Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Бібліяграфія'

Артыкулы па тэме ‘Бібліяграфія’

Белорусский сборник. Вып.1. (Валеры Пазнякоў)

Снежня 13, 1998 |

Белорусский сборник. Статьи и материалы по истории и культуре Белоруссии. Ред. В.В.Антонов, Н.В.Николаев. Вып. 1. Санкт–Петербург, 1998. 172.

Расійская нацыянальная бібліятэка і Санкт–Пецярбургская асацыяцыя беларусістаў распачалі новае выданне, якому, трэба думаць, наканавана доўгае жыццё. Ужо даўно, пачынаючы з 1993 г., у Санкт–Пецярбургу праходзяць штогадовыя канферэнцыі пад назовам „Санкт–Пецярбург і беларуская культура“. Цяжкасці рознага характару перашкаджалі выдаваць раней матэрыялы гэтых канферэнцый. Цяпер пачатак пакладзены, і больш шырокае кола спецыялістаў і зацікаўленых (абмежаванае накладам зборніка ў 400 паасобнікаў) атрымала магчымасць пазнаёміцца не толькі з прачытанымі цікавымі дакладамі, але і з новымі матэрыяламі, спецыяльна падрыхтаванымі да друку.

У першым выпуску Валянцін Грыцкевіч выступае з артыкулам „Сённяшнія клопаты беларускай гістарыяграфіі“. Для азначэння таго, што цяпер культывуецца ў гэтай галіне, ён прапануе новы тэрмін — „неаславісцкая ідэя“, якая, на думку аўтара, адлюстроўвае курс на ліквідацыю дзяржаўнасці Беларусі на карысць Расіі і на замену беларускай мовы расійскай. Выказваецца надзея, што беларускія гісторыкі змогуць супрацьстаяць націску „аўтарытарнай улады“. Выданне „Беларускага зборніка“ — добрая дапамога ў гэтай справе. Важныя праблемы этнічнай гісторыі беларусаў закранутыя ў артыкулах Аляксандра Мыльнікава „Беларусы: этнас і этнонім у польскай, нямецкай і шведскай гістарычнай думцы XVI–XVII ст.“, Ігара Жураўскага „Працэсы экспансіі і Беларусь: пастаноўка праблемы“, Васіля Беланенкі „З гісторыі культурных узаемасувязяў народаў Усходняй Еўропы ў XVII–XVIII cт.: Людзі і кнігі“. Назіранні расійскіх даследчыкаў карысныя тым, што збоку ў беларускай гісторыі можна ўгледзець тыя рысы, якія не надта заўважныя знутры. Часам высоўваюцца і экстравагантныя ідэі.

Адным з выдаўцоў зборніка выступіла Расійская нацыянальная бібліятэка, таму шмат матэрыялаў у кнізе прысвечана беларускай кніжнай культуры. Вядома, што пецярбургскія кніжныя сховішчы багатыя на сапраўдныя рарытэты нашай культуры. Іх даследаванне, як і вывучэнне культурнага ўплыву беларускай кніжнасці на суседнія народы, мае вялікае значэнне. Вывучэнню беларускай кнігі і кніжнікаў прысвечаны артыкулы Барыса Сапунова „Друкаваныя беларускія кнігі ў рускіх бібліятэках другой паловы XVI–XVII ст.“, Аляксея Аляксеева „Памінальная практыка ў Маскоўскай Русі і ў Вялікім Княстве Літоўскім“, Наталлі Рамазанавай „Стыхіра «На пракляцце ерэтыкоў» у паўднёварасійскіх Ірмалагіёнах“, Міколы Нікалаева „Ці меў рацыю ў сваім даносе Павел Неграбецкі?“.

