Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Цэнтральная Еўропа'

Артыкулы па тэме ‘Цэнтральная Еўропа’

Snyder, Timothy. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999 (Віталь Зайка)

Снежня 9, 2002 |


Snyder, Timothy. The Reconstruction of Nations: Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus, 1569—1999. Yale University Press, New Haven and London, 2003. 367.

Нягледзячы на значную колькасць публікацыяў пра феномен беларускай самасвядомасці (або феномен адсутнасці такой), няшмат было дададзена да нашага разумення фармавання і развіцця беларускай нацыі. Пераважную большасць працаў займала расцягнутая канстатацыя фактаў і з’яваў, датычных бeларускай самасвядомасці/ідэнтычнасці ў гістарычнай перспектыве, са шчодрым прыцягненнем  істотных (і часта неістотных) факта­графічных дэталяў, гушчыня якіх часам замінала ўбачыць і апісаць тэндэнцыі і прычынна–выніковыя сувязі у разгляданай сферы. Нядаўна выдадзеная кніга амерыканскага даследчыка Тыматы Снайдара „Адбудова нацыяў: Польшча, Украіна, Літва, Беларусь. 1569—1999“ шчасліва пазбаўленая вышэйзгаданых недахопаў і дае новы пункт погляду на беларускія праблемы праз параўнальны разгляд лёсу этнасаў–спадкаемцаў Вялікага Княства Літоўскага, і праз скарыстанне імі спадчыны Вялікага Княства. Спробы ўлучыць ВКЛ у беларускі гістарычны дыскурс, безумоўна, рабіліся раней, рабіліся цэлы час, але атрыманыя вынікі былі фрагментарныя, часам штучна выведзеныя і непераканаўчыя, а галоўнае — рэдка падаваліся ў выглядзе арганічна прасочанага і адкаментаванага працэсу на працягу стагоддзяў; старасветчына не ўвязвалася з новым часам, з сучаснасцю ў гарманічны канструкт, які б трывала стаяў на нагах. У гэтай сувязі ўспамінаецца адзін з мітынгаў БНФ у канцы 1980–х, калі др. Юры Хадыка ўзгадаў Вялікае Княства і ліцвіноў як нашых гераічных продкаў. Людзі побач са мной няўцямна пера­глядаліся, гаворачы адзін аднаму: „Пры чым тут літоўцы?“ На гэтае пытанне шырокае грамадства дасюль не атрымала паслядоўнага вычарпальнага адказу. „Пра­клён“ блізкасці саманазову, мовы і рэлігіі да велізарнага ўсходняга суседа дагэтуль не зняты. Шмат якія рысы палітыкі ўладаў і агульнаграмадскай сітуацыі ў Беларусі сённяшняга дня, па–за фактам існавання сваёй дзяржавы, парадаксальна, нагадваюць палітыку ўладаў і грамадскую сітуацыю ў Беларусі стогадовай даўніны, пра якую піша Т. Снайдар.

Аўтара цікавяць нацыянальныя мадэлі развіцця, нацыянальная ідэалогія.  Шмат якія даследчыкі нацыяналізму наагул адмаўляюць існаванне ў нацыяналізме нейкай тэарэтычнай базы (Э. Гелнэр, Б. Андэрсан), што перагукаецца з савецкімі марксісцкімі сцвярджэннямі пра нацыяналізм як адмоўны, „дробнабуржуазны“ сацыяльны інстынкт, які скарыстоўвае ў сваіх мэтах капітал, каб сварыць пралетарыяў. Падобны погляд, надзіва, да сённяшняга дня захоўваецца ў некаторых даследчыкаў Усходняй Еўропы з вольнага свету. Так, Стывен Коткін у аглядзе кніг пра постсавецкі абшар у „Нью Рыпаблык“ (15 красавіка 2002) з пагардай праводзіць тэзу пра Трашканістан, або „Смеццестан“, карумпаваную пост–савецкую дзяржаўку[1] (гэта пра Узбекістан ды іншых; пра Малдову ёсць таксама: „асноўная прадукцыя Малдовы — жаночае цела“). Асноўная ідэя артыкула — што самавы­значэнне ёсць вільсанаўскі і ленінскі фантом, які нясе адно пакуты і разбурэнне простым людзям. Тыповыя развагі: „Балкарская рэспубліка? Каму гэта трэба? Самім балкарцам? А ў простых лю­дзей вы спыталі?!“.  Між тым за нацыя­налізмам стаіць–такі тэорыя, і яна вартая разгляду, што даво­дзяць у сваіх працах Энтані Сміт, Раман Шпарлюк, Лія Грынфэлд, Эрык Гобсбаўм, а таксама Жан–Жак Русо, Эдмунд Бэрк, Фрыдрых Ліст, Ё.–Г. Гэрдар. Больш за тое, без разумення тэорыяў нацыяналізму немагчымае разуменне амаль усёй гісторыі Еўропы і свету апошніх двух стагоддзяў. У сваю чаргу, без разумення такіх тэорыяў немагчыма даць кагерэнтную карціну развіцця беларускага нацыянальнага руху, вытлумачыць ягоныя фенаменальныя дасягненні (прыкладам, стварэнне дзяржавы) і нe менш фенаменальныя няўдачы (няздольнасць кансалідаваць этнас).

Але вернемся да Снайдара. Ягонай задачай, як ён піша ў прадмове, было прасачыць, як паўстаюць нацыі і як яны прыходзяць да мадэрнага стану, а таксама як узнікаюць і трансфармуюцца нацыянальныя ідэі, калі і чаму супярэчнасці паміж нацыямі ператвараюцца ў крывавыя канфлікты або вырашаюцца мірна. Свой разгляд аўтар будуе на доследзе феномена і спадчыны Рэчы Паспалітай, або Польска–Літоўскай Садружнасці (Polish–Lithuanian Commonwealth) — апошні тэрмін, які робіцца штошырэй прыняты ў англамоўнай літаратуры, больш да­кладна перадае сутнасць гэтага дзяржаўнага ўтварэння. Дарэчы, пра тэрміны — аўтар прызнае, што яны, у тым ліку тапонімы і этнонімы, нясуць ідэалагічную нагрузку, і абгаворвае ўжыванне тэрмінаў у розных кантэкстах. Аўтар адмыслова абмяркоўвае ўжыванне адпаведных рэаліяў у сваёй кнізе, дае напачатку параўнальную табліцу найважнейшых геаграфічных назваў з рэгіё­ну ў 8 мовах (на жаль, Менск па–беларуску прадстаўлены там як „Мінск“, с. хі). У выпадку Беларусі „тэрмін Беларусь (Belarus) сведчыць пра прыхільнасць да мясцовых традыцыяў, а тэрмін Беларусія (Belorussia) мае на ўвазе веру ў інтэгральную лучнасць з Расіяй“ (х). Выклад матэрыялу паказвае кампетэнтнасць аўтара ў  рэаліях і гісторыі земляў былой Рэчы Паспалітай, або Польска–Літоўскай Садружнасці.

У папярэдняй кнізе, манаграфіі пра Казімера Келес–Краўза, ідэолага ППС на пераломе ХIХ і ХХ ст., Снайдар раскрывае яго як аднаго з першых мысляроў, што спасціглі вытокі і сэнс сучаснага нацыяналізму, які заклікаў прызнаць нацыянальны статус няпольскіх насельнікаў былой Польска–Літоўскай Са­дружнасці і падтрымаць нацыянальныя памкненні ўсходніх суседзяў Польшчы і габрэяў. Гэтая салідная і грунтоўная праца, што ахоплівае розныя аспэкты ўзнікнення і развіцця нацыянальных і палітычных рухаў у Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе у часы мадэрнізацыі, сталася добрай перадумовай для не менш грунтоўнай працы, што разглядаецца тут.

Найбольш каштоўнай рысай дадзенай кнігі ёсць, безумоўна, метадалагічна выніковы спосаб пабудовы доследу — разгляд мясцовых ідэнтычнасцяў у насельнікаў на землях Вялікага Княства ад старажытнасці і да новага часу, вызначэнне асаблівасцяў нараджэння і развіцця нацыянальных рухаў і параўнанне гэтых ідэнтычнасцяў і рухаў, з адзначэннем асноўнай палітыкі дзяржаваў (пераважна Расійскай імперыі) у дачыненні да ўзгаданых нацыяў (этнасаў) і рухаў. „Найбольш эфэктыўныя нацыянальныя ідэі ўлучаюць скажэнне мінулага; каб зразумець сілу, што здольная прынесці змены, якія ўтрымліваюць гэтыя ідэі, мы мусім адэкватна ацаніць мінулае“(17). Аўтар дае кароткі агляд гісторыі Вялікага Княства Літоўскага і адмыслова разглядае пытанні, што з’яўляюцца вузлавымі ў гістарыяграфіі разгляданага рэгіёну. Сярод іх — паходжанне і статус старабеларускай актавай мовы, паланізацыя арыстакратыі, канцэпт „тутэйшасці“, канцэпт гістарычнай Літвы ў творчасці Міцкевіча ды іншых пісьменнікаў, уніяцкая царква і мовы, якія ўжываліся ў ёй (з графікам працэнту ўжывання розных моваў па гадах), этнічная прыналежнасць Вільні і Віленшчыны ды шэраг іншых пытанняў.

Прыкладам, „тутэйшасць“ падаецца як „свядомае адмаўленне ад ідэалогіяў, што здаваліся непрыдатнымі для акрэсленых мясцовых рэаліяў і традыцыі. Тутэйшасць сялянаў з–пад Вільні была практычным адказам на скамплікаваныя ўзоры лінгвістычнай асіміляцыі і спробай дыпламатычным спосабам унікнуць абавязку станавіцца на бок або польскамоўнай шляхты, або расійскіх імперскіх чыноўнікаў“ (40). Адзначаецца таксама, што „патрыятызм Міцкевіча быў збудаваны не на мадэрнай этнічнай або лінгвістычнай дэфініцыі Польшчы, а на настальгічных рэспубліканскіх ідэях Вялікага Княства Літоўскага, якія ён супрацьстаўляў гістарычнаму ўяўленню аўтакратычнай Расіі“ (41).

У аналізе поспехаў адных нацыянальных рухаў і паразаў другіх аўтар даследуе, у які спосаб трактавалі гісторыю прадстаўнікі адпаведных рухаў. Там, дзе пэўныя этапы гісторыі ад­кідаліся і замест ужываліся вынаходніцтвы, справа ішла лягчэй, чымся ў выпадках, калі змена традыцыяў думалася праз  змены паводзінаў эліты. „Традыцыя ўлучае рэчы, што людзі робяць фактычна ў дадзены момант, тады як гісторыя апавядае пра тое, што людзі (як мяркуем) рабілі ў мінулым. Тое, дзе традыцыя спыняецца і дзе пачынаецца гісторыя, у вялікай меры залежыць ад сацыяльнага паходжання нацыянальных актывістаў.“ Літоўскія актывісты, пераважна сялянскага паходжання, ахвотна і лёгка выкідалі з свайго наратыву некалькі стагоддзяў і гаварылі пра адраджэнне. Беларускія актывісты, пераважна паходжаннем з польскамоўнай каталіцкай шляхты, з меншай лёгкасцю ўспрымалі ідэю стварэння этнічнай Беларусі на падставах насельніцтва і мовы, не азіраючыся на гісторыю. І гэта сталася адным з чыннікаў, што заміналі поспеху беларускага нацыянальнага руху. Паставіўшы сабе пытанне „Чаму беларускі рух пацярпеў няўдачу там, дзе іншыя мелі поспех?“, Тыматы Снайдар адзначае, што ў параўнанні з іншымі этнасамі раннемадэрновай гістарычнай Літвы „протабеларускі“ этнас меў усе падставы для поспеху. Ён быў самым шматлікім на разгляданым абшары, на ягонай мове вялося справаводства Вялікага Княства, дыялекты гэтай мовы былі прыдатнай падставай для стварэння літаратурнай мовы, у гэтым руху бралі ўдзел адданыя актывісты. Далей Снайдар аналізуе поспехі літоўцаў і палякаў, паралельна адзначаючы цяжкасці або немагчымасць скарыстаць з тых жа рэчаў для беларускага руху. Сярод перашкодаў для беларускага руху на пераломе ХIХ—ХХ ст. названыя некадыфікаванасць мовы, адсутнасць суро­дзічаў па–за межамі Расіі, на дапамогу якіх можна было б спа­дзявацца, як гэта было для палякаў і літоўцаў, адсутнасць насельніцтва, што чытала б толькі па–беларуску, бліз­касць беларускай мовы да моваў суседзяў, адсутнасць „нацыянальнага“ веравызнання і г.д. Усё гэта не новае, але ідэя сістэматычнага аналізу прычынаў, што выклікалі няўдачы беларускага руху ў ХХ ст., дагэтуль не рэалізаваная, і таму яна вартая самай пільнай увагі гісторыкаў, палітолагаў, культуролагаў ды спецыялістаў у розных галінах беларусаведы. Вельмі плённым падаецца параўнаўчы аналіз з’яваў адносна іншых, суабшарных або суседніх нацыянальных групаў, а таксама канцэнтрацыя ў гэткім аналізе на нейкай канкрэтнай з’яве, як гэта бліскуча зрабіў Снайдар, аналізуючы гісторыю віленскага пытання ў ХХ ст.

Аўтар не ўзгадвае і, здаецца, не дае сабе справы з размежаванасці беларускага грамадства па нацыянальных, веравы­знаўчых, сацыяльных „курыях“, і з рэзкай мяжы паміж імі, нават наўпрост — у прасторы (расійска–габрэйскі горад — габрэйскае мястэчка — „каталіцкі“ двор/фальварак — „тутэйшая“ вёска, акіян вёсак). Ці хто калі задумваўся над такімі вось словамі габрэя з Беларусі: „Калі б я не ведаў тэарэтычна, што мы, габрэі, жывем на выгнанні, я меў бы права сказаць, што жыву ў габрэйскай краіне — так мала рэчаў у нашым краі, Беларусі, нагадвала нам пра выгнанне. Здавалася, край  гэты некалі належаў гоям, але мы, габрэі, захапілі яго зброяй і, як часта бывае ў гісторыі, па праву пераможцаў сталі валадарамі — калі не ў палітычным сэнсе, дык дакладна ў сэнсе эканамічным, нацыянальным і культурным“[2].

Цікавыя думкі ёсць у ягоным аналізе імперскай расійскай і савецкай нацыянальнай палітыкі, напрыклад спробы зрабіць гісторыю Вялікага Княства, як „Рускай дзяржавы“, часткай гісторыі Расіі і праз тое элімінаваць магчымасць выкарыстання яе (гісторыі Княства) канкуруючымі гістарыяграфіямі. З гэтай нагоды можна пашкадаваць, як мала Расія вывучаная беларускімі навукоўцамі. Менавіта дакладнае вывучэнне Расіі, гісторыі расій­скага нацыянальнага ўсведамлення паможа больш дакладна, навукова акрэсліць, чым мы не ёсць. Расія зрабілася шматнацыянальнай імперыяй перад тым, як сфармавалася расійская нацыянальная ідэнтычнасць; паміж калоніямі і метраполіяй не было яснага тэрытарыяльнага размежавання; роля дзяржавы была ўсеахопнай, грамадства атаесамлялася з дзяржавай; гэтая роля дзяржавы не паменшылася, а нават узрасла, калі ўладу ад аўтакратыі перанялі радыкальныя сацыялісты[3]. І так далей, і да таго падобнае — кожная бадай расійская рыса ёсць унікальная, і кожная мусіць стаць, так бы мовіць, „штакецінай у плоце“ паміж дзвюма ідэнтычнасцямі, беларускай і расійскай.

Вартыя ўвагі назіранні Т. Снайдара пра тое, як літоўская і расійская гісторыясофіі спалучылі ў наратывах Сярэднявечча з сучаснасцю, прапускаючы раннемадэрны час; як савецкі камунізм браў удзел у гамагенізацыі нацыяў і ўзмацненні паваенных Польшчы і Літвы, як рознілася палітыка і трактаванні польскай нацыянальнай меншасці ў БССР і ў Літоўскай ССР, як развіваліся падзеі 1989—1991 г. у Беларусі і ў Літве, як Беларусь змянілася ў першае дзесяцігоддзе незалежнасці. Тут падаецца вартым нагадаць пра адсутнасць салідных доследаў гісторыі савецкага часу, савецкай нацыянальнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі. Шмат можна было б скарыстаць з ідэяў Снайдара, выказаных пры аналізе сітуацыі вакол Вільні, польска–ўкраінскага канфлікту і другога адраджэння Польшчы. Недаследаваны і ўплыў мадэрнізацыі на беларускае грамадства ў ХХ ст., і трансфармацыя Беларусі пад гэтым уплывам.

Аўтар менш інфармаваны пра функцыянаванне беларускай нацыянальнай ідэі, лічыць, што яна ў сучасным выглядзе яшчэ не існуе, і лічыць падставай для яе поспеху сінтэзу міфічнага канцэпту Вялікага Княства, праваслаўнай рэлігіі і савецкай гістарычнай памяці бальшыні беларускага насельніцтва. „Такая сінтэза, як і з’яўленне Адама Міцкевіча ў ролі беларускага нацыяналіста, будзе знакам павароту беларускай нацыянальнай ідэі да сучаснасці“ (284).  І яшчэ: „Нацыяналізм прэтэндуе на пераемнасць. На справе ж ён мусіць улучаць рэканструкцыю раннемадэрных палітычных традыцыяў дастаткова радыкальна, каб даць магчымасць масам зразумець і пажадаць далучыцца да новаазначанай палітычнай супольнасці“ ( 281).

Наагул аўтар стрымана аптымістычны ў адносінах да беларускага руху, паказвае, што ён мае, урэшце, не менш падставаў для поспеху, чым рухі літоўскі і польскі. Усё гэта паказвае, што гісторыя Беларусі — гэта захапляльная, хоць і малавядомая па–за краем, навуковая дзялянка, якая дае прастору выпрабаваць інтэлектуальныя сілы, што паказвае цяпер і паспяховая праца гарвардскага даследчыка Тыматы Снайдара.
Нью–Ёрк

Віталь Зайка


[1] Kotkin, Stephen. Trashcanistan // New Republic. April 15, 2002.
[2] Жытлоўскі, Хаім. Зіхройнэс фун майн лэбн [„Успаміны з майго жыцця“, Ідыш]. Нью–Ёрк. 1935. С. 119.
[3] Szporluk R. Communism and Nationalism. Karl Marx Versus Friedrich List. Oxford University Press, New York—Oxford. 1988. Р. 206—207.

Наверх

Povolý Daniel. Operativní technika v rukou StB. (Таццяна Буйневіч)

Лістапада 29, 2001 |

Povolý Daniel. Operativní technika v rukou StB. Úřad dokumentace a vyšetřování zločinů komunismu. Praha, 2001. 112 s.

Прадметам даследавання аўтара стала сістэма выкарыстання аператыўнай тэхнікі службамі дзяржаўнай бяспекі Чэхаславакіі з 1948 да пачатку 80–х г. Дэфініцыю  „аператыўная тэхніка“ ён падае наступным чынам: гэта „абсталяванне, што рабіла магчымым незаўважны відэазапіс ахвяраў (патаемны светадрук, уласна відэазапіс і цікаванне з дапамогай відэакамеры), аўдыёзапіс (каротка–  і доўгатэрміновае сканаванне гукавай прасторы і праслухоўванне тэлефонаў), перлюстрацыя ліставання (механічная і хімічная праверка карэспандэнцыі), пранікненне ў замкнёныя памяшканні (тайны тэхнічны падгляд)“ (с.5). У адпаведнасці з гэтай класіфікацыяй выбудоўваюцца першыя сем раздзелаў кнігі, кожны з якіх прысвечаны асобнаму віду аператыўнай тэхнікі: 1. Каротка– і доўгатэрміновае сканаванне гукапрасторы. 2. Праслухоўванне тэлефону і тэлеграфу. 3. Тайны светадрук і відэазапіс. 4. Патаемны тэхнічны пад­гляд. 5. Перлюстрацыя ліставання. 6. Хімічная праверка карэспандэнцыі. 7. Фальшывыя пасведчанні асобы і фальшывыя пасведчанні наогул.

Усебакова апісваюцца спосабы ўжытку памянёных відаў аператыўнай тэхнікі. Не прамінуў аўтар і праблемы ейнага развіцця, выкліканага як простым тэхнічным удасканаленнем, так і адмовай ад „правальных“ метадаў, а таксама зменамі ў палітычнай сітуацыі (асабліва пасля 1968 г.).

Для аматараў дэтэктываў зазначу, што ў кнізе амаль няма канкрэтных прыкладаў (так бы мовіць, „з жыцця жучкоў“) — хіба толькі рэдкія ілюстрацыі складанага для разумення  тэхнічнага працэсу або вытрымкі з дырэктываў пасля „правальных“ акцыяў. Цікавымі шырокаму колу чытачоў могуць быць такія моманты, як апісанне спосабаў „камуфлявання“ розных прылад, каштарыс апаратуры, дэталяў, стужак, сведчанні пра тое, якія грошы з бюджэту былі выдаткаваныя на аператыўную тэхніку і інш. Асаблівую ўвагу аўтар аддае хімічнай праверцы ліставання, якая рабілася для выкрыцця агентаў з „варожых“ краінаў, а таксама з мэтай развіцця ўласных сродкаў тайнапісу. У 1960—1966–я г. гэткім чынам была нейтралізаваная дзейнасць 15–ці амерыканскіх і заходненямецкіх шпіёнаў. Паказальным чыннікам аператыўнасці і прафесіяналізму спецслужбаў аўтар лічыць надзвычайную складанасць выкрыцця: „палахлівыя“ агенты варожых краін свае цыдулкі шыфравалі, потым занатоўвалі праз сістэму тайнапісу і толькі пасля хавалі.

А апісанне сродкаў тайнапісу, якімі карысталіся самі чэшскія спецслужбы, магло б стаць някепскім практычным дапаможнікам для маладога канспіратара.

Асобна стаіць апошні, восьмы раздзел, прысвечаны выкрыццю Здэнекам Млынаржам сваіх „праслухоўшчыкаў“ у 1973—1974 г. Гэты выпадак падаецца аўтарам як прыклад „правалу“ ў змаганні з „унутраным ворагам“. Гэта, бадай, адзіны раздзел, у якім разглядаецца маральны аспект пытання: парушэнне правоў чалавека, нахабства супрацоўнікаў дзяржбяспекі. Млынарж, абураны выпадкамі „ўмяшальніцтва ДБ у сваю асабістую і хатнюю свабоду“, скіраваў да тагачаснага міністра ўнутраных спраў ліст з патрабаваннем „сур’ёзнай размовы“, аднак яно было праігнаравана.

Праца Даніэля Павольнага, напрыканцы якой змешчана вялікая колькасць разнастайных табліцаў,  робіць здабыткам чытача недаступны раней фактычны матэрыял, у значнай ступені ўзяты з архіваў Міністэрства ўнутраных спраў Чэшскай Рэспублікі: дырэктываў, пратаколаў, статыстыкі і інш.

Таццяна Буйневіч

Мінск

Werdt, Christof von. Belarus und die Gegenwart der Sowjetunion // Transformation und historisches Erbe in den Staaten des europaischen Ostens (Лявон Баршчэўскі)

Снежня 2, 2000 |


Werdt, Christof von. Belarus und die Gegenwart der Sowjetunion // Transformation und historisches Erbe in den Staaten des europäischen Ostens. Hrsg. von Carsten Goehrke u. Seraina Gilly. — Bern—Berlin—Bruxelles—Frankfurt/M.—New York—Oxford—Wien: Lang, 2000. S. 285—329. Яго ж. Transformation und nationale Identität in der Ukraine und in Belarus. Ein historischer Vergleich // ebenda. S. 331—364.

Зборнік матэрыялаў, прысвечаных палітычным, сацыяльным і эканамічным пераўтварэнням ва Ўсходняй Еўропе цягам апошняга дзесяцігоддзя, з’яўляецца плёнам працы Гістарычнага семінара пры Цюрыхскім універсітэце ў Швейцарыі. У прадмове да зборніка яго ўкладальнікі і рэдактары прафесар усходнееўрапейскай гісторыі Цюрыхскага універсітэта К.Гёрке і колішні асістэнт названага Гістарычнага семінара С.Жылі зазначаюць, што мэтай гэтага выдання было праз параўнанне сітуацый у паасобных краінах і праз ажыццяўленне гістарычна–параўнальнага аналізу наблізіцца да разумення пытання, «чаму ў адных краінах працэс пераўтварэнняў адбываўся больш хутка, а ў іншых больш павольна, і чаму для адных краін ён стварае лепшыя, а для іншых горшыя перспектывы далейшага развіцця». Два артыкулы, аўтарам якіх з’яўляецца супрацоўнік Усходнееўрапейскай бібліятэкі ў Бэрне Крыстаф фон Вэрт, непасрэдна звязаныя з беларускай праблематыкай.

Першы з артыкулаў, «Беларусь і сучаснасць Савецкага Саюза», пачынаецца з тэрміналагічнага пытання. Як вядома, у нямецкамоўных крыніцах досыць працяглы час ужываліся адпаведнікі слоў «Беларусь» — «Weißrussland», «беларусы» — «Weißrussen» і «беларускі» — «weißrussisch». Крыстаф фон Вэрт патрабуе ўжывання новых тэрмінаў — адпаведна, «Belarus», «Belarusen» і «belarusisch» — і дае наступнае абгрунтаванне: «У англійскай мове ўжо замацавалася ўжыванне слоў «Belarus», «Belarusians» і «belarusian». Таму і ў нямецкай мове таксама павінна быць адлюстраванае этымалагічнае паходжанне беларускай тэрміналогіі». Апошняе адсылае да сярэднявечнага дзяржаўнага ўтварэння — Кіеўскай Русі, з якога сябе выводзяць і сучасная беларуская нацыя, і ўкраінская нацыя, і Расія. Гэткім чынам бярэцца пад увагу той факт, што гістарычны шлях развіцця беларусаў шмат у чым адрозніваецца ад гістарычнага шляху развіцця рускіх — гэтая розніца нівелюецца праз ужыванне паняццяў «Weißrussen» або «Belarussen» і, адпаведным чынам, амаль не прысутнічае ў шырокай грамадскай свядомасці. З дапамогаю такой крыху незвычайнай тэрміналогіі таксама звяртаецца ўвага на тое, што абодва гэтыя паняццевыя шэрагі абавязаныя сваім узнікненнем розным ідэалагічным канцэпцыям — той шэраг, што ўжываецца намі тут — больш выразна нацыянальнай, другі шэраг — расійскацэнтрычнай. Як будзе паказана ў далейшым, ужыванне абодвух паняццевых шэрагаў апраўданае, бо працэс утварэння беларускай нацыі ў абедзвюх канцэпцыях разглядаецца па–рознаму. З гэткім самым абгрунтаваннем таксама паслядоўна выкарыстоўваецца беларуская транслітарацыя геаграфічных назваў і асабовых імёнаў». Трэба адзначыць, што аўтар артыкула ўжывае замест традыцыйнага нямецкага тэрміна «Russische Föderation», што даслоўна можа быць перакладзена як «Руская Федэрацыя», больш дакладны тэрмін «Russländische Föderation» (менавіта Расійская Федэрацыя).

