Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Гістарычная навука ў суседзяў'

Артыкулы па тэме ‘Гістарычная навука ў суседзяў’

Między Odrą a Uralem. Księga dedykowana Profesorowi Władysławowi Andrzejowi Serczykowi. Rzeszów, 2010 (Марцэлі Косман)

Снежня 8, 2010 |

Między Odrą a Uralem. Księga dedykowana Profesorowi WŁADYSŁAWOWI ANDRZEJOWI SERCZYKOWI / Pod redakcją WACŁAWA WIERZBIEŃCA. Rzeszow: Wydawnictwo Uniwersytetu Rzeszowskiego, 2010. 599 s.

Прафесар Уладыслаў Анджэй Сэрчык — адна з найбольш выдатных постацяў сярод сучасных польскіх гісторыкаў. Паўднёва-ўсходнімі абшарамі першай Рэчы Паспалітай ён займаўся ад пачатку сваёй навуковай дзейнасці — пачынаючы з кандыдацкай („Магнацкая гаспадарка ў Падольскім ваяводстве ў другой палове XVIII ст.”) і доктарскай (на тэму „каліеўшчыны”) дысертацый. Перад шырокім колам чытачоў — прыхільнікаў гістарычнай трылогіі Генрыка Сянкевіча — У. А. Сэрчык паўстаў як аўтар выдатна напісаных кніжак пра казацкія паўстанні („На далёкай Украіне”, „На палаючай Украіне”), а таксама як навуковы кансультант знакамітага фільма „Агнём і мячом” у пастаноўцы Ежы Хофмана. Трывалае месца ў гістарыяграфіі заняла яго „Гісторыя Украіны”, выпушчаная ў вядомай серыі выдавецтва „Ossolineum”, перавыданні якой былі пашыраны і дапоўнены. Увогуле У. А. Сэрчык апублікаваў 38 кніг, 130 навуковых артыкулаў і амаль 240 газетных, а так-сама каля 100 рэцэнзій.

15 гадоў таму выйшаў з друку памятны зборнік, прысвечаны 60-годдзю з дня нараджэння навукоўца, пад назвай „З гісторыі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы”[1]. У яго напісанні ўдзельнічалі 34 аўтары. У кнізе, з якой мы знаёмім сёння і якая ўвекавечвае 75-годдзе з дня нараджэння вучонага і 50-годдзе яго навуковай працы, змешчаны тэксты 44 даследчыкаў — пераважна з жэшаўскага асяроддзя, а ў папярэднім зборніку рэй вяло беластоцкае: У. А. Сэрчык быў тады рэктарам тамтэйшага ўніверсітэта. Тэрытарыяльна першае месца ў новай кнізе займае Украіна, за ёй ідзе Беларусь; храналагічна ж пераважаюць тэксты, што датычаць XVI–XX ст. і апісваюць тагачасныя падзеі ў палітычным, культурным і эканамічным аспекце.

Пётр Урускі разглядае адгалоскі Уладзіміравага хрышчэння Русі ў старажытнарускіх крыніцах, тонкі знаўца царкоўных справаў Антон Мірановіч асвятляе пытанні, звязаныя з заснаваннем Тураўскай епархіі на Палессі. На шырокім сацыяльным фоне аналізуе паняцце уніі ў старапольскія часы знакаміты даследчык гісторыі дзяржавы і права Станіслаў Градзіскі. Наступныя аўтары пішуць пра каралеўскі прывілей для Трамбоўлі, пра няпростыя дылемы, што паўставалі перад Багданам Хмяльніцкім як дзяржаўным дзеячам, пра дыпламатычныя дасягненні Станіслава Бянеўскага. Пётр Борак, дасведчаны выдавец і каментатар літаратурных крыніц XVII ст., аддае сваю ўвагу паэзіі Яна Белабоцкага, а Тэрэза Хінчэўская-Хенэль — „Гісторыі грамадзянскіх войнаў у Польшчы” Альберта Віміна (1603–1667). Даследаванне, прысвечанае адлюстраванню казацкай і ўкраінскай тэматыкі ў польскім жывапісе — „Паміж эпапеяй, вяшчунствам і думкай”, — адзінае ў томе суправаджаецца ілюстрацыямі, неад’емнай часткай артыкула.

У XVIII ст. нас уводзіць артыкул пра Замойскі сі-нод 1720 г. (на гэтым прыкладзе паказваецца працэс лацінізацыі ўніятаў), потым — крыніцазнаўчы нарыс пра польска-ўкраінска-армянскія ўзаемаадносіны на Падоллі (дакументацыя ў выглядзе табліц), а завяршае гэты раздзел невялікі артыкул пра сялянскую гаспадарку ў касцельных уладаннях Браслаўскага дэканата.

Шэсць тэкстаў датычаць XIX ст., асабліва прафесараў і студэнтаў польскіх ды ўкраінскіх універсітэтаў Расійскай імперыі. Але хацеў бы звярнуць увагу на эсэ Януша Тазбіра „Штодзённае жыццё ў сялянскіх хатах”. Аўтар з характэрнай для сябе эрудыцыяй дае ацэнку такім розным паводле сваёй выразнасці крыніцам, прысвечаным ладу жыцця на вёсцы, узаемаадносінам паміж жыхарамі хат і памешчыкамі, якія ў сваіх мемуарах малявалі іх ледзьве не ідылічна. Падобную выснову я зрабіў, слухаючы выступленні былых шляхцічаў (праўда, не ўсе яны былі такія абмежаваныя) на навуковых канферэнцыях — яны жылі ў сваіх дварах, не бачачы навакольнай бяды. І самі за гэта пад час Другой сусветнай вайны паплаціліся. У апошнім сказе аўтар прапануе, каб у шляхецкіх музеях поруч з экспазіцыямі палацавай аздобы „знайшлося месца хоць бы для адной сялянскай хаты”.

Палова тэкстаў датычаць XX ст. (апошнія нават першага дзесяцігоддзя нашага стагоддзя) — гістарычнай традыцыі (у прыватнасці, святкавання 500-годдзя Грунвальдскай бітвы ў Кракаве, у якім актыўна ўдзельнічаў памянёны продак юбіляра, ці расійскіх урачыстацяў з нагоды стагоддзя бітвы пад Барадзіном), Першай сусветнай вайны і часоў міжваеннай Польшчы. Тэкст пра дзяржаўную прыналежнасць Вільні ў 1918–1920 г. уяўляе сабой цікавы ўнёсак у асвятленне так званай справы генерала Жалігоўскага. Сінтэтычны характар мае нарыс пра незалежную Украіну (1989–2009), які дапаўняе артыкул пра яе Вярхоўную Раду. Завяршаюць кнігу нататкі пра сучасную эміграцыю.

Гэты каштоўны том утрымлівае сінтэтычныя ацэнкі выбраных фрагментаў перш за ўсё гісторыі Украіны і Беларусі, а таксама шматлікія пазнавальныя аналітычныя тэксты, якія з’яўляюцца каштоўным унёскам у даследаванні мінуўшчыны і сучаснасці гэтых краін.

Познань

Марцэлі Косман


[1] Z dziejow Europy środkowo-wschodniej. Białystok, 1995. 424 s.

Kościół katolicki na Wschodzie w warunkach totalitaryzmu i posttotalitaryzmu. Рod red. A. Gila, W. Bobryka. Siedlce – Lublin, 2010 (Эдмунд Ярмусік)

Лістапада 30, 2010 |


Kościoł katolicki na Wchodzie w warunkaсh totalitaryzmu i posttotalitaryzmu / Pod red. ANDRZEJA GILA i WITOLDA BOBRYKA. Siedlce — Lublin, Akademia Podlaska, Instytut Europy Środkowo-Wschodniej, 2010. 141 s.

Даследаванне гісторыі і сучаснага стану Каталіцкай царквы ў былой савецкай дзяржаве і постсавецкіх рэспубліках застаецца актуальнай праблемай як у навуковым, так і ў практычным плане. Новыя падыходы да асэнсавання яе ролі ў гістарычным, культурным, грамадска-палітычным жыцці пачаліся ў канцы 1980-х г. Гэтаму ў значнай ступені спрыялі працэсы дэмакратызацыі, якія ахапілі не толькі рэспублікі СССР, але і ўвесь сацыялістычны лагер.

За гэты час з’явіліся шматлікія публікацыі — як у Беларусі, так і за яе межамі, — дзе даследчыкі раскрываюць драматычнае становішча Каталіцкай царквы ў перыяд ад кастрычніцкай рэвалюцыі да канца 1980-х г. Істотна, што выкарыстоўваецца шмат крыніц, раней недаступных даследчыкам, і што гісторыя Каталіцкай царквы асвятляецца не з марксісцкіх, класавых падыходаў, а з пазіцый агульначалавечых, гуманістычных каштоўнасцяў.

Рэцэнзаваны зборнік складаецца з шасці артыкулаў, аўтары якіх — польскія даследчыкі — прапануюць сваё бачанне праблем Каталіцкай царквы ў СССР і БССР і Грэка-каталіцкай — на Украіне. Прычым апошняй тэматыцы прысвечаны чатыры артыкулы. Храналагічна яны ахопліваюць перыяд ад пачатку 1920-х г. да цяперашняга часу. Аўтары выкарыстоўваюць разнастайную базу крыніц — шэраг украінскіх, польскіх архіваў, архіва Ватыкана, а таксама апублікаваных дакументаў і даследаванняў гісторыкаў. Варта адзначыць, што разгляданыя праблемы ў большасці сваёй вядомыя толькі сцісламу колу даследчыкаў, таму зборнік дае магчымасці пашырыць веды шырокай грамадскасці пра драматычную гісторыю Каталіцкай царквы ў СССР.

Без грунтоўнага яе асвятлення, узаемадачыненняў з дзяржавай, уплыву знешніх і ўнутраных фактараў на рэлігійнае жыццё і канфесійныя адносіны немагчыма паўнавартаснае вывучэнне мінулага. Каталіцкая царква гістарычна была звязана з духоўнай культурай і сацыяльна-палітычным жыццём краіны і народа. І толькі ў савецкай дзяржаве яе ролю імкнуліся ўсяляк зменшыць. З іншага боку, калі дзяржава зацікаўлена, каб пісьменна будаваць палітыку і адносіны з Каталіцкай царквой і іншымі канфесіямі, яна павінна ўлічваць вопыт мінулага.

Апублікаваныя ў зборніку артыкулы не звязаны паміж сабою ўнутраным адзінствам і паслядоўнасцю ў распрацоўцы канкрэтнай тэмы, таму рэцэнзент палічыў мэтазгодным прааналізаваць кожны з іх. Артыкул Мацея Мруза (Уроцлаў) „Місія Джаванні Джэноччы як апостальскага візітатара для Украіны ў 1920–1921 г.” асвятляе малавядомую старонку ватыканскай дыпламатыі ў вырашэнні праблем грэка-каталікоў у Галіччыне і Наддняпроўскай Украіне. Аўтар адзначае, што Ватыкан імкнуўся выкарыстаць перамены, якія адбыліся ў пачатку 1920-х г. у цэнтральнаеўрапейскім рэгіёне з мэтай умацавання тут сваіх пазіцый. Асаблівая ўвага Апостальскай Сталіцы была прыцягнута да Украіны, дзе жыла значная колькасць грэка-каталікоў. Ватыкан быў зацікаўлены, каб мець інфармацыю пра палітычную сітуацыю ў рэгіёне, пра планы Польшчы і Расіі, становішча ўкраінскай грэка-каталіцкай супольнасці. У сваю чаргу, дыпламатычнае прадстаўніцтва Украінскай Народнай Рэспублікі было зацікаўлена ў падтрымцы Ватыканам УНР. Аўтар паказаў, з якой стараннасцю рыхтавалася місія, як дэталёва ўлічвалася міжнароднае становішча і вызначаліся задачы апостальскага візітатара.

Лаканічна раскрываюцца складаныя абставіны дзейнасці айца Джаванні Джэноччы. Апостальскі візітатар наладзіў сувязі з мітрапалітам Андрэем Шаптыцкім, ватыканскім нунцыем у Варшаве айцом Рацці, украінскімі палітычнымі коламі. Як абаронца інтарэсаў грэка-каталікоў, а. Джаванні Джэноччы крытычна ставіўся да палітыкі Польшчы ў польскім пытанні на Украіне, таму ў ліпені 1920 г. вымушаны быў з-за гэтага па-кінуць Варшаву і пераехаць у Вену. Тут ён прадоўжыў дзейнасць у імя Украіны і Усходняй Галіцыі, але яна не мела станоўчых вынікаў і ў хуткім часе выклікала незадавальненне як Ватыкана, так і дыпламатыі УНР. Тым не менш, для самога а. Джаванні Джэноччы місія не прайшла бясследна. У 1923 г. ён зноў прыехаў у Польшчу ў якасці папскага дэлегата па справах Грэка-каталіцкай царквы ў Польшчы.

Даследчык Анджэй Гіль (Люблін — Седльцэ) у артыкуле „На дарозе да знішчэння. Каталікі ў БССР у 20–30-я г. ХХ ст.” на значным факталагічным матэрыяле раскрыў няпростую сітуацыю Каталіцкай царквы і метады яе знішчэння ў БССР бальшавікамі. Цікава, як ацэньвае аўтар савецка-ватыканскія адносіны. Даследчык выказаў думку, што Каталіцкая царква з пункту гледжання яе структуры і значэння была трактавана бальшавікамі як адзін з магчымых інструментаў да легітымізацыі іх улады ў Еўропе і ў свеце. Але даследчык не падаў ніводнага факта, каб пацвердзіць свой тэзіс. Больш за тое, прыведзеныя ім факты сведчаць аб адваротным, і гэта падкрэслівае сам аўтар: бальшавікі нізка ацэньвалі міжнародную пазіцыю Ватыкана і нават ігнаравалі яе. Прадпрыманыя ватыканскай дыпламатыяй спробы дасягнуць паразумення ў справе становішча Каталіцкай царквы ў СССР не прынеслі чаканых вынікаў. Кропкай над „і”, лічыць аўтар, стаў візіт восенню 1927 г. нунцыя Эўгеніа Пацэллі да наркама замежных справаў Чычэрына, які ў той час знаходзіўся ў Берліне.

Аўтар бачыць адной з важкіх прычын знішчэння Каталіцкай царквы ў БССР яе моцныя прапольскія карані, апору на палякаў-каталікоў, сувязь з Польшчай. Сталінскае кіраўніцтва разглядала Польшчу як свайго заклятага ворага, таму лёгка знаходзіла яе „агентуру” сярод каталіцкага духавенства і вернікаў.

Аднак пры гэтым нельга пагадзіцца з высновай аўтара наконт таго, што палякі, у адпаведнасці са сталінскай палітыкай, былі прызнаны небяспечным элементам для савецкай дзяржавы і падлягалі поўнай ліквідацыі. Гэтая палітыка, піша аўтар, рэалізоўвалася на тэрыторыі БССР. Варта адзначыць, што „небяспечным элементам” для сталінскай сістэмы былі не толькі палякі, але і шмат іншых нацыянальнасцяў, каталіцкія супольнасці (лацінскага і грэка-каталіцкага абрадаў) ва ўсіх савецкіх рэспубліках, дзе яны існавалі.

Аўтар надае важнае значэнне перабудове для лёсу Каталіцкай царквы ў СССР, паступовай змены дзяржаўнай канфесійнай палітыкі з другой паловы 1980-х г. Падкрэсліваецца выключная роля папы Яна Паўла ІІ у ак тывізацыі рэлігійнага жыцця ў былых савецкіх рэс-публіках.

У артыкуле вядомага польскага гісторыка ксяндза прафесара Рамана Дзванкоўскага SAC даецца кароткі агляд савецка-ватыканскіх адносінаў у пасляваенны перыяд. Аўтар выяўляе іх асаблівасці ў перыяд пантыфікату кожнага з Айцоў Каталіцкай царквы: Пія ХІІ, Яна ХХІІІ, Паўла VІ і Яна Паўла ІІ. Такі падыход уяўляецца слушным, бо дзейнасць кожнага папы — гэта своеасаблівы этап у гісторыі Каталіцкай царквы. Кс. прафесар Р. Дзванкоўскі адзначае паслядоўную дынаміку развіцця савецка-ватыканскага дыялогу, разглядае яго змест і асаблівасці. Разам з тым паказвае, што галоўнай перашкодай на гэтым шляху была праблема пераследу Каталіцкай царквы і парушэння правоў вернікаў у СССР, з чым ніяк не магла прымірыцца Апостальская Сталіца. Савецкая ўлада лічыла рэлігійнае пытанне ў СССР канчаткова вырашаным, а спробы ўздымаць яго Ватыканам разглядала як умяшальніцтва ва ўнутраныя справы краіны. Ватыкан жа, як цэнтр сусветнага каталіцызму, у якасці найважнейшай умовы нармалізацыі адносінаў з СССР выстаўляў карэннае паляпшэнне становішча Каталіцкай царквы, забеспячэнне рэлігійнай свабоды, стварэнне касцельнай іерархіі ў Беларусі.

Цікавым і праблематычна пададзеным уяўляецца артыкул Уладзіміра Асадчага (Люблін) „Радасці і нягоды Каталіцкай царквы на Украіне”. Аўтар зрабіў кароткі экскурс у гісторыю хрысціянства ва Украіне. Асаблівасць гэтай краіны, у адрозненне ад іншых постсавецкіх рэспублік, — наяўнасць тут каталіцтва ў трох абрадах: лацінскім, уніяцкім і рэдка згадваным армяна-каталіцкім. У савецкі час каталіцызм вынішчаўся савецкай уладай па ідэалагічных і палітычных меркаваннях. Аўтар схематычна разглядае асаблівасці працэсу адраджэння каталіцкага рэлігійнага жыцця, які пачаўся ў выніку гарбачоўскай перабудовы. Асноўны ж акцэнт зроблены на сучасным стане і праблемах лацінскага каталіцызму.

У новых гістарычных рэаліях найбольшыя цяжкасці звязаны, як падае даследчык, з „адрачэннем ад стэрэатыпаў”, якія сфармаваліся гістарычна і культурна на працягу стагоддзяў. Перш за ўсё, сцвярджае аўтар, у масавай свядомасці ўкраінцаў каталіцызм яшчэ лічыцца з’явай чужой, як польская Каталіцкая царква, і нават як вынік чужой духоўнай экспансіі Захаду на землі Святой Русі. Другі распаўсюджаны стэрэатып — прызнанне Украіны Маскоўскім Патрыярхатам як „кананічнай тэрыторыі Праваслаўнай царквы”.

Але найбольшы клубок праблем, лічыць аўтар, застаецца ў заходніх абласцях Украіны, дзе сутыкаюцца абедзве каталіцкія традыцыі — лацінская і ўсходняя (грэка-каталіцкая). І хоць там большасць складаюць каталікі заходняга абраду, тым не менш лацінскі рух разглядаецца як чужы, польскі ўплыў у мясцовай культуры Украіны.

Прыводзіцца шмат прыкладаў, якія сведчаць пра ўціск лаціна-каталікоў на Украіне: гэта і адмаўленне „дэмакратамі” Львова як епіскапскай сталіцы, выступленні супраць намінацыі каталіцкага епіскапа Мар’яна Яварскага, а таксама прызнанне Украіны „кананічнай тэрыторыяй” Праваслаўнай царквы, адмова каталікам у вяртанні іх храмаў.

Аўтар робіць з усяго сказанага высновы, што найважнейшая прычына канфлікту — той факт, што „адро-джаная лацінская Каталіцкая царква не ўпісваецца ў каноны нацыянальнай Каталіцкай царквы. Для многіх адэптаў нацыяналістычнай ідэалогіі, як і для камуністаў у свой час, найлепшым вырашэннем праблемы было б пераўтварэнне лацінскай Каталіцкай царквы ў анклаў, які наведваюць асобы старэйшага ўзросту. У недалёкім будучым такая Каталіцкая царква павінна была б знікнуць з украінскай канфесійнай карты”.

У той жа час, насуперак памкненням нацыяналістаў і часткі грэка-каталікоў, лацінская Каталіцкая царква імкнецца рэалізаваць канцэпцыю ўсеагульнай Каталіцкай царквы. Заходняя традыцыя адыходзіць ад стэрэатыпу, згодна з якім украінскае насельніцтва атаясамліваецца з Усходняй царквой, а каталіцызм з „польскай верай”. Ён павінен выконваць сваю евангелічную місію на той мове, якой вернікі карыстаюцца ў штодзённым жыцці і якую лічаць роднай.

Томаш Шышлак (Уроцлаў) у артыкуле „Дзве Царквы па абодва бакі ад Карпат. Сучасны стан грэка-каталіцызму на Украіне” разглядае праблемы, якія ўзніклі ў сувязі з дзейнасцю Каталіцкай царквы ўсходняга абраду. Прычым, у адрозненне ад іншых еўрапейскіх дзяржаў, толькі ва Украіне гістарычна існуюць дзве грэка-каталіцкія царквы. Адна з іх у Закарпацці, якое ў мінулым было Руссю, або Украінай Закарпацкай. Тут дзейнічае адзіная грэка-каталіцкая мукачаўская дыяцэзія, якая ў літургіі выкарыстоўвае візантыйска-рускі чын і з-за гэтага ата ясам ліваецца з Русінскай грэка-каталіцкай царквой. Дру гая ж грэка-каталіцкая царква ахоплівае сваім уплывам тэрыторыі на поўнач ад Карпацкіх хрыбтоў і знаходзіцца пад юрысдыкцыяй Украінскай грэка-каталіцкай царквы (УГКЦ). Праблемы іх дзейнасці і ўзаемаадносінаў носяць не толькі гістарычны, але і нацыянальны і палітычны характар. Аўтар падрабязна асвятляе дыскусійныя пытанні, якія абвастрыліся ў 90-я г. ХХ ст. Многія з іх так і не знайшлі свайго вырашэння да сёння.

Прыведзеныя аўтарам сацыялагічныя дадзе ныя па-казваюць, наколькі глыбока грэка-каталіцызм умацаваўся ў Закарпацці: калі 38,84% вернікаў ідэн тыфіку юць ся бе з праваслаўем, то не намнога менш — 37,19% — з грэка-каталіцызмам. Пры гэтым Каталіцкай цар кве ўсход ня га абраду „сімпатызуюць” 41,25% тамтэй шых украінцаў, 57,14% русінаў, 30,77% венграў, 50% славакаў, 16,7% расіян. У 50 з больш як 400 парафій у За-кар пац ці літургія праводзіцца па-венгерску, у 4 — па-ру мын ску, у большасці парафіяльнай мовай заста ец ца цар коў насла вянская. У гэтым вялікая розніца па між Грэ ка- каталіцкій царквой у Закарпацці і Украін скай грэка-каталіцкай царквой.

Аўтар разглядае шэраг іншых дыскусійных праблем, у прыватнасці, падпарадкавання мукачаўскай дыяцэзіі Апостальскай Сталіцы ці Львоўскай мітраполіі Украінскай грэка-каталіцкай царквы, адносіны з лацінскай Каталіцкай царквой, вяртання адабраных у савецкі час святыняў, дзейнасць Апостальскай Сталіцы па вырашэнні праблем грэка-каталікоў ва Украіне і інш.

Намінацыя Ватыканам двух дапаможных епіскапаў — Мархітыча для вернікаў украінскай нацыянальнасці і Галавача — для іншых (русінаў, венграў, румынаў, славакаў, немцаў, палякаў) была скіравана, на думку аўтара, на захаванне гістарычнай традыцыі, этнічнай і канфесійнай разнастайнасці, а таксама лепшай апекі над грэка-каталікамі Закарпацця. Але гэта не стрымала імкнення часткі іерархіі да яднання з Украінскай грэка-каталіцкай царквой. Увосень 1996 г. епіскап Мархітыч на пленарным паседжанні Патрыяршага Сабору ў Львове публічна зачытаў ад імя сваіх дыяцэзіян ліст да іерархаў Украінскай грэка-каталіцкай царквы, у якім выказвалася ідэя: хочам мець адзіную Грэка-каталіцкую царкву ў адзінай вольнай Украіне.

У артыкуле разглядаецца праблема аб’яднання УГКЦ і Праваслаўнай царквы, што знаходзіцца ў юрысдыкцыі Кіеўскага Патрыярхата, у адзіную Кіеўскую царкву. Але гэты шлях вельмі складаны. Перш за ўсё, мяркуе аўтар, павінна дайсці да яднання Рускай праваслаўнай і Украінскай праваслаўнай царквы. Аўтар прыводзіць факты ў пацвярджэнне таго, што ідэя яднання выклікала не толькі дыскусіі, але і ў пэўнай ступені стварыла напружанасць у адносінах паміж рознымі канфесіямі.

Акрэслены таксама складаныя адносіны УГКЦ з уладай. Па сцверджанні аўтара, улады не праводзяць адзінай для ўсёй краіны палітыкі ў дачыненні да Грэка-каталіцкай царквы. У сваю чаргу, іерархія УГКЦ лічыць, што дзяржава павінна прызнаць Каталіцкую царкву ахвярай сталінізму і камуністычнага рэжыму, рэабілітаваць яе духавенства.

Сітуацыя Украінскай грэка-каталіцкай царквы (на паўночным баку Карпат), піша аўтар, значна лепшая, але не да канца ўнармаваная. Ва ўмацаванні пазіцый Каталіцкай царквы вялікая роля належала віднаму грэка-каталіцкаму кардыналу (з 1975 г. патрыярху) Іосі-фу Сліпому. Перанясенне сядзібы УГКЦ з Львова ў Кіеў дало магчымасць Грэка-каталіцкай царкве праводзіць сумесна з Украінскай праваслаўнай царквой Кіеўскага Патрыярхату працу над збліжэннем гэтых канфесій і стварэннем адзінай Кіеўскай царквы.

Даследчык Вітольд Бобрык з Седльцаў у артыкуле „Да праблемы геаграфіі размяшчэння грэка-каталіцкіх ордэнаў у сучаснай Украіне” вызначыў этапы дзейнасці грэка-каталіцкіх законаў у краінах былога ўсходняга блоку і ва Украіне.

Як сцвярджае аўтар, нешматлікія суполкі сясцёр і братоў законных спачатку дзейнічалі толькі на тэрыторыі СССР і Румыніі. У той жа час у краінах сацыялізму грэка-каталіцкія кляштары не падлягалі ліквідацыі. У артыкуле прыводзіцца колькасны склад, тэрытарыяльнае размяшчэнне законаў. Найбольш іх знаходзілася ў Галіцыі і Закарпацці. Дзейнасць законаў ажывілася пасля распаду СССР. Цяпер, адзначае аўтар, Украінская грэка-каталіцкая царква ў мэтах аказання вернікам, якія жывуць за межамі краіны, пастырскіх паслуг, праводзіць дзейнасць на тэрыторыі іншых дзяржаваў. У прыватнасці, называюцца гарады Вільня, Пракоп’еўск у Сібіры, Караганда, Астана (Казахстан), Полацк, Мінск (Беларусь). Па адной пляцоўцы грэка-каталіцкіх законаў ёсць у Нямеччыне і Грэцыі. Аднак аўтар не раскрывае ўмоваў існавання і дзейнасці грэка-каталіцкіх законаў, таму артыкул носіць толькі інфармацыйны характар.

Падсумоўваючы сказанае, варта адзначыць, што рэцэнзаваны зборнік з’яўляецца пэўным укладам у даследаванне канфесійнай праблематыкі, у прыватнасці, каталіцызму заходняга і ўсходняга абрадаў. Многія з абазначаных аўтарамі праблем патрабуюць больш грунтоўнага вывучэння — не толькі замежнымі, але і беларускімі вучонымі. Праўда, даводзіцца канстатаваць, што ў нашым грамадстве ў вывучэнні гісторыі Каталіцкай царквы працягваюць панаваць стэрэатыпы сталінскага часу, што не толькі стрымлівае развіццё навуковых даследаванняў, але і наносіць непапраўную страту беларускай гістарычнай навуцы.

Гродна

Эдмунд Ярмусік

Наверх

Polen. Jubiläen und Debatten. Beiträge zur Erinnerungskultur / Hg. von Peter Oliver Loew und Christian Prunitsch .Wiesbaden: Harrassowitz, 2012. 208 S.

Жніўня 1, 2010 |

Кнігу складаюць даклады нямецкіх і польскіх навукоўцаў, прачытаныя ў рамках спецыяльнай серыі лекцый (Ringvorlesungen), што была арганізавана ў Тэхнічным універсітэце Дрэздэна і Універсітэце Ёгана Гутэнберга ў Майнцы ў зімовым семестры 2010/11 г. Усе яны прысвечаны славутым падзеям і асобам з гісторыі Польшчы, якія сталі важнымі для сучаснай польскай ідэнтычнасці і юбілеі якіх адзначаліся ў тым годзе. Такім чынам, усе тэксты яднае папулярная сёння тэма культуры памяці. Чытаць далей →

Леанід Зашкільняк. „Паверхі“ і „лесвіцы“ сучаснай украінскай гістарыяграфіі

Чэрвеня 16, 2009 |


Метафарычная назва гэтага эсэ тлумачыцца спробай даць агульную характарыстыку сучаснага стану ўкраінскай гістарыяграфіі. У цэлым гэта справа няўдзячная, паколькі за гады ўкраінскай незалежнасці гісторыяпісанне зрабілася такім разнастайным і шматколерным, што звесці яго да якіх-небудзь тыповых груп вельмі складана. Тым не менш, суб’ектыўны погляд на тое, што мы называем сучаснай украінскай гістарыяграфіяй, можа быць у нечым карысны. Трэба дадаць, што ў навуковай перыёдыцы да пытанняў сучаснай гістарыяграфічнай творчасці звярталася нямала прафесійных гісторыкаў, гэтая праблематыка неаднаразова абмяркоўвалася на канферэнцыях, кангрэсах і семінарах[1]. A адзін польскі гісторык — Томаш Стрыек — прысвяціў ёй фундаментальную навуковую манаграфію[2].

Спачатку некалькі агульных штрыхоў. Ад Украінскай ССР незалежная Ўкраіна атрымала ў „спадчыну” савецкую версію „гісторыі Ўкраінскай ССР”, складзеную на аснове сацыяльна-эканамічнага дэтэрмінізму і кампартыйнай ідэалогіі, а таксама шматлікі корпус прафесійных гісторыкаў, сярод якіх асноўную частку складалі гісторыкі КПСС і даследчыкі з так званых кафедраў грамадскіх навук. Гэты корпус гісторыкаў, які складаў амаль палову ад усіх спецыялістаў, як, зрэшты, і большасць іншых савецкіх гісторыкаў, меў шэраг характэрных рысаў, сярод якіх трэба ў першую чаргу вылучыць: ідэалагічную індактрынацыю ў рэчышчы вульгарнага марксізму- ленінізму з яго аптымістычнай верай у грамадскі прагрэс і абавязковай знешняй і ўнутранай цэнзурай; невысокі ўзровень прафесійнай падрыхтоўкі пры рабоце з крыніцамі; ігнараванне сусветных тэндэнцый у развіцці гістарычнай думкі і найноўшых метадалогій; адсутнасць сур’ёзных міжнародных кантактаў і няведанне замежных моў. Адным словам, украінская гістарыяграфія мела ўсе рысы правінцыяльнай гістарыяграфіі нават у межах СССР, дзе ўсе найлепшыя сілы і даследчыцкія магчымасці былі засяроджаны ў Маскве. Усё гэта я прыгадваю толькі для таго, каб растлумачыць наступныя тэндэнцыі ў развіцці нацыянальнай гістарыяграфіі.

Пасля абвяшчэння незалежнай Украіны сталася так, што за размовамі пра рэформы і дэмакратызацыю была захавана і нават „удасканалена” ўся інфраструктура гуманітарных ведаў. У першую чаргу былі рашуча замацаваны сувязі вучоных з дзяржавай і іх залежнасць ад яе: пакінута дзяржаўная Акадэмія навук з яе шматлікімі інстытутамі, сістэма вышэйшай універсітэцкай адукацыі, сістэма народнай асветы. Змены закранулі толькі тэматыку гістарычных даследаванняў, напаўненне навучальных праграм ВНУ і школ. Астатнія змены мелі чыста дэкаратыўны ці наогул кан’юнктурны характар (напрыклад, заснаванне „нацыянальных” інстытутаў і універсітэтаў, эксперыменты са зместам навучальных праграм і г.д.).

Што ж да гісторыі і гістарычных ведаў, то яны апынуліся пад магутным прэсам ідэалогіі і палітыкі. Але гэтым разам гаворка ішла не пра „саветызацыю” мінуўшчыны, а пра яе „нацыяналізацыю”[3]. Здавалася, што ў гэтым няма асаблівай праблемы і сам час загадаў „перапісваць” гісторыю з новых метадалагічных і ідэалагічных пазіцый, якія б легітымізавалі новыя суб’екты міжнароднага жыцця — украінскую нацыю і дзяржаўнасць. Аднак для гісторыі гэта павярнулася дзвюма нечаканымі з’явамі. Па-першае, у пошуках схемы і канцэпцыі нацыянальнай гісторыі не знайшлося альтэрнатывы версіям М. Грушэўскага і В. Ліпінскага — гісторыкаў пачатку XX ст., якія жылі і дзейнічалі ў зусім іншых грамадскіх і інтэлектуальных умовах. Па-другое, прапанаваная і, зрэшты, рэалізаваная цяпер версія „нарматыўнай” гісторыі Ўкраіны, або яе канон, мала чым адрозніваецца ад „марксісцка-ленінскага” погляду на мінуўшчыну Ўкраіны і ўкраінцаў; ёй уласцівы ўсе вызначальныя рысы лінейнасці, тэлеалагізму, функцыяналізму, заканамернасцяў гістарычнага працэсу, якія мы знаходзім і ў Гегеля, і ў Маркса, і ў савецкай гістарыяграфіі. І адрознівае яе ад іх толькі тое, што на месца „абсалютнага духу” або „прагрэсіўнага” класа ды класавай барацьбы пастаўлена нацыя і нацыянальная барацьба, якая паспяхова і „заканамерна” завяршаецца на адной стадыі з набыццём Украінай незалежнасці, каб перайсці да наступнай — вышэйшай, г.зн. да будаўніцтва грамадства „ўсеагульнага дабрабыту”. (За адным разам можна згадаць, што ў 1993 г. зусім сур’ёзна ў Міністэрстве адукацыі Ўкраіны разглядалася пытанне пра замену універсітэцкага курса „навуковага камунізму” курсам „навуковага нацыяналізму”, але, на шчасце, хапіла розуму, каб адмовіцца ад такой задумы.) Здавалася б, што ж у гэтым дрэннага? Бо няма ж сумненняў у тым, што для пераадолення вынікаў працяглай савецкай прапаганды і выкаранення ўстарэлых гістарычных стэрэатыпаў неабходна сканструяваць такую версію ўкраінскай мінуўшчыны, якая б адпавядала мэтам фарміравання нацыянальнай свядомасці насельніцтва і легітымацыі ўкраінскіх дзяржаўніцкіх памкненняў. Аднак выявілася цікавая акалічнасць: украінская нарматыўная гістарыяграфія, створаная найлепшымі гісторыкамі Ўкраіны (якая пакладзена ў аснову універсітэцкіх і школьных праграм), мала чым адрозніваецца ад версіі гісторыі Ўкраінскай ССР з пункту гледжання падбору і селекцыі матэрыялу, міфалагічнасці асноватворных пабудоваў, замоўчвання нявыгадных момантаў, фальсіфікацыі дакументальных матэрыялаў і г.д. Іншымі словамі, сучасная нарматыўная версія гісторыі Ўкраіны з’яўляецца аднабока этнацэнтрычнай, гераізаванай, заснаванай на ідэалізацыі ўсяго ўкраінскага і проціпастаўленні яму ўсяго неўкраінскага, г.зн. цалкам міфалагізаванай версіяй неарамантычнага плана[4]. У выніку мы маем нацыянальную выхаваўчую гісторыю, якая з навуковага пункту гледжання не вытрымлівае крытыкі, а з грамадзянскага — фарміруе небяспечныя тэндэнцыі нацыянальнага эгаізму, сацыяльнага калектывізму і падпарадкавання асобы грамадзе, антыдэмакратызму, а горш за ўсё — спараджае канфлікт гістарычнай памяці насельніцтва розных рэгіёнаў Украіны.

Але вернемся да зыходных пазіцый. Пасля 1991 г. поўнасцю знікла палітычная цэнзура, часткова адкрыліся архіўныя сховішчы і палегчыўся доступ да дакументальнай базы, стварыліся спрыяльныя ўмовы для работы гісторыкаў. Гэта прывяло да двух важных працэсаў у гістарычным спазнанні. З аднаго боку, пачалося актыўнае вывучэнне і публікацыя дакументальных матэрыялаў, у першую чаргу на тэму замоўчваных раней праблем мінуўшчыны Ўкраіны і яе ўзаемаадносінаў з іншымі народамі, у тым ліку ў складзе СССР. Гэты працэс працягваецца да цяперашняга часу, і яму не відаць канца-краю; яго плёнам сталі шматлікія дакументальныя публікацыі па ўсіх перыядах нацыянальнай гісторыі, перш за ўсё па гісторыі ўкраінскага казацтва і гетманшчыны, Украінскай рэвалюцыі 1917-1920 г., таталітарнага тэрору ў гады УССР, Галадамору 1932-1933 г., нацыянальна-вызваленчага руху ў гады Другой сусветнай вайны і г.д. З другога боку, новая база крыніц, якая давала значную прастору для новых сучасных інтэрпрэтацый, дазволіла досыць лёгка і хутка рыхтаваць ды абараняць кандыдацкія і доктарскія дысертацыі за кошт „закрыцця” так званых белых і чорных плям мінуўшчыны без асаблівых намаганняў у справе іх асэнсавання — у цэнтры ўвагі апынулася ўкраінская этнічная супольнасць, праз эвалюцыю якой разглядаліся ўсе грамадскія з’явы. Такія дысертацыі масава абараняліся і абараняюцца дагэтуль без асаблівых намаганняў паводле выпрацаванага ў старыя „знаёмыя” часы шаблону: іх назвы, як правіла, гавораць самі за сябе, паколькі пачынаюцца са слоў „барацьба за…”, „нацыянальны рух у…”, „уклад украінцаў у…” і г.д. Як правіла, у такіх дысертацый ёсць „лагічная” мэта, якая робіцца арыенцірам, — паказаць барацьбу ўкраінцаў за незалежнасць, за культуру, супраць нацыянальнага прыгнёту, супраць таталітарных рэжымаў і да т.п. У выніку гэтага маем, што ў 1992-2002 г. гісторыкі абаранілі 192 доктарскія і 1243 (!) кандыдацкія дысертацыі, што склала прыблізна 33% ад усіх доктарскіх і 33% ад усіх кандыдацкіх дысертацый, абароненых ва Ўкраіне па ўсіх спецыяльнасцях[5]. Калі ў канцы 1980-х г. было больш як 3 тысячы дыпламаваных гісторыкаў, дык у канцы 2000-х г. ва Ўкраіне працуюць ужо больш як 6 тысяч дыпламаваных гісторыкаў (кандыдатаў і дактароў навук).

Як бачым, ёсць „статыстыка росту”, ёсць здабыткі ў канструяванні скразной схемы гісторыі Ўкраіны, якая сёння ўведзена ў сістэму вышэйшай і сярэдняй адукацыі. Але за ўсім гэтым стаіць небяспечная тэндэнцыя дэпрафесіяналізацыі гістарычнай галіны як такой праз схематызацыю „вытворчасці” псеўданавуковых дысертацый і стварэння разгалінаванага дзяржаўнага апарату „ідэалагічных змагароў”, якія будуць выконваць любы заказ улады. А гэта азначае, калі гаварыць словамі вядомага расійскага гісторыка Ю. Афанасьева, што «мінуўшчыну зноў трэба „падчышчаць”, з яе зноў трэба выдаляць вельмі шмат таго, што не працуе на патрэбу бягучага моманту, і, адпаведна, дадаваць тое, чаго ўсім сёння так моцна хочацца»[6]. Такая пазіцыя, як падаецца, несумяшчальная з прынцыпамі і этыкай навуковай дзейнасці.

3 іншага боку, грамадства патрабуе пэўнай гістарычнай памяці, без якой не можа існаваць ніводная сацыяльная супольнасць, у тым ліку і нацыя. Таму можна сказаць, што галоўная праблема, з якой сутыкнулася ўкраінская гістарыяграфія пасля 1991 г. і якая працягвае існаваць дагэтуль, заключаецца ў тым, што ўкраінскія гісторыкі зразумелі сацыяльны выклік толькі як „перапісванне” гісторыі і не звярнулі ўвагі на сутнасць праблемы — як яе перапісваць. Таму крызіс сучаснай постсавецкай гістарыяграфіі не з’яўляецца крызісам навукі, а ёсць, паводле выказвання вядомага ўкраінскага гісторыка Н. Якавенкі, крызісам „ідэнтычнасці гісторыка”, крызісам вычарпання макрасацыяльных схем гістарычнага працэсу, якія ўжо даўно не задавальняюць навуку і вучоных[7]. Да яго дадаецца яшчэ і крызіс гістарычнай памяці грамадства, падзеленага на працягу многіх дзесяцігоддзяў і нават стагоддзяў у цывілізацыйных адносінах, — памяці, арыентаванай на „асаблівую” гістарычную місію „паміж Захадам і Ўсходам”, і памяці, што грунтуецца на еўрапейскім вопыце вырашэння грамадскіх праблем.

3 гэтай нагоды нельга не сказаць хоць колькі слоў пра сучасную сусветную эпістэмалагічную сітуацыю, якая вымушае і нас, гісторыкаў, па-новаму зірнуць на мінулую рэальнасць. Гаворка ідзе аб працэсах змены светапогляду і мыслення ў канцы XX – пачатку XXI ст., якія атрымалі такую непапулярную ў сяго-таго назву пераходу ад „мадэрну” да „постмадэрну”, або ад „мадэрнісцкага” вобраза навукі да „постмадэрнісцкага”. Калі сцісла падагульніць адрозненні паміж гэтымі вобразамі, то варта канстатаваць, што „мадэрнізм”, спалучаны з „матэматызацыяй навукі”, успрымае свет як аб’ект пераўтварэння дзеля людской „карысці”, „прыватызуе” яго ў адпаведнасці з прынцыпамі канструявання. „Постмадэрнісцкае” бачанне фарміруе зусім іншы вобраз навукі, вобраз, заснаваны на „дэканструкцыі” сацыякультурных уяўленняў, што ўтрымліваюцца ў мове; гэтыя ўяўленні становяць сабой „армію метафар”, якія нараджаюцца ў выніку кожнай паслядоўнай спробы высветліць стан свету на гэты канкрэтны момант і якія ў іншым часавым вымярэнні ператвараюцца ў „літаратурныя фікцыі”, міфалогію. „Постмадэрнізм” канстатуе адну істотную ісціну: „свет як з’яву” немагчыма адлюстраваць у форме ўсёахопнай „абсалютна праўдзівай тэорыі”. У такіх умовах застаецца толькі адна магчымасць спазнання — інтэрпрэтаваць, вытлумачваць свет пры дапамозе мовы („наратыву”). Але любое быццё, якое можна інтэрпрэтаваць пры дапамозе мовы, будзе „тэкстам”, а сам свет паўстае як своеасаблівы тэкст. „Нішто не існуе па-за тэкстам, — сцвярджаюць постмадэрністы, — або па-за пэўным тэкстам існуюць толькі іншыя тэксты”[8].

Для гісторыка гэтыя вывады безумоўна важныя, паколькі гаворка ідзе пра „адсутную” рэальнасць і канструктыўныя здольнасці чалавечага розуму. Гісторык заўсёды сам „стварае” гісторыю ў адпаведнасці са сваімі светапогляднымі пазіцыямі і сацыяльным становішчам. Але гэты інтэлектуальны працэс у прафесійных колах накіраваны перш за ўсё на рэканструкцыю светапогляду і свядомасці (менталітэту) гістарычных актараў мінуўшчыны, а не на прыпісванне ім сучасных уяўленняў. Іншымі словамі, гісторык сутыкаецца сёння з адной з найскладанейшых спазнавальных праблем — праблемай рэканструкцыі стану свядомасці (і падсвядомасці) людзей мінуўшчыны, а значыць, і тагачаснай сацыяльнай рэальнасці праз расшыфроўку зместаў і значэнняў мовы. Такая гісторыя значна больш глыбокая і праўдзівая, але яна заўсёды з’яўляецца своеасаблівай мікрагісторыяй.

Такім чынам, можна канстатаваць, што ўкраінскія гісторыкі за амаль дваццаць гадоў існавання без цэнзурна-таталітарнага ціску, па-першае, стварылі, або, лепш сказаць, крыху мадэрнізавалі схему скразной і працяглай гісторыі „ўкраінскага народа”, прапанаваную яшчэ на пачатку XX ст. Гэтая схема актыўна служыць нарматыўнай асновай для дысертацый, кніг, падручнікаў, папулярнай літаратуры. Яна з’яўляецца базай, на якую абапіраюцца большасць вядучых украінскіх палітыкаў, у тым ліку і прэзідэнт В. Юшчанка. Яе стваральнікамі выступае пераважная частка гісторыкаў НАН Украіны, вядомых універсітэтаў. Гэта нібы „найвышэйшы” ўзровень гістарычнага істэблішменту, які працуе ў дзяржаўных установах, ад Акадэміі навук і да прыватных універсітэтаў уключна. У апошнія два гады ўсё больш важкую ролю ў правядзенні гістарычнай палітыкі адыгрывае Ўкраінскі інстытут нацыянальнай памяці (створаны ў 2006 г.), на які ўскладзены абавязак фарміраваць нацыянальную гістарычную свядомасць.

Сярод даробку найвышэйшага гістарычнага „эшалона” — грунтоўны кампендыум сінтэтычных выданняў, універсітэцкіх і школьных падручнікаў, дакументальных серый. Няма магчымасці пералічыць усе здабыткі кананічнай гістарыяграфіі, згадаем толькі 15 тамоў выдання „Ўкраіна праз вякі” (1998-2000), ганараваных Дзяржаўнай прэміяй Украіны за 2000 г., пяцітомнік „Гісторыя ўкраінскай культуры” (1998-2003), двухтомнік „Гісторыя ўкраінскага сялянства. Нарысы” (2006), „Энцыклапедыю гісторыі Ўкраіны” (выйшлі пяць тамоў, рыхтуюцца яшчэ столькі ж) і гэтак далей. У аснове большасці з гэтых выданняў — праца Інстытута гісторыі Ўкраіны НАН Украіны (дырэктар — акадэмік НАН Украіны В. А. Смолій). Не даючы цяпер агульнай ацэнкі нарматыўным выданням, адзначым іх важную рысу — настойлівы пошук нацыянальнай гістарычнай ідэнтычнасці і адначасова намаганне выйсці за рамкі мадэрнісцкіх традыцый. Сведчаннем гэтаму з’яўляецца заснаванне Інстытутам гісторыі Ўкраіны НАН Украіны шэрагу цікавых эксперыментальных часопісаў і зборнікаў, якія, па сутнасці, дэманструюць спробы выйсці за межы кананічнай гісторыі, — „Соціум. Альманах соціальної історії”, „Ruthenica. Альманах історії та археології Східної європи”, „Україна в Центрально-Східній європі” і іншых. Апошнім часам інстытут ініцыяваў выданне першага ва Ўкраіне гістарычна-тэарэтычнага часопіса „Ейдос. Альманах теорії та історії історичної науки”. Усе гэтыя выданні даступныя на веб-старонцы Інстытута гісторыі Ўкраіны[9].

Што найбольш характэрнае для нарматыўнага канона ўкраінскай гісторыі? Калі паспрабаваць адказаць вельмі коратка, то найлепш гэта зрабіў ужо згаданы кіеўскі гісторык Георгій Касьянаў. Ён пісаў, што фармаванне нарматыўнага канона прайшло тры этапы: на першым асноўная ўвага была звернута на забароненыя тэмы нацыянальнай гісторыі (а такіх было найбольш); на другім — адбываўся шпаркі падзел гістарычнай памяці і гістарычнай прасторы паводле этнічнай прыкметы; на трэцім — быў сфарміраваны нацыянальны метанаратыў, у якім тытульны этнас ператварыўся ў самадастатковую і трансцэндэнтную адзінку, што дзейнічае па-за часам і прасторай ды процістаіць усім іншым народам і дзяржавам[10]. Такі канон адназначна паказвае на тое, што ў галіне фармавання гістарычнай свядомасці была прадоўжана тая інтэлектуальная традыцыя, якая склалася яшчэ на пачатку XX ст., была перапынена падзеямі 1917-1920 г. і атрымлівае завяршэнне ў нашы дні. Параметры гэтага канона вызначаюцца задачамі „мадэрнасці”, або прынцыпамі так званай украінскай „народніцкай” і „дзяржаўніцкай” гістарыяграфіі першай паловы мінулага стагоддзя. Сярод іх — тэлеалагізм як ідэя аб натуральнасці і заканамернасці ўзнікнення ўкраінскай нацыі і дзяржавы; эсенцыялізм, які дае магчымасць знаходзіць нацыю ў любой гістарычнай эпосе; этнацэнтрычнасць, якая дазваляе атаясамліваць этнас з нацыяй і „ўкраінскім народам”; эксклюзіўнасць як асаблівая трагічнасць або віктымнасць украінскай нацыі; лінейнасць, што прадугледжвае схему „працякання” ўкраінскай гісторыі праз схемы перыядызацый: трыпольская культура — усходнеславянскія плямёны — Кіеўская Русь — Галіцка-Валынскае княства — польска-літоўскі перыяд (з акцэнтам на літоўскім перыядзе) — казацкі перыяд і Гетманат — нацыянальнае адраджэнне — украінская дзяржаўнасць 1917-1920 г. — Савецкая Ўкраіна (у цэлым дыскусійны перыяд) — незалежная Ўкраіна. Неад’емнай складовай часткай канона з’яўляецца нацыянальная міфалогія, якая прадугледжвае міфы пра заснаванне, пра герояў, пра абавязковых ворагаў, пра жрацоў і блазнаў і г.д.[11].

У выніку маем нарматыўны канон, які служыць легітымацыі ўкраінскай нацыі ды дзяржаўнасці і выконвае функцыі кампенсацыі гістарычнай памяці ў сучаснай Украіне. Яго роля вельмі важная ідэалагічна і палітычна, але стварае пэўныя цяжкасці пры супастаўленні з іншымі гістарычнымі наратывамі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. Гаворка ідзе пра тое, што адасабленне і вылучэнне ўкраінскай гісторыі з гісторыі польскай, расійскай і савецкай адбылося, але яно спарадзіла пэўныя цяжкасці ў справе ўключэння ўкраінскай гісторыі ў еўрапейскую і ўзгаднення яе з гісторыяй іншых народаў, перш за ўсё рускага. У нас няма магчымасці спыняцца на разыходжаннях паміж украінскай і расійскай схемамі гісторыі, але супярэчнасцяў тут хапае, і сепарацыя ўкраінскай мінуўшчыны адназначна ўступае ў канфлікт з расійскім варыянтам „супольнай” гісторыі, а таксама вельмі балюча адбіваецца на сучасных украінска-расійскіх адносінах: украінскі метанаратыў крайне варожа ўспрымаецца расійскімі гісторыкамі, якія бачаць у ім спробу „перапісаць” гісторыю дзеля палітыкі, не заўважаючы, што ўвесь папярэдні перыяд гісторыятварэння быў навязваннем аднабокай прарасійскай версіі „гісторыі Ўсходняй Еўропы”[12]. Як складана адбываецца адыход расійскіх гісторыкаў ад даўно ўсталяваных схем „агульнага ўсходнеславянскага мінулага”, прадэманстравалі працы Камісіі гісторыкаў Украіны і Расіі, вынікам работы якой стала публікацыя ва Ўкраіне „Нарысаў гісторыі Расіі”, падрыхтаваных расійскімі гісторыкамі, і кнігі „Гісторыя Ўкраіны: навукова-папулярныя нарысы”, напісанай украінскімі гісторыкамі для расійскага чытача. У каментары да гэтай падзеі, дадзеным Ю. Шапавалам, адзначана, што для расійскіх калег украінская гісторыя аказалася неспадзяваным сюрпрызам, але той факт, што такая гісторыя ёсць, дае падставы чакаць плённых навуковых дыскусій[13].

Паводле падлікаў сучасных даследчыкаў, да цяперашняга часу з’явілася больш як два дзесяткі разнастайных сінтэтычных абагульненняў гісторыі Ўкраіны, большасць з якіх у той ці іншай ступені абгрунтоўваюць мадэрнісцкі нарматыўны канон[14]. Нельга сказаць, што ўсе яны аднолькавыя па сваёй фактаграфіі і спосабах інтэрпрэтацыі. Але ўсе яны заснаваныя на тых метадалагічных прынцыпах, пра якія гаварылася вышэй. Былі і застаюцца спробы „мадэрнізаваць” украінскі гранд-наратыў. Адной з іх, якая яшчэ дваццаць гадоў таму магла б выглядаць вельмі прывабна, з’яўляецца спроба двух вядомых і аўтарытэтных гісторыкаў — В. Смолія і В. Сцепанкова—стварыць новую канцэпцыю „ўкраінскай нацыянальна-дэмакратычнай рэвалюцыі XVII ст.”, звязанай з казацкімі войнамі[15]. Гэтая канцэпцыя, што надае Ўкраіне прыярытэт у мадэрнізацыйных працэсах на кантыненце і ўключае ў сябе такія канцэпцыі, як „казацтва — украінскае фермерства”, „казацтва — стрыжань украінскай нацыі ранняга Новага часу” і іншыя, сустрэла сур’ёзную крытыку спецыялістаў, але, тым не менш, у прыгладжаным выглядзе ўвайшла ў сучасныя школьныя і універсітэцкія падручнікі, паколькі дазваляла прасякнуцца гонарам за „ўклад” у еўрапейскую гісторыю. Н. Якавенка назвала гэтую канцэпцыю „мутацыяй” марксісцкага шаблону „пралетарскай рэвалюцыі”[16]. Не імкнучыся празмерна іранізаваць над нацыянальнай тэматыкай, мы ўсё ж мусім акрэсліць некаторыя слабыя бакі сучаснага гістарычнага канона і яго выкарыстання ў ідэалагічных мэтах. Найбольшую колькасць заўваг прафесійных даследчыкаў выклікаюць дзве тэмы—трыпольская культура, ад якой нібыта цягнецца радавод украінскага народа, як і ўсіх іншых еўрапейскіх народаў, і ўкраінскае казацтва. Можна згадаць хоць бы тое, што яшчэ прэзідэнтам Л. Кучмам у 2001 г. была зацверджана „Нацыянальная праграма развіцця ўкраінскага казацтва”, якая прадугледжвала „аказачванне” ў найбліжэйшыя гады многіх дзяржаўных установаў. На шчасце, на праграму забыліся, але казацкая тэма не згасла, а наадварот, атрымала развіццё ў дзейнасці прэзідэнта В. Юшчанкі. Апрача шматлікіх помнікаў і мемарыялаў, В. Юшчанка не забываецца эксплуатаваць казацкую тэму ў сваіх прамовах. Апафеозам гэтага стала выступленне прэзідэнта на ўстаноўчым сходзе Рады ўкраінскага казацтва 6 чэрвеня 2005 г., дзе ён заявіў, што „мірная перамога Майдана („аранжавая рэвалюцыя” 2004 г. — Л. З.)… гэта працяг у чарадзе казацкіх перамог, сярод якіх Кафа і Корсунь, Збараж і Канатоп”[17]. Такая кан’юнктура спарадзіла цэлы паток падручнікаў для універсітэтаў пад лозунгам сцвярджэння „казацкай педагогікі”, напісаных паважнымі прафесарамі і дацэнтамі. У іх гаворыцца аб тым, што „казацкая педагогіка — гэта унікальная з’ява не толькі ўсходнеславянскай, а і сусветнай культуры”. А ў рэзюмэ такіх твораў адзначаецца, што менавіта асаблівая „педагогіка” ператварыла казацтва ў „высокаінтэлектуальны і сацыятворчы унікум дзяржаватварэння, грамадскі цуд Еўропы, у якім кожны казак — гэта мудрэц, казацкі кош — кош мудрацоў, казацкі полк — полк мудрацоў”. Як прыклад такога мудраца прыводзіцца атаман Іван Сярко, „які ваяваў у Францыі, a потым у Парыжскім універсітэце чытаў лекцыі па гісторыі Ўкраіны і Польшчы”[18]. Не дзіўна, што сваім крытычным нататкам на тэму казацкай палітыкі гісторык А. Русіна дала назву „Дзікія танцы”.