Аўтары матэрыялаў зборніка даследуюць і іншыя вобласці беларускай культуры, уплыў на яе палітычных фактараў, а таксама яе сувязі з іншымі культурамі (працы Ігара Маціеўскага пра беларускую мастацкую плынь у фармаванні еўрапейскага абрысу музычнай культуры Пецярбурга, Галіны Таўлай пра музыканта–фалькларыста Антона Грыневіча, Андрэя Катлярчука пра Жазэфа дэ Местра і Полацкую езуіцкую акадэмію, Аляксандра Смаленчука пра Элізу Ажэшку, Ларысы Бойкі пра этнографа Аляксандра Сержпутоўскага, Міхаіла Кандрацюка пра М.Каяловіча, Юрыя Туронка пра Вацлава Іваноўскага. Скрупулёзным крыніцазнаўчым падыходам вылучаюцца працы Дзмітрыя Левіна „Першыя сталічныя рэцэнзіі на Памятныя кніжкі Віленскай губерні (1852–1854 г.)“ (праўда, з’яўляюцца сумненні, ці будзе запатрабаванае даследаванне, бо не тое што рэцэнзіі, але і самі памятныя кніжкі забытыя), Аляксея Раздорскага „Матэрыялы курскіх мытных кніг пра гандаль з беларускімі гарадамі (1640–я г.)“ (зусім невядомыя звесткі для беларускіх навукоўцаў) і Вольгі Бабук „Выдавецкая дзейнасць Віленскай навучальнай акругі па матэрыялах Аддзелу рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі“ (новы і вельмі цікавы архіўны матэрыял). Некаторыя даследчыкі напісалі пра сваё, можа, не вельмі цікавае для шырокага кола чытачоў — працы Уладзіміра Бурачка і Аляксандра Макейчыка прысвечаны іх уласным радаводам, але і гэта патрэбнае. Нарэшце, у „Беларускім зборніку“ змешчана крытычная рэцэнзія Валерыя Антонава і Міколы Нікалаева на кнігу „Памяць. Навагрудскі раён“, якая ўжо з’явілася ў „Беларускім Гістарычным Аглядзе“ (т.4, сш.1/2).

Ацэньваючы зборнік у цэлым, яго рэдкалегія адзначыла „мазаічнасць, пярэстасць, стракатасць“ уключаных у яго публікацый. Безумоўна, гэта кідаецца ў вочы, але было б дзіўным, каб выйшла інакш. Бо арганізатарам беларусазнаўчых канферэнцый і самога зборніка ўдалося далучыць да беларускай справы вельмі шырокае кола людзей з рознымі інтарэсамі і ўзроўнем навуковай падрыхтоўкі. Тут даследчыкі з Беларусі, Польшчы, самі піцерцы. На 1990 г. у Пецярбургу жылі 93,9 тыс. беларусаў, што складала 1,9% насельніцтва горада. Такая вялікая беларуская дыяспара, найбагацейшыя зборы музеяў, архіваў і бібліятэк у спалучэнні з намаганнямі мясцовых беларусістаў даюць надзею на новыя сустрэчы з „Беларускімі зборнікамі“.

Менск

Валеры Пазнякоў

Istoriją Lietuvos aukštuju mokyklu mokslo darbai, XXXVI (Уладзімір Свяжынскі)

Снежня 12, 1998 |

Istoriją Lietuvos aukštuju mokyklu mokslo darbai, № ХХХVІ. Vilnius: Vilniaus pedagoginis universitetas, 1997. 335.

Чарговы, ХХХVI выпуск гістарычнай серыі Навуковых прац вышэйшых навучальных установаў Літвы адкрываецца раздзелам «Мемуары», які прадстаўлены ўспамінамі вядомага літоўскага дыпламата, палітыка, публіцыста С.Бачкіса „Літоўская дыпламатычная служба (15.06.1940—11.03.1990)“.

У другім раздзеле «З мінулага народа» змешчаны артыкулы літоўскіх даследчыкаў па актуальных праблемах розных перыядаў гісторыі Літвы: Я.Явайшы «Ранні жалезны век: помнікі і культуры» (з дадаткам у выглядзе ілюстрацый і карты), Н.Асадаўскене «Шлюбныя традыцыі магнатаў Кішкаў у канцы ХV–ХVI ст.», А.Шанавічуса «Развіццё літоўскага суда», А.Каспаравічуса «Рэакцыя заходніх краін на пераварот 1926 г. у Літве», А.Гайгалайтэ «Пяць дзён у гісторыі Літвы», Ю. Скіруса «Пункт погляду літоўскага кіраўніцтва на сусветныя выставы ў Злучаных Штатах Амерыкі ў 1926–1940 г.».

