Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Беларусы ў эміграцыі'

Артыкулы па тэме ‘Беларусы ў эміграцыі’

Юрэвіч, Лявон. Летапісны звод сусьвету Чалавека Сьведамага (Наталля Гардзіенка)

Снежня 5, 2005 |

ЮРЭВІЧ, ЛЯВОН. Летапісны звод сусьвету Чалавека Сьведамага: Гісторыя газэтаў „Бацькаўшчына“ й „Беларус“ (1947—2000). Мінск: Беларускі кнігазбор, 2006. 256 с. (Бібліятэка Бацькаўшчыны, кн. 8).

З моманту своеасаблівага „адкрыцця“ тэмы замежжа ў беларускім інтэлектуальным асяроддзі прайшло больш як 15 гадоў. Нібы ўжо мусіць скончыцца эйфарыя першапраходніцтва і надысці час ацэнкі таго, што зроблена ў эміграцыязнаўстве, з вызначэннем перспектываў яго наступнага развіцця.

За адзначаны перыяд у друку з’явілася пэўная колькасць публікацыяў, прысвечаных пераважна літаратурнай спадчыне замежных беларусаў, ды рэдкія гістарычныя даследаванні, засяроджаныя на вывучэнні тых ці іншых аспектаў, асобаў ці краінаў беларускай эміграцыі. Выразнай адметнасцю айчыннага эміграцыязнаўства сёння ёсць перавага крыніцазнаўчага падыходу, фактычна абмежаванага ўвядзеннем у навуковы ўжытак новых крыніцаў інфармацыі па тэме. Акрамя таго, большасць публікацыяў — гэта рэфлексіі самой эміграцыі адносна сваёй гістарычнай ролі, а не даследаванні прафесіяналаў. Як вынік, сучаснаму беларускаму эміграцыязнаўству выразна бракуе аналітыкі, абагульненняў і сістэматызацыяў ужо назапашанага і новазнойдзенага матэрыялу.

Кніга архівіста і літаратуразнаўцы, супрацоўніка Нью–ёркскай Публічнай Бібліятэкі і Беларускага Інстытута Навукі і Мастацтва Лявона Юрэвіча ў шэрагу даследаванняў праблематыкі замежжа ёсць яскравым паказнікам дасягненняў і праблемаў гэтага кірунку даследаванняў. Падназва „Гісторыя газетаў «Бацькаўшчына» і «Беларус» (1947—2000)“ дазваляе аналізаваць манаграфію менавіта як гістарычную працу.

Аб’екты ўвагі Лявона Юрэвіча — газеты „Бацькаўшчына“ і „Беларус“ — з’яўляюцца галоўнымі крыніцамі інфармацыі па гісторыі паваеннай беларускай эміграцыі. На іх старонках можна знайсці хроніку падзеяў у розных асяродках беларусаў, перадрук некаторых афіцыйных дакументаў беларускіх арганізацый, палемічныя артыкулы наконт сітуацыі ў БССР і свеце, прыватныя абвесткі, успаміны, некралогі, шмат іншай інфармацыі. У моры беларускага эміграцыйнага перыядычнага друку (у бібліяграфіі Зоры і Вітаўта Кіпеляў названыя болей за 400 назваў) згаданыя газеты былі, напэўна, самымі працяглымі па часе і найбольшымі паводле накладаў і — адпаведна — чытацкай аўдыторыі выданнямі.

У прадмове да кнігі аўтар зазначае, што яго даследаванне — толькі першая прыступка ў вывучэнні эміграцыйнай перыёдыкі, таму ён не робіць спробы дакладнай рэканструкцыі „біяграфіяў“ газет, гэта хутчэй „спроба зразумець супрацоўнікаў рэдакцыяў і людзей, што газеты чыталі. Зразумець у часе і гісторыі, чым былі выданні для тых, хто прайшоў шлях ад ОСТаўцаў, ДПістаў да нацыянальнае меншасці ў Вольным Свеце, шлях ад «Бацькаўшчыны» да «Беларуса»“ (3).

Гісторыю згаданых выданняў Лявон Юрэвіч слушна ўпісвае ў кантэкст гісторыі беларускай перыёдыкі наогул, таму ў раздзеле „Перадгісторыя“ зроблена спроба выявіць адметнасці ролі газет у нацыянальным руху, асаблівасцяў і праблем іх друку. Адзначаецца таксама, што ў эміграцыі перыядычныя выданні наогул маюць большае значэнне, чым у метраполіі. Апошняе відавочна і паводле ўвагі грамады да сваіх перыёдыкаў, і па іх колькасці. У пададзенай аўтарам фрагментарнай гісторыі беларускага друку да 1947 г. у якасці папярэднікаў газет „Бацькаўшчына“ і „Беларус“ у нацыянальным сэнсе падаюцца „Наша Доля“, „Наша Ніва“, „Вольная Беларусь“, а найбліжэй — берлінская „Раніца“, рэдактарам якой некаторы час быў Станіслаў Станкевіч (7—16).

Частка кнігі, прысвечаная газеце „Бацькаўшчына“ (19—66), пачынаецца з пераліку беларускіх перыёдыкаў 1945—1948 г., сярод якіх пераважалі часопісы, а таксама характарыстыкі агульнай сітуацыі з нацыянальным друкам у паваеннай Нямеччыне. Вельмі цікавая пададзеная аўтарам табліца параўнання накладаў прэсы, што выдавалася ў лагерах для перамешчаных асобаў прадстаўнікамі розных нацый (21). Тут прыводзяцца звесткі пра беларусаў, эстонцаў, латышоў, літоўцаў, расійцаў, украінцаў, палякаў, румынаў, венграў, сербаў. Як бачна з табліцы, беларускія перыёдыкі мелі найменшы сумарны наклад. Агульны наклад, прыкладам, эстонскіх газет і часопісаў складаў 8 млн. асобнікаў, беларускіх — 451 тыс. Гэта пры тым, што колькасць эстонцаў і беларусаў, якія апынуліся ў лагерах ДП, была прыкладна роўнай (недзе па 70—75 тыс. чалавек). Але чаму наклад беларускай прэсы быў у некалькі разоў меншы, Лявон Юрэвіч не тлумачыць.

Найбольш увагі аўтар аддаў „рэдакцыйнай кухні“ „Бацькаўшчыны“, матывацыі дзеянняў яе выдаўцоў, што паўстаюць са старонак лістоў, успамінаў, пратаколаў, багата цытаваных у тэксце. „Бацькаўшчына“, якая выдавалася з кастрычніка 1947 г. да снежня 1966 г., да сярэдзіны 1950–х г. стала самым чытаным беларускім выданнем за мяжой. Газета дасылалася ў такія экзатычныя для беларускай прысутнасці краіны, як Венесуэла, Бразілія, Новая Зеландыя, Турцыя.

Дзякуючы архіўным пошукам аўтара становяцца зразумелымі відавочныя з часам карэкціроўкі ў змесце „Бацькаўшчыны“, што суправаджалі спрэчкі ў яе рэдакцыі і змену кіраўніцтва ў 1948 г., калі Антона Адамовіча замяніў Станіслаў Станкевіч, які рэдагаваў газету да 1962 г. З эпісталярнай спадчыны бачныя і галоўныя праблемы „Бацькаўшчыны“, што спрычыніліся да спынення яе выдання: нетрывалае фінансаванне ды недахоп аўтараў і матэрыялаў, што з часам, з адцёкам інтэлектуальных сілаў з Нямеччыны, рабіліся ўсё больш непераадольныя.

Тым не менш намаляваная Лявонам Юрэвічам гісторыя газеты выглядае фрагментарнай. Аўтар часта не выходзіць за межы цытавання дакументаў, амаль не каментуючы прыведзеныя лісты і ўспаміны. Даследнік толькі згадвае асобныя сюжэты–праблемы, але не вычэрпвае іх цалкам, прымушаючы чытача самога дадумваць працягі. Напрыклад, згадваецца пра выразную „крывіцкую“ скіраванасць „Бацькаўшчыны“ і прыведзены прыклад негатыўнай яе ацэнкі з боку прадстаўніка „варожага лагеру“ Юркі Віцьбіча (27), але далейшыя ўзаемадачыненні газеты з „праціўнікамі“, іх адлюстраванне на старонках выдання засталіся па–за ўвагай аўтара манаграфіі. Бяздоказнай выглядае тэза пра сапраўднае аб’яднанне чытачоў–беларусаў вакол газеты (39), бо аўтар не прыводзіць хоць бы прыблізных суадносінаў паміж колькасцю свядомых беларускіх эмігрантаў і накладам газеты (напрыклад, суадносіны паміж колькасцю дасыланых у пэўную краіну асобнікаў з колькасцю мясцовых беларускіх арганізацыяў і іх удзельнікаў). Акрамя таго, няспынныя фінансавыя праблемы газеты таксама не гавораць на карысць масавасці яе падтрымкі.