Новая міфатворчасць уласціва і іншым тэмам украінскай гісторыі. Сярод іх Украінская рэвалюцыя 1917-1920 г., нацыянальны рух міжваенных часоў і перыяду Другой сусветнай вайны. Зразумела, што ключавыя тэмы ўкраінскай мінуўшчыны маюць і сур’ёзныя навуковыя даследаванні, але імкненне да ідэалізацыі ўсяго, што звязана з нацыянальнай барацьбой, немінуча вядзе да міфалагізацыі, ствараючы для гісторыкаў пэўныя метадалагічныя цяжкасці. Але ж іх задача — развенчваць міфы, а не ствараць новыя. У гэтых адносінах згадаем толькі адну працу, якая прафесійна развенчвае адзін з міфаў „вялікай айчыннай вайны” пра „маральна-палітычнае адзінства ўкраінскага савецкага грамадства” ў барацьбе з „нямецкімі фашыстамі”. Гэта кніга кіеўскага гісторыка У. Грыневіча „Грамадска-палітычныя настроі насельніцтва Ўкраіны ў гады Другой сусветнай вайны (1939-1945 г.)”, выдадзеная ў канцы 2007 г. У ёй на шырокім дакументальным матэрыяле з украінскіх, расійскіх і нямецкіх архіваў пераканаўча паказана велізарная дыферэнцыяцыя і дынамічная трансфармацыя настрояў насельніцтва Ўкраіны ў гады сусветнай вайны. Даследчык аргументавана сцвярджае, што бальшавікам, нягледзячы на выкарыстанне ўсіх магчымых і немагчымых сродкаў, не ўдалося сфарміраваць ва Ўкраіне гамагеннае грамадства з адзінай савецкай ідэнтычнасцю, і таму Ўкраіна ўвесь час заставалася „слабым звяном” у сталінскай імперыі, арэнай магутнага супраціўлення сталінскаму рэжыму[19]. Апошнім часам з’явіўся таксама шэраг прац пра нямецкі акупацыйны рэжым ва Ўкраіне і рух Супраціўлення, у якіх савецкі фактар займаў далёка не асноўнае месца. На жаль, гэтыя праЦЫ вельмі слаба ўплываюць на грамадскую свядомасць, дзе працягвае, асабліва на ўсходзе і поўдні краіны, панаваць міф аб „вялікай айчыннай вайне” і „маральна-палітычным адзінстве савецкага народа”.

Сярод тэм, у якіх паядналіся палітычная і навуковая кан’юнктура, знаходзіцца тэма Галадамору 1932-1933 г. На сёння ва Ўкраіне выдадзена шмат фундаментальных дакументальных зборнікаў і аналітычных прац, у якіх адназначна даводзіцца факт мэтанакіраванай палітыкі Масквы па вынішчэнні ўкраінскага насельніцтва, пераважна сельскага, што падпадае пад азначэнне генацыду. Цяпер распачалася работа над стварэннем шматтомнай „Энцыклапедыі Галадамору”, у якой возьмуць удзел вучоныя не толькі Ўкраіны, але і многіх іншых краін[20]. Актыўна распрацоўваецца тэма палітычнага тэрору ў савецкія часы; ці не найбольш у гэтым плане зрабілі кіеўскія гісторыкі С. Белаконь і І. Білас[21]. Раскрыццё спецархіваў колішніх НКУС, АДПУ і КДБ абяцае інтрыгоўныя „адкрыцці” адносна вядомых падзей савецкага перыяду, пра што сведчаць шматлікія дакументальныя зборнікі, якія ўжо выдадзены[22].

Супярэчлівай тэмай застаецца гісторыя ўкраінскага нацыянальна-вызваленчага руху, яго радыкальнага крыла, вядомага па абрэвіятурах АУН і УПА. Вакол гэтай тэмы ўжо шмат гадоў віруюць палітычныя страсці. Іх сутнасць у трываласці савецкага міфа аб „украінскіх буржуазных нацыяналістах — памагатых гітлераўскіх фашыстаў”. Нягледзячы на тое, што яшчэ ў 1997 г. была створана ўрадавая камісія для вывучэння гэтай справы, а паводле яе даручэння працоўная група з прафесійных гісторыкаў на чале з С. Кульчыцкім падрыхтавала і ў 2005 г. апублікавала вялікую працу і прафесійны аналіз па гэтай праблематыцы, супраціўленне ўзважанаму ўспрыманню гэтай тэмы сярод часткі ўкраінскага насельніцтва застаецца значным[23]. Разам з тым, праяўляецца тэндэнцыя да міфалагізацыі АУН і УПА, падобна да таго як у свой час міфалагізаваўся савецкі патрыятызм. Гэта прасочваецца ў шматлікіх выданнях успамінаў і біяграфій дзеячаў украінскага руху, якія дэманструюць толькі патрыятычныя бакі дзейнасці падпольных нацыянальных арганізацый і замоўчваюць непрывабныя. Асабліва востра гэта назіраецца ў намаганні любой цаной абвергнуць факты калабарацыі з нацысцкім рэжымам ва Ўкраіне або апраўдаць ix барацьбой за нацыянальныя ідэалы, адкінуць антыпольскую акцыю АУН і УПА на Валыні і Галіччыне ў 1943-1944 г. Дыскусіі ўкраінскіх і польскіх гісторыкаў на навуковых семінарах, якія адбываліся ў 1997-2008 г. і знайшлі адлюстраванне ў дзесяці тамах матэрыялаў, дазволілі адкрыць нямала новых старонак украінска-польскага процістаяння ў гады апошняй сусветнай вайны, зменшыць адлегласць паміж польскімі і ўкраінскімі ацэнкамі гэтых падзей, але, зразумела, не скасавалі разыходжанняў у пазіцыях даследчыкаў[24]. У зародкавым стане знаходзіцца навуковае даследаванне савецкага перыяду гісторыі Ўкраіны, які патрабуе асаблівай прыдзірлівасці гісторыкаў у сувязі з пашырэннем (а часам і штучнай падтрымкай) ідэйна-палітычных стэрэатыпаў аб „сацыяльнай справядлівасці і абароненасці” грамадзян у колішнім СССР. У гэтым плане зроблена пакуль што вельмі мала[25]. Затое з’явіліся цікавыя манаграфіі па сучаснай гісторыі Ўкраіны пасля 1991 г., што выйшлі з-пад пяра двух сур’ёзных даследчыкаў — С. Кульчыцкага і Г. Касьянава[26]. Абедзве працы напісаны ў крытычным стылі і падаюць аналіз грамадска-палітычных працэсаў без кан’юнктурных напластаванняў. Таксама грунтоўнага сучаснага вывучэння дачакалася савецкая гістарычная навука ва Ўкраіне. Аналіз, зроблены В. Ярамчуком, паказаў існаванне нонканфармісцкіх плыняў ва ўкраінскай гістарыяграфіі 1950-1980-х г., якія намагаліся ісці ўпоравень з еўрапейскай навукай і адкідалі заідэалагізаваныя версіі афіцыйнай савецкай гістарыяграфіі[27].

Яшчэ адзін „паверх” украінскай гістарыяграфіі прадстаўлены некананічнай гісторыяй, якая за свой узор мае сучасныя заходнія даследаванні і намагаецца працаваць у рэчышчы сучасных метадалогій сацыяльнай і антрапалагічнай гісторыі. Такія даследчыкі абапіраюцца пераважна на недзяржаўныя грамадскія арганізацыі і распрацоўваюць сваю тэматыку пры дапамозе розных міжнародных фондаў. Асноўнымі такімі цэнтрамі з’яўляюцца Інстытут гістарычных даследаванняў Яраслава Грыцака пры Львоўскім нацыянальным універсітэце імя І. Франко, які выдае аўтарытэтны часопіс „Україна модерна”, Таварыства даследчыкаў Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы на чале з Наталляй Якавенкай пры Нацыянальным універсітэце „Кіева-Магілянская акадэмія” з часопісам „Український гуманітарний огляд”, Усходні інстытут украіназнаўства імя Кавальскіх пры Харкаўскім нацыянальным універсітэце на чале з Уладзімірам Краўчанкам (выдае часопіс „Схід – Захід”) і некаторыя іншыя. У даробак гісторыкаў, якія гуртуюцца вакол гэтых і іншых падобных цэнтраў, уваходзяць некананічная гісторыя Ўкраіны аўтарства Н. Якавенкі і Я. Грыцака, арыгінальныя даследчыцкія працы накшталт нядаўна апублікаваных даследаванняў Н. Якавенкі пра ўяўленні і ідэі ва Ўкраіне ранняга Новага часу[28], Я. Грыцака — пра акружэнне Івана Франко[29], К. Дысы — пра вядзьмарства ва Ўкраіне[30] і гэтак далей. Адзін з напрамкаў дзейнасці гэтых цэнтраў — адсочванне гістарычнай літаратуры і яе крытычны аналіз.

Шэраг даследчыкаў наватарскага плана працуюць сёння таксама ў розных украінскіх універсітэтах і інстытутах. Варта згадаць фундаментальныя працы чаркашчаніна Ю. Прысяжнюка, прысвечаныя вывучэнню ментальнасці ўкраінскага сялянства канца XIX – пачатку XX ст.[31], днепрапетраўчаніна У. Вашчанкі — пра неўрастэнічны дыскурс гісторыяпісання М. Грушэўскага[32], працы кіяўляніна А. Талочкі пра гісторыяпісанне Тацішчава[33], даследаванні па вуснай гісторыі пад кіраўніцтвам запарожца А. Бойкі[34], львавяніна В. Ададурава пра ўяўленні Напалеона і французскіх уладаў адносна заходніх ускраін Расіі[35], днепрапетраўчаніна Ю. Святца пра кіламетрычныя метады даследавання ўкраінскага сялянства[36] і г.д. Гэтыя работы можна назваць „эксперыментальнымі”, г.зн. такімі, што не ўкладваюцца ў канон, але даюць значна глыбейшую карціну мінулай рэчаіснасці, паколькі абапіраюцца на сур’ёзную працу з крыніцамі, улік шырокага сацыяльнага фону і індывідуальных асаблівасцяў гістарычных актараў, выкарыстанне міждысцыплінарных падыходаў да гістарычнага матэрыялу. Яны так ці інакш уплываюць на кананічную гісторыю, якая вымушана ўлічваць здабыткі эксперыментатараў. Гаворка ідзе пра асобныя спробы даследаваць мінуўшчыну ў рэчышчы культурна-антрапалагічнай гісторыі, інтэлектуальнай гісторыі, гендэрных даследаванняў, мікрагісторыі і г.д.

Такім чынам, украінскі гістарычны канон паступова пазбаўляецца ад неарамантычных рысаў і больш звяртаецца да прафесійнага аналізу на аснове вывучэння гістарычных дакументаў. Гэтаму спрыяюць многія фактары, перш за ўсё адкрытасць украінскай гістарыяграфічнай прасторы для розных поглядаў і метадалогій, азнаямленне з якімі спадарожнічае „індывідуальным і калектыўным адкрыццям”. Шмат у чым гэта абумоўлена фактам навучання і стажыроўкі новых пакаленняў гісторыкаў у заходніх навуковых цэнтрах ЗША, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны і г.д. Нямала спрыяе гэтаму праз увесь час украінская дыяспара, у першую чаргу Ўкраінскі навуковы інстытут Гарвардскага універсітэта (ЗША), кафедра гісторыі Ўкраіны універсітэта Альберты (Канада) і інш. Многія ўкраінскія гісторыкі скарысталі польскія стыпендыі і гранты, узнагароды Амерыканскай рады навуковых таварыстваў, фонды Фулбрайта і да т.п.

Нарэшце, акрэслім трохі ніжэйшы „паверх” — групу гісторыкаў, настаўнікаў гісторыі і ўдзельнікаў розных грамадскіх арганізацый, якія працуюць у краязнаўчай і спецыяльнай тэматыцы, як, напрыклад, Навуковае таварыства імя Шаўчэнкі, „Мемарыял”, розныя грамадскія і царкоўныя арганізацыі і таварыствы, занятыя пераважна патрыятычнай работай і закрыццём „цёмных” плямаў мінулага. Не хочам тым самым прынізіць іх уклад у асэнсаванне мінуўшчыны, наадварот, яны маюць важнае агульнаўкраінскае і краязнаўчае значэнне і папаўняюць рэгіянальнае вымярэнне гісторыі. Адметнасць палягае ў тым, што гэтыя арганізацыі не маюць дзяржаўнай падтрымкі і вымушаны разлічваць на добраахвотныя ахвяраванні або ўзносы. Напэўна, найбольш грунтоўныя гістарычныя даследаванні на трывалай дакументальнай аснове публікуюцца ў НТШ, дзе выходзіць шэраг серыйных выданняў „Записки НТШ”, „Вісник НТШ” і манаграфіі з розных перыядаў гісторыі Ўкраіны. Адноўленае НТШ ва Ўкраіне падтрымлівае сувязі з украінскімі дыяспарнымі навуковымі цэнтрамі (напрыклад, Украінскай свабоднай акадэміяй навук і іншымі), намагаецца ствараць „грамадзянскую” нішу нацыянальнага гісторыяпісання, засяроджваючыся на ўкраіназнаўчай тэматыцы.

Сучасная ўкраінская гістарыяграфія мае і свае слабыя звёны. Адно з іх — гэта маргінальнасць у вывучэнні сусветнай гісторыі. За апошнія гады пазначыліся пэўныя зрухі ў вывучэнні гісторыі суседніх краін—Польшчы і Расіі. А што да гісторыі заходніх дзяржаваў і народаў Усходу, то гэтыя кірункі ва Ўкраіне прадстаўлены вельмі слаба: ёсць толькі паасобныя спецыялісты па гісторыі Венгрыі, Чэхіі, Іспаніі, Францыі, Японіі, ЗША. Сусветная гісторыя практычна не мае свайго цэнтра даследавання па-за кафедрамі сусветнай гісторыі, дзе большасць выкладчыкаў прагнуць абараніцца па ўкраінскай гісторыі. Страчаны пазіцыі эканамічнай гісторыі, якая зрабілася „нямоднай”, не створана сапраўднай ваеннай гісторыі. Наогул, павольна развіваюцца спецыяльныя гістарычныя дысцыпліны, тэарэтычныя даследаванні.

Украінскія гісторыкі, на жаль, не стварылі свайго гістарычнага таварыства; існуюць толькі аддзелы Ўкраінскага гістарычнага таварыства з цэнтрам у ЗША (выдаецца часопіс „Український історик”). Вельмі слаба прадстаўлена ўкраінская гістарыяграфія на міжнародных кангрэсах гісторыкаў. Украіна з 1996 г. з’яўляецца членам Міжнароднага камітэта гістарычных навук дзякуючы фінансавай дапамозе дыяспары, але па-ранейшаму мае сур’ёзныя цяжкасці ў фінансавых стасунках з МКГН. Украінскія гісторыкі былі ўдзельнікамі кангрэсаў МКГН пераважна як прыватныя асобы (у Сіднеі на 20-м кангрэсе быў усяго адзін удзельнік з Украіны).

Нарэшце, нельга не сказаць пра яшчэ адзін „паверх” гісторыяпісання — паранавуковы, але найбольш папулярны ў чытачоў. Гаворка ідзе пра папулярныя працы Ю. Шылава, Ю. Канігіна, Сцяпана і Сяргея Налівайкаў і некаторых іншых аўтараў, якія пішуць фантастычныя творы пра мінулае арыяў-украінцаў, ад якіх нібыта пайшлі ўсе іншыя народы, і нават Ісус Хрыстос быў „украінцам” з Галіччыны[37]. Тут і трыпольская цывілізацыя як найстаражытнейшая цывілізацыя свету, на тры тысячы гадоў старэйшая за шумерска-акадскую, якая стварыла кола, пісьменства, праславянскую дзяржаву Арата і г.д. На жаль, гэтыя работы, якія можна аднесці да белетрыстычнага напрамку фэнтэзі, маюць значна большы ўплыў на грамадзян, чым навуковыя, паколькі яны апелююць не да розуму, а да эмоцый. Гэта прыблізна такі ж варыянт „фаменкізму”, з якім сутыкнулася расійская гістарыяграфія. Справа ўскладняецца тым, што падобныя работы часам з’яўляюцца пад грыфам Інстытута ўкраіназнаўства Міністэрства адукацыі і навукі Ўкраіны, якое ўзначальвае паэт і празаік Пятро Кананенка, і прэтэндуюць на статус навуковых даследаванняў, а не мастацкіх твораў. Самая гучная справа гэтага парадку звязана з папулярызацыяй фальсіфікату XX ст. — так званай Вялесавай кнігі, якая нібыта ўтрымлівае дахрысціянскае славянскае пісьмо; кніга нават была рэкамендавана як дапаможнік для сярэдняй школы. А шматлікія крытычныя артыкулы спецыялістаў не мелі ніякага рэзанансу[38].

Кароткія высновы. Сучасная ўкраінская гістарыяграфія наганяе страчаны час, звязаны з фармаваннем мадэрнісцкага бачання нацыянальнай мінуўшчыны, якое ў шматлікіх еўрапейскіх народаў завяршылася ў XIX – першай палове XX ст. Першачарговымі задачамі гістарычных пошукаў застаюцца адасабленне ўкраінскай мінуўшчыны ад расійскай і польскай схем гістарычнага працэсу і стварэнне легітымацыйнай версіі гісторыі Ўкраіны. У цэнтры гістарычнага працэсу знаходзіцца ўкраінскі этнас і яго трансфармацыя ў сучасную нацыю. Паралельна з гэтым украінскія гісторыкі пачынаюць засвойваць сусветны вопыт і напрацоўкі ў інтэрпрэтацыі міну лага краіны, паварочваючыся ад этнацэнтрычнай мадэлі мінуўшчыны да традыцыйнай шматкультурнасці насельніцтва і тэрыторыі Ўкраіны. Галоўным фактарам развіцця ўкраінскай гістарыяграфіі застаецца, на шчасце, свабода навуковай творчасці і выбару светапоглядных пазіцый. Таму можна сказаць, што сучасныя „паверхі” ўкраінскага гісторыяпісання не з’яўляюцца герметычнымі, а злучаюцца паміж сабой многімі лесвіцамі; гэтыя праходы ў значнай ступені абумоўлены як удасканаленнем спазнавальнага інструментарыю, так і грамадскімі чаканнямі. Пазітыўным вынікам агульнай сітуацыі з „гісторыяй” ва Ўкраіне застаецца запатрабаванасць гістарычных ведаў у іх рознай інтэрпрэтацыі і, адпаведна, адсутнасць „беспрацоўя” сярод гісторыкаў. У недалёкай будучыні, калі дойдзе да лагічнага завяршэння працэс фармавання нацыянальнай свядомасці сучасных украінцаў і будзе стабілізавана гістарычная памяць, з’явіцца грамадская цікавасць і ўзнікнуць зусім новыя запатрабаванні да мінуўшчыны, што змусяць даследчыкаў перайсці ад вывучэння макрапрацэсаў да аналізу сацыяльных мікраструктур, пашырыць кола даследаванняў новага парадку, у цэнтры якіх будуць знаходзіцца асобы і супольнасці больш нізкага ўзроўню, чым нацыі, класы ці дзяржавы, а крыніцы сацыяльных паводзінаў будуць шукацца на скрыжаванні індывідуальнага і калектыўнага свядомага і падсвядомага. Але гэта ўжо будзе іншая гісторыя і гістарыяграфія — аддаленая ад ідэалагічнай кан’юнктуры і набліжаная да чалавечага вымярэння.

Пераклад з украінскай Сяргея Петрыкевіча


[1] Гл.: Історична наука на порозі ХХІ століття: підсумки та перспективи. Матеріали Всеукраїнської наукової конференції (Харків, 15—17 липня 1995 р.). Харків, 1995; Українська історична наука на порозі ХХІ століття. Харківський історіографічний збірник. Харків, 1997. Вип. 2; Таран Л.В. Провідні тенденції світової історіографії ХХ ст. та проблема кризи сучасної української історичної науки // Український історичний журнал (далей — УIЖ). Київ, 1998. № 5; 1999. №1; Реєнт О.П. Сучасна історична наука в Україні: шляхи поступу // УIЖ. 1999. № 3; Колесник І.І. Українська історіографія XVIII—початок ХХ століття. Київ, 2000; Міжнародний науковий конґрес „Українська історична наука на порозі ХХІ століття”. Чернівці, 16—18 травня 2000 р. Доповіді та повідомлення. Чернівці, 2000-2001. Т. 1—4; Українська історична дидактика. Міжнародний діалог (Фахівці різних країн про сучасні українські підручники з історії). Київ, 2000; Українська історіографія на рубежі століть: Матеріали міжнародної наукової конференції 25-26 жовтня 2001 р. / Наукові праці Кам’янець-Подільського державного педагогічного університету. Історичні науки. Кам’янець-Подільський, 2001. Т. 7 (9); Потульницький В.А. Україна і всесвітня історія. Історіософія світової та української історії XVII—XX століть. Київ, 2002; Касьянов Г. Ще не вмерла українська історіографія // Критика. Київ, 2002. Число 4; Яковенко Н. Одна Кліо; дві історії // Критика. Київ, 2002. Число 12; Hrycak J. Ukrainian Historiography 1991—2001 // Ősterreichische Osthefte. Wien, 2002. Heft 1/2; Українська історіографія на зламі ХХ і ХХІ століть: здобутки і проблеми / Колективна монографія за ред. Л. Зашкільняка. Львів, 2004; Таран Л.В. Новые тенденции в мировой и украинской историографии // Диалог со временем. Альманах интеллектуальной истории. Москва, 2005. Вып. 13; Яковенко Н. Нариси кризової історіографії // Критика. Київ, 2006. Число 1—2; Портнов А. Історіографія на краях // Критика. Київ, 2006. Число 3, і інш.
[2] Stryjek T. Jakiej przeszłości potrzebuje przyszłość? Interpretacje dziejów narodowych w historiografii i debacie publicznej na Ukrainie 1991—2004. Warszawa: Instytut Studiów Politycznych PAN, Oficyna Wydawnicza Rytm, 2007. 850 s.
[3] Тэрмін «„нацыяналізацыя” гісторыі» быў прапанаваны Г. Касьянавым (гл.: Касьянов Г. „Націоналізація” історії: нормативна історіографія, канон та їхні суперники (Україна 1990-х) // Українська історіографія на зламі ХХ і ХХІ століть: здобутки і проблеми. С. 57—73).
[4] Гл. напр.: Шкільна історія очима істориків: Матеріали Робочої наради з моніторинґу шкільних підручників історії України / Упорядник Н. Яковенко. Київ, 2008; Образ Іншого в сусідніх історіях: міфи, стереотипи, наукові інтерпретації (Матеріали міжнародної наукової конференції, Київ, 15—16 грудня 2005 року) / Упорядник і наук. ред. Г. В. Касьянов. Київ, 2008.
[5] Падлікі зроблены паводле статыстычных матэрыялаў ВАК Украіны, ласкава перададзеных аўтару. Для параўнання варта згадаць, што ў 1970 г. ва Ўкраінскай ССР працавалі 3347 прафесійных гісторыкаў, у тым ліку 138 дактароў навук і 1199 кандыдатаў навук, а да пачатку 1990-х г. гэтая лічба максімум падвоілася (гл.: Subtelny O. The Current State of Ukrainian Historiography // Jornal of Ukrainian Studies. Edmonton, Alberta, 1993. Volume 18. Nr. 1-2. P. 50-51).
[6] Афанасьев Ю.Н. Трагедия победившего большинства. Размышления об отечественной истории и ее интерпретациях //http://www.yuri-afanasiev.ru/tragedy.html.
[7] Яковенко Н. Нариси кризової історіографії, с. 23.
[8] Лукьянець В.С. Эпигенез образа науки: постмодернистский взгляд // Постмодернізм у філософії, науці та культурі / Вісник Харківського університету. Серія: теорія культури і філософія. Харків, 2000. № 464. С. 128-133; Зашкільняк Л. Постмодерністський виклик і сучасна історична наука // Галичина. Науковий і культурно-просвітний краєзнавчий часопис. Івано-Франківськ, 2001. Вип. 5-6. С. 90-99.
[9] http://www.history.org.ua
[10] Касьянов Г. Націоналізація історії та образ Іншого // Критика. Київ, 2006. Число 1-2. С. 21.
[11] Гл.: Касьянов Г. „Націоналізація” історії: нормативна історіографія, канон та їхні суперники (Україна 1990-х) // Українська історіографія на зламі ХХ і ХХІ століть: здобутки і проблеми. С. 57-73.
[12] Больш дэталёва гэтае пытанне пададзена ў: Україна і Росія в історичній ретроспективі. Київ, 2004. Т. 1—3.
[13] Гл.: Шаповал Ю. Контакт, або Точка дотику // День. Київ, 2008. 4 листопада. Книжки: История Украины: научно-популярныеочерки / Под ред. В. А. Смолия. Москва, 2008; Нариси історіїРосії: Пер. з рос. / Б.В. Ананьїч, І.Л. Андреєв, Є. В. Анісімов таін.; За заг. ред. О.О. Чубар’яна. Київ, 2007.
[14] Яремчук В. Загальний образ минулого України: підходи сучасної української історіографії // Українська історіографія на зламі ХХ і ХХІ століть: здобутки і проблеми. С. 74. Адно з апошніх выданняў: Литвин В.М. Історія України. Підручник.2 доопр. та доп. вид. Київ, 2008.
[15] Пар.: Смолій В. А., Степанков В.С. Українська національна революція XVII ст. (1648—1676) / Серія „Україна крізь віки”,т. 7. Київ, 1999.
[16] Яковенко Н. У кольорах пролетарської революції // Український гуманітарний огляд. Київ, 2000. Вип. 3. С. 58—78.
[17] Гл.: http://www.president.gov.ua/.
[18] Русина О. Дикі танці // Критика. Київ, 2005. Число 6.
[19] Гриневич В.А. Суспільно-політичні настрої населення Українив роки Другої світової війни (1939-1945 рр.). Київ, 2007. С. 515-516.
[20] Марочко В. Голодомор 1932—1933 років в Україні: Хроніка /В. Марочко, О. Мовчан. Київ, 2008; Кульчицький С. В. Голод1932—1933 рр. в Україні як геноцид. Київ, 2005; Голодомор1932—1933 рр. в Україні: документи і матеріали / УпорядникР. Пиріг. Київ, 2007.1128 с.; Голодомор в Україні 1932-1933 рр.за документами політичного архіву Міністерства закордонних справ Федеративної Республіки Німеччина / УпорядникА.І. Кудряченко. Київ, 2008. 336 с., і інш.
[21] Політичні репресії радянської доби в Україні. Науково-допоміжний бібліографічний покажчик. Київ, 2008. 684 с.;Політичний терор і тероризм в Україні ХІХ— ХХ ст.: Історичні нариси / НАН України; Інститут історії України / Відп. ред. В. А. Смолій. Київ, 2002; Білокінь С. Нові студії з історії большевизму І-VІІІ. Київ, 2007; Білас І.Г. Репресивно-каральна система в Україні. 1917—1953: суспільно-політичний та історико-правовий аналіз. У 2 кн. Київ, 1994.
[22] Акрамя часопіса „З архівів ВУЧК-ГПУ-НКВД-КГБ”, які пачаў выходзіць з 1994 г., з’яўляюцца тэматычныя зборнікі дакументаў, у прыватнасці: Польща та Україна у тридцятих-сорокових роках ХХ століття. Невідомі документи з архівівспеціальних служб. 7 томів, виданих у Варшаві і Києві в 1998—2007 рр.; Радянські органи державної безпеки у 1939 —червні 1941 р. Документи ГДА СБ України / Упор. В. Даниленкоі С. Кокін. Київ, 2009. 1310 с.
[23] Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія: Історичні нариси / НАН України; Інститут історіїУкраїни / С.В. Кульчицький (відп. ред.). Київ, 2005; Організація українських націоналістів і Українська повстанська армія:Фаховий висновок робочої групи істориків при Урядовій комісіїз вивчення діяльності ОУН і УПА / НАН України; Інститут історії України. Київ, 2005.
[24] Гл. напр.: Polska — Ukraina: trudna odpowiedź. Dokumentacja spotkań historyków (1994—2001). Kronika wydarzeń na Wołyniu i w Galicji Wschodniej (1939-1945). Warszawa, 2003; Іллюшин І.УПА і АК: Протистояння в Західній Україні (1939—1945 рр.).Київ, 2009.
[25] Да сур’ёзных даследаванняў можна аднесці не так і шмат прац, у прыватнасці гл.: Баран В.К. Україна: новітня історія (1945-1991 рр.). Львів, 2003.
[26] Кульчицький С. Помаранчева революція. Київ, 2005; Касьянов Г. Україна 1991—2007: нариси новітньої історії.Київ, 2008.
[27] Яремчук В. Минуле України в історичній науці УРСР після сталінської доби. Острог, 2009.
[28] Яковенко Н. Паралельний світ: Дослідження з історії уявлень та ідей в Україні XVI-XVII ст. Київ, 2007.
[29] Грицак Я. Пророк у своїй вітчизні: Франко та його спільнота (1856-1886). Київ, 2006.
[30] Диса К. Історія з відьмами. Суди про чари в українських воєводствах Речі Посполитої XVII—XVIII ст. Київ, 2008.
[31] Присяжнюк Ю.П. Українське селянство Наддніпрянщини другої половини ХІХ — початку ХХ ст. як соціоментальна історична cпільнота. Черкаси, 2008.
[32] Ващенко В. Від самопрезентації до методології: Психобіографічний вимір простору історіописання М. Грушевського. Дніпропетровськ, 2007.
[33] Толочко А. П. „История Российская” Василия Татищева:Источники и известия. Москва; Киев, 2005.
[34] Усна історія Степової України. Запорізький край / А.В. Бойкота ін. Запоріжжя, 2008. Т. 1.
[35] Ададуров В. „Наполеоніда” на Сході європи. Уявлення, проекти та діяльність уряду Франції щодо південно-західних окраїн Російської імперії на початку ХІХ ст. Львів, 2007.
[36] Святець Ю. Українське селянське господарство та новаекономічна політика (кліометричний аналіз соціально-економічного процесу). Дніпропетровськ, 2007.
[37] Гл.: Канигін Ю. Путь аріїв. Україна в духовній історії людства. Київ, 1996; Яго ж. Віхи священної історії: Русь-Україна. Київ, 2005; Яго ж. Початок і кінець часів: Новий погляд на Історію. Київ, 2008; Наливайко С. Українська індоаріка. Київ, 2007; Наливайко Сергій. Етнічна історія Давньої України. Київ, 2007 і інш.…
[38] Гл. напр.: Аксененко С. Велесова книга (история одной фальсификации) // http://h.ua/story/127166; Ісаєвич Я. Сучасні псевдонаукові публікації на історичні теми: два приклади // Україна модерна. Львів; Київ, 2008. Число 13.

Наверх

Kosman, Marceli. Polska w drugim tysiącleciu. Т.1–2. Toruń, 2007 (Людміла Міхайлоўская, Любоў Козік)

Чэрвеня 11, 2009 |


KOSMAN, MARCELI. Polska w drugim tysiącleciu. Toruń: Adam Marszałek, 2007. T. 1. – 348 s.; T. 2. -468 s.

Навуковыя творы Марцэлія Космана, прысвечаныя гісторыі Польшчы, Літвы, палаба-балтыйскіх славян, могуць скласці цэлую бібліятэку, на якой фармавалася не адно пакаленне гісторыкаў. Рэцэнзаваная манаграфія ўяўляе сабой фундаментальную працу ў двух тамах, якая ў пэўным сэнсе падводзіць вынік папярэднім сюжэтным і праблемным даследаванням.

„Polskа w drugim tysąleciu” ахоплівае гісторыю дзяржавы і грамадства на працягу ўсяго існавання і ў розных палітычных формах — ад узнікнення патрыманіяльнай манархіі і да сучаснага становішча Польшчы. Такая шырокая храналагічная прастора дазволіла аўтару вылучыць, прасачыць і ацаніць гістарычныя заканамернасці, формы і цывілізацыйныя асаблівасці развіцця Польшчы.

Асноўны прадмет даследавання — палітычная культура і палітычная ўлада ў Польшчы, якая рэалізуецца ў сярэдневечных палітычных сістэмах і палітычных адносінах, як унутраных, так і міжнародных. Абраны аўтарам пункт бачання для разгляду ўсёй гісторыі Польшчы ўяўляецца выключна важным і правільным, паколькі менавіта трансфармацыя палітычнай структуры ў большай ступені вызначала знешнюю палітыку, нацыянальную ідэалогію (у прыватнасці, „сарматызм”) і культуру польскага грамадства на працягу стагоддзяў.

Храналагічнаму аб’ёму і мэтам даследавання адпавядае структура манаграфіі. Яна адкрываецца ўступам, які мае важнае значэнне ў разуменні зместу і канцэпцыі даследавання. У ім даецца характарыстыка геапалітычнага становішча Польшчы, якое шмат у чым вызначала напрамкі і формы экспансіі, уплывала на „плынныя” межы, відазмяняла суадносіны этнічных і тэрытарыяльных фактараў у развіцці Польшчы як краіны і дзяржавы.

Аўтарская канцэпцыя гісторыі Польшчы адлюстравана ў перыядызацыі, у аснове якой ляжыць эвалюцыя польскай дзяржаўнасці — ад узнікнення патрыманіяльнай манархіі да ліквідацыі Рэчы Паспалітай у выніку падзелаў. Так уся гісторыя Польшчы умоўна падзелена на тры „эпохі”: I — Польшча і Рэч Паспалітая да падзелаў; II — польскія землі ў складзе іншых дзяржаваў; III — адроджаная Польшча (з 1918 г.).

У межах дадзенай перыядызацыі I „эпоха” лагічна і храналагічна падзелена на чатыры часткі: „этнічная” манархія Пястаў, якая трансфармуецца ў „поліэтнічную” манархію Ягелонаў, Польска-літоўская шляхецкая рэспубліка на чале з выбарным каралем у перыяд стабілізацыі (1569-1648) і крызісу (1648-1795).

У адпаведнасці з храналагічнымі межамі і мэтай даследавання падабраны храналагічны матэрыял, які паходзіць з найбольш важных наратыўных крыніц. Адначасова варта адзначыць, што іх аналіз, характарыстыкі, ацэнкі і гістарыяграфічныя каментары складаюць самастойны і выключна цікавы фрагмент выкладання.

Першая частка — „Манархія Пястаў (каля 960-1370)” — прысвечана даследаванню вытокаў польскай дзяржаўнасці і развіцця манархіі Пястаў да спынення дынастыі. Першы перыяд яе гісторыі супадае з праўленнем князёў ад Мешка I да Баляслава Крываўстага. Аўтар аналізуе працэс складвання дзяржавы ў геапалітычнай прасторы Ўсходняй Еўропы. Несумненна, что ён адбываўся ў складаных знешнепалітычных умовах. Межы Старажытнай Польшчы, негледзячы на іх вялікую працягласць, былі лёгка пранікальныя і прыступныя. Таму імкненне польскіх князеў да пашырэння дзяржаўнай тэрыторыі да натуральных межаў (“do morza”) было зразумелым ва ўмовах сталай пагрозы з боку Свяшчэннай рымскай імперыі і барацьбы з ёй за панаванне на Балтыцы, перманентнага суперніцтва з Чэхіяй за першынства ў рэгіёне і перыядычных канфліктаў з кіеўскімі князямі з-за чэрвенскіх гарадоў. Гэтыя знешнепалітычныя вектары былі вызначальнымі на працягу стагоддзяў. Разглядаючы ўнутраную і знешнюю палітыку першых Пястаў, аўтар ацэньвае іх як сапраўдных „будаўнікоў”, якія заклалі магутную крэпасць Польскай дзяржавы. Менавіта на гэтым падмурку адбывалася яе далейшае развіццё. Аднак гэты працэс не быў лінейным. Часамі „імперыя Пястаў” хісталася ў выніку ўнутраных крызісаў, дынастычнай барацьбы і паганскіх паўстанняў. Логіка развіцця патрыманіяльнай манархіі як карпаратыўнай уласнасці кіроўнага роду, кожны з прадстаўнікоў якога меў права на частку ўлады і частку дзяржаўнай тэрыторыі, прывяла да яе распаду.

Разглядаючы асаблівасці ўдзельнай раздробленасці Польшчы, адначасова з агульнымі і стэрэатыпнымі з’явамі (аслабленне цэнтральнай улады, перманентная барацьба за кракаўскі ўдзел, афармленне „можнаўладства” як палітычнай сілы, спусташальныя ўварванні мангола-татараў), аўтар справядліва вылучае несупадзенне прынцыпу сеньярату рэальнай сітуацыі ў атрыманні ў спадчыну трону, а таксама ўзмацненне пазіцый Касцёла. Можна сцвярджаць, што менавіта з гэтага часу святарства набыло значны ўплыў ва ўсіх сферах грамадскага жыцця і з невялікімі перапынкамі захавала яго да сёння.

Вельмі цікавым сюжэтам раздзела з’яўляецца аналіз неадназначнай ролі знешніх фактараў у актывізацыі працэсу драблення Святой рымскай імперыі і Русі. Пры гэтым, з аднаго боку, раздробленая Польшча адчувала ціск з боку немцаў, якія выкарыстоўвалі канфлікты князёў як падставу для ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы, польскія землі сталі аб’ектам нямецкай экспансіі (актыўная каланізацыя Шлёнска, замацаванне Тэўтонскага ордэна на Балтыцы), з другога — польскія магнаты (малапольская групоўка) ажыццяўлялі ўласную экспансію ў рускія землі (Галічыну), што замацоўвала сепаратысцкія тэндэнцыі.

Завяршаючы гэтую частку, аўтар разглядае першыя спробы аб’яднання і аднаўлення каралеўства. Сярод найбольш важных палітычных фактараў ён вылучае аб’яднальную палітыку сілезскіх Генрыхаў, саюз з Чэхіяй, сарваны намаганнямі Імперыі, і экспансію Ордэна як значны каталізатар цэнтралізацыі. Працэс аб’яднання пачынаўся ў асобных княствах (Сілезія, Куявія), унутры якіх ішло складванне інстытутаў, якія пазней сталі палітычнай асновай Кароны Польскай. Аднаўленне тэрытарыяльна-адміністрацыйнага адзінства і адраджэнне каралеўскай улады аўтар лічыць найважнейшай падставай для развіцця новых дзяржаўна-палітычных структур. Аднак удзельны перыяд пакінуў у гісторыі Польшчы свой след.

Аналізуючы праўленне Ўладзіслава Лакетка і Казіміра Вялікага, аўтар адзначае, што адноўленая дзяржава не была рэанімацыяй манархіі першых Пястаў. Гэта была якасна новая палітычная канфігурацыя, у якой улада перадавалася па прынцыпе прымагенітуры, аднак была вымушана абапірацца на княска-магнацкія групоўкі. Гэтая сістэма, падкрэслівае М. Косман, стала зародкам таго унікальнага палітычнага ладу, які праз некалькі стагоддзяў аформіўся ў Польшчы. Менавіта гэтыя прычыны прывялі да таго, што распачаты ў Польшчы працэс феадальнай цэнтралізацыі празмерна зацягнуўся і па сутнасці ніколі не быў завершаны, пра што сведчыць заканадаўства Казіміра.

Другая частка — „Дзяржава Ягелонаў (1386-1572)” прысвечана аналізу якасна новага перыяду ў гісторыі Польскага каралеўства, звязанага дынастычнай уніяй з ВКЛ. Характарызуючы Крэўскую унію, аўтар прапаноўвае адысці ад аднабаковых ацэнак і дыскусій, у якіх прысутнічае палітычны кампанент, і падкрэслівае, што яна адпавядала нацыянальным інтарэсам народаў Княства і Кароны і мела аб’ектыўнае значэнне як сродак ратавання ад тэўтонскай агрэсіі і захавання дзяржаўнай незалежнасці.

Найважнейшымі палітычнымі тэндэнцыямі праўлення Ягелонаў М. Косман лічыць станаўленне інстытутаў саслоўнай манархіі, кадыфікацыю права; палітычнае аб’яднанне Польскага каралеўства з ВКЛ; узрастанне міжнароднага значэння Польска-літоўскай дзяржавы, якая ў XV ст. стала даміноўнай сілай ва Ўсходняй Еўропе. Важную ролю ва ўмацаванні Польскага каралеўства, як абсалютна справядліва адзначае М. Косман, мела Трынаццацігадовая вайна з Ордэнам, у выніку якой Польшча вярнула Гданьскае Памор’е, што паўплывала на развіццё шырокіх міжнародных сувязяў, выклікала рост знешняга гандлю, перабудову эканомікі і сацыяльных адносінаў.

Пад уладай Ягелонаў у апошняй трэці XV – першай чвэрці XVI ст. знаходзіўся вялікі тэрытарыяльны комплекс, які ўключаў Польскае, Чэшскае, Венгерскае каралеўствы і Вялікае Княства Літоўскае. Аднак утрымацца на гэтых пазіцыях Ягелоны не здолелі. Аналізуючы ролю Польшчы ў еўрапейскіх адносінах, аўтар адзначае поспехі (далучэнне Мазовіі з Варшавай) і няўдачы, выкліканыя ростам асманскай пагрозы, актывізацыяй знешніх акцый Масквы, што прывяло да тэрытарыяльных стратаў (Смаленск), пераходу чэшскага і венгерскага тронаў да Габсбургаў, аб’яднанню Прусіі і Брандэнбурга пад уладай Гагенцолернаў. Несумненнай заслугай палітыкі Ягелонаў, як сцвярджае аўтар, было захаванне ўнутранай стабільнасці ў Княстве і Кароне, падтрыманне пэўнай раўнавагі паміж магнатамі і шляхтай, дыялог паміж каралём і падданымі.

Змест другой часткі завяршае характарыстыка Люблінскай уніі як значнай і пераломнай падзеі ў гісторыі Ўсходняй і Цэнтральнай Еўропы напярэдадні Новага часу. Створаная нанава дуалістычная дзяржава была поліэтнічнай па складзе, а па форме з’яўлялася шляхецкай рэспублікай. Аўтар адзначае абмежаваную колькасць агульнадзяржаўных структур і сцвярджае, што ў перспектыве яе развіццё павінна было прывесці да фармавання адзінага народа-шляхты на аснове агульнай палітычнай арганізацыі, ідэалогіі і культуры. Сродкам фармавання была паланізацыя.

Трэцяя частка манаграфіі „Польска-літоўская Рэч Паспалітая. Час стабілізацыі (1572-1648)” змяшчае глыбокі аналіз прычын палітычнага крызісу і „бескаралеўя” 70-80 г. XVI ст. Стабілізоўная дамінанта прысутнічала ў знешняй палітыцы — перамозе Рэчы Паспалітай у Інфлянцкай вайне і падаўленні Расіі як галоўнага саперніка на ўсходзе Еўропы. Абранне на трон Рэчы Паспалітай Жыгімонта Вазы адлюстроўвала імкненне развіць гэты поспех. Можна пагадзіцца з сумненнямі аўтара ў тым, што абранне прадстаўніка дома Габсбургаў было б меншым злом для Рэчы Паспалітай, бо ў выніку дынастычных дамаганняў Вазаў яна апынулася ўцягнутай у шэраг крывавых войнаў са Швецыяй, якія не адпавядалі яе нацыяльным інтарэсам. У гэтым сэнсе каралі шведскай дынастыі проціпастаўлены Ягайлавічам, якія паспяхова адбівалі „нямецкі ціск” і „ўмелі дамаўляцца з Крымам”.

Вялікі інтарэс у плане сацыяльна-паліталагічнага аналізу ўяўляе другі раздзел дадзенай часткі, дзе ўздымаецца праблема польскага абсалютызму як спецыфічнага інстытута шляхецкай дэмакратыі, які не меў аналагаў, даследуюцца прычыны грамадскіх канфліктаў, грамадзянскіх войнаў і рокашаў, якія сталі, на думку аўтара, „пастаянным палітычным пейзажам”.

Апошні перыяд праўлення Жыгімонта III і праўлення Ўладзіслава IV ахарактарызаваны як „зацішша перад бурай”. Авантурная палітыка на ўсходзе (першая і другая „Дзмітрыяды”, прэтэнзіі на маскоўскі трон) і адмова ад актыўных дзеянняў на захадзе і паўднёвым усходзе прывялі да таго, што на межах Рэчы Паспалітай збіраліся хмары. Масква лічыла справай гонару новай дынастыі вярнуць Смаленск, на поўдні пагражала Турцыя і Крымскае ханства, а на паўночным захадзе — Швецыя.

Унутранаму крызісу Рэчы Паспалітай і знешнепалітычным правалам прысвечана чацвёртая частка манаграфіі. Яна ахоплівае 1648-1795 г. і ў большай ступені, чым астатнія, мае сінтэтычны характар. У ёй змяшчаецца аналіз прычын гаспадарчага крызісу, палітычнай дэзінтэграцыі, падзення міжнароднага прэстыжу і тэрытарыяльных страт Рэчы Паспалітай у другой палове XVII ст. Сярод іх найбольш важнымі аўтар лічыць няздольнасць кіроўнай эліты кантраляваць вялізныя тэрыторыі, параліч заканадаўчай улады, сацыяльныя і канфесійныя канфлікты, усеўладдзе шляхты, якая замкнулася ў „міфалогіі сарматызму” і далучала Рэч Паспалітую да „вольных дзяржаваў” Еўропы — Англіі, Нідэрландаў, Швейцарыі.

Агульны крызіс востра праявіўся пад час Паўночнай вайны, пасля якой Рэч Паспалітая выступіла ў фарватэры знешняй палітыкі Расіі і пад яе пратэктаратам. З гэтага часу лёс Рэчы Паспалітай залежаў ад Расіі, і любыя спробы структурных пераўтварэнняў маглі ажыццяўляцца толькі з санкцыі Пецярбурга, а таму былі асуджаны на правал. Разам з тым, падкрэслівае аўтар, рэформа адукацыі, дзейнасць Адукацыйнай камісіі, Таварыства сяброў навукі, Рыцарскай школы падрыхтавала новае пакаленне рэфарматараў, ад імя якіх звяртаўся да суайчыннікаў С. Сташыц са сваімі „Перасцярогамі” для Польшчы, і якія прынялі першую ў Еўропе канстытуцыю (3 траўня 1791 г.). Яе ацэнка, як лічыць аўтар, будзе слушнай толькі з пазіцыі яе значэння як пачатку будучых рэформаў, а не іх завяршэння. Гэты дакумент спалучаў у сабе ўсе элементы асветніцкага і прагрэсіўнага, гэта быў помнік адлюстравання волі народа, а не толькі шляхты, яго незалежнасці і непрыняцця чужой тыраніі.

Завяршаецца першы том манаграфіі цікавым аглядам крыніц — „Палякі пра сваё мінулае”. Ён з’яўляецца своеасаблівым урокам інтэрпрэтацыі крыніц з глыбокімі даследчыцкімі каментарамі і гістарыяграфічнымі экскурсамі. Раскрываючы прынцыпы і методыку даследавання, аўтар перасцерагае ад спакусы разглядаць гісторыю як палітыку, „закінутую ў мінулае”, што пазбаўляе гісторыю прызвання быць „magistra vitae” і пераўтварае яе ў дадатак ідэалогіі.

Другі том даследавання М. Космана прысвечаны разгляду дзвюх вышэйадзначаных „эпох”—існаванню польскіх зямель у складзе іншых дзяржаваў і самастойнаму развіццю з 1918 г. Храналагічна яны падзелены на чатыры часткі — „Пад раздзеламі (1795-1918)”, „Паміж войнамі (1918-1939)”, „Пад дзвюма акупацыямі (1939-1945)” і „У цяні Ялты”.

У першай частцы аўтар параўноўвае развіццё польскіх земляў у складзе Расіі, Прусіі і Аўстрыі, аналізуе праведзеныя рэформы, ацэньвае іх вынікі і ўплыў на фармаванне нацыянальнай свядомасці палякаў. Косман адзначае, што страта незалежнасці падштурхнула да складвання на пачатку XIX ст. разнароднага па мэтах і сацыяльным складзе патрыятычнага руху, які праявіўся ў стварэнні тайных саюзаў, арганізацыі змоваў і паўстанняў у 1830-1831 і 1863 г., што адыгралі вялікую ролю не толькі ў фармаванні сучаснай польскай, але і чэшскай, славацкай, венгерскай, румынскай і паўднёваславянскіх нацый.

Вялікую ролю ў гісторыі польскага народа адыгралі падзеі Першай сусветнай вайны, якія вымусілі палякаў ваяваць адзін супраць аднаго на карысць розных краін, прывялі да спусташэння зямляў з боку нямецкай, аўстрыйскай і рускай вайсковай і цывільнай адміністрацый. З іншага боку, вайна спрыяла актывізацыі нацыянальна-вызваленчага руху, вывядзенню „польскага пытання” на міжнародны ўзровень і стварэнню незалежнай дзяржавы, першыя гады існавання якой паказаны ў рабоце праз разгляд супярэчнасцяў паміж Начальнікам дзяржавы Ю. Пілсудскім і прадстаўнікамі Польскага нацыянальнага камітэта, складанасцяў па фармаванню межаў рэспублікі, праблемы нацыянальных меньшасцяў.

Прыняцце Канстытуцыі 1921 г. прывяло да ўсталявання ў краіне парламенцкай дэмакратыі (1921-1926). Характарызуючы гэты этап у польскай гісторыі, аўтар называе вядучыя палітычныя партыі і акрэслівае іх праграмы, апісвае складанасці, звязаныя з першымі прэзідэнцкімі выбарамі, паказвае стаўленне палітыкаў і насельніцтва да сітуацыі ў Польшчы і падводзіць да разумення прычын дзяржаўнага перавароту 1926 г.

Аналізуючы перыяд дыктатуры Пілсудскага (1926-1935), М. Косман справядліва адзначае, што першыя змены ў заканадаўчых актах Польскай рэспублікі дазволілі захаваць бачнасць дэмакратычнай дзяржавы, але наступныя палітычныя падзеі (парламенцкія выбары 1928 і 1930 г., чысткі ў арміі і дзяржаўнай адміністрацыі, рэпрэсіі супраць апазіцыйных дзеячаў і прадстаўнікоў нацыянальных меншасцяў, Канстытуцыя 1935 г.) выявілі сапраўднае аблічча рэжыму „санацыі”. Аўтар палемізуе з тымі, хто залічвае да яго станоўчых бакоў эканамічны ўздым другой паловы 1920-х г., даказваючы, што ён стаў вынікам раней праведзеных рэформаў. Галоўная праблема ўлады, па меркаванні даследчыка, заключалася ў неабходнасці пошуку шляхоў выхаду краіны з сусветнага эканамічнага крызісу і вырашэння сацыяльных супярэчнасцяў. Складанасцяў у гэтым дадавалі радыкальна скіраваныя КПП, КПЗБ, КПЗУ, польскія і ўкраінскія нацыяналістычныя групоўкі.

Смерць Ю. Пілсудскага ў 1935 г. прывяла да безвыніковай барацьбы за абсалютную ўладу дзвюх груповак — ваенных на чале з Э. Рыдз-Сміглы і прыхільнікаў прэзідэнта І. Масціцкага, што падрывала палітычную стабільнасць у краіне і вяло да росту ўплыву апазіцыі, якая, як справядліва адзначае М. Косман, не заўсёды выступала з дэмакратычнымі лозунгамі.

У міжваенны перыяд польская дзяржава сутыкнулася не толькі з палітычнымі, але і эканамічнымі праблемамі, якія былі выкліканы пасляваенным заняпадам, а таксама розніцай у развіцці рэгіёнаў, што раней знаходзіліся ў складзе трох дзяржаваў — Расіі, Нямеччыны і Аўстра-Венгрыі. У гэтай сувязі аўтар апісвае мерапрыемствы ўрадаў па інтэграцыі гаспадаркі краіны (у першую чаргу кабінета У. Грабскага), характарызуе наступствы нямецка-польскай мытнай вайны 1925-1930 г. і ацэньвае ўплыў міжнароднай сітуацыі на развіццё нацыянальнай эканомікі. Значная ўвага ў кнізе адводзіцца разгляду становішча ў сельскай гаспадарцы. Косман падрабязна раскрывае працэс падрыхтоўкі да правядзення аграрнай рэформы, называе асноўныя палажэнні закона 1923 г. і асаблівасці яго рэалізацыі. Ён справядліва заўважае, што галоўнай мэтай пераўтварэнняў было павелічэнне польскай уласнасці на нямецкім памежжы і тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, куды прыязджалі палякі з перанаселеных цэнтральных раёнаў краіны. Аўтар не дае адназначных ацэнак працэсу паланізацыі і імкнецца на цікавых, яскравых прыкладах паказаць яго розныя бакі.

Цяжкім выпрабаваннем для польскіх грамадзян сталі трагічныя падзеі Другой сусветнай вайны. Аўтар апісвае ваенныя кампаніі верасня — кастрычніка 1939 г., паказвае асаблівасці тэрытарыяльнага падзелу, падрабязна характарызуе нямецкую акупацыйную палітыку, дзейнасць польскага ўрада ў эміграцыі, рух супраціўлення на польскіх землях і франтах Другой сусветнай вайны, раскрывае закулісныя акалічнасці прыняцця рашэння аб пасляваеннай усходняй мяжы Польшчы і асобнае месца адводзіць „Катынскай справе”.

Гісторыя пасляваеннай Польшчы выклікае найбольш спрэчак сярод даследчыкаў. Адны лічаць, што краіна мела абмежаваную незалежнасць, іншыя — што яна была акупаваная савецкай арміяй. Косман жа вызначае яе як „дзяржаву, залежную ад СССР”, і разглядае праграму Польскай рабочай партыі, паказвае ўмовы стварэння і дзейнасці прасавецкага Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення і адзначае, што не толькі СССР, але і заходнія краіны нясуць адказнасць за развіццё Польшчы. Не абыходзіць аўтар увагай і тых, хто, не змірыўшыся з рашэннямі Ялцінскай канферэнцыі, застаўся ў эміграцыі, дзе працягвалі існаванне дзяржаўныя структуры, якія, праўда, страцілі міжнароднае прызнанне. Вобразна апісваючы жыццё палякаў па-за межамі радзімы, Косман прыводзіць шмат малавядомых фактаў, якія могуць зацікавіць не толькі аматараў гісторыі, але і прафесійных гісторыкаў.

