Новы нумар

Галоўная » Запісы па тэме 'Гістарычная навука ў суседзяў'

Артыкулы па тэме ‘Гістарычная навука ў суседзяў’

Алесь Смaлянчук. У пошуках ворага польскай нацыі

Снежня 11, 2003 |


* Winnicki, Zdzisław Julian. Współczesna doktryna i historiografia biało­ruska (po roku 1989) wobec Polski i polskości. Wrocław, 2003. 621 s.

Польска–беларускія адносіны ніколі не набывалі такой вастрыні і напружанасці як, напрыклад, польска–літоўскія ў 20—30–я г. ХХ ст. ці польска–ўкраінскія пад час Другой сусветнай вайны. Аднак і яны перыядычна азмрочваліся канфліктамі, прычынай якіх найчасцей было нежаданне або няздольнасць зразумець іншы бок. Пра ўсё гэта красамоўна сведчыць складаны лёс польскай супольнасці ў Беларусі і беларускай — у Польшчы. Праўда, ацэньваючы пазіцыю беларускага боку, трэба ўлічваць, што на працягу большай часткі мінулага стагоддзя нацыянальную палітыку на беларускіх землях вызначала не эліта беларускай нацыі, а засланыя з Масквы чыноўнікі, якія рупліва ажыццяўлялі праграму стварэння „савецкага народа“. Зрэшты, цалкам самастойным не было таксама кіраўніцтва ПНР. Абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь стала неабходнай перадумовай для выпрацоўкі і рэалізацыі ўласна беларускай пазіцыі ў міждзяржаўных і міжнацыянальных адносінах. Аднак гэты працэс абцяжараны як палітычнымі ўплывамі з боку Расіі (асабліва з восені 1993 г.), так і стэрэатыпамі, уведзенымі ў свядомасць беларускага грамадства яшчэ ў часы панавання савецкай ідэалогіі. Досыць моцна ўплываюць гэтыя фактары на адносіны да Польшчы і да палякаў. Тым не менш аналіз навуковых публікацый па „польскім пытанні“ можа быць вельмі карысны як для разумення асаблівасцяў развіцця беларускай гістарыя­графіі на рубяжы ХХ—ХХI ст., так і для характарыстыкі менталітэту сучаснага беларускага грамадства.

Кніга Здзіслава Юліяна Вінніцкага з’яўляецца спробай падобнага аналізу. Прычым аўтар узяўся аналізаваць не толькі гістарыяграфію, але таксама „сучасную беларускую ідэалогію“ („współczesna doktryna białoruska“). Гэтае сумяшчэнне здзіўляе, бо ідэалогія і навука належаць да розных сфераў жыцця грамадства, выконваюць розныя сацыяльныя функцыі і патрабуюць розных метадаў даследавання. Гэтая рэцэнзія прысвечана гістарыяграфічным аспектам. Адносна „ідэалагічнага сюжэта“ працы З.Вінніцкага абмяжуюся толькі адной заўвагай. Паняцце „сучаснай беларускай ідэалогіі“ па­трабуе спецыяльнага тлумачэння. У нашай краіне (як і ў кожнай іншай) існуюць розныя ідэалогіі, і вывучэнне „польскага пытання“ ў ідэалагічных канцэпцыях, па меншай меры, прадугледжвае аналіз зместу як г.зв. „афіцыйнай ідэалогіі“[1], так і праграмаў буйных палітычных партый. Між тым аўтар канцэнтруе ўвагу на асобных выказваннях беларускіх палітыкаў і чыноўнікаў, артыкулах малавядомых журналістаў або прадстаўнікоў беларускай эміграцыі, якія часцяком прадстаўляюць не столькі „сучасную беларускую ідэалогію“, колькі саміх сябе. Наогул праблема рэпрэзентатыўнасці выкарыстаных крыніцаў і літаратуры з’яўляецца адной з найважнейшых для дадзенага даследавання.

Галоўным аб’ектам аналізу будуць выказаныя польскім даследчыкам ацэнкі беларускай гістарычнай паланістыкі. Але спачатку варта звярнуць увагу на даследчы метад аўтара. Менавіта яму, а таксама канцэпцыі даследавання прысвечаныя Ўводзіны, якія маюць падзагаловак Канцэптуальныя і метадалагічныя ўводзіны. Аднак на самай справе Ўводзіны пачынаюцца з… высновы. З.Вінніцкі адразу заяўляе, што „сучасная беларуская літаратура, асабліва гістарыяграфія і паліталогія <…> абцяжараная своеасаблівым комплексам, калі размова ідзе пра адносіны да Польшчы і палякаў. Прычым гэта датычыць як ацэнкі сучаснасці, так і (перш за ўсё) гісторыі польска–беларускіх (польска–літоўскіх) узаемадачыненняў. У гэтай ацэнцы відавочныя ўплывы расійскай (дарэвалюцыйнай) і адначасна савецкай гістарыяграфіі з вельмі выразным нацыянальна–класавым адценнем, якое выяўляецца ў негатыўных ацэнках гістарычных адносінаў Беларусі (беларусаў) да бліжэйшых суседзяў і ў першую чаргу ў адносінах да польскасці <…>“ (s.5).

Вылучаючы мэты даследавання, З.Вінніцкі першую з іх звязаў з характарыстыкай поглядаў беларускага грамадства на польска–беларускія адносіны, якія „ў сучаснай Беларусі бачацца скрозь прызму тутэйшай гістарыяграфіі“, а наступную — з дэманстрацыяй таго „ідэйна–палітычнага і фактычнага ціску“, ва ўмовах якога знаходзіцца ў Беларусі „мільённая польская супольнасць“ (s.6). Апошняе для аўтара з’яўляецца фактам, які не трэба даказваць, дастаткова канстатаваць. Заўважым, што падобная мэта належыць хутчэй да сферы палітыкі, чым навукі.

Даследчык адзначыў, што ў сучаснай беларускай гістарыя­графіі вылучаюцца два прынцыпова розныя метадалагічныя падыходы — постмарксізм (тлумачэнне гісторыі Беларусі з класавых пазіцый), які залічваюць да „праўрадавага“, або афі­цыйнага кірунку, і „апазіцыйны“, або незалежны падыход, які характарызуецца антысавецкай і антырасійскай пазіцыяй (s.14). Здзіўляе метадалагічная неахайнасць гэтай класіфікацыі, бо першы падыход характарызуецца на падставе даследчага метаду, а другі — на падставе палітычнай пазіцыі ягоных прадстаўнікоў. Аднак існаванне двух кірункаў у сучаснай беларускай гістарыяграфіі трэба прызнаць. Прадстаўнікі „пра­ўрадавага“ (або „афіцыйнага“) кірунку фармальна выкарыстоўваюць савецкі варыянт марксісцкага метаду даследавання. Але найбольш характэрнай рысай іх працаў з’яўляецца аўтарскае перакананне ў тым, што гісторыя — гэта частка ідэалогіі, і яна павінна абслугоўваць сучасную ўладу. „Нацыянальны“ кірунак, на мой погляд, грунтуецца на ўспрыняцці гісторыі як навукі, якая не падпарадкоўваецца чыноўнікам і палітыкам, і імкненні выкарыстоўваць у даследаваннях усё багацце метадалогіі сусветнай гістарыяграфіі. Нацыянальны змест гэтага кірунку выяўляецца галоўным чынам у спробе разглядаць беларусаў у якасці галоўнага суб’екта ўласнай гісторыі. Перавагу „патрыятычнага“ кампанента над навуковым у працах некаторых прадстаўнікоў гэтага кірунку трэба разглядаць як свайго роду хваробу росту, якая, дарэчы, не з’яўляецца вы­ключна беларускай з’явай.

Тэкст Уводзінаў (68 старонак) уяўляе сабой канспект манаграфіі, ужо напоўнены ацэнкамі даследаванняў беларускай гістарыяграфіі па „польскім пытанні“. Толькі напрыканцы аўтар нарэшце згадвае пра ўласны даследчы метад, які называе „ілюстрацыйным“ (s.62). Ягоная асаблівасць — пастаноўка гіпотэзы на пачатку кожнага раздзела з наступным аналізам крыніцаў. Аднак на самай справе тэзісы, прапанаваныя аўтарам у пачатку раздзелаў (і ў пачатку кнігі), з’яўляюцца не гіпотэзай, якая служыць арганізацыі даследчага працэсу і пад час яго праходзіць верыфікацыю і мадыфікацыю, а гатовымі вынікамі даследавання. Яны яшчэ раз паўтараюцца напрыканцы кожнага раздзела (і кнігі). Такі „метад“ больш адпавядае падручніку, чым навуковай манаграфіі. Трэба прызнаць, што ўласна метадалогія даследавання не раскрытая, а вось канцэпцыя выразна адлюстравалася ў прапанаваных на пачатку манаграфіі аўтарскіх высновах.

Канцэпцыя праявілася таксама ў назвах раздзелаў, прысвечаных асвятленню ў „сучаснай беларускай ідэалогіі“ і гістарыяграфіі „ключавых праблемаў палітычнай і культурнай гісторыі польскай дзяржаўнасці“ (s.63). Да іх аўтар цалкам слушна аднёс наступныя — Польская нацыянальная меншасць на тэрыторыі Беларусі (Раздзел I); Ацэнка поль­ска–літоўскіх уній і ладу I Рэчы Паспалітай (Раздзел II); Канфесійная праблематыка (Раздзел III); Тэрытарыяльныя пастулаты ў адносінах да польскай дзяржавы і прасторы ўзаемных культурна–этнічных і палітычных уплываў (Раздзел IV); Адносіны да польскіх нацыянальных паўстанняў (Раздзел V); Гістарычныя постаці з тэрыторыі былога ВКЛдалучэнне да беларускага этнасу і беларускай культуры (Раздзел VI); Ацэнка палітычнага ладу II Рэчы Паспалітай (Раздзел VII); Адносіны да савецкай агрэсіі на Польшчу і яе наступстваў (Раздзел VIII); Адносіны да польскай ваенна–палітычнай дзейнасці на тэрыторыі акупаваных паўночна–ўсходніх ваяводстваў II Рэчы Паспалітай у перыяд II сусветнай вайны (Раздзел IХ). Пры гэтым З.Вінніцкі адпаведна свайму „ілюстрацыйнаму метаду“ ўжыў падвойныя назвы, у якіх адлюстрава­ліся ягоныя ацэнкі беларускай пазіцыі па азна­чаных праблемах, напрыклад: Касцельныя палякі ці „паланізаваныя беларусы“ (Раздзел I); Рэч Паспалітая, якая не была Польшчай, але паланізавала Вялікае Княства Літоўскае, якое было „Беларуссю“ (Раздзел II); Пра паланізацыю праз каталіцызм беларусаў, якія спавядалі праваслаўную славянскую веру (Раздзел III); Беспрэцэдэнтны ў ХХ ст. рабунак дзяржаўнай тэрыторыі (Беларусі) (Раздзел IV); Поль­ская дзяржава гвалту і беспраўя (Раздзел VII) ды інш. Гэтая падвоенасць надае ўсяму даследаванню выразную публіцыстычную афарбоўку. І тут мы падышлі да адной з „балючых кропак“ манаграфіі З.Вінніцкага.

Кніга напісаная вельмі эмацыйна. Аўтар адмаўляецца ад пазіцыі бесстаронняга аналітыка і ператвараецца ў пракурора, які асуджае беларускіх навукоўцаў і палітыкаў за непрафесіяналізм, варожасць да Польшчы і палякаў, анексійныя намеры адносна тэрыторыі польскай дзяржавы ды інш. З.Він­ніцкі выступае як носьбіт „ісціны ў апошняй інстанцыі“. Ён абвяргае, высмейвае, часам нават здзекуецца з таго, што пярэчыць гэтай „ісціне“. У гэтай сувязі згадваецца думка Марка Блока пра тое, што звычка выносіць прысуд перакрэслівае жаданне зразумець[2]. Аўтарскі стыль, безумоўна, не служыць справе абмеркавання праблемаў польска–беларускіх адносінаў і іх адлюстравання ў гістарыяграфіі.

Напрыканцы Ўводзінаў аўтар знаёміць чытача з „генераль­ным прынцыпам“ даследавання — „выкарыстанне ўсіх даступ­ных крыніцаў, якія аказваюць непасрэдны і масавы ўплыў на фармаванне гістарычных ведаў і гістарычнай свядомасці, палітыкі і ідэалогіі ў адносінах да Польшчы і поль­скасці“ (s.68). Зразумела, што з улікам усёй маштабнасці пастаўленай задачы перад аўтарам непазбежна ўзнікла праблема селекцыі або вы­бару найбольш рэпрэзентатыўных крыні­цаў. Крытэрыі гэтага выбару („даступнасць“ і „масавы ўплыў…“) маюць выразны суб’ектыўны характар.

Знаёмства з тэкстам кнігі паступова пераконвае беларускага чытача, што пры разглядзе многіх гістарычных праблемаў аўтар не выкарыстоўвае найбольш рэпрэзентатыўныя крыніцы або выкарыстоўвае толькі іх частку. У выніку аўтарскай селекцыі беларуская гістарычная паланістыка ператвараецца ў мяшанку з ненавуковых ацэнак і характарыстык, антыпольскіх (неасавецкіх) выпадаў, неабгрунтаваных прэтэнзій (у т.л. тэрытарыяльных) ды інш.

Напрыклад, ацэнкі беларускай гістарыяграфіі ў раздзеле Польская нацыянальная меншасць на тэрыторыі Беларусі (= Касцельныя палякі ці „паланізаваныя беларусы“) заснаваныя амаль выключна на аналізe тэкстаў падручнікаў для ВНУ і сярэдніх школ. Безумоўна, падручнікі ўплываюць на фармаванне гістарычных ведаў і гістарычнай свядомасці, але нельга на іх падставе меркаваць пра ўзровень развіцця гістарыя­графіі, у т.л. пра ўзровень асвятлення пытанняў паланістыкі. Падручнікі непазбежна адлюстроўваюць учорашні дзень гіс­тарычнай навукі (ці нават пазаўчорашні, улічваючы імкненне ўладаў нашай краіны вярнуць гістарычную адукацыю ў рэчышча савецкай ідэалогіі). Па меншай меры, варта сумяшчаць разгляд падобных крыніцаў з аналізам навуковых даследаванняў. Аднак апошні па азначанай праблеме адсут­нічае.

У выніку аналізу тэкстаў падручнікаў аўтар сцвердзіў, што беларускія гісторыкі адмаўляюць факт масавых перасяленняў польскага насельніцтва на беларускія землі і тым самым не прызнаюць палякаў карэнным насельніцтвам, лічаць іх вынікам штучных працэсаў паланізацыі і акаталічвання, сцвяр­джаюць непаўнавартасць палякаў у Беларусі (маўляў, гэта не палякі, а „паланізаваныя беларусы“) і трактуюць творы поль­скай матэрыяльнай і духоўнай культуры як беларускія ў „эт­на–палітычным разуменні“ (s. 71, 97). На гэтых высновах трэба спыніцца, бо яны стануць свайго роду падмуркам далейшых аўтарскіх ацэнак і разважанняў.

Беларускія даследчыкі сапраўды прыйшлі да высновы, што перасяленні польскага насельніцтва на беларускія землі не мелі масавага характару, а паходжанне палякаў Беларусі звязанае галоўным чынам з асіміляцыйнымі працэсамі. Падобную пазіцыю падзяляе таксама большасць гісторыкаў Польшчы і Літвы. Аналіз польскай, беларускай і літоўскай гістарычнай літаратуры, зроблены аўтарам гэтых радкоў у манаграфіі Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 (Гродна, 2001) дазваляе сцвярджаць, што, на думку большасці даследчыкаў, перасяленні насельніцтва з тэрыторыі сучаснай Поль­шчы ў Беларусь насілі эпізадычны характар і ніколі не былі масавымі. Галоўным фактарам фармавання польскай супольнасці Беларусі з’яўляліся працэсы паланізацыі і самапаланізацыі карэннага насельніцтва[3]. У польскай гістарычнай навуцы гэты тэзіс адстойваюць такія вядомыя даследчыкі, як Юліуш Бардах, Уладыслаў Вяльгорскі, Ян Юркевіч, Пётр Эбэрхардт. Ю.Бардах, напрыклад, лічыць, што ва ўмацаванні польскіх пазіцый на тэрыторыі „гістарычнай Літвы“ галоўную ролю ады­грала пашырэнне польскай мовы і культуры сярод вышэйшых колаў грамадства ВКЛ. Ю.Бардах адзначыў супольнасць паходжання „літоўскіх палякаў“ з этнічнымі беларусамі і літоўцамі, культурныя ўзаемаўплывы. Паводле ягонага меркавання, у выніку паланізацыі сфармаваўся адметны тып паляка ў Літве і Беларусі, які па сваіх этнакультурных рысах быў бліжэйшы да літоўца і беларуса, чым да паляка з этнічнай Польшчы[4]. Відавочна, што думкі беларускіх даследчыкаў не з’яўляюцца нейкім кур’ёзам, а адпавядаюць, у прыватнасці, польскай гістарыяграфічнай традыцыі.

Прызнанне факта, што польская грамадскасць Беларусі сфармавалася галоўным чынам у выніку працэсаў асіміляцыі, толькі спрыяе аднясенню яе да карэннага насельніцтва[5] і зусім не сведчыць пра яе „непаўнавартасць“. Галоўным крытэрыем нацыянальнай прыналежнасці з’яўляецца самасвядомасць чалавека, і ў гэтых адносінах паляк з–пад Горадні нічым не адрозніваецца ад паляка з–пад Варшавы.

Што да ацэнкі феномена „паланізацыі“, то ў беларускай гістарыяграфіі (з часоў Кароткай гісторыі Беларусі В.Ластоўскага) прысутнічае разуменне паланізацыі не толькі як палітыкі асіміляцыйнага гвалту, але як натуральнага працэсу, свайго роду „самапаланізацыі“. Аўтар гэтых радкоў у даследаванні польскага руху на беларускіх і літоўскіх землях у апошняе пяцідзесяцігоддзе гісторыі Расійскай імперыі таксама прыйшоў да высновы, што немагчыма зразумець працэс асімі­ляцыі, карыстаючыся толькі паняццем „паланізацыя“. Даследаванне нацыянальна–культурнага і палітычнага становішча польскай грамадскасці Беларусі і Літвы напрыканцы ХIХ — пачатку ХХ ст., а таксама імкненне разглядаць беларусаў у якасці галоўнага суб’екта ўласнай гісторыі спрыялі ўвя­дзенню ва ўжытак беларускай гістарыяграфіі паняцця „самапаланізацыя“[6]. Аднак трэба прызнаць і тое, што ў айчыннай гістарыяграфіі і ў сістэме адукацыі ўсё яшчэ даволі распаўсю­джаныя ацэнкі асіміляцыйных працэсаў, заснаваныя не на навуковым, а на ідэалагічна–прапагандысцкім падыходзе. Тым не менш высновы З.Вінніцкага не адлюстроў­ваюць рэальны стан сучаснай беларускай гістарыяграфіі па праблеме пахо­джання і месца польскай супольнасці ў беларускай гісторыі. Аўтар праігнараваў пазітыўныя перамены апошніх гадоў.

Тое ж самае можна сцвярджаць адносна тэзіса З.Вінніцкага наконт „крадзяжу“ беларусамі польскіх твораў духоўнай і матэрыяльнай культуры разам з іх творцамі („<…> усе культурныя дасягненні на беларускіх землях <…> характарызуюцца як вынік працы этнічных (і палітычных) беларусаў (на кожным этапе гісторыі I Рэчы Паспалітай і да канца ХIХ ст. уключна)“ (s.411)). На самай справе беларускія гісторыкі звяртаюць увагу на тое, што творчасць, напрыклад, Адама Міцке­віча, Тамаша Зана, Яна Баршчэўскага ды іншых належыць не толькі польскай, але таксама і беларускай культуры. Адзначаецца, што гэтыя славутыя дзеячы культуры ніколі не забыва­ліся пра сваю Радзіму, якой быў Беларуска–Літоўскі край (гістарычная Літва). Часцяком менавіта родны край з’яўляўся галоўнай крыніцай творчай энергіі.

Дарэчы, і ў гэтым выпадку беларускія аўтары не выглядаюць ізаляванымі. Ю.Бардах, напрыклад, грунтоўна прааналізаваў свядомасць тыпу gente Lithuanus (vel Ruthenus), natione Polonus. Ён адзначыў характэрную для яе, па меншай меры з ХVII ст., падвоенасць нацыянальнага пачуцця, калі Літва ўспрымалася як „малая Айчына“, а Польшча — як „вялікая“[7]. Як „караняжы“, так і „ліцвіны“ ў адпаведнасці з тагачаснымі паняццямі былі палякамі. Але гэтыя паняцці мелі ў большай ступені дзяржаўны (палітычны) характар, чым этнакультурны. Падвоенасць свядомасці выразна адчуваецца ў літаратурнай творчасці, напрыклад, Адама Міцкевіча, які стаў гонарам і славай польскай паэзіі. У.Вяльгорскі наступным чынам ахарактарызаваў ягоную асобу: „Міцкевіч быў ліцвінам у тагачасным разуменні гэтага слова. Ён любіў свой родны край і яго мінуўшчыну сыноўняй любоўю. Жаданне вярнуць незалежнасць Вялікага Княства Літоўскага валодала ім цалкам. Адначасова Міцкевіч быў палякам. Ён належаў да польскай культуры і лічыў яе падмуркам духоўнай незалежнасці Айчыны. Незалежнасць Польшчы таксама была ягонай мэтай. Ён не ад­дзяляў яе ад свабоды Літвы. Абедзве гэтыя праўды аб’яднала ў душы Міцкевіча замілаванне да Рэчы Паспалітай“[8]. Яскравым прыкладам спалучэння ліцвінства і польскасці была таксама творчасць Людвіка Кандратовіча і Юзафа Крашэўскага.

У.Вяльгорскі лічыў, што менавіта гістарычная свядомасць нарадзіла гэты незвычайны для перыяду нараджэння нацыяналізмаў феномен. Ліцвінства ён звязваў з паходжаннем з тэрыторыі былога ВКЛ незалежна ад этнічнай і культурнай прыналежнасці, а польскасць лічыў гісторыка–палітычным утварэннем, вынікам гістарычных сувязяў, якія злучалі дзве дзяржавы і народы, што насялялі іх. Ён жа падкрэсліў прынцыповае адрозненне гэтай свядомасці ад свядомасці нацыянальнай[9].

Безумоўна, спроба вызначэння нацыянальнасці (у сучасным яе разуменні) многіх дзеячоў культуры ХIХ ст. выглядае як мадэрнізацыя гісторыі. І шмат каму з беларускіх даследчыкаў (і асабліва публіцыстаў) можна прад’явіць адпаведныя прэтэнзіі, але З.Вінніцкі, настойваючы на выключна „поль­скай нацыянальнай“ прыналежнасці гэтых людзей і іх твораў, робіць тое ж самае. Больш за тое, ягоныя намаганні называць I Рэч Паспалітую выключна „Польшчай“ успрымаюцца як спроба навязаць польскі нацыянальны характар федэратыўнай шматэтнічнай дзяржаве (s.137 ды інш.)[10]. Зрэшты, выкарыстаныя даследчыкам паняцці патрабуюць спецыяльнай гаворкі.

Аўтар не здолеў вырашыць праблему рэпрэзентатыўнасці беларускай гістарычнай літаратуры і ў выпадку з гісторыяй ВКЛ. Многія беларускія медыявісты будуць вельмі здзіўленыя, калі з кнігі З.Вінніцкага даведаюцца, што ў беларускай гістарыяграфіі ВКЛ трактуецца выключна як „беларуская дзяржава“ (s.125 ды інш.). Погляд М.Ермаловіча, на працы якога спасылаецца З.Вінніцкі, не з’яўляецца агульнапрынятым ні ў беларускай медыявістыцы[11], ні ў сістэме адукацыі. Тое ж самае датычыць выключна негатыўнай ацэнкі гэтым беларускім даследчыкам наступстваў Люблінскай уніі (s.173).

Сцвярджаючы агульнасць тэзіса пра „беларускасць“ ВКЛ, аўтар таксама спасылаецца на працы беларускіх эмігрантаў пасляваенных гадоў (заўважым, што сярод іх практычна адсутнічалі прафесійныя гісторыкі), на некаторыя ацэнкі А.П. Грыцкевіча (1994), а таксама… гарадзенскіх польскіх гісторыкаў Г.Васюка і Т.Кручкоўскага. У гэтым раздзеле З.Вінніцкі адмовіўся выкарыстоўваць падручнікі, цытаванне якіх па іншых праблемах займае значнае месца. Між тым аналіз падручнікаў лёгка абвяргае аўтарскі тэзіс наконт „паўсюднай“ трактоўкі ВКЛ як „беларускай дзяржавы“.

Досыць часта аўтар паўтарае думку пра агульнае перакананне сучасных беларускіх даследчыкаў у тым, што нічога карыснага ў беларускую гісторыю палякі не прынеслі. Але вось што, напрыклад, пісалі Г.Сагановіч і У.Арлоў пра наступствы Люб­лінскай уніі ў адной з самых папулярных кніг па беларускай гісторыі: „Аб’яднанне з Каронай дазволіла вызваліць Полацак, выгнаць з Беларусі акупацыйнае маскоўскае войска, скончыць вайну, паправіць гаспадарку“[12]. М.Піліпенка звязаў з „польскасцю“ з’яўленне ў Сярэднявеччы новых формаў адмі­ністрацыйнага падзелу, гарадскога самакіравання, новага календара, пранікненне каталіцызму, узбагачэнне слоўнікавага складу беларускай мовы ды інш.[13] Гэтыя пазітыўныя ацэнкі польскага ўплыву зусім не з’яўляюцца выключэннем у сучаснай беларускай гістарычнай літаратуры.

Аналізуючы беларускую гістарыяграфію, прысвечаную розным аспектам гісторыі ВКЛ (да і пасля Люблінскай уніі), аўтар павінен быў значна больш увагі аддаць працам Г.Сагановіча, А.Краўцэвіча, Г.Галенчанкі, В.Грыцкевіча, А.Мальдзіса. Аднак імёны і працы гэтых даследчыкаў згадваюцца зрэдку. Затое З.Вінніцкі практычна па ўсіх вылучаных аспектах гісторыі звяртаецца да працаў В.Ластоўскага (1910) і У.Ігнатоўскага (1926), якія храналагічна не належаць да разгляданага перыяду і ў сучаснай айчыннай гістарыяграфіі трактуюцца пераважна як помнікі гістарычнай думкі. З.Вінніцкі нават акрэсліў В.Ластоўскага „бацькам беларускай гісторыі“ (s.329, 347 ды інш.).

Абмяжуюся яшчэ толькі адным прыкладам, які ў аўтарскай канцэпцыі займае надзвычай важнае месца. Маецца на ўвазе тэзіс З.Вінніцкага, нібыта ў беларускай гістарыяграфіі, ідэалогіі і палітычным жыцці (у першую чаргу, сярод беларускай апазіцыі) прысутнічаюць тэрытарыяльныя прэтэнзіі на Беласточчыну (s.257 ды інш.). Аўтар неаднаразова гаворыць пра гэтыя прэтэнзіі, імкнучыся паказаць асаблівую варожасць да Польшчы з боку палітычных праціўнікаў беларускага прэ­зідэнта. Аднак, як сведчыць тэкст раздзела Тэрытарыяльныя пастулаты ў адносінах да польскай дзяржавы і прасторы ўзаемных культурна–этнічных і палітычных уплываў (=Беспрэцэдэнтны ў ХХ ст. рабунак дзяржаўнай тэрыторыі (Беларусі)), „гэты адзін з важнейшых канонаў беларускай ідэалогіі“ (s.257) прысутнічае толькі ў папулярным выданні доктара тэхнічных навук Я.Шыраева[14], у падручніках па гісторыі Беларусі У.Ігнатоўскага (1926), І.Коўкеля і Э.Ярмусіка[15], а таксама ў падручніку па беларусазнаўстве І.Саракавіка[16]. Дарэчы, аўтары падручнікаў, як і маскоўскі даследчык Я.Шыраеў, не маюць ніякага дачынення да беларускай апазіцыі.

Праблема рэпрэзентатыўнасці беларускай гістарыяграфіі не вырашаная аўтарам і ў іншых раздзелах працы. Аўтар звычайна абмяжоўвае прадстаўленне сучаснай беларускай гістарычнай навукі працамі В.Ластоўскага (1910) і У.Ігнатоўскага (4 выд., 1926), гістарычнай публіцыстыкай і некалькімі манаграфіямі пачатку 90–х г. ХХ ст., напісанымі не без уплыву „патрыятычнай“ гістарыяграфіі, а таксама сучаснымі падручнікамі неасавецкага кірунку, у прыватнасці, вельмі часта цытуюцца раздзелы падручнікаў па гісторыі Беларусі для ВНУ выкладчыкаў Гарадзенскага універсітэта І.Коўкеля і Э.Ярму­сіка[17], а таксама менскіх даследчыкаў Я.Новіка і Г.Марцуля[18]. Між тым яны належаць да „афіцыйнага“ (неасавецкага) кірунку сучаснай гістарыяграфіі і неаднаразова крытыкаваліся айчыннымі даследчыкамі[19]. Няўжо цытавання гэтых выданняў дастаткова, каб польскі чытач зразумеў тыя працэсы, што адбываюцца ў беларускай гістарычнай навуцы, у т.л. у ацэнках ролі палякаў і Польшчы ў мінулым краіны і яе народa? Безумоўна, не. Гэтага дастаткова толькі, каб па­цвердзіць аўтарскі прысуд беларускай гістарычнай навуцы, які, нагадаю, прагучаў ужо на с. 5 даследавання.

Паступова становіцца відавочным імкненне аўтара падмяніць навуковы аналіз беларускай гістарыяграфіі павярхоўнымі ацэнкамі спецыяльна падабранай дзеля гэтага літаратуры, у якой сапраўды прысутнічаюць антыпольскія стэрэатыпы яшчэ савецкіх часоў. Аўтарская селекцыя працаў беларускіх гісторыкаў не дазваляе ўбачыць эвалюцыю беларускай гістарыяграфіі, якая на рубяжы стагоддзяў перажывае цікавы і важны перыяд развіцця. Манаграфія З.Вінніцкага стварае вобраз „мёртвай“ навукі, якая недалёка адышла ад Кароткай гісторыі Беларусі.

Завяршаючы гаворку пра рэпрэзентатыўнасць даследавання, звернем увагу на Спіс літаратуры і крыніцаў. Раздзел манаграфій, зборнікаў і артыкулаў налічвае ўсяго каля 240 пазіцый. Беларускую гістарыяграфію пасля 1989 г. прадстаўляюць каля 70 пазіцый. Для працы, якая прэтэндуе на аналіз усёй беларускай гістарыяграфіі канца ХХ — пачатку ХХI ст., гэта вельмі мала. Практычна не згадваюцца працы Г.Сагано­віча, Г.Кісялёва, А.Мальдзіса, Я.Анішчанкі, Р.Лазько, Г.Галенчанкі, С.Марозавай, М.Спірыдонава, А.Латышонка, Я.Мірановіча, В.Насевіча, В.Шведа, А.Вабішчэвіча, А.Пяткевіча ды многіх іншых, чые даследчыя інтарэсы непасрэдна датычаць разгляданай праблематыкі[20]. Таксама не знайшлі свайго разгляду публікацыі такіх беларускіх гістарычных часопісаў як Беларускі гістарычны агляд (выходзіць з 1994 г.), Гістарычны альманах (з 1998), Край (з 2001), на старонках якіх часта асвятляецца праблема паланістыкі, у т.л. і польска–беларускіх адносінаў. Аўтар не прааналізаваў большасць адпаведных артыкулаў 6–томавай Энцыклапедыі гісторыі Беларусі (1993—2003), якая, безумоўна, аказвае даволі значны ўплыў на фармаванне гістарычнай свядомасці. Падобнае ігнараванне важнай часткі беларускай гістарыяграфіі тлумачыцца толькі тым, што ў „незаўважаных“ даследаваннях часцяком утрымліваюцца цалкам іншыя ацэнкі ролі Польшчы і палякаў у беларускай гісторыі, чым тыя, якія згадвае З.Вінніцкі.

Сучасная беларуская гістарыяграфія паступова перадольвае выключна канфрантацыйнае ўспрыняцце бліжэйшага заходняга суседа. У масавай свядомасці (дзякуючы таксама гістарычным працам) паступова знікае той вобраз „польскага ворага“, над стварэннем якога добра папрацавала савецкая ідэалогія міжваеннага часу.

Яшчэ адной характэрнай рысай тэксту кнігі з’яўляецца недакладнасць цытавання беларускіх аўтараў, якую ў некаторых выпадках можна ахарактарызаваць як свядомае скажэнне іх пазіцыі. Найбольш „пацярпеў“ аўтар падручніка па гісторыі Беларусі для 8 класа Міхась Біч. Вось некалькі пры­кладаў. У прыватнасці, М.Біч апублікаваў пачатак славутай інвакацыі да „Пана Тадэвуша“ ў перакладзе Я.Семяжона: „Літва! Бацькоўскі край, ты як здароўе тое: / Не цэнім маючы, а страцім залатое…“[21]

А вось як З.Вінніцкі пераказвае гэты пераклад: „Літва! Беларускі край, ты як здароўе тое…“ [Litwo! Białoruski Kraju, ty jesteś jak zdrowie…“] (s.397). Пры гэтым аўтар піша пра беларускія „маніпуляцыі“: „<…> [(naszym zdaniem jest to mani­pulacja) co do brzmienia jednej z najważniejszych strof mickie­wiczowskiej poezji <…>“]. Маніпуляцыі, як мы бачым, са­праўды маюць месца. Толькі іх аўтар не М.Біч і не Я.Семяжон, а Здзіслаў Вінніцкі, які падманвае польскіх чытачоў!

І, на жаль, не толькі ў гэтым выпадку. Напрыклад, характарызуючы пазіцыю М.Біча адносна партызанскіх дзеянняў пад час вайны 1812 г., З.Вінніцкі сцвярджае, што аўтар пісаў толькі пра вайну супраць салдат арміі Напалеона (s.193, 395), г.зн., што ён застаўся ў межах расійскай гістарыяграфіі. На самай справе М.Біч пісаў і пра народную вайну супраць расій­скай арміі, салдаты якой таксама рабавалі беларускія вёскі[22]. Скажаецца пазіцыя беларускага даследчыка адносна мовы адукацыі Віленскай навучальнай акругі пачатку ХIХ ст. З.Він­ніцкі сцвярджае, што М.Біч „забыўся“ згадаць пра польскую мову школ Віленскай акругі, у выніку чаго вучні могуць зра­біць выснову пра беларускамоўную адукацыю ў гэтых школах, якую пазней забараніў расійскі ўрад (s.336). А вось што на самай справе пісаў М.Біч: „Ва ўсіх школах акругі (Віленскай — А.С.) асноўнай мовай навучання была польская мова. Руская вывучалася па жаданні бацькоў вучняў. Пытанне аб беларускай, літоўскай, украінскай мовах не ставілася“[23].

Aхвярай фальсіфікацыі стаў таксама В.Ластоўскі. Апошні, параўноўваючы беларускае і польскае кнігадрукаванне, ад­значыў, што „польская друкарня ў Кракаве была аткрыта ў 1505 г., значыць на 22 гады пазней беларускай“. І дадаў: „Мы ня хочэм казаць, што палякі ў тыя часы асьветай стаялі ніжэй беларусоў, але гэты факт паказвае на высокую культуру ў беларускаго народу, катораму патрэбны былі друкаваныя кнігі ўжо ў тыя часы, калі па ўсёй Эўропе ледзьве толькі пачынало расхадзіцца друкаванае слова“[24]. А вось як пераказаў ягоную пазіцыю З.Вінніцкі: „Той жа аўтар (Ластоўскі — А.С.) <…> адзначае, што Біблія на беларускай мове была надрукаваная Францішкам Скарынам — каталіком, а „польская друкарня ў Кракаве пачала дзейнічаць на 22 гады пазней <…> што азначала, што палякі ў той час стаялі ніжэй беларусаў, а гэты факт указвае на высокую культуру беларускай нацыі (sic! — З.В.)“ [„Ten sam autor <…> zaznacza, że Biblia w języku białoruskim była wydrukowana przez Franciszka Skorynę —  katolika, zaś „polska drukarnia w Krakowie została uruchomiona 22 lata później <…> co oznaczało, że Polacy w owych czasach stali niżej od Białorusinów, zaś powyższy fakt wskazuje na wysoką kulturę narodu (sic!) białoruskiego“ (s.235)][25]. Прыклады скажэння З.Вінніцкім палажэнняў і тэзісаў беларускіх даследчыкаў можна працягваць, але і прыведзенага дастаткова, каб страціць давер да рэцэнзаванага даследавання.

Таксама заўважальная адсутнасць спасылак на многія цытаты. У прыватнасці, на s.152 прыводзіцца антыпольскае выказванне аднаго з нядаўніх лідэраў апазіцыі С.Шарэцкага (маўляў, „з часоў Гарадзельскай уніі палякі заўсёды падманвалі беларусаў“). Аднак аўтар не ўказвае, калі яно было зроблена і дзе апублікаванае. Пры аналізе пазіцыі беларускай гістарыяграфіі па праблеме агрэсіі СССР супраць Польшчы ў 1939 г. З.Вінніцкі падрабязна (на 6 старонках) разбірае тэкст А.Кавалені, асобныя палажэнні якога носяць сенсацыйны характар, бо, напрыклад, сцвярджаецца „факт“ тайных перамоваў у верасні 1939 г. паміж дэлегацыямі Нямеччыны, з аднаго боку, і Францыі ды Англіі, з іншага. Але спасылкі на гэтую „сенсацыйную“ публікацыю адсутнічаюць[26].

Асобнай гаворкі патрабуе тэрміналагічны аппарат даследавання. Яшчэ раз заўважым, што З.Вінніцкі з абурэннем рэагуе на тое, што беларускія гісторыкі для назвы краіны, пачатак якой паклала Люблінская унія, ужываюць тэрмін „Рэч Паспалітая“ і пазбягаюць называць яе „Польшчай“. Ва ўжыванні афіцыйнай назвы дзяржавы ён убачыў праявы палонафобіі. Але прэтэнзіі польскага даследчыка на „нацыянальнае прысваенне“ шматэтнічнай дзяржавы выглядаюць смешнымі. Добра вядома, што тэрмін „паляк“ на працягу амаль усёй гісторыі Рэчы Паспалітай быў пераважна палітонімам, а не этнонімам. У першую чаргу ён азначаў прыналежнасць да шляхецкага стану. Менавіта гэта ператварала ў „палякаў“ эт­нічна неаднародную шляхту краіны. Імкненне некаторых да­следчыкаў навязаць Рэчы Паспалітай польскі нацыянальны характар з’яўляецца даўно адхіленай (між іншым, многімі польскімі гісторыкамі) мадэрнізацыяй гісторыі.

Звяртае на сябе ўвагу амаль паўсюднае выкарыстанне З.Вінніцкім тэрміна „Беларусь“ у двукоссі. Тым самым даследчык падкрэслівае недапушчальнасць ужывання гэтага тэрміна як негістарычнага для часоў Сярэднявечча і нават для ХIХ ст. Пры гэтым без двукосся, г.зн. як гістарычная рэалія, ужываюцца тэрміны „Землі забраныя“ і „Паўночна–Заходні край“ (s.48 ды інш.). Хочацца параіць аўтару пазнаёміцца з добра вядомай (і даступнай!) у краіне кнігай Алеся Белага[27] і артыкуламі Г.Сагановіча[28].

Што да ХIХ ст., для якога аўтар лічыць навукова карэктным ужыванне тэрмінаў „Землі забраныя“ і „Паўночна–Заходні край“, то хачу адзначыць значнае распаўсюджванне тэрміна „Беларусь“ у другой палове стагоддзя. Тэрмін „Беларусь“ актыўна выкарыстоўваўся палітыкамі, навукоўцамі і дзеячамі культуры. У якасці прыкладу можна згадаць публікацыі часопіса беларускіх народнікаў „Гомон“ пачатку 80–х г. ХIХ ст., артыкулы гісторыка М.Доўнара–Запольскага „Беларускае мінулае“, надрукаваныя ў газеце „Минский листок“ (1888), паэтычны зборнік Ф.Багушэвіча „Дудка беларуская“ (1891), „Кароткую гісторыю Беларусі“ В.Ластоўскага (1910) ды інш. Ужыванне тэрмінаў „Землі забраныя“ і „Паўночна–Заходні край“ без двукосся ўспрымаецца ў Беларусі як адмаўленне яе права на самастойны гістарычны шлях і непрызнанне беларусаў суб’ектам уласнай гісторыі. Наогул, вывучэнне тэксту З.Вінніцкага паступова пераконвае ў тым, што Беларусь для аўтара не мае ні этнакультурнай, ні дзяржаўнай адметнасці. Для З.Вінніцкага гэта ўсё тыя ж „крэсы ўсходнія“, якія толькі праз нейкі гістарычны кур’ёз напрыканцы ХХ ст. атрымалі назву „Рэспубліка Беларусь“.

Таксама варта адзначыць, што выкарыстоўванне тэрміна „Беларусь“ у дачыненні, напрыклад, да часоў ранняга Сярэднявечча тлумачыцца імкненнем падкрэсліць пераемнасць і непарыўнасць беларускай гісторыі. Тое ж самае робяць польскія гісторыкі, якія, напрыклад, апісваюць умовы жыцця першабытнага чалавека ў Польшчы або сцвярджаюць факт пражывання ў Польшчы ў VI ст. славянскіх прапольскіх плямёнаў[29] ды інш.

Тэрміналагічны апарат, якім карыстаўся З.Вінніцкі, да­зваляе заўважыць яшчэ адну важную рысу даследавання — палонацэнтрызм. Менавіта ён перашкаджае аўтару прыслухацца да аргументаў іншага (беларускага) боку і зразумець, напрыклад, крытычнае стаўленне беларускага грамадства да вынікаў Рыжскага міру. Між тым, падзел беларускай зямлі паміж Савецкай Расіяй і Польшчай у 1920—1921 г. азначаў крах спадзяванняў на стварэнне ўласнай незалежнай дзяржавы. Пратакол, падпісаны ў Рызе, абумовіў паўкаланіяльны стан Беларусі на працягу амаль усяго ХХ ст.

Палонацэнтрызм даследчыка выявіўся таксама ў трактоўцы паўстання 1863 г. як выключна „польскага нацыянальнага“ (s.321), хоць агульнавядомы актыўны ўдзел у паўстанні, у прыватнасці, беларускіх сялян Гарадзенскай губерні. Цікава, што аўтарская трактоўка паўстання цалкам супадае з ягонай ацэнкай у расійскай дарэвалюцыйнай гістарыяграфіі. Аўтар выказвае здзіўленне, што беларускія гісторыкі пішуць вы­ключна пра падзеі паўстання ў Беларусі. За гэтым „здзіўленнем“ хаваецца абвінавачванне беларускага боку ў тым, што паўстанне 1863 г. трактуецца ім як „беларускае нацыянальнае“. На самай справе ніхто з беларускіх гісторыкаў не падважае вялікай ролі палякаў у падрыхтоўцы паўстання і ў паўстанчай барацьбе. У айчыннай гістарыяграфіі адсутнічаюць ацэнкі паўстання як „беларускага нацыянальнага“. Найбольш пашыраны тэрмін — „Паўстанне 1863 г. у Польшчы, Беларусі і Літве“. Што датычыць праяваў „беларускага нацыянальнага“ ў паўстанні, то звычайна іх звязваюць з асобай Вікенція Канстанціна Каліноўскага (1838—1864). Дарэчы, аналіз дыскусіі па праблеме ролі Каліноўскага ў беларускай гісторыі, у якой актыўна ўдзельнічалі М.Біч і У.Казбярук, дазваляе заўважыць перамены, што адбываюцца ў нашай гістарычнай навуцы. На жаль, З.Вінніцкі праігнараваў гэтую дыскусію, як, дарэчы, і іншыя.

Асобнай гаворкі патрабуюць ацэнкі Здзіславам Вінніцкім асвятлення ў беларускай гістарыяграфіі польска–беларускіх адносінаў. Паводле аўтара, характэрнай рысай гэтага асвятлення з’яўляецца палонафобія: „У адносінах да польскасці ў самым шырокім значэнні гэтага паняцця сучасная беларуская гістарыяграфія працягвае царскую і савецкую палітыку, галоўнай мэтай якой заўсёды была поўная дэпаланізацыя <…>“ (s.37); „У сучаснай Беларусі (у беларусаў) здаўна прысутнічае выразны (у вялікай ступені класавы) польскі комплекс. На жаль, на яго існаванне ўплывае сістэма адукацыі, якая прадстаўляе беларуска–польскія адносіны часцяком у ідэалагізаваным выглядзе…“ (s.394). Пры гэтым гісторык імкнецца даказаць, што пачаткі беларускай палонафобіі караняцца ў палітыцы і гістарыяграфіі яшчэ дарэвалюцыйнай Расіі (s. 5, 97 ды інш.). Апошняя выснова не з’яўляецца арыгінальнай. Тое ж самае спрабаваў давесці старшыня Саюза палякаў Беларусі Тадэвуш Кручкоўскі ў кнізе Polacy na Białorusi na tle historii i wspólczesności (Слонім, 2003)[30]. Характэрна, што пры гэтым аб’ектам аналізу польскага дзеяча сталі пераважна навукова–папулярныя выданні 1990—1993 г., напрыклад, 100 пытанняў і адказаў па гісторыі Беларусі (Мінск, 1993), а таксама тыя канцэпцыі і ідэі, якія нарадзіліся на самым пачатку станаўлення Рэспублікі Беларусь і не былі пазбаўленыя пэўнай палітызаванасці. Т.Кручкоўскі таксама вельмі лёгка вырашыў праблему рэпрэзентатыўнасці: выкарыстоўвалася ўсё, што адпавядала ягонай канцэпцыі.

Варта адзначыць поўную згоду абодвух польскіх аўтараў адносна агульнай ацэнкі беларускай гістарычнай паланістыкі і яе напрацовак па праблеме польска–беларускіх дачыненняў. У прыватнасці, абодва аўтары лічаць феномен беларуса–каталіка штучнай з’явай, народжанай яшчэ пад час расійскай імперскай дэпаланізацыйнай палітыкі. Паводле меркавання Т.Кручкоўскага, паняцце „беларус–каталік“ пазней выкарыстоўвалася савецкім кіраўніцтвам, а на пачатку 90–х г. ХХ ст. ужо ўладамі незалежнай Беларусі і дзеячамі БНФ, якія фактычна спрабавалі працягваць расійскую і савецкую палітыку дэпаланізацыі[31]. Характэрнай асаблівасцю тэкстаў зборніка Т.Кручкоўскага з’яўляецца шматразовае паўтарэнне састарэлых стэрэатыпаў — „паляк=каталік“ і „беларус (расіец)=праваслаўны“.

З.Вінніцкі, на першы погляд, пазбягае падобнай адна­значнасці. Сцвярджаючы, што ў Расійскай імперыі каталіцызм атаясамліваўся галоўным чынам з польскай нацыянальнасцю, а ў сучаснай Беларусі паняцці „каталіцызм“ і „польская вера“ тоесныя (s.78), ён тым не менш адзначыў існаванне беларусаў–каталікоў у міжваенны час у Віленскім ваяводстве (17—20% насельніцтва). Аднак ва ўсходняй і цэнтральнай Беларусі, паводле меркавання З.Вінніцкага, нацыянальнага па­дзелу сярод каталікоў не існавала — усе каталікі былі палякамі. І ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь, сцвярджае даследчык, асноўная маса каталіцкага насельніцтва з’яўляецца свядомымі палякамі або адчувае моцную сувязь з польскай нацыянальнасцю (s.79). Пры гэтым З.Вінніцкі рэгулярна падвяргае сумненню беларускасць такіх дзеячоў беларускага руху, як браты Луцкевічы, В.Ластоўскі, В.Іваноўскі (s.383 ды інш.). Падстава — іх прыналежнасць да каталіцкай канфесіі. Нават характарызуючы беларускае нацыянальна–культурнае Адра­джэнне пачатку ХХ ст., аўтар падкрэсліў, што ягонымі пачынальнікамі былі прадстаўнікі каталіцкіх шляхецкіх сем’яў, „якіх усе лічылі (і яны самі сябе лічылі) польскімі“ (s.37).

Пашыранасць стэрэатыпа „каталік=паляк“ у працах мно­гіх польскіх даследчыкаў, якія закранаюць праблемы гісторыі беларускіх земляў, патрабуе спецыяльнай увагі. У гэтай рэцэнзіі адзначу толькі, што ў другой палове ХIХ ст. гэты стэрэатып на беларускіх землях пашырала не толькі каталіцкае духавенства, якое такім чынам супрацьстаяла спробам русіфікацыі касцёла, але і самі расейскія ўлады. Яны не здолелі зна­йсці іншы крытэрый для вызначэння польскага насельніцтва, на якое распаўсюджваліся палітычныя, эканамічныя і культурна–рэлігійныя абмежаванні. У пэўны момант (апошняя трэць ХIХ ст.) інтарэсы нацыянальна арыентаванай часткі польскага каталіцкага духавенства і расійскага чыноўніцтва пачалі супадаць. Беларускую нацыю разбіралі па канфесійнай прыкмеце на праваслаўных=расійцаў і каталікоў=палякаў.

У польскай гістарыяграфіі прысутнічае тэндэнцыя адмовы ад гэтага састарэлага стэрэатыпа. На пачатку ХХ ст. пра беларусаў–каталікоў пісалі такія грунтоўныя знаўцы Беларуска–Літоўскага краю, як Міхал Ромэр[32] і Леон Васілеўскі[33]. Існаванне беларусаў–каталікоў прызнае таксама Юліуш Бардах[34]. Вядомы дэмограф, географ і гісторык П.Эбэрхардт пісаў пра беларусаў–каталікоў на рубяжы ХIХ—ХХ ст. у цэнтральнай і ўсходняй Беларусі[35]. Толькі на беларуска–польскім этнічным памежжы, на яго думку, прыналежнасць да каталіцкага касцёла на пачатку ХХ ст. трэба лічыць крытэрыем нацыянальнай прыналежнасці. Што да сучаснай Беларусі, то асабістыя кантакты з П.Эбэрхардтам пераканалі ў тым, што гэты польскі даследчык, як і большасць іншых, не ставіць пад сумненне існаванне беларусаў–каталікоў у нашай краіне. Паўтарэнне сучаснымі польскімі аўтарамі (З.Вінніцкі і Т.Кручкоўскі) стэрэатыпаў ХIХ ст., якія, як здавалася, былі цалкам перакрэсленыя актыўным удзелам каталіцкага насельніцтва ў беларускім нацыянальна–культурным Адраджэнні пачатку ХХ ст., можна ахарактарызаваць як палітычны анахранізм.

Аднак разважанні З.Вінніцкага пра штучнасць і дэпаланізацыйную сутнасць феномена „беларус–каталік“ не абмяжоў­ваюцца выключна гістарыяграфічнай цікавасцю. Аўтар неаднаразова падкрэслівае памылковасць і згубнасць увядзення беларускай мовы ў каталіцкае набажэнства: „Некаторыя духоўныя асобы насуперак волі вернікаў уводзяць у набажэнства беларускую мову“ (s.81); „<…> пачынаючы з другой паловы 90–х г. ХХ ст. <…> каталіцкі касцёл у Беларусі ўсё часцей уводзіць беларускую літургію (замест польскай) у большасці выпадкаў насуперак волі мясцовых каталікоў–палякаў“ (s.199—200)“ ды інш. Асабліва рэзка крытыкуецца ксёндз У.Завальнюк (парафія св.Сямёна і св.Алены ў Менску), якога аўтар абвінавачвае ў дэпаланізацыі [„odpolszczeniu“ (s.225)] каталіцкага касцёла і яго вернікаў[36].

Пры гэтым З.Вінніцкі імкнецца пераканаць чытача ў тым, што беларусы амаль цалкам зрусіфікаваныя. Паводле сваіх падлікаў, крыніцы якіх невядомыя, ён сцвярджае, што на пачатку 90–х г. ХХ ст. толькі 20% насельніцтва Беларусі штодня карысталася роднай мовай, а сучасныя паказчыкі амаль не змяніліся (s.87). Заўважым, што даследчык праігнараваў вынікі перапісу 1999 г., адпаведна якому беларускай мовай штодня карыстаецца 36,7% насельніцтва. (Сярод беларусаў — 41,3%, сярод палякаў — 57,6%). Прычым у найбольш „каталіцкіх“ Менскай і Гарадзенскай вобл. болей за 50% насель­ніцтва паўсядзённа размаўляе па–беларуску[37]. Пры гэтым польскай мовай штодня карыстаецца меней за 5,6% палякаў Гарадзенскай вобл.[38] Лічбы сведчаць пра неабходнасць больш шырокага ўвядзення беларускай мовы ў касцельнае набажэнства. Варта падкрэсліць, што перапіс адбываўся ва ўмовах, калі дзяржаўныя ўлады нашай краіны мэтанакіравана праводзілі (і праводзяць!) палітыку русіфікацыі.

Неабходна таксама звярнуць увагу на аўтарскую ацэнку палітыкі беларусізацыі і яе наступстваў для лёсу польскай супольнасці. Праблема дастаткова складаная і патрабуе грунтоўнага даследавання. Аднак для аўтара ніякай складанасці тут няма. Беларусізацыя разглядаецца ім толькі ў якасці праявы антыпольскай палітыкі, у якой таксама ўдзельнічалі беларускія гісторыкі. Ужо ва Ўводзінах З.Вінніцкі заявіў, што „сучасная беларуская гістарыяграфія ўдзельнічае ў працягу царскай і савецкай палітыкі, мэтаю якой была і застаецца дэпаланізацыя <…> Земляў забраных, Літвы, Паўночна–Заходняга краю, Заходняй Беларусі, заходніх абласцей БССР — РБ. У пэўныя моманты гэтая палітыка набывае выгляд <…> „дзіцячай хваробы нацыяналізму“ (s.37).

З.Вінніцкі вылучыў восем этапаў беларусізацыі. Пры гэтым ён падкрэсліў, што палова з іх (у перыяд з 1924 да 1956 г.) суправаджалася антыпольскім рэпрэсіямі і фізічным вы­нішчэннем прадстаўнікоў польскай супольнасці (с.37—38), і не згадаў пра антыбеларускі тэрор канца 20–х — сярэдзіны 50–х г., які па сваіх памерах і наступствах быў не менш жах­лівым. Дэманструючы даволі арыгінальнае разуменне „беларусізацыі“, якая, напрыклад, магла суправаджацца антыбеларускім тэрорам, польскі даследчык у якасці апошняга перыяду гэтай палітыкі вылучыў 1996—2002 г. (?!), а праз некалькі старонак заўважыў, што дэпаланізацыя працягваецца і сёння (s.47). Наогул, гісторыя Рэспублікі Беларусь з яе намаганнямі па Адраджэнні беларускай культуры, якімі характарызаваўся перыяд парламенцкай рэспублікі (1991—1994), разглядаецца пераважна як чарговы этап дэпаланізацыі. Аўтар упарта падкрэслівае антыпольскасць беларускіх палітыкаў незалежніцкага кірунку, як пад час іх знаходжання пры ўладзе, так і ў перыяд апазіцыйнай дзейнасці. Аднак варта нагадаць, што амаль усе культурныя і адукацыйныя поспехі польскай грамадскасці былі дасягнутыя якраз на пачатку 90–х г., а палітычныя рашэнні па ліквідацыі перашкодаў для развіцця ўсіх нацыянальных супольнасцяў Беларусі прымаліся пераважна людзьмі, якія сёння належаць да палітычнай апазіцыі. Дарэчы, гэта іншым разам прызнае і З.Вінніцкі. У прыватнасці, ён згадаў, што Закон аб мовах (1990) спрыяў развіццю культуры ўсіх народаў Беларусі (s.90). Аднак на агульныя ацэнкі З.Він­ніцкім стаўлення прыхільнікаў беларусізацыі да польскай супольнасці гэта ніяк не паўплывала. Аўтар адстойвае думку, што антыпольская палітыка была неад’емным атрыбутам кожнага этапу беларускага Адраджэння.

Адзначым таксама шматлікія факталагічныя памылкі, абумоўленыя аўтарскім няведаннем многіх падзеяў беларускай гісторыі. У прыватнасці, З.Вінніцкі лічыць Еўфрасінню Полацкую княгіняй (s.127, 365), якая жыла і кіравала Полацкам з 1104 да 1116 г. (s.367). Ён жа сцвярджае, што Слуцкім паўстаннем (1920) кіраваў Булак–Булаховіч (s.323—324) ды інш.

У выніку праведзенага „даследавання“ З.Вінніцкі заявіў, што „ў адносінах да трактавання Польшчы і польскасці гістарыяграфія (у прынцыпе ўся) і ідэалогія (грамадская і дзяржаўная) у Рэспубліцы Беларусь, незалежна ад таго, ці зыходзіць яна з афіцыйных цэнтраў ці з апазіцыйных, практычна тоесная, або па меншай меры вельмі падобная. Гэта абумоў­лівае (і тлумачыць) няшчырыя, халодныя, а часамі непрыязныя адносіны да бліжэйшага суседа Рэспублікі Белaрусь — Рэчы Паспалітай Польскай. У такім аспекце трэба тлумачыць адносіны да польскай нацыянальнай меншасці ў сучаснай Беларусі. Гэта павінны ўлічваць польскія палітычныя цэнтры, зацікаўленыя польска–беларускімі адносінамі, і даследчыкі, якія вывучаюць уплыў дактрыны на палітыку. Яны па­він­ны зрабіць практычныя высновы, патрэбныя палітыкам“ (s.601).

Заўважым невыпадковасць адкрытай палітызаванасці высноваў З.Вінніцкага. Знаёмства з тэкстам пераконвае ў тым, што аўтар не выканаў падставовых нормаў навуковага даследавання, дзеля доказу сваіх тэзісаў часцяком скажаў пазіцыі беларускіх аўтараў і падманваў чытача. Ён свядома ствараў з беларусаў (у першую чаргу з прадстаўнікоў беларускай палітычнай апазіцыі) вобраз ворага Польшчы i палякаў.

Сапраўды, польска–беларускія адносіны ў мінулым стагоддзі часцяком набывалі даволі востры характар, але ці толькі беларусы ў гэтым вінаватыя? Навуковае даследаванне праблемаў, якія датычаць міжнацыянальных адносінаў, па­він­на адрознівацца падкрэсленым аб’ектывізмам, імкненнем да разумення іншага боку, здольнасцю прыняць іншае меркаванне і пагадзіцца з ім.