Фактычна, Лявон Юрэвіч не стварае ўласнай цэласнай канцэпцыі гісторыі „Бацькаўшчыны“, паказвае яе часцей чужымі вачыма, акрэслівае выбраныя праблемы–сюжэты і не спрабуе адказаць на безліч пытанняў „чаму?“, што нараджаюцца ў працэсе даследавання.

Пры канцы часткі аўтар робіць цікавую выснову, што спыненне выхаду „Бацькаўшчыны“ ў 1966 г. было цалкам заканамернае, бо „яна зжыла сябе як газэта эміграцыйная, як газэта эмігрантаў. У сярэдзіне 1960–х пераважная большасць уцекачоў з Беларусі не толькі атабарыліся ў чужых краінах, але і пусцілі карані <…> — словам, былыя эмігранты пераўтварыліся ў амерыканцаў (ангельцаў, канадыйцаў, аўстралійцаў, французаў) беларускага паходжаньня. А новы сацыяльны статус патрабаваў газэты новага тыпу — не эміграцыйнай, а выданьня этнічнага“ (66). Менавіта такім выданнем і стала газета „Беларус“, да выхаду якой часткова спрычыніліся тыя самыя людзі, што стваралі „Бацькаўшчыну“, але ўжо ў іншых умовах і ў іншай краіне. Аднак пытанне, чаму „Бацькаўшчына“ не здолела адпаведна адрэагаваць на статусныя змены ў беларускай эміграцыі і чаму з ёй у Станіслава Станкевіча не атрымалася тое, што потым было дасягнута ў „Беларусе“, так і засталося да канца не вырашанае.

Частка кнігі, прысвечаная газеце „Беларус“ (69—150), большая па памерах і адрозная паводле структуры зместу, што абумоўлена значна лепшай захаванасцю архіваў газеты, а таксама наяўнасцю адмысловых пісьмовых сведчанняў некаторых выдаўцоў і сяброў рэдкалегіі, багата цытаваных у манаграфіі. Важным для сучаснага эміграцыязнаўства момантам з’яўляецца тое, што аўтар імкнецца ўключыць перыёдык у кантэкст гісторыі не толькі беларускага эміграцыйнага друку, але і амерыканскага этнічнага.

Першыя гады выхад газеты каардынаваўся з прэзідэнтам БНР Міколам Абрамчыкам. Рэдактары 1950—1963 г. Леанід Галяк, Наталля Арсеннева, Вітаўт Тумаш, Францішак Кушаль, Міхась Міцкевіч вялікімі намаганнямі імкнуліся наладзіць сталы перыядычны выхад газэты. Спрэчкі вакол фінансавання і зместу выдання добра адлюстроўваюць прыведзеныя ў кнізе вытрымкі з пратаколаў паседжанняў рэдкалегіі, успамінаў Наталлі Арсенневай і Леаніда Галяка ды разнастайнага рэдакцыйнага ліставання.

З прыходам на пасаду рэдактара ў 1963 г. Станіслава Станкевіча, які здолеў усталяваць трывалую перыядычнасць выдання (раз на месяц), геаграфія газеты стала пашырацца за межы ЗША: з’явілася старонка „Весткі з Канады“, рэгулярна друкаваліся допісы пра падзеі ў беларускіх асяродках Еўропы, Аўстраліі, Аргенціны. Станіслаў Станкевіч здолеў стварыць агульнаэміграцыйны беларускі перыёдык нягледзячы на тое, што дзейнасць „Беларуса“ афіцыйна рэгулявалася Рэгулямінам, прынятым Беларуска–Амерыканскім Задзіночаннем, і газета, па сутнасці, успрымалася менавіта як орган БАЗА.

Гісторыя выдання газеты ад 1960–х г. цікавая палемікай вакол таго, якім менавіта мусіць быць ейны змест у колах выдаўцоў. Відавочна, што кожны рэдактар уплываў на выгляд перыёдыка. У часы Станіслава Станкевіча (1963—1980) тут заўсёды прысутнічалі літаратуразнаўчыя матэрыялы, друкаваліся літаратурныя творы (што было працягам аналагічнай практыкі „Бацькаўшчыны“), Янка Запруднік (1980—1995) увёў англамоўныя старонкі, Зора Кіпель (1995—1998) друкавала адмысловыя агляды беларусікі. З часам „Беларус“ стаў адметнай і своеасаблівай з’явай у беларускім эміграцыйным перыядычным друку. Безумоўна, тут быў пэўны масіў ідэалагічных, палітычных тэкстаў, як у любым нацыянальным выданні: разглядаліся пытанні нацыянальнай свядомасці, велічы беларускай гісторыі, змагання з акупантамі, выкрывання бальшавіцкай палітыкі ў БССР, і абавязкова — пытанні захавання беларускай мовы.

Адначасова „Беларус“, праз сваіх рэдактараў, быў уключаны ў амерыканскае палітычнае жыццё. Так, Міхась Міцкевіч быў прыхільнікам дэмакратаў, Станіслаў Станкевіч і Вітаўт Кіпель — рэспубліканцаў, адпаведныя матэрыялы друкаваліся ў часы іх кіраўніцтва на старонках газеты. У адрозненне ад іншых эміграцыйных выданняў „Беларус“ імкнуўся быць у канфесійным сэнсе талерантнай газетай, хоць захаваць гэтыя пазіцыі было даволі складана, асабліва ў часы расколу БАПЦ, падзеі якога не маглі не знайсці адлюстравання на старонках перыёдыка. Аднак ці не самае каштоўнае ў матэрыялах „Беларуса“ — сведчанні своеасаблівай штодзённасці жыцця беларускай паваеннай эміграцыі: паведамленні з розных асяродкаў, сямейная хроніка, падзякі і некралогі.

Газета „Беларус“ — адметная з’ява ў этнічным друку ЗША. Ягоная гісторыя, нягледзячы на непрацяглы перапынак у 2000 г., працягваецца і сёння. Што сталася прычынай такой трываласці выдання: ягоная агульнаэміграцыйная скіраванасць, разнастайнасць зместу ці ўдалы збег абставінаў, у выніку якога ў кіраўніцтва газеты прыходзілі людзі, здольныя добра арганізаваць выданне, або пры патрэбе цягнуць усю працу на сабе? На гэтае пытанне ў кнізе няма выразнага адказу.

У прысвечанай газеце „Беларус“ частцы аўтар у значна большай ступені, чым у папярэдняй, звяртаецца ўласна да зместу выдання, акрэслівае асноўныя падыходы рэдакцыі да яго зместу. Аднак пры гэтым аддае перавагу больш структурнаму аналізу газеты, чым даследаванню адпаведнасці адлюстравання на яе старонках запытаў чытачоў, іх праблемаў і поспехаў і наогул менталітэту свядомага беларуса. Аўтар даводзіць каштоўнасць матэрыялаў газеты для вывучэння розных бакоў жыцця паваеннай эміграцыі і гэтым абмяжоўвае сваю ролю ў даследаванні ўзаемаўплыву „Беларуса“ і эмігранцкага асяроддзя.

„Летапісны звод сусвету Чалавека Сьведамага“ традыцыйна для беларускага эміграцыязнаўства пабудаваны на шматлікіх архіўных матэрыялах. У гэтым і каштоўнасць кнігі, і яе праблема. Прыведзеныя амаль заўсёды цалкам лісты, пратаколы, хоць і значна разбіваюць тэкст, але ўтрымліваюць шмат карыснага матэрыялу да біяграфіяў Антона Адамовіча, Станіслава Станкевіча, Леаніда Галяка, Францішка Кушаля, Міколы Гарошкі, Кастуся Акулы ды іншых. Аднак разам з тым кніга набывае характар больш публікацыі крыніцаў, чым сапраўднага аналітычнага даследавання, на высновы якога змогуць абаперціся наступныя навукоўцы. Згадваючы акрэсленыя самім аўтарам мэты разумення выдаўцоў і чытачоў, пастаўленыя ў прадмове да манаграфіі, можна адзначыць, што калі матывы выдаўцоў дзякуючы архіўным звесткам на старонках кнігі вымалёўваюцца больш–менш выразна, то матывацыя чытачоў, іх стаўленне да газет, іх запыты да зместу выданняў, спробы паўплываць на іх засталіся ў значнай ступені па–за даследаваннем.

