Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Беларусь у сусветных войнах'

Артыкулы па тэме ‘Беларусь у сусветных войнах’

Станіслаў Рудовіч. Кім быў Вацлаў Іваноўскі

Снежня 18, 2007 |


Туронак Юры. Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі. Мінск: Медысонт, 2006. — 180 с., [16] с. іл.

Працы па гісторыі Беларусі польскага даследчыка беларускага паходжання Юрыя Туронка набылі вядомасць на радзіме яго бацькоў у канцы 1980-х — пачатку 90-х г. Апрача шэрагу артыкулаў, у 1993 г. у Мінску ў перакладзе на беларускую мову была выдадзена доктарская манаграфія Ю. Туронка „Беларусь пад нямецкай акупацыяй”. Вядома, не ўсе пагаджаліся з падыходамі і высновамі даследчыка. Але бясспрэчна, што на фоне тагачаснай айчыннай гістарыяграфіі, якая толькі пачынала выкарасквацца з-пад савецкага ідэалагічнага кантролю, публікацыі д-ра Туронка выгодна вылучаліся і смелым выбарам тэматыкі, і выкарыстаннем масы недаступных для савецкіх гісторыкаў крыніц, i дасканалай методыкай іх аналізу, якая дазваляла аўтару нават пры абмежаванасці дакументальнай базы атрымліваць максімум цікавай інфармацыі. Кідалася ў вочы і яшчэ адна ўласцівасць творчай манеры гісторыка: не ўтойваючы сваіх сімпатый да беларускай ідэі і яе рупліўцаў, даследчык тым не менш не парушаў прынцыпу навуковай аб’ектыўнасці, непрадузята і часам даволі крытычна ацэньваў многія знакавыя падзеі і постаці беларускай гісторыі, разбураючы тым самым шэраг устаялых стэрэатыпаў не толькі падсавецкай, але і альтэрнатыўнай ёй эмігранцкай гістарыяграфіі.

У цэнтры навуковых зацікаўленняў Ю. Туронка — палітычная і культурная гісторыя Беларусі першай паловы XX ст. А свайго роду стрыжнёвай постаццю гэтага перыяду, вакол якой так ці інакш абарачаюцца многія даследаваныя аўтарам сюжэты, выступае адзін з пачынальнікаў беларускага нацыянальнага руху, кнігавыдавец, навуковец і педагог Вацлаў Іваноўскі (1880-1943 г.). Паводле сведчання самога даследчыка, вывучэннем гэтага деяча ён заняўся з сярэдзіны 1970-х г. На працягу наступнага дзесяцігоддзя ў польскім друку з’явіліся некалькі прысвечаных яму артыкулаў, якія ўрэшце склаліся ў асобную манаграфію „Вацлаў Іваноўскі і адраджэнне Беларусі”. Упершыню яна выйшла па-польску ў Варшаве ў 1992 г. У Беларусі ў 90-я г. былі перакладзены i надрукаваны ў часопісах толькі асобныя фрагменты гэтай кнігі. І вось нарэшце ў 2006 г. беларускі чытач атрымаў магчымасць на роднай мове азнаёміцца з кнігай цалкам, прычым адразу ў двух варыянтах: у выглядзе асобнага выдання, выпушчанага мінскім выдавецтвам „Медысонт”, а таксама ў складзе капітальнага зборніка твораў Ю. Туронка „Мадэрная гісторыя Беларусі”, падрыхтаванага ў Вільні Інстытутам беларусістыкі[1]. Пераклад у мінскім выданні ажыццёўлены Яўгеніяй Ждановіч, у віленскім жа зборніку прозвішча перакладчыка гэтай працы (як і ўсіх астатніх) не пазначана. Не маючы намеру параўноўваць абодва пераклады, заўважым толькі, што ў многіх момантах яны досыць істотна адрозніваюцца адзін ад аднаго. Нашы развагі будуць грунтавацца галоўным чынам на выданні „Медысонта”.

На пачатку рэцэнзаванага даследавання робіцца спроба выявіць вытокі нацыянальнай самаідэнтыфікацыі маладога Вацлава Іваноўскага як беларуса — нетыповай для прадстаўніка паланізаванай шляхецкай эліты Літоўска-Беларускага краю. Сенсацыйнасць такога рашэння Вацлава яшчэ больш падкрэслівалася тым, што яго старэйшы брат Юры, a потым і самы малодшы Станіслаў вызначыліся як палякі, а яшчэ адзін з братоў Іваноўскіх Тадэвуш стаў літоўцам. Гэты фенаменальны факт — дэклараванне роднымі братамі сваёй прыналежнасці да розных нацыянальных супольнасцяў — па сутнасці стаў своеасаблівай мікрамадэллю, якая нібы ў кроплі вады адлюстравала гістарычна абумоўлены працэс распаду колішняй палітычнай і культурнай цэласнасці, што існавала ў межах былога Вялікага Княства Літоўскага. Пры гэтым выбар Юрыя, як піша аўтар кнігі, не вымагаў інтэлектуальнага напружання, бо быў лагічным працягам культурнай паланізацыі сям’і. Тадэвуш, хоць і праявіў волю адысці ад традыцыйнага паланафільства, меў магчымасць абаперціся на дваццацігадовы шлях літоўскага нацыянальнага руху і выпрацаваную ў яго рамках першапачатковую праграмную канцэпцыю. Вацлаў жа, вызначаючы сябе беларусам, не меў такога апірышча, бо беларускі рух на мяжы ХІХ-ХХ ст. заставаўся яшчэ „з’явай эфемернай i амаль незаўважнай” (29). На думку Ю. Туронка (праўда, не падмацаваную дакументальна), выбіраючы беларускасць, Вацлаў Іваноўскі якраз і ставіў перад сабой надзвычай амбіцыйную для ў той час яшчэ гімназіста мэту: стварыць гэты рух праз абуджэнне гістарычнай памяці, фармаванне ідэйнай канцэпцыі і актыўную арганізацыйную працу. Зрэшты, у літаратуры выказана і менш узнёслае тлумачэнне тагачаснай пазіцыі В. Іваноўскага. Яна звязваецца з яго захопленасцю ідэяй паяднання інтэлігенцыі з сялянскімі масамі дзеля ўздыму іх агульнай і палітычнай культуры (паводле ўзору расійскага народніцтва або ўкраінскага „хлопаманства”). А паколькі на радзіме Іваноўскіх — у Лідскім павеце — большасць насельніцтва складалі сяляне-каталікі, якія размаўлялі па-беларуску, выбар Вацлава на карысць беларускасці выглядаў даволі лагічным[2].

Энергічная арганізацыйная дзейнасць Вацлава Іваноўскага на беларускай ніве пачалася пасля паступлення яго ў 1899 г. у Пецярбургскі тэхналагічны інстытут, дзе ўжо вучыўся старэйшы брат Юры. Дзякуючы Юрыю, які на гэты час стаў прыкметнай асобай у Польскай партыі сацыялістычнай (ППС), з польскімі сацыялістамі завязаў кантакт i Вацлаў. Ахвотна выкарыстоўваючы арганізацыйныя і выдавецкія магчымасці ППС, зацікаўленай у абуджэнні антыцарскіх настрояў сярод народаў былой Рэчы Паспалітай, В. Іваноўскі ўсё ж не пагадзіўся на ролю паслушнай крэатуры гэтай польскай партыі, а стаў на шлях стварэння ўласна беларускай палітычнай арганізацыі. Праведзенае Ю. Туронкам надзвычай скрупулёзнае даследаванне наяўных (вельмі нешматлікіх) крыніц дазволіла аўтару ўнесці яснасць у даволі заблытанае пытанне аб вытоках першай нацыянальнай беларускай партыі. У кнізе паказана, што адлік яе гісторыі пачынаецца прыблізна на пачатку 1902 г. стварэннем намаганнямі В. Іваноўскага нелегальнай арганізацыі пад назвай Беларуская рэвалюцыйная партыя (БРП). Праўда, як прызнае даследчык, БРП не з’яўлялася партыяй у поўным сэнсе гэтага слова. Яна была хутчэй студэнцкім гуртком, дыскусійным клубам, у якім распрацоўвалася канцэпцыя беларускага нацыянальнага адраджэння, выкладзеная ў дзвюх вядомых публікацыях БРП: адозве „Да інтэлігенцыі” (апрацаванай В. Іваноўскім сумесна з іншым студэнтам тэхналагічнага інстытута Лявонам Малецкім) і газеце „Свабода” (якую Іваноўскі рыхтаваў разам з некалькімі паплечнікамі, у тым ліку Іванам Луцкевічам і Алаізай Пашкевіч — Цёткай, што з’явіліся ў Пецярбургу ў 1902 г.; праўда, адзіны набраны нумар газеты не ўдалося распаўсюдзіць, а давялося знішчыць). Паводле Ю. Туронка, у гэтых дакументах былі сфармуляваны „пастулаты нацыянальнай рэвалюцыі”: гадаванне беларускай народнай інтэлігенцыі і антыцарысцкая барацьба, але не на шляху сепаратысцкіх тэндэнцый, пракламаваных ППС, а ў саюзе з расійскімі рэвалюцыйнымі коламі ў напрамку здзяйснення рэвалюцыі ў Расіі і дэмакратызацыі грамадскага жыцця гэтай дзяржавы (42).

Так ці інакш, стварэннем Беларускай рэвалюцыйнай партыі быў пакладзены пачатак арганізаванаму змаганню за нацыянальную эмансіпацыю беларусаў, якое ўжо нікому не ўдалося спыніць нават самымі жорсткімі мерамі на працягу ўсяго ХХ ст. Аднак БРП праіснавала нядоўга. Іван Луцкевіч з братам Антонам, якія да прыезду ў Пецярбург ужо мелі досвед беларускай нацыянальнай дзейнасці ў Менску, выявілі больш радыкальныя, бунтарскія настроі і пачалі дыстанцыявацца ад схільнага да паступовай, „арганічнай” культурніцкай працы Іваноўскага. Вынікам рознагалоссяў, як устанавіў Ю. Туронак, стаў раскол у канцы 1903 г. БРП на дзве новыя нелегальныя арганізацыі: Беларускую рэвалюцыйную грамаду (БРГ) на чале з Луцкевічамі і Круг беларускай народнай прасветы і культуры пад кіраўніцтвам Іваноўскага.

3 гэтага моманту Вацлаў засяроджваецца на выданні беларускіх кніг і дэманструе ў гэтай справе нязвыклую энергію, вынаходлівасць, камерцыйныя і, урэшце, канспіратыўныя здольнасці. У канцы 1903 і на пачатку 1904 г. пад маркай Круга выходзяць два нелегальныя зборнікі беларускіх мастацкіх тэкстаў: „Калядная пісанка” і „Велікодная пісанка”. Амаль адначасова з дазволу ўладаў былі выдадзены зборнік вершаў Янкі Лучыны „Вязанка” (цэнзуры яе прадставілі як кнігу на балгарскай мове) і перадрук некаторых фальклорных твораў, сабраных этнографам П.В. Шэйнам, пад назвай „Казкі”. Але планы Іваноўскага па выданні беларускай літаратуры сягалі далёка за межы Пецярбурга і нават Расійскай імперыі. Аўтар рэцэнзаванай кнігі ўстанавіў выключна цікавы факт, з акалічнасцямі якога беларускія даследчыкі не маглі разабрацца цэлых восемдзесят гадоў. Аказваецца, прыцягнуўшы да справы студэнта Політэхнічнага інстытута ў Варшаве Мар’яна Фальскага і студэнта Ягелонскага універсітэта ў Кракаве Сцяпана Багушэўскага, Іваноўскі здолеў арганізаваць выпуск чатырох беларускіх кніжак у адной з кракаўскіх друкарняў, г. зн. на тэрыторыі Аўстра-Венгерскай імперыі. «І потым, — як выказаўся Ю. Туронак у адным інтэрв’ю, — праз „зялёную граніцу” — нелегальна — яны шмуглявалі ўсе гэтыя кніжкі ў Беларусь»[3]. У выніку з ініцыятывы Іваноўскага на працягу толькі двух гадоў (1903-1904) у Пецярбургу і Кракаве выйшла ў свет восем друкаваных беларускіх выданняў, г. зн. амаль столькі, кольта было выпушчана ў Расійскай імперыі за чатыры дзесяцігоддзі пасля паўстання 1863-1864 г.

Тым часам на фоне расійска-японскай вайны ў грамадстве нарастала незадаволенасць, што прывяло ў студзені 1905 г. да выбуху Першай расійскай рэвалюцыі. Ва ўмовах грамадскага ўздыму, паводле сведчання А. Луцкевіча, абедзве плыні беларускага руху — культурніцкая і рэвалюцыйная — зліліся ў адно рэчышча[4]. Ю. Туронак разумее пад гэтым чарговае збліжэнне паміж В. Іваноўскім і Луцкевічамі і звязвае з дадзеным фактам з’яўленне на палітычнай арэне новай беларускай арганізацыі — Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Хоць большасць сучасных гісторыкаў услед за А. Луцкевічам лічаць, што БСГ прыйшла на змену БРГ у канцы 1903 г., Ю. Туронак шляхам супастаўлення аўтэнтычных дакументаў прыходзіць да высновы, што найверагодней адбылося гэта пазней — у кастрычніку 1904 г. (65).

Рэвалюцыя адкрывала перад партыямі новыя магчымасці для палітычнай дзейнасці: арганізацыі масавых акцый (мітынгаў, забастовак і г. д.), вуснай і друкаванай прапаганды, публіцыстыкі, нарэшце, выбарчай барацьбы ў сувязі са стварэннем у Расійскай імперыі першага парламента — Дзяржаўнай думы. Значнай актыўнасцю ў гэтых накірунках вызначалася і БСГ. Вялікай асабістай заслугай В. Іваноўскага, на думку аўтара кнігі, быў яго ўдзел у наладжванні друкаванай партыйнай прапаганды. Толькі за 1905 г. БСГ выдала больш за 20 адозваў на беларускай мове, але пакуль што ў друкарнях ідэйна блізкіх ёй іншых партый (ППС, літоўскіх і расійскіх сацыял-дэмакратаў). У1906 г. БСГ запусціла ў Менску ўласную друкарню, а ў Пецярбургу—сваё нелегальнае выдавецтва „Грамада”. Паводле сцвярджэння А. Луцкевіча, на якое абапіраецца д-р Туронак, агульны наклад адозваў і брашур БСГ у гэты перыяд даходзіў да соцень тысяч асобнікаў. Што датычыць іншых напрамкаў партыйнай працы ў час рэвалюцыі 1905-1907 г., то ўдзел у гэтых справах В. Іваноўскага не выглядае са старонак кнігі настолькі прыкметным, як гэтага можна было б чакаць ад аднаго са стваральнікаў і лідэраў беларускага адраджэнцкага руху. Не ўдзельнічаў ён у менскім з’ездзе БСГ у канцы 1905 г. (бо ў ЦК быў выбраны завочна), як, напэўна, і ў віленскай канферэнцыі партыі ўлетку 1906 г. Значыць, наўрад ці можна залічыць яго ў аўтары праграмных i тактычных установак БСГ. Мы не бачым яго сярод арганізатараў забастовак і прамоўцаў на мітынгах. Відавочна, не было ў яго амбіцый да барацьбы за дэпутацкі мандат у Дзяржаўнай думе і г. д. Як сведчаць матэрыялы кнігі, найбольш блізкай сферай для яго заставалася асветніцтва, імкненне ўзняць культурны ўзровень народа.

Разгортванню беларускай культурна-асветніцкай дзейнасці паспрыяў тактычны крок у палітыцы царызму на заходніх ускраінах імперыі — зняцце ў снежні 1904 г. абмежаванняў на выкарыстанне ў друку мясцовых моваў, у т. л. беларускай. Якімі б разлікамі ўлады пры тым ні кіраваліся, гэта дазволіла пачаць выданне ў Вільні легальных беларускіх газет („Нашай Долі”, „Нашай Нівы”, пазней — каталіцкай газеты „Bielarus”), першых часопісаў па-беларуску. У Пецярбургу ж у 1906-1914 г. з непрадбачаным поспехам ажыццяўляла на першы погляд, здавалася б, безнадзейную справу беларуская кнігавыдавецкая суполка „Загляне сонца i ў наша ваконца”. У савецкай гістарыяграфіі і літаратуразнаўстве па прычыне ідэалагічнага табу на імя В. Іваноўскага прыярытэт у заснаванні і кіраўніцтве суполкай прыпісваўся вядомаму ў Пецярбургу дзеячу бібліятэчнай справы, педагогу і беларускаму культурніку Б. Эпімаху-Шыпілу. Юры Туронак на падставе грунтоўнага аналізу наяўных дакументаў пераканаўча даказаў, што арганізатарам і нязменным старшынёй суполкі да 1913 г. быў менавіта В. Іваноўскі, а Эпімах-Шыпіла ў якасці сябра праўлення (прычым з перапынкам) больш уплываў на выпрацоўку тэматычнай праграмы выдавецтва[5]. Адкрыла гэтую праграму выданне ў 1906 г. „Беларускага лемантара” (у лацінскім і кірылічным варыянце), што само па сабе было ўспрынята тагачаснай грамадскай думкай як бяспрыкладная падзея — з’яўленне беларускага нацыянальнага фактару на арэне, дзе да таго часу „дамінавалі і сутыкаліся польскія і расейскія культурныя ўплывы” (68). Усяго за гады існавання суполка „Загляне сонца…” выдала 38 навучальных, мастацкіх, навукова-папулярных і сцэнічных твораў, прычым накладам некаторых з іх (3000, 4000 і нават 6000 асобнікаў) могуць пазайздросціць і многія сучасныя беларускамоўныя выданні. Сярод іншых пецярбургская суполка выдала чатыры з сямі кніжак Янкі Купалы, што выйшлі да Першае сусветнае вайны. Пад уражаннем ад гэтага факта Ю. Туронак ставіць у заслугу Вацлаву Іваноўскаму, што той „адкрыў свету найвялікшага прарока беларускага адраджэння — Янку Купалу” (9), хоць не будзем забываць, што ўсё ж такі першаму выступленню паэта ў друку паспрыяў яшчэ ў 1905 г. Уладзімір Самойла. Але не выклікае пярэчання выснова аўтара, што Іваноўскі „ўзняў на нечуваны ўзровень” беларускае кнігавыданне і тым самым даў моцны імпульс гадаванню нацыянальных кадраў — навукоўцаў, культурніцкіх, а ў перспектыве — і палітычных дзеячаў (77).

У 1913 г. па не вельмі зразумелых прычынах перспектыўны вучоны ў галіне хімічнай тэхналогіі (да гэтага часу В. Іваноўскі стаў доктарам тэхнічных навук, дацэнтам Пецярбургскага тэхналагічнага інстытута) і ўдачлівы беларускі кнігавыдавец нечакана пакідае сталіцу імперыі і пераязджае ў правінцыйную на той час у параўнанні з Пецярбургам Вільню. Тут яго і заспявае Першая сусветная вайна — падзея, якая апроч іншых каласальных наступстваў мела кардынальна перайначыць гістарычны лёс Беларусі і беларусаў. Імкнучыся захаваць лаяльнасць падданых на заходніх ускраінах імперыі ва ўмовах хуткага набліжэння нямецкіх войскаў, царызм пайшоў на некаторую змену акцэнтаў у сваёй нацыянальнай палітыцы ў бок далейшай лібералізацыі. Адной з праяваў „новага курсу” ў беларускім пытанні, на думку Ю. Туронка, быў дазвол на стварэнне Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны — нароўні з такімі ж арганізаванымі структурамі іншых нацыянальнасцяў (палякаў, габрэяў, літоўцаў і інш.). Паводле статута, таварыства мела права весці дабрачынную працу ва ўсіх беларускіх губернях, а старшынёй праўлення гэтай фактычна першай легальнай агульнабеларускай арганізацыі стаў В. Іваноўскі. Аднак аўтар яўна перабольшвае ступень афіцыйнай падтрымкі беларускай арганізацыі, бо яе фінансаванне з боку ўладаў было ў сотні i тысячы (!) разоў меншым, чым фінансаванне аналагічных таварыстваў іншых нацыянальнасцяў, і на гэтым фоне выглядала проста мізэрным[6]. Як і раней, расійскія ўлады працягвалі ў гады вайны максімальна стрымліваць нацыятворчую тэндэнцыю ў асяроддзі беларусаў. Варта нагадаць хаця б перапыненую спробу З. Жылуновіча і Э. Будзькі наладзіць у канцы 1916 г. выданне ў Петраградзе беларускіх газет „Дзянніца” і „Swietač”, якія з-за фінансавых цяжкасцяў і цэнзурных ганенняў зачыніліся на сёмых нумарах. Таму калі В. Іваноўскі і сапраўды рабіў стаўку на супрацоўніцтва з Расіяй у будаванні самастойнай Беларусі, як сцвярджае (без спасылкі на крыніцу) аўтар кнігі (87), то наўрад ці гэты разлік быў абгрунтаваным. Але менавіта такой пазіцыяй Іваноўскага тлумачыцца ў кнізе яго выезд у 1915 г. — з набліжэннем да Вільні кайзераўскіх войскаў — на ўсход: спачатку ў Арол, а потым у Петраград. В. Іваноўскі быў не адзіным з беларускіх дзеячаў, хто эвакуяваўся ў Расію: у Арле кампанію яму складалі Я. Купала і Л. Дубейкаўскі, у Петраградзе ж з пачатку 1916 г. дзейнічала Беларускае таварыства па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны, актывістамі якога былі Ф. Абрантовіч, З. Жылуновіч, Ф. Будзька, Б. Эпімах-Шыпіла, Ч. Родзевіч, Б. Тарашкевіч і многія іншыя выбітныя асобы. Але Беларускае таварыства ў Петраградзе было самастойнай арганізацыяй, а не аддзяленнем віленскага, як лічыць д-р Туронак (87). Старшынёй яго камітэта быў Лявон Сеўрук, і В. Іваноўскаму яно ні фармальна, ні фактычна не падпарадкоўвалася. Больш за тое, дакументы петраградскага таварыства не фіксуюць хоць бы нейкага дачынення Іваноўскага да яго дзейнасці.

Невыразнай выглядае заангажаванасць героя кнігі ў беларускіх справах і пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. У Беларускі нацыянальны камітэт, арганізаваны ў Менску ў сакавіку 1917 г., ён быў выбраны завочна, у працы Беларускай сацыялістычнай грамады адзін з яе колішніх заснавальнікаў, падобна, удзелу тады не прымаў наогул. Ю. Туронак тлумачыць такую пасіўнасць вельмі нечакана: быццам Іваноўскі пераканаўся ў адмоўным стаўленні Часовага ўрада да ідэі самастойнасці Беларусі і таму палічыў любыя намаганні ў гэтым кірунку бессэнсоўнымі. Натуральна, расійскія ўрады князя Г. Львова, а потым А. Керанскага не збіраліся расчляняць імперыю на асобныя дзяржавы і тым больш даваць незалежнасць Беларусі. Аднак сама палітычная сітуацыя, небывала дэмакратычная атмасфера, якая склалася ў краіне пасля падзення царызму, як ніколі спрыяла разгортванню „знізу” розных палітычных, грамадскіх, культурніцкіх ініцыятыў — у тым ліку накіраваных на пашырэнне і ўмацаванне нацыянальнай самасвядомасці шматлікіх народаў Расіі. Гэтай унікальнай сітуацыяй паспяшаліся максімальна скарыстацца актывісты нацыянальных рухаў, сярод іх — і беларускія дзеячы. Тым часам В. Іваноўскі, як прызнае аўтар кнігі, у „гэтай гульні” ўдзелу не прымаў, ён толькі „чакаў” і „назіраў за агоніяй Часовага ўрада” (89-90).

Як высвятляецца (праўда, зноў без дакументальнага пацвярджэння), свае надзеі на вырашэнне беларускага пытання В. Іваноўскі звязваў… з праграмай бальшавіцкай партыі (90). Таму яго палітычная дзейнасць, паводле назірання аўтара, пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі актывізавалася. Іваноўскі адыграў пэўную ролю ў падрыхтоўцы адной з вехавых падзей беларускага нацыянальнага руху — Усебеларускага з’езда ў снежні 1917 г. Яго прозвішча фігуруе ў парадку дня з’езда ў якасці аднаго з дакладчыкаў (разам з А. Уласавым) па пытанні „Эканамічная разруха і аднаўлен не гаспадарчага і эканамічнага жыцця краю”[7]. Аднак з-за разгону з’езда на загад Савета народных камісараў Заходняй вобласці і фронту гэты даклад так і не прагучаў.

Паводле вызначэння Ю. Туронка, у сувязі з разгонам Усебеларускага з’езда бальшавікамі ўзнік першы сур’ёзны крызіс даверу сярод беларускіх дзеячаў, зарыентаваных на Савецкую Расію. Другі крызіс быў выкліканы падпісаннем Брэсцкай мірнай дамовы, у якой праблема самавызначэння Беларусі ігнаравалася. Імкненне прадухіліць прадугледжаны дамовай падзел Беларусі з’явілася адным са стымулаў абвяшчэння ў сакавіку 1918 г. у Менску Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак В. Іваноўскі не ўдзельнічаў у гэтым гістарычным акце, паколькі ўсё яшчэ знаходзіўся ў Петраградзе, г. зн. быў аддзелены ад Беларусі расійска-нямецкай дэмаркацыйнай лініяй. Толькі пад канец красавіка ён здолеў прабрацца праз гэтую мяжу і атрымаць інфармацыю пра палітычнае становішча ў акупаванай немцамі Беларусі. Тым не менш нават і тады, пасля абвяшчэння незалежнасці БНР, паводзіны Іваноўскага не вызначаліся палітычнай актыўнасцю. Аўтар тлумачыць гэта тым, што той не пазбыўся яшчэ цалкам прарасійскай арыентацыі і лічыў памылковымі разлікі дзеячаў БНР на падтрымку з боку Германіі, чыя параза ў вайне станавілася ўсё больш відавочнай. Толькі пасля таго, як у кастрычніку 1918 г. быў сфармаваны кабінет міністраў БНР з прадстаўнікоў левых партый на чале з сацыял-дэмакратам А. Луцкевічам, Іваноўскі ўвайшоў у склад урада ў якасці міністра асветы. Адзін з вынікаў яго дзейнасці на гэтай пасадзе — арганізацыя Менскага Беларускага педагагічнага інстытута (фактычна першай вышэйшай навучальнай установы ў гісторыі Менска ўвогуле і ў гісторыі Беларусі ў ХХ ст.).

Фармаванне дзеячамі БНР сацыялістычнага ўрада д-р Туронак ацэньвае як спробу падрыхтаваць умовы для ўтварэння пасля паражэння Нямеччыны ў вайне і адыходу з Беларусі нямецкіх войскаў урадавай кааліцыі з прадстаўнікамі бальшавіцкай партыі з тым, каб захаваць беларускую дзяржаўнасць — калі не ў форме незалежнай, то хоць бы савецкай рэспублікі. У гэтым кантэксце ў рэцэнзаванай кнізе паўтараецца версія (запушчаная калісьці эмігранцкім гісторыкам А. Адамовічам і ўзноўленая беларускім савецкім акадэмікам І. Ігнаценкам) аб паездцы ў лістападзе 1918 г. А. Луцкевіча ў Маскву і яго адпаведных перамовах з Леніным. Але гэтая версія заўсёды выклікала сумненні ў асяроддзі навукоўцаў. Сёння, грунтоўна прааналізаваўшы крыніцы і агульнапалітычную сітуацыю апошніх месяцаў 1918 г., прафесар Р. Лазько паказаў, што такога візіту А. Луцкевіча ў Маскву не было, а паездка дэлегацыі Рады БНР на чале з Т. Грыбам і яе перамовы з Я. Свярдловым аб прызнанні незалежнасці Беларусі не прынеслі поспеху, паколькі да канца снежня нават ідэя ўтварэння савецкай рэспублікі ў беларускіх этнічных межах не ўпісвалася ў бальшавіцкі курс на сусветную пралетарскую рэвалюцыю[8].

Па сутнасці, такой жа непрымальнай гэтая ідэя заставалася для бальшавікоў і пазней. Дык навошта тады ленінскі ўрад усё ж такі пайшоў на рубяжы 1918-1919 г. на абвяшчэнне БССР, каб літаральна праз паўмесяца пачаць крокі па яе ліквідацыі? На гэтае пытанне, што даўно хвалюе даследчыкаў, Ю. Туронак знаходзіць, магчыма, найбольш дасціпны і даволі праўдападобны адказ. Ён піша: „Справа ў тым, што гэтыя захады (стварэнне і амаль адначасовае скасаванне БССР. — С. Р.) дазвалялі не толькі справіцца з вырашэннем знешнепалітычных задач, але і давалі савецкім уладам немалую ўнутраную карысць. Цяпер, калі БCCР ужо „існавала”, можна было ажыццявіць ленінскі план яе ліквідацыі рукамі „суверэнных” рэспубліканскіх органаў, ад імя вольнага беларускага народа. Ад імя гэтага народа замыкаліся беларускія школы, ліквідаваліся ўсе беларускія газеты і часопісы, выцяснялася з грамадскага ўжытку беларуская мова” (96-97).

У такой атмасферы ў траўні 1919 г., калі з захаду па тэрыторыі Беларусі ўжо рухаліся польскія войскі, В. Іваноўскі быў арыштаваны савецкімі органамі і перавезены ў смаленскую турму. На жаль, у кнізе не сказана, у чым абвінавачвалі яго бальшавікі. Але вызвалены ён быў у верасні таго ж года ў рамках дамовы па абмену палітычнымі зняволенымі з польскім урадам. А тым часам польскія войскі 8 жніўня занялі Менск і праз месяц прыпынілі сваё прасоўванне на лініі рэк Дзвіна — Бярэзіна — Пціч. Пабываўшы ў Варшаве, Іваноўскі ў канцы 1919 г. вярнуўся ў Менск і засяродзіўся на культурна-асветніцкай („канкрэтнай”, паводле вызначэння аўтара) працы: з сакавіка 1920 г. стаў рэктарам педагагічнага інстытута, спрыяў адкрыццю беларускіх гімназій і пачатковых школ, вышукваў у польскіх уладаў субсідыі на выдавецкую і тэатральную дзейнасць. Што датычыць яго палітычнай пазіцыі, то ў адпаведнасці з аўтарскай канцэпцыяй можна казаць пра крызіс яго ранейшага светапогляду, зарыентаванага на падтрымку Расіі ў будаванні Беларусі. Канчатковы ўдар па такіх надзеях быў нанесены гатоўнасцю ленінскага ўрада, выказанай у перамовах з палякамі, адмовіцца на карысць Польшчы ад занятых Пілсудскім беларускіх зямель і тым самым пазбыцца беларускай праблемы. Для Беларусі гэта азначала б падзел яе тэрыторыі і перакрэслівала б перспектыву пабудовы дзяржавы на ўсім этнічным абшары. Тым не менш, В. Іваноўскі фактычна застаўся ўбаку ад дзейнасці арганізацыі, для якой захаванне цэласнасці Беларусі з’яўлялася найважнейшым пастулатам — Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Пасля яе расколу ў снежні 1919 г. Іваноўскі аказаўся блізкім да Найвышэйшай Рады БНР, якая імкнулася рэалізаваць ідэю беларуска-польскай федэрацыі, аднак афіцыйна ў гэтую структуру не ўвайшоў. Такое становішча дазваляла яму пазіцыянаваць сябе як самастойнага палітычнага дзеяча, што знаходзіцца па-над спрэчкамі, але ацэнка яго аўтарам кнігі як “галоўнай асобы” ў беларускім руху, „для якой немагчымых рэчаў не існавала” (102), выглядае ўсё ж перабольшаннем. І таму выбар яго Пілсудскім у якасці асноўнага партнёра для перамоваў аб урэгуляванні польска-беларускіх адносінаў быў абумоўлены хутчэй не столькі яго палітычнай „цяжкавагавасцю”, колькі даўнімі кантактамі з ППС ды рэпутацыяй памяркоўнага і дастаткова лаяльнага да палякаў дзеяча. Можна меркаваць, што на перамовах у Менску ў сакавіку 1920 г. з польскай дэлегацыяй (яе ўзначальваў віцэ-міністр замежных спраў Л. Васілеўскі) В. Іваноўскі як кіраўнік беларускай дэлегацыі не выяўляў асаблівай напорыстасці. Ва ўсякім разе, падпісаны дэлегацыямі выніковы дакумент не ўтрымліваў ніякіх абавязанняў Польшчы адносна беларускай дзяржаўнасці, a змяшчаў толькі абяцанне выдаткаваць пэўныя субсідыі (траціну запрошанай сумы) на беларускія сацыяльна-культурныя патрэбы, прычым іх выкарыстанне павінна было абмяжоўвацца тэрыторыяй Меншчыны. Са свайго боку, беларускія прадстаўнікі згадзіліся падтрымаць Польшчу ў яе патрабаванні да Расіі аб неўмяшанні ў справы зямель на захад ад мяжы 1772 г. У інтэрпрэтацыі д-ра Туронка разлік Іваноўскага і яго паплечнікаў пры гэтым быў на тое, што рэалізацыя гэтага патрабавання адновіць цэласнасць Беларусі і дазволіць у перспектыве паставіць пытанне аб раўнапраўнай польска-беларускай федэрацыі.

Аднак ваенныя падзеі лета — восені 1920 г. (выцясненне Чырвонай арміяй польскіх войскаў з Беларусі, а потым новае наступленне палякаў і заняцце імі толькі заходняй часткі краю) перакрэслілі такую перспектыву. Надзеі на ажыццяўленне федэралісцкай канцэпцыі (ва ўрэзаным выглядзе) некалькі ажывіліся пасля абвяшчэння генералам Л. Жалігоўскім т. зв. Сярэдняй Літвы, якая бачылася федэралістам у складзе трох нацыянальных кантонаў — Віленскага (польскага), Менскага (беларускага) і Ковенскага (літоўскага) — злучанай у перспектыве з Польшчай на прынцыпе федэрацыі. Не выключана, што менавіта падобныя надзеі прывялі В. Іваноўскага ў кастрычніку 1920 г. у склад урада Сярэдняй Літвы ў якасці дырэктара дэпартамента сацыяльнага забеспячэння. Аўтар кнігі дапускае, што В. Іваноўскі разлічваў перш за ўсё на далучэнне Меншчыны да Сярэдняй Літвы ў якасці аднага з запланаваных кантонаў. Аднак паводле польска-савецкіх пагадненняў у Рызе большая частка Меншчыны засталася на савецкім баку (а інспіраванае Пілсудскім выступленне генерала С. Булак-Балаховіча, закліканае скарэктаваць гэтыя пагадненні, закончылася няўдачай), і такім чынам „ідэя беларускага кантона была пахаваная” (с. 106). З іншага боку, упартае супраціўленне літоўскага войска не дазволіла генералу Жалігоўскаму далучыць да сваёй „камічнай дзяржавы” (106) і Ковенскую Літву. Федэратыўная праграма аказалася цалкам перакрэсленай, і В. Іваноўскі напрыканцы снежня 1920 г. падаў у адстаўку.

Баланс яго дзейнасці ў ваенныя гады ацэньваецца аўтарам кнігі як няўдалы. Нацыянальны патэнцыял беларусаў для стварэння самастойнай дзяржавы аказаўся занадта слабы, а надзеі на федэрацыю Беларусі з Расіяй ці з Польшчай былі развеяны падзелам беларускіх земляў паводле Рыжскага міру 1921 г. У выніку В. Іваноўскі ўпаў у „нацыянальную апатыю” і амаль на два дзесяцігоддзі адышоў практычна ад усіх грамадскіх спраў, якія мелі хоць нейкі выхад на палітыку.

Восенню 1922 г. ён пачаў працаваць у Варшаўскай політэхніцы як загадчык кафедры тэхналогіі ферментацыі харчовых прадуктаў. Зацікаўлены чытач знойдзе ў адпаведным раздзеле кнігі д-ра Туронка падрабязныя звесткі пра тэматыку навуковых даследаванняў прафесара В. Іваноўскага, характарыстыку яго як таленавітага і клапатлівага педагога, інфармацыю пра арганізатарскую дзейнасць на прафесійнай ніве, а таксама пра вядзенне ўласнай гаспадаркі. У асабістым жыцці, як сведчаць прыведзеныя ў кнізе факты, прафесар не адчуваў сябе шчаслівым: першы шлюб, узяты з Сабінай Ячыноўскай у 1905 г., распаўся ў гады Першай сусветнай вайны, але і новая сям’я, створаная ў 1920 г. з Лігіяй Федаровіч, таксама аказалася нетрывалай. Як сведчыць аўтар, сямейнікі яго не разумелі і з іроніяй ставіліся да яго беларускай самаідэнтыфікацыі і дзейнасці: маўляў, на самай справе Вацлаў — паляк, і толькі выдумляе, што ён беларус (117). Відавочна, такая сямейная атмасфера таксама не спрыяла грамадскаму энтузіязму і спрычынілася да палітычнай пасіўнасці Іваноўскага ў міжваенныя гады. Інакш кажучы, яго бяздзейнасць на беларускай грамадска-палітычнай ніве ў гэты час магла быць выклікана асабістымі і псіхалагічнымі прычынамі, а не толькі рацыянальнай ацэнкай ім сітуацыі як безнадзейнай для беларускай справы, на чым настойвае аўтар рэцэнзаванай кнігі.

Нечаканае „абуджэнне” В. Іваноўскага ад палітычнай апатыі адбылося з пачаткам Другой сусветнай вайны. Апошні перыяд яго жыцця і пошукі ім свайго месца ў новай сітуацыі — бадай, найбольш складаныя для разумення і не паддаюцца адназначным характарыстыкам. У верасні 1939 г. у разгар бітвы за Варшаву Вацлаў пакінуў сталіцу Польшчы і накіраваўся на ўсход — на Вільню (у адрозненне ад брата Юрыя, які з асноўным патокам польскай палітычнай эміграцыі выехаў у Заходнюю Еўропу). Як і многія папярэднія яго ўчынкі, гэты крок можна каментаваць па-рознаму. Д-р Туронак выбірае прычыну найбольш высакародную і адпаведную агульнай канцэпцыі даследавання. Аўтар прыводзіць аповед (атрыманы, між іншым, праз другія рукі) аднаго былога студэнта Іваноўскага, які ўвосень 1939 г. выпадкова сустрэў прафесара ў Вільні і на пытанне „Што вы тут робіце, прафесар?” пачуў адказ: „Чакаю выезду ў Менск, каб будаваць Беларусь, бо вы ж ведаеце, што я беларус. Хачу быць у цэнтры падзеяў” (127).

У Вільні В. Іваноўскі зблізіўся з вядомым беларускім палітыкам, мовазнаўцам і гісторыкам Янкам Станкевічам на глебе агульнай ацэнкі сітуацыі і прагнозу далейшай хады ваенна-стратэгічных падзей. Абодва дзеячы лічылі непазбежным напад гітлераўскай Нямеччыны на СССР, а значыць — акупацыю немцамі Беларусі. Аднак Нямеччына не зможа адолець Савецкі Саюз. Урэшце абедзве таталітарныя імперыі знясіляць адна адну, і арганізатарамі пасляваеннага ўладкавання ў Еўропе стануць заходнія саюзнікі. Паколькі іх зацікаўленасць у стварэнні беларускай дзяржавы стаяла пад пытаннем, вынесці беларускую праблему на міжнародную арэну было магчыма толькі ў пары з праблемай аднаўлення Польшчы. Для гэтага абодва дзеячы спадзяваліся праз супрацоўніцтва з польскім патрыятычным падполлем устанавіць кантакт з польскім эміграцыйным урадам і дамагчыся пагаднення з ім аб будучай федэрацыі Польшчы і Беларусі як дзвюх незалежных дзяржаў. Адной з умоваў згоды палякаў на такі саюз аб’ектыўна з’яўлялася дастатковая моц і ўплывовасць беларускага нацыяналізму. Для росту яго сілы і меркавалася выкарыстаць будучую акупацыю Беларусі немцамі і іх верагодны курс на расчляненне Савецкага Саюза па нацыянальных межах з утварэннем у тым ліку і падкантрольнай гітлераўцам беларускай адміністрацыйна-палітычнай адзінкі. (Некаторыя выказванні Гітлера ў 1940-1941 г., праўда, наўрад ці вядомыя беларускім дзеячам, маглі даваць падставу для такіх спадзяванняў.)

Кіруючыся такімі разлікамі, у лістападзе 1941 г. В. Іваноўскі пераехаў у акупаваны Менск і заняў пасаду намесніка бургамістра, а з чэрвеня 1942 г. — бургамістра. Афіцыйна ў кола яго абавязкаў уваходзіла вырашэнне гаспадарчых і побытавых праблем, задавальненне элементарных культурных патрэб насельніцтва. Паводле ўспамінаў Язэпа Найдзюка, які на працягу года жыў разам з Іваноўскім на адной кватэры, „яго найвялікшым імкненнем была арганізацыя якога-колечы жыцця ў горадзе, каб людзі не галадалі” (137). Пад кіраўніцтвам гарадской управы на чале з Іваноўскім у Менску працавалі 16 пачатковых школ, гарадскі тэатр, этнаграфічны музей. Менскі бургамістр здолеў наладзіць добры кантакт з генеральным камісарам Беларусі В. Кубэ, які дзеля ўмацавання акупацыйнага рэжыму і ў мэтах барацьбы з камуністычным падполлем і савецкім партызанскім рухам гатовы быў даволі далёка пайсці ў саступках беларускаму нацыяналізму. З яго санкцыі быў створаны шэраг беларускіх грамадскіх арганізацый, а таксама ўзначалены В. Іваноўскім Камітэт даверу як дарадчы орган пры генеральным камісары. Ю. Туронак лічыць, што актывізацыя беларускага нацыяналізму ў канчатковым выніку супярэчыла інтарэсам гітлераўскай вярхушкі, але ўмацоўвала нацыянальную самасвядомасць беларусаў.

Апошняя акалічнасць павінна была спрыяць рэалізацыі ідэі В. Іваноўскага і Я. Станкевіча аб польска-беларускім супрацоўніцтве. Аўтар кнігі сабраў і прааналізаваў унікальны матэрыял аб канспіратыўных кантактах Іваноўскага са структурамі польскай Арміі Краёвай (АК) і прадстаўнікамі лонданскага эміграцыйнага ўрада. Гэтыя кантакты падтрымліваліся як непасрэдна (ён уладкаваў на працу ў Менскай гарадской управе агентаў польскага падполля В. Будкевіча і Г. Ліпінскую; адначасова ва ўправе працаваў і будучы прэзідэнт Польскай Народнай Рэспублікі Б. Берут), так і праз створаную Я. Станкевічам канспіратыўную Партыю беларускіх нацыяналістаў (ПБН), якая ў студзені 1943 г. правяла ў Варшаве перамовы з прадстаўнікамі Галоўнага камандавання АК і дэлегатуры лонданскага ўрада. Аднак поспеху на перамовах дасягнуць не ўдалося. Каменем сутыкнення паміж беларусамі і палякамі стала тэрытарыяльнае пытанне: беларускія дэлегаты імкнуліся да захавання цэласнасці Беларусі ў этнічных межах, польскія ж прадстаўнікі ўпарта адстойвалі межы Польшчы паводле Рыжскага міру 1921 г. Такой была і афіцыйная пазіцыя эмігранцкага ўрада, выказаная прэзідэнтам Рачкевічам у навагоднім выступленні. Для В. Іваноўскага гэта азначала правал яго разлікаў на падтрымку Польшчай справы беларускай дзяржаўнасці.

Неўзабаве ўдар па гэтых разліках быў нанесены і з другога боку. У верасні 1943 г. менскія падпольшчыкі забілі генеральнага камісара Беларусі В. Кубэ, з якім, на думку Іваноўскага, мела сэнс супрацоўнічаць у інтарэсах беларускай справы. Пераемнік Кубэ — камандзір СС і паліцыі К. фон Готберг „глядзеў на беларускае пытанне як на выдумку салонных палітыкаў” (с. 157). Апрача таго, пасля смерці Кубэ ў Менск вярнуўся спрытны палітычны інтрыган Р. Астроўскі, які ў 1941 г. не змог увайсці ў давер да тагачаснага генеральнага камісара, але здолеў паразумецца з Готбергам і стаў прэтэндаваць на першае месца ў калабаранцкіх структурах. Але фармальна гэтае месца як старшыня Камітэта даверу займаў В. Іваноўскі. Каб пазбавіцца ад яго, агенты Астроўскага з ведама і згоды нямецкай паліцыі арганізавалі ўзброены замах, у выніку якога 7 снежня 1943 г. В. Іваноўскі памёр. Падставай для такой інтэрпрэтацыі служыць аўтару кнігі выступленне К. Готберга ў Берліне ў Міністэрстве акупаваных усходніх абшараў, дзе ён яшчэ за два тыдні да гэтай трагічнай падзеі паведаміў пра яе і падкрэсліў, што замах выканаюць самі беларусы.

Дык кім жа быў для гісторыі Беларусі Вацлаў Іваноўскі? На жаль, у кнізе д-ра Туронка адсутнічае падсумаванне, у якім аўтар сам сфармуляваў бы адказ на гэтае пытанне. Ва ўсякім разе, здаецца, што Іваноўскі „не цягне” на ролю постаці нумар адзін у беларускім руху, як гэта часам спрабуе сцвердзіць аўтар на старонках кнігі. Для лідэрскай ролі Іваноўскаму часта бракавала паслядоўнасці, палітычнай прадбачлівасці і актыўнасці. Больш за тое, як прызнае сам аўтар даследавання (праўда, не ў кнізе, а ў адным з інтэрвію), „Іваноўскі не быў палітыкам”[9]. Ён быў таленавітым вучоным, а таксама энергічным арганізатарам практычных спраў, сярод якіх найважнейшай лічыў пашырэнне беларускай асветы як сродку фармавання нацыянальнай самасвядомасці — адзінага трывалага фундамента будучай дзяржаўнай незалежнасці.

Мінск

Станіслаў Рудовіч


1 Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня: Інстытут беларусістыкі, 2006. — 877 с.
2 Донских С. В. Проблема национальной идентификации братьев Ивановских в контексте этнических процессов в Западной Беларуси на рубеже ХІХ— ХХ вв. // Этносоциальные и конфессиональные процессы в современном обществе. Гродно, 2000. С. 190-195.
3 Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. С. 258.
4 Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху: Выбраныя творы. Мінск, 2003. С. 38.
5 Як ні парадаксальна, „Энцыклапедыя гісторыі Беларусі” ў апошнім томе (Т. 6. Кн. 2. Мінск, 2003. С. 267) і цяпер паўтарае старую савецкую версію, не зважаючы нават на тое, што яна супярэчыць інфармацыі, пададзенай раней у гэтым жа выданні (Т. 3. С. 394, 466).
6 Гл.: Рудовіч С. Рух бежанцаў у гады Першай сусветнай вайны праз Беларусь: этнанацыянальныя аспекты //Актуальныя праблемы гісторыі Беларусі: стан, здабыткі і супярэчнасці, перспектывы развіцця. Ч. 2. Гродна, 2003. С. 136-138.
7 НА РБ, ф. 325, воп. 1, спр. 2, арк. 118.
8 Лазько Р. “Перагаворы” Антона Луцкевіча ў Маскве як міф беларускай гістарыяграфіі // Беларускі гістарычны часопіс. 2007. № 4. С. 9-14.
9 Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. С. 263.

Наверх

Эрык Екабсонс. Беларусы ў Латвіі ў часы савецкай і нямецка-фашысцкай акупацыі (1940-1945)

Снежня 25, 2006 |


У Латвійскай рэспубліцы ў 1918-1940 г. існавала параўнальна вялікая беларуская меншасць, якая мела разгалінаваную сетку арганізацый i школ[1]. Дзейнасць беларусаў у Латвіі ў час i пасля анексіі гэтай краіны ў склад СССР, a таксама ў час яе нямецкай акупацыі дагэтуль даследавана недастаткова. Разгляд гзтай тэмы i стаў галоўнай мзтай артыкула.

