служыць у БСА. Тады немцы ўжылі хітрасьці. Згадзіліся, каб Самаахова засталася нібы далей Самааховай, але каб прыняла нямецкае абмундзіраваньне i паёк. З гэтым Самаахоўцы пагадзіліся, але з таго моманту яны фактычна перасталі быць Самааховай. У Глыбоцкай акрузе Самаахова захавалася аж да часу бальшавіцкага наступу ў чэрвені 1944 г.

Юрыдычна БСА перастала існаваць ад мая 1943 году, ад часу выхаду загаду палкоўніка Клепша аб яе ліквідацыі, але фактычна існавала далей. Не разгарнулася яна ў магутны беларускі вайсковы рух, як гэта спадзяваліся беларусы на пачатку ейнае арганізацыі, не з нашае беларускае віны. Усё ж была зробленая велізарная вайсковая работа, якая замыкаецца на наступным:

1) Праведзеная была велізарная прапагандовая праца, шырокія масы пачалі жадаць мець свае войска.

2) Запачаткаваліся беларускія вайсковыя традыцыі.

3) Беларусы пачалі верыць у сваю собскую збройную сілу, якую могуць тварыць сваімі собскімі сіламі i пры помачы якой яны могуць вызваліцца ад ўсякіх насільнікаў. Беларуская Самаахова прыгатавала грунт для Беларускай Краёвай Абароны.

На заканчэньне хачу дадаць яшчэ сьпісак акруговых старшынь Самапомачы i акруговых рэфэрэнтаў БСА, якія палажылі шмат працы ў справе яе арганізацыі.

Акруга Менск — старшыня Самапомачы сьпярша Саковіч Юльян, пазьней Маракоў, акруговы рэфэрэнт БСА палкоўнік Мірскі Вітаўт i ён жа кіраўнік канцэлярыі Галоўнага рэфэрату.

Акруга Слуцак — старшыня Самапомачы сьпярша Ліхадзіеўскі, пазьней Хіхлуша, акруговы рэфэрэнт БСА — Казлоўскі Уладыслаў.

Акруга Баранавічы — старшыня Самапомачы сьпярша др. Вайтэнка, пазьней судзьдзя Тулейка, акруговы рэфэрэнт БСА — Русак Уладзімер.

Акруга Слонім — старшыня Самапомачы сьпярша Зыбайла Рыгор, пазьней др. Гэньюш Ян, яшчэ пазьней Васіленя Аляксей, рэфэрэнт БСА Дакіневіч Язэп.

Акруга Ліда — старшыня Самапомачы Клімовіч Кастусь, рэфэрэнт БСА — Касацкі Петра.

Акруга Вялейка — старшыня Самапомачы Касяк Кастусь, рэфэрэнт БСА — Калодка Аляксандар.

Акруга Глыбокае — старшыня Самапомачы сьпярша Пнко, пазьней Мядзейка, рэфэрэнт БСА — Лазараў Сымон.

Акруга Наваградак — старшыня Самапомачы Якуцэвіч Павал, рэфэрэнт БСА г— Рагуля Барыс.

Акруга Ганцавічы — старшыня Самапомачы — Сокал-Кутылоўскі Антон, вайсковых рэфэрэнтаў было некалькі, якія часта зьмяняліся адзін за другім.

Апрача вышэй пералічаных прозьвішчаў вялікую заслугу ў арганізацыі БСА мелі гэтаксама і павятовыя старшыні Самапомачы, а таксама i камандзіры паасобных батальёнаў.

Усе самаахоўцы, як афіцэры, так i падафіцэры i стральцы, добраахвотна прыйшлі служыць у БСА i гэтым яны пераканалі ўсіх у сваім патрыятызме i ахвярнасьці ў службе Бацькаўшчыне. Шмат зь ix аддалі жыцьцё ў змаганьні з бандытызмам i сталіся героямі беларускага народу.

Слава ix сьветлай памяці!