Змешчаная акрамя агульнага тэксту ў кнізе бібліяграфія (153—236), якая ўтрымлівае пералік матэрыялаў, прысвечаных гісторыі беларускага эміграцыйнага друку, безумоўна, будзе карысная наступным даследнікам, таксама як і слоўнік эмігранцкіх псеўданімаў (239—242). Цалкам жа кніга Лявона Юрэвіча атрымалася цікавай, часам нават унікальнай, карцінкай з жыцця беларускай паваеннай эміграцыі і своеасаблівай правакацыяй іншых даследаванняў, бо яе перавагі і недаказанасці адлюстроўваюць тыя праблемы, у бок вырашэння якіх мае рухацца сучаснае эміграцыязнаўства.

Мінск

Наталля Гардзіенка

Юры Грыбоўскi. Беларускі незалежнiцкі лагер на Захадзе пасля ІІ сусветнай вайны вачыма польскай эміграцыі

Лістапада 3, 2003 |


Адна з маладаследаваных старонак гiстарыяграфii – палiтычная дзейнасць беларускiх эмiгрантаў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны. Нягледзячы на тое, што апошнiм часам зацікаўленасць дзейнасцю беларускай дыяспары ў ХХ ст. няўхільна расце, да сённяшняга дня асноўную гiстарыяграфiчную базу складаюць працы самiх эмiгрантаў, у тым лiку – мемуарная лiтаратура. Яшчэ большая “белая пляма” – погляд эмiгрантаў – прадстаўнiкоў iншых народаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы на працэсы, што адбывалiся ў асяроддзi беларускай палiтычнай эмiграцыi на Захадзе. Шэраг дакументаў польскай пасляваеннай палiтычнай эмiграцыi, якi захоўваецца ў архiве Польскага iнстытута iмя генерала Сiкорскага ў Лондане, дазваляе даведацца, як беларускi незалежнiцкi лагер на Захадзе выглядаў у вачах польскiх таварышаў па зброi, якiх лёс таксама закiнуў на чужыну. Чытаць далей →

Spod Monte Cassino na Sybir (Юры Грыбоўскі)

Чэрвеня 5, 2000 |

Spod Monte Cassino na Sybir. Deportacja byłych żołnierzy Polskich sił zbrojnych na Zachodzie z Białorusi, Litwy i Ukrainy w 1951 roku. Warszawa, 1998.

Гэтая кніга цалкам складаецца са спісаў дэпартаваных з тэрыторыі савецкіх Беларусі, Літвы і Ўкраіны былых жаўнераў Корпуса Андэрса, які пад час другой сусветнай вайны ваяваў супраць гітлераўцаў у Італіі. На старонках працы змешчаны звесткі пра былых «андэрсаўцаў». З іх 888 асобаў складаюць тыя, хто ў ноч з 31 сакавіка на 1 красавіка 1951 г. паводле распараджэння спецыяльнай калегіі пры Міністэрстве Дзяржаўнай Бяспекі СССР быў разам з сем’ямі выселены ў Іркуцкую вобласць, на г. зв. спецпасяленні з тэрыторыі Савецкай Беларусі.

Спіс высяленцаў падрыхтаваны вядомым беларускім гісторыкам Уладзімірам Адамушкам, які займаецца тэмай палітычных рэпрэсіяў 20—50–х г. на Беларусі, на падставе дакументаў з цэнтральнага Архіва Міністэрства Ўнутраных Справаў Рэспублікі Беларусь. Гэты спіс быў дапрацаваны польскімі даследчыкамі, у выніку чаго на кожнага «андэрсаўца» склаўся своеасаблівы жыццяпіс: адзначаюцца вайсковыя часткі, у якіх служыў чалавек пад час I і II сусветных войнаў ці ў міжваенны час; месца, куды быў выселены жаўнер; імёны сваякоў, з якімі яго выселілі; лёс пасля вяртання з спецпасялення; узнагароды, якімі ганаравалі ваяра. Дарэчы, апошні паказчык даволі карысны ў тым сэнсе, што гэткім чынам можна даведацца, у якіх ваенных баталіях удзельнічала асоба. Так, паводле спісу звыш паловы былых вайскоўцаў Польскіх Збройных Сілаў на Захадзе (ПЗСЗ) удзельнічалі ў бітве за Монтэ–Касіна (травень 1944), бо былі ганараваныя памятным крыжам Монтэ–Касіна.

Апрача вайскоўцаў 2–га Польскага Корпуса генерала Уладыслава Андэрса ў ліку дэпартаваных і жаўнеры са складу 1–га Польскага Корпуса і польскай ваеннай авіяцыі, якія ў часе вайны кватаравалі на Брытанскіх выспах. Сустракаюцца і ўдзельнікі баёў з нямецкімі войскамі ў Паўночнай Афрыцы, на італьянскай паўвыспе ды інш. Шмат хто з лётчыкаў браў удзел у паветраных бамбаваннях Нямеччыны. Варта зазначыць, што сярод дэпартаваных у 1951 г. былых вайскоўцаў ПЗСЗ трапляюцца прозвішчы людзей, якія ніколі там не былі, але трапілі пад спецпасяленні за гэткія дробязі, як шчырае сяброўства з сем’ямі былых «андэрсаўцаў» або частае гасцяванне ў іх.

Усе асобы са спісу, скончыўшы свой шлях жаўнера II сусветнай вайны ў Вялікай Брытаніі ў 1946 г., дзе адбывалася расфармаванне ixных злучэнняў, павярталіся пры канцы 40–х г. у тыя мясціны, адкуль яны самі паходзілі і дзе засталіся да вайны сем’і. Адпаведна, вайскоўцы польскага паходжання маглі вяртацца ў Польшчу, а на «Крэсы Ўсходнія» патрапілі беларусы — грамадзяне II Рэчы Паспалітай. Bядома, што не менш за 1/3 вайскоўцаў Арміі Андэрса складалі беларусы.

Увагі беларуcкага даследчыка заслугоўвае і спіс дэпартаваных вайскоўцаў ПЗСЗ з Літвы. Яны таксама маюць непасрэднае дачыненне да айчыннай гісторыі, таму што былыя жаўнеры са спісу — нараджэнцы пераважна Віленшчыны. А ведаючы яе нацыянальны склад у міжваенны перыяд, можна лічыць дэпартаваных за беларусаў, пра што яны ўласна сведчылі пры жыцці. Тым болей, што ў спісе рэпрэсаваных у 1951 г., які складаецца з 40 асобаў, няма ніводнага літоўскага прозвішча. Праўда, сам чалавек з–за адсутнасці нацыянальнай свядомасці мог лічыць сябе палякам.

Звесткі пра дэпартаваных грунтуюцца цалкам на дакументальных крыніцах і польскай вайсковай літаратуры, таму кніга з’яўляецца вельмі дасканалай. Зразумела, што дзеля паўнавартасных даследаванняў у гэтым кірунку адной такой працы мала, бо значная частка нашых землякоў з ліку вайскоўцаў ПЗСЗ засталася пасля вайны на эміграцыі. Апрача тэкстаў, кніга насычана рэдкімі фотаздымкамі баявога шляху Арміі Андэрса, выняткамі са справаў пад час арышту былых жаўнераў ПЗСЗ. Кніга даволі зручная ў карыстанні — ёсць шэраг тлумачэнняў асноўных скарачэнняў, алфавітны паказчык і інш.

Юры Грыбоўскі

Менск


Весялкоўскі, Юры. Няясна мроіліся новыя дарогі. (Юры Грыбоўскі)

Чэрвеня 3, 2000 |

Весялкоўскі, Юры. Няясна мроіліся новыя дарогі. Лондан, 1997. 142.

Гэта другая (пасля біяграфічнага нарыса ў «Беларускім гістарычным зборніку», 1996, № 2(6)) спроба жыццяпісу вядомага беларускага грамадскага дзеяча на эміграцыі Юрыя Весялкоўскага і першы яго аўтабіяграфічны твор. Аўтар тут апісвае свой жыццёвы шлях ад дзяцінства і юнацтва, якія прыпалі на гады, калі ягоная Стаўпеччына была ў складзе II Рэчы Паспалітай, да падзей 80–х г., якія адбываюцца на Брытанскіх выспах, дзе Весялкоўскі жыве і цяпер. Гэткі вялізны прамежак часу дазваляе чытачу вачыма аўтара зірнуць на такія моманты айчыннай гісторыі, як уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР увосень 1939 г., пачатак нямецка–савецкай вайны ў 1941 г., нямецкая акупацыя, дзейнасць Менскай афіцэрскай школы Беларускай Краёвай Абароны (Весялкоўскі сам быў кадэтам), знаходжанне ў 30–й дывізіі СС Зіглінга, заканчэнне вайны ў складзе Арміі Андэрса, паваенная беларуская эміграцыя ў Вялікай Брытаніі. Расповед гэткага ж зместу напісаў іншы эмігрант — Кастусь Акула (Акула К. Змагарныя дарогі. 1994), які таксама прайшоў шлях жаўнера ад кадэта Менскай школы БКА да кіраўніка ветэранскага руху на эміграцыі. Таму можна параўнаць погляды абодвух аўтараў на некаторыя моманты і падзеі ды заўважыць адрозненні. Асабліва гэта тычыцца перыяду ад улучэння менскіх кадэтаў у склад 30–й дывізіі СС, якая была ў сваім афіцэрскім складзе расійскай па сутнасці. Разам з тым варта сказаць, што Акула больш падрабязна апавядае пра падзеі таго часу, нават пра тыя, сведкам якіх ён не быў. Так, гэта тычыцца пераходу брыгады «Беларусь» разам са злучэннем РОА на бок амерыканскіх войскаў. Што датычыць Весялкоўскага, то ён не прэтэндуе на грунтоўны твор пра лёс вайскоўцаў–беларусаў па–за межамі Беларусі ў 1944—45 г., затое праз прызму свайго ўспрымання і светапогляду намагаецца праўдзіва давесці да ведама чытача найперш пра сваё жыццё і дзейнасць, закранаючы ў аповедзе толькі асобаў, з якімі ён сутыкаўся, і падзеі, у якіх давялося ўдзельнічаць.