Савецкі перыяд 1940-1941 гг.

Падзеі ў Латвіі летам 1940 г. выклікалі ў некаторых кіраўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці пэўныя спадзяванні. Гэта было абумоўлена таксама тым, што беларусы ў час аўтарытарнага рэжыму (з 1934 г.) паступова страцілі амаль усе свае школы, акрамя адной асноўнай у Рызе. 17 чэрвеня 1940 г. Латвія i іншыя балтыйскія краіны былі акупаваныя, пачаўся так званы пераходны перыяд. На фоне старанняў захаваць уяўную законнасць перадачы ўлады ў рукі стаўленікаў СССР i публічных сцвярджэнняў, што Латвійская рэспубліка стане саюзнікам Савецкага Саюзу, але захавае незалежнасць, у пачатку жніўня Латвія была анексаваная ў склад СССР Яшчэ 10 ліпеня ўпраўленне Таварыства беларусаў у Латвіі звярнулася да ўладаў з просьбайузнавіць дзейнасць 2-й беларускай асноўнай школы ў Саркандаўгаве, „зачыненай супраць волі бацькоў былым фашысцкім адукацыйным праўленнем горада Рыгі” ў 1936 г., a таксама дадатковай i вячэрняй школы тамсама. Загадчыкам школы ўпраўленне прасіла прызначыць „пацярпелага ад фашысцкага ўрада, шырока вядомага сярод рыжскіх рабочых як прагрэсіўнага грамадскага дзеяча” Канстанціна Езавітава. Адначасова таварыства прасіла міністра асветы ўзнавіць усе беларускія асноўныя школы, „зачыненыя супраць волі бацькоў”, а таксама адчыніць новыя там, дзе колькасць дзяцей дасягала 30 чалавек; стварыць школы для дарослых з мэтай ліквідацыі непісьменнасці i дадатковыя школы для працоўнай моладзі на вёсцы i ў горадзе, узнавіць беларускія гімназіі ў Рызе i Даўгаўпілсе, настаўніцкія курсы ў Рызе, сельскагаспадарчую шко­лу ў Краславе; стварыць беларускія дзіцячыя садкі, узнавіць дзейнасць Беларускага ўпраўлення адукацыі пры Міністэрстве асветы, узнавіць дапамогу дзяржавы для бе­ларускага тэатра, культурных, асветных i моладзевых арганізацый, а таксама ў валасцях, дзе большасць насельніцтва — беларусы, „дапусціць беларускую мову нароўні з латышскай”. У заяве коратка былі пералічаны страты, панесеныя грамадска-палітычным жыццём беларусаў у Латвіі, а таксама падкрэслівалася: „Цяпер, калі рэакцыйна-фашысцкі ўрад звергнуты, беларусам, культурнае развіццё якіх доўгія гады было штучна затрымана, варта даць магчымасць i рэальную падтрымку для павышэння ix адукацыі, каб яны хутчэй дасягнулі культурнага ўзроўню ўсіх іншых народаў”[2].

11 чэрвеня 1940 г. у Рызе адбыўся агульны сход Таварыства беларусаў у Латвіі, прадстаўнікоў беларускіх грамадзян Латгаліі i беларускіх бацькоў. Сход прыняў віншаванні Чырвонай арміі, Сталіну, а таксама ўраду „дэмакратычнай рэспублікі Латвіі”. У ix выказвалася ўпэўненасць у тым, што ўрад „у поўнай меры задаволіць усе культурныя iадукацыйныя патрэбы беларускай меншасці, якая больш за ўсіх пацярпела ад рэакцыйнай диктатуры”[3].

Сапраўды, Упраўленне адукацыі г. Рыгі ўжо ў ліпені 1940 г. дазволіла ўзнавіць дзейнасць 2-й беларускай асноўнай школы пад кіраўніцтвам Канстанціна Езавітава. 8 жніўня Таварыства беларусаў прасіла дазволіць пры гэтай школе групу дзіцячага садка, а 21 жніўня — вячэрняй i дадатковай школы, у якіх ужо былі зарэгістраваны 132 навучэнцы. Сам К. Езавітаў актыўна працаваў у заснаваным савецкай уладай настаўніцкім прафсаюзе[4]. У гэтай арганізацыі таксама была секцыя беларускіх настаўнікаў. Аднак Таварыства беларусаў Латвіі зачынілі разам з арганізацыямі іншых меншасцяў восенню 1940 г., a ў школах пачалі рэалізоўваць актыўную русіфікатарскую палітыку[5].

Рэпрэсіі савецкага рэжыму закранулі беларускіх грамадскіх дзеячаў параўнальна менш, чым палякаў ці літоўцаў. Наадварот — шмат хто з ix актыўна ўключаўся ў рабо­ту савецкіх устаноў. Напрыклад, 29 жніўня член Рэвізійнай камісіі Таварыства беларусаў Латвіі Язэп Каяла прасіў вызваліць яго ад абавязкаў у арганізацыі ў сувязі з „занятасцю” ў 10-м раёне камуністычнай партыі Латвіі. Таксама сярод дзесяці кандыдатаў, вылучаных у Латгальскай выбарчай акрузе на выбарах так званай Народней Саймы, у адзіным спісе („Працоўнага народа”), быў адзін беларус — рабочы чыгуначных майстэрняў i старшыня прафсаюза Станіслаў Чэміс, які толькі што ўступіў у камуністычную партыю[6].

НКУС не распачаў крымінальных справаў у дачыненні амаль ні да аднаго з былых кіраўнікоў беларускага грамадскага жыцця, хоць шмат хто з ix у 1918-1920 г. удзельнічаў у барацьбе з савецкай уладай нават ca зброяй у ру­ках. Характэрны прыклад — дзве найбольш яркія асобыЛатвійскага беларускага таварыства — Мікалай Дзямідаў i Канстанцін Езавітаў. Першы прыбыў у Латвію ў 1922 г., працаваў настаўнікам i кіраваў некалькімі арганізацыямі. Не дзіўна, што ён быў арыштаваны ўжо ў жніўні 1940 г. i вывезены ў Маскву на Лубянку. НКУС ужо ў верасні ведаў, што ў 1930-я гг. М. Дзямідаў інфармаваў палітычную паліцыю Латвіі пра дзейнасць беларускіх арганізацый (у 1939 г. ён таксама актыўна супрацоўнічаў з разведкай Нямеччыны, арганізуючы вярбоўку i высылку ў Нямеччыну для барацьбы з Польшчай дыверсантаў з ліку польскіх сельскагаспадарчых рабочых — беларусаў). Першапачаткова справа M. Дзямідава была ўключана ў склад справаў групы асобаў, абвінавачаных у супрацоўніцтве з Латвійскай палітычнай паліцыяй, сярод якіх быў беларус — Уладзімір Корці. Было таксама выяўлена, што У. Корці перадаваў сакрэтную інфармацыю пра СССР праз Дзямідава „беларускім нацыянал-сацыялістам”, якія з’яўляліся „нямецкімі агентамі”. Аднак восенню 1940 г. справу Дзямідава выключылі з агульнай справы з прычыны „неабходнасці высвятлення некаторых пытанняў”. (Астатніх асобаў, якія праходзілі па справе, чакаў смяротны прысуд i расстрэл у 1942 г.)[7]. Польскі генерал Уладзіслаў Андэрс, які на Лубянцы знаходзіўся ў адной камеры з М. Дзямідавым, пазней пісаў, што апошні з допытаў заўсёды прыходзіў з цыгарэтамі i яблыкамі, быў вельмі неприемны, не хаваў свайго супрацоўніцтва са „следствам” i астатнія зняволеныя лічылі яго даносчыкам. У. Андэрс сведчыць, што адразу пасля пачатку нямецка-савецкай вайны М. Дзямідаў быў вызвалены[8]. Гэта сапраўды адбылося i ўяўляла сабой унікальную падзею, паколькі больш такіх людзей сярод тысяч арыштаваных у Латвіі не вядома.

У сваю чаргу былы кіраўнік ваенна-дыпламатычнай місіі БНР у балтыйскіх краінах К. Езавітаў ужо з 1925 г. супрацоўнічаў з пасольствам СССР у Рызе ў якасці інфарматара. Летам 1940 г. ён перайшоў „у веданне” Народнага камісарыята ўнутраных спраў Латвійскай ССР. Згодна з яго ўспамінамі, у сакавіку 1941 г. ён быў выкліканы ў Маскву як прадстаўнік прафсаюза i атрымаў указанні НКУС наладзіць сувязь з дзеячамі беларускай палітычнай эміграцыі i імкнуцца самому заняць па магчымасці больш высокую пасаду ў гэтай эміграцыі[9].

Адным з рэдкіх рэпрэсаваных беларускіх дзеячаў быў ужо названы Уладзімір Корці, якога ў 1925 г. судзілі разам з К. Езавітавым i іншымі ў так званым Беларускім працэсе. Праўда, пасля 1925 г. ён дзейнічаў толькі ў рускіх арганізацыях, але НКУС абвінавачваў яго не толькі ў вярбоўцы М. Дзямідава i іншых у Латвійскую палітычную паліцыю, але i ў прыналежнасці на пачатку 20-х гг. да «нацыяналістычнага беларускага таварыства „Бацькаўшчына”». Разам з іншымі ён быў расстраляны ў Астраханскай турме ў 1942 г.[10]

Рэпрэсіі закранулі i іншых беларусаў. 14 чэрвеня 1941 г. пад час масавай акцыі НКУС быў арыштаваны сын былога члена праўлення беларускага таварыства „Рунь” Аляксандра Булата — таксама Аляксандр Булат, які быў зубным тэхнікам i трэнерам фехтавання[11]. Ён закончыў Рижскую беларускую асноўную школу i вучыўся ў беларускай гімназіі, але абвінавачвалі яго ў прыналежнасці да рускага спартыўнага таварыства „Руская сакольня” i ў быццам бысказаных словах: „Калі пачнецца вайна, мы — латышы — усе як адзін паўстанем супраць камуністаў!”. Яго выс­лалi ў Салікамскія лагеры, прыгаварылі да 10 гадоў, a ў Латвію разам з высланай жонкай ён змог вярнуцца толькі ў 1957 г.[12]

Перыяд нямецкай акупацыі

Колькасць i адносіны акупацыйных уладаў

24 лютага 1943 г. рэалізаваны перапіс насельніцтва ў Латвійскай генеральнай акрузе „Остлянд” паказаў у цэлым 48 601 беларусаў (2,76% усяго насельніцтва, з ix 6669 чал. у Рызе). 3 ix беларускай мовай у сям’i карысталіся 20 000 чалавек (рускай — больш за 21 000, латышскай — 4313, польскай — 563, дзвюма мовамі — 2478 чал.). Цікава, што беларускай мовай у сям’i карысталіся таксама 4801 латышоу, 738 палякаў i 385 рускіх[13].

Такім чынам, колькасць беларусаў, згодна з гэтым перапісам, была значна большая, чым у 1935 г. (26 803 чал., ці 1,41% усяго насельніцтва). Гэта тлумачыцца некалькімі прычынамі. Пад час аўтарытарнага рэжыму (1935 г.) мно­гая прадстаўнікі меншасцяў пад уплывам знешніх фактараў былі зарэгістраваны як латышы (асабліва яшчэ нацыянальна не свядомыя беларусы Латгаліі i Ілуксцкага ўезда); у 1943 г. рэгістраваліся таксама былыя сельскагаспадарчыя рабочыя з Польшчы, якія жылі ў Латвіі, сярод ix было шмат беларусаў; акрамя гэгага, у Латвію беларусы прыбывалі ў час нямецкай акупацыі (у якасці ваеннапалонных, рабочай сілы i т.д.), у 1943-1944 г. з Беларусі ў Латвію назіраўся паток бежанцаў. Акрамя гэтага, многія палякі з-за выразна варожых адносінаў да ix нямецкіх акупацыйных уладаў дэкларавалі сябе беларусамі. Гэта пацвярджаецца ўспамінамі латышоў, якія займалі адказныя пасады ў той час. Напрыклад, былы начальнік участка паліцыі Ілуксцкага ўезда Петэрыс Пуполс успомніў, што ў наваколлі горадаГрыва ў Ілуксцкім уездзе (на тэрыторыі, да якой Польшча прад’явіла прэтэнзіі да 1929 г. i дзе ўдзельная вага палякаў была асабліва вялікая) „больш нельга было сустрэць ніводнага паляка, таму што былыя палякі цяпер называлі сябе беларусамі”[14]. Хоць гэтае сведчанне i можна назваць трохі перабольшаным, варта адзначыць, што сітуацыя сапраўды была абумоўлена адносінамі акупацыйных уладаў да нацыянальных груп на акупаваных тэрыторыях. I да беларусаў, у адрозненне ад палякаў, яны ставіліся нават з пэўнай добразычлівасцю, што вызначалася агульнымі рысамі палітыкі Райха, a таксама, у выпадку Латгаліі, жаданнем паменшыць колькасць i ўплыў палякаў i знізіць уплыў латышоў у Латгаліі, такім чынам палегчыўшы сабе рэалізацыю ўлады.

Сам К. Езавітаў 8 лістапада 1941 г. пісаў грамадскай дзяячцы старавераў Латвіі Марыі Фаміной (імкнучыся яе пераканаць, што большасць старавераў Латвіі па паходжанні „крывічы” — значыць, беларусы): „Немцы да беларусаў ставяцца добра i ідуць насустрач ix нацыянальным памкненням”. У лісце ён таксама пісаў: „Цяпер, калі кар­та Еўропы мяняецца i беларусы Латгаліі — праваслаўныя i беларусы-каталікі аб’ядноўваюцца (не ў ралігійным, a ў нацыянальным сэнсе), трэба даць беларусам-стараабрадцам, нарэшце, магчымасць стаць бліжэй да свайго беларускага народа i ўсім разам узяцца за стварэнне сваёй культу­ры, эканомікі i агульнанацыянальнага жыцця”[15]. Амбіцыі К. Езавітава адлюстроўвае фрагмент яго ліста А. Махноўскаму 8 лістапада 1941 г.: „Калі-б прыцягнуць [кіраўнікоў стараабрадцаў] на наш бок, дык Ваша становішча адразу ўмацавалася-б на многа разоў, то аб’яднанне каля беларусаў нашых праваслаўных, каталікоў i стараабрадцаў адра­зу адчыніла б перад нашым адраджэнскім рухам у Латгаліі надзвычайна шырокія перспектывы. <.„>. Зара мы маемо большасць у шэрагу валасцей, a калі-б нашы ўсе каталікі, нашы стараабрадцы былі-б усвядомлены, дык лічба гэтыхваласцей патроілася-б! А гэга — надзвычайна важна для нашага руху!”[16]. У пачатку нямецкай акупацыі К. Езавітаў лічыў, што беларусаў у Латвіі не менш за 20 000 чал. Гэта сыходзіла з падліку, што рускія — толькі частка старавераў на вёсцы i нашчадкі чыноўнікаў, якія былі прысланыя ў гарады, a палякі — толькі нашчадкі былых памешчыкаў. «Усе астатнія „рускія” i „палякі” толькі беларусы „польскай веры” i „рускай веры”». Ён пісаў: „Я цалкам разумею, чаму кіраўніцтва расейскіх цароў i бальшавікоў старай­ся знішчыць беларутэнаў. Разумею таксама нагоды польскай, латышскай i літоўскай агрэсіі. Але я ўпэўнены, што палітычныя інтарэсы Нямецкай дзяржавы не супадаюць з расейскімі, польскімі, латышскімі i літоўскімі інтарэсамі, i мясцовае нямецкае кіраўніцтва, наколькі гэта ў дадзены момант магчыма, падтрымае беларусаў у палітычных інтарэсах абодвух (нямецкага i беларускага) народаў”[17].

Дзеля выканання чарговага генеральнага плана „Ост”, падрыхтаванага ў пачатку 1943 г., які гэтак жа, як i папярэднія, прадугледжваў каланізацыю балтыйскіх краін i германізацыю часткі балтыйскіх народаў, генеральны камісар „Остлянд” Гайнрых Лозе даў распараджэнне аб адносінах да нацыянальных меншасцяў. Ix існаванне i дзейнасць былі прызнаныя ўмацавальным фактарам нямецкай улады (з умовай, што ix дзейнасць будзе строга кантралявацца акупацыйнымі ўладамі). Таму ў Латвійскай генеральнай акрузе было дазволена ствараць „органы даверу” — аб’яднанні рускіх i беларусаў, асабліва заўважалася, што на палякаў гэты дазвол не распаўсюджваецца. Г. Лозе 24 жніўня 1943 г. адзначаў, што ў аснове адносінаў да беларусаў у Латвіі i Літве павінны быць такія ж падставы, як у адносінах да беларусаў у Беларусі — гэтага варта строга прытрымлівацца i „выкарыстоўваць у сваіх інтарэсах як на справе, так i на словах”[18].

У сваю чаргу кіраўнік Палітычнага аддзела райхскамісарыята „Остлянд” Вернер Копп у кастрычніку 1943 г. упраекце генеральнага плана „Ост” прадбачыў у Латвіі існаванне Беларускага аб’яднання на чале з К. Езавітавым i яго намеснікам Пятром Мірановічам[19]. Ужо перад гэтым міністр акупаваных тэрыторый на Ўсходзе Альфрэд Розенберг у гэтым пытанні кансультаваўся з генеральным камісарам Беларускай генеральнай акругі Вільгельмам Кубэ i 28 жніўня інфармаваў Г. Лозе пра згоду Кубэ на існаванне ў Рызе Беларускага аб’яднання, якое такім чынам забяспечвала б інтарэсы беларусаў Латвіі. Таксама сам А. Розенберг выказаў падтрымку існаванню арганізацыі, заўважыўшы, што неабходны „строгі кантроль”, каб яна дзейнічала толькі „ў чыста гаспадарчай сферы i як абаронца беларускай нацыянальнай групы”[20].

Беларускае аб’яднанне

ў Латвійскай генеральнай акрузе

У жніўні 1941 г. К. Езавітаў у Рызе арганізаваў Бела­руси камітэт (у сакавіку 1942 г. ён быў перайменаваны ў аб’яднанне), стаўшы яго старшынёй да свайго выезду з Латвіі ў жніўні 1944 г.[21] Яго намеснікам быў грамадскі дзеяч i мастак Пётр Мірановіч, які скончыў Акадэмію Мастацтваў Латвіі. Акрамя гэтага, у верасні 1941 г. Беларуси нацыянальны камітэт быў створаны таксама ў Даўгаўшлсе, які ў 1942 г. стаў аддзелам аб’яднання. Гэткія былі створаны таксама ў Краславе, Пасіене, Індры i Зілупе. У аб’яднанні працавалі пераважна прадстаўнікі інтэлігенцыі. Напрыклад, вясной 1942 г. з 44 членаў Даўгаўпілскага аддзела 33 былі настаўнікі, адзін каталіцкі (Язэп Гайлевіч) i адзін праваслаўны святары (абодва выкладалі рэлігію таксама ў беларускіх школах), дырыжор, навучэнка, радыётэхнік, рабочы, сталяр, электраманцёр i толькі трое сялян[22]. Сгаршыня цэнтральнага праўлення аб’яднання К. Езавітаў, несумненна, быў найбольш яркай асобай сярод беларусаў Латвіі ў гэтыперыяд гісторыі. Ён у значнай меры каардынаваў i кіраваў грамадска-палітычным жыццём латвійскіх беларусаў. 3 дазволу акупацыйных уладаў ён параунальна часта ездзіў у Менск, Вільню i Берлін. Перапісваўся з кіраўнікамі нацыянальнага руху ў Менску, Празе i Берліне — I. Ермачэнкам, М. Шкялёнкам i інш. У канцы 1942 г. К. Езавітаў прызнаў, што некалькі разоў атрымоўваў прапановы пераехаць на адказную пасаду ў Менск, але адмаўляўся, таму што „рыжане i беларусы Латгаліі просяць ix не пакідаць”[23].

Арганізацыя, дзякуючы таксама добразычлівым адносінам нямецкіх уладаў, магла ў вядомай ступені абараніць інтарэсы сваёй народнай групы. Некалькі разоў удалося не дапусціць i затрымаць высылку некаторых беларускіх настаўнікаў на працу за тэрыторыю Латвіі (напрыклад, у чэрвені 1942 г. была праведзена рэгістрацыя беларускіх настаўнікаў для высылкі ва Ўкраіну, чаго ўдалося не дапусціць)[24]. У ліпені 1942 г. аб’яднанне зрабіла выснову, што яму ўдалося прадухіліць таксама дабравольны выезд не­каторых настаўнікаў у Беларусь, што было станоўча, калі браць пад увагу недахоп настаўнікаў у беларускіх школах Латвіі[25]. Таксама Даўгаўпілскі аддзел аб’яднання шматкроць прасіў мясцовага гебітскамісара вызваліць затрыманых пад час акцый збору рабочай сілы для высылкі ў Нямеччыну беларусаў (напрыклад, 5 чэрвеня 1942 г. прасілі вызваліць затрыманага 13 траўня селяніна Скайсцкай воласці Валяр’яна Рачко)[26].

Аб’яднанне рабіла шмат i для падтрымкі беларусаў, якія патрапілі ў Латвію. У траўні 1944 г. у арганізацыю паступіла больш за 60 просьбаў жыхароў вёскі Варапаева (воласць Даніловічы, уезд Глыбокае) дапамагчы ў пошуку ix сваякоў, якія быццам бы ў кастрычніку 1943 г. былі адвезеныя ў працоўны лагер ў Дундага. 30 мая 1944 г. Цэнтральнае праўленне аб’яднання ў лісце прэзідэнту Беларускай Цэнтральнай Рады E Астроўскаму прасіла яго прыслаць у Рыгу рээвакуацыйную камісію, якая ўладзіла б вяртанне на радзіму ці залічэнне ў беларускія вайсковыя часткі некалькі сотняў адасланых у 1943 г. на работы ў Эстонію i Ленінградскую вобласць рабочых з Наваградскага раёна, якія пасля падзей на фронце ў 1944 г. апынуліся ў Латвіі. У лісце асабліва падкрэслівалася, што гэтых людзей незаслужана лічаць уцекачамі, што многія з ix просяць дапамагчы вярнуцца ў Беларусь ці хочуць уступіць у нацыянальныя вайсковыя часткі (у гэты час у Рызе ужо працавала Літоўская рээвакуацыйная камісія, якая рэгістравала таксама беларусаў з Віленскага краю, калі яны „хоць трохі” ведалі літоўскую мову)[27]. Пры цэнтральным праўленні аб’яднання ў Рызе з сакавіка 1942 г. працавала навуковая секцыя. К. Езавітаў распарадзіўся стварыць такую ж таксама пры аддзеле ў Даўгаўпілсе, запрасіўшы на пасаду кіраўніка гісторыка Баляслава Бражго, які адначасова быў намеснікам старшыні рыжскай секцыі i меў задание праводзіць „беларускую навуковую працу ў Латгаліі”. Аднак секцыя ў Даўгаўпілсе створана не была (жонка гісторыка Б. Бражго была настаўніцай у беларускіх школах у Даўгаўпілсе)[28]. Варта адзначыць працу мясцовага беларускага паэта Пятра Сакола (сапраўднае імя — Пятро Масальскі), які летам 1942 г. перадаў у секцыю 360 перакладзеных ім на беларускую мову латышскіх дайнаў[29].

Ужо восенню 1941 г. аб’яднанне старалася арганізаваць выпуск сваей прэсы. Гэта планавалася рабіць у Даўгаўпілсе, i адказным за арганізацыю выдання быў старшыня Бела­рускага нацыянальнага камітэта Аляксандр Якубецкі. Аднак план не ўдалося рэалізаваць (аддзел у Даўгаўпілсе ў 1943 г. у рукапісным выглядзе падрыхтаваў толькі адзін нумар га­зеты „Наш шлях”)[30]. У ліпені 1942 г. у Рызе, як галоўным горадзе „Остлянд”, пачала выходзіць газета „Новы шлях”,рэдактар якой Уладзімір Сядура прыбыў з Менска. Газета распаўсюджвалася галоўным чынам у Беларусі, хоць у ёй звычайна праходзіла інфармацыя i пра жыццё беларусаў у Латвіі (як i ў беларускіх газетах, што выдаваліся ў Вільні, Берліне i Беластоку). Аўтарам гэтых аглядаў звычайна быў К. Езавітаў, які пісаў таксама пра гісторыю i культуру беларускага народа. Паводле ўспамінаў беларускага грамадскага дзеяча Язэпа Малецкага, выданне арганізаваў менавіта К. Езавітаў у час адной з паездак у Менск i Віленскі беларускі камітэт. Да восені 1944 г. выйшла 34 нумары га­зеты[31]. Рэдактар газеты „Беларускае Слова”, што выдавалася ў Вільні, П. Шырокаў (псеўданім — Тодар Лебяда) у 1943-1944 г. жыў у Латвіі — у Грыве, адкуль актыўна перапісваўся з К. Езавітавым у Рызе. Акрамя гэтага, у рыжскім аддзеле кінастудыі „Ostland Film G.m.b.H.”, пачынаючы з лета 1942 г., рыхтаваліся кінахронікі на беларускай мове, рэдактарам якіх быў К. Езавітаў[32].

Беларускія школы

Асаблівы росквіт у час нямецкай акупацыі назіраўся ў развіцці беларускіх школ. 1 студзеня 1942 г. быў створаны пост рэферэнта па справах беларускіх школ у Генеральнай дырэкцыі адукацыі i культуры самакіравання, які да 1944 г. займаў П. Мірановіч. Яшчэ да афіцыйнага прызначэння на пасаду, ужо восенню 1941 г., ён пачаў актыўнае супрацоўніцтва з рэферэнтам Генеральнага камісарыята Латвійскай генеральнай акругі Францам Адольфі ў пытанні адкрыцця беларускіх школ. У лістападзе ён выслаў з Рыгі паўнамоцтвы Даўгаўпілскаму беларускаму нацыянальнаму камітэту ствараць беларускія школы таксама ў Ілуксцкім уездзе[33]. Даўгаўпілскі гэбітскамісар 1 снежня 1941 г. прызначыў інспектарам беларускіх школ у акрузе Латгаліі i Земгале ўжо названага М. Дзямідава (пакуль загадкай з’яўляюцца аргументы, выкарыстаныя ім для таго, каб упэўніць нямецкія ўлады ў сваёй добранадзейнасці), заданием якога была „арганізацыя” гэтых школ[34]. Пасля яго выезду ў Беларусь на пасаду інспектара школ у Лідскім уездзе ў лютым 1942 г. гэтую пасаду займаў арганізатар i першы кіраўнік Даўгаўпілскай Беларускай асноўнай школы Аляксандр Махноўскі. Інспектар быў падначалены рэферэнту адукацыі i культуры праўлення гэбітскамісара Даўгаўпілса Рольфу Вінбергу[35].

У Латвіі ужо ў 1941/42 навучальным годзе працавала 36 беларускіх 7-гадовых (так званых народных), 5-гадовых асноўных школ у Рызе, Даўгаўпілсе, Даўгаўпілскім уездзе (толькі ў Індрскай воласці — 10, у Рабежніекскай воласці — 5), у Лудзенскім i Ілуксцкім уездах, якія вясной 1942 г. скончыла прыкладна 100 чалавек, i Дзяржаўная Беларуская гімназія ў Індры. Для параўнання: у 1939/40 г. у Латвіі — у Рызе — была толькі адна 6-гадовая асноўная школа, a ў год савецкай улады — дзве асноўныя школы; у 4 няпоўныя сярэднія школы перайменавалі былыя 6-гадовыя асноўныя школы i адну змешаную руска-беларускую няпоўную сярэднюю школу[36].

Варта адзначыць, што школы адчыняліся паступова восенню i нават зімой 1941 г. Напрыклад, у Даўгаўпілсе 7-гадовая асноўная школа пад кіраўніцтвам былога кіраўніка Беларускага тэатра Язэпа Камажынскага пачала працу толькі ў снежні[37], a ўжо ў 1942/43 навучальным годзе ў ёй было 317 навучэнцаў. Акрамя гэтага, у Грыўскай 5-гадовай асноўнай беларускай школе, якая працавала з пачатку гэ­тага навучальнага года, навучаліся яшчэ 135 вучняў. Праўда, школа не атрымала памяшканняў у Грыве, бо ix заняла армія, таму размяшчалася спачатку ў адных памяшканнях з Даўгаўпілскай асноўнай школай, а з лістапада 1942 г. — у памяшканнях былой яўрэйскай сінагогі Даўгаўпілса[38]. Акрамя гэтага, восенню 1942 г. кіраўніцтва Беларускагааб’яднання i школьны інспектар беспаспяхова стараліся адчыніць беларускія школы таксама ў Рэзекненскім уездзе (некалькіх валасцях)[39] (гл. Табліцу)[40].

Акрамя гэтага, летам 1942 г. у Індры ў беларускай гімназіі былі арганізаваны 2-месячныя летнія курсы для 62 беларускіх настаўнікаў (выкладалі на курсах запрошаныя з Вільні i мясцовыя педагогі)[41]. У снежні 1942 г. у Індрскай гімназіі (спачатку яе дырэктарам быў Сяргей Сахараў, а з кастрычніка 1942 г. — Аляксандр Радзько) было 9 педагогаў i 128 навучэнцаў, а 1 снежня 1943 г. — 6 педагогаў i 103 навучэнцы (у красавіку 1944 г. — 8 педагогаў i 92 навучэнцы). У ліпені працаваў інтэрнат для 30 навучэнцаў[42]. У 1942/43 навучальным годзе працу таксама пачала беларуская гімназія ў Зілупе (дырэктар — С. Сахараў) i 1 снеж­ня 1942 г. у ей предавала 7 педагогаў, было 55 навучэнцаў, а 1 снежня 1943 г. — 6 педагогаў i 70 навучэнцаў (1 красавіка 1944 г. — 6 педагогаў i 59 навучэнцаў)[43]. Абедзве беларускія гімназіі i асноуныя школы скончылі сваю працу летам 1944 г. (у ліпені, у сувязі з набліжэннем фронту, канцылярыя Індрскай гімназіі была перанесена ў Рыгу)[44].

Зімой[45], вясной i летам 1942 г., а таксама яшчэ ў 1943 г. былі памкненні адчыніць беларускія гімназіі таксама ў Пасіене i Даўгаўпілсе, але генеральны камісарыят Латвіі не даў на гэга свайго дазволу, хоць просьбу i падтрымаў добразычліва настроены да беларусаў гебітскамісар Даўгаўпілса X. Рыкен. Яшчэ 20 студзеня 1943 г. дэлегацыя Даўгаўпілскага аддзела Аб’яднання беларусаў пад кіраўніцтвам старшыні А. Якубецкага падала чарговую заяву гебітскамісару з просьбай адчыніць гімназію. У траўні 1943 г. К. Езавітаў яшчэ раз адмовіўся ад займання пасады дырэктара гімназіі, якая толькі планавалася (з-за неабходнасці працаваць у Рызе), тым самым значна паменшыўшы надзею на атрыманне дазволу для гімназіі ў Даўгаўпілсе. У ліпені 1943 г. гебітскамісар Даўгаўпілса, аднак, даў дазвол на адкрыццё паралельнага 1-га класа Індрскай гімназіі ў нейкай з Даўгаўпілскіх гімназій. Яшчэ ў кастрычніку рзферэнт П. Мірановіч заявіў спіс настаўнікаў паралельнага класа, у якім былі таксама імёны гісторыка Б. Бражго (меркаваўся таксама як выхавацель класа), інспектара А. Махноўскага i інш. Аднак сваёй згоды на прыняцце класа не дала ні Даўгаўшлская латыш­ская, ні руская гімназія. Перапіска працягвалася яшчэ ў студзені 1944 г., але беспаспяхова[46]. Затое ўжо летам 1942 г. быў атрыманы дазвол на адкрыццё 2-гадовай беларускай сельскагаспадарчай школы ў Пасіене, якая пад кіраўніцтвам Казіміра Мяжэцкага пачала працу восенню 1942 г. (у жніўні жаданне вучыцца выказалі каля 70 маладых людзей) i працавала да канца 1943/44 навучальнага года[47].

Адной з найсур’ёзнейшых праблем, з якой сутыкнуліся беларускія школы, у некаторых выпадках была даволі слабая нацыянальная самасвядомасць навучэнцаў i нават настаўнікаў, што вызначалася, перш за ўсё, складаным генезісам нацыянальных адносінаў у Латгаліі ў гісторыі. У пачатку 1942 г. кіраўнік Даўгаўпілскага беларуската камітэта А. Якубецкі ў лісце А. Махноўскаму пісаў, што многія настаўнікі гарадской беларускай школы не вядуць заняткаў на беларускай мове i вучні паміж сабой размаўляюць па-польску. A. Махноўскі вызначыў ліст як перабольшванне, хоць i прызнаў, што праблема існуе: „У школе поўна бела­русау, якія дзесяткі гадоў знаходзіліся пад польскім уплывам, i таму нельга адразу ставіць нацыянальнае пытаннеў такой вострай форме. Гэтая спаланізаваная маса вучняў сабраная з ведама гебітскамісара, які, гэтак жа як я, упэўнены ў яе беларускім паходжанні”[48]. Варта адзначыць, што ў абставінах, калі акупацыйныя ўлады ўвогуле не дапускалі працы польскіх школ, шмат хто з палякаў Латгаліі i Ілуксцкага ўезда пасылалі ці вымушаныя былі пасылаць сваіх дзяцей у беларускія школы. Гэта пацвярджаюць таксама сведчанні былых навучэнцаў польскай нацыянальнасці ў беларускіх школах[49].

Вялікія цяжкасці прыносіў недахоп кваліфікаваных кадраў у беларускіх гімназіях i асноўных школах, што яшчэ болын ускладнялася высылкай настаўнікаў i нават навучэнцаў на работы ў Нямеччыну i іншыя месцы. Гэтыя акцыі насілі масавы характар, i непасрэдны ix здзяйсняльнік — мясцовыя латышскія ўлады — яшчэ ў час існавання Латвійскай Рэспублікі з вядомым недаверам глядзелі на беларусаў як на лева настроеных у палітычным плане. У чэрвені 1942 г. у Рабежніекскай і Індрскай воласці латышскія ўлады з прапановай „сабраць людзей для высылкі на работы” затрымалі ў цэлым 12 беларускіх настаўнікаў (сярод ix — 6 загадчыкаў асноўных школ i адзін настаўнік Індрскай гімназіі), дзвюх ix жонак i 4 выхаванцаў Індрскай гімназіі. У студзені 1943 г. была затрымана настаўніца Бальбіноўскай народнай школы Эмілія Казакевіч. 16 жніўня 1943 г. быў затрыманы i адвезены на работы адзін настаўнік Айзупскай асноўнай школы; 25-26 жніўня — пяцёра настаўнікаў Краслаўскай (загадчык i настаўніца), Калніешскай, Дземенскай i Круманскай школ, а таксама яшчэ 4 выхаванцы Індрскай гімназіі (прэса пісала, што „адбылася вывазка звязаных з камуністамі ненадзейных элементаў”[50]) i г.д. Некалькі чалавек затрымліваліся шматразова (напрыклад, настаўнік Дземенскай школы Віктар Дзяргач у Эстонію быў высла­ны ў 1942 г., з-за хваробы адпушчаны ў лютым 1943 г., а 25 жніўня затрыманы зноў)[51]. Некаторых з умяшаннем беларускага школьнага інспектара i беларускага аб’яднання ўдалося вызваліць, але многія былі высланы на працу ў іншыя месцы Латвіі, у Эстонію i нават у Нямеччыну.

У памежных раёнах беларускім школам стваралі пэўную праблему напады савецкіх партызанаў. 28 лістапада 1942 г. партизаны ўварваліся ў кватэру загадчыка Берзкалнскай — Шушкоўскай школы ў Шкяўнскай воласці Аляксандра Чаркоўскага, забралі школьную i ўласную маёмасць, 11 снежня — у школу, абрабаваўшы i часткова разбурыўшы яе. У ліпені 1943 г. — спалілі школьны дом, пасля чаго школа была зачынена. Частка вучняў была выслана ў Балтыньскую народную школу ў Пасіенскай воласці, але i ў гэтай школе, „у сувязі з ненадзейным становішчам у школах раёна”,

26 лістапада вучоба была перапынена да далейшага распараджэння[52]. Акрамя гэтага, беларускія, а таксама іншыя школы ўПаўднёвай Латгаліі пастаянна, a асабліва з 1943 г., сутыкалісяз размяшчэннем армейскіх частак у сваіх памяшканнях, штозначна замінала заняткам. 3-за абставін ваеннага часу пастаянных памяшканняў не было ў абедзвюх беларускіх гімназій.Выхаванцы Індрскай гімназіі ў лютым 1943 г. былі вымушаныаддаць свае памяшканні арміі i перавесціся ў памяшканні Індрскай беларускай народнай школы, дзе навучанне ў пасляабедзенную змену праходзіла да лютага 1944 г., а пачынаючы з таго часу — у частцы дома на тэрыторыі воласці. Усваю чаргу выхаванцы Зілупскай гімназіі 1943/44 навучальны год, таксама як i папярэдні, пачалі ў двух прыватныхдамах, але ў лістападзе адзін з ix быў заняты арміяй, таму 2 класы трэба было перанесці ў іншы прыватны дом[53]. Нягледзячы на цяжкасці ваеннага часу параўнальна актыўнаразвівалася культурная дзеинасць беларусаў. Свой унёсакзрабілі таксама аддзелы Беларускага аб’яднання Латгаліі. 3 восені 1942 г. пры Даўгаўпілскім аддзеле актыўна працавала трупа актораў-аматараў пад кіраўніцтвам рускага рэжысёра Новікава. Рэгулярна (1-2 разы на месяц) у Даўгаўпілсе, Індры i Краславе яна арганізоўвала п’есы i канцэр­ты, прыбытак з якіх выкарыстоўваўся для патрэбаў беларускай адукацыі i культуры. У 1943 г. у тэатры Даўгаўпілса былі занятыя 18 акцёраў i 16 рабочых. Сваімі сіламі на беларускую мову перакладаліся таксама латышскія п’есы. Пэўную падтрымку тэатр атрымліваў ад Мінскага гарадскога беларускага тэатра, куды ў кастрычніку 1943 г. была накіравана настаўніца Тамара Мацвеева ў пошуках тэм для рэпертуару i рэжысёра (апошняга, праўда, знайсці не ўдалося). У сваю чаргу пры Краслаўскім аддзеле восенню 1942 г. быў створаны хор, якім кіраваў прафесійны дырыжор i член Даўгаўпілскага аддзела Беларускага аб’яднання Мікалай Гаўбштэйн[54]. У ліпені 1943 г. таксама ў Зілупскім аддзеле аб’яднання планавалася стварыць свой хор, але высланая цэнтральнаму ўпраўленню просьба выдаткаваць сродкі для вышыўкі народных касцюмаў засталася без адказу[55].

У верасні 1943 г. Беларускае аб’яднанне арганізавала ў Рызе, Даўгаўпілсе, Краславе, Індры, Лудзе, Зілупе і Пасіене канцэрты беларускага опернага спевака з Прагі Міхала Забэйды-Суміцкага, у якіх удзельнічала i былая настаўніца спеваў Рыжскай 1-й беларускай школы Вольга Бароўская[56]. На канцэртах гучалі песні на беларускай, рускай, нямецкай i італьянскай мовах. Аддзел Даўгаўпілскага беларускага аб’яднання летам 1943 г. абмяркоўваў пытанне аб стварэнні Беларускага тэатра i оперы, запрасіўшы кіраўніком менавіта M. Забэйду-Суміцкага, але задуму не ўдалося рэалізаваць[57]. Выдаваліся беларускія кнігі i іншыя друкаваныяпрацы. У Рызе ў 1943 г. выйшла 3-е выданне падручніка К. Езавітава „Беларуская школа”, яшчэ некалькі падручнікаў. К. Езавітаў падрыхтаваў і выдаў 12 беларускіх песняў з нотамі. A ў 1944 г. у Рызе ён выпусціў першы ў гісторыі літаратуры ілюстраваны зборнік беларускіх народных песняў i збіраўся працягнуць гэтую традыцыю[58]. У сакавіку 1943 г. у Лудзе памерла беларуская паэтка, жонка культурнага i грамадскага дзеяча С. Сахарава Вольга Сахарава. Пасля яе смерці рыхтаваўся да выдання зборнік яе патрыятычных вершаў, але праца завершана не была[59].

Пытанне беларускіх узброеных фармаванняў

Канстанцін Езавітаў ужо з 1941 г. у сваіх публікацыях i карэспандэнцыі актыўна падтрымліваў неабходнасць стварыць беларускія ўзброеныя фармаванні для барацьбы з бальшавізмам. У ліпені 1942 г. ён перапісваўся са звольненым маёрам Літоўскай арміі, былым камандзірам Беларускага батальёна гэтай арміі Аляксандрам Ружаньцовым, які выканаў просьбу Езавітава i інфармаваў яго пра свае спробы стварыць беларускія аддзелы самаабароны ў Вільні летам 1941 г. У сваю чаргу ў жніўні 1942 г. кіраўніцтва беларускіх аддзелаў самаабароны ў Мінску інфармавала Езавітава аб арганізацыі курсаў для афіцэраў i унтэр-афіцэраў у розных гарадах Беларусі, запрашаючы яго як „вядомага беларускага патрыёта” прыняць удзел у стварэнні нацыянальных узброеных сілаў[60]. Адразу ж пасля стварэння Латышската легіёна CC 27 траўня 1943 г. К. Езавітаў звярнуўся да кіраўнікоў усіх аддзелаў Беларускага аб’яднання з заклікам абдумаць магчымасць стварэння беларускіх ахоўных ротаў ці батальёна. Ён падкрэсліваў, што многія беларускія юнакі ўжо прызваныя ў латышскі легіён ці знаходзяцца на службе ў латышскіх паліцэйскіх батальёнах i што рускія Латгаліі ўжо атрымалі дазвол фармаваць свае падраздзяленні. К. Езавітаў быў упэўнены, што ён прадухіліць сітуацыю, калі ў „нашых [беларускіх] валасцях [у Паўднёвай Латгаліі i Ілуксцкім уездзе] парадак наводзяць людзі збоку”. Таму ён распарадзіўся высветліць, ці будуць салдаты i камандзіры для такіх падраздзяленняў у месцах дзеяння аддзелаў аб’яднання[61]. Аднак задуму рэалізаваць не ўдалося, i беларускую маладзь Латгаліі працягвалі мабілізоўваць у латышскі легіён[62]. Яшчэ перад пачаткам навучальнага года, вясной 1943 г., у нямецкую армію i яе дапаможныя аддзелы былі прызваны многія настаўнікі беларускіх школ, напрыклад Клеменс Развадоўскі (1919 г. нар.) з Ліелборнскай школы Саліенскай воласці, Сганіслаў Багдановіч (1920 г. нар.) з Варнавічскай школы Каплаўскай воласці, Уладзіслаў Баярун (1921 г. нар.) з Дземенскай школы (настаўнік нямецкай мовы)[63] i г.д. Цікава, што сярод беларускіх настаўнікаў былі выпадкі добраахвотнага ўступлення ў латышскі легіён. Напрыклад, у сакавіку 1943 г. гэта зрабіў загадчык Айзупскай школы ў Індрскай воласці Віктар Завіша[64]. У легіён былі мабілізаваны таксама выхаванцы беларускіх гімназій, што дасягнулі прызыўнога ўзросту. Напрыклад, навучэнец 4-га класа Індрскай гімназіі 19-гадовы Генрых Блажэвіч быў прызваны ў лістападзе 1943 г., а вясной наступнага года ён загінуў на фронце. Дырэктар Зілупскай гімназіі ў лістападзе 1943 г. дакладваў у Гене­ральную дырэкцыю адукацыі i культуры, што адна частка навучэнцаў „узяты на працу”, іншыя „пайшлі дабравольцамі на ваенную службу”. Таксама рэферэнт П. Мірановіч 25 кастрычніка 1943 г. адзначаў, што ў сувязі з прызывам на ваенную службу ў Індрскай гімназіі не ствараецца паралельны клас для 4 класа[65]. Яшчэ вясной 1945 г. у Ліепайскім прызыўным пункце латышскага легіёна былі прызваныя многія беларусы (згодна з запісам у рэгістрацыйных кнігах, дзе фіксавалася таксама нацыянальнасць): сельскі гаспадар Сганіслаў Лобза з Турлаўскай воласці (у Курземе-Курляндыі), каваль з Адажскай воласці Васіль Барсук, сталяр з Ліепаі Браніслаў Бербіс і інш.[66]

Адносіны з латышамі

Даступная ў крыніцах інфармацыя сведчыць пра даволі дрэнныя ўзаемаадносіны латышскіх уладаў з беларускімі структурамі ў Латгаліі, што вызначалася ўжо складанымі адносінамі абодвух бакоў яшчэ пад час незалежнасці Латгаліі, асабліва пасля 1934 г. — у час аўтарытарнага перыяду (у пачатку 1943 г. выданне Даўгаўпілскага аддзела Аб’яднання беларусаў пісала: „Hi масон Ульманіс, ні жыды-сталіністы не змаглі падавіць усе нашы свядомыя сілы”[67]). У красавіку 1942 г. інспектар беларускіх школ A. Махноўскі пісаў К. Езавітаву з Даўгаўпілса, што ў асобных месцах бацькі «баяцца рэгістраваць сваіх дзяцей у беларускіх школах i супраць латышоў на сяле „страшэнная злосць”. Даўгаўпілская турма, дзякуючы латышскай паліцыі, набіта беларусамі, ёсць яшчэ рускія i палякі, a латышоў — няма». У сваю чаргу загадчык Балтыньскай беларускай школы ў Пасіенскай воласці Васіль Меныпыкаў у чэрвені 1942 г. пісаў К. Езавітаву пра выйграную „барацьбу з латышамі”, якія няўдала імкнуліся дамагчыся закрыцця школы[68]. Дадзеная праблема з пункту гледжання латышскіх уладаў адлюстроўваецца ў перапісцы праўлення Скайсцкай воласці з інспектарам школ Даўгаўпілскага ўезда ў кастрычніку 1942 г., у якой праўленне старалася даказаць, што кіраўніцтва бела­рускай школы ў Калніешы дзейнічае „цалкам незаконна” — спачатку патрабуючы памяшканне i інвентар, прымаючы на працу настаўнікаў, заяўляючы не адпаведныя рэальнасці звесткі пра колькасць навучэнцаў (быццам бы 158 вучняў, а фактычна толькі 27 чалавек), i толькі пасля гэтага ходзяцьпа хутарах, агітуючы пасылаць дзяцей у беларускую шко­лу. Валасны старшыня Андрэй Люта пісаў, што дакументы гістарычнага характару ў валасным архіве даказваюць, што ў другой палове XIX ст. амаль усе жыхары воласці былі латышамі, а цяпер многія з ix „пры вызначэнні народнасці блытаюць паняцце народнасці i веры i, з’яўляючыся каталікамі, выдаюць сябе за палякаў”. Калі ў 1942 г. палякаў высылалі на працу ў Нямеччыну, многія прыходзілі ў ва­ласное праўленне i прасілі выдаць дакумент пра ix латышскае паходжанне, a другія, дзякуючы яшчэ русіфікатарскай палітыцы за царскім часам, „часткова забыліся сваю родную мову, размаўляюць на розных дыялектах рускай мовы i пад уплывам вядомай агітацыі выдаюць сябе за беларусаў”. Аднак заяўка інспектара Даўгаўпілскага ўезда ў генеральную дырэкцыю ў лістападзе 1942 г. аб закрыцці школы ў Калніешы выніку не дала i школа працавала[69].

