Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Гістарычная навука ў суседзяў'

Артыкулы па тэме ‘Гістарычная навука ў суседзяў’

Русина, Олена. Студії з історії Києва та Київської землі (Валеры Пазднякоў)

Снежня 13, 2006 |

РУСИНА, ОЛЕНА. Студії з історії Києва та Кївської землі. Кїів, 2005. – 346 с.

У апошняй кнізе вядомага ўкраінскага гісторыка Алены Русінай сабраны яе артыкулы з розных перыядычных выданняў i зборнікаў, прысвечаныя гісторыі Кіева i Кіеўскай зямлі XIII-XVI ст. Увогуле гэты перыяд — з даволі цьмянай гісторыяй, бедны на гістарычныя крыніцы. Ix недахоп балюча ўспрымаецца ўкраінскай гістарычнай навукай, якая ўпотай лічыць, што „маці гарадам рускім” вартая лепшай гістарыяграфічнай долі. Адсюль недахоп сапраўдных гістарычных крыніц запаўняецца рознага роду псеўдагістарычнымі схемамі, а часам i проста міфамі. Адметнасць працы А. Русінай у тым, што яна рашуча змагаецца з міфамі і псеўдагістарычнымі пабудовамі; на гэтай ніве набыла, пэўна, нямала нядобразычліўнаў. Але горкая праўда заўсёды лепшая за салодкі міф.

У працы „Да пытання пра кіеўскіх князёў татарскага перыяду” А. Русіна разглядае палітычную сітуацыю, якая склалася на Кіеўшчыне, у Сярэднім Падняпроўі пасля мангольскай навалы. 3 пачатку 1250-х г. зніклі ўсялякія паведамленні пра мясцовых князёў, настаў, як бы мовіць, бяскняжацкі перыяд. Як бы гісторыкі ні тлумачылі гзтую з’яву ў агульным плане, але відавочна, што надышоў час аднос нага заняпаду Кіева, які доўжыўся некалькі сотняў гадоў. A гэта i паказчык адноснага змяншэння палітычнай ролі ўкраінскіх зямель ва Ўсходняй Еўропе. Звесткі пра чарговага кіеўскага князя Фёдара (брата Гедыміна?) паходзяць толькі з 1331 г. А. Русіна намагаецца давесці пра існаванне ў 1-й палове XIV ст. i кіеўскага князя Васіля Ўладзіміравіча (яго дарчы запіс цытуецца ў грамаце 1551 г. князя Ф. Пронскага), але гэты запіс ні па структуры, ні па мове ніяк не можа адносіцца да XIV ст.

Абмаляваўшы час князёў — уладароў Кіеўшчыны ў сярэдзіне XIII — 1-й палове XIV ст. па верагодных крыніцах, А. Русіна ў працы „Псеўдакіеўскія князі XIII-XV ст.” звярнулася да князёў, якія ў некаторых крыніцах таксама праходзяць як уладары паўднёварускіх зямель, але ступень верагоднасці ix існавання даволі нізкая. Даследчыца адмаўляе ў гістарычнай рэальнасці для Дзмітрыя Кіеўскага, Льва Луцкага, Сганіслава Кіеўскага, Алега Пераяслаўскага, Рамана Бранскага. Адмаўляючы верагоднасць існавання гэтых князёў, А. Русіна адкідвае i позняе летапіснае апавяданне пра захоп Кіева літоўскім уладаром Гедымінам, дзе гэтыя князі фігуруюць. Аўтар зрабіла спробу новага асэнсавання грэкамоўных „Урыўкаў Беняшэвіча” XIV ст. Так, яна адмаўляе ў гістарычнай рэальнасці зместу запіса „Фёдар, брат Гедыміна”, a ў звестках пра памерлага мітрапаліта бачыць Максіма, які перасяліўся з Кіева ва Ўладзімір-на-Клязьме. Узнікненне летапіснага апавядання пра захоп Гедымінам Кіева А. Русіна звязвае з князямі Галыыанскімі, якія коштам псеўдагістарычных пабудоў імкнуліся абгрунтаваць свае спадчынныя правы на Кіеў. Пасля цалкам верагоднага кіеўскага князя Фёдара, які ўпамінаецца ў 1331 г., наступным вядомым уладаром Кіева „з рукі” Альгерда быў яго сын Уладзімір (з 1362 г.), пасля Скіргайла (Іван, прыкладна ў 1394 г.). Наступнага меркаванага кіеўскага князя Івана Барысавіча A. Русіна разглядае як постаць міфічную, а „князя олекта киевского Михаила” — як кіеўскага каталіцкага біскупа. Міхаіл Жыгімонтавіч быў названы князем кіеўскім у дакуменце 1432 г., але гэта толькі азначала, што яго маёнткі ляжалі ў межах Кіеўскага біскупства. У працы „Кантраверзы гісторыі кіеўскай княскай традыцыі XIII-XVI ст.” А. Русіна прааналізавала ідэйную ролю Кіева як княжацкага i сталічнага горада ва Ўсходняй Еўропе, нават ва ўмовах заняпаду княжацкай традыцыі на Кіеўшчыне ў другой палове XIII – першай палове XIV ст. У артыкуле „Да гісторыі Кіеўскай зямлі ў XIV-XV ст.: Ягалдай, Ягалдаевічы, Ягалдаева цьма” даследуецца своеасаблівае васальнае ў адносінах да вялікіх князёў літоўскіх татарскае княства на Северпгчыне. Тэму лакальнай гісторыі Кіеўшчыны А. Русіна працягвае ў артыкуле „Пуціўльскія воласці XV – пачатку XVII ст.”

У працы „Кіеўская магдэбургія: юбілейны камплект” А. Русіна дала крытычную ацэнку некаторым калянавуковым публікацыям, што з’явіліся з нагоды святкавання ў 1999 г. 500-гадовага юбілею надання Кіеву магдэбургскага права. Да юбілею выйшла некалькі навукова-папулярных артыкулаў, якія даследчыца лічыць „сумнеўнымі па сваім прафесійным узроўні”. Першы залп быў нанесены па газетных артыкулах. Можа, i дарма. Хто ж у наш час сумняваецца ў непрафесіяналізме газетных журналістаў-„гісторыкаў”? Корпацца ў ix аблудах — справа няўдзячная. A. Русіна арыентуецца на даўнюю рэцэнзію акадэміка M. Ціхамірава „Здзек з гісторыі” (акадэмік абрынуўся на дылетанцкі з пункту гледжання гісторыка сцэнар кінафільма „Аляксандр Неўскі”). Але які ўрок можна вынесці з той гісторыі? Акадэмік разграміў сцэнар, a фільм стаў класікай. Газета, зразумела, — не фільм, не мастацтва, але ў цяперашні час патрабаваць ад яе праўдзівасці — гэта дон-кіхоцтва. A вось пакінуць без увагі быццам салідныя творы, якія прэтэндуюць на апошняе слова ў навуцы, а насамрэч аказваюцца „старым” словам (часам плагіятам) — гэта справа абавязковая для сумленнага навукоўца.

На вызначэнні часу надання Кіеву магдэбургскага пра­ва А. Русіна спынілася ў артыкуле „Да праблемы пачаткаў кіеўскай магдэбургіі”. Існуюць розныя даты, якія абапіраюцца на акты 1494, 1497, 1499, 1514 г. Перагледзеўшы наяўныя дадзеныя, аўтар прапанавала адносіць яго да 1494-1498 г.

Роля Кіева як „святога горада” ў ідэалогіі i палітыцы разгледжана А. Русінай у працы „Кіеў як sancta civitas у маскоўскай ідэалогіі i палітычнай практыцы XIV-XVI ст.”. Мясцовыя кіеўская паданні сталі аб’ектам даследавання ў працах „Кіеўскія сярэднявечныя міфы (XV-XVI ст.)” i „Кіеў — Троя: перадгісторыя i гісторыя міфалагемы”, „Ад Кузьмішчы-кіяніна да кіяніна Скабейкі”. У працы „Кіева-пячэрскі летапісец Веніямін: праблемы ідэнтыфікацыі” развянчаны міф пра гзтага быццам кіеўскага летапісца.

Праблему далучэння ўкраінскіх зямель да ВКЛ А. Русіна разглядае ў артыкулах «Сіняводская “Задоншчына”: гістарычнае першынства або гістарыяграфічны гібрыд» i „Гісторыя з погляду genius loci”, дзе уступав ў палеміку з Ф. Шабульдам адносна бітвы войскаў Альгерда з татарамі на Сініх Водах у 1362 г. Даследчыца адвяргае погляды, быц­цам у тым годзе войска ВКЛ перайшло Дон i нават Волгу, i значна абмяжоўвае маштабы ваеннай кампаніі Альгерда. У рускіх летапісах звесткі пра паход Альгерда на Сінія Воды суседнічаюць з паведамленнем пра напад літвы на горад Коршава („Коршева”). Даўней даследчыкі аб’ядноўвалі гэтыя падзеі і бачылі ў тым горадзе нават Херсанес ці Керч. А. Русіна раз’ядноўвае гэтыя паходы, у адрозненне ад Ф. Шабульды, які лакалізуе Коршаву ў межах ардынскіх уладанняў. Дарэчы, калі меркаваць паводле летапіснага паведамлення пра мор, які прыйшоў з Арды i прайшоў „по ряду” праз Бранск, Коршаву i Навасіль, то загадкавы горад ляжаў акурат паміж Бранскам i Навасілем. На сучаснай карце ў гэтым раёне знаходзіцца Карачаў. Можа, гэта i ёсць Коршава? У любым выпадку мэтай паходу Альгерда ў 1362 г. былі не задонскія ўладанні Арды. Але развенчваючы гэты міф, не варта змяншаць значнасці антыардынскай барацьбы Альгерда. Яго значнасць як палітыка i военачальніка ў тым, што ён першы скарыстаўся з дэмаграфічнага і агульнакультурнага крызісу, які ахапіў у сярэдзіне XIV ст. ардынскія землі. Маскоўскі князь Дзмітрый Іванавіч (Данскі), які разграміў ардынцаў у 1380 г. на Куліковым полі, ішоў у рэчышчы антыардынскай палітыкі Альгерда.

Кніга A. Русінай, у якой развенчваюцца міфы гістарычныя, гістарыяграфічныя, ідэалагічныя — неблагі прыклад для беларускай гістарыяграфіі, якая таксама перагружана міфамі самага рознага кшталту.

Мінск                                             

Валеры Пазднякоў


[1] Гл.: Runciman S. The Eastern Schism. Cambridge University Press, 1966.

Cesty k národnímu obrození: Běloruský a český model (Любоў Козік)

Снежня 2, 2006 |


Cesty k národnímu obrození: Běloruský a český model: Sborník přispěvků z mezinárodní vědecké konference „Cesty k národnímu obrození: běloruský a český model ” konané 4 – 6.7.2006 v Praze / ALENA IVANOVA -JAN TUČEK (eds.). Praha: UK FHS, 2006. — 415 s.

У ліпені 2006 г. у Празе адбылася міжнародная канферэнцыя, прысвечаная праблемам нацыянальнага адраджэння чэшскага i беларускага народаў у параўнанні. 3 матэрыялаў канферэнцыі быў падрыхтаваны i выдадзены зборнік, у які ўвайшлі выступы чэшскіх, беларускіх i польскіх даследчыкаў. Ix храналагічны абсяг i праблематыка вельмі шырокія — ад тэарэтычных i метадалагічных праблем даследавання працэсу фармавання нацый да канкрэтна гістарычных сюжэтаў.

Зборнік адкрываюць уступнае слова рэдактара i прывітальная прамова прафесара Карлавага універсітэта Яна Сокала да ўдзельнікаў канферэнцыі, a яго тэарэтычным падмуркам з’яўляецца артыкул вядомага чэшскага гісторыка Міраслава Гроха „Нацыя як прадукт сацыяльнай камунікацыі? (да пытання праблемы параўнання чэшскай i беларускай „мадэляў” нацыянальнага адраджэння)”1. Аўтар робіць невялікі экскурс у гісторыю даследаванняў па сацыяльнай камунікацыі i прапануе свой пункт гледжання. M. Грох называв дзесяць элементарных формаў камунікацыі i падрабязна спыняецца на характарыстыцы кожнай з ix. Ён адзначае, што асобным фактарам у развіцці нацыянальнай свядомасці выступав агітацыя, таму дэталёва разглядае ўмовы яе пачатку, аналізуе прычыны ўдач ці няўдач i адзначае, што сам факт разгортвання агітацыі не гарантуе поспеху нацыянальнага руху.

Прадстаўлены ў зборніку матэрыял можна ўмоўна падзяліць на некалькі блокаў. Першы складаюць артикулы, прысвечаныя разгляду ролі „нацыянальнай гісторыі” ў фармаванні нацыянальных ідэй i ідэалогіі (Ян Рыхлік, Мілаш Рэзнік). Так, Я. Рыхлік у артыкуле «Фармаванне „нацыя­нальнай гісторыі” як сутнасці нацыянальнай ідэі i нацыя­нальнай ідэалогіі (на прыкладзе чэхаў)»[1] адзначае, што ўсе народы маюць свае гістарычныя міфы, якія адыгрывалі i адыгрываюць важную ролю ў паўставанні сучасных нацый. Пад гістарычным міфам ён разумее шырока распаўсюджаную выдуманую падзею, якая прымае форму квазігістарычнага факта або інтэрпрэтацыі рэальнай гістарычнай падзеі, што відавочна супярэчыць праўдзе на працягу ix пастаяннага ці доўгатэрміновага ўздзеяння на гістарычную i нацыянальную свядомасць адносна большай часткі насельніцтва (29). На чэшскім прыкладзе Я. Рыхлік называе такімі міфамі супрацьстаянне „добрых” чэхаў i „дрэнных” немцаў, гусіцкі pyx, падзеі на Белай Гары i інш. Аўтар лічыць, што нельга гаварыць пра гісторыю чэхаў да XIX ст., бо гэта не быў чэшскі народ у яго сучасным разуменні. Проста ў XIX ст. пэўныя аспекты з гісторыі людзей, якія насялялі сучасную тэрыторыю ЧСР, былі выкарыстаны (міфалагізаваны) для развіцця нацыянальнай самасвядомасці. Трэба адзначыць, што прапанаваная Я.Рыхлікам канцэпцыя не знайшла працягу i адлюстравання ў матэрыялах іншых удзельнікаў канферэнцыі, але яго падыход дазваляе па-іншаму паглядзець на гістарычны працэс i яго асэнсаванне ў навуцы.

Іншыя аспекты нацыянальнай праблематыкі закранае артыкул М. Рэзніка „Гістарычная дзяржаўнасць i нацыянальны рух: чэшска-беларускае параўнанне”. Ёнпабудаваны на прынятым у навуцы „класічным” дзяленні нацыянальных рухаў на гістарычныя i негістарычныя. М. Рэзнік, зыходзячы з гістарычнай дзяржаўнай традыцыі абодвух народаў, праводзіць параўнанне на такіх крытэрах як 1) наяўнасць гістарычнай дзяржаўнасці на акрэсленай нацыянальнай тэрыторыі i яе характар у дачыненні да этнічна-нацыянальных рухаў, якія тут узнікаюць, 2) ступень дзяржаўнапраўнай пераемнасці гэтай традыцыі ў часе разгортвання нацыянальнага руху, 3) выкарыстальнасць i выкарыстанне тых традыцый у якасці гістарычных традыцый народа, 4) праблема гістарычнай i нацыяналь­най легітымацыі. Праводзячы супастаўленне беларускай i чэшскай сітуацыі, аўтар прыйшоў да высновы, што беларускі нацыянальны рух нельга аднесці да гістарычнага ці негістарычнага, яго неабходна разглядаць як переходную форму. Галоўным аргументам тут выступае той факт, што на дзяржаўныя традыцыі Вялікага Княства Літоўскага прэтэндуюць не толькі беларусы, але i літоўцы, і палякі.

Другі блок складаюць артыкулы, у якіх параўноўваецца беларускі i чэшскі нацыянальны рух канца XIX – пачатку XX ст. (Рышард Радзік, Аляксандр Смалянчук, Яўген Мірановіч), вызначаецца месца беларусаў у нацыянальна-вызваленчым руху іншых народаў Расійскай імперыі i робіцца спроба знайсці агульныя прычыны адставання беларускага руху на аснове аналізу статыстычных крыніц (Павел Церашковіч). Дапаўненнем да гістарычнага матэрыялу выступаюць мовазнаўчы i літаратуразнаўчы артыкулы, прысвечаныя выяўленню агульнага i спецыфічнага ў беларускім i чэшскім моўным пурызме (Сяргей Запрудскі) i высвятленню адлюстравання ў канцы XIX – пачатку XX ст. у літаратуры абодвух народаў ідэй нацыянальнага Адраджэння (Ірына Багдановіч). Сярод згаданых аўтараў вылучым P. Paдзіка i яго артыкул „Беларускі i чэшскі нацыянальны рух у XIX ст. (да 1914 г.): падабенства i адрозненне”. У ім польскі даследчык адзначае, што працэс фармавання грамадства нацыянальнага тыпу ў XIX ст. быў аб’ектыўным, хаця i меў рэгіянальную спецыфіку. Так, у Цэнтральнай i Ўсходняй Еўропе ён насіў культурны характар, у той час як у Заходняй Еўропе — палітычны. Менавіта нацыянальная ідэалогія перамагла ў гады Першай сусветнай вайны ідэалогію класавую, якая, тым не менш, пазней дамінавала ў Беларусі i Ўсходняй Украіне. Праводзячы параўнанне чэшскага i беларускага нацыянальных рухаў, Радзік указвае, што пачатак ix фармавання быў дастаткова аддеглым у часе: у першым выпадку — другая палова XVIII ст., у другім — толькі пачатак XX ст. Тым не менш, існавала і пэўнае супадзенне: дваранскія эліты абодвух народаў зыходзілі з палітычнага ўспрымання нацыі, а не апелявалі да этнічнай культуры большасці насельніцтва. Далейшае параўнанне Р. Радзік праводзіць па такіх параметрах, як моўная сітуацыя (супрацьстаянне чэшскай i нямецкай моў, у той час як беларуская успрымалася як пераходная паміж польскай i рускай), рзлігійны фактар (падтрымка ніжэйшым каталіцкім клерам чэшскага нацыянальнага руку i супраціў праваслаўных святароў узнікненню самастойнага бела­рускага народа, што прыводзіла ў тым ліку i да канфліктаў з каталікамі, якія сталі стваральнікамі беларускамоўнай літаратуры ў XIX ст.), палітычны фактар (паступовая лібералізацыя Габсбургскай імперыі на фоне ўзмацнення ціску ў Расіі). Зыходзячы з вышэй адзначанага, Р. Радзік прыйшоў да высновы, што беларусаў i чэхаў аб’ядноўвае, па-першае, той факт, што дваранства не стала носьбітам нацыянальнага руху, а па-другое, абодва рухі да пачатку Першай сусветнай вайны не імкнуліся да стварэння самастойнай дзяржавы. Адрозненне заключаецца ў тым, што 1) у Чэхіі меў месца чэшска-нямецкі эканамічны канфлікт, у той час як на беларускіх землях падобнага канфлікту не існавала, 2) гістарычная традыцыя ўласнай дзяржавы ў чэхаў была больш моцнай i заявіла пра сябе яшчэ ў дру­гой палове XVIII ст.

Трэці блок складаюць артыкулы, у якіх аналізуюцца ўмовы фармавання нацыянальнай ідэнтычнасці (Сяргей Токць, Андрэй Кіштымаў, Любаш Швец). Так, С.Токць разглядае сацыяльна-культурныя перадумовы развіцця беларуска­га нацыянальнага руху ў XIX – пачатку XX ст., засяроджваючы ўвагу на палітыцы Расійскай імперыі, асаблівасцяхфармавання польскай нацыі, аналізе ролі рымска-каталіцкай царквы. Пэўным дапаўненнем да гэтага з’яўляецца матэрыял чэшскага даследчыка Л. Швеца, які разглядае ўплыў русіфікацыі на нацыянальную свядомасць на землях былога Вялікага Княства Літоўскага ў другой палове XIX ст. Іншы фактар развіцця беларускага нацыянальнага руху — мадэрнізацыя — стаў прадметам вывучэння А. Кіштымава. Да гэтай групы матэрыялаў можна таксама аднесці i паведамленне Міраслава Коўбы, у якім даецца параўнанне адраджэнцкіх працэсаў у Беларусі, Маравіі і Македоніі, а так­сама Яраслава Шымава, які аналізуе ўплыў „моцных суседзяў” на развіццё нацыянальных працэсаў на беларускіх і славацкіх землях. Пагаджаючыся з агульнай ідэяй апошняга матэрыялу, неабходна адзначыць памылковасць некаторых сцвярджэнняў аўтара. Адно з ix — што ў 1918 г. перспектыва набыцця незалежнасці ўзнікла перад актывістамі славацкага нацыянальнага руху нечакана. 3 гэтым палажэннем нельга пагадзіцца, паколькі падзеі Першай сусветнай вайны прывялі да распаўсюджання меркавання аб неабходнасці стварэння адзінай чэхаславацкай дзяржавы, у якой славакі мелі б шырокую аўтаномію. Сведчаннем гэтага з’яўляецца падпісанне Кліўлендскай (кастрычнік 1915) i Пітсбургскай (травень 1918) дамоў. Гэтаксама памылкова Я. Шымаў адносіць да заслуг Г. Гусака пераўтварэнне ў 1969 г. ЧССР у федэрацыю. Закон аб федэратыўным статусе дзяржавы быў прыняты Нацыянальным схо­дам 27 кастрычніка 1969 г., калі кіраўніцтва партыяй па-ранейшаму ажыццяўляў А. Дубчак, а пасаду прэзідэнта займаў Л. Свобада.

Хацелася б асобна спыніцца на публікацыі A. Кіштымава „Уплыў працэсаў мадэрнізацыі на развіццё беларускага нацыянальнага руху ў XIX – пачатку XX ст.”. Аўтар вызначае мадэрнізацыю як працэс пераходу ад традыцыинага, аграрнага грамадства да сучаснага, індустрыяльнага (190) i датуе яе пачатак у сусветнай гісторыі XVI ст., а на беларускіх землях — другой паловай XVIII ст. На наш погляд, гэта спрэчны тэзіс, які прынамсі патрабуе аргументацыі. Калі выкарыстоўваць прыведзенае А. Кіштымавым азначэнне мадэрнізацыі, то можна сцвярджаць, што на тэрыторыі Беларусі яна найбольш поўна праявілася толькі пад час індустрыялізацыі 20-30-х г. XX ст. Гаварыць жа пра хуткія тэмпы мадэрнізацыі на беларускіх землях нават у XIX ст. не даводзіцца, бо тут фактычна адсутнічала буржуазія, заможныя сялянскія гаспадаркі былі нешматлікімі, гарадскія прадпрымальнікі ў асноўнай масе не былі беларусамі, памешчыкі выкарыстоўвалі паўфеадальныя метады працы ў маёнтках, адсутнасць жа сыравіннай базы прыводзіла да развіцця лёгкай, харчовай i апрацоўчай, a ніяк не цяжкай прамысловасці. Болын за тое, калі глядзець на гэты працэс шырэй, то трэба закранаць такія сферы, як сацыяльная i палітычная. У першай, як ужо адзначалася, фактычна не было слою буржуазіі, a працоўныя былі прадстаўлены пераважна ў сферы паслуг i на чыгунцы, у другой — адсутнічалі палітычныя партыі i назіралася існаванне нешматлікіх груповак, якія былі малаўплывовымі. Нельга пагадзіцца i ca сцвярджэннем A. Кіштымава аб колькасным i якасным недахопе даследаванняў па эканамічнай гісторыі Беларусь Адсутнасць у яго артыкуле спасылак на работы іншых (акрамя сябе) гісторыкаў па тэме яшчэ не азначае недахопу даследаванняў, хоць i метадалагічна недасканалых ці проста няпоўных. У першую чаргу тут варта згадаць публікацыі Міхася Біча. У артыкуле Кіштымава заўважаецца i спрошчанае бачанне сітуацыі, якое прыводзіць да ўзнікнення супярэчнасцяў у тэксце. Так, на с. 199 аўтар піша аб самадастатковасці эканомікі Беларусі ў пачатку 1910-х г. i ў якасці аргумента называв станоўчы баланс грузаабароту беларускай чыгункі, але не прыводзіць наменклатуру грузу, што падаецца нам недапушчальным. I сапраўды, гэты аргумент не спрацоўвае, бо ўжо на с. 206 Кіштымаў адзначае, што патрэбы ўнутранага беларускага рынку часткова забяспечваліся за кошт імпарту. У цэлым аўтар выстаўляе шмат тэарэтычных палажэнняў, зусім не падмацаваных дакументальнымі крыніцамі, што, на наш погляд, зніжае вартасць яго артыкула.

Наступны блок складаюць публікацыі, прысвечаныя аналізу першакрыніц i гістарыяграфіі. У артыкуле доктара Беластоцкага універсітэта Алега Латышонка падрабязна апісаны працэс дэканструкцыі i наступнай рэканструкцыі гісторыі беларускіх земляў, пачынаючы з „Летапісу 1446 г.” i заканчваючы ананімным выданнем 1863 г. „Разсказы на белорусскомъ наречии”. Умоўным працягам азначанай праблемы з’яуляецца матэрыял Генадзя Сагановіча, у якім прасочваецца ўплыў дзяржаўнай улады на гістарыяграфію і інтэрпрзтацыі мінулага Беларусі ад першай паловы XIX ст. да нашага часу.

Асобна можна вылучыць артыкулы Міхася Скоблы, Язэпа Янушкевіча, Міколы Іванова, прысвечаныя лёсу беларускіх палітычных i культурных дзеячаў у Чэхаславакіі (Ларысы Геніюш, Вацлава Ластоўскага, Тамаша Грыба), ix творчасці i поглядам на нацыянальнае развіццё. Да гэтай групы неабходна аднесці i артыкул Міхала Плаўца „Першыя кантакты чэхаславацкага i беларускага ўрадаў (19181925)”. Аўтар, абапіраючыся на матэрыялы чэшскіх архіваў, паказвае, што распаўсюджанае меркаванне аб прыхільным стаўленні чэшскага кіраўніцтва да ідэі беларускай незалежнасці з’яуляецца памылковым. Ён адзначае, што станоўча ў гзтым пытанні выказваліся толькі прадстаўнікі сацыялістычных, камуністычнай i судэта-нямецкай партый, якія, аднак, абаранялі ў першую чаргу ўласныя інтарэсы. Разам з тым, М. Плавец зусім не зніжае той пазітыўнай ролі, якую адыграў чэхаславацкі ўрад у падтрымцы беларускага нацыянальнага руху ў ЧСР у міжваенны перыяд.

Шэраг выступленняў быў прысвечаны сітуацыі ў сучаснай Беларусь Так, Алена Тэмпер падрабязна разглядае два праекты беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці (генетычны i мадэрнізацыйны), што сталі канкураваць у 1990-я г. – пачатку XXI ст., а Маркус Гігер высвятляе сферу функцыянавання беларускай мовы ў сучасным грамадстве i праводзіць грунтоўныя параўнанні з ужываннем ірландскай мовы.

Выданне завяршаецца артыкулам беларускага даследчыка Захара Шыбекі, у якім зроблена заяўка на асэнсаванне гістарычнага вопыту беларусаў у XX ст. з пункту гледжання фармавання нацыянал-камуністычнай ідэалогіі. На пачатку аўтар робіць заўвагу, што феномен нацыянал-камунізму да гэтага часу спецыяльна не вывучаўся, а таму яго развагі будуць мець у пэўнай ступені гіпатэтычны характар. Тайм чынам, прэтэндуючы на ролю першаадкрывальніка, З. Шыбека пачынае з тэарэтычнага абгрунтавання праблемы. Але ўжо ў самым пачатку становіцца бачнай тэрміналагічная блытаніна i звязаныя з ей дзіўныя высновы. Напрыклад, што „камунізм узнік у першай палове XIX ст. i ўяўляў сабой рэакцыю нізоў на распаўсюджанне нацыяналізму элітамі грамадства зверху”, зыходзячы з чаго далей Шыбека ставіць знак роўнасці паміж камунізмам і „плебейскім ці сацыяльным нацыяналізмам” (398-399). У гэтай сувязі незразумела, што аўтар мае на ўвазе, калі гаворыць пра нацыяналізм у цэлым i яго характар ды формы ў прыватнасці. У артыкуле сустракаюцца такія азначэнні, як „плебейскі”, „арыстакратычны”, „сялянскі”, „сацыяльны” нацыяналізм, якія ніколі не ўводзіліся ў навуковы зварот, а таму патрабуюць ад аўтара канкрэтызацыі i дэфініцыі, чаго ў тэксце няма. Пасля тэарэтычных развагаў 3. Шыбе­ка пераходзіць да разгляду этапаў развіцця нацыянал-камунізму, дзе абапіраецца на фактычны матэрыял, i тут яго высновы выглядаюць больш праўдападобна. Разам з тым, з некаторымі выказваннямі нельга адназначна пагадзіцца. Напрыклад, што адной з мэтаў беларусізацыі было „выяўленне беларускіх талентаў з тым, каб потым ix выкасіць i расчысціць глебу для русіфікацыі” (404), ці што „менавіта бальшавізм з’яўляецца галоўнай прычынай празмернай дэнацыяналізацыі беларускага грамадства” (410).

У заключэнні неабходна адзначыць, што зборнік выдадзены на дзвюх мовах — чэшскай i рускай, кожны артыкул мае кароткае рэзюмэ. Большасць апублікаваных артыкулаў дэманструюць высокі навуковы ўзровень, i яны несумненна будуць цікавыя шырокаму колу спецыялістаў — гісторыкаў, этнографаў, літаратуразнаўцаў, мовазнаўцаў.

Мінск

Любоў Козік


[1] Артыкул у перакладзе на беларускую мову змешчаны ў гэтым нумары часопіса, гл. с 260-282. Гл. таксама беларускамоўную публікацыю ў „Пстарычным альманаху”, т. 12 (2006), с. 5-21.

Наверх

Марцэлі Косман. Славіст, медыявіст, полігісторык: да 90-годдзя Герарда Лябуды

Снежня 22, 2005 |


Трыццаць гадоў таму вядомы познаньскі гісторык пісаў[1]: „Прафесар Герард Лябуда належыць да вядучых прадстаўнікоў квітнеючай у нас са стагоддзе медыявістыкі — той галіны гістарыяграфіі, якая, у змаганні з недахопам крыніц па Сярэднявеччы, асабліва ранейшым, далёка пайшла ва ўдасканальванні метадаў іх найбольш поўнага і дакладнага выкарыстання. Працягваючы адметныя крыніцазнаўчыя традыцыі айчыннай медыявістыкі, Лябуда дасягнуў вяршыні і ў другім метадалагічным падыходзе — суцэльным засваенні навуковай літаратуры, якую збірае з непараўнальным эўрыстычным майстэрствам, каб адшукваць там рашэнні, нярэдка забытыя, і праясняць такім чынам праблематыку. Пры гэтым адметнасць абранага ім метаду дазваляе змагацца з гістарыяграфічнымі легендамі і памылковымі поглядамі, падвяргаць іх знішчальнай крытыцы і, у выніку, выдаляць з поля аўтарытэтных ведаў меркаванні, не вартыя там заставацца. Толькі такім падрыхтаваным падмуркам аўтар імкнецца забяспечыць найбольш адэкватны вобраз мінулага, на ім узводзіць уласныя канструкцыі…“[2].

Далей Генрык Лаўмяньскі адзначае, што інтарэсы Лябуды сягаюць далёка за межы медыявістыкі і ў значнай ступені датычаць найноўшай гісторыі. Навуковыя даследаванні пры гэтым не перашкаджаюць дыдактычнай і арганізацыйнай працы — наадварот, усе тры віды дзейнасці крочаць поруч. Ужо ў 1976 г. публікацыйны даробак прафесара ўключаў 1059 пазіцый; у 1986 г. ён павялічыўся на 353 пункты; у 1996 — яшчэ на 308; чарговая сотня дадалася за апошняе, дзевятае, дзесяцігоддзе (in statu nascendi, а таму няпоўнае).

Першы вялікі юбілей прафесара адбыўся ў 1976 г. і быў ушанаваны 800–старонкавай памятнай кнігай[3]. Наступным гадавінам прысвячалі спецыяльныя выданні ўстановы, з якімі Герард Лябуда быў звязаны на працягу гадоў: Познаньскае таварыства сяброў навук (ПТСН), Курніцкая бібліятэка ПАН, Навуковае таварыства ў Торуні[4], Заходні інстытут[5], Вышэйшая школа кіравання і банкаў (ВШКБ) у Познані. Апрача таго, родны універсітэт Адама Міцкевіча (УАМ) парупіўся пра юбілейнае шанаванне Майстра друкаваннем яго выбраных і класічных твораў: 70–годдзю прысвечана дапоўненае перавыданне тады ўжо надзвычай рэдкага твора пра станаўленне польскай дзяржавы, якім у свой час быў закладзены пачатак новаму пасляваеннаму этапу даследаванняў дадзенай тэмы[6].

Усяго трыма гадамі пасля названай кнігі выйшлі — таксама выданнем познаньскай Акадэмічнай кнігарні Яна Яхоўскага — аналітычныя штудыі пра „першую славянскую дзяржаву“, крыніцай для якіх стала адзіная згадка ў хроніцы пра франкскага купца Самона (пам. каля 658). Той паўстаў супраць свайго ўладара, удзельнічаў у вайне славян з аварамі (623 г.); пасля перамогі быў абвешчаны ўладаром федэрацыі плямёнаў пратадзяржаўнага тыпу — куды ўвайшлі чэшскія, мараўскія, карынцкія і іншыя славянскія землі. Аб’яднанне, аднак, не выявіла трываласці і распалася пасля смерці Самона[7]. Аўтар, працягваючы разгляд станаўлення польскай дзяржавы, асцярожна вызначае героя даследавання як уладара „гіпатэтычнага“ дзяржаўнага арганізма эфемернага кшталту. Ён акрэслівае неабходнасць вывучэння пачаткаў трывалых дзяржаўнасцяў у славян[8] (праз некалькі дзесяцігоддзяў шматбаковае развязанне гэтай задачы здзейсніў іншы познаньскі гісторык[9]) адначасова са з’яўленнем твора вядомага чэшскага навукоўца[10]. Штудыі пра дзяржаву Самона, як і ранейшае даследаванне пра вытокі пястаўскай манархіі, — узор дасканалай медыявістычнай працы: на падставе рэшткаў крыніц аўтар з талентам сапраўднага дэтэктыва разгадвае таямніцы ранняга Сярэднявечча.

Завяршэнне восьмага дзесяцігоддзя Герарда Лябуды было ўшанавана выданнем вялікага тома гутарак пра польска–нямецкае мінулае. Туды, апрача новых тэкстаў, увайшлі і даўнія штудыі пяцідзесяцігадовай даўніны, прысвечаныя формам антаганізму паміж дзвюма нацыямі на працягу тысячагоддзя. Машынапіс 1946 г. значна апярэдзіў у высновах свой час і мусіў доўга чакаць спрыяльных умоваў для публікацыі[11]. Большасць ранейшых тэкстаў аўтар „асвяжыў“, забяспечыўшы іх пасляслоўем ці каментарамі.

Доўга чакаў друку (гэтым разам па волі аўтара: у 1973 г. першая версія кнігі магла быць скарыстана прапагандыстамі ў канфлікце паміж дзяржавай і касцёлам) аналітычны твор пра развіццё легенды кракаўскага біскупа св. Станіслава. Лябуда грунтоўна прааналізаваў корпус нешматлікіх крыніц, вызваліў іх ад налёту апрацовак мінулых стагоддзяў, выказаў сваё стаўленне да легендаў абодвух памазанцаў — чорнай караля і белай яго антаганіста[12].

У 2004 г. у Познаньскім выдавецтве выйшлі два творы ў аднолькавым афармленні: Szkice historyczne XI wieku Т. Вайцяхоўскага (пятае выданне, прысвечанае стагоддзю першадруку)[13] і доўгачаканы збор палемічных даследаванняў Лябуды[14]. Пад час прэзентацыі кнігі ў запоўненай Малой зале ўніверсітэта Майстар падараваў прысутным сапраўднае духоўнае свята, калі дзяліўся сакрэтамі амаль сямідзесяцігадовай працы над сваімі нарысамі. Згадваліся і вялікія дыскусіі, прысвечаныя нацыянальнай гісторыі — напрыклад, пра славутую максіму Цыцэрона[15].

Познаньскае таварыства сяброў навук зладзіла рэпрынтавае выданне трохтомавых Fragmentów dziejów Słowiańszczyzny zachodniej (1960—1975) з грунтоўным пасляслоўем, у якім прапануецца аўтарскі погляд на тэму праз чатыры дзесяцігоддзі[16].

***

Герард Лябуда нарадзіўся 28 снежня 1916 г. у Новай Гуце (Картузаўскі павет) у сям’і свядомага гаспадара. Заўважыўшы, што інтарэсы аднаго з сыноў не звязаны з зямлёй, бацька даў Герарду магчымасць вучыцца.

Першым крокам у свет і да самастойнасці стала класічная гімназія імя караля Яна III Сабескага ў Вайгерове. Калі ў 1936 г. пасля іспытаў юнак пакідаў Вайгерова, яго кнігазбор налічваў ужо больш за шэсцьсот асобнікаў. Пераважвала, вядома, паморская тэматыка. Малады Лябуда быў і самым старанным чытачом багатай гімназійнай бібліятэкі, якая, апрача іншага, выпісвала спецыяльную гістарычную літаратуру, у тым ліку навуковую перыёдыку. Яшчэ вучнем ён распачаў адважную палеміку з вядомым навуковым аўтарытэтам пра рэлігію даўніх славян. Крытычны артыкул быў дасланы ў Кракаў пад псеўданімам і ў траўні 1935 г. з’явіўся ў навуковым тыднёвым дадатку папулярнага па ўсёй краіне „Ilustrowanego Kuriera Codziennego“[17].

Перад матурай, вясной 1936 г., Лябуду захапіла хроніка вайгероўскага канвента XVII ст. Пры парадкаванні старога манастырскага кнігазбору ён знайшоў лацінскі рукапіс, які аказаўся каштоўным дакументам першых гадоў існавання горада і кляштара. Гэта быў другі, невядомы раней, варыянт тэксту, збераганага сярод архіўных збораў у Пэльпліне. Праз чатыры дзесяцігоддзі прафесар прааналізаваў помнік у друку[18], а яшчэ пазней паспрыяў яго публікацыі[19].

Пасля атрымання матуры[20] малады Лябуда вырушыў у бліжэйшы з шасці універсітэтаў II Рэчы Паспалітай — Познаньскі, вядомы багатай бібліятэкай і бліскучай прафесурай, да складу якой тады далучыліся Казімір Тымянецкі з Кракава, Казімір Хадыніцкі з Вільні, Адам Скалкоўскі з Львова. Лябуда наладзіў з імі кантакт, але ў першую чаргу бавіў час у кнігазборы гістарычнага семінара, заняткі ж наведваў пераважна з сацыёлагамі, географамі і псіхолагамі. Да некалькіх моваў, вывучаных у гімназіі, дадалася яшчэ і шведская — засвоіў яе на III курсе, пад час стажыроўкі ва універсітэце горада Лунд. Даследаваў там раннюю гісторыю Памор’я і праблематыку скандынаўскіх вікінгаў, вывучаў нешматлікія (але багата апісаныя) крыніцы. Знаёмства з арыгіналамі прац шведскіх і дацкіх навукоўцаў значна пашырыла яго даследчы кругагляд, які ў той час фармаваўся пад уплывам познаньскага асяродку, перадусім — Юзафа Відаевіча і Лявона Кочага.