У параўнанні з міжваенным перыядам пасляваенная Польшча мела не толькі іншы палітычны лад, але і межы, нацыянальны склад насельніцтва. У адрозненне ад часткі польскіх гісторыкаў, Косман не імкнецца стварыць аднабаковы вобраз гэтай краіны. Ён адзначае станоўчыя перамены ў сацыяльна-эканамічным, культурным развіцці Польшчы і негатыўныя моманты ў функцыянаванні палітычнай сістэмы, якія праявіліся ў сілавым падаўленні апазіцыі, фальсіфікацыі вынікаў рэферэндуму 1946 г. і парламенцкіх выбараў 1947 г., палітычных працэсах канца 1940-х—пачатку 1950-х г., усеўладдзі органаў унутранай бяспекі ў 1949-1954 г.

Значныя перамены ў грамадскім, культурым, палітычным жыцці ПНР адбыліся ў 1956 г. ХХ з’езд КПСС, выкрыццё злачынстваў Сталіна, падаўленне выступлення рабочых у Познані і ўнутрыпалітычная барацьба аказалі вялікі ўплыў на сітуацыю ў войску, каталіцкім асяроддзі, моладзевым руху, навуковых колах, у вышэйшых навучальных установах і на польска-савецкія адносіны ў цэлым. Апісваючы развіццё Польшчы ў 1956-1970 г., аўтар адзначае пераменлівасць поглядаў У. Гамулкі, яго адыход ад лібералізацыі сістэмы, паказвае негатыўнае стаўленне Варшавы да падзей Пражскай вясны, вынікам чаго стала страта грамадскага даверу да кіраўніцтва краіны.

Наступныя два дзесяцігоддзі (за невялікім выключэннем першай паловы 1970-х г.) існавання Польшчы М. Косман характарызуе як грамадска-палітычны і сацыяльна-эканамічны крызіс. Аўтар адзначае, што польскія ўлады не маглі прапанаваць дзейснага выйсця з тагачаснай сітуацыі, а прыслухацца да галасоў тых, хто рэальна ацэньваў становішча ў краіне, не хацелі. У гэтых умовах апазіцыя, якая набыла масавы характар, была лепш падрыхтавана да барацьбы з сістэмай. Ацэньваючы палажэнне ў краіне ў канцы 1970 – пачатку 1980-х г., Косман адзначае вышэйшую ступень дэмаралізацыі не толькі партыйнага апарату, але і ўсяго грамадства, і лічыць, што прызначэнне ў 1981 г. прэм’ер-міністрам В. Ярузэльскага, які меў памяркоўныя погляды і выступаў супраць радыкальных мераў, дазваляла нармалізаваць сітуацыю ў Польшчы. Часткова гэта адбылося ў выніку ўвядзення ў снежні 1981 г. ваеннага становішча. Аналізуючы ўмовы (раскол у палітбюро ЦК ПАРП, магчымая рэакцыя Масквы і мясцовай апазіцыі) і працэс прыняцця такога рашэння, аўтар прыходзіць да высновы, што яно можа быць часткова апраўданым. Дадатковым аргументам ён лічыць і той факт, што ЗША ведалі аб падрыхтоўцы да ўвядзення ваеннага становішча і не паінфармавалі прадстаўнікоў апазіцыі, бо лічылі яго меншым злом у параўнанні з інтэрвенцыяй СССР. Ацэньваючы ў цэлым падзеі 1980-х г., Косман выказвае вялікую павагу да асобы і дзеянняў генерала Ярузэльскага, дзякуючы якому адбыліся перамовы з апазіцый і мірная змена ўлады ў краіне.

Заканчваецца другі том разважаннямі аўтара над стаўленнем палякаў XIX і XX ст. да свайго мінулага, грунтоўным аглядам гістарыяграфіі, календ аром падзей 1990-2006 г. Характарызуючы сучасную краіну, М. Косман з жалем канстатуе спад культуры польскіх палітыкаў і даследчыкаў, выказвае негатыўнае стаўленне да так званай гістарычнай палітыкі і прапануе свой падыход да перыядызацыі (хутчэй нават нумарацыі рэспублік) польскай гісторыі.

Падводзячы высновы, неабходна адзначыць, што кніга М. Космана заслугоўвае самай высокай ацэнкі як па метадзе даследавання, так і па аргументацыі і высновах. Яна напісана цікава і даступна для шырокага кола чытачоў. Праблема генезісу, характару і формаў польскай дзяржаўнасці не страчвае навуковага значэння, паколькі займае цэнтральнае месца ва ўсёй гісторыі польскага народа, фармуе нацыянальную самасвядомасць. Яе аналіз з сучасных пазіцый, вольны ад гістарыяграфічных клішэ, можа служыць каштоўным досведам для палітычных прагнозаў і ацэнак. Несумненным плюсам работы з’яўляецца і той факт, што аўтар не замыкаецца толькі на польскай тэматыцы. Сацыяльныя, культурныя, эканамічныя і палітычныя працэсы ён разглядае на фоне развіцця вядучых заходнееўрапейскіх краін і Расіі (СССР), што дазваляе добра зразумець дух розных эпох, умовы паўсядзённага жыцця і традыцыі польскага народа.

Мінск

Людміла Міхайлоўская,  Любоў Козік

Наверх

Per saecula ad tempora nostra. Sborník prací k šedesátým narozeninám prof. Jaroslava Pánka. T. 1–2 Praha, 2007 (Марцэлі Косман)

Чэрвеня 9, 2009 |

Per saecula ad tempora nostra. Sborník prací k šedesátým narozeninám prof. Jaroslava Pánka. Uspořádali JIŘÍ MIKULEC а MILOSLAV POLÍVKA. T. I-II. Praha, 2007. — 989 s.

Напярэдадні 60-годдзя вядомага чэшскага гісторыка прафесара Яраслава Панка на старонках БГΑ ў вялікім артыкуле „Яраслаў Панэк — чэшскі гісторык на пераломе эпох” (Т. 13 2(25) 2006, с. 320-348) Юзэф Валка змясціў грунтоўную характарыстыку яго творчасці і дасягненняў на дыдактычнай і арганізацыйнай ніве. Сам юбіляр быў уганараваны прыгожай двухтомавай памятнай кнігай, выдадзенай яго родным Інстытутам гісторыі Акадэміі Навук Чэшскай Рэспублікі (Historický Ústav Akademie Věd České Republiky). Падрыхтавалі яе Юры Mięулец і Міраслаў Поліўка пры ўдзеле вялікага рэдакцыйнага калектыву (Roman Baron, Jaroslav Boubín, Jiří Friedl, Martin Holý, Václava Horčáková, Eva Irmanová, Dalibor Janiš, Tomáš Sterneck, Emil Voráček, Zlatica Zudová-Lešková).

Tabula gratulatoria, змешчаная ў пачатку 1-га тома, налічвае 144 прозвішчы, з якіх пазней амаль усе выступаюць у якасці аўтараў артыкулаў (130). Сярод іх дамінуюць чэшскія і замежныя аўтары, дзе акрамя гісторыкаў новай і найноўшай гісторыі ёсць даследчыкі дзяржаўнага ладу і права. Амаль палова (60) прэзентуе Прагу, а большасць паходзіць з роднага краю вучонага. Аднак і замежных прозвішчаў амаль такая самая колькасць, прытым рэй у гэтай групе вядзе Польшча, апярэджваючы Нямеччыну (9), Aўстрыю (5), Славенію, Злучаныя Штаты, Японія, Італію, Беларусь і Румынію. Не дзіўна, бо гісторык доўгімі гадамі развіваў супрацоўніцтва з суседнімі з Чэхіяй навуковымі асяроддзямі, што потым рабіў у якасці прарэктара Карлавага універсітэта ў справах міжнароднага супрацоўніцтва, а цяпер працягвае па пасадзе віцэ-прэзідэнта Акадэміі Навук.

У першай частцы працы пачэснае месца займае згаданы артыкул Юзафа Валкі з Брна пра Яраслава Панка як чэшскага гісторыка пераломнай эпохі найноўшай гісторыі. Вяхой тут стаў 1989 год, які дазволіў даследчыку ранняга Новага часу, не адмаўляючыся ад крыніцазнаўчых даследаванняў, узняцца на высокае месца як грамадзяніну, заангажаванаму ў палітыку пераменаў у краіне пасля „аксамітнай рэвалюцыі”. Першы этап ахоплівае 42 гады, ад дзяцінства да навуковай сталасці, другі — 18, праведзеных у вузкім коле вядучых чэшскіх вучоных з высокім міжнародным аўтарытэтам. І памятная кніга пацвярджае гэта.

Сам юбілейны дарунак складаюць пяць раздзелаў: Сярэднявечча (59-180), Ранні Новы час (181-618), Дзевятнаццатае стагоддзе (619-758), Дваццатае стагоддзе (759-861) і Гістарыяграфія (863-967). У першай (16 тэкстаў) дамінуе палітычная і культурная тэматыка, наступны — найаб’ёмнейшы і цесна звязаны з даследчыцкімі інтарэсамі юбіляра (56), утвараюць наступныя часткі: Палітыка—Дзяржава — Рэпрэзентацыя (шмат месца тут займае праблематыка зменаў дзяржаўнага ладу і дыпламатычных адносінаў з суседзямі, сілезскія і польскія справы), Грамадства — змена эліт — веравызнаўчыя пытанні, Культура і яе прадстаўнікі, Свет у вачах сучаснікаў. Трэці раздзел (19), прысвечаны XIX ст., падставоваму для працэсу фармавання сучасных нацый, уключае шэраг развагаў пра шляхі аднаўлення дзяржаўнай незалежнасці і людзей, што асабліва паслужылі гэтай справе. Аўтары артыкулаў пра XX ст. (14) засяроджваюць увагу галоўным чынам на яго першай палове, ці на міжваенным дваццацiгоддзі і ІІ сусветнай вайне; адзін тэкст датычыць 1968 г., іншы — польска-нямецкага дыялогу аналагічных шляхоў да нямецка-чэшскага паразумення, апошні—джыхаду як „святой вайны” ў імя палітычных мэтаў. Гістарыяграфічныя артыкулы (15) спалучаюць макра і мікра, i тое і другое ў роўнай ступені цікавае, бо, з аднаго боку, тычацца рэвізіі састарэлых поглядаў, а з другога — асвятляюць т. зв. „дробныя” справы, якія, аднак, маюць вялікую вагу. Тут я звярнуў бы ўвагу на артыкул старэйшыны пражскіх гуманістаў Францішка Шмагеля (Szmahel) пад назвай X Kongres Nauk Historycznych a dziejopisarstwo czeskie 1955-2005. Aўтар звяртаецца да дасягненняў чэшскай гістарыяграфіі пасля І сусветнай вайны, яе сталых каштоўнасцяў перыяду няпоўнага суверэнітэту і канчатковага адраджэння пасля 1989 г.

Можна падзівіцца, як пры такіх адміністрацыйных і дыдактычных нагрузках, прычым з цалкам эфектыўным іх выкананнем, даследчык мог знайсці час на навуковую працу, эсэістыку і папулярызацыю ведаў. Вучоны не толькі даваў шмат інтэрвію ў сваёй краіне і ў замежжы, але і сам браў іх у даследчыкаў на абодвух паўшар’ях. Гэта не павярхоўная, як часта бывае, размова спецыяліста з журналістам, а навуковая дыскусія, якая вядзецца паміж кампетэнтным партнёрам і прадстаўнікамі сусветнай навукі (Rozmluvy s historiky. Česka historiografie a soudobé dĕjiny očima zahraničních kolegů. Praha 2005). Не дзіўна, што такі гісторык мае вялікі аўтарытэт і за межамі свайго краю.

Калі 17 траўня 2001 г. Яраслаў Панак атрымаў тытул доктара honoris causa Апольскага універсітэта, адзін з рэцэнзентаў прапановы аб наданні яму гэтай годнасці назваў вучонага „гісторыкам сапраўды рэнесансавай працавітасці і шырыні зацікаўленняў, з вельмі сур’ёзным даробкам у навуковых даследаваннях і ў сферы арганізацыі навукі”, які „пачаўшы ад Сярэднявечча, aсабліва ад тагачасных польска-чэшскіх адносінаў ва ўсёй іх шматаблічнасці, сканцэнтраваўся ў апошні час на шырока разуметай Новай гісторыі Чэхіі. З аднаго боку, вывучаў праблематыку дзяржаўнага ладу тых часоў, асабліва барацьбу чэшскіх станаў з манархіяй у другой палове XVI ст.”, але значна выходзіў за рамкі гэтага перыяду даследаваннямі, датычнымі грамадскай праблематыкі, сягаючы „далёка па-за чэшскую нацыю і межы Чэхіі”.

Прамотар апольскай ініцыятывы Ян Серадыка прыгадваў цесныя сувязі новага доктара honoris causa з польскай навукай, пра што сведчылі публікацыі ў часопісах, зборных працах і памятных кнігах. Ён часты госць у нашых акадэмічных асяроддзях і між іншага ўдзельнічае ў працы Кафедры гісторыі парламентарызму Апольскага універсітэта, створанай Янам Серадыкам, а цяпер узначаленай Уладзімежам Качароўскім.

60-годдзе чэшскага гісторыка на яго айчыне было ўшанавана і іншымі памятнымі выданнямі (найперш трэба згадаць „Studia Comeniana Historica” 77-78, XXXVIII, Praha 2007), а сярод узнагарод асаблівае значэнне мела статуэтка „Blanicki Rycer”, уручаная яму лідэрамі рэгіяналістаў, з якім ён звязаны з часоў маладосці. Дасягненні юбіляра ўдала падсумаваў выдатны гісторык старэйшага пакалення Ёзеф Петран (Petrбт) у артыкуле Profesor Jaroslav Pánek z Podblanicko (Sbornik Vlastivědných Pracн z Podblanicka, 48, 2008, s. 355-367).

У Польшчы ў Універсітэце Адама Міцкевіча Аддзел палітычных навук і журналістыкі, з якім Я. Панак шмат гадоў супрацоўнічае ў рамках супольных даследаванняў палітычнай культуры і часта гасцюе, ахвяраваў яму найноўшую (пятую) частку серыйнага выдання „Na obrzeżach polityki”. У сваю чаргу, Апольскі універсітэт патранаваў польскае выданне працы пра Вільгельма з Рожэмберка, няўдалага кандыдата на пасад Рэчы Паспалітай. Плануецца таксама выдаць для нашых чытачоў кнігу пра яго малодшага брата Вока, апошняга прадстаўніка магутнага калісь роду і надзвычай каларытную постаць пералому XVI і XVII ст. Уласна ў Апольскім універсітэце з удзелам рэктара Станіслава Славаміра Ніцея 9 студзеня 2008 г. адбылася „польская” частка святкаванняў у гонар юбілею прафесара Яраслава Панка, які ў Блакітнай зале Collegium Maius адчытаў даклад пра Польшчу ў чэшскіх уяўленнях напярэдадні Новага часу.

Познань                        

Марцэлі Косман

Карев, Дмитрий В. Белорусская и украинская историография конца ХVIII — начала 20-х гг. ХХ в. (Алесь Даніловіч)

Снежня 10, 2008 |


КАРЕВ, ДМИТРИЙ ВЛАДИМИРОВИЧ. Белорусская и украинская историография конца ХVIII — начала 20-х гг. ХХ в. в процессе генезиса и развития национального исторического сознания белорусов и украинцев. Вильнюс: ЕГУ, 2007. — 312 с.

Аўтар рэцэнзаванай манаграфіі асабіста спрычыніўся да развіцця сучаснай беларускай гістарычнай навукі тым, што на працягу 90-х г. ХХ ст. арганізаваў шэраг канферэнцый, звязаных з праблемамі вывучэння гісторыі Беларусі і іншых краін Усходняй Еўропы, якія паўсталі на развалінах СССР, у першую чаргу земляў, што ўваходзілі калісьці ў Вялікае Княства Літоўскае і Рэч Паспалітую. Тады Дзмітрыю Ўладзіміравічу ўдавалася перыядычна збіраць у Горадні актыўных і творчых даследчыкаўз Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, а таксама Венгрыі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны ды іншых краін. У дыскусіях смела выказваліся думкі, нараджаліся новыя погляды на гісторыю ВКЛ, узнікалі новыя праекты. Матэрыялы гэтых сустрэч выдаваліся намаганнямі таго ж Дзмітрыя Карава ў зборніках пад характэрнай назвай „Наш радавод”. Сёння па тых зборніках можна вывучаць працэс станаўлення новай беларускай гістарыяграфіі ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь і прасочваць творчую эвалюцыю большасці з удзельнікаў сучаснага гістарыяграфічнага працэсу. Таму і да новай працы Дз. Карава звяртаешся з пэўнымі спадзяваннямі на новае слова ў навуцы.

Кніга складаецца з чатырох раздзелаў і аб’ёмнага спіса выкарыстанай літаратуры. Першы раздзел прысвечаны гістарыяграфіі і крыніцам, а ў наступных выкладзены асноўны змест працы. У другім раздзеле „Ля вытокаў беларускай і ўкраінскай нацыянальных гістарыяграфій (ХVІІ — пачатак 30-х г. ХІХ ст.)” разглядаецца фармаванне гістарычнай навукі Вялікага Княства Літоўскага і Ўкраіны ў перыяд ранняга Новага часу (§ 1), а таксама пачаткі беларускага і ўкраінскага крыніцазнаўства (§ 2). У трэцім раздзеле „Гістарычная навука Беларусі і Ўкраіны і генезіс гістарычнай свядомасці беларусаў і ўкраінцаў у 30-я — пачатку 60-х г. ХІХ ст.” — палітыка расійскага царызму і фармаванне вобраза гістарычнага мінулага Беларусі і Ўкраіны ў расійскай гістарыяграфіі перадрэформеннага перыяду (§ 1), пасля чаго — Вільня, Харкаў і Кіеў як цэнтры гістарычных і архіўна-археаграфічных даследаванняў Беларусі і Ўкраіны 30 — пачатку 60-х г. ХІХ ст. (§ 2). Нарэшце, у чацвёртым раздзеле з самай доўгай назвай „Беларуская і ўкраінская гістарыяграфія ў перыяд паслярэформеннай мадэрнізацыі расійскай дзяржавы і фармаванне нацыянальнай гістарычнай свядомасці беларускай і ўкраінскай нацыянальных эліт (1860-1920-я г.)” аўтар даследуе заходнерусізм і яго прадстаўнікоў у беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі паслярэформеннага перыяду (§ 1), пасля чаго пераходзіць да разгляду фармавання ліберальнага і дэмакратычнага кірункаў у беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі 70-х г. ХІХ — пачатку ХХ ст. (§ 2).

Як бачым, у аснову пакладзены традыцыйны храналагічны (а не праблемны) падыход, што спрашчае ідэю манаграфіі, якую сам аўтар фармулюе наступным чынам: «…у рамках гэтай эпохі адбываецца карэнная эвалюцыя парадыгмаў. Гістарыяграфіі пераважна шляхецкія (па сваім сацыяльным профілі), „краёвыя” (па прадмеце даследавання) і „білінгвістычныя” (па тыпе гістарычнай свядомасці) у канцы ХVІІІ — пачатку ХІХ ст. да канца ХІХ — пачатку ХХ ст. становяцца гістарыяграфіямі нацыянальнымі…».

Аднак ужо ва ўступе нас чакаюць першыя расчараванні. За агульнымі словамі пра важнасць вывучэння гісторыі і пра задачы, якія аўтар ставіць перад сучаснай гістарыяграфіяй, ідзе спасылка на „вучэбны дапаможнік, які нядаўна (вылучана мной. — А. Д.) выйшаў”, — „Историография Белоруссии: эпоха феодализма” (13). На самай справе гэтая кніга З. Капыскага і В. Чапко, выдадзеная ў 1986 г.(!), называецца „Историография БССР: эпоха феадализма”. Беспадстаўнымі выглядаюць нараканні Дз. Карава, што аўтары гэтага выдання „не выделяют собственно белорусскую историографию ХVІІІ — начала ХХ вв. из общего историографического „русла” российской историографии того периода». Незразумелай падаецца і фраза „до сих пор не определена однозначно и доказательно национальная принадлежность ряда видных историков, занимавшихся историей Белоруссии в ХІХ — начале ХХ вв.” (14). Ці ж гэта важна для гісторыі гістарычнай навукі — „однозначно и доказательно” адказаць на пытанне, хто па нацыянальнасці быў, напрыклад, Яўхім Лялевель, калі сам Дзмітры Караў прыводзіць словы Лялевеля, што «его отец был сыном прусака и саксонки, а дед Шалюта был „русином”, а может и москалем» (87). Як можна „однозначно и доказательно” назваць нацыянальнасць братоў Канстанціна і Яўстафія Тышкевічаў, калі агульнавядома, што арыстакратыя „русінскага” паходжання на працягу стагоддзяў паспяхова паланізавалася праз прыняцце каталіцтва і польскай мовы. Якраз адна з задач даследавання, якую павінен быў ставіць перад сабой аўтар, гэта, як нам бачыцца, — высвятленне ўнёску, зробленага ў развіццё гісторыі свайго краю тым ці іншым гісторыкам ХІХ-ХХ ст. незалежна ад яго этнічнага паходжання або веравызнання, але ў залежнасці ад яго самасвя до масці і пераканання ў важнасці вывучэння дадзенага прадмета — гісторыі сваёй зямлі. Ад аўтара манаграфіі мы менавіта і чакаем адказу, як маглі паўплываць на фармаванне нацыянальнай свядомасці беларусаў працы такіх розных гісторыкаў пачатку ХІХ ст., як І. Даніловіч, І. Ярашэвіч, І. Анацэвіч або Тэадор Нарбут. Блізкі ім па паходжанні сын уніяцкага святара Міхаіл Каяловіч выказваў зусім іншыя думкі, чым названыя вышэй прафесары Віленскага універсітэта, аднак і ён увайшоў у кагорту даследчыкаў беларускай гісторыі і гісторыі ВКЛ, хоць як прадстаўнік іншай „школы”. Далей на гэтым падмурку ўзводзяцца „сцены” беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі — працы М. Доўнара-Запольскага, І. Лапы, Я. Карскага і інш. Ад сучаснага даследчыка патрабуецца аналіз прац гісторыкаў ХІХ-ХХ ст. з пункту гледжання ix гістарыясофіі, метадалогіі, праблематыкі і праўдзівасці прыведзеных фактаў. А тое, што Даніловіч, Ярашэвіч, Анацэвіч, Баброўскі або Каяловіч гісторыкі беларускія, зразумела і так.

Знаёмстваз першым параграфам першагараздзела„Вывучэнне беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі канца ХVІІІ — пачатку ХХ ст. у гістарычных працах айчынных даследчыкаў найноўшага часу” выклікае па меншай меры здзіўленне, бо прац айчынных даследчыкаў названага часу мы тут якраз і не знойдзем. Пачынаецца раздзел з пералічэння 35 прозвішчаў беларускіх, расійскіх, украінскіх гісторыкаў ХІХ — першай трэці ХХ ст. са спасылкай на 39 пазіцый у бібліяграфіі (уразнабой)! Падобная сістэма спасылак (адразу на цэлы спіс аўтараў, без вызначэння іх пазіцый, характарызуе ўсю манаграфію). Паколькі для працы, прысвечанай гісторыі гістарычнай навукі, навуковы аппарат асабліва важны, падыходзіць да яго трэба было больш адказна.

У спасылках, дарэчы, разабрацца няпроста, бо памылкова, пачынаючы з першага раздзела, у іх замест рымскай лічбы ІІ або ІІІ ідуць арабскія 11 або 111. Рымскімі лічбамі ў „Спісе выкарыстаных крыніц” пазначаны асобныя катэгорыі. Так, пад лічбай І змешчаны неапублікаваныя крыніцы з архіваў, рукапісных збораў, бібліятэк, музеяў Усходняй Еўропы (194 пазіцыі). Паколькі ў кнізе адсутнічае спіс скарачэнняў, нам даводзіцца толькі здагадвацца, што абазначае тая ці іншая абрэвіятура, тым больш што многія з іх не адпавядаюць сучаснаму стану рэчаў. Напрыклад, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Горадні названы тут „Белорусским государственным историческим архивом (БГИА г. Гродно)”, тое ж датычыцца сховішчаў Расійскай Федэрацыі. Спасылкі ў асноўным даюцца толькі на фонд, без пазначэння вопісу і справы. Акрамя таго, цяжка ўявіць сабе якое-небудзь сучаснае даследаванне па гісторыі Беларусі і Ўкраіны без выкарыстання польскіх архіваў, але аўтар абышоўся без іх. Ухіл, калі не сказаць перакос, у бок расійскай гістарыяграфіі ў кнізе вельмі адчувальны. Пад лічбай ІІ аўтар згрупаваў апублікаваныя крыніцы Новага часу ХVІ — пачатку ХХ ст. (343 пазіцыі, плюс 29 польскамоўных, якія ў тэксце фігуруюць не асобна, а менавіта прыплюсаваныя да 343, пра што, вядома ж, цяжка здагадацца). Тут адсутнічае вялізная колькасць прынцыпова важных польскамоўных крыніц ХVІІІ-ХІХ ст. — працы М. Баброўскага, Сасноўскіх, Даніловіча і многіх іншых. У катэгорыю ІІІ уключаны апублікаваныя крыніцы найноўшага часу (1918-2005). Гэта 333 пазіцыі, з якіх самыя новыя — 1994 г. Аўтарэферат доктара гістарычных навук В. Казлякова, выдадзены ў 2002 г., не ратуе сітуацыі. Польскіх кніг, навейшых за 1981 г., няма зусім! Прычым самай папулярнай „крыніцай” ведаў з’яўляюцца чамусьці аўтарэфераты дысертацый (36 пазіцый), а самым папулярным аўтарам — сам Дз. Караў (24). Нарэшце, у ІV катэгорыі — апублікаваныя крыніцы па гісторыі ўкраінскай гістарыяграфіі новага і найноўшага часу (116 пазіцый). Тут трапляюцца кнігі ўжо і апошняга дзесяцігоддзя, але ў цэлым колькасна ўкраінскія кнігі саступаюць расійскім і беларускім. Спіс украінскіх кніг значна меншы параўнальна з увагай аўтара да ўкраінскай гістарыяграфіі. Яна „прычэплена” да расійскай і беларускай механічна, без усялякіх спробаў арганічна ўвесці яе ва ўсходнеславянскі дыскурс, параўнаць паміж сабой школы і напрамкі, знайсці агульнае і адрознае. Тым не менш, аўтар з піетэтам ставіцца да ўкраінскіх гісторыкаў, бо лічыць, што вызначыў: яны значна больш зрабілі, чым беларускія калегі, як у мінулым, так і цяпер (30).

Дзмітры Караў разглядае развіццё беларускай гістарыяграфіі савецкага перыяду ў цэлым у рэчышчы агульнапрынятай перыядызацыі (21). Разгляд „трудов отечественных исследователей новейшего времени” ён пачынае здалёк. Здагадваемся, што пад „найноўшым часам” ім разумеецца гістарычная эпоха з пачатку ХХ ст. Першыя два дзесяцігоддзі ХХ ст. ён характарызуе як „час стварэння нацыянальна афарбаваных канцэпцый мінулага Беларусі і першых спробаў перанесці іх у сферу масавай свядомасці” (19). Далей ідуць пяць „постулатов на историческое прошлое Белоруссии” (так у кнізе, с. 19. — А. Д.), якія невядома адкуль узяліся. Ніякай спасылкі тут няма, але, напэўна, „пастулаты” прыпісваюцца калектыву аўтараў (яны названыя перад гэтым — М. Доўнар-Запольскі, В. Ластоўскі, браты Луцкевічы, М. Багдановіч, В. Іваноўскі, Е. Канчар, В. Ігнатоўскі, А. Цвікевіч, „Наша Ніва” — відаць, „НН” разглядаецца як калектыўны аўтар, без названых перад гэтым асобаў). „Пастулаты” выклікаюць амбівалентнае стаўленне. Прывядзем ix цалкам: 1) тэзіс аб няспеласці класавых супярэчнасцяў у беларускай нацыі; 2) абсалютызацыя самабытнасці сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця Беларусі; 3) ідэалізацыя яе гістарычнага мінулага ў эпоху феадалізму; 4) перабольшванне заслугаў Беларускай  сацыялістычнай грамады, эсераў у рэвалюцыйным руху краю; 5) гіпертрафаваная ацэнка рэвалюцыйнасці беларускага сялянства, самастойнасці ролі інтэлігенцыі і інш.” (19).

20-я гады ХХ ст. чамусьці ў манаграфіі названыя „оттепелью” (19), пасля якой надышла «катехизация сталинской разновидности марксистской методологии истории и превращение историков в услужливых дьячков при „новой церкви”», што прывяло да „резкой профессиональной деградации исторической науки, следы которой ощутимы и в наше время” (22). Пра генацыд гістарычнай навукі, або хаця б прыблізны мартыралог — ні слова! Савецкая эпоха ў гістарыяграфіі характарызуецца аўтарам на дзвюх старонках у фельетонным стылі без называння прац і прозвішчаў. Затое падрабязна разбіраецца важная, на думку Дз. Карава, праца пачатку 90-х г. ХХ ст. „100 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі”, якая „поражает полетом фантазии и восхищающим сердце невежеством в вопросах этнологии, гносеологии и теории исторического познания”. Дзе ж быў аўтар у 1993 г., чаму не распачаў тады навуковую дыскусію на старонках саліднага выдання, скажам, „Нашага радаводу”? На шчасце, беларуская гістарычная навука перарасла сваю „дзіцячую хваробу” і станоўча развіваецца далей, здольная да самарэфлексіі і „дарослых” дыскусій на старонках сучасных часопісаў, а вось прафесар Дз. Караў чамусьці застаўся ў тым часе, так і не дайшоўшы да гэтай найноўшай беларускай гістарычнай літаратуры.

Аўтар ва ўсіх раздзелах працы не здраджвае сваёй неахайнай манеры спасылак, таму нават там, дзе на першы погляд з іх нумарацыяй усё добра, застаецца падазрэнне, што пададзены недакладныя старонкі. Часта так і ёсць на самай справе! Калі працы Пічэты Дз. Караў разглядае даволі грунтоўна, то кнігу А. Цвікевіча „Западно-руссизм” характарызуе ад ным словам — „глыбокая” (24), хаця відавочна, што яна павінна была паслужыць падставовой крыніцай даследавання. Далей, у параграфе „Заходнерусізм і яго прадстаўнікі ў беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі паслярэформеннага перыяду”, насуперак спадзяванням, аб працы А. Цвікевіча таксама ні слова. Такім чынам, застаецца таямніцай стаўленне прафесара Карава да гэтай фундаментальнай і вызначальнай для беларускай гістарыяграфіі кнігі і пазіцый яе аўтара. Таксама не дачакаемся мы і аналізу поглядаў і прац Вацлава Ластоўскага або Ўсевалада Ігнатоўскага, затое належная ўвага аддаецца працам акадэміка В. К. Шчарбакова. З „найноўшых” прац беларускіх даследчыкаў названы „манаграфічныя даследаванні Л. В. Аляксеева, М. М. Улашчыка, В. А. Чамярыцкага, В. К. Бандарчыка, М. Ф. Піліпенкі, Г. А. Каханоўскага”. Светлай памяці выдатны маскоўскі археолаг і гісторык Л. В. Аляксееў палічыў бы за гонар апынуцца ў таварыстве выбраных беларускіх гісторыкаў, філолагаў і этнографаў. Пашчасціла таксама быць адзначанымі П. Церашковічу і А. Смаленчуку (29). Больш у Беларусі гісторыкаў быццам і няма…

Ацэньваючы беларускую гістарыяграфію, Дз. Караў піша: „Это явный признак слабости историографической рефлексии как по отношению к созданному белорусскими историками ХІХ-ХХ вв. творческому наследию, так и по отношению к проблеме его влияния на формирование национального исторического сознания белорусов. По сравнению с белорусской историографией украинская… держит эту проблему в фокусе своего внимания уже с конца ХІХ в.” (с. 29-30).

Нарэшце аўтар успамінае пра другую важную складовую частку манаграфіі, а менавіта пра ўкраінскую гістарыяграфію. Яе дасягненні значна прасцей „аналізаваць”: ёсць найноўшыя працы рэцэнзента разгляданай манаграфіі прафесара Чаркаскага універсітэта В. Масненкі, працы В. Вашчанкі, С. Вадатыкі, Д. Дарашэнкі, Л. Зашкільняка, Я. Калакура, І. Калесніка і інш. Ды й з Міхайлам Грушэўскім украінцам пашчасціла. Аднак і тут Дз. Караў цэлыя перыяды развіцця ўкраінскай гістарыяграфіі „пакідае за кадрам”: „У 30-50-я гг. ХХ ст. даследаванні падобнага роду на тэрыторыі УССР былі практычна згорнуты ў сувязі з эпохай сталінскіх рэпрэсій…” (31). На чатырох старонках, пакінутых для ўсёй украінскай гістарыяграфіі, аўтар не можа нават назваць усіх украінскіх даследчыкаў…

Дзмітрый Караў не робіць ніякіх намаганняў параўнаць украінскую і беларускую гістарыяграфію, аднак канстатуе: „…сравнивая уровень осмысления и исследования проблемы влияния исторической науки на формирование национального исторического сознания в белорусской и украинской историографии, нельзя не отметить, что историческая наука Украины опережает своих белорусских коллег по интенсивности и глубине ее освоения как минимум на порядок”. І далей: «Современная белорусская историография в возвращении своего историографического наследия стоит пока „у подножья горы”» (33). Гэты папрок у першую чаргу, думаю, аўтар можа адрасаваць самому сабе!

У параграфе, прысвечаным крыніцам па гісторыі беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі ХVІІІ — пачатку ХХ ст., Дз. Караў цалкам засяроджваецца на тэарэтычных разважаннях па праблемах крыніцазнаўства, піша пра „неабходнасць распрацоўкі тыпалогіі гістарыяграфічных крыніц” і прапануе „пяць асноўных відаў крыніц” (35). Думаю, ніхто з гэтым спрачацца не будзе. Як і з прапановай «стварэння серыі публікацый пад агульнай назвай „Беларусіка. Помнікі гістарычнай думкі”», або „публікацыі зводнага каталогу дакументальнай (архіўнай) спадчыны гісторыкаўВКЛ,Украіны і Беларусі XVIII-XX ст.”, «стварэння біябібліяграфічнага даследавання „Гісторыкі ВКЛ, Украіны і Беларусі ХVІІІ — пачатку ХХ ст.”» і г.д. (52). Але ні слова не гаворыцца пра ўжо створаныя „Энцыклапедыю гісторыі Беларусі”, „Энцыклапедыю Вялікага Княства Літоўскага”, выданні „Метрыкі ВКЛ” і альманаха „Metriciana”, пра шматтамовае гістарычна-этналагічнае выданне „Беларусы”, пра серыі „Беларускі кнігазбор”, „Нашы славутыя землякі” і інш.

У раздзеле „Ля вытокаў беларускай і ўкраінскай нацыянальных гістарыяграфій (ХVІІ — пачатак 30-х г. ХІХ ст.)” здзіўленне выклікае празмернае „заглыбленне” ў вытокі, якое выходзіць далёка за храналагічныя рамкі даследавання: тут вядзецца гаворка пра „фармаванне гістарычнай навукі ВКЛ” з пачатку ХVІ ст.! Нейкага лагічнага тлумачэння такому падыходу няма, паколькі ўхарактарыстыку перыяду ХVІ-ХVІІ ст. аўтар манаграфіі нічога новага не ўносіць. Калі не лічыць, вядома, яго „ўласнага” погляду на сістэму езуіцкай адукацыі ў ХVІІ ст., выкладзенага цалкам у духу рэакцыйнай расійскай гістарыяграфіі ХІХ-ХХ ст. (55-59). Вышэй ацэньвае аўтар піярскую сістэму адукацыі (напэўна таму, што яна была больш свецкай), хаця канкрэтна не гаворыць пра такія асяродкі, як, напрыклад, Шчучынская школа, або пра дзейнасць Станіслава Канарскага ў грамадска-палітычнай сферы.

Для надання большай „прадметнасці” размове аўтар манаграфіі звяртаецца да біяграфій выдатных гісторыкаў ХVІІ-ХVІІІ ст. — А. Віюк-Каяловіча, М. Догеля, А. Нарушэвіча ды інш. Аднак кароткія біяграмы гэтых даследчыкаў без глыбокага аналізу творчасці, архіўных і бібліятэчных збораў, дзе іх працы знаходзяцца, нам нічога не даюць. Што ўяўляюць з сябе„Тэкі Нарушэвіча” з Бібліятэкі Чартарыйскіх у Кракаве або выданні М. Догеля, архівы Радзівілаў і іншых магнатаў? Дзе яны знаходзяцца? Абсалютна недастаткова сказана пра Метрыку ВКЛ, няма спасылак на самыя важныя працы па гісторыі вывучэння Метрыкі. На прыкладзе ўзрастання цікавасці да яе можна паказаць эвалюцыю беларускай нацыянальнай гістарыяграфіі. Механічны пералік адвольных аўтараў і некаторых іх прац нам нічога не гаворыць!

Вядома, што на фоне такіх скупых звестак пра крыніцы нашай гісторыі бурлівая дзейнасць на Ўкраіне выглядае больш плённай. Але ці ёсць неабходнасць супрацьпастаўляць Беларусь і Ўкраіну ў ХVІІ–ХVІІІст.? Браты Зізаніі, Пётр Магіла, Мялеці Сматрыцкі, Інакенці Гізель і іншыя працавалі на ўсю так званую Русь. Тагачасныя гісторыкі перапрацоўвалі творы Стрыйкоўскага, Бельскіх, Гвагніна, на падставе якіх пісалі Хранографы, Сінопсісы, „Густынскі летапіс”, „Хроніку Сафановіча” і г. д. „Рускія землі” Рэчы Паспалітай былі ў той час адзінай культурнай прасторай. Аўтар у сваёй кнізе не дае падставаў для вось такіх высноваў: «Таким образом мы видим, что к концу ХVІІІ в. украинская историография, в отличие от белорусской, на „старте” процессов нациогенеза имела ряд существенных преимуществ, которые позволили ей решать проблему формирования национального и исторического „проекта” в ХІХ в. с гораздо более солидной политической и идеологической оснащенностью (сохранение этноориентированной православной элиты из среды казачьей старшины; наличие сохранившейся сети конфессиональных учебных заведений — кузницы кадров украинской образованной политической элиты XVII—XVIII вв.; традиция автономного политического существования в рамках российского государства (Гетманщина); сохранение в качестве основного транслятора украинской культурной традиции — украинского литературного языка и др.)». Кожнае з гэтых палажэнняў не вытрымлівае крытыкі. „Традиция автономного политического существования в рамках российского государства” была зусім не больш прагрэсіўнай і спрыяльнай для ўкраінскага народа, чым традыцыя аўтаномнага палітычнага існавання ў рамках Рэчы Паспалітай беларускага этнасу. Рызыкую сцвярджаць, што Вялікае Княства Літоўскаеўадпаведную эпоху ўспрымалася этнічна беларускай часткай „палітычнага народа” як свая дзяржава. Перадавыя прадстаўнікі ўкраінскага этнасу ў Расійскай імперыі мусілі даказваць сваю асобнасць. У гэтым плане, безумоўна, барацьба за нацыянальна-культурную аўтаномію спрыяла інтэлектуальнаму развіццю эліты. У той час як беларускія па паходжанні польскамоўныя гісторыкі Адам Нарушэвіч ці Юльян Нямцэвіч поўнасцю паланізаваліся, іншыя нашы гісторыкі, неаднаразова ўзгаданыя вышэй прафесары Віленскага універсітэта, а таксама Тэадор Нарбут, адыходзілі ад кансерватыўнай традыцыі школы Нарушэвіча і паступова пераходзілі на пазіцыі ліцвінскія. Калі ўкраінская нацыянальная гістарыяграфія паўставала ва ўмовах супрацьстаяння з расійскай, то беларуская ў ХІХ ст. кансалідавалася з польскай у сваім змаганні з расійскім панаваннем, а потым павінна была рабіць дадатковыя намаганні, каб адасобіцца ад Польшчы. Гэтыя і іншыя даследчыя кірункі, на жаль, абсалютна не разглядаюцца ў манаграфіі Дз. Карава.

Недастаткова разгледжаны працэс ідэалагічнага абгрунтавання падзелаў Рэчы Паспалітай з боку Аўстріі, Прусіі і Расіі. Дзейнасць захопнікаў была „асвечаная” самім Вальтэрам, які на старонках „Французскай Энцыклапедыі” змясціў гістарычную даведку Герцберга і павіншаваў Фрыдрыха ІІ з падзеламі. Асветніцкімі ідэямі прыкрывалася таксама і Кацярына ІІ. Менавіта ёй „абавязана” Ўкраіна большай цікавасцю да сваёй гісторыі з боку расійскіх даследчыкаў украінскага паходжання (Д. М. Бантыш-Каменскі і інш.), бо гэта былі землі Кіеўскай Русі, адсюль пачыналася імперская ідэалогія. Беларусь у гэтым сэнсе была правінцыяй.

Важным перыядам у фармаванні нацыянальных гістарыяграфій як Беларусі, так і Ўкраіны з’яўляўся пачатак ХІХ ст., калі закладаліся іх падставы. Таму асаблівую цікавасць выклікаюць тыя раздзелы манаграфіі Дз. Карава, якія прысвечаны ўказанаму перыяду. Аўтар адзначае: „Сложность исторических условий, определявших развитие края в это время, отразилась и на замедленности темпов формирования этнического самосознания белорусов и украинцев, а через него и на замедленности процесса вызревания собственно белорусской и украинской историографии со своими предметно очерченными объектами исследований — истории Белоруссии и Украины” (79). Такім чынам, Караў канстатуе запаволенасць у развіцці самасвядомасці і нацыянальнай гістарыяграфіі і бачыць прычыну гэтага ў складаных гістарычных умовах. Але, нягледзячы на складаныя гістарычныя ўмовы, беларуская гістарыяграфія ўсё ж развівалася. Варта б гаварыць не пра запаволенасць працэсаў, а пра з’яўленне і развіццё даследаванняў гісторыкаў беларускага паходжання з Віленскага універсітэта (І. Даніловіча, І. Анацэвіча, М. Баброўскага, І. Ярашэвіча і інш.). У гэты ж час працаваў Уладзіслаў Сыракомля, якога нельга лічыць толькі „вясковым лірнікам”. Дзейнасць гэтых гісторыкаў падаецца, аднак, ледзь не ў тым жа самым святле, што і дзейнасць М. Румянцава, які, па словах Дзмітрыя Ўладзіміравіча, «в своем родовом имении (вылучана мной. — А. Д.) в Гомеле развернул с помощью белорусских членов своей „ученой дружины” энергичные поиски древних славянских рукописей и предметов „западно-русской” старины» (98). Як Гомель ніколі не быў радавым маёнткам Румянцавых, так і нарабаваныя ім каштоўнасці, што быццам бы выкарыстоўваліся дзеля фармавання беларускай нацыянальнай свядомасці, былі вырваныя з нашага культурнага кантэксту.

Здзіўляе таксама трактоўка Дз. Каравым дзейнасці Івана Грыгаровіча: «благодаря его подвижническому труду были открыты глаза на Белоруссию у видных представителей политической элиты России… Лишь очень немногие из них, как граф Н. П. Румянцев, имели в это время ясное представление о белорусском прошлом и активно собирали драгоценные рукописные и книжные раритеты Белоруссии в церковных, государственных и частных архивах Полоцка, Витебска, Мстиславля и Минщины, через своих ученых „корреспондентов”» (100). Але з самага пачатку дзейнасць „видных представителей политической элиты России” ў галіне беларускай культуры мела адназначна каланіяльны характар. Трэба канчаткова пазбаўляцца ілюзій на гэты конт.

Тое, што аўтар манаграфіі разглядае ўсю мінуўшчыну Беларусі праз прызму расійскай гісторыі, пацвярджае і яго характарыстыка Полацкай езуіцкай калегіі (потым Акадэміі) як „центра католического обскурантизма в Белоруссии” (102). Нарэшце, ужыванне ў тэксце манаграфіі замест назвы Беларусь тэрміна Белоруссия таксама пэўным чынам характарызуе метадалагічныя пазіцыі аўтара.

Падсумоўваючы, трэба прызнаць, што багатая па сваім змесце і тэматыцы манаграфія Дзмітрыя Карава мае шэраг вельмі істотных хібаў. Першы з іх — гэта прывязанасць да старых савецкіх падыходаў у разглядзе гістарыяграфіі мінулых эпох. Другі — недапушчальная ў гістарыяграфічнай працы неахайнасць у спасылках на папярэднікаў, якая мяжуе са знявагай. І ўрэшце павярхоўнасць у аглядзе даробку гісторыкаў, ігнараванне найноўшай літаратуры.

Відавочна, гісторыя гістарыяграфіі ў тым выглядзе, як прынята было ёю займацца ў савецкія часы, даўно аджыла сваё. Кожны гісторык, які займаецца той ці іншай „прыкладной” тэмай, лепей ведае гісторыю свайго пытання, чым так званы гісторык гістарыяграфіі. На Захадзе даўно займаюцца гісторыяй ідэй. Нашы гістарыяграфічныя агляды „галопом по Европам” павярхоўныя настолькі, што і найлепшыя з іх нямала пакідаюць „за бортам”. Яны нічога не даюць даследчыкам і вельмі мала — студэнтам.

Вільня

Алесь Даніловіч

Наверх

Марцэлі Косман. Два юбілеі польскай гістарыяграфіі

Снежня 21, 2007 |

(50 гадоў штогодніку „Odrodzenie

i Reformacja w Polsce” і 80-годдзе

прафесара Януша Тазбіра)


Згаданыя ў назве артыкула юбілеі блізка звязаныя паміж сабой. Іх аб’ядноўвае паняцце Рэфармацыя і прозвішча вядучага ў паваеннай Польшчы даследчыка, які ў вачах многіх атаясняецца з прысвечаным ёй часопісам. Няшмат вучоных ва ўзросце 80 гадоў характарызуюцца такой творчай дынамікай і актыўнасцю ў грамадскім жыцці, як у Януша Тазбіра, гэтаксама і мала перыядычных выданняў, якія вытрымалі выпрабаванне паўвекавым часам і заваявалі рэпутацыю не толькі ў краіне, але і за яе межамі.

Пасля 1945 г. вывучэнне гісторыі рэлігіі і каталіцызму ў Польшчы, незалежна ад узаемадачыненняў паміж дзяржавай і царквою, прынесла вельмі значныя вынікі, што звязана з працягам папярэдніх даследаванняў і новымі пошукамі ў іншых арганізацыйных формах. Шмат месца заняў бы пералік назваў манаграфій, фундаментальных выданняў і часопісаў, нават не рэлігійных. Ліквідацыя тэалагічных факультэтаў ва універсітэтах (пасля 1989 г. большасць з іх была вернута ў вышэйшыя школы) гэтай працы не прыпыніла, бо, акрамя заснаваных яшчэ на пачатку 1920-х г. Люблінскага каталіцкага універсітэта, вышэйшых духоўных семінарый і папскіх тэалагічных факультэтаў, у 1954 г. у Варшаве былі адкрыты Акадэмія каталіцкай тэалогіі (на яе базе створаны сучасны Інстытут кардынала Стэфана Вышыньскага) і прадугледжаная для асоб іншых веравызнанняў Хрысціянская тэалагічная акадэмія, звязаная традыцыяй з даваенным факультэтам евангелісцкай тэалогіі Варшаўскага універсітэта. Больш за тое, пасля палітычнага пералому 1956 г. у навуцы стала назірацца паступовае збліжэнне духоўных і свецкіх даследчыкаў, якое з цягам часу перайшло ў пастаяннае супрацоўніцтва[1].

Вывучэнне гісторыі рэфарматарскага руху ў Польшчы пачыналася ў XIX ст., і звязана яно з імёнамі Юзэфа Лукашэвіча[2] i Генрыка Мерчынга[3]. Наступным у гэтым спісе можна назваць Аляксандра Брукнера (памёр у 1939 г.), які на пачатку дваццатых гадоў ва ўступным слове да новага часопіса „Reformacja w Polsce” (па праекце яго стваральнікаў павінен быў стаць прысвечаным гісторыі пратэстантызму ў Першай Рэчы Паспалітай штоквартальнікам) пісаў: „Польскі духоўны рух канчаткова абудзіла толькі Рэфармацыя. Без яе лацінская мова і надалей збірала б людзей, карысталася б поспехам; але яна прымусіла нават тых, хто не хацеў, карыстацца польскім пісьмом”[4].

„Reformacja w Polsce” была друкаваным органам створанага годам раней (12 красавіка 1920 г.) у Варшаве Таварыства па даследаванні гісторыі Рэфармацыі, у склад якога ўвайшлі 150 чалавек. Сярод іх былі навукоўцы, а таксама аматары i папулярызатары гісторыі. У гэты ж час у Вільні на аснове актыўнага Евангелісцкарэфарматарскага аб’яднання ўзнікла Таварыства аматараў гісторыі польскай Рэфармацыі імя Яна Ласкага[5].

У вышэй цытаваным артыкуле Брукнер адзначаў неабходнасць правядзення комплексных даследаванняў, парадкавання ведаў аб гістарычных крыніцах, трактавання старапольскага пратэстантызму ў еўрапейскім кантэксце, і больш за тое — аб’ектыўна, што было асабліва важна ў час нарастання манаполіі на патрыятызм Касцёла, які прэтэндаваў і на мінулае Айчыны, і распаўсюджання лозунга „паляк = каталік”[6].

У міжваенны перыяд выйшла дзесяць тамоў штогодніка „Reformacja w Polsce”, якія з прычыны недахопу фінансаў выдаваліся з перапынкамі (нават у 6 гадоў) або як аб’яднаныя нумары, што было двойчы[7]. Нягледзячы на гэта, у часопісе друкаваліся выдатныя працы, якія ў сваёй большасці i сёння захоўваюць актуальнасць. Пасля Другой сусветнай вайны пазітыўнай з’явай стаў патранаж з боку дзяржавы, што давала матэрыяльную базу для працягу выдання (у першыя дзесяць гадоў выйшлі толькі два тамы, але значна большым аб’ёмам)[8]. З іншага боку, над часопісам і яго асноўнымі творцамі згушчаліся хмары, што было звязана з негатыўным уплывам сталінскіх часоў на развіццё навукі. Каб выратаваць выданне, адзін з аўтараў, якія лічылі мэтазгодным прыстасаванне даследаванняў да марксісцкай ідэалогіі, у 11-м томе за 1952 г. крытычна ацаніў тых калег, чые тэксты „часта вісяць нібыта ў паветры, знаходзяцца пад замежным уплывам і адначасова ігнаруюць канкрэтныя польскія ўмовы”[9].

Апошнім тэкстам дванаццатага тома была „Хроніка Таварыства вывучэння гісторыі Рэфармацыі ў Польшчы”, якое ў 1947 г., пасля перапынку ў гады вайны, аднавіла сваю дзейнасць і налічвала 95 членаў. Яго старшынёй быў святар евангелісцка-аўгсбургскай царквы прафесар Ян Шэруда. Акрамя выдання часопіса таварыства займалася папулярызацыяй ведаў аб Рэфармацыі шляхам правядзення публічных лекцый. У пераломным 1956 г. выйшаў апошні том, які фактычна стаў першым нумарам новага часопіса пад папярэдняй назвай, але пашыранай за кошт слова „Адраджэнне”. Рэдакцыя[10] часопіса”Odrodzenie i Reformacja w Polsce”, ацэненага за пазітыўнае мадыфікаванне даследчыцкага варштата, паспяхова збярогшы папярэднія дасягненні, змагла актыўна развіць даследаванні, якія з цягам часу ахапілі і іншыя аспекты інтэлектуальнай культуры I Рэчы Паспалітай, у тым ліку гісторыю каталіцкай царквы і асабліва Контррэфармацыі. На працягу 50 гадоў часопіс выходзіў сістэматычна раз на год, што, без сумнення, было заслугай яго шматгадовага галоўнага рэдактара Януша Тазбіра[11].

Ва ўводзінах да першага тома рэдакцыйны камітэт прапанаваў канцэпцыю новага выдання, падкрэсліў значэнне даследаванняў эпохі Адраджэння і грамадска-ідэйных лозунгаў рэлігійных рухаў XVI ст. Была таксама адзначана сувязь з выдаваным цягам трыццаці гадоў (з 1922 да 1952) часопісам „Reformacja w Polsce”, ахарактарызаваным як больш вузкі па сваёй тэматыцы: „Мы ў поўнай меры ацэньваем дасягненні гэтага перыядычнага выдання, але наша серыя не з’яўляецца яго працягам. Мы карыстаемся іншымі метадалагічнымі падыходамі, адрозніваемся ў разуменні Адраджэння і Рэфармацыі, ставім перад сабой іншыя задачы і мэты”[12].

Нягледзячы на такога рода агаворкі, якія ў значнай ступені мелі тактычны характар і адыгрывалі ролю „дымавой заслоны”, існавала пэўная пераемнасць, напрыклад, у прозвішчах аўтараў, шматразовым цытаванні папярэдняга выдання, публікацыі поўнага пераліку выдадзеных у ім артыкулаў[13]. Праз тры гады былі нанава акрэслены задачы “Odrodzenie i Reformacja w Polsce”, у якіх на першае месца ставілася 1) развіццё шляхоў спазнання прыроды і сацыяльнай рэальнасці, 2) фармаванне прынцыпаў стаўлення да прыроднай і сацыяльнай рэальнасці, 3) вывучэнне разнастайных грамадскіх ідэалогій і рэлігійных вераванняў, 4) звычаёвага і рэлігійнага жыцця, 5) грамадскіх рухаў[14].

Лёгка можна заўважыць, што тут быў выкарыстаны пэўны камуфляж, асабліва ў паслядоўнасці задач, з тым каб задаволіць палітычных куратараў навукі[15]. Ён добра бачны ў вызначэнні праграмных лозунгаў, дзе гаворыцца пра даследаванне з’яў, што паўстаюць „у дыялектычным працэсе барацьбы паміж старымі і новымі элементамі, ці калі браць больш вузка, то паміж дагэтуль актуальнымі старымі сярэднявечнымі традыцыямі і новымі рэнесансавымі элементамі, якія выходзяць з новых умоў існавання”. Характэрным з’яўляецца і паказ кантынуацыі традыцый папярэдняга часопіса i канстатацыя, што працяг выдання „Reformacja w Polsce” ў першапачатковым выглядзе мог быць карысным і паспрыяў бы развіццю даследаванняў эпохі Рэнесансу[16].

Да аднаўлення выдання так і не дайшло, але новы часопіс паспяхова пераняў функцыі папярэдняга ў новай сітуацыі гістарычнай навукі ў Польшчы, а рэдакцыйны камітэт праявіў як стратэгічныя, так і тактычныя здольнасці, каб пазбегнуць усялякіх рэвалюцыйных пераменаў, і па-ранейшаму аддаваў перавагу добра вядомым асновам сінкрэтызму. Адначасова друкаваліся матэрыялы як актуальных даследаванняў, так і тых, што на працягу некалькіх гадоў чакалі выдання ў рэдакцыйным партфелі, пры гэтым адзначалася, што „новыя планы рэдакцыі могуць толькі <…> часткова быць рэалізаваны”[17].