У сакавіку 1943 г. загадчык беларускай школы ў Калніешы скардзіўся ўладам уезда, што ў праведзеным 24 лютага перапісе насельніцтва Скайсцкае валасное праўленне не ўключала ў лік перапісчыкаў i членаў валасной падліковай камісіі ніводнага з першапачаткова заяўленых трох беларускіх настаўнікаў. Ён падкрэсліваў, што беларуская інтэлігенцыя воласці „заўсёды актыўна ўдзельнічала ў новай дзяржаўнай аднаўленчай працы — зборы ахвяраванняў i прамысловай сыравіны, у падліку скаціны i г.д. Відаць, што праца нашага невялікага беларускага народа, што жыве ў Латвійскай генеральнай акрузе, была святой i неабходнай для дабрабыту радзімы. Цяпер, калі набліжаецца важны момант для кожнага народа, мы — беларусы — за­стаёмся адхіленымі ад народных i ўсеагульных інтарэсаў. Дзеянні валаснога праўлення закранаюць нацыянальныя правы беларускага народа, што не вядзе да агульнай мэты, а стварае разлом i ўзаемную нянавісць народаў”. Таму за­гадчык школы выказаў пратэст супраць вынікаў перапісу ў воласці, дзе быццам бы зменшана колькасць беларусаў, якія там жывуць. Згодна з паведамленнем Краслаўскагааб’яднання, таксама старшыня Краслаўскаай вобласці і старшыня Краслаўскага гарадскога праўлення адмовіліся ўключыць у лік перапісчыкаў беларускіх настаўнікаў, хоць нямецкі гебітскамісар даў такое распараджэнне адносна валасцей уезда (у іншых месцах распараджэння прытрымліваліся, i беларускія настаўнікі ўдзельнічалі ў перапісе. — Э. Е.)[70].

Аднак не варта адносіць згаданыя тэндэнцыі да ўзаемадачыненняў беларусаў з латышамі ў цэлым — хутчэй гэта было характэрна для некаторых валасцей, дзе гэта вызначалася асаблівымі адносінамі i вядомым суперніцтвам абедзвюх народных груп у мінулым. У сваю чаргу, напрыклад, у Зілупе, дзе як латышы, так i беларусы заўсёды былі меншасцю ў параўнанні з рускімі, а да 1941 г. таксама i з яўрэямі, у чэрвені 1942 г. адбылося агульнае культурнае мерапрыемства латышскай i беларускай школы, на якім хор i салісты выконвалі нямецкія (даніна акупацыйнай уладзе), латышскія i беларускія песні. Характэрна, што на ім прысутнічалі ў якасці гасцей прадстаўнікі адміністрацыі гебітскамісара[71].

Адносіны ў асобных валасцях сапраўды былі складаныя. 17 чэрвеня 1942 г. К. Езавітаў паведамляў у скарзе рэферэнту Ф. Адольфі ў генеральным камісарыяце пра арышты беларускіх настаўнікаў у Рабежніекскай i Індрскай валасцях, якія праводзіліся латышскімі ўладамі. Езавітаў падкрэсліваў, што на гэты раз арыпггы маюць характар „шырокай, накіраванай супраць беларускай інтэлігенцыі кампаніі”, мэтай якой з’яўляецца не дапусціць беларусаў у самакіраванне „беларускіх валасцей”.

Езавітаў пісаў, што затрыманыя настаўнікі абсалютна лаяльныя да нямецкіх уладаў, у кім бачаць сяброў, якія вызвалілі ix не толькі ад савецкай русіфікацыі, але i ад самавольнасці некаторых прадстаўнікоў латышскай адміністрацыі, якія ў гэтых памежных валасцях стараліся латышаваць беларусаў, закрываючы беларускія школы i навязваючы латышскія (варта заўважыць, што, у сваю чаргу, у канцы 1941 г. i пачатку 1942 г. беларусам з падтрымкай нямецкіх уладаў удалося некалькі латышскіх школ перабудаваць у беларускія, што па зразумелай прычыне выклікала цяжкасці ў адносінах з латышскімі ўладамі). К. Езавітаў прасіў Адрльфі неадкладна дапамагчы вызваліць затрыманых, каб насельніцтва бачыла, што „нямецкая адміністрацыя не пацерпіць самавольнасці асобных латышскіх адміністратараў на правінцыі”. Як ужо згадвалася, у асобных выпадках з дапамогай нямецкіх уладаў удавалася дасягнуць вызвалення высланых на работы настаўнікаў (так, напрыклад, у снежні 1943 г. школьнаму інспектару А. Махноўскаму ў Рызе ўдалося дасягнуць вызвалення ад работ затрыманага 25 жніўня загадчыка Краслаўскай беларускай школы i яшчэ адной настаўніцы)[72]. Але так было не заўсёды. У некаторых выпадках затрыманым настаўнікам былі выказа­ны сур’ёзныя абвінавачванні. Напрыклад, 1 лютага 1943 г. па палітычных меркаваннях была звольнена з працы настаўніца Дземенскай беларускай школы Зінаіда Насевіч, i старанні Даўгаўпілскага аддзела Беларускага аб’яднання i школьнага інспектара высветліць падставы ў нямецкай паліцыі бяспекі вынікаў не далі[73].

Складаныя адносіны ў беларускага аб’яднання i школ былі таксама з рускімі арганізацыямі. У лютым 1944 г. А. Махноўскі інфармаваў К. Езавітава, што ў Даўгаўпілсе рэалізуецца распараджэнне рэйхкамісара „Остлянд”, згодна з якім абарона інтарзсаў беларускай меншасці перадаецца зноў „Рускаму камітэту”, які арганізоўваецца ў Рызе, i яго прадстаўнжам у Даўгаўпілсе. 3 месным аддзелам Беларускага аб’яднання яны кантакт не навязвалі, падкрэсліваючы, што будуць размаўляць „непасрэдна з народам”, а таксама прызначылі сваіх кандыдатаў (поўнасцю русіфікаваных беларусаў — „па папскай лініі”), як прадстаўнікоў у вышэйзгаданы камітэт[74].

Завяршальны этап

У канцы чэрвеня прадстаўнікі беларусаў у Латвіі К. Езавітаў i П. Мірановіч удзельнічалі ў працы Ўсебеларускага з’езда ў Мінску (у ім таксама актыўна ўдзельнічаў М. Дзямідаў, які пакінуў Латвію ў 1942 г.). Пасля гэтага К. Езавітаў у Нямеччыне займаў пост начальніка ўпраўлення ваенных справаў Беларускай цэнтральнай рады (БЦР), кіруючы мабілізацыйным працамі.

На пачатку лістапада 1944 г. у Берліне БЦР i Ўкраінскі нацыянальны камітэт дамовіліся пра неабходнасць стварэння „Усходнееўрапейскага блока народаў”, а К. Езавітаў вёў перамовы з прадстаўнікамі балтыйцаў пра магчымае супрацоўніцтва. Праўда, балтыйцы адмовіліся ўвайсці ў планаваны блок. Акрамя гэтага, К. Езавітаў у суправаджэнні маёра Дзмітрыя Касмовіча ў лютым 1945 г. у Берліне сустракаўся з генеральным інспектарам латышскага легіёна ў яго штабе. У хуткім часе пасля гэтага К. Езавітаў лёг у шпіталь, i кантакты абарваліся[75]. Варта заўважыць, што згаданыя перамовы з латышскім бо­кам вяліся выключна з інфармацыйнымі мэтамі, паколькі любы саюз з беларусамі ў дадзенай сітуацыі быў нявыгадны палітычна.

Ужо з восені 1944 г. пры К. Езавітаве, увайшоўшы да яго ў давер, працаваў агент савецкай ваеннай разведкі „Марс” (мяркуючы па ўсім — беларус), які 24 красавіка 1945 г. у Нямеччыне перадаў К. Езавітава ў рукі савецкай контрразведкі (памёр у траўні 1946 г. у менскай турме)[76]. У сваю чаргу, M. Дзямідаў быў камандзірам батальёна Бе­ларускай самаабароны, пазней дзейнічаў у ваенных струк­турах БЦР, пасля вайны жыў у ЗША (памёр у 1967 г.). На Захад пасля вайны трапілі яшчэ некалькі актыўных дзеячаў беларусаў Латвіі, напрыклад П. Мірановіч[77].

Пад канец вайны i адразу пасля яе многія з тых беларусаў, што засталіся ў Латвіі i праявілі грамадскую актыўнасць, былі арыштаваныя. Напрыклад, былы загадчык Пасіенскай беларускай школы Браніслаў Юрэвіч (абвінавачаны як „удзельнік БЦР”, арыштаваны ў траўні 1945 г.), загад­чык Краслаўскай школы Я. Красневіч („айзсарг”, у лютым 1945 г.), загадчык ГайсмасКумбульскай школы ў Дземенскай воласці Антон Земец („падазрэнні, што з’яўляецца інфарматарам нямецкай паліцыі”, у жніўні 1944 г.)[78] i інш. Рэпрэсаваны быў таксама i былы дырэктар Зілупскай гімназіі С. Сахараў. 3 лета 1944 г. ён працаваў загадчыкам рускай школы ў Рызе, a ў красавіку 1945 г. быў арыштава­ны як „беларускі нацыяналіст” i асуджаны на 5 гадоў лагераў. Ён вярнуўся ў Рыгу ў жніўні 1950 г. i памёр 22 красавіка 1954 г.[79]

Высновы

Савецкую акупацыю i нават анексію Латвіі ў склад СССР у 1940 г. многія кіраўнічыя дзеячы беларускай меншасці ўспрынялі, па меншай меры ў пачатковы перы­яд, з ухваленнем, асновай якога была надзея на свабоднае развіццё беларускай культуры. Надзеі не апраўдаліся, i з гэтай прычыны ў перыяд нямецкай акупацыі многія беларускія дзеячы выяўлялі яшчэ большую актыунасць. У перыяд нямецкай акупацыі ў Латвіі беларуская адукацыя i культура перажылі другі па велічыні росквіт у гісторыі пасля перыяду 20-х – пачатку 30-х гг. у Латвійскай Рэспубліцы. Гэты перыяд быў параўнальна кароткім, i ён вызначаўся, перш за ўсё, рэалізаванай нямецкімі акупацыйнымі ўладамі палітыкай. Асновай гэтай палітыкі было, па-першае, жаданне паменшыць значнасць польскага фактару (у Латвіі, толькі ў меншым маштабе, была рэалізавана тая са­мая палітыка, што ў Беларусі i Літве), па-другое — жаданнепалегчыць сабе кантроль над насельніцтвам акупаванай Латвіі, асабліва — латышамі. Для гэтага выкарыстоўваўся спосаб „падзяляй i валадар” ва ўсіх магчымых варыянтах, штучна дзелячы i ствараючы канфліктныя сітуацыі паміж рознымі нацыянальнасцямі i нават дыялектнымі групамі на занятых тэрыторыях. Менавіта таму немцы быццам бы добразычліва ставіліся да беларускага руху і, напрыклад, да латгальцаў, культывуючы ix раздзел з латышамі. Зразумела, гэта вызначалася павагай нямецкіх чыноўнікаў i партий­ных дзеячаў да меншасцяў ці этнічных груп. 3 меншасцяў рускія i беларусы былі фактычна адзінымі ў Латвіі, афіцыйную дзейнасць якіх нямецкія ўлады непасрэдна падтрымалі. (Адначасова многія беларусы i рускія падпалі пад рэпрэсіі ў залежнасці ад ix палітычнага настрою). Праўда, абедзве гэтыя меншасці цяжка параўнальныя з-за рознай колькасці i уплыву. Але асаблівая падтрымка нямецкімі ўладамі параўнальна невялікай беларускай меншасці, несумненна, заслугоўвае ўвагі.

Без сумнення, як кіраўнікамі руху К. Езавітавым i M. Дзямідавым, так i многімі іншымі, перш за ўсё кіраваў беларускі патрыятызм. I як беларускія нацыяналісты яны ў перыяд нямецкай акупацыі апынуліся ў становішчы глыбокага канфлікту з устаноўкамі савецкай улады. Канцэпцыя „савецкага народа”, якая была ў яўнай супярэчнасці з бачаннем будучыні свайго народа беларускімі лідэрамі, а таксама, у меншым маштабе — з латышскімі ўладамі, якія самі адначасова таксама залежал! ад добразычлівасці нямецкіх уладаў i ў такіх абставінах, у меру сваіх магчымасцяў, стараліся захаваць свой уплыў. (Асабліва выразна гэта было відаць менавіта ў Латгаліі, у тых яе валасцях, дзе толькі дзякуючы аўтарытарнаму рэжыму 1943 г. удалося дасягнуць дамінавання латышоў у самакіраванні.) У сваю чаргу, нямецкая ўлада як у Беларусі i Літве, так i ў Латвіі вельмі паспяхова i умела выкарыстала беларускі фактар, каб зменшыць у Паўднёвай Латгаліі ролю i значнасць палякаў, атрымаць яшчэ аднаго саюзніка ў барацьбе з савецкім падполлем i прапагандай, а таксама палегчыць сабе рэалізацыю кантролю над мясцовымі латышскімі ўладамі. Варта асцярожна падыходзіць да магчымай у мінулым сувязі К. Езавітава i M. Дзямідава з савецкімі разведвальнымі i рэпрэсіўнымі органамі ў якасці агентаў. Таму што нават прыняўшы, што вядомае супрацоўніцтва абодвух сапраўды існавала (што цяжка аспрэчыць), варта браць пад увагу абставіны, у якіх гэтае супрацоўніцтва было пачатае: у К. Езавітава — давер да СССР i Беларускай ССР, характэрны для большей часткі беларускай палітычнай эміграцыі ў 20-я гг. (з ілюзіямі пра магчымасць свабоднага развіцця беларускай культуры на радзіме), a ў M. Дзямідава — безвыходнае становішча ў савецкім заключэнні перад пагрозай смерці. Аднак зразумела, што летам 1941 г., пры рэзкай змене сітуацыі, абодва спынілі супрацоўніцтва i сталі на шлях супрацьстаяння савецкай уладзе, спадзеючыся з дапамогай i пры пасярэдніцтве нямецкай акупацыйнай улады дасягнуць мэты сваёй шматгадовай дзейнасці — стварэння незалежнай беларус­кай дзяржавы. Беручы пад увагу выяўленыя К. Езавітавым i іншымі лідэрамі Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1919-1920 г. i пазней погляды адносна межаў сваёй дзяржа­вы, таксама пад час нямецкай акупацыі ў 40-я гг. беларускія нацыяналісты бралі пад увагу магчымасць, што ў будучым „да беларускіх зямляў” будуць далучаны таксама некалькі „беларускіх” валасцей Ілуксцкага i Даўгаўпілскага ўездаў Латвіі. Варта зрабіць выснову, што ў час нямецкай акупацыі Латвія побач з Беларуссю i Літвой зрабілася значным цэнтрам беларускага нацыянальнага руку. Гэта стала магчыма дзякуючы гатоўнасці i актыўнасці часткі латвійскіх беларусаў, а таксама вядомай калабарацыі актыўнай часткі беларускіх кіраўнікоў з нямецкімі ўладамі ў Латвіі i за яе межамі.

Пераклад Юліі Карыцкай


[1] Гл.: Екабсон Э. Белорусы в Латвии в 1918—1940 гг. // Беларус­кая дыяспара як пасярэдніца ў дыялогу цывілізацый. Матэрыялы III Міжнароднага кангрэса беларусістаў. Мінск: Беларуси Кнігазбор, 2001. С. 47-71.
[2] Latvijas Valsts vestures arhīvs (Латвійскі дзяржаўны гістарычны архіў, далей LWA), 2924. f., 1. apг., 9. lieta, 57.-59. lp.
[3] Тамсама, 9. lieta, 61.1р
[4] Тамсама, 69-70. 1р.
[5] Найдзюк Я., Касяк Л. Беларусь учора i сяньня. Менск, 1993. С. 228.
[6] LWA, 2924. f., 1. apr„ 9. lieta, 71. lp.; Šteimans J. Latgale 1939-1959. Rēzekne, 2003. 53. lpp.
[7] Latvijas Valsts arhīvs (Латвійскі дзяржаўны архіў, далей LVA), 1986.f., 1. apг., 36628. lieta, 140. lp.
[8] Юрэвіч Л. Сьвет эміграцыйнага эпісталярыю: 3 матар’ялаў архіву Рады БНР // ARCHE. 2001. № 3. С. 56-57.
[9] Езовитов К. Воспоминия // Неман. 1993. № 13. С. 132-133. Сам К. Езавітаў у снежні 1942 г. пісаў знаёмаму ў Берліне, пгго ў год савецкай улады „шчаслівым спосабам” застаўся жывы хутчэй за ўсё з-затаго, што савецкая ўлада „пасаромелася” яго адразу рэпрэсавацьяк „пацярпелага ад ульманаўскага рэжыму”. Апрача таго яго вельмілюбілі беларускія школьнікі ды ix бацькі, „трэба было прыслухаццада голасу рабочых кварталаў”, але ў Сібір нібьгга была сасланая ягобылая жонка (на самай справе яго другая жонка Ларыса Нікіфароўская сама паехала ўслед за Чырвонай арміяй, калі тая адступала, i памерла ў Маскве ў 1970-я гг.). Нацыянальны Архіў Рэспублікі Беларусь(далей — НАРБ), ф. 458, воп.1, спр.79, с 29.
[10] LVA, 1986. f., 2. apг., P-10551. lieta, 48-93. lp.
[11] Аляксандр Булат быў чэмпіёнам Латвіі па фехтаванні 1936 г.
[12] LVA, 1986. f., 2. арг., Р-4809. lieta, 3-23. lp.
[13] LWA, P-813. f., 2. арг., 28. lieta, 62-67. lp.
[14] Pūpols Р. Draugu sejas. Tahoma, 1964. 49. lpp.
[15] LWA, P-712. f., 1. apг., 5. lieta, 1. lp.
[16] LWA, P-712. f., 1. арг., 6. lieta, 3. lp.
[17] LWA, P-712. f., 1. арг., 2. lieta, 26. lp.
[18] LWA, P-69. f., 1A. apг., 9. lieta, 5. lp.
[19] Strods H. Zem melnbrūnā zobena. Rīga, 1976., 78. lpp.
[20] LWA, P-69. f., la. apг., 2. lieta, 418. lp.
[21] Соловьев А. Белорусская центральная рада. Создание, деятельность, крах. Минск, 1995. С.155.
[22] LWA, Р-712. f., 1. apг., 1. lieta, 1.-47. lp.
[23] НАРБ, ф. 458, воп.1, спр. 79, с.29, 62; спр. 91, с.11-15.
[24] Тамсама, спр. 87, с.8.
[25] Раніца. 1942. 18 ліп.
[26] LWA, Р-712. f., 1. арг., 4. lieta, 9. 1р
[27] НАРБ, ф.458, воп.1, спр.80, с.36; спр.91, с.25-70.
[28] LWA, Р-712. f., 1. арг., 1. lieta, 44. 1р.
[29] Раніца. 1942. 18 ліп. Мальдзіс А. Пра лес архіва Канстанціна Езавітава: Зборнік артыкулаў i дакументаў. С.244.
[30] LWA, Р-712. f., 1. арг., 4. lieta, 9. lp.
[31] Герасімаў В. „Да праўды сьветлай, братка, йдзі!” // Полымя. 1994.№ 4. С. 186.
[32] НАРБ, ф.458, воп.1, спр.81, с.61-65; спр.91, с.1, 8.
[33] LWA, Р-712. f., 1. арг., 6. lieta, 3. 1р.
[34] Daugavas Vēstaesis. 1941. 7. dec.
[35] НАРБ, ф.458, воп.1, спр.79, с.4; спр.86, с.1.
[36] LWA, Р-701. f., 1. арг., 17. lieta, 10. 1р.
[37] Раніца. 1942. 18 чэрв.
[38] LWA, Р-949. f., 1. арг., 332. lieta, 17. 1р.
[39] LWA, Р-712. f., 1. арг., 4. lieta, 25. 1р.; 5. lieta, 15., 3. 1р.
[40] LWA, Р-949. f., 1. арг., 369. lieta, 1.-19. lp.; 370.1ieta, l.-42.1p.; 315.1., 1.-115.1p., 316.1., l.-133.1p.; 452.1., l.-70.1p.; 332.1., l.-50.1p.; 454.1., 1.-123.lp.; 453.1., l.-6.1p.; 262.1., l.-19.1p.
[41] НАРБ, ф.458, воп.1, спр.73, c.4; cnp.86, c.13.
[42] LWA, Р-949І., l.apг., 262. L, 10.-19. lp.
[43] Turpat, 1.-9. lp.; Р-701Х, l.apг., 181. 1., 67.-68. lp., 122.-123. lp.; Р-951Х, (Izglītības un kultūras ģenerāldirekcijas Skolu departaments), 1. apг., 128. 1., l.-25.1p. (Zilupes ģimnāzijas dokumentācija).
[44] Turpat, P-951.f., l.apг.,93 262. 1., 1., 49. lp.
[45] У Даўгаўпілскай латышскай газеце „Daugavas Vēstnesis” была апублікавана аб’ява на нямецкай, латышскай, рускай i беларускай мовах, каббацькі рэгістравалі дзяцей для навучання ў Даўгаўпілскай беларускайгімназіі (на вул. Каўняс, 8). Daugavas Vēstnesis. 1942. 11 лют.
[46] LWA, Р-712Х, l.apг., 4. 1., 13., 30. 1р.; З.1., 4.1р.; P-951.f., l.apг., 93.1.,26.-45.lp.
[47] НАРБ, ф.458, воп.1, спр.87, с.9-10; Новая Дарога. 1943. 19 вер.
[48] LWA, Р-712І., l.apг., 5. L, 23. lp.; 4.1., 46.1p.
[49] Сведчанні, атрыманыя 12 жніўня 1995 г. аўтарам ад паляка БраніславаМінкевіча (нар. у 1930 г., жыў у Дземенскай воласці, вучыўся ў Дземенскай беларускай школе) i ад паляка Отта Дзевалтоўскага (нар. у1932 г., жыў у Саліенскай воласці, вучыўся ў Ліелборнскай беларус­кай школе) 28 жніўня 2003 г.
[50] Daugavas Vēstnesis 1943. 26.aug.
[51] LWA, Р-712І., l.apг., 4. L, 3.-4., 45.1р.; 5.1., 20. lp.
[52] Тамсама, P-949.f., l.apг., 370. L, 28. lp.; 454.1., 12.1p.
[53] Тамсама, 454.1., 18., 21., 111.1р.; 262.1., 1., 13. lp.; Р-951Х, l.apг., 91.1, 1., ll.lp.
[54] LWA, P-712.f., l.apг., 4. L, 42. 1р.; З.1., 4.1р.; 2.1., 23. lp. Цікава, пгго бацька М. Гаўбштэйна быў латышом, але ён сам лічыў сябе беларусам.LWA, Р-712І., l.apг., 1. L, 5. lp.
[55] НАРБ, 458 ф., 1 on., 37 д., 22 стр; 86 д.
[56] LWA, P-1489.f., 4.apг., 171. 1., 1.-2. 1р.
[57] Тамсама, Р-712Х, l.apг., 4. 1., 14., 37., 49. lp.; 5.1., 14.1р.; 2.1., 15.1р.; Двин­ский вестник. 1943. 4 сент.
[58] Герасімаў В. «Да праўды сьветлай, братка, йдзі!» // Полымя. 1994.№ 4. С. 186.
[59] Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. Т. 5. Мінск,1995. С. 260-261.
[60] НАРБ, ф.458, воп.1, спр.87, с.21, 30.
[61] LWA, Р-712Х, l.apг., 4. 1., 32. lp.
[62] Гл., напрыклад: LWA, Р-180Х, 5.арг., 290. 1., 13-26. lp. (апытальныя лісты 15 прызваных у легіён беларусаў па прозвішчы Клагішы).
[63] LWA, Р-949Х, l.apг., 332. 1., 2., 35., 49. lp
[64] Тамсама, 316.1., 121.1p.
[65] Тамсама, 262.1., 14.1p.; P-180.f., 5.apг., 79.1., 62.1р.; Р-951Х, l.apг., 93.1.,29.1p.
[66] Тамсама, Р-71Х, І.арг., 21.1., 1.-43.1р.
[67] Тамсама, Р-712Х, І.арг., 4.1., 31.1р.
[68] НАРБ, ф.458, воп.1, спр.86, с 4, 10.
[69] LWA, Р-951Х, І.арг., 55. 1., 1.-4. 1р.
[70] НАРБ, ф.458, воп.1, спр.80, с.1-2; LWA, Р-712Х, І.арг., З.1., 7.1р.
[71] Тамсама, спр.86, с 13.
[72] LWA, Р-712І., І.арг., 5. 1., 31. 1р.
[73] Тамсама, 4. 1., 3-4., 45. 1р.
[74] Тамсама, P-712.f., l.apг., 5. L, 17. lp.
[75] Езовитов К. Воспоминания // Неман. 1993. С. 151-155.
[76] Соловьев А. Белорусская Центральная Рада. Создание, деятельность,крах. С. 137-142.
[77] Łatyszonek O. Mikołaj Demidow // Białoruskie Zeszyty Historyczne. 1995.№ 1. S.178-179.
[78] No NKVD līdz KGB. Politiskās prāvas Latvijā 1940-1986. Noziegumospret padomju valsti apsūdzēto Latvijas iedzīvotāju rādītājs. Rīga, 1999.315, 377, 875 lpp.
[79] Беларускія пісыменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. Т. 5. С. 262. Чытаць далей →

Вялікі, Анатоль Ф. На раздарожжы. Беларуси і палякі ў час перасялення (Юры Вашкевіч)

Снежня 4, 2006 |


ВЯЛІКІ, АНАТОЛЬ Ф. На раздарожжы. Беларусы i палякі ў час перасялення (1944-1946 г.). Мінск, 2005.-319 с.

Да выхаду манаграфіі Анатоля Вялікага беларуская гістарыяграфія не мела не толькі кніг, але нават сур’ёзных артыкулаў, цалкам прысвечаных „рэпатрыяцыі” польскага i беларускага насельніцтва перыяду Другой сусветнай вайны. Гэтая табуяваная савецкай уладай тэма чамусьці вельмі рэдка ўздымалася на форумах гісторыкаў ужо незалежнай Беларусі, хоць гутарка ідзе пра кардынальныя для абедзвюх краін змены i звязаныя з гэтым лесы сотняў тысяч людзей. (Дарэчы было б таксама паставіць пытанне, ці гэтыя страты папуляцыі ўлічваліся пры падліках ахвяраў вайны, a калі так, дык якім чынам?) Зразумела, існавалі аб’ектыўныя прычыны, што перашкаджалі даследаванню гэтай праблемы. Апроч згаданай палітычнай — забароны, была яшчэ адна — адсутнасць дакументальных дадзеных, недаступнасць архіўных матэрыялаў Менавіта гэты прагал паспрабаваў запоўніць A. Вялікі сваей працай. Яна складаецца з чатырох раздзелаў, тры з якіх прысвечаны перасяленню палякаў з Беларусі i толькі ў адным, апошнім, разглядаецца працэс перамяшчэння беларускага жыхарства Польшчы. Такія прапорцыі цалкам абгрунтаваныя, улічваючы маштабы першай i другой з’явы. Сумнеў могуць выклікаць толькі словы „3 прасавецкай Польшчы…” ў назве апошняга раздзела. Як сведчыць найноўшая гісторыя, Польшча ніколі не была прасавецкай, а тым больш не была яна такой у 1944-1946 г. Люблінскі марыянеткавы ўрад (Польскі камітэт нацыянальнага вызвалення — ПКНВ) прасавецкім быў, але Польшча — не. Таму больш адпаведным было б словазлучэнне „3 падсавецкай Польшчы…”.

У манаграфіі даследуецца вельмі кароткі перыяд найноўшае гісторыі Беларусі, толькі два гады, але гэта быў вельмі бурлівы, трагічны i ў нечым лёсавызначальны час для соцень тысяч, a можа i мільёнаў нашых суайчыннікаў, длябудучага нашай краіны. Зусім лагічна, што кніга пачынаецца з разгляду агульных праблем, датычных савецка-польскай мяжы, міжнародных пагадненняў, тэрытарыяльнага падзелу i высвятлення самога тэрміна, якім акрэслівалася перамяшчэнне насельніцтва, выкліканае вышэйзгаданымі чыннікамі. Аўтар даволі падрабязна разглядае працэс усталявання заходняй мяжы Беларусі, скарыстоўваючы пры гэтым цікавыя архіўныя матэрыялы, што адлюстроўваюць погляды тагачасных кампартыйных функцыянераў. Не выклікае сумневу агульная выснова аўтара наконт таго, што кіраўніцтва рэспублікі не мела права самастойна вызначаць яе межы, што гэтае пытанне вырашалася ў Маскве. Тут нельга не заўважыць некаторай супярэчнасці ў пазіцыі аўтара, які адначасова згадвае пра міжнародную правасуб’ектнасць Беларусь Савецкі Саюз толькі на паперы быў федэратыўнай дзяржавай, у сапраўднасці ж гэта было суперцэнтралізаванае ўтварэнне. Таму трохі наіўна гучаць разважанні пра ігнараванне Масквой думкі органаў дзяржаўнай улады БССР, УССР i ЛітССР, a тым больш ix фармальнай згоды адносна дамовы ад 16 жніўня 1945 г. аб савецка-польскай мяжы. Адзначым таксама, што адсутнасць згадкі пра сутнасць пакта Рыбентропа — Молатава, які паклаў канец існаванню суверэннай польскай дзяржавы i пачатак Другой сусветнай вайне, уяўляецца вельмі рызыкоўным з пункту гледжання добрасумленнасці асвятлення гэтага этапу гісторыі Беларусі i Польшчы.

Пераканальнымі з’яўляюцца высновы аўтара пра сут­насць самой з’явы масавага перамяшчэння насельніцтва ў 1944-1946 г. i яе тэрміналагічнага вызначэння. Даволі часта ў гістарычнай літаратуры i публіцыстыцы скарыстоўваецца не зусім адпаведны тэрмін „рэпатрыяцыя”. А. Вялікі слушна прапануе вызначаць гэты працэс тэрмінам „перасяленне”. Але, на нашу думку, гэтае акрэсленне павінна ўжывацца не таму, што насельніцтва захопленай у 1939 г. Савецкім Саюзам часткі Польскай Рэспублікі было, з гледзішча саветаў, de jure (з пункту гледжання міжнароднага права de facto) уключана ў савецкае грамадзянства. Бацькаўшчынай, „патрыяй”, для беларусаў Польшчы i палякаў Бела русі былі землі, дзе яны спрадвечна жылі. Краіны па абодва берагі Буга, Беларусь для адных i Польшча для другіх, былі духоўнай радзімай, але не Айчынай. Яны не вярталіся на яе, a пакідалі, менавіта таму тэрмін „рэпатрыяцыя” тут не падыходзіць.

Трагізм гэтага масавага перасялення быў не толькі ў тым, што людзі пакідалі сваю малую радзіму, айчыну продкаў. Яны страчвалі даробак свайго жыцця, выязджалі, не ведаючы свайго далейшага лёсу. Ix рашучасці ў гэтым паспрыяла сама савецкая ўлада, якая ўжо ў студзені 1945 г. пастановай ЦК ВКП(б) вызначыла праграму саветызацыі i русіфікацыі беларускіх палякаў. Аўтар слушна акцэнтуе ўвагу на аспекце, звязаным з адміністрацыйнай ліквідацыяй польскіх школ на Беларусі, бо менавіта ў ix кампартыйныя дзеячы бачылі небяспеку правядзенню сваёй „нацыянальнай палітыкі”. Савецкія камуністы заўсёды падазрона ставіліся да польскіх настаўнікаў, ды i саміх палякаў. На жаль, гэтая сумная традыцыя аказалася вельмі трывалай i перакачавала ў постсавецкі час. На недавер палякі адказвалі недаверам. У кнізе дадзена вельмі добрае дакументальнае пацверджанне гэтаму. Перадусім гутарка ідзе пра тое, што большасць палякаў не верылі ў перасяленне, падазраючы падрыхтоўку да высылкі ў Сібір. Калі ў снежні 1944 г. першыя некалькі сем’яў выпраўляліся з Брэста ў Польшчу, на вакзале натоўп палякаў назіраў, у якім напрамку рушыць цягнік — на Захад ці на Ўсход. „Пераканаўшыся, што ў сапраўднасці цягнік накіраваўся ў Польшчу, палякі пачалі масава рэгістравацца на выезд”. Гэты красамоўны прыклад са справаздачы райпрадстаўніцтва дае нам больш уяўлення пра рэальную сітуацыю, чым шматслоўныя разважанні ідэалагізаваных гісторыкаў.

Асобны раздзел манаграфіі прысвечаны „чэкісцкаму” кантролю за перасяленнем. Не толькі ўпаўнаважаная польскага ПКНВ была агенткай НКВД, большасць прадстаўнікоў СНК БССР працавала ў органах НКГБ i НКВД. Як вынікае з цытаваных у кнізе рапартаў „рыцараў рэвалюцыі”, большасць палякаў адмоўна ставіліся да савецкай улады. Таму арышты перасяленцаў былі звычайнай практыкай ра­боты „органаў”.

Натуральна, разглядаючы такую жыццёвую праблему, як масавае перасяленне, аўтар не мог абысці ўвагай пытанне прычын i матывацый, якія схілялі людзей да гэтага. У кнізе змешчаны найбольш значныя, на думку аўтара, чыннікі, якія ён пералічвае ў парадку ix важкасці: сацыяльна-эканамічныя, грамадска-палітычныя, этнічныя, канфесійныя, міжнародныя, сямейныя, адзначаючы, што ўсе яны дзейнічалі як паасобку, так i сукупна. Безумоўна, большая частка палякаў выязджала ў Польшчу, спадзеючыся на лепшыя ўмовы існавання. Яны ведалі жыццё ў міжваеннай Польшчы, спазналі яго пад саветамі ў 1939 – 1941 г. i пасля вайны, таму мелі што i з чым параўноўваць. Параўнанне гэтае выпадала не на карысць СССР, з яго калгаснай галечай, празмерным падаткаабкладаннем i шматлікімі дробязнымі абмежаваннямі. Не менш балючымі былі абмежаванні ў галіне мовы i адукацыі, рэпрэсіўная антьшольская палітыка ўладаў i ix агульнае непрыязнае стаўленне да палякаў. Рзлігійны чыннік таксама адыграў сваю ролю, у некаторых выпадках вырашальную. Агрэсіўна атэістычная савецкая палітыка рэзка кантраставала з набожнасцю каталіцкага насельніцтва Заходняй Беларусі, дзе кансерватыўная „крэсовая” традыцыя была яшчэ вельмі моцнай. Сярод іншых чыннікаў, якія ўздзейнічалі на працэс перасялення палякаў з БССР, аўтар узгадвае Армію Краёву, уважаючы яе дзейнасць за антысавецкую, антыбеларускую i антыпольскую. Калі з першымі двума сцверджаннямі можна пагадзіцца, дык выснова пра антыпольскасць АК не ўяўляецца ўдалай i адпаведнай праўдзе. АК падпарадкоўвалася адзінаму на той час легальнаму польскаму ўраду ў Лондане i адпаведна дзейнічала згодна з вызначанай ім палітыкай, што зыходзіла з інтарэсаў міжваеннай польскай дзяржавы. Натуральна, да вызначанасці ўсходняй мяжы Польшчы АК супрацівілася перасяленню, разглядаючы Заходнюю Беларусь як захопленную Савецкім Саюзам частку міжваеннай Польскай Рэспублікі. Пасля ж усталявання межаў i адыходу ўсходніх зямель да СССР у інтарэсах польскіх уладаў было перася­ленне як мага болынай колькасці палякаў на тэрыторыю ix краіны, чаму i спрыяла АК уласцівымі ёй армейскімі мета дамі. Усё лагічна, калі не падыходзіць да гэтага з пазіцый палітыка- i этнацэнтрызму.

Перасяленню палякаў з Усходу ў Польшчу прысвечана даволі шмат гістарычных публікацый, існуе вялікая мемуарыстыка, што асвятляе гэтыя падзеі вуснамі ix сведкаў. Кніга А. Вялікага паказвае гэты працэс у своеасаблівым ракур­се, з боку савецкіх афіцыйных дакументаў. Гэта, дарэчы, дае магчымасць высветліць некаторыя спрэчныя пытанні, між іншым, такое важнае, як колькасць перасяленцаў. Вельмі характэрнай з’яўляецца канстатацыя эвалюцыі ў стаўленні ўлад на працягу ўсёй кампаніі. Як адзначае аўтар, з восені 1944 г. да вясны 1945 г. ix адносіны да яе былі пасіўнымі i абыякавымі. Аднак масавы „сыход” польскага насельніцтва прымусіў савецкае кіраўніптва прыняць захады, скіраваныя на запаволенне ад’езду з рэспублікі. Усвядоміўшы колькасць ахвотнікаў вырвацца з „бальшавіцкага ярма” i маштаб магчымай міграцыі гаспадарлівага i працаздольнага насельніцтва (а не „нямецкіх памагатых”, „дэзерціраў”, „бандытаў”, „нацыяналістаў” i „святароў”), саветы хутка зразумелі, якія сацыяльна-эканамічныя наступствы гэта выкліча. Таму ўсе паўнамоцтвы па пытаннях, звязаных з рэгістрацыяй, былі перададзены савецкім абласным камісіям па перасяленні, а ўпаўнаважаныя польскай дэлегацыі пазбаўляліся права ўмяшальніцтва ў ix распараджэнні i практычна пераўтвараліся ў тэхнічных работнікаў. Для змяншэння лавінападобнага працэсу рэгістрацыі ахвотных ад’ехаць у Польшчу партыйна-савецкія ўлады скарысталі адміністрацыйны рэсурс. Гэтых ахвотных было блізу паўмільёна, але выехаць змаглі толькі трохі менш за палову. Аўтар прыводзіць дадзеныя, якія грунтуюцца на архіўных матэрыялах, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь. Паводле выніковага пратакола аб заканчэнні перасялення паступілі заявы на выезд у Польшчу 499 648 чалавек (паводле Галоўнага прадстаўніцтва СМ БССР — 535 248). Колькасць тых, што фактычна пераехалі, склала толькі 238 782 чалавекі, ці 45,05% палякаў ад усёй колькасці зарэгістраваных. У кнізе прыводзяцца падрабязныя лічбы як ахвотных перасяліцца, так i тых, што атрымалі дазвол на выезд па асобных райпрадстаўніцтвах, а таксама па катэгорыях насельніцтва.

Калі тэма пасляваеннага перасялення палякаў з Беларусі была доўгі час закрытай для даследчыкаў, дык пытанне пераезду беларускага насельніцтва з Польшчы бадай што ніколі не ўздымалася ў беларускай гістарычнай літаратуры. Гэта надае асаблівую вартасць чацвёртаму раздзелу манаграфіі, прысвечанаму разгляданым падзеям. Цікава, што паводде пастановы беларускіх дзяржпартыйных органаў меркавалася перасяліць 200 тыс. асоб, пры тым што па падліках упаўнаважаных СНК БССР i польскіх уладаў лічба беларусаў на Беласточчыне вагалася ад 100 да 130 тыс. чалавек. На падставе архіўных дакументаў аўтар робіць выснову, што ініцыятарам гэтага фантастычнага плана быў першы сакратар ЦК КП(б)Б П. Панамарэнка, які, як высветлілася, „абсалютна не валодаў сітуацыяй”. Да таго ж, у адрозненне ад беларускіх палякаў, беларусы Польшчы асабліва не імкнуліся мяняць месца жыхарства. Жаданне пераехаць у БССР выказала меншасць з ix, а частка зусім не хацела рэгістравацца на выезд. Да канца снежня 1946 г. (заканчэння тэрміну перасялення) у Беларусь пераехала каля 28 тыс. чалавек, што складала крыху больш за 11% ад першапачаткова планаванай савецкімі ўладамі колькасці. Беларусы Польшчы з засцярогай ставіліся да савецкага ладу жыцця i ўвогуле да савецкай улады, добра ведаючы, што яна пазбаўляе сялян прыватнай уласнасці на зямлю. Як трапна заўважае A. Вялікі, „для абсалютнай большасці беларусаў Беласточчыны галоўным з’яўлялася… не дзе жыць, а як жыць” (с. 217). Таму большасць беларусаў праігнаравалі перасяленчую акцыю, i толькі нязначная ix частка пераехала ў БССР. Безумоўна, нельга не ўлічваць і палітычныя чыннікі: дзейнасць нацыяналістычнага польскага падполля, ціск з боку некаторых прадстаўнікоў мясцовых уладаў, грамадскія і канфесійныя абставіны. Не выпадкова ж у першую чаргу з’язджалі савецка-кампартыйныя дзеячы, якія адчувалі пагрозу для сябе, i найбольш збяднелыя сяляне, якім не было чаго губляць. На жаль, аўтар падрабязна не раскрывае, чаму пры прыкладна аднолькавых вонкавых чынніках уздзеяння — на польскае насельніцтва ў БССР i беларускае ў Польшчы — колькасць ахвотных пакінуць Беларусь сягала паўмільёна, а перасяленне беларусаў з Беласточчыны практычна правалілася. Падаецца, што адных агульных згадак пра „непрыняцце савецкай улады” ды „сацыяльна-эканамічныя фактары” недастаткова, каб параўнаць i патлумачыць матывацыі паводзінаў людзей.

У цэлым жа трэба адзначыць удумлівы i дапытлівы падыход аўтара да вывучэння прадмета свайго даследавання, дакладную i крытычную ацэнку архіўных дакументаў, суаднясенне ix з логікай падзей i гістарычнымі фактамі. Праўда, пры чытанні кнігі ўзнікае ўражанне, што ён быццам бы пазбягае выказваць ўласнае меркаванне, імкнучыся замяніць яго цытаваннем, часам занадта працяглым. I яшчэ адна агульная рэфлексія. Кожны раз, калі чытаеш публікацыі, што выходзяць у Беларусі, задает сабе пытанне — каго аўтар лічыць сваім? Якую ўладу? Чые інтарэсы для яго — свае? Часцей за ўсё выходзіць, што савецкія, на добры лад — беларускія савецкія, i вельмі рэдка — беларускія нацыянальныя. Пасля прачытання кнігі Анатоля Вялікага адназначнага адказу на гэтыя пытанні мы не знаходзім. Тым не менш, прыгадаем яшчэ раз, што разгледжаная кніга — першае сур’ёзнае даследаванне такога кшталту ў беларускай гістарыяграфіі, сваеасаблівы прарыў у распрацоўцы тэматыкі, якая дагэтуль практычна не вывучалася. Варта спадзявацца, што яна паслужыць стымулам для іншых гісторыкаў, якія займаюцца найноўшай гісторыяй Беларусі, i для самога аўтара ў яго далейшай працы над неразгорнутымі старонкамі беларускай мінуўшчыны.

Мінск

Юры Вашкевіч

Наверх

ГРЕБЕНЬ, ЕВГЕНИЙ А. Гражданское население Беларуси в условиях немецкой оккупации (1941–1944 гг.): монография. Минск: БГАТУ, 2016. 496 с.

Жніўня 18, 2006 |

Падзеі Другой сусветнай вайны выклікаюць вялікі інтарэс даследчыкаў, што звязана не толькі з фармаваннем калектыўнай памяці ў Беларусі, але і з неабходнасцю грунтоўнага, усебаковага аналізу падзей на беларускіх землях. Традыцыйна айчынныя гісторыкі засяроджваюць увагу на высвятленні пытанняў, звязаных з баявымі дзеяннямі, рухам супраціўлення і калабарацыянізмам, характарыстыкай палітычнай сітуацыі на акупаванай тэрыторыі, “забываючыся” такім чынам на лёс простых людзей, якім трэба было не проста жыць, а выжываць у гады ваеннага ліхалецця. На гэтым фоне кніга Яўгена Грэбеня вылучаецца менавіта зваротам да простага чалавека і да арганізацыі яго жыцця ва ўмовах нямецкай акупацыі. Чытаць далей →

Ірына Романова. Пасляваенны яўрэйскі Бабруйск.

Жніўня 14, 2006 |


Напярэдадні вайны ва ўсходняй Беларусі жыло 375 тыс. яўрэяў [1] і ў заходняй – прыкладна 600 тыс., разам каля 1 млн. У гады Халакосту на тэрыторыі Беларусі было забіта каля 800 тыс. мясцовых і прывезеных з Еўропы яўрэяў. Першы пасляваенны Усесаюзны перапіс, праведзены амаль праз пятнаццаць гадоў пасля вайны, зафіксаваў у БССР на 1 студзеня 1959 г. толькі 150 тыс. яўрэяў [2]. Па абласцях яўрэйскае насельніцтва размяркоўвалася наступным чынам: на першым месцы стаяла Мінская вобласць –47,8 тыс. яўрэяў (з іх 38,8 жылі ў самім горадзе Мінску), далей ішлі вобласці ўсходняй Беларусі: Гомельская – 45 тыс., Магілёўская – 28,4 тыс., Віцебская – каля 19 тыс.; у дзвюх абласцях на захадзе Беларусі колькасць яўрэяў была значна меншай: у Брэсцкай – 6 тыс., у Гродзенскай – 3,7 тыс. [3] Амаль усе яўрэі жылі ў гарадах (каля 97%). Чытаць далей →

Сяргей Новікаў. Баявыя дзеянні ў Беларусі летам 1941 г.: гістарыяграфічныя міфы і гістарычная рэальнасць.

Жніўня 14, 2006 |


Адна з актуальных праблем аналізу новых гістарыяграфічных крыніц, у тым ліку замежных, – выяўленне ступені навуковай верыфікацыі гістарычных фактаў. Разгледзім гэта на прыкладзе гісторыі Беларусі летам 1941 г. Як жа насамрэч баявыя дзеянні Чырвонай арміі і германскага Вермахта, якія вызначалі адметнасць пачатковага перыяду вайны на беларускай зямлі, адлюстраваны ў найноўшай расійскай 12‑тамовай фундаментальнай працы – “Великая Отечественная война 1941–1945 годов” [1], падрыхтаванай вядучымі даследчыкамі Расіі на працягу літаральна апошніх некалькіх гадоў? Наколькі сутнасць новых грунтоўных прац вынікае з дакументальных крыніц рознага паходжання і наколькі гістарычныя факты набліжаюць чытача да асэнсавання рэальных вынікаў абарончых баёў Чырвонай арміі ў Беларусі ў чэрвені – жніўні 1941 г.? Адказаць на гэтыя і іншыя пытанні важна па розных прычынах, але ў першую чаргу з чыста даследчыцкіх інтарэсаў.

З аднаго боку, у такім кантэксце паспрабуем даць адказ на галоўнае пытанне: наколькі ўсебакова ў новых грунтоўных выданнях адлюстраваны баявыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі ўлетку 1941 г.? Зыходзячы з гэтага можна будзе зразумець, што ж тады здарылася на беларускай зямлі – ці паражэнне Чырвонай арміі, ці яе ваенная катастрофа, ці крах савецкай абарончай стратэгіі або адбылася толькі страта баявых рубяжоў, калі на фоне вымушанага адступлення Чырвоная армія працягвала весці ўпартыя баі за тэрыторыю Беларусі, калі з канца чэрвеня і да канца жніўня 1941 г. насамрэч ішла БІТВА за Беларусь. Ці ўсё ж такі галоўным вынікам несупынных баявых дзеянняў, тактычных адыходаў і стратэгічных контрудараў, вялізных людскіх і матэрыяльных страт Заходняга і Цэнтральнага франтоў на беларускай зямлі стаў крах аперацыі “Барбароса” ў канцы ліпеня 1941 г., звязаны са спыненнем наступлення групы армій “Цэнтр” на Маскву і пераходам яе да франтальнай абароны ў ходзе вядзення так званай “маланкавай вайны” супраць СССР. У сувязі з гэтым ці здольны мы на цяперашні час вызначыць сапраўднае гістарычнае значэнне тых падзей, пераканаўча паказаць дакументальную базу, пакладзеную ў аснову навуковых ацэнак гістарычных вынікаў абарончых баёў Чырвонай арміі на тэрыторыі Беларусі летам 1941 г.? Чытаць далей →

Уладзімір Ісаенка. Першы дапаможнік па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны

Снежня 20, 2005 |


* Великая Отечественная война советского народа (в контексте Второй мировой войны). Учебное пособие для 11 кл. Допущено Министерством образования Республики Беларусь. Под ред. докт. ист. наук, проф. А.А. Ковалени и докт. ист. наук Н.С. Сташкевича. Авторы: А.А. Коваленя, М.А. Краснова, В.И. Лемешонок, С.Е. Новиков, М.Г. Жилинский, Б.Д. Долготович, К.И. Козак. Минск: Издательский центр БГУ, 2004. 231 с.