Трэці раздзел «Гістарычныя крыніцы» ўключае даследаванні А.Вісоцкіса «Студэнты з Літвы ў Кіеўскім універсітэце Св.Уладзіміра за сто гадоў», Б.Вансавічуса «Новыя дакументы па пытанні Народнага дома».

У чацвёртым раздзеле «Гістарыяграфія» змешчаны артыкулы М.Гельцэра «Пра некаторыя новыя праблемы гісторыі Старажытнага Усходу і біблеістыкі», Г.Маркевіч «Дзейнасць Віленскага дабрачыннага таварыства ў пачатку ХIХ ст.»

У пятым раздзеле «Гісторыя навукі» чытач знойдзе артыкул Л.Клімкі «Картаграфія, тапаграфія і геадэзія ў Віленскім універсітэце».

Раздзел шосты «Філасофія гісторыі» прадстаўлены цікавым артыкулам прафесара універсітэта г.Осла (Нарвегія) Отара Даля «Самабытнасць гісторыі», які складаецца з частак «Што ёсць гісторыя?», «Мінулае», «Змест гісторыі», «Што важна ў гісторыі?», «Гуманітарная навука», «Герменеўтыка», «Сэнс гісторыі», «Гісторыя і сучаснасць», «Што мы можам ведаць?»; «Сэнс і рэчаіснасць».

Раздзел сёмы «Дыдактыка гісторыі» складаецца з артыкула А.Бальчыцене «Перадумовы гіпертэкставага вывучэння гісторыі». Артыкул Э.Крышчунаса «Кірункі супрацоўніцтва літоўскіх, латвійскіх і эстонскіх радыкальных палітычных сілаў у 1987–1992 г.» утварае раздзел восьмы «Погляд».

У раздзел дзевяты ўваходзяць рэцэнзіі Д.Карвяліса «Біржанскія Радзівілы і кніга ў ХVII ст.» (на кнігу М.Ярчыкавай «Кніга і літаратура ў коле біржанскіх Радзівілаў у першай палове ХVII ст.» (Катавіцы, 1995); В.Раўдзялюнаса «Другі том Літоўскай Метрыкі» [на выданне «Літоўская Метрыка (1528–1547)». 6–я Кніга судных справаў. (Копія — канца ХVI ст.). Падрыхтавалі С.Лазутка (адк. рэд.), І.Валіканітэ, Р.Ціцянене, Ю.Карпавічэне, Л.Сцяпанавічэне, Н.Трускаўскайтэ, І.Відугірытэ. Вільнюс, 1995]; С.Сташайціса «Кніга настаўніку гісторыі» (на кнігу К.Панялене і Ю.Бразаўскаса «Гісторыя Літвы ў VI–VII класах». Каўнас, 1997); Б.Шаткуса «Новы і незвычайны падручнік» (на кнігу Э.Баконіса і Р.Вірганавічутэ «Старажытная гісторыя. Падручнік для VI–VII класаў». Вільнюс, 1996); яго ж: «Вучням — пра гістарычных асобаў» [на кнігу Ю.Скіруса «Гістарычныя асобы і іх эпоха (1918–1945). Чытанні па гісторыі навейшага часу». Каўнас, 1997].