Верасень 1939 г. абрынуўся на спадзевы маладога даследніка (была знішчана частка падрыхтаваных да друку артыкулаў), але не спыніў яго навуковага росту. Зладзілася публікацыя дзвюх манаграфій: Polska i krzyżacka misja w Prusach do połowy XIII wieku (пісалася яшчэ ў першы год студэнцтва, з меркаваных 10—20 старонак праца пашырылася да 235)[21] і Magdeburg i Poznań (атрымала высокую адзнаку такога патрабавальнага рэцэнзента, як Караль Бучак[22]). Тады ж пабачылі свет і 9 грунтоўных рэцэнзій Лябуды, пераважна на працы нямецкіх аўтараў ранняга Сярэднявечча. Кансультаваў Юзафа Кісялеўскага ў напісанні ягонай шчымліва–красамоўнай Ziemia gromadzi prochy, выкрываў бязлітасную германізатарскую барацьбу з этнічнымі жыхарамі земляў, далучаных да Прусіі[23]. У выніку на пачатку II сусветнай вайны Герард Лябуда трапіў у нямецкі вышук, мусіў хавацца далёка ад родных краёў, перад ад’ездам быў шарагоўцам у Легіі Акадэміцкай. Праз гады згадваў свой побыт у Хробжы (Chrobrz) на Келеччыне, дзе парадкаваў выдатную бібліятэку і апісваў архіў, а потым працаваў рахункаводам па студзень 1945 г.[24] Удзельнічаў у супраціўным руху Арміі Краёвай, выдаваў на капіявальніку Biuletyn для Піньчаўскага павету. Апрацаваў Codex Myszkovianae ordinationis diplomaticus, машынапіс якога пасля вайны быў аддадзены на захаванне кракаўскай бібліятэцы Польскай Акадэміі Ўмельстваў (ПАЎ). Абараніў магістарскую і доктарскую дысертацыі, выкладаў у падпольным Універсітэце заходніх земляў, рыхтаваў габілітацыйную працу пра станаўленне польскай дзяржавы. Канец знаходжання ў Хробжы, вызваленне ад немцаў пакінулі жахлівыя ўспаміны, сярод якіх варварскае знішчэнне шматвяковага кнігазбору.

Пасля вяртання ў Познань апынуўся разам са сваімі нядаўнімі настаўнікамі К. Тымянецкім і А. Скалкоўскім у шчыльным асяродку перадваенных даследчыкаў, намаганнямі якіх аднаўляўся гістарычны семінар. Alma Mater Posnaniensis залучыла да сябе некалькі высланых з Вільні навукоўцаў, у тым ліку — гісторыка Генрыка Лаўмяньскага. Пасля габілітацыі быў прадэканам. Як намеснік прафесара (1950 г. — прафесар надзвычайны, 1956 г. — прафесар звычайны) узначаліў Кафедру гісторыі заходніх славян, якая ў 1952 г. была далучана да перададзенай яму Кафедры гісторыі Польшчы. З 1969 г., пасля рэарганізацыі Інстытута гісторыі, кіраваў Аддзелам агульнай і польскай гісторыі па XV ст. Быў абраны на рэктарства ў Познаньскім універсітэце (кадэнцыя 1962/3, 1964/5 г.), прызнаны ганаровым членам–карэспандэнтам ПАУ (дзейнасць якой, аднак, была спынена ўрадам у наступным, 1952 г.) і створанай пасля ПАН (1964 г.), яшчэ праз два гады стаў сапраўдным членам ПАН.

Першы раз пагроза звальнення з працы паўстала перад Г. Лябудам у 1949 г. Тады прыйшло ратаванне ў выглядзе дзяржаўнай узнагароды III ступені: прыгнятаць лаўрэата не выпадала. „Дагналі мяне толькі ў 1970 г.“[25], — адзначае ён і распавядае, як быў без згоды перамешчаны ў штат ПАН, дзе з 1953 г. кіраваў Аддзелам гісторыі Памор’я ў Познані (у складзе Інстытута гісторыі)[26].

Ад імя ПАН Герард Лябуда выступіў арганізатарам комплексных даследаванняў так званага Вялікага Памор’я, прасцертага ад тагачаснай Нямецкай Дэмакратычнай Рэспублікі да Інфлянтаў. Лабараторыі Аддзела гісторыі Памор’я знаходзіліся ў Торуні, Гданьску і нейкі час у Шчэціне. Склалася кола адмыслоўцаў, якія пачыналі яшчэ з магістарства — а дайшлі, збольшага, да прафесарскіх пасадаў. Паўсталі шматлікія манаграфіі ды фундаментальныя сінтэтычныя гісторыі Торуні, Гданьска і Шчэціна, а ў першую чаргу — шматтомавая Historia Pomorza. Spiritus movens усяго гэтага быў Герард Лябуда, які, сумесна з М. Біскупам, напісаў навацыйную працу Dzieje Zakonu Krzyżackiego w Prusach (перакладзена на нямецкую). „Гісторыяй Памор’я“, знакавым калектыўным творам, першы том якога выйшаў у 1969 г., прафесар займаўся да моманту абвяшчэння пра выхад апошняга з дзевяці грунтоўных тамоў — калі ўжо больш чым дзесяць гадоў фармальна знаходзіўся на пенсіі.

Навуковы плён юбіляра падрабязна апісаны ў бібліяграфіях ды рэцэнзіях[27]. Варта пералічыць найбольш значныя, апрача згаданых вышэй, аналітычныя працы па медыявістыцы: Źródła skandynawskie i anglosaskie do dziejów Słowiańszczyzny (Warszawa 1961); Źródła, sagi i legendy do najdawniejszych dziejów Polski (Warszawa 1961); Zaginiona kronika w Rocznikach Jana Długosza (Poznań 1983); Mieszko II król Polski 1025—1034 (Kraków 1992), а таксама яе аблегчаная, без дакументаў, версія Mieszko Drugi król Polski w czasach przełomu 1025—1034 (Poznań 1994); два сінтэтычныя накіды серыі „Dzieje narodu i państwa polskiego“ — Pierwsze państwo polskie (Kraków 1989) ды Korona i infuła. Od monarchii do poliarchii (Kraków 1996).

Акурат на восьмым дзесяцігоддзі паўсталі тэмы, звязаныя з „малой бацькаўшчынай“ — з якой Лябуда нястомна трымае шчыльную сувязь. За гэты час, апрача шматлікіх артыкулаў, з’явіліся тры кнігі: O Kaszubach, ich nazwie i ziemi zamieszkania (Gdańsk 1991), Dzieje wsi Luzino do schyłku XIX wieku (Gdańsk 1995), Kaszubi i ich dzieje (Gdańsk 1996). Таксама неабходна згадаць пра рэдагаванне такіх выданняў, як „Roczniki Historyczne“ і „Studia Źródłoznawcze“ (з I па XXVI тамы, сумесна з Аляксандрам Гейштарам i Брыгідай Кюрбіс), фундаментальнага Słownika Starożytności Słowiańskich (у якім актыўна ўдзельнічаў і ў якасці аўтара).

***

Герард Лябуда выконваў рэктарскія абавязкі на працягу 1962/3—1964/5 г. Рэктарства было надзвычайным і па сваёй праграме, і з улікам таго факта, што, апрача кароткага прадэканства у Гуманітарным факультэце (1950/1 акадэмічны год), прафесар ніколі не спрычыняўся да універсітэцкай адміністрацыйнай працы. Свае погляды на навачасны універсітэт і яго функцыі новы рэктар выявіў у інаўгурацыйнай лекцыі, прысвечанай месцу навучальнай установы ў сістэме навукі і дыдактыкі[28]. Тыповы медыявіст — гэта, у агульным разуменні, гісторык, заглыблены ў нешматлікія выпрацаваныя дакументы сярэднявечнай дыпламатыкі (у той час як даследчык сучаснай гісторыі звычайна ўспрымаецца як асоба, бліжэйшая да жыццёвых рэаліяў). У дадзеным выпадку вядзецца пра дазнанага даследчыка рэчаіснасці — не толькі полігісторыка, але і навукоўца, які цэласна падыходзіць да навукі і яе цывілізацыйнай ролі. Сярод яго ініцыятываў 1962 — 1965 г. належнае месца займаюць Рэктарская калегія УАМ ды Калегія рэктараў вышэйшых школ Познані (на інаўгурацыйным паседжанні 20 снежня 1962 г. Лябуда быў абраны першым старшынём).

Калі б Герард Лябуда быў толькі адміністратарам — ён усё роўна трапіў бы ва універсітэцкую гісторыю як вялікі дойлід. Пры ім упершыню паўстала і пачала ўвасабляцца ідэя навачаснага універсітэта, што рашуча перарос як свае будынкі 1914 г., так і сядзібы міжваеннага часу. Рэктар Лябуда стаў вядомы дзякуючы паспяховай дзейнасці, патрэба ў якой надзвычай пільна паўстала перад ягонай кадэнцыяй: універсітэцкія планы, распрацаваныя папярэднікам, былі пад пагрозай. Яшчэ раней у Познані ён выявіў майстэрства ўладжваць складаныя справы — дзякуючы як таленту дыпламата, так і цяжкім высілкам. Перадусім гэта датычыла ПТСН, галоўным сакратаром якога Лябуда стаў у час пагрозы знішчэння (1961), а пасля ў якасці прэзідэнта (1972—1975) паспрыяў дасягненню стабільнасці Таварыства. Тое ж датычыла Заходняга інстытута (віцэ–прэзідэнт, пасля прэзідэнт), перад якім, пасля першых гадоў інтэнсіўнай і эфектыўнай пасляваеннай дзейнасці, узнік прывід ліквідацыі. Анджэй Квілецкі акрэслівае час здзяйсненняў Лябуды як другі залаты перыяд у гісторыі ўстановы. Другі даследчык, згадваючы крызіс так званай сталінскай эпохі, нагадвае, як у тыя часы была скарочана значная частка супрацоўнікаў, некаторыя былі кінуты ў турму, панавалі абвінавачванні ў нацыяналізме і клерыкалізме, пахіснулася становішча першага дырэктара Зыгмунта Вайцяхоўскага, пасля ж смерці таго ў 1955 г. „рэальную пагрозу ліквідацыі Інстытута прадухілілі толькі звышчалавечыя намаганні яго членаў–заснавальнікаў на чале з Герардам Лябудам“[29].

Найвышэйшую пасаду ў ПТСН ён спалучыў са стварэннем познаньскага аддзялення ПАН (1972—1981 г.) і прэзідэнцтвам у ім. Гэта паспрыяла ўвасабленню канцэпцыі гарманічнай (можна сказаць — узорнай) супрацы ПАН з заслужанай вялікапольскай навуковай пляцоўкай. Разгарнуў маштабную дзейнасць як старшыня Рады папулярызацыі навукі (1980—1989), а таксама Рады навуковых таварыстваў (1984—1989) пры Прэзідыуме ПАН, віцэ–прэзідэнтам якой быў на працягу дзвюх кадэнцый (1984—1989).

На канец гэтага перыяду прыпадае яшчэ адна вялікая перамога — вяртанне з небыцця Польскай Акадэміі Ўмельстваў у Кракаве, дзейнасць якой некалі была перапынена на дзесяцігоддзі. Шлях да гэтай падзеі ішоў праз удзел у падрыхтоўцы радыкальных грамадскіх зменаў у краіне. Горкі жыццёвы досвед не пакінуў Майстру асаблівых нагодаў быць удзячным сістэме. У канцы 1986 г., калі апошні правадыр заняпалага ладу Войцэх Ярузэльскі прапанаваў прафесару ўдзел у Кансультацыйнай радзе пры старшыні Дзяржаўнай рады[30], Лябуда (тагачасны віцэ–прэзідэнт ПАН), разам з Аляксандрам Гейштарам (прэзідэнтам ПАН), выказаў згоду.

Яго выступы на сустрэчах у Бэльведэры адзначаліся рэфлексійнасцю. На першым пасяджэнні, 6 снежня 1986 г., Лябуда браў слова пяць разоў[31]. Закранаў прынцыповыя для нацыі рэчы, асэнсоўваў вялікія змены, архітэктарам якіх быў тагачасны правадыр дзяржавы. Дыскусіі, якія вяліся ў сядзібе, адыгрывалі значную ролю ў прыняцці рашэнняў.

У першым выступленні прафесар засяродзіўся на метадалогіі нарадаў, адзначыў небяспеку рэвалюцыйных зменаў, заклікаў да эвалюцыйных — працаёмістых, але больш трывалых, — здзяйсненняў. Звярнуў увагу на марнасць пустых абяцанняў, якія спустошваюць псіхіку людзей, што ім вераць і чакаюць, калі міфічны „нехта“ (дадамо: „яны“ з часоў рэальнага сацыялізму) пачне ўвасабляць усё гэта ў жыццё[32]. У кастpычніку 1987 г., калі вялася дыскусія пра г. зв. другі этап эканамічнай рэформы, Лябуда прысвяціў свой разгорнуты выступ ролі навукі ў дадзеным працэсе: дайшоў да задачаў, пастаўленых перад даследчыкамі мінулага, коратка закрануў далікатную праблему „белых плямаў“[33]. Прамова стала дыпламатычным адказам на ранейшыя гарачыя дыскусіі, ліццём, так мовіць, алею на бурлівыя хвалі. Калі на адной з чарговых сустрэчаў трэба было неяк суняць паважнага мецэната Уладыслава Сіла–Навіцкага і яго апанентаў, прафесар вытанчана акрэсліў іх палеміку як „доўгае інтэрмецца“, пасля якога неабходна вярнуцца да „акрэсленай абвесткай тэмы“. Ёю была даўняя эміграцыя і найноўшыя высяленцы: закранаючы балючую праблему аўтахтонаў у Варміі, Мазурах і Верхнім Шлёнску, Лябуда заўважыў: „Можа, не варта вяртацца да гісторыі — бо ў гісторыі, як кажуць філосафы, можна навучыцца толькі таму, што яе навукай ніхто не карыстаецца[34]. Таму лепш звярнуцца да досведу ўчорашняга дня“[35]. 28 студзеня 1989 г., калі праца Рады набліжалася да канца ды вымалёўвалася (хоць і пасля не было нястачы ў драматычных момантах) паразуменне з апазіцыяй і завяршэнне „круглага стала“, познаньскі гісторык выказаўся наконт больш чым двух гадоў дзейнасці:

„Карыснасць нашых дзеянняў у тым, што мы паслужылі трансмісійным пасам паміж грамадскімі думкамі ды поглядамі — і вышэйшымі коламі дзяржавы. <…> Нашы выказванні былі збольшага аналітычнымі, фактаграфічнымі, часам шматматыўнымі і даволі раздробленымі, але хапала таксама адкрыццяў і сінтэтычных дыскусій. <…> Апошнім часам робімся сведкамі ўзрастання адкрытасці і свабоды абмеркавання праблемаў, дагэтуль недапушчальных для публічнага абгаворвання. Гэта слушны кірунак дзейнасці — калі толькі грамадзянін, усвядоміўшы наяўныя праблемы (як пераадолення мінулай спадчыны, так і будучых перспектываў) захоча далучыцца да актыўнай дзейнасці. Кансультацыйная рада не можа заставацца адасобленай выспай, дзе не ўздымаюцца найбольш вострыя тэмы.“.

Прамоўца не застаўся ў коле агульных выказванняў. Асабліва блізкімі для Лябуды сталі пытанні новай канстытуцыі, нацыянальнай адукацыі і арганізацыі навукі. Так, была выразна агучана праблема фізічнага здароўя нацыі (хутчэй — яго нястачы): „Да асабліва значных для грамадства тэмаў залічваю пытанне элітарнага спорту, цяперашняга закладніка рэкордаманіі і сумнеўнага прэстыжу на міжнароднай арэне. І масавага спорту, перадусім школьнага, занядбанасць і адсутнасць якога абарочваецца шкодай для развіцця фізічнай культуры і здароўя ўсёй нацыі. Рада не можа заставацца абыякавай да выраджэння, што апаноўвае такую важную галіну калектыўнага жыцця“[36].

Калі пасля 1990 г. Ярузэльскі зрабіўся аб’ектам прапагандысцкіх нападкаў, прафесар у сваёй анкеце залічыў яго да дзесяці найбольш выдатных публічных асобаў. У сваю чаргу, былы прэзідэнт Польскай Рэспублікі захаваў удзячную памяць пра навукоўца з тых самых часоў вялікіх зменаў. На яго 85–годдзе Ярузэльскі даслаў арганізатарам урачыстасці ліст, у якім называў Лябуду вялікай постаццю польскай навукі.

Ужо на пенсіі Майстар прыступіў да рэалізацыі такой вялікай працы, як узнаўленне дзейнасці Польскай Акадэміі Ўмельстваў у Кракаве. Набліжалася саракавая гадавіна апошняга Агульнага сходу ПАЎ (21 чэрвеня 1951 г., адразу пасля таго, як Лябуда зрабіўся яе сапраўдным членам). Па ініцыятыве членаў кракаўскага аддзялення ПАН, пры падтрымцы з боку яе Прэзідыума і Агульнага сходу, 30 мая 1989 г. была склікана арганізацыйная камісія. Было выяўлена, што засталося толькі дзевяць членаў ПАЎ. Найстарэйшы, 97–гадовы Конрад Гурскі, неўзабаве таксама адышоў (7 красавіка 1990 г.), большасць ужо была не ў стане выязджаць на паседжанні — таму ў „адраджэнскім“ сходзе ў Варшаве (16 красавіка 1990 г.) удзельнічалі пяцёра членаў. Было выбрана статутнае прадстаўніцтва, якое ўзначаліў наймалодшы член ПАЎ — Герард Лябуда. Яны далучыліся да карпарацыі ўсіх кракаўскіх членаў ПАН і з таго моманту пачалі дамагацца прызнання сваіх пастановаў прэзідэнтам Польскай Рэспублікі, згодна са статутам 1927 г. На жаль, не было недахопу і ў галасах, якія спрабавалі разладзіць ці, прынамсі, ускладніць аднаўленне гэтай гістарычнай установы. Хапала іх і ў цэнтральным кіраўніцтве ПАН у Варшаве — яе віцэ–прэзідэнт, аднак, меў уласны досвед гадоў суіснавання Познаньскага аддзялення і ПТСН. 28 лістапада Лябуда наведаў Бэльведэр: прэзідэнт краіны з разуменнем паставіўся да ініцыятывы навукоўцаў і 22 лютага наступнага года прыняў адпаведнае рашэнне, якое было абвешчана 6 сакавіка 1990 г. У гістарычныя нацыянальныя ўгодкі, 3 траўня таго ж года, адбылося ўрачыстае паседжанне ПАЎ у Кракаве. Яе прэзідэнт сказаў памятную прамову, у якой абвясціў праграму працы пасля, паводле ягонага азначэння, саракагадовага каранціну[37]. Быў згаданы апошні Агульны сход у чэрвені 1951 г., які праходзіў у злавеснай атмасферы, „з прадчуваннем блізкай навальніцы — але ніхто з яго ўдзельнікаў тады нават не ўяўляў, што Акадэмію чакае шматгадовы сон. Сёння мы ведаем, у які каранцін трапілі людзі і як установа павінна была сканаць, так бы мовіць, натуральнай смерцю. З гэтым намерам, аднак, не замірыўся кракаўскі навуковы асяродак. На мяжы 1956/7 г. адбылася спроба скарыстацца тагачаснай палітычнай адлігай і абудзіць Акадэмію Ўмельстваў, але чаканні не спраўдзіліся. Кракаў мусіў задаволіцца іншай установай у выглядзе Аддзялення ПАН <…> Палітычная вясна 1989 г., якая абудзіла ў нацыі столькі спадзеваў, стварыла спрыяльны клімат і для адраджэння ПАЎ. Кракаў такі моцны і вялікі навукова–культурны цэнтр, што не можа быць проста філіялам, нават найшаноўнейшай навуковай установы. Ён патрабуе сабе ўласнага інстытута, які забяспечыў бы яму самастойнае месца на навуковай і культурнай карце краіны“.

У 1994 г. Герард Лябуда быў выбраны ганаровым прэзідэнтам ПАЎ.

Паступова ён адышоў ад працаёмістых рэдактарскіх абавязкаў, перадаў у маладзейшыя рукі „Roczniki Historyczne“ і „Studia Źrуdłoznawcze“. Гэта дазволіла яму засяродзіцца над давядзеннем да ладу фундаментальных калектыўных твораў, адметнае месца сярод якіх заняла шматтомавая Historia dyplomacji polskiej. Яе паходжанне звязана з г. зв. дэкадай Герэка і нават часамі „позняга Гамулкі“. Пачатак быў закладзены вялікай сінтэтычнай працай Polska granica zachodnia, напісанай для Познаньскага выдавецтва па грамадскай замове: з меркаванага эсэ ў некалькі аркушаў кніга пашырылася да 450 старонак, напісаных усяго за тры месяцы. Вядома, гэта толькі час фіксавання на паперы тэксту, што выношваўся аўтарам на працягу амаль чатырох дзесяцігоддзяў. Аўтар аднак (пра гэта згадвалася вышэй) пасля двух выданняў наважыўся і на трэцюю рэдакцыю твора.

Нічога дзіўнага, што ў 1972 г. тагачасны міністр замежных спраў Стэфан Альшоўскі прапанаваў аўтару Polskich granic zachodnich пасаду галоўнага рэдактара Historii dyplomacji polskiej, якая мусіла ахапіць часы з сярэдзіны X ст. да сучаснасці. Планаваліся тры тамы: першы прысвячаўся перыяду перад падзеламі, другі — падзелам, трэці — часу ад вяртання незалежнасці. Згодна з чаканнямі, праца над першым томам — ён пераўтварыўся ў вялікія два, якімі кіравалі Мар’ян Біскуп і Збігнеў Вуйцік, — рухалася спраўна. Як і над трэцім, прысвечаным падзелам, пад кіраўніцтвам Людвіка Базылёва, — хоць тут ужо спатрэбілася пэўная дыпламатыя ў дачыненні да цэнзуры, якая стварала перашкоды, непераадольныя для сур’ёзных даследчыкаў. Часавая мяжа чацвёртага тома была перанесена з 1945 г. на пачатак II сусветнай вайны — тым не менш, усё роўна паўстала праблема асвятлення пакта Молатава–Рыбентропа і падзеяў 17 верасня 1939 г. Падзеям вайны меркавалася прысвяціць пяты том, падрыхтоўка якога прыпадала на чаканыя лепшыя часы. Галоўны рэдактар вёў далікатныя перамовы, у тым ліку з новым міністрам замежных спраў Мар’янам Ажахоўскім (не толькі членам Палітычнага бюро Польскай аб’яднанай рабочай партыі, але і дазнаным гісторыкам найноўшых часоў). Выданне гэтага надзвычай складанага тома неаднаразова адкладалася, пакуль не надышлі палітычныя змены ў краіне, а Герард Лябуда, пасля выхаду першых трох тамоў[38], не знайшоў галоўнага сурэдактара ў асобе Вальдэмара Міховіча з Лодзі. Дзякуючы іх гарманічнай супрацы, ужо ў лепшыя часы, да канца былі даведзены чацвёрты і пяты том[39], дзе (за выключэннем падзей, звязаных з „ветрам з усходу“) стала магчымым праўдзіва напісаць пра Катынь і Ялту.

Гэты знакавы твор, адзін з найзначнейшых у еўрапейскім маштабе, і цяпер знаходзіцца in statu nascendi. Працягваецца праца над апошнім томам, што мусіць ахапіць найноўшыя часы да сёння. У сувязі з адсутнасцю часавай дыстанцыі паўстаюць такія праблемы, як празмерная эмацыйнасць ацэнак і неабходнасць акрэслення ролі яшчэ дзейных персанажаў палітычнай сцэны. Адсюль затрымка — паспешлівасць у дадзенай сітуацыі была б недарэчы. У падобных выпадках замест тлумачэнняў мэтазгодна даваць храналогію падзей — што, уласна, і зрабілі абодва рэдактары ў даведзенай да канца XX ст. аднатомавай сінтэзе.

Тая, аднак, адносіцца ўжо да дзевятага дзесяцігоддзя.

***

Генрык Лаўмяньскі больш чым сорак гадоў таму вылучыў пяць галоўных тэматычных плыняў: 1) вытокі польскай дзяржавы; 2) заходнія славяне ў раннім Сярэднявеччы; 3) гісторыя польскага і „крыжацкага“ Памор’я; 4) крыніцазнаўчыя працы, 5) гісторыя польскай заходняй мяжы[40]. Па сутнасці, усё апублікаванае да 1996 г. і даследаванае Майстрам трапляе ў гэты абсяг. Тым не менш, асабліва трэба адзначыць даследаванне „малой бацькаўшчыны“: працу над вялікай, першай у Польшчы, сінтэтычнай гісторыяй Кашубшчыны (том I: час да XVI ст.).

Вось дасягненні, яшчэ не зафіксаваныя ў чарговай бібліяграфіі[41]:

Вынік 1997 г. — амаль трыццаць пунктаў, сярод якіх выдатна выдадзеная, на 455 старонак, анталогія тэкстаў з грунтоўнымі каментарамі Święty Wojciech w polskiej tradycji historiograficznej (біяграфія заступніка Гнезненскай мітраполіі). Далей — дзве кнігі[42], шэсць артыкулаў (у тым ліку два пра першага польскага пакутніка), а таксама чацвёрты, прысвечаны найноўшым часам, том Dziejów Szczecina пад галоўнай рэдакцыяй Г. Лябуды. У апошнім годзе мінулага тысячагоддзя выйшла пяць кніг і сем невялікіх распрацовак. Сярод іх — два даследаванні паморска–кашубскай тэмы[43], пераклад на нямецкую напісанага сумесна з М. Біскупам твора пра Крыжацкі ордэн у Прусіі[44] і дзве манаграфіі, прысвечаныя святым біскупам Пражскаму Войцэху ды Кракаўскаму Станіславу[45]. Плёнам першага года новага тысячагоддзя сталі 12 артыкулаў, а таксама завяршэнне працяглага калектыўнага даследавання гісторыі Памор’я, увасобленага ў васьмі тамах (агульны аб’ём 5500 старонак). Наступны год адзначыўся даследаваннямі, рэцэнзіямі і дзвюма кнігамі: Mieszko I. (Wrocław 2002) і ўжо згаданае перавыданне Fragmentów dziejów Słowiańszczyzny zachodniej. У 2003 г. пабачылі свет, апрача тузіна драбнейшых тэкстаў, навацыйныя гістарыяграфічныя штудыі, падрыхтаваныя ў межах даследніцкага плана Інстытута палітычнай гісторыі ВШКБ у Познані (Rozwój metod dziejopisarskich od starożytności do wspуіczesności. Cz. 1: do schyłku XIX w.). Сярод публікацый 2004 г. назавем ужо згаданыя Szkice historyczne z X i XI wieku, разгорнуты (больш за сто старонак) агляд 10–томавай гісторыі Польшчы і новай „кракаўскай“ сінтэзы Ягелонскага універсітэта[46] ды другое выданне кнігі пра св. Войцэха (хоць прайшло няпоўныя чатыры гады пасля першага выдання, аўтар „асвяжыў“ палеміку найноўшымі поглядамі і значна пашырыў бібліяграфічную частку).

Праца рухаецца наперад: як кажа прафесар, друкарская машынка — яго галоўны цяперашні суразмоўца. На першым плане, сярод іншых: сінтэтычная гісторыя Кашубшчыны; працяг Rozwoju metod dziejopisarskich; вонкава драбнейшыя — але таксама неадкладныя і працаёмістыя — тэмы, што паўстаюць па ходзе працы. Дом гісторыка з’яўляецца вялікай бібліятэкай, майстэрняй для тытанічнай працы. Не дзіва, што Томаш Агатоўскі, пад час гутаркі з Лябудам пра напісаныя кнігі (5 ліпеня 2001 г.), быў зачараваны надзвычайнымі памерамі ды якасцю кнігазбору і яго месцам у лёсе гаспадара, які з 1945 г. сістэматычна аднаўляе і пашырае свае запасы. Некалькімі гадамі раней перадаў частку кніг у Вайгерова. Апрача большасці вузкаспецыяльных назваў, тут ёсць Dzienniki Мячыслава Ф. Ракоўскага, творы Марыі Дамброўскай, Зоф’і Налкоўскай, паэзія Галіны Пасьвятоўскай.

Прафесар каментуе: „Рэч у тым, што калі б не меў у запасе шмат кніг, калі б не меў гэтага кнігазбору, мусіў бы няспынна хадзіць у бібліятэку, у тым ліку ва універсітэцкую. І там бы праца іншым разам доўжылася тыдзень, два тыдні. А я мушу спраўдзіць пытанне неадкладна! Таму лічу за лепшае купіць кнігу, мець яе — тады ашчаджаю шмат часу і без клопатаў здзяйсняю тое, што запланаваў“[47].

Сярод збераганых матэрыялаў адметнае месца займае ліст з Ватыкана ад 22 студзеня 2001 г., у якім Ян Павал II дзякаваў за дасланыя праз кашубскага земляка, Гнезненскага мітрапаліта, кнігі[48].

Арцыбіскуп Генрык Мушыньскі, таксама родам з Кашубшчыны, ушанаваў земляка лістом з Гнезна ад 3 снежня 2001 г., з нагоды святкавання яго 85–годдзя, якое ў будынку Вышэйшай школы кіравання і банкаў у Познані сабрала гісторыкаў усёй краіны. Ён падкрэсліў значнасць урачыстасці, у сувязі з чым звярнуў увагу на „доўгі тэрмін ціхай, сумленнай, плённай ды руплівай навуковай і дыдактычнай працы <…> неаспрэчнага аўтарытэта і выхавальніка некалькіх пакаленняў гісторыкаў“, што, „як вядомы знаўца гісторыі пачаткаў польскай дзяржаўнасці — непадзельна звязанай з гісторыяй касцёла на нашых землях — здабыў сабе <…> адметнае месца сярод навуковых даследчыкаў нашай мінуўшчыны“. Не забыўся і пра заслугі юбіляра перад Гнезненскай мітраполіяй — перадусім шматгадовыя штудыі, прысвечаныя яе апекуну. Фотакопія віншавальнага ліста змешчана ва ўступе да апошняй памятнай кнігі Aere Perennius, у тлумачэнні ўводных словаў — „Exegi monumentum“ Гарацыя[49].

У Інстытуце палітычнай гісторыі ВШКБ Герард Лябуда з 2000 г. Там у якасці штатнага звычайнага прафесара ён ажыццяўляе праграму даследаванняў па гісторыі ды метадалогіі гісторыі гістарыяграфіі і яе ролі ў палітычных навуках.

Майстар ушанаваны дзяржаўнымі ўзнагародамі (1949, 1951, 1971) і адзнакамі: Рыцарскі Крыж, Вялікі Крыж Ордэна Polonia Restituta (1996), Штандар Працы I Ступені (1976). У Нью–Ёрку ён атрымаў прэстыжную ўзнагароду імя Южыкоўскага (1983). Шырокім рэхам прагучалі чарговыя юбілеі, аднаўленне доктарства ў родным універсітэце (1996) і медаль Palmae Universitatis Studiorum Posnaniensis (2000). З’яўляецца — апрача абедзвюх айчынных Акадэмій — членам замежных[50] і айчынных навуковых таварыстваў у галоўных асяродках заходніх і паўночных земляў (Торунь, Гданьск, Шчэцін), якія таксама прэзентавалі яму доктарства honoris causa. Паслядоўнасць прызнання супала з размяшчэннем гэтых гарадоў па цячэнні дзвюх вялікіх рэк — Віслы і Одры: пачаў Гданьск (1985), пасля Торунь (1993), Кракаў (1995), Варшава (1997), Вроцлаў (1999) і Шчэцін (2003).

Шчэцінскі універсітэт паўставаў за рэктарствам Герарда Лябуды, які не забываецца апекавацца маладым навуковым асяродкам Вялікага Памор’я. Адметнай стала перадача 24 сакавіка 2003 г. у рукі Майстру дыплома ганаровага доктара і прыняцце яго тым самым у асяродак універсітэта, які вырас пры значным удзеле Almae Matris Posnaniensis. У сардэчнай атмасферы вучні, шмат хто ўжо з прафесарскімі званнямі, згадвалі яго заслугі. Ініцыятар імпрэзы казаў пра выгоды „пазнейшага нараджэння“, у сувязі з чым прамовіў:

„Такой ласкі не зведаў Герард Лябуда. Яго найпекныя студэнцкія гады былі жорстка перарваны нямецкім нападам на Польшчу <…> Прафесар падзяліў трагічны лёс свайго пакалення і пакалення сваіх вучняў, якіх выбух вайны і акупацыі прымусіў да роспачнай і гераічнай барацьбы за захаванне навуковых варштатаў і чалавечай годнасці. Калі перад вайной ён выяўляў надзвычайную навуковую спеласць, то акупацыйная ноч паставіла яго перад выключнымі выклікамі лёсу <…> Акупацыйныя перажыванні ўзмацнілі яго пазітывісцкія погляды — у якіх этас працы, абавязку і палітычнага рэалізму, большы за паўстанніцкія памкненні і схільнасць да даніны крыві, вызначаў ерархію задачаў у перыяд акупацыі і пасля“[51].

Асабліва „пасля“ — гэта значыць пад час складанага, але поўнага магчымасцяў для аднаўлення і пашырэння польскай навукі шасцідзесяцігоддзя пасля заканчэння вайны. Герард Лябуда, як прызнаўся ў адным з інтэрв’ю, не злаваўся на гісторыю.