Рэцэнзентамі дапаможніка выступілі кафедра гісторыі Беларусі новага і найноўшага часу БДУ, праф., канд. гіст. навук Г. Ваўчок і настаўнік гімназіі №56 г. Мінска П. Гламбоцкі.

Кніга выдадзена на рускай і беларускай мовах тыражом больш за 100 тысяч. Выданні, якія маюць невялікія адрозненні, выходзілі таксама ў якасці падручніка для ВНУ, а таксама для шырокага кола чытачоў.

Выхад у свет навучальнага дапаможніка пра велізарную вайну ў гісторыі чалавецтва — першага за 60 гадоў у Беларусі і краінах СНД, ды і сусвету — з’ява буйнога культурна–гістарычнага значэння. І не толькі таму, што ён абуджае ў памяці падзеі той вайны, маштабы ваенных аперацый (і трагедый) Другой сусветнай вайны. Увага да тых далёкіх падзей, якія выпалі на долю некалькіх пакаленняў, сведчыць, што не будуць забытыя палітычны і грамадзянскі вопыт, шматлікія ахвяры вайны, гераічныя подзвігі народаў–вызваліцеляў, сярод якіх пачэснае (і трагічнае) месца займае беларускі народ. Першы, найбольш магутны ўдар ворага абрынуўся менавіта на тэрыторыю і насельніцтва Беларусі, а вызвалена яна была (разам з Літвой) апошняй. Народ Беларусі так і не скарыўся акупантам, рэспубліка ператварылася ў партызанскую, амаль з кожнай сям’і нехта загінуў, многія пазбавіліся здароўя, жылля, маёмасці. Памяць пра родных, якія не вярнуліся з вайны, і пачуццё глыбокай удзячнасці да вызваліцеляў–сыноў іншых брацкіх народаў („савецкага народа“) жыве і будзе жыць у вяках. Нашчадкі тых, хто прайшоў цяжкімі дарогамі вайны, не шкадуючы жыцця, змагаўся ў лясных пушчах, адбудоўваў гарады і сёлы, могуць ганарыцца дзядамі і бацькамі.

Вайна — гэта ахвяры і страты, непамерная праца, галеча і калецтва, спусташэнне гарадоў і вёсак. Адначасова гэта праверка чалавечай годнасці, высокіх патрыятычных пачуццяў, самаахвярнасці, але іншы раз і праявы нізкіх, эгаістычных, пачварных учынкаў. У цяжкіх, экстрэмальных умовах існасць чалавека, народа выяўляецца хутка і яскрава. Беларускі народ прайшоў выпрабаванні вайны, набыў каштоўны вопыт нацыянальнага суіснавання ў Еўропе, у сям’і братніх народаў. Яго сыны ўдзельнічалі ва ўсіх падзеях былой вайны і паказалі высокую чалавечую годнасць, гарачую, неадольную любоў да Айчыны.

Звернемся да прапанаванага навучальнага дапаможніка аб падзеях шасцідзесяцігадовай даўнасці.

У пошуках прычын Другой сусветнай вайны (раздзел I) аўтары разглядаюць міжнароднае становішча, якое склалася пасля падпісання Версальскай мірнай дамовы 1919 г. Асаблівую ўвагу выклікае дзейнасць Лігі Нацый, г. зв. Версальска–Вашынгтонская сістэма. Гэтае паняцце савецкай гістарыяграфіі згадваецца шмат разоў (с. 12, 22), і не толькі ў разгляданым навучальным дапаможніку, але і ў падручніку па сусветнай гісторыі для 11–га класа. Між тым, амерыканскі сенат адхіліў і не ратыфікаваў 19 лістапада 1919 г. Версальскую дамову. У яе ўвайшлі толькі 4 з 23 умоваў, прапанаваных прэзідэнтам Вільсанам. Кангрэс не даў згоды і на ўваходжанне ЗША ў Лігу Нацый. У дачыненні да еўрапейскіх справаў пачала ажыццяўляцца палітыка ізаляцыянізму. У 1921 г. было абвешчана аб спыненні вайны з Нямеччынай і 25 жніўня ЗША падпісалі сепаратную дамову. Так што адзінай сістэмы ў рабаўніцтве Нямеччыны не было і ў перакройцы межаў у пасляваеннай Еўропе ЗША удзелу не бралі. Не было адзінства ўзгодненых дзеянняў нават у Францыі і Вялікай Брытаніі. Ленін назваў Версальскую дамову „дамовай драпежнікаў і рабаўнікоў“. Яе ўмовы, абавязковыя для выканання, прывялі да разбурэння эканомікі і жабрацтва ў Нямеччыне. Нямецкі ўрад адказаў 12 ліпеня 1922 г. спыненнем выплаты рэпарацый, а нямецкі народ у 1923 г. — выбухам нацысцкага путчу ў Мюнхене і камуністычнымі паўстаннямі ў Берліне і Гамбургу (першая спроба перавароту была ў студзені 1919 г. пад кіраўніцтвам К.Лібкнехта і Р.Люксембург.) Пра гэта, як і пра стварэнне і дзейнасць Камінтэрна на савецкія грошы ў дапаможніку — ані слова, паведамляецца толькі пра чамусьці заключаны ў 1936 г. „Антыкамінтэрнаўскі пакт“ (с. 15).

Не знайшлося месца, каб паведаміць аб прыходзе 30 кастрычніка 1922 г. да ўлады ў Італіі фашыста Мусаліні. Не разгледжана і сакрэтнае пагадненне 1922 г. Савецкага ўрада з Нямеччынай аб ваенна–тэхнічным супрацоўніцтве, якое набрала сілу да 1926 г. і дапамагала ўмацоўваць райхсвер.

Тлумачэння, хто такія арыйцы, а таксама паняццяў генацыд, нацызм, расавая палітыка, расізм, фашызм, шавінізм не даецца ні ў асноўным тэксце, ні ў прапанаваным слоўніку гістарычных паняццяў (с. 223—225).

Пры разглядзе міжнародных адносінаў 1930–х г. адзначаюцца галоўныя задачы нацыстаў — ліквідацыя беспрацоўя і ўзняцце дабрабыту ўсіх грамадзян — і мэта — адмена ўсіх абмежаванняў на ўзбраенне Нямеччыны (с. 13, 14). Галоўнае — панаванне ў Еўропе „арыйскай“ (а значыць нямецкай) расы, стварэнне неабходнай прасторы, з якой трэба выціснуць іншыя народы. Для гэтага перш за ўсё трэба аб’яднаць хоць бы нямецкі народ, прыйсці да ўлады. Аб’яднальнай была ідэя ануляваць Версальскую дамову і ліквідаваць Версальскую сістэму, дамагчыся раўнапраўя для Нямеччыны. У Нямеччыне ў лістападзе 1932 г. за нацыстаў аддалі галасы 11,8 млн., а за сацыял–дэмакратаў 8,1 млн., і за камуністаў — 5,8 млн. выбаршчыкаў, разам — большасць! Ды вось толькі апошнія не аб’ядналіся, а варагавалі, чым паспрыялі нацыстам атрымаць уладу і потым разбіць абедзве партыі. Прычыны гэтага — дзеянні Камінтэрна, які ажыццяўляў на практыцы генеральную лінію, акрэсленую Сталіным у 1924 г. на пленуме ЦК РКП(б): „Не кааліцыя з сацыял–дэмакратыяй, а смяротны бой з ёю“. Пра гэты палітычны промах аўтары не паведамляюць, а прыводзяць толькі табліцу росту ўплыву НСДАП у нямецкім грамадстве (с. 14). Не адзначаецца, што становішча ў Нямеччыне асабліва абвастрылася ў сувязі з сусветным эканамічным крызісам 1924—1933 г. 30 студзеня 1933 г. Гітлер легітымна ўзначаліў урад Нямеччыны. У кастрычніку Нямеччына пакінула Лігу Нацый, адмовілася ад удзелу ў Жэнеўскай канферэнцыі па раззбраенні 1932—1934 г. (а не 1935 г.; с. 14). І нямецкі народ гэта ўхваліў! У лістападзе 1933 г. за НСДАП прагаласавала 92% выбаршчыкаў. Насельніцтва ў бальшыні пайшло за Гітлерам.

Аўтары прытрымліваюцца пункту погляду маскоўскіх „аналітыкаў“: нацыстаў падтрымалі дробныя ўласнікі, беспрацоўныя, частка інтэлігенцыі і моладзі. Аднак і камуністы абапіраліся на беспрацоўных, здольных на ўсё, на дэкласаваную частку моладзі. Кадравыя рабочыя, як і прадпрымальнікі, былі зацікаўлены ў стабільнасці, заробках, а моладзь — у набыцці прафесіі і кар’ерным росце. Яна імкнулася пераважна не да вулічных сутычак з паліцыяй і між сабой, займалася турызмам і спортам, прымала блізка да сэрца ідэі адраджэння і велічы Нямеччыны. Гросбаўэры (заможныя сяляне) і дробныя ўласнікі (сярэдняе саслоўе) пайшлі ў нацысты, бо спадзяваліся на іх падтрымку і ўзбагачэнне ў сувязі з „арыiзацыяй“ дробных прадпрыемстваў. Ліквідацыя беспрацоўя і адыход моладзі ад левых радыкалаў, ад камуністаў з іх лозунгам „У пралетарыяў няма бацькаўшчыны“ (Ленін) і абвастрэння класавай барацьбы (Сталін) яшчэ болей паслаблялі камуністычны рух. Кампартыя была разгромлена, а іншыя партыі самараспусціліся. Да 1935 г. ажыццявілася ідэя „адзін народ, адзін райх, адзін фюрэр“, дадамо яшчэ „адна партыя“ — таталітарызм нацысцкага ўзору. Яму быў патрэбны ўнутраны вораг, каб апраўдаць рэпрэсіі, і знешнія праціўнікі, каб распачаць гонку ўзбраенняў.

У дапаможніку прыведзена табліца выпуску самалётаў толькі ў Нямеччыне з 1932 да 1939 г. (с. 15). Але параўнальна–гістарычны падыход патрабуе дапоўніць яе дадзенымі па суседніх краінах. У СССР выпушчана самалётаў: 1936 г. — 860, 1934 г. — 2600, 1936 г. — 3600, 1938 г. — 5500, 1939 г. — 7000, прычым многа новых тыпаў. У гэты час ВПС Англіі мелі 3000, а Францыі — усяго 2000 самалётаў. У 1935—1939 г. вытворчасць танкаў у СССР была ў 2 разы большай, чым у Нямеччыне. Дзяржава мела гармат болей, чым усе астатнія краіны разам узятыя. І ў гэтым — найвялікшы працоўны подзвіг савецкага народа. Так што скардзіцца на недахопы (с. 44) не варта. „Са снежня 1939 да 1941 г. у войскі Чырвонай Арміі было пастаўлена 7 тыс. танкаў, каля 18 тыс. баявых самалётаў“ (с. 41) сцвярджаюць аўтары — і вельмі недакладна. На самай справе гэтая колькасць баявой тэхнікі была пастаўлена з студзеня (!) 1939 да 22 чэрвеня 1941 г.[1].

Кожнай вайне папярэднічае перыяд пэўнай палітычнай падрыхтоўкі. Аўтары вельмі слушна дапаўняюць Дамову аб ненападзе Сакрэтным дадатковым пратаколам, прадметам нядаўніх спрэчак (с. 24, 25). Але гэтага мала. Варта было б спаслацца і на папярэдняе гандлёвае пагадненне, падпісанае 19 жніўня. Паводле яго Нямеччына атрымлівала ад СССР сыравіну, гэтак неабходную для вайны, а СССР — станкі і абсталяванне, вельмі патрэбныя для ВПК некаторыя ўзбраенні.

Вядома, што 28 красавіка 1939 г. Нямеччына скасавала дамову з Польшчай аб ненападзе. Адпаведная дамова СССР з Польшчай фармальна дзейнічала да 1945 г. Дачакаўшыся разгрому польскай арміі, 17 верасня распачала свой заходні паход Чырвоная Армія. Але на прапанаванай карце (с. 27) чамусьці не нанесены адпаведныя чырвоныя стрэлкі ні па „ўсходніх крэсах“ Польшчы, ні па ўсходняй паласе Фінляндыі. Дарэчы, дамоўленая лінія размежавання паміж савецкай і нямецкай зонамі не супадае з „лініяй Керзана“, як сцвярджаецца (с. 29), а праходзіць далёка на захад ад яе, каля польскага горада Ломжа. У савецкай ноце польскаму паслу ў Маскве і 33 паслам іншых краін 17 верасня заяўлялася, што ў сувязі з „распадам“ польскай дзяржавы Чырвоная Армія выконвае загад „перайсці мяжу і ўзяць пад сваю абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі“, г. зн. усталяваць там цывілізаваны парадак. З ліста сакратара ЦК КП(б)Б П. К. Панамарэнкі Сталіну (с. 37) відаць, што гэта быў за парадак: дзялілі зямлю, вешалі, расстрэльвалі, забівалі, здавалі… Нездарма да вайны ахоўвалася старая мяжа і „лінія Сталіна“ — умацаваныя раёны на ёй. У той час як умацаванні на новай мяжы („лінія Молатава“) апісаны (пабудавана 40%), для „лініі Сталіна“ (пабудавана 90%) месца не знайшлося.

Абодва бакі ліхаманкава рыхтаваліся да вырашальнага сутыкнення: Нямеччына — з 1935 (Закон аб абароне дзяржавы), СССР — з 1929 г. (індустрыялізацыя з ваенным ухілам). Разгром Польшчы і паход на Захад былі для нямецкай арміі хоць і прыемнымі, але толькі эпізодамі. У дамову аб ненападзе ніхто не верыў. Нямецкія ўзброеныя сілы панеслі невялікія страты, затое набылі патрэбны вайсковы вопыт і ўпэўненасць у сваёй непераможнасці. Савецкае кіраўніцтва верыла ў класавы характар вайны і падтрымку міжнароднага пралетарыяту.

Аўтары абяцалі паказаць Вялікую Айчынную вайну „ў кантэксце Другой сусветнай вайны“ і ў адносінах да Польшчы стрымалі сваё абяцанне. Але як ішла вайна на Захадзе — засталося амаль невядомым (с. 33, 34). Далучэнне прыбалтыйскіх рэспублік апісана вясёлкавымі фарбамі (с. 35), быццам адбывалася яно не ва ўмовах акупацыі, на асновах нелегітымных выбараў па сталінскім узоры, пасля грандыёзных „зачыстак“. Сцверджанні аб прызнанні гэтага акта законным вельмі спрэчныя (с. 35).

Зразумела, што навучальны дапаможнік — не навуковая манаграфія, якая змяшчае паглыбленыя даследаванні пэўных гістарычных падзей. Для яго дастаткова хоць бы пералічыць самыя істотныя падзеі ў пэўнай храналагічнай паслядоўнасці, падаць вынікі сістэмнага аналізу, пажадана без пропускаў і купюр. Усё сумнеўнае, спрэчнае, а тым больш памылковае на старонках навучальнага дапаможніка недапушчальнае.

Вядома, што „першай ахвярай на вайне робіцца праўда“. Таму крытычны аналіз павінен накіроўвацца ў першую чаргу на першасную інфармацыю, мемуары зацікаўленых удзельнікаў. Даследчык высвятляе ісціну, аўтар падручніка паведамляе пра яе ў форме, даступнай навучэнцу, пазбягае недакладнасцяў і супярэчнасцяў, а тым больш „псеўдафактаў“, домыслаў, міфаў накшталт „купавшихся детей“ (с. 70), панфілаўцаў (с. 77).

Але звернемся да ваеннай рэчаіснасці і яе адлюстравання ў дапаможніку. Дзеля зручнасці размесцім асобныя заўвагі ў паслядоўнасці, прапанаванай аўтарамі дапаможніка — паводле яго старонак.

Спачатку падаецца інфармацыя пра ўзброеныя сілы. Здавалася, яна павінна была б адлюстраваць колькасць асабовага складу, дывізій, танкаў, гармат, самалётаў усёй РККА і асобна будучага Заходняга фронту. Аўтары выбралі іншую форму, напрыклад: „з 1930 да 1939 г. колькасць танкаў павялічылася ў 43 разы“, „на ўзбраенні знаходзілася ўсяго каля 2000 самалётаў новых тыпаў“ (с. 44). Застаецца невядомым, колькі танкаў было ў 1930 г., агульная колькасць самалётаў. Па ЗАВО колькасць баявой тэхнікі ўказваецца канкрэтна і нават колькасць дывізій — 55 (с. 54), або 44 (с. 73). Якой лічбе верыць?

Пры вызначэнні суадносінаў узброеных сілаў аўтары не ўлічваюць, што супастаўляць мотадывізіі нельга. У савецкай мотадывізіі — 275 танкаў, больш, чым у нямецкай танкавай — 147 (с. 54). Сцвярджэнне, што „Нямеччына без абвяшчэння вайны напала на Савецкі Саюз“ (с. 56), не зусім дакладнае. Мемарандум быў зачытаны Молатаву і паслу Дэканозаву, хоць ужо грукатала артылерыйская кананада. Тэкст яго з канкрэтнымі абвінавачваннямі апублікаваны[2]. Паспрабуем дапамагчы аўтарам у ацэнцы сіл Заходняга фронту (на Беларусі і Смаленшчыне), што супрацьстаялі нямецкай групе армій „Цэнтр“, у якой налічвалася 50 дывізій, 2 брыгады (дывізія — злучэнне часцей розных родаў войск, мела каля 15 000 чал.)[3]. Сярод іх было 9 танкавых дывізій, 1800 танкаў.

Заходнюю акругу, потым фронт утваралі стралковыя (пяхотныя) дывізіі — 24, танкавыя і матарызаваныя — 18, кавалерыйскія — 2. Акрамя таго былі 3 брыгады супрацьтанкавай артылерыі (1 разліковая дывізія), паветрана–дэсантны корпус (1 дывізія), 2 брыгады ПВА (1 дывізія), пагранічныя войскі (1 дывізія), чыгуначныя войскі з бронецягнікамі і войскі аховы чыгункі (3 дывізіі), войскі НКВД, мотастралковая дывізія і канвойныя, аператыўныя (2 дывізіі), гарнізоны 9 умацаваных раёнаў, Пінская ваенная рачная флатылія. Разам — каля 55 рэальных і разліковых дывізій. Для ўмелай абароны дастаткова было б удвая менш войскаў.

Па напрамку да Вільні група армій „Цэнтр“ разбіла або адкінула яшчэ 5 дывізій Паўночна–Заходняга фронту, сярод якіх 5–я тд, 29–ы стралковы корпус, у якім былі часці былой літоўскай арміі. Многія літоўскія салдаты чакалі вызвалення… З 15 траўня на тылавы рубеж па Дзвіне і Дняпры сталі прыбываць дывізіі другога стратэгічнага эшалона. Пасля разгрому Заходняга фронту і знішчэння ў акружэнні амаль 80% кадравых дывізій 2 ліпеня 1944 г. Заходняму фронту перадалі прыбылыя войскі — 43 ці то 48 дывізій. Фактычна быў наноў створаны Заходні фронт (другога складу). Ён быў падмацаваны дзесяткамі дывізій з першага складу, што часткова захавалі сваю баяздольнасць і змаглі вырвацца з „катлоў“. Яшчэ 22 дывізіі засталіся ў групе рэзервовых армій. 30 ліпеня вылучаны асобны Рэзервовы фронт[4].

Дырэктыва № 21 аб нападзе, вядомая як „План Барбароса“ (была падпісана фюрэрам 18 снежня 1940 г.), зразумела, змяшчала толькі агульныя рысы будучай вайны. Ніякай „дэтальнасці“ ў ёй не было. У генеральным плане „Ост“ прадугледжвалася эканамічнае выкарыстанне захопленых тэрыторый, іх ачыстка ад непажаданых элементаў, анямечванне і каланізацыя, але далей накідаў і меркаванняў справа, відаць, не пайшла. Таму не варты ён асаблівай увагі (с. 51). Афіцыйна дакумента ніхто не бачыў. І ў гэтым была не выпадковасць, а наўмысная палітыка: схаваць свае сапраўдныя палітычныя намеры ад сусветнай грамадскасці. У сваёй заяве на паседжанні з Розенбергам, Борманам, Герынгам, Кейтэлем 16 ліпеня 1944 г. Гітлер заявіў: „Важна не раскрываць сваіх мэтаў заваёвы перад сусветам. Мы нічога не гаварылі пра свае намеры…“[5]. Генеральны план „Ост“ не быў прадстаўлены і Нюрнбергскаму трыбуналу. У нямецкага ваенна–палітычнага кіраўніцтва (ваеннай, грамадзянскай адміністрацыі, эсэсаўска–палітычных уладаў) не было адзінага погляду на акупацыйную палітыку. Сыходзіліся толькі ў адным: захапіць, кіраваць, эксплуатаваць, не заахвочваць нацыянальных памкненняў, не ствараць мясцовых узброеных сілаў.

Пры апісанні баявых дзеянняў 1944 г. аўтары нярэдка ўжываюць тэрмін бітва. Для іх бітвай быў і бой на Буйніцкім полі пад Магілёвам, дзе нямецкі танкавы батальён атакаваў пазіцыі савецкага палка (с. 72), і Смаленскае „сражение“ (с. 74). Між тым бітва ў ваеннай гістарыяграфіі — гэта грандыёзнае змаганне многіх соцень тысяч байцоў на вялікай тэрыторыі, вынікі якога мелі вялікае, стратэгічнае значэнне, накладалі адбітак на зыход вайны. Было 6 бітваў: Маскоўская, Сталінградская, за Каўказ, Курская, за Днепр, Берлінская. Спрэчкі могуць узнікнуць пры ацэнцы баёў за Магілёў (асобнае змаганне). Яго 24 дні вяла 13–я армія, а не толькі 172–а сд (с. 73). Савецкая гвардыя нарадзілася пад Ельняй у пекле ўпартых баёў Рэзервовага фронту, у якіх прынялі ўдзел і былыя абаронцы Мінска. Але ці ўпісваюцца гэтыя баі ў рамкі Смаленскага „сражения“ („бітвы“; с. 74)?

Двойчы аўтары падсумоўваюць баявыя дзеянні ва „ўсеагульным выглядзе“ — прыём прапагандыстаў з ГалоўПУРа, калі пажадана схаваць рэзкую няроўнасць сілаў. Гэта тычыцца „Лепельскага контрудару“, які быццам бы наносіўся 6 ліпеня 1941 г. (с. 69; на самай справе 6—11 ліпеня). Удакладнім сілы, якія супрацьстаялі. З савецкага боку ўдзельнічалі 1800 танкаў 5–га і 7–га механізаваных карпусоў. З нямецкага — 600 танкаў (7, 12, 17, 18–й тд) пры моцнай падтрымцы пікіроўшчыкаў 8–га авіякорпуса (да 200), якія забяспечылі разгром абодвух карпусоў.

Аўтары ні словам не абмовіліся пра „катлы“ 7—19 кастрычніка 1941 г. пад Вязьмай і Бранскам. У першым было знішчана пяць савецкіх армій, захоплена 660 тысяч палонных, адкрыта дарога на Маскву. Пераблытана інфармацыя пра нямецкія арміі на Маскоўскім напрамку (с. 76). На самай справе пад камандаваннем Г. фон Клюге была 4–я палявая армія. Х. Гудэрыян камандаваў 2–й танкавай, а 3–й танкавай — Г. Рэйнгард, а не Г. фон Гот (дарэчы, па–руску трэба пісаць з адной літарай т, бо von Hoth). 4–я танкавая група (яшчэ не армія) заставалася пад камандай Э. Гёпнера, які потым трапіў у вялікую няміласць да Гітлера. Адзначым яшчэ і 2–ю палявую армію (М. фон Вейхс).

У час Курскай бітвы „з абодвух бакоў было задзейнічана каля 5 тыс. самалётаў“ (с. 149). Адзначана канцэнтрацыя нямецкіх сілаў, а вось пра савецкі бок… забыліся. Таму ліквідуем гэты прабел. Чырвоная Армія супрацьпаставіла Вермахту ў бітве 1,3 млн. салдат і афіцэраў, 3600 танкаў, 2900 самалётаў, 20 000 гармат ды яшчэ падцягнула рэзервы — 500 тыс. салдат, 1500 танкаў, 7400 гармат — і перайшла ў контрнаступленне, вымусіла праціўніка перайсці да стратэгічнай абароны.

Абарона Мінска 25—28 чэрвеня вартая вялікай увагі. У Мінскім УРы трымала абарону 64–я сд (камандзір С. Ёўлеў), якая потым ажыццявіла прарыў з акружэння (Мінск заняты 28 чэрвеня). Нельга абмежавацца толькі 100–й сд (с. 67).

Не варта згадваць пра перавагу ў шмат разоў сілаў ворага каля Брэсцкай крэпасці (с. 71), трэба было б узгадаць пра крэпасць Асавец. Брэст штурмавала нямецкая 45–я пд, захапіла 7000 палонных і страціла 482 чал. забітымі.

Кіеўская абараняльная аперацыя, якая закончылася найвялікшым знішчэннем савецкіх войскаў пяці армій, аказалася найбуйнейшым акружэннем у гісторыі войнаў, а апісана як дзеянні нейкіх воінскіх часцей (с. 75). Кіеўскую групоўку акружалі не часці, а 1–я і 2–я танкавыя групы (фактычна арміі). Бранскі фронт няўдала атакаваў з усходу, каб гэтаму перашкодзіць. Вынік — 655 тыс. палонных, захоп ворагам амаль усёй Украіны. І вінаватыя — І. Сталін, С. Цімашэнка, Г. Жукаў. Зразумела, у дапаможніку гэтага няма. Затое апісаны подзвіг 28 панфілаўцаў на чале з палітруком „Дзіевым“ (с. 77), і ўсе 50 нямецкіх танкаў, якія спыніў 1075 стралковы полк, запісаны на іх рахунак.

На карце (с. 78) не адзначаны ўдар савецкіх войскаў на Растоў з усходу, на Вязьму з поўдня. Не гаворыцца пра абарону горада–героя Тулы 29.10—5.12.1941 г. і тым збядняюцца падзеі Маскоўскай бітвы.

Дапамога, атрыманая Савецкім Саюзам згодна з законам аб ленд–лізе, апісана дастаткова канкрэтна (с. 80). Вось толькі пра сыравіну з СССР — спрэчна.

Сярод прычын „няўдач“ Чырвонай Арміі ў 1941 г. няма самай галоўнай — нізкага ўзроўню, некампетэнтнасці, адсутнасці прафесіяналізму ў асобаў, якія ажыццяўлялі галоўнае камандаванне і прымалі стратэгічныя рашэнні, хоць у акадэміях не навучаліся. З цягам вайны ваенна–палітычнае кіраўніцтва набывала вопыт, удасканальвалася і прывяло ўрэшце да перамогі праз незлічоныя ахвяры. „Мы за цаной не пастаім“. Ініцыятыва, якая падаўлялася і каралася, боязь прымаць самастойныя рашэнні без згоды Масквы, боязь адказнасці, абвінавачання ў здрадзе паралізавалі дзейнасць штабоў вайсковых часцей, злучэнняў. А да таго — дрэнная сувязь, няўменне весці пастаянную разведку, манеўраваць на полі бою, абараняць і абсталёўваць пазіцыі, імкненне ўсюды да „знішчальных“ лабавых удараў, абароны „да апошняга чалавека“ загубілі арміі, якія мелі ўдвая больш сілаў. У 1941 г. загінулі амаль усе кадравыя дывізіі, што былі на Захадзе (да 200). Ім на змену прыйшлі новыя, навучаныя горш.

Жорсткая палітыка ўнутры краіны ў 1930–я г. спараджала ў часткі насельніцтва незадаволенасць палітыкай, калгасамі, а таксама варожасць, абыякавасць да лёсу савецкай улады і дзяржавы. Адсюль 5,7 млн. палонных (прызналі 4,5 млн.), 6 млн. кінутай асабістай зброі. Адсюль вытокі не толькі эканамічнай калабарацыі (с. 93). Не ўспамінаецца нават генерал А. Уласаў, УПА, рознакаляровыя легіёны, „казакі“, „хіві“ ў нямецкіх дывізіях — 1,5 млн. службоўцаў на ворага.

Вялікая Айчынная вайна быццам спалучылася з праявамі грамадзянскай вайны. Гэтым тлумачацца і вялізныя ахвяры сярод мірнага насельніцтва і жорсткія адносіны да ўласных ваеннапалонных. Сталін заяўляў: „У нас няма ваеннапалонных, ёсць здраднікі радзімы“. Тэрыторыя лясістай Беларусі зрабілася арэнай многіх драматычных падзей. Але чытач дапаможніка так і не даведаецца, колькі сапраўды было лагераў для палонных, гета, канцлагераў для насельніцтва (с. 98). Аб „філіялах“ няма размовы. Тут трэба большая дакладнасць. Так, у лагеры каля в. Дразды праверцы падлягалі жыхары Мінска ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў[6]. Наконт Трасцянецкага лагера застаецца спрэчнай колькасць ахвяр — 206,5 тыс., бо невядома, адкуль яны дастаўлены, як змяшчаліся ў адным (!) бараку. У частцы тыражу прапушчана слова тысячы, што недапушчальна. Колькасць прывезеных у Беларусь замежных яўрэяў часцей вызначаюць „да 35 тысяч“, а не 25 (с. 100). Сярод іх не было грамадзян Літвы, Польшчы. Іх знішчэнне ажыццяўлялі на месцы. Агульнае становішча на акупаванай тэрыторыі СССР трэба вылучыць асобна, нагадаць і пра Бабін Яр у Кіеве. Войскі гета не ахоўвалі (с. 100). Колькасць загінулых мірных жыхароў не 7 млн. (с. 102), а 17,4 млн.[7] У Нямеччыну на прымусовую працу было вывезена каля 400 тыс. чалавек з Беларусі, вярнулася 120 тыс. (с. 102). Але гэта яшчэ не сведчыць, што астатнія ў большасці загінулі. Нямала эмігравалі, не захацелі вяртацца.

Становішча з ваеннапалоннымі (с. 99). Дапушчальныя і іншыя падлікі. З 3,7 млн. ваеннапалонных 1941 г. да 13 лістапада было распушчана дадому 318 тыс., з іх 277 тыс. украінцаў. У лютым 1942 г. засталося 1,1 млн. працаздольных. Нямеччына страціла рабочыя рэсурсы, пра што потым пашкадавала.

На Ялцінскай канферэнцыі (люты 1945 г.) Сталін настаяў (і заходнія саюзнікі пагадзіліся) на „безумоўнай і ўсеагульнай рэпатрыяцыі ўсіх савецкіх грамадзян, што знаходзіліся ў іх акупацыйных зонах“ па стане межаў на 1 верасня 1939 г., г. зн. акрамя жыхароў Польшчы (а таксама Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны) і Прыбалтыкі. Гэтыя вярталіся паводле свайго жадання.

Партызанскі рух набыў асаблівае развіццё на лясіста–балоцістых прасторах Беларусі. Краіна набыла сусветную славу „партызанскай рэспублікі“. На 1944 г. было 374 тыс. савецкіх партызанаў (паводле нямецкіх дадзеных — 143 тыс.). Праўда, медалі „Партизану Отечественной войны“ атрымалі 127 тыс. Існавала развітое, у асноўным камуністычнае падполле, „партызанскія рэзервы“ (с. 114). Але аўтары не ўзгадваюць пра мірнае насельніцтва, якое проста хавалася ў лясах ад карнікаў і знішчэння. Яны перабольшваюць ролю камуністычных органаў, у той час як першымі арганізатарамі партызанскіх атрадаў былі камандзіры–„акружэнцы“. Яскравы трагічны лёс у гэтых адносінах камандзіра 208–й мд палкоўніка В. Нічыпаровіча. Спрэчнае падкрэсліванне ўдзелу падлеткаў у баявых аперацыях. Выкарыстанне дарослымі дзяцей на вайне можна тлумачыць па–рознаму, як і парушэнне агульнапрызнаных правілаў вайны. Некаторыя важныя эпізоды выпалі з тэксту: выбух міны 6 верасня ў сталовай паліцыі бяспекі (дыверсія Юлі Казловай), знішчэнне чыноў мінскай абласной адміністрацыі 28 ліпеня 1943 г.

Партызанскія рэйды, аэрадромы апісаны занадта агульна (с. 128), барацьба польскай Арміі Краёвай — толькі ў адмоўным святле (с. 134).

Тэма антыпартызанскай барацьбы амаль не закранаецца. Між тым, на тэрыторыі Беларусі дзейнічалі не толькі Беларуская Самаахова, батальёны шуцманаў з дапаможнай паліцыі, Беларуская Краёвая Абарона. Ахоўвалі камунікацыі, чыгунку добраахвотныя казацкія эскадроны, нават палкі, і Казацкі Стан. Чыніла расправы разам з паліцыянтамі брыгада Б. Камінскага. На паўночным захадзе рэспублікі дзейнічалі літоўскія батальёны „шумы“. Ахоўную службу неслі славакі, венгры. Пра ўсё гэта нічога не паведамляецца.

„Рэйкавая вайна“ ў час наступлення ўласных войскаў (с. 165) мае дваістую ацэнку. Можа, лепш было дарогі не разбураць, а ахоўваць, як гэта рабілі немцы ў 1941 г.

Ваеннае шчасце пераменлівае. І хоць на „Остфронце“ дзейнічала не менш за 70% сілаў Вермахта, прычым самых лепшых, іх аказалася недастаткова. У 1942—1943 г. адбыўся пералом у ходзе Другой сусветнай вайны. Пасля бітваў Маскоўскай (канец бліцкрыгу), Сталінградскай (знішчэнне лепшай арміі) і Курскай (крах танкавых войскаў і спробы наступаць) пачалося вызваленне ад акупацыі савецкай тэрыторыі. Еўропа паверыла ў перамогу саюзнікаў над Нямеччынай і доўгачаканае вызваленне.

Летам 1944 г. гэта зрабілася рэальнасцю. Выхад Фінляндыі з вайны, барацьба на італьянскім фронце, цяжкія бамбардзіроўкі Нямеччыны папярэднічалі грандыёзнай падзеі — стварэнню Другога фронту ў Францыі. Спробны дэсант 8 жніўня 1942 г. каля г. Д’еп (Dieppe) паблізу Гаўра пацярпеў няўдачу. З 7 тысяч дэсантнікаў страчана 3 тыс., астатнія скінутыя ў мора. Затое 156 тыс. салдат, якіх высадзілі 6 чэрвеня 1944 г., замацаваліся на ўзбярэжжы ў Нармандыі. У дапаможніку чамусьці сцвярджаецца, што ў гэты памятны дзень высадзілася ажно 2,9 млн. (с. 185). Гэта яўная бязглуздзіца. Гэтымі мільёнамі нарошчвалася першая хваля дэсанту на працягу некалькіх месяцаў…

Праз два тыдні пачалася беларуская наступальная аперацыя „Багратыён“ (23 чэрвеня — 29 жніўня), бліскучы ўзор ваеннага майстэрства. Прозвішчы камандуючых франтамі не прыводзяцца. Знайшлося месца толькі для лётчыкаў палка „Нармандыя“(!). Патаемная канцэнтрацыя вялізных сілаў (166 дывізій), знішчальныя ўдары па флангах і ў цэнтры фронту групы армій „Цэнтр“ (мела 38 дывізій), удалае манеўраванне танкавых карпусоў і конна–механізаваных груп прывялі да яе поўнага разгрому і вызвалення Беларусі. Не дапамаглі і спешна перакінутыя ворагам рэзервы (10—15 дывізій). Наяўнасць апошніх, на нашу думку, не дазваляе ўсё ж уключаць у падлікі сілы двух суседніх нямецкіх груп армій, як гэта робяць аўтары (с. 158), параўноўваючы сілы бакоў. Відаць, каб замаскаваць вялікую колькасную перавагу савецкіх войскаў (у 3—4 разы). Але стварэнне такой перавагі на вырашальным напрамку і ёсць сведчанне ваеннага майстэрства. Недарэчна выглядае падсумаванне сілаў абодвух бакоў (с. 157). У небе Беларусі 40 нямецкіх знішчальнікаў выляталі насустрач 2000 савецкіх, 900 танкаў выходзілі супраць 5200! Праз некалькі гадзін пасля Тацынскага ў сталіцу ўвайшлі танкі 1–га гвардзейскага Данскога корпуса 1–га Беларускага фронту з партызанскім дэсантам на брані — з боку Бабруйска. У шэрагу дробных „катлоў“ было захоплена 80 тыс. палонных, з якіх 17 ліпеня правялі па Маскве 57 000. Было разгромлена, цалкам знішчана 38 дывізій, у палоне апынулася да 200 000 чалавек. З дапаможніка пра гэта не даведаешся. Страты чатырох франтоў лепш падлічваць не да канца ліпеня (440 тыс. — с. 165), а да канца аперацыі — 29 жніўня (765 тыс.; 2900 танкаў).

Аўтары пра ўсё гэта не паведамляюць. Яны абышліся і без вельмі яскравага прыкладу ўзаемадзеяння саюзнікаў. Калі немцы з апошніх сілаў нанеслі вельмі небяспечны Ардэнскі ўдар, Чырвоная Армія датэрмінова правяла Вісла–Одэрскую аперацыю — падступіла да Берліна і Одэра ў студзені 1945 г. Вырашальныя перамогі Чырвонай Арміі, стварэнне Другога фронту, разбурэнне ваенна–прамысловага патэнцыялу Нямеччыны зрабіліся магчымымі дзякуючы поспеху ў вытворчасці баявой тэхнікі, якая ў 3—4 разы перасягнула нямецкую, а таксама імкліваму росту ўзброеных сілаў саюзнікаў. Таму табліца на с. 180 падаецца абгрунтавана, хоць і тычыцца толькі СССР і Нямеччыны. Варта пашырыць яе дадзенымі па ЗША і Вялікай Брытаніі.

Выкарыстанне статыстыкі накладае на аўтараў і новую адказнасць. У тэксце (с. 171) паведамляецца, што Савецкі Саюз штомесячна ў 1944 г. выпускаў 5,8 тыс. танкаў і 13,5 тыс. самалётаў. Калі пералічыць паводле табліцы, атрымаюцца адпаведна іншыя лічбы: 2400 і 2800. Чаму верыць? Зразумела, што выпуск 13,5 тыс. самалётаў у месяц — лічба заведама неверагодная. Нават ЗША выпусцілі за 1944 г. да 96 000 самалётаў, СССР — 40 000, Нямеччына — 35 000, Вялікая Брытанія — 26 000.

У частцы тыражу тэхнічныя характарыстыкі танкаў прыведзены з вялікімі памылкамі (с. 173). Дробныя недахопы сустракаюцца па ўсім тэксце і тлумачацца, відаць, паспешнасцю рэдагавання. Вось некаторыя з іх.

Агульныя страты Чырвонай Арміі ў вайне з Фінляндыяй не 140 тыс. (с. 33), а большыя. У Вярхоўным Савеце СССР 26 сакавіка 1940 г. было абвешчана пра 69 тыс. забітых і зніклых, 176 тыс. параненых і абмарожаных, 5650 трапіла ў палон. Сучасныя звесткі аб стратах: 71 тыс. забітых, 39 тыс. зніклых, 16 тыс. памерлі ў шпіталях, 264 тыс. параненых і абмарожаных. Звесткі ўзятыя з кнігі „Гриф секретности снят“, аб якой аўтары ведаюць (с.7), але чамусьці не скарысталі.

Незразумела, што такое „спецслужба СС“ (с. 90), „калабаранцкія органы“. Дарэчы, калабарацыя была не толькі эканамічная, але і ваенная. Пра яе сказана мала. Чамусьці забыліся пра гестапа. Зразумела, у паліцыі — не члены (с. 98), а службоўцы, чыны.

Партызаны былі розныя па сваіх палітычных поглядах (і апазнавальных, абавязковых знаках). Савецкія павінны былі мець на шапцы чырвоную стужку, якая нашывалася і праходзіла зверху ўніз налева (не так, як на с. 123).

Пад час „зачысткі“ ў Мінску „многіх арыштавалі“ (с. 138). Такіх небарак было 39. Ці гэта многа?

Не згаданае Варшаўскае паўстанне (1 жніўня — 2 кастрычніка 1944 г.)

Чамусьці двойчы стваралася БЦР (с. 92).

Не растлумачана, чаму пры наяўнасці ў складзе насельніцтва 8% яўрэяў толькі 3% былі ў партызанах. Наогул Халакост варты большай увагі. Надта смела сцвярджаецца, што ўжо ў 1941 г. „насаджалася нацыянал–сацыялістычная ідэалогія“ (с. 91). І сярод каго — „недачалавекаў“, прызначаных быць рабамі. Міністэрства прапаганды (Гёбельс) разаслала дакумент „Аб прапагандысцкай апрацоўцы еўрапейскіх народаў“. У ім патрабавалася: „Нельга называць усходнія народы, якія чакаюць ад нас вызвалення, скатамі, варварамі і да т.п. і ў гэтым выпадку разлічваць на іх зацікаўленасць у германскай перамозе“ (разуменне 15 лютага 1943 г., пасля Сталінграда). Нацысцкае ваенна–палітычнае кіраўніцтва мяняла сваю „ўсходнюю палітыку“, імкнулася выкарыстаць „усходнікаў“ у барацьбе з Саветамі, а значыць, так–сяк узброіць некаторых, абяцаць нават будучую незалежнасць, дзяржаўнасць пад эгідай Нямеччыны.

Пэўная непавага да фактаў, якая прасочваецца ў працах пра вайну, тлумачыцца недастаткова крытычным падыходам да іх разгляду, адсутнасцю ўсебаковасці, амаль поўным няведаннем дакументаў другога боку і нават савецкіх архіваў. Гэта яскрава выяўляецца пры паведамленні пра вынікі вайны, панесеныя страты. Народы СССР страцілі 27 млн. чалавек, з іх 12 млн. вайскоўцаў (с. 202). Тады 15 млн. страт — мірныя жыхары. Але раней паведамлялася пра 7 млн. (с. 102). Яшчэ нядаўна лічылася, што Беларусь страціла 2,2 млн. (кожнага чацвёртага). У нашы дні — каля 3 млн. (кожнага трэцяга). Абгрунтаванні абедзвюх лічбаў далёка не пераканальныя. Дзяржкамстат сведчыць пра страты мірнага насельніцтва — 1 547 000, даведка Нацыянальнага Архіва — 1 409 000, у мемарыяле „Хатынь“ — 2 230 000, відаць, з улікам вайскоўцаў (іх загінула да 350 000). Але наўпроставыя страты насельніцтва ў 1950 г. былі 9 180 000 — 7 709 000 = 1 471 000 чал. Сюды ўваходзяць не толькі загінулыя, але і сасланыя ў Гулаг (90 000); дэпартаваныя з Заходняй Беларусі (70 000); тыя, што пераехалі ў Польшчу пасля вайны (240 000); рэпрэсаваныя як калабаранты і прыспешнікі (50 000); тыя, што не рэпатрыяваліся з Нямеччыны (270 000); пасланыя па аргнаборы ў Калінінградскую вобласць, Ленінград, на новабудоўлі (70 000); яўрэйская частка насельніцтва, якая не вярнулася з эвакуацыі (не менш за 200 000). Натуральны прырост і перасяленцы з Расіі пакрывалі толькі частку страт. Здаецца, бліжэй за ўсё да ісціны была Надзвычайная Дзяржаўная Камісія, якая па гарачых слядах выяўляла злачынствы акупантаў. Што тычыцца страт Нямеччыны, то беззваротныя склалі 5,5 млн. (трэба было падлічыць асобна, а не разам з саюзнікамі — с. 202). Магчыма, там уключалі і параненых, і тых, што апынуліся на адабраных тэрыторыях.

Статыстыка — слабое месца ў савецкай гістарыяграфіі. У нашы дні „яго вялікасць факт“, як кажуць, павінен быць пераправераны, засведчаны дакументальна, павінен знайсці месца ў створанай даследчыкам сістэме.

Аўтары абгрунтавана змясцілі на палях кнігі ілюстрацыі найбольш вядомых і масавых узораў баявой айчыннай і замежнай тэхнікі. Для паглыблення інфармацыі пра іх карысна было б надпісы да іх пашырыць. Хаця б так:

„Пісталет–кулямёт ППШ–41 узору 1941 г., канструктар Шпагін Г.С. Выпушчана 5 млн.“ (с. 42);

„Іл–2 — лепшы штурмавік вайны, КБ Ілюшына С.В. З 1940 г. выпушчана 36 163“ (с.44);

„Т–34 — лепшы сярэдні танк вайны. КБ Кошкіна М.І. Прыняты на ўзбраенне ў канцы 1940 г. (а не 1939 г., як на с. 44). Выпушчана 61 000“ (с. 148);

„Нямецкі знішчальнік „Месершміт“ Ме–109 ф. Канструктар і ўладальнік фірмы В. Месершміт. З 1935 г. выпушчана 30 000“ (с. 67);

„Амерыканскі сярэдні танк М4А1 „Шэрман“. Па ваенных якасцях падобны да савецкага Т–34. Выпушчана з 1940 г. 48 000, пастаўляўся па ленд–лізу“ (с.80);

„Англійскі знішчальнік „Спітфайр“. З 1939 г. выпушчана 22 500. Мог супрацьстаяць „Месершмітам“;

„Пікіроўшчык і штурмавік Юнкерс–87 „Штука“. Самалёт фірмы Г. Юнкерса, канструктар Х. Польман і інш. З 1935 г. выпушчана 5000“;

„Цяжкія бамбардзіроўшчыкі Боінг, В–17, „Лятучая крэпасць“, ЗША. З 1941 г. выпушчана 9200; В–24 „Ліберэйтар“. Выпушчана 18 475“.

Пры апісанні баявой тэхнікі варта карыстацца яе афіцыйнымі назвамі: рэактыўная сістэма БМ–13, а не проста „Кацюша“ (с. 41).

Прыдатныя для ілюстравання і нямецкія зенітка „Флак–88“, панцэрфауст, рэактыўны знішчальнік Ме–262, балістычная ракета „Фау–2“ V–2 і інш.

З падзеямі велізарнай у гісторыі і лёсе чалавецтва вайны лепш знаёміцца не па мастацкай (с. 230), а па ваенна–мемуарнай і асабліва навукова–папулярнай літаратуры. Карыснымі для паглыбленага пазакласнага чытання былі б і некаторыя артыкулы з беларускага часопіса „Армия“ і расійскага „Родина“. Напрыклад:

Акалович Н.М. Они защищали Минск. Минск, 1987.

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне: Энцыклапедыя. Мінск, 1990.

Бешанов В. Танковый погром 1941 г. Москва — Минск, 2001.

Бешанов В. Десять сталинских ударов. Минск, 2003.

Бонвеч Бернд. За кулисами „рельсовой войны“ // „Родина“, 7/2003.

Ваупшасов С.А. На тревожных перекрестках. Москва, 1974.

Великая Отечественна война 1941—1945: В 4 т. Москва, 1998.

Еременко А.И. В начале войны. Москва, 1965.

Калинин П. Партизанская республика. Минск, 1968.

Карелл П. Барбаросса от Бреста до Москвы. Смоленск, 2002.

Кларк А. План „Барбаросса“. Москва, 2002.

Темиров Ю., Донец А. Энциклопедия заблуждений: Война. Москва, 2003.