Варта асобна спыніцца на грунтоўнай рэцэнзіі Вітаўтаса Раўдзялюнаса. Аўтар піша, што выхад у свет 2–га тома Літоўскай Метрыкі — значны факт навуковага і культурнага жыцця народа, які чамусьці застаўся па–за ўвагай сродкаў масавай інфармацыі. Разам з тым выданне мае шэраг недахопаў, дапушчаных, на яго думку, укладальнікамі. Так, у тэксце гэта: разнабой у перадачы тых самых слоў (ижбы — иж бы), лішнія спасылкі («Падкрэслена алоўкам»), няўдалыя спробы выправіць памылкі арыгінала («Справа пану Каспора» замест «Справа пана Каспора»), выпадкі недакладнага прачытання арыгінала (гасподару замест господару). Асноўная ж частка заўваг рэцэнзента — да паказальнікаў. Нягледзячы на тое, што выдадзеная кніга змяшчае шмат судовых рашэнняў, у прадметны паказальнік не ўключаны цэлы шэраг юрыдычных тэрмінаў накшталт грабеж, збитье, змученье, зазвати, позвати ку праву, карати шыею, наеханье кгвалтовное, отозватися, охроменье, поднести право, присяга, справедливость, суженье, суд: децкого, намесника, копный, неправный, обычай: права, права земского, давный, старый, стародавный, статут: господарский, земский, прав земских. Не ўсе варыянты слоў зведзены ў гнёзды па алфавіце паводле іх частотнасці ў тэксце (на першым месцы жбожье, а не збожье). Складаныя тэрміны часам даюцца не на назоўнік, а на прыметнік: непохожий (чоловек). Часам формы слоў у паказальніку і тэксце разыходзяцца (адпаведна выводец — выводца). Пры падачы ў паказальніку недакладна рэканструююцца зыходныя формы: женети замест гнати (ад женеть). Беларускае слова часам перакладаецца этымалагічна, а не семантычна тоесным літоўскім (уморыти — pamiršti «забыць»). Часам тэрміны тлумачацца ў адрыве ад кантэксту і рэальнасці свайго часу (пожегнати — «перахрысціцца», а трэба — «развітацца», обчый — «чужы», а трэба — «агульны»). Робячы экскурсы ў гісторыю, рэцэнзент даказвае памылковае тлумачэнне і шэрагу іншых тэрмінаў — коморник, подкоморый, конюшый, крайчый, кухмистр, чашник і інш. У асабовым паказальніку часам пад адным прозвішчам зводзяцца розныя людзі (конішскі прыстаў Якуб Юхнавіч і відуклеўскі шляхціч Ян Юхнавіч). Акрамя таго, асабовы паказальнік у выданні застаўся незавершаным.

Адносна ўводзінаў рэцэнзент зазначае, што часам літоўскі і расійскі іх варыянты не супадаюць тэксталагічна: асобныя фрагменты літоўскага тэксту адсутнічаюць у расійскім. Не адпавядае рэчаіснасці сцвярджэнне ўкладальнікаў, што ўсе дакументы апублікаванага тома з’яўляюцца так ці інакш судовымі справамі. Бо дакументаў, якія не з’яўляюцца судовымі рашэннямі, тут 70. Насуперак сцвярджэнням укладальнікаў, што публікуемая кніга — унікальная крыніца па гісторыі Літвы, рэцэнзент лічыць, што яна даўно вядомая даследчыкам і таму не з’яўляецца унікальнай.

Разам з тым не ва ўсім, на нашу думку, мае рацыю сам рэцэнзент. Так, ён, як і іншыя літоўскія гісторыкі, ужывае тэрміны „Літва“, „літоўскі“ без удакладнення іх сэнсу прымяняльна да гістарычнага часу. Атрымліваецца, што Літоўская метрыка, Літоўскія Статуты — гэта культурная спадчына ледзь ці не выключна этнічных літоўцаў. Між тым, калі быць дакладнымі, то пераважная большасць пісьмовых тэкстаў, якія адносяцца да ВКЛ, асабліва на старабеларускай (стараўкраінскай) мове, напісаны беларусамі ці ўкраінцамі. Гэта сцвярджэнне, аднак, не мае на мэце паменшыць уклад этнічных літоўцаў у культурную скарбонку ВКЛ. Усведамленне беларускімі гісторыкамі неадпаведнасці прынятых у Літве загалоўкаў выданняў Статутаў і Метрыкі гістарычнай рэальнасці ставяць перад імі праблему пошуку загалоўкаў для той часткі выданняў, якія плануецца ажыццявіць у Беларусі. Гэта праблема ўскладняецца серыйнасцю выданняў згаданых комплексаў.