З польскай пераклала Вольга Мазурава


[1] Пасля II сусветнай вайны познаньскі гістарычны асяродак вызначаўся трыма выдатнымі медыявістамі: Казімежам Тымянецкім (1887—1968), Генрыкам Лаўмяньскім (1898—1984), які прыехаў з Вільні ў 1945 г., і Герардам Лябудам (нар. 1916). У Познані мясцілася і рэдакцыя фундаментальнага Słownika Starożytności Słowiańskich, які ствараўся ў лабараторыі Інстытута cлавяназнаўства Польскай Акадэміі Навук (ПАН).
[2] Łowmiański H. Gerard Labuda // Nauka Polska. Nr 1. 1975. S. 58.
[3] Ars Historica. Prace z dziejów powszechnych i Polski. Poznań, 1976.
[4] Zapiski Historyczne. T. LII. 1987. Zeszyt 4 (плён паўстагоддзя навуковай працы); T. LXI. 1996. Zeszyt 4.
[5] Заходні Інстытут 70–годдзю свайго былога дырэктара прысвяціў падвойны сшытак Przeglądu Zachodniego: Nr 5/6. 1986. S. 390.
[6] Labuda G. Studia nad początkami państwa polskiego. T. I—II. Poznań, 1987—1988 (першадрук у адным томе: Poznań, 1946).
[7] У энцыклапедычным артыкуле, напісаным больш чым праз 30 гадоў, аўтар падае ў двукоссі азначэнне „кароль“ і нагадвае, што Самон трымаўся паганскага жыцця, меў, відаць, 12 жонак і 37 дзяцей. Асноўнай і, пэўна, адзінай крыніцай з’яўляецца датаваная тымі часамі Хроніка Фрэдэгара. Гл.: Labuda G. Samo (Samon) kupiec frankoński z okręgu Sens // Słownik Starożytności Słowiańskich. T. 5. Wrocław — Warszawa — Kraków — Gdańsk, 1975. У заключэнні аўтар сцвярджае, што ўжыванае азначэнне „першая славянская дзяржава“ мае выключна канвенцыйны характар — паколькі, верагодна, ужо раней на славянскіх землях існавалі аналагічныя дзяржаўныя ўтварэнні тыпу ваеннай дэмакратыі.
[8] Labuda G. Pierwsze państwo słowiańskie — państwo Samona. Poznań, 1949. Прадмова аўтара: s. V—VII.
[9] Вядзецца, вядома, пра фундаментальны твор Г. Лаўмяньскага: Łowmiański H. Początki Polski. Z dziejów Słowian w I tysiącleciu n.e. T. I—VI. Сz. 1—2. Warszawa, 1963 — 1984). Яго „анэксам“ з’яўляецца даследаванне: Religia Słowian i jej upadek (w. VI—XII). Warszawa, 1979.
[10] Dvornik Fr. The making of Central and Eastern Europe. London, 1949.
[11] Labuda G. Polsko–niemieckie rozmowy o przeszłości. Zbiór rozpraw i artykułów. Poznań: Instytut Historii UAM, 1996. S. 553.
[12] Labuda G. Św. Stanisław biskup krakowski, patron Polski. Śladami zabójstwa — męczeństwa — kanonizacji. Poznań, 2000.
[13] Wojciechowski T. Szkice historyczne jedynastego wieku. Poznań, 2004. Рэпрынт першадруку, з уступам Г. Лябуды O piątym wydaniu Tadeusza Wojciechowskiego „Szkiców historycznych“ słów kilka (S. 7—11).
[14] Labuda G. Szkice historyczne X—XI wieku. Z dziejów organizacji Kościoła w Polsce we wczesnym średniowieczu. Poznań, 2004.
[15] Гл.: Labuda G. Historia magistra vitae? // Gdańskie Zeszyty Humanistyczne. R. XXVI. Nr 30. S. 7—18; Labuda G. O pewnej zapomnianej niezapomnianej dyskusji (Maksyma Cycerona „Historia magistra vitae“ przed trybunałem historyków // Historyka. T. XVIII. 1988. S. 3—22.
[16] Labuda G. Fragmenty dziejów Słowiańszczyzny zachodniej. Poznań, 2002. S. 965; ibidem. Posłowie. S. 913—938.
[17] Gerla H. Na marginesie „Wierzeс religijnych naszych praojców Słowian“ (Stefana Noska) // Kurier Literacko–Naukowy. Nr 18 ад 6.V.1935. S. XII—XIII.
[18] Labuda G. Kronika franciszkanów wejherowskich — zapoznany zabytek historiografii klasztornej z połowy XVII wieku // Studia Polonistyczne. T. V. 1977. S. 49—65.
[19] O. Grzegorza Gdańskiego Kronika klasztoru Franciszkanów Ściślejszej Obserwancji w Wejherowie w latach 1633—1676. Wejherowo, 1996.
[20] Гімназійныя часы Герарда Лябуды не абмежаваліся знаёмствам толькі з літаратурай — свядомыя педагогі ладзілі вучням і шматлікія падарожжы ў гістарычныя мясціны: Вільню, Валынь, Крамянец, Збараж…
[21] Выйшла ў серыі „Annales Missiologicae“: R. IX. 1937. S. 201—435. Напісана ў адказ на прапанову Лявона Кочага, у 1943 г. стала фармальнай падставай магістарскай ступені ў канспірацыйных універсітэцкіх умовах.
[22] Magdeburg i Poznań (Założenie arcybiskupstwa magdeburskiego i biskupstwa poznańskiego na tle wschodniej polityki misyjnej Ottona Wielkiego) // Roczniki Historyczne. R. XIV. 1938. Zeszyt 2. S. 185—238 (рэцэнзію Караля Бучка гл. у: Kwartalnik Historyczny. R. LIII. 1939. Nr 1. S. 81—84). Гэтае даследаванне стала падставай доктарскай ступені, таксама ў падпольным Універсітэце заходніх земляў.
[23] Kisielewski J. Ziemia gromadzi prochy. Poznań, 1939; гл. таксама: Labuda G. Jak powstawaіa książka Józefa Kisielewskiego „Ziemia gromadzi prochy“ // Zapiski kaszubskie, morskie i pomorskie. Wybór pism. Gdańsk, 2000. S. 425—440.
[24] Labuda G. Tygodnik konspiracyjny Armii Krajowej Ziemi Pińczowskiej // Kubin J. Powstańcze reportaże z Żoliborza ze wspomnieniami K. Dunin–Wąsowicza i G. Labudy. Warszawa, 2004. S. 8.
[25] Гэта было звязана з удзелам яго сыноў у студэнцкіх хваляваннях 1968 г. Яшчэ пазней, пад час ваеннага становішча, калі сыны былі пазбаўлены волі, улады раілі Лябуду згадзіцца на высокую пасаду ў Патрыятычным руху нацыянальнага адраджэння, прапануючы ўзамен „абаліцыю“. Лябуда не прыняў прапановы.
[26] Займаў гэтую пасаду на працягу 33 гадоў, да самага выхаду на пенсію ў канцы 1986 г.
[27] Гл.: Kronika Uniwersytetu im. Adama Mickiewicza w Poznaniu za lata akademickie 1962/63—1964/65 za rektoratu prof. dra Gerarda Labudy. Poznań, 1967; Kosman M. Historyk i organizator życia naukowego. W 60–lecie urodzin i w 40–lecie pracy naukowej profesora Gerarda Labudy // Kronika Wielkopolski. 1976. Nr ѕ. S. 97—104; Kwilecki A. Instytut Zachodni w pięćdziesięcioleciu 1944—1994. Sprawy i ludzie // Przegląd Zachodni. 1994. Nr 3. S. 1—26; Gerard Labuda — Doctor Honoris Causa Uniwersytetu Szczecińskiego. Szczecin, 2003.
[28] Labuda G. Rola i zadania uniwersytetu w nowoczesnej organizacji nauki. Poznań, 1962. Апублікавана, распачынае дзейную і сёння серыю УАМ „Wykłady inauguracyjne“.
[29] Olszewski H. Między nauką a polityką: Instytut Zachodni w latach 1944—2004 // Przegląd Zachodni. R. LX. 2004. Nr 2(311). S. 16.
[30] Гл. пра гэта: Kosman M. Z rozważań nad kulturą polityczną w Polsce. Część druga. Poznań, 2001. S. 69—84; idem. Wojciech Jaruzelski wobec wyzwań swoich czasów. O kulturze politycznej w Polsce przełomu tysiącleci. Poznań, 2003; Kwiatkowski S. Przy półokrągłom stole z g enerałem Wojciechem Jaruzelskim. Tyczyn, 2003.
[31] Rada Konsultacyjna przy Przewodniczącym Rady Państwa 1986—1987 (далей: RK I). Warszawa, 1988. S. 31—33.
[32] RK I. S. 32.
[33] RK I. S. 387.
[34] Тая самая тэма была закранута больш чым дзесяццю гадамі пазней — калі ўжо Польшча „здабыла незалежнасць“, як абвяшчаюць прадстаўнікі новага палітычнага „класа“, — у вобразным апісанні шматлікіх прыхільнікаў Кліа ў ролі настаўнікаў пры адсутнасці слухачоў (класы з пустымі лавамі): Janusz Tazbir. Silva rerum historicarum. Warszawa, 2002. S. 341 nn.
[35] RK II. S. 161.
[36] RK II. S. 455.
[37] Labuda G. Polska Akademia Umiejętności po czterdziestoletniej kwarantannie — program pracy // Nauka Polska. 1990. Nr 3—4. S. 33—48.
[38] Historia dyplomacji polskiej (połowa X— XX w.). Naczelna redakcja G. Labudy. T. I: połowa X w. — 1572. Pod red. M. Biskupa. Warszawa, 1980. (Wyd. 2: 1982); T. II: 1572—1795. Pod red. Z. Wójcika. Warszawa, 1982; T. III: 1795—1918. Pod red. L. Bazylowa. Warszawa, 1982.
[39] Historia dyplomacji polskiej (połowa X— XX w.). Naczelna redakcja G. Labudy i W. Michowicza. T. IV: 1918—1939. Pod red. P. Јossowskiego. Warszawa, 1995; T. V: 1939—1945. Pod red. W. Michowicza. Warszawa, 1999.
[40] Гл.: сп. 2.
[41] Бібліяграфія публікацый да 1996 г.: сп. 3, 4.
[42] Nauka, nauczanie, upowszechnianie nauki. Warszawa, 1998. S. 239; Słowiańszczyzna starożytna i wczesnośredniowieczna. Antologia tekstów źródłowych. Poznań, 1999. S. 275.
[43] Zapiski kaszubskie, pomorskie i morskie. Wybór pism. Gdańsk, 2000. S. 503; Kaszubi i ich dzieje. Wyd. 2. Gdańsk, 2000. S. 325.
[44] Die Geschichte des Deutschen Ordens in Preussen. Wirtschaft — Gesellschaft — Staat — Ideologie. Warszawa, 2000. S. 15—290.
[45] Święty Wojciech. Biskup Mкczennik, Patron Polski, Czech i Węgier. Wrocław, 2000. S. 337; Święty Stanisіaw — Biskup Krakowski, Patron Polski. Poznań, 2000. S. 181.
[46] Labuda G. Zadania i cele poznawcze syntezy historii Polski od prawieku do współczesności // Forum Naukowe Wyższej Szkoły Zarządzania i Bankowości w Poznaniu. Prace Historyczno–Politologiczne Instytutu Historii Politycznej. R. IX. Nr 4 (19). 2004. S. 9—109.
[47] Wśród ksiąg. S. 349.
[48] Ibidem. S. 356 n.
[49] Aere perennius. Profesorowi Gerardowi Labudzie dnia 28 XII 2001 roku w hołdzie. Poznań, 2001. S. 358. Гл.: Kosman M. Profesorowi Gerardowi Labudzie w 65–lecie pracy naukowej // Forum Naukowe WSZiB w Poznaniu. Prace Historyczno–Politologiczne. R. VII. 2003. Nr 2(15). S. 255—273; ibidem: O historii i współczesności. Z profesorem Gerardem Labudą rozmawia Jan Zaіubski. S. 276 — 291. Гл. таксама: Stępiński W. Twardszy niż ze spiżu // Przegląd Uniwersytecki. Szczecin, 2002. Nr 4—6 (117—119). S. 32 nn.
[50] Societe Europeenne de Culture we Francji (1961), Historische Kommission у Берліне (1981), New York Acadeny of Science (1993).
[51] Stępiński W. Wniosek promotorski w sprawie nadania Gerardowi Labudzie godności doktora honoris causa Uniwersytetu Szczecińskiego // Gerard Labuda — Doctor honoris causa Uniwersytetu Szczecińskiego. Szczecin, 2003. S. 12.

Наверх

Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст. / Рэдакцыя і ўклад. тэксту Мар’ян Семаковіч (Любоў Козік)

Снежня 19, 2005 |


Нарыс гісторыі Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст. / Рэдакцыя і ўкладанне тэксту: МАР’ЯН СЕМАКОВІЧ. Пераклад тэксту з польскай: ГАННА ЦІШУК. Варшава: Demart, 2005. 312 c.

Прапанаваная шырокаму колу чытачоў кніга „Нарыс Польскай Дзяржавы і Народа. Х—ХХI ст.“, несумненна, доўгачаканая, яна будзе запатрабаваная ў Беларусі, тым больш што гэта першая гісторыя Польшчы па–беларуску. Шмат агульнага звязвае беларускі народ з польскім, з яго гісторыяй, традыцыямі і культурай, многія дзеячы лічылі сябе сынамі і дочкамі двух, а то і трох — польскага, беларускага і літоўскага — народаў. Але, на жаль, у беларускай гістарыяграфіі дагэтуль так і не была зроблена спроба напісаць абагульняльную працу па гісторыі суседняга народа, а гэта магло б стаць добрым крокам у развіцці не толькі нацыянальнай, але і польскай гістарычнай навукі.

У аснову нарысаў пакладзены храналагічны прынцып, у рамках якога можна вылучыць праблемны падыход. Так, разглядаючы падзеі Х — канца ХVIII ст., аўтар засяроджвае ўвагу на фармаванні дзяржаўных межаў і знешнепалітычнай дзейнасці кіраўнікоў польскай дзяржавы. Пытанні, якія датычацца дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай, вынесены ў асобны раздзел. Гэта, на наш погляд, выклікае пэўныя нязручнасці пры чытанні тэксту не знаёмым ці мала знаёмым з гісторыяй Польшчы чытачом. Так, напрыклад, на с. 42 апісана знешнепалітычная дзейнасць Аляксандра Ягелончыка, у той час як асноўныя ўнутрыпалітычныя змены пад час яго кіравання (Мельніцкі прывілей, пастановы Пётркаўскага і Радамскага соймаў, канстытуцыя Nihil Novi, Статут Ласкага) прыводзяцца толькі на с. 106. Выдатна выкананыя карты дазваляюць зарыентавацца ў самых розных пытаннях палітычнай, сацыяльнай, эканамічнай гісторыі і культуры.

Характарызуючы развіццё польскіх земляў у канцы XVIII — пачатку XIX ст., аўтар прыходзіць да высновы, што становішча ў складзе Расіі было лепшым у параўнанні з Прусіяй і Аўстрыяй. Пра гэта сведчыць аднаўленне пры Паўлу I шляхецкага самакіравання і вяртанне прававой сілы Статуту ВКЛ, прысутнасць польскіх саветнікаў пры расійскім цары Аляксандры I і г. д. (116—117).

Важным фактарам развіцця нацыянальнага руху стаў удзел польскіх узброеных фармаванняў у напалеонаўскіх паходах і стварэнне Варшаўскага княства (1807––1815). У тэксце адзначаецца, што сам факт існавання княства паўплываў на пазіцыю Расіі, Прусіі і Аўстрыі ў польскім пытанні і „паспрыяў таму, што ў 1815 г. на Венскім кангрэсе трактаты аб падзелах Рэчы Паспалітай былі ануляваныя“ (122). Але на гэтым жа Кангрэсе адбыўся фактычна чацвёрты раздзел польскіх земляў, у выніку якога пад уладай Расіі было створана Каралеўства Польскае, пад Прусіяй — Познаньскае вялікае княства, і пад апекай трох дзяржаваў — Кракаўская Рэч Паспалітая (122).

У кнізе дастаткова падрабязна разглядаецца палітычнае і эканамічнае становішча Каралеўства Польскага ў складзе Расійскай імперыі. Аўтар правільна адзначае, што нягледзячы на развіццё эканомікі і культуры, на польскіх землях расло грамадскае незадавальненне, выкліканае парушэннем законаў, увядзеннем цэнзуры, рэпрэсіямі супраць падпольных арганізацый, навязваннем князем Канстанцінам сваёй волі ўраду. Вынікам такіх настрояў стала паўстанне 1830––1831 г., якое ў кнізе падзяляецца на два перыяды — непасрэдна Лістападаўскае паўстанне (29/30.11.1830 — 25.05.1831) і польска–расійскую вайну (26.05 — 21.10.1831).

Параўноўваючы становішча польскіх земляў у складзе трох імперый у першай палове XIX ст., аўтар адзначае, што найбольш цяжкім яно было ў Аўстрыі, дзе адбывалася паслядоўная германізацыя насельніцтва (136), у той час як найбольш спрыяльныя ўмовы эканамічнага развіцця склаліся ў Познаньскім вялікім княстве (1815––1848), але і тут палітычная сітуацыя пагоршылася пасля паразы паўстання 1830—1831 г.

З сярэдзіны XIX ст. да пачатку Першай сусветнай вайны вылучаецца асобны этап у гісторыі польскага народа. Тут звяртаецца ўвага на важную ролю „севастопальскай адлігі“ (1853—1861) для развіцця Каралеўства Польскага, узнікнення і дзейнасці падпольных арганізацый, аналізуецца праграма „белых“ і „чырвоных“ напярэдадні і пад час паўстання 1863—1864 г., палітыка расійскіх уладаў пасля падаўлення выступленняў і да пачатку Першай сусветнай вайны. Ацэньваючы змены ў становішчы польскіх земляў, аўтар адзначае, што ў апошняй трэці XIX ст. Расія і Прусія пачалі праводзіць адпаведна палітыку русіфікацыі і германізацыі, у той час як аўстрыйскія ўлады пасля 1866 г. пайшлі на шэраг уступак шматнацыянальнаму насельніцтву. Адной з іх стала наданне Галіцыі статусу аўтаноміі, але той факт, што вышэйшыя пасады тут займалі палякі, прывёў да росту польска–ўкраінскага антаганізму, які выкарыстоўвала ў сваіх мэтах Аўстрыя (159—160).

Сярод зменаў, якія адбываліся ў грамадстве ў канцы XIX ст., вылучаецца стварэнне польскіх палітычных партый і аб’яднанняў сацыялістычнай, сялянскай, нацыяналістычнай скіраванасці і адзначаецца, што адны з іх ставілі на мэце ўзброеную барацьбу за незалежнасць, другія пайшлі па шляху перамоваў з кіраўніцтвам дзяржаваў–захопніц. Асноўныя дыскусіі напярэдадні вайны пра шляхі да незалежнасці перанесены ў наступны раздзел, прысвечаны Першай сусветнай вайне і аднаўленню Польскай дзяржавы. На наш погляд, тут было б мэтазгодна вылучыць асобны даваенны перыяд і непасрэдна дыскусіі ў час вайны, якая ўнесла карэктывы ў планы польскіх нацыянальных дзеячаў. Акрамя гэтага аўтар не закранае такіх пытанняў, як дзейнасць „Польскага кола“ ў Дзяржаўнай думе, раскол у Польскай сацыялістычнай партыі і няўдалы рэйд Юзафа Пілсудскага ў Каралеўства Польскае на пачатку жніўня 1914 г.

Значная ўвага аддаецца разгляду польскага пытання ў гады Першай сусветнай вайны і стаўленню да яго Прусіі, Аўстра–Венгрыі, Расіі і краін Антанты. У кнізе характарызуюцца Акт 5 лістапада 1916 г., Маніфест расійскага імператара ад 14 жніўня 1914 г., загад цара Мікалая II ад 25 снежня 1916 г., знакамітыя „чатырнаццаць пунктаў“ В. Вільсана. Цікава, што з’яўленне новых перспектываў у вырашэнні польскага пытання пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. звязваецца з ультыматумам, які Расіі выставіла Нямеччына пад час мірных перамоваў у Берасці ў лютым 1918 г. (171), а не з „Дэкларацыяй правоў народаў Расіі“, прынятай на II Усерасійскім з’ездзе саветаў. Можна спрачацца, наколькі бальшавікі імкнуліся здзейсніць заяўленае на практыцы, але фармальна дэкларацыя прызнавала права ўсіх народаў былой Расійскай імперыі на самавызначэнне аж да аддзялення і стварэння незалежнай дзяржавы.

Перадача Рэгенцкім саветам 11 лістапада 1918 г. вярхоўнай улады на польскіх землях Ю. Пілсудскаму стала знакавым днём — Днём незалежнасці — у гісторыі Польшчы. Першае, з чым сутыкнулася маладая дзяржава, была барацьба за будучыя межы. Сюды аўтар адносіць польска–ўкраінскую вайну за Ўсходнюю Галіцыю і Львоў, Велікапольскія 1918—1919 г. і Сілезскія 1919—1921 г. паўстанні, плебісцыт на Павіслі, у Варміі і на Мазурах, польска–чэхаславацкія спрэчкі за Цешынскую Сілезію, Спіш і Араву, польска–савецкую вайну 1919—1920 г., барацьбу з Літвой за Віленшчыну і Сувальшчыну, і адзначае, што ў выніку ваенных дзеянняў большасць тэрыторый, за якія ваявала Польская дзяржава, увайшлі ў яе склад, толькі Верхняя Сілезія атрымала права шырокай аўтаноміі.

Перад кіраўніцтвам маладой польскай дзяржавы стаяў і шэраг іншых складаных задач: умацаванне дзяржаўнага ладу, арганізацыя апарату кіравання, аднаўленне эканомікі і сістэмы адукацыі. Апісваючы першыя гады незалежнасці (з гэтага пачынаецца чарговы раздзел), аўтар адзначае факт стварэння ўрада на чале з Е. Марачэўскім, правядзенне парламенцкіх выбараў (памылкова датуе іх лютым 1919 г., у той час як яны адбыліся ў студзені) і прыняцце Малой Канстытуцыі, але не закранае сацыяльна–эканамічных пераўтварэнняў (увядзенне 8–гадзіннага працоўнага дня, сацыяльнага страхавання на час хваробы, распрацоўка аграрнай рэформы і г.д.).

Эканамічная і палітычная сітуацыя ў Польшчы ў перыяд парламенцкай дэмакратыі 1918—1926 г. была вельмі складанай. Нягледзячы на праведзеныя ўрадам У. Грабскага ў 1924—1925 г. валютную і аграрную рэформы, у краіне захоўвалася нестабільнае становішча, а ўрадавыя кабінеты, якія часта змяняліся, таксама не давалі насельніцтву ўпэўненасці ў будучыні. Менавіта ў гэтым хаваліся карані дзяржаўнага перавароту, арганізаванага Ю. Пілсудскім у траўні 1926 г.

Першыя гады рэжыму санацыі прынеслі ўнутрыпалітычную стабілізацыю і эканамічны рост, але, як правільна адзначае аўтар, гэта, хутчэй, быў вынік складвання на сусветным рынку карыснай для Польшчы кан’юнктуры і праведзеных раней рэформаў. Сусветны эканамічны крызіс моцна ўдарыў па Польшчы і быў выкарыстаны для ўзмацнення асабістай улады Ю. Пілсудскага. Спробы дэмакратычных дзеячаў супрацьстаяць аўтарытарным тэндэнцыям не далі выніку. Рэакцыяй уладаў сталі арышты і стварэнне канцэнтрацыйнага (у тэксце — ізаляцыйнага) лагера ў Бярозе–Картузскай (202). У канчатковым выглядзе рэжым санацыі быў зацверджаны ў Канстытуцыі 1935 г.

Адным з напружаных пытанняў міжваеннай Польшчы было нацыянальнае пытанне. Аўтар падрабязна спыняецца на нацыянальнай і канфесійнай палітыцы польскіх уладаў, паказвае змены ў стаўленні да няпольскага насельніцтва, прыводзіць прыклады парушэння яго правоў (211, 213, 215—216). Характарызуючы стан эканомікі няпольскіх земляў у другой палове 1930–х г., аўтар піша, што адбывалася нівеляванне „адрозненняў у эканамічным развіцці колішніх падзеленых тэрыторый“ (203—204). З гэтым складана пагадзіцца, бо Заходняя Беларусь і Заходняя Ўкраіна па–ранейшаму заставаліся аграрна–сыравінным дадаткам Польскай дзяржавы.

Вялікая ўвага ў кнізе аддаецца падзеям Другой сусветнай вайны, якая фактычна перадвызначыла лёс пасляваеннай Польшчы. Апісваюцца нямецка–польская і савецка–польская ваенныя кампаніі, тэрытарыяльны падзел Другой Рэчы Паспалітай, акупацыйная палітыка Нямеччыны і СССР, стварэнне польскага эміграцыйнага ўрада, савецка–польскія адносіны (1941—1943), польскае пытанне на міжнароднай арэне. Асобная ўвага аддаецца Руху Супраціву, у якім аўтар вылучае нацыянальна–вызваленчы лагер і польскае камуністычнае падполле. Суадносіны ў дзейнасці гэтых дзвюх сілаў былі на карысць першай, прадстаўленай Арміяй Краёвай, якой адведзена большая частка матэрыялу. Аўтар паказвае эвалюцыю польскага ўзброенага руху, розныя палітычныя плыні і іх узаемадзеянне, сувязь з урадам у эміграцыі, характарызуе тактыку і мэты барацьбы, робіць акцэнт на правядзенні аперацыі „Бура“ (у расійскай, беларускай і ўкраінскай гістарыяграфіі замацавалася польская назва — „Бужа“) і яе найбольш важнай падзеі — Варшаўскім паўстанні, не абыходзіць увагай дзейнасць польскіх узброеных сілаў на Захадзе і „працэс шаснаццаці“.

Што тычыцца камуністычнага лагера, то яго роля і дзейнасць у гады Другой сусветнай вайны раскрытыя дастаткова павярхоўна. Аўтар пачынае аповед з рашэння кіраўніцтва Камінтэрна аб аднаўленні камуністычнай партыі ў Польшчы і адразу канстатуе факт стварэння Польскай працоўнай партыі (ППР). Трэба ўдакладніць, што ППР была створана менавіта на польскай тэрыторыі з удзелам тамтэйшых камуністычных груп, якія прызналі кіраўніцтва дзеячаў, што прыбылі з СССР у канцы 1941 г. Акрамя гэтага ў кнізе згадваецца не першая, выдадзеная ў сакавіку 1943 г., а другая праграмная дэкларацыя ППР (лістапад 1943 г.), у якую, зыходзячы са стану савецка–польскіх адносінаў, былі ўнесены карэктывы. Важным момантам у развіцці камуністычнага руху стала стварэнне ў ноч з 31 снежня 1943 на 1 студзеня 1944 г. Краёвай Рады Нарадовай (КРН), але, на жаль, не адзначаецца, што яна прэтэндавала на ролю будучага парламента краіны (250—251). Гэта істотны момант, таму што ўзнікненне КРН падштурхнула кіраўніцтва Палітычнага пагаджальнага камітэта стварыць 9 студзеня 1944 г. Раду нацыянальнага адзінства, якая таксама выступіла ў якасці падпольнага парламента.

Важную ролю ў развіцці камуністычнага руху ў Польшчы выконвала польскае асяроддзе ў СССР. Аўтар згадвае Саюз польскіх патрыётаў на чале з В. Васілеўскай, стварэнне Польскай дывізіі імя Т. Касцюшкі і на яе базе 1–й Польскай арміі, Польскага камітэта нацыянальнага вызвалення (ПКНВ). Аднак, калі гаворка ідзе пра Маніфест ПКНВ, тут не ўсё дакладна. У кнізе адзначана, што ў гэтым дакуменце „змяшчалася праграма рэвалюцыйных грамадска–палітычных пераўтварэнняў“ (243), што не адпавядае рэчаіснасці, бо заяўленыя пераўтварэнні насілі агульнадэмакратычны характар і шмат у чым паўтаралі праграму даваеннай Сялянскай партыі (Стронніцтва Людовага), якую нельга абвінаваціць у радыкалізме.

Прыведзены ў кнізе матэрыял па Другой сусветнай вайне несумненна з’яўляецца цікавым і важным для знаёмства з гісторыяй Польшчы. Аднак, на наш погляд, аўтар не зусім удала яго структураваў, што прывяло да паўтораў і часам храналагічнай непаслядоўнасці ў перадачы падзей. Ніводным словам тут не згадваецца і паўстанне ў Варшаўскім гета ў 1943 г.

Пасля Другой сусветнай вайны ў Польшчы адбыліся істотныя перамены. Па–першае, да ўлады прыйшлі камуністычныя сілы, якія вызначалі палітычнае і сацыяльна–эканамічнае развіццё краіны да 1989 г. Па–другое, адбыліся тэрытарыяльныя змены. Польшча страціла тэрыторыю Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны і атрымала заходнія тэрыторыі („вернутыя землі“), дзе пераважалі нямецкія жыхары. Змяненне межаў прывяло да ўзнікнення новай праблемы — неабходнасці перасялення насельніцтва. У выніку падпісаных у верасні 1944 г. дамоўленасцяў з тэрыторыі Польшчы мелі права выехаць беларусы, украінцы і літоўцы, адпаведна з БССР, УССР і ЛітССР — палякі. Усяго ў Польшчу з тэрыторыі СССР пераехала каля 1,5 млн. чалавек. Адначасова з гэтым вярталіся на радзіму вывезеныя на прымусовыя працы палякі, ішло высяленне нямецкага насельніцтва. У кнізе адзначаецца, што з Польшчы „выехала“ ў 1945—1947 г. каля 2,5 млн. немцаў (265). Але тут трэба было згадаць, што большасць з іх выязджала пад прымусам („армейскія“, „дзікія“ высяленні), асабліва ў 1945 г., што дазваляе некаторым гісторыкам гаварыць пра генацыд немцаў у Польшчы ў першыя пасляваенныя гады[1].

Важным пытаннем, якое выклікае найбольшыя спрэчкі даследчыкаў, з’яўляецца легітымнасць пасляваеннай улады ў Польшчы. У сувязі з гэтым у кнізе паказаны лёс польскай эміграцыі, якая не прызнала рашэнняў Ялцінскай канферэнцыі, захавала дзяржаўныя структуры, што існавалі яшчэ ў гады вайны, і „перадала ўладу“ першаму ўсенародна абранаму прэзідэнту Леху Валенсу. На польскіх землях таксама не ўсе прынялі новае кіраванне, таму тут пачалося фармаванне падпольных узброеных структур, якія дзейнічалі да сярэдзіны 50–х г. Акрамя польскага руху супраціўлення існавалі ўзброеныя атрады ўкраінскіх нацыяналістаў — Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў і Ўкраінскай паўстанцкай арміі, разгромленыя ў выніку праведзенай летам 1947 г. аперацыі „Вісла“. Тут аўтар слушна заўважае, што яна „набыла характар жорсткай расправы з насельніцтвам цэлых мясцовасцей“ (269) і паглыбіла недавер і прадузятасць паміж палякамі і ўкраінцамі.

Аналізуючы пасляваеннае палітычнае жыццё Польшчы, аўтар адзначае факт стварэння афіцыйнай апазіцыйнай партыі — Польскай сялянскай партыі (ПСЛ) на чале з С. Мікалайчыкам — і паказвае, як жорстка яе атакавала ППР са сваімі саюзнікамі. (На с. 270 пракамуністычная Сялянская партыя — Стронніцтва Людовэ — названа Народнай партыяй.) Вастрыня палітычнай барацьбы разгарнулася вакол правядзення ў чэрвені 1946 г. рэферэндума і ў студзені 1947 г. парламенцкіх выбараў, вынікі якіх былі падтасаваныя. На жаль, у кнізе згадваюцца толькі афіцыйныя дадзеныя і не прыводзяцца больш–менш рэальныя паказчыкі галасавання ў час рэферэндуму, вядомыя дзякуючы працам польскага даследчыка А. Пачкоўскага[2]. З рэальнымі вынікамі парламенцкіх выбараў складаней, таму што ў архівах не захавалася сапраўдных дадзеных, акрамя таго злоўжыванні ўладаў пад час галасавання не маглі паказаць рэальнай карціны настрояў насельніцтва. Такім чынам, афіцыйную перамогу на выбарах атрымаў Дэмакратычны блок, а фактычна ППР, кіраўніцтва якой выбрала савецкую мадэль пабудовы сацыялізму.

Характарызуючы першыя пасляваенныя гады Польшчы, хацелася б унесці важнае, на наш погляд, дапаўненне. Да апісання падзей 1956 г. у Польшчы толькі аднойчы на с. 250 ускосна згадваецца такі дзеяч, як У. Гамулка — чалавек, які з 1943 г. узначальваў ППР, быў віцэ–прэм’ерам ва ўрадзе Э. Асубка–Мараўскага і — самае галоўнае — аўтарам канцэпцыі польскага шляху да сацыялізму, за што ў 1948 г. зазнаў пераслед як прыхільнік „праванацыяналістычнага ўхілу“. Менавіта арэол ахвяры рэпрэсій дапамог яму вярнуцца да ўлады ў 1956 г.

Вяртаючыся да пасляваенных пераменаў у Польшчы, замацаваных спачатку ў Малой Канстытуцыі 1947 г., а потым у Канстытуцыі 1952 г., хацелася б не пагадзіцца з выказваннем аўтара пра вялікі ўплыў Сталіна на рэдакцыю апошняй канстытуцыі (272). Калі меркаваць па англамоўнай публікацыі тэксту[3] канстытуцыі і ўнесеных Сталіным выпраўленняў, можна прыйсці да высновы, што яны насілі, хутчэй, стылістычны характар, не мянялі сутнасці дакумента, а толькі змякчалі некаторыя палажэнні. Іншая справа, што само ўмяшальніцтва кіраўніка адной краіны ў справы іншай дзяржавы, і тым больш стварэнне асноўнага закону, — незвычайны гістарычны факт.

Разважаючы пра пасляваеннае развіццё Польшчы, аўтар правільна ўказвае, што з 1948 г. „у палітычную практыку ўвайшлі савецкія метады пабудовы сацыялізму“ (275), адмова ад якіх адбылася пад час кастрычніцкай „адлігі“ 1956 г. Спробы вярнуцца да старых метадаў кіравання ў 60–я г. сутыкнуліся з моцным супрацівам актыўнай часткі насельніцтва і прывялі да падзей 1968 і 1970 г. Рэфармаванне перыяду кіравання Герэка таксама не дало вынікаў — першапачатковы ўздым скончыўся эканамічным крызісам, ростам апазіцыйных настрояў сярод грамадства і стварэннем асяродкаў нелегальнай, а з 1980 г. легальнай апазіцыі. Вялікую ролю тут адыграла абранне Папам Рымскім паляка Караля Вайтылы і яго паломніцтвы ў Польшчу (280—282). Абвастрэнне сітуацыі ў краіне прывяло да абвяшчэння ў снежні 1981 г. ваеннага становішча, якое, як адзначаецца, „не вырашыла польскіх праблем“ (285). І тут у тэксце ўзнікае пэўны прабел адносна падзей сярэдзіны 80–х г., а менавіта спробаў, хай і няўдалых, рэфармавання эканомікі. Аўтар адразу пераходзіць да перагаворнага працэсу пачатку 1989 г., вядомага як „Круглы стол“, і пераменаў, якія адбыліся ў краіне ў другой палове 1989 г.

Са снежня 1990 г. распачаўся перыяд Трэцяй Рэчы Паспалітай. У кнізе падрабязна разглядаецца план Л. Бальцаровіча, яго рэалізацыя і вынікі ў эканамічнай і сацыяльнай сферах. Характарызуючы змены ва ўнутранай палітыцы, аўтар адзначае, што ў 1989 г. „палякі пачалі авалодваць дэмакратычнымі механізмамі, якія былі цалкам выведзены з грамадскага жыцця на працягу апошніх 50 гадоў“ (294). Складана пагадзіцца з такім выказваннем, бо, як прыведзена ў гэтым жа даследаванні, перыяд парламенцкай дэмакратыі ў Польшчы датуецца толькі 1918—1926 г., а гаварыць пра дэмакратыю санацыйнага рэжыму няма сэнсу, бо гэта быў рэжым „аўтарытарнага праўлення Ю. Пілсудскага“ (202).

Перамены, якія адбыліся ў Польшчы пасля 1989 г., закранулі і знешнюю палітыку краіны. У кнізе адзначана, што Польшча ўвайшла ў склад Савета Еўропы, Арганізацыі па эканамічным супрацоўніцтве і развіцці, Заходнееўрапейскага саюза і НАТО, а галоўнае — з 2004 г. з’яўляецца паўнапраўным членам ЕС. Акрамя гэтага актыўна ўдзельнічае ў рэгіянальных групоўках — Вышэградскай групе, Цэнтральнаеўрапейскай ініцыятыве і Савеце краін рэгіёну Балтыйскага мора.

Асобна варта сказаць пра невялікія „ліхтарыкі“, прысвечаныя развіццю культуры на польскіх землях. Яны дапамагаюць зразумець асаблівасці культурнага развіцця ў Х — XVII ст., у эпоху рамантызму, а потым пазітывізму, культурнага працэсу ХХ ст. Узгадваючы развіццё навукі, асветы і культуры ў міжваенны перыяд, аўтар называе вядомага польскага пісьменніка У. Рэймонта, лаўрэата Нобелеўскай узнагароды за раман „Сяляне“ (217). Трэба было б удакладніць, што для чытачоў былой постсавецкай прасторы гэты твор больш знаёмы як „Мужыкі“.

У цэлым высока ацэньваючы прапанаваную беларускаму чытачу гісторыю Польшчы, нельга не звярнуць увагі на некаторыя хібы і недакладнасці тэксту. Найперш неабходна выправіць факталагічныя памылкі. Напрыклад, Міндоўг атрымаў ад Папы Рымскага каралеўскую карону ў 1253 г., а не ў 1252 г. (29); Літоўска–Беларуская Савецкая Сацыялістычная рэспубліка (ЛітБел) была створана ў лютым 1919 г., а не ў студзені 1920 г. (191); бітва пад Варшавай адбылася 13—15 жніўня 1920 г., а не 13—25 жніўня 1920 г. (194); дамовы аб абмене насельніцтвам былі падпісаныя Польшчай з БССР і УССР 9 верасня 1944 г., а з ЛітССР — 22 верасня 1944 г. (у кнізе на с. 263 усе тры дамовы датуюцца 14 верасня 1944 г.); прафсаюз „Салідарнасць“ быў афіцыйна зарэгістраваны 10 лістапада, а не 10 снежня 1980 г. (283); на карце „Еўрапейскі Саюз і краіны — кандыдаты ў члены ЕС“ на с. 298—299 сярод кандыдатаў на ўваходжанне ў ЕС не пазначана Македонія. На с. 204 знакаміты Фронт Морж (Morges) перакладзены як Фронт Моргэс. Неабходна таксама ўдакладніць абрэвіятуру, якая ў большасці выпадкаў даецца па–польску, але сустракаюцца і скарачэнні з беларускай мовы (напрыклад на с. 227, 236). Падпольныя  псеўданімы польскіх дзеячаў перакладзены на беларускую мову, тым часам у савецкай і постсавецкай гістарыяграфіі замацаваўся польскі варыянт. Так, псеўданім С. Жымерскага „Роля“ перакладзены як „Ралля“, псеўданім Т. Камароўскага „Бур“ — як „Бор“ (253), А. Крыжаноўскага „Вілк“ — як  „Воўк“ (269).

Мінск

Любоў Козік


[1] Гл. падрабязней: Niemcy w Polsce. 1945—1950. Wybór dokumentów. T. 1—4. Warszawa, 2001—2003.
[2] Гл.: Referendum z 30 czerwca 1946 r. Przebieg i wyniki. Dokumenty do dziejów PRL / Opracował A. Paczkowski. Warszawa, 1993.
[3] Гл.: Cold War International History Project Bulletin. 1998. Vol.11. P. 149—154.

Наверх

Юсова, Наталія. Генезис концепції давньоруської народності в історічній науці СРСР (1930–ті — перша половина 1940–х рр.) (Генадзь Сагановіч)

Снежня 18, 2005 |


ЮСОВА, НАТАЛІЯ. Генезис концепції давньоруської народності в історічній науці СРСР (1930–ті — перша половина 1940–х рр.). Вінниця, 2005. 545 с.

У дыскусіях вакол старажытнарускай народнасці паламана нямала дзідаў, асабліва ў гістарычнай літаратуры Беларусі і Ўкраіны пасля атрымання імі дзяржаўнага суверэнітэту. Для адных яна была і ёсць неабвержным фактам, для другіх — гістарыяграфічным фантомам[1]. Кожнаму, хто браўся пісаць гісторыю Беларусі ці Ўкраіны, даводзілася вызначацца ў стаўленні да даўно ўзятага на веру (або, наадварот, адрынутага) „адзінага кораня“ ўсходніх славян. Стаўкі ад яго прызнання або адмаўлення вельмі вялікія. Невыпадкова прарасійскі прэзідэнцкі рэжым цяперашняй Беларусі дырэктыўным спосабам надаў (дакладней — вярнуў) гэтай канцэпцыі статус базавай тэорыі, ключавога элемента дзяржаўнай ідэалогіі і гістарычнай адукацыі[2]. І гэта пры тым, што этнічная супольнасць эпохі Кіеўскай Русі… спецыяльна нікім не вывучалася. У цяперашняй сітуацыі можна не сумнявацца, што кніга ўкраінскай даследчыцы будзе запатрабавана і ў Беларусі.

Праца Наталлі Юсавай, аднак, чыста гістарыяграфічная. Аўтар адразу зазначае, што не збіраецца ўцягвацца ў даўнюю спрэчку ды прыводзіць аргументы на карысць існавання або неіснавання старажытнарускай народнасці. Яна слушна лічыць, што права выказвацца па гэтай праблеме лепей пакідаць спецыялістам, якія паглыблена займаюцца эпохай Старажытнай Русі (20). Перад ёй жа іншая мэта — даследаваць генэзіс канцэпцыі старажытнарускай народнасці ў перыяд 1930–х — першай паловы 1940–х г. у кантэксце гістарыяграфічнага працэсу СССР. Праблема ўзнікнення і фармавання названай канцэпцыі яшчэ спецыяльна нікім не даследавалася, хоць пісалі пра яе многія, і ў гэтым праца Н.Юсавай сапраўды піянерская.

Ясна ўсведамляючы спецыфіку крыніцазнаўчай базы гістарыяграфічнага даследавання, якое не можа быць зведзена да аналізу апублікаваных кніг і артыкулаў, украінская даследчыца апрацавала вялізны архіўны матэрыял — адпаведныя фонды 24 архівасховішчаў Кіева, Масквы і Санкт–Пецярбурга. Сапраўды, толькі на падставе самага разнастайнага апублікаванага і рукапіснага архіўнага матэрыялу можна высветліць, як нараджаліся ідэі і гіпотэзы, якія фактары і як уплывалі на фармаванне канцэпцыі.

Пасля характарыстыкі ступені распрацаванасці праблемы і даступнай базы крыніц Н.Юсава разглядае меркаванні даследчыкаў ХIХ — першай трэці ХХ ст. наконт паходжання ўсходнеславянскіх народаў (гл. раздзел II, с.52—110). Асобна характарызуюцца пазіцыі М.Кастамарава, А.Шахматава, М.Грушэўскага, Д.Багалія, М.Яворскага, У.Пічэты, М.Любаўскага, М.Пакроўскага і А.Праснякова. Да рэвалюцыі большасць гісторыкаў асвятляла мінулае Русі з пазіцый „трыадзінарускага“ народа. Цікава, што, як вызначаецца ў кнізе, упершыню парадыгма „адзінага“ народа Русі была выказана ў украінскай гістарычнай думцы ХVII ст. Гэтае „вынаходства“ належыць праваслаўнай эліце Гетманшчыны, якая пасля 1654 г. імкнулася давесці „рускае“ паходжанне маларосаў. Падобная думка сфармулявана і ў кіеўскім „Сінапсісе“. Нагадаем, што тэзіс аб генетычна абумоўленым адзінстве „трох галін рускага народа“ — велікарусаў, украінцаў і беларусаў — у другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. у Беларусі зацята адстойвалі прадстаўнікі заходнерусізму, якія абсалютызавалі значэнне канфесійнага фактару ў трактоўцы гісторыі.

Сцісла кранаючы сітуацыю ў беларускай гістарыяграфіі, Н.Юсава справядліва канстатуе яе тагачасную слабасць, звязаную з запозненасцю нацыянальнага развіцця беларусаў, адсутнасць значных самастойных прац, якія можна было б параўноўваць з напрацоўкамі М.Грушэўскага (66). Яна не без падставаў найбольшую ўвагу аддае У.Пічэту — як вучонаму, які істотна паўплываў на станаўленне беларускай гістарыяграфіі. Але прыведзеная характарыстыка беларускай гістарыяграфіі не зусім дакладная. Роля мімаходзь згаданага М.Доўнара–Запольскага ў распрацоўцы беларускай гістарычнай канцэпцыі тут недаацэнена, і зусім не ўлічаны яго раннія працы, друкаваныя ў Мінску. Калі Пічэта, як вызначае сама даследчыца, хоць і прызнаваў існаванне трох усходнеславянскіх моў і трох асобных нацыянальнасцяў, заўжды заставаўся на пазіцыях прыхільнікаў „трыадзінага“ „рускага“ народа (68—69), дык Доўнар–Запольскі трымаўся іншых поглядаў. Прыкладам, яшчэ ў 1888 г. ён пісаў, што „беларускі народ да канца ХIV ст. <…> жыў самастойным жыццём“, і што „ўмовы жыцця беларускага народа адрозніваліся цалкам процілеглым накірункам у параўнанні з жыццём маскоўскім“[3].