Шомоди В. Операция „Багратион“ // „Армия“, 2/1999.

Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. Мінск, 1993—2003.

Надалей можна прапанаваць і больш новую літаратуру:

Бунич И. Операция „Гроза“: В 2 кн. Москва, 2005.

Вторая мировая война: День за днём. 1939—1945. Москва, 2005.

Лубягов М. Под Ельней в сорок первом. Смоленск, 2005.

Романько О. Советский легион Гитлера. Москва, 2006.

Солонин М. 22 июня… Москва, 2005.

Хаупт В. Сражения группы армий „Центр“. Москва, 2006.

Чуев С. Проклятые солдаты. Москва, 2004.

Перад аўтарскім калектывам, бясспрэчна, стаяла вельмі адказная задача: у параўнальна невялікай навукова–педагагічнай працы паведаміць пра вытокі, падрыхтоўку, асноўныя падзеі, вынікі і наступствы Вялікай Айчыннай вайны. Да таго ж, патрабавалася аддаць асаблівую ўвагу ваенным падзеям і ахвярам Беларусі. І ўсё гэта — на агульным фоне Другой сусветнай вайны, намаганняў саюзнікаў у гэтай грандыёзнай барацьбе. Шмат якія звесткі патрабавалі праверкі, крытычнага падыходу, перагляду ў сувязі з нарэшце адкрытымі дакументамі і новымі даследаваннямі. Непазбежным быў і адбор падзей, фактаў у залежнасці ад іх значэння і дачынення да Беларусі. У бальшыні выпадкаў ваенная гістарыяграфія, асабліва савецкая, мае вялікую запазычанасць перад гістарычнай навукай і грамадскасцю. Перад аўтарскім калектывам узнік шэраг навуковых праблем, у даследаванні якіх папярэднікаў не было. Даводзілася абапірацца на тыя высновы, які меліся. Аўтары валодалі рознай, нярэдка супярэчлівай, інфармацыяй, прыходзілі часам да неадназначных высноваў, вялікіх і малых хібаў у прыведзеных фактах, карысталіся зрэдку і псеўдафактамі. Шматлікасць аўтарскага калектыву, як гэта бывае заўсёды, выклікала няўзгодненасць, спадзяванні аднаго на другога, слабую прапрацоўку тэксту і недастатковую яго ўвязку з ілюстрацыйным матэрыялам.

Разгляданы навучальны дапаможнік патрабуе выпраўлення недакладнасцяў і факталагічных памылак, адзначаных вышэй (на жаль, шматлікіх). Варта перапрацаваць некаторыя раздзелы і дадаць новыя тэксты (і тут не трэба спыняцца перад павелічэннем аб’ёму). Дадатнай ацэнкі дапаможнік заслугоўвае толькі як першая спроба такога роду, як сродак абуджэння навукова–педагагічнай думкі і цікавасці, дапытлівасці моладзі, увагі да гераічнага мінулага сваёй Айчыны, выхавання высокіх патрыятычных пачуццяў. Спадзяемся, наступнае выданне будзе істотна перапрацавана.

Мінск

Уладзімір Ісаенка


[1] Самсонов А.М. Крах фашистской агресии 1939—1944. Москва, 1980. С. 123, 124.
[2] Военно–исторический журнал, 1991, № 6, с. 33—40.
[3] Далей скарачэнні: сд — стралковая, пд — пяхотная, мд — матарызаваная, мотапяхотная, тд — танкавая дывізія.
[4] Лубягов М. Под Ельней в сорок первом. Смоленск, 2005. С. 295. ЦАМО РФ, ф. 96А, оп. 1710, 1711.
[5] Гальдер Ф. Военный дневник. Т. 3. Москва, 1971. С. 151.
[6] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мінск, 1993. С. 63.
[7] „Гриф секретности снят“. Москва, 1993.

Наверх

К’яры, Бернгард. Штодзённасць за лініяй фронту (Захар Шыбека)

Снежня 8, 2005 |


К’ЯРЫ, БЕРНГАРД. Штодзённасць за лініяй фронту: Акупацыя, калабарацыя і супраціў у Беларусі (1941—1944 г.) / Пер. з ням. Л.Баршчэўскага; нав. рэд. Г.Сагановіч. Мінск, 2005. 390 с.

Бернгард К’яры здзівіў мяне двойчы. Першы раз, калі пазнаёміў са сваёй дзяўчынай незвычайнай прыгажосці. І вось цяпер, калі выдаў сваю кнігу. Аўтар, якога ведаў з 1994 г. такім маладым, вясёлым і бестурботным, раптам паказаў сябе масцітым, таленавітым і арыгінальным даследчыкам. Пасля прачытання яго кнігі застаецца адчуванне набыцця інтэлектуальнага падарунка. Відавочна, што такое ж уражанне кніга зрабіла і на іншых, бо яе наклад разышоўся ў адзін момант.

Манаграфія прысвечана ўзнаўленню рэальнай гісторыі нацысцкай акупацыі Беларусі ў 1941—1944 г. Пасля кнігі Юрыя Туронка — гэта другое сур’ёзнае даследаванне згаданай праблемы. Яно стала адзіным сапраўды праўдзівым і шчырым сярод іншых, якія выйшлі з друку ў Беларусі з нагоды 60–годдзя з дня перамогі. У параўнанні з папярэднікамі аўтар ідзе наперад, бо карыстаеццца адмысловай методыкай, якая дазваляе прасачыць штодзённае жыццё пад акупацыяй і выкарыстоўвае новыя архіўныя матэрыялы.

У кнізе шырока выкарыстоўваюцца сведчанні ўдзельнікаў вайны. Даследчык разумее, што пад уздзеяннем пасляваеннай гераізацыі ваенных падзей успаміны ветэранаў не могуць быць дастаткова праўдзівымі ў адлюстраванні траўмаў ваеннага часу. Таму ён свядома адмаўляецца ад іх і выкарыстоўвае толькі сведчанні, задакументаваныя ў ходзе вайны. Другая асаблівасць методыкі  нямецкага гісторыка палягае ў паказе ваенных падзей з пункту гледжання простых людзей, а не генералаў, партыйных кіраўнікоў ці высокіх чыноўнікаў. І нарэшце пры рэстаўрацыі мінулага Б.К’яры карыстаецца набыткамі сацыялогіі і псіхалогіі. Ён займаецца псіхааналізам людзей вайны, стварае псіхагісторыю. І ў гэтым сэнсе аўтар, — услед за Васілём Быкавам, які мастацкім словам асвятляў цьмяныя і патаемныя бакі ваеннага ліхалецця, — робіць тое ж самае, толькі моваю навукі.

Праца пачынаецца з вялікай прадмовы да беларускага выдання і грунтоўных уводзінаў, якія даюць поўнае ўяўленне пра манаграфію. Навуковец з Нямеччыны не ставіў за мэту ўсебаковае вывучэнне мінулай вайны ў Беларусі. Яго найперш цікавіла разбуральнае ўздзеянне ваеннай акупацыі на грамадства і чалавека. Даследаванне абмяжоўваецца разглядам становішча ў райхскамісарыяце „Беларусь“, што знаходзіўся пад цывільным кіраваннем. Відаць таму, што паўсядзённае жыццё ў гэтай частцы Беларусі было найбольш задакументаваным. Падзеі ў зоне ваеннага тылу закранаюцца мімаходзь.

У другім раздзеле (першы — уводзіны) даецца кароткі агляд развіцця поліэтнічнасці беларускіх земляў пасля 1917 г. Асноўная ўвага скіроўваецца на саветызацыю Заходняй Беларусі пасля яе далучэння ў 1939 г. да БССР. Уз’яднанне Беларусі ацэньваецца толькі як трагедыя польскага народа. (?) У кантэксце даследавання гэта выглядае нібыта лагічна. К’яры ўпершыню звязвае злачынствы гітлераўцаў са злачынствамі сталіністаў на беларускіх землях. Нагнятанне ў грамадстве жорсткасці, нянавісці, нацыянальнай розні пачыналі бальшавікі. Яшчэ да прыходу немцаў беларускае жыхарства пазбаўлялася гуманізму і грамадскай салідарнасці. Таму акупанты, на думку аўтара, змаглі эфектыўна выкарыстоўваць у сваіх планах і антыбальшавізм, і антысемітызм ды іншыя праявы нацыянальнай розні.

У трэцім раздзеле гаворка ідзе пра нямецкую акупацыйную адміністрацыю. Яе дзейнасць вывучаецца не толькі па загадах і распараджэннях. Паказваецца рэальны стан рэчаў. Развенчваецца міф аб нямецкай звышнацыі і знакамітай нямецкай арганізаванасці. Аўтар паказвае, што нямецкая адміністрацыя не мела сапраўдных уяўленняў пра Беларусь, немцам бракавала планаў „новаўпарадкавання“ захопленых земляў. Нямецкі апарат кіравання, яго палітыка і дзейнасць падаецца ўсяго толькі ў якасці агульнага фону, на якім паказваюцца індывідуальныя дачыненні немцаў з мясцовым насельніцтвам. Жыццё пад акупацыяй рэстаўруецца панарамна: з пазіцый і злачынцаў, і ахвяр. Матэрыялы кнігі паказваюць, што мяжу паміж злачынцамі і ахвярамі правесці не заўсёды лёгка. У іх знаходзіліся кропкі судакранання і нават часовае супадзенне інтарэсаў. Ва ўмовах акупацыі простыя людзі мусілі сужывацца. Асабліва каштоўнымі ўяўляюцца спробы псіхааналізу прадстаўнікоў нямецкай адміністрацыі. Аўтар дзеліць іх на дзве групы: перакананых нацыстаў і простых немцаў, якія кіраваліся такімі прагматычнымі рэчамі, як ухіленне ад фронта, магчымасць кар’ернага росту і звычайнае ўзбагачэнне на акупаваных тэрыторыях. Аўтар сцвярджае, што акупанты ў Беларусі ў сваёй бальшыні не паводзілі сябе як фанатычныя нацысты, а кіравалі тэрыторыяй з выключна бюракратычных пазіцый (21). З такімі ацэнкамі акупантаў беларускі чытач знаёміцца ўпершыню. І яны, дарэчы, у шмат чым супадаюць з успамінамі людзей, якія перажылі акупацыю.

Чацвёрты раздзел прысвечаны беларускаму самакіраванню. І тут, што праўда то праўда, аўтар пасля кнігі Юрыя Туронка не можа прэтэндаваць на арыгінальнасць. Затое наступны раздзел пра мясцовую паліцыю — не толькі арыгінальны, але і вельмі актуальны. Слова „паліцай“ у пасляваеннай Беларусі набыло адценне самай вялікай абразы. А што гэта за людзі, паліцаі, і якая была матывацыя іх паводзінаў, якраз і змог праўдзіва паказаць прадстаўнік нямецкай дзяржавы. Ён прывёў нямала фактаў прамога ўдзелу мясцовай паліцыі ў вынішчэнні людзей. Нямецкі даследчык адмаўляецца ад шырокага трактавання калабарацыі — як сродку выжывання на ўсіх грамадскіх узроўнях. Большасць выпадкаў разнастайнага сужыцця акупантаў і мясцовых жыхароў адпавядае, на думку аўтара, паняццю „супрацоўніцтва“. Разглядаюцца матывы такога супрацоўніцтва. Паняццем „калабарацыя“, на думку аўтара,  можна карыстацца толькі тады, калі гаворка ідзе пра свядомы выбар падтрымкі злачынных акцыяў эксплуатацыі і тэрору (13). Такую ж пазіцыю ў першай палове 1990–х г. займаў і беларускі гісторык Аляксей Літвін. Цяпер гэтая пазіцыя ў беларускай гістарыяграфіі замоўчваецца. Матэрыялы кнігі сведчаць, што ўсенароднага характару супраціўлення ў Беларусі не было. У асобных раёнах, па перакананні аўтара, партызанскі рух набываў рысы грамадзянскай вайны (15). К’яры — супраць гераізацыі партызан, як і супраць прыхарошвання паліцаяў. Мінулая вайна для жыхароў Беларусі — далёкая ад героікі. Людзі былі заклапочаныя найперш выжываннем. І тут рэцэнзент поўнасцю салідарны з аўтарам.

У шостым раздзеле разглядаецца становішча дзяцей і моладзі. Асабліва арыгінальнымі атрымаліся сюжэты пра дзяцей. Дзіцячыя дамы мала чым адрозніваліся ад канцэнтрацыйных лагераў. У Беларусі гэтай праблемай займаецца хіба што адзін Якаў Басін. У сёмым раздзеле кнігі расказана пра вынішчэнне беларускіх яўрэяў і іх барацьбу з ворагам. А ў апошнім, восьмым, даследуецца роля палякаў. І робіцца гэта пераважна на аснове прац польскіх аўтараў.

Падзеі не заканчваюцца 1944 годам. Аўтар непазбежна мусіў гаварыць пра прыход Чырвонай Арміі. Іначай гісторыя нацысцкай акупацыі Беларусі была б няпоўнай. Сталінскі рэжым папярэднічаў нацысцкай акупацыі і змяніў яе зноў. Прыход Чырвонай Арміі не прынёс міру на беларускія землі. Эпоха войнаў скончылася ў БССР толькі ў пачатку 1950–х. „Акцыі ўціхамірвання“ антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі былі падобныя да тых, што праводзіліся пад час нямецкай акупацыі (315). Нямецкі даследчык паўтарае меркаванне, што абмен насельніцтвам паміж Польшчай і Беларуссю ў 1944—1945 г. быў этнічнай чысткай (317). Кніга пачынаецца і заканчваецца польскім пытаннем у Беларусі. Не толькі таму, што трагізм і маштабы беларуска–польскага супрацьстаяння ў вайну яшчэ як след не ацэнены. А ў сутыкненнях „акаўцаў“ і савецкіх партызан якраз і праглядалі рысы грамадзянскай вайны. Такі прыём дазваляе паказаць бальшавізм як папярэдніка і паслядоўніка нацыстаў у справе злачынстваў на беларускіх землях.

Каркас манаграфіі ўтвараюць тры фундаментальныя праблемы. Яны не ўкладваюцца ў структурныя рамкі працы. У ёй даследуюцца: 1) праблема ажыццяўлення нямецкай палітыкі вынішчэння, 2) праблема выжывання мясцовага насельніцтва і 3) праблема суадносінаў вынішчэння і выжывання, ці вынікі акупацыі.

Працэс вынішчэння разгледжаны глыбока і панарамна, усебакова і маштабна, з улікам дзяржаўнай палітыкі, рэгіянальных асаблівасцяў, пэўных нацыянальных узаемаадносінаў, індывідуальных трагедый, псіхалогіі катаў і злачынцаў, з выхадам на філасофскія абагульненні (гл. раздзелы 6 і 7). На думку аўтара, працэс гэты часта станавіўся бескантрольным. Акупацыйны рэжым у Беларусі ацэньваецца як больш жорсткі ў параўнанні з Прыбалтыкай і нават з Украінай. Грамадзянская адміністрацыя Вільгельма Кубэ не змякчала цяжкага эканамічнага становішча беларускага жыхарства. Акупацыйныя ўлады праводзілі палітыку самазабеспячэння коштам беларускай вёскі, дэіндустрыялізацыі і змяншэння колькасці гараджан.

Праблема выжывання была галоўнай для мясцовага насельніцтва. Існавалі розныя стратэгіі выжывання, у тым ліку і коштам рабскага падпарадкавання акупантам, і коштам жыццяў іншых. Аднак усё — марна, ілюзорна. Нічога не выратоўвала. Ваеннай штодзённасці ў Беларусі ў большасці выпадкаў, як паказана ў кнізе, бракавала не толькі гераічнасці, але і адданасці нейкай ідэі. Ніхто паводле сваіх перакананняў не падтрымліваў фашысцкіх заваёўнікаў (22). І не ўсе, дададзім ад сябе, хто ішоў у партызаны, былі па сваіх перакананнях камуністамі.

Кнігу чытаць вельмі цяжка. Сабрана, спрасавана столькі жахаў. Апісанне індывідуальных ахвяр успрымаецца асабліва трагічна. Факты, факты, факты… Трэба моцна любіць жыццё, каб так паказваць смерць. Аднак з апорай на гуманістычныя пазіцыі аўтара чытачу становіцца лягчэй адкрываць для сябе новую, жорсткую праўду вайны, якую і цяпер яшчэ можна пачуць ад жывых сведкаў нацысцкай акупацыі.

Наступствы вайны былі нашмат больш жахлівымі, чым іх змаглі паказаць савецкая і постсавецкая гістарыяграфіі. Адбылося масавае вынішчэнне людзей, панесены вялізарныя матэрыяльныя страты. Але аўтара найбольш цікавяць сацыяльныя, псіхалагічныя ды маральныя наступствы акупацыі. Падсумаванне вынікаў вайны набывае філасофскі змест. Вынішчэнне не ўдалося, але якой цаной далося самазахаванне? Разбуралася грамадская супольнасць, разбуралася чалавечая асоба — і гэта велізарная трагедыя беларускага народа, на якую ўпершыню звяртае ўвагу К’яры. Ваеннае грамадства, на думку аўтара, было падобнае да плыта без стырна, які несла праз парогі і вадаспады, і ён памалу разбураўся (22). Канчатковы рахунак вынікам катастрофы ў кнізе не падводзіцца. Пакідаецца прастора для роздуму чытачам. Даецца штуршок, каб сённяшняе патлумачыць мінулым, каб праз мінулае зразумець сённяшняе.

Спачатку падалося, што драматычныя вынікі вайны ў кнізе празмерна перабольшаныя. Мінулая вайна была ж не адзінай трагічнай падзеяй у гісторыі беларускага народа. Усе дэманстравалі адзінадушнасць у жаданні заканчэння вайны. Урэшце, кансалідацыя грамадства адбывалася вакол пераможцаў. Аднак больш уважлівае знаёмства з працай нямецкага калегі дазволіла зразумець, што разбуральнасць мінулай вайны была беспрэцэдэнтнай і сапраўды катастрафічнай, бо і пасля яе завяршэння духоўная дэструкцыя беларускага грамадства не прыпынілася. Вынікі вайны трагічным рэхам адгукаюцца дагэтуль. Кансалідацыя беларускага грамадства ідзе марудна. Можа таму, што за фізічнае ўратаванне ад нацызму беларускі народ заплаціў духоўным рабствам у бальшавіцкай імперыі? Ва ўсякім разе, маштабы разбурэнняў і іх вынікі ў мінулай вайне беларускія гісторыкі яшчэ як след не асэнсавалі. Трагедыя, як правіла, толькі апісваецца, а яе прычыны і вынікі не тлумачацца. Небяспека застаецца, бо незразумелыя і неасэнсаваныя трагедыі маюць уласцівасць паўтарацца.

Нямецкі акупацыйны рэжым упершыню ў нямецкай гістарыяграфіі паказаны з улікам спецыфікі Беларусі і беларускага грамадства. Беларусь выступае ў якасці асобнага аб’екта даследавання. У той жа час закрадваюцца сумненні, што аўтар лічыць Беларусь бясспрэчным суб’ектам еўрапейскай гісторыі. Першы раздзел яго кнігі мае назву „Беларусь як перыферыйны раён Польшчы і Савецкага Саюза“. А ў тэксце Заходняя Беларусь называецца Ўсходняй Польшчай (39). Калі нават такі дасведчаны даследчык трымае Беларусь у цяні Польшчы і Расіі, то што казаць пра іншых.

Бернгард К’яры дэкларуе імкненне да гістарыізацыі Другой сусветнай вайны (7). Іншымі словамі, ён стараецца пазбягаць у сваіх ацэнках такіх крытэраў, як нацыянальныя інтарэсы, а таксама гістарычная справядлівасць. Яго задача — паказаць акупацыю такой, якой яна была гістарычна. Такі падыход з’яўляецца новым не толькі ў беларускай, але і ў нямецкай ды нават сусветнай гістарыяграфіі. Для беларускай грамадскасці неперадузятыя ацэнкі ўяўляюць сабой вельмі вялікую каштоўнасць. Аднак гістарыяграфічнае „раззбраенне“ ў Беларусі застаецца пакуль нерэальным. Гісторыя ператворана ў барыкады, якія дзеляць беларускіх гісторыкаў на дзве школы — нацыянальную і постсавецкую. Не да гістарызму. Мінулае Беларусі яшчэ як след не ацэнена і з нацыянальных пазіцый. Яшчэ не дадзены адпор фальсіфікацыям беларускай гісторыі, яшчэ не знікла сітуацыя, калі расійскія інтарэсы на беларускай зямлі выдаюцца за беларускія. Для зацвярджэння гістарыізацыі ў даследаваннях мінулага Беларусі аднабаковых намаганняў недастаткова. Патрабуецца добрая воля і суседзяў.

А ўвогуле ці варта супрацьстаўляць гістарызм і нацыянальны інтарэс? Думаю, беларускі нацыянальны інтарэс (разумее гэта хто ці не) палягае ў аб’ектыўнай інтэрпрэтацыі ўласнай гісторыі, па сутнасці, ён супадае з гістарыізацыяй, якая цяпер пашыраецца ў еўрапейскіх гістарыяграфіях.

Не ўсё ў аднолькавай меры аўтару, зразумела, удалося. Але галоўнае, што кніга, якую ён напісаў, вельмі паспяхова разбурае „забетанаваны вобраз вайны“, створаны ў савецкай і постсавецкай гістарыяграфіі.

Пасля абвяшчэння незалежнай Беларусі тры навукоўцы з Нямеччыны — Астрыд Зам, Бернгард К’яры і Райнэр Лінднэр — узяліся за вывучэнне вельмі актуальных праблем яе найноўшай гісторыі. Іх праца стала плённай — напісаны манаграфіі, набыты навуковыя ступені. А перакладзеныя на беларускую мову манаграфіі Лінднэра і К’яры сталі падзеямі ў навуковым жыцці Беларусі. Трэба спадзявацца, што ў беларускага чытача ёсць шанец атрымаць у перакладзе на беларускую мову і даследаванне Астрыд Зам.

Мінск

Захар Шыбека

Наверх

Projektgruppe Belarus im Jugendclub Köln e.V. (Hrsg.). „Existiert das Ghetto noch?“ (Гартмут Рус)

Снежня 7, 2005 |

Projektgruppe Belarus im Jugendclub Köln e.V. (Hrsg.). „Existiert das Ghetto noch?“ Weißrussland: Jüdisches Überleben gegen nationalsozialistische Herrschaft. Verlag „Assoziation A“, Berlin, Hamburg, Göttingen, 2003. 320 S., Abb.

Гэтая вартая падзіву кніга створана дзякуючы пазауніверсітэцкаму кёльнскаму праекту. У рамках завершанай у 2000 г. праграмы візітаў беларускіх ахвяраў нацысцкага тэрору „праектгрупа Беларусь“ правяла апытанне дванаццаці яўрэяў (Фрыды Райсман, Маі Крапінай, Льва Краўца, Зінаіды Нікадзімавай, Уладзіміра Трахтэнберга, Гені Савольнер, Сімы Марголінай, Эльфрыды Азлесавай, Валерыя Мызгаева, Леаніда Рубінштэйна, Розы Герасімавай, Міхаіла Трайстэра) і беларускі Інэсы Булах. Усе яны —  былыя ўдзельнікі супраціву — дзяліліся ўспамінамі пра жыццё ў мінскім гета і досведам абыходжання з імі нямецкіх акупацыйных уладаў. Атрымалася oral history ў лепшым сэнсе, — сведчанні дэтальныя і вельмі пераканаўчыя. Хоць дакументалізацыя асабістых успамінаў змяшчалася і ў нядаўніх беларускіх выданнях, прысвечаных халакосту[1], там яны вельмі часта падаваліся схематызавана і сцісла. Гэтая публікацыя выгодна адрозніваецца ад іх дыферэнцыяваным апытаннем.

Усе апытаныя на момант пачатку вайны былі дзецьмі (дзевяць мелі ад 2 да 11 гадоў) ці юнакамі (чатыры былі ва ўзросце паміж 14 і 17 гадамі). Голад, гвалт і смерць у гета сталі для іх разбуральнай нармальнасцю („Калі, напрыклад, маю маці павесілі і яна вісела на плошчы… Ну, мне тады было 7 ці 8 гадоў, гэта была восень 1943 г. Мы ўжо так наглядзеліся на пакуты і жахі, што гэта стала звычайным… Спачатку мы на ўсё дзівіліся, а потым перасталі“) і, напэўна, траўмай усяго жыцця („Усё, што я перанёс, назаўсёды застанецца ў маёй памяці як жудасны ўспамін пра… смерць родных…, смерць лепшага часу майго жыцця“). Гэта былі акурат найменш падазраваныя дзеці і юнакі, якія, не знаходзячыся пад пільным кантролем паліцыі гета, маглі прапаўзаць пад калючым дротам і прыносіць нешта такое, што можна было есці. Дванаццацігадовыя выконвалі функцыі сувязных паміж падполлем гета і партызанамі або дапамагалі арганізоўваць уцёкі. Лічыцца, што за ўвесь час з мінскага гета ўцякло 10 000 чалавек (Холендэр, с.256), але называюцца і значна меншыя лічбы (Ф.Райсман, с.15). Наогул, як відаць з разыходжанняў у ацэнках колькасці ахвяраў апытанымі (праўдападобна, яны абапіраюцца пераважна на ненадзейныя маскоўскія матэрыялы „Надзвычайнай дзяржаўнай следчай камісіі“ з 1944 г.), агульны падлік яўрэйскіх ахвяраў халакосту ў Беларусі і забітых пад час пагромаў у мінскім гета застаецца вельмі недакладным. У літаратуры гэтая агульная сума ахвяраў вагаецца паміж 245 тыс. і 1 мільёнам (Смілавіцкі, с.277).

Поруч з непазбыўным абліччам жахаў у памяць шмат каго з выжыўшых гэтаксама глыбока ўрэзаўся ўспамін пра „добрых немцаў“. Так, адзін нямецкі супрацоўнік не павёў сваю групу назад у гета і ўратаваў яе ад пэўнай смерці, папярэдзіўшы пра запланаваны пагром. („Я ведаю, … як ён дастаў вялікі кавалак хлеба, парэзаў яго на лустачкі, памазаў мёдам і раздаў усім дзецям. Смак гэтага мёду я помню да гэтага часу“). У суме з інфармацыі апытаных складваецца рознабаковая карціна ўмоў жыцця ў гета. Шкала чалавечых паводзін тут прабягала ад экстрэмальна бяздушнай загартоўкі ў барацьбе за выжыванне да вялікай узаемадапамогі і салідарнасці. Хапала як даносаў з боку неяўрэйскага насельніцтва, так і вартых здзіўлення прыкладаў вельмі спачувальнага стаўлення. У яўрэяў райху („гамбургскія яўрэі“), не меўшых ніякіх кантактаў з навакольным светам, шансы выжыць былі яшчэ меншыя, чым у мясцовых. Некаторыя яўрэйскія дзеці, перапраўленыя кантрабандай з гета ў горад, як, напрыклад, сямігадовая на той час Зінаіда Нікадзімава, у 1944 г. былі завезены эсэсаўцамі ў Нямеччыну.

Праявай прыхаванай антысеміцкай хваробы ў паваенным СССР стала тое, што падполле ў мінскім гета было афіцыйна прызнана рухам супраціву толькі ў 1959 г. „Партызаны былі героямі… У сапраўднасці яны сядзелі… у лесе і нічога не ведалі, што адбывалася ў горадзе“ (З.Нікадзімава).

Успаміны сведкаў грунтоўна дапаўняюцца інфармацыяй васьмі артыкулаў другой часткі кнігі. Сярод аўтараў — два вязні мінскага гета (Фелікс Ліпскі і Гайнц Розенберг). Хрысціян Герлах прадстаўляе сістэмную залежнасць паміж генацыдам і нацыянал–сацыялісцкай палітыкай заваёў на Ўсходзе; Даніэль Раманоўскі (Ерусалім) прапануе кароткую сацыяльную гісторыю мінскага гета, дапоўненую звесткамі Наталлі Яцкевіч з Мінска пра лагер СС на вуліцы Шырокай; Андрэас Холендэр паказвае яўрэўскі супраціў у гета і па–за ім; Дыяна Зібэрт апісвае жыццё яўрэяў напярэдадні фашысцкай акупацыі; Леанід Смілавіцкі (Тэль–Авіў) піша пра працяг антысемітызму ў савецкай Беларусі пасля 1945 г. і ролю яўрэяў у адбудове краіны; у дакладзе Гайнера Ліхтэнштайна, які займаецца прававымі аспектамі нацысцкіх злачынстваў наогул, даюцца кароткія біяграфіі вядомых фашысцкіх дзячоў у Мінску (Блобель, Эрлінгер, Гойзер, Кубэ, Рубэ, незгаданым застаўся Штраўх). Урэшце берлінскі журналіст Паўль Коль, аўтар вельмі пазнавальнай кнігі пра месцы масавых знішчэнняў насельніцтва ў Беларусі[2] і да гэтага часу малавядомага дакументальнага рамана „Schöne Grüße aus Minsk“ (2001) (пра крывавы сцэнар у беларускім цэнтры пад час нацысцкай акупацыі), выступае з артыкулам пра лагер смерці Трасцянец — адно з найбольшых месцаў знішчэння ў Беларусі, што застаецца амаль непрыкмечаным у культуры памяці ў Нямеччыне.

Несумненна, яшчэ большую вагу, чым навуковыя заключэнні рэцэнзентаў, мае ўдзячнае прызнанне аднаго ўражанага заангажаванасцю і маральным імпэтам „праектгрупы Беларусь“: „Я ўсё гэта вельмі цаню. Не толькі тое, што Вы для нас робіце, але і раскаянне, якое Вы адчуваеце, і яно ёсць важным фактарам. Вы робіце гэта незвычайна тактоўна; я цаню гэта як сапраўдны дабрачын“.

Мюнстар

Гартмут Рус


[1] Гл.: Шерман Б.П. Барановичское гетто. Колдычевский лагерь смерти. Барановичи, 1997; Нямецка-фашысцкі генацыд на Беларусі 1941—1944. Мінск, 1995; Халакост у Беларусі: 1941—1944. Дакументы і матэрыялы. Мінск, 2002.
[2] Першае выданне — Gütersloh 1990, другое — Fischer, Frankfurt 1995.

Юры Туронак. Саюз Беларускай Моладзі ў Нямеччыне

Снежня 14, 2004 |


Летам 1941 г. у берлінскім міністэрстве акупаваных усходніх абшараў (Ostministerium, OMi) праектавалася стварэнне аддзела моладзі для распрацоўкі канцэпцыі моладзевай палітыкі на Ўсходзе. Аднак з увагі на спадзяваную хуткую перамогу ў вайне з СССР гэтае пытанне не лічылася асабліва важ­ным і тэрміновым, бо толькі ў снежні 1941 г. міністр Альфрэд Розенберг прызначыў арганізатара і кіраўніка адпаведнага аддзела. Ім стаў гаўптбанфюрэр Зыгфрыд Нікель — вопытны дзеяч нямецкай арганізацыі моладзі „Гітлерюгенд“, які ў даваенныя гады займаўся кантактамі з замежнымі згуртаваннямі моладзі[1]. Адначасова Нікель быў сувязным паміж Дзяржаўным кіраўніцтвам моладзі і ОМі.

Паводле Рудальфа Герцага, у той час у міністэрстве Розенберга часта абмяркоўваліся пытанні арганізацыі працы з моладдзю на акупаваных тэрыторыях СССР, аднак доўга яны не прыводзілі да адназначных рашэнняў. У прыватнасці, заставалася адкрытым пытанне — ці аддзел моладзі павінен апекавацца маладымі людзьмі толькі нямецкай нацыянальнасці, ці таксама займацца стварэннем і кантролем згуртаванняў мясцовай ненямецкай моладзі[2].

З мэтай даследавання канкрэтных мясцовых умоў для арганізацыі працы аддзела ў лютым — сакавіку 1942 г. Нікель наведаў прыбалтыйскія краіны, Беларусь і Ўкраіну, дзе вывучаў погляды кіраўнікоў нямецкай цывільнай адміністрацыі па гэтым пытанні. Наступствам камандзіроўкі Нікеля быў дэкрэт Розенберга ад 3 чэрвеня 1942 г., які аформіў стварэнне аддзела моладзі ў міністэрстве і дазволіў генеральным камісарам у Літве, Латвіі і Эстоніі стварыць аналагічныя аддзелы ў іх установах. Згодна з дэкрэтам, адкрыццё аддзела моладзі ў генеральным камісарыяце Беларусі адкладалася, а ва Ўкраіне ўвогуле не прадугледжвалася[3].

Розенберг надалей не выказваўся наконт магчымасці ства­­рэння нацыянальных арганізацый моладзі. Станоўчае вырашэнне гэтага пытання, якое садзейнічала б росту нацыянальнай актыўнасці юнакоў і юначак, у пэўнай меры залежала ад стаўлення да яго паасобных кіраўнікоў нямецкай цывільнай адміністрацыі на Ўсходзе.

Супраць стварэння нацыянальнай арганізацыі моладзі першым выступіў райхскамісар Украіны Эрых Кох, які ўсе свае праблемы спадзяваўся вырашыць з дапамогай бізуна. Таксама адмоўна паставіўся да гэтай ідэі генеральны камісар Літвы Адрыян Рэнтэльн, затое падтрымалі яе акупацыйныя ўлады ў Латвіі і Эстоніі. У Беларусі прыхільнікам стварэння моладзевай арганізацыі быў яе генеральны камісар Вільгельм Кубэ. Маючы за сабой шматгадовы вопыт працы з моладдзю ў Нямеччыне, ён добра разумеў значэнне такой арганізацыі для актывізацыі беларускага нацыяналізму, які быў асноўнай канцэпцыяй яго палітыкі. Кубэ рэкамендаваў акруговым камісарам падтрымоўваць ініцыятывы беларускіх настаўнікаў і дзеячоў Беларускай народнай самапомачы ў галіне працы з моладдзю. Пад іх кіраўніцтвам яна праводзілася з восені 1941 г. у гуртках у Менску (кіравала Надзея Абрамава), Баранавічах, Вілейцы, Глыбокім і, магчыма, у іншых гарадах[4]. Аднак для стварэння агульнакраёвай афіцыйнай арганізацыі неабходна была згода Розенберга. Тым часам яго чэрвеньскі дэкрэт ад­клаў такую магчымасць на неакрэсленую будучыню. Гэта, вядо­ма, расчаравала Кубэ, хоць і не было для яго асаблівай нечаканасцю, бо Розенберг здаўна скептычна ацэньваў магчымасці беларускага нацыяналізму і не спадзяваўся на перавыхаванне моладзі, якая вырасла ва ўмовах савецкай рэчаіснасці. Праўда, пад канец 1942 г. ён дазволіў стварыць у мен­скім генеральным камісарыяце аддзел моладзі, але гэта яшчэ не сведчыла аб прынцыповай згодзе на заснаванне беларускай арганізацыі моладзі. Аддзел, які ўзначалілі дзеячы Гітлер­югенда банфюрэр Вільгельм Шульц і Юлія Гроземан, апекаваўся галоўным чынам сканцэнтраванай у Смалявічах нямецкай дзятвой, пакуль яна вясной 1943 г. не была пераселена ў Нямеччыну. Лёс СБМ вырашаўся ў Берліне.

Істотную ролю ў заснаванні беларускай арганізацыі мола­дзі адыграў Фабіян Акінчыц — ідэолаг і правадыр нацыянал–сацыялістычнага руху ў Заходняй Беларусі. Вясной 1939 г. ён прыбыў у Берлін, дзейнічаў пры ўстановах Розенберга, а летам 1941 г. стаў супрацоўнікам аддзела прэсы і прапаганды ОМі. Акупацыю Беларусі нямецкай арміяй Акінчыц успрыняў як доўгачаканы шанец перабудовы грамадства, яго абуджэння з летаргічнага нацыянальнага сну, чаго спадзяваўся дасягнуць шляхам перавыхавання беларускага юнацтва ў адпаведнасці з прынцыпамі нацыянал–сацыялістычнай ідэалогіі, у духу радыкальнага антыбальшавізму[5].

Акінчыц крытычна ставіўся да тагачасных эмігранцкіх лідэраў — Мікалая Шчорса, які ўзначальваў групоўку ў Варшаве, Івана Ермачэнкі ў Празе, Радаслава Астроўскага, Вітаўта Тумаша ў Лодзі ды іншых, якіх абвінавачваў у беспрынцыповасці, кар’ерызме і скурніцтве. З–за гэтага ён меў няшмат ідэйных паплечнікаў у Берліне, у сувязі з чым імкнуўся вы­зваліць з лагераў ваеннапалонных беларусаў–інтэлігентаў, якія б падзялялі яго погляды, і такім чынам стварыць сваю групу дзеяння.

Бадай першым з іх стаў малады падхарунжы (прапаршчык) польскай арміі Генрык Барановіч, які з верасня 1939 г. знахо­дзіў­ся ў нямецкім лагеры для ваеннапалонных. Відаць, у гэ­тым ла­геры, які час ад часу наведваў Акінчыц, пачалося іх зна­ём­ства і супрацоўніцтва, чаму спрыяла адмоўнае стаўленне або­двух да бальшавізму. У выніку захадаў Акінчыца і Бела­рус­кага прадстаўніцтва ў Берліне ў кастрычніку 1940 г. Бара­но­віч быў вызвалены з лагера і накіраваны ў Берлін у якасці настаўніка[6].

Аднак „настаўнічаць“ Барановічу давялося толькі праз год у Вустраўскай школе прапагандыстаў, а пакуль што ён быў пільным вучнем Акінчыца, які прышчапляў маладому сябру сваю беларускую стратэгію і пранямецкую тактыку, рыхтаваў яго на дзеяча будучай арганізацыі беларускай моладзі. З гэтай жа мэтай стварыў Барановічу магчымасць кантактаў з Дзяржаўным кіраўніцтвам моладзі, у якім ён вывучаў структуру і ме­тады працы Гітлерюгенда і адначасова прапагандаваў спра­­ву СБМ.

У сваіх зносінах з Дзяржаўным кіраўніцтвам моладзі Акінчыц і Барановіч імкнуліся абгрунтаваць неабходнасць стварэння СБМ такімі аргументамі, якія не пакінулі б абыякавымі немцаў. Гэтаму, у прыватнасці, служыў „тэзіс“ аб бальшавізацыі беларускай моладзі, „якая нідзе не працуе, ахвотна слухае Сталіна і папаўняе партызанскія банды“, які часта выкарыс­тоў­ваўся зацікаўленымі нямецкімі дзеячамі[7]. І хаця гэты „тэ­зіс“ у пэўнай меры адлюстроўваў пазіцыю ўсходнебеларускіх камсамольцаў, яго перанос на ўсю беларускую моладзь стаў прапагандысцкім ходам, разлічаным на станоўчае вырашэнне пытання беларускай арганізацыі, якая можа і павінна быць супрацьпастаўлена бальшавіцкім уплывам шляхам яе перавыхавання ў нацыянальным духу.

Іншы аргумент зыходзіў з вялікага запатрабавання Нямеч­чы­­ны на рабочую сілу і мізэрных вынікаў прымусовай вярбоў­кі ў Беларусі. І гэтае важнае для нямецкага кіраўніцтва пытанне павінен быў вырашыць СБМ. Пра гэта сведчыць праект ста­тута СБМ, апрацаваны Барановічам пры несумненным удзе­­ле юрыста Акінчыца і кансультантаў Дзяржаўнага кіраў­ніц­­тва моладзі. Вось наступныя праграмныя ўказанні, пада­дзе­ныя ў раздзеле „Агульныя вызначэнні“ праектаванага статута:

„Дзейнасць Саюза Беларускай Моладзі ажыццяўляецца ў дзвюх яго аператыўных групах — „Беларусь“ і „Нямеччына“. Да першай належаць члены СБМ, якія жывуць у Беларусі, а да другой — якія працуюць у Нямеччыне. Адной з най­­важ­ней­­шых задач СБМ з’яўляецца ўключэнне беларускіх юнакоў і юначак у аператыўную групу „Нямеччына“. Гэта да­­зво­ліць моладзі актыўна ўдзельнічаць у змаганні з баль­шавіз­мам, развіваць пачуцці сяброўства, удзячнасці і не­­раз­дзельнасці лёсаў беларускага народа і Вялікай Нямеччыны, а таксама падрыхтавацца да пасляваеннай адбудовы бацькаўшчыны. У асобных выпадках для членаў аператыўнай групы „Нямеччына“ будуць выдадзены спецыяльныя вызначэнні“[8].

Вясной 1943 г. нямецкія моладзевыя дзеячы, верагодна, з удзелам Барановіча звярнуліся да авіяцыйнай фірмы Юнкерс у Дэсаў з прапановай накіраваць на вучобу і работу на заводы фірмы тысячу беларускіх юнакоў. Для абмеркавання гэтага пытання быў падрыхтаваны праект пагаднення паміж інспектарам СБМ і фірмай Юнкерс, які некаторыя гісторыкі памылкова выдаюць за заключаны дагавор[9]. Аднак тады за­ключыць такое пагадненне было немагчыма — СБМ яшчэ не існаваў і не мог даць самазванаму інспектару неабходнае паўнамоц­тва. Тым не менш была дасягнута прынцыповая згода на ажыццяўленне гэтага мерапрыемства ў недалёкай будучыні, што значна падмацавала праграмныя ўстаноўкі праектаванага статута СБМ.

Выглядае на тое, што падрыхтаваныя Барановічам пра­грамныя прынцыпы і спроба іх ажыццяўлення задаволілі Дзяржаўнае кіраўніцтва моладзі і яго дзеяча ў ОМі — Нікеля. Вясной 1943 г. яно было гатовае падтрымаць стварэнне СБМ і аказаць яму матэрыяльную дапамогу (між іншага — пастаўляць уніформу), арганізаваць СБМаўскім дзеячам у Беларусі экскурсіі ў Нямеччыну і двухбаковае культурнае супрацоўніцтва паміж Гітлерюгендам і СБМ. Адначасова Кіраўніцтва моладзі падтрымлівала Барановіча, які аказаўся здольным арганізатарам і лектарам Акінчыцавых курсаў падрыхтоўкі прапагандыстаў у Вустраве. На гэта паказвае захаваны ў архіўных матэрыялах ОМі недатаваны і непадпісаны тэкст „Саюз беларускай моладзі“, які нагадвае праект дакладной запіскі Дзяржаўнага кіраўніцтва моладзі, падрыхтаванай Нікелю для дакладу кіраўніцтву міністэрства. Аўтар запіскі рэзюмаваў аргументы на карысць заснавання СБМ і пісаў, паміж іншага: „Статут СБМ падрыхтаваў адзін беларус, які, па–мойму, адпаведны для ажыццяўлення задач (гэтай арганізацыі — Ю.Т.). Акрамя таго ён мае неабходнае для кіраўніка моладзі жаданне і зразуменне патрэбнасці і правільнасці сваёй працы“. Пры гэтым падкрэсліваў яго добрае веданне псіхікі моладзі і яе „безпамылковы інстынктыўны давер да яго“[10]. Такая рэкамендацыя павінна была паспрыяць прызначэнню Барановіча шэфам–правадніком СБМ.

Аднак пад канец красавіка 1943 г., калі ў міністэрстве Розенберга прымалася рашэнне па пытанні СБМ, гэтая рэкамендацыя ўжо не разглядалася, і віной таму стаў сам Барановіч. 11 лютага, незадоўга да свайго прыезду ў Менск з чарговай групай прапагандыстаў, ён выслаў Міхасю Ганько ліст, у якім неабачліва раскрыў намер Акінчыцавай групы расправіцца з Ермачэнкам і яго БНСаўскай камандай, якіх вінаваціў у нелаяльнасці да Нямеччыны і іншых цяжкіх грахах[11]. Ліст Барановіча наўрад ці дайшоў да адрасата — яго перахапілі службоўцы генеральнага камісарыята і перадалі Кубэ, які падтрымліваў свайго супрацоўніка і пратэжэ Ермачэнку.

23 лютага Кубэ з абурэннем паведаміў Розенбергу пра паводзіны Барановіча і адначасова абвінаваціў Ганько ў „раскладовай дзейнасці“, хацеў нават арыштаваць яго[12]. У выніку пад канец лютага 1943 г. ні адзін, ні другі не маглі спадзявацца на прыхільнасць генеральнага камісара, ад якога ў значнай меры залежала прызначэнне кіраўніка СБМ. Аднак ужо ў красавіку Кубэ схіляўся да прызначэння Ганько. Невядома, што паўплывала на гэтую змену — ці Ганько змог неяк апраўдацца, ці пасля прымусовай дэпартацыі Ермачэнкі з Менска ў Прагу пытанне такіх ці іншых адносін да яго было ўжо беспрадметным.

Рашэнне Кубэ не змяніла стаўлення Барановіча да Ганько. Пазнаёміліся яны хутчэй за ўсё на Вустраўскіх курсах прапагандыстаў, дзе Барановіч быў лектарам, а Ганько — слухачом. З таго часу паміж імі склаліся сяброўскія адносіны, на што ўплывала не толькі агульная ідэя, але і іх заходнебеларускае паходжанне, блізкая ментальнасць і нядаўні ваенны вопыт: абодва апынуліся ў нямецкім палоне — адзін з польскай, а другі з савецкай арміі. Абодва як выхаванцы і ідэйныя паслядоўнікі Акінчыца пасля яго забойства (5.03.1943) не карысталіся прыхільнасцю беларускіх дзеячоў і арыентаваліся толькі на працу з моладдзю. Скандал з лістом не пазбаўляў Барано­віча такой магчымасці — яго прысутнасць у Берліне, пад­трымка Нікеля і Ганько дазвалялі яму спадзявацца на прызначэнне членам Кіраўнічага штаба і шэфам Інспекцыі аператыўнай групы „Нямеччына“.

Пасля бюракратычнай валакіты на пачатку траўня 1943 г. ОМі адправіла праект статута генеральнаму камісару ў Менск для зацвярджэння. Тут аднак адбылася нечаканасць: Кубэ не пагадзіўся з вышэй цытаванай часткай „Агульных вызначэнняў“ статута, у якой прадугледжваўся падзел арганізацыі на аператыўныя групы „Беларусь“ і „Нямеччына“, ды выкрасліў яе са статута. Гэтаксама быў выкраслены прадугледжаны ў яго пятым параграфе (Кіраўніцтва) запіс аб стварэнні шостага аддзела Кіраўнічага штаба — Інспекцыі аператыўнай групы „Нямеччына“. Тым самым страцілі сэнс усе палітычныя ўстаноўкі для членаў гэтай групы, у прыватнасці — праектаваны вызначальны запіс: „Адной з найважнейшых задач СБМ з’яўляецца ўключэнне беларускіх юнакоў і юначак у аператыўную групу «Нямеччына»“, якога таксама не стала. Пасля гэтых карэктываў статут СБМ быў апублікаваны ў беларускіх газетах.

Адмаўленне Кубэ ад аператыўнай групы „Нямеччына“, а тым самым ад уключэння СБМ у вярбоўку на працу ў нямецкай эканоміцы, зыходзіла з яго пераканання, што гэтую моладзь чакаюць больш важныя задачы на бацькаўшчыне. У красавіку 1943 г. на нарадзе акруговых кіраўнікоў адміністрацыі ў Менску Кубэ выказаў погляд, што асноўнай задачай у працы з моладдзю з’яўляецца яе выхаванне ў антыбальша­віцкім духу і шырокае выкарыстанне ў адбудове беларускай гаспадаркі[13]. Таму ён не спяшаўся з адпраўкаю моладзі ў Нямеччыну. Невыпадкова пасля афіцыйнага абвяшчэння СБМ 22 чэрвеня 1943 г. яго кіраўніцтва некалькі месяцаў не займалася вярбоўкай добраахвотнікаў і заключэннем кантракта з Юнкерсам. Нічога ў гэтай галіне не мог зрабіць і Барановіч, які ў выніку выпраўлення статута не меў фармальнай падставы выступаць у Берліне ад імя СБМ.