Арганізацыя Беларускіх Паліцэйскіх Батальёнаў

49 батальён

У жніўні месяцы 1942 году нямецкія паліцыйныя ўлады ў Менску распачалі арганізацыю беларускага паліцыйнага батальёну, якому далі чарговы нумар чыгуначных батальёнаў 49. У гэтым часе ўжо была зарганізаваная сетка ўладаў Б.С.А., на чале якой, як галоўны камандант, стаяў доктар Ермачэнка. Але немцы не хацелі карыстацца якой-колечы дапамогай беларусаў i ўзяліся за арганізацыю батальёна толькі самі. Заданьне гэтае яны разьвязалі проста. Нямецкі начальнік на Беларусі даў загад нямецкім акруговым начальнікам паліцыі, каб тыя набралі з гары ўстаноўленую колькасьць маладых беларусаў i пераслалі ix у Астрашыцкі Гарадок, які быў вызначаны мейсцам фармаваньня батальёну. Акруговыя начальнікі паліцыі выканалі загад як найсумленьней. Прымусова нахапалі маладых хлапцоў i пад канвоем выслалі ў вызначанае мейсца.

Такім чынам, у кашары ў Астрашыцкім Гарадку нагналі 2.000 чалавек. Але там не было ні аднаго беларускага камандзіра. Уся камандная абсада ад камандзіра батальёну да камандзіра дружыны складалася зь немцаў. Немцы не разумелі ані слова па-беларуску, а беларусы ані слова па-нямецку. Кашары не былі адпаведна падрыхтаваныя да закватэраваньня людзей, кухні ня ўсе былі здатныя да ўжытку.

Мінула крыху часу i пабачылі немцы, што яны не дадуць сабе рады з неарганізаваным натоўпам людзей дзеля галоўным чынам незнаёмасьці іхняе мовы. Бо хоць крычалі на людзей колькі маглі, a людзі не разумелi, чаго яны хочуць. У канцы канцоў немцы пачалі людзей біць. Як рэакцыя на гэта — пачалася дэзэрцыя.

Астрашыцкі Гарадок — гэта невялічкае мястэчка Менскай акругі, пабудаванае сярод лясоў, у якіх было шмат партызанаў. У батальёне было толькі 50 вінтовак, зь якімі людзі не маглі абыходзіцца. Аб гэтым даведаліся партызаны, i адной начы напалі на батальён. Як жаўнеры-беларусы, так i камандзіры-немцы разьбегліся, хто куды мог. На наступны дзень аднак батальён пачаў зьбірацца назад ізноў. Але зь беларусаў у кашары з 2.000 чалавек вярнулася ня больш 800. Каб не паўтарыўся напад, немцы перавялі батальён у Менск. У Менску немцы ўжылі ўсе магчымыя сродкі, каб ня было дэзэрцыі, але толькі чыста паліцыйнага характару. Дарма, што ўсё гэта, дэзэрцыя паўтаралася. Немцы прыйшлі да перакананьня, што трэба зьвярнуцца па дапамогу да прадстаўнікоў беларускіх уладаў.

У гэтым часе, калі адбываліся вышэй апісаныя сумныя падзеі, у Менску праходзіў 2-гі афіцэрскі курс БСА. Як я ўжо ўспомніў у 2-й частцы гэтых успамінаў, да курсу быў прыстаўлены нямецкі капітан Кумэр. Нямецкі начальнік паліцыі на Беларусі i ўпаўнаважыў капітана Кумэра, каб той зьвярнуўся да мяне з просьбай параіць, якім спосабам можна спыніць дэзэрцыю ў батальёне. Я параіў капітану Кумэру, што адзіны спосаб спыніць дэзэрцыю, гэта прызначэньне ў батальёне камандзіраў-беларусаў, пачынаючы ад камандзіра батальёну да камандзіра дружыны.