Ва ўступнай частцы артыкула «Беларусь і сучаснасць Савецкага Саюза» К. фон Вэрт зазначае, што беларускае грамадства і ягоныя эліты да гэтай пары вельмі асцярожна і інтуіцыйна–кансерватыўна адгукнуліся на распад Савецкага Саюза і толькі ў асобных момантах дыстанцыяваліся ад савецкага мінулага. У раздзеле «Узорная краіна развітога сацыялізму» даецца агляд найважнейшых момантаў развіцця БССР з сярэдзіны 50–х г. да абвяшчэння незалежнасці ў 1991 г. У прыватнасці, сцвярджаецца, што ў гэты час ключавыя пасады ў кіраўніцтве БССР займала так званая «партызанская фракцыя», якая «выявіла сябе параўнальна мала скарумпаванаю і ў пэўнай меры нават карысталася сярод насельніцтва пры кіраўніку рэспубліканскай кампартыі і «бацьку краіны» П.Машэраве (1965—1980) папулярнасцю; тады была досыць пашыраная вера ў тое, што гэтая сістэма справядлівая». У артыкуле звяртаецца ўвага на тое, што беларуская савецкая прапаганда здолела сфармаваць у вачах мноства людзей уяўленне пра партызанскі рух у гады другой сусветнай вайны як пра спецыфічна нацыянальны савецкі супраціў. Пры гэтым, нягледзячы на тое, што эканамічныя поспехі Беларусі ў пасляваенныя гады нельга назваць ашаламляльнымі, К. фон Вэрт лічыць неабходным усё ж такі адзначыць, што рэспубліка прайшла шлях ад вынішчанай вайной краіны да адной з самых паспяховых у дынаміцы развіцця краін былога Савецкага Саюза. Жыхары БССР мелі ў СССР самыя большыя пасля жыхароў Расіі і рэспублік Прыбалтыкі даходы на душу насельніцтва, у той час як паводле росту прадукцыйнасці працы Беларусь займала тут першае, а паводле росту прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі — другое месца. Спасылаючыся на думку беларускіх даследчыкаў (у прыватнасці, В.Карбалевіча, Л.Крывіцкага, Л.Лойкі), аўтар артыкула сцвярджае, што напрыканцы 80–х г. БССР яшчэ не вычарпала патэнцыялу росту вытворчых магутнасцяў і ўкаранення новых тэхналогій. Мадэрнізацыя беларускай прамысловасці ішла ў той час даволі хуткімі тэмпамі, а імклівая урбанізацыя рэспублікі, натуральна, суправаджалася і паскораным ростам агульнага ўзроўню адукацыі. Таму ў гэты час яшчэ не магло быць гаворкі пра нейкі сістэмны крызіс «развітога сацыялізму» ў БССР. Да таго ж, на думку К. фон Вэрта, калі не браць пад увагу пратэсты некаторых асобаў, амаль непрыкметнымі былі праявы антыкамуністычнай апазіцыі («тут нават не ўзнікла аніякага хельсінскага руху»). Аўтар тлумачыць сваю выснову наступнымі прычынамі: па–першае, рэспубліканскае партыйнае кіраўніцтва запабягала такім настроям рэпрэсіямі ўжо на стадыі іх узнікнення; па–другое, свой уплыў мелі адносныя поспехі «савецкай мадэрнізацыі». Толькі вельмі тонкая, маладая праслойка інтэлігенцыі магла зрабіцца вытокам пазнейшых апазіцыйных груповак.

Наступны раздзел артыкула змешчаны пад загалоўкам «Чужы крызіс і турботы грамадзянскай супольнасці». К. фон Вэрт зноў робіць акцэнт на тое, што карэннай прычынай пазнейшага крызісу БССР былі падзеі, якія развіваліся ў тагачасным саюзным цэнтры. Разам з тым, ён адзначае, што пра наяўнасць крызісу нацыянальнай ідэнтычнасці гаворка ў інтэлектуальных і студэнцкіх колах пачалася ў другой палове 80–х г., а «сацыяльныя і эканамічныя пытанні пры гэтым, у адрозненне ад іншых нацыянальных рухаў на заключнай стадыі існавання Савецкага Саюза, адыгрывалі другасную ролю». У якасці прычыны гэтага аўтар артыкула зноў–такі бачыць наяўнасць «савецкага поспеху мадэрнізацыі» ў тагачаснай БССР. З гэтага вынікаюць недастатковае распаўсюджанне ў беларускім грамадстве канца 80–х г. «антыкамуністычнага крызіснага настрою» і звязаныя з гэтым цяжкасці фармавання незалежнай грамадзянскай супольнасці. За мабілізацыйныя чыннікі нацыянальнага адраджэння ў БССР К. фон Вэрт небеспадстаўна ўважае змаганне супраць русіфікацыі, наступстваў сталінскіх рэпрэсій і Чарнобыльскай катастрофы.

Са спасылкамі на пяты том «Коммунистической партии Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК», працы эміграцыйных даследчыкаў У.Глыбіннага, І.Любачкі, Я.Запрудніка, а таксама на «Гісторыю культуры Беларусі» Л.Лыча і Ў.Навіцкага аўтар адзначае, што пытанне адраджэння беларускай мовы і культуры ў БССР уздымалася на афіцыйным узроўні яшчэ ў кароткі перыяд пасля ХХ з’езда КПСС, а ў 80–я г. яно было зноў пастаўлена новым, маладзейшым адукаваным пакаленнем. У гэтым кантэксце згадваецца вядомы ліст беларускай інтэлігенцыі да генсека ЦК КПСС М.Гарбачова (снежань 1986 г.) і першы сойм беларускіх моладзевых суполак, які адбыўся годам пазней.

Як найважнейшыя моманты аднаўлення памяці пра ахвяры бальшавіцкіх рэпрэсій у артыкуле адзначаюцца: мітынг 1 лістапада 1987 г. у парку каля помніка Янку Купалу, адкрыццё групай археолагаў на чале з Зянонам Пазьняком месца масавых пахаванняў сталінскіх ахвяраў у Курапатах, заснаванне «Мартыралогу Беларусі». Пры гэтым К. фон Вэрт у прынцыпе слушна зазначае: усведамленне таго, што менавіта беларусы сталі адным з тых народаў, якія найбольш пацярпелі ад таталітарнага камуністычнага рэжыму, павінна было, на думку ініцыятараў гэтага руху, стаць краевугольным каменем у адраджэнні нацыянальнай свядомасці. Адначасна «Мартыралогам Беларусі», які меў падтрымку «шырокага фронту» інтэлектуалаў, ставілася пытанне і пра наданне беларускай мове статуса адзінай дзяржаўнай у тагачаснай БССР.

Трэцім, «не чыста нацыянальным» чыннікам, які меў, паводле аўтара артыкула, найбольшае ўздзеянне на шырэйшыя колы беларускага грамадства, была Чарнобыльская катастрофа. У артыкуле падаюцца вядомыя звесткі пра яе наступствы для беларускага насельніцтва, а таксама пра тое, што «дзяржава аказалася няздольнай эфектыўна супрацьдзейнічаць» гэтым наступствам.

Падсумоўваючы сказанае, К. фон Вэрт, на наш погляд, дакладна вызначае, што падмуркам апазіцыйнага руху, які фармаваўся ў выглядзе Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», былі «клопат пра лёс беларускай мовы, культуры і нацыі, а таксама наступствы радыяцыйнай катастрофы». Са спасылкамі на публікацыі В.Вячоркі, А.Лябедзькі і П.Церашковіча аўтар пераказвае асноўныя палажэнні першай праграмы БНФ, прынятай у 1989 г., і робіць у цэлым небясспрэчную выснову, што «Беларускі Народны Фронт у першую чаргу аддаваў увагу нацыянальнаму пытанню; яго праграма канцэнтравалася на пытаннях адраджэння беларускай нацыі і яе атрыбутаў». К. фон Вэрт практычна не аналізуе сутнасці, рэальных магутнасцяў антыфронтаўскай прапаганды і лічыць, што «ў канцы 80–х — пачатку 90–х г. … перадумовы для масавых пратэстаў былі самыя лепшыя». Ён бачыць прычыну таго, што праграма БНФ «здолела згуртаваць вакол сябе абмежаваную колькасць грамадзян», у хібах гэтай праграмы (яны, безумоўна, былі), а не ў псіхалагічным стане беларускага грамадства, якое ў той час з насцярожанасцю ставілася да самой магчымасці існавання незалежнай беларускай дзяржавы. Грунтуючыся на дадзеных, што ўтрымліваюцца ў публікацыях нямецкіх даследчыкаў А.Зам, Э.Шнайдэра і Г.Тымермана, аўтар памылкова сцвярджае, што «з сярэдзіны 1989 да чэрвеня 1991 г. колькасць сяброў Народнага Фронту ўсё ж такі ўзрасла з 40 000 да 150 000». На жаль, гэтыя лічбы абсалютна не адпавядаюць рэальнасці. К. фон Вэрт, на нашу думку, ідзе ўслед за вядомымі стэрэатыпамі антыбеларускай прапаганды, калі піша пра нейкі «радыкалізм» палітыкі Народнага Фронту ў пачатку 90–х г. (узгадаем ацэнку Васіля Быкава, які гаварыў якраз пра недастатковы радыкалізм Фронту ў той час). Небясспрэчнай выглядае і ацэнка аўтарам артыкула вядомых публікацый Зянона Пазьняка як «русафобскіх» (такімі іх зрабіла расійская і прамаскоўская ў Беларусі прапаганда). У сваіх высновах такога кшталту К. фон Вэрт найперш грунтуецца на высновах расійскіх палітолагаў Д.Фурмана і А.Бухаўца («Белорусское самосознание и белорусская политика» // Свободная мысль, 1996, № 1), а не на ўласным аналізе тых працэсаў, што рэальна адбываліся ў Беларусі ў першай палове 90–х г. Разам з тым, цяжка не пагадзіцца з яго сцвярджэннем наконт таго, што антыкамуністычныя, антыімперскія пастулаты праграмы БНФ, а таксама крытычнае стаўленне да палітыкі афіцыйных беларускіх уладаў у чарнобыльскім пытанні аб’ектыўна з часам гублялі сваю вастрыню ў стомленым ад перыпетый постперабудовачнай эпохі беларускім грамадстве. Безумоўна, слушным падаецца і сцвярджэнне К. фон Вэрта пра тое, што асабісты рэйтынг Пазьняка быў звычайна ніжэйшы за рэйтынг Народнага Фронту як палітычнай партыі. Што праўда, прычыны гэтай з’явы пададзеныя аднабакова, бо, зноў–такі, вельмі малая ўвага ў артыкуле аддаецца такому пытанню, як уздзеянне афіцыйных сродкаў масавай інфармацыі на свядомасць грамадзян Беларусі ў апошнія гады перабудовы і гады пасля распаду СССР.

Аўтар артыкула таксама спыняецца на пытанні альтэрнатыўнай, не непасрэдна народнафронтаўскай самаарганізацыі апазіцыйных частак беларускага грамадства ў канцы 80–х — першай палове 90–х г. Гаворыцца пра ўтварэнне моладзевых суполак, адраджэнне невялікай колькасці (15, на канец 1996 г.) абшчын уніяцкай царквы, стварэнне шырокай сеткі (каля 1400, на канец 1997 г.) беларускіх няўрадавых арганізацый, у чым вельмі значную ролю зноў–такі выканала моладзь. Аналізуючы стварэнне незалежнага прафсаюзнага руху, К. фон Вэрт адзначае цесную сувязь яго лідэраў з Народным Фронтам у 1989 — пачатку 1991 г., але адначасова гаворыць пра «разрыў паасобных прафсаюзных арганізацый» з БНФ, што быццам бы меў месца пад час масавых выступаў рабочых у Менску ўвесну 1991 г. Здаецца, што і ў гэтым выпадку аўтара падвялі яго крыніцы — публікацыі расійскіх аглядальнікаў Нялюбіна і Ніканава ў «Известиях ЦК КПСС» (1991, № 7), а таксама згаданых нямецкіх даследчыкаў Зам і Шнайдэра.

Крыстаф фон Вэрт спыняецца на працэсе фармавання ў Беларусі іншых, акрамя Народнага Фронту, палітычных партый цягам 90–х г. і слушна адзначае, што папулярнасць партыйнай палітыкі сярод шырокіх слаёў беларускага грамадства ў цэлым застаецца досыць невысокай, хоць грунтоўнага аналізу прычын гэтай з’явы ў артыкуле зноў–такі няма. Аўтар таксама падкрэслівае існаванне фактычнай дзяржаўнай манаполіі ў галіне сродкаў масавай інфармацыі, заўважаючы, што незалежныя друкаваныя выданні маюць у цэлым меншыя наклады, чым дзяржаўныя, і іх уплыў па–за Менскам невялікі.

Падводзячы вынікі сваіх разважанняў у гэтым раздзеле артыкула, К. фон Вэрт, у прыватнасці, адзначае, што станаўленне грамадзянскай супольнасці ў Беларусі ў 90–я г. ішло вельмі марудна, і адной з прычын гэтага быў празмерны давер вялікай колькасці беларускіх грамадзян да дзяржаўнага патэрналізму. Нават праўда пра наступствы Чарнобыльскай катастрофы, хоць і ўскалыхнула беларускае грамадства, але «хутчэй яго спаралізавала, чым змусіла да актыўных дзеянняў на сваю абарону».

Наступны раздзел артыкула мае загаловак «Кантраляваная рэвалюцыя наменклатуры». К. фон Вэрт зазначае: калі ў шмат якіх іншых рэспубліках Савецкага Саюза з шэрагаў камуністычнай наменклатуры вылучыліся палітычныя сілы, што выкарысталі момант узначаліць нацыянальныя незалежніцкія рухі, то ў Беларусі тутэйшыя эліты мала (калі зусім не) скарысталі з гэтага шанцу. У артыкуле адзначаецца, што пасля адыходу «партызанскай фракцыі» ад найвышэйшага кіраўніцтва ў КПБ гэтыя пасады ў значнай ступені занялі прадстаўнікі менскай прамысловай эліты, якія былі спараджэннем вышэйзгаданай савецкай мадэрнізацыі і, з аднаго боку, не бачылі неабходнасці ў якіх–небудзь істотных рэформах у галіне эканомікі, а з другога боку, не адчувалі патрэбы ў разрыве з саюзным цэнтрам. Апазіцыйныя выступы напачатку забараняліся і падаўляліся з дапамогай міліцыі, а цалкам падкантрольная ўладам прэса імкнулася любым спосабам здыскрэдытаваць Народны Фронт і яго лідэраў. Далей аўтар артыкула робіць агляд найважнейшых палітычных падзеяў у жыцці Беларусі з моманту абнародавання праўды пра расстрэлы ў Курапатах (1988 г.) да снежня 1991 г., калі ў выніку падпісання і ратыфікацыі Віскулёўскіх пагадненняў канчаткова распаўся Савецкі Саюз. К. фон Вэрт сцвярджае, што калі ў жніўні 1991 г. супраць маскоўскага путчу ў Менску пратэставала дзве–тры тысячы чалавек, то ў апошнія дні жніўня перад будынкам Вярхоўнага Савета іх было да пяцідзесяці тысяч, «але падзея гэтая ў цэлым у грамадстве станоўчага рэзанансу не мела».

У раздзеле «Працяг існавання і абнаўленне савецкай сістэмы» аўтар піша пра вядомыя падзеі нашай гісторыі ад канца 1991 г. да моманту прыходу да ўлады Лукашэнкі. Гаворачы пра ролю ў гэтых падзеях Станіслава Шушкевіча, К. фон Вэрт адзначае, што ён не меў ані свайго лобі ў кансерватыўным Вярхоўным Савеце, ані канстытуцыйных паўнамоцтваў ажыццяўляць рэальную ўладу. У той жа час прэм’ер В.Кебіч мог абапірацца на старую партыйна–гаспадарчую наменклатуру, што дамінавала ва ўсіх мясцовых органах улады, а таксама на вялікую (120 чалавек) фракцыю ў Вярхоўным Савеце. І хоць напачатку перспектывы паступовага, але няўхільнага рэфармавання беларускай палітычнай і эканамічнай сістэмы, паводле ацэнкі аўтара артыкула, не выглядалі занадта змрочнымі, «эканамічны крызіс, які пачаў сябе прыкметна выяўляць у 1992–93 г., змусіў беларускую наменклатуру адмовіцца ад датыхчасовай асцярожнай суверэннай палітыкі». Трэба адзначыць, што К. фон Вэрт упэўнена разбурае той міф, які ўсё яшчэ жыве ў галовах пэўнай часткі нашых дэмакратычна скіраваных грамадзян, нібыта палітыка адмовы ад суверэнітэту і правядзення дэмакратычных рэформаў была згорнутая ўжо за часам кіравання прэзідэнта Лукашэнкі. Абапіраючыся на факты, ён паказвае, што гэты працэс пачаўся прыкладна з ліпеня 1992 г., калі было падпісана эканамічнае і вайскова–тэхнічнае пагадненне паміж урадамі Беларусі і Расійскай Федэрацыі, і ён, гэты працэс, ніколі пасля таго не спыняўся. Замацаваць status quo «новай–старой» беларускай наменклатуры павінны былі прэзідэнцкія выбары 1994 г.

У раздзеле «Лукашэнка і рэсаветызацыя» К. фон Вэрт без аналізу таго, хто стаяў за прыходам да ўлады Лукашэнкі, сцвярджае, што гэты факт стаў вялікай нечаканасцю. Перыяд кіравання Лукашэнкі ён, услед за амерыканскай даследчыцай К.Міхаліска, называе «populism–turned–despotism» і, услед за згаданым маскоўскім аглядальнікам Фурманам, гаворыць пра «перамогу народа над элітай» у Беларусі. З гэтым можна пагадзіцца, напэўна, толькі часткова: на наш погляд, хутчэй тут мела месца перамога хоць і неаднароднай, але ўсё ж больш моцнай маскоўскай эліты над несфармаванай з пункту погляду палітычных арыенціраў элітай беларускай. К. фон Вэрт расказвае біяграфію Лукашэнкі, звяртае ўвагу на яго вядомыя адыёзныя выказванні ў падтрымку гітлераўскага «парадку» і называе перыяд кіравання першага прэзідэнта перыядам «адзяржаўлення грамадства» (якое, паводле нашага меркавання, якраз і не паспела «раздзяржавіцца» да 1994 г.). Аўтар досыць падрабязна аналізуе антыдэмакратычную, антырэфарматарскую сутнасць праведзеных Лукашэнкам рэферэндумаў, падкрэслівае яго імкненне да адзінаасобнай улады ў добра вядомым змаганні з новаабраным Вярхоўным Саветам улетку і ўвосень 1996 г. Апісваючы сённяшнюю сістэму беларускай дзяржаўнай улады, ён гаворыць пра надзвычай істотную ролю ў ёй прэзідэнцкай адміністрацыі (якая «дублюе функцыі Савета Міністраў»), спецслужбаў («колькасць іх супрацоўнікаў перавышае колькасць арміі») і прэзідэнцкай «вертыкалі». Гэтыя структуры, паводле К. фон Вэрта, «бескантрольна распараджаюцца фінансавымі сродкамі ў памерах некалькіх мільярдаў даляраў»; пры гэтым «прэзідэнцкі фонд ствараецца праз карупцыйны механізм, шляхам здачы ў арэнду дзяржаўных земляў і нерухомасці». Аўтар ацэньвае эканамічную палітыку прэзідэнта Лукашэнкі як павернутую ў мінулае, як паступовае (пачатае ў сярэдзіне 1995 г.) вяртанне да савецкай планавай гаспадаркі. Пры гэтым нават параўнальна з часам кіравання ўрада Кебіча недзяржаўны сектар эканомікі быў істотна аслаблены. К. фон Вэрт таксама прытрымліваецца думкі, што функцыянаванне гэтай эканамічнай сістэмы ў вялікай ступені з’яўляецца магчымым дзякуючы ўскоснаму яе фінансаванню з боку Масквы. Далейшая частка раздзела якраз прысвечаная інтэграцыйным ініцыятывам кіраўнікоў Беларусі і Расійскай Федэрацыі, што мелі месца ў 1996–98 г. На думку аўтара, па абодва бакі беларуска–расійскай мяжы розныя палітычныя групоўкі звязваюць з расійска–беларускім «Саюзам» розныя, часам абсалютна несумяшчальныя паміж сабою спадзяванні. Вялікую ролю ў гэтым працэсе адыгрываюць асабістыя амбіцыі Лукашэнкі, які «бачыць сябе на чале новага антызаходняга, (усходне)славянскага Саюза, рэакцыйнага праваслаўнага Інтэрнацыянала».

Далей К. фон Вэрт таксама зазначае, што беларускія афіцыйныя СМІ вярнуліся да стылю савецкай прапаганды сярэдзіны 70–х г., што ўлады ўвесь час імкнуцца абмежаваць свабоду друку, спаралізаваць дзейнасць незалежных выданняў. «Грамадскія арганізацыі, якія фінансава залежаць ад дзяржавы (каля 90% усіх арганізацый), атрымоўваюць падтрымку з прэзідэнцкага фонду, калі яны дэманструюць сваю лаяльнасць да рэжыму». Аўтар артыкула падрабязна асвятляе спробы рэсаветызацыі грамадства з боку ўлады на ідэалагічным узроўні (цэнзураванне школьных і універсітэцкіх падручнікаў, найперш па гісторыі Беларусі, замоўчванне злачынстваў камуністычнага рэжыму ў савецкі час, вяртанне БССРаўскай дзяржаўнай сімволікі, перанос святкавання Дня незалежнасці, афіцыйныя дэманстрацыі з партрэтамі Леніна, Сталіна і Лукашэнкі, змяншэнне хрысціянскіх святаў у афіцыйным календары і г.д.). У артыкуле звяртаецца ўвага на тое, што рэжым пастаянна мабілізуе свае досыць вялікія рэсурсы, каб забяспечыць грамадскую падтрымку свайму далейшаму існаванню. Пры гэтым, на думку К. фон Вэрта, беларускае грамадства толькі ў вельмі абмежаванай ступені аказвае супраціў прэзідэнту і ягонай палітыцы, што найперш тлумачыцца маларазвітой структурай грамадзянскай супольнасці ў цяперашняй Беларусі. Асяродкам пашырэння апазіцыйных настрояў пры гэтым з’яўляюцца свабодныя прадпрымальнікі, інтэлігенцыя, студэнцтва. Найбольш масавымі выступамі беларускай апазіцыі аўтар справядліва лічыць вядомыя дэманстрацыі супраць заключэння саюзных дагавораў з Расіяй. Адзначана і роля Вярхоўнага Савета 13–га склікання, які «згуртаваўся ў палітычнае аб’яднанне шырокага спектру поглядаў і сёння выконвае ролю ценявога парламента». І ўсё–такі, нягледзячы на сказанае, паводле К. фон Вэрта, і пасля чатырох гадоў кіравання Лукашэнкі (артыкул ствараўся ў канцы 1998 г.) беларускае грамадства давярала яму ў такой меры, «перад якой блякне любая палітычная альтэрнатыва».

Падагульняючы свае разважанні, аўтар артыкула робіць выснову, што трансфармацыя ў постсавецкай Беларусі дагэтуль праходзіла ў абсалютна адметнай і безальтэрнатыўнай форме. Беларуская інтэлігенцыя, па–за вузкай праслойкай нацыянальна арыентаваных інтэлектуалаў, не выявіла сябе ў якасці актыўнай рухальнай сілы, якая б магла ажыццявіць рэальныя перамены. Старая наменклатура, якая без праблем захавала свае пазіцыі пры пераходзе Беларусі ў стан незалежнай дзяржавы, «у вельмі абмежаванай ступені і непаслядоўна здолела адказаць на выклік часу». Пасля абвастрэння сацыяльна–эканамічнага крызісу на постсавецкай прасторы на палітычную авансцэну ў Беларусі разам з прэзідэнтам Лукашэнкам выйшла «аўтарытарна–папулісцкая, кансерватыўная, ахопленая настальгіяй па савецкіх парадках сіла», якая па сёння мае значную падтрымку ў грамадскіх настроях беларусаў.

Другі артыкул Крыстафа фон Вэрта, змешчаны ў тым самым зборніку, носіць больш канцэптуальны характар і мае назву «Пераўтварэнні і нацыянальная тоеснасць ва Ўкраіне і ў Беларусі: гістарычна–параўнальны аналіз». Ва ўступнай частцы аўтар адзначае асаблівую ролю нацыянальнага самаўсведамлення народаў на постсавецкай прасторы ў іх мажлівасці кансалідавана адказваць на палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя выклікі часу. «Нацыяналізм з’яўляецца выразна сучасным феноменам, з дапамогай якога грамадствы, і найперш іх эліты, рэагуюць на мадэрнізацыйныя хвалі». К. фон Вэрт адзначае асаблівы характар постсавецкіх пераўтварэнняў для Ўкраіны і Беларусі, бо перад імі стаіць задача абгрунтаваць само існаванне дзяржавы з лаяльнай палітычнай супольнасцю, самой дзяржаватворнай нацыі. Прытым той факт, што абедзве краіны менавіта за савецкім часам атрымалі атрыбуты квазі–дзяржавы і квазі–нацыі, на думку аўтара, ставіць перад імі нялёгкую задачу — вырвацца з–пад трывалае традыцыі савецкага і расійскага ўплыву.