Аднак такое становішча трывала нядоўга. Пасля забойства Кубэ (22.09.1943) яго пераемнік Курт фон Готберг настойліва дамагаўся актывізацыі СБМ і мабілізацыі моладзі на ажыццяўленне вызначаных берлінскім кіраўніцтвам ваенна–эканамічных задач. Цяпер Ганько пачуваў сябе вальней і 12 лістапада 1943 г. пад час сустрэчы ў Вільні прызначыў Барановіча членам Кіраўнічага штаба і кіраўніком Працоўнай групы СБМ у Нямеччыне, а неўзабаве — упаўнаважаным СБМ у Нямеччыне з службовай ступенню штандаровага[14]. На гэтай падставе Барановіч быў залічаны ў штаб Нікеля і меў сваю канцылярыю ў ОМі на Клёстэрштрасэ, 79 у Берліне. У арганізацыйнай структуры СБМ ён займаў другое месца пасля шэ­фа–правадніка Ганько.

Адначасова пачалося ажыццяўленне задуманага праекта. У канцы 1943 г., пасля ўзгаднення з СБМ, міністэрства акупаваных усходніх абшараў заключыла з фірмай Юнкерс афіцыйны дагавор, які акрэсліў умовы вучобы і працы беларускіх юнакоў, а таксама абавязкі сігнатараў[15].

Згодна з дагаворам, фірма Юнкерс павінна была забяспечыць юнакам прафесійнае навучанне, жыллё, харчаванне і кішэнныя грошы, а СБМ браў на сябе вярбоўку юнакоў ва ўзросце ад 14 гадоў і прызначэнне кіраўнікоў для апекі над моладдзю. Міністэрства са свайго боку абавязалася выдзеліць Юнкерсу аднаразовую субсідыю ў суме 54 тысяч райхсмарак і пакрываць бягучыя выдаткі фірмы на ўтрыманне юнакоў[16].

Першы год юнакі павінны былі вучыцца, рыхтавацца да працы. З такой мэтай быў вызначаны наступны распарадак заняткаў: каля 4 гадзін у дзень яны праходзілі фаховае навучанне пад кіраўніцтвам завадскіх майстроў, а астатнія 3 га­дзіны прысвячаліся агульнай адукацыі пад апекай беларускіх настаўнікаў, якіх меўся даставіць СБМ. Аднак па розных прычынах распарадак заняткаў не вытрымліваўся. Паводле Барановіча, фаховае навучанне юнакоў абмяжоўвалася да шасці тыдняў, пасля чаго іх дзялілі на групы і рассылалі на заводы Юнкерса. На пачатку 1944 г. падобны дагавор ОМі заключыла з будаўнічай Organisation Todt (ОТ) у Берліне.

Адпраўленыя па кантрактах з Юнкерсам і ОТ хлопцы стварылі працоўную групу СБМ у Нямеччыне, якой апекаваўся Барановіч пад наглядам служачых аддзела моладзі ОМі Нікеля і Мэнцэля. Па нашых падліках, да вясны 1944 г. іх агульная колькасць не перавышала 2000. Акрамя СБМаўскіх юнакоў, якія, як правіла, добраахвотна паступалі на работу, у Нямеччыне працавала яшчэ больш за 5000 маладых беларусаў, значная частка якіх была пастаўлена гвалтоўна. Яны належалі да катэгорыі г. зв. остарбайтэраў са статусам, няшмат адрозным ад ваеннапалонных[17]. Гэтыя маладыя остарбайтэры трактаваліся кіраўніцтвам СБМ як рэзервы росту Працоўнай групы. Як паведамлялася ў лістападзе 1943 г. берлінскай „Раніцай“, Кіраўнічы штаб выслаў у Нямеччыну некалькі праваднікоў з мэтай уцягнуць остарбайтэрскую моладзь у СБМ[18]. Нягледзячы на параўнальна лепшыя ўмовы жыцця і працы СБМаўцаў, поспехі гэтай акцыі былі сціплыя. Як пісаў Алесь Галубіцкі (сапр. Аляксандр Марговіч), які ў чэрвені 1944 г. адведаў лагер у Крымічаў, „остаўцы“ не любілі там СБМаўцаў, абзывалі іх здраднікамі і фашыстамі[19]. Аднак не ўсюды пераважалі такія настроі і частка „остаўцаў“ далучылася да СБМ, што спрыяла росту Працоўнай групы ў Нямеччыне, колькасць якой на пачатку чэрвеня 1944 г. складала 3500 юнакоў[20].

Колькасць беларускай моладзі ў Нямеччыне значна павя­лічылася ў чэрвені — ліпені 1944 г., што было выклікана:

а) прымусовым вывазам Вермахтам дзяцей і падлеткаў ва ўзросце ад 8 да 14 гадоў у рамках г. зв. акцыі HEU (heimatlos, elternlos, unterkunftlos); паводле Галубіцкага, 1000 гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак была ў палове чэрвеня прывезена з Беларусі ў лагер Лертэ каля Гановера, адкуль іх СБМаўскія кіраў­нікі перавезлі ў пераходны лагер Капэн каля Дэсаў[21]; паводле іншых крыніц, колькасць вывезеных дзяцей дасягала 3000[22].

б) эвакуацыяй у канцы чэрвеня — пачатку ліпеня 1944 г. перад наступленнем Чырвонай Арміі Кіраўнічага штаба СБМ і больш за 1000 дзеячаў моладзі, групы членаў Беларускай службы бацькаўшчыне і дзесяткаў тысяч цывільных жыхароў разам з моладдзю[23].

У гэты час моцна змянілася мілітарнае становішча Нямеччыны — усходні фронт, які нядаўна стаяў над Дняпром, цяпер стабілізаваўся на лініі Віслы, а на захадзе саюзніцкія войскі развівалі наступленне ў Францыі. Летам 1944 г. ужо мала хто сумняваўся ў паражэнні Нямеччыны. Ва ўмовах узніклага хаосу Кіраўнічы штаб СБМ, які 5 ліпеня апынуўся ў судэцкім горадзе Тропаў, параўнальна доўга не ведаў, ці вызначыць яму задачы ў новых умовах нямецкае кіраўніцтва і якія. Таму ў канцы ліпеня Ганько звязаўся з Астроўскім, які згадзіўся прыняць СБМ пад крыло эвакуяванай Беларускай Цэнтральнай Рады.

Пасля пагаднення з Астроўскім Ганько выдаў дзве адозвы. 1 жніўня 1944 г. ён заявіў аб аднаўленні дзейнасці Кіраўнічага штаба на тэрыторыі Нямеччыны, заклікаў юнакоў і юначак да дысцыпліны, паслухмянасці і сумленнага выконвання сваіх абавязкаў. „З нашай ахвяры, поту і крыві паўстане да жыцця Вольная Беларусь!“ — закончыў Ганько сваё выступленне[24]. А праз тыдзень, 8 жніўня, заявіў: „СБМ добраахвотна пераходзіць ад сённяшняга дня пад маральную апеку і ў сферу кампетэнцыі БЦР, як адзінага праўнага і прызнанага найвышэйшага прадстаўніцтва беларускага народу“[25]. На падставе гэтай дэкларацыі 15 верасня 1944 г. Ганько і Абрамава былі пакліканы ў склад членаў Рады БЦР[26].

Аднак аднавіць рэальную дзейнасць сваёй арганізацыі Ганько ўжо не змог. У новых умовах Саюз Беларускай Моладзі не асабліва цікавіў дзеячоў БЦР, не быў ён патрэбны і аддзелу моладзі ОМі, які з дапамогай Барановіча кіраваў Працоўнай групай СБМ. Праўда, Ганько лічыўся апекуном ваенна–дапаможнай групы беларускай моладзі, аднак і гэтая яго роля не мела практычнага значэння. У гэты час ён снаваў праекты стварэння Саюза Вызвалення Беларусі і, магчыма, удзельнічаў у арганізацыі разведвальна–дыверсійных груп на базе батальёна „Дальвіц“.

Затое множыліся задачы Барановіча. Ён павінен быў са­дзейнічаць уладкаванню на працу беларускіх юнакоў і юначак, якія пасля эвакуацыі апынуліся ў Нямеччыне, дбаць пра забеспячэнне іх асноўных бытавых патрэб і прызначэнне ў працоўныя лагеры СБМаўскіх кіраўнікоў для нагляду за парадкам і дысцыплінай. Дзеля гэтага выкарыстоўваліся эвакуяваныя з Беларусі акруговыя і павятовыя кіраўнікі і кіраўнічкі СБМ, аднак іх было замала. У гэтай сувязі паўстала СБМаў­ская школа „Крывія“ для падрыхтоўкі новых кіраўнікоў, у якую накіроўваліся адпаведныя эвакуяваныя юнакі і юначкі. Летам 1944 г. школа працавала ў мясцовасці Мальта, у Альпах, а з кастрычніка — у Драйсігакер, каля горада Майнінген (Турынгія), пад кіраўніцтвам Станіслава Грынкевіча (малодшага).

З траўня 1944 г. у Берліне выдаваўся „Малады Змагар“ — штомесячны ілюстраваны часопіс для беларускай моладзі, якая працавала ў Нямеччыне. Часопіс рэдагаваў Барановіч, якому дапамагалі эвакуяваныя з Беларусі паэт Лявон Случчанін, прафесар Мікалай Байкоў ды іншыя. Выходзіў ён тыражом 5000 асобнікаў да лістапада 1944 г., пакуль саюзніцкія самалёты не разбамбілі друкарні ў Берліне і Пляўэне, у якіх „Малады Змагар“ друкаваўся. Іншы часопіс, „Вучэбны лісток“, выдавала з лета 1944 г. рататарнай тэхнікай Надзея Абрамава ў Тропаў. Ён прызначаўся для СБМаўскіх кіраўнікоў у працоўных лагерах моладзі. Абодва часопісы былі, па сутнасці, адзінай формай камунікацыі кіраўніцтва СБМ з моладдзю.

Калі кіраўніцтва СБМ і на бацькаўшчыне не выкарыстоў­вала гвалтоўных метадаў вярбоўкі, то ў Нямеччыне не было на тое ні магчымасці, ні патрэбы — моладзь, якая эвакуявалася з Беларусі, сама шукала элементарных умоў для пражыцця. Дапамагаў ёй Барановіч, які накіроўваў новапрыбылых юнакоў і юначак у працоўныя лагеры пры заводах Юнкерса ці Арганізацыі Тот [Todt], да моладзі, якая прыехала раней і была ўжо згуртаванай. Такая яе канцэнтрацыя стварала большыя магчымасці апекі і нагляду ды спрыяла росту Працоўнай групы СБМ.

Паводле афіцыйных дадзеных, на 1 жніўня 1944 г. у Нямеччыне працавала 4500 беларускіх юнакоў і юначак[27]. Гэтыя дадзеныя блізкія да ацэнкі Барановіча, паводле якой лік моладзі ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў у складзе Працоўнай групы СБМ даходзіў да 5000, з якіх 3000 працавалі на заводах Юнкерса, а астатнія 2000 — у Арганізацыі Тот[28]. Пазней да Працоўнай групы было далучана каля тысячы падлеткаў ва ўзросце звыш 10 гадоў, у выніку ў лістападзе 1944 г. яе агульная колькасць перавышала 6000 юнакоў і юначак, размешчаных у 20 лагерах[29].

Моладзь, прымацаваную да фірмы Юнкерс, спачатку прывозілі ў пераходны лагер Крымічаў у Саксоніі, дзе пасля тэх­нічнай падрыхтоўкі дзялілі на групы і рассылалі на заводы ў Дэсаў, Магдэбург, Мульдэнштайн і Цвікаў. Каля паловы юнакоў, якія працавалі ў Арганізацыі Тот, размяшчаліся ў Берліне, а меншыя групы — у Ростаку, каля Фалькенбурга на Памор’і, Рацібара ў Сілезіі і іншых мясцовасцях. Асобныя лагеры былі арганізаваны для дзяцей і падлеткаў. Найбольш іх пражывала ў Дэсаў (два лагеры), Капэн, Крымічаў, менш — у Магдэбургу, Мульдэнштайн і Эберсбах каля Дрэздэна.

Як пісаў Барановіч (Чурыла), у выніку яго намаганняў і прыхільнага стаўлення дырэкцыі Юнкерса ды кіраўніцтва ОТ, „уся беларуская моладзь, ахопленая СБМ у Нямеччыне, мела людскую вопратку, магчымыя баракі, абутак і харчаванне такое самае, як нямецкая моладзь“[30]. Аднак іншыя сведчанні не па­цвярджаюць такой ацэнкі. Так, напрыклад, Мечыслаў Ра­чыц­кі пісаў аб забойстве 14–гадовага хлопца з Наваградчыны ў спрэчцы за мерзлую бручку, што здарылася на пачатку 1945 г. у берлінскім лагеры ОТ[31]. Галіна Бузук, кіраўнічка дзяўчат у Мульдэнштайн, скардзілася, што яе малалетнія падапечныя вымушаны ў марозны час працаваць босымі[32]. Побытавыя ўмовы былі розныя, прычым, відаць, працоўная моладзь забяспечвалася лепш, чым дзеці і падлеткі.

Вывезеныя прымусова з Беларусі ў рамках акцыі HEU насельнікі лагераў патрабавалі спецыяльнай апекі, якую па­він­ны былі запэўніць СБМаўскія кіраўнікі і кіраўнічкі. Рыхтавалі­ся яны на двух–трохтыднёвых курсах у школе „Крывія“. Акрамя агульнага нагляду за дзятвой яны мусілі па магчымасці праводзіць элементарныя заняткі па праграме першых класаў пачатковай школы — вучыць чытаць, пісаць (калі было чым і на чым), навучаць пачаткам арыфметыкі, спевам, ладзіць гульні, пастаноўкі, падтрымліваць у дзетак беларускі дух. „Адным словам, <…> рабілася ўсё магчымае, каб хоць трохі скрасіць гэтым няшчасным дзеткам іх шэрае, аднастайнае, сірочае жыццё на чужыне“[33].

Для старэйшай моладзі прадугледжваліся заняткі па беларусазнаўстве, галоўным чынам на падставе матэрыялаў, публікаваных у выдаваных у Нямеччыне газетах і часопісах „Рані­ца“, „Беларускі работнік“, „Малады Змагар“ ды ў СБМаўскім бюлетэні „Вучэбны лісток“. Часта аднак пасля доўгага працоўнага дня не хапала на тое часу і магчымасцяў. Дарэчы, і ад­дзел моладзі ОМі, і кіраўніцтва СБМ не асабліва настойвалі на правядзенні гэтых заняткаў — яны больш за ўсё цікавіліся пытаннямі парадку і чысціні ў бараках, здароўя і дысцыпліны юнакоў і юначак і г. д.

У Нямеччыне гэтая моладзь перш за ўсё цяжка працавала. Па­водле Барановіча, яна выдатна выконвала свае задачы, чым заслужыла прызнанне дырэкцыі Юнкерса і берлінскага кі­раўніцтва[34]. Змяніў свой погляд на беларускую моладзь нават недаверлівы Розенберг. Пасля свайго візіта ў Дэсаў, 28 ве­рас­ня 1944 г., ён напісаў Гітлеру: „Нядаўна я сам пераканаўся, як гэтыя беларусы працуюць на заводах Юнкерса ў Дэсаў… У вы­ніку адпаведных разважных паводзінаў нямецкія рабочыя на за­водзе згодна супрацоўнічаюць з беларускай моладдзю, у ад­роз­ненне ад замежных рабочых, якія там працавалі раней, у пры­ватнасці, ад італьянцаў. Да гэтага часу сярод беларусаў не за­ўважана ніякіх апазіцыйных настрояў, ані найменшага са­ба­тажу“[35].

Расцярушаныя па розных лагерах, удзельнікі Працоўнай групы рэгістраваліся кіраўніцтам СБМ у Нямеччыне і былі на яго ўліку. Таму прыведзеныя дадзеныя аб іх колькасці можна лічыць блізкімі да сапраўднасці. Затое юнакі і юначкі, якія служылі ў нямецкай арміі, не стваралі асобнай суцэльнай групы СБМ і не падлягалі яго кіраўніцтву. Праўда, шэф–праваднік Ганько лічыўся іх апекуном, але яго кантакт з моладдзю, як правіла, абрываўся пасля яе перадачы нямецкаму камандаванню. Ён нават не меў дакладнай інфармацыі аб месцазнаходжанні сваіх падапечных.

Па гэтай прычыне наўрад ці магчыма вызначыць дакладную колькасць членаў СБМ, якія служылі ў шэрагах нямецкай арміі. Гэтае пытанне не цікавіла нямецкае камандаванне, якое ў сваіх справаздачах не вылучала СБМаўцаў з агульнай масы завербаванай моладзі. Не разглядалася яно і беларускімі гісторыкамі на бацькаўшчыне і на эміграцыі. А значная разбежнасць ацэнак Ганько і Барановіча (пра што гл. ніжэй) толькі выклікае сумненні ў іх верагоднасці. Усё ж паспрабуем разгледзець гэтае няпростае пытанне.

На пачатку 1944 г. у Беларусі ўзнікла ідэя адпраўкі ў Нямеччыну групы юнакоў, якія пасля колькімесячнай падрыхтоўкі павінны былі вярнуцца на бацькаўшчыну ў якасці маладых афіцэраў. Не ведаем, адкуль зыходзіла гэтая ініцыятыва, аднак можам не сумнявацца, што яна ажыццяўлялася са згоды ці па загадзе Готберга. Відаць, па яго ўказанні вярбоўкай добраахвотнікаў заняўся Кіраўнічы штаб СБМ.

16 красавіка 1944 г. у вайсковы падрыхтоўчы лагер у Мальце прыбылі 100 юнакоў. Аднак у выніку адступлення немцаў з Беларусі яны не вярнуліся на бацькаўшчыну і не сталі афіцэрамі. Летам група была расфармаваная: большасць курсантаў накіравалі ў 30–ю дывізію Зіглінга, а невялікую частку перадалі ў часовае распараджэнне кіраўніцтва СБМ у Нямеччыне[36].

У чэрвені 1944 г. з цывільнай і ваеннай зоны Беларусі значная колькасць добраахвотнікаў ва ўзросце 15—20 гадоў прыехала ў Нямеччыну на дапаможную службу ў Люфтвафэ. Вярбоўку праводзілі афіцэры штаба Нікеля, па магчымасці — з дапамогай акруговых кіраўнікоў СБМ. Колькасныя вынікі гэтай акцыі ацэньваліся па–рознаму. Паводле вярхоўнага камандавання войск цэнтральнага ўчастка ўсходняга фронту, на дапаможную службу ў Люфтвафэ з’явілася з Беларусі 4000 юнакоў, Ганько ж ацэньваў іх колькасць на 3000—3200 (разам з юначкамі), а Барановіч — на 5000[37].

Невядома, ці патрэбы Люфтвафэ былі меншыя, ці можа з–за непрыдатнасці часткі кандыдатаў, але ў канчатковым выні­ку не ўсе ахвотнікі былі прыняты камандаваннем паветраных сілаў. Паводле справаздачы штаба Нікеля кіраўніцтву ОМі, на 20 верасня 1944 г. у проціпаветранай ахове ўдзельнічала агулам 2354 беларускіх юнакоў і неакрэсленая колькасць юначак[38]. Пераважная іх колькасць абслугоўвала зенітную артылерыю, астатнія працавалі ў галіне сігналізацыі і іншых сферах. Відаць, немалая частка завербаванай моладзі была накіравана ў дывізію Зіглінга ці іншыя фармаванні Вермахта.

Варта заўважыць, што пэўная частка гэтай моладзі не ўва­хо­дзіла на бацькаўшчыне ў арганізацыю СБМ і толькі ў пры­ём­ных лагерах атрымала членскія білеты і нацыянальныя па­вяз­кі на рукавы. Першапачаткова дружыннікі Люфтвафэ на­кі­роў­валіся ў вучэбны лагер у г. Эгер, у Судэтах, а пасля пад­­­­рыхтоўкі іх падзялялі на групы і пасылалі да зенітных ба­та­­рэяў у розных мясцовасцях Нямеччыны. Для юначак быў ар­ганізаваны падрыхтоўчы лагер у горадзе Пютніц, у Памера­ніі.

Апошнюю групу СБМаўскіх ваяроў складалі эвакуяваныя ў ліпені 1944 г. навучэнцы Менскай школы камандзіраў Беларускай Краёвай Абароны. Па дарозе ў невядомае большая іх частка вярнулася дамоў, некалькі загінула і толькі 110 — 120 юнакоў дабраліся да месца канцэнтрацыі рэштак БКА і іншых вайскова–паліцэйскіх фармаванняў у раёне Плоцка, над Віс­лай[39]. Пасля кароткатэрміновай падрыхтоўкі іх уключылі ў 30–ю дывізію і 23 жніўня адправілі ў Францыю змагацца з амерыканцамі.

Гэтыя тры групы СБМаўскай моладзі, якія апынуліся ў складзе 30–й дывізіі, супроцьпаветранай аховы і іншых фармаванняў нямецкай арміі, разам налічвалі 4500—5000 юнакоў і юначак. Калі да гэтага дадаць удзельнікаў Працоўнай групы (часткова з падлеткамі да 14–гадовага ўзросту), то восенню 1944 г. агульны лік СБМаўскай моладзі ў Нямеччыне складаў 10—11 тысяч юнакоў і юначак.

Гэтая іх колькасць, па сутнасці, не мянялася да канца ваенных дзеянняў, мянялася толькі сфера прызначэння моладзі. На пачатку 1945 г. нямецкая ваенная прамысловасць была ўжо моцна разбурана саюзніцкай авіяцыяй, у выніку чаго зменшыліся патрэбы заводаў у рабочай сіле і частка моладзі магла быць накіравана ў армію. Паводле Барановіча, афіцыйнага набору ў Вафэн СС з СБМаўскіх рабочых лагераў не бы­ло, і ўсё ж у лютым 1945 г. немцы прывезлі з Дэсаў у Берлін 200 юнакоў, якіх рыхтавалі для абароны горада. Вайсковымі інструктарамі гэтай роты былі падафіцэры СС і СБМаўскія кіраўнікі, а агульны нагляд выконвалі банфюрэр Мэнцэль і Барановіч. „Ані адзін з юнакоў ці кіраўнікоў СБМ не хацеў абараняць Берліна. Але мы не мелі іншага выхаду“, — пісаў Барановіч пасля вайны[40].

На СБМаўскае юнацтва спадзявалася і БЦР. Пасля ўклю­чэн­ня рэштак БКА ў 30–ю дывізію Астроўскі імкнуўся адбудаваць сваё войска. Выступаючы на з’ездзе кіраўнікоў моладзі, які адбываўся 16—17 лістапада 1944 г. у школе „Крывія“ ў Драйсігакер, ён заявіў: „Магчыма, у хуткім часе частку з вас мы па­клічам у беларускі легіён, які будзе, безумоўна, пад палі­тыч­ным кіраўніцтвам толькі і выключна БЦР, а аперацыйна бу­дзе падпарадкоўвацца нямецкаму галоўнаму камандаванню“[41].

Аднак замест спадзяванага легіёна пад канец студзеня 1945 г. пачалося аднаўленне дывізіі шляхам вярбоўкі беларусаў. З гэтага часу яна ўжо звалася „30 Waffen–SS Grenadier Division (weissruthenische № 1)“ (замест ранейшага назову „russische Nr 2“). Месцам яе фармавання былі ваколіцы Вайдэн–Гіршаў у Баварыі. У гэтую дывізію БЦР адправіла частку свайго т. зв. кадравага батальёна БКА, у складзе якога было некалькі дзесяткаў юнакоў, і занялася вярбоўкай новых кан­ды­датаў. На пачатку сакавіка разаслалі вярбоўшчыкаў у рабочыя лагеры, аднак вынікі былі нязначныя: ва ўмовах ужо бліз­кай катастрофы Нямеччыны мала хто хацеў за яе змагацца[42].

З гэтай жа прычыны няшмат ахвотнікаў было сярод юнакоў — удзельнікаў Працоўнай групы СБМ. Усё ж некаторыя ўступілі ў дывізію, якая фармавалася далёка ад меркаванай зоны савецкай акупацыі, а гэта давала надзею на паратунак ад нежаданых сустрэч з Чырвонай Арміяй. Туды ў канцы сакавіка з’ехалі з Берліна, Дэсаў і іншых гарадоў СБМаўскія кі­раўнікі Генрык Барановіч, Дзмітры Стэльмах, Палікарп Манькоў і іншыя. Урэшце недзе за месяц да капітуляцыі ў выніку захадаў БЦР у дывізію прыехала некалькі дзесяткаў юнакоў, якіх адпусціла камандаванне Люфтвафэ[43]. У канцы красавіка 1945 г., калі 30–я дывізія апынулася ў амерыканскім палоне, у яе складзе лічылася амаль 1100 чалавек, у тым ліку — сотні СБМаўцаў.

Удзел юнакоў і юначак у ваенна–эканамічных мерапрыемствах Нямеччыны выклікаў пасля вайны, мякка кажучы, некаторыя праблемы. Ніхто не мог запярэчыць, што яны кавалі ў фабрыках зброю для нямецкай арміі, чым так захапляўся Розенберг, што будавалі ваенныя аб’екты і дапамагалі збіваць саюзніцкія самалёты. Аднак ніводзін з пасляваенных Нюрнбергскіх трыбуналаў, ніводзін даследчык не мог даказаць прымусовай вярбоўкі моладзі (акрамя акцыі HEU, да якой СБМ не меў ніякага дачынення). Яна ішла добраахвотна.

Разглядаючы паступленне моладзі на дапаможную службу ў Люфтвафэ, нямецкі даследчык Герцаг пісаў: „…цяжка ўявіць, што летам 1944 г., калі Вермахт паўсюдна адступаў, а на ра­дзіме практычна панавалі партызаны, і ўжо амаль ніхто не сумняваўся ў паспяховым для Расіі выніку вайны, так многа юнакоў добраахвотна паступіла ў распараджэнне нямецкай арміі. Яны павінны былі ўяўляць, які лёс іх чакае ў выпадку паражэння Нямеччыны“[44].

Такі выбар моладзі быў асабліва невыгодны для беларускіх гісторыкаў. Яны, кіруючыся ідэалагічнымі ўстаноўкамі, з усіх сіл кляймілі СБМ, аднак не спрабавалі даказаць гвалтоўную вярбоўку. Васіль Раманоўскі ў сваёй кнізе Саўдзельнікі ў злачынствах (1964) палічыў за лепшае не разглядаць гэтага пытання, а Аляксандр Каваленя, які ці не першы з беларускіх гісторыкаў нясмела парушыў табу, звярнуў увагу на масіраваную прапаганду, якой паддаваліся нявопытныя беларускія юнакі і юначкі[45]. Да падобных вывадаў дайшоў і былы член Кіраўнічага штаба Ўладзімір Гарэлік, які спасылаўся на „палітычную няграматнасць“ СБМаўскага кіраўніцтва і моладзі[46].

Разглядаючы гэтае няпростае пытанне, неабходна мець на ўвазе і тое, што такую „няграматнасць“ прадэманстравала моладзь з усіх абшараў СССР, якія на той час яшчэ знаходзіліся пад нямецкай акупацыяй. Як паведамляў Нікель у сваёй вышэй згаданай справаздачы, да 20 верасня 1944 г. колькасць добраахвотных памочнікаў Люфтвафэ з гэтых абшараў дасягнула 18 917 юнакоў, у тым ліку ўкраінцаў 5933, латышоў 3614, эстаў 3000, беларусаў 2354, рускіх 1383 і літоўцаў 1012. Акрамя іх было яшчэ 2500 дзяўчат, разам — 21 417 юнакоў і юначак, якія ахоўвалі нямецкае неба[47].

Масавы ўдзел „савецкай“ моладзі ў ваенна–эканамічных ме­рапрыемствах Нямеччыны быў несумненным фактам, які не­лагічна тлумачыць толькі яе нявопытнасцю і падатлівасцю на прапаганду моладзевых арганізацый. Дарэчы, вярбоўку праводзілі афіцэры штаба Нікеля: у Беларусі — дзе–нідзе з удзе­лам СБМаўскіх кіраўнікоў як перакладчыкаў, а ў Літве і Галіччыне, дзе падобныя арганізацыі не існавалі, гэтая акцыя пра­водзілася імі самастойна з цалкам задавальняючымі вы­ніка­мі.

Прычыны ўдзелу СБМаўскай моладзі ў працы на ваенную прамысловасць Нямеччыны былі розныя. Адных клікала цыві­лізацыйная прывабнасць Захаду і бясплатная пуцёўка ў Еўропу, іншых — спадзяванне на тэхнічную ці ваенную адукацыю, лепшую долю пасля вайны. Многія імкнуліся застрахавацца перад прымусовай адпраўкай у Нямеччыну ў якасці остарбайтараў ці пазбегнуць прызыву ў партызанскія атрады. Нямала было і такіх, якія імкнуліся пазбегнуць спа­дзяванага бальшавіцкага вызвалення.

Урэшце пэўная частка моладзі кіравалася ідэйнымі матывамі, якія сфармаваліся пад уплывам акупацыйных рэаліяў і выхаваўчай працы ў шэрагах СБМ. Паслядоўная беларусізацыя грамадскага жыцця, нацыянальная сімволіка, прапагандысцкая роля БЦР і многія іншыя фактары хутка ўплывалі на рост нацыянальнай свядомасці і актыўнасць моладзі і разглядаліся як гістарычны шанец аднаўлення дзяржаўнасці. Гэтаму не маглі перашкодзіць трагічныя вынікі партызанскай вайны: паўсюдна асуджаліся не толькі злачынствы карных атрадаў, але і прычыны, якія іх выклікалі — маральнага аўтарытэту савецкага партызанскага руху яны не павялічвалі. Яны ў сваю чаргу спрыялі самачыннаму пашырэнню сярод часткі моладзі палітычнай арыентацыі на Нямеччыну. Гістарычныя вывады ці прапагандысцкія лозунгі тут рабіліся лішнімі — само жыццё наглядна паказвала, што не Расія ці Польшча, а Нямеччына спрыяла нацыянальным інтарэсам Беларусі. Пацвярджалі гэта захопніцкія памкненні абодвух суседзяў пад час вайны. Выпадала з рахунку і арыентацыя на Англію і ЗША, якія ігнаравалі Беларусь, а падтрымлівалі гэтых суседзяў. Заставалася адна Нямеччына, з якой звязваліся надзеі на станоўчае вырашэнне пытання беларускай дзяржаўнасці. Але для гэтага па­трабавалася перамога, перш за ўсё — у вайне з СССР.

Набліжалася, аднак, не перамога, а катастрофа, якую раней за немцаў адчула беларуская моладзь. Гімлер, які ніколі раней не пагаджаўся з нацыянальнай палітыкай Розенберга і Кубэ ды пасля замаху на Гітлера (20.07.1944) умацаваў сваю кіраўнічую пазіцыю, у верасні 1944 г. ухваліў уласаўскую канцэпцыю стварэння антыбальшавіцкага Камітэта вызвалення народаў Расіі ды падпарадкаванай яму арміі, у якую загадаў уключыць, між іншым, беларускіх вайскоўцаў[48]. У выніку гэтага патрабавання ў снежні 1944 г. у войска Ўласава былі ўключаны рэшткі 30–й дывізіі Зіглінга (расійская №2), у якой знаходзіліся тысячы беларусаў. Праўда, пад канец студзеня 1945 г. пачалося аднаўленне гэтай дывізіі ўжо як „беларускай № 1“, і невядома, як склаўся б яе лёс, калі б пад канец краса­віка яна не апынулася ў амерыканскім палоне.

Кіруючыся патрабаваннем Гімлера, у сакавіку 1945 г. Нікель спрабаваў перадаць уласаўскаму камітэту таксама ўсю моладзь з савецкіх тэрыторый, якая знаходзілася ў Нямеччыне, а ў яе ліку — і СБМ. 30 сакавіка ў штабе Нікеля адбылася сустрэча з прадстаўнікамі моладзі, між іншага — шэфам–правадніком СБМ Ганько, якія атрымалі машынапісны праект афармлення моладзевых арганізацый пад юрысдыкцыяй Ка­мітэта вызвалення народаў Расіі[49]. Аднак на ажыццяўленне гэтага праекта ўжо не засталося часу — неўзабаве пачаўся штурм Берліна і да капітуляцыі Нямеччыны заставаліся лічаныя дні.

Для многіх юнакоў і юначак, палітычна зарыентаваных на Нямеччыну, стаўка Гімлера на Ўласава была раўназначная здрадзе нацыянальных інтарэсаў Беларусі. Ніякай іншай апоры яны ўжо не бачылі. Для многіх гэта была драма: сфармаваныя ідэйна ў духу патрыятычных СБМаўскіх „дзесяці запаветаў“, яшчэ да капітуляцыі Нямеччыны апынуліся яны перад прывідам паўторнага маральна–палітычнага заняволення. Адных немцы заганялі ў абдымкі ўласаўскіх апекуноў, іншыя самі кіраваліся ў войска Андэрса, якое імкнулася ж аднавіць польскае панаванне на беларускай зямлі. Нягледзячы на такія ці іншыя матывацыі, кожны, хто мог, клапаціўся ўжо толькі аб свой асабісты лёс.


[1] Herzog R. Besatzungsverwaltung in den besetzten Ostgebieten — Abtei­lung Jugend. Tübingen, 1960. S. 9.
[2] Тамсама. С. 10.
[3] Mitteilungsblatt des Reichsministers für die besetzten Ostgebiete. Berlin. 6.06.1942.
[4] Юрэвіч Л. Вырваныя бачыны. Да гісторыі Саюзу Беларускай Моладзі. Мінск, 2001. С.135.
[5] Туронак Ю. Фабіян Акінчыц — правадыр беларускіх нацыянал–сацыялістаў // Беларускі Гістарычны Агляд. Т.10 (2003). Сш.1—2 (18—19). С.145 — 161.
[6] Генрык Барановіч, сын Уладзіслава і Ганны, нарадзіўся 19.02.1916 г. у вёсцы Крывуля Ашмянскага павету. У сярэдзіне 30–х г. скончыў Віленскую настаўніцкую семінарыю, працаваў настаўнікам. Як падхарунжы 5–га Віленскага пяхотнага палка ўдзельнічаў у нямецка–польскай вайне і 22.09.1939 г. трапіў у нямецкі палон. 9.10.1940 г. вызвалены з лагера ваеннапалонных, дзейнічаў у групе Акінчыца ў Берліне. Пасля вайны жыў у Таронта, уваходзіў у склад кіраўніцтва Згуртавання беларусаў Канады, быў прыхільнікам БНРаўскай арыентацыі. Памёр у 2003 г. у Таронта.
[7] Archiwum Akt Nowych (AAN), Mikrofilmy aleksandryjskiе T–454, rolka 23/446–450: Die Lage der Jugend in Weissruthenien.
[8] Тамсама. Т–454, ролік 23/451—458: Satzungen der Jugendorganisation „Weissruthenisches Jugendwerk“.
[9] Белорусские остарбайтеры. Документы и материалы. Книга 2 (1943—1944). Минск, 1997. С. 104; Каваленя А. Прагерманскія саюзы моладзі на Беларусі 1941—1944. Вытокі, структура, дзейнасць. Мінск, 1999. С. 126; Белорусские остарбайтеры. Историко–аналитическое исследование. Минск, 2001. С. 80. У прыватнасці нельга зга­дзіцца з выказваннямі, што дагавор быў заключаны ў маі 1943 г. (а на думку Кавалені — нават у канцы мая), а ўжо 1 чэрвеня, г. зн. праз некалькі дзён, пачалася адпраўка юнакоў у Дэсаў. Нават у выпадку заключэння дагавора на іх вярбоўку спатрэбілася б больш часу.
[10] AAN, Mikrofilmy aleksandryjskiе T–454, rolka 23/465—469: Das weiss­ruthenische Jugendwerk.
[11] Тамсама. Т–454, ролік 39/1055: ліст Г. Барановіча да М. Ганько ад 11.02.1943.
[12] Тамсама. Т.454, ролік 39/1053: ліст Кубэ да Розенберга ад 23.02.1943.
[13] Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Серыя 3. 1994. № 1. С.72.
[14] Белорусские остарбайтеры. Документы и материалы. Книга 2. С. 243; Ліст Г. Барановіча да А. Вініцкага ад 11.12.1967. Архіў аўтара.
[15] Herzog R. Op. cit. С. 33—34.
[16] Тамсама.
[17] Белорусские остарбайтеры. Минск, 2001. С.115—165.
[18] Раніца. 21.11.1943. № 47.
[19] Галубіцкі Алесь (сапр. Марговіч Аляксандр). Шляхі беларускіх дзяцей у вапошнюю вайну // Бацькаўшчына. Мюнхен. 12.06.1955. № 24.
[20] Прамова Міхася Ганько // Беларуская Газэта. 28.06.1944. № 51.
[21] Галубіцкі А. цыт. праца.
[22] Herzog R. Op. cit. С.51; Каваленя А. Цыт. праца. С. 213.
[23] Вініцкі А. Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гадох. Лёс Анджэлес, 1968 — Менск, 1994. С. 36.
[24] Раніца. 20.08.1944. № 34.
[25] Раніца. 3.09.1944. № 36.
[26] За дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. Лёндан, выд. БЦР, 1960. С. 121.
[27] Herzog R. Op. cit. С. 35.
[28] Вініцкі А. Цыт. праца. С. 19.
[29] Раніца. 26.11.1944. № 49.
[30] Вініцкі А. Цыт. праца. С. 21—22.
[31] Тамсама. С. 45—46.
[32] НАРБ. Воп. 2, спр. 8, ч. 2, арк. 368—385: лісты Галіны Бузук да Надзеі Абрамавай.
[33] Вініцкі А. Цыт. праца. С. 32.
[34] Ліст Г. Барановіча да А. Вініцкага ад 11.12.1967, архіў аўтара.
[35] Archiwum Głównej Komisji Zbrodni Hitlerowskich w Warszawie, Amery­kański Trybunał Wojenny XI, Dokumenty Prokuratury, tom 45, list Rosen­berga do Hitlera z 28.09.1944 (dok. NO 2464).
[36] Галубіцкі А. Цыт. праца; Вініцкі А. Цыт. праца. С. 26.
[37] Зелений З. Украінське юнацтво в вирі Другоі світовой війны. Торонто, 1965. С. 115; Вініцкі А. Цыт. праца. С. 22.
[38] Herzog R. Op. cit. С. 80.
[39] Грыбоўскі Ю., Козак К. Забытыя жаўнеры Польскага войска ў час Другой сусветнай вайны. Мінск, 2003. С. 84; Вініцкі А. Цыт. праца. С. 56.
[40] Вініцкі А. Цыт. праца С. 22.
[41] Раніца. 26.11.1944. № 49.
[42] Кушаль Ф. Спробы стварэння беларускага войска. Менск, 1999. С. 110.
[43] Запруднік Я. Дванаццатка. Нью Ёрк, 2002. С. 23.
[44] Herzog R. Op. cit. С. 68.
[45] Каваленя А. Цыт. праца. С. 212—213.
[46] Гарэлік У. Успаміны пра арышт Кіраўнічага штабу СБМ вясной 1944 г. // Беларус, 2000, студзень (№ 466).
[47] Herzog R. Op. cit. С. 80.
[48] Гімлер „аргументаваў“ гэта так: „Калі нейкі беларус ці ўкраінец стварае сваё войска, то нягледзячы на гэта ён жа застаецца рускім (ist er doch trotzdem ein Russe). Уявіце сабе, што прыходзіць да мяне нехта, напрыклад нейкі нямецкі эмігрант з Баварыі ці Бадэна, і кажа, што ён не немец, а толькі баварац ці бадэнец, і змагаецца за свабоду Баварыі ці Бадэна. Гэта ж без сэнсу. Такое нам натварыў толькі гэты дурань Розенберг. Дык вось, паведаміце мне пра колькасць усіх гэтых рускіх“ (Thorwald Jürgen. Wen sie verderben wollen. Bericht des grossen Ver­rats. Stuttgart, 1952. S.409—410).
[49] Зелений З. Цыт. праца. С.173, 267—268.

Наверх

Юры Туронак. Фабіян Акінчыц — правадыр беларускіх нацыянал–сацыялістаў

Снежня 17, 2003 |


Напрыканцы 1933 г. на заходнебеларускай сцэне ўзнікла групоўка, якая абвясціла сябе нацыянал–сацыялістычным актывам. Яе заснавальнікам, ідэолагам і правадыром быў Фабіян Акінчыц, які вопыт палітычнай дзейнасці здабываў у пар­тыі расійскіх эсэраў, у БСР Грамадзе, Цэнтрасаюзе і іншых беларускіх арганізацыях[1].

Пад уражаннем перамогі нацыянал–сацыялістычнага руху ў Нямеччыне Акінчыц канчаткова адмовіўся ад ілюзіі дэма­кратычнага ладу і дайшоў да пераканання, што нацыянальныя і сацыяльныя нягоды беларускага народа можа паспяхова вырашыць ажыццяўленне праграмных прынцыпаў нацыянал–сацыялізму, такіх, як умацаванне нацыянальнай супольнасці, класавая салідарнасць, сацыяльны прагрэс, канфесійная свабода і іншыя.

Акінчыц і яго паплечнікі лічылі, што ўз’яднанне разарваных Рыжскім трактатам беларускіх зямель магчыма толькі ў выніку вайны. Гэты іх погляд асуджаўся гісторыкамі БССР, якія быццам бы не ведалі таго, што ў канцы 1939 г. далучэнне заходнебеларускіх абшараў да Савецкай Беларусі адбылося выключна ў выніку агрэсіі Чырвонай Арміі на Польшчу.

Прэсавым органам беларускіх нацыянал–сацыялістаў быў часопіс „Новы Шлях“, які выдаваўся з лістапада 1933 да лістапада 1937 г. пад рэдакцыяй Уладзіслава Казлоўскага. Часопіс выходзіў у сярэднім раз на два месяцы, у невялікім фармаце, аб’ёмам 8 старонак, а яго разавы наклад не перавышаў 500 асобнікаў.

Беларускія і польскія апаненты нярэдка лічылі групоўку Акінчыца агентурай нямецкіх нацыстаў, якая фінансавалася берлінскімі ўладамі. Магчыма, гэтыя ацэнкі адпавядалі са­праўднасці, аднак сціплы выгляд „Новага Шляху“ і адсутнасць іншай прапагандысцкай літаратуры паказвае, што фінансавая дапамога нямецкіх ідэалагічных саюзнікаў магла быць, хутчэй за ўсё, сімвалічнай.

Прагматычныя немцы не спяшаліся выдаткоўваць грошы. На гэта былі істотныя прычыны: па–першае, слабое зацікаўленне беларускай інтэлігенцыі і сялянства новым ідэалагічным напрамкам і, па–другое, супрацьдзеянне польскіх адміні­страцыйных улад, якія ў кастрычніку 1936 г. забаранілі правядзенне з’езда беларускіх нацыянал–сацыялістаў, а восенню 1937 г. — усю іх дзейнасць у пагранічнай зоне 150 км, г. зн. на большай частцы заходнебеларускай тэрыторыі[2].

На гэтым закончылася дзейнасць юрыдычна неаформленай партыі нацыянал–сацыялістаў. Рэдакцыя „Новага Шляху“ была перанесена ў Ліду, дзе 25 лістапада 1937 г. выпусціла апошні нумар газеты. У снежні 1936 г. Акінчыц абвясціў сябе хворым, вярнуўся ў свае Акінчыцы і чакаў выбуху, які павінен быў разбурыць створаны ў Версалі і Рызе палітычны лад у Еўропе.

Пасля таго як у студзені 1939 г. польскі ўрад адкінуў прапанаваны Гітлерам праект сумеснага паходу на Савецкі Саюз, нямецка–польская вайна ўжо была непазбежнай. Вясной Акін­чыц выехаў у Нямеччыну і прапанаваў дыверсійныя па­слугі беларускіх нацыянал–сацыялістаў у спадзяванай вайне. З такой мэтай у чэрвені 1939 г. у вольным горадзе Данцыг (Гданьск) была арганізавана сустрэча нямецкіх чыноўнікаў з беларускімі нацыстамі[3].

Незалежна ад прынятых пастановаў, пра якія пакуль што не выяўлена дакладных архіўных матэрыялаў, Данцыгская канферэнцыя не мела практычных наступстваў. Пасля жнівеньскага пагаднення  ўрадаў СССР і Нямеччыны аб сумесных дзеяннях Вермахта і Чырвонай Арміі ў Польшчы любая падтрымка беларускіх нацыянал–сацыялістаў ужо не была патрэбная. Больш за тое, кіруючыся карэктнымі адносінамі да новага саюзніка, нямецкія ўлады забаранілі эмігранцкім арганізацыям у Нямеччыне выказваць вусна ці пісьмова варожае стаўленне да Савецкага Саюза[4].

Акінчыц апынуўся ў складаным становішчы і чакаў на ласкавасць лёсу. Аднак нямецкія ўлады, відаць, не спяшаліся з яго выкарыстаннем. Паводле Станіслава Грынкевіча (малодшага), 4 лістапада 1939 г. Акінчыц узначаліў Беларускае прадстаўніцтва ў Берліне — урадавую ўстанову, у якой не мог разгортваць некантраляваную палітычную дзейнасць[5]. Алесь Вініцкі лічыць, што ў снежні 1939 г. Акінчыцу даручылі выпуск першых нумароў „Раніцы“[6]. Аднак і ў Прадстаўніцтве, і ў рэдакцыі ён працаваў толькі некалькі тыдняў і на пачатку 1940 г. быў накіраваны ў Варшаву для арганізацыі Беларускага самадапамогавага камітэта ў Генералгубернатарстве.

Новая роля, відаць, адпавядала Акінчыцу, які на базе сваіх аднадумцаў у Генералгубернатарстве спадзяваўся стварыць грамадскую апору для беларускай нацыянал–сацыялістычнай арганізацыі. Аднак, калі ў лютым або на пачатку сакавіка 1940 г. ён прыбыў у Варшаву, тут ужо дзейнічаў камітэт, за­снаваны напрыканцы 1939 г. маладым лекарам Міколам Шчорсам. Пачалося змаганне за кіраўніцтва. Акінчыц, карыстаючыся падтрымкай берлінскіх чыноўнікаў, у сакавіку 1940 г. выключыў Шчорса і яго каманду з камітэта, што ў сваю чаргу выклікала абурэнне і супрацьдзеянне яго актывістаў. Спа­трэбілася інтэрвенцыя нямецкай службы бяспекі, якая ў палове 1940 г. ліквідавала скандал — вярнула Шчорса на пасаду старшыні камітэта, а Акінчыца адправіла ў Берлін[7].

Такой трактоўкі Акінчыц не чакаў. Маючы на ўвазе некалькігадовае супрацоўніцтва з нямецкімі нацыянал–сацыя­лістамі, ён спадзяваўся на кіраўнічую ролю сярод беларускіх эмігранцкіх груповак у Нямеччыне і на акупаваных ёю тэрыторыях. Аднак дагэтуль яму не шанцавала і раз–пораз ён быў вымушаны саступаць кіраўнічыя пасады ў Берліне і Варшаве сваім канкурэнтам. Непакоіла яго і дзейнасць лідэра пражскай групоўкі Івана Ермачэнкі, які запрашаўся ў міністэрства замежных спраў у Берліне.

Неўзабаве пасля вяртання ў Берлін Акінчыц разгарнуў змаганне за лідэрства. На гэта паўплывала адна важная прычына: 21 ліпеня 1940 г. Гітлер абвясціў галоўнаму камандаванню Вермахта сваё рашэнне аб паходзе на СССР, якога чакалі ўсе беларускія групоўкі ў Берліне, Парыжы, Празе і Варшаве. Паслядоўна адкрывалася перспектыва дзейнасці ў акупаванай Беларусі, у сувязі з чым змаганне за лідэрства набывала новую якасць, непараўнальную з рэаліямі эміграцыі.