У першых тамах дамінавалі артыкулы пра арыянства, што было звязана з трактаваннем уладамі Народнай Польшчы антытрынітарыяў як „сваіх ідэйных родапачынальнікаў”[18]. Паступова склад аўтараў, у якім першапачаткова пераважалі прадстаўнікі Варшавы і Кракава, стаў пашырацца. Гэта было звязана з развіццём гуманітарных асяродкаў па ўсёй краіне. Акрамя даўніх цэнтраў у Познані і Торуні і новых, якія культывавалі добрыя традыцыі (на першым месцы быў Уроцлаў, дзе працавалі старыя кадры з Львова і Гданьска), усё большую ролю сталі адыгрываць новыя акадэмічныя асяродкі, у першую чаргу Аполе, Беласток, Зялёна Гура, Шчэцін, дзе спачатку ўзніклі вышэйшыя педагагічныя ўстановы, ператвораныя потым ва універсітэты. Дасягненні цывілізацыі (прагрэс у развіцці камунікацыі спрыяў развіццю непасрэдных кантактаў і арганізацыі спецыялізаваных канферэнцый, а сапраўдны пералом адбыўся з пашырэннем інтэрнэту) павялічылі кантакты даследчыкаў не толькі ў краіне, але і за яе межамі, асабліва пасля адкрыцця граніц. Гэта прывяло да павелічэння колькасці публікацый замежных навукоўцаў як з Заходняй Еўропы, так і з суседніх славянскіх краін.

Першыя нумары „Odrodzenie i Reformacja w Polsce” змяшчалі пераважна працы праграмнага і агульнага характару і фактычна былі рэінтэрпрэтацыяй пытанняў, вядомых з папярэдніх даследаванняў. Ва ўсіх пяцідзесяці тамах друкавалася шмат крыніцазнаўчых прац пра асоб, падзеі, установы (у т.л. зборнікі артыкулаў). Тэма арыян, што спачатку пераважала, з часам была ўраўнаважана, і ўсё больш месца сталі займаць евангелісцкія канфесіі, што пераважалі сярод вернікаў Рэчы Паспалітай, асабліва рэфармаваныя, a ў тэрытарыяльным плане — Вялікае Княства Літоўскае, дзе пратэстанты пратрымаліся найдаўжэй. У бібліяграфіі з першых 43 тамоў тэрмін „Літва” (разам з Жамойцю) згадваецца 33 разы. Гэта вельмі шмат у параўнанні з іншымі публікацыямі. Так, напрыклад, Любельшчына згадваецца 8 разоў, Малая Польшча — 14, Каралеўская Прусія — 3, Вялікая Польшча — 10. Пачэснае першае месца займае Італія (38 назваў), асабліва ў больш позні перыяд дзейнасці часопіса, у той час як Венгрыі датычыліся 7 публікацый, столькі ж — Швейцарыі, Швецыі — 8, Нямеччыны — 16, Чэхіі—13[19].

Пасля 1945 г. польская гістарыяграфія аддавала перавагу вывучэнню пераследу вераванняў у XVI — XVIII ст., але з цягам часу доследы сталі датычыцца парушэння ці захавання свабоды сумлення. Гэтаму паспрыяла 400-я гадавіна падпісання Варшаўскай канфедэрацыі ў 1573 г. Шмат месца займала вывучэнне адносін паміж польскімі і няпольскімі іншаверцамі, асабліва ў крытычныя для Рэчы Паспалітай моманты, у тым ліку праблемы „здрады” пад час шведскай навалы ў 1655—1660 г., перагляд пазіцыі ў дачыненні да арыян і рэфармаваных евангелікаў ВКЛ, што стала прадметам дыскусіі паміж Генрыкам Віснерам і Тадэвушам Васілеўскім (тамы XV, XXVI і XXVIII). Частка даследчыкаў (Інге Лукшайтэ, Марцэлі Косман, Генрык Віснер) паказала заслугі Рэфармацыі ў развіцці пісьменнасці на нацыянальных мовах у ВКЛ. Тут варта згадаць тэзіс трыццацігадовай даўнасці (1976): „Эвалюцыя польскай гістарыяграфіі ў бок прыняцця асноў гістарычнага матэрыялізму адбывалася ў ходзе дыскусій даследчыкаў з рознымі поглядамі. Яна прывяла да значных вынікаў і ўзвышэння гэтай дысцыпліны ў сучаснай гуманістыцы”[20].

Важнае месца ва ўсіх нумарах часопіса займала хроніка і навуковая крытыка ў выглядзе справаздач і рэцэнзій. Не забываліся і на памерлых даследчыкаў, якім прысвячалі аб’ёмныя ўспаміны. Першым стаў вядомы арыяніст Людвік Хмай (1888—1959). Яго навуковы шлях ва універсітэце Стэфана Баторыя пасля першага курса быў перарваны Другой сусветнай вайной, а пасля акупацыі — некалькімі цяжкімі гадамі ў СССР. Ён вярнуўся ў краіну ў 1955 г. і пасля ўсяго чатырох гадоў працы вучонага ў Інстытуце філасофіі і сацыялогіі ПАН смерць адарвала яго ад навуковых даследаванняў[21]. На ўшанаванне памяці знакамітага гісторыка і арганізатара навуковага жыцця, першага галоўнага рэдактара часопіса, рэктара Ягелонскага універсітэта Казімежа Лепшага (1904-1964), які заўчасна памёр у 600-ю гадавіну універсітэта, былі выдадзены змястоўныя ўспаміны, у тым ліку на старонках раней рэдагаванага ім часопіса[22]. Даследчыкі, з якімі развітваліся, дэбютавалі пераважна ў міжваенны перыяд. Сярод іх Віктар Вейнтрауб (1908-1988), які памёр за мяжой[23], даследчыца старапольскіх кніг Алодзія Кавецка-Грычова (1903-1990)[24], выдавец актаў пратэстанцкіх сінодаў Марыя Сіпайла (1905-1990)[25]. У юбілейным 40-м томе (1996) узгадваўся нестар даследчыкаў Залатога веку Генрык Барыч і яго вучань Лешак Гайдукевіч[26]. Малодшае пакаленне было прадстаўлена і Станіславам Цынарскім[27]. Разам з тым давялося амаль чвэрць стагоддзя чакаць на ўшанаванне памяці памерлага ў эміграцыі даследчыка і палітыка Станіслава Кота (1885-1975), пра якога ў 1999 г. грунтоўны артыкул у рубрыцы „Sylwetki uczonych” напісаў Лех Шчуцкі (у аснове быў даклад, прачытаны годам раней у Фларэнційскім універсітэце)[28]. Напрыканцы ўдумлівай характарыстыкі чытаем: „Шматгадовая адсутнасць Кота ў краіне і доўгая афіцыйная забарона ў дачыненні да яго асобы негатыўна адбіліся на кар’еры яго вучняў, прывялі да таго, што сёння [школы Кота] у Польшчы ўжо не існуе <…>. Аднак, каб не заканчваць <…. > на меланхалічнай ноце пра ўплыў геапалітыкі на лёс чалавека і народа, трэба адзначыць, што кракаўскі гісторык аказаў вялікі, хаця і апасродкаваны ўплыў на пасляваеннае пакаленне польскіх даследчыкаў Рэнесансу і Рэфармацыі. Працы Кота бачыліся імі як блізкая да ідэальнай мадэль эрудыцыі і бездакорнай работы”[29].

У 2000 г. (т. XLIV, с. 243-248) сярод пасмяротных успамінаў, дзякуючы Юліушу Даманьскаму, упершыню быў згаданы замежны даследчык Пауль Оскар Крыстэлер (1905-1999) — нямецкі знаўца філасофскай думкі і духоўнай культуры італьянскага Рэнесансу. У наступным годзе (т. XLV, с. 293— 296) чытачы пазнаёміліся з асобай амерыканскага гісторыка рэлігійных канфліктаў XVI ст., тэолага, замежнага члена Польскай Акадэміі навукі і мастацтва Джорджа Хантстана Ўільямса (1914-2000). Сярод венгерскіх, польскіх, харвацкіх і італьянскіх даследчыкаў знаходзіцца аматар і мецэнат навукі Ладзіслаў Ладзлацкі (Ladislao Ládzloczky) — сябар польскіх вучоных, нашчадак старога унітарыянскага роду з Сяміграда[30].

Наступныя некралогі датычыліся знаных польскіх навукоўцаў — Галіны Кавальскай-Касабудскай — адной з галоўных постацяў „Polskiego Słownika Biograficznego”, намесніцы галоўнага рэдактара[31]; кола знакамітых даследчыкаў палітычнай культуры (асабліва кіроўнай эліты), якія адышлі ў лепшы свет, у 2003 г. папоўніў Антоні Моньчак[32]. У тым жа годзе ва Ўроцлаве памёр знаўца старапольскай літаратуры Чэслаў Гернас, праз два месяцы — сусветна вядомы знаўца сярэдневяковай і рэнесансавай астраноміі Ежы Дабжыцкі[33]. Гэты cathalogus mortuorum увесь час павялічваўся: чарговы том прынёс некралог арганізатара бібліятэчнай справы і знаўцы еўрапейскай кніжнай культуры XVI ст. Яна Піражыньскага, добра вядомага ў Польшчы вядучага даследчыка Рэнесансу ў Фларэнційскім універсітэце Эўгеніо Гарына і Януша Пельца, які займаўся літаратурай XVI ст.[34].

Добрай традыцыяй стала прысвячэнне асобных тамоў юбілярам і такім чынам аддаванне павагі „старэйшынам” даследаванняў па гісторыі Адраджэння і Рэфармацыі[35]. Так, у 1997 г. было адзначана 70-годдзе даследчыка лацінскай літаратуры перыяду Рэнесансу Юліуша Даманьскага (т. XLI), у 2002 г. — 75-годдзе шматгадовага галоўнага рэдактара Януша Тазбіра (т. XLVI), у 2004 г. — 80-годдзе з дня нараджэння знаўцы філасофіі XVII ст. Збігнева Аганоўскага (т. XLVII). Выключны характар меў юбілейны XL том, дзе спецыяльна былі змешчаны матэрыялы самых актыўных аўтараў папярэдняга перыяду. Ва ўводзінах рэдакцыя згадала шляхі даследавання праблем Адраджэння і Рэфармацыі ў Польшчы, заслугі старэйшых навукоўцаў, дасягненні ў перыяд частковай незалежнасці, сувязі з еўрапейскай навукай да і пасля 1989 г. і сцвердзіла: „Калі мы пачыналі выдаваць гэты штогоднік (у 1956 г. — М.К.), то на выдавецкім рынку фактычна не існавала перыядычных выданняў, якія б займаліся гісторыяй той далёкай Польшчы, і асабліва яе культурай і рэлігійнымі рухамі. Цяпер мы сутыкаемся з моцнай „канкурэнцыяй”, што неаднойчы падштурхоўвала нас да паскоранага друку дасланых прац. Акрамя гэтага, мы не можам паскардзіцца на недахоп матэрыялаў. Больш за тое, сярод нашых аўтараў знаходзяцца шматлікія выдатныя прадстаўнікі польскай гуманістыкі, пра што сведчыць i гэты юбілейны том „Odrodzenia i Reformacji w Polsce”[36].

Як раней, так і сёння часопіс па-ранейшаму займае галоўнае месца сярод шматлікіх ужо польскіх перыядычных выданняў па гісторыі, пацверджанае паўвекавым перыядам, i высока цэніцца на міжнародным узроўні[37].

***

Януш Тазбір, адзін з вядучых сёння польскіх гісторыкаў, больш за паўвека вядомы як актыўны аўтар, карыстаецца цяпер неаслабнай папулярнасцю. Пра гэта сведчаць водгукі студэнтаў-негісторыкаў, студэнтаў, якія не цікавяцца інфармацыяй пра мінулае. Прозвішча Тазбір для іх суадносіцца з аўтарам эсе на старонках штотыднёвіка „Polityka”, радыёфельетонамі, выступленнямі па тэлебачанні. Яны адзначаюць зразумеласць і сутнасную якасць выказванняў, неміфалагізаванае адлюстраванне актуальных падзей. Сваю амаль паўвекавую дзейнасць і васьмідзесяцігоддзе з дня нараджэння актыўны і знакаміты даследчык адзначыў выданнем чарговай кнігі над знакавай назвай „Długi romans z Muzą Klio” (Варшава, 2007).

Добра аформленая выдавецтвам „Iskry” і дапоўненая каштоўнымі, дбайна падабранымі ілюстрацыямі кніга складаецца з дзвюх частак. Першая (Okruchy wspomnień”, 5-52) мае аўтабіяграфічны характар і датычыцца дзяцінства і юнацтва. Зразумела, чытачы хацелі б ведаць і працяг успамінаў, але вядома, як неахвотна даследчыкі, доўгі час захопленыя навуковай дзейнасцю, пішуць пра сваіх сучаснікаў. Тут сустракаемся з вывадам прозвішча, карані якога сягаюць Залатога веку, узнаўленнем міжваеннага Калушына, дзе 5 жніўня 1927 г. Януш Тазбір з’явіўся на свет, уяўленнямі пра той час, які ўжо не вернеш, урэшце рэфлексіямі часоў акупацыі. Будучы гісторык перажыў яго ў Ломжы, куды бацькі пераехалі ў сакавіку 1939 г. з Роўна на Валыні.

„Мае ў цэлым добрыя ўспаміны гісторыя завяршыла трагічным акцэнтам”, — так піша гісторык, на той час дванаццацігадовы хлопчык, пра першыя дні верасня 1939 г. У апошняй частцы трыпціха ўспамінаў, пад назвай „Dwie Łomże w mojej pamięci”, ён апісвае першую [Ломжу] як спакойную, чыстую, расквітнелую, дзе апошнія тры месяцы да канікул вучыўся ў пятым класе, і згадвае, што, нягледзячы на выдатныя веды па гісторыі, ледзь атрымаў „чацвёрку”, бо настаўніца вырашыла знізіць адзнаку да ўзроўню адзнак па іншых прадметах.

Сталенне маладога чалавека адбывалася ва ўмовах дзвюх акупацый, калі ў паскораным тэмпе ён набываў палітычную адукацыю па-за школай. Яго бацька, які працаваў юрыстам у інспекцыі адукацыі, не быў выкрыты бальшавікамі як удзельнік вайны 1920 г., але з прычыны „контррэвалюцыйнай прапаганды” (перадаў настаўнікам календары з партрэтамі Масціцкага і Рыдза[38], на што, відаць, не звярнуў увагі) атрымаў сем гадоў у лагерах, адкуль выйшаў раней дзякуючы дамове Сікорскага са Сталіным[39]. Пасля вайны ён застаўся ў эміграцыі ітолькі ў 1971 г., незадоўга да смерці, вырашыў вярнуцца на Радзіму. Але і ў той час ён баяўся чарговых масавых дэпартацый, якіх у 1940 г., дзякуючы хуткаму выезду з Ломжы, змаглі пазбегнуць маці і сын. Апошні праз працяглы час выдаў успаміны з тых дзён пад назвай „Dzień powszedni w piekle”[40]. Такім чынам, будучы навуковец быў загартаваны і меў пазітывісцкую падрыхтоўку, калі пасля вызвалення пачаў вывучаць гісторыю ў Варшаўскім універсітэце і здабываць навуковыя веды пад кіраўніцтвам Уладзіслава Тамкевіча. Праз амаль паўстагоддзя знакаміты даследчык культуры першай Рэчы Паспалітай прызнаўся чытачам: „Я заўсёды хацеў заняцца гісторыяй нашага (ХХ. — М.К.) стагоддзя; але напісанне праўды было немагчымым з-за існавання цэнзуры. Менавіта таму я звярнуўся да больш ранняга перыяду…”[41]. Але і тут узнікалі падводныя рыфы, калі, напрыклад, пісаў пра моднасць кітайскага ў Рэчы Паспалітай, ці пра ўплыў польскай культуры на культуру расійскую ў XVII ст. Свае ўспаміны пад назвай „Moje cenzuralne doświadczenia”, выдадзеныя праз дзесяць гадоў пасля адмены цэнзуры (будынак знаходзіўся на варшаўскай вуліцы Мыся), ён пачаў наступным чынам: „Мае кантакты з цэнзурай пачаліся яшчэ пад час навучання; у той час (1949—1950) я пісаў для радыё тэксты, прысвечаныя галоўным чынам людзям і часам Асветніцтва. Паколькі мая першая выдадзеная праца тычылася польскай моды XVIII ст. на кітайскае[42], то я вырашыў скараціць яе да памераў радыёразмовы. Нейтральная на першы погляд тэма аказалася вельмі палітызаванай. Менавіта ў гэты час Мао Цзэдун падпарадкаваў Кітай і заняў Пекін. Цэнзура цалкам зняла маю перадачу, падаўшы ў тлумачэнні, што яна можа быць успрынята як алюзія, маўляў, камуністычныя перамогі ў далёкім Кітаі — гэта таксама толькі мода, якая пройдзе, як i асветніцкія захапленні chinoiserie[43].

Такі быў час, які сёння для большасці не толькі маладых гісторыкаў з’яўляецца зусім незразумелай экзотыкай. Менавіта таму згаданы навуковы кіраўнік не раіў пісаць не толькі доктарскую (кандыдацкую), але і магістэрскую працу на другую са згаданых тэмаў — у новай літаратуры дазвалялася вывучаць толькі расійскі ўплыў на Ўкраіну ў перыяд панавання дынастыі Вазаў, але барані Божа пісаць пра польскія ўплывы! Нават магістэрская праца, абароненая ў 1950 г. пад крыху закамуфляванай назвай (ксенафобія ў былой Рэчы Паспалітай), змагла ўбачыць свет толькі пасля польскага Кастрычніка 1956 г.[44].

Фактычна ад пачатку прафесійнай дзейнасці Януш Тазбір стаў адным са стаўпоў вядомага з 1952 г. цэнтра ў рамках 1-га Аддзела створанай Польскай Акадэміі навук. Гэтаму папярэднічала трохгадовая дзейнасць у якасці асістэнта на гістарычным факультэце Варшаўскага універсітэта, дзе адбылося знаёмства з фактычным апекуном маладога пакалення Тадэвушам Мантойфелем, які дзяліўся вопытам i майстэрствам кампрамісу ў імя выратавання вышэйшых каштоўнасцяў, што было няпроста ў перыяд сталінізму, і не ўсімі калегамі на цэху, асабліва тымі, хто застаўся ў эміграцыі, было станоўча ацэнена. Узгадваючы пачатак сваёй навуковай працы, Януш Тазбір акцэнтуе ўвагу на неабходнасці пакоры і самакрытыкі, калі гаворыць пра абарону кандыдацкай (доктарскай) дысертацыі[45] і прыгадвае свой шлях да прафесіі гісторыка: „Сёння як на далоні відаць, што для працы характэрна ўпэўненасць у сабе маладога гісторыка, які бесцырымонна трактуе папярэднія дасягненні гістарыяграфіі. Навучаны сумным вопытам, я шмат разоў гаварыў удзельнікам маіх семінараў па гісторыі культуры, што калі я выдаў тую кнігу, ведаў, можа, сем бясспрэчных прычынаў заняпаду Рэфармацыі ў Польшчы. Цяпер падыходжу да адзінаццатай, а ўсе астатнія па-ранейшаму лічу спрэчнымі гіпотэзамі”[46].

Характэрнай рысай юбіляра з’яўляецца адвага, прыкладам якой стаў выступ у 1968 г. у абарону вядомага даследчыка эпохі Вазаў Уладзіслава Чапліньскага, што трапіў пад нападкі ідэалагічнага характару з боку гісторыка філасофіі Анджэя Навіцкага ў сувязі з выдадзенай на два гады раней кнігай „O Polsce siedemnastowiecznej”. Разам з двума іншымі гісторыкамі Тазбір адрэагаваў на гэта артыкулам пад красамоўнай назвай „Spór nie tylko o wiek XVII”[47]. Праз некаторы час, ужо ў новых палітычных абставінах, адзін з аўтараў адказу, адданы вучань уроцлаўскага вучонага, Ярэма Мацішэўскі вярнуўся да вышэйзгаданай палемікі. Ён адзначыў незалежныя ад часу якасці манаграфіі свайго настаўніка, які пагрэбаваў вульгарызаванымі меркаваннямі некаторых гісторыкаў сталінскіх часоў, што праз два гады пасля публікацыі кнігі адбіліся ў рэцэнзіі, названай «„бяспрыкладна жорсткай атакай” аднаго варшаўскага (але не універсітэцкага) дацэнта[48]. У свой час мы апублікавалі <…> востра сфармуляванае пярэчанне, дзе адначылі, што „вельмі запозненая рэцэнзія… так далека адыходзіць ад… элементарных патрабаванняў дыскусіі, з’яўляецца вострым дысанансам на фоне сучасных гістарычных даследаванняў, супярэчыць звычаям, якія пануюць у польскай навуцы, што немагчыма яе абысці ў штодзённай справе на будучыню, хоць яна і выступае як грамадскі факт, які не мае ніякага дачынення да сутнасці”. Я ўзгадваю той „абмен удараў” хутчэй як выпадковы, не варты ўспаміну, факт гістарыяграфіі”»[49].

У поўныя пастак паваенныя гады жыццёвы вопыт маладога чалавека і яго веды пра мінулае мацавала падтрымка аўтарытэтаў, сярод якіх апрача універсітэцкіх настаўнікаў несумненна першапланавае месца займаў творца акадэмічнага Інстытута гісторыі Тадэвуш Мантойфель, які як даследчык і арганізатар навуковага жыцця вызначыўся ў тыя цяжкія гады не толькі тым, што з годнасцю супрацьстаяў псеўдаідэалагічным націскам, але і ўменнем саступаць там, дзе гэта трэба было з вышэйшых інтарэсаў. Юбіляр згадвае, што не ўсе гэта разумелі, і, спасылаючыся на прызнанае меркаванне Аскара Галецкага, канстатуе, што неабходнасць кампрамісаў з дзяржаўнымі ўладамі добра разумелі „у эміграцыі, значна горш было ў колах айчынных праціўнікаў любога супрацоўніцтва з уладамі”[50].

Януш Тазбір належыць да тых нешматлікіх гісторыкаў, якія з самага пачатку сваіх даследаванняў адначасова з навуковымі працамі публікавалі працы папулярнага характару, адрасаваныя „сярэдняму” чытачу. Ці нават інакш: імкнуўся пісаць і пісаў простай, немудрагелістай мовай, не вымушаў чытачоў да празмернага карыстання слоўнікам замежных слоў. Такая рыса яго пісьменніцкага стылю з цягам часу атрымала больш дасканалую літаратурную форму.

Сярод прычын, якія прывялі да пераходу з універсітэта ў навуковую ўстанову, Тазбір называе адну, якая абсалютна не адпавядае праўдзе: „адсутнасць здольнасцяў і да правядзення заняткаў”[51]. Гэтаму супярэчыць яго талент пісьменніка, публічныя выступы па радыё, тэлебачанні, інтэрвію і галоўнае — эсэістыка. Як вядома, гэта „найвышэйшы пілатаж” у навучанні, які можа стаць узорам для пераймання шматлікімі навукова-дыдактычнымі працаўнікамі. Ва ўспамінах адчуваецца пэўная настальгія, хоць ён падтрымліваў актыўныя адносіны з універсітэтам, які будаваўся на вуліцы Кракаўскае прадмесце і быў не так далёка ад дома князёў Мазавецкіх на Рынку Старога горада, пастаянна сустракаўся з калегамі ў бібліятэках ці ў Галоўным архіве даўніх актаў (AGAD). Тазбір пісаў: „Мы сустракаліся на старонках часопісаў, большасць якіх выдаваў Інстытут ці Камітэт гістарычных навук, на сумесных канферэнцыях, у юбілейных выданнях”[52]. На новым месцы працы на яго зваліліся арганізацыйныя абавязкі — ад сакратара дырэкцыі і вучонага савета да намесніка дырэктара ў 1968-1983 i дырэктара ў 1983-1990 г., адкуль перайшоў у кіраўніцтва ПАН у якасці віцэ-дырэктара. Доўгі час ён удзельнічаў у рабоце Цэнтральнай камісіі па пытаннях вучоных ступеняў і званняў, а потым і ўзначаліў яе. Усё гэта не перашкаджала навуковай і пісьменніцкай дзейнасці, у выніку якой у 1949—1986 г. выйшла больш за семсот публікацый, і гэта без уліку шматлікіх нататак, што рабіліся з польскіх выданняў для чужамоўных чытачоў пераважна на старонках „Archiv für Reformationsgeschichte”[53]. Другі этап прынёс 222 пазіцыі[54], а наступны — да сярэдзіны 2007 г. — быў таксама ўраджайным. У выніку юбіляр мае больш за тысячу публікацый — кніг, навуковых трактатаў і артыкулаў, рэцэнзій, выданняў крыніц, эсэ, якія выходзілі пераважна ў культурных і палітычных часопісах.

У юбілейным выданні да 40-годдзя Інстытута гісторыі ПАН (1993) Януш Тазбір падзяліўся разважаннямі аб прычыне раздражнення маладых вучоных, якія адсутнасць эфекту працы („навошта пісаць, калі так ці інакш вынікі працы давядзецца пакласці ў славутую шуфляду?”) тлумачылі немагчымасцю друку: „У гэтай раззлаванасці ёсць шмат рацыянальнага; аднак неабходна згадаць, што ва ўсіх гуманітарных цэнтрах супрацоўнікі, наколькі мяне не падводзіць памяць, падзяляліся на тры катэгорыі. Першую складалі людзі, якія спалучалі арганізацыйныя і рэдактарскія абавязкі з актыўнай уласнай пісьменніцкай дзейнасцю. Да другой належалі тыя, хто абмяжоваўся выкананнем ускладзеных на іх абавязкаў. У трэцюю ўваходзілі тыя, хто па магчымасці ўхіляўся ад любых абавязкаў”[55].

Першую, самую малую, групу складалі людзі, якіх, карыстаючыся модным у нашы дні словам, можна назваць „іконамі”. Такіх у Інстытуце гісторыі ПАН на цэнтральным узроўні і на месцах можна за пяцьдзесят гадоў назваць толькі некалькі дзесяткаў чалавек. Сярод іх Януш Тазбір займае адно з першых месцаў. Гэта дае яму права на ацэнку як бездакорных дасягненняў, так і іх адсутнасці, што ў пераломныя моманты з’яўлялася падставай для намераў ліквідацыі, як гэта і здарылася ў пераломным 1956 г., потым напрыканцы праўлення Ўладзіслава Гамулкі, у 1989 г. і пазней, пад час т.зв. трансфармацыі. Ён быў настойлівым абаронцам (як інстытута, так і ўсёй Акадэміі), дэманстраваў выдатныя дасягненні, асабліва ў пытанні абагульняльных прац, выданняў крыніц, дакументацыі, часопісаў.

Януш Тазбір з’яўляецца сапраўдным рэкардыстам на рэдактарскай ніве, бо амаль паўстагоддзя яго прозвішча звязвалася, можна нават без вагання гаварыць — атаяснялася, з вядучым часопісам, прысвечаным пытанням веравызнання і духоўнай культуры Рэчы Паспалітай да яе падзелаў. На месца „Odrodzeniа i Reformacjі w Polsce” ў 1956 г. прыйшла „Reformacjа w Polsce”, але яна не страціла папярэдніх дасягненняў часопіса, створанага яшчэ ў міжваенны перыяд, а наадварот, пашырыла тэматыку і з тактычных поглядаў прыняла выгляд, які больш адпавядаў чаканням уладаў. З цягам часу папярэдне дамінавалая тэматыка арыян[56] пашыралася на іншыя рэфарматарскія вучэнні, контррэфармацыю ці каталіцкую рэфармацыю і іншыя еўрапейскія рэлігійныя плыні, хоць гэта і не адпавядала назве часопіса. Ужо з першага тома Януш Тазбір уваходзіў у склад рэдакцыйнага камітэта (усяго яго складала 6 чалавек), з 1958 г. (з тома 3) быў рэдакцыйным сакратаром побач з галоўным рэдактарам Казімежам Лепшым, пасля смерці якога ў 1964 г. пераняў гэтую пасаду, дзелячы яе пэўны перыяд з Лехам Шчуцкім. Абодва пасля выхаду пяцідзесятага тома на ўрачыстым спатканні на пачатку 2007 г. у зале імя Яхіма Лялевеля ў будынку князёў Мазавецкіх заявілі пра сваё рашэнне перадаць кіраванне ў рукі малодшага пакалення. У гэтай сустрэчы прымала ўдзел большасць аўтараў штогодніка, некаторыя з якіх пачалі друкавацца яшчэ ў першае дзесяцігоддзе часопіса. Згаданае спатканне можна лічыць пачаткам святкавання 80-гадовага юбілею галоўнага рэдактара, які фактычна панаваў і сярод аўтараў, бо за гэты час было надрукавана 25 яго артыкулаў, 7 разоў падрыхтаваныя ім крыніцы, 36 рэцэнзій, — агульнай колькасцю каля 70 пазіцый[57].

Працы Тазбіра па праблемах веравызнання ў шляхецкай Рэчы Паспалітай становяць цэлую эпоху, запоўненую дзесяткамі кніг, сотнямі артыкулаў і рэцэнзій, адзін пералік якіх заняў бы шмат месца. Іх аўтар хутка стаў адной з галоўных постацяў у выраслым коле даследчыкаў рэфарматарскіх канфесій, дзе на першы план заўсёды выходзілі антытрынітарыі і паслятрыдзенцкі каталіцызм. У шырокай грамадскай свядомасці Тазбір з’яўляецца перш за ўсё аўтарам твораў „Państwo bez stosów”, „Tradycja tolerancji religijnej w Polsce” i „Dzieje tolerancji w Polsce”, якія былі перакладзены на іншыя мовы. Нарысы гісторыі каталіцкай царквы і шматлікія зборнікі, як, напрыклад, „Szlachta i teologowie”, „Reformacja w Polsce”, дзякуючы вобразнаму аповеду, прывабнай форме кшталтавалі веды шырокіх інтэлігенцкіх колаў аб перыядзе да падзелаў Рэчы Паспалітай. Абапіраючыся на крыніцы і ўлічваючы даследаванні як старэйшых, так і маладых навукоўцаў, Я. Тазбір дасканала ўжываўся ў ментальнасць сваіх герояў і „зазямляў” абстрактныя для шматлікіх вучоных веды пра часы дынастыі Ягелонаў ці Вазаў.

Да некаторых тэмаў Я. Тазбір вяртаўся, як да біяграфіі вядомага пісьменніка і езуіцкага прапаведніка Пятра Скаргі, першая інфармацыя пра якога з’явілася ў навукова-папулярнай „Biblioteczcy Światowida” (1962), а другі раз амаль праз дваццаць гадоў у „Bibliotece Wiedzy Historycznej” пад назвай „Piotr Skarga szermierz kontrreformacji” (Варшава, 1978,1983). Крыху раней (у 1972 г.) Тазбір апрацаваў і напісаў вялікі ўступ да яго „Kazań sejmowусh” для першай серыі „Biblioteki Narodowej”. Гэта была адна са шматлікіх публікацый крыніц, сярод якіх вылучаюцца — не толькі прывабным аб’ёмам—падрыхтаваная разам з Лехам Шчуцкім „Literatura ariańska w Polsce XVI wieku” і анталогія „Literatura antyjezuicka w Polsce 1578-1625″.

Ha адным подыху можна пералічыць назвы кніг „Rzeczpospolita i świat”, „Bracia polscy w Siedmiogrodzie 1660—1784″, „Szlachta i konkwistadorzy”, „Arianie i katolicy”, „Kultura szlachecka w Polsce. Rozkwit — upadek — relikty” (некалькі выданняў, апошняе з вяртаннем да тэксту, які да 1989 г. неаднойчы быў адцэнзураваны), „Kultura polskiego baroku”, „Myśl polska w nowożytnej kulturze europejskiej”, „Świat panów Pasków”, „Polska sława Krzysztofa Kolumba”, „Okrucieństwo w nowożytnej Europie”, „Protokoły mędrców Syjonu”, гістарычна-літаратурныя нарысы „Od Haura do Izaury” і іншыя. Не трэба забывацца і на каментары да шматлікіх як услаўленых, так і зняслаўленых прац вядомых аўтараў, як, напрыклад, „Тарас Бульба” Мікалая Гогаля[58], ці нацыянальна шанаваных твораў, у чарговых выданнях якіх рука Майстра дадала працаёмкія ўдакладненні ці выпраўленні, якія ніколькі не знізілі гістарычнага ўзроўню арыгінала, што, дарэчы, не часта сустракаецца. Так было з каларытным апавяданнем Уладзіслава Лазіньскага (1843—1913) пра старапольскія традыцыі, якое на працягу стагоддзя 18 разоў выдавалася (першае ў 1907 г.), а ў 2006 г. выйшла са спасылкамі ды індэксам[59]. Падобным чынам сёмы раз выйшаў іншы папулярны твор львоўскага гісторыка і белетрыста аб крывавай гісторыі Чырвонай Русі пад час праўлення Жыгімонта ІII (першае выданне было ў 1903 г.)[60]. З класічных і адначасова рэдка даступных прац, дзе праведзена вялікая падрыхтоўчая да друку работа, неабходна назваць „Dzieje obyczajów…” Яна Станіслава Быстраня, у якой выдавец вярнуў скрэсленае цэнзарамі ў абодвух пасляваенных  (1960 і 1975 г.) выданнях і выправіў відавочныя памылкі[61]. Поўны вобраз творчых дасягненняў Тазбіра дае бібліяграфія, змешчаная ў юбілейных кнігах[62], акрамя якіх з нагоды чарговых юбілеяў яму былі прысвечаны і іншыя работы ў зборніках[63].

Пра тое, як шмат часу праводзілася ў архівах розных краін для напісання некаторых кніг, сведчыць праца, да якой юбіляр быў асабліва прывязаны, — габілітацыя „Stanisław Lubieniecki, przywódcа ariańskiej emigracji” (1961), пра гісторыка і астранома, дыпламата і фінансіста. Амаль праз 40 гадоў яна была перавыдадзеная, а фактычна нанова напісаная пад назвай „Stando lubentius moriar. Biografia Stanisława Lubienieckiego” (2003), вельмі арыстакратычная па змесце i графічным афармленні. Кніга, напісаная з размахам, з апорай на крыніцы, прываблівае чытача сваімі літаратурнымі якасцямі.

Кракаўскае таварыства аўтараў і выдаўцоў навуковых прац „Universitas” у 1999-2002 г. у серыі „Klasycy współczesnej Polskiej Myśli Humanistycznej” пад рэдакцыяй Станіслава Гжыбоўскага апублікавала пяць тамоў выбраных твораў Януша Тазбіра. Яны называліся (па чарзе) „Państwo bez stosów”, „Okrucieństwo w nowożytnej Europie”, „Sarmaci i świat”, „Studia nad kulturą staropolską”, „Szkice o literaturze i sztuce”. Ва ўводзінах да першага тома выдавец адзначыў, што „творчасць праф. Тазбіра непасрэдна ці апасродкавана датычыцца важных сучасных праблем, бо паказвае іх гістарычныя карані і шляхі вырашэння ў мінулым. З гэтага пункту гледжання навуковыя якасці яго прац дапоўнены выхаваўчымі, прычым у прывабнай форме, а не як надакучлівае павучанне, што вымушае думаць, а часам нават аспрэчваць, i заўсёды адкрывае перад чытачом новыя гістарычныя гарызонты”[64].

Пасля фармальнай адмены цэнзуры Я. Тазбір адчуў сябе свабодным ад неабходнасці пазбягаць некаторых даследчых праблемаў і пісаць эзопавай мовай, намёкамі. Пры тым ён захаваў пэўную дыстанцыю ў дачыненні да сучаснасці, пра гэта сведчаць часам горкія заўвагі, напрыклад, на тэму элітаў, якія растуць што грыбы пасля дажджу і якіх навуковец заўсёды атаясамліваў з паважанымі продкамі. Антычная максіма „historia magistra vitae”, відочная ў юбілейным томе, прысвечаным шматгадоваму раману з Кліо, знаходзіць пасля 1990 г. адлюстраванне ў шэрагу выданняў аб гістарычных каранях сучаснасці[65], асабліва ў назве, падобнай на формы старапольскага пісьменства, дае ўрокі грамадзянскага выхавання сучаснай псеўдаарыстакратыі, якая, займаючы высокія пасады, ахвотна выстаўляе свае веды аб мінулым ці іх адсутнасць замест таго, каб вучыцца. Горкі прысмак мае прысвечаны згаданай тэме раздзел аб „Lekcjach w pustej klasie”, напісаны прафесіяналам і адрасаваны гэтым….. прафанам[66].

Каб не заканчваць прысвечаны юбіляру нарыс на сумнай ноце, трэба звярнуцца да яго публічных выказванняў, якія маюць адукацыйны характар і з задавальненнем успрымаюцца думаючай часткай грамадства (апошняе было звязана з 80-годдзем і згаданай кнігай аб музе Кліо пад аптымістычнай назвай „Wreszcie trzeźwiejemy”[67]), і шматлікіх праяў прызнання не толькі з боку калег па цэху. Варта згадаць прыгожую ўрачыстасць прысваення прафесару Янушу Тазбіру ганаровага звання доктара honoris causa Апольскага універсітэта (10 сакавіка 2000), калі ў поўнай зале знаходзіліся не толькі выкладчыкі і студэнты універсітэта, але і шматлікія даследчыкі з розных куткоў краіны[68].

У юбілейны год вядомага гісторыка друкавалася шмат інтэрвію з ім на старонках газет і часопісаў. Згадаем некалькі выказванняў 80-гадовага і маладога ў навуковай дынаміцы даследчыка, настаўніка суайчыннікаў у перыяд бурных дыскусій аб цяперашнім часе і фантазіях на тэму нацыянальнай гісторыі, з інтэрвію пад знакавай назвай „Zakompleksieni megalomani”, дзе ён выказваецца па пытанні адукацыйнай функцыі гісторыі: „Міфы былі неабходны ў XIX стагоддзі, калі яны служылі абароне польскасці. Школы знаходзіліся ва ўладзе тых, хто прымаў удзел у раздзелах Польшчы, таму гісторыю фактычна вучылі па Сянкевічу (трылогія „Крыжакі”). Падобным чынам вучылі яе i ў Народнай Польшчы — таксама па Сянкевічу, насуперак таму, да чаго прымушала школьная праграма. Затое сёння гісторыя можа быць свабоднай ад усялякіх абавязкаў. Не павінна быць алібі для тых, хто тлумачыць нашую цывілізацыйную затрымку, не павінна быць пропускам для нашага вяртання на палітычную карту Еўропы. Яна можа проста быць крытычным веданнем нашага мінулага”.

Далей гісторык супакойвае тых, хто баіцца, што інтэграцыя Еўропы і працэс глабалізацыі пагражаюць нацыянальнай ідэнтычнасці. „Я не вельмі ў гэта веру, — піша ён. Нас увесь час страшаць. Гісторыя польскай мовы была прэзентавана ў катэгорыях дарвінаўскай барацьбы за існаванне. Гаварылі пра барацьбу за польскую мову ў эпоху Адраджэння, калі нібыта пагражала лацінская мова. Пра барацьбу за польскую мову ў эпоху Асветы. Але той факт, што ў перыяд дзеяння Канстытуцыі 3 траўня мы зрабілі гэтую мову абавязковай як для русінаў-сялян, так і для яўрэяў, у нас далікатна замоўчваўся. Такім чынам, сітуацыя выглядае наступным чынам: чым больш разумна мы будзем трактаваць наша мінулае, тым больш мы будзем бачыць наш цывілізацыйны ўкладу агульнаеўрапейскую культуру, тым больш захаваецца наша нацыянальная самасвядомасць. Вось што трэба рабіць замест сталага высоўвання наперад і паўтораў, што палякі былі першымі….. Мы пастаянна знаходзімся паміж Сцылай велічы і Харыбдай комплексу прыніжанасці. Трэба гэтага пазбаўляцца”.

Заўвагу журналіста, што ў выніку бесперапыннага „развейвання” гісторыі могуць знікнуць усе нацыянальныя помнікі, вучоны энергічна абверг і заявіў, што ў Польшчы і раней, і цяпер ставяць помнікі асобам, звязаным з узброенай барацьбой, і часцей у сувязі з няўдалымі паўстаннямі. А дзе помнікі тым, хто працаваў над эканамічным уздымам краіны ва ўмовах адсутнасці незалежнасці? Тое самае можна сказаць пра рэфарматарскі рух у царкве, пра яго самакрытыку, прызнанне ранейшых памылак. Ён таксама трактуецца артадоксамі як праява бязбожнасці і пагроза існаванню каталіцтва. І тут цікавы пункт гледжання гісторыка: „Так. Але не трэба паддавацца такім меркаванням. Мы павінны глядзець крытычна, усебакова і аб’ектыўна, бо інакш да чаго прыйдзем? Зноў прыйдзем да агіяграфіі, якой, дарэчы, кіравалі марксісты. Вазьміце (звярнуўся ён да журналіста, які браў інтэрв’ю. — удакл. М.К.) біяграфіі Берута, Сталіна і іншых. Гэта і ёсць стварэнне святасці ў чыстым выглядзе. Марксісцкі святы не верыць у Бога, але праяўляе аскетызм, пазбягае жанчын і г.д. Параўнайце аўтабіяграфічны раман Мікалая Астоўская „Як гартавалася сталь”. Гэта заразная хвароба”.

У сучаснай Польшчы прафесар Януш Тазбір займае месца сярод знакамітых даследчыкаў мінулага з папярэдніх пакаленняў, якія, займаючыся доўгі час сваёй дысцыплінай, не трактавалі яе адарвана ад рэчаіснасці і засталіся верныя старарымскаму правілу historia est magistra vitae. Рэч у тым, каб і палітыкі прызнавалі яго адукацыйныя якасці, але не падпарадкоўвалі веды сваім мэтам.

Пераклала Любоў Козік


[1] Гл.: Kosman M. Główne kierunki badań nad historią kościoła w Polsce (po 1945 r.) // Euhemer — Przegląd Religioznawczy. 1985. Nr 2(136). S. 59-68; idem. Jezuitów polskich obraz własny.Badania ostatniego stulecia // Odrodzenie i Reformacja w Polsce (далей — ORwP). XLII, 1998. S. 213-227; idem, Kościół – Państwo — Spoіeczeństwo. Materiały pomocnicze. Poznań, 2002. Część pierwsza: Obraz Kościoła w historiografii. S. 11-48.
[2] Гл.: Kosman M. Józef Łukaszewicz 1797-1873 // Wybitni historycy wielkopolscy. Praca zbiorowa pod red. J. Strzelczyka. Poznań,1989. S. 61-73.
[3] Гл. навуковую біяграфію разам са змястоўнай літаратурай:Kubiatowski J., Tazbir J. Merczyng Henryk (1860-1916) // Polski Słownik Biograficzny (далей — PSB). XX. S. 437-439.
[4] Brückner A. O różnowierstwie polskim słów kilka // Reformacjaw Polsce (далей — RwP). R. I. 1921. S. 3.
[5] У 1908 г. аб’яднанне, якое развівала традыцыі польскага кальвінізму, пачало выдаваць у рамках некалькіх серый матэры ялы па сваёй гісторыі XVI-XVII ст. пад назвай “Monumenta Reformationis Polonicae et Lithuanicae”. Амбіцыйныя планы былі часткова, калі не цалкам, згорнуты пад уплывам палітычнай сітуацыі — пачатак і наступствы Першай сусветнай вайны. Гл.: Kosman M. Litewska Jednota Ewangelicko-Reformowana od połowy XVII w. do 1939 r. Opole, 1986. S. 67 nn.
[6] Аўтар ужо цытаванага ўступнага артыкула (гл. спасылку 4)на с. 14 з гарачнасцю і, як магло падацца, празмерным аптымізмам пісаў: „Без якога-небудзь папярэджання, без затоенайдумкі мы пачынаем працу і заклікаем кожнага, хто хоча працаваць. Час вылечыў рэлігійныя сваркі — мы ні ў якім разе незбіраемся іх аднаўляць, але мінулае патрабуе адраджэння…”.Параўнайце даследаванні на тэму сітуацыі з веравызнанняміi іх адлюстраваннем у польскай міжваеннай навуцы: KosmanM. Reformacja i kontrreformacja // Stosunki polsko-niemieckiew historiografii. Cz. I: Studia z dziejów historiografii polskiej i niemieckiej / Pod redakcją Jerzego Krasuskiego, Gerarda Labudy i Antoniego W. Walczaka. Poznań, 1974. S. 372 n.; idem. Zarys dziejów rodzimego i obcego nurtu w polskim protestantyzmie do roku1939 // Studia Historica Slavo-Germanica. 1977. T. VI. S. 49-88.
[7] RwP I (1921), II (1922), III (1924), IV (1926), V (1928), VI (1934),VII-VIII (1935-1936), IX-X (1937-1939). У той час рэдактарамчасопіса быў Станіслаў Кот.
[8] RwP XI (1948-1952), XII (1953-1955) пад рэдакцыяй ГенрыкаБарыча. З 1939 г., калі пачалася Другая сусветная вайна,Станіслаў Кот знаходзіўся ў эміграцыі, дзе застаўся пасля 1945 г.У склад рэдкалегіі ўваходзілі таксама Аскар Бартэль і ксёндзЯн Шэруда.
[9] Kurdybacha L. Historie reformacji w Polsce. Stan badań i postulaty // RwP. XI. 1948-1952. S. 5.
[10] У першым томе быў прыведзены наступны склад рэдакцыйнага камітэта: Аскар Бартэль, Генрык Барыч (напісаў адмову і недалучыўся да рэдагавання новага часопіса), Вільгельм Білліг, Казімеж Будзык, Казімеж Лепшы (быў галоўным рэдактарам тамоў 2-8, заўчасна памёр) і Януш Тазбір (першапачаткова быў сакратаром рэдакцыі, а потым галоўным рэдактарам IX—L тамоў). З папярэдняга складу рэдакцыі RwP не хапала толькі Я. Шэруды, які далучыўся пры выданні трэцяга тома і фігураваў у значна пашыраным камітэце як намеснік рэдактара.
[11] З цягам часу склад рэдакцыйнага камітэта мяняўся — адыходзілі адны, прыходзілі іншыя. На канчатковым этапе важнуюролю акрамя Януша Тазбіра адыгрываў намеснік галоўнагарэдактара Лех Шчуцкі. Абодва падалі прашэнне аб адстаўцыпасля выдання 50-га тома, пра што паінфармавалі ўдзельнікаўюбілейнай сустрэчы ў зале Лялевеля Інстытута гісторыі ПАН20 лютага 2007 г.
[12] ORwP. I. 1956. S. 7.
[13] Bibliografia roczników „Reformacja w Polsce” 1921-1956 / opracowały M. Bokszczanin i H. Kapełuś. ORwP. III. 1958. S. 217-287.
[14] Ibidem. S. 7 (Wstęp).
[15] Па пытанні адаптацыі марксізму у польскай гістарыяграфіі пасля 1945 г. гл.: Labuda G. Rozwój metod dziejopisarskich od starożytności do współczesności. Część I: Do schyłku XIX wieku. Poznań. 2003. S. 155 nn.
[16] ORwP. III. 1958. S. 8.
[17] Ibidem. Вылучана аўтарам артыкула. — М.К.
[18] Tazbir J. Długi romans z Muzą Klio. S. 62.
[19] Гл. спасылку 13.
[20] Kosman M. Z badań nad Odrodzeniem. S. 63.
[21] Tazbir J. Ludwik Chmaj // ORwP. V. 1960. S. 266.
[22] Wyczański A. Kazimierz Lepszy 1904-1964 // ORwP. X. 1965.S.5.
[23] Pelc J. Wiktora Weintrauba studia staropolskie // ORwP. XXXIV.1989. S. 257-262.
[24] T. XXVI. 1992 (аўтар — Генрык Булгак).
[25] ibidem (аўтар – Лех Шчуцкі).
[26] Szczucki L. Henryk Barycz (1901-1994). S.161-165; Bieńkowski W. Leszek Hajdukiewicz (1924-1995). S. 166-169.
[27] Quirini-Popławska D. Stanisław Cynarski (1923-1996) // ORwP.XLI. 1997. S. 205-207.
[28] Szczucki L. Stanisław Kot // ORwP. XLIII. 1999. S. 195-212.
[29] ibidem, s. 211 n. Згадаем, што яшчэ раней (у 1987 г. у Варшаве) у вядомай серыі “Класікі гістарыяграфіі” быў выдадзены грунтоўны выбар прац С. Кота (Polska Złotego Wieku a Europa. Studia i szkice) у апрацоўцы аднаго з першых яго вучняў Генрыка Барыча. У хуткім часе на старонках штотыднёвіка “Polityka” (№ 17 ад 23 IV 1988 г., с.14) Я. Тазбір апублікаваў артыкул пад знакавай назвай “Stanisława Kota powrót z emigracji”.
[30] Urban W. Ladislao Lászloczky (Władysław Łachowski herbu Pilawa) (1912-2003) // ORwP. XLVII. 2003. S. 250-251.
[31] Szczucki L. Halina Kowalska-Kossobudzka (1930-2002) // ORwP.XLVI. 2002. S.237-239.
[32] Manikowski A. Antoni Mączak (1928-2003) // ORwP. XLVII. 2003.S. 252-256.
[33] Ślęk L. Czesław Hernas (1928-2003) // ORwP. XVIII. 2004. S.309-313; Bieńkowski T. Jerzy Dobrzycki (8 kwietnia 1927 — 1 lutego 2004). Ibidem. S. 313-314.
[34] Гл.: ORwP. XLIX, 2005: Bułhak H. Jan Pirożyński (7 III 1936 -8 X 2004). S. 261-264; Szczucki L. Eugenio Garin (9 V 1909-29 XII 2004). S. 264-267; Karpiński A. Janusz Pelc (5 IX 1930 – 9 V 2005). S. 267-270.
[35] Тут пачэснае месца занялі Генрык Барыч і Аскар Бартэль, заслугі якіх былі адзначаны і ў некралогах: Oskar Bartel (24 X 1893-5 XI 1973). T. XIX. S. 5-6; Szczucki L. Henryk Barycz (1901-1994). T. XL. S.161-165.
[36] Od Redakcji na pięćdziesięciolecie // ORwP. L. 2006. S. 9.
[37] Знаёмству замежных даследчыкаў з матэрыялам спрыяе кароткі пераказ артыкулаў на нямецкай, англійскай, французскаймовах. Адзін з тамоў выйшаў цалкам па-італьянску.
[38] Э. Масціцкі — прэзідэнт Польшчы ў 1926—1939 г., Э. Рыдз-Сміглы — генеральны інспектар польскіх узброеных сілаў у1935-1939 г. (заўвага перакл.).
[39] Маецца на ўвазе ліпеньская 1941 г. дамова Сікорскага—Майскага(заўвага перакл.).
[40] Tazbir J. Polska na zakrętach dziejów. Warszawa, 1997, s. 321 n.; idem. Długi romans z Muzą Klio. Warszawa, 2007. S. 28-37.
[41] Polska na zakrętach, цытата з чацвёртай старонкі вокладкі. Далейаўтар дадае, што ранейшая зацікаўленасць усё ж засталася,пра што сведчыць шэраг яго публікацый, якія выйшлі пасляліквідацыі ў 1990 г. цэнзуры. Некаторыя ён прадставіў нанава,звярнуўшыся да сваіх нататак і адзначыўшы змены, якія быліўнесены ў тэкст у выніку ўмяшальніцтва цэнзараў.
[42] Выдадзена ў часопісе „Biuletyn Historii Sztuki i Kultury”. R.XI.1949. № 3/4. S. 382-392. Гэта была праца, падрыхтаваная дасемінара.
[43] Cenzura w PRL. Relacje historyków / Opracował Zbigniew Romek.Warszawa, 2000. S. 231. Аўтар сабраў у згаданай кнізе выказ ванні пятай часткі (20%) 150 даследчыкаў, што былі сведкамі эпохі.
[44] Ze studiów nad ksenofobią w Polsce w dobie pуźnego Renesansu //Przegląd Historyczny. Т. XLVIII. 1957. S. 655-682.
[45] Reformacja a problem chіopski w Polsce XVI wieku. Oddziaływanie walki klasowej na wsi polskiej na kształtowanie się ideologii szlachty w okresie reformacji // Studia Staropolskie IBL PAN. Т. II.Wrocław, 1953.
[46] Długi romans, s. 60 n. Другі раздзел займае большую частку кнігі і называецца “Zrozumieć przeszłość”.
[47] Гэты тэкст (у суаўтарстве з Станіславам Гэрбстам і Ярэмам Мацішэўскім) выйшаў на старонках варшаўскай “Kulturу” (№ 22 ад 2 чэрвеня 1968 г., с. 4), як і далейшы працяг дыскусіі падназвай “Doc. Nowickiemu w odpowiedzi” (№ 26 ад 30 чэрвеня1968 г., с. 11).
[48] Ён не назваў прозвішча, але для тых, хто арыентаваўся ў справе, яно і так было вядомым.
[49] Maciszewski J. O Polsce siedemnastowiecznej // Czasy nowożytne. Studia poświęcone pamięci prof. Władysława Eugeniusza Czaplińskiego w 100 rocznicę urodzin / Pod redakcją Krystyna Matwijowskiego. Wrocław, 2005. S. 19 n. Неабходна памятаць, што Я. Мацішэўскі быў пад час “сакавіцкіх падзей” [1968] не толькі прафесарам Варшаўскага універсітэта, але, што можа быць больш важным, і дзеячам Польскай аб’яднанай рабочай партыі, знаходзіўся на адказнай пасадзе ў Цэнтральным камітэце ПАРП (аддзел навукі), а Януш Тазбір у гэты час займаў пасаду намесніка дырэктара Інстытута гісторыі ПАН.
[50] Długi romans. S. 58. Трэба заўважыць, што вельмі часта “недалучэнцы” ў крытычных для іх сітуацыях чакалі дапамогі з боку так званых “кар’ерыстаў”, ці пазітывістаў, і іх надзеі спраўджваліся.
[51] Ibidem. S. 61.
[52] O Instytucie Historii refleksje osobiste // Instytut Historii Polskiej Akademii Nauk 1953-1993 / Pod redakcją Stefana K. Kuczyńskiego.Warszawa, 1993. S. 62.
[53] Бібліяграфія была прыведзена ў юбілейнай кніжцы “Kultura polska a kultura europejska. Prace ofiarowane Januszowi Tazbirowi w sześćdziesiątą rocznicę urodzin”. Warszawa, 1987. S. 5—52.
[54] Бібліяграфія за 1987 – чэрвень 1997 г. пададзена ў кнізе “Kulturastaropolska – kultura europejska. Prace ofiarowane Januszowi Tazbirowi w siedemdziesiątą rocznicę urodzin”. Warszawa, 1997. S. 8 – 18.
[55] O Instytucie Historii… S. 64.
[56] З перспектывы 2007 г. Я. Тазбір згадвае: “На доўгія гады галоўнай тэмай маіх даследаванняў стаў рэфарматарскі рух, прычынай чаго ў пэўнай ступені была характэрная для пяцідзесятых гадоў мода на арыянства. Думаю, што цені Марціна Чаховіча, Самуэла Пшыпкоўскага ці Фауста Соцына не раз здзіўляліся таму, што ўлады ПНР бралі гэтых карыфеяў сацыянізму ў якасці сваіх ідэйных родапачынальнікаў” (Długi romans. S. 62).
[57] Гл.: Budniewska A. i Mitura-Karwowska A. Bibliografia zawartości czasopisma „Odrodzenie i Reformacja w Polsce”. Т. I-XLIII. S.98—100 і спіс зместу тамоў XLIV—L.
[58] Taras Bulba. Powieść Mikołaja Wasylewicza Gogola / Tłumaczeniez rosyjskiego Jerzy Szota. Krosno, [b.d.]. Гэты твор, які доўгі чассвядома замоўчваўся, быў “прысвоены” ў Польшчы напрыканцы ХХ ст.; Я. Тазбір неаднаразова спасылаўся на яго ў сваіх эсэ.Да шырокага кола чытачоў быў адрасаваны артыкул на старонках варшаўскага часопіса „Polityka” № 22(2352) ад 1 чэрвеня 2002 г. (с. 85—86) пад назвай “Z Bulbą w gardle” (агульны загаловак – “Polsko-rosyjskie wojny literackie”), напісаны ў сувязіз публікацыяй польскага перакладу і прысвечаны прычынам негатыўнага стаўлення да яго ў Польшчы.
[59] Łoziński W. Życie polskie w dawnych wiekach / Wstęp i opracowanie J. Tazbir. Warszawa, Iskry, 2006. Выдавец дадаў 111 спасылак каментароў, якія ў значнай ступені скарэктавалі тэкстЛазіньскага. Для іх патрабаваліся працаёмкія праверкі і ўдакладненні (напрыклад, спасылка 109 на с. 267). Каб не паддаваць тэкст суровай крытыцы ў вачах чытача, спасылкі былізмешчаны асобна ў канцы кнігі.
[60] Łoziński W. Prawem i lewem. Obyczaje na Czerwonej Rusi w pierwszej połowie XVII wieku / W opracowaniu J. Tazbira. Warszawa, Iskry, 2005.
[61] Bystroń J.S. Dzieje obyczajów w dawnej Polsce. Wiek XVI – XVIII /Wstępem poprzedził J. Tazbir. T. I—II. Warszawa, 1994. Гэтае выданне было па-мастацку добра аформлена Дзяржаўным выдавецкім інстытутам. Аўтары бібліяграфіі ў кнізе да 70-годдзя здня нараджэння Я. Тазбіра забыліся згадаць гэтую працу ў навуковай спадчыне юбіляра. Варта адзначыць, што толькі ўступналічвае 15 старонак, і гэта без уліку працаёмкіх выпраўленняў у тэксце Быстр аня.
[62] Гл. спасылкі 15 і 16.
[63] Гл.: „Przegląd Humanistyczny” № 1(334). Rok XL. Warszawa,1996 (нумар прысвечаны праф. Янушу Тазбіру); „Odrodzeniei Reformacja w Polsce”. Т. XLVI. 2002 (з наступным прысвячэннем ад імя рэдакцыйнага камітэта: „5 жніўня 2002 г. прафесару Янушу Тазбіру, які на працягу доўгага часу быў галоўнымрэдактарам нашага штогодніка, споўнілася семдзесят пяць гадоў. Выдатнаму вучонаму, які нястомна вандруе па старонкахнацыянальнай гісторыі і аддае перавагу старапольскай гісторыі, мы выказваем шмат сардэчных пажаданняў…”).
[64] Grzybowski S. Janusza Tazbira osobowość i twуrczość // Tazbir J.Prace wybrane. T. 1. Kraków, 2000. S. V.
[65] Асабліва: Polska na zakrętach dziejów (Warszawa, 1997), W pogoni za Europą (Warszawa, 1998), Pożegnanie z XX wiekiem (Warszawa, 1999), Polacy na Kremlu i inne historyje (Warszawa, 2005).
[66] Tazbir J. Silva rerum historicarum. Warszawa, 2002. s. 341 nn.
[67] Напрыклад, гл.: Historia nie zaszkodzi („Trybuna” dodatek edukacyjny, ад 17 IX 2003, s.1); O czym się pisać nie godziło („GazetaWyborcza” 27-28 XII 2003, s.16 n.); Jesteśmy narodem obolałym dziejami („Kurier Czytelniczy” nr 36, październik 1997,s.1 i 7); Weksel potomka Sobieskich („Gazeta Wyborcza” 24IX 2007,s. 28); Rozmowa z prof. Januszem Tazbirem o bohaterach, kolaboracji i spiskowej teorii dziejów („Bunt Młodych Duchem” nr 2(36)s. 5-8 i 3(37) s. 7-8, 2007); Wreszcie trzeźwiejemy („Przegląd” nr48 z 18 XI 2007, s. 16-19).
[68] Гл.: Doctor Honoris Causa. Janusz Tazbir – Człowiek i dzieło.Katalog wystawy, 9 marca 2000 r. Uniwersytet Opolski.