Кніга складаецца з невялічкіх раздзелаў па некалькі старонак, кожны з якіх прысвечаны асобнаму эпізоду. Напрыклад, у раздзеле «У Францыю на фронт» Весялкоўскі распавядае пра настроі вайскоўцаў 30–й дывізіі перад тым, як гэтую частку немцы вырашылі перакінуць у Францыю дзеля змагання з войскамі заходніх саюзнікаў. Вядома, шмат хто прагнуў на ўсходні фронт. Весялкоўскі добра прытрымліваецца геаграфіі мясцовасці, дзе ён знаходзіўся, нягледзячы на тое, што яна вельмі часта мянялася. Бадай што падзённа Весялкоўскі распавядае пра ўсе здарэнні, якія адбываліся з рэштай кадэтаў афіцэрскай школы БКА, якім удалося пад час знаходжання ў Францыі ўцячы з дывізіі Зіглінга і, прайшоўшы праз палон французскіх партызанаў і амерыканцаў, апынуцца на супрацьлеглым баку — у складзе Арміі Андэрса, жаўнерамі якой скончыць вайну ў Італіі.

Праца Весялкоўскага — рэдкая крыніца па гісторыі беларускіх вайскоўцаў пад Брытанскай камандай. Аўтар акцэнтуе ўвагу на тым, як склаўся лёс тых 6еларусаў з ліку жаўнераў 2–га Польскага Корпуса, якіх ён асабіста ведаў і якія стаялі на чале беларускага руху ў шэрагах гэтага фармавання напрыканцы II сусветнай вайны. З кнігі можна даведацца, як ставіўся польскі генералітэт і простае афіцэрства да беларускай дзейнасці ў шэрагах Арміі Андэрса. Уважліва пазнаёміўшыся з творам, чытач можа заўважыць, што аўтар акцэнтуе рэлігійную прыкмету. У кнізе зазначаецца, што найбольшымі завадатарамі і абаронцамі беларускасці ў Польскім войску тады выступалі беларусы праваслаўнага веравызнання, тым часам наконт беларусаў–каталікоў звестак надта мала. Ва ўспамінах Весялкоўскага адсутнічаюць моманты з баявых дзеянняў нашых землякоў у складзе Брытанскага войска на Апенінскай паўвыспе. Гэта натуральна, бо кадэты Менскай афіцэрскай школы БКА патрапілі ў Корпус Андэрса толькі ў студзені 1945 г., калі асноўныя баталіі ўжо сканчаліся на італьянскім фронце. Але, тым не менш, гэта не зніжае каштоўнасці кнігі.

Твор Весялкоўскага будзе цікавы і тым, хто даследуе тэматыку гісторыі беларускай эміграцыі ў Вялікай Брытаніі, асабліва першыя пасляваенныя гады яе існавання. Тут ёсць змястоўныя звесткі пра працу 1–га З’езду беларусаў Вялікай Брытаніі, утварэнне і дзейнасць Згуртавання Беларусаў Вялікай Брытаніі (ЗБВБ), спрэчкі паміж рознымі плынямі беларускага эмігранцкага руху ў Вялікай Брытаніі. У прыватнасці, аўтар як былы сябра менш вядомай за ЗБВБ Хрысціянскй Арганізацыі Беларускіх Работнікаў (ХАБР) распавядае пра ўмовы яе ўзнікнення і спынення дзейнасці. Весялкоўскі таксама прыводзіць шэраг дакументаў з дзейнасці гэтай арганізацыі (напрыклад, рэзалюцыю ХАБР).

З гістарычнага гледзішча кніга ўспамінаў Весялкоўскага з’яўляецца важнай крыніцай для даследавання грамадска–палітычнай дзейнасці беларусаў у Вялікай Брытаніі. Каштоўныя згадкі і былога кадэта Менскай афіцэрскай школы БКА, па гісторыі якой вельмі мала матэрыялаў. Кніга напісана даступнай мовай і лёгкая для ўспрымання.

Юры Грыбоўскі

Менск

Юрэвіч, Лявон (укл.) Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. (Алег Гардзіенка)

Чэрвеня 2, 2000 |

Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. Укладальнік Лявон Юрэвіч. Беларускі Інстытут Навукі й Мастацтва. Нью–Ёрк. 1999. 362.

Мяркуючы па беларускамоўных нью–ёркскіх выданнях, Нью–Ёрк становіцца адным з найважнейшых цэнтраў выдання беларускай кнігі. За апошнія пяць гадоў выйшлі: „Антыбальшавіцкія паўстанні і партызанская барацьба на Беларусі“ Юркі Віцьбіча, „Архіўная кніга“, „Беларусізацыя пад №…“ Лявона Крывічаніна, „Эпізоды“ Яўхіма Кіпеля. У 1999 г. у серыі БІНіМа выйшла яшчэ адна кніга — „Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі“, укладальнік якой — Лявон Юрэвіч.

Прадмова да кнігі, напісаная Лявонам Юрэвічам, уяўляе з сябе асобнае грунтоўнае даследаванне беларускай эміграцыйнай мемуарыстыкі: „Успамінамі пранізана беларуская эміграцыйная літаратура. Яны ўзбагачаюць жывымі фактамі палітычныя й крытычныя артыкулы. Яны натуральныя ў гісторыка–этнаграфічных нарысах. Яны — неад’емны элемэнт палемічных зацемак і фэльетонаў. Яны ўплятаюцца ў тканку навуковых дасьледваньняў. На іх грунтуюцца мастацкія творы. Успамінамі пра адышоўшых поўняцца нэкралёгі“ (с. 6–7). Нью–ёркскі даследчык адзначае, што духам мемуарыстыкі прасякнутыя не толькі ўласна ўспаміны, але і празаічныя творы, такія, як „Змагарныя дарогі“ Кастуся Акулы ці „Случчына ў вагні“ Алеся Змагара. Таму, напэўна, варта пагадзіцца з меркаваннем Яна Чыквіна, пададзеным у кнізе: „…амаль усе, зь невялікімі выняткамі, празаічныя творы беларускіх эміграцыйных пісьменьнікаў зводзяцца да ўспамінаў і дзёньнікаў, словам, да жанру аўтабіяграфічнага або парадакумэнтальнага“ (8).

Лявон Юрэвіч падзяляе мемуарную літаратуру на аўтабіяграфіі, некралогі, інтэрв’ю, ліставанні, запіскі і занатоўкі, выступленні, прамовы, дзённікі, уласна ўспаміны. Каб пазбегнуць абвінавачванняў у празрыстасці падзелу мемуарыстыкі, ён сам адзначае, што гэта даволі хістка і ўмоўна.

Кніга складаецца з успамінаў Апалёніі Радкевіч („Беларуская хатка“), Сямёна Підгайнага („Беларусы на Салаўках“), Юркі Віцьбіча („Не чарнілам, а крывёю“, „Люблю я, разумееце, Віцебск“), Льва Гарошкі («Праз навальніцы й нягоды“), Наталлі Арсенневай („Аўтабіяграфічны нарыс“), Канстанціна Езавітава („Кароткі жыццяпіс“), Міколы Равенскага („Жыцьцяпіс“), Вячаслава Сэлях–Качанскага („Уласны жыцьцяпіс“), Алеся Змагара („Мой жыцьцяпіс“), Уладзімера Брылеўскага („Аўтабіяграфія“), Юрыя Жывіцы („Маё паходжаньне“), Зінаіды Кадняк („Успаміны пра Алеся Салаўя)“, Аляксандра Калодкі («Беларусы ў Аўстраліі»).