На наступны дзень капітан Кумэр сказаў мне, што камандзір паліцыі згадзіўся, каб камандзіры ротаў i зьвязаў былі ў батальёне беларусы i папрасіў мяне, каб я даў на гэтае становішча кандыдатаў. Дзеля таго, што ў мяне не было пад рукою вольных афіцэраў, я i зьвярнуўся да курсантаў з прапановай пайсьці на камандныя становішчы ў 49 батальён. Выпадкі, якія адбываліся ў 49-ым батальёне даходзілі да ведама курсантаў, так што згадзіліся ісьці ў батальён толькі 4 афіцэры.

Капітан Кумэр зараз жа павёў гэтых афіцэраў у штаб батальёну i прадставіў камандзіру. Той вельмі ўсьцешыўся імі i вызначыў ix камандзірамі ротаў. Пасьля прыблізна тыдня часу гэтыя чатыры афіцэры зьявіліся ў мяне i паведамілі, што камандзір батальёну загадаў ім замэльдавацца ў мяне дзеля таго, што яны яму непатрэбныя. Я быў вельмі зьдзіўлены гэтым фактам i запытаўся капітана Кумэра, чаму камандзір батальёну адаслаў гэтых афіцэраў назад. Капітан Кумэр адказаў, што дзяржаўны Камісарыят у Рызе прыслаў на пасаду каманднага складу чужа-нацыянальных паліцыйных батальёнаў эстонскіх афіцэраў, i што 49-ты беларускі паліцыйны батальён гэтым сама абсаджаны эстонскімі афіцэрамі, якія знаюць расейскую мову.

Немцам здавалася, што калі камандзіры патрапяць разгаварыцца з падуладнымі — то справа заладжаная. Аднак, выйшла іначай. Эстонцы, якія гаварылі да стральцоў беларусаў па-расейску, гэтак сама былi для ix чужымі, як i немцы. Дэзэрцыя працягвалася.

У міжчасьсе распачаўся трэці беларускі афіцэрскі курс. Да гэтага курсу былі прыдзеленыя з мэтай перашколеньня i эстонскія афіцэры з 49-га батальёну. Яны прыходзілі толькі на практычныя заняткі ў полi. З гэтымі афіцэрамі я блізка пазнаўся. Яны мне гаварылі, што ніяк ня могуць знайсьці зь беларускімі жаўнерамі «общаго языка». Камандзірам батальёну быў падпалкоўнік, апрача яго ў батальёне было некалькі капітанаў i некалькі лейтэнантаў, разам дзесяць чалавек.

Мінула яшчэ тыдні тры, i склад стральцоў у батальёне зьменшыўся да 200 чалавек. Немцы пераканаліся, што эстонцы нічога не памаглі. Тады начальнік нямецкае паліцыі на Беларусі палкоўнік Клепш зьвярнуўся да доктара Ермачэнкі з прапановай, каб у батальён прызначыць зь беларускага боку афіцэра, які б апекаваўся батальёнам, вёў узгадавальную працу ў батальёне i быў лучнікам паміж батальёнам i беларускім грамадзтвам. Апрача таго, палкоўнік Клепш прасіў, каб галоўны рэфэрат БСА папоўніў батальён стральцамі. Доктар Ермачэнка даручыў залагодзіць гэтую справу мне як галоўнаму рэфэрэнту БСА.

На новае становішча згадзіўся пайсьці i паручнік Дзядовіч, курсант другога афіцэрскага курсу. Апрача таго, на ахвотніка пайшлі туды яшчэ два афіцэры. Я распачаў набор новых кандыдатаў у батальён пры помачы акруговых рэфэрэнтаў БСА. Працэдура адбывалася такім парадкам. Акруговыя начальнікі прысылалі партыямі ахвотнікаў у галоўны рэфэрат БСА ў Менск. Я ix прыймаў, пры гэтым праводзіў зь імі высьвятляльныя гутаркі на тэму, чаму яны павінны сумленна выконваць свае абавязкі ў батальёне, а пасьля перадаваў Дзядовічу. Дзядовіч прывозіў ix у батальён i далей ужо імі там апекаваўся. Такім чынам дэзэрцыя зусім спынілася. Эстонскія афіцэры пачалі адзін за адным з батальёну зьнікаць: застаўся толькі адзін эстонец — капітан Цэмэль, i то толькі таму, што нарадзіўся недалёка Менску i ўважаў сябе напалову беларусам. Стан батальёну быў даведзены да 500 чалавек, якія выконвалі вартаўнічую службу ў Менску i ваколіцы. Часамі батальён выяжджаў i на партызанаў, дзе паказаў сябе як баявы батальён з найлепшага боку.