Наверх

Аляксандр Груша. Крытычныя нататкі з нагоды новай працы Э. Гудавічуса.

Снежня 20, 2007 |


Гудавичюс, Эдвардас. История Литвы. Т. 1. С древнейших времён до 1569 года. Москва: Фонд им. И.Д.Сытина, Baltrus, 2005. — 679 с.

З’яўленне ў Мінску рускамоўнай версіі „Гісторыі Літвы” Эдвардаса Гудавічуса выклікала пэўны ажыятаж. Кнігарні рассылалі рэкламныя праспекты кнігі, калегі-гісторыкі жыва цікавіліся адзін у аднаго, хто ўжо набыў кнігу. І не выпадкова: не так часта выходзяць сінтэзы па гісторыі Літвы, цесна звязанай з гісторыяй Беларусі, ды яшчэ такога масцітага аўтара, як Гудавічус. Асабіста я меў да кнігі „спажывецкі” інтарэс — мяне цікавілі не канцэптуальныя падыходы аўтара, а толькі некаторыя праблемы: як узнікла буйное землеўладанне ў Вялікім Княстве Літоўскім (далей — ВКЛ); як сяляне трапілі ў асабістую залежнасць ад шляхты; як сфармаваўся погляд на ВКЛ як патрыманіяльнае ўладанне вялікага князя; як аўтар адносіцца да праблемы феадалізму на землях Літвы ў прыватнасці і ВКЛ наогул у святле апошніх даследаванняў „феадальных адносінаў” у краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, а таксама праблемы, якія так ці інакш звязаны з папярэднімі. Усё гэта тыя з’явы, якія найбольш рэльефна адрозніваюць мінулае грамадства ад сучаснага: Сярэднявечча ад Найноўшага часу. Савецкая гістарыяграфія вырашала праблему проста: усё гэта з’явы феадалізму. Натуральна, ад такога тлумачэння з’явы не станавіліся больш зразумелымі. Мой пошук аказаўся марным: адны праблемы Гудавічус праігнараваў, іншыя растлумачыў з пункту гледжання „старой і добрай” савецкай гістарыяграфіі. Але і прапанаваныя тлумачэнні танулі ў пераліку фактаў палітычнай і ваеннай гісторыі. Таму ў сваім пошуку мне давялося прачытаць усю кнігу і пазнаёміцца з канцэптуальнымі падыходамі Гудавічуса. Тады мне стала зразумела, чаму мой пошук аказаўся марным. Але ўсё па парадку. Спачатку разгледзім асобныя палажэнні аўтара, потым зробім высновы.

Зыходным пунктам развіцця феадальнага грамадства Літвы, на думку Гудавічуса, з’яўляецца ўзнікненне індывідуальнай гаспадаркі, якую аўтар па пэўных прычынах называе нарвежскім словам „одаль”. Паводле сцвярджэння Гудавічуса, у Літве ў XII ст. сфармаваўся „вялікі одаль”, а ў першай палове XIII ст. — „малы одаль” (тэрміналогія Гудавічуса) (33). Апошні, як можна зразумець па вызначэнні аўтара, ужо меў паўсюднае пашырэнне (33). «У Літве ўзнікла одальнае грамадства індывідуальных сямей і індывідуальных гаспадарак, — падсумоўвае аўтар „Гісторыі Літвы”. — Гэта было вельмі важным дасягненнем: зарадзілася тая самая грамадская мадэль, узнік той зыходны пункт, ад якога стартавала феадальнае развіццё сярэднявечнай Еўропы» (33). Тэрміны „вялікі одаль” і „малы одаль” — не што іншае, як „абмежаваны алод” і „поўны алод”, паводле тэрміналогіі савецкага медыявіста А. І. Няўсыхіна[1]. З яго прац узята і сама канцэпцыя ўзнікнення залежнага сялянства, згодна з якой апошняе з’явілася ў выніку пераўтварэння зямельнага ўладання сялян у свабодна адчужальны алод з далейшым паступовым уцягненнем буйнымі зямельнымі ўласнікамі свабодных аладзістаў у пазямельную і асабістую залежнасць. Гэтая канцэпцыя была самай папулярнай у савецкай медыявістыцы, і яна добра вядома са школьных і студэнцкіх падручнікаў, па якіх вучыўся, у тым ліку, і аўтар гэтых радкоў. Гудавічус па нейкай прычыне не развіў названай канцэпцыі, хоць логіка выкладу гэтага і патрабавала[2].

Тое, што Гудавічус называе зыходным пунктам феадалізму, прымальна далёка не для ўсіх краін нават Заходняй Еўропы. І ў гэтым выпадку атаясненне одаля з тым інстытутам, які ў ВКЛ называўся вотчынай, з’яўляецца характэрным. А. Я. Гурэвіч убачыў глыбокую роднасную сувязь паміж нарвежскім одалем, нямецкім алодам і англійскім фольклэндам. Згодна са сцвярджэннем А.Я. Гурэвіча, одаль, падобна да алода і фольклэнда, будучы спадчынным зямельным уладаннем, на працягу ўсяго Сярэднявечча не пераўтвараўся ў свабодна адчужальную ўласнасць[3], — не гаворачы пра тое, што стаўленне да зямлі як да тавару сфармавалася толькі ў перыяд капіталістычных адносінаў[4]. Аргументацыя А. Я. Гурэвіча з’яўляецца, на нашу думку, слушнай не толькі ў цэлым, але і ў асобных палажэннях. Калі ўсё ж такі не ігнараваць відавочныя і добра вядомыя факты, то літоўская „вотчына”— як і варта было б назваць тое, што Гудавічус называе літоўскім „одалем” — у святле звестак А. Я. Гурэвіча з’яўляецца аналагам нямецкага алода, англійскага фольклэнда[5] і нарвежскага одаля, вельмі блізкая ў большай ці меншай ступені да апошніх у залежнасці ад тых ці іншых этапаў іх развіцця[6]. Ігнараванне кампаратывісцкіх метадаў даследавання іншы раз не дае магчымасці выявіць шэраг аналагічных фактараў і з’яў у гісторыі, з аднаго боку, краін Заходняй, з другога, Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы, хаця яны надзвычай відавочныя. Як алод, фольклэнд i одаль, так і вотчына на пэўных этапах не магла свабодна адчужацца. Права яе адчужэння для літоўскіх баяр (якія прынялі каталіцкую веру) даў толькі земскі прывілей ад 20 лютага 1387г.[7]. Калі адчужэнне вотчыны і стала магчымым, то перадачы падлягала не больш за трэць вотчыны[8], але са згоды ўсіх „блізкіх”. Іншыя дзве часткі дазвалялася толькі аддаваць у заклад. Суродзічы мелі пераважнае права куплі і выкупу адчужаных ад роду вотчын[9], права выкупу вотчын, якія былі перададзены без іх згоды[10], выкупу закладзеных частак вотчын[11]. Акт адчужэння вотчыны не заўсёды патрабаваў афіцыйнага санкцыянавання. Вотчынны надзел можна было адчужаць нават без „объявенья” гаспадару[12]. „Вотчына, такім чынам, належыць цэламу роду і пераход яе з уладання адной асобы ва ўладанне іншай здзяйсняецца паводле строга вызначаных правілаў”[13]. Шляхецкая вотчына стала страчваць уласцівыя ёй рысы не ў першай палове XIII ст., калі, на думку Гудавічуса, як пашыраная з’ява ўзнік так званы „малы одаль”, а нашмат пазней — з 1566г., калі заканадаўчым шляхам было адменена палажэнне, згодна з якім дазвалялася адчужаць не больш за трэць вотчыны.

Неабгунтавана прыпісваючы вотчыне („літоўскаму одалю”) рысы свабодна адчужальнага ўладання, Гудавічус праігнараваў той від землеўладання, для якога гэтыя рысы былі сапраўды характэрныя. Гэта вялікакняская „выслуга”-дараванне „навечность”, якая, аднак, пачала фармавацца на шмат пазней. Трэба сказаць, што „вотчынны” погляд на ўладанне доўгі час быў настолькі моцным, што атрымальнікі выслугі (дакладней, іх спадкаемцы) пашыралі на гэтую выслугу ўяўленне пра яе як вотчыну. Вялікакняскія выслугі таксама даваліся „ў вотчыну”. І толькі пры вялікіх князях Казіміры і Аляксандры дараванні перасталі атаесамляцца з родавым відам уладання і ператварыліся ў маёмасць, якую можна было адчужаць без абмежаванняў з боку роду. 3 часоў Аляксандра Казіміравіча зямельныя раздачы „ў вотчыну” амаль спыняюцца[14].

Вотчына і выслуга — два супрацьлеглыя полюсы ў сферы землеўладання. Вотчына належала роду, яна — здабытак роду ў непасрэдным сэнсе гэтага слова[15]; гэта родавае ўладанне, якое дасталася ў спадчыну. Вотчына магла проціпастаўляцца „власности”, г. зн. таму, што „выпрацовано роботою” ды купляй, і наогул усялякаму „набытью”[16]. Стваральнік выслуг — вялікі князь. Выслуга давалася за службу вялікаму князю. Яна даравалася асобнаму прадстаўніку роду, таму належала толькі атрымальніку; выслугі „на вечность” пераходзілі ў спадчыну нашчадкам атрымальніка[17]. Даравальныя лісты спецыяльна абумоўлівалі, каму робіцца дараванне: „ему (г. зн. атрымальніку. — А. Г.) и его жоне, и их детемъ, и напотомъ будучымъ их щадкомъ”, або яшчэ „и его ближнимъ”[18], прычым дараванні на карысць, у тым ліку „и ближнимъ”, з самага пачатку не пераважалі, а паступова наогул амаль зніклі. Пры адчужэнні выслугі не існавала абмежаванняў з боку роду, але акт адчужэння патрабаваў дазволу вялікага князя[19].

Яшчэ раз падкрэслім, у адчужэнні выслугі, у адрозненне ад вотчыны, не існавала абмежаванняў з боку роду, што і садзейнічала яе мабілізацыі і размеркаванню. Значыць, не індывідуальная ўласнасць была стваральнікам вялікакняскай улады, а наадварот, вялікі князь з’яўляўся стваральнікам гэтай уласнасці. Калі прасачыць гісторыю буйных прыватных уладанняў у ВКЛ, то выяўляецца, што асноўным шляхам іх набыцця былі вялікакняскія „выслугі” — дараванні.

Такім чынам, няма падстаў сцвярджаць, што прапанаваная спачатку савецкай гістарыяграфіяй, а потым і Гудавічусам „грамадская мадэль” сапраўды адлюстроўвае шляхі развіцця літоўскага грамадства. У сувязі з гэтым трэба адзначыць наступнае. У аснову канцэпцыі, якую распрацоўваў у свой час А. І. Няўсыхін, лягло функцыянаванне інстытута „вернуты прэкарый”. У аснове гэтага інстытута — адчужэнне права ўласнасці на зямлю дробным землеўладальнікам на карысць буйных, у выніку чаго дробны землеўладальнік пераўтвараўся ў трымальніка зямлі. Гэты інстытут знайшоў пашырэнне ў франкаў, аднак, напрыклад, ні ў Англіі (у саксонскі перыяд), ні ў Скандынавіі (радзіме одаля) ён не быў вядомы. У святле прыведзеных фактаў такія з’явы, як „одаль”, з аднаго боку, „вернуты прэкарый” і распрацаваная на падставе гэтага інстытута канцэпцыя аб адчужэнні зямельнай уласнасці, з другога, не могуць суадносіцца адна з другой.

Праблема індывідуальнай уласнасці звязана з праблемай „феадалізму” і „феадальных адносінаў”. Гэтыя паняцці, з аднаго боку, па прычыне „сацыяльнага заказу”, з другога — з-за нежадання даследчыкаў вызначыць канкрэтныя віды і нормы розных сістэм міжасабовых і калектыўных сувязяў і каштоўнасцяў, настолькі відазмяніліся, што сталі ўжывацца ў адносінах да самых розных тыпаў і відаў адносінаў. У гэтым сэнсе ўяўленне пра „феадальныя адносіны” Гудавічуса не з’яўляецца выключэннем. „Князь і яго адміністрацыя сталі патрабаваць выканання павіннасцяў кожнай асобнай гаспадаркай, а не абшчынай. Не пазней пачатку XIV ст. падворны збор <…> змяніўся дзесяцінай, якая спаганялася з гаспадаркі, апалюддзе <…> і складчына-мезлева <…> засталіся толькі спосабам утрымання саміх зборшчыкаў даніны <…>. Тым самым даніна страціла большую частку прыкмет кантрыбуцыі і пераўтварылася ў зямельную рэнту. Паколькі рэнта напрамую звязвае данніка з панам, складваецца не якая-небудзь іншая, але феадальная залежнасць: над індывідуальнай рэальнай уласнасцю землеўладальніка ўзнікае намінальная ўласнасць правіцеля на гэтую ж зямлю. Падобнае становішча раскалола зямельную ўласнасць і прадаставіла правіцелю перспектыву рэальнага валодання зямлёй, г. зн. умацавання залежнасці падданага” (86). Але падобныя спосабы і формы грамадскіх сувязяў з такім жа поспехам могуць быць накладзены на самыя розныя тыпы адносінаў. Я палічыў бы прапанаваны погляд на „феадалізм” і „феадальныя адносіны” асабістым укладам Гудавічуса ў распрацоўку праблемы, калі б не згадкі пра „цэнтралізаваную феадальную рэнту”, якой „карміліся” дружыннікі князя (с. 86 і інш.). Дзякуючы гэтым згадкам можна здагадацца, пра што ідзе гаворка: сфармаваную ў савецкай гістарыяграфіі канцэпцыю пра „дзяржаўна-данніцкую эксплуатацыю як рэалізацыю ўласнасці на зямлю”[20], „дзяржаўную” форму феадалізму — не толькі бесцялесную, але ў значнай ступені бясплённую абстракцыю.

Праблема феадалізму і феадальных адносінаў у гістарыяграфіі надзвычай заблытана. Але калі ўсё ж паспрабаваць высветліць гісторыю катэгорыі і тэрміна „феод”, пачынаючы ад першапачатковага значэння да таго, якое сфармавалася ў паўднёвай Францыі[21], то можна пераканацца, што паміж „феодам” паўднёвай Францыі і выслугай ВКЛ шмат чаго агульнага. Найбольш старажытныя формы слова „феод” у германскіх мовах абазначалі багацце, скарб, грошы, рухомую маёмасць, жывёлу (IV-VIIІ ст.). Каля 1000 г. „феод” пачаў усё часцей адносіцца да зямельнага даравання (хоць і ў далейшым слова выкарыстоўваецца для абазначэння грашовага ці іншага ўтрымання). У гэты час феоды — гэта від маёмасці ва ўладанні тых, каго называюць personae publicae — „публічных”, звязаных з дзяржаўнай уладай асоб. На працягу XIII ст. зацвярджаецца ўяўленне, згодна з якім валоданне феодам падразумявае і стварае знатнасць па крыві. Усялякае адчужэнне феода санкцыянавалася зверху. Уладальнікі феода павінны былі „рабіць” ці „служыць” свой феод; у адваротным выпадку ён мог быць канфіскаваны. З пэўнага часу сацыяльная структура пачала трымацца на сістэме пазямельных адносінаў, якая, у сваю чаргу, стала служыць асновай для новай палітычнай фармацыі[22]. Не выклікае сумнення, што першапачатковая „выслуга” мела формы грашовых, рэчавых і прадуктовых „отправ”, пісьмовыя звесткі пра якія ў кнігах Метрыкі ВКЛ вядомы з другой паловы XV ст. Аднак менавіта з гэтага часу галоўнай формай выслугі становіцца зямельнае дараванне, якое адчужаецца толькі з дазволу манарха. Абавязак амажу, які прадугледжваў пэўныя дамоўленасці, можна ў пэўнай ступені параўнаць са зместам некаторых формул дыспазіцыйнай часткі даравальных актаў, якія выдаваліся атрымальніку выслугі[23].

Калі бачыць у „феодзе” і „выслузе” ў пэўнай ступені аналагічныя з’явы, то пачатак феадалізму ў Літве трэба адносіць не да сярэдзіны XIII ст., а да апошняй трэці XIV ст. Уяўленне пра феадалізм больш суадносіцца з буйным землеўладаннем. Менавіта буйное землеўладанне было для савецкай гістарыяграфіі, метадалагічныя прынцыпы якой актыўна выкарыстоўвае Гудавічус, з пэўнага перыяду адным з крытэраў феадалізму ў Заходнй Еўропе і ў Кіеўскай Русі[24]. Адмоўныя вынікі пошуку адзначанага тыпу землеўладання ў Старажытнарускай дзяржаве на ранніх этапах яе развіцця вымусілі савецкіх даследчыкаў перайсці да распрацоўкі іншай канцэпцыі: пра існаванне на землях Русі „дзяржаўных” формаў феадалізацыі, „пры якіх большасць земляробчага насельніцтва эксплуатуецца не асобнымі зямельнымі ўласнікамі, а раннефеадальнай дзяржавай шляхам спагнання падаткаў і данін”. Адпаведна, асноўным зместам працэсу генезісу феадальных адносінаў прызнавалася фармаванне „дзяржаўнай” формы феадалізму[25]. Гэтая канцэпцыя стала дамінавальнай у савецкай гістарыяграфіі. Што яна адпавядала „сацыяльнай замове”, зыходнай ідэяй якой было імкненне так ці інакш ураўняць узровень развіцця Ўсходняй i Заходняй Еўропы, не выклікае сумнення[26]. У далейшым погляд пра існаванне дзяржаўна-карпаратыўных формаў эксплуатацыі ў пачатковы перыяд існавання раннесярэднявечных дзяржаў быў перанесены і на заходнія рэгіёны Еўропы[27]. Калі Гудавічус знаёмы з творчай лабараторыяй савецкай гістарыяграфіі па праблемах феадалізму, то ўзнікае падазрэнне, ці не з’яўляецца яго ўяўленне пра час, формы i змест „феадальных адносінаў” у Літве той жа „сацыяльнай замовай”?

Як гаварылася вышэй, феадалізм больш суадносіцца з буйным землеўладаннем. Аднак раскрыць гэтую з’яву можна і не ўкладваючы яе ў паняцце „феадалізм”. Рэальны змест праблемы пра буйное землеўладанне мае куды большае значэнне, чым праблема „літоўскага феадалізму”. Гэта — цэнтральная праблема ў даследаванні комплексу задач, якія звязаны з рэструктуралізацыяй адносінаў улады і ўласнасці. Адразу зраблю агаворку: калі я гавару пра буйное землеўладанне, то маю на ўвазе не факт валодання асобнымі баярамі некалькімі сёламі, заселенымі чэляддзю, а становішча, якое адлюстроўвае, напрыклад, „Перапіс войска ВКЛ 1528 г.”: калі асобнай праслойцы землеўладальнікаў належалі дзясяткі, сотні і нават тысячы сялянскіх сямей. Пры ўсім сваім значэнні адзначаная праблема не атрымала належнай увагі даследчыкаў. Гудавічус, па ўсім відаць, таксама не лічыць гэтую праблему вартай увагі. Як ужо адзначалася, галоўная крыніца буйнога землеўладання — гэта гаспадарскія выслугі-дараванні, пра якія аўтар „Гісторыі Літвы” піша як бы між іншым, ужываючы пры гэтым вызначэнні, з якіх не адразу можна зразумець, пра што ідзе гаворка. Выслугі-дараванні Гудавічус, як правіла, называе „перасаступкай сялянскіх павіннасцяў асобным дваранам” (352), „перадачай дваранам збору сялянскіх павіннасцяў і ўзнікненне велдамных” (355), „адмаўленнем кожнага вялікага князя на карысць дваран ад выканання велдамнымі палюддзя, дадзенага яго папярэднікамі” (356). Між тым, гаспадарскія выслугі-дараванні на землі і сялян — гэта перадача далёка не толькі і не столькі павіннасцяў, а тэрытарыяльна абмежаванага суверэнітэта (улады) над падданымі i звязаных з ім розных правоў, прасцей кажучы, перадача мест, мястэчак, сёл і г. д., уключаючы як саміх мяшчан і сялян і ўгоддзі, якімі яны валодалі, так і самі даходы (былыя гаспадарскія) з гэтых уладанняў. Пры гэтым суверэнітэт мог адчужацца амаль у такім аб’ёме, якім валодаў сам вялікі князь. Паколькі адчужаўся менавіта суверэнітэт, то становіцца зразумелым, чаму разгляд цяжбаў, звязаных з гаспадарскімі дараваннямі, заўсёды з’яўляўся прэрагатывай вялікага князя. Даследаванне гэтага суверэнітэта, зыходным пунктам якога з’яўляюцца, у прыватнасці, гаспадарскія дараванні, а адной з крыніц — даравальныя акты вялікіх князёў, магло б паслужыць жывой крыніцай у вывучэнні развіцця ўлады манарха.

На думку Гудавічуса, гаспадарчы кантроль адміністрацыі як вынік рэалізацыі права вышэйшай уласнасці манарха „звязваў фактычнага ўладальніка гаспадаркі з прызначанымі яму павіннасцямі, г. зн. ён усё больш прыкоўваўся да канкрэтнай гаспадаркі. Гэта было не што іншае, як пачатак асабістай, г. зн. прыгоннай, залежнасці (вылучана намі. — А. Г.). Распараджацца ўласнай асобай селянін мог толькі адмовіўшыся ад гаспадаркі. У такім выпадку ён пазбаўляўся асабістага прыцяснення, але разам з тым страчваў сродкі на існаванне і аказваўся за межамі феадальнага грамадства. Да сярэдзіны XVI ст. гэтае адмаўленне селяніна як носьбіта асабістых маёмасных правоў не было ўсеагульным: немалая частка сялянства захоўвала так званае права выхаду, г. зн. магла пакінуць гаспадарку, забраўшы з сабой рухомую маёмасць. Аднак гэтая асабістая свабода стала [так у арыгінале] ужо адлучана ад права селяніна на одальную ўласнасць. Як гэтае адлучэнне, так і страта права выхаду (а гэта ўжо адбывалася) прывязвала селяніна асабістай залежнасцю да гаспадаркі, г. зн. да пана. Селянін быў прымацаваны да зямлі, што з’яўлялася галоўнай умовай узнікнення прыгоннай залежнасці” (351).

У гэтым поглядзе на ўзнікненне прыгоннага права шмат чаго незразумелага. Грамадскія павіннасці існавалі яшчэ да ўзнікнення дзяржавы. Шэраг дзяржаўных павіннасцяў бярэ свой пачатак з племянных павіннасцяў, некаторыя з якіх (як, напрыклад, ваенная) паслужылі ў перыяд дзяржаўнасці магутным фактарам сацыяльнай дыферэнцыяцыі. Для таго, каб даць ацэнку ступені залежнасці „чалавека”-селяніна ў раннесярэднявечнай дзяржаве, неабходна параўнаць яе са свабодай чалавека ў родаплемянным грамадстве. Якія б фактары і прычыны не абумоўлівалі стабільнасць вялікай сям’і, ступень узаемнай залежнасці яе членаў адзін ад другога суадносілася з залежнасцю гэтай сям’і ад зямлі як галоўнага сродку існавання. Гэтае палажэнне ў аднолькавай меры пашыралася і на непасрэдны зямельны надзел, які апрацоўвала гэтая сям’я. Іншымі словамі, сукупнасць розных сілаў у такой жа ступені вымушала грамадства захоўваць вялікасямейныя групы, у якой апошнія прымацоўваліся да зямлі і свайго непасрэднага надзелу. Гэта была не толькі максімальная, але і безумоўная залежнасць чалавека ад чалавека і чалавека ад зямлі. Чалавек не мог пакінуць сваіх суродзічаў, паколькі ў гэтым выпадку пазбаўляўся памочнікаў; разам з тым ён не мог пакінуць і зямлю, бо яна з’яўлялася галоўным сродкам яго існавання. Калі грамадства не было дыферэнцыявана ў залежнасці ад выканання тых ці іншых грамадскіх функцый (абавязкаў, павіннасцяў)[28], г. зн. калі адсутнічалі розныя ступені залежнасці ад зямлі як традыцыйнага сродку існавання і адпаведна ўмоў для сацыяльнай мабільнасці, то ні ў складзе „роднай” сям’і, ні чужой у межах адной вялікай (племянной) супольнасці ён быў не здольны змяніць свайго становішча. Нават калі і быў магчымы пераход чалавека з адной вялікай сям’і ў іншую (напрыклад, „за сына мест”), яго адносіны, з аднаго боку, да новага калектыву, з другога — да зямлі не мяняліся. Гэта адна з прычын таго, што ў родаплемянным грамадстве чалавек, дакладней — група сваякоў і іх зямельнае ўладанне (вотчына) знаходзіліся ў цяснейшай непарыўнай i арганічнай сувязі[29], чалавек і зямля ўяўляліся як інтэгральныя часткі аднаго цэлага; наогул, чалавек не ўяўляўся без зямлі (вотчыны).

Такім чынам, залежнасць чалавека ад чалавека і чалавека ад зямлі з’явіліся нашмат раней, чым узнікла дзяржава, прычым спачатку гэтая залежнасць была куды больш значнай, чым у дзяржаўны перыяд развіцця грамадства. Несумненна, формы залежнасці ў родаплемянным грамадстве і дзяржаве былі рознымі, але сутнасць гэтых формаў — адна і тая ж.

Цяпер разгледзім становішча „чалавека”-селяніна, які жыў у дзяржаве, прычым у станавай дзяржаве. Ён мог пакінуць сваю вотчыну, перайсці ў горад і там заняцца рамяством і гандлем. Авалоданне іншымі сродкамі вытворчасці аслабляла залежнасць чалавека ад зямлі. Адна з сацыяльных крыніц літоўскай шляхты — тыя ж сяляне. Значыць, у дзяржаўны перыяд развіцця грамадства ўзніклі ўмовы для сацыяльнай мабільнасці, і якой бы абцяжаранай гэтая мабільнасць не была, яна ўсё ж такі існавала і дазваляла змяняць адносіны да зямлі, аслабляючы непасрэдную залежнасць ад яе чалавека. Такім чынам, у параўнанні з родаплемяннымі парадкамі раннесярэднявечная дзяржава — гэта прагрэс з пункту гледжання развіцця свабоды чалавека ў адносінах як да суродзічаў, так і да зямлі. Пра гэта можна здагадвацца нават тэарэтычна, калі лічыць, што такая форма грамадскага жыцця, як дзяржава, хоць у якой-небудзь ступені з’яўляецца прагрэсіўнай. А цяпер параўнаем адносіны да зямлі селяніна і шляхціча. Шляхціч, як і селянін, таксама валодаў зямлёй роўна столькі, колькі служыў свайму пану, напрыклад, вялікаму князю. Апошні, калі дараваў зямлю шляхцічу, у сваіх даравальных лістах ніколі не агаворваў, што з гэтай зямлі атрымальнік i яго нашчадкі маюць права служыць, каму яны пажадаюць: яны абавязаны былі служыць толькі вялікаму князю. Абавязак службы гаспадару пашыраўся не толькі на выслугі і іншым спосабам набытыя ўладанні, але і на вотчыны. Толькі панскія дараванні шляхце змяшчалі агаворку, што атрымальнік можа служыць з дараванай зямлі на выбар: таму ці іншаму пану (які дараваў зямлю) і яго нашчадкам ці іншаму пану і яго нашчадкам або вялікаму князю, і то пасля смерці пана. Розніца ў правах шляхціча і селяніна заключалася ў тым, што першы мог пакінуць свайго пана практычна ў любы час, другі — пры ўмове, што „не заседзеў” тэрмін. Аднак абодва пакідалі свайго пана без зямлі. Значыць, не ў страце зямлі выяўлялася асабістая залежнасць селяніна, дакладней, не страта зямлі служыла прыкметай асаблівага становішча селяніна. Такой прыкметай з’яўлялася абмежаванасць тэрміну выхаду з зямлі аднаго ўладальніка на зямлю іншага.

У сувязі з поглядам Гудавічуса на „дзяржаўную” форму феадалізму як „дзяржаўна-данніцкую форму рэалізацыі ўласнасці на зямлю”[30] ўзнікае пытанне: як праяўлялася гэтая „рэалізацыя ўласнасці” ў літоўскіх „феадалаў”? Адна з найбольш прыкметных формаў гэтай рэалізацыі — дараванні вялікага князя. На першы погляд, сам факт гэтых дараванняў даволі просты. Той ці іншы шляхціч (пан, князь) б’е чалом вялікаму князю і просіць даць яму зямлю (пустую ці з сялянамі і г. д.), а вялікі князь задавальняе гэтае чалабіцце. Дараванні можна назваць характэрнай з’явай феадалізму, аднак гэта мала тлумачыць яе сутнасць. Між тым, як я паспрабую паказаць ніжэй, названая з’ява адлюстроўвае магутныя змены ўнутры грамадства. Але як бы там ні было, вялікакняскія дараванні з’явіліся пазней. А што было да гэтага часу? Гудавічус мае рацыю, калі сцвярджае, што першыя літоўскія князі і дружыны жылі за кошт рабунку суседніх народаў і палонных (73, 77 і інш.). Шкада, што аўтар „Гісторыі Літвы” не развіў гэтае палажэнне ў належнай меры. Менавіта палонныя, якія пераўтвараліся ў нявольную чэлядзь, трэба думаць, з’яўляліся бадай што самай галоўнай здабычай (разам са свойскай жывёлай). Звесткамі пра палонных насычаны ўсе крыніцы, якія гавораць пра літоўскія паходы. Частка палонных прызначалася для продажу на знешніх і ўнутраных рынках, частка заставалася ў непасрэдных захопнікаў. У двух апошніх выпадках палонныя пераўтвараліся ў рабочую сілу на землях іх новых гаспадароў. Зямля без рабочай сілы не мела значэння для „феадала” любога часу. У меншай ступені верыцца, што для гэтых палонных быў падрыхтаваны лёс побытавых слуг: занадта ўжо несувымяральнымі з’яўляліся б іх прызначэнне і цана здабычы. Тады навошта „літоўскім феадалам” трэба было няволіць сваіх „суайчыннікаў”, калі рабочую сілу яны маглі прывесці з паходаў? Пытанне можна паставіць і іншым чынам: калі б існавала маса „сваіх прыгонных”, тады які сэнс рызыкаваць жыццём у далёкіх і небяспечных паходах за чэляддзю? Звесткі пра рабаўнічыя паходы Літвы знікаюць тады, калі спачатку ў адзінкавых выпадках, а потым у масавай колькасці літоўскае баярства пачынае атрымліваць дараванні на землі і сялян. Сувязь паміж гэтымі фактамі відавочная. З часоў велікакняскіх дараванняў чэлядзь замянілі сяляне. Па гэтай прычыне, не адмаўляючы існавання нейкай „формы рэалізацыі ўласнасці”, можна папярэдне прызнаць, што гэтая ўласнасць пашыралася на чэлядзь і на зямлю, на якой яна працавала, г. зн. на вотчынныя ўладанні саміх рабаўнікоў. Іншымі словамі, у дадзеным выпадку можна сцвярджаць адно пра „форму рэалізацыі ўласнасці толькі на ўласную зямлю” (тэрмін „уласнасць” выкарыстаны мной ва ўмоўным значэнні).

Але, з пункту гледжання развіцця ўлады вялікага князя, самае галоўнае не гэта. З рабунку і даравання як двух спосабаў узбагачэння другі быў, безумоўна, больш зручным як для таго, хто дараваў, так і для таго, хто атрымліваў дараванне. Тады незразумела, чаму гэты спосаб не стаў рэалізоўвацца ні ў XIII, ні ў першых дзвюх трэцях XIV ст. Адказ просты: асоба кожнага селяніна — кожнага гаспадара і яго сям’і — іх зямля мела тую каштоўнасць і значэнне, што гэты селянін не толькі аддаваў свой „дадатковы прадукт” князям у выглядзе падарункаў і данін, але выконваў ваенную і іншыя павіннасці, якія маюць племянное паходжанне (рэлікты ўсеагульнай ваеннай павіннасці ў выглядзе пагоні існавалі яшчэ ў апошняй трэці XIV ст.). Што названая павіннасць існавала, не адмаўляе ва ўскоснай форме і Гудавічус, калі піша пра ўзброеныя „канфедэрацыі” жамойцкіх зямель, якія ў XIII ст. налічвалі па 3000-4000 чалавек (61, 62). І гэта пры тым, што праз больш чым 250 гадоў, згодна з „Перапісам войска 1528г.”, колькасць жамойцкіх ваеннаабавязаных нават пры завышаных падліках складала не больш за 2500 шляхты. З пункту гледжання „дзяржаўнай” формы феадалізму, ці не гэтых „узброеных сялян” Гудавічус лічыць феадаламі? Менавіта гэтых „феадалаў” (паводле вызначэння Гудавічуса — „ваенных каланістаў”) з Прусіі рассяляў на тэрыторыі сваёй дзяржавы Трайдзень. Вядома, як склаўся лёс гэтых „феадалаў-каланістаў”. У далейшым вялікі князь адорваў імі шляхту. Тое ж самае адносіцца і да літоўцаў, якія жылі ў раёне Абольцаў (цяпер — Талачынскі раён Віцебскай вобласці). Не пазбавіліся такога лёсу і літоўцы Віленскага і Троцкага ваяводстваў. Усе яны — нашчадкі тых, хто складаў ваенную апору стваральнікаў літоўскай дзяржавы. У гэтым плане не дзіўна, што тэрытарыяльна маленькая літоўская дзяржава XIII ст. атрымала больш перамог, чым вялікая станавая манархія першай паловы XVI ст. Пераможнай зброяй першых літоўскіх князёў былі ў значнай ступені ўзброеныя супляменнікі, а не малалікія, хоць i „прафесійныя”, дружыннікі. У дадзеным выпадку Літва не была выключэннем сярод маладых народаў.

Гудавічус вельмі рана скідвае з рахунку існаванне ў XIII ст. архаічных інстытутаў грамадства — вотчыны і выканання ваеннай павіннасці ўсімі дарослымі мужчынамі, якія могуць насіць зброю. Менавіта функцыянаванне гэтых інстытутаў паслужыла ўмовай узнікнення дараванняў зямель з сялянамі. Натуральна, узброены чалавек, а тым больш маса ўзброеных людзей — гэта істотная сіла, з якой неабходна было лічыцца. Але не гэта стрымлівала імкненне вярхоўнай улады каму-небудзь падараваць гэтых ваяроў, тым больш, што такімі ваярамі яны заставаліся да пэўнага часу. „….. Свабода члена варварскага грамадства заключалася ў яго паўнапраўі, а зместам апошняга была сукупнасць правоў-абавязкаў, якія складалі ў той перыяд непарыўнае адзінства. Валоданне паўнатою правоў свабоднага чалавека, члена племені, абшчыннага калектыву (права наследавання і валодання маёмасцю, карыстанне ўгоддзямі; права ўдзелу ў народных сходках, судовых сходах, рэлігійных святах і іншых агульных справах; права нашэння зброі, права на атрыманне дапамогі і абароны з боку суродзічаў і г. д.) азначала выкананне ім адпаведных абавязкаў у адносінах да сваёй групы ў цэлым (сям’і, суродзічаў, абшчыны, племені), да асоб, якія яе ўзначальвалі (бацькі, старэйшын, правадыроў), да асобных яе членаў (падапечных, асобаў, якія адчувалі патрэбу ў падтрымцы)”[31]. Такім чынам, паўната правоў на валоданне вотчынай як у родаплемянным грамадстве, так і раннедзяржаўным, вызначалася ўяўленнем пра свабоду чалавека і выкананне ім грамадскіх абавязкаў, у тым ліку, ваеннай павіннасці. І наадварот, выкананне грамадскіх абавязкаў, у тым ліку ваеннай павіннасці, „давала падставы” для паўнаты правоў на валоданне вотчынай. Карацей кажучы, паняцці „валоданне вотчынай”, „свабода”, „выкананне грамадскіх абавязкаў” былі самым цесным чынам узаемаабумоўлены. Логіка адзначанай узаемаабумоўленасці праяўлялася наступным чынам. Чалавек рэалізуе сваё права на вотчыну ў той ступені, у якой ён выконвае грамадскія абавязкі. Адпаведна, ступень паўнапраўя, а значыць, права на вотчыну пачынае хістацца ці наогул ліквідуецца, калі гэтыя абавязкі выконваюцца не ў поўнай меры ці наогул не выконваюцца. Пры тым, што ваенная служба заўжды была самай цяжкой і выконвалася за свой кошт, пастаянныя войны як унутры краіны, так і са знешнім ворагам, тэрытарыяльны рост дзяржавы (які павялічваў адлегласць для перамяшчэння ўнутры дзяржавы) і іншыя прычыны, зніжалі магчымасць выканання ваеннай павіннасці ўсімі членамі грамадства ў роўнай ступені. Мімаволі „вызваленыя” ад гэтай службы, яны пераўтвараліся ў свайго роду „недастаткова раўнапраўных”, як бы „паўсвабодных” членаў грамадства, а вотчына, якая належала гэтым членам грамадства, хоць і знаходзілася ў іх фактычным уладанні, аказвалася ў „падвешаным стане”. Значыць, менавіта няздольнасць выканання галоўнай грамадскай павіннасці падрывала сацыяльны статус і становішча былога свабоднага члена грамадства, а разам з гэтым і статус яго вотчыны. Па меры таго, як прымаліся натуральныя намаганні ўзмацніць баяздольнасць ваеннаабавязаных, складвалася сітуацыя, калі вотчына „недастаткова раўнапраўных” і „паўсвабодных” членаў грамадства і яны самі ператвараліся ў „патэнцыяльна належных” і „падданых” тым, хто па-ранейшаму выконваў ваенную службу — цяпер ужо не толькі за сябе, але і за астатніх: землі такіх людзей і іх саміх можна было дараваць ваеннаабавязаным. Так у далейшым і атрымалася, калі гаспадар пачаў раздаваць землі з сялянамі баярам-шляхце[32]. Такім чынам, масавая няздольнасць сялян выконваць ваенную павіннасць, зніжэнне статуса гэтых сялян і ix вотчын, пераўтварэнне згаданых сялян у „недастаткова раўнапраўных” і „паўсвабодных”, а потым разам з іх вотчынамі ў „патэнцыяльна залежных” і „падданых” і з’яўляецца тым, што я вышэй назваў магутнымі зменамі ўнутры грамадства. У святле гэтых фактаў „узброены селянін” — гэта свабодны член грамадства, вотчына — уласнасць яго і яго роду. Вялікі князь не вікінг і не ваенны манарх, а палітычны лідэр. Ніякай „намінальнай уласнасці правіцеля” на індывідуальную ўласнасць землеўладальніка (86) не існавала i не магло існаваць.

Палітычнае лідэрства пры Гедыміне і Альгердзе пачало трансфармавацца і набыло іншы змест: Альгерд фактычна вырас у „господаря”. Але сапраўднымі „господарями” сталі толькі яго наступнікі: Ягайла і Вітаўт, што, у прыватнасці, i адлюстраваў іх тытул. Апошні з’яўляўся не проста маніфестацыяй уладных дамаганняў. У дадзеным выпадку неабходна зноў звярнуцца да вотчыны, ад якой Гудавічус імкнецца адмежавацца ўсімі магчымымі сродкамі. Уяўленне пра ўладанне як вотчыну было жывучым у свядомасці не толькі сялян і баяр, але і манархаў. Больш за тое, для гаспадара ВКЛ — гэта яго „вотчына” і „паньство”, у якім ён „пануе”[33]. Сяляне, мяшчане, баяры і службовыя асобы ВКЛ — гэта мяшчане, баяры і службовыя асобы гаспадара. Такі погляд на ВКЛ не адмаўляе і самае блізкае кола памочнікаў вялікага князя — паны-рада. Ён выяўляецца ледзь не ў кожным выказванні і дзеянні вялікага князя. Вялікі князь не проста раздае маёнткі, пасады, розныя льготы і іншае — ён іх „жалует” і „дарует” і робіць гэта з „ласки” ці „особливой ласки”. Да яго не проста звяртаюцца, а „бьють челом”. Вялікі князь клапоціцца пра сваіх слуг і падданых. Так, ён „мыслит” пра „отъчызну свою” — Вялікае Княства і „подданыхъ своихъ, добре а пожыточне хотечы панство а отъчызну свою” і „подданыхъ своихъ, отъ непрыятелей своихъ <…> во въ покою и въ обороне заховать и зоставить”[34], і „то все, што его к [о]ролевъская милость” аб падданых „радить рачылъ, то естъ съ почътивымъ, добрымъ и пожыточнымъ того панства” і падданых яго міласці[35]. Вышэй адзначалася, што даследаванне суверэнітэта, які вялікі князь раздаваў шляхце ў выглядзе выслуг-дараванняў, можа паслужыць жывой крыніцай вывучэння развіцця ўлады манарха. У сувязі з гэтым яшчэ раз падкрэслю: паняцці „валоданне вотчынай”, „свабода”, „выкананне грамадскіх абавязкаў” былі самым цесным чынам узаемаабумоўлены. Гэтая ўзаемаабумоўленасць праяўлялася, у прыватнасці, у тым, што ступень выканання ваеннай службы так ці інакш абумоўлівала паўнату правоў на вотчыну. Адсюль вынікае, што адносіны любога военачальніка, у тым ліку вялікага князя, і ваяра з самага пачатку фармаваліся не проста як службовыя, але і як „пазямельныя”. Калі асноўная маса свабодных у той ці іншай меры выконвала ваенную службу, іх правы на вотчыну не толькі былі трывалымі, але ва ўмовах пастаянных войнаў яшчэ больш умацоўваліся. І наадварот, калі маса свабодных станавілася няздольнай ажыццяўляць ваенную павіннасць і пераўтваралася непасрэдна ў сялян, апошнія страчвалі паўнату правоў на свае вотчыны, якія па меры ўмацавання баяздольнасці ваеннаабавязаных военачальнік у асобе вялікага князя разам з самімі сялянамі пачаў раздаваць ваеннаабавязаным: спачатку часова, потым „на вечнасць”. Дараванні вялікім князем сялян з іх землямі — найбольш выразная форма праяўлення новай улады.

Тыя ж самыя прычыны, г. зн. няздольнасць ажыццяўляць ваенную павіннасць, і тыя ж самыя вынікі, г. зн. страта паўнаты правоў уладальніка на вотчыну, зніжэнне яе становішча і статуса, прыводзілі да зменаў у падатковай сферы. Часовыя плацяжы і павіннасці, якія ішлі з вотчын і іх уладальнікаў, пераўтвараліся ў рэгулярныя; да новых плацяжоў і павіннасцяў дадаваліся новыя. Да вельмі важных высноў у вывучэнні шляхецкай вотчыны прыйшоў М. В. Доўнар-Запольскі. З вотчын, як і выслуг, выконвалася ваенная служба. Але ў адрозненне ад выслуг аб’ём службы з вотчын з’яўляўся традыцыйным[36]. Вотчына была вызвалена ад „дзяржаўных” павіннасцяў (напрыклад, замкавай, дарожнай, старажавой) і некаторых плацяжоў[37] (яны разглядаліся як „няволя”[38]). Наадварот, тыя вотчыны і іх уладальнікі, з якіх вялікі князь адчужаў свой суверэнітэт, даруючы іх баярам-шляхце, г. зн. сялянскія вотчыны, былі абкладзены самымі рознымі плацяжамі і павіннасцямі (і гэта зразумела, з іх не выконвалася ваенная павіннасць). Вытокі шляхецкай і сялянскай вотчын — у родаплемянным грамадстве. Калісьці іх становішча і статус былі аднолькавымі, дакладней, паміж імі не было сацыяльнай дыферэнцыяцыі. Змены ў грамадстве, пра якія гаварылася вышэй, размежавалі іх. Але яны закранулі толькі сялянскую вотчыну; паміж родаплемянной і шляхецкай вотчынай захавалася прамая генетычная сувязь.

Нераўнапраўнасць становішча сялянскіх вотчын і іх уладальнікаў не была абсалютнай. Таму цесная, арганічная і непарушная сувязь вотчынніка з яго ўладаннем не знікла канчаткова: вотчына суадносілася з яго ўладальнікам. Адзначаная сувязь праяўлялася, у прыватнасці, у тым, што на вотчыну пераходзілі якасці і статус яе ўладальніка: селянін, які сяліўся на новай зямлі, павінен быў выплачваць тыя плацяжы і выконваць тыя павіннасці, якія ішлі з яе пры ранейшым уладальніку і г. д. У дадзеным выпадку для нас важна іншае. З пункту гледжання адзначанай сувязі паміж вотчынай і яе ўладальнікам, з’яўленне рэгулярнага абкладання і павелічэнне гэтага абкладання фактычна разглядалася як адняцце вотчыны, пераўтварэнне яе ў вотчыну вялікага князя. Правы вялікага князя пашыраліся не толькі на заселеныя, але і пустыя вотчыны. Так праходзіў працэс фармавання суверэнітэтувялікага князя, якім ён пачынаў карыстацца, адчужаючы яго панам і шляхце. Так складваліся адносіны паміж вялікім князем і сялянамі, якія можна ахарактарызаваць як адносіны паміж „господарём” і падданымі[39]. У якой ступені паны і шляхта залежалі ад вялікакняскіх дараванняў, у такой ступені вялікі князь з’яўляўся для іх „господарём”.

Такім чынам, рэалізуючы правы вотчыны і рэгулярнае абкладанне няздольных выконваць ваенную службу сялян, вялікі князь абапіраўся на вотчынныя прынцыпы. „Господарь”-„отчич” завяршае піраміду вотчыннай сістэмы ўладання, вытокі якой трэба шукаць у родаплемянным грамадстве. У фармаванні ўлады „господаря” яшчэ шмат чаго нявысветленага, але адназначна адно: гэта не „прымітыўная ідэнтыфікацыя дзяржаўнага суверэнітэту” князя з яго правам прыватнай уласнасці. І тым больш нельга разглядаць гэтую з’яву ў схематычнай трактоўцы, якую прапануе Гудавічус: „…феадальнае права не ведала падзелу манаршай уласнасці на асабістую і грамадскую” (204). Тое, што вялікі князь браў актыўны ўдзел у непасрэдным кіраванні сваёй „вотчынай”, толькі падмацоўвае ўяўленне пра гаспадара як вотчыча ў свядомасці як яго самога, так і яго падданых. На працягу апошняй трэці XIV — першай паловы XVI ст. гэтае ўяўленне набывае тыя ці іншыя формы, але яго галоўная сутнасць застаецца нязменнай. Яшчэ раз падкрэслім: вялікі князь — стваральнік выслуг, якія ўвасаблялі прынцып прыватнай уласнасці. Апошні скарэктаваў погляд на ВКЛ як на вотчыну і пераўтварыў яго ў вотчыну толькі адной лініі Ягайлавічаў, зрабіўшы астатніх Гедымінавічаў падданымі манарха. Толькі з другой паловы XVI ст. побач з паняццем „паньство господарьское отчызное” пачынае паступова з’яўляцца паняцце „отчизна речи посполитой того панства”[40]. З’яўленне новага паняцця адлюстроўвае змены ў поглядах на вярхоўную ўладу і ролю ў гэтай уладзе падданых.

„Народнасць складваецца, калі ўзнікае патэнцыяльны захавальнік нацыянальнай свядомасці — сацыяльная эліта, якая пастаянна корміцца дадатковым прадуктам, што ствараецца грамадскай большасцю, і таму валодае магчымасцямі ажыццяўляць арганізацыйную і палітычную дзейнасць. Інакш кажучы, нацыя павінна валодаць трывалай і выразнай палярызаванай сацыяльнай структурай, здольнай парадніць — паводле прынцыпу адзінства супрацьлегласцяў — народ, які стварае дадатковы прадукт, і сацыяльную вярхушку, якая прысвойвае гэты прадукт. Часцей за ўсё падобнае становішча ўзнікае і ўмацоваецца ва ўмовах дзяржавы” (98). Далей аўтар „Гісторыі Літвы” піша пра тое, што літоўскі манарх успрымаўся як свой правіцель, а служэнне яму — як годныя і выгодныя паводзіны; што дзяржаўная арыентацыя, уласцівая для нешматлікіх князёў, намеснікаў і старастаў, была першапачатковым успрыманнем нацыянальнай прыналежнасці, хаця далей адзначае, што этнічная арыентацыя значнай часткі феадалаў была паўплемянной і што народу была ўласціва ў большай ступені племянная арыентацыя (99). На думку аўтара, за кошт прыяцельскіх і сваяцкіх адносінаў (?!) намеснікаў і старастаў з большасцю ваенна-служылых на месцах прырастаў слой „нацыянальна настроеных”, палітычны ўплыў якога ў асяроддзі феадалаў (а праз іх — і ў народзе) станавіўся вырашальным. „Гэтая з’ява ахапіла ўвесь літоўскі этнас, таму мы можам яго лічыць паказчыкам узнікнення нацыі як этнічнай супольнасці” (100). „Нацыянальная самасвядомасць літоўцаў праявілася як ідэалогія, яўным арыенцірам якой была дзяржава”, — заключае аўтар (100). З гэтага надзвычай арыгінальнага погляду не вынікае самае галоўнае: якім быў механізм трансфармацыі „племянной арыентацыі” ў „нацыянальную” ў дзяржаўных умовах; якія формы i змест набывала „нацыянальнае” жыццё Літвы. І ўсё гэта пры тым, што, паводле пераканання Гудавічуса, значная частка феадалаў мела паўплемянную этнічную арыентацыю, якая яшчэ ў большай ступені была ўласціва народу. У гэтым выпадку занадта рана гаварыць нават пра этнас, не тое што пра нацыю. Падобны погляд — кангламерат мала звязаных паміж сабой сэнсаў. „Дзяржаўную арыентацыю” нешматлікіх феадалаў як форму ўспрымання нацыянальнай прыналежнасці, адносіны да іх астатняй часткі феадалаў як да „сваіх”, „паўплеменную этнічную арыентацыю” значнай часткі феадалаў і большай часткі народа Гудавічус называе „празаічнымі момантамі”, „якія былі асновай, на якую накладвалася ўспрыманне сваёй мовы, сваіх звычаяў і сваіх бліжніх, якое спараджала не толькі матэрыяльнае, але і духоўнае прыманне ўласнага жыцця” (99). У апошнім мала зразумелым выказванні, таксама як і ва ўсім поглядзе, адчуваецца сучасная рэцэпцыя нацыянальнасці. Аднак менавіта з сучаснага пункту гледжання Літва XIII — першай паловы XVI ст. і больш позняга часу, дакладней, паводле выразу Гудавічуса, яе „нацыянальна настроены слой”, уяўляў сабой этнаграфічны воск. Зазнаўшы спачатку магутны ўплыў беларускай і ўкраінскай культур, сацыяльная эліта Літвы перайшла ў лона польскай культуры, дзе і пакінула ўсіх сваіх прадстаўнікоў. Усё гэта сведчыць пра тое, што калі якія нацыянальныя формы і змест і існавалі, то яны мелі не заўжды і не зусім прывычныя для сучаснага чалавека формы. У гэтым сэнсе перанос сучасных уяўленняў пра нацыянальнасць на Сярэднявечча трэба разглядаць не больш як метадалагічную памылку. Тое ж самае адносіцца і да таго, што Гудавічус называе „дзяржаўнай арыентацыяй”. Сярэднявечная Літва не ўяўляла сабой нейкага самабытнага ўтварэння. Галоўнай катэгорыяй дзяржаўнасці і прынцыпам грамадскага жыцця як у краінах Заходняй і Цэнтральнай, так і Ўсходняй Еўропы на пэўным этапе іх развіцця была „служба падданых гаспадару”. У ВКЛ гэты прынцып ахопліваў усе станы грамадства: ад селяніна да Гедымінавіча. Не служыць гаспадару ці той асобе, якая служыла гаспадару, было раўназначна быць па-за грамадствам. У сувязі з гэтым большасць падданых былі ў такой жа ступені абыякавыя да этнічнай прыналежнасці гаспадара, як гаспадар — да этнічнай прыналежнасці падданых. Для палачан, якія заяўлялі рыжанам, што „ест оу насъ осподарь, кому нас оборонити”, вялікі князь літоўскі быў не менш „сваім”, чым для роднасных літоўцам жамойтаў, якія патрабавалі ад яго ўнясення ў прывілей Жамойцкай зямлі палажэння, што яны не „прес мечъ албо через оныи валки были звалчоныи, а ку н(а)шому послушеньству прыведены, а не з доброю волею прыстали”. У сваю чаргу і вялікі князь не адрозніваў сваіх падданых у залежнасці ад этнічнай прыналежнасці, дэкларуючы іншы раз свой абавязак клапаціцца пра ўсіх. У дадзеным выпадку неабходна гаварыць у першую чаргу пра формы падданства: этнічную, а таксама канфесійную i рэгіянальную[41]. Шкада, што Гудавічус не закрануў гэтых асаблівасцяў свядомасці грамадства ВКЛ.

