Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Беларусь у сусветных войнах'

Артыкулы па тэме ‘Беларусь у сусветных войнах’

Turonek, Jerzy. Książka białoruska w II Rzeczy­pospolitej (1921—1939); Туронак, Юры. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (Юрась Лаўрык)

Снежня 5, 2001 |

Turonek, Jerzy. Książka białoruska w II Rzeczy­pospolitej (1921—1939) / Instytut Sławistyki PAN. Warszawa, 2000. 79 s.;

Туронак, Юры. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939–1944). Мінск, 2002. 142 с. (Б–ка часопіса БГА, Серыя «Матэрыялы да беларускай гісторыі»).

Дзве новыя працы беларускага гісторыка з Польшчы Юрыя Туронка, прысвечаныя гісторыі кнігі найноўшага перыяду, асвятляюць тэмы, якія дагэтуль былі вельмі мала даследаваны, i не непасрэдна ў бібліялагічным плане, а хутчэй y сувязі з іншымі дысцыплінамі. Аўтар, стала жывучы ў Польшчы, мае пэўную перавагу перад навукоўцамі з Беларусі ў магчымасцях доступу як да саміх выданняў, якія ён вывучае (асабліва гэта датычыць заходнебеларускіх), так i да звязаных з імі матэрыялаў. Напэўна гэта, а таксама яго прафесійныя якасці гісторыка дазволілі Туронку стварыць два выключныя па сваім характары даследаванні i закласці падмурак гістарыяграфіі названых тэмаў.

Першая праца прысвечана гісторыі беларускай кнігі ў міжваеннай Польшчы. Адна з падставовых задачаў аўтара — складанне магчыма поўнага каталогу беларускіх выданняў y II Рэчы Паспалітай, што i было выканана. Гэты каталог, пададзены ў Aneksie напрыканцы кнігі, прадстаўляе 446 пазіцый (складальнік, аднак, не ўлічвае календары, улёткі, выданні, меншыя аб’ёмам за 4 старонкі, выдавецкія каталогі i да т.п.). Кнігі i брашуры размешчаны паводле года выдання i з указаннем падставовых характарыстык: аўтара, загалоўка, выкарыстанага алфавіта, жанравае прыналежнасці, выдавецтва і друкарні, аб’ёму i накладу.

Асноўны тэкст кнігі складае апісанне беларускага кнігавыдавецтва ў міжваеннай Польшчы як з’явы, з паданнем выдаўнічага i тэматычнага аналізу публікаванае літаратуры. Гісторыя беларускай кнігі паказана дынамічна, y сваім развіцці i ў лагічнай сувязі са зменнай палітыкай польскага ўраду ў адносінах да беларускае нацменшасці; шмат увагі аддадзена канфіскацыям накладаў, чаму ўласна прысвечаны асобны раздзел. Несумненнай заслугай аўтара трэба лічыць тое, што ён не толькі звярнуў адмысловую ўвагу на колькасць выдаваных асобнікаў, але і знайшоў спосаб вызначыць яе для вялікага шэрагу выданняў (наклад з’яўляецца, бадай, найскладанейшай для вывучэння характарыстыкай кнігі ў большасці перыядаў ейнае гісторыі).

Д–р Туронак дапаўняе свой тэкст паказаннем фактаграфічнага матэрыялу ў форме табліцаў, што, безумоўна, да­зваляе падаць матэрыял y сціслай і, разам з тым, больш «празрыстай» форме. Аднак y такім падыходзе часам крыецца небяспека разбежнасці паміж тэкстам i табліцамі, асабліва калі апошнія складаліся не ў адзін час з пісаннем кнігі. На жаль, гэтае небяспекі не ўнікнуў i спадар Туронак, i ў яго падобныя разбежнасці можна сустрэць некалькі разоў. Як прыклад прывяду крыптанім кс. Яна Семашкевіча «J.S.», які Туронак y табліцы псеўданімаў і крыптанімаў не падае, хоць, несумненна, ведае, бо на с.35 сярод іншых выданняў Семашкевіча пералічае i перакладзены ім Rużaniec Najśviaciejśaj Dziewy Мarуі, які быў менавіта так падпісаны.

Яшчэ адна рэч, якую можна закінуць рэцэнзаванай кнізе (тым разам, аднак, ужо не ейнаму аўтару, a выдаўцам) — гэта часам сустраканая друкарская нядбаласць выдання. У шэрагу месцаў (пр., на с.18) неапраўдана ўжыты розныя памеры шрыфту: абзац пачынаецца адным шрыфтам, a праз некалькі радкоў, часам нават пры пераносе слова, працягваецца буйнейшым. У некалькіх месцах таксама (25, 38) замест паслядоўных парадкавых нумароў y дачыненні да розных катэгорый літаратуры прастаўлены толькі рымскія адзінкі.

У цэлым жа кніга пакідае вельмі станоўчае ўражанне. Хацелася б бачыць яе выдадзенай па–беларуску з увагі як яе неаспрэчнай навуковай каштоўнасці, так i дзеля таго, каб яна служыла ўзорам, як пішуцца «традыцыйныя» працы ў галіне бібліялогіі.

Для другой працы даследчыку ўдалося знайсці нетрадыцыйную і вельмі ўдалую назву: тытулам канкрэтна i дакладна паведамляецца, пра што напісана кніга (тое, што не вельмі характэрна для назваў беларускіх навуковых выданняў апошняга часу).

Сама кніга напісана даволі жыва, чым розніцца ад сухога, «акадэмічнага» стылю папярэдняга даследавання. Відавочна, яна ад пачатку рыхтавалася для больш шырокага чытача; ёсць ілюстрацыі i біяграмы дзеячоў кнігадруку, a табліцы зведзены да мінімуму. Жывасць аповеду, аднак, ніякім чынам не адбіваецца на навуковым узроўні: матэрыял пададзены лагічна i дакладна, з паказаннем крыніцаў інфармацыі. Часам аўтар, не маючы пэўных дадзеных пра тыя ці іншыя характарыстыкі даследаванага выдання, спрабуе ix «пралічыць», абапіраючыся на ўнутраную i знешнюю крытыку тэксту (напрыклад, на с.23), — і робіць гэта абгрунтавана i пераканаўча. А такі аналіз, трэба адзначыць, вымагае немалога ведання як палітычнае гісторыі Еўропы ў цэлым, так i тагачаснае кніжнае справы ў прыватнасці.

На жаль, аднак, i ў гэтай кнізе часам сустракаюцца пэўныя недакладнасці, хай, можа, i не заўсёды звязаныя з галоўнай тэмай. Напрыклад, словы Туронка  ва Ўступе, што ён купіў усю кніжную калекцыю Пятра Ластаўкі, «блізу 20 беларускіх кніг», могуць ўвесці ў зман будучых даследчыкаў гісторыі беларускіх бібліятэк. Бо, напрыклад, толькі ў лонданскай Скарынаўскай Бібліятэцы захоўваецца, прынамсі, з дзесятак кніжак са збору варшаўскага бібліяфіла, a на адной з ix (акурат, на асобніку Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску, Прага, 1941), побач з подпісам Ластаўкі, знаходзіцца надпіс ягонай жа рукой: «Nr катал. 117», які сведчыць, што выданняў y калекцыі было прынамсі не менш за гэтую лічбу.

Інфармацыю, пададзеную ва ўспамінах Язэпа Найдзюка пра Беларускую друкарню імя Францішка Скарыны, варта было б узгадніць са звесткамі ў мемуарах іншых працаўнікоў друкарні (напрыклад, Янкі Багдановіча), што дазволіла б пазбегнуць некаторых прыкрых хібаў y біяграмах. Дарэчы, пры чытанні біяграмаў y мяне нярэдка з’яўлялася вялікае жаданне ix дапоўніць. Я разумею, што аўтар адмыслова выбраў кароткую форму, падаючы толькі асноўныя факты біяграфіяў, але, з другога боку, хіба тое, напрыклад, што ксёндз Адам Станкевіч быў адным са стваральнікаў Друкарні ім. Францішка Скарыны i Беларускага Каталіцкага Выдавецтва, фактычна заснавальнікам i рэдактарам віленскай Крыніцы, да такіх фактаў не належыць? Не маю найменшага сумнення, што д–р Туронак гэта ўсё ведае, але чаму б было не падзяліцца сваёй ведай з чытачом?

Яшчэ адзін негатыўны момант — гэта непаслядоўнае паданне інфармацыі пра месцазнаходжанне кніг. Бо ў некаторых выпадках аўтар пазначае ўсе вядомыя яму месцы захавання, як, напрыклад, пры апісанні 10–й пазіцыі каталога (Верес У. Шляхам барацьбы Беларусі з Масквой): «Месца захавання — НАРБ, калекцыя аўтара»; тады як y іншых выпадках пададзена толькі месцазнаходжанне асобніка, з якім аўтар працаваў, як гэта, напрыклад, відаць з апісання пазіцыі 1 (Аляхновіч Ф. Круці, ня круці — трэба памярці), дзе паказана толькі, што кніга захоўваецца ў БДАЛіМ, хоць яна, зноў жа, ёсць i ў лонданскай Скарынаўцы. Д–ру Туронку, які быў y кантакце з ББФС, варта было б звярнуць увагу на такога роду інфармацыю.

На заканчэнне хацелася б яшчэ раз падкрэсліць, што мая крытыка не змяншае вартасці аналізаваных працаў i датычыць, пераважна, момантаў другасных. Зазначаю гэта адмыслова, бо рэцэнзаваныя кнігі з’яўляюцца сапраўды значным дасягненнем беларускага гістарычнага кнігазнаўства i вартасць абедзвюх яўна перавышае тыя недахопы, якія ў ix можна адшукаць. Маю смеласць спадзявацца, што мае заўвагі, як i заўвагі іншых рэцэнзентаў (гл. беластоцкую Ніву №12 за 25.03.01), будуць улічаны пры далейшых перавыданнях. Згадайма таксама, што доктару Ю.Туронку належаць навуковыя публікацыі па іншых перыядах новай i найноўшай гісторыі беларускай кнігі; перакладзеныя на беларускую мову ды выдадзеныя пад адной вокладкай разам з разгляданымі вышэй працамі, яны б склалі цэласнае даследаванне ды маглі б стаць важнай дапамогай як для навукоўцаў, так і для выкладчыкаў i студэнтаў.

Юрась Лаўрык

Лондан

Смиловицкий, Леонид. Катастрофа евреев в Белоруссии: 1941—1944 (Эмануіл Іофэ)

Снежня 4, 2001 |

Смиловицкий, Леонид. Катастрофа евреев в Белоруссии: 1941—1944 гг. Тель–Авив, 2000. 432 с. 2 карты.

Хоць даследчык Даніэль Раманоўскі назваў кнігу Л. Смілавіцкага першай навуковай працай па гісторыі катастрофы яўрэяў у Беларусі, напісанай на расійскай мове (с. 7), гэта не адпавядае рэчаіснасці. Дастаткова  згадаць кнігу Яўгена Розенблата ды Ірыны Яленскай „Пинские евреи. 1939—1944 г.“ (Берасце, 1997), кандыдацкую дысертацыю Я. Розенблата „Нацысцкая палітыка генацыду ў дачыненні да яўрэйскага насельніцтва заходніх вобласцяў Беларусі (1941—1944 г.)“, абароненую 28 студзеня 2000 г. у Інстытуце гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, а таксама шэраг навуковых прац М. Батвініка, Э. Іофэ, Р. Чарнаглазавай ды іншых даследчыкаў. Разам з тым, праца „Катастрофа евреев в Белоруссии. 1941—1944 г.“ з’яўляецца значным унёскам у вывучэнне дадзенай праблемы. Гэта своеасаблівы летапіс гісторыі нацысцкай палітыкі генацыду супраць яўрэйскага насельніцтва Беларусі ў гады II су­светнай вайны.

Чым жа кніга Л.Смілавіцкага адрозніваецца ад папярэдніх даследаванняў па гісторыі катастрофы на беларускай зямлі?

Па–першае, шырэйшай базай крыніц. Гэта архівы Беларусі, Расіі ды Ізраіля, энцыклапедыі гэтых краінаў, а таксама Вялікай Брытаніі і ЗША, зборнікі дакументаў і матэрыялаў, манаграфіі, кнігі, брашуры, часопісныя і газетныя артыкулы на іўрыце, рускай, беларускай і англійскай мовах.

Па–другое, прадметам даследавання. У кнізе Л.Смілавіцкага ім сталі такія тэмы, якія яшчэ адмыслова не вывучаліся. Гаворка ідзе пра змены ў дэмаграфічным балансе рэспублікі, пра дапамогу і выратаванне яўрэяў нямецкімі вайскоўцамі, пра лёс дзяцей у гады акупацыі, пра канфіскацыі яўрэйскай маёмасці, пра сямейныя лагеры і атрады, пра яўрэяў і палякаў сярод беларускіх партызанаў, пра антысемітызм у партызанскім руху. Усе сюжэты Л. Смілавіцкі даследуе даволі грунтоўна і глыбока. Так, разглядаючы лёс дзяцей у гады акупацыі, ён акцэнтуе ўвагу на такіх ключавых праблемах, як статус і становішча дзяцей у пачатку вайны, дзеці ў гета, выратавальнікі дзяцей, антысемітызм і дзеці, дзеці ад змяшаных шлюбаў, паводзіны неяўрэйскіх сем’яў, адрозненне статуса яўрэйскіх дзяцей ад неяўрэйскіх, колькасць ахвяраў сярод дзяцей, уплыў катастрофы на лёс дзяцей.

Па–трэцяе, аўтар кнігі зрабіў сур’ёзную спробу вывучэння такой важнай тэмы, як увекавечанне памяці ахвяраў генацыду. На падставе аналізу шэрагу крыніцаў ім складзена арыгінальная табліца „Мемориальные комплексы, памятники и памятные знаки жертвам Холокоста в Белоруссии, установленные в 1945—1999 г.“.

У рэцэнзаваным даследаванні прыведзены цікавыя табліцы, малавядомыя фотаздымкі, іменны і геаграфічны паказнікі, а таксама слоўнік асноўных выкарыстаных тэрмінаў і імёнаў.

Аднак праца Л. Смілавіцкага не пазбаўлена і пэўных недахопаў.

Выклікае пярэчанне структура кнігі. Ёй не хапае цэласнасці і лагічнасці. Так, у сярэдзіне матэрыялу „Яўрэі і палякі сярод беларускіх партызанаў“ змешчаны звесткі (не зусім дакладныя) пра яўрэяў — камандзіраў і камісараў, начальнікаў штабоў партызанскіх атрадаў і брыгадаў (134—137). У чытача можа з’явіцца пачуццё, што Л. Смілавіцкі стараўся ўціснуць у кнігу ўсё, што ёсць у яго па „яўрэйскай“ тэме. Навошта ў працы пра катастрофу беларускіх яўрэяў даваць спісы кіраўнікоў абшчын Аб’яднання яўрэйскіх арганізацый у Рэспубліцы Беларусь (паміж іншага, правільная назва — Саюз беларускіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын — Э.І.), яўрэйскіх арганізацый у Мінску і кіраўнікоў абшчын Аб’яднання выхадцаў з Беларусі ў Ізраілі (пададзеных у змесце як „Адрасы яўрэйскіх абшчын у Беларусі“ і „Адрасы яўрэйскіх абшчын у Ізраілі“) (389—393). У выніку ў працы дастаткова другаснага, таго, што не датычыць тэмы даследавання, паўтораў тых самых фактаў.

Навуковую значнасць даследавання зніжаюць шматлікія недакладнасці. Так, на с. 356 Л.Смілавіцкі змяшчае спіс сакратароў падпольных абласных камітэтаў КП(б)Б — яўрэяў. У сапраўднасці, з трох чалавек у гэтым спісе, толькі адзін — Каган В.Я. — быў яўрэем. Але ён быў сябрам падпольнага абкама партыі, а не сакратаром. Адкуль, з якіх крыніцаў аўтар кнігі ўзяў звесткі, што сакратары Мінскага падпольнага абкама партыі Раман Навумавіч Мачульскі і Іосіф Аляксандравіч Вельскі — яўрэі? Мне дакладна вядома, што яны не яўрэі. Мачульскі і Вельскі па дакументах Нацыянальнага архіва Рэспулікі Беларусь у сапраўднасці беларусы.

Нямала фактычных недакладнасцяў дапушчана ў спісе яўрэяў–кіраўнікоў партызанскага руху. Назаву толькі некалькі. На якой падставе ў яго ўключаны камандзір партызанскай брыгады ім. Панамарэнкі, што ўваходзіла ў свой час у склад украінскага паліцэйскага батальёна, Сямён Ганзенка (137), камандзір Трэцяй Беларускай партызанскай брыгады Аркадзь Марчанка, камандзір 210–га асобнага атрада 1–й Асіповіцкай брыгады Дзмітры Барысавіч Шрэйн (135 — 136)? Прозвішча камандзіра партызанскага атрада Мукацэр, а не Мукацаў, як пададзена на с. 134.

Выклікае шкадаванне, што недарэчныя фактычныя недакладнасці бяруць пачатак ужо з першых старонак рэцэнзаванай кнігі. Так, у матэрыяле „Ад аўтара“ (с. 13) даводзіцца, што паўстанне ў Клецкім гета адбылося 21 ліпеня 1943 г. У сапраўднасці яно было 21—22 ліпеня 1942 г. На гэтай жа старонцы адзначана, што ў верасні 1942 г. адбылося паўстанне вязняў гета ў Тучынцы. Але гэта тэрыторыя Ўкраіны, а не Беларусі. На с. 339 сцвярджаецца, што гістарычна–дакументальная хроніка „Памяць“ Бярэзінскага раёна пабачыла свет у 1987 г. Гэта не адпавядае рэчаіснасці, бо яна не выдадзена да цяперашняга часу і толькі зусім нядаўна пачалася падрыхтоўка да яе напісання. У некаторых месцах няма спасылак на выкарыстаную літаратуру.

Не магу пагадзіцца з меркаваннем арганізатара паўстання ў Нясвіжскім гета, вядомым ізраільскім навукоўцам Шаломам Халяўскім, што „постсавецкія гісторыкі, нягле­дзячы на адкрытыя для іх архівы, не падрыхтаваныя да сапраўднага асвятлення падзеяў“ (388).

І ўсё ж выхад у свет кнігі Л.Смілавіцкага „Катастрофа евреев в Белоруссии. 1941—1944 г.“ — значная падзея ў навуковым жыцці і Беларусі, і Ізраіля. Гэта вынік шматгадовай працы і актыўных навуковых пошукаў, які пад­штурхне да комплекснага, усебаковага вывучэння катастрофы яўрэяў на беларускай зямлі ў час апошняй вайны, паспрыяе больш аб’ектыўнаму вывучэнню гісторыі беларускіх яўрэяў ды іх адносін з беларусамі і палякамі ў 1941—1944–х г.

Эмануіл Іофе

Мінск

Беларусь, 22 июня 1941 года: Говорят архивы (Юры Грыбоўскі)

Снежня 3, 2001 |

Беларусь, 22 июня 1941 года: Говорят архивы… / Отв. ред.–сост. Р.П. Платонов, В.В. Федосов. Минск, 2001. 145 с.

Гэта зборнік матэрыялаў „круглага стала“, прысвечанага 60–годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, што быў праведзены ў чэрвені 2001 г.  Ён складаецца з шаснаццаці дакладаў удзельнікаў „круглага стала“, якімі сталі супрацоўнікі БелНДІДАС, гістарычнага факультэта БДУ, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, МДПУ імя М.Танка і інш. Заўважна, што аўтары намагаліся адлюстраваць як мага больш аспектаў, звязаных з пачаткам нямецка–савецкай вайны, шмат з якіх па пэўных прычынах дасюль абміналіся ўвагай айчынных даследчыкаў. У гэтым сэнсе можна звярнуць увагу на наступныя даклады: Аляксандра Жайваронка („Аб ваенна–эканамічнай гатоўнасці СССР да адбіцця фашысцкай агрэсіі“), Ігара Валахановіча („Дзейнасць НКДБ БССР па стварэнні аператыўных груп і партызанскіх аддзелаў у чэрвені–жніўні 1941 г.“), Юрыя Зверава („Становішча савецкіх ваеннапалонных у першыя месяцы вайны: адлюстраванне ў дакументах Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь“), Таццяны Рахманько („Пачатак Вялікай Айчыннай вайны: фотаздымкі распавядаюць“), Міхася Шумейкі („Пачатак Вялікай Айчыннай вайны і беларускія архівы“). Апошні падрыхтаваў звесткі не толькі пра стан архіваў БССР пасля нямецкага нападу, але і пра непасрэдныя страты архіўных матэрыялаў. Шумейка адзначае, што за вайну цэнтральныя і абласныя архівы Беларусі ў гады вайны страцілі не менш за 58% свайго даваеннага аб’ёму. Матэрыял Валахановіча падрыхтаваны пераважна на аснове дакументаў з фондаў архіва КДБ РБ.

Асаблівую цікавасць чытача павінны выклікаць звесткі, падрыхтаваныя на матэрыялах нямецкіх архіваў. У прыватнасці, гаворка ідзе пра даклады Сяргея Новікава („«Зялёная тэчка»: да гісторыі з’яўлення, выкарыстання і крытычнага асэнсавання“) і Сяргея Курбекі („Лета 1941 г.: старонкі ваеннай гісторыі Беларусі ў адлюстраванні нацыянальнай калекцыі «Александрыйскіх мікрафільмаў»“). Тэме абарончых баёў Чырвонай Арміі на тэрыторыі Беларусі прысвечаны працы Анатоля Валахановіча („Абарона Мінска: Мінскі ўмацаваны раён“), Паўла Журкевіча („Абарона Барысава ў 1941 г.“), Расціслава Платонава („Аб прычынах паражэння войскаў Заходняга фронта ў першыя месяцы вайны“). Сярод асноўных прычын, якія выклікалі буйныя страты з боку Чырвонай Арміі, аўтар вылучае сталінскія рэпрэсіі супраць каманднага складу ўзброеных сіл у 1937—1938 г. Платонаў пагаджаецца з выказваннем: „Без 1937 года не было б і лета 1941–га“. Абапіраючыся на айчынныя архіўныя матэрыялы і апелюючы да нямецкіх трафейных дакументаў, аўтар звяртае ўвагу на малавядомыя старонкі з падзей на Заходнім фронце ўлетку 1941 г. Каштоўныя звесткі ёсць у матэрыялах Аляксандра Кавалені („Міждзяржаўныя адносіны напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў дакументальных крыніцах“), Эмануіла Іофэ („Генацыд з першых дзён“) і Яўгена Бараноўскага („Асаблівасці зара­джэння ў Беларусі ў 1941 г. антыфашысцкага падпольнага руху“). У дакладзе Кузьмы Козака „Усталяванне германскага акупацыйнага рэжыму на Беларусі ў 1941 г.“ прыве­дзены пералік асноўных акупацыйных ведамстваў і структур, якія дзейнічалі на Беларусі — ад вайсковых (Вермахт) і вайскова–паліцыйных фармаванняў да вайскова–эканамічных (гандлёвыя таварыствы, фірмы) і цывільных органаў. Калі вышэйзгаданыя аўтары карысталіся айчыннымі і замежнымі матэрыяламі з архіваў, а таксама апублікаванымі дакументамі, то даклад Ірыны Варанковай („Мінск 22—28 чэрвеня 1941 г.“) падрыхтаваны па матэрыялах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

У якасці дадатку складальнікі зборніка надрукавалі частку ўспамінаў першага сакратара ЦК КП(б)Б Панцеляймона Панамарэнкі пра пачатак вайны, дзе апошні распавядае аб разгортванні савецкай партызанкі ўлетку 1941 г. Нагадаем — напісаў чалавек, што быў членам Ваеннага савета Заходняга фронта, і яго абмінула пастанова Дзяржаўнага камітэта абароны (ДКА) ад 10 ліпеня 1941 г., паводле якой шэраг вышэйшых камандзіраў і палітработ­ні­каў былі перададзены суду вайсковага трыбунала, а пазней атрымалі смяротны вырак.

Юры Грыбоўскі

Мінск

Белорусские остарбайтеры. Историко–аналитическое исследование (Юры Грыбоўскі)

Снежня 2, 2001 |

Белорусские остарбайтеры. Историко–аналитическое исследование / Г.Д.Кнатько, В.И. Адамушко, Н.А. Бондаренко, В.Д. Селеменев; Под ред. Г.Д.Кнатько. Минск, 2001. 336 с.

Кніга з’яўляецца падсумаваннем ранейшых напрацовак па праблеме прымусовага выгану беларускага насельніцтва на працу ў Райх, апублікаваных айчыннымі і замежнымі даследчыкамі ў 1990–я г. У савецкі час гэтая тэма згадвалася ў асноўным у кантэксце разгляду пытанняў гітлераўскага генацыду і антыфашысцкага руху ў Беларусі ў гады вайны.

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў. У прадмове (с.5—14) аўтары робяць поўны агляд савецкай, сучаснай беларускай і замежнай гістарыяграфіі. У першым раздзеле („Крах «бліцкрыга»  як імпульс да з’яўлення остарбайтэраў“, 15—29) з’ява „беларускіх остарбайтэраў“ разглядаецца ў кантэксце агульнага асвятлення пытання замежных працоўных у Райху. Так, зазначаецца, што яшчэ ў 1940 г. у Нямеччыне знаходзілася каля аднаго мільёна працоўных з акупаваных Нямеччынай краін. Даючы характарыстыку дзяржаўным органам у Трэцім Райху, якія займаліся забеспячэннем кіравання працоўнай сілай, аўтары падкрэсліваюць, што гэтыя функцыі  выконвалі райхсміністэрствы для акупаваных усходніх тэрыторый і эканамічны штаб „Усход“ (24). Таксама зазначаецца, што да практыкі выкарыстання іншаземнай прымусовай працоўнай сілы нямецкі ўрад звяртаўся яшчэ ў гады Першай сусветнай вайны, пасля таго як у 1914 г. выйшла распараджэнне вайсковага ведамства аб затрыманні на сваёй тэрыторыі цывільных грамадзян краін, з якімі Нямеччына  знаходзілася ў стане вайны, і накіраванні іх на т.зв. тэрміновыя работы (18).

Другі раздзел „Выган насельніцтва ў Нямеччыну“ (30—109) прысвечаны распрацоўцы планаў гвалтоўнага вывазу беларускага насельніцтва і непасрэднаму ажыццяўленню гэтых злачынстваў. Аўтары асвятляюць становішча Беларусі напярэдадні нямецка–савецкай вайны, а перш–наперш — дэмаграфічнае. Праўда, аўтары, прыводзячы афі­цыйныя дадзеныя аб колькасці насельніцтва рэспублікі ў 1939 г., не зважаюць на шэраг фактараў, якія паўплывалі на змену колькасці грамадзян на працягу 1939—1941 г. (32—33). Вынікі вышэйзгаданага перапісу былі сфабрыкаваны савецкім кіраўніцтвам, і апеляваць да іх не варта. Тут таксама падрабязна характарызуюцца планы гітлераўцаў у дачыненні да Беларусі яшчэ да нападу на СССР. Так, напрыклад, усходнімі ведамствамі Нямеччыны планавалася ўключыць у склад генеральнай акругі Беларусь абшар з гарадамі Мінск, Баранавічы, Магілёў, Смаленск, Віцебск (33). Аўтары кранаюць праблему дачынення беларускіх нацыянальных арганізацый, у прыватнасці — Саюза Беларускай Моладзі (СБМ) і Беларускай Нацыянальнай Самапомачы (БНС) да вывазу цывільнага насельніцтва на захад (50—53, 75—81). Яшчэ адзін момант кнігі — насычанасць лічбамі: колькасць прымусова вывезеных, лік запланаваных, людскія страты, групаванне грамадзян па пэўных катэгорыях і г.д. Так, напрыклад, згодна з улікам насельніцтва на 25 сакаві­ка 1943 г., праведзеным акупацыйнымі органамі, на тэрыторыі генеральнай акругі Беларусь было зарэгістравана 2 903 468 чал., тады як у Нямеччыну ў гэты час было вывезена 40 тыс. чал. У наступныя месяцы нацысты прапаноўвалі павялічыць гэтую лічбу больш чым утрая (68—71).

У наступным раздзеле „Становішча беларускіх остарбайтэраў у Райху“ (110—167) асвятляюцца іх жыллёвыя ўмовы, медычнае абслугоўванне, харчаванне, узаемаадносіны ўсходніх працаўнікоў з мясцовым нямецкім насельніц­твам. Тут можна знайсці звесткі пра распрацоўку гітлераўцамі адзнак для остарбайтэраў — нарукаўных апасак (115—117). Аўтары адзначаюць стаўленне беларускай палітычнай эміграцыі ў Нямеччыне да беларускіх остарбайтэраў. Цікава, што дзеячы Беларускай Цэнтральнай Рады (БЦР) намагаліся весці свой улік падняволеных (165—167).

Апошні раздзел кнігі „Рэпатрыяцыя“ (168—297) распавядае пра складаны працэс вяртання остарбайтэраў на радзіму. Варта падкрэсліць, што ў працы падаюцца звесткі не толькі пра прымусова вывезеных працаўнікоў у Нямеччыну, але і пра іншыя катэгорыі беларускага насельніцтва, якія за гады вайны апынуліся па–за межамі Беларусі. Так, прыводзяцца ўрыўкі з дакументаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, якія ўскосна сведчаць пра вяртанне ў БССР беларусаў–вайскоўцаў польскіх вайсковых адзінках у складзе брытанскага войска, а таксама нараджэнцаў Заходняй Беларусі, якія ў міжваенны час выехалі ў Францыю, і інш. (288—289). Разам з тым адзначаецца, што, ня­гледзячы на руплівую арганізацыю з савецкага боку вяртання жыхароў свайго абшару на радзіму, шмат нашых суайчыннікаў засталіся на чужыне. На думку аўтараў працы, „невяртанцамі“ стала не менш за 100 тысяч беларусаў, пераважна з заходняй часткі краіны.

У пасляслоўі (298—303) аўтары асвятляюць сучасны стан былых остарбайтэраў і стаўленне цяперашняй нямецкай дзяржавы да праблемы былых нявольнікаў.

Уражвае спіс выкарыстанай па тэме літаратуры і крыніцаў. Акрамя фондаў айчынных і расійскіх архіваў выкарыстаны дакументы з Бундэсархіва ў Кобленцы, а таксама Вайсковага федэральнага архіва, які знаходзіцца ў Фрайбургу (306). Да ліку апошніх адносяцца: дакументацыя Галоўнага камандавання Вермахта, Службы кантролю над вайсковай прамысловасцю, Эканамічнага штаба „Усход“ і інш.

Юры Грыбоўскі

Мінск

Морыц Ф. Люк, Цім К. Рыхтар. «Паляванне дазваляецца» : барацьба з партызанамі ў «генеральным камісарыяце Беларутэнія» (1943)

Снежня 25, 2000 |

Морыц Фелікс Люк, Цім Клаўдзіус Рыхтар

„На занятай прасторы людзі будуць з гэтага часу па-за законам, дзічынай, на якую паляванне дазваляецца”[1]. Так фармуляваўся прававы статус, нададзены нямецкай акупацыйнай уладай насельніцтву ў „генеральным камісарыяце Беларутэнія”. Цытата, пазычаная з загаду баявой групы фон Готберга па барацьбе з партызанамі, адлюстроўвае бяспраўе цывільнага насельніцтва не толькі Беларусі, але і іншых тэрыторый, акупаваных немцамі ў час другой сусветнай вайны. Аднак прымяненне насілля, якое ператварала мільёны людзей літаральна ў дзічыну для палявання, пачалося не ў адказ на сілавыя меры партызанаў, якія таксама з бязлітаснай жорсткасцю выступалі супраць немцаў і калабарантаў.

Вайну супраць Савецкага Саюза немцы планавалі як ідэалагічную і расісцкую, як вайну на знішчэнне і як каланізатарскую, грабежніцкую. Яны збіраліся дашчэнту разрабаваць краіну, каб пакрыць недахопы нямецкай ваеннай эканомікі і нястачы ў забеспячэнні нямецкага насельніцтва. Тое, што гэта выкліча мільённыя смерці сярод насельніцтва Савецкага Саюза, бралася ў разлік з самага пачатку і нават абвяшчалася афіцыйна, таму што пасля вайны планавалася цалкам вынішчыць насельніцтва на вялікіх тэрыторыях Савецкага Саюза і засяліць іх „арыйцамі”. Аднак нямецкіх войскаў было недастаткова для таго, каб у час, калі ваенныя дзеянні працягваліся, ачысціць захопленыя тэрыторыі ад атрадаў чырвонаар мейцаў, што адбіліся ад сваіх падраздзяленняў, таму для барацьбы з патэнцыяльным супраціўленнем у нямецкім тыле прадугледжваліся меры бязлітаснага насілля. Узмацненне жорсткасці вядзення вайны, дынаміка якой у барацьбе з партызанамі яшчэ больш павялічвалася, было абумоўлена мэтамі нямецкай вайны і прадугледжанымі для яе сродкамі. Жорсткасць нямецкіх захопнікаў правакавала зацятае супраціўленне, а не наадварот. Партызанская вайна і бязлітасная барацьба з партызанамі ў 1943 г. былі лагічным вынікам такой пастаноўкі мэты і такога вядзення вайны. Характар дзеянняў нямецкага боку з’яўляўся не рэакцыяй на разгортванне партызанскага руху, а свядомым выбарам.

I

Вайна супраць Савецкага Саюза ад пачатку планавалася як расісцкая вайна на знішчэнне і як каланізатарская, грабежніцкая вайна. Яе першачарговай мэтай была ліквідацыя палітычных і расавых катэгорый ахвяраў. 3 сакавіка 1941 г. Гітлер, звяртаючыся да начальніка штаба аператыўнага кіраўніцтва ўзброеных сілаў Альфрэда Ёдля, сфармуляваў як дырэктыву: „Гэты ваенны паход… прывядзе да сутыкнення двух светапоглядаў. <…> Яўрэйска-бальшавіцкая інтэлігенцыя… павінна быць знішчана”[2]. Тым самым былі вызначаны першачарговыя групы ахвяраў: кіраўнічы пласт Камуністычнай партыі Савецкага Саюза і, прынамсі, пэўныя часткі яўрэйскага насельніцтва, якія паводле нацысцкай ідэалогіі непарыўна знітаваны з камунізмам. Адначасова словам „знішчэнне” быў дакладна вызначаны агульны характар вайны.

Камандаванне ўзброеных сілаў і сухаземных войскаў не выказала ніякага пратэсту, указанні Гітлера паслухмяна перадаваліся далей. Галоўнакамандуючы сухаземных войскаў Браўхіч тлумачыў: „Армія павінна добра разумець, што барацьба вядзецца паміж расамі, і дзейнічаць з адпаведнай суровасцю”[3]. Яшчэ больш зразумела выказаўся на гэты конт камандуючы Чацвёртай танкавай групоўкі генерал-палкоўнік Эрых Гёпнер: „Вайна супраць Расіі ёсць істотны этап барацьбы за існаванне нямецкага народа. Гэта барацьба германцаў супраць славян, абарона еўрапейскай культуры ад маскоўска-азіяцкай пошасці, абарона ад яўрэйскага бальшавізму. Мэтай гэтай барацьбы павінна стаць вынішчэнне сённяшняй Расіі, таму яна павінна весціся з нечуванай жорсткасцю”[4].

Знішчальная канцэпцыя вайны ўвасобілася для вермахта, галоўным чынам, у наступных чатырох загадах[5]:

1. „Рэгламентацыя дзеянняў паліцыі бяспекі і СД сумесна з вермахтам” ад 28.04.1941.[6]

2. „Указ аб прымяненні ваеннай падсуднасці” ад 13.03.1941.[7]

3. „Дырэктывы адносна паводзінаў войскаў у Расіі” ад 19.03.1941.[8]

4. „Дырэктывы адносна „абыходжання з паліткамісарамі”, так званы „камісарскі загад”, ад 06.06.1941.[9]

„Рэгламентацыя дзеянняў паліцыі бяспекі і СД”, г. зн. аператыўных груп, размяжоўвала задачы арміі і аператыўных груп і вызначала характар супрацоўніцтва. Гэты загад быў выдадзены дзеля таго, каб аператыўныя групы мелі магчымасці дзейнічаць, па дамоўленасці з вермахтам, аўтаномна[10]. У вайне супраць Польшчы аператыўныя групы былі падначалены вермахту, і прадстаўнікі вермахта скардзіліся, што тыя чыняць забойствы ў Польшчы, і нават пэўным чынам спрабавалі супыніць іх. Аднак скаргі заставаліся безвыніковымі, і аператыўныя групы працягвалі займацца ў Польшчы сваім крывавым рамяством.

Для ўзнікнення партызанскай барацьбы вырашальную ролю адыграў указ аб ваеннай падсуднасці. У сваёй прамове перад генераламі 30 сакавіка 1941 г. Гітлер, гаворачы пра мэты вайны, адзначыў і неабходнасць знішчаць бальшавіцкіх камісараў і камуністычную інтэлігенцыю: „Трэба прыкласці намаганні, каб не дапусціць фармавання новай інтэлігенцыі <…> Гэта не пытанне вайсковых судоў”[11]. Так званы указ аб падсуднасці абвяшчаў насельніцтва па-за законам, адмяняючы ўсе прававыя бар’еры, што абаранялі цывільнае насельніцтва; ён, так бы мовіць, проста заклікаў да нападаў.

Той, хто лічыў сябе „палітычным” салдатам, мог ужываць сілу да цывільнага насельніцтва без асаблівых перашкодаў[12]. Згодна з ваенным міжнародным правам насельніцтва захопленай краіны падлягала ваеннай юрысдыкцыі краіны-акупанта, і тая павінна была забяспечыць насельніцтву абарону ад актаў самавольства. Але ўказам аб падсуднасці правіннасці грамадзянскага насельніцтва Савецкага Саюза выводзіліся з-пад нямецкай ваеннай падсуднасці, пакараннем за іх былі неадкладныя жорсткія сілавыя меры з боку войскаў. Адзінай прадугледжанай указам альтэрнатывай насіллю было вызваленне парушальнікаў ад пакарання — г. зн., прадугледжваліся толькі крайнія меры, іншых магчымасцяў, па волі Гітлера, не давалася. Катэгарычна забаранялася „захоўваць” жыхароў да ўзнаўлення якой бы там ні было падсуднасці[13]. Узнаўленне юрысдыкцыі вермахта прадугледжвалася толькі як магчымасць, аднак гэта не азначала, што яна была б абавязкова ўведзена. Прынцыпам дзеяння быў лозунг: „Бязлітас на… знішчаць… партызан”[14], іншыя цывільныя асобы павінны былі знішчацца пад час нападзенняў. У выпадку сумнення неадкладнае вырашэнне пытання жыцця і смерці было задачай афіцэра. Пры нападзеннях з населеных пунктаў павінны былі прымацца калектыўныя меры пакарання — калі немагчыма было аператыўна выявіць канкрэтных вінаватых. Адпаведнае рашэнне маглі прымаць афіцэры ў рангу ад камандзіра батальёна. Гэтую першую частку ўказа павінны былі ведаць усе афіцэры.

Першапачатковай эканамічнай мэтай вайны для Гітлера ставілася неадкладная разгрузка нямецкай ваеннай эканомікі за кошт сыравіны і харчавання з акупаваных тэрыторый; у якасці ж аддаленай мэты ён бачыў эканамічную аўтаркію Нямеччыны, каб забяспечыць магчымасць супрацьстаяць блакадзе з мора[15]. Таму пры планаванні кампаніі асаблівая ўвага аддавалася захопу эканамічна важных тэрытарыяльных адзінак — напрыклад, Украіны, Масквы і Ленінграда[16]. Палітычныя планы Гітлера прадугледжвалі эканамічнае і палітычнае падпарадкаванне Расіі, аднак яе далучэнне да Нямеччыны не планавалася[17]. Гітлер і яго палітычнае кіраўніцтва імкнуліся да неадкладнага і максімальнага разрабавання захопленых тэрыторый[18].

Галоўным фактарам для рабаўнічай мэты была напружаная сітуацыя з забеспячэннем Рэйха прадуктамі харчавання, і такое становішча трэба было палепшыць за кошт насельніцтва Савецкага Саюза. Нямеччыне, вермахту і захопленым раней тэрыторыям, без уліку Савецкага Саюза, патрабавалася ў цэлым 8—10 мільёнаў тон збожжа. Аднак нямецкім інстанцыям было вядома, што з акупаваных тэрыторый Савецкага Саюза можна будзе атрымаць дадаткова толькі адзін мільён тон[19]. Каб пакрыць розніцу, планаўшчыкі вырашылі перайсці да радыкальнай палітыкі голаду для мясцовага насельніцтва. Вялікая колькасць збожжа павінна была вывозіцца з Украіны, прычым так званыя бюджэтныя тэрыторыі ў паўночнай частцы Савецкага Саюза — як, напрыклад, прамысловыя рэгіёны Беларусі, Ленінград і Масква — прадугледжвалася цалкам пазбавіць паступлення харчавання з Украіны[20]. За кошт паставак збожжа з Украіны ўнутранае спажыванне на акупаваных тэрыторыях павінна было знізіцца на ~8,7 мільёнаў тон, г. зн. прыкладна на 12%[21]. Разлічваючы на хуткае разгортванне кампаніі, вермахт пачаў нападзенне, маючы толькі 20(!) дзённых рацыёнаў харчавання, гэтая колькасць — разам з тымі сродкамі, якія планавалася рэквізаваць, — лічылася дастатковай[22].

Адной з мэтаў харчовай палітыкі было забеспячэнне ўсіх узброеных сілаў з акупаваных тэрыторый максімум праз тры гады[23]. Наконт наступстваў стратэгіі голаду ніякіх ілюзій не існавала: „Няма сумнення, што калі мы забярэм з краіны неабходнае нам, то з голаду памруць дзесяткі мільёнаў чалавек”[24]. Захопленыя ў палон салдаты Чырвонай Арміі лічыліся, як і насельніцтва прамысловых рэгіёнаў, бескарыснымі едакамі, таму бралася пад увагу магчымасць іх знішчэння, пра што часткова нават адкрыта паведамлялася[25].