Аналізу беларускай сітуацыі прысвечаны адмысловы раздзел артыкула, на якім мы і спынімся ў гэтым аглядзе. Паводле К. фон Вэрта, для Беларусі зыходныя пазіцыі адносна дасягнення грамадскага пагаднення наконт стварэння незалежнай дзяржавы, відавочна, выглядаюць яшчэ менш трывалымі, чым для Ўкраіны. Аўтар зазначае, што існаванне ў Беларусі савецкай сістэмы ніколі не страчвала сваёй легітымнасці, і падмурак для ўласнага дзяржаўнага ўтварэння тут быў закладзены ў выглядзе БССР. Той стан рэчаў, што толькі за дзесяцігоддзе да першай сусветнай вайны ў Беларусі з’яўляецца праслойка інтэлігенцыі, якая пачынае агітаваць за нацыянальную ідэю, аўтар артыкула тлумачыць амаль выключна сялянскім характарам беларускай народнасці. У артыкуле згадваюцца тыя вядомыя працэсы грамадска–палітычнага жыцця Беларусі, што мелі месца ў ХIХ — пачатку ХХ ст. (адсутнасць нацыянальнай эліты, ліквідацыя уніяцкай царквы, забарона беларускага кнігадрукавання, змаганне Расіі і Польшчы за ўплывы ў Беларусі і г.д.). У канцы ХIХ ст., на думку К. фон Вэрта, для фармавання беларускай нацыі практычна адсутнічалі перадумовы, у тым ліку наяўнасць мабільнай больш–менш аднароднай гарадской супольнасці; інтэлігенцыя мусіла пераадольваць вельмі моцныя ўплывы рускай і польскай нацый, якія на той час далёка прасунуліся ў сваім развіцці. Вынікам кароткага перыяду ажыўлення нацыяўтваральнай дзейнасці беларускай інтэлігенцыі, што фармавалася ў перыяд паміж дзвюма расійскімі рэвалюцыямі, стала абвяшчэнне ў 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі, якая, аднак, пасля сыходу нямецкіх войскаў не магла выстаяць перад наступам бальшавікоў. Таму сучасная беларуская нацыя, як лічыць К. фон Вэрт, па сутнасці, пачала фармавацца ў 20–я г. ХХ ст. у савецкім рэчышчы. Палітыка беларусізацыі, што праводзілася тады ў БССР, непазбежна мусіла абапірацца на расійскамоўныя кадры (бо іншых папросту амаль не было), і таму для беларусізацыі ў прынцыпе не маглі быць уласцівымі антырасійскія і антысавецкія настроі. Развіццё ж Заходняй Беларусі ў гэты перыяд аўтар артыкула лічыць яшчэ больш маргінальным і ў меншай ступені культураўтваральным, з чым нам цяжка пагадзіцца, бо якраз антысавецкія настроі і, прынамсі, насцярожанае стаўленне да расійцаў і да расійскай ўлады, безумоўна, мелі і маюць месца менавіта ў заходніх рэгіёнах Беларусі. Адначасова можна цалкам пагадзіцца з высновай К. фон Вэрта наконт таго, што пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР і падзеяў, што адбываліся ў выніку гэтага, адбываўся разрыў сацыяльных повязяў у беларускім грамадстве — г.зн., яго атамізацыя і гамагенізацыя. Поўным ходам ішло новае структураванне беларускага грамадства і яго элітаў. Пасля рэзкага змяншэння долі яўрэйскіх кіраўнічых і культурных кадраў (у выніку масавага вынішчэння яўрэяў пад час другой сусветнай вайны) Сталіным праводзілася палітыка запаўнення вакантных месцаў расійцамі або зрусіфікаванымі кадрамі. Акрамя таго, К. фон Вэрт заўважае, што калі доля беларускага жыхарства з вышэйшай адукацыяй яшчэ ў 1970 г. складала каля 3 %, то праз дваццаць гадоў гэты працэнт вырас да 11 — а гэта значыць, што беларуская інтэлігенцыя ў прынцыпе яшчэ маладая, і яна не стаіць на тым узроўні прэстыжу, як, напрыклад, інтэлігенцыя ў той жа Расіі. Пры гэтым менавіта зрусіфікаваныя эліты цягам доўгага часу атрымлівалі ў Беларусі пераважныя магчымасці для творчага і кар’ернага росту. У артыкуле робіцца таксама агляд моўнай палітыкі кіраўнічых рэжымаў у Беларусі, якія «з меншай або большай ступенню інтэнсіўнасці праводзілі палітыку русіфікацыі». К. фон Вэрт выказвае небясспрэчны для нас тэзіс, што беларуская мова сёння выглядае хутчэй непрыдатным сродкам стварэння беларускай культурнай ідэнтычнасці на новым падмурку. Пры гэтым ён аперуе дадзенымі перапісу насельніцтва 1989 г., згодна з якімі беларуская мова заставалася ў штодзённым ужытку толькі 10,5% насельніцтва БССР (нагадваем, што, згодна з афіцыйнымі дадзенымі перапісу насельніцтва Беларусі 1999 г., гэтая лічба склала ўжо 37%). «Страта» беларусамі сваёй мовы, пра якую гаворыць К. фон Вэрт, аднак, толькі часткова можа абгрунтаваць выснову, нібыта беларуская культурная тоеснасць «растварылася» ў расійскай. Хутчэй, на думку даследчыка, «сфармавалася своеасаблівая савецка–беларуская самасвядомасць, якая ўвабрала ў сябе элементы расійскай культурнай самаідэнтыфікацыі». Так, прапаганда дасягненняў савецкага партызанскага руху ў другой сусветнай вайне сфармавала ў пасляваенны час трывалы савецка–беларускі самаідэнтыфікацыйны міф, які маніпуляваў паняццямі «вайна», «адбудова», «адраджэнне» і да т.п., і досыць моцна ўкараніўся ў галовах вялікай часткі беларускага насельніцтва. Прытым названы савецка–беларускі міф у сваёй сутнасці быў адначасова і прасавецка–інтэрнацыяналісцкім, бо ўвесь час падкрэслівалася, што Беларусь вызваліла Савецкая Армія, што перамогу здабыў братні расійскі народ, а з ім і іншыя народы Савецкага Саюза. Прыхільнікі гэтага міфа маюць і сёння ў сваіх руках прапагандысцкі «козыр» супраць прыхільнікаў несавецкай дзяржаўніцкай канцэпцыі, бо абедзве спробы нацыянальна арыентаваных элітаў абвясціць пра стварэнне сваёй дзяржавы рабіліся пад час нямецкай акупацыі ў першую і ў другую сусветныя войны. Усё гэта стварае пакуль што непераадольныя цяжкасці ў пераарыентацыі вялікіх пластоў сучаснага беларускага грамадства на дасавецкія каштоўнасці і фіксуе той «асаблівы шлях», якім пакуль што ідзе Беларусь у постперабудовачныя гады. Для параўнання з беларускай сітуацыяй К. фон Вэрт аналізуе сітуацыю з нацыянальнай самасвядомасцю ва Ўкраіне і адзначае, што, адрозна ад Беларусі, у 1997 г. толькі 6% украінскага насельніцтва хацела б «вяртання ў СССР», хоць колькасць тых, хто жадае вярнуцца да камуністычнай сістэмы з 1993 да 1998 г. узрасла з 25 да амаль 51%. Аўтар спыняецца на добра вядомых нашаму падрыхтаванаму чытачу гістарычных, сацыяльных, эканамічных і культурных чынніках, што абумовілі сённяшнюю розніцу ў кшталтаванні нацыянальнай самасвядомасці ўкраінцаў і беларусаў. У канцы артыкула аўтар робіць выснову, што «прыклады Беларусі і Ўкраіны выразна сведчаць пра ключавую ролю той стадыі гістарычнага развіцця, цягам якой пэўнае грамадства інтэгруецца ў сацыяльным плане ў супольнасць шырокага нацыянальнага паразумення».
Менск

Лявон Баршчэўскі

Наверх

Юры Кітурка. Беларускае пытанне ў палітычнай канцэпцыі Юзафа Пілсудскага (1899—1908)

Снежня 27, 1999 |


Пасля рэвалюцыі 1917 г., калі актыўна ішлі працэсы палітычнага пераўпарадкавання тэрыторый Расійскай імперыі, беларусы атрымалі рэальны шанс на стварэнне ўласнай незалежнай дзяржавы. Аднак агульная палітычная кан’юнктура ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе склалася так, што гэтая магчымасць была толькі часткова рэалізавана ў Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспубліцы. У 1920-30-х г. значная частка беларускіх земляў не ўвайшла ў склад БССР, а была далучана да Польшчы, і беларусы — жыхары гэтых тэрыторый — апынуліся ў становішчы нацыянальнай меншасці ў чужой дзяржаве, хоць і жылі на сваёй уласнай зямлі.

Пасля першай сусветнай вайны польская нацыя здолела стварыць і замацаваць уласную дзяржаву, прычым кіраўніцт ва адноўленай Рэчы Паспалітай не пажадала абмежавацца этнічнымі польскімі тэрыторыямі. Лідэры і значная частка грамадства новай Польшчы, якія знаходзіліся пад моцным уплывам уласных гістарычна-палітычных міфаў, імкнуліся далучыць беларускія землі да сваёй дзяржавы і паланізаваць беларусаў. Для нас важна зразумець, што было прычынай узнікнення такіх захопніцкіх амбіцый у свядомасці не толькі польскай эліты, але і амаль усёй нацыі. Гэтая з’ява мела пад сабой глыбокія карані, і зразумець яе можна толькі звярнуўшыся да папярэдняга перыяду развіцця беларуска -польскіх дачыненняў.

Самым уплывовым палітыкам у ІІ Рэчы Паспалітай, безумоўна, быў Юзаф Пілсудскі. Яго меркаванні па розных пытаннях палітычнага жыцця 1920—30-х г. даволі часта былі вызначальнымі для значнай часткі польскага грамадства таго часу. Таму разгляд стаўлення Ю. Пілсудскага да Беларусі і беларускага народа дасць магчымасць лепш зразумець тыя прынцыпы, якімі вызначалася палітыка ўладаў ІІ Рэчы Паспалітай у дачыненні да беларусаў.

Асноўныя пастулаты, на якіх грунтаваліся адносіны Ю. Пілсудскага да Беларусі і беларускага народа, склаліся яшчэ ў пачатковы перыяд палітычнай дзейнасці, калі ён узначальваў Польскую сацыялістычную партыю (ППС) у 1890-1900-х г. Разглядаючы гэтае пытанне, трэба зрабіць наступную заўвагу. У 1890 – пачатку 1900-х г. Пілсудскі ў сваіх артыкулах і лістах вельмі рэдка ўжываў слова «беларусы». Часцей ён пісаў пра ліцвіноў і русінаў. Выкарыстоўваючы гэтыя тэрміны, Пілсудскі працягваў традыцыю ягелонаўскіх часоў падзяляць жыхароў Вялікага Княства не па этнічнай прыналежнасці, а па канфесіі. Русінамі ён называў усіх праваслаўных жыхароў Рэчы Паспалітай, да якіх належалі беларусы і ўкраінцы. Пад ліцвінамі ён разумеў літоўцаў і беларусаў -каталікоў, а ў некаторых выпадках — усё насельніцтва гістарычнай Літвы. Толькі з 1904 г. Пілсудскі пачаў выразна ўжываць назву «беларусы -каталікі», адасабляючы іх ад этнічных літоўцаў, за якімі ў польскай мове трывала замацаваўся старажытны этнонім жыхароў ВКЛ — «ліцвіны».

У другой палове 90-х г. ХIХ ст. беларускай праблематы цы Ю.Пілсудскі аддаваў няшмат ўвагі. У гэты перыяд на землях былога ВКЛ яго найбольш цікавіла толькі барацьба з русіфікацыяй[1] і суперніцтва з Бундам ды расійскімі рэвалюцыя нерамі за ўплывы сярод мясцовага пралетарыяту[2].

Упершыню пра беларусаў як пра асобную нацыю Пілсудскі грунтоўна выказаўся ў лісце да Леона Васілеўскага[3] ад 19 лістапада 1899 г. Васілеўскі на той час ўжо займаў прыкметнае становішча ў ППС і лічыўся спецыялістам па нацыянальных пытаннях. Гэтае пісьмо Пілсудскага было крытычнай заўвагай на рукапіс брашуры Васілеўскага «У агульным ярме». Рукапіс трапіў у рукі жандараў пад час правалу Пілсудскага ў Лодзі і брашура была апублікаваная толькі ў 1901 г.[4]

У сваім лісце лідэр ППС выказаўся супраць таго, каб Васілеўскі прысвячаў асобныя раздзелы Беларусі і Літве, як гэта было задумана аўтарам ў першым варыянце. Пілсудскі лічыў, што землі былога ВКЛ маюць агульную гісторыю і адміністрацыйна -прававы лад, таму асобнае апісанне Беларусі і Літвы будзе толькі паўтарэннем. Апрача таго, ён баяўся нараканняў з боку Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі, члены якой разглядалі этнічныя беларускія і літоўскія тэрыторыі як адзіны край[5]. Пілсудскі таксама заўважыў, што калі яны (пэпээсаўцы Ю.К.) ужываюць назву «Беларусь», то маюць на ўвазе перш за ўсё яе каталіцкія і ў нядаўнім мінулым уніяцкія часткі. Толькі іх жыхары здаваліся Пілсудскаму пэўнымі саюзнікамі ў барацьбе з царызмам. На праваслаўных беларусаў лідэр ППС такой стаўкі не рабіў. Далей ён раіў аўтару брашуры абавязкова даказаць цесную сувязь гістарычнай Літвы з Польшчай. У якасці доказаў Васілеўскі павінен быў прывесці наступныя аргументы: па-першае, у Беларусі і Літве жыве значная колькасць палякаў, па-другое, польская мова пануе ў гарадах, па-трэцяе, грамадскае жыццё ідзе пад моцным уплывам польскай культуры, а таксама дадаць агульную гістарычную традыцыю, сумесны ўдзел у паўстаннях і ўплыў палякаў на сацыялістычны рух Літвы. Пілсудскі хацеў, каб Васілеўскі абавязкова падкрэсліў, што палітыка царскага ўрада на Беларусі і Літве пасля 1863 г., накіраваная на выцясненне польскасці русіфікацыяй, а менавіта: закрыццё вялікай колькасці школ, забарона на ўжыванне ў грамадскіх месцах польскай мовы, паліцэйскі і рэлігійны прыгнёт, асаблівыя ўмовы пры продажу і куплі зямлі — усё гэтае знішчае краіну, вядзе да заняпаду культуры, адукацыі і эканомікі. На думку Пілсудскага, пералічаныя доказы павінны былі пераканаць чытача-пралетарыя ў тым, што Беларусь і Літва не маюць іншага шляху развіцця, як толькі разам з Польшчай, бо польскі рэвалюцыйны рух заўсёды знаходзіў водгук на гэтых землях, і супраціўленне яму толькі змяншае імкненне да незалежнасці ўсяго краю, а яго паразы цягнуць за сабой павелічэнне гнёту, які падае і на тых, хто супраціўляецца барацьбе[6].

Асобна пра беларусаў Пілсудскі пісаў: «Пра беларусаў дастаткова сказаць некалькі слоў — адзначыць неакрэсленасць іх нацыянальных пачуццяў і крыху пра ганенні на мову і рэлігію»[7]. У словах лідэра ППС, несумненна, адчуваецца крайні прагматычны падыход да іншых нацый. У гэтым выпадку ён аддаў беларусам роўна столькі ўвагі, колькі яны, па яго меркаваннях, заслугоўвалі сілай нацыянальнага руху і ўзроўнем імкнення да самаарганізацыі. Пілсудскі добра ведаў, што ні адной аформленай беларускай групы на той час не існавала, асэнсаванне беларусамі сваіх нацыянальных інтарэсаў практычна не было адчувальным, таму ў барацьбе з царызмам ён разлічваў на іх значна менш, чым, напрыклад, на ўкраінцаў ці літоўцаў. У будучыні, як адзначаў Пілсудскі, пры «недахопе дадзеных у гэтых народаў да самавызначэння, найлепшым выхадам для іх было б аб’яднанне з Польшчай з забеспячэн нем ім усім — палякам, літоўцам, беларусам, яўрэям — свабоднага развіцця і знішчэннем усялякай перавагі адной нацыі над другой, што пры значнай складанасці нацыянальных адносінаў з’яўляецца неабходным. Гэтыя задачы павінны ставіць перад сабой усе сацыялісты на Літве, і іх ставіць ППС»[8].

Падобныя погляды па нацыянальным пытанні ў 1899 г. выказаў адзін з самых вядомых тэарэтыкаў Польскай сацыялістычнай партыі Казімір Келес-Краўз[9]. Ён лічыў, што рэвалюцыя, якая знішчыць царызм, адкрые перад кожным народам Расіі сваю дарогу, і некаторыя з гэтых народаў, для якіх расійская цывілізацыя з’яўляецца высока развітай, у час рэвалюцыі будуць неактыўнымі. Але заходнія абшары імперыі — Фінляндыя, балтыйскія правінцыі, дзе жывуць немцы і латышы, Літва, Польшча адыдуць ад Расіі, з якой іх аб’ядноўвае толькі насілле[10]. У пытанні будучага палітычнага ўпарадкаван ня вызваленых краінаў Келес-Краўз працягваў прапаганда ваць ідэі федэрацыі: «…Польшча і Літва, якія належаць да сістэмы дзяржаваў Заходняй Еўропы, будуць мець усе падставы, каб узнавіць даўнейшую ўзаемную федэрацыю, і шмат прычын, каб увайсці ў цэнтральна -еўрапейскую федэрацыю»[11].

Пілсудскі быў цалкам згодны з такой перспектывай. З усіх прапанаваных на той час канцэпцый палітычнай будучыні для Польшчы, Беларусі і Літвы гэтая найбольш поўна адпавядала яго ідэалам. Кіраўнік ППС імкнуўся да ўзнаўлення менавіта той Рэчы Паспалітай, якая пачала губляць сваю незалежнасць у 1772 г. і канчаткова знікла ў 1795 г. Ідэя Польшчы Ягелонаў, безумоўна, была яму бліжэй за ідэю Польшчы Пястаў (так у канцы ХІХ – пачатку ХХ ст. прадстаўнікі польскай грамадскай думкі называлі канцэпцыю адбудавання дзяржавы ў этнічных польскіх межах). Без Беларусі ягелонаўская Рэч Паспалітая проста не магла здзейсніцца. Таму Пілсудскі, складаючы планы на будучыню, заўсёды аб’ядноўваў Беларусь і Польшчу. Іншыя варыянты палітычнай перабудовы гэтай часткі Еўропы, якія не прадугледжвалі стварэнне новай Рэчы Паспалітай у складзе польскіх, беларускіх, літоўскіх і ўкраінскіх земляў, былі для Пілсудскага і яго асяроддзя непрымальнымі і разглядаліся як варожыя. Згодна з духам часу, светапоглядам кіраўніка ППС і яго паплечнікаў адноўленая Рэч Паспалітая павінна была мець дэмакратычнае аблічча федэратыўнай рэспублікі, у якой працоўныя агульнымі намаганнямі змогуць дамагчыся знішчэння эксплуатацыі.

Нацыянальнае Адраджэнне на Беларусі для Пілсудскага характарызавалася дзвюма важнымі рысамі: па-першае, гэты працэс толькі пачынаўся і меў няшмат прыхільнікаў, а значыць, быў малаўплывовым, па-другое, беларускі нацыяналь ны рух на той час разглядаўся ім як натуральны саюзнік ППС.

Перспектывы палітычнага пераўпарадкавання ў тыя гады выдаваліся яшчэ вельмі далёкімі, таму Пілсудскі і яго аднадумцы выказваліся пра іх даволі агульна. Напрыклад, па адной з самых важных праблемаў, якая заўсёды хвалявала польскіх патрыётаў — пра межы будучай Рэчы Паспалітай, лідэр ППС не выказваў аніякіх канкрэтных меркаванняў, апрача пажадання стварэння федэрацыі народаў у межах 1772 г. Станіслаў Вайцахоўскі[12] таксама абмяжоўваўся ў гэтым пытанні толькі некалькімі словамі: «Мы нясем сацыялістычную прапаганду нашым братам на Літве і Русі, але нас нельга падазраваць у захопніцкіх планах, таму што мы дзейнічаем не ў інтарэсах польскасці, а ў інтарэсах рэвалюцыі, якая павінна вызваліць людзей ад ланцугоў няволі сённяшняга дня і забяспечыць ім незалежнае існаванне. Таму мы не акрэсліваем межы новай Польскай рэспублікі, бо тое, якімі яны будуць, вырашыць воля народаў пасля пераможнай рэвалюцыі»[13].

Падобна выказваўся і Келес-Краўз. Адказваючы на патрабаванні патрыётаў акрэсліць пазіцыі сацыялістаў у пытанні межаў, ён пісаў: «… мы не лічым прынцыповым для нашай праграмы пытанне, ці Крымскі паўвостраў прыгожа акругліў бы карту адноўленай Рэчы Паспалітай, ці не. Частка краёў, якія калісьці належалі Рэчы Паспалітай, сёння яшчэ цягнуцца да Польшчы як да ачага цывілізацыі, як да пасрэдніцы паміж імі і Еўропай… Мы не будзем вызначаць па карце, як далёка ўплывы ППС — а для нас гэта раўназначна ўплывам Польшчы — будуць распаўсюджвацца ў час рэвалюцыі, але ёсць пэўная лінія, да якой партыя будзе імкнуцца адарваць ад Расіі захопленыя тэрыторыі. Мы дапускаем, што разам з Польшчай сепаратызм ахопіць Літву, Латвію, Інфлянты, Курляндыю, можа быць — частку Белай Русі. Пасля перамогі Літва і Латвія створаць з Польшчай адзіны дзяржаўны арганізм, заснаваны на прынцыпах аўтаноміі і гарантый свабоднага развіцця нацый, а з Руссю аб’яднае Польшчу менш цесны саюз»[14]. Гэта адзін з самых поўных адказаў лідэраў Польскай сацыялістычнай партыі па праблеме межаў незалежнай Польшчы. Аднак такія агульныя разважанні ў прыведзеных цытатах сведчаць пра невялікую цікавасць кіраўнікоў ППС да гэтага пытання. Значна больш іх займалі непасрэдныя задачы штодзённага змагання з царскім рэжымам.

Як было ўжо адзначана, у той час Пілсудскі ўсвядоміў для сябе неабходнасць узброенай барацьбы з расійскай уладай. Ён складаў планы паўстання, у якіх Літва, Беларусь і Украіна заўсёды займалі важнае месца. Лідэр ППС разлічваў, што на гэтых землях па даўняй традыцыі актыўна падтрымаюць выступленне ў Польшчы. Ён разумеў, што калі б удалося ўзгадніць нацыянальна -вызваленчыя акцыі на тэрыторыях усёй былой Рэчы Паспалітай, то шанцы на перамогу ў Каралеўстве значна павялічыліся б. Дзеля гэтага ППС была гатова супрацоўнічаць з усімі антыцарскімі рухамі ў Расійскай імперыі. Дастаткова выразна пазіцыю ППС па гэтым пытанні растлумачыў яшчэ ў 1899 г. К.Келес-Краўз: «Па ўсёй заходняй лініі Расіі (Фінляндыя, Балтыйскі край, Літва, Польшча) існуюць слабыя і больш моцныя сепаратныя імкненні; у рэвалюцыйны момант яны павінны ўзняцца да велізарнага ўзроўню. Таму сацыялісты не маюць нічога супраць гэтых рухаў. Наадварот, ППС сама можа і павінна іх узначаліць»[15].

Пілсудскі быў цалкам згодны з думкай Келес-Краўза. Каб пашырыць сферу дзейнасці ППС на тэрыторыі Літвы і Беларусі і адначасова ўзмацніць сувязі сацыялістаў Каралеўства Польскага з літоўскімі і беларускімі гурткамі, у чэрвені 1902 г. на VІ з’ездзе ППС была прынятая пастанова пра выданне спецыяльнай газеты для пралетарыяту на гістарычнай Літве. Новы орган атрымаў назву «Walka». Першыя тры нумары гэтай газеты, якія выйшлі ў свет у 1902—1903 г., амаль поўнасцю напісаў сам Пілсудскі[16].

Уступны артыкул першага нумара «Walki» быў прысвечаны тлумачэнню асноўных праграмных ідэй ППС і абгрунтаванню права польскіх сацыялістаў на кіраванне антыцарскай барацьбой на землях даўняга Вялікага Княства. Пілсудскі яшчэ раз звярнуўся да тэмы палітыкі русіфікацыі. Ён імкнуўся пераканаць сваіх чытачоў-рабочых у тым, што нават калі русіфікацыя і накіравана галоўным чынам супраць польскасці, але з няменшай сілай гэтая палітыка душыць беларусаў і літоўцаў. Лідэр ППС падкрэсліваў, што мясцовы люд церпіць двайны прыгнёт: эканамічны з боку сваіх эксплуататараў і нацыянальны з боку царызму[17] .

Мэтай Пілсудскага было ўкараненне ў свядомасці ўдзельнікаў сацыялістычных нацыянальныў рухаў на гістарычнай Літве ідэі аб’яднання ў адной арганізацыі з палякамі. Каб абгрунтаваць свае думкі, ён звярнуўся да нядаўняй гісторыі студзеньскага паўстання і зрабіў слушную заўвагу, што да 1863 г. адзіным элементам, які спалучаў Літву ў адно, была польская шляхта. Як толькі шляхта пасля паўстання страціла свае кіраўнічае становішча, то развіццё польскага, беларускага, літоўскага і яўрэйскага народаў пайшло ў розных кірунках. Наступны тэзіс кіраўніка ППС трапна характарызуе яго стаўленне да нацыянальных рухаў на тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага. Ён сцвярджаў, што асобнае развіццё народаў на гэтых землях ідзе на карысць царызму, які выкарыстоўвае нацыянальныя рухі і падзяляе іх, каб было лягчэй панаваць над захопленымі народамі. Выснова з гэтых разважанняў выглядала наступным чынам: ідэя аб’яднання сацыялістычных групаў на гістарычнай Літве з ППС — натуральная з’ява. Гэтыя краі маюць адзіныя палітычныя мэты, барацьба сацыялістаў за змену палітычнага ладу і ёсць барацьба за незалежнасць земляў даўняй Рэчы Паспалітай[18].

У тым самым нумары «Walki» Пілсудскі змясціў матэрыял пад назвай «O patriotyкmie». У гэтым артыкуле кіраўнік ППС апісаў два віды патрыятызму, які можна было назіраць на той час у Еўропе. Першы ён характарызаваў як захопніцкі і самы распаўсюджаны ў еўрапейскіх краінах і прыраўноўваў да яго расійскі шавінізм. Другі від патрыятызму — абарончы, які імкнецца да выпраўлення крыўды. Менавіта такім яго відам, на думку Пілсудскага, была натуральная нацыянальная самаабарона на Літве, прычым аўтар меў на ўвазе не толькі палякаў, але і літоўцаў, і беларусаў. Лідэр ППС спадзяваўся, што абуджэнне патрыятычных пачуццяў мясцовых жыхароў падштурхне іх да барацьбы з царызмам, і далей — да саюзу з польскімі сацыялістамі[19].

З іншых артыкулаў Пілсудскага ў гэтым выданні заслугоўвае ўвагі артыкул пад назвай «Nasze stanowisko na Litwie», які быў надрукаваны ў трэцім нумары газеты ў лістападзе 1903 г. У ім Пілсудскі яшчэ раз адзначыў нізкі ўзровень нацыянальнай актыўнасці беларусаў. Ён лічыў, што беларускія элементы ў краі «застаюцца вельмі слабымі пад маскоўскай палкай», і далей: «… пра беларусаў як пра нацыю да гэтага часу амаль што няма гаворкі»[20].

Вельмі асцярожна выказваўся лідэр польскіх сацыялістаў наконт планаў ППС па палітычным упарадкаванні тэрыторый былога ВКЛ. Ён пісаў, што «ні аб’яднанне сацыялістычных арганізацый на Літве, ні іх саюз з ППС у Каралеўстве не могуць вырашыць пытання наконт будучага дзяржаўнага ладу абшараў, дзе гэтыя арганізацыі дзейнічаюць»[21]. Пытанне пра суверэнітэт гэтых тэрыторый Пілсудскі адкладаў на будучыню, калі хада падзеяў сама прывядзе ці да стварэння незалежных рэспублік, ці да «аб’яднання іх у які-небудзь федэратыўны саюз, больш ці менш цесны… — гэта вырашыць вольны працоўны люд Польшчы і Літвы, які ўсведамляе свае правы»[22]. Пілсудскі разумеў, што ў той момант прэтэнзіі палякаў на дамінаванне як у сацыялістычным руху, так і ў будучай незалежнай Рэчы Паспалітай могуць сапсаваць стасункі з прадстаўнікамі народаў былога ВКЛ, і таму даваў згоду ППС на роўныя правы для ўсіх: «Мы не лічым сябе выключнымі гаспадарамі сацыялістычнага руху ў гэтым краі, бо з’яўляемся прадстаўнікамі меншасці працоўнага люду Літвы, таму не хочам і не маем права без згоды літоўскіх, беларускіх і яўрэйскіх таварышаў вырашаць лёс нашай агульнай айчыны»[23]. Гэтая памяркоўнасць у акрэсленні мэтаў ППС у артыкулах Пілсудскага была выклікана тактычнымі разлікамі. Кіраўнік ППС баяўся, што калі польскія сацыялісты будуць навязваць рэвалюцыйным групам на Беларусі і Літве свае ідэі федэрацыі з Польшчай, то ім будзе вельмі цяжка аб’яднаць беларускіх і літоўскіх сацыялістаў у адной партыі пад эгідай ППС.