У тагачаснай свядомасці сацыяльныя катэгорыі дамінавалі над нацыянальнымі. „Дзеравеншчыне не быць каралём”, — так матываваў свой учынак Альгерд, калі адсёк галаву правадыру ліваў, якія паўсталі супраць немцаў, хоць той абяцаў прызнаць уладу Альгерда (126). Гэты ўчынак толькі з пункту гледжання цяперашніх уяўленняў можна назваць „вяльможнай фанабэрыстасцю” (127). „Дэмакрат” з Альгерда сапраўды не атрымаўся, але „забіць самазванца” — нармальная катэгорыя мыслення манарха. Можна сказаць так: на месцы Альгерда так зрабіў бы кожны. Паводле крыніц, Ягайла „велми нелюбость учинил и жалость” Кейстуту, калі аддаў сваю родную сястру — „братанну” Кейстута — замуж за літоўца нізкага паходжання Вайдылу. Як можна пераканацца на гэтым прыкладзе, сацыяльныя катэгорыі ў вялікай ступені карэктавалі прыяцельскія і сваяцкія адносіны, якім Гудавічус надае ледзь не вырашальнае значэнне ў працэсе складвання „літоўскай нацыі”. Як для часу Альгерда і Кейстута, так і для пазнейшых часоў можна гаварыць пра „надэтнічную свядомасць” літоўскіх князёў і шляхецтва. Літоўскаму пану і шляхцічу было прасцей знайсці агульную мову з „рускім” панам і шляхцічам, чым з сялянамі сваёй „нацыі”, таму што іх аб’ядноўвала не толькі адна „лавица” паноў-рады, але і тое, што так званы нацыянальна свядомы гаспадар абдорваў і тых, і іншых згаданымі сялянамі. Нельга забывацца і на тое, у інтарэсах чаго гаспадар ажыццяўляў гэтыя дараванні: у інтарэсах сваёй вотчыны (ВКЛ), і рабіў гэта ён, разважаючы „вотчыннымі” катэгорыямі.

Дазволім сабе яшчэ раз выкарыстаць прыём Гудавічуса i спаслацца на „одаль”: „Існавала цяснейшая, непарыўная сувязь чалавека, дакладней — сям’і, з уладаннем. Одалем валодалі спакон веку, з часоў паганскіх курганоў <…>. Але одаль — не толькі ўладанне сям’і, гэта і радзіма (вылучана намі. — А. Г.), „отчына”, „вотчына”. Па вобразе і падабенстве сямейнага ўладання (garðr) будаваліся і ўяўленні пра макракосм: Мідгард (Miðgarðr) — мясціна людзей і Утгард (Útgarðr) — свет пачвар і волатаў вакол людзей <…>. Асабістыя якасці чалавека, яго радавітасць, паходжанне ад свабодна народжаных ці знакамітых продкаў і права яго на сямейнае ўладанне ўяўлялася як нешта цэласнае, непарушнае. На зямлю пераходзілі ўяўленні пра чалавека, яго сям’ю і суродзічаў. Одаль — неад’емны набытак сям’і, такая ж абавязковая якасць яе членаў, як і іх шляхетнасць, незалежнасць, свабода”[42]. Сказанае адносіцца і да літоўскай вотчыны.

Селянін служыў са сваёй вотчыны, шляхціч са сваёй вотчыны і выслугі — дараваных вотчын сялян. Усе яны служылі вотчыне „господаря”. У адваротным выпадку яны пазбаўляліся б сваіх вотчын. Не трэба забывацца, што з’яўленне „господаря” вялікага князя, селяніна-вотчыча і шляхціча-вотчыча, які валодаў гэтым селянінам — натуральны вынік падзення правоў на вотчыну былых раўнапраўных супляменнікаў; прычына гэтага падзення — недастатковы аб’ём іх службы. „Господарь” таксама служыў сваёй вотчыне, але не падданым (якім быў „повиноват” дзвюма „речами”: „обороной” і „справедливостью”[43]). Так перапляталіся вотчынныя катэгорыі мыслення „господаря” і падданых. У любым выпадку, адносіны гаспадара да падданых і падданых да гаспадара не фармавалі, паводле выказвання Гудавічуса, літоўскай „нацыі як этнічнай супольнасці”. У той жа час узаемаадносіны гаспадара і падданых самых розных станаў, рэгіянальная (якая фармавалася ў рэгіёнах з устойлівымі грамадскімі традыцыямі, (напрыклад, у Полацкай, Віцебскай, Смаленскай і іншых землях) і канфесійная свядомасць вызначалі ўсю тую разнастайнасць свядомасці, у якой і варта шукаць праяўленне і формы этнічнай свядомасці літоўцаў. Замест гэтага Гудавічус прапануе нацыянальную свядомасць сучаснага літоўца, з пукту гледжання якой немагчыма растлумачыць, напрыклад, у якой ступені адчуваў сабе прадстаўніком „літоўскай нацыі” віцебскі баярын, праваслаўны (?), вядомы „земскі дзеяч” Віцебскай зямлі першай паловы XVI ст. Міхайла Курэйшаў, калі меркаваць паводле прозвішча[44] — літовец па паходжанні.

Не адмаўляючы наяўнасці пэўных формаў этнічнай свядомасці сярэднявечных літоўцаў, трэба яшчэ раз падкрэсліць, што яны былі далёка не падобныя да сучасных. Этнічную свядомасць праяўляў, напрыклад, Альберт Гаштаўт, у прыватнасці, праз ацэнку ступені даверу да „рускіх”, але, што характэрна, рабіў гэта ў перапісцы з такім жа літоўцам Юрыем Радзівілам на „рускай” (старабеларускай) мове[45]. Відавочна, выкарыстанне гэтай мовы не служыла прыкметай этнічнай прыналежнасці. Па той жа прычыне былы кліент i „духоўны” вучань Гаштаўта Венцлаў Мікалаевіч Янавіч з Майшагалы (калі ўслед за Е. Ахманьскім атаясамляць яго з Міхалонам Літвінам), нягледзячы на свой літоўскі патрыятызм і непрыязныя адносіны да „рускай” мовы, не гідзіўся атрымліваць даравальныя лісты на гэтай мове[46]. Не гаворачы пра тое, што як пісар канцылярыі ВКЛ ён рыхтаваў дакументы і вёў кнігі Метрыкі таксама на „рускай” мове[47]. Гэта важны момант: этнас і этнічнасць, з аднаго боку, нацыя і нацыянальнасць, з другога — паняцці далёка не тоесныя. Другая група паняццяў не падразумявае этнічнага паходжання. Наўрад ці трэба даказваць, што „чыстых” нацый няма, што нацыі — шматэтнічныя. Пры ўсім тым ёсць такія фактары, якія аб’ядноўваюць і фармуюць нацыі, адзін з іх — гэта агульная мова ці група моў. Літоўская мова была мовай штодзённых зносінаў аўтахтоннага насельніцтва этнічнай Літвы і Жамойці (не выключаючы мяшчан i шляхты). Аднак у грамадстве, у якім панавала пісьмовая культура (менавіта такім грамадствам было ВКЛ з другой паловы XV ст.), на адміністрацыйным узроўні больш высокім, чым узровень сялянскіх прыставаў і дзясятнікаў, у дзелавых кантактах як на тэрыторыі гэтых рэгіёнаў, так і за іх межамі, не гаворачы пра вялікакняскую адміністрацыю і сферу ваеннай службы, магчымасці носьбітаў адной толькі літоўскай мовы зводзіліся да мінімуму. Поспехі ў грамадскім жыцці былі гарантаваныя толькі пры ўмове валодання „рускай” мовай, незалежна ад сацыяльнай, канфесійнай і этнічнай прыналежнасці. Ва ўмовах шматэтнічнай дзяржавы Новага і Найноўшага часу ўласцівасці такой мовы маглі быць цалкам суаднесены з прыкметамі нацыянальнай мовы, для сярэднявечнага ВКЛ — яе можна трактаваць як протанацыянальную мову не толькі беларускага, украінскага, але і літоўскага этнасаў.

Уласна кажучы, я мог бы паверыць у метадалагічную трываласць поглядаў аўтара „Гісторыі Літвы” на ўтварэнне „літоўскай нацыі”, калі б не яго спроба разгледзець шляхі ўзнікнення таго, што ён называе „русинской, т.е. русской народностью” (447-449). Пачнем з таго, што Гудавічус амаль наогул не выкарыстоўвае тэрміны „Беларусь” і „беларусы” i „Ўкраіна” і „ўкраінцы” (калі не ўлічваць, у прыватнасці, два словы — „беларускія акты”, якія ўзяты ў двукоссе) (84). Як вынікае з кантэксту выкарыстанай тэрміналогіі, суседзямі Літвы з усходу і поўдня былі „русские”. Тыя ж „русские” жылі і за межамі ВКЛ — у Маскоўскай дзяржаве. Погляд на фармаванне „русінскай народнасці” выкладзены лаканічна, і сутнасць яго наступная. „Русские”, якія апынуліся ў межах ВКЛ, сталі адрозніваць сябе ад „русских” па той бок мяжы, і такім чынам пачалі ўсведамляць сябе асобнай народнасцю. Здарылася гэта ў пачатку XVI ст. Калі ўзніклі беларусы і ўкраінцы — Гудавічус не піша, відавочна, мяркуючы, што гэта праблема даследчыкаў, якія займаюцца XIX-XX ст. Што ж атрымліваецца? Спачатку існавалі „русские”, потым на аснове „русских” сфармавалася „русінская народнасць”. Наогул, калі б адсутнічала палажэнне пра „русінскую народнасць” („народ”, нават не „нацыю”), то можна было б меркаваць, што прагрэс гістарычнай навукі ў вывучэнні этнічных працэсаў у ВКЛ заключаецца ў рэанімацыі поглядаў расійскіх гісторыкаў XIX ст. Зрэшты, не ўсё так проста. У поглядзе на фармаванне „русінскай народнасці” адсутнічае пошук фантастычных сувязяў, у выніку якіх, напрыклад, прыяцельскія і сваяцкія адносіны трансфармаваліся ў нацыянальныя, як гэта было з „літоўскай нацыяй”. 3 пункту гледжання навуковасці метадалогіі гэта нават і лепей. Аднак, калі быць паслядоўным, то для Гудавічуса, відавочна, занадта смела ігнараваць той факт, што ўкраінскія, беларускія і рускія землі мелі дзяржаўныя формы задоўга да таго, як Літва ўпершыню выпадкова была згадана ў Кведлінбургскіх аналах (1009), і тым больш да таго, як сярод балцкіх плямёнаў з’явіліся першыя зародкі дзяржаватворчых працэсаў. Калі кіравацца логікай Гудавічуса i выкарыстоўваць яго тэрміналогію, то „дзяржаўная арыентацыя” ўсходнеславянскай эліты павінна стаць „успрыманнем нацыянальнай прыналежнасці” ўкраінцаў, беларусаў i рускіх. Але гэтага чамусьці не здарылася. Поўны нонсэнс поглядаў Гудавічуса на этнічныя працэсы, у прыватнасці, заключаецца ў тым, што Літва пераўтварылася ў нацыю на тры (?!) стагоддзі раней за тую супольнасць, якая сфармавалася, напрыклад, вакол Полацка і пра якую крыніцы, вартыя даверу, згадваюць ужо ў IX ст. (у сувязі з барацьбой з кіеўскімі князямі)[48]. Пяць стагоддзяў (!) паміж пачаткам дзяржаватворчых працэсаў, з аднаго боку, на беларускіх землях, з другога, на літоўскіх, — не мала, каб нават тэарэтычна сцвярджаць розніцу ў этнічных працэсах (на карысць Беларусі). Відавочна, для Гудавічуса гісторыя Полацкай зямлі пачынаецца не раней за ўзнікненне літоўскай дзяржаўнасці. Пры гэтым не ўлічваецца той факт, што грамадская структура Полацкай зямлі, якую так і не змагла падавіць літоўская ўлада, рэгіянальная свядомасць насельніцтва гэтай зямлі (ад князёў да мяшчан і паўбаяраў-паўсялянаў), якая праяўлялася ў адэкватнай ацэнцы і паслядоўным адстойванні ўласных рэгіянальных інтарэсаў, сфармаваліся яшчэ тады, калі Літва была данніцай Полацкай зямлі. Амаль усё тое самае, што сказана пра Полацкую зямлю, адносіцца i да Віцебскай зямлі.

Згодна са сцвярджэннем Гудавічуса, „суб’ектам гісторыі Літва стала менавіта тады, калі сутыкнулася з лацінскай Еўропай. Геапалітычны арэал сярэднявечнай Еўропы склаўся на аснове індывідуальнай (алоднай і одальнай) гаспадаркі, атрымаўшы ідэалагічную апору ў каталіцызме і лацінскай культуры. Грамадскімі адносінамі, заснаванымі на індывідуалізме, Еўропа вылучалася з усіх геапалітычных арэалаў свету” (37). Тут вось што цікава. Сутыкнуўшыся з лацінскай Еўропай, Літва ўспрыняла і развіла амаль увесь палітычны, эканамічны і сацыяльны паняційна-тэрміналагічны арсенал усходніх славян. Амаль усе асноўныя паняцщ i тэрміны ўладных і адміністрацыйных узроўняў грамадства, самых разнастайных сфераў грамадскага жыцця мелі ўсходнеславянскае паходжанне: „князь”, „господарь”, „боярин”, „человек”, „земля”, „имение”, „наместник”, „тиун”, „дань” і інш. Паводле звестак пра сярэднюю адміністрацыйную адзінку Жамойці можна рэтраспектыўна пісаць гісторыю адміністрацыйнага ўладкавання раннесярэднявечных беларускіх і ўкраінскіх княстваў. У фіскальнай сістэме ВКЛ рэдкі тэрмін мае літоўскае паходжанне: скрозь і побач гэта ўсходнеславянскія словы. Польская тэрміналогія стала пранікаць пазней, але яна гарманічна спалучалася з усходнеславянскай лексікай той мовы, якую, нягледзячы на пярэчанні літоўскіх калег, я тым не менш лічу абгрунтаваным называць афіцыйнай мовай ВКЛ. Зрэшты, Гудавічус, у адрозненне ад многіх сваіх калег-суайчыннікаў, не адмаўляе яе народнай асновы, г. зн. ён не атаесамляе яе характар з характарам царкоўна-славянскай мовы, хоць і схільны лічыць яе інтэрдыялектам (448). Запярэчым: інтэрдыялект развіваецца стыхійна, што суадносіцца з яго вуснай формай, інтэрдыялект — гэта ўласцівасць у першую чаргу такіх дзелавых асяродкаў, як горад. Галоўнай крыніцай для вызначэння характару мовы, якую Гудавічус называе інтэрдыялектам, служыць якраз пісьмовая прадукцыя канцылярыі ВКЛ. Поўная супярэчнасць у трактоўцы гэтай мовы заключаецца ў тым, што сутнасць узнікнення і функцыянавання канцылярыі — гэта неабходнасць дакументальнага (пісьмовага) забеспячэння дзейнасці органаў улад і кіравання (а не вуснае апавяшчэнне іх рашэнняў), і што менавіта пісьмовая форма засцерагае мову ад стыхійнага развіцця.

Адносіны ўлады і мовы карэктуюць погляды на развіццё велікакняжацкай улады. Да таго як ВКЛ стала грамадствам пісьмовай культуры (працэс „пісьменізацыі” пачаўся ў XIV ст.), у моўным лексіконе літоўскай улады былі адзінкі слоў літоўскага паходжання, якія абазначалі фіскальныя паняцці. Яны з’явіліся яшчэ тады, калі палітычныя памкненні Літвы не выходзілі за этнічныя межы. Гэта значыць, што „апетыт” першых прадстаўнікоў літоўскай улады быў даволі сціплым. У гэтым сэнсе Літва не адрознівалася ад іншых „гарачых” народаў на пачатковай стадыі развіцця. Ёй не трэба было нанава ўладкоўваць і арганізоўваць грамадства Беларусі і Ўкраіны, уводзіць у гэтых землях новыя плацяжы і павіннасці і тым больш усталёўваць там новую сістэму кіравання і суда. Тое, што літоўцы сустрэлі ў беларускіх і ўкраінскіх землях, іх цалкам задавальняла і нават завышала іх першапачатковыя запыты. Па гэтай прычыне рэгіянальныя парадкі гэтых зямель на розных сацыяльных узроўнях (апрача верхняга) засталіся некранутымі. Літоўскія князі знайшлі на беларускіх і ўкраінскіх землях самую плённую глебу для сваёй дзейнасці. Больш за тое, менавіта адміністрацыйная і фіскальная структура беларускіх i ўкраінскіх княстваў паслужыла ўзорам для Літвы і Жамойці. У гэтым сэнсе Беларусь і Ўкраіна далёка пераўзышлі Літву. Аднак далёка не з усім гэтым згодны аўтар „Гісторыі Літвы”.

Як вынікае з працы Гудавічуса, фармаванне „малога одаля” на тэрыторыі Літвы папярэднічала ўзнікненню літоўскай дзяржавы (89). Імкнучыся пры ўсялякай магчымасці падкрэсліць істотнае адрозненне паміж індывідуальнай гаспадаркай Літвы і „абшчынна-дэспатычнымі структурамі” Русі, аўтар „Гісторыі Літвы” ні словам не абмовіўся пра нейкія фактары, якія маглі б не даць магчымасці развівацца ці хоць бы затармазіць фармаванне аналагічнага „одаля” на тэрыторыі Русі. І што мы маем? Суседняя Русь, якая ўжо ў канцы XII ст. (калі, паводле Гудавічуса, склаўся літоўскі „вялікі одаль”), як мінімум чатыры стагоддзі жыла дзяржаўным жыццём, не гаворачы пра тое, што тэарэтычна самі дзяржаўныя формы цягам гэтага часу павінны былі так ці інакш уздзейнічаць на структуру і арганізацыю грамадства, жыла кроўнай (ці, як выказваецца Гудавічус, „кроўна-вытворчай”) абшчынай, а ў Літве (заціснутай Руссю ў лясны клін Балтыкі), якая яшчэ нават не мела дзяржаўнай арганізацыі, дзякуючы кантактам з вікінгамі ўжо ў першай палове XIII ст. паўсюдна існавалі індывідуальныя гаспадаркі (33).Але якія б кантакты не існавалі паміж балцкімі плямёнаміi вікінгамі, ступень і маштабы ўздзеяння апошніх на Літвуне могуць параўнацца з такім несумненным і відавочнымкаталізатарам дзяржаватворчых працэсаў на землях усходніх славян, як славуты „варажскі элемент”. Пастулюючы ўрозных формах, што „літоўскае поле” пайшло чамусьці абавязкова „па германскім, а не па ўсходнеславянскім шляхуабшчыннага развіцця” (34), аўтар тым не менш не забываецца, што „зямля не магла адчужацца ад роду” (86). Сцвярджаючы, што „ўсё-такі гэта не перашкаджала складваннюіндывідуальных формаў распараджэння ўласнасцю” (86),аўтар „Гісторыі Літвы” не абцяжарвае сябе тлумачэннем,як пры гэтым адбывалася іх складванне. Падкрэсліваючы„недаразвітасць” беларускіх і ўкраінскіх зямель параўнальна з Літвой, Гудавічус перакананы, што калі ў Літве ў XIII-XIV ст. развіваўся феадалізм, то ў „рускіх землях” ВКЛ падобнага пакуль не было (97). Супярэчнасць пабудоў аўтаразаключаецца ў тым, што канцэпцыя пра „дзяржаўную” формуфеадалізму, якую выкарыстоўвае Гудавічус, распрацаванана матэрыяле Русі, складовай часткай якой і з’яўляліся беларускія і ўкраінскія землі. Праблему развіцця феадалізму,а значыць, узроўню развіцця краіны, аўтар „Гісторыі Літвы”звязвае з працэсам запрыгоньвання сялян. Слабасць „прыгонных адносінаў” „рускіх зямель”, на думку аўтара, заключаецца ў тым, што „рускія сялянскія двары не былі вылучаны з сельскага абшчыннага землеўладання (землі толькіпераразмяркоўваліся). Славянскія сялянскія сем’і даўжэйзахоўвалі рысы вялікага сямейства. Таму ў некаторых рускіх землях (напр., у валасцях Падняпроўя) захаваўся калектыўны характар павіннасцяў” (354). Аднак калектыўныхарактар павіннасцяў не адмаўляе Гудавічус і ў адносінахда Літвы, калі піша, што „паншчына перашкаджала сялянскім сем’ям вылучацца ў асобную гаспадарку. У сферы павіннасцяў гэта выяўлялася ва ўзнікненні службаў: у дворяк адзінку падатнага абкладання сталі ўключаць некалькідымоў (у сярэднім 2 ці 3)” (351). Тут Гудавічус блытае вялікую сям’ю з сельскай абшчынай, а тое і другое — з валасной абшчынай. Апошняя сапраўды існавала ў беларускім Падняпроўі і ўяўляла сабой адміністрацыйнафіскальную сістэму, якая была створана ў X-XIII ст. Што да існавання практыкі „пераразмеркавання зямлі” ў сельскай абшчыне, то гэта вынік памылковай інтэпрэтацыі Гудавічусам літаратурных крыніц. Не землі пераразмяркоўваліся, а раскладваліся падаткі і павіннасці, прычым рабілася гэта з асобных гаспадарак.

У падыходзе Гудавічуса вельмі многае раскрывае сцвярджэнне пра захаванне сярод усходніх славян на тэрыторыі ВКЛ „абшчынна-дэспатычных структур” (97), якія нібыта на славянскіх землях ВКЛ былі пашыраны паўсюдна. Гэты погляд зыходзіць ад выказвання Ф. Энгельса ў рукаnice „Франкскі перыяд” (названы рукапіс не быў закончаны i пры жыцці аўтара не публікаваўся). Згодна з гэтым выказваннем, у азіяцкіх народаў і „русских” не ўзнікла прыватная ўласнасць на зямлю, таму што „дзяржаўная ўлада праяўлялася ў форме дэспатызму”. У процілегласць ім на заваяванай германцамі тэрыторыі ворыўныя надзелы і лугі ператварыліся ў прыватную ўласнасць — у алод, што і прывяло да развіцця феадалізму. На думку Энгельса, феадалізм узнік менавіта на падставе алода[49]. Становіцца зразумелым, пра які „германскі шлях абшчыннага развіцця” (34) піша Гудавічус. Відавочна, на падставе прыведзенага выказвання Гудавічус заключыў, што пры феадалізме рэнта абавязкова павінна спаганяцца не з абшчыны, а з асобнай гаспадаркі (97). Думка арыгінальная, але беспадстаўная. Відавочна, кіруючыся выказваннем Энгельса, аўтар „Гісторыі Літвы” зрабіў выснову, што „князь і яго адміністрацыя сталі патрабаваць выканання павіннасцяў кожнай асобнай гаспадаркай, а не абшчынай” (86), як быццам бы князю і яго адміністрацыі гэта было прынцыпова важна. Такім чынам, выказванні „класікаў” успрымаюцца яшчэ і цяпер як догма. Іх погляды для Гудавічуса маюць куды большае значэнне, чым вялізны аналітычны і фактычны матэрыял прафесійных гісторыкаў. Аўтар „Гісторыі Літвы” завяз у догмах і штучных схемах.

У дадзеным выпадку ўдумлівасць, логіка і факты прыносяцца ў ахвяру ідэі, якой прасякнута ўся кніга: утварыўшы ў сваіх нетрах одаль (у разуменні позняга алода) не столькі як сродак існавання, колькі як нейкі сімвал і ідэалагічную апору, Літва сутыкнулася з лацінскай Еўропай для выканання галоўнай гістарычнай місіі — уваходжання ў Еўропу. Ці то сутыкненне з лацінскай Еўропай было настолькі моцным, ці то ўнутраны патэнцыял Літвы з’яўляўся такім вялікім, што ў імгненне вока яна стварыла і нацыянальную дзяржаву, сілы ў якую ўдыхнула нацыянальна-дзяржаўная ідэалогія. Імкнучыся ўвайсці ў Еўропу, Літва, яшчэ будучы племянным утварэннем, абагнала ў сацыяльна-эканамічным развіцці дзяржаўныя ўтварэнні ўсходніх славян (узнік „алод”-„одаль”). „Інтэграцыя ў Еўропу” (59), „«заходні» прарыў” (113), „шлях у Еўропу і да дасягнення прагрэсу” (168), вобразы „праваднікоў, пракладацеляў дарогі ў Еўропу” (122), „прагрэс у еўрапейскім сэнсе” (147), „пераступанне парога Еўропы” (279) і г. д. ствараюць адчуванне нейкай навязлівай ідэі. Менш за ўсё трэба меркаваць, што літоўцы таго часу ўспрымалі гэтую „інтэграцыю”, „прарыў”, „шляхі”, „прагрэс” і г. д. так, як гэта робіць Гудавічус. Ён не вывучае, а мадэлюе гісторыю ў адпаведнасці са старымі гістарыяграфічнымі і сучаснымі грамадскімі стэрэатыпамі ды ідэямі. Імкненне як бы там ні было „інтэграваць” Літву ў Еўропу прывяло Гудавічуса да своеасаблівых вынікаў. Паняцці і тэрміны „барщина”, „оброк”, „барщинный откуп”, „отработки”, „крепостные”[50] і іншыя не праясняюць сутнасці рэчаў, а разам з „заходнімі” тэрмінамі „ангарии”, „сервильные повинности (сервилии)” і г. д. не збліжаюць Літву з Заходняй Еўропай, хоць і ўтвараюць дзіўны каларыт.

Большая частка аб’ёму кнігі прысвечана дэталёваму апісанню палітычных перыпеітый і ваенных кампаній. Здаецца, усё тут растлумачана і ўсё зразумела. Але гэтыя тлумачэнні вельмі падобныя да тых, якія дае сучасны журналіст цяперашнім палітычным і ваенным падзеям. Няўжо свядомасць i матывацыі сярэднявечнага чалавека былі дакладна такімі ж, як цяпер? Сумняваюся. Таму, напрыклад, трактоўка умоў і наступстваў Крэўскай уніі выглядала б больш пераканаўча, калі б Гудавічус быў больш уважлівы да поглядаў на гэтыя праблемы Ю. Бардаха, а не ствараў з польскага караля і вялікага князя літоўскага Ягайлы нейкага дзіўнага „васала самога сябе”(166). Гаворачы пра сойм ВКЛ, Гудавічус ніяк не можа пазбавіцца сучасных уяўленняў пра выбарчую сістэму. Аказваецца, удзельнікі сойма ВКЛ першай паловы XVI ст. „абіраюцца” (420), што „з самых першых гадоў панавання Жыгімонта ІІ рэалізоўваўся прынцып прадстаўніцтва ўсіх зямель дзяржавы, а прыбылыя дваране <…. > лічыліся дэлегатамі ад усяго дваранскага стану” (420), „соймы прадстаўлялі ўсё дваранства Літоўскай дзяржавы” (422) і г. д. Паводле сцвярджэння аўтара „Гісторыі Літвы”, Альгерд не змог ацаніць (ці ацаніў недастаткова) тую „гістарычную неабходнасць”, што „Літву мог выратаваць толькі прагрэс, а менавіта прагрэс у еўрапейскім сэнсе” (147), і што ён належным чынам не „ацаніў небяспечнасць адрыву Літвы ад працэсаў развіцця ўсёй Еўропы” (136). Дазволім сабе апраўдаць звычайнага манарха XIV ст.: ён пры ўсім сваім жаданні не мог зразумець таго, чаго патрабуюць ад яго некаторыя гісторыкі XX-XXI ст. Дзіўна чуць падобныя ацэнкі ў адрас людзей мінулага, абвінавачванні іх у непрыхільнасці да сучасных індывідуальных і масавых стэрэатыпаў, патрабаванне ад іх цяперашняй свядомасці і мыслення, ведання таго, што такое „гістарычная неабходнасць”, „прагрэс”, „працэсы развіцця ўсёй Еўропы”, разумення сваіх памылак з пункту гледжання сённяшняга дня і „гістарычнай неабходнасці”. Такі падыход да болю знаёмы, але з ім хочацца развітацца. Названыя людзі — гэта людзі свайго часу і свайго грамадства, і іх трэба разумець. Вось гэтае разуменне якраз і адсутнічае ў працы Гудавічуса.

Гісторыя Літвы ўкладзена Гудавічусам у пракрустава ложа гістарыяграфічных і метадалагічных рэліктаў і грамадскіх ідэалагем, наіўнага ўяўлення, што 700-500 гадоў таму ўсё было так, як і цяпер, апрача канкрэтных асобаў i падзеяў, і што толькі гэтыя асобы і падзеі — і ёсць гісторыя. Кніга Гудавічуса — гэта праца па гісторыі не старой Літвы, а Літвы апошніх двух дзесяцігоддзяў яе існавання, прызначаная для „хатняга чытання”. Магчыма, гэта значны ўклад у гісторыю развіцця і фармавання сучаснай грамадскай свядомасці літоўцаў. Аднак у ёй адсутнічае гісторыя свядомасці літоўцаў. Шкада, што я не знайшоў у ёй таго, што шукаў і што павінен быў знайсці — гісторыі Сярэднявечча. У сваіх развагахінтэрпрэтацыях я свядома рабіў мала спасылак на крыніцы (не маю на ўвазе спасылкі на аналітычныя працы), бо ўсе яны грунтуюцца на звестках з добра вядомых крыніц (у выданні якіх, дарэчы, актыўна ўдзельнічае і Гудавічус — Метрыка ВКЛ) і добра вядомых даследаваннях, у тым ліку тых, якія даюць параўнальны матэрыял. Калі такія крыніцы і даследаванні ёсць, значыць, можна спадзявацца, што і гісторыя сярэднявечнай Літвы яшчэ будзе напісана.


1 Неусыхин А. И. Возникновение зависимого крестьянства каккласса раннефеодального общества в Западной Европе VI—VIII вв. Москва, 1956. С. 10-14 і інш.
2 У свой час зрабіў гэта У.Ц. Пашута: „…парцэлярная гаспадарка — крыніца прыватнага прысваення, якое стварае аснову длязасяроджання рухомай маёмасці — прыладаў працы, жывёлы,грошай, часам нават несвабодных людзей у руках свабоднага земляроба. Паступова, па патрабаванні ўсё большай колькасці земляробаў, абшчыннае ўладанне ворыўнай зямлёй змянялася асобнай долевай уласнасцю (наследнымі жэрабямі), якая, аднойчы атрыманая па жэрабю, паступова трапляла спачатку ў спадчыннае валоданне, а потым — у прыватную ўласнасць асобных сямей < … > Але пры гэтым пазбаўленыя падтрымкі абшчыны, яны ў выніку няроўнасці сем’яў, якасці зямлі і працы, стыхійных бедстваў, неўраджаю і іншых прычын лёгка падвяргаліся небяспецы страціць сваё першапачатковае паўнапраўнае маёмаснае і грамадскае становішча. У такім выпадку яны павінны былі шукаць дапамогі ў іншых больш удалых суседзяў. Ва ўмовах, калі зямля і іншая маёмасць свабодна < … > адчужаецца <…>, гэта непазбежна вядзе да абагачэння адных і абяднення іншых <…> Як толькі адзін свабодны земляроб эканамічна ўзмацняўся настолькі, што прысвойваў сабе не толькі прылады працы, жывёлу, але і ўчастак зямлі некалькіх суседзяў і пачынаў браць за кошт іх працы прыбытковы прадукт, — адбывалася трансфармацыя гэтага ў мінулым працоўнага земляроба ў нобіля — будучага феадала, а працуючых на яго суседзяў — у залежных людзей, будучых несвабодных сялян”. (Пашуто В. Т. Образование Литовского государства. Москва, 1959. С. 289-290)
3 Гуревич А. Я. Проблемы генезиса феодализма в Западной Европе. Москва, 1970 (далей — Гуревич. Проблемы генезиса феодализма в Западной Европе). С. 35 і інш.
4 Гуревич А. Я. Англосаксонский фолькленд и древненорвежский одаль (опыт сравнительной характеристики дофеодальных формземлевладения)//Средние века. 1967. № 30. С. 61; Ён жа. Проблемы генезиса феодализма в Западной Европе. С. 26— 44,145-150.
5 Што літаральна перакладаецца як „народная зямля”, г. зн.зямля, якой валодалі паводле старажытнага народнагаправа.
6 Права одаля было абумоўлена непарушнай сувяззю паміж зямлёй і сям’ёй, якая ёй валодала. Нават калі члены гэтай сям’і(одальманы) былі вымушаны развітацца са сваім уладаннем,яны на працягу працяглага часу не гублялі права одаля і мелімагчымасць вярнуць сябе зямлю, выплаціўшы выкуп. Продажодаля (у той час, калі ён зрабіўся магчымым) быў абмежаваны:суродзічы ўладальніка, які прадаваў сваю зямлю, мелі пераважнае права на яе куплю. Прынцып цеснай сувязі сям’і з зямельным уладаннем знайшоў сваё выражэнне ў правіле, паводле якога зямля рабілася одалем толькі пасля таго, якзнаходзілася ва ўладанні па меншай меры трох пакаленняўсваякоў мужчынскага полу і па мужчынскай лініі і перайшлада чацвёртага, г. зн. стала ўласнасцю ўсіх магчымых членаўвялікай сям’і. У выніку пераходу ад вялікай да індывідуальнай сям’і ў VIII—IX ст. маглі адбывацца часовыя падзелы зямлі для адасобленай яе апрацоўкі; і хаця одаль пераставаў быцьагульным уладаннем вялікай сям’і, гэта не вяло да зацвярджэння прыватнай уласнасці за індывідуальнымі ўчасткамізямлі, г. зн. „абарачэнне гэтай зямлі не выходзіла за межы коласваякоў, якія раней складалі вялікасямейную абшчыну”. Адзначаныя рысы одаль захоўваў на працягу ўсяго Сярэднявечча; у неабмежаваную прыватную ўласнасць ён пераўтварыўся толькі ў XVIII—XIX ст. У англасаксаў гаспадарчай адзінкай ужо ў VII ст. была індывідуальная сям’я. Але гэтая сям’я не валодала правам уласнасці на зямлю; апошняя належала групе суродзічаў, якія раней складалі сямейную абшчыну. Гэтае права, у прыватнасці, ажыццяўлялася пры адсутнасці ў памерлага гаспадара — главы „малой” сям’і сыноў; у гэтым выпадку зямля пераходзіла да бацькоўскай радні памерлага, якая да таго ж выступала ў якасці апекуна сыноў памерлага да дасягнення імі паўналецця. І толькі ў канцы англасаксонскага перыяду фольклэнд набывае рысы феадальнага землеўладання і захоўваецца як абломак даўняй сістэмы (Гуревич. Англосаксонский фолькленд и древненорвежский одаль. С. 65—82; больш падрабязна гл.: ён жа. Норвежское общество в раннее средневековье: Проблемы социального строя и культуры. Москва, 1967. С. 55-84 і інш.).
7 Пры гэтым заўважым, што гэты прывілей не ведае іншых відаўземлеўладання, акрамя вотчыны (quae ex successione paternapossidet).
8 Пры адзначэнні гэтага правіла часта даецца спасылка на „правы земскія” (Lіetuvos Metrіka. Knyga Nr. 4 (1479 1491). Užrašуmų knyga 4/Par. L. Anužytė. Vіlnіus, 2004. № 86. Р. 119 [1484]; Lіetuvos Metrіka. Knyga Nr. 8 (1499 1514). Užrašуmų knyga 8/Par.A Balіulіs, R Fіrkovіčіus, D Antanavіčіus. Vіlnіus, 1995 (далей —LM-8). № 390. Р. 294 (1506); № 392. Р. 295 (1507); Lіetuvos Metrіka. Knyga Nr. 12 (1522 1529). Užrašуmų knyga 12 / Par.D Antanavіčіus, A Balіulіs. Vіlnіus, 2001 (далей — LM-12). № 501. Р. 397 (1525); № 712. Р. 548 (1529); Lіetuvos Metrіka (15221530). 4-ojі Teіsmų bylų knyga (XVІ a. pabaіgos kopіja)/Spaudaіpar. S. Lazutka, І. Valіkonytė іr kt. Vіlnіus, 1997 (LM — 224). №9. Р. 47 (1522), № 352. Р. 294 (1529), № 379. Р. 315 (1529) ііттттт).
9 Lіetuvos Metrіka. Knyga Nr. 3 (1440 1498). Užrašуmų knyga 3/P-ar. L. Anužytė, A Balіulіs. Vіlnіus, 1998. № 36. Р. 84 [1498]; LM-8. № 240. Р. 213 (1507); LM-12. № 400. Р. 333 (1524), № 677. Р.520 (1528) і інш.; Любавский М.К. Областное деление и местное управление Литовскорусского государства ко времени издания первого Литовского статута. Москва, 1892. С. 565-567;Лазутка С., Валиконите И., Карпавичене И. Введение//Lіetuvos Metrіka (1528-1547). 6-ojі Teіsmų bylų knyga (XVІ a. pabaіgos kopіja)/Spaudaі par. S. Lazutka, І. Valіkonytė іr kt. Vіlnіus,1997 (далей — LM-225). Р. LXIV-LXVІ; LM-225. № 62. Р. 63-64[1528]; № 68. Р. 65-66 [1529].
10 Довнар-Запольский М. В. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. Киев, 1901. Т. 1 (далей — Довнар-Запольский. Государственное хозяйство). С.610.
11 LM-12. № 49. Р. 148 (1522) і інш.
12 „…однакъ, хотя бы и записъ дал, а нам бы тог(о) не объявил,тогды бы тот запис его не мял держанъ быт(ь), бо то ест выслуга его, а не отчызна…”. LM-224. № 298. Р. 251 (1528).
13 Довнар-Запольский. Государственное хозяйство. С. 610.
14 Тамсама. С. 604-609; „Канстытуцыя вялікага князя Аляксандра сведчыць пра паварот, які адбыўся ў вялікакняскай палітыцы ў адносінах да выслужаных зямель: відавочна, ужо з часоў Казіміра перасталі зліваць вотчыны з выслугамі, і з канцаXV ст. да выдання другога Статута існавала не малое адрозненне паміж дзвюма формамі землеўладання…” (Тамсама.С. 609).
15 Вотчына як сродак існавання стваралася сіламі ўсяго роду.
16 Віленскі залатар Волфканк прэтэндаваў на маёмасць (рухомуюi нерухомую) свайго роднага брата Віцэнта, на што атрымаў адяго адказ: „…то не ест отчызнамоя с тобою, але то естъ всемое власное, штом я выпрацовал роботою и куплею своею, тык тому ничог(о) немаеш”(вылучана намі. — А.Г.). Вялікі князьi паны-рада прынялі бок Віцэнта: „…иж не одно у Моитбарскомъ праве, але и в рыцэрскомъ, кром отчызны, волен кождый выслугу и роботу-набыт(ь)е купецтвом албо которым-кольвек набыт(ь)емъ — записать, кому будет(ь) его воля”(вылучана намі. — А. Г.) (LM-224. № 4. P. 43-44 (1522)).
17 Довнар-Запольский. Государственное хозяйство. С. 613.
18 Што гэтыя формулы не мелі фармальнага характару, сведчацьнекаторыя асобныя заўвагі актавых крыніц: „…и привильемъсвоимъ его м(и)л(о)сть то былъ потверъдилъ ему и его жоне, иих детемъ, кроме братьи его и ближънихъ их…” (вылучананамі. —А.Г.) (LM-8. № 497. Р. 359 (1510)). „Моц” такіх прывілеяў давала магчымасць „верную выслугу” „от всих ближнихсвоих” „отдалити и записати кому хотя” (LM-12. № 656. Р. 501—502 (1527)). І наадварот: „И мы, въглянувъшы в тотъ прывилеин(а)шъ, кгды жъ тыи именья выписаны имъ самимъ и ближнимъ ихъ, а тотъ дядко ихъ вмеръ безчаден, з ласки н(а)шое,на ихъ чоломъбитье, то вчынили: тую часть именеи, которую дядко их небощыкъ Грыцко Ивановичъ держалъ, имъ есьмодали…” (вылучана намі. — А.Г.) (LM-12. № 206. Р. 234(1523)).
19 Довнар-Запольский. Государственное хозяйство. С. 610.
20 Уласнасць на зямлю магла праяўляцца ў форме ўласнасці паноўнага класа ў асобе князя, вярхоўнай уласнасці князя, вярхоўнай уласнасці дзяржавы, дзяржаўнай карпарацыйнай уласнасці, карпаратыўнай уласнасці ваенна-дружыннай знаці(Горский А. А. Феодализация на Руси: основное содержание процесса // Вопросы Истории. 1986. № 8 (далей — Горский.Феодализация на Руси: основное содержание процесса).С. 77).
21 Дзе даследчыкі часцей за ўсё шукаюць і знаходзяць прыкметы „феадальнай (сеньярыяльнай) рэвалюцыі”.
22 Дубровский И. В. Как я понимаю феодализм // Одиссей. Человек в истории. Феодализм перед судом историков. Москва, 2006.С. 54-59.
23 Існаваў яшчэ адзін аналаг літоўскім выслугам: дараванні англасаксонскіх каралёў — „боклэнд”, які з’яўляўся адной з галоўных крыніц і асноўнай формай буйнога землеўладання ў англасаксонскай Англіі (Петрушевский Д. М. Очерки из истории средневекового общества и государства. С.-Петербург, 2003.С. 282; Гуревич. Проблемы генезиса феодализма в Западной Европе. С. 45). Цікава адзначыць, што сваё найменне „боклэнд”атрымаў ад слова „бок” (boc) — грамата, г. зн. „боклэнд” — гэта літаральна „зямля, якая перададзена паводле граматы”. У гэтай сувязі адзначым, што адным з фактараў стварэння стацыянарнай канцылярыі ВКЛ у 40-я г. XV ст. было якраз зараджэнне практыкі масавых раздач зямельных выслуг, якіясуправаджаліся выдачай спецыяльных дакументаў.
24 Больш падрабязна гл.: Горский. Феодализация на Руси: основное содержание процесса. С. 74—88.
25 Тамсама. С. 75.
26 „У канкрэтна-гістарычным плане з’яўленне дадзенай канцэпцыі было выклікана тым, што ў рэгіёнах, дзе феадалізм узнікаў непасрэдна з родаплемяннога ладу, без прамога ўздзеяння антычных грамадскіх адносін, якія раскладаліся, самыя раннія звесткі крыніц пра існаванне феадальных вотчын, як аказвалася, адносіліся да больш позняга часу (вылучана намі.—А. Г.),чым найбольш раннія звесткі пра існаванне дзяржавы і выкананне дзяржаўных павіннасцяў. Адным з такіх рэгіёнаў з’яўлялася Русь. Менавіта ў адносінах да яе гісторыі было ўпершыню выказана меркаванне (вылучана намі. — А. Г.) прапершапачатковае панаванне дзяржаўных форм эксплуатацыі”(Тамсама. С. 75-76.). Нават з дадзенага выказвання вынікае,што феадалізм на Русі трэба было знайсці як бы там ні было.
27 Тамсама. С. 77.
28 Пры гэтым сельскагаспадарчая і рамесніцкая прадукцыя з’яўляецца толькі прыватным вынікам гэтых функцый.
29 Гуревич А. Я. Свободное крестьянство феодальной Норвегии.Москва, 1967 (далей—Гуревич. Свободное крестьянство). С. 113; Ён жа. Проблемы генезиса феодализма в Западной Европе. С.44 і інш.; ён жа. Древние германцы // Гуревич А. С. Избранныетруды. В 4 т. Древние германцы. Викинги. Москва; С.-Петербург, 1999. Т. 1 (далей — Гуревич. Древние германцы). С. 38-40.
30 Горский. Феодализация на Руси: основное содержание процесса. С. 77.
31 Гуревич. Свободное крестьянство. С. 156.
32 Можна меркаваць, што працэсу развіцця буйнога землеўладання на тэрыторыі ВКЛ у значнай ступенні спрыяла фармаванне цяжкой кавалерыі. Даследчыкі дапускаюць бытаванне ў ВКЛ у першых дзесяцігоддзях XV ст. цяжкой і лёгкай кавалерыі (Бохан Ю.М. Узбраенне войска ВКЛ другой паловы XIV — канца XVI ст. Мінск, 2002. С. 235). Такім чынам, час з’яўлення першых дараванняў вялікага князя на землі і сялян супадае з часам узмацнення ў ВКЛ цяжкой кавалерыі: неўзабаве пасля Крэўскай уніі 1385 г. — першыя дзесяцігоддзі XV ст. Такім чынам, у развіцці буйнога землеўладання, складванні новага тыпу арыстакратыі ў ВКЛ і краінах Заходняй Еўропы ёсць шэраг агульных рысаў. На думку многіх даследчыкаў, менавіта ўзмацненне адзначанага віду кавалерыі ў Заходняй Еўропе прывяло да змен у грамадстве і спрыяла з’яўленню арыстакратыі. Апошняя складалася з ваяроў-прафесіяналаў, забеспячэнне якіх павінны былі браць на сябе няздольныя да ваеннай кар’еры члены грамадства (Лучицкая С. И. Рыцарство — уникальный феномен западноевропейского средневековья // Одиссей. Человек в истории. Рыцарство: реальность и воображаемое. 2004. С. 8-9).
33 Русская историческая библиотека, издаваемая Императорскою Археографическою комиссиею. Т. 30: Литовская Метрика. Отделы 1—2. Ч. 3: Книги Публичных дел./Под ред. И. И. Лаппо. Юрьев, 1914. Т. 1 (далей — РИБ). Стб. 329 і інш.
34 Тамсама. Стб. 104-105.
35 Тамсама. Стб. 105.
36 Довнар-Запольский. Государственное хозяйство. С. 622—626.
37 Тамсама. С. 619-622.
38 „Наогул толькі вотчыннае права ці спецыяльныя прывілеі маглі вызваліць уладальніка ад выканання павіннасцяў”, — заключае М.В. Доўнар-Запольскі (Тамсама. С. 621).
39 Працэс абкладання пачаўся ўжо ў XIII ст. Але ў гэты час і значна пазней ён грунтаваўся ў вялікай ступені на падарунках і племянных грамадскіх абавязках, у тым ліку экстраардынарнага характару, быў нерэгулярным, што не лічылася парушэннем грамадскіх нормаў. І гэта пры тым, што нейкае раўнамернае абкладанне было нехарактэрным для Літвы, таксама як і для іншых раннесярэднявечных грамадстваў. Першыя літоўскія князі — гэта яшчэ не „господари”: адсутнічала крайняя форма выяўлення гэтай улады — дараванні князямі сялян і іх зямель. Значыць, працэс фармавання велікакняжацкай улады, улады „господаря”, куды больш складаны, чым гэта ўяўляецца Гудавічусу: „Кантрыбуцыі, спаганяныя з далучаных зямель, сталі данінай, а дарункі „сваіх” землеўладальнікаў правадырам і военачальнікам зрабіліся абавязковымі <…>. Князі са сваімі дружынамі аб’язджалі абшчыны, спаганяючы з іх даніну. Узніклі княжацкія павіннасці — права палюддзя <…> іскладчына <…>. Землі, якія складаліся з асобных палёў, сталі княжацкімі” (35). Якой бы моцнай ні была ўлада літоўскіх князёў, яна не магла ў адно імгенне разбурыць тыя парадкі, якія фармаваліся і існавалі стагоддзі. Гэтую ўладу нельга разглядаць як нейкую знешнюю самадастатковую сілу. Развіццё княжацкай улады знаходзілася ў непарыўнай сувязі з развіццём грамадства: паступовае, хаця і паслядоўнае, фармаванне названай улады рыхтавалася ўмовамі, якія выспявалі глыбока ў нетрах самога грамадства.
40 Адна з першых згадак адносіцца да 1568 г. (РИБ. Стб. 463).
41 Насуперак самому сабе Гудавічус сцвярджае, што ў1380-я г. „большасць жыхароў краю ўсведамлялі сябе напалову этнічна, напалову — як падданых” (с. 167).
42 Гуревич. Свободное крестьянство. С. 113; гл. таксама: Гуревич А. Я. Категории средневековой культуры. Москва, 1972. С. 42— 44; ён жа. Древние германцы. С. 38-39.
43 РИБ. Стб. 107.
44 Ochmański J. Litewska granica etniczna na wschodzie od epochi plemiennej do wieku XVI. Poznań, 1981. S. 62.
45 А. М. Гаштаўт — Ю. М. Радзівілу: „…. люди руского прироженя:ради то поведают, чого не видевши ани слышавши” (Archiwum Glówne Akt Dawnych. Archiwum Radziwiłłów. Dz. XI. Sygn. 17.S. [33]).
46 Российский государственный архив древних актов. Ф. 389 (Литовская метрика). Оп. 1. Ед. хр. 13. Л. 97—101 об.
47 Груша А. І. Канцылярыя Вялікага Княства Літоўскага 40-х гадоў XV — першай паловы XVI ст. Мінск, 2006. С. 61.
48 Гаворка ідзе пра летапісную згадку ў Ніканаўскім летапісе пад 865 г., згодна з якой „воеваша Аскольдъ и Диръ полочанъ и много зла сотвориша” (пра гэтую летапісную згадку: Рыбаков Б. А. Древняя Русь: Сказания. Былины. Летописи. Москва, 1963. С. 165; Алексеев Л. В. Полоцкая земля (Очерки истории северной Белоруссии в IX-XIII вв.). Москва, 1966. С. 237-238).
49 Гуревич. Проблемы генезиса феодализма в Западной Европе. С. 146 і інш.
50 У дадзеным выпадку мы нават не маем на ўвазе няўдалы пераклад „шляхты” ў „дваран” (у ВКЛ тэрмін „дваранін” выкарыстоўваўся для абазначэння пэўнай пасады).

Наверх

Řezník, Miloš. Bĕlorusko: Stručná historie statů. Praha, 2003 (Наталля Прыступа)

Снежня 16, 2007 |

ŘEZNÍK, MILOŠ. Bĕlorusko: Stručná historie států. Sv. 12. Praha: Nakladatelství Libri. 2003. — 110 s.

У 2003 г. у Празе выйшла кніга Мілаша Ржэзніка „Беларусь” (выдавецтва „Лібры”, серыя „Кароткі нарыс гісторыі краін свету”). Як сказана ў прадмове, мэтай даследавання з’яўляецца адлюстраванне гісторыі беларускага краю — пагатоў, дагэтуль у чэшскай гістарыяграфіі не было якой-кольвек абагульняльнай працы па дадзенай тэме. У сціслым пераказе прапануецца гісторыя беларускага народа са старажытных часоў да нашых дзён: толькі звяртаючыся да даўніны, сведчыць аўтар, можна растлумачыць працэсы, якія зазнае Беларусь сучасная.

На думку М. Ржэзніка, неабходна падзяляць гісторыю дзяржавы і гісторыю народа. Незалежная краіна пад назвай „Беларусь” узнікла толькі пасля распаду СССР у пачатку 1990-х г. — гісторыя ж беларускага народа налічвае не адно стагоддзе. Увогуле, цяжкасці ў вывучэнні гісторыі беларусаў абумоўлены, сцвярджае М. Ржэзнік, этнічнай і моўнай стракатасцю краіны ды супярэчлівым развіццём самасвядомасці беларусаў. Як высвятляецца, няпроста нават вызначыць дакладную назву рэгіёну ў кантэксце старажытнай гісторыі.

У прадмове адзначана, што беларускія назвы падаюцца ў кнізе згодна з традыцыяй чэшскай гістарыяграфіі — г. зн. у выглядзе польскіх ці рускіх адпаведнікаў. Уласна беларускія варыянты імёнаў М. Ржэзнік ужывае толькі ў дачыненні да найноўшай гісторыі.

Агляд старажытнай беларускай гісторыі М. Ржэзнік распачынае са з’яўлення першых населеных пунктаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі (100-40 тыс. да н. э.). Тэзісна разглядаюцца век каменны, бронзавы і жалезны. Што да з’яўлення на Беларусі славянаў, то аўтар канстатуе нявызначанасць дадзенага пытання. Паводле даследчыкаў (перш за ўсё філолагаў), акурат на тэрыторыі Беларусі, ці на ўсходзе ад яе, у I тыс. да н. э. адбыўся распад адзінай групы плямёнаў на славянскую і балцкую галіны. Такім чынам, менавіта Беларусь з’яўляецца месцам стыку і перапляцення абодвух элементаў — аднак аднавіць час, умовы і напрамкі рассялення славянаў на дадзены момант праблематычна ў сувязі з недахопам крыніц.

Неабходнасць прыняцця хрысціянства М. Ржэзнік тлумачыць палітычнымі інтарэсамі. Пасрэдніцтва Кіева і яго вялікадзяржаўная палітыка абумовілі прыналежнасць беларускіх земляў да асяродку ўсходняга хрысціянства. Аўтар, аднак, схіляецца да думкі, што Беларусь — месца, бадай, сутыкнення візантыйскага і лацінскага хрысціянскіх абрадаў.