Вядомы польскі гісторык Ежы Тапольскі, разважаючы пра аб’ектыўнасць даследчыка, згадаў пра прынцып адкрытасці. Ён быў упэўнены, што аб’ектыўным можа быць толькі той гісторык, які адкрыты на іншыя культуры і іншыя спосабы мыслення. Паводле Е.Тапольскага, аб’ектыўнасць — гэта, у першую чаргу, „супрацьстаянне кожнаму ідэалагічнаму гвалту (і ўплыву), накіраванаму на рэалізацыю мэтаў толькі адной сацыяльнай групы або адной нацыі на шкоду іншым. Аб’ектыўнасць  — гэта разуменне „іншых“ і адначасная салідарнасць, якая закранае максімальна шырокія групы людзей“[39]. Пра неабходнасць нейтралізацыі ўласнага пункту погляду шляхам ягонага асэнсавання і аналізу пісаў таксама амерыканскі да­следчык Георг Ігерс. На яго думку, менавіта „на гэтым грунтуецца адказнасць даследчыка і ўчора, і сёння“[40]. Ён жа выказаў меркаванне, што „гістарыяграфія — гэта бясконцы дыялог, які неабавязкова прыводзіць да кансэнсуса“[41].

На жаль, З.Вінніцкі ў рэцэнзаванай працы цалкам праігнараваў гэтыя і падобныя ім думкі, якія датычаць „майстэрні гісторыка“. Амаль з першых старонак кнігі ён выступае як носьбіт „абсалютнай ісціны“ і звычайна вядзе гаворку тонам пракурора пад час судовага працэсу. Звычайна падобная па­зіцыя чалавека, які прэтэндуе на тое, каб называцца гісторыкам, выклікае толькі ўсмешку ўдумлівага чытача. Але ў дадзеным выпадку паблажлівасць недапушчальная. Занадта важныя праблемы сталі прадметам абмеркавання ў кнізе З.Він­ніцкага.

Сучасная беларуская гістарычная паланістыка перажывае складаны этап станаўлення, важнай рысай якога з’яўляецца паступовае пазбаўленне ад таго „вобраза ворага“, у які пера­тварылі палякаў ідэолагі яшчэ сталінскіх часоў. Гэты працэс ідзе досыць няпроста, і праца З.Вінніцкага пры ўсіх сваіх недахопах і свядомай антыбеларускай пазіцыі аўтара прымушае звярнуць увагу на неабходнасць канчатковага пазбаўлення савецкіх стэрэатыпаў.

Кніга З.Вінніцкага адначасна сведчыць пра пэўныя праблемы польскай гістарыяграфіі, якая таксама цяжка развітваецца са стэрэатыпамі „крэсовай“ гістарычнай публіцыстыкі міжваеннага часу. Рэцэнзаваная праца быццам пераносіць чытача на сто гадоў назад, у эпоху ваяўнічых нацыяналізмаў. На фоне многіх іншых сучасных даследаванняў, прысвечаных міжнацыянальным аспектам і накіраваных на дыялог з іншы­мі культурамі, кніга З.Вінніцкага выглядае як іржавы асколак даўняй вайны.

Зразумела, што рэцэнзаваная манаграфія зусім не адлюстроўвае ўзровень польскай гістарычнай беларусістыкі, якая можа ганарыцца працамі Р.Радзіка, Ю.Бардаха, А.Бергман, К.Гамулкі, П.Эбэрхардта, Е.Клачоўскага, У.Вяльгорскага ды інш. Наогул, кантакты з польскімі навукоўцамі вельмі спрыяюць пазітыўным пераменам у айчыннай гістарычнай навуцы. Кніга З.Вінніцкага таксама будзе карыснай для азнаямлення, але галоўным чынам як прыклад таго, як нельга праводзіць гістарычнае даследаванне.


[1] Гл., напр., публікацыі часопіса Беларуская думка.
[2] Блок М. Апология истории или ремесло историка. Изд. 2. Москва, 1986. С. 80.
[3] Гл., напр., Jurkiewicz J. Osadnictwo Polskie w Wielkim Księstwie Litewskim w światle badań historycznych // Acta Baltico–Slavica. 1994, t. 22; Römer M. Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskiego. Lwów, 1908; Römer M. Dwie teorie o Polakach litewskich // Zeszyty historyczne. Z.106. Paryż, 1993; Карашчанка І. Палякі // Этнаграфія Беларусі. Мінск, 1989; Werenicz W. Historyczne i kulturalne podstawy świadomości narodowej Polaków w Związku Radzieckim (na przykładzie Białorusi) // Polacy w kościele katolickim w ZSSR. Pod red. ks. E.Wale­wandra. Lublin: KUL, 1991; Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. Poznań, 1988; Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях. 1864—1917 г. Гродна, 2001; Miknys R. Problem kształtowania się nowoczesnego narodu Polaków litewskich w pierwszej połowie XX w. // Biuletyn Historii pogranicza. 2000. Nr 1.
[4] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. S. 197—198.
[5] Гл., напр., публікацыі А.Смаленчука, у т.л. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй.
[6] Смалянчук А. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. С. 28 ды інш.
[7] Bardach J. O dawnej i niedawnej Litwie. S. 201—202.
[8] Wielhorski W. Narodowość Mickiewicza w światle współczesnej socjologii i etnografii // Alma Mater Vilnensis. Prace zebrane.  Londyn, 1958. S. 112.
[9] Тамсама.
[10] Вядомы польскі гісторык Ежы Клачоўскі ў адным з інтэрв’ю прызнаў, што „…Рэч Паспалітая ў нашай (польскай — А.С.) гістарыяграфіі часта трактавалася проста як Польшча. На працягу стагодзьдзяў мы ўсімі сіламі імкнуліся прыпісаць на нашу ўласнасць гэтую дзяржаву і глядзелі на яе з пэрспэктывы нашых нацыянальных інтарэсаў. Поль­шча, канешне, была часткаю Рэчы Паспалітае, але гэтай Рэччу Паспалітай мы павінны падзяліцца. Мы павінны ўсвядоміць сабе, што яна была ў сваёй аснове дзяржаваю ў роўных правох палякаў, літоўцаў, беларусаў, украінцаў. Зразумела, мы ня можам не ўлічыць вялікую ролю немцаў як з Каралеўскай, так і Княскай Прусіі, якія доўгі час былі ленам Рэчы Паспалітае, і, канешне, гэбраяў, якія стварылі на гэтых землях унікальную культуру (Клачоўскі Е., Уроньскі П. Пра Люблінскую унію і унію Эўрапейскую // Спадчына. 2000. № 1. С. 65—66).
[11] Напр., Г.Сагановіч у кнізе Нарыс гісторыі Беларусі ад старажытнасці да канца XVIII ст. (Мінск, 2001) ахарактарызаваў ВКЛ як літоўска–беларускую дзяржаву, у якой пры палітычнай дамінацыі літоўцаў вельмі значную ролю адыгрывалі беларускія землі з іх вялізным дэмаграфічным і грамадска–культурным патэнцыялам (С. 72).
[12] Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. 862—1918. Падзеі. Даты. Ілюстрацыі. Вільня, 2002. С. 108. (Гэта адна з рэдкіх кніг па гісторыі Беларусі, якая вытрымала ўжо 3 выданні і па–ранейшаму карыстаецца попытам на кніжным рынку краіны).
[13] Пилипенко М. Возникновение Белоруссии. Минск: Беларусь, 1991. С. 99.
[14] Ширяев Е.Е. Русь Белая, Русь Черная и Литва в картах. Минск, 1991.
[15] Ковкель И.И., Ярмусик Э.С. История Беларуси с древнейших времен до нашего времени. Минск, 1998.
[16] Саракавік І.А. Беларусазнаўства. Мінск, 1998.
[17] Ковкель И.И., Ярмусик Э.С. История Беларуси с древнейших времен до нашего времени. Минск, 1998.
[18] Гісторыя Беларусі: У 2 ч. Ч. 1. Ад старажытных часоў — па люты 1917 г.; Ч. 2. Люты 1917 — 2000 г. : Вучэб. дапам. / пад рэд. Я.К.Новіка, Г.С.Марцуля. Выд 2. Мінск, 2000.
[19] Гл., напр., Г.Сагановіч. Вяртанне ў „Северо–Западный край“? // БГА. Том 5. Сш. 2(9). Снежань 1998; Біч М. Гістарыяграфічныя „навацыі“ ў навучальнай літаратуры // БГА. Том 5. Сш. 2(9). Снежань 1998.
[20] Хачу таксама звярнуць увагу на ўласны сціплы ўнёсак у вывучэнне гісторыі палякаў Беларусі ў другой палове ХIХ — пачатку ХХ ст. У перыяд з 1993 да 2002 г. апублікаваныя каля 50 артыкулаў і 2 мана­графіі, якія атрымалі пераважна станоўчыя ацэнкі беларускіх (рэцэнзіі С.Рудовіча і Я.Мірановіча), літоўскіх (рэцэнзія Р.Гайдзіса) і польскіх (рэцэнзіі Л.Заштаўта, Я.Юркевіча, Д.Тарасюка) калегаў.
[21] Біч М.В. Гісторыя Беларусі. Канец XVIII ст. — 1917 г. / Вучэб. дапам. для 8 класа агульнаадукацыйнай школы. Мінск, 1998. С. 68.
[22] Тамсама. С. 16.
[23] Тамсама. С. 54.
[24] Ластоўскі В. Кароткая гісторыя Беларусі. Мінск, 1992. С. 48 (цытата з захаваннем моўных асаблівасцяў арыгіналу).
[25] З.Вінніцкі чамусьці спаслаўся на с. 50—51 Кароткай гісторыі Беларусі.
[26] З.Вінніцкі сцвярджае, што ўсе беларускія аўтары лічаць савецкую агрэсію актам гістарычнай і класавай справядлівасці. Прычым прадстаўнікі нацыянальнай гістарыяграфіі да таго ж прэтэндуюць на анексію польскай Беласточчыны (s.534). Аўтар праігнараваў кнігу вядомага беларускага паланіста Р.Лазько Перад патопам. Еўрапейская палітыка Польшчы (1932—1939) (Мінск, 2000), дзе 1939 год трактуецца як трагедыя Польшчы і ўсяго свету. Таксама хачу спаслацца на ўласны артыкул Верасень 1939 г. у савецкай і беларускай гістарыяграфіі (Гістарычны альманах. 2000. Т. 3), дзе падзеям верасня 1939 г. была дадзеная падобная ацэнка.
[27] Белы А. Хроніка Белай Русі. Chronicon Russiae Albae. Нарыс гісторыі адной геаграфічнай назвы. Мінск, 2000.
[28] Гл., напр., Сагановіч Г. Да гісторыі назвы „Белая Русь“ // Старонкі гісторыі Беларусі. Мінск, 1992.
[29] Dzieje Polski. Pod red. Jerzego Topolskiego. Warszawa, 1976. S. 14, 78.
[30] Рэцэнзія на кнігу Т.Кручкоўскага апублікаваная на старонках Гістарычнага альманаха (2003, т. 9).
[31] Kruczkowski T. Polacy na Białorusi na tle historii i wspólczesności. Слоним, 2003. S. 209.
[32] Römer M. Litwa. Studium odrodzenia narodu litewskigo. S. 9.
[33] Wasilewski L. Litwa i jej ludy. Warszawa, 1907. S. 5.
[34] Bardach J. Polacy litewscy a inne narody Litwy historycznej. Próba analizy sistemowej // Belarus, Lithuania, Poland, Ukraina. The foundations of historical and cultural traditions in East Central Europe. Lublin–Rome, 1999. S. 377.
[35] Эбэрхардт П. Дэмаграфічная сітуацыя на Беларусі: 1897—1989. Мінск, 1997.
[36] Некаторыя аўтарскія ацэнкі асобы ксяндза У.Завальнюка нагадваюць сапраўдны данос, адрасаваны кіраўніцтву каталіцкага касцёла Беларусі.
[37] Численность и основные социально–демографические характеристики населения Республики Беларусь по данным переписи 1999 г. Минск, 1999. С. 23.
[38] Перепись населения Республики Беларусь. Итоговые таблицы первой очереди. Б.м., б.д. Табл. 34.
[39] Topolski J. Jak się pisze i rozumie historię. Tajemnice narracji histo­rycznej. Warszawa, 1998. S. 376.
[40] Iggers G.G. Użycia i nadużycia historii: o odpowiedzialności historyka w przeszłości i obecnie // Pamięc, etyka i historia. Angło–amerykańska teoria historiografii lat dziewięćdziesiątych / pod red. Ewy Domańskiej. Poznań, 2002. S. 113.
[41] Тамсама.

Наверх

Яраслаў Панэк. Чэшская гістарыяграфія на мяжы ХХ—ХХI ст.

Снежня 22, 2002 |


1. Уводзіны

На схіле ХХ ст. — 10—12 верасня 1999 г. — ва ўсходнечэшскім горадзе Градэц–Кралавэ адбыўся VIII з’езд чэшскіх гісторыкаў[1]. У шэрагу падобных сустрэч градэцкі кангрэс належыць да найбольш дынамічных і дыскусійна багатых паседжанняў. З аднаго боку таму, што з нагоды дзесятых угодкаў „акса­мітнай рэвалюцыі“ і канца стагоддзя само сабою напрошвалася пэўнае падагульненне, а з другога боку таму, што з’езд адбываўся ў час, калі вялікая частка чэшскага грамадства адчувала моцную незадаволенасць эканамічным і палітычным развіццём краіны. Гэтыя акалічнасці дадалі кангрэсавым паседжанням пэўнае напружанне, якое адбілася ўжо ў перадз’ездавых палемі­ках на старонках пражскай прэсы[2].

Не апраўдаліся чаканні тых, хто прадказваў, што адбудзецца сутыкненне пакаленняў, — пазіцыі па спрэчных пытаннях займаліся ў залежнасці не ад фізічнага веку, не ад прыналежнасці да пэўнае генерацыі, а хутчэй у залежнасці ад палітычнай арыентацыі сваіх носьбітаў. Галоўную лінію падзелу ўтварала стаўленне да ацэнкі чэшскай гістарыяграфіі пасля II сусветнай вайны, прычым як за панаваннем камуністаў (1948—1989), так і пасля вяртання да свабоднага дэмакратычнага развіцця (1989—1999). Плынь „перарванасці“ гістарычнага мыслення, якая абвяшчала неабходнасць адасобіцца ад старых традыцый, моцна раскрытыкавала ўсялякае паваеннае развіццё галіны і асабліва адмаўляла (за выключэннем прац дысідэнтаў і эмігрантаў) якія–кольвек пазітыўныя вынікі даследаванняў 1970—80 г.; гісторыкаў, якія пачыналі свой навуковы шлях у гэты час, яна азначыла як перашкоду для далейшага развіцця чэшскай гістарыяграфіі ў кірунку яе еўрапеізацыі. Насуперак гэтаму пры­хільнікі „пераемнасці“, якіх на з’ездзе была большасць, адмаўлялі гэтую непрымальнасць і падкрэслівалі паступовае разгортванне гістарыяграфіі як галіны ведаў з аўтаномным развіццём. Дыскусіі працягваліся на некалькіх сходах спецыялістаў і студэнтаў–гістарыёграфаў, на т.зв. дыскусійных форумах, якія паступова засяроджваліся на канкрэтных праблемах, такіх як стасунак гістарыяграфіі да грамадскасці, універсітэцкае навучанне гісторыі і становішча маладых гісторыкаў. Мяжа ХХ і ХХI ст. была, такім чынам, пазначана дыскусіямі, якіх бракавала ў часы камунізму і якія пасля 1989 г. разгортваліся досыць павольна[3].

2. Карані сучаснай гістарыяграфіі

На працягу свайго амаль двухсотгадовага развіцця навачасная чэшская гістарыяграфія далёка не заўсёды дасягала еўрапейскага ўзроўню, але прынамсі двойчы ёй гэта ўдалося. Упершыню ў трэцяй чвэрці ХIХ ст., калі стваралася эпахальная спадчына Францішка Палацкага (1798—1876), які з крытычных пазіцый здолеў дасягнуць вялікага сінтэзу і адначасова выявіў палітычную ідэалогію адной з самабытных еўрапейскіх нацый[4]. Другім разам гэта ўдалося ў першай палове ХХ ст., у час дзейнасці двух пакаленняў вучняў Яраслава Гола, якія распрацавалі чэшскі варыянт гістарыяграфічнага пазітывізму[5]. Варта прыгадаць асаблі­ва двух найбуйнейшых чэшскіх гісторыкаў тае пары. Творчасць Ёзэфа Пекаржа (1870—1937) увяла чэшскіх гісторыкаў у еўрапейскія дыскусіі пра асноўныя пытанні сярэднявечнай і навачаснай гісторыі, тым часам як пад кіраўніцтвам Ёзэфа Шусты (1874—1945) яны выраслі ад глыбокіх аналітычных до­следаў да бліскучага сінтэзу сусветнай гісторыі. Нягледзячы на тое, што гэтая праца не магла быць скончаная за другой сусветнай вайной, з метадалагічнага гледзішча яна да сёння ўяўляе сабой адно з найвыбітнейшых дасягненняў чэшскае гістарыя­графіі[6].

Наадварот, пад час нацысцкай акупацыі чэшскіх земляў (1939—1945) і ў наступныя паваенныя дзесяцігоддзі чэшская гістарыяграфія панесла вельмі значныя страты. Тройчы за трыццаць гадоў яна губляла сваіх найлепшых прадстаўнікоў, і пераемнасць ейнага развіцця была пад сур’ёзнай пагрозай. Найперш нямецкія акупацыйныя ўлады фізічна знішчылі шэраг выбітных або надзвычай шматабяцальных вучоных, сярод іх Бэдржыха Мэндла (1892—1940) і Ёзэфа Матоўшака (1906—1939), якія па–наватарску пераасэнсоўвалі традыцыю французскай метадалогіі эканамічнай, сацыяльнай і, часткова, палітычнай гісторыі[7]. Гэты разбуральны ўраган, на шчасце, якім ні быў лютым, не працягваўся доўга.

Другім разам круты пералом надышоў неўзабаве пасля захопу ўлады камуністычнай партыяй у 1948 г. Тады большасць старэйшых прадстаўнікоў чэшскай гістарычнай даследчай думкі выгналі з ВНУ, і яны толькі часткова змаглі рэалізаваць сябе ў новаствораных акадэмічных установах. Побач са жменькай даваенных — з навуковага гледзішча не надта значных — марксіс­таў на першы план выйшла шмат мацнейшая група маладых гісторыкаў на чале з Ёзэфам Мацэкам (1921—1992) і Францішкам Граўсам (1921—1989). Хоць гэтыя даследчыкі распачыналі сваю навуковую і палітычную кар’еру ў эпоху жорсткага сталі­нізму і ў значнай ступені падладжваліся да ягоных патрабаванняў, яны не адмовіліся ад сваіх навуковых мэтаў, а з цягам часу надавалі ім у сваёй дзейнасці ўсё большае значэнне. На працягу шасцідзесятых гадоў некалі радыкальныя прыхільнікі марк­сізму адышлі ад сталінскай дагматыкі і імкнуліся наладзіць міжнародныя кантакты, у першую чаргу з заходнееўрапейскімі краінамі. Пазітыўна ставячыся да жывых гісторыкаў старэйшага пакалення, да іх працаў, яны імкнуліся ўзнавіць і пераемнасць чэшскай гістарычнай навукі. Вынікам гэтага сталіся выдатныя працы па медыявістыцы, а таксама частковае ўдасканаленне даследаванняў сучаснай гісторыі[8].

Некалькігадовы ўзлёт быў зноў, ужо ў трэці раз усяго за тры дзесяцігоддзі, рэзка перапынены ўварваннем войскаў Варшаўскай дамовы ў Чэхаславакію ў жніўні 1968 г. і наступнай савецкай акупацыяй. Адразу на пачатку неасталінскай „нармалізацыі“ ў 1969—1971 г. нядаўна яшчэ вядучыя прадстаўнікі гістарыяграфіі, такія як „неамарксісты“ ці „рэвізіяністы“, былі адлучаныя ад навуковага жыцця. Частка з іх (сярод іншых Францішак Граўс) эмігравала, частка засталася ў краіне, аднак без нармальнай магчымасці публікавацца (сярод іх Ёзэф Мацэк) ці проста трапіла за краты за „антыдзяржаўную дзейнасць“ (сярод іх Яраслаў Мэзнік (нар. 1928)).

Чэшскія гісторыкі тагачаснага старэйшага і сярэдняга пакалення падзяліліся на чатыры плыні: 1) прарэжымную (якая займала афіцыйныя ўстановы), 2) талераваную (людзі са значна абмежаванымі магчымасцямі, тым не менш, задзейнічаныя ў акадэмічнай навуцы, у ВНУ, у архівах і музеях), 3) дысідэнцкую (людзі, якія публікаваліся ў „самвыдаце“ ці за мяжой) і 4) эмігранцкую (гісторыкі, якія выехалі найперш у Нямеччыну, Швейцарыю або Францыю)[9].

На перавернутую грамадазнаўчую сцэну ў сямідзесятыя гады выйшла адносна шматлікае пакаленне наймалодшых гісторыкаў, якія часткова знаходзіліся пад уплывам ліберальнай атмасферы Пражскай вясны, але адначасова вымушаны былі змірыцца з новай ізаляцыяй ад удзелу ў еўрапейскай навуцы і з ідэалагічным ціскам на гістарыяграфію. Некаторыя з іх без агаворак прынялі гэты дыктат і, перадусім у галіне найноўшай гісторыі, служылі хутчэй партыйнай прапагандзе, чым навуцы. Аднак істотная частка маладых гісторыкаў засяродзілася на даследаванні Сярэднявечча і ранняга Новага часу і спрабавала — калі–нікалі вонкава ўжываючы марксісцкую тэрміналогію і фразеалогію — працягваць навуковае вывучэнне чэшскай гісторыі. Як правіла, гэта азначала вяртанне да апісальнага неапазітывізму, аднак у некаторыя працы (асабліва праз польскае пася­рэдніц­тва)[10] пранікалі больш сучасныя погляды на гістарыяграфію, у якіх аддавалася вялікая ўвага структуралістычным, семія­тычным і міждысцыплінарным падыходам. Асабліва ў васьмі­дзесятыя гады, калі ідэалагічны ціск паслабіўся і калі часткова маглі аднавіцца сувязі з замежнай навукай, узнік шэраг значных прац па гісторыі сярэднявечнай чэшскай дзяржавы, прац пра развіццё гарадоў, пра стан грамадства ранняга Новага часу, пра ўключэнне чэшскай дзяржавы ў склад Габсбургскай імперыі і інш. Некаторыя з гэтых вынікаў дэманстравалі аднаўленне пераемнасці галі­ны і адначасова рабілі магчымым наладзіць сутнасную дыскусію з гістарыёграфамі іншых еўрапейскіх краін[11].

3. Імкненне да збліжэння трох групаў гісторыкаў
пасля 1989 г.

Пасля палітычнага перавароту — так званай „аксамітнай рэвалюцыі“ — у лістападзе 1989 г. адной з галоўных задач чэшскай гістарыяграфіі было ўсталяванне кантактаў паміж асобнымі кірункамі і групамі гісторыкаў. Асабліва гаворка ішла пра кантакт паміж даследчыкамі, якія працавалі ў афіцыйных установах, і гісторыкамі, што выйшлі з няміласці ці вярнуліся з–за мяжы. Абавязковай умовай была, безумоўна, замена кіраўніц­тва навуковых установаў, адкуль мусілі сысці вядучыя прадстаўнікі старога рэжыму, якія скампраметавалі сябе супрацоў­ніц­твам з камуністычнай службай бяспекі і злоўжываннем гістарыяграфіі ў прапагандысцкіх мэтах; усе яны спрэс паспяшаліся выйсці на пенсію або занялі нязначныя пасады ў іншых інстытуцыях. У гэтым выпадку пэўна не ішлося пра страту, бо гэтыя людзі, калі ўвогуле мелі некалі навуковыя амбіцыі, даўно ўжо адышлі ад працы па спецыяльнасці і пры­свяцілі сябе палітыцы.

Наадварот, у дачыненні да навукоўцаў, якія хоць і былі сябрамі камуністычнай партыі, аднак дэманставалі пазітыўныя навуковыя вынікі, не было прынята ніякіх дыскрымінацыйных захадаў. Пад увагу браўся той факт, што палітычны ціск на ВНУ і інстытуты Акадэміі навук быў — асабліва ў шасцідзесятыя гады — такі моцны, што ўмовай самога захавання галіны стала фармальная наяўнасць камуністычнай арганізацыі ў кожнай установе і камуністычнай ячэйкі ў кожным галіновым аддзеле. У выніку гэтага ва універсітэтах і акадэмічных інстытутах партыйнай была значная частка гісторыкаў тагачаснага малодшага і сярэдняга пакаленняў. Пры гэтым, аднак, некаторыя з іх належалі ў сваіх установах да ўнутранай апазіцыі і бралі чынны ўдзел у пераходзе установаў ад таталітарнага да дэмакратычнага метаду кіравання[12].

Збліжэнне гэтай плыні з дысідэнтамі і былымі эмігрантамі зусім не было безумоўным і лёгкім. Вострыя дыскусіі, якія адбываліся ў другой палове лістапада і ў снежні 1989 г., выяўлялі напружанасць паміж новымі „экскамуністамі“ (г.зн. тымі, што былі фармальнымі сябрамі партыі, але ў пераважнай большасці выйшлі з яе адразу пасля рэвалюцыі), людзьмі, выключанымі з камуністычнай партыі пасля жніўня 1968 г. і, нарэшце, гісторыкамі, якія ніколі не былі нават пасіўнымі чальцамі партыі ўлады. На першы план натуральным чынам выйшлі гісторыкі з бясспрэчнымі навуковымі дасягненнямі і адначасова з найбольшым палітычным аўтарытэтам, а гэта былі, з аднаго боку, дысі­дэнты, з другога — людзі, пакараныя за сваю рэфарматарскую дзейнасць у камуністычнай партыі ў другой палове шасцідзесятых гадоў; часткова — навукоўцы, якія перажылі сямідзесятыя і васьмідзесятыя гады на радзіме, часткова даследчыкі, што вярнуліся з эміграцыі толькі на мяжы 1989—1990 гг.[13].

Так, менавіта Яраслаў Мэзнік, які за ўяўную „антыдзяржаўную дзейнасць“ (насамрэч за выяўленне пратэсту супраць неправавых захадаў таталітарнага рэжыму) правёў некалькі гадоў у турме, заняў вядучае месца ва Універсітэце імя Масарыка ў Брне[14]. Ёзэф Мацэк, які, шмат гадоў адпрацаваўшы на другасных пасадах у Акадэміі навук, быў адпраўлены на пенсію, зрабіў­ся старшынём Чэхаславацкага нацыянальнага камітэта гісторыкаў і ўжо ў жніўні 1990 г. ачоліў дэлегацыю чэшскіх і славацкіх гісторыкаў на міжнародным кангрэсе гістарычных навук у Мадры­дзе[15]. Ян Кршэн (нар. 1930), які, працуючы простым рабочым, на працягу дваццаці гадоў упарта працягваў вывучаць сучасную гісторыю, стаў кіраўніком адчыненага Інстытута міжнародных даследаванняў у Карлавым універсітэце ў Празе[16]. Вядучы прадстаўнік чэшскай медыявістыкі Францішак Шмагел (нар. 1934), які адпрацаваў шмат гадоў кіроўцам трамвая, а пасля супрацоўнікам рэгіянальнага музея, заняў пасаду дырэктара Інстытута гісторыі Акадэміі навук[17], тым часам як Вілем Прэчан (нар. 1933), які вярнуўся з эміграцыі ў Нямеччыне, узначаліў наваствораны Інстытут сучаснай гісторыі[18].

Гэтыя людзі распачалі штатную і часткова структурную рэарганізацыю гістарычнай навукі на пачатку дзевяностых гадоў. На шчасце для чэшскай гістарыяграфіі, гэта былі шчырыя асобы з высокімі маральнымі прынцыпамі, асобы, якія зразумелі, што далейшыя чысткі персаналу значылі б для галіны катастрофу. Іхнімі намаганнямі магчымасць даследчай, а пры неабходнасці і навукова–арганізацыйнай дзейнасці, была дадзена ўсім гісторыкам, якія пры мінулым рэжыме не скампраметавалі сябе. Магчымасці разгарнуць свабодную даследчую працу, неабмежавана публікавацца, уключыцца ў навучальны працэс у ВНУ (што да 1989 г. было для пазауніверсітэцкіх гісторыкаў амаль немагчыма), атрымаць навуковую стyпень дацэнта або прафесара — гэта ўсё азначала, што ўзнікла выдатная нагода для абнаўлення сярэдняга пакалення навукоўцаў, якое якраз у выні­ку папярэдніх чыстак пачатку сямідзесятых гадоў амаль адсутні­чала.

4. Змены ў арганізацыі і фінансаванні гістарычных навук

Кіраўніцтва гістарычнай навукі, якое заняло свае пасады ў 1990 г., выразна ўмацавала пазітыўныя элементы пераемнасці ў развіцці чэшскай гістарыяграфіі і абнаўлення яе інфраструктуры. Аднак у першай палове дзевяностых гадоў яно мусіла даць рады змяненням, на якія магло паўплываць толькі часткова. Першым з іх было зніжэнне дзяржаўных датацый на навуку і даследчую дзейнасць, што мела негатыўныя наступствы асаб­ліва для выхавання і прасоўвання маладых навуковых кадраў. Іх заробкі пры імклівай сацыяльнай дыферэнцыяцыі чэшскага грамадства апынуліся на невымерна нізкім узроўні, які зніжаў фінансавую прывабнасць навуковай працы і пачаў пагражаць незацікаўленасцю з боку навуковай змены[19]. Адначасова некаторыя навуковыя інстытуцыі (напрыклад Інстытут гісторыі Акадэміі навук ЧР) трапілі ў складаную сітуацыю ў выніку вяртання будынкаў колішнім уладальнікам гэтай нерухомасці згодна з законам аб рэстытуцыі. Аднак праблему страты пабудоваў, у якіх размяшчаліся інстытуты, цягам дзевяностых гадоў удалося вырашыць, адшукаўшы іншыя памяшканні або ўзвёўшы новыя будынкі[20].

На пачатку дзевяностых гадоў таксама адбыліся важныя зрухі ў арганізацыі гістарычных даследаванняў. Пад ціскам непазбежнай неабходнасці спалучыць даследчыя пошукі з універсітэцкім навучаннем інстытуты Акадэміі навук страцілі ранейшае — у пэўнай ступені прывілеяванае — становішча ў даследчыцкай дзейнасці. Некаторыя інстытуты былі скасаваныя, а ў іншых значна скарацілася колькасць супрацоўнікаў.[21] Фінансаванне даследчае дзейнасці трапіла ў залежнасць ад аднаразовага вылучэння спецыяльных сродкаў на канкрэтныя заданні грантадаўцамі[22], што хоць і паспрыяла ініцыятыўнасці шэрагу навукоўцаў у змаганні за гэтыя грошы, аднак адначасова ўскладніла даследчую працу новай формай бюракратычнай дзейнасці і прывяло да пэўнай атамізацыі даследаванняў паводле абгрунтавальнасці навуковых зацікаўленняў — часта вельмі вузкіх — асобных гісторыкаў. Толькі ў канцы дзевяностых гадоў досвед з грантавай сістэмай дастаткова выявіў, што такая атамі­зацыя не можа надалей працягвацца і што неабходна аддаваць перавагу выкананню прынцыповых заданняў, у якіх бы ўдзельнічалі вялікія даследчыя каманды. Канкрэтна ў выпадку Інстытута гісторыі Акадэміі навук гэта значыла паступовае засяродж­ванне на доўгатэрміновых заданнях пры выбудоў­ванні інфармацыйнай інфраструктуры чэшскай гістарычнай навукі, то бок пры распрацоўцы бібліяграфіі[23], біяграфічнага слоўніка[24], энцыклапедыі чэшскай гісторыі[25], гістарычнага атласа гарадоў[26], далей пры выданні галоўных перыёдыкаў галіны і да т.п.[27]

Вялікая частка гістарычных даследаванняў перамясцілася ў ВНУ, прычым не толькі ў тры традыцыйныя універсітэты (Прага, Брно, Аламоўц)[28], але і ў новапаўсталыя універсітэты ў асобных рэгіёнах[29]. Напачатку было відавочна, што гэтыя універсітэты ўзнікаюць хутчэй з прычын палітычных, чым навуковых, і нягледзячы на тое, што ў іх перайшла частка колішніх работнікаў акадэмічных інстытутаў, там назіраўся недахоп высока­квалі­фікаваных адмыслоўцаў. Аднак цягам дзевяностых гадоў прынамсі некаторыя з гэтых ВНУ ўзняліся не толькі ў педагагіч­най, але і ў навуковай дзейнасці на вельмі высокі ўзровень і цалкам абгрунтавалі паўнапраўнасць свайго існавання[30]. У гістарычных даследаваннях пасля 1993 г. значна выразней пачалі ўдзельні­чаць архівы і музеі, якія выкарысталі сваю ўзмоцненую аўтаномію, свабоду доследаў і неабмежаваных магчымасцяў публікаваць[31]. Гэты факт яшчэ больш падкрэсліў працэс дэцэнтралізацыі даследаванняў і публікацыі іх вынікаў, у якіх цяпер у Чэшскай Рэспубліцы ўдзельнічаюць дзесяткі інстытуцый і сотні даследчыкаў[32].

Сапраўдны пераварот перажылі пасля 1989 г. міжнародныя кантакты чэшскіх гісторыкаў. Ранейшую шкодную ізаляцыю замяніла адкрытасць і пошук новых формаў кантактаў. З аднаго боку, зніклі або пераўтварыліся білатэральныя камісіі гісторыкаў (сярод іх і колішняя камісія чэхаславацка–савецкая), з другога боку, узнік шэраг новых магчымасцяў супрацоўніцтва: мультылатэральныя партнёрскія сеткі, тэматычныя праекты, міжнародныя канферэнцыі, сумесныя нарады па пытанні неканфрантацыйнага разумення падручнікаў гісторыі, а таксама наноўзаснаваныя двухбаковыя камісіі гісторыкаў паміж Чэхіяй і Славакіяй, Нямеччынай, Аўстрыяй, Францыяй, Расіяй, Вялікай Брытаніяй і г.д.[33] Асаблівае значэнне займеў той факт, што перад таленавітымі маладымі гісторыкамі — упершыню за апошнія пяцьдзесят гадоў — адкрылася магчымасць навучання ў заходніх універсітэтах і што для даследчыкаў–пачаткоўцаў цяпер сталі шырока даступныя замежныя архівы і бібліятэкі. Для будучыні і асабліва для міжнароднага іміджу чэшскай гістарыя­графіі гэта шмат абяцае.

5. Публікатарская дзейнасць

Як сведчыць штогадовае патаўшчэнне кнігі, прызначанай для бібліяграфічнай рэгістрацыі гістарычных прац[34], увесь час павялічваецца колькасць выдаваных манаграфій і даследаванняў, друкуецца значная колькасць рэцэнзій, а таксама навукова–папулярных прац і перакладаў кніг па замежнай гістарыя­графіі. Насуперак гэтаму чэшскія гісторыкі выяўляюць меншую цікавасць да працы — якая вымагае багата часу — па выданні крыніц, у тым ліку ўжо з ХIХ ст., без якіх нельга ўявіць даследаванне па старажытнай гісторыі.

Пры высокай колькасці чэшскіх галіновых часопісаў і альманахаў (галоўным чынам рэгіянальных) сітуацыя з выданнем гістарычных прац замежнаму назіральніку можа падацца непраходнымі джунглямі[35]. Чэшскія гісторыкі гэта ўсведамляюць, гэтак сама як і той факт, што выдаваныя па–чэшску працы замежныя даследчыкі чытаюць толькі ў выключных выпадках. Bohemica non leguntur, гаворыць старая мудрасць, а таму выдаюцца не толькі рэзюмэ на сусветных мовах, але і іншамоўная перыёдыка. Панарамай чэшскай даследчай думкі імкнецца быць штогоднік Historica. Historical Sciences in the Czech Republic, які ў форме артыкулаў і рэцэнзій робіць агляд навукова актуальных тэмаў чэшскай гістарыяграфіі ад Сярэднявечча да ХХ ст.[36]. Апроч таго выходзіць шэраг перыядычных выданняў, скіраваных на спецыялізаваныя тэматычныя акругі — Prague Economic and Social History Papers і Prague Papers on the History of International Relations[37], Acta Comeniana. International Review of Comenius Studies and Early Modern Intellectual History[38], Judaica Bohemiae[39], Ibero–Americana Pragensia[40] або Archiv orientální. Quarterly Journal of African and Asian Studies[41]. Назвы гэтых перыядычных выданняў добра іх характарызуюць.

Аднак для беларускага чытача неабходна падкрэсліць некалькі момантаў што да часопісаў і альманахаў, якія аддаюць асаблівую ўвагу ўсходняй Еўропе і славянскаму свету. Даўнюю традыцыю чэшскай гістарычнай славістыкі ўвасабляе Slovanský přehled, часопіс, заснаваны яшчэ ў 1898 г., які выходзіць чатыры разы на год. Ягоным антыподам, у якім можна змяшчаць буйныя даследаванні, ужо ад 1955 г. ёсць зборнік Slovanské historické studie[42]. Гістарычныя аспекты даследавання славянскіх культур закранаюць таксама некаторыя артыкулы, якія публікуюцца ў часопісах Byzantinoslavica і Germanoslavica. Zeitschrift für germano–slawische Studien[43]. Аднак нядаўна была ўкладзеная каментаваная бібліяграфія чэшскіх прац па гісторыі ўсходняй Еўропы[44], у якую ўлучаны ў тым ліку і вынікі чэшскай беларусістыкі, якія, на жаль, у параўнанні з астатнімі краінамі вельмі сціплыя[45].

Да выбарачнага бібліяграфічнага падсумавання і крытычнага аналізу вынікаў апошняга дзесяцігоддзя ХХ ст. чэшскія гісторыкі дайшлі зусім нядаўна і прапанавалі свае напрацоўкі замежным адмыслоўцам па–англійску[46].

Аднак рэальныя вынікі даследчае дзейнасці і арганізацыі навукі не выяўляе колькасць выдадзеных кніг, артыкулаў і рэцэнзій. Гаворка найперш пра якасць, а тут заўсёды найлепш меркаваць па буйных працах, якія прадстаўляюць дадзеную галіну. У дзевяностыя гады і на пачатку ХХI ст. сапраўды выйшаў шэраг выдатных сінтэтычных даследаванняў, роўных дасягненням міжваеннай эпохі, якія добра прэзентуюць чэшскую гістарыяграфію і міжнародным кантэксце. Вартай увагі распрацоўкі дачакаліся Вялікамараўская імперыя і пачаткі чэшскай дзяржаўнасці[47], эпоха ўладарання чэшскага караля і рымскага імператара Карла IV (1346—1378)[48], гусіцкая рэвалюцыя XV ст.[49] і эпоха Ягелонаў у чэшскай гісторыі (1471—1526)[50], у гісторыі ранняга Новага часу — гісторыя матэрыяльнай культуры[51] і развіццё сярэднемараўскага транзітнага краю на прыкладзе Маравіі[52]. Для ХIХ ст. і пачатку ХХ ст. гэта датычыць асабліва гісторыі чэшскага грамадства[53] і чэшска–нямецкіх стасункаў[54]. Пераважна гэта працы гісторыкаў старэйшага пакалення, якія часткова ўзніклі на аснове доследаў, праведзеных яшчэ да 1989 г.

У ліхаманкавыя дзевяностыя гады шырока разгарнулася даследчая і выдавецкая дзейнасць, асабліва ў галіне сучаснай гісторыі (перадусім палітычнай). Узбагацілася палітра тэмаў, прычым не толькі з чэшскай гісторыі (што належыць да традыцыйнай сферы зацікаўленняў чэшскіх гісторыкаў), але і з галіны сусветнай гісторыі[55]. Там–сям пашырыўся і ахоп скарыстаных метадаў. Увогуле, аднак, сярэдняе пакаленне, якое мусіла б быць найпрадуктыўнейшым, прэзентавала сябе працамі значнага фармату хіба як выключэнне. На шчасце, у апошнія гады сітуацыя мяняецца, і некаторыя прадстаўнікі сярэдняга пакалення выдалі значныя сінтэтычныя працы па сярэднявечнай і сучаснай гісторыі[56]. Гэтак паступова сціраецца кідкая супярэчнасць паміж навуковымі дасягненнямі сённяшніх саракагадовых ці пяці­дзесяці­гадовых навукоўцаў і тым фактам, што ў канцы дзевяностых гадоў у пэўнай ступені менавіта яны прынялі кіраўніцтва ў гістарычнай галіне.

6. Стан чэшскай гістарыяграфіі на пачатку ХХI ст.

Пакаленне шасцідзесяці–сямідзесяцігадовых гісторыкаў, якія пасля 1989 г. атрымалі магчымасць вярнуцца да нармальнай навуковай дзейнасці, паступова сыходзіла на пенсію або на іншыя працоўныя месцы. Часткова гэта адбывалася добраахвотна (з намерам вызваліць рукі ад арганізатарскіх абавязкаў і засяродзіцца на творчай працы), часткова пад ціскам фармальных інструкцыяў, якія не дазваляюць, каб акадэмічным інстытутам кіраваў той самы вучоны цягам больш за восем гадоў[57]. У выні­ку гэтага ў 1998 г. адбыліся змены ў кіраванні гістарычных інстытуцый Акадэміі навук, за імі надышлі такія самыя змены ў кіраўніцтве кафедраў у ВНУ і г.д.[58]

Цяперашняя сітуацыя мае выразна пераходны характар. Новыя фармальныя прадстаўнікі галіны да сёння не належаць да „сучасных класікаў“ чэшскай гістарыяграфіі фармату Міра­сла­ва Гроха (нар. 1932), Ёзэфа Пэтраня (1930), Францішка Шмагела (1934) ці Ёзэфа Валкі (1929). У той жа час яны не маглі скарыстацца дабротамі новай эпохі ў тым, каб некалькі семестраў правучыцца за мяжой і нефармальна зліцца такім чынам з еўрапейскай акадэмічнай навукай. Дзевяностыя гады яны правялі хутчэй у інтэнсіўным навучанні студэнтаў, у падрыхтоўцы новых падручнікаў гісторыі для пачатковых, сярэдніх і вышэйшых школ, у публіцыстычнай дзейнасці ці ў выкананні навукова–арганізацыйных заданняў на ніжэйшым узроўні. А цяпер апынулі­ся — вядома на ўласнае жаданне і ў выніку паспяховага прахо­джання па конкурсе — на чале гістарычных інстытуцый. Яны стаялі і стаяць перад заданнем кіраваць не толькі сваімі аднагодкамі і старэйшымі калегамі, але і маладымі гісторыкамі, некаторыя з якіх прынеслі досвед і раней невядомыя патрабаванні з замежжа. Частка гэтых маладых гісторыкаў мае ўжо, апроч усяго іншага, блізу трыццаці бліскучых публікацый, што выклікае пачуццё няпэўнасці ў некаторых менш паспяховых сарака–пяцідзесяцігадовых вучоных на вядучых пасадах.

Тым часам як прадстаўнікі старэйшага пакалення ўвасаблялі пераемнасць традыцый з эпохі Пражскай вясны 1968 г., сярэдняе пакаленне пры поглядзе звонку можа ўспрымацца хутчэй у сувязі з часам, калі яно ўступала ў навуковае жыццё, то бок з перыядам неасталінскай „нармалізацыі“. Ейныя прадстаўнікі апынаюцца ў праблематычнай сітуацыі не толькі пры шуканні ўласнай тоеснасці, але і пры перайманні адказнасці за стан чэшскай гістарычнай навукі, якая на пачатку дзевяностых гадоў хоць і скансалідавалася прафесійна ў асобных інстытуцыях, аднак як цэлае засталася пасіўнай. Супольная арганізацыя гісторыкаў — Гістарычны клуб (Historický klub) — у сярэдзіне дзевяностых гадоў у выніку абыякавасці сваіх чальцоў апынулася на мяжы развалу і толькі пасля трансфармацыі ў агульнадзяржаўнае Згуртаванне гісторыкаў Чэшскай рэспублікі (Sdruženн historiků České republiky) у 1997 г. пачала выяўляць больш выразныя знакі ажыўлення і жыццяздольнасці[59]. У гэтай сітуацыі камітэт Згуртавання гісторыкаў ЧР у 1999 г. і рыхтаваў згаданы ва ўводзінах з’езд чэшскіх гісторыкаў, які — разам з папярэдняй і наступнай медыяльнай дыскусіяй — распачаў дэбаты пра стан чэшскай гістарычнай навукі.

7. Дыскусія пра будучыню

Прадметам дыскусіі паўнапраўна сталі пытанні арганізацыі, фінансавання і метадалогіі гістарычных даследаванняў, узроўню навучання гісторыі ў ВНУ, падрыхтоўкі маладых навуковых работнікаў і іх кар’ернага росту. То бок гаворка пра выключна сур’ёзныя — а часам і вельмі спрэчна вырашаныя — праблемы. Усе яны заслугоўваюць стараннага ўзважвання і пошукаў праходных шляхоў для паляпшэння сучаснага стану. Калі ж гэта ў некаторых выпадках не ўдаецца, Згуртаванне гісторыкаў мусіць прынамсі паспрыяць іх рэгістрацыі і абнародаванню ў галіновым друку, каб увагі і крытыкі не ўніклі тыя, хто замінае вырашэнню праблемаў[60].

Аднак гаворка далёка не толькі пра пытанні галіны. Прадметам бурлівых дыскусій робяцца таксама персанальныя і палі­тычныя аспекты гістарыяграфіі. Характар асабістых і групавых інтарэсаў мае перадусім медыяльная дыскусія пра „рахаванне з мінуўшчынай“. Гэтая складаная праблема, якая мае ўзровень маральны, палітычны і прававы, як правіла, разумеецца не як доўгатэрміновае глыбокае пазнаванне гісторыі, але, на шкоду навуцы, перадусім як напаўненне інтарэсаў сілавых групаў і асабістая канфрантацыя. Асабліва права арыентаваныя медыі робяць выпады супраць асобных гісторыкаў, на якіх нібыта падае нейкі неканкрэтызаваны цень мінуўшчыны. Такім чынам, гэта часава мадыфікаваны — паводле свайго характару палітычны і медыяльны, то бок пазанавуковы — ціск з мэтай падзелу чэшскіх гісторыкаў на дзве групы (паўнапраўныя і непаўнапраўныя), якая бачыцца нам параўнальнай з мэтамі чыстак мінулых дзесяцігоддзяў. Парадаксальны характар гэтых медыяльных кампаній палягае ў тым, што яны выразна права скіраваныя (як правіла супраць гісторыкаў, арыентаваных на лявіцу) у часе, калі ўжо двойчы запар выбары ў Чэхіі выйграла сацыял–дэма­кратычная партыя. Увогуле можна сказаць, што гэтая плынь дыскусіі выбіваецца з узроўню навуковых дэбатаў і ёсць выяўленнем змагання за ўладу над навуковымі інстытуцыямі, ці суперніцтвам за ўплыў на грамадскую думку пры абмеркаванні гістарычных каранёў сучаснасці.

Другім галоўным матывам дыскусій зрабілася пытанне інтэрпрэтацыі чэшскай гісторыі, як яе падае права скіраваная частка чэшскага штодзённага друку, што знаходзіцца пераважна ў руках нямецкага капіталу (пасля 1989 г. асобныя газеты паступова скупілі друкарскія канцэрны ў Пасаў і Дзюсельдорфе)[61]. Гэтая інтэрпрэтацыя, названая „негатывісцкай“, падае чэшскую гісторыю ад Сярэднявечча да ХХ ст. як серыю няўдач або нават злачынстваў, якія дасягаюць свайго піку выгнаннем нямецкай меншасці з чэшскіх земляў пасля заканчэння II сусветнай вайны[62]. У сувязі з абвастрэннем атак на чэшскую гістарычную свядомасць чэшскае грамадства было нават абвінавачана ў генацы­дзе цыганскага насельніцтва Чэхіі і Маравіі пад час нацысцкай акупацыі, вінаватымі ў якім былі абсалютна відавочна нямецкія акупанты[63]. Гэтае і іншыя ўяўныя злачынствы чэшскага народа былі прадстаўлены і пастаўлены на такі самы ўзровень, як эт­нічныя чысткі, якія ў 1999 г. адбываліся на тэрыторыі Косава, і набылі гэткім чынам новую актуальнасць. Іх выкупленне, дыктаванае вонкавымі суддзямі, паводле казальнікаў негатывісцкай канцэпцыі, мусіла б стацца ўмовай для прыняцця чэхаў у сям’ю цывілізаваных народаў Еўропы, іншымі словамі для дазволу на ўступленне Чэшскай рэспублікі ў Еўрапейскую унію[64].

Выразнае падабенства з інтэрпрэтацыяй чэшскай гісторыі старажытнасці і Новага часу гітлераўскімі нацыстамі, а пазней ваяўнічым крылом судэцкіх немцаў умагчыміла крытычна паказаць на паралелі паміж гэтымі тлумачэннямі і поглядамі, якія распаўсюджвае частка пражскага друку[65]. Пры гэтым гаворка вялася не пра прыкрыццё цёмных старонак мінуўшчыны Чэхіі (падобна як і іншых народаў), а пра падкрэсленне факту, што гэтую экстрэмальную інтэрпрэтацыю варта падпарадкаваць аналізу і вылучыць ёй належнае месца сярод мэтанакіраваных інструменталізацый гісторыі на службе сучаснай прапагандзе[66].

Паўсталая палеміка пра судэцканямецкую і журналісцкую інтэрпрэтацыю чэшскай гісторыі ды пра яе палітычную інструменталізацыю вылучыла пытанне, ці гатовае (і ў якім сэнсе) чэшскае грамадства прыняць такі выклад уласнай мінуўшчыны, які па сутнасці адпавядае гетэрастэрэатыпу ваяўнічай часткі судэцкіх немцаў[67]. Паводзіны некаторых палітыкаў у Аўстрыі, Венгрыі і Нямеччыне (асабліва ў Баварыі) у 2001—2002 г. паказалі, што гісторыя чэшскіх земляў зноў робіцца актуальнай праблемай. Выклад гэтай праблемы мусіць сувырашаць што да правамоцнасці прэтэнзій на кампенсацыю стратаў нямецкай меншасці, якая перад канцом II сусветнай вайны жыла на тэрыторыі Чэхіі (а таксама Польшчы, Славакіі, Славеніі ці Расіі) і    была ў выніку нацысцкіх злачынстваў над мясцовым насельніцтвам выселена ў Нямеччыну.

Няма неабходнасці апісваць палітычны і медыяльны розгалас гэтага ціску на рэінтэрпрэтацыю чэшскай гісторыі ў судэцканямецкім духу. Дастаткова сказаць, што ў гэтую дыскусію ўлучылася і чэшская гістарыяграфія. Яна здзейсніла гэта пасярэд­ніцтвам дэкларацыі Згуртавання гісторыкаў ЧР „Гісторыкі су­праць гвалту з гісторыі“, у якой паспрабавала паказаць складанасць гэтай праблематыкі і адмовіць ёй у палітычнай інструменталізацыі[68]. Гэтая дэкларацыя мела значны рэзананс (у т.л. вялікую інтэрнэт–дыскусію) і паспрыяла ўразуменню поглядаў грамадскасці на комплекснасць сярэднееўрапейскай гісторыі ХХ ст.; вядома ж, яна зрабілася і прадметам нападаў, часам і вельмі вульгарных, з боку медыяў. Падобны лёс — цікавасць, але і медыяльныя асуджэнні — заспеў і дзве аглядныя публікацыі, якія напісалі прафесійныя чэшскія гісторыкі і якія мелі сваім заданнем падаць нарыс чэшска–нямецкіх узаемінаў у ХХ ст. Абедзве выйшлі недзе ў сярэдзіне 2002 г. і былі прызначаныя, з аднаго боку, на патрэбы універсітэцкага навучання, з другога боку — для шырокай зацікаўленай грамадскасці. Найбольш аўтараў гэтых кніг дакаралі ў тым, што працы былі надрукаваныя пры падтрымцы дзяржавы (міністэрства адукацыі і міні­стэрства культуры) Чэшскай рэспублікі і што яны выйшлі ў свет, апанаваны сродкамі масавай інфармацыі, у часе перадвыбарнай кампаніі. І тут выявілася, што медыі, гнаныя прагай сенсацый, а па сутнасці прагай вялікага накладу і прыбытку, абараняючы, такім чынам, уласныя ўладныя інтарэсы, не надта вітаюць крытычны сутнасны погляд адмыслоўцаў на віртуалізаваную гісторыю[69].

Згаданыя навукова–папулярныя даследаванні адпавядаюць актуальнай патрэбе агляднага і яснага выкладу дыскутаваных пытанняў. Побач з імі, безумоўна, выходзяць працы, пры­значаныя для вузейшага кола адмыслоўцаў. Гэтыя публікацыі, між іншым, зрабіліся тэмай міжнароднай дыскусіі што да правамоцнасці эвакуацыі нямецкай меншасці і законнасці вырашэння гэтай праблематыкі за II сусветнай вайной і непасрэдна пасля яе. Даследаванні і манаграфіі, якія выйшлі заслугай маладзейшых чэшскіх спецыялістаў у гісторыі ХХ ст., уяўляюць сабой значнае даследчыцкае дасягненне і спрыяюць вырашэнню актуальнай праблемы агульным намаганнем гісторыкаў і юрыстаў[70].

8. Заключэнне

На мяжы ХХ і ХХI ст. адбываецца вельмі важная рэкапітуляцыя не толькі чэшскай гістарыяграфіі, але і ўсёй чэшскай гісторыі. Яшчэ колькі гадоў таму магло здацца, што мінуўшчына „мёртвая“ і што яна мусіць застацца выключна прадметам акадэмічных даследаванняў. Насамрэч свабодная гістарычная навука, якая стала на новы падмурак, і новае жыццё выявілі яе актуальнасць. Тым часам як у колах адмыслоўцаў і ў штодзённым друку адбываецца дыскусія пра характар і метадычную правамоцнасць навуковай працы, у міжнароднай палітыцы гісторыя пяцідзесяці– і больш гадовай даўніны зноў робіцца гарачым аргументам. Гістарычным даследаванням у Чэшскай рэспубліцы гэта прыносіць і плюсы, і мінусы. Гісторыкаў, асабліва чулых да грамадскага розгаласу сваёй галіны, якія даследуюць найперш гісторыю ХХ ст., гэтая акалічнасць пазбаўляе спакойнай засяроджанасці і вымушае іх прысвячаць сябе часава працаёмкім дыскусіям. Аднак адначасова гэтыя дыскусіі заахвочваюць да новага абдумвання агульна важных тэмаў, а таксама метадаў, якія даюць мажлівасць лепш гэтыя тэмы даследаваць. Галоўным вынікам гэтай актуалізацыі ёсць той факт, што гістарыяграфія не застаецца выключна прадметам зацікаўлення вузкай групы спецыялістаў. Сучасная, але і ранейшая гісторыя прыцягвае ўвагу досыць шырокіх колаў грамадскасці. Гісторыкі такім чынам атрымліваюць цяжкое заданне — паспрабаваць з дапамогай даступных навуковых метадаў паспрыяць культывацыі гістарычнай свядомасці чэшскага грамадства.