З першых гадоў ХХ ст. у ППС паступова пачынаюць нарастаць прыкметы расколу, які прывёў ў 1908 г. да распаду Польскай сацыялістычнай партыі на ППС-«левіцу» і ППС-«правіцу». Апошнюю з іх (яе прадстаўнікі — Юзаф Пілсудскі, Аляксандр Сулькевіч, Лeон Васілеўскі, Вітольд Ёдка-Наркевіч і інш.), сталі называць «старымі», «правымі», або «фракцыяй рэвалюцыйнай» (у прастамоўі — «фракамі»). Спрэчкі ўзніклі на VІ з’ездзе ППС у 1902 г. з-за арганізацыйных зменаў у кіраўнічых органах партыі, аднак пазней высветлілася, што падзел паміж пэпээсаўцамі праходзіў у адказе на кардыналь нае пытанне: Польшча здабудзе вольнасць у выніку яе ўласнага рэвалюцыйнага руху ці ў выніку выступлення пралетарыяту на міжнародным еўрапейскім узроўні? «Старыя» ад самага пачатку адраджэння ірэдэнты[24] бачылі рухальныя сілы вызваленчага паўстання галоўным чынам у самім краі, таму вялікае значэнне надавалі кожнаму элементу, які патэнцыяльна мог садзейнічаць палякам у іх барацьбе. Беларусь, Літва і Украіна, дзе польскасць захоўвала значныя ўплывы, безумоўна, залічваліся ў лік будучых саюзнікаў. Пры гэтым разлікі кіраўнікоў ППС грунтаваліся не толькі на наяўным факце існавання на землях былога ВКЛ багатай польскай культурнай традыцыі, але і на меркаваннях, што новыя і ўжо сфармаваныя беларускі, літоўскі і ўкраінскі нацыянальныя рухі ўбачаць у ППС сілу, дзейнасць якой будзе карыснай для іх, і аб’яднаюцца з гэтай партыяй. Для такога аб’яднання існавала аснова ў выглядзе нацыянальнага прыгнёту з боку расійскага царызму ўсіх народаў былой Рэчы Паспалітай. Такім чынам, царскі ўрад лічыўся агульным ворагам, перамагчы якога можна толькі сумеснымі высілкамі. А тое, што з усіх прыгнечаных палякі былі самымі актыўнымі і небяспечнымі для ўрада, ставіла іх на чале міжнацыянальнага вызваленчага руху[25].

З пачаткам руска-японскай вайны 1904-1905 г. Ю.Пілсудскі асабіста накіраваўся ў Японію, бо разлічваў атрымаць ад японскага кіраўніцтва дапамогу для справы незалежнасці Польшчы. У мемарыяле, які ён падаў японскаму ўраду летам 1904 г., кіраўнік ППС прапанаваў японцам супрацоўніцтва супраць Расіі. Ён абяцаў, што ППС створыць польскі легіён з палонных палякаў расійскай арміі, арганізуе акцыі сабатажу ў еўрапейскай Расіі, створыць апазіцыю ў Польшчы, Беларусі, Літве і сярод іншых сепаратных рухаў у імперыі, а таксама зоймецца зборам разведвальных дадзеных. Узамен ён разлічваў на палітычную падтрымку Японіяй польскай справы на міжнародным узроўні, на грошы і зброю. Аднак японцы адмовіліся ад легіёна, не зацікавіліся апазіцыяй у Расіі, не згадзіліся ўвязвацца ў польскую справу і падтрымліваць яе ў міжнародных адносінах, але грошы на сабатаж і шпіянаж далі[26].

Разам з прапановамі супрацоўніцтва з японцамі Пілсудскі ў сваім такійскім мемарыяле даў шырокі аналіз унутранага стану Расійскай дзяржавы на пачатак ХХ ст. Зыходным пунктам аргументацыі кіраўніка ППС стала сцвярджэнне пра тое, што Расія толькі на першы погляд была моцнай дзяржавай. Пілсудскі не згаджаўся з сучаснай яму статыстыкай і даказваў памылковасць спробаў афіцыйных уладаў уключыць у працэнт «прыроджаных расіян» усіх праваслаўных на падставе ідэнтыфікацыі рэлігійнага і этнічнага самавызначэння. На яго думку, ад афіцыйных дадзеных пра 2/3 расіян ад усяго насельніцтва імперыі трэба было адняць разам з праваслаўнымі беларусамі, украінцамі, грузінамі, армянамі народы Поўначы, Сібіры і Сярэдняй Азіі. Да пералічаных этнічных групаў Пілсудскі дадаваў яшчэ значную частку палякаў, літоўцаў і беларусаў, якіх царскі ўрад сілай перавёў у праваслаўе і якія, паводле меркаванняў Пілсудскага, упарта трымаліся каталіцкага веравызнання[27]. Такім чынам, па падліках кіраўніка ППС, на прыроджаных расіян прыпадала не больш як 45% ад усяго насельніцтва імперыі. Пілсудскі таксама адзначыў, што колькасная няроўнасць народнасцяў дапаўняецца няроўнасцю ўзроўняў культуры і цывілізаванасці. Краямі з высокай, агульнаеўрапейскай, культурай ён лічыў Польшчу, Літву, Фінляндыю, Латвію. Да народаў з ніжэйшым узроўнем развіцця Пілсудскі адносіў украінцаў, расіян, татараў, каўказцаў, а поўнасцю дзікімі лічыў якутаў, буратаў і кіргізаў. У такой неаднастайнасці насельніцтва Расійскай дзяржавы Пілсудскі бачыў найбольшую яе слабасць, а палітыку русіфікацыі разглядаў як імкненне царскага ўраду ўзмацніць імперыю праз заціранне культурна -нацыяналь ных асаблівасцяў сярод падданых.

Каб падкрэсліць неаднароднасць насельніцтва Расійскай імперыі, Пілсудскі выкарыстаў шырока распаўсюджаную ў філасофска -прававых канцэпцыях ХVІІІ-ХІХ ст. ідэю пра падзел усіх народаў на «гістарычныя» і «негістарычныя». «Гістарычнымі народамі», гэта значыць здольнымі да стварэння ўласнай нацыянальнай дзяржавы, кіраўнік ППС называў палякаў, фінаў, грузінаў і, у пэўным сэнсе, армянаў. Да «негістарыч ных» па яго класіфікацыі належалі літоўцы, беларусы, латышы, і ў некаторай ступені — украінцы. Аднак Пілсудскі быў упэўнены, што ўсе гэтыя народы — «гістарычныя» і «негістарычныя» — з’яўляюцца апазіцыйнымі элементамі ў царскай дзяржаве: усе яны церпяць ад палітыкі русіфікацыі, якая знішчае ўсю іх культурную маёмасць; усе яны лічаць расійскі ўрад чужой і варожай уладай. Культурны ўзровень гэтых народаў значна вышэйшы за ступень цывілізаванасці захопнікаў, таму яны могуць стварыць апазіцыйную сілу, якая пры адпаведных умовах разаб’е царскую дзяржаву і адарве ад яе значную частку захопленых земляў[28].

Дакумент, які Пілсудскі падаў японцам, быў складзены даволі лагічна, так, што ўсе яго палажэнні працавалі на адну мэту: пераканаць японскі ўрад у неабходнасці як мага лепш дапамагчы польскай справе. Дзеля гэтага Пілсудскі мэтанакіравана спрашчаў складаныя з’явы і перабольшваў значэнне і сілу польскага вызваленчага руху і ППС. Высока ацэнены лідэрам ППС былі толькі нацыянальныя імкненні тых народаў у Расіі, якія здолелі выпрацаваць да пачатку ХХ ст. нацыяналь ную ідэю і стварыць уласныя нацыянальныя арганізацыі. Пры такім падыходзе зразумела, што Пілсудскі аднёс беларусаў да «негістарычных» народнасцяў. Кіраўнік ППС арыентаваўся на рэальныя факты. А ў рэальнасці беларускія адраджэнцы толькі за год да напісання мемарыяла стварылі сваю арганізацыю і яшчэ нават не выказаліся больш-менш акрэслена па пытаннях незалежнасці і дзяржаўнасці Беларусі.

Пілсудскі не пісаў пра ўзровень цывілізаванасці і культуры беларускага народа, але ўскосна даў зразумець, што беларусаў з заходніх губерняў ён ставіў вышэй за жыхароў усходу Беларусі. Лідэр ППС бачыў розніцу паміж беларусамі -праваслаўнымі і беларусамі -каталікамі. Апошнія мелі больш высокі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці і актыўна працавалі над развіццём беларускай нацыі. Пілсудскі добра ведаў, што амаль усю працу па стварэнні сваёй першай нацыянальнай партыі (БРП-БРГ-БСГ) правялі беларусы-каталікі і разумеў, што менавіта яны, нягледзячы на іх адносную нешматлікасць, з’яўляюцца галоўнай сілай у беларускім руху[29].

Рэвалюцыя 1905 г. істотна не змяніла стаўлення Пілсудскага да беларусаў. Растлумачыць гэта можна тым, што падзеі 1905—1907 г. на Беларусі значна саступалі сваім маштабам і ўздымам рэвалюцыйным акцыям у Расіі і Польшчы, а беларускі нацыянальны рух так і не здолеў стаць масавым і не знайшоў шырокай падтрымкі ў мясцовага насельніцтва. Сам Пілсудскі ў гэты час паступова траціць цікавасць да сацыялістычнай дактрыны. Параза рэвалюцыі значна паскорыла гэты працэс.

Пілсудскі і ў той час шмат пісаў, але па нацыянальным пытанні практычна не выказваўся. Аднак з палітыкі, якую ён праводзіў пасля 1918 г. у дачыненні да Беларусі, Літвы і Украіны, можна зрабіць выснову, што яго погляды ў гэтай галіне істотна не змяніліся. Падобную пазіцыю займалі іншыя дзеячы ППС-«фракцыі». У гэтым можна пераканацца, абапіраючыся на выказванні і артыкулы паплечнікаў Пілсудскага. Неабходна заўважыць, што ў тыя гады яго асоба набывае новую якасць: ён перастае быць проста адным з кіраўнікоў Польскай Сацыялістычнай Партыі і паступова ператвараецца ў яе правадыра. Аўтарытэт Пілсудскага ў асяроддзі ППС-«фракцыі» становіцца амаль бясспрэчным, а сярод таварышаў застаюцца толькі самыя верныя.

Пасля рэвалюцыі 1905-1907 г. найбольш падрыхтаваным спецыялістам па праблемах тэрыторый былога ВКЛ у ППС-«фракцыі» па-ранейшаму заставаўся Л. Васілеўскі. У 1905-1913 г. ён выдаў шэраг твораў, у якіх акрэсліў стаўленне кіраўніцтва правага крыла Польскай Сацыялістычнай Партыі да народаў гістарычнай Літвы. Найбольш поўна гэтае пытанне было распрацавана ў кнігах «Litwa i jej ludy» і «Litwa i Białoruś. Przeszłość—Teraźniejszość—Tendencje rozwojowe». У гэтых працах Васілеўскі звярнуўся да гісторыі і нацыянальнага складу насельніцтва земляў былога ВКЛ, выказаўшы даволі высокі ўзровень гістарычных ведаў, і падкрэсліў, што развіццё беларускай і літоўскай нацый трэба разглядаць як аб’ектыўны гістарычны працэс. Асобна пра беларусаў ён пісаў, што яны «цяпер з’яўляюцца сырой этнаграфічнай масай без нацыяналь най свядомасці»[30]. Васілеўскі адзначыў складанасць працэсу эвалюцыі беларускага народа ў нацыю і назваў фактары, якія яму перашкаджалі. Галоўнымі з іх ён лічыў нязначную этнічную адасобленасць беларусаў ад палякаў і расіян, якія «былі галоўнымі асімілятарамі», і немагчымасць актыўнага развіцця нацыянальнай беларускай культуры і адукацыі пры сучасных яму палітычна -дзяржаўных умовах[31]. Акрамя таго, ён звяртаў увагу на нястачу літаратуры і малую колькасць школ з беларускай мовай навучання, а таксама на слабасць нацыяналь ных палітычных арганізацый і іх пасіўныя кантакты з грамадствам. Прааналізаваўшы гэтыя з’явы, Васілеўскі рабіў вывад, што беларускі рух мае мала шанцаў пашырыцца і набыць прызнанне[32].

Вельмі высока ацэньваў Васілеўскі «Нашу Ніву», якую характарызаваў як сапраўдную нацыянальную газету, што прапагандуе беларускую мову і культуру, а таксама ідэю неабходнасці стварэння такога грамадскага ладу, які дасць беларусам магчымасць нацыянальнага развіцця. Яму моцна імпанавала тое, што гэтыя думкі выказваліся на старонках «Нашай Нівы» без усялякага шавінізму, з павагай да суседзяў, і з заклікам карыстацца дасягненнямі іх культуры[33].

Пазіцыя Васілеўскага не супярэчыла асноўнай ідэі Пілсудскага наконт неабходнасці актыўнай барацьбы за незалежную Польшчу. Пашырэнне і падтрымка беларускага нацыянальнага руху, за што выказваўся Васілеўскі, узмацнялі апазіцыю царызму і ў той час яшчэ аб’ектыўна ішлі на карысць справы ППС.

Такім чынам, у другой палове 90-х г. ХІХ — пачатку ХХ ст. адной з галоўных асаблівасцяў адносін Ю.Пілсудскага да Беларусі быў прагматызм. Акрамя таго, у яго стаўленні да беларускага, украінскага і літоўскага народаў у гэты перыяд няцяжка прасачыць важную рысу: яны заўсёды разглядаліся Пілсудскім як несумненныя патэнцыяльныя саюзнікі ў барацьбе польскіх сацыялістаў за незалежнасць Польшчы. Ён спадзяваўся, што разбудзіць іх палітычную свядомасць можна з меншымі высілкамі, чым у расіян, бо ў іх «няма веры ў цара»[34]. Узначаліць барацьбу з царскім рэжымам павінен быў польскі пралетарыят, які, на думку лідэра ППС, заваюе вольнасць не толькі для сябе, але і для іншых нацый[35]. Аднак гэта была далёкая перспектыва, таму Пілсудскі і яго паплечнікі значна больш увагі аддавалі актывізацыі ўсіх магчымых сепаратных рухаў у Расійскай Імперыі. У артыкулах Пілсудскага неаднаразова сустракаецца думка пра розніцу паміж беларусамі -каталікамі і беларусамі -праваслаўнымі. Ён быў упэўнены, што беларусаў -каталікаў значна лягчэй уцягнуць у змаганне з царызмам, чым праваслаўных.

Да адраджэння беларускай нацыі і пашырэння беларускага руху кіраўніцтва ППС ставілася скептычна, а сам лідэр ППС лічыў беларускі народ «негістарычным».

Пасля рэвалюцыі 1905-1907 г., калі Пілсудскі адышоў ад сацыялізму, яго стаўленне да беларускага народа не змянілася, а засталося па-ранейшаму прагматычным, што яскрава выявілася не толькі ў 1918-1921, але і ў наступныя гады. Гэта было абумоўлена агульным складам асобы Пілсудскага як палітыка-практыка, а таксама яго разуменнем польскіх і нацыянальных інтарэсаў, праз прызму якіх ён разглядаў магчымыя перспектывы для Беларусі і беларускага народа.


[1] Piłsudski J. Rusyfikacja // Pisma zbiorowe. Wydanie prac dotychczas drukiem ogłoszonych. W 10 t. Warszawa, 1937—1938. T. I. S. 97—100.
[2] Piłsudski J. Do towarzyszy socjalistów żydów w polskich zabranych prowincjach // Pisma zbiorowe… T. I. S. 28–33.
[3] Васілеўскі Л. (1870–1936) — публіцыст, гісторык, дыпламат, дзеяч ППС, блізкі да Пілсудскага, у 1918–1919 г. займаў пасаду міністра замежных справаў Польшчы.
[4] Wasilewski L. (pod pseud. L. Płochocki). We wspólnem jarmie. Londyn: Wyd. P.P.S., 1901. 40 s.
[5] Piłsudski J. List do Leona Wasilewskiego w Londynie, 1899.19.XI // Pisma zbiorowe. Uzupełnienia / Pod red. A.Garlickiego, R.Świętka. T. II. 1898—1914. Warszawa: Krajowa agencja wydawnicza, 1993. S. 75.
[6] Ibidem, S. 75.
[7] Ibidem, S. 75.
[8] Ibidem, S. 75.
[9] Келес-Краўз К. (1872—1905) — сацыёлаг, таленавіты публіцыст, выдатны палеміст, займаў адметнае становішча ў Загранічным саюзе польскіх сацыялістаў, быў членам яго кіраўнічага органа — Цэнтралізацыі.
[10] Kelles-Krauz K. Polscy i Rosyjscy socjaliści // Pisma wybrane. W 2 t. Warszawa: Książka i Wiedza, 1962. T. 2. S. 121.
[11] Ibidem, S. 122.
[12] C. Вайцахоўскі (1869–1953) быў адным з заснавальнікаў ППС і блізкім таварышам Пілсудскага на працягу 90–х г. ХІХ ст. У ІІ Рэчы Паспалітай належаў да палітычнай эліты, у 1922–26 г. быў прэзідэнтам Польшчы.
[13] Wojciechowski S. Moje wspomnienia. Lwów—Warszawa, 1938. S. 44.
[14] Kelles–Krauz K. Niepodłeglość Polski w programie socjalistycznym // Pisma wybrane. W 2 t. Warszawa:Książka i Wiedza,1962. T.2. S.145.
[15] Ibidem, S.145.
[16] Piłsudski J. Artykul z «Walki», 1902, № 1 // Pisma zbiorowe… T. II. S. 17.
[17] Ibidem, S. 18—19.
[18] Ibidem, S. 20—22.
[19] Piłsudski J. O patriotyźmie // Pisma zbiorowe… T. II. S. 22—27.
[20] Piłsudski J. Nasze stanowisko na Litwie // Pisma zbiorowe… Т.II. S. 32.
[21] Ibidem, S. 34.
[22] Ibidem, S. 34.
[23] Ibidem, S. 34.
[24] Пад гэтым тэрмінам разумелі ідэю ўзброенай барацьбы за незалежнасць Польшчы, якая пасля паразы паўстання 1963–64 г. была вельмі непапулярнай сярод палітыкаў і пачала знаходзіць сваіх прыхільнікаў толькі ў апошняе дзесяцігоддзе ХІХ ст.
[25] Nałęcz T. Irredenta polska. Warszawa: Książka i Wiedza, 1992. S. 63.
[26] Garlicki A. Józef Piłsudski 1867—1935. Warszawa: Czytelnik, 1990. S. 85–87.
[27] Пілсудскі значна перабольшваў свае разлікі. Адразу пасля выдання ў 1905 г. закона пра рэлігійную талерантнасць у каталіцтва з праваслаўя на беларускіх землях перайшло 32970 чалавек, а за наступныя 1906—1909 г. — яшчэ 21130, разам — 54100. Гэтая лічба нават у маштабе Беларусі не такая і вялікая.
[28] Pobóg-Malinowski Wl. Józef Piłsudski 1901—1908. W ogniu rewolucji. Warszawa, 1935. S. 198–199.
[29] На тое самае звяртаў увагу Л. Васілеўскі, калі пісаў, што 5/6 карэспандэнтаў «Нашай Нівы» былі каталікамі.
[30] Wasilewski L. Litwa i Białoruś. Przeszłość—Teraźniejszość—Tendencje rozwojowe. Kraków: Książka, 1912. S. 104.
[31] Ibidem, S. XV.
[32] Wasilewski L. Litwa i jej ludy. Warszawa, 1907. S. 55; Wasilewski L. Litwa i Białoruś. Przeszłość—Teraźniejszość—Tendencje rozwojowe. S. 155.
[33] Wasilewski L. Litwa i Białoruś. Przeszłość—Teraźniejszość—Tendencje rozwojowe. S. 280.
[34] Piłsudski J. Rosja // Pisma zbiorowe… T.I. S. 88.
[35] Ibidem, S. 89.

Наверх

Рэджынальд Р. Бэтс. Канстытуцыйны працэс і палітычная думка ўва Усходняй Еўропе*

Снежня 19, 1999 |


Англійскі гісторык права Рэджынальд Робэрт Бэтс (Reginald Robert Betts) (1903—1961) нарадзіўся ў Норыджы ў Вялікай Брытаніі. Пасля сканчэння студыяў у Оксфардзе выкладаў у alma mater, пазней ва універсітэтах Ліверпуля і Белфаста. У 1934 г. стаў прафесарам Саўтгэмптанскага універсітэта. Як медыявіст, Бэтс спецыялізаваўся ў сярэднявечнай гісторыі Чэхіі, але пазней зацікавіўся і сучаснай гісторыяй навастворанай Чэхаславацкай дзяржавы, зрабіўшыся адным з лепшых экспертаў у чэхаславацкіх справах. Гэта прычынілася да яго супрацоўніцтва з Бі Бі Сі пад час другой сусветнай вайны ў якасці рэдактара чэхаславацкай, а пазней цэлай еўрапейскай службы. З 1946 г. да канца жыцця Бэтс узначальваў кафедру цэнтральнаеўрапейскай гісторыі імя Масарыка ў Школе Славянскіх і Усходнееўрапейскіх Даследаванняў (Лонданскі універсітэт).

Прапанаваны тут тэкст быў упершыню надрукаваны ў 1958 г. як раздзел 2 томa (Рэфармацыя: 1520–1559) шматтомавага брытанскага універсітэцкага падручніка па гісторыі Новага Часу, што пазней некалькі разоў перавыдаваўся стэрэатыпна. Тэкст друкуецца з ласкавага дазволу выдавецтва Cambridge University Press.

Артыкул Бэтса, які фармальна ахоплівае перыяд 1520–1559 г., дае, аднак, досыць шырокую і ў часе, і ў прасторы панараму фармавання тых асаблівасцяў грамадска–палітычнай думкі і дзяржаўнага ладу, якія адрознівалі Цэнтральную Еўропу ад Заходняй. У той час, калі на Захадзе поўным ходам ішло ўмацаванне абсалютных манархій, у якіх воля суверэна не была абмежаваная нічым, і ідэя “прагрэсу” для панавальных ідэалагічных плыняў была тоеснай з імкненнем ліквідаваць “феадальную анархію” на карысць усеахопнай цэнтральнай улады, менавіта ў цэнтры кантынента ў поўны голас прагучала думка пра неадчужальныя правы асобы і вяршынства Закона. У гэтым святле зусім незразумелым выглядае тэзіс Бэтса пра “адставанне” Цэнтральнай Еўропы ад Заходняй у сваім гістарычным развіцці: у ХХ ст. ужо Захад рээкспартуе радыкальны варыянт гэтай ідэалогіі ў Цэнтральную і Усходнюю Еўропу, выстаўляючы адзнакі паасобным краінам і дзяржаўным дзеячам за хуткасць, з якой яны пазычаюць заходнія канцэпцыі. Здаецца, што з заходняга пункту гледжання кожнае несупадзенне з рытмам гістарычных зменаў на Захадзе, які Фернан Брадэль назваў бы “сусветным часам” (le temps du monde), а гісторык–марксіст, магчыма, “генеральнай лініяй” гістарычнага развіцця, кожнае несупадзенне ёсць адставаннем.

Дзеля справядлівасці трэба адзначыць, што канцэпцыя дзяржавы, блізкая да той, якая панавала ў Цэнтральнай Еўропе XVI ст., упершыню склалася ў XV ст. у Бургундыі, якая ўяўляла з сябе федэрацыю самастойных дзяржаваў, падначаленых бургундскім герцагам, што дэлегаваў значную частку ўласных паўнамоцтваў сваім прадстаўнікам на падначаленых тэрыторыях і адпаведным мясцовым станавым асамблеям. Кіраванне такой „шматковай“ дзяржавай патрабавала значна больш дакладнага і кампетэнтнага адміністравання, чым прымітыўны гвалт, і прымушала бургундскіх суверэнаў лічыцца з інтарэсамі падуладных тэрыторый, а нават і індывідаў. “Сусветны час”, аднак, не быў вельмі літасцівы да Бургундыі, але выпрацаваную тут мадэль дзяржавы ўдалося скасаваць не адразу і не цалкам. Магчыма, менавіта ў гэтай упартай барацьбе за цэнтралізацыю і абсалютызацыю ўлады, нібыта тоесную “прагрэсу”, Габсбургі, якія перанялі ўладу над Бургундыяй, набылі досвед, які вельмі прыдаўся ім потым у Вугоршчыне і Чэхіі, як гэта бачна з артыкула Бэтса.

Для беларускай гістарыяграфіі гэты артыкул актуальны і больш чым праз сорак гадоў пасля яго напісання. Надта ж бракуе нашай навуцы такіх параўнальных аглядаў, якія б асвятлялі айчынную гісторыю (у дадзеным выпадку гісторыю дзяржавы і права) у шырокім кантэксце таго гістарычна–культурнага рэгіёна, ад якого мы былі гвалтоўна адарваныя два стагоддзі таму. Такі падыход дазваляе лепш зразумець і месца ВКЛ у сістэме дзяржаваў тагачаснай Цэнтральнай Еўропы, і суадносіны нашай прававой сістэмы з роднаснымі прававымі сістэмамі гэтых дзяржаваў, вылучыць у ёй агульнае і асаблівае. Літоўскі Статут 1588 г. храналагічна застаўся па–за рамкамі даследавання Бэтса, але ці не маем мы права сцвярджаць, што ў пэўным сэнсе менавіта ў гэтым юрыдычным акце, які ўвабраў у сябе і дасягненні суседзяў, і досвед зацятай ідэалагічнай і палітычнай барацьбы пад час Рэфармацыі і Контррэфармацыі, эвалюцыя грамадска–палітычнай думкі ўсяго рэгіёнa дасягнула сваёй вяршыні? У кожным разе, роднасць Статута з Tripartitum Іштвана Вэрбёцы і трактатам Віктарына Карнэля “Пра законы Чэскае Зямлі” дагэтуль ніяк у нас не аналізавалася.

* Пераклад паводле выдання: The New Cambridge Modern History. Volume: The Reformation 1520-59. Edited by G.R.Elton. Cambridge University Press, 1990, 526-539.

Тры каралеўствы — Польшча, Чэхія і Вугоршчына — былі ў ліку найбуйнейшых у Еўропе XVI ст. Разам узятыя, яны запаўнялі абсяг паміж Нямеччынай, Балтыкай, Расіяй і Балканамі, або, у тэрмінах фізічнай геаграфіі, паміж басейнамі Одры, Віслы і сярэдняга Дунаю. Пасярэдняе становішча займалі яны і з гледзішча палітычнага развіцця: адстаючы ад заходнееўрапейскіх краін, яны стаялі паперадзе Расіі і Турэччыны. Якраз гэтае пасярэдняе становішча і абумоўлівае іх гістарычную цікавасць: баланс улады паміж землеўладальнікамі і манархіяй цягам усяго стагоддзя заставаўся настолькі роўным, што іх адносіны — ці гэта канфлікт, ці супрацоўніцтва — набываюць адмысловае значэнне і кідаюць святло на больш вырашальныя канфлікты, якія тачыліся тым часам у далейшых частках Еўропы.

Узыход Жыгімонта I “Старога” з дынастыі Ягайлавічаў на польскі трон у 1506 г., а Фердынанда I Габсбурга, брата імператара Карла V і ўжо на той час гаспадара комплексу спадчынных аўстрыйскіх земляў, на троны Чэхіі і Вугоршчыны ў 1526, можна лічыць вяхой, што пазначыла пачатак канфлікту, бо абодва яны сталіся спадкаемцамі “каралёўгультаёў” (fainéant), пад чыім панаваннем землеўладальнікі фактычна распараджаліся ўсім пасвойму. Каралеўствы, над якімі абодва яны запанавалі, заставаліся сярэднявечнымі паводле рыхласці палітычнае структуры. Жыгімонтава спадчына нават паводле назову была не каралеўствам, а “Рэччу Паспалітаю”, то бок рэспублікай; поўтузіна княстваў, на якія ў XII ст. распалася Польскае каралеўства, яшчэ не ўсе трапілі пад непасрэднае кіраванне караля: Мазавецкае княства заставалася няўключаным у склад каралеўства да 1526 г., калі яго апошні князь памёр, не пакінуўшы нашчадкаў. Усходняя Прусія не цалкам падпарадкоўвалася польскаму каралю да 1525 г., і нават потым яе князь з дынастыі Гогенцолернаў, Альбрэхт, як васал Польшчы валодаў амаль такім сама суверэнітэтам, як раней, у сваю бытнасць вялікім магістрам Тэўтонскага ордэна. Нарэшце, больш як палова тэрыторыі, над якой панаваў Жыгімонт — Вялікае Княства Літоўскае, — да Люблінскай Уніі 1569 г. не мела з Польскім каралеўствам ніякай арганічнай повязі, апрача супольнага суверэна.