Вызначаючы пераемнасць канцэпцыі старажытнарускай народнасці і даўняй парадыгмы „адзінага рускага народа“ („трыадзінарускасці“) у складзе беларусаў, расіян і ўкраінцаў, Н.Юсава паказвае, наколькі важнымі для генэзісу канцэпцыі аказаліся многія тэарэтычныя палажэнні А.Праснякова (91—94), у прыватнасці яго тэзіс пра тое, што старажытнарускі перыяд у роўнай ступені належыць гісторыі Беларусі, Расіі і Ўкраіны — пазіцыя, якую ў 1930–я г. акцэптавала і савецкая гістарычная навука.

Навуковыя і палітычна–ідэалагічныя перадумовы ўзнікнення канцэпцыі аналізуюцца ў трэцім раздзеле працы (111—193). Тут паказана, як ва ўмовах савецкай рэчаіснасці адбывалася трансфармацыя „трыадзінарускай“ канцэпцыі ў накірунку прызнання таго факта, што ўсходнеславянская супольнасць эпохі Кіеўскай Русі была агульным продкам будучых хоць і роднасных, але асобных супольнасцяў — беларусаў, велікарусаў і ўкраінцаў. Пачатак гэтага працэсу Н.Юсава звязвае з выхадам кнігі М.Рубінштэйна „Нарыс гісторыі Кіеўскай Русі“ ў 1930 г., у якой упершыню выказвалася палажэнне пра Кіеўскую Русь як „супольную калыску“ ўсходнеславянскіх народаў (праўда, толькі двух — велікарусаў і ўкраінцаў) (125—137).

З метадалагічнага пункту гледжання адной з перадумоваў узнікнення канцэпцыі Н. Юсава называе фармаванне марксісцка–ленінскіх асноваў тлумачэння гістарычнага працэсу. Пытанне генэзісу феадалізму, пастаўленае ў канцы 1920–х — пачатку 1930–х г., актуалізавала і вывучэнне гісторыі Кіеўскай Русі. З іншага боку, важнай прыступкай да ўзнікнення славутай канцэпцыі стала прызнанне Кіеўскай Русі супольным перыядам гісторыі трох усходнеславянскіх народаў, на што ў другой палове 1930–х г. дало „дабро“ і савецкае партыйнае кіраўніцтва.

Як вядома, пры Сталіне парадыгма савецкай гістарыяграфіі мянялася некалькі разоў. Калі пасля разгрому школы Пакроўскага ў Маскве выявіўся паварот да велікарускага патрыятызму, аказаліся запатрабаванымі ідэі дарэвалюцыйных гісторыкаў пра „трыадзінства“ Расіі. І хоць у той час аднаўляліся традыцыйныя погляды на гісторыю ўсходніх славян, характэрныя для дарэвалюцыйных гісторыкаў, савецкая навука — у адрозненне ад расійскай імперскай гістарыяграфіі — прызнавала ўсходнеславянскія народы асобнымі этнічнымі супольнасцямі. Акцэнтаванне элементаў іх этнакультурнай агульнасці ў старажытнарускі перыяд стварала неабходныя падставы нараджэння вучэння пра старажытнарускую народнасць.

Чацвёрты раздзел кнігі (194—300) прысвечаны аналізу прычын пачатку этнагенетычных даследаванняў у савецкай навуцы перад вайною, у кантэксце якіх прасочваюцца пачатковыя формы канцэпцыі старажытнарускай народнасці. Даследаванні этнагенэзу ўсходніх славян падштурхнула санкцыяваная перад вайной праца над шматтомавай „Гісторыяй СССР“. У выніку археолагі М.Артамонаў і П.Траццякоў прапанавалі лічыць, што старажытнаруская культура і дзяржаўнасць выніклі з кансалідацыі ўсходніх славян у „этнічную цэласнасць“, якую было прапанавана называць народнасцю (238). Іх канструкцыя аказалася важным грунтам для распрацоўкі канцэпцыі старажытнарускай народнасці. Паўплывала на канцэпцыю і далучэнне Заходняй Беларусі ды Заходняй Украіны да СССР, якое, актуалізуючы пытанне паходжання беларусаў і ўкраінцаў, умацавала ідэю ўсходнеславянскага адзінства. Тэрмін уз’яднанне, слушна выкарыстаны ў адносінах да беларускага і ўкраінскага народаў у 1939 г., быў перанесены і на характарыстыку падзей ХVII ст., што прывяло да ўзнікнення ідэі „ўз’яднання“ з велікарускім народам. Аўтар прыводзіць прыкрыя факты таго, як гэтыя погляды прапагандаваў У.Пічэта, чый унёсак у фармаванне канцэпцыі ў кнізе ацэньваецца як вельмі значны. У лекцыях і артыкулах ён характарызаваў восеньскія падзеі 1939 г. як уз’яднанне частак украінскага і беларускага народаў не толькі са сваім этнічным цэлым, але і „с великим братским русским народом“ (250).

Разглядаючы завяршальны этап фармавання канцэпцыі, што аднесены да 1942—1945 г. (раздзел V, с.301—383), даследчыца паказвае, як вучэнне набывала адпаведнае тэарэтычнае абгрунтаванне і напаўнялася фактурай. У гады вайны працэс распрацоўкі канцэпцыі паскорыўся пад уплывам пазанавуковых фактараў. Паказальным прыкладам палітычна–ідэалагічнага ўздзеяння на гістарыяграфію можна лічыць нарады гісторыкаў з удзелам сакратароў ЦК ВКП(б), якія праводзіліся ў Маскве ў 1943—44 г.[4]. Партыя яшчэ ў час вайны вызначыла такія падыходы да асвятлення гісторыі, пры якіх Расія выдавалася за самую прагрэсіўную дзяржаву Еўропы, што выконвала ключавую ролю ва ўсіх важных момантах гісторыі. А паколькі адсталая краіна з рэакцыйнай палітыкай не магла выконваць такой місіі, было вырашана паказваць Расію і ўсходніх славян у выключна пазітыўным святле. Апрача партыйна–дырэктыўных імпульсаў погляды на пытанні этнагенэзу тады вызначала ідэалогія панславізму. Ідэя славянскага адзінства ў адвечнай барацьбе супраць фашысцкай Нямеччыны выкарыстоўвалася савецкай уладай для патрыятычнай мабілізацыі славянскіх народаў на вайну.

Наталля Юсава асобна характарызуе ўнёсак у распрацоўку канцэпцыі такіх вядомых гісторыкаў, як А.Удальцоў, С.Юшкоў, М.Пятроўскі, Б.Грэкаў, У.Пічэта і У.Маўродзін. Прыкладам, два першыя, абапіраючыся на артыкул І.Сталіна „Марксізм і нацыянальнае пытанне“ ды глатаганічную тэорыю М.Мара, распрацавалі тэарэтычныя падставы этнагенетычных даследаванняў, увялі тэрмін народнасць у інструментарый вывучэння традыцыйнага грамадства. Грэкаў даказваў высокую ступень этнічнай кансалідаванасці ўсходніх славян у Кіеўскай Русі і нават наяўнасць у іх нацыянальнай самасвядомасці.

У цэлым цягам вайны канцэпцыя старажытнарускай народнасці ўжо ў асноўным была распрацавана, лічыць Н.Юсава. А канчатковае афармленне яна атрымала ў кнізе У.Маўродзіна „Утварэнне старажытнарускай дзяржавы“ (1945). Ленінградскі гісторык сфармуляваў асноўныя палажэнні аб прамежкавай этнасупольнасці паміж усходнеславянскімі плямёнамі і познесярэднявечнымі асобнымі народнасцямі ды назваў яе „старажытнарускай народнасцю“. Акрамя гэтага, ён акрэсліў вызначаную супольнасць „продкам“ беларусаў, расіян і ўкраінцаў, — упершыню ў савецкай гістарыяграфіі, падкрэсліваецца ў кнізе. Як тлумачыць даследчыца, погляды Маўродзіна сталі з часам класічным узорам канцэпцыі таму, што ён прызнаваў існаванне трох асобных усходнеславянскіх народаў. Праўда, названая праца Маўродзіна выйшла ў неспрыяльнай ідэалагічнай сітуацыі, і спачатку яго ідэі не атрымалі прызнання (у 1946—1947 г. кніга рэзка крытыкавалася). Не адразу ўвайшла ў абарачэнне і прапанаваная ім этнакатэгорыя. Гэта заўважна і па беларускіх выданнях. Так, у „Тезисах об основных вопросах истории БССР“, распрацаваных Інстытутам гісторыі партыі пры ЦК КПБ і выдадзеных у Мінску ў 1948 г., усяляк адстойвалася гістарычнае адзінства лёсаў Беларусі, Украіны і Расіі, а адмаўленне „постоянного стремления белорусского народа к единству с русским народом“ кваліфікавалася як „наиболее антинаучная и вредная концепция“, аднак тэрмін народнасць яшчэ не выкарыстоўваўся[5].

Стаўленне да выказаных Маўродзіным ідэй змянілася пасля выхаду кнігі Сталіна „Марксізм і пытанні мовазнаўства“ (1950), якая апраўдала выкарыстанне этнакатэгорыі народнасць y апісанні ранніх этапаў развіцця чалавецтва. Другім фактарам легітымацыі канцэпцыі аказалася яе сугучнасць з парадыгмай „уз’яднання“, якая актыўна прапагандавалася ў сувязі з падрыхтоўкай святкавання 300–годдзя Пераяслаўскай Рады. З санкцыі партыйнага кіраўніцтва формула „найменшага зла“ выцяснялася з гістарыяграфіі ідэяй прагрэсіўнага, заканамернага „ўз’яднання“ братніх усходнеславянскіх народаў у адной расійскай дзяржаве. У сваім класічным выглядзе, піша Н.Юсава, канцэпцыя старажытнарускай народнасці была сфармулявана ў „Тезисах о 300–летии воссоединения Украины с Россией“. Так, дзякуючы збегу названых акалічнасцяў да 1954 г. канцэпцыя старажытнарускай народнасці атрымала палітычнае „дабро“, што забяспечыла ёй выбуховападобнае развіццё і ўдасканаленне, а галоўнае — статус тэорыі (17, 394).

Наданне канцэпцыі старажытнарускай народнасці статусу тэорыі і яе сакралізацыя, як ведаем, мелі далёкасяжныя наступствы. Калі ўсходнеславянскія народы паходзілі ад адзінага продка (ці „адзінага кораня“), то далучэнне Ўкраіны і Беларусі да Расіі трэба кваліфікаваць як „уз’яднанне“, а ўсялякія дзеянні, скіраваныя на дасягненне былой цэласнасці, ацэньваць толькі як справядлівыя. Такой была і ёсць ідэалагічная сутнасць гэтай канцэпцыі, што ў сярэдзіне 1950–х г. стала адным з базавых кампанентаў савецкай гістарычнай дактрыны. Дактрыны, на падставе якой ствараліся ўсе падручнікі і сінтэтычныя акадэмічныя выданні па гісторыі Беларусі літаральна да 1991 г.

Апублікаваныя ў дадатку архіўныя матэрыялы (458— 528) могуць уяўляць самастойную каштоўнасць для даследчыка. Гэта рэцэнзія В.Данілевіча на кнігу А.Праснякова „Образование великорусского государства“, фрагмент даследавання Д.Багалія, даклады С.Юшкова, лісты У.Маўродзіна ды іншых вядомых гісторыкаў, партыйныя пастановы і да т.п.

У пачатку сваёй грунтоўнай кнігі ўкраінская даследчыца задалася мэтай прайсці „паміж Сцылаю агульнага шальмавання развіцця гістарычнай навукі СССР… як такога, што адбываўся па ўказцы партыі, і Харыбдаю адмаўлення ўмяшання „крамлёўскіх вярхоў“ у гістарыяграфічны працэс наогул“ (14). На маю думку, ёй гэта ўдалося, хоць сама тэма старажытнарускай народнасці проста правакуе гісторыка заняць пазіцыю па той ці іншы бок сімвалічнай барыкады, узведзенай удзельнікамі даўняй гістарыяграфічнай баталіі. Даследаванне Н.Юсавай дазваляе рэканструяваць складаны гістарыяграфічны працэс фармавання адной з найбольш уплывовых канцэпцый айчыннай гістарыяграфіі ад яе ўзнікнення да поўнай легітымацыі, вызначыць персанальныя заслугі гісторыкаў, якія да яго спрычыніліся, а таксама ацаніць ролю палітычна–ідэалагічных фактараў ды ўявіць сам механізм узаемадзеяння структур палітычнай улады і гістарычнай навукі ў таталітарным грамадстве. Працу можна лічыць сур’ёзным унёскам у гісторыю гістарычнай навукі.

Мінск

Генадзь Сагановіч


[1] Як адно з найноўшых вяртанняў да дыскусіі гл.: Семянчук Г. Ці існавала старажытнаруская народнасць, альбо пра „калыску“ беларускага народу // Спадчына. 2003. № 6. С.9 — 21.
[2] У „новай канцэпцыі“ Я.Трашчанка, што стала сцвярджацца ў адукацыі ў апошнія гады, як аксіёма ўводзіцца не проста канцэпцыя старажытнарускай народнасці, а дарэвалюцыйная ідэя „трыадзінарускасці“. Гл.: Трещенок Я. К вопросу об общей концепции исторического образования в Республике Беларусь. Могилев, 2002; ён жа. История Беларуси. Ч. 1. Досоветский период. Могилев, 2003.
[3] Довнар–Запольский М. Белорусское прошлое // ён жа. Исследования и статьи. Т. 1. Киев, 1909. С.333.
[4] Гл.: Стенограмма совещания по вопросам истории СССР в ЦК ВКП (б) // ВИ. 1996. № 2—3, 4, 5—6, 7, 9.
[5] Тезисы об основных вопросах истории БССР. Ч. 1. История белорусского народа до Великой Октябрьской революции // Известия АН БССР. № 3. Минск, 1948.

Наверх

Робинсон, Михаил А. Судьбы академической элиты: отечественное славяноведение (1917— начало 1930-х г.) (Сяргей Запрудскі)

Снежня 10, 2005 |


РОБИНСОН, МИХАИЛ А. Судьбы академической элиты: отечественное славяноведение (1917 — начало 1930–х годов). Москва: Индрик, 2004. 432 с.

Кніга М.Рабінсона з’яўляецца даволі нетыповай з таго пункту гледжання, што яна заснавана пераважна на дадзеных карэспандэнцыі паміж навукоўцамі, якая захавалася ў розных архівах.

Манаграфія складаецца з прадмовы, 8 раздзелаў, заключэння і двух дадаткаў.

Першы раздзел („Палітыка, навука, ідэалогія“) уяўляе сабой своесаблівы ўвод да праблематыкі ўсёй кнігі. У ім гаворка ідзе пра настроі расійскіх навукоўцаў у міжчасе паміж лютаўскай і кастрычніцкай рэвалюцыямі, пра іх стаўленне да гвалтоўных дзеянняў савецкай улады ў 1917—1918 г., пра арышты, пра зрухі ў інстытуцыянальным развіцці савецкай славістыкі, ідэалагічна–палітычную цэнзуру ў дачыненні да навуковых прац. Структура гэтага раздзела (а таксама другога) акрамя храналагічнага падыходу ўкладзена ў значнай ступені пры дапамозе своеасасаблівага „кантэнт–аналізу“ корпусу даследаванай аўтарам карэспандэнцыі: з лістоў былі вылучаны тыя фрагменты, якія датычыліся тэмаў „гвалт“, „арышты“, „цэнзура“ і г.д., яны і сталі асновай для напісання канкрэтных падраздзелаў. Пры гэтым аўтар называе падраздзелы з выкарыстаннем цытат з аналізаваных лістоў („Мы задыхаемся ад гвалту“ — цытата з ліста П.Лаўрова М.Нікольскаму; „Арышты: «З глыбіняў кіргізскіх стэпаў заклікаю Вас»“ — цытата з ліста К.Харламповіча А.Сабалеўскаму; „Назіраецца цяпер маленькае ажыўленне ў галіне славянскіх даследаванняў“ — выпіска з ліста Г.Ільінскага М.Папружэнку; „Ідэолага–палітычная цэнзура: «перабудоўвацца па–новаму… неяк унутрана агідна»“ — выпіска з ліста С.Жэбелева У.Бузескулу). У раздзеле пададзены шырокі (зрэшты, амаль заўсёды негатыўны) спектр поглядаў расійскіх навукоўцаў–гуманітарыяў на новую ўладу, прыведзены дадзеныя адносна арыштаў славістаў (пры гэтым спецыяльна апісана дбанне старшыні II аддзялення Акадэміі навук А.Шахматава і іншых у справе хадайніцтваў адносна вызвалення арыштаваных), апісаны намаганні савецкай улады фармаваць кадравы склад гуманітарнай навукі на аснове адданасці новаму ладу і вызнаванай ім ідэалогіі. З лістоў вынікае, што на аснове стаўлення да новай улады ў асяроддзі навукоўцаў выразна акрэсліўся падзел паміж апанентамі (пераважна, схаванымі) тагачаснаму рэжыму і яго апалагетамі. Першыя ў сваёй карэспандэнцыі нярэдка давалі вельмі едкія, часам проста знішчальныя характарыстыкі апошнім. Напрыклад, у адным са сваіх лістоў М.Дурнаво паведамляў, што ў Маскоўскім універсітэце на кафедры рускай літаратуры звольнены ўсе прафесары з навуковай ступенню „акрамя напаўбальшавіка Сакуліна“ (46). На аснове ведання ідэалагічнай біяграфіі В.Караблёва (апошні быў сакратаром „ультраманархічнага“ Славянскага дабрачыннага таварыства, намеснікам галоўнага рэдактара „Правительственного вестника“ і інш.) Г.Ільінскі ў 1932 г. выказваў недавер да любых магчымых поспехаў гэтага чалавека ў славістыцы ў савецкі час: „з такім мінулым і з такой псіхалогіяй можна толькі гвалтаваць навуку, а зусім не рухаць яе наперад!!“ (47). У.Ператц у адным са сваіх лістоў характарызаваў стаўленне да аднаго з калег наступных чынам: „…у тых колах, дзе мы бываем — ён нябачны, як і ўвогуле ўся «левая» прафесура“ (47).

Найбольш месца ў кнізе займае другі раздзел „Навукоўцы ва ўмовах выжывання“, у якім падрабязна апісаны побытавыя ўмовы існавання навукоўцаў. Сярод тэмаў гэтага раздзела — „пасылкі“ (падраздзел „Можна пасылаць: сухары, локшыну. Сала, крупы і мукі — нельга“), „хваробы і смерці“ (падраздзел „Мы, старыя, спяшаемся сысці з гэтай горкай юдолі нэндзы і гора“), „паляпшэнне побытавай сітуацыі“ (падраздзел „У сціплых абставінах наладзіўся нейкі дабрабыт“), „новае пагаршэнне побытавай сітуацыі“ (падраздзел „Вяртанне да ранейшага. Нішто не новае пад месяцам“). У гэтым раздзеле аўтара цікавіць як агульная сітуацыя ўсталявання побыту (аўтар сведчыць, што з 1925 г. тэма матэрыяльных цяжкасцяў паступова фізічна скарацілася ў перапісцы, але з канца 1920–х зноў вярнулася), так і яе шматлікія праяўленні–дэталі (забеспячэнне апалам, ацяпленне і асвятленне жылля; харчаванне, цэны на прадукты і тавары першай неабходнасці; пайкі; пакупніцкая здольнасць грошай, інфляцыя; атрыманне замежнай дапамогі; транспарт; паштовыя зносіны; магчымасць, а таксама выгоды і невыгоды працаўладкавання ў навуковых цэнтрах і правінцыйных універсітэтах; аклады і магчымасць дадатковых заробкаў; праблема спалучэння навуковай дзейнасці з выкладчыцкай; купля царкоўных свечак для адпраўлення рэлігійных абрадаў; дапамога адно аднаму ў межах сваёй карпарацыі; падзенне нораваў у грамадстве; сямейныя абставіны і г.д. і да т.п.). Упершыню ў літаратуры падрабязна ўзнаўляецца побытавая частка (дагэтуль малавядомая з літаратуры, прысвечанай гісторыі навукі) жыцця савецкіх навукоўцаў–гуманітарыяў 1920–х г. З раздзела вынікае, што ў працэсе ўсталявання савецкай улады навукоўцы („научное сословие“, як іх нярэдка любоўна называе аўтар) спачатку страцілі ўсе свае прывілеі, звязаныя з прыналежнасцю да пэўнага сацыяльнага класа, і з рознай ступенню інтэнсіўнасці за іх змагаліся. Зрэшты, часта гаворка ішла не пра аднаўленне „прывілеяў“, але пра элементарную барацьбу за фізічнае выжыванне. Да рэвалюцыі не толькі акадэмікі, але і прадстаўнікі менш паспяховага слоя расійскіх навукоўцаў і выкладчыкаў не займаліся асабіста нарыхтоўкай дроў, купляй прадуктаў, не хадзілі пешшу на працу — у новы час усё гэта і многае іншае ім давялося рабіць. У кастрычніку 1918 г. акадэмік А.Шахматаў паведамляў С.Альдэнбургу, што яму даводзіцца актыўна займацца хатняй гаспадаркай, назапашваць для сям’і да зімы хлеб і дровы, пры гэтым „дроў зусім у горад [Аткарск] не прывозяць, трэба схітрацца купіць іх у вёсках, а ў крайнім выпадку назапасіць кізякоў“ (67). Член (фактычна кіраўнік) Камісіі па выданні славянскай Бібліі І.Яўсееў урэшце заняўся земляробствам і толькі на кароткі час урыўкамі прыязджаў у Петраград (68). У адным з лістоў 1919 г. М.Карынскі паведамляў А.Сабалеўскаму, што ўсімі гаспадарчымі клопатамі (нарыхтоўка дроў, ацяпленне, падрыхтоўка ежы) даводзіцца займацца яму самому (70). Голад і холад, звычайныя з’явы ў першыя паслярэвалюцыйныя гады, былі спадарожнікамі жыцця навукоўцаў. У кнізе згадваецца выпадак, які адбыўся ў 1922 г. з Б.Ляпуновым у Адэсе. Пайшоўшы набраць вады, ён спрабаваў гэта зрабіць у нейкім чужым двары, і пад час спрэчкі з дворнікам быў збіты так, што атрымаў пералом нагі (114).

Побытавае бязладдзе і агульная няпэўнасць адмоўна адбіваліся на стане навуковых даследаванняў. Вясной 1918 г. Харламповіч скардзіўся А.Сабалеўскаму: „Навука не ідзе ў галаву, ды й працаваць не хочацца, калі не ўпэўнены не толькі ў тым, што ўдасца надрукаваць напісанае, але і ў захаванні жыцця самога аўтара“ (69). Можна толькі ўявіць, якая колькасць навуковых прац не была напісана з–за неспрыяльных умоў жыцця навукоўцаў…

У трэцім раздзеле „«Новая рэлігія» замест навукі: праціўнікі і прыхільнікі“ асвятляецца працэс пранікнення ў лінгвістычную практыку марызму і адносіны да гэтага палітычна–метадалагічнага напрамку навукоўцаў. Станаўленне „новага вучэння аб мове“ М.Мара цяпер добра апісана ў літаратуры (адной з галоўных крыніц для навукоўцаў нашага рэгіёну можа лічыцца кніга У.Алпатава 1991 г. „История одного мифа“), але трэці раздзел кнігі М.Рабінсона дадае новыя штрыхі да разумення таго, як ставіліся лінгвісты да ўзрослай на іх вачах „марксісцкай“ лінгвістыкі і да яе навязвання ўладай у якасці „пэўнага тыпу лінгвістычнага праваслаўя“ (Г.Ільінскі). М.Трубяцкой, напрыклад, лічыў, што адзін з артыкулаў Мара мог належным чынам рэцэнзаваць „не столькі мовазнавец, колькі псіхіятр“, а той жа Г.Ільінскі характарызаваў „яфетычную тэорыю“ М.Мара як „своеасаблівую сумесь неадукаванасці, святой наіўнасці і самай дзікай фантазіі“. У гэтым кантэксце дарэчы будзе згадаць, што ў беларускай лінгвістыцы (якая зазнала адносна позняе насаджэнне марызму) з нагоды публікацыі нейкіх лінгвістычных артыкулаў у другім томе вялікай савецкай энцыклапедыі Л.Цвяткоў яшчэ ў 1927 г. зазначаў, што пакладацца на М.Мара „можна толькі ў тых пытаннях, якія не маюць адносін да яго тэорыі яфетызму“ (Асвета. 1927. № 1. С. 135).

Чацвёрты раздзел кнігі „Навукоўцы–эмігранты і расійская славістычная эліта“ прысвечаны кантактам паміж навукоўцамі, якія пакінулі Савецкі Саюз, і тымі (пераважнай большасцю), якія засталіся. Зместам раздзела з’яўляюцца намаганні эмігрантаў у аднаўленні асабістых сувязяў; садзеянне ў папаўненні савецкіх бібліятэк новай замежнай літаратурай, а замежных — савецкай; абранне некаторых эмігрантаў членамі Акадэміі; магчымасць выехаць за мяжу і вярнуцца ў СССР з–за мяжы; умовы жыцця і працы эмігрантаў за мяжой; матэрыяльная дапамога эмігрантаў савецкім навукоўцам; пашырэнне інфармацыі аб невяртанцах у сваім асяродку; удзел савецкіх навукоўцаў у замежных славістычных выданнях; святкаванне ў 1925 г. 200–годдзя Акадэміі навук і інш. Сярод іншага ўвагу беларускага чытача ў гэтым раздзеле могуць прыцягнуць старонкі, прысвечаныя перапісцы паміж М.Фасмерам і Я.Карскім, эпізод, звязаны з водгукамі на паездку Я.Карскага ў 1924 г. у Прагу на з’езд славянскіх географаў і этнографаў, а таксама меркаванне Г.Ільінскага пра Мінск як месца працы. На думку Г.Ільінскага, навуковы асяродак у Мінску ў 1928 г. уяўляў сабой „асінае гняздо беларускіх шавіністаў. Чалавек з самастойным характарам [гаворка ішла пра М.Дурнаво. — С.З.] наўрад ці там ужывецца, — адтуль бягуць усе, хто толькі можа“. М.Рабінсон пакінуў гэты пасаж без каментару — і тут (і ў шматлікіх іншых выпадках) паўстае пытанне адносна карэктнасці такога спосабу працы з матэрыялам. Выглядае на тое, што аўтар у дадзеным выпадку некрытычна прымае суб’ектыўнасць канкрэтнага навукоўца, паколькі, згодна з агульным падыходам М.Рабінсона, гэтая суб’ектыўнасць дазваляе нам „паўней і аб’ектыўней“ (14) сфармаваць свае ўяўленні пра аўтара выказвання.

Але ці выказванні розных (часта вельмі аўтарытэтных) навукоўцаў служаць толькі падставай фармавання нашай думкі пра іх, але не ўплываюць на нашы меркаванні адносна ацэньваных імі падзей, сітуацый, людзей? Ці ёсць гарантыя, што сучасны расійскі і беларускі чытач зробіць з падобных эмацыянальных пасажаў адэкватныя ці прыблізна падобныя высновы? Хутчэй, не. На нашу думку, зусім верагодна, што сучасны расійскі чытач можа прыняць словы аўтарытэтнага расійскага лінгвіста за „чыстае золата навукі“, балазе падобнага тыпу выказванні ў кнізе падмацоўваюцца і іншымі выпадкамі. Затое беларускі чытач на аснове прадстаўлення ў кнізе нешматлікіх „беларускіх сюжэтаў“ можа зрабіць іншыя высновы.

Ніхто з расійскіх навукоўцаў (з іх ліку вылучаем, натуральна, Карскага) не разглядаў свой магчымы прыезд на працу ў Мінск як пэўную культурніцкую місію ў дачыненні да беларускага народа. Іх цікавілі адзіна асабістыя ўмовы працы, пайкі, побытавае ўладкаванне, захаванасць расійскага асяроддзя, дачыненні з мясцовымі („нацыяналістычнымі“ і, вядома ж, кепска падрыхтаванымі) навукоўцамі. Беларускі чытач у дадзеным кантэксце можа ўспомніць той факт, што з 49 прафесараў, якія прыехалі (найперш з Расіі) на працу ў БДУ ў 1921 г., 32 не змаглі вытрымаць цяжкіх умоў працы і жыцця ў разбураным Мінску і пакінулі універсітэт[1]. У шэрагу выпадкаў можна канстатаваць выразную непрыхільнасць расійскіх навукоўцаў 1920–х г. да поспехаў у развіцці беларускай нацыянальнай навукі. Так, напрыклад, А.Сабалеўскі выказваў задавальненне (зларадства?) з нагоды таго, што патрыярх беларусістыкі Я.Карскі ў 1926 г. не паехаў на Акадэмічную канферэнцыю ў Мінск, куды быў запрошаны[2]. Занадта сур’ёзнае стаўленне да выказвання Г.Ільінскага прымусіла б беларускага чытача задумацца над пытаннямі тыпу „ці мелі магчымасць М.Шчакаціхін, І.Замоцін, А.Вазнясенскі, П.Бузук і іншыя «ўцячы» з Мінска?“ і калі мелі, то „чаму яны яе не выкарысталі?“. Здаецца, гэта поўнае глупства (народжанае, аднак, апублікаваным, але пакінутым без каментару глупствам жа)… Несумненна, асабістая перапіска — даволі далікатны матэрыял, і разгледжаны выпадак паказвае, што публікацыя любых суб’ектыўных меркаванняў навукоўцаў без належнага каментавання можа даваць не толькі станоўчыя вынікі.

У пятым раздзеле кнігі ў кантэксце гаворкі пра асабістыя адносіны настаўніка з вучнямі і, больш шырока, пра падтрыманне акадэмічных традыцый у цэлым разглядаюцца міжасабовыя дачыненні ў рамках навуковай школы акадэміка У.Ператца. Падрабязна апісваюцца старанні У.Ператца падтрымліваць сваіх вучняў, не толькі садзейнічаць перадачы ім навуковых ведаў, але і дапамагаць матэрыяльна (праз бясплатнае атрыманне кніг, прызначэнне стыпендый), а таксама спрыяць прасоўванню іх навуковай кар’еры. Несумненна, важнай характарыстыкай падтрымання акадэмічных традыцый ва ўсе часы былі асаблівыя адносіны паміж кіраўнікамі і іх вучнямі. Але… Сярод іншага ў раздзеле падрабязна паведамляецца пра мітрэнгі акадэміка У.Ператца з нагоды складанасцяў з надрукаваннем ягонай (хвалебнай) рэцэнзіі на дысертацыю ягонай вучаніцы (пазней жонкі) В.Адрыянавай, яго клопат знайсці ёй (ужо жонцы) вартую працу ў Пецярбурскім універсітэце, дбанне, каб у яе быў добры заробак, спробы У.Ператца ў 1927 г. вылучыць сваю жонку ў члены–карэспандэнты АН СССР. У цэлым М.Рабінсону ўласцівы ўзнёсла–рамантычны тон у дачыненні да большасці сваіх герояў, гэткім ён застаецца і ў рамках дадзенага раздзела. Напрыклад, эпізод з неабраннем В.Адрыянавай–Ператц у члены–карэспандэнты АН СССР (галасаваць сярод іншых меўся і ініцыятар вылучэння, яе муж) аўтар трактуе спачувальна. Адпаведны фрагмент у кнізе заканчваецца спасылкай на тое, што час паказаў адсутнасць рацыі ў калег У.Ператца, якія ў дадзеным выпадку вышэй за інтарэсы навукі паставілі нібыта „сваё жаданне дапячы навукоўцу [У.Ператцу. — С.З.] за яго грамадскую актыўнасць і прынцыповасць у пытанні папаўнення шэрагаў акадэміі ў вельмі цяжкі для яе час. У многім менавіта дзякуючы наступнай дзейнасці члена–карэспандэнта АН СССР Адрыянавай–Ператц [жаданае званне было ёю атрымана ў 1943 г. — С.З.] удалося захаваць і прадоўжыць вывучэнне старажытнарускай літаратуры“ (270). На жаль, падрабязнае апісанне „некананічнага“ боку навуковага жыцця ўвогуле і эпізодаў, звязаных з дачыненнямі У.Ператца і В.Адрыянавай(–Ператц), у прыватнасці, насуперак намерам М.Рабінсона можа сфармаваць у чытача проста процілеглае ўяўленне пра апісаных герояў і сітуацыі, тым больш, што пазіцыі апанентаў у кнізе таксама прадстаўлены. (Так, В.Істрын ацэньваў рэцэнзію Ператца на дысертацыю ягонай вучаніцы, супраць публікацыі якой ён пярэчыў, як „палкае праяўленне гарачага кахання“, а іншыя ўцягнутыя асобы — „рэцэнзіяй, заснаванай на каханні“ („любовной рецензией“). Прадстаўнікі III аддзялення спробу II аддзялення, членам якога быў У.Ператц, абраць В.Адрыянаву–Ператц членам–карэспандэнтам называлі „кумаўством“.) Пра непрынцыповасць паводзінаў пры абранні членаў–карэспандэнтаў і акадэмікаў абазнаная публіка, на жаль, занадта добра ведае — і матэрыялы рэцэнзаванай кнігі даюць нямала пацверджанняў гэтай сумнай тэндэнцыі. У ёй, напрыклад, прыводзяцца ўласныя сведчанні А.Шахматава пра ягонае галасаванне „за“ ў справе выбараў акадэмікам Фларынскага, чалавека, чые навуковыя заслугі ён лічыў „вельмі невялікімі“ (245—246). Шахматаў, вядома, знаходзіў сабе апраўданне… У выпадку з сітуацыяй вакол У.Ператца і В.Адрыянавай–Ператц, на нашу думку, даволі няплённай выявілася тэндэнцыя М.Рабінсона падтрымліваць нейкую канкрэтную партыю, маляваць, з аднаго боку, вобразы „чыстых жрацоў навукі“, а з другога — іх „злых духаў“. Трэба яшчэ раз прызнаць, што ў шэрагу выпадкаў выкарыстаны аўтарам кнігі матэрыял асабістай перапіскі з’яўляецца „выбуханебяспечным“, і аўтар гэтых радкоў не можа адназначна сцвердзіць, што публікацыя падобнага матэрыялу ва ўсіх выпадках была карыснай…

У нейкім сэнсе падобна да папярэдняга раздзела шосты раздзел уяўляе сабой своеасаблівае case study. У ім асэнсоўваецца светапогляд гісторыка навукі К.Грота, які выявіўся ў ягонай запісцы 1930 г. „Мой погляд на эпоху, у якую я жыву“, а таксама змены ацэнак спадчыны настаўніка К. Грота — гісторыка У.Ламанскага, якія адбыліся ў савецкай навуцы цягам 1933—1944 г. Аўтар паказаў, бадай, усё ж не такі і нехарактэрны выпадак прыняцця савецкага ладу адным з прадстаўнікоў старой акадэмічнай школы (К.Грот нарадзіўся ў 1853 г.) на падставе пераемнасці новага рэжыму з — у значнай меры „антызаходнім“ — расійскім славяназнаўствам дарэвалюцыйнай пары. У адрозненне ад трактовак дзесяцігадовай даўнасці, у 1944 г., калі славяназнаўства ў Савецкім Саюзе аказалася запатрабаваным, катэгарычна змяніўся погляд у савецкай навуцы на значэнне ў гісторыі У.Ламанскага: з колішняга служкі самадзяржаўнага рэжыму ён быў перафарбаваны ў „найбуйнейшага прадстаўніка рускай дэмакратычнай грамадскасці“. У дадатках да кнігі надрукаваны два важныя дакументы, якія былі выкарыстаны пры напісанні шостага раздзела: запіска К.Грота і даклад В.Караблёва 1933 г. „Славяназнаўства на службе самадзяржаўя (З дзейнасці акадэміка У.І.Ламанскага)“.

У сёмым раздзеле апісана стаўленне членаў II аддзялення рускай мовы і літаратуры (ОРЯС) да маючага адбыцца яго рэфармавання, інакш зліцця з III гісторыка–філалагічным аддзяленнем. (У III аддзяленні пераважалі спецыялісты–ўсходнікі; рэфармаванне, звязанае з прыняццем першага савецкага статута Акадэміі навук, адбылося ў сярэдзіне 1927 г.) Верагоднасць падобнага зліцця надзвычай негатыўна ацэньвалася акадэмікамі–гуманітарыямі; М.Рабінсон кваліфікуе ліквідацыю самастойнасці ОРЯС як „першы крок на шляху саветызацыі Акадэміі навук“ (341) і разглядае перадгісторыю гэтага рэфармавання на фоне ўнутрыакадэмічнай барацьбы і міжчалавечых сутыкненняў у самым аддзяленні.

Восьмы раздзел прысвечаны апісанню падзей канца 1920–х г., якія былі накіраваны на ўключэнне Акадэміі навук у практыку сацыялістычнга будаўніцтва — важным складнікам гэтага працэсу было прадукаванне „новых“ акадэмікаў, абраных не ў адпаведнасці з іх навуковымі заслугамі, а згодна з іх месцам у ерархіі новай улады.

У заключэнні аўтар сярод іншага звяртае ўвагу на выхаваўча–педагагічны бок сваёй працы: імкненне славістаў 20–х у любых умовах кіравацца „высокімі акадэмічнымі традыцыямі“ складае „павучальны прыклад маральнага служэння навуцы“ (385).

Манаграфія М.Рабінсона ўводзіць у навуковы ўжытак багаты арыгінальны матэрыял, датычны сферы палітычных і іншых поглядаў многіх прадстаўнікоў гуманітарнай навукі 1920–х г. У кнізе на канкрэтных прыкладах паказана пранікненне ў навуку радыкальных палітыка–метадалагічных плыняў і апазіцыя гэтаму працэсу з боку славяназнаўцаў. Падрабязнае асвятленне „адваротнага“ (побытавага, міжчалавечага) боку навуковага жыцця дазваляе больш рэльефна ўявіць умовы, у якіх працавалі славісты першых паслярэвалюцыйных дзесяцігоддзяў. Разам з тым недастаткова крытычнае ў шэрагу выпадкаў выкарыстанне матэрыялу асабістай перапіскі ў сукупнасці з выхаваўча–педагагічным yхілам працы ставяць важныя (і не заўсёды вырашаныя станоўча) пытанні адносна спосабу ўвядзення ў навуковы ўжытак такога матэрыялу.

Мінск

Сяргей Запрудскі


[1] Гл.: А.Яноўскі. „Я аддаваў усе свае сілы будаўніцтву Беларускага Дзяржаўнага Універсітэта“ // Беларускі гістарычны часопіс. 2003. № 6. С. 8.
[2] Гл.: На путях становления украинской и белорусской наций: факторы, механизмы, соотнесения / Отв. ред. Л.Е. Горизонтов. Москва, 2004. С. 246.

Наверх

Frank Grelka. Die ukrainische Nationalbewegung unter deutscher Besatzungsherrschaft 1918 und 1941/42 (Лявон Баршчэўскі)

Снежня 9, 2005 |

GRELKA, FRANK. Die ukrainische Nationalbewegung unter deutscher Besatzungsherrschaft 1918 und 1941/42. Harassowitz Verlag, Wiesbaden, 2005. 507 S.