З чэшскай пераклалі Юлія і Сяргей Сматрычэнкі


[1] Сціслую аб’ектыўную інфармацыю пра з’езд падалі С. Ракава, В. Бужэк і Ф. Шмагел: Svatava Raková — Václav Bůžek — František Šmahel, VIII. sjezd českých historiků, у: Český časopis historický 97, 1999, s. 877—879; апроч таго, сваё ўласнае стаўленне да з’езду выказалі чатырнаццаць удзельнікаў з’езду ў анкеце Historici mezi sebou a o sobĕ, у: Dĕjiny a současnost 21, 1999, č. 6, s. 16—25. Рэдагаваныя вынікі кангрэсавых паседжанняў, якія, аднак, толькі прыблізна адлюстроўваюць напружаную атмасферу абмеркаванняў, падае зборнік: Jiří Pešek (ed.), VIII. sjezd českých historiků (Hradec Králové, 10.—12. září 1999), Praha 2000.
[2] Найбольш актыўны ўдзел у дыскусіі бралі пражская газета Lidové noviny і палітычны штотыднёвік Respekt; абодва гэтыя выданні рэпрэзентуюць выразна правыя пазіцыі. Насуперак гэтаму пазіцыя лявіцы, асабліва сацыяльнай дэмакратыі, прагучала ў значна меншай ступені.
[3] Дыскусіі часткова адлюстраваныя ў публікацыях: Jiří Kocian (ed.), Historické diskusní fуrum (1999), Praha 2000; Historické diskusní fórum 1999—2000, у: Soudobé dĕjiny 8, 2001, s. 77—130.
[4] František Palacký, Dĕjiny národu českého v Čechách a v Moravĕ, I—V, Praha 1848—1867 (канчатковае выданне 1876—1878); найноўшыя вынікі даследаванняў падаюць публікацыі: Jiří Kořalka, František Palacký (1798—1876). Životopis, Praha 1998; František Šmahel — Eva Doležalová (eds.), František Palacký 1798 / 1998. Sborník z jubilejní konference, Praha 1999.
[5] Асноўныя звесткі пра чэшскую гістарыяграфію ўтрымлівае сінтэтычная праца: František Kutnar — Jaroslav Marek, Přehledné dĕjiny českého a slovenského dĕjepisectví. Od počátků národní kultury až do třicátých let 20. století, Praha 1997; пра школу Я. Гола (Jaroslav Goll) гаворка ідзе на с. 365—933.
[6] Josef Šusta (ed.), Dĕjiny lidstva od pravĕku k dnešku, I—VI, Praha 1935—1939; апошнія два тамы, на жаль, не выйшлі з прычыны нацысцкай акупацыі чэшскіх земляў.
[7] Пар. зборнік Vĕdecká konference k 100. výročí narození Bedřicha Macka, prvního profesora hospodářských dĕjin Univerzity Karlovy, 1892—1992, Praha 1997; Tomáš Pasák, Univerzita Karlova a 17. listopad, Praha 1997; F. Kutnar — J. Marek, Přehledné dĕjiny, s. 755—807; Jarmila Pešková, Josef Matoušek: zapomenutá obĕť 17. listopadu, у: Dĕjiny a současnost 21, 1999, č. 6, s. 37—41.
[8] Josef Petráт, Historická skupina (komentář k vzpomínkám jejích členů), у: Studie z obecných dĕjin. Sborník k šedesátým narozeninám Jaroslava Charváta, Praha 1975, s. 11—47; зборнік Václav Husa, Praha 1989; не надта ўдалую спробу нарыса развіцця пасляваеннай чэшскай гістарыяграфіі падае Ёзэф Ганзал: Josef Hanzal, Cesty české historiografie 1945—1989, Praha 1999; крытыку гэтай працы вы знойдзеце ў рэцэнзіі Томаша Бораўскага (Tomáš Borovský) у: Český časopis historický 97, 1999, s. 807—812. Найноўшы каментар у працы Францішка Каўкі: František Kavka, Ohlédnutí za padesáti lety ve službĕ českému dĕjepisectví, Praha 2002.
[9] Пра эмігранцкую і дысідэнцкую гістарыяграфію падае больш падрабязныя бібліяграфічныя звесткі Ё. Ганзал: Josef Hanzal, Cesty české historiografie, s. 226—243.
[10] У час ізаляцыі Чэхаславакіі, акупаванай савецкім войскам, вялікую ролю адыграў Ośrodek Kultury polskiej w Pradze, дзе можна было набыць найноўшыя працы польскіх гісторыкаў, а таксама польскія пераклады французскіх і іншых навукоўцаў. Такім чынам пашыраўся кругагляд найперш маладых чэшскіх гісторыкаў. Разам з абмежаванай магчымасцю знаёмства з заходняй літаратурай у Deutsche Bücherei in Leipzig і праглядам навуковых часопісаў ды адзінкавых кніг, што даходзілі з Захаду, у першай палове васьмідзесятых гадоў гэта была адна з нешматлікіх магчымасцяў сачыць за развіццём гістарыяграфіі ў Заходняй Еўропе.
[11] Фрагменты асобных звестак па гэтай праблематыцы падаюцца ў кнізе: Josef Hanzal, Cesty české historiografie, s. 163—225. Аўтар, на жаль, спыніўся толькі на бібліяграфічнай рэгістрацыі і задаволіўся палітычнай дэмагогіяй; яму, аднак, не ўдалося раскрыць праблематыку з гледзішча тэматычнага і метадалагічнага.
[12] Дакументацыю пра падзеі ў некаторых пражскіх установах аб’яднала публікацыя: Deset pražských dnů (17.—27. listopad 1989), Praha 1990 (напрыклад, пра тагачасны Інстытут чэхаславацкай і сусветнай гісторыі ЧСАН гл. на с. 546).
[13] Цікавыя погляды на гэты час апублікаваў Ян Кршэн, адзін з дысідэнтаў сярод чэшскіх гісторыкаў, у інтэрвію: Bílých míst je stále dost, ale jsou jiná, než před deseti lety (zpracovali Alena Míšková a Jan Urban), у: Dĕjiny a současnost 21, 1999, č. 6, s. 35—36.
[14] Jaroslav Pánek, K životnímu jubileu Jaroslava Mezníka, у: Folia Historica Bohemica 13, 1990, s. 541—551; Sborník k 70. narozeninám Jaroslava Mezníka, Brno 1998 (Časopis Matice moravské 117, 1998).
[15] František Šmahel, † Josef Macek, у: Český časopis historický 90, 1992, s. 143—146; а таксама зборнік In memoriam Josefa Macka (1922—1991), ed. Miroslav Polívka a František Šmahel, Praha 1996.
[16] Пар. Occursus — Setkání — Begegnung. Sborník ku poctĕ 65. narozenin Jana Křena, ed. Zdenĕk Pousta, Pavel Seifter a Jiří Pešek, Praha 1996.
[17] Пар. Husitství — Reformace — Renesance. Sborník k 60. narozeninám Františka Šmahela, I—III, ed. Jaroslav Pánek, Miroslav Polívka a Noemi Rejchrtová, Praha 1994.
[18] Пар. зборнік Acta contemporanea. K pĕtašedesátinám Viléma Prečana, ed. Jindřich Pecka, Praha 1998.
[19] Частка маладых перспектыўных гісторыкаў шукае сабе дадатковы прыбытак у больш–менш сістэматычным супрацоўніцтве з пражскімі перыядычнымі выданнямі. У пэўнай ступені гэтая дзейнасць станоўчая, бо прынамсі ў некаторых аспектах можа падвысіць узровень гэтых выданняў. Аднак яна мае і свае адмоўныя бакі, бо асабліва пільных карэспандэнтаў адцягвае ад навуковай працы, прыводзіць іх да звычкі да журналісцкага (часта спрашчальнага, аргументацыйна непадмацаванага і скіраванага да сенсацыі) ладу мыслення і выказвання, і ўрэшце таксама стварае відавочную залежнасць гэтых гісторыкаў ад палітычнай арыентацыі дадзеных выданняў.
[20] Пар.: František Šmahel, Historia calamitatum…, у: Bulletin Historického ústavu ČAV 4, 1933, č. 3, s. 1; Miloslav Polívka — Jiří Mikulec, Historický ústav Akademie vĕd České republiky. Všeobecná a bio–bibliografická příručka, Praha—Brno 1999; што да астатніх гістарычных інстытутаў пар. публікацыю Akademie vĕd České republiky. Informační příručka, Praha 1998.
[21] Напр., у 1993 г. быў скасаваны Інстытут гісторыі Сярэдняй і Ўсходняй Еўропы, а ў рамках Акадэміі навук ЧР частка ягоных супрацоўнікаў і даследчых праграмаў (гісторыя Ўсходняй і Паўднёва–Ўсходняй Еўропы) была перададзена Інстытуту гісторыі АН ЧР.
[22] Для падтрымкі гістарычных даследаванняў асабліва важныя агульнадзяржаўнае Грантавае агенцтва Чэшскай рэспублікі і Грантавае агенцтва Акадэміі навук ЧР, потым Грантавае агенцтва Карлавага універсітэта ў Празе і агенцтвы галіновых міністэрстваў.
[23] Вынікі гістарыяграфічнага даследавання найпадрабязней фіксуе Bibliografie dĕjin českých zemí, якую выдае Інстытут гісторыі АН ЧР (выдавец Вацлава Горчакава (Václava Horčáková)); гэтая бібліяграфія выходзіць з некалькігадовым спазненнем, і ў 2002 г. была выдадзена за 1997 г.
[24] Biografický slovník českých zemí ствараецца пад рэдакцыяй Яна Новатнага (Jan Novotný). Пакуль была створана вялікая дакументацыйная база і словаспіс, які выйшаў у чатырох тоўстых тамах у 1997—2000 г.
[25] Шматтомавая Encyklopedie českých dĕjin, якая рыхтуецца разам з Інстытутам сучаснай гісторыі (адказныя рэдактары Яраслаў Панэк і Олдржых Тума (Jaroslav Pánek, Oldřich Tůma)), ахопіць гісторыю земляў Кароны чэшскай ад ранняга Сярэднявечча да канца ХХ ст., прычым з улікам выкладу агульных паняццяў, працэсаў, з’яваў, падзеяў і г.д. у шырэйшым гістарычным кантэксце.
[26] Historický atlas mĕst České republiky выходзіць з 1996 г. шчыраваннямі Эвы Сэматанавай і Ёзэфа Жэмлічкі (Eva Semotanová, Josef Žemlička); дагэтуль было выдадзена 10 сшыткаў, прысвечаных кожнага разу нейкаму са значных гарадоў Чэхіі ці Маравіі (Літамнержыцэ, Пардубіцэ, Чэске Будзеёвіцэ, Градэц Кралавэ, Табар, Іглава, Тэлч і інш.).
[27] З найважнейшых перыядычных выданняў у галіне гістарыяграфіі Інстытут гісторыі АН ЧР выдае цэнтральны Český časopis historický (заснаваны ў 1895 г., у 1953—1989 выходзіў пад назвай Československý časopis historický) і Slovanský přehled (заснаваны ў 1898 г.), прысвечаны гісторыі сярэдняй і ўсходняй Еўропы; сярод альманахаў найбольш значны Historica. Historical Sciences in the Czech Republic, які прэзентуе вынікі чэшскіх даследаванняў замежнай грамадзе па–ангельску, па–французску і па–нямецку, потым Mediaevalia Historica Bohemica (па чэшскай і сусветнай гісторыі ранняга Новага часу), Moderní dĕjiny (па гісторыі ХIХ і ХХ ст.), Hospodářské dĕjiny — Economic History і Historická geografie. З іншых перыядычных выданняў неабходна прынамсі дзеля арыентацыі згадаць Časopis Matice moravské (выдае Маціца мараўская ў Брне ў процівагу Českému časopisu historickému), Soudobé dĕjiny (выдае Інстытут сучаснай гісторыі АН ЧР), Sborník archivních prací (Архіўная ўправа Міністэрства ўнутраных справаў ЧР), Acta Comeniana (Інстытут філасофіі АН ЧР) і Archiv orientální (па гісторыі Азіі і Афрыкі, выдае Інстытут арыенталістыкі АН ЧР); з часопісаў вядучых музейных інстытуцый нельга прамінуць Časopis Národního muzea (Нацыянальны музей у Празе), Časopis Moravského zemského muzea (Мараўскі краёвы музей у Брне), Slezský sborník (Сілезскі краёвы музей у Апаве) і Studia Comeniana et historica (Музей Я.А. Коменскага ва Ўгорскім Бродзе).
[28] Карлаў універсітэт у Празе, Універсітэт імя Масарыка ў Брне і Універсітэт імя Палацкага ў Аламоўцы.
[29] Паўднёвачэшскі універсітэт у Чэскіх Будзеёвіцах, Заходнечэшскі універсітэт у Плзэні, Універсітэт імя Я.Э. Пуркіне ў Усці–над–Лабэм, Універсітэт Пардубіцэ, Універсітэт Градэц Кралавэ, Астраўскі універсітэт і Сілезскі універсітэт у Апаве.
[30] Асабліва дынамічна развіваецца малады Паўднёвачэшскі універсітэт у Чэскіх Будзеёвіцах і Гістарычны інстытут пры ім, які ўлучыўся ў міжнароднае навуковае супрацоўніцтва і ўтварыў у паўднёвай Чэхіі адзін з цэнтраў еўрапейскіх параўнальных даследаванняў арыстакратыі і рэзідэнцый эпохі ранняга Новага часу. Вядучы прадстаўнік гэтага інстытута Вацлаў Бужэк здолеў на працягу дванаццаці гадоў выхаваць шэраг здольных вучняў і заснаваць самабытную навуковую школу.
[31] Надзвычай вялікую навуковую і публікатарскую дзейнасць разгарнулі Дзяржаўны цэнтральны архіў у Празе, Архіў сталічнага горада Прагі, Нацыянальны музей у Празе, Усходнечэшскі музей у Пардубіцах і некаторыя іншыя інстытуцыі.
[32] Асноўны агляд інстытуцый і большасці працаўнікоў у галіне гістарыяграфіі падае Lexikon současných českých historiků, ed. Jaroslav Pánek a Petr Vorel, Praha 1999.
[33] Падрабязней пра гэта: Jaroslav Pánek, Die tschechische Historiographie in den neunziger Jahren, у: Österreichische Osthefte 41, 1999, s. 5—23, асабліва s. 13—15.
[34] Гл. вышэй спасылку 23.
[35] Агляд найбольш значных гістарычных часопісаў, што выдаюцца ў Чэшскай рэспубліцы, падаецца ў працы: Jaroslav Pánek, Czech Historiography at the End of the 20th Century, у: Select Bibliography on Czech History 1990—1999, Prague 2000, p. IX—XLVI.
[36] Альманах выдае Інстытут гісторыі АН ЧР у Празе.
[37] Абодва часопісы выдае філасофскі факультэт Карлавага універсітэта ў Празе.
[38] Выдае Інстытут філасофіі АН ЧР у Празе.
[39] Выдае Габрэйскі музей у Празе.
[40] Выдае Цэнтр лацінаамерыканскіх даследаванняў Карлавага універсітэта ў Празе.
[41] Выдае Інстытут арыенталістыкі АН ЧР у Празе.
[42] Абодва перыёдыкі выдае Інстытут гісторыі АН ЧР у Празе.
[43] Абодва перыёдыкі выдае Інстытут славістыкі АН ЧР у Празе.
[44] Miroslav Šesták — Radomír Vlček (ed.), Východoevropská studia v České republice 1990—2000: Historie, Praha 2001 (= Slovanské historické studie 27, 2001).
[45] Emil Voráček, Česká historická bĕlorusistika, у: M. Šesták — R. Vlček (ed.), Východoevropská studia v České republice 1990—2000: Historie, s. 94.
[46] Václava Horčáková — Kristina Rexová — Luboš Polanský, Select Bibliography on Czech History. Books and Articles 1990—1999, Prague 2000; Jaroslav Pánek (ed.), Czech Historiography in 1990s, Prague 2001 (= Historica 7—8, 2000—2001); Miroslav Šesták — Radomír Vlček, East European Studies, ibidem, p. 181—226.
[47] Dušan Třeštík, Počátky Přemyslovců. Vstup Čechů do dĕjin, Praha 1997; idem, Vznik Velké Moravy. Moravané. Čechové a střední Evropa v letech 781—871, Praha 2001.
[48] František Kavka, Vláda Karla IV. za jeho císařství (1355—1378), I—III, Praha 1993; гэтаму ж перыяду — адно ў мараўскім аспекце — прысвечана новая сінтэтычная праца (якая сапраўды ўзнікла ў другой палове дзевяностых гадоў) з–пад пяра Яраслава Мэзніка: Jaroslav Mezník, Lucemburská Morava 1310—1423, Praha 1999.
[49] František Šmahel, Husitská revoluce, I—IV, Praha 1993; гэты самы аўтар далей наноў сінтэтычна перапрацаваў досвед з гэтай эпохі: Husitské Čechy. Struktury, procesy, ideje, Praha 2001.
[50] Josef Macek, Jagellonský vĕk v českých zemích, I—IV, Praha 1992—1999.
[51] Josef Petráт (ve spolupráci s Lýdií Petráтovou), Dĕjiny hmotné kultury II / 1—2. Kultura každodenního života od 16. do 18. století, Praha 1995—1997.
[52] Josef Válka, Dĕjiny Moravy, I—II, Brno 1991—1996.
[53] Otto Urban, Die tschechische Gesellschaft 1848—1918, Wien 1994.
[54] Jan Křen, Konfliktní společenství. Češi a Nĕmci 1780—1918, Praha 1990. Да гэтай асноўнай сінтэтычнай працы потым далучыўся шэраг манаграфій і зборнікаў па гісторыі чэшска–нямецкіх узаемінаў у ХХ ст.
[55] Выданнем арыгінальных прац па гісторыі замежных краін была паспяхова пераадолена мяжа, якая традыцыйна замыкала чэшскую гістарыяграфію ў мясцовых праблемах; пар. Milan Švankmajer a kolektiv, Dĕjiny Ruska, Praha 1995; Luboš Švec a kolektiv, Dĕjiny pobaltských zemí, Praha 1996; Jan Klíma, Dĕjiny Portugalska, Praha 1996; Otakar Hulec, Dĕjiny Jižní Afriky, Praha 1997; Svatava Raková, Anglické kolonie v severní Americe, Praha 1997; Jan Klíma, Dĕjiny Brazílie, Praha 1998; Miroslav Šesták a kolektiv, Dĕjiny jihoslovanských zemí, Praha 1998; Pavel Hradečný a kolektiv, Dĕjiny Řecka, Praha 1998; Oldřich Kašpar, Dĕjiny Mexika, Praha 1999; Jiří Chalupa, Dĕjiny Argentiny, Uruguaye a Chile, Praha 1999; Jan Rychlík, Dĕjiny Bulharska, Praha 2000; Lenka Rovná — Miroslav Jindra, Dĕjiny Kanady, Praha 2000; Helena Kadečková, Dĕjiny Islandu, Praha 2001. Вялікую трохтомавую манаграфію па гісторыі еўра–амерыканскіх узаемінаў у ХХ ст. напісаў Ян Ванэр: Jan Wanner, Spojené státy a evropská válka 1939—1945, пакуль што выдадзеныя два тамы, Praha 2001—2002.
[56] Гэта датычыць, між іншым, і вялікай калектыўнай працы Dĕjiny Univerzity Karlovy, I—IV, red. František Kavka a Josef Petráт, Praha 1995—1998; з сінтэтычных манаграфіяў згадаю прынамсі наступныя: Josef Žemlička, Čechy v dobĕ knížecí (1034—1198), Praha 1997; Petr Čornej, Velké dĕjiny zemí Koruny české, V (1402—1437), Praha—Litomyšl, 2000; Antonín Klimek, Boj o Hrad, I—II, Praha 1996—1998; A. Klimek, Velké dĕjiny zemí Koruny české, XIII (1918—1929), XIV (1929—1938), Praha—Litomyšl 2000—2002; Jan Rychlík, Češi a Slováci ve 20. století, I—II, Bratislava 1997—1998; J. Rychlík, Rozpad Československa. Česko–slovenské vztahy 1989—1992, Bratislava 2002; Václav Ledvinka — Jiří Pešek, Praha. Dĕjiny českých mĕst, Praha 2000.
[57] Маюцца на ўвазе два чатырохгадовыя тэрміны, на якія пэўная асоба можа быць прызначаная дырэктарам акадэмічнага інстытута, прычым заўсёды па­сля паўторнага конкурсу.;
[58] Асабліва рэзкая змена адбылася 01.06.1998 г., калі ў Акадэміі навук ЧР былі прызначаныя новыя дырэктары ў Інстытуце гісторыі (Яраслаў Панэк), Інстытуце сучаснай гісторыі (Эва Броклава) і Інстытуце імя Масарыка (Олдржых Тума), а разам з імі вядучыя сталі выконваць і іншыя прадстаўнікі сярэдняга пакалення.
[59] Падрабязней пра гэта: Jaroslav Pánek, Nĕkolik úvah o stavu a perspektivách Historického klubu, у: Zpravodaj Historického klubu 7, 1996, č. 1, s. 1—3; J. Pánek, Mezi Historickým klubem a Sdružením historiků, ibidem 8, 1997, č. 2, s. 1—7; J. Pánek, Sdružení historiků České republiky na sklonku tisíciletí, ibidem 10, 1999, č. 2, s. 28—32; J. Pánek, Sdružení historiků České republiky na prahu 21. století, ibidem 12, 2001, č. 2, s. 33—37.
[60] Згуртаванне гісторыкаў ЧР у значнай ступені ўдзельнічае ў гэтых дыскусіях. Таму яно дамагаецца публікацыі дакументаў, якія б умагчымілі сапраўды значныя, сутнасныя і доўгатэрміновыя дэбаты над праблемамі і адкрыты пошук новых шляхоў вырашэння. Зусім нядаўна яно прыступіла да публікацыі дакументацыі (у т.л. стэнаграфічнага запісу дыскусіі на акадэмічным сенаце), што датычыць змагання за становішча маладых гісторыкаў і ўзроўню навучання гісторыі на філасофскім факультэце Карлавага універсітэта ў Празе ў 2001—2002 г.; гл. Dominik Hrodek (ed.), Diskuse o vysokoškolské výuce historie, Praha 2002.
[61] Пра гэтую праблематыку распавёў чэшскі гісторык Баржывой Чэлаўскі, які ў эпоху камуністычнай улады быў у эміграцыі ў Канадзе і які (абапіраючыся на досвед абароны канадскага друку ад празмернага замежнага ўплыву) востра раскрытыкаваў развіццё медыяў у Чэхіі: Bořivoj Čelovský, Konec českého tisku, Praha 2001.
[62] Падрабязней пра гэта: Jaroslav Pánek, Současné reinterpretace českých dĕjin, у: Spory o dĕjiny. Sborník kritických textů III, Praha 2000, s. 13—23.
[63] Аналіз праблемы і дакументацыі да пытання цыганскага лагера ў Летах каля Пісэка, які стаў прадметам палітычных і журналісцкіх спрэчак, падае публікацыя: Ctibor Nečas — Oldřich Sládek — Jaroslav Valenta, Historikové a kauza Lety, Praha 1999.
[64] Сутнасны адказ на адно з найбольш спрэчных пытанняў, то бок на выклад дэкрэтаў прэзідэнта Чэхаславацкай рэспублікі Эдварда Бэнэша часоў II сусветнай вайны і першых паваенных месяцаў, падала тройка маладых гісторыкаў у публікацыі: Jindřich Dejmek — Jan Kuklík — Jan Nĕmeček, Kauza: tzv. Benešovy dekrety. Historické kořeny a souvislosti (Tři české hlasy v diskusi), Praha 1999.
[65] Тым часам як газеты падаюць вельмі павярхоўныя артыкулы і прынагодныя палемікі, цэльную канцэпцыю доўгі час падае часопіс Střední Evropa, выдаваны Інстытутам сярэднееўрапейскай культуры і палітыкі ў Празе. Ягоным аналізам займалася французскі гісторык Марлен Ляруэль, якая прыйшла да высновы, што мэтай гэтага часопіса ёсць інтэлектуальнае адмаўленне чэшскай нацыянальнай тоеснасці („la négation intelectuelle de l’identité tcheque“); Marlene Laruelle, „Střední Evropa“: Une autre écriture de la nation?, у: Documents de travail CEFRES, № 4, Prague 1996, p. 17.
[66] Падрабязней пра гэта: Jaroslav Pánek, Česká historická vĕda a české historické vĕdomí, у: Český časopis historický 97, 1999, s. 316—320.
[67] Праблематыку самаідэнтыфікацыі і гістарычнага стэрэатыпу судэцкіх немцаў распрацавалі Эва Ган і Ганс Генінг Ган: Eva Hahnová — Hans Henning Hahn, Sudetonĕmecká vzpomínání a zapomínání, Praha 2002.
[68] Jaroslav Pánek — Jiří Pešek, Historikové proti znásilтování dĕjin. Stanovisko Sdružení historiků České republiky, Praha 2002; англійскі варыянт (Historians against the Abuse of History) апублікаваў новы міжнародны зборнік Historia Europae Centralis 1, 2002, p. 93—98.
[69] Zdenĕk Beneš a kolektiv, Téma: Odsun — Vertreibung. Transfer Nĕmců z Československa 1945—1947. Informační materiál pro učitele k výuce na základních a středních školách, Praha 2002; Zdenĕk Beneš a kolektiv, Rozumĕt dĕjinám, Praha 2002.
[70] Jan Kuklík, Mýty a realita takzvaných Benešových dekretů, Praha 2002; Václav Pavlíček, O české státnosti, I. Český stát a Nĕmci, Praha 2002; Jan Nĕmeček a kolektiv, Cesta k dekretům a odsunu Nĕmců, Praha 2002; Jindřich Dejmek, Československo, jeho sousedé a velmoci ve XX. století (1918 až 1992). Vybrané kapitoly z dĕjin československé zahraniční politiky, Praha 2002.

Наверх

Łatyszonek, Oleg; Mironowicz, Eugeniusz. Historia Białorusi od połowy XVIII do końca XX wieku (Захар Шыбека)

Снежня 18, 2002 |


Łatyszonek, Oleg; Mironowicz, Eugeniusz. Historia Białorusi
od połowy XVIII do końca XX wieku. Białystok, 2002. 330.

Дапаможнік нашых калегаў з Беластока Алега Латышонка і Яўгена Мірановіча, выдадзены на сродкі Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы, адпавядае дзяржаўнай праграме вывучэння беларускай тэматыкі ў сярэдніх і няпоўных сярэдніх школах былога Беластоцкага ваяводства. У ім выклад найноўшай гісторыі пачынаецца ад сярэдзіны ХVIII cт. і даводзіцца да 2002 г. Аўтараў не задавальняе агульнапрынятае ў беларускай і ў польскай гістарыяграфіі правіла пачынаць новы этап у гісторыі абедзвюх краін з 1795 г., даты апошняга падзелу Рэчы Паспалітай. Яны лічаць гэты рубеж неадэкватным для гісторыі Беларусі, спасылаючыся на тое, што паглынанне Расіяй беларускіх земляў пачыналася яшчэ з часоў Елізаветы, якая прэтэндавала на ўсходнюю Беларусь, і доўжылася да 1815 г., а таму 1795 г. не быў у гэтым працяглым працэсе вызначальным. Галоўным у выдзяленні новага этапу было не гэта, а тое, што з сярэдзіны ХVIII ст. пачыналася рашучая мадэрнізацыя Рэчы Паспалітай і Расіі, Беларусь жа апынулася перад выбарам польскага або расійскага ўзору гэтай мадэрнізацыі (10—11). На думку аўтараў, у акрэслены імі перыяд якраз і адбывалася цывілізацыйнае аддаленне Беларусі ад Польшчы і фармаванне сучаснай беларускай нацыі (11). У прыведзеных разважаннях шмат слушнага. Праблематычна толькі звязваць узнікненне сучаснай беларускай нацыі з яе аддаленнем ад Польшчы, бо супадзенне гэтае выключна фармальнае, а не сутнаснае. Без сувязі з Польшчай узнікненне сучаснай беларускай нацыі было б немагчымым. Разам з прыпыненнем сувязяў Беларусі з Польшчай у часы „савецкай жалезнай заслоны“ прыпыняўся і нацыятворчы працэс. Хоць нейкі ўплыў Польшчы заставаўся і тады. Сувязь Беларусі з Польшчай пацвярджаецца ўсім зместам кнігі. Таму гэта, думаю, не пазіцыя аўтараў, а, хутчэй, недакладны выраз.

Урэшце, гісторыю можна пісаць з любога моманту, абы яна была праўдзівай і цікавай. І ў гэтым сэнсе прэтэнзій да аўтараў няма. Выданне вылучаецца арыгінальнасцю і навізной. Прыводзяцца новыя факты. Нават шырокавядомыя падзеі дапаўняюцца цікавымі дэталямі і робяцца прывабнымі. Багаты і разнастайны матэрыял выкладаецца лаканічна і даступна. Нават дастаткова вывучаныя гістарычныя з’явы інтэрпрэтуюцца нетрадыцыйна. Аўтары не абмяжоўваюцца пераказам гістарычных падзей, а імкнуцца вызначыць матывацыю іх удзельнікаў. Істотнае месца адводзіцца гістарычнаму лёсу сучасных беларусаў Польшчы. Гісторыя Беларусі выступае неад’емнай часткай еўрапейскага гістарычнага працэсу.

Праца складаецца з 33 раздзелаў, якія дзеляцца на канкрэтныя сюжэты з уласнымі назвамі. На некаторыя арыгінальныя сюжэты і новыя аўтарскія ацэнкі варта звярнуць асаблівую ўвагу.

На думку гісторыкаў з Беластока, у другой палове ХVIII ст. магдэбургскае права ў гарадскіх паселішчах Беларусі становіцца паўфіктыўным, бо пасля мінулых войнаў мяшчанства не змагло аднавіць былы грамадскі статус. У прыватнаўласніцкіх мястэчках мяшчан выганялі на паншчыну (14). Пецярбург падарваў пасярэдніцкі гандаль Магілёва з Расіяй і ўвогуле стаў сур’ёзным канкурэнтам беларускіх гарадоў у замежным гандлі (15). Адданасць традыцыйнай адукацыі на Смаленшчыне была настолькі моцнай, што яшчэ ў 1728 г. расійскія ўлады спецыяльным загадам забаранялі шляхце пасылаць дзяцей на навучанне ў межы Рэчы Паспалітай (16). З часам усталяваўся звычай называць тэрыторыю першага падзелу краю Беларуссю, а рэшту сучасных беларускіх земляў — Літвой (21). У школьных праграмах, выпрацаваных Адукацыйнай камісіяй у перыяд падзелаў, не фігуравала беларуская мова — у адрозненне ад літоўскай, на якой быў выдадзены буквар (26). Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пісаў вершы па–беларуску (35).

Цікавымі дэталямі напоўнена і беларуская гісторыя першай паловы ХIХ ст. На Беласточчыне была самая высокая ўдзельная вага мяшчан, мяшчанскімі правамі з часоў Рэчы Паспалітай карысталіся тут жыхары вёсак, размешчаных вакол каралеўскіх гарадоў (40). У Віленскім універсітэце існаваў гурток беларускай уніяцкай моладзі на чале з Антонам Марціноўскім (52). У 1820–х г., да паўстання 1831 г., колькасць вучняў у Беларусі была большай, чым ва ўсіх вялікарускіх губернях (54). У 1828 г. Мікалай I загадаў выдаць Статут ВКЛ на рускай, польскай і беларускай мовах, прызнаючы тым самым дзяржаўны статус мовы беларускай (69). На думку аўтараў, забарона царом называць Менскую і Гарадзенскую губерні літоўскімі спрыяла прызнанню іх беларускімі землямі (70). Выдадзены ў 1835 г. каталіцкі катэхізіс для дзяцей быў першай беларускай кніжкай (84).

Некаторыя новыя ацэнкі падзей першай паловы ХIХ ст. патрабуюць удакладненняў. Аўтары выяўляюць у Беларусі таго часу працэс фармавання цэлага пласта заможных сялян, за якіх паншчыну адбывалі іх парабкі, а самі яны займаліся гандлем і трымалі млыны (47). Гаворка, відаць, можа ісці толькі пра асобныя выпадкі. На с.69 сцвярджаецца, што ў 1844 г. у выніку інвентарнай рэформы Паўла Кісялёва дзяржаўныя беларускія сяляне атрымалі такое ж права асабістай вольнасці, як раней расійскія (69). Аднак, атрымаўшы грамадзянскія свабоды, казённыя сяляне заставаліся дзяржаўнымі прыгоннымі.

Часам аўтары прыводзяць меркаванні, з якімі цяжка пагадзіцца. Так, імі ставіцца пад сумненне меркаванне пра уніяцтва як беларускае нацыянальнае веравызнанне, бо, маўляў, уніяцкае богаслужэнне ў першай чвэрці ХIХ ст. адбывалася на старацаркоўнаславянскай і польскай мовах (71). Але казані ўсё ж адбываліся і па–беларуску. Аўтары лічаць, што вялікапаляка Ясінскага цяжка падазраваць у літоўскім сепаратызме (32). Крыху далей выказваецца меркаванне, што Паўлюк Багрым быў кавалём, а не паэтам, і верш, прыпісаны яму, стварыў нехта іншы ў 1850–х г. (64). Аўтары звяртаюць увагу на тое, што Францішак Багушэвіч пісаў патрыятычныя вершы толькі па–польску і падзяляў погляды ППС. Таму першым беларускім нацыянальным паэтам, лічаць яны, лепш прызнаць Казіміра Кастравіцкага (118—119). Прыведзеныя выказванні прыніжаюць вартасць знакавых суб’ектаў беларускай гісторыі, хацелі таго стваральнікі кнігі ці не. Яны кіруюцца пры гэтым неабходнасцю развянчання міфаў. Мэта, безумоўна, высакародная, але развянчанне нацыянальных міфаў не ёсць самай актуальнай у беларускай гістарыяграфіі задачай. Тым больш што разбурэнне старых міфаў вядзе да стварэння новых.

Разыходжанні ў поглядах рэцэнзента з аўтарамі выкліканы рознымі адносінамі да праблемы cуадносін матывацый і канкрэтных дзеянняў у гісторыі, ацэнкі фактаў аўтэнтычна мінуламу ці з праекцыяй на сённяшні вопыт гістарычнага развіцця. Важна, як Ясінскі ці Багушэвіч думалі, але не менш важна, як яны дзейнічалі і якія вынікі мела іх дзейнасць у гістарычным лёсе Беларусі. Прынцып аўтэнтычных ацэнак у гісторыі не выклікае сумненняў, але механічнае прытрымліванне яго вядзе да абсурду. Калі да канца ХIХ ст. не было беларусаў, а да пачатку ХХ ст. не існавала БНР і БССР, то адпаведна аўтэнтычнаму прынцыпу не было і іх гісторыі. Выходзіць, нават кіруючыся добрымі намерамі, ролю беларусаў ва ўласнай гісторыі можна звесці да статыстаў і шэрай масы, як гэта робяць нашыя суседзі. І тут свядомая пазіцыя, а не наіўнасць ці недасведчанасць аўтараў.

Падзеі другой паловы ХIХ ст. менш дыскусійныя і больш вывучаныя. Але і тут беларускія гісторыкі з Беластока знаходзяць чым здзівіць нават дасведчанага чытача. Першымі беларусамі, пакаранымі за беларускую нацыянальную дзейнасць, былі студэнты Віленскага настаўніцкага інстытута Мамовіч і Апенчанка, якія выступалі кіраўнікамі беларускага студэнцкага гуртка ў згаданай установе (113). Вытокі „крывіцкага руху“ аўтары бачаць ў працы А.Нарутовіча „Гісторыя польскага народа“, а вытокі „заходнерусізму“ — у працы С.Богуш–Сестранцэвіча „Аб Заходняй Расіі“. Узніклая ж у другой палове ХIХ ст. канцэпцыя трыадзінства расійскага народа (вялікарусы, маларусы, беларусы) была, на думку А.Латышонка і Я.Мірановіча, адказам на ідэю адзінага польскага народа, які складаўся з „абодвух народаў“ — польскага і літоўскага (34).

Большая частка кнігі адведзена гісторыі ХХ ст. Пачынаючы ад падзей 1939 г. яе асвятленне насычана дэталямі побыту, прыкладамі побытавай свядомасці, што сведчыць аб выкарыстанні аўтарамі матэрыялаў успамінаў непасрэдных удзельнікаў тых падзей. Уважліва вывучаны бальшавіцкія пастановы. Ім аддаецца часам больш увагі, чым канкрэтным падзеям.

І ў выкладанні гэтага перыяду гісторыі выяўляецца імкненне да „дэгераізацыі“ мінулага. Наўрад ці ёсць падставы сцвярджаць, што беларускі рух уяўляў сабой маргінез галоўнага струменя падзей 1917 г. (131). Галоўным зместам тых падзей была барацьба за ўладу ў Беларусі. І беларусы ўпершыню выступілі ў гэтай барацьбе самастойнай палітычнай сілай, з якой не маглі не лічыцца ні рускія, ні палякі. Першы Ўсебеларускі з’езд (снежань 1917 г.) — ніяк не другарадная з’ява ў палітычнай гісторыі Беларусі ды і Расіі ў цэлым. Супраціўленне савецкай уладзе пасля заканчэння II сусветнай вайны тлумачыцца не столькі патрыятычнымі матывамі, колькі барацьбой за выжыванне „лясных братоў“, а ў ліку прычын з’яўлення студэнцкага антысавецкага падполля называецца правакацыя КДБ (236). Аўтары сцвярджаюць, што структуры апазіцыйнага руху з’явіліся ў БССР толькі ў гады „перабудовы“ (261). Гэта так, але і ў 1960—1980–х г. антыкамуністычныя настроі і антысавецкі рух усё ж існаваў, і пра іх варта было б успомніць.

Заслугоўвае ўвагі ацэнка савецкіх партызан. Хто яны? Нацыянальныя патрыёты, героі або „пушачнае мяса“ для бальшавікоў? Аўтары адмаўляюць партызанскаму руху ў нацыянальным патрыятызме. Партызанка — гэта адзін з франтоў Чырвонай Арміі, які кіраваўся з Масквы, а не праява ўсенароднай барацьбы з акупантамі. І, відаць, нашы калегі маюць рацыю. „Рабіць“ партызан нацыянальнымі героямі вельмі цяжка. Няўжо беларусы ішлі ў партызаны, каб ратаваць Айчыну, якой у іх не было, ратаваць бальшавіцкія парадкі, ад якіх пакутавалі да вайны? Людзей гнаў у лясы пераважна страх. Іначай чаму партызанскі рух не стаў масавым да перамогі над немцамі пад Сталінградам і Курскам? І тут мы трацім яшчэ адну гераічную старонку сваёй гісторыі. Але якой яе цаной набывалі? Цаной апраўдання пакорлівага падпарадкавання бальшавіцкай Расіі.

Вялікае месца ў кнізе адводзіцца ацэнкам страт жыхароў Беларусі ад нацызму і бальшавізму. Аўтары робяць важную і слушную выснову, што ў часы нацысцкай акупацыі ў беларусаў не было групавых матывацый для супрацоўніцтва з немцамі, бо яны не мелі вопыту працы ў дзяржаўных структурах і адпаведнай адукацыі (208). Гэтая акалічнасць, а таксама жорсткасць нацыстаў і актыўнасць савецкіх партызан абумовілі асабліва вялікую долю загінутага пад акупацыяй цывільнага насельніцтва ў параўнанні з іншымі акупаванымі краінамі Еўропы (227). Беларусь страціла ў мінулай вайне нацыянальную эліту (228). У 1945—1955 г. з Беларусі на падставе барацьбы з калабарантамі і нацыяналістамі і ў рамках „перавыхавання“ вывезены амаль мільён чалавек, пераважна жыхароў гарадскіх паселішчаў. Іх месца заступалі расіяне, якія складалі тут кіроўную эліту (235).

Прыводзяцца шэраг прыкладаў „ідыятызму“ савецкай улады пасляваеннага часу. Не замоўчваюцца і асобныя поспехі. Можна сказаць, заўважаецца нават іх некаторае перабольшванне. Відаць, дзеля таго, каб патлумачыць прыхільнасць сучасных беларусаў да савецкага мінулага. Але не ўсё было так добра, як можа падацца нават прафесійным даследчыкам мінулага. Праўленне А.Лукашэнкі ацэньваецца вельмі крытычна, на падставе фактаў, але не абразліва.

Галоўная ўвага пры асвятленні гісторыі ХХ ст. звяртаецца ўсё ж на беларуска–польскія ўзаемаадносіны. Польская палітыка 1919—1920 г. у Беларусі і пазнейшая палітыка польскіх улад у Заходняй Беларусі ацэньваецца вельмі жорстка — як палітыка каланіяльная, накіраваная на асіміляцыю беларусаў. На думку аўтараў, гэтая палітыка наносіла шкоду не толькі адносінам паміж палякамі і беларусамі, але і інтарэсам польскай дзяржавы.

Кніга змяшчае цікавы раздзел пад назвай „Беларуская нацыянальная меншасць у Польшчы 1944—1955“. Праўда, гаворка ў ім чамусьці ідзе толькі пра Беластоцкае ваяводства. Лёс беларусаў Польшчы да 1949 г. аказаўся не лепшым, чым у пасляваеннай сталінскай Беларусі. У пачатку 1946 г. польскае падполле спаліла жыўцом у замкнутым будынку жыхароў беларускай вёскі Залешаны (245). Крытэрыем беларускасці ў камуністычнай Польшчы было праваслаўе, як і пад царскім прыгнётам (241). Інвеставанне заходнебеларускіх земляў стрымлівалася пасля вайны небяспечнасцю іх захопу патэнцыйным праціўнікам (233). Прыведзены і іншыя прыклады дыскрымінацыі і паланізацыі беларусаў, што стала адной з прычын іх камунізацыі і падтрымкі імі існуючых тады ўладаў.

Узнятая тэма разглядаецца і ў другім раздзеле „Беларускае нацыянальнае жыццё ў Польшчы 1955—1989“. Хрушчоўская „адліга“ і ў Польшчы выклікала адраджэнне беларускага нацыянальнага жыцця (265). Для беларускага насельніцтва гэта быў час і абыякавасці, і гераічнай барацьбы за захаванне сваёй нацыянальнай ідэнтычнасці. Падкрэсліваецца выключны ўклад у захаванні беларускасці Cакрата Яновіча і Юрыя Туронка. Хоць працэс дыскрэдытацыі і асіміляцыі не прыпыняўся. Адсутнасць інвестыцый спрыяла абязлюдзенню Беласточчыны, якая мэтанакіравана засялялася асаднікамі з цэнтральнай Польшчы (270). Уражвае падабенства антыбеларускіх захадаў савецкай Расіі і камуністычнай Польшчы. Нават „Салідарнасць“ прытрымлівалася пастулата „паляк—каталік“ (273).

Тэму завяршае раздзел „Беларусы ў III Рэчы Паспалітай“, які дае дастаткова поўнае ўяўленне аб сучасным становішчы беларусаў у польскай дзяржаве. А яно выглядае лепшым, чым у Рэспубліцы Беларусь. Пасля ўключэння Польшчы ў Еўрапейскі Саюз правы нацыянальных меншасцяў атрымалі там яшчэ большую гарантыю. Заўвагу выклікае толькі тэрмін „III Рэч Паспалітая“. Ён не вельмі прымальны для беларускай гістарыяграфіі. Бясспрэчна прызнаючы III Рэч Паспалітую польскай дзяржавай, ускосна прызнаецца польскай дзяржавай і I Рэч Паспалітая.

У падсумаванні неабходна яшчэ раз падкрэсліць, што праца беларускіх гісторыкаў з Беластока заслугоўвае самай высокай ацэнкі. Абапіраючыся на здабыткі польскай гістарыяграфіі, яны глыбока і па–новаму распрацавалі гісторыю Беларусі, уключылі Беласточчыну ў кантэкст беларускай гісторыі, грунтоўна паказаўшы польскаму чытачу асаблівасці гісторыі Беларусі і ролю ў ёй Польшчы, і наогул зрабілі шмат для сцвярджэння цвярозага погляду на айчынную гісторыю. Хоць рэцэнзент больш прыхільны да рамантычных адносін да мінулага, трэба прызнаць, што прагматызм гістарычных ацэнак — можа самы моцны бок дадзенай кнігі.

У кнізе чамусьці няма ніводнай карты. Як у кожным выданні, у ёй сустракаюцца памылкі: напрыклад, 1761 г., а не 1861 г. (17), XVIII cт., а не XVII cт. (36); у Віцебску ў 1898 г. быў пушчаны электрычны, а не конны трамвай (105).

Дапаможнік такога ўзроўню варты не толькі сярэдняй, але і вышэйшай школы. Ён будзе карысны і выкладчыкам, і даследчыкам. Такога дапаможніка няма ў Беларусі, таму нашы выдаўцы зрабілі б добрую справу, калі б выдалі яго ў перакладзе на беларускую мову. Беластоцкі дапаможнік дае добрую падставу для істотнага дапаўнення і ўдасканальвання беларускай версіі найноўшай гісторыі.
Мінск

Захар Шыбека

Наверх

Ruthenica. Том I (Генадзь Семянчук)

Снежня 17, 2002 |


Ruthenica. Том I / Відповедальні редактори: Володимир Ричка, Олексій Толочко. Київ, 2002. 185.

У ўкраінскай гістарыяграфіі з’явіўся новы выдавецкі праект Ruthenica — навуковы зборнік Інстытута гісторыi Ўкраіны НАН Украіны, прысвечаны праблемам гісторыі, культуры, археалогіі і этналогіі ўкраінскага Сярэднявечча, а канкрэтней — праблемам перыяду Кіеўскай Русі. Амаль занядбаны ў савецкія часы ва Ўкраіне (у Беларусі сітуацыя была яшчэ горшая), гэты навуковы кірунак апошнім часам перажывае відавочнае адраджэнне. І гэта пры тым, што перыяду Кіеўскай Русі прысвечана настолькі вялікая колькасць разнастайных вузкапрафесійных выданняў, што новы праект, здавалася, будзе мець значныя цяжкасці. Аднак ужо першы том гэтага зборніка, рэдагаванага спецыялістамі высокага ўзроўню Ўладзімірам Рычкам і Аляксеем Талочкам, сведчыць пра вялікія магчымасці ў вывучэнні ранняга Сярэднявечча Ўсходняй Еўропы. Тут бачыцца адразу два слушных і перспектыўных арганізацыйных моманты з боку рэдактараў: 1) інтэрдысцыплінарнасць — пад адной вокладкай аб’ядноўваюцца гісторыкі, археолагі, этнолагі, антраполагі, лінгвісты і інш.; 2) інтэрнацыянальнасць — побач з украінскімі даследчыкамі друкуюцца расійскія і беларускія. Таксама добрым знакам з’яўляецца аб’яднанне сталых і вядомых навукоўцаў з маладымі, пачаткоўцамі. Плюсам праекта таксама можна лічыць яго пэўны дэмакратызм, г.зн. друкаванне тэкстаў і аўтараў розных метадалагічных поглядаў і пазіцый на родных мовах.

Першы том навуковага зборніка Ruthenica складаецца з матэрыялаў „Круглага стала“ на тэму „Этнічныя працэсы ў сярэднявечным славянскім свеце“, які адбыўся ў Кіеве ў 2000 г. Асноўныя спрэчкі паміж расійскімі, украінскімі і беларускімі гісторыкамі і археолагамі, якія адбываюцца на працягу ўжо амаль дзесяці гадоў, вядуцца вакол праблемы т.зв. „старажытнарускай народнасці“. У залежнасці ад палітычных і метадалагічных пазіцый, кола ўдзельнікаў спрэчкі можна падзяліць на тры групы: 1) прыхільнікі і абаронцы ідэі існавання на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы ў IХ—ХIII ст. адзінай этнічнай, палітычнай і культурнай супольнасці „стражытнаруская народнасць“; 2) прыхільнікі і абаронцы ідэі неіснавання падобнага этнічнага ўтварэння, замест якога маглі быць іншыя (вайсковыя, рэлігійныя, адміністрацыйныя) формы сувязяў, якія звычайна мелі часовы харатар; 3) традыцыйныя „цэнтрысты“, высновы якіх залежаць часцей за ўсё ад кан’юнктуры і новых поглядаў навуковых аўтарытэтаў.

Падобны падзел яскрава прасочваецца і сярод часткі тэкстаў, змешчаных у рэцэнзаваным зборніку. Да першай групы неабходна аднесці артыкулы Валянціна Сядова „Древнерусская народность и предпосылки ее дифференциации“, Эдуарда Загарульскага „О времени и условиях формирования древнерусской народности“ і Наталлі Юсавай „Проблема давньоруськой народності в праці В.В.Мавродіна «Образование Древнерусского государства» (1945 г.)“.

Галоўная ідэя артыкула В.Сядова: на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы ў Х—ХII ст. існавала агульная этнамоўная супольнасць — старажытнаруская (усходнеславянская) народнасць. Яе існаванне, на думку расійскага даследчыка, пацвярджаюць археалагічныя, мовазнаўчыя і гістарычныя дадзеныя. Па–першае, у Х ст. на змену разнастайным і шматлікім археалагічным культурам, якія адлюстроўвалі папярэдні дыялектна–этнаграфічны падзел, фармуецца адзіная культура. Яе развіццё было абумоўлена станаўленнем уніфікаванага гарадскога жыцця з дынамічнай рамеснай дзейнасцю, складваннем вайскова–дружыннага і адміністрацыйнага станаў. Гэта ў сваю чаргу прыводзіла да адзінства прадметаў побыту і ўзбраення, нівелявання дыялектных і этнаграфічных асаблівасцяў прадстаўнікоў розных этнаграфічных групаў. Па–другое, у Х—ХIII ст. назіраецца уніфікацыя пахавальных помнікаў на тэрыторыі рассялення ўсходніх славянаў, што таксама сведчыць пра знікненне этнаграфічных асаблівасцяў сярод вясковага насельніцтва. І па–трэцяе, фактарам кансалідацыі ды інтэграцыі на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы канца I тыс. н.э. сталі славянскія перасяленцы з Дуная. На думку В.Сядова, менавіта яны хутка распаўсюдзілі ганчарную кераміку, удасканалілі ювелірнае і іншыя рамёствы, прынеслі пахавальны абрад трупапакладання. Спасылаючыся на аўтарытэты, В.Сядоў падмацоўвае свае меркаванні гістарычнымі і мовазнаўчымі фактамі. Старажытнаруская народнасць была даволі моцнай, бо нават у перыяд феадальнай раздробленнасці ХII — першай трэці ХIII ст. яе адзінства ўсведамлялася як супрацьстаянне падзелам. І толькі трагедыі сярэдзіны ХIII ст. — мангола–татарская навала і літоўскія захопы — канчаткова знішчылі магчымасці існавання адзінага этнічнага, культурнага, палітычнага і эканамічнага жыцця насельніцтва Ўсходняй Еўропы.

Гістарычным фактам „старажытнаруская народнасць“ з’яўляецца і для беларускага даследчыка Эдуарда Загарульскага. Адзіная мова, адна культура, агульная самасвядомасць і тэрыторыя — вось тыя галоўныя адзнакі насельніцтва Русі IХ—ХIII ст. Праўда, Э.Загарульскі справядліва звяртае ўвагу на недаследаваныя аспекты ў пытаннях „старажытнарускай народнасці“. Напрыклад, ён выступае супраць савецкай канцэпцыі фармавання гэтай народнасці на базе ўсходнеславянскіх летапісных груповак у перыяд існавання Старажытнарускай дзяржавы і ў межах яе вялізнай тэрыторыі. На думку Э.Загарульскага, этнагенетычныя працэсы сёння можна растлумачыць наступным чынам: асновы „старажытнарускай народнасці“ былі закладзены ў VI—IХ ст. у невялікай прасторы, якая ахоплівала паўднёвую Беларусь і паўночную Ўкраіну. Менавіта сюды перасялілася з прарадзімы частка носьбітаў пражскай культуры, якія пад нязначным уплывам мясцовага балцкага насельніцтва пачалі вылучацца як асобная (усходняя) група славянаў са сваёй усходнеславянскай мовай. У IХ—Х ст. усходнія славяне, ужо сфармаваныя ў адзіны народ „Русь“, з агульнай мовай і культурай, пачалі рассяляцца на землях на поўнач і на ўсход ад Прыпяці. Менавіта адзінства надоўга забяспечыла непадзельнасць „старажытнарускай народнасці“. Археалагічным сведчаннем дадзенага працэсу з’яўляецца шырокае распаўсюджванне сферычных курганоў з адзінкавымі трупаспаленнямі і ўзнікненне гарадоў. Больш за тое, уяўленне аб ўсходніх славянах як этнічна і палітычна маналітнай супольнасці ставіць пад сумненне існаванне племянных саюзаў крывічоў, дрыгавічоў, вяцічаў і інш. „Старажытнаруская народнасць“ увесь час знаходзілася пад уздзеяннем разбуральных сілаў: тэрытарыяльны фактар, розныя моўныя субстраты, паглыбленне феадальнай раздробленасці, а пазней і палітычнае размежаванне. Менавіта накапленне элементаў дыференцыяцыі з’явілася галоўнай прычынай паступовага падзелу ўсходняга славянства на тры народы — вялікарусаў, украінцаў і беларусаў.

Другую групу склалі артыкулы Георгія Штыхава „У истоков белорусской народности“, Аляксея Талочкі „Воображённая народность“ і Аляксандра Моці „З «міфів народів світу»: про час появы східнослов’янських націй“. Беларускі даследчык Г.Штыхаў не без падстаў лічыць канцэпцыю „старажытнарускай народнасці“ палітычнай, а не навуковай. Створана яна была ў канцы 40— пачатку 50–х г. ХХ ст. А працэс фармавання беларускага народа адбываўся незалежна ад створанага савецкай навукай поліэтноніма. Вытокі яго знаходзяцца ў балта–славянскім сімбіёзе, які складваўся ў другой палове I тыс. н.э. Тут Г.Штыхаў поўнасцю прымае канцэпцыю В.Сядова, і якраз славяна–балцкія ўзаемакантакты з’яўляюцца для яго адной з падстаў спецыфічнай беларускай ментальнасці. У выніку дадзеных кантактаў сфармаваліся летапісныя племянныя групоўкі, якія ў сваю чаргу сталі асновай утварэння княстваў. І толькі ў ХII ст. на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы самастойныя княствы пачалі аб’ядноўвацца ў групы па палітычных, эканамічных і тэрытарыяльных матывах. Менавіта ў дадзеных групах пазначылася вылучэнне тэрыторыі беларускай, украінскай і вялікарускай народнасцяў. Для першых, беларусаў, падобнай групай сталі Полацка–Мінская, Смаленская і Турава–Пінская землі.

Арыгінальным падаюцца думкі пра этнічна–культурныя працэсы часоў Кіеўскай Русі, выказаныя Аляксеем Талочкам. Адзначаючы пэўную тупіковасць у сучаснай навуковай інтэрпрэтацыі этнічнай сітуацыі на тэрыторыі Ўсходняй Еўропы ранняга Сярэднявечча, украінскі даследчык прапануе звярнуцца да новага, больш глыбока крыніцазнаўчага аналізу летапісных тэкстаў (улік наратыўных канвенцый летапісаў) і да метадалагічных інавацый сучаснай навукі (антрапалагічнае разуменне народнасці). Карыснымі ў першую чаргу маглі б стаць падыходы Бенедыкта Андэрсэна па даследаванні мадэрных нацый (маецца на ўвазе канцэпцыя „ўяўных супольнасцяў“).

Да цікавых высноў у артыкуле „О древнерусских «землях»“ прыходзіць і гісторык Антон Горскі. Аналіз крыніцаў ХII—ХIII ст. дазволіў аўтару сцвердзіць, што паняцце „зямля“ тоеснае суверэнным дзяржаўным утварэнням Усходняй Еўропы эпохі ранняга Сярэднявечча. Зразумела, гэта тычыцца і Полацкага ды Смаленскага княстваў.

Багата карыснай інфармацыі можна знайсці і ў іншых артыкулах, апублікаваных у 1 томе Ruthenica: „Теоретіко–методологічні засади дослідження етногенезу східнослов’янських народів у цивілізацийному контексті“ Юрыя Паўленкі, „Біля витоків слов’янства (за матеріалами Подніпров’я)“ Расціслава Церпілоўскага, „Етнічни процеси на Волині та Галичині в ранньоримський час (археологічний аспект)“ Дзяніса Казака, „До питання про Дунайську прабатьківшчину слав’ян“ Аляксея Стрыжака, „Деякі питання походження та етнічної історії населення Русі–України за даними антропології“ Сяргея Сегеды і „Лично–родовые знаки князей Рюриковичей на металлических подвесках ХI в.“ Сяргея Бялецкага.

Горадня

Генадзь Семянчук

Наверх

Хорошкевич, Анна Л. Россия в системе международных отношений середины XVI века (Андрэй Янушкевіч)

Снежня 15, 2002 |


Хорошкевич, Анна Л. Россия в системе между­­народных отношений середины XVI века. Москва, 2003. 621.

Зусім нядаўна з друку выйшла так доўгачаканая ў навуковых колах новая кніга знанай маскоўскай даследчыцы Ганны Харашкевіч, першапачатковы варыянт якой быў гатовы яшчэ ў сярэдзіне 90–х г. Выходзіць, на шляху да выдання гэтую кнігу чакалі немалыя цяжкасці, што пацвердзіла і сама шаноўная аўтарка. На шчасце, цяпер мы можам азнаёміцца з грунтоўным па аб’ёме даследаваннем, прысвечаным тэматыцы міжнародных адносін у Ўсходняй Еўропе сярэдзіны XVI ст. Трэба прызнаць, што манаграфічныя працы па знешнепалітычнай гісторыі краін гэтага рэгіёну (а значыць — і Вялікага Княства Літоўскага) выходзяць вельмі рэдка. З расійскіх публікацый як найбліжэйшую па часе з’яўлення можна ўзгадаць цікавую, хоць і неадназначную працу І. Б. Грэкава[1], з польскіх — грунтоўныя, але ўжо не задавальняючыя цяпер апрацаванні Я. Натансона–Лескага[2]. Акра­мя іх, нельга, безумоўна, абысці ўвагай фундаментальныя даследаванні навукова–біяграфічнага жанру Ю. Ясноўскага і найноўшае — Г. Гралі, у якім пытанні знешняй палітыкі знаходзяцца на першым месцы[3]. Таму манаграфія Г. Харашкевіч наспела да выдання ўжо хоць бы з ненасычанасці гістарыяграфічнай прасторы інфармацыяй на тэму міжнародных адносін і знешняй палі­тыкі паасобных дзяржаў рэгіёну ў перыяд ранняга Новага часу.

Структура манаграфіі пабудавана па традыцыйнай схеме, якая складаецца з характарыстыкі крыніц і літаратуры, асноўнай часткі і выніковага заключэння. Асноўная частка змяшчае сем раздзелаў, у якіх асвятляюцца падзеі ад прыняцця Іванам IV царскага тытула да заканчэння першага этапу Інфлянцкай вайны, г. зн. 1570 г. Аўтарка, такім чынам, адыходзіць ад традыцыйнай храналогіі Інфлянцкай вайны. Атрымліваецца, што вайна 1558—1570 г. вылучаецца ёю ў асобную падзею (але на гэтым Г. Харашкевіч не засяроджвае пільнай увагі, хоць праблема вельмі актуальная). Ад сябе хацелася б дадаць, што з гледзі­шча логікі падзей падобны падыход цалкам апраўданы і мае неабходнае гістарычнае абгрунтаванне, на што намі, дарэчы, раней звярталася ўвага.

Аўтарка прысвяціла сваю кнігу памяці выбітнага даследчыка эпохі Івана IV гісторыка А. А. Зіміна. Гэтае прысвячэнне ў пэўнай ступені тлумачыць канцэптуальны падыход Г. Харашкевіч. Сваю канцэпцыю яна будуе ў рэчышчы ідэй, выказаных у свой час А. Зіміным, негатыўна ставячыся да меркаванняў яго галоўнага апанента Р. Скрыннікава і інш. Такім жа чынам Г. Харашкевіч адносіцца да меркаванняў аб неіснаванні „Выбранай рады“ і ардынарнай ролі ў вялікай палітыцы А. Адашава і Сільвестра, выказаных у апошні час у спецыяльным даследаванні А. Філюшкіна[4].

У аснову выкладання праблемы аўтарка паклала строгі храналагічны прынцып, прытрымліваючыся дэклараванага А. А. Зіміным „прагматычнага падыходу“ — комплекснага вывучэння крыніц разам з храналагічным выкладаннем матэрыялу („повествовательностью“). Аднак падобны падыход атрымаў у выкананні даследчыцы і пэўныя хібы. Часта гэта ператваралася ў рэгі­страцыю фактаў. Відавочна, што кніга перанасычана фактычным матэрыялам, часта малаістотнымі для сутнасці справы дадзенымі.

Прыкладам, можа скласціся ўражанне, што лакальныя бая­выя сутычкі 1565 г. маюць такое ж значэнне, як, скажам, бітва над Улай 1564 г. ці захоп ліцвінамі Улы ў 1568 г. (гэтай падзеі ўвогуле прысвечаны толькі адзін радок!). Некаторыя ўзгаданыя факты, як след не пераправераныя, проста не мелі месца (пры­кладам, інфармацыя пра тое, што ў чэрвені 1568 г. Лепель перайшоў у рукі ліцвінаў (498), што Жыгімонт Аўгуст у верасні 1567 г. быў у Дуброўне, г. зн. на памежжы з Маскоўскай дзяржавай (482) і інш.). Увогуле, да інфармацыі, якая датычыць удзе­лу ВКЛ у Інфлянцкай вайне і яго ўнутранай гісторыі, пада­дзенай у манаграфіі, трэба ставіцца з вялікай асцярожнасцю.

Кніга Г. Харашкевіч шчыльна звязана з даследаваннямі ўнутранай гісторыі Расіі эпохі Івана IV, якія інтэнсіўна вяліся ў СССР у другой палове ХХ ст. У прынцыпе, аўтарку хвалююць тыя ж пытанні, што і А. Зіміна. Толькі галоўны акцэнт кладзецца на аналіз знешнепалітычных фактараў, і ў гэтым — істотнае адрозненне кнігі ад астатніх, прысвечаных гісторыі Расіі эпохі Івана IV. Мэта даследавання, па словах аўтаркі, — прасачыць узаемасувязі паміж міжнароднымі падзеямі і такімі з’явамі расій­­скай гісторыі, як рэформы і апрычніна Івана IV. Сцісла кажучы, у канцэптуальным плане аўтарку перш за ўсё цікавіць, хто ж адыгрываў галоўную ролю ў працэсе прыняцця знешнепалітычных рашэнняў, якое месца тут займаў, з аднаго боку, цар Іван IV, а з другога — „Выбраная рада“ і Баярская Дума. Не абыдзена ўвагай і праблема рэакцый розных сацыяльных і палі­тычных груповак на характар дзяржаўнай палітыкі, а таксама адпаведнасці знешнепалітычнага курсу аб’ектыўным па­трэбам краіны. Такім чынам, знешняя палітыка разглядаецца як ключ да зразумення сутнасці ўлады ў Маскоўскай дзяржаве.