Вядома, што другім пасля «Літоўскае» азначэннем Вялікага Княства было «Рускае». Калі ўлічыць той факт, што менавіта так называліся ў часы ВКЛ беларусы і іх мова, і пагадзіцца з логікай літоўскіх калегаў, мы маглі б назваць Статуты і Метрыку ў сваіх выданнях «Рускімі». Аднак гэтаму перашкаджае акалічнасць, што сёння этнонім «рускі» адпавядае іншаму народу. Як недахоп адзначаецца, што ў выданні не вылучаны літоўскія рэаліі, такія як бонда, велдомый, дякло, жлукт, клебания, копа, мезлева, посед, свирен, стырта і інш. Аднак як пра літоўскія, пра іх можна гаварыць толькі ў сэнсе паходжання. Функцыянавалі ж гэтыя тэрміны ў большасці сваёй і за межамі этнічнай Літвы. Тым больш гэта датычыць такіх тэрмінаў, як литовская монета, гроши личбы литовское. З другога боку, даследчыкі падкрэсліваюць, што многія асноўныя юрыдычныя дакументы ВКЛ маюць тыповыя беларускія прыкметы. Гэта дазваляе лічыць, што старабеларуская мова выконвала ў той час камунікатыўныя функцыі як у межах Беларусі, так і Літвы і Жмудзі[1].

Рэцэнзент у якасці недахопу выдання адзначае, што яго ўкладальнікі проста пераклалі ў паказальніку старабеларускую («рускую») тэрміналогію на сучасную расійскую мову. Гэтыя пераклады, аднак, не даюць чытачу магчымасці выявіць актуалізаваныя ў актах значэнні гэтых тэрмінаў, «тым больш, што мы не маем слоўніка мовы гэтых актаў». Такім чынам, шмат якіх недакладнасцяў у выданні можна было б пазбегнуць, калі б укладальнікі, акрамя слоўніка Дз.Ушакова, карысталіся і слоўнікам мовы гэтых актаў і іншых помнікаў Вялікага Княства Літоўскага на старабеларускай мове. А такі слоўнік існуе, хоць ён яшчэ і не завершаны. Гаворка ідзе пра «Гістарычны слоўнік беларускай мовы». Сёлета ўбачыў свет 17–ы выпуск гэтага унікальнага лексікаграфічнага даведніка па пісьмовай спадчыне ВКЛ[2], а на момант выдавецкай падрыхтоўкі рэцэнзаванай В.Раўдзялюнасам кнігі іх было ўжо 13. Мы не ставім пад сумненне бясспрэчна высокія якасці слоўніка Дз.Ушакова, аднак гэта слоўнік не той мовы, на якой напісана выдадзеная кніга Літоўскай Метрыкі, і вывучаць мову гэтай кнігі па слоўніку Ушакова тое самае, што літоўскую мову вывучаць па слоўніку, напрыклад, Ю.Лаўчутэ, таксама унікальнай у сваім родзе працы.

Менск

Уладзімір Свяжынскі


[1] Климчук Ф.Д. К истории распространения белорусских говоров в Юго–Bосточной Литве // Балто–славянские исследования. Москва, 1981. С.214–221.
[2] Гістарычны слоўнік беларускай мовы. Вып.1–17. Мінск, 1982–1998.

Дысертацыi па гiсторыi Беларусi (1994-1997) (Ларыса Мiхальчук)