Ваеннай бяспецы захопленых тэрыторый пры планаванні кампаніі надавалася падпарадкаванае значэнне. Забяспечыць спакой можна было толькі збольшага, таму што вермахту і СС не хапала ні матэрыяльных, ні людскіх сродкаў[26], да таго ж кадры былі ў большасці састарэлымі і не вельмі здаровымі[27]. Праблемы вырашаліся шляхам прэвентыўнага прымянення бязлітаснага і жорсткага насілля, каб задушыць у зародку нават спробы супраціўлення і застрашэннем прадухіляць яго ўзнікненне[28]. Рашэнне кампенсаваць недахоп сродкаў уладарання тэрорам грунтавалася на веры ў хуткую перамогу, пасля якой недахоп войскаў у тыле можна будзе пакрыць за кошт франтавых частак. Але прымяненне насілля і радыкалізацыя войска адпавядалі адначасова мэце вайны, якую ставіла перад сабою нацысцкае кіраўніцтва: знішчэнню той часткі насельніцтва захопленых тэрыторый, патрэбы ў якой з іх пункту гледжання не было.

Першая цагліна ў падмурак такой жорсткай палітыкі была закладзена ўжо адменай падсуднасці, адпаведны ўказ патрабаваў таксама прымаць суровыя меры супраць насельніцтва ўжо пры наяўнасці аднаго толькі падазрэння. Потым начальнік штаба вярхоўнага галоўнакамандавання ўзброеных сілаў Вільгельм Кейтэль па даручэнні Гітлера аддаў 23 ліпеня 1941 г. наступнае распараджэнне: „Тых войскаў, якія мы маем для забеспячэння спакою на заваяваных усходніх тэрыторыях, будзе дастаткова — улічваючы іх памеры — толькі пры ўмове, што акупацыйныя ўлады будуць караць супраціўленне не юрыдычнымі мерамі ў дачыненні да вінаватых, а распаўсюджваць той жах, які адзін толькі і можа пазбавіць насельніцт ва ўсялякай ахвоты да непадпарадкавання”[29].

II

Партызанская вайна 1941 г. не была ўсенароднай барацьбой, яна не выходзіла за межы лакальных акцый[30]. 3 ліпеня 1941 г. Сталін выступіў па радыё з прамовай, у якой заклікаў насельніцтва акупаваных тэрыторый да супраціўлення нямецкім захопнікам і стварэння для іх невыносных умоваў[31]. У адказ на сталінскую прамову Гітлер зазначыў, што партызанская барацьба „дасць нам магчымасць вынішчаць усё, што будзе выступаць супраць нас”[32]. Акрамя таго, ён падкрэсліў, што краіну можна ўціхамірыць найхутчэй і „найлепшым чынам тады, калі расстрэльваць будуць кожнага, хто нават толькі коса паглядзіць у наш бок”[33].

Немцы на падставе прамовы Сталіна памылкова меркавалі, што цэнтралізаваны партызанскі рух будзе разгорнуты ўжо з сярэдзіны верасня 1941 г.[34] Сваімі жорсткімі дзеяннямі немцы падарвалі ўласны аўтарытэт і падрыхтавалі грунт для партызанскага руху. Ужо неўзабаве пасля пачатку вайны з’явіліся першыя данясенні пра супраціўленне на акупаваных тэрыторыях, у якіх змагары супраціўлення называліся то партызанамі, то разбойнікамі, то бандытамі[35]. Хуткае прасоўванне вермахта наперад рабіла нямецкія камунікацыі вельмі адчувальнымі для нападаў барацьбітоў супраціўлення, таму што падраздзяленні забеспячэнцаў вымушаны былі, не маючы абароны, увесь час рухацца паміж сваімі базамі і вайсковымі часткамі па небяспечнай тэрыторыі[36]. Зноў і зноў адбываліся нападзенні на чыгуначныя лініі[37].

Вытокам партызанскага руху, першымі партызанамі былі салдаты Чырвонай Арміі, што адбіліся ад сваіх воінскіх падраздзяленняў пад час вялікіх „катлоў”. Гэтымі атрадамі, якія ў большасці сваёй імкнуліся прабіцца на Ўсход, да сваіх ліній, часта камандавалі камісары Чырвонай Арміі, а ім было добра вядома, што, трапіўшы да немцаў у палон, яны будуць расстраляныя. Застацца жывымі яны маглі толькі прабіваючыся да сваіх або ведучы падпольную барацьбу. Тыя атрады, у якіх першай магчымасці не было, стваралі ў варожым тыле новыя ячэйкі партызанскага руху або далучаліся да ўжо існаваўшых партызанскіх атрадаў, тым самым узмацняючы іх[38]. Акрамя таго, супраціўленне ў нямецкім тыле вялі так званыя знішчальныя батальёны, якія павінны былі руйнаваць не эвакуяваныя аб’екты; яны таксама разрасталіся ў партызанскія атрады[39]. І, нарэшце, існавалі так званыя дыверсійныя групы, якія высаджваліся ў тыле ворага або былі пакінуты там раней з мэтай нападзення на нямецкія ўстановы і іншыя аб’екты і, выканаўшы заданне, вярталіся ў савецкі тыл. Арганізацыйна яны не былі спалучаны з партызанамі, таму што не заставаліся на ўвесь час ў нямецкім тыле; яны ствараліся ваенным камандаваннем і падначальваліся яму[40].

Пачынаючы з зімы 1941/42 г. дзеянні немцаў сталі яшчэ больш жорсткімі, кожнага чырвонаармейца, што адбіўся ад сваіх, у немцаў чакаў расстрэл[41]. Таму многія чырвонаармей цы станавіліся партызанамі не па добрай волі: для іх гэта быў адзіны шанц выжыць. Для абароны сваіх камунікацый немцы, спусташаючы цэлыя мясцовасці, стваралі так званыя мёртвыя зоны[42]. Людзі ў гарадах галадалі[43]. З самага пачатку праводзіліся масавыя расстрэлы, ахвярамі якіх станавіліся яўрэі, цывільнае насельніцтва, а таксама палонныя чырвонаармейцы[44]. Расправы з цывільным насельніцтвам з’яўляліся проціпраўным рэпрэсійным забойствам, таму што, паводле загаду галоўнага камандавання сухаземных войскаў, — насуперак ваеннаму міжнароднаму праву — нават не абавязкова было браць заложнікаў дзеля расстрэлу[45]. Каб сапраўды запалохаць насельніцтва, прадпісвалася „лепш спаліць на адну вёску больш, чым прапусціць тую, у якой спачувальна ставяцца да партызан”[46].

Адразу пасля нападзення пачала ажыццяўляцца і рабаўнічая эканамічная праграма, бо ўрэшце тыя вялікія пастаўкі харчавання, якія Нямеччына атрымлівала ад Савецкага Саюза ў перадваенны час, цяпер не паступалі. Ужо 26 чэрвеня 1941 г. Бакэ, дзяржаўны сакратар па харчаванні і сельскай гаспадарцы, запатрабаваў з акупаваных тэрыторый 600 000 тон збожжа, 1 500 000 тон алею і 1 000 000 тон мяса[47]. Галоўнакамандаванне вермахта патрабавала знішчыць дашчэнту Ленінград і Маскву, „каб там не засталося людзей, бо інакш зімою мы мусім карміць іх”[48]. Забойства яўрэяў таксама тлумачылася тым, што яны — „непатрэбныя едакі”, г. зн. баласт для харчовай гаспадаркі[49], — гэтак, як і ваеннапалонныя[50]. Разгортванне партызанскай барацьбы ў шырокамаштабны рух пачалося вясною 1942 г., у час, калі ўціск на насельніцтва ў выніку палітыкі разрабавання і вынішчэння ўсё больш і больш узмацняўся. Упершыню буйныя партызанскія атрады выявілі сябе ў баях зімою 1941/42 г., у якіх яны ўдзельнічалі як значная ў колькасным аспекце сіла[51]. У першай палове 1942 г. на Беларусі дзейнічала 237 партызанскіх атрадаў, якія налічвалі 23 000 чалавек; для іх узбраення праз лінію фронта было перапраўлена, у прыватнасці, 11 500 вінтовак і 1 000 кулямётаў[52]. Колькасць партызанскіх атрадаў з канца 1941 г. значна павялічылася, яны ўзмацніліся і працягвалі расці.

Ужо 31 ліпеня 1941 г. Бакэ быў вымушаны далажыць, што перспектывы на захоп сельскагаспадарчай прадукцыі несуцяшальныя, таму што ніякіх рэзерваў не было. Ён „знайшоў выхад”, звёўшы да абсалютнага мінімуму рацыёны для гараджан[53]: максімальны паёк складаў 1 200 калорый, яўрэі і дзеці да 14 гадоў атрымлівалі па „цэлых” 420 калорый[54]. У выніку насілля і палітыкі голаду за час з вясны 1942 да вясны 1943 г. колькасць партызан узрасла прыкладна да 140 000 чалавек[55]. Росту партызанскага руху спрыяла і тое, што акупацыйныя ўлады не маглі абараніць насельніцтва ад прымусу партызан[56]. Насельніцтва, якому пагражалі нападзенні партызан на сапраўдных ці ўяўных калабарантаў, з аднаго боку, і калектыўныя расправы, што праводзіліся немцамі ўжо пры падставах для падазрэння, з другога, апынулася „паміж савецкім молатам і нацыянал-сацыялісцкім кавадлам”[57].

Адсутнасць абароны насельніцтва падкантрольных тэрыторый з боку немцаў давала партызанам магчымасць прымусова рэкрутаваць жыхароў у атрады. У 1942 г. на тэрыторыі „генеральнага камісарыята Беларутэнія”, найперш на Палессі і ў раёне Полацк — Лепель, стварыліся так званыя партызанскія рэспублікі, у якіх уладарылі партызаны — яны канфіскоўвалі харчаванне і нават забіралі мужчынскае насельніцтва ў свае шэрагі[58]. У гэтых мясцовасцях, а таксама на Міншчыне партызанскі рух разгортваўся імкліва. У хуткім часе нямецкія захопнікі вымушаны былі канстатаваць, што знаходзяцца ў „краіне, ахопленай бунтам”[59]. Таму генеральны штаб нават патрабаваў падпарадкаваць „Беларутэнію” групе армій „Цэнтр”, аднак Гітлер адхіліў гэтую прапанову з псіхалагіч ных меркаванняў. Кубэ, генеральны камісар акругі, бачыў прычыну такога развіцця сітуацыі ў тых метадах, якімі немцы кіраваліся ў абыходжанні з народам[60]. Першы раз адпаведную крытыку Кубэ выказаў ужо ў лістападзе 1941 г., адзначыўшы, што „аўтарытэт Нямеччыны быў жудасна падарваны дзеяннямі 11-га паліцэйскага батальёна”[61].

Рэарганізацыя партызанскага руху, ажыццёўленая палітычным і ваенным кіраўніцтвам СССР, уключала і стварэнне — 30 мая 1942 г. — Цэнтральнага штаба партызанскага руху[62]. Штаб павінен быў паставіць партызанскую барацьбу пад кантроль ВКП(б) і каардынаваць узаемадзеянне партызан і Чырвонай Арміі. Савецкае кіраўніцтва разглядала партызан і як унутрыпалітычны сродак для забеспячэння сваёй улады ў акупаваных немцамі рэгіёнах. Такім чынам, ужо ў час ваенных дзеянняў гэтыя рэгіёны рыхтаваліся для ўсталявання ўлады ВКП(б) пасля іх вызвалення ад немцаў. Для гэтай мэты камуністычныя партызаны прымалі адпаведныя меры супраць усіх калабарантаў, акрамя таго, яны прымушалі незалежных і нацыяналістычна настроеных партызан (напрыклад, на тэрыторыі захопленай у 1939 г. Усходняй Польшчы) да супрацоўніц тва або знішчалі іх[63]. Пры каардынацыі дзейнасці партызан і Чырвонай Арміі з 1943 г. рыхтаваліся ў арганізацыйным і ваенным аспекце аперацыі партызан, накіраваныя на адваяванне акупаваных тэрыторый, што спрыяла наступальнаму руху Чырвонай Арміі. Вялікая частка насельніцтва імкнулася заставацца нейтральнай. Аднак у партызанскіх мясцовасцях зрабіць гэта было ўсё цяжэй і цяжэй, таму што ў нейтральнасці насельніцтва не былі зацікаўленыя ні партызаны, ні немцы.

Палітыка рабавання і сістэма бяспекі ў 1942 г. пацярпелі крах, таму што вайна запаволілася, хуткай перамогі ўжо не прадбачылася, а на людскія і матэрыяльныя рэсурсы, якія і на пачатку вайны былі занадта слабыя, ускладаўся цяпер зусім непамерны цяжар. Таму ў 1942 г. важна было знайсці новую стратэгію для ажыццяўлення бяспекі захопленага і для вырашэння надзённых праблем забеспячэння. Для таго, каб кампенсаваць недахоп ахоўных сілаў палітычнымі і эканамічнымі мерамі, трэба было адмовіцца ад палітыкі насілля і голаду. Аднак гэтага не дапускала гаспадарчае кіраўніцтва, падпарадкава нае Герынгу[64]. Замест палітычных папустак насельніцтву Савецкага Саюза галоўны разлік у барацьбе з партызанамі рабіўся па-ранейшаму на жорсткае насілле. На тэрыторыях цывільнай адміністрацыі выкананне гэтай задачы было даручана Гімлеру, які цалкам узяў кіраванне ў свае рукі.

Дзеля прыняцця новых мераў па барацьбе з партызанамі Гітлер выдаў распараджэнне № 46 — „Дырэктыву па ўзмацненні барацьбы з бандамі на Ўсходзе”[65]ад 18 жніўня 1942 г., а праз нейкі час дадатковае ўказанне № 46 „б” ад 18 кастрычніка 1942 г.[66] У агульным распараджэнні № 46 Гітлер у якасці мэты барацьбы з партызанамі адзначае неабходнасць яшчэ да зімы амаль цалкам „знішчыць” партызан[67] і такім чынам „уціхамірыць” краіну. Далей распараджэнне № 46 прадугледжвала актыўную і пасіўную барацьбу з ворагам, з ужываннем суровых мераў, у тым ліку супраць партызанскіх памагатых. Пры гэтым адзначалася, што з насельніцтвам трэба абыходзіцца „справядліва”[68]. Канстатавалася таксама, што насельніцтва павінна забяспечвацца неабходным для жыцця, таму што інакш людзі будуць у масавым парадку ісці ў партызаны. Аднак ужо праз месяц пасля рэкамендацыі справядлівага і карэктнага абыходжання з цывільным насельніцтвам гэтае насельніцтва было канчаткова абвешчана з юрыдычнага пункту гледжання па-за законам. Начальнік штаба вярхоўнага галоўнакамандавання ўзброеных сілаў Кайтэль камандаваў: „Ні адзін немец, што ўдзельнічае ў барацьбе з партызанамі, не павінен прыцягвацца да дысцыплінарнай ці ваенна-судовай адказнасці з прычыны яго дзеянняў у барацьбе з бандамі ды іх памагатымі”[69]. Так магчымасць пры адмене ваеннай падсуднасці ператваралася ў абавязак, дзверы для самавольства адчыняліся наўсцяж. Кайтэль даваў войскам яшчэ большыя паўнамоцтвы і патрабаваў ад іх „без абмежавання карыстацца ў гэтай барацьбе, у тым ліку і супраць жанчын і дзяцей, любымі сродкамі, калі яны забяспечваюць поспех”[70].

На Гімлера была ўскладзена агульная адказнасць за барацьбу з партызанамі ў рэйхскамісарыятах[71]. Вермахт, а таксама прадстаўнікі і ўпаўнаважаныя Гімлера на месцах, вышэйшае камандаванне СС і паліцыі павінны былі падтрымліваць яго людскімі і матэрыяльнымі рэсурсамі. 20 кастрычніка 1942 г. Гімлер даручыў каардынацыю і выкананне сваёй новай задачы камандуючаму войскаў СС і паліцыі Расіі (Цэнтр) Эрыху фон Бах-Зялеўскі — „упаўнаважанаму рэйхсфюрэра СС па барацьбе з бандамі”. Гэтую назву Гімлер 21 чэрвеня 1943 г. замяніў на іншую: „камандуючы войскаў па барацьбе з бандамі”.

Абавязкам войскаў Гімлера было не забеспячэнне пасіўнай аховы, а актыўныя дзеянні супраць партызанаў[72]. Для яго выканання дазвалялася выкарыстоўваць і выпрабаваныя мясцовыя фармаванні — ахоўныя батальёны паліцыі парадку[73]. У дадатку № 46 „б” адзначалася, што небяспека для германска га тылу з боку камандных фармаванняў і партызанаў вымушае ствараць уласныя баявыя адзінкі для барацьбы з апошнімі — або даручаць барацьбу спецыяльным часткам СС[74]. З гэтай прычыны ў распараджэнні № 46 менавіта для Ўсходу партызанская вайна вызначалася як вайна на знішчэнне праціўніка[75]. Адной з такіх спецыяльных частак СС была баявая група фон Готберга, створаная для барацьбы з партызанамі ў „генеральным камісарыяце Беларутэнія” толькі ў лістападзе 1942 г.[76]

III

Акрамя барацьбы з партызанамі ў баявой групы была і іншая задача: „нарыхтоўкі”, г. зн. рэквізіцыя прадуктаў харчавання, таму што вермахт і іншыя інстанцыі нямецкіх акупацыйных уладаў атрымлівалі харчаванне з краіны знаходжан ня[77]. Герынг на нарадзе ў жніўні 1942 г. канстатаваў, што вермахт больш не павінен атрымліваць пастаўкі з Рэйха. Хутчэй наадварот: харчаванне павінна пастаўляцца з усіх акупаваных еўрапейскіх тэрыторый у Нямеччыну[78]. Гэтыя кардыналь ныя рашэнні адносна новай фазы вайны з партызанамі, у якой рабаванне павінна было спалучацца з бязлітаснымі ваеннымі дзеяннямі, былі прынятыя ў жніўні 1942 г. і пачалі ажыццяўляцца з восені.

Адказным за барацьбу з партызанамі ў „генеральным камісарыяце Беларутэнія” быў Курт фон Готберг, дзеля гэтай задачы яго спецыяльна перавялі ў Беларусь. Да таго ж на яго была ўскладзена функцыя камандуючага войскаў СС і паліцыі „Беларутэніі”[79].

Да стварэння баявой групы фон Готберга задачу барацьбы з партызанамі ў Беларусі выконваў, прынамсі часткова, у межах новага даручэння Гімлера, Фрыдрых Екельн, камандуючы войскаў СС і паліцыі ўсходніх тэрыторый і Паўночнай Расіі. Ён, напрыклад, правёў у Беларусі з 21 жніўня да 21 верасня 1942 г. аперацыю „Балотная ліхаманка”, ахвярамі якой сталі больш за 10 000 чалавек[80]. У сваім баявым данясенні Екельн фанабэрыста абвяшчаў пра дэцэнтралізацыю падначаленых яму сілаў, бо лічыў, што гэтай аперацыі хапіла, каб прадэманстраваць насельніцтву знішчальную моц і эфектыўнасць немцаў. Цяпер, маўляў, на партызан можна паляваць, да поўнага іх знішчэння, гарнізонамі агульнай сілай ад узвода да роты[81]. Аднак рэчаіснасць была зусім іншай — партызанскі рух у 1943 г. імкліва нарастаў. Паводле звестак, пад канец 1942 — на пачатку 1943 г. у Беларусі змагаліся 553 атрады, якія налічвалі 80 700 партызанаў, а ў лістападзе — 720 атрадаў, ці 122 600 партызанаў[82].

Баявая група фон Готберга была створана ў лістападзе 1942 г.[83] Сваю дзейнасць яна распачала не пазней як 19 лістапада 1942 г.: менавіта ў гэты дзень з’явіўся спецыяльны загад пра стварэнне „баявой групы фон Готберга для правядзення аперацый па барацьбе з партызанамі”[84]. Адзінага складу група не мела, а нанова стваралася на кожную аперацыю[85]. Яе тактычнай канцэпцыяй у барацьбе з партызанамі былі так званыя буйныя аперацыі, пры правядзенні якіх вялікія аб’яднаныя сілы ачаплялі і „прачэсвалі” пэўную мясцовасць, каб у гэтым катле знішчыць партызанаў[86].

Першай з дзевяці прааналізаваных аперацый была аперацыя „Нюрнберг”, якая праводзілася з 19 да 26 лістапада 1942 г. у раёне Глыбокае — Лепель — Барысаў[87]. Агульны вынік яе быў, у прыватнасці, такі: „Страты праціўніка: забіта — 798, узята ў палон — 340; расстраляна — 1 533 бандыцкіх памагатых, 353 западозраных у прынадежнасці да партызан. Захоплена вялікая колькасць прадуктаў харчавання. Уласныя страты: забіта — 6 чалавек, паранена — 10″[88]. З гэтага данясення відаць, што баявая група з самага пачатку сваёй дзейнасці забівала і рабавала. Нічога не змянілася і потым: група прытрымлівалася гітлераўскага распараджэння № 46. У справаздачы за першыя пяць месяцаў сваёй дзейнасці, якую фон Готберг зрабіў пад час свайго даклада на паседжанні па пытаннях акупацыйнай палітыкі ў Беларусі, што адбылося на пачатку красавіка, ён абвясціў наступныя лічбы: 9 432 „забітых ворагаў”, 12 946 „расстраляных па падазрэнні ў прыналежнасці да партызан” і 11 000 „забітых яўрэяў”[89]. Камандуючы Штраўх называе іншую лічбу яўрэяў, што сталі ахвярамі баявой групы: 17 000[90]. На працягу разгледжанага перыяду баявая група фон Готберга адзначала толькі ў данясеннях пра гэтыя дзевяць буйных аперацый наступныя лічбы: забіта — 25 395 так званых партызанаў, 15 226 так званых западозра ных у прыналежнасці да партызанаў, 7 821 яўрэй[91]. Гэта — колькасць ахвяраў, якая адзначалася ў афіцыйных данясеннях, насамрэч іх было значна больш. Акрамя таго, у данясеннях пра вынікі аперацый падавалася толькі колькасць расстраляных, тыя ж, хто быў спалены жывым ці загублены іншым чынам, не ўлічваліся. „Бандытаў, яўрэяў і г. д., што былі спалены ў хатах ці зямлянках, мы не лічылі”[92]. Выявіць сапраўдную колькасць ахвяраў ужо немагчыма, аднак яна намнога перавышае тую, што прыводзіцца ў афіцыйных паведамленнях.

Пасля «Нюрнберга», з 8 да 22 снежня 1942 г., праводзілася аперацыя „Гамбург”[93]— у раёне Слоніма[94]. У студзені 1943 г., верагодна, з 7 да 14 студзеня[95], адбылася аперацыя „Франц”[96]. А потым праводзіліся „Свята ўраджаю-I” — з 18 да 28 студзеня 1943 г.[97], на мяжы тэрыторый генеральнага камісарыята і групы армій „Цэнтр”[98], і „Свята ўраджаю-II” — з 30 студзеня да 9 лютага 1943 г.[99], на паўднёвым усходзе Беларусі, у раёне Стоўбцы — Капыль. Адразу ж, з 8 да 26 лютага 1943 г.[100], у раёне Слуцка, адбылася аперацыя „Люты”, уступам да якой з`явіўся расстрэл яўрэяў Слуцкага гета[101]. Праз нейкі час — „Котбус”, асабліва сумнавядомая. Нападзенне на партызанаў у раёне Барысава і возера Палік пачалося 20 траўня і было закончана 21 чэрвеня 1943 г.[102] З 13 ліпеня да 11 жніўня 1943 г. у раёне Наваградка — аперацыя „Герман”[103]. Была яшчэ адна папярэдняя аперацыя з такой назвай, яе аб’ект — партызанскі атрад, які дыслакаваўся па-за межамі, вызначанымі для самой аперацыі[104]. Перадапошняй з прааналізаваных была аперацыя „Фрыц”, якая адбывалася з 24 верасня да 19 кастрычніка 1943 г. у раёне Глыбокае — Паставы[105]. У ёй удзельнічалі сілы камандуючага войскамі СС і паліцыі ўсходніх тэрыторый і Паўночнай Расіі Екельна. І, нарэшце — аперацыя „Генрых”, якая пачалася 1 лістапада і скончылася 18 ці 20 лістапада 1943 г.; да ўдзелу ў ёй была прыцягнута баявая група, каб падрыхтаваць тылавы рубеж супраць прарыву Чырвонай Арміі[106].

Тыя часткі насельніцтва, якія падтрымлівалі партызанаў, таксама разглядаліся як праціўнік, і з імі вялася бязлітасная барацьба. Падазрэння ў дапамозе партызанам было дастаткова, каб забіць чалавека. Тым самым патэнцыяльным праціўнікам было ўсё насельніцтва. Вёскі, пра якія існавала меркаванне, што яны „спрыяюць бандам”, належала „грунтоўна правяраць, а да насельніцтва прымаць бязлітасныя меры”, жыхароў, якія падазраваліся ў прыналежнасці да „бандаў” і „спрыянні бандам”, загадвалася адшукваць і „знішчаць гэтак сама, як яўрэяў і цыганоў”[107]. Вёскамі, што „спрыяюць бандам”, павінны былі лічыцца — напрыклад, паводле „характарыстыкі праціўніка” ў аперацыі „Нюрнберг” ад 19 лістапада 1942 г. — усе вёскі „ў непасрэднай блізкасці ад варожай тэрыторыі”[108].

Пад час правядзення аперацыі „Нюрнберг” мэтай баявой групы фон Готберга было знішчэнне дакладна не акрэсленай варожай групы, а ворагам экспліцытна абвяшчаліся «кожны бандыт, яўрэй, так званыя цыганы і западозраныя ў прыналежнасці да бандаў»[109].

Як ужо адзначалася, уступам да аперацыі „Люты” стаў расстрэл яўрэяў у Слуцкім гета[110]. Пры ліквідацыі гета не менш за 1 800 чалавек было выслана і расстраляна[111], а за час усёй аперацыі баявая група фон Готберга знішчыла 3 300 яўрэяў[112]. Аналагічным было заданне і па аперацыі „Гамбург”, менавіта: знішчаць ворага, г. зн. партызанаў, яўрэяў, цыганоў, а таксама западозраных у прыналежнасці да бандаў[113]. Перад аперацыяй была разведана сітуацыя ў васьмі лагерах, у звестках пра некаторыя лагеры паведамлялася прыблізная колькасць людзей і ўказвалася „нацыянальнае”[114] паходжанне. Меркавалася, што ў чатырох лагерах ёсць яўрэі, прытым колькасць іх у лагеры 1 ацэньвалася як нязначная, у лагеры 7 — як значная, а ў лагерах 6 і 8 — як вельмі значная[115]. Такім чынам бачна, што побач з барацьбой з партызанамі істотнае значэнне надавалася і знішчэнню яўрэяў.

Калі пад час буйных акцый бралі палонных, то спачатку яны перадаваліся СД, дзе іх дапытвалі[116]. Пра тое, што з палоннымі павінна было здарыцца пасля, у загадах не гаварылася. Звычайна іх чакаў, напэўна, расстрэл. Так, у адной са справаздач камандуючага сухаземных войскаў на Ўсходзе ад 21 снежня 1941 г. адзначалася, што ў палон узята 606 партызан, „якіх часткова ўжо пачалі знішчаць”[117]. У штомесячнай справаздачы ваеннага каменданта Беларусі паведамлялася, што яго ведамства ў барацьбе з партызанамі за час да 10 лістапада 1941 г. захапіла 10 940 палонных, з якіх 10 431 былі расстраляныя[118]. У тэлеграме, дасланай падраздзяленню Дзірлевангера 20 ліпеня 1943 г., экспліцытна фармулявалася патрабаванне больш не расстрэльваць „западозраных у прыналежнасці да партызан”, а таксама палонных[119].

Узаемадзеянне з СД мела важнае значэнне найперш для ваеннай часткі аперацыі, што праводзілася баявой групай, і ажыццяўлялася яно надзвычай „гладка”, бо мэты і сродкі і тых, і гэтых былі аднолькавыя. Абавязковай для ўсіх аперацый баявой групы фон Готберга была разведка сілы праціўніка, саставу, узброенасці, дыслакацыі і г. д. Праводзілася разведка работнікамі СД, таму што яна ўвогуле была адным з галоўных кірункаў дзейнасці Службы бяспекі. Узаемадзеянне ажыццяўлялася пад камандаваннем Эрыха фон Бах-Зялеўскі, які 18 лістапада 1942 г. даручыў начальніку паліцыі бяспекі і СД усходніх тэрыторый аддаць адпаведны загад[120].

Каманды СД, якія вылучаліся на кожную аперацыю, павінны былі дапытваць палонных, абшукваць вёскі, вырашаць, якую меру насілля прымяніць да той ці іншай вёскі — апошняе рашэнне прымалася як перад аперацыяй, так і пры яе правядзенні[121]. На падставе досведу, што „масавыя расстрэлы, спальванне вёсак без ліквідацыі ўсіх жыхароў ці іх належнай эвакуацыі мае для нас (немцаў. — Аўтар) выключна негатыўныя наступствы”[122], загадам шэфа паліцыі бяспекі і СД ад 18 лістапада 1942 г. камандзірам каманд СД давалася выключнае права прымаць рашэнне пра тое, калі і ў якіх памерах прымяняць масавыя меры пакарання і ўжываць сілу ў дачыненні да населеных пунктаў. Пры гэтым яны павінны былі вырашаць не толькі пытанні пакарання „варожых” частак насельніцтва, але і пытанні заахвочвання жыхароў, гатовых да супрацоўні цтва. Для прыняцця канчатковага рашэння галоўнае значэнне мела тое, як паводзіла сябе насельніцтва пад час нападзення: было вядома, што вёскі знаходзяцца пад моцным уціскам партызан і праз гэта жыхары вымушана выступаюць супраць немцаў. Таму, згодна з загадам, камандзіры павінны былі ўсведамляць сваю адказнасць і спрыяць палітычна-прапагандыс цкай эфектыўнасці. Акрамя таго, каманды павінны былі падаваць „праўдзівыя” (sic!) звесткі[123]. Увогуле ад іх чакалася „актыўнасць”[124], г. зн. поўны ўдзел, а таксама „самая аб’ектыўная справаздачнасць”[125], кіравацца яны павінны былі дэвізам, што цяжкасці для таго толькі і існуюць, каб іх пераадольваць. Толькі так, маўляў, можна дасягнуць мэты — зрабіць Беларусь уціхаміранай, вольнай ад партызанаў[126]. У сапраўднасці ж каманды СД і баявыя групы дзейнічалі зусім не так стрымана, як рэкамендавалася.

Вермахт не толькі быў дакладна інфармаваны пра характар баявых дзеянняў падраздзяленняў фон Готберга, але і ўдзельнічаў у яго аперацыях — часта падраздзяленні вермахта падначальваліся для правядзення аперацый баявой групе. Так, напрыклад, у аперацыі „Котбус” прымалі ўдзел падраздзяленні вермахта агульнай сілай амаль чатыры батальёны, а таксама падраздзяленні „Люфтвафэ”[127]. Самая істотная праблема супрацоўніцтва вермахта з фон Готбергам была ў тым, што апошні нават у крызісных сітуацыях не мог распараджацца атрадамі вермахта, ён заўсёды быў вымушаны чакаць рашэння адпаведнай каманднай інстанцыі вермахта, перш чым выкарыстоўваць іх.

Прыняцце рашэння адносна жорсткага вынішчэння цэлых населеных пунктаў разам з жыхарамі знаходзілася не толькі ў руках СС — атрады СС хоць і здзяйснялі знішчэнне, аднак рабілі гэта і па распараджэнні іншых, неваенных інстанцый. У загадзе 1-й пяхотнай (матарызаванай) брыгады СС да нападзення ў аперацыі „Нюрнберг” на сельскагаспадарчых кіраўнікоў акрамя рэквізіцыі сельскагаспадарчай прадукцыі ўскладалася яшчэ адна задача: рэкамендаваць камандзірам атрадаў, якія вёскі павінны „інспектавацца”, г. зн. абшуквацца, а якія — знішчацца[128]. Такім чынам, адказнасць за знішчэнне насельніцтва пашыраецца прынамсі на часткі цывільнай адміністрацыі.

Патрабаванне было такім: не даць беларускім партызанам разгарнуць сваю дзейнасць на поўную сілу[129], і нават — гэтаму надавалася ўсё большае і большае значэнне, — адваяваць тыя мясцовасці, якія знаходзіліся пад кантролем партызанаў. Нямецкія сілы былі занадта слабыя, каб забяспечыць камісарыят гарнізонамі ды яшчэ нападаць на партызанаў[130]. Таму тактычнай канцэпцыяй баявой групы фон Готберга па барацьбе з партызанамі было правядзенне так званых буйных аперацый. Сілы баявой групы часта выкарыстоўваліся пад час буйных аперацый на занадта вялікай тэрыторыі, у выніку чаго аперацыі праводзіліся няправільна або падраздзяленні замест барацьбы з партызанамі цэлымі днямі займаліся рэквізіцыяй сельскагаспадарчай прадукцыі[131]. У выніку кадравых або арганізацыйных недахопаў вялікая частка рэквізаванай прадукцыі пры перавозцы страчвалася[132]. Аднак менавіта невыказная жорсткасць дзейнасці баявой групы спрыяла папаўненню партызанскіх атрадаў мясцовымі жыхарамі. Некалькі прыкладаў. Жорсткасць, з якой пачыналася аперацыя „Люты”, г. зн. знішчэнне яўрэяў у Слуцку, адзначалася на працягу ўсёй аперацыі. Пры яе правядзенні былі ўчынены наступныя злачынствы:[133]

— 15 лютага 1943 г. немцы загналі 675 жыхароў вёскі Мілевічы ў вясковую царкву і ў дзве хаты і спалілі іх жывымі;

— у лютым 1943 г. у чатырох іншых вёсках немцамі было спалена жывымі 213 жыхароў;

— у лютым 1943 г. былі спалены жывымі 348 жыхароў вёскі Яскавічы;

— паводле паказанняў аднаго са сведкаў эсэсаўцы расстралялі ўсіх жыхароў адной вёскі (94 чалавекі), якія ўцяклі ў лес, але былі захоплены там эсэсаўцамі;

— у іншай вёсцы былі расстраляны польскія сем’і агульным лікам 84 чалавекі. Вёскі Яскавічы і Мілевічы ўжо ў „характарыстыцы праціўніка” пазначаліся як апорныя пункты партызанаў, таму што там, у прыватнасці, знаходзіліся партызанскія цэнтры нарыхтовак харчавання, а ў Яскавічах, па звестках, знаходзілася 70 чалавек з адной партызанскай брыгады[134]. Нават калі нямецкія атрады здолелі захапіць гэтых 70 партызанаў, то з 348 знішчаных у вёсцы чалавек 278 былі цывільнымі жыхарамі, што не мелі ніякага дачынення да барацьбы.

Другой задачай войскаў была рэквізіцыя сельскагаспа дарчай прадукцыі. Яна фармулявалася ва ўсіх баявых загадах групы як мэта выступлення. Для правядзення рабаўніцтва прызначаліся сельскагаспадарчыя кіраўнікі, якія называліся зондэрфюрэрамі па сельскай гаспадарцы. Звычайна такі зондэрфюрэр прыкамандзіроўваўся да кожнага батальёна. Ён і павінен быў выконваць пастаўленую задачу[135], а таксама дакладна называць тых асобаў і тыя вёскі, якія належала пільна праверыць і/або знішчыць, бо абласныя аграномы, што кіравалі акцыямі па рэквізіцыі, ведалі свае вобласці, ім было, напрыклад, вядома, якая вёска мела запазычанасць па пастаўках. Узаемадзеянне войскаў і цывільнай адміністрацыі было дрэнна арганізавана, да таго ж забеспячэнне камандаў было недастатковым.

Пры правядзенні гэтых акцый адзначаліся не толькі іх дрэнная арганізацыя з боку адпаведнай цывільнай адміністрацыі і хібы ўзаемадзеяння, але і тое, што многія ўдзельнікі выкарыстоўвалі магчымасць рабаўніцтва, часта для ўласнага ўзбагачэння. Тое, што здабывалася пад час усіх аперацый, ішло спачатку на задавальненне патрэбаў войска, а што заставала ся, аддавалася ў распараджэнне камісара акругі[136]. Такім чынам, нямецкія войскі і мясцовыя дапаможныя атрады атрымлівалі асабістую матывацыю для бессаромнага рабавання маёмасці сялян — рэквізіцыя давала магчымасць задаволіць уласную патрэбу ў прадуктах харчавання. Акрамя таго, неабмежаваны доступ да захопленага харчавання спрыяў яго разбазарванню, на што ўказваецца ў многіх данясеннях, бо войскам дазвалялася забіраць усё, што хацелася, г. зн., у літаральным сэнсе самыя смачныя кавалкі з нарабаванага. Адзначалі ся, праўда, не толькі частыя выпадкі разбазарвання — пасля задавальнення ўласных патрэбаў зацікаўленасць у канфіскацыі сельскагаспадарчай прадукцыі часцей за ўсё ішла на спад, і супрацоўніцтва з мясцовымі зондэрфюрэрамі па сельскай гаспадарцы або зусім не ажыццяўлялася, або ішло вельмі вяла і не скаардынавана. Задачы цывільнай адміністрацыі, для якой супрацоўніцтва з войскамі мела вырашальнае значэнне, асабліва не клапацілі ні камандзіраў падраздзяленняў, ні салдат, таму вялікія часткі нарабаванага прападалі і ў выніку незацікаўленасці камандзіраў падраздзяленняў.

І толькі пасля таго як з верасня 1943 г. баявая група змяніла сваю тактыку, узаемадзеянне войскаў і нарыхтовач ных камандаў значна палепшылася, таму што з прымяненнем тактыкі „выпаленай зямлі” важнасць рэквізіцый вельмі ўзрастала. З гэтага часу ахоўныя і канвойныя каманды даваліся ў дастатковых колькасцях. Спецыяльны загад баявой групы рэгуляваў пры правядзенні аперацыі „Генрых” арганізацыю канфіскацыі сельскагаспадарчай прадукцыі і захопу людзей для вывазу на прымусовую працу. Было створана па тры ахоўныя каманды для нагляду за рабочай сілай і палоннымі, канвойныя і каравульныя каманды для забеспячэння транспартавання і нарыхтоўчыя каманды[137]. Толькі для гэтых ахоўных задач патрабавалася больш за 450 салдат, што пры невялікай агульнай колькасці ахоўных сілаў у Беларусі было немалой лічбай. У гэтым выявілася тое вялікае значэнне, якое надавалася захопу прадуктаў харчавання і рабочай сілы. Патрабаванне транспартнай прасторы[138] для сельскагаспадарчых камандаў, што выказвалі цывільная адміністрацыя і баявая група, было выканана: розным камандам далі не менш за 32 грузавыя машыны[139].

Радыкальная палітыка вынішчэння, якую ажыццяўляла баявая група, была згубнай не толькі ў палітычным аспекце, яна прыводзіла таксама да пагаршэння эканамічнай сітуацыі немцаў. Гаспадарчы аддзел генеральнага камісарыята засцерагаў ад працягу нястрымнага знішчэння, таму што ў выніку забойства і дэпартацыі насельніцтва ў партызанскіх мясцовасцях ужо не было рабочых рук для ўборкі ўраджаю ці для працы ў лясной гаспадарцы[140]. А ў выніку спальвання вёсак не было таксама жылля і свірнаў, фурманак і цягла для перавозак. Гарады, якія немцы ўтрымлівалі ў сваіх руках, не забяспечвалі ў дастатковай меры патрэбу ўсім, што было неабходна для забеспячэння краіны і кіравання ёю. Гаспадарчы аддзел канстатаваў: „На перспектыву немагчыма кіраваць краінай і яе гаспадаркай толькі са сталіцы ці з абласных гарадоў”[141]>. Выснова была больш чым зразумелай — ад паліцыі патрабавалі задумацца пра эканамічныя вынікі яе дзеянняў, бо інакш палітычна і эканамічна згубныя наступствы сталі б непазбежнымі[142].

Доўгая працягласць вайны рабіла пытанне рабочай сілы галоўнай праблемай нямецкай ваеннай эканомікі, бо мільёны рабочых былі рэкрутаваны ў вермахт, а яны ж вельмі спатрэбіліся б для вытворчасці настолькі неабходнай ваеннай прадукцыі. Да таго ж вытворчасць узбраення ў Нямеччыне павінна была ўвесь час павялічвацца, каб увогуле можна было працягваць вайну. Паколькі з ідэалагічных меркаванняў прыцягнен не жанчын для працы ў прамысловасці павінна было абмяжоўвацца, а вярбоўка рабочых-добраахвотнікаў з Еўропы не пакрывала патрэбы і блізка, то ў 1942 г. нямецкае кіраўніцтва пачало мільёнамі вывозіць людзей у Германію ў якасці прымусовай рабочай сілы для выкарыстання іх у ваеннай прамысловасці. З сакавіка 1942 г. адказным за рэкрутаванне рабочай сілы быў Фрыц Заўкель, галоўны ўпаўнаважаны па працоўных рэзервах. Да сярэдзіны сакавіка 1943 г. дэпартацыя на прымусовыя работы пад час буйных аперацый праводзіла ся ў абмежаваных памерах. Аднак са жніўня гэтага года захоп прымусовых рабочых стаў галоўнай задачай баявой групы фон Готберга.

Герынг ужо напрыканцы 1942 г. загадаў пры чыстках „пераганяць наяўнае пагалоўе свойскай жывёлы ў бяспечныя мясцовасці”, а таксама „прымусова захопліваць… усю мужчынскую і жаночую рабочую сілу, якую можна хоць як-небудзь выкарыстаць”[143]. І хоць з боку цывільнай і ваеннай адміністрацыі[144] яшчэ чуўся такі-сякі пратэст, тым не менш у цэлым ідэя Герынга знайшла падтрымку. Фон Бах-Зялеўскі адзначаў у сваіх „Дырэктывах адносна мераў барацьбы з бандамі”, што „кожная тона збожжа, кожная карова, кожны конь… маюць большую вартасць, чым расстраляны бандыт”[145].