Згадкі Апалёніі Радкевіч–Савёнак пераносяць нас у Менск 1916 г. Гэта расповед пра дзейнасць у горадзе „Беларускай хаткі“ і пра сустрэчы з Антонам Лявіцкім, Уладыславам Галубком, Максімам Багдановічам, Аркадзем Смолічам, Змітраком Бядулем, пра вечары, якія ладзіліся беларускай інтэлігенцыяй. Адзін з цікавых фактаў — згадка пра першую дэкламацыю ў „Беларускай хатцы“ багдановічавай «Пагоні», якая зрабіла незабыўнае ўражанне на прысутных.

Украінскi эміграцыйны гісторык Сямён Підгайны ў нарысе „Беларусы на Салаўках“ аўтар распавядае пра сустрэчы з беларускімі палітвязнямі пад час знаходжання ў салавецкіх канцэнтрацыйных лагерах. Гэта былі дзеячы заходнебеларускага нацыянальнага руху савецкай арыентацыі, якія ў 1933 г. выехалі ў Савецкі Саюз, спадзеючыся на вольнае жыццё ў ім, але іхныя спадзяванні былі падманутыя. Нарыс не пазбаўлены іроніі. Думаецца, карысна прывесці з’едлівую, але справядлівую цытату: „Зь вялікім трыумфам ды помпаю ехалі гэтыя ахвяры польскага самаволу ў савецкую Беларусь, у «шчасьлівую, незалежную й самастойную» сацыялістычную савецкую Беларусь. Курорты, санаторыі, банкеты, найлепшыя пасады — усё было да паслуг гэтых пакутнікаў–рэвалюцыянэраў, якіх так мучылі фашысты–палякі. Пачалося запраўды не звычайнае жыцьцё, а суцэльнае сьвята. Сымон Рак–Міхайлоўскі, Ігнат Дварчанін, Пётр Мятла, Язэп Гаўрылік былі шчасьлівыя надмерна. Гэта–ж тыя сьляпыя падсавецкія беларусы, якія незадаволеныя раем. І ўся гэтая група… шчыра прыкладае рукі да зьнішчэньня нацыянальных антыбальшавіцкіх сілаў у падсавецкай Беларусі <…> А наўкола быў жах, а наўкола быў пагром за пагромам“ (123). Неўзабаве былых грамадоўцаў арыштавалі і пасля доўгіх катаванняў накіравалі на Поўнач, — выпраўляцца. Підгайны падрабязна апісвае грамадоўцаў, даючы ім трапныя характарыстыкі: „найвыдатнейшым і найбадзёршым быў Рак–Міхайлоўскі“, „высокі, складны, зь сінявата–шэрымі вачамі, Мятла быў лірычна–пяшчотнаю натураю“, „бледны, з чорнаю барадою, крыху згорблены Дварчанін“, „Гаўрылік… высокі, русы, з рыжанькаю бародкаю на круглявым адкрытым твары, з крыху кірпатым носам“ (125—126). Усе яны нарэшце зразумелі злачынствы савецкай сістэмы. Аўтар апісвае і іншых салавецкіх беларусаў, што працавалі ў нечалавечых умовах і „не былі аб’яднаны й скансалідаваны ды ня мелі выразнай нацыянальнай групы, як гэта было ў украінцаў, татар, грузінаў, немцаў ды ў іншых нацыянальных групах…“ (131).

Наступныя два артыкулы аб’яднаныя прозвішчам аднаго аўтара — Юркі Віцьбіча. Першы — „Не чарнілам, а крывёю“ — распавядае пра рэпрэсаваных літаратараў Андрэя Александровіча, Францішка Аляхновіча, Сымона Баранавых, Уладыслава Галубка і інш. Артыкул надрукаваны паводле рукапісу, што захоўваецца ў архіве БІНіМа. Лявон Юрэвіч мяркуе, што гэта накіды да кнігі з аднайменнай назвай, якая мусіла быць значна пашырана. У другім артыкуле „Люблю, я разумееце, Віцебск“ падаецца ліставанне, дзе так ці інакш закранаецца горад Віцебск.

Вельмі цікавы і пазнавальны нарыс грэка–каталіцкага святара Льва Гарошкі „Праз навальніцы й нягоды. Успаміны з гадоў 1930—1944. Фрагмэнты“. Вядомы уніяцкі святар распавядае пра станаўленне уніяцкага руху ў Заходняй Беларусі за часамі II Рэчы Паспалітай і ў часе ваеннага ліхалецця. Ён вызначае цяжкасці уніяцкага руху ў 20—30–х г. ХХ ст.:

— непрыхільнае становішча польскага рыма–каталіцкага духавенства;

— варожае стаўленне польскага ўрада;

— варожая прапаганда праваслаўнага духавенства (194).

Новы этап у жыцці беларускіх уніятаў, паводле сцвярджэння Льва Гарошкі, пачаўся пасля верасня 1939 г., калі уніяцкія парафіі былі зачыненыя савецкімі ўладамі. У гэты час львоўскі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі, карыстаючыся паўнамоцтвамі, дадзенымі з Рыму, заснаваў для земляў былой Расійскай імперыі чатыры экзархаты, адзін з іх — Беларускі, на чале якога стаў ксёндз Антон Неманцэвіч. Спадзяванні беларускіх уніятаў былі перакрэсленыя ў жніўні 1942 г., калі нямецкія ўлады арыштавалі і неўзабаве знішчылі айца Неманцэвіча. З яго забойствам фактычна скончылася і грэка–каталіцкае жыццё ў Беларусі. Уніяцкія святары ці былі арыштаваныя, ці выехалі на эміграцыю (як аўтар успамінаў). У арышце ксяндза Неманцэвіча Леў Гарошка абвінавачвае праваслаўных біскупаў з Жыровіцкага манастыра, якім замінала душпастырская дзейнасць грэка–каталікоў найперш сярод праваслаўных вернікаў.

Сярод астатніх вылучаюцца ўспаміны беларускай паэткі Наталлі Арсенневай. Яны былі напісаныя па просьбе Вітаўта Тумаша і перахоўваліся ў БІНіМе. Наталля Арсеннева распавядае пра сваё дзяцінства ў Баку, жыццё ў бежанстве ў Яраслаўлі, Дрысе. Але найбольшую ўвагу прыцягвае яе аповед пра Вільню. Зацікаўлены чытач, і найперш гісторык, знойдзе тут шмат замалёвак з жыцця Віленскай Беларускай гімназіі. З асаблівай любасцю будучая паэтка ўспамінае настаўніка літаратуры Максіма Гарэцкага: „Постаць ягоная з самага пачатку была для мяне ахіненая нейкім рамантызмам. Аўтар кнігі, што мне спадабалася, пісьменьнік… Настаўнік літаратуры, якую я так любіла… Як тут было застацца зусім халоднаю, абыякаваю? На зьмену Юліям Цэзарам і Рычардам Ільвіным Сэрцам прыйшоў, зусім зразумела, Гарэцкі, першы жывы чалавек, які мне падабаўся (а мне было тады ўжо 17 год!). Ці дзіва, што гэта сталася яшчэ адным стымулам як найлепшага пазнаньня і апанаваньня беларускай мовы?“ (216—217). Так, магчыма, па–дзіцячы наіўна, характарызуе Наталля Арсеннева выдатнага дзеяча беларускай культуры, які згінуў у жорнах сталінскага ГУЛАГа. Найбольшую ўвагу аддае Арсеннева ўспамінам пра мужа Франца Кушаля. Магчыма, гэтыя ўспаміны — адзін са спосабаў зірнуць іншым поглядам на чалавека, да якога савецкія гісторыкі прышчапілі кляймо здрадніка радзімы.