Ня можна тут ня ўспомніць аб адным цікавым факце, які сьведчыць, як немцы адносіліся да прадстаўнікоў іншых нацыяў. Калі Дзядовіч прыступіў да выкананьня сваёй вышэй апісанай функцыі, ён быў перакананы, што атрымае адпаведна высокае i слушна яму належнае штатнае мейсца. Гэтаксама думалі др. Ермачэнка i я. Але мінуў месяц, а Дзядовіч з батальёну ніякае ўзнагароды не атрымаў. Toe самае i на другі месяц. На трэці доктар Ермачэнка паехаў да палкоўніка Клепша, каб высьветліць гэтую справу. Палкоўнік Клепш выдаў загад аб залічэньні Дзядовіча на штат фэльдфэбэля ў 49-ты батальён.

Калі Дзядовіч атрымаў гэты загад, ён вельмі абурыўся дэградацыі сваёй да ступені фэльдфэбэля i падаў мне рапарт, што ён на гэта не згаджаецца i просіць, каб яго звольнілі. Дзеля таго, што ані я, ані доктар Ермачэнка не маглі нічога зрабіць, каб загад Клепша адмяніць, давялося Дзадовіча звольніць ад выкананьня ягоных абавязкаў. Алека над батальёнам перайшла тады на каштана Цэмэля, напалову беларуса, напалову эстонца, які, трэба сказаць, вельмі сумленна выконваў яе аж да часу эвакуацыі зь Менску.

48 батальён

У другой палове 1943 году нямецкія паліцэйскія ўлады пастанавілі зарганізаваць яшчэ тры беларускія паліцэйскія адзінкі: 48 батальён у Слоніме, 60 батальён у Баранавічах i 36 полк ва Ўрэччы, Слуцкае акругі.

Да рэалізацыі яны прыступілі, узяўшы пад увагу свае дазнаньні з арганізацыяй 49-га батальёну, вельмі хітра. Клясычным прыкладам нямецкіх дачыненьняў да беларускае вайсковае справы былі падзеі ў Слоніме.

У Слоніме ў гэтым часе вайсковым акруговым рэфэрэнтам быў Язэп Дакіневіч, чалавек вельмі энэргічны, які меў уплыў на мясцовае жыхарства. Вось гэтага Дакіневіча i пастанавілі немцы спрытна выкарыстаць для набраньня ў батальён людзей. Акруговы камісар Слонімскай акругі супольна з нямецкім акруговым начальнікам паліцыі папрасілі аднаго дня ў жніўні 1943 году да сябе спадара Дакіневіча i слонімскага павятовага старшыню спадара Цітовіча, i абвясьцілі ім, што нямецкія ўлады дазваляюць на арганізацыю беларускага войска, i што ў Слоніме мае быць створаны першы батальён, камандзірам якога будзе якраз Дакіневіч. Немцы гаварылі вельмі аўтарытэтна, зьвярталіся да пачуцьця беларускага патрыятызму i ўспаміналі аб новай Эўропе i г.д. Канчаючы гутарку, яны выразілі надзею, што як Дакіневіч, так i ён, Цітовіч, прыкладуць усе стараньні, каб арганізацыя новага батальёну выйшла як найлепей.

Дакіневіч i Цітовіч прынялі ўсё гэта вельмі паважна, цалкам паверыўшы таму, што гаварылі ім высокія прадстаўнікі нямецкай улады. Зараз жа, з ўсім запалам, яны прыступілі да працы. Былі надрукаваныя лістоўкі для ахвотнікаў. У гэтых лістоўках-пакліканьнях прыводзіліся словы, якія хваталі за сэрца кожнага беларуса, як: «Вы паклікаецеся для абароны сваёй Бацькаўшчыны!». Калі гэтыя пакліканьні былі разасланыя па вёсках i ўручаныя прызыўнікам, народ масава рынуў у Слонім.