Трэба прызнаць, што Г. Харашкевіч, у адрозненне ад савецкіх папярэднікаў, уласціва цалкам крытычная, без усялякай эйфарыі, ацэнка сутнасці знешняй палітыкі Маскоўскай дзяржавы. Яна адкрыта заяўляе пра агрэсіўныя памкненні кіраўніцтва дзяржавы, якія выцякалі з аб’ектыўных сацыяльна–эканамічных перадумоў. На думку аўтаркі, „иной альтернативы, кроме войны, в то время у России объективно не было“ (204). Даследчыцца выразна вылучаецца з асяроддзя расійскіх даследчыкаў новай якасцю падыходу да аналізу складаных праблем, звязаных з месцам Расіі ў тагачаснай сістэме міжнародных адносін.

Аўтарка бадай што ўпершыню звяртае такую пільную ўвагу на знешнюю палітыку Расіі эпохі Івана IV у рэчышчы яе ўнутрыпалітычнага развіцця. Назва кнігі крыху заводзіць у зман, бо не зусім дакладна вызначае прадмет даследавання. Г. Харашкевіч прысвяціла сваю працу не аналізу міжнародных адносін і знешняй палітыкі Расіі як такім, а менавіта таму, як знешнія чыннікі ўплывалі на ўнутраную палітыку кіраўнічых колаў дзяржавы. Цэласнага асвятлення міжнароднай сітуацыі ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне сярэдзіны XVI ст. тут не знойдзеш. У гэтым можна пры жаданні ўбачыць істотны недахоп кнігі, але калі ведаць пра задачы, якія паставіла перад сабой аўтарка, то гэтая сітуацыя робіцца зразумелай. Да таго ж, трэба прызнаць прадуктыўнасць падобнага падыходу. Асвятленне падзей на міжнароднай арэне само па сабе мала што дае, калі не шукаць унутраных крыніц знешнепалітычнага дзеяння. У сучасных варунках развіцця гістарычнай навукі разглядаць знешнюю палітыку у адрыве ад палітыкі ўнутранай — метад не эфектыўны.

Падсумоўваючы набыткі гістарыяграфіі, Г. Харашкевіч, на наш погляд, дае вельмі дакладную ацэнку стану рэчаў у вывучэнні гісторыі знешняй палітыкі Маскоўскай дзяржавы і суседніх краін у сярэдзіне XVI ст.: „Мифы, созданные еще современниками–панегиристами Грозного, преобразованы были их преемниками и оспаривались противниками, создававшими в свою очередь новые — антимифы. Внешняя политика и международные отношения — одно из наиболее плодородных полей для произрастания такого растения как „миф“, именно в этой сфере сталкиваются государственные интересы не только прошлого, но и сегодняшнего времени“ (38—39). Цяжка штосьці дадаць да гэтай лаканічнай, але ёмістай характарыстыкі.

Што датычыць выкарыстанай літаратуры, то тут, на жаль, існуюць вельмі вялікія лакуны. Прыкра, што з найноўшых беларускіх прац выкарыстаны толькі невялікі артыкул Г. Сагановіча, а таксама выданне Метрыкі ВКЛ, падрыхтаванае А. Грушам[5]. Але ж за апошняе дзесяцігоддзе ў Беларусі па меншай меры пяць даследчыкаў звярталася да праблематыкі міжнародных адносін ва Ўсходняй Еўропе сярэдзіны XVI ст.! Не выкарыстаны шматлікія выданні крыніц, якія дапамаглі б лепей зразумець сутнасць Інфлянцкай вайны і палітыкі Масквы і ВКЛ у раёне ваенных дзеянняў (прыкладам, вельмі цікавая рэляцыя пасла нямецкага імператара Г. Гофмана 1560 г.[6], найкаштоўнейшая перапіска паміж Рыгорам Хадкевічам і Раманам Сангушкам[7], пісцовая кніга Полацкага павету 1568—1570 г.[8] і інш.). Чамусьці амаль што ніяк не задзейнічаны пры апісанні падзей польска–літоўскія хронікі (асабліва дзівіць ігнараванне хронікі М. Стрыйкоўскага). Пры аналізе палітыкі ВКЛ Г. Харашкевіч карыстаецца ў асноўным двума зборнікамі крыніц: найноўшым выданнем лістоў Жыгімонта Аўгуста да Радзівілаў і шматтомавым праектам „Elementa ad Fontium Editiones“, а таксама расійскімі дарэвалюцыйнымі выданнямі[9]. Гэтага недастаткова, каб зразумець сутнасць падзей, якія адбываліся ў ВКЛ, сутнасць яго ўнутранай і знешняй палітыкі.

Несумненны плюс манаграфіі — скрупулёзны аналіз маскоўскіх пасольскіх кніг. Здаецца, гэтыя найкаштоўнейшыя крыніцы ўпершыню ўведзены ў кантэкст гістарычнай навукі з такой дэталёвасцю. Аўтарка справядліва адзначае, што матэрыялы пасольскіх кніг важныя не толькі пры апісанні знешнепалітычных працэсаў, але і для вывучэння ўнутранай гісторыі Маскоўскай дзяржавы.

Кніга Г. Харашкевіч яшчэ раз паказала, як цяжка захоў­ваць бесстароннасць пры аналізе міжнародных адносін. Гэта асабліва моцна выяўляецца пры асвятленні ўзаемадачыненняў Масквы і Вільні. Даследчык вымушаны грунтавацца на рацыі аднаго з бакоў, бо праблема царскага тытула, якая паўстала ў Маскоўскай дзяржаве ў сярэдзіне XVI ст., і звязаная з ёй праблема наймення дзяржавы была не толькі адным з самых балючых пытанняў ва ўзаемных стасунках, але і сур’ёзным выпрабаваннем для гісторыка. Можна сказаць, гэтая праблема ляжыць у аснове прыхаванага „канфлікта гістарыяграфій“. Напэўна, літоўскія і беларускія гісторыкі, якія разглядаюць ВКЛ як уласную дзяржаўна–гістарычную спадчыну, ніколі не пагодзяцца з правам Масквы на „ўз’яднанне зямель Старажытнай Русі“. А менавіта з гэтага палажэння выходзіць Г. Харашкевіч, аргументуючы сваю пазіцыю, што, у прынцыпе, уласціва расійскай гістарыяграфіі. Аўтарка адмаўляецца выкарыстоўваць тэрміны кшталту „Масковія“, „Маскоўская дзяржава“ (бо яны мелі польска–літоўскае (sic!) паходжанне) і прапануе тэрмін „княжество всея Руси“, бо менавіта такой была саманазва дзяржавы ў азначаны перыяд. Аднак калі глядзець на справу з гледзішча рацыі інтарэсаў ВКЛ, то найменні „Масковія“, „Маскоўская дзяржава“ маюць такое ж права на існаванне, бо добра стасуюцца з гістарычнымі рэаліямі і таксама былі „в ходу у современников описываемых событий“ ( 59). Здаецца, ад праблемы выбару „званіцы“ тут не па­збавіцца.

У сваёй кнізе Г. Харашкевіч мэтанакіравана даводзіць, што Іван IV не валодаў паўнатой улады ў знешнепалітычнай сферы. Да Інфлянцкай вайны прэрагатывы прыняцця знешнепалітычных рашэнняў трымала ў сваіх руках „Выбраная рада“ і Баярская Дума, якія часта дзейнічалі насуперак меркаванням цара. Асноўнай задачай для яго было ўзяцце пад свой поўны кантроль знешняй і ўнутранай палітыкі дзяржавы. Аднак нават у перыяд апрычніны Іван IV быў вымушаны прыслухоўвацца да меркаванняў баяраў.

Гэтая барацьба за знешнепалітычныя прэрагатывы паміж царом і баярамі (а таксама „Выбранай радай“) — адзін з найважнейшых канцэптуальных момантаў кнігі. Найбольш відавочным выяўленнем гэтага суперніцтва з’яўлялася стаўленне палітычнай эліты дзяржавы да пытання прызнання царскага тытула Івана IV. Як вядома, з самага пачатку, г. зн. з 1547 г., гэтая праблема значна ўскладніла ўзаемадачыненні паміж Маскоўскім княствам і ВКЛ. Апошняе не жадала называць Івана IV царом, бо бачыла ў гэтым акце імкненне па–новаму абгрунтаваць маскоўскія прэтэнзіі на ўсе „рускія“ землі. Пад націскам баяраў у канцы 40–х і ў 50–х г. XVI ст. пытанне царскага тытула часта апускалася пры дыпламатычных перамовах з ліцвінамі. Таксама з боку баяраў і „Выбранай рады“ ігнаравалася жаданне Івана IV распачаць з–за гэтай прычыны вайну з ВКЛ. Прыярытэты знешняй палітыкі Маскоўскай дзяржавы яны бачылі на ўсходзе — у змаганні з рэшткамі Залатой Арды. Пасля авалодання Казанню ў 1552 г. галоўная ўвага мусіла быць звернута на ліквідацыю „крымскай пагрозы“.

Аўтарка лічыць, што змаганне з Крымскім ханствам было выкананнем менавіта баярскай знешнепалітычнай праграмы. Гэта адпавядала нацыянальным інтарэсам дзяржавы. Іван IV, у сваю чаргу, звярнуў свой позірк на Інфлянты, зыходзячы з гіпертрафаванага жадання авалодаць „усім Сусветам“, зацвердзіць сябе ў якасці сапраўднага пераемніка Пруса (204). Гэтыя эгаістычныя памкненні прывялі да распачынання Інфлянцкай вайны. Аўтарка лічыць, што ўскладненне маскоўска–інфлянцкіх стасункаў у 1554 г. і распачынанне Інфлянцкай вайны ў 1558 г. былі справакаваныя царом (148—149).

Ганна Харашкевіч сцвярджае, што цар з самага пачатку меў яснае ўяўленне аб мэтах сваёй інфлянцкай палітыкі. Дзіўны, супярэчлівы характар вайны на пачатковым этапе вынікаў з рознагалоссяў паміж Іванам IV і „Выбранай радай“. На яе думку, прадстаўнікі баярскай эліты займаліся амаль што непрыхаваным сабатажам намераў цара, жадаючы заключыць анты­крымскі саюз з ВКЛ. Гэтая разарванасць інтарэсаў палітычнай эліты прывяла да няўдач на знешнепалітычным фронце.

Думка пра свядомы пачатак Інфлянцкай вайны выглядае непераканаўчай, бо дакладна вядома, што першыя ваенныя акцыі маскоўцаў у Інфлянтах не мелі на мэце захопу тэрыторыі і нагадвалі маланкавыя „татарскія“ набегі. Невядома, ці адбыўся б захоп Нарвы ў траўні 1558 г., калі б яе гарнізон не распачаў правакацыі супраць Івангорада. Аўтарка таксама выразна не тлумачыць, чаму ж Іван IV пайшоў на часовае замірэнне з інфлянцамі ў сакавіку 1559 г., а не працягваў далейшы наступ на Інфлянты.

Гэтаксама непераканаўча гучыць меркаванне, што сябры „Выбранай рады“ рабілі перашкоды на шляху рэалізацыі царскіх задумаў у Інфлянтах. Дакументы сведчаць, што знешняя палітыка праводзілася згуртавана ўсімі членамі ўрада. Так, на перамовах з інфлянцкімі пасламі стала ўдзельнічаў лідэр „Выбранай рады“ А. Адашаў. Ягоны брат, Д. Адашаў, быў адным з кіраўнікоў аперацыі па захопу Нарвы, за сваю службу неаднаразова атрымліваў падзякі ад Івана IV. Нічога аб супярэчнасцях унутры маскоўскага ўрада па знешнепалітычных пытаннях не паведамляе Г. Гофман, які, гледзячы на ўсё, меў шырокі доступ да сакрэтнай інфармацыі. Згаданыя ў пасланнях Івана IV да Андрэя Курбскага „супротисловия“ кіраўнікоў „Выбранай рады“ маглі быць проста альтэрнатыўнымі меркаваннямі, якія паўсталі пад час абмеркавання далейшых дзеянняў. Магчыма, рознагалоссі ўзніклі з–за розных поглядаў не на мэты вайны, а на метады падпарадкавання Інфлянцкай дзяржавы. Менавіта такім чынам можна праінтэрпрэтаваць тыя палемічныя i тэндэнцыйныя выпады цара ў першым пасланні да Курбскага, якімі звычайна абгрунтоўваецца асаблівая пазіцыя „Выбранай рады“.

Нават калі Іван IV расправіўся з лідэрам „Выбранай рады“, гэта не прывяло да актывізацыі ваенных дзеянняў у Інфлянтах. З іншага боку, атрымліваецца, што актыўныя дзеянні супраць Крымскага ханства напрыканцы 50–х г. XVI ст. не мелі санкцыі цара, у што цяжка паверыць. Падаецца, аўтарка не ўлічвае, што разам са зменай сітуацыі на міжнароднай арэне маглі кардынальным, часта непрадказальным чынам мяняцца і пазіцыі розных палітычных сілаў. Іван IV раздзьмуў вогнішча Інфлянцкай вайны, добра не ўсведамляючы, што гэта можа прывесці да значнага міжнароднага канфлікту.

Пры аналізе пазіцыі ВКЛ у інфлянцкім канфлікце на яго пачатковай стадыі з–за недастатковага ведання сутнасці падзей даследчыца прыходзіць да няслушных высноваў. Так, яна здзіўляецца, чаму ВКЛ, заключыўшы восенню 1557 г. Пазвольскую дамову з Інфлянтамі, абыякава глядзела на падзеі ў Інфлянтах у 1558 г. Такое пытанне не ўзнікла б, калі ведаць, што гэтая дамова мела таемны характар, а ваенны саюз ВКЛ з Інфлянцкім ордэнам пачынаў дзейнічаць, згодна з дамоўленасцю, не раней за 1562 г. Далей гаворыцца, што толькі ў сакавіку 1561 г. Жыгі­монт Аўгуст вырашыў увесці свае войскі на тэрыторыю Інфлянтаў (266). Але яшчэ па надрукаваных у „Актах Западной России“ дакументах вядома, што кантынгент ліцвінаў з’явіўся тут ужо напрыканцы 1559 г. па заключанай у жніўні таго ж года дамоўленасці з інфлянтцамі.

Варта адзначыць яшчэ адну сімптаматычную дэталь для зразумення падыходу аўтаркі да інтэрпрэтацыі падзей. Аналізуючы ліставанне паміж І. Фёдаравым і Р. Хадкевічам восенню 1562 г., Г. Харашкевіч прыходзіць да высновы, што дзякуючы намаганням маскоўскага баярына і ліцвінскага праваслаўнага магната было заключана нефармальнае перамір’е. З–пад увагі пры гэтым губляецца той факт, што звычайна з надыходам зімы ваенныя дзеянні сцішваліся. Да таго ж, пачынаючы з верасня 1562 г., Іван IV мэтанакіравана рыхтаваўся да шырокамаштабнага паходу на Полацк, і ўвядзенне ў зман ліцвінаў сваімі міралюбнымі намерамі яму было толькі на карысць.

Увогуле ж матыў супрацьпастаўлення баярскіх і царскіх інтарэсаў і дзеянняў у знешнепалітычнай сферы праходзіць праз усю кнігу. Асабліва арыгінальна ён з’яўляецца пры трактоўцы вынікаў і значэння захопу маскоўскім войскам Полацка ў 1563 г. Г. Харашкевіч сцвярджае, што гэтая падзея стала толькі фармальнай перамогай для цара. У рэчаіснасці ж Іван IV зноў спа­знаў прыкрае пачуццё паразы, калі баяры не рашыліся далей працягваць наступ на ВКЛ, а заключылі перамір’е з раднымі панамі.

Падобнае трактаванне выклікае падвойнае ўражанне. З аднаго боку, аўтарка раскрывае вельмі цікавы аспект унутраных разыходжанняў у кіраўніцтве Маскоўскай дзяржавы. З іншага ж, відавочным ёсць празмернае захапленне ідэяй супрацьстаяння баяр і цара. А можа, Іван IV проста пагадзіўся з аб’ектыўнымі рэаліямі вайны? Полацкая выправа была грандыёзнай акцыяй і патрабавала надзвычайных высілкаў. Аўтарка не задаецца пытаннем, ці мела вялізнае маскоўскае войска ў неспрыяльных зімовых умовах рэсурсы для працягу выправы. Да таго ж, цяжка аспрэчваць той факт, што пасля захопу Полацка ініцыятыва цвёрда перайшла ў рукі Масквы. Кароткачасовае перамір’е для ўзнаўлення сілаў было ёй толькі выгадным.

А той факт, што маскоўскае войска прыпынілася ў гарадскіх граніцах, цалкам вытлумачальны. Як сведчыць змест дыпламатычных перамоў, маскоўскае кіраўніцтва зыходзіла з таго пастулата, што пасля захопу галоўнага адміністрацыйнага цэнтра тэрыторыя ўсяго „павету“ пераходзіць пад новую ўладу. Дый што яшчэ можна было захапіць у Полацкай зямлі, акрамя неўмацаваных паселішчаў? Пасылкі маскоўскіх атрадаў углыб Полаччыны прымаць у мясцовага насельніцтва прысягу на вернасць цару часта канчаліся збройнымі выступленнямі супраць акупантаў. Кантраляваць сітуацыю ў падобных варунках можна было толькі з добраўмацаваных замкаў, якім з’яўляўся Полацк. Дарэчы, Г. Харашкевіч нічога не піша пра ўсталяваны ў Полацку і акрузе акупацыйны рэжым, пра стаўленне новых уладароў да тутэйшых людзей і наадварот — рэакцыі палачан на палітыку маскоўскай улады. А гэтая тэма вельмі важная для зразумення сутнасці палі­тыкі Маскоўскай дзяржавы.

Спроба ўзнаўлення татальнага наступлення на ВКЛ была прадпрынятая праз год, але пацярпела фіяска з–за паразы ў бітве над Улай. На жаль, Г. Харашкевіч аддае ёй мала ўвагі, хоць і падкрэслівае яе важнае значэнне для змянення сітуацыі ў вайне паміж ВКЛ і Маскоўскай дзяржавай. Даследчыца некрытычна паставілася да інфармацыі аб колькасці войска ВКЛ пад час няўдалай выправы пад Полацк восенню 1564 г. Аніяк не магло яго там быць 50 тысяч чалавек. І палякі прынялі чынны ўдзел у вайне з маскоўцамі зусім не пад час гэтай выправы, а нашмат раней. Узяць пад увагу хоць бы бітву пад Невелем у жніўні 1562 г., дзе войска А. Курбскага разбілі якраз дзевяць польскіх конных ротаў.

Адным з найважнейшых момантаў для зразумення канцэпцыі кнігі з’яўляецца трактаванне падзей на Земскім саборы 1566 г. Як вядома, на ім было прынята рашэнне аб працягу Інфлянцкай вайны. Гэтую ідэю, у прыватнасці, падтрымала Баярская Дума. Г. Харашкевіч лічыць, што гэта было фатальнай памылкай, больш за тое, яна ўскладвае на баяр віну за крах у далейшым часе знешняй палітыкі Масквы. У 1566 г. быў прадвырашаны зыход Інфлянцкай вайны (440—441).

Аднак такая інтэрпрэтацыя не ўзгадняецца з многімі фактамі. На нашу думку, у 1566 г. стаяла пытанне не столькі працягу шырокамаштабнай наступальнай вайны (для гэтага ўжо сапраўды бракавала рэсурсаў), колькі непрымальнасці варункаў прымірэння з ліцвінамі. Звернем увагу на два прынцыповыя моманты: маскоўцам так і не ўдалося дамагчыся ад паслоў з ВКЛ адмовіцца ад прэтэнзій на Рыгу, ліцвіны прапаноўвалі толькі кароткачасовае перамір’е — на пяць–шэсць гадоў, што было не ў інтарэсах маскоўскага боку. Кампрамісу так і не ўдалося дасягнуць.

Нельга казаць, што ў 1566 г. міжнароднае становішча Маскоўскай дзяржавы было бязвыхадным. Ці абавязкова ў Крамлі маглі прадбачыць у гэты час, што ў 1568 г. у Швецыі зменіцца ўлада, а напрыканцы 60–х г. XVI ст. абвострацца адносіны з Турцыяй і Крымскім ханствам?

Безумоўна, былі надзеі калі не перамагчы ВКЛ у вайне, дык па меншай меры ўмацаваць сваё становішча на дасягнутым узроўні. Даследчыца зусім выпускае з–пад увагі, што пасля 1564 г. маскоўскае кіраўніцтва не прадпрымала шырокамаштабных ваенных акцый, а са жніўня 1566 г. пачало будаваць у Полацкай зямлі невялікія, але добраўмацаваныя замкі, тым самым паступова пашыраючы зону свайго кантролю. Неўзабаве распачалася раздача зямельных надзелаў новаяўленым памешчыкам. Гэта азначала, што Масква перайшла да палітыкі ўмацавання сваёй прысутнасці на захопленых землях.

Цяжка пагадзіцца з аўтарскай ацэнкай перамір’я 1570 г. Згодна з ёй, заключэнне гэтага перамір’я прадэманстравала поў­нае фіяска знешняй палітыкі Івана IV на заходнім напрамку (554). Даследчыца тлумачыць, што Масква не замацавала за сабой тэрытарыяльных набыткаў: яна толькі прэтэндавала (!) на збудаваныя сваімі рукамі памежныя замкі на Полаччыне. Вы­снова ніяк не стасуецца з логікай і гістарычнымі фактамі. Дарэчы, яшчэ Р. Мяніцкі адзначыў, што вызначаная ў маскоўскай перамірнай грамаце мяжа больш адпавядала рэчаіснаму стану рэчаў, чым тая, якую прадставілі ліцвіны[10]. Таму меркаванне Г. Харашкевіч, што Маскоўская дзяржава выйшла з вайны з нічым, не зусім слушнае. На наш погляд, ваюючыя бакі знайшлі кампраміс у патрэбе перадышкі і з гэтай прычыны заключылі перамір’е на падставе status quo.

Увогуле ж, у Г. Харашкевіч складваецца вельмі песімістычная ацэнка знешняй палітыкі Івана IV на першым этапе Інфлянцкай вайны. Для расійскай гістарыяграфіі падобная візія з’яўляецца чымсьці абсалютна новым. Аўтарка тым самым правакуе на сур’ёзную дыскусію, без якой цяпер не абысціся. Арыгінальная пастаноўка пытанняў, зробленая Г. Харашкевіч, сама па сабе з’яўляецца крокам наперад у вывучэнні праблематыкі.

У заключэнне трэба адзначыць, што, нягледзячы на ўсе недахопы манаграфіі, яна з’яўляецца важнай пазіцыяй у асвятленні знешняй палітыкі і міжнароднага становішча Расіі ў сярэдзіне XVI ст. І хоць не заўсёды пастаўленыя пытанні ўдалося вырашыць на належным узроўні, трэба прызнаць безумоўным дасягненнем увядзенне знешнепалітычных падзей і працэсаў у кантэкст унутранай гісторыі Расіі. Тым самым аўтарка раскрыла новыя аспекты ўзаемных стасункаў цара Івана IV, „Выбранай рады“ і Баярскай Думы, акцэнтавала ўвагу на значнасці прэрагатыў улады ў знешнепалітычнай сферы. На нашу думку, толькі падобны падыход можа быць прадуктыўным пры аналізе знешняй палітыкі дзяржавы, бо дазваляе ўбачыць яе ўнутраныя механізмы і зразумець матывацыі дзеяння кіруючых колаў.
Мінск

Андрэй Янушкевіч


[1] Греков И. Б. Очерки по истории международных отношений Восточной Европы XIV—XVI  вв. Москва, 1963.
[2] Natanson–Leski J. Dzieje granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Cz. 1: Granica moskiewska w epoce Jagiellońskiej. Lwów—Warszawa, 1922.; Natanson–Leski J. Epoka Stefana Batorego w dziejach granicy wschodniej Rzeczypospolitej. Lwów-Warszawa, 1924.
[3] Jasnowski J. Mikołaj Czarny Radziwiłł (1515—1565): kanclerz i marszałek ziemski Wielkiego Księstwa Litewskiego, wojewoda wileński. Warszawa, 1939; Граля И. Иван Михайлов Висковатый: Карьера государственного деятеля в России XVI в. Москва, 1994.
[4] Филюшкин А. И. История одной мистификации: Иван IV и „Избранная рада“. Москва, 1998.
[5] Сагановіч Г. М. Захоп Полацка Іванам IV паводле нямецкіх „лятучых лісткоў“ 1563 г. // Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі. Полацк, 1998. С. 263—270; Метрыка Вялікага княства Літоўскага. Кніга запісаў 44 (1559—1566). Мінск, 2001.
[6] Посольство И. Гофмана в Ливонию и Русское государство в 1559—1560 г. // Исторический архив. 1957. № 6. С. 131—142.
[7] Archiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie. T. 7. Lwów, 1910
[8] Писцовая книга Полоцка и Полоцкого повета // Писцовые книги Московского государства / Под ред. Н. В. Калачова. Ч. 1, отд. 2. С.–Петербург, 1877. С. 421—566.
[9] Listy króla Zygmunta Augusta do Radziwiłłów / Opr. I. Kaniewska. Kraków, 1998; Elementa ad Fontium Editiones. T. 1—96. Roma, 1960—1997.
[10] Mienicki R. Egzulanci Połłoccy (1563—1580) // Ateneum Wileńskie. 1934. R. IX. S. 31—128.

Наверх

In memoriam

Снежня 1, 2002 |

Вітаўтас Раўдзялюнас
(2.II.1930—4.V.2002)

З cупольнасцi гісторыкаў старажытнага літоўскага права раней часу адышоў Вітаўтас Раўдзялюнас — адзін з найлепшых яго даследчыкаў, выдавец і знаўца крыніцаў Вялікага Княства Літоўскага, таленавіты педагог і літоўскі патрыёт. Аптыміст, заўсёды поўны сілаў, памёр раптоўна, не рэалізаваўшы ўсіх сваіх планаў і намераў. Не стала выбітнага прадстаўніка літоўскай гістарычнай навукі другой паловы ХХ стагоддзя — эрудыта, адданага не толькі навуцы, але і сваім вучням.

Вітаўтас Раўдзялюнас прыйшоў на свет 2 лютага 1930 г. у вёсцы Падаляй, воласці Жасляй, у павеце Кайшадорай. Быў адным з сямі дзяцей у сялянскай сям’і. Бацькі мелі каля 45 га зямлі, у тым ліку каля 30 га лесу. У 1946 г. бацька і брат былі зняволеныя савецкай уладай, а ў 1948 г. ужо ўсю сям’ю вывезлі ў Сібір, у Краснаярскі край. У высылцы будучы даследчык працаваў дрывасекам і пастухом, там жа атрымаў атэстат сталасці. Потым пераехаў у Іркуцк, дзе скончыў тэхнікум фізічнай культуры. Працаваў настаўнікам, трэнерам, актыўна займаўся спортам — стаў нават чэмпіёнам Казахстану ў кіданні дзіды. У 1959 г. апублікаваў рэцэнзію да слоўніка спартовых тэрмінаў.

Вывучаць права Вітаўтас Раўдзялюнас пачаў яшчэ ў Казахстанскім універсітэце і працягнуў гэта ў Віленскім універсітэце пасля вяртання з высылкі ў 1958 г. Пасля заканчэння універсітэта ён некалькі гадоў не меў магчымасці займацца навукай і быў вымушаны працаваць у розных інстытуцыях на дапаможных пасадах, пакуль у 1969 г. не быў рэабілітаваны. У 1971 г. Вітаўтас Раўдзялюнас стаў супрацоўнікам Інстытута філасофіі, права і сацыялогіі Літвы, у якім працаваў да самай смерці. З 1991 г. таксама пачаў выкладаць гісторыю літоўскага права на кафедры гісторыі Літвы гістарычнага факультэта Віленскага педагагічнага універсітэта.

Яшчэ ў маладыя гады (1947—1948) друкаваўся ў прэсе і як студэнт Віленскага універсітэта актыўна ўдзельнічаў у студэнцкіх, літоўскіх рэспубліканскіх, а таксама агульнасаюзных канферэнцыях. Ужо ў той перыяд, часам галадаючы, пачаў выязджаць да бібліятэк і архіваў усяго Саюзу ў пошуках экзэмпляраў Літоўскіх Статутаў.

Багаты і разнастайны навуковы скарб Вітаўтаса Раўдзялюнаса цяпер складана ацаніць. Не здолеў, хоць мерыўся, пакінуць сінтэзы. Яго найвялікшым навуковым захапленнем быў Літоўскі Статут, і ў гэтым накірунку ён зрабіў вельмі шмат, хацеў яшчэ болей — аднак не хапіла часу…

Даследчык знайшоў і апублікаваў шмат звестак пра вялікую колькасць копіяў I і II Статутаў, пра выданні і папраўкі III Статута ВКЛ, а таксама пра іх прававую тэрміналогію. З найважнейшых публікацый можна пералічыць: Pirmieji Lietuvos Statuto leidimai, Rusų knygos spausdinimo pradžia ir Lietuva, Vilnius, 1966, p. 119–159; Pirmojo (1529) Lietuvos Statuto lotyniškieji nuorašai, Teisės bruožai Lietuvoje XV—XIX a., Vilnius, 1980, p. 42—57; Antrojo (1566) Lietuvos Statuto nuorašai, Teisinių institutų raida Lietuvoje XIV—XIX a., Vilnius, 1981, p. 6—30.

З польскімі даследчыкамі Вітаўтаса Раўдзялюнаса звязвалі вельмі цёплыя адносіны, ён заўсёды апякаўся імі ў Вільні. Шматразова працаваў (нярэдка за свой кошт) у польскіх архівах і бібліятэках. Выдатна арыентаваўся і цаніў польскую гістарыяграфію, меў найлепшы яе збор ў Літве, які складаўся галоўным чынам (але не толькі) з выданняў па гісторыі права. Асабліва быў захоплены гісторыкамі кракаўскага асяродка, якіх заўсёды ставіў сваім вучням за прыклад. Высока цаніў прафесара Юліюша Бардаха, прафесара Анджэя Рахубу, прафесара Генрыха Віснэра, прафесара Гжэгажа Блашчыка, прафесара Тадэвуша Васілеўскага. Зрэшты, разам з Генрыхам Віснэрам апублікаваў некалькі артыкулаў (Trzeci Statut Litewski, Mówią wieki, 1984, nr 3, p. 1—3; Z dziejów Trybunału Wielkiego Księstwa Litewskiego 1581—1648, Kwartalnik Historyczny, 1986, t. 83, nr 4, s. 947—968).

Вітаўтас Раўдзялюнас як ніхто іншы быў падрыхтаваны да выдання Першага Літоўскага Статута, аднак не атрымаў магчымасці рэалізаваць гэтай справы. Па розных (суб’ектыўных) прычынах не стаў ні кіраўніком, ні нават ўдзельнікам даследчыцкай групы, сабранай для падрыхтоўкі акадэмічнага выдання гэтага славутага помніка права. Гэта было недарэчнасцю не толькі для Вітаўтаса Раўдзялюнаса і для згаданай групы, але і ўвогуле для даследавання Статутаў Літоўскіх. Больш шчыльна заняўся „Крыніцамі II Статута (1566)“ і ў 1976 г. гэтую тэму абраў для доктарскай дысертацыі, якую з–за розных прычынаў так ніколі і не напісаў. Аднак вынікам гэтай працы стаў пераклад на літоўскую мову таго Статута і шмат грунтоўных публікацыяў.

Вітаўтас Раўдзялюнас шмат зрабіў у галiне гісторыі права ў шырокiм сэнсе. З найважнейшых навуковых даследаванняў трэба адзначыць, між іншым, працы пра Літоўскі Статут ва ўкраінскім праве, пра выкарыстанне рымскага права ў ВКЛ, пра становішча караімаў, татараў, а таксама пра смяротныя пакаранні і рэлігійную талерантнасць (Ukrainos 1743 m. kodekso „Teisės“ originalas, Lietuvos TSR mokslų akademijos darbai, A serija, 1974, Nr. 4; Romėnų teisės recepcija Lietuvoje, Socialistinė teisė, 1974, nr. 3, p. 45—51; Priesaika kaip įrodymas senojoje Lietuvos teisėje (XVI—XVIII a.), Socialistinė teisė, 1974, nr. 1, p.52—56, а таксама ў суаўтарстве з Рамуальдам Фірковічам: Teisinė karaimų padėtis Lietuvoje (XIV—XVIII a.) Socialistinė teisė, 1975, Nr. 4, p. 48—53; Įstatymų leidyba feodalinėje Lietuvoje (iki 1569 m. Liublino unijos), Socialistinė teisė, 1975, nr. 2, p. 51–56; Seimų nutarimai — II Lietuvos Statuto šaltinis, Lietuvos TSR mokslų akademijos darbai, A serija, 1976, Nr. 3; Tortūros Lietuvos teismuose. (Jų panaikinimo 200 m. sukaktį minint), Socialistinė teisė, 1977, nr. 1, p. 44—50; Mirties bausmė senovės Lietuvoje, Pozicija, 1997, Nr. 2, p. 8—9.

Апублікаваў каштоўныя, малавядомыя звесткі па гісторыі даўняга Віленскага універсітэта, сярод якіх даследаванні пра навуковыя ступені знаўцаў права, пра знакамітых выкладчыкаў права, пра універсітэцкі суд, студэнцкія пакаранні: Teisės mokslų laipsniai senajame Vilniaus universitete, Socialistinė teisė, 1978, nr. 2, p. 48—53; Senojo Vilniaus universiteto teismas: Iš teisės istorijos, Socialistinė teisė, 1978, nr. 4, p. 44—48; Įžymieji senojo Vilniaus universiteto teisininkai, Socialistinė teisė, 1979, nr. 3, p. 32—37.

Сярод даследчыкаў Вялікага Княства Літоўскага Вітаўтас Раўдзялюнас вядомы перш за ўсё як выбітны выдавец крыніц. Так, ён быў ініцыятарам стварэння серыі „Помнікі літоўскага права“, у межах якой разам з Альгердасам Балюлісам, а таксама з Рамуальдам Фірковічам апублікаваў два фундаментальныя, агульнавядомыя цяпер выданні: судовую кнігу Біржанскага двара і пастановы Галоўнага Літоўскага Трыбунала (Biržų dvaro teismo knygos (1620—1745), parengė V. Raudeliūnas ir R. Firkovičius, Vilnius, 1982. 475 p.; Lietuvos Vyriausiojo Tribunolo sprendimai (1583—1655), parengė V. Raudeliūnas ir A. Baliulis, Vilnius, 1988. 670 p). У сувязі з гэтымі працамі Вітаўтас Раўдзялюнас заняўся таксама сялянскім судом, і ў выніку гэтага даследавання з’явіліся вельмі цікавыя артыкулы, сярод якіх: Biržų dvaro teismas (XVII—XVIII a.), Socialistinė teisė, 1977, nr. 4, p. 44—49. Варта дадаць, што ён таксама быў інцыятарам і суаўтарам яшчэ аднаго каштоўнага выдання „Studia prawa z historii prawa litewskiego“ (Teisės bruožai Lietuvoje XV—XIX a., Vilnius, 1980; Teisinių institutų raida Lietuvoje XIV—XIX a., Vilnius, 1981).

Вітаўтас Раўдзялюнас патрабавальна ставіўся не толькі да сябе, але і да іншых. Быў уважлівым аўтарам часам дастаткова вострых рэцэнзій, большасць якіх па сутнасці з’яўляюцца сапраўднымі грунтоўнымі артыкуламі. Для прыкладу варта ўзгадаць рэцэнзію да выдання дыярыуша канцлера Альбрэхта Станіслава Радзівіла, „Memoriale rerum gestarum in Polonia…“ (Lietuvos istorijos metraštis, 1972, Vilnius, 1973, p. 210—213), часопіса „Studia Źródłoznawcze“ (Lietuvos istorijos metraštis, 1973, Vilnius, 1974, p. 208—213), Метрыкі ВКЛ (Antrasis Lietuvos Metrikos tomas, Lietuvos aukštųjų mokyklų mokslo darbai, Istorija, 1997, t. 36, p. 280—298).

Вітаўтас Раўдзялюнас знайшоў і сабраў вялікую колькасць каштоўнага матэрыялу, з якога, аднак, апублікаваў не вельмі шмат: перадусім (калі помніць іншыя пазіцыі) гэта рукапіс Людвіка Юцэвіча (L. Jucevičius, Mokyti žemaičiai, parengė Meilė Lukšienė, Vytautas Raudeliūnas, Vilnius, 1975), а таксама лісты славутага літоўскага гісторыка Сімонаса Даўкантаса.

Вітаўтас Раўдзялюнас меў разнастайныя навуковыя інтарэсы і заслугоўваў таго, каб лічыцца літоўскім полігісторыкам. Ён займаўся гістарыяграфіяй, асаблівую ўвагу аддаваў гістарычнай бібліяграфіі, цікавіўся таксама найбольш вядомымі гісторыкамі права. Апублікаваў шмат цікавых артыкулаў і рэцэнзій. Энцыклапедычныя ж артыкулы (усяго каля 300) дзякуючы выключна сур’ёзнаму падыходу аўтара, як правіла, заўсёды былі кароткімі манаграфіямі. Увогуле Вітаўтас Раўдзялюнас аднолькава адказна і ўважліва ставіўся як да навуковых і энцыклапедычных артыкулаў, так і да папулярных публікацый.

Адкуль браліся яго незвычайна шырокія веды? З пастаяннай, руплівай працы ў бібліятэках і архівах: літоўскіх, польскіх, расійскіх і іншых. Ведаў вельмі шмат, аднак вельмі мала — у параўнанні з велізарнымі ведамі — апублікаваў. І адной з прычын гэтага была пачатая ў 1991 г. выкладчыцкая дзейнасць у Віленскім педагагічным універсітэце. Для сваіх вучняў Вітаўтас Раўдзялюнас не шкадаваў ні сілаў, ні часу. Разам з імі праводзіў над кнігамі, выданнямі крыніцаў і слоўнікамі цэлыя дні і нават апекаваўся імі нефармальна (у прыватным жыцці).

Былы сасланы, палымяны літоўскі патрыёт, аднойчы быў кандыдатам у Сойм. Актыўна (погляды меў хутчэй правыя) удзельнічаў у грамадскім жыцці, што было падставай для запрашэння яго да ўдзелу ў якасці суддзі ў працэсе Міжнароднага Віленскага Трыбунала над камунізмам. Вынікам гэтай цяжкай і інтэнсіўнай працы стала выданне вялізнага тома судовых матэрыялаў: „Tarptautinio Vilniaus visuomeninio tribunolo nuosprendis“.

Не стала найвыбітнага навукоўца, аднаго са старэйшых гісторыкаў літоўскага права. Засталася няскончаная праца, нявыдадзеная судовая кніга загорскага двара, таксама арыгінальны тэкст і пераклад II Літоўскага Статута. Засталася унікальная бібліятэка і багаты архіў. Выданне незавершаных прац, іх працяг, захаванне бібліятэкі і ўпарадкаванне архіва — гэта абавязак яго сям’і, вучняў і супрацоўнікаў. Толькі з часам стане магчымым ацаніць унёсак Вітаўтаса Раўдзялюнаса ў развіццё гістарыяграфіі Вялікага Княства Літоўскага. І першым крокам у гэтым кірунку можа быць памятная кніга з удзелам польскіх, беларускіх і іншых гісторыкаў.

Айвас Рагаўскас

Андрэй Антонаў. Беларусь і беларусы ў літоўскіх школьных падручніках па гісторыі

Снежня 22, 2001 |

1. Праграмы

Паводле навучальнай праграмы для агульнаадукацый ных школ, выдадзенай у 1999 г., якую падрыхтавала Міністэрства асветы і адукацыі Літоўскай Рэспублікі, курс гісторыі разлічаны на V—XII класы. На выкладанне гэтай дысцыпліны ў V—X класах адводзіцца 2 гадзіны на тыдзень, гэта значыць 68 гадзінаў на год, у X—XII класах ад 1 да 3 урокаў на тыдзень. Рашэнне аб колькасці гадзінаў пад урокі гісторыі, асноўным залежыць ад інтарэсаў вучняў, профіля школы, выпускных іспытаў і г.д. Неабходна адзначыць, што сама праграма не з’яўляецца абавязковай, яна вымагае творчай інтэрпрэтацыі з боку настаўніка, а таксама можа быць дапоўненая актуаліямі нацыянальных меншасцяў.

Структура прадмета выглядае наступным чынам:

V — уводны курс гісторыі Літвы;

VI — уводны курс сусветнай гісторыі;

VII — агульная і старажытная гісторыя Літвы;

VIII — агульная гісторыя і гісторыя Літвы да канца XVIII ст.;

IX — агульная гісторыя і гісторыя Літвы ад канца XVIII ст. да канца Першай сусветнай вайны;

X — агульная гісторыя і гісторыя Літвы новага часу;

У XI—XII класах настаўнікі і вучні могуць абраць адзін з наступных варыянтаў:

а) у абодвух класах выкладаецца агульная гісторыя і гісторыя Літвы;

б) у XI класе выкладаецца толькі агульная, а ў XII — гісторыя Літвы.

У любым з выпадкаў на курс гісторыі Літвы мусіць быць адведзена не менш як трэцяя частка заняткаў.

У самой праграме беларусы згадваюцца толькі аднойчы, у тэме «Нацыянальныя меншасці Літвы», у якой настаўнікам прапануецца азнаёміць вучняў з пытаннямі «Расійцы і беларусы. Русіны ў ВКЛ. Старадаўняя культура расійцаў Літвы. Францішак Скарына. Канстанцін Астрожскі. Андрэй Курбскі. Міхаіл Глінскі. Уніяты. Стараверы».

2. Падручнікі

Перш чым пачаць агляд падручнікаў па гісторыі для літоўскіх школ, варта звярнуць увагу на дзве праблемы тэрміналагічнага характару.

Тэрмін «Гісторыя Літвы» ў дачыненні да розных эпохаў мае адрозны семантычны змест. У дачыненні да старажытных часоў пад гэтым тэрмінам разумеюць тэрыторыі, заселеныя ўсходнімі балтамі. Калі гутарка ідзе пра Сярэднявечча — пад гэтым выразам маецца на ўвазе тэрыторыя Вялікага Княства Літоўскага, у дачыненні да ХIХ — пачатку ХХ ст. разумеюцца землі Ковенскай, Віленскай, Гарадзенскай і Сувалкаўскай губерняў. Тэрыторыі гэтых губерняў на старонках падручнікаў таксама называюцца «этнаграфічныя межы Літвы». У дачыненні да ХХ ст. гэты тэрмін абдымае тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі, Клайпедскі і Віленскі край.

Другая асаблівасць, на якую варта звярнуць увагу — праблема назвы славянскага насельніцтва земляў Вялікага Княства Літоўскага. Для азначэння гэтай этнічнай супольнасці ВКЛ шырока ўжываюцца наступныя тэрміны: «rusai», «gudai», таксама сустракаецца назва «rusėnai». Найбольш часты тэрмін «gudai», але складанасць у тым, што пад гэтым тэрмінам у сучаснай літоўскай мове разумеюцца беларусы.

Прыкладна тыя ж праблемы паўстаюць перад аўтарамі школьных падручнікаў і пры вызначэнні пісьмовай мовы Вялікага Княства Літоўскага. Ужываецца тэрмін «senoji slavų kalba», які можа перакласці як «стараславянская мова», але праблема ў тым, што мова ВКЛ, назавем яе «старабела рускай», не мае нічога супольнага з рэканструкцыяй праславянскай мовы, якую вывучаюць на першых курсах студэнты-славісты. Таксама ўжываецца тэрмін «gudų kanceliarinė kalba» — «беларуская (русінская) канцылярс кая мова», «kanceliarinė slavų kalba» — «канцылярская славянская мова».

а) Adomas Butrimas. Lietuvos istorija nuo seniausių laikų iki XVIII amžiaus pabaigos, Vilnius. 1993. 256 p.

Падручнік Адомаса Бутрымаса «Гісторыя Літвы ад старажытных часоў да канца XVIII ст.» з’яўляецца першым падручнікам па гісторыі Літвы, напісаным у незалежнай краіне. На старонках гэтага дапаможніка беларускія землі ўпершыню згадваюцца на с. 67 у раздзеле «Ўтварэнне літоўскай дзяржавы. Літва Міндоўга», дзе мы можам прачытаць наступнае: «Гарадзенская зямля і бліжэйшыя замкі ўжо раней былі літоўскай здабычай. Міндоўг ішоў гэтым шляхам і заняў найбліжэйшыя ад Літвы вобласці славянаў-крывічоў, сам завалодаў Слонімам і Ваўкавыскам, а сыну Войшалку аддаў Наваградак». На с. 72 у раздзеле «Войны са славянскімі краінамі» аўтар звяртае ўвагу на знешнепалітычную дзейнасць князя Віценя: «Віцень, як і Міндоўг, рупіўся, каб далучыць да Літвы як мага больш славянскіх земляў. У 1300 г. ён на доўгія гады авалодаў Полацкам, важным гандлёвым пунктам каля ракі Дзвіна. Славяне, далучаныя да Літоўскай дзяржавы, пачалі ўдзельнічаць ў літоўскіх вайсковых паходах, а Віцень, у сваю чаргу, у Наваградку стварыў для іх незалежную ад кіеўскага мітрапаліта мітраполію».

Пашырэнне ВКЛ на поўдзень і ўсход, як вядома, адбывалася і ў пазнейшыя часы, таму беларуская тапаніміка сустракаецца і далей, на с. 73. Гаворачы пра часы кіравання Гедыміна, аўтар між іншым зазначае, што «Гедымін далучыў (да ВКЛ — А.А.) Віцебскую зямлю, басейны рэк Бярэзіна і Прыпяць (Пінскае і Тураўскае княствы), на Смаленск павялічыўся ягоны ўплыў. <…> Пачатыя ім дзеянні на ўсходзе паспяхова працягваў Альгерд. Хоць вялікі князь Літоўскі Гедымін і не кіраваў усімі балтамі, рускіх падданых ён меў больш, чым літоўскіх». У раздзеле «Мовы іншых народаў у літоўскай дзяржаве» аўтар спрабуе пазнаёміць з функцыянаваннем пісьмовых моваў у ВКЛ, пры гэтым узгадвае факт існавання старабеларускай мовы: «для кантактаў з Усходняй Еўропай, а часам і з Польшчай, ужывалася старажытная славянская мова, якая напрыканцы XIV ст. стала афіцыйнай пісьмовай мовай Літвы для ўнутраных спраў» (101).

У раздзеле «Вільня — сталіца ВКЛ», які на самай справе прысвечаны развіццю адукацыі і мастацтва ў Вялікім Княстве і ў некаторай ступені ва Ўсходняй Прусіі, аўтар даволі падрабязна спыняецца на ролі места Горадні ў жыцці краіны (147). Гаворачы пра вайсковыя поспехі Стэфана Баторыя, аўтар успамінае, што ён «у 1579 г. забраў у Масквы Полацк» (178). Падзеі 1654 г. таксама знайшлі сваё адлюстраванне ў гэтым дапаможніку, сярод іншага аўтар зазначае, што «жыхароў некаторых гарадоў Беларусі расійскае войска выбіла, не пакінуўшы ніводнага жывога чалавека» (197). Паводле аўтара падручніка, у 1667 г. пасля падпісання ў Андрусаве мірнага пагаднення «Літва страціла Смаленск і ўсе землі на ўсход ад Дняпра» (197). У раздзеле пра першы падзел Рэчы Паспалітай аўтар паведамляе, што «Расія паводле падпісанага 5 жніўня 1772 г. у Пецярбургу падзелу ўзяла частку Беларусі: Полацкае, Віцебскае і Мсціслаўскае ваяводствы, усходнюю славянскую частку Менскага ваяводства і Латгалію» (217). На с. 220 чытаем, што пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай «на тэрыторыі Літоўскай дзяржавы засталіся толькі літоўскія этнаграфіч ныя землі».

б) Juozas Brazauskas. Lietuvos istorija. V klasės skaitiniai. Kaunas, 2000. 176 p.

Гэтая чытанка па гісторыі Літвы разлічана на самых малодшых — пяцікласнікаў. Яе мэта — даць агульнае ўяўленне пра развіццё літоўскай дзяржавы і гісторыю літоўскага народа. На с. 22, у раздзеле «Літоўцы і іх суседзі», дзеці даведаюцца, што ў XII ст. Літва «на ўсходзе пастаянна пагражала Полацку». У раздзеле «Ў Рэнесансавым горадзе Вільня», гаворачы пра развіццё культуры ў XV—XVI ст., аўтар паведамляе: «у пісьме ўжывалі стараславянскую мову» (59). На наступнай старонцы, папярэдне азнаёміўшыся з роляй у жыцці ВКЛ яўрэяў і татараў, мы даведаемся, што «ў XVI ст. Вільня стала важным цэнтрам славянскай і праваслаўнай культуры. Тут першыя кнігі надрукаваў беларус Францішак Скарына». Наступны раз пра існаванне Беларусі аўтар нагадвае толькі на с. 129 у раздзеле «Драматычныя 1938—1939-я г.»: «17 верасня войскі Савецкага Саюза перайшлі мяжу з Польшчай, занялі Заходнюю Ўкраіну, Заходнюю Беларусь, Вільню і Віленскі край».

в) Juozas Brazauskas. Lietuvos istorija nuo seniausiųju laikų iki Liublino Unijos. Vilnius, 1995. 220 p.

Гэты падручнік настаўніка-метадыста з Панявежа «Гісторыя Літвы ад старажытных часоў да Люблінскай Уніі» разлічаны на вучняў VI—VII класаў. Кніга пабачыла свет яшчэ ў 1995 г. і да сёння выкарыстоўваецца ў школах Літвы.

Сюжэты і фармулёўкі, датычныя Беларусі і беларусаў, якія мы бачым у кнізе Juozas Brazauskas. Lietuvos istorija. V klasės skaitiniai (Kaunas, 2000. 176 p.), паходзяць адсюль. Але гэты падручнік разлічаны на больш падрыхтаванага чытача і мае канкрэтныя храналагічныя абмежаванні, таму некаторым сюжэтам з беларускага жыцця ВКЛ аўтар аддаў больш увагі, чым у сваёй пазнейшай працы. Напрыклад, на с. 155, апавядаючы пра літоўска-расійскую вайну 1500—1503 г., упершыню згадваецца Канстанцін Астрожскі: «Мужна абараняўся і пасля жахлівай бойні патрапіў у няволю ваявода Літоўскага войска князь Канстанцін Астрожскі». У тым самым раздзеле школьнік даведаецца, што «краю не давалі спакою татары, якіх Іван III заўсёды падтрымліваў і цкаваў супраць Літвы. У 1506 г. яны дайшлі нават да Наваградка і Ліды, але нарэшце каля Клецка іх пабіла літоўскае войска, якім кіраваў <…> Міхаіл Глінскі» (156). Апавядаючы пра часы кіравання Жыгімонта II, аўтар паведамляе і пра паўстанне Міхаіла Глінскага і ягоныя наступствы: «М.Глінскі думаў падняць супраць Жыгімонта II паўстанне, аддзяліць ад Літвы расійскія землі і стварыць з іх асобную дзяржаву. Ён напаў на Мінск і Слуцк. Войска Жыгімонта II яго разбіла. Тады Глінскі ўцёк у Маскву і падбіваў маскоўскага князя напасці на Літву. Адбылося некалькі жахлівых войнаў: 1507—1508, 1512—1522, 1534—1537» (157). У гэтым жа раздзеле аўтар паведамляе пра бітву пад Оршай: «Хоць Літоўскае войска, якім кіраваў князь Канстанцін Астрожскі, у 1514 г. пад Оршай пабіла больш шматлікае расійскае войска, аднак гэтая і пазнейшыя перамогі не былі выкарыстаны. Кароль (Жыгімонт II. — А.А) замнога ўвагі аддаваў Польшчы, не хапала яму і грошай на наём войска, пабудову крэпасцяў» (158). У раздзеле «Выспяванне перадумоваў Люблінскай уніі» аўтар спрабуе растлумачыць важнасць беларускіх і ўкраінскіх земляў для ВКЛ наступным чынам: «Страціць Беларусь і Ўкраіну для Вялікага Княства Літоўскага азначала страціць палітычную ролю істотнай дзяржавы» (203). У гэтым падручніку куды больш увагі аддадзена дзейнасці Францішка Скарыны, ягонай асобе прысвечаны цэлы падраздзел. Аднак, распавядаючы пра пражскі перыяд жыцця беларускага кнігадрукара, аўтар ні словам не згадвае пра кнігі, якія выйшлі з яго друкарскага станка ў Празе (178—179).

г) Juozas Brazauskas. Lietuvos istorija nuo Liublino Unijos iki 1918 metų. VIII—IX klasės vadovėlis. Kaunas, 1995. 384 p.

У гэтым падручніку для VIII—IХ класаў «Гісторыя Літвы ад Люблінскай уніі да 1918 г.» беларуская тапаніміка сустракаецца даволі часта. І гэта зразумела, бо, гаворачы пра часы кіравання Стэфана Баторыя, цяжка не ўзгадаць пра тое, што ў 1579 г. пад ягоным кіраўніцтвам пасля Лівонскай вайны ВКЛ вярнула ў свой склад Полацк (21). Паседжанні створанага Баторыем Вярхоўнага Трыбуналу праходзілі не толькі ў Вільні, але і ў Троках, Наваградку і Мінску — пра гэта таксама нельга не ўзгадаць (22), як і пра той факт, што памёр Стэфан Баторы ў Горадні (22).

У раздзеле «Вялікае Княства Літоўскае ў войнах з Расіяй і Швецыяй у пачатку XVII ст.» сярод прычынаў, чаму ВКЛ так і не скарысталася са сваіх перамогаў над Швецыяй, прыводзіцца наступная: «Літоўскім і польскім магнатам больш рупіла вярнуць страчаныя землі Ўкраіны і Беларусі» (27). Зрэшты, адказу на пытанне «чаму ж тым магнатам рупілі больш беларускія і ўкраінскія землі, чым братэрская Лівонія?» на старонках гэтага дапаможніка мы не знойдзем.

У раздзеле «Развіццё літоўскай культуры ў другой палове XVI ст. Паланізацыя шляхты», распавядаючы пра лінгвістычныя здольнасці Жыгімонта Аўгуста, аўтар між іншым паведамляе, што ён валодаў «славянскай канцылярскай мовай» (35). Гаворачы пра пашырэнне польскай мовы ў жыцці ВКЛ, аўтар называе мовы, якія яна выштурхнула з ужытку: «ад сярэдзіны XVI ст. рознымі шляхамі пачала пашырацца польская мова, якая выштурхоўвала абедзве пісьмовыя мовы ВКЛ — гэтак званую канцылярскую славянскую мову і лаціну» (35).

Разглядаючы праблему казацкага паўстання пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, Ю.Бразаўскас між іншым зазначае, што «ўкраінскае паўстанне падтрымлівалі і сяляне, і гараджане Беларусі» (52). На гэтай жа старонцы гаворыцца пра вайну з Расіяй 1654—1661 г., ёсць звесткі і пра вайсковыя дзеянні на тэрыторыі Беларусі.

У раздзеле «Развіццё асветы. Роля Віленскага універсітэта» на с. 90 узгадваецца факт дзейнасці ў Вільні уніяцкай калегіі. Але з уніятамі і уніяцтвам школьнікі змогуць пазнаёміцца толькі на с. 93 у раздзеле «Рысы культурнага заняпаду». Асноўныя рысы уніяцтва, на думку аўтара, былі наступныя: «Праваслаўных прымушалі станавіцца уніятамі, гэта значыць прызнаць Берасцейскую унію (1596 г.). Паводле яе, Праваслаўная царква на землях Беларусі і Ўкраіны мела падпарадкавацца Каталіцкаму Касцёлу, які панаваў у Польска-Літоўскай дзяржаве. Гэтым хацелі ўзмацніць дзяржаўную ўладу на тых землях». Наступным разам пра Беларусь аўтар згадвае ў раздзеле пра першы падзел Рэчы Паспалітай. Апрача абавязковага ў гэтым выпадку пераліку земляў, што адышлі да Расіі ў выніку першага падзелу Рэспублікі, ён між іншым адзначае, што «Расіі і самой рупіла далучыць Украіну і Беларусь, якія з-за рэлігійнага і нацыянальнага прыгнёту былі схільныя з гэтым пагадзіцца» (107).

Разглядаючы гісторыю паўстання Тадэвуша Касцюшкі, Ю.Бразаўскас знаходзіць патрэбным паведаміць школьнікам, што кіраўнік паўстання 1794 г. з паходжання быў беларусам (130). Не забываецца аўтар нагадаць і пра беларускія нюансы дзейнасці Кастуся Каліноўскага — на с. 228 школьнікі змогуць даведацца, што К.Каліноўскі, «зразумеў шы, што трэба сур’ёзна рыхтавацца да паўстання, пачаў выдаваць газетку на беларускай мове „Мужыцкая праўда”». У раздзеле «Аднаўленне літоўскай дзяржавы» беларусы фігуруюць як «нацыянальная меншасць Літвы», паводле аўтара «беларусы (нацыянальна свядомыя) імкнуліся да Літоўска-Беларускай федэрацыі, значыцца, хацелі аднавіць ВКЛ» (362).

д) Rimantas Jokimaitis, Algis Kasperavičius, Eugenijus Manelis, Beatričė Stukienė. Pasaulio ir Lietuvos istorija VI—XVIII amžiai. Vilnius, 1999. 272 p.

Падручнік «Сусветная гісторыя і гісторыя Літвы VI—XVIII ст.» з’яўляецца адной з першых спробаў зрабіць навучальны дапаможнік, у якім бы гісторыя Літвы (чытай ВКЛ) разглядалася ў кантэксце сусветнай гісторыі. Беларускія тэрыторыі згадваюцца толькі ў сувязі з ходам вайсковых падзей, якія адбываліся на нашых тэрыторыях. Упершыню Беларусь на старонках гэтай кнігі ўпамінаецца ў раздзеле «Экспансія мангола-татараў», у сувязі з дачыненнямі ВКЛ і мангола-татараў. Цытую: «у пачатку XIII ст. Літва ў рэгіёне была наймагутнейшай дзяржавай, якая кіравала і некаторымі славянскімі землямі. Таму ВКЛ давялося сутыкнуцца і з татарамі, якія ў той час імкнуліся не толькі на рускія землі, але ўглыб Еўропы. У хроніцы пішацца, што ўжо ў 1234 г. папярэднік Міндоўга князь Рынгаўд у вярхоўях Нёмана (сучасная Беларусь) біўся з татарамі „ад усходу сонца да яго заходу”» (117). У раздзеле «Польска-літоў ская дзяржава: упадак, спробы рэформаў», калі ідзе размова пра ход Лівонскай вайны, узгадваецца і тое, што Рэч Паспалітая прымусіла Расію адмовіцца ад Полацка і Вяліжа (239). Гаворачы пра паўстанне Хмяльніцкага і выкліканую ім агрэсію з боку Расіі, аўтары паведамляюць, што расійцы занялі «Смаленск, Віцебск, Полацк, Вільню» (240). У раздзеле «Вялікае Княства Літоўскае ў XVI ст.» між іншым узгадваецца, што першы статут ВКЛ быў напісаны на «на славянскай канцылярскай мове ВКЛ, а пазней перакладзе ны на лаціну і польскую мовы» (94).