Тэрыторыі, атрыманыя Фердынандам па абранні яго каралём Чэхіі ў 1526 г., былі яшчэ больш раз’яднаныя. У тэхнічным сэнсе яны складаліся з “Земляў Кароны св. Венцэслава”, куды ўваходзілі чэшскія землі Багемскага каралеўства і Мараўскага маркграфства, каля тузіна княстваў польсканямецкай Сілезіі, два асобныя вендсканямецкія княствы Верхніх і Ніжніх Лужыцаў і разнастайныя астраўкі неасіміляваных княстваў і ўладанняў накшталт Хэбу (Эгеру), Кладска (Гляц), Локет (Эльбоген) і Опава (Троппаў). Вугорская дзяржава Фердынанда была з усіх трох найменш з’яднанай, бо “Землі Кароны св. Стэфана” складаліся з двух паасобных каралеўстваў: каралеўства Вугорскага і каралеўства Харвацкага. У межах Вугоршчыны знаходзілася неасіміляванае княства Трансільванія, якое само складалася з трох часткова аўтаномных “нацыяў” — мадзьярскай, нямецкай і сэкейскай. Харватыя ж падзялялася на тры часткі: Далмацыю, цэнтральную Харватыю і Славонію.

Аднароднасць гэтай частцы Еўропы XVI ст. надае вялікая эканамічная зверхнасць, якой валодалі і карысталіся тамтэйшыя землеўладальнікі; незалежна ад памераў сваіх маёнткаў гэта была шляхта, una et eadem nobilitas (той самы шляхецкі род), як казалі ў Вугоршчыне. Гэты клас — у Польшчы szlachta (шляхта), у Чэхіі slechta (шлехта), у Вугоршчыне köznemesseg (кёзнэмэсэг), — не звязаны ні правілам, ні звычаем першародства, які ўсведамляў сваю моц, пільнуючы свае выгоды і прывілеі ды валодаючы фактычна манапольнай эканамічнай уладай, займеў у Цэнтральнай Еўропе панавальнае становішча. Землеўласнікам, Кароне, царкве і местам належаў кожны акр зямлі, і з цягам стагоддзя доля свецкіх землеўласнікаў няспынна ўзрастала: каронныя землі яны атрымлівалі ў заклад, царкоўныя — праз канфіскацыю, а гарадскія — праз гвалт і штрафныя санкцыі. Феадальныя юрысты, такія, як Вэрбёцы, маглі прыраўноўваць “нацыю” да “Кароны і землеўласнікаў”, не адчуваючы патрэбы ў аргументацыі ці абгрунтаванні гэтае тэзы. Палітычная ўлада шляхты грунтавалася на мясцовых або краёвых асамблеях. У Польшчы яны зваліся соймікамі (sejmiki), і ў кожным ваяводстве звычайна было па сойміку, агулам 37 у Польшчы і тузін у Літве. Яны складаліся выключна з землеўладальнікаў. Соймікі не былі сталымі органамі мясцовай адміністрацыі і юстыцыі, — гэтую ўладу ў Польшчы ажыццяўлялі мясцовыя каронныя чыноўнікі. Функцыя соймікаў была перадусім парламенцкая. Ім адрасаваліся каралеўскія “лісты соймавыя” — загады аб выбарах у правінцыйны ці нацыянальны парламент; “перадсоймавыя” соймікі ў адказ абіралі сваіх платных прадстаўнікоў у ніжнюю палату і давалі ім наказы ў асноўных пунктах парадку дня, які рассылаўся разам з загадам склікання сойміку. Дэлегаты соймікаў збіраліся потым на правінцыйныя асамблеі, якіх налічвалася шэсць, дзе яны ўзгаднялі палітыку, якую правінцыя мела праводзіць у парламенце. Пасля роспуску парламенту дэлегаты давалі “ведомость достаточную” пра ход працы Сойму перад мясцовым “справаздачным” рэляцыйным соймікам, які рабіў захады па выкананні прынятых законаў, даваў згоду на падаткі, вышэйшыя за стаўку, узгодненую папярэдне на перадсоймавым сойміку, і прызначаў чыноўнікаў для збору падаткаў у ваяводстве.

Мясцовыя асамблеі (sjezdy krajské) у чэшскіх землях нагадвалі польскія, але валодалі меншай уладай. Магутныя мясцовыя рады (landfridy), якія падчас анархічнага міжкаралеўя 143958 г. здабылі шырокія заканадаўчыя, адміністрацыйныя, судовыя і фінансавыя паўнамоцтвы, з таго часу аслабелі дзякуючы цэнтралізатарскай палітыцы караля Іржы з Падэбрад і алігархаў ягелонскага перыяду, і напачатку Фердынандавага панавання яны збіраліся толькі каб абраць членаў парламенту і некаторых мясцовых чыноўнікаў і забяспечыць выкананне статутаў. Фэрдынанд аслабіў іх яшчэ больш, забараніўшы “з’ездам” пад пагрозай смерці збірацца без каралеўскага паклікання. Вельмі адрознымі былі становішча і моц камітатаў (megyek) у Вугоршчыне, бо Фэрдынанду ў грамадзянскай вайне з сваім супернікам Янам Запольяі (Zapolyai) і яго спадкаемцамі, а таксама з іх турэцкімі саюзнікамі і сузерэнамі так пільна патрабавалася здабыць падтрымку шляхты, што ён не смеў кранаць яе прывілеяў у мясцовым самакіраванні. Сапраўды, выжыванне вугорскіх камітатаў было, мабыць, найлепшай гарантыяй адносна аўтаномнага існавання Габсбургскай Вугоршчыны аж да „ураўнання“ ў 1867 г. Суд камітату быў не прынагоднай асамблеяй, а сталым камітэтам, які абіраўся зборам (megyegyülés) шляхты з кожнага камітату і выконваў судовыя, адміністрацыйныя, эканамічныя і фінансавыя функцыі; асамблея камітату не толькі мела тыя ж выбарчыя функцыі, што і польскі соймік, але таксама была ў мясцовым маштабе чынным заканадаўчым органам.

Найвышэйшым органам нацыяў цэнтральнай Еўропы ў XVI ст. быў парламент, або Сойм, дзе ад часу да часу збіраліся станы (Stany, Stavy, Rendek) кожнага каралеўства, княства, правінцыі або краю, каб супольна, зазвычай разам з валадаром, здзяйсняць функцыі суверэна. Шматлікасць гэтых парламентаў у трох цэнтральнаэўрапейскіх каралеўствах — знак іх важнасці і разам з тым прыкмета слабасці. У Польшчы былі “сойм вальны” ўсяго каралеўства, правінцыйныя парламенты Вялікай Польшчы, Малой Польшчы, Куяваў, Каралеўскай (Заходняй) Прусіі, Княскай (Усходняй) Прусіі пасля яе далучэння ў 1525 г., і Мазовіі, якая была аўтаномным удзелам, пакуль у 1526 г. не вымерла яе малодшая княская дынастыя. Літва мела ўласны парламент, пакуль ён паводле Люблінскай уніі 1569 г. не зліўся з польскім. У “Землях Кароны св. Венцэслава” парламент (sněm) Чэшскага каралеўства меў пэўныя суверэнныя правы над усёй краінаю, але багата ўлады было пакінута парламентам або Соймам Маравіі, Верхняй і Ніжняй Сілезіі і Верхніх і Ніжніх Лужыцаў. Былі таксама аўтаномныя ўладанні — Хэб (Cheb), Локет (Loket), Опава (Opava) і Кладска (Kladsko). Пры нагодзе — дзеля каранацыі, або каб даць рады крызісу грамадскага парадку (1511, 1518) або, найчасцей, каб выдзеліць субсідыі на турэцкую вайну (11 разоў паміж 1530 і 1595 г.) — склікаўся агульны парламент з дэлегатаў усіх парламентаў Чэшскае Кароны. Але Станы да такіх агульных асамблеяў ставіліся з падазрэннем, як да прылады каралеўскага вымагальніцтва, і ператварыць іх у сталы інструмент суверэнітэту для ўсяго чэскага комплексу дзяржаваў ніхто не спрабаваў. У “Землях Кароны Св. Стэфана” таксама існавала шматлікасць парламентаў. Станы каралеўства Вугорскага падчас грамадзянскай вайны падзяліліся надвое: прыхільнікі Фердынанда збіраліся звычайна ў Пожані (Pozsony — Прэшбург, Браціслава), а прыхільнікі Яна Запольяі ў Будапэшце; Трансільванскае княства мела ўласны парламент, які большую частку стагоддзя быў суверэнным органам, незалежным ад Вугорскіх караля і парламенту; каралеўства Харвацкае, пакуль яго не акупавалі туркі, мела тры парламенты — у Загрэбе, Далмацыі і Славоніі. Фердынанда звычайна прынята ўяўляць ворагам парламенцкага ўрадавання, але цікава, што менавіта ён зрабіў спробу стварыць вярхоўны парламент для ўсіх сваіх уладанняў. На такі агульны, федэральны парламент ён у 1528 г. сабраў у Брно ўсе станы, спрабуючы зрабіць аўстрыйскую валюту універсальнай для ўсіх сваіх уладанняў; падобныя ж кангрэсы Станаў, каб выдзеліць грошы на турэцкую вайну, склікаліся ў Лінцы ў 1530 і 1541 г. Паколькі чэхі адмовіліся прысутнічаць на любых асамблеях паза межамі сваёй краіны, Фердынанд паспрабаваў сабраць парламенты на агульны кангрэс у Кутнай Горы (Kutna Hora, Kuttenberg) або ў Празе ў 1534 і 1541 г., але вугорцы туды то не з’яўляліся, то адмовілі ў асігнаваннях. Нагоду стварыць Генеральныя станы для Габсбургскіх земляў змарнаваў заўзяты партыкулярызм саміх нацыянальных станаў.

У складзе парламентаў Цэнтральнай Еўропы ў XVI ст. панавалі землеўладальнікі. Паводле задумы гэта былі сустрэчы станаў, але адзіным станам, прысутнасць якога была абавязковаю, каб скласці парламент, быў шляхецкі. Кароль, калі ён прысутнічаў асабіста або праз свайго заступніка, быў адным з станаў парламенту; але ў выпадку, калі карона рабілася вакантнаю, а непасрэднага нашчадка па мячы не было ці ён быў непаўналетні, парламент збіраўся без каралеўскага загаду, каб здзейсніць суверэнны акт выбараў. У кожным парламенце шляхта была найбуйнейшым і наймагутнейшым элементам, але звычайна яна не выступала як з’яднаная сіла: адрознасць інтарэсаў багацейшых магнатаў і драбнейшае шляхты адбівалася ў існаванні дзвюх палатаў (curiae). Польскі парламент (сойм, поль. Sejm) складаўся з верхняй палаты (Сенату) і палаты прадстаўнікоў (izba poselska). У Сенат уваходзілі каталіцкія арцыбіскупы і біскупы, правінцыйныя ваяводы, кашталяны, маршалкі каронны і дворны, канцлер, віцэканцлер і падскарбі. Да 1529 г. у ім было 87 членаў; з 1529 да 1569 г., як вынік ліквідацыі мазавецкага ўдзелу, — 94, а пасля уніі з Літвою — 140. Польскі сенат фармальна быў корпусам цэнтральных і мясцовых каронных чыноўнікаў і намінаваных каралём пралатаў, але паколькі гэтыя чыноўнікі і пралаты ўсе, апрача нешматлікіх novi homines і каралеўскіх фаварытаў, паходзілі з магнацкіх сем’яў, гэтая палата прадстаўляла і ажыццяўляла алігархічную палітыку буйных землеўладальнікаў. Галасаванне ў Сенаце адбывалася viritim і, праўдападобна, большасцю галасоў. Ніжняя палата парламенту Рэчы Паспалітай, за выключэннем прадстаўнікоў Кракава і, пасля 1569 г., Вільні, была аднароднай асамблеяй шляхты. Кожны дарослы мужчына шляхетнага роду меў права браць удзел у пасяджэннях і галасаванні, але бальшыню з іх выдаткі часу і грошай не дапускалі да заканадаўчае дзейнасці. Напачатку стагоддзя Сенат прызначаў палову членаў ніжняе палаты, але ад 1520 г. сярэдняя шляхта пачала змагацца з гэтай практыкай, і пасля 1540 тая, як відаць, спынілася. Статут 1520 г. увёў звычай выбіраць членаў палаты на сойміках, а кароль браў на сябе аплату выдаткаў сама больш 6 дэпутатаў ад кожнае выбарчае акругі. Насуперак намаганням Жыгімонта II захаваць нешматлікасць дэпутатаў іх колькасць вырасла з 45 у 1504 да 93 у 1553, 110 у 1569 і 158 у 1570 г. Абраныя члены павінны былі прысутнічаць на пасяджэннях. Ёсць сведчанні, што важныя канстытуцыйныя законы, такія як законы 1548, 1554, 1563 і 1565 г., прымаліся бальшынёй галасоў. Але ў менш паважных справах існавала фатальная тэндэнцыя — жаданне забяспечыць аднагалоснасць, або прынамсі галасаванне nemine contradicente (“калі ніхто не пярэчыць”). Правіла liberum veto яшчэ не было, хоць паасобны соймік мог адмовіцца і часам адмаўляўся прыняць пэўны статут як непрыдатны для свайго рэгіёна.

Багемскі парламент (sněm) быў трохпалатны. Верхняя палата была выразна Палатай лордаў (curia dominorum або magnatum); яе членам быў кожны pan (“лорд”), якога прызнала за такога сама палата і чый шляхецкі род налічваў прынамсі 4 пакаленні; таму гэта была не палата каралеўскіх міністраў і мясцовых ваяводаў, як польскі Сенат, а кааптацыйная асамблея найбагацейшых землеўладальнікаў. Прадстаўнікоў клеру ў ёй не было, бо чэшскі епіскапат знік у бурах гусіцкіх войнаў і вярнуў сабе месца ў заканадаўчым органе толькі пасля 1620 г. Другую курыю чэшскага снэму складала шляхта (vladykové), або, як яны тады пачыналі звацца, рыцары (rytíři). Кожны шляхціч, які меў герб і быў упісаны ў “зямельныя кнігі” як гаспадар маёнтка, валодаў правам голасу і месцам у сойме. Такіх шляхоцкіх сем’яў было каля 1500. Але член снэму мусіў сам сябе забяспечваць; таму, як у Польшчы, на пасяджэннях прысутнічалі толькі багацейшыя і паважнейшыя. Бяднейшая шляхта абірала на сваіх акружных асамблеях ад 2 да 6 прадстаўнікоў, якія ўтрымліваліся падчас пасяджэнняў парламенту каралеўскім коштам, але правам прысутнічаць валодаў кожны шляхціч. Пасля 1526 г. Фердынанд даволі ўдала паспрабаваў перашкодзіць абранню шляхты ў парламент, так што другая палата ператварылася фактычна ў манаполію багацейшае шляхты з сярэдняй арыстакратыі. Яна налічвала звычайна ад 100 да 200 членаў, і гэтая лічба ніколі не перавышала 300. Трэцім станам чэшскага парламенту былі месцічы. Гэты выключны феномен сведчыць пра вялікую моц і багацце гарадоў у землях Чэшскай кароны. У гусіцкі перыяд яны забяспечылі і замацавалі свой удзел у снэме, і, хоць панам удалося выключыць іх паміж 1485 і 1508 г., у наступныя гады яны зноў дамагліся доступу ў снэм. Іхнае моцы хапіла нават на тое, каб перажыць карныя захады Фердынанда I, які стараўся пакараць іхны бок у паўстанні 1547 г., звёўшы статус іхных прадстаўнікоў проста да кансультацыйнай рады каралеўскае каморы; аднак яшчэ да ягонае смерці ў 1564 г. гарадскі стан вярнуў сабе сваё ранейшае становішча інтэгральнае часткі парламенту. 30 каралеўскіх і 6 “пасажных” местаў пасылалі дэпутатаў у чэшскі парламент, а яшчэ 6 каралеўскіх — у парламент Маравіі[1]. Гарадскіх дэпутатаў парламенту прызначалі і аплочвалі гарадскія рады; меншыя месты часам згаджаліся на тое, каб іх інтарэсы прадстаўлялі буйнейшыя суседзі. Тры палаты чэшскага парламенту справаваліся з 1440 г. паасобку, і ў кожнай рашэнне прымалася бальшынёй галасоў. На пленарным пасяджэнні (plenum) трох палат, якое канчаткова ўхваляла прынятыя пастановы, кожная палата мела адзін голас, і, каб быць эфектыўным, гэты голас мусіў быць аднадушным.

Вугорскі парламент (Országgyülés) меў найчысцейшы арыстакратычны склад ва ўсёй Цэнтральнай Еўропе. Ён складаўся з дзвюх палатаў (tabulae). Верхняя палата была малой асамблеяй, складзенай з першых асобаў буйных родаў, якіх было прынята запрашаць у парламент асабіста, а таксама двух арцыбіскупаў, біскупаў і некалькіх лідэраў большых рэлігійных канфесій. Паколькі бальшыню буйнейшых дзяржаўных пасадаў займалі пралаты або магнаты, верхняя вугорская палата мела ў значнай меры такі сама алігархічны характар і схільнасці, што і польскі Сенат. Ніжняя палата (tabula inferior) мела неакрэслены склад. Напачатку XVI ст. шляхту запрашалі ў яе viritim (пагалоўна), але паступова пачала пераважаць практыка абрання прадстаўнікоў ад кожнае акругі. У 1552 г. кароль абвясціў, што ён не жадае абцяжарваць шляхту клопатам і выдаткамі прысутнасці ў парламенце і прапануе ім пасылаць сваіх дэлегатаў. Але яшчэ ў 1572 г. некаторых прадстаўнікоў шляхты запрашалі асабіста, праўда, гэта быў ужо апошні такі выпадак. Вугорскія месты выконвалі ў парламенце нязначную ролю: былі прадстаўленыя восем “вольных” местаў і два “горадыкапальні” (bányavárosok) Верхняй Вугоршчыны, аднак іх дэлегаты, калі ўвогуле прыбывалі, не складалі асобнай палаты, але губляліся сярод шляхты, якая напаўняла гэтую tabula inferior.

Хоць станы каралеўстваў Польшчы, Багеміі і Вугоршчыны былі органамі землеўладальнае шляхты, у шмат якіх дачыненнях інтарэсы караля і парламента супадалі. У Вугоршчыне заўсёдная турэцкая пагроза закранала Фердынанда I гэтаксама, як і вугорскі народ; яму былі патрэбныя падаткі з местаў і належных феадалам сялянаў, а панам — габсбургскія войскі для абароны сваіх маёнткаў ад нападаў Сулеймана і ягоных пашаў. Фердынанд не важыўся кранаць вольнасці вугорскае шляхты яшчэ і таму, што баяўся, каб яна не перакінулася ў спаборны лагер у Трансільванію. З гэтай прычыны канстытуцыйная гісторыя Вугоршчыны XVI ст. мела шмат агульнага з гісторыяй Цюдораўскай Англіі; так, у абедзьвюх краінах быў перыяд узаемна карыснага, але што далей то болей складанага супрацоўніцтва паміж Каронай і парламентам; аднак трэба зацеміць два істотныя адрозненні. У Вугоршчыне мясцовае ўрадаванне было ў руках арыстакратычных камітатных (акружных) асамблеяў, а не намінатаў Кароны, адказных перад Тайнаю радай, — і Карона заставалася выбарнаю. Фердынанд разумеў, што ў ягоным становішчы былі два слабыя месцы. Як бы яму ні хацелася паслабіць уладу паноў на парламенцкім і камітатным узроўнях, іх падтрымка была яму настолькі неабходнаю, што ён сама больш мог толькі падпарадкаваць нацыянальную цэнтральную адміністрацыю ўладзе сваіх манархічных інструментаў у Вене. У гэтай абмежаванай дзялянцы ён меў вялікія поспехі. Вугорскай каралеўскай радзе (concilium regis) стала няма чаго рабіць, і тытул каралеўскага радцы зрабіўся чыста ганаровым. Так званую camera regis ён рэарганізаваў у 1528 г. паводле аўстрыйскага і чэшскага ўзору; яна прыпыніла дзейнасць падчас турэцкага крызісу ў 15281531 г., адале аднавілася пад назовам camerae administratio, але толькі дзеля кіравання бюджэтам. Гэты бюджэт выдзяляла ёй венская Hofkammer, якой яна паводле эдыктаў 1548 і 1561 г. пачала цалкам падпарадкоўвацца ва ўсіх справах, апрача некаторых пытанняў мытнай і гандлёвай адміністрацыі. Яшчэ больш дзейсным захадам у справе падпарадкавання вугорскага ўрада Вене стала скасаванне ў Вугоршчыне пасады ваяводы (palatine, nádor) паміж 1532 і 1554 г. У 1554 г. Фердынанд дазволіў парламенту абраць на ваяводу здатнага і вернага Тамаша Надашдзя (Tamás Nádasdy), але па ягонай смерці ў 1562 г. Фердынанд не пажадаў, каб яму быў пераемнік. Ваявода як “locum tenens regis et generalis capitaneus” (“заступнік караля і галоўны староста”), галоўны суддзя, старшыня рады і “афіцыйны пасярэднік паміж шляхтаю валадарства і імператарам”, сапраўды быў занадта незалежны ад знадворнага кантролю, як на Фердынандавыя мэты. Таму для большае часткі сваёй імперыі ён прызначаў не ваяводу, а намесніка (helytartó), які паводле свае пасады не меў ніякае ўлады над вайсковымі сіламі Фердынанда ў Вугоршчыне. Два ягоныя намеснікі, Элек Турзо (Elek Thurzo) і арцыбіскуп Пал Вардай (Pál Várdai), мелі намесніцкую раду, якая была пад час гэтага панавання галоўным інструментам захавання вугорскай дзяржаўнасці і незалежнасці яе правасуддзя.

Зрабіўшыся каралём Вугоршчыны і Чэхіі, Фердынанд ператварыў цэнтральныя венскія дзяржаўныя ўстановы ў органы, якія вызначалі і прадпісвалі палітыку для ўсяго ягонага гаспадарства. Персанал гэтых цэнтральных дэпартаментаў складаўся выключна з немцаў, Фердынандавых міністраў і чыноўнікаў, хоць у некаторых з іх і былі сакратары або камітэты па вугорскіх і чэшскіх справах. Гэта былі Дворская канцылярыя (Hofkanzlei), Дворская палата (Hofkammer), якія давалі інструкцыі мясцовым палатам у фінансавых справах, Дворская рада (Hofrat) і ўсемагутная Тайная рада (Geheimrat); апошнюю складалі 45 немцаў, якія давалі каралю парады ў замежнай палітыцы і ягоных асабістых і сямейных справах і ўкладалі парадак дня Чэшскага, Вугорскага і іншых парламентаў.

Яшчэ адзін вялікі клопат для Фердынанда палягаў у выбарным характары ягонае манархіі. У 1526 г. Мараўскія станы прызналі за законнага спадкаемцу яго жонку Ганну, сястру караля Людвіка, якая перадала свае правы Фердынанду; а Сілезскія станы прынялі Фердынанда як “спадчыннага і абранага караля”. Але чэшскі парламент проста выбраў яго з шэрагу кандыдатаў і настойваў, каб ён апублікаваў revers, у якім бы абвясціў, што станы абралі яго свабодным чынам, што яго наступнік не стане каралём, пакуль не будзе каранаваны, і што любы яго замежны наступнік павінен прыняць прысягу на мяжы, перш чым уедзе ў каралеўства. У сваёй каранацыйнай прысязе Фердынанд мусіў дэклараваць, што захавае чэшскія станы ў іхных “парадку, правох і прывілеях” і не будзе нікому саступаць земляў Кароны. У Вугоршчыне ў 1526 г. Фердынанд знаходзіўся напачатку ў яшчэ далікатнейшым становішчы. Запольяі быў ужо абраны бальшынёю паноў, і таму, каб увогуле замацаваць сваё становішча, Фердынанд на элекцыйным сойме ў Прэшбургу мусіў пагадзіцца, што будзе захоўваць законы і звычаі каралеўства, не ўвядзе іншаземцаў у сваю вугорскую раду і не стане надаваць ім маёнткаў. Пасля абрання Фердынанд абвясціў, як раней у Чэхіі, што свой трон ён атрымаў праз сапраўдныя і добраахвотныя выбары. Але да ўмацавання Габсбургаў на вугорскім і чэшскім пасадзе Фердынанд спрычыніўся якраз тым, што яму ўдалося сцерці з актаў свайго панавання гэтую прыкрую старонку. У 1539 г. ён зрабіў у гэтым кірунку першую спробу, запатрабаваўшы ад вугорскага парламенту прызнаць, што ён заняў пасад правам спадчыны; на гэта парламент не пагадзіўся, але ў статуце 1547 г. вугорскія станы дайшлі да таго, што абвясцілі: гэтым яны “аддаюцца панаванню і ўладзе не толькі Яго Вялікасці, але і ягоных спадкаемцаў навекі”. Пры канцы свайго жыцця Фердынанд папрасіў каранаваць Максіміліяна без выбараў; станы завагаліся, але настойваць не сталі, і ў 1563 г. парламент дазволіў Максіміліяну каранавацца такім парадкам пры жыцці ягонага бацькі. Кароль не выканаў нават адзінай умовы, выстаўленай парламентам — выбарнасці ваяводы.