1 лістапада 1940 і 10 студзеня 1941 г. Акінчыц накіраваў ва ўсходняе бюро нацысцкай партыі два мемарыялы з прапановай паслуг беларускіх нацыянал–сацыялістаў у чаканых падзеях[8]. Паводле Акінчыца, заснаваная ў 1940 г. у Варшаве група яго аднадумцаў планавала актывізаваць сваю дзейнасць галоўным чынам у наступных сферах:

— выпуск брашур;

— арганізацыя курсаў па падрыхтоўцы палітыкаў, адміністрацыйных і гаспадарчых службаў, публіцыстаў і журналістаў, між іншым, з ліку ваеннапалонных беларускай нацыянальнасці;

— падрыхтоўка дыверсійных груп для дзейнасці на тэрыторыі Беларускай ССР.

Далей Акінчыц пісаў, што такія задачы маглі выканаць толькі яго аднадумцы, у сувязі з чым ім павінна быць вызначана кіраўнічая роля. „Другая палітычная група, — пісаў ён, — настроена дэмакратычна. Яе адносіны да камуністаў сумніцельныя, яны патаемна сімпатызуюць яўрэям, схільны да панславізму, з скрытым недаверам адносяцца да Нямеччыны. Яна (група. — Ю.Т.) не верыць у перамогу Нямеччыны і, мяркуючы па яе палітычнай пазіцыі, імкнецца не скампраметаваць сябе ні перад палякамі, ні перад камуністамі, або лічыць на тое, што пасля паражэння Нямеччыны камуністы, а разам з імі палякі і яўрэі будуць панаваць у Еўропе. Гэтая група адносіцца да нашай арганізацыі вельмі варожа, пастаянна імкнецца яе знішчыць і ні ў якім разе не дапусціць, каб нямецкія ўстановы лічыліся з яе поглядамі“.

Следам за такой характарыстыкай незалежных ад Акінчыца груповак ішлі яго даносы на іх кіруючых дзеячаў — рэальных і ўяўных канкурэнтаў: Міколу Шчорса, Вінцэнта Гадлеўскага і Янку Станкевіча ў Варшаве, Вітаўта Тумаша ў Лодзі, Анатоля Шкутку ў Берліне, якія, на думку Акінчыца, павінны быць заменены яго аднадумцамі. Крытыкаваліся і беларусы ў Празе, большасць якіх, паводле аўтара мемарыялаў, былі настроены дэмакратычна і лева.

Аднак і гэтым разам намаганні Акінчыца былі безвыніковыя. У сувязі з забаронай дзейнасці ў Нямеччыне і на акупаваных ёю абшарах любых, акрамя NSDAP, палітычных партый, не магла быць заснавана і партыя беларускіх нацыянал–сацыя­лістаў, а яе прыхільнікі выконвалі даручэнні нямецкіх уладаў у індывідуальным парадку.

Не браліся пад увагу і парады наконт разведвальнай і дыверсійнай службы. Галоўнае камандаванне Вермахта і без Акін­чыца ведала як рыхтавацца да вайны і толькі са снежня 1940 да сакавіка 1941 г. заслала ў заходнія раёны СССР 66 шпіёнска–дыверсійных груп, якія складаліся з беларусаў, украінцаў, літоўцаў і іншых[9]. Дарэчы, некаторыя з іх былі арга­ні­заваны не толькі з дапамогай Акінчыца, але і ягоных апанентаў — Шчорса, Гадлеўскага, Тумаша і, магчыма, іншых[10].

Улады не дапусцілі Акінчыца і да афіцыйнай прапагандысцкай дзейнасці. Верагодна, на гэта ўплываў яго бескампрамісны антыбальшавізм, які не адпавядаў тагачасным адносінам Нямеччыны да Савецкага Саюза. Па гэтай прычыне ён быў вымушаны пакінуць рэдакцыю „Раніцы“, а таксама не ўдзельнічаў у прапагандысцкай арганізацыі „Вінета“. Усё ж у першай па­лове 1941 г. Акінчыц і яго людзі выпусцілі ў Берліне рататарнай тэхнікай дзве брашуры пад псеўданімам Усевалада Вераса „Як стварыць нашую сілу“ і „Шляхам барацьбы Беларусі з Масквою“, якія знешне нагадвалі нелегальныя публікацыі[11].

Летам 1941 г., калі служба бяспекі ў Берліне, Варшаве і Лодзі накіроўвала ў акупаваную Беларусь дзесяткі беларусаў для арганізацыі адміністрацыі, Акінчыц надалей заставаўся ў Берліне і сачыў за падзеямі ў Беларусі. Тым часам весткі, якія атрымліваў, не суцяшалі.

Асабліва істотнае значэнне мела кадравае становішча ў першыя месяцы акупацыі. Прывезеныя з эміграцыі кадры (паводле розных ацэнак — ад 30 да 50 чалавек) былі нешматлікія і ў большасці непадрыхтаваныя для выканання патрабаванняў акупацыйных уладаў. Выключна слабы быў удзел беларусаў у арганізацыі службы парадку (дапаможнай паліцыі), таму нямецкія вайсковыя ўлады накіроўвалі ў Беларусь літоўскія, латышскія і ўкраінскія паліцэйскія фармаванні, а ў яе заходніх акругах ахвотна давяралі кіраўніцтва мясцовай адміні­страцыяй і дапаможнай паліцыяй больш вопытным палякам. З пачаткам верасня 1941 г. частка Беларусі з Мінскам была перададзена цывільным уладам, аднак патэтычныя заклікі і лозунгі яе генеральнага камісара Вільгельма Кубэ („Беларусь для беларусаў“ і падобныя) пакуль што не мянялі становішча.

Сярод беларускіх дзеячаў, якія спадзяваліся на падтрымку нямецкімі ўладамі іх нацыянальна–дзяржаўных памкненняў, запанавала расчараванне. Адны лічылі, што немцы не давяраюць беларусам і фаварызуюць палякаў і літоўцаў, а іншыя самакрытычна прызнавалі сваю няздольнасць стварыць нацыянальнае самакіраванне нават у тых сціплых рамках, якія дапускаліся акупацыйнымі ўладамі. У многіх выпадках пачуццё сваёй няпаўнавартасці перапляталася з бязрадаснасцю, што садзейнічала пашырэнню настрояў пасіўнасці і адмаўлення ад грамадскай дзейнасці.

Бадай першы расчараваўся старшыня групоўкі „Цэнтр“ доктар Мікола Шчорс, які ў ліпені — жніўні 1941 г. на чале групы эмігрантаў імкнуўся арганізаваць у Беларусі краёвае самакіраванне пад нямецкім патранатам. Аднак некампетэнтнасць ваенных уладаў і абыякавасць нешматлікіх нацыянальных дзеячаў вымусіла яго адмовіцца ад гэтага намеру і вярнуцца ў Варшаву. Так без ніякіх намаганняў Акінчыца выпаў з палітычнай гульні яго галоўны канкурэнт да ўяўнай улады ў Беларусі. Па іншых прычынах не змог замацавацца ў Мінску і Радаслаў Астроўскі, які ў кастрычніку 1941 г. выехаў у Бранск і пазней — у Смаленск.

Аднак і цяпер не збыліся спадзяванні Акінчыца на ролю беларускага лідэра. У верасні 1941 г. міністр акупаваных усходніх абшараў Альфрэд Розенберг паслаў у Мінск доктара Івана Ермачэнку, які ўзначаліў Беларускую народную самапомач (БНС) — пакуль што адзіную легальную грамадскую арганізацыю. Ермачэнка карыстаўся даверам генеральнага ка­місара Кубэ, яны разам ажыццяўлялі розныя мерапрыемствы, накіраваныя на паступовую беларусізацыю адміністрацыі, арганізацыю антыпартызанскай Самааховы, развіццё школьніцтва і нацыянальнай самасвядомасці народа, на стварэнне ў перспектыве беларускай дзяржавы з Ермачэнкам як прэм’ерам яе ўрада.

Такі кірунак дзеянняў Кубэ і Ермачэнкі, на добры лад, няшмат адрозніваўся ад імкненняў Акінчыца з адным выняткам — ён сам хацеў быць будаўніком беларускай дзяржавы. Цяпер, пасля адыходу з палітычнай сцэны Шчорса і Астроў­скага, яго галоўным праціўнікам стаў Ермачэнка. Аднак змагацца з ім Акінчыцу было няпроста — абодва былі служачымі ведамства Розенберга, таму  ніякія звыклыя дзеянні Акінчыцу не варажылі поспеху і трэба было выяўляць новыя ініцыятывы.

Паколькі партыйная дзейнасць была забаронена нямецкімі ўладамі, летам 1941 г. Акінчыц выпрацаваў альтэрнатыўную канцэпцыю „руху маладых актывістаў“, мэтай якога было ўзгадаванне беларускай моладзі ў духу адданасці акупацыйнаму рэжыму. Паводле яго задумы, моладзь павінна была ўдзельнічаць у змаганні з ворагамі новага ладу, між іншым, ствараць свае атрады СС, а ў перспектыве быць падставай агульнакраёвай беларускай арганізацыі, якая была б надзейнай апорай нямецкага кіраўніцтва. У прыватнасці, беларускія юнацкія атрады СС дазволілі б замяніць літоўскія, латышскія і ўкраінскія паліцэйскія батальёны і паўплываць на рост нацыя­нальнай самасвядомасці народа.

Улічваючы скептыцызм Розенберга і яго чыноўнікаў у вырашэнні беларускага пытання, Акінчыц насуперак спадзяванням беларускіх канкурэнтаў даказваў, што пакуль не існавала магчымасці стварэння беларускай дзяржавы — для гэтага не было належных умоў: народ знаходзіўся ў летаргічным сне, нацыянальная свядомасць — паралізавана. Таму не маглі быць творцамі Беларусі „папяровыя генералы, прафесары і дактары“, якія хацелі б адраджаць яе зверху — беларускае адраджэнне трэба пачынаць знізу пад нямецкім кіраўніцтвам[12].

Усё ж, нягледзячы на зацікаўленне некаторых ваенных камендатур, аднадумцам Акінчыца не ўдалося заснаваць такую арганізацыю моладзі ў краёвым маштабе, але прынамсі ў Глыбоцкай акрузе летам 1941 г. яна была створана. Восенню гэтага ж года яна была ўхвалена акруговым камісарам Паўлем Гахманам і дзейнічала да чэрвеня 1943 г., калі ўлілася ў арганізаваны тады Саюз беларускай моладзі (СБМ)[13]. Магчыма, яе заснавальнікам у Глыбокім быў паплечнік Акінчыца Уладзіслаў Казлоўскі.

Гэтым разам ініцыятыва Акінчыца не была безвыніковай. Праўда, стварэнне „руху маладых актывістаў“ пакуль што не адбылося, але яго канцэпцыя, якая адлюстравалася ў рапартах службы бяспекі, стала вядомай у берлінскіх кіраўнічых колах, зацікаўленых ўзгадаваннем надзейных кадраў для акупацыйнага праўлення ў Беларусі. Стварыць гэтыя кадры Розенберг даручыў Акінчыцу.

Познім летам, пасля атрымання згоды галоўнага камандавання Вермахта, ведамства Розенберга дазволіла Акінчыцу выбраць з лагераў савецкіх ваеннапалонных пэўную колькасць інтэлігентных беларусаў для працы ў якасці перакладчыкаў і прапагандыстаў у нямецкіх установах у Беларусі. Не закраналіся пры гэтым у размовах з Акінчыцам ці беларускімі арганізацыямі ў Берліне палітычныя аспекты гэтых акцый[14]. У верасні 1941 г. была створана камісія, якая прачэсвала лагеры палонных і ацэньвала кваліфікацыю кандыдатаў на падрыхтоўчы курс у мясцовасці Вустраў пад Берлінам. Працай камісіі кіраваў Акінчыц, а яе членамі былі Васіль Камароўскі і Аляксандр Крыт. Неўзабаве да іх далучыўся Генрык Барановіч. З восені 1941 г. яны працавалі як арганізатары і лектары ў Вустраўскай школе прапагандыстаў[15]. Магчыма, працавалі там яшчэ іншыя асобы, пра якіх пакуль што няма пэўных звестак.

Няма дакладных дадзеных і пра колькасць палонных чырвонаармейцаў, якія пагадзіліся з прапановай камісіі і перавыхоўваліся ў Вустраве. Паводле Сымона Шаўцова, сабралася там 80 беларусаў[16]. Іван Касяк ацэньваў іх колькасць на 60 чалавек[17]. Няясныя выказванні Алеся Вініцкага, які піша, што з лагераў было выбрана каля сотні кандыдатаў, аднак курс праслухала ўсяго каля 20 чалавек[18]. Усе гэтыя звесткі выглядаюць неверагодна ў супастаўленні з інфармацыяй Аляксея Салаўёва, паводле якой толькі ў лютым 1942 г. у Мінск на чале з Акінчыцам прыбыла група прапагандыстаў у колькасці 70 чалавек[19]. Магчыма, агульная колькасць дастаўленых у Беларусь гадунцоў Акінчыца перавышала сотню.

Няшмат вядома і пра персаналіі Вустраўскіх курсантаў. Тыя, якім пасля вайны ўдалося пазбегнуць прымусовай рэпатрыяцыі ў СССР, — як Уладзімір Гарэлік (Латушкін) і Язэп Лешчанка (літаратурны псеўданім Міхась Кавыль), — маўчалі, і толькі Сымон Шаўцоў з Аўстраліі напрыканцы жыцця апублікаваў кароткі ўспамін аб Акінчыцавай школе і яе навучэнцах (Мая адысея. Вільня, 1999). Таксама маўчалі на эміграцыі Барановіч, Камароўскі і Крыт, а Вініцкі ў сваіх „Матэрыялах да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне“ прынцыпова пазбягаў называць прозвішчы курсантаў. У апошнія гады крыху персанальных звестак выявілі мінскія даследчыкі СБМ Алег Гардзіенка і Аляксандр Каваленя, якія карысталіся архіўнымі крыніцамі.

На падставе гэтых публікацый можна вызначыць прозвішчы 18 курсантаў: Бабкоў, Язэп Беразоўскі, Сяргей Бузак, Бядрыцкі, Уладзімір Гарэлік, Міхась Ганько, Гарбуноў, Жыркевіч, Мікіта Каляда, Калядка, Караваеў, Язэп Лешчанка, Па­лікарп Манькоў, Зміцер Стэльмах, Георгі Фролаў, Міхась Цікуноў, Сымон Шаўцоў і Фёдар Шпак. Усе яны былі афіцэрамі Чырвонай Арміі і акрамя Міхася Ганька ўсе паходзілі з усходняй Беларусі, дзе атрымалі адукацыю і ўзгадоўваліся ў духу камуністычнай ідэалогіі і савецкага патрыятызму. Палонныя афіцэры былі звыклыя да дысцыпліны і нацыянальнымі амбіцыямі ў большасці не кіраваліся. Відаць, гэтыя якас­ці вырашылі іх дапушчэнне на курс і да службы ў Беларусі.

Заняткі ў Вустраве трывалі каля шасці месяцаў з кожнай групай курсантаў. За гэты час яны павінны былі засвоіць прынцыпы дзеяння нямецкай цывільнай адміністрацыі ў Беларусі, метады змагання з бальшавіцкай ідэалогіяй, вывучалі нямецкую і беларускую мовы, практыкаваліся ў публічных выступленнях. Асаблівую ўвагу Акінчыц звяртаў на азнаямленне слухачоў з сваёй нацыянальнай канцэпцыяй, прычым прышчапляў ім пагарду да — на яго думку — „бесхрыбетных шкурнікаў“, „гнілых дэмакратаў“ і да т. п., якія, карыстаючыся непаслядоўнасцю нямецкага кіраўніцтва, пралезлі ў БНС.

Пасля сканчэння курса Акінчыц дастаўляў падрыхтаваныя групы прапагандыстаў у Мінск і перадаваў іх у аддзел прапаганды генеральнага камісарыята. Там іх накіроўвалі ў паасобныя акруговыя камісарыяты цывільнай зоны Беларусі. У Мін­ску працавалі, між іншым, Бузак, Ганько, Гарэлік, Лешчанка, Стэльмах, Шаўцоў, у Баранавічах — Бядрыцкі, Гарбуноў, Шпак, у Слуцку — Манькоў, у Лідзе — Бабкоў, у Нава­град­ку — Каляда. Прапагандысты выконвалі загады толькі нямецкіх установаў і не ўключаліся ў сферу дзейнасці БНС. Акра­мя некалькіх перабежчыкаў да партызанаў пераважная іх большасць апраўдала давер свайго настаўніка.

Так сфармавалася апазіцыйная да БНС–аўскага кіраўніц­тва нацыянал–сацыялістычная групоўка. Кіравалася яна ідэямі Акін­­чыца, выкладзенымі ў Вустраве і ў яго аб’ёмістым артыкуле „Дум­кі на часе“, апублікаваным у „Беларускай Газэце“ (28.03.—11.04.1943), якія можна рэзюмаваць наступным чынам.

— Вайна вядзецца ў імя будучыні ўсяго культурнага свету. Ад таго, якая сіла пераможа, залежыць лёс усіх народаў. Вайна вядзецца за перабудову Еўропы на новых палітычных і гаспадарчых падставах. Нам, беларусам, не даводзіцца шкадаваць даваенную Еўропу — нічога ў ёй мы не мелі і мець не маглі.

— Мы не павінны глядзець на гэтую вайну толькі з беларускага пункту гледжання. Беларуская справа будзе развязана на нашу карысць пасля таго, як вораг будзе знішчаны і ў Еўропе будзе запачаткаваны новы парадак, абапёрты на выключэнні з грамадскага жыцця бальшавізму і жыдоўства.

— У гэтым змаганні няма месца нейтральнасці. Той, хто супраць бальшавіцкай камуны, можа знайсці разнаякія магчымасці дапамогі фронту. Трэба праводзіць ачышчэнне краю ад бальшавікоў і іх агентаў, выкрываць падрыўныя метады іх дзейнасці, арганізаваць добры тыл для арміі, даць хлеб.

— Сапраўдная народная ўлада павінна быць створана ў выніку грамадскага пераўзгадавання нашага народа пад вы­значальным уплывам яснай цвёрдай ідэалогіі, адпаведнай вымогам жыцця ў агульнаеўрапейскім маштабе.

— Трэба размежавацца з людзьмі, якія інакш думаюць і дзейнічаюць на карысць варожых беларускай справе сіл. Вы­кінуць трэба і тых, хто хацеў бы заняць залатую сярэдзінку. У сучасную часіну ім месца няма. Хто не з намі — той супраць нас. Хто не хоча актыўна змагацца з бальшавізмам і ягонаю спадчынаю, хто чакае на адпаведнае надвор’е, той вораг. Трэба нарэшце зрабіць канчатковы парадак з тым бальшавіцкім ахвосцем, якое засталося і якое свой бальшавіцкі глузд сарамліва прыкрывае рознымі фігавымі лісткамі, як, прыкладам, славянафільствам ці нечым іншым, згатаваным у маскоўскай кухні.

— Ёсць у нас „палітыкі“, якія заклікаюць „ні ў якім выпадку не расцярушваць нашае ўвагі, не адцягваць яе ад сваіх беларускіх спраў“, ды нагадваюць, што „веліч сучасных падзеяў не павінна зацямняць «маласці» нашае справы і перашка­джаць у будаванні нашага заўтра, у збіранні і ўмацаванні нашых беларускіх сілаў“. Такім „палітыкам“ трэба прыгадаць, што лёс беларускай справы залежыць выключна ад лёсу антыбальшавіцкага фронту. Было б вялікім няшчасцем для беларусаў, калі б у гэтую часіну, калі край разбураны і выбіты з каляіны нармальнага жыцця, да ўлады над ім дарвалася нейкая кампанія людзей, якія нічога за сабой не маюць, акрамя хваравітых амбіцыяў і прагі ўлады.

На думку Акінчыца, выказаную ў кастрычніку 1942 г. у Баранавічах, для вырашэння гэтых праблем неабходна стварыць адпаведную палітычную арганізацыю, рэарганізаваць адміністрацыю і замяніць „варожыя элементы“ паслядоўнымі прыхільнікамі нацыянал–сацыялістычнай ідэалогіі. На такую ідэалогію павінны абапірацца ўсе беларускія арганізацыі, паліцыя, школьная адукацыя як зыходны пункт пераўзгадавання ўсяго грамадства[20].

Аднак Кубэ, які па–свойму разыгрываў карту беларускага нацыяналізму, ігнараваў патрабаванні Акінчыца і не дазваляў газетам змяшчаць ягоную крытыку паводзінаў Ермачэнкі і кіраўніцтва БНС. Затое больш прыхільна ставілася да яе Галоўнае ўпраўленне дзяржаўнай бяспекі ў Берліне і яго мінскія органы. Яны здаўна ставіліся крытычна да палітыкі Кубэ і намагаліся яго скампраметаваць як правадніка нібыта супярэчных інтарэсам Нямеччыны беларускіх нацыянальных ініцыятываў, якія праяўляла кіраўніцтва БНС[21].

Канфлікт паміж кіраўнічымі органамі акупацыйнага праўлення ўспрымаўся Акінчыцам як доўгачаканы шанец: нарэшце службе бяспекі спатрэбіліся доказы злачыннай дзейнасці яго палітычных праціўнікаў. Пад канец 1942 г. ён павёў вострую атаку супраць кіраўніцтва БНС, якое абвінавачваў у бяздзейнасці, няздольнасці, а нават сабатажы такой справы, як актывізацыя грамадства ў барацьбе з партызанскім рухам. Крытыкаваліся і панславістычныя тэндэнцыі ў БНС–аўскім кіраўніцтве і прапартызанскія сімпатыі яго „левага крыла“, сведчаннем чаго меў быць пераход да партызанаў некаторых мясцовых дзеячоў БНС і груп Сама­аховы[22].

Нямецкая служба бяспекі карысталася даносамі Акінчыца і яго групы і няраз на іх спасылалася ў сваіх рапартах. Такім чынам яны паўплывалі на сфабрыкаванне ў снежні 1942 — студзені 1943 г. справы Ермачэнкі, які абвінавачваўся ў найбольшым злачынстве — дзяржаўнай здрадзе. Дзякуючы намаганням Кубэ Ермачэнка пазбег смерці і пакуль што заставаўся ў Мінску. Затое ў атмасферы паліцэйскіх ганенняў былі рэпрэсаваны многія дзеячы БНС у Мінску і на правінцыі, а ў іх ліку ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі, арыштаваны і забіты 24 снежня 1942 г.[23]

На пачатку 1943 г. пазіцыя БНС моцна паслабела, і Акінчыц, які цешыўся прызнаннем Готберга, Штраўха і высокіх функцыянераў СС і паліцыі ў Берліне, быў упэўнены ў хуткай перамозе — якраз у тым часе СС–аўскае ведамства здабывала штораз большы ўплыў на дзейнасць Розенберга і цывільнага праўлення на Ўсходзе. Аднак Акінчыц усё яшчэ не ведаў, як будзе вырашаны лёс Ермачэнкі. 11 лютага 1943 г. блізкі су­працоўнік Акінчыца Генрык Барановіч пісаў Міхасю Ганько, што ў найбліжэйшым часе ён (Барановіч) з сваім шэфам і чарговай групай прапагандыстаў прыедуць у Мінск і так настаўляў Ганько супроць Ермачэнкі і яго каманды:

„Аб тым, што датычыць клікі Ермачэнкі (створанай толькі ў Беларусі), будзем з Вамі гаварыць у Мінску. Сёння магу Вам сказаць толькі адно: Вы будзеце здзіўлены рознаму — ёсць на тое падстава. Усё ж Вы не можаце ўявіць, што людзі, якія імкнуцца паказаць сябе знешне надзейнымі і лаяльнымі да Нямеччыны і беларускай справы, якія сумесна маршыруюць і скандуюць, вельмі часта з’яўляюцца найменш паўнацэннымі, лгунамі, вераломнымі і агіднымі суб’ектамі, нягоднікамі, нават свіннямі. Узнікае пытанне, чаму і як доўга такія анучы будуць засмечваць святую зямлю. <…> Калі мы прыедзем у Мінск, узарвецца бомба — у гэтым некаторыя паночкі могуць не сумнявацца. Я абсалютна ўпэўнены, што ваўкоў у авечай скуры паразяць прызначаныя ім асколкі“[24].

Невядома, ці словы Барановіча пра бомбу і асколкі абазначалі планаваны групай Акінчыца замах на жыццё Ермачэнкі, ці нейкую акцыю, якая давяла б яго да палітычнай гібелі. Так ці інакш Акінчыц і яго гадунцы рыхтавалі тады канчатковую расправу з кіраўніцтвам БНС. Аднак справы развінуліся інакш. Ліст Барановіча да Ганька наўрад ці дайшоў да адрасата — яго нечакана перанялі службы генеральнага камісарыята і перадалі Кубэ. 23 лютага 1943 г. ён з абурэннем пісаў Розенбергу пра паводзіны Барановіча і надалей бараніў Ермачэнку як надзейнага супрацоўніка[25].

Дзякуючы гэтай выпадковасці планы Акінчыцавай групы праваліліся. У прыватнасці, яны сталі вядомыя Ермачэнку, які з мэтай самаабароны арганізаваў знішчэнне свайго праціўніка, у чым галоўную ролю адыграў журналіст „Беларускай Газэты“ Алесь Матусевіч. Тым часам нішто не трывожыла Акінчыца ў Мінску, ніякія падазрэнні ў яго не ўзнікалі. Напярэдадні замаху Матусевіч запрасіў Акінчыца, Казлоўскага і Адамовіча на сустрэчу ў сваёй кватэры, пад час якой нібыта ад­крыта абмяркоўвалі тагачаснае палітычнае становішча, узгаднялі тэматыку публікацый Акінчыца ў „Беларускай Газэце“. Тады быццам была зроблена Матусевічам няўдалая спроба атру­ціць Акінчыца[26].

На наступны дзень, 5 сакавіка 1943 г., раніцай Матусевіч прыйшоў на кватэру Казлоўскага, у якога начаваў Акінчыц, забіў яго стрэлам з пісталета і ўцёк да партызанаў. Пахавалі яго на вайсковых могілках у Мінску чамусьці толькі 15 сака­віка — на дзесяты дзень ад смерці. Паводле Адамовіча, аддзел прэсы генеральнага камісарыята забараніў мінскім газетам друкаваць паведамленні пра замах і пахаванні, па гэтай прычыне не прайшоў і некралог, які напісаў Казлоўскі для „Беларускай Газэты“. Выглядае на тое, што ўлады не хацелі высвятляць прычыну замаху, а спроба спісаць яго на „маскоўскіх агентаў“ была б для сучаснікаў занадта неверагоднай.

На заканчэнне працытуем дзве супярэчлівыя ацэнкі нашых суродзічаў з Аўстраліі, без якіх палітычны партрэт Акінчыца быў бы няпоўны, і якія, магчыма, паспрыяюць пошукам адказу на пытанне, кім у сапраўднасці быў гэты чалавек.

Язэп Малецкі. Пад знакам Пагоні (Таронта, 1976, с. 48):

„З даручэння гітлераўцаў Акінчыц з савецкіх палонных выдзяляў беларусаў у адумысловыя перашкольныя табары пад Берлінам, дзе рыхтаваліся кадры людзей, слепа пакорных нацысцкай Нямеччыне, фюрэру і нацысцкім інтарэсам. <…> Гэта быў фанатык, які верыў, што нізкай услужлівасцю гітлераўцам здабудзе ў іх давер і што за гэтым ідзе — уладу ў Беларусі. Ён нават збіраўся ў час вайны рабіць «чыстку» у радах беларускіх актыўных дзеячаў, што ўзяліся за адбудову краю ў жудасных ваенных умовах. <…> Калі я сачыў дзейнасць Акін­чыца, я не мог зразумець, дзе ў ім канчаецца варожы беларускай справе авантурыст, а дзе пачынаецца псіхапат“.

Сымон Шаўцоў. Мая адысея (Вільня, 1999, с. 41—42):

„Памятаю, як ён (Акінчыц. — Ю.Т.) навучаў нас у гэтым лагеры: «Немцы нам не калегі, але мы не маем з кім ісці. Мы пайшлі б з самім чортам, каб толькі здабыць нашую незалежнасць. Немцы паляць вёскі з людзьмі, дзяцьмі, старымі. Партызаны забіваюць немца, падкідваюць бліз вёскі, а немцы паляць тую вёску як партызанскую. І немцы і партызаны забі­ваюць нашую інтэлігенцыю… На вас уся надзея. Я за вас залажыў сваю галаву. Як хто з вас уцячэ да партызанаў, усіх нас пастраляюць немцы. Трымайцеся адзін аднаго, каб вас не спакусілі, не справакавалі. Будзьце мудрыя, як біблейны Саламон, хітрыя, як змеі… Наша бяда, што лёс Радзімы лучыць нас з Нямеччынай. Так ужо было ў 1918 годзе, калі пад акупацыяй кайзераўскіх войскаў паўстала БНР. Ніхто нам незалежнасць не дасць, як самі яе не заваюем. Нам няма выйсця. Францыя, Англія ды Амерыка ў альянсе з СССР. Час пакажа, з кім нам ісці. А цяпер трэба ратаваць наш народ ад генацыду, як ад бальшавіцкага, гэтак і нямецкага… Вам выпала цяжкая праца. На вас будуць паляваць і бальшавікі і немцы. Ні адным, ні другім нашыя ідэі і мэты не пасуюць. Будзьце абачлівыя!» Так настаўляў нас Фабіян Акінчыц“.

Калі погляды накшталт ацэнкі Малецкага даволі пашыраныя ў эмігранцкай літаратуры і часткова пацвярджаюцца дакументацыяй, то выказванне Шаўцова з’яўляецца рэдкім і амаль неверагодным. Усё ж ігнараваць яго нельга, перш за ўсё з увагі на спецыфіку таго часу, калі афіцыйнымі дэкларацыямі няраз прыкрываліся іншыя намеры і дзеянні.

Бадай адзіным несумненным здзяйсненнем Акінчыца бы­ла падрыхтоўка прапагандыстаў, якія неўзабаве стварылі і ўзначалілі Саюз беларускай моладзі. Янка Жамойцін, які ўпер­­шыню сустрэўся з імі на СБМ–аўскіх курсах у Мінску, пісаў:

„Курсантамі былі пераважна крыху старэйшыя за мяне хлопцы з усходняй Беларусі. Пасля аказалася, што гэта былыя афіцэры Чырвонай Арміі, якія папалі ў палон і ўжо адбылі нейкую падрыхтоўку. Цяпер накіравалі іх арганізаваць Саюз беларускай моладзі. Апрача іх было і некалькі «заходнікаў»: з Глыбокага, Вілейкі, Ганцавіч, хіба з Баранавіч і я — з Нава­градка. Былыя афіцэры ставіліся да нас быццам з апякунствам, а мы да іх з недаверам, як да нямецкіх стаўленікаў. Курсы працягваліся нешта два тыдні і ў канцы пачатковая прадузятасць ужо не заўважалася. Як бы тыя былыя ваякі не маскіраваліся, стала ясным, што не немцам служыць яны прыехалі. Не заставалася ні трохі сумнення, што незалежна ад такіх ці іншых поглядаў, завербавала іх любоў да Радзімы, настальгія па культуры, у якой выраслі. <…> Акруговымі кіраўнікамі пасля заканчэння курсаў былі назначаны амаль вы­ключна хлопцы з прывезенай з Нямеччыны групы“[27].

Нягледзячы на выкарыстоўванне моладзі для ваенна–эканамічных патрэбаў Нямеччыны СБМ здолеў выхаваць тысячы юнакоў і юначак у духу нацыянальнай актыўнасці і адданасці сваёй Бацькаўшчыне. Такі быў вынік дзейнасці асуджаных Малецкім Акінчыцавых гадунцоў.


[1] Фабіян Акінчыц нарадзіўся 20 cтудзеня 1886 г. у вёсцы Акінчыцы Новасвержанскай воласці Мінскага паветy ў заможнай каталіцкай сям’і Яна і Эміліі. У 1906 г. паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбугскага універсітэта, які скончыў у 1913 г., працаваў юрыстам. У 1906—1917 г. — дзеяч расійскай Партыі сацыялістаў–рэвалюцыянераў. У 1923 г. вярнуўся на радзіму, настаўнічаў у Засуллі на Стаўбцоўшчыне, са жніўня 1926 г. член кіраўніцтва БСР Грамады, у студзені 1927 г. арыштаваны польскімі ўладамі. Пасля турэмнага зняволення з верасня 1930 да сакавіка 1931 г. член кіраўніцтва „Цэнтрасаюза“, пазней „Адраджэння“ і Беларускага дабрачыннага таварыства. Аўтар кніг „Чаму гэта так сталася“ (1931), „Правакацыя беларускага народу“ (1933), „Аграрна–кааператыўная палітыка будучыні“ (1936), „Jak Komintern organizował ruch białoruski“ (1938); выдавец газеты „Голас Праўды“ і аднаднёвак „Праўда“ і „Беларуская Праўда“.
[2] Новы Шлях. 25.11.1937. №24.
[3] Пра данцыгскую канферэнцыю польскія ўлады не мелі дакладных звестак. Апублікаваная В.Склубоўскім у беластоцкай „Ніве“ (19.09.1982) інфармацыя польскага міністэрства ўнутраных спраў называе яе „з’ездам беларускага нацыянальнага руху“, які прыняў пастанову, што Беларусь можа атрымаць незалежнасць толькі з дапамогай Нямеччыны. Ніякіх звестак пра ўдзельнікаў гэтага „з’езда“ ўлады не мелі. Усё ж гэта было дастаткова для інспірацыі шуміхі ў польскіх газетах, якія „дапрацоўвалі“ падрабязнасці, патрэбныя для абгрунтавання антыбеларускіх рэпрэсій. „Kurjer Polski“ (22.06.1939) Данцыгскую канферэнцыю назваў „кангрэсам беларускіх дзеячаў з Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Савецкай Расіі і ЗША“. Гэтыя сенсацыі паўтарыў Цанава, па–свойму іх „удакладняючы“. У выніку з ліку ўдзельнікаў зніклі прадстаўнікі савецкіх беларусаў, а саму падзею назваў канферэнцыяй прадстаўнікоў капіталістычных краін з удзелам між  іншых Язэпа Варонкі. Такім чынам Цанава імкнуўся дыскрэдытаваць увесь беларускі незалежніцкі рух як агентуру фашысцкай Нямеччыны — гл.: Цанава Л. Всенародная партизанская война в Белоруссии против фашистских захватчиков. Т.2. Мінск, 1951. С.882; Гл. таксама: Хрысціянская Думка. 1.07.1939.
[4] Косик В. Україна і Німеччина у другій світовій війні. Париж — Львів — Нью–Ёрк, 1998. С.486 (дакумент №35).
[5] Грынкевіч С. Ліст у рэдакцыю // Беларуская Царква. Чыкага, 1965, №28. С.193.
[6] Вініцкі А. Матэрыялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Менск, 1994. С.12.
[7] Інфармацыя былых дзеячаў Беларускага камітэта ў Варшаве Міколы Ждановіча і Баляслава Манкевіча з 1983 г.
[8] Die weissruthenische Frage: Bericht ueber die beiden weissruthenischen politischen Gruppen, Архіў Новых Актаў у Варшаве (далей ААН), Александрыйскія мікрафільмы, Т–81, ролік 13, ЕАР–250d–18–10/4. (Матэрыялы Oststelle NSDAP.)
[9] Mader J. Hitlers Spionagegenerale sagen aus. Berlin, 1974. S. 269, 342.
[10] Найдзюк Я., Касяк І. Беларусь учора і сяньня. Менск, 1993. С.255; Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мінск, 1993. С.35.
[11] Туронак Ю. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем. 1939—1944. Мінск, 2002. С.22—24.
[12] Ereignismeldung UdSSR Nr 154, 12.01.1941, AAH, Александрыйскія мікрафільмы, Т–175, ролік 234/2723569.
[13] Пасляэвакуацыйная справаздача акруговага камісара ў Глыбокім ад 16.08.1944, тамсама, Т–454, ролік 102/309.
[14] Ereignismeldung UdSSR Nr 190, 8.04.1942, ААН, T–175, ролік 235/2724178.
[15] Генрык Барановіч (1916—2003), нараджэнец Ашмяншчыны, удельнік нямецка–польскай вайны, вызвалены з лагера ваеннапалонных (1940), з восені 1941 г. супрацоўнік Акінчыца ў Вустраўскай школе прапагандыстаў, з лістапада 1943 г. арганізатар і кіраўнік Працоўнай групы СБМ у Нямеччыне, рэдактар часопіса „Малады Змагар“. Пасля вайны жыў у г. Таронта, Канада.
Васіль Камароўскі (1914—1953), нараджэнец Стаўбцоўшчыны, удзель­­нік нямецка–польскай вайны, пасля вызвалення ў сакавіку 1941 г. з лагера ваеннапалонных сакратар Беларускага камітэта самапомачы ў Берліне, з восені 1941 г. супрацоўнік Акінчыца. З 1950 г. жыў у г. Таронта, Канада, член замежнага сектара Беларускай народнай грамады, супрацоўнік часопіса „Баявая Ускалось“. Памёр у Таронта.
Аляксандр Крыт (1901—1983),  нараджэнец Стаўбцоўшчыны, верагодна, ўдзель­нік нямецка–польскай вайны, з вясны 1941 г. член управы Беларускага камітэта самапомачы ў Берліне, з верасня 1941 г. супрацоўнік Акінчыца. Пасля вайны святар Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы ў Англіі і ЗША (1950—1968), епіскап (1968), архіепіскап (1970), мітрапаліт (1972). Памёр у г. Кліўленд, ЗША.
[16] Шаўцоў С. Мая адысея. Вільня, 1999. С.41.
[17] Найдзюк Я., Касяк І. Назв. твор. С. 281.
[18] Вініцкі А. Назв. тв. С.17.
[19] Соловьев А. Белорусская Центральная Рада: создание, деятельность, крах. Минск, 1995. С.146.
[20] Раманоўскі В. Саўдзельнікі ў злачынствах. Мінск, 1964. С. 199.
[21] Шырэй пра канфлікт Кубэ — СС гл. у працы Ю.Туронка „Беларусь пад нямецкай акупацыяй“. Мінск, 1993.
[22] Акінчыц Ф. Не забываць пра галоўнае // Беларуская Газэта. 4.03.1943; таксама Meldungen Nr 38, 22.01.1943, AAH, Александрыйскія мікрафільмы, Т–175, ролік 236/2725415.
[23] Ярмусик Э.С. Католический костёл в Белоруссии в годы Второй мировой войны (1939—1945). Гродно, 2002. С.229—231.
[24] Ліст Барановіча да Ганька ад 11.02.1943, ААН, Александpыйскія мікрафільмы, Т–454, ролік 39/1055.
[25] Ліст Кубэ да Розенберга ад 23.02.1943, тамсама, Т–454, ролік 39/1053.
[26] Інфармацыя Антона Адамовіча аўтару ад 18.04.1985.
[27] Жамойцін Я. З перажытага // Лёс аднаго пакалення. Беласток, 1996. С.88—89.

Наверх

Ігар Лялькоў. Да пытання аб пранямецкіх і антысавецкіх настроях у БССР перад II сусветнай вайной

Снежня 24, 2002 |


Адной з найбольш пашыраных тэзаў, створаных беларускай гістарыяграфіяй савецкіх часоў, можна лічыць сцвярджэнне пра „ўсенародную барацьбу ў Беларусі супраць нямецка–фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны“. Аднак у яе праўдзівасці лёгка засумнявацца — дастаткова звярнуцца да агульнадаступных лічбаў.

Па звестках перапісу насельніцтва 1939 г. у Беларусі на пачатак Другой сусветнай вайны жыло 8912,2 тыс. чалавек[1]. Паколькі мне засталіся недаступнымі звесткі пра ўзроставую структуру насельніцтва ў той перыяд, думаю, што будзе дастаткова карэктна зыходзіць з дадзеных перапісу 1959 г., калі дзеці ў веку да 16 гадоў складалі 31,3%. Такім чынам, умоўна можна лічыць, што на пачатак нямецка–савецкай вайны 1941—45 г. колькасць дарослага насельніцтва ў БССР складала каля 6 млн. 122,7 тыс. чалавек (пры гэтых падліках ігнаруецца як натуральны прырост насельніцтва ў 1940—1941 г., які мусіў гэтую лічбу павялічыць, так і верагодна большая рэальная доля дзяцей у 1941 г. у параўнанні з 1959 г.[2], якая яе мусіла зменшыць). Па самых аптымістычных падліках, у 1941—1942 г. у савецкіх партызанскіх адзінках у Беларусі, уключна са спецгрупамі НКГБ—НКВД і Галоўразведуправы Чырвонай Арміі, налічвалася каля 97 тыс. чалавек[3]. Беларускі штаб партызанскага руху ў 1944 г. лічыў, што колькасць партызанаў да канца 1941 г. тут складала каля 5 тыс. чал., а ў 1942 — 73 тыс.[4], аднак для далейшых разлікаў выкарыстаю ўсё ж „афіцыйна прызнаную“ лічбу. Для чыстаты падліку да партызанаў трэба дадаць яшчэ і падпольшчыкаў. Іх „афіцыйная“ колькасць за ўсю вайну вызначаецца ў 70 тыс. чалавек[5]. Калі ўлічыць, што за 1941—1944 г. у савецкім партызанскім руху прымалі ўдзел 374 тыс. чалавек[6] і прыкласці прапорцыю суадносінаў колькасці партызанаў у 1941—42 і за ўсю вайну да колькасці падпольшчыкаў, атрымаем вынік — каля 17 тыс. падпольшчыкаў для 1941—1942 г.

Гэтыя падлікі паказваюць, што з 6 млн. 122,7 тыс. чалавек дарослага насельніцтва БССР на пачатку вайны, у 1941—1942 г., больш–менш актыўны ўдзел у барацьбе з немцамі прымалі 114 тыс., то бок — каля 1,86%. Іншымі словамі, у першы перыяд нямецка–савецкай вайны менш за 2% жыхароў Беларусі выступілі актыўна на баку Саветаў (апроч, натуральна, мабілізаваных у Чырвоную Армію), а больш за 98% з іх адносна лаяльна паставі­ліся да немцаў. Да канца ліпеня 1944 г., як вынік кардынальных зменаў у хадзе вайны на карысць СССР і надзвычай жорсткай акупацыйнай палітыкі немцаў, гэтая прапорцыя прыкметна змянілася ў бок павелічэння падтрымкі верагодных пераможцаў, аднак маштабаў „усенароднай барацьбы“ яўна не дасягнула. Пры гэтым асабліва варта падкрэсліць, што рэальны ўдзел жыхароў Беларусі ў змаганні супраць нацыстаў і іхных хаўруснікаў быў яшчэ меншым, бо, як вядома, значную частку савецкіх партызанаў (а ў 1941—1942 г., відаць, і большую) складалі вайскоўцы Чырвонай Арміі, што патрапілі ў акружэнне або збеглі з палону, а таксама дыверсанты, закінутыя з–за лініі фронту. Адначасна, хоць колькасць беларусаў, якія актыўна супрацоўнічалі з новымі акупантамі вылічыць даволі цяжка, але заслугоўвае ўвагі той факт, што ўжо ўвесну 1944 г., калі вяртанне Савецкай улады выглядала непазбежным, на прызыўныя пункты Беларускай краёвай абароны з’явілася ад 40 да 50 тыс. жыхароў Генеральнай акругі Беларусь[7] (тэрыторыя якой складала толькі 1/3 БССРаўскай), а ў шэрагах Саюзу беларускай моладзі (дзейнічаў на той самай тэрыторыі) паводле некаторых дадзеных налічвалася да 100 тыс. юнакоў і дзяўчат[8]. Натуральна, неабходна ўлічваць часткова прымусовы характар мабілізацыі ў БКА (як зрэшты й любой іншай мабілізацыі), аднак і набор у партызанскія атрады, асабліва ў гэтак званых „партызанскіх зонах“, зусім не адрозніваўся ўзорнай добраахвотнасцю. Урэшце, пэўным індыкатарам грамадскіх настрояў у тагачаснай БССР можа служыць і факт прыняцця ў лютым 1945 г. адмысловай рэзалюцыі ЦК КПБ аб „перавыхаванні грамадства ў духу савецкага патрыятызму і нянавісці да нямецкіх акупантаў“, якіх на тэрыторыі Беларусі не было ўжо больш за паўгода[9].

Як бачым, праблема вызначэння сапраўднага стаўлення жыхарства Беларусі да супраціўных бакоў сусветнага канфлікту сярэдзіны ХХ ст. не прыдумана, і яе навуковае вырашэнне не можа быць забяспечанае без выхаду за межы савецкай гістарыя­графічнай міфалогіі. Мне здаецца, што адным з ключавых крокаў на гэтым шляху мае быць вывучэнне настрояў беларускага грамадства па гэтым пытанні да пачатку нямецка–савецкай вайны. Гэта дазволіць зразумець падставы тых ці іншых паводзінаў насельніцтва ва ўмовах нямецкай акупацыі, вызначыць наяўнасць ці адсутнасць першапачатковай арыентацыі на супрацоўніцтва з новай уладай да моманту яе непасрэднага ўсталявання і меркаваныя ўмовы гэтага супрацоўніцтва.

Цікавай крыніцавай базай для такіх доследаў ёсць дакументы, што захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь у фондзе Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі (фонд 4). Тут можна адшукаць шматлікія інфармацыйныя лісты і справаздачы кіраўніцтва НКВД БССР на імя кіраўніцтва ЦК КПБ, у якіх пад грыфам „зусім сакрэтна“ часта адлюстроўвалася сапраўдная сітуацыя ў краіне і сапраўдныя настроі грамадства, якія рэзка кантраставалі з нястрымным аптымізмам і лозунгавым савецкім патрыятызмам тагачасных газетных артыкулаў і „ад­крытых“ партыйных дакументаў. Натуральна, да гэтых, як і да ўсіх іншых, крыніцаў трэба ставіцца крытычна, але, на маю думку, па ступені адлюстравання рэальнага, а не параднага, жыцця ў даваеннай БССР і сапраўдных, а не „для начальства“, думак яе жыхароў, дакументы з былога сакрэтнага архіва Асобага сектара ЦК КПБ ёсць аднымі з найбольш каштоўных крыніцаў па гісторыі нашай краіны ў савецкі час.

З іх мы, напрыклад, можам даведацца, што 18 студзеня 1939 г. на Менскім галоўпаштамце быў затрыманы міліцыяй Пётр Ісакавіч Лебедзеў, „які сядзеў у аперацыйнай зале і складаў антысавецкія ўлёткі фашысцкага характару“[10]. Затрыманы быў 17–гадовым пісьменным беларусам (скончыў васьмігодку), які прыехаў у Менск у пошуках працы з вёскі Нізголава Сакораўскага сельсавета Бешанковіцкага раёна. Што праўда, змест улёткі паказвае, што на фармаванне асобы хлопца больш па­ўплывала рэлігій­ная літаратура, чым савецкія падручнікі, ды і стан ягонага псіхічнага здароўя выклікае пэўныя пытанні. Тым не менш рука яго выводзіла не якія іншыя, а менавіта гэткія словы (тэксты ўлётак тут і далей падаюцца ў мове арыгіналаў):

Граждане! Волей бога и силой указа всевышнего императора Европы ГИТЛЕРА сразу после переписи (відавочна, вядзецца пра перапіс насельніцтва 1939 г. — І.Л.) начинается всесветная война, огонь которой будет разить на советской земле[11].