е) Algis Kasperavičius, Sigitas Jegelevičius, Saulius Jurkevičius. Naujujų Amžių Istorija. Nuo XVII a. Anglijos revoliucijos iki Prancuzijos karo su Prūsija. VIII klasės vadovėlis. Vilnius, 1996. 256 p.

У гэтым падручніку па гісторыі новага часу Беларусь згадваецца толькі ў кантэксце гісторыі Расіі ў раздзеле «Расія ў XVII—XVIII ст.». У раздзеле «Вайна Расіі з Польска-Літоўскай дзяржавай» у звязку з падзеямі вайны 1654—1667 г. аўтары паведамляюць, што «да вясны 1655 г. яе (расійскае. — А.А.) войска заняло Смаленск, амаль усю Беларусь» (100), у наступны раз назва «Беларусь» у гэтым жа раздзеле сустракаецца ў сувязі з падзеламі Рэчы Паспалітай (114—117).

ж) Arūnas Gumuliauskas. Lietuvos istorija nuo 1915 iki 1953 metų. X klasės vadovėlis. Kaunas, 1995.

Арунас Гумуляўскас у сваім падручніку для Х класа «Гісторыя Літвы ад 1915 да 1953 г.» шмат увагі аддаў такім падзеям у гісторыі нашых краінаў, як існаванне Літбелу і польскай акупацыі Віленскага краю, і таму ў адпаведных раздзелах Беларусь знаходзіць сабе месца.

У раздзеле «Унутраная і знешняя палітыка Літоўскай Рэспублікі 1918—1920 г.» на с. 29 аўтар знаёміць школьнікаў з планамі бальшавіцкага кіраўніцтва Расіі стварыць агульную Літоўскую і Беларускую камуністычную партыю ў жніўні 1918 г. Разглядаючы прычыны складанасцяў, якія ўзніклі на шляху стваральнікаў гэтай баявой адзінкі на фронце сусветнае рэвалюцыі, аўтар называе наступныя: «Аднак заснаваць такую Літоўскую і Беларускую арганізацыю было нялёгка, рэгіёны вельмі адрозніваліся з пункту гледжання этнаграфіі, культуры і палітыкі. Апрача таго, іх у сваю чаргу падзялілі ваенныя падзеі і нямецкая акупацыя. 27 жніўня 1918 г. Расія і Нямеччына падпісалі пагадненне, паводле якога немцы ўзялі на сябе абавязак паэтапна адысці з тэрыторыі Беларусі. Таму для ЦК КПР(б) з’явілася магчымасць ажыццявіць сваю задуму. Але беларускія камуністы, згуртаваныя ў нацыянальны камісарыят у Маскве, імкнуліся да стварэння Беларускай Савецкай Рэспублікі. Гэтаму супраціўляліся дзеючыя ў Маскве партыйныя і адміністратыўныя органы Савецкай Расіі. Яны лічылі тэрыторыі Літвы і Беларусі адным Заходнім фронтам, які абдымае Смаленскую, Магілёўскую, Віцебскую і Ковенскую губерні» (28—29). У раздзеле «Камуністычныя арганізацыі ў Літве» аўтар паведамляе пра яшчэ адну спробу стварэння ўвосень 1918 г. Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі, якая мусіла аб’яднаць камуністычны рух у Заходняй Беларусі і Літве. Але гэтай падзеі не давялося ўвайсці ў аналы, бо прадстаўнікі камуністаў Заходняй Беларусі не прыбылі на першы з’езд задуманай партыі (29). Паведамляецца і пра факт аб’яднання беларускіх і літоўскіх камуністаў пад сцягам адной «Камуністычнай партыі Літвы і Беларусі», якое адбылося ў сакавіку 1919 г. (32).

На думку аўтара падручніка, менавіта напрыканцы 1918 г. праясніліся агpэсіўныя планы Польшчы. Яны выявіліся ў тым, што ў лістападзе гэтага года «ў Варшаве быў створаны камітэт „вызвалення крэсаў”, задача якога — падтрымліваць інтэрвенцыю ў Літву і Беларусь» (32). У раздзеле, прысвечаным нацыянальна-культурнай палітыцы ўраду Вінцаса Капсукаса, згадваецца факт надання беларускай мове статусу дзяржаўнай у Літоўскай Савецкай Рэспубліцы.

У асобным раздзеле аўтар разгледзеў кароткае існаванне Літбелу. На думку Арунаса Гумуляўскаса, на рашэнне аб стварэнні гэтай унітарнай дзяржавы паўплывалі наступныя акалічнасці: «Беларусь і Літва былі гістарычна звязаныя краіны. З другога боку, РКП(б) бачыла, што ў Літве не хапала партыйных кадраў. Рабочыя ў этнаграфічнай Літве не складалі і 1% ад усіх жыхароў. Камуністычны рух быў слабы. У той жа час камуністы Беларусі дзейнічалі куды актыўней. Аб’яднанне Літвы і Беларусі давала магчымасць ЦК РКП(б) вярнуць ўскраіны Расійскай імперыі» (35). Пра гэты супольны для беларусаў і літоўцаў сюжэт аўтар апавядае вельмі падрабязна. Паведамляе дату заснавання Беларускай Савецкай Рэспублікі, а таксама піша пра адмоўнае стаўленне беларускіх камуністаў да ідэі стварэння Літбелу (35).

У раздзеле «Барацьба за незалежнасць» Гумуляўскас упершыню фармулюе, што трэба разумець пад тэрмінам «этнаграфічныя межы Літвы». Цытую: «этнаграфічная тэрыторыя (Літвы. — А.А) абдымала былыя Віленскую, Ковенскую, Гарадзенскую і Сувалкаўскую губерні» (41), і на гэтай жа старонцы аўтар не забываецца нагадаць, што паводле Савецка-Літоўскай мірнай дамовы ад 12 ліпеня 1920 г. Савецкая Расея прызнала за Літвою «Горадню з ваколіцамі».

Асобны раздзел падручніка прысвечаны Віленскаму краю пад Польскай акупацыяй (1922—1939). У раздзеле «Сацыяльная структура. Нацыянальная палітыка ўладаў» аўтар сцвярджае: «несумненна, што ў акупаваным Віленскім краі больш за ўсё жыло палякаў. Літоўцы былі найбольшай нацыянальнай меншасцю. Шостую частку жыхароў складалі яўрэі. З сацыяльнага пунку гледжання больш за ўсё было сялянаў.

Людзі не польскай нацыянальнасці Віленскага краю цярпелі нацыянальны ўціск. Слаі польскай улады ўсімі магчымасцямі імкнуліся асіміляваць літоўцаў, беларусаў і жыхароў іншых нацыянальнасцяў. Так яны спадзяваліся вырашыць тэрытарыяльную спрэчку з Літвою» (89). На с. 91 аўтар паведамляе, што апошняя беларуская школа на Віленшчыне была зачынена ў 1931 г., што не зусім адпавядае рэчаіснасці. Сярод літоўскіх дзеячаў — выпускнікоў Віленскага універсітэта аўтар згадвае таксама і людзей, якія пакінулі даволі заўважны след у беларусістыцы — літаратара Ону Міцютэ і мастацтвазнаўцу Валдаса Дрэму (91). Аглядаючы сітуацыю з літоўскім перыядычным друкам, Арунас Гумуляўскас прыводзіць статыстычныя звесткі пра колькасць перыёдыкаў на іншых мовах краю, у тым ліку і беларускай. Статыстыка прыводзіцца за 1937 г. (97).

Наступны раз беларускае пытанне ўзнікае ў кантэксце пачатку Другой сусветнай вайны і вызвалення Заходняй Беларусі савецкімі войскамі. Аўтар даволі падрабязна спыняецца на праблеме перадачы Вільні ў склад БССР. «Занятыя 19 верасня Вільня і Віленскі край лічыліся часткаю Заходняй Беларусі. Тут пачалі ствараць савецкі сацыялізм, цэнтральнымі органамі адміністравання Вільні кіравалі дасланыя сюды супрацоўнікі партыйных і адміністрацыйных органаў Савецкай Беларусі <…> 6 кастрычніка часовыя праўленні Віленскай акругі і места вырашылі правесці выбары ў Народны Сход Заходняй Беларусі, які меў прыняць рашэнне аб далучэнні Заходняй Беларусі да Беларускай ССР. Гэта значыць, што Віленскі край быў бы ўключаны ў склад Савецкай Беларусі і Савецкага Саюза. Аднак выбары не адбыліся, бо якраз 10 кастрычніка паводле дамовы аб узаемнай дапамозе частку Віленскага краю СССР перадаў Літве» (103—104).

Апавядаючы пра радасную сустрэчу жыхарамі Вільні літоўскіх войскаў, аўтар сцвярджае, што прадстаўнікі беларускай грамадскасці таксама сказалі сваё прывітальнае слова новым гаспадарам краю (105).

з) Evaldas Bakonis, Jonas Janušas. Lietuva ir pasalis. Istorijos vadovėlis XI klasei. Kaunas, 2001. p.320

Падручнік па гісторыі для ХI класа Эвалдаса Баконіса і Ёнаса Янушаса «Літва і свет» пакідае найбольш прыемнае ўражанне з пункту гледжання методыкі выкладання дысцыпліны. Кожны раздзел гэтага падручніка мае наступную структуру: невялікі аўтарскі ўступ, асноўныя пытанні, цытаты з крыніцаў на дадзеную тэму (гэта звычайна ўрыўкі з працаў літоўскіх гісторыкаў або цытаты з дакументаў), пытанні для самакантролю і заданні для вучняў.

Беларусь згадваецца ўпершыню ў раздзеле «Балты і іх суседзі», у частцы «Крыніцы» цытуюцца ўрыўкі з працаў Эдвардаса Гудавічуса «Міндоўг» і Зігмаса Зінкявічуса «Ўсходняя Літва ў мінулым і цяпер», прысвечаныя гандлёвым сувязям балтаў і славянаў (138).

У раздзеле, прысвечаным перыяду кіравання вялікага князя Гедыміна, у «Крыніцах» прыводзіцца думка Эдвардаса Гудавічуса, што «паміж вялікімі заходнімі суседзямі Русі асаблівае месца дасталося Літве: яна далучыла немалую частку рускіх земляў. Літоўская ўлада адрознівалася ад сюзерэннай улады Залатой Арды інтэгральным далучэннем рускіх земляў. Гэта таксама была нацыянальна і рэлігійна чужая ўлада, але чужасць змякчала тое, што літоўскія князі станавіліся праваслаўнымі» (188).

У раздзеле «Перамога ў Грунвальдскай бітве» аўтары ўзгадваюць, што ў войску ВКЛ бралі ўдзел і беларусы (204), але тут жа побач зазначаецца, «што перамогу ў бітве святкавалі не народы, але дзяржавы».

У раздзеле «Шматнацыянальнае і шматкультурнае ВКЛ» аўтары згадваюць пра ўжыванне ад пачатку XV ст. у справаводстве «канцылярскай славянскай мовы», а таксама і той факт, што Літоўская хроніка ды летапісы напісаны былі менавіта на гэтай мове (221). Сярод крыніц прыводзіцца ўрывак з супольнай кнігі літоўскіх філосафаў Грэймаса і Саўлюса Жукаса «Літва ў Прыбалтыцы»: «У XVI ст. Вільня становіцца важным ачагом славянскай і праваслаў най культуры. Тут у 1522 і 1525 г. надрукаваў свае першыя кнігі, блізкія да ідэяў пратэстантызму, беларус Францішак Скарына» (224).

У раздзеле «Культура эпохі асветы ў Літве» згадваецца факт заснавання А.Тызенгаўзам у Горадні балету, аркестра батанічнага сада і спецыяльных школ (298).

і) Rūstis Kamuntavičius, Vaida Kamuntavičienė, Remigijus Civinskas, Kastytis Antanaitis. Lietuvos istorija 11—12 klasems. Vilnius, 2000. 487 p.

Падручнік «Гісторыя Літвы» прызначаны для школьнікаў ХI—ХII класаў. Беларускія геаграфічныя пункты ў гэтым падручніку згадваюцца ў раздзеле «Паганская Літоўская дзяржава»; цытую: «Ужо ў XIII ст. у склад Літвы ўвайшлі беларускія землі: Чорная Русь, Менск, Браслаў. Полацак таксама ўжо быў трапіў у васальную залежнасць ад Літвы» (43). На с. 44, гаворачы пра пашырэнне ВКЛ на поўдзень у XIV ст., аўтары паведамляюць пра ўваход у склад ВКЛ Палесся, Падляшша і вялікай часткі Белай Русі. Аднак, на іх думку, нягледзячы на тое, што на большай частцы тэрыторыі ВКЛ жылі славяне, «шчыльнасць засялення літоўцаў была большай, чым славянаў, таму колькасць літоўцаў і славянаў была прыблізна аднолькавай».

Асобная частка ў гэтым раздзеле прысвечана кіраванню далучаных да ВКЛ рускіх земляў і грамадскаму ўкладу на гэтых тэрыторыях. У ім аўтары адразу даюць сваю фармулёўку тэрміна «gudas», які на беларускую мову можна перакласці як «русін» — «пад час аповеду пра Рускія землі, далучаныя да ВКЛ, узнікае праблема назвы іх жыхароў. Сёння на гэтых тэрыторыях жывуць украінцы і беларусы, аднак у XIV ст. гэтыя нацыі яшчэ не былі сфармаванымі. І ўсё ж іх продкі адрозніваліся ад славянаў, якія жылі за межамі ВКЛ і склалі ядро расійскай нацыі. Па гэтай прычыне славянаў ВКЛ было дамоўлена называць русінамі» (47). Зрэшты, нягледзячы на такую ясную і зразумелую фармулёўку, аўтарам падручніка не ўдалося пазбегнуць пэўнай тэрміналагічнай блытаніны. Напрыклад, на с. 115 пад тэрмінам «gudas» разумеюцца беларусы ў сучасным значэнні. Гаворачы пра асобны палітычны статус рускіх земляў у ВКЛ, аўтары зазначаюць, што «далучаючы да ВКЛ, Гедымінавічы не імкнуліся мяняць старыя сістэмы кіравання ці права. Яны толькі займалі месцы ў вышэйшым кіраўнічым слаі, пакідаючы стары грамадскі ўклад. Шмат дробных рускіх княстваў хутка трацілі сваю самабытнасць, іх кіраўнічая эліта была цалкам выштурхнутая і яны лёгка інтэграваліся ў ВКЛ, аднак былі і выключэнні. Шматлікая і ўплывовая мясцовая грамада, складзеная са шляхты і гандляроў, захавалася ў Полацку і Віцебску» (47). Падрабязна разглядаюцца праблемы стварэння незалежнай праваслаў най мітраполіі ў ВКЛ.

Гаворачы пра палітычны статус русінскіх земляў ВКЛ, аўтары адзначаюць: «Русінскімі землямі часцей за ўсё кіравалі прадстаўнікі дынастыі Гедымінавічаў. Аднак яны ніколі не станавіліся незалежнымі ад цэнтра княствамі. <…> Пастаянна жывучы ў русінскім атачэнні, Гедымінавічы і іх вайсковая арыстакратыя, баяры завязвалі сямейныя стасункі з русінамі і зблізіліся з іх грамадствам, большасць прыняла праваслаўе. Стаўшы часткаю русінскага грамадства, Гедымінавічы прадстаўлялі іх інтарэсы пры двары вялікага князя. Гэта не заахвочвала інтэграцыю тых земляў у ВКЛ, аднак не пагражала і палітычнае раздрабленне, бо Гедымінавічы часцей за ўсё былі лаяльныя да цэнтру» (48).

Вынікі далучэння русінскіх земляў да ВКЛ, на думку аўтараў падручніка, «узмацнілі яго эканамічную і ваенную сілу. Вырасла колькасць жыхароў ВКЛ, а гэта азначае і большую колькасць войска і большыя паступленні ў казну. Эканамічна было вельмі карысна тое, што ВКЛ заняло важныя гандлёвыя шляхі Дзвіну, Днепр і г.д., атрымала ў спадчыну ўжо даўно сфармаваныя гандлёвыя цэнтры (Кіеў, Смаленск, Полацк, Віцебск). Апрача таго, з Рускіх земляў Літва пераняла досвед ужо даўно сфармаванага дзяржаўнага жыцця — воласці, валасных намеснікаў, пісараў і г.д. Была перанятая і русінская пісьменнаcць, яе пачалі ўжываць у дзяржаўным жыцці ВКЛ» (48—49). Зрэшты, паводле аўтараў, рускія землі таксама атрымалі пэўныя выгоды ад далучэння да ВКЛ. «Такія важныя культурныя і эканамічныя цэнтры як Полацк, Віцебск і Кіеў, маючы падтрымку ВКЛ, маглі свабодна гандляваць, не баючыся жахлівых набегаў з боку суседзяў. З-за талерантнай рэлігійнай палітыкі ВКЛ русіны маглі свабодна спавядаць сваю веру і развіваць сваю адметную культуру» (49).

У раздзеле «Фармаванне і пашырэнне літоўскай народнасці» цэлы абзац прысвечаны ўсходняй мяжы рассялення літоўскага этнасу: «На ўсходзе літоўцы межавалі з русінамі, з продкамі сучасных беларусаў. Пачынаючы ад сярэдзіны I тысячагоддзя, славяне, мігруючы з усходу на захад, выштурхоўвалі балцкія плямёны ў бок Балтыйскага мора. У XII ст. гэты працэс быў прыпынены, а ў XIII ст. літоўцы пачалі адбіраць у славянаў былыя балцкія землі. Адпаведна мяжа рассялення літоўцаў у гэтым рэгіёне пастаянна змянялася. У XIV ст. усходняя літоўская мяжа была далей на ўсход, чым сучасная мяжа Літвы і Беларусі» (61). Але пытанне нацыянальнай прыналежнасці ВКЛ не дае спакою аўтарам гэтага падручніка. Каб расставіць усе кропкі над «і», гэтай праблеме адвялі цэлы раздзел «ВКЛ: літоўская, польская ці беларуская дзяржава?», дзе выклалі ўсе свае аргументы. «ВКЛ была шматнацыянальнай і шматкультур най дзяржавай, заселенай балцкімі і славянскімі народамі. Тут побач адна з другой існавалі праваслаўная, каталіцкая і яшчэ не зніклая паганская культуры. У XVI ст. мы ўжо маем пісьмовыя мовы — русінскую, нямецкую, лаціну, польскую, літоўскую, якія існуюць здаўна або толькі пачынаюць фармавацца <…> Наўрад ці хто зможа нас пераканаць, што ВКЛ была не літоўскай дзяржавай. Ведаем, што Міндоўг і дынастыя Гедымінавічаў, якая кіравала пасля яго, былі літоўцы, а ядро земляў ВКЛ знаходзілася на літоўскіх землях. Сталіца ВКЛ Вільня стаіць у цэнтры тых земляў. Заваяваныя славянскія землі былі толькі анексы, якімі кіравалі прадстаўнікі дынастыі Гедымінавічаў<…> Цікавай з’яўляецца і пазіцыя нашых усходніх суседзяў, якія сцвярджаюць, што ВКЛ была беларускай дзяржавай, грунтуючыся на тым, што большую частку жыхароў ВКЛ складалі беларусы або, у ранейшыя часы, іх продкі русіны. Падкрэсліваецца і тое, што большасць элементаў функцыянавання дзяржавы была перанята ад русінскіх князёў: шмат дзяржаўных інстытуцыяў і, самае важнае, русінская канцылярская мова, на якой доўгі час пісаліся ўсе дзяржаўныя дакументы і нават Літоўскія метрыкі. Грунтуючыся на гэтых аргументах і сцвярджаючы, што ў Віленскім краі жыве вялікая колькасць беларусаў, у XX ст. яны пачалі выказваць прэтэнзіі на Вільню як сталіцу сваёй дзяржавы. Ад самага пачатку стагоддзя распаўсюджваныя імі карты выяўляюць Вільню як сталіцу Беларускай дзяржавы» (116—117).

У раздзеле «Змены ў культурным жыцці Літвы, выкліканыя рэфармацыяй» згадваецца Францішак Скарына як першадрукар на землях ВКЛ, а таксама дзейнасць друкарні М.Радзівіла Чорнага ў Берасці (131).

У раздзеле «Літва пад царскай уладай 1795—1863» асобная частка прысвечана этнічнаму складу насельніцтва Літвы. Найменшая ўвага была аддадзена беларусам (куды менш, чым татарам, караімам, немцам і г.д.), дазволю сабе цалкам прывесці фрагмент, прысвечаны беларусам. «У Віленскай губерні жыло нямала беларусаў. Яны часцей за ўсё былі сялянамі праваслаўнага веравызнання. Царская ўлада імкнулася да русіфікацыі гэтай этнічнай супольнасці, разам стараючыся адмежаваць іх ад культурнага ўплыву польскамоўнай шляхты. Беларускі нацыянальны рух узмацніўся ў канцы XIX ст., хоць ён быў крыху стыхійным» (291).

У раздзеле, прысвечаным гісторыі міжваеннай Літвы, аўтары падручніка палічылі патрэбным узгадаць факт існавання Міністэрства беларускіх спраў пры кааліцыйным кабінеце міністраў М.Шляжавічуса (352), а таксама не забыліся пра аб’яднанне Беларускай Савецкай Рэспублікі і Літоўскай Савецкай Рэспублікі ў адзінку, сёння вядомую як Літбел (353).

й) Visotinė istorija. XII klasės vadovėlis. Sudarytojas ir mokslinis redaktorius doc. Algis Kasperavičius. Kaunas, 1996. 206 p.

На старонках гэтага падручніка па агульнай гісторыі для ХII класа сюжэты, такім ці іншым чынам звязаныя з Беларуссю, можна знайсці толькі ў кантэксце гісторыі Расіі й Савецкага Саюза. Узгадваецца вызваленне Стэфанам Баторыем Полацка пад час Інфлянцкай вайны (74). Тэрыторыя Беларусі стала месцам баёў расійска-французскай вайны 1812 г., таму нічога дзіўнага ў тым, што ў адпаведным раздзеле мы знойдзем згадкі пра рэчкі Нёман і Бярэзіну (117).

Беларуская Савецкая Рэспубліка ўзгадваецца сярод рэспублік — заснавальніц ССР, а таксама не абыходзіцца ўвагай той факт, што беларускія камуністы не падтрымалі сталінскі план аўтанамізацыі (174).

Высновы

Сцвярджаць, што згадкі пра Беларусь і беларусаў на старонках літоўскіх падручнікаў сустракаюцца або рэдка, або выпадкова, было б няслушна. Беларусь у іх прысутнічае, і вымалёўваецца нават пэўная сістэма ў адлюстраванні гэтай прысутнасці. Ва ўсіх храналагічных перыядах Беларусь і беларусы разглядаюцца як бясспрэчная нацыяналь ная меншасць, чые здабыткі (у любой галіне чалавечай дзейнасці) мала паўплывалі на развіццё літоўскай нацыі і дзяржавы. З прадстаўнікоў сучаснага беларускага пантэону аўтары школьных падручнікаў пастаянна згадваюць пра Францішка Скарыну, астатнія ж такога гонару пакуль(?) не заслужылі, гэта тычыцца нават такіх бясспрэчна пралітоўскіх дзеячаў беларускага руху, як Адам Станкевіч, браты Луцкевічы, Клаўдзій Дуж-Душэўскі і г.д. Беларускія населеныя пункты згадваюцца аўтарамі падручнікаў звычайна ў выпадку асвятлення падзеяў той ці іншай вайны. У сістэме каардынат «захад-усход-поўдзень-поўнач» беларусы ўпэўнена займаюць месца на ўсходзе.

Літоўскія школьныя падручнікі па гісторыі з’яўляюцца як адлюстраваннем старых нацыянальных стэрэатыпаў, пашыраных у Літве, так і крыніцай для з’яўлення новых.

Наверх

Наталля Бандарэнка. Новы этап развіцця ўкраінскай гістарыяграфіі

Снежня 21, 2001 |


Палітычныя і сацыяльныя перамены, што адбыліся ва Ўкраіне ў 1990-я г., з’явіліся непасрэднымі перадумовамі да ўзнікнення гістарыяграфіі, якую ўжо цяпер можна ахарактарызаваць як якасна новы этап у развіцці ўкраінскай гістарычнай навукі. Гэты этап быў абумоўлены не толькі зменамі палітычнай кан’юнктуры ва Ўсходняй Еўропе, але і развіццём самой навукі, яе тэорыі і метадалогіі.

Сучасная ўкраінская гістарыяграфія — з’ява складаная і дынамічная, у сувязі з гэтым яе аналіз няпросты. Наўрад ці ў цяперашні час можна поўна ахапіць гэтую з’яву. Задачы артыкула больш сціплыя — ахарактарызаваць асноўныя кірункі і праблемы, а таксама паказаць найбольш значныя працы ўкраінскіх даследчыкаў па гісторыі і філасофіі гісторыі.

Украінская палітычная сітуацыя мае свае асаблівасці, што робіць яе вопыт унікальным для гістарычных даследаванняў. Абвяшчэнне ў 1991 г. (паводле вынікаў усенароднага рэферэндума) незалежнасці Ўкраіны паказала няжыццяздольнасць савецка-марксісцкай парадыгмы айчыннай гісторыі. І не толькі ў дачыненні да камунізму (сацыялізму) як найвышэйшай фармацыі «сусветна-гістарычнага працэсу», але і ў дачыненні да тэорыі нацый, згодна з якой найвышэйшай формай нацыянальнага ўкраінства (як і іншых народаў, што ўваходзілі ў СССР) абвяшчалася новая супольнасць — «савецкі народ».

Разам з тым, не нашла пацвярджэння і тэорыя заснавальнікаў старой украінскай гістарыяграфічнай школы Міхайлы Грушэўскага, «народніцкай», заснаванай на культурна-этнічнай схеме. Як заўважыў Яраслаў Грыцак, «абвяшчэнне ўкраінскай самастойнасці перакрэсліла шмат тэорый» нацыягенэзу. З’явіўся моцны імпульс пошуку новых падыходаў, новых шляхоў у даследаванні ўкраінскай гісторыі. Цікавасць да ўкраінскай гісторыі выходзіць за межы ўласна ўкраінскай гістарыяграфіі. На гэтым акцэнтуе ўвагу Грыцак: «Гісторыя Ўкраіны з-за складанасці даследчыцкіх праблем…, багацця інтэлектуальных парадоксаў, якія патрабуюць тлумачэння, дзякуючы нераспрацаванасці мноства сюжэтаў набывае значную прывабнасць для сусветнай гістарыяграфіі»[1].

Пра гэта ж піша амерыканскі даследчык М.Хеген у межах дыскусіі 1995 г. «Ці ёсць ва Ўкраіне гісторыя?», адзначаючы асаблівасці ўкраінскай гісторыі: «Тое, што лічылася «слабасцю» ўкраінскай гісторыі або яе «дэфектамі», параўнальна з пададзенымі стандартамі еўрапейскіх краін на ўзор Англіі і Францыі, на самай справе зрабілася «сілай» новай гістарыяграфіі і ператварыла ўкраінскую гісторыю ў вельмі «мадэрнае» поле даследавання»[2].

Між тым, сітуацыя ў сучаснай украінскай гістарыяграфіі характарызуецца, з аднаго боку, наяўнасцю даследаванняў, што ў асноўным належаць малодшаму пакаленню вучоных-гісторыкаў, якія не вызнаюць пэўных тэарэтыка-метадалагі чных пастулатаў, або прадстаўленых працамі археаграфічна га характару. З другога боку — за выключэннем прац, у якіх павярхоўныя змены тычацца пераважна гістматаўскай тэрміналогіі і некаторых новых сюжэтаў, — гутарка пойдзе перш за ўсё пра даследаванні ў рамках двух кірункаў.

Першы можна назваць «традыцыйным», які азначае вяртанне да пазітывізму і ўзыходзіць да школы заснаваль нікаў украінскай гістарыяграфіі ХIХ—ХХ ст. Уладзіміра Антановіча — Міхайлы Грушэўскага, сюды ўваходзіць таксама гістарыяграфія ўкраінскай дыяспары.

Другі можна назваць «мадэрнісцкім» («мадэрным»), зарыентаваным на метадалогію сучаснай еўрапейскай гістарычнай навукі. Абодвум кірункам уласціва рашучая адмова ад «гістарычнага матэрыялізму», на якім была заснаваная савецкая ўкраінская гістарыяграфія.

Для ўсіх найбольш буйных новых даследаванняў характэрна цікавасць да пытанняў метадалогіі і тэорыі. Ім прысвечаны асобныя працы або раздзелы ў манаграфіях. Да спецыяльных даследаванняў тэарэтыка-метадалагічна га плана належаць працы Міхаіла Брайчэўскага, Юрыя Паўленкі, Міраслава Паповіча, Наталлі Якавенкі, Яраслава Грыцака[3]. Далей мы спынімся на характарыстыцы прац названых аўтараў і найбольш актуальных праблемах, якія абмяркоўваюцца ва ўкраінскай навуковай літаратуры.

З буйных гісторыкаў старой школы пасля рэпрэсій 1930-х г. актыўнымі дзеячамі на радзіме заставаліся Н.Палонская-Васіленка (1884—1973) і П.Дарашэнка (1882—1951), якія ў канцы вайны эмігравалі і прадоўжылі працу на Захадзе, ды львавянін І.Крып’якевіч (1886—1967), які цудам пазбегнуў рэпрэсій. Адраджаць навуку ва ўмовах цяжкага ідэалагічнага прэсінгу трэба было новаму пакаленню. Пераадольваючы догматы афіцыйнай гістарыяграфіі, арыгінальную канцэпцыю стварыў Міхаіл Брайчэўскі , навуковая біяграфія якога пачалася яшчэ ў пачатку 60-х г. ХХ ст.

Доктар гістарычных навук, прафесар універсітэта Кіева-Магілянскай Акадэміі, правадзейны член Свабоднай украінскай акадэміі (ЗША) Міхаіл Брайчэўскі перш за ўсё вядомы як аўтар 10 манаграфій па старажытнай гісторыі ўсходніх славян і Русі. Ён распрацаваў новы падыход да археалагічных крыніц, які ў яго працах набыў метадалагіч нае значэнне; пашырыў храналагічны дыяпазон іх выкарыстання да позняга Сярэднявечча. Яму належыць арыгінальная тэорыя этнагенэзу, распрацаваная вучоным з пазіцый гістарызму.

Адным з першых вучоных-гісторыкаў «шасцідзeсят нікаў» Брайчэўскі ўвёў паняцце раннекласавага грамадства ў дачыненні да славянскіх палітычных саюзаў плямён (анты, славены) перадкіеварускага перыяду. Менавіта з гэтых тэарэтычных пазіцый ім напісаны цяпер ўжо класічныя працы «Біля джерел слов’янської державності» (1964), а таксама манаграфіі «Коли і як виник Київ» (1963, дапоўненае выданне на расійскай мове 1964), «Походження Русі» (1968), «Анты» (1998), якія ўвайшлі ў яго «Вибрані твори»[4].

Цэнтральнымі тэмамі навуковай творчасці прафесара Брайчэўскага можна лічыць канцэптуальнае асэнсаванне этнічнай гісторыі славян і праблему этнагенэзу ўкраінска га народа ў кантэксце ранняй гісторыі Ўкраіны. Стварэнне славянскіх народаў паказваецца не як міфічнае рассяленне «праславян» з нейкай міфічнай «прарадзімы» (хоць нельга адмаўляць і факт рэальных міграцый), а як паступовае ўцягванне ўсё новых і новых этнічных груп у працэс славянскай этнаганіі»[5].

Асаблівую цікавасць выклікае яго манаграфія «Конспект історії України»[6], у якой Брайчэўскі сфармаваў сваё бачанне ўкраінскай гісторыіі ад часоў палеаліта да перабудовы ў стройную гістарыясофскую канцэпцыю. Паводле Брайчэўскага, этнічнае развіццё Русі ішло па схеме: анты VI—VII ст. — пачатковая Русь VII—VIII ст. — Кіеўская Русь IX—XIII ст. Пазбягаючы спрашчэння этнагенетычна га працэсу, аўтар не ставіць знака роўнасці паміж антамі і сучасным украінскім народам. «Непасрэднымі продкамі ўкраінцаў былі не толькі плямёны чарняхоўскай культуры, але і насельніцтва Палесся — пазнейшыя драўляне і севяране» (плямёны чарняхоўскай культуры, паводле Брайчэўскага, — анты)[7].

Пачатак украінскай дзяржаўнасці, на думку Брайчэўскага, вядзе нас менавіта ў анцкія часы. «Распад першай усходнеславянскай дзяржавы, зразумела, не азначаў ліквідацыі тых гістарычных умоваў, якія яе спарадзілі… Замест Анцкага царства на яго развалінах даволі хутка ўзнікае новае палітычнае ўтварэнне — значна большае і магутнейшае — Кіеўская Русь»[8]. «У першай палове ХI ст. ад агульнага стрыжня адгаліноўваецца новая этнічная супольнасць, якая кансалідуецца як беларуская народнасць. Яе тэрытарыяльнай асновай былі Полацкая, Смаленская і Пскоўская землі, а этнічнай асновай (субстратам) — пераважна балцкія плямёны, якія славянізаваліся ў часы зарубінецкай (II ст. да н.э. — II ст. н.э.) і кіеўскай (II ст. н.э. — V ст. н.э.) культуры. Такім чынам, славянская каланізацыя стварыла тут магутны суперстрат, якія пазначыў фінал этнічнага развіцця Паўночна-Заходняй Русі»[9].

Згодна з канцэпцыяй Брайчэўскага, «у сярэдзіне і другой палове ХII ст. адбываецца аналагічны працэс этнічнай асіміляцыі фіна-ўгорскага насельніцтва Надволжаншчыны пад час славянскай каланізацыі паўночна-ўсходніх зямель (Растоўскай, Суздальскай, Мурамскай, Разанскай). Гэтыя землі паслужылі тэрытарыяльнай асновай фармавання расійскай народнасці»[10]. Генетычнай базай фармавання ўкраінскага народа заставаўся, паводле яго меркавання, менавіта гэты першасны агульнарускі стрыжань.

На аснове сістэмнага даследавання пісьмовых, лінгвістычных і антрапалагічных крыніц ім створана новая канцэпцыя перадгісторыі, фармавання і ранняй эпохі Кіеўскай Русі. На гэтым шляху яму папярэднічаў толькі Міхайла Грушэўскі, працы якога былі забаронены ва Ўкраіне да «перабудоўчых» часоў.

У падручніку «Вступ до історичної науки», у аснову якога лёг курс лекцый, прачытаны Брайчэўскім ва універсітэце «Кіева-Магілянская Акадэмія», аўтар выкладае асновы новай канцэпцыі і метадалогіі сучаснай украінскай гістарычнай навукі, якая, на яго думку, патрабуе карэнных зменаў.

Даследчык з іроніяй піша пра савецка-марксісцкую канцэпцыю гісторыі Ўкраіны: «У савецкай гістарыяграфіі з’явілася спецыяльная тэорыя, заснаваная на перакананні, што гістарычнае мінулае можна канструяваць на свой густ і розум… Так фармавалася сітуацыя, з якой украінская гістарыяграфія падышла да сярэдзіны 80-х г. Сітуацыя, сутнасць якой «высочайше утверждена»…, а сам гістарычны працэс — суцэльны шэраг белых плямаў і рознакаляровых фальсіфікацый»[11].

Ужо ў першых сваіх працах Брайчэўскі ўзняўся да разумення складанай узаемасувязі паміж стадыяльна-заканамер ным і рэгіянальна-унікальным у славянскай гісторыі, пазбегнуўшы аднолькава ўласцівых савецкай навуцы фармацыйна га падыходу спрошчанага гістмату і патрыятычнага панславіз му. Стаўленне Брайчэўскага да марксізму — творчае, што выяўлялася, у першую чаргу, у яго «несавецкім» прачытанні «класікаў», якое выключала пошукі ў працах Маркса і Энгельса ілюстрацый да пэўных падзей. І хоць метадалогія Брайчэўска га не выходзіла за рамкі класічнага марксізму ў яго дэтэрміна цыі эканомікай усіх астатніх сфераў жыцця грамадства, у тым ліку і этнічнага развіцця, яго погляды былі пазбаўлены нават ценю дагматызму. Гэта адрознівае Брайчэўскага ад шматлікіх аўтараў, якія адмовіліся ад марксісцкай тэрміналогіі, але не вызваліліся ад уяўленняў гістмату (фармацыйнага падыходу, аналізу з пазіцый класавай структуры грамадства і г.д.). У новых умовах грамадскага развіцця ён не здрадзіў сабе і ў тым, што не перайшоў пад уплывам еўрапейскай гістарыяграфіі на «новую мову» навукі, застаўся арыгінальным мысляром.

Новы кірунак у філософіі гісторыі ўяўляюць фундаментальныя працы Юрыя Паўленкі — доктара навук, аўтара некалькіх манаграфій. Найбольш значныя з іх: «Передісторія давніх русів в світовому контексті», «Історія світової цивілізації» і «Пути и перепутья современной цивилизации» ў суаўтарстве з Ю.Пахомавым і С.Крымскім[12].

У працы «Передісторія давніх русів в світовому контексті» пададзена асэнсаванне старажытнай гісторыі ўсходніх славян і Русі з новых метадалагічных пазіцый. Паўленка падсумаваў разуменне руху этнагістарычнага працэсу ў межах тэрыторыі сучаснай Украіны і сумежных рэгіёнаў ад старажытных часоў да ўзнікнення Кіеўскай Русі. Абавязковай умовай правядзення такога даследавання аўтар лічыць «бачанне месца славянскага і старажытнарус кага этнагенэзу ў сістэме сусветнай гісторыі»[13].

Так, у рамках перадгісторыі старажытных русаў аўтар разглядае пытанні фармавання і развіцця індаеўрапей скай і праславянскай супольнасці. Асаблівую ўвагу аўтар аддаў працэсу грамадскага развіцця славян і іх гістарычных продкаў у межах Лесастэпавай Украіны ў кантэксце асноўных мадэляў сацыяльна-эканамічнай эвалюцыі першабытных і раннекласавых грамадстваў. Галоўным чынам гэта тычыцца раннедзяржаўных сістэмаў скіфа-антычнай і анцка-палянскай эпох. Паўленка таксама рэканструюе структуру праславянскага пантэону, аналізуючы рэлігійна-міфалагічныя ўяўленні старажытных славян. Комплексны, міждысцыплінарны падыход, характэрны для ўсіх даследаванняў гэтага гісторыка і філосафа, аб’ядноўваецца тут з сістэмным разуменнем заканамернасцяў поліварыянтнага развіцця старажытных славян.

Уяўляе цікавасць і праца Ю.Паўленкі ў суаўтарстве з Ю.Храмавым «Українська державність в 1917—1919 р. (історико-генетичний аналіз)»[14]. У кнізе скрозь прызму альтэрнатыўнасці гісторыі асвятляецца пытанне пра страчаныя магчымасці Ўкраіны захаваць сваю дзяржаўнасць — гісторыя фармавання, развіцця і падзення першай у ХХ ст. украінскай дзяржавы, звязаных з гэтым сацыяльных працэсаў, культурных пераўтварэнняў і палітычных падзей.

У працы «Історія світової цивілізації» Паўленка стварае панараму сусветнай цывілізацыі праз сацыякультур нае развіццё чалавецтва ў яго цывілізацыйных і этнанацыянальных формах. Кніга з’яўляецца арыгінальнай спробай стварэння тэорыі і метадалогіі даследавання гісторыі, заснаванай на сучаснай філасофіі навуковага пазнання, у якой пераважае сістэмны падыход, фактарны аналіз, якія знайшлі найбольшае ажыццяўленне ў тэорыі сінергетыкі.

Нагадаем: сінергетыка — гэта канцэпцыя самааргані зацыі сістэм як такіх, у тым ліку і грамадства. Сінергетыч ны падыход да гістарычных даследаванняў замяніў ідэю абумоўленасці працэсу гісторыі эканамічным і вытворчым фактарамі шматфактарным аналізам. Згодна з гэтай тэорыяй гістарычны рух мае верагоднасны характар і заўсёды ўлучае ў сябе альтэрнатыўныя магчымасці. Гісторыя падпарадкоўваецца верагоднаснай логіцы. Паняцце «магчымасці» ў пэўныя моманты азначае больш, чым «закон» і «заканамернасць»[15].

Аўтар падкрэслівае, што «марксізм — як у яго класічным варыянце, так і, тым больш, у вульгарызаванай афіцыйнай інтэрпрэтацыі савецкай гістарыяграфіі — не здольны выконваць ролі базавай тэорыі культурна-гістарычна га працэсу. Але і заходняя філасофія таксама не можа прапанаваць якую-небудзь цэласную канцэпцыю культурна -гістарычнага руху, паколькі тэорыі нават такіх выдатных мысляроў, як М.Вэбер, А.Шпенглер, К.Ясперс, П.Сарокін або А.Дж.Тойнбі па-свойму не менш аднабаковыя, чым канцэпцыя К.Маркса. Яшчэ ў большай ступені гэта датычыць прац сучасных заходніх, у асноўным паўночнаамерыканскіх палітолагаў і сацыёлагаў, якім не хапае менавіта культурна-гістарычнага бачання развіцця чалавецтва»[16].

Асабліва важнай уяўляецца пазіцыя Паўленкі ў пастаноўцы задачы сучаснай метадалогіі. Яна, на яго думку, заключаецца не ў тым, каб, адмяжоўваючыся ад марксізма, прыняць нейкую альтэрнатыўную канцэпцыю, а ў тым, каб выйсці на распрацоўку новай цэласнай тэорыі культурна-гістарычнага працэсу праз сінтэз дасягненняў розных філасофскіх і навуковых школ, тэорыі, якая магла б функцыянаваць як тэарэтыка-метадалагічная аснова пазнання на ўзроўні канкрэтных дысцыплін культуралагіч на-гістарычнага цыклу. Гутарка ідзе пра прынцыпы «стадыяльнасці, полілінейнасці і цывілізацыйнай унікальнасці сацыякультурнага развіцця чалавецтва», на аснове якіх «ажыццяўляецца спроба абгрунтаваць і выкласці агульнае разуменне культурна-гістарычнай эвалюцыі, галоўнае — цывілізацыйнага працэсу», у адрозненне ад ўяўленняў пра адзінства сусветна-гістарычнага развіцця, прынятага ў гістмаце. На думку аўтара, «стадыяльны падыход асветніцкай і гегелеўскай філасофіі гісторыі, марксізму і эвалюцыянізму павінен быць дапоўнены бачаннем полілінейнасці шляхоў развіцця чалавецтва, сярод якіх найуніверсальнейшым з’яўляецца падзел заходняй і ўсходняй мадэляў эвалюцыі»[17].

Апрача таго ў кнізе асэнсоўваецца працэс фармавання сусветнай макрацывілізацыйнай сістэмы, асвятляецца пытанне пра прычыны захопу Новаеўрапейскай цывілізацыяй сусветнага лідэрства і інтэграцыі вакол яе іншых нацыянальных цывілізацый, якія трансфармаваліся, рэагуючы на «выклікі» з яе боку. Крытыкуючы састарэлыя палажэнні марксісцкай філасофіі гісторыі, Паўленка не адмаўляе самую ідэю аб’ектыўнай гістарычнай заканамернасці ў развіцці грамадства. На грунце ідэй А.Тойнбі (лакальная цывілізацыя) у працы развіваецца арыгінальны падыход да паняцця цывілізацыйнай сістэмы як самастойнай рэаліі надэтнічнага маштабу.

Цывілізацыйны падыход звязаны з асаблівай сістэмаўтваральнай роляй культуры — істотным кампанентам асэнсавання гісторыі. Гісторыя культуры з гістарыясофскім ухілам, якая яскрава выяўляе сучасныя навуковыя тэндэнцыі ў культуралогіі, пададзена ў кнізе філосафа, культуролага, гістарыёсафа, акадэміка Міраслава Паповіча . Як даследчык Паповіч арыентаваны на дасягненні сучаснай еўрапейскай навукі. Манаграфія «Нарис історії культури України»[18] заслугоўвае асаблівай увагі.

Кніга ўяўляе сабой нарыс гісторыі культуры Украіны, у якім галоўныя падзеі ўкраінскай гісторыі трактуюцца надзвычай карэктна і неартадаксальна. Глыбіню і энцыклапе дычнасць манаграфіі аўтар спалучае з лёгкасцю і займальнасцю падарожжа ў гісторыю культуры Ўкраіны, з вытанчаным стылем выкладу гістарычнага матэрыялу.

Прыхільнік антрапалагічнай канцэпцыі культуры, Паповіч трактуе культуру як комплекс характэрных матэрыяльных і духоўных дасягненняў грамадства, які ўлучае ў сябе не толькі розныя мастацтвы, літаратуру і філасофію, але і лад жыцця, сістэму каштоўнасцяў, традыцый і вераванняў. Таму ў манаграфіі паказана развіццё не проста разнастайных «галін культуры», але і інтэлектуальных працэсаў, грамадскіх (прававых і адукацыйных) інстытутаў. Варта адзначыць, што стрыжань арганізацыі матэрыялу — не гістарычна-падзейны, а светапоглядны. Уласна ўкраінская культурная гісторыя ў выкладзе Паповіча на кожным сваім этапе паказана ў сусветным ідэйна-культурным кантэксце.

Адмовіўшыся ад агульнапрызнанай дэфініцыі нацыі, аўтар пашырае гэтае паняцце, адкідваючы тэзіс пра ўкраінскую мову як неабходную прыкмету ўкраінскай культуры (а значыць, і трактоўку ўкраінскай культуры як перш за ўсё ўкраінамоўнай культуры этнічных украінцаў). Паповіч лічыць, што «для курса гісторыі культуры дастаткова канстатаваць, што пэўная супольнасць — можа, не такая знітаваная, можа, занадта крохкая, але супольнасць — існавала, а ў рамках яе жыла культура»[19].

Вырашаць пытанне, што з’яўляецца арганічным, а што не арганічным для ўкраінскай культуры, аўтар пакідае гісторыі, разглядаючы, па магчымасці, у цэласнасці ўсё тое, што належыць да культурнага фонду ўкраінскага народа. «Украіна — гэта заўсёды нешта большае, чым выключна ўкраінамоўная або ўкраінская па тэматыцы і сюжэту культура…»[20].

Прафесар Наталля Якавенка — яскравая прадстаўн іца новай украінскай гістарыяграфіі. Ёй належыць фундаментальнае даследаванне «Нарис історії України з найдавніших часів до кінця XVIII століття»[21], якому папярэднічае эсэ метадалагічна-тэарэтычнага зместу. У ім дэкларуецца прыхільнасць да ідэяў сучаснай еўрапейскай гістарыясофіі (М.Блок, Ф.Брадэль, сучасныя польскія гісторыкі Оскар Халецкі, Ена Сюч, Ежы Клачоўскі). Таксама, на наш погляд, прасочваецца ўплыў найноўшай расійскай тэарэтычна-метадалагічнай школы, перш за ўсё, блізкасць да пазіцый аднаго з найбуйнейшых яе прадстаўнікоў А.Гурэвіча.

Свае пазіцыі аўтар падкрэслівае, ідучы ад супрацьлеглага, папярэджваючы чытача, чаго ён не знойдзе ў яе кнізе: «Па-першае, гатовага адказу на ўсе пытанні: асабліва ў галінах, дзе пакуль няма распрацовак патрэбнага ўзроўню. Па-другое, ідэалізаванага набору гераічна-пат рыятычных прыкладаў: выхаваўчай мэце павінна служыць адпаведная папулярная літаратура, тым часам як абавязак навукі — не адварочвацца ад свайго адбітку ў люстэрку, нават калі яно не цешыць. Па-трэцяе, — спачування ультрапатрыятычным гіпотэзам з дылетанцкім адценнем, якога б вузла праблем яны не тычыліся — этнагенэзу, вытокаў пісьменнасці, дзяржаўных традыцый Запарожскай Сечы або яшчэ чаго-небудзь: такія рэчы маюць права на існаванне, але не ў навуцы, а побач з ёй — у спецыяльных друкаваных выданнях і з сваім колам прыхільнікаў»[22].

Метадалагічнае крэда Наталлі Якавенкі — антытэза пазітывізму класічнай украінскай гістарыяграфіі («народніцкаму» кірунку Грушэўскага і «дзяржаўнаму» кірунку Ліпінскага), а таксама савецка-марксісцкай гістарыяграфіі, якую яна лічыць своеасаблівай мадыфікацыяй апошніх. Яе даследаванні ў цэлым выкананы ў фарватары заходнееў рапейскай школы «Аналаў» і польскай гістарыяграфіі. Як даследчык яна ўпэўнена, што для таго каб рухацца наперад ад уяўленняў народніцкай традыцыі ХIХ ст. і гістматаўскіх пастулатаў, «трэба загаварыць мовай канца ХХ ст., мовай заходніх калег»[23].

Разам з тым, недастатковае крыніцазнаўчае даследаванне ўкраінскай гісторыі, на думку Якавенкі, робіць немагчымым дастаткова поўнае выкарыстанне метадаў гэтых вучоных. Сваю гісторыю Ўкраіны аўтар піша як «гісторыю чалавека ў грамадстве» і лічыць немагчымым у цяперашняй сітуацыі «змяніць сучаснае ўяўленне пра гісторыю Ўкраіны»[24]. Такая спроба, мяркуе яна, стане гіпатэтычна магчымай толькі пасля запаўнення тых лакун, якія да гэтага былі зусім не вывучаныя ці іх праблематыка ахутана застарэлымі, сфальсіфікаванымі або занадта «патрыятыч нымі» ўяўленнямі (паказальна, што да гэтых «лакун» належыць гісторыя вёскі і сялянства, гісторыя эканомікі і г.д.). Даследаванне грамадства, яго гісторыі не можа мець універсальных або папярэдне пастулаваных прынцыпаў. Бо сістэма, створаная «чалавечым матэрыялам», рэалізуе сябе праз канкрэтныя — заўсёды розныя ў часе і прасторы — учынкі людзей». Таму вывучэнне ўсёй сістэмы павінна пачынацца на ўзроўні індывіда — мікрагрупы, сацыяльнай праслойкі, стану і г.д. На больш агульным узроўні — гэта адмова ад звыклых ацэнак-вобразаў «суседзяў-захопнікаў», «падступных езуітаў» або «сваіх запраданцаў». Аўтар тлумачць шэраг крызісных перыядаў гісторыі Ўкраіны скрозь прызму глыбінных перамен у сістэме стэрэатыпных каштоўнасцяў.

Кірунак руху сучаснай гістарычнай украінскай навукі Наталля Якавенка бачыць у збліжэнні і дыскусіі з заходняй навукай. Найлепшым партнёрам тут, на думку аўтара, можа выступіць Польшча, вучоным якой цікава на аналагічным навуковым узроўні — у манаграфіях, кнігах, даследаваннях — «капаць» агульную гісторыю. Тут, несумненна, варта пагадзіцца, што менавіта ў сумеснай дыскусіі, у атмасферы ўзаемапавагі і добразычлівасці ёсць усе ўмовы для нараджэння ісціны.

Ідучы ад тэорыі да практыкі, Наталля Якавенка разам з Яраславам Грыцаком прыняла ўдзел у пачатым дзесяць гадоў таму Польскім навукова-даследчым інстытутам Цэнтральна-Ўсходняй Еўропы праекце, які прадугледжваў напісанне нацыянальных гісторый чатырох краін, што ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай, з максімальна аб’ектыўнага і палітычна карэктнага пункту погляду. З гэтай мэтай украінскія, беларускія, літоўскія і польскія гісторыкі ў пошуках кампрамісаў праводзілі рэгулярныя сустрэчы і кансультацыі, абмяркоўваючы самыя важныя моманты агульнай гісторыі, знаходзячы як мага больш аб’ектыўныя інтэрпрэтацыі і ўзаемапрымальныя фармулёўкі. Вынікам гэтай працы стала публікацыя першых чатырох кніг 9-томавай гісторыі чатырох усходнееўрапейскіх краін — Польшчы, Літвы, Беларусі і Ўкраіны — найноўшай гісторыі Польшчы Ганны Дылянговай і Ежы Клачоўскага і двух вядучых украінскіх гісторыкаў — Наталлі Якавенкі і Яраслава Грыцака[25].

***

Сярод украінскіх гісторыкаў існуе ходкае меркаванне, што ў бальшыні ўкраінскія даследчыкі пісалі гісторыю «страчаных магчымасцяў». Уладзімір Віннічэнка пасля прачытання чарговага фрагмента «Історії Україны-Руси» Грушэўскага запісаў у сваім дзённіку: «Чытаць украінскую гісторыю трэба з бромам, — да такой ступені балюча, прыкра, горка, сумна перачытваць, як няшчасная… нацыя толькі тое і рабіла за ўвесь час свайго дзяржаўнага (або дакладней: паўдзяржаўнага) існавання, як адбівалася на ўсе бакі: ад палякаў, рускіх, татараў, шведаў. Уся гісторыя — шэраг… паўстанняў, войнаў, пажарышчаў, голаду, набегаў, вайсковых пераваротаў, інтрыг… Не, украінскую гісторыю (чытаць) без брома, без валяр’янкі або добрай дозы філасофскага папярэджання нельга»[26].

У адрозненне ад такой пазіцыі Якавенка і Грыцак у сваіх працах сцвярджаюць прынцыповую нармальнасць украінскай гісторыі.

Яраслаў Грыцак — доктар гістарычных навук, аўтар манаграфій і шматлікіх артыкулаў, прысвечаных узнікненню і развіццю канцэпцый украінскай дзяржаўнасці ў канцы ХIХ—ХХ ст., аўтар палітычнай біяграфіі Івана Франка і манаграфіі, прысвечанай гісторыі фармавання сучаснай украінскай нацыі. З 1992 г. працуе дырэктарам Інстытута гістарычных даследаванняў пры Львоўскім дзяржаўным універсітэце, чытае лекцыі ў Мічыганскім, Калумбійскім універсітэтах (ЗША) і ў Цэнтральна-Еўрапейскім універсітэце ў Будапешце.

У працы «Нарис історії України: формування модерної україньскоі нації ХIХ—ХХ ст.» Грыцак супастаўляе ўкраінскі гістарычны матэрыял з найноўшымі тэорыямі еўрапейскіх і амерыканскіх вучоных, аналізуе таксама праблему сучаснай украінскай нацыі. У кнізе Грыцака асвятляецца не проста гісторыя нацыянальнага руху з 1772 (першага падзелу Польшчы) да 1996 г., але і асноўныя праблемы найноўшай украінскай гісторыі, даецца новая трактоўка яе фактаў і падзей. Паводле яго меркавання, «Украіна 1991» не ўпісалася ў структурныя схемы, якія лічылі стварэнне нацый і нацыянальных ідэнтычнасцяў вынікам вялікіх сацыяльна-эканамічных зменаў, пазначаных у еўрапейскай літаратуры паняццем «мадэрнізацыя». Калі пагадзіцца з пастулатам гэтых тэорый, то ўкраінцаў у канцы ХХ ст. зусім не павінна было б быць, паколькі па большасці паказчыкаў украінцы сваю мадэрнізацыю прайгралі. І, як піша на гэты конт Арэст Субтэльны, «ва Ўкраіне мадэрнае было неўкраінскім і ўкраінскае было не мадэрным…»[27].

Гісторык В.Скуратоўскі адзначае, что ва Ўкраіне нацыянальнае станаўленне пачыналася ў ХVIII ст. з «гістарыяграфічнай, філалагічнай, этнолага-этнаграфічнай мабілізацыі ўсіх знакавых рэсурсаў… этнасу…»[28]. Сучасны ўкраінскі нацыянальны рух фармаваўся таксама ў значнай ступені пад штандарам абароны ўкраінскай мовы, якая была ўзнята пад час гэтай барацьбы да статусу найважнейшай прыкметы ўкраінскай нацыі. Таму ў масавай свядомасці бытуе атаясамленне ўкраінцаў з тымі, хто гаворыць на ўкраінскай мове. Але відавочна, што сучасны «ўкраінскі праект» — вынік узаемадзеяння розных ідэалогій і палітычных рухаў (як ні парадаксальна, у тым ліку і прынцыповых праціўнікаў украінскай самастойнасці). Сучасная Ўкраіна не з’яўляецца стварэннем выключна нацыянальна свядомай інтэлігенцыі або вынікам дзеяння толькі ўкраінскіх масаў[29].

Таму Яраслаў Грыцак ставіць пытанне пра сучасную ўкраінскую нацыю як палітычную структуру, хоць і не адмаўляе ролі этнакультурнага і моўнага фактараў. Украінская гісторыя ведае прыклады, якія дазваляюць выключыць этнічны характар украінскай нацыі або атаясамліваць яе з дзяржавай. Грыцак схіляецца да таго, што няма і не можа быць нейкага набору пэўных характарыстык, якія з’яўляюцца вызначальнымі для існавання нацыі. Спасылаючыся на вядомую сарбонскую (1882) лекцыю французскага гісторыка Э.Рэнана «Што такое нацыя?», Грыцак адзіным такім «адчувальным» фактарам называе «згоду і жаданне жыць агульным жыццём». Вызначальным для нацыі з’яўляецца не набор пэўных прыкмет, а суб’ектыўнае адчуванне членаў нацыі сваёй прыналежнасці да адной супольнасці… Сутнасцю нацыі з’яўляецца адчуванне самаўсведамлення. Яна можа страціць або змяніць свае вонкавыя прыкметы, не губляючы пры гэтым адчування жыццёвай унікальнасці таго, што робіць яе нацыяй»[30].

У пытаннях пра сучасныя нацыі аўтар абапіраецца на сучасныя англамоўныя даследаванні, часта яшчэ не выдадзеныя — машынапісныя і дысертацыйныя. У гэтых адносінах праца, паказваючы найноўшыя дасягненні заходняй гістарыяграфіі на тэму Ўкраіны, выконвае важную ролю пасярэдніка паміж дзвюма навуковымі культурамі. Разам з тым, апошнія дасягненні ў распрацоўцы тэорыі нацыягенэзу, або шырэй — этнагенэзу, у тым ліку і расійскіх, і ўкраінскіх вучоных (Ю.Брамлей, В.Генінг і інш.) выкарыстаны Грыцаком недастаткова[31]. Гэтыя недахопы не змяншаюць значэння працы Грыцака; яго манаграфія, несумненна, — адна з значных з’яваў ва ўкраінскай гістарыяг рафіі апошніх дзесяці гадоў.