У якасці знешніх фактараў узнікнення Вялікага Княства Літоўскага XIII ст. М. Ржэзнік называе экспансіянісцкую палітыку Залатой Арды, Масквы і Нямецкага ордэна. З фактараў унутраных у першую чаргу адзначаецца развіццё эканамічных адносінаў. Што да літоўскага перыяду беларускай гісторыі, аўтар спыняецца на пытаннях фармавання шляхецкага стану, паскарэння працэсаў урбанізацыі, узрастання гандлю і вытворчасці, на асаблівасцях прыняцця магдэбургскага права. Прагаворваючы матывы збліжэння ВКЛ з Польшчай, М. Ржэзнік акцэнтуе розніцу пазіцый шляхты і магнатаў у гэтым пункце, нагадвае пра ўзмацненне націску з боку Масквы.

У артыкуле, прысвечаным перыяду Рэчы Паспалітай, М. Ржэзнік аналізуе палітычную сістэму, якая ўсталявалася ў краіне пасля заключэння ў 1569 г. Люблінскай уніі. Ён падкрэслівае, што літоўская частка створанай дзяржавы, нягледзячы на атрыманыя гарантыі раўнапраўнага становішча, паступова трапляла ў цень больш магутнай Польшчы. Самі ж тэрміны „Літва” і „літоўскі” па-ранейшаму распаўсюджваліся на ўсю тэрыторыю ВКЛ, у тым ліку і на беларускія землі, а да 1697 г. дзяржаўнай мовай была старабеларуская. Паланізацыя, на думку аўтара, паскорылася не столькі дзякуючы ўрадавай палітыцы, колькі праз палітычнае, юрыдычные і культурна-ідэалагічнае збліжэнне літоўскіх палітычных элітаў з польскімі.

Заключэнне ў 1596 г. Берасцейскай уніі М. Ржэзнік разглядае як спробу пераадолець канфліктную сітуацыю ў рэлігійным жыцці краіны. Падкрэсліваецца, аднак, што большая частка вышэйшай праваслаўнай ерархіі не прызнала акта стварэння грэка-каталіцкай царквы, а гараджане, сяляне і частка дробнай шляхты ўвогуле палічылі яго за праяву рэлігійнага прыгнёту. Аналізуючы рэфармацыйны рух на Беларусі, аўтар называе яго асноўныя кірункі (у каталікоў — кальвінізм, арыянства, у меншай ступені лютэранства; у праваслаўных — рух монадарантаў) і прыходзіць да высновы, што ва ўмовах пагаршэння геапалітычнага становішча краіны менавіта каталіцтва паступова зрабілася дзяржаўнай і станавай ідэалогіяй польска-літоўскай шляхты.

Шмат увагі аддаецца палітычнай сістэме Рэчы Паспалітай: распавядаецца пра сутнасць liberum veto, прывілеі шляхецкага стану, слабую ролю караля. Падкрэсліваецца няўдзел гараджан у кіраванні краінай, некантраляваная і неабмежаваная ўлада прадстаўнікоў найбагацейшых магнацкіх родаў. Апошні пункт перадусім датычыць менавіта беларускай часткі Рэчы Паспалітай.

Далей вядзецца пра перыяд расійскай улады на Беларусі. Пералічваюцца наступствы ўваходжання Беларусі ў склад Расійскай імперыі: канец палітычнага ўплыву шляхты, вялікая колькасць перасяленцаў, скасаванне магдэбургскага права, прыгнёт грэка-каталіцкай царквы, новы адміністрацыйны падзел. У сціслым выглядзе адлюстраваны напад Напалеона на Расію, дзейнасць грамадскіх суполак філарэтаў і філаматаў, вынікі падаўлення паўстанняў 1830-1831 i 1863-1864 г., развіццё капіталістычных адносінаў другой паловы XIX ст.

Больш падрабязна разгледжана развіццё беларускага нацыянальнага руху ў апошняй трэці XIX ст. Так, аўтар адзначае, што прадстаўнікі беларускага нацыянальнага руху ў большасці паходзілі з вёскі і апелявалі да сельскага люду, але дзейнічалі перадусім у гарадах, у сувязі з чым вёска мала што пра іх ведала. Паходжанне ўдзельнікаў руху абумовіла іх збліжэнне з рабочым, сацыялістычным і, пазней, камуністычным рухам. М. Ржэзнік звяртае ўвагу на пашыраную сярод тагачаснай свядомай інтэлігенцыі ідэю аднаўлення уніяцтва ў якасці нацыянальнай царквы беларусаў. Аднак большасць насельніцтва на той момант ужо далучылася ці да праваслаўя, ці да каталіцтва — таму ідэя не знайшла шырокай падтрымкі. Аўтар праводзіць гістарычную паралель з канцом 1980 – пачаткам 1990-х г., калі ўяўленне пра уніяцтва як пра нацыянальную канфесію зноў зазнала няўдачу.

Аналізуючы праблему самавызначэння беларусаў, М. Ржэзнік адзначае, што менавіта абвяшчэнне БНР у сакавіку 1918 г. падштурхнула бальшавікоў да стварэння БССР. Час 1917-1921 г. характарызуецца ім як складаны, імклівы перыяд важных зменаў. Беларускі рух, які не знайшоў масавай падтрымкі з боку насельніцтва, прыйшоў да праграмы аўтаноміі і незалежнасці краіны. Здзяйсняецца падзел земляў, населеных беларусамі, паміж варожымі Польшчай i Савецкай Расіяй. І калі ва ўсходняй частцы ў 1920-я г. пашыраюцца працэсы беларусізацыі, то ў Заходняй Беларусі паўстае працяглы канфлікт паміж мясцовым насельніцтвам і польскай дзяржавай. У 1930-я г. беларусізацыя ў БССР спыняецца, адбываецца паўсюдная ліквідацыя г. зв. „буржуазнага нацыяналізму”, калектывізацыя і індустрыялізацыя. У Заходняй Беларусі працягваецца прыгнёт беларускага нацыянальнага жыцця ва ўмовах узмацнення аўтарытарнага рэжыму санацыі ў Польшчы.

Падзеі ваеннага камунізму, НЭПу, калектывізацыі і індустрыялізацыі ў даследаванні амаль не закранаюцца — чытачу прапануецца іх просты, без дэталёвых тлумачэнняў, пералік. Аўтар сцісла спыняецца на гісторыі другой сусветнай вайны — хадзе ваенных дзеянняў, асноўных напрамках супрацоўніцтва з нацыстамі, наступствах вайны для развіцця народнай гаспадаркі. Гісторыя БССР у пасляваенны час таксама разглядаецца вельмі сцісла. Больш падрабязна асвятляецца характар палітычных і эканамічных працэсаў, якія адбываліся пад час знаходжання на чале рэспублікі К. Мазурава і П. Машэрава.

Што да праблемаў стварэння незалежнай краіны — М. Ржэзнік з прыкрасцю адзначае палітычную апатыю і слабую зацікаўленасць беларускіх грамадзян ва ўласнай дзяржаве. З іншага боку, падкрэсліваецца, што такі стан рэчаў дазволіў унікнуць сур’ёзных канфліктаў на нацыянальнай і рэлігійнай глебе.

Палітычны рэжым, усталяваны ў рэспубліцы пасля 1994 г., характарызуецца аўтарам як аўтарытарны. Аналізуючы вышка прэзідэнцкіх выбараў 2001 г., аўтар гаворыць, што яны былі сфальшаваныя, але ў той самы час адпавядалі жаданням большай часткі беларускіх выбарцаў.

У канцы аўтар звяртае ўвагу на праблему недахопу ў Чэшскай Рэспубліцы новай гістарычнай літаратуры пра Беларусь і беларусаў, спыняецца на даступных працах беларускіх, польскіх і нямецкіх гісторыкаў. Акрамя таго, у кніжцы даецца кароткая энцыклапедычная даведка пра Беларусь (афіцыйная назва, дзяржаўная форма кіравання, месцазнаходжанне, пералік найбуйнейшых гарадоў, характарыстыка насельніцтва, рэлігійная сітуацыя, асноўныя напрамкі эканамічнага развіцця, прыродныя ўмовы краіны і г. д.). Змяшчаецца інфармацыя аб знаходжанні Пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Беларускага пасольства ў Чэшскай Рэспубліцы, даюцца асноўныя нумары тэлефонаў (у тым ліку — хуткай дапамогі, міліцыі і г. д.).

Можна адзначыць, што ў цэлым М. Ржэзнік здолеў выканаць пастаўленую перад сабой мэту — паказаць гісторыю беларускага народа ад старажытнасці да нашых дзён. З’яўленне даследавання такога характару дазволіць абудзіць цікавасць да Беларусі перш за ўсё сярод чэшскіх чытачоў.

Мінск

Наталля Прыступа

Akty cechów wileńskich 1495–1759. Poznań, 2006 ( Марцэлі Косман)

Снежня 12, 2007 |


Akty cechów wileńskich 1495-1759. Zebrał i przygotował do druku HENRYK ŁOWMIAŃSKI przy współudziale MARII ŁOWMIAŃSKIEJ i STANISŁAWA KOŚCIAŁKOWSKIEGO. Przedmową i skorowidzami opatrzył Jan Jurkiewicz. Wydawnictwo Poznańskie, Poznań 2006. — 493 + 320 s.

У верасні 1939 г. скончылася дзейнасць добра развітага ў міжваенным часе віленскага гістарычнага асяроддзя, засяроджанага вакол універсітэта Стэфана Баторыя і Таварыства Прыяцеляў Навук, а таксама аднаго з найлепшых гістарычных часопісаў таго часу „Ateneum Wileńskiego”. Восень таго года азначала канец нармальных заняткаў, абмежаванне доступу да бібліятэк, a неўзабаве і поўны адрыў ад навуковых варштатаў, у тым ліку спыненне друку не адной кніжкі[1]. Пасля вайны ў сталіцы савецкай Літвы ўсталяваўся развіты цяпер новы даследчыцкі асяродак, які наследаваў традыцыі універсітэта Вітаўта Вялікага, але чэрпаў і з даробку міжваеннага віленскага цэнтра. Даследаванні ВКЛ сталі ўсё актыўней весціся і ў Мінску, а польскія гісторыкі раскідаліся па свеце, над Віслай, Вартай і Одэрам пачынаючы ў асноўным новыя даследчыцкія тэмы[2]. З часам атрымалася збліжэнне гістарычных асяродкаў краін, што з’явіліся на абшарах першай Рэчы Паспалітай, звярнуліся і да міжваенных напрацовак, у тым ліку да прац, якія засталіся ў рукапісе або друк якіх перарваўся на стадыі карэктуры. А многія з іх, нягледзячы на час, захавалі сваю каштоўнасць, асабліва працы аўтара фундаментальных штудыяў пра пачаткі Вялікага Княства[3].

Набліжаецца чвэрць стагоддзя пасля трагічнай смерці тагачаснага нестара польскіх гісторыкаў Генрыха Лаўмяньскага (верасень 1984 г.), а ўсё выходзяць яго чарговыя працы, пачынаючы ад апошняга тома фундаментальнай сінтэзы[4]. Aўтар яшчэ паспеў падрыхтаваць працаёмкія індэксы і вычытаць карэктуру. Пасля некалькіх гадоў том яго даследаванняў па гісторыі Літвы, Прусіі і Нямецкага ордэна быў апублікаваны ў вядомай серыі „Kласікі гістарыяграфіі”[5]. У дзесятую гадавіну яго смерці Познаньскі універсітэт імя Адама Міцкевіча — другая пасля віленскай Alma mater медыявіста — арганізаваў навуковую канферэнцыю, прысвечаную жыццю і творчасці аўтара „Пачаткаў Польшчы”, пад час якой спецыяльна разглядалася частка яго спадчыны, пакінутая ў рукапісах. У артыкуле на гэтую тэму гаварылася пра шэраг рукапісаў[6], некаторыя з якіх ужо апублікаваныя. Аднак не згадваліся Aktу cechów wileńskich, i ў пэўным сэнсе слушна[7], бо гэтая вялікая праца была ў 1939 г. апублікавана, хоць яна і не дайшла да рук чытачоў[8]. Затое на той жа канферэнцыі шмат увагі гэтаму выданню аддаў віленскі даследчык Зігмантас Кяўпа: „Справа Aktów cechów wileńskich застаецца не да канца высветленай, а дакладней не ўдакументаванай. Гэта крыніцазнаўчае выданне, што імпануе як аб’ёмам, так і найвышэйшым узроўнем рэдактуры. У 1-м томе на 493 старонках змешчана 487 пазіцый з перыяду 1495-1700 г., а ў 2-м томе на 200 старонках — 344 пазіцыі з 1701-1759 г. У выданне ўключаны цэхавыя прывілеі, статуты, карэспандэнцыя і іншыя багатыя матэрыялы, датычныя ўсіх віленскіх сярэднявечных і новачасных цэхаў. Гэты матэрыял сабраны не толькі ў архівах Вільні, але і ўсёй тагачаснай Рэчы Паспалітай. Друк Aktów cechów wileńskich быў перарваны пачаткам Другой сусветнай вайны. Уцалела толькі частка накладу без вокладкі. У Вільні, сярод літоўскіх гісторыкаў, Akty cechów wileńskich лічацца працай М. Лаўмяньскай. <…>

Гэтае выданне ўдалося выратаваць у ваеннай завірусе i ўберагчы пасля вайны, калі савецкі рэжым стараўся знішчаць кнігі. Засталася невялікая колькасць асобнікаў…”[9].

Збераглося некалькі дзесяткаў экзэмпляраў карэктуры, — большасць у Бібліятэцы Літоўскай АН (якая пераняла будынак і фонды даваеннай Бібліятэкі Ўрублеўскіх) дзякуючы яе тагачаснаму дырэктару акадэміку Юозасу Юргінісу (†1994), а тых, што ацалелі ў Польшчы, больш за дзесятак. У навуковы зварот яны ўваходзілі цалкам выпадкова. Пэўна, быў тэкст у бібліятэцы Інстытута гісторыі універсітэта А. Міцкевіча ў Познані, дырэктарам якога да самай пенсіі (1968) быў Генрых Лаўмяньскі, які ад 1945 г. лучыў з Познанем віленскія традыцыі[10]. Гэтым карысталіся, кіраваныя настаўнікам, найперш удзельнікі нешматлікага, але добрага вышэйшага літуаністычнага семінара[11]. Яны таксама здабывалі інфармацыю наконт рэальнага ўкладу членаў рэдакцыйнага калектыва ў падрыхтоўцы працы. На машынапісным аркушы, далучаным да тэксту, можна было прачытаць, што твор падрыхтаваў Станіслаў Касцялкоўскі пры ўдзеле Генрыха і Марыі Лаўмяньскіх.

Генрых Лаўмяньскі, хоць неахвочы да падобнага, палічыў магчымым паінфармаваць іх, што ўсё было падрыхтавана ім і яго жонкаю, вопытнай даследчыцай гісторыі Вільні XVII ст., пры супрацоўніцтве з Касцялкоўскім. Пра гэта ўспамінаў Юзаф Можы[12], і тое ж пачуў aд прафесара аўтар гэтых радкоў, калі займаўся міжканфесійнымі дачыненнямі ў ВКЛ XVI-XVIII ст.[13]. Вось жа выдавец гэтай працы Ян Юркевіч мог з поўнай перакананасцю, выкарыстоўваючы пры гэтым дакументы, звязаныя са шматгадовай працай над публікацыяй матэрыялаў віленскіх цэхаў[14], даць ёй такі тытул, які цяпер на вокладцы, аздобіць яе партрэтам Генрыха Лаўмяньскага ды канстатаваць, што гісторык быў „не тольid інспіратарам і прыхільнікам асобнага выдання цэхавых актаў (фармальна пакінутай у рамках Kodeksu miasta Wilna), але і галоўным рэалізатарам гэтага намеру”[15].

Патронам задумы цягам амаль цэлага міжваеннага дваццацігоддзя быў Станіслаў Касцялкоўскі (1881-1960), адзін з лідэраў гістарычнага асяродку ў Вільні, ад 1906 г. арганізатар сярэдняга школьніцтва ў гэтым горадзе, сузаснавальнік універсітэта Стэфана Баторыя ў 1918 г., з 1923 надзвычайны і з 1937 г. звычайны прафесар гэтага універсітэта. Ён згадваў, што каля 1922 г. у рамках тамтэйшага Таварыства прыяцеляў навук з’явілася ідэя падрыхтоўкі двух крыніцазнаўчых выданняў: 1) Codex Diplomaticus civitatis Vilnensis, 2) Codex Diplomaticus Universitatis Vilnensis. Урэшце пастанавілі сканцэнтраваць сілы на першым — гэта ініцыяваў Казімір Хадыніцкі (у 1928 г. ён перасяліўся ў Познань), „з якім галоўны цяжар падрыхтоўчай працы дзяліў др Лаўмяньскі”, малады вучоны, дактарызаваны ў 1924 г., які на год выехаў у Парыж і сканцэнтраваўся на ўласных даследаваннях, вынікам якіх стаў шэраг публікацый, у тым ліку фундаментальныя штудыі пра пачаткі літоўскай дзяржавы i грамадства (Вільня, 1931/32). Але праз год праца перапынілася, a яе ўзнаўленню не спрыяла перайманне iніцыятывы Тэафілам Э. Мадэльскім, які, праўда, у 1930 г. вярнуўся ў Львоў. Як можна меркаваць, вось тады Лаўмяньскі, які быў архіварыусам Вільні (1929-1933) і з 1934 г. прафесарам УСБ, атрымаў свабоду ініцыятывы і рэалізацыі. „Узяў на сябе львіную частку працы і выконваў яе з вялікім запалам, веданнем справы і незвычайнай адданасцю ёй” — пісаў у канцы красавіка 1930 г. Kасцялкоўскі, які выконваў тады агульнае кіраўніцтва[16]. Супрацоўнікі мяняліся, a галоўны аб’ём працы ўрэшце пераняла ад яго др Марыя Лаўмяньская. Хоць шмат ужо было зроблена, да пачатку Другой сусветнай вайны працу над выданнем не паспелі завяршыць. Напэўна, перашкаджалі фінансавыя цяжкасці, бо праца — цяпер завершаная як належыць — вымагала вялізных выдаткаў.

Рэдактар дадаў да арыгінальнага тэксту прадмову (VII-XVI), у якой асвятляецца гісторыя працы над Aktami cechów wileńskich, iх змест і перыпетыі тэксту цягам апошніх сямідзесяці гадоў. За падставу эдыцыі ўзяты экзэмпляр, захаваны ў бібліятэцы Інстытута гісторыі УАМ у Познані. Захавана асобная нумарацыя старонак абедзвюх частак працы (с. 1-493 за гады 1495-1700 і с. 1-200 зa 1701-1759). Ян Юркевіч забяспечыў выданне неабходным пералікам актаў (XVII- LXXXIV), цытаваных крыніцазнаўчых выданняў i даследаванняў (LXXXV-LXXXVII), а таксама скарачэнняў (LXXXIX-XC) асабовым (асобна для кожнай часткі) i геаграфічным (разам для I i II частак) паказнікам, працягваючы пагінацыю часткі II (205-311). Замыкаецца выданне рэдактарскай заўвагай па-літоўску (Leidėjų žodis, перакл. Юозас Марцінкевічус) i aнглійскім (Editiorial Note, перакл. Рафал Віткоўскі). Пра характар цэхавых матэрыялаў ад канца XV да другой паловы XVIII ст. сведчыць мова апублікаваных дакументаў: найперш гэта лаціна, а з XVII ст. найчасцей польская. Апублікаваны матэрыял зацікавіць не толькі гісторыка (ладу, гаспадаркі, культуры, веравызнаўчых адносінаў і г.д.), aле, сярод іншых, і мовазнаўцу.

Пра тое, якую крыніцазнаўчую вартасць уяўляе апублікаваная праца для шырэйшага кола даследчыкаў, сведчаць тыя, каму ўдалося гадамі карыстацца захаванымі экзэмплярамі ў карэктуры, без індэксаў і зместу. Яна ўтрымлівае найбагацейшую інфармацыю па гісторыі Вільні эпохі Ягайлавічаў і шляхецкай Рэчы Паспалітай, асабліва датычна этнічных, гаспадарчых, грамадскіх і веравызнаўчых узаемаадносінаў. Цяпер гэтая праца зойме сваё месца каля Aktów unii Polski z Litwą i Kodeksu dyplomatycznego katedry i diecezji wileńskiej[17], — выніку старанняў кракаўскіх гісторыкаў міжваеннага часу Яна Фіялка, Станіслава Кутшэбы і Ўладыслава Сямковіча. Нагадваючы пра універсітэт Стэфана Баторыя, гэты фаліянт дазваляе ўзбагаціць варштат даследчыка гісторыі першай Рэчы Паспалітай, асабліва сталіцы ВКЛ з яе культурнай, эканамічнай і этнічнай спецыфікай. Спецыфікай, якую не заўсёды заўважаюць.
Познань

Марцэлі Косман


1 Гэтую сітуацыю вобразна апісаў прафесар Леанід Жытковіч, якіў тыя часы быў асістэнтам гістарычнага семінара. Гл.: Żytkowicz L. Moje spotkania z Profesorem Łowmiańskim // Profesor Henryk Łowmiański — życie i dzieło. Materiały z sesji naukowej poświęconej dziesiątej rocznicy śmierci Uczonego (Poznań 7-8 X 1994 r.). Podred. A. Kijasa i K. Pietkiewicza. Poznań, 1995. S. 203-209.
2 Гл.: Kosman M. Wileńscy badacze dziejów Wielkiego Księstwa Litewskiego na rozdrożu (po 1945 r.) // Ostatni obywatele WielkiegoKsięstwa Litewskiego. Praca zbiorowa pod redakcjąT. Bujnickiego i K. Stępnika. Lublin, 2005. S. 317 nn.
3 Łowmiański H. Studia nad początkami społeczeсstwa i Państwa litewskiego. T. I—II. Rozprawy Wydziału III Towarzystwa Przyjaciół Nauk w Wilnie. Wilno, 1931-1932.
4 Łowmiański H. Początki Polski. T.VI. Cz. 1-2. Warszawa, 1985.
5 Idem, Prusy — Litwa — Krzyżacy. Wyboru dokonał, wstępem i posłowiem opatrzył M. Kosman / „Klasycy Historiografii”/ Podred. A. F. Grabskiego. Warszawa, 1989.
6 Ochmański J. Rękopiśmienna spuścizna naukowa Henryka Łowmiańskiego // Profesor Henryk Łowmiański — życie i dzieło.S. 30-36.
7 Łowmiański H. Zaludnienie państwa litewskiego w wieku XVI.Zaludnienie w roku 1528. Do druku przygotowali A. Kijas i K. Pietkiewicz. Poznań, 1998; idem, Polityka Jagiellonów. Do druku przygotował K. Pietkiewicz. Poznań, 1999 (абедзве кнігі выйшліў Познаньскім выдавецтве, якое дэкляравала таксама перадрук доктарскіх прац Генрыха і Марыі Лаўмяньскіх). Апрачагэтага некалькі перавыданняў міжваеннага перыяду з’явілісяў чарговых тамах гадавіка „Lituano-Slavica Posnaniensia. Studia Historica”.
8 Напэўна з гэтай прычыны, хоць на маю думку няслушна, яе неўключалі ў абедзве апублікаваныя бібліяграфіі прац ГенрыхаЛаўмяньскага: 1) Studia Historica. W 35-lecie pracy naukowej…,Warszawa, 1958. S. 7—19; 2) Słowianie w dziejach Europy. Studiahistoryczne ku uczczeniu 75 rocznicy urodzin i 50-lecia pracy naukowej…, Poznań, 1974. S. 5-22.
9 Kiaupa Z. Maria i Henryk Łowmiańscy — badacze dziejów miasta Wilna // Profesor Henryk Łowmiański. S. 65.
10 Гл.: Bardach J. Henryk Łowmiański jako badacz dziejów Litwyhistorycznej // O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988. S. 399—430. Aўтар — сведка эпохі, які ў Вільні ўдзельнічаў у семінары, якім кіраваў Лаўмяньскі, згадвае тут аб „падрыхтаванымразам з жонкай выданні Akty cechów wileńskich (надрукаваныт. I да 1700 г. i частка т. II да 1659 г.)”, гл.: с. 403. Юліуш Бардах напярэдадні XXI ст. стаў гарачым прыхільнікам публікацыі гэтага твора і патранаваў ініцыятыву, рэалізаваную Познаньскім выдавецтвам.
11 Асабліва Юзаф Можы і Марцэлі Косман, — гл. спасылкі 13i 14.
12 Morzy J. Geneza i rozwój cechów wileńskich do końca XVII w //Zeszyty Naukowe Uniwersytetu im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. Nr 24; Historia, z. 4. Poznań, 1959. S. 3.
13 Гл.: Kosman M. Konflikty wyznaniowe w Wilnie (schyłek XVI—XVIII w.) // Kwartalnik Historyczny. R. 79. 1972. Nr 1. S. 3-23;idem, Protestanci i Kontrreformacja. Z dziejów tolerancji w Rzeczypospolitej XVI-XVIII wieku. Wrocław, 1978. S. 70-97.
14 Mатэрыялы, датычныя выдання “Kodeksu miasta Wilna 1921—1931″, — Biblioteka Narodowa w Warszawie, Rps BN IV.7.
15 Akty cechów… S. XI.
16 RpsBNIV.7,k.36.
17 Гэты твор у свой час таксама выйшаў у няпоўнай версіі (Кракаў, 1932 i 1948), і амаль паўстагоддзя давялося чакаць выдання сшытка з дапаўненнямі (220 старонак) да незавершанай крыніцазнаўчай эдыцыі: Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. I (1387-1507). Indeksy. Kraków, 1994.

Наверх

Михайлюк, Олександр В. Селянство України в перші десятиліття XX ст. (Марыя Бяспалая)

Снежня 4, 2007 |

МИХАЙЛЮК, ОЛЕКСАНДР В. Селянство України в перші десятиліття XX ст.: соціокультурні процеси. Дніпропетровськ: Інновація, 2007. — 456 с

Удалай назвай для рэцэнзіі на манаграфію Аляксандра Міхайлюка магло б стаць лацінскае выслоўе, прыведзенае самім аўтарам: іn historia non datur saltus (гісторыя не ведае скачкоў). Менавіта гэтаму лейтматыву падпарадкаваны ўсе структурныя элементы кнігі. На яго доказ працуе велізарная колькасць літаратуры самых разнастайных кірункаў (агульная лічба — 1288 пазіцый), у тым ліку справы чатырох архіваў Украіны. Абагульніць галоўную думку аўтара можна ў наступным выглядзе: рэальнае жыццё ўяўляе сабою непарыўнае адзінства. Нельга вырываць рэвалюцыйныя падзеі з кантэксту папярэдняга развіцця, бо іх удзельнікі фармаваліся ў межах пэўнай культуры з яе традыцыямі (38). На наш погляд, да сказанага варта было б дадаць, што гэтак жа немагчыма перапыніць сілавымі (так бы мовіць, рэвалюцыйнымі) сродкамі эканамічныя працэсы, якія гэтаксама зарадзіліся і развіваліся па сваіх законах, у адпаведнасці з пэўнай культурай і яе традыцыямі.

Не зусім выразна акрэслена стаўленне аўтара да канцэпцыі храналагічных вытокаў сацыякультурных працэсаў у вёсцы. Так, ён спасылаецца на цікавую думку В. Данілава пра„сялянскуюрэвалюцыю 1902-1922 г.”(38), на фоне якой разгортваліся ўсе іншыя сацыяльныя і палітычныя рэвалюцыі. Сваю ўласную пазіцыю па гэтым пытанні А. Міхайлюк, аднак, не прапісвае — хоць назва і храналагічныя рамкі працы сведчаць пра аўтарскую заангажаванасць у канцэпцыю. А. Міхайлюк тлумачыць свой выбар тым, што «пачатак ХХ ст. гэта перыяд паскоранай мадэрнізацыі краіны, час сутнасных зменаў у жыцці вёскі. Звычайны ўклад і традыцыйныя інстытуты сялянскага міра” трапілі пад моцны знешні ўплыў і перажывалі ўнутраную трансфармацыю» (37). У сувязі з тым, што „сялянства і сялянскасць”, атрыманыя савецкай уладай у спадчыну ад царскай Расіі, выконвалі аб’яднальную ролю ў гісторыі першых дзесяцігоддзяў ХХ ст., аўтар ставіць перад сабою мэту — „прааналізаваць шырэй цэлы шэраг палітычных і сацыяльных працэсаў, не падзяляючы іх на перад- і паслярэвалюцыйныя, на прычыны і наступствы… аб’яднаць дзве эпохі дзеля таго, каб выявіць агульнае і адметнае ў сялянскай культуры ў (вызначанай) часавай прасторы” (37).

За галоўны стрыжань сваёй метадалогіі аўтар абірае сацыякультурны падыход, уласнае разуменне сутнасці якога тлумачыць наступным чынам: «Гэты падыход уключае ў сябе асновы фармацыйнага і цывілізацыйнага падыходаў, ён набліжаецца „да татальнай гісторыі”, якая ахоплівае ўсе сферы жыцця чалавека і супольнасці усё звязана з усім» (30). Сацыякультурны падыход, на думку А. Міхайлюка, дазваляе адлюстраваць праблему суадносінаў культуры (разгляданай, перадусім, у якасці неад’емнага аспекта паводзінаў чалавека ў супольнасці) — і сацыяльнага ладу. Аўтар лічыць, што даследчая праблема сітуацыйных паводзінаў чалавека прадвызначае абавязковае вывучэнне сацыяльнай псіхалогіі, светапоглядных усталяванняў, інтэлектуальнага багажу — г. зн., таго ўспрымання свету, які сфармаваўся ў працэсе сацыяльнай практыкі асобы і, у сваю чаргу, выразна ўплывае на яе. Не бывае чалавека „наагул”, як і культуры „наагул”, сацыякультурны ж падыход дазваляе разглядаць культуру пэўнай супольнасці, у дадзеным выпадку — сялянства.

Абраны аўтарам ракурс даследавання, на наш погляд, дазваляе пагадзіцца з вызначэннем мэты даследавання: эвалюцыя сацыяльных паводзінаў сялянства, што прадугледжвае не толькі аналіз штодзённых паводзінаў, але і вызначальных для іх каштоўнасных арыентацый, установак свядомасці і мадэляў паводзінаў, стэрэатыпаў, уяўленняў. Па магчымасці аўтар імкнецца прааналізаваць змены ў сялянскай культуры, якая ў шырокім плане разумеецца як сродак жыццядзейнасці, у аксіялагічным — як сістэма нормаў і каштоўнасцяў, у семантычным — як сістэма знакаў і сімвалаў, што складаюць свайго роду праграму, патэрны жыццядзейнасці сялянства (с. 39).

Пастаўленыя задачы аўтар вырашае на матэрыяле, выкладзеным у пяці раздзелах: Сялянскае светаўспрыманне; Сялянская эканоміка; „Сялянскі мір” і сялянскі бунт; Аграрная рэвалюцыя; Палітычныя наступствы „сялянскай рэвалюцыі”. Назвы раздзелаў і параграфаў адлюстроўваюць імкненне прааналізаваць эвалюцыю сацыяльных паводзінаў сялянства пад час зменлівых працэсаў у сацыякультурным жыцці першых дзесяцігоддзяў XX ст.

Разважанні аўтара пачынаюцца са спробы вызначэння крытэрыяў паняцця „сялянства”. Што праўда, зразумець аўтарскую пазіцыю ў вызначэнні гэтага тэрміна досыць складана. У ходзе навуковай палемікі А. Міхайлюк спасылаецца на БСЭ: „Сялянстваразумеецца як сукупнасць дробных сельскагаспадарчых работнікаў, якія вядуць індывідуальную гаспадарку асабістымі сродкамі вытворчасці і сіламі сваёй сям’і”(41). Пры гэтым, аднак, ён спрабуе давесці, што „сялянства ў Расійскай імперыі досыць малады і ў значнай ступені штучна створаны стан”, аргументуючы сваё сцвярджэнне прыкладамі розных назваў шматлікіх катэгорый сялянства, якія сведчылі пра яго няроўнае сацыяльна-эканамічнае становішча і недастатковую сфармаванасць у выглядзе асобнай супольнасці.

Паводле А. Міхайлюка, канчаткова сялянства сфармавалася ў канцы ХІХ ст. Найбольш гэтаму паспрыяла рэформа 1861 г. і расійскае станавае заканадаўства, згодна з якім сялянства, па розных прыкметах, адрознівалася ад іншых станаў (43). Безумоўна, у сваіх высновах аўтар мае рацыю. Да яго разважанняў можна дадаць, што паміж сабой селянін Украіны і селянін Беларусі таксама адрозніваліся па шматлікіх характарыстыках, вызначаных, перш за ўсё, сфармаванымі на працягу стагоддзяў умовамі гаспадарання. У той жа час іх аб’ядноўвала галоўная прыкмета — праца на зямлі. Пытанне пра вызначэнне тэрміна „сялянства”, закранутае аўтарам, безумоўна, мае падставу для навуковай дыскусіі.

Манаграфія А. Міхайлюка ўтрымлівае шмат неардынарных назіранняў, параўнанняў, высноваў. На нашу думку, да безумоўных цікавостак можна аднесці палеміку па сялянскім малазямеллі і перанаселенасці вёскі ў паслярэформенны перыяд (78-99); супастаўленне процілеглых пунктаў гледжання па сталыпінскай аграрнай рэформе (але ў гэтым пытанні хацелася б бачыць больш выразную пазіцыю аўтара, гл. с. 109-113). Цікава напісаны раздзел 3 — „Сялянскі мір” і сялянскі бунт, асабліва параграф„Сялянскі мір” і ўлада, у якім разглядаецца стаўленне сялянства да асобы цара, да ўлады наагул і прыватна права. Галоўны матыў апошняй з’явы трэба шукаць у „неадпаведнасці большасці нормаў пісанага права паўсядзённым масавым ўяўленням пра справядлівасць, якія мелі месца ў звычаёвым праве” (174).

Адзін з самых цікавых — параграф, прысвечаны такой з’яве, як мяшочніцтва. Аўтар пачынае тэму з выслоўя А. Купрына „Помнік Мяшочніку, які ў грамадзянскую вайну ўратаваў шмат тысячаў жыццяў гарадскога і сялянскага насельніцтва. Помнік яму Г (278). Здаецца, у беларускай гістарычнай літаратуры няма прац, прысвечаных гэтай складанай праблеме.

Пад арыгінальным ракурсам выкладзены матэрыял пра сялянскі паўстанцкі рух — ён разглядаецца як з’ява, вызначаная рознымі складнікамі: захопам незасеяных земляў, арыштам памешчыкаў і іх адміністрацыі, ліквідацыяй натуральнай арэнднай платы, пагромамі сядзібаў, у якіх найбольш вызначаліся заможныя сяляне і г. д.

Аляксандр Міхайлюк разглядае неабходнасць самаўзбраення і самаабароны сялянства як адзіны сродак супраціву гвалту з боку акупантаў і памешчыкаў, паказвае аб’яднанне ўлетку 1918 г. лакальных ачагоў у паўстанцкі рух па ўсёй Украіне, перараджэнне яго ў бандытызм і г. д.

Пытанне аб адносінах паміж сялянствам і савецкай уладай аўтар таксама ўздымае. Ён звяртае ўвагу на два шляхі развязання гэтай праблемы, аддаючы перавагу таму, які вынікаў з рэалістычнага разумення асаблівасцяў краіны, характару рэвалюцыйных пераўтварэнняў і, адпаведна, з патрэбы заручыцца падтрымкаю сялянства і ўлічыць яго інтарэсы (388). Міхайлюк лічыць, што „патрыярхальнасць i калектывісцкая свядомасць сялянства, яго рэакцыя на спробы паскарэння мадэрнізацыі краіны, імкненне пазбегнуць уплыву чужой ім культуры і інш. вызначылі перамогу бальшавікоў” (392).

У цэлым праца А. Міхайлюка, які абраў сацыякультурны падыход, заслугоўвае высокай ацэнкі, і ці не найперш дзякуючы наватарскай канцэпцыі.

Мінск

Марыя Бяспалая

Ёзэф Валка. Яраслаў Панэк — чэшскі гісторык на пераломе эпох

Снежня 20, 2006 |


У аўтабіяграфічным аповедзе Яраслаў Панэк (нарадзіўся 23 студзеня 1947 г.) апісаў свой нялёгкі шлях да заняткаў гісторыяй i да працы ў Акадэміі навук ЧССР[1]. Цікавасць да гісторыі абудзіў дзядуля па бацьку патрыятычнымі расповедамі пра мінулае Радзімы i сям’і, a таксама сустрэча i сяброўскія зносіны з вядомым славістам Атонам Беркопцам[2]. Менавіта ён дапамог Яраславу пераадолець сумненні бацькоў-прагматыкаў у дачыненні да мзтазгоднасці i каштоўнасці гуманітарнай адукацыі „для жыцця” i зарыентаваў таленавітага вучня на вывучэнне гісторыі i моваў тагачаснай Югаславіі.

Пад уплывам настаўнікаў у Я. Панка (а яны добра ве­дам яго талент i пераканалі ў гэтым кіраўнічыя органы) з’явілася магчымасць атрымаць сярэднюю адукацыю (1962-1965). У другой палове 1960-х г., у перыяд палітычных зрухаў у краіне, ён здолеў трапіць на курс архівазнаўства і гісторыі, а потым i славістыкі на філасофскім факультэце Карлавага універсітзта (1965-1970). Атрыманая ад адміністрацыі Цэнтральнай Чэхіі стыпендыя абавязала Панка адпрацаваць некалькі гадоў у тым краі пасля заканчэння вучобы. Гэга i стала яго першым месцам працы.

У чэхаславацкай гістарыяграфіі Сярэднявечча ў 1960-я гг. была пераадолена абавязковасць схематызму афіцыйнага марксісцкага трактавання гісторыі, усталявалася пазітывісцкая традыцыя i была прадэкларавана адкрытасць для сучасных сусветных тэндэнцый у навуцы[3]. Пры вывучэнні старажытнай гісторыі быў таксама ўведзены прынцып усебаковага даследавання архіўных матэрыялаў, эўрыстыкі, крытыкі i змястоўнай інтэрпрэтацыі крыніц. Пры гэтым дамінавальныя пазіцыі належалі вывучэнню эканамічнай i сацыяльнай гісторыі, што ў болыыасці сваёй злучалася з тэматыкай марксісцкай гістарыяграфіі ў Заходняй i Ўсходняй Еўропе. Вывучэнне сацыяльна-эканамічнай гісторыі ў Чэхаславакіі дасягнула еўрапейскага ўзроўню, i з гэтым пачалі лічыцца на Захадзе. Былі адноўлены працоўныя кантакты з замежжам, a вышэйшыя навучальныя ўстановы пачалі змагацца за права весці даследчую дзейнасць, якая дагэтуль была дазволена толькі Акадэміі навук ЧССР у адпаведнасці з праектам 3. Неедлага.

Пад час вучобы на факультэце Я. Панэк мог сустракацца з высокапрафесійнымі настаўнікамі, якімі з’яўляліся Ё. Палішэнскі (J. Polišenský), Францішак Каўка (Fг. Kavka), Ф. Кутнар (Fг. Kutnar), 3. Фіяла (Zd. Fiala), Ё. Пэтрань (J. Petráň), Міраслаў Грох (M. Hroch), Р. Квачэк (Г. Kvaček), I. Главачэк (I. Hlaváček) i іншыя, ды займацца тым, што выклікала найбольшы інтарэс. Пры гэтым інтарэсы яшчэ цалкам не вызначыліся. Так, яго дыпломная праца, напісаная па гісторыі Сярэднявечча i славістыкі, была прысвечана чэшскім матывам у польскіх сярэднявечных хроніках[4]. Станаўленне Панка як даследчыка, як i некаторых яго равеснікаў, адбывалася не толькі пад уплывам настаўнікаў (і ў залежнасці ад ix), а хутчэй дзякуючы ўласным намаганням — так званы a self-made man. Ha першым месцы працы, у архіве, даследчык атрымаў магчымасць далей развіваць рознабаковасць інтарэсаў i займацца нечым новым.

Пяць гадоў (1970-1975), якія былі праведзены ў адпаведнасці ca стыпендыяльнымі абавязкамі ў Бенешаўскім раённым архіве, Панэк займаўся бягучай архіўнай працай i выкананнем адміністрацыйных задач намінальнага „дырэктара”. Там ён праявіў сябе як працавіты архіварыус. Вынікам стаў шэраг упарадкаваных фондаў i дасканалых інвентароў, каталогаў i бібліяграфіі, акрамя таго менавіта там сфармаваўся ўстойлівы інтарэс даследчыка да гісторыі Цэнтральнай Чэхіі i яе дзеячаў. У бенешаўскіх архіўных фондах Панэк знайшоў крыніцы па адной з самых важных праблем даследавання: права i яго адносіны да ўлады i rpaмадства. Гаворка ідзе пра дакументы крымінальнага права часткі Цэнтральнай Чэхіі XVI-XVIII ст. 3 бенешаўскіх архіваў паходзіць i яго першая публікацыя крыніц ранняга Новага часу „Смольная кніга гарадка Дзівішова (1617-1751)” [„Smolná kniha městečka Divišova z let 1617-1751"[5]). Ужо ў гэтай публікацыі выявіліся некаторыя характэрныя рысы даследчыцкай дзейнасці Панка: апора на крыніцы, бездакорнасць выдання, вычарпальныя заўвагі i каментары. У змястоўных па сваім характары ўводзінах аўтар прывёў канцэптуальныя выклады таго, што крымінальнае права знаходзіцца ў цеснай узаемасувязі з сацыяльнымі ўмовамі таго ці іншага часу. Пасля працы ў Бенешаве Панэк атрымаў месца архіварыуса ў Дзяржаўным абласным архівеў Празе (1975-1976). Пры гэтым час, праведзены ў Бенешаўскім архіве, ён не разглядаў як марна страчаны. Так, вучоны адзначаў: „Я навучыўся там працаваць з архіўнымі крыніцамі, пазнаёміўся з цэлым шэрагам выдатных людзей i лепш спазнаў вясковы побыт, што для нараджэнца Прагі было вельмі важна”[6].

У 1977 г. Панэк пачаў працаваць у Акадэміі навук ЧССР. Гэта стала магчымым дзякуючы намаганням загадчыка аддзела старажытнай гісторыі Інстытута чэхаславацкай i cyсветнай гісторыі д-ра Ёзэфа Яначка[7], які пазнаёміўся з яго першымі навуковымі працамі i пачаў прадстаўляць яго інтарэсы. Пачатак працы ў Акадэміі навук, адным з самых уплывовых i паслядоўных носьбітаў афіцыйнай палітыкі, супаў з перыядам жорсткай „нармалізацыі”. Панэк прыйшоў туды пасля значных партыйных чыстак сярод гісторыкаў на пачатку 1970-х гг. Чысткі сталі своеасаблівай пометай рэжыму нармалізацыі за тую выключную ролю, якую адыгралі некаторыя супрацоўнікі інстытутаў гісторыі ў перыяд лібералізацыі i дэмакратызацыі 1960-х г., за аказанне супраціву пад час жнівеньскай акупацыі. Праца ў Бенешаўскім архіве i маладосць збераглі Панка на гэтым этапе гісторыі інстытута. Заслуга Яначка i тых, хто перажыў гэтыя чысткі, заключалася ў тым, што аддзел старажытнай гісторыі Інстытута гісторыі стаў у другой палове 1970-х i асабліва 1980-х гг. сапраўдным даследчым інстытутам, у якога былі канкрэтныя планы даследавання i выключныя вынікі, дасягнутыя ў публікацыях I. Спевачка (J. Spěváčka), Д. Тршэшціка (D. Třeštíka), Я. Жэмлічкі (J. Žemličky), Я. Панка (J. Pánka) i іншых. Некаторыя з гэтых публікацый выходзілі вялікім тыражом, а ix аўтары спрыялі захаванню высокага ўзроўню i пераемнасці чэшскай гістарыяграфіі. 3 самага па­чатку Панэк працаваў у рэдакцыі перыядычнага выдання Folia Historica Bohemica, што выходзіла ў Інстытуце гісторыі АН, a ў 1990 г. стаў яго галоўным рэдактарам. I хоць у гэтым зборніку выдаваліся працы пераважна супрацоўнікаў Інстытута гісторыі, тым не менш у 1980-я гг. ён стаў галоўным месцам публікацый прац чэшскіх гісторыкаў ранняга Новага часу. У ім, а таксама ў некаторых іншых перыядычных выданнях (Husitský Tábor, Studia Comeniana et Historica) зноў на першае месца выйшлі перадавыя артику­лы, напісаныя з улікам новых тэндэнцый у развіцці гістарычнай навукі. Супрацоўнікі інстытута імкнуліся па магчымасці захаваць як асабістыя, так i працоўныя кантакты з калегамі, якія аказаліся за бортам, а таксама дапамагчы ім вярнуцца да навукова-грамадскага жыцця i выдавецкай дзейнасці, асабліва калі гэта былі колішнія супрацоўнікі Інстытута.

Вывучэнне гісторыі XVI-XVII ст. мела, вядома ж, добрыя традыцыі ў чэхаславацкай гістарыяграфіі. Ужо ў дру­гой палове XIX ст. была зліквідавана даследчыцкая манаполія Сярэднявечча, адкуль гісторыкі Адраджэння бралі ўпэўненасць i сэнс нацыянальнага існавання, мужнасць палітычнай самасвядомасці i захаванне пераемнасці праз „зварот” да дзяржаўных i нацыянальных вяршынь сярэднявечнай гісторыі. Пачатак Новага часу быў, наадварот, цяжкім выпрабаваннем для нацыянальнай гістарыяграфіі. Тэорыя Гегеля i філасофія гісторыі — адкуль шмат чаго было перанята марксізмам — разглядала сучасную дзяржаву як найвышэйшае праяўленне цывілізацыйнага прагрэсу. Гэта была цэнтралізаваная i бюракратычная дзяржава, a ў XVIII ст. яшчэ i асветная. Сучасная дзяржава пакончыла з „гістарычнай непатрэбшчынай” Сярэднявечча, да якой належаў не толькі феадалізм, але i станавасць. Гэта было супрацьпастаўленне сучаснаму праву, грамадскім правам i свабодам, роўнасці. Але такім чынам узнікла іншая праблема: як у межах заканамернасці цывілізацыйнага прагрэсу, што цесна злучаны з цэнтралізацыяй дзяржавы, паказаць характар рухаў саслоўяў за свабоды i прывілеі, белагорскую катастрофу, барока, габсбургскі абсалютызм, праўленне Іосіфа II. Перамагла тэорыя непераемнасці (так званы Цёмны час[8]) i вяртанне да сярэднявечнага права i ідэй чэшскай Рэфармацыі. Большасць гісторыкаў XIX ст. былі манархісты, a рэлігія падзяліла ix на два непрымірымыя лагеры пры ацэнцы рэфарматарскага руху, бітвы ля Белай Гары, габсбургскага канфесійнага абсалютызму. Пры гэтым абвастрылася i чэшска-нямецкая спрэчка ў гістарыяграфіі. Арыентавацца ў такім лабірынце праблем, супрацыіастаўленняў i паваротаў было цяжка. Бясконцыя дыскусіі ажыўляліся нацыянальнымі, рэлігійнымі i новымі ідэалагічнымі, гістарычна-філасофскімі спрэчкамі, a таксама палітычнымі маніпуляцыямі мінулага. Панэк належыць якраз да той катэгорыі гісторыкаў, якія імкнуліся знайсці выйсце з гэтага лабірынту шляхам правядзення непрадузятага даследавання з улікам гістарычнай рэчаіснасці. Акрамя таго, яго заслугай з’яўляецца тое, што рэалістычны падыход у вывучэнні гісторыі XVI-XVII ст. паступова пачаў пераважаць i ў акадэмічнай школе. Адна з першых публікацый Панка, пасля таго як ён пачаў займацца вывучэннем ранняга Новага часу, была прысвечана крытычнаму перагляду даследаванняў па гісторыі станаў[9].

Паказальна, што ў 70-я гг. мінулага стагоддзя, калі пасту­пова адыходзіў дагматычны марксізм i набліжалася эпоха новай гістарыяграфіі, Панэк спыніўся на палітычнай праблематыцы. Гэта можна растлумачыць тым, што ў той перыяд назіраўся рост зацікаўленасці праблемай саслоўяў як у еўрапейскай гістарыяграфіі, так i ў гісторыі права, перш за ўсё ў краінах так званай класічнай саслоўнай сістэмы (Польшча, Венгрыя або чэшскія землі), а таксама ў краінах канстытуцыйнай манархіі. Адбываўся пошук выйсця з жалезнай заканамернасці i непазбежнасці цэнтралісцкага абсалютызму i ўяўнага трагічнага становішча чэшскага i польскага народаў у Еўропе. Саслоўная сістэма як процівага абсалютызму стала актуальнай тэмай еўрапейскайгістарыяграфіі. A палітычная i юрыдычная гісторыя павінны былі падладзіцца пад „рэвалюцыйную” хвалю новай гістарыяграфіі.

Стала неабходным вызначыць само паняцце „палітычная сістэма”. „Папярэдняе азначэнне” Панка было наступным: „Палітычная сістэма ўяўляе сабой сукупнасць унутры- i знешнепалітычных адносінаў дадзенай дзяржавы, якія вынікаюць з падзелу эканамічнай i палітычнай улады ў гэтай дзяржаве, i ўвасоблены ў сістэме ўладна-палітычных інстытутаў i рэалізуюцца як на агульна-дзяржаўным ўзроўні, так i на больш нізкіх узроўнях, асабліва ў маштабе абласным, рэгіянальным i лакальным”[10]. Такім чынам, адметным у гэтай фармулёўцы з’яўляліся сукуп­насць унутры- i знешнепалітычных адносінаў, падзел эканамічнай i палітычнай улады ў краіне, стварэнне інстытутаў улады ўсіх узроўняў. Адзінае, чаго тут не хапае, — гэта ідэалагічнай (рэлігійнай) легітымізацыі палітычнай сістэмы. У любым выпадку Панэк падыходзіць да сутнасці паняцця i да сутнасці даследавання інстытуцыяналізацыі i бюракратызацыі ўлады, барацьбы за яе падзел i легітымізацыю. Тым самым была паказана залежнасць структуры грамадства ад дынамікі развіцця гісторыі. Улада ў дадзеным выпадку выступав як вось гістарычнага развщця i як яго дынамічны фактар.

Панэк ніколі не засяроджваўся толькі на феномене ула­ды i яе інстытутах, як гэта падаецца традыцыйна ў гісторыі права. Ён звяртаў увагу на розныя бакі „свайго” перыяду, тым больш што назіралася актывізацыя інтарэсу да ix з боку новай гістарыяграфіі. Пры гэтым пад час асвятлення тых ці іншых момантаў карысным было выкарыстанне крыніц. Менавіта сувязь улады i палітыкі з жыццём гра­мадства i кулыурай з самага пачатку выйшлі на першае месца ў даследаваннях Панка. Першай значнай працай, дзе дамінуе ўладарна-палітычны аспект, стала яго дысертацыя пра барацьбу саслоўнай апазіцыі супраць Габсбургаў у1547-1577 г.[11]. У ей былі пададзены абагульняльныя вынікі даследаванняў і разважанняў за другую палову 1970-х г.

У якасці предмета даследавання Панэк выбраў перыяд, абмежаваны наступнымі „падзеямі”: ад выступлення прыхільнікаў евангельскай царквы супраць абсалютысцкай палітыкі Фердынанда i першага вялікага палітычнага працэсу супраць лідэраў станавай апазіцыі ў Чэхіі (1547) да выпрацоўкі Чэшскай канфесіі (1575). Такім чынам, ён абраў перыяд адноснага спакою, калі нічога эпахальнага не адбывалася, калі „сістэмы” (дваранска-саслоўная i каралеўская) нармальна функцыянавалі, але пастаянна сутыкаліся ў штодзённым палітычным жыцці. Абодва бакі канфлікту сфармулявалі i распрацавалі свае пазіцыі, мэты, патрабаванні. Сутыкненне саслоўяў i каралеўскай улады адбывала­ся ва ўмовах строга распрацаваных правілаў, вызначаных „канстытуцыяй” i традыцыйнымі свабодамі. Гэты перыяд уяўнага спакою Панэк, вядома, трактаваў як пастаянны, прыхаваны канфлікт i як барацьбу караля за валоданне земскімі органамі пры дапамозе класічных метадаў каралеўскай улады: асабісты ціск на лідэраў земскіх органаў i на пражскія гарадскія рады, пгго знайшло сваё ўвасабленне як у перацягванні адметных дзеячаў на „каралеўскі бок”, так i ў пакаранні змагароў супраць абсалютызму.

Да такога роду сітуацыі еўрапейскі працэс „канфесіяналізацыі” палітыкі падышоў у другой палове XVI ст., калі ён стаў сапраўды важнай праблемай для распрацоўкі даследчыкамі ранняга Новага часу. Чэшскія землі ўяўлялі сабой адзін з найцікавейшых рэгіёнаў працэсу „канфесіяналізацыі”, гэта i было адзначана ў замежнай гістарыяграфіі. Паралельна гэтай праблемай займаліся багемісты Нямеччыны — паслядоўнікі Зайбта (Seibt) i Шрама (Schramm), асабліва В. Эбергард (W. Eberhard), пазней Ё. Балцке (J. Bahlcke)[12]; аналагічныя даследаванні разгарнуліся ў Польшчы, Аўстрыі, Венгрыі, Англіі i Францыі. Аднойчы Панку давялося прыняць удзел у Міжнароднай канферэнцыі, якая праходзіла на пачатку 1988 г. у Лондане. Гаворка ішла пра становішча дзяржавы, царквы i станаў у Цэнтральнай Еўропе ў XVI-XVII ст.[13]. Пры гэтым дыскусіі былі настолькі гарачыя, што нельга было ні на хвіліну пакінуць паседжанні, бо гісторыкі з усяго свету выступалі ўвесь час i абмяркоўвалі менавіта чэшскую мадэль.

Выдатная акадэмічная падрыхтоўка дазволіла Панку разгледзець закулісную барацьбу палітычных перамоваў, цэнтрам якой сталі сеймы. Такім чынам, ён здолеў рэканструяваць паралельныя палітычныя структуры (партыі), якія не был! заснаваны толькі на канфесійнай прыналежнасці, а хутчэй на сувязях, што будаваліся вакол выдатных дзеячаў станавых арганізацый. Панэк растлумачыў канфлікты гэтых груповак, напрыклад, спрэчку паміж князямі з Плаўн i Рожмбэрка за першае месца сярод чэшскіх паноў, i паказаў яе значэнне для структурнага развіцця чэшскіх станавых арганізацый[14]. Ён таксама даследаваў заўжды абдзяляную ўвагай і, на жаль, цяжка даступную ключавую крыніцу па палітычнай i рэлігійна-культурнай гісторыі XVI – пачатку XVII ст. — Архіў Суполкі Чэшскіх братоў (Archiv Jednoty bratrské), да якога дагэтуль выяўлялі цікавасць перш за ўсё гісторыкі царквы. Панэк прааналізаваў менавіта той час, кал! гэтая рэлігійная групоўка ператварылася ў моцную палітычную сілу, перажыла пераслед Фердынанда за ўдзел у першым саслоўным паўстанні. Акрамя таго заслуга Панка ў тым, што палітычная і рэлігійная гісторыя зноў стала прывабліваць свецкіх гісторыкаў.