Дакіневіч прыймаў ахвотнікаў, гаварыў да ix гарачыя прамовы i нястомна заладжваў усе справы па арганізацыі батальёну. Праз некалькі дзён у батальён прыбыло каля 5.000 чалавек, у разоў пяць больш, чымся было наогул патрэбна. Немцы вельмі дзівіліся такому зьявішчу, хвалілі Дакіневіча, i пакрысе пачалі самі брацца за людзей. Лекарская камісія правяла ix вострую кваліфікацыю, шмат звольніла, нарэшце ў батальён было адабрана каля тысячы чалавек, а рэшту адаслалі ў 36 беларускі паліцэйскі полк, які арганізаваўся ва Ўрэччы, Слуцкае акругі.

Калі Дакіневіч зарганізаваў батальён, прыбыў камандзір батальёну маёр-немец, а зь ім разам i ўся абсада батальёну — таксама немцы. Дакіневіч застаўся пры батальёне, у ролі як бы прапагандыстага. Немцы праўда, вельмі лічыліся з Дакіневічам, нават называлі яго камандзірам батальёну, бо ведалі, — калі адыйдзець з батальёну Дакіневіч, то i ўвесь батальён разьляціцца, але гэта справы не зьмяняла.

У кастрычніку 1943 году я прыяжджаў на інспэкцыю гэтага батальёну. Батальён прадстаўляўся вельмі добра, быў баёва настроены, выпадкі дэзэрцыі былі вельмі рэдкія. Адно жаданьне, якое мелі жаўнеры — гэта каб камандзіры ў ix былі беларусы. На жаль, гэта залежала не ад нас.

Неўзабаве батальён пачаў хадзіць на акцыю супроць партызанаў. Пад поглядам баёвым ён таксама паказаў сябе з найлепшага боку. I вось у меру таго, як батальён станавіўся што раз мацнейшым, значэньне Дакіневіча ў батальёне немцамі памяншалася. Нарэшце ў сакавіку 1944 году Дакіневіч быў пакліканы на становішча акруговага начальніка БКА. Заняты цалкам новаю працаю, ён амаль зусім адыйшоў ад батальёну. Немцы пачуліся поўнымі панамі становішча. Але заставаліся яны не доўга. З адыходам Дакіневіча спыніўся беларускі ўплыў на жаўнераў. Дух іхны ўпаў, i батальён пачаў распадацца. Прычынай гэтага было i тое, што нямецкае камандваньне батальёнам было вельмі недалужнае.

Мінула крыху часу, i батальён разьбілі партызаны, а недабіткі ягоныя разьдзялілі па іншых паліцыйных частках.

60 батальён

Прыблізна гэткім самым спосабам быў арганізаваны i 60 беларускі паліцыйны батальён у Баранавічах. Прапагандыстым зь беларускага боку быў у гэтым батальёне спадар Васілевіч, настаўнік па прафэсіі, былы падхаронжы польскай арміі. Дзякуючы выхаваўчай працы Васілевіча, 60 батальён існаваў аж да эвакуацыі зь Беларусі. Наколькі была ў гэтым батальёне высокая нацыянальная сьведамасьць, сьведчыць той факт, што калі я прыехаў на інспэкцыю гэтага батальёну, то стральцы, якія атрымалі вельмі прыгожае нямецкае абмундзіраваньне, катэгарычна прасілі мяне, каб я ўжыў свайго уплыву на немцаў, каб немцы дазволілі нашыць на левым рукаве бела-чырвона-белы сьцяжок. «Мы хочам вонкава выглядаць на беларускіх жаўнераў», — гаварылі мне стральцы.