Снежня 4, 1997 |

1994

Брыгадзiн, Пётр Iванавiч. Эсэры ў Беларусi (канец ХIX ст. – люты 1917 г.): (07.00.02, БДУ).
Давiдовiч, Аляўцiна Валер’еўна. Грамадска-палiтычная дзейнасць Д.Ф.Жылуновiча (1905-1937): (07.00.01, БДГУ).
Яршова, Эльвiра Барысаўна. Гiстарычны лёс мастацкай iнтэлiгенцыi Беларусi (1917-1941): (07.00.02, Маск. пед. ун-т).*
Качалаў, Iгар Леанiдавiч. Тэорыя афiцыяльнай народнасцi i яе стваральнiкi: (07.00.02, БДУ).
Клепiкаў, Мiкалай Яўгенавiч. Станаўленне дзяржаўнай сiстэмы аховы помнiкаў гiсторыi i культуры Беларусi (1917-1932 г.): (07.00.02, БДУ).
Кананенка, Пётр Васiлевiч. Дзейнасць педагагiчных калектываў, грамадскiх арганiзацыяў прафесiйна-тэхнiчных вучылiшчаў Беларусi па прававым выхаваннi навучэнцаў i папярэджаннi правапарушэняў (1971-1980 г.): (07.00.02, Беларус. дзярж. пед. ун-т).
Кучынскi, Анатоль Iосiфавiч. Работа партыйных камiтэтаў i арганiзацыяў з кадрамi: рэальныя працэсы, супярэчнасцi, тэндэнцыi (На матэрыялах Кампартыi Беларусi. 1976-1985 г.): (07.00.01, БДУ).
Лiхтаровiч, Аляксандр Львовiч. Роля прафсаюзаў Беларусi ў лiквiдацыi непiсьменнасцi насельнiцтва (1917-1932 г.): (07.00.02, Акад. працы i сацыяльных адносiнаў).
Мiхальчанка, Аляксандр Мiкалаевiч. Станаўленне i развiццё iнфармацыйнай службы Беларусi: (10.01.03, 07.00.02, БДУ).
Пiваварчык, Сяргей Аркадзевiч. Гарадзiшчы X-XIII ст. беларускага Панёмання: (07.00.06, IГ АНБ).
Ратайчык, Лешак. Польскамоўная журналiстыка ў Рэспублiцы Беларусь: тэндэнцыi развiцця (1776-1994): (10.01.10, 07.00.02, БДУ).
Смалянчук, Аляксандр Фёдаравiч. Польскi нацыянальны рух на Беларусi i Лiтве напярэдаднi i ў перыяд рэвалюцыi 1905-1907 г.: (07.00.02, IГ АНБ).
Шумскi, Фёдар Аляксандравiч. Удзел прафсаюзаў Беларусi ў ахове здароўя працоўных (1976-1985): (07.00.02, БДУ).

1995

Афанасьеў, Уладзiмiр Мiкалаевiч. Гiсторыя будаўнiчых рабочых Беларусi: рост колькасцi i падвышэнне прафесiйна-тэхнiчнага ўзроўню (1976-1985 г.): (07.00.02, Беларус. дзярж. пед. ун-т).
Багдановiч, Алена Генадзеўна. Праблема нацыянальнай дзяржаўнасцi ў грамадска-палiтычным руху Беларусi (сакавiк 1917 – студзень 1919 г.): (07.00.02, БДУ).
Гарбачова, Вольга Васiлеўна. Паўстанне 1830-1831 г. на Беларусi: (07.00.02, IГ АНБ).
Дубянецкi, Эдуард Станiслававiч. Мiжнацыянальныя адносiны на Беларусi ў 20-я гады ХХ ст.: (07.00.02, БДУ).
Жумар, Сяргей Уладзiмiравiч. Акупацыйны перыядычны друк на тэрыторыi Беларусi ў гады Вялiкай Айчыннай вайны (На матэрыялах беларускамоўных выданняў): (07.00.02, IГ АНБ).
Калачова, Iрына Iванаўна. Этнапедагагiчныя традыцыi беларусаў i iх уплыў на сучасную гарадскую сям’ю (З вопыту даследавання сямей г. Мiнска): (07.00.07, IМЭФ АНБ).
Калечыц, Алена Генадзеўна. Экасацыяльныя сiстэмы каменнага векy Усходняй Беларусi: (07.00.06, 11.00.04, IГ АНБ).*
Караў, Дзмiтры Уладзiмiравiч. Беларуская гiстарыяграфiя ў канцы XVIII – пачатку ХХ ст.: (07.00.02, IГ АНБ).*
Качалаў, Iгар Леанiдавiч. Тэорыя афiцыйнай народнасцi i яе стваральнiкi: (07.00.02, БДУ).
Котаў, Iгар Сяргеевiч. Кааперацыя ў грамадска-палiтычным жыццi БССР (20-я – пач. 30-х гадоў): (07.00.02, IГ АНБ).
Мазец, Валянцiн Генрыхавiч. Беларуская Народная Рэспублiка: абвяшчэнне i дзейнасць (1918 год): (07.00.02, IГ АНБ).
Майданаў, Iван Iсакавiч. Органы дзяржаўнай бяспекi ў 20-я гады (На матэрыялах БССР): (07.00.02, Маск. дзярж. адкр. пед. ун-т).*
Навагродскi, Тадэвуш Антонавiч. Беларуская народная кулiнарыя XIX – пачатку ХХ стагоддзя (cтруктурны аналiз): (07.00.07, IМЭФ АНБ).
Прохараў, Андрэй Аркадзевiч. Сакральнае абгрунтаванне ўлады правадыра ва ўсходнеславянскiх плямёнаў паводле дадзеных гiстарычных паданняў i фальклору (на Iндаеўрапейскiм фоне): (07.00.03, БДУ).
Тумiловiч, Галiна Мiкалаеўна. Дваранства Беларусi ў канцы XVIII -першай палове XIX ст.: (07.00.02, Беларус. дзярж. пед. ун-т).
Чаквiн, Iгар Усеваладавiч. Этнiчная гiсторыя беларусаў эпохi феадалiзму (XIV – першая палова XVII ст.): (07.00.02; 07.00.07, IГ АНБ).*
Яцкевiч, Iгар Георгiевiч. Агiтацыйная i прапагандысцкая дзейнасць Бунда ў Беларусi ў 1907 – першай палове 1914 гадоў: (07.00.02, Беларус. дзярж. пед. ун-т).