Франц Кушаль быў для яе найперш (а можа і толькі) муж і, адпаведна, яна глядзіць на яго як на роднага, блізкага чалавека, з пэўнымі недахопамі ці станоўчымі рысамі. Найбольшыя выпрабаванні выпалі на плечы гэтай жанчыны з 1939 г. Са знікненнем польскай дзяржавы шмат што змянілася ў яе жыцці. Франц Кушаль патрапіў у савецкі палон, Арсеннева ўладкавалася ў „Сялянскую газэту“, што выдавалася ў Вялейцы. Цікавасць выклікаюць уражанні ад „творчай“ паездкі вялейскіх журналістаў (Наталлі Арсенневай, Максіма Танка і Міхася Машары) у Менск. „…Кучар зрабіў Танку цікавую заўвагу, калі мы раз ішлі Савецкай вуліцай. Танк, вядома, як Танк, ішоў, сьмяяўся, голасна гаварыў па–беларуску, бо па–іншаму ён ці ўмеў. А Кучар спалохаўся: «Ведаеце, — зьвярнуўся ён да яго, — не гаварыце так голасна па–беларуску, у нас гэта ня прынята». І гэта ў сэрцы Беларусі — Менску!“ (226). Хутка вольнае жыццё скончылася. Кушалі, як сям’я польскага ваеннапалоннага, былі арыштаваныя. „…аднае прыгожае раніцы, калі я толькі ўставала з ложка, каб ісьці ізноў у рэдакцыю пасьля недаспанае ночы, у нашыя дзьверы пастукалі ўзброеныя энкавэдыстыя. Яны зь месца абшукалі мяне, дарма, што я была яшчэ нават без сукенкі, і загадалі мне зараз–жа зьбірацца з хлапцамі, куды — яны не сказалі. <…> Пасьля перагляду рэчы і пасьцель абы–як зьвязалі ў клумак, і неўзабаве мы ўжо стаялі ў машыне, якая імчала вуліцамі Вялейкі. Шмат такіх машынаў можна было пабачыць у гэты сьцюдзёны, золкі дзень 13–га сакавіка ў горадзе! Усіх высыланых звозілі на станцыю й ладавалі ў даўжэзны таваровы цягнік. Уся станцыя была поўная людзей. Вартаўнікі грубыя, брутальныя; сплаканыя, напалоханыя жанчыны (іх ды дзяцей было 99%); сваякі й знаёмыя, якія, дарма што бальшавіцкія запалохваньні, прыбеглі праводзіць сваіх блізкіх у далёкую нязнаную дарогу, усё гэта мітусілася, пхалася, крычэла й плакала. Энкавэдоўцы шчыльна абкружылі цягнік, але ўсё–ж той і гэты з натоўпу прарываўся, падбягаў да дзьвярэй вагонаў, падаваў тую ці іншую забытую рэч, бутэльку малака, яшчэ раз разьвітваўся. Нас — ніхто не праводзіў <…> хоць мы і ехалі ў вялікую дарогу, ня маючы пры сабе нават кавалка хлеба. Ды ці да хлеба тады было? Пачуцьцё страшэннай крыўды сьціскала горла… А людзей усё прыбывала й прыбывала“ (227—228). Натальля Арсеннева з двума сынамі была выселеная ў Казахстан, дзе зведала ўсе выгоды савецкага раю. У 1941 г. адбыўся перагляд справы Франца Кушаля, яго вызвалілі з савецкай турмы, і сям’я здолела вярнуцца ў Беларусь. Далей Наталля Арсеннева апісвае падзеі вайны, жыццё ў Менску на Ленінградскай вуліцы, сваю працу ў „Беларускай газэце“, працу для Беларускага тэатра. Цікавае апісанне беларускіх грамадска–культурных дзеячаў той пары, з якімі сутыкала жыццё: Антон Адамовіч, Уладыслаў Казлоўскі, Мікола Шчаглоў, Лявон Савёнак, Мікола Шкялёнак. Погляд на ваенны Менск Наталлі Арсенневай — гэта адмысловы погляд, які цалкам не стасуецца з традыцыйным уяўленнем пра горад пад нямецкай акупацыяй. Гэта багатае культурнае жыццё, выпуск беларускай прэсы, росквіт тэатра, святкаванне 25–х угодкаў беларускай гімназіі. У жонкі Франца Кушаля былі свае рахункі з савецкай уладай, ад рук савецкіх падпольшчыкаў загінуў яе сын Яраслаў (пад час тэрарыстычнага акта ў гарадскім тэатры 22 чэрвеня 1943 г.). Улетку 1944 г. Кушалі вымушаныя былі пакінуць Беларусь і з’ехаць на эміграцыю. Жыццю ў лагерах Нямеччыны прысвячае Арсеннева яшчэ некалькі старонак.

З яе ўспамінамі выразна дысануюць успаміны (калі іх так можна назваць) Кастуся Езавітава, пад назвай „Кароткі жыцьцяпіс і праходжаньне службы“. Гэта нават не ўспаміны, а падрабязная анкета ўсіх істотных этапаў жыцця ад паступлення ў Дзвінскае 2–е гарадское вучылішча і да працы ў Беларускай Цэнтральнай Радзе. Такая аўтабіяграфія мусіць быць карыснай для біёграфаў Езавітава. У такім кантэксце і жыццяпісы, створаныя ўжо на эміграцыі ў Бельгіі, беларускага кампазітара Міколы Равенскага, спевака і тэатральнага дзеяча Вячаслава Сэлях–Качанскага.

Асобна можна вылучыць жыццяпіс Алеся Змагара (Алеся Яцэвіча), які распавядае пра свой жыццёвы шлях ад нараджэння і да эміграцыі. Тут можна знайсці нямала цікавых старонак пра Слуцкае паўстанне, навучанне ў БДУ, жыццё ў Менску 20—30–х г., адкрыццё беларускіх школ пад час нямецкай акупацыі і працу ў беларускай адміністрацыі, ягоную дзейнасць на эміграцыі. Адно што ўспаміны Змагара грашаць вялікай колькасцю падзеяў, і гэта падаецца нерэальным, а многае — прыдуманым. На эміграцыі Алесь Змагар належаў да эмігранцкіх арганізацый, якія былі больш дэкарацыйныя, чым рэальныя: „Быў неафіцыйным рэдактарам газэты „За Волю“, але, пасьля таго, як абрамчыкавая цэнзура не прапусьціла маіх артыкулаў „Лістапад“ і „За незалежнасьць Беларусі“, я ад удзелу адмовіўся. Напісаны ў 1952 г. верш „Да згоды“ паслаў у бэнээраўскую й бэцээраўскую прэсу, але ні адна зь іх майго верша не надрукавала, тагды паслаў Хмары, і той надрукаваў. Прапанову Абрамчыку і Астроўскаму прыйсьці да паразуменьня ды спачатку чаргавацца прэзыдэнцтвам і віцэ–прэзыдэнцтвам, а свае Рады злучыць у адну Раду, якая з часам і абярэ сабе прэзыдэнта Рады, Абрамчык катэгарычна адкінуў“ (293). Сумнеўнай выглядае згадка пра неафіцыйнае рэдактарства „За волю“, а ідэя аб’яднання Радаў здаецца наіўнай і нерэальнай.

Завяршае кнігу нататка Аляксандра Калодкі „Беларусы ў Аўстраліі“, дзе распавядаецца пра станаўленне беларускіх арганізацый на зялёным кантыненце. Першы транспарт з беларускімі эмігрантамі прыбыў у Аўстралію ў 1948 г. Беларусы мусілі прызвычайвацца да новых умоваў жыцця, новай экзатычнай краіны.Дбаючы пра ўласны дабрабыт, яны не забываліся і на грамадскую працу на карысць Беларусі, стваралі арганізацыі, праводзілі святы, усяляк пашыралі веды аўстралійцаў пра Беларусь.

Наогул успаміны добра скампанаваныя і распавядаюць пра розныя бакі жыцця беларускіх дзеячаў: ад Менску з ягонай беларускай хаткай 1916 г. ці Салавецкіх лагераў і да жыцця на эміграцыі ў Флорыдзе ці далёкай Аўстраліі, паказваюць розныя погляды эміграцыйных дзеячаў, розныя бакі іх жыцця. Кніга будзе карысная не толькі ўсім аматарам беларускай гісторыі ці мемуарыстыкі, але і спецыялістам, якія могуць знайсці тут новыя факты.
Менск

Алег Гардзіенка

Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991 г. (Якуб Наваградцаў)

Лістапада 22, 1999 |

Дэмакратычная апазыцыя Беларусі 1956—1991.  Пэрсанажы і кантэкст / Даведнік. Пад рэд. А. Дзярновіча. Менск, 1999. 186.

Гэтая кніга выйшла як працяг вышэй рэцэнзаванага даведніка пра апазіцыйныя рухі ў Беларусі 1944—1956 г. Паваеннае падполле было разгромлена, а ягоныя ўдзельнікі, што вярталіся дахаты, мусілі потым выехаць з Беларусі, бо ім савецкая ўлада стварыла невыносныя ўмовы жыцця. Так што многіх проста выключылі з далейшага грамадскага жыцця, і дысідэнцкі рух (калі не лічыць Ларысы Геніюш, айца Віктара Данілава, ксяндза Вацлава Пянткоўскага) фактычна пачынаўся з нуля.