Праца Франка Грэлькі выконвалася ў Даследчым цэнтры Сярэдняй і Ўсходняй Еўропы пры Дортмундскім універсітэце. Яна ўключае ў сябе, акрамя неабходных уводзінаў, наступныя раздзелы: „Украінскі нацыянальны рух да прыходу немцаў“, „Украінскі нацыяналізм і нацыянал–сацыялізм“, „Украінскае пытанне напярэдадні Другой сусветнай вайны“, „Акупацыя і незалежніцкія памкненні ў 1918 г.“, „Акупацыя і незалежніцкія памкненні ў 1941 г.“, „Нацыянальны рух і забеспячэнне «жыццёвае прасторы» ў 1918 г.“, „Нацыянальны рух і забеспячэнне «жыццёвае прасторы» ў 1941 г.“, а таксама „Падагульненне“. Спіс выкарыстаных крыніц уключае пад тысячу назваў.

У падмурку канцэпцыі Франка Грэлькі ляжыць, як ужо можна здагадацца з пераліку назваў раздзелаў кнігі, метад параўнання і супастаўлення. У цэлым ён зазначае пераемнасць дзеянняў нямецкіх уладаў у 1918 і 1941 г., прынамсі, што датычыць эканамічных мэтаў акупацыі і палітычных мэтаў абмежаванага спрыяння частцы нацыянальнага руху на Ўкраіне.

У раздзеле, прысвечаным украінскаму нацыянальнаму руху да першай нямецкай акупацыі, даследчык разглядае „ўкраінскае пытанне“ ў кантэксце нацыянальнай палітыкі Расійскай імперыі, спыняецца на характарыстыцы ўкраінскай „нацыянальнай рэвалюцыі“ (дзейнасць Цэнтральнае Рады паміж лютым і кастрычнікам 1917 г.), асвятляе тэму абмеркавання мэтаў вайны на Ўкраіне ў кайзераўскай Нямеччыне, апісвае перыяд ад заключэння т.зв. хлебнага міру да ўваходу нямецкіх войскаў, аналізуе дамінаванне ваеннага чынніка ў развязанні нямецкім бокам „украінскага пытання“ ў 1917—18 г., адсоўванне на перыферыю рэвалюцыйных ідэалаў, што ў значнай меры прапаведваліся дзеячамі ўкраінскага нацыянальнага руху.

У наступным раздзеле Франк Грэлька разглядае гэткія пытанні, як: нацысцкая партыя і традыцыя нямецкай палітыкі ў дачыненні да Ўкраіны, правы паварот ва ўкраінскім нацыянальным руху і яго раскол, гегеманісцкія і незалежніцкія памкненні бакоў у перыяд з 1918 да 1941 г. Далей ён разглядае феномен „Карпацкае Ўкраіны“, падзеі верасня 1939 г. на Ўкраіне, дзейнасць украінскай Галоўнай камісіі ў „Генерал–губернатарстве акупаваных польскіх тэрыторыяў“.

Чарговы раздзел манаграфіі прысвечаны вяртанню ў 1918 год: разгляду антыбальшавіцкіх баявых дзеянняў, пачатку нямецкай акупацыі і стварэнню вобраза „габрэйскага бальшавізму“ як з нямецкага, гэтак і з украінскага боку. У сваю чаргу, у наступным раздзеле, ужо прысвечаным падзеям 1941 г., разглядаецца „нацыянальна–ўкраінскі план для нямецка–савецкае вайны“, паказваецца працэс эвалюцыі ад саюзу па зброі ўкраінскіх нацыяналістаў з вермахтам да абвяшчэння аднаўлення ўкраінскай дзяржаўнасці 30 чэрвеня 1941 г. Тут жа Франк Грэлька робіць выснову пра „Піраву перамогу“ ўкраінскага нацыянальнага руху ўлетку 1941 г., а таксама разважае пра „паслядоўны антысемітызм і этнічны нацыяналізм“.

Зноў вяртаючыся да падзеяў 1918 г., гісторык аналізуе працэс пераходу ад стану пратэктарату да ўсталявання нямецкага акупацыйнага рэжыму, фактычнай ліквідацыі Цэнтральнай рады, усталявання ваеннай дыктатуры ў гетманскай рэспубліцы, а з іншага боку, супраціву гетманскай і нямецкай уладзе.

У заключным асноўным раздзеле даследавання аўтар разглядае супярэчнасць ваенных мэтаў вермахта і антысавецкіх украінскіх структур у 1941 г., выяўляе незалежніцкія памкненні ўкраінцаў у ваенным камандаванні і цывільнай адміністрацыі, паказвае спосаб уліку нацыянальных чыннікаў і эканамічнага ціску ў розных рэгіёнах Украіны. Галоўную сваю выснову па выніках выкананага даследавання Ф.Грэлька фармулюе наступным чынам:

„Абедзве спробы дасягнення геапалітычных мэтаў праз вайну скончыліся для немцаў крахам Германскае імперыі як еўрапейскай звышдзяржавы і знішчэннем ваеннага патэнцыялу ажыццяўлення ўлады. Ангажаванне нямецкай вайсковай сілы на Ўкраіне пад час абедзвюх сусветных войнаў утварала заплечча для няўдалых нацыянальна–дзяржаўных памкненняў і падпадання волі ўкраінцаў пад савецкае дамінаванне. Таму тое, што вынікае з аналізу ўкраінска–нямецкіх дачыненняў, можа, бясспрэчна, зрабіцца прадметам будучай дыскусіі датычна параўнальных даследаванняў нямецка–прыбалтыйскіх, нямецка–беларускіх і нямецка–польскіх стасункаў. Калі ж браць пад увагу пастаноўку мэтаў тымі, хто падтрымлівае канкрэтна гэтае даследаванне, дык ключом для разумення паразы як украінскага нацыяналізму, так і нямецкай акупацыйнай палітыкі ў перыяд з 1915 да 1945 г. ёсць узаемная залежнасць гэтых з’яваў“.

Мінск

Лявон Баршчэўскі

Mironowicz Eugeniusz, Tokć Siarhiej, Radzik Ryszard. Zmiana struktury narodowościowej na pograniczu polsko–białoruskim w XX wieku (Аляксандр Пагарэлы)

Снежня 6, 2005 |


Mironowicz Eugeniusz, Tokć Siarhiej, Radzik Ryszard. Zmiana struktury narodowościowej na pograniczu polsko–białoruskim w XX wieku. Białystok, Wydawnictwo uniwersytetu w Białymstoku, 2005. 171 s.

Беларуска–польскае памежжа ўсё часцей становіцца прадметам спробаў сур’ёзнага даследчага асэнсавання. У іх шэрагу і калектыўная манаграфія беларускіх і польскіх гісторыкаў і сацыёлагаў, выдадзеная Беластоцкім універсітэтам. Гэтую працу можна без сумневу назваць падвядзеннем некаторых вынікаў у распрацоўцы дадзенай тэматыкі. Аўтары манаграфіі — Сяргей Токць, Яўген Мірановіч і Рышард Радзік — самі жывуць на памежжы і чэрпаюць свае назіранні з непасрэднага вопыту. Гэтая кніга з’яўляецца апісаннем і аналізам не столькі змены, колькі складвання этнанацыянальнай структуры беларуска–польскага памежжа.

У кнізе надзвычай шмат дакладнай і кампетэнтнай інфармацыі па праблеме. Яна ўтрымлівае 75 табліц са статыстычнымі дадзенымі і з гэтага пункту гледжання дастаткова цікавая. Аднак, на жаль, адсутнічаюць карты памежжа, што для такога выдання было б нялішнім.

Вялікі плюс кнігі ў тым, што яна дае магчымасць параўнаць працэсы зменаў у тэрытарыяльным размеркаванні нацыянальных груп па абодва бакі мяжы. Сучасная мяжа, што падзяліла беларусаў і палякаў, з’явілася толькі ў сярэдзіне 40–х г. ХХ ст. Нармальны добрасуседскі modus vivendi праваслаўных і каталікоў, што размаўлялі на розных дыялектах беларускай мовы, на працягу гэтага перыяду разбураўся разам з традыцыйным сялянскім ладам жыцця. Кантакт паміж жыхарамі розных краін на памежжы максімальна ўскладняўся, калі не перарываўся цалкам, адбывалася перамяшчэнне людзей, што карэнным чынам змяняла этнанацыянальную структуру і дэмаграфічны баланс. Сялянскія супольнасці, што складалі асноўную масу насельніцтва памежжа, былі ў сітуацыі, калі яны мусілі выбіраць не проста нацыянальную прыналежнасць, але і далейшы лёс. „Неадпаведная“ нацыянальнасць магла наклікаць на тых, хто яе абраў, самыя злавесныя наступствы (гвалтоўную мабілізацыю ў войска, дэпартацыі, рэпрэсіі, фізічнае знішчэнне).

Можна сумнявацца ў тым, што нешта іншае, апрача адзінага веравызнання, магло мабілізаваць сацыяльна і тэрытарыяльна фрагментаваную польскую супольнасць беларускіх губерняў у канцы ХIХ — пачатку ХХ ст. Розныя групы насельніцтва па–рознаму разумелі сваю польскасць і мелі больш агульнага з мясцовымі жыхарамі, чым з этнічнымі палякамі з аўстрыйскай Галіцыі ці аддаленых раёнаў Польскага каралеўства (13). Рышард Радзік робіць у гэтай сувязі даволі слушную заўвагу, зазначыўшы, што польскасць у Беларусі на мяжы ХIХ—ХХ ст. мела досыць разнастайны характар і не зводзілася да адной сацыяльна і этнічна гамагеннай групы: у польскіх памешчыкаў (абшарнікаў) яна выступала ў нацыянальнай (хутчэй палітычнай) форме, у каталіцкай беларускамоўнай дробнай шляхты з польскай нацыянальнай арыентацыяй яна інтэрпрэтавалася ў духу традыцый Рэчы Паспалітай, каталіцкі касцёл (святарства) быў антырасійскім і прапольскім па сваёй прыродзе; этнічна польскія „мазуры“ не мелі польскай нацыянальнай самасвядомасці таксама, як і беларускія сяляне–каталікі з польскай культурнай арыентацыяй (153).

Першым катастрафічным вопытам для беларуска–польскага памежжа ў ХХ ст. было масавае бежанства 1915 г. Яно мела велізарныя наступствы для лёсаў праваслаўных беларусаў у наступныя дзесяцігоддзі (25—28).Тэма бежанства, як і ўвогуле міграцый насельніцтва часоў Першай сусветнай вайны, як заўважае Яўген Мірановіч, адносіцца да шэрагу недастаткова асветленых у гістарыяграфіі (25). У іх выніку некаторыя мясцовасці абязлюдзелі на 80—90%[1]. Мірановіч не можа абысці ўвагай факт таго, што слабасць беларускага нацыянальнага руху на акупаваных немцамі тэрыторыях вынікала з адсутнасці там асноўнай масы беларусаў. У гэтай сувязі трэба разглядаць і дадзеныя нямецкага перапісу насельніцтва 1916 г. (27).

Прыклад спробы „выправіць“ структуру насельніцтва паводле польскай raison d’etat, з выкарыстаннем сучасных магчымасцяў (эканамічных разлікаў і прагназавання) быў прадэманстраваны ў міжваеннай Польшчы. Блізкі па мэтах рэалізаваным пазней мерапрыемствам кіраўніцтва СССР па дэпартацыі вялікіх масаў людзей з Беларусі ў аддаленыя раёны быў праект польскага эканаміста Віктара Арніцкага (51—53). Гэтаму плану не было суджана збыцца, але як ні дзіўна, ён быў ажыццёўлены пазней у іншых абставінах і ўжо ў дачыненні да палякаў.

Мірановіч прасачыў, як змянялася савецкая нацыянальная палітыка ў БССР у 20—30–я г.: яе вышэйшая мэтазгоднасць магла зусім і не лічыцца з інтарэсамі адных груп, прыносячы іх у ахвяру іншым, як гэта здарылася ў польскім аўтаномным раёне ў Койданаве (Дзяржынску). Беларусы (у тым ліку і беларусы–каталікі) і яўрэі, што жылі там, вымушаны былі вывучаць польскую мову, паколькі на тэрыторыі раёна яна была абавязковай (58). Супрацьпастаўленне беларускай культуры культурам нацыянальных меншасцяў не было вынаходніцтвам бальшавікоў, але было запатрабавана ў іх палітычным арсенале (57—58). Але і гэта было толькі прэлюдыяй да масавага вынішчэння ўсіх небяспечных для іх груп і нацыянальных эліт (61—66).

Перыядам самых катастрафічных дэмаграфічных стратаў стаў час Другой сусветнай вайны. У выніку халакосту загінула пераважная бальшыня яўрэйскага насельніцтва[2]. Памежжа ў гэты перыяд стала зонай канкурэнцыі і барацьбы за існаванне паміж палякамі і беларусамі (80—81, 86).

Аўтары заўважаюць, што даследаванне праблематыкі перамен структуры нацыянальнага складу насельніцтва памежжа часта сутыкаецца з фальсіфікаванасцю дадзеных, неверагодным і няпоўным характарам савецкіх статыстычных крыніц, асабліва перапісаў насельніцтва (66, 77, 132).

Але даступныя матэрыялы даюць магчымасць прасачыць дзве тэндэнцыі: змяншэнне колькасці каталікоў — этнічных беларусаў і рост колькасці рускіх, якім адводзілася першасная роля ў пабудове савецкай дзяржавы (133, 137). Русіфікацыя і заваяванне культурнай і камунікатыўнай прасторы рускай мовай павялічвалася ў тэмпах якраз пасля вайны[3].

Вельмі невялікі адсотак мясцовых жыхароў сярод кадраў усіх узроўняў у Гродзенскай вобласці як адлюстраванне гэтых тэндэнцыяў, на думку Сяргея Токця, быў звязаны з тым, што мясцовае насельніцтва разглядалася савецкім кіраўніцтвам як элемент патэнцыяльна нелаяльны, а значыць і небяспечны (126—128). У літаратуры адзначаецца, што недавер да мясцовых жыхароў у памежнай паласе і прыцягненне этнічна рускіх кадраў з глыбінных раёнаў СССР былі характэрнай рысай савецкай палітыкі ў памежных раёнах[4], а знаходжанне Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы і нямецкая акупацыя 1941—44 г. зрабілі магчымым пастаянны прыток грамадзянскіх і вайсковых кадраў усіх профіляў, і наадварот, адток мясцовых жыхароў. Дадзеная тэма не даследавалася да гэтае пары падрабязна і сістэматычна, хоць раней і адзначалася, што беларусы, якія выязджалі па–за межы рэспублікі, болей падвержаныя асіміляцыйнаму ціску, чым тыя, што заставаліся ў межах БССР[5].

Няпэўнасць у дачыненні да ўласнай нацыянальнай прыналежнасці, ваганне колькасці польскага насельніцтва ў Беларусі ў 70–я г. С.Токць тлумачыць большай даступнасцю ў другой палове дзесяцігоддзя польскай культуры, у тым ліку кінематографа (133, 136, 138). Думаецца, што адносна шырокі доступ жыхароў Гарадзеншчыны ў канцы 70–х і ў 80–я г. да польскага тэлебачання таксама адыгрываў сваю ролю. Вельмі важна, што польская нацыянальная самасвядомасць у ідэалагічным вымярэнні стала развівацца толькі з канца 80–х г., калі з’явіліся польскія культурна–асветныя арганізацыі і школы, але гэта, як ні дзіўна, суправаджалася змяншэннем колькасці палякаў з 538,9 тыс. чал. у 1959 г. да 395,7 тыс. чал. у 1999 г. Апрача прычын, звязаных з натуральным змяншэннем, можна меркаваць, што гэтая розніца пайшла на карысць беларусаў: шмат хто з моладзі, адарванай ад сваёй мясцовасці, на новым месцы ідэнтыфікавалі сябе як беларусы, ці то робячы добраахвотны выбар, ці то зыходзячы з кан’юнктурных разлікаў. Наўрад ці яны адчувалі нейкі ціск: вялікай была роля школы і асабістага вопыту. Аднак гэтая асіміляцыя ў беларускасць адбывалася пры адначасовай русіфікацыі, пра што сведчаць лічбы рускамоўных палякаў (149 тыс. чал.) (147).

Паколькі значная частка палякаў (58,9%) і беларусаў (60,5%) Гарадзеншчыны выказала пад час перапісу насельніцтва Беларусі 1999 г. беларускую сваёй мовай хатніх стасункаў, трэба адзначыць, што гаворка можа ісці пра вясковае насельніцтва, ва ўзроставай структуры якога дамінуюць людзі пострэпрадуктыўнага ўзросту (148). Менавіта гэтае насельніцтва ў большай ступені, чым маладое пакаленне, што імкнецца да пераезду ў горад, успрымае рускую мову і культуру як нешта чужое.

Адваротны апісанаму ў кантэксце Беларусі працэс паступовага ператварэння беларускамоўных каталікоў у палякаў на тэрыторыі Польшчы, на думку Яўгена Мірановіча, уступіў у сваю фінальную фазу ў 70–я г. ХХ ст. (112—113). Для асіміляваных у польскую культуру праваслаўных па–старому застаецца актуальнай падзеленасць іх культурнага быцця на ўнутраную прастору, звязаную з праваслаўем і ў меншай ступені з беларускай этнічнай культурай, і знешнюю, звязаную з польскай мовай і каштоўнасцямі, закладзенымі ў польскай нацыянальнай ідэалогіі. Гэтая раздвоенасць вельмі хваравітая ў сітуацыях, калі „трэба выбіраць чыйсьці бок“. Гэта датычыць перш за ўсё парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў, найважнейшых здарэнняў у грамадскім і палітычным жыцці Польшчы ў 80—90–я г. У такіх сітуацыях праваслаўныя палякі хутчэй з насцярогай, чым з энтузіязмам ставіліся да фігур Леха Валенсы, Караля Вайтылы, Юзафа Пілсудскага, руху „Салідарнасць“, сімпатызуючы Аляксандру Лукашэнку як увасабленню барацьбіта за адзінства і годнасць праваслаўных (116). Цікава ў гэтай сувязі было б параўнаць сімпатыі палякаў Беларусі, іх маральныя аўтарытэты і палітычныя ўпадабанні. На жаль, гэта выпала з увагі аўтараў. Аднак тут можна адзначыць, што дадзеныя групы ў сваіх упадабаннях часцей за ўсё паводзяць сябе ў цэлым аналагічна з астатнім насельніцтвам Беларусі. Хоць часта ў 90–я г. сімпатыі беларускага каталіцкага і польскага насельніцтва аказваліся на баку нацыянальна–дэмакратычнага лагера (БНФ), выказванне лаяльнасці да цяперашняга палітычнага кіраўніцтва рэспублікі і палітычнага рэжыму сёння даволі часта сустракаецца не толькі пад час выбараў, але і ў штодзённым жыцці. Тут гаворка можа ісці пра цалкам прагматычную маўклівую апазіцыю.

Рышард Радзік у заключным артыкуле настойліва паўтарае, што беларусы не ўяўляюць з сябе нацыі (149, 171). Гэтаму пярэчыць той факт, што жыхары Беларусі пад час перапісаў насельніцтва хоць бы на словах дэманструюць сваю прывязанасць да беларускай мовы, успрымаючы яе ў якасці маркера сваёй ідэнтычнасці і адрознення. Натуральна, магчымы спектр уяўленняў пра беларускасць, беларускую ідэнтычнасць у жыхароў краіны самы разнастайны, і гэтыя ўяўленні часцей за ўсё не супадаюць з гістарычнымі міфамі, што сфармаваліся ў перыяды нацыянальнага адраджэння. Але гэтыя ўяўленні ўжо прывязаныя да самога факта існавання незалежнай Беларусі. Вырасла цэлае пакаленне, для якога незалежнасць Беларусі з’яўляецца каштоўнасцю. Дадзенае палажэнне цалкам не супярэчыць выснове аўтараў, што сёння тое, як сябе самавызначаюць у нацыянальным плане жыхары Польшчы і Беларусі, усё больш залежыць ад самога факта іх знаходжання ў рамах адной з гэтых дзяржаваў (9).

Змены ў ідэнтычнасці і нацыянальным самавызначэнні Р.Радзік звязвае з тым, што Беларусь у XIX—XX ст. паступова пераходзіла з кола польскай, звязанай з еўрапейскай і лацінскай, культуры ў кола рускай. Адпаведна з гэтым мяняўся характар памежжа з беларуска–польскай дамінанты на беларуска–рускую (171). Гэта і складала драму гісторыі беларуска–польскага памежжа, а разам з ім і Беларусі.

Мінск

Аляксандр Пагарэлы


[1] Pawluczuk, Włodzimierz. Swiatopogłąd jednostki w warunkach rozpadu społeczności tradycyjnej.Warszawa, PWN, 1972. S.110.
[2] Snyder, Timothy. The Reconstruction of Nations. Poland, Ukraine, Lithuania, Belarus. 1569—1999. Yale University Press, New Heaven and London, 2003.
[3] Guthier, Steven, L. The Belorussians: National Identification and Assimilation, 1897—1970. Part 2. 1939—70 // Soviet Studies, Vol. XXIX, no 2, April 1977. P. 280—281.
[4] Chandler, Andrea. Institutions of Isolation. Border Controls in the Soviet Union and Its Successor States, 1917—1993. McGill Queens University Press, Montreal&Kingston — London — Buffalo, 1998. P. 5—6, 59, 66
[5] Guthier… P. 277.

Наверх

Соціум. Альманах соціальної історії. Вип. 1—3 (Васіль Варонін)

Снежня 10, 2004 |


Соціум. Альманах соціальної історії / Головний редактор В.СМО­ЛІЙ; відповідальний редактор В.ГОРОБЕЦЬ. Вип. 1—3. Київ: Інститут історії України НАН України, 2002—2003.

Сацыяльная гісторыя ці, дакладней, новая сацыяльная гісторыя з’яўляецца адным з магістральных кірункаў развіцця сучаснай гістарычнай навукі. Цікавасць, што выяўляюць да яе гісторыкі па ўсім свеце, прыносіць стварэнне адпаведных спецыялізаваных акадэмічных і універсітэцкіх асяродкаў, якія паступова афармляюцца арганізацыйна. Гэты пра­цэс — праўда, адносна нядаўна — закрануў і гістарыяграфію постсавецкіх краін. З 1998 г. у Маскве выходзіць „Социальная история. Ежегодник“. У 2002 г. адбыліся дзве важныя падзеі ў навуковым жыцці нашых паўднёвых суседзяў. Пачаў выходзіць альманах сацыяльнай гісторыі „Соцыум“, а ў Інстытуце гісторыі Украіны НАН Украіны быў створаны Цэнтр даследавання праблем сацыяльнай гісторыі, друкаваным органам якога і стала згаданае выданне.

З самага пачатку рэдакцыяй быў пракламаваны міжнародны і міждысцыплінарны характар выдання. Разам з ук­раін­скімі даследчыкамі свае працы змясцілі тут вучоныя з Расіі і Польшчы. Сярод артыкулаў знаходзім напісаныя мастацтвазнаўцамі і этнолагамі, а аўтары–гісторыкі актыўна выкарыстоўвалі ў сваіх працах не толькі традыцыйны гістарычны інструментарый і матэрыял.

У альманаху знайшла адлюстраванне вельмі разнастайная праблематыка, якая вынікае з шырока зразуметага паняцця „сацыяльная гісторыя“. Храналагічна змешчаныя ў выдан­ні матэрыялы ахопліваюць часы ад антычнасці да пачатку XIX ст., але пераважная іх большасць датычыцца ранняга новага часу. Геаграфічна прадстаўлены ў першую чаргу ўкраінскія землі.

Выпускі выдання складаюцца з рубрык: „Гісторыя ўяўленняў“, „Гісторыя сацыяльных супольнасцяў“, „Гісторыя прыватнага жыцця“, „Гістарычная канфлікталогія“, „Сацыяльная гісторыя рэлігій“, „Гісторыя жанчын“, „Тэорыя і гістарыяграфія сацыяльнай гісторыі“. Колькасць рубрык і іх насычанасць матэрыяламі ў выпусках варыюецца. Ва ўсіх трох нумарах змешчаны рэцэнзіі, агляды і інфармацыя.

У межах гэтага кароткага агляду вельмі цяжка ды і, ві­даць, няма патрэбы спыняцца на ўсіх 43 артыкулах першых выпускаў альманаха, кожны з якіх па–свойму цікавы. Звернемся толькі да некаторых, якія прыцягваюць найбольшую ўвагу ці то з тэматычнага і метадычнага пунктаў гледжання, ці то ў сувязі з нашай айчыннай гісторыяй.

Княскае паляванне здаўна разглядалася гісторыкамі ў першую чаргу як элітная забава, якая, апрача таго, прыносіла князям і іх атачэнню харчаванне і футры. У сваім артыкуле „Княскія ловы як сацыяльны феномен Кіеўскай Русі“ (вып. 1) У. Рычка паспрабаваў зірнуць на гэтую з’яву з іншага боку. Ён разгледзеў княскае паляванне як пэўную норму сацыяльных паводзінаў, як ваенна–сакральны рытуал, які знаходзіць паралелі і тыпалагічна адпавядае ідэалу заходнееўрапейскага рыцарства.

Вельмі цікавай падаецца спроба Т. Вілкул (артыкул „Дружына–веча: баланс абстракцый“, вып. 1) давесці тоеснасць старажытнарускага веча і княскай дружыны. Праўда, аўтар агаворвае залежнасць сваіх высноваў ад спецыфікі крыніц — старажытнарускіх летапісаў з іх зменлівай тэрміналогіяй і нават прызнае пэўную спекуляцыйнасць сваіх заключэнняў. Але слушна і тое, што, бадай, любая канцэпцыя ў гэтай сферы абапіраецца на тыя самыя летапісы з іх сапраўды вельмі разнастайнай і часам супярэчлівай сацыяльнай тэрміналогіяй. Так што поле для інтэрпрэтацый вельмі шырокае і адкрытае. У артыкуле, сярод іншага, выказана свежае назіранне ў сувязі з вядомым апавяданнем 1159 г. пра падзеі ў Полацкай зямлі, якое паходзіць з Кіеўскага летапісу. Гаворачы пра князя Рагвалода Барысавіча, крыніца паведамляе, што насустрач яму выехалі 300 „лодии дрьючанъ и полчанъ“. Т. Вілкул абгрунтавана бачыць тут памылку перапісчыка, пад пяром якога людзі ператварыліся ў ладдзі.

У артыкуле А. Русінай „Ад Кузьмішчы–кіяніна да кіяніна Скабейкі (мадэляванне смерці ў „Хроніцы Быхаўца“)“ (вып. 1) параўноўваюцца летапісныя аповесці пра забойства Жыгімонта Кейстутавіча і Андрэя Багалюбскага. Аўтар прыйшла да высновы, што асобныя элементы адпаведнага апавядання „Хронікі Быхаўца“ запазычаны з Іпацеўскага летапісу. Трэба зазначыць, што фрагмент з „Хронікі Быхаўца“ аб забойстве Жыгімонта Кейстутавіча — адна з самых папулярных сярод даследчыкаў Вялікага Княства Літоўскага галаваломак. Першым з крыніцазнаўчага пункту гледжання яго спецыяльна аналізаваў Б. Барвінскі[1]. У далейшым гэтыя спробы перыядычна аднаўляліся, прыкладам чаго могуць быць разгляданы артыкул, а таксама зусім нядаўняя праца польскага даследчыка Я. Нікадэма[2]. Увогуле ж погляд А. Русінай падаецца небясспрэчным — калі на такім матэрыяле ўвогуле можна зрабіць бясспрэчныя высновы.

У першым выпуску прыкметнае месца займаюць артыкулы гістарычна–юрыдычнай праблематыкі, выкананыя на валынскіх дадзеных другой паловы XVI ст.: Ул. Палішчук і Н. Старчанка разглядаюць інстытуты адпаведна віжоўства[3] і адвакатуры.

Аднымі з самых шырока прадстаўленых у альманаху сталі праблемы міжэтнічных і міжканфесійных стасункаў. Пад увагу даследчыкаў трапілі стараабрадцы і яўрэі. У артыкулах разгледжаны, у прыватнасці, антыяўрэйскія выступленні ў Львове ў XVII—XVIII ст. (М. Капраль, вып. 2) і розныя аспекты жыцця стараверскіх слабод на ўкраінскіх землях. Прынамсі ў двух артыкулах зроблены спробы перагледзець старыя погляды на праблемы міжканфесійных стасункаў, і перш за ўсё з удзелам праваслаўных і уніятаў. Апрача сваёй складанасці і далікатнасці, гэтыя пытанні, як вядома, былі занядбаны савецкай гістарыяграфіяй, а калі і закраналіся, дык вельмі павярхоўна і аднабакова. У выніку наша сённяшняе бачанне праблемы знаходзіцца ў вельмі моцнай залежнасці ад ра­сійскіх гістарыяграфічных міфаў XIX — пачатку XX ст. Артыкулы М. Даўбішчанкі „Рэаліі і міфы рэлігійнага супрацьстаяння на Валыні напрыканцы XVI — у першай палове XVII ст.“ (вып. 2) і М. Ярэменкі „Міжканфесійныя стасункі ва Ўкраіне і на Беларусі ў XVIII ст. (пастаноўка праблемы)“ (вып. 3) і прысвечаны ў першую чаргу разбурэнню гэтых застылых схем. Яны з усёй выразнасцю паказваюць, якой вострай з’яўляецца неабходнасць зноў разгледзець гэтыя праблемы — на падставе дэталёвага вывучэння крыніц. Пры больш уважлівым іх вывучэнні высвятляецца, што старыя міфы часта грунтуюцца на кепска зразуметых ці тэндэнцыйна патрактаваных фактах. Так, напрыклад, М. Ярэменка асабліва настойвае на маёмасных падставах многіх канфліктаў, у якія апынуліся ўцягнутымі праваслаўныя манастыры і асобныя вернікі. Ён звяртае ўвагу таксама на абыякавасць народных нізоў да рэлі­гійных праблем.

Вельмі цікавыя назіранні зрабіла расійская даследчыца Т. Апа­рына, паставіўшы пытанне наступным чынам: „Украінскія казакі ў Расіі: адзінаверцы ці іншаверцы? (Мікіта Маркушэўскі супраць Лявонція Плешчаева)“ (вып. 3). Яна прывяла прыклады перахрышчвання ў Маскве ў 10—20–я г. XVII ст. нават праваслаўных выхадцаў з Рэчы Паспалітай. Для нас ўяўляе цікавасць і яшчэ адна яе выснова: „беларусцамі“ ў Маскве ў гэты час называлі выхадцаў з беларускіх і ўкраінскіх зямель Рэчы Паспалітай, а паводле веравызнання — як праваслаўных, так і уніятаў.

Вялікім блокам артыкулаў, некаторыя з якіх былі ўжо згаданы вышэй, прадстаўлена гістарычная канфлікталогія. Барацьбе за вяртанне Астрога і іншых бацькоўскіх уладанняў, якую вёў славуты князь Васіль–Канстанцін Астрожскі, пры­свечаны артыкул І. Цясленкі (вып. 3). Прадметам вывучэння Н. Старчанкі стаў буйны канфлікт паміж войтам і мяшчанамі ў горадзе Ўладзіміры (Валынскім) у 1566 г. Яна прыйшла да той высновы, што зводзіць гэта сутыкненне толькі да процістаяння войта і мяшчанскай супольнасці — пэўнае спрашчэнне. На самай справе канфлікт меў нашмат больш бакоў і разгортваўся пад уплывам велізарнай колькасці фактараў. Прасачыўшы праблему на шырокім фоне, аўтар паказала многія з іх. Падрабязны разгляд канфлікту ўсё ж, як здаецца, сведчыць аб перманентным характары супярэчнасцяў паміж войтам і мяшчанамі. І гэта была ўласцівасць не толькі Ўладзіміра. У 1558 г. кароль польскі і вялікі князь літоўскі Жыгімонт II Аўгуст разглядаў вялікую скаргу полацкіх мяшчан на свайго войта (і адначасова полацкага ваяводу) Станіслава Давойну[4]. Паралелі і параўнанні могуць стаць тэмай асобнага даследавання. У якасці заўвагі да артыкула, нягледзячы на незнаёмства з адпаведнымі архіўнымі матэрыяламі, рызыкну ўсё ж выказаць сумненне ў дакладнасці некаторых цытат.

У артыкулах К. Дысы (вып. 2) і А. Борак (вып. 3) знайшла адлюстраванне вельмі модная цяпер у заходнееўрапейскай гістарыяграфіі тэматыка чараўніц. Аднак ці толькі ў модзе і заходніх уплывах справа? Магчыма, карані такой зацікаўленасці варта пашукаць і ў мясцовых традыцыях? Згадаем хаця б кіеўскае паходжанне М. Булгакава, аўтара „Майстра і Маргарыты“. А яшчэ ў сярэдзіне XIX ст. сяляне Барысаўскага павету Менскай губерні лічылі сталіцай чараўніц менавіта Кіеў, сярод вяскоўцаў хадзіў нават выраз „кіеўская ведзьма“[5]. Адным словам, ёсць над чым паразважаць. І, як высвятляецца, ёсць каму.

Выразны адбітак на змесце альманаха пакінула традыцыйная ўжо для ўкраінскай гістарыяграфіі казацкая праблематыка. Розным аспектам гісторыі казацтва прысвечана 9 артыкулаў.

Увогуле ж трэба канстатаваць, што як задума, так і выка­нан­не альманаха аказаліся ўдалымі. У рамках абвешчанай кан­цэпцыі выдання розныя аўтары ў рэчаіснасці выкарысталі ў сваіх працах самыя розныя падыходы і даследчыцкія метады — ад наватарскіх да больш традыцыйных. І, думаецца, гэта толькі ўзбагаціла змест альманаха. І яшчэ адна яго рыса — нязменна высокі навуковы ўзровень матэрыялаў.

Сярод іншага, хацелася б асабліва адзначыць імкненне ўкраінскіх даследчыкаў упісаць гісторыю сваёй краіны ў еўрапейскі і сусветны кантэкст. Яны шырока выкарыстоўваюць дасягненні заходняй гістарычнай навукі, чаго, на жаль, так бракуе нашым вучоным.

Альманах пазначаны даволі прыкметным беларускім акцэнтам — тэматычным, але пакуль што, як ні шкада, не аўтарскім.

„Соцыум“ — зусім маладое выданне, узрост якога вылічваецца гадамі. Але ўжо ў трэцім яго выпуску абвешчаны намер выпускаць новы перыёдык, які адгалінуецца ад „Соцыума“ і будзе прысвечаны адмыслова культурнай антрапалогіі. Можна толькі парадавацца такому дынамічнаму развіццю ўкраінскай гістарычнай навукі, новы крок якой, будзем спадзявацца, стане не менш упэўненым і ўдалым, чым папярэдні.

Мінск

Васіль Варонін


[1] Барвінський Б.О. Жигимонт Кейстутович великий князь литовско-руский (1432—1440): Історична монографія. Жовква, 1905. С. 137—146.
[2] Nikodem J. Przyczyny zamordowania Zygmunta Kiejstutowicza // Biało­ruskie Zeszyty Historyczne. 2002. Nr 17. S. 5—33.
[3] Гл. таксама: Поліщук В.В. Офіційні свідки в структурі луцького замкового уряду до реформ 1564—1566 років (службове підпорядкування і правові послуги). Автореферат дис. кандидата іст. наук. Київ, 2003.
[4] Гл.: Расійскі дзяржаўны архіў старажытных актаў. Ф. 389. Адз. зах. 249. Арк. 126—137адв.
[5] Tyszkiewicz E. Opisanie powiatu Borysowskiego. Wilno, 1847. S. 401.

Наверх

Eriksonas, Linas. National heroes and national identities. Scotland, Norway and Lithuania (Андрэй Катлярчук)

Снежня 4, 2004 |


Eriksonas, Linas. National heroes and national identities. Scotland, Norway and Lithuania. P. I. E. Peter Lang, Brussels, 2004. 320 s.

Манаграфія, якая выйшла ў сталіцы Еўрасаюзу, ёсць 26–м томам серыі „Пярэстая Еўропа“, аўтарамі якой з’яўляюцца гісторыкі розных краінаў. Яе аўтар Лінас Эрыксонас працуе ва універсітэце Глэморган (Вялікая Брытанія) і належыць да новай генерацыі літоўскіх гісторыкаў, што атрымалі адукацыю і абаранілі дысертацыі на Захадзе. Эрыксонас нарадзіўся ў Вільні, cкончыў Пражскі Карлаў універсітэт і дактарантуру Абердынскага універсітэта (Шатландыя). Валоданне сучаснай метадалогіяй і шэрагам замежных моваў вызначылі тэму першай кнігі маладога вучонага, якая паўстала з абароненай ім дысертацыі. Галоўная мэта працы — паказаць, як стваралася, а потым уплывала на пабудову этнічнай свядомасці шатландцаў, нарвежцаў і літоўцаў галерэя нацыянальных герояў.

Выбар краінаў невыпадковы. Шатландыя з Нарвегіяй (старадаўнія каралеўствы) разам з Літвой страцілі ўласную дзяржаўную традыцыю ў ранні Новы час ды растварыліся ў гаспадарствах магутных суседзяў, каб паўстаць як маладыя нацыі ў ХХ ст. На думку Эрыксонаса, менавіта канструкцыя старажытнай уласнай галерэі герояў выканала галоўную ролю ў стварэнні нацыянальнага руху, у выніку якога паўсталі незалежныя Нарвегія (1905), Літва (1918) і аўтаномная са сваім соймам Шатландыя (1999). Гістарычны і геаграфічны абсяг працы ўражвае. Тры розныя краіны і мовы, рэтраспектыва з часоў Сярэднявечча да сучаснасці. Згодна з мадэрнымі плынямі сусветнай гістарыяграфіі, аўтар адмаўляецца ад лінейнага апісання мінулага і прапануе замест гэтага цікавую канструкцыю. Калі на яго радзіме і ў суседніх краінах некаторыя гісторыкі працягваюць дапасоўваць гістарычныя факты да сучаснай ідэалогіі, прадукуючы чарговыя міфы, Эрыксонас прысвяціў сваю працу аналізу малавядомых падвалінаў этнічнай свядомасці.

Кніга складаецца з трох частак. У першай аўтар аналізуе нацыянальны рух шатландцаў. Другая прысвечаная Нарвегіі, і апошняя — Літве. Паўсюль мы маем справу не з пераказам мінулага, а з грунтоўным аналізам. Аўтар паказвае, як эліты трох краінаў скарысталіся гераічнай спадчынай з мэтай аб­грунтаваць свае правы на ўласную дзяржаўнасць.

На думку Эрыксонаса, уся навачасная гераічная традыцыя шатландцаў ядналася вакол двух сярэднявечных герояў Вільяма Ўолэса (William Wallace, †1305) і Роберта Бруса (Robert Bruce, †1329). Гераічныя біяграфіі, т. зв. „Кніга Ўолэса“ (1375) і „Кніга Бруса“ (1478), сталі „нацыянальнай Бібліяй“ шатландцаў, якая перапісвалася і друкавалася з пакалення ў пакаленне. Асаблівую ролю гісторыя гэтых герояў адыграла ў ХVII — пачатку ХVIII ст. — часе паўстанняў супраць Англіі. Але актуaлізацыя вобразаў герояў адбылася пасля канчатковай страты незалежнасці (унія з Англіяй 1707 г.), калі практычна ўсе шатландскія пісьменнікі і публіцысты звярталіся да постаці герояў. У выніку працы інтэлектуалаў з 1919 г. „Дзень Ўолэса“ стаў галоўным нацыянальным святам Шатландыі.