Намаганні зрабіць сваю чэшскую карону спадчыннай яшчэ ясней сведчаць пра ўпарты апартунізм Фердынанда. У наступным годзе па ягоным выбранні прадажныя і тупаватыя чэшскія магнаты прымусілі снэм абвясціць, што дарослы спадкаемца караля можа каранавацца пры жыцці свайго бацькі пры ўмове, што прысягне захоўваць “вольнасць краіны”. У 1541 г. адбыўся няшчасны выпадак, з якога Фердынанд паспяшаў скарыстаць: чэшскія земскія кнігі, дзе былі занатаваныя ўсе ўрачыстыя дзяржаўныя акты, загінулі ў агні[*], і Фердынанд падбаў, каб revers 1526 г., у якім ён прызнаваў сябе ўсяго толькі выбарным каралём, пры ўкладанні новых кніг на замену старых быў прапушчаны. У 1545 г. Фердынанд зрабіў спробу пазітыўнага захаду, накідаўшы revers, у якім цвердзілася, што “Станы Чэхіі прызналі і прынялі каралеву Ганну як спадкаемцу па яе браце Людвіку, а тады абралі і прынялі Фердынанда з свае свабоднае і добрае волі”. Станам хапіла розуму, каб не дазволіць запісаць у земскія кнігі такую небяспечную дэкларацыю. Лепшую нагоду прынесла няўдалае паўстанне 1547 г. — найважнейшы крызіс у чэшскай канстытуцыйнай гісторыі аж да 1618 г. У 1546 г. канфлікт, які доўга наспяваў у Нямеччыне, выбухнуў Шмалькальдэнскай вайной. Фердынанд спрабаваў дамагчыся ад чэшскага парламенту людзей і грошай для вайны з нямецкімі князяміпратэстантамі; аднак чэшскія паны з надзвычайным, але няўчасным імпэтам вырашылі падтрымаць Яна Фрыдэрыка Саксонскага. Ледзьве пачалі яны брацца за зброю дзеля гэтай здрадніцкай мэты, як той пацярпеў паразу і трапіў пад Мюльбэргам у палон, што аддало ўсе чэшскія вольнасці на ласку Фердынанда. Ніколі не выяўляў ён большае палітычнае праніклівасці, чым у гэтым выпадку. Ведаючы, што напэўна здабудзе падтрымку паноў, уціскаючы групы, да якіх тыя адчувалі сектанцкую і эканамічную рэўнасць, ён зрабіў ахвярнымі казламі за панскі мяцеж багемскіх братоў і месты. Супроць братоў быў абвешчаны дэкрэт пра выгнанне; гарады кароль пазбавіў самакіравання, іх выбарныя магістраты былі замененыя на прызначаных каралём гэйтманаў і камісараў (rychtáři), а належная ім нерухомасць была сканфіскаваная. Вінаватым панам Фердынанд не толькі дараваў, але нават здабыў іх падтрымку, абвясціўшы, што “Яго Вялікасць не жадае рабіць нічога, што закранала б свабоду і прывілеі станаў”. Характэрна, што ён скарыстаў свой трыумф 1547 г., каб пераканаць чэшскіх паноў упісаць revers 1545 г. у “Зямельны Ардананс” 1549 г. і абвясціць, што “прывілей Чэшскіх земляў уключае ў сябе прынцып, паводле якога старэйшы сын кожнага караля мае стаць каралём Чэхіі да смерці свайго бацькі”. У тым самым годзе Чэшскі парламент пакорліва прыняў Максіміліяна II пры жыцці яго бацькі як спадчыннага і нявыбарнага караля, гэтаксама як пазней ён прыняў і абвясціў каралём Максіміліянавага сына Рудольфа II за два гады да бацькавай смерці.

У Польшчы канстытуцыйны працэс не прывёў у XVI ст. да такога ўзмацнення манархічнае ўлады, якога дамагліся габсбургскія ўладары ў Чэхіі і, у меншай ступені, у Вугоршчыне. Сапраўды, канец дынастыі Ягайлавічаў у 1572 г. і няўдача, якая потым напаткала спробы Генрыха Анжуйскага і Стэфана Баторыя ўсталяваць на польскім троне адпаведна дынастыю Валуа або Трансільванскую, скіравалі Польшчу на шлях арыстакратычнай анархіі, якая зрабіла з яе ўзорны прыклад палітычнай няздатнасці. Нельга казаць, што Жыгімонт I (150648) або Жыгімонт II (154872) былі некампетэнтнымі ці не ўсведамлялі задачы, якую паставіла ХVI ст. перад еўрапейскімі ўладарамі. Жыгімонт I сапраўды меў задаткі аўтакрата і, пад’юджаны сваёй другой жонкай Бонай Сфорца, якая завезла ў Кракаў майстэрства дзяржаўнага кіравання, уласцівае міланскім дэспатам, змагаўся за сцвярджэнне свае ўлады. Тое сама рабіў і ягоны сын, Жыгімонт Аўгуст, прынамсі да 1562 г., калі ён, відаць, прымірыўся з неабходнасцю дзяліцца ўладай са шляхтай.

Ужо напачатку стагоддзя канстытуцыйнае становішча польскае манархіі было слабое. Казімір IV (144792) свядома лічыў магчымасць тэрытарыяльных набыткаў важнейшаю за сцвярджэнне свае ўнутранае ўлады і зрабіў багата саступак шляхце, каб здабыць яе падтрымку ў сваіх планах адносна Сілезіі і Прусіі. Два ягоныя сыны, Ян Альбрэхт (14921501) і Аляксандр (15011506), спадкавалі па ім не паводле права першародства (у іх быў старэйшы брат, Уладыслаў, кароль Чэхіі і Вугоршчыны), а паводле выбараў, за якія яны мусілі плаціць саступкамі, і іхныя панаванні былі так перапоўненыя ваеннымі няшчасцямі і такія нядоўгія, што стрымаць рост улады алігархічнага сенату ім не ўдалося. Славутая Аляксандрава канстытуцыя 1505 г., вядомая як Nihil novi (“Нічога новага”), фактычна абвяшчала: “адгэтуль і надалей ні намі, ні нашымі наступнікамі без поўнае згоды рады і дэлегатаў ад паноў не можа быць усталявана ніякая навіна, якая магла б быць шкоднаю для Рэчы Паспалітай, або шкоднай ці крыўднай для любой прыватнай асобы, або накіраванай на змену агульнага права і грамадскай свабоды”.

Жыгімонт Стары, наймалодшы з пяцёх Казіміравых сыноў і трэці з іх на польскім троне, быў адораны мацнейшым характарам і глыбейшым палітычным розумам і панаваў даўжэй, чым два ягоныя папярэднікі; апроч таго, ён меў сына і нашчадка — найкаштоўнейшая вартасць, якой тым неставала. У 1530 г., калі маладому Жыгімонту было ўсяго дзесяць гадоў, каралева Бона і яе муж хітрасцю прымусілі сойм абраць яго каралём Польшчы, так што ён у любы момант мог без лішняга клопату заняць бацькава месца. Але магнаты неўзабаве зразумелі дурату гэтага чыну. Яны пачалі няспынна турбаваць Жыгімонта I гучным патрабаваннем, як яны казалі, “экзекуцыі правоў” (выканання законаў). Гэтая славутая праграма, упершыню абвешчаная на сойме ў Быдгашчы (Бромбэргу) у 1520 г., патрабавала склікання нацыянальнай юрыдычнай рады (conventus justitiae), якая была павінна сабраць усе законы, зрэфармаваць іх, уніфікаваць, кадыфікаваць і прывесці ў дзейнасць; гэта была праграма замацавання на вякі і практычнага ажыццяўлення ўсяго комплексу арыстакратычных прывілеяў, вырваных ў манархіі за апошнія два стагоддзі. Да гэтае прапановы было далучана патрабаванне “egzekucji dóbr”, г.зн. адкупу каронай адчужаных земляў. Парламент таксама няспынна намагаўся вывесці шляхту зпад юрысдыкцыі касцельных судоў, і ўрэшце гэта яму ўдалося. Першы значны поспех быў дасягнуты парламентамі ў 1538 і 1539 г. у Пётркаве і Кракаве, дзе Жыгімонта I прымусілі паабяцаць, што ён ніколі не будзе парушаць законаў або выдаваць канстытуцыі sua sponte (з уласнае волі); яго таксама прымусілі абвясціць, што абранне ягонага сына ў 1530 г. было незаконным і што па смерці малодшага Жыгімонта новы кароль будзе абірацца з удзелам усяе шляхты. Такім чынам, адзінае, чаго дамогся Жыгімонт, гэта пераняцце пасаду ягоным сынам у 1548 г. без новых выбараў.

Галоўнай праблемаю панавання Жыгімонта II Аўгуста  былі ўздым і прэтэнзіі шляхты, цяпер у значнай меры пратэстанцкай, і доўгая барацьба за Інфлянты і Беларусь з Іванам Жахлівым, якая вымагала шмат грошай; гэтыя клопаты настолькі паглыналі ўвагу ўладара, што ён не меў ні вольнага часу, ні нагоды, каб даць рады канстытуцыйнаму канфлікту. У 1562 г. ён папусціў “экзекуцыю” каронных земляў, незаконна адчуджаных з 1504 г. У 1569 г., калі парламенты каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага злучыліся праз Люблінскую унію, яму не ўдалося перашкодзіць пашырэнню юрыдычных і эканамічных прывілеяў польскае шляхты на ўсё разлеглае Літоўскае гаспадарства. Жыгімонт Аўгуст памёр у 1572 г., не пакінуўшы па сабе сына, які мог бы ўспадкаваць ягоны пасад, і аддаўшы карону на торг моцным і незалежным цяпер магнатам. З гэтае нагоды яны скарысталі з проста катастрафічным поспехам, абавязаўшы абранага імі кандыдата, Генрыха Анжуйскага, як найцвярдзей дэклараваць пашану усіх іхных свабодаў — палітычных, сацыяльных, эканамічных і рэлігійных, якія з брутальнай яснасцю і велізарнай дэталёвасцю былі вызначаныя ў трох дакументах: у Pacta Conventa (“Добраахвотным пагадненні”), у рэлігійнай хартыі, вядомай як “Варшаўская канфедэрацыя”, і ў “Генрыкавых артыкулах”. Гэтыя апошнія падсумавалі перамогу шляхты ў пункце “de non praestanda obedientia” (“пра невыказванне паслушэнства”): “калі кароль будзе дзейнічаць насуперак гэтым правам, вольнасцям, артыкулам і ўмовам, або не будзе іх выконваць, ён гэтым вызваляе шляхту ад паслушэнства і вернасці, якія ад іх яму належаць”. Перамогу польскіх паноў замацавалі далейшыя дынастычныя катастрофы. Генрых Анжуйскі, правёўшы ў Польшчы ўсяго некалькі месяцаў, ухапіўся за магчымасць спадкаваць па сваім браце Шарлі IX французскі каралеўскі пасад, абы ўцячы з нязручнага польскага. Гэта адбылося ў 1574 г. Ягоны абраны наступнік, Стэфан Баторы, князь трансільванскі, за войнамі з Масквой паспеў толькі распачаць атаку на пратэстанцкія супольнасці ў Польшчы; памёршы ў 1586 г., ён таксама не пакінуў сына. Шляхта абрала яму на змену Жыгімонта III, першага з трох каралёў дынастыі Вазаў. Але было ўжо запозна. Польшча апынулася ў моцных руках землеўласніцкае меншыні, страціўшы нагоду здабыць палітычную веліч, магчымую пры яе памерах, багацці і нацыянальным геніі, калі б гэты канфлікт XVI ст. паміж класам і нацыяй быў развязаны інакш.

З трох нацыяў, пра якія ідзецца ў гэтым раздзеле, толькі палякі зрабілі навуковую спробу рацыяналізаваць практыку арыстакратыі. Польскія магнаты і дзяржаўныя чыноўнікі знаходзіліся ў шчыльнейшым кантакце з французскімі, італьянскімі і нямецкімі вучонымі, чымся чэхі, адрэзаныя ад гэтых краёў сваёй ерассю, або мадзьяры з іх менш развітаю культурай і клопатамі аб турэцкай навале. Звесткі пра мадзьярскую і чэшскую палітычную тэорыю даводзіцца па драбніцы выбіраць амаль выключна з “Кніг Законаў”, напісаных такімі Брэктанамі XVI ст., як Віктарын Карнэль з Вшэгрду (Victorin Cornel) і Іштван Вэрбёцы (István Verböczy). Карнэлева кніга, “Пра законы Чэшскае Зямлі”, была завершаная да 1508 г. Яна складаецца пераважна з апісання таго, якім чынам земскі суд (zemský soud) ажыццяўляе сваю юрысдыкцыю і як выглядае юрыдычная працэдура, звязаная з зямельнымі рэестрамі (zemské desky); у абодвух гэтых цэнтральных землеўласніцкіх органах ён знаходзіць заганы і прапануе рэформы. Карнэль, намеснік сакратара зямельных рэестраў, падыходзіў да праблемаў, шукаючы, як юрыст і бюракрат, эфектыўнасці, і прагнуў скасаваць найбольш абуральныя і адвольныя прывілеі паноў у інтарэсах не толькі дзяржавы, але і сялянаў. Але найбольш славутым і важным юрыдычным трактатам гэтага тыпу быў Tripartitum opus iuris consuetudinarii inclyti regni Hungariae (“Трохчасткавы збор звычаёвага права слаўнага каралеўства Вугоршчыны”) Іштвана Вэрбёцы, складзены паводле патрабавання караля вугорскага Ўласла (Уладыслава) і ўхвалены апошнім у 1513 г. Вугорскі парламент ніколі не прымаў гэтую працу ў якасці статута, але фактычна яна стала вырашальным аўтарытэтам для звычайных судоў і больш за тры стагоддзі ляжала ў аснове вугорскага канстытуцыйнага і прыватнага права. Гаворка ў Tripartitum ідзе перадусім аб праве нерухомай маёмасці, і ўся яго доўгая першая частка, прысвечаная спадчыннаму, канфіскацыйнаму, кантрактнаму, пасажнаму і апякунчаму заканадаўству — гэта чыста звычаёвае права. Вэрбёцы прымае без доказаў, што паходжанне і апраўданне валодання нерухомасцю і звязаны з ім шляхотны статус ёсць узнагарода, дадзеная князем за praeclara facinora (слаўныя ўчынкі), і праз гэтую ўзнагароду ўсталёўваюцца двухбаковыя стасункі: “Бо князя абірае толькі шляхта, і шляхціч атрымлівае сваю шляхоцкую годнасць ад князя”. Другая частка Tripartitum тычыцца судовага працэсу ў крымінальных справах і адкрываецца абмеркаваннем заканадаўчае ўлады, у якім Вэрбёцы кажа, што фундаментальныя законы (constitutiones) могуць стварацца толькі ў супрацоўніцтве князя з народам, і што такія законы “абавязваюць у першую чаргу самога князя, які даў іх народу на яго (народа) патрабаванне, згодна з прынцыпам: „Спаўняй закон, які ты сам усталяваў“”. У трэцяй частцы Tripartitum разглядаюцца ніжэйшыя заканадаўчыя органы: Харвацкі і Трансільванскі соймы, камітаты, каралеўскія і парламенцкія гарады, а таксама гільдыі. На заканчэнне ўсяе працы даецца вызначэнне юрыдычнага і судовага становішча прыгонных (jobbagiones), дзе сцвярджаецца, што хоць сяляне мелі раней права змяняць месца жыхарства, гэтае права было ў іх адабрана праз іхнае нядаўняе паўстанне[2] — здраду, якая падпарадкавала іх сваім землеўласнікам mera et perpetua rusticitate (“поўнай і вечнай вясковасцю”).

Польскія паны заўсёды шкадавалі, што ў іх няма такога аўтарытэтнага сцвярджэння сваіх вольнасцяў і прывілеяў, якое Вэрбёцы зрабіў для вугорцаў. У працэсе парламенцкай агітацыі за “выкананне законаў” польскія публіцысты і цывільныя службоўцы стварылі плойму трактатаў і прамоваў, якія ў сукупнасці даюць досыць аднародную тэорыю суверэннасці станаў. Мабыць, найбольш таленавітая праца такога кшталту — “Павучанне пра тое, як стацца добрым уладаром”, адрасаванае Станіславам Ажахоўскім новакаранаванаму Жыгімонту Аўгусту ў 1549 г., пад назовам Subditus Fidelis (“Верны падданы”). Сцвердзіўшы сваю тэзу, што “шляхецкі стан ёсць аснова дзяржавы”, ён кажа далей: “…караля выбіраюць дзеля каралеўства, а не каралеўства існуе дзеля караля. Бо Закон, паколькі ён душа і розум каралеўства, несумненна мацнейшы за каралеўства, а значыць, і за караля. … Таму калі нейкі льсцівы трыбаніец або ульпіец у рымскай службе кажа табе, што ты ў тваёй дзяржаве найвышэйшы, запярэч на гэта і скажы яму, што ў тваёй краіне пануе закон”.

Ажахоўскі цалкам перакананы, што Польшча — адзіны прытулак свабоды. У сваёй прамове 1553 г. “Oratio ad equites Polonos” (“Прамова да польскае шляхты”) ён пытаўся: “Ці можаце вы паказаць мне вольную краіну, якую вы бачылі або пра якую чулі, апрача Польшчы? … Чэхі, нашае крыві і роду, ці ж шмат захавалі з сваіх законаў? … Не кажу нічога пра Англію, якая пабачыла, як двух вялікіх светнікаў, яе сенатараў, Джона біскупа Рочэстарскага і Томаса Мора, сцінае сякера ката”.

Найвялікшым дасягненнем палітычнае думкі, якую стымуляваў польскі канстытуцыйны эксперымент XVI ст., быў трактат Анджэя Фрыча Маджэўскага “De Republica Emendanda” (“Пра ўдасканаленне Рэчы Паспалітае”), напісаны ў 1551 і апублікаваны ў 1558 г. Ён пачынаецца з цыцэронавага вызначэння дзяржавы і ідэалу мяшанага дзяржаўнага ладу. Кароль павінен быць выбарны, прычым абірацца павінен не за сваё нараджэнне, а за веданне майстэрства дзяржаўнага кіравання: “І паколькі каралі польскія не родзяцца, але з дазволу ўсіх станаў бываюць абіраныя, то не выпадае ім так тае ўлады ўжываць, каб паводле ўласнае волі або законы ўсталёўваць, або падатак на падданых накладаць… Бо яны ўсё чыняць або паводле грамадскае згоды ўсіх станаў, або паводле заканадаўчых абмежаванняў…”.

Ніякі закон не можа быць прыняты, не маючы ўхвалы шляхецкага стану (ordo equestris) і сенату. Як на станах ляжыць абавязак ратаваць дзяржаву ад небяспекі каралеўскае тыраніі, так і кароль павінен перашкаджаць несправядліваму ажыццяўленню алігархічных прывілеяў. Маджэўскі не абмяжоўваецца абстрактнай тэорыяй; значная частка ягонае кнігі прысвечаная выкладу станоўчых функцыяў добраўпарадкаванай дзяржавы: забеспячэнню адукацыі, кантролю над гандлем, клопату пра бедных. Ёсць раздзел (I, XVIII) пра абавязак дзяржавы будаваць працоўныя дамы, які мог бы быць напісаны самім Эдвінам Чэдвікам (Edwin Chadwick, 1800—1841). Ягонае сумленне непакоіў той факт, што Польшча, у адрозненне ад Нямеччыны, дазваляла прыгон. Зноў і зноў ён настойвае, што закон — не проста арыстакратычны прывілей, ён павінен быць роўны для ўсіх: “Калі мы пазбавім прыгонных права клікаць сваіх паноў да адказнасці, мы пазбавім іх усялякае вольнасці. Калі мы дамо панам права судзіць сваіх прыгонных у сваіх інтарэсах, мы знішчым прынцып справядлівага суда”. Трактат De Republica Emendanda сканчаецца палкай атакай на фіскальную сістэму, паводле якой паны, самі вольныя ад падаткаў, ускладаюць усе кошты нацыянальнае абароны на плечы ўбогіх сялянаў. Вера Маджэўскага ў тое, што калі б гарманічны дзяржаўны лад польскай Рэчы Паспалітае ўдалося ачысціць ад несправядлівасцяў, яна стала б найдасканалейшай з дзяржаваў, магчыма, была хаўтурным словам над сярэднявечнай Еўропай; але адначасна яна нясе ў сабе ідэю дзяржавы, у якой пануе справядлівасць, а пажытак паспаліты — найвышэйшая мэта ўрадa і законa.

Публікацыя і ўступ Алеся Белага.
З ангельскай пераклаў Мікола Раманоўскі.


[*] Вялікі пажар у Празе 2 чэрвеня 1541 г., у якім, у прыватнасці, загінуў сын Францішка Скарыны Францішак.
[1] Месты таксама былі прадстаўленыя ў парламентах Сілезіі і Лужыцаў. Таксама варта згадаць, што ў адрозненне ад самой Чэхіі, у парламентах Маравіі, Верхняй і Ніжняй Сілезіі і Верхніх (але не Ніжніх) Лужыцаў існавалі асобныя палаты каталіцкіх пралатаў.
[2] Дожы 1514 г.

Наверх

Fugеdі, Еrіk. Тhе Еlefanthy / The Hungarіan Nobleman and Hіs Kіndred (Уладзімір Канановіч)

Снежня 1, 1999 |

Fugеdі, Еrік. Тhе Еlefanthy / The Hungarіan Nobleman and Hіs Kіndred. Edіted by D. Karbіc, foreword by J.M.Bak. Budapest: Central European Unіversіty Press, 1998. 174.

У 1475 г. пасол венгерскага караля Мацея Корвіна пад час візіту да міланскага герцага ахарактарызаваў Венгрыю як краіну 1700 шляхецкіх родаў. Іх прадстаўнікі, незалежна ад іхнай этнічнай і канфесійнай прыналежнасці, складалі палітычную эліту каралеўства cв.Стэфана, або інакш кажучы Natіo Hungarіca. Aднаму з гэтых 1700 рoдaў і прысвечана даследаванне слыннага венгерскага гісторыка Эрыка Фюгедзі (1916—1992).

Выбар даследчыка не выглядае выпадковым. Сам Фюгедзі паходзіў з таго самага рэгіёну, дзе былі карані шляхецкага дома Элефанці (Еlefanthy). Маёнтак Элефант, ад якога гэты род прыдбаў сваё прозвішча, знаходзіўся ў графстве Нітра ў Верхняй Венгрыі (як тады называлася Славакія). Гэтаксама і першая буйная навуковая праца Э.Фюгедзі была прысвечана паселішчам у графстве Нітра[1]. Менавіта ў гэты час (канец 30-х—40 г.) ён сур’ёзна зацікавіўся даследаван нем гісторыі і культуры шляхты сярэднявечнай Венгрыі. Нават наступнае працяглае адлучэнне па палітычных матывах ад навуковай дзейнасці не змагло паўплываць на намер Фюгедзі займацца сацыяльнай гісторыяй. Вярнуўшыся ў вялікую навуку (1961 г.), ён спярша даследуе гарадскую тэматыку[2], а потым, нарэшце, засяроджваецца на сваім даўнім навуковым інтарэсе — даследаванні сярэднявечных эліт Венгерскага каралеўства[3].

Сваёй працай Эрык Фюгедзі, як адзначаюць спецыялісты, рэпрэзентуе якасна новы ўзровень вывучэння сацыяльнай гісторыі венгерскай шляхты ў эпоху Сярэднявечча. Каб ацаніць рэальны ўнёсак даследчыка ў сучасную венгерскую гістарыяграфію, трэба сцісла нагадаць пра асноўныя этапы ў вывучэнні праблемы ў апошняе стагоддзе. У ХІХ ст. сярод гісторыкаў пераважаў ідылічны, у пэўнай ступені нават хвалебны вобраз венгерскай шляхты, які, аднак, у пачатку ХХ ст. стаў прадметам грунтоўнага пераасэнсавання. Наступныя пакаленні даследчыкаў, сярод якіх можна згадаць такія вядомыя імёны, як Петэр Вацы (Peter Váczy), Енё Сюч (Jeno Szücs), Iштван Саба (István Szábo), Пал Энгель (Pál Engel), вывучалі перадусім сацыяльна -эканамічнае становішча, юрыдычны статус, а таксама дэмаграфічныя фактары развіцця шляхецкага стану ў сярэднявечнай Венгрыі. Абапіраючыся на дасягненні вышэйзгаданых гісторыкаў, Фюгедзі зрабіў паспяховую спробу даследаваць унутраную структуру і розныя аспекты штодзённага жыцця шляхты. У якасці канкрэтнай сацыяльнай адзінкі аўтар выбраў для вывучэння род (сям’ю)[4], якая ў сярэдневеччы з’яўлялася асновай біялагічнага ўзнаўлення і крыніцай сацыяльнага прэстыжу шляхецкага грамадства.

Даследчыцкі метад, што выкарыстоўвае Эрык Фюгедзі, адпавядае метадам школы «Аналаў», з якой аўтар азнаёміўся пад час працяглага стажу ў Парыжы ў пачатку 70-х г. Даследчык быў адным з першых венгерскіх гісторыкаў, хто пачаў прымяняць метады культурнай антрапалогіі, этнаграфіі і сацыялогіі. Асаблівасцю Фюгедзі як вучонага стаў вывераны, разважлівы падыход, асабліва ў гістарычнай тэрміналогіі.

Напачатку даследавання аўтар спрабуе суаднесці нормы венгерскага звычаёвага права, выкладзеныя ў вядомым кодэксе Стэфана Вербёцы (1514)[5], з тагачаснай практыкай, якая вызначала дзеянні шляхты каралеўства. Фюгедзі робіць выснову, што некаторыя нормы, асабліва ў дачыненні да шляхецкага статуса, правоў спадчыны і шлюбу, не заўжды адпавядалі рэальнаму жыццю грамадства. Ён прасочвае лёс розных галінаў роду Элефанці на на працягу некалькіх стагоддзяў, ад іхнага міфічнага паходжання ў канцы ХІ — пачатку ХІІ ст. прыкладна да 1490 г., г.зн. да смерці караля Мацея Корвіна і ўсталявання ў каралеўстве дынастыі Ягайлавічаў. Асаблівая ўвага звяртаецца на маёмасную палітыку і пытанні, звязаныя са спадчынай унутры роду, шлюбную стратэгію ягоных прадстаўнікоў, іхную вайсковую службу, стасункі з царквою, каралеўскай уладай, сувязі з іншымі шляхецкімі і арыстакратычнымі родамі Венгрыі, нарэшце, дзейнасць на мясцовым узроўні (перадусім у графстве Нітра).

Завяршаецца праца некаторымі абагульненнямі наконт стратыфікацыі, рэальнага маёмаснага становішча шляхецкага стану, інстытута кліентэлы ў сярэднявечнай Венгрыі. На жаль, абмежаваная база крыніц не дазволіла больш дэталёва асвятліць вышэйзгаданыя аспекты гісторыі сям’і Элефанці, што добра ўсведамляў і сам даследчык. Сваю працу ён успрымаў як падмурак для далейшых падобных даследаванняў у галіне сацыяльнай гісторыі[6].

Наватарская праца Эрыка Фюгедзі cтала важнай з’явай сучаснай венгерскай гістарыяграфіі. Як адзначыў вядомы медыевіст Я.Бак, яна ўяўляе прыклад крытычнага падыходу да вывучэння грамадства сярэднявечнай Венгрыі, які спрыяе пераадоленню рамантычнага вобразу айчыннай мінуўшчыны. Разам з тым, для гісторыкаў краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы гэтая праца становіць ўзор магчымага падыходу да глыбокага вывучэння палітычных эліт рэгіёна. Падобныя даследаванні спрыяюць ажыўленню даследчыцкага інтарэсу, асабліва сярод моладзі, да праблемаў сацыяльнай гісторыі (пацвярджэннем таму праект «Nobility in Medieval and Early Modern Central Europe: A Comparative Study in Social Structure», распачаты ў Цэнтральным Еўрапейскім Універсітэце ў 1996 г.). Метады, прапанаваныя Фюгедзі, маглі б прымяняцца і да вывучэння грамадства ВКЛ, асабліва з улікам таго, што статус, тэндэнцыі развіцця і высокая ўдзельная вага шляхецкага стану ў ВКЛ, Венгрыі і Польшчы былі вельмі блізкімі.

Уладзімір Канановіч
Менск


[1] Fugedi E. Nyitra megye betelepulese // Százádok, 72 (1938), 273—319, 488—500.
[2] Даследаванні Э.Фюгедзі па гарадской тэматыцы прадстаўлены шэрагам артыкулаў у кнізе: Fugedi Е. Kings, Bishops and Burgers in Medieval Hungary. London, 1989.
[3] Акрамя папярэдняй працы гл.: Fugedi E. Castle and Society in Medieval Hungary. Budapest, 1983.
[4] Гэтая сацыяльная адзінка ў венгерскіх сярэднявечных крыніцах называлася genus ці generatіo.У сучаснай венгерскай мове гэтаму тэрміну, на думку аўтара, найлепей адпавядае слова klan. У англійскім перакладзе паўсюдна выкарыстоўваецца тэрмін kindred, які азначае рэальную або фіктыўную кроўную роднасць.
[5] Вядомы таксама як «Tripartitum».
[6] Fugedi E. Op. cit. P. 142.