Пытанне пра сучасны стан гістарычных даследаванняў ва Ўкраіне, як і праблема далейшых шляхоў іх развіцця, абмяркоўваецца на старонках навуковых перыядычных выданняў і навукова-публіцыстычнай прэсы. У прыватнасці, ва «Ўкраінскім гуманітарным аглядзе», які рэдагуе Якавенка, пад крытычным поглядам апынулася новая літаратура апошніх двух гадоў. У часопісе, мэта якога — зрабіць нормай навуковага жыцця прафесійнае публічнае абмеркаванне прац па гісторыі, на высокім узроўні вядзецца навуковая дыскусія па самых розных аспектах гісторыі Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. На дыялог і дыскусію зарыентаваны таксама такія выданні, як «Генеза», украінскі культуралагічны альманах «Хроніка 2000», «Дух і літера», «Київска старовина».

На старонках часопіса «Дух і літера», які выдае цэнтр Еўрапейскіх даследаванняў пры Кіева-Магілянскай Акадэміі, змяшчаюцца філасофскія, культуралагічныя і рэлігіязнаўчыя даследаванні ўкраінскіх вучоных, а таксама пераклады папулярных прац заходніх культуролагаў. Адно з апошніх выданняў часопіса — «Энциклопедия політичної думкі» (пад рэдакцыяй Дэвіда Мілера, Киеў, 2000). Спецвыпускі «Генезы» — «Філософські студії» — працягваюць гістарыясофскі кірунак «Генезы». Матэрыялы пасяджэнняў гістарычнай секцыі, якая адбылася ў рамках канферэнцыі (22—23 лістапада 2000 г.) «Гуманітарныя веды на парозе ХХI ст.», будуць апублікаваны ў адным з найбліжэйшых нумароў «Беларускага гістарычнага агляду».

Яскравым, крытычным і адкрытым асвятленнем палітычных і культурных падзей грамадскага жыцця адрозніваецца і штомесячнік «Крытыка», які прапануе чытачу і вучоным-даследчыкам ідэі і спосаб бачання, што прынцыпова адрозніваецца ад канонаў савецкай украінскай гуманістыкі. Дастаткова прыгадаць у гэтай сувязі дыскусію на старонках часопіса, выкліканую аглядам Аляксея Талочкі «The Good, the Bad and the Ugly»[32]. Яна адлюстравала стан не толькі гістарычнай дысцыпліны, але і шмат якіх іншых сфераў гуманістыкі. Талочка ўзняў пытанне наконт правамоцнасці картаграфічнага размяшчэння гісторыі Ўкраіны паміж Усходам і Захадам, нацыянальнай ідэнтычнасці, заснаванай на такой лакалізацыі, наконт самой магчымасці гісторыі, пабудаванай на наратыўным даследаванні. Яго пазіцыя постмадэрнізму ў гістарычным даследаванні, прыхільнікамі якога цяпер з’яўляюцца многія аўтары-пачаткоўцы, тычыцца непасрэдна і прац, пра якія ідзе гаворка і ў нашым нарысе (перш за ўсё Якавенка). Палеміка, у якую адразу ўвайшлі Якавенка, Грыцак, Галенка, закранула надзённыя праблемы ўкраінскай гістарыяграфіі, у тым ліку пераасэнсавання ўкраінскай ідэнтычнасці[33]. Талочка вызначае сучасную даследчыцкую сітуацыю як «дзвюхвер’е», уласцівае гісторыкам, якія страцілі тэарэтычную недатыкальнасць, паспытаўшы ад дрэва постмадэрністычнай мудрасці. «Калі нас пытаюцца пра метадалогію, мы расказваем урок, вычытаны ў Дэрыды і Фуко; сеўшы за пісьмовы стол, адчуваем, што «намі» піша дух пазітывізму ХIХ стагоддзя, утрымліваючы ад метадалагічнага вар’яцтва»[34]. Аўтар засцерагае ад выкарыстання мадэрнага і постмадэр нага гістарычнага інструментарыя, які правамоцны ў рамках сучаснай гістарычнай парадыгмы пры дэманстраванні старых канцэптуальных схемаў, але не падыходзіць для стварэння схемаў новых.

Несумненна, такая дыскусія карысная для далейшага развіцця абраных кожным з аўтараў метадалагічных шляхоў. Больш за тое, Якавенка адзначыла, што «скрупулёзны аналіз калегі акрэсліў ёй падсвядомую задуму ўласнай кнігі: стварыць гісторыю станаўлення ўкраінскай ідэнтычнасці»[35].

Цікавасць да гісторыі з боку ўкраінскай грамадскасці, якая заўважна павысілася ў апошняе дзесяцігоддзе, актуалізавала для прафесіяналаў-гісторыкаў пытанне пра сацыяльную ролю гістарычнай навукі, а для гісторыкаў Украіны — пра ролю гісторыі ў працэсе фармавання сучаснай нацыі. Адзін з сучасных тэарэтыкаў даследавання нацыяналізму сказаў, што «нацыянальныя гісторыкі маюць такія ж адносіны да стваральнікаў нацыі, як і сяляне, якія вырошчваюць мак, да гандляроў опіумам: у абодвух выпадках першыя даюць другім сыравіну»[36]. На думку Грыцака, адной з сацыяльных функцый гісторыі застаецца фармаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, роля якой асабліва істотная ва ўсходнеславянскім рэгіёне, дзе многія народы, у тым ліку і ва Ўкраіне, не мелі сваёй дзяржаўнасці. «Гісторыя павінна даць чалавеку ўяўленне пра той спосаб, якім ён звязаны з сваім грамадствам і яго мінулым, і якія магчымыя наступствы адсюль вынікаюць»[37]. Без усведамлення гэтага, лічыць Грыцак, немагчымы шлях як да стварэння нацыі, так і да дэмакратычнага грамадства, што ўзаемазвя зана і ўзаемаабумоўлена ў сучасных умовах. У гэтай сувязі ў навуковай літаратуры і гістарычнай публіцыстыцы ўкраінскімі гісторыкамі шырока абмяркоўваецца праблема гістарычнага нацыянальнага міфа. На гэты конт нямецкі палітолаг і гісторык Гергард Сіман, адзін з аўтарытэтных даследчыкаў гісторыі Ўсходняй Еўропы, адзначае, што «шлях да дэмакратыі праз стварэнне нацыі, несумненна, не зусім бяспечны, але іншых шляхоў папросту няма»[38].

На еўрапейскім Захадзе «этнас» рабіўся самастойнай палітычнай катэгорыяй — нацыяй — у канцы XVIII—XIX ст. Пасля Вялікай Французскай рэвалюцыі галоўным фактарам, які кансалідаваў народ, стаў прынцып нацыяналь най пабудовы еўрапейскіх дзяржаў (кожнай нацыі — свая дзяржава). І калі ў Англіі, Францыі, Іспаніі гэты прынцып перамог, то на ўсход ад Рэйна сітуацыя не адпавядала гэтаму патрабаванню часу. Гэта адбілася і ў нацыянальнай міфалогіі: нацыянальныя ідэі дзяржаўных і недзяржаўных нацый адрозніваліся. Паводле словаў І.Гірыча, «пангерманізм Прусіі адрознівалі такія самыя рысы экспансіянізму і нецярпімасці, як і славянафільства дзяржаўных нацый палякаў і расіян. У той час як чэшская, славацкая, харвацкая, украінская, беларуская ідэі як варыяцыі славянафільства мелі больш талерантны характар, больш узважаныя адносіны да іншых нацый, што жылі на іх тэрыторыі. Кожная нацыянальная варыяцыя міфа, якая клалася ў аснову адпаведнай нацыянальнай ідэі, мела свае пэўныя адрозненні і асаблівасці»[39].

Сучасная нацыянальная міфалогія, паводле вызначэння культуролага А.Грыцэнкі, з’яўляецца нечым блізкім да «грамадзянскай рэлігіі»[40]. Міфы не толькі ўплываюць на ідэалогію, але і інтэграваны ў яе і часам асаясамліваюцца з ёю. Апрача таго ў міфе заўсёды абсалютызуецца дабро, гераізуюцца і дэманізуюцца тыя або іншыя гістарычныя асобы, ствараюцца ўяўленні пра варожы лагер як носьбіт абсалютнага зла, ідэалізуюцца з’явы, да якіх імкнецца грамадства. Усе гэтыя асаблівасці міфа паспяхова выкарыстоўва юцца палітыкамі, якія ствараюць нацыянальны міф і ўкараняюць яго ў масавую свядомасць. Зразумела, гістарычны міф не мае нічога агульнага з акадэмічнай навукай. Але, прызнаючы за гісторыяй пэўныя выхаваўчыя функцыі, частка гісторыкаў прызнае і «права на існаванне» нацыянальнага міфа ва ўмовах фармавання сучаснай украінскай нацыі і дзяржаўнасці. Да прыхільнікаў такога меркавання належыць і Грыцак, які лічыць, што наяўнасць нацыянальных міфаў (як і спосабаў іх пераасэнсавання) — неабходны спадарожнік на шляху фармавання нацыі[41]. Неабходна пагадзіцца, што ні адзін народ свету на шляху свайго ператварэння ў нацыю не пазбегнуў «самаміфалагізацыі». «Гістарычная масавая свядомасць фармуецца праз уласныя каналы — сямейныя ўспаміны, сродкі масавай інфармацыі, папулярныя выданні — г. зн. праз тыя спосабы, на якія акадэмічная гісторыя не мае вырашальнага ўплыву»[42]. Гэтая сфера міфалагізаваная ў найбольшай ступені.

Зусім відавочная сувязь нацыянальнага міфа з нацыянальнай ідэяй, нараджэнне якой звязана з старой украінскай гістарыяграфіяй. Упершыню выказаная лідэрамі Кірыла-мяфодзеўскага брацтва Т.Шаўчэнкам, М.Кастамаравым і П.Кулішом у 40-я г. ХIХ ст., яна ўключала таксама шэраг нацыянальных міфаў, якія ўзыходзілі яшчэ да вядомай ананімнай «Гісторыі Русаў». У яе аснове былі гістарычныя аргументы, якія давалі навуковыя абгрунтаванні для палітычнага супрацьпастаўлення двум галоўным прэтэндэнтам на авалоданне ўкраінскай тэрыторыяй: Польшчы і Расіі.

Гірыч, аналізуючы праблему, супярэчнасці нацыяналь нага міфа гістарычнай праўдзе, адзначае: «Польская гістарыяграфія гаварыла пра існаванне «гістарычнай Польшчы», пра сацыяльны мір паміж украінцамі і палякамі ў мінулым, пра цывілізатарскую місію польскай шляхты; расійская абапіралася на думку пра адзіны «рускі праваслаўны народ» ад Карпатаў да Камчаткі, пра тысячагадовую гісторыю ўкраінцаў і расіян, пра адзіную мову, «сапсаваную» толькі ў XIV—XVII ст. пад час польскага панавання»[43].

Сутнасцю ўкраінскай ідэі было абвяржэнне двух супрацьдзейных пастулатаў украінскай гісторыі, што сфармаваліся ў польскай і расійскай гістарыяграфіях, у адрозненне ад якіх падкрэслівалася самабытнасць і самастойнасць культуры, мовы, гісторыі народа. Сама назва «Ўкраіна» павінна была засведчыць этнічнае адрозненне ад расіян, хоць гістарычна ўкраінцы ў IX—XVIII ст. саманазываліся русічамі, русінамі, рускімі.

Адзначым: у сярэдзіне — канцы ХIХ ст. украінскія гісторыкі, у адказ на ціск пецярбургскай палітычнай эліты, лічылі ўкраінскім народам перш за ўсё просты народ. Эліта ў большасці была носьбітам польскай або расійскай нацыянальных культур. Такім чынам, ва Ўкраіне, побач з культам усяго нацыянальнага, сцвердзіўся і стаў часткай нацыянальнай ідэі тэзіс пра «бяскласавасць» украінскага грамадства. У выніку гэтае міфалагізаванае ўяўленне знайшло адбітак у вядомым супастаўленні В.Антановіча[44] ўкраінцаў з іх найбліжэйшымі суседзямі, згодна з якім палякам уласцівы прыроджаны арыстакратычны, расіянам — аўтакратычны, а ўкраінцам — дэмакратычны дух.

Украінская гістарыяграфія, якой яна склалася на пачатак ХХ ст., была заснавана на культурна-этнічнай схеме, што зводзіла ўкраінства да этнічных (у першую чаргу моўных) адрозненняў, і лічыла абарону гэтых адрозненняў найвышэйшай мэтай украінскага руху. Канцэпцыя Грушэўскага доўга заставалася найбольш уплывовай для наступных пакаленняў нацыянальных гісторыкаў, у тым ліку і сучасных. Як гісторык-пазітывіст з ухілам у сацыялогію, Грушэўскі аб’ектам гістарычнага даследавання лічыў народ, вырашальнымі фактарамі — тэрыторыю і этнас.

У канцы 90-х г. ХХ ст. узнавілася дыскусія па асноўных палажэннях канцэпцыі Грушэўскага, пачатая яшчэ Іванам Франко[45]. Дыскусія закранула ў першую чаргу тэрытарыяльнае бачанне Ўкраіны (каго лічыць «украінцамі»: прадстаўнікоў украінскага этнасу або прадстаўнікоў усіх этнічных груп, якія жылі на тэрыторыі Ўкраіны). Пад сумненне падпаў таксама фундаментальны тэзіс Грушэўскага аб народзе як адзіным героі гісторыі.

У 1920—80-я г. украінская гістарыяграфія паступова развівалася ў эміграцыі, у месцах кампактнага рассялення ўкраінцаў у Польшчы, Чэхіі, Нямеччыне, Аўстрыі, Францыі, а пасля Другой сусветнай вайны — у ЗША і Канадзе. На працягу 1920—60-х г. узнікалі навукова-даследчыя інстытуты ў Празе, Варшаве, Берліне, Парыжы, а з цягам часу ў Нью-Ёрку, Эдмантане і іншых гарадах. У бальшыні гэта паслядоўнікі народніцкага кірунку Грушэўскага або дзяржаўнай школы Ліпінскага.

Як уяўляецца, некаторыя іх погляды фармаваліся на аснове палітычных брашур Грушэўскага, які ўвёў у навуковы зварот некалькі міфаў, зыходзячы з прапагандысцкіх задач будаўніка нацыянальнай дзяржавы. Напрыклад, толькі ў палітычных брашурах Грушэўскі прыраўняў паняцці «анты» і «ўкраінскія плямёны», і ніколі не пісаў пра гэта ў «Історії Україны-Руси».

Фармулёўкі папулярных выданняў Грушэўскага, якія падтрымліваюць міф пра славянства (трыпольцы — таксама даўнія ўкраінцы), перайшлі нават у сур’ёзныя даследаванні дыяспары (А.Аглоблін, І.Лісяк-Рудніцкі, Н.Палонская -Васіленка).

Такім чынам, прысутнасць нацыянальнага міфа ў сучаснай гісторыі Ўкраіны — аб’ектыўная рэальнасць, паняцце «міф» шырока выкарыстоўваецца, і не толькі ў гістарычнай публіцыстыцы — яно стала прадметам спецыяльных даследаванняў[46].

Даследчая сітуацыя ва Ўкраіне характарызуецца абвостранай увагай да пытанняў метадалогіі, сярод якіх на першы план выступае праблема ўплыву суб’ектыўнага і аб’ектыўнага фактараў у даследаванні, альтэрнатыўнасці гісторыі, ролі асобы даследчыка, праблема пазнавальнасці гісторыі. Меркаванні разыходзяцца ад выяўленняў крайняга рэлятывізму да рацыяналізму з прызнаннем адноснасці ведаў у духу «адноснай і абсалютнай ісціны». Паказальнай з’яўляецца цікавасць да новых сюжэтаў, прысвечаных гістарычным біяграфіям, гісторыі палітычных элітаў ва Ўкраіне (Аляксей Талочка, Наталля Якавенка).

Яраслаў Грыцак, далучаючыся да свайго амерыканскага калегі Дэвіса, сцвярджае, што «добрыя гісторыкі павінны прызнавацца ў сваёй абмежаванасці. Найгоршымі гісторыкамі з’яўляюцца тыя, якія лічаць сябе свабоднымі ад якіх-небудзь перадузятых перакананняў»[47].

Зусім пераканальнай уяўляецца пазіцыя Грыцака і Якавенкі, што не вераць у магчымасць існавання якой-небудзь адзіна правільнай украінскай гісторыі, гэтак як і не вераць у магчымасць так званай аб’ектыўнай гісторыі. Не адвяргаючы неабходнасці імкнуцца быць максімальна аб’ектыўным у напісанні гісторыі, Грыцак лічыць, што празмерныя спробы «аб’ектывізаваць» гісторыю вядуць да яе абязлічвання і страты грамадскай цікавасці да яе. «Працы гісторыка павінны несці на сабе адбітак асобы аўтара, з яго моцнымі і слабымі бакамі… Галоўнае, каб гісторык дакладна ўсведамляў сваю мэту, якую ён ставіць пры напісанні або выкладанні гісторыі»[48].

Варта сказаць, што Якавенка стаіць на крайне рэлятывісцкіх пазіцыях у пытанні пра пазнавальнасць гісторыі. Неаднаразова паказвае на тое, што гісторык мае справу не з прадметам, які існуе фізічна, а з «канструктам ўласнага ўяўлення», лічыць, што пераадолець суб’ектыўную сутнасць гістарычнага пазнання можна толькі праз тлумачэнні логікі дзеянняў людзей мінулага і фактараў, якія іх абумовілі[49].

Разважаючы пра стан сучаснай украінскай навукі, нельга не абазначыць яе найбольш слабыя бакі. Сучасныя гісторыкі стаяць адной нагой на платформе старых канцэпцый, карыстаюцца старой тэрміналогіяй, але ў ацэнках падзей мяняюць «плюс» на «мінус». Ідзе засваенне новага факталагічнага матэрыялу, але тэарэтычныя палажэнні застаюцца няпэўнымі.

Варта таксама адзначыць катастрафічны недахоп спецыялістаў неўкраінскай гісторыі. Адзіная «замежная гісторыя», якая крыху развіваецца — гэта гісторыя Расіі. Галоўны рэдактар «Крытыкі» амерыканскі вучоны-славіст Рыгор Грабовіч характарызуе стан навукова-даследчага комплексу як калапс: «Інстытуты на месцах, Акадэмія Навук, як і Міністэрства адукацыі — усё гэта прадукты савецка-сталінскай сістэмы, якія паспяхова перажылі распад імперыі, іх саступкі новай рэальнасці… звяліся да пераменаў назваў…»[50].

Апрача таго, уплывае і такая спадчына савецкай сістэмы, як штучная ізаляванасць ад еўрапейскай навукі, няведанне замежных моваў, комплекс «правінцыйнасці». Таму ў нацыянальнай гісторыі вельмі часта гутарка ідзе не столькі пра распрацоўку новых інтэрпрэтацый, колькі пра элементарнае вызначэнне абгрунтаваных фактаў. У сувязі з гэтым узрастае роля археаграфічных даследаванняў.

Тым значней і яскравей на гэтым фоне вымалёўва юцца няхай яшчэ нешматлікія, але фундаментальныя даследаванні, якія ўвасабляюць новае разуменне гістарычна га працэсу, новае прачытанне ўкраінскай гісторыі. Гэтым працам і прысвечаны наш артыкул. Яны ілюструюць шэраг «прарываў» да сучаснай гістарыяграфіі і метадалогіі гісторыі і з’яўляюцца сведчаннем дынамічнага развіцця сучаснай украінскай гістарыяграфіі і гістарыясофіі.


[1] Грицак Я. Нарис історії України: формування модерної українськоі нації ХIХ—ХХ ст. Київ, 1996. C.7.
[2] Hagen M. Does Ukraine Have a History? // Slavic Review. Vol. 54. 1995. №3. P.670.
[3] Брайчевський М. Вступ до історичної науки. Київ,1995; і спецыяльныя раздзелы ў яго ж манаграфіі «Походженне Русі» (Київ,1968) Павленко Ю. Історія світової цивілізації. Київ, 1996; Попович М. Нарис історії культури України. Київ, 1999; Яковенко Н. Нарис історії Україні з найдавніших часів до кінця ХVIII століття. Київ, 1997.
[4] Брайчевський М. Вибрані твори. Київ, 1999.
[5] Брайчевський М. Вступ до історичної науки. С.158
[6] Брайчевський М. Конспект історії України. Київ, 1993.
[7] Тамсама. С.39.
[8] Тамсама. С.40.
[9] Тамсама. С.162.
[10] Тамсама. С.162.
[11] Тамсама. С.5.
[12] Павленко Ю. Історія світової цивілізації. Київ, 1996; Пахомов Ю., Крымский С., Павленко Ю. Пути и перепутья современной цивилизации. Киев, 1999.
[13] Павленко Ю. Передісторія давніх русів в світовому контексті. Київ, 1994, С.3
[14] Павленко Ю., Храмов. Ю. Украінька державність в 1917—1919 рр. (історико-генетичний аналіз). Київ, 1995.
[15] Пригожин Н., Стенгерс И. Порядок из хаоса. Новый диалог человека с природой. Москва,1986. С.163.
[16] Павленко Ю. Історія світової цивілізації. С.12.
[17] Тамсама. С.13.
[18] Попович М. Нарис історії культури України. Київ, 1999.
[19] Тамсама. С.723.
[20] Тамсама. С.5.
[21] Яковенко Н. Нарис історії Україні з найдавніших часів до кінця ХVIII століття. Київ, 1997.
[22] Тамсама. С.3.
[23] Яковенко Н. Щоб рухатися вперед требо заговорити мовою ХХ століття // День. 2000. № 9.
[24] Тамсама.
[25] Dylągowa H. Historia Polski 1795—1990. Lublin, 2000; Jakоwenko N. Historia Ukrainy do końca ХVIII w. Lublin, 2000; Hrycak J. Historia Ukrainy 1772—1999. Lublin, 2000; Kłoczowski J. Historia Polski do końca ХV w. Lublin, 2000.
[26] Винниченко В. Щоденник // Київ.1990. №9. С.122.
[27] Субтельний О. Україна: історія. Київ, 1993. С.5.
[28] Скуратівский В. До генези міфологічних утворень // Дух і літера. №3—4. С.70.
[29] Грицак Я. Як викладати історію України після 1991 року? // Українська історична дидактика. Київ, 2000. С.71.
[30] Грицак Я. Нарис історії України: формування модерної українськоі нації ХIХ—ХХ ст. Київ, 1996. С. 11.
[31] Химка І. Дві історії України // Критика. 1998. №7—8; Бромлей Ю. Очерки теории этноса. Москва, 1973; Генинг В. Этнический процесс в первобытности. Свердловск, 1970.
[32] Толочко О. The Good, the Bad and the Ugly // Критика. 1998. №7—8.
[33] Яковенко Н. Забобон про забобоны // Критика. 1998. №11; Галенко О. Українці мiж карасями та пiраньями // Критика. 1998. №11; Грицак Я. Східна європа як інтелектуальна конструкція // Критика. 1998. №11.
[34] Толочко О. Свої своя не познаша // Критика.1998. №11.
[35] Яковенко Н. Забобон про забобоны // Критика.1998. №11.
[36] Грицак Я. Як викладати історію України після 1991 року? // Українська історична дидактика. Київ, 2000. С.71.
[37] Грицак Я. Нарис історії України: формування модерної українськоі нації ХIХ—ХХ ст. С.3.
[38] Simon G. Die Unabhängigkeit der Ukraine als Folge der Anti-Revolution in Osteuropa // Ukraine: Gegenwart und Geschichte eines neuen Staates. Baden-Baden, 1993. S.376.
[39] Гирич И. Чи суперечить національний міф історичній правді? // Українська історична дидактика. Київ, 2000. С.49.
[40] Гриценко О. „Своя мудрість”. Національні мифології та „громадянська релігія” в Україні. Київ,1999.
[41] Грицак Я. Як викладати історію України після 1991 року? // Українська історична дидактика. С.71.
[42] Тамcама. С.67.
[43] Гирич И. Чи суперечить національний міф історичній правді? С.50.
[44] Антонович В. Три національні типи народні // Старожитності. 1992. №3. С.11.
[45] Яковенко Н. Нарис історії Україні з найдавніших часів до кінця ХVIII століття. С.3.
[46] Скуратівский В. До генези міфологічних утворень // Дух і літера. 1998. № 3—4; Гриценко О. „Своя мудрість”. Національні мифології та „громадянська релігія” в Україні. Київ,1999; Гончаренко Н. Міфи в сучасних підручниках з историї України // Дух і літера. 1998. № 3—4; Яковенко Н. Кілька спостережень над модифікаціями україньского національного міфу в історіографії // Дух і літера. 1998. № 3—4; Мотиль О. Реконцептуалізація націй // Критика. 2000. №10 (36); Історична міфологія в сучасній українськії культурі. Київ, 1998; Герої та знаменітостї в українськії культурі. Київ, 1999 і інш.
[47] Davies N. Тhe Misuderstood Victory in Europe // New York Review of Books. 1998. May 11. P.10.
[48] Грицак Я Нарис історії України: формування модерної українськоі нації ХIХ—ХХ ст. C.5.
[49] Яковенко Н. Щоб рухатися вперед, требо заговорити мовою ХХ століття // День. 2000. №9.
[50] Грабович Г. Советізація української гуманістики // Критика. 1997. №2.

Наверх

Еўрапейскі падручнік па беларускай гісторыі (Лявон Баршчэўскі)

Снежня 17, 2001 |


* Handbuch der Geschichte Weißrußands / Herausgegeben von Dietrich Beyrau und Rainer Lindner. — Göttingen: Vandenhoeck & Ruprecht, 2001. 543 S.

Падручнік па гісторыі Беларусі на нямецкай мове такога аб’ёму і такой ступені распрацоўкі найважнейшых тэм беларускай гісторыі ад яе пачаткаў да 2000 г. убачыў свет упершыню. Парупіліся пра гэта ўкладальнікі і суаўтары кнігі, прафесар усходнееўрапейскай гісторыі Цюбінгенскага універсітэта Дытрых Байраў і навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі і сацыялогіі універсітэта ў Канстанцы доктар гісторыі Райнэр Лінднэр, ужо вядомы беларускім гісторыкам, найперш дзякуючы яго грунтоўнай манаграфіі „Гісторыкі і ўлада. Утварэнне нацыі і палітыка ў гістарычнай навуцы Беларусі ў ХIХ—ХХ ст.” (Мюнхен, 1999).

У анатацыі, змешчанай на вокладцы калектыўнай працы, укладальнікі пішуць: „Падручнік прапануе грунтоўны агляд сацыяльнай і культурнай гісторыі Беларусі ад Сярэднявечча да пачатку ХХI ст. У шматлікіх раздзелах, створаных нямецкімі і замежнымі аўтарамі, апрацаваныя вынікі даследаванняў апошніх дзесяцігоддзяў і пададзеная тая гістарычная інфармацыя і зробленыя тыя высновы, якія сёння знаходзяцца ў нашым распараджэнні”. Распачынаецца кніга „Прадмовай” і „Ўводзінамі”, напісанымі тымі ж прафесарам Байраў і доктарам Лінднэрам. У „Прадмове” яны, у прыватнасці, адзначаюць, што „з пашырэннем Еўрапейскага Саюза да ўсходняй мяжы Польшчы новы сусед, Беларусь, у большай ступені, чым гэта было раней, уваходзіць у свядомасць грамадстваў заходніх краін” (9). Ва „Ўводзінах” вядзецца гаворка пра тое, наколькі апраўданым з’яўляецца вывучэнне гісторыі той ці іншай краіны „ад пачаткаў да сучаснасці” ў святле таго, што пытанне пра „радавод” той або іншай сучаснай нацыі ці дзяржавы ўвогуле ўяўляецца спрэчным. Аўтары „Ўводзінаў” адзначаюць асаблівыя цяжкасці вывучэння беларускай гісторыі не толькі таму, што яе можна разглядаць і як рэгіянальную гісторыю, і як гісторыю ўласна-беларускай дзяржаўнасці, але і таму, што, каб асэнсаваць крыніцы па гісторыі Беларусі, „гісторыкі павінны ўмець чытаць па-царкоўнаславянску, старабеларуску (як мясцовай канцылярскай мове Вялікага Княства Літоўскага), на лаціне, на польскай, расійскай, беларускай, стараніжненямецкай мовах, а таксама на ідышы ды іўрыце”. Далей праф. Д.Байраў і д-р Р.Лінднэр абагульнена выказваюць свае меркаванні па наступных колах праблем: Беларусь як рэгіён, „малая айчына” і нацыянальная дзяржава; саслоўі і „шляхецкая нацыя на беларускіх тэрыторыях; ад саслоўна-этнічнай структуры да нацыянальнай дзяржавы; неадназначнасць нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў; Беларусь як рэгіён катастрофаў. Напрыканцы ўступнага раздзела даюцца ўводзіны ў гістарыяграфію Беларусі (найперш у заходнюю). Апроч таго, укладальнікі падручніка зазначаюць, што яго аўтары належаць да розных гістарыяграфічных і палітычных традыцый, таму ў ім было немагчыма пазбегнуць пэўнай разбежнасці ў поглядах.

Асноўны тэкст кнігі складаецца з трох раздзелаў: „Гістарыяграфія і геральдыка” (25—68), „Храналогія з Х да пачатку ХХI ст.” (69—198) і „Аспекты сацыяльнай і культурнай гісторыі” (199—490), а таксама „Дадатку”, у які ўваходзяць чорна-белыя карты-схемы да гісторыі Беларусі (491—498), храналагічная табліца (499—502), спіс прынятых скарачэнняў (503—504), выбраная бібліяграфія (505—516), паказальнік імёнаў (517—531), паказальнік геаграфіч ных назваў (532—539), нарэшце, падаюцца звесткі пра аўтараў працы (540—543).

Першы раздзел падручніка складаецца з даследаван няў: „Беларусь вачыма сваіх гісторыкаў” (Р.Лінднэр) і „Гербы і дзяржаўная сімволіка беларусаў: ад Сярэднявечча да нашага часу” (Дз.Сямушын). Падраздзел, напісаны Райнэрам Лінднэрам, фактычна ўяўляе сабою вельмі сціслы пераказ найважнейшых палажэнняў яго вышэйзгаданай працы 1999 г. па беларускай гістарыяграфіі. Аўтар разглядае тут такія праблемы, як „Нацыянальная гісторыя і заходнерусізм у Расійскай імперыі апошняга перыяду існавання” (з асаблівым акцэнтаваннем вядомых прац М.Вакара, А.Цвікевіча, М.Доўнара-Запольскага, Я.Карскага, У.Ігнатоўска га, В.Ластоўскага, А.Кіркора), „Нацыянальная гісторыя і савецкі патрыятызм: савецкія версіі гісторыі” (спасылкі на працы У.Пічэты, В.Шчарбакова, І.Трайніна, Ц.Гарбунова, 2-тамовую „Историю Белорусской ССР” 1954 года выдання і інш.), „Гістарычная культура постсавецкага часу: нацыянальная эйфарыя, ранейшыя падзелы” (між іншым, згадваюцца працы В.Сядова, М.Ермаловіча, А.Трубачова, В.Чаропкі, У.Конана, У.Арлова, А.Ростава, А.Грыцкевіча, Р.Гарэцкага і інш.).

Цікавым падаецца даследаванне беларускай гістарычнай сімволікі, зробленае дацэнтам Вышэйшай школы Бержэня (г.Сомбатхей, Венгрыя) Дзмітрыем Сямушыным. Асабліва грунтоўна ён разглядае гістарычныя карані герба „Пагоня” („Вершнік на гербе”, „Крыж на гербе”, „Распаўсю джанне і ўжыванне герба «Пагоня» з часоў Сярэднявеч ча”, „Нацыянальныя эмблемы пасля 1917 г.”, „Спрэчкі вакол дзяржаўнай сімволікі пасля 1991 года”). У гэтым падраздзеле ўтрымліваюцца спасылкі не толькі на добравядо мыя ў нас публікацыі геральдыста А.Цітова, дадзеныя Нацыянальнага архіва Беларусі, а і на кнігу В.Леанарда „Вялікая кніга мастацтва гербаў” (Leonard, W. Das große Buch der Wappenkunst), што выйшла ў Мюнхене ў 1976 г. Свае разважанні Дз.Сямушын заканчвае наступным чынам: „Неабходна заўважыць, што ініцыятывы прэзідэнта Лукашэнкі па змене дзяржаўнай сімволікі [маецца на ўвазе правядзенне рэферэндуму ў 1995 г. — Л.Б.] не былі добра прадуманымі. Ён сам аддаў у рукі сваім праціўнікам бела-чырвона-белы сцяг і герб „Пагоня” — сімвалы, якія маюць шматвекавую традыцыю ўжывання. Мора гэтых сцягоў пад час дэманстрацый, што адбываліся пачынаючы з 1996 г., засведчыла той факт, што на гэтым новым гістарычным этапе бела-чырвона-белы сцяг зрабіўся сімвалам змагання за дэмакратычны канстытуцыйны лад”. Акрамя таго, у падраздзеле змешчаная досыць багатая падборка ілюстрацый.

Другі раздзел кнігі, „Храналогія з Х да пачатку ХХI ст.”, пачынаецца з двух падраздзелаў: „Распад Кіеўскай Русі і Полацкае княства (IХ—ХII ст.)” і „Беларускія тэрыторыі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага (ХIII—ХVI ст.)”, аўтар якіх — вядомы беларускі гісторык — даследчык Сярэднявечча, загадчык кафедры БДУ Павел Лойка. Наступныя два падраздзелы, „Уваходжанне Вялікага Княства Літоўскага ў склад Рэчы Паспалітай: Беларусь у ХVI і ХVII ст.” і „Беларусь і агонія Рэчы Паспалітай (1648—1795 г.)”, напісаныя іншым вядомым беларускім гісторыкам Генадзем Сагановічам, а аўтарам падраздзела „Паўночна-заходнія правінцыі ў Расійскай імперыі (1795—1917 г.)” з’яўляецца доктар гістарычных навук Захар Шыбека. Погляды названых даследчыкаў на асаблівасці развіцця нашай гісторыі ў адпаведныя перыяды добра вядомыя і адлюстраваныя ў шматлікіх публікацыях, даступных нашаму чытачу, у т.л. масаваму, таму няма неабходнасці падрабязна спыняцца на змесце вышэйзгаданых падраздзелаў „Падручніка гісторыі Беларусі” [гл., напрыклад, напісаныя П.Лойкам адпаведныя раздзелы першага тома „Нарысаў гісторыі Беларусі" 1994 г. выдання або адпаведныя раздзелы „Нарыса гісторыі Беларусі (ад старажытнасці да 1795 г.)" Г.Сагановіча, а таксама працягу гэтай кнігі, напісанага З.Шыбекам]. Варта зазначыць толькі, што высновы аўтараў падмацава ныя вялікай колькасцю спасылак на самыя разнастайныя крыніцы, апублікаваныя ў розныя гады ў Беларусі, Польшчы, Расіі, Германіі, ЗША, Аўстрыі, Чэхіі, Францыі, Швейцарыі, Вялікай Брытаніі, Галандыі, Швецыі, Італіі.

Падраздзелы кнігі „Беларуская ССР у 1917—45 г.” і „Беларуская ССР у 1945—91 г.” напісаныя аўтарам дзвюх кніг па гісторыі Беларусі ХХ ст., прафесарам універсітэта правінцыі Альберта (Канада) Дэвідам Марплзам. Першы з названых падраздзелаў складаецца з невялікага ўступу і наступных частак: „Час рэвалюцыі і Беларуская Народная Рэспубліка”, „Заснаванне Беларускай ССР”, „Беларусіза цыя ў 1920-я г.”, „Калектывізацыя сельскай гаспадаркі”, „Індустрыялізацыя аграрнай Беларусі”, „Уключэнне ў склад БССР Заходняй Беларусі”, „Нямецкае ўварванне і акупацыя”. Высновы аўтара грунтуюцца найбольш на пункце погляду некаторых аўтараў другога тома „Нарысаў гісторыі Беларусі” (Мінск, 1995), „Эканамічнай гісторыі Беларусі” пад рэдакцыяй В.Галубовіча (Мінск, 1996), працах М.Вакара, Р.Платонава, Ю.Туронка, нямецкіх гісторыкаў Б.К’яры, Р.Лінднэра, успамінах С.Кабыша. Праф. Д.Марплз таксама робіць спробу абагульніць вывучаны матэрыял і даць уласныя ацэнкі ключавым падзеям жыцця Беларусі. Так, аналізуючы прычыны паразы Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918—20 г., ён зазначае, што ў варунках 1918 г. гэтая дзяржава не магла б праіснаваць нейкі працяглы час, бо беларуская эліта была малалікаю, не мела вялікага ўплыву на масы насельніцтва, у той час як увогуле гарады былі занадта слабыя (137). Разважаючы пра вынікі бальшавіцкіх рэпрэсій 30-х г., аўтар падраздзела прыходзіць да высновы, што ў выніку гэтых падзей „датыхчасовае культурнае развіццё БССР, у т.л. развіццё беларускай мовы, былі зведзеныя на нішто” (142). Падсумоўваючы вынікі даваеннай калектывізацыі 20-х—30-х г. у БССР, праф. Д.Марплз выказвае меркаванне, што гэтыя працэсы „настроілі большасць этнічных беларусаў супраць савецкага рэжыму і прывялі да таго, што быў развеяны аптымізм дваццатых гадоў” (144). Адзначаючы пэўныя станоўчыя бакі савецкай індустрыялізацыі ў БССР, канадскі гісторык заўважае, што ў той самы час беларускія рабочыя жылі ў цяжкіх умовах, былі дрэнна забяспечаныя прадуктамі харчавання і таварамі штодзённага спажывання (146). Першыя месяцы нямецкай акупацыі 1941 г. былі, паводле Д.Марплза, адзначаныя тым, што „шмат хто з жыхароў БССР вітаў прыход акупантаў. Шмат хто ўзгадваў нямецкі акупацыйны рэжым 1918 г. і бачыў яго лепшым за тыя рэжымы, якія ўсталёўвалі Саветы або палякі. Людзі, найперш у заходніх рэгіёнах Беларусі, не выказвалі ахвоты наладжваць супраціў акупантам” (149). А вырашальны для вайны 1943 год быў адзначаны сярод беларусаў не толькі агульным усплёскам патрыятызму, але і ажыўленнем — асабліва сярод маладзейшых людзей — спадзяванняў на беларускае адраджэнне (151).

Другі з напісаных Д.Марплзам падраздзелаў пачынаецца з канстатацыі таго факту, што ў пасляваеннай Беларусі паступова пачала прыходзіць да ўлады новая эліта, аснову якой складалі ўдзельнікі і ідэолагі савецкага партызанскага руху часоў Другой сусветнай вайны. Падраздзел утрымлівае такія часткі, як: „Пасляваенныя дзесяцігоддзі: адбудова і індустрыялізацыя (1945—65 г.)”, „Гады ўлады Машэрава (1965—80)”, „Чарнобыль і эпоха перабудовы” і, нарэшце, „Падсумаванне”. У апошняй частцы Д.Марплз, у прыватнасці, піша: „У постсавецкай Беларусі неўзабаве можна было назіраць настальгічнае аднаўленне савецкага мінулага. У 60-я і 70-я г. рэспубліка перажыла надзвычай хуткую урбанізацыю, абумоўленую яе індустрыяльным ростам. Рэспубліка, якая перад вайною ў цэлым была аграрнай краінай, перасялялася з вёсак у гарады ў такім тэмпе, падобны да якога цяжка знайсці ў гісторыі. Да таго ж, Мінск… зрабіўся воссю і ключавым пунктам партыйнай палітыкі і дамінавальным цэнтрам у цэлым… БССР, натуральна, развівалася як камуністычная рэспубліка, у якой шмат хто з вядучых фігур здабыў сабе аўтарытэт дзякуючы працы ў партыйных і дзяржаўных структурах. Трывалага руху за перамены тут не існавала. Беларускі Народны Фронт не быў у стане займець у БССР уплыў, падобны да таго, які мелі „Саюдзіс” у Літве альбо нават „Рух” ва Украіне… БССР была моцна зрусіфікаваная і саветызаваная. Нават ініцыяваная Гарбачовым дэсталінізацыя не набыла тут такога размаху, як гэта мела месца ў іншых саюзных рэспубліках…” (176—177).

Падраздзел „Крэсы. Беларускія землі ў Польскай Рэспубліцы (1921—39 г.)”, змешчаны ў кнізе паміж двума вышэйназванымі падраздзеламі аўтарства Д.Марплза, напісаны 37-гадовым доктарам гісторыі Гётынгенскага універсітэта Вэрнэрам Бэнэке. У сваім выкладзе аўтар ў асноўным абапіраецца на вынікі даследаванняў польскіх (Й.Тамашэўскі, К.Гамулка, В.Рашкоўскі, П.Эбэрхарт, В.Арміцкі, Х.Дамінічак) і польска-беларускіх (Я.Мірановіч, А.Бэргман, В.Харужы) гісторыкаў і сацыёлагаў. У цэлым ён прыходзіць да высновы, што беларускі рух на гэтых тэрыторыях — як палітычны, так і культурна-асветніцкі — хоць і меў пэўны ўздым у 1920-я г., пасля пайшоў на спад — што зноў-такі абумоўлена адноснай малалікасцю і слабасцю беларускай культурніцкай эліты. Значэнне беларускага пытання ў другой Рэчы Паспалітай палягала не столькі ў ступені самаарганізацыі тамтэйшага беларускага насельніцтва, колькі ў геапалітычнай сітуацыі, у якой тады апынулася Заходняя Беларусь (165).

Заключны падраздзел другога раздзела „Падручніка гісторыі Беларусі”, які мае назву „Ад БССР да Рэспублікі Беларусь (1988—2000 г.)”, створаны маладым, але ўжо добра вядомым у нас палітолагам і гісторыкам, доктарам Мангаймскага універсітэта спадарыняй Астрыд Зам. Аўтар дае свае ацэнкі тым падзеям, што адбываліся ў Беларусі перад распадам СССР і неўзабаве пасля яго, разважае пра ролю Беларускага Народнага Фронту ў тых падзеях. У прыватнасці, яна нагадвае, што, паводле сацыялагічных апытанняў, у канцы 1990 г. 61,3 % насельніцтва Беларусі выступала за актыўную рэалізацыю дзяржаўнай праграмы пашырэння сферы ўжывання беларускай мовы. А ў снежні 1991 г. 69% грамадзян падтрымлівала роспуск Савецкага Саюза (184). „Пашырэння свайго ўплыву, —піша далей А.Зам, — БНФ тады дамогся дзякуючы ўзаемадзеянню розных чыннікаў: сваёй уласнай дзейнасці, ціску на беларускія ўлады з боку тагачаснага маскоўскага кіраўніцтва, патрэбе ў легітымізацыі сваёй улады, якую наменклатура адчувала ў выніку ўвядзення альтэрнатыўных выбараў і эканамічных разлікаў прамысловай фракцыі ўнутры кампартыі Беларусі” (тамсама). Характарызуючы сітуацыю, што склалася ў Беларусі ў першыя гады пасля абвяшчэння незалежнасці ў краіне, Астрыд Зам гаворыць пра „кароткатэрміновы нацыянальны кампраміс паміж наменклатурай і нацыяналь ным рухам”. Пры гэтым, відавочна, не ўсе дадзеныя, што прыводзіць аўтар у сваім выкладзе (напрыклад, пра быццам бы 150-тысячную колькасць сяброў БНФ у чэрвені 1991 г. — 179), з’яўляюцца карэктнымі і абгрунтаванымі. На наш погляд, А.Зам пераацэньвае і сілу супраціўлення беларусізацыі сярэдняй школьнай адукацыі, якая мела месца ў 1992—94 г. (185—186). Далейшае развіццё падзей у Беларусі 1990-х г. выкладзена ў частках, назвы якіх гавораць самі за сябе: „Эканамічны калапс і новае збліжэнне з Расіяй”, „Паўзучы дзяржаўны пераварот беларускага прэзідэнта”, „Нядоўгатрывалая стабілізацыя аўтарытарнага рэжыму”, „Рэзюмэ: Парадаксальнасць у пабудове асноў беларускай самастойнай дзяржаўнасці”. Прывядзём пераклад фрагмента названага рэзюмэ:

„Для паслядоўнай пабудовы ўласнай дзяржаўнасці і самастойнага вызначэння стратэгіі пераўтварэнняў Беларусі пасля 1991 г. бракавала найперш неабходных для гэтага нацыянальных элітаў і гістарычных пунктаў суаднясення. Таму пад моцным уплывам драматычнага гаспадарчага крызісу тут адбываўся рэгрэс у галіне палітычнай культуры, які меў сваім вынікам усталяванне ў 1996 г. аўтарытарнага рэжыму прэзідэнта Лукашэнкі. Хоць апошні, здаецца, адназначна прытрымліваецца курсу на ўз’яднанне з Расіяй, рэальныя дачыненні з гэтай краінай вызначаюцца шматлікімі парадаксальнымі рэчамі. Хоць бальшыня беларускага насельніцтва і перакананая, што Беларусь не можа існаваць без Расіі, найчасцей тут маюцца на ўвазе ўсё ж такі цесныя кантакты з той самай Расіяй, але не ліквідацыя ўласнай дзяржаўнасці…” (196).

Разгляд праблемнага кола „Сацыяльныя працэсы і эканоміка” трэцяга раздзела кнігі распачынаецца даследаваннем прафесара гісторыі з Варшавы Тэрэсы Зяліньскай „Баяры, князі і магнаты: эліты ў Беларусі ў перыяд да канца ХVIII ст.”. У першай частцы гэтага падраздзела гаворка ідзе пра паходжанне княскіх і магнацкіх родаў, далей разглядаюцца правы і абавязкі тагачаснай шляхты, канфесійна-моўныя пытанні ў шляхецка-магнацкім асяроддзі, палітыка датычна шляхецкай маёмасці ў Вялікім Княстве Літоўскім, гісторыя і спосаб ажыццяўлення ўлады магнацкімі родамі. У найбольшай ступені тут выкарыстаны матэрыялы як даўнейшых даследаванняў Ю.Вольфа, Г.Лаўмяньскага, так і прац апошніх дзесяцігоддзяў (Я.Кшыжаняк, Е.Ахманьскі, А.Зімін, М.Кром, Й.Сухоцкі, М.Мальчэўская, А.Рахуба, Л.Кандзеля і інш.). Так, услед за ранейшымі даследчыкамі Т.Зяліньская сведчыць: „У публічным жыцці Вялікага Княства літоўская мова не выкарыстоўвалася — прынамсі ў той час, з якога паходзяць пісьмовыя крыніцы, што дайшлі да нас. Перамагла русінская канцылярская мова, якую таксама называюць „старабеларускай”; прычым яна адрознівалася ад маскоўскай канцылярскай мовы. За часоў панавання Ягелонаў у афіцыйных дакументах выкарыстоўвалася лаціна. Пазней яна мусіла саступіць сваё месца польскай мове. Літоўскія Статуты (1529, 1566, 1588 г.) ствараліся яшчэ на русінскай канцылярскай мове, і яны да сёння з’яўляюцца важным помнікам беларускай культуры і мовы… Пачынаючы з 1697 г., выкарыстоўвалася выключна польская мова… Карэспандэнцыя Радзівілаў, што дайшла да нас, паказвае, што ў 75% выпадкаў яны ўжывалі польскую мову, а ў астатніх выпадках — русінскую. Слядоў літоўскай мовы выяўлена не было” (210). Т.Зяліньская дае кароткі нарыс гісторыі родаў Радзівілаў (213—215), Сапегаў (216—217), Тышкевічаў (217), Агінскіх (217—218), Пацеяў (218), Вішнявецкіх (218—219), а таксама магнацкай групоўкі, якая ўзнікла ў ХVIII ст. і да якой належалі браты Чартарыйскія і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі (219). Асобна расказваецца пра ролю Антонія Тызенгаўза (219—220), Ёахіма Храптовіча (220), а таксама родаў Масальскіх і Касакоўскіх (220—221).

Падраздзел, напісаны беларускім даследчыкам кандыдатам гістарычных навук Андрэем Кіштымавым, прысвечаны становішчу шляхты ў Расійскай імперыі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. У якасці галоўных праблем, з якімі сутыкнулася ў гэтай сувязі расійская царская ўлада, называецца тое, што яна мусіла дзеля падтрымання феадальна га парадку даваць правы сваім нядаўнім зацятым праціўнікам, большасць якіх, да таго ж, была рыма-каталіцкага веравызнання, а таксама тое, што беларуская шляхта была шматлікаю; апроч таго, існавала праблема падробак даўнейшых шляхецкіх прывілеяў (223—224). Дзеля гэтага расійскім урадам быў праведзены „разбор шляхты” ў канцы ХVIII—пачатку ХIХ ст. Са спасылкамі на працы расійскіх гісторыкаў В.Дзьякава, В.Зайцава, Л.Абушэнкавай, А.Карэліна, С.Байковай аўтар падраздзела паказвае дынаміку змен у колькасным і якасным складзе шляхты і дваранства „заходнерасійскіх земляў” цягам ХIХ ст. (226—228). Абапіраючыся на высновы В.Панюціча, С.Самбук, П.Заянчкоўскага, А.Смаленчука, тых самых А.Карэліна і В.Зайцава, ён разглядае такія пытанні, як эканамічнае аслабленне беларускай шляхты, змены ў яе саслоўных прывілеях, супраціў і падпарадкаванне сіле царскай улады — г.зн., тыя працэсы, што адбываліся на працягу ХIХ і ў пачатку ХХ ст. (229—234).

Аналізу эвалюцыі беларускага сялянства і прыгоннага права ў Беларусі ў ХVI—першай палове ХIХ ст. прысвечаны наступны падраздзел падручніка, апрацаваны вышэйзгаданым беларускім гісторыкам П. Лойкам. Падраздзел складаецца з наступных частак: уступ (тэрміналагічныя высвятленні), „Сялянскі двор”, „Увядзенне Ўставы на валокі”, „Прыгоннае права”, „Паншчына”, „Чынш”, „Сацыяльныя супярэчнасці”, „Сяляне ў Расійскай імперыі”. Галоўныя крыніцы, на якіх будуе свае высновы П.Лойка, — ягоная манаграфія „Прыватнаўласніцкія сяляне Беларусі. Эвалюцыя феадальнай рэнты ў другой палове ХVI—ХVIII ст.” (Мінск, 1991), вядомыя апублікаваныя працы П.Казлоўскага, В.Голубева, М.Спірыдонава, В.Мялешкі, польскага гісторыка А.Каміньскага, нямецкага даследчыка сярэдзіны ХХ ст. В.Концэ.

Працягам папярэдняга падраздзела выглядае напісаны кандыдатам гістарычных навук дацэнтам БДУ Аляксандрам Каханоўскім падраздзел „Эвалюцыя сялянства: ад адмены прыгоннага права да калектывізацыі (1861—1929 г.)”. Тут, са спасылкамі на вядомыя даследаванні беларускіх гісторыкаў як савецкага (К.Шабуня, Х.Бейлькін, В.Панюціч, Л.Ліпінскі), так і постсавецкага часу (У.Крук, С.Ходзін, Н.Стужынская), а таксама з выкарыстаннем матэрыялаў расійскіх (С.Караленка, А.Бухавец) і нямецкіх (Д.Зіберт, Р.Марк) даследчыкаў разглядаюцца наступныя праблемы: змены ў сістэме гаспадарання беларускай вёскі пасля адмены прыгоннага права, дзве мадэлі правядзення аграрнай рэформы ў гэты перыяд, класіфікацыя сялянства паводле маёмаснага і праўнага стану, камерцыялізацыя сельскагас падарчых адносін, сыход сялян на свабодныя землі ў эміграцыю і ў аддаленыя рэгіёны Расіі, эвалюцыя і распад сельскай абшчыны, палітычныя пратэсты сялянства, сітуацыя сялянства ў часе рэвалюцый грамадзянскай вайны, першыя пасляваенныя гады і ў перыяд НЭПу.

Аўтарам яшчэ аднаго падраздзела кнігі пад назвай „Адсталасць і працэс індустрыялізацыі ў ХХ ст.” з’яўляецца вышэйзгаданы А. Кіштымаў. Ва ўступе да гэтай часткі падручніка ён вылучае тры этапы індустрыялізацыі Беларусі: 1. Развіццё беларускіх губерняў у складзе Расійскай імперыі (канец ХIХ—пачатак ХХ ст.); 2. Сацыялістычная індустрыялізацыя Беларускай ССР (1920-я—30-я г.); 3. Мадэрнізацыя беларускай эканомікі (1940-я г.—канец ХХ ст.). А.Кіштымаў заўважае, што „пачатак беларускай індустрыялізацыі прыпадае на ХIХ стагоддзе, а не на часы сталінскіх пяцігодак” (259) і прыводзіць даныя пра развіццё прамысловай вытворчасці ў нашай краіне, пашырэнне механізацыі гэтай вытворчасці, пачынаючы з 20-х і асабліва з 60-х г. ХІХ ст. Даючы характарыстыку развіццю індустрыі ў пачатку ХХ ст., аўтар асабліва канцэнтруе ўвагу на рэфарматарскіх задумах і практычных дзеяннях дзеяча ўраду Мікалая II С.Вітэ, у т.л. скіраваных на індустрыялізацыю тагачаснага Паўночна-Заходняга краю. Адзначаны такі факт: пры тым, што беларускія землі складалі не больш за 1% ад агульнай плошчы Расійскай імперыі, перад пачаткам Першай сусветнай вайны працягласць чыгуначнай сеткі складала тут 10% ад агульнарасійскага паказчыка (260). Зроблены акцэнт і на тым, што Беларусь у пачатку ХХ ст. была вельмі прывабнай для замежных інвестараў, якія ўсё больш ахвотна ўкладалі свае капіталы ў развіццё прамысловасці на гэтай тэрыторыі (261). Дадзеныя, прыведзеныя ў табліцы 1 на с.262, сведчаць пра тое, што ў беларускіх губернях у 1900—13 г. назіраўся досыць значны эканамічны рост, асабліва адносна колькасці буйных прадпрыемстваў і аб’ёмаў прадукцыі, што на іх вытваралася. Гаворачы пра развіццё працэсу індустрыялізацыі ў Савецкай Беларусі, А.Кіштымаў зазначае, што аналіз гэтых працэсаў і па сённяшні дзень моцна ўскладнены праз тое, што ў шмат якіх аспектах (напрыклад, вынікі працы ваенна-прамысловага комплексу) дадзеныя статыстыкі адсутнічаюць або моцна сфальсіфікаваныя (264). Грунтуючыся на высновах У.Асмалоўс кага, У.Вышынскага, аўтараў „Эканамічнай гісторыі Беларусі” пад рэдакцыяй В.Галубовіча, ён на канкрэтных лічбах і фактах паказвае рэальныя тэмпы індустрыялізацыі ў даваеннай БССР і пагаджаецца з высновамі названых аўтараў, што ў цэлым яны былі ніжэйшыя за сярэдні паказчык па Савецкім Саюзе (267). У той самы час тэмпы развіцця прамысловасці БССР у першыя дзесяцігоддзі пасля Другой сусветнай вайны былі значна больш высокімі і ў шэрагу галін індустрыі перавышалі сярэднестатыстычныя паказчыкі па СССР. Пры гэтым асаблівая ўвага аддавалася пераструктураванню беларускай індустрыі: удзельная вага машынабудаўніцтва, металаперапрацоўкі, вытворчасці электраэнергіі ў агульным аб’ёме вытворчасці за адносна кароткі час вельмі істотным чынам вырасла (267—268). Даволі значныя тэмпы набыла і індустрыялізацыя сельскай гаспадаркі. Але ў 70-я г. „савецкая мадэль індустрыяліза цыі дасягнула межаў свайго развіцця” (269). Вынікам гэтага стаў паступовы, але няўхільны спад вытворчасці ў Савецкім Саюзе. Аднак у БССР застойныя працэсы выявілі сябе пазней, чым у большасці іншых былых саюзных рэспубліках, і ў 1988 г. каля 80% ад агульнага аб’ёму прамысловай прадукцыі экспартавалася ў іншыя краіны або вывозілася ў іншыя рэспублікі СССР (270). На момант жа распаду СССР найважнейшыя магутнасці беларускай індустрыі былі зарыентаваныя на перапрацоўку сыравіны або паўфабрыкатаў, а сельская гаспадарка развівалася выключна экстэнсіўнымі метадамі. Усё гэта, на думку аўтара, стала перадумовай сістэмнага крызісу беларускай эканомікі ў постсавецкі перыяд. У табліцы 2 на с.273 аўтар прыводзіць дадзеныя, у якіх параўноўваюцца паказчыкі яе развіцця ў 1990 і 1998 г.: аб’ём валавога нацыянальнага прадукту знізіўся на 21%, прамысловай прадукцыі — на 19%, сельскагаспадарчай прадукцыі — на 28%, рэальнай заработнай платы насельніцтва — на 9% і г.д. Цікавыя звесткі пра дынаміку развіцця асобных галін вытворчасці, у т.л. прамысловасці, утрымліваюцца ў табліцах 3 і 4, змешчаных на с.274—275. У канцы падраздзела аўтар робіць выснову адносна таго, што перспектывы далейшага развіцця беларускай эканомікі цяпер самым непасрэдным чынам залежаць ад правядзення паўнавартасных рынкавых рэформаў.

Наступнае праблемнае кола трэцяга раздзела падручніка прысвечана тэме „Функцыянаванне горада і гарадская культура”. Падраздзел „Гарады на беларускіх тэрыторыях Вялікага Княства Літоўскага (XV—XVIII ст.)” апрацаваў прафесар Торуньскага універсітэта (Польшча) Станіслаў Александровіч. У якасці найважнейшых крыніц па гэтай тэме аўтар называе працы польскіх даследчыкаў, такіх як Ю.Бардах, М.Багуцкая, Х.Самсановіч, а таксама манаграфію вядомага беларускага гісторыка А.Грыцкевіча „Прыватнаўласніцкія гарады Беларусі ў XVI—XVIII ст.” (Мінск, 1975, на рус. мове), працы З.Капыскага, М.Ткачова, У.Чантурыі, В.Мялешкі, І.Марзалюка, расійскага гісторыка А.Дварнічэнкі і інш. Праф. С.Александровіч спыняецца на працэсах пашырэння Магдэбургскага права на беларускіх землях, разглядае асаблівасці функцыянавання горада, мястэчка і сяла ў ВКЛ, звяртае ўвагу на ўзаемадзеянне дэмаграфічных фактараў у развіцці гарадоў і мястэчак, на культурныя асаблівасці развіцця беларускіх гарадоў; нарэшце на прыкладзе горада Магілёва ён паказвае асобныя тыповыя рысы і тэндэнцыі развіцця беларускага горада ў вышэйазначаны перыяд.