Нарвегія, страціўшы сваю незалежнасць у раннім Сярэд­ня­веччы, адрадзілася толькі ў выніку мірнай рэвалюцыі 1905 г. На працягу вякоў залежнасці ад Даніі і Швецыі нарвежская эліта захоўвала і пашырала ўласную гераічную традыцыю. Аўтар паказвае, як нарвежскія пісьменнікі ладкавалі інтэлектуальны супраціў спробам Даніі і Швецыі дапасаваць гісторыю іх каралёў да агульнай скандынаўскай традыцыі (так званы „гатыцызм“). Эрыксонас паказвае, як ва ўмовах блізкай моўнай роднасці і аднолькавай веры (лютэранства) менавіта нарвежскія гераічныя сагі пра караля Олава II Гаральдсана дапамагалі нацыяналістам крышталізаваць адметную ад магутных суседзяў свядомасць і правы на дзяржаўнаю традыцыю. З 1815 г. Нарвегія дамаглася аўтаноміі і ўласнага сойму. Эрыксонас паказвае, як з сярэдзіны ХIХ ст. дзень караля і святога Олава робіцца нацыянальным святам Нарвегіі. Як камітэты па арганізацыі гэтага свята пераўтвараюцца ў галоўнае апірышча нацыяналістаў. Як тэрытарыяльны патрыятызм робіцца нацыянальным. Як рух святкавання “Olsok“ трансфармуецца ў нацыяналістычную правую партыю.

Нарэшце, найбольш цікавая для беларускага чытача частка прысвечана Літве і ВКЛ. Эрыксонас адразу падкрэслівае, што гераічная традыцыя сучаснай Рэспублікі Літва цалкам будуецца на палітычнай спадчыне ВКЛ — шматэтнічнай дзяржавы зусім адрознага, як піша аўтар, ад сучаснай Летувы характару і прасторы. Аўтар падкрэслівае, што ВКЛ ад пачатку было палітычнам сімбіёзам паганскіх літоўскіх кунігасаў і права­слаўных русінскіх (Ruthenian) князёў (243—244). На думку Эрыксонаса, слабасць летувіскай гераічнай традыцыі была абумоўлена тым, што Літва, у адрозненне ад Шатландыі і Нарвегіі ніколі не была каралеўствам і ўвесь час знаходзілася ў полі польскага палітычнага ўплыву. Аўтар піша, што з часоў Жы­гімонта Аўгуста вялікія князі літоўскія ніколі не жылі ў ВКЛ і былі там зрэдку толькі наездамі. Слушная думка, бо са­праўды пасля войнаў 1654—1667 г. палац вялікага князя ў сталічнай Вільні ніколі не аднаўляўся, а палітычным цэнтрам княства была павятовая Горадня. Менавіта таму героямі навачаснай літоўскай традыцыі (антыпольскай і антырасійскай па сваёй накіраванасці) былі абраныя сярэднявечныя балцкія вялікія князі, што ваявалі супраць Польшчы і Масквы.

На думку Эрыксонаса, адным з матываў хросту літоўскай эліты было яе прагматычнае жаданне ўвайсці ў палітычную сям’ю тагачаснай Еўропы, „бо ў вачах хрысціянскай Еўропы ВКЛ як нармальнай дзяржавы не існавала, пакуль ва ўладзе трымалася паганства, пры гэтым было неістотна, колькі права­слаўных князёў дало прысягу вернасці вялікаму князю“ (245).

Аналізуючы вытокі гераічнай трыдыцыі ВКЛ, Эрыксонас выказвае сенсацыйную гіпотэзу. На яго думку, аўтарам міфа Палемона пра рымскае паходжанне ліцвінаў быў Францішак Скарына. Эрыксонас падкрэслівае, што постаць Скарыны незаслужана забыта літоўскімі гісторыкамі з прычыны яго русін­скага паходжання. Але аўтар упэўнены, што менавіта „знакаміты русін“ стаяў ля вытокаў гераічнай трaдыцыі шляхты. Пад мікраскопам даследчыка апынулася Падуя — горад Вене­цыян­скай рэспублікі і месца навучання Скарыны. Эрыксонас піша, што палітычныя структуры Венецыі і ВКЛ былі вельмі падобнымі. І там, і там дзяржавай кіравалі шляхецкія паны–рада. У абедзвюх краінах жыло каталіцкае і праваслаўнае насельніц­тва (сербы ў Венецыі). Але галоўнае, што венецыянская шляхта падкрэслівала сваё паходжанне ад рымскіх патрыцыяў. Згодна з міфам, Венецыя была пабудаваная шляхцічамі, якія вымушана ўцяклі з Рыма. Як вядома, міф Палемона дакладна паўтарае гэты сюжэт. Эрыксонас лічыць, што якраз старабеларускі гуманіст быў той асобай, якая прынесла гэтую гісторыю з Венецыі ў Літву. У адным з сваіх артыкулаў (на жаль, невядомым Эрыксонасу) я звяртаў увагу на ролю падуанскіх кантактаў у творчасці Скарыны[1].

Як вядома, каля 1521 г. Скарына вярнуўся ў ВКЛ, дзе працаваў пісарам віленскага каталіцкага біскупа і праз шлюб з Маргарытай Адвернік (дачкой каталіцкага бурмістра) усталяваў добрыя сувязі з каталіцкай элітай. Як найбольш адукаваны чалавек краіны, Скарына распачаў друк і ўзяў удзел у кадыфікацыі першага Статута. Гэтай працай кіраваў канцлер Альбрэхт Гаштаўт, вядомы пазней як гарачы прыхільнік рымскага паходжання ліцвінаў. Аўтар даводзіць, што запыт на падобны міф быў абгрунтаваны не столькі прэтэнзіямі палякаў, колькі адказам эліты Вялікага Княства Літоўскага 1520–х г. галоўнаму ворагу — Маскоўскай дзяржаве. Нагадаем, што якраз у 1523 г. з’явілася канцэпцыя „Масква — трэці Рым“, што патрабавала хуткага і якаснага адказу Вільні.

Далей чытача чакае іншы сюрпрыз. Эрыксонас звяртае ўвагу на змест кнігі пратэстанта Яна Радвана „Philopatris ad Senatum polumque Lituanum“ (1597), прысвечанай радзе ВКЛ. Радван параўновае раду Літвы з славутым урадам Венецыі, піша пра Палямона і зусім забываецца пра Люблінскую унію з Польшчай (258). У творы Радвана ВКЛ паўстае як Венецыя незалежнай федэрацыяй ваяводстваў, кожнаму з якіх прысвечана асобная частка кнігі.

На слушнyю думку Эрыксанаса, пасля Палтавы (1709 г.) ВКЛ зрабілася тэрыторыяй расійскага панавання, якой дэ–факта кіравалі магнаты ды расійскі штык. Таму, у процівагу маскоўскім уплывам, шляхта арыентавалася на тэрытарыяльны літоўска–польскі патрыятызм ды паступова інтэгравалася ў польскую палітычную нацыю.

Аўтар — адзін з першых гісторыкаў, што ўважліва і незаангажавана паглядзеў на ролю новай расійскай улады ў нацыянальным літоўскім руху. Падкрэслена вага найбуйнейшага ў Расій­скай імперыі Віленскага універсітэта ў адраджэнні ге­раіч­най спадчыны ВКЛ. Асобныя старонкі прысвечаны Мікалаю Румянцаву (1754—1826). І зноў мы сустракаем тут шэраг новых фактаў і параўнанняў. Аказваецца, як сенатар і канцлер Расіі, Румянцаў добра разумеў карту нацыяналізму. Выхаванец гістарычнага факультэта Ляйдэнскага універсітэта, ён першы пачаў ствараць прарасійскі рух сярод элітаў новых народаў на цывілізаваным захадзе Імперыі, на абшарах, што былі забраныя Расіяй у Швецыі і Польшчы.

На працягу сваёй доўгай кар’еры Румянцаў здолеў выгадаваць шэраг прарасійскіх актывістаў: фінскіх (антышведскіх па поглядах), літоўскіх і беларускіх (антыпольскіх). Менавіта Ру­мян­цаў фундаваў фінскі універсітэт у Турку (Обу), які стварыў кан­курэнцыю мясцоваму шведскаму універсітэту. Румянцаў ар­­ганізаваў гурт фінскіх вучоных, якія на яго грошы выдавалі фін­скія слоўнікі і этнаграфічныя працы. У гістарычных працах фін­скага гуртка Румянцава даводзілася вага славянскага Ноў­га­рада ў гісторыі фінаў ды хаўрус паміж імі, вядома ж, су­праць Швецыі. У святле гэтых фактаў больш зразумелай ро­біц­­ца пазіцыя беларускага гуртка Румянцава, ягоная пад­трым­­ка дзейнасці Івана Грыгаровіча і Канстанціна Ка­лай­дові­ча, выданне працы „Белорусский архив древних грамот“ (1824) і г. д.

Зрэшты, Эрыксонас паказвае, як у выніку доўгага пошуку літоўская эліта абрала цэнтральным героем сваёй традыцыі Вітаўта Вялікага. На 500–годдзе князя, якое святкавалася ў Коўне ў 1930 г., было выдадзена ажно 3 кнігі пра Вітаўтаса. Гэты год стаў нараджэннем новага нацыянальнага культу. Шкада, што аўтар не заўважыў беларускага водгуку тых самых падзей (у 1930 г. у былой сталіцы ВКЛ Адам Станкевіч выдаў культавую кнігу „Вітаўт Вялікі і беларусы“).

Пры канцы некалькі крытычных заўваг. Аўтар паўтарае сцвярджэнне літоўскай гістарыяграфіі пра „апошні паганскі народ Еўропы“ (244), забываючыся пра народ саамі, які прыняў хрост ажно ў ХVII ст. На с. 258 аўтар паўтарае пашыраны стэрэатып пра „арыстакратычныя фаміліі Радзівілаў і Сапегаў (sic), якія на пачатку ХVII ст. фактычна кіравалі Літвой“. Заўважу, што, у адрозненне ад Радзівілаў, Сапегі былі разгалінаванай шляхецкай радзінай, якая толькі дзякуючы высілкам асобных прадстаўнікоў апанавала магнацкія вяршыні. Словам, калі ўсе Ра­дзівілы былі магнатамі, то далёка не кожны Сапега пачуваўся арыстакратам. На маю думку, аўтару не хапіла часу разгле­дзець усе творы гераічнай традыцыі ВКЛ. Праігнараванымі засталіся шмат твораў, выдадзеных цягам ХVII ст. па–польску[2]. Няправільна перададзены арыгінальныя польскія формы прозвішчаў Яўстаха Тышкевіча і Саламона Рысінскага (258, 272).

Нягледзячы на дробныя недахопы, кніга Лінаса Эрыксонаса з’яўляецца ўзорным творам сучаснай гістарыяграфіі. Аўтар апрацаваў велізарны абсяг інфармацыі і ператварыў яе ў правакацыйную (у добрым сэнсе) і глыбокую кнігу, чытаць якую — адно задавальненне. Яе можна раіць усім аспірантам і маладым гісторыкам Беларусі, якія шукаюць шляхі пісаць па–новаму, нестандартна і прафесійна.

Стакгольм

Андрэй Катлярчук


[1] Катлярчук А. Францішак Скарына і харвацкія гуманісты // Кантакты і дыялогі. 1999. № 9—10. С. 3—8.
[2] Напрыклад: Ugniewski Sz. Żywot s. Władysława krola Wegierskogo… Wilna, 1630; Rybinski Ian. Ku czci Jaśnie Wielmożnemu Panu panu Lwowi Sapieże… Wilna, 1607; Glós tureckich y inflaskich woien: O sławney pamieci Janie Karolu Chodkiewiczu… Wilna, 1640; Emblemata cnót dzielnych i spraw przewaznych sławnych potomków Kiszkow. Wilna, 1614; Klęska turecka przez zwycięskiej oręże strzałę y miecz wykonana na powitanie hetmanow WXL z Marsowego Pola …od młodzi Collegium Brzeskiego Soc. Iesu ogłoszona roku 1694. 1694; etc.

Наверх

Solak, Zbigniew. Między Polska a Litwą. Życie i działalność Michała Römera (Алесь Смалянчук)

Снежня 3, 2004 |


Solak, Zbigniew. Między Polska a Litwą. Życie i działalność Michała Römera. 1880—1920. Kraków, 2004.  484 s.

Міхал Ромэр (1880—1945) — юрыст, публiцыст, навуковец, грамадскi i палiтычны дзеяч — у пэўным сэнсе быў адным з апошніх грамадзянаў Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта ён на пачатку ХХ ст. быццам акумуляваў дух г.зв. „ліцвінскага сепаратызму“ часоў Рэчы Паспалітай і ва ўмовах нацыянальнага Адраджэння народаў былога ВКЛ сфармуляваў асноўныя прынцыпы „краёвай ідэалогіі“. Яе падмуркам стала ідэя яднання розных народаў пад сцягам агульнага змагання за інтарэсы Краю (г.зн. земляў колішняга ВКЛ). Яно павінна было прывесці да фармавання нацыі дзяржаўнага (грамадзянскага) тыпу і адраджэння Вялікага Княства Літоўскага як незалежнай дэмакратычнай дзяржавы.

Аналізаваць жыццё першага „краёўца“ і апошняга грама­дзяніна ВКЛ складана, бо ягонай характэрнай рысай быў дуа­лізм. М.Ромэр належаў да г.зв „літоўскіх палякаў“, паходжанне і гістарычная памяць якіх былі звязаныя з гістарычнай Літвой, а культурная прыналежнасць — з Польшчай. Якраз гэты дуалізм адлюстраваўся ў назве кнігі („Паміж Польшчай і Літвой“).

Збігнеў Соляк абмежаваўся толькі першым перыядам жыцця М.Ромэра (1880—1920), напоўненым пераважна грамадска–палітычнай дзейнасцю і публіцыстычнай працай. Кніга заканчваецца тым выбарам, які М.Ромэр зрабіў у 1920 г., калі вырашыў пакінуць Польшчу і перабрацца на пастаяннае пражыванне ў Коўна. Ён звязаў сваё жыццё з літоўскай дзяржавай і адыграў вялікую ролю ў станаўленні яе прававой сістэмы. Аднак свой дзённік (1911—1945) да канца жыцця вёў на польскай мове.

Трэба адзначыць, што доўгі час гісторыкі або не звярталі ўвагі на постаць Міхала Ромэра, або згадвалі пра яго ўскосна. У польскай гістарыяграфіі пра М.Ромэра як пра грамадска–палітычнага дзеяча пачатку ХХ ст. пачалі пісаць толькі ў 70—80–я г. (Юліюш Бардах, Ян Юркевіч, Раман Юркоўскі). У гістарыяграфіі Літвы да канца савецкай акупацыі не было ніводнай працы, хоць літоўскія даследчыкі захоўвалі памяць пра М.Ромэра як пра юрыста і рэктара універсітэта ў Коўне.

А вось на пачатку 90–х г. адбыўся сапраўдны „выбух“ цікавасці да жыцця і творчай спадчыны Міхала Ромэра як галоўнага ідэолага ліберальна–дэмакратычнага кірунку краёвасці. У вялікай ступені гэтая цікаўнасць была звязаная з „адкрыццём“ даследчыкамі дзённіка Міхала Ромэра[1]. Аўтарам першай публікацыі, прысвечанай гэтай гістарычнай крыніцы быў Вінцас Марцінкенс. Ягоны артыкул апублікаваў часопіс „Kulturos barai“ у 1976 г. На пачатку 90–х г. дзённік стаў аб’ектам інтэнсіўных даследаванняў літоўскіх і польскіх навукоўцаў. У 1995 г. быў апублікаваны артыкул Збігнева Соляка, які ўздымаў праблему стасункаў Міхала Ромэра і віленскіх вольных муляраў пачатку ХХ ст.[2] У Літве аўтарамі найбольш пры­кметных публікацый сталі Рымантас Мікныс, Дарус Сталюнас, Уладас Сірутавічус, Эгідыюс Мацека і Ян Савіцкі. Апошні быў аўтарам грунтоўнай манаграфіі, прысвечанай свядомасці М.Ромэра і ягоным поглядам на нацыянальную праблему[3]. Некалькі публікацый з’явілася таксама ў беларускім навуковым друку[4]. Тым не менш цяжка лічыць гістарыяграфічную распрацоўку праблемы жыцця і дзейнасці М.Ромэра грунтоўнай. Многія ўзнятыя кракаўскім гісторыкам праблемы ўпершыню зрабіліся аб’ектам даследчыцкай увагі.

Асноўнымі крыніцамі даследавання стаў дзённік М.Ромэра, фрагменты ягоных успамінаў, публікацыі, сямейная карэспандэнцыя, матэрыялы асабістых архіваў Людвіка Абрамовіча, Тадэвуша Ўрублеўскага, Алены Ромэр–Ахенькоўскай і дакументы парыжскіх літоўскіх арганізацый пачатку ХХ ст.

Аўтар шмат увагі аддаў дзяцінству і маладосці галоўнага героя. Ён паспрабаваў вылучыць асноўныя этапы ператварэння прадстаўніка тыповага роду „літоўскіх палякаў“ у галоў­нага ідэолага краёвасці, чые погляды кардынальна разыхо­дзіліся з поглядамі большасці сваякоў, сяброў і знаёмых. Безумоўна, „нараджэнне краёўца“ не было вынікам сямейнага вы­хавання і атмасферы роднага дому. Амаль усе сваякі (Ромэры і Тукалы) у перыяд нацыянальна–культурнага Адраджэння Беларуска–Літоўскага краю ператварыліся ў шчырых польскіх патрыётаў. Шлях Міхала Ромэра быў іншым. Паводле З.Соляка, вялікую ролю адыгралі глыбока эмацыянальныя адносіны да роднага краю і літоўскасці, якія ўвабралі ў сябе замілаванне прыродай малой радзімы (маёнтак Багданішкі Новааляксандраўскага пав. Ковенскай губ.), цікавасць да мясцовага літоўскага фальклору, звычаяў і мовы жыхароў навакольных вёсак і г.д.

Але, як падаецца, таксама нельга ігнараваць і той факт, што ўжо ў дванаццацігадовым узросце М.Ромэр быў адарваны ад звычайнага сацыяльнага і культурнага асяроддзя. У 1892 г. бацькі выправілі яго вучыцца ў Імператарскую школу права ў Санкт–Пецярбург. Потым ён працягваў адукацыю ў Ягелон­скім універсітэце і Школе палітычных навук у Парыжы (з 1902 г.). Менавіта ў Парыжы ён навязаў кантакты з дзеячамі літоўскіх моладзевых арганізацый. Пад уплывам дзеяча літоўскага руху Юозаса Петруліса (1877—1958) М.Ромэр стаў сябрам літоўскай студэнцкай арганізацыі „Lithuania“, што, паводле яго асабістага прызнання, было адным з пераломных момантаў жыцця. Безумоўны ўплыў на фармаванне свядомасці галоўнага героя аказаў якраз Ю.Петруліс, у поглядах якога этнічны літоўскі патрыятызм сумяшчаўся з патрыятызмам грамадзяніна гістарычнай Літвы. Ю.Петруліс імкнуўся пашырыць пачуццё краёвай грамадзянскасці сярод літоўскіх палякаў ды іншых народаў Беларуска–Літоўскага краю. І не без поспеху. Па меншай меры, у душы Міхала Ромэра ён здолеў абудзіць тую любоў да Літвы, якая заўсёды жыла там на ўзроў­ні падсвядомасці. Фактычна, у „парыжскі перыяд“ закончыліся яго ідэйныя пошукі. Як сцвердзіў аўтар, М.Ромэр вярнуўся на Радзіму ўзброены краёвай ідэяй, якой прысвяціў некалькі наступных дзесяцігоддзяў жыцця.

Збігнеў Соляк даволі падрабязна спыніўся на гісторыі за­снавання і рэдагавання М.Ромэрам штодзённай „Газеты Ві­леньскай“ (люты—чэрвень 1906 г.), якая актыўна прапагандавала краёвую ідэю. Якраз на яе старонках гэтая ідэя паступова ператваралася ў пэўную ідэалогію. Ліквідацыю „Газеты Віленьскай“ аўтар палічыў паражэннем польскіх дэмакратаў наогул. На думку З.Соляка, „з гэтага моманту на некалькі гадоў лозунг краёвасці стаў лозунгам кансерватыўных лі­тоўскіх землеўласнікаў, якія не толькі змаглі захаваць свой друк, але таксама пастараліся выпрацаваць уласную праграму і паспрабавалі (хоць без поспеху) стварыць уласную партыю“ (95). У гэтым месцы варта заўважыць, што кансерватыўны (або, да­кладней, кансерватыўна–ліберальны) кірунак краёвасці быў выпрацаваны яшчэ раней. Да яго распрацоўкі непасрэднае дачыненне мелі Раман Скірмунт, Баляслаў Ялавецкі, Канстанцыя Скірмунт, Эдвард Вайніловіч ды іншыя прадстаўнікі старажытных беларускіх і літоўскіх родаў, якія на пачатку ХХ ст. складалі гаспадарчую і культурную эліту мясцовай польскай грамадскасці. Краёвасць ад самога на­раджэн­ня як ідэалогія мела па меншай меры два „твары“. Варыянт Р.Скірмунта і Б.Яла­вецкага быў пазбаўлены пэўнага сацыяльнага радыкалізму, адчувальнага ў канцэпцыі М.Ромэра, хоць і ўтрымліваў традыцыйны набор першачарговых ліберальных ператварэнняў у краі.

Адлучэнне ад публіцыстычнай дзейнасці М.Ромэр выкарыстаў для вывучэння літоўскага нацыянальнага руху. Вынікам ягонай навуковай працы стала кніга Litwa. Studium od­rodzenia narodu litewskiego (Львоў, 1908), якая атрымала высокую ацэнку многіх рэцэнзентаў, у т.л. дзеячоў літоўскага руху. Яна і сёння лічыцца адной з найлепшых працаў па гісторыі нацыянальнага руху нашых паўночных суседзяў[5]. Адначасна працягвалася далейшая распрацоўка краёвай канцэпцыі, у чым пэўную ролю адыграў літоўскі культурны дзеяч і навуковец Юзаф Альбін Гэрбачэўскі[6]. Наогул, кніга Збігнева Соляка прымушае задумацца над роляй літоўскіх палітыкаў і навукоўцаў у выпрацоўцы краёвай ідэалогіі. Па меншай меры, прыведзеныя факты выразна супярэчаць досыць пашыранай у Польшчы і Беларусі трактоўцы літоўскага нацыянальнага руху як неталерантнага і агрэсіўнага. У гэты ж час на старонках варшаўскай „Праўды“ быў апублікаваны артыкул М.Ромэра Zagadnienia narodowe białoruskie (1907, №32—36). Амаль упершыню беларускі рух стаў аб’ектам грунтоўнага аналізу.

Наступныя раздзелы кнігі і этапы жыцця і дзейнасці Міхала Ромэра пісаліся пры дапамозе дзённіка галоўнага героя. Гэта унікальная крыніца, якая не мае аналагаў ні ў польскай, ні ў беларускай гісторыі. Практычна штодня з 1 студзеня 1911 г. да лютага 1945 г. М.Ромэр падрабязна апісваў і аналізаваў падзеі, што адбыліся. Дзённік уражвае багаццем тэматыкі, глыбокім асэнсаваннем многіх важных і пераломных для гісторыі Польшчы, Беларусі і Літвы падзеяў. Увагі заслугоўваюць партрэты гістарычных асобаў. Сярод іх дзеячы польскага, літоўскага і беларускага руху, прадстаўнікі расійскай ліберальнай апазіцыі і кіраўнікі ўраду і, нарэшце, вольныя муляры. Дарэчы, апошнім М.Ромэр прысвяціў два вялікія запісы, у якіх падрабязна апісаў гісторыю адраджэння вольнамулярства ў Вільні на пачатку ХХ ст. Ён ведаў, пра што пісаў, бо ў сакавіку 1911 г. прайшоў абрад ініцыяцыі ў віленскай ложы „Еднасць“, а трохі пазней узначаліў ложу „Літва“[7].

З.Соляк шмат увагі аддаў гэтай старонцы жыцця М.Ромэра і, як падаецца, цалкам справядліва. Можна згадзіцца з аўтарам, што дзякуючы М.Ромэру віленскія вольнамулярскія ложы сталі моцнымі цэнтрамі прапаганды краёвай ідэалогіі. Але таксама можна выказаць думку, што сама масонская ідэа­логія з характэрнымі для яе ідэямі роўнасці, братэрства, нацыянальнай і палітычнай талеранцыі ў сваю чаргу паўплывала на канчатковае афармленне ідэалогіі краёўцаў. Як заўважыў кракаўскі даследчык, асаблівасцю дзейнасці віленскіх ложаў стала адсутнасць антырэлігійных акцэнтаў, мінімальная абрадавасць і поўнае забыццё пра абавязковую для масонаў апалітычнасць. Адной з галоўных мэтаў дзейнасці ложаў Віль­ні стала барацьба супраць імперыі цароў.

У апошнія перадваенныя гады М.Ромэр актыўна працаваў на ідэю польска–літоўскага паяднання. Застаючыся прыхіль­нікам ідэі незалежнай Літвы (гістарычнай Літвы), М.Ромэр лічыў, што дамагчыся гэтага магчыма толькі ў саюзе з Поль­шчай. Аднак далей фрагментарных польска–літоўскіх кантактаў справа не пайшла. З.Соляк лічыць галоўнай прычынай моцны недавер літоўскага боку да польскіх палітыкаў. Да гэтага трэба дадаць, што гэты недавер быў цалкам апраўданы. Па меншай меры, ні Партыя нацыянальных дэмакратаў, ні ППС не збіраліся ўлічваць нацыянальна–палітычныя і культурныя патрабаванні літоўскага руху (таксама як і беларускага).

Першая сусветная вайна моцна паўплывала на пазіцыі асноўных „акцёраў“ беларуска–польска–літоўскай палітычнай сцэны. У гэты час М.Ромэр у шматлікіх артыкулах звяртаў увагу чытачоў на гістарычную сувязь незалежнасці Польшчы са свабодай Літвы і Беларусі. Ён лічыў неабходным арганізацыю вайсковай падтрымкі дзяржаўніцкіх намаганняў Ю.Пілсуд­скага з боку насельніцтва гістарычнай Літвы. Дзеля гэтага 35–гадовы палітык і публіцыст у траўні 1915 г. з Вільні перабраўся ў польскія легіёны ў Галіцыі, каб са зброяй у руках змагацца за незалежнасць Польшчы і Літвы. У якасці шараговага салдата М.Ромэр удзельнічаў у вайсковых аперацыях. Адначасна спрабаваў зацікавіць краёвай ідэяй і ідэяй незалежнай гістарычнай Літвы Ю.Пілсудскага і ягонае атачэнне. Аднак не атрымалася. Як справядліва заўважыў З.Соляк, блізкія да Пілсудскага людзі не разумелі М.Ромэра і ягонай канцэпцыі. Для апошняга мэтаю была незалежнасць Літвы, а яе саюз з Польшчай, прыхільнікам якога ён быў, быў толькі сродкам дасягнення гэтай незалежнасці. Для большасці польскіх палітыкаў з лагера Ю.Пілсудскага мэтаю была унія Польшчы і Літвы, а згода на незалежнасць Літвы ўспрымалася як часовая ўступка г.зв. „літоўскім сепаратыстам“.

Тым не менш палітыкі з „партыі“ Пілсудскага вырашылі выкарыстаць аўтарытэт і палітычны вопыт М.Ромэра. У сакавіку 1919 г. кіраўнік польскай дзяржавы даручыў яму пазнаёміць ковенскіх палітыкаў з ягонай „літоўскай праграмай“, якая прадугледжвала стварэнне ў занятай польскімі войскамі Вільні „краёвага ўрада“ з удзелам літоўцаў. Ю.Пілсудскі заявіў пра намер адрадзіць дзяржаўнасць Літвы ў дзяржаўным саюзе з Польшчай. М.Ромэр выязджаў на перамовы ў вельмі скептычным настроі. І сапраўды, Коўна адмовілася прыняць поль­скую прапанову і выказала катэгарычную нязгоду на заняцце Вільні палякамі. Паводле Збігнева Соляка, гэты дыпламатычны эпізод у біяграфіі М.Ромэра, які мог стаць пачаткам па­лі­тыч­най кар’еры ў Польшчы, на самай справе паскорыў прыняцце рашэння пра вяртанне ў Літву. Пад час ковенскіх суст­рэ­чаў віленскі краёвец быў прыемна здзіўлены тым ве­лізарным аб’ёмам працы, якую выканалі яго знаёмыя літоў­скія дзеячы па стварэнні ўласнай дзяржавы. Увесну 1920 г. ён назаўсёды вярнуўся ў Літву, каб працаваць на карысць маладой літоўскай дзяржавы. Як заўважыў даследчык, М.Ромэр „па–ранейшаму заставаўся краёўцам, але ўжо пагадзіўся з думкай, што там, куды ён вяртаецца, няма для гэтай ідэі месца. Літва будавала сваю дзяржаўнасць на падмурку нацыянальнай ідэі… Аднак іншай Літвы не было. Упершыню М.Ромэр зразумеў падвойнасць сваёй польска–літоўскай душы. Адчуў сябе эпігонам, „пераходным тыпам“, які не належыць ні „да ўзыходзячага свету маладой народнай Літвы“, ні да старога свету шляхецкай польскай культуры. Тым не менш вяртаўся, каб служыць той Літве, якая нараджалася. Ён кіраваўся пачуццём грамадзянскага абавязку і любоўю да малой Радзімы“ (440).

Ковенскі перыяд жыцця М.Ромэра застаўся па–за храналагічнымі рамкамі кнігі. Але варта адзначыць, што ў гэты час адбылося ператварэнне грамадскага дзеяча, палітыка і публіцыста ў навукоўца і юрыста з міжнародным аўтарытэтам. Усё гэта дзякуючы сапраўды тытанічнай працы і адмове ад асабістага жыцця.

У „Заключэнні“ Збігнеў Соляк цалкам слушна адзначыў імкненне галоўнага героя кнігі супрацьпаставіцца нацыянальнаму канфлікту, які знішчаў адзінства земляў і народаў гістарычнай Літвы. Спробай вырашэння праблемы стала краёвая ідэя, што абапіралася на паняцце агульнага грамадзянства народаў, якія насялялі Літву і Беларусь. Міхал Ромэр лічыў магчымым дасягненне міжнацыянальнага паразумення на падставе традыцый і гістарычнай адметнасці земляў колішняга ВКЛ пры захаванні самасвядомасці кожнай нацыі. Абвяс­ціў­шы зверхнасць інтарэсаў Краю над інтарэсамі асобных яго народаў, ён верыў у магчымасць абмежавання развіцця нацыяналізмаў.

Безумоўнай заслугай М.Ромэра было прыцягненне да су­працоўніцтва дэмакратычных колаў літоўскай і беларускай інтэлігенцыі. Ён сам доўгі час дзейнічаў на паўзмежжы розных нацый і добра разумеў нацыянальныя памкненні літоўцаў і беларусаў. Ягонае непрыняцце шавінізму ўсіх народаў (у першую чаргу, польскага), бескампраміснасць пазіцыі па­спрыяла таму, што ва ўмовах росту шавіністычных настрояў напярэдадні і ў перыяд сусветнай вайны віленскі краёвец апынуўся ў адзіноце. Ён наогул не меў тэмпераменту палітыка, не быў харызматычнай асобай і не валодаў навыкам стварэння ўласнай палітычнай групы падтрымкі. Міхал Ромэр — гэта, у першую чаргу, аналітык і канструктар арыгінальных праграм. Ягоным „каньком“ былі невялікія дыскусіі, дзейнасць у гру­пах уплыву, такіх як, напрыклад, віленскія масонскія ложы.

Ад пачатку знаёмства з кнігай чытача не пакідае пытанне, чаму нашчадак польскай арыстакратычнай сям’і падтрымаў нацыянальную Літву, якая мела сялянскі радавод? Пытанне вельмі цікавае і для беларускай гісторыі. Яно пакуль застаецца без адказу ў дачыненні да Рамана Скірмунта, Марыі Магдалены Радзівіл, Эдварда Вайніловіча, Казіміра Шафнагля і некаторых іншых прадстаўнікоў арыстакратычных і старажытных шляхецкіх родаў, якія ў той ці іншай ступені падтрымалі беларускі рух. Збігнеў Соляк паспрабаваў адказаць на яго ўжо ў першым раздзеле, прысвечаным дзяцінству і маладосці ві­ленскага краёўца. У „Заключэнні“ ён ізноў звяртаецца да гэтага пытання і адзначае вялікую ролю яшчэ дзіцячага замілавання да роднага краю, элементамі якога, у прыватнасці, быў мясцовы фальклор, літоўскія звычаі і мова, прырода малой радзімы (450).

Збігнеў Соляк таксама шмат увагі аддаў асабістаму жыццю галоўнага героя, не абмінуўшы сітуацый, якія перашка­джаюць ператварэнню жывога чалавека з няпростым характарам і лёсам у бронзавы манумент. На працягу ўсёй кнігі чытач (пры дапамозе аўтара) нібыта вядзе дыялог з цікавым суразмоўцам, які нечым нагадвае Дон Кіхота. Праўда, у адрозненне ад апошняга ён звычайна ўсведамляе мізэрнасць сваіх шансаў у змаганні супраць шавінізму і палітыканства. Але сваіх пазіцый першы краёвец і апошні грамадзянін Вялікага Княства Літоўскага не здаваў.

Кніга напісана на цудоўнай польскай мове, што можа адчуць нават не паляк, і напісана… сэрцам. Збігнеў Соляк здолеў сумясціць сапраўды навуковы падыход да біяграфіі галоўнага героя з вялікім пачуццём сімпатыі да яго. Апошняе вы­явілася не ў стварэнні „кнігі–маўзалея імя Міхала Ромэра“, а ў аднаўленні вобраза чалавека, які знайшоў свой жыццёвы шлях і меў мужнасць не саступіць з яго.

P.S.

Збігнеў Соляк (1953—2004)

Кніга пра Міхала Ромэра стала апошняй кнігай гісторыка з Кракава. Збігнеў Соляк быў сапраўды таленавітым даследчыкам, пра што сведчаць шматлікія артыкулы і найбольш кніга „Паміж Польшчай і Літвой…“ Апрача гэтага ён быў вельмі інтэлігентным і добрым чалавекам. Менавіта такое ўражанне засталося ад размоваў з ім увесну 2003 г. Апошні год жыцця і хваробы высветліў таксама мужную асобу, якая з годнасцю сустрэла смерць.

…Пахаваны 19 лістапада 2004 г. на могілках „Батавіцы“ ў Кракаве. На помніку апроч гадоў нараджэння і смерці напісана — „гісторык“.

Горадня

Алесь Смалянчук


[1] М.Ромэр сваім запаветам перадаў дзённік у Бібліятэку імя Ўрублеўскіх (сёння Цэнтральная бібліятэка АН Літвы) з забаронай карыстацца ім раней, чым праз 25 гадоў пасля смерці аўтара.
[2] Solak Z. Michał Römer i masoneria wileńska (1911—1915) // Studia bibliograficzno–bibliologiczne dedykowane prof. W.Bień­kowskiemu. Kraków, 1995.
[3] Sawicki J. Michał Römer a problemy narodowościowe na ziemiach byłego Wielkiego Księstwa Litewskiego. Toruń, 1998. У наступным годзе кніга была выдадзена на літоўскай мове: Jan Sawicki. Mykolas Römeris ir buvusios Lietuvos Didžiosios Kunigaikštystés žemių tautinés problemos. Vilnius, 1999.
[4] Смалянчук А. Дзённік Міхала Ромэра як крыніца па гісторыі Беларусі пачатку ХХ ст. // Беларускі Гістарычны Агляд. 1998. Т. 5. Сш. 1 (8); ён жа. Ромэр Міхал Піус // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Мінск, 2001; ён жа. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864 — люты 1917 г. С.–Пецярбург, 2004 (атры­малі асвятленне адносіны М.Ромэра з кіраўнікамі беларускага руху).
[5] Супрацоўнікамі Інстытута гісторыі АН Літвы падрыхтаваны да друку пераклад гэтай кнігі на літоўскую мову.
[6] У 1906 г. у Кракаве выйшла з друку ягоная кніга Odrodzenie Litwy wobec idei polskiej.
[7] Больш падрабязна пра гэта гл.: Вольныя муляры ў беларускай гісторыі. Канец XVIII — пачатак ХХ ст. / Укладальнік і рэдактар А.Ф.Смалянчук. Вільня, 2005.

Наверх

Да 90–годдзя прафесара Юліюша Бардаха (Марцэлі Косман)

Снежня 2, 2004 |

Юліюш Бардах — славуты польскі вучоны, даследнік праўнай, гістарычнай і палітычнай культуры, прызнаны аўтарытэт у колах як юрыстаў, так і гісторыкаў — нарадзіўся ў Адэсе 3 лістапада 1914 г. Больш за 20 гадоў таму, пад час ганаровай урачыстасці, прысвечанай 70–годдзю Майстра ды 50–годдзю яго творчасці, у запоўненай цераз край зале Рэктара Брудзіньскага ў Казіміравым палацы Варшаўскага універсітэта, юбіляр выказаўся са сваёй знакамітай вытанчанасцю: „У навуковым асяроддзі пануе перакананне, быццам павага і ўшанаванні з’яўляюцца не столькі вынікам творчага даробку і працоўнага ўнёску, колькі дасягненнем сталага веку. Замацаваліся дзве круглыя даты: шасцідзесяці– і сямідзесяцігоддзе. Пазнейшыя, беручы пад увагу сярэднюю працягласць жыцця — прывілей абраных“.

Гэты выступ, пад назвай „Пазіраючы назад“, апублікавала „Polityka“ ў нумары ад 22 лістапада 1986 г., з годнай сапраўднага эпікурэйца максімай у падзагалоўку: Не жывем, каб есці, а каб есці добра. У сінтэтычным разборы ўласных дасягненняў (на ўсіх этапах пасляваеннай рэчаіснасці, з прызнаннем як яе ценяў, так і магчымасцяў пазітыўнага ўплыву) юбіляр канстатаваў: „Пазіраючы назад, я ўсведамляю, што дзейнічаў на празмерна шырокім даследчым фронце, што выклікала ня­ўхіль­нае распыленне намаганняў і змяншала іх эфект. Перадусім, аднак, кіраваўся ўласнай цікаўнасцю, а яна падлягала змяненням. Падагульняючы, засведчу: на лініі паміж двума супрацьлеглымі тыпамі быў — і застаюся — бліжэй да мадэлі  homo ludens, чым да homo faber“.

Выказаць гэткія словы мог толькі буйны творца, сапраўдны знаўца жыцця з вялікай да яго прагай. Іх прамоўца мае шмат­лікіх сяброў, вучняў — у сваёй краіне ды па–за межамі, і не толькі ў навуковых колах. Глыбокае прызнанне прынесла яму як дзейнасць даследніка, так і праца арганізатара, а яшчэ — зычлівасць да людзей у цяжкіх сітуацыях, якіх хапала ў мінулым польскім шасцідзесяцігоддзі. Лёс даў адсвяткаваць Юліюшу Бардаху і тыя пазнейшыя юбілеі: спачатку васьмідзесятую гадавіну, пасля — дзевяностагоддзе. Для аўтара гэтых радкоў сапраўдным гонарам стаў удзел (таксама праз Tabula Gratu­la­toria — каля 150 імёнаў!) у памятнай кнізе З гісторыі праўнай культуры. Штудыі, прысвечаныя прафесару Юліюшу Бардаху ў дзевяностагоддзе ад нараджэння[1]. Кніга была перададзена юбіляру ў зале Сената той самай дырэктарскай сядзібы Almae Matris Varsoviensis 20 снежня 2004 г., з удзелам Яго Магніфіцэнцыі Пятра Вэньгленьскага, дэкана факультэта права і ад­міністравання Марка Вансовіча і дырэктара роднага Інстытута гісторыі дзяржавы і права Анджэя Закшэўскага (натхняльнік кнігі ў гонар свайго настаўніка заняў сціплае месца ў глыбіні залы). Ад імя шматлікіх прысутных — прадстаўнікоў навуковых таварыстваў, гасцей з усіх акадэмічных асяродкаў краіны — слова ўзялі Генрык Самсановіч ды Станіслаў Плаза. Тыя, хто не трапіў на ўрачыстасць, выказвалі зычэнні праз дэпешы. Герой імпрэзы выступіў надзвычай сцісла, пасля чаго з чаркай віна прымаў віншаванні калегаў ды сяброў.