Немцы доўга ўпіраліся, але нарэшце ўступілі, i жаўнеры з трыумфам насілі сваю нацыянальную беларускую адзнаку. У часе адыходу з Бацькаўшчыны батальён перанёс усе цяжкасьці, зьвязаныя з адступленьнем войска. На тэрыторыі Нямеччыны батальён быў уліты ў брыгаду Зіглінга.

36 Беларускі Паліцыйны Полк

Адначасова з арганізацыяй 48 i 60 батальёну, немцы пачалі арганізоўваць i 36 Беларускі Паліцыйны Полк. Мейсцам арганізацыі была сьпярша мясцовасьць Урэчча Слуцкае акругі.

Полк гэты быў зарганізаваны з надвышкаў 48 i 60 батальёнаў. Людзі, якія туды перасылаліся, былі шчыра ўпэўнены ў тым, што ідуць служыць Бацькаўшчыне. Як пры наборы ў 48 i 60 батальёны, яны трымаліся вельмі добра. Шмат у гэтым палку было людзей з Слуцкае акругі.

Пазьней 36 полк быў пераведзены ў Валожын Вялейскай акругі. Валожын знаходзіўся пры самай Налібоцкай пушчы, так што полк бесьперапынку вёў змаганьне з партызанамі. Прапагандыстым зь беларускага боку быў у палку капітан Барашкевіч. Капітан Барашкевіч праводзіў таксама набор для папаўненьня палку i быў ягоным маральным правадыром.

У часе эвакуацыі зь Беларусі полк браў удзел у баёх з бальшавікамі, пры гэтым загінуў сьмерцю героя сам капітан Барашкевіч. Недабіткі палку былі ўжо на тэрыторыі Нямеччыны ўключаныя ў склад брыгады Зіглінга.

Арганізацыя 13-га Беларускага Батальёну

Аднойчы ў сьнежні 1942 году зьявіўся ў мяне ў вайсковым рэфэраце кіраўнік палітычнага аддзелу СД у Менску гаўптштурмфюрэр Шлегель ды сказаў наступнае: «Я хацеў бы, каб пры СД у Менску быў зарганізаваны беларускі вайсковы аддзел у сіле батальёну, які б пасьля вышкаленьня нёс ахоўную службу ў Менску i апрача таго мог быць ужыты для змаганьня з партызаншчынай. Ці Вы не маглі б узяць на сябе арганізацыю гэтага батальёну?» Я адказаў на гэта Шлегелю, што падумаю й заўтра дам яму адказ.

Магчымасьці арганізацыі батальёну ў мяне былі дзеля таго, што ў маім распараджэньні мелася сетка вайсковых рэфэрэнтаў па ўсёй Беларусі, якія маглі выканаць мой загад. Але, каб зрабіць гэта не самому, a ў паразуменьні з прадстаўнікамі беларускага грамадзтва, я параіўся ў заступніка старшыні Самапомачы д-а Валькевіча, старшыні Менскага акруговага кіраўніцтва Самапомачы Юльяна Саковіча й іншых. Было пастаноўлена пісьмова прадставіць Шлегелю варункі, на якіх мае арганізоўвацца беларускі батальён. Гэтыя варункі былі апрацаваныя мною й прадстаўленыя супольна з Саковічам Шлегелю.

Працяг у наступным нумары.

КАМЭНТАРЫ

[1] Дапаможная паліцыя — маецца на ўвазе паліцыя парадку, якая фармавалася зь мясцовага насельніцтва, савецкіх ваеннапалонных i перамешчаных асобаў зь іншых краін. Падпарадкоўвалася начальніку паліцыі парадку Беларусі, які ў сваю чаргу быў падначалены вышэйшаму начальніку CC i паліцыі Расеі — «Цэнтр». Складалася з паліцэйскіх участкаў (200-300 чалавек на раён) i паліцэйскіх ахоўных (Schutzmannschaft) батальёнаў. У адносінах да мясцовага насельніцтва карысталася ўсімі правамі нямецкай паліцыі. Адносіны зь немцамі рэгуляваліся асобнымі абмежаваньнямі: супрацоўнікі ахоўнай паліцыі ня мелі права арыштоўваць немцаў, ці праводзіць у ix ператрус. Такія дзеяньні былі магчымыя толькі ў прысутнасьці нямецкіх чыноўнікаў.