Як і папярэдні том, праца падзяляецца на раздзелы: „Пэрсаналіі“, „Арганізацыі, асяродкі, рухі“, „Выданьні“, „Музычны нонканфармізм і маладзёвыя субкультуры“, „Кроніка дэмакратычнай апазіцыі Беларусі: 1956—1988“. Калі ў кнізе пра „Антысавецкія рухі“ палітра грамадскага жыцця Беларусі характарызуецца найперш раздзелам „Арганізацыі, асяродкі, рухі, фармацыі“, дык у „Дэмакратычнай апазыцыі“ неабходна пачынаць ab ovo, з персаналіяў, бо менавіта асобы вызначалі дух дысідэнцкага жыцця краіны.

У кнігу ўвайшло блізу 70 асобаў. Калі ў першы даведнік уключаліся амаль усе асобы, тым ці іншым чынам заангажаваныя ў антысавецкім змаганні, то для другога адбіраліся найбольш значныя постаці, якія прадстаўлялі нейкі кірунак або плынь у дысідэнцтве.

Храналагічны падзел этапаў існавання дэмакратычнай апазіцыі 1956—1991 г. выглядае лагічна: 50–я г. — паасобныя акцыі дысідэнтаў, 60–я — складванне навукова–адраджэнскіх гурткоў („Акадэмічны асяродак“, „На Паддашку“); рэакцыя беларускага грамадства на падзеі Пражскай вясны (1968), пачатак ганенняў на беларускіх літаратараў, якія ці скажалі лінію партыі, ці пісалі „няпраўду“ пра вайну, або проста заміналі дзяржаве весці народ да светлай будучыні (Васіль Быкаў, Валянцін Тарас, Лідзія Вакулоўская і інш.); 70–я — час узнікнення маладзёвых суполак, з’яўленне паняцця „Музычны нонканфармізм“; у 80–х г. апазіцыйны рух набыў новыя формы, стаў больш колькасным, прыйшла новая генерацыя маладых людзей, прагных да дзеяння, стварылася мноства маладзёвых суполак і патрыятычных клубаў.

Першае, што кідаецца ў вочы, гэта храналагічная неадпаведнасць назвы кнігі і яе зместу. У назве пазначаецца апошнім 1991 г., а падзеі фактычна абрываюцца  на 1988—1989 г. Зразумела, тут не знойдзем артыкулаў ні пра Беларускі Народны Фронт, ні пра Беларускую Сацыял–Дэмакратычную Грамаду.

Пачатак дысідэнцкага руху пазначаны стварэннем „Партыі Свабоды Рускага Народу“ (с. 125—126). Партыя ўзнікла як водгук на хрушчоўскую „адлігу“, а таксама на падзеі ў Венгрыі ў кастрычніку 1956 г., аднак залішні рамантызм і адсутнасць мераў канспірацыі прывялі да арышту і турэмнага зняволення яе сяброў. Гэтым артыкулам фактычна ставіцца пад пытане тэза пра лібералізацыю савецкага грамадства ў часы Мікіты Хрушчова. Цікавая інфармацыя ў нарысах пра першых беларускіх дысідэнтаў братоў Лявона і Міхася Белых (17—18), якія ў 1957 г. распаўсюджвалі па Менску ўлёткі з заклікам да абароны беларускай мовы, за што былі асуджаныя савецкімі органамі ўлады. Варта адзначыць артыкул пра выкладчыка Гарадзенскага педінстытута Браніслава Ржэўскага, які публічна выступаў супраць русіфікацыі і гвалтоўнай дэбеларусізацыі (74—77), за што быў асуджаны да 7 гадоў пазбаўлення волі. Выступ у абарону роднай мовы разглядаўся як злосны нацыяналізм і паклёп на савецкую рэчаіснасць.
Наступны артыкул, які варта адзначыць, напісаны ўдзельнікам тагачасных падзеяў беларускім археолагам Міхасём Чарняўскім. Ён распавядае пра „Акадэмічны Асяродак“ (103—109), які склаўся з супрацоўнікоў Акадэміі Навук. Акадэмічны Асяродак займаўся вывучэннем невядомых старонак беларускай гісторыі, раней забароненых тэмаў, папулярызацыяй ідэяў Адраджэння. Ён зрабіўся асноўнай плыняй апазіцыйнага руху ў 70–х г., але намаганнямі КДБ і партыйных кіраўнікоў быў разгромлены, а яго ўдзельнікі звольнены з працы. Цікава, што асобы, якія грамілі гурток, і сёння займаюць нейкія пасады, не панёсшы аніякага пакарання. Асобныя артыкулы даведніка прысвечаны сябрам Акадэмічнага асяродка: Міхасю Чарняўскаму (90—93), Міколу Прашковічу (67—69), Алесю Каўрусу (46—48), Сцяпану Місько (61—62), Валянціну Рабкевічу (72—73).

Асобна вылучаецца нарыс пра Міхаіла Кукабаку (49—54), беларускага праваабаронцу, які адкрыта пратэставаў супраць савецкай акцыі ў Чэхаславаччыне, за што трапіў пад пераслед. Імя Міхася Кукабакі стала вядомым у свеце, у ягоную абарону праводзіліся слуханні ў сенаце ЗША.

Сярод іншых персаналіяў зборніка — артыкулы пра Лявона Баразну, Яўгена Куліка, Алеся Марачкіна, Генадзя Каханоўскага, Аляксея Каўку, Міколу Ермаловіча, Міхася Ткачова, Анатоля Сідарэвіча і інш. Выклікае шчырае здзіўленне факт неўключэння ў кнігу такіх асобаў, як Васіль Быкаў, Алесь Адамовіч, Уладзімір Караткевіч, Мікола Купава… Яны ж зрабілі для станаўлення апазіцыйнага руху значна больш, чым некаторыя з уведзеных у даведнік.
У 80–х г. хутка пашыраліся апазіцыйныя колы, у асноўным за кошт моладзі, таму і інфармацыі пра апазіцыйны рух гэтага часу ў кнізе значна больш. Патрыятычныя гурткі ствараліся не толькі ў Менску, але й у Гомелі, Горадні, Магілёве і іншых гарадах. У даведніку пералічаныя толькі асноўныя з іх: „Беларуская сьпеўна–драматычная майстроўня“, „Талака“, „Канфэдэрацыя беларускіх маладзёвых суполак“, клуб „Современник“, „Сьвітанак“, „Тутэйшыя“, „Бабілён“, „Мартыралёг Беларусі“, „Зьніч“, „Паходня“. У раздзеле „Арганізацыі, асяродкі, рухі“ змешчаныя таксама праблемныя артыкулы: „Беларускі патрыятычны рух ва ўзбройных сілах СССР“, „Краязнаўчы рух“, „Фальклорны рух“, „Чарнобыльскі рух“. Большаць тых, хто ўнесены ў даведнік, і цяпер актыўна займаецца палітыкай: Зянон Пазьняк, Вінцук Вячорка, Станіслаў Шушкевіч, Ігар Гермянчук, Павал Жук і інш. Аднак няма нарыса пра Юрыя Хадыку, пры тым што ўпамянуты нават Мікола Шаляговіч.

Раздзел „Выданьні“ падрыхтаваны Ларысай Андросік і фактычна базуецца на кнізе гэтай жа аўтаркі „Пазацэнзурны беларускі пэрыядычны друк“. Сюды ўключана большасць выданняў, якія выдаваліся ў 1971—1991 г. у Беларусі і былі ў апазіцыі да ўлады. У адрозненне ад аналагічнага раздзелу ў „Антысавецкіх рухах“, гэты раздзел напісаны пра рэальныя выданні, большасць якіх знаходзіцца ў Архіве Найноўшай Гісторыі. Асноўная іх частка з’явілася ўжо ў гады перабудовы, але апісваюцца і ранейшыя выданні („Блакітны ліхтар“, „Мілавіца“, „Гутаркі“, „Падснежнік“).

Апошні раздзел „Музычны нонканфармізм  і музычныя субкультуры“ (157—161) падрыхтаваў Сяржук Сахараў, знаўца беларускай маладзёвай музыкі. У ім апісваюцца маладзёвыя акцыі пачатку 70–х г. Гэта, напрыклад, два выступы хіпі ў Горадні, хваляванні ў Менску ў 1970 г. з нагоды забойства менскага хіпі Уладзіміра Максакава. Фактычна, гэта была яшчэ адна форма духоўнай апазіцыі, музычны нонканфармізм, які супрацьпастаўляўся афіцыйнай музычнай культуры.

Невядома чаму ў даведніку няма раздзелу „Акцыі“. Зусім незразумела, навошта артыкул Ігара Бабкова „Ліст студэнтаў–філёзафаў за акадэмічныя свабоды, красавік 1981 г.“ (122—123) змешчаны ў раздзеле „Арганізацыі, асяродкі, рухі“.