Паступова пашыралася перакананне, што маруднае і цяжкае рэкрутаванне рабочай сілы з дапамогай бізуна і яшчэ больш перніка, з аднаго боку, і расстрэлы тысяч людзей за прыналежнасць да партызанаў ці нават толькі па падазрэнні ў прыналежнасці да іх, з другога, — гэта супярэчнасць. Таму напрошвалася думка пра аб’яднанне барацьбы з партызанамі і набору на прымусовыя працы. Генеральны кватэрмай стар войска і Гаспадарчы штаб усходніх тэрыторый прапанавалі размяшчаць разам захопленых партызан і тых, хто падазраецца ў прыналежнасці да іх, дзеля „працоўнага выхавання ва ўласнай акрузе”[146]. З гэтым спачатку не пагаджаўся фон Заўкель, таму што, на яго погляд, аднолькавы падыход да добраахвотнікаў і да тых, хто быў захоплены ў палон у баях з партызанамі, ствараў дадатковыя цяжкасці для і без таго нялёгкай вярбоўкі рабочай сілы[147]. Але Гімлер ужо пад канец 1942 г. аддаў загад больш не расстрэльваць партызанскіх памагатых і западозраных у прыналежнасці да партызанаў, а пераводзіць іх у канцэнтрацыйныя лагеры генеральнага губернатарства[148].

Аднак Заўкель ужо хутка ўбачыў шанц, што давала яму для рэкрутавання рабочай сілы барацьба з партызанамі. Пасля гутарак з Розенбергам і Гімлерам ён дамогся таго, каб войскі СС паставілі барацьбу з партызанамі на службу генеральнаму ўпаўнаважанаму па працоўных рэзервах[149]. Вермахт дзейнічаў адпаведна. Аднак не толькі ўяўныя партызаны, але і ўсё насельніц тва ў гэтых мясцовасцях трапляла такім чынам у поле зроку пры наборы рабочай сілы. Ужо ў лютым 1943 г. Гімлер падаў фон Баху ініцыятыву „перадаваць тых мужчын, што не падазраюцца ў прыналежнасці да партызанаў, гаўляйтэру [Заўкелю], для чаго лепш за ўсё будзе правесці ачыстку цэлых тэрыторый у Беларутэніі”[150]. Пазней, летам 1943 г., ён па ўказанні Гітлера, загадаў ачысціць „заражаныя бандамі” мясцовасці Паўночнай Украіны і Расіі[151].

Прымусовым наборам рабочай сілы пад час карных аперацый кіраваў і займаўся да лета 1943 г. аддзел працоўных рэзерваў генеральнага камісарыята па дамоўленасці з СД[152]. Да правядзення аперацыі „Котбус” колькасць захопленых баявой групай была параўнальна невялікая: 1 308 у аперацыі „Свята ўраджаю-I”[153], 272 у аперацыі „Свята ўраджаю-II”[154], адносна аперацыі „Нюрнберг” пра захопленых не паведамля лася[155]; не было звестак і па аперацыі „Люты”[156]. А пры правядзенні аперацыі „Котбус” на прымусовыя работы было вывезена 4 997 мужчын і 1 056 жанчын[157].

Складаецца ўражанне, што да лета 1943 г. прымусовы вываз рабочых падраздзяленнямі баявой групы ажыццяўляў ся „на заказ”. Так, напрыклад, падраздзяленнем Дзірлевангера ў ліпені 1943 г. было прымусова вывезена на працу на заводах „Берлін-Веркэ” 1 200 чалавек[158]. А летам 1943 г. нямецкі бок змяніў кірунак барацьбы з партызанамі, у выніку чаго сістэматычная дэпартацыя на прымусовыя працы стала адной з яе галоўных задач. Новая мэтаўстаноўка адбілася на колькасці захопленых у палон ужо пры аперацыі „Котбус”, а пры правядзенні аперацыі „Герман” яна мела для баявой групы ўжо абавязковы характар. Гэта адбывалася паводле загаду Гітлера. Імпульсам паслужыў той факт, што яшчэ ў траўні 1943 г. Заўкель патрабаваў, каб толькі з Беларусі на працягу чатырох месяцаў было вывезена 100 000 чалавек, у тым ліку цэлыя сем’і[159].

Метады прымусовага набору станавіліся ўсё больш бязлітаснымі, а ў лік тых, хто падлягаў вывазу, увайшлі нават дзеці. Пры правядзенні аперацыі „Герман” баявая група фон Готберга загадала асобным распараджэннем ад 1 жніўня 1943 г. выселіць цэлую мясцовасць, і тая была дашчэнту разрабавана і пакінута бязлюднай[160]. Загад прадугледжваў рэгістрацыю працаздольнага насельніцтва і прымусовы вываз яго ў Нямеччыну. У выніку баявая група магла паведаміць у данясенні: 4 600 забітых у баі ворагаў, у тым ліку 6 камандзіраў падраздзяленняў і 2 камісары; 654 палонных, у іх ліку адзін з кіраўнікоў польскага руху супраціўлення[161]. Звычайная для такіх данясенняў катэгорыя „Забітыя / Спецапрацаваныя / Памагатыя бандытаў” тут адсутнічае. Гэта тлумачыцца вялікай колькасцю захопленай рабочай сілы: на прымусовыя работы было вывезена 9 065 мужчын, 7 701 жанчына і 4 178 дзяцей[162]. У данясенні пра вынікі аперацыі дзеці ўпершыню пазначаюцца як асобная катэгорыя прымусовых рабочых.

1 верасня 1943 г. Эрых фон Зялеўскі выдаў загад, у якім набыццё рабочай сілы называлася, адпаведна аднаму з загадаў фюрэра, вырашальным для ходу вайны, і таму фармулява лася патрабаванне ад пачатку імкнуцца да захопу як мага большай колькасці палонных[163]. Да ўсіх „бандыцкіх памагатых” патрабавалася ставіцца як да ваеннапалонных, а тэрыторыі, на якіх дзейнічалі партызаны, павінны былі называцца „раёнам ваенных дзеянняў”, і з іх загадвалася вывозіць усё насельніцтва[164]. Працаздольныя мужчыны ва ўзросце ад 16 да 55 гадоў павінны былі высылацца ў Рэйх у якасці ваеннапалонных, непрацаздольныя мужчыны ва ўзросце да 26 і больш за 55 гадоў, а таксама працаздольныя жанчыны — змяшчацца ў лагеры генеральнага ўпаўнаважанага па працоўных рэзервах, а потым таксама дэпартавацца ў Рэйх. Астатняе насельніцтва загадвалася перасяляць, забяспечваючы яго „карыснай працай”[165].

Адказны за захоп рабочай сілы быў Заўкель, генеральны ўпаўнаважаны па працоўных рэзервах, з ведамства якога афіцэры-сувязнікі прыкамандзіроўваліся да камандуючага войскамі СС і паліцыі; па баявой групе фон Готберга гэтыя функцыі выконваў урадавы саветнік Тушэн[166]. Гэтыя афіцэры мелі штабы сувязі, яны накіроўваліся ў асобныя падраздзяленні, каб на месцы захопліваць рабочую сілу і з дапамогай камандуючага СС і паліцыі ствараць зборныя лагеры для прымусовых рабочых[167].

Бездапаможнасць немцаў перад партызанскім рухам і першыя абрысы будучага адступлення прывялі да змянення стратэгіі: баявая група перайшла да канцэпцыі „выпаленай зямлі”. Яна спусташала цэлыя мясцовасці, што знаходзіліся пад кантролем партызанаў, вынішчала насельніцтва і рухалася далей. Змянілася мэтаўстаноўка баявой групы ў барацьбе з партызанамі і яе тактыка. Захоп рабочай сілы ўсё больш набываў статус галоўнай задачы барацьбы з партызанамі, і поспех аперацыі вызначаўся ўжо не колькасцю забітых, а лічбамі захопленай рабочай сілы. Гэта знайшло свой адбітак і на колькасці расстраляных[168].

Пад час аперацыі „Герман” баявая група загадала 1 жніўня 1943 г. ачысціць мясцовасць, што лічылася „заражанай бандамі”[169]. Усё насельніцтва, а таксама ўвесь рухомы жывы і нежывы інвентар падлягалі вывазу, пры гэтым аддзел працоўных рэзерваў павінен быў забраць усіх працаздольных і пераправіць іх далей, усё, што яшчэ заставалася, належала да кампетэнцыі акруговых камісараў[170]. Што немагчыма было вывезці, павінна было знішчацца, пры магчымасці нават лясы! Пасля эвакуацыі дзейнічала правіла: „У выселеных мясцовасцях людзей у будучым разглядаць як дзічыну, на якую паляванне дазваляецца”[171]. Гэтае правіла мела праграмны характар, у ім было сфармулявана тое, што ў прынцыпе дазваляла ся ўжо з самага пачатку вайны супраць Савецкага Саюза. Цяпер, пры радыкалізацыі вядзення вайны Нямеччынай адпаведна праграме „выпаленай зямлі”, затушоўваць гэта ўжо не было патрэбы.

IV

У ліпені 1943 г. Гаспадарчы штаб быў вымушаны прызнаць далейшае пагаршэнне сітуацыі на акупаваных тэрыторыях з прычыны палітыкі голаду і прымусовай дэпартацыі рабочай сілы ў Нямеччыну. Адсюль ён рабіў выснову: „Паколькі гэтыя прычыны, прынамсі большай часткай, абумоўлены вайною, і разлічваць на далейшае істотнае ўзмацненне сілаў па барацьбе з партызанамі няма падставаў, а, з другога боку, на выбраным намі шляху абыходжання з усходнім насельніцтвам мы можам абапірацца толькі на ўласныя сілавыя сродкі, то неабходна дакладна ўсвядоміць, што ўціхамірвання ўсходняй прасторы ад нашых далейшых мераў чакаць не даводзіцца”[172].

Гэты лаканічны і трапны аналіз быў не больш і не менш як прызнаннем уласнага краху ў партызанскай барацьбе. Дзеянні немцаў, што ўключалі ў сябе прэвентыўны тэрор, прымусовыя меры і буйныя аперацыі, прыклады якіх дае група фон Готберга, перасталі прыносіць поспех. Больш за тое, гэтыя меры, асабліва ў сувязі з агульнай акупацыйнай палітыкай і з першымі прыкметамі ваеннай паразы ў змаганні з Чырвонай Арміяй, спрыялі партызанскай барацьбе.

Таму і разгарнуўся моцны партызанскі рух, які захопнікі ўжо не маглі кантраляваць. Партызаны, дзякуючы аператыўнаму ўзаемадзеянню з Чырвонай Арміяй, уяўлялі сабою — асабліва ў Беларусі — сур’ёзную пагрозу вермахту, што надзвычай выразна выявілася летам 1944 г. у разгроме групы армій „Цэнтр”. У канцы ліпеня група была ўшчэнт разбіта, гэта стала самай вялікай паразай нямецкіх фармаванняў за другую сусветную вайну: фактычна група перастала існаваць. Наступленню ноччу з 19 на 20 чэрвеня папярэднічала самая буйная дыверсія другой сусветнай вайны: савецкія партызаны здзейснілі не менш за 10 500 выбухаў[173]на чыгунцы, мастах і лініях сувязі ў раёне паміж Дняпром і мясцовасцю на захад ад Мінска. У выніку камунікацыі групы арміі „Цэнтр” былі выведзены са строю на некалькі дзён. Гэтае катастрафі чнае паражэнне было адначасова і кульмінацыяй, і апошняй кропкай у партызанскай барацьбе, таму што ім скончылася нямецкае панаванне на савецкай тэрыторыі, за выключэннем некалькіх прыбалтыйскіх мясцовасцяў.

Гэты крах немцаў быў абумоўлены недахопамі планавання: адсутнасцю каардынацыі ўзаемадзеяння ваеннай і цывільнай адміністрацыі, хранічным недахопам войскаў, неакрэсленасцю і недастатковай высветленасцю адказнасці. Але перамога не была заваявана найперш па віне акупацыйнай палітыкі.

Інстанцыі, адказныя за акупацыйную палітыку, сваімі мерамі па ўціхамірванню тылавых тэрыторый ужо раней паставілі сябе ў цяжкае становішча. Стратэгія бязлітаснай жорсткасці і прэвентыўнага тэрору ў дачыненні да цывільнага насельніцтва не магла перашкодзіць ні ўзнікненню, ні пашырэнню партызанскага руху. Наадварот, значныя часткі вясковага насельніцтва практычна аддаваліся ў рукі партызанаў. Не магло не стацца фатальным спалучэнне тэрору як стратэгічнага сродку з жорсткай расава-ідэалагічнай і эканамічна -палітычнай мэтаўстаноўкай акупацыйнай палітыкі, у выніку якой вельмі хутка былі змецены ўсе бар’еры на шляху пераходу да масавых забойстваў.

Дадатак:

Вынікі асобных аперацый баявой групы фон Готберга.

Па магчымасці захоўвалася тэрміналогія данясенняў баявой групы.

„Нюрнберг”, 19.11.—26.11.42 „Страты ворага: забіта — 798, узята ў палон — 340, забіта бандыцкіх памагатых — 1 533, (?- так у арыгінале. — Рэд.) бандыцкіх памагатых — 353″[174]
„Гамбург”, 08.12—22.12.42 „Страты ворага: забіта — 6 172, у тым ліку 1 674 бандыты, што загінулі ў баях, 1 510 прыхільнікаў бандытаў, 2 998 яўрэяў. Уласныя страты: забіта — 7, паранена — 17 <…> Захоплена: 4 танкі, 4 гарматы, 1 супрацьтанкавая гармата <…> Канфіскацыя сельгаспрадуктаў яшчэ не скончана” Разбурана: 10 зімовых лагераў[175]
„Cвята ўрaджаю-I”, 18.01—05.02.43 „Забіта 885 узброеных з варожага боку <…> 1 165 чалавек з прычыны спрыяння бандам былі спецапрацаваны, 34 узяты ў палон. Вывезена на прымусовыя работы — 1 308. Уласныя страты: забіта — 6, паранена — 17. Захоплена: (у тым ліку) лёгкіх кулямётаў — 15, вінтовак — 295, аўтаматаў — 5, пісталетаў — 9, санак — 274, ільнонасення — 10 цэнтнераў, канапель — 10 цэнтнераў, коней — 395, буйной рагатай жывёлы — 2 803 галавы, свіней — 572, авечак — 1 562 і збожжа — 459 тон” Разбурана: 1 лагер, 18 зямлянак[176]
„Свята ўраджаю-II”, 30.01.— 09.02.43 „Забіта 2 325 ворагаў”, „захоплена 272 чалавекі рабочай сілы”. „Уласныя страты: забіта 5 чалавек, паранена 8. Акрамя таго, з ліку мясцовых шуцманаў забіта 20 і паранена 38″. Захоплена: (у тым ліку) цяжкіх гранатамё таў — 2, супрацьтанкавых гармат — 4, цяжкіх кулямётаў — 18, лёгкіх кулямётаў — 8, вінтовак — 172, аўтаматаў — 3, пісталетаў — 20, друкарня — 1, санак — 142, коней — 209. Разбурана: 12 лагераў[177]
„Люты”, 08.02.— 26.02.43 „Варожыя страты: забіта — 2 219, спецапрацавана — 7 378, узята ў палон — 65, яўрэяў (так у арыгінале — Рэд.) — 3 000. Уласныя страты: забіта — 2 немцы, 27 — інш.; паранена — 12 немцаў, 26 інш.” Захоплена: (у тым ліку) гармата — 1, цяжкіх кулямётаў — 2, лёгкіх кулямётаў — 6, вінтовак — 172, аўтаматаў — 5, пісталетаў —14, коней — 559, буйной рагатай жывёлы — 9 578 галоў, свіней — 844, авечак — 5 700, збожжа — 222,8 тоны, лёну і канапель — 13,8 тоны, вазоў —185, санак — 205, царкоўных званоў (!) — 3. Разбурана: 1 900 хат, 1 збройная майстэрня, 56 лагераў, 1 064 зямлянкі[178]
„Котбус”, 20.05 — 21.06.43 „Варожыя страты: у баях загінула — 6 087, пакарана смерцю — 3 709, узята ў палон — 599. Захоплена рабочай сілы — мужчын 4 997, жанчын 1 056.” Уласныя страты: забіта — 88 немцаў і 40 інш., паранена — 385 немцаў, 152 інш. Захоплена: (у тым ліку) гармат — 20, супрацьтанкавых гармат — 9, гранатамётаў — 18, вінтоўкі — 903, аўтаматаў — 45, пісталетаў — 13, цягачоў — 50, вазоў — 198, санак — 430, друкарня — 1, планшэтаў для карт — 2, друкавальных машынак — 2, плугоў — 9, буйной рагатай жывёлы — 3 262 галавы, авечак — 2 182, коней — 904, свіней — 153, шкур — 1 618, збожжа — 684 тоны, бульбы — 24 тоны, ільнонасення — 78 цэнтнераў, воўны — 3 цэнтнеры, лёну — 2 мяшкі, нітак з лёну — 2 мяшкі. Разбурана: 194 лагеры, часткова з драўлянымі жылымі пабудовамі, пякарні, мясабойня (sic!), фарбавальная майстэрня, 492 зямлянкі[179]
„Герман”, 13.07 — 31.07.43 „Варожыя страты: у баях загінула — 4 280, узята ў палон — 654, захоплена рабочай сілы — мужчын 9 065, жанчын 7 701, дзяцей 4 178. Уласныя страты: забіта — 46 немцаў, 6 інш., паранена 112 немцаў, 43 інш. Захоплена: (у тым ліку) гармат — 48 (з іх 5 пакінуты для ўласных мэтаў, астатнія ўзарвалі), супрацьтанкавых гармат — 13 (для ўласных мэтаў пакінута 7), гранатамётаў — 3 цяжкіх і 14 лёгкіх (з іх для ўласных мэтаў пакінута 11), цяжкіх кулямётаў — 34 (з іх для ўласных мэтаў пакінута 6), лёгкіх кулямётаў — 61 (з іх для ўласных мэтаў пакінута 35), аўтаматаў — 24 (для ўласных мэтаў пакінута 24), хуткастрэльных вінтовак — 18, вінтовак — 849, пісталетаў — 66, малатарня — 1, сельскагаспадарчых машын — больш за 100, непрыдатных для выкарыстання цягачоў — 2, друкавальных машынак (часткова пашкоджаных), <…> металалому — 1 куча (sic!), коней — 3 145, буйной рагатай жывёлы — 6 776 галавы, цялят — 4 999, авечак — 9 571, свіней — 1 517, парасят — 50, коз — 14, дробнай свойскай жывёлы — 318, гусей — 230, курэй — 135, збожжа — 11 тон, мукі — 75 цэнтнераў, канапель — 7 цэнтнераў, воўны — 10 кг, шкур — 176 і вялікая колькасць незважанага збожжа. Разбурана: 159 лагераў, 156 зямлянак[180]
„Генрых”, 01.11 — 18.11.43 Варожыя страты: забіта — 5 416, пакарана смерцю — 46, узята ў палон — 136. Уласныя страты: забіта — 340 немцаў, 49 інш., паранена — 1 463 немцы, 72 інш.” Захоплена: (у тым ліку) гармат — 12, супрацьтанкавых гармат — 17, гранатамётаў — 11, цяжкіх кулямётаў — 12, лёгкіх кулямётаў — 45, аўтаматаў — 83, вінтовак — 336, вазоў — 11,, палявых кухань —2, супрацьгазаў — 6. Разбурана: 29 лагераў, 12 зямлянак, 4 баявыя кропкі[181]

З нямецкай пераклала Галіна Скакун


[1] Gefechtsbericht „Hermann”. 20.08.43. ZSL UdSSR 245 Ab.
[2] OKW, KTB I. 03.03.41. С. 341.
[3] Нататка Першага афіцэра Генеральнага штаба 18-й арміі ад 27.03.41 г.; цытуецца па: Förster, J., Zum Russlandbild der Militärs 1941—1945, y: Das Russlandbild im Dritten Reich, hrsg. v. H.-E. Volkmann. Köln u. a. 1994. С. 146.
[4] Anlage 2 zu Kdo. d. Pz. Gr. 4, Ia Nr. 20/41 g. Kdos. Chefsache, 02.05.41, апубл. у: Uberschäer, G. R., Wette, W., Der deutsche Überfall auf die Sowjetunion. „Unternehmen Barbarossa„ 1941. Frankfurt am Main, 1991. С. 305.
[5] Прыведзеная на пачатку фармулёўка ў іх лік большай часткай не ўключаецца, аднак паколькі яна як загад рэгламентавала супрацоўніцтва і была для вермахта абавязковай, то і яе можна разглядаць як адзін са злачынных загадаў. Streit, C., Keine Kameraden, Die Wehrmacht und die sowjetischen Kriegsgefangenen 1941—1945. Neuauflage Köln, 1997. С. 28—61.
[6] Апубл. у: Überschäer, Wette, Дакумент 4.
[7] Тамсама, Дакумент 6.
[8] Тамсама, Дакумент 7.
[9] Тамсама, Дакумент 8.
[10] Параўн. Krausnick, Helmut, Hitlers Einsatzgruppen. Die Truppen des Weltanschauungskrieges 1938—1942. Frankfurt am Main, 1993. С. 39—44, 78.
[11] Halder, KTB II. С. 336 і наступн.
[12] Генерал-лейтэнант Мюлер, генерал для асаблівых даручэнняў, гаварыў 10.06.41 г. у Ольштыне, звяртаючыся да штабных афіцэраў вайсковых груповак і армій, што ўдзельнічалі ў гэтай кампаніі: „Вяртацца да старых ваенных звычаяў… Адзін з двух ворагаў павінен здацца; носьбітаў варожай пазіцыі трэба не проста пазбаўляць магчымасці дзейнічаць, а забіваць”, і далей: „Прававая свядомасць павінна пры неабходнасці саступіць ваеннай неабходнасці”. Niederschrift des Ic/AO der Heeresgruppe Nord vom 10.06.41 und des Ic der Panzergruppe 3, цытуецца па: Förster, J., Das Unternehmen „Barbarossa” als Eroberungs- und Vernichtungskrieg, y: Boog, H. et al., Der Angriff auf die Sowjetunion. Das Deutsche Reich und der Zweite Weltkrieg Bd. 4, Stuttgart, 1983. С. 433.
[13] Указ аб прымяненні ваеннай падсуднасці ад 13.05.41, у: Überschäer, Wette, Überfall, дак. 6.
[14] Тамсама.
[15] Müller, R.-D., Von der Wirtschaftsallianz zum kolonialen Ausbeutungskrieg, y: Boog, H. et al., Der Angriff auf die Sowjetunion. Das Deutsche Reich und der Zweite Weltkrieg Bd. 4, Stuttgart, 1983. С. 113—114, 150.
[16] Тамсама і с. 145.
[17] Так, у прыватнасці, адзначае Гітлер 09.02.41; параўн. Hassel, U. von, Vom anderen Deutschland. Aus den nachgelassenen Tagebüchern 1938—1944. Zürich, 1946. С. 183.
[18] Müller, Ausbeutungskrieg. С. 145.
[19] Тамсама. С. 148.
[20] Тамсама. С. 148. „Насельніцтву гэтых рэгіёнаў, асабліва гарадскому, давядзецца зазнаць страшэнны голад”. IMT Bd. XXXVI, EC-128.
[21] IMT Bd. XXVIII, 1743-PS; Müller, Ausbeutungskrieg. С. 148.
[22] Müller, R.-D. Das Scheitern der wirtschaftlichen „Blitzkriegsstrategie”, ?: Boog, H. Et al., Der Angriff auf die Sowjetunion. Das Deutsche Reich und der Zweite Weltkrieg Bd. 4, Stuttgart, 1983. С. 961.
[23] IMT Bd. XXXI, 2718-PS. У іншай крыніцы гаворыцца: „Многія дзесяткі мільёнаў стануць у гэтых рэгіёнах залішнімі, і яны або памруць, або будуць вывезены ў Сібір. Спробы выратаваць тамтэйшае насельніцтва ад галоднай смерці выкарыстаннем лішкаў з чарназёмнай зоны пашкодзілі б забеспячэнню Еўропы. Яны б падарвалі блакадастойкасць Нямеччыны.” IMT Bd. XXXVI, EC-126.
[24] BVN Bd. XXXI, 2718-PS.
[25] Параўн. Krausnick, Wilhelm, Einsatzgruppen. С. 400; Streit, Keine Kameraden, найперш с. 130—190.
[26] 9-я армія мела на пачатку вайны для выканання патрульнай службы на тэрыторыі працягласцю 10 000 км толькі 300 чалавек! Параўн. Hesse, E., Der sowjetrussische Partisanenkrieg 1941—1944 im Spiegel deutscher Kampfanweisungen und Befehle. Frankfurt am Main, Gottingen u. a. 1969. С. 78 і наступн.
[27] Schulte, Army. С. 79—82.
[28] Параўн. Umbreit, H., Das unbewaltigte Problem. Der Partisanenkrieg im Rücken der Osrfront. У: Fцrster, J., Stalingrad. Ereignis — Wirkung — Symbol. 2. Aufl. München, 1993. С. 130 і наступн.
[29] Chef des Oberkommandos der Wehrmacht, Nr. 441254/41 g K Chefs, Ergänzung zur Weisung Nr. 33, 23.07.41, gez. Keitel, IMT, 052-C, Bd. 34. С. 258 і наступн., тут с. 259.
[30] Параўн. Wegner, B., Der Krieg gegen die Sowjetunion 1942/43. У: Das Deutsche Reich und der Zweite Weltkrieg. Band 4: Boog, H. et al., Der Angriff auf die Sowjetunion. Stuttgart, 1983. С. 911.
[31] Апубл. у : Überschäеr, Wette, Überfall, Dokument 14.
[32] IMT Bd. XXXVII, 221-L; войскі СС і так ужо даўно ажыццяўлялі гэтую стратэгію — напрыклад, калі тапілі жанчын і дзяцей у балотах дзеля зберажэння боезапасаў. SS-Kavalerie-Regiment 2, Bericht über den Verlauf der Pripjet-Aktion vom 27.7-11.8.41, у: «Unsere Ehre heißt Treue». С. 220.
[33] Тамсама.
[34] IMT Bd. XXV, 389-PS; IMT Bd. XXXVII, 180-PS. Савецкая ваенная дактрына не пазней як з 1936 г. ужо не прадугледжвала партызанскай барацьбы ў якасці часткі ваенных дзеянняў, таму што згодна з ёю гэтыя дзеянні павінны былі пераносіцца на варожую тэрыторыю. Параўн. Schulz, G., Die Irregularen: Guerilla, Partisanen und die Wandlung des Krieges seit dem 18. Jahrhundert. Eine Einführung. У: Schulz, G. (Hrsg.), Partisanen- und Volkskrieg. Zur Revolutionierung des Krieges im 20. Jahrhundert. Göttingen, 1985. С. 20.
[35] Іншыя звесткі — гл. Richter, T. C., „Herrenmensch” und „Bandit”. Deutsche Kriegsführung und Besatzungspolitik als Kontext des sowjetischen Partisanenkrieges (1941—44). Zeitgeschichte — Zeitverständnis 3, Münster, 1998. С. 6, заўвага 28.
[36] Параўн. Müller, Scheitern. С. 963.
[37] Halder, KTB III. С. 257.
[38] Параўн. Wilenchik, W., Die Partisanenbewegung in WeiЯrussland 1941-1945, у: Forschungen zur osteuropäischen Geschichte. Historische Veröffentlichungen des Osteuropa-Instituts an der Freien Universität Berlin, hrsg. von Hans-Joachim Torke, Bd. 34, Wiesbaden, 1984. С. 164 і наступн.
[39] IMT Bd. XXXVIII, 181-I; Параўн. Wilenchik, Partisanenbewegung. С. 155 і наступн.
[40] Параўн. Armstrong, De Witt, K. K., Organization and Control of the Partisan Movement. У: Armstrong, J., Soviet Partisans in World War II. Madison (Wisc.) 1964. С. 79; Wilenchik, Partisanenbewegung. С. 156 і наступн.
[41] NOKW-2538 у: Trials of War Criminals before the Nueremberg Military Tribunal under Control Council Law No. 10 („The High Command Case”). Vol. X. Washington, 1951, Vol. XI. Washington, 1950.
[42] AOK 11. Armee, 05.09.41, апубл. у: Europa unterm Hakenkreuz. Die Okkupationspolitik des deutschen Faschismus 1938—1945, Bd. 7. С. 196 і наступн.
[43] Параўн. IMT Bd. XXXVI, 126-EC.
[44] Параўн. Krausnick, Einsatzgruppen, c. 191 і наступн.
[45] Параўн. OKH/Gen. Z.b.V. beim OBdH., Az 453/Gr.Rwes Nr. 13332/41 geh., vom 25.07.41, апубл. у: Müller, N. (Hrsg.), Deutsche Besatzungspolitik in der UdSSR. Dokumente. Kleine Bibliothek 194, Köln 1980, Dokument 34.
[46] AOK 16. Armee an den Korück der Armee, vom 27.11.41, апубл. у: Europa unterm Hakenkreuz. Bd. 7, c. 232.
[47] Параўн. Müller, Scheitern. С. 989.
[48] Halder, KTB III. С. 53.
[49] Параўн. Scheitern. С. 990.
[50] IMT Bd. XXXVI, 003-EC; IMT Bd. XXX, 2273-PS; параўн. Streit, Keine Kameraden, асабл. 128 і наступн. С. 137—162.
[51] Гл. шматлікія прыклады ў: Richter, „Herrenmensch”. С. 12 і наступн.
[52] Параўн. Wilhelm, Einsatzgruppe A. С. 367.
[53] Параўн. Müller, Scheitern. С. 994.
[54] „У вялікіх гарадах пакуль што (… ) наогул нічога”. Герынг хацеў стварыць для насельніцтва спецыфічнае харчаванне — выкарыстоўваючы коней, катоў і г. д. IMT Bd. XXVII, 1206-PS.
[55] Параўн. тамсама. С. 911 і наступн.
[56] Параўн. Wilenchik, Partisanenbewegung. С. 229 і наступн.
[57] Dallin, A., Deutsche Herrschaft in Russland 1941-1945. Eine Studie über Besatzungspolitik. Düsseldorf, 1958. С. 83.
[58] Параўн. Wilenchik, Partisanenbewegung. С. 226 і наступн.
[59] HA-Leiter IIIb. Generalkommissar in Minsk, an Riecke, Erfahrungbericht über die politischen und wirtschaftlichen Probleme des Ostens unter besonderer Berücksichtigung des Generakkommissariats WeiЯruthenien, 28.06.43, IMT, 3000-PS, Bd. 31.
[60] „Беларусы — надзвычай прыстойны, старанны народ. Гэты народ не можа змірыцца, што з ім абыходзяцца менавіта такім чынам. З гэтым не можа змірыцца ніякі народ.” „Мы ж тут маем справу не з неграмі!” Даклад Кубэ, 10.04.43, ZSL UdSSR 107.
[61] Kube an Lohse, 01.11.1941, IMT Bd. XXVII, 1104-PS.
[62] Гл. Тамсама. С. 262—284; Cooper, Phantom War. С. 29 і наступн.
[63] Параўн. Bonwetsch, B., Sowjetische Partisanen 1941—1944. Legenden und Wirklichkeit des „allgemeinen Volkskrieges”, у: Schulz, G. (Hrsg.), Partisanen und Volkskrieg. Zur Revolutionierung des Krieges im 20. Jahrhundert. Gottingen 1985. С. 114 і наступн.; Wilentschik, Partisanenbewegung. С. 229 і наступн., 265.
[64] Параўн. Miller, Scheitern. С. 995.
[65] Распараджэнне № 46 апублікавана ў: Hitlers Weisungen für die Kriegsführung 1939—1945. Dokumente des Oberkommandos der Wehrmacht, hrsg. von W. Hubatsch, 2. Aufl. Koblenz 1983. С. 201—209.
[66] Тамсама, Распараджэнне № 46.
[67] Тамсама.
[68] Тамсама.
[69] Der Chef des Oberkommandos der Wehrmacht / Nr. 004870/42 g. Kdos. WFSt./Op (N), Bandenbekämpfung, 16.12.42, gez. Keitel, IMT Bd. XXXIX, 066-UK.
[70] Тамсама.
[71] Параўн. Hubatsch, Weisungen, Weisung 46.
[72] Тамсама, Vortrag Gottberg, 10.04.43, ZSL 107.
[73] Адносна ахоўных камандаў і мясцовых дапаможных атрадаў гл.: Richter, „Herrenmensch”. С. 51 і наступн.
[74] Hubatsch, Weisungen, Weisung 46.
[75] Уласна кажучы, распараджэнне № 46 „б” было дадаткам да так званага ўказа камандавання, дырэктывы № 46 „а”, накіраванай супраць англійскіх і амерыканскіх салдат.
[76] Vortrag Gottberg 10.04.43, ZSL UdSSR 107.
[77] У канстэксце раздзела III гл. больш падрабязна: Lück, M. F., Die Tätigkeit der Kampfgruppe von Gottberg. Unveröffentlichte Examensarbeit, Münster, 1999.
[78] IMT Bd. XXXIX, 170 — UdSSR; Параўн. Cooper, Phantom War. С. 90; Параўн. Umbreit, Partisanenkrieg. С. 137.
[79] Параўн. Vortrag Gottberg 10.04.43, ZSL UdSSR 107.
[80] Екельн паведамляў наступныя лічбы: 389 партызан, забітых у баявых дзеяннях, 1 274 асуджаных і расстраляных, 8 350 забітых яўрэяў і 1 274 так званых эвакуяваных. Abschlussbericht für das Unternehmen „Sumpffieber” des Höheren SS- und Polzeiführer Ostland, 2000/42g, 6.11.42, ZSL UdSSR 245 Ab.
[81] Тамсама.
[82] Bonwetsch, B. Der «GroЯe Vaterländische Krieg»: vom deutschen Einfall bis zum sowjetischen Sieg (1941—1945), у: Handbuch der Geschichte Russlands. Bd. 3, II 1856—1945. Von den autokratischen Reformen zum Sowjetstaat. Unter Mitarbeit von B. Bonwetsch et al. Hrsg. von G. Schramm, Stuttgart, 1990. С. 944.
[83] Для вывучэння дзейнасці баявой групы былі прааналізаваны архіўныя матэрыялы па дзевяці буйных аперацыях, што праводзіліся з лістапада 1942 да лістапада 1943 г. Гэтыя матэрыялы захоўваюцца ў Людвігсбургскім Цэнтры — Zentrale Stelle Ludwigsburg (ZSL).
[84] Kampfgruppe v. Gottberg, Sonderbefehl 19.11.42, ZSL UdSSR 108. У данясенні 1-й матарызаванай пяхотнай брыгады СС пра аперацыю „Нюрнберг” за перыяд з 22 да 26.11.42 г. адзначаецца таксама, што баявая група фон Готберга была створана дзеля знішчэння адной з бандаў, апублікава на ў: «Unsere Ehre heiЯt Treue». Kriegstagebuch des Kommandostabes Reichsführer SS. Tätigkeitsbericht der 1. und 2. SS-Inf.-Brigade, der 1. SS-Kav.-Brigade und von Sonderkommandos der SS. Wien, Frankfurt, Zürich, 1965. С. 176. (=«Unsere Ehre heiЯt Treue».)
[85] Kampfgruppe v. Gottberg, Tgb. Nr. 2/42, Einsatzbefehl für das Unternehmen „Hamburg”, ZSL UdSSR 108; Kampfgruppe v. Gottberg, Tgb. Nr. 43/43 geh., Einsatzbefehl für das Unternehmen „Cottbus”, ZSL UdSSR 245 Ab; Kampfgruppe v. Gottberg, Ia, Tgb. Nr. 398/43 II (g.), Einsatzbefehl für das Unternehmen „Herrmann”, ZSL UdSSR 108; Kampfgruppe v. Gottberg, Abt. Ia, Tgb. Nr. 19/43 g., Einsatzbefehl für das Unternehmen „Heinrich”, ZSL UdSSR 108.
[86] Параўн. Vortrag von Gottberg 10.04.43, ZSL UdSSR 107; Kriegstagebuch Erich Bach-Zelewski, Eintragung am 23.02.43, ZSL 202 AR 509/70 S. H. Dokumente „Nürnberg”, Dokument 20; 1. SS-Inf.-Brig. (mot.), Ia / Nr. 655 / 42 geh., Angriffsbefehl Nr. 1, 20.11.42, ZSL UdSSR 108; Kampfgruppe von Gottberg, Tgb. Nr. 2/42, Einsatzbefehl für das Unternehmen „Hamburg”, ZSL UdSSR 108. Der Generalkommissar für WeiЯruthenien, Gauleiter / Wn. Tgb. Nr.418/43g. An Herrn Reichsminister für die besetzten Ostgebiete, Berlin, durch Herrn Reichskommissar für das Ostland, Riga, 03.06.43, ZSL 202 AR 509/70 S. H. Dokumente «Cottbus». (Падкрэслена ў арыгінале . — Аўтар)
[87] Der Kommandierende General der Sicherungstruppen und Befehlshaber im Heeresgebiet Mitte, Ia Tgb. Nr. 3846/42 geh., Meldung an das Oberkommando der Heeresgruppe Mitte über Bandenbekämpfung des Höheren SS- und Polizeiführers Mitte, 19.11.42, ZSL 202 AR 509/70 S. H. Dokumente „Nürnberg”, Dokument 3.
[88] Reichsführer SS, Meldung über Bandenbekämpfung Nr. 46, 01.12.42, ZSL 202 AR 509/70 S. H. Dokumente „Nürnberg”, Dokument 15.
[89] Vortrag von Gottberg, 10.04.43, ZSL UdSSR 107.
[90] Параўн. Wilhelm, Einsatzgruppe A. С. 354.
[91] Больш падрабязная інфармацыя пра ахвяраў і захопленую маёмасць прыводзіцца ў Дадатку.
[92] Personalakte von Gottberg, DC Berlin, цытуецца па: Birn, HSSPF. С. 229, заўвага 1.
[93] Kampfgruppe von Gottberg, Tgb. Nr. 2/42, Einsatzbefehl für das Unternehmen „Hamburg”, 07.12.42, ZSL UdSSR 108.
[94] Камандуючы ахоўнай паліцыяй і СД усходніх тэрыторый паведамляў 15.12.42 у сувязі з аперацыяй „Гамбург”, што з агульнага ліку 561 забітых ворагаў толькі 250 былі ўзброеныя. Параўн. Wilhelm, Einsatzgruppe A. С. 356, заўвага 115.
[95] Hesse, Partisanenkrieg. С. 280. Праўда, да датаў, якія называе Гессэ, трэба ставіцца з асцярожнасцю, таму што яны разыходзяцца з інфармацыяй у іншых крыніцах. Малігэн называе 5 студзеня 1943 г., звычайна яго датаванне большай часткай аказваецца правільным. Mulligan, Timothy P., Reckoning the Cost of the People s War: The German Experience in the Central USSR, у: Russian History 9, 1982. С. 42. (=Millgan, Cost)
[96] Der Kommandierende General der Sicherungstruppen und Befehlshaber im Heeresgebiet Mitte, Ia BrB. Nr. 98/43 geh., an das Oberkommando der Heeresgruppe Mitte, 02.02.43. ZSL 202 AR 509/70 S. H. Dokumente „Franz”. Am selben Tag bei der Heeresgruppe eingegangen, Tr. Nr. 962/43 gKdos.
[97] Днём заканчэння аперацыі Малігэн памылкова называе 05.02.43, параўн. Mulligan, Cost. С. 42.
[98] Meldungen aus den besetzten Ostgebieten 41, ZSL 202 AR 509/70 S. H. Dokumente „Erntefest I”, Dokument 6.
[99] Малігэн называе 28.01.43, параўн. Mulligan, Cost. С. 42; Гессэ таксама называе гэтую дату: параўн. Hesse, Hfrtisanenkrieg. С. 280.
[100] Meldungen aus den besetzten Ostgebieten, ZSL 202 AR 509/70, S. H. Dokumente „Hornung”, Dokument 6. [101] KdS und des SD WeiЯruthenien, Kommandobefehl 05.02.1943, ZSL UdSSR 107.
[102] Kampfgruppe von Gottberg, Ia Tgb. Nr. 43/43 geh., Einsatzbefehl für das Unternehmen „Cottbus”, 15.05.43, ZSL UdSSR 245 Ab; Kampfgruppe von Gottberg, Gefechtsbericht über das Unternehmen „Cottbus”, 28.06.43, ZSL 202 AR 509/70 S. H. Dokumente „Cottbus”, Dokument 11.
[103] Kampfgruppe von Gottberg, Ia, Gefechtsbericht „Hermann”, 20.08.43, ZSL 202 UdSSR 245 Ab; Brief an den Gebietslandwirt von Nowogrodek, 14.07.43, ZSL UdSSR 245 Af.
[104] Kampfgruppe von Gottberg, Ia Tgb. Nr. 398/43 (g), Einsatzbefehl für das Vorunternehmen „Hermann”, 07.07.43, ZSL UdSSR 108.
[105] KTB Bach-Zelewski, Eintragung 28.10.43, ZSL 202 AR 509/70 S. H. Dokumente „Fritz”, Dokument 9.
[106] Kampfgruppe von Gottberg, Abt. Ia, Tgb. Nr. 19/43g, Befehl zur Umgliederung der Kampfgruppe von Gottberg, 20.11.43, 13.00h, ZSL UdSSR 108; Бах-Зялеўскі занатаваў як дату заканчэння аперацыі 18.11.43: KTB Bасh-Zelewski, Eintragung 20. November 43, ZSL 202 AR 509/70, S. H. Dokumente „Heinrich”, Dokument 9.
[107] 1. SS-Inf.-Brig. (mot.), Ia/ Nr. 655/42 geh., Angriffsbefehl Nr. 1, 20.11.42, ZSL UdSSR 108.
[108] 1. SS-Inf.-Brig. (mot.), Ic, Feindlage «Nürnberg», 19.11.42, ZSL UdSSR 108.
[109] 1. SS-Inf.-Brig. (mot.), Ia/ Nr. 655/42 geh., Angriffsbefehl Nr. 1, 20.11.42, ZSL UdSSR 108.
[110] RdS und des SD WeiЯruthenien, Kommandobefehl 05.02.43, ZSL UdSSR 107.
[111] Паказанне Рудальфа Рубэ з ZSL 202 AR-Z 282/59, апубл. у: Kohl, Paul (Hrsg.), Der Krieg der deutschen Polizei und Wehrmacht 1941-1944. Sowjetische Überlebende berichten. Frankfurt am Main 1995, Dokument 18.
[112] Meldungen aus den besetzten Ostgebieten, ZSL 202 AR 509/70, S. H. Dokumente «Hornung», Dokument 6.
[113] Kampfgruppe von Gottberg, Tgb. Nr. 2/42, Einsatzbefehl für das Unternehmen „Hamburg”, 07.12.42, ZSL UdSSR 108.
[114] Тамсама.
[115] Тамсама.
[116] 1. SS-Inf.-Brig. (mot.), Ia/ Nr. 655/42 geh., Angriffsbefehl Nr. 1, 20.11.42, ZSL UdSSR 108; Kampfgruppe von Gottberg, Tgb. Nr. 2/42, Einsatzbefehl für das Unternehmen „Hamburg”, 07.12.42, ZSL UdSSR 108.
[117] Kommandant in Weißruthenien des Wehrmachtbefehlshabers Ostland, Abt. Ia, Befehl Nr. 24, 21.11.41, ZSL UdSSR 245 Ab.
[118] Laufender Monatsbericht Oktober des Kommandanten WeiЯruthenien beim WMBefh. Ostland vom 10.11.41, цытуецца па: Wilhelm, Einsatzgruppe A. С. 267, заўвага 133.
[119] Цытуецца па: Klausch, Hans-Peter, Antifaschisten in SS-Uniform. Schicksale und Widerstand der deutschen KZ-Häftlinge, Zuchthaus- und Wehrmachtsgefangenen in der SS-Sonderformation Dirlewanger. DIZ-Schriften 6, Bremen, 1993. С. 85.
[120] Chef des Einsatzstabes der Sicherheitspolizei und des SD Ostland, Tgb. Nr. 41/42 Geheime Reichssache, 18.11.42, 8 von 55 Ausfertigungen, ZSL UdSSR 108.
[121] Тамсама.
[122] Тамсама.
[123] Тамсама.
[124] Тамсама.
[125] Тамсама.
[126] Тамсама.
[127] Kampfgruppe von Gottberg, Ia Gefechtsbericht „Hermann”, 20.8.43, ZSL UdSSR 245 Ab. Адносна аперацыі „Франц” звестак у матэрыялах баявой групы фон Готберга няма, але паколькі інфармацыя пра яе запазычана з дакументацыі камандуючага раёна групы армій „Цэнтр”, то можна меркаваць, што паміж войскам і баявой групай існаваў надзвычай інтэнсіўны абмен інфармацыяй, параўн.: Der Kommandierende General der Sicherungstruppen und Befehlshaber im Heeresgebiet Mitte, Ia BrB. Nr. 189/42 geh., ZSL 202 AR 509/70 S. H. Dokumente „Franz”. Eingegangen bei der Heeresgruppe am 17.01.43, Br. Nr. 472/43g.
[128] 1. SS-Inf.-Brig. (mot.), Ia/ Nr. 655/42 geh., Angriffsbefehl Nr. 1, 20.11.42, ZSL UdSSR 108.
[129] Vortrag von Gottberg 10.04.43, ZSL UdSSR 107.
[130] Параўн. Aufstellung uber die Kräfte der Polizei in den besetzten Gebieten bei Rürup, Angriff. С. 137.
[131] Tagebuch Wilke, (Auszug), Eintragung 20.01.43, ZSL UdSSR 108.
[132] Тамсама.
[133] Канчатковых доказаў таго, што гэтыя злачынствы былі сапраўды здзейснены пад час аперацыі „Люты”, няма, аднак гэта вельмі верагодна. Крыніца інфармацыі — часткі пратаколаў савецкай камісіі, якая расследава ла злачынствы немцаў адразу пасля іх адступлення. У пратаколах адзначаецца таксама, што дзеянні, якія разглядаліся ў кантэксце аперацыі „Люты”, ажыццяўляліся не пад час гэтай аперацыі. Нават калі вышэй памянёныя злачынствы былі здзейснены не пад час аперацыі „Люты”, яны з’яўляюцца прыкладам таго, як праводзіліся такія аперацыі. Bericht Nr. 10 der sowjetischen Untersuchungskommission, ZSL 202 AR 509/70 II, Bl. 710-711.
[134] KdS und des SD Weißruthenien, Einsatzstab, Feindlage „Hornung”, 02.02.1943, ZSL UdSSR 107.
[135] Kampfgruppe von Gottberg, Tgb. Nr. 2/42, Einsatzbefehl für das Unternehmen „Hamburg”, 07.12.42, ZSL UdSSR 108
[136] Kampfgruppe von Gottberg, Sonderbefehl vom 19.11.43, ZSL UdSSR 108.
[137] Kampfgruppe von Gottberg, Ib, Besondere Anordnung für die Erfassung von Arbeitskräften und landwirtschaftlichen Produkten, 29.10.43, ZSL UdSSR 108.
[138] Пры правядзенні аперацыі „Свята ўраджаю-I”, Tagebuch Wilke, Eintragung 19.01.43, ZSL UdSSR 108; Kampfgruppe von Gottberg, Ia, Gefechtsbericht „Hermann”, 20.08.43, ZSL UdSSR 245 Ab.
[139] Тамсама.
[140] Der Generalkommissar für WeiЯruthenien, Abt. Forst, Holz und Jagd, Br./Ke, An den Herrn Leiter der Hauptabteilung III, im Hause, 19.06.43, ZSL UdSSR 245 Ab.
[141] Тамсама.
[142] „Трэба адназначна вырашыць пытанне, маем мы справу з краінай, па якой проста праносіцца вайна, ці ўсё ж з краінай, з якой мы не збіраемся сыходзіць, якая <…> павінна стаць каштоўным палітычным і эканамічным дадаткам да старога Рэйха.” Тамсама.
[143] IMT, Bd. XXVIII, 1742-PS.
[144] Параўн. Umbreit, Partisanenkrieg. С. 140.
[145] Bevollmächtigter des RFSS für die Bandenbekämpfung. Richtlinien für die Maßnahmen für die Bandenbekämpfung, 26.02.43, Zitat bei Hesse, Partisanenkrieg. С. 202.
[146] IMT, Bd. XXXVIII, 1786-PS.
[147] Тамсама.
[148] Тамсама; RFSS, SS-Befehl, 06.01.43, gez. H. Himmler, апубл. у: Reichsführer!… Briefe an und von Himmler, hrsg. v. H. Heiber. Stuttgart, 1968. С. 179 і наступн.
[149] „Пры інспектаванні вёсак ці, у выпадку патрэбы, іх спальванні, усё насельніцтва ў абавязковым парадку перадаецца ў распараджэнне Упаўнаважанага (па працоўных рэзервах).” Sonderkommando 4a, an alle Kommandoführer der SD-Aussenkommandos, persönlich. Geheim, 19.03.43, gez. Christensen, IMT, Bd. XXXI, 3012-PS.
[150] RFSS an von dem Bach, 09.02.43, апубл. у: Reichsführer. С. 189.
[151] RFSS, Weisung, 10.07.43, апубл. у: Europa unterm Hakenkreuz. С. 447.
[152] Kampfgruppe von Gottberg, Ia, Tgb.. Nr. 43/43 geh., Einsatzbefehl für das Unternehmen „Cottbus”, 15.05.43, ZSL UdSSR 245 Ab.
[153] Meldungen aus den besetzten Ostgebieten Nr. 43, ZSL 202 AR 509/70 S. H. Dokumente „Erntefest I”, Dokument 7.
[154] Тамсама.
[155] У данясеннях пра аперацыю „Нюрнберг” паведамляецца пра 340 палонных, аднак гэта, напэўна, былі партызаны, а не тыя, хто быў захоплены дзеля вывазу на прымусовыя работы, таму што ў данясеннях пра аперацыю „Свята ўраджаю-I” называецца колькасць рабочай сілы і асобна 34 палонныя. Reichsführer SS, Meldung über Bandenbekämpfung Nr. 46, 01.12.42, ZSL 202 AR 509/70 S. H. Dokumente „Nürnberg”, Dokument 15; Meldungen aus den besetzten Ostgebieten Nr. 43, ZSL 202 AR 509/70 S. H. Dokumente „Erntefest I”, Dokument 7.
[156] Называецца толькі лік палонных: 65. Meldungen aus den besetzten Ostgebieten 46, ZSL 202 AR 509/70 S. H. Dokumente „Hornung”, Dokument 6.
[157] Kampfgruppe von Gottberg, Gefechtsbericht über das Unternehmen „Cottbus”, 28.06.43, ZSL 202 AR 509/70 S. H. Dokumente „Cottbus”, Dokument 11.
[158] Aktenvermerk über die Rücksprache Gottbergs beim Gauleiter Kube am Donnerstag, den 15.07.43, 11-11.45 Uhr, angefertigt von Hstf. Herzig, ZSL 202 AR 509/70 S. H. Dokumente „Hermann”, Dokument 7.
[159] IMT Bd. XXX, 2280-PS.
[160] Kampfgruppe von Gottberg. Befehl zur Evakuierung, 01.08.43, ZSL 108.
[161] Gefechtsbericht „Hermann”, 20.08.43, ZSL UdSSR 245 Ab.
[162] Тамсама.
[163] Der Reichsführer SS und Chef der deutschen Polizei — Chef der Bandenkampfverbände — Ia, Betr.: Gewinnung von Arbeitskräften für die deutsche Rüstungs- und Ernährungswirtschaft bei der Bandenbekämpfung. 01.09.43, ZSL UdSSR 108. Верагодна ў працяг гэтага загаду штаб баявой групы накіраваў 1-й пяхотн. (матарыз.) брыгадзе СС, 2-му паліцэйскаму палку СС, аператыўным групам Дзірлевангера і Кёрнэра, а таксама 57-му ахоўнаму батальёну недатаванае распараджэнне, у якім здабыванне рабочай сілы абвяшчалася загадам фюрэра. З гэтага часу патрабавалася як мага большую колькасць партызан выкарыстоўваць як прымусовых работнікаў: „Першаснае значэнне маюць з гэтай хвіліны палонныя, а не забіты вораг,” — гаварылася ў распараджэнні. An 1. SS-Inf.-Brig., SS-Pol.-Rgt. 2, SchmBtl. 57, EG Dirlewanger und Körner vom Kampfgruppenstab, ZSL 502 AR-Z 27/73, Bl. 708. Глядзі па гэтым пытанні таксама распараджэнне Дзірлеванге ру ад 20.07.43, пра якое ўспамінае Клаўш: Klausch, Antifaschisten. С. 85.
[164] Kampfgruppe von Gottberg, Befehl zur Evakuierung, 01.08.43, ZSL 108.
[165] Der Reichsführer SS und Chef der deutschen Polizei — Chef der Bandenverbände — Ia, Betr.: Gewinnung von Arbeitskräften für die deutsche Rüstungs- und Ernährungswirtschaft bei der Bandenbekämpfung. 01.09.43, ZSL UdSSR 108.
[166] Тамсама.
[167] Тамсама.
[168] Гл. Дадатак.
[169] Kampfgruppe von Gottberg, Befehl zur Evakuierung, 01.08.43, ZSL 108.
[170] У баявым данясенні адносна абыходжання з нерухомасцю гаварылася: „… усё, што разбураецца, (павінна быць. — Аўтар) разбурана. Kampfgruppe von Gottberg, Ia Gefechtsbericht „Hermann”, 20.08.43, ZSL UdSSR 245 Ab.
[171] Тамсама.
[172] OKW, KTB 13.07.43. С. 775.
[173] Параўн. Teske, Partisanen gegen die Eisenbahn, у: WWR 3 (1953). С. 468—475. Тэске, улічваючы наступствы, мяркуе, што гэтая колькасць заніжана.
[174] ZSL 202 AR 509/70, S. H. Dokumente „Nürnberg”, Dokument 15.
[175] ZSL 202 AR 509/70, S. H. Dokumente „Hamburg”, Dokument 5.
[176] ZSL 202 AR 509/70, S. H. Dokumente „Erntefest I”, Dokument 6.
[177] Тамсама, Dokument 4.
[178] ZSL 202 AR 509/70, S. H. Dokumente „Hornung”, Dokument 5.
[179] ZSL 202 AR 509/70, S. H. Dokumente „Сottbus”, Dokument 11.
[180] Такая вялікая колькасць трафеяў тлумачыцца эвакуацыяй цэлай мясцовасці. Gefechtsbericht für das Unternehmen „Herrmann”, ZSL 245 Ab.
[181] ZSL 202 AR 509/70, S. H. Dokumente „Heinrich”, Dokument 9.