Несумненную цікавасць для чытачоў кнігі (нягледзячы на пэўныя тэрміналагічныя недакладнасці) павінен уяўляць падраздзел „Эвалюцыя гарадскога рэгіянальнага цэнтра ад часоў феадальнай разробленасці да ўзнікнення шляхецкай рэспублікі (1563 г.): прыклад горада Полацка”, напісаны самым маладым удзельнікам аўтарскага калектыву ліцэнцыятам філасофіі з Цюрыха (Швейцарыя) Штэфанам Родэвальдам. У яго матэрыяле выкарыстаныя дадзеныя не толькі такіх добра вядомых у нас прац, прысвечаных гісторыі Полацка, якімі з’яўляюцца публікацыі С.Тарасава, C.Александровіча, Г.Харашкевіч, Дз.Аляксандрава, Дз.Валадзіхіна і інш., але і прац, якія адносна нядаўна ўвайшлі ва ўжытак гісторыкаў. Да іх належаць, сярод іншых даследаванні Э.Мюле (Mühle, E. Die städtischen Handelszentren der nordwestlichen Rus’… Stuttgart, 1991), К.Гёрке і У.Кэлін (Goehrke, C. Unter Mitwirkung von Kälin, U. Frühzeit des Ostslaventums. Darmstadt, 1992), Г.Руса (Rüß, H. Die soziale und politische Mentalität des russischen Adels. 9.—17. Jh. Köln, 1994). Ш.Родэвальд разглядае такія пытанні, як: узнікненне і развіццё горада Полацка да канца перыяду феадальнай раздробленасці, эвалюцыя полацкага грамадства ў перыяд пераадолення наступстваў феадальнай раздробленасці, эвалюцыя грамадскіх інстытутаў Полацка ў 1386—1498 г., ступень радыкальнасці зменаў у арганізацыі гарадскога жыцця пасля надання Полацку Магдэбургскага права (1498), асаблівасці развіцця пісьмовай культуры і рэлігійна-духоў нага жыцця горада, змены ў забудове і архітэктурнай планіроўцы Полацка. Свае высновы да падраздзела аўтар фармулюе наступным чынам:

„Для полацкай гісторыі справядлівай выглядае выснова, што глыбінныя змены тут адбываліся паводле ўсходнесярэдне еўрапейскай мадэлі. Праз гэта да сярэдзіны ХVI ст. Полацк стаў істотна адрознівацца ад гарадоў Маскоўскага царства, хоць калісьці ён таксама з’яўляўся горадам Старажытнай Русі. Пад лацінскім уплывам усё больш і больш мяняліся ўзоры самаарганізацыі і спосабаў дзеяння полацкага праваслаўнага насельніцтва. Асабліва ў апошняй трэці ХV ст. гэта дало адметныя вынікі. Але ва ўсіх сферах жыцця горада і ў 1563 г. можна было выразна заўважыць спецыфічныя ўласцівасці, якія можна растлумачыць уздзеяннем даўнейшай спадчыны. У прыватнасці, у той час сядзіба шляхецкай рэгіянальнай улады па-ранейшаму мясцілася ў цэнтры горада <…> У цэлым жа, гісторыя Полацка арганічна ўпісвалася ў гісторыю рэспублікі многіх народаў: у ім узнікла супольнасць каталікоў, праваслаўных, іудзеяў і вернікаў армянскай царквы, якія знаходзілі формы самаарганізацыі свайго жыцця паводле агульных узораў.

У 1563 г. маскоўскі цар Іван IV напаў на Польска-Літоўс кую дзяржаву і „праз вялікі гвалт узяў Полацк пасля шостага штурму, спаліўшы ўвесь горад датла”, як паведамляла лістоўка, выпушчаная ў тым самым годзе ў Аўгсбургу. Натуральна, у тым, што так здарылася, была і доля віны моцнага літоўска-польскага гарнізону: з тактычных меркаванняў ім быў спалены горад наўкол умацаванай часткі. У адрозненне ад таго, як гэта бывала ў ХII і нават яшчэ ў першай палове ХV ст., гарадское жыхарства цяпер, на пачатку ранняга Новага часу, было занадта слабым, каб прадухіліць у сваіх жа інтарэсах разбурэнне места. На выявах, што адносяцца прыблізна да 1579 г., калі Стэфан Баторы адваяваў Полацк, па-ранейшаму няма вялікай часткі даўнейшага горада” (306—307).

Падраздзел Захара Шыбекі „«Стары» Мінск: ад царскага губернскага горада да савецкай сталіцы” складаецца з трох частак. Першая, „Мінск як губернскі і гарнізонны горад”, у сваёй сутнасці паўтарае тэзісы аўтара, вядомыя з яго кніг „Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада” (сумесна з С.Шыбека, 1990, 2-е выд. 1993), „Мінск у канцы ХIХ—пачатку ХХ ст. Нарыс сацыяльна-эканамічна га развіцця” (1995) і „Гарады Беларусі (60-я г. ХIХ—пачатак ХХ ст.” (1997). У другой („Мінск у часы Першай сусветнай і грамадзянскай войнаў”), трэцяй („Мінск да Другой сусветнай вайны”) і чацвёртай („Мінск ваеннага і пасляваеннага часу: нямецкая акупацыя і адбудова”) аўтар сцісла выкладае найважнейшыя падзеі з гісторыі Мінска ў цеснай сувязі з падзеямі агульнабеларускай гісторыі, насычаючы свой аповед шматлікімі статыстычнымі дадзенымі і фактамі, некаторыя з якіх да нядаўняга часу знаходзіліся ў спецсховах савецкіх архіваў.

Тэму, распачатую З.Шыбекам, працягвае падраздзел „«Новы» Мінск: пабудова сацыялістычнага горада пасля Другой сусветнай вайны”, аўтарам якога з’яўляецца доктар гісторыі з Енскага універсітэта Томас Бон. Актыўна карыстаючыся даследаваннямі і абапіраючыся на ілюстрацыйны матэрыял у асноўным беларускіх аўтараў савецкага часу (М.Асмалоўскі, А.Лысенка, С.Польскі, В.Анікін, А.Собалеў, А.Ясінскі, А.Квачоў, А.Войнаў і інш.), Т.Бон у даволі крытычным духу разглядае праекты забудовы пасляваен нага Мінска і спосабы іх рэлізацыі. Асаблівую ўвагу ён звяртае на няўдалае праектаванне Цэнтральнай (цяпер Кастрычніцкай) плошчы і плошчы Леніна (цяпер Незалежнасці): архітэктурны праект сённяшняга Палаца Прафсаюзаў называе „скандальным” і да т.п. Аўтар падрабязна аналізуе дынаміку росту насельніцтва Мінска ў пасляваенны перыяд і абумоўленыя гэтым асаблівасці развіцця забудовы горада. На заканчэнне ён піша: „Адказ на пытанне, ці здолеюць праекты новай эпохі — культурны цэнтр альбо рынкавы павільён — калі-небудзь надаць сталіцы Рэспублікі Беларусь выгляд еўрапейскай метраполіі, будзе залежаць ад таго, якім шляхам краіна пойдзе ў будучыню. Урбанізаванасць і ўплыў заходняй культуры тут, без усялякага сумневу, можна адчуць ужо сёння” (333).

Падраздзел „Геаграфія культуры і этнічная эвалюцыя беларусаў у Сярэднявеччы і ў пачатку Новага часу”, напісаны вядомым беларускім этнографам кандыдатам гістарычных навук Ігарам Чаквіным, складаецца з наступных частак: 1. Гістарычная прастора засялення і ранні этнагенэз беларусаў; 2. Сацыяльная структура і самаазначэнні беларускага этнасу; 3. Формы вядзення гаспадаркі: 4. Фармаванне матэрыяльнай і духоўнай культуры; 5. Радыкальныя змены ў дэмаграфічнай, культурнай і сацыяльнай сферах. У цэлым тут адлюстраваныя погляды навукоўца, добра вядомыя з яго папярэдніх публікацый, таму няма неабходнасці спыняцца на іх больш падрабязна. У той жа час, праблему фармавання унікальнай поліканфесійнай сітуацыі ў Вялікім Княстве Літоўскім ў падраздзеле „Беларускія рэгіёны ў эпоху канфесіяналізацыі” разглядае нямецкі аўтар, доктар гісторыі з Франкфурта-на-Майне Юлія Освальт. Пасля ўступу, у якім характарызуецца канфесійная сітуацыя ў Кароне і ў ВКЛ у сярэдзіне ХV ст., гаворка ідзе пра асаблівасці Рэфармацыі на польскіх і беларуска-літоўскіх землях, заключэнне Берасцейскай уніі, далейшае развіццё поліканфесійнасці і звязанае з гэтым пашырэнне адукацыі на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. У якасці крыніц свайго даследавання Ю.Освальт найчасцей называе і цытуе працы заходніх, найперш нямецкамоўных, аўтараў (А.Йобэрт, Й.Маендорф, Н.Дэвіс, Ё.Бальке, А.Штромаер, Г.Шрам, Э.В.Цэдэн, Т.Вочке, Т.Цэрнак, К.Фёлькер, Д.Фрык, К.Х.Фэльмі і інш.), што, напэўна, павінна асабліва зацікавіць нашых гісторыкаў.

„Этнічная эвалюцыя і палітыка ў дачыненні да нацыянальнасцяў у беларускіх губернях (1795—1914 г.) — такую назву мае падраздзел вядомага беларускага даследчыка этналагічных працэсаў кандыдата гістарычных навук Паўла Церашковіча. У падраздзеле разглядаюцца такія пытанні, як: этнічныя змены да сярэдзіны ХIХ ст. (сяляне, дробнае мяшчанства і купецтва, духавенства, шляхта, інтэлігенцыя); этнічная эвалюцыя ў перыяд з сярэдзіны ХIХ ст. да 1914 г.(палітыка ў дачыненні да асобных нацыянальнас цяў паміж 1860 і 1890 г., этнічныя групы паводле перапісу 1897 г., тэндэнцыі і змены палітыкі ў дачыненні да нацыянальнасцяў паміж 1900 і 1910 г., рух за нацыянальнае адраджэнне ў перыяд з 1870 да 1914 г.). Кожная з названых частак утрымлівае багаты статыстычны і лічбавы матэрыял — з выкарыстаннем дадзеных Архіва Расійскай Акадэміі навук, публікацый прэсы адзначанага перыяду, вынікаў перапісу насельцтва 1917 г. у гарадах Мінску і Магілёве, прац такіх даследчыкаў, як І.Зяленскі, А.Гілер, А.Смірноў, І.Карнілаў, С.Шалковіч, С.Самбук, В.Радкевіч, С.Брук і В.Кабузан, а таксама капітальнай працы па аналізе вынікаў усерасійскага перапісу насельніцтва 1897 г., выдадзенай пад рэдакцыяй Х.Баўэра, А.Капэлера і Б.Рот (Штутгарт, 1991). Акрамя таго, тут зробленыя ўводзіны ў гісторыю беларускага нацыянальнага руху ў канцы ХIХ—пачатку ХХ ст. (спасылкі на працы той жа С.Самбук, А.Цвікевіча, Сцяпана Александровіча, Э.Дарашэвіча і У.Конана і інш.).

Тэме „Яўрэі Беларусі ў ХVII—ХVIII ст.” прысвечаны наступны падраздзел „Падручніка гісторыі Беларусі” аўтарства доктара гістарычных навук з Мінска Эмануіла Іофэ. У яго ўваходзяць кароткі ўступ і наступныя часткі: 1. Развіццё яўрэйскіх структураў; 2. Гаспадарчае жыццё яўрэяў; 3. Наступствы падзелаў Рэчы Паспалітай для яўрэйскага насельніцтва; 4. Праўнае становішча яўрэяў у ХIХ ст.; 5. Пытанні рэлігійна-духоўнага развіцця. Гэты падраздзел яшчэ багацейшы, чым папярэдні, удакументаваны лічбамі і фактамі, большасць якіх ужо прыводзілася ў рэдагаванай аўтарам сумесна з С. Асіноўскім працы „Яўрэі. Па старонках гісторыі” (Мінск, 1997), а таксама ў добра вядомых у Беларусі кнігах А.Скіра („Яўрэйская духоўная культура ў Беларусі”. Мінск, 1995) і С.Кузняевай („Яўрэйскія абшчыны ў Беларусі ў канцы ХVIII—канцы ХХ ст.”. Мінск, 1998, абедзве на рус. мове).

Разгляд гісторыі беларускіх яўрэяў працягваецца ў падраздзеле прафесара універсітэта ў Аполе (Польшча) і супрацоўніка Беларускай рэдакцыі радыё „Свабода” Міколы Іванова „Яўрэйскі свет у Беларусі ад канца ХIХ ст. да халакосту”. Выкарыстоўваючы матэрыялы разнастайных статыстычных зборнікаў, публікацый М.Доўнарa-Запольска га, С.Кацэнбогена і інш., праф. М. Іваноў аналізуе колькасны склад яўрэйскага насельніцтва Беларусі ў азначаны перыяд, закранае праблему самавызначэння яўрэяў-„літва коў”, паказвае працэс хуткага пашырэння хасідызму ў асяроддзі беларускіх яўрэяў на працягу ХIХ ст. Аўтар падкрэслівае мірны, а часам вельмі дружалюбны характар супольнага жыцця беларусаў і яўрэяў, адсутнасць больш ці менш значных праяў антысемітызму сярод асноўнай масы беларускага насельніцтва. Асвятляецца вельмі істотны ўклад яўрэяў у развіццё прадпрымальніцтва на беларускіх землях: напрыклад, у 1884—86 г. 91% гандлёвага абароту ў Мінскай, 69% у Віленскай, 66% у Гродзенскай губернях ажыццяўлялася прадпрымальнікамі-яўрэямі (395). Асобна разглядаецца працэс узнікнення яўрэйскіх сіянісцкіх арганізацый (прыкладам, рэлігійнай арганізацыі „Мізрахі” ў г.Лідзе, 1913 г.), сацыял-дэмакратычных партый. Між іншым, адзначаецца, што пасля заснавання ў 1897 г. (Вільня) першай на тэрыторыі Расійскай імперыі палітычнай партыі, „Бунда”, напачатку да 90% яе членаў паходзіла з паўночна-заходніх рэгіёнаў (396). У цэлым, да 1917 г. тут былі адносна спрыяльныя ўмовы для развіцця розных формаў яўрэйскага жыцця, а пасля Лютаўскай рэвалюцыі нават падпольныя дагэтуль палітычныя арганізацыі сталі дзейнічаць адкрыта, выпускаць свае перыядычныя выданні. На гэты момант большасць беларускіх яўрэяў мела прасіянісцкія настроі, з чым адразу ж пасля свайго ўсталявання пачала змагацца бальшавіцкая ўлада (398). Адмяніўшы, аднак, абмежаванні, уведзеныя царскімі ўрадамі для яўрэяў, савецкія дзеячы займелі шмат прыхільнікаў сярод яўрэйскага насельніцтва, што спрыяла значнаму „палявенню” яўрэйскіх арганізацый у Беларусі, нават сіянісцкіх. Да таго ж, Чырвоная Армія была тым войскам, у якім пераследавалася практыка яўрэйскіх пагромаў. Праф. М.Іваноў таксама акцэнтуе ўвагу на тым, што урад БНР нязменна дэклараваў палітыку салідарнасці з яўрэйскім народам, падтрымкі яго сацыяльных і нацыянальна-культурных памкненняў, але ў тагачасных умовах не мог рэалізаваць сваю палітычную праграму належным чынам. Гаворачы пра яўрэйскае жыццё на беларускіх землях у міжваенны перыяд, аўтар падраздзела паказвае, што яно развівалася на польскіх „Усходніх Крэсах” і ў БССР фактычна ў дыяметральна супрацьлеглых кірунках: калі ў Заходняй Беларусі паступова паляпшаліся варункі для паглыблення самаарганізацыі яўрэяў, развіцця іх культурных і рэлігійных патрэб (нягледзячы на антысеміцкія рэцыдывы „эндэцкай” палітыкі, стварэнне ў 1937 г. т.зв. Лагера нацыянальнага яднання), то ў Савецкай Беларусі напачатку вынішчаліся сінагогі, ліквідаваліся сіянісцкія арганізацыі, а ў 30-я г. надышла чарга і яўрэйскіх адукацыйных устаноў, і яўрэйскага перыядычна га друку. Пасля злучэння абедзвюх частак Беларусі ў 1939 г. такая палітыка паскоранымі тэмпамі пачала ажыццяўляцца Савецкай уладай і на заходнебеларускіх тэрыторыях.

Прафесар Мікола Іваноў таксама з’яўляецца аўтарам падраздзела „Тэрор, дэпартацыя насельніцтва, генацыд: дэмаграфічныя змены ў Беларусі ў ХХ ст.”. Са спасылкамі на шматлікія крыніцы (В.Войтка, Б.Урланіс, А.Урублеўскі, Т.Процька, У.Адамушка, М.Касцюк, Р.Платонаў, М.Сташкевіч, А.Хацкевіч, І.Кузняцоў, С.Польскі, С.Мацюнін, І.Арад, Я.Чарнякевіч, шэраг калектыўных прац) ён падае лічбы тых найважнейшых страт, што панесла насельніцтва Беларусі ў час Першай і Другой сусветных войнаў (у т.л. у выніку халакосту), грамадзянскай вайны, савецка-польскай вайны, бальшавіцкіх рэпрэсій. „На завяршэнне гэтага агляду, — піша праф. М.Іваноў, — можна весці гаворку пра катастрафічныя вынікі дэмаграфічных зменаў, якія ў маштабах Еўропы з’яўляюцца унікальнымі. Значэнне гэтых вынікаў не змяншаецца праз тое, што іх выкарыстоўвала ў палітычных мэтах афіцыйная прапаганда, найперш за савецкім часам. Гэта была другая вялікая катастрофа ў новай гісторыі беларускіх земляў. Узгадайма, што ў другой палове XVII ст. у ходзе вайны паміж Рэччу Паспалітай і Расійскай дзяржавай насельніцтва Беларусі скарацілася напалову, а ў некаторых мясцінах нават на тры чвэрці. Гэты рэгіён і яго насельніцтва ў гэтым сэнсе маюць трагічны гістарычны досвед. З відавочных прычынаў Другая сусветная вайна з яе велізарнымі ахвярамі ўсё яшчэ займае цэнтральнае месца ў нацыянальнай самасвядомасці беларусаў” (436).

Названаму падраздзелу ў падручніку папярэднічае падраздзел „Грамадства Беларусі ў часе Другой сусветнай вайны”, напісаны вядомым нямецкім даследчыкам найноўшай беларускай гісторыі доктарам Бэрнгардам К’яры (г.Потсдам). Аўтар даволі дэталёва аналізуе стан грамадства Беларусі на пачатку вайны, называючы яго досыць апатычным і скіраваным на ўласнае фізічнае выжыванне, на магчымасць існавання ва ўмовах штодзённай неабходнасці задавальнення хоць бы самых элементарных чалавечых патрэбаў. Такое становішча, паводле Б.К’яры, склалася ў выніку масавых рэпрэсій апошняга перад вайной дзесяцігоддзя ва Ўсходняй і апошніх менш як двух гадоў у Заходняй Беларусі, з-за поліэтнічнага і поліканфесійнага складу насельніцтва Беларусі і іншых, менш значных прычын. Аўтар не згаджаецца з панавальнай у савецкай гістарыяграфіі тэзай аб быццам бы маналітнасці беларускага народа ў супрацьстаянні нямецка-фашысцкім акупантам. Прыводзячы лічбы і факты, якія сведчаць пра масавыя злачынствы апошніх, аўтар робіць таксама спробу прааналізаваць тыя варункі, якія склаліся на акупаванай беларускай тэрыторыі, тое, якія знешнія і ўнутраныя сілы імкнуліся дасянуць тут сваіх інтарэсаў. Б.К’яры лічыць,што ў Беларусі не існавала такой з’явы, якую можна было б, да прыкладу, супаставіць з польскім „падпольным грамадствам” часоў Другой сусветнай вайны. Адной з прычын гэтага было тое, што пасля свайго прыходу ў Заходнюю Беларусь напярэдадні вайны бальшавіцкая ўлада дазволіла найбольш агрэсіўна настроеным жыхарам гэтых тэрыторый зводзіць асабістыя рахункі, найперш з „класава-чужымі элементамі” (414). У інтарэсах гэтай улады было нацкоўванне людзей адзін на аднаго, пашырэнне даносаў і г.д. Такая практыка фактычна была прадоўжаная нямецкімі акупантамі, якія, не ведаючы рэальнай сітуацыі, адразу ж бачылі сваёй галоўнай мэтай забяспечыць магільны спакой на гэтай, для іх у цэлым маргінальнай, тэрыторыі (415—416). У той самы час вялікая частка беларускага насельніцтва была зарыентаваная на адну мэту — самазахавацца, выжыць. Яўрэі, сагнаныя ў гета, таксама вельмі часта замыкаліся ў сабе, не імкнуліся выбрацца са свайго становішча, да канца не верачы, што абсалютную іх большасць чакае фізічнае вынішчэнне (422—423). А „маштабы забойства яўрэяў можна бачыць на прыкладзе Баранавічаў. Тут 16 тысяч жыхароў-неяўрэяў у 1942 г. маглі назіраць, як за тры хвалі масавых расстрэлаў было забіта 15 тысяч яўрэяў”, — піша Б.К’яры са спасылкай на дадзеныя „Невядомай Чорнай Кнігі” (Ерусалім—Масква, 1993) і зборніка „Знішчэнне яўрэяў СССР у гады нямецкай акупацыі” (Ерусалім, 1992). Адзначаючы ахвярнасць і гераізм многіх жыхароў Беларусі ў арганізацыі супраціву акупантам, ва ўратаванні жыццяў іншых людзей, яўрэяў і неяўрэяў, аўтар падраздзела заўважае, што выпадкі ўдзелу жыхароў Беларусі (палякаў, беларусаў, расійцаў, украінцаў) у ажыццяўленні фашысцкага генацыду таксама былі нярэдкімі (423—424). Падсумоўваючы сказанае, Б.К’яры піша пра тое, што шматвектарныя, часам вельмі хаатычныя, тэндэнцыі развіцця беларускага грамадства ў гады Другой сусветнай вайны не дазваляюць зрабіць нейкіх адназначных абагульненняў або прывесці, ці, тым болей, асэнсаваць нейкія абсалютна дакладныя лічбы. Адно выдаецца аўтару бясспрэчным — тое, што вынікі крывавай вайны, безумоўна, паспрыялі ўсталяванню кантролю над беларускім пасляваенным грамадствам з боку таталітарнага камуністычнага рэжыму (424—425).

Вядомы англійскі беларусіст Джым Дынглі напісаў вельмі адметны для падручніка такога кшталту падраздзел „Мовы ў Беларусі да канца ХIХ ст.”. Ва ўступе ён адзначае, што пэўная асаблівасць разгляду дадзенага пытання палягае ў тым, што, з аднаго боку, у Беларусі знаходзіцца геаграфічны цэнтр Еўропы, а з іншага боку, гэты рэгіён здаўна вызначаўся поліэтнічнасцю, поліканфесійнасцю, мноствам пераходных гаворак, што звычайна бывае ўласціва для культурнай перыферыі. Разважаючы пра паходжанне беларускай мовы, аўтар аддае перавагу версіі тых даследчыкаў, што лічаць яе асновай групу гаворак (дыялект) полацка-смаленскай галіны крывіцкага племя, які пазней меў усё большы ўплыў і на палескія дыялекты поўдня сучаснай тэрыторыі Беларусі. Дж.Дынглі пагаджаецца з той думкай, што ва ўзвышэнні гэтага дыялекту да паўнавартаснай мовы з дзяржаўнымі функцыямі вырашальную ролю адыграла станаўленне Вялікага Княства Літоўскага (439). У сваім аналізе вышэйназванага працэсy (частка падраздзела „Ад дыялекту да афіцыйнай мовы ў Вялікім Княстве Літоўскім”) аўтар найперш абапіраецца на высновы вядомай працы Кр.Станга (Осла, 1939). Далей Дж.Дынглі аналізуе ўжыванне ў дачыненні да дзяржаўнай мовы ВКЛ тэрмінаў „руская”, „старабеларуская”, „сярэднебеларуска-ўкраінская”, англ. „ruthenian”, нямецк. „Ruthenisch” і прыходзіць да высновы, што тэрміны „старабеларуская мова”, а таксама „ruthenian” і „Ruthenisch” выглядаюць найбольш удалымі і адэкватнымі (440—441). Асобна ён спыняецца на сітуацыі „чатырохмоўя”, якая асабліва была характэрная для Беларусі ў XVII ст. Падаецца аналіз ролі перакладаў Святога Пісьма, ажыццёўленых Ф.Скарынам і В.Цяпінскім, „Катэхізіса” С.Буднага, трох Статутаў ВКЛ, лістоў Ф.Кміты-Чар набыльскага, „Мемуараў” Ф.Еўлашоўскага ў разуменні асаблівасцяў старабеларускай мовы. У наступнай частцы падраздзела, „Мова і моўная палітыка ў Рэчы Паспалітай”, Дж.Дынглі гаворыць пра імкненне значнай часткі беларускай шляхты да замены ў афіцыйным ужытку старабеларус кай пісьмовай мовы на лаціну і польскую мову: сярод галоўных прычын гэтага называецца недастатковая ў параўнанні з дзвюма апошнімі мовамі кадыфікацыя старабела рускай мовы таго часу, імкненне часткі шляхты пацвердзіць легенды пра нібыта рымскае паходжанне ліцвінаў (442—444). Аўтар падраздзела адзначае, што наступ „лацінізацыі” і паланізацыі стаў прычынай таго, што ў паслядоўных прыхільнікаў праваслаўя ўзнікла імкненне да архаізацыі старабеларускай мовы, набліжэння яе да мовы царкоўнасла вянскай. Такім чынам беларуская мова апынулася як бы „заціснутай” паміж апошняй, з аднаго боку, і польскай мовай, з другога. Зніжэнню прэстыжу старабеларускай мовы пасадзейнічала тое, што Вільня ўсё ў большай меры рабілася каталіцкім горадам, а цэнтр праваслаўя ў ВКЛ перамяшчаўся ў Кіеў (444—445). Такім чынам, выцясненне старабеларускай мовы з афіцыйнага ўжытку ў цэлым завяршылася да канца XVII ст., хоць у штодзённым побыце шляхта вельмі часта карысталася беларускай мовай і надалей, а сялянства іншай мовы і не ведала. Пазіцыю ўжывання роднай мовы ў цэлым абараняла і yніяцкая царква (446). Пачатак ХIХ ст. стаў пачаткам адраджэння беларускай мовы, чаму, пад уплывам вядомых ідэй Ё.Г.Гердэра, моцна паспрыялі Я.Чачот, А.Міцкевіч, іншыя філаматы і філарэты, а таксама пазнейшыя беларускія этнографы, збіральнікі фальклору (П.Шпілеўскі, І.Насовіч), вядомыя сёння беларуска моўныя пісьменнікі і публіцысты ХIХ ст. (развіццю беларускай мовы і літаратуры ў той час прысвечана асобная частка падраздзела). Асобна Дж.Дынглі спыняецца на моўнай сітуацыі ў асяроддзі яўрэяў і татар Беларусі, адзначаючы ўплывы беларускай мовы на паўночную літаратурную норму мовы ідыш і згадваючы пра „кітабы”.

Тэму, пачатую Джымам Дынглі, працягвае прафесар Зальцбургскага універсітэта Герман Бідэр у падраздзеле „Барацьба за мову ў ХХ ст.”. Ён вылучае 5 этапаў змагання беларусаў за паўнапраўнасць роднай мовы:

1. „Нашаніўскі” перыяд (1906—15);

2. Этап „беларусізацыі” ў БССР і нацыянальнага руху ва Ўсходняй Польшчы (да пачатку 30-х г.);

3. Этапы рознай інтэнсіўнасці русіфікацыі і т.зв. „набліжэння” беларускай мовы да расійскай у 30-я г. і, у фарсіраваным рэжыме, пачынаючы з 60-х г.;

4. Эфемерная беларусізацыя часоў нямецкай акупацыі ў Першую і Другую сусветныя войны;

5. Спробы створанага ў гады перабудовы руху БНФ „Адраджэньне” забяспечыць годнае месца беларускай мовы і культуры ў грамадскім жыцці.

Апісваючы паслядоўна кожны з названых этапаў, праф. Г.Бідэр актыўна выкарыстоўвае як больш вядомыя ў нас (працы У.Навіцкага, Р.Платонава, А.Жураўскага, А.Падлужнага, Б.Плотнікава, С.Запрудскага, Закон „Аб мовах у беларускай ССР”, прыняты ў 1991 г., выдадзены ТБМ імя Ф.Скарыны зборнік „Аняменне”, публікацыі „Народнай газеты” ў 1992—94 г.), так і менш вядомыя крыніцы (даследаванні П.Ўэкслера, С.Гайль, самога Г.Бідэра).

Аўтарам заключнага падраздзела кнігі, „Беларусь у сваёй мастацкай літаратуры ХХ ст.”, з’яўляецца дацэнт Гомельскага дзяржуніверсітэта Іван Афанасьеў. Падраздзел складаецца з наступных частак: „Набыццё мовы і абуджэнне патрыятызму: дасавецкая літаратура”, „Купала, Колас і ранняя савецкая літаратура: падстройванне сябе і адмаўленне”, „Другая сусветная вайна як народны боль і боль літаратуры”, „Гісторыя ў літаратуры”, „Чарнобыль і літаратура”. Напісанае ў выглядзе невялікага эсэ даследаванне І.Афанасьева ўяўляе сабою развагі на тэмы: пошукі нацыяналь най тоеснасці ў беларускай літаратуры; пошукі героя; трагізм беларускага светаадчування ў ХХ ст. і інш. Падраздзел утрымлівае бібляграфію асноўных твораў беларускай літаратуры мінулага стагоддзя (у т.л. рускамоўнай), выдадзенай на нямецкай мове.

На заканчэнне нашага кароткага агляду застаецца толькі дадаць, што ў афармленні вокладкі „Падручніка гісторыі Беларусі” выкарыстаная праца сучаснага беларускага мастака Ігара Кашкурэвіча „Паверхня”.

Лявон Баршчэўскі

Мінск

Наверх

Język a tożsamość na pograniczu kultur (Ігар Клімаў)

Снежня 12, 2001 |


Język a tożsamość na pograniczu kultur / Pod red. E. Smułkowej i A. Engelking. Białystok, 2000. 257 s. (Prace katedry kultury białoruskiej Uniwersytetu w Białymstoku, 1)

Праца ўяўляе сабой зборнік матэрыялаў аднайменнай канферэнцыі, якая праводзілася ў канцы лістапада 1998 г. на кафедры беларускай культуры універсітэта ў Бела­стоку. У канферэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы з Польшчы і Беларусі: у зборніку прадстаўлена 6 аўтараў з Беластоцкага універсітэта і 6 з кафедры беларускай культуры Гарадзенскага універсітэта, 5 аўтараў з Польскай Акадэміі Навук (пераважна з Інстытута славістыкі) і 5 з Варшаўскага універсітэта; апрача таго, удзельнічалі навукоўцы з Мінска (5 аўтараў з розных інстытутаў Нацыянальнай Акадэміі Навук Беларусі і 3 даклады ад БДУ, а таксама 3 аўтары з іншых устаноў Мінска), 2 аўтары з Апольскага універсітэта (Верхняя Сілезія), па адным аўтары з універсітэтаў Берасця, Гданьска і Любліна. Канферэнцыя аб’яднала сацыёлагаў, этнографаў (спецыялістаў па культурнай антрапалогіі), мовазнаўцаў, гісторыкаў, якія засяродзілі сваю ўвагу пераважна на часах ад XIX ст. да сучаснасці.

Зборнік складаецца з трох тэматычных раздзелаў. Два першыя: «Беларусь і памежжа» і «Параўнальныя і тэарэтычныя кантэксты» змяшчаюць рэфераты (г.зн. тэзісы) і даклады ўдзельнікаў канферэнцыі. У трэцім раздзеле друкуюцца матэрыялы дыскусіі, якія ўдакладняюць пазіцыі аўтараў. Напрыканцы выдання пададзены кароткія заўвагі пра аўтараў, з якіх можна даведацца таксама і пра кола іх навуковых зацікаўленняў.

У першы раздзел увайшлі працы, прысвечаныя моўнай ды этнакультурнай асіміляцыі беларусаў і кшталтаванню сярод іх нацыянальнай самасвядомасці і нацыяналізму. У фокусе даследчыкаў знаходзіцца ўся Беларусь ці асобныя яе заходнія рэгіёны, перш за ўсё Падляшша / Беласточчына. Другая частка зборніка месціць у асноўным тэарэтычныя даклады пераважна лінгвістычнага ці сацыялінгвістычнага характару, непасрэдна не звязаныя з Беларуссю.

У шэрагу прац падаюцца вынікі сацыялагічных абследаванняў на Беларусі. С. Яцкевіч (23—26) аналізуе да­дзеныя розных апытанняў 1990–х г. сярод студэнцтва і настаўніцтва Берасцейшчыны, Гарадзеншчыны і Беласточчыны, у якіх рэспандэнтаў прасілі вызначыць фактары страты ці захавання роднай мовы беларусамі. Л. Навуменка (60–70) даследавала ўяўленні беларусаў аб значэнні ўласнай этнічнай прыналежнасці і месца роднай мовы сярод іх. Яна прыйшла да высновы, што беларуская мова займае ў такіх уяўленнях зусім не вядучае месца (за выключэннем прафесіяналаў–беларусістаў) і не абумоўлівае кшталтаванне пазітыўнай этнічнай ідэнтычнасці. Гэтая тэма знаходзіць развіццё ў дакладзе С. Запрудскага і Г. Лаўжаля (129—133), дзе аналізуюцца матэрыялы апытання мінскіх студэнтаў па праблеме жыццёвасці беларускай і расійскай супольнасцяў і іх моў на Беларусі. Вынікі гэтага апытання ўжо публікаваліся аўтарамі ў 1998 г., цяпер падаецца іх наступная частка.

Этнастатыстыка заўжды з’яўляецца важным чыннікам фармавання нацыянальнай свядомасці, што робіць яе аб’ектам маніпуляцый і злоўжыванняў з боку ўлад. Таму нядзіва, што рэпрэзентацыя беларускай этнічнасці ў даўнейшых статыстычных крыніцах цікавіць даследчыкаў. П. Церашковіч (11—16) аналізуе этнамоўнае і канфесійнае самакрэсленне стракатага насельніцтва Падляшша (трох паветаў Гарадзенскай губерні) у другой палове XIX— пачатку XX ст. Крыніцай яму служаць парафіяльныя спісы, сабраныя ў 2–й палове 1850–х г. з ініцыятывы П. Кепена, а таксама матэрыялы вядомага агульнарасійскага перапісу 1897 г. Даволі высокі ўзровень самасвядомасці беларусаў Падляшша (каля 35—32% ад усяго насельніцтва) аўтар тлумачыць як параўнальна высокім узроўнем пісьменнасці, так і эфектам памежжа, калі ў кантакце з іншым этнасам уласная этнічная прыналежнасць адчувалася мацней. Шырэй гэтая тэма раскрываецца ў дакладзе С. Токця (101—114), які дае падрабязны агляд шырокага кола этнастатыстычных матэрыялаў па Гарадзенскай губерні за XIX— пачатак XX ст. Да сярэдзіны XIX ст. улады былі не ў стане прафесійна вызначыць этнаструктуру насельніцтва і не мелі дзеля гэтага ясных і дакладных крытэрыяў (103). Звычайна, арыенцірам служыла веравызнанне, аднак з сярэдзіны 1860–х г. погляды царскага ўрада на прыроду этнічнасці мяняюцца. Крытэрыем вызначэння беларусаў становіцца іх моўная і этнаграфічная спецыфіка. Таму пачынаючы з 1860–х г. у афіцыйнай статыстыцы фігуруе тэрмін «беларусы» (108), а губернскія чыноўнікі нават выкрэсліваюць тэрмін «заходнерусы» ў справаздачах сваіх мясцовых падначаленых і замяняюць яго тэрмінам «беларусы» (107). Такім чынам, з канца 1860–х г. гэты тэрмін свядома ўкараняецца царскімі ўладамі ў заходніх губернях, дзе перад тым ён быў амаль невядомы. Аўтар адзначае, што афіцыйная акцэптацыя беларусаў зрабілася фактарам станаўлення нацыянальнай ідэі і ўзростам самасвядомасці сярод беларусаў (108).

Увага шэрагу аўтараў засяродзілася на кірунках і чынніках фармавання беларускай этнічнасці. Я. Мірановіч (51—55) разглядае працэс кшталтавання нацыянальнай свядомасці праваслаўных жыхароў Беласточчыны з пасляваенных часоў. Ён падкрэслівае ролю ў гэтым працэсе праваслаўнага вызнання, якое ў каталіцкай Польшчы захавала асобнасць беларусаў і перашкаджала іх поўнай асіміляцыі. Аднак аўтар сумняецца, ці далучаў гэты фактар да беларускай свядомасці, і мяркуе, што ён спрыяў хутчэй тварэнню «палякаў праваслаўных», г. зн. часткова асіміляванай (паводле мовы) супольнасці. Праваслаўная царква на Падляшшы засталася цалкам індыферэнтнай да беларускай ідэі, а мова (мясцовы беларускі дыялект) у пасляваенны час страціла сваё значэнне як сродак нацыянальнай ідэнтыфікацыі. В. Лабачэўская (32—37) даследуе стан нацыянальнай свядомасці ў асяроддзі гуманітарнай інтэлігенцыі Беларусі, найбольш заангажаванай на мяжы 1980–х — 90–х г. у працэсы нацыянальнага адраджэння. Яе ўвагу прыцягнула этнічна небеларуская частка гэтага асяроддзя, якая ў тыя часы перайшла, вымушана ці свядома, да карыстання (поўнага ці частковага) беларускай мовай і ўтрымала яе нават і пры лукашэнкаўскім рэжыме. Аўтарка тлумачыць гэты пераход разбурэннем імперскай савецкай свядомасці, досыць эфемернай і абстрактнай, і фармаваннем замест яе нацыянальнай свядомасці, больш устойлівай і індывідуальнай. Гэта дазваляе ёй разглядаць нацыятворчы працэс як інтэграцыю рознаэтнічных элементаў вакол аднаэтнічнага ядра ў этнакультурную супольнасць праз мову і іншыя фактары нацыянальнай свядомасці (34). Высновы аўтаркі супадаюць і меркаваннем В. Вярэніча (115), які на прыкладзе „крэсовай пальшчызны“ паказвае кшталтаванне польскай нацыянальнай свядомасці не толькі сярод этнічных палякаў, але таксама літоўцаў і ўсходніх славян, што на працягу некалькіх апошніх стагоддзяў служылі крыніцай папаўнення польскай нацыі за межамі Польшчы (115—128). У адрозненне ад Украіны, дзе супольнасць крэсовых палякаў складвалася пераважна за кошт міграцыі з карэннай Польшчы (118—122), на Беларусі яе фармаванне (122—125) ішло амаль выключна шляхам паланізацыі беларускай і літоўскай шляхты ды мяшчанства (124). Гэтая тэма знаходзіць далейшае развіццё ў другой частцы зборніка, дзе А. Садоўскі (186—201) аналізуе моўныя прыхільнасці палякаў, што жывуць за межамі Польшчы — на Беларусі, Украіне, Румыніі і ў Казахстане. Шмат іншых аўтараў у зборніку таксама даследуюць ступень захвання польскай мовы ў асяродках палякаў на Украіне (К. Фяляшка, 142—151; У. Галяхоўска, 152—154; С. Рудніцкі, 177—179) і Беларусі (Г. Энгелькінг, 17—22).

Асабліва пільна, з улікам падставовай навуковай літаратуры Беларусі і Польшчы, працэс фармавання ў беларусаў нацыянальнай самасвядомасці разгледжаны Р. Радзікам (71—82). Ён канстатуе: нацыянальная свядомасць у беларускага сялянства напачатку не была сфармаванай, што тыпова для аграрных этнасаў, чыя салідарнасць і пачуццё еднасці не працягваецца далей за вёску ці парафію (73—74). Сваю родную мову беларусы трактавалі толькі як інструмент, сродак зносін, а не як сімвал этнічнасці, нацыянальную вартасць. Таму пры змене сацыяльнага асяроддзя яны з лёгкасцю паддаваліся асіміляцыі і пры пераездзе ў горад ахвотна пераймалі мову горада, паколькі яна мела больш прэстыжу, палягчала інтэракцыю ў новым асяроддзі і спрыяла сацыяльнаму ўздыму. Аўтар падкрэслівае, што такі пераход адбываўся негвалтоўна (73), пры сацыяльных зменах. Змена мовы заўжды адбываецца пры міграцыі вяскоўцаў у горад, аднак спецыфіка Беларусі палягае ў тым, што мова вёскі і мова горада былі розныя. Але гарадская мова не ўспрымалася беларускім селянінам як нацыянальна чужынная яму. Расійская мова ў савецкія часы мела для яго інакшы сацыяльны і культурны статус, але не нацыянальны. Таму і змена мовы з беларускай на расійскую не трактавалася ім у катэгорыях здрады сваёй этнічнасці (74). Расійская мова ўспрымалася беларускім сялянствам як сродак шырэйшай, супралакальнай камунікацыі, сродак, які далучаў яго да больш высокай культуры — культуры горада і савецкай дзяржавы, да багатай расійскай літаратуры (77).

Фактычна, мадэрнізацыя, як заўважае Р. Радзік, прыйшла на Беларусь не разам з нацыяналізмам, які фармаваў нацыю на грунце адзінай нацыянальнай мовы, а замест яго, праз бальшавіцкую ідэалогію і савецкую дзяржаўнасць, носьбітам чаго выступала расійская мова (76). У выніку, менавіта савецкасць (а не нацыяналізм) сфармавала мадэрнізаванае грамадства на Беларусі, што, як слушна мяркуе аўтар, і адрознівае беларусаў ад іншых еўрапейскіх нацый (76). Адпаведна гэтаму, у савецкі час склалася дэфармаванае адчуванне беларускім селянінам і ўласнай этнічнасці. Беларускасць і Беларусь у яго светаадчуванні ўваходзіла ніжэйшым і менш каштоўным складнікам у пачуццё вялікай савецкай айчыны, якая і была ўласна айчынай беларускага сялянства (74). Беларуская мова зрабілася ў такім разе прыкметай лакалізму і адсталасці (76), ніжэйшай мовай, якой не варта размаўляць (78). Савецкасць пераадолела лакалізм сялянскай самаідэнтыфікацыі і замкнёнасць традыцыйнай сялянскай культуры (74—75), а расій­ская мова адкрыла перад ім магчымасці для сацыяльнага ўздыму і руху па неабсяжнай савецкай імперыі (77). Гэта тлумачыць тую моцную настальгію па савецкіх часах, якая праявілася пасля разбурэння СССР (75), а таксама і моцную прыхільнасць да расійскай мовы, што выявілася ў беларусаў (як вясковых, так і гарадскіх) у 1990–я г. Разрыў сувязяў з Расіяй і абніжэнне статусу расійскай мовы адсякала масы ад гэтых вартасцяў, а ўздым беларускай мовы здаваўся вяртаннем да ізаляванасці і прымітывізму вясковага жыцця. Расійская мова зрабілася мовай настальгіі збяднелых саветызаваных масаў па былым камуністычным дабрабыце і парадку (77), а беларуская мова — мовай дэмакратаў і незалежнасці, што прынесла ім збядненне, мовай вартасцяў, канфліктных з савецкасцю (78). Гэта выклікала негатыўнае стаўленне да беларускай мовы ў часы нядаўняй беларусізацыі і ўхвалу лукашэнкаўскіх захадаў супраць беларускай мовы (у т. л. і рэферэндума па мове). Такая выснова відавочна вынікае з матэрыялаў аўтара.

Разам з тым Р. Радзік адзначае і павярхоўнае засваенне расійскай мовы на Беларусі, сведчаннем чаго можа служыць трасянка — мяшаная мова з рускіх слоў на глебе беларускай фанетыкі і часткова марфалогіі (75—76). Ра­сійская мова не зрабілася для беларусаў мовай нацыянальнага самавыяўлення, а засталася толькі сродкам здабыцця матэрыяльна–цывілізацыйных вартасцяў, транслятарам культурных, інтэрнацыянальных здабыткаў (77). Найбольш вартая літаратура, што ствараецца на Беларусі, паўстае на беларускай мове (79), тады як мясцовая расійскамоўная літаратура не знаходзіць цікавасці на Беларусі і наогул не заўважаецца ў Расіі. Аўтар падкрэслівае, што расійская мова нясе вартасці, якія падпарадкоўваюць Беларусь Расіі. Яна адлучае беларусаў ад іх шматвяковай гісторыі ў рамках ВКЛ і РП, супрацьпастаўляе палякам як чужым і яднае з расійцамі як сваімі, але ў апошнім выпадку пакідае Беларусі ролю расійскамоўнай правінцыі (77). Сучасныя беларусы паводле сваёй культуры належаць больш да Ўсходу, чым да Захаду, таму беларуская літаратура, што натхняецца празаходнімі вартасцямі і творыцца вузкім колам інтэлектуалаў–нонканфармістаў, застаецца незапатрабаванай шырокімі масамі (79). Для цяперашняй гарадской моладзі заходнія ўплывы ідуць з Усходу, з Масквы і Пецярбургу, што тым самым пашырае базу расійскага моладзевага слэнгу на Беларусі (76).

Тэма, закранутая Р. Радзікам, знаходзіць працяг у да­кладзе Э. Смулковай (90—100), дзе разглядаецца моўная сітуацыя на Беларусі. Ёй уласцівы рысы білінгвізму і дыгласіі, што ў культурным плане прадугледжвае не столькі бікультуральнасць, колькі дыэтнію (тэрмін Дж. Фішмана), пры якой дзве культуры зліты ў гарманічны сімбіёз. Аўтарка адзначае глыбокае і даўняе пранікненне ў беларускую культуру элементаў польскай і расійскай культуры, што прывяло да ўтварэння супольнай дыэтнійнай культуры (96—97). Беларусы рознымі спосабамі ўцягваюцца ў лінгвакультурную сферу расейшчыны: ад праваслаўнай царквы да амерыканскай масавай культуры, транслятарам якой на Беларусь выступае расійская мова (97—98). Родная мова ўсё больш і больш губляе сваю функцыю ідэнтыфікацыі беларускай этнічнасці, паколькі ўсё большая частка беларусаў страчвае здольнасць эфектыўна валодаць ёю і пераходзіць на расійскую мову ці на яе сурагат — трасянку. Таму чыннікі, інакшыя за мову, пачынаюць служыць крытэрыямі вызначэння беларускай этнічнасці (98—99). Беларуская сітуацыя знаходзіць шмат агульнага з кашубамі і лужычанамі (гэта адзначыў у дыскусіі Я. Мірановіч, 227—228) — двума малалікімі заходнеславянскімі этнасамі, што развіваюцца ў сферы дамінацыі іншых моў: кашубы — польскай, лужычане — нямецкай. Аднак тэндэнцыі развіцця гэтых этнасаў цяпер розныя, як указваюць у сваіх дакладах Г. Папоўска–Таборска (171—176) аб кашубах і Е. Жатэльска–Фяляшка (180—185) аб лужычанах. Вартасць захавання і развіцця мінарытарных моваў і мясцовых дыялектаў для творчай самарэалізацыі носьбітаў гэтых моў падкрэслівае ў сваім дакладзе Г. Цыхун (134—141).

Некалькі рэфератаў у зборніку прысвечаны старабеларускаму перыяду, аднак яны напісаны, на жаль, спехам і павярхоўна, таму прымаць іх да сур’ёзнага разгляду не выпадае. А. Краўцэвіч (27—31) эскізна абмалёўвае асноўныя фактары і кірункі развіцця беларускага этнасу за паўтара тысячагоддзя, аднак фармулёўкі яго негрунтоўныя і стылістычна неахайныя. А. Семянчук (83—89) разглядае самасвядомасць аўтараў пісьмовых твораў Беларусі ХVI—ХVII ст. Ужо напачатку XVI ст. яна знаходзіць праявы дэнацыяналізацыі беларускай шляхты і інтэлектуальнай эліты (84) і тлумачыць гэта ўзрастаннем у ВКЛ ролі жамойцкай (балцкай) шляхты (яна лічыць гэта літуанізацыяй) і распаўсюджаннем лацінскай ды польскай мовы і культуры. На яе думку, сапраўдная нацыянальная і гістарычная свядомасць існавала ў беларусаў у XIV—XV ст., калі ў краіне панавала праваслаўна–візантыйская культура (84) і ішоў «натуральны» працэс «рутэнізацыі этнічна літоўскай шляхты» (85). Аўтарка заяўляе, што яна аналізуе сярэднявечныя навуковыя легенды як крыніцу інтэгруючага нацыянальнага міфа (83—84), але здаецца, што яна хутчэй творыць новы міф, пераносячы сучасныя ўяўленні аб нацыянальнасці на старажытную эпоху. Ва ўсялякім выпадку, матэрыял для сваіх аргументаў яна бярэ часта з выпадковых і другаступенных крыніц.

Некаторыя рэфераты ў зборніку маюць публіцыстычны характар ці напісаны наспех або павярхоўна. Як гэта зрабілася тыпова для падобных канферэнцыйных выданняў, у тэксце многіх дакладаў шмат дробных памылак і хібаў, большасць з якіх застаецца на сумленні аўтараў, што прыслалі неахайны ці неадрэдагаваны матэрыял. Часам чытач можа сутыкнуцца з адкрытай непісьменнасцю, як напрыклад: больш часта стустракаючыяся … значэнні (62); этнадыфірынцыруючых прыкмет (67) — і гэтак піша кандыдатка навук з НАНБ! І пра што — пра шанаванне роднай мовы! Але ў цэлым зборнік атрымаўся цікавы. Ён бу­дзе карысны перш за ўсё тым, хто даследуе этнанацыянальныя працэсы ў славянскім свеце і сацыялінгвістычныя аспекты функцыянавання і ўзаемадзеяння славянскіх моў.

Ігар Клімаў

Мінск

Наверх

Błaszczyk, Grzegorz. Litwa na przełomie średniowiecza i nowożytności (Валеры Пазнякоў)

Снежня 9, 2001 |


Błaszczyk, Grzegorz. Litwa na przełomie średniowiecza i nowożytności 1492—1569. Poznań, 2002. 336 s., mapy.

Пазнанскі даследчык Гжэгаж Блашчык добра вядомы ў Беларусі сваімі даследаваннямі ў галіне гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, асабліва яго паўночна–заходняй часткі — Жамойці. Апошняя вялікая праца гісторыка — абагульняючы нарыс (сінтэза) па гісторыі ВКЛ ад пачатку княжання Аляксандра I да Люблінскай уніі, якая, як адзначае аўтар, паўстала з адпаведнага раздзела планаванага сінтэтычнага нарыса гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, што рыхтаваўся пазнанскімі літуаністамі на чале з прафесарам Ежы Ахманьскім. З розных прычын нарыс не пабачыў свету, а свой раздзел у перапрацаваным выглядзе Г.Блашчык цяпер прадстаўляе чытачу. Гэта сапраўды абагульняючае даследаванне, якое з розных бакоў асвятляе гісторыю ВКЛ канца XV— сярэдзіны XVI ст. Адносна невялікія памеры прамежка часу, які абраў аўтар для разгляду, дазволілі яму многія з’явы асвятліць нават у дробных дэталях. З іншага боку, 70—80 гадоў для эпохі Сярэднявечча — задужа малы прамежак, каб многія з’явы грамадскага жыцця выявіліся ў дынаміцы свайго развіцця. Такім чынам, кніга Г.Блашчыка ў нечым уяўляе хранала­гічны зрэз ВКЛ. Не ўпэўнены, што да працы ў стылі „храналагічнага зрэзу“ цалкам пасуе выраз „сінтэтычнае даследаванне“. Кніга забяспечана вялі­кай бібліяграфіяй і 2 картамі.

Некалькі слоў вымагае сказаць назва кнігі. У загаловак трапіла слова „Літва“. Добра ведаючы захапленні Г.Блашчыка гісторыяй Літвы ў вузкім значэнні слова („Літва этнічная“, якая больш–менш супадае з тэрыторыяй сучаснай Літоўскай Рэспублікі), чытач можа чакаць ад аўтара асвятлення гісторыі менавіта гэтай, этнічнай Літвы. Да таго схіляе і выява на вокладцы — фрагмент старажытнай карты, што паказвае тэрыторыю менавіта этнічнай Літвы, з абрэзанымі абшарамі Беларусі і Ўкраіны (чаго ніколі б не зрабілі  даследчыкі з гэтых краін). У назву кнігі было б варта ўвесці поўную назву аб’екта даследавання — „Вялікае Княства Літоўскае“. Да таго, аўтар у многіх месцах некарэктна карыстаецца тэрмінам „Літва“, сустракаюцца дзіўныя фразы, як гэта: „Францішканцы мелі свае два кляштары ў паганскай Літве — у Вільні і Новагародку“.

Структуру даследавання лучаць храналагічны і тэматычны падыходы. Раздзел 1 прысвечаны разгляду палітыкі вялікага князя ВКЛ і караля Польшчы Аляксандра (1492—1506). Асаблівая ўвага тут аддадзена асвятленню зменаў ва ўладнай будове ВКЛ (дзейнасці Рады паноў, генэзісу сойма), дзвюм войнам Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—1494 і 1500—1503 г., заключэнню новых уній ВКЛ з Польскім каралеўствам.

Раздзел 2 асвятляе унутраную і знешнюю палітыку вялікіх князёў ВКЛ і каралёў Польшчы Жыгімонта Старога і Жыгімонта Аўгуста („жыгімонтавы часы“): новыя войны з Масквой (1507—1508, 1512—1522, 1534—1536 г.), адносіны з Крымам, Малдовай, Інфлянтамі, Нямецкім ордэнам, новыя змены ва ўладнай структуры ВКЛ, прыняцце Першага Статута, гаспадарчую рэформу („валочную памеру“), дзяржаўныя адносіны ВКЛ з Польскім каралеўствам, заключэнне Люблінскай уніі.

Трэці раздзел прысвечаны агульнай характарыстыцы ВКЛ, яе гаспадаркі і грамадства. Тут разглядаюцца тэрыторыя дзяржавы, яе межы, заселенасць, сельская гаспадарка (вёска, фальварак), гарады, Вільня як сталіца ВКЛ, магдэбургскае права, юрысдыкі, рамяство, рамесныя цэхі, гандаль, купецтва, саслоўі (шляхта, святарства, мяшчанства, сялянства, казацтва), этнічныя групы.

Апошні, чацвёрты раздзел кнігі прысвечаны разгляду канфесій і культуры ВКЛ: развіццю каталіцкага касцёла, палажэнню праваслаўнай царквы, пачатку Рэфармацыі, асаблівасцям рэлігійнай талерантнасці ў ВКЛ, праявам Рэнесансу ў розных галінах мастацтва. Нарэшце, тут разглядаюцца праблемы этнічнай самасвядомасці і моўнай сітуацыі ў ВКЛ.

Такім чынам, праца Г.Блашчыка — гэта сапраўды ўсебаковы разгляд Вялікага Княства Літоўскага на працягу хоць і невялікага, але вельмі істотнага перыяду ў яго гісторыі. Колькі слоў аўтар прысвяціў абгрунтаванню абраных гра­нічных гадоў. Першы з іх (1492) — гэта ўкняжанне вялікага князя Аляксандра, адметны тым, што пачаўся новы перыяд узброенага супрацьстаяння з Масквой, якое было цэнтральнай знешнепалітычнай праблемай ВКЛ усе наступныя стагоддзі. Другі гранічны год (1569) — гэта год падпісання Люблінскай уніі і з’яўлення ў Цэнтральна–Ўсходняй Еўропе найбольшай дзяржавы — Рэчы Паспалітай. Абраныя аўтарам храналагічныя межы працы цалкам абгрунтаваныя.

Ва „Уступе“ Г.Блашчык закрануў балючае і дасюль актуальнае пытанне пра этнічны характар ВКЛ і яго выяўленне ў тэрміналогіі гісторыкаў розных краін у ХIХ—ХХI ст. Як вядома, у Расійскай імперыі было пашырана вызначэнне ВКЛ як Літоўска–Рускай дзяржавы. З пачаткам ХХ ст. у беларускай гістарыяграфіі ўзнікла вызначэнне „Літоўска–Беларуская дзяржава“. Пасля з’явіліся азначэнні „Беларуска–Літоўская дзяржава“, „Беларуская дзяржава“, „Літоўска–Беларуска–Ўкраінская дзяржава“, „Літоўска–Ўкраінская дзяржава“. Літоўскія гісторыкі ўсіх часоў, натуральна, карыстаюцца тэрмінам „Літоўская дзяржава“. Са свайго боку, Г.Блашчык адразу адкінуў азначэнні ВКЛ, у якіх фігуруюць прыметнікі „беларуская“ і „ўкраін­ская“, бо, на яго пункт погляду, да 1569 г. беларусы і ўкраінцы як народы са сваёй асобнай самасвядомасцю яшчэ не сфармаваліся. З двух тэрмінаў — „Літоўска–Руская дзяржава“ і „Літоўская дзяржава“ — Г.Блашчык схіляецца да другога, бо ў ВКЛ літоўскі элемент відавочна дамінаваў палітычна. „Рускі“ элемент меў вагу ў этнічным плане, але гэта, на думку аўтара, больш адносіцца да грамадства, а не да дзяржавы. Як бачна, саму дзяржаву Г.Блашчык разглядае ў вузка палітычнай сферы, менавіта як палітычны механізм (гэтак разумелі яе і марксісты ў ХIХ ст. — „апарат гвалту“).  Калі ж само вызначэнне „дзяржава“ разглядаць шырэй, як пэўны сінонім грамадства, то, вядома, маюць правы на жыццё і іншыя этнічныя азначэнні ВКЛ.

Відавочны „літвацэнтрызм“ аўтара прыкметна адбіўся на змесце яго працы. Пры асвятленні падзей і з’яў у межах ВКЛ ён перш за ўсё звяртаецца да тэрыторыі этніч­най Літвы, пасля пераходзіць да беларускіх і ўкраінскіх зямель. Цікава пабудаваны падраздзелы з характарыстыкамі ўладароў ВКЛ — Аляксандра, Жыгімонта Старога, Жыгімонта Аўгуста, Боны. Перш за ўсё аўтар падае меркаванні пра пэўную асобу даўнейшых польскіх аўтараў, пасля — найноўшых, нарэшце, — літоўскіх гісторыкаў. Думкі беларускіх і ўкраінскіх гісторыкаў наогул не ўлічаны. Адзначана, што літоўскія аўтары часта называюць Жыгімонта Старога — Жыгімонтам II (а не Жыгімонтам I, як палякі) і, адпаведна, Жыгімонта Аўгуста — Жыгімонтам III. Так іх цяпер называюць і беларускія гісторыкі, але ў кнізе і гэта не адзначана. Пэўная абыякавасць да беларускай і ўкраінскай праблематыкі выявілася і ў адсутнасці біяграфічнага нарыса пра праваслаўную вялікую княгіню Алену Іванаўну, жонку Аляксандра. Яна была не такой энергічнай дзеячкай, як Бона, але ўсё ж значнай палітычнай фігурай, якая адыграла прыкметную ролю ў маскоўска–літоўскіх войнах канца XV— пачатку XVI ст.