Далейшы лёс Пятра Лебедзева, напэўна, быў незайздросны, аднак у Менску хапала ягоных больш фартунных аднадумцаў. Пра гэта сведчыць хоць бы тое, што ў тым жа студзені 1939 г. в.а. наркама ўнутраных справаў БССР Масленікаў яшчэ як мінімум два разы быў вымушаны патурбаваць першага сакратара ЦК КП(б)Б Панамарэнку паведамленнямі пра знаходкі падобных улётак у сталіцы Савецкай Беларусі. Адна з іх была знойдзеная на заводзе „Беларусь“ і ўтрымлівала зварот да рабочых:

Т.т. рабочие, поднимайте забастовку, вооружайтесь револьверами, винтовками, свергайте власть — она Вас доведет до голода, холода, до безработицы, до жабрацтва. От шпионского центра правых 1–00. Привет от г. ГИТЛЕРА[12].

Яшчэ адна ўлётка прыйшла на адрас Менскай электрастанцыі і таксама адрасавалася рабочым:

Здравствуйте, дорогие рабочие. Шлем вам привет от германского правительства. Центр шпионской организации просит всех рабочих и служащих о немедленном вооруженном восстании против самодержавия, которое ведет ваш советский народ на голод, нищету, безработицу, на жибрацтва, а вашу армию в скором будущем ваше командование поведет на пушнину, потому что Ваше командование уже продалось за деньги. Просим от всего руководства Украинского и Белорусского центра передавать всем рабочим о недовольстве, которое стало в этот момент. Если Вы рабочие и крестьяне совместно поднимитесь, вооружайтесь, убивайте своих начальников и т.д. Дороговизна вас доведет, да к тому среди крестьян проводим и об’ясняем жизнь германского народа[13].

„Па гарачых слядах“ аўтараў (ці аўтара?) гэтых улётак адшукаць не ўдалося. А пра тое, што падобныя з’явы не былі выпадковымі ў даваенным Менску, пераканаўча сведчаць і іншыя справаздачы НКВДўскіх кіраўнікоў (раю, напрыклад, звярнуць увагу на нядаўна апублікаваныя справаздачы аб настроях сталіч­ных жыхароў у сувязі з пачаткам Другой сусветнай вайны[14]), і пазнейшае шчырае здзіўленне менскага гарадскога камісара ў 1944  г. Бэкера ад таго, „што 8000 жыхароў горада добраахвотна, без прынукі выйшлі на пабудову ўмацаванняў вакол горада перад наступам Чырвонай Арміі“[15].

Аднак пранямецкія ўлёткі (як і адпаведныя настроі) не былі ў той час характэрнымі толькі для сталіцы БССР. 1 красаві­ка 1939 г. першы сакратар Камарынскага райкама КП(б)Б Бейненсон пісаў гэткую дакладную запіску на імя Панамарэнкі і першага сакратара Палескага абкама Маркіна: „Даводжу да Вашага ведама, што сёння, 1.4.39, я атрымаў ад партарга пярвічнай партарганізацыі калгаса „Чырвоны Барацьбіт“ Асарэвіцкага сельсавета тав. Шэіна пакет, у якім ён пераслаў знойдзеную ў сельсавеце 31.3.39 адозву контррэвалюцыйнага характару (копію якой пры гэтым прыкладаю), гэтая адозва быццам бы была знойдзеная на вуліцы адным вучнем. Па атрыманні гэтага ліста мною быў выкліканы нач. РА НКВД і прапанавана тэрмінова выехаць у Асарэвіцкі сельсавет пяці чалавекам [з] райпартактыву (у тым ліку 2 працаўнікам Райкама КП(б)Б) для правядзення палітмасавай работы на 4 дні тлумачэння рашэнняў 18–га З’езду УКП(б) [і] падрыхтоўкі да сяўбы, нічога не кажучы пра гэты лісток. Пра што стаўлю Вас у вядомасць. Аб выніках праверкі паведамлю дадаткова. Арыгінал улёткі перададзены нач. РА НКВД. Прашу паведаміць аб неабходных мерапрыемствах[, якія трэба] правесці ў гэтым сельсавеце, апрача прынятых мною“[16]. Прычынаю гэтых узрушанняў быў наступны „крык душы“ на аркушы з вучнёўскага сшытку:

Таварышы! Все з вас ведаюць, в какой абстановки находится наша жизнь. Канечна, наша жизнь представляет скудную жизнь, как калхозникав, так и аднаасобникав. Нужно вот что сказать, что советское правительство мало обращает внимания на нашу плахую жизнь. Эта все отрыгнется им на ихних сердцах в будущай войне, котора неминуча, так как эта паслабляет тыл. Паэтаму таварыщы закликаем мы: в выпадку нападу на Совецки Союз со стораны капиталистых краин (Германия, Италия, Япония, Польща, Англия, Францыя и другия), то нужно им аказать помач: как силай, так и харчами и всеми вазможными срадствами, только нужно освободится от ига советскай империи  (ГИТЛЕР, МУСАЛИНИ)[17].

Гэтым разам органы НКВД спрацавалі аператыўна, і ўжо праз месяц, 7 траўня 1939 г., наркам унутраных справаў БССР Цанава змог назваць Панамарэнку імёны тых, хто падрыхтаваў гэтую ўлётку: „1. АНДРАЛОВІЧ Сцяпан Рыгоравіч, 1912 г. н., ураджэнец Смалявіцкага р–на, з сялянаў, бацька яго ў мінулым служыў аканомам у памешчыка. АНДРАЛОВІЧ С.Р. у дадзены час працуе ў шавецкай арцелі і жыве ў в. Асарэвічы. 2. АГАРОДНІКАЎ Піліп Фядосавіч, ураджэнец Брагінскага р–на, па прафесіі шавец, працуе з АНДРАЛОВІЧАМ у шавецкай арцелі, жыве ў в. Асарэвічы. 3. ЯФІМЕНКА Сцяпан Іванавіч, 1892 г. н., ураджэнец і жыхар в. Асарэвічы, у мінулым заможны сялянін, у 1933 г. су­дзіўся Камарынскім Нарсудом за шкодніцтва ў калгасе, у дадзены час вартаўнік калгаса. 4. ПЕСКАВЫ Пётр Якаўлевіч, 1912 г. н., ураджэнец в. Асарэвічы, з сялянаў, быў асуджаны на 3 гады па­збаўлення волі за крадзёж калгаснае маёмасці. Цяпер жыве ў г. Менску, працуе ў прамбудтрэсце. 5. КАНЦАВЫ Марк Філімонавіч, 1896 г. н., ураджэнец і жыхар в. Асарэвічы, былы кулак і царкоўны дзяк, мае двух братоў, асуджаных за к–р дзейнасць. 6. ПІНЧУК Андрэй Мінавіч, ураджэнец і жыхар в. Асарэвічы, з сялянаў, састаіць у калгасе“[18]. Гэтая ж дакладная запіска шэфа НКВД данесла да нас выказванні асарэвіцкіх сялянаў, у якіх адлюстраваліся іхнія перадваенныя настроі і спадзяванні. Вось, напрыклад, меркаванне Сцяпана Андраловіча: „Намі кіруюць камуністы і габрэі, і нас душаць у калгасах, але прыйдзе час, калі ў Расеі з камуністамі і габрэямі расправяцца так, як Гітлер у Нямеччыне. У бліжэйшы час абавязкова будзе вайна з Савецкім Саюзам, і Нямеччына ў гэтай вайне знішчыць Савецкі Саюз. Нам неабходна быць гатовымі на момант пачатку вайны выступіць у тыле Савецкай улады і дапамагчы Гітлеру знішчыць Савецкі Саюз“[19]. Гэтую гатоўнасць выступіць на баку Нямеччыны супраць Саветаў падзяляў і Марк Канцавы: „Нам трэба захаваць коней і назапасіць хоць бы паляўнічых стрэльбаў. Як толькі палыхне вайна, мы выступім з тылу супраць Савецкай улады і дапаможам нашым сябрам знішчыць Савецкую ўладу і адчыніць нам светлае жыццё“[20]. Адным з найбольш „палітычна пісьменных“ жыхароў Асарэвічаў быў, відаць, Сцяпан Яфіменка, які пад час кампаніі па так званых выбарах у Вярхоўны Савет БССР тлумачыў аднавяскоўцам: „Як не ўхваляйце Савецкую ўладу, яна не доўга будзе існаваць, яна будзе знішчаная Нямеччынай, як і Аўстрыя, і Чэхаславаччына. За мяжой лепш жывецца, чым у нас, і калі б Савецкая ўлада не перашкаджала, то большасць народу выехала б за мяжу. Пагля­дзіце, нашых кіраўнікоў партыі і ўраду ў хуткім часе разгоняць як мышэй. Цяпер усе моцныя дзяржавы непасрэдна падпарадкоўваюцца Гітлеру, і яны распрацавалі агульны план знішчэння Савецкай улады, а мы, сяляне, толькі на гэта й чакаем“[21]. Асарэвіцкая група, як мы ведаем, была выкрытая НКВД, і наўрад ці яе сябры дачакаліся прадказанага імі хуткага пачатку нямецка–савецкай вайны. Аднак, на маю думку, было б памылкай лічыць іхныя погляды і чаканні адзін­кавай і выпадковай з’явай у тагачасным сялянскім дыскурсе ў Беларусі. Гвалтоўная сталінская калектывізацыя і спадарожныя ёй масавыя рэпрэсіі ў беларускай вёсцы (толькі за 1938 г. і толькі па „антысавецкіх“ справах былі асуджаныя, у асноўным на смерць, 1844 „кулакі“, 1762 калгаснікі, 640 аднаасобнікаў і 50 рабочых МТС[22]) ніяк не маглі спрычыніцца да змяншэння колькасці тых, хто чакаў прыходу немцаў як збавення.

Зафіксаваныя, незалежна адны ад другіх, як у вялікім горадзе, так і ў вёсцы, тагачасныя пранямецкія настроі натуральна, не маглі абысці і мястэчка. Гэта пацвярджаюць і архіўныя крыніцы. Так, 31 студзеня 1939 у ЦК КП(б)Б на імя Панамарэнкі паступіла спецпаведамленне ад наркама НКВД Цанавы, які даводзіў да ведама партыйнага начальніка, што „ў Лоеўскай ся­рэдняй школе таго ж раёна былымі камсамольцамі–вучнямі ПЛЮШЧОМ Міхаілам Іванавічам і ЗАХАРЭЎСКАЙ Наталляй Мікалаеўнай, як унутры школы, так і ў мястэчку Лоеве, распаўсюджваліся к.–р. улёткі фашысцкага зместу. Ва ўлётках усхваляліся фашысты ГІТЛЕР і ТРОЦКІ, а таксама распаўсюджваліся правакацыйныя чуткі, што быццам бы хутка будзе вайна. ПЛЮШЧ распаўсюдзіў адну, а ЗАХАРЭЎСКАЯ сем улётак“[23]. Абодва „галоўныя героі“ гэтага спецпаведамлення былі вучнямі 9 класа, мелі па 16—17 гадоў і, верагодна, складалі ўлёткі ў адпаведнасці са сваімі палітычнымі поглядамі. Цікава, што пры гэтым яны не былі самотнымі нават у сваім класе!

Падзеі, якія адбываліся ў той самай школе, праз некалькі месяцаў сталі падставай напісання дакладной запіскі першым сакратаром ЦК ЛКСМБ Каралёвым першаму сакратару ЦК КП(б)Б Панамарэнку. У гэтым дакуменце камсамольскі дзеяч падае такую храналогію падзеяў: „4.4.1939 г. праходзіў раённы камсамольскі актыў па выніках 18 з’езду УКП(б). Пасля актыву ў школе былі выяўленыя каля вешалак напісаныя атрамантам на фотапаперы 2 фашысцкія свастыкі […] 5.4.39 г. у калідоры школы былі знойдзеныя 2 пакеты, у якіх былі запячатаныя контррэвалюцыйныя ўлёткі, напісаныя ад рукі друкаваным шрыфтам. 6.4.39 г. у скрыні для газет і лістоў былі выяўленыя 4 пакеты, адрасаваныя на імя: 1) Дырэктара школы тав. Кільчэўскага, 2) Сакратару КСМ камітэта т. Гофман, 3) Заг. навучальнай часткаю тав. Тумань і 4) Нам. сакратара КСМ камітэта т. Гараўцову. Ва ўсіх пакетах былі ўлёткі, пісаныя друкаваным шрыфтам ад рукі, контррэвалюцыйнага зместу, і на кожнай улётцы была надрукаваная фашысцкая свастыка адмыслова зробленым штампам“[24]. Змест гэтых улётак дазваляў бы кваліфікаваць акцыю іхных аўтараў і распаўсюднікаў хутчэй як хуліганскую выхадку не лепшых вучняў, калі б не яўны адбітак пэўнай палітычнай ангажаванасці гэтых падлеткаў. І сапраўды, тут быў такі, напры­клад, зварот да дырэктара школы:

Глядзі брат, кулацкі Абдула, шануй сваю шкуру, долга не бу­дзеш уладаром школы, на цябе ўжо адточан нож і просіць міласці парануць у ключэўскую [кільчэўскую?] гадзіну, а табе, яхідны піжон, тумелеўская шкура свінцовая пуля просіць міласці прабіць лысую чарап’янку. Ачкастым дуракам, предсядацелям комсомола Гофману і Горэўцову вучні выб’юць з башкі політыку, хоць ноччу з–за вугла, хоць летам у адпачынку[25].

Быў і зварот да вучняў:

Вучні, помніце заветы народа — калі старшых кровапіўцаў меншасць, нада карыць іх большасцю, арганізоўвайце падпольныя гурткі, пішыце лістоўкі і раскідвайце іх па школе, не слухайце сваіх настаўнікаў і іхніх падхалімаў, злосных убівайце ноччу камнямі. Вучні, даставайце ржавае аружжа, рабіце самастрэлы, аб’яднайцеся ў партыю, будзьце гатовы, скора будзе вам свабода ад германскага народа, няхай жыве Гітлер[26].

Найменш хуліганская і найбольш палітычна выразная ўлётка абвяшчала:

Скора прыдзе Гітлер, таварышы настаўнікі і вучні, памагайце раскарчаваць гадаў сярод Вас. Вам будзе воля і свабода ад германского народа. Няхай жыве Гітлер[27].

Больш упэўнена пра палітычную падаплёку гэтае справы дазваляюць казаць біяграфіі аўтараў гэтых улётак, яшчэ па–хлапечы кароткія, але ўжо вельмі выразныя. Вось як яны паўстаюць у выкладзе Цанавы ў ягоным спецпаведамленні для Панамарэнкі: „1. ЯКІМЕНКА Ўладзімір Аляксандравіч, 1923 г. нара­джэння, 16 чэрвеня, ураджэнец гор. Гомеля, бацька якога ў 1938 г. арыштаваны за к.–р. дзейнасць і асуджаны на 10 гадоў. 2. ЛАПКОЎСКІ Канстанцін Аляксандравіч, 1922 г. нараджэння, урадж. Рэчыцкага р–на, па паходжанні — з сям’і рэлігійнага культу [sic!]. Бацька яго ў 1937 г. арыштаваны органамі НКВД і высланы. 3. ГУНЬКА Іван Аляксеевіч, 1922 г. нараджэння, урадж. м. Лоева, з сялянаў–сераднякоў“[28]. Відаць, і гэтым хлопцам у барацьбе супраць савецкай улады, якая пазбавіла іх бацькоў, адзіным магчымым хаўруснікам уяўляўся нямецкі фюрэр…

Такім чынам, на маю думку, не будзе перабольшаннем вы­снова, што наконадні Другой сусветнай вайны ў БССР сапраўды існавалі ярка выражаныя пранямецкія і нават прафашысцкія настроі. Як сведчаць дакументы, яны былі пашыраныя сярод групаў насельніцтва, адрозных як па месце жыхарства (буйны горад, мястэчка, вёска), так і па веку (сталыя асарэвіцкія сяляне і юныя лоеўскія школьнікі). Не думаю, што да вытокаў гэткіх настрояў можна аднесці дзейнасць нямецкай рэзідэнтуры, або ўспрыняцце беларускім насельніцтвам ідэяў нацыянал–сацыя­ліз­му (у гэтым асабіста мяне пераконваюць вышэйпрыведзеныя тэксты ўлётак). Не здаюцца згаданыя вышэй выпадкі і падобнымі на вынікі правакацыяў НКВД. На маю думку, гэтая „пранямецкасць“ ці „прафашысцкасць“ часткі жыхароў БССР была ўсяго толькі сублімацыяй іхнай глыбокай нянавісці да тагачаснай бальшавісцкай улады, якую яны справядліва лічылі вінаватай у сваім гаротным матэрыяльным стане і адказнай за масавае прыніжэнне ды знішчэнне людзей. Як гэта ні дзіўна, але ўзнікненню менавіта такіх настрояў значна паспрыяла і савецкая прапаганда. Дакументы паказваюць, што спіс патэнцыйных „збаўцаў“ ад Саветаў цалкам адпавядае савецкаму прапагандоваму пераліку „ворагаў народа“: тут і „шпіёнскія цэнтры правых“, і „капіталістычнае атачэнне“ (прычым, зусім у духу савецкай прапаганды, праз коску пералічваюцца і Нямеччына з Іта­ліяй, і Англія з Францыяй, і суседняя Польшча), і Леў Троцкі. Цудоўная ілюстрацыя літаральнага ўспрыняцця масамі вядомай максімы „ворагі нашых ворагаў ёсць нашымі сябрамі“!

Тэзу аб субліматыўным характары прафашысцкіх настрояў у БССР можна падцвердзіць і спасылкай на іхную распаўсю­джанасць сярод такіх пластоў насельніцтва, якія амаль ня мелі іншых крыніцаў інфармацыі, апрача афіцыйнай. Характэрна, што сярод гуманітарнай інтэлігенцыі, якая была настроеная не менш па–антысавецку, чым рабочыя ці сяляне, але валодала значна шырэйшым даляглядам і ведамі, сімпатыяў да нямецкіх нацыстаў не адзначалася. Для прыкладу прывяду зафіксаваныя сексотамі НКВД у тым самым 1939 г. выказванні толькі найвыдатнейшых тагачасных беларускіх гісторыкаў:

Мікалай Міхайлавіч Нікольскі: „Бальшавізм ёсць фашызм навыварат, у СССР вучоныя не могуць адкрыта выкладаць свае погляды, і ў выпадку вайны я не жадаў бы застацца на тэрыторыі СССР“[29].

Уладзімер Мікалаевіч Перцаў: „Калі б насельніцтва былой царскай Расеі апынулася ў такім матэрыяльным становішчы, у якім знаходзяцца пры Савецкай уладзе, то рэвалюцыя адбылася б нашмат раней за сямнаццаты год. Нейкі палітычны пераварот неабходны і цяпер, бо палітыка партыі і Савецкай улады ўсё горш і горш цісне на насельніцтва. Бальшавікі як не імкнуцца падтрымаць аўтарытэт партыі, але ва ўсіх пра яе склалася самае кепскае меркаванне, нават прыродныя пралетарыі ставяцца пагардліва, і гэта цалкам натуральна, бо жыццё пры іхным кіраўніцтве ёсць самае цягаснае“[30].

Уладзімер Іванавіч Пічэта: „Я з палітыкай Савецкай улады не згодны і ніколі не згаджуся, і трываць яе (уладу) не магу. Наўкола хамы і больш нічога. Савецкі Саюз — гэта фашысцкая катавальня, а не сацыялізм. Усё тое, што пішуць у газетах — сама­хвальства і ідыятызм“[31].

Выказанае вышэй меркаванне пацвярджае, як мне здаецца, і той факт, што пасля жнівеньскага 1939 г. „пакта Молатава — Рыбентропа“, калі гітлераўская Нямеччына і Савецкі Саюз ператварыліся з ворагаў у хаўруснікаў, і да самага пачатку нямецка–савецкай вайны ў чэрвені 1941 г. пранямецкія настроі ў БССР ідуць на спад, прынамсі дакументы з фіксацыяй такіх настрояў у гэты перыяд асабіста мною не выяўленыя.

Напрыканцы дзве высновы, якія могуць падштурхнуць даследнікаў да больш актыўнага вывучэння пастаўленай у гэтым артыкуле праблемы:

1. Выглядае на тое, што на пачатку нямецка–савецкай вайны 1941––45 г. значная частка насельніцтва Беларусі, у моц свайго варожага стаўлення да Савецкай улады, была псіхалагічна гатовая да падтрымкі новага рэжыму, усталяваннем якога суправаджаўся ўваход нямецкіх войскаў на тэрыторыю краю. Патэнцыял гэтай гатоўнасці не быў і не мог быць дастаткова выкарыстаны нямецкімі нацыстамі па прычыне кардынальных разыходжанняў іхнай ідэалогіі і мэтаў у гэтай вайне з ідэалогіяй і мэтамі беларусаў, аднак і савецкі партызанскі рух у 1941—44 г. ніколі не карыстаўся падтрымкай большасці жыхароў Беларусі.

2. Тэза аб „адвечнай савецкасці“ новачаснай беларускай нацыі ды ейнай заўсёднай прыхільнасці да сацыялістычных каштоўнасцяў, якая апошнім часам актыўна распрацоўваецца аўтарамі розных палітычных арыентацыяў, здаецца, не вытрымлівае праверкі фактамі.


[1] Кудзелька Дз., Шахоцька Л. Перапісы насельніцтва // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мінск, 1999. С. 465.
[2] Як пішуць Дз. Кудзелька і Л. Шахоцька, „характэрнай рысай дынамікі ўзроставай структуры насельніцтва [у Беларусі] з’яўляецца памяншэнне долі дзяцей“ (Тамсама).
[3] Пасэ У. Вялікая Айчынная вайна 1941—45 // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.2. Мінск, 1994. С. 429.
[4] Гл.: Калинин П. Партизанская республика. 2–е изд. Минск, 1968. С. 367.
[5] Тозік А. Патрыятычнае падполле ў Вялікую Айчынную вайну // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мінск, 1999. С. 436.
[6] Лемяшонак У. Партызанскі рух у Вялікую Айчынную вайну // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т.5. Мінск, 1999. С. 414.
[7] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. Мінск, 1993. С. 188.
[8] Тамсама. С. 186.
[9] Гл.: Тамсама. С. 201.
[10] Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей — НАРБ), Ф.4, воп.21, спр.1676, арк.117.
[11] НАРБ, Ф.4, воп.21, спр.1676, арк.116.
[12] Тамсама, арк.117.
[13] Тамсама, арк.126.
[14] Гл.: Лялькоў І. Гарачая восень 1939 году: погляд зь Менску // Спадчына. 1999. №4. С. 98-103.
[15] Туронак Ю. Беларусь пад нямецкай акупацыяй. С. 188.
[16] НАРБ, Ф.4, воп.21, спр.1576, арк.20.
[17] Тамсама, арк.21.
[18] Тамсама, спр.1678, арк.143—144.
[19] Тамсама, арк.141.
[20] Тамсама, арк.142.
[21] НАРБ, Ф.4, воп.21, спр.1678, арк.142—143.
[22] Процька Т. Вынішчэнне сялянства. Вёска Ўсходняй Беларусі пад цяжарам бальшавіцкіх рэпрэсіяў 30-х гадоў. Мінск, 1998. С. 98.
[23] НАРБ, Ф.4, воп.21, спр.1676, арк. 143.
[24] Тамсама, спр.1596, арк.19.
[25] НАРБ, Ф.4, воп.21, спр.1576, арк.44.
[26] Тамсама.
[27] Тамсама, спр.1678, арк.83.
[28] Тамсама, арк.84.
[29] НАРБ, Ф.4, воп.21, спр.1689, арк.147.
[30] Тамсама, арк.233—234.
[31] Тамсама, спр.1691, арк.338.

Наверх

Die polnische Heimatarmee: Geschichte und Mythos der Armia Krajowa seit dem Zweitem Weltkrieg. Im Auftrag des Militärgeschichtlichen Forschungsamtes herausgegeben von Bernhard Chiari unter Mitarbeit Jerzy Kochanowski (Сяргей Новікаў)

Снежня 8, 2002 |


Die polnische Heimatarmee: Geschichte und Mythos der Armia Krajowa seit dem Zweitem Weltkrieg. Im Auftrag des Militärgeschichtlichen Forschungsamtes herausgegeben von Bernhard Chiari unter Mitarbeit Jerzy Kochanowski. R.Oldenbourg Verlang München 2003. 948.

Кніга ўяўляе сабой том навуковых артыкулаў польскіх, нямецкіх, беларускіх, амерыканскіх і англійскіх аўтараў, якія імкнуцца выявіць сутнасць складанага працэсу асэнсавання праблемы польскай Арміі Краёвай і яе гісторыі з часоў II сусветнай вайны. Асновай такога пошуку з’яўляўся прынцып актуальнасці навуковай праблематыкі і яе дыскусійнасці сярод навукоўцаў Польшчы, Нямеччыны і краін былога СССР. Менавіта такі падыход да навуковых матэрыялаў павінен, як адзначана ва ўступным артыкуле адказнага рэдактара, садзейнічаць „нямецкаму разуменню польскай нацыянальнай гісторыі“ (12).

Адкрываюць зборнік словы падзякі адказнага рэдактара, які звяртае ўвагу чытача на важнасць праведзенай работы „як вялікага гістарычнага праекта“ і пры гэтым заўважае, што мэтай было выданне „кнігі, а не зборніка артыкулаў“ (ХI).

Асноўны змест кнігі складаюць чатыры раздзелы, прысвечаныя асобным тэмам. Выданне пачынаецца кароткай прадмовай, у якой кіраўнік Цэнтра ваенна–гістарычных даследаванняў у Патсдаме доктар Йорг Дуплер адзначае, што гэтая кніга ўпершыню робіць даступнымі шырокай нямецкамоўнай аўдыторыі вынікі польска–беларускіх і англійска–амерыканскіх даследаванняў.

Ва ўступным артыкуле „Айчынная армія ў адлюстраванні польскай нацыянальнай ідэнтычнасці“ (1—25) нямецкі даследчык Бернгард К’яры спыняецца на гістарычных і гістарыягра­фічных аспектах гісторыі Арміі Краёвай, кіраўніцтва якой у гады II сусветнай вайны ажыццяўляў польскі эміграцыйны ўрад спачатку з Францыі, а потым — з Лондана. Менавіта з гэтай амаль 400 000 арміяй звязана гісторыя польскага ваеннага су­праціву. Б. К’яры канстатуе, што АК аб’яднала вакол сябе значную частку палітычна разрозненых падпольных арганізацый і „стала сінонімам ваенных поспехаў польскага падполля“. Калі да 1943 г. формамі барацьбы былі дыверсіі і разведка, дык на за­ключнай фазе — дзейнасць вялікіх ваенных фармаванняў. З лета 1944 г. Чырвоная Армія і савецкі НКУС пачалі разгром частак Арміі Краёвай. У рамках „чыстак“ быў арыштаваны і ліквідаваны кіроўны корпус, вайсковыя часткі раззброены ці ўключаны ў склад прасавецкіх фармаванняў. Аўтар ставіць перад сабой пытанні: чым у сапраўднасці была Армія Краёва і ў чым яе значэнне для палякаў і польскага грамадства як у ваенным, так і ў палітычна–маральным сэнсе? Нямецкі даследчык добра ўсведамляе, „наколькі складаным за­стаецца па сённяшні дзень абыходжанне палякаў з цэнтральнай тэмай сваёй ваеннай гісторыі ХХ ст.“ (3, 12). Ён зазначае, што прапанаваныя ў гэтым выданні навуковыя працы ўяўляюць сабой частку складанай дыскусіі, таму навуковыя артыкулы ператвараюць кнігу не столькі ў працу аб нейкім адным аспекце польскай гісторыі, колькі ў сведчанне пра пэўнае „абыходжанне з ёй“. Аўтар адзначае, што ў дачыненні да пасляваеннай гісторыі размова ідзе пра тое, якую ролю адыгралі „міфы аб Арміі Краёвай“ непасрэдна ў Польшчы, у посткамуністычнай Польшчы, а таксама ў нацыянальнай самасвядомасці і ў дзяржаўнай інсцэніроўцы.

Першы раздзел („Польская Армія Краёва і яе ваенна–гістарычнае поле“, 29—299) уключае матэрыялы, якія акрэс­ліваюць гістарычныя, арганізацыйна–структурныя і ваенныя рамкі праблемы. Пачынаецца раздзел навуковым артыкулам прафесара Фрайбургскага універсітэта Бернда Марціна „Бар’еры — масты — барыкады. Гістарычныя перспектывы нямецка–польскага суседства ў ХIХ—ХХ ст.“. Разглядаючы гісторыю адносін дзвюх краін і народаў, аўтар прыходзіць ад высновы пра неабходнасць „сумесных намаганняў“ пры пераадоленні „нацыянальна абумоўленых і гістарычна замацаваных ментальных бар’ераў“ (49).

Ганс–Юрген Бёмельбург — навуковы супрацоўнік Нямецкага Інстытута ў Варшаве — прапануе аналіз нямецкай палітыкі на акупаванай тэрыторыі Польшчы ў 1939—1945 г., зыходзячы пры гэтым з агляду „неабходнай літаратуры“ і вызначаючы новыя тэндэнцыі ў даследаванні нямецкай акупацыйнай палітыкі на тэрыторыі Польшчы ў гады II сусветнай вайны. Ванда Крысціна Раман прапануе чытачу гістарычны разгляд „палітыкі Савецкага Саюза ў дачыненні да ўсходніх тэрыторый Рэспублікі Польшча“ ці „крэсаў усходніх“, „польскіх усходніх абласцей“ у 1939—1941 г.“ Аўтарка падрабязна паказвае гістарычныя этапы правядзення палітыкі „савецкай акупацыі“ пасля 17 верасня 1939 г. (88), характарызуе яе на пры­кладзе „саветызацыі“ анексаваных усходніх ваяводстваў (90), раскрывае сутнасць „грамадскай перабудовы“ (96), паказвае „супраціў і тэрор на анексаваных тэрыторыях“ (100), разглядае асаблівасці „дэпартацыі насельнітцва“ (104), а таксама выяўляе „перспектывы акупаваных і анексаваных польскіх тэрыторый“ (106). Аўтары абодвух артыкулаў звяртаюць увагу на неабходнасць аб’ектыўнага ўліку ўсіх гістарычных фактаў, якія сталі прычынай стварэння Арміі Краёвай, яе рашучай барацьбы супраць акупантаў і захавання ў памяці польскага народа пасля II сусветнай вайны.

Прафесар Ягелонскага універсітэта Гжэгаж Мазур у артыкуле „Саюз узброенай барацьбы — Армія Краёва“ падрабязна спыняецца на гісторыі фармавання вайсковага саюзу, разглядаючы розныя ўзброеныя групы, асновай якіх лічыліся „ўкамплектаваныя часткі“ колькасцю ад 35 да 54 чалавек. У аснове дзейнасці тэрытарыяльнай структуры АК ляжалі акругі, падпарадкаваныя непасрэдна галоўным камендатурам у Варшаве, Кракаве, Познані, Львове. Артыкул Марэка Ной–Крвавіч паказвае „сістэму і храналогію“ мерапрыемстваў польскага эміграцыйнага ўрада па кіраўніцтву Арміяй Краёвай (151—168). Служба інфармацыі і разведкі АК выконвала назвычай важную ролю ў барацьбе яе канспіратыўных структур. У гэтай сувязі выклікаюць цікавасць звесткі пра супрацоўніцтва польскай падпольнай разведкі і службаў брытанскай разведкі, якія атрымлівалі інфармацыю пра падрыхтоўку Нямеччынай найноўшага „ракетнага ўзбраення“ (182).

Пётр Колакоўскі з Памеранскай педагагічнай акадэміі да­следуе пытанне аб раскрыцці польскага падполля савецкімі службамі разведкі і бяспекі на працягу 1939—1945 г. Ён разглядае гэта паэтапна: спачатку ва ўмовах „саветызацыі 1939—1941 г.“, потым пасля нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз, на пры­кладах паказу „барацьбы супраць незалежнага польскага падполля“, выяўлення ролі польскага камуністычнага падполля і, урэшце, пасля разгрому Чырвонай Арміяй „польскай падпольнай дзяржавы“ (205). Даследчык заключае, што савецкім службам бяспекі спатрэбілася каля трох месяцаў, ад студзеня да сакавіка 1945 г., для „амаль поўнай ліквідацыі“ польскага падполля. Увогуле за перыяд з лета 1944 да канца вясны 1945 г. савецкімі службамі бяспекі і „смершам“ было арыштавана 50 000 салдат Арміі Краёвай (216).

Найвышэйшай кропкай „антынямецкага супраціву палякаў у гады Другой сусветнай вайны“ прафесар Варшаўскага уні­версітэта Владзімеж Барадзей лічыць „Варшаўскае паўстанне“, якое працягвалася з 1 жніўня да 2 кастрычніка 1944 г., але пацярпела жорсткую паразу. Вынікам стала гібель вялікай колькасці паўстанцаў. Правесці дакладныя падлікі агульнай колькасці ахвяр Варшаўскага паўстання, заўважае аўтар, пакуль практычна немагчыма. Часцей за ўсё размова ідзе пра 150—180 тыс. загінулых, сярод якіх колькасць цывільных грамадзян складала амаль 90%. На думку аўтара, прычыны паражэння Варшаўскага паўстання неабходна шукаць „не ў ваеннай, а ў палітычнай галіне“ (217). Да ліку другой цэнтральнай ваеннай аперацыі, праведзенай кіраўніцтвам польскай Арміі Краёвай, аднесена і аперацыя „Бурса“. Пад такой назвай АК правяла важную аперацыю, добра падрыхтаваную і скаардынаваную, але безвыніковую. Аднак у тых умовах, калі ўдзельнікі аперацыі выяўлялі прыклады гераізму, гэта была „вельмі высокая цана“, сцвярджае ў сваім артыкуле аўтар матэрыялу — Гжэгаж Мазур. Хоць абедзве аперацыі і пацярпелі жорсткую паразу, аднак менавіта гэтыя падзеі застаюцца найбольш значнымі для „самавызначэння пакалення ваеннага супраціву“.

На вынікі ваенных аперацый значна ўплывала дзейнасць савецкіх органаў НКУС, — сцвярджае ў заключным артыкуле першага раздзела Гаральд Мольдэнхаўэр (275—299). Разглядаючы падзеі „перыяду люблінскай Польшчы з ліпеня 1944 да чэрвеня 1945 г.“, аўтар спыняеца на асобных пытаннях: пра савецкую палітыку ў дачыненні да Польшчы на за­ключнай фазе вайны; пра раззбраенні і інтэрнаванні АК; пра формы і маштабы барацьбы НКУС з польскай падпольнай арміяй; пра „чыстку“ новых польскіх органаў улады ад „акаўцаў“ і пра „маскоўскі працэс 16–ці“ супраць кіраўнікоў падпольнай Арміі Краёвай.

Другі раздзел „Ваенная штодзённасць“ пачынаецца артыкулам дактаранта Варшаўскага універсітэта Пятра Маеўскага „Праграма і арганізацыі «цывільнай барацьбы» польскага акупаванага грамадства“. Істотным момантам той барацьбы аўтар лічыць тое, што польскае насельніцтва ва ўмовах жорсткай нямецкай акупацыі „чэрпала сілы для выжывання ў дзейнасці падпольных арганізацый“ і гартавала свой характар у барацьбе, дзякуючы патрыятызму і салідарнасці змагароў, веры ў будучае сваёй краіны (304). Гэта было бачна на шэрагу прыкладаў дзейнасці як органаў польскага падпольнага ўрада, так і многіх ініцыятыў палітычных арганізацый і асобных падпольных груповак. Артыкул кіраўніка аддзела гданьскага Інстытута нацыянальнай памяці Януша Маршалэка прысвечаны раскрыццю „рэальнай штодзённасці акупаванага грамадства“ ва ўмовах тэрору нямецкіх акупантаў. Ён паказвае, што непасрэдна ў гістарычным цэнтры Польшчы, дзе ні нацыянальныя пытанні, ні праблемы межаў не здолелі аслабіць „волю супраціву насельніцтва“, салдаты Арміі Краёвай праходзілі складаныя выпрабаванні ва ўмовах „тэрору нямецкіх акупантаў“ з аднаго боку, а з другога — пастаяннымі канфліктамі з савецкімі партызанскімі фармаваннямі (353).

Памежную вобласць інтэракцыі паміж захопнікамі і захопленымі асвятляе вядомы даследчык праблем халакосту Марцін Дзін. На аснове дакументаў і матэрыялаў судовых працэсаў у Польшчы і Савецкім Саюзе супраць „здраднікаў радзімы“ аўтар паказвае ўдзел палякаў у „стварэнні нямецкай добраахвотнай паліцыі“. М.Дзін прыводзць прыклады беспаспяховых намаганняў нямецкіх службаў бяспекі ў стварэнні выключна „этнічна аднародных паліцэйскіх службаў“. На справе рэальнасцю стала „штодзённасць злачынстваў“. На думку аўтара, да міфаў пра Армію Краёву і савецкі партызанскі рух можна аднесці сцвярджэнне, што і першыя, і другія вялі „барацьбу супраць мясцовых паліцэйскіх“. Тэма „непасрэднага“ ўдзелу польскіх паліцэйскіх фармаванняў у забойствах яўрэяў на тэрыторыі ўсходняй Польшчы застаецца пакуль складанай па прычыне недастатковасці яе распрацоўкі на аснове выяўлення новых матэрыялаў. Між тым, аўтар даводзіць, што „не менш за 10% паліцэйскіх у Беларусі з’яўляліся палякамі“ (368). Спецыяльнае даследаванне гэтага пытання Марцін Дзін прапануе знайсці чытачу на старонках сваёй найноўшай англамоўнай працы „Калабарацыя ў часы халакосту. Злачынствы мясцовай паліцыі ў Беларусі і Ўкраіне: 1941—1944“ (Лондан, 2000).

Узаемаадносінам каталіцкага касцёла і АК прысвечана публікацыя прафесара тэалогіі універсітэта ў Катавіцах Ежы Мішора. Ён спыняецца на дзейнасці асобных прадстаўнікоў польскага духавенства, выяўляючы пры гэтым у асноўным факты адэкватнасці ацэнак „узброенай барацьбы“. Пытанне маштабаў удзелу ў падпольнай барацьбе польскіх жанчын раскрываецца ў артыкуле настаўніцы гімназіі з Бадэн–Бадэна Каці Хёгер. Дакладныя прыклады такога ўдзелу яна знаходзіць у гісторыі Варшаўскага паўстання, у якім жанчын можна было пабачыць на „класічна жаночых ролях“ (408). Вальдэмар Беднарскі малюе „твар вайны ў абшчыне Котліцы“, разглядаючы гісторыю абшчыны на прыкладзе „польска–ўкраінскіх супярэчнасцяў“, якія з 1944 г. перараслі ў адкрыты ваенны канфлікт (426).

„Польскі супраціў і Армія Краёва ў прапагандзе і друку „генерал–губернатарства“ разглядае навуковы супрацоўнік універсітэта Бундэсвера ў Гамбургу Ларс Йокхек (431—471). Ён спыняецца на дзейнасці польскага супраціву, інфармацыя пра які ў гады акупацыі на старонках друку знаходзілася пад кантролем нацыянал–сацыялісцкай прапагандысцкай машыны, у выніку чаго ў дачыненні да ўдзельнікаў польскага супраціву ў „генерал–губернатарстве“ распаўсюджвалася інфармацыя як пра „бандытаў“, „тэрарыстаў“ і „агентаў“ (471). Пра ацэнку Варшаўскага паўстання салдатамі германскага вермахта вядзецца ў матэрыяле дактаранткі Базэльскага універсітэта Анкі Стэфан, якая знаходзіць пацверджанні таму, што існавала прынцыповае разыходжанне ў ацэнцы дзейнасці Арміі Краёвай паміж нацысцкай прапагандай і самімі салдатамі вермахта (494). Заключны матэрыял раздзела, аўтарам якога з’яўляецца Бернгард К’яры, пры­свечаны лакальным „нямецка–польскім кантактам“, ці асобным фактам „ваеннай кааперацыі паміж АК і вермахтам“ на рубяжы 1943/44 г.

Трэці раздзел кнігі прысвечаны нацыянальным і тэрытарыяльным аспектам праблемы (529—676). У тэкстах польскіх, беларускіх, нямецкіх і амерыканскіх аўтараў раскрываюцца асаблівасці рэгіянальнай, канфесійнай, моўнай і палітычнай ідэнтычнасці польскага насельніцва ва ўмовах ваеннага су­працьстаяння і нацыянальных эксцэсаў. Гжэгаж Матэйка і Цімаці Шнайдэр спыняюца на „польска–ўкраінскіх супярэчнасцях“ на тэрыторыі Падоліі, Усходняй Галіцыі і Заходняй Украіны ў гады II сусветнай вайны, Пётр Нівінскі — на „нацыянальных пытаннях“ у Віленскай акрузе. Франк Гальчэўскі акцэнтуе ўвагу на адносінах паміж Арміяй Краёвай і яўрэямі, у тым ліку на паўстанні ў Варшаўскім гета.

Асаблівы інтарэс для айчыннага чытача ў трэцім раздзеле маюць тры навуковыя артыкулы, прысвечаныя беларускаму рэгіёну. Першы належыць супрацоўніку Варшаўскай рады па захаванні памяці аб загінулых змагарах Казімежу Краеўскаму. Спачатку аўтар дае агульную характарыстыку ваяводству Нава­градак да пачатку вайны: з тэрыторыяй (плошча 22 966 кв.км); складам насельніцтва (усяго 1 055 147 чалавек, у тым ліку ў Баранавічах — 36 000 і Лідзе — 30 000 жыхароў); моўнай сітуацыяй (размаўлялі па–польску — 553 859 чалавек, па–беларуску — 413 466, да яўрэяў адносілася 74 025 чалавек); рэлігійным (рымска–каталіцкая царква ахоплівала 424 549 жыхароў, праваслаўных было 542 333 чалавекі, яўрэйскай веры прытрымлівалася 82 972 чалавекі) і гаспадарчым становішчы (за выключэннем апрацоўкі сельскагаспадарчай прадукцыі і дрэваапрацоўкі адсутнічала прамысловасць, 29% тэрыторыі акру­гі займалі лясы) (563—564). На фоне гістарычных падзей 1939—1945 г. К.Краеўскі разглядае асобныя пытанні пачатковай фазы вайны 1939—1941 г. (565—567), структуру, арганізацыю і баявыя дзеянні АК у Наваградскай акрузе (567—572), беларускае пытанне ў гэтай акрузе і нямецкую палітыку (572—576), савецкі партызанскі рух на тэрыторыі Наваград­скай акругі і яго ўплыў на польскае насельніцтва ды АК (576—579), польска–нямецкія сувязі на гэтай тэрыторыі (579—582) і інш.

„Дзейнасць Арміі Краёвай на тэрыторыі Беларусі“ (585—597) стаіць у цэнтры ўвагі прафесара Гродзенскага універсітэта І.Крэня. Неабходнасць такога разгляду тлумачыцца тым, сцвярджае аўтар, што ў „навуцы (і не толькі)“ дзейнасць Арміі Краёвай на працягу доўгага часу была „белай плямай“ як для беларускіх гісторыкаў, так і для беларускіх чытачоў (с. 585). Для ўсебаковага раскрыцця пастаўленай праблемы І.Крэнь прапануе агляд беларускай гістарыяграфіі ў дачыненні да польскага падполля і заключае, што на сённяшні дзень у гістарычнай навуцы ёсць патрэба ў „пошуку ісціны шляхам шырокай дыскусіі на аснове дакументаў і сведчанняў відавочцаў“ (с. 590). Апрача таго І.Крэнь разглядае пытанні „гістарычнага развіцця беларускай мяжы“ (с.591—596), „афіцыйнага стаўлення да „польскай спадчыны“ ў Беларусі“ (с.595—596).

Другі беларускі гісторык, які браў удзел у стварэнні кнігі „Польская Армія Краёва“ — выкладчык гістарычнага факультэта Мінскага педуніверсітэта Зыгмунт Барадзін, апублікаваў артыкул „Беларуская гістарыяграфія ды публіцыстыка і Армія Краёва ў паўночна–усходніх абласцях Рэчы Паспалітай у 1939—1945 г.“ (599—616). Зыходнымі момантамі для разгляду праблемы аўтар лічыць: па–першае, той факт, што да Патс­дамcкай канферэнцыі „польскія паўночна–ўсходнія вобласці“ належалі дэ юрэ да Польшчы і толькі ад жніўня 1945 г. — да БССР (599); па–другое, сярод навуковых прац беларускіх да­следчыкаў асаблівае значэнне маюць работы А.Літвіна, Л.Скрабінай, У.Барабаша і А.Хацкевіча (599); па–трэцяе, большасць апублікаваных артыкулаў і кніг характарызуе тое, што ацэнка дзейнасці Арміі Краёвай складвалася пад „моцным уплы­вам прапаганды і эмоцыяў“ (600). Барадзін аспрэчвае шэраг састарэлых гістарыяграфічных і гістарычных пастулатаў, спыняючыся на юрыдычных аспектах дзейнасці АК на т.зв. „крэсах усходніх“ (600—601), перыядызацыі гісторыі АК у Беларусі (601—602), выкарыстанні беларускімі гісторыкамі ар­хіўных дакументаў (605—607), раззбраенні фармаванняў АК савецкімі партызанамі ў Віленскай і Наваградскай акругах (608—610), маштабе і цане канфлікту паміж савецкімі партызанамі і АК (610—613) і інш. Аўтар завяршае артыкул пытаннем пра тое, ці існуе беларускі погляд на гісторыю польскай АК. Барадзін лічыць, што беларускія гісторыкі часцей за ўсё „атаесамляюць інтарэсы беларускага народа з палітыкай сталін­скага кіраўніцтва“ (616). Барацьба супраць польскай падпольнай арміі на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Польшчы з’яўлялася „выключна элементам знешняй палітыкі СССР“ (616). Яе мэтай былі „падпарадкаванне і саветызацыя дзяржаў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы“ (616). На жаль, як заўважае аўтар, да сённяшняга дня ў беларускай гістарыя­графіі немагчыма знайсці новы падыход у даследаванні праблематыкі АК (616), паколькі дагэтуль выкрыстоўваецца „старая версія гісторыі часоў Л.Цанавы“. Барадзін перакананы, што сапраўднае вывучэнне гісторыі Арміі Краёвай у Беларусі „толькі пачалося“ (616).

Заключны раздзел кнігі прысвечаны пасляваеннаму часу. У ім разглядаюцца пытанні стварэння міфа Арміі Краёвай і таго, якую ролю ён адыграў у Польскай Народнай Рэспубліцы, а таксама пасля заканчэння эры камунізму (679—861). Цэнтральнымі тут можна лічыць артыкулы Рафаля Ўнука, Эдмунда Дзмітрова і Барбары Шчакі. Аўтар першага заключае, што менавіта пазітыўная карціна АК як арганізацыі, што змагалася за свабоду і дэмакратычныя каштоўнасці, са­дзейнічала ўзнікненню супраціву „камуністычнаму рэжыму“ (806). Эдмунд Дзмі­троў у суаўтарстве з Юры Кулаком звяртаюцца да „польскай спрэчкі гісторыкаў“ наконт таго, чым была АК і якую ролю яна адыграла ў гісторыі палякаў у 1939—1945 г. Падрабязна разглядаючы асноўныя этапы шматгадовай навуковай, палітычнай і грамадскай дыскусіі, аўтары пагаджаюцца, што гісторыя АК „стала ўзорам і кры­ніцай духоўных сіл“. У заключным матэрыяле, аўтарам якога з’яўляецца прафесар Варшаўскага універсітэта Барбара Шчака, прапануецца сацыялагічны аналіз гісторыі Арміі Краёвай у польскай калектыўнай памяці.

Завяршаюць кнігу дадаткі — храналогія гісторыі АК з 26/27 верасня 1939 г. да 1 ліпеня 1945 г.; фота­здымкі; карты, у тым ліку Варшаўскага паўстання; спіс скарачэнняў; імянны паказальнік і бібліяграфія польскай „Айчыннай Арміі“ з 1945 да 2002 г.
Мінск

Сяргей Новікаў

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'Беларусь у сусветных войнах'