Наверх

Лявон Юрэвіч. Беларуская кнігавыдавецкая дзейнасць у часе II сусветнай вайны

Снежня 23, 2000 |


За гады акупацыі ў Беларусі па–беларуску выдавалася даволі значная колькасць газет і часопісаў самых розных кірункаў, палітычных платформаў[1] . Кнігавыдавецкая дзейнасць з цалкам зразумелых прычынаў не паспела набыць такіх памераў. Хоць планы — ды й пэўныя несумненныя здабыткі — у гэтай галіне былі. Вось, прыкладам, што піша ў сваіх успамінах Яўхім Кіпель: «Я ўлучыўся ў працу навуковага аддзелу, найперш аддаўшыся распрацоўцы праграмы друкаваньня падручнікаў для школаў. Быў арганізаваны мэтадалягічны камітэт, у які ўвайшлі дзясяткі дзейных настаўнікаў, некалькі навукоўцаў, ды былі падабраныя аўтары падручнікаў. За першы год мы запусьцілі ў апрацаваньне каля 15 падручнікаў і 4 слоўнікі»[2] і крыху далей: «Пры газэце «Голас Вёскі» мы пачалі рыхтаваць брашуры сельскагаспадарчага зьместу ў дапамогу селяніну. Увесну 1944 г. у друк было здадзена 6 кніжачак, якія мусілі выйсьці 25–тысячным тыражом кожная. Попыт на такую літаратуру быў вялікі. У некаторых месцах нават былі адчыненыя кіёскі з падобнымі выданьнямі»[3].

Нягледзячы на тое, што ў Берліне беларусы былі зусім непрацяглы час (ды які — у плане гістарычным!), нямала выданняў пазначана гэтым горадам: «У значна большай меры пачалося беларускае кнігадрукаваньне на Захадзе ў час другой сусветнай вайны. У канцы 1939 г. у Берліне стала выдавацца беларуская газета «Раніца», якая выходзіла да 1945 г. Пры «Раніцы» пачалі друкавацца беларускія кнігі. Адной з першых, а магчыма і першай была брашура Міколы Шкялёнка «Экономічны нарыс Беларусі» (Бэрлін, 1940). Крыху пазней у Берліне выйшлі гэткія публікацыі: Ніна Абрамчык. Беларусь у песьнях (1942), Гісторыя Беларусі ў картах (1942).

У 1944 г. у Берліне ў сэрыі «Народная бібліятэчка» выйшлі наступныя кніжкі:

1. Юрка Віцьбіч. Нацыянальныя сьвятыні.

2. Уладзімер Глыбінны. Смаленшчына — адвечная зямля беларускага народу: Гістарычны нарыс.

3. Арцём Музыка. Прыгоды Панаса і Тараса.

4. Юрка Віцьбіч. Вяліскія Паўстанцы. Геньдзікаўскія змагары.

5. Лявон Радзіміч. Адам і Ева. Чабор: Апавяданьні.

6. Мікола Шчаглоў. Беларуская музычная культура.

7. Дудар і іншыя апавяданьні.

8. Сураў. Нямецкая мэдыцына ў барацьбе з бічом людзкасьці.

Тады ж у Берліне ў сэрыі «Бібліятэчка Калінаўцаў» пад №1 выйшла кніжка В. Ластоўскага «Што трэба ведаць кожнаму беларусу» (1944).

У Берліне былі выдрукаваныя кнігі: У. Жылка. Тэстамэнт (1944); К. Езавітаў. Беларуская цэнтральная рада (1944); брашура «Беларускі народ зневажняе бяспраўныя пастановы» (1945)

У прозе ў часе вайны выйшла некалькі меншых публікацыяў — прыкладам, «Курс зь гісторыі Беларусі» Янкі Станкевіча, «Лекцыі зь Беларускай культуры» д–ра Івана Ермачэнкі, а таксама кнігі большага аб’ёму: Якуб Колас. Сымон Музыка (Прага, 1942); Ларыса Геніюш. Ад родных ніў (Прага, 1942); Беларускія (крывіцкія) песьні для соля, дуэту, квартэту (Прага, 1943)»[4].

Надрукаванае за часы вайны ў Беларусі дае падставы казаць пра прыярытэтныя кірункі адраджэння беларускай кнігавыдавецкай дзейнасці: падручнікі і праграмы для школ, беларуская мова, рэлігія ў роднай мове, новае — прабеларускае і антытаталітарнае — прыгожае пісьменства, фальклор.

Гэтая бібліяграфія, складзеная на падставе калекцыі, сабранай дырэктарам Беларускага інстытута Навукі і Мастацтва (Нью–Ёрк) др. Вітаўтам Кіпелем, без аніякага непатрэбнага маралізатарства ці (сама)апраўдання, гаворыць за тыя ідэі і памкненні, што валодалі беларускімі дзеячамі ў 1941—1945 г.[5]

1941

1. Каляндар 1942. Менск, 1941.

На кожны дзень адна старонка; лічбай пазначаныя тыдні, нумарамі дні ад пачатку і да канца года, адна старонка для нататак і дзве старонкі для адрасоў і тэлефонаў. Цвёрдая вокладка. Унутраныя старонкі вокладкі табель–каляндар.

2. Народны Каляндар на 1942 г. Менск: Выданне Беларускай Народнай Самапомачы, 1941. Анатацыя ў „Беларускай Газэце“ (Менск). 1942. №55(75). 1 жніўня.

3. Праграма беларускай мовы для народнае школы / Інспэктарыят беларускіх школ пры генэральным камісары Беларусі. Праект. Менск: Краёвая Друкарня, 1941. 15 с.

4. Праграма прыродазнаўства для народнае школы. Менск: Краёвая Друкарня, 1941.

5. Праграмы для народнай школы. 1941 / “Новы Шлях”. 1943. № 18(30), верасень. С. 9.

6. Rešec, J. Ks. Dr. Karotki katechizm dla Bielarusaŭ–Katalikoŭ. Wyd. 2. Miensk: Drukarnia Mienskaje haradzkoje Uprawy, 1941. 45 s.

На вокладцы зазначана: Wydawiectwa Ks. Dr. St. Hlakoŭskaha. Першае выданне было ў Вільні ў 1927 г. Віленскае выданне 1927 г. было без зменаў перавыдадзенае ў ЗША ў 1977 г. кс. Ф. Чарняўскім.

1942

7. Аляхновіч, Ф. У кіпцюрох Г. Менск, 1941 ці 1942.

8. Дажынкі, 1942. Менск, 1942.

Наклейка ў колеры бел–чырвона–зялёным. Сноп абвіты вянком і пераплецены бел–чырвона–белым сцягам. Свята абходзілася ў кастрычніку 1942 г.

9. Праграма фізычнага ўзгадаваньня. Для беларускіх народных школаў. Менск, 1942. 32 с. Паводле „Голас Вёскі“. 1942. №1(14).

10. Самохін, Т. Непагодны вечар. Раманс. Словы М. Багдановіча. Рыга: Выданне К. Езавітава, 1942. 4 с.

11. Станкевіч, Я., др. Крыўя—Беларусь у мінуласьці. Менск: Выданне Беларускае Народнае Самапомачы, 1941 ці 1942. 67 с. Адбітка з «Менскай Газэты». 12.11.1941—31.1.1942.

1943

12. Biełaruski lemantar. Мiеnsk: Vyd–va padrucnikaŭ і litaratury dla moladzi, 1943. Паводле „Новы Шлях“. 1943. №12(24).

13. Вясна–красна. Зборнічак веснавых беларускіх народных песьняў. Менск: Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1943. Паводле „Новы Шлях“. 1943. №10(22).

14. Dabrynskaja, Z. i M. Zavuścinski. Zbornik arytmetyčnych zadačau i prykładau na II klasu narodnaje škoły. Miensk: Vyd–va padručnikaŭ i litaratury dla moladzi, 1943. 104 s. Тыраж 50 000.

Dabrynskaja, Z. і P. Syrynski. Zbornik arytmetyčnych zadačaŭ i prykładaŭ na I klasu narodnaje škoły. Miensk: Vyd–va padručnikaŭ і litaratury dla moladzi, 1943. 88 s. Тыраж 50 000.

15. Зборнік купальскіх і жніўных беларускіх песьняў. Улажыў М. Шчаглоў. Менск, 1943. 36 с. (Прага, К 620).

16. Kisiel, P. Biełaruski lemantar. Miensk: Vyd–va školnych padrucnikaŭ i litaratury dla moladzi, 1943(?). 96 s. Паводле „Беларускі Голас“. 1944. №102.

17. Ластоўскі, В. Што трэба ведаць кожнаму беларусу. Менск: Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1943. Выд. 2. Пашырыў Я. Найдзюк. Паводле „Новы Шлях“. 1943. № (22).

18. Лёсік, Антон. Беларускі правапіс. Менск: Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1943. 60 с.

19. Losik, Anton. Biełaruski pravapis. Miensk: Schul– und Jugendverlag, 1943. 72 s. Перавыдадзена ў ЗША а. Ф. Чарняўскім у 1962 г.

20. Покліч (Наваградак, Беларуская Настаўніцкая Сэмінарыя). Школьны часапіс. 1943. № 1. Паводле: „Новы Шлях“. 1943. №24(36). Снежань.

21. Станкевіч, Я. Кніжка вучыцца чытаць і пісаць. Для пачатковых школаў. Менск: Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1943. 48 с.

22. Страявы вайсковы статут / Пераапрацаваў зь нямецкага вайсковага статуту (Ausbildungsvorschrift fur die infanterie. Heft 2) падпаручык арт. Мікула Віталі. Менск: Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1943. 31 с.

Уступная зацемка галоўнага кіраўніка БНС д–ра Ермачэнкі, прадмова капітана Кушаля.

23. Тарашкевіч, Б. Беларуская граматыка. Выд. 6. Менск: Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1943. 104 с.

Прадмова да 6–га выдання датаваная жніўнем 1942 г. Тыраж 100 000 экз.

Зборнік купальскіх і жніўных беларускіх песьняў / Уклад. М. Шчаглоў. Менск: Выдавецтва школьных падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1943. 36 с.

У зьмесьце 30 песьняў.

24. Эвангельскі хрысьціянскі сьпеўнік / Прадмова А. Кецко. Менск: Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі, Schul– und Jugendverlag, 1943. 176 с.

Прадмова падпісаная: Менск, 5.11.1942. Пераклады Н.Арсенневай. Новы Шлях, № 12(24), 1943.

25. Юнацкі сьпеўнік. Менск, 1943(?). 31 с.

Песні з нотамі. На вокладцы эмблема СБМ.

1944

26. Аляхновіч, Францішак. Круці, ня круці — трэба памярці. Сцэнічны гротэск у шасьцёх абразкох з пралёгам. Менск: Выданьне часапісу „Новы Шлях“. 1944. 79 с.

27. Арсеньнева, Натальля. Сягоньня: Вершы: 1941—1943. Менск: Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1944. 127 с.

Друкарня Аўшра ў Вільні. Дазвол да друку ў нямецкай мове. Партрэт аўтаркі.

28. 25 Сакавіка. 19181944. Менск, 1944.

Наклейка з надпісам: 25 Сакавіка. 1918 1944. Шчыт з Пагоняй і бел–чырвона–белы сцяг над Пагоняй.

29. Лебяда, Тодар. Песьні выгнаньня. Менск: Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1944. 32 с.

Зборнік друкаваўся, відавочна, у Вільні, як вынікае з рэцэнзіі ў: Беларуская Газэта (Менск). 1944. № 23(241). 22 сакавіка.

30. Найдзюк, Язэп. Беларусь учора і сяньня. Папулярны нарыс з гісторыі Беларусі. Выд. 2, пашыранае. Менск, 1944. 303 с.

31. Песьняры Случчыны. Зборнік вершаў / Пад рэд. Ул. Клішэвіча; прадмова П. Манькова. Слуцак, 1944. 234 с.

Вершы Ўладзімера Клішэвіча, Лявона Случчаніна, Янкі Золака, Арыстарха Крата, Васіля Блакітнага, Леаніда Гая, Базыля Явара. Газэта Случчыны (Слуцак). 1944. 8 лютага.

32. Салавей, Алесь. Мае песьні. Зборнік лірыкі. Менск: Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1944. 94 с.

Партрэт аўтара. Змест: Узыдзе ранак…\ і заплакалі сумныя далі\ Так блізка…\ На хуткіх крыльлях вольнага Пэгаса (паэма).

33. Случанін, Лявон. Рагнеда. Паэма. Менск: Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі, 1944. 63 с.

Ілюстрацыі мастака В. Дрэмы. Прысвячэнне: Юначкам Саюзу Беларускай Моладзі прысьвячаю. Перавыдадзена: Аўстралія, 1958; Слуцак, 1994.

34. Станкевіч, Я. пры ўчасьці Ант. Адамовіча. Маленькі маскоўска–беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразэолёгічны і прыказкаў ды прывітаньні, зычэньні і інш. Менск: Выдавецтва падручнікаў і літаратуры для моладзі ў Менску, 1944. 151 с.

35. Статут Праваслаўнай Беларускай Аўтакефальнай царквы, прыняты Усебеларускім Царкоўным Саборам 30.8. 2.9.1942. Менск, 19 траўня 1944. 17 с.

Подпісы: Мітрапаліт Панцеляймон; Бэнэдзікт, Архіяпіскап Беластоцкі і Горадзенскі; Філафей, Архіяпіскап Магілёўскі і Мсьціслаўскі; Іоанн, Архіяпіскап Палескі і Берасьцейскі; Афанасі, Япіскап Віцебскі і Полацкі; Сьцяфан, Япіскап Смаленскі і Бранскі; Грыгоры, Япіскап Гомельскі і Мазырскі; Павел, Япіскап Рослаўскі. Выданне Царкоўнага Сьветача — дадатак да артыкула Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква. ЗША. Гл. Статут, 1955. У Берліне ўвосень 1944 г. зробленая фатаграфічная адбітка ў колькасці 10 экз. Разам з Статутам падшытыя: Дадатак да §24 Статуту і Указ Сьвятога Сынода Беларускай Праваслаўнай Царквы“.

36. Taraškievič, B. Biełaruskaja hramatyka. Miensk: Vyd–va školnych Padručnikaŭ i Litaratury dla Dziaciej, 194(?). „Biełaruski holas“. 1944. № 102.


[1] Жумарь С. Оккупационная периодическая печать на территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны. Мiнск, 1996.
[2] Кіпель Я. Эпізоды. Нью–Ёрк: Беларус, 1998. С. 213.
[3] Тамсама. С. 222.
[4] Кіпелі З. і В. Беларускі друк на Захадзе // Albaruthenica—Беларусіка.
[5] Культура Беларускага замежжа: Беларуска–амерыканскія гістарычна–культурныя ўзаемадачыненні. Мінск, 1995. С. 50—51.

Наверх

Бежанства 1915 года. Рэд. Віталь Луба (Станіслаў Рудовіч)

Снежня 5, 2000 |

Бежанства 1915 года. Рэд. Віталь Луба. Беласток, 2000. 416.

1915 год (у адрозненне, напрыклад, ад 1812, 1861 ці тым больш 1917) яшчэ не ўспрымаецца ў навуковым дыскурсе і тым больш у грамадскай свядомасці беларусаў як больш–менш выразная храналагічная дамінанта і пэўная веха ў айчыннай гісторыі. Падзеі і працэсы перыяду першай сусветнай вайны ўсё яшчэ выцеснены на другі план Кастрычніцкім пераваротам у Расійскай імперыі і больш блізкім да нас па часе другім сусветным ваенным катаклізмам. Між тым менавіта ў 1915 г. Беларусь упершыню ў ХХ ст. стала плацдармам крывавага сутыкнення двух геапалітычных монстраў — Германскай і Расійскай імперый. Менавіта тады нямецка–расійскі фронт упершыню падзяліў этнічную тэрыторыю беларусаў на заходнюю і ўсходнюю часткі (так што польска–савецкая дамова 1921 г. у Рызе была ўжо фактычна другой рэдакцыяй падзелу). Па сутнасці, упершыню за сваю гісторыю (а не толькі найноўшую) Беларусь спазнала тады і такія маштабныя міграцыі насельніцтва на ўсход. Акрамя соцень тысяч мужчын, мабілізаваных у расійскае войска, да паўтара мільёна чалавек (прыкладна кожны пяты жыхар краю!) пад уплывам афіцыйнай прапаганды, а нярэдка і пад непасрэдным ціскам уладаў, пакінуўшы сваё жытло і страціўшы сталыя крыніцы існавання, вымушаны былі рушыць на ўсход, у глыб Расійскай імперыі.

Больш за паўтары сотні ўспамінаў такіх бежанцаў з Беласточчыны былі запісаны ў 1958—2000 г. карэспандэнтамі беларускай газеты „Ніва“, навукоўцамі, а таксама ўдзельнікамі маладзёвых летнікаў 1997 і 1998 г. Вынікам гэтай працы стаў выдадзены ў Беластоку зборнік успамінаў „Бежанства 1915 г.“. Як адзначае ва ўступным артыкуле Яўген Мірановіч, аўтары ўспамінаў належалі да наймалодшага пакалення бежанцаў. Такім чынам чытач атрымаў магчымасць пачуць першае ў ХХ ст. пакаленне „дзяцей вайны“ — далёкай і напаўзабытай вайны. З іншага боку, на час запісу іх аповедаў — гэта ўжо людзі вельмі сталага веку, многіх па праву можна лічыць за доўгажыхароў: кожны трэці дасягнуў або перасягнуў 90–гадовую мяжу, а некалькі чалавек — і 100–гадовую. Верагодна, у гэтым адна з прычын лаканічнасці большай часткі ўспамінаў, якія перадаюць толькі асноўны бег падзей жыцця апавядальнікаў ды іх сваякоў. Аднак у зборніку ёсць і разгорнутыя мемуарныя нататкі. Яны належаць Антону Акачуку, святару Ўладзіміру Гарусевічу, Антону Порацу, Ціхану Трахімюку, Аляксандры Яновіч (у апрацоўцы сына — Сакрата Яновіча) і іншым.

Матэрыялы зборніка даюць магчымасць убачыць, па сутнасці, нацыянальную трагедыю вачыма яе сведак і ахвяраў. У памяці былых бежанцаў захаваліся непаўторныя „рысы часу“, якія наўрад ці могуць адлюстраваць іншыя крыніцы. Не кожны афіцыйны дакумент можа перадаць псіхалагічны стан асобы, настрой уцекачоў, даць магчымасць адчуць удушлівую атмасферу спякотнага „бежанскага“ лета 1915 г.: „Паветра, насычанае смуродам конскага поту, перамешвалася з пылам і выхлапнымі газамі аўтамабіляў. Затыкала нос і горла. Людзі хварэлі, а смерць збірала жніво. Трупы валяліся побач дарогі. Ніхто не прыбіраў, не звяртаў на памерлых увагі“ (32). Вось бежанскі абоз трапляе пад нямецкую бамбёжку. На полі застаюцца самыя безабаронныя — шасцігадовае дзяўчо–сірата са старэнькім дзядулем. „А бомбы падаюць, выбіваюць ямы, агонь! Дзедку вочы прысмаліла […] Што дзедку рабіць… Мяне не пакідае. Мы толькі двое на тым полі, людзі разбегліся, толькі вазы, коні амаль усе раненыя вішчаць“ (163). Успамін іншай малалетняй бежанкі — пра жыццё ў далёкім горадзе Кургане: „У час рэвалюцыі цяжка было. Бацькі няма, нас трое малалетніх. Мы, бывала, ходзім, шнырым. Прыцягнулі мяшок мукі, прыкацілі бочку з маслам. Мама лавіла рыбу, ракаў лавіла, мы тых ракаў высысалі, так і карміліся. У бараках мы жылі, сорак сем’яў. Пацукі нам па галовах бегалі, не было дзе схаваць апошняга кусочка хлеба — то ў печцы яго вешалі. Ой, страшна было…“ (266).

Нястача, эпідэміі, смерць родных і блізкіх — усе гэтыя няшчасці спаўна зведалі героі кнігі. Звяртае на сябе ўвагу адсутнасць ў іх аповедах азлобленасці і нараканняў на лёс. Наадварот, шмат у якіх успамінах гучыць даволі нечаканы матыў: шчырае здзіўленне беларускіх сялян ад ветлівасці і шчодрасці тых людзей, якіх яны, па сутнасці, абцяжарылі сваім з’яўленнем, і пачуццё ўдзячнасці. „Рускія людзі вельмі добрыя, шанавалі нас, бежанцаў, у бядзе памагалі, харчы прыносілі“ (56). Пра чувашоў: „Гэта вельмі прыемны і добры народ. Чувашы вельмі часта абдароўвалі бежанцаў, апекаваліся намі“ (87). „Мясцовыя казакі (на Кубані. — С.Р.) прыхільна сустрэлі бежанцаў“ (194). „А найлепшыя людзі то на Украіне былі“ (210).

Аднак з пачаткам у 1917 г. рэвалюцыйных эксперыментаў бежанцы адчулі пагаршэнне свайго становішча. „Добра там было, але толькі да рэвалюцыі. А як стала рэвалюцыя, то і стаў голад“ (139). „З прыходам рэвалюцыі […] станавілася штораз цяжэй, нічога нельга было купіць, усё было на талоны“ (78). Рэвалюцыйнае бязладдзе і тэрор падштурхоўвалі да хутчэйшага вяртання на радзіму.

Шлях у зваротны бок часам цягнуўся па некалькі месяцаў і зноў суправаджаўся голадам, хваробамі і смерцю. Менавіта пад час пераездаў — у бежанства і назад — уцекачы панеслі найбольшыя страты.

Апублікаваныя ўспаміны — пры ўсёй спецыфічнасці гэтай крыніцы — найкаштоўнейшы матэрыял для асэнсавання лёсу народа праз лёсы тыповых яго прадстаўнікоў. Зрабіўшы папраўку на асобныя недапрацоўкі складальнікаў (напрыклад, працу з кнігай вельмі абцяжарвае адсутнасць поўнага геаграфічнага паказальніка), беластоцкі зборнік можна браць за прыклад пры падрыхтоўцы аналагічных выданняў па іншых праблемах гісторыі Беларусі ХХ ст.

Менск

Станіслаў Рудовіч

Mueller, Rolf–Dieter / Ueberscaer, Gerd R. Hitlers Krieg im Osten (Сяргей Новікаў)

Снежня 4, 2000 |

MUELLER, ROLF–DIETER / UEBERSCHAER, GERD R. Hitlers Krieg im Osten. 1941—1945. Ein Forschungsbericht. Darmstadt, 2000. 451 s.

Пачнем з удакладнення, якое неабходна зрабіць у сувязі з тым, што нямецкія аўтары новай гістарыяграфічна–бібліяграфічнай працы Рольф–Дзітэр Мюлер і Герд Р. Юбершэр часткова змянілі назву свайго першапачатковага англамоўнага выдання Hitler’s war in East, 1941—1945: a critical assesment, падрыхтаванага чатырма гадамі раней дзякуючы творчаму супрацоўніцтву навукоўцаў Цэнтра ваенна–гістарычных даследаванняў у Патсдаме і Федэральнага ваеннага архіва ў Фрайбургу. Што падштурхнула аўтараў да ўнясення зменаў у назву новага выдання? Наколькі яно адрозніваецца ад папярэдняга? У чым каштоўнасць рэцэнзаванай кнігі для сённяшняга беларускага студэнта, чытача, навукоўцы?

Адразу зазначым, што больш пільнай увагі патрабуе іншы момант працы — аўтарская канцэпцыя, у межах якой даследуецца адна з самых складаных і важных праблем, якія, з аднаго боку, з’яўляліся кропкай ідэалагічнага непаразумення, нават навуковага супрацьстаяння, а з другога — аб’ектам пастаяннага вывучэння з дэтэрмінаванымі поглядамі, падыходамі, тэхналогіямі, высновамі, ацэнкамі, канцэпцыямі і г.д. Таму аўтарам працы давялося не толькі асэнсаваць сутнасць такой сітуацыі, але і ўзяць на ўлік шэраг аспектаў палітычнага, навуковага і грамадскага характару і толькі потым прыйсці да ўласнага гістарыяграфічна–бібліяграфічнага доследу. Як вынік — аўтарам удалося знайсці арыгінальную канцэпцыю навуковай сістэматызацыі, аналізу і выкарыстання больш за 4 тыс. выданняў па тэме «Вайна Гітлера на Ўсходзе».

Спачатку параўнаем назвы абодвух выданняў. Адразу відавочна перавага англамоўнага варыянта, паколькі ён насіў больш прывабны характар, засяроджваў увагу чытача на крытычным аналізе другой сусветнай вайны на «ўсходзе». Аднак сваю задачу аўтары бачылі якраз у аналізе бібліяграфічных выданняў, а не ў даследаванні гісторыі вайны. У новым жа выданні акцэнт пастаўлены не столькі на аналіз навуковых прац, збораў дакументальных крыніц і літаратуры, колькі на вынікі даследавання гэтай гістарычнай праблемы ў шырокім міжнародным кантэксце. З унясеннем такога ўдакладнення, на наш погляд, праца не страціла сваёй навуковай каштоўнасці. Бясспрэчна, што яна была раней і з’яўляецца цяпер першым у сусветнай гістарыяграфіі даследаваннем такога кшталту.

Звернемся да тэхналогіі правядзення доследу ці метадалагічных асноў навуковай канцэпцыі Р.–Д.Мюлера і Г.Р.Юбершэра. На наш погляд, і першае, і другое з’яўляюцца падмуркам для вывучэння міжнароднай бібліяграфічнай спадчыны тэмы другой сусветнай вайны. Вось чаму нямецкія аўтары як у англа–, так і ў нямецкамоўным выданнях зыходзілі з галоўнай навуковай тэзы — даследаванне асобных гістарычных праблем ці цэлых кірункаў мінулага нельга лічыць завершаным без сістэмнага гістарыяграфічнага аналізу (с. Х), які з’яўляецца самай эфектыўнай рухальнай сілай даследчага пошуку. Нямецкія гісторыкі звяртаюцца да альтэрнатыўных ацэнак і пошуку абгрунтаваных высноў. Такі даследчыцкі ключ сёння ўжо нельга пакінуць незаўважаным і беларускім даследчыкам толькі па той прычыне, што ў айчыннай гістарычнай навуцы параўнальны аналіз пакуль не выйшаў за межы традыцыйных падыходаў. Як вынік — праблемныя пытанні ці цэлыя кірункі не толькі гісторыі другой сусветай вайны, а, перш за ўсё, і акупацыі Беларусі пакуль не даследаваны ў кантэксце патрабаванняў сусветнай гістарычнай навукі і ў святле «новага крытычнага вывучэння гісторыі» (ХI).

Разгляд структуры і зместу новай працы нямецкіх аўтараў паказвае, што яны акцэнтуюць увагу на вузлавых праблемах гісторыі другой сусветнай вайны на «ўсходзе» і менавіта праз іх кампазіцыйна дзеляць кнігу на 7 раздзелаў, прысвечаных нацысцкай палітыцы і стратэгіі; кіраўніцтву ваеннымі аперацыямі; вайне светапоглядаў і вайне на вынішчэнне; палітыцы акупацыі; наступствам вайны; пераадоленню мінулага; заключэнню. Змястоўнае вывучэнне кожнага з іх прыводзіць да высновы: праца «Вайна Гітлера на Ўсходзе» мае трывалы падмурак навуковых крыніц, збораў дакументаў, аўтарскіх і калектыўных манаграфій, артыкулаў і інш., што складае бібліяграфічную частку рэцэнзаванага даследавання. У пералік літаратуры, створанай за пасляваенныя гады, трапляюць побач з заходнімі выданнямі і найбольш значныя працы прадстаўнікоў савецкай, сённяшняй расійскай і беларускай школ гісторыкаў, а таксама навукоўцаў ГДР (Х, ХI). Характэрным крытэрыем выяўлення і адбору такіх публікацый быў прынцып навуковай адпаведнасці ці метадалагічны падыход, у якім гісторыя вайны на Ўсходзе разглядаецца комплексна, г.зн. шырэй, чым «чыста аператыўныя дзеянні», але з улікам «самых розных знешніх, унутраных, эканамічных і грамадскіх праяў» (IХ).

Асноўную частку працы Р.–Д.Мюлер і Г.Р.Юбершэр прысвяцілі тэматычнай сістэматызацыі літаратуры агульнай колькасцю амаль у 3,5 тыс. выданняў, якія скампанаваны ў чатырох раздзелах. У кожным з іх аўтары адлюстравалі: па–першае, гісторыю палітыкі і стратэгіі Гітлера з моманту ўсталявання яго рэжыму ў 1933 г. (46) і да ліквідацыі ў 1945 г.(65), а таксама праграму па стварэнні «ўсходняй імперыі» (71); па–другое, планы вышэйшага кіраўніцтва Нямеччыны па падрыхтоўцы і правядзенні ваенных аперацый у рамках дырэктывы «Барбаросы» (162) і да заканчэння ваенных падзей у Берліне ў траўні 1945 г. (217); па–трэцяе, праблемы гістарычнага ўдзелу вермахта ў выкананні «злачынных загадаў» вышэйшага нацысцкага кіраўніцтва (277) у адносінах да камісараў, камуністаў, ваеннапалонных, а таксама ў «генацыдзе яўрэяў» (281); па–чацвёртае, пытанні дзейнасці акупацыйнага рэжыму як на ўсходзе ўвогуле (310—373), так і на тэрыторыі Беларусі (359—361, 365—371) у прыватнасці; па–пятае, месца ваеннай праблематыкі ў навуковым, палітычным і грамадскім развіцці краін Усходу і Захаду на працягу амаль 50 пасляваенных гадоў (396—409), ролю гістарычнай навукі Нямеччыны ў вяртанні «праўды» грамадству (435) і інш.