Выданне на шэсцьсот старонак змяшчае поўную біблія­графію за 1936—2004 г. (564 пазіцыі, разам з выкладзеным зместам збораў), якой папярэднічае нарыс М. Вaнсовіча Праўная культура ў даробку прафесара Юліюша Бардаха. Сярод удзель­нікаў юбілейнай сустрэчы значную частку склалі гісторыкі — пераважна з гэтай навукай ідэнтыфікуюць сябе сабраныя даследнікі дзяржаўнага ладу. Пра інтарэсы самога ж Юлію­ша Бардаха найлепш сведчыць яго творчая спадчына ды характар юбілейнай кнігі. Выданне складаецца з чатырох частак: 1) Стан права — спосаб стварэння і ўспрыняцце; 2) Праў­ная думка, дактрыны, ідэі, навучанне праву; 3) Функцыянаванне права ў практыцы; 4) Ацэнкі, стаўленне да права. Над усім, аднак, уладарыць дух Кліо: аўтары разглядаюць справы ад старажытнасці да XX ст., пачэснае ж месца займаюць па­дзеі Вялікага Княства Літоўскага ды найноўшая гісторыя Літвы (14 артыкулаў з 37). Па–за межамі ўзятай структуры месцяцца разважанні Ганны Роснар Даследаванні праўнай культуры. Спроба выяўлення праблематыкі. Ім у пэўным сэнсе прыпадае функцыя падвядзення вынікаў не творчасці юбіляра, вядома, а метадалогіі даследавання палітычнай (гістарычнай) і праўнай культуры. Важнае месца тут занялі ўжо класічныя працы Станіслава Эстрайхэра і Юзафа Сяменьскага, прысвечаныя XVI ст. (абедзве змешчаны ў зборным выданні 1932 г.). Пачэсную ролю аўтарка адводзіць і матэрыялам XI Усеагульнага з’езду польскіх гісторыкаў у Торуні (1974), прысвечаным палітычнай культуры (акцэнтуецца праграмны выступ Стэфана Кеневіча), разважанням Януша Тазбіра (1976), доследу Эдварда Апаліньскага — каб урэшце звярнуцца да артыкула Вацлава Урушчака (1980) пра палітычную і праўную культуру польскага парламентарызму перыяду Адраджэння. Увесь тэкст — хоць наўпрост і не згадваецца — прасякнуты думкамі, вядомымі з прац Майстра.

Гэта не першая з памятных кніг, прысвечаных юбіляру. Апрача спецыяльных нумароў перыёдыка „Czasopismo Praw­no–Historyczne“, выяўленнем пашаны да вялікага гуманіста сталі зборнікі Права — парламент — людзі. Штудыі, прысвечаныя Прафесару Юліюшу Бардаху ў шасцідзесяцігоддзе творчай працы (Warszawa, 1996) ды Symbolae historico–iuridicae Lodzienses Julio Bardach dedicatae (Łódź, 1997). Юнацкія гады Майстра звязаны з Вільняй, дзе ён вывучаў права ва універсітэце Стэфана Баторыя, а перад атрыманнем дыплома ў верасні 1935 г. дэбютаваў на VI Усеагульным з’ездзе польскіх гісторыкаў (удзелам у дыскусіі Траціна ў старадаўнім літоў­скім праве). У гэтым жа горадзе Юліюш Бардах напісаў ды апублікаваў на старонках такіх выданняў, як „Ateneum Wi­leńskiе“ і „Wiadomości Studium Prawa Litewskiego USB“ некалькі рэцэнзіяў, а таксама амаль 100–старонкавы трактат Адопцыя ў літоўскім праве XV і XVI ст. (апублікавана ў 1938 г.), які стаў падставай доктарскай дысертацыі, абароненай у Ягелонскім універсітэце ажно ў 1948 г., пасля ваеннага перапынку. Юліюш Бардах — прафесар Варшаўскага універсітэта (з 1950 г.), сябра аўтарытэтных айчынных навуковых пляцовак, у тым ліку Польскай Акадэміі Навук (з 1983 г.), доктар honoris causa польскіх і замежных навучальных устаноў, аднак найбольшае задавальненне, бясспрэчна, яму дае прызнанасць ва універсітэце юнацтва.

Хоць дыяпазон інтарэсаў Майстра сапраўды велізарны — ад ранняга Сярэднявечча да сучаснасці (і гэта не дзяжурныя тэксты, а наступныя рэдакцыі папярэдніх публікацый, звычайна дапрацаваныя, пашыраныя і паглыбленыя), асаблівае месца ў яго 70–гадовым даробку займае гістарычная і этнічная Літва, перадусім XV—XVIII ст. Пра гэта сведчаць фундаментальныя зборы, публікаваныя ў палітычнай сітуацыі, калі польская літуаністыка яшчэ мусіла заставацца калі не ў „падполлі“, то, прынамсі, ва ўкрыцці (я пісаў пра гэта ў нарысе Віленскія даследнікі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага на ростанях (па 1945 г.), змешчаным у зборніку Апошнія грамадзяне ВКЛ, Lublin, 2005). Тагачасныя падмуркі будаваліся з адносна някідкіх для цэнзуры доследаў, публікаваных у часо­пісах ды памятных кнігах. Сапраўднай падзеяй стала выданне асобнага тома даследаванняў Юліюша Бардаха Штудыі з дзяржаўнага ладу і права Вялікага Княства Літоўскага XIV—XVIII ст. (Białystok — Warszawa, 1970), адзначанага больш чым дзесяткам рэцэнзентаў, у тым ліку найвыдатнейшым на тыя часы знаўцам тэмы Генрыкам Лаўмяньскім. Памяці гэтага навукоўца, трагічна загінулага ў 1984 г., прафесар пры­свяціў чарговы фундаментальны збор Пра даўнюю і нядаўнюю Літву (Poznań, 1988), дзе закранаюцца, згодна з назвай, яшчэ і XIX — пачатак XX ст. Выданне таксама было адзначана шматлікімі водгукамі, гэтым разам збольшага суайчыннікаў.

Уражвае бібліяграфія прац юбіляра, якая налічвае 564 па­зі­цыі. Сярод іх — шматтомавая Гісторыя дзяржавы і права Поль­шчы (прафесар выступае ў ролях галоўнага рэдактара і аў­тара значнай часткі тэкстаў, датычных перыяду да падзелаў Рэ­чы Паспалітай); яе шмат разоў перавыдадзеная аднатомавая вер­­сія (напісаная сумесна з Багуславам Лесьнадорскім і Міхалам Петшакам); аднатомавая сінтэза Гісторыя польскага сойму (зноў рэдагаванне і тэкст, прысвечаны перыяду да 1795 г.); манаграфія Вацлаў Мацяёўскі і яго сучаснікі (Warszawa, 1971). Сюды ж уваходзяць зборы: Літоўскія статуты і рымскае права (Warszawa, 1999); Themis і Klio, або права і гісторыя (War­szawa, 2001); ці найноўшае У аб’ектыве навукі і ў люстэрку памяці (пра навукоўцаў, пісьменнікаў, палітыкаў XIX і XX ст.) (апублікавана ў дзевяностую гадавіну). Што да дыдактыкі, то цяжка не згадаць і шматкроць перавыдадзены, смелы для свайго часу (1954) падручнік Гісторыя Польшчы па 1466 г. (сумесна з А. Гейштарам, Г. Лаўмяньскім, Э. Малечыньскай), які давялося абараняць ад тагачаснай навуковай моладзі, што „мысліла правільна“ — марксісцкай.

Гэта сведчыць пра непазбыўную жыццёвасць Юліюша Бардаха, які здолеў пакінуць у людской памяці ўдзячныя ўспаміны з перыяду, вымагалага і духоўнага гарту, і пасярэдніцкага таленту. Прафесара высока цэняць як на Захадзе, так і на Ўсходзе, асабліва ў Вільні, Кіеве і Мінску (тут ён уваходзіць у склад рэдакцыйнай рады „Беларускага Гістарычнага Аглядy“, стараннямі рэдакцыі якога ў 2002 г. па–беларуску выйшаў томік выбраных прац Майстра Штудыі з гісторыі Вялікага Княства Літоўскага). Чакаем чарговых збораў, спадзевы на якія даюць шматлікія штудыі Юбіляра, размешчаныя ў часо­пісах і калектыўных працах.

Марцэлі Косман

З польскай пераклала Вольга Мазурава


[1] Z dziejów kultury prawnej. Studia ofiarowane Profesorowi Juliuszowi Bardachowi w dziewięćdziesięciolecie urodzin. Warszawa, Liber, 2004.

Алесь Смaлянчук. У пошуках ворага польскай нацыі

Снежня 11, 2003 |


* Winnicki, Zdzisław Julian. Współczesna doktryna i historiografia biało­ruska (po roku 1989) wobec Polski i polskości. Wrocław, 2003. 621 s.

Польска–беларускія адносіны ніколі не набывалі такой вастрыні і напружанасці як, напрыклад, польска–літоўскія ў 20—30–я г. ХХ ст. ці польска–ўкраінскія пад час Другой сусветнай вайны. Аднак і яны перыядычна азмрочваліся канфліктамі, прычынай якіх найчасцей было нежаданне або няздольнасць зразумець іншы бок. Пра ўсё гэта красамоўна сведчыць складаны лёс польскай супольнасці ў Беларусі і беларускай — у Польшчы. Праўда, ацэньваючы пазіцыю беларускага боку, трэба ўлічваць, што на працягу большай часткі мінулага стагоддзя нацыянальную палітыку на беларускіх землях вызначала не эліта беларускай нацыі, а засланыя з Масквы чыноўнікі, якія рупліва ажыццяўлялі праграму стварэння „савецкага народа“. Зрэшты, цалкам самастойным не было таксама кіраўніцтва ПНР. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь стала неабходнай перадумовай для выпрацоўкі і рэалізацыі ўласна беларускай пазіцыі ў міждзяржаўных і міжнацыянальных адносінах. Аднак гэты працэс абцяжараны як палітычнымі ўплывамі з боку Расіі (асабліва з восені 1993 г.), так і стэрэатыпамі, уведзенымі ў свядомасць беларускага грамадства яшчэ ў часы панавання савецкай ідэалогіі. Досыць моцна ўплываюць гэтыя фактары на адносіны да Польшчы і да палякаў. Тым не менш аналіз навуковых публікацый па „польскім пытанні“ можа быць вельмі карысны як для разумення асаблівасцяў развіцця беларускай гістарыя­графіі на рубяжы ХХ—ХХI ст., так і для характарыстыкі менталітэту сучаснага беларускага грамадства.

Кніга Здзіслава Юліяна Вінніцкага з’яўляецца спробай падобнага аналізу. Прычым аўтар узяўся аналізаваць не толькі гістарыяграфію, але таксама „сучасную беларускую ідэалогію“ („współczesna doktryna białoruska“). Гэтае сумяшчэнне здзіўляе, бо ідэалогія і навука належаць да розных сфераў жыцця грамадства, выконваюць розныя сацыяльныя функцыі і патрабуюць розных метадаў даследавання. Гэтая рэцэнзія прысвечана гістарыяграфічным аспектам. Адносна „ідэалагічнага сюжэта“ працы З.Вінніцкага абмяжуюся толькі адной заўвагай. Паняцце „сучаснай беларускай ідэалогіі“ па­трабуе спецыяльнага тлумачэння. У нашай краіне (як і ў кожнай іншай) існуюць розныя ідэалогіі, і вывучэнне „польскага пытання“ ў ідэалагічных канцэпцыях, па меншай меры, прадугледжвае аналіз зместу як г.зв. „афіцыйнай ідэалогіі“[1], так і праграмаў буйных палітычных партый. Між тым аўтар канцэнтруе ўвагу на асобных выказваннях беларускіх палітыкаў і чыноўнікаў, артыкулах малавядомых журналістаў або прадстаўнікоў беларускай эміграцыі, якія часцяком прадстаўляюць не столькі „сучасную беларускую ідэалогію“, колькі саміх сябе. Наогул праблема рэпрэзентатыўнасці выкарыстаных крыніцаў і літаратуры з’яўляецца адной з найважнейшых для дадзенага даследавання.

Галоўным аб’ектам аналізу будуць выказаныя польскім даследчыкам ацэнкі беларускай гістарычнай паланістыкі. Але спачатку варта звярнуць увагу на даследчы метад аўтара. Менавіта яму, а таксама канцэпцыі даследавання прысвечаныя Ўводзіны, якія маюць падзагаловак Канцэптуальныя і метадалагічныя ўводзіны. Аднак на самай справе Ўводзіны пачынаюцца з… высновы. З.Вінніцкі адразу заяўляе, што „сучасная беларуская літаратура, асабліва гістарыяграфія і паліталогія <…> абцяжараная своеасаблівым комплексам, калі размова ідзе пра адносіны да Польшчы і палякаў. Прычым гэта датычыць як ацэнкі сучаснасці, так і (перш за ўсё) гісторыі польска–беларускіх (польска–літоўскіх) узаемадачыненняў. У гэтай ацэнцы відавочныя ўплывы расійскай (дарэвалюцыйнай) і адначасна савецкай гістарыяграфіі з вельмі выразным нацыянальна–класавым адценнем, якое выяўляецца ў негатыўных ацэнках гістарычных адносінаў Беларусі (беларусаў) да бліжэйшых суседзяў і ў першую чаргу ў адносінах да польскасці <…>“ (s.5).

Вылучаючы мэты даследавання, З.Вінніцкі першую з іх звязаў з характарыстыкай поглядаў беларускага грамадства на польска–беларускія адносіны, якія „ў сучаснай Беларусі бачацца скрозь прызму тутэйшай гістарыяграфіі“, а наступную — з дэманстрацыяй таго „ідэйна–палітычнага і фактычнага ціску“, ва ўмовах якога знаходзіцца ў Беларусі „мільённая польская супольнасць“ (s.6). Апошняе для аўтара з’яўляецца фактам, які не трэба даказваць, дастаткова канстатаваць. Заўважым, што падобная мэта належыць хутчэй да сферы палітыкі, чым навукі.

Даследчык адзначыў, што ў сучаснай беларускай гістарыя­графіі вылучаюцца два прынцыпова розныя метадалагічныя падыходы — постмарксізм (тлумачэнне гісторыі Беларусі з класавых пазіцый), які залічваюць да „праўрадавага“, або афі­цыйнага кірунку, і „апазіцыйны“, або незалежны падыход, які характарызуецца антысавецкай і антырасійскай пазіцыяй (s.14). Здзіўляе метадалагічная неахайнасць гэтай класіфікацыі, бо першы падыход характарызуецца на падставе даследчага метаду, а другі — на падставе палітычнай пазіцыі ягоных прадстаўнікоў. Аднак існаванне двух кірункаў у сучаснай беларускай гістарыяграфіі трэба прызнаць. Прадстаўнікі „пра­ўрадавага“ (або „афіцыйнага“) кірунку фармальна выкарыстоўваюць савецкі варыянт марксісцкага метаду даследавання. Але найбольш характэрнай рысай іх працаў з’яўляецца аўтарскае перакананне ў тым, што гісторыя — гэта частка ідэалогіі, і яна павінна абслугоўваць сучасную ўладу. „Нацыянальны“ кірунак, на мой погляд, грунтуецца на ўспрыняцці гісторыі як навукі, якая не падпарадкоўваецца чыноўнікам і палітыкам, і імкненні выкарыстоўваць у даследаваннях усё багацце метадалогіі сусветнай гістарыяграфіі. Нацыянальны змест гэтага кірунку выяўляецца галоўным чынам у спробе разглядаць беларусаў у якасці галоўнага суб’екта ўласнай гісторыі. Перавагу „патрыятычнага“ кампанента над навуковым у працах некаторых прадстаўнікоў гэтага кірунку трэба разглядаць як свайго роду хваробу росту, якая, дарэчы, не з’яўляецца вы­ключна беларускай з’явай.

Тэкст Уводзінаў (68 старонак) уяўляе сабой канспект манаграфіі, ужо напоўнены ацэнкамі даследаванняў беларускай гістарыяграфіі па „польскім пытанні“. Толькі напрыканцы аўтар нарэшце згадвае пра ўласны даследчы метад, які называе „ілюстрацыйным“ (s.62). Ягоная асаблівасць — пастаноўка гіпотэзы на пачатку кожнага раздзела з наступным аналізам крыніцаў. Аднак на самай справе тэзісы, прапанаваныя аўтарам у пачатку раздзелаў (і ў пачатку кнігі), з’яўляюцца не гіпотэзай, якая служыць арганізацыі даследчага працэсу і пад час яго праходзіць верыфікацыю і мадыфікацыю, а гатовымі вынікамі даследавання. Яны яшчэ раз паўтараюцца напрыканцы кожнага раздзела (і кнігі). Такі „метад“ больш адпавядае падручніку, чым навуковай манаграфіі. Трэба прызнаць, што ўласна метадалогія даследавання не раскрытая, а вось канцэпцыя выразна адлюстравалася ў прапанаваных на пачатку манаграфіі аўтарскіх высновах.

Канцэпцыя праявілася таксама ў назвах раздзелаў, прысвечаных асвятленню ў „сучаснай беларускай ідэалогіі“ і гістарыяграфіі „ключавых праблемаў палітычнай і культурнай гісторыі польскай дзяржаўнасці“ (s.63). Да іх аўтар цалкам слушна аднёс наступныя — Польская нацыянальная меншасць на тэрыторыі Беларусі (Раздзел I); Ацэнка поль­ска–літоўскіх уній і ладу I Рэчы Паспалітай (Раздзел II); Канфесійная праблематыка (Раздзел III); Тэрытарыяльныя пастулаты ў адносінах да польскай дзяржавы і прасторы ўзаемных культурна–этнічных і палітычных уплываў (Раздзел IV); Адносіны да польскіх нацыянальных паўстанняў (Раздзел V); Гістарычныя постаці з тэрыторыі былога ВКЛдалучэнне да беларускага этнасу і беларускай культуры (Раздзел VI); Ацэнка палітычнага ладу II Рэчы Паспалітай (Раздзел VII); Адносіны да савецкай агрэсіі на Польшчу і яе наступстваў (Раздзел VIII); Адносіны да польскай ваенна–палітычнай дзейнасці на тэрыторыі акупаваных паўночна–ўсходніх ваяводстваў II Рэчы Паспалітай у перыяд II сусветнай вайны (Раздзел IХ). Пры гэтым З.Вінніцкі адпаведна свайму „ілюстрацыйнаму метаду“ ўжыў падвойныя назвы, у якіх адлюстрава­ліся ягоныя ацэнкі беларускай пазіцыі па азна­чаных праблемах, напрыклад: Касцельныя палякі ці „паланізаваныя беларусы“ (Раздзел I); Рэч Паспалітая, якая не была Польшчай, але паланізавала Вялікае Княства Літоўскае, якое было „Беларуссю“ (Раздзел II); Пра паланізацыю праз каталіцызм беларусаў, якія спавядалі праваслаўную славянскую веру (Раздзел III); Беспрэцэдэнтны ў ХХ ст. рабунак дзяржаўнай тэрыторыі (Беларусі) (Раздзел IV); Поль­ская дзяржава гвалту і беспраўя (Раздзел VII) ды інш. Гэтая падвоенасць надае ўсяму даследаванню выразную публіцыстычную афарбоўку. І тут мы падышлі да адной з „балючых кропак“ манаграфіі З.Вінніцкага.

Кніга напісаная вельмі эмацыйна. Аўтар адмаўляецца ад пазіцыі бесстаронняга аналітыка і ператвараецца ў пракурора, які асуджае беларускіх навукоўцаў і палітыкаў за непрафесіяналізм, варожасць да Польшчы і палякаў, анексійныя намеры адносна тэрыторыі польскай дзяржавы ды інш. З.Він­ніцкі выступае як носьбіт „ісціны ў апошняй інстанцыі“. Ён абвяргае, высмейвае, часам нават здзекуецца з таго, што пярэчыць гэтай „ісціне“. У гэтай сувязі згадваецца думка Марка Блока пра тое, што звычка выносіць прысуд перакрэслівае жаданне зразумець[2]. Аўтарскі стыль, безумоўна, не служыць справе абмеркавання праблемаў польска–беларускіх адносінаў і іх адлюстравання ў гістарыяграфіі.

Напрыканцы Ўводзінаў аўтар знаёміць чытача з „генераль­ным прынцыпам“ даследавання — „выкарыстанне ўсіх даступ­ных крыніцаў, якія аказваюць непасрэдны і масавы ўплыў на фармаванне гістарычных ведаў і гістарычнай свядомасці, палітыкі і ідэалогіі ў адносінах да Польшчы і поль­скасці“ (s.68). Зразумела, што з улікам усёй маштабнасці пастаўленай задачы перад аўтарам непазбежна ўзнікла праблема селекцыі або вы­бару найбольш рэпрэзентатыўных крыні­цаў. Крытэрыі гэтага выбару („даступнасць“ і „масавы ўплыў…“) маюць выразны суб’ектыўны характар.

Знаёмства з тэкстам кнігі паступова пераконвае беларускага чытача, што пры разглядзе многіх гістарычных праблемаў аўтар не выкарыстоўвае найбольш рэпрэзентатыўныя крыніцы або выкарыстоўвае толькі іх частку. У выніку аўтарскай селекцыі беларуская гістарычная паланістыка ператвараецца ў мяшанку з ненавуковых ацэнак і характарыстык, антыпольскіх (неасавецкіх) выпадаў, неабгрунтаваных прэтэнзій (у т.л. тэрытарыяльных) ды інш.

Напрыклад, ацэнкі беларускай гістарыяграфіі ў раздзеле Польская нацыянальная меншасць на тэрыторыі Беларусі (= Касцельныя палякі ці „паланізаваныя беларусы“) заснаваныя амаль выключна на аналізe тэкстаў падручнікаў для ВНУ і сярэдніх школ. Безумоўна, падручнікі ўплываюць на фармаванне гістарычных ведаў і гістарычнай свядомасці, але нельга на іх падставе меркаваць пра ўзровень развіцця гістарыя­графіі, у т.л. пра ўзровень асвятлення пытанняў паланістыкі. Падручнікі непазбежна адлюстроўваюць учорашні дзень гіс­тарычнай навукі (ці нават пазаўчорашні, улічваючы імкненне ўладаў нашай краіны вярнуць гістарычную адукацыю ў рэчышча савецкай ідэалогіі). Па меншай меры, варта сумяшчаць разгляд падобных крыніцаў з аналізам навуковых даследаванняў. Аднак апошні па азначанай праблеме адсут­нічае.

У выніку аналізу тэкстаў падручнікаў аўтар сцвердзіў, што беларускія гісторыкі адмаўляюць факт масавых перасяленняў польскага насельніцтва на беларускія землі і тым самым не прызнаюць палякаў карэнным насельніцтвам, лічаць іх вынікам штучных працэсаў паланізацыі і акаталічвання, сцвяр­джаюць непаўнавартасць палякаў у Беларусі (маўляў, гэта не палякі, а „паланізаваныя беларусы“) і трактуюць творы поль­скай матэрыяльнай і духоўнай культуры як беларускія ў „эт­на–палітычным разуменні“ (s. 71, 97). На гэтых высновах трэба спыніцца, бо яны стануць свайго роду падмуркам далейшых аўтарскіх ацэнак і разважанняў.

Беларускія даследчыкі сапраўды прыйшлі да высновы, што перасяленні польскага насельніцтва на беларускія землі не мелі масавага характару, а паходжанне палякаў Беларусі звязанае галоўным чынам з асіміляцыйнымі працэсамі. Падобную пазіцыю падзяляе таксама большасць гісторыкаў Польшчы і Літвы. Аналіз польскай, беларускай і літоўскай гістарычнай літаратуры, зроблены аўтарам гэтых радкоў у манаграфіі Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 (Гродна, 2001) дазваляе сцвярджаць, што, на думку большасці даследчыкаў, перасяленні насельніцтва з тэрыторыі сучаснай Поль­шчы ў Беларусь насілі эпізадычны характар і ніколі не былі масавымі. Галоўным фактарам фармавання польскай супольнасці Беларусі з’яўляліся працэсы паланізацыі і самапаланізацыі карэннага насельніцтва[3]. У польскай гістарычнай навуцы гэты тэзіс адстойваюць такія вядомыя даследчыкі, як Юліуш Бардах, Уладыслаў Вяльгорскі, Ян Юркевіч, Пётр Эбэрхардт. Ю.Бардах, напрыклад, лічыць, што ва ўмацаванні польскіх пазіцый на тэрыторыі „гістарычнай Літвы“ галоўную ролю ады­грала пашырэнне польскай мовы і культуры сярод вышэйшых колаў грамадства ВКЛ. Ю.Бардах адзначыў супольнасць паходжання „літоўскіх палякаў“ з этнічнымі беларусамі і літоўцамі, культурныя ўзаемаўплывы. Паводле ягонага меркавання, у выніку паланізацыі сфармаваўся адметны тып паляка ў Літве і Беларусі, які па сваіх этнакультурных рысах быў бліжэйшы да літоўца і беларуса, чым да паляка з этнічнай Польшчы[4]. Відавочна, што думкі беларускіх даследчыкаў не з’яўляюцца нейкім кур’ёзам, а адпавядаюць, у прыватнасці, польскай гістарыяграфічнай традыцыі.

Прызнанне факта, што польская грамадскасць Беларусі сфармавалася галоўным чынам у выніку працэсаў асіміляцыі, толькі спрыяе аднясенню яе да карэннага насельніцтва[5] і зусім не сведчыць пра яе „непаўнавартасць“. Галоўным крытэрыем нацыянальнай прыналежнасці з’яўляецца самасвядомасць чалавека, і ў гэтых адносінах паляк з–пад Горадні нічым не адрозніваецца ад паляка з–пад Варшавы.

Што да ацэнкі феномена „паланізацыі“, то ў беларускай гістарыяграфіі (з часоў Кароткай гісторыі Беларусі В.Ластоўскага) прысутнічае разуменне паланізацыі не толькі як палітыкі асіміляцыйнага гвалту, але як натуральнага працэсу, свайго роду „самапаланізацыі“. Аўтар гэтых радкоў у даследаванні польскага руху на беларускіх і літоўскіх землях у апошняе пяцідзесяцігоддзе гісторыі Расійскай імперыі таксама прыйшоў да высновы, што немагчыма зразумець працэс асімі­ляцыі, карыстаючыся толькі паняццем „паланізацыя“. Даследаванне нацыянальна–культурнага і палітычнага становішча польскай грамадскасці Беларусі і Літвы напрыканцы ХIХ — пачатку ХХ ст., а таксама імкненне разглядаць беларусаў у якасці галоўнага суб’екта ўласнай гісторыі спрыялі ўвя­дзенню ва ўжытак беларускай гістарыяграфіі паняцця „самапаланізацыя“[6]. Аднак трэба прызнаць і тое, што ў айчыннай гістарыяграфіі і ў сістэме адукацыі ўсё яшчэ даволі распаўсю­джаныя ацэнкі асіміляцыйных працэсаў, заснаваныя не на навуковым, а на ідэалагічна–прапагандысцкім падыходзе. Тым не менш высновы З.Вінніцкага не адлюстроў­ваюць рэальны стан сучаснай беларускай гістарыяграфіі па праблеме пахо­джання і месца польскай супольнасці ў беларускай гісторыі. Аўтар праігнараваў пазітыўныя перамены апошніх гадоў.

Тое ж самае можна сцвярджаць адносна тэзіса З.Вінніцкага наконт „крадзяжу“ беларусамі польскіх твораў духоўнай і матэрыяльнай культуры разам з іх творцамі („<…> усе культурныя дасягненні на беларускіх землях <…> характарызуюцца як вынік працы этнічных (і палітычных) беларусаў (на кожным этапе гісторыі I Рэчы Паспалітай і да канца ХIХ ст. уключна)“ (s.411)). На самай справе беларускія гісторыкі звяртаюць увагу на тое, што творчасць, напрыклад, Адама Міцке­віча, Тамаша Зана, Яна Баршчэўскага ды іншых належыць не толькі польскай, але таксама і беларускай культуры. Адзначаецца, што гэтыя славутыя дзеячы культуры ніколі не забыва­ліся пра сваю Радзіму, якой быў Беларуска–Літоўскі край (гістарычная Літва). Часцяком менавіта родны край з’яўляўся галоўнай крыніцай творчай энергіі.

Дарэчы, і ў гэтым выпадку беларускія аўтары не выглядаюць ізаляванымі. Ю.Бардах, напрыклад, грунтоўна прааналізаваў свядомасць тыпу gente Lithuanus (vel Ruthenus), natione Polonus. Ён адзначыў характэрную для яе, па меншай меры з ХVII ст., падвоенасць нацыянальнага пачуцця, калі Літва ўспрымалася як „малая Айчына“, а Польшча — як „вялікая“[7]. Як „караняжы“, так і „ліцвіны“ ў адпаведнасці з тагачаснымі паняццямі былі палякамі. Але гэтыя паняцці мелі ў большай ступені дзяржаўны (палітычны) характар, чым этнакультурны. Падвоенасць свядомасці выразна адчуваецца ў літаратурнай творчасці, напрыклад, Адама Міцкевіча, які стаў гонарам і славай польскай паэзіі. У.Вяльгорскі наступным чынам ахарактарызаваў ягоную асобу: „Міцкевіч быў ліцвінам у тагачасным разуменні гэтага слова. Ён любіў свой родны край і яго мінуўшчыну сыноўняй любоўю. Жаданне вярнуць незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага валодала ім цалкам. Адначасова Міцкевіч быў палякам. Ён належаў да польскай культуры і лічыў яе падмуркам духоўнай незалежнасці Айчыны. Незалежнасць Польшчы таксама была ягонай мэтай. Ён не ад­дзяляў яе ад свабоды Літвы. Абедзве гэтыя праўды аб’яднала ў душы Міцкевіча замілаванне да Рэчы Паспалітай“[8]. Яскравым прыкладам спалучэння ліцвінства і польскасці была таксама творчасць Людвіка Кандратовіча і Юзафа Крашэўскага.

У.Вяльгорскі лічыў, што менавіта гістарычная свядомасць нарадзіла гэты незвычайны для перыяду нараджэння нацыяналізмаў феномен. Ліцвінства ён звязваў з паходжаннем з тэрыторыі былога ВКЛ незалежна ад этнічнай і культурнай прыналежнасці, а польскасць лічыў гісторыка–палітычным утварэннем, вынікам гістарычных сувязяў, якія злучалі дзве дзяржавы і народы, што насялялі іх. Ён жа падкрэсліў прынцыповае адрозненне гэтай свядомасці ад свядомасці нацыянальнай[9].

Безумоўна, спроба вызначэння нацыянальнасці (у сучасным яе разуменні) многіх дзеячоў культуры ХIХ ст. выглядае як мадэрнізацыя гісторыі. І шмат каму з беларускіх даследчыкаў (і асабліва публіцыстаў) можна прад’явіць адпаведныя прэтэнзіі, але З.Вінніцкі, настойваючы на выключна „поль­скай нацыянальнай“ прыналежнасці гэтых людзей і іх твораў, робіць тое ж самае. Больш за тое, ягоныя намаганні называць I Рэч Паспалітую выключна „Польшчай“ успрымаюцца як спроба навязаць польскі нацыянальны характар федэратыўнай шматэтнічнай дзяржаве (s.137 ды інш.)[10]. Зрэшты, выкарыстаныя даследчыкам паняцці патрабуюць спецыяльнай гаворкі.

Аўтар не здолеў вырашыць праблему рэпрэзентатыўнасці беларускай гістарычнай літаратуры і ў выпадку з гісторыяй ВКЛ. Многія беларускія медыявісты будуць вельмі здзіўленыя, калі з кнігі З.Вінніцкага даведаюцца, што ў беларускай гістарыяграфіі ВКЛ трактуецца выключна як „беларуская дзяржава“ (s.125 ды інш.). Погляд М.Ермаловіча, на працы якога спасылаецца З.Вінніцкі, не з’яўляецца агульнапрынятым ні ў беларускай медыявістыцы[11], ні ў сістэме адукацыі. Тое ж самае датычыць выключна негатыўнай ацэнкі гэтым беларускім даследчыкам наступстваў Люблінскай уніі (s.173).

Сцвярджаючы агульнасць тэзіса пра „беларускасць“ ВКЛ, аўтар таксама спасылаецца на працы беларускіх эмігрантаў пасляваенных гадоў (заўважым, што сярод іх практычна адсутнічалі прафесійныя гісторыкі), на некаторыя ацэнкі А.П. Грыцкевіча (1994), а таксама… гарадзенскіх польскіх гісторыкаў Г.Васюка і Т.Кручкоўскага. У гэтым раздзеле З.Вінніцкі адмовіўся выкарыстоўваць падручнікі, цытаванне якіх па іншых праблемах займае значнае месца. Між тым аналіз падручнікаў лёгка абвяргае аўтарскі тэзіс наконт „паўсюднай“ трактоўкі ВКЛ як „беларускай дзяржавы“.

Досыць часта аўтар паўтарае думку пра агульнае перакананне сучасных беларускіх даследчыкаў у тым, што нічога карыснага ў беларускую гісторыю палякі не прынеслі. Але вось што, напрыклад, пісалі Г.Сагановіч і У.Арлоў пра наступствы Люб­лінскай уніі ў адной з самых папулярных кніг па беларускай гісторыі: „Аб’яднанне з Каронай дазволіла вызваліць Полацак, выгнаць з Беларусі акупацыйнае маскоўскае войска, скончыць вайну, паправіць гаспадарку“[12]. М.Піліпенка звязаў з „польскасцю“ з’яўленне ў Сярэднявеччы новых формаў адмі­ністрацыйнага падзелу, гарадскога самакіравання, новага календара, пранікненне каталіцызму, узбагачэнне слоўнікавага складу беларускай мовы ды інш.[13] Гэтыя пазітыўныя ацэнкі польскага ўплыву зусім не з’яўляюцца выключэннем у сучаснай беларускай гістарычнай літаратуры.

Аналізуючы беларускую гістарыяграфію, прысвечаную розным аспектам гісторыі ВКЛ (да і пасля Люблінскай уніі), аўтар павінен быў значна больш увагі аддаць працам Г.Сагановіча, А.Краўцэвіча, Г.Галенчанкі, В.Грыцкевіча, А.Мальдзіса. Аднак імёны і працы гэтых даследчыкаў згадваюцца зрэдку. Затое З.Вінніцкі практычна па ўсіх вылучаных аспектах гісторыі звяртаецца да працаў В.Ластоўскага (1910) і У.Ігнатоўскага (1926), якія храналагічна не належаць да разгляданага перыяду і ў сучаснай айчыннай гістарыяграфіі трактуюцца пераважна як помнікі гістарычнай думкі. З.Вінніцкі нават акрэсліў В.Ластоўскага „бацькам беларускай гісторыі“ (s.329, 347 ды інш.).

Абмяжуюся яшчэ толькі адным прыкладам, які ў аўтарскай канцэпцыі займае надзвычай важнае месца. Маецца на ўвазе тэзіс З.Вінніцкага, нібыта ў беларускай гістарыяграфіі, ідэалогіі і палітычным жыцці (у першую чаргу, сярод беларускай апазіцыі) прысутнічаюць тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Беласточчыну (s.257 ды інш.). Аўтар неаднаразова гаворыць пра гэтыя прэтэнзіі, імкнучыся паказаць асаблівую варожасць да Польшчы з боку палітычных праціўнікаў беларускага прэ­зідэнта. Аднак, як сведчыць тэкст раздзела Тэрытарыяльныя пастулаты ў адносінах да польскай дзяржавы і прасторы ўзаемных культурна–этнічных і палітычных уплываў (=Беспрэцэдэнтны ў ХХ ст. рабунак дзяржаўнай тэрыторыі (Беларусі)), „гэты адзін з важнейшых канонаў беларускай ідэалогіі“ (s.257) прысутнічае толькі ў папулярным выданні доктара тэхнічных навук Я.Шыраева[14], у падручніках па гісторыі Беларусі У.Ігнатоўскага (1926), І.Коўкеля і Э.Ярмусіка[15], а таксама ў падручніку па беларусазнаўстве І.Саракавіка[16]. Дарэчы, аўтары падручнікаў, як і маскоўскі даследчык Я.Шыраеў, не маюць ніякага дачынення да беларускай апазіцыі.

Праблема рэпрэзентатыўнасці беларускай гістарыяграфіі не вырашаная аўтарам і ў іншых раздзелах працы. Аўтар звычайна абмяжоўвае прадстаўленне сучаснай беларускай гістарычнай навукі працамі В.Ластоўскага (1910) і У.Ігнатоўскага (4 выд., 1926), гістарычнай публіцыстыкай і некалькімі манаграфіямі пачатку 90–х г. ХХ ст., напісанымі не без уплыву „патрыятычнай“ гістарыяграфіі, а таксама сучаснымі падручнікамі неасавецкага кірунку, у прыватнасці, вельмі часта цытуюцца раздзелы падручнікаў па гісторыі Беларусі для ВНУ выкладчыкаў Гарадзенскага універсітэта І.Коўкеля і Э.Ярму­сіка[17], а таксама менскіх даследчыкаў Я.Новіка і Г.Марцуля[18]. Між тым яны належаць да „афіцыйнага“ (неасавецкага) кірунку сучаснай гістарыяграфіі і неаднаразова крытыкаваліся айчыннымі даследчыкамі[19]. Няўжо цытавання гэтых выданняў дастаткова, каб польскі чытач зразумеў тыя працэсы, што адбываюцца ў беларускай гістарычнай навуцы, у т.л. у ацэнках ролі палякаў і Польшчы ў мінулым краіны і яе народa? Безумоўна, не. Гэтага дастаткова толькі, каб па­цвердзіць аўтарскі прысуд беларускай гістарычнай навуцы, які, нагадаю, прагучаў ужо на с. 5 даследавання.

Паступова становіцца відавочным імкненне аўтара падмяніць навуковы аналіз беларускай гістарыяграфіі павярхоўнымі ацэнкамі спецыяльна падабранай дзеля гэтага літаратуры, у якой сапраўды прысутнічаюць антыпольскія стэрэатыпы яшчэ савецкіх часоў. Аўтарская селекцыя працаў беларускіх гісторыкаў не дазваляе ўбачыць эвалюцыю беларускай гістарыяграфіі, якая на рубяжы стагоддзяў перажывае цікавы і важны перыяд развіцця. Манаграфія З.Вінніцкага стварае вобраз „мёртвай“ навукі, якая недалёка адышла ад Кароткай гісторыі Беларусі.