1996

Астрога, Вiктар Аляксандравiч. Даследaванне новай i навейшай гiсторыi замежных краiн y Беларусi ў мiжваенны перыяд (1921-1941): (07.00.02; 07.00.03, БДУ).
Афонiна, Клаўдзiя Iванаўна. “Колoкoл” А.I.Герцэна i Н.П.Агарова пра Беларусь i Лiтву: (07.00.22, БДУ).
Вабiшчэвiч, Аляксандр Мiкалаевiч. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусi: стан i праблемы захавання (1921-1939 г.): (07.00.02, IГ АНБ).
Герасiмава, Iна Паўлаўна. Яўрэйская адукацыя ў Беларусi ў XIX -пачатку XX ст. i стаўленне да яе расiйскага сама-дзяржаўя: (07.00.02, Беларус. дзярж. пед. ун-т).
Гурэцкi, Аляксандр Антонавiч. Палiтыка царызму ў галiне адукацыi ў Беларусi ў канцы XVIII – першай чвэрцi XIX ст. (1772-1825): (07.00.02, Беларус. дзярж. пед. ун-т).
Карзенка, Георгiй Уладзiмiравiч. Навуковыя кадры Беларусi: праблемы фармавання i развiцця (1944-1990): (07.00.02, IГ АНБ). *
Кручак, Пётр Сцяпанавiч. М.В.Доўнар-Запольскi як вучоны i грамадскi дзеяч: (07.00.02; 07.00.09, Беларус. дзярж. тэхнал. ун-т).
Лучанкова, Алена Сцяпанаўна. Дзейнасць спажывецкай кааперацыi Беларусi (1920-1930): (07.00.02, БДУ).
Марзалюк, Iгар Аляксандравiч. Магiлёў у XII-XVIII ст. (Па матэрыялах археалаг. даслед. i пiсьмовых крынiц): (07.00.06, IГ АНБ).
Мезга, Мiкалай Мiкалаевiч. Палiтыка Рапала i польска-савецкiя стасункi ў 1922-1926 гадах: (07.00.03, БДУ).
Несцярчук, Леанiд Мiхайлавiч. Баявыя дзеяннi 3-й заходняй рускай армii ў Айчынную вайну 1812 года на тэрыторыi Беларусi: (07.00.02, БДУ).
Пiчукоў, Вiктар Пятровiч. Грамадска-палiтычныя пазiцыi легальнага друку Беларусi ў канцы XIX – пачатку XX ст.: (07.00.02, IГ АНБ).
Тогулева, Алена Дзмiтрыеўна. Беларуская сацыялiстычная грамада: праблемы ўтварэння i палiтычнай дзейнасцi: (07.00.02, Беларус. дзярж. пед. ун-т).
Цуба, Мiхаiл Вiктаравiч. Беларускi нацыянальны рух у перыяд памiж дзвюма дэмакратычнымi рэвалюцыямi (1907 – люты 1917 г.): (07.00.02, Беларус. дзярж. пед. ун-т).