Unia Lubelska i tradycje integracyjne w Europie Środkowo–Wschodniej (Генадзь Сагановіч)

Лістапада 30, 1999 |

Unia Lubelska i tradycje integracyjne w Europie Środkowo–Wschodniej. Redakcja naukowa Jerzy Kłoczowski, Pawel Kras, Hubert Łaszkiewicz. Lublin, 1999. 224.

У кнігу ўвайшлі ў асноўным матэрыялы міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 425–й гадавіне Люблінскай уніі (частка тэкстаў рыхтавалася спецыяльна, як і змешчаная ў дадатку выбраная бібліяграфія па праблеме уніі). Навуковы форум гісторыкаў Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны пад назвай «Люблінская унія ды інтэграцыйныя традыцыі ў Цэнтральна–Усходняй Еўропе» праходзіў яшчэ летам 1994 г. у Любліне, дзе яго арганізаваў Інстытут Цэнтральна–Усходняй Еўропы — што цікава — з ініцыятывы беларускага боку.

Прафесар Ежы Клачоўскі ў невялікім уступным дакладзе ёмка і глыбока акрэсліў праблематыку уніі, яе актуальнасць для сучаснай Еўропы, прычым не толькі для Цэнтральна–Усходняй, народы якой, стаўшы пасля развалу СССР незалежнымі, мусяць знайсці формы добрага паразумення і далучэння да Еўрапейскай уніі, але для ўсяго еўрапейскага кантынента, які шукае шляхоў далейшай вольнай інтэграцыі. У такой перспектыве гістарычны вопыт нашых чатырох народаў даўняй Рэчы Паспалітай надзвычай каштоўны для Еўропы. Як не згадаць таго, што былі стагоддзі, калі яны не залежалі ні ад Расіі, ні ад Аўстра–Венгрыі, ні ад Нямеччыны, і пры гэтым (ці, пэўна, дзякуючы гэтаму) добра сабе радзілі. Гэта акурат тая эпоха, у якой нашыя дзяржавы лучыла унія, канчаткова аформленая ў Любліне. Гэта часы, якія дагэтуль выклікаюць у нас найглыбейшы сантымент, пра што так слушна сказаў Е.Клачоўскі: «Цяпер з еўрапейскай гісторыі нам бліжэй … эпоха перадабсалютыстычная з усім яе багаццем рэгіянальнай разнастайнасці, вольных ініцыятыў і сілаў, яе захапляльных – у тых умовах — дасягненняў, яе змаганняў за свабоду з усялякімі тыранамі» (10).

Цэнтральнай публікацыяй кнігі з’яўляецца, несумненна, аб’ёмны даклад найлепшага знаўцы праблемы Юліуша Бардаха («Od aktu w Krewie do Zaręczenia Wzajemnego Obojga Narodów: 1385—1791», s.12—34). Пра яго значэнне сведчыць і тое, што рэзюмэ да гэтай публікацыі перакладзена на беларускую, літоўскую і ўкраінскую мовы. Вучоны паказаў актуальны стан даследаванняў і акрэсліў асноўныя погляды на сутнасць і значэнне уніі ад падпісання першага акту ў Крэве да апошніх гадоў існавання шляхецкай рэспублікі. Рэзюмуючы, ён зазначыў, што унія была выдатным тварэннем «не праз сваю выключнасць, а праз час трывання – чатыры стагоддзі, а ў грамадскай свядомасці значна даўжэй, аж да канца ХІХ ст.», падкрэсліўшы, што цяпер яна ёсць «супольнай гістарычнай спадчынай палякаў, літоўцаў, беларусаў і украінцаў» (34).

У іншых дакладах разгледжаны самыя розныя аспекты унійнай праблематыкі. На праўных аспектах уніі Кароны і Вялікага Княства ў ХVІІ–ХVІІІ ст. засяродзіўся другі варшаўскі гісторык права Анджэй Закшэўскі («Prawno–ustrojowe aspekty związku Polski i Litwy», s.106—107). Канстатаваўшы, што традыцыйнае меркаванне аб тым, быццам Канстытуцыя 3 траўня уніфікавала лад Рэчы Паспалітай, даўно абвергнута даследаваннямі Е.Мальца, Е.Міхальскага і Ю.Бардаха, ён зазначыў, што новае разуменне пастаноў Вялікага Сойму вымагае дыскусій. Дадам, што гэта найбольш актуальна для гісторыкаў беларускіх, якімі яно яшчэ зусім не акцэптаванае. Браніслаў Макоўскі прэзентаваў асноўныя моманты разумення унійнай праблемы літоўскімі гісторыкамі (такімі, як А.Шапока, К.Авіжоніс, Б.Дундуліс, Ю.Якштас, А.Тыла, М.Ючас і З.Кяўпа) (45—49). Анджэй Вычаньскі (Варшава) разглядзеў магчымасці новага разумення праблемы уніі ў перспектыве яе супольнага даследавання (103—105), Эва Дубась–Урбановіч (Беласток) – стаўленне Кароны да Люблінскай уніі ў гады бескаралеўя і пасля смерці Жыгімонта Аўгуста (89—94), Януш Тазбір (Варшава) — канфесійную, культурную і дзяржаўна–палітычную спецыфіку Рэчы Паспалітай ХVІІ ст. (127—133), Ежы Урвановіч (Беласток) і Збігнеў Вуйцік (Варшава) разгледзелі праблемы так званага літоўскага сепаратызму (адпаведна s.95—98 і 100—102). Апошні на старонках гэтага ж выдання прэзентаваў таксама канцэпцыю федэралізму былога Вялікага Княства Літоўскага, распрацаваную Вітольдам Камянецкім у 1918 г. (134—138).

На інтэграцыйных праектах і дэзінтэграцыйных працэсах ад падзелаў Рэчы Паспалітай да нашых дзён, а таксама значэнні спадчыны шляхецкай рэспублікі для сучаснай Украіны спыніліся Яраслаў Ісаевіч (Львоў) і Міхайла Кірсэнка (Кіеў) (адпаведна «Федералізм на Україні ХІХ—ХХ ст.: політичні програми та спроби іх реалізаціі», s.187—195 i «Україна і цивілізаційна спадщина Речі Посполітої», s.144—148). Па–мойму, зусім па–новаму вызначае пазітыўную ролю уніі ў развіцці ўкраінскай нацыянальнай свядомасці і самавызначэння Украіны Ежы Бажэнцкі («Unia lubelska jako czynnik kształtowania się ukraińskiej świadomości narodowej», s.60—78). Наталля Якавенка даводзіць, што ідэя Русі як трэцяга народа аформленай у Любліне Рэчы Паспалітай выкрышталізавалася ўжо каля 1620 г. («Русь як третій член Речі Посполитої „Двох Народів“ в українській думці першої половини ХVІІ ст.», s.74—78).

Не меншую цікавасць могуць выклікаць публікацыі Зігмантаса Кяўпы (Вільня) «Refleksje na temat funkcjowania Wielkiego Księstwa Litewskiego w Rzeczypospolitej Obojga Narodów dwa stulecia po zawarciu unii Lubelskiej» (50—53), Генрыка Віснэра (Варшава) «Kalwiniści litewscy i Rzeczpospolita I połowy XVII w.», s. 99—100), Уладыслава Сэрчыка «Unia a inne plany integracyjne w XIX w. (do powstania 1863/1864)», s.116—122), Яраслава Валенты «Federalizm w historii i tradycji czeskiej», s.196—201) і інш.

Што да беларускага блоку, то, хоць акурат беларусы ініцыявалі гэтую канферэнцыю, у кнізе з 24 дакладаў толькі 4 беларускія – Алега Трусава, Адама Мальдзіса, Міхася Біча і Алены Філатавай; няма згаданага ў справаздачы рэферата Георгія Галенчанкі. Найбольш канцэптуальны рэферат па беларуска–люблінскай тэматыцы належыць Алегу Трусаву («Прыйшоў час збіраць камяні». Да ўгодкаў Люблінскай уніі) (57—59). Аўтар паспрабаваў тэзісна ўпісаць значэнне Люблінскага акта ў вялікую панараму гісторыі Беларусі ад Сярэднявечча да постсавецкіх часоў, звяртаючыся да яе палітычнага аспекта. Ацэнка выйшла цалкам пазітыўная: дзякуючы уніі з Каронай ВКЛ «здолела захавацца як дзяржава са сваёй грашовай сістэмай, эканомікай, мовай, войскам …» (58). З усіх дакладаў гэта ці не самая аптымістычная візія уніі і, трэба прызнаць, нехарактэрная для ранейшай беларускай гістарыяграфіі. Адам Мальдзіс у дакладзе «Беларускае стаўленне да Люблінскай уніі і інтэграцыйныя традыцыі ў ХХ ст.» (154—159) звяртае ўвагу акурат на негатыўныя ацэнкі уніі ў працах Вацлава Ластоўскага і Усевалада Ігнатоўскага (дадам, што вельмі крытычна ўспрымалі яе і Мітрафан Даўнар–Запольскі, і Мікалай Улашчык). Пра тое ж згадаў і Міхась Біч у рэфераце «Ад ідэі аднаўлення Рэчы Паспалітай да барацьбы за стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы» (на жаль, ён не дажыў да выхаду гэтай публікацыі, гл. In Memoriam), які падаў агляд нацыянальна–вызваленчага беларускага руху да абвяшчэння БНР, спыняючыся на рознагалоссях з суседзямі, адзначаючы этапы эвалюцыйнага самавызначэння беларусаў да ідэі ўласнай дзяржаўнасці (169—177). Алена Філатава характарызуе прадажнасць, карумпаванасць і беспрынцыпнасць палітычнай эліты апошняга перыяду існавання Рэчы Паспалітай, т. зв. саскай эпохі («Прарускія тэндэнцыі ў палітычнай дзейнасці магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, 1762—1795», с.112—115). Праўда, некаторыя тэзы сфармуляваны ёй надта катэгарычна, іх спрэчнасць відавочная. Прыкладам, сцвярджэнне, што ВКЛ ужо ў другой палове ХVІІІ ст. «фактычна… страціла сваю дзяржаўнасць».

З пункту гледжання аб’ектыўнасці і ўзроўню абгрунтаванасці асноўных тэзаў апублікаваныя ў кнізе даклады вельмі няроўныя, што ў прынцыпе натуральна для выдання рэфератаў канферэнцыі. Думаю, іх контраверсійнасць зробіць добрую справу і справакуе гісторыкаў на дыскусіі па гэтай сапраўды цэнтральнай праблеме некалькіх стагоддзяў супольнай гісторыі нашай часткі Еўропы.

Генадзь Сагановіч
Менск

Мыльников, Александр С. Картина славянского мира (Альбіна Семянчук)

Снежня 8, 1998 |


Мыльников, Александр С. Картина славянского мира: взгляд из Восточной Европы: Этногенетические легенды, догадки, протогипотезы XVI — начала XVIII века. С.–Петербург: Центр „Петербургское Востоковедение“, 1996. 320.
Сярод інтэлектуальных бэстсэлераў Расіі 1996 г. „Книжное обозрение“[1] называла гэтую кнігу прафесара А.Мыльнікава. Ужо ў назве яе адлюстравана галоўная задача, якую ставіць перад сабой аўтар — падаць цэласную карціну славянскага свету на пачатку Новага часу. Аднак ён не прэтэндуе на ахоп усіх аспектаў глабальнай славянскай праблематыкі. Рэканструюючы панараму славянскага свету на падставе этнагенетычных легендаў, здагадак, протагіпотэзаў XVI — пачатку XVIII ст., А.Мыльнікаў свядома выбірае пункт погляду з Усходняй Еўропы (дакладней, Расіі). Галоўная мэта манаграфіі — пошук і аналіз інфармацыі пра біблейскіх продкаў славян (разглядаюцца так званая Грамата Аляксандра Македонскага пра наданне славянам правоў на іх землі, а таксама аповед пра трох „харвацкіх братоў“ Чэха, Леха і Руса ды паходжанне і гісторыя гэтых і некаторых іншых, звязаных з імі, легендаў).

У працэсе навуковага пазнання вобраз славянства істотна змяняўся ў розныя часы пад уплывам гістарычных умоваў. А.Мыльнікаў падкрэслівае, што яго праца напісана з пазіцый этнічнай (этнакультурнай) імагалогіі (вобласць ведаў аб фармаванні вобразаў і ўяўленняў людзей пра макра– і мікракосм, пра такія катэгорыі, як „час“, „прастора“, „шчасце“ і інш.). Падыход да тэмы новы і арыгінальны. Ён дае шырокую прастору для аўтарскіх трактовак сярэднявечных нарацый і разважанняў. Мы не знойдзем тут дакладных штудыяў пра этнагенэз славян, пра шляхі іх міграцый і г.д. Свядома адмаўляючыся ад традыцыйнага спосабу разгляду славянскай праблематыкі і звязанага з ім кола крыніц, А.Мыльнікаў засяроджваецца на „няўдзячным“ матэрыяле, які гісторыкі звычайна адкідваюць як непатрэбны — біблейскіх, эпанімічных легендах і протагіпотэзах пра радаводы розных еўрапейскіх народаў, — і паказвае эвалюцыю „навуковых“ поглядаў на праблему этнагенэзу славян у асяроддзі цэнтральнаеўрапейскай інтэлектуальнай эліты. Ён падкрэслівае, што „большасць аўтараў, якія займаюцца гісторыяй славянскіх даследаванняў, … зрэдку або амаль ніколі не звярталіся да перадгісторыі, пагардліва трактуючы спадчыну навуковай думкі да XVIII ст. як нейкі яе „данавуковы“ перыяд“ (с. 7–8).

У цэлым славянская тэматыка добра распрацаваная ў польскай і чэшскай гістарыяграфіі. Дастаткова ўспомніць сінтэтычныя працы польскіх археолагаў Л.Лецеевіча[2], У.Шыманьскага[3], З.Курнатоўскай[4]. Бліжэй да тэмы разгляданай манаграфіі падышлі Бенедыкт Зентара[5] і Ежы Клачоўскі[6], у якіх многія сюжэты перакрыжоўваюцца з кнігай А.Мыльнікава. Аднак іх працы маюць сцісла гістарычны характар і разглядаюць значна больш шырокі спектр праблем у рамках дадзенай тэмы. У польскай гістарыяграфіі існуюць і шматлікія працы, у якіх даследуюцца народныя і навуковыя легенды[7], але без выхадаў на агульнаславянскую праблематыку. Т.Улевіч у сваёй кнізе „Сармацыя. Даследаванні славянскай праблематыкі XV і XVI ст.“[8] паказаў выдатны прыклад аналізу ўяўленняў пра славяншчыну на пачатку Новага часу. Ягоныя працы, напісаныя поўстагоддзя таму, дагэтуль актуальныя і прыцягваюць увагу даследчыкаў. А.Мыльнікаў у сваёй кнізе дае вялікі спіс крыніц і літаратуры на лацінскай, польскай, чэшскай, нямецкай і іншых мовах, а таксама называе нешматлікія расійскія даследаванні па славянскай праблематыцы.

Такім чынам, як адзначае аўтар манаграфіі, „пры надзвычай вялікай айчыннай і замежнай гістарыяграфіі славянскага свету ў эпоху пераходу ад Сярэдніх вякоў да Новага часу непасрэдна цікавая нам праблематыка як нешта цэласнае вывучана або нераўнамерна, або крайне недастаткова“ (17). А.Мыльнікаў бадай упершыню спрабуе комплексна прааналізаваць уяўленні навукоўцаў той эпохі пра этнагенетычныя працэсы ў славянскім свеце на падставе шырокага кола наратыўных крыніц: летапісаў, хранографаў, касмаграфій, навуковых трактатаў польскіх, чэшскіх, нямецкіх, шведскіх, паўднёваславянскіх, украінскіх і расійскіх аўтараў, лексікаграфічных, багаслоўскіх і энцыклапедычных выданняў таго часу (прычым перавага аддаецца польскім, крыху менш чэшскіх аўтараў і твораў).

У свой час Ежы Тапольскі падкрэсліваў, што гісторыку даводзіцца мець дачыненні з трыма відамі рэчаіснасці: непасрэдна мінулым, якое адышло ў нябыт, з яго „навуковым“ і „папулярным“ вобразамі[9]. Два апошнія павінны імкнуцца да ізамарфізму ў суадносінах з першым і паміж сабой. Аднак далёка не заўсёды гэта адбываецца. Напрыклад, у гістарычных рэканструкцыях XVI ст. „навуковы“ і „папулярны“ вобразы мінулага з прычыны слабасці гістарычнага пласта ў іх збліжаюцца, прычым дамінуе апошні. А.Мыльнікаў спрабуе аналізаваць менавіта міфалагізаваную свядомасць інтэлектуалаў XV–XVIII ст.

Манаграфія падзяляецца на дзве часткі, першая з якіх мае назву „Славянская суперэтнічная супольнасць: ўяўленні пра этнагенэз першага ўзроўню“. Яна, у сваю чаргу, складаецца з трох раздзелаў, якія канцэптуальна раскрываюць дадзеную праблему. Першы раздзел „У пошуках біблейскіх продкаў“ паказвае, што агульным для ўсіх гістарычных твораў XVI–XVII ст. было вывядзенне продкаў таго ці іншага еўрапейскага народу ад сыноў Ноя — Сіма, Хама і Яфета. Другі раздзел называецца „Міфалагема прасторы: пра Грамату Аляксандра Македонскага“. У трэцім раздзеле першай часткі, затытулаваным як „Панарама славянскага свету“, у найбольш шырокім выглядзе пададзены розныя прыкметы складовых частак (этнасаў) гэтак званай славянскай суперэтнічнай супольнасці: межы, мова, канфесіі.

Другая частка манаграфіі называецца „Славянскія народы: уяўленні пра этнагенэз другога ўзроўню“ і складаецца з чатырох раздзелаў. У першым раздзеле „Міфалагема часу: легенда пра Чэха, Леха і Руса“ распавядаецца, як паўставала і развівалася названая легенда; у „Нямецка–літоўска–расійскіх суадносінах“ разглядаюцца паралелі легенды ў нямецкіх, літоўскіх і расійскіх эпанімічных міфалагемах; у раздзеле „Міфалагічная свядомасць: пастулаты і функцыянаванне“ паказана, як трансфармавалася легенда ў часе, як яна ўспрымалася барочнай, раннеасветніцкай і рацыяналістычнай свядомасцю. У апошнім раздзеле манаграфіі, які носіць назву „Пра прыроду і сэнс славянскіх этнагенетычных легендаў“, абагульняецца і падсумоўваецца змест даследаванай інфармацыі з мэтай паказу прыроды і сэнсу этнагенетычных легендаў.

Гісторыкі XVI ст. лічылі, быццам бы ўсе народы Захаду і Поўначы, у тым ліку славянскія, паходзяць ад трэцяга сына Ноя Яфета, што, відаць, павінна ўскосна сведчыць пра агульнасць паходжання ўсіх славян, г.зн. пра існаванне славянскай суперэтнічнай супольнасці. Дарэчы, гэты пастулат, прыняты аўтарам апрыоры, патрабуе больш шырокага абгрунтавання. А.Мыльнікаў разглядае магчымыя адгалінаванні радаслоўнага дрэва Ноя, якія, з пункту погляду сярэднявечных храністаў, далі пачатак славянам (праз другога сына Яфета Гамера і ўнука Рыфата, або шостага сына Яфета Мосаха). У розныя часы і ў розных частках Еўропы ерархія сыноў і ўнукаў Ноя выглядала па–рознаму і павінна была служыць ідэалагічным мэтам. У гэтым сэнсе характэрным з’яўляецца той факт (на жаль, на яго не звярнуў увагі аўтар манаграфіі), што на нямецка–славянскім памежжы яшчэ ў канцы ХIII ст. паўстала цікавая, хоць і адасобленая, спроба вываду славян ад біблейскага Хама. У вачах людзей таго часу гэта быў вельмі дрэнны радавод: з племені Хама выводзіліся, між іншым, нявольнікі і негры. Аўтар хронікі, які выказваў гэты погляд (сам з паходжання, пэўна, славянін), лічыў, што славяне — нашчадкі Хама — адсунулі калісьці далёка на Захад нашчадкаў Яфета германаў, заняўшы іх зямлю. Цікава, што Длугаш таксама палічыў патрэбным увайсці ў палеміку з тэорыяй паходжання славян ад Хама — відаць, яна мела значэнне яшчэ ў ХV ст.[10]

Пазней Мацей Стрыйкоўскі звязваў з Яфетам, вялікім праайцом славян, урадава–рыцарскія функцыі, адсюль тэза пра асаблівае прызначэнне ўсіх славян. Сама іх назва паходзіць ад славы вайсковай або слова[11]. Літоўцы, на думку Стрыйкоўскага, таксама паходзяць ад Яфета, але калі славяне выводзяцца ім ад Яфетавага сына Мосаха (быў гэта „айцец і патрыярх усіх народаў маскоўскіх, рускіх, польскіх, валынскіх, чэшскіх, мазавецкіх, балгарскіх, сербскіх, харвацкіх і ўвогуле ўсіх колькі іх ёсць народаў, што ад пачатку славянскую мову ўжывалі…“[12]), ліцвіны, жмудзіны і немцы, паводле Стрыйкоўскага, бяруць пачатак ад іншага сына Яфета — Гамера.

Біблейская генеалогія народаў Вялікага Княства Літоўскага ў інтэрпрэтацыі Стрыйкоўскага адлюстроўвала патрабаванні пераломнага перыяду ў гісторыі гэтай дзяржавы, звязаныя з уваходжаннем яе ў федэрацыю Рэч Паспалітая (чаго яшчэ не было ў М.Мяхоўскага, М.Бельскага або М.Кромэра — ідэолагаў сарматызму). Менавіта ў гэты момант завязваўся вузел многіх этнасацыяльных праблем, якія не знайшлі і не маглі знайсці вырашэння ў тагачасным грамадстве і засталіся ў спадчыну нам.

На жаль, аўтар кнігі не разглядае асобна феномен Вялікага Княства Літоўскага (асабліва яго славянскай асновы), нават не кранае некаторых глабальных праблем, якія вырастаюць у сувязі з яго існаваннем. Так, на старонках кнігі амаль няма месца для беларусаў — аднаго з цэнтральных славянскіх народаў, праз пасярэдніцтва якога пранікалі ў Расію як помнікі гістарычна–навуковай думкі заходніх славян, так і ідэі, якія панавалі ў Заходняй Еўропе. Захапіўшыся адлюстраваннем легенды пра рымскае паходжанне літоўскай знаці і перакрыжаваннем з ёй легенды пра Чэха і Леха ў рускім Хранографе другой рэдакцыі, А.Мыльнікаў мала ўвагі аддае беларуска–літоўскім летапісам і іх карэляцыі з польскімі хронікамі, пра што ў свой час пісаў М.Улашчык у кнізе „Уводзіны ў вывучэнне беларуска–літоўскага летапісання“.

Праўда, аўтарам адзначаецца, што ператварэнне легендарнага дуэта „Лех і Чэх“ у трыо „Лех, Чэх і Рус“ звязана з вялікай роляй, якую пачалі выконваць славяне ВКЛ на палітычнай арэне Цэнтральна–Усходняй Еўропы ў XIV ст.: „Звяртае на сябе ўвагу тое, што прыярытэт уключэння ў легенду Руса належаў польскай гістарычнай думцы, прычым… ён быў названы не на трэцім, але на другім месцы, адразу ж пасля Леха“(250). Гэта магло быць выклікана і тым, „што ў перыяд афармлення польскай рэдакцыі легенды ідэі літоўскай дзяржаўна–палітычнай супольнасці прыхільнікі польскага боку мелі падставы супрацьпаставіць ідэю этнагенетычнай супольнасці палякаў і заходнерускага насельніцтва“ (251). А.Мыльнікаў таксама адзначае: наколькі складаным быў лёс усходнеславянскіх этнасаў у складзе ВКЛ і Рэчы Паспалітай, настолькі нетрывалым быў лёс выдуманага Руса — ужо ў ХVII ст. ён не згадваецца як брат Чэха і Леха, у ім папросту адпала неабходнасць. Аўтар прасочвае легенду пра Чэха, Леха і Руса ад першых кніг, дзе яна згадваецца („Чэшская хроніка“ Казьмы Пражскага, хроніка Даліміла, Вялікапольская хроніка), да інтэрпрэтацый ХVIII ст.

Пра існаванне славянскай суперэтнічнай супольнасці, на думку аўтара кнігі, сведчаць не толькі біблейскія і легендарныя продкі, але і паданне пра Грамату Аляксандра Македонскага. На сённяшні дзень, бадай, няма больш глыбокага аналізу этымалогіі і эвалюцыі гэтага помніка, чым у працы прафесара А.Мыльнікава. Ён адзначае, што „насуперак агульнаму меркаванню, гісторыя Граматы пачалася не з публікацыі яе чэшскага перакладу Гайкам і нават не з першага Венскага спісу 1516 ст., а значна раней. Гэта быў спіс у зборніку са збору Цэроні, які сёння захоўваецца ў Брненскім архіве“ і датуецца 1443 г. (на самай справе ён больш ранні) (49). А.Мыльнікаў аналізуе ўсе наяўныя заходнеславянскія спісы Граматы і яе ўсходнеславянскія адаптацыі дзеля высвятлення пытання — дзе, калі і з якой мэтай яна паўстала; вучоны прыходзіць да высновы, што яна „заключала ў сабе ідэю этнакультурнай і (што неабходна падкрэсліць) надканфесійнай супольнасці славянства; яна абвяшчала нібыта дараванае славянам права ўлады над іншымі народамі, якія сяліліся на падараваных землях, — але гэтым замацоўвала ідэю законнасці права саміх славян на незалежнае развіццё і на супраціўленне іншаэтнічнаму прыгнёту; яна ўсталёўвала этнагеаграфічныя межы ажыццяўлення гэтых правоў — але адначасова, хоць і ў вельмі агульным выглядзе, варыятыўна акрэслівала межы славянскага рассялення“ (93).

У раздзеле „Панарама славянскага свету“ паказана, як выпрацоўваліся ўяўленні пра этнічныя межы славянства, замацоўвалася разуменне яго не як дзяржаўнай, але этналінгвістычнай супольнасці.

Аўтар зазначыў, што „калі нейкай звышзадачай так званай Граматы Аляксандра Македонскага з’яўлялася спроба абгрунтаваць легітымнасць межаў славянскага рассялення (міфалагема прасторы), то легенда пра Чэха, Леха і Руса аказвалася адной з ілюзорных спосабаў трактоўкі абставін і ўсталявання „дакладнай“ даты этнічнай дыферэнцыяцыі першапачатковай славянскай супольнасці (міфалагема часу)“ (225).

Не выпадае наракаць, што вучоны не закрануў некаторых іншых праблемаў, таксама звязаных з паўставаннем панарамы славянскага свету. Асабліва гэта адчуваецца ў раздзеле „Этнічнае і канфесійнае“, дзе, на жаль, на с.122 з’явілася недарэчная памылка — Капіевіча звалі не Іван, а Ілля.

У цэлым кніга А.Мыльнікава — рэдкі прыклад грунтоўнага комплекснага даследавання славянскай праблематыкі на падставе вялізнага корпуса наратыўных крыніц (хоць усе іх ахапіць, вядома, немагчыма). Уражвае навуковая эрудыцыя аўтара, якую, зрэшты, ён дэманструе ва ўсіх сваіх працах. На сённяшні дзень гэта, відаць, адзінае даследаванне расійскага вучонага, дзе мы не сустракаемся з гіпербалізацыяй ролі расійскага этнасу ў славянскім этнагенэзе.