Такім чынам, нават агульнае знаёмства з бібліяграфічнай часткай рэцэнзаванай працы Р.–Д.Мюлера і Г.Р.Юбершэра пераканаўча сведчыць пра каштоўнасць такога выдання, неабходнасць яго выкарыстання ў якасці даведніка па гісторыі другой сусветнай вайны і гісторыі вайны Гітлера на Ўсходзе, у тым ліку ў Беларусі. І вывучэнне гістарыяграфічнай часткі працы з’яўляецца патрэбай дня на падставе таго, што без уліку сучасных высноў і заключэнняў беларускім даследчыкам амаль немагчыма скласці сістэмнае ўяўленне пра сутнасць вузлавых гістарычных падзей, якія б да ўсяго адпавядалі сусветным навуковым здабыткам.

Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова звярнуцца да некаторых момантаў чацвёртага раздзела. Галоўны вынік, з якога аўтары пачынаюць знаёміць чытачоў са сваімі матэрыяламі, заключаецца ў тым, што вельмі цяжка адшукаць паралелі паміж першай і другой сусветнай войнамі на Ўсходзе (310). Яшчэ больш кантраставымі з’яўляюцца разыходжанні нямецкай акупацыйнай палітыкі на захопленай тэрыторыі. З першых дзён свайго ўсходняга паходу немцамі вялася «вайна на вынішчэнне». Пры гэтым аўтары прыходзяць да высновы, што абодва бакі вялі «татальную вайну». Заваёва ўсходніх тэрыторый на новы лад між тым не магла разглядацца толькі як адзіны крок па стварэнні падмурка для нямецкага сусветнага панавання. Наступным крокам была гаспадарчая перабудова як «непасрэдная перадумова» эканамічнага панавання (312). Роля выканаўцы такіх праграм на Ўсходзе была адведзена «нямецкаму акупацыйнаму рэжыму», які ўсталяваўся на захопленай тэрыторыі і трымаўся пры гэтым «на чатырох слупах — вермахце, войсках СС, гаспадарцы і грамадзянскай адміністрацыі» (312). Разгляд гісторыі акупацыі ў Беларусі аўтары паказваюць праз шэраг англа– і нямецкамоўных публікацый, але асаблівую ўвагу аддаюць даследаванням сваіх калег–гісторыкаў: Вольфганга Бенца, Крысціяна Герлаха, Ганнеса Герра, Бернгарда К’яры, Ёгана Шлотца і інш. Беларускім гісторыкам ужо вядомыя гэтыя прозвішчы, аднак айчынны чытач толькі цяпер пачынае знаёміцца з іх гістарычнымі даследаваннямі, прысвечанымі гісторыі нямецкай акупацыі, калабарацыі, супраціву на Беларусі ў гады другой сусветнай вайны і г.д.

Менск

Сяргей Новікаў

Gerlach, Christian. Kalkulierte Morde (Сяргей Новікаў)

Снежня 3, 2000 |

GERLACH, CHRISTIAN. Kalkulierte Morde. Die Wirtschafts- und Vernichtungspolitik in Weißrußland 1941 bis 1944. 2. Auflage. Hamburg: Hamburger Ed., 2000. 1232.

Праца Хрысціяна Герлаха — „Скалькуляваныя забойствы: Нямецкая эканамічная палітыка і палітыка вынішчэння ў Беларусі з 1941 да 1944″ — вартая таго, каб на яе яшчэ раз звярнулі ўвагу беларускія гісторыкі (першы раз яна рэцэнзавалася ў папярэднім нумары БГА, гл.: БГА. Т.7 (2000). Сш. 1(12). С.276—280).

Выявіць навуковую, гістарычную і грамадскую каштоўнасць даследавання мы можам толькі пасля разгляду яго тэматыкі і асноўных палажэнняў. Адразу звернемся да агульнай характарыстыкі працы нямецкага навукоўцы, выявім яе бібліяграфічную і дакументальную аснову. Зварот да такіх рабочых момантаў спрыяе ўсведамленню аўтарскай канцэпцыі доследу.

Кніга з’яўляецца перапрацаваным варыянтам дысертацыі, абароненай у Тэхнічным універсітэце Берліна ў 1997 г. Яна пабачыла два выданні (у 1997 і 2000 г.), што тлумачыцца, па-першае, фундаментальнасцю працы, даследчы падмурак якой складаюць найбагацейшыя архіўныя матэрыялы, выяўленыя аўтарам у больш за 200 фондах з 37 архіваў Беларусі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, ЗША, Польшчы, Расіі, Чэхіі; па-другое, арыгінальнасцю навуковых падыходаў да пытанняў гісторыі нямецкай эканамічнай палітыкі і палітыкі вынішчэння ў Беларусі з 1941 да 1944 г.; па-трэцяе, грунтоўнасцю аўтарскай канцэпцыі ў дачыненні да аналізу дзейнасці акупацыйнага рэжыму.

Даследаванне ўключае ўступ з трыма раздзеламі, дзве галоўныя часткі з дзевяццю раздзеламі і 51 падраздзелам. Пры гэтым чатыры пятых агульнага аб’ёму ўсёй кнігі прыпадае на галоўныя часткі. Заканчвае працу спіс крыніц і літаратуры, а таксама рэестр скарачэнняў, паказальнік імёнаў і геаграфіч ных назваў.

Уступ („Einleitung”, s. 11—35) раскрывае сутнасць узнятай гістарычнай і навуковай праблемы, стан яе навуковай распрацоўкі. З улікам гэтага аўтар вызначае даследчыя мэты і задачы, характарызуе крыніцы і расстаўляе акцэнты на метадалогіі ўласнага доследу.

Два наступныя раздзелы даюць мажлівасць пазнаёміц ца, з аднаго боку, з гісторыяй нямецкага планавання ў дачыненні да Беларусі („Deutsche Planungen für Weißrußland und ihre Grundlagen, 36—127), а з другога — са структурай і функцыямі акупацыйнага рэжыму (Aufbau und Funktion der Besatzungsverwaltung”, 128—231). Такі пашыраны спектр даследчага пошуку, выкарыстанне арыгінальных падыходаў, спасылкі на багатую дакументальную базу амаль не пакідаюць чытачу падстаў для сумнення, непрыняцця ці аспрэчвання высноваў, якія вынікаюць з аналізу: па гісторыі ўзнікнення планаў вынішчэння мірнага насельніцва; па выкарыстанні тэорыі „перанаселенасці на Беларусі” (76); па ўліку эканамічных інтарэсаў Германіі ў вайне на ўсходзе; па дапасаванні распрацаваных планаў да вызначанай „палітычнай канцэпцыі для Беларусі” (94); па адпаведнасці нямецкіх перасяленцаў патрабаванням планаў і праграм; па аптымальнасці структуры ваеннай адміністрацыі (134), гаспадарчых органаў (142) і грамадзянскага кіравання, а таксама апарата СС і паліцыі, іншых акупацыйных службаў; па патэнцыяле мясцовых органаў кіравання з ўдзелам калабарантаў і саміх немцаў як кіраўнічага персаналу на акупаванай тэрыторыі (196) і інш.

Першая галоўная частка ахоплівае пытанні нямецкай эканамічнай палітыкі ў Беларусі („Die deutsche Wirtschaftspolitik in Weißrußland 1941—1944″, 231—502).

Спачатку Х.Герлах разглядае сельскагаспадарчую і харчовую палітыку нямецкай акупацыйнай адміністрацыі („Landwirtschàfts- und Ernährungspolitik”, 231—265). Аўтар спыняецца на поўнамаштабным выкарыстанні рэсурсаў беларускай вёскі для забеспячэння нямецкага войска прадуктамі харчавання (253). На аснове дакументаў высветлены праблемы харчавання мясцовага насельніцтва („Ernährung der Zivilbevölkerung”, 265—319), якое трапіла ў складаную сітуацыю „голаду” (289). Праблемы сельскагаспадарчай вытворчасці („Probleme der landwirtschaftlichen Produktion”, 319—341) разглядаюцца ў кантэксце пошукаў нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй любых сродкаў для павышэння вынікаў дзейнасці асноўнага прадукцыйнага фактара — „чалавека” (329). Сярод арганізацыйных формаў Х.Герлахам называецца „аграрная рэформа” (342), з правядзеннем якой прадугледжваліся змяненні ў сельскагаспадарчай вытворчасці беларускай вёскі („Die Änderung der landwirtschaftlichen Betriebs- und Bevölkerungsstruktur: die deutsche Agrarreform in Weißrußland “, 342—371).

Наступны раздзел прысвечаны палітыцы дэіндустрыялі зацыі і дэурбанізацыі („Die deutsche Politik der Entindustrialisierung und Entstädterung”, 371—449). Аўтар паказвае вынікі разбурэння прамысловай вытворчасці ў Беларусі ў першыя тыдні вайны (373); дае ацэнку прадукцыйнаму патэнцыялу і спрабуе выявіць перашкоды на шляху да яго выкарыстання для патрэб вайны (385); спыняецца на асобных галінах вытворчасці металу і тэкстылю (395), здабычы торфу і забеспячэнні электраэнергіяй (404); разглядае нямецкую палітыку дэурбанізацыі (418); паказвае сутнасць інвестыцыйнай і фінансавай палітыкі (431), а таксама вынікі гаспадарчага „аднаўлення” прамысловасці ў асобных гарадах (436); „сацыяльную палітыку” акупацыйнага рэжыму ў дачыненні да гарадскога насельніцтва Беларусі (442).

Заключны раздзел першай галоўнай часткі свайго даследавання Х.Герлах прысвячае палітыцы ў дачыненні да рабочай сілы („Die Arbeitskräftepolitik”, 449—502). У першым падраздзеле паказана стварэнне акупацыйных органаў і вынікі іх дзейнасці („Der Aufbau der Arbeitsverwaltung und die anfängliche Phase des geringen Arbeitskräftebedarfs”, 449—456). Метады і праблемы зносін з мясцовым насельніцтвам, вярбоўка рабочай сілы, формы прымусовага захопу і вывазу на працу ў райх разглядаюцца ў наступным падраздзеле („Die Verschleppung von Zwangsarbeitern nach Deutschland”, 456—479). Пры гэтым даследчык прыводзіць памесячныя дадзеныя вывазу „ўсходніх працоўных” з Беларусі на працягу 1942—1944 г. (460). Апрача таго, Х.Герлах аналізуе матэрыялы аб метадах і сродках, якія выкарыстоўваліся акупацыйным рэжымам для захавання патэнцыялу мясцовай рабочай сілы ў межах самой Беларусі („Die Optimierung des Arbeitskräfteeinsatzes innerhalb Weißrußlands 1942—1944, ihre Methoden und Folgen”, 480—502).

Асновай другой галоўнай часткі кнігі з’яўляецца тэма нямецкай палітыкі вынішчэння ў Беларусі („Die deutsche Vernichtungspolitik in Weißrußland 1941 bis 1944″, 503—1161).

Аўтар даследуе гісторыю забойстваў беларускіх яўрэяў („Die Ermordung der weißrussischen Juden”, 503—555), падрабязна паказвае першыя антыяўрэйскія мерапрыемствы на працягу толькі двух месяцаў, чэрвеня і ліпеня 1941 г. Наступны матэрыял ахоплівае перыяд ад лета да зімы 1941 г., калі вермахт, войскі СС, паліцэйскія фармаванні пачынаюць планавае вынішчэнне беларускіх яўрэяў („Der Beginn der vollständigen Vernichtung der weißrussischen Juden im Spätsommer und Herbst 1941″, 555—655). Як бачна, гэта самы вялікі раздзел з усіх папярэдніх і астатніх. У ім Х.Герлах акцэнтуе ўвагу чытача на самых розных аспектах палітыкі і практыкі вынішчэння беларускіх яўрэяў (557, 574, 585), спыняецца на вытоках „злачынных загадаў” (630) і іх выкананні. Гістарычныя факты жыцця і смерці („Das Leben und Sterben in den Ghettos — Ausbeutung und Vernichtung”, 655—683) падаюцца аўтарам на прыкладах эксплуaтацыі і вынішчэння яўрэяў у гета Мінска, Слоніма, Ліды, Гродна, Баранавіч, Пружан і інш. Даследаванне ўключае гістарычны перыяд з лета 1942 да лета 1943, калі планавалася завяршыць ліквідацыю яўрэяў на ўсёй тэрыторыі Беларусі („Die Vernichtung der weißrussischen Juden 1942/43″, 683—774), пачаць іх дэпартацыю з іншых краін: Нямеччыны, Аўстрыі і Чэхіі (747).

Восьмы раздзел утрымлівае значны матэрыял аб вынішчэнні ваеннапалонных на беларускай зямлі („Die Vernichtung sowjetischer Kriegsgefangener auf dem Boden Weißrußlands”, 774—859). Аўтар пачынае разгляд з выяўлення фактаў „ваенных злачынстваў” у час летняй аперацыі 1941 г. (776), спыняецца на дырэктывах вышэйшага нацысцкага кіраўніцтва па вызначэнні адносін да ваеннапалонных (781), паказвае арганізацыю лагераў па іх утрыманні (785), вынішчэнні праз голад і хваробы (788—796), шляхам расстрэлаў палітычных і „расавых” ворагаў (834) і г.д., што адлюстравана ў спецыяльнай табліцы (851). Аўтар дае ўласныя падлікі „вынішчэння савецкіх ваеннапалонных у самых вяліках лагерах Беларусі” (856).

Наступны, дзевяты раздзел можна не разглядаць на той падставе, што ў папярэднім нумары БГА рэцэнзія Клаўса Арнольда была прысвечана акурат аднаму гэтаму раздзелу (выдзелена мной. — С.Н.) кнігі Х.Герлаха. Але агaворка на конт гэтага ў рэцэнзіі адсутнічае. Не вынікае такое меркаванне і з назвы рэцэнзіі. Паважаны рэцэнзент сцвярджае, што ў працы Хрысціяна Герлаха „больш чым на тысячы старонках аўтар разглядае дзеянні нямецкіх акупацыйных уладаў і іх барацьбу з партызанскім рухам” (!?) (277). Такое сцвярджэнне, на наш погляд, па-першае, не адпавядае зместу працы нямецкага калегі; па-другое , скажае сутнасць аўтарскай канцэпцыі Герлаха; па-трэцяе, дэзарыентуе навукоўцаў і чытачоў. Як у гэтай сувязі ўспрымаць нашу рэцэнзію, у якой мы, як бачна вышэй, вывучылі амаль 900 старонак тэксту, але пакуль не сустракалі матэрыялу пра барацьбу з партызанскім рухам „больш чым на тысячы старонках”. Фактам застаецца і тое, што Х.Герлах упершыню звяртаецца да згаданай праблемы толькі ў раздзеле 9.

У гэтай сувязі нельга абысці ўвагай і такі момант, як дакладнасць выкарыстання гістарычнай тэрміналогіі, згаданай у рэцэнзаваным нямецкамоўным выданні ўвогуле і ў 9 раздзеле ў прыватнасці. Напрыклад, Х.Герлах у назве раздзела і ўсіх шасці падраздзелаў ужывае аж 6 разоў тэрмін „Partisanenbekämpfung” (змаганне з партызанамі) (859, 870, 959, 975, 996, 1007) і толькі адзін раз „Partisanenbewegung” (партызанскі рух) (860). Таму зноў звернемся да думкі, згаданай у той жа рэцэнзіі, і заўважым, што ў ёй аўтар прымае азначэнне апошняга тэрміна (выдзелена мной. — С.Н.). Аднак ці можна толькі праз такі падыход перадаць сутнасць поглядаў Х.Герлаха, калі ён у дзевятым раздзеле засяроджвае ўвагу чытача менавіта на першым, а не другім азначэнні.

Для праяснення сітуацыі звернемся да назвы раздзела „Strukturpolitik durch Terror: die „Partisanenbekämpfung” (859). На наш погляд, па Х.Герлаху назва гістарычнай праблемы заключаецца ў палітыцы структурнага/сістэмнага тэрору, скіраванага на барацьбу супраць партызан/ з партызанамі . Прыняцце такой формулы азначае, што аўтар раздзела 9 ставіў перад сабой мэту раскрыць сутнасць барацьбы, суб’ектам якой з’яўляліся самі немцы, а не наадворот. Калі ж прыняць за аснову „партызанскі рух”, дык у ім галоўная роля якраз за непасрэднымі ўдзельнікамі руху — партызанамі, якія і былі суб’ектамі партызанскай барацьбы. Х.Герлах жа даследуе палітыку рэжыму — тэрор як аснову барацьбы ўсіх нямецкіх акупацыйных структур супраць партызан .

Дзесяты раздзел працы абмежаваны разглядам палітыкі вынішчэння ў дачыненні да камуністаў, удзельнікаў гарадскога супраціўлення, „усходніх людзей”, польскай інтэлігенцыі, цыганаў, псіхічна і фізічна хворых, дзяцей і інш. („Weitere Opfer der deutschen Vernichtungspoitik”, 1055—1104).

У перадапошнім раздзеле („Die Beteiligung einiger Angehöriger der Offiziersopposition gegen Hitler an den Massenverbrechen in Weißrußland”, 1104—1126) даследчык закранае пытанне ўдзелу ў масавых злачынствах на тэрыторыі Беларусі прадстаўнікоў афіцэрскай апазіцыі, якая летам 1944 г. выступіла супраць Гітлера.

Заключэнне і вывады даследчыка выклікаюць асобную цікавасць, паколькі ў апошнім раздзеле („Zusammenfassung und Schlußfolgerungen”, 1126—1161) нямецкі гісторык Х.Герлах падсумоўвае вынікі шматпланавага пошуку, праведзенага ў дачыненні да нямецкай эканамічнай палітыкі і палітыкі вынішчэння на Беларусі ў гады акупацыі. Між тым, даследаван не паказала, што вывучэнне навуковых праблем не спыняецца нават з напісаннем такіх фундаментальных прац. Чым глыбей і шырэй вядзецца навуковы пошук, тым больш сур’ёзны і прафесійны аналіз гістарычных з’яў, падзей, працэсаў і г.д. У кантэксце такога вывучэння акупацыйнага рэжыму ў Беларусі, як адзначае нямецкі гісторык, пакуль застаюцца „адкрытыя пытанні” (1161).

На нашу думку, разгляд навуковай тэматыкі і асноўных палажэнняў рэцэнзаванай працы дае аргументаваную падставу заключыць: кніга Хрысціяна Герлаха „Скалькуляваныя забойствы: Нямецкая эканамічная палітыка і палітыка вынішчэння ў Беларусі з 1941 да 1944″ мае поўнае права быць замацаванай у якасці фундаментальнага выдання сярод здабыткаў сусветнай, нямецкай і беларускай гістарыяграфіі.

Менск

Сяргей Новікаў

Бeрнгард K’яры. Лёс беларускіх габрэяў у «Генеральным камісарыяце Беларутэніі»*

Чэрвеня 27, 2000 |

Спроба наблізіцца да незразумелага

* Праца першапачаткова друкавалася ў выданні: Benz, Wolfgang / Wetzel J. (Hg.), Solidarität und Hilfe fur Jüden während der NS_Zeit. Regionalstudien 3. Danemark, Niederlande, Spanien, Portugal, Ungarn, Albanien, Weißrußland. Berlin, 1999, S. 271—309.

Улетку 1944 г. Чырвоная Армія заняла Беларусь. Нямецкі вермахт адступаў на ўсіх франтах. Савецкія жаўнеры былі з радасцю вітаныя жыхарствам краю з нагоды вызвалення ад нямецкае акупацыі. Гэтаксама сярод яго заўважаліся недавер і страх, што Саветы пачнуць караць тых, хто ў часе вайны заставаўся на акупаваным абшары. Габрэяў, што жылі ў 1941 г. у Беларусі і былі тады (побач з беларусамі і палякамі) адной з найбуйнейшых групаў насельніцтва, болей немагчыма было напаткаць ані ў гарадах, ані ў вёсках. Абсалютная бальшыня іх сталася ахвяраю галакосту. Разам з людзьмі зніклі мовы ідыш ды іўрыт, бальшыня сінагогаў была разбураная. Шмат дзе апошнім напамінам заставаліся могілкі.

Тэрыторыя сённяшняе Беларусі амаль выключна населеная беларусамі і расійцамі. Габрэі зніклі не толькі з поля зроку, але — з часоў другой сусветнае вайны — у вялікай ступені таксама і са свядомасці людзей. Той, хто пабывае ў сталіцы Менску або ў беларускіх мястэчках, будзе змушаны доўга шукаць слядоў габрэйскага жыцця і габрэйскае культуры. І ўсё-ткі існуюць мажлівасці рэканструяваць «шоах» (іўрыцк. «катастрофа». — Л.Б.) не толькі як пачварную аперацыю нацыянал-сацыялісцкіх ідэолагаў, але і праз разгляд асобных чалавечых лёсаў. У архівах «Яд Вашэм» захоўваюцца сведчанні пра тое, як беларусы, палякі і расійцы ў Беларусі мужна выступалі ў абарону сваіх габрэйскіх суграмадзянаў. Надалей будзе паказана, чаму, аднак, менавіта тут перадумовы для выяўлення гераічнай мужнасці і грамадзянскай адвагі былі горшыя, чымся ў іншых акупаваных нямецкімі войскамі краінах. Гэта ілюструюць выказванні, зробленыя ратавальнікамі і ўратаванымі ў Ізраілі або ў Беларусі.

Усюды ў акупаванай немцамі Еўропе габрэяў пераследавалі і забівалі. У межах гэтае серыі Бэата Кaсмаля і Франк Гальчэўскі вялі гаворку пра акупаваную Польшчу ды Ўкраіну[1]. У абедзвюх працах паказваюцца мужнасць, адвага і пагарджанне смерцю людзей, калі імі аказвалася падтрымка суседзям-габрэям у супрацьстаянні нацысцкай машыне тэрору. Дзеля таго, каб абараніць «выпхнутых з супольнасці народаў» габрэяў перад лёсам, вызначаным для іх нацыстамі, пагарджанне смерцю перад абліччам брутальных метадаў нямецкіх акупантаў было асабліва неабходнае ў Польшчы ды на акупаванай частцы Савецкага Саюза[2].

Стаўленне людзей да сваіх суседзяў-габрэяў датычна Беларусі гэтаксама цяжка зразумець, як і датычна Ўкраіны або акупаванай Польшчы. Відаць, падобна, як у «генерал-губернатарстве», у Беларусі сярод жыхарства дамінавалі пасіўнасць ды апатыя ў дачыненні да лёсу габрэяў. Што праўда, антыгабрэйскіх эксцэсаў, якія мелі месца ў Прыбалтыцы, нямецкія сілы бяспекі чакалі ў бальшыні дарэмна. Але на лакальным роўні сярод беларусаў ды палякаў існаваў вялікі патэнцыял антысемітызму. Гатовасць шырокіх слаёў жыхарства ўлетку 1941 г. да супрацоўніцтва з акупацыйнымі ўладамі ў значнай ступені ўлучала ў сябе гатоўнасць дапамагаць у «вырашэнні габрэйскага пытання». Спецыфіка і агульныя варункі, у якіх адбывалася вынішчэнне габрэяў у «генеральным камісарыяце Беларутэніі» (гэтак гучаў нямецкі назоў тае часткі БССР, што мела ад восені 1941 г. цывільную адміністрацыю), робяцца зразумелымі праз шэраг асаблівасцяў ды лініяў гістарычнага развіцця, што адрозніваюць гэты рэгіён ад іншых акупаваных абшараў. Тут найгалоўнейшыя тры моманты. Найперш вырашальную ролю мела тая акалічнасць, што БССР у межах 1941 г. — нягледзячы нават на прыспешаную саветызацыю пасля заняцця колішняе польскае тэрыторыі ў 1939 г. — заставалася краем з этнічна-мяшаным насельніцтвам. У звязку з гэтым трэба, па-другое, звярнуць увагу на тую надзвычайную напружанасць, што ўзнікла паміж тымі, хто перамог і хто прайграў пры гэтым змяненні сістэмы, і на якую ў 1941 г. магло разлічваць нацысцкае кіраўніцтва. Па-трэцяе, у Беларусі хутчэй, чым у іншых месцах, раскруцілася спіраль гвалту, якая ўсебакова і на ўсіх узроўнях спрыяла пашырэнню як гатовасці чыніць гвалт, гэтак і прыстасавальніцтва[3].

Каб праясніць становішча беларускіх габрэяў пад час нямецкае акупацыі, ніжэй мы падамо апісанні трох выпадкаў «ратавання габрэяў». У першым выпадку сведка Анатоль Паўлавіч Цыбульскі, удзельнік Менскага падполля і начальнік штаба партызанскае брыгады імя Дунаева, паведамляе, што Пётр Міхайлавіч Палікарповіч, ягоная жонка Лідзія Карпаўна, а таксама іх абедзве дачкі Тацяна і Валянціна падтрымлівалі савецкі Супраціў у Менску. Асаблівы клопат і дапамога сям’і Палікарповічаў, паводле Цыбульскага, належалі габрэям Менску. Шматлікія габрэі, што ўцякалі ад нямецкіх карных акцыяў з Менскага гета, знаходзілі схованку тут. Хоць жыццё ў горадзе тады было вельмі цяжкое, сям’я дзялілася сваімі сціплымі пайкамі з уцекачамі[4].

У некаторых выпадках удавалася здабываць пашпарты са славянскімі («рускімі») прозвішчамі, з дапамогай якіх уцекачы маглі пакінуць горад. Прыкладам, аднаго разу Палікарповіч звярнуўся да сваёй знаёмай Юліі Іванаўны Клімковіч, што жыла ў вёсцы паблізу Менску. Палікарповіч ведаў, што ў яе пад час вайны памерла сваячка. Ён выпрасіў пашпарт нябожчыцы, каб зрабіць мажлівымі ўцёкі лекаркі Розы Восіпаўны Ліўшыц у савецкі партызанскі аддзел[5].

Некаторыя габрэі заставаліся жыць з новымі дакументамі на вачах нямецкіх акупантаў або нават высылася ў Нямеччыну ў якасці «остарбайтараў». Так, Алена Артураўна Гіршгорн, жанчына, якой таксама дапамагаў Палікарповіч, была абшуканая і затрыманая на рынку пад час паліцэйскае аблавы са здабытым праз яго пашпартам. Акупацыйныя ўлады не згледзелі фальшыўкі. Яны далі звесткі нямецкай біржы працы пра Алену Гіршгорн як пра асобу без сталага занятку, не распазнаўшы, аднак, яе габрэйскага паходжання, і накіравалі на прымусовыя работы. Да высылкі заставаліся лічаныя гадзіны, і Алена Артураўна зноў звярнулася да Палікарповіча, які чарговы раз дапамог ёй. Гэтым разам уражвальнае сведчанне свае адвагі прадэманстравала ягоная дачка. Яна здолела забраць з гета асабістыя рэчы Алены Артураўны і прынесла іх на месца збору, куды былі сагнаныя асобы, вызначаныя да адпраўлення на прымусовыя работы[6].

Сведка Цыбульскі называе шэраг савецкіх габрэяў, што перажылі галакост дзякуючы сям’і Палікарповічаў[7]. З іх паказанняў робіцца відавочным, колькі патрабавалася адвагі, каб рабіць акцыі дапамогі для ўцекачоў з гета. Адна з жыхарак гета, якой таксама з дапамогай сям’і Палікарповічаў удаліся ўцёкі, паведамляе, што ў 1941 г. было досыць нескладана трапіць у «рускі раён» з менскага габрэйскага гета, яно тады ахоўвалася дрэнна. Пэўныя дзверы ў патрэбных месцах не былі яшчэ замураваныя, і праз іх здзяйснялася лучнасць з вонкавым светам. Праблема была ў іншым: «Мы спрабавалі пайсці шмат да каго са сваіх знаёмых, — гэтак лапідарна гучыць выказванне сведкі, — але апроч Палікарповіча ніхто нас да сябе не пускаў»[8].

Адвагу і гераізм дэманстравалі таксама іншыя людзі ў акупаваным Менску. Людміла Іосіфаўна Мачуленка — гэта другі прыклад — падтрымоўвала людзей з гета прадуктамі харчавання; сярод іх былі габрэйка Ася Майсееўна Траццякова ды ейны малы сын. У ліпені 1941 г. іх «перасялілі» ў гета. Ейны бацька быў забіты ўлетку таго самага года немцамі пад час масавай акцыі расстрэлу людзей. У першы год нямецкае акупацыі Ася неаднаразова атрымоўвала харчы з «рускага» раёна горада і забяспечвала імі сваё дзіця ды старую маці. Апошняя была расстраляная 2 сакавіка 1942 г. разам з іншымі, у бальшыні пажылога веку, насельнікамі гета на тэрыторыі Менскае шпалернае фабрыкі; у гэты час дачка выконвала прымусовую працу па-за межамі гета. У гэтай адчайнай сітуацыі, калі дні маці і дзіцяці былі фактычна злічаныя, Людміла Мачуленка выйшла на Асю Майсееўну, вывела абодвух з гета і схавала іх у сваёй кватэры. Пакоі ўжо былі занятыя сваякамі Людмілы Іосіфаўны, ваеннымі ўцекачамі, сярод якіх было некалькі малых, і ў тым ліку хворых, дзяцей[9]. Паводле паказанняў ратавальніцы, дадзеных у 1994 г., яна сустрэла абодвух габрэяў «у загадзя дамоўленым месцы» недалёка ад гета і павяла іх дадому, пры гэтым усё выглядала так, нібы яны ўтраіх рабілі нядзельную праходку.

Сухая мова пратаколаў апытанняў, складзеных Аб’яднаннем былых вязняў гета Рэспублікі Беларусь, не дазваляе меркаваць пра мажлівыя наступствы ўчынку Людмілы Іосіфаўны. Калі б уцекачы з прымусовых работ, а таксама іх выратавальнікі былі выкрытыя, іх непазбежна чакаў бы расстрэл на месцы[10]. Небяспека ішла не толькі ад нямецкіх акупантаў, але і ад сваіх жа суседзяў. Адна жанчына, якая данесла на сваю сваячку-паўгабрэйку, налева і направа гучна гаварыла пра тое, што ў яе доме яшчэ засталося «чацвёра жыдоўскіх дзяцей». (Зрэшты, усе яны здолелі перажыць вайну ў Менску[11]). Што ў гэтай сітуацыі магло пацягнуць за сабою прыняцце габрэйскіх уцекачоў у дадатак да ранейшых, можна лёгка здагадацца. Ася Майсееўна ды яе сын пакінулі гэты дом тыдзень пазней і з Менску прасёлкамі прабіраліся на Ўсход. Да красавіка 1944 г. яны знаходзілі сабе прытулак у розных вёсках.

Адна расійская сям’я — гэта трэці прыклад — уратавала жыццё маленькай габрэйскай дзяўчынцы. Паліна Ільінічна Лявонава (год нараджэння 1939-ы) жыла ў расійскай жанчыны Юліяніі Сяргееўны Вінаградавай ды яе сястры. Родная маці дзяўчынкі незадоўга перад пачаткам масавых расстрэлаў у Лёзне (Віцебская вобласць) прывезла яе ў бяспечнае месца, да знаёмых. Перад тым як быць арыштаванаю, ёй удалося атрымаць пасведчанне аб нараджэнні дачкі, дзе было пазначана, што ейны бацька быў паводле нацыянальнасці расіец. Потым гэта ўратавала малому дзіцяці жыццё, хоць нямецкія жандары пад час сваіх карных акцыяў выяўлялі і «паўгабрэяў». Маці неўзабаве пасля таго была расстраляная нямецкай і мясцовай паліцыяй недалёка ад горада.

Паліна правяла ваенны час у расійскай сям’і і засталася жывая. Паводле яе першых прыгадак, што, відаць, прыпадаюць самае ранняе на 1943 год, яна жыла ў пастаянным страху перад суседзямі. Тыя хутка патлумачылі ёй, што Юліянія не была ёй сапраўднай сваячкай і што дзяўчынка мае напраўду зусім іншае прозвішча. Паліна баялася задаваць пытанні, але ўвесь час была ў страху, што незразумелая тады для яе «таямніца» вакол ейнае біяграфіі стане вядомаю. Атмасфера пагрозаў яскрава ілюструецца выказваннямі дарослых асобаў, сярод іншых і ўратавальніцы дзіцяці. Юліянія Сяргееўна дапамагала з матываў гуманнасці. І яна не давярала ані знаёмым, ані сваякам і нічога не казала пра прыёмную дачку[12].

Лёс беларускіх габрэяў характарызуецца асаблівасцямі, веданне якіх дапамагае даць адпаведную ацэнку трох згаданых эпізодаў і ўлучыць іх у шырэйшы кантэкст. У дадзеным артыкуле гэта будзе здзейснена ў тры этапы. Напачатку гаворка пойдзе пра тыя розныя сітуацыі, у якіх апынуліся польскія габрэі ва ўсходніх прымежных абласцях (Kresy Wschodnie) і габрэі ў БССР. Па-другое, ёсць неабходнасць ахарактары заваць уздзеянне саветызацыі Ўсходняе Польшчы на габрэяў, а таксама на рэшту грамадства тае Беларусі, што ўзнікла па 1939 г. Урэшце, гэта стварае неабходнае тло для разгляду галакосту і нямецкае акупацыі 1941—1944 г. Пры гэтым абараняецца тэза, што ў Беларусі, заселенай рознымі этнічнымі групамі, дапамога габрэям ды салідарнасць з імі патрабавала нашмат болей адвагі і грамадзянскае мужнасці, чымся на іншых тэрыторыях, акупаваных нямецкімі войскамі[13].

Габрэі ў Заходняй Беларусі і ў БССР да 1939 г.

У Расійскай Імперыі гэтак званая рыса аселасці габрэяў дазваляла ім жыць у беларускіх Віцебскай, Віленскай, Гарадзенскай, Магілёўскай ды Менскай губернях. Калі даваць веры ўсерасійскаму перапісу насельніцтва 1897 г., меней як кожны дзясяты жыхар гэтага абшару быў габрэй. Але вылічаная тады сярэдняя лічба 13,6% можа ўвесці ў зман. У гарадах габрэйскае жыхарства было колькасна нашмат большае і найчасцей перавышала 50% ад агульнае лічбы жыхарства. Прыкладам, сярод жыхароў Слуцка на аднаго негабрэя прыпадалі чатыры габрэі[14].

Габрэйскія мястэчкі-«штэтлех» заставаліся выспамі ў славянскім атачэнні. Сярод габрэяў у межах рысы аселасці ў Расійскай Імперыі слаба выявіліся тыя асімілятарскія тэндэнцыі, што былі выразна заўважаныя на мяжы двух стагоддзяў у Нямеччыне і частках Аўстра-Вугоршчы ны. Якраз у выніку дыскрымінацыі, пагромаў і адносна праблематычна га суседства з беларускімі сялянамі, польскай шляхтай або расійскім чыноўніцтвам габрэйская местачковая культура больш-менш паспяхова ператрывала ўсе вонкавыя наступы на яе. Гаспадарчая функцыя габрэяў, што мела свой выраз у пасярэдніцтве паміж горадам і вёскай або паміж шляхтай (у бальшыні польскай) ды беларускім сялянствам, а таксама іх дамінаванне ў шматлікіх рамёствах і саматужніцкім промысле надавалі гэтай канструкцыі стабільнасць. У перыяд перад пачаткам першае сусветнае вайны ўсё больш адчувальнымі рабіліся наступствы індустрыял ізацыі, якая закранула ўсе этнічныя групы беларускага насельніцтва. Да гэтага дадавалася пэўнае выпетрыванне мястэчак знутры, у выніку чаго ўсё болей маладых людзей выязджала з невялікіх гарадоў і сёлаў Усходу, атмасфера якіх здавалася ім прыгнечвальнай, найперш у метраполіі, Вену і Берлін, або за акіян. Падзелы паміж этнічнымі групамі ў пераважна аграрнай Беларусі заставаліся ранейшымі, у адрозненне ад індустрыяль ных цэнтраў Расійскае імперыі[15] .

Габрэі, на якіх з кожнага боку глядзелі з недаверам, былі сярод найбольш пацярпелых пад час бітваў першае сусветнае і наступных войнаў. Названая вайна зрабіла Беларусь полем баявых дзеянняў гіганцкіх арміяў, а ў гады беспасярэдне пасля яе заканчэння — тэрыторыяй, дзе панавалі галеча, голад і эпідэміі. Габрэйскае жыхарства мела пераважна станоўчы досвед у дачыненнях з вайсковымі адміністрацыямі Аўстра-Вугоршчыны і Нямеччыны — краінаў цэнтральна-еўрапейскага блоку. Тыя ўтварылі з частак акупаванае беларускае тэрыторыі «Абшар Зверхніка войскаў Усходняга Фронту», скарочана «Обэр-Ост». Станоўчае стаўленне габрэяў да ўлады краінаў цэнтральна-еўрапейскага блоку, вядома, вынікала з тае палёгкі, што яны адчувалі, у звязку з тым, што наагул пасля калейдаскапічнае змены ваенных падзеяў усталявалася пэўная стабільная сітуацыя. Калі паглядзець на пытанне больш уважліва, дык вайсковыя адміністрацыі Нямеччыны і Аўстра-Вугоршчыны зрабілі для габрэяў няшмат; але, прынамсі, яны і не стваралі для гэтай групы насельніцтва вялікіх цяжкасцяў ды перашкодаў. Згадкі пра нямецкую ды аўстрыйскую акупацыі ва ўсякім разе былі нагэтулькі трывалыя, што як сярод габрэяў новапаўсталае Польскае дзяржавы, так і сярод савецкіх габрэяў яны захоўваліся аж да часу другое сусветнае вайны[16].

Польска-савецкая вайна і найперш змаганне паміж партыямі грамадзянскае вайны за ўладу ў былой расійскай імперыі спустошылі абшар краіны і прывялі маладую савецкую дзяржаву на мяжу краху[17]. Гэтаксама як беларусы і палякі, габрэйскае жыхарства панесла вялікія страты ў бойках, лініі франтоў якіх знікалі з вачэй. Мажліва, адзінае адрозненне, што існавала ў гэтыя гады паміж габрэямі і іхнымі славянскімі суседзямі, палягала ў тым, што ўсе канфліктоўныя партыі глядзелі на габрэяў як на ворагаў, і яны «неслі пакаранне» за быццам бы здраду і шпіянаж. Усе арміі, сярод якіх некаторыя — гэтак, як аддзелы Булак-Балаховіча — былі ні чым іншым, як збоем кепска апранутых і ўзброеных бадзягаў, чынілі зверствы. Хоць у Беларусі антыгабрэйскія выхадкі з боку Чырвонае Арміі былі хутчэй выключэннем, праблема антысемітызму існавала і была вядомая таксама ў гэтым авангардзе новага сацыялістычнага ладу[18].

Калі браць пад увагу межы БССР 1941 г. і пасляваеннага часу, габрэі «Заходняе Беларусі» (гэтак гучыць пазнейшы савецкі назоў анексаваных у 1939 г. тых земляў, што раней называліся Kresy Wschodnie) і габрэі Беларускае савецкае рэспублікі ішлі пасля заканчэння грамадзян скае вайны рознымі дарогамі. Габрэйская культура і габрэйскае жыццё па адзін і па другі бок дэмаркацыйнае лініі развіваліся ў розных кірунках. Хоць пра мяжу паміж Польшчаю і СССР няможна было гаварыць як пра бар’ер кшталту жалезнае заслоны, усё ж такі, пачынаючы з сярэдзіны дваццатых гадоў, яна ўсё больш і больш умацоўвалася Саветамі, каб засланіць іх ад «буржуазнае» Еўропы[19].

Пра цяжкія і, зрэшты, беспаспяховыя спробы габрэяў знайсці сваё месца ў новай Польскай дзяржаве гаворка ў межах рэгіянальных штудыяў ужо ішла[20]. У той час як у польскіх гарадах адбывалася ажыўленая дыскусія пра ролю габрэяў, тэмы якой ахоплівалі дыяпазон ад мажлівае асіміляцыі да мажлівае эміграцыі, у сельскай мясцовасці ўсходнепольскіх тэрыторыяў (на «крэсах») становішча заставалася ў цэлым без зменаў. У звязку з гаспадарчай адсталасцю рэгіёна наступствы прыватызацыі былі абмежаваныя. Нягледзячы на ўмацаванне польскае бюракратыі, у гэтай маладаступнай мясцовасці, што ўважалася польскімі інтэлектуаламі за першабытна-натуральную і дзіўную, захоўваліся традыцыйныя сацыяльныя і гаспадарчыя дачыненні, якія існавалі паміж габрэямі ды іх негабрэйскім атачэннем. Свет мястэчак ды іхная мова — гэтак як яны, да прыкладу, засталіся жыць у кінафільме «Дыбук», знятым незадоўга перад пачаткам вайны — надалей існавалі паралельна да беларускіх і польскіх асяроддзяў. Нягледзячы на канфлікты і змены, вонкавы мадэрнізацыйны ціск тут быў адносна невялікі[21]. Пра беларусаў турбаваліся гэтаксама мала. Патэнцыйна небяспечнымі для дзяржавы — гэткімі, як на поўдні ўважаліся ўкраінцы — іх успрымалі толькі найбольш радыкальныя польскія нацыяналісты[22].