Чытаючы даведнік, адчуваеш, што рабіўся ён паспешліва. Варта было больш сур’ёзна паставіцца нават да структуры кнігі. Тым не менш гэтая частка цікавейшая за „Антысавецкія рухі ў Беларусі (1944—1956)“. Там — пераважна пра партызанку і арганізацыі моладзі, а тут шырокі спектр апазіцыйнага руху, розныя кірункі апазіцыйнай дзейнасці.

Менск
Якуб Наваградцаў

Рагуля, Барыс. Беларускае студэнцтва на чужыне (Вiктар Астрога)

Снежня 6, 1997 |

РАГУЛЯ БАРЫС. Беларускае студэнцтва на чужыне. Лёндан, 1996. 205

У 1994 г. у выдавецтве Беларускага Iнстытуту навукi i мастацтва (БIНIМ//Нью Ёрк) выйшла цiкавая i каштоўная манаграфiя Яна Максiмюка “Беларуская гiмназiя iмя Янкi Купалы ў Заходняй Нямеччыне (1945-1950 г.)”. Гэта была першая i пакуль што адзiная кнiга, прысвечаная беларускай школе, што iснавала па-за межамi Бацькаўшчыны. Пасля знаёмства з гэтай грунтоўнай працай я мог толькi з сумам канстатаваць, што, на жаль, больш даведацца пра асветную дзейнасць нашых землякоў, якiя апынулiся на эмiграцыi i пра iх далейшы лёс – няма адкуль. I вось мне ў рукi трапiлi добра iлюстраваныя мемуары вядомага беларускага грамадскага, вайсковага i навуковага дзеяча эмiграцыi Барыса Рагулi – былога студэнта Марбург-скага i Лювенскага ўнiверсiтэтаў “Беларускае студэнцтва на чужыне”, выдадзеная стараннямi Лявона Юрэвiча. Кнiга, якая напiсана незалежна ад доследаў Я.Максiмюка, з’явiлася як бы яе лагiчным працягам – гiсторыяй беларускага студэнцтва ў канцы 40-х – пачатку 50-х г. Гэта фактычна першыя i на дадзены момант адзiныя мемуары ў свеце, прысвечаныя беларускай вышэйшай адукацыi. Адразу трэба адзначыць, што, нягледзячы на мемуарны характар працы, г.зн. успамiны аднаго чалавека, шырокае выкарыстанне ў ёй успамiнаў большасцi колiшнiх студэнтаў гэтых iнстытуцыяў (21 асобы) на-дало кнiзе полiмемуарны характар, нават нейкае адценне навуковасцi, што безумоўна павялiчыла яе каштоўнасць i дазволiла значна зменшыць непазбежны ў падобных творах суб’ектывiзм. Калi паспрабаваць акрэслiць асноўныя тэмы, якiя асвятляюць мемуары, то прыйдзеш да высновы, наколькi яны разнастайныя. Тут i апiсанне матэрыяльных умоў паваеннага жыцця беларускай эмiграцыi, дзейнасцi беларускiх палiтычных груповак, палiтыкi алiянтаў да рэпатрыяцыi ў СССР, рэлiгiйнага жыцця эмiгрантаў, у прыватнасцi стан Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы. Аднак, натуральна, большая частка кнiгi прысвечана студэнцкаму жыццю беларусаў на чужыне i апавядае аб розных баках дзейнасцi беларускiх студэнцкiх арганiзацыяў, прасочваецца лёс асобных студэнтаў ва ўнiверсiтэтах Марбургу (Нямеччына) i Лювэна (Бельгiя), а прыведзеныя ўспамiны iншых былых студэнтаў дазваляюць азнаёмiцца i з жыццём беларускiх студэнтаў у Парыжскiм i Мадрыдскiм унiверсiтэтах.

Актыўная грамадская дзейнасць маладога Барыса Рагулi (у 1945 г. яму было толькi 25 гадоў) спрыяла таму, што ён быў у курсе ўсiх дзеянняў беларускай эмiграцыi, а ягоная ўласная iнiцыятыўнасць дазволiла пазнаёмiцца са шматлiкiмi вядомымi ды i проста шчырымi людзьмi ў Еўропе. Таму чытач кнiгi даведаецца, у прыватнасцi, аб прычынах расколаў сярод тагачасных беларускiх эмiгранцкiх палiтыкаў, адну з якiх аўтар адзначыў гэтак: “А у нас было так: мяне не выбралi старшынёй – я выходжу з арганiзацыi i засноўваю новую партыю…” (47); пра сустрэчы Б.Рагулi з Папам Пiям XII, пад час размовы з якiм ён дамовiўся пра выдзяленне беларускiм студэнтам, у большасцi праваслаўным, адмысловае стыпендыi ад Ватыкану (як ахвярам камунiзму) за кошт падаткаў, якiя плацiла Беларусь у XVII-XVIII ст., ды iншых, раней невядомых старонках з гiсторыi беларускай эмiграцыi. Чытаючы гэтую кнiгу, знаёмячыся з навучальнай i шырокай культурна-асветнiцкай дзейнасцю беларускiх студэнтаў, сапраўды пагодзiшся са словамi аўтара: “мы хочам падрыхтаваць будучыню нашае Бацькаўшчыны i прыняць актыўны ўдзел у яе нацыянальным, сацыяльным ды рэлiгiйным адраджэннi” (126).

На мой погляд, найбольш хвалюючым, кульмiнацыйным месцам у мемуарах, з’яўляецца апiсанне 34-х угодкаў БНР i адкрыцця Беларускага Студэнцкага Дому Лювэнскага каталiцкага ўнiверсiтэту (25 сакавiка 1952 г.). Гэтыя ўрачыстасцi сталi як бы падсумаваннем тых вынiкаў i таго плёну, што набылi беларускiя студэнты ў сваёй папярэдняй навучальнай i культурнiцкай дзейнасцi i паказалi iхны высокi аўтарытэт, безумоўна дзякуючы якому на святкаваннi прыйшло ля 100 гасцей, сярод якiх кардынал Тыссэрант, рэктар унiверсiтэту, прафесары, бiскупы, дырэктары ўстаноў, мiнiстры, шматлiкiя рэпарцёры, якiя пасля падзеi яшчэ 2 днi пiсалi пра яе (125).

Чытаючы аб цяжкай, але вольнай i плённай дзейнасцi нешматлiкай беларускай моладзi ў справе падтрымкi i развiцця беларускага нацыянальнага духу на чужыне ў першыя паваенныя гады, што безумоўна было працягам пражскiх традыцыяў 20-х г., мiжволi згадваеш сiтуацыю на самой Беларусi таго часу, дзе, наадварот, згортвалася вывучэнне нават марксiсц-кай беларускай гiсторыi, iшло паўсюднае вынiшчэнне беларускай мовы, асаблiва ў ВНУ. Усё гэта ведалi i нашыя эмiгранты, але спадзявалiся, што Беларусь усё ж у хуткiм часе атрымае незалежнасць i будуць патрэбныя iхныя рукi i веды. Аднак, як адзначыў Рагуля, падзеi на Карэйскiм паўвостраве пачатку 50-х г. “пераканалi нас, што… трэба настройвацца на даўжэйшы перыяд эмiграцыi… быць гатовымi да доўгага выгнання… да доўгага змагання” (138).

Значную частку мемуараў займаюць каштоўныя для нас “старонкi жыцця”, або жыццяпiсы 28-мi былых беларускiх студэнтаў на чужыне, створаныя паводле архiўных матэрыялаў i лiстоў. Прынамсi, за час iснавання Беларускага Студэнцкага згуртавання ў Лювэне (1945-1963 г.) унiверсiтэт скончылi 34 беларусы (140).

На маю думку, “Беларускае студэнцтва на чужыне”, ня-гледзячы на пэўныя недахопы, уласцiвыя мемуарам i прычыненыя малалiкасцю патрэбных архiваў, некаторую схематычнасць, можа прэтэндаваць на тое, каб стаць тэарэтычнаю асно-ваю для экспазiцыi па гiсторыi беларускай вышэйшай асветы па-за межамi Беларусi ў XX ст. ў будучым Музеi Беларускай Адукацыi.

Такiм чынам, мемуары Барыса Рагулi дазваляюць на прыкладзе лёсу аднаго чалавека, як у люстры, убачыць агульны лёс актыўнай, нацыянальна свядомай паваеннай беларускай моладзi, якая апынулася па-за межамi Беларусi. Таму гэтую кнiгу хацелася б рэкамендаваць, у першую чаргу, сучасным беларускiм школьнiкам i студэнтам, ды нагадаць словы аўтара: “… мы не маем права забыцца, што нашая Бацькаў-шчына яшчэ далёка ня тая, пра якую мы марылi, i яна патрабуе нашай духовай, культурнай ды матарыяльнай дапамогi”. (143).

Менск

Вiктар Астрога

Галоўная » Запісы па тэме 'Беларусы ў эміграцыі'