Завяршаючы гаворку пра рэпрэзентатыўнасць даследавання, звернем увагу на Спіс літаратуры і крыніцаў. Раздзел манаграфій, зборнікаў і артыкулаў налічвае ўсяго каля 240 пазіцый. Беларускую гістарыяграфію пасля 1989 г. прадстаўляюць каля 70 пазіцый. Для працы, якая прэтэндуе на аналіз усёй беларускай гістарыяграфіі канца ХХ — пачатку ХХI ст., гэта вельмі мала. Практычна не згадваюцца працы Г.Сагано­віча, Г.Кісялёва, А.Мальдзіса, Я.Анішчанкі, Р.Лазько, Г.Галенчанкі, С.Марозавай, М.Спірыдонава, А.Латышонка, Я.Мірановіча, В.Насевіча, В.Шведа, А.Вабішчэвіча, А.Пяткевіча ды многіх іншых, чые даследчыя інтарэсы непасрэдна датычаць разгляданай праблематыкі[20]. Таксама не знайшлі свайго разгляду публікацыі такіх беларускіх гістарычных часопісаў як Беларускі гістарычны агляд (выходзіць з 1994 г.), Гістарычны альманах (з 1998), Край (з 2001), на старонках якіх часта асвятляецца праблема паланістыкі, у т.л. і польска–беларускіх адносінаў. Аўтар не прааналізаваў большасць адпаведных артыкулаў 6–томавай Энцыклапедыі гісторыі Беларусі (1993—2003), якая, безумоўна, аказвае даволі значны ўплыў на фармаванне гістарычнай свядомасці. Падобнае ігнараванне важнай часткі беларускай гістарыяграфіі тлумачыцца толькі тым, што ў „незаўважаных“ даследаваннях часцяком утрымліваюцца цалкам іншыя ацэнкі ролі Польшчы і палякаў у беларускай гісторыі, чым тыя, якія згадвае З.Вінніцкі.

Сучасная беларуская гістарыяграфія паступова перадольвае выключна канфрантацыйнае ўспрыняцце бліжэйшага заходняга суседа. У масавай свядомасці (дзякуючы таксама гістарычным працам) паступова знікае той вобраз „польскага ворага“, над стварэннем якога добра папрацавала савецкая ідэалогія міжваеннага часу.

Яшчэ адной характэрнай рысай тэксту кнігі з’яўляецца недакладнасць цытавання беларускіх аўтараў, якую ў некаторых выпадках можна ахарактарызаваць як свядомае скажэнне іх пазіцыі. Найбольш „пацярпеў“ аўтар падручніка па гісторыі Беларусі для 8 класа Міхась Біч. Вось некалькі пры­кладаў. У прыватнасці, М.Біч апублікаваў пачатак славутай інвакацыі да „Пана Тадэвуша“ ў перакладзе Я.Семяжона: „Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое: / Не цэнім маючы, а страцім залатое…“[21]

А вось як З.Вінніцкі пераказвае гэты пераклад: „Літва! Беларускі край, ты як здароўе тое…“ [Litwo! Białoruski Kraju, ty jesteś jak zdrowie…“] (s.397). Пры гэтым аўтар піша пра беларускія „маніпуляцыі“: „<…> [(naszym zdaniem jest to mani­pulacja) co do brzmienia jednej z najważniejszych strof mickie­wiczowskiej poezji <…>“]. Маніпуляцыі, як мы бачым, са­праўды маюць месца. Толькі іх аўтар не М.Біч і не Я.Семяжон, а Здзіслаў Вінніцкі, які падманвае польскіх чытачоў!

І, на жаль, не толькі ў гэтым выпадку. Напрыклад, характарызуючы пазіцыю М.Біча адносна партызанскіх дзеянняў пад час вайны 1812 г., З.Вінніцкі сцвярджае, што аўтар пісаў толькі пра вайну супраць салдат арміі Напалеона (s.193, 395), г.зн., што ён застаўся ў межах расійскай гістарыяграфіі. На самай справе М.Біч пісаў і пра народную вайну супраць расій­скай арміі, салдаты якой таксама рабавалі беларускія вёскі[22]. Скажаецца пазіцыя беларускага даследчыка адносна мовы адукацыі Віленскай навучальнай акругі пачатку ХIХ ст. З.Він­ніцкі сцвярджае, што М.Біч „забыўся“ згадаць пра польскую мову школ Віленскай акругі, у выніку чаго вучні могуць зра­біць выснову пра беларускамоўную адукацыю ў гэтых школах, якую пазней забараніў расійскі ўрад (s.336). А вось што на самай справе пісаў М.Біч: „Ва ўсіх школах акругі (Віленскай — А.С.) асноўнай мовай навучання была польская мова. Руская вывучалася па жаданні бацькоў вучняў. Пытанне аб беларускай, літоўскай, украінскай мовах не ставілася“[23].

Aхвярай фальсіфікацыі стаў таксама В.Ластоўскі. Апошні, параўноўваючы беларускае і польскае кнігадрукаванне, ад­значыў, што „польская друкарня ў Кракаве была аткрыта ў 1505 г., значыць на 22 гады пазней беларускай“. І дадаў: „Мы ня хочэм казаць, што палякі ў тыя часы асьветай стаялі ніжэй беларусоў, але гэты факт паказвае на высокую культуру ў беларускаго народу, катораму патрэбны былі друкаваныя кнігі ўжо ў тыя часы, калі па ўсёй Эўропе ледзьве толькі пачынало расхадзіцца друкаванае слова“[24]. А вось як пераказаў ягоную пазіцыю З.Вінніцкі: „Той жа аўтар (Ластоўскі — А.С.) <…> адзначае, што Біблія на беларускай мове была надрукаваная Францішкам Скарынам — каталіком, а „польская друкарня ў Кракаве пачала дзейнічаць на 22 гады пазней <…> што азначала, што палякі ў той час стаялі ніжэй беларусаў, а гэты факт указвае на высокую культуру беларускай нацыі (sic! — З.В.)“ [„Ten sam autor <…> zaznacza, że Biblia w języku białoruskim była wydrukowana przez Franciszka Skorynę —  katolika, zaś „polska drukarnia w Krakowie została uruchomiona 22 lata później <…> co oznaczało, że Polacy w owych czasach stali niżej od Białorusinów, zaś powyższy fakt wskazuje na wysoką kulturę narodu (sic!) białoruskiego“ (s.235)][25]. Прыклады скажэння З.Вінніцкім палажэнняў і тэзісаў беларускіх даследчыкаў можна працягваць, але і прыведзенага дастаткова, каб страціць давер да рэцэнзаванага даследавання.

Таксама заўважальная адсутнасць спасылак на многія цытаты. У прыватнасці, на s.152 прыводзіцца антыпольскае выказванне аднаго з нядаўніх лідэраў апазіцыі С.Шарэцкага (маўляў, „з часоў Гарадзельскай уніі палякі заўсёды падманвалі беларусаў“). Аднак аўтар не ўказвае, калі яно было зроблена і дзе апублікаванае. Пры аналізе пазіцыі беларускай гістарыяграфіі па праблеме агрэсіі СССР супраць Польшчы ў 1939 г. З.Вінніцкі падрабязна (на 6 старонках) разбірае тэкст А.Кавалені, асобныя палажэнні якога носяць сенсацыйны характар, бо, напрыклад, сцвярджаецца „факт“ тайных перамоваў у верасні 1939 г. паміж дэлегацыямі Нямеччыны, з аднаго боку, і Францыі ды Англіі, з іншага. Але спасылкі на гэтую „сенсацыйную“ публікацыю адсутнічаюць[26].

Асобнай гаворкі патрабуе тэрміналагічны аппарат даследавання. Яшчэ раз заўважым, што З.Вінніцкі з абурэннем рэагуе на тое, што беларускія гісторыкі для назвы краіны, пачатак якой паклала Люблінская унія, ужываюць тэрмін „Рэч Паспалітая“ і пазбягаюць называць яе „Польшчай“. Ва ўжыванні афіцыйнай назвы дзяржавы ён убачыў праявы палонафобіі. Але прэтэнзіі польскага даследчыка на „нацыянальнае прысваенне“ шматэтнічнай дзяржавы выглядаюць смешнымі. Добра вядома, што тэрмін „паляк“ на працягу амаль усёй гісторыі Рэчы Паспалітай быў пераважна палітонімам, а не этнонімам. У першую чаргу ён азначаў прыналежнасць да шляхецкага стану. Менавіта гэта ператварала ў „палякаў“ эт­нічна неаднародную шляхту краіны. Імкненне некаторых да­следчыкаў навязаць Рэчы Паспалітай польскі нацыянальны характар з’яўляецца даўно адхіленай (між іншым, многімі польскімі гісторыкамі) мадэрнізацыяй гісторыі.

Звяртае на сябе ўвагу амаль паўсюднае выкарыстанне З.Вінніцкім тэрміна „Беларусь“ у двукоссі. Тым самым даследчык падкрэслівае недапушчальнасць ужывання гэтага тэрміна як негістарычнага для часоў Сярэднявечча і нават для ХIХ ст. Пры гэтым без двукосся, г.зн. як гістарычная рэалія, ужываюцца тэрміны „Землі забраныя“ і „Паўночна–Заходні край“ (s.48 ды інш.). Хочацца параіць аўтару пазнаёміцца з добра вядомай (і даступнай!) у краіне кнігай Алеся Белага[27] і артыкуламі Г.Сагановіча[28].

Што да ХIХ ст., для якога аўтар лічыць навукова карэктным ужыванне тэрмінаў „Землі забраныя“ і „Паўночна–Заходні край“, то хачу адзначыць значнае распаўсюджванне тэрміна „Беларусь“ у другой палове стагоддзя. Тэрмін „Беларусь“ актыўна выкарыстоўваўся палітыкамі, навукоўцамі і дзеячамі культуры. У якасці прыкладу можна згадаць публікацыі часопіса беларускіх народнікаў „Гомон“ пачатку 80–х г. ХIХ ст., артыкулы гісторыка М.Доўнара–Запольскага „Беларускае мінулае“, надрукаваныя ў газеце „Минский листок“ (1888), паэтычны зборнік Ф.Багушэвіча „Дудка беларуская“ (1891), „Кароткую гісторыю Беларусі“ В.Ластоўскага (1910) ды інш. Ужыванне тэрмінаў „Землі забраныя“ і „Паўночна–Заходні край“ без двукосся ўспрымаецца ў Беларусі як адмаўленне яе права на самастойны гістарычны шлях і непрызнанне беларусаў суб’ектам уласнай гісторыі. Наогул, вывучэнне тэксту З.Вінніцкага паступова пераконвае ў тым, што Беларусь для аўтара не мае ні этнакультурнай, ні дзяржаўнай адметнасці. Для З.Вінніцкага гэта ўсё тыя ж „крэсы ўсходнія“, якія толькі праз нейкі гістарычны кур’ёз напрыканцы ХХ ст. атрымалі назву „Рэспубліка Беларусь“.

Таксама варта адзначыць, што выкарыстоўванне тэрміна „Беларусь“ у дачыненні, напрыклад, да часоў ранняга Сярэднявечча тлумачыцца імкненнем падкрэсліць пераемнасць і непарыўнасць беларускай гісторыі. Тое ж самае робяць польскія гісторыкі, якія, напрыклад, апісваюць умовы жыцця першабытнага чалавека ў Польшчы або сцвярджаюць факт пражывання ў Польшчы ў VI ст. славянскіх прапольскіх плямёнаў[29] ды інш.

Тэрміналагічны апарат, якім карыстаўся З.Вінніцкі, да­зваляе заўважыць яшчэ адну важную рысу даследавання — палонацэнтрызм. Менавіта ён перашкаджае аўтару прыслухацца да аргументаў іншага (беларускага) боку і зразумець, напрыклад, крытычнае стаўленне беларускага грамадства да вынікаў Рыжскага міру. Між тым, падзел беларускай зямлі паміж Савецкай Расіяй і Польшчай у 1920—1921 г. азначаў крах спадзяванняў на стварэнне ўласнай незалежнай дзяржавы. Пратакол, падпісаны ў Рызе, абумовіў паўкаланіяльны стан Беларусі на працягу амаль усяго ХХ ст.

Палонацэнтрызм даследчыка выявіўся таксама ў трактоўцы паўстання 1863 г. як выключна „польскага нацыянальнага“ (s.321), хоць агульнавядомы актыўны ўдзел у паўстанні, у прыватнасці, беларускіх сялян Гарадзенскай губерні. Цікава, што аўтарская трактоўка паўстання цалкам супадае з ягонай ацэнкай у расійскай дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі. Аўтар выказвае здзіўленне, што беларускія гісторыкі пішуць вы­ключна пра падзеі паўстання ў Беларусі. За гэтым „здзіўленнем“ хаваецца абвінавачванне беларускага боку ў тым, што паўстанне 1863 г. трактуецца ім як „беларускае нацыянальнае“. На самай справе ніхто з беларускіх гісторыкаў не падважае вялікай ролі палякаў у падрыхтоўцы паўстання і ў паўстанчай барацьбе. У айчыннай гістарыяграфіі адсутнічаюць ацэнкі паўстання як „беларускага нацыянальнага“. Найбольш пашыраны тэрмін — „Паўстанне 1863 г. у Польшчы, Беларусі і Літве“. Што датычыць праяваў „беларускага нацыянальнага“ ў паўстанні, то звычайна іх звязваюць з асобай Вікенція Канстанціна Каліноўскага (1838—1864). Дарэчы, аналіз дыскусіі па праблеме ролі Каліноўскага ў беларускай гісторыі, у якой актыўна ўдзельнічалі М.Біч і У.Казбярук, дазваляе заўважыць перамены, што адбываюцца ў нашай гістарычнай навуцы. На жаль, З.Вінніцкі праігнараваў гэтую дыскусію, як, дарэчы, і іншыя.

Асобнай гаворкі патрабуюць ацэнкі Здзіславам Вінніцкім асвятлення ў беларускай гістарыяграфіі польска–беларускіх адносінаў. Паводле аўтара, характэрнай рысай гэтага асвятлення з’яўляецца палонафобія: „У адносінах да польскасці ў самым шырокім значэнні гэтага паняцця сучасная беларуская гістарыяграфія працягвае царскую і савецкую палітыку, галоўнай мэтай якой заўсёды была поўная дэпаланізацыя <…>“ (s.37); „У сучаснай Беларусі (у беларусаў) здаўна прысутнічае выразны (у вялікай ступені класавы) польскі комплекс. На жаль, на яго існаванне ўплывае сістэма адукацыі, якая прадстаўляе беларуска–польскія адносіны часцяком у ідэалагізаваным выглядзе…“ (s.394). Пры гэтым гісторык імкнецца даказаць, што пачаткі беларускай палонафобіі караняцца ў палітыцы і гістарыяграфіі яшчэ дарэвалюцыйнай Расіі (s. 5, 97 ды інш.). Апошняя выснова не з’яўляецца арыгінальнай. Тое ж самае спрабаваў давесці старшыня Саюза палякаў Беларусі Тадэвуш Кручкоўскі ў кнізе Polacy na Białorusi na tle historii i wspólczesności (Слонім, 2003)[30]. Характэрна, што пры гэтым аб’ектам аналізу польскага дзеяча сталі пераважна навукова–папулярныя выданні 1990—1993 г., напрыклад, 100 пытанняў і адказаў па гісторыі Беларусі (Мінск, 1993), а таксама тыя канцэпцыі і ідэі, якія нарадзіліся на самым пачатку станаўлення Рэспублікі Беларусь і не былі пазбаўленыя пэўнай палітызаванасці. Т.Кручкоўскі таксама вельмі лёгка вырашыў праблему рэпрэзентатыўнасці: выкарыстоўвалася ўсё, што адпавядала ягонай канцэпцыі.

Варта адзначыць поўную згоду абодвух польскіх аўтараў адносна агульнай ацэнкі беларускай гістарычнай паланістыкі і яе напрацовак па праблеме польска–беларускіх дачыненняў. У прыватнасці, абодва аўтары лічаць феномен беларуса–каталіка штучнай з’явай, народжанай яшчэ пад час расійскай імперскай дэпаланізацыйнай палітыкі. Паводле меркавання Т.Кручкоўскага, паняцце „беларус–каталік“ пазней выкарыстоўвалася савецкім кіраўніцтвам, а на пачатку 90–х г. ХХ ст. ужо ўладамі незалежнай Беларусі і дзеячамі БНФ, якія фактычна спрабавалі працягваць расійскую і савецкую палітыку дэпаланізацыі[31]. Характэрнай асаблівасцю тэкстаў зборніка Т.Кручкоўскага з’яўляецца шматразовае паўтарэнне састарэлых стэрэатыпаў — „паляк=каталік“ і „беларус (расіец)=праваслаўны“.

З.Вінніцкі, на першы погляд, пазбягае падобнай адна­значнасці. Сцвярджаючы, што ў Расійскай імперыі каталіцызм атаясамліваўся галоўным чынам з польскай нацыянальнасцю, а ў сучаснай Беларусі паняцці „каталіцызм“ і „польская вера“ тоесныя (s.78), ён тым не менш адзначыў існаванне беларусаў–каталікоў у міжваенны час у Віленскім ваяводстве (17—20% насельніцтва). Аднак ва ўсходняй і цэнтральнай Беларусі, паводле меркавання З.Вінніцкага, нацыянальнага па­дзелу сярод каталікоў не існавала — усе каталікі былі палякамі. І ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь, сцвярджае даследчык, асноўная маса каталіцкага насельніцтва з’яўляецца свядомымі палякамі або адчувае моцную сувязь з польскай нацыянальнасцю (s.79). Пры гэтым З.Вінніцкі рэгулярна падвяргае сумненню беларускасць такіх дзеячоў беларускага руху, як браты Луцкевічы, В.Ластоўскі, В.Іваноўскі (s.383 ды інш.). Падстава — іх прыналежнасць да каталіцкай канфесіі. Нават характарызуючы беларускае нацыянальна–культурнае Адра­джэнне пачатку ХХ ст., аўтар падкрэсліў, што ягонымі пачынальнікамі былі прадстаўнікі каталіцкіх шляхецкіх сем’яў, „якіх усе лічылі (і яны самі сябе лічылі) польскімі“ (s.37).

Пашыранасць стэрэатыпа „каталік=паляк“ у працах мно­гіх польскіх даследчыкаў, якія закранаюць праблемы гісторыі беларускіх земляў, патрабуе спецыяльнай увагі. У гэтай рэцэнзіі адзначу толькі, што ў другой палове ХIХ ст. гэты стэрэатып на беларускіх землях пашырала не толькі каталіцкае духавенства, якое такім чынам супрацьстаяла спробам русіфікацыі касцёла, але і самі расейскія ўлады. Яны не здолелі зна­йсці іншы крытэрый для вызначэння польскага насельніцтва, на якое распаўсюджваліся палітычныя, эканамічныя і культурна–рэлігійныя абмежаванні. У пэўны момант (апошняя трэць ХIХ ст.) інтарэсы нацыянальна арыентаванай часткі польскага каталіцкага духавенства і расійскага чыноўніцтва пачалі супадаць. Беларускую нацыю разбіралі па канфесійнай прыкмеце на праваслаўных=расійцаў і каталікоў=палякаў.

У польскай гістарыяграфіі прысутнічае тэндэнцыя адмовы ад гэтага састарэлага стэрэатыпа. На пачатку ХХ ст. пра беларусаў–каталікоў пісалі такія грунтоўныя знаўцы Беларуска–Літоўскага краю, як Міхал Ромэр[32] і Леон Васілеўскі[33]. Існаванне беларусаў–каталікоў прызнае таксама Юліуш Бардах[34]. Вядомы дэмограф, географ і гісторык П.Эбэрхардт пісаў пра беларусаў–каталікоў на рубяжы ХIХ—ХХ ст. у цэнтральнай і ўсходняй Беларусі[35]. Толькі на беларуска–польскім этнічным памежжы, на яго думку, прыналежнасць да каталіцкага касцёла на пачатку ХХ ст. трэба лічыць крытэрыем нацыянальнай прыналежнасці. Што да сучаснай Беларусі, то асабістыя кантакты з П.Эбэрхардтам пераканалі ў тым, што гэты польскі даследчык, як і большасць іншых, не ставіць пад сумненне існаванне беларусаў–каталікоў у нашай краіне. Паўтарэнне сучаснымі польскімі аўтарамі (З.Вінніцкі і Т.Кручкоўскі) стэрэатыпаў ХIХ ст., якія, як здавалася, былі цалкам перакрэсленыя актыўным удзелам каталіцкага насельніцтва ў беларускім нацыянальна–культурным Адраджэнні пачатку ХХ ст., можна ахарактарызаваць як палітычны анахранізм.

Аднак разважанні З.Вінніцкага пра штучнасць і дэпаланізацыйную сутнасць феномена „беларус–каталік“ не абмяжоў­ваюцца выключна гістарыяграфічнай цікавасцю. Аўтар неаднаразова падкрэслівае памылковасць і згубнасць увядзення беларускай мовы ў каталіцкае набажэнства: „Некаторыя духоўныя асобы насуперак волі вернікаў уводзяць у набажэнства беларускую мову“ (s.81); „<…> пачынаючы з другой паловы 90–х г. ХХ ст. <…> каталіцкі касцёл у Беларусі ўсё часцей уводзіць беларускую літургію (замест польскай) у большасці выпадкаў насуперак волі мясцовых каталікоў–палякаў“ (s.199—200)“ ды інш. Асабліва рэзка крытыкуецца ксёндз У.Завальнюк (парафія св.Сямёна і св.Алены ў Менску), якога аўтар абвінавачвае ў дэпаланізацыі [„odpolszczeniu“ (s.225)] каталіцкага касцёла і яго вернікаў[36].

Пры гэтым З.Вінніцкі імкнецца пераканаць чытача ў тым, што беларусы амаль цалкам зрусіфікаваныя. Паводле сваіх падлікаў, крыніцы якіх невядомыя, ён сцвярджае, што на пачатку 90–х г. ХХ ст. толькі 20% насельніцтва Беларусі штодня карысталася роднай мовай, а сучасныя паказчыкі амаль не змяніліся (s.87). Заўважым, што даследчык праігнараваў вынікі перапісу 1999 г., адпаведна якому беларускай мовай штодня карыстаецца 36,7% насельніцтва. (Сярод беларусаў — 41,3%, сярод палякаў — 57,6%). Прычым у найбольш „каталіцкіх“ Менскай і Гарадзенскай вобл. болей за 50% насель­ніцтва паўсядзённа размаўляе па–беларуску[37]. Пры гэтым польскай мовай штодня карыстаецца меней за 5,6% палякаў Гарадзенскай вобл.[38] Лічбы сведчаць пра неабходнасць больш шырокага ўвядзення беларускай мовы ў касцельнае набажэнства. Варта падкрэсліць, што перапіс адбываўся ва ўмовах, калі дзяржаўныя ўлады нашай краіны мэтанакіравана праводзілі (і праводзяць!) палітыку русіфікацыі.

Неабходна таксама звярнуць увагу на аўтарскую ацэнку палітыкі беларусізацыі і яе наступстваў для лёсу польскай супольнасці. Праблема дастаткова складаная і патрабуе грунтоўнага даследавання. Аднак для аўтара ніякай складанасці тут няма. Беларусізацыя разглядаецца ім толькі ў якасці праявы антыпольскай палітыкі, у якой таксама ўдзельнічалі беларускія гісторыкі. Ужо ва Ўводзінах З.Вінніцкі заявіў, што „сучасная беларуская гістарыяграфія ўдзельнічае ў працягу царскай і савецкай палітыкі, мэтаю якой была і застаецца дэпаланізацыя <…> Земляў забраных, Літвы, Паўночна–Заходняга краю, Заходняй Беларусі, заходніх абласцей БССР — РБ. У пэўныя моманты гэтая палітыка набывае выгляд <…> „дзіцячай хваробы нацыяналізму“ (s.37).

З.Вінніцкі вылучыў восем этапаў беларусізацыі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што палова з іх (у перыяд з 1924 да 1956 г.) суправаджалася антыпольскім рэпрэсіямі і фізічным вы­нішчэннем прадстаўнікоў польскай супольнасці (с.37—38), і не згадаў пра антыбеларускі тэрор канца 20–х — сярэдзіны 50–х г., які па сваіх памерах і наступствах быў не менш жах­лівым. Дэманструючы даволі арыгінальнае разуменне „беларусізацыі“, якая, напрыклад, магла суправаджацца антыбеларускім тэрорам, польскі даследчык у якасці апошняга перыяду гэтай палітыкі вылучыў 1996—2002 г. (?!), а праз некалькі старонак заўважыў, што дэпаланізацыя працягваецца і сёння (s.47). Наогул, гісторыя Рэспублікі Беларусь з яе намаганнямі па Адраджэнні беларускай культуры, якімі характарызаваўся перыяд парламенцкай рэспублікі (1991—1994), разглядаецца пераважна як чарговы этап дэпаланізацыі. Аўтар упарта падкрэслівае антыпольскасць беларускіх палітыкаў незалежніцкага кірунку, як пад час іх знаходжання пры ўладзе, так і ў перыяд апазіцыйнай дзейнасці. Аднак варта нагадаць, што амаль усе культурныя і адукацыйныя поспехі польскай грамадскасці былі дасягнутыя якраз на пачатку 90–х г., а палітычныя рашэнні па ліквідацыі перашкодаў для развіцця ўсіх нацыянальных супольнасцяў Беларусі прымаліся пераважна людзьмі, якія сёння належаць да палітычнай апазіцыі. Дарэчы, гэта іншым разам прызнае і З.Вінніцкі. У прыватнасці, ён згадаў, што Закон аб мовах (1990) спрыяў развіццю культуры ўсіх народаў Беларусі (s.90). Аднак на агульныя ацэнкі З.Він­ніцкім стаўлення прыхільнікаў беларусізацыі да польскай супольнасці гэта ніяк не паўплывала. Аўтар адстойвае думку, што антыпольская палітыка была неад’емным атрыбутам кожнага этапу беларускага Адраджэння.

Адзначым таксама шматлікія факталагічныя памылкі, абумоўленыя аўтарскім няведаннем многіх падзеяў беларускай гісторыі. У прыватнасці, З.Вінніцкі лічыць Еўфрасінню Полацкую княгіняй (s.127, 365), якая жыла і кіравала Полацкам з 1104 да 1116 г. (s.367). Ён жа сцвярджае, што Слуцкім паўстаннем (1920) кіраваў Булак–Булаховіч (s.323—324) ды інш.

У выніку праведзенага „даследавання“ З.Вінніцкі заявіў, што „ў адносінах да трактавання Польшчы і польскасці гістарыяграфія (у прынцыпе ўся) і ідэалогія (грамадская і дзяржаўная) у Рэспубліцы Беларусь, незалежна ад таго, ці зыходзіць яна з афіцыйных цэнтраў ці з апазіцыйных, практычна тоесная, або па меншай меры вельмі падобная. Гэта абумоў­лівае (і тлумачыць) няшчырыя, халодныя, а часамі непрыязныя адносіны да бліжэйшага суседа Рэспублікі Белaрусь — Рэчы Паспалітай Польскай. У такім аспекце трэба тлумачыць адносіны да польскай нацыянальнай меншасці ў сучаснай Беларусі. Гэта павінны ўлічваць польскія палітычныя цэнтры, зацікаўленыя польска–беларускімі адносінамі, і даследчыкі, якія вывучаюць уплыў дактрыны на палітыку. Яны па­він­ны зрабіць практычныя высновы, патрэбныя палітыкам“ (s.601).

Заўважым невыпадковасць адкрытай палітызаванасці высноваў З.Вінніцкага. Знаёмства з тэкстам пераконвае ў тым, што аўтар не выканаў падставовых нормаў навуковага даследавання, дзеля доказу сваіх тэзісаў часцяком скажаў пазіцыі беларускіх аўтараў і падманваў чытача. Ён свядома ствараў з беларусаў (у першую чаргу з прадстаўнікоў беларускай палітычнай апазіцыі) вобраз ворага Польшчы i палякаў.

Сапраўды, польска–беларускія адносіны ў мінулым стагоддзі часцяком набывалі даволі востры характар, але ці толькі беларусы ў гэтым вінаватыя? Навуковае даследаванне праблемаў, якія датычаць міжнацыянальных адносінаў, па­він­на адрознівацца падкрэсленым аб’ектывізмам, імкненнем да разумення іншага боку, здольнасцю прыняць іншае меркаванне і пагадзіцца з ім.

Вядомы польскі гісторык Ежы Тапольскі, разважаючы пра аб’ектыўнасць даследчыка, згадаў пра прынцып адкрытасці. Ён быў упэўнены, што аб’ектыўным можа быць толькі той гісторык, які адкрыты на іншыя культуры і іншыя спосабы мыслення. Паводле Е.Тапольскага, аб’ектыўнасць — гэта, у першую чаргу, „супрацьстаянне кожнаму ідэалагічнаму гвалту (і ўплыву), накіраванаму на рэалізацыю мэтаў толькі адной сацыяльнай групы або адной нацыі на шкоду іншым. Аб’ектыўнасць  — гэта разуменне „іншых“ і адначасная салідарнасць, якая закранае максімальна шырокія групы людзей“[39]. Пра неабходнасць нейтралізацыі ўласнага пункту погляду шляхам ягонага асэнсавання і аналізу пісаў таксама амерыканскі да­следчык Георг Ігерс. На яго думку, менавіта „на гэтым грунтуецца адказнасць даследчыка і ўчора, і сёння“[40]. Ён жа выказаў меркаванне, што „гістарыяграфія — гэта бясконцы дыялог, які неабавязкова прыводзіць да кансэнсуса“[41].

На жаль, З.Вінніцкі ў рэцэнзаванай працы цалкам праігнараваў гэтыя і падобныя ім думкі, якія датычаць „майстэрні гісторыка“. Амаль з першых старонак кнігі ён выступае як носьбіт „абсалютнай ісціны“ і звычайна вядзе гаворку тонам пракурора пад час судовага працэсу. Звычайна падобная па­зіцыя чалавека, які прэтэндуе на тое, каб называцца гісторыкам, выклікае толькі ўсмешку ўдумлівага чытача. Але ў дадзеным выпадку паблажлівасць недапушчальная. Занадта важныя праблемы сталі прадметам абмеркавання ў кнізе З.Він­ніцкага.

Сучасная беларуская гістарычная паланістыка перажывае складаны этап станаўлення, важнай рысай якога з’яўляецца паступовае пазбаўленне ад таго „вобраза ворага“, у які пера­тварылі палякаў ідэолагі яшчэ сталінскіх часоў. Гэты працэс ідзе досыць няпроста, і праца З.Вінніцкага пры ўсіх сваіх недахопах і свядомай антыбеларускай пазіцыі аўтара прымушае звярнуць увагу на неабходнасць канчатковага пазбаўлення савецкіх стэрэатыпаў.

Кніга З.Вінніцкага адначасна сведчыць пра пэўныя праблемы польскай гістарыяграфіі, якая таксама цяжка развітваецца са стэрэатыпамі „крэсовай“ гістарычнай публіцыстыкі міжваеннага часу. Рэцэнзаваная праца быццам пераносіць чытача на сто гадоў назад, у эпоху ваяўнічых нацыяналізмаў. На фоне многіх іншых сучасных даследаванняў, прысвечаных міжнацыянальным аспектам і накіраваных на дыялог з іншы­мі культурамі, кніга З.Вінніцкага выглядае як іржавы асколак даўняй вайны.

Зразумела, што рэцэнзаваная манаграфія зусім не адлюстроўвае ўзровень польскай гістарычнай беларусістыкі, якая можа ганарыцца працамі Р.Радзіка, Ю.Бардаха, А.Бергман, К.Гамулкі, П.Эбэрхардта, Е.Клачоўскага, У.Вяльгорскага ды інш. Наогул, кантакты з польскімі навукоўцамі вельмі спрыяюць пазітыўным пераменам у айчыннай гістарычнай навуцы. Кніга З.Вінніцкага таксама будзе карыснай для азнаямлення, але галоўным чынам як прыклад таго, як нельга праводзіць гістарычнае даследаванне.


[1] Гл., напр., публікацыі часопіса Беларуская думка.
[2] Блок М. Апология истории или ремесло историка. Изд. 2. Москва, 1986. С. 80.
[3] Гл., напр., Jurkiewicz J. Osadnictwo Polskie w Wielkim Księstwie Litewskim w światle badań historycznych // Acta Baltico–Slavica. 1994, t. 22; Römer M. Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskiego. Lwów, 1908; Römer M. Dwie teorie o Polakach litewskich // Zeszyty historyczne. Z.106. Paryż, 1993; Карашчанка І. Палякі // Этнаграфія Беларусі. Мінск, 1989; Werenicz W. Historyczne i kulturalne podstawy świadomości narodowej Polaków w Związku Radzieckim (na przykładzie Białorusi) // Polacy w kościele katolickim w ZSSR. Pod red. ks. E.Wale­wandra. Lublin: KUL, 1991; Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988; Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. Гродна, 2001; Miknys R. Problem kształtowania się nowoczesnego narodu Polaków litewskich w pierwszej połowie XX w. // Biuletyn Historii pogranicza. 2000. Nr 1.
[4] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. S. 197—198.
[5] Гл., напр., публікацыі А.Смаленчука, у т.л. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй.
[6] Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. С. 28 ды інш.
[7] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. S. 201—202.
[8] Wielhorski W. Narodowość Mickiewicza w światle współczesnej socjologii i etnografii // Alma Mater Vilnensis. Prace zebrane.  Londyn, 1958. S. 112.
[9] Тамсама.
[10] Вядомы польскі гісторык Ежы Клачоўскі ў адным з інтэрв’ю прызнаў, што „…Рэч Паспалітая ў нашай (польскай — А.С.) гістарыяграфіі часта трактавалася проста як Польшча. На працягу стагодзьдзяў мы ўсімі сіламі імкнуліся прыпісаць на нашу ўласнасць гэтую дзяржаву і глядзелі на яе з пэрспэктывы нашых нацыянальных інтарэсаў. Поль­шча, канешне, была часткаю Рэчы Паспалітае, але гэтай Рэччу Паспалітай мы павінны падзяліцца. Мы павінны ўсвядоміць сабе, што яна была ў сваёй аснове дзяржаваю ў роўных правох палякаў, літоўцаў, беларусаў, украінцаў. Зразумела, мы ня можам не ўлічыць вялікую ролю немцаў як з Каралеўскай, так і Княскай Прусіі, якія доўгі час былі ленам Рэчы Паспалітае, і, канешне, гэбраяў, якія стварылі на гэтых землях унікальную культуру (Клачоўскі Е., Уроньскі П. Пра Люблінскую унію і унію Эўрапейскую // Спадчына. 2000. № 1. С. 65—66).
[11] Напр., Г.Сагановіч у кнізе Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст. (Мінск, 2001) ахарактарызаваў ВКЛ як літоўска–беларускую дзяржаву, у якой пры палітычнай дамінацыі літоўцаў вельмі значную ролю адыгрывалі беларускія землі з іх вялізным дэмаграфічным і грамадска–культурным патэнцыялам (С. 72).
[12] Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. 862—1918. Падзеі. Даты. Ілюстрацыі. Вільня, 2002. С. 108. (Гэта адна з рэдкіх кніг па гісторыі Беларусі, якая вытрымала ўжо 3 выданні і па–ранейшаму карыстаецца попытам на кніжным рынку краіны).
[13] Пилипенко М. Возникновение Белоруссии. Минск: Беларусь, 1991. С. 99.
[14] Ширяев Е.Е. Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах. Минск, 1991.
[15] Ковкель И.И., Ярмусик Э.С. История Беларуси с древнейших времен до нашего времени. Минск, 1998.
[16] Саракавік І.А. Беларусазнаўства. Мінск, 1998.
[17] Ковкель И.И., Ярмусик Э.С. История Беларуси с древнейших времен до нашего времени. Минск, 1998.
[18] Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. Ад старажытных часоў — па люты 1917 г.; Ч. 2. Люты 1917 — 2000 г. : Вучэб. дапам. / пад рэд. Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля. Выд 2. Мінск, 2000.
[19] Гл., напр., Г.Сагановіч. Вяртанне ў „Северо–Западный край“? // БГА. Том 5. Сш. 2(9). Снежань 1998; Біч М. Гістарыяграфічныя „навацыі“ ў навучальнай літаратуры // БГА. Том 5. Сш. 2(9). Снежань 1998.
[20] Хачу таксама звярнуць увагу на ўласны сціплы ўнёсак у вывучэнне гісторыі палякаў Беларусі ў другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. У перыяд з 1993 да 2002 г. апублікаваныя каля 50 артыкулаў і 2 мана­графіі, якія атрымалі пераважна станоўчыя ацэнкі беларускіх (рэцэнзіі С.Рудовіча і Я.Мірановіча), літоўскіх (рэцэнзія Р.Гайдзіса) і польскіх (рэцэнзіі Л.Заштаўта, Я.Юркевіча, Д.Тарасюка) калегаў.
[21] Біч М.В. Гісторыя Беларусі. Канец XVIII ст. — 1917 г. / Вучэб. дапам. для 8 класа агульнаадукацыйнай школы. Мінск, 1998. С. 68.
[22] Тамсама. С. 16.
[23] Тамсама. С. 54.
[24] Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі. Мінск, 1992. С. 48 (цытата з захаваннем моўных асаблівасцяў арыгіналу).
[25] З.Вінніцкі чамусьці спаслаўся на с. 50—51 Кароткай гісторыі Беларусі.
[26] З.Вінніцкі сцвярджае, што ўсе беларускія аўтары лічаць савецкую агрэсію актам гістарычнай і класавай справядлівасці. Прычым прадстаўнікі нацыянальнай гістарыяграфіі да таго ж прэтэндуюць на анексію польскай Беласточчыны (s.534). Аўтар праігнараваў кнігу вядомага беларускага паланіста Р.Лазько Перад патопам. Еўрапейская палітыка Польшчы (1932—1939) (Мінск, 2000), дзе 1939 год трактуецца як трагедыя Польшчы і ўсяго свету. Таксама хачу спаслацца на ўласны артыкул Верасень 1939 г. у савецкай і беларускай гістарыяграфіі (Гістарычны альманах. 2000. Т. 3), дзе падзеям верасня 1939 г. была дадзеная падобная ацэнка.
[27] Белы А. Хроніка Белай Русі. Chronicon Russiae Albae. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. Мінск, 2000.
[28] Гл., напр., Сагановіч Г. Да гісторыі назвы „Белая Русь“ // Старонкі гісторыі Беларусі. Мінск, 1992.
[29] Dzieje Polski. Pod red. Jerzego Topolskiego. Warszawa, 1976. S. 14, 78.
[30] Рэцэнзія на кнігу Т.Кручкоўскага апублікаваная на старонках Гістарычнага альманаха (2003, т. 9).
[31] Kruczkowski T. Polacy na Białorusi na tle historii i wspólczesności. Слоним, 2003. S. 209.
[32] Römer M. Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskigo. S. 9.
[33] Wasilewski L. Litwa i jej ludy. Warszawa, 1907. S. 5.
[34] Bardach J. Polacy litewscy a inne narody Litwy historycznej. Próba analizy sistemowej // Belarus, Lithuania, Poland, Ukraina. The foundations of historical and cultural traditions in East Central Europe. Lublin–Rome, 1999. S. 377.
[35] Эбэрхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897—1989. Мінск, 1997.
[36] Некаторыя аўтарскія ацэнкі асобы ксяндза У.Завальнюка нагадваюць сапраўдны данос, адрасаваны кіраўніцтву каталіцкага касцёла Беларусі.
[37] Численность и основные социально–демографические характеристики населения Республики Беларусь по данным переписи 1999 г. Минск, 1999. С. 23.
[38] Перепись населения Республики Беларусь. Итоговые таблицы первой очереди. Б.м., б.д. Табл. 34.
[39] Topolski J. Jak się pisze i rozumie historię. Tajemnice narracji histo­rycznej. Warszawa, 1998. S. 376.
[40] Iggers G.G. Użycia i nadużycia historii: o odpowiedzialności historyka w przeszłości i obecnie // Pamięc, etyka i historia. Angło–amerykańska teoria historiografii lat dziewięćdziesiątych / pod red. Ewy Domańskiej. Poznań, 2002. S. 113.
[41] Тамсама.

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'Гістарычная навука ў суседзяў'