Інакш яно адбывалася ў савецкай частцы Беларусі. Пасля грамадзянскае вайны габрэям тут была адведзеная роля не толькі нацыянальнае меншыні, талераванай дзяржаваю, але, у значнай ступені, і роля адной з дзяржаваўтваральных нацыяў. У часе заснавання ў 1921 г. Беларуская савецкая рэспубліка займала абшар, не большы за тэрыторыю Меншчыны. У наступныя гады слабіна маскоўскае бюракратыі была яшчэ вельмі адчувальная. Цягам некалькіх гадоў у сацыялістычнай канстытуцыі БССР мова ідыш была пастаўленая на адзін ровень з беларускай, польскай ды расійскай мовамі. У дваццатыя гады ўпершыню ўдалося стварыць навуковыя інстытуцыі, уласную сістэму адукацыі і беларускую літаратурную мову. Апошняя цягам кароткага часу ператварылася з вясковага дыялекту ў высокаразвітую мову, якая ўсё больш і больш адпавядала адмысловым патрэбам тэхнікі і народнай гаспадаркі[23]. Як у стварэнні навуковых установаў (найперш Акадэміі навук у Менску і тых інстытуцыяў, што ёй папярэднічалі), гэтак і ва ўтварэнні новае бюракратыі ды чыноўніцтва габрэі сапраўды адыгрывалі вырашальную ролю. У Беларусі сацыяльнае ўзвышэнне было для іх не пустою фразаю, а рэальным спадзевам. Дагэтуль мы дакладна не ведаем, як моцна габрэі былі рэпрэзентаваныя ў паасобных галінах грамадскае дзейнасці і якія праблемы існавалі ў іх ва ўзаемадачыненнях з іншымі этнічнымі групамі. Істотным ёсць тое, што ў Беларусі габрэйскія мужчыны і жанчыны займалі ключавыя пазіцыі, бо сярод прадстаўнікоў тытульнае беларускае нацыі напачатку існаваў дэфіцыт адукаваных належным чынам кадраў[24].

У дзяржаўнай бюракратыі габрэі мелі лепшыя стартавыя варункі дзякуючы вышэйшаму адукацыйнаму роўню. Але гэтае адбывалася пад час таго, як выяўляліся выразныя прыкметы хуткіх і глыбокіх змяненняў ва ўкладзе габрэйскага жыцця. Ужо спрыянне развіццю мовы ідыш ды габрэйскае культуры ў межах першапачатковае савецкае нацыянальнае палітыкі пацягнула за сабою моцны секулярызацыйны ціск. Перабудова гаспадаркі асабліва моцна закранала габрэйскае рамесніцтва і пазбаўляла гандляроў падмурку іх эканамічнага існавання. Мястэчка ўважалася ў горадзе ўвасабленнем таго, што аджыло, рэліктам старога ладу, які пасля рэвалюцыі мусіў застацца ў мінуўшчыне. У ранейшай царскай імперыі праўнае і эканамічнае асобнае становішча габрэяў было выразам іхнае дыскрыміна цыі, адначасна яно гарантавала мястэчку значную ступень аўтаноміі. Цяпер усё габрэйскае жыццё было падпарадкаванае новаму грамадскаму ладу. У той час як пачалося цкаванне вернікаў і рэлігійна-скіраваных габрэйскіх школаў, а дзяржава ўсё больш і больш пераймала функцыі, што раней выконваліся габрэйскімі супольнасцямі, мову ідыш пачалі «ачышчаць» ад габраізмаў і нялюбых запазычанняў з замежных моваў. Цягам некалькіх гадоў габрэі БССР перажылі радыкальныя перамены. Ад традыцыйнага ладу жыцця прыкметна адлучаліся найперш прадстаўнікі маладой генерацыі, што пасля заканчэння школы або ВНУ пачыналі прафесійную дзейнасць і ўжо былі ўцягнутыя ў камуністычную моладзевую арганізацыю. Яны, відавочна, у вялікай ступені віталі савецкі грамадскі лад як пачатак новае эпохі[25].

Гэты кароткі гістарычны выклад высвятляе, як моцна беларускія габрэі адрозніваліся ад жыхароў усходнепольскага абшару. Больш складана даць адказ на пытанне, якім чынам да канца трыццатых гадоў будавалася супольнае жыццё беларусаў, габрэяў ды палякаў у БССР. З аднаго боку, напачатку беларусы і габрэі знаходзіліся ў падобнай сітуацыі, бо шмат у чым мелі выгоды ад тых зменаў, што адбываліся. Ліберальныя гады пасля грамадзянскай вайны ў гэтым дачыненні сталіся супольным, еднасным досведам. Гэтаксама і тыя «чысткі», з дапамогаю якіх Сталін пазней брутальным чынам выкараняў і вынішчаў нацыянальны «ўхілізм» у савецкіх рэспубліках, запатрабавалі ахвяраў у роўнай ступені сярод абедзвюх нацыянальных групаў жыхарства. Тэрор, які пазней захлынуў усё, толькі ўяўна трымаўся якіх-кольвечы правілаў і, з гэтага гледзішча, знішчаў усялякія межы паміж нацыянальнасцямі. З іншага боку, канкурэнцыйная барацьба і трываласць старадаўніх забабонаў ды антысеміцкіх тэндэнцыяў прывялі да таго, што ўзніклі сур’ёзныя канфлікты паміж беларусамі і габрэямі. Кіраваная дзяржаваю перабудова грамадства ўскосна спрыяла ўзнікненню гэткае напружанасці або нават наўпрост яе і выклікала[26]. Даўнюю традыцыю мела нараканне, нібыта ўсё кепскае ў дзяржаўным кіраўніцтве або ў паасобных міністэрствах ідзе «ад жыдоў». Дакладна расследаваць сутнасць гэткіх тэндэнцыяў наўрад ці ўяўляецца мажлівым. Зазвычай антысеміцкі патэнцыял у савецкай частцы Беларусі мог бы ўважацца за невялікі. «Чужыня» габрэяў ва ўсё большай меры знікала, бо вымалёўвалася іх улучанасць у новыя дзяржаўныя і грамадскія структуры. Да сярэдзіны дваццатых гадоў гэта адбывалася больш-менш добраахвотна: гэтая добраахвотнасць узмацнялася праз разнастайныя заахвочванні ды пасярэдні ўціск, а самае позняе з канца названага дзесяцігоддзя — ва ўсё большай ступені праз прымус і тэрор[27].

Вось жа, намі быў зроблены вельмі кароткі нарыс становішча нацыянальнасцяў у Беларусі, а таксама ўзаемадачыненняў у «крэсах», як яны складаліся да 1939 г. Калі ў тым годзе, у выніку гітлераўска -сталінскага пакту, Чырвоная Армія «вызваліла» ўсходнюю частку Польшчы, а крыху пазней было інсцэніраванае ўваходжанне гэтых тэрыторыяў у склад Беларускае ды Ўкраінскае савецкіх рэспублік, гаворка зусім не магла ісці пра «ўз’яднанне», як гэта падаецца ў пазнейшай савецкай гістарыяграфіі[28]. Тут было злучанае тое, што ад часоў першае сусветнае вайны не было адзіным.

Саветызацыя Ўсходняе Польшчы ў 1939—1941 г.  Польскія габрэі і савецкія грамадзяне габрэйскайнацыянальнасці

Саветызацыя пацягнула за сабою «прыватызацыю дзяржавы» (Ян Т. Грос) ды выбух канфліктаў. У новых савецкіх межах унутры БССР адбылося вялікае перасяленне народаў. Больш як мільён палякаў, беларусаў і ўкраінцаў былі ў наступныя гады дэпартаваныя з беларускіх ды ўкраінскіх анексаваных абшараў на Ўсход. Калі ў дачыненні да палякаў ужо іхная нацыянальнасць была найчасцей дастатковаю падставаю для арышту, дык адначасна выкарыстоўвалася мажлівасць пазбавіцца і ад непажаданых беларусаў ды габрэяў. У выпадку з беларусамі, да прыкладу, гэта закранала інтэлігенцыю, пэўныя прадстаўнікі якое раней спадзяваліся быць адзначанымі савецкай уладай за іх актыўную палітычную пазіцыю ў міжваеннай Польшчы. Нечакана для сябе яны пачулі абвінавачванні ў «нацыяналізме». Падобныя праблемы ўзніклі ў габрэяў, якія выявілі сябе сіяністамі або ўважаліся за небяспечных асобаў у выніку іх эканамічнага або грамадскага становішча[29].

Істотныя змяненні адбыліся з усімі групамі жыхарства, але для габрэяў яны былі найбольш цяжкімі[30]. Польска-савецкая дэмаркацыйная лінія, што праходзіла да 1939 г. у паўночна-паўднёвым кірунку на захад ад Менску, адлучала «габрэйскія» гарады, гэткія як Ліда, Наваградак, Мір, Баранавічы, Слонім або Нясвіж, ад БССР. Такім чынам, у верасні 1939 г. спаткаліся не толькі «савецкія» ды «польскія» беларусы, але і габрэі з розным культурным ды сацыяльным заплеччам. На Захадзе культывавалася повязь з традыцыйнаю габрэйскаю культураю ды ладам жыцця ў межах Польскае дзяржавы. На Ўсходзе, наадварот, можна было напаткаць секулярызаванае савецкае габрэйства, што цягам апошніх блізу 20-ці гадоў страціла сваю рэлігійную ды культурную адметнасць. Узнікненне «беларускай» габрэйскасці ў новай дзяржаве не было ані рэалістычным, ані пажаданым для савецкага кіраўніцтва. У той час як савецкія габрэі часцяком высмейвалі заходнія мястэчкі як нешта адсталае, «польскія» габрэі таксама дарэмна шукалі кропак судакранання. Так ці іначай, узаемнага абмену або паступовага набліжэння аднаго жыццёвага ўкладу да другога не адбылося. Савецкі рэжым пакідаў сваім новым падданым толькі адну-адзіную мажлівасць адаптавацца ў грамадстве. Гэтая мажлівасць палягала ў акцэптаванні новых уладароў ды іхных грамадскіх і эканамічных правілаў гульні. Як гэта ўжо мела месца пасля I сусветнае вайны, гэтак і ў 1939 г. спадзяванні на сацыяльны поспех і прафесійную кар’еру і адначасна страх перад тэрорам маглі быць найважнейшымі матывацыямі, што схілялі габрэяў да супрацоўніцтва з уладамі.

Для габрэяў, беларусаў ды палякаў саветызацыя была спалучаная з моцным умяшаннем не толькі ў культурнае, але і ў гаспадарчае жыццё[31]. Вясковае беларускае жыхарства было ўстрывожанае тым, што новая адміністрацыя паступова распачынала калектывізацыю. Спадзевы, звязаныя з ліквідацыяй Саветамі польскіх памешчыцкіх маёнткаў, не спраўджваліся. Адзяржаўленне зямлі ішло марудна і да лета 1941 г. было далёка не завершанае. Але кароткая фаза саветызацыі зрабіла зразумелым, што сялянам у Беларусі і цяпер сельскагаспадарчая зямля ва ўладанне не дастанецца. Гэта абуджала пратэставыя настроі ў той групе жыхарства, што ў 1939 г. з нацыянальнае меншыні зрабілася тытульнаю нацыяй[32].

Падобна сітуацыя складвалася і у дачыненні да габрэяў. Тыя гаспадарчыя сферы, што традыцыйна знаходзіліся ў руках габрэяў, у новую сістэму не ўпісваліся. Цягам кароткага пераходнага перыяду існавала хаатычная разнастайнасць розных формаў гаспадарання. З падачы савецкіх органаў планавання ў наступныя месяцы прымежныя [былыя] польскія рэгіёны дастасоўваліся да савецкае эканамічнае сістэмы. Гарады мянялі сваё аблічча. Крамы і прыватныя прадпрыемствы масава зачыняліся, а іх месца займала дзяржаўная сістэма забеспячэння, што, аднак, была малаэфектыўнаю. Хранічны дэфіцыт тавараў спрыяў пашырэнню чорнага гандлю і ўкараненню розных заменнікаў грошай. Кепскае забеспячэнне спажывецкімі таварамі пашырала ўкрывальніц тва; у выніку гэтых пераменаў нажываліся спекулянты[33].

Хоць эканамічныя пераўтварэнні напачатку для савецкага рэжыму былі аб’ектыўна не выгадныя, бо больш эфектыўная сістэма гаспадаран ня замянялася на больш грувасткую і менш эфектыўную, адзін з іх вынікаў, відавочна, адпавядаў савецкім інтарэсам. Праз хуткае знікненне традыцыйных мажлівасцяў забеспячэння новыя жыхары БССР хутчэй улучаліся ў новую адміністрацыю і рабіліся залежнымі ад яе.

Падобным чынам на іх уплывалі арышты і дэпартацыі. Для жыхароў БССР яны зрабіліся штодзённай з’яваю і не абміналі аніводнае этнічнае групы. Калі арыштоўвалі мужоў, жонкі мусілі забяспечваць свае сем’і, а нярэдка яшчэ і кампенсаваць утрыманне арыштаваных. Савецкія ўлады ў іх шалёным памкненні кантраляваць усё без выключэння мелі сваіх інфарматараў у грамадскіх установах, у шматкватэрных дамах і нават у самых маленькіх вёсках. Яны фіксавалі размовы, паведамлялі органам бяспекі пра кантакты з непажаданымі асобамі або выкрывалі «змовы». Сведкі таго часу, што перажылі месяцы пасля прыходу Саветаў, распавядаюць пра іх спецыфічную, зарыентаваную зусім на бяскрыўдныя рэчы культуру маўлення ў грамадскіх месцах і нават пра дамоўленасці суразмоўцаў, якія варыянты дыялогу трэба было б абіраць у выпадку арышту карнымі органамі.

Гэтыя пераўтварэнні да лета 1941 г. яшчэ не былі завершаныя. Дэпартацыі палякаў, але таксама беларусаў і габрэяў прывялі да вялікіх хваляванняў перш за ўсё ў гарадах. Савецкі рэжым паслаў у БССР не толькі вайскоўцаў і супрацоўнікаў органаў бяспекі, але і цэлае войска бюракратаў ды функцыянераў, якія стваралі новую адміністрацыю. Новапрыбылыя чыноўнікі, успрыманыя карэннымі жыхарамі як прыхадні, а нярэдка і як ворагі, самі часта жылі ў нялёгкіх, паходных варунках. Саветызацыя адбывалася не ў форме кіраванага «далучэння да панавальнае ідэалогіі». Там, дзе былі тыя, хто пацярпеў ад змены парадку, новыя варункі давалі выгоды тым, хто ад гэтага выйграваў. У меншай ступені гэта было звязана з калектывізацыяй сельскае гаспадаркі, але тым большыя выгоды былі ў сферы нацыяналізацыі нешматлікіх прамысловых прадпрыемстваў, экспрапрыявання малых прыватных прадпрыемстваў або пераразмеркавання жылля. Дзяржава не магла прапанаваць вялікіх багаццяў, але гэткімі не валодалі жыхары маларазвітых «крэсаў» і перад 1939 г. Увадначас, прынамсі, перад тымі беларусамі і габрэямі, што не мелі праблемаў як нацыяналісты, «палітычна адсталыя» або «інтэрнацыяналісты», адчыняліся перспектывы зрабіць кар’еру ў вайсковай або цывільнай ерархіі. У выглядзе пасадаў, узнагародаў, прывілеяў або доступу да дзяржаўных сярэдніх і вышэйшых навучальных установаў новаму рэжыму, гэткім чынам, апроч ужывання тэрору, не бракавала сродкаў заахвоціць новых падданых да супрацоўніцтва.

Габрэі-рамеснікі ды ўладальнікі дробных прадпрыемстваў і буйнейшых фірмаў страцілі ў выніку пераўтварэнняў найбольш. Гэта таксама датычыла мажлівасцяў адпраўляць рэлігійныя абрады і рэлігійных аспектаў сістэмы адукацыі. Палякамі, якім, праз іх нацыянальную прыналежнасць, у савецкай сістэме была вызначаная абмежаваная свабода дзеянняў, але і беларускім сялянскім насельніцтвам таксама са скептыцызмам і недаверам было ўспрынятае тое, што габрэі, дзякуючы добраму валоданню мовамі і сістэме габрэйскае адукацыі, маглі прыстасоўвацца да новапаўсталае сітуацыі. Гэты вобраз набываў завершанасць у звязку з тым, што сярод савецкіх функцыянераў з усходняе паловы БССР, а таксама з іншых месцаў Савецкага Саюза была немалая колькасць габрэяў. Нават «польскія» габрэі заўважалі дыстанцыяванне апошніх ад традыцыйнага габрэйства і іх трывалыя пазіцыі ў савецкім дзяржапараце. У тым большай ступені беларусы і палякі маглі ідэнтыфікаваць свайго «ворага» з габрэямі ў партыі і бюракратычным апараце якраз тады, калі не спраўдзіліся іх спадзевы на лепшае жыццё пад Саветамі. Рабілі яны гэта, скарыстоўваючы вядомыя стэрэатыпы.

Відавочна, што вызначаныя вышэй адрозненні паміж «габрэямі, палякамі і беларусамі» ў БССР надта спрошчана падаюць тыя складаныя працэсы, што тут мелі месца. Гэта ёсць абагульненнем ужо таму, што ў межах новае дзяржавы жылі таксама ўкраінцы, літоўцы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Тым не меней, гэты спрошчаны вобраз дзвюх паловаў краіны ды трох этнічных групаў, што розным спосабам былі закранутыя саветызацыяй, высвятляе сітуацыю напярэдадні нападу нямецкіх войскаў на Савецкі Саюз. Нямецкія акупанты ды нацысцкія стратэгі ў Берліне ўяўлялі сабе «савецкую Беларусь» як адзінае цэлае не толькі ў палітычным сенсе, але і у сацыяльным ды грамадскім. У параўнанні з Прыбалтыкаю або з Украінаю, аднак, уяўленні адносна Беларусі былі яшчэ больш цьмянымі.

Найперш польскія гісторыкі паказваюць саветызацыю і дэпартацыі як хаатычны гвалт, што доўжыўся шмат у якіх сферах яшчэ ў 1941 г. Перагрупоўкі і змены ў БССР змылі «класавага ворага». Аднак яны вынеслі на паверхню пэўных дваістых істотаў, што здабывалі сабе выгоды з усеагульнага пераразмеркавання. Трыванне брутальнасці і спрыянне ёй на мясцовым роўні, пакуль былі асягнутыя меты, вызначаныя рэжымам, у цэлым палепшылі варункі для пашырэння даносаў і гвалту. У гэткай самай меры яны былі перашкодай для выяўлення салідарнасці і грамадзянскай мужнасці сярод ахвяраў нямецкага гвалтоўнага рэжыму, пачынаючы з лета 1941 г. Усе жыхары БССР адчулі гэты грамадскі распад, што ўжо ў 1941 г. знайшоў свой выраз у падзеле паміж пераможцамі і тымі, хто пацярпеў, або і паміж злачынцамі ды ахвярамі. Для беларускіх габрэяў, асуджаных нацысцкімі ідэолагамі расавае чысціні на вынішчэнне, гэтая акалічнасць мела найбольш фатальныя наступствы. У акупаванай Беларусі героі пад час гэтае вайны сустракаліся яшчэ нашмат радзей, чым дзе ў іншых краінах.

Беларускія габрэі пад час нямецкае акупацыі 1941—1944 г.

У чэрвені 1941 г. нямецкія дывізіі рушылі на ўсход. 28 чэрвеня вермахт акупаваў Менск. У тыле баявых аддзелаў спецыяльныя групы паліцыі бяспекі і СД пачалі чыніць расправы над габрэямі, камуністамі, інтэлігенцыяй ды «няпэўнымі элементамі». Ваенны поспех вермахта прыводзіў на баку Чырвонае Арміі да пашырэння працэсаў распаду, а сярод савецкага кіраўніцтва — напачатку да панікі і апатыі. Савецкія ўлады накіроўвалі ў эвакуацыю разам з найкаштоўнейшымі кадрамі і важнымі дакументамі таксама прамысловае абсталяванне і запасы. Хоць гэтая эвакуацыя і адбывалася хаатычна і нашмат меней эфектыўна, чым гэта дзесяцігоддзямі апісвалася ў савецкай гістарычнай літаратуры, значнай частцы савецкіх функцыянераў удалося ўцячы на ўсход[34]. Улады, якія у пэўных сферах яшчэ знаходзіліся ў працэсе фармавання, у значнай меры страцілі здольнасць да функцыянавання. У БССР савецкае кіраўніцтва ўжо не кантралявала хады падзеяў. У шматлікіх выпадках турмы адчыняліся навакольным жыхарствам або і самімі вязнямі. Чырвоная Армія пад час адступлення спальвала склады з запасамі правіянту, які яна не магла забраць з сабою. На сяле дайшло да рабаўніцт ва, а найперш у Заходняй Беларусі, — да антысавецкіх эксцэсаў.

Пад час бітваў першых тыдняў вайны капітулявалі сотні тысячаў савецкіх вайскоўцаў. Шмат хто з іх быў «ізаляваны» ў якасці камісараў або габрэяў, іншыя памерлі ад голаду ў нечалавечых варунках лагераў ваеннапалонных[35]. Аднак нямала маладых жаўнераў неўзабаве было адпушчана пад розныя паручальніцтвы на радзіму. Разам з тымі, хто адбіўся ад сваіх аддзелаў, і дэзерцірамі яны ўтварылі цэлае войска на маршы або ва ўкрыцці. Беларускія геаграфічныя варункі стваралі для гэтага якраз ідэальныя перадумовы. У БССР былі толькі раўнінныя тэрыторыі. Затое тут існавала велізарнае мноства рэк і вадаёмаў, а таксама разлеглыя абшары цяжкадаступных балотаў. У вёскі, аб’яднаныя ў калгасы, трапіць было цяжка, у бальшыні яны былі шчыльна аточаныя лясамі. Апроч галоўнае транспартнае магістралі з Берасця на ўсход праз Менск, існавала зусім мала добрых дарог, якія, да таго ж, моцна пацярпелі пад час савецкага адступлення. Для таго, каб жыць аднаасобна або маленькімі групамі ў схованцы, існавалі ідэальныя мажлівасці.

Бальшыня людзей у Беларусі засталася ў месцах сталага пражывання і напачатку заняла пазіцыю чакання. Хоць савецкая гістарычная навука малявала вобраз «народа», што з першых дзён вайны арганізаваў супольны супраціў новым валадарам, у Беларусі таксама, як і ўсюды на акупаванай тэрыторыі Савецкага Саюза, былі факты трыумфальнага вітання жаўнераў вермахта цывільным жыхарствам[36]. Нам вядомыя выпадкі, калі нават прадстаўнікі габрэйскіх супольнасцяў з радасцю сустракалі нямецкае войска. Нягледзячы на нямецкі тэрор, на абшары акупаванай у 1939 г. Польшчы гэткія пачуцці часткова фармаваліся пад уплывам згадак пра адносна цывілізаваны нямецкі акупацыйны рэжым часоў Першае сусветнае вайны.

«Беларуская» самасвядомасць у Беларусі ў значнай ступені адсутнічала — натуральна, што сярод палякаў, але таксама і сярод беларусаў ды габрэяў. Усюды былі ворагі саветызацыі, што зноў разлічвалі на паляпшэнне варункаў свайго жыцця. Савецкія бюракраты краіну пакінулі або трымаліся вельмі ціха, каб не мець рызыкі быць арыштаванымі ды забітымі. У першыя тыдні вайны бальшыня сем’яў спрабавала дамагчыся нейкіх звестак пра лёс сваіх бацькоў і сыноў, што знаходзіліся ў Чырвонай Арміі або і вызвалення іх з нямецкага палону. Пры ўсіх разбурэннях і рэквізаваннях, што неабачліва рабіліся немцамі дзеля асягнення, здавалася б, блізкае перамогі над Савецкім Саюзам, цяжкой праблемай рабілася здабыванне жыццёва неабходных рэчаў. Незаконныя расстрэлы першых дзён вайны ўспрымаліся людзьмі з вялікім неўразуменнем, але ва ўсеагульным гармідары эвакуацыі ды акупацыі адыходзілі на другі план. У гэты час забітыя габрэі не былі ва ўспрыманні іх суседзяў нейкай асаблівай групаю ахвяраў. Іх «прыбіранне» разглядалася хутчэй як частка вялікага праекту, з дапамогай якога новыя ўладатрымальнікі падмацоўвалі свае прэтэнзіі на панаванне, або як звычайны гвалт — прыкладаў гэткіх учынкаў было досыць таксама і цягам апошніх дваццаці гадоў.

Акупацыйныя ўлады абвясцілі стварэнне ў Беларусі «Генеральна га камісарыяту Беларутэніі». Гэтая адміністрацыйная адзінка, са жніўня [1941 г.] афіцыйна падпарадкаваная імперскаму міністэрству ўсходніх абшараў у Берліне, апроч Менскае вобласці ахоплівала пераважна колішнюю „польскую ” тэрыторыю, да прыкладу, гэткія гарады, як Ліда, Наваградак, Баранавічы і Слонім. Вільгельм Кубэ быў у верасні прызначаны тут генеральным камісарам і тым самым намінальным кіраўніком адміністрацыі ў Беларусі. Да 1943 г. Кубэ, перш чым стаць ахвяраю савецкага замаху, выконваў свае кіраўнічыя функцыі з разуменнем па-абсалютысцку настроенага ўладара, якому падабалася паблажліва кантактаваць з цывільным жыхарствам «Беларутэніі». Сапраўдную ўладу ажыццяўлялі іншыя. Паколькі інтарэсы вермахта ў рэгіёне мелі бясспрэчны прыярытэт, таксама ў сваёй бальшыні і арганізацыі, што павінны былі эксплуатаваць Беларусь дзеля мэтаў нямецкае ваеннае гаспадаркі, а найперш СД і паліцыя, былі пазбаўленыя ўсялякае свабоды дзеяння са спасылкаю на «інтарэсы бяспекі»[37]. Літаральна нагрувашчаныя адно на адно органы ды ўстановы паралізавалі працу акупантаў[38]. Занятая напачатку жыхарствам пазіцыя чакання ператварылася ў жах і няпрыязь. Спрыяла гэтаму не ў апошнюю чаргу і марудная прыватызацыя зямлі[39]. Для Беларусі былі характэрныя імклівая эскалацыя гвалту, змешванне этнічных групаў ды інтэрвенцыя вонкавых сілаў у канфлікты ўнутры грамадства акупаванае тэрыторыі. Іх найважнейшымі прадстаўнікамі былі кіраваны з Масквы савецкі партызанскі рух ды кантраляваная польскім эміграцый ным урадам у Лондане Армія Краёва, якая дзейнічала, прынамсі, у рэгіёнах з вялікім працэнтам польскага жыхарства[40]. Цягам вайны супраціў усё больш і больш выяўляўся праз адкрытае ваеннае супрацьстаянне, а ў ім бралі ўдзел не толькі рэгулярныя злучэнні і аддзелы, але і жаўнеры Чырвонай Арміі, што адбіліся ад сваіх падраздзелаў; уцекачы з турмаў; сяляне, што хаваліся ад мабілізацыі ў паліцыю, або таксама і ўцекачы з гета, што спрабавалі ператрываць вайну ў аддаленых лясных схованках. Спрабуючы ўсталяваць кантроль над небяспечнаю сітуацыяй, нямецкія ўлады ўжывалі ўсё больш брутальныя сродкі[41].

У даступных нам крыніцах амаль не захавалася сведчанняў адкрытых выступаў супраць забойстваў беларускіх габрэяў. Іх канцэнтраванне ў гета пачалося ўжо ў ліпені 1941 г. Яно праходзіла ва ўсіх на вачах і закранула супольнасці, якія часткова нават у бальшыні былі заселеныя габрэямі[42]. У Менску было створана найвялікшае гета. Яно было заселенае колькасцю людзей да 100 000, з іх каля 25 000 складалі «гамбургскія габрэі», што былі раней дэпартаваныя з гарадоў Нямецкага Райху. (Напярэдадні другое сусветнае вайны колькасць жыхароў Менску складала блізу 250 000)[43]. Немцы ў вермахце, цывільнай адміністрацыі ды ў гаспадарчых установах зазвычай не пратэставалі супраць абыходжання з габрэямі. Мажліва, шмат каму з іх у глыбіні душы было надта брыдка даведвацца пра гэтыя забойствы. З тых, хто выказваўся адкрыта, засталося надзвычай мала сведчанняў. Паасобныя выпадкі, як, прыкладам учынак аднаго нямецкага гаўптмана, што ўратаваў ад смерці габрэйскую жанчыну, заслугоўваюць, відавочна, гэткае самае павагі, як і адважныя ўчынкі тых людзей, якім за сваё ўратаванне ўдзячныя згаданыя вышэй уцекачы з гета[44].

На пытанне, якім чынам негабрэйскія суседзі ўспрымалі ізаляцыю і забойствы сваіх суграмадзянаў-габрэяў, адназначнага адказу няма. Спантанічныя пагромы першых дзён вайны, што былі з задавальненнем адзначаныя нямецкімі службамі бяспекі як у Прыбалтыцы, гэтак і ва Ўкраіне, у «Генеральным камісарыяце Беларутэніі» былі амаль невядомыя[45]. Аднак як у заходняй, так і ва ўсходняй частцы краю мелі месца антыгабрэйскія эксцэсы. Калі пад час акупавання Менску былі падпаленыя дамы ў прыгарадах, паводле дадзеных нямецкага СД, насельніцтва звальвала віну за гэта на «габрэяў» і рабіла захады супраць іх[46].

Шмат у якіх меншых ці большых населеных пунктах мелі месца аналагічныя эксцэсы. Тыя тры гісторыі ўратавання габрэяў, што былі пададзеныя ў пачатку гэтага артыкула, супадаюць у адным пункце. Навакольны свет апісваецца ў іх як варожа настаўлены; рызыку быць выкрытымі немагчыма было прадбачыць. Гэтае суб’ектыўнае ўражанне ўвесь час пацвярджаецца ў выказваннях уцекачоў з гета або тых, хто здолеў перажыць злачынствы акупантаў. Яно было нагэтулькі моцнае, што саміх вязняў гета перад абліччам пагрозы быць знішчанымі адно з вялікімі цяжкасцямі можна было намовіць на ўцёкі[47]. Нам вядома, што ў масавых расстрэлах 1942 і 1943 г., ахвярамі якіх сталася бальшыня беларускіх габрэяў, бралі ўдзел таксама мясцовыя выканаўцы[48]. Беларускія і польскія паліцыянты блакавалі гета, ахоўвалі і суправаджалі групы габрэяў да месцаў расстрэлу або былі актыўнымі ўдзельнікамі забойстваў. У гета патрулявалі цывільныя жыхары-суседзі, што паказвалі карным камандам схованкі, у якіх пераследаваныя шукалі мажлівасці ўцячы ад свайго лёсу. Пасля заканчэння забойчых акцыяў знаходзіліся надзвычай руплівыя паліцыянты і цывільныя асобы, што вышуквалі сярод попелу і руінаў тых, хто заставаўся жывы, і выдавалі іх нямецкім органам бяспекі або забівалі іх самі. Тыя людзі, якім праз цуд удавалася жывымі выкараскацца з-пад гары трупаў або ўцячы з месцаў расстрэлу, цягам доўгіх дзён баяліся пастукацца ў сялянскія хаты, што нават стаялі паасобку, і папрасіць вопраткі, харчоў або пітва. Здараліся выпадкі, пад час якіх паасобныя беларускія або польскія паліцыянты лавілі на прасёлках тых, хто ацалеў пры масавых расстрэлах, каго яны, мажліва, самі раней і затрымоўвалі. Часам спагада перамагала, аднак часам гэткія маладыя людзі выконвалі да канца «цяжкое заданне», якое яны або нехта іншы былі не давялі да канца, і забівалі напатканых людзей. Яны стралялі, не атрымаўшы ў гэтай хвілі абавязковага загаду, і нават бывала што і без сведкаў, якія маглі б іх выкрыць. У нацысцкіх лагерах смерці гэтаксама на беларускай тэрыторыі чыніліся зверствы, якія няможна сабе ўявіць: беларусы і палякі прычынялі нечалавечыя пакуты і боль злоўленым габрэям, ці гэта рабілі мясцовыя паліцаі — сваім «палітычным ворагам» усё роўна якое нацыянальнасці або веравызнання[49].

Нямецкая адміністрацыя мела мажлівасць выкарыстоўваць групу беларускіх нацыяналістаў, што займалі ключавыя пазіцыі ў мясцовай адміністрацыі. Тых, з кім акупацыйнаму рэжыму можна было б весці дыялог, было няшмат. Высокаадукаваныя інтэлектуалы, якіх нельга было назваць «па-бальшавіцку настроенымі», у сваёй бальшыні былі арыштаваныя пасля 1939 г. або пакінулі СССР яшчэ ў дваццатыя гады. У звязку з гэтым нямецкае «ўсходняе» міністэрства шукала сабе добраахвотных памагатых сярод эміграцыі і знайшло іх галоўным чынам у эмігранцкіх асяродках Берліна ды Прагі. Характэрна тое, што ў Беларусі толькі за лічаныя месяцы перад адступленнем немцаў, а менавіта ў студзені 1944 г., быў створаны марыянеткавы ўрад[50]. Перад абліччам пагрозы нямецкае паразы «Беларуская Цэнтральная Рада» рэпрэзентава ла быццам бы самастойную беларускую дзяржаву ў нацыянал-сацыя лісцкай Еўропе Адольфа Гітлера. У сапраўднасці, калі параўноўваць з Прыбалтыкаю ды Ўкраінаю, паняцце «марыянеткавага ўраду» няможна нідзе ўжыць больш правамерна, чымся ў дачыненні да нацыяналі стычнай эмігранцкай групкі ў Менску. У яе не было аніякіх рэальных сродкаў ажыццяўлення ўлады. Не было кантакту з насельніцтвам, гэтаксама як адсутнічала ўяўленне таго, хто, уласна, павінен быць каля ўлады і мусіць быць прыцягнуты для стварэння «беларутэнскае нацыі». У «Цэнтральнае Рады» былі папярэднікі: у «Беларускай самапомачы» ўжо з кастрычніка 1941 г. былі задзейнічаныя прыхільныя да адзінай лініі функцыянеры дзеля ажыццяўлення міласэрнае дапамогі насельніцтву. Таксама тут у абласных прадстаўніцтвах сабраліся гэткія людзі, што пайшлі на службу новага рэжыму, спадзеючыся на паляпшэнне ўласных варункаў жыцця. Задачы арганізацыі, што была найбольш актыўнаю ў 1942 г., г.зн., у час масавых расстрэлаў, былі напачатку абмежаваныя недаверлівымі акупацыйнымі ўладамі сацыяльнаю сфераю. Іх дапамога (харчаванне, выплаты пенсіяў, клопат пра сіротаў) траплала толькі тым, «каму трэба». Сціплыя ўспамогі, напачатку пастаянна ўразаныя праз цягу да асабістага ўзбагачэння ды махлярства, не даваліся палякам, як і ўсім іншым «палітычна падазроным элементам». На створанай акупантамі ідэалагічнай шкале вартасцяў габрэі адсутнічалі зусім. З’яўляючыся кіраўнікамі арганізацыі нацыянал-сацыялісцкае дабрачыннасці, функцыянеры «самапомачы» дапамагалі ажыццяўляць антысеміцкую палітыку ўладатрымальнікаў, падтрымоўвалі яе на ўсіх роўнях і не мелі ані намеру, ані мажлівасці ў якой-кольвечы форме выступаць супраць забойстваў габрэяў або дапамагаць іх сабатаваць. Арганізацыя ў досыць адчувальным маштабе нават мела сабе выгоды ад «роспуску» гета ў Менску або ў правінцыі.

Самапомач, «Рада даверу», што пачала сваю працу ў 1943 г., і, урэшце, Цэнтральная Рада ніколі гэтае функцыі не выконвалі і праз асабістае ўзбагачэнне, а таксама ў выніку скачкападобнага, нерэалістычнага курсу акупацыйных уладаў, вельмі хутка страцілі ўсялякі давер да сябе. З гэтага боку беларускія габрэі дачакацца дапамогі не маглі.

Другая мажлівасць абараніць габрэйскія ахвяры ад нямецкае ўлады тэарэтычна існавала ў мясцовага самакіравання. Нямецкі акупацыйны рэжым са сваімі цывільнымі прадстаўнікамі быў прысутны толькі да роўню гэтак званых гебітскамісарыятаў. Гэтыя адміністрацыйныя адзінкі адпавядалі раёнам, а іх цэнтрамі былі Менск, Глыбокае, Вілейка, Барысаў, Ліда, Наваградак, Баранавічы, Слонім, Слуцк і Ганцавічы. Ніжэй гэтага роўню пастаўкі харчоў, скаціны і коней забяспечвалі мясцовыя акружныя, гмінныя ды вясковыя адміністрацыі.

Тое, што тут таксама дапамога пераследаваным габрэям хутчэй была вялікім выключэннем, мела мноства прычынаў. Мясцовыя памагатыя, пастаўленыя немцамі для выканання адміністрацыйных функцыяў, знаходзіліся ў асабліва складанай сітуацыі. Метазгодным уяўлялася б адначасова з савецкімі адміністрацыйнымі органамі пераняць іхны персанал. Але гэта мела месца толькі ў невялікай колькасці выпадкаў. Бальшыня прадстаўнікоў мясцовае ўлады пакінула краіну разам з Чырвонай Арміяй. Калі б габрэі засталіся на сваіх пастах, яны былі б адразу пасля прыходу акупантаў неадкладна адтуль выдаленыя. Часткова нескаардынаванае «навядзенне парадку» нямецкімі сіламі бяспекі хоць і збянтэжыла ацалелых, але адначасна і абудзіла ў іх спадзевы на тое, што аналагічным чынам ім удасца палепшыць уласнае становішча. Беларусы імкнуліся займаць пасады ў заходніх рэгіёнах, пераважна заселеных палякамі, і даносілі на польскіх чыноўнікаў як на варожых немцам, здрадніцкіх ды нацыяналістычных элементаў. Палякам удавалася пераконваць новых гаспадароў у тым, што супрацоўнікі-беларусы ёсць перакананымі камуністамі і іхнае заданне палягае ў тым, каб весці падрыўную працу і рабіць сабатаж супраць нямецкіх «вызваляльнікаў». Канфлікты, што пачаліся яшчэ да ўсталявання цывільнае адміністрацыі, беспасярэдне пасля прыходу акупантаў, узбурылі калектывы органаў самакіравання. Тыя, хто прайграваў у гэтай гульні за ўплывы і пасады, знікалі ў турмах або расстрэльваліся як «сабатажнікі».

Канфлікт набываў дынаміку не толькі праз фактычны падзел краю на дзве часткі, але і праз нерэалістычныя ўяўленні немцаў пра краіну і вызначаныя не ў адпаведнасці з рэальнасцю заданні органам самакіравання. У той час, калі на месцах цывільная адміністрацыя з ахвотаю была гатовая прыцягнуць да супрацоўніцтва «сваіх» палякаў, гэта з палітычных меркаванняў катэгарычна забаранялася міністэрствам усходніх абшараў. Пярэчанні тых, каго гэта закранала, што ў рэгіёнах з 80-працэнтным складам польскага жыхарства (габрэі ў такіх разліках не браліся пад увагу) і беларускай сялянскай меншынёю ўсталяванне беларускае адміністрацыі будзе сутыкацца з адмаўленнем, засталіся непачутыя. Праз брутальнае і бессэнсоўнае ўмяшальніцтва нямецкіх уладаў камунальная адміністрацыя здыскрэдытавала сябе ў вачах тых, хто хацеў ажыццяўляць над ёй кантроль у інтарэсах Нямецкага Райху. Але акупацыйнай уладзе яны былі вельмі пільна патрэбныя, каб займець у Беларусі апірышча. Вельмі хутка ўсталявалася сістэма кругазвароту, да якой належалі неразумныя нямецкія кадравыя рашэнні: «праверкі дзеля метаў бяспекі», даносы, гвалтоўныя дзеянні і ўсё большае адчужэнне вёсак ад гмінаў ды гарадоў.

Натуральна, што сярод мужчынаў і жанчын, што на ўсіх роўнях імкнуліся трапіць на найлепшыя пасады ў адміністрацыі, асабліва вялікаю была гатовасць ажыццяўляць нацыянал-сацыялісцкія мэты ў Беларусі і нават ідэнтыфікаваць сябе з імі. Антысемітызм у гэтай сітуацыі, дзе ад самага пачатку на парадку дня стаялі арышты і «пакаранні», зусім рэальна мог рабіцца «козырам» у спаборніцтве з канкурэнтамі. З іншага боку рызыка моцна ўмажлівіць іншым нападкі на сябе як на «абаронцу жыдоў» была асабліва вялікая. Бачачы магчымыя наступствы, паддаваць сябе гэтай небяспецы не хацеў амаль ніхто. Мясцовае самакіраванне страчвала кантроль над усё большай тэрыторыяй Беларусі. Унутрана перасваранае і спаралізаванае, яно заставалася паслухмяным памагатым акупацыйнага рэжыму. Перадумовы атрымоўваць успамогу ад самакіравання для самых безабаронных ахвяраў былі надзвычай кепскія, бо чыноўнікі гэтага самакіравання самі змагаліся за тое, каб выжыць — напачатку ў пераносным, а ў далейшым працягу вайны і ў літаральным сэнсе гэтага слова[51].

Якімі ж былі мажлівасці супраціву ў іншых сферах ды асяродках? Ці функцыянавалі гарады, сёлы, сем’і ды іншыя супольнасці людзей у акупаванай Беларусі, або яны былі пашкоджаныя і разбураныя ваеннымі падзеямі? У Менску, дзе мелі месца паказаныя ва ўступе ўратаванні габрэяў, дзякуючы вялікай колькасці жыхарства былі лепшыя варункі, каб некага схаваць або дапамагчы некаму ўцячы, чымся ў малых сёлах ды гарадах, дзе лягчэй было кантраляваць сваіх суседзяў[52].