[2] Тумаш Вітаўт, нарадзіўся 20 сьнежня 1910 г., доктар мэдыцыны. У ліпені-кастрычніку 1941 г. выконваў абавязкі бурміста (старшыні) горада Менска. Пасьля вайны на эміграцыі, у ЗША. Гісторык (псэўданім Сымон Брага), вядомы скарыназнаўца, аўтар грунтоўнага бібліяграфічнага даведніка «Пяць стагодзьдзяў Скарыніяны» i многіх дасьледаваньняў.

[3] Касмовіч Дзьмітры, нарадзіўся 21.09.1909 г. у Нясьвіжы, памёр 23.04.1991 г. у Штутгардзе.

[4] Пугачоў Міхась (1904—?), старшы лейтэнант Чырвонай Арміі. Служыў у паліцыі ў г. Менску. Быў начальнікам страявой часткі паліцэйскай школы. У сакавіку-чэрвені 1944 г. — начальнік Менскай акругі БКА. Пастановай прэзыдэнта БЦР Р.Астроўскага ад 5 красавіка 1944 г. атрымаў ранг капітана. Пасьля вайны жыў на эміграцыі.

[5] Паліцыя парадку (Ordnungdientst) складалася зь мясцовай дапаможнай паліцыі i нямецкай жандармэрыі. У ліпені 1941 г. у Менску з савецкіх ваеннапалонных украінцаў быў створаны паліцэйскі батальён службы парадку колькасцю 910 чалавек, які выконваў у асноўным ахоўныя функцыі. На 1 кастрычніка 1941 г. менская гарадзкая паліцыя пад нямецкім камандваньнем налічвала 382 чалавекі, якія былі размеркаваныя па пяці паліцэйскіх участках. У акругах ствараліся гарадзкія i валасныя паліцэйскія ўчасткі. У кожным раёне — жандарскія пасты, узмоцненыя паліцэйскімі аховы, i ад 3 да 5 паліцэйскіх пастоў, якімі камандаваў начальнік раённай паліцыі. На тэрыторыі Генэральнай Акругі Беларусь было створана 10 жандарскіх акругаў, падзеленых на тры галоўныя каманды жандармэрый: Менск, Баранавічы, Вілейка.

На 10 красавіка 1943 г. у Беларусі налічвалася 55 жандарскіх пастоў, узмоцненых мясцовымі паліцэйскімі, i 72 паліцэйскія пасты пад нямецкім кіраўніцтвам. Агульная колькасьць мясцовых паліцэйскіх складала на гэты час 6580 чалавек. Кіраваў службай парадку Беларусі палкоўнік паліцыі Клепш. Гарадзкія i сельскія паліцэйскія насілі былую форму CC i белыя нарукаўныя павязкі (адменены ў 1942 г.). Украінскія i беларускія батальёны мелі зьмененую латыскую, а з 1943 г. — старую нямецкую паліцэйскую форму зялёнага колеру.

[6] Саковіч Юльян (?—1943), начальнік Менскай паліцыі, працаваў у БСА. Забіты партызанамі ў Лідзкай акрузе.

[7] Патрабаваньні аб стварэньні нейкай бачнасьці беларускай дзяржаўнасьці, беларускай паліцыі, беларускага войска, абяцаньняў нямецкіх уладаў наконт будучыні Беларусі паступалі ад калябарантаў ужо з восені 1941 г. Асаблівыя надзеі яны ўскладалі на візыт у Беларусь рэйхсміністра Усходніх земляў А.Розэнбэрга (Гл. Нёман, 1994, 4. С.176-178).