1997

Бадак, Андрэй Юр’евiч. Нацыянальная палiтыка ў БССР (1943-1955): (07.00.02, IГ АНБ).
Канановiч, Уладзiмiр Iльiч. Дыпламатыя ВКЛ у 1480-х – першай чвэрцi ХVI ст. (Адносiны ВКЛ з Вялiкiм княствам Маскоўскiм i Крымскiм ханствам): (07.00.02, IГ АНБ).
Семянчук, Альбiна А. Польскiя хронiкi другой паловы ХVI ст. як крынiца па гiсторыi ВКЛ: (07.00.09, IГ АНБ).
Токць, Сяргей М. Дзяржаўны апарат царызму ў Беларусi ў 30-60-х г. ХIХ ст. (структура, функцыi, чыноўнiцкi корпус): (07.00.02, IГ АНБ).

Ларыса Мiхальчук



*Доктарскія дысертацыі

НОВЫЯ КНІГІ, АТРЫМАНЫЯ РЭДАКЦЫЯЙ / хроніка

Жніўня 1, 1995 |

Augustyniak, Urszula. Koncepcje narodu i społeczeństwa w literaturze plebejskiej od końca XVI do końca XVII wieku. — Warszawa, Wyd-wo Uniwersytetu Warszawskiego, 1989. 224 S.

Boockmann, Hartmut. Einführung in die Geschichte des Mittelalters. 5. Aufl. — München, 1992. – 165 S. Das Soldbuch des Deutschen Ordens 1410/1411 Die Abrechnungen für die Soldtruppen. Mit ergänzenden Quellen bearb. und ediert von Sven Ekdahl. Teil 1. — Köln, 1988. 204 S.

Detumeau, Jean. Angst im Abendland. Die Geschichte kollektiver Ängste im Europa des 14. bis 18. Jahrhunderts. Rowohlts Enzyklopädie, 1989. — 650 S.

Ekdahl, Sven. Jono Dlugošo «Pršsu veliavos» — Žalgirio mušio šaltinis. — Vilnius, 1992. – 278 Р. (пераклад зь ням. на літ.)

Elias, Norbert. Über den Prozess der Zivilization: sozialgenetische und psychogenetische Untersuchungen. Bd.l-2.-17.Aufl.—FrankfurtamMain, 1992 (Suhrkamp-Taschenbuch Wissenschaft; 158).

Ennen, Edith. Die europäische Stadt des Mittelalters. – 4.Aufl. — Göttingen, 1987. – 350 S.

Fehring, Günter P. Einführung in die Archäologie des Mittelalters. – 2., verb. Aufl. — Darmstadt, 1992. 258 S.

Hellmann, Manfred. Grundzüge der Geschichte Litauens und des Litauischen Volkes. – 4.Aufl. — Darmstadt. 1990.

Maternicki, Jerzy. Teoretyczne i metodologiczne podstawy dydaktyki historii. — Warszawa, 1990.- 287 S.

Meckseper, Cord; Schraut, Elisabeth. (Hg.). Mentalität und Alltag im Spätmittelalter. – 2.Aufl. — Göttingen, 1991.

Nipperdey, Thomas. Nachdenken über die deutsche Geschichte. Essays. – 2. Aufl. – München, 1986. – 234 S.

Rowell S.C. Lithuania ascending: a pagan empire within East-Central Europe. 1295-1345. — Cambridge University Press, 1994. – 375 P.

Ruhl, Lothar. Aufstieg und Niedergang des Russischen Reiches. – Stuttgart, 1992. – 664 S.

*

Barok: Historia – Literatura – Sztuka. Pólrocznik, 1/1,1994.

Journal of Ukrainian Studies, Vol. 17 (1992), Nr. 1-2.

Галоўная » Запісы па тэме 'Бібліяграфія'