Ужо ў 1942 і 1943 г. у горадзе мясціліся не толькі шматлікія нямецкія штабы і органы кіравання, што мянялі адзін аднаго; Менск быў таксама перапоўнены ўцекачамі, што рынулі з вёскі ў горад у спадзеве знайсці тут лепшыя варункі жыцця або проста страцілі свае котлішчы ў выніку імклівага пашырэння «партызанскае вайны». Менск быў неаглядны і таму кантраляваўся нямецкімі ўладамі з дапамогаю брутальных метадаў. У рэгулярных аблавах усё часцей і часцей бралі ўдзел тутэйшыя паліцыянты. Але нават арышты, расстрэлы і тэрор не далі нямецкім акупантам мажлівасці цалкам кантраляваць горад[53]. Усё ж такі некаторыя фірмы і вытворчасці працавалі дзеля метаў вермахту. У параўнанні з вёскамі і невялікімі гарадамі колькасць рабочых была значнаю. Да 1943 г. да яе належалі габрэі, што працавалі на прымусовых работах, ажыццяўляючы дапаможныя функцыі па-за межамі гета — аж пакуль яны нарэшце не былі пазабіваныя. Нямецкія ўлады, побач з габрэйскімі працоўнымі калонамі, прыцягвалі таксама і кваліфікаваных спецыялістаў-габрэяў, што працавалі перакладчыкамі, а таксама пры сартаванні і вывазе культурных каштоўнасцяў і ў аналагічных сферах. У цэлым варункі для камунікавання і для ўцёкаў у Менску былі параўнальна добрыя. Колькасць вольных выхадаў да канца нямецкае акупацыі заставалася вялікаю, як пра гэта сведчаць шматлікія паведамленні пра савецкі і польскі супраціў, а таксама самі вязні гета[54]. Агароджы вакол гета да самага пачатку нямецкіх масавых акцыяў забойстваў шмат у якіх месцах мелі адтуліны.

Адначасна рызыка для «абаронцаў жыдоў» у Менску была надзвычайна вялікаю. Паблізу ўлады шчыльнасць перакананых калабаран таў была вышэйшая, чымся ў правінцыі, дзе ў першыя месяцы вайны акупантаў амаль не бачылі. Агентура СД была прысутная ў грамадскіх месцах, інфільтраваная ў калектывы фірмаў. Менавіта з тае прычыны, што праз арышты і прыток уцекачоў была вялікая зменлівасць персаналу, акцыі пратэсту і сабатажу абмяжоўваліся паасобнымі людзьмі або маленькімі групамі. У Менску было найлягчэй усталяваць кантакт з нямецкімі ўладамі і патэнцыйнымі працадаўцамі. Рудыментарныя адукацыйныя або культурныя ўстановы, або лякарні ды фабрыкі давалі месцы працы пасля таго, як былі пазабіваныя габрэі — тыя, хто займаў гэтыя пасады раней. Большым, чымся ў правінцыі, у Менску быў таксама працэнт функцыянераў, эвакуяваных Саветамі. У горадзе з’явілася мноства нябачных магілаў. Не зважаючы на агаломшвальны досвед гета, шмат якія жыхары Менску былі варожа настаўленыя да «сваіх» габрэяў.

Менш адчувальнаю, як у Менску, напачатку была нямецкая прысутнасць у маленькіх гарадах і, найперш, у вёсках. Але ж чаму тады і тут у той час, калі ў 1942 і 1943 г. пачаліся масавыя расстрэлы, супраціў быў гэткі слабы? Суседства з габрэйскімі сем’ямі, што жылі ў мястэчках або як рамеснікі ў вёсках, было ў бальшыні адносна беспраблемным. У некаторых выпадках вясковыя супольнасці тады пратэставалі з тае прычыны, што «іхны» каваль або іншыя рамеснікі былі арыштаваныя і іх змушалі да перасялення ў гета. Аднак часцей за ўсё гэткіх выказванняў салідарнасці не было. Адной з прычынаў быў досвед нямецкага тэрору, што ўжо ў 1942 г. пачаў распаўсюджвацца на вёскі і найперш датычыў «інфікаваных бандамі абшараў», але і таксама нёс пакаранне падаткаплацельш чыкам, што не плацілі падаткі або дапускалі пратэрміноўкі ў іх выплатах. У цэлым вёскі і паасобныя сем’і як калектывы функцыянальна рабіліся ўсё больш і больш абмежаваныя.

Істотную ролю ў звязку з гэтым выконвалі мясцовыя бургаміст ры. Шмат якія сельскія старасты былі непісьменныя, мелі ў гаспадарцы адно невялікі кавалак зямлі. Яны спадзяваліся на тое, што, атрымаўшы ўладу ў вёсцы, як узнагароду за сваю службу будуць мець зямлю і праз іх супрацоўніцтва з акупацыйнай уладаю абароняць сваю сям’ю і сваю вёску. Адначасна было вельмі рызыкоўна адмаўляцца ад прызначэння на бургамістра. Гэткі крок уважаўся за выказванне пазіцыі супраць нямецкіх уладаў. Каб быць пакінутымі ў спакоі, вясковыя старасты выконвалі заданні нямецкіх уладаў. Выпадкі, калі вёскі не выконвалі нормаў паставак, у 1941 і 1942 г. былі рэдкім выключэннем. У першы год нямецкае акупацыі не патрабавалася ані паліцэйскае, ані вайсковае сілы, каб атрымаць неабходныя харчы і жывёлу. Якраз у гэты першы год, калі ажыццяўляўся пераход ад гетаізацыі габрэяў да іх забойства, бургаміст ры імкнуліся з усіх бакоў засцерагчы свае вёскі ад небяспекі. Яны выстаўлялі самаахову, што, у звязку з малой прысутнасцю паліцыі, мелася бараніць аддаленыя вёскі ад валацужных рабаўнікоў, жаўнераў, што адбіліся ад сваіх падраздзелаў, і маленькіх партызанскіх аддзелаў Чырвонае Арміі. Пры гэтым ужываліся шматвяковыя традыцыі вясковага самасуду, якія былі скіраваныя не толькі на чужынцаў, але і ў якасці сродку ўзмацнення дысцыпліны сярод вясковага жыхарства.

Нямецкая акупацыя ўскосна ўспамагала гэтую сістэму сепарацыі. Да прыкладу, кантакты з «савецкімі актывістамі» або іншыя «цёмныя плямы» ў біяграфіі пэўнага бургамістра або іншага вяскоўца цягнулі за сабою працяглыя допыты ў нямецкай або мясцовай паліцыі. Калі падазрэнне ў тым, што нехта падтрымлівае нямецкую справу з недастатковым энтузіязмам, узмацнялася, людзям пагражалі турма, пакаранне смерцю або адпраўленне на прымусовыя работы. Для маларухомых, неадукаваных вяскоўцаў апошні варыянт прадвызначаў найжахлівей шы лёс, балазе гэткая кара ў горшым выпадку магла быць распаўсюд жаная на ўсю вёску.

На гэтым тле перадумовы таго, каб аказваць дапамогу «сваім» габрэям, для вясковых бургамістраў былі надзвычай кепскія. Бальшыня бургамістраў дакладна выконвала свае абавязкі. Да іх, прыкладам, належала падрабязнае высвятленне, колькі габрэяў, «камуністаў» або былых чырвонаармейцаў жыло ў той або іншай вёсцы. Бургамістр, які падаваў наконт гэтага фальшывыя звесткі, рабіўся ў вачах сваіх людзей патэнцыйным аб’ектам рэпрэсіяў. Амаль ніхто на гэткую рызыку ісці не наважваўся. Было прасцей назваць габрэяў у сваёй вёсцы і паведаміць пра ўцекачоў у паліцыю.

Па меры развіцця ваенных падзеяў цягам вайны вясковыя старасты ўсё болей апыналіся ў становішчы паміж двух франтоў. Ужо ў 1943 г., калі поўным ходам чыніліся масавыя забойствы габрэяў, становішча ў сферы бяспекі ў Беларусі вырашальным чынам памянялася. Пасля двух гадоў ваенных дзеянняў савецкае камандаванне ўсё больш эфектыўна арганізоўвала вайсковы супраціў. Але не толькі яно, а і групоўкі з розным нацыянальным ды палітычным заплеччам — сярод іх польскія, беларускія, украінскія і літоўскія аддзелы — змагаліся ў правінцыі за ўплывы і базы забеспячэння. Гэта інтэнсіфікавала нямецкае «змаганне з бандамі», ад чаго найбольш цярпелі вёскі. Бургамістры набылі такі досвед, што «карныя акцыі» часта праводзіліся без усялякага звязку з антынямецкімі замахамі, а ў досыць адвольным парадку і што пра гэта не паведамлялася нават нямецкай цывільнай адміністрацыі[55]. Гэта знішчала вясковую супольнасць, бо ў той ступені, у якой паводзіны акупацыйных уладаў рабіліся менш прадказальнымі, трацілі ў сваім аўтарытэце і бургамістры. Пры гэтым для іх узрастала пагроза самім у якасці калабарантаў зрабіцца аб’ектамі замахаў. Кантакт з узброенымі групоўкамі зноў-такі вёў да непазбежнага пакарання смерцю, калі толькі пра гэта мелася даведацца паліцыя. Шмат якія бургамістры спадзяваліся пазбегнуць гэтае пагрозы праз ужыванне сілы. Яны дамагаліся ўзбраення сваёй самааховы або прыцягнення мясцовае паліцыі, а таксама прысутнасці нямецкага вермахту, каб абараніць свае вёскі і сябе саміх. Гэткая сітуацыя рабіла праблематычным займанне пазіцыі на карысць беларускіх габрэяў.

Мажлівасці аказання дапамогі былі абцяжараныя таксама іншымі чыннікамі. Пра антысемітызм, які існаваў таксама на вёсцы, гаворка вышэй ужо ішла. Адасабленню, ізаляванню і вынішчэнню габрэяў спрыялі эканамічныя чыннікі. Жыццёвы ровень на вёсцы быў сціплы яшчэ да прыходу немцаў. Тут ён знізіўся яшчэ болей у выніку шкоды, прычыненай адступленнем адных войскаў і прыходам іншых, але найперш — высокімі падаткамі. Калі ў першы год вайны недахоп харчоў на вёсцы яшчэ адчуваўся не вельмі моцна, дык спажывецкія тавары мелі ўжо тады найбольшую прывабнасць. Пры гэткіх акалічнасцях «жыдоўскія рэчы», як іх называла нацысцкая бюракратыя, былі больш чым жаданым таварам. Каля агароджаў гета вёўся ажыўлены гандаль. Сяляне набывалі каштоўныя рэчы, вопратку або гаспадарчы рыштунак, плоцячы за гэта харчамі. За звесткі пра «зачышчэнні гета», што мелі адбыцца, мясцовая паліцыя брала ў габрэйскіх радаў плату золатам. Паліцыянты сцвярджалі, што за ўзнагароджанне яны могуць сяго-таго ўратаваць ад смерці пад час гэткіх акцыяў. На гандлі з гета нажывалася мясцовая (а часта таксама і нямецкая) паліцыя, а разам з ёю цэлы шэраг гандляроў -пасярэднікаў. Дзеці і падлеткі, якім праз іх малы рост было лягчэй пераадольваць агароджы вакол гета, зараблялі сабе гэтым на пражыццё.

Пад час «перасяленняў» габрэяў у гета ўвесь час даходзіла да рабункаў. Было заўсёды досыць тых, хто выяўляў інтарэс да дамоў, што вызваліліся, або да майстэрняў, што страцілі сваіх гаспадароў. Тая акалічнасць, што прагнаныя адтуль людзі былі габрэямі, пад час спрэчак за валоданне, хутчэй за ўсё, адыгрывала другарадную ролю. Калі гаворка ішла пра тое, каб прыўлашчыць прыбытковы млын або каштоўны жылы дом, на ўладальніка рабіліся даносы ў кожным канкрэтным выпадку як на габрэя, паляка, камуніста і ненавісніка немцаў у адной асобе. Нярэдка гэткія даносы вялі да жаданага поспеху.

Пасля вялікіх акцыяў вынішчэння органы бяспекі паведамлялі пра мясцовых паліцыянтаў і цывільных асобаў, якія капаліся сярод руінаў гета, шукаючы рэчы, што засталіся пасля іхных забітых колішніх суседзяў. Яны абшукавалі будынкі, спадзеючыся знайсці закапаныя або іначай схаваныя каштоўныя рэчы. Паліцыянты і бургамістры распачалі маштабны гандаль «габрэйскімі рэчамі» і сваёй прапановай прываблівалі шматлікіх пакупнікоў з вёсак. Сёй-той з гэтых «прадпрымальні каў» разгарнуў сваю справу нагэтулькі маштабна, што трапляў у канфлікты з нямецкімі ўладамі. Тыя самі мелі інтарэс у выкарыстанні «габрэйскае маёмасці». Да прыкладу жорсткія спрэчкі ўзнікалі паміж рознымі ўстановамі, калі гаворка ішла пра размеркаванне вопраткі, абутку, што былі здабытыя пад час «зачышчэнняў гета» і складзеныя аж пад самы дах у кабінетах і сховішчах будынку Менскае Оперы. Выказваліся ўзаемныя абвінавачванні пра «вар’яцтва на глебе жыдоўскага хломазду» ды ўжыванне нядобрасумленных сродкаў пры тым размеркаванні. Адзін з нямецкіх гебітскамісараў планаваў пабудову крамы дзеля рэалізацыі габрэйскае маёмасці жыхарству. Ён адмовіўся ад сваёй задумы, бо непакоіўся, што не ўдасца пазбегнуць эксцэсаў і праз гэта беспраблемна ажыццявіць распродаж. На вёсцы сяляне і рамеснікі звярталіся да сваіх суседзяў-габрэяў і прасілі апошніх саступіць ім скаціну або інструмент, бо ўсё адно яны хутка маюць быць выселеныя. Беларускія сяляне паказвалі чыноўнікам цывільнае адміністрацыі, якія прыязджалі да іх у вёску, магілы «сваіх» габрэяў, што знаходзіліся ў найбліжэйшым лесе, і хітравата распавядалі, як праз экзекуцыі для некаторых сем’яў «пытанне даўгоў» вырашылася найпрасцейшым чынам. Уцёкі габрэяў з гета — не гэтак, як у прыведзеных у пачатку артыкула прыкладах — таксама не заўсёды падтрымоўваліся з гуманітарных меркаванняў, а арганізоўваліся за плату звонкай манетаю. Габрэйскія жанчыны ўступалі ў полавыя стасункі са сваімі патэнцыйнымі ратаўнікамі і, відаць, часта не маглі патлумачыць самі, ці тут гаворка ішла пра форму аплаты, выраз удзячнасці або вынік прыхільнага стаўлення і фізічнай прыцягальнасці.

Прыведзеныя прыклады можна доўжыць і доўжыць. Калі браць пад увагу нізкі жыццёвы ровень і часткова жабрацкія варункі, у якіх беларускае жыхарства існавала пад час вайны, робіцца зразумелым, якіх высокіх маральных якасцяў патрабавала адмаўленне ад таго, каб у якой-кольвечы форме браць удзел у вынішчэнні габрэяў. Нават калі нехта карыстаўся з паслугаў «Беларускае самапомачы», ён ускосным чынам атрымоўваў выгоды ад «перасяленняў» ды «зачышчэнняў гета». Гандаль каля сценаў гета негабрэі разглядалі напачатку, відаць, як зусім натуральную рэч. Усё ж такі ён паляпшаў забеспячэнне габрэяў харчамі — гэтак можна было ўсё патлумачыць сабе. За ўсталяванне цэнаў кожны канкрэтны прадавец адказнасці не нёс, цэны дыктаваліся попытам, а ён быў велізарны. Урэшце, лёс габрэяў гета і так змяніць было немажліва, калі не паддаваць небяспецы сябе і сваю сям’ю. Паўсюль існавалі ідэальныя перадумовы пераступіць мяжу паміж выжываннем і самаўзбагачэннем.

Для ўзмацнення салідарнасці праблематычнай была прысутнасць мясцовае паліцыі. Пад назвамі «шуцманшафт» (паліцыя. — Л.Б.) або «служба парадку» нямецкая адміністрацыя мела дзейсны інструмент, каб кантраляваць і абараняць занятую тэрыторыю[56]. Нярэдка там неслі службу мясцовыя паліцыянты пад камандаваннем нямецкіх начальнікаў. У савецкай літаратуры паліцыянты разам з бургамістрамі былі ўвасабленнем здрады свайму народу. Гэтая акалічнасць, відаць, бралася пад увагу пры апісанні «паліцаяў» у савецкай белетрыстыцы (і часткова таксама ў гістарычнай літаратуры). Сцверджаныя дэфармацыі характару і непаўнавартасць паліцыянтаў знайшлі тут свой выраз у брыдкіх рысах твару, цязе да брутальнасці, распусты, падлізніцтва[57]. Пад час вайны паліцыянты былі ўлюбёным аб’ектам замахаў, пасля вайны над імі ўчыняліся працэсы.

Становішча ў мясцовай паліцыі было толькі люстэркам агульнае сітуацыі ў акупаванай краіне. Як вынік заблытанай этнічнай карціны беларусы служылі ў паліцыі супольна з палякамі, а таксама, у выключных выпадках, з расійцамі, украінцамі і літоўцамі. Паводле нямецкіх планаў паліцыянты мусілі быць задзейнічаныя як найдалей ад сваіх родных вёсак, каб гэткім чынам было выключана змоўніцтва ды кумаўство. У сапраўднасці нямецкі апарат бяспекі выявіў сябе занадта грувасткім, а колькасць ахвотнікаў на паліцэйскую службу была замалая, каб зрэалізаваць гэтыя мэты.

Прымусовы набор на службу нярэдка значыў кепскі выбар персаналу. Калі вёскам даводзілася заданне выстаўляць пэўную колькасць маладых мужчынаў, усё ішло да таго, каб збыць на службу ў паліцыю такіх кандыдатаў, якія не былі надта даспадобы ў вёсцы. У паасобных выпадках бургамістры гэткім чынам пазбаўляліся ад нязручных звягліўцаў, неахвочых да працы або і ад сваіх асабістых праціўнікаў. Перш-наперш сярод элітарнай часткі эсэсаўскай ерархіі былі папулярныя жарты наконт таго, што паміж дэградаванымі бандамі рабаўнікоў немажліва ўбачыць розніцу — і таму лепш за за ўсё не рабіць ніякіх адрозненняў паміж апошнімі, з аднаго боку, і мясцовымі паліцыянтамі, з другога.

Насамрэч сярод дакументаў нямецкіх паліцэйскіх уладаў знаходзяцца шматлікія паведамленні пра напады, п’яныя выхадкі, злоўжыванні зброяй ды іншыя службовыя парушэнні. У якасці дысцыплінар нае праблемы (а не як, прыкладам, від незаконных дзеянняў) былі зарэгістраваныя оргіі гвалту і забойстваў, што адбываліся ў часе прымусовага перасялення габрэяў у гета і пазней, пад час масавых забойстваў[58]. І тут мясцовыя паліцыянты выявілі сябе бясслаўна і «асягалі» нашмат большага за тое, што ад іх патрабавала нямецкае начальства. Нам вядомыя шмат якія выпадкі, калі беларускія або польскія паліцыянты забівалі габрэйскіх уцекачоў ды «савецкіх партызанаў» — або таго, каго за іх уважалі. Калі бургамістры або іншыя вяскоўцы даносілі на некага як на камуніста, зазвычай яны рабілі гэта ў мясцовай паліцыі, якая тады арыштоўвала падазраванага. Гэткія арышты суправаджаліся «пакараннямі» «памочнікаў» або сваякоў арыштаваных. Часткова гэта рабілася з нечуванай брутальнасцю. Хаты, у якіх выкрываліся «савецкія актывісты», нярэдка проста падпальваліся. Калі вінаватых не знаходзілі, іх месцазнаходжанне «высвятлялася» праз допыты іхных сямейнікаў. Дакументы даюць сведчанні пра катаванні і згвалтаванні, што адбываліся пад час гэтых допытаў. Таму вобраз п’янага, прымітыўнага гарладзёра-паліцая, які тыраніў і рабаваў жыхарства, напоўніцу выяўляючы свае антысеміцкія схільнасці ды садызм, з’явіўся не проста так.

Каб мець мажлівасць вызначыць ролю мясцовае паліцыі, вагу, аднак, маюць яшчэ і іншыя чыннікі. Калі гаворка ідзе пра маладых людзей, якія пайшлі на гэтую службу добраахвотна, у шматлікіх выпадках гэта былі тыя, хто пацярпеў ад саветызацыі, і найперш гэтае адносілася да палякаў. Таму няма нічога дзіўнага, што наяўны без сумневу антысемітызм стымуляваўся або нават абуджаўся праз гатовасць атрымаць цяпер шанец на паспяховую асабістую кар’еру. Перспектыва замяніць цяжкую працу ў вясковай гаспадарцы на службу ў паліцыі выглядала прывабнаю. Са шматлікіх пратаколаў пазнейшых працэсаў ды з іншых крыніцаў нам вядома, што паліцыянты на нямецкай службе вялікае значэнне надавалі ўзнагародам, форменнай вопратцы і зброі як знакам пэўнага статусу. Яны часта не надта адрозніваліся — нават калі гэта датычыла функцыянавання «малога баявога аддзелу» — ад аналагічных групаў нямецкае паліцыі ды вермахту. Побач з недастатковай адукацыяй, датрыманнем асабістых інтарэсаў, а ў шматлікіх выпадках, відавочна, і з адмоўнымі якасцямі характару, тут адыгрывалі сваю ролю тыя працэсы, якія Крыстафер Браўнінг аналізаваў датычна «ordinary men» («простых людзей»), што ў складзе аднаго нямецкага паліцэйскага батальёну рэзервы бралі ўдзел у масавых забойствах ды «зачышчэннях гета»[59].

Беларускія ды польскія паліцыянты зараблялі не толькі нямецкія ўзнагароды, але і здабывалі прызнанне сваіх нямецкіх начальнікаў за адвагу і рашучасць у «змаганні з партызанамі» або ў «зачышчэннях гета». Узаемнае ўздзеянне нямецкага тэрору, замахаў супраць акупацыйнай улады, кампраметавання асобаў ды пастаянных акцыях адплаты пачалося ўжо ў 1942 г. Гэта прыводзіла да ўсеагульнае эскалацыі гвалту. Наўпрост або ўскосна паліцыя падтрымоўвала беспраблемнае ажыццяўленне масавых забойстваў габрэяў. Суб’ектыўнае адчуванне смяротнае пагрозы, уражанне «знаходжання на полі бітвы» рабіла ўсё менш і менш верагодным стаўленне паасобнымі людзьмі пад сумнеў злачынных мэтаў ды загадаў. Гэта датычыла чыноўнікаў акупацыйнае адміністрацыі ды нямецкіх сілаў бяспекі, гэтаксама як і мясцовых паліцыянтаў[60].

Урэшце, таксама і на тэрыторыях, да якіх не дасягала нямецкая ўлада, габрэйскія ўцекачы з гета натыкаліся на ворагаў. У аддзелах Арміі Краёвай, якія мелі свае, цяжка кантраляваныя звонку парадкі пад зверхніцтвам мясцовых камандзіраў, часта прысутнічалі прыкметныя антысеміцкія настроі. Забабоны і нават варажнеча спатыкалі габрэяў таксама сярод савецкіх партызанаў. Рабіліся ўсё больш вядомымі выпадкі, калі былі расстраляныя ўцекачы з гета, што шукалі кантакту з узброенымі аддзеламі. І гэты працэс меў сваю дынаміку.

На пачатку вайны групы ўцекачоў і жаўнераў, што адбіліся ад сваіх падраздзелаў, дамагаліся толькі таго, каб схавацца ад нямецкіх сілаў бяспекі і выпрасіць у сялянаў самага неабходнага дзеля выжывання. Габрэйскія ўцекачы з гета рабіліся канкурэнтамі групаў самае разнастайнае афарбоўкі, нярэдка паўсталых праз выпадак ды надзвычай схільных да гвалту[61]. Канфлікты паміж тымі, хто змушаны быў хавацца, узнікалі не вакол якіх-кольвечы палітычных ідэяў, а вакол мажлівасцяў здабыць харчы ды вопратку. Калі сферы ўплываў перасякаліся або калі пэўная група пашырала сваю дзейнасць па-за межамі кантраляванай ёю тэрыторыі з прычыны росту свае колькасці або паляпшэння свайго рыштунку (праз падтрымку звонку або дзякуючы прытоку новых байцоў), канфлікты маглі перарастаць у ваенныя сутычкі[62]. Прыкладам, характэрным для агульнае сітуацыі ў Беларусі ёсць габрэйскі партызанскі аддзел на чале з Туўя Бельскім, што меў сваёй базай маладаступны раён Налібакаў[63]. Праз прыток уцекачоў з гета малая напачатку група асягнула больш як тысячы ўдзельнікаў. Аддзел праводзіў шматлікія акцыі ратавання габрэяў з гета, што знаходзіліся паблізу. Туўя Бельскі, у чыіх лясных схованках побач з мужчынамі жылі таксама жанчыны і дзеці, дзяліў гэтую тэрыторыю з савецкімі і польскімі злучэннямі. Мірнае напачатку суіснаванне цягам вайны ператварылася ў сітуацыю вострае канкурэнцыі, а ўрэшце і ў барацьбу за ўладу. Усё гэта скончылася разгромам польскага аддзелу савецкімі брыгадамі ды прымусовым улучэннем групы Бельскага ў савецкі партызанскі рух[64]>.

Савецкае камандаванне, але і таксама камандзіры Арміі Краёвай мелі дваістае стаўленне да габрэйскага супраціву[65]. Хоць кіраўніцтва найчасцей выказвала салідарнасць з габрэямі як ахвярамі нацысцкага гвалтоўнага панавання, у якасці самастойных дзейных асобаў у акупаванай Беларусі апошнія заставаліся для яго непажаданымі. Антысемітызм сярод жаўнераў Арміі Краёвай усё-такі вылучаўся яе камандзірамі ў якасці праблемы. У супрацьлегласць гэтаму, савецкае камандаванне не мела ахвоты гаварыць пра гэткія канфлікты. Габрэйскія ахвяры і габрэйскія ўцекачы пад шыфрам «народнае вайны» ўлучаліся ў лік грамадзянаў Савецкага Саюза, а ў неабходных выпадках сілай заганяліся ў абдымкі кіраўнікоў савецкага партызанскага руху. Калі браць у цэлым, асаблівае дапамогі габрэі не атрымалі і ад ваенных праціўнікаў нямецкае акупацыйнае ўлады[66].

Заключныя высновы

Асаблівасць Беларусі палягае ў тым, што тут амаль не існавала перадумоваў зарганізаваць грамадства пасля прыходу нямецкага вермахта на абарону ад вонкавага ворага. Як наступства саветызацыі 1939 г. і з прычыны адрозненняў паміж усходняй і заходняй часткамі краю, але таксама і пасля савецкай эвакуацыі 1941 г. «грамадства» ўяўляла сабою не што іншае, як мноства не злучаных паміж сабою сацыяльных асяродкаў ды групаў інтарэсаў. Адначасна досыць істотнаю была напружанасць паміж тымі, хто выйграў у выніку саветызацыі, і пацярпелымі ад яе. Немцы наракалі на «пасіўнасць» беларутэнаў ды іхную недастатковую нацыянальную свядомасць. У сваім няведанні мясцовых дачыненняў і стасункаў і маючы далёкія ад рэальнасці адміністрацыйныя ўказанні з Берліну, яны за кароткі час настроілі супраць сябе як беларусаў, гэтак і палякаў. За гэткія міжэтнічныя канфлікты ўскосна заплацілі таксама беларускія габрэі, якія самі належалі да шматлікіх асяродкаў і групаў.

Беларускія габрэі сталіся ахвярамі галакосту. Але на іх таксама абрынуўся цяжар тых спрэчак і змаганняў, што вяліся дзеля ўлады ў Беларусі. Ані на ўсходзе, ані на захадзе краіны акупанты не знайшлі значнага выяўлення антысемітызму. Яны шкадавалі пра гэта, параўноўва ючы сітуацыю з тым, што адбывалася ў Прыбалтыцы і ва Ўкраіне, дзе ў куды большай ступені можна было разлічваць на антысеміцкія тэндэнцыі. Аднак у Беларусі як сярод палякаў, гэтак і сярод беларусаў антысемітызм усё-ткі меў месца нагэтулькі, што перад абліччам нямецкага тэрору ў наступныя гады ён здолеў узбуяць у шмат якіх месцах. Прычынамі, побач з традыцыйнымі антыгабрэйскімі забабонамі, была мешаніна страху перад пакараннем, спробаў прыстасавацца да акупацыйнай улады і прагі да асабістае выгоды. У пэўных выпадках варожасць суседзяў, відаць, была скіраваная не супраць габрэяў як этнічнай групы, а як супраць уяўнага канкурэнта ці «ворага» — гэтак як гэта мела месца таксама паміж палякамі, беларусамі, украінцамі, літоўцамі або немцамі-«фольксдойч». Ад самага пачатку вайны палякам, беларусам і габрэям з усёй брутальнасцю была прадэманстраваная іх безабароннасць супраць непрадказальнае нямецкае акупацыйнае ўлады. Цягам вайны гэты працэс мацнеў. Нямецкі тэрор і скачкападоб ная палітыка немцаў — палітыка, абумоўленая адрознымі інтарэсамі шматлікіх органаў ды ўстановаў — уцягвалі ўсё большую колькасць людзей у той вір, у якім круціліся тэрор, узаемная кампраметацыя ды тэрор у адказ. Жабрацкія варункі жыцця гарадскога і вясковага насельніцтва яшчэ болей абмяжоўвалі мажлівасці аказваць дапамогу. Асобы, групы і арганізацыі былі праз гэта наўпрост і пасярэдне ўцягнутыя ў «рэалізацыю габрэйскіх рэчаў».

Салідарнасць з беларускімі габрэямі і аказанне ім дапамогі не варта ставіць толькі выключна ў дачыненне з антысемітызмам, які меў месца ў грамадстве акупаванае краіны. Грамадзянская мужнасць ды гераізм узнікалі не ў вакууме, а былі часткай складанае сістэмы залежнасцяў, пагрозаў ды страхаў. Калі было жаданне дапамагаць габрэям, іх трэба было пераадольваць, і гэта было цяжкой задачай для вялікае колькасці «зусім нармальных» беларусаў ды палякаў. З чалавечнасцю і ўзаемадапамогаю было, па-першае, гэтак цяжка таму, што ў «Беларутэніі» акупацыйны рэжым найбольш выяўляў свае антычалавечыя рысы. З іншага боку, выхад гвалту па-за ўсялякія межы і адсутнасць масавага супраціву выразна паказвалі, як моцна было парушанае жыццё гэтага краю яшчэ пад час прыходу Саветаў у 1939 г. Імкненне беларусаў і палякаў цяпер, пры нямецкім уладаранні, нарэшце станоўча паўплываць на свой лёс было ў сваёй істоце скіраванае не супраць габрэяў. Але апошнія трапілі ў сітуацыю паміж молатам і кавадлам, пасля таго як акупанты зрабілі іх найслабейшым звяном грамадства. Учынкі Пятра Міхайлаві ча Палікарповіча, Людмілы Іосіфаўны Мачуленкі ды Юльяны Сяргееўны Вінаградавай, якія пад пагрозаю смерці ратавалі габрэяў, на гэтым тле маюць яшчэ большую вагу. Яны ёсць доказам таго, што чалавечнасць можа гаварыць сваё слова супраць вынішчэння і руйнавання, нават калі гэта — як у той час у Беларусі — мусілa адбывацца ў найцяжэйшых варунках.

З нямецкай пераклаў Лявон Баршчэўскі


[1] Kosmala B. Ungleiche Opfer in extremer Situation. Die Schwierigkeiten der Solidarität im okkupierten Polen // Benz W. / Wetzel J. (Hrsg.) Solidarität und Hilfe für Juden während der NS_Zeit. Regionalstudien 1, Berlin 1996. S.19_98; Golczewski F. Die Revision eines Klischees. Die Rettung von verfolgten Juden im Zweiten Weltkrieg durch Ukrainer // Benz W. / Wetzel J. (Hrsg.)
Solidarität und Hilfe für Juden während der NS_Zeit. Regionalstudien 2, Berlin 1998. S. 9_82.
[2] Europa unterm Hakenkreuz. Die Okkupationspolitik des deutschen Faschismus (1938_1945). Hrsg. vom Bundesarchiv. Berlin, Heidelberg 1988_1996, Bd.7 (zugleich Ergänzungsband 1) : Okkupation und Kollaboration (1938_1945 ). Beiträge zu Konzepten und Praxis der Kollaboration in der deutschen Okkupationspolitik. Zussammengestellt und eingeleitet von W. Röhr. Heidelberg, 1994, Bd. 8 (zugleich Ergänzungsband 2): Analysen, Quellen, Register. Heidelberg, 1996; Madajczyk Cz. Die Besatzungssysteme der Achsenmächte. Versuch einer komparativen Analyse // Studia Historiae Oeconomicae 14 (1979). S. 105_123; Semelin J. Unarmed against Hitler. Civilian Resistance in Europre, 1939_1943. Westport / Conn. 1993.
[3] Падставай для працы стаў даследчыцкi праект па гiсторыi Беларусi ў II сусветнай вайне. Разглядалiся дакументы з наступных збораў: London Metropolitan Polis, Дзяржаўная адвакатура Рэспублiкi Беларусь, Дзяржаўны i Нацыянальны архiў Рэспублiкi Беларусь, колiшнi „Спецыяльны архiў“ у Маскве (ЦIДК), Гiстарычны архiў у Маскве (РССIДНI), розныя аддзелы Бундэсархiва. Адносна выкарыстаных крынiц i дакладных назваў архiваў гл.: Chiari B. Alltag hinter der Front. Besatzung, Kollaboration und Widerstsand in Weißrußland 1941_1944. Düsseldorf, 1998.
[4] Сведчанне Kaganovič E. 2.3.91, Yad Vashem Archive (YVA), file 8392. У тэксце геаграфiчныя назвы i асабiстыя iмёны перадаюцца ў кірылічнай традыцыі. Гэта тычыцца таксама назваў польскiх мясцовасцяў, якiя пазней сталi часткай БССР.
[5] Сведчанне Klimkovič J., YVA, file 8392.
[6] Сведчанне Giršgorn E., 4.4.1996, ebenda.
[7] Сведчанне Cybul’skij A., ebenda.
[8] Сведчанне Kaganovič E., Venčkova N. 24.2.94, ebenda.
[9] Сведчанне Čerčes L. 26.6.94; Aussage Mačulenko L. 28.11.94; Tret’jakova M. 27.11.94, sämtlich YVA, file 8880.
[10] Сведчанне Mačulenko L. 30.4.94., ebenda.
[11] Сведчанне Mačulenko L. 28.11.94. ebenda.
[12] Сведчанне Il’inična, 15.11.95; Vinogradova I. 27.11. 95; Leonova P. 10.4.96, alle YVA, file 9819.
[13] Гл.: Benz W. U.a. (Hrsg .) Anpassung_Kollaboration_Widerstand. Kollektive Reaktionen auf die Okkupation, Berlin 1996.
[14] Klier J. Imperial Russia’s Jewish Question, Cambridge 1995; Иванов Н. Еврейский мир в Белоруссии (конец ХIХ — 1941). Неапублікаваны рукапіс, 1997.
[15] Haumann H. Geschichte der Ostjuden. München 1990; Hausleitner M. / Katz M. Juden und Antisemitismus im östlichen Europa. Berlin, 1995.
[16] Strazhas A. Deutsche Ostpolitik im Ersten Weltkrieg: der Fall Ober Ost. Wiesbaden, 1993.
[17] Літаратурны вобраз грамадзянскай вайны гл. у: Babel I. Die Reiterarmee. Berlin, 1994 (Конармия, 1926);
Benecke W. Die Quäker in den Kresy Wschodnie der Zweiten Polnischen Republik // Jahrbücher für Geschichte Osteuropas, 4 (1994). S. 510—520.
[18] Vetter M. Antisemiten und Bolschewiki. Zum Verhältnis von Sowjetsystem und Judenfeindschaft 1917—1939. Berlin, 1995.
[19] Як агляд беларускай гiсторыi гл.: The making of a Nation. A Case Study, Cambridge / Mass., 1956.
[20] Kosmala B. Ungleiche Opfer in extremer Situation, S.19—97.
[21] Golczewski F. Polnisch — jüdische Beziehungen 1881_1922. Wiesbaden, 1981; Opalski M., Bartal I. Poles and Jews. A Failed Brotherhood. Hanover / N.H. 1992; Abramsky C. u.a. (Hrsg.) The Jews in Poland. Oxford 1986; Gutman Y. u.a. (Hrsg.) The Jews of Poland Between Two Wars. Hanover / London, 1989; Lewin I. The Jewish Community in Poland. New York, 1985.
[22] Brock P. Belarusan National Identity as an Aspect of Conscientious Objection in Interwar Poland // East European Quarterly, 3 (1995). S.285_292; Horak S. Poland and Her National Minorities, 1919_39. New York, 1961; Symmons_ Symonlewicz K. Polish Political Through and the Problem of the Eastern Borderlands of Poland (1918_1939) // Polish Review, 1_2 (1959). S.65_82; Tomaszewski J. Belorussians in the Eyes of the Poles, 1918_1939 // Acta Poloniae Historica, 51 (1985). S. 101—122.
[23] Hlybinny U. Vierzig Jahre weißruthenischer Kultur unter den Sowjets. München, 1959.
[24] Chiari B. „National Renaissance”, Belorussifizierung und Sowjetisierung: Erziehungs_ und Bildunspolitik in Weißrußland 1922—1944 // Jahrbücher für Geschichte Osteuropas, 4 (1994). S. 521—540.
[25] Davies N. / Polonsky A. (Hrsg.) Jewish in Eastern Poland and the USSR, 1939_46. London, 1993; Polska—Bialorus 1918—1945. Zbior studiów i materialów pod redakcją naukową Wiesława Balceraka. Warszawa, 1994; Społeczeństwo Białoruskie, Litewskie i Polskie na Ziemiach Północno–Wschodnich II Rzeczypospolitej (Białoruś Zachodnia i Litwa Wschodnia) w latach 1939—1941. Pod red. Małgorzaty Gizejewskiej i Tomasza Strzembosza. Warszawa, 1995.
[26] Baberowski J. Wandel und Terror: Die Sowjetunion unter Stalin 1928_1941. Ein Literaturbericht // Jahrbücher für Geschichte Osteuropas, 1 (1995). S. 97_129.
[27] Levin N. The Jews in the Soviet Union since 1917. Paradox of Survival. London / New York, 1988; Gitelman Z. A Centery of Ambivalence: The Jews of Russia and the Soviet Union, 1881 to the Present. New York, 1988; ders., Jewish Nationality and Soviet Politics. The Jewish Sections of the CPSU, 1917_1930. Princeton / N.J. 1972.
[28] Да савецкай iнтэрпрэтацыi „Уз‘яднання“ гл.: Соколов Е. К 50–летию воссоединения Западной Белоруссии с БССР. Брест, 1988.
[29] Ciesielski S. u.a. Masowe Deportacje Radzieckie w okresie II wojny światowej. Wrocław, 1993.
[30] Redlich S. The Jews in the Soviet Annexed Territories 1939_41 // Marrus M. The Nazi Holocaust. 8. Bystaners of the Holocaust. Bd. 3. London, 1989. S. 111.
[31] Strzembosz T. (Hrsg.) Studia z dziejów okupacji sowieckiej (1939–1941). Warszawa, 1997; Jasiewicz K. Zagłada Polskich Kresów. Ziemiaństwo polskie na Kresach Północno–Wschodnich Rzeczypospolitej pod okupacją sowiecką 1939–1941. Warszawa, 1998; Gross J. Revolution from Abroad. The Soviet Conquest of Poland’s Western Ukraine and Western Belorussia. Princeton / N.J. 1988 (=gek.: Und wehe, du hoffst… Die Sowjetisierung Ostpolens nach dem Hitler_Stalin_Pact 1939_1941. Freiburg, 1988); ders./ Grudzinska_Gross I. (Hrsg.) War Through Children’s Eyes. The Soviet Occupation of Poland and the Deportations, 1939_1941. Stanford / Cal. 1981; Sword K. (Hrsg.) Deportation and Exile. Poles in the Soviet Union, 1939_48. London 1994; ders. (Hrsg.) The Soviet Takeover of the Polish Eastern Provinces, 1939_41. New York, 1991.
[32] Siebert D. Bäuerliche Alltagsstrategien in der Belorussischen SSR (1921_1941). Stuttgart, 1998.
[33] Pinchuk B. Sovietization of the Shtetl of Eastern Poland, !939_1941 // Strong J. (Hrsg.) Essays on Revolutionary Culture and Stalinism. Selected Papers from the Third World Congress for Soviet and East European Studies. Columbus / Ohio 1990. S.71—79.
[34] Гл.: История Белорусской ССР. Минск, 1977; История Белорусской ССР. Т. 2. Минск, 1961; История Великой Отечественной войны Советского Союза. Москва, 1960–1965; История второй мировой войны. В 12 т. Москва, 1973–1982; Преступления немецко–фашистских оккупантов в Белоруссии (1941–1944). Минск, 1965; Старонкі ваеннай гісторыі Беларусі. Мінск, 1991; Да дыскусіі ў расійскай гістарыяграфіі гл.: Вторая мировая война: Актуальные проблемы / ред. О.А.Ржешевский. Москва, 1995.
[35] Streim A. Sowjetische Gefangene in Hitlers Vernichtungskrieg. Berichte und Documente. Heidelberg, 1982; ders., Die Behandlung Sowjetischer Kriegsgefangener im „Fall Barbarossa”. Heidelberg, 1981; Streit C. Keine Kameraden. Die Wehrmacht und die sowjetischen Kriegsgefangenen 1941_1945. Stuttgart, 1978.
[36] Пономаренко П. Всенародная борьба в тылу немецко–фашистских захватчиков (1941—1944). Москва, 1986; Бритов И. Партизанское движение на территории Белоруссии в первый период Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Минск, 1977; Бычков Л. Партизанское движение в годы Великой Отечественной войны (1941–45). Москва, 1965; Всенародная борьба против немецко–фашистских захватчиков в Белоруссии в период Великой Отечественной войны (июнь 1941 — июль 1944). Т. 3. Минск, 1983; Параўнай:Chiari B. Mythos und Alltag: Voraussetzungen und Probleme eines west_östlichen Dialogs zur Historiographie des Zweiten Weltkriegs // Militärgeschichtliche Mitteilungen, 2 (1995 ). S. 535—563.
[37] Dallin A. Deutsche Herrschaft in Rußland 1941_45. Eine Studie über Besatzungspolitik, Düsseldorf 1958; Романовский В. Немецко–фашистская оккупационная политика и ее крах в Белоруссии (1941–1944 гг.). Неапублікаваная дысертацыя. Мінск, 1974; Müller R. Hitlers Ostkrieg und die deutsche Siedlungspolitik. Die Zusammenarbeit von Wehrmacht, Wirtschaft und SS. Frankfurt a.M., 1991; Müller N. (Hrsg.) Deutsche Besatzungspolitik in der UdSSR. Dokumente. Köln, 1980, ebenso Berlin, 1980 unter dem Titel „Okkupation, Raub, Vernichtung. Dokumente zur Besatzungspolitik”; Mulligan T. The Politics of Illusion and Empier. German Occupation Policy in the Soviet Union. 1942_1943. New York, 1988; Reitlinger G. The House built on Sand. The Conflicts Of German Policy in Russia. London, 1960 (dt.: Ein Haus auf Sand gebaut. Hitlers Gewaltpolitik in Rußland !941_1944. Hamburg, 1962); Rössler M. / Schleiermacher S. (Hrsg.) Der „Generalplan Ost”. Hauptlinien der nationalsozialistischen Planungs_und Vernichtungspolitik. Berlin, 1993; Turonek J. Białoruś pod okupacją niemecką. Warszawa, 1989.
[38] Bollmus R. Das Amt Rosenberg und seine Gegner. Studien zum Machtkampf im nationalsozialistischen Herrschaftssystem. Stuttgart, 1970; Rebentisch D. / Teppe K. (Hrsg.) Verwaltung contra Menschenführung im Staat Hitlers Studien zum politisch_administrativen System. Göttingen, 1986.
[39] Факторович А. Крах аграрной политики немецко–фашистских оккупантов в Белоруссии. Минск, 1979.
[40] Banasikowski E. Na ziemi Wileńskiej. Warszawa, Paris, 1990; Ермолович В., Жумар С. Огнем и мечом. Хроника польского националистического подполья в Белоруссии (1939–1953 гг.). Минск, 1994; Гнатоўскі М. Аб стане даследавання гісторыі дзейнасці Арміі Краёвай у Заходняй Беларусі // Беларускі гістарычны часопіс. 1995. № 1 (9). С. 51–56; Сямашка І. Армія Краёва на Беларусі. Мінск, 1994.
[41] Kohl P. „Ich wundere mich, daЯ ich noch lebe“: sowjetische Augenzeugen berichten. Gьtersloh, 1990; Нямецка–фашысцкі генацыд на Беларусі (1941–1944). Мінск, 1995.
[42] Mendelsohn J. (Hrsg.) The Holocaust. Selected Documents in Eighteen Volumes. V. 10. The Einsatzgruppen or Murder Commandos. New York, 1982.
[43] Loewenstein K. Minsk — Im Lager der deutschen Juden // Aus Politik und Zeitgeschichte. B 45/46, 7.11.1956, S.706—711; Гл.: Trunk I Judenrat. The Jewish Councils in Eastern Europe Under Nazi Occupation. New York, 1972.
[44] Гэты выпадак паказаў Ульф Мехаў у дакументальным фільме „Еврейка и капитан“, 1994.
[45] Ezergailis A. The Holocaust in Latvia, 1941 — 1944. The Missing Center. Riga, 1996; Па Украіне гл.: Golczewski F. Die Revision eines Klischees. Для Беларусі адпаведныя публікацыі дасюль адсутнічаюць.
[46] Да ўрыўкаў пра беларускае самакiраванне, працэсы ў вёсках i ролю палiцыi параўн.: Chiari B. Alltag hinter der Front, passim.
[47] Ãë.: Kiesel D. u. a. (Hrsg.) „Wer zum Leben, wer zum Tod…”. Strategien jüdischen Überlebens im Ghetto. Frankfurt a. M., 1992.
[48] Matthäus J. „Reibungslos und planmäßig”: Die zweite Welle der Judenvernichtung im Generalkommissariat Weißruthenien (1942 — 44) // Jahrbuch für Antisemitismusforschung. 4 (1995). S. 254 — 274.
[49] Неизвестная черная книга. Свидетельства очевидцев о катастрофе советских евреев (1941—1944). Иерусалим — Москва, 1993.
[50] Соловьев А. Белорусская Центральная Рада. Создание, деятельность, крах. Минск, 1995.
[51] Гл.: Ильинский П. Три года под немецкой оккупацией в Белоруссии (Жизнь Полоцкого округа, 1941–1944 гг.) // Грани. 1956. № 30. С. 85–122; 1956. № 31. С 94–127.
[52] Długoborski W. (Hrsg.) Zweiter Weltkrieg und sozialer Wandel. Achsenmдchte und besetzte Lдnder. Gцttingen, 1981.
[53] Мінскае антыфашысцкае падполле. Мінск, 1995; Соловьев А.К. Они действовали под разными псевдонимами. Минск, 1994; Nachama T. In the Lion‘s Den. The Life of Oswald Rufeisen. New York / Oxford, 1990.
[54] Cholawsky S. The Judenrat in Minsk // Yisrael Gutman / Cynthia J. Haft (Hrsg.) Patterns of Jewish Leadership in Nazi Europe, 1933—1945: Proceedings of the Third Yad Vashem International Historical Conference, Jerusalem, April 4—7, 1977. Jerusalem, 1979. S.113—132.
[55] Cooper M. The Phantom War. The German Struggle against Soviet Partisans 1941—1944. London, 1979.
[56] Да ролi палiцыi параўн.: Martin C. Dean, Collaboration in the Holocaust. Crimes of the Local Police in Belorussia and Ukraine, 1941—44. Houndmills, 1999.
[57] Чередникова М.П. Типология повествовательной структуры в меморатах о Великой Отечественной войне // Русское Возрождение. 1981. № 15. С. 90—109.
[58] Пра нацыянал–сацыялiстычныя забойчыя акцыі на прыкладзе Ўкраiны гл.: Pohl D. Nationalsozialistische Judenverfolgung in Ostgalizien 1941 — 1944. Organisation und Durchfьhruhg eines staatlichen Massenverbrechens. Mьnchen, 1996. Падобнага грунтоўнага даследавання па Беларусі дасюль няма. Пар.: The Einsatzgruppen Reports. Selections from the Dispatches of the Nazi Death Squads‘ Campain Against the Jews, July 1941 — January 1943, hrsg. v. Yitzhak Arad u.a. New York, 1989.
[59] Christopher R. Browning, Ordinary Men: Reserve Police Battalion 101 and the Final Solutions in Poland. New York, 1992 (dt.: Ganz normale Männer. Das Reserve_Polizeibataillon 101 und die „Endlösung” in Polen, Reinbek 1993).
[60] Bartov O. The Eastern Front 1941—1945. German Troops and the Barbarisation of Warfare. Basingstoke, 1985; Kühne T. Kameradschaft — „das Beste im Leben des Mannes”. Die deutschen Soldaten des Zweiten Weltkriegs in erfahrungs_ und geschlechtergeschichtlicher Perspektive // Gesellschaft, 4 (1996). S. 504—529.
[61] Gutman Y. Fighters Among the Ruins. The Story of Jewish Heroism During World War II. Jerusalem, 1988; Schulmann F. A Partisan`s Memoirs. Woman of the Holocaust. Toronto, 1995.
[62] Armstrong J. Soviet Partisans in World War II. Madison / Wisc., 1964; Bonwetsch B. Sowjetische Partisanen 1941 — 1944. Legende und Wirklichkeit des „allgemeinen Volkskrieges” // Schulz G. (Hrsg.) Partisanen und Volkskrieg. Zur Revolutioniewrung des Krieges im 20. Jahrhundert. Göttingen, 1985. S.92—124; Heer H./ Naumann K. (Hrsg.) Vernichtungskrieg. Verbrechen der Wehrmacht, 1941 bis 1944. Hamburg, 1995.
[63] Знаходзiцца памiж Івянцом, Валожынам i Наваградкам на захад ад Менску.
[64] Nechama T. Defiance. The Bielski Partisans. The Story of the Largest Armed Rescue of Jews During World War II. New York / Oxford, 1993; Хацкевич А. К вопросу о разоружении формирований польской Армии Краевой в Налибокской и Нарочанской пущах (1943—44) // Studia Podlaskie, Bd. 5. S. 95—119; vgl. Kersten K. The Establishment of Communist Rule in Poland, 1943—1948. Berkeley/ Cal., 1991.
[65] Drozdowski M. The Attitude of Sikorski`s Governement to the Tragedy of the Polish Jews (1939—1944) // Acta Poloniae Historica, 52 (1985). S. 147 — 170; Engel D. In the Shadow of Auschwitz: The Polish Government_in_Exile and the Jews, 1939—1942. Chapel Hill / London, 1987.
[66] Gitelman Z. (Hrsg.) Bitter Legacy. Confronting the Holocaust in the USSR. Bloomington / Ind., 1997.