[8] Ермачэнка Іван (1.5.1994 — 25.2.1970). Нарадзіўся ў в. Капчаўцы Барысаўскага павету, скончыў гімназію ў Маскве, затым афіцэрскую школу, служыў у расейскім войску, атрымаў чын палкоўніка. Быў ад’ютантам генэрала Урангеля. З 1920 г. консул ураду БНР у Канстантынопалі. З 1922 г. у Празе. У 1929 г. атрымаў мэдычную адукацыю, працаваў лекарам, займаўся палітычнай дзейнасьцю. З 1938 г. прыхільнік беларуска-нямецкага супрацоўніцтва. Пасьля вайны на эміграцыі, у ЗША.

[9] Зьезд акруговых кіраўнікоў БНС адбыўся 7 ліпеня 1942 г. у Баранавічах. Прысутнічала больш за 200 прадстаўнікоў Баранавіцкай, Лідзкай, Слонімскай, Ганцавіцкай i Наваградзкай акругаў. Выступаючы на зьезьдзе, гаўляйтар Вільгэльм Кубэ адзначыў, што «настаў час, калі на беларускіх землях беларускі народ сам павінен наладжваць сваё жыцьцё…». Пасьля гэтага, 12 ліпеня 1941 г. нямецкія ўлады далі дазвол на стварэньне БСА. А 14-16 ліпеня ў г. Менску ўжо адбыўся зьезд акруговых кіраўнікоў БНС, на якім абмяркоўваліся пытаньні арганізацыі БСА.

[10] 24 жніўня 1942 г. Юльян Саковіч зьвярнуўся ў Генэральны Камісарыят па дазвол на падрыхтоўку пячаткі для БСА i ўжо праз чатыры дні атрымаў ляканічны адказ за подпісам начальніка палітычнага аддзелу доктара Юрды: «Прыгатаваньне пячаткі для каманданта Беларускай Самааховы забараняецца. Я маю повад ясна паказаць Вам на тое, што пасады «Галоўны камандант Беларускай Самааховы» німа. У адносінах набору добраахвотнікаў у БСА Галоўнаму Кіраўніцтву ў БНС даручана, каб галоўнае камандваньне ў фармаваньні адзінак БСА кіравалася ўказаньнямі палітычных устаноў. Асобнае камандваньне пры гэтым не прадугледжана. Па даручэньню — Юрда».

[11] Зьезд БНС адбыўся 1 лістапада 1942 г. Ён быў прысьвечаны першай гадавіне БНС. На зьездзе канстатавалася, што БНС перарасла рамкі дзейнасьці, прадугледжанай статутам, гучалі прапановы аб пераглядзе статута БНС, аб дазволе займацца палітычнай дзейнасьцю (гл. Нёман, 1994. 4. С.182).

[12] На нарадзе ў Генэральным Камісарыяце ў красавіку 1943 г. палкоўнік Клепш наступным чынам тлумачыў неабходнасьць роспуску БСА: «Спроба стварыць самаахову зь беларусаў-добраахвотнікаў, каб яны незалежна ад сваёй працы ў выпадку неабходнасьці несьлі ўзброеную службу, правалілася па некалькіх прычынах. Па-першае, ня гледзячы на мноства спроб, немагчыма было атрымаць ад Вэрмахта неабходнай колькасьці трафэйнай зброі. Па-другое, бяззбройныя абаронцы i ix сем’i пастаянна падвяргаліся нападам i тэрору з боку банд, як толькі апошнія даведваліся аб стварэньні самааховы. Па-трэцяе, гэтыя людзі, за рэдкім выключэньнем, аказаліся ненадзейнымі, паколькі лёгка паддаваліся варожай прапагандзе i сымпатызавалі праціўніку. Мелі месца выпадкі, калі колькасна буйныя патрулі самааховы, узброеныя вінтоўкамі i аўтаматычнай зброяй, пераходзілі на бок бандытаў. Да таго ж праведзеная Беларускай самапомаччу мабілізацыя людзей у Беларускую самаахову была зьдзейсненая ня згодна з адпаведнымі ўмовамі i, у рэшце рэшт, была даручана жандармэрыі».

Аляксей Ліцьвін

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'Архіваліі'