Паняцце станавай сістэмы як сукупнасці ўнутрыпалітычных i знешнепалітычных узаемадачыненняў патрабавала суаднясення чэшската палітычнага жыцця з габсбургскай i еўрапейскай палітыкай, a таксама са складанымі адносінамі асобных частак Чэшскай Кароны. У сваіх публікацыях, прысвечаных ранняму Новаму часу, Панэк аддаваў увагу уплыву „турэцкага пытання” на развіццё Цэнтральнай Еўропы, дзе ён выявіў свае веды з гісторыі паўднёва-славянскіх i балканскіх народаў. Уключэнне чэшскіх зямель у кантэкст палітычнага жыцця Габсбургскай манархіі i Цэнтральнай Еўропы з’яўляецца фонам усіх яго работ.

Існуе думка, што Панэк стаў першым пасля Ё. Палішэнскага „пражскім” гісторыкам, які ў сваіх даследаваннях паслядоўна выкарыстоўваў так званую „дзяржаўную пазіцыю”. A таму ён не абмяжоўваўся толькі Чэшскім Каралеўствам. Панэк працаваў таксама ў мараўскіх архівах i падыходзіў да Чэшскай Кароны як да адзінага цэлага i спецыфічнай формы дзяржавы. Ён, напрыклад, знайшоў рознабаковую пераліску аламоўцкіх епіскапаў, фонды земскага архіва ў Брне. Выкарыстанне „дзяржаўнай” пазіцыі дазваляе зразумець складаную структуру Чэшскай Кароны i далучыць „земскія маштабы” да чэшскай дзяржаўнай i нацыянальнай гісторыі. Панэк заўжды выкарыстоўваў гэты прынцып пад час выкладання чэшскай гісторыі i спрыяў значнаму развіццю „вывучэння Кароны”. Свае заўваті ён змясціў у некаторых абагульняльных працах, заснаваных на крыніцах, i развагах пра палітычную сістэму, якая ўсталявалася на Чэшскіх землях да бітвы ля Белай Гары ў 1620 г.[15].

У сувязі з тым, што Панэк часта публікаваў свае працы на розных мовах, у 1980-я гг. ён стаў паважанай асобай сярод гісторыкаў усяго свету. Панка нельга назваць непасрэдным паслядоўнікам Яначка, бо ён абраў іншую форму абагульнення. Зразумела, што даследчык добра разумеў свой талент апавядальніка і спадзяваўся, што сапраўды здолее рэалізаваць гэта i ў акадэмічнай навуцы[16]. У 1980-я гг. адбылося „вяртанне” ў гістарыяграфію палітычнай біяграфіі як класічнай формы зліцця аналізу i храналогіі распачатага апавядання[17]. Фонды паўднёва-чэшскіх архіваў падштурхнулі Панка да распрацоўкі наступнай тэмы даследавання — біяграфіі апошніх Рожмбэркаў як свайго роду сінтэзу чэшскай гісторыі да 1620 г.

Пры гэтым давялося пашырыць даследаванне на тыя сферы, дзе былі моцныя пазіцыі „новай гісторыі”. Напрыклад, погляд на „вандраванні” як на гістарычны фено­мен, як сродак спазнання свету, культурней i палітычнай камунікацыі, наладжвання палітычных адносінаў i культур­ных маршрутаў[18]. Не сакрэт, што гэта цесна пераклікаецца з цягай самога Панка да вандравання, што, у сваю чаргу, арганічна звязана з яго жаданнем спазнання. Кожны раз, як падкрэсліваюць удзельнікі сумесных з ім вандровак, лю­бая паездка па Еўропе суправаджалася масай уражанняў. Справа ў тым, што Панэк добра ведае маршруты, помнікі ранняга Новага часу на тым ці іншым маршруце, вядзе туды, куды звычайна вельмі цяжка трапіць. Напрыклад, аднойчы ён пералез цераз вельмі небяспечную агароджу i апынуўся ў касцёле ля скульптуры ці надмагільнага помніка нейкаму дзеячу ранняга Новага часу. Пры гэтым ён выбіраў такія маршруты, каб было можна наведаць некалькі гарадоў i мястэчак i да адпраўлення цягніка прабегчыся па горадзе i агледзець яго славутасці. А аднойчы адбыўся нават такі выпадак, калі ноччу вучоны быў арыштаваны навакзале за бадзянне. Пад час навуковай паездкі ў Нямеччыну ў 1989 г. ён рызыкаваў, калі выязджаў у іншыя краіны, a неабходных дакументаў пры гэтым не меў. Складваецца такое ўражанне, што даследчык не мог дачакацца, калі ўсё ж такі будуць адкрыты дзяржаўныя межы.

Следам за „вандраваннем” ідзе крытычная публікацыя крыніц са змястоўным уступным разглядам. Тычыцца гэта паездкі чэшскай шляхты ў Італію ў 1551-1552 г.[19]. Панэк убачыў у гэтай вядомай вандроўцы чэшскай шляхты падзею важнага палітычнага i культурнага значэння. У паўночную Італію Панэк „паехаў” разам з маладым Вілемам з Рожмбэрка, разам з ім пазнаёміўся не толькі з мастацкімі славутасцямі i мошчамі святых, але i з італьянскай кухняй, інтарэсамі i менталітэтам шляхты эпохі Ренесансу. Пры гэ­тым ён аддаў увагу i адлюстраванню вынікаў вандроўкі ў архітэктуры, мастацтве i асабліва ў вобразе жыцця чэш­скай шляхты. Ён паказаў гэтую падзею, асабліва змяненні менталітэту шляхты i яго наступствы, як адзін з найважнейшых культурных пераломаў у чэшскай гісторыі Новага часу. Панэк перавёў вандраванне з гісторыі культуры ў галіну сучаснай культурная гісторыі i ініцыяваў шэраг даследаванняў на гэтую тэму.

Культурная гісторыя стала для Панка нароўні з палітычнай гісторыяй другой значнай сферай інтарэсаў. Перш за ўсё яго цікавіць культура (выяўленчае мастацтва, архітэктура, тэатр, святы) як складаная частка ладу жыцця арыстакратыі i двара i як форма палітычнага і ўладарнага прадстаўніцтва. Панэк быў адным з першых, хто адрэагаваў на спробу ажывіць у чэшскай гістарыяграфіі вывучэнне святаў i уключыць гэтую тэму ў даследчы праект па вывучэнні святаў у 60-я i 80-я гг.[20]. На працягу 1980-х гг. у чэшскай гістарыяграфіі ранняга Новага часу адной з самых частых тэм была тэма вывучэння арыстакратыі i арыстакратычныхдвароў. Гэта не была толькі рэакцыя на манаполію „рабочых i сялян” i маёмасную структуру шляхты ў папярэдніх працах гісторыкаў Новага часу. Гэта быў вынік агульнай арыентацыі гістарыяграфіі на культурную гісторыю, a потым i на сучаснасць. Тым больш што чэшскія архівы прапануюць вялікае мноства дакументаў па названай тэматыцы. Што да XVI-XVII ст., то выключную пазіцыю ў дадзеным напрамку займаюць архівы Паўднёвай Чэхіі i Рожмбэрка. Большасць фондаў іншых вялікіх родаў, як, напрыклад, Пернштэйнавы (Pernštejnové), былі знішчаны, бо пераможцаў бітвы ля Белай Гары i новых каталікоў не цікавілі архівы сваіх ерэтычных лідэраў. Пашырылася колькасць гісторыкаў, што пачалі разумець вялікую ролю арыстакратыі таго часу як вырашальнай эканамічнай, фінансавай i сацыяльна-палітычнай праслойкі грамадства. Акрамя таго актыўна сталі вывучаць мецэнацкую дзейнасць шляхты[21]. У перыяд, калі каралеўскі двор не знаходзіўся ў Празе, вышэйшая арыстакратыя заставалася носьбітам высокай культуры i мецэнацтва. На прыкладзе арыстакратыі можна наглядна ахарактарызаваць гісторыю пранікнення ўлады i культуры на чэшскія землі. Несумненна, невыпадковы той факт, што менавіта ў Паўднёвай Чэхіі дзякуючы намаганням В. Бужка (V. Bůžka) у Паўднёва-Чэшскім універсітэце ўзнікла вельмі актыўная i заснаваная на сучаснай метадалагічнай базе даследчыцкая група (Паўднёва-чэшская школа). Панэк спачатку падтрымліваў гэтую школу i нават сам да яе належаў. Тым не менш паступова пад уплывам дзейнасці яе лідэра ў ёй узмацніўся культурна-антрапалагічны кірунак, а Панэк па-ранейшаму прытрымліваўся даследавання ўлады i палітычных аспектаў культуры шляхты. Як толькі ён рашыўся на вывучэнне лёсу апошніх Рожмбэркаў, дык распачаў гэты працэс зноў з публікацыі крыніц, на гэты раз хронікі Вацлава Бржэзана (Vдclava Bfezana)[22]. У сувязі з тым, што тэкст у першую чаргу мае лінгвістычную i літаратурную каштоўнасць, узнікла неабходнасць яго публікацыі з салідным апаратам i ілюстрацыямі. Кніга „Жыццё апошніх Рожмбэркаў” (Životy posledních Rožmberků) выйшла ў свет у 1985 г. у двух тамах вялікага фармату (больш за 900 старонак) у шэрагу папулярных чэшскіх хронік выдавецтва „Свабода” (Svoboda). Тыраж 90 000 экзэмпляраў стаў сапраўдным ракордам у публікацыі чэшскіх крыніц ранняга Новага часу. Акрамя новага варыянта тэксту Бржэзана, падрабязных паказальнікаў i спісу літаратуры, тут пададзена вялікая колькасць заўваг, у тым ліку i біяграмы дзеячаў, згаданых у тэксце. 3 улікам таго факта, што да двара Рожмбэркаў акрамя рыцараў i прыслугі належалі ўсе тыя, хто ў той час займаўся грамадскай альбо палітычнай дзейнасцю, то гэга з’яўляецца своеасаблівым аглядам вышэйшай арыстакратыі i дробнай шляхты той эпохі, якая належала да акружэння Рожмбэркаў. Публікацыя звязана з развагамі пра Бржэзана i з каментарамі, якія спыняюцца на значных падзеях i асобах перыяду хронікі. Наступнай выдатнай публікацыяй Панка стала кніга „Апошнія Рожмбэркі. Вяльможы чэшскага рэнесансу” (Poslední Rožmberkové. Velmoži české renesance), якая была завершена ў 1989 г.[23].

Пасля Лістапада

Лістапад 1989 г. пазбавіў Панка членства ў партыі, з якой яму не ўдалося калісьці выйсці і ў якую ўступіў, як сам пра гэга распавядаў[24], толькі з прагматычных прычын i па згодзе з калегамі па працы, каб тым самым захаваць аддзел старажытнай гісторыі Iнстытута гісторыі АН ЧССР, які ўжо знаходзіўся пад пагрозай ліквідацыі. У такім сваімпрагматизме ён не быў выключэннем і, як сцвярджаюць людзі, якія яго добра ведаюць, членства ў партыі ніякім чынам не паўплывала на яго навуковую дзейнасць.

3 самага пачатку аксамітнай рэвалюцыі Панэк прыняў удзел у ліквідацыі старога рэжыму. Акрамя штодзённых масавых маніфестацый напрыканцы лістапада i ў пачатку снежня 1989 г. адбываўся пераход ад камуністычнага рэжы­му да дэмакратычнага, да станаўлення адкрытага грамадства ва ўсіх сферах жыцця, у тым ліку i ў навуцы. Пад час бурных дыскусій рабілася зразумелым становішча, пер­спективы, праграмы i практычныя мэты ix удзельнікаў, больш за тое — выявілася, што мела месца не толькі ідэалагічнае „пераапрананне”, але i прыстасаванне лёкаяў ста­рога рэжыму да новых роляў. Панэк жа застаўся самім са­бой. Пры гэтым вельмі хутка стала зразумела, хто ёсць хто [who is who), i ўжо пры ацэнцы навуковых супрацоўнікаў на першае месца выйшлі крытэры працы, здольнасці i характар. Дырэктарам Інстытута гісторыі АН Чэхаславакіі стаў Францішак Шмагел, i многія гісторыкі, выключаныя з Акадэміі ў першыя гады нармалізацыі, вярнуліся. Першачарговай задачай новага кіраўнііггва стала захаванне Інстытута гісторыі ў перыяд розных скарачэнняў i рэформ у та­кой форме i ў такім складзе, каб заставалася магчымасць займацца як даследчыцкай i выдавецкай дзейнасцю, так i прадстаўляць чэшскую навуку на сусветнай арэне.

Акадэмія i яе інстытуты вымушаны былі рэагаваць на абсалютна новую сітуацыю ў грамадстве i навуцы: у некаторых сферах была страчана манаполія на веды i на зной­ны з замежнымі краінамі; вымушаны былі лічыцца ca зменамі ва універсітэтах як старых, так i новых, якія вярнуліся да навуковага даследавання як неабходнай перадумовы вышэйшай адукацыі. Інстытут Шмагла i яго супрацоўнікі рэагавалі на новую сітуацыю выпрацоўкай даследчыцкай i выдавецкай стратэгіі i прыстасавалі да яе асабістыя i інстытуцкія планы i працоўныя праграмы. Яны імкнуліся вярнуць інстытуту прэстыж i падняць на еўрапейскі ўзровень „Чэшскі гістарычны часопіс" (Český časopis historický), npaцягнуць выдавецкую дзейнасць, захаваць свабоду даследа ванняў і спрыяць прадстаўленню чэшскай гістарыяграфіі на міжнародным узроўні. Для ўсяго гэтага былі створаны найлепшыя ўмовы. Важнай праблемай стала зліццё інстытута з установамі вышэйшай адукацыі на той выпадак, калі да ix далучаць Інстытут; выкарыстанне сістэмы грантавай дапамогі пры фінансаванні даследчыцкай працы i публікацый. Што да навуковага падзелу працы, то засталося ядро даследчыцкай дзейнасці Інстытута па гісторыі Сярэднявечча, ранняга Новага часу i XIX ст. Дзякуючы намаганням Вілема Прэчана (Viléma Prečana) быў створаны новы Інстытут сучаснай гісторыі са сваімі амбіцыйнымі праграмамі i ўласнай выдавецкай дзейнасцю.

Панку неабходна было зрабіць выбар паміж спакоем архіваў i працоўнага кабінета i дзейнасцю, якая забірае амаль што ўвесь час. Такі выбар для любога прадуктыўнага гісторыка не можа быць лёгкім, бо тут гаворка ідзе не толькі пра ўласны выбар, але i пра навуку. У дэмакратычных грамадствах кіраўніцтва навуковым калектывам ажыццяўляе чалавек, які выбіраецца i прызначаецца на пасаду ў адпаведнасці з вынікамі працы, арганізацыйнымі i дыпламатычнымі здольнасцямі, аўтарытэтам у навуковым асяродку i грамадстве. Пад час разважанняў „што рабіць?" Панэк усё гэга добра ўсведамляў: прымаў прапановы па ажыццяўленні арганізацыйных i прадстаўнічых функцый, удзельнічаў у выбарах i г. д. Такое яго павышэнне адразу ж прывяло да змены характеру яго даследчыцкай i выдавецкай дзейнасці. Значнае месца ў ёй стала займаць выпрацоўка стратэгіі i арганізацыі навукі, навуковых планаў інстытута, агульныя заўвагі па гісторыі i гістарыяграфіі, час ад часу выступленні перад аўдыторыяй. Сгалі пераважаць артыкулы, даклады на канферэнцыях, кіраўніцтва працай вучняў, лекцыі, рэцэнзіі, праграмы, паведамленні i публіцыстыка. Вялікія абагульняльныя працы адышлі на іншы план, але ад публікацый сваіх твораў Панэк не адмовіўся. Яны па-ранейшаму выкананы на самым высокім узроўні. Але аналіз навуковай дзейнасці пасля лістапада 1989 г. будзе далека не поўны без спасылкі на яго тагачасныя пасады, на месца, якое ён займаў у навуковым асяродку не толькі ў сябе на Радзіме, але i далека за яе межамі. У рамках Акадэміі навук Панэк займаў наступныя пасады: на пачатку 1990 г. быў абраны загадчыкам аддзела ранняга Новага часу Інстытута гісторыі, у хуткім часе быў прызначаны намеснікам дырэктара. У перыяд з 1998 да 2005 г. выконваў функцыі дырэктара Інстытута гісторыі Акадэміі навук. 3 2005 г. — намеснік старшыні Акадэміі навук Чэшскай Рэспублікі, адказвае за III аддзел грамадскіх i гуманітарных навук. У 1990-я гг. быў рэдактарам шэрагу чэшскіх i замежных гістарычных часопісаў, а з 2000 г. пасля адстаўкі Ф. Шмагла стаў сумесна з Іржы Пешкам (J. Peškem) адказным рэдактарам „Чэшскага гістарычнага часопіса".

Пасля лістапада 1989 г. многія універсітэты выявілі цікавасць да педагагічнай дзейнасці вучонага. Так, акрамя Карлавага універсітэта можна назваць Масарыкаўскі універсітэт у Брне, дзе ён меў цесныя кантакты, займаўся мараўскай праблематыкай i працаваў у мараўскіх архівах. У 1992 г. ён заняў пасаду дацэнта на філасофскім факуль­тэце Карлавага універсітэта і стаў членам выкладчыцкага калектыву. У сувязі з тым, што Панэк абараніў доктарскую дысертацыю, прызначэнне на пасаду прафесара было толькі справай часу. Прафесарскія паўнамоцтвы яму прапанаваў філасофскі факультэт Масарыкаўскага універсітэта, дзе ён рэгулярна чытаў лекцыі. Прызначэнне на пасаду прафесара атрымаў і на філасофскім факультэце Карлавага універсітэта ў Празе (1996 г.). У перыяд 1997-2000 г. быў прарэктарам па міжнародных сувязях Карлавага універсітэта. Акрамя таго Панэк часта ездзіў чытаць лекцыі ў іншыя чэшскія і замежныя універсітэты і быў абраны чле­нам ix навуковых саветаў. У Панка ў многіх універсітэтах ёсць свае вучні.

Нарэшце атрымаў Панэк i найвышэйшае прызнанне сярод чэшскіх гісторыкаў, калі ў 1996 г. быў абраны старшынёй Гістарычнага клуба — Асацыяцыі гісторыкаў Чэш­скай Рэспублікі. У 2002 г. стаў i старшынёй Чэшскага нацыянальнага камітэта гісторыкаў, чэшскай секцыі Між народнага камітэта гістарычнай навукі, значыць, ён нясе адказнасць за удзел чэшскіх навукоўцаў у сусветных канферэнцыях па гісторыі.

***

У дадзеным артикуле гаворка ідзе не пра тое, каб падаць поўны пералік дзейнасці Панка i функцый, якія ён выконвае, а пра тое, каб паспрабаваць ахарактарызаваць профіль навуковай дзейнасці Панка, яго навуковыя інтарэсы, вынікі працы. Што да падзей у яго жыцці, якія адбыліся пасля лістапада 1989 г., то ix даволі цяжка прааналізаваць. Справа ў тым, што гэга яшчэ незавершаная старонка яго жыпдя, дзе шмат праектаў не закончана. I калі казаць пра месца Панка ў структуры чэшскай навукі, то адно можна з упэўненасцю адзначыць — яму не ўласцівы „правадьфскія схільнасці". Гэты чалавек, наадварот, разумее сваю працу як служэнне навуцы.

Тады паўстае пытанне, а што імкнуўся Панэк зрабіць, калі кіраваў тымі ці іншымі ўстановамі?

Перш за ўсе, ён імкнуўся пашырыць міжнароднае супрацоўніцтва i кантакты, прадстаўніцтва чэшскай навукі за мяжой. Яго паездкі па іншых краінах свету — гзта паездкі для выканання працоўных задач. Так, ён заключаў дамовы паміж універсітэтамі i ўстановамі, a паралельна чытаў лекцыі, выступаў з дакладамі. Складанасць яго навуковай стратэгіі ў тым, што свет павінен быць інфармаваны аб чэшскай гістарыяграфіі i яе выніках. Большасць сваіх артыкулаў Панэк публікуе на розных мовах свету, i прак­тична на ўсіх цэнтральна-еўрапейскіх мовах, выступае за межамі Чэшскай Рэспублікі з дакладамі аб развіцці сучаснай чэшскай гістарыяграфіі, a ў перыяд 1998-2000 г. быў пастаянным рэферэнтам чэшскай гістарыяграфіі ранняга Сярэднявечча ў перыядычным выданні Scholars of Early Modern Studies"[25]. Панэк выказваў імкненне працягнуць выданне часопіса Historica (Historical Science in the Czech Republic), a таксама высакаякасных бібліяграфій чэшскіх

гістарычных работ на розных мовах краін свету[26]. 3 падачы Панка i ўдзелам яго ў якасці рэдактара i аўтара Інстытуту гісторыі ўдалося выдаць тры тамы вельмі каштоўных спісаў замежных гісторыкаў-багемістаў з амаль поўнай бібліяграфіяй ix прац[27]. 3 мэтай прадставіць чэшскіх гісторыкаў за межамі сваёй краіны была выдадзена калектыўная праца Přehled českých dějin, якая павінна выйсці на некалькіх за­межных мовах. Акрамя таго, Панэк каардынуе з чэшскага боку праект двухтомавай працы Between West and East. History of East Central Europe. Асабістым прыярытэтным кірункам міжнароднага супрацоўніцтва для яго застаецца Цэнтральная Еўропа. Так, ён стаў членам многіх навуковых саветаў гістарычных інстытутаў і рэдакцый гістарычных часопісаў у цэнтральна-еўрапейскіх краінах. Спробы навуковага i выдавецкага супрацоўніцтва паміж цэнтральна-еўрапейскімі краінамі прывялі да выдання двух тамоў дакладаў па палітычнай культуры Цэнтральнай Еўропы ў Х-ХХ ст.[28]. Гэта быў сумесны праект польскай i чэшскай акадэмій навук.

Панэк вельмі добра разумеў, што неабходна знайсці форму кантактаў сярод саміх чэшскіх гісторыкаў. Справа ў тым, што развіццё падзей пасля лістапада 1989 г. прывяло не так да адзінства гісторыкаў, як да ix расколу, пры гэтым з прычыны не толькі розных пунктаў гледжання, але i арганізацыйных разыходжанняў, што стала прамым вынікам знікнення таталітарнага ўціску. Некалькі старых членаў клуба, a таксама самаадданых навукоўцаў перажылі перыяд нармалізацыі ў рамках паўлегальнага Гістарычнага клуба i ім падавалася, што пасля лістапада 1989 г. ён стане галоўнай прафесійнай арганізацыяй гісторыкаў. Але яны не мелі дастаткова рэсурсаў i сродкаў, i можна гаварыць хутчэй пра нейкую лакальную, чым агульнадзяржаўную суполку. Тым больш што пад час узніклых дыскусій шмат казалі пра земскую платформу арганізацыі, сэнс яе існавання і, нарэшце, дамовіліся пра змену „цэхавага” характару арганізацыі, переход да стварэння добраахвотнай прафесійнай „Асацыяцыі гісторыкаў Чэшскай Рэспублікі”. Менавіта Панэк дамагаўся такіх перамен, a ў 1996-2002 г. выконваў функцыі старшыні асацыяцыі. Да асацыяцыі на добраахвотных пачатках былі далучаны i старэйшыя навуковыя суполкі, напрыклад Мараўская Маціца (Matice Moravská). Акрамя таго яны па-ранейшаму выкарыстоўвалі лекцыйную практыку ў рэгіянальных філіялах, у Празе i іншых гарадах. Паралельна разгарнулі лекцыйную актыўнасць краязнаўчыя арганізацыі, музеі, факультэты. Бясспрэчным поспехам Панка i яго калег было не толькі захаванне, але i ажыўленне i якаснае паляпшэнне „Zpravodaje Historického klubu”, які стаў трыбунай гісторыкаў па роз­ных пытаннях, у тым ліку i крыніцай інфармацыі аб дзейнасці асацыяцыі i яе філіялаў. Асацыяцыя не мае значных фінансавых сродкаў, таму выданне неабходных, але дарагіх і ў арганізацыйным і рэдакцыйным плане агульна-дзяржаўных перыядычных выданняў узяў на сябе Інстытут гісторыі. Акрамя „Чэшскага гістарычнага часопіса” можна назваць штогоднік „Bibliografien dějin českých žemí”, шэраг абноўленых выданняў крыніц i г. д. Сумесна з П. Ворлам (P. Vorlem) i іншымі гісторыкамі Панэк арганізаваў распрацоўку i выданне вельмі патрэбнага Lexikonu současných českých historiků[29]. У сваёй дзейнасці Панэк імкнецца зрабіць амаль немагчымае: захаваць усведамленне ўзаемазалежнасці сярод гісторыкаў, кантакты i абмен інфармацыяй, паказаць усяму свету, што існуе арганізацыя чэшскіх гісторыкаў.

Сгановішча ў гістарычных інстытутах прама ці ўскосна падштурхнулд Панка да правядзення дыскусіі па гісторыі, гістарыяграфіі і праблеме выкладання гісторыі ў школах не толькі сярод спецыяльных камісій i кампетэнтных органаў, але i ў грамадскіх арганізацыях, i ў сродках масавай інфармацыі. Са зменай эпохі структура старога рэжыму не проста пахіснулася, знікла i яго афіцыйная ідэалогія. Выявілася, што мінулае мае вялікую актуальнасць i значэнне для грамадства, што гісторыя — гэта ўжо не сфе­ра дзейнасці прафесійных гісторыкаў, што туды актыўна пранікаюць сродкі масавай інфармацыі. Дылетанты пачалі выкарыстоўваць многія прафесійныя словы, а розныя тлумачэнні гісторыі сталі эфектыўным сродкам маніпуляцыі вобразамі мінулага пад час палітычнай барацьбы. Па праўдзе кажучы, прафесійныя гісторыкі практычна не бралі ўдзелу ў гэтай палеміцы, таму аналіз розных праблем нядаўняга мінулага яшчэ наперадзе. Але калі палеміка пачала закранаць само існаванне гістарычнай навукі, навучанне гісторыі, калі выявіліся спробы сфальсіфікаваць гісторыю, хаваючы відавочныя факты, прычыны i паслядоўнасць ix з’яўлення ў гісторыі XX ст., узнікла неабходнасць выказаць сваю пазіцыю.

Панэк некалькі разоў браў удзел у грамадскіх дыскусіях i выявіў сябе, нягледзячы на міралюбівы i „дыпламатычны” склад характару, як востры палеміст, які мае сваю пазіцыю i здольны яе абараняць[30]. Калі мы зноў звернемся да 90-х гг. мінулага стагоддзя, то ўбачым, што Панэк быў адным з найцікавейшых апанентаў таго часу, які не пазбягаў далікатных пытанняў (бурныя дыскусіі гісторыкаў, праблемы існавання i працягласці навучання ў школах, праблемыакадэмічнай i лакальнай гістарыяграфіі, актуальныя i палітычна афарбаваныя пытанні чэшска-нямецкіх дачыненняў, месца i роля Э. Бенеша i г. д.). Сумесна з Іржы Пешкам яны склалі i падпісалі дакумент, дзе была адлюстравана пазіцыя Асацыяцыі гісторыкаў Чэшскай Рэспублікі „Historikové proti znásilňováni dějin”[31]. Гэтая заява была накіравана супраць спробаў некаторых судэта-нямецкіх колаў i ix апекуноў даць тлумачэнне судэта-нямецкай праблеме i высяленню немцаў з Чэхаславакіі пасля паражэння нацызму i гітлераўскай Нямеччыны ў 1945 г. Гэты заклік быў перакладзены на многія мовы, але выклікаў раздражнёную рэакцыю ў чэшскім друку. Панэк i Пешэк звязалі сваю крытычную пазіцыю з тэзісамі аб палітычным i нацыянальным развіцці Цэнтральнай Еўропы ў XX ст. i прапанавалі шэраг важных праблем для абмеркавання i даследавання.

Палемічныя галасы з чэшскага боку таксама раздавай­ся i пры спробах Панка даць аб’ектыўны, непрадузяты аналіз гісторыі Габсбургскай манархіі, што ён разглядае як прыярытэтны кірунак развіцця чэшскай навукі. Панэк не з’яўляецца нейкім хісткім „чалавекам цэнтра”. Ва ўсіх яго гістарыяграфічных i публіцыстычных працах праходзіць павага да чэшскай нацыянальнай i дзяржаўнай гісторыі. Гэты паліглот, перакананы еўрапеец, либеральны дэмакрат не лічыць, што ў перыяд аб’яднання Еўропы i сусветнай глабалізацыі паняцце народа i дзяржавы з’яўляецца „гістарычнай непатрэбшчынай”, ад якой трэба пазбавіцца. Якраз наадварот, захаванне нацыянальнай гісторыі, яе даследаванне з улікам сучасных навуковых парадыгмаў для Панка — найважнейшая задача чэшскіх гісторыкаў. Сваё ўяўленне пра функцыі гісторыі i гістарыяграфіі Панэк паспрабаваў падаць у шэрагу заўваг, пад час выступленняу на кангрэсах, перад палітыкамі і ў сродках масавай інфармацыі. У сваіх працах Панэк зыходзіць з таго, што месца гісторыі ў грамадстве неабходна трактаваць не толькі з улікам навуковых парадыгмаў, але i з пункту гледжання грамадскай i дэмакратычнай адказнасці.

3 1990-х гг. тэма гістарыяграфіі выявілася ў творчасці Панка ў двух відах: разважанні i агляд кірункаў сучаснай чэшскай гістарыяграфіі[32]; вялікае мноства біяграфічных партрэтаў, эсэ, артыкулаў пра гісторыкаў. У гэтых артику­лах i эсэ апавядаецца пра гісторыкаў розных часоў — ад эпохі Адраджэння i Барока да заснавальнікаў сучаснай навукі, чэшскіх i замежных багемістаў сучаснасці. Калі б Па­нэк выдаў усе гэтыя тэксты, а некаторыя з ix маюць вялікі аб’ём (больш за 100 старонак адных толькі дыскусій[33]), то атрымалася б вельмі вялікая кніга. Пакуль быў выдадзены збор яго размоў з замежнымі гісторыкамі-багемістамі з васьмі еўрапейскіх краін, Японіі i ЗІПА i яго адказы 3. Вінтэрсу (Z. Winters) i К. Лембергу (К. Lemberg), дзе ён фармулюе свае погляды на гісторыю, чэшска-нямецкія адносіны ў гісторыі i сучаснасці[34].

Пасля лістапада 1989 г. Панэк працягвае ўсебаковае даследаванне раннесярэднявечнага грамадства, дзяржавы i культуры. У гэтым сэнсе Лістапад не прывёў да метадалагічных i тэарэтычных зменаў у даследчыцкай дзейнасці Панка. Такім чынам, Панэк не збочвае з той дарогі, якую ён абраўна пачатку сваей даследчыцкай i літаратурнай дзейнасці. Ён пашырае тэматыку даследаванняў i паглыбляе вывучэнне розных галін i праблем з чэшскай i цэнтральна-еўрапейскай гісторыі i культуры i аддае ўвагу развіццю сучаснай гістарыяграфіі як ніхто іншы з чэшскіх гісторыкаў.

Працягваюць выходзіць артыкулы, рэцэнзіі i даклады Панка. Ён можа абапірацца на свой асабісты архіў i картатэку выпісак, вопісаў i рэпрадукцыі тэкстаў з замежных архіваў, са сваіх шматлікіх паездак па краіне пасля лістапада 1989 г., на сваю багатую бібліятэку. Па-ранейшаму ключавой праблемай даследчыцкай i выдавецкай дзейнасці юбіляра застаецца палітычная i культурная гісторыя, асабліва чэшская дзяржаўнасць i адносіны культуры i ўлады. У супрацоўніцтве з іншымі гісторыкамі дзяржавы i права, перш за ўсё з Карлам Малым (Karlem Malým), ён прымае ўдзел як аўтар, рэдактар i арганізатар праекта гісторыі чэш­скай дзяржаўнасці на сучасным этапе. Несумненны вынік гэтага доўгатэрміновага праекта — пакуль яшчэ толькі два вялікія зборнікі з міжнародных канферэнцый, прысвечаных гэтай тэматыцы[35]. Панэк часцей вывучае палітычную структуру Чэшскай Кароны, узаемаадносіны земляў, якія ўваходзілі ў яе склад, ix месца ў Габсбургскай манархіі i Рымскай імперыі i праводзіць аналоги чэшскай палітычнай мадэлі з іншымі землямі[36]. Шэраг сваіх выдатных даследаванняў Панэк прысвяціў вывучэнню гарадоў i гарадской палітыцы, зноў вярнуўся да вывучэння не толькі суседніх зямель Чэшскай Кароны, але i Прагі, таго магічнага роднага горада, дзе адбывалася ўсё самае істотнае ў чэшскай гісторыі i культуры[37]. Акрамя таго, Панэк не адмовіўся адсацыяльна-эканамічнай тэматыкі[38], але ўсё ж такі менавіта актыўнасць палітычнага мыслення ранняга Новага часу, палітычны менталітэт i культура, адносіны палітычнай ідэалогіі i рэлігіі для яго болыы прыярытэтныя[39]. Развіваючы сваю асноўную тэматыку даследаванняў i зыходзячы з сучасных тэндэнцый, Панэк разглядае як імкненне ўлады да бюракратызацыі, устанаўленне паліцэйскага кантролю над насельніцтвам, так i легітымізацыю новых умоў i сучаснай палітычнай культуры[40]. Ён таксама працягвае развіваць тэндэнцыю да персаніфікацыі палітыкі і палітычнага мыслення як у дзеячаў саслоўных арганізацый, так i ў абсалютысцкіх уладароў: Сікста з Оттэрздорфа (Sixta z Ottersdorfu), каралеўскіх алігархаў, Карла V, Фердынанда I, Максіміліяна II, Фрыдрыха Фалцкага (Fridrichą Falckého), Фердынанда II i Эўжэна Савойскага (Evžena Savojského).

Другая галіна, дзе таксама працягваюць з’яўляюцца новыя артыкулы Панка, — гісторыя культуры. Перш за ўсё гэта даследаванні самой культуры, мецэнацтва чэшскай арыстакратыі. У мінулыя дзесяцігоддзі Панэк браў удзел практычна ва ўсіх значных акцыях i калектыўных публікацыях па культуры Рэнесансу, маньерызму i барока. Ён выступав за неабходнасць супрацоўніцтва гісторыкаў i гісторыкаў архітэктуры ды выяўленчага мастацтва, тэатра i музыкі[41]. Пры гэтым Панэк застаецца ў гісторыі культуры перш за ўсё гісторыкам.

I нарэшце, Панэк не мог абысціся без Яна Амоса Коменскага пры вывучэнні чэшскай гісторыі, чэшскай i еўрапейскай культуры. У 80-я гг. Панэк пачаў наведваць рэгулярныя сімпозіумы, якія прысвячаліся вывучэнню жыцця i дзейнасці Яна Амоса Коменскага i праходзілі ва Угерскім Бродзе (Uherský Brуd). Ён нават уступіў у шэрагі гэтай своеасаблівай навуковай „секты”, якая захоўвала ў перыяд нармалізацыі дух свабоды даследавання. Але ніхто не спадзяваўся, што Панэк падрыхтуе біяграфію Коменскага, якую чакала культурная грамадскасць усяго свету. Яна была надрукавана з нагоды сусветнага кангрэса гістарычнай навукі, што прайшоў у Мадрыдзе ў 1990 г., дзе Коменскаму было прысвечана паседжанне асобнай секцыі. Кангрэс праходзіў у перыяд „канца гісторыі” пасля падзення Берлінскай сцяны i заняпаду камунізму, на што тыя, хто рыхтаваў кан­грэс, не разлічвалі. Таму ранейшае кіраўніцтва Інстытута гісторыі падрыхтавала афіцыйную дэлегацыю, выдала пашпарты, спецыяльныя распараджэнні i валюту. У яе былі залічаны акрамя тых, хто меў што сказаць на кангрэсе, i тыя, хто быў толькі дэлегатамі. Новае кіраўніцтва Чэшскага нацыянальнага камітэта гісторыкаў на чале з акадэмікам Ё. Мацкам (J. Mackem) вымушана было дапоўніць дэлега­цыю новымі членамі i выдаць ім неабходныя дакументы. Яраслаў Панэк быў пасланы ў Мадрыд, каб усё наладзіць у Іспаніі, i ён так выявіў свае дыпламатычныя здольнасці, што чэшскія гісторыкі змаглі паехаць на кангрэс i выступіць на секцыі, прысвечанай Коменскаму. Там адбылася прэзентацыя французская версіі кнігі Панка Jan Amos Komenský Comenius. Гэтая кніга была прысвечана разгляду дзейнасці чэшскага мысляра i ўсведамленню ім неабходнасці ўдасканалення грамадства праз духоўнае выхаванне[42].

Акрамя калектыўных i міжнародных праектаў, у якіх Панэк прымае ўдзел, ён не пакідае даследчыцкую i літаратурную дзейнасць. Пры гэтым Панэк застаецца гісторыкам, які імкнецца да „аўтарскага” сінтэзу чэшскага i цэнтральна- еўрапейскага ранняга Новага часу. Ён уваходзіць у такі этап свайго жыцця, калі можа гэта здзейсніць. Тым больш што гэта было падрыхтавана яго папярэднімі публікацыямі.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу пра Яраслава Панка ста­ла зразумела, што немагчыма пісаць пра яго лес без уліку кантэксту i праблем чэшскай гістарычнай навукі. Мала які гісторык так звязаны з яе лесам i праблемамі, як Па­нэк. Першыя дваццаць гадоў свайго даследчыцкага шля­ху ён пражыў у перыяд адраджэння, а потым у перыяд паступовага заняпаду таталітарнага палітычнага рэжыму, але яму ўдалося, як i іншым прадстаўнікам яго пакалення, акрэсліць поле для плённай дзейнасці i выкарыстаць тагачасныя магчымасці для правядзення даследавання ў духу навуковых сучасных парадыгмаў. Ужо ў той час ён выявіў сябе як дасведчаны гісторык, якога прызнаюць i ў Чэхіі, і за яе межамі. Пасля лістапада 1989 г. Панэк стаў выкладчыкам некаторых вышэйшых навучальных устаноў, паказаў сябе добрым арганізатарам, стратэгам i дыпламатам. Ён зарэкамендаваў сябе як настойлівы чалавек, які доб­ра валодае мовамі, мае арганізатарскі талент i дыпламатычныя здольнасці. У сваей дзейнасці Панэк абапіраецца на найлепшыя традыцыі чэшскай гістарычнай навукі, здаровы рацыяналізм i эмпірызм. Яму ўдалося стварыць уласную мову, дзе гарманічна злучаны апавядальнасць, дакладнасць i аналітычнасць выкладання. Усё гэта ў спалучэнні з асабістым шармам спрыяе прызнанню i пашане з боку калег i вучняў.

Пералічаныя якасці дазволілі Панку знайсці падыход да такога важнага інструмента ў гістарычнай адукацыі i фармаванні свядомасці грамадзян, як сродкі масавай інфармацыі. Панэк — жаданы госць у радыёэфіры, у руб­риках розных часопісаў i газет, аўдыторыях, як дома, так i за межамі краіны.

Гэты майстар сваей справы, як ніхто іншы, шмат зрабіў для развіцця чэшскай гістарычнай навукі і гістарыяграфіі.

Вядома, нельга сказаць, што ўсё задуманае было рэалізавана ў жыцці. У любым выпадку, гэта гісторыя чэшскай навукі, а не серыял выкананых ці нявыкананых праектаў, прычым нявыкананых не заўсёды толькі па віне змены палітычных рэжымаў.

Пераклад Наталлі Прыступы


[1] Jaroslav PÁNEK. Rozmluvy s historiky (red. J. Kocian). Praha, 2005. Zejména rozhovor se Stanleyem a Zdenkou WINTERSOVÝMI, s.139 п. У заўвагах прыводзяцца толькі некаторыя працы Панка. Спасылкі на яго бібліяграфію па публікацыі Historik Jaroslav Pánek. Bibliografie literárního díla. Uspořádala Eva PROCHÁZKOVÁ, Benešov 1998, i дадаткі да юбілейнай бібліяграфіі ў гэтай публікацыі.
[2] Беркопцу Панэк прысвяціў некалькі сваіх публікацый: Oton Berkopec. Živlenje in delo, bibliografija za leta 1926-1975. Novo Město, 1976; яго ж, Oton Berkopec (6. 12. 1906 – 15. 9. 1988). Slavia 58, 1989, s. 217-219.
[3] Вобраз пасляваеннай гістарыяграфіі фармуецца толькі на аснове ўспамінаў дзеячаў той эпохі i крытыкі з боку тых, хто па большасці ў ёй нават i не жыў i абапіраецца ў сваіх развагах на афіцыйныя праграмныя тэксты, тэрміналогію i апавяданні іншых. Крытычны аналіз праведзены пры гэтым не быў. 3 успамінаў гісторыкаў — стваральнікаў той эпохі эгагісторыю напісалі, напрыклад: Josef MACŮREK, Úvahy o mé vědecké činnosti a vědeckých pracích, Brno 1998; Josef POLIŠENSKÝ, Historik v měnícím se světě, Praha 2001; František KAVKA, Ohlédnutí za padesáti lety ve službě českému dějepisectví, Praha 2002; Jaroslav MEZNÍK, Můj život za vlády komunistů (1948-1989). Prameny dějin moravských sv. lo. Brno, MM, 2005; Francouzská inspirace pro společenské vědy v českých zemích, Cahiers du CeFReS, Praha 2003, французскае выданне — 2004; Josef VÁLKA, Historiografie před koncem tisíciletí, ČMM, CXIX, 2000, s. 429-467.
[4] Вынікі былі падведзены ў публікацыі Панка: La conception de l’nistoire tchèque et des relations tchèco-polonaises dans les plus anciennes chroniques polonaises, Medievalia Bohemica 4, 1974, s. 5-124.
[5] Выдадзена ў Празе, Ústav československých a světových dějin, 1977.
[6] Rozmluvy… s. 145. Пра свой „бенешаўскі” перыяд Панэк успамінае ў артыкуле Pět let benešovským archivářem (Vzpomínky na život v okiesním archivu 1970-1975,) y: Sborník vlastivědných prací z Podblanicka 39, 1999, s. 171-209.
[7] Ёзэфу Яначку Панэк прысвяціў разважанні Josef Janáček historik raného novověku, y: FHB 17,1994, s.359-372.
[8] Паняцце „Цёмны час” звязана з паслябелагорскім перыядам у чэш­скай гісторыі, які пачаўся пасля 1620 г.
[9] Pánek, Úloha stavovství v předbělohorské době (Vývoj názorů novodobé české historiografie), ČsČH 25, 1977 s. 732-761.
[10] Pánek, Politický systém predbělohorského českého státu (1526-1620), FHB 11, 1987, s. 43.
[11] Pánek, Stavovská opozice a její zápas s Habsburky 1547-1577, К politické krizi feudálni třidy v předbělohorském stavovském státě, Studie ČSAV,Praha 1982.
[12] Winfried EBERHARD, Monarchie und Widerstand. Zur ständischen Oppositionsbildung im Herrschaftssystem Ferdinands I. in Böhmen, München 1985; яго ж, Konfessionsbildung und Stände in Böhmen 1478-1530, München – Wien 1881; Joachim BAHLCKE, Regionalismus und Staatsintegration. Die Länder der Böhmischen Krone im ersten Jahrhundert der Habsburgerherrschaft (1526-1619). München 1994.
[13] Рэфераты канферэнцыі апублікаваны ў зборніку: Crown. Church and Es­tates. Central European Politics in the Sixteenth and Seventeenth Centuries,ed Г.J.W. EVANS and T.V.THOMAS, London 1991. Панэк апублікаваўтут The Religious Question and the Political System of Bohemia before andafter the Battle of the White Mountain, s. 129-148.
[14] Pánek, Zápas o vedení české stavovské obce v polovině 16. století. (Knižata z Plavna a Vilém z Rožmberka 1547-1556), ČsČH 31, 1983, s.855-884.
[15] Pánek, Politický systém predbělohorského českého státu (1526-1620), FHB 11, 1987, s. 41-101; яго ж, Dějiny žemi Koruny české. K současnému stavu a perspektivách bádání, y: VII. Sjezd českých historiků (Praha 24.-26. září 1993). Praha 1994, s. 157-162.
[16] Lawrence STONE, The revival of narrative: reflections on a new old histo­ry, in: The past and present, revisited, London – New York 1987, s. 74-96.Беларускую публікацыю гл.: Сгоўн Л. Вяртанне наратыва: развагi пра новую старую гісторыю, БГА, Т. IV (1997) с. 93-120.
[17] Jacques LE GOFF, La nouvelle histoire, 2.vyd. Paris 1988, Předmluva.
[18] Pánek, Čeští cestovatelé v renesanční Evropě (Cestování jako činitel kulturní a politické integrace), ČČH 88, 1990. s. 661-682.
[19] Pánek, Výprava české šlechty do Itálie vletech 1551-1552. Praha 1987.Новае дапоўненае выданне — Veduta, České Budějovice 2003.
[20] Pánek, Aristokratické slavnosti české renesance, Opus musicum 19, 1987,s. 289-297.
[21] Pánek, Zwei Arten böhmischen Adelsmäzenatentums in der Zeit Rudolfs II. Prag um 1600. Beiträge zur Kunst und Kultur am Hofe Rudolfs II. Freren-Essen 1988, s. 218-231; яго ж, Renesanční velmož a utvaření hudební kul­tury šlechtického dvora (K hudebnímu mecenátu Viléma z Rožmberka), Hudební věda 26, 1989, s.4-13.
[22] Václav BŘEZAN, Životy pośledních Rožmberků I-II. Vydal Jaroslav PÁNEK, Praha, Svoboda 1985.
[23] Pánek, Poślední Rožnberkové. Velmoži české renesance. Praha, Panorama1989. Rec: Jaroslav MAREK, O historismu a dějepisectví. Praha, Aca-dGmia 1992, s. 5.
[24] Rozmluvy…s. 147-8.
[25] Scholars of Early Modem Studies. Annual Directory of Research, (Czech Republic) svazky 23 (1989) — 34 (2000).
[26] Pánek, (ed.) Select Bibliography on Czech History. Books and Articles1990-1999. Praha, Historický ústav 2000 (супрацоўнічалі V. Horčáková, К. Rexová a L. Polanský). Toe ж на гады 2000-2004 — Praha, 2005.
[27] Jaroslav PÁNEK, Svatava RAKOVÁ, Václava HORČÁKOVÁ, Scholars of bohemian, czech and Czechoslovak history studies, І-ПІ, Praha, Historický ústav, 2005.
[28] H. MANIKOWSKA, J.PÁNEK, M. HOLÝ, (ed.) Political Culture in Cen­trall Europe (10th – 20th Century) Part I, Middle Ages and Early Mo­dern Era. Praha HÚ, 2005; Part II. 19th and 20 Centuries. Ed. Magdalena HULAS, Jaroslav PÁNEK, Roman BARON (ed.) Warszawa, Historický ústav Polské akademie věd 2005. Да цэнтральна-еўрапейскіх праектаўналежыць i выданне бюлетэня Historia Europae Centralis, які выдаеццаз 2001 г. i змяшчае інфармацыю пра дзейнасць цэнтральна-еўрапейскіхінегытутаў у Чзхіі, Харватыі, Нямеччыне, Славеніі, Польшчы, Славакіі,Венгрыі i Аўсгрыі.
[29] Lexikon současných českých historiků, uspořádali Jaroslav PÁNEK a Petr VOREL ve spolupráci s dalšími historiky, Praha, 1999.
[30] Напрыклад: Pánek, Česká historiografie v současném proudu diskusi, y: Historické diskusni forum (konané v Praze na Národní třídě v budově Akademie věd ČR dne 25 listopadu 1999). Sborník příspěvků. (Příloha Zpravodaje Historického klubu U, 2000, č.l) Uspořádal Jiří Kocian, Praha 2000, s. 7-32; Diskuse o vysokoškolské výuce historie ( K problematice historických ústavů na Filozofické fakultě Univerzity Karlovy), ed. Dominik Hrodek, Praha 2002. Příloha ke Zpravodaj Historického klubu 13,2002, č. 1, s. 45-48, 74-77, 130-131, 136-137; Pánek, Program XX mezinárodního kon­gresu historických věd v palbě „kritiky”, ČČH 103, 2005, s. 140-143; Pánek, Spor o Edvarda Beneše spor o české dějiny, y: Věra OLIVOVÁ (ed.) Společnost Edvarda Beneša v Praze 1990-2000. Praha 2001, s. 25-31.
[31] Гл. y: Příloha ke Zpravodaji Historického klubu, 12, 2001, č 2. s. 3-7. Тут жа: Pánek, Národností a náboženské menšiny v tisíciletých dějinách českých zemích, s. 9-20.
[32] Pánek, Česká historiografie po roce 1989, y: Česko-slovenská historická ročenka, 2003, s.111-130; яго ж, Spor o dějiny. Iracionality a negativismy jedné snahy o reinterpretaci Střední Evropy, y: Vesmir 81, 2002, s. 307-313; яго ж, Česká věda a české historické vědomí, ČČH 97. 1999, s. 311-320; яго ж, Die tschechische Historiographie in den neunziger Jahren, y:Österreichische Osthefte 41, 1999 s. 5-23; яго ж, Břemeno politiky. Raně novověká Svatá říše římská v proměnách české historiografie, y: Dějiny ve věku nejistot, Praha 2003, s. 197-200.
[33] Pánek, Historik a učitel JosefPetráń, y: Vlast a rodný kraj v díle historika.Praha 2004, s.13-129.
[34] Гл.: Rozpravy…
[35] Karei MALÝ, Jaroslav PÁNEK, Dalibor JANIŠ (ed.) Vladislavské zřízeni zemské a počátky ústavního zřízení v českých zemích (1500-1619), Praha 2001. Тут тэкст Панка Český stát a stavovská společnost na prahu novověku ve světle zemských zřízení, s. 13-54. Зборнік матэрыялаў міжнароднай канферэнцыі Vývoj české ústavnosti v letech 1618-1918 у друку.
[36] Pánek, Dějiny žemí Koruny české. K současnému stavu a perspektivám bádání, y: VII. Sjezd historiků, Praha 1994. s 157-162; яго ж, Der tsche­chische Blick auf die Reichsgeschichte und die spezifische Stellung des böh­mischen Staates, y: Zeitschrift für Ostmitteleuropa — Forschung 53 (2004), s. 373-390; яго ж, Königswahl oder Köniffsaufnahmer? (Thronwechsel im Königreich Böhmen an der Schwelle zurNeuzeit, Historica 3-4, 1996-7, Praque 1998, s.51-67; яго ж, Staatsbildung in einer überstaatlichen Mo­narchie: Der Fall Böhmen, y: Der frühmoderne Staat im Ostzentraleuro­pa I, (ed. A. MONCZAK a W.E.J WEBER), Augsburg 1999, s.88-102; яго ж, Kaiser, König und Ständerevolte. Die böhmischen Stände und ihre Stel­lung zur Reichspolitik Karls V. und Ferdinands I. im Zeitalter des Schmalkandischen KRIEGES, y: Karl V. 1500-1558. ed. A.KOHLER, B. HAIDER, CH. OTTNER, Wien 2000, s.393-406.
[37] Pánek, Praha (суаўтары I. KRÁL, J. KOUTECKÝ, M. HORNÍĆEK ) Praha 2000; яго ж, Praha na prahu novověku, y: V. LEDVINKA (ed), Praha -Čechy – Evropa. 1000 let kulturní, hospodářské a politické metropolestfedni Evropy. Praha 2003, s. 39-45; яго ж, Města v předbělohorskémčeském státě, Opera Historica, České Budějovice 1991, s 9-29; яго ж,Pamětní záznamy utrakvistického faráře z let 1591-1592 svědectvi o každodennosti předbělohorského maloměsta, FHB 15, s.91-100; яго ж, „…аtu za někderž čas postati míníme…” Plzeň českou politickou metropolí napřelomu let 1544/1545, y: Videmia: sborník věnovaný I. Martinovskému Ústí nad Labem 1997, s. 55-73.
[38] Pánek, Okrajové vrstvy obyvatelstva českých měst a městeček v 16.-18.stolertí, Documenta P 16, 1998 s.49-53.
[39] Pánek, The question of tolerance in Bohemia and Moravia in the age ofthe Reformation, y: Tolerance and intiolerance in the European Reforma­tion, ed. O.O.GRELL a B. SCRIBNER, Cambridge 1996, s. 231-248; ягож, Politika, náboženství a každodennost nejvyššího kancléře Vratislavaz Pernštejna, y: Pernštejnové v českých dějinách. Ed. P. VOREL, Pardubice1995, s.185-2001; яго ж, Moravští novokřtěnci ( Společenské a politické postavení předbělohorských heretiků, sociálních reformátorů, a pacifistů),ČČH 92 1994, s. 242-256; яго ж, Biskup a kancléř (Stanislav Pavlovský a Vratislav z Pernštejna 1579-1582 a jejích úloha v počátcích rekatolizaceMoravy), ČMM 113, 1994, s.35-47.
[40] Pánek, Policey und Sozialdisciplinierung im frühneuzeitlichen Böhmen und Mähren, у: In Policey im Europa der Frühen Neuzeit, (ed. M. STOLLEIS, Frankfurt am Main 1996, s.317-331; яго ж, Dějiny kriminality v publikacích Mezinárodního sdružení pro historii kriminality a trestní justice, ČČH 93, 1995, s. 728-740; яго ж, К úrovni českého politického myšlení na počátku novověku, y: Sborník k sedmdesátým narozeninám prof. Dг. Jaro­slava Mezníka. ČMM 117, 1998, s. 453—464; ён жа разам ca Сганіславам Былінам, Political Culture ia Ceatral Europe in the Europeaa and Global-Context, y: 20th International Congress of Historical Sciences, Sydney, 2005, s 119-132.
[41] Pánek, „Phasma Dionysiacum” und die manieristischen Festlichkeiten auf der Prager Burg im Jahre 1617 (Der zeitliche und typologische Rahmen), y: SPFFBU, H 29, 1994, s. 37-48; яго ж, Chomutovská divadelní hra z roku 1594. Dramatický obraz náboženských, politických a národnostních rozporů v předbělohorské stavovské společnosti, y: P. RAK (ed) Sborbník příspěvků z konference věnované výročí 750 let první písemné zmínky о existenci Chomutova (1252-2002). Chomutov 2003, s. 31-78; яго ж, „Dichtung und Wahrheit” in der Böhmischen Renaissance (Die Italienreise der böhmischen Adeligen 1551 in der neulateinischen Dichtung und in der Wirklichkeit), y: Husitství-reformace-renesance. Sborník k 60. narozeninám Františka Šmahela, III, Praha 1994, s. 845-858.
[42] У Мадрыдзе была прадстаўлена французская версія работы Панка Jan Amos Komenský Comenius. La voie dún penseur tchèque vers la réforme universelle dáffaires humaines. Praha, 1990. Потым публікадыя выйшла i на іншых мовах. Пры вывучэнні жыцця i дзейнасці Коменскага для Панка былі перш за ўсё важнымі яго палітычныя погляды. Гл.: Pánek, Jan Amos Comenius: Zum politischen yDenken und politischen Handeln, у: Jam Amos Comenius und die Politik seiner Zeit. К. MACK (ed) Wien-München 1992, s 55-74.

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'Гістарычная навука ў суседзяў'