Горадня

Альбіна Семянчук


[1] Книжное обозрение. 1996. № 48. 3 дек.
[2] Leciejewicz L. Słowiańszczyzna zachodnia. Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1976.
[3] Szymaсski W. Słowiańszczyzna wschodnia. Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1973.
[4] Kurnatowska Z. Słowiańszczyzna południowa. Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk, 1977.
[5] Zientara B. Świat narodów europejskich: Powstanie świadomości narodowej na obszarze Europy pokarolińskiej. Warszawa, 1985.
[6] Kłoczowski J. Europa słowiańska w XIV-XV wieku. Warszawa, 1984.
[7] Класічнымі сталі працы: Malecki A. Lechici w świetle historycznej krytyki. Lwów, 1897, Tymieniecki K. Polska legenda średniowieczna // „Przeszłość“, R.7: 1935, nr 4, Slaski K. Wątki historyczne w podaniach o początkach Polski. Poznań, 1968, Pomian K. Przeszłość jako przedmiot wiary. Historia i filozofia w myśli średniowiecza. Warszawa, 1968, Malicki J. Mity narodowe. Lechiada. Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk-Lódz, 1982, Banaszkiewicz J. Podanie o Piaście i Popielu. Studium porównawcze nad wczesnośredniowiecznymi tradycjami dynastycznymi. Warszawa, 1986 і інш.
[8] Ulewicz T. Świadomość słowiańska Jana Kochanowskiego. Z zagadnień psychiki polskiego renesansu. Kraków, 1948; яго ж. Sarmacja. Studium z problematyki słowiańskiej XV i XVI w. Kraków, 1950.
[9] Topolski J. Świat bez historii. Warszawa, 1972. S. 160-162.
[10] Kłoczowski J. Europa słowiańska… S. 285.
[11] Stryjkowski M. Kronika Polska, Litewska, Żmudzka i wszystkiej Rusi. T. 1. Warszawa, 1846. S. 16.
[12] Тамсама. S. 19-20.

Наверх

Rowell, Stephen. Lithuania ascending (Генадзь Сагановіч)

Чэрвеня 5, 1998 |


Rowell, Stephen C. Lithuania ascending: A pagan еmpire within East-Central Europe, 1295-1345. Cambridge Studies in Medieval Life and Thought. Fourth series. Cambridge Universty Press, Cambridge, New York, Melbourne, 1994. XXXVIII, 375.

Манаграфія Стэфана Ровэла падалася мне добрым прыкладам працы гісторыка наогул. Гэта кніга пра Літву сярэднявечную для Літвы цяперашняй, праца ў меру заангажаванага ў цяперашнюю грамадска-палітычную рэальнасць вучонага, чаго ён зусім не тоіць, а нават дэкляруе (манаграфія прысвечана памяці герояў змагання за незалежнасць найноўшай Літвы — ахвярам 13 студзеня 1991 г.). Надта доўга, піша Ровэл на самым пачатку кнігі, сярэднявечная літоўская гісторыя трактавалася як tabula rasa, чакаючы, пакуль суседзі як сілы, што «цывілізавалі» Вялікае Княства, напішуць на ёй сваю славу (р.хіі) (Хіба гэта на рахунак і цяперашніх суседзяў, г.зн. і Беларусі?). Аўтар адразу ясна вызначаецца з прадметам і рамкамі даследавання, канстатуючы, што мае на мэце паказаць, «як Літва ўпершыню прыйшла да міжнароднага прызнання» (хі), і далей, каб удакладніць храналогію, адзначае, што даследуе палітычны ўздым  Літвы пад уладай Гедыміна з прыгадваннем дасягненняў ягонага папярэдніка і брата Віценя (1295-1315) ды яго абранага паслядоўніка Яўнута (1342-1345) (хіі).

У прадмове знаходзім важныя агаворкі, асабліва што да тэрміналогіі. Каб неабазнанага чытача не бянтэжыла ўжыванне тэрміну «Русь» (Rus’, Rus’ian) у дачыненні да ўсходніх славянаў, аўтар тлумачыць: «Гэта бясшкодная навуковая ўмоўнасць, што пазначае абшары супольнай палітычнай, рэлігійнай і літаратурнай культуры да ўзвышэння вялікарасіянаў (Great Russians) (г.зн. маскавітаў) над іх братамі русінамі (Rus’ians) Украіны і Беларусі» (хііі). Малахарактэрную для ранейшых літуаністычных даследаванняў карэктнасць сустракаем і ў стаўленні да ўласных імёнаў. «Праваслаўныя хрысціянскія імёны не літуанізаваліся» — дэкляруе аўтар адзін з сваіх прынцыпаў. Больш за тое, са словаў вучонага, улічваючы адчувальнасць нашчадкаў большасці насельніцтва колішняга ВКЛ (цяперашняй Беларусі і Украіны) да тэрміну «Літва», ён свядома адрознівае Літву гістарычную ад этнічнай, дзеля чаго апрача апошняй выкарыстоўвае як азначэнні проста «Вялікае Княства» і «Русь».

Кніга складаецца з дзесяці асноўных раздзелаў. У першым аўтар дае агульную характарыстыку Цэнтральна-Усходняй Еўропе 1290-1320 г., асобна спыняючыся на канфлікце папы з імператарам, Польскім каралеўстве, Мазовіі, Ордэнскай дзяржаве, Візантыйскай супольнасці і Русі. Цэлы наступны раздзел прысвечаны аналізу крыніцазнаўчай базы, пасля чаго чытачу прапануюцца ўводзіны ў літоўскую палітычную і эканамічную гісторыю да 1315 г. Затым адпаведна разглядаюцца «Экспансія Літвы», «Палітычная рэмістыфікацыя паганскага культу», «Мітраполітанат Літвы», «Паганцы, мір і папа, 1322-24», «Найбрутальнейшая рэальная палітыка», «1339-45: канцы і пачаткі». Агульныя высновы падводзяцца ў заключным раздзеле «Фактары, якія спрыялі фармаванню Вялікага Княства». У дадатку апублікаваны крыніцы па падзенню Кіева (1322-23) і спіс праваслаўных ерархаў 1283-1461 г.

Беларускія гісторыкі на ўласным досведзе добра ведаюць, як няпроста даследаваць перыяд пасля заняпаду Полацкага княства прыкладна да XVI ст. — так нехапае крыніцаў. Гэта ж стала галоўнай праблемай і для Стэфана Ровэла. Ягоная сітуацыя, можна сказаць, нават больш складаная. У адрозненне ад нарманаў, — разважае ён, падпарадкаваўшых цывілізаванае грамадства, якое фіксавала уражанні аб прыхаднях і практычны эфект сцвярджэння новага рэжыму, літоўцы прыйшлі да ўлады на абшарах, якія страцілі свае запісы. У Полацку і іншых княствах цяперашняй Беларусі пісаліся граматы, дамовы, летапісы, але ад іх мала што засталося. Калі ж пісьмовых крыніц пабольшала, літоўскія князі асіміляваліся ў русінскім грамадстве і былі гатовыя міфалагізаваць сваё мінулае (48). Аўтар тлумачыць, што з прычыны адсутнасці літоўскіх дакументаў вымушаны быў факусавацца «на ўсіх аспектах міжнародных спраў». І, як сведчыць крыніцазнаўчы раздзел, з праблемай ён справіўся выдатна. Гэтаксама  бліскуча даследчык валодае і літаратурай прадмету.

У асноўных раздзелах кнігі Літва паўстае ў эпоху палітычна-рэлігійнага крызісу як Візантыі, так і каталіцкага Захаду. Аўтар імкнецца паказаць, як яна, знаходзячыся практычна на памежжы светаў, умела выкарыстоўвала сваё выгаднае геаграфічнае становішча: маніпулявала канфесійнай канфрантацыяй паміж праваслаўнаю Руссю і каталіцкімі дзяржавамі Балтыйскага рэгіёну, манеўруючы і выкарыстоўваючы іх ваенную слабасць, нарошчвала сваю дамінацыю перад Тэўтонскім ордэнам, Польшчай і княствамі Русі. Найлепшы прыклад – ініцыятыва Гедыміна, які ў 1322 г. звярнуўся з пасланнем да рымскага папы ў справе хрышчэння, а фактычна — выкарыстаў папскую ўладу ў сваіх інтарэсах, бо ў цяжкай для Літвы сітуацыі гэта прывяло да працяглых дэбатаў і разборак таго, ці ён сапраўды жадае хрысціцца. Аналізуючы рэлігійную дыпламатыю, манеўраванне Літвы паміж Рымам і Візантыяй, аўтар паказвае ўплыў рэлігіі на палітыку. Наогул, у кнізе знаходзім адметнае, зусім нехарактэрнае для нашай гістарыяграфіі трактаванне паганства, бо яно цалкам пазбаўленае пеяратыўных канатацый, а хутчэй наадварот. Высвятляецца таксама, што яно было палітычна зручным, бо дазваляла лепей манеўраваць.

Ровэл засяроджвае ўвагу на тым, як пры Гедыміне здавалася б заціснутая суседзямі Літва ажыццяўляе актыўную экспансію і ўжо перад ягонай смерцю становіцца адной з буйнейшых дзяржаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы. Такое ўзвышэнне паганскай Літвы ў ХIV ст., заўважае даследчык, папросту падважвае гістарыяграфічнае ўяўленне пра гэты час як «век таталітарна хрысціянскай Еўропы». Аўтар неаднаразова звяртае ўвагу на геаграфічныя пазіцыі Літвы. Так званыя пусткі (Wildnis, Wilderness) у разгляданы перыяд сталі натуральным адмежаваннем краю ад каталіцкай Еўропы. Дзікія лясы, балоты і азёры закрывалі яго ад тэўтонаў, татараў і Русі. Але не геаграфічны фактар галоўны ў тым, што Літва стала шчаслівейшай за яе балцкіх суседзяў і суродзічаў, цвердзіць вучоны: вызначальную ролю тут выканала яе здольнасць абараняцца і далучаць слабейшыя славянскія землі на Усходзе (291).

Чытаючы гэтую салідную працу, лёгка заўважыць адну асаблівасць: Ровэл цалкам прызнае вялікі ўплыў праваслаўнай Русі на развіццё Літвы, ды і наогул згадвае яе досыць часта, але ён імкнецца паўсюль падкрэсліць вызначальную ролю літоўскага элементу на чале дзяржавы. У выніку русінскае (беларускае і ўкраінскае) Вялікае Княства пакінуты амаль без увагі, — у выкладанні гісторыі яму проста не адводзіцца месца. Хоць і сустракаюцца канстатацыі кшталту таго, што ў часы Альгерда Літва як дзяржава была найбольш арыентаваная на Русь (116), яны амаль не змяняюць агульнай устаноўкі. І тут мне бачыцца сутнасная праблема, з якой сутыкаўся і сутыкаецца ці не кожны, хто бярэцца за гісторыю ВКЛ: бракуе выразнай вызначанасці, паслядоўнай адпаведнасці. Бо калі кніга прысвечана гісторыі ўласна Літвы, то ніякіх пытанняў не паўстане, калі ж манаграфія пра ўсё Вялікае Княства, — навідавоку выразная тэндэнцыя і непаслядоўнасць. Бо не можа ж Вялікае Княства Літоўскае трактавацца як «паганская імперыя» (гл. тытул). Ровэл і сам піша, што ў часы Гедыміна быў сцверджаны поліэтнічны і шматканфесійны характар ВКЛ. Між тым, у многіх месцах аўтар ужывае Grand Duchy, а мае на ўвазе паганскую Літву.

Магчыма, ужо адным гэтым абумоўлена дыскусійнасць некаторых раздзелаў манаграфіі. Рэч у тым, што пры ўсёй навуковай аб’ектыўнасці Ровэла, многія яго тэзы проста правакуюць на палеміку і, думаю, яшчэ выклічуць палемічныя галасы беларускіх гісторыкаў, — каб толькі аргументаваныя і ўзважаныя. Не распачынаючы гэтай спрэчкі, пазначу пакуль толькі некаторыя моманты. Так, адносна каранацыі Міндоўга, дакладней яе месца, аўтар піша, што версія Наваградку фігуруе, маўляў, толькі ў кніжнай традыцыі, тэкставай жа базы яна не мае; Г.Пашкевіч прапаноўваў лічыць рэзідэнцыяй Міндоўга Кернаву, але з такім жа поспехам ёю магла быць і Вільня (71). Дакладна ў Кернаве рэзідаваў адно Трайдзень, а Віцень мог мець за рэзідэнцыю і Наваградак, у якім узвёў касцёл. Шмат пытанняў выклікае раздзел «Экспансія Літвы». Прыкладам, сцверджанне, што Горадня  ўжо з 1250-х была ў руках літоўцаў (82). Яно нічым пераканаўча не падмацавана, а шматгадовыя археалагічныя даследаванні Старога замка ў Горадні[1] хутчэй выключаюць яго, чым падмацоўваюць. Пра часы ўкняжання Таўцівіла ў Полацку і само далучэнне Полацка да ВКЛ даўно дыскутуюць даследчыкі, таму гэтая праблема вымагае прынамсі нейкіх агаворак, а не звычайнай канстатацыі адной версіі. Ня ведаю, чым пацвярджаецца, што «у канцы ХIV ст. галоўная гандлёвая магістраль Полацк-Рыга рэгулярна праходзіла праз Вільню» (78). Гэтаксама неверагоднай уяўляецца і тэза пра тое, што археалагічныя матэрыялы даюць падставу гаварыць пра існаванне Вільні як гандлёвага цэнтру задоўга да сярэдзіны — другой паловы ХIII ст. (289).

Дарэчы, абяцаная карэктнасць у выкарыстанні праваслаўных імёнаў не паўсюль вытрымана: у кнізе спатыкаем Даўмантаса, Вайшвілкаса, Шварнаса (52), хоць яны былі праваслаўныя, а апошні да ўсяго русін. Што праўда, як бы кампенсуючы гэта, Ровэл па-джэнтэльмэнску абыходзіцца з назвамі заходнебеларускіх гарадоў: у яго Grodno, Kreva, Novgorodok, а не літуанізаваныя Gardinas, Kriavas, Naugardukas, якія спатыкаем паўсюль у літоўскай гістарычнай літаратуры і картаграфіі.

Варта зазначыць, што ў бліскучым выкладзе аўтар чамусці часта выходзіць за вызначаныя храналагічныя рамкі і акрэсленую праблематыку даследавання (што тычыцца і апублікаваных у дадатку крыніц).

Аднак дробязныя заўвагі нічога не значаць у параўнанні з вартасцямі кнігі «Lithuania ascending». Мабыць, гэта стандартная кембрыджская манаграфія, якіх шмат, але ўласна беларуская гісторыя дасюль такіх не мае. Застаецца канстатаваць, што для кожнага, хто займаецца праблемамі станаўлення Вялікага Княства Літоўскага, мінімум такіх падставовых прац, як даследаванні Генрыха Пашкевіча[2], Уладзіміра Пашуты[3] і Зянонаса Івінскіса[4], папоўніўся выдатнай кнігай Стэфана Ровэла.

Менск

Генадзь Сагановіч


[1] Трусаў А., Собаль В., Здановіч Н. Стары замак у Гродне ХI—XVIII ст.: Гістарычна–археалагічны нарыс. Мінск, 1993.

[2] Paszkiewicz H. Jagiellonowie a Moskwa. I: Litwa a Moskwa w XIII i XIV w. Warszawa, 1933.

[3] Пашуто В.Т. Образование литовского государства. Москва, 1959.

[4] Ivinskis Z. Lietuvos istorija iki Vytauto Didžiojo mirties. Rome, 1978 (Vilnius, 1991).

Наверх

Waidenberg, Marek. Kwestie narodowe w Europie ŚródkowoWschodniej (Юры Вашкевіч)

Жніўня 4, 1995 |

WALDENBERG, MAREK. Kwestie narodowe w Europie Śródkowo-Wschodniej. Historia. Idei. — Warszawa, 1992. – 418S.

Аўтар гэтай кнігі паставіў перад сабой задачу па магчымасьці шматбаковага прадстаўленьня ўсіх нацыянальных праблемаў у Цэнтральна-Усходняй Эўропе, пад якой разумеюцца дзяржавы, што паўсталі на тэрыторыях былой Аўстра-Вугоршчыны i эўрапейскай часткі Расеі. Такі намер наўрад ці можна было зьдзейсьніць у працы, якая налічвае крыху больш за 400 старонак друку, што, дарэчы, усьведамляе i сам аўтар, калі піша: «… праблематыка, прадстаўленая ў кнізе, вельмі шырокая, магчыма занадта шырокая адносна наперад акрэсьленых яе памераў».

Задачай гэтае кнігі, як адзначае М.Вальдэнбэрг, зьяўляецца паказ дынамікі нацыянальных пытаньняў у нашай частцы Эўропы, з улікам як мага шырэйшага параўнаўчага аспэкту, што паказвае адрозьненьні i падабенствы ў становішчы паасобных народаў, зь ix памкненьнямі i нацыянальнымі рухамі. Актуальнасьць гэтай задачы не падлягае ніякаму сумневу, паколькі нацыянальныя пытаньні зноў становяцца фундамэнтальнымі для Эўропы, a падзеі ў Югаславіі i на абшары былога Савецкага Саюзу спрычыняюцца да таго, што нацыянальнае пытаньне ў цэлай Эўропе ўвесь час знаходзіцца ў цэнтры ўвагі, абмяркоўваецца i аналізуецца.

У сувязі з гэтым вельмі важнымі ўяўляюцца погляды самога аўтара на мадэлепаняцьце народа i яго складовых элемэнтаў. Паводле М.Вальдэнбэрга гэта: супольная мова, тэрыторыя, на якой жыве дадзеная супольнасьць i якую яна лічыць сваёй бацькаўшчынай, культурная спадчына, якая значнай часткай супольнасьці ідэнтыфікуецца як уласная, удзел у нацыянальнай культуры, супольная сымболіка, i тое, што называюць агульным запасам пачуцьцяў i думак, перакананьнем у агульным паходжаньні большасьці грамады, пачуцьцём супольнага паміж людзьмі розных сацыяльных слаёў, усьведамленьне нацыянальнай адметнасьці i прыналежнасьці да народу, існаваньне (у мінулым або ў цяперашнім часе) дзяржавы, якая ўспрымаецца сваёй, або волі да стварэньня дзяржавы, прынамсі ў межах аўтаноміі.

Кніга складаецца з трох частак. У першай разглядаюцца народы i нацыянальныя пытаньні ў Аўстра-Вугоршчыне i Pacei, у другой — канцэпцыі вырашэньня нацыянальных пытаньняў, a ў трэцяй дасьледуецца працэс пераходу ад імпэрый да нацыянальных дзяржаў, ажно да моманту распаду СССР i Югаславіі.

Найбольш комплексны характар мае першая частка кнігі, у якой прадстаўлена заблытанасьць нацыянальнага пытаньня ў імпэрыях Габсбургаў i Раманавых. Па ёй можна скласьці поўнае ўяўленьне пра становішча паасобных народаў на землях гэтых наднацыянальных калосаў на мяжы XIX i XX ст. Найбольш цікавым падаецца параўнаньне сытуацыі ў Pacei i на абшары Аўстра-Вугоршчыны. Між іншым, тут аўтар закранае пытаньне расейскага нацыяналізму i яго ўплыву на палітыку русыфікацыі, адзначаючы адначасова, што гэтая праблема слаба дасьледавана з прычыны адсутнасьці паглыбленага аналізу самога нацыяналізму. Зьвяртаючыся да гісторыі, М.Вальдэнбэрг толькі ў агульным выглядзе пазначае кірунак дасьледаваньняў, які можа мець значэньне для сучаснасьці: «Калі палітычныя групоўкі, што падтрымлівалі царызм, выказваліся за палітыку русыфікацыі i цэнтралізму, то большасьць апазыцыйных груповак вельмі прыблізна акрэсьлівала сваю пазыцыю па нацыянальным пытаньні. Асабліва характэрнае было тое, што i ў лібэральных колах ставіліся да ўкраінцаў i беларусаў як да часткі расейскага народу. На фармаваньне нацыянальных адносінаў немалы ўплыў мела пазыцыя тых расейцаў, якія жылі на этнічна нерасейскіх тэрыторыях. Можна здагадвацца, што сярод ix палітыка русыфікацыі знаходзіла асабліва шматлікіх прыхільнікаў».

Асобны падразьдзел, дарэчы, найменшы з усіх, прысьвечаных народам, адведзены беларусам. На жаль, мусім з прыкрасьцю канстатаваць, што ў ім нельга знайсьці нічога, апрача зьбітых, ужо дзесяцігодзьдзямі паўтараных сказаў пра тое, што беларусы ніколі ня мелі ўласнае дзяржавы, пра літоўскую экспансію на тэрыторыі Кіеўскай Русі, што рабіла немагчымым «фармаваньне хаця б парастка ў дзяржаўнасьці, якая магла б стацца элемэнтам традыцыі беларусаў». М.Вальдэнбэрг уважае, што асыміляцыю беларусаў палякамі й расейцамі аблегчыла рэлігія (праваслаўе спрыяла русыфікацыі, каталіцызм — палянізацыі), а таксама «падабенства беларускай мовы да расейскай i, у меншай ступені, да польскай». Ён адзначае i вельмі нізкую ступень нацыянальнай сьвядомасці беларусаў, бачачы адну з галоўных прычынаў гэтае зьявы ў неспрыяльным стане нацыянальнай культуры, заняпадзе пісьменства, слабым нацыянальным руху, абмежаванасьці імкненьняў, фармуляваных коламі беларускай інтэлігенцыі. «Патрабаваньнем, выстаўляным з найбольшай сілай, было ўвядзенне ў школах беларускае мовы (…). Не падаецца, аднак, каб нават гэтае патрабаваньне выказвала жаданьне значнай часткі беларусаў. Палітыка русыфікацыі выклікала супраціў толькі нешматлікіх сярод ix», — піша ў заключэньні М.Вальдэнбэрг. Падсумоўваючы гэты разьдзел, аўтар вылучае працэсы i чыньнікі, якія маюць, на ягоную думку, важны ўплыў на ход нацыятворчых працэсаў у краінах Цэнтральна-Усходняй Эўропы: індустрыялізацыя, рэлігія i духавенства, інтэлігенцыя i яе вядучая роля ў працэсе нацыянальнага самаўсьведамленьня пасыўнай часткі грамадзтва.

Другая частка кнігі прысьвечана канцэпцыям вырашэньня нацыянальнага пытаньня. Невядома, чаму аўтар вырашыў прадставіць выключна марксысцка-сацыялістычныя погляды. Бо ж нельга пагадзіцца з Вальдэнбэргам, што менавіта толькі сацыялісты ўклалі цэласную i зьвязаную праграму дзейнасьці ў нацыянальным пытаньні. Ня менш цэласнай i пасьлядоўнай была праграма нацыяналістычная. Тым больш, што, як паказала найноўшая гісторыя, марксысцкія канцэпцыі на павер аказаліся ў значнай меры ўтапічныя, як, дарэчы, кансэрватыўна-манархісцкія ідэі. Яны не заўважалі фундамэнтальнага значэньня нацыянальных сувязяў, якія засьведчылі сябе мацнейшымі за ўсялякія іншыя, — клясавыя i эканамічныя, а таксама дзяржаўныя, i гістарычныя.

Трэцяя частка кнігі ўяўляе зь сябе фрагмэнтарны агляд падзей пасьля 1917 г. у паўсталых цэнтральна-эўрапейскіх краінах. Тут аўтар найбольш месца прысьвяціў нацыянальнай палітыцы СССР, i гэта хіба найцікавейшыя фрагмэнты кнігі. Затрымаемся толькі на адным, што тычыцца разважаньняў Вальдэнбэрга пра характар імпэрыі СССР.

«Рознагалосьсі выклікае таксама праблема характару гэтай імпэрыі. Узьнікае перш за ўсё пытаньне, чыя яна была? Бо ўсе імпэрыі, што існавалі ў пэрыяд, у якім пачалі фармавацца сучасныя народы, мелі больш ці, як у выпадку Аўстрыі, менш выразны нацыянальны характар.

Ня думаю, каб можна было абгрунтавана сьцьвярджаць, што гэтая імпэрыя мела іншы характар, не нацыянальны, a ідэалягічны, што яе ўласьнікам быў наднацыянальны ці міжнародны камуністычны pyx (…). He Савецкі Саюз служыў міжнароднаму камуністычнаму руху, а гэты pyx служыў яму. Таму калі i гэтую імпэрыю належыць акрэсьліваць у нацыянальных катэгорыях, то трэба прызнаць, што гэта была імпэрыя расейская».

Аўтар слушна ацэньвае ўсю складанасьць узаемаадносінаў сэнсавых паняцьцяў Расея — СССР — Расея, прызнаючы, што на пытаньне, ці быў СССР працягам Расеі, нельга было б адказаць адназначна «так» ці «не», не пазнаёміўшыся з рознымі аспэктамі гэтай праблемы. Ён толькі адзначае, што «сярод астатніх народаў гэтае дзяржавы была вельмі распаўсюджаная яе ідэнтыфікацыя з Расеяй, i стаўленьне да расейцаў як да народа кал i нават не дзяржаўнага, то ў кожным выпадку прывілеяванага. (…) Можна апрача таго лічыць, што, асабліва з часоў II сусьветнай вайны, высокі быў адсотак расейцаў, якія атаясамлівалі СССР з Расеяй».

Дзеля актуальнасьці тэматыкі і шырокага абсягу праблемаў, ёю закранутых, кніга М.Вальдэнбэрга заслугоўвае сур’ёзнай увагі дасьледчыкаў. Генэральная пэрспэктыва мае тую вартасьць, што дае цэласны агляд праблематыкі, дазваляе лякалізаваць розныя працэсы ў доўгай працягласьці. На жаль, ёй уласьцівыя ня толькі пэўная павярхоўнасьць i сьцісласьць, але, перадусім, непазьбежная нераўнамернасьць прадстаўленьня матэрыялу. У дадзенай працы гэта тычыцца галоўным чынам пэрыяду пасьля 1918 г., i яшчэ больш — пасьля 1945 г. Тут выбар аўтара бывае часам зусім адвольны. У фрагмэнтах, у якіх апісваецца сытуацыя асобных народаў, Вальдэнбэрг абмяжоўваецца сацыялягічна-паліталягічным аспэктам. Асабліва бракуе ўліку этнічна-культурнага вымярэньня. Прыкладам, аб народатворчых працэсах аўтар амаль нічога не гаворыць, а гэта ж для закранутай ім праблематыкі — пытаньне першаснай значнасьці. Яно тлумачыць шмат іншых рэчаў, пра якія аўтар толькі згадвае, напрыклад, дыфэрэнцыяцыю разьвіцьця сьвядомасьці народаў, што знаходзяцца ў падобных вонкавых умовах. Улік усяго гэтага дапамог бы ўнікнуць пасажаў кшталту: «калі весьці гаворку пра эстонцаў, латышоў, беларусаў, славакаў, славенцаў, … я не лічу магчымым ужываць у дачыненьні да ix тэрмін «нацыянальнае абуджэньне». Пра абуджэньне або адраджэньне можна было б гаварыць, займаючыся літоўцамі i ўкраінцамі, адзначаючы, што гэта было абуджэньне ад вельмі глыбокага сну, адраджэньне адлеглай мінуўшчыны». Складаецца ўражаньне, быццам ніхто не чытае таго, што пішуць іншыя, а кожны піша гісторыю нанова.

Юры Вашкевіч (Менск)

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'Цэнтральная Еўропа'