Гэтым войнам у кнізе Г.Блашчыка адведзена належнае месца. Пярэчанне можа вызваць адзін важны момант. Ідучы за пэўнай традыцыяй, Г.Блашчык палічыў патрэбным занумараваць іх, такім чынам, на старонках кнігі прысутнічае апісанне пяці, з 1–й да 5–й, маскоўска–літоўскіх войнаў. Сцвярджаецца, што „з канца XV ст. пачаліся шматгадовыя войны паміж Масквой і Вялікім Княствам Літоўскім за панаванне на Русі“. Між тым, ваенныя сутычкі ВКЛ з Масквой пачаліся значна раней, і вяліся яны таксама за панаванне на Русі. ВКЛ намагалася дамінаваць над Масквой. Першы ўзброены канфлікт паміж імі — серыя паходаў на маскоўскія землі вялікага князя ВКЛ Альгерда ў 1378—1382 г. Гэтыя паходы ў сукупнасці як вайну вызначыў буйны расійскі гісторык–медыявіст Л.У.Чарапнін. Другая вайна паміж ВКЛ і Масквой — серыя ўзаемных буйных узброеных нападаў 1406—1408 г., што скончылася падпісаннем „вечнага міру“ на р. Угра. Такім чынам, на шырокай гістарычнай шкале вайна Масквы з ВКЛ 1492—1494 г. была не першай, а трэцяй.

Шмат увагі аддаў Г.Блашчык асобе каралевы польскай і вялікай княгіні літоўскай Боны. Гэта і зразумела, бо яна — адна з цэнтральных постацей у гісторыі Польшчы і ВКЛ разгляданага часу. Сярод іншага, аўтар палічыў па­трэбным адзначыць, што Бона садзейнічала наплыву вялі­кай колькасці палякаў на абшар Літвы, гэта значыць, прычынілася да пачатку паланізацыі ВКЛ. Г.Блашчык падкрэс­лівае, што „асаблівыя заслугі каралевы Боны заключаюцца ў яе дасягненнях у дзвюх сферах: грамадска–гаспадарчай і культурнай“. Што датычыць першых, то ў дачыненні да Беларусі яны не падлягаюць сумненню. Сапраўды, Бона пачала ў Беларусі валочную памеру, якая захапіла вялізныя абшары на яе захадзе і поўдні. Мусім удакладніць палажэнне Г.Блашчыка: уладанні Ягелонаў, прыватныя і дзяржаўныя, не ляжалі „галоўным чынам“ толькі ў двух рэгіёнах ВКЛ — на Палессі і ўздоўж заходняй дзяржаўнай мяжы ад Падляшша да Прыбалтыкі. Не менш вялізныя дзяржаўныя ўладанні ляжалі ўздоўж усходняй і паўночнай межаў ВКЛ — так званыя Падняпроўскія і Падзвінскія воласці. Да таго, Рагачоўская воласць — гэта не Палессе, а менавіта Падняпроўе. Г.Блашчык вылучае 3 этапы валочнай памеры: 1530–я г. — „дзейнасць каралевы Боны“, 1547—1566 г. (рэформа ў этнічнай Літве, на Жамойці, Падляшшы, у Заходняй і Цэнтральнай Беларусі, Заходняй Украіне) і канец XVI— сярэдзіна XVII ст. (Усходняя Беларусь). Відавочна, дзейнасць Боны не абмяжоўвалася  толькі 1530–мі гадамі, таму што і ў 2–м перыядзе валочнай памеры яна адыграла вельмі значную ролю. Характарыстыка вызначаных аўтарам перыядаў патрабуе большай дакладнасці.

Як і перад іншымі даследчыкамі, перад Г.Блашчыкам паўстала праблема аб ацэнцы заслуг Боны ў сферы гаспадаркі. Адразу ацэньваючы яе дзейнасць вельмі высока, Г.Блашчык вымушаны пасля адзначыць і негатыўныя бакі гаспадарання Боны. Для сваіх разлеглых маёнткаў яна дамаглася статуса прыватных, гэта значыць, вольных ад дзяржаўных падаткаў. А дзяржаве грошы былі вельмі патрэбныя, у тым ліку на войны з Масквой. Да таго, атрыманыя са сваіх уладанняў прыбыткі Бона вывезла ў Італію. На думку аўтара, у выніку аграрнай рэформы эксплуатацыя сялян вырасла, як выраслі і прыбыткі дзяржаўнага скарбу (больш чым у 4 разы). Аднак пры агульнай ацэнцы рэформы Г.Блашчык упэўнены, што яна была пазітыўнай.

Да заслуг Боны можна залічыць і пракладку каналаў. У Заходнім Палессі дасюль захаваўся Канал Боны; магчыма, яна паклала пачатак меліярацыі тых зямель (гэтыя факты ў кнізе Г.Блашчыка не адзначаны, ды і ў беларускай гістарыяграфіі не распрацаваныя).

Аўтар адзначае вялікія заслугі Боны ў развіцці культуры: яна калекцыянавала карціны, габелены, ювелірныя вырабы, антыкі; закладала паркі („італьянскія сады“); была апякункай пісьменнікаў — Анджэя Кшыцкага, Яна Дантышка, Мікалая Рэя, магчыма, Міколы Гусоўскага. Г.Блашчык адзначае яе намаганні ў перабудове каралеўскіх палацаў у Вільні і Гародні, а таксама гарадзенскага фарнага касцёла. Што маецца на ўвазе ў апошнім выпадку, аўтарам не раскрываецца. Той мураваны фарны касцёл, які замяніў сабой драўляны, быў пабудаваны ў самым канцы XVI ст., значна пазней часоў Боны. Дарэчы, Г.Блашчык не прывёў ніводнага выпадку фундацыі Бонай якога–небудзь касцёла, шпіталя ці школы на Беларусі. Выглядае на тое, што добрая каралева Бона разглядала Беларусь выключна як крыніцу даходаў. Што ж, за грамадскі прагрэс заўсёды трэба было плаціць, і Беларусь заплаціла спаўна.

Належную ўвагу аўтар кнігі аддаў разгляду фальваркаў — аднаму з асноўных элементаў новага эканамічнага парадку. Падкрэсліваецца ранняе паходжанне фальварка, які, пэўна, старэйшы за валочную памеру. Як першае ўпамінанне фальварка ў ВКЛ прымаецца звестка з 1450 г. (маёнтак Менедыкаўскі ў Новагародскім павеце). Са­праўды, такая інфармацыя існуе. Але яна досыць заблытаная. Арыгінал адпаведнага дакумента напісаны па–лацінску і апублі­каваны[1]. Маёнтак там названы, канешне, не нямецкім словам „фальварак“, а лацінскім „curia“ (двор). Да таго, у 1602 г. новагародскі суд прызнаў дакумент 1450 г. фальшывым[2]. Выглядае, што звестка пра фальварак у 1450 г. — вынік непаразумення, пазнейшага недакладнага перакладу лацінскага тэксту. Перад гісторыкамі застаецца задача пошуку сапраўды найстаражытнейшых звестак пра фальваркі ў Беларусі і ВКЛ.

Вялікую цікавасць уяўляюць раздзелы працы Г.Блашчыка пра рэлігію і культуру ВКЛ у 1492—1569 г. Сапраўды, звестак пра многія бакі рэлігійнага і культурнага жыцця ў ВКЛ захавалася не вельмі многа. Часта інфармацыя проста фрагментарная. Многія адшуканыя аўтарам звесткі унікальныя і ўяўляюць значную навуковую каштоўнасць (пра школы, шпіталі і г.д.). На жаль, беларускія матэрыялы прыцягнуты аўтарам у другую чаргу; у цэнтры яго ўвагі зноў застаецца этнічная Літва. Сцвярджаецца нават, што казаць пра беларускую культуру да 1569 г. — гэта пэўнае злоўжыванне і спрашчэнне, што вынікае з аўтарскага тэзіса пра адсутнасць у тыя часы беларускай этнічнай самасвядомасці.

Культура ў Беларусі, між тым, развівалася. Толькі сведчаць пра яе зусім не археалагічныя знаходкі „прылад для навучання пісьму“. Можна здагадацца, што аўтар мае на ўвазе пісалы — прылады для пісьма на вошчаных дошчачках. Але яны датуюцца ХI—ХIII ст., гэта значыць, нашмат ранейшым часам, чым разгляданы ў кнізе. Яшчэ некалькі дробных заўваг. Францішканцы асталяваліся ў Пінску значна раней, чым падае аўтар (1440 г.), бо вядомы фундуш на заснаванне кляштара яшчэ князем Жыгімонтам Кейстутавічам у 1396 г[3]. Што датычыць шпіталяў, то, паводле некаторых звестак, упершыню на Беларусі яны адзначаны ў 1495 і 1503 г. у Бярэсці, у 1508 г. — у Зэльве, у 1513 г. — у Менску, у 1516 г. — у Мазыры[4]. Касцёлы ў Новым Свержані і Клецку, якія, на думку Г.Блашчыка, адносяцца да „беларускай готыкі“, па праўдзе збудаваныя ўжо па–за храналагічнымі межамі разгляданага твора, бо паўсталі ў канцы XVI ст. дзякуючы намаганням вядомага італьянскага архітэктара Джавані Марыя Бернардоні, заснавальніка барока ў Рэчы Паспалітай; гатычных рыс у іх няшмат[5]. Што датычыць касцёла ў Чарнаўчыцах, то той, не зважаючы на больш выразныя гатычныя рысы, таксама не ўпісваецца ў храналагічныя рамкі агляду Г.Блашчыка, бо змураваны ў канцы XVI— пачатку XVII ст.6.

Падобныя заўвагі можна зрабіць і наконт пералічаных Г.Блашчыкам бастыёнавых замкаў Беларусі ў Заслаўі, Нясвіжы, Ляхавічах, Кароліне. Самы ранні з іх, Нясвіжскі, таксама паходзіць з канца XVI ст. і ёсць творам Бернардоні. Што датычыць Мядзела з яго замкам, то ён знахо­дзіцца, вядома ж, на паўночны захад ад Мінска, а не на паўднёвы ўсход, як напісана ў рэцэнзаванай працы.

Увогуле, праца Г.Блашчыка — адна з самых удалых спроб накрэсліць нарыс Вялікага Княства Літоўскага, хай сабе і на даволі абмежаваным храналагічным адрэзку. Калі яго твор атрымае працяг, гэта будзе важкім крокам да стварэння ўсёабдымнай сінтэзы ВКЛ, якой дасюль не існуе. На жаль, планаваная пазнанская сінтэза не выйшла з друку. Не выйшла даўней планаваная праца „Беларусь у складзе Вялікага Княства Літоўскага“. Між тым патрэба ў абагульняльных нарысах Вялікага Княства Літоўскага ўсё больш расце.

Валеры Пазнякоў

Мінск


[1] Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. Kraków, 1948. T. 1. S. 223—224.
[2] Копысский З.Ю. Источниковедение аграрной истории Белоруссии. Минск, 1978. С. 71.
[3] Описание рукописного отделения Виленской публичной библиотеки. Вып. 2. Вильна, 1897.
[4] Грицкевич В.П. С факелом Гиппократа: Из истории белорусской медицины. Минск, 1987. С. 57—58.
[5] Bernatowicz T. Miles christianus et peregrinus. Fundacje Mikołaja Radzwiłła „Sierotki“ w ordynacji nieświeskiej. Warszawa, 1998.

Наверх

Turonek, Jerzy. Książka białoruska w II Rzeczy­pospolitej (1921—1939); Туронак, Юры. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (Юрась Лаўрык)

Снежня 5, 2001 |

Turonek, Jerzy. Książka białoruska w II Rzeczy­pospolitej (1921—1939) / Instytut Sławistyki PAN. Warszawa, 2000. 79 s.;

Туронак, Юры. Беларуская кніга пад нямецкім кантролем (1939–1944). Мінск, 2002. 142 с. (Б–ка часопіса БГА, Серыя «Матэрыялы да беларускай гісторыі»).

Дзве новыя працы беларускага гісторыка з Польшчы Юрыя Туронка, прысвечаныя гісторыі кнігі найноўшага перыяду, асвятляюць тэмы, якія дагэтуль былі вельмі мала даследаваны, i не непасрэдна ў бібліялагічным плане, а хутчэй y сувязі з іншымі дысцыплінамі. Аўтар, стала жывучы ў Польшчы, мае пэўную перавагу перад навукоўцамі з Беларусі ў магчымасцях доступу як да саміх выданняў, якія ён вывучае (асабліва гэта датычыць заходнебеларускіх), так i да звязаных з імі матэрыялаў. Напэўна гэта, а таксама яго прафесійныя якасці гісторыка дазволілі Туронку стварыць два выключныя па сваім характары даследаванні i закласці падмурак гістарыяграфіі названых тэмаў.

Першая праца прысвечана гісторыі беларускай кнігі ў міжваеннай Польшчы. Адна з падставовых задачаў аўтара — складанне магчыма поўнага каталогу беларускіх выданняў y II Рэчы Паспалітай, што i было выканана. Гэты каталог, пададзены ў Aneksie напрыканцы кнігі, прадстаўляе 446 пазіцый (складальнік, аднак, не ўлічвае календары, улёткі, выданні, меншыя аб’ёмам за 4 старонкі, выдавецкія каталогі i да т.п.). Кнігі i брашуры размешчаны паводле года выдання i з указаннем падставовых характарыстык: аўтара, загалоўка, выкарыстанага алфавіта, жанравае прыналежнасці, выдавецтва і друкарні, аб’ёму i накладу.

Асноўны тэкст кнігі складае апісанне беларускага кнігавыдавецтва ў міжваеннай Польшчы як з’явы, з паданнем выдаўнічага i тэматычнага аналізу публікаванае літаратуры. Гісторыя беларускай кнігі паказана дынамічна, y сваім развіцці i ў лагічнай сувязі са зменнай палітыкай польскага ўраду ў адносінах да беларускае нацменшасці; шмат увагі аддадзена канфіскацыям накладаў, чаму ўласна прысвечаны асобны раздзел. Несумненнай заслугай аўтара трэба лічыць тое, што ён не толькі звярнуў адмысловую ўвагу на колькасць выдаваных асобнікаў, але і знайшоў спосаб вызначыць яе для вялікага шэрагу выданняў (наклад з’яўляецца, бадай, найскладанейшай для вывучэння характарыстыкай кнігі ў большасці перыядаў ейнае гісторыі).

Д–р Туронак дапаўняе свой тэкст паказаннем фактаграфічнага матэрыялу ў форме табліцаў, што, безумоўна, да­зваляе падаць матэрыял y сціслай і, разам з тым, больш «празрыстай» форме. Аднак y такім падыходзе часам крыецца небяспека разбежнасці паміж тэкстам i табліцамі, асабліва калі апошнія складаліся не ў адзін час з пісаннем кнігі. На жаль, гэтае небяспекі не ўнікнуў i спадар Туронак, i ў яго падобныя разбежнасці можна сустрэць некалькі разоў. Як прыклад прывяду крыптанім кс. Яна Семашкевіча «J.S.», які Туронак y табліцы псеўданімаў і крыптанімаў не падае, хоць, несумненна, ведае, бо на с.35 сярод іншых выданняў Семашкевіча пералічае i перакладзены ім Rużaniec Najśviaciejśaj Dziewy Мarуі, які быў менавіта так падпісаны.

Яшчэ адна рэч, якую можна закінуць рэцэнзаванай кнізе (тым разам, аднак, ужо не ейнаму аўтару, a выдаўцам) — гэта часам сустраканая друкарская нядбаласць выдання. У шэрагу месцаў (пр., на с.18) неапраўдана ўжыты розныя памеры шрыфту: абзац пачынаецца адным шрыфтам, a праз некалькі радкоў, часам нават пры пераносе слова, працягваецца буйнейшым. У некалькіх месцах таксама (25, 38) замест паслядоўных парадкавых нумароў y дачыненні да розных катэгорый літаратуры прастаўлены толькі рымскія адзінкі.

У цэлым жа кніга пакідае вельмі станоўчае ўражанне. Хацелася б бачыць яе выдадзенай па–беларуску з увагі як яе неаспрэчнай навуковай каштоўнасці, так i дзеля таго, каб яна служыла ўзорам, як пішуцца «традыцыйныя» працы ў галіне бібліялогіі.

Для другой працы даследчыку ўдалося знайсці нетрадыцыйную і вельмі ўдалую назву: тытулам канкрэтна i дакладна паведамляецца, пра што напісана кніга (тое, што не вельмі характэрна для назваў беларускіх навуковых выданняў апошняга часу).

Сама кніга напісана даволі жыва, чым розніцца ад сухога, «акадэмічнага» стылю папярэдняга даследавання. Відавочна, яна ад пачатку рыхтавалася для больш шырокага чытача; ёсць ілюстрацыі i біяграмы дзеячоў кнігадруку, a табліцы зведзены да мінімуму. Жывасць аповеду, аднак, ніякім чынам не адбіваецца на навуковым узроўні: матэрыял пададзены лагічна i дакладна, з паказаннем крыніцаў інфармацыі. Часам аўтар, не маючы пэўных дадзеных пра тыя ці іншыя характарыстыкі даследаванага выдання, спрабуе ix «пралічыць», абапіраючыся на ўнутраную i знешнюю крытыку тэксту (напрыклад, на с.23), — і робіць гэта абгрунтавана i пераканаўча. А такі аналіз, трэба адзначыць, вымагае немалога ведання як палітычнае гісторыі Еўропы ў цэлым, так i тагачаснае кніжнае справы ў прыватнасці.

На жаль, аднак, i ў гэтай кнізе часам сустракаюцца пэўныя недакладнасці, хай, можа, i не заўсёды звязаныя з галоўнай тэмай. Напрыклад, словы Туронка  ва Ўступе, што ён купіў усю кніжную калекцыю Пятра Ластаўкі, «блізу 20 беларускіх кніг», могуць ўвесці ў зман будучых даследчыкаў гісторыі беларускіх бібліятэк. Бо, напрыклад, толькі ў лонданскай Скарынаўскай Бібліятэцы захоўваецца, прынамсі, з дзесятак кніжак са збору варшаўскага бібліяфіла, a на адной з ix (акурат, на асобніку Як правільна гаварыць і пісаць пабеларуску, Прага, 1941), побач з подпісам Ластаўкі, знаходзіцца надпіс ягонай жа рукой: «Nr катал. 117», які сведчыць, што выданняў y калекцыі было прынамсі не менш за гэтую лічбу.

Інфармацыю, пададзеную ва ўспамінах Язэпа Найдзюка пра Беларускую друкарню імя Францішка Скарыны, варта было б узгадніць са звесткамі ў мемуарах іншых працаўнікоў друкарні (напрыклад, Янкі Багдановіча), што дазволіла б пазбегнуць некаторых прыкрых хібаў y біяграмах. Дарэчы, пры чытанні біяграмаў y мяне нярэдка з’яўлялася вялікае жаданне ix дапоўніць. Я разумею, што аўтар адмыслова выбраў кароткую форму, падаючы толькі асноўныя факты біяграфіяў, але, з другога боку, хіба тое, напрыклад, што ксёндз Адам Станкевіч быў адным са стваральнікаў Друкарні ім. Францішка Скарыны i Беларускага Каталіцкага Выдавецтва, фактычна заснавальнікам i рэдактарам віленскай Крыніцы, да такіх фактаў не належыць? Не маю найменшага сумнення, што д–р Туронак гэта ўсё ведае, але чаму б было не падзяліцца сваёй ведай з чытачом?

Яшчэ адзін негатыўны момант — гэта непаслядоўнае паданне інфармацыі пра месцазнаходжанне кніг. Бо ў некаторых выпадках аўтар пазначае ўсе вядомыя яму месцы захавання, як, напрыклад, пры апісанні 10–й пазіцыі каталога (Верес У. Шляхам барацьбы Беларусі з Масквой): «Месца захавання — НАРБ, калекцыя аўтара»; тады як y іншых выпадках пададзена толькі месцазнаходжанне асобніка, з якім аўтар працаваў, як гэта, напрыклад, відаць з апісання пазіцыі 1 (Аляхновіч Ф. Круці, ня круці — трэба памярці), дзе паказана толькі, што кніга захоўваецца ў БДАЛіМ, хоць яна, зноў жа, ёсць i ў лонданскай Скарынаўцы. Д–ру Туронку, які быў y кантакце з ББФС, варта было б звярнуць увагу на такога роду інфармацыю.

На заканчэнне хацелася б яшчэ раз падкрэсліць, што мая крытыка не змяншае вартасці аналізаваных працаў i датычыць, пераважна, момантаў другасных. Зазначаю гэта адмыслова, бо рэцэнзаваныя кнігі з’яўляюцца сапраўды значным дасягненнем беларускага гістарычнага кнігазнаўства i вартасць абедзвюх яўна перавышае тыя недахопы, якія ў ix можна адшукаць. Маю смеласць спадзявацца, што мае заўвагі, як i заўвагі іншых рэцэнзентаў (гл. беластоцкую Ніву №12 за 25.03.01), будуць улічаны пры далейшых перавыданнях. Згадайма таксама, што доктару Ю.Туронку належаць навуковыя публікацыі па іншых перыядах новай i найноўшай гісторыі беларускай кнігі; перакладзеныя на беларускую мову ды выдадзеныя пад адной вокладкай разам з разгляданымі вышэй працамі, яны б склалі цэласнае даследаванне ды маглі б стаць важнай дапамогай як для навукоўцаў, так і для выкладчыкаў i студэнтаў.

Юрась Лаўрык

Лондан

Андрэй Партноў. Саветызацыя гістарычнай навукі ў Украіне і Беларусі

Снежня 20, 2000 |

Саветызацыя гістарычнай навукі ў Украіне і Беларусі
(некаторыя канцэптуальныя меркаванні)

Пра складанасць разгляданай тэмы найлепш сведчыць сукупнасць прац, ужо напісаных з гэтай нагоды. Гэтым працам часта бракуе даследчага такту, смеласці. Да таго ж, гістарычная навука агулам засвоіла канцэпцыю савецкага таталітарызму, паводле якога грамадства было не больш чым пасіўным аб’ектам усёмагутнай дзяржавы[1]. Следства такой устаноўкі — звядзенне праблемы да разгляду палітычных рэпрэсій або неапраўдана спрошчанага сцвярджэння пра ненавуковы характар усіх гістарычных прац, што з’явіліся ва Ўкраіне з другой паловы 1940-х да канца 1980 г.[2] Гэткія тэзісы грунтуюцца на разуменні саветызацыі як працэсу, што завяршыўся ў 1930—40 г., пасля чаго быццам існавала уніфікаваная пакораная гістарыяграфія. Насамрэч гэтак званая савецкая гістарыяграфія не была аднастайнаю[3], побач з прапагандысцкімі выходзілі адмысловыя навуковыя працы, часта створаныя ва ўмовах балючага кампрамісу з сістэмаю.

Канцэпцыя гэтага артыкула грунтуецца на прапанаваным С.Eкельчыкам разуменні дзяржаўнай палітыкі СССР як дыялогу з грамадствам, з рэпрэсаваным, прыгнечаным, але не знішчаным апазіцыйным дыскурсам[4], які пры кожнай нагодзе выяўляў сябе — у смелых выступах асобных вучоных, свядомым падыходзе іншых да археаграфіі і медыявістыкі, намаганні сказаць бадай «напаўпраўду» ў падцэнзурных публікацыях. Мяркую, што саветызацыя навукі працягвалася да апошніх дзён савецкай улады (а з-за інерцыі і пазней), але не была дастаткова паспяховаю, татальнаю, хоць і мела велізарны ўплыў на вучоных.

Адсюль вынікаюць дзве тэзы. Па-першае, падаецца дарэчным адрозненне падсавецкіх і савецкіх гісторыкаў, зыходзячы з іх стаўлення да панавальнай сістэмы. Гэткае адрозненне мае, перш за ўсё, навукова-пазнавальны, а не выкрывальніцкі характар, хоць не сакрэт, што тып гісторыка-партый ца, які жадаў партыйнага кіраўніцтва, адчуваў сябе без яго ніякавата, усё-такі быў створаны[5]. Па-другое, увагі даследчыкаў заслугоўваюць такія праблемы, як стыль мыслення гісторыкаў, формы суіснавання вучоных і рэжыму, спосабы адаптацыі да яго патрабаванняў, аналіз стылістыкі іх прац з увагаю да словаўжытку, метафар і стэрэатыпаў, стварэнне «новамовы» савецкай навукі і намаганні вучоных змагацца з стандартызацыяй стылю і г.д.

Гэты тэкст змяшчае толькі папярэднія меркаванні, вынік вывучэння аўтарам гістарыяграфічных працэсаў у Савецкай Украіне з далучэннем для параўнальнага аналізу беларускага матэрыялу. Гіпатэтычнасць і правакацыйнасць асобных сцвярджэнняў свядома разлічаны на крытыку.

***

Некалькі словаў пра зробленае папярэднімі даследчыкамі ў вывучэнні пытання. Першыя публікацыі пра саветызацыю ўкраінскай гістарыяграфіі выходзяць з-пад пяра гісторыкаў -эмігрантаў, якія перажылі гэтыя працэсы, а пад час другой сусветнай вайны выехалі на Захад[6]. Увогуле, яны характары завалі 1920-я г. як час акадэмічнай свабоды, вольнага развіцця навуковай думкі, канец якому быў пакладзены ў 1930-я — час жорсткіх фізічных рэпрэсій. Пры гэтым у часы хрушчоўскай «адлігі» былі пашыраны спадзяванні на аздараўленне падсавецкай навукі, якія згаслі пад час новых уціскаў пары «застою»[7]. Сярод беларускіх гісторыкаў-эмігрантаў гэтае пытанне вывучаў Павал Урбан, які ў працы «Смена тенденций в советской историографии» падаў узважаны аналіз зменаў партыйнай лініі адносна навукі, абгрунтоўваючы тэзіс, што «лібералізацыя заўжды праводзілася па ўказках зверху»[8] . Яму ж належыць беларускамоўная публікацыя з той самай тэмы, што адрозніваецца вострым публіцыстычным стылем[9].

Вартыя ўвагі англамоўныя кніжкі, што датычацца пераважна расійскай гістарычнай навукі і маюць характар дакладнай хронікі[10], сінтэтычных[11], аналітычных[12] даследаванняў, ды публікацыі польскіх гісторыкаў[13]. Украінскія вучоныя з дыяспары ўважліва сачылі за працамі сваіх падсавецкіх калег. Апрача чыста інфармацыйных[14] з’яўляліся крытычна-аглядныя[15] працы, нават існавала спецыяльнае выданне «Recenzja», дзе рэцэнзаваліся выключна працы, выдадзеныя ў Савецкай Украіне.

Што ж да ўкраінскай і беларускай «мацерыковых» гістарыяграфій, то першыя публікацыі з крытычнай рэвізіяй спадчыны савецкай навукі пачалі з’яўляцца на пачатку 1990-х[16]. З гэтай тэмы паступова было знята табу маўчання, але канцэптуальных яе распрацовак з’явілася няшмат (да таго ж, яны пераважна выходзяць з-пад пяра заходніх даследчыкаў — Райнэра Лінднэра[17], Рыгора Грабовіча[18] і інш.). Увогуле ж, тэрміналагічная нявызначанасць, несвядомыя і свядомыя маніпуляцыі фактамі, страх пісаць шчыра і прынцыпова і надалей характарызуюць гістарычныя публікацыі з разгляданай тэмы.

1. Што такое савецкая гістарыяграфія?

1917 год быў сакральнаю датаю для савецкай навукі: гісторыя жорстка падзялілася на «да- і паслярэвалюцыйную». Таму і паняцце «савецкая гістарыяграфія» ахоплівае ўсе гістарычныя працы, што надрукаваны з 1917 да 1991 г. (нягледзячы на тое, што ў першыя паслярэвалюцыйныя дзесяцігоддзі выходзіла шмат даследаванняў, якія былі напісаныя яшчэ да рэвалюцыі — у прыватнасці, працы А.Яфіменкі, А.Праснякова і інш.).

Абгрунтаваным падаецца метадалагічны крытэр, але не трэба спяшацца з акрэсленнем савецкіх гістарычных прац як «марксісцкіх». Ю.Афанасьеў слушна падкрэслівае, што савецкая гістарычнaя навука была навукова-палітычным феноменам, арганічнаю часткаю таталітарнай сістэмы і, адначасова, інструментам дзяржаўнай палітыкі[19]. Яе сацыяльная функцыя палягала ў выхаванні «савецкага чалавека» — будаўніка камунізму, у адпаведнасці з якім гісторыкі павінны былі як выкрываць «фальсіфікацыі» мінулага, так і ўсхваляць дасягненні сацыялізму.

Тэарэтычнаю падставаю савецкай гістарыяграфіі быў так званы марксізм-ленінізм — адно з прачытанняў марксізму, найважнейшыя тэзісы якога: разуменне гістарычнага працэсу як заканамернага і няўхільнага набліжэння камунізму; просталінейнае ўяўленне пра стадыйны (фармацыйны) характар грамадска-гістарычнай эвалюцыі; класавая барацьба як рухальная сіла гістарычнага працэсу; жорсткая залежнасць свядомасці ад сацыяльных фактараў (адсюль магчымасць падзяляць усе філасофскія ідэі, літаратурныя і навуковыя творы на «прагрэсіўныя» і «рэакцыйныя»)[20].

Але для савецкай гістарыяграфіі вызначальнымі былі не гэтыя ідэалагічныя ўстаноўкі, а партыйныя дырэктывы. Ключом да высвятлення прыроды апошніх можа служыць тэзіс А.Івіна пра разуменне бальшавікамі мінулага як абгрунтавання і апраўдання сучаснасці, у адпаведнасці з чым са зменаю партыйнай лініі змянялася і мінулае[21]. Так, «Вялікая савецкая энцыклапедыя», выдадзеная ў 1936 г., адзначала, што Б.Хмяльніцкі ў казацкай рэвалюцыі, якую ён узначальваў, «адыграў ролю здрадніка і лютага ворага паўсталых казацка-сялянскіх мас», бо «спрыяў замацаванню каланіяльнага панавання Расіі над Украінаю»[22], а менш чым праз 10 гадоў гетман ужо выступае «самаадданым барацьбітом за ўз’яднанне». Пры гэтым спроба Міхайлы Брайчэўскага раскрытыкаваць канцэпцыю «ўз’яднання» з чыста марксісцкіх пазіцый[23] была кваліфікавана як дысідэнцтва, а сам вучоны пацярпеў за сваю смеласць.

Савецкая «навука» не спынілася і перад выкрыўленнем гістарычных фактаў. Сцвярджалася, што Петрыка — лідэра антыгетманскага паўстання — забіў агент І.Мазепы (насамрэч Петрык перажыў старога гетмана і памёр сваёй смерцю), што Ўкраінская Акадэмія навук была заснавана бальшавікамі (насамрэч — Паўлам Скарападскім пад час існавання незалежнай Украінскай Дзяржавы), шляхціч Іван Богун-Федаровіч быў пераўтвораны ў сялянскага сына і г.д. У гісторыі Беларусі расійскую экспансію 1654—1667 г. трактавалі як «вызвален не» гэтых земляў, а сацыяльную гісторыю беларусаў звялі да гісторыі сялянства.

У эвалюцыі савецкага «марксізму-ленінізму» можна вылучыць некалькі этапаў:

1920—1930-я г. — час суіснавання «марксісцкай» і «буржуазнай» навукі, калі марксізм яшчэ не быў дагматызаваны і выклікаў шчырую зацікаўленасць вучоных, якія займаліся сацыяльна-эканамічнай гісторыяй[24];

1930—1940-я г. — паступовая дагматызацыя марксізму -ленінізму (звязаная з зацвярджэннем сталінскага таталітар нага рэжыму), арганічна злучаная з расійскім нацыяналізмам у трактаванні мінулага. «Патрыятызацыя» гісторыі была прыродным адлюстраваннем змены партыйнай лініі — калі арыентацыі на сусветную рэвалюцыю адпавядала «інтэрнацыяна лістычная» ўстаноўка на паказ Расійскай імперыі як турмы народаў, то канцэпцыя сацыялізму ў асобна ўзятай і максімальна цэнтралізаванай краіне выклікала карэнныя змены ў бок праслаўлення расійскага мінулага[25] (якія ўсталяваліся пад час і пасля завяршэння другой сусветнай вайны).

1950—1980-я г. — панаванне дагматызаванага марксізму і, адначасова, напаўпрыхаваныя праявы акадэмічнай апазіцыі да яго, выкарыстанне тэзаў класікаў ці для выключна вонкавага аздаблення працы, ці для пацвярджэння ўласных смелых гіпотэз[26]. Тут трэба зазначыць, што межы акадэмічнай свабоды расійскіх гісторыкаў і вучоных нацыянальных рэспублік істотна адрозніваліся не на карысць апошніх. А асобныя дысцыпліны — усходазнаўства, візантыстыка, гістарычна-культуралагічныя даследаванні — былі манапалізаваныя сталічнымі навукоўцамі.

2. Рысы савецкай гістарычнай прадукцыі

1) Цытатна-ілюстрацыйны спосаб выкладання матэрыялу, «гістарыяграфічны прапагандызм» (выраз Н.Якавенкі), заняпад крыніцазнаўчай культуры даследаванняў. Варта прывесці прыклады кампрамісаў, на якія даводзілася ісці, выдаючы нават салідныя зборнікі дакументаў — І.Крып’якевіч ды І.Буціч, рыхтуючы да друку «Документи Богдана Хмельниць кого» (1961), мусілі ўключыць лісты гетмана да турэцкага султана і крымскага хана ў раздзел «Сумнеўныя дакументы»[27], са зборніка «Першодрукар Іван Федоров та його послідовники на Україні» (1975) былі выкраслены 5 актаў з Луцкіх гарадскіх кніг, якія выяўлялі Фёдарава як кіраўніка збройных сутычак паміж варожымі групамі сялянаў, што быццам кампраметава ла першадрукара[28], ва ўсіх дакументах зборніка «Класова боротьба селянства Східної Галичини» (1974) слова «жыд» было заменена на «карчмар»[29].

2) Ваяўнічая тэрміналогія, запазычаная з пісанняў бальшавіцкіх лідэраў. У сумнавядомым лісце да рэдакцыі «Пралетарскай праўды» «О некоторых вопросах истории большевизма» (1931) І.Сталін адзначыў: «Разве не ясно, что Слуцкий просто клевещет на Ленина, на большевиков», бо «никто не смеет отрицать» ісціннасць словаў правадыра. Выраз «разве не ясно» паўтораны ў артыкуле Сталіна яшчэ 4 разы, а аб’ект крытыкі — даследаванні Слуцкага — ахарактарызаваны ім як «галиматья», «жульническое крючкотворство», «троцкистский хлам»[30]. Сталінскі стыль старанна капіяваўся і ўважаўся ўзорам навуковасці, між тым не Сталін яго вынайшаў. Без заглыблення ў гістарычныя экскурсы (працы расійскіх «рэвалюцыянераў-дэмакратаў» ХIХ ст.) адзначу, што Ленін у артыкуле «О значении воинствующего материализма» (1922) ахарактарызаваў вядомых вучоных Р.Віпера і П.Сарокіна як «идейных рабов буржуазии», «современных крепостников, прикрывающихся, конечно, мантией учености»[31]. У 1921 г. лідэр бальшавікоў з нагоды кнігі С.Маслова «Крестьянское хозяйство» выказаўся так: «насквозь буржуазная пакостная книжонка»[32].

3) Росквіт калектыўных даследаванняў, паступовая уніфікацыя навуковага стылю, калі адрозніць аднаго аўтара ад іншага стала амаль немагчыма, а паняцце «творчасці» неяк не пасавала навуковай працы (можа, таму і адрознівалі «навуковую» і «творчую» інтэлігенцыю). Акрамя гэтага, у рэспубліках праводзілася палітыка максімальнага набліжэння нацыянальных моваў да расійскай. У прыватнасці, украінская і беларуская мовы, пазбаўленыя шматлікіх «нацыяналістычных» словаў, збяднелі лексічна і фразеалагічна, былі арыентаваны не на прадукаван не новых, а на трансляцыю ўжо гатовых думак[33]

4) Стварэнне навуковых аўтарытэтаў («вядучых спецыялістаў»), якія фактычна манапалізавалі распрацоўку пэўнай тэмы (для адпаведных перыядаў гісторыі такімі аўтарытэтамі былі Б.Грэкаў, М.Ціхаміраў, Л.Чэрапнін, Н.Дружынін, М.Нечкіна, А.Сідараў, Б.Рыбакоў). Як адзначае Н.Ілерыцкая, «гісторыкам заставалася толькі падзяліцца паводле праблемна-хра налагічнага прынцыпу і згуртавацца вакол найбольш уплывовых фігур…, якія цалкам кантралявалі распрацоўку той або іншай тэмы»[34].

5) Знішчэнне рэцэнзійнага жанру, культуры навуковай дыскусіі.

Хачу яшчэ раз падкрэсліць, што вызначальнаю рысаю савецкай гістарыяграфіі была дзяржаўна-палітычныя дэтэрмінаванасць яе развіцця (адсюль — і планавасць даследаванняў, і таталітарны інстытут ВАКа, і безліч табуяваных тэмаў, імёнаў, дакументаў).

Такім чынам, насаджэнне гістарыяграфічнай практыцы комплексу пералічаных адзнак і ёсць працэс саветызацыі гістарычный навукі. Працэс, што меў на мэце знішчэнне творчасці, самастойнага мыслення. А супрацьдзеянне саветызацыі было заўжды праяваю індывідуальнасці даследчыка, якая супрацьстаяла сістэме, што самаўпэўнена прамаўляла ад імені «мы».

3. Украінскі і беларускі варыянты саветызацыі

Як украінская, так і беларуская гістарыяграфія ў 1920-х г. мелі акадэмічную свабоду і выразны нацыянальны характар, што заахвочвалася палітыкаю «карэнізацыі». Але тая свабода была часовай, бо ўзмацненне савецкай улады суправаджалася ўзмацненнем увагі да гістарычнай навукі. Спачатку — да найноўшай пары, гісторыі рэвалюцыі і бальшавіцкай партыі[35]. У далейшым — прыйшоў час мэтанакіраванага знішчэння нацыянальнай інтэлігенцыі, пачатага працэсамі над «Суполкаю вызвалення Ўкраіны» і «Саюзам вызвалення Беларусі» (1930)[36] і падсумаванага стварэннем падкантрольных партыі Інстытута гісторыі Ўкраіны (1936) і Інстытута гісторыі Беларусі (1936).

Нават у часы, калі ўласная думка і асабістая годнасць маглі каштаваць чалавеку жыцця, паводзіны вучоных у таталітарным грамадстве былі рознымі. Можна вызначыць некалькі формаў:

1) пазіцыя нейтралітэту — адмова ад актыўнай публікацыі сваіх даследаванняў або адыход да ідэалагічна нейтральнай тэматыкі (што ўласціва асобным вучоным старэйшага пакалення, якія здабылі акадэмічнае прызнанне яшчэ ў перадрэвалюцыйны час). Прыклады — Мітрафан Доўнар-Запольскі, Зміцер Яварніцкі;

2) метадалагічная калабарацыя — шчыры або вымушаны (а дзесьці нават штучны) пераход на марксісцкія пазіцыі. Сярод украінскай старой прафесуры першым публічна заявіў аб прыняцці марксісцкага метаду Зміцер Багалій (1920 г.)[37]. У Беларусі — У.Пічэта, хоць яго калабарацыя была наступствам арышту і пераезду ў Маскву;

3) адэпты марксізму-ленінізму, барацьбіты з акадэмічнай традыцыяй, якія самі сталі ахвярамі рэжыму (М.Яворскі, В.Шчарбакоў);

4) захаванне магчымасці навуковай працы (а часта і жыцця) шляхам выезду за межы Ўкраіны і Беларусі. Найчасцей з-за такіх умоваў даводзілася адмаўляцца ад улюбёнай тэматыкі, але не заўсёды. Працуючы з 1948 г. у Маскве, Мікалай Улашчык напісаў працы па крыніцазнаўстве беларускай гісторыі, выхад якіх у Мінску быў немагчымы. Таксама ў Маскве працаваў вучань М.Грушэўскага Аляксей Барановіч, які ў 1959 г. выдаў грунтоўнае даследаванне сацыяльна-эканаміч ных перадумоваў Хмяльніччыны;

5) даследаванне ўкраінскай тэматыкі на Ўкраіне, але цаною шматлікіх рэверансаў у бок панавальнай ідэалогіі. Прыклад — Кастусь Гуслісты, Іван Гуржы.

Асобна трэба ўзгадаць Міхайлу Грушэўскага і Вацлава Ластоўскага — лідэраў нацыянальнай гістарыяграфіі, якія абодва вярнуліся з эміграцыі на Бацькаўшчыну пад час «карэнізацыі». Ужо была звернута ўвага на канцэптуальную аналогію «Ўкраіны-Русі» Грушэўскага і «Беларусі-Крывіі» Ластоўскага — гістарычных схемаў, што даводзілі самабытнасць, самастойнасць украінскага і беларускага гістарычных працэсаў, даўняй традыцыі нацыянальнай дзяржаўнасці[38]. Паказальна, што пад час рэвалюцыі 1917—1920 г. самі гэтыя гісторыкі ўзначалілі, адпаведна, Украінскую і Беларускую Народныя Рэспублікі.

Патрабуючы Ластоўскага і Грушэўскага для часовай легітымізацыі сваёй улады як «нацыянальнай», бальшавіцкая партыя ў далейшым знішчыла абодвух. В.Ластоўскі ў 1930 г. быў пазбаўлены акадэмічных званняў, высланы ў Саратаў, дзе яго расстралялі ў 1938 г. М.Грушэўскі не страціў тытулаў і званняў, але пасля цкаванняў і арышту памёр на лячэнні ў Кіславодску пры не да канца высветленых абставінах.

1930-я г. — час рэпрэсій, інтэнсіўнага адзяржаўлення навукі, якая выявіла сябе ў абмежаванні вучоных не толькі ідэямі і зместам прац, а і формаю твора, стылем[39]. Забароненымі становяцца асобныя тэрміны. Яшчэ ў першыя паслярэвалюцый ныя гады нормаю стала вызначэнне ВКЛ як «літоўска-беларус кай дзяржавы», а напрыканцы 1920-х гэты тэрмін бясследна знікае[40], беларуская гісторыя атаясамліваецца з гісторыяй «прыгнечаных класаў». Аглядаючы «гістарычны фронт Беларусі» ў 1930 г., М.Югаў адзначае адсутнасць на ім марксісцкіх артыкулаў[41]. Леў Акіншэвіч, этнічны беларус, што працаваў ва Ўкраінскай Акадэміі навук[42], на пачатку 1930-х вымушаны быў напісаць шэраг пагромніцкіх артыкулаў. У прыватнасці, ён выкрываў «палітычныя нацыянал-фашысцкія тэндэнцыі, што выяўляюцца ў замазванні класавай барацьбы ў гістарычным працэсе Беларусі»[43]. Агульныя крытыка прац М.Доўнара-Запольс кага, М.Любаўскага, А.Ясінскага стала «добрым тонам» у публікацыях 1930-х г.[44] Вучоных папракалі акадэмізмам, дакументалізмам, адсутнасцю прапаганды ў іх творах і палітычнай «неактуальнасцю» тэматыкі, г.зн. адзнакі якаснай навуковай працы. Што праўда, у далейшым ацэнкі сталі ўзважанымі — у 1942 г. У.Пічэта характарыз аваў М.Любаўскага як «виднейшего историка ВКЛ», М.Доўнара-Запольскага як «крупного историка»[45], хоць і крытыкаваў асобныя іх сцвярджэнні.

Руйнаванне навуковых і этычных пачаткаў рэцэнзійнага жанру ішло двума шляхамі — стварэннем навуковых аўтарытэтаў, працы якіх аналізу не падлягалі, і пошуку «ворагаў», у крытыцы якіх былі недарэчныя якая-небудзь тактоўнасць і гістарыяграфічная культура.

Непажаданы аўтар абвяшчаўся «пятлюраўскім недабіткам», «нахабным ворагам», «клерыкалам, фашыстам і гетманцам»[46], або «дробным буржуа», што «пераносіць на мінулае сваю палітычную праграму жаданага ў будучым ладу»[47].

У 1930-я г. гістарычныя крытыка ператвараецца ў сродак рэпрэсіўнай палітыкі, пераймае стыль і спосаб аргументацыі партыйных лідэраў. Але аб’ектам крытыкі ўсё яшчэ заставаліся «буржуазныя» або «фашысцкія» ўхілы ў высвятленні сацыяльна -эканамічнай гісторыі. Тады як праявы нацыяналізму (перш за ўсё расійскага) далей уважаліся «антымарксісцкімі». Крытыкуючы С.Бахрушына за шавінізм у яго працы пра заваяванне Сібіры, С.Піянткоўскі патэтычна заўважае: «подменить историю народов СССР историeю Великороссии также не удастся, как не удастся заменить диктатуру пролетариата диктатурой буржуазии»[48]. Гэта быў 1930 г. Неўзабаве «замену» правесці ўдалося.

На працягу 1934-1954 г. была створана антымарксісцкая па сутнасці схема тлумачэння мінулага нерасійскіх народаў СССР. Падаю яе ключавыя тэзісы паводле абагульняльнага даследавання С.Вялічанкі[49]:

1) русацэнтрызм, ідэя апякунства Расіі над палітычным і культурным развіццём нерасійскіх народаў;

2) разгляд гісторыі нерасійскіх народаў праз прызму прыгнечання працоўных мас, пастаяным саюзнікам якіх выступаюць расійскі пралетарыят і сялянства;

3) ацэнка палітычных лідэраў паводле іх сімпатый ці антыпатый да Расіі;

4) паказ анексіі Расіяй нерасійскіх земляў як «прагрэсі ўнай» з’явы (з ужыткам дыяметральна супрацьлеглых крытэраў да гісторыі самой Расіі).

Такім чынам, імператывам развіцця нерасійскіх народаў была абвешчана прага да «ўз’яднання» з Масквою, ідэалы ж уласнай дзяржаўнасці сталі «рэакцыйнымі» і «буржуазнымі».

Але нягледзячы на ўвесь комплекс задзейнічаных сістэмаю механізмаў навука не стала аднастайнаю. Найменшае паслабленне ціску (напрыклад, пад час «адлігі») прыводзіла да з’яўлення таленавітых, высокапрафесійных даследаванняў. Крыніцазнаўчыя працы Івана Буціча, Яраслава Дашкевіча, Яраслава Ісаевіча, Міколы Кавальскага, Алены Компан, Алега Купчынскага, Фёдара Шаўчэнкі і іншых, напісаныя звычайна пазітывісцкім метадам, з’яўляюцца гонарам украінскай падсавецкай гістарыяграфіі. Для Беларусі такая постаць — Мікалай Улашчык. Але (і гэта трэба сумленна прызнаць) большасць навукоўцаў і Ўкраіны, і Беларусі засвоілі этыку і стыль савецкай гістарыяграфіі. Яе рудымент працягвае існаваць у прыхаванай і адкрытай, свядомай і падсвядомай, агрэсіўнай і ліберальнай выявах у сучаснай гістарыяграфіі[50]. Напэўна, яны ёсць і ў гэтым артыкуле.

Замест стройных высноваў хачу на завяршэнне падкрэсліць важнасць папярэдняй дасавецкай традыцыі. Нягледзячы на выразнае тыпалагічнае падабенства палітыкі саветызацыі ва Ўкраіне і Беларусі, умоваю яе параўнальна большай паспяховасці ў Беларусі быў недахоп дасавецкай нацыянальнай акадэмічнай традыцыі, якая, хоць і квола, але існавала ва Ўкраіне.


[1] Гл. крытыку гэтай канцэпцыі ў: Yekelchyk S. How The «Iron Minister» Kaganovich Failed to Discipline Ukrainian Historians: a Stalinist Ideological Campaign Reconsidered // Nationalities Papers. Vol. 27. 1999. № 4. Р. 579—604.
[2] Потульницький В. Основні етапи розвитку української історичної думки в європейському контексті /1800—1991 // Схід-Захід. Вип. 2. Харків, 1999. С.42
[3] Гэтая думка выказана ў некаторых сучасных украінскіх публікацыях: Ісаєвіч Я. Наші три відродження — не лише здобутки, але й втрати // Сучасність. 1998. № 12. С. 136; Ковальський М. Деякі теоретичні питання української історіографії // Джерелознавчі та історіографічні проблеми історії України. Дніпропетровськ, 1995. С. 10—11.
[4] Yekelchyk S. How The «Iron Minister» … Р. 598.
[5] Гл.: Афанасьев Ю.Н. Феномен советской историографии // Советская историография. Серия «Россия. ХХ век». Кн. 2. Москва, 1996. С. 24—25.
[6] Крупницький Б. Українська історична наука під совєтами (1920—1950). Мюнхен, 1957; Полонська-Василенко Н. Історична наука в Україні за совєтської доби та доля істориків // Записки Наукового Товариства ім. Шевченка. Т.С ХХIII. Париж-Чікаго, 1962. С. 7—111; Оглоблин О. Думки про сучасну українську совєтську історіографію. Нью-Йорк, 1963.
<[7] Калі ў 1963 г. А. Аглоблін настойваў на тым, што ўкраінская навука на эміграцыі «мусіць быць дадаткам і працягам … навуковай дзейнасці ва Ўкраіне», то ў 1978 г. ён сцвярджаў, што «ўкраінская гістарычная навука на Бацькаўшчыне перастала існаваць»: Оглоблін О. Завдання української історіографії на еміграції / Український Історик. 1978. № 4. С. 59—63.
[8] Урбан П.К. Смена тенденций в советской историографии. Мюнхен, 1959. С.29.
[9] Урбан П. Сучасныя палітычныя тэндэнцыі ў савецкай гістарычнай навуцы // Беларускі Зборнік. Кн. 7. Мюнхэн, 1957. С. 40—63.
[10] Shteppa K.F. Russian Historians and the Soviet State. New Brunswik, 1962.
Таленавіты гісторык К.Штэпа ў 1920—30-я г. працаваў ва Ўкраіне, быў знаным медыявістам, прафесарам Кіеўскага універсітэта і адначасова з 1927 г. — таемным супрацоўнікам HKУС. У час акупацыі Кіева немцамі працаваў ва ўкраінскіх установах і адначасова супрацоўнічаў з СД. На эміграцыі напісаў названую кнігу бясспрэчнай навуковай вартасці, праўда, прамаўчаўшы пра гістарыяграфічны працэс ва Ўкраіне.
[11] Mazour Anatole G. Modern Russian historiography. Princeton-Toronto, 1958.
А.Мазур — гісторык-эмігрант, які ў свой час скончыў Кіеўскую гімназію, браў удзел у першай сусветнай ды грамадзянскай войнах. Прыцягваюць увагу яго антышавіністычныя погляды і ўзважанае стаўленне да ўкраінскай гістарыяграфіі, у прыватнасці, да прац М.Грушэўскага.
[12] Tillett Lowell The Great Friendship: Soviet Historians and the Non-Russian Nationalities. Chapel Hill, 1969.
[13] Lengauer W. Kierunki rozwoju radzieckiej historiografii starożytności w latach 1917—1956 // Przegląd Historyczny. T. LXXXI. 1990. Zes. 1/2. S. 1—25; Grabski A.F. Stalinowski model historiografii // Dzieje Najnowsze. 1992. № 3. S. 23-45.
[14] Korduba M. Littérature Historique Sovetique-Ukrainienne. Compte-rendu 1917—1931. München, 1972 (перадрукоўка выдання 1938 г.)
[15] Сярод шэрагу такіх артыкулаў з навуковага погляду адрозніваецца праца:
Pelenski J. Soviet Ukrainian Historiography after World War II // Jahrbücher für Geschichte Osteuropas. Band 12. 1964. Hebt 3. Н.375-418.
[16] Ва Ўкраіне такім першым смелым выступам стаў артыкул Сяргея Белаконя «Чи маємо ми історичну науку?» //(Літературна Україна. 1991. 3, 10 січня.
[17] Лінднэр Р. Беларускія гісторыкі пад Сталіным // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 5. Сш. 2. Менск, 1998. С. 365-395.
[18] Грабович Г. Совєтизація української гуманістики. 1. Історія та насильство // Критика. 1997. №1. С. 18-22; 2. Ідеологія та культурний стиль // Тамсама. 1997. № 2. С. 12—14.
[19] Афанасьев Ю.Н. Феномен советской историографии… С.10, 19, 37.
[20] Гл.: Зашкільняк Л. Методологія історії від давнини до сучасності. Львів, 1999. С. 152—162; Kołakowski Leszek Główne nurty marksizmu. Londyn, 1988; Topolski J. Marksizm i historia. Warszawa, 1977; Marcuse H. Soviet Marxism: A Critical Analysis. New York, 1958 і інш.
[21] Ивин А.А. Введение в философию истории. Москва, 1997. С. 189.
[22] Цыт. з: Гриневич В. Як гетьман-«зрадник» став героєм, або Дещо про совітські маніпулювання історією // Пам’ятки України. 1991. № 5. С. 4.
[23] М.Брайчэўскі ў працы «Приєднання чи возз’днання?» (1966) пісаў, што канцэпцыя «ўз’яднання» выводзіць расійскі народ за межы тых заканамернасцяў, якія складаюць змест гістарычнага матэрыялізму, паколькі ўсе гістарычныя з’явы разглядаюцца не з пункту погляду іх класавай сутнасці, а з пазіцый у дачыненні да Расіі. Цыт. з: Брайчевський М. Вибрані твори. Київ, 1999. С. 493, 498.
[24] Гл. напр.: 3лотников М.Ф. К вопросу об изучении истории рабочего класса и промышленности / Критика «Русской фабрики» М.И.Туган-Барановского // Каторга и ссылка. 1935. № 1. С. 37-65; Бречкевич М.В. Доба західньо-европейського феодалізму в новітніх працях радянських істориків // Записки Дніпропетровського Ін-ту Haр. Освіти. 1927. T. I. С. 281—296.
[25] Szporluk R. History and Russian Nationalism // Szporluk R. Russia, Ukraine, and the Breakup of the Soviet Union. Stanford, 2000. Р.164.
[26] Пра «мастацтва выкарыстання класікаў марксізму» ў падсавецкіх умовax гл.: Шмидт С.О. Путь историка: Избр. труды по источниковедению и историографии. Москва, 1997. С. 8-9.
[27] Дашкевич Я. Іван Крип’якевич — історик України // Крип’якевич І. Історія України. Львів, 1992. С.14.
[28] Ковальський М. Джерелознавчі аспекти історії культури України ХVI-ХVIII ст. у працях Ярослава Ісаєвича // Україна: культурна спадщина, національна свідомість, державність. Вып. 5. Львів, 1998. С. 324.
[29] Вусная інфармацыя Алега Купчынскага.
[30]Сталин И.В. Вопросы ленинизма. Москва, 1953. С. 384-395.
[31] Ленин В.И. Сочинения. Т. 33. Москва, 1950. С. 205-208.
[32] Владимир Ильич Ленин. Биография. Москва, 1981. С. 589.
[33] Забужко О. Мова і влада // Забужко О. Хроніки від Фортінбраса. Київ, 1999. С. 116.
[34] Иллерицкая Н.В. Становление советской историографической традиции: наука, не обретшая лица // Советская историография… С. 170—171.
[35] У 1925 г. ЦК КП(б)У крытыкавала тагачасную гісторыю ўкраінскай партыйнай арганізаціі як «трацкізм» і даручыла Н.Папову напісаць іншую. Гл. Velychenko S. Shaping identity in Eastern Europe and Russia: Soviet-Russian and Polish Accounts of Ukrainian History 1914-1991. New York, 1993. Р. 90.
[36] Дакл. гл.: Полонська-Василенко Н. Українська Академія Наук: Нарис історії. Київ, 1993.; Касьянов Г. Українська інтелігенція 1920—30-x pp.: соціальний портрет та історична доля. Київ-Едмонтон, 1992; Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Мінск, 2000.
[37] Кравченко В.В. Д.И.Багалей: научная и общественно-политическая деятельность. Харьков, 1990. С. 115.
[38] Лабынцев Ю. Польская культура в концепции истории духовной жизни белорусского народа Вацлава Ластовского // Україна: культурна спадщина … С. 367-368.
[39] Оглоблин О. Академічна свобода й Історична наука в СССР // Український Історик. 1997. № 1/4. С. 174.
[40] Пра гэта сведчыць параўнанне двух бібліяграфічных паказальнікаў: Беларускі перыядычны друк. 1917—1927. Менск. 1929 і Летапіс часопісных артыкулаў. 1928—1933. Мінск, 1992.
[41] Югов М. Положение и задачи исторического фронта в Белоруссии // Историк-марксист. 1930. № 17. С. 41. Сам Югаў у далейшым стаў аб’ектам пагромнай крытыкі: Немец Т., Гурэвіч Ц. Кантрабанда неразброіўшагася трацкіста // Бальшавік Беларусі. 1931. № 12. С. 52—59; 1932. № 1/2. С. 60—71.
[42] Гл.: Партноў А. Леў Акіншэвіч — гісторык украінскі і беларускі // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 6. Сш. 1—2. Менск, 1999. С. 248—255.
[43] Окіншевич Л. [Рэц. на] Беларуская Академія Навук. Працы клясы гісторыі. Т. III. Менск, 1929 // Україна. 1932. № 1—2. С. 177—182.
[44] Б.Л. Супраць буржуазнай метадалогіі ў вывучэнні гісторыі Беларусі // Сав. краіна. 1931. № 2. С. 54—57.; Скардзіс В., Бобрык З. Гісторыя Беларусі ў святле поглядаў Любаўскага // Сав. краіна. 1931. № 6. С. 28—4З; Ротман. Афіцыйны гісторык нацдэмаў (Доўнар-Запольскі) // Сав. краіна. 1931. № 7. С. 10—18.
[45] Пичета В. История Белорусии в советской историографии // 25 лет исторической науки в СССР. Москва—Ленинград, 1942. С. 184.
[46] Кравченко I. Фашистські концепції Грушевського і його школи в українській історіографії // Записки Історично-Археографічного Інституту. T.I. Кіїв, 1934. С. 29. Такім эпітэтам І. Краўчанка ўзнагародзіў заходнеўкраінскага гісторыка Івана Крып’якевіча, які пасля акупацыі Савецкім Саюзам Заходняй Украіны стаў акадэмікам АН УРСР.
[47] Окіншевич Л. Шлях до фашизму / Історично-юридичні праці М.ª.Слабченка // Україна. 1932. № З. С. 38. Акіншэвіч злучыў тэзіс Слабчанкi пра «братэрскую» арганізацыю сечавога казацтва з «фашысцкімі канцэпцыямі пра братэрства ў класава-салідарнай нацыянальнай дзяржаве» (С. 35).
[48] Пионтковский С. Великодержавные тенденции в историографии России // Историк-марксист. 1930. № 17. С. 26.
[49] Величенко С. Перебудова та минуле неросійських народів // Український Історичний Журнал. 1992. № 4. С. 93.
[50] Дакл. гл.: Савченко С. Сучасна українська історіографія: спроба характеристики // Сучасність. 1999. № 11. С. 127—131; Lindner R. Besieged Past: National and Court Historians in Lukashenka’s Belarus // Nationalities Papers. Vol. 27. 1999. № 4. P. 631—647; Сагановіч Г. Вяртанне ў «Северо-Западный край»? // Беларускі Гістарычны Агляд. Т. 5. Сш. 2. Менск, 1998. С. 457—488.

Наверх

Галоўная » Запісы па тэме 'Гістарычная навука ў суседзяў'