Наверх

Chiari, Bernhard: Alltag hinter der Front (Сяргей Новікаў)

Чэрвеня 8, 2000 |

CHIARI, BERNHARD. Alltag hinter der Front. Besatzung, Kollaboration und Widerstand in Weißrußland 1941—1944. Düsseldorf, 1998. 380.

Акупацыя, калабарацыя і супраціў у Беларусі 1941—1944 г. — вось праблемы, якія даследуюцца ў манаграфіі нямецкага гісторыка Бернгарда К’яры. Праца замежнага вучонага з’яўляецца 53-й работай з серыі выданняў Федэральнага архіва Нямеччыны. Прэзідэнт гэтай установы Фрыдрых Каленберг ва ўступным слове да манаграфіі адзначае асаблівую вартасць такога даследавання як магчымасці нетрадыцый нага „погляду звонку”.

Неабходна адразу падкрэсліць, што гэтая праца — першая спроба зірнуць на нявырашаныя, найбольш значныя пытанні не столькі ваеннай гісторыі, колькі гісторыі самой вайны ці гісторыі ваеннай штодзённасці беларускага грамадства ў перыяд нямецкай акупацыі. Пры такім падыходзе нельга было абысціся без выкарыстання новых матэрыялаў, якімі для даследчыка сталі дакументальныя крыніцы 55 фондаў, выяўленых аўтарам у архівах Англіі (Лондана), Беларусі (Берасце, Менск), Нямеччыны (Аахен, Берлін, Кобленц, Фрайбург) і Расіі (Масквы).

Кніга складаецца з дзевяці частак, у тым ліку ўступу і заключэння, а таксама дадаткаў: 32 адбіткаў арыгінальных фотаздымкаў, спісу крыніц і літаратуры, пераліку скарачэнняў, паказальніка імёнаў і геаграфічных назваў.

Ва ўводзінах („Einleitung”, s.6—26) аўтар знаёміць чытача з новымі метадалагічнымі падыходамі да пытанняў „ваеннай гісторыі” і „гісторыі вайны”, прапануе арыгінальную структуру навуковага доследу, крытычна аналізуе выкарыстаныя крыніцы і літаратуру.

У першай частцы („Weißrußland als periphere Region Polens und der Sowjetunion”, 27—50) разглядаюцца пытанні эканамічнага, палітычна га, сацыяльнага, рэлігійнага і нацыянальнага жыцця мясцовага насельніцтва ў Заходняй Беларусі. Да верасня 1939 г. яна была рэгіёнам панавання палякаў ва ўсіх органах дзяржаўнага кіравання, у прамысловай вытворчасці і ў сельскай гаспадарцы, гэта пры колькаснай перавазе беларускага сельскага насельніцтва. Пасля 17 верасня „спадзяванні беларусаў на лепшае жыццё не спраўдзіліся” (36). З усталяваннем савецкай улады ў новым рэгіёне ўзнікаюць міжэтнічныя праблемы, якія спрабуюць вырашыць не толькі эканамічнымі сродкамі, але і метадамі паліцэйскай дзяржавы: палітычнымі чысткамі, дэпартацыяй, турэмным зняволеннем і г..д. (47—48). У выніку склалася выбухованебяспечная сітуацыя. Менавіта такой бачыцца Беларусь аўтару даследавання напярэдадні „аперацыі Барбароса”.

Наступная частка („Verwaltung und Verwalter: Deutsche im Generalkommissariat Weißruthenien”, 51—95) уводзіць чытача ў праблематыку штодзённага жыцця насельніцтва, якое апынулася на захопленай тэрыторыі Беларусі. На прыкладзе дзейнасці немцаў у Генеральным камісарыяце Беларутэніі К’яры знаёміць чытача з мэтамі новага цывільнага кіраўніцтва, пры дапамозе якога занятыя землі падлягалі „эканамічнаму выкарыстанню і забеспячэнню вермахта” (51). Аўтар паказвае, як пачувалі сябе многія з немцаў у новай рэчаіснасці на беларускай зямлі, пра якую яны практычна нічога не ведалі і таму не маглі самастойна арыентавацца, аднак слепа верылі ў сваю „гістарычную місію” (63). Праціўленне ваеннай рэчаіснасці не з’яўлялася характэрнай рысай для выканаўцаў гітлераўскіх дырэктыў, указаў, загадаў, а немагчымасць іх выканання па прычыне ўзмацнення партызанскай і падпольнай барацьбы з боку мясцовага насельніцтва прыводзіла захопнікаў да „зусім звычайнага вар’яцтва” (72).

Незвычайныя цяжкасці штодзённых абставін вымагалі ад жыхароў акупаванай Беларусі самых непрадказальных формаў паводзін, што і разглядаюцца Бернгардам К’яры ў чацвёpтай частцы манаграфіі — „Kollaboration, weißrussischer Nationalismus und Selbstverwaltung”, 96—159). Акупацыя „азначала рубеж у штодзённым жыцці, аднак не яго канец” (97). Беларусы, палякі і яўрэі не ведалі, чаго можна было чакаць ад новага рэжыму. Некаторыя спадзяваліся на службовае павышэнне ці матэрыяльныя прывілеі. Клопат практычна кожнага чалавека быў знітаваны з праблемамі ваенных будняў — са знікненнем ці палонам членаў сям’і, іх пошукам, а гэта вымушала людзей уступаць у кантакт, ісці на супрацоўніцтва з нямецкай адміністрацыяй. Калабарацыя ў сэнсе гарантавання сабе магчымасці перажыць складаны час „адбывалася на ўсіх узроўнях грамадства” (97).

Дзеля дэталёвага аналізу з’явы калабарацыі на Беларусі ў манаграфіі прыводзяцца шматлікія факты, аналізуюцца падзеі, згадваюцца імёны і г.д. Але першапачаткова разглядаюцца тыя ўстановы, якія на ўзроўні грамадства праводзілі ўзгодненую з акупацыйнай уладай палітыку. Да ліку такіх устаноў аўтар адносіць „беларускі марыянетачны ўрад” — Беларускую Цэнтральную Раду (98), праваслаўную царкву (106), судовыя ўстановы (108). Яны з’яўляліся паслухмяным інструментам у руках нямецкіх захопнікаў. Між тым галоўную ролю, як лічыла новае цывільнае кіраўніцтва, маглі выканаць мясцовыя органы самакіравання, да якіх даследчык у першую чаргу адносіць „Беларускую самапомач” (была створана 22 кастрычніка 1941 г. ў Менску (114). Апрача яе акупацыйная ўлада мела незвычайны інтарэс да арганізацыі „беларускага самакіравання” (123), якое разглядалася ў якасці надзейнага механізму працы на ўзроўні ад раёна да асобнай вёскі. Якраз на гэтым узроўні і „вырашаўся лёс нямецкай акупацыйнай палітыкі” па эканамічнай эксплуатацыі мясцовага насельніцтва. Апрача арганізацый нага падпарадкавання беларускай вёскі акупацыйная ўлада спрабавала як мага безашчадней выкарыстаць сельскую гаспадарку, прычым не толькі для вермахта, цывільнай адміністрацыі, але і для Трэцяга Райху. Пры гэтым германскі даследчык адзначае, што часцей за ўсё сітуацыя на сяле фармавалася пад уплывам барацьбы за ўладу і кантроль не толькі з боку акупацыйнай адміністрацыі, але і розных узброеных груп і асобных людзей (151). Апошняе стварала вялікую напружанасць вакол беларускіх вёсак, дзе панавала атмасфера агульнага жаху, назіралася эскалацыя насілля, а насельніцтва было цалкам пазбаўлена спакою (153—159).

Хваля знішчэння мірнага насельніцтва ўзнялася на новую ступень у сувязі з радыкалізацыяй дзейнасці мясцовых паліцэйскіх фармаванняў. Іх месца ў сістэме нямецкай цывільнай улады К’яры разглядае ў пятай частцы сваёй працы („Macht und Gewalt: Polizisten als Täter und Opfer”, 160—194). Характарызуецца дзейнасць усіх паліцэйскіх сіл, якія знаходзіліся на тэрыторыі Генеральнай акругі Беларутэніі. Фармаванне і выкарыснанне мясцовых паліцэйскіх лічылася „палітычна непажаданым” (160) і з’яўлялася хутчэй рэакцыяй на недахоп нямецкіх паліцэйскіх сілаў на занятай тэрыторыі. У адпаведнасці з дырэктывамі па паліцэйскім забеспячэнні грамадзянскага кіравання на новазанятых тэрыторыях кіраўніцтва СС планавала стварыць сетку апорных пунтктаў з асобных фармаванняў СС і паліцыі, якія б ажыццяўлялі кантроль, адказваючы за анямечванне новых тэрыторый, і такім чынам выконвалі планы СС па каланізацыі Ўсходу. Гісторыя мясцовых паліцэйскіх сілаў дае магчымасць убачыць іх унутраную эвалюцыю. На шматлікіх архіўных дакументах нямецкі даследчык паказвае прычыны, якія прывялі беларусаў у лагер акупацыйнай улады, разглядае структуру і паслядоўнасць стварэння паліцэйскіх фармаванняў, прыводзіць звесткі пра іх нацыянальны і сацыяльны склад, а таксама паказвае логіку паліцэйскай штодзённасці (186—194). Фармаванні нямецкай і мясцовай паліцыі з’яўляліся вузлавымі звёнамі „акупаванага грамадства”, зрабіўшыся „цэнтрам абагачэння, тэрору, лютасці, садызму, насілля і нянавісці” (194).

Шостую частку манаграфіі („Gestohlene Kindheit”, 195—230) Бернгард К’яры прысвяціў беларускім дзяцям, у якіх вайной было „ўкрадзена дзяцінства”. Дзеці і падлеткі ў параўнанні з дарослымі былі практычна безабароннымі перад хаосам вайны. Разгляд гэтай гістарычнай праблемы прывёў вучонага да высновы, што ўвогуле лёсы „дзяцей вайны ў Беларусі не падлягаюць колькаснаму вымярэнню” (201). Пераадолець жорсткія выпрабаванні акупацыі аказалася пад сілу толькі некаторым сем’ям, якія перажылі гэты цяжкі час без стратаў. Агульную ж карціну дзіцячага лёсу вызначылі, па-першае, разбуральныя механізмы акупацыйнага рэжыму; па-другое, магчымасць атрымаць школьнае навучанне, і па-трэцяе, пранямецкія структуры беларускіх юнакоў і дзяўчат і інш.

У цэнтр увагі наступнай часткі свайго даследавання нямецкі гісторык паставіў праблему генацыду яўрэяў Беларусі („Die Ermordung der weißrussischen Juden”, 231—269). К’яры прыводзіць колькасныя дадзеныя, з якіх вынікае, што з 820 000 яўрэйскага насельніцтва Беларусі перажыць II сусветную вайну ўдалося толькі 120—150 тыс. (231). На шматлікіх архіўных дакументах даследчык паказвае храналогію фізічнага вынішчэння яўрэйскага насельніцтва ў Генеральнай акрузе Беларутэнія, дзе нацыянал-сацыялістычнае кіраўніцтва арганізавала „дынамічнае вынішчэнне” беларускіх яўрэяў (263). Разгляд праблемы прывёў гісторыка да заключэння, што „галакост у Беларусі меў усеахопнае разбуральнае дзеянне, якое закранула ўсё грамадства” (269). У навуковым плане К’яры прыходзіць да наступнай думкі: сёння цяжка правесці поўны аналіз геаграфіі генацыду яўрэйскага насельніцтва, удакладніць колькасныя дадзеныя, знайсці неабходныя дакументальныя пацвярджэнні.

Перадапошняя частка („Polen in „Weißruthenien”, 270—302) дае магчымасць пазнаёміцца з яшчэ адным ракурсам ваенных будняў, але ў дачыненні да палякаў. Кім яны сталі пасля пачатку вайны і стварэння Генеральнага губернатарства і Генеральнага камісарыята — ахвярамі ці злачынцамі? Новая нямецкая ўлада абыходзілася з польскім насельніцтвам і асабліва з кіраўнікамі-спецыялістамі як з людзьмі ніжэйшай расы, якія з першых дзён былі абвешчаны ворагамі і небяспечнымі грамадскімі элементамі (272). Тым не менш пад час захопу вермахтам заходніх беларускіх гарадоў адна частка палякаў нейтральна ставілася да дзеянняў акупантаў. Другія амаль адразу пачалі ладзіць „польскі ўзброены супраціў”, які ўзнік у заходніх вобласцях БССР яшчэ задоўга да 1941 г. (280). З нямецкай акупацыяй ён набывае новы характар, паколькі пераўтвараецца ў польскую падпольную армію пад назвай „Армія Краёва”. Разгляд дадзенага і іншых аспектаў гэтага пытання прыводзіць аўтара навуковага даследавання да высновы, што ў час акупацыі Беларусі палякі разам з іншымі патрапілі ў „«рулет» эксплуатацыі, расавай палітыкі і насілля” (271).

Апошняя частка („Schluß: Nach dem Sturm”, 303 — 317) выконвае ролю заключэння, у якім К’яры падсумоўвае вынікі сваёй навуковай працы і прыходзіць да важных вывадаў наконт будзённага жыцця ў Беларусі ў гады нямецкай акупацыі. Вузлавым момантам аналізу з’яўляецца думка — усё, што мела месца ў будзённым жыцці ў час нацысцкай акупацыі, можна лічыць катастрофай. Нямецкі даследчык інтэрпрэтуе гады другой сусветнай вайны ў Беларусі як сітуацыю хаатычных будняў, на працягу якіх адбывалася дэструктыўнае ўздзеянне вайны на асобнага чалавека, большасць мясцовага насельніцтва — сялянства і акупаванае грамадства, якія вайна дашчэнту разбурыла (312—317).

Відавочна, змястоўная работа Бернгарда К’яры — рэдкі прыклад комплекснага даследавання адной са складаных праблем як сучаснай нямецкай, так і беларускай гістарыяграфіі. Уражвае і навуковая эрудыцыя аўтара, якую ён прадэманстраваў выкарыстаннем рознамоўных крыніц і літаратуры. На сёння гэта, відаць, адна з прынцыпова новых навуковых прац, дзе мы знаёмімся са смелым і рашучым пошукам аб’ектыўнай ісціны ў дачыненні да найбольш складаных старонак гісторыі вайны ў Беларусі.

Сяргей Новікаў

Менск

Gerlach, Christian. Kalkulierte Morde (Клаўс Ё. Арнольд)

Чэрвеня 7, 2000 |

Gerlach, Christian. Kalkulierte Morde. Die deutsche Wirtschaffts_ und Vernichtungspolitik in Weißrußland 1941 bis 1944. Hamburg, 1999.

Апошнім часам роля вермахта ў вайне на Ўсходзе выклікала крытычныя каментары як з боку грамадскасці, так і ў навуковым асяроддзі Нямеччыны. Спрэчка разгарнулася вакол выставы «Вермахт» Гамбургскага інстытута сацыяльных даследаванняў, якая праходзіла амаль у 30 нямецкіх гарадах[1] і закранала таксама партызанскую вайну 1941—1944 г. у Беларусі. На адным з экспазіцыйных стэндаў быў змешчаны шэраг фотаздымкаў, якія дэманстравалі злачынства ў дачыненні да бязвінных грамадзян — павешаных у Мінску жанчыны і двух мужчын. Па сведчанні мінскіх журналістаў размова вядзецца пра вядомую яўрэйскую партызанку Машу Брускіну, якая паспяхова змагалася супраць нямецкіх акупантаў[2]. Гледзячы з сённяшняга дня, даволі цяжка ўявіць, што пры дакладных умовах згодна з Гаагскай канвенцыяй вядзення сухапутнай вайны (1907 г.) павешанне партызан адпавядала міжнародным прававым нормам. Для абодвух бакоў, як беларускага, так і нямецкага, вайна была смяротнай рэчаіснасцю. Беларускае насельніцтва было расколата на два лагеры, і партызанская вайна адначасова з’яўлялася грамадзянскай. З аднаго боку беларусы змагаліся на баку немцаў супраць Сталіна, іншыя вялі партызанскую вайну супраць акупантаў. Тэме нямецкай акупацыйнай і эканамічнай палітыкі прысвечана нядаўна выдадзеная праца Хрысціяна Герлаха. Больш чым на тысячы старонках аўтар разглядае дзеянні нямецкіх акупацыйных уладаў і іх барацьбу з партызанскім рухам. Зразумела, паўстае пытанне пра калабарацыю беларускага насельніцтва з нямецкай адміністрацыяй, хоць раней гэта даволі падрабязна, але зусім не вычарпальна разглядаў Бернгард К`яры[3]. Герлах не выкарыстаў у сваёй працы беларускіх (рускіх) крыніц з-за дрэннага валодання як адной, так і другой мовамі. Таму ён шырока выкарыстоўвае ўсе даступныя нямецкія крыніцы, датычныя тэмы. Менавіта з гэтых пазіцый складалася ўяўленне Герлаха пра партызанскую вайну. Якой жа яе бачыць аўтар?

Згодна з тэзаю аўтара, не было вайны супраць партызан, а быў «план» вынішчэння беларускага цывільнага насельніцтва. Герлах кажа пра гэта на старонках кнігі (229, 1010): «Што тычыцца барацьбы з партызанамі, то тут вялося пераважна пра мэтанакіраваныя, арганізаваныя масавыя забойствы». Утаймаванне партызан складалася ў асноўным з забойства няўзброеных сялян, а да вынішчэння вёсак дайшло, на думку Герлаха, не ў працэсе барацьбы з партызанамі, а яно паўстала пераважна з эканамічна матываванага плану забойстваў (975—1036).

Герлах лічыць, што барацьба з партызанамі мела некалькі этапаў. На першым у 1941 г. праз калектыўныя акцыі насілля і «прэвентыўнай барацьбы» мусілі быць знішчаныя ў асноўным ваеннапалонныя і цывільнае насельніцтва. Але ў супярэчнасць гэтаму ён нагадвае, што не магло б быць і мовы пра «барацьбу з партызанамі без партызан» (861). Падыход Герлаха лепей відаць, калі ён законны абавязак вермахта па ўзяццю ваеннапалонных і знішчэнню чырвонаармейцаў тлумачыць існаваннем нейкага невядомага плана масавага забойства простага насельніцтва (878 і далей). Другі этап складаўся з «Вялікай кампаніі 1942 — пачатку 1943 г.» і характарызаваўся пераважна неразборлівым масавым вынішчэннем людзей і спальваннем вёсак. Трэці быў у 1943 г. і пазначаны «Канцэпцыяй мёртвай зоны», а чацвёрты этап (1944 г.) уяўляў сабой «Wehrdorfproekt». Такі падзел акупацыі Беларусі не новы, ён заснаваны на вядомых фазах змагання з партызанамі. Новым з’яўляецца толькі падыход Герлаха, які істотна аддзяляе нямецкую акупацыйную палітыку ад акцый супраць партызанскага руху. На яго думку, акцыі гэтыя былі праявай ці канкрэтнага жадання знішчаць бязвіннае цывільнае насельніцтва, ці патрэбы ў «эканамічных рабаўнічых нападах». Акрамя гэтага аўтар цвердзіць, што партызаны ў 1941 г. прытрымліваліся нормаў міжнароднага права (869). Але ў 1941 г. партызанскія масы ніяк не выяўлялі сябе і не вялі адкрытай барацьбы, нягледзячы на гэта ўзятыя імі палонныя часта расстрэльваліся, падвяргаліся катаванням. І з саюзнымі немцам беларускімі вёскамі партызаны абыходзіліся радыкальна, у парушэнне міжнароднага права. Нярэдка яны ўзорна расстрэльвалі ўсіх членаў сям’і таго, хто знаходзіўся на службе ў немцаў.

Праца Герлаха выклікае такое ўражанне, што калі і гаварыць пра «вермахт» ці «СС», дык зыходзячы з аднароднасці арганізацыі і адпаведнага розным акцыям метаду дзеяння. Паколькі вермахт і СС рэпрэзентуюцца пратаганістамі палітыкі самых розных масавых забойстваў, аўтар робіць выснову, што паміж імі і іх акцыямі не было істотных адрозненняў. Акурат на тэрыторыі акупаванай Беларусі вермахт і СС пад выглядам барацьбы з партызанамі праводзілі жорсткія акцыі масавага знішчэння насельніцтва. Праз апісанне кампаніі «Bamberg», пачатай увесну 1942 г., у Герлаха неаднаразова сцвярджаецца, што падобная аперацыя была тыповай для антыпартызанскай барацьбы (884—893). Але гэтая аперацыя, праведзеная сумнавядомай 707 пяхотнай дывізіяй, славацкім пяхотным палком і батальёнам паліцаяў, адрознівалася ад іншых аперацый вермахта. Суадносіны ў стратах партызанаў і немцаў ды мясцовых, беларускіх фармаванняў (пры перавазе ўдзельнікаў з боку вермахта) паказваюць, што вялося не пра сістэматычнае масавае забойства цывільнага насельніцтва, але пра барацьбу з моцнай партызанскай групоўкай, ахвярамі якой стала зашмат людзей, як бязвінных, так і тых, хто падтрымліваў партызанаў. Але толькі больш падрабязным даследаваннем можна ўсё растлумачыць. СС-групы Готберга разам са спецгрупамі Дзірлервангера сталі ў Герлаха «нармальнай» з’явай у барацьбе з партызанамі. Ён прысвячае цэлы раздзел кнігі таму, каб даказаць залежнасць барацьбы супраць партызан ад эканамічных інтарэсаў немцаў, пачынаючы з 1942 г. Шкада, што аўтар не высветліў некаторых асаблівасцяў, якія мелі значны ўплыў на развіццё падзеяў. Усё зліваецца ў адну вялізную аперацыю па здабычы трафеяў, і ўжо малаважна, ці яе праводзіў вермахт, ці СС. Аднак такая выснова непрымальная, бо больш за 100 000 партызанаў, якія аперавалі ў канцы 1943 г. у Беларусі, зусім не браліся пад увагу.

Даволі часта інтэрпрэтацыя выклікае пытанні з-за выкарыста ных крыніцаў. Напрыклад, на с. 843 аўтар сцвярджае, што выкананне карных аперацыяў часта ўспрымалася як пачэсная справа і выконвала ся толькі афіцэрамі (падкрэслена ў арыгінале). Ён спасылаецца на адзін з дакументаў Ostkomendatur 930. Пасля падрабязнага даследавання дзейнасці вышэйшых чыноў і гэтага дакумента ўсё стала зразумелым: уласнаручны расстрэл палонных партызанаў ці мірных жыхароў выклікаў абурэнне афіцэраў, менавіта таму і быў складзены гэты дакумент, які стаў няўклюднай спробай апраўдаць дзейнасць такіх афіцэраў. Таго ж дня было выдадзена распараджэнне, каб афіцэры не бралі ўдзелу ў падобных экзекуцыях супраць партызан[4]. Такім чынам, Герлах сказіў змест крыніцы да яго супрацьлегласці.

Калі партызаны не з’яўляюцца актыўным суб’ектам у працы, то такое цэнтраванае выключна на нямецкай палітыцы даследаванне можа лёгка пайсці падманлівым шляхам. Шмат дзе праца адрозніваецца недастатковай уважлівасцю і памылковым тлумачэннем крыніц. Яна ў пэўным плане стаіць ніжэй за цяперашні стан даследаванняў вайны з партызанамі на акупаваных тэрыторыях Савецкага Саюза. У той час яна ёсць яркай праявай сучасных даследчыцкіх тэндэнцый у Нямеччыне, для якіх нямецкая акупацыйная палітыка ўяўляецца выключна палітыкай знішчэння. На думку рэцэнзента, без увагі засталіся падставы нямецкай акупацыйнай палітыкі, напруга ў адносінах, розныя праблемы, змены, а таксама вядзенне вайны Савецкім Саюзам.

Клаўс Ёхэн Арнольд

Мюнстэр


[1] Гл.: Bogdan M. Bilder einer Ausstellung. Kritische Anmerkungen zur Wanderausstellung «Vernichtungskrieg. Verbrechen der Wermacht 1941 bis 1944» // VJHZG (1999), Jg. 47, Heft 4, S.563—591; Krisztian U. Echte Bilder-problematichse Aussagen. Eine quantitative und qualitative Analyse des Bildmaterials der Ausstellung «VernichtungskriegVerbrecher der Wehrmacht 1941—1944» // GWU, Nr.10/1999. S. 584—595, а таксама Dieter S.-N. Die Tarnopol-Stellwand der Wanderausstellung «VernichtungskriegVerbrechend der Wehrmacht 1941 bis 1944» // Ebenda, S. 596-603.
[2] Гл.:Arno L. Zum Kampf auf Leben und Tod! Das Buch vom Widerstand der Juden 1933—1945. Köln, 1944. S. 370f.. Ausstellungskatalog: Vernichtungskrieg. Verbrechen der Wehrmacht 1941—1944, hrsg. vom Hamburger Institut fur Sozialforschung, 3. Auflage. Hamburg, 1997. S.144f. Тым часам з’явіліся новыя выданні.
[3] Гл.: Bernhard С. Alltag hinter der Front. Besatzung, Kollaboration und Widerstand in Weissrussland 1941—1944. Düsseldorf, 1998.
[4] Bundesarchiv — Militärarchiv. Korück 582, vom 7.10.1941. RH 23-228.

Dann kam die deutsche Macht (Юры Грыбоўскі)

Чэрвеня 6, 2000 |

Dann kam die deutsche Macht. Weissrussische Kinderhaftlinge in deutschen Konzentrationslagern 1941—1945. Eine Dokumentation / Frank Groskinsky, Andreas Hollender, Katja Matthias, Adrian Stellemacher, Bettina Vitt. Köln, 1999. 206.

Кніга падрыхтавана на сродкі нямецкіх складальнікаў, якія не з’яўляюцца прафесійнымі гісторыкамі, а толькі аматарамі. Выданне складаецца з дзвюх частак. Першая — «Успаміны» 17 былых вязняў-беларусаў нацысцкіх канцлагераў пад час II сусветнай вайны, якія цяпер жывуць на Беларусі . Другая частка — «Укладанне», кшталту своеасаблівага дакументальнага дадатку або нямецкага даведніка пра Беларусь, пачынаючы з XIII ст. да 90-х г. XX ст.

Што тычыцца першай часткі кнігі, то запіс успамінаў былых вязняў канцлагераў зроблены прадстаўнікамі нямецкага антыфашысцкага моладзевага руху пад час знаходжання беларусаў летась у Нямеччыне. Сярод апытаных вязні не толькі такіх вядомых лагераў, як Майданэк, але і зусім невядомых (канцлагер Канстантынаў). Апытанні праводзіліся з нагоды прэзентацыі выставы «Невядомая вайна. Злачынствы Вермахту 1941—44 г.». Знаёмства з успамінамі дазваляе чытачу вачыма беларускага дзіцяці ўбачыць усе жахі лагернага існавання. У кнізе змешчаны аповеды людзей, якіх вайна напаткала ў розных кутках Беларусі — на Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Меншчыне, што стварае даволі добрую панарамную карціну нямецкаму чытачу.

Даволі цікавы матэрыял з гістарычнага гледзішча змешчаны ў другім раздзеле кнігі. Ён падрыхтаваны дасведчанымі ў айчыннай гісторыі спецыялістамі з Беларусі і Нямеччыны. Адзін з падраздзелаў ахоплівае прамежак часу ад узнікнення беларускай дзяржаўнасці ў XIII ст. і да Рыжскага міру 1921 г., займаючы тры невялічкія абзацы. Тут згадваецца татара-мангольскае нашэсце, Люблінская унія 1569 г., бальшавіцкі пераварот 1917 г. і яшчэ колькі падзеяў. Трэба зазначыць, што аўтар не пільнаваўся дакладнасці ў датах і назвах. Так, сцвярджаецца, што Беларусь з XIII ст. увайшла ў літоўскае княства. Праўда, зазначаецца, што насельніцтва Беларусі размаўляла па-беларуску. Такую сціплую падачу звестак можна, пэўна, абгрунтаваць тым, што аўтар бачыў гэты падраздзел не самым галоўным сярод іншых.

Дастаткова падрабязна для нямецкага чытача распавядаецца гісторыя Беларусі з 1921 да 1945 г. У асобныя раздзелы вылучаны такія тэмы, як польская палітыка ў міжваенны час у дачыненні да заходнебе ларускага насельніцтва, БССР напярэдадні вайны, пакт Гітлера-Стал іна 23 жніўня 1939 г., савецкая партызанка пад час другой сусветнай вайны ў Беларусі, знішчэнне жыдоў гітлераўцамі, нацысцкая прапаганда на Беларусі. Адначасна з тэкстамі змяшчаюцца і карты (фармаванне тэрыторыі БССР у 1921-39 г.), малюнкі (антыпартызанскі плакат на беларускай мове), цікавыя фотаздымкі, карта размяшчэння партызанскіх зонаў з іх колькасным складам, узятая з аднаго з нямецкіх вайсковых нататнікаў групы Арміі «Цэнтр» ад 1 студзеня 1944 г.

Каб паказаць памеры ажыццяўлення галакосту на Беларусі, аўтары прыводзяць колькасць габрэйскага насельніцтва БССР напярэдадні нападу Нямеччыны на Савецкі Саюз. Апрача таго, аўтары зважаюць на стан габрэяў і адносіны да іх пасля пакта Гітлера-Сталіна. Таксама зазначаецца, што на Беларусі пад час нямецкай акупацыі знішчалася габрэйскае насельніцтва з краін Заходняй Еўропы.

У асобным раздзеле «Партызанскі рух на Беларусі», апрача савецкай партызанкі, вылучаецца дзейнасць Арміі Краёвай і габрэйскі партызанскі збройны чын.

Сярод згаданых антысавецкіх рухаў у часе II сусветнай вайны тут выступае расійскі генерал Камінскі са сваёй брыгадай, якая доўгі час кватаравала на Наваградчыне. Чамусьці ні слова няма пра беларускія нацыянальныя вайсковыя фармаванні пад нямецкай камандай.

Заслугоўвае ўвагі шэраг невялічкіх даведкавых артыкулаў пад агульнай назвай «Гісторыя Беларусі з 1944 г.». Апрача звестак пра дзяржаўнае будаўніцтва ў паваеннай БССР, страты беларускага народа ў выніку вайны і інш., аўтар даводзіць пра наяўнасць сярод часткі беларускага грамадства антысавецкіх настрояў. У прыватнасці, згадваецца дзейнасць Саюза Беларускіх Патрыётаў (СБП) на Пастаўшчыне і Глыбоччыне. Аддаецца ўвага палітычным рэпрэсіям на Беларусі пасля вайны. Падаюцца таксама падзеі апошніх гадоў, адлюстроўваюцца асноўныя тэндэнцыі грамадска-палітычнага жыцця Рэспублікі і яе эканамічны стан.

Пры канцы кнігі ёсць дадатак у выглядзе гістарычнага календара 1939—1945 г., дзе змяшчаецца шэраг асноўных датаў, звязаных, галоўным чынам, з палітыкай знішчэння цівільнага насельніцтва Беларусі пад час нямецкай акупацыі.

Апрача гэтага ёсць і тэматычны паказальнік шэрагу паняццяў, якія тычацца часоў акупацыйнага рэжыму на Беларусі і не толькі. Так, побач з даведкай пра СД можна ўбачыць адпаведны матэрыял наконт НКУС. Праўда, ёсць і пралікі. Так, апрача лагера смерці Малы Трасцянец, варта было б распавесці пра Баранавіцкае гета і іншыя буйныя месцы знішчэння цывільнага насельніцтва на Беларусі.

Калі казаць пра крыніцы, на падставе якіх падрыхтавана другая частка кнігі, то яны вельмі разнастайныя. Галоўным чынам аўтары абапіраліся, з аднаго боку, на нямецкія матэрыялы па ваеннай гісторыі і акупацыйным рэжыме ў Еўропе, у тым ліку і архіўныя, а з другога боку — на беларускую літаратуру апошніх гадоў, сярод якой праца Уладзіміра Адамушкі «Палітычныя рэпрэсіі на Беларусі 20—50-х гг.» (Мінск, 1994), а таксама кніга «Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў» (Мінск, 1997).

Нягледзячы на шэраг недакладнасцяў у гістарычных падзеях, кніга з’яўляецца адметнай з’явай, яна будзе добрым даведнікам пра нашу краіну для замежнага чытача. Дзякуючы гэтай працы нямецкія аматары гісторыі могуць даведацца пра сапраўдны цяжар II сусветнай вайны, які выпаў на Беларусь. Апрача таго, шмат каму з нямецкіх чытачоў другі раздзел кнігі падасца добрым экскурсам у гісторыю Беларусі, паколькі пра большасць праблемаў, узнятых у гэтай працы, яны даведаюцца ўпершыню. Добрае спалучэнне ўспамінаў сведкаў вайны са змястоўным гістарычным даведнікам робіць кнігу даступнай і зручнай для чытання.

Юры Грыбоўскі
Менск

Галоўная » Запісы па тэме 'Беларусь у